Ляшчук, Вераб’ёў, Харытончык і Бондар чакаюць прыезду Новікавай. Шум машыны.
Вераб’ёў. Ну, парторг, трымайся!
Стук дзвярэй. З’яўляецца Новікава.
Ляшчук (падносіць кветкі). Галынка вітае высокую госцю! Дачка паправілася, Алена Мікалаеўна?
Новікава (узяла кветкі, кіўнула, паглядзела на Вераб’ёва). Для мяне сюрпрыз — не здолелі правесці сход!
Вераб’ёў (з прыкрасцю). Парторг! Стаў на бок Зязюлі. Падрыхтаваў людзей, настроіў супраць райкома… Такое панеслі!
Новікава (Бондару). Калі гэта так, будзем ставіць пытанне больш сур’ёзна.
Вераб’ёў. Выступіла некалькі істэрычных гаспадароў, каму Зязюля патураў… Узрушылі ўсіх людзей…
Новікава (жэстам яго спыніла). Павел Паўлавіч, у суседзяў, у Каменцы, вельмі дрэнна з уборкай!
Вераб’ёў. Алена Мікалаеўна, калі сёння Зязюлю не змясціць, заўтра ён сядзе нам на галаву!
Новікава (перапыняе). Калі ласка, не губляйце часу.
Памарудзіўшы, Вераб’ёў ідзе за кулісы. Аддаляецца шум машыны.
Фёдар Лукіч, пратакол учарашняга сходу. І паклічце Зязюлю.
Кіўнуўшы, Бондар выходзіць.
Ляшчук (здзіўлена). Алена Мікалаеўна, дакумент мы падрыхтавалі!
Новікава. Сяргей Міхайлавіч, калі ў Зязюлі дзень нараджэння?
Ляшчук (паціснуўшы плячыма). Хто яго ведае.
Новікава. Камісія столькі працавала і не высветліла, калі ў старшыні дзень нараджэння?..
Ляшчук. А калі ён нарадзіўся?
Новікава. Калі адбылося бюро.
Ляшчук. Так, зрабілі падарунак… Тым не менш прапаную — сабраць камуністаў, з кожным папрацаваць…
Новікава. Па схеме: вышэй пасада — больш розуму? (Нявесела ўсміхнулася.) Збяром актыў, усіх жадаючых, параімся. Не ў клубе — дзе-небудзь на лужку… Знойдзецца вялікі самавар?
Ляшчук. Навошта гэтая каніцель?
Новікава. Я больш за вас абурана! Злая, як ведзьма! Што, у райкома няма іншай работы?! (Прыкрыла рукамі вочы.) Але прымушаць чалавека рабіць супраць яго сумлення — амаральна.
Ляшчук. А пакідаць малых без малака — маральна?
Новікава. Новае, нават самае прагрэсіўнае, нельга навязваць сілай. (Глядзіць на Харытончыка.) Засмучаны, Харытон Васільевіч, што не сустрэлі хлебам-соллю?
Харытончык. Я хацеў бы, Алена Мікалаеўна, атрымаць аўдыенцыю.
Новікава. Слухаю.
Харытончык. Пазней. Мне трэба сёе-тое ўсвядоміць. (Адыходзіць.)
Ляшчук. Ствараецца ўражанне, што вы пазбавіліся ад Вераб’ёва.
Новікава. Павел Паўлавіч — максімаліст, прад’яўляе сабе і іншым празмерныя патрабаванні. Я таксама не анёл… Як бы нам удваіх не наламаць…
Ляшчук. Нерацыянальнае выкарыстанне часу!
Новікава. Бадай. Дзе ж старшыня? Не магу зразумець яго да канца.
Ляшчук (усміхнуўся). А сябе вы да канца разумееце? Алена Мікалаеўна, пакуль не заменіце трох-чатырох кіраўнікоў гаспадарак, няма чаго і думаць аб выкананні праграмы.
Новікава. Ці не занадта многа?
Ляшчук. Калі шчыра — мала здымаем. Чалавек заваліў работу, яго б з партыі… А мы — вымову… Потым будзем доўга шукаць, куды б уладкаваць!.. Капіталіст — ці трымаў бы такога? Вось калі б пабегаў у пошуках работы, паабіваў парогі… Алена Мікалаеўна, нашы продкі марылі аб малочных рэках… Вось там, на горцы, будзе стаяць наш прыгажун! Не рэкі — мора малака! Іншыя бачаць у сне «Жыгулі», мілых жанчын, дачы… А я — вось гэты комплекс і адну жанчыну…
Новікава (з сумнай усмешкай). Што купалася б у малацэ?..
Ляшчук. Ага! І гора таму, хто перашкодзіць нашым планам!
Шырока ўсміхаючыся, да іх накіроўваецца Рыгор.
Знаёмцеся, Алена Мікалаеўна, — сельскі інтэлігент Рыгор Іванавіч Шумак, рахункавод. Куды разагнаўся, Рыгор?
Рыгор. Добры дзень! Заходзьце! На зайчыка, раніцай падстрэліў. Я ў магазін, сала купіць…
Новікава. Як? У магазін — па сала?
Рыгор (усміхнуўся). А мы — як гарадскія! Заходзьце, гарэлачкі пасёрбаем…
Новікава (паморшчылася). Грады зараслі, плот пахіліўся… Толькі адна курыца? А ёй не сумна?
Рыгор. І тую гатоў пад сякеру — не нясецца!
Новікава. Што ж яблыні не пасадзіце?
Рыгор. Не родзяць. Зямля не садовая.
Новікава. Але ў суседзяў, я бачу, антонаўка, пепінка, ранет…
Рыгор. Дык колькі гною кладуць! У зямлі з раніцы да вечара! Як чэрві… Вунь, цяпліцы, парнікі… Нутрый разводзяць, трусоў… І на базар! Бачыце, якія дамы адгрукалі? Буржуі! Дальбог! Дзе гэта бачылі, каб калгаснік… У кожным двары — каровы, некалькі кабаноў… А курэй, качак — не злічыць! Калі ж ім на ферме працаваць!
Новікава (паморшчылася). Дык гэта вы пісалі…
Рыгор. Я сігналізаваў — і ў раён, і ў вобласць… А як жа! Мы з вамі — адну вялікую справу… Калісьці мой бацька і больш бедных раскулачваў! Часам глядзіш і думаеш — навошта рэвалюцыю рабілі? Каб вось гэтак багацелі?!
Новікава. А няўжо для таго, каб зямлю ператвараць у пустку? (Кіўнула на яго падворак.)
Ляшчук. Загнуў, Рыгор, загнуў!
Рыгор. Рыба гніе з галавы — няправільны курс у старшыні! Велічную грандыёзную Харчовую праграму ён зразумеў вельмі аднабакова. Патурае гаспадарам! Самым літаральным чынам!
Ляшчук (усміхнуўся). А ты — не гаспадар?
Рыгор. Не! Лепш на паляванне… Прырода, прастор… Кніжку пачытаю. Або каму заяву… Почырк прыгожы. Тры вёскі абслугоўваю! На грамадскіх, так сказаць, асновах.
Ляшчук (усміхнуўся). Пісьменнік?
Рыгор. На сходзе ўчора ледзь не з’елі… Шмат ведаю!
Ляшчук. Рыгор, правядзі нас да Кацярыны.
Рыгор. Я — да гэтых куркулёў? Ну не!
Ляшчук. Рыхтуйся і сёння выступіць.
Рыгор кіўнуў, адыходзіць.
Новікава. Калі я бачу дужага мужыка і запушчаны дом…
Ляшчук. Падленьваецца, але мысліць правільна.
Новікава. Калі падленьваецца, то мысліць няправільна. Сімпатычныя домікі!
Ляшчук. Ах, калі б так інтэнсіўна расла грамадская вытворчасць! Мне здаецца, наша прапаганда занадта захапілася асабістымі гаспадаркамі. Гляджу тэлевізар — настаўнік выгадаваў 900 гусей! Ах, як міла!.. Браткі, а дзе ён узяў час?! Не хацеў бы я, каб мой сын у яго вучыўся…
Новікава. Прыгожая карова, праўда?
Ляшчук. Кіньце, Алена Мікалаеўна! Кароўка — агрэгат па перапрацоўцы кармоў у малако і мяса, дае таксама скуру і гной… (Нечакана.) А ведаеце, гэта сукенка вам да твару!
Новікава. А ведаеце, было б нядрэнна, каб гэта вы гаварылі і жонцы.
Ляшчук (нявесела ўздыхнуў). Жонка, як сказана ў класіка, ёсць жонка. Алена Мікалаеўна, заўтра і ў мяне дзень нараджэння.
Новікава. Шкада, што ў нас не працуеце, — хоць бы вымову ўляпілі!
Ляшчук. Алена Мікалаеўна, вам трэба адпачыць. Тут ёсць цудоўны куток, ля ракі… Швейцарыя! Вазьміце дачку, мужа, наладзім свята… Га?
Новікава. Пасля таго, як перайшлі ў вобласць, вы сталі… больш упэўненым.
Ляшчук (рассмяяўся). Больш нахабным? А вам да твару, калі вы злуяцеся!
Новікава. Хопіць, Сяргей Міхайлавіч, пакінем гэтыя гульні.
Падыходзяць Бондар і Таня.
Бондар. Як скрозь зямлю праваліўся! Дзе толькі ні шукалі.
Ляшчук. Дарэмна старшыня ігнаруе сакратара райкома!
Таня (Новікавай). Калі ласка, мама просіць вас на абед.
Новікава. Дзякуй. (Паглядзела на Лешчука.)
Ляшчук. Ну што ж, да Кацярыны, лепшай даяркі — ахвотна! Дарэчы, заўзятая прыхільніца Зязюлі!
Новікава. Што ж, пойдзем. Заадно паназіраем тэндэнцыі.
Новікава і Ляшчук заходзяць у двор. Побач мычыць карова, павіскваюць кабанчыкі, кудахтаюць куры. Госці вітаюцца з Кацярынай, галавой сям’і, з яе бацькам Антонавічам.
Ляшчук. Прывітанне, Антонавіч! Моцна жывеш!
Поціск рук.
Антонавіч (паклаў фуганак). У чалавеку закладзена — гняздо віць з любоўю.
Ляшчук. Знаёмцеся, Алена Мікалаеўна, лепшы цясляр, у яго залатыя рукі!
Новікава. А як вам плацяць?
Антонавіч. Да Зязюлі кіраўнікі рабілі выгляд, што плацілі. Калгаснікі рабілі выгляд, што працавалі. Толькі пры ім усё стала на свае месцы: колькі заробіш, столькі атрымаеш.
Новікава. Вам сотак хапае?
Антонавіч. Калі быў маладзейшы, казаў: «Іванавіч, давай зямлі. Да гектара». Пабаяўся. А я б паказаў, што на ёй можна…
Новікава. Бярыце!
Антонавіч (усміхнуўся). Сёння я ўжо не хачу. Каб пайсці на гэтую катаргу, я павінен бачыць вялікую мэту. Зараблю дзесяць тысяч, дваццаць… А куды? Машына ёсць…
Ляшчук (аглядаецца). Так, расце ў цябе ўсё… Мусіць, словы чароўныя ведаеш?
Антонавіч. А як жа — працаваць, працаваць і працаваць… Мне б яшчэ трактар-малютку…
Ляшчук. Не скора атрымаеш.
Антонавіч. Чаму?
Ляшчук. Ты ніколі не думаў, чаму грамадзянам забаронена мець рабочую жывёлу? Даць табе каня — значыць, страціць над табой уладу.
Новікава. Кіньце!
Ляшчук. Размахнуўся, Антонавіч! Раю не захапляцца: паслабленне ўласніку — мера часовая.
Новікава здзіўлена паглядзела, незадаволена пакруціла галавой.
Антонавіч. Як жа — у газеце пісалі…
Ляшчук. Гэта мая асабістая думка.
Кацярына (прынесла ручнік). Сакратарка? Я спачатку не расшалопала, думала, артыстачка прыехала…
Ляшчук. Пасля прыходу Алены Мікалаеўны раён ажыў! А планы… Праз два-тры гады — суседзяў будзеце забяспечваць кармамі!
Новікава засмучана глядзіць на Лешчука. Ён гарэзліва плёснуў на яе ваду. Яна здрыганулася, нахмурылася.
Кацярына, Рыгор збіраецца цябе раскулачваць.
Кацярына (засмяялася). Не той час, Міхайлавіч! Калі б Рыгор, галадранец, не ленаваўся… Заходзьце ў сад, пад яблыньку!
Новікава пайшла першая. Яна падняла рукі, каб паправіць валасы, трыкатажная сукенка яшчэ больш абцягнула яе прыгожую статную фігуру. Ляшчук затрымаў на ёй позірк. Яна падышла да стала, глянула і ахнула — стол ламаўся ад яды.
Новікава. Колькі чалавек прыйдзе?
Кацярына. Вы, госцейкі, ну і я са старым. Усе ў полі.
Ляшчук (ажывіўся). Ці не паслаць нам ганца па бутэльку вінца?
Новікава. Сяргей Міхайлавіч!
Кацярына. Зараз, зараз! (Таропка паставіла на стол дамашнюю наліўку і бутэльку каньяку.)
Ляшчук. Алена Мікалаеўна, вы — жабрачка ў параўнанні з гэтым домам! Каб іх разарыць — сто гадоў усім райкомам на абеды…
Кацярына. Сядайце, госцейкі!
Ляшчук адкаркаваў бутэльку з каньяком. Гаспадыня прапанавала Новікавай наліўку.
Чыстая, ніякага спірту.
Ляшчук (цёпла, з цікавасцю пазіраючы на Новікаву, праспяваў). Рукі зябнуць, ногі зябнуць, ці не час настаў дзярабнуць?
Антонавіч. Калі я быў малады, гаварылі: «Стынут сиськи у подружки, не хватить ли нам по кружке?»
Кацярына. Бацька! Людзей пасаромейся!
Ляшчук. Алена Мікалаеўна, памятаеце, на нарадзе Худзянкоў: «Я поднимаю тост… Тьфу, поднимаю вопрос…»
Новікава (рукой прыкрыла чарку). Мне не трэба!
Кацярына. Калка ў плоце не мінаюць!
Ляшчук. Алена Мікалаеўна! Гаспадары пакрыўдзяцца! І я не бачыў ніводнага алкаголіка, які б спіўся на каньяку.
Новікава. Наліўку хачу пакаштаваць. Стоп! Дастаткова.
Кацярына. От наліў! Як лякарства!
Новікава. Наперадзе цяжкі дзень.
Ляшчук. Антонавіч, табе колькі?
Антонавіч. Краёў не бачыш, ці што?
Ляшчук. Гэта размова! Песні яшчэ пяеш?
Кацярына. А як жа? Бацька запяе — трэба тры чалавекі, каб яго перакрычаць! Ну, госцейкі, за ваша здароўе!
Новікава. І за ваша!
Кацярына. Маладая, прыгожая… І такі раён! Як ты спраўляешся?
Новікава (уздыхнула). Дрэнна.
Ляшчук (рассмяяўся). Алена Мікалаеўна працавала ў абкоме, дырэктарам саўгаса была! А за гэтыя паўгода раён так ускалыхнуўся!
Новікава (незадаволена). Хопіць вам.
Ляшчук. Гэта думка кіраўніцтва.
Новікава. Кацярына, як вам удаюцца такія надоі?
Кацярына. Я карову пагладжу, словы добрыя гавару, пачастую чым-небудзь смачным — вось яна ўсё малако і аддае. Карова — яна жывая, цяпло любіць… А то прыязджаў тут адзін ахламон, лектар. «Карова — гэта машына, якая перапрацоўвае…»
Новікава раптам гучна рассмяялася, смяялася доўга, да слёз.
Далібог, так і сказаў — машына. Мае пярэсценькія калі б гэта пачулі, вось бы аддалі яму малако! (Паказала фігу.) Бяры, дачка, кіндзюк, шынку вэнджаную, мачанку…
Новікава. Смаката! Ніколі гэткага не ела!
Кацярына. Я табе так скажу — на вёсцы толькі гультай без гаспадаркі. Калі ёсць жаданне — будзе ўсё!
Новікава. А ў суседзяў справы няважныя.
Кацярына. Дык ты паглядзі, як яны працуюць — бульбу ўсю згэмкалі, з зямлёй, з саломай… Га!
Антонавіч. Быў я той восенню на радзіме, па дакументы ездзіў… Гляджу, забілі кабана, сала і мяса ўзялі, а астатняе — у яму. Закапалі… «Што вы робіце?» — «Ды ну, будзем важдацца…»
Кацярына (уздыхнула). Адвучылі людзей гаспадарку весці.
Антонавіч. Раней, бывала, ідзе карова, кладзе ляпёшкі. Мужык — рукамі — бярэ гэтыя ляпёшкі і нясе на поле.
Кацярына. Бацька! За сталом…
Антонавіч. Пачакай. Выцер рукі пясочкам, травой і пайшоў. Вось як любілі зямлю!
Ляшчук. Кацярына, кажуць, у цябе тры свае каровы! Навошта?
Кацярына. Адкуль тры, Міхайлавіч? Адна старая, дзесяці цялят, другая маладзейшая, трох цялят, ну і цялушка. Малако здаём. Іванавіч сказаў: трымайце што хочаце, колькі хочаце, але лішняе здавайце ў калгас.
Ляшчук. Курэй многа?
Кацярына. А хто іх лічыў?
Ляшчук. Жывуць людзі!
Антонавіч. Міхайлавіч, я чуў, учора ты лаяў асабістыя гаспадаркі?
Ляшчук (з поўным ротам). Я супраць перагібаў. Калі б ты так працаваў і на калгасным полі… А?! Тады б і ў магазіне было!
Антонавіч. У магазіне падвялае. Яшчэ калі будзе… Як бы я ні працаваў у полі, вы потым недзе ўсё роўна дасцё прамашку — з транспартам або на захоўванні, і ўся мая праца… Вунь, у «Прагрэс» студэнты прыехалі, моркву ўбіраць. Так стараліся! А машыны — не прыйшлі! І ноччу ўся морква памерзла… Ты б бачыў, як горка плакалі студэнткі!
Ляшчук. Антонавіч, давай шчыра — ты адпрацаваў напружаны дзень у калгасе. Ці здужаеш яшчэ адну змену на сваёй гаспадарцы?
Кацярына. Ой, Міхайлавіч, калі ёсць інтарэс…
Ляшчук. Не веру! Прысядзібны ўчастак, дарагія мае, — гэта фактычна другі рабочы дзень. Або тут, або там прыйдзецца халтурыць. Але тут — сваё!
Кацярына. Ешце! Ешце! А то будзе, як на адным вяселлі: «Усё было, але не хапала аднаго — прымусу…»
Антонавіч. Вось скажы, Міхайлавіч. Адкуль у вас, кіраўнікоў, такая пашана да беднасці? Вы прывыклі — калі бедны, то святы, заўсёды мае рацыю. А бедны сёння — гэта гультай, балаболка або п’яніца… Рыгор табе бліжэй. Прызнайся!
Ляшчук. Складаныя пытанні задаеш, стары!
Антонавіч. Усё, што ты бачыш, сваімі рукамі, сумленна. А не адабраеш. І ты, дачка, так думаеш, па вачах бачу. Значыць, на словах вы быццам падтрымліваеце пастановы аб асабістых гаспадарках, а ў душы да іх ставіцеся насцярожана. Так?
Новікава (не адразу). Пасля вайны я была ў дзіцячым доме. Побач — вялізны сад. Аднойчы хлапчукі палезлі цераз плот, ірваць яблыкі. Гаспадар пагнаўся, кінуў палена — у галаву… Брата не стала.
Кацярына. Ай-яй-яй!
Новікава. На ўсё жыццё — паўгалодны дзіцячы дом і сытае багацце за высокім плотам…
Кацярына. Ешце! Бацька, налівай!
Новікава. Досыць! Скажыце, за што людзі любяць Зязюлю?
Кацярына. Ён нас паважае.
Новікава. Паважае?
Кацярына. Я так сама сабе думаю, ды я не пра тое, што ён для нас шмат робіць — другія старшыні таксама… А ў душэўным разуменні! Таму, калі Іванавіч папросіць, любы для яго ўсё зробіць!
Антонавіч. Іванавіч моцны ў аўтарыцеце! Не проста вам будзе яго зваліць!
Кацярына. Дачушка, а чаго яго здымаць? Да Іванавіча — жабракамі хадзілі… Галынка!
Новікава (задуменна, уздыхнуўшы). Калгас можа даваць значна больш!
Увайшоў Міхась. Убачыўшы гасцей, разгубіўся.
Міхась. Добры дзень у хату.
Кацярына. Добры дзень, калі не жартуеш.
Міхась (гледзячы па баках). Да вас… мой… сабака не забягаў?
Антонавіч. Усю ноч пад акном хтосьці скуголіў, спаць не даваў.
Міхась. А, ну я пайду. Можа, ён на ферме?
Новікава. Куды падзеўся старшыня?
Міхась (адвёў вочы, паціснуў плячыма). Алена Мікалаеўна, паўплывайце на «Сельгастэхніку». Трактар пасля рамонту на дарозе разваліўся! Што гэта такое?!
Новікава. Прымем меры.
Кацярына. Паабедай з намі.
Міхась. Не, я пайду! (Пайшоў.)
Кацярына. Бацька! Вечна ўлезеш!
Антонавіч. Усю ноч пад акном песні галёкаў! Але зяцёк быў бы талковы!
Ляшчук. Дык у чым справа?
Кацярына. Таня наша з гонарам!
Ляшчук. Прыгажуня!
Антонавіч. Вырасла дзеўка.
Новікава. Ну што ж, нам пара. Дзякуй за пачастунак.
Ляшчук даганяе Валянціну.
Ляшчук. Валянціна, пачакай! Мне спадабалася тваё ўчарашняе выступленне.
Валянціна (з усмешкай). Няўжо?
Ляшчук. Не тое, што гаварыла, а як — усхвалявана, з тэмпераментам…
Дзесьці чуецца радыё.
Памятаеш? Наша мелодыя… Пяць гадоў назад я любіў, а ты пакахала другога…
Валянціна. Ты любіў, Сярожа, толькі сябе.
Ляшчук. Няпраўда! Валянціна, пры вобласці ствараецца эксперыментальная гаспадарка. Патрэбен моцны эканаміст. Хачу прапанаваць цябе.
Валянціна. Не трэба.
Ляшчук. Што я магу для цябе зрабіць?
Валянціна. Не чапай Пятра Іванавіча, добра?
Ляшчук. А ён мне не патрэбны! Мой клопат — малако!
Валянціна. Вось і цудоўна! (Пайшла.)
Таіса падышла да дзвярэй канторы, але, перш чым увайсці, памарудзіла — хацела пагутарыць з Новікавай сам-насам. Выйшаў Ляшчук.
Ляшчук. А, «карэспандэнт»!.. Як здарылася, доктар, што ў горадзе мы не сустрэліся?
Таіса (развяла рукамі). Гэта мой недахоп. Урачоў шмат, а начальнік упраўлення адзін!
Ляшчук. Такіх, як вы, шмат?!
Таіса кінула на яго знішчальны позірк.
На сходзе былі такія актыўныя!
Таіса. Праўда! Благі характар — люблю ўмешвацца.
Ляшчук. Мне здаецца, доктар, што вы ўмешваецеся не ў свае справы.
Таіса. Межы сучаснай медыцыны настолькі пашырыліся…
Ляшчук (усміхнуўся, любуючыся гэтай дасканалай жанчынай). Чым вы ўсіх заварожваеце?
Таіса. Вось гэтым пальцам. Паклічу — бягуць… (Накіроўваецца да дзвярэй.)
Ляшчук. Памятайце, вы можаце ўскладніць яго становішча. (Пайшоў.)
Таіса. Вы дайшлі і да гэтага? А здавалася — такі імпазантны… (Яна пастукала, увайшла.) Дазвольце?
Новікава (размаўляючы па тэлефоне, жэстам прапанавала сесці). Аляксей Міхайлавіч, гаспадарка атрымала салідныя прэміі, а дагаворных абавязацельстваў… Хіба гэта партнёрства? Даю чатыры дні. Не можаце? Падавайце заяву. (Паклала трубку, паглядзела на Таісу.)
Таіса. Мяне завуць Таіса. Таіса Цімафееўна. Я ўрач.
Новікава. Вы тут працуеце?
Таіса. У горадзе. Але хворых кансультую па ўсім раёне.
Новікава. Слухаю вас.
Таіса. У адносінах да Зязюлі — вялікая несправядлівасць!
Новікава. Жонка?
Таіса (пакруціла галавой). Няма прыгожага слова для мяне…
Новікава. Каханне?
Таіса. Калі б! Нешта большае.
Новікава (здзівілася). Што ж можа быць большае?
Таіса. Міласэрнасць.
Новікава. Міласэрнасць?!
Таіса. Можна аддаць сваю кроў. А можна — частку душы, гармонію…
Новікава. У вас — гармонія?
Таіса. Калі б! Але, пакорпаўшыся ў чужой душы, магу навесці парадак… Я някепскі ўрач. Але справа не пра мяне. Калі знімеце Зязюлю, падарвяце ў людзях веру ў справядлівасць, законнасць, калі хочаце…
Новікава. Ці не надта многа?
Таіса. Вам узважваць. (Паўза.) Дарэчы, на бюро ён быў хворы.
Новікава. Думаеце, што-небудзь змянілася б?
Таіса. Вам вядома статыстыка — колькі жывуць старшыні?
Новікава. Думаеце, сакратары райкомаў жывуць больш? Такі век!
Таіса. Зручнае апраўданне! Калі не можаш стварыць нармальных, здаровых умоў для супрацоўнікаў…
Новікава. Хочаце стаць яго жонкай?
Таіса (памаўчаўшы). Не. Які са старшыні муж? Бяжыць у пяць раніцы, вяртаецца ў гадзіну ночы… Неяк жонка Зязюлі, нябожчыца, гаворыць яму — ты б на сына паўздзейнічаў, настаўнікі скардзяцца. А ён: «Няхай зойдзе ў кабінет». Задаволіла б вас такое сямейнае жыццё?
Новікава. Цяпер у яго будзе нармальны рабочы дзень — васьмігадзінны.
Таіса. Адлучыўшы Зязюлю ад калгаса, вы згубіце яму жыццё. (Памаўчала.) Вы калі-небудзь кахалі?
Новікава. У мяне муж, дачка.
Таіса (сумна ўсміхнулася). Я пра іншае.
Новікава. Разам гэта ўжо не бывае? Спачуваю!
Таіса. З Харытончыкам у мяне не атрымалася.
Новікава. Харытончык — ваш муж?!
Таіса. Раздражняла яго архіінтэлігентнасць — вельмі правільны, ніколі не пярэчыў… Як і вам, пэўна. Увесь асабісты час траціў на дысертацыю… Максімалісты — гэта цудоўна. Але як з імі жыць? Ці ёсць мера самааддачы чалавека грамадству?
Новікава. Ёсць такая мера — сумленне.
Таіса. Значыць, у мяне сумлення няма. Хоць на прыём да мяне вялікія чэргі. А да другога ўрача, актыўнага грамадскага работніка, чамусьці жадаючых мала…
Новікава. Дзіўна! Дапамагаючы аднаму, вы дзейнічаеце супраць другога.
Таіса. У свеце шмат дзіўнага. Людзі спадзяюцца, што вы разберацеся, дапаможаце Зязюлю… Калі не вы, дык хто ж! Ведаеце, я напісала ў абком.
Новікава. Няўжо вы думаеце, што мы пайшлі на гэты крок, не параіўшыся з абкомам? Пра грахі яго — таксама расказалі?
Таіса. А як жа. Дай Бог, каб у вас з мужам усё было о’кей.
Таіса паднялася і выйшла. Новікава сядзіць, глыбока задумаўшыся. Уваходзіць Бондар.
Новікава. Фёдар Лукіч, даўно памерла жонка Зязюлі?
Бондар. Гадоў шэсць, сем. Аднойчы выклікалі яго на нараду. Ёй нездаровілася. Не хацеў Зязюля ехаць. А Надзея — так звалі яе — гаворыць: «Не бойся, мне добра». Нарада зацягнулася, з машынай непаладкі… Адным словам, вярнуўся — яна ўжо…
Новікава. Да чаго мы дайшлі — з нарадамі… Пераацэньваем іх ролю! Чалавек у вялікай зале пасіўны.
Бондар. Да гэтага часу Зязюля не можа сабе гэтага… Зненавідзеў усе пасяджэнні! «Пакуль мы балбочам, дзесьці…» Мяне або намеснікаў пасылае. (Паўза. Дастаў люльку, але не закурыў.) Там, дзе часта мяняюць кіраўнікоў, Алена Мікалаеўна, толку няма.
Новікава. Не ад добрага жыцця мяняем.
Бондар. Часовы работнік не стане старацца… Думаеце, ён будзе гарэць творчымі пошукамі? Яго пазіцыя — трымаць вуха востра і нос па ветры. Мяне часам азадачвае, каго сёння ў раёне вылучаюць — тых, хто ўмее падпарадкоўвацца, выконваць указанні… А тых, хто сапраўды можа зрушыць справу, ініцыятыўных, але самастойных, адсоўваюць на другі план.
Новікава (з прыкрасцю). За Харытона Васільевіча вы яшчэ дзякуй скажаце!
Бондар. Большасць — за Зязюлю.
Новікава (памаўчала). Лёгка бегаеце! Цяжкі быў прыступ?
Бондар (спыніўся, перадыхнуў). Не было прыступу.
Новікава. Гэта як жа?
Бондар. Калі Вераб’ёў пазваніў… Я быў упэўнены — без парторга бюро не адбудзецца.
Новікава. Вы што — хлапчук?!
Бондар. Ведаю, што мяне чакае. Але дзеля ісціны… Інакш навошта партбілет?
Новікава. Здаецца, збіраецца на дождж?
Бондар. Павел Паўлавіч будзе на сходзе?
Новікава. Гэта важна?
Бондар. Неяк раёну ўручалі сцяг. Зязюлю папрасілі выступіць. Былі вельмі высокія госці, і Вераб’ёў сказаў: «Толькі ніякай крытыкі!» А Зязюля выступіў і адразу паставіў адзінаццаць пытанняў! Свята, вядома, было сапсавана. Вераб’ёву ўляцела.
Новікава (з іроніяй). Дык вось за што здымаюць Зязюлю!
Бондар. Не за гэта. Але калі шалі вагаюцца…
Новікава. У вас знойдзецца кава?
Бондар. Ага. А калі нізкі ціск, дык і траўка…
Новікава. Вы яшчэ і знахар?
Бондар. Што б я рабіў з маімі ранамі, калі б не травы?
Новікава. Ой, як мне не хочацца праводзіць сёння сход! (Памаўчаўшы.) Колькі разоў была ў Галынцы, і ўсё наскокам, наскокам… Куды ездзіць сакратар? У слабыя гаспадаркі, дзе развал.
Бондар. Я пакажу вам усё.
Новікава. Прабачце, люблю сама…
Круглага стала, вялікага, у вёсцы не знайшлося. Таму звычайныя сталы састаўлены літарай «П». Дымяць самавары. Народу сабралася багата. Бондар у цэнтры, побач Новікава, Ляшчук, Харытончык.
Урываецца задыханы Зязюля.
Зязюля. Прабачце! (Сеў з краю.) Добры дзень, Алена Мікалаеўна! Як даехалі? (Схапіў графін, наліў вады, прагна п’е.)
Бондар. Давайце пагутарым. Шчыра. Як гэта мы робім на праўленнях — думкі ўголас і толькі праўду.
Новікава. Нам хацелася б ведаць, па-першае, ці ўмееце вы заварваць чай. Па-другое, як вы ацэньваеце работу Зязюлі. І трэцяе — чаму вы адмовіліся ад будаўніцтва комплексу. Што гэта — звычайная сялянская асцярожнасць пры сустрэчы з новым або… (Яна пакаштавала чай, усміхнулася.) Смачна!
Бондар. Тады адразу да другога і трэцяга пытанняў. Хто хоча выступіць? Галоўны заатэхнік?
Падняўся малады мужчына з пышнымі вусамі.
Заатэхнік. Учора я падрабязна гаварыў пра хамства Зязюлі, пра тое, чаму ён баіцца комплексу. Увечары, на сходзе, я прадоўжу. (Сеў.)
Антонавіч (хітра). Будзеш ведаць, Іванавіч, як даваць страгача заатэхніку!
Вакол засмяяліся.
Недзе побач павольна ідзе калона магутных грузавікоў. Зязюля рукою падазваў Таню, нешта прашаптаў на вуха. Дзяўчына кіўнула, шпарка выйшла.
Валянціна (нечакана паднялася). Дазвольце мне!
Бондар. Давай, Валянціна. (Новікавай.) Наш эканаміст.
Ляшчук з прыкрасцю апусціў галаву. Задума з чаем была яму не даспадобы.
Новікава. Можаце сядзець, калі вам зручней.
Валянціна (пачала няўпэўнена, збянтэжана, стараючыся не глядзець на Лешчука, голас дрыжыць). Паколькі Пятру Іванавічу ставяць у віну адмову ад праекта… Гэты комплекс нам прадставілі як эталон у тэхналогіі вытворчасці малака. Аднак да эталону яму яшчэ далёка…
Ляшчук (рэзка перапыніў). Вы можаце даць тэхналагічную ацэнку? Не? Значыць, не валодаеце пытаннем!
Валянціна разгубілася, успыхнула, здзіўлена замаўчала.
Новікава (з дакорам). Сяргей Міхайлавіч! Гутарка за круглым сталом!
Валянціна (супакоіўшыся). Праекціроўшчыкі малявалі нам райскія карцінкі! Але мы падлічылі самі, і ўсё аказалася не такім радасным… Вось! (Яна ўзяла папку, перадала Новікавай.)
Новікава падзякавала кіўком, пачала гартаць.
Ляшчук. Няўжо інстытут, вялікі калектыў?!.. На чале з доктарам навук?!..
Валянціна. Яны лічылі чужое. А мы — сваё! Тут жа нашы прэтэнзіі да комплексу.
Жанчына. Што ж твой акадэмік да нас ні разу не заявіўся? Не пагаварыў, не паслухаў? Ды і ці бачыў ён калі-небудзь карову?
Ляшчук. Стары, хворы чалавек! Думаеце, мы не ведаем мінусаў комплексу? Малако патрэбна! Калі сёння дзесьці дзеці без малака, дык гэта з-за вашага кансерватызму.
Валянціна. Мы падлічылі — для гэтага эксперыментальнага комплексу нам давядзецца купляць не толькі канцэнтраты, але нават салому. Па праекце вытворчасць кармоў прадугледжваецца весці на паліўны́х землях. Аднак яшчэ нават не падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя на меліярацыю зямель. Што гэта, як не галавацяпства? Чым кароў карміць — вашымі абяцанкамі?
Валянціна затрымала гнеўны позірк на Лешчуку. Новікава ўважліва глядзела на абаіх.
Калі месца для каровы каштуе ў чатыры разы больш, чым сама карова, дазвольце спытаць — што для чаго? Вам патрэбен комплекс ці малако? Дарэчы, увесь свет будуе простыя памяшканні.
Новікава (Бондару, нягучна). Як прозвішча гэтай дзяўчыны?
Бондар. Зязюля, пляменніца Пятра Іванавіча.
Новікава. Вось як!
Валянціна. Будаваць тут такі гігант — тое ж самае, што сіламі невялікай арцелі — атамную электрастанцыю. Цяжка і нявыгадна.
Пажылы. Во дае!
Ляшчук (са злосцю). Нявыгадна? Нам армію ўтрымліваць нявыгадна! Але прыходзіцца!
Валянціна. Зразумейце, мы не супраць комплексаў. Мы за тое, каб у нашых умовах распарадзіцца грашыма больш разумна.
Валянціна села. Раздаліся апладысменты.
Жанчына. Здорава яна яго!
Суседка. За ўсё разлічылася, бедная!
Увайшла Таня, нешта прашаптала на вуха Зязюлю, ён кіўнуў.
Ляшчук (адсунуў шклянку, чай расплёскаўся). Дазвольце?
Новікава. Не! Піце чай.
Антонавіч (падняў руку). А можна мне?
Бондар. Антонавіч? Давай!
Зязюля дастаў блакнот, нешта напісаў, вырваў ліст, аддаў Тані. Яна аднесла і перадала мужчыну ў кепцы — галоўнаму механіку. Той прачытаў, выйшаў.
Антонавіч (устаў). Мінулым летам я быў у Маскве. Спусціўся ў метро, значыцца, і ахнуў — такая прыгажосць! Вагончыкі ззяюць, лесвічкі бегаюць… Вось я і падумаў: пакуль ніхто не здагадаўся, давайце будаваць метро. Першымі.
Людзі ажыўлена загаманілі.
Жанчына. Ты што, дзед, з глузду з’ехаў?
Антонавіч. Толькі падумайце — да любой фермы, у любое надвор’е…
Маладая. І кароў вазілі б на луг!
Антонавіч. Метро ў Галынцы! Колькі газетчыкаў, кіношнікаў да нас прымчыцца!
Бондар. У цябе ўсё?
Антонавіч. Падумайце! Што комплекс? Пабудуеце, будзе пуставаць… А метро! Эх, цёмныя вы людзі. (Сеў.)
Новікава. Пётр Іванавіч, калі і астатнія выступленні будуць такія ж… Давайце.
Зязюля. Алена Мікалаеўна, вы чалавек новы. Дзесяць гадоў назад раён укладваў у гаспадарку адзін рубель і меў рубель і тры капейкі аддачы. Сёння раён укладвае рубель і мае толькі сорак сем капеек.
Новікава запісала.
Ляшчук. Што ты ўчапіўся за раён? Давай пра сваё!
Зязюля (з цяжкасцю стрымліваючы гнеў). Гэта таксама маё! Мне гавораць — будуй суперферму. Маўляў, потым, калі спатрэбіцца, будзем ламаць, перарабляць… Я хачу спытаць — да якога часу… Да якога часу мы будзем рабіць памылкі, а потым бічаваць сябе за гігантаманію, за авантурызм, за безгаспадарчасць, так і не знаходзячы вінаватых?
Бондар (з націскам). Пётр Іванавіч, чаю табе мацнейшага?
Зязюля (дастаў таблетку, паклаў пад язык). Мяне абвінавачваюць, што дазволіў Карпуку і яшчэ некаторым нажывацца за кошт калгаса. Не ведаю, такой мэты я не ставіў. Займаючыся грамадскай вытворчасцю, я заўсёды думаў, каб у кожнага гаспадара на гарышчы віселі каўбасы, шынкі, кіндзюкі, паляндвіцы… Каб вуллі ў садзе стаялі! Сорам і ганьба, калі селянін у магазін ідзе па сала! Сёння ўсе — за ўсямернае развіццё асабістых гаспадарак. А кіраўнікі раёна, відаць, псіхалагічна да гэтага не гатовы. Але што я магу тут зрабіць?
Новікава ўзняла вочы на Зязюлю.
Ляшчук (усміхнуўся). Ты асцярожней!
Зязюля. Не буду асцярожным у бліжэйшыя пяцьдзесят гадоў! Асцярожных і без мяне навалам!
Харытончык, апусціўшы галаву, нервова пагладжвае пальцы.
Жанчына (з прыкрасцю). Эх, Іванавіч! Колькі гаварыла — ласкавае цяля дзвюх матак ссе, а гордае — ніводнай!
Таіса (горка). Ён усё сапсаваў!
У суседнім пакоі за сцяной хтосьці стукае малатком.
Новікава. Чаму не выканалі ўказанне райкома аб сяўбе грэчкі?
Зязюля. Структура пасяўных плошчаў павінна быць эканамічна непахіснай. І аптымальнай. А каму лепш ведаць нашы палі і нашы магчымасці? Дзе, калі, што сеяць? Вам, за пяцьдзесят кіламетраў, альбо мне, які абышоў гэтыя палі сотні разоў? Столькі гавораць — даць калгасам самастойнасць, няхай самі… І нічога не мяняецца!.. Мужнасць у мірны час заключаецца ў тым, каб браць на сябе як мага больш персанальнай адказнасці… За ўсё, што адбывалася ў Галынцы гэтыя гады, я гатоў адказваць.
Падняўся Ляшчук.
Ляшчук. Не трэба гаварыць за кіраўнікоў раёна — Алена Мікалаеўна сама за сябе скажа. (За сталом з чаем ён адчуваў сябе няёмка.) Таварышы, комплексы — не мода. Гэта будучыня нашай сельскай гаспадаркі! Толькі ў адных руках яны даюць выдатныя вынікі, а ў другіх — страты. Вы што — не спадзеяцеся на свае рукі?
Антонавіч (жаласліва). Давайце метро будаваць. Га?
За сцяной хтосьці манатонна стукае малатком. Ляшчук паглядзеў на Бондара. Той камусьці кіўнуў, мужчына выйшаў. Стук спыніўся.
Зязюля. Шкада. Адзіны чалавек, які займаўся справай…
За сталамі ўсміхнуліся.
Ляшчук (паглядзеўшы на Валянціну). Шкада, што Зязюля настроіў вас супраць комплексу! Перавагі настолькі ясныя, настолькі відавочныя…
Зязюля. Ох, мне гэтая яснасць!..
Ляшчук. Дзяржава мільярды кінула на сельскую гаспадарку! Каб нарэшце ўсяго было ўдосталь!
Зязюля. Мільярды сабраны з працоўных рублёў. У кагосьці рублі гэтыя ўзяты. І трэба дваццаць разоў падумаць, перш чым пайсці на такія затраты!
Ляшчук. Іншыя былі б рады такому будаўніцтву! Просяць! А мы вырашылі даверыць гэта вам.
Антонавіч. Гэта называецца — чужой задніцай сесці на вожыка!
Вакол засмяяліся.
Пакуль гэты комплекс пабудуюць, іх, як ініцыятараў, узнімуць вышэй.
Ляшчук (паглядзеў на Валянціну). Комплекс — рэч новая. Як і ў любой новай справе… Але, сябры мае, пярэчыць супраць комплексу?.. Сёння?! Тады растлумачце — як вы збіраецеся вырашаць Харчовую праграму?
Антонавіч. Дык што з метро?
Новікава звярнула ўвагу — высокі, з добра пастаўленым голасам, Ляшчук так няўпэўнена адчуваў сябе без трыбуны, за гэтымі сталамі. Агледзеўшы залу, Ляшчук сеў.
Вярнуўся мужчына ў кепцы — галоўны механік, гледзячы на Зязюлю, упэўнена кіўнуў, усміхнуўся, паказаў вялікі палец. Усміхнуўся і Зязюля, пацягнуўся, з палёгкаю ўздыхнуў.
Новікава. Метро — рэч добрая. А малака ж меней стала.
Кацярына. Мінусуе малако? Дачушка, ты ж дарослая? Заатэхнік месяц хварэў — пакрыць кароў забылі. Ацёлы зрушыліся. Вось і расплачваемся…
Новікава. Калі б толькі гэта… Не хочаце на комплекс?
Кацярына. Не-е.
Зязюля нешта ўспомніў, напісаў запіску, перадаў Тані. Яна ўзяла, выйшла.
Новікава. Самі заказалі праект! Вялікі калектыў праекціроўшчыкаў цэлы год…
Жанчына. Як сказаў Іванавіч, «гладко было на бумаге, да забыли про овраги».
Новікава. А самі што думаеце?
Пажылая. Мікалаеўна, што мы там атрымаем? Маладыя, пісьменныя — так. А нам што рабіць? І каровак шкада. Прывыклі да цяпла, цішыні… Там хутка пад нож пойдуць!
Зязюля падазваў двух мужчын, нешта прашаптаў, яны кіўнулі, шпарка выйшлі.
Новікава (памаўчаўшы). Шмат часу ідзе на сваю гаспадарку?
Пажылая. Шмат, дачушка. Што ўтойваць? Але ў іншых мужыкі п’юць, свавольнічаюць, тэлевізар глядзяць, а нашы — працуюць.
Кацярына. Пра тэлевізар, Надзея, ты дарэмна.
Пажылая. А які ад яго толк? Пайду на ферму — малодшы гадзінамі глядзіць! Сагнуўся… Здымеце Іванавіча — даяркі разбягуцца.
Вярнулася Таня, нешта прашаптала Зязюлю. Ён рассмяяўся.
Зязюля. Прабачце!
Рыгор. Прашу слова!
Па зале прайшоў незадаволены шумок.
Жанчына. Гэты ўжо падрыхтаваў квач з дзёгцем!..
Рыгор. Чаму я і сёння буду галасаваць супраць Зязюлі? Таму, што да адных ён суровы, звыш усякай меры, а да другіх — занадта добранькі!
Антонавіч. «Я бедны, галодны, неданошаны… Дазвольце без чаргі бутэлечку…»
Вакол засмяяліся.
Бондар. Антонавіч, будзеш хуліганіць — выведу!
Ляшчук. Рыгор, канкрэтна.
Рыгор. Год назад Косця Матусевіч, п’яны, перавярнуўся разам з трактарам. Была заведзена справа. Але Зязюля паехаў, націснуў на рычагі, і ўсё замялі.
Шалёна ўзарвалася зала.
Маладая. Ну і сукін жа ты сын, Рыгор!
Пажылая. Хіба Косця — п’яніца?
Мужчына. Косця, колькі за рамонт аддаў?
Косця (сціплы хлопец, згараючы ад сораму, што ўсе глядзелі на яго, моцна заікаючыся). Шэсцьсот рублёў.
Жанчына. Рыгор, ты хацеў, каб яго пасадзілі?
Рыгор. Як народны кантроль, я хачу, каб перамагла законнасць! Таму што цяпер кожны п’яніца ведае: што б ні здарылася, Зязюля выручыць!
Людзі шумяць, гавораць адначасова.
Жанчына. Адна паршывая авечка…
Антонавіч. Дай свінні рогі, дык яна ўвесь свет пераверне!
Рыгор (развёў рукамі, сеў). Я так не магу!
Бондар. Таварышы, па аднаму! Усе атрымаюць слова.
Таня (паднялася, з запалам). Пётр Іванавіч не прапусціў ніводнага камсамольскага сходу. За што мы яму ўдзячны? Ажывілі самадзейнасць, шукаем новыя формы работы, робім цікавым наша жыццё! Хто да нас толькі не едзе з канцэртамі?!
Бондар (усміхнуўся). Спакайней, Таццяна!
Таня. За Пятра Іванавіча мы гатовы ў агонь і ў ваду! (Села.)
Міхась заапладзіраваў першы, яго падтрымалі.
Бондар. Хто яшчэ? (Маўчанне.) Тады дазвольце мне даць слова сабе…
Жанчына. Давай, парторг!
Бондар. Работа земляроба — справа сезонная. Калі ў час уборкі стаяць пагодлівыя дні і табе вядома, што заўтра пойдуць дажджы, — тут усё залежыць ад працаўнікоў. Знойдзеш з імі агульную мову — паспеюць, убяруць ураджай. Не знойдзеш — будуць казённа выконваць работу. Дык вось — каб людзі за табой ішлі, трэба для іх штосьці рабіць. Да Зязюлі ў нас многа і прыгожа гаварылі пра клопат аб людзях і мала клапаціліся пра канкрэтных Марыяў, Сцяпанаў, Аўдоццяў…
Ляшчук. Да Калядаў і пасля…
Бондар. Розніца паміж некаторымі прамоўцамі і Зязюляй у тым, што яны гавораць, а Зязюля робіць.
Вакол засмяяліся.
Ляшчук. Ты б лепш пахваліўся, колькі грошай, калгасных грошай, Зязюля ўбухаў на банкет артыстам!
Бондар. Раней акцёры былі далёкія ад калгаснікаў, здавалася, яны людзі з іншага свету. А калі гэта пасля канцэрта калгаснікі маглі чокнуцца чаркамі са славутасцямі, якіх яны раней бачылі толькі на экранах тэлевізараў, чулі па радыё? А цяпер маглі, пакруціўшы за гузік, пагаварыць пра жыццё… Назаўтра нашы людзі ўжо інакш глядзелі тэлевізар, інакш слухалі радыё — гэта ўжо было сваё!
Ляшчук. Цудоўна! Толькі няхай грошы на банкет Зязюля выклаў бы са сваёй кішэні!
Бондар. Ты думаеш, старшыня надта зарабляе, пры яго рабоце на знос?..
Ляшчук. Мы сабраліся не для абмеркавання, каму колькі плацяць!
Бондар. Становішча старшыні такое, што важна не толькі тое, што людзі гавораць, але і што думаюць. Успомніце, Зязюля быў у бальніцы, з сэрцам. У гэты час за масавы падзеж парасят некалькі чалавек пакаралі. Калі Зязюля пра гэта даведаўся, ён добраахвотна ўнёс трыста рублёў як частковую кампенсацыю страт, хоць ніхто ад яго гэтага не патрабаваў.
Людзі заківалі, пацвердзілі.
Ці ўсё Зязюля робіць правільна? Не. Ён чалавек. Шукае, памыляецца, дзейнічае. Але ў галоўнай сваёй стратэгіі — усё для чалавека, усё для працаўніка — ён мае рацыю. Шкада толькі, што ў нашага старшыні, як у Змея Гарыныча, няма сямі галоў. Знялі б за «незаконнае» будаўніцтва, за «пераплаты», за непаслухмянасць — засталіся б яшчэ галовы… Сёння, як і ўчора, я буду галасаваць за Зязюлю. (Ён памаўчаў.) Хто наступны?
Паднялася і накіравалася да Зязюлі сівая згорбленая бабулька.
Бабулька. Сынок, за ўсё, што ты зрабіў для сыноў і ўнукаў… (З-пад крыса кофты дастала даўні вышыты ручнік і працягнула Зязюлю.)
Зала ахнула.
Хлопец. Ну, Фёдараўна! Прыязджалі з музея — не аддала!
Жанчына. Гэтаму ручніку — цаны няма.
Зязюля (абняў, пацалаваў бабулю). Дзякуй, Фёдараўна!
Новікава з цікавасцю разглядала вышыўку.
Стары (шыракаплечы, сівы, павольна падняўся). Лукіч, дай мне!
Бондар. Давай, Данілавіч! (Новікавай.) Наш конюх, пенсіянер!
Стары. Коней звялі. Цяпер за старшыню ўзяліся? Я так думаю. Мы тады ўсім сходам… Памятаеце? Прагаласавалі, каб будоўлю пахаваць. А адказвае Зязюля, адзін. Ці справядліва? Дык няхай здымаюць і нас. Усіх. Хто са мною згодны?
Падняўся лес рук.
Ляшчук (спрабуе перавесці на жарт). Данілавіч, ты радавы калгаснік. Адкуль цябе зняць? Са стога сена?
Стары. З калгаса выключайце!..
Ляшчук. Далей ехаць няма куды… Дагаварыліся! (Глядзіць на Бондара.) Вось да чаго давёў выхаваўчую работу! У стары добры час за гэта…
Бондар. Не заўсёды ён быў добры.
Ляшчук. Тады, прынамсі, была дысцыпліна… Гэта добра, што вы гарой за старшыню! Але мне пазванілі з Ленінграда — дырэктар буйнога завода… Ці не крыўдзім… І даведаўся, што Зязюля даў згоду ад вас паехаць. Дык пра што спрачаемся?
Пажылая. Хлусіш!
Маладая. Наш Іванавіч — ніколі!
Мужчына. Паклёп!
Ляшчук. Паклёп? Няхай раскажа, якую тэлеграму атрымаў раніцай.
Усе моўчкі глядзяць на Зязюлю. Ён дастаў з кішэні тэлеграму, зачытаў.
Зязюля. «Прыязджай прымаць справы. Громаў».
Людзі маўчаць.
Кацярына. Іванавіч, і ты… згадзіўся?
Усе глядзяць на Зязюлю.
Зязюля (нечакана выкрыкнуў). Так! Так!! Так!!! Таму што абрыдла! Аб-рыд-ла!!! Вось! (Рабром далоні правёў па горле.)
Кацярына (ціха). Як жа гэта, Іванавіч?
Стары. Сынок, тады мы цябе падвялі… Памятаеш? (Новікавай.) Даўно гэта было. Ён узараў спачатку соткі, думаючы, што заўтра мы дружна выйдзем на калгаснае поле… А назаўтра — ні адзін не выйшаў на работу. Тады ён падагнаў да дому грузавік і пачаў грузіць свае рэчы… Моцна, Іванавіч, мы былі вінаватыя. А цяпер? За што?!
Сурова глядзяць людзі. У іх позірках і горыч, і боль, і яшчэ штосьці такое, ад чаго на душы ў Зязюлі моташна. Апусціўшы галаву, ён нервова пакручвае бранзалет на запясці.
Жанчына. Значыць, пакуль мы абаранялі, заступаліся, ты за нашай спінай…
Антонавіч. У гэтых лясах, Іванавіч, загінулі твой бацька, родныя… Цябе, хлопчыка, у балоце хавалі… Як жа ты адважыўся пакінуць зямлю гэтую?
Жанчына. Б’юць, а ты абараняйся, давай здачы! Што лапкі апусціў? За аднаго бітага двух нябітых даюць!
Пажылая. Хутка ты здаўся! Твой бацька трымаўся да апошняга патрона!
Стары (высокім голасам). Дэзерцір! Іціт тваю! Няхай Лешч, перакаці-поле, ад зямлі адарваўся… Але ты!.. Ты ж быў нам бацькам! Гаспадар на зямлі!
Кацярына (ціха, але цвёрда). Судзіць цябе будзем! Райком можа зняць, прызначыць, даць вымову або ордэн… Але ад сумлення людскога…
Пажылая. А вы, госцейкі, даруйце за турботы, выйдзіце. У нас свае справы, сямейныя…
Ляшчук (Новікавай). Самы час выступіць вам!
Новікава. Вечарам. Не памятаю, хто сказаў — трэба надта многа ведаць, каб вельмі асцярожна раіць. Перапынак?
Бондар. У дваццаць гадзін у клубе справаздачна-выбарны сход. Паўторна.
Міхась. А навошта — паўторна? Учора сход быў. Хопіць!
Бондар. Нашы госці лічаць, што былі дапушчаны парушэнні.
Ляшчук (Бондару). Госці? Як ты сябе паводзіш!
Новікава. Спакойна! Фёдар Лукіч, дзе тэлефон?
Бондар. Хадземце.
Новікава (прайшла за ім, узяла трубку, пазваніла). Дачушка, як ты там? Пайшоў на аперацыю? Не, дзіцятка. Я прыеду позна. Кладзіся адна. Я цябе вельмі прашу. Цалую… (Паклала трубку, моўчкі сядзіць.)
Да Новікавай падыходзіць Міхась.
Міхась. Таварыш сакратар, не трэба сходу. Вы не ведаеце нашых хлопцаў. Сядуць на трактары, на камбайны і жалезнай калонай у вобласць!
Ляшчук (падыходзіць). Гэта што — пагроза?
Міхась. Папярэджанне. (Адыходзіць.)
Ляшчук. Алена Мікалаеўна, колькі можна? Давайце збяром камуністаў!.. Хочаце, я пазваню ў абком?
Новікава (узарвалася). Ды не спяшайцеся ж вы!
Ляшчук. Калі мы сёння не запусцім комплекс, на які гатова дакументацыя, потым нам не дазволяць… І вы з вядзерцам будзеце хадзіць па дварах, каб выконваць план па малаку!
Новікава. А вы ўпэўнены, што гэты комплекс дасць малако?!
Ляшчук (развёў рукамі, падазваў Рыгора). Адбываецца нешта таямнічае, дзівоснае…
Рыгор. Я нічога не ведаю!
Ляшчук. Паспрабуй даведацца. Ты ж народны кантроль!
Рыгор і Ляшчук пайшлі. Па авансцэне праходзіць Валянціна з сумкай, з кветкамі. Шум машыны, завішчалі тармазы, адчыніліся дзверы. З’яўляецца Ляшчук.
Ляшчук. Сядай у машыну!
Валянціна (з гневам). Адыдзі!
Ляшчук. Сядай! Я хачу, каб ты мне паверыла! Для мяне гэта вельмі важна! (Хапае яе за руку.)
Валянціна. Куды ты мяне цягнеш! Уся вёска глядзіць!
Ляшчук. У машыне пагаворым!
Ляшчук і Валянціна адыходзяць. Шум машыны аддаляецца. Выходзіць Зязюля, глытае таблетку. Да яго падбягае Таня.
Таня. Пётр Іванавіч, толькі спакойна…
Зязюля. Што здарылася?
Таня. Згарэў трансфарматар.
Зязюля. Што?!
Таня. Папрасілі паглядзець Карпука, а ён уключыў і пайшоў карміць сваіх нутрый…
Зязюля. Заб’ю! (Хутка пайшоў.)
Таня (бяжыць за ім). Пётр Іванавіч, Пётр Іванавіч…
Харытончык рашуча накіроўваецца да Новікавай.
Харытончык. Мне здаецца, вы хочаце адкласці сход?
Новікава. А што?
Харытончык. Разумна.
Новікава. Вы ўпэўнены?
Харытончык. Алена Мікалаеўна, як адрозніць авантурную ідэю ад рэальнай? (Паўза.) Трэба палічыць!
Новікава (узарвалася). Вось заключэнне праектнага інстытута! Гэта — з міністэрства! Гэта — доктар навук са сталіцы!
Харытончык. Я палічыў перспектывы з меліярацыяй. Калі такі комплекс пабудаваць, калгас вылеціць у трубу. Праграма новая, памылкі старыя. Пражэкціруем Нью-Васюкі! (Ён паклаў на стол мікракалькулятар.)
Новікава. Не спяшайцеся з вывадамі.
Харытончык. На жаль, гэта разлікі. Яны беспрыстрасныя… Навязваць гігант калгасу — амаральна.
Новікава. А пакідаць людзей без малака — маральна?!
Харытончык. Зязюля мае рацыю: зэканомленыя сродкі — на земляробства, кармавую базу… Кармы плюс новая тэхналогія — і праз два гады ён стане лідэрам па малаку!
Новікава. У старых руінах?
Харытончык. Вам не здаецца, Алена Мікалаеўна, што мы па-ранейшаму захапляемся паказухай? Вось яна, НТР! Беласнежныя халаты, кнопачкі, мазаіка… А гэта не трэба. Ад каровы — малако і мяса!
Новікава. Вы сёння прыйшлі да такой думкі?
Харытончык. Тут я шмат што зразумеў. Мне падабаецца, што Зязюля мае свае перакананні і стойка іх абараняе. А паважаны Сяргей Міхайлавіч на чужым гарбу ў рай… Толькі б запусціць, любой цаной, а там… Ні за што не адказвае! Заўтра яму даручаць ламаць комплексы — ён будзе гэтакі ж энергічны!
Новікава. Бязглуздзіца! (Яна абурана ўстала, прайшлася.)
Харытончык. Яму гавораць, а ён — глухі. Не хоча чуць! А ён жа не дурань. Не хоча!!! Вы дарэмна так да Зязюлі.
Новікава. Адкуль вы ўзялі? Пра людзей я мяркую па справах і ўчынках.
Харытончык. У райкоме я не раз заўважаў хваравітую рэакцыю на яго рэплікі… Вам здавалася — падрывае аўтарытэт.
Новікава (павольна падышла да акна, павярнулася). Калі вы так падумалі… Значыць, у падсвядомасці ў мяне… Дзякуй, вам я веру. Да гэтай паездкі я была ўпэўнена, што з асабістымі гаспадаркамі ў яго перагіб.
Харытончык. Я ў сябе не рабіў стаўку на асабістыя гаспадаркі. Гэта неперспектыўна. Але ў той меры, як у Зязюлі… Рана біць трывогу.
Новікава. Наогул, Зязюля мае рацыю! Да чаго вы хіліце — трэба пакінуць?
Харытончык (з палёгкай уздыхнуў). Трэба!
Новікава. Але… ваша месца мы абяцалі…
Харытончык. Пайду да Зязюлі намеснікам. Калі возьме.
Новікава. Нават калі… ваша жонка будзе побач?
Харытончык (суха). Гэта мая асабістая справа!
Новікава. Даруйце.
Харытончык (памаўчаўшы). Калі Вераб’ёў прапанаваў замяніць Зязюлю, я са злараднасцю згадзіўся. Пра помсту думаў! Але тут пазнаў яго бліжэй, убачыў ніці, якімі ён звязаны з людзьмі… Нельга гэта сячы! Нават калі ў чымсьці ён памыляецца… Дырэктара завода лёгка замяніць. А калгас — гэта нешта іншае, калектыў людзей на зямлі… А Ермакову на маё месца — вы дарэмна.
Новікава. Яна добра сябе праявіла.
Харытончык. Жанчына на такой пасадзе…
Новікава (усміхнулася). Вы з кім размаўляеце?
Харытончык. Даруйце, не падумаў.
Новікава (уздыхнула, задуменна). На жаль, вы маеце рацыю. Ёсць у нас штосьці… Не адразу арыентуемся, паддаёмся чужому ўплыву, суб’ектыўныя… Ды і на паваротах заносіць… Правільна? Будзем спадзявацца, што Ермакова не такая… Што ж рабіць у Галынцы? Галава раскалываецца!.. Прабачце.
Яна таропка выйшла на вуліцу. Насустрач ідзе Кацярына.
Сяргея Міхайлавіча не сустракалі?
Кацярына (усміхнулася). Райком, а нічога не ведаеце!
Новікава (з прыкрасцю). Райком павінен займацца сваімі справамі.
Кацярына. Міхайлавіч пасадзіў Валянціну на «бобіка» і пакацілі на той бераг. Там заўсёды сустракаюцца маладыя. (Памаўчала.) Было такое каханне! Людзі не маглі нарадавацца. А потым…
Паспешліва падыходзіць Бондар.
Бондар. Алена Мікалаеўна, непрыемнасць… Карпук спаліў трансфарматар — нутрый пайшоў карміць… А Зязюля кінуўся на яго двор, парасчыняў клеткі, звяркі разбегліся.
Новікава. Гэтага яшчэ не хапала!
Бондар. Я папрасіў людзей дапамагчы злавіць, але… Усіх не зловяць.
Новікава. Дзе жыве Зязюля?
Кацярына. А вось, дом з вінаградам.
Новікава. Як — у гэтым доме?
Кацярына. Не падобны на дом старшыні? У катэдрах, ну, катэджах, спецыялістаў селіць. А сам…
Новікава ўвайшла ў двор. Зязюля шалёна сячэ дровы.
Новікава. Такі вечар… Пагаворым?
Зязюля кінуў сякеру, надзеў куртку. Прагулка.
Гэта і ёсць злашчасныя будоўлі?
Зязюля (паказвае). Гэта — вымова, гэта — строгая, гэта — тры аклады… А за гэта мне дзве вымовы ў адзін дзень: ад райкома і міністэрства…
Новікава. Мала! Набудавалі аб’ектаў, а яны пустуюць! Колькі сродкаў — на паказуху! Каб пераплюнуць суседзяў?
Зязюля. Нашы хочуць жыць, як у горадзе.
Новікава. Пётр Іванавіч, як гаворыць Бондар — думкі ўголас і толькі праўду! Нельга — не парушаць?
Зязюля (пачухаў патыліцу). Каб мець запчасткі, цэмент і іншае, я павінен дадаткова ўтрымліваць ферму — на падарункі! А! Алена Мікалаеўна, мне цесна ў рамках інструкцый, прадпісанняў! Яны адстаюць ад рэальнасці!
Новікава. Значыць, змены своечасовыя?
Зязюля. Я пайшоў бы далей.
Новікава (паказала на будоўлю). Шабашнікі будавалі?
Зязюля. Што б я рабіў без шабашнікаў? Вунь, КБА. Шэсць гадоў арганізацыя будуе!
Новікава. Як вы ім плаціце?
Зязюля. Усё, што належыць па дзяржаўных нормах і расцэнках, плюс дваццаць працэнтаў за тэмпы, дваццаць — за якасць і дваццаць… за тое, што яны наогул малайцы!
Новікава. Здорава!
Зязюля. Калі трэба, не бойцеся аддаць чалавеку сумленна зароблены рубель! Сёння рубель пераплацім — заўтра ён нам мільёнам абернецца.
Новікава. Пётр Іванавіч, у вас так многа ворагаў! Чаму — вы думалі?
Зязюля. Калі чалавек столькі гадоў прарабіў старшынёй і не нажыў ворагаў… Прыціснуў гультаёў, хапуг, п’яніц — пасыпаліся ананімкі. І ў самы разгар жніва вы ўсё кінеце, прыедзеце правяраць! Некалькі камісій за тыдзень! І кожнай увагу, транспарт… Дарэчы, заўтра пачынаем уборку бульбы, а вы — перавыбары… Не маглі пачакаць! А калі я пастаўлю пытанне — спяшацца не будзеце, гады мінуць! На скаргі працоўных рэагуюць. А старшыня — які ж ён працаўнік? Верыце ананімшчыкам — у калгасе будзе разбэшчанасць. Бо чалавек, на якога пішуць, якога правяраюць, разгублены — не ведае, як быць, што рабіць.
Новікава. Гэта вы разгубленыя?
Зязюля. Мне, Алена Мікалаеўна, губляць няма чаго. Штосьці вось тут забіта, пуста… (Паказаў на грудзі.) Радасць знікла. Здымеце — паеду. Пакінеце — буду цягнуць.
Новікава. Ведаеце, што пра вас гавораць? Нязручны чалавек.
Зязюля (памаўчаў). Не навязвайце гіганта — калгас разорыце.
Новікава. А ўсе сродкі — на КБА, водаправод…
Зязюля. Не ўсе. Напрамак галоўнага ўдару — кармацэх. Так мы збіраемся выконваць… Вунь — кармарэзкі, змяшальнікі, запарвальнікі, агрэгаты для апрацоўкі, механізмы для раздачы…
Новікава. Чакайце! Гэта што — з міжнароднай выстаўкі?
Зязюля. Пара выходзіць на еўрапейскі ўзровень.
Новікава. Але ж гэта меркавалася не вам!
Зязюля. Алена Мікалаеўна, ведаю я гэту гаспадарку, у іх іржавела б гады два… У мяне — праз тыдзень хлопцы пусцяць!
Новікава (пасля маўчання, горка). Глядзіш на вас і не ведаеш — яшчэ адну вымову або…
Зязюля. Сёння — вымову, заўтра — малака ўдосталь… Будзем гатаваць такія далікатэсы для кароў — гарадскія рэстараны пазайздросцяць… Галоўнае цяпер — замацаваць моладзь і тых, хто застаўся. Моладзі, зразумела, каб весела, цікава… Танцы, шманцы, абдыманцы… Але што прывязвае да зямлі? Калі чалавек пабудаваў дом, упрыгожыў яго, стварыў выгоды ды яшчэ пасадзіў вакол сад — ён не паедзе. Будзьце ўпэўнены!
Новікава. Колькі сродкаў ідзе на жыллё?
Зязюля. Колькі ні расходуем, мала! Горад у такім даўгу перад вёскай! Дзесяткі гадоў — браў, браў!.. Іншым галінам трэба пацясніцца. Інакш апусцеюць сёлы! Калі мы сёння прагледзім вёску, заўтра мільярды не дапамогуць!
Новікава сцепанулася. Зязюля зняў куртку, накінуў на яе плечы. Яна кіўком падзякавала.
Новікава. Які вы цёплы! Не прастудзіцеся?
Зязюля. Купаюся ў палонцы.
Новікава. Вось не падумала!
Зязюля. Першую зіму ўся вёска глядзець хадзіла на «голага» старшыню. «Сынок, гэта ты сам ці табе доктар прапісаў?»
Новікава (весела). Уяўляю, які ў вас быў аўтарытэт!
Зязюля. Вёска ёсць вёска. Памятаю, лазню пабудавалі. Прыйшлі з парторгам, мыемся. Больш ніхто не заходзіць — гадзіну, другую… Выходзім — народу вакол!..
Новікава (весела). Пётр Іванавіч, у вас ёсць мара?
Зязюля. Вядома! Быць старшынёй… на востраве.
Новікава. На востраве?!
Зязюля. Працуеш, нікога не бачыш… А па радыё толькі паведамляюць — чаго, колькі здаць…
Новікава (рассмяялася). А я, наіўная, пытаюся — чаму так многа ворагаў… Ну, скажыце, навошта вы парасчынялі клеткі? Старшыня калгаса!
Зязюля (апусціўшы галаву). Звяркі павінны жыць на волі. У звярынцы мне так сумна…
Новікава. Самому сорамна? Разбэсцілі ўласніка, а цяпер не ведаеце, як з ім справіцца?
Зязюля. З асабістымі гаспадаркамі, Алена Мікалаеўна, мне самому далёка не ўсё ясна. Праблемы гэтыя не вывучаюцца, не вырашаюцца — яны толькі накопліваюцца. З аднаго боку Рыгор, «пісьменнік» — ні кала ні двара, гол як сакол… І побач — Карпукі… Цяпліцы, нутрыі… Спекулююць, вялікія грошы! А паміж гэтымі полюсамі — сумленныя працаўнікі. Мы ж кідаемся з адной крайнасці ў другую, ад агульнай забароны да ўсеагульнага дазволу… Я заўсёды думаў пра сумленных працаўнікоў, дапамагаў ім. Важна толькі адрозніваць, дзе сапраўды асабістая падсобная гаспадарка, а дзе пад гэтай шыльдай нешта іншае… А! Вось, мой вораг нумар адзін — Карпук! (Ашчацініўся.)
Побач праходзіць Карпук з ахапкам сена, кінуў, спыніўся адпачыць, убачыў Зязюлю, насцярожыўся.
Новікава. Добры дзень! Ой, як смачна трава пахне!
Карпук (стрымана). Добрай раніцы!
Новікава. Я бачыла, у вас у двары — цэлая ферма! Шмат жывёл?
Карпук. Было многа, ды старшыня ў нас свавольнік…
Зязюля. Скажы дзякуй, што не забіў!
Карпук (да Новікавай). Мне як — у суд пісаць альбо яшчэ куды?
Новікава. Не трэба пісаць. Пётр Іванавіч кампенсуе страты. Колькі знікла звяркоў?
Карпук. Семдзесят!
Зязюля. Што?! Я адчыніў толькі дзве клеткі!
Карпук. А можа, і восемдзесят.
Зязюля. Шантажыст! Мне да пенсіі выплачваць!
Карпук. За трансфарматар я заплачу больш.
Новікава. Думаю, дамовіцеся без суда.
Карпук. Дык ён жа мне і вока падбіў! Бачыце? За гэтую партызаншчыну — партбілет пакладзе!
Новікава (Зязюлю, пакруціўшы галавой). І за вока дабаўце.
Зязюля (горка). Ты мне здрадзіў, Цімох. Калі прыходзіў, я табе і дошкі, і шыфер… За сына хадайнічаў. Жонку ў санаторый. І вось удзячнасць — з калгаса фактычна эмігрыраваў. Дзе я цябе прагледзеў? А быў сярод першых, апорай… Памятаеш, як ратавалі цялят?
Карпук. Так. Я працаваў. За грашы. Да сёмага поту. А потым аднойчы, калі ты вярнуўся з горада з сардэчным прыступам, я зразумеў — ты скруціш сабе шыю. Чаму? Ты ніколі не ладзіў з раённым начальствам! І я сказаў сабе: «Цімох, у цябе пяцёра пацаноў! Калі Іванавіч загрыміць… Будуй крэпасць, магутную гаспадарку… Каб пры любым ветры…»
Зязюля. Ты б яшчэ касу калгасную абрабаваў, для апраўдання!..
Карпук. Вось ты ў Ленінград, кажуць, навастрыў лыжы… А як тым, хто ішоў за табой, верыў, спадзяваўся? Добра, калі новы акажацца чалавекам. А калі самадур? А калі загадае — забіць усіх свіней, зрэзаць яблыні, абкласці кожную курыцу падаткам… Га? Ты здрадзіў! Не я!
Зязюля. Бульбу прыйдзеш убіраць?
Карпук. Соткі?
Зязюля. Пакінем.
Карпук. Прыйду.
Новікава. А калі мы прапануем вам дагавор?
Карпук. Гэта што — як у венграў? А здолееце даць маладняк, кармы, іншую дапамогу?
Новікава. Пастараемся.
Карпук. Трэба абмазгаваць.
Новікава. Згаджайцеся!
Карпук (памаўчаў, Зязюлю). У цябе ёсць вораг. Моцны вораг! І ведаеш хто гэта? Ты сам! (Узваліў на плечы сена і пайшоў.)
Зязюля (не адразу). Такія, як ён, небяспечныя сваім прыкладам. Цяжка ўгадаць наперад сацыяльныя вынікі!
Новікава (задуменна). Ці не сабраць нам пленум райкома?
Зязюля. І ўсё стане ясна?
Новікава. У спрэчках шмат прасвятляецца. Як зацікавіць? Як зрабіць, каб на агульнае працавалі гэтак жа, як на сваю гаспадарку? (Пасля паўзы.) Рыхтуйце пытанне.
Зязюля. Вы сур’ёзна?
Новікава. Хіба вам няма чаго сказаць? Праграма — не на адзін год. Давайце працаваць. Глядзіце, світае!
Зязюля. Ага! Ужо раніца.
Новікава. Я павінна развітацца: у шэсць трыццаць селектарная сувязь з гаспадаркамі. (Працягнула руку.) З днём нараджэння! На бюро было не зусім ёмка… (Убачыла непадалёку Таісу, усміхнулася.) Раўнуеце?
Таіса паціснула плячыма.
А дарэмна! Увогуле, зайздрошчу…
Да Новікавай падышоў Ляшчук.
Ляшчук. Алена Мікалаеўна! Дзе вы былі! Я вас шукаў усю ноч!
Новікава (уважліва на яго паглядзела). У мяне было спатканне, за ракой… Я вам удзячна, Сяргей Міхайлавіч.
Ляшчук (не разумеючы). За што?
Новікава. Дзесьці я прачытала: ісціна, уся ісціна, ніколі не бывае поўнасцю на тым ці іншым баку. Будзем рыхтаваць новае бюро.
Ляшчук. Хіба няма падставаў яго зняць?!
Новікава. Фармальна — колькі хочаце! А здымаць не будзем. Калгас — гэта базіс. Вы ж наіўна перакананы, што сельскую гаспадарку зможа ўзняць…
Ляшчук (перапыніў). Якая ерунда! Значыць, назад? Да дзедаўскіх метадаў? Пасля майскага Пленума?!
Новікава (уважліва яго разглядае). Вы так часта пра гэта гаворыце, быццам адзін адказваеце за Харчовую праграму.
Ляшчук. А вы ведаеце, што ён натварыў? Пакуль мы распівалі чаі, ён міжнародную выстаўку абрабаваў! Навейшае абсталяванне для кармацэха вывез! Дамовіўся са Знешторгам, абышоў Мінсельгас, паладзіў з Гандлёвай палатай, на вачах усіх вывез! Падчыстую! Уяўляеце маштаб?! Ціхі беларус!..
Новікава. Разбяромся.
Ляшчук. Вы мяне расчаравалі! Штосьці я не прыгадаю, Алена Мікалаеўна, каб райком адмяніў сваё рашэнне!
Новікава. Значыць, будзе ўпершыню.
Ляшчук. Не стварайце прэцэдэнта — благія прыклады заразлівыя.
Новікава. Бюро — заўтра.
Ляшчук. Вы ўяўляеце вынікі? У якім святле паўстане райком?
Новікава. Райком — гэта не папа, у непагрэшнасць якога… Жывыя людзі!
Ляшчук. Райком — гэта калектыў кіраўнікоў. І ўжо калі яны памыляюцца… Ой, Алена Мікалаеўна! Не туды, не туды!.. Мы далажылі ва ўсе інстанцыі, газетчыкі раструбілі… Возьмеце на сябе адказнасць?!
Новікава. Так. Лёс чалавека, а цяпер ужо і лёс калгаса, вялікага калектыву, важней за ўсякія перасуды. Калі карова патрабуе столькі любові, то якімі ж уважлівымі мы павінны быць да людзей! Мы часам баімся прызнацца, што кіраўнікі зрабілі памылку. Але людзі — бачаць! Дык як жа не разабрацца, чаму памылка? Хто дапусціў?
Ляшчук. А як на гэта паглядзяць у абкоме? (Быццам тэлефонную трубку, прыклаў руку да вуха, імітуе чужы бас.) Алена Мікалаеўна, што там у вас робіцца? Што за страсці ў Галынцы?.. Самі прасілі замяніць Зязюлю, а цяпер… Я думаю, не трэба было наладжваць чаяпіцце… Даруйце, у мяне нарада. Пі-пі-пі… (Адняў ад вуха «трубку».)
Новікава (не адразу, яе здзівіла падабенства). Тым не менш мы адменім рашэнне бюро. Нязручны Зязюля для грамадства карысней за памяркоўных старшыняў. Сатрыце са шчакі памаду.
Ляшчук (яго гэта не збянтэжыла). Не за гарамі канферэнцыя. Як доўга, Алена Мікалаеўна, вы збіраецеся заставацца на сваёй пасадзе?
Новікава. Гэта, Сяргей Міхайлавіч, вырашаць камуністы раёна.
Ляшчук. Што ж, час рассудзіць.
Абое адыходзяць. На сцэне Зязюля і Таіса.
Зязюля. Крыўдна, зноў не атрымаецца на поўдзень… Але потым — клянуся табе!
Таіса. Сядай.
Зязюля сеў. Села насупраць і Таіса.
Я рада, што пабывала тут. (Паўза.) Цяпер я ад’язджаю.
Зязюля. Па дачку?
Таіса. Назаўсёды.
Зязюля. Мы будуем такую бальніцу…
Таіса. Я пакідаю цябе.
Зязюля (памаўчаў). Так, зрабіла сваю справу — можна ехаць…
Таіса. Спалі мост, перакапай дарогу… Альбо я, альбо калгас.
Зязюля. Ведаеш, што я перажыў, калі накінуліся людзі? Што там бюро! Не дай Божа яшчэ калі-небудзь…
Таіса. А ў Ленінградзе ў нас бы атрымалася…
Зязюля. Калі пачуеш выццё адзінокага ваўка, ведай, гэта я…
Таіса. Дзякуй табе.
Зязюля. За што?
Таіса. За ўсё. І тут я не змагу, і без цябе… Бывай!
Зязюля. Бывай, генерал арміі выратавання…
Таіса. Не гавары так — было нешта большае. І было цудоўна…
Паяўляецца Харытончык. Бачыць, як пайшла Таіса. Да Зязюлі, узяўшыся за рукі, падыходзяць Міхась і Таня.
Таня (ззяе). Пётр Іванавіч, я застаюся!
Зязюля. Толькі паспрабуйце не запрасіць на вяселле!
З усіх бакоў да іх падыходзяць калгаснікі, іх шмат, глядзяць на Зязюлю.
Кацярына. Дык што, Іванавіч, будзем бульбу ўбіраць альбо… разбяжымся, як зайцы?
Зязюля. Я вам разбягуся! Харытон, за работу!
Харытончык (дастаў блакнот). Я тут палічыў… Ёсць цікавая думка! Што з вамі?
Зязюля (узяўся за сэрца). Нічога, Харытон, нічога… Мы яшчэ папрацуем!
Заслона
1984