Прысвячаю светлай памяці маці,
бацьку, роднай зямлі
Кожная мясціна на свеце ганарыцца нечым сваім, адмысловым. Таямнічасць, даўняя памяць, гонар для Янкавін — валун, ці, як яго называюць, Гаспадар-камень, што ляжыць за вёскаю, перад самым Налібацкім лесам. Ніхто не помніць i не ведае, калі заявіўся тут гэты велікан, колькі ён ужо ўвогуле існуе. Відаць, спакон стагоддзяў. Бо высозны, ледзь не ў рост чалавека, шырокі, спод аброслы цвёрдым, нібы цэмент, шэрым мохам i ў той жа час трывалы, моцны, з намерам пражыць яшчэ шмат.
Гаспадар-камень заўсёды вабіў янкавінцаў нейкаю магічнаю сілай. Казалі, шмат хто (звычайна адзін) з кожнага новага пакалення прыходзіў сюды, калі яму было цяжка. Валун нібы слухаў чалавека, убіраў у сваю непрыступную i ў той жа час чулую душу людскія беды, слёзы, просьбы ды мары, камянеў, таіў пачутае ды, можа, сваёй маўклівай мудрасцю вучыў, раіў чалавеку-гаротніку гэтаксама набірацца маўклівасці, цярпення ды камянець. Baлун-то, канечне, сам нема маўчаў, ляжаў i ляжыць затоеным сведкам усяго, што тут адбывалася, але людзі не ўсе станавіліся нямыя, акамянелыя, бо той-сёй рана ці позна i выкрыкваў боль жывой, чалавечай душы...