Якія жудасна шчаслівыя гады і дні нашай любові, дружбы, і як жа часта мы марнуем іх на пустое!..
Дзіва, шчаслівае дзіва бярэ — колькі яе, прыгажосці, i як я мог жыць, не бачыўшы да сарака пяці... ну, скажем, возера Лукаўскога, з векавымі дубамі i шэрымі крыжамі на касе, або магутнай, ласкавай Гарыні?..
Прыгажосць назіралі мы спачатку з акон зялёнага «кукурузніка», які нас, трох следапытаў народнага слова, нёс над астраўкамі палёў, над лясамі і шчодра залітымі сёлета балотамі Піншчыны. Нізка ляцелі — адно любуйся. Але нядоўга. Толькі што ўзняўся, здаецца, наш ПО-2, a ўжо і садзіцца на прылясную паляну траскучаю птушкай. Уяўляю, што нават і «ногі» наставіў насустрач зямлі, нібы грак. Селі, ідзіце, нюхайце добрае жыта ды бульбу ў белай, густой квецені. Хоць ты з дарогі збоч ды паляжы ў ix ніцма...
Давыд-Гарадок.
Можна злятаць на Марс, зярнуцца адтуль i застаць над Гарынню ўсё тую ж бабку з вудай. Стаіць старая, як і стаяла сотні гадоў, спакойна i абыякава. Закідае па-бабску смешна, цераз галаву, паплёўвае на чарвяка, зрэдку здымае ў вядро краснапёрку... Многа ix тут, рыбакоў жаночага полу, відаць, ад пяці i да ста, і нікому такое не дзіўна.
Светлая хата над самай ракой. У гародзе растуць толькі кветкі, якія тут здавён сеюць на насенне, і вельмі любяць, здаецца,— не проста гандлююць. «Анюціны вочачкі», — расчульвалася цётка над сітам з мікраскапічным россыпам несення. Гаспадар, талковы i ветлівы дзядзька, ахвотна даў нам за сходную плату маторнай лодкі, паслаў з намі хлопца, загарэлага дзевяцікласніка.
Так мы глядзелі Гарынь, а потым Прыпяць. Трохі вудзілі, прыпыніўшыся ў спакуслівай мясціне, а больш любаваліся, з бадзёрым грукатам летучы па празрыстай i ціхай вадзе.
Усе прыгожа, аднак жа белыя «гускі» ў Воўчым возеры, у якое мы неўзабаве ўвайшлі з чарнаводнай, спакойнай і крыху не цераз верх перапоўненай Прыпяці,— прыгожыя асабліва. На суцэльным зялёным насціле іхніх лістоў самі «гускі» — ну, проста гусіная ферма, вялізная, толькі без гогату, і мы пайшлі тут без грукату, на вёслах, марудна разганяючы лодкай зялёна-белы цягучы насціл. Зблізку кветкі напаміналі мне жывое яшчэ з маленства ўяўленне: разрэзанае крутое яйка... Не, гэтым разам,— можа, ад думак пра бомбы i дзяцей, ад цяжкіх думак, якімі закончыўся мой учарашні дзень,— «гускі» здаваліся мне складзенымі далоньмі ручанятак з гулліва настаўленымі, як пялёсткі, пальцамі...
А заерху — раскошнае сонца i белыя воблакі. Плывуць паволі, амаль не плывуць. і высока, высока!..
Потым, падвечар, нас калаціў на калдобах аўтобус. Нібы спецыяльна наняты, каб так калаціць. Але ўсё роўна мы любаваліся і полем абапал дарогі, i хатамі пад цяжарам буслянак, i сонечным лесам...
Душою нашай пасажырскай кампаніі была разбітная, яшчэ не старая, цыганка. Расказвала, добра па-беларуску, пра найбольшае шчасце свае валачашчае маладосці, — як яна, седзячы побач з бацькам на возе, праехала з цэлым табарам, дарагія начальнічкі, цераз усю Варшаву!.. Пасля ўспамінаў яна пусцілася ў тэорыю — пачала нам тлумачыць ix цягу да вандравання. Гаворачы, час ад часу пакрыквала на Гарасіма, свайго басаногага хлапчука, што ўсё лез, выхіляўся з акна.
Пасля ў аўтобусе спявала скрыпка.
Іграў стары цыган. Без шапкі, лысы, у салдацкіх галіфэ i цяжкіх з выгляду кірзавых ботах. Мы дагналі яго на выездзе з чарговай вёскі, шафёр сам спыніўся, а «бацька» адразу, толькі ўмасціўшыся на заднім сядзенні, сам пачаў іграць. За праезд. Па прывычцы.
Яна i спявала, i плакала, i рассыпалася смехам — ягоная скрыпка. I гэта было незвычайна да самай сапраўднай радасці — там, у глухім палескім лесе, на турботнай і пыльнай дарозе!..
Ды тут адзін з нас памыліўся... Проста не ведаў, што выйдзе з гэтага,— узяў свой фотаапарат i зняў музыку. Раз, пасля, для пэўнасці, яшчэ раз, і скрыпка змоўкла.
Цыган i цыганка загаманілі па-свойму, гучна i незразумела. Пасля стары палажыў скрыпку ў футляр, узяў мяшок, падышоў да шафёра, азірнуўся на нас i пакратаў яго за плячо. Аўтобус спыніўся. Музыка выйшаў, проста ў лесе, i, выходзячы, зноў азірнуўся...
Цыганка расказала нам, што жонку гэтага чалавека ў вайну расстралялі фашысты. Сам ён хаваўся з маленькім сынам. Пасля вайны малога забралі ў дзіцячы дом. А бацька ходзіць. Не проста ходзіць, а вось ужо васемнаццаць гадоў уцякае ад тых, што забілі жонку, што i яго шукаюць, каб забіць... Па фотаапараце ён «здагадаўся», што i мы — таксама ад тых, што шукаюць яго, i таму вось уцёк...
— Няшчасны чалавек, начальнічкі... А чулі, як ён іграе?.. А як ён танцуе нашы цыганскія танцы! Піша!.. Гарасім, не выхіляйся, дурніца,— зачэпіць галаву ды выцягне!..
У лесе — сонца i цені. Малы аўтобус трасецца па карэнні і па калдобінах.
А скрыпка спявае. Сардэчна і сумна. Хоць весела як быццам, але вельмі сумна!..
Хоць музыка, з мяшком за плячыма i з футаралам пад пахай, ідзе цяпер недзе далека за намі.
Такі беспрытульны ў нашым сонечным свеце!..
Парыж. Кафэ «Мадрыд».
За шкляною сцяной мноства хвалістых папугайчыкаў. Цалуюцца сабе пры людзях, як сапраўдныя французы. Афіцыянткі ў брэтонскіх нацыянальных касцюмах. Ветлівы малады дырэктap добра гаворыць па-нямецку; скромна хваліўся, што ведае рускую літаратуру, гутарку пра якую пачаў з Дастаеўскага.
Старая, кульгавая, з кіёчкам, у дарагім футры, хоць на дварэ пагодлівы, цёплы кастрычнік, мадам прыходзіць есці вельмі акуратна. Есць доўга, старанна глытаючы процьму вустрыц, старанна фарбуючы губы пасля яды...
Адной з афіцыянтак я падарыў некалькі маляўнічых паштовак з аўтографамі нашай турысцкай групы. Яна знайшла на адвароце паштоўкі серп i молат, паказала на ix пальчыкам, усміхнулася i ўзняла кулак: «Рот фронт!» Пры дапамозе дырэктара расказала нам, што брат яе, рабочы сцэны пры «Камэдзі Франсэз», быў летась у Маскве. Слова «брат» яна сказала па-французску, па-англійску i, за мной, па-нашаму... Мілая, баявая чернушка.
Тым часам да старой мадам за суседнім сталом падсела другая. Гэтае «брат», «рот фронт!» i ўсё шчабятанне дзяўчыны з намі абурылі абедзвюх мадам. Яны паклікалі афіцыянтку да сябе i доўга, нудна скрыпелі на яе, дакараючы. Пасля паклікалі дырэктара. Злёгку i з годнасцю схіліўшыся, ён слухаў ix з прафесійна ветлівай цярплівасцю: кліенткі, мусіць, даўнія.
Дзяўчына — каля нашага стала — усміхалася, нават і падміргнула мне на тых, а на развітанне дэманстрацыйна ўсім нам паціснула рукі і зноў з мілай усмешкай узняла кулачок — «рот фронт!»
У клубе добрага калгаса сход. Больш за сто цётак i дзяўчат атрымліваюць медалі Усесаюзнай выстаўкі — за лён, якім славіцца гэты куток Наднямоння.
Смешнавата-ўзварушлівы шык. Людзі гэтыя лепш умеюць працаваць, чым браць узнагароды. Кожная, каго выклічуць, выходзіць з натоўпу, няёмкй ўсміхаючыся, ідзе да стала прэзідыума i загадзя трымае руку, каб падаць яе старшыні райсавета; «так, як i ўсе», ківае галавой і кажа «дзякуй». Дзяўчаты не вельмі прызвычаены пастукваць высокімі абцасікамі святочных туфляў. Медалі ўсе начэпліваюць адразу, толькі сеўшы, і радасна, як дзеці, усміхаюцца.
Сухенькая, смяшлівая бабка:
— Ну вось, січас i я украшу сваю грудзь!..
Ідзе, а усе дабрадушна смяюцца.
Выступаючы, большасць стараецца гаварыць, як і бабка, культурна: «Клімацічаскія ўсловія нам не дазволілі...»
Толькі адна кабеціна — пасля даведаўся: жыве ўдавой, сын, лейтэнанг, у арміі, дачка, студэнтка, у Мінску — гаварыла коратка і па-свойму:
— Семсот пукоў абабілі, а пяцьсот яшчэ не. Але абаб'ём i гэты. Што ж я тут буду болей гаварыць! Стараемся, як толькі можам, бо трэба.
Пасля сходу, вядома, танцы, і ільнаводкi, і маладыя настаўніцы мятуць польку — аж люба глядзець!..
Здаравенны хлапчына, якога з маленства, дзеля смеху, называлі Пётр Пятровіч, пры буржуазнай Польшчы пяць год сядзеў у турме «за камуну», у вайну быў у партызанах, а пасля вызвалення — з вельмі лёгкай рукі мясцовага начальства — узышоў на цярністую сцежку кіраўнічай працы.
Амаль непісьменнага хлопца прызначылі спачатку кіраўніком раённай канторы дзяржбанка, пасля загадчыкам нарыхтоўчай канторы, пасля старшынёй сельсавета і, нарэшце, старшынёй сельпо.
Кіруючы банкам, Пётр Пятровіч толькі падпісваў паперкі, што яму ні падсоўвалі, вельмі цьмяна ўяўляючы змест пераважнай большасці дакументаў.
— Што ты мне тутака плявузгаеш! — грымеў ён на бухгалтара.— Я падпісаў — усё! А мала табе раз — другі раз падпішу!..
У нарыхтоўчай канторы ён сам, і вельмі ахвотна, быў часамі грузчыкам, памагаў сваім хлопцам.
Як старшыня сельсавета, пабіў аднаго дэпутата. Слухалі на бюро райкома.
— Ну, я ж усё ж такі яго начальнік,— апраўдваўся Пётр Пятровіч.— Усе мы ўжо сабраліся, сядзім, яго чакаем. Раз я паслаў па яго, другі раз — не ідзе. Пайшоў я сам. Сядзіць, гад, ды зацірку мурзае. Ну, узяў я тую міску ды надзеў яму на галаву. Падумаеш — так ужо абрамізіў!..
У сельпо Пётр Пятровіч вельмі хутка замурзаўся сам. Не так замурзаўся, як замурзалі памагатыя.
I вось ён памёр недзе ў турме. Падпольшчык, партызан, дый хлопец, урэшце, нядрэнны, калі б яго не ўздымаць без патрэбы i меры...
А маці, якой «бог смерці шкадуе», увесь свой век пакутніца пры такім сыне, ідзе цяпер за дваццаць кіламетраў у райцэнтр, каб, можа, пенсію якую за Пятра далі...
Пішу ў кубрыку кацера, на раскалыханай штормам Татарскай пратоцы.
Маладзенькі матрос Віця расказваў мне сёе-тое з жыцця свайго ніўхскага народа. Нібы дапаўняючы тое, што я назіраў тут сам,— на рыбацкіх заездках, у пасёлку, у Нікалаеўскім краязнаўчым музеі. Сімпатычны дзяцюк, акуратны, з харошай усмешкай.
— Мая матуля кажа мне... Я вось ужо хутка пяць год карміцель у сям'і. Мне — не семнаццаць, як вам здалося, а дваццаць першы. Прабачце, я не сказаў вам, што я ўжо жанаты, што ў нас ужо хлопчык, сем месяцаў... Мая жонка — настаўніца з Сахаліна, таксама ніўхка, але гаворыць яна трошкі інакш, чым мы, амурскія ніўхі...
Слухаю, любуюся ім, такім разумным i чыстым.
Успамінаю ўчарашнюю тутарку з пажылым прафесарам-медыкам, што паспяхова змагаецца з касцявым тубэркулёзам у ніўхскіх дзяцей. і заўважаю радасна, як натуральна ўспрымаецца тут яна — наша роўнасць людзей і народаў.
Жнівень. Ялцінскі пляж..
Тоўсты, лысы таварыш, са шрамам колішняй раны на спіне. Качаецца, нібы цюлень, у марской пене, спакойна, нават абыякава адпырхваецца ад салёнай вады... I здаецца, хоць я i не бачыў яго апранутым, што на гэтых магутных плячах можа быць толькі гімнасцёрка раённага рабацягі, а на пузе — рэмень з камандзірскага спражкай. Партфель пакуль што недзе далёка, у адным з куткоў неабсяжнай радзімы, дзе ён адклаў яго толькі на месяц...
Побач — хлопец, таксама нядаўні франтавік, без нагі да калена. Увайшоўшы ў ваду, а яшчэ лепш — плывучы, напэўна ж здаволены, што i ён — зноў, як усе!..
Каб я быў мастаком, намаляваў бы сённяшні чатырохбальны шторм, a ў пене, у пяску, у мокрым грукаце хваль — па-дзіцячы радасныя твары людзей працоўных розных нацыянальнасцей — шахцёраў, настаўнікаў, ткачых... I дзяцей.
На хутары, дзе садок i гарод, i навокал, як мора, калгаснае жыта, бачыў жывы прататып казачнага Іванькі-прастака.
Дужы, рахманы дзяцюк. З гонарам расказвае, што ён усё-ўсё ўмее рабіць. Хоць i робіць толькі тое, што не патрабуе трохі большай кемлівасці: не косіць, але падае на воз, не коле дроў, але валочыць вёдрамі ваду са студні, якая больш за кіламетр ад хутара, у вёсцы... Малодшы брат, гаспадар, вазіу летась яблыкі прадаваць — з Наваградчыны ў Маскну — i купіў яму шапку, якой вельмі ж хацелася — салдацкую, з чырвоным аколышкам. Яна вісіць на сцяне, любоўна загорнутая ў маміну хустку.
Увечары «дурань» зняў яе са сцяны, разгарнуў i надзеў — як карону.
— Куды ты, Iване?—пытаецца цярплівая і ціхая жанчына — маці.
— У кіно.
— Позна, сынок, яно там недзе ўжо канчаецца.
— А пад канец яшчэ цікавей.
Ды з такой жа дзіцячай усмешкай адказвае!..
— Малому дарогу саступіць,— кажуць пра хлопца сямейнікі.
I шкадуюць яго ўсе — i брат, i братавая, і сястра-школьніца, i дзед.
Дзед — цікавы i сам. Яму ўжо за дзевяноста. Накрыўшыся старой цыратай ад дажджу, пасе ў зялёным яры дзве каровы i жменьку авец. I вельмі рад, што вось ізноў, як людзі, бачыць. Бо толькі нядаўна яму знялі катаракту
— Як на свет нарадзіўся, сынок! — расказвае ён мне, неяк надзіва молада смеючыся.— А тыя разы, сляпым быўшы, дзяржу дзве каровы на павадах, а малыя толькі камандуюць: «Дзеду, лявей! Дзеду, правей!..»
Дзед есць зацірку толькі з хлебам і злуецца на ўнукаву жонку, калі зацірка рэдкая:
— Сама, відаць, хадзіла па ваду!..
Увечары выпіў з намі — цэлую шклянку самагону — і пачаў успамінаць. Ну, спачатку — бліжэйшае. Як ён на ўнукавым вяселлі «ўзяў» трошкі не літар i нават яшчэ «барыню паскакаў». Як сын яго, Лёўка, насіў у млыне на другі паверх па два шасціпудовыя мяхі за раз, узяўшы пад пахі, а потым — булава, царства яму нябеснае, напіўшыся п'яны, прастудзіўся за ноч у канаве і памёр... Пасля гэтых успамінаў, цікавых, але звычайных, ідуць такія, ад якіх ажно неяк трошкі вусцішна. Што памятае жывы чалавек!.. У другой палавіне дваццатага веку — успамінае пра турэцкую вайну!.. Праўда, на Шыпцы сам ён не быў — па пашы бегаў яшчэ, але ж палонных туркаў бачыў многа. У графскім маёнтку.
— Шапкі высокія, чырвоныя. Снапоў накладуць у параконныя кары — толькі ў драбіны, не болей, палягуць туды шасцёх i паехалі!.. Яшчэ, кажуць, пазвальваемся! Ха-ха-ха!..— рагоча, аж хіхікае, як малы.
Уранні папрасіў мяне зняць яго на картачку,— пад яблыняй, з маленькім праўнукам на каленях. Табурэтку паставілі ў бульбе, якая цвіце.
Над Відзамі страляе ў неба готыка касцёла. Чырвоная цэгла, шэры бляшаны дах. I легенда,— калісьці туды вунь, аж на саменькі вільчык, пад крыж, залез у кірмашны дзень нейкі вісус, пачаў там вырабляць, як у цырку, людзі раты паразяўлялі i глядзяць, а тут яго сябры тым часам шныраць, ліха ix зладзейскай матары, па вазах!..
На скверыку — помнік вызваліцелям, вялікi i стандартны абеліск. На дошцы прозвішчы салдат i афіцэраў, якіх ваенны лёс зрабіў героямі ў гэтых мясцінах. Наводшыбе, у зялёным, зацішным куточку сквера — магіла з чорнай пірамідкай. Надпіс: «Андрэю ад А. Кудрынскага». У каго ні пытаўся, хто яны, гэтыя людзі, адказ адзін: «Не ведаю. Кажуць, што нейкі палкоўнік...» Сумна.
Пахнуць па-хатняму грады, сакочуць конікі, стаіць вялікі жнівеньскі месяц, яшчэ не яркі, бо ранні вечар. Бабуля, калі я пацікавіўся, што за кветкі ў яе гародчыку:
— Не ведаю, ірву, палю, сынок, а яны ўсё растуць. А гэта мак.
I дала мне чырвоную кветку з белаю аблямоўкай на кожным пялёстку.
У чайной літоўскае піва i смачная каўбаса, і нудны, ветлівы сусед,. няголены здаравіла, які паволі, шчодра расказвае, як у маленстве маці апаіла яго макам, i вось ён цяпер не можа працаваць на адным месцы больш за тыдзень...
Ноччу сядзеў на ганку гасцініцы, слухаў i думаў, што да ўсёй гэтай ідыліі — з прыродным росквітам i маладымi песнямі ды смехам — не хапае сардэчнай, ціхай гітары. I чаму яна «выйшла з моды»?..
Па дарозе на Браслаў — куток свянцянскай Літвы, З кабіны грузавіка, праз нізкія вербы, відаць прымятае дажджамi жыта, бярозавыя, неакораныя жэрдачкі агароджы, жураўлі без вёдзер, мнагавата абдрыпаных хат. А то — ліпы, белыя вокны, за хатамі будынкі ў шнур, з шырознымі, ледзь не да самай зямлі, стрэхамі. Назвы населеных пунктаў: Калянкішкі, Гадуцішкі, Каляндрышкі, а паміж імі раптам — прастадушна нашы, беларускія Пузыры.
У кузаве ў нас чарапіца. Дзве пярэднія машыны, з такім жа грузам, адарваліся далёка наперад. Негаваркі, дабрадушны шафёр даволі часта спыняўся, каб падняць на дарозе згубленую тымі чарапічыну. Цярпліва і спакойна. Гаспадар!..
Браслаў, калі пад'язджаеш з захаду, адкрываецца вельмі маляўніча. Над возерам сосны, дахі, замкавая тара, каля яе касцёл, царква. Гарадок чысты, з прахалоднай, утульнай гасцініцай, з аброслай плюшчам i мальвамі чайной, з трыма азёрамі, якія ўсе відаць навокал гарадка з высокай замкавай гары.
Над замчышчам, над касцёлам i царквой узвышаецца помнік «добраму доктару». Пры панах гэты доктар, ужо тым часам амаль легендарны, бясплатна, як кажуць, лячыў беднату, пабудаваў за свой кошт бальніцу, а мог таксама, лайдак, даць дзядзьку некалькі злотых, каб з'ехаць верхам на ім з гары... Помнік пастаўлены па яго запавету, з громаадводам, з горбай жалеза пад зямлёй, якое, калі ўдарыць гром, толькі «ляскоча над горадам...»
У рэдакцыі хлопцы далі пачытаць «Гісторыю Браслаўскага павета», аўтар якое i выдавец, польскі настаўнік, энтузіяст-краязнаўца, засакрэціўся ініцыяламі О. Н. Кніга даволі тоўстая, a фактаў яркіх ня шмат. Усё прыблізна такое: У Biдзах калісьці паны бралі з яўрэяў, апроч іншага падатку, яшчэ і па два кілаграмы перцу i «вельмі пацяшаліся з гэтага тавару і яго пастаўшчыкоў». У тых жа Відзах гасцяваў калісьці, у свайго дзядзькі, Адам Міцкевіч, студэнт. Мясцовыя «маскалі», барадатыя стараверы, што аж сюды паўцякалі ад царска-царкоўнага прыгнёту, у 1863 годзе вельмі старанна дапамагалі цару распраўляцца з паўстанцамі... А вось яшчэ адна даволі пацешная дробязь. У браслаўскага калгасніка Сцяпана Рыжага, які — пра што я перад гэтым прачытаў у paйгазеце — атрымаў днямі званне «лепшага пастуха» раёна, калісьці, ажно ў шаснаццатым стагоддзі, быў продак — браслаўскі войт Грэгар Рыжы...
На лузе над возерам садзіцца паштовы самалёт. Увечары стукае недзе маторка. Потым — ноч. Месячная дарожка, на якую так добра глядзець з гары, пад ціхую гутарку з добрымі хлопцамі.
І нечым не нашым, а старасвецкім, цвілым патыхае ад слоў, што адзін мясцовы дзеяч, калі ў лазні не хапіла дроў, загадаў спусціць на вуліцы дзве ліпы... У тую кнігу яго — да войта Рыжага, калі той настаўнік-аўтар узяў бы!..
На выпускных экзаменах у вясковай дзесяцігодцы.
Дзяўчынка слаўна адказвае пра сусветнае значэнне Горкага, пра вобраз Пячорына, пра «Падарожжа» Радзішчава... Стомлены, хвараблівы выгляд, у цяжкіх ботах, цяжка ўздыхае, прыглушвае кашаль. Вялікія цёмныя вочы. Прыгожая. І ўсё збіваецца з рускай на родную мову: «імкненне», «творчасць», «далонь»...
Дзе ты была у вайну, толькі чатыры маі таму назад,— у беднай, цудам не спаленай хаце ці ў партызанскай зямлянцы?..
Няхай жа ўсё будзе добра!.. Пасля ўсяго, што было.
Хлопец. Бывалыя салдацкія чаравікі, старанна наваксаваныя, лінялая гімнасцёрка i нехлямяжы, больш на куртку падобны, пінжак. Усё, здаецца, бацькава ці старэйшага брата. Хвалюецца, крэсліць наском чаравіка па падлозе.
— Адказвайце, можа, на другое пытанне,— хоча паспагадаць настаўніца.
— Не, чаму ж, я буду адказваць так, як пытанні стаяць у білеце.
Хлопец дужы, палёгкі не хоча.
Уяўляю, як ён раненька ўстаў, чысціў чаравікі, не снедаў ад хвалявання...
Дваццаць ix, юнакоў i дзяўчат, з беларускім вясковым акцэнтам гавораць пра вяршыні рускай літаратуры. Моладзь — вельмі падобная да сваіх бацькоў i матак, але ж — з пячаццю культуры, духа на тварах.
Чым яны былi б, каб не прыйшоў сюды Верасень?..
Вясёлы лётчык, які выдатна папрацаваў для нашай перамогі над фашызмам, расказваў, па-хлапечы радасна смеючыся, як ён вяртаўся сюды, у роднае данское сяло, на трафейным «опелі»:
— Узяў, зараза, ды заглух. За тры кіламетры ад бацькавай мазанкі! Дзед Афоня мяне дацягнуў на быках. Часта цяпер хто скажа: а гэта ж тады было, у той год, як дзед Афоня Міколу прывёз. Гісторыя!..
Пасля вайны камандаваў палком. Уранні, перад вучэбнымі палётамі, сам вылятаў раней — «нюхаць паветра», і не мог устрымацца, каб не праляцець над роднай Пятроўкай, не памахаць крылом.
А маці, сгарэнькая бабка Нюся, абы заўважыла, што самалёт крылом махае:
— Цэ мій падлюка!..
Не для экзотыкі запісваю, а ловячы здаровае адчуванне сувязі з родным, з мудрай народнасцю.
Старэнькай маці, калгасніцы, адняло мову. Прыляцеў самалётам вучоны сын, два дні сядзеў над ёю, i толькі на трэці яна апрытомнела. I першае, што сказала — спыталася:
— А ці абедаў жа, сынок?..
Колькі яму — пажылому мужчыне, былому ваяку — каштавала, каб не заплакаць!..
Ідуць салдаты, і дзіўна, прыемна падумаць, што кожны з ix быў малы, што кожны з ix абцалаваны мамай.
У яўрэйскай сям'і, дзе я затрымаўся ў Маскве, старэнькая маці інжынера паказвае мне пусты «дзяржаўны» канверт ад міністэрскага пісьма i з гордасцю, нібы за першую сынаву «пяцёрку», кажа:
— Вось якіх пакетаў прысылаюць майму Мішу!..
А Мішу — пяцьдзесят другі.
Студэнтачка расказвае:
— Мы з мамай часта хадзілі ў грыбы. А першы год, як толькі я паехала вучыцца, яна адна выходзіла на нашу сцежку: «Можа, убачу...»
У глухой вёсачцы на беларускім Палессі спыніліся каўпакоўцы. Адзін з ix зайшоў у крайнюю хату i папрасіў бабулю памыць яму запасную пару бялізны.
А потым раптам — трывога. Пайшлі — як прыйшлі.
На трэці дзень адзін з атрадаў, што адпачываў у лесе пасля бою, затрымаў старую. З клуначкам бывалай бялізны, i памытай, i пакачанай, i палапленай рукою маці. Два дні шукала яна ў бліжэйшым i далёкім лесе, пад музыку далёкіх i блізкіх выбухаў, таго «прыгожага ды вясёлага, што камандуе цэлым атрадам, а называецца — дай, божа, памяць,— здаецца, Платон...»
I вось знайшла, аддала i пайшла дахаты. З адным толькі пачуццём, з адной радасцю: «Няхай здаровенькі носіць!..»
Слаўны хлопец, добры паэт, адзін з маіх украінскіх сяброў, ён мне расказваў пра гэта ў часіну харошай сустрэчы.
Мноства астрыжаных галоў, дапытлівых вачэй... Фабзайцы.
Жанчына, з выгляду падобная на старую настаўніцу, гаворыць з трыбуны:
— Мая дзяўчынка закрыла сваімі грудзьмі амбразуру варожага дота...
Колькі яна непакоілася калісьці пра здароўе тых кволых дзіцячых грудзей!..
А цяпер вось гаворыць спакойна:
— Яна зрабіла так, як зрабіў бы кожны савецкі чалавек... Вучыцеся, дзеці, будзьце сапраўднымі патрыётамі...
Пасля выступлення жанчына надзела паліто. ветліва развіталася з арганізатарамі сустрэчы i пайшла. Каб зноў дзесьці думаць пра сваю дзяўчынку, якая...
«Вось ён — сапраўдны гераізм!» — падумаў я.
Потым, за нейкі год ці трохі больш, яшчэ і яшчэ раз убачыў яе на трыбуне, пачуў яе ціхія, роўныя словы і... стала балюча...
Захацелася падысці да яе i, каб не чулі, сказаць:
— Хадзем дахаты, матуля! Не трэба. Мы самі раскажам пра гэта...
Старая ішла па абочыне. Сцежкай пад вербамі. Радая, што халадок.
Мы стаялі на паваротцы з гасцінца ў вёску, каля саўгасных майстэрняў. Ужо напіліся вады, пагаварылі ca знаёмым, i можна было ехаць. Ды я заўважыў старую, пазнаў.
Я добра ведаю яе. Добра ведаў i сына, што не вярнуўся з вайны. Можа, і цяпер яна якраз ідзе з мястэчка, атрымаўшы чарговую долю пенсіі за яго? Рублі, якія кожны месяц, год за годам, напамінаюць ёй, што сынок быў адзін... Дачок было тры. Адна памерла таксама ў вайну. Уцякала ад паліцаяў, што рабілі аблаву на моладзь — вывозіць яе ў Нямеччыну. Паўцякалі амаль усе, але цётчына Маня прастудзілася недзе ў раўку, восень была, а яны павыляталі толькі ў сукенках,— пагарэла потым дзён некалькі і памерла. Другая дачка... Пра гэта гаварыла нядаўна ўся ваколіца. Страшна падумаць — дзявочая шыя i... брытва... Сама сабе. I невядома, чаго... Муж старое памёр так даўно, што боль адбалеў i забыўся. Прытупіўся ўжо боль і па Мані, нават — па сыне. Сілы таксама стала менш. А тут — такое ў хату!..
Што мне сказаць старой?.. Я не бачыўся з ёю пасля апошняй бяды. Няўжо хопіць адно павітацца, узяць падвязці?..
Ад глыбіні сваіх пакут, ад роздуму горкага яна магла б, здаецца, яна павінна была б сказаць нам штосьці незвычайнае, вельмi патрэбнае...
А яна папрасіла мяне «хвіліначку пачакаць», зайшла ў сельмаг, развязала памалу вузельчык хусткі, дастала капейкі i папрасіла крамніцу адважыць ёй дзвесце грамаў вунь тых падушачак.
— Бо як жа ж гэта я, старое заткала, ішла, ішла ды забылася ўзяць у мястэчку?..
Бо дома ж ёсць недзе ўнучак i ўнучка, дзеці найменшай, замужняй дачкі.
Калі мы пад'едзем да іхняй хаты, малыя заўважаць бабулю i закрычаць і пабягуць ад радасці да ўжо нямоглых, а такіх ласкавых рук.
Ну, дык як жа тады без цукеркі?..
«Лепш ужо, нечага, хаваць у пеляночках, чым у вяночках...»
Бабуля прыехала дамоў з далёкай вёскі, дзе пахавала дарослую ўнучку. I там змаглася ад плачу, i тут яшчэ плача, але ж і расказвае:
— Прывезлі фатографа, каб зняць нябожчыцу Ганначку. От сабе нейкі лахмач. Як убіўся ў нейкую рыжую торбу, дык калупаўся, калупаўся — ажно агоркла, чакаючы...
Шеснаццаць год прайшло, а я вось зноў успомніў гарачае лета сорак пятага i бабулю,-— салдацкую ці партызанскую маці,— якая, прыйшоўшы ў горад з калгаса, купіла ў піўным ларку кухаль рэдкага, несалодкага морсу i прысела каля плота, на зямлі, запіваючы гэтым морсам сухі кавалак чорнага хлеба...
Муж-камуніст хаваўся. Жонцы фашысты прастрэлілі рукі і ногі, каб выдала, дзе ён. Ляжала на дварэ ўвесь дзень. Назаўтра — зноў пыталіся... Яна не вынесла пакут, сказала. Яе дабілі. Мужа i дзяцей спалілі ў хаце. Хаваць — суседзі сабралі косці ў мех, ды поп i з гэтым не пусціў на могілкі...
Цяпер не месцы іхняй хаты вёска паставіла помнік.
Калісьці ў суседняй вёсцы была чума. З акружанай вёскі вырваўся адзін зачумлены. Мужчыны, вартаўнікі, прыглушылі яго дручкамі i закапалі амаль жывога.
На гэтым месцы стаіць цяпер каменны помнік з крыжам. Ужо i камень у лішаях, i крыж чыгунны парыжэў, a людзі ўсё яшчэ расказваюць пра тую страшную неабходнасць — як быццам просячы прабачэння, ціха і трошкі ўрачыста.
Восень сорак другога года.
Цёмная, мокрая ноч.
А мужчыны стаяць на загуменні і глядзяць, як — за сем кіламетраў адгэтуль — гарыць, дагарае падпаленая партызанская вёска. Глядзяць i сварацца.
Баптыст, гугніла з багатае хаты, даводзіць, што гэта ўсё — ад бога, што «збываецца пісаніе».
— Госпад недарма казаў: я — агонь усёпажыраючы!..
— Ну дык няхай жарэ, калі не нажорся!..
Успамінаюць потым і тое, што рабін, летась, калі ў недалёкім мястэчку стралялі яўрэяў, казаў тoe самае. Нават талмудзіў над ямай, чытаў: «Збываецца воля Яговы, нічога не зробіш...»
Напярэдадні вайны хлопец з Дона стаяў дазорам на Бугу. Пасля, пад націскам ворага, ён адступаў, уведаў бяздонную горыч разгрому i палону. Уцёк з-за калючага дроту i прыпыніўся ў самай звычайнай беларускай вёсцы. Небагатыя, ціхія людзі, з якіх i ён нядаўна пасмейваўся: «Бульба дробненькая, але многа!..» Яны накармілі яго і прыгрэлі. Разам з імі ён узяў неўзабаве вінтоўку, стаў партызанам. Разам з імі рабіў ён тое, што — збоку відней — і Радзіма, i ўвесь прагрэсіўны свет пачалі пасля называць гераізмам. Туг на гарачую кроў яго раны лягла халаднаватая чысціня палатна. «Кужэльненькага», як гаварыла беларуская маці, нястомная работніца, што плакала над ім. Замест ягонай — богведама, ці жывой? — маманi ў далёкай, таксама дзесьці зганьбаванай фашыстамі станіцы... Тут ён адчуў каханне,— наша дзяўчына палюбіла яго, пайшла з ім з роднае хаты ў сцюдзёную пушчу...
Пасля — перамога! I ён не вярнуўся дахаты, на Дон. Хлопец нібы толькі цяпер заўважыў, як ён прырос да гэтай слаўнай лясной старонкі, як пасябраваў з людзьмі, якія памаглі яму выканаць святы абавязак перад Радзімай. Вось ужо трынаццаць год узапар ездзіць ён у госці на ўсход, да роднага берагу, да родных душ, i вяртаецца адтуль у Беларусь з тым самым дзіўным пачуццём — з дому едзе дадому, з радзімы цягне яго на радзіму...
Дзве іх стала, ці што?..
Здраднік, aдбыўшы пакаранне, вярнуўся ў родную вёску. Закуткі самыя патаемныя, ціхія, мілыя ў маленстве — i яны цяпер не свае. I там няма яму супакою, спагады. Там — на калодцы або проста на пяску ці на траве — сядзе які-небудзь дзед або дзядзька і скажа:
— Чулі, вярнуўся i Ганнін сабака!..
Старая цётка расказвае, як «у тую вайну», у 1918 годзе, немцы прымушалі вёску падпісвацца, што людзі хочуць быць пад Германіяй.
— А то, гавораць: «Скаціну ўсю пабяром!..» Дык Іван Рыгораў і кажа ім: «Хоць i дзяцей у нас пабярэце — і то не падпішамся!..»
Паказваючы кіёчкам на чэрап, які стаяў калісьцi на стале ў фашысцкага каменданта, стары экскурсавод музея Вялікай Айчыннай вайны, просты дзядзька, былы партызан, гаворыць групе прыезджых жанчын:
— У вас, напрыклад, на стале стаяць кветкі, a ў таго крывасмока — вось што...
Чытаю гісторыю, думаючы пра змены фармацый, стагоддзі... і раптам яскрава, міжволі ўбачыў нястомную бабку Прузыну або Агату — як яна дробна, мільгаючы чорнымі, парэпанымі пяткамi, ідзе, спяшаецца ў поле ці з поля, дзе толькі праца ды праца... Дзеля кавалка яшчэ ўсё не вельмі шчодрага хлеба.
Бабка прайшла, услед за многімі, Зямля ўсё круціцца, ідуць другія бабкі...
Biншуючы з днём нараджэння жанчыну, скромнага, простага чалавека, ён шчыра пацалаваў ёй руку. Апроч усяго іншага — ветлівасці, пашаны — ён успомніў у гэты момант, як яна калісьці наведала яго ў бальніцы. Раней за ўсіх самых шчырых сяброў... Сказаў бы нехта, што наведаць — гэта быў, урэшце, яе службовы абавязак... Дык ён адказаў бы, што вось i схіляецца перад носьбітамі такix абавязкаў.
Гэта — не зорка Героя, не слава паэта ці касманаўта, а толькі простае слова «дзякуй» ад чалавека, якога ты паважаеш, і тое «дзякуй» — вялікае шчасце, узнагарода за шчырую працу.
Думаю так, лежачы на густой канюшыннай атаўцы, каля школы, абсаджанай кветкамі, чыстай i светлай.
За гэтую школу загадчыца, адзінокая жанчына, атрымала днямi падзяку... толькі ад інспектара раяна, пажылога настаўніка. I пра гэтую радасць, пра гэтую славу сваю расказала нават мне, сваяку, сарамліва.
Здаравенная цётка з ордэнскай планкай піша сентыментальныя апавяданнейкі для дзяцей.
А чалавек, што разам з ёю быў у атрадзе, з усмешкай успамінае, як яна — стоячы ў партызанскіх санях, у галопе махаючы лейцамі — гнула пры дзецях ультрамужчынскім матам.
Зусім без патрэбы — нібы і гэтым мацуючы абарону краіны...
У вялізным свеце — сціплы чалавек, які заслужана ганарыцца тым, што ўмее:
— Я навастру брытву — ніхто не паправіць!..
Вяселле. Усе, хто як можа i ўмее, вяселяцца: танцуюць, п'юць, гарланяць, цалуюцца. А ён, ціхі ды працавіты чалавек, маўчыць. Гаспадар непакоіцца:
— Як ты там, браце Юрка?
— Ды вось грушу ем. Усё — вельмі добра.
I харошая усмешка.
Плывём па Амуры. Гляджу на зялёную сопку. Успамінаюцца лапці — вялізныя, старыя, латаныя-пералатаныя, падбітыя нават раскляпанымі баначкамі ад ваксы. Лапці старога дзядзькі Івана. I яго расказы пра японскую вайну, якія я, так сама як i лапці, ведаю з маленства.
Цяпер выразна, з нейкай кінанагляднасцю, уявіў сутычку на схіле такое вось сопкі.
Белая кашуля, белая бесказырка, шынельная скатка цераз плячо, даўжэзная вінтоўка з нахабна-непераможным штыхом...
I так далёка ад дому, куды ён, дзядзька Іван, вярнуўся потым з георгіеўскім крыжам i ca скрыпучымі да смерці ранамі. У тую самую беднасць, да тых самых лапцей. Так і не ведаючы, за што i навошта ішоў на кулі, штыхі і асколкі, за што і навошта сам забіваў...
Стары парабак, з рыжага сівы дзядзька Кандрат, адзінокі i трохі «блажэнны» чалавек, насіў з сабою — ад пана да пана — мяшок крамянёў, скалачак...
Хто смяяўся, што гэга вярыгі ў яго, хто думаў: «Што ты хочаш — от, проста дурны чалавек!..»
I вельмі нямногія ведалі, што дзядзька марыў пра ўласную хату, ужо збіраў краменьчыкі — каб упрыгожыць, як добрыя людзі, цэментавы, высокі падмурак!..
Я ш ч э а д з i н у с п а м i н.
Чорны, цёмны «пакрыўджаны богам» бабыль доўга i нудна расказвае, як ён быў занядужаў...
Няхай расказвае — трэба ж яму знайсці хоць якую палёгку!
Верасень шасцідзесятага года. ...Колькі можа перацярпець чалавек?..
Пяць гадоў панскай турмы, уцёкі ў СССР, дзе яму, чыстаму сэрцам хлопцу, даюць дваццаць пяць без права перапіскі, як... польскаму шпіёну!..
А цяпер, калi чалавек вярнуўся, пасля дзевятнаццаці год зняволення, зрубіў хату, ажаніўся, сына нажыў, цяпер ён на хаду памірае ад рака...
I ўвесь акіян яго незаслужанай крыўды, і ўся яго, нягледзячы на гэтую крыўду, светлая вера ў родную савецкую справу, увесь свет яго перажыванняў, дум — «не тыповая з'ява», пра гэга мы будзем маўчаць... «дзеля агульнага дабра». І непрыемнае для нас само яго жыццё, як напамінак, прыкры напамінак пра вялікую крыўду, вялікi боль, незаслужана прычынены добраму, нявіннаму чалавеку, як напамінак пра вялікую «памылку» — не сотую i не тысячную долю той жахлівай з'явы, што зашыфроўваецца лічбай «1937» або словамi «культ асобы».
Праўда, суровая, горкая праўда пра тое ўжо сказана.
Прыйдзе таксама вялікі мастак, які паўторыць гэтую праўду мовай вобразаў — зноў жа па-сапраўднаму — дзеля агульнага дабра.
А тым часам, калі б мая воля, дык я гэтым хлопцам і дзяўчатам, што без пары сталі дзядамі і бабамі, надломленымі жыццём, я ім даваў бы вялікія ордэны, як героям — за ix веру, не страчаную ў нялюдскіх выпрабаваннях.
Так думалася не раз за апошнія гады, так думалася ў мінулую нядзелю дома, у вёсцы, калі ён, Мікола,— прыцемкам, пасля не першай нашай гутаркі на лаўцы перад гародчыкам,— паехаў дахаты веласіпедам, павёз на раме свайго сарамлівага хлопчыка.
Там, дома, хлопчык гэты, напіўшыся сырадою, засне; маладая жонка пойдзе ў клуб або будзе ціхенькa хліпаць пад коўдрай; а сам ён, Мікола, будзе далей памалу — у бяссонніцы, у горкіх думах — паміраць...
Чэрвень шэсцьдзесят першага.
...Гарачы, парны поўдзень. Ішоу каля новай Міколавай хаты i, як ні страшна, зайшоў.
Прасядзеў з ім, пры ложку ягоным, гадзіны дзве. Відаць, апошні раз...
Яго расказы пра лагеры.
Думы «о тайнах вечности и гроба»...
Жахлівая трагедыя, горкі скепсіс і светлы розум — усё гэта хутка знікне. На дзікіх могілках на ўзгорку гэтыя косці, абцягнутыя скурай, ператворацца ў зямлю. Назаўсёды. І не страшна. Мне, мусіць, таму, што не вельмі ўяўляю сябе на ягоным месцы. А ён гаворыць, што ад болю, ад жахлівых пакут гэтага года страціў ужо ўсялякі смак да ўсяго, i хочацца смерці, хацеў бы нават кончыць сябе, каб толькі не ў пятлі...
A ў чыстай, новай хаце — сонца, смалістыя сцены, заплаканая маладзіца і румяны, замурзаны хлопчык, які ўсё ные каля таты, трэцца, як коцік, і... не плача.
А на дварэ пахне толькі што скошанай канюшынай, пыляць на загуменні грузавікі з торфам, раскашуецца ў спёцы маладое жыта...
Ліпень шэсцьдзесят другога.
...З сынам i жонкай сядзім на зялёнай, духмянай абочыне палявой дарогі, паміж пшаніцай і жытам.
Шчаслівае шчабятанне жаўранкаў, першае для мяне ў гэтым годзе «піць-палоць!», ідылічнае рыканне каровы, людскія галасы з недалёкага лугу i неахвочы брэх сабакі з вёскі...
Зноў думаю, аберагаючы гэтыя думкi, не дзелячыся імі ні з кім, пра Міколу, які памёр тут, пакуль я ездзіў па Далёкім Усходзе, пра тое, як мне напісаць яму дастойны рэквіем...
Румяная, мілая госцейка, дзяўчо з дзіцячага дома, убачыўшы, колькі пісьмаў ляжыць у тумбе майго пісьмовага стала, здзівілася:
— I вы ix не паліце?.. Ганна Пятроўна, наша выхавацельніца, сказала, што пісьмы трэба паліць.
— Чаму?
— Ну... Яна нам такі прыклад прывяла. Дружылі i перапісваліся дзве сяброўкі. А потым адну з ix пасадзілі, a ў другое знайшлі яе пісьмы.
— Дык i што?
— Ну, i гэтую пасадзілі таксама.
Чорт ужо з ёю, калі так думае нейкая Ганна Пятроўна, але ж чаму і сёння яшчэ, у канцы пяцьдзесят дзевятага года, дзяцей калечаць такою дзікасцю?!.
«Часта ў сапраўднасці мы бываем лепшыя, чысцейшыя, чым у думках...»
Так думаў ён, успамінаючы ўчарашнюю госцю.
У гасцініцу да яго зайшла студэнтка-зямлячка, у якую ён, значна старэйшы, даўно быў... закаханы. Патаемным, міжвольным, нейкім журботным каханнем. Была яна воддаль, i вось прыйшла, і ён ніяк не здолеў бы пачаць нічога, пра што так часта думаў, пры ей ён адчуў сябе вельмі далёкім ад гэтага, яму было брыдка нават падумаць, успомніць пра ранейшыя «мары і сны». Адчуў, што проста любіць яе, разумную, душэўную дзяўчынку — любоўю «не для сябе, а для яе», што проста яму хочацца рабіць ёй добрае, глядзець на яе, любавацца — з харошай, чыстай любасцю старэйшага.
«І правильна»,— казаў ён у думках.
Але... з нёвясёлай усмешкай.
Новую настаўніцу, прыгожую, здаровую i сарамлівую яшчэ дзяўчыну па прозвішчы Бурак, у калектыве адразу сталі называць цукровым бураком.
Прыгледзеўся, пагаварыў каля акна, палюбаваўся ёю ў танцы — ox, i сапраўды ж цукровая...
Маладзенькая, сціплая мама. Kpaсуня. I хлопчык вельмі прыгожы. Стракатая кепачка, смешна-салідны клёшык.
Гляджу i думаю: як яны дружаць, як яны любяць адно аднаго!..
І — грэшнаму — мне хочацца спытаць:
— Скажыце, хто мае шчасце быць бацькам гэтага хлопца?
Чарнявая, дужая прыгажуня, дзеўка на ўсю ваколіцу, нарадзілася ад манаха, што будаваў у прыходзе царкву i каплічку пры ўездзе ў мястэчка.
Тыя разы, казалі, маці гэтай дзяўчыны месіць хлеб, а ён — яшчэ калі падлашчваўся — пакратае за руку вышэй локця i ажно вочы заплюшчыць:
— Я кое нежнае цельца!..
Мужык бабін быў на мікалаеўскай вайне.
A6едаў у рэстаране гасцініцы за адным сталом з маладой, сціплай парай рабочых.
Ён «выконвае заданне» ў Ліепаі, а яна вось прыехала да яго з трохмесячнай дачушкай у госці. Ён выехаў насустрач, сустрэліся тут, у Рызе, чакаюць ліепайскага цягніка. Зайшлі паабедаць, i з малым яе ў рэстаран не пусцілі... Што ж, палажылі дачушку ў вестыбюлі, на канапе пад фікусамі, даручыўшы яе старэнькаму швейцару, латышу.
Маці — у просценькай сукенцы, бландзінка з далікатнымі рысамі твару і слядамі дзіцячасці ў гэтых рысах. Відаць, вясёлая была, любіла ўзяць ад жыцця, а цяпер — пацяжэла, парыхлела, пабрыдчэла часова, аднак не аддасць свайго новага шчасця за мінулыя радасці.
Бацька — чорны, стомлены, непрыкметнай знешнасці рабацяга, які «души не чает» ад шчасця сустрэчы, знаёмства з дачкой.
Шапталіся яны, шапталіся, і ён узяў усё ж такі сто грам i бутэльку піва.
— Испортился я у тебя,— сказаў з харошай рускай шчырасцю, з усмешкай, пра якую пісалі Талстой і Чэхаў.
Бацька выпіў гарэлку, a маці прыгубіла піва, і пачалі есці — проста, салідна, заслужана, як ядуць людзі працы.
Якой непрыкметнай, звычайнай бывае збоку — на фоне агульнага, грамадскага — гэта прыгожая асабістая радасць, асабістве шчасце!..
Ідылія. Назаўтра пасля вяселля яна — румяная, у светлым плацці, басанож — гнала, ужо не ca свайго двара, гусей на расу і, ідучы пa вёсцы, усіх сустрэчных саромелася.
А ён, звыштэрміновы старшына ў адпачынку, з тоўстым гадзіннікавым ланцужком на поясе, у наглянцаваных ботах, ішоў побач, за гаманлівым статкам, i здаволена, больш дурнавата, чым салідна, усміхаўся.
Слякотны дзень, будзённы сум на местачковай плошчы. «Альтанка», дзе пасажыры чакаюць аўтобуса, Цяпер у «альтанцы» рэпіць пісклівая скрыпка, да болю ў жываце бухае вялікі бубен. A дзеўкі да сёмага поту, да адурэння кружацца ў бясконцай польцы.
Асабліва лютуе адна. З упартым ілбом i тоўстай губой, якой яна ледзь прыкрывае зубы. Дзесяць патоў, a ўсё ж нястомная. Бацька, відаць, больш за ўсіх можа парыцца ў лазні.
У будзень, у жніво — ды танцы?..
Кавалеры трох гэтых танцорак ідуць у армію.
Яны пакуль што недзе п'юць. Толькі адзін матросік-адпускнік даволі няумела i вяла топчацца ў польцы, ганьбячы свае гвардзейскія стужкі.
А пра заядлую з упартым ілбом будуць казаць пасля:
— Вельмі ж Ядзя тады танцавала!..
Дзяўчына-ўрач працавала летам у піянерскім лагеры.
Утапіўся хлопчык, сын бальнічнай прыбіральшчыцы. Дзяўчыну, як наймалодшую, паслалі перадаць пра няшчасце маці.
Колькі яна адпакутавала, колькі паездзіла па горадзе на таксі, возячы бедную жанчыну i ніяк не асмельваючыся ей сказаць!..
Пакуль тая не прыгразіла, што выскачыць на хаду з машыны, урач — баючыся сарвацца, заплакаць — цадзіла патрошку: то захварэў, то ручку зламаў...
На хутары ў лесе — прыгожыя дзеўкі. Ажно напіцца захацелася, калі ўбачыў іх у акне. Маці:
— Каб хлеба, дык не далі б, бо няма. А вады — чаму ж.
— Ой, мама, ну вас!..— перапыніла малодшая дачка.
Памыла шклянку, узяла вядро i каля студні, пакуль я даставаў ваду і піў, расказала, што скончыла дзесяць класаў, працуе ў недалёкай вёсцы піянерважатай. Косы — уразлёт. Шчырыя чорныя вочы,
I не пасмеў спытацца, ці праўда, што хлеба няма...
Над Віллёй — салаўіны перасвіст, камары, дарэмнае сцёбанне спінінгам і далёкі гул самалётаў, што рассяваюць угнаенні над палямі калгаса — хораша! — «Партызан».
Звычайным, няновым здаецца гэты гул.
Як i ўспамін пра іншы гул — тых самалётаў, што дзесяць год гаму назад бамбілі гэтыя вёскі...
Апаўдні сюды сабралася моладзь i дзеці. Падлеткі, што па памяці цытуюць Горкага, называюсь імёны шахматных чэмпіёнаў і іншыя прагрэсіўныя рэчы. I лаюцца пры гэтым густа i агідна. Аж страшна за дзяцей, якіх тут многа...
Культура?
Учора дырэктар школы, спакойны, сімпатычны хлопец, былы баявы партызан, хваліўся, як яны з інструктарам райкома, таксама адным з партызанскіх гвардзейцаў, дамовіліся нарэшце са старшынёй калгаса пра будаўніцтва новай школы:
— Пілі трохі ў хаце. Угаворвалі. Hiяк, зараза, не згаджаецца. Папрасілі мы яго з Толем на двор ды як далі — адразу згадзіўся...
Не печанегі?!
У вёсцы многа дачнікаў.
Калі на вуліцы праходзіць статак, гарадскія дзеці кормяць коз хлебам i пячэннем.
Пастух, пажылы і падсухі мужчынка, злосна сцёбае коз пугай.
Мамы-дачніцы абураюцца. Ім «соль дастаецца лягчэй»...
Вясна спазнілася. Лісця і кветак чакалі доўга нават і тут, на поўдні. I таму, калі пры горнай сцяжыне зацвіла нарэшце японская ружа, многім хацелася спыніцца пад гэтым дрэўцам i пастаяць.
Кветкі японскай ружы маленькія. Павісне на нераскрытым бутончыку дажджавая кропля — амаль абое роўныя, абое ружовыя ў ранішнім сонцы.
Калі я, паднімаючыся ў горы або вяртаючыся ў горад, спыняўся на хрусткай дарожцы і любаваўся безліччу гэтых кветачак, яны мне здаваліся дзецьмі вялікіх сапраўдных ружаў.
I яшчэ адно. Праз голле i кветкі гэтага райскага дрэва вельмі добра было глядзець на далёкі Эльбрус — ненатуральна, дзіўна, радасна белы, як светлая мара!..
У мностве кветак урачыста i заклапочана звінела не меншае мноства пчол. Грэла доўгачаканае сонца. Зверху спявалі жаўранкі, у дрэвах гулліва пераклікаліся берасцянкі. У сонцы раставала, як нябачны мёд, духмянасць новай вясны.
А пры сцяжыне — сімвалам вечнага абнаўлення — стаяла юнае, нікім не кранутае дрэўца.
Ды пасля тут прайшоў адзін «хворы»...
Я не бачыў яго каля дрэўца, ён сустрэўся мне крокаў за дваццаць вышэй.
Тоўсты, да пояса голы, у паласатых піжамных штанах, ружовенькі ад першага загару i апацелы тлушчам самаздаволенага здароўя,— ён нёс у зубах толькі што абламаную галінку нашай ружы.
Яна яму таксама спадабалася. I ён яе хутка кіне пад ногі.
У памяці маёй сам па сабе ўсплыў далёкі малюнак.
Сонца праз шкло. Румяныя піраміды яблыкаў. Адзін з павільёнаў усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі. Пад шклом, у сонцы, у духмянасці хадзілі людзі. Многа людзей — з усіх канцоў краіны, з-за мяжы. Дарослыя, дзеці. I толькі адзін працягнуў да піраміды руку.
Maлодшы лейтэнант Адам узяў вялікае яблыка i даў яго сваёй, таксама маладзенькай, Еве. Ева з гуллівай прагнасцю ўпілася ў яблыка белымі, нядаўна такімі прыгожымі ў смеху зубамі. А да Адама падышла бабуля, што ціха, непрыкметна дзяжурыла каля дзвярэй. Яна яго сарамаціла, як дарослага, але яшчэ ўсё нясталага ўнука, а хлопец, раптам узмакрэлы i чырвоны, занароўлена, жалю варта апраўдваўся:
— Ну што вам — яблыка шкада? Аднаго толькі яблыка? Аднаго?..
За час, які прайшоў пасля гэтага выпадку, я пасталеў яшчэ на дзесяць гадоў. Аднак i сёння я разумею таго Адама ў першым золаце пагонаў, побач з прыгожай, модненькай i таксама наіўнай Евай. Разумею, бо сам памятаю, як гэта можна шчасліва, бясконца шчасліва дурнець ад пачуццяў...
А вось гэтага — голага, тоўстага, з галінкай ружы ў зубах — я не хачу разумець. Ён мне бачыцца сытым, леным катом, з рота ў якога матузном звісае хвост недаедзенай мышы.
Поўненькі, з прыемнай усмешкай ляснічы смяяўся калісьці, што з Масквы яму пішуць: «Колькі ў вас рабчыкаў на адзін гектар лесу?»
— Падумаў за сталом дый напісаў — дваццаць тры. Навука! Учот!..
А цяпер вось ён прыехаў да мяне шукаць ратунку,— падрабіў сабе атэстат сталасці, а нехта выдаў... З той самай прыемнай усмешкай раіць мне быць добранькім — памагчы яму схаваць канцы...
А дзе ж навука, «учот»?..
Пенсіянер шпацыруе з жонкай па могільніку і радуецца, што на помніках — «так многа маладзейшых» за яго...
Госці, людзі, што называецца, забяспечаныя, успамінаюць, колькі хто страціў на грашовай рэформе сорак сёмага года. I сёння яшчэ некаторыя цмакаюць, шкадуючы леташні снег. Толькі адна, былая партызанка, урач, весела смеючыся, расказвае:
— У нас у інтэрнаце... ну, у нашым пакоі, была такая завядзёнка: хто з дзяўчат скажа грубае слова — дзесяць, пятнаццаць, дваццаць капеек штрафу. Ступень кары — у залежнасці ад ступені грубасці. А гэтага ў нас часам хапала. Што ж — хто з партызан вярнуўся, хто з фронту, хто з фашысцкага лагера... Штраф апускалі мы ў глінянага ката. Месяц канчаецца, стыпендыю праелі — высыпаем свой штрафны капітал на стол i давай!.. Так i перад рэформай. Перавярнулі мы свайго ката — хапіла на булку хлеба i каструлю журавінавага кісялю. Акружылі яе з лыжкамі i рагочам. Як мама мая гаварыла: «Няхай багаты дзівіцца, чым бедны жывіцца». Які быў цудоўны, божа мой, час!..
Абое сур'ёзныя, тоўстыя, габардзінныя сядзяць у кіно. I раптам яна захіхікала, як дзяўчо. Убачыла на экране — такія во! — «доўгія дудкі»... Трэмбіты закарпацкіх пастухоў.
Сумна стала, пераглядаючы стары фотаальбом. Пісалі людзі калісьці адзін аднаму: «На доўгую... на вечную памяць...» I ўжо даўно ix няма, i памятаць ix — няма каму...
Чаму некаторыя людзі бываюць такія важна-суровыя, нібыта ім не проста трэба жыць, пражыць свой век, а неяк суха, натужна, злосна ісці міма ўсяго вясёлага, а потым усё роўна, як і ўсе, памерці?
Успамінаюцца старыя вясковыя маці, бацькі — з ix нястомнай падзвіжніцкай жміндай, з ix бязлітаснай, аж да агіды, працавітасцю, з аскетызмам...
Лягчэй жывіце, людзі, весялей!..
...Тут часамі не толькі змаганне з галечай, адчайная барацьба за жыццё. Куды больш агідна стараннымі бываюць тыя, што ўжо маюць кавалак хлеба, i добры, але хочуць большага.
Старая мяшчанка, бацька якое меў калісьці тры выязныя тройкі, a ў самой — два трохкватэрныя дамы, цэлы пук, як радыскі, ключоў i ключыкаў ад розных каморак i шафаў... Страшнай зімой сорак першага — сорак другога года яна штодня, а то i па некалькі разоў на дзень — «пад ляжачы камень вада не цячэ» — бегала да гетаўскага дроту, каб «абмяняць» на некалькі бульбін яшчэ адно дарослае ці хоць дзіцячае паліто... Нават плакала над лёсам бедных яўрэяў, але ж прыносіла тое паліто i... бегла зноў,— нібы ратуючыся ад галоднай смерці!..
Дабрадушны, двухжыльны вахлак. На фронт, у мікалаеўскую вайну, ішоў ад дзядзькі з горада. Так разгубіўся, што пачаў, адыходзячы, хрысціцца перад вялікім люстрам у кутку, як перад іконай,— на самога сябе...
Цяпер, пасля другой сусветнай вайны, ужо стары, мнагадзетны ўдавец, расказвае мне, як малыя ў ix вёсцы бомбачку нейкую разбіралі, а яна ўзяла ды разарвалася... Суседняга хлопца забіла, а дзядзькаву малую толькі страшна пакалечыла.
— Так яно, браце. Скаціну, дык чалавек або прадаў бы, або дарэзаў бы, а з дзіцем што будзеш рабіць?..
Ад люстра было мне калісьці смешна.
Цялер — да болю, да жудасці — горка...
Бяда з культурнасцю.
У местачковай чайной, абедаючы з паважанымі гасцямі, былы настаўнік, якога нядаўна скарацілі з-за недахопу адукацыі, грунтоўна i дабрадушна расказвае:
— Прымерна, ведаеце, быў у мяне парсючок. Хварэў тожа паносам. I я пачаў лячыць яго сырымі яечкамі, Упатрабіў і — пачаў папраўляцца!..
I такая ж пры гэтым нявінная усмешка!..
У клініку з глыбіннай партызанскай вёскі прывезлі пасля вызвалення падлетка з прастрэленай дыяфрагмай. Бледны, нямоглы, i рана задаўнена.
Стары прафесар, рухавы сангвінік, зрабіў яму аперацыю, вельмі складаную i — удала! Гаварылі: «Дзевятую ў свеце, другую ў СССР!..»
Хлопец стогне, трызніць. Бабка не спіць пры ім каторую ноч...
А прафесар, як бог — у белым акружэнні анёлаў-студэнтак — грыміць радасна каля ложка:
— Дзякую, хлопчык, дзякую, мілы мой, за тое, што ты мне прывёз такую цікавую хваробу!..
Былы афіцэр-франтавік, пасля студэнт, дырэктар сярэдняй школы, цяпер — старшыня адсталага калгаса. Мужчына энергічны, падцягнуты, як спартсмен. Новы домік, асобны пакой, які ён лічыць сваім кабінетам, хоць сядзець тут яму не даводзіцца, Даволі цікавая бібліятэка, нават з рэдкімі кнігамі.
Лёгка можна падумаць, нават i напісаць:
«Ах, які культурны, які сучасны старшыня калгаса!..»
А гэта — добры настаўнік, які — заядла намагаючыся падняць грунтоўна разваленую гаспадарку — вось ужо чатыры гады, з кожным годам мацней, тужыць па сваёй сапраўднай працы.
Сябры едуць дахаты, з далёкай камандзіроўкі. Адзін вязе хваляванне другога. Вялікае. Учора яшчэ даведаўся, жонка пазваніла па міжгародняму, што сябрава дачка папала на вуліцы пад машыну. «Цэлая ўся, але траўма вялікая». I везці гэтую таямніцу — нялёгка. Асабліва гледзячы, як ён нічога не ведае i смяецца... Найцяжэй стала ўранні, калі ўжо блізка было. Сябар ідзе, памыўшыся, па калідоры вагона, смяецца, гледзячы, як дзяўчынка цікуе ў акно:
— Вось хто хвалюецца, відаць, найбольш! За ўвесь вагон!
А той, хто сапраўды хвалюецца — відаць, за ўвесь цягнік,— маўчыць, ківае галавой, згаджаецца. Нават з усмешкай...
— Аркестр, увага — Шапэн!..
Маладыя, вясёлыя хлопцы, салдаты, іграюць. Замкнутая ў нотах музыка зноў ажывае, падключаецца да новага смутку і жалю...
Цябе выносяць. Ідуць пад труной сябры. Сонца свеціць на твой, ужо адсутны, твар.
I ўсім гэта відно — апроч цябе...
Страшна бывае ад думкі, што родныя, сябры, што твой цудоўны сынок — толькі сустрэчныя на бязмежнай дарозе часу, паміж небыццём, што было, i небыццём, што будзе. Што мы не бачыліся з сынам, з другам мільёны год, i хутка зноў не будзем бачыцца — ніколі!..
Якія жудасна шчаслівыя гады i дні нашай любві, дружбы, i як жа часта мы марнуем ix на пустое!..
Ноч каля вогнішча над ракой. Камары, холад, птушыны канцэрт, i гутарка, i роздум — можна сказаць — філасофскага ўхілу.
Ох, недарма чалавек даўно ўжо назваў сябе толькі госцем на гэтай зямлі, i не соладка было яму прыйсці да гэтай думкі!..
Успамінаецца адзін з нядаўніх вершаў Маршака, дзе ёсць мудрыя і, відаць, таксама ж у пакутах народжаныя радкі (не памятаю даслоўна): «Калі мне было чатыры гады, калі я быў яшчэ несмяротны...»
Майму малому пяць. Зімой, калі ў суседнім доме памёр дзядок, хлопец не даваў мне спакою доўга: а што, а як, а чаму?.. Аднак для яго гэта — самы першы пачатак пакутлівага роздуму над тым, што жыццё чалавека — ой, як далёка і як бязлітасна, жорстка не вечнае. Малы будзе яшчэ вельмі доўга думаць, што людзі паміраюць, а потым прыйдзе час на думкі, што i я таксама памру...
А я ўжо думаю i за сябе, i за яго, i наогул за чалавека. I думаць так пад зоркамі, у адзіноце — бывае ўсё ж такі цяжка.
Упадак сіл? Можа. Што, гнаць такія думкі працай? Добра гэта! Але ж i пры камунізме, калі, нарэшце, чалавек будзе жыць як належыцца, думкі такія яго не пакінуць.
Яны i павінны былі б падказаць нам наймудрэйшую з думак — пра мір, у якім найбольш разумна было б пражыць тыя лічаныя гады, што адведзены кожнаму з нас прыродай.