мясцовы рыбак, што сядзіць на вёслах, ажно адкінуўся назад, - смяецца хіцім, справядлівым смехам...
Вялікая, брукаваная плошча ў мястэчку.Ч Позняя раніца. Спёка. Рэпрадуктар грыміць ca слупа — перадае бясконцы нарыс пра жніво. А слухаць няма каму. Калгаснікі ў полі. Малыя — хто на пашы, хто каля возера. Толькі тры курыцы ходзяць па плошчы ды каля ганка зачыненага сельмага, дзе некалькі разоў на дзень спыняецца аўтобус, проста на санцапёку сядзіць дзядок. Доўга сядзіць, бо спяшацца няма куды...
Потым сюды падыходзіць другі. Таксама з вёскі, ехаць кудысьці сабраўся. Сівы, прыгорблены, з кульбай.
— Здаецца, Тодар Яцына? Здароў, калі так!
Той, што сядзіць, прыгледзеўся.
— Ты, Стасевіч? А бо-о-о!.. Сядай, браток, ды хоць, як людзі, пагаворым...
Старыя вітаюцца за руку, садзяцца побач i пачынаюць выясняць, колькі ж гэта гадоў яны не бачыліся. Нешта так будзе — ці ўсе пятнаццаць, ці толькі чатырнаццаць...
Яшчэ i да палавіны гэтай тэмы не дабраліся, калі на плошчу, нібы нечакана, выкаціў і спыніўся гарачы, запылены аўтобус.
— Паставы? Гэта мой!.. А ты, браток, куды?
— Я ў Вільню. Мой гадзіны праз дзве, а то i больш...
— Ну, дык бывай, Яцына! Дасць бог — сустрэнемся, пагаворым.
Гул матора — уцёк. Пыл слакваля аблёг. На плошчы зноў цішыня.
Толькі нарыс па радыё... Ён таксама, здаецца, разлічаны на стагоддзе.
Пажылы, з залатымі зубамі дзядзька ідзе падвечар па вуліцы і з кожным весела загаворвае, крычучы на ўсю вёску.
Сядзіць на лаўцы настаўнік.
— На сонейка выйшлі? Добры вам вечар!..
Едзе з поля калгаснік, з ім пад'язджае раённы ўпаўнаважаны.
— А што ж гэта ён вас, таварышок, ды так неганарова пасадзіў? Хоць бы дзяружку я кую... А-я-яй!..
Пасе баба козы.
— Здарова, Агата! Каровы пасеш? Нічога, вырастуць козы — каровы будуць...
І так — ад хаты да хаты.
У праўленні калгаса, дзе вырашаюцца жыццёва важныя справы, дзе сядзяць у шапках, плююць на падлогу, густа лаюцца самым непрыкрашаным матам — жыве белы коцік.
Маўклівы дзядзька, рахункавод, штодзень, з гаспадарскай акуратнасцю, корміць коціка малаком, якое прыносіць з дому i ставіць у шафе з паперамі.
Коцік садзіцца да яго на стол i час ад часу падсоўвае лапкай костачкі лічыльнікаў, думаючы, што гаспадар яго, калі лічыць — таксама гуляе.
У сорак пятым годзе дзядзька прывалок з Нямеччыны трафей — насценны гадзіннік.
У шэсцьдзесят трэцім даў яго ў пасаг меншай дачцэ.
Калі назаўтра пасля вяселля ў дом маладога прыехалі бацькі, гадзіннік гэты быў урачыста павешаны на сцяне.
А збоку, на яго светлай дошцы,— запісы хімічным насліненым алоўкам: калі, у які дзень, за ўсе пасляваенныя гады, пабегала карова.
Увішна працавітага i даволі-такі гарластага бедняка, георгіеўскага кавалера з мікалаеўскай вайны, вёска выбрала старшынёй толькі што арганізаванага калгаса. Неўзабаве свайго старшыню мужчыны празвалі Палітаддзелам.
— Абы што якое, дык сам не хоча рашаць, а на каня, мяшок пад сябе i ў эмтээс,— хай думае палітаддзел...
Праз лета Палітаддзела знялі.
— За што ж вас, дзядзька Сцяпан? — пытаюся.
— Даў людзям сена накасіць. Пабілі на дзялкі i накасілі.
— Ну, а навошта ж так?
— На прымер падняція духа.
Жніво. Будні дзень. У ціхай, сонечнай вёсцы над возерам спыніўся старэнькі «Масквіч». Тры дачныя мужы, што прыехалі з горада, яшчэ як быццам не нацешыліся сваёй кампаніяй — закурваюць, стоячы каля машыны.
Раптам — з-за ўзгорка пачуўся незвычайны шолам, бабскі гвалт. Ужо хацелі кінуцца туды — як на пажар, ды тут з акна хаты, насупраць якое яны стаялі, пачуўся прыглушаны голас:
— Уцякайце, таварышы! Хавайцеся! Будзе бяда!..
Пакуль яны не верылі, з-за ўзгорка паказалася чарада баб i дзевак. Крык, стук качалкаю па вядры, абрыўкі песень, рогат, віск!..
Стары, што папярэджваў дачнікаў, знік у акне.
Убачыўшы машыну, жанчыны загалёкалі i рынуліся да яе.
Дачныя мужы паспелі ўскочыць у свой «Масквіч» i зачыніцца...
І пачалося! Жанкі аблялілі машыну з усіх бакоў, сталi выманьваць пасажыраў выйсці.
— Тэмпературу пагляджу! — крычала адна, трымаючы, як стэтаскоп, чарку на доўгай ножцы.
— Дабром просім — выходзь! — крычала другая, з намалёванымі вугалем вусамі.
— Бабкі, ану — перакінем!— прыйшла нарэшце шчаслівая думка.
І бабкі сталі пераварочваць «Масквіч».
Магло б, вядома, i такое здарыцца: але ж яны ўляпіліся з усіх бакоў, галёкалі на ўвесь свет, а машына толькі прыпаднімалася, як жук, што лянуецца ўзлятаць...
І бабкі спакваля ашляхлі. Яшчэ пaстукалі кулакамі па шыбах, па кузаве — каб ты лопнуў! — «доктарка» зноў пагразіла ў акно:
— Ну, гады, ваша шчасце!
І вось чарада, зноў з ваяўнічым крыкам падалася па вуліцы далей.
Зноў адчынілася акно, і дзед, што палярэджваў дачнікаў, растлумачыў:
— Сёння, таварышы, чацвер. Дык гэта бабы каравай сабраліся пячы. Стася ў нядзелю замуж ідзе. Выпілі трохі, халера, бушуюць. Сёння яны могуць мужчынам рабіць, што хочуць. І порткі з вас, выбачайце, сцягнулі б, і крапівы туды напхалі б, і пяску насыпалі б!.. Абычай! Банда! Мужчыны, усе — хто куды!..
У гарадскім тэатры — вечар па запрашальных білетах. У першым радзе сядзіць вясковая бабуля, у валенках без галёшаў, у хустачцы «пад бараду». Сядзіць — не паварушыцца, не азірнецца,— хаця ж каб сыну сораму не нарабіць, ці што?.. Сядзіць і ў час дзеяння, i ў антракце, калі вялікапышны сын выходзіць з жонкай у фае.
Ды вось на трэцім перапынку бабка раптам чхнула, як мыш, і — божа мой! — спалохана азірнулася.
У лодцы на возеры трое. Спінінгіст-тэарэтык дакучліва павучае госця, як трэба лавіць. Тэорыю падмацоўвае прыкладамі. Найбольш, як водзіцца, з уласнай практыкі.
— Навешаў я раз добры такі кукан шчупачкоў i прычапіў за кармой. Дык што ты думаеш? Усе паўцякалі праз горла найбольшага...
Госць у тон яму дадае:
— А найбольшы, раней чым таксама ўцячы, крыкнуў: «Хадзяін, вазьміце вяровачку!» I тады ўжо нырнуў.
Бяззубы мясцовы рыбак, што сядзіць на вёслах, ажно адкінуўся назад,— смяецца ціхім, справядлівым рогатам.
Адзін сынок, дый той у горадзе. Летам старому бацьку яшчэ сяк-так — на сонцы пасядзіць, карову папасе. A зімой занясло двор снегам — роўна ca студняй. Рэдка хто зойдзе, сядзіш адзін, як воўк.
У кухні, дзе цяплей, на стале мармыча рэпрадуктар. Дзед ляжыць на печы і слухае. Перадаюць нейкую казачку для дзяцей. Разышліся ў тым радыё раптам сабакі брахаць, гусі гегаць, куры кудахкаць... Дзед ведае — гэта артысты. Рагоча да слёз:
— А каб на вас нечага, каб на вас!..
I ўсё цяплей на душы.
Рыбакі вярнуліся з начнога лову. Стомленыя, няголеныя, вялыя, яны чакаюць каля рыбгасаўскага магазіна; хутка павінны прывезці хлеб. Возьмуць i пойдуць дахаты, у недалёкую вёску.
У магазіне дачніцы купляюць капчоную сяляву. Спынілася праезджая легкавая машына. Яшчэ адна дама ўзяла. Пакаштавала:
— Ах, любата!.. Дайце яшчэ кілаграм.
І ўсміхнулася да рыбакоў, якія бліжэй за парогам:
— Гэта я мужу, ён у нас мяса не есць.
Малады, загарэлы рыбак, прыгажун,— нібы знаёмы з дамачкай, нібы нават бачыў таго яе мужа:
— А чаго ж ён у вас так i тоўсты?
— Ну што вы, таварыш, ён хворы.
— Цукровая хвароба,— спачувальна ўздыхае хлапчына.
Харошы і здаровы, грубаваты рогат.
Заслужаны чалавек прыехаў у родную вёску.
Спраўная, хітраватая маладзічка, пляменніца, просіць у яго за малодшага брата. Сяк-так закончыў вячэрнюю школу, валочыцца толькі.
— Каб гэта яго, дзядзька Валодзя, у фельчарскую хоць?..
Вядома, дзядзька — абы захацеў — прапіхне.
Ды ён вось абедае i расказвае Ганначцы прытчу:
— Сабраліся раз яўрэі, мужчыны, i вырашылі добра выпіць на свае кучкі. Каб танней абышлося, надумаліся прыкаціць у сінагогу бочку i кожны раз, прыходзячы маліцца, прыносіць кожны па шклянцы віна. Вось і падумаў адзін бедны Янкель: «А што там вельмі пазначыцца, калі я ўлію адну-другую шкляначку вады?» I стаў прыносіць ваду. Прыйшлі тым часам кучкі, адкрылі хлопцы бочку, а там — адна вада!.. Ты мяне зразумела?
Відаць, зразумела. Маўчыць.
У перапоўненым вясковым клубе — таварыскі суд. Злавілі самагоншчыка.
Худы, насаты дзядзька, па мянушцы Албанец, сядзіць збоку, у якасці падсуднага. Старшыня суда — п'яніца-брыгадзір; члены суда — сябры падсуднага па чарцы — участковы i бухгалтар.
— Адказчык, вы давяраеце складу суда?
Ківок галавой i невыразнае:
— Угу.
У зале — выбух рогату.
Пасля бухгалтер просіць:
— Таварыш старшыня суда, можна задаць адказчыку пытанне?
— Можна,— з не меншай важнасцю адказвае брыгадзір.
— Адказчык Піліповіч,— урачыста звяртаецца бухгалтер да Албанца,— скажыце суду, дзе вы ўзялі апарат?
У зале — зноў выбух рогату. Хто чуў, а хто i сам бачыў, як пазаўчора адказчык з членам суда, гэтым самым бухгалтарам, адвозілі на хутар усю самагонную тэхніку.
Прыгавор: Піліповічу— найвышэйшая мера — дзесяць рублёў штрафу.
Абедалі ў Албанца.
Суд — па форме.
Скупому, калі ён быў яшчэ пастушком, дакучалі на пашы: «Дай дзічкі ўкусіць!..» I не даваў. А кавалерам быўшы, выйдзе з дому на вуліцу з кветкай. Вахлак, а вяргіню трымае, Аднойчы суседняя дзеўка, каб трохі разварушыць яго, схапіла гэтую кветку, дык ён ажно кінуўся біцца: «Аддай!..»
Спакойны, целюкаваты дзядзька, які вярнуўся з вайны паранены ды з ордэнам i медалямі, расказвае ў гасцях:
— Перакусіў я ў Міры, еду дахаты лежачы. I здаецца, што гэта Масква, а я з бальніцы выпісаны, іду сабе па вуліцы, прадукты на дарогу палучаць...
Вуліца доўгая, доўгая, доўгая!.. А потым конюх штурхае: «Уставай, завала п'яная, а то з возам у адрыну закачу!..»
Бабка з кошыкам. Кошык абвязаны.
Малады зладзяйчук пільнаваў яе на вакзале, сесці ёй памог, a толькі цягнік крануўся — выхапіў кошык i пабег.
Паўза.
Потым з акна паказалася бабка:
— Еж, еж на здароўе, сынок!
У кошыку быў хрэн. Не цёрты, карэньчыкі.
Таўкачаваты дзяцюк з багатай хаты. Гадоў пад сорак, а яшчэ ўсё кавалер. Многа сватаўся, скрозь адмаўлялі. Нарэшце адна згадзілася, але... адмовіўся ён сам.
— Чаму?
— Дурная. Бо за мяне адразу йдзе.
Калгасны брыгадзір расказвае, пасварыўшыся з гультаём, што вельмі доўга запрагаў:
— Быў такі парабак у папа, што сам ніколі не ўставаў, а поп яго будзіў. А неяк сам устаў. «А мой жа ты Зміцерка!» — узрадаваўся поп. А той: «Нічога, бацюшка, я сваё нацягну абуванейкам!..»
Стары вясковы байдун, што любіць кнігі, расказвае:
— Ішлі раз Пушкін, Лермантаў i яшчэ адзін, каб паглядзець, каб было пра што пісаць. А насустрач ім едзе цар Петр (не Пётр, а Петр) i Сталыпін. Сталыпін кажа: «Давай спытаемся, чаму таўстадумы пехатой ідуць».— «Лепш ты ix не чапай»,— кажа Петр. А Сталыпін не вытрываў i спытаўся. Дык Пушкін кажа яму: «Бо цар усіх аслоў саноўнікамі парабіў, няма на кім ездзіць». А Петр Сталыпіну: «А што, маць тваю, не казаў — не чапай!..»
— Нажыў я, браце, напільнік!..— кажа пра сваю бабу дзядзька. Худы, падчапісты, шапялявы.
— Чаму ж напільнік, а не рашпіль? — пытаецца другі, чырванашчокі рагатун.
— Зуб у яе мяльчэйшы, усё бярэ.
Вясковыя начлежнікі ў гарадскога земляка, што частуе ix вельмі ж, падла, па-панску:
— Добра з дарогі чаю папіць...
Гэта — адзін. А другі, не менш сур'ёзна:
— Дзіва што! Чай — гэта ж самая лепшая пішч!..
П'яны нарачанскі рыбак расказвае пра зяця-крамніка, што ён—баязлівец. Ішоў па лесе з грашыма, запынілі «нейкія смаркачы», напалохалі — аддаў, а сам цяпер захварэў на сухоты.
— Які ж ты пасля гэтага беларус? — абураецца цесць перад выпадковымі слухачамі.— Даруйце маю няскромнасць i дурату, але, як быўшы ў разведцы мікалаеўскай арміі, я лічу, што мясцовы наш беларус павінен быць такі. З куста гавораць: «Я воўк, я цябе з'ем».
А ён павінен адказаць: «Калі ты воўк, дык я леў, і я не баюся цябе!..» А то што!..
Студэнты праходзяць у клініцы практыку. Хворым не вельмі падабаецца быць аб'ектамі назіранняў. Раз, другі, і нарэшце старому абрыдзела. Разбурчаўся перад урачом:
— Глядзець — няхай сабе глядзяць, а свае гіяграфіі больш расказваць не буду!..
На сямейным застоллі малады гасладар, вясёлы калгасны шафёр, расказвае гасцям пра свае пчолы:
— Паабсякаюць яны трутням крылы — ляжаць тыя ўхаджоры, як збанкі. А раней як ж а ix хораша запрашалі туды!.. От дзе, браточкі, наша мужчынская доля!..
Стары рыбак, пад чаркай, раіць маладому дачніку:
— Калі, не дай бог, што здарыцца, дык не бяры ты, браток, удавы. Ведае яна, зараза, усе ходы і выхады!.. Бяры лепш зноў маладую.
Старшыні калгасаў у раённай цырульні. Адзін сядзіць ужо намылены, другі чакае чаргі.
Намылены:
— Федзьку Капусніка мы вывучылі на баяніста.
З чаргі:
— Ну i колькі ж ён вам дае на сто гектараў ворыва?
Дама-ўрач, прыкметна закаханая сама ў сябе, вальсуе ў доме адпачынку, лёгка i важна носячы вакол кавалера свой здаровы, выдатна вядомы ёй арганізм.
Хлопец танцуе не толькі культурна, але і скульптурна,— без усякага выразу твару, з аднастайна i нудна правільнымі рухамі. Так будуць весяліцца робаты?
Стары яўрэй, кравец у майстэрні, заваленай маладымі порткамі, якія хочуць стаць вузейшымі і — як мага хутчэй.
— Вы ведаеце, што такое мода? Вазьміце бочку i кладзіце туды порткi — год, два, тры... А потым, калі яна ўжо будзе поўная, перавярніце бочку i даставайце порткі — год, два, тры...
У Доме творчасці. Маладая сястра-гаспадыня сустрэла пажылога пісьменніка, што вярнуўся з праходкі па лесе:
— А да вас, Іван Анатольевіч, прыязджалі нейкія маладыя людзі. Машыка нумар ЖТ 89-62.
— А хто яны, вы не спыталіся? Не? Ах, Зіна, Зіна, як тут у вас не пазнаць, што муж — шафёр?..
Калі знялі рэдактара газеты, сакратар — таварыш рухавы ды з паслухмянай усмешачкай — тры дні хадзіў на працу ў новым гарнітуры, повен затоенай, хвалюючай надзеі...
Пасля надзеў старэйшы гарнітур i... радасна сустрэў новае начальства.
На скверы, каля газетнай вітрыны, вясковы дзяцюк чытае, стоячы, нейкі артыкул i ціха — каб лягчэй чыталася — рыпае на гармоніку вальс.
Загадчык базы, пакуль папаўся на недастачы, закладваўся з жонкай, хто з ix з'есць больш шакаладных цукерак.
Гаворка пра гэта ідзе на судзе.
Мешчанін, які «ўмее жыць». Поўны буфет бутэлек i закусак. Частye з паузамі:
— Можа яшчэ адкрыем гэтую кансерву?..
Еж, значыцца, i адчувай: усё гэта — грошы.
Пасля вайны ў адным з райцэнтраў і гасцініца, і чайная — усё было напісана на шыльдах у двукоссі.
Гаваркая, прыемная гаспадынька, палячы раненька ў печы, расказвае праезджаму начлежніку:
— Пляменніца мая, Анюта, сястрына дачка, у вайну была ў Германіі. Вывезлі ix, усю сям'ю... Потым амерыканцы ix аслабанілі. I Анюта ледзь не выйшла, кажа, за аднаго француза. Таксама вывезены быў, толькi што з Францыi... Цяпер ужо Анюта замужам. I чалавек, здаецца, нішто сабе, i дзеткі харошыя. А яна ўсё шкадуе, што за таго свайго Жана не выйшла. Ніхто, кажа, не ўмее так хораша ўхаджваць, як французы... Можа быць.
Кавалер з другое вёскі, каб паказаць сябе, насыпаў у кішэню портак дробязі. Скача польку са звонам.
А падшыванцы бегаюць, хіхікаюць, крычаць;
— Дзядзька, дай цвік!
— У Miкалаеўшчыне, браце, i бабы баявыя,— успамінае дзядзька.— Неяк там нашы мужчыны ішлі ды прылеглі над Нёманам адпачыць. іхнія бабы раку з таго боку ўброд пераходзілі. Пападнімаліся, вядома. А наш Сёмка Самусік — аж вылупіўся, так глядзіць. I сораму няма, нібы блазнюк. Адна, што першая ішла, выйшла на бераг — ледзь не да самага пупа паднятая.
— Ну што,— пытаецца ў Самусіка,— як, хараша?
— Ого,— кажа ён,— яшчэ як хараша!
А тая павярнулася кругом:
— Дык на яшчэ i барыша!..
Шафёры сумуюць на ганку райвыканкома. Гарачыня. Начальства пакуль што нікуды не едзе — нарада. Лена перабрэхваюцца, мала рагочуць.
Вось грукоча брукам на матацыкле нейкі хлопец або, можа, і дзед... Не пазнаць — даўно не голены, ледзь не да самых вачэй абвязаны хусткай. Ленае слова самага веселуна:
— Гэты ўжо, хлопцы, лішняга слова не скажа.
I вялыя ўсмешкі.
Вясёлы дзядзька, калгаснік:
— Калісьці маці мая ішла замуж, дык не магла дастаць панчох пад вянец. Паперы накруціла беленькай у хадакі... Спадніца доўгая — яно i не відаць, як там вышэй. А цяпер у аднаго мяне тры дзеўкі модныя. Дальбог, братко, мяхі старым капронам завязваю!..
— Яшчэ пасля вайны, як толькі калгасы арганізоўвалі, быў у нас конік Аршын. Збракавалі яго потым і прадалі на беражэнскія хутары. Аднаасобніку. Дык ён назад уцякаў, у калгас. Дзядзька, што купіў,— верхам на суседскага каня i наўздагон. Пёр, пёр наш Аршын, а потым, хлопчыкі,— брык! — і інфаркт! Ca страху, што трэба вяртацца на хугар. Caз-на-цяль-ны!..
Пра прымака, які ўзяў у хаце ўладу:
— Учора купалі яго. Жонка шаруе плечы, цешча грэе каля грубы споднікі, а цётка стаіць каля дзвярэй, каб дзеці холаду не напусцілі...
Мужчыны-калгаснікі на вячорках.
— Лось, казалі, ішоў цераз поле. Падвечар. З-за Грыбавага хутара і проста загуменнем...
— Які табе лось! Гэта ж Аўдоля барану калгасную ўкрала ды тарабаніла на сабе!..
Назаўтра пасля вяселля ў свёкра пытаюцца:
— Ну, як нявестка?
— Дай бог усім добрым, ого!..
Усе рагочуць.
Сталічны тэатр на гастролях у глыбінным калгасе.
У час спектакля нейкі дзядзька ўсё ўставаў,— устане, пастаіць, зноў сядзе, пачакаўшы, зноў устаў...
Усхваляваны рэжысёр спектакля падышоў на пальчыках i шэптам спытаўся:
— Што, дзядзька, падабаецца?
— Не, проста задніца забалела.
Грандыёзная дама, што пабывала ў адказнай замежнай камандзіроўцы, дакладвае з трыбуны пра сваё падарожжа. На выдатным узроўні спеласці:
— Пасля, таварышы, мы паехалі глядзець Елісейскія палі. Факт застаецца фактам — яны даволі прыгожыя... А вось амерыканскія цукеркі і торты—зусім, таварышы, не смачныя, i гэта — факт...
Муж у хоры, а жонка ў танцавальнай трупе ансамбля. Сёння зноў пасварыліся, ды так, што яна аж не спала, прыйшла заплаканая, як ніколі дагэтуль. А тут адказны канцэрт!..
Хормайстар i балетмайстар разбіраюць справу. Асабліва абураецца другі:
— Праз гадзіну ёй выступаць. Што — яна зможа мне сёння забяспечыць належную усмешку?!.
Два работнікі Акадэміі навук, суседзі па дачах, сварацца за градкі. Сварка ідзе на высокім інтэлектуальным узроўні. Па дапаможніках.
— У вас, магчыма, ёсць нават Даль?
— А што ж вы думалі — няма?
— Ну, дык ідзіце паглядзіце там на літару «г». Адно слова. Яно вас датычыць!.. Яно адпавядае вашай гнюснай сутнасці!..
У пуставатым вакзальным рэстаране джазгае аркестр. Барадаты, абшарпаны аматар класікі не вытрываў, крычыць з-за століка:
— Не наганяй на душу таямнічы змрок — іграй Чайкоўскага!
Таварыш, якога ўжо трыццаць год кідаюць то на дзёгаць, то на оперу, усюды разбіраецца аднолькава. Але ж усюды кіруе. Цяпер, кіруючы выхаваннем будучых жывапісцаў ды графікаў, прыехаў праверыць, як паводзяць сябе студэнты-мастакі на летняй практыцы.
— Чаго сядзіце тут, а не рысуеце?
— Натуршчыкаў чакаем, Аляксей Міхайлавіч.
Суровы, важны позірк з-пад капронавага капелюша:
— Ну дык пакуль што рысуйце фон!..
Вусаты, салідны дзядзька, калгаснік, хваліцца прыезджаму інжынеру:
— Мой пляменнік таксама ў Мінску вялікі чалавек: іграе ў оперным тэатры на трубе нумар адзін.
Рэдактар забракаваў фальклорны зборнік з-за прадмовы, дзе гаварылася, што і да Кастрычніцкай рэвалюцыі нашы фалькларысты мелі пэўныя поспехі.
— Як гэта так! — абурыўся «падкаваны» таварыш.
Калі ж яму падсунулі, як прыклад, Шэйна i Карскага, гэта яму «нічога не сказала». Свае рашэнне ён абгрунтаваў:
— Талстой, Леў Мікалаевіч,— вялікі пісьменнік? Бясспрэчна, вялікі. Але ж мы гэтага не падкрэсліваем.
Артыстка i на пляжы іграе — выконвае ролю прыгожа, пяшчотна адпачываючай. Пачне ў ваду заходзіць — проста танец німфы па каменьчыках!..
Атрымаўшы званне заслужанай, яна пакінула свайго старога мужа, рэжысёра.
Матылёк выпырхнуў, а кокан недзе застаўся.
Стары прадавец у кніжна-газетным кіёску ніяк не можа знайсці фота кіназоркi, якое просяць дзве школьніцы. Пачынае ix далікатненька адгаворваць:
— Яна, вы знаеце, такая шчупленькая... Нічога асаблівага!..
У трылогіі Сянкевіча крымскі хан, слухаючы паслоў, жаваў бананы.
Потым вялікі меў ласку загаварыць. Ён выплюнуў недажаванае на далонь, падаў яго бліжэйшаму візіру.
Той з паклонам прыняў, стаў з глыбокай пашанай дажоўваць...
Пры кульце гэта напамінала мне некаторых «філосафаў».
— Начальніка гэтага трэба яшчэ ўмець пачаставаць. Ён табе правай курынай лапкі есці не будзе!..
— Чаму?
— Бо курыца ж сядзіць заўсёды на правай лалцы. Дык левая — мякчэйшая.
На экзаменах у вясковай дзесяцігодцы.
Здаровы хлопец, басам:
— Старая Ізергіль была ў маладосці маладой цыганкай і нічога не рабіла, толькі кахала. Цікава паставіць пытанне і разглядзець, каго яна кахала. Аднаго папа кахала, але ён быў вельмі тлусты...
Другі — жвавы, бойкі хлапчына:
— Чычыкаў, гэта быў такі чалавек... такі памешчык, што ездзіў пa Расіі ca шкатулкай i займаўся шпікуляцыяй.
У Macкве, на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы, з павільёна ў павільён хадзіў пенсіянер і ўсюды пакідаў у кнізе водгукаў запісы вершам. Накшталт гэтага:
Электротрактор — не кобыла,
Сильней кобылы в сотни раз.
Наш курс направлен к изобилью,
Исполним родины приказ!..
Далей быў подпіс, прафесія, дакладны адрас, дата.
Радыёканцэрт па заяўках. Дыктар вяшчае службова-расчулена:
— Іван i Марыя Акулёнкі з горада Гродна просяць перадаць ix музычнае прывітанне маці-калгасніцы, у сувязі з яе сямідзесяцігоддзем. Слухайце, паважаная Сцепаніда Васільеўна, гэтае прывітанне.
Паўза i — бас Міхайлава:
Мой горький час!..
Мой страшный час!..
Мой смертный час!..
Былы старшыня сельсавета:
— Пасля вайны гэта штосьці было... Ну але, я толькi другі год як дэмабілізаваўся. З пазыкай бяда — не дацягнуў ажно пятнаццаць тысяч!.. Сяджу, бядую, а тут прыходзіць Сівы... Тып у нас адзін такі ёсць. Я — чалавек нетутэйшы, людзей яшчэ добра не ведаў, «Хачу,— кажа ён,— падпісацца, таварышы, на заём. Дваццаць тысяч». Я ажно вочы вылупіў. I рад, вядома!.. Падпісаў я яго, унёс ён дваццаць пяць рублёў, а рэшту, кажа, у панядзелак. З перавыкананнем вас, думаю, Ілья Іванавіч!.. А потым паехаў я да таго дзядзькі: «Гані, браток, астальныя дзевятнаццаць тысяч дзевяцьсот семдзесят пяць рублёў». Ляжыць, падла, на печы, рагоча: «Вам мала, што я вас выручыў з бяды? Яшчэ і грошы вам давай?..»
Баба-гром, «старшыніха» калгаса, тры месяцы пабыла дэпутаткай.
Пасля пасяджэння да яе падышоў малады карэспандэнт i ветліва папрасіў пяць мінут.
— Не, не магу вас сягоння прыняць. Я очынь фстала.
Дзядзька-малакавоз, у якога на пункце не прынялі пракіслага малака, прыйшоў у райком, да першага сакратара.
— Скажыце мне, калі ласка, якім малаком мы будзем план даганяць — толькі салодкім ці i кіслым таксама?
Сакратар быў у вясёлым настроі.
— А гэта як хто любіць. I прастакваша таксама добра.
— Ну, дык пазваніце вы, таварыш сакратар, тым абармотам, каб прынялі маю прастаквашу.
Сын вярнуўся дахаты ў пяць гадзін раніцы, «пад мухай».
— Разбудзі мяне, мама, заутра як найраней.
— Калі заутра, сынок,— заўтра заўтра ці сёння заўтра?..
Унук:
— А я, дзеду, болей з'ем за цябе!..
Дзед:
— Я ўжо, браце, за век наеўся.
Беларускія турысты ў парыжскім аўтобусе. Як звычайна бывае далёка ад дому, у адпачынку: «Таварышы, давайце будзем пасля прыезду дружыць, сустракацца!..» Згода i захапленне. Старшы трупы i тут адчувае сябе адказным таварышам.
— Арганізацыю гэтай справы бяру на сябе. Мне гэта проста: вазьму ў БPK прафсаюзаў вашы адрасы, даручу свайму сакратару абзваніць усіх, i збяромся.
Малады, вясёлы скептык:
— Міхаіл Сямёнавіч! I я на гэты час найму сакратара. Каб ён дагаварыўся з вашым.
Вясёлы хлапчына, калгасны шафёр, расказвае мне за рулём грузавіка:
— Учора ў нас, на камсамольскім сходзе, сам выступаў, старшыня. Хлопцы нашы, дзяўчаты— хто ў вячэрняй, як я, хто на завочным, хто сама меней сем-восем класаў мае. А ён... Мы загадчыка клуба мянялі, бо засядзеўся, лайдак, зазнаўся, работы — ніякай. Дык сам наш узлез на трыбуну: «I праўда, мяняць цябе трэба, Крэнь. За цябе ўжо, як за старую карову — толькі дзвесце даюць, а маладая, нябось, чатырыста! Гы-гы-гы!..» Вярзе ды гыгае, а нашы некаторыя — за iм, смяюцца, нават апладзіруюць. Аж брыдка!..
Упаўнаважаны:
— Крычым, крычым за план, a ўвечары сяду вячэраць і... масла есці не магу. Здаецца, усё яно нашым матам насычана.
Ціхі, стары чалавек, пакуль хлапчукі латошаць ягоныя грушы:
— Iрвіце, ірвіце! Паглядзім, што вы будзеце рваць, калі яны паспеюць!..
Толькі ж гадоў ca два гаму назад гэта быі цуд наша й тэхнікі — ТУ-104. А цяпер ужо бабка,— сам бачыў у Хабараўску,— стаіць у чарзе на пасадку i маракуе:
— Білеты ўзялі на сто чатырнаццаць, столькі чакалі, а вось ляцець даводзіцца на гэтай дрэні...
Малады, сімпатычны в'етнамец, студэнт нашага інстытута, заходзіць у цырульню і, павітаўшыся шырока-ўсмешлівым «дра-туйце», звяртаецца да адзінага ў чакальні кліента:
— Каму канец? Вам? Ха-га-сё. Я за вам.
У вагоне прыгараднага цягніка фабзаец частуе аднавяскоўца лімонам. Абабралі яго, як апельсін, і смокчуць, жуюць.
— Не магу, брат,— кажа нарэшце аднавясковец.— Кіслоцце нейкае, аж сцепае...
— Трэба прывыкнуць,— сур'ёзна, з пачуццём перавагі кажа юнец, гараджанін з гадавым стажам.
На вясковых вячорках:
— Будзем, хлопцы, спяваць. Скінь толькі, Сцёпка, гумовыя боты, а то рэзанансу не будзе.
— Яна «пяцёрку» за дыктант прынесла. А ты? — крычыць маці.
Бацька, як больш памяркоўны;
— Далі б ёй, дык і яна прынесла б. Чаго ты крычыш?..
У міжгароднім аўтобусе — элегантная дамачка з мужам-афіцэрам. Наша, мясцовая моладзь. Ды ўжо толькі па саломінцы на яе паліто можна і здагадацца, што на аўтобусны прыпынак бацька са свёкрам прывезлі ix у развалах.
У маскоўскім кафэ.
Загарэлы, стомлены палкоўнік глядзіць на тоўсты карак i азадак маладога афіцыянта і, уздыхнуўшы, з прыціскам кажа:
— Эх, паганяць бы хоць тыдзень!.. Яны тут — усе сардэчнікі. А пражыве такі трыста гадоў, як крумкач!..
Даўно было.
Карчма над Нёманам, на ўскраіне маленькага заходнебеларускага мястэчка.
Стары Абрам-Эля прыехаў ca станцыі, прывёз сякі-такі тавар. Нашылася суседскай дзетвары. Просяць, каб расказаў, як ён бачыў цягнік. Расказвае, з добрай усмешкай у барадзе:
— Машынке хап а пружынке, пружынке хап а машынке, машынке хап а паравоз, паравоз хап а калёс, калёс хап а вагон, вагон хап а пасажыр, пасажыр хап а чамадан, чамадан хап а вешч... Кандуктар — а грэйсэ пуза, а клайнэ дудочке — фю-ю-ю! I ўшо!..
Чалавек гэта быў настолькі... культурны i чысты маральна, што саромеўся адчуваць сябе дзедам — з-за непрыстойных паводзін сваіх дзяцей.
— У самалёце, абапал століка, сядзеў я са здаравенным, нахабным кандыдатам навук. Увесь час ён таптаў мае ідэальна начышчаныя туфлі i не прасіў прабачэння. Так і хацелася спытаць: «Скажыце, у вас дзве нагі ці чатыры?»
Можаш напісаць эпалею, зрабіць незвычайную хірургічную аперацыю, выдумаць звышвадародны цуд — усё адно не будзеш такі здаволены сабой, як дама-мяшчанка, калі яна едзе ў тэатр ці на рынак вa ўласнай машыне.
У вагоне, убачыўшы першую горную рэчку, дзяўчынка ўскрыкнула:
— Ах, мама, Церак!..
Дзябёлая мама ў раскошнай піжаме, паблажліва:
— Гэта не Церак. Церак я ведаю; у Цераку я мыла мае ножкі.
Таўкачаватая рыжая маладзіца, што прыйшла ў вёску замуж з калісьці багатага хутара, з «ганаровай сям'і», расказвае:
— Урбанок хацеў нашу Маню ўзяць. Вельмі ж хацеў дастаць нашай пароды
Дзве «святыя сям'і» вельмі дружаць. У адной — сын жаніх, разумненькі, адкормлены, вясёлы здаравяк; у другой — дачка на выданні, мілавідная, з тоўстаю залацістай касой. Дачы побач. Купацца ходзяць павольненька. Там перакусваюць. А падвечар — таксама ціха i радасна — ідуць з гарадскімі сумкамі... у калгасны гарох.
Шырокая дачніца ў шахеразадным халаце велічна праплыла па вёсачцы з трыма лісічкамі ў манерна ўзнятай руцэ. Сама знайшла!..
За ёю — муж. З кошыкам. Сухашчавы, у паласатай піжаме. Як вязень канцлагера.
Разбрыджаная пры немцах мяшчаначка, амаль нявеста пажылога дырэктара райкамунгаса, былога партызана, калі ён працверазіуся і парваў з ёю адносіны, напісала яму вялікае, поўнае сілы і прыгажосці пісьмо:
«Ты ведь разбил хрустальную вазу нашей любви!,.»
Пра другога мужа яна, нарэшце, слравілася ў народнага артыста:
— Ці вялікая будучыня ў майго Васіля?
— Не думаю,— адказаў ёй народны.
Яна сабрала мужу чамадан, правяла яго да дзвярэй, абняла і ледзь не заплакала:
— Праводжу цябе, Васілёчак, як на курорт...
Гладкая, энергічная, адна дачушка ў разумненькай мамы — яна цяпер шукае трэцяга.
А Васілёчак, сяк-так таленавіты малады акцёр, вялы вясковы целяпень, пад чаркай бубніць знаёмым пра сваё гора...
Aфіцэрская жонка, красуня і модніца. На людзях — ну, проста флакончык з духамі, а дома грызе свайго капітана:
— Ах, ты мне зарплату прыносіш!.. Думаеш, гэта яе табе даюць? Мне, мне даюць! За тое, што я штодня гляджу на тваё паганае рыла!..
Бывалая i важная курортніца хадзіла ў шторм па беразе. Адна.
— Мора так шуміць, так шуміць!.. Проста станеш ды думаеш... Ах, ды хіба ж гэта хто-небудзь зразумее!..
Упасвены пудоў на сем, а на курорт паехаў. Жонка звоніць пасля па аўтамату, хваліцца:
— Лёва не ўзяў ні кілаграма. Толькі вельмі пасвяжэў.
А Лёва, стоячы побач з тэлефоннай будкай, толькі пацее ды аддзімае,
П'яны, усадзіўшы ноччу галаву ў чужое, адчыненае акно:
— Людзі, устаньце, скажыце мне, дзе я і хто я?..