Знянацку я зразумеў, што трахнуў фею.
Засунуў палец у рот і праверыў зубы. Усе на месцы. І чаму б ёй прыходзіць па мае зубы? Малочныя даўно выпалі, а цяпер я карыстаюся добрай зубной пастай.
Фея ляжала поруч і спала ціха-ціха. Не варухнулася ані разу. Я асцярожна агледзеў пакой — нічога новага. Ніякіх табе падарункаў, скрынак са стужкай ці новай тэхнікі. А хутка Новы год. Значыць, падарункаў яна таксама не прынесла. Але нічога і не спёрла.
Крыўдна, мне б прыдалася новая пральная машына. Альбо каб скралі стары тэлевізар. Моцы не стае, каб яго выкінуць.
На крэсле побач ляжала мая вопратка. Ейнай не было відаць. Можа быць, феі голыя лётаюць. Трэба будзе ў вікіпедыі зірнуць.
Вось жа, халера, забыўся, што і інтэрнэт у мяне даўно не працуе як след. Кожны месяц спраўна плачу грошы, а ён не працуе. Вось так прачынаешся ранкам і думаеш, што свет зрабіўся лепшы. А ён не зрабіўся. А ты трахнуў фею.
Учора бачыў, як стары мужчына купляў у абменніку даляры. Шэсць штук. Не штук, а штук. Хвілін пятнаццаць касір пералічваў беларускія грошы, а потым акуратненька перадаў яму шэсць штук. Мужчына паклаў даляры ва ўнутраную кішэню курткі і нават не пералічыў. Адразу пайшоў у аддзел з беляшамі. Напэўна, дахера беляшоў можна прыдбаць за такую суму. Але што гэта я, за даляры ў нашай краіне беляшоў не купіш. Нават за шэсць штук.
Я зноў паглядзеў на фею: светлыя валасы распаўзліся па падушцы. Як піць даць, потым гэтыя валасы можна будзе знайсці па ўсім ложку. Бляха, калі б так хацеў валасоў па ўсёй хаце, дык завёў бы коллі. Хаця не. Яе ж карміць трэба. А феі, напэўна ж, кормяцца неяк самі. Вось так заходзяць да каго па зубы, а выходзяць, катлет якіх пад’еўшы, пакуль усе дрыхнуць. Неблагая прафесія.
Я зазірнуў пад коўдру. Не дай бог падхапіць якую фейную заразу. Яшчэ раптам там у яе хвост ці што… Я ж ніколі ў жыцці не сустракаўся з феямі. З ведзьмамі ў прадуктовай краме — было, з кашчэямі па кабінетах розных дзяржаўных установаў — пару разоў. З феямі нешта не шэнціла.
Вось мой дзед, напрыклад, нябожчыка сустрэў. Дзед хадзіў ля чыгункі, бутэлькі збіраў (такая звычка ў яго з гадамі выпрацавалася) — і сустрэў нябожчыка. Той ляжаў голай дупай дагары і не варушыўся. Дзед яго палкай тыцнуў у пасінелую дупу і зразумеў, што нябожчык мёртвы.
А якая звычка ў мяне будзе, калі пастарэю? Я думаю, пачну збіраць ягады. Хадзіць па лесе з кошыкам і збіраць маліны. Ці гэтыя, блюбэры. Чорт іх дзяры, як жа, на халеру, гэта па-нашаму?
Тут фея перавярнулася на спіну, і я пабачыў яе твар.
Аднаго разу я быў каля Фінскага заліва. Сядзеў на лаўцы і глядзеў у бясконцую далячынь воднай прасторы. Да мяне падсела жанчына. Хвілінку мы сядзелі моўчкі, а потым яна расказала, як добра жыць на Салаўках і што мне абавязкова трэба туды патрапіць. На што я адказаў: «Лепей вы да нас на Магадан», — і рэціраваўся, так і не даслухаўшы, як ёй прысніўся Саламон, што душыць ільва.
Дык вось на твар феі можна было таксама глядзець гадзінамі. Толькі лаўкі ў маёй хаце няма. Хаця што гэта я, хата ж таксама не мая. Як казаў адзін мой знаёмы, на мне з майго толькі валасы на грудзях ды на нагах.
У феі былі дзіўныя вочы. Рознакаляровыя. Калі хто меў у дзяцінстве калейдаскоп, той ведае, што, зірнуўшы ў яго, можна было пабачыць безліч колераў. Адзінае што, калейдаскоп быў таксама не мой і глядзець у яго можна было толькі па чарзе, чакаючы, пакуль усе аднакласнікі засунуць туды сваё вока. Але ж, напэўна, фея таксама не мая.
Можа быць, я, калі нарадзіўся, мімаволі стаў у такую чаргу, каб паглядзець у вочы феі. Наўрад ці чарга так хутка б да мяне дайшла. Я ж памятаю, як доўга чакаў калейдаскопа.
Дарэчы, хваста ў феі не было. І крылаў таксама. Але гэта базіс для феяў. Ім дакладна павінны выдаваць такі рыштунак. Ці, прынамсі, бэйджык. А то як людзі зразумеюць, што фея — гэта фея?
Раней, калі я жыў з бацькамі, у нас быў музычны цэнтр. «Элджы». З таго часу ў мяне непрыязь да «Элджы», бо гэтая падла вельмі хутка перастала прайграваць дыскі. Затое лавіла радыё, нават калі была выключаная. Уначы можна было пачуць прызыўнае: «Матрёшкі, матрёшкі!», а праз некаторы час бадзёрае: «Адбой, кантора!»
Але ж не, матрошкі складаюцца. І раскладаюцца. І фэйс у іх намаляваны. Гэта ўсё-ткі мусіць быць фея.
Вельмі асцярожна я выслізнуў з-пад коўдры і хуценька сеў у крэсла, каб лепей прыгледзецца да пакоя і да феі.
Пакой — такі самы, як быў перад сном: стол, шафа з прыгожымі чорнымі слядамі ад нядаўна падпаленай свечкі, недаедзеная булачка, недапітая бутэлька цёмнага «Гуся». Тройчы перазабіты кальян глядзеў на мяне і пытаўся: «Можа, ты, братка, зашмат курыш?»
Фея раскінула рукі на ложку і працягвала спаць. Я паглядзеў на гадзіннік. Згадаў заадно, што яго няма. Мінулы сусед з’ехаў і забраў усе самыя карысныя рэчы ў хаце: гадзіннік ды мікрахвалёўку.
Я дацягнуўся да тэлефона. Восьмая раніцы. Прыгадаў дзень — нядзеля. Файна. Нікуды не трэба ісці. Нічога не трэба рабіць. Хаця не, дрэнна. Інакш можна было б зваліць з хаты на працу, хай бы тут сама разбіралася, што да чаго. Глядзіш, у хаце б прыбралася. Я б ёй яшчэ цыдулку пакінуў, дзе што памыць трэба.
Пакуль я гэта ўсё думаў, трошкі звыкся з фактам, што фея ляжыць на маім ложку і, відавочна, яе трахнуў.
Ну, як жа, не мог не трахнуць. Я ж сябе ведаю. Тым больш раніцай.
Ціхенечка пракраўся ў ванную. Паглядзеў на сябе ў люстэрка: няголены, сінякі пад вачыма. Але пачуваўся я добра.
Я трахнуў фею.
Я — няўдзячнае быдла. Канешне, ніхто ў дзяцінстве не казаў, маўляў, як падрасцеш, фей не трахай. У дзяцінстве ўвогуле мала што карыснага казалі. Але мог бы і сам здагадацца. Можа, ёй цяпер трэба быць у іншым месцы, каб зубы забіраць. А яна тут стомленая ляжыць. Можа, ёй за гэты пракол потым фейнае начальства наваляе. Прэмію здымуць. Кветкавы пылок лішні раз не дадуць панюхаць.
Я захваляваўся. Што далей? Як размаўляць з феямі? А што, калі яна па-нашанску ні гу-гу? Я, праўду кажучы, ніякай фейнай мовы не ведаю. Нават не вучыў. Адзінае што, можа, яна па-ангельску шпрэхае. Тады я мог бы ёй сказаць, маўляў, айм вэры соры, бат ю нід ту флай эўэй.
Хаця як жа яна флай, калі і крылаў у яе няма? Праблема.
У дзяцінстве ў мяне былі папугі. Калі тыя не хацелі лётаць, іх можна было проста падкінуць, і яны былі вымушаныя махаць крыламі. Можа, фейныя крылы недзе схаваныя?
Я памыў твар і пайшоў назад у пакой, каб паглядзець, дзе могуць быць схаваныя крылы. Залез пад коўдру. Але там нічога дзіўнага для сябе не знайшоў. Фея, мякка кажучы, нестандартнай камплектацыі.
На двары была зіма. Снегу не было. Плюс сем на градусніку. Зіма, маць яе за нагу. Не зіма, а вясна. Можа, феі — прадвесніцы хуткай змены надвор’я? Можа, яна прыйшла сказаць, што Новага года не будзе? Я не барбар, але за такія звесткі трэба б ёй крылы спілаваць. Спачатку прыклеіць, а потым спілаваць нафіг. У гэтае самае імгненне ў дзверы пагрукалі.
Ці не дзіўна: у доме ёсць дамафон, а да цябе ў дзверы грукаюць кулаком. Нават так: у цябе, акрамя дамафона, ёсць на дзвярах званок, на які ўсе прыстойныя людзі ціснуць. Але ж не, нехта грукае ў дзверы кулаком.
Я, канешне, разумею, што ў краіне цяжкае эканамічнае становішча і трэба эканоміць. Я ўжо нават пачаў выкарыстоўваць менш вады. Напрыклад, калі чышчу зубы добрай зубной пастай, дык закручваю кран. Яшчэ імкнуся меней вады праліваць у душы, калі мыюся. Па вечарах адну лямпачку палю і ноўт. Тэлевізар нават не ўключаю. Але каб эканомія дайшла аж да той ступені, што людзі перасталі званіць у званок, — гэта ўжо перагіб.
А перагібаюць заўсёды брутальныя людзі. Калі ж за дзвярыма брутальныя людзі, я б не хацеў іх пускаць у хату. Чаго ім, брутальным, ад мяне трэба? Пэўна ж, яны прыйшлі скрасці маю фею. Хера з два.
— Адчыняй, мы ведаем, што яна тут!
У дзверы пагрукалі больш настойліва.
Я пайшоў на кухню, узяў нож. Памыў яго, бо ён быў у нейкай кілбасе (ці што я там учора еў?), і падышоў да дзвярэй паглядзець у вочка.
Там я пабачыў жанчыну, гадоў сарака з гакам, і мужчыну прыкладна таго самага ўзросту. Так, на першы погляд яны падаваліся сямейнай парай.
Ах ты ж, ё-маё! Як я не дапяў адразу? Гэта ж фейная сям’я!
— Ну, заходзьце, калі ласка, — адчыніў я дзверы і імгненна праваліўся ў чорную бездань.
Шчыра кажучы, я заўсёды думаў, што мяне ў чорнай бездані будзе чакаць човен. У чаўне мусіў сядзець нейкі маўклівы хрэн з вяслом, які б перавёз мяне да іншага маўклівага хрэна. З тым іншым мне трэба было б згуляць у шахматы. Я б яго абыграў і патрапіў у рай. Інакш нахалеру я дваццаць гадоў вывучаю ўсе гэтыя сраныя гамбіты і чытаю, замест улюбёнага Эміса, партыі Карпава ды Каспарава?
Чорная бездань знікла. Мая сківіца няўмольна балела, а галава трашчала, як заўсёды ў першы дзень пасля Новага года. Няўжо я прафукаў Новы год? Ці гэта арганізм настолькі прызвычаіўся да ўсяго навагодняга рытуала, што адразу ўключыў рэжым першага студзеня? Я сплюнуў. Адзін белы зуб з кроўю выпаў на падлогу. Спачатку я захацеў падняцца і пашукаць фею. Але зразумеў усю безнадзейнасць гэтай задумы. Відавочна, што фейныя бацькі забралі яе.
Лежачы на падлозе ў адных майтках з падбітай сківіцай, я зрабіў некалькі важных навагодніх высноваў і склаў кароткія рэкамендацыі для тых, хто выпадкова трахнуў фею:
1. У першую чаргу праверце, ці ўсе зубы на месцы. Не забывайце ні на хвілінку, што феі прыходзяць па зубы. Нават калі вам падаецца, што гэта не так.
2. Калі вы не ўпэўненыя, што гэта фея, уважліва агледзьце тое, што ляжыць поруч з вамі. Але майце на ўвазе, нават калі ў феі няма крылаў, вопраткі ці бэйджыка, гэта не значыць, што яна прыйшла не па вашыя зубы.
3. Калі ў вашай галаве засела настойлівая думка, што вы трахнулі фею, чакайце фейных бацькоў. Калі дачакаецеся, не адчыняйце ім дзверы. Спачатку пацікаўцеся на ўсялякі выпадак, ці не хварэе фея на які букет спецыфічных фейных захворванняў. Фея пойдзе, а вам з гэтым жыць.
4. Калі нават вы даведаліся ўсё, што хацелі, не адчыняйце дзверы. Бо калі фея не падае ніякіх сігналаў жыцця, то яе бацькі адназначна прыйшлі па вашыя зубы.
5. Феі — вынаходлівыя падлюкі. Будзьце вельмі ўважлівыя, калі вам у новым годзе давядзецца трахнуць фею.
6. Калі ўжо так сталася, што пад самы Новы год вы трахнулі фею, а яна забрала ваш зуб (а вы памятаеце, што ім толькі гэта і трэба), то адсвяткуйце гэта як след, а потым знайдзіце фею і ажаніцеся з ёю.
***
— Вось,сынок, такім чынам я пазнаёміўся з бацькамі тваёй маці.
— І нашто ты расказаў мне гэтую мярзоту?
— Ну, трэба ж было з некім падзяліцца, а дзядзька Іван з’ехаў...
— Ты хочаш сказаць, што гэта была навагодняя гісторыя?
— А чаму не? Гэта ж адбылося пад Новы год.
— Ведаеш, я, напэўна, здагадаўся, чаму маці ад нас пайшла.
— Чаму?
— Ты прыдурак, тата. І дай мне ўжо мае мандарыны!