У Далёкіх Пердзях жыла бабка. Хадзілі чуткі, што яна ўмее варажыць. Але, адкажыце мне, якая ж бабка не ўмее? Гэтая ж зрэдку выходзіла са сваёй хаты на свет божы. Жыла яна адна: дзед загінуў на вайне, дачка з’ехала ў Санкт-Пецярбург шукаць лепшай долі. Ніхто яе і не наведваў, акрамя паштара, што прыносіў пенсію. Бабка вельмі цешылася, калі пенсію падвышалі, бо грошай, нават калі яны складаюцца ў трохлітровы слоік, многа не бывае. Пасля прыходу паштара бабка брала некаторую суму і збіралася ў краму па прадукты.
У краме працавала цётка Венера. Кожнага разу, як паштар прыносіў пенсію бабцы, у краме з’яўляліся новыя, падвышаныя, цэны на прадукты. І кожнага разу, калі бабка заходзіла прыдбаць памідорчыкаў, агурчыкаў і смятанкі, цётка Венера перапісвала ад рукі ўсе цэннікі.
— Што ж ты, хай цябе халера возьме, робіш?! Я ж гэтыя грошы не нясу, як курка яйкі! — крычала бабка, біла кійком па дзвярах і выходзіла.
Такая гісторыя паўтаралася амаль паўгады, пакуль аднаго вечара на прадаўшчыцу насамрэч не напала халера. Ніякай эпідэміі на той час не было. За некалькі дзён цётка Венера сканала. Лекары разводзілі рукамі, маўляў, халера яго ведае, як так здарылася. Сельскі галава, пачуўшы, што такое цяжкае і небяспечнае захворванне не абмінула Далёкія Пердзі, адразу загадаў зрабіць помнік Венеры, як адзінаму чалавеку, што пацярпеў за ўсіх. Помнік усталявалі ў парку. Выява цёткі Венеры была ўдасканаленая сімваламі новай эры: у адной руцэ цётка трымала электронную картку Беларусбанка, а ў другой — навюсенькі апарат для безнаяўнага разліку. Недзе праз месяц пасля ўсталявання малыя вандалы абламалі абедзве рукі, гойдаўшыся на іх. Да гэтага, бясспрэчна, жудаснага ўчынка жыхары Далёкіх Пердзяў клікалі помнік проста «Халерай». А пасля сталі клікаць яго «Халерай Мілоскай».
А ў краму прыйшоў малады спецыяліст, а разам з ім і новае абсталяванне. І новыя цэннікі друкаваліся на налепках, што было вельмі зручна. За той час, што бабка ішла ад дома да крамы, спецыяліст паспяваў расклеіць усе цэннікі. Бабка, не ведаючы ўсёй працэдуры, не магла ўжо згадаць старыя цэны і маладога не праклінала.
У Далёкія Пердзі прыходзіла новая эра...