ГАСПАДАРКА ПАНОЎ КУБЛІЦКАГА ДЫ ЗАБЛОЦКАГА Казачная аповесць

ПЕРАДМОВА

Ці чулі вы, шаноўныя чытачы, пра паноў Кубліцкага ды Заблоцкага?

Ці не тыя гэты паны, што на двух адны штаны; хто раней устае, той іх адзяе?

Вядома, чулі, адкажаце вы. Бо чыталі аповесць «Прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага», аўтар якой цяпер размаўляе з вамі. Ведаеце, што паны былі дужа ахвочыя да ежы; елі — што ў бяздонны мех тапталі. Дзіва што гаспадарка ў іх звялася на нішто. Гаёк, палеткі, паша, статкі, птаства — усё ляснула з-за непамернага панскага апетыту. Засталася на дваіх адна хацінка ды лапік зямлі пры ёй.

Але паны, як вы ведаеце, не вялікія былі ахвотнікі ў зямлі корпацца. Іх усё цягнула да розных авантураў. Вечна шукалі сабе гуза на галаву — дзіва што, шляхецкая ўрода! Яны і ў паход хадзілі, маючы адну стрэльбу на дваіх, пражаным гарохам па ворагах стралялі. Яйка з-пад Куры Шчабятуры наседжвалі, паганага Цмока ваявалі. Былі і ў заробках у знакамітага астранома пана Кіндзюшкі — марскіх кароў пасвілі, месяцовых гусей даглядалі.

Нарэшце ім гэтая мітрэнга збрыдла, захацелася спакою. А які спакой, калі ў хаце ды на надворку парадку няма? Была ў іх калісь служка, дзеўкай Дрыпай звалася. Яна карову мела, паноў сырадоем паіла, поліўку з мухамораў на вячэру ім варыла. Але што паробіш? Закахалася дзеўка Дрыпа ў нейкага цара Максіміляна ды пайшла ў прочкі — жаніха свайго шукаць. Ізноў засталіся паны адны. Калісьці адзінае рамяство іхняе было — шляхецкае: на вараным коніку скакаць, шаблячкай махаць, лютага ворага перамагаць ды яшчэ мёд-піва смактаць, кумпякі ды шынкі ўмінаць, паляваць, баляваць, з яснымі паненкамі амуры круціць. Але настаў час ліхі — ніхто за шляхецкае рамяство грошай не плаціць.

Давялося ім вучыцца іншаму рамяству. На пачатку не надта ў іх атрымоўвалася.

Пан Заблоцкі паспрабаваў быў сані майстраваць. Толькі пачаў полаз гнуць, як жардзіна саскочыла ды — бэнц! — проста пану ў лоб!

— Што гэта? — будзе пытацца, ачомаўшыся, пан Заблоцкі. — Дзе я быў? Венеру бачыў, Воза бачыў, Млечны Шлях бачыў, усе зоркі ў небе бачыў?

— Ды гэта ў пана з вачэй іскры пасыпаліся, — спакойна тлумачыць пан Кубліцкі.

Вух, як узлаваўся пан Заблоцкі, вух і папалаяўся! А пан Кубліцкі ціхенька рагатаў, назіраючы, як гуз на ілбе пана Заблоцкага мяняе колеры — з чырвонага сіні робіцца, зялёны, жоўты... Не гуз, а нейкі грыб вясёлкавы.

Але дарэмна пан Кубліцкі насміхаўся. Яму яшчэ меней у рамёствах пашэнціла, чымся пану дружбаку. Пан Кубліцкі надумаўся ганчарствам заняцца — гаршкі ды місы ляпіць на ганчарным коле. Але й тут непярэліўкі — першаму ж купцу не дагадзіў, што ў яго гаршчок набыў. Зазлаваў ён, што гаршчок дзіравы, дый разбіў яго аб пана Кубліцкага галаву. Тут ужо пан Заблоцкі рагатаў нема. А пан Кубліцкі, паглядзеўшы карагод зорны, загадаў падаць яму паперу і атрамант — скаргу пісаць станавому прыставу. Але падаць паперу й атрамант не было каму, дый, сказаць па праўдзе, не вадзіліся такія рэчы ў маёнтку ў паноў. Так справа й скончылася нічым.

Добра яшчэ, што тутэйшы гаспадар, Ахрэм Верацённік, нараіў панам рэпу сеяць. Балазе, у паноў яшчэ зямелькі валокі з паўтары засталося. А насенне ў бабкі Параскі здабылі. Тут ужо ім пашчасціла як мае быць — урадзіла рэпа. Звазілі яны ўраджай у Смургоні, прадалі, атрымалі прынажытку колькі талераў...

На гэтым я мог бы ўжо скончыць сваю показку, не пачаўшы яе як след. Можна было б збаяць, што паны купілі насення, ізноў пасадзілі рэпу, ізноў сабралі ўраджай, ізноў пасадзілі...

Зарабілі грошай, сталіся заможныя, знайшлі сабе нявест багатых, згулялі вяселлі... і стоп. На вяселлі, як вядома, усе казкі спыняюцца.

Але каб жа так... Увесну, калі трэ было ехаць у Смургоні па насенне, паны раздумаліся, пачалі аглядаць свой палетак і вымышляць. А калі паны вымышляюць, дык нешта ж будзе. Нешта такое, пра што варта распавесці асобна.

ПОКАЗКА ПЕРШАЯ ДЗІВОСНАЕ НАСЕННЕ

А было ж тое даўно... Калі жук рыкаў, а карова лятала, варона кувала, а зязюля каркала, і калі ў вёсцы смаленую кабылу смажылі... Вох, пра што гэта я? З чаго гэта пачыналася? А, ну так — была ў паноў служка, дзеўка Дрыпа, а пасля сышла ад іх.

Служкі няма — дык паны дадумаліся адзін аднаму прыслугоўваць падчас ежы. Сёння абедае першы пан Кубліцкі, а пан Заблоцкі, значыцца, за ахвіцыянта, павесіўшы цераз руку ручнік.

— Ну, — будзе казаць пан Кубліцікі, — што ў нас сённяка на абед?

— На абед у нас сённяка салата з рэпы, поліўка з рэпы, беф-строганаў з рэпы, кава з рэпы...

— Вунь як... уздыхае пан Кубліцкі. — Бык строганы з рэпы... А што на дэсерт?

— А на дэсерт — марожаная рэпа.

— Вось так яно вось: рэпа і рэпа... — задуменна кажа пан Кубліцкі. — А гады ідуць...

Пан Заблоцкі задуменна на яго глядзіць і думае: што наўме ў гэтага шалапута?

— Хочацца, бачыце, нечага такога... — няпэўна кажа пан Кубліцкі і пстрыкае пальцамі.

«Гэта ж ён жаніцца надумаўся! — здагадваецца пан Заблоцкі. — Раней за мяне! Не, братка, дулю табе, а не жаніцьбу! Ажаніся з кабылай сухарэбрай...»

А ўслых ён кажа:

— Чаго ж гэта пану заманулася? Марцыпанаў з гэрцамі?

Пан Кубліцкі летуценна пазяхае, прымружвае салодка вочы й цягне голасам, салодкім, як патака:

— Кілбасаў хочацца, пальцам пхатых... Кумпякоў вэнджаных... Булак з макам. Ламанцаў хачу, ласіных губ з мёдам, заечых вушэй марынаваных, рыжыкаў са смятанаю... А яшчэ хачу бананаў, аранжыкаў, папайі, мамайі, маракуйі, авакады і груздоў салёных з цынамонай...

І доўга яшчэ марыў пан Кубліцкі, пакуль пан Заблоцкі не паляпаў яго па спіне, так, што сябрук сагнуўся, як крук. — То ж дзе пан набярэцца гэтага дабра? У нашым агародзе адно рэпа расце...

— У тым і рэч, — кажа пан Кубліцкі. — Трэба не рэпу сеяць, а кілбасы, булкі, кумпякі. Тады будзе чым увосень паласавацца. Галоўнае — добрае насенне здабыць. Пан Заблоцкі паглядзеў на дружбака, пакруціў левы вус і нічога не прамовіў. Але сам падумаў: «Глядзі ты! Дурны-дурны, а сала любіць! Гэт! Да такога дадумаўся!» Неспакойна спалася ў ноч пасля тае размовы панам. Пану Кубліцкаму сніліся кілбасы і шынкі, якія растуць у зямлі, нібы морква, толькі за вяроўкі іх выцягвай. Пан Заблоцкі зусім не спаў — варочаўся з боку на бок і ўсё думаў пра тое, як выратаваць новы ўраджай ад драпежных птушак, валачашчых сабак і ляснога звяр'я.

Абуджаюцца паны з пеўнямі і, не змаўляючыся, шыбуюць пехатой у Смургоні, на рынак. А гэта, што ні кажы, шлях няблізкі.

На рынку народу, як заўжды, што селядцоў у бочцы, і сядзельцаў больш, чым пакупнікоў, і кожны за крысо цягне і патрабуе: «Купі смалы гарачайі Купі чорта лысага! Купі дзірку ад буліка! Купі леташні снег! Купі, купі,купі!» Але паны нідзе не спыняюцца. Яны ведаюць, што ім трэба, шукаюць, шукаюць і... не знаходзяць. Аж пакуль не хапае іх за рукі цыганка, тая самая, што дзеўцы Дрыпе некалі варажыла.

— Я ведаю, што панам трэба, — шэпча цыганка і падміргвае. — Гэта можна знайсці, але няпроста. Давайце талер. — Дзе ж можна знайсці... гэта? — пытаецца пан Кубліцкі, развязваючы мяшэчак з грашыма.

— А гэта прадае адзін чалавек. Вы яго лёгка пазнаеце. Ён рыжы і лысы, — кажа цыганка. — Дзе ж яго шукаць?

— А кадук яго ведае! — адказвае цыганка, хапае талер і растае ў натоўпе.

— Падманула нас гэтая бразготка, — кажа пан Заблоцкі, чухаючы патыліцу. — Такіх людзей не бывае, каб адразу быў рыжы і лысы.

Яны праходзяць праз увесь рынак — і праўда, няма такіх людзей. Лысыя ёсць, рыжыя ёсць, а каб адразу і лысы, і рыжы — няма такіх.

Панурыя, уваходзяць яны ў шынок і бачаць — сядзіць чалавек, есць селядца. У яго рыжая барада, лысая галава. — Ён! — радуюцца паны.

А рыжа-лысы, падобна на тое, зусім не радуецца. Паны мітусяцца вакол яго, кажуць пра свае патрэбы, а ён задуменна есць селядца. Паны пачынаюць злавацца. Асабліва халяруе пан Заблоцкі. Ён, як ведама, больш гарачы. — Паляруш на маю галаву, сто чартоў у зубы! — раздражнёна кажа ён. — Што за радасць пану ад таго худога селядца? Прадавай, пане, насенне, а тады хоць бочку селядцоў апратай!

Але рыжы з лысым няспешна абсмоктвае селядцову хрыбціну й нічога не кажа. Толькі пасля таго, як ад селядца засталася горка костак, ён няспешна абцірае насоўкай губы й кажа. — Панства хацела б насення? А якога? Маю насенне кілбаснага дрэва, хлебнага дрэва, булачнага дрэва, пірожнага дрэва, цукерачнага дрэва, віннага дрэва, марцыпанавага дрэва, селядцовага дрэва... То чаго б панам найболей хацелася?

Пан Кубліцік толькі рот раскрыў, каб сказаць. Але пан Заблоцкі яго апярэджвае.

— Кожнага дрэва, пане, — кажа ён. — Давай нам насенне ад кожнага дрэва, хаця б парачку...

— Гэта будзе дорага каштаваць, панове, — суха кажа незнаёмы і збіраецца прыступіць да другога селядца. Пан Кубліцкі ўздыхае і развязвае мяшэчак з талерамі. Рыжа-лысы тымчасам развязвае сваю торбачку й дастае з яго пакуначкі з насеннем. Пачынаецца гандаль, даўгі й зацяты, бо паны, хаця й шляхта, проста так з талерамі, выручанымі за рэпу, развітвацца не збіраюцца. Нарэшце талеры пераходзяць да аматара селядцоў, а насенне кілбаснага дрэва, хлебнага дрэва, булачнага дрэва, пірожнага дрэва, цукерачнага дрэва, віннага дрэва, марцыпанавага дрэва, селядцовага дрэва — да паноў Кубліцкага ды Заблоцкага... Застаецца адзін маленькі пакуначак з нейкімі чорнымі семкамі. Пан Заблоцкі яго адразу ж заўважае.

— Проша пана! — строга пытаецца ён у рыжа-лысага. — А чаму пан не прапануе гэныя чорныя семкі?

— Гэта будзе вельмі дорага... — мармыча гандляр. — І небяспечна.

— Нам нічога не дорага! — горача кажа пан Заблоцкі і трасе машной, у якой боўтаюцца й пазвоньваюць апошнія талеры. — Тры талеры за штуку, — мармыча прадавец. З гарачкі паны згаджаюцца й на гэта. І толькі сыходзячы з карчмы пан Кубліцкі спахопліваецца.

— Чакай пане! — выгуквае ён. — А што вырасце з чорнай семкі?

— Гэта — ветрык, — адказвае рыжа-лысы. — Ветрык вырасце. Але я не раю вам сеяць яго, панове.

Паны яго не разумеюць. Як? Заплаціўшы такія велькія грошы?

І, разараўшы свой палетак, яны засяваюць раллю насеннем хлебнага дрэва, кілбаснага дрэва... ну й гэтак далей. І чорную семку «ветрыка» таксама ўкідаюць у зямлю.

Што далей? А што далей? А далей — толькі чакаць, пакуль на панскай дзялянцы ўтворыцца рай зямны, ды рэзацца ў карты. Так паны і робяць — усё лета рэжуцца ў «воза», «курыцу», «дурня», «разумніка», «свінню» і «карову», а палетак стаіць чорны, як і быў, і хаця б адна травінка на ім зазелянелася. «Тут нешта не тое, — пачынаюць кеміць паны. — Можа й дарма, што рэпу не пасеялі. Была б хаця рэпа, а тут што? Эх, падмануў рыжа-лысы!»

— Шкада, што ён косткай ад таго селядца не задушыўся, — глыбакадумна кажа пан Заблоцкі.

Але вось аднойчы настала ноч... Яна была не звычайная, гэтая ноч, — арабінавая.

А вы, перапрашаю, не ведаеце, што такое арабінавыя ночы? Гэта напрыканцы лета бывае, у спасаўку. Усю ноч неба скаланаюць грымоты, сякуць фіялетавыя маланкі, шугае вецер, утвараючы віхуры, — і хаця б кропля дажджу. Кажуць, што ўся зямная нечысць — чарты, ваўкалакі, вядзьмаркі, шатаны, цмокі ладзяць арабінавай ноччу свой шабас. О, паны зведалі-такі, што такое арабінавая ноч! Спачатку ім здалося, што яны разам са сваёй хацінаю апусціліся на дно аграмаднай чарніліцы з самым чорным у свеце атрамантам. Потым, калі ўсё вакол загрукацела, зазіхцелася, зашыпела, пан Кубліцкі пачаў зубамі выстукваць маршоўку касінераў яго вялікасці караля Гарбуза, а пан Заблоцкі — улюбёны паланэз яго светласці князя Дрыгайлы. Але назаўтра...

Назаўтра паны нясмела вызіраюць з вакна на агарод, а ў панскім агародзе тырчаць: кілбаснае дрэва, хлебнае дрэва, булачнае дрэва, пірожнае дрэва, цукерачнае дрэва, віннае дрэва, марцыпанавае дрэва, селядцовае дрэва... Кілбаснае дрэва пахне часныкам і гнецца долу пад цяжарам кілбасаў; свежыя хлеб, булкі ды пірагі на дрэвах пахнуць так смачна, што аж нос зрывае; ад цукерачнага дрэва на вярсту патыхае шакаладам; селядцы на селядцовым дрэве небывалай велічыні — кожны з парсюка ростам. А марцыпаны... Ах, марцыпаны... Ды што тут казаць...

Застаецца дадаць, што бутэлькі на вінным дрэве звіняць, як званочкі на каптурах у дурняў на смургонскім карнавале, і лішне казаць, што паны найперш кідаюцца да звінячага дрэва. А тады, наталіўшы смагу, пераходзяць да кілбасаў.


Тымчасам яны не звяртаюць увагі на тое, што пад самай хатаю вырасла шчэ адно дрэва — з чорнай семкі. Дрэва называецца «ветрык». На ім нічога — ані лістоты, ані кілбасаў, ані цукерак. Бо гэта нават не дрэва, уласна кажучы, а нейкі таўсты чорны гарбуз. Ён расце, бухне, але паны на яго нуль увагі. І дарэмна.

Бо чорны гарбуз рос-рос, а тады ўзяў ды покнуў, з гэтакім, ведаеце, непрыстойным троху гукам. І з лопнутага гарбуза выпаўзае нейкая чорная хмарка. Яна круціцца на месцы, усё хутчэй ды хутчэй, і ператвараецца ў чорную віхуру. Тут ужо й паны глядзяць на чорную хмару, адвесіўшы губы і ў велькім страху. Але позна.

Бо віхура робіцца вялікай, як карова. Яна накрывае сваёй чорнай тушай кілбаснае дрэва, хлебнае дрэва, булачнае дрэва, пірожнае дрэва, цукерачнае дрэва, віннае дрэва, марцыпанавае дрэва, селядцовае дрэва. Чуваць, як «ветрык» чмякае і храбусціць, а потым рагоча — і ўзнімаецца на паветра. У яго — нейкія смешныя куцапыя чорныя крылы. Але ўсё адно гэная грамадзіна ўзнімаецца над зямлёю і ляцёць ад панскага агароду акурат на процілеглы край Сусвету. Разам з кілбасамі, булкамі, цукеркамі і бутэлькамі ў чэраве. А ў паноў застаецца голы, як ток, палетак, на якім калісь буяла рэпа. І дужа прыемныя ўспаміны.

Натуральна, паны гневаюцца, праклінаюць пракляты «ветрык» і пагражаюць падаць у суд. На каго? На рыжа-лысага, вядома. Але падаць у суд проста, але як яго знайсці? Паны ізноў шыбуюць у Смургоні.

У знаёмым ужо нам шынку яны бачаць... каго б вы думалі? Не паверыце!

Рыжа-лысага!

Ён сядзіць на ранейшым месцы і есць селядца.

— Ату яго! Трымай яго! У суд яго! — халяруе пан Заблоцкі і хапае рыжа-лысага за... рыжыя валасы.

А рыжа-лысы зусім спакойна адказвае:

— Вы абмыліліся, панове. Гэта зусім не я прадаваў вам насенне кілбаснага дрэва, хлебнага дрэва, булачнага дрэва, пірожнага дрэва, цукерачнага дрэва, віннага дрэва, марцыпанавага дрэва, селядцовага дрэва і расліны, што называецца «ветрык». Той, хто вам яго прадаваў, быў лысы і з рыжай барадой. А я, як вы бачыце, з рыжымі валасамі і лысай барадой.

Паны ў разгубленасці. Пан Заблоцкі выпускае з рук валасы рыжа-лысага й збянтэжана кажа: — Выбачайце, пане... А рыжа-лысы кажа:

— Эх, панове, панове... Навошта ж вы куплялі ў таго круцяля насенне «ветрык»? Ці вас прасіў хто? Ці вас прымушаў хто? У карак біў? Уся бяда ад вашага зайздроснага вока!

Увечары паны кажуць адзін да аднаго, буркаючы пустымі жыватамі.

— І праўда, на якога ражна спатрэбіўся нам той чорны гарбуз? — гэта са скрухай будзе казаць пан Кубліцкі. А пан Заблоцкі яму ў адказ:

— А я дык і не верыў, што ўсё гэта праўда... Усё мне здаецца, што бачыў я сон... Казачны сон... Ведаеш, пане Кубліцкі, я мяркую, што няма ў жыцці шчасця... Няма ў свеце дрэва ані кілбаснага, ані марцыпанавага. А калі й ёсць, дык народзіцца чорны гарбуз і ўсё схрумае...

ПОКАЗКА ДРУГАЯ КОНЬ БОЖЫ

А хто такі — конь Божы?

А гэта, напэўна, кожны ведае. Усе скажуць, што ён невялічкі (у параўнанні з сапраўдным канём), шэры, вушасты. І што ён вазіў нашага Збавіцеля на сваёй спіне, праз усю ягоную вандроўку ажно да самога Ерусаліма, дзе Збавіцеля сустракалі крыкамі «Асанна!», а потым... А вось пра тое «потым» горка ўзгадваць.

Але гэты шэры, вушасты, невялічкі (у параўнанні з сапраўдным канём), здаецца, зрабіў для чалавека ўсё, што мог. І, здаецца, мае права на сякую-такую ўдзячнасць. Але чалавек...

Але чалавек абвясціў яго дурнаватым і ўпартым. І панаскладаў пра яго мноства нядобрых баек. А таго не ведае чалавек, што ослік (гэта ён) — не ўпарты, а прынцыповы. Не дурны, а задуменны.

Бо праз усё жыццё ён (не ён, а ягоныя нашчадкі, вядома) згадваюць пяскі, каменні, смачныя фінікі й смоквы і, вядома ж, Гаспадара, якога сумленна вазіў продак ягоны на сваёй спіне праз усю Палястыну. Вось чаму кожны ослік такі задуменны.

Яшчэ пра осліка кажуць, што ён раве дурным голасам. Ці ж так? Бо ён не раве, а спявае. Спявае, узгадваючы свае былыя авантуры. А голас... Які дадзены яму голас Гаспадаром, такім і спявае. Не горшы, між іншым голас, чымся ў якой жабы. А жабам таксама спяваць не забаронена.

А людзі пра тое забываюцца. Як забыліся й паны Кубліцкі ды Заблоцкі.

А яны, між іншым, набылі сабе осліка — у Смургонях, за чарговы прададзены ўраджай рэпы. Хацелі купіць каня, а купілі осліка. Чаму? Здагадайцеся. Так. Вядома ж, з эканоміі. Лішне казаць, што дахаты яны з Смургоняў вярталіся верхам. Удвох на адным маленькім шэрым осліку. А ён, небарака, хоць яму й цяжка было, але цярпеў. Цярпеў, уздыхаў, але правёз паноў ад Смургоні да іхняга маёнтку каля рэчкі Парэчкі.

Паны не нахваляцца.

— От тавар дык тавар! Галоўнае, эканомія якая! Гэта я яго прыдумаў купіць! Значыцца, я буду на ім ездзіць, — кажа пан Заблоцкі.

— Не, гэта я першы звярнуў на яго ўвагу! «Глядзі, пане Заблоцкі, якія вушы доўгія!» — гэта ж я першы сказаў! — адказвае пан Кубліцкі.

Сваю спрэчку паны й вырашаюць па-шляхоцку. Вырашылі, што заўжды і ўсюды будуць ездзіць на сваім коніку разам. То яны, дальбог, нават да агароду свайго на ім ездзілі. Пан Заблоцкі прапаноўваў нават у склеп па квас на осліку ездзіць. Цягнулі яны яго, цягнулі за вушы ў хату — ды не зацягнулі. Вось такая гісторыя.

Было ад чаго осліку задумацца. Стаяў ён аднойчы ў задуменні, думаў-думаў, вушамі махаў-махаў... І ад горкіх думак зжаваў усе панскія кветкі ў палісаднічку. Маргарыткі зжаваў, браткі зжаваў, вяргінькі зжаваў, а напрыканцы ўлюбёныя пана Кубліцкага настуркі зжаваў.

Пан Кубліцкі сам гэтыя кветкі сваімі рукамі пасадзіў. Сентыментальны ён быў, марыў, што некалі нейкай гжэчнай паненцы, ясачцы такой, паднясе букет з маргарытак, браткаў, вяргіняў ды настуркаў. Як пабачыў ён, што ослік у задуменні ўвесь букет зжаваў, дык справіў гвалту на ўсю наваколіцу. Ажно славуты парэчанскі Цмок пачуў, напалохаўся, залопаў скрыдламі і пералецеў за акіян у Мерыку. — Якая нягжэчная жывёліна! — кажа ў скрусе пан Кубліцкі. І пачынае ўслых даводзіць задуменнаму осліку, які ён нявыхаваны і недалікатны. Доўжыцца прамова пана Кубліцкага не хвіліну, не гадзіну, нават не дзве гадзіны, а яшчэ даўжэй. Ослік цярпліва слухае, махае вушамі й хвастом, але ў рэшце рэшт не вытрымлівае. Паспрабавалі б вы самі выслухаць столькі непрыемных рэчаў пра сябе! І так маркотна зрабілася осліку, так смутна, што не вытрымаў ён і заспяваў самую гаротную з сваіх песень. І гэта было так роспачна й гучна, што нават пан Заблоцкі прачнуўся, які адпачываў быў, пад'еўшы паранай рэпы.

— Хто тут раве?! — загарлаў ён спрасоння. А калі пабачыў, што гэта ослік выводзіць свае рулады, хуценька пабег у падлесак. І вярнуўся з яго, трымаючы ў руках маладую зялёную свежую дубіну з вярбы.

Ослік, не чакаючы такога гасцінца, спыняе свой спеў і кідаецца ў лес. А паны да самае начы вышукваюць яго ў лесе, гукаючы і галёкаючы, палохаючы пугачоў і казадояў, умольваючы, каб вярнуўся. Бо яны ўжо не ўяўляюць, як будуць жыць без осліка.

— Пешкі да студні хадзіць? Ані! Вярніся, вушасцік, я ўсё табе дарую! — просіць пан Кубліцкі.

— Паспрабуй толькі не вярніся! Дубіну абламаю аб спіну, калі не вернешся! — абяцае пан Заблоцкі.

Нарэшце ослік вяртаецца — куды ж яму падзецца. Ён ужо трохі прызвычаіўся да паноў, як-ніяк — гаспадары. Не ведае, бедны, якія новыя нягоды яго чакаюць — усё з-за дурных панскіх дрыгаў.

Бо ў паноў ад ляноты развіваецца хвароба — раматус. З-за таго, што мала рухаюцца. Лекар-шарлатан нараіў ім ехаць неадкладна на воды. «Гэта, кажа, апошняя парыская мода — на воды ехаць. Увесь свет ездзіць». То паны пачынаюць збіраць валізкі.

Пан Кубліцкі бярэ ў дарогу дзесяць гарнітураў (яшчэ ад дзеда, Піліпа Кубліцкага, засталіся), тры футры молем бітыя, дзве пары ботаў, пару валёнкаў, шапку-аблавушку зайцовую, гарсэты, кісеты, споднікі, нагавіцы, капелюшы, гальштухі, запінкі, гузікі, матузікі, чаравікі, пантофлі, гетры, сурдуты, хракі, маноклі, біноклі, камізэлькі і парасон. Пан Заблоцкі рагоча, гледзячы на гэтыя зборы: — А футры на што? Валёнкі? Мы ж на поўдзень збіраемся. Там фінікі растуць і... какосы... — кажа ён праз смех. — Не кажыце, пане... Сіноптыкі абяцаюць пахаладанне, — адказвае пан Кубліцкі і на ўсялякі выпадак запіхвае ў валізку пару цёплых шкарпэтак з сабачае воўны. А на сябе нацягвае цёплы швэдар і штаны з чортавае скуры.

Пан Заблоцкі хмыкае й пачынае збіраць сваю валізку. Ён кладзе ў яе чыгун, рондлі, самавар, патэльню, рынку, мешалку, міскі, талеркі, сподкі, лыжкі, ражны, швайкі, нажы, відэльцы, куфлі, збаны, бутлі, цабэркі, зубачысткі, вухачысткі, заправы, прыправы, шклянкі, бляшанкі, каляндру, кроп, цынамону, перац, соль, кмен, цыкламен, гароху, моху, чартапалоху ды ўсялякага іншага патроху... «Дзіва, чаму так цяжка? — раздумвае ён, спрабуючы прыўзняць валізку. — Але нічога. Галоўнае — будзе з чаго есці. Гэта галоўнае».

Паны з вялізазнымі валізкамі караскаюцца на спіну беднаму осліку, панукваюць ды памыкваюць на яго — марна! Ослік — ні з месца. А ослікавы капыты памалу ўрастаюць у пясок.

— Пайшоў! Ды пайшоў жа, вушасты! — сярдуе пан Заблоцкі. — А то як дастану з валізкі ражон ды як паркану ў бок!

На ягоны лямант збягаецца бадай уся вёска. Рагочуць людзі, назіраючы, як паны ў дарогу выбіраюцца.

— Дык вы, панове, не бралі б з сабою столькі рэчаў! Аслу ж цяжка, — чуецца разважлівы голас Ахрэма Верацённіка. Паны пераглядаюцца. Шкада ім ператрэсваць наладаваныя розным майном валізкі. Нарэшце пан Заблоцкі кажа: — Трэба адзенне скінуць! На поўдзень жа едзем, да цяпла... — Непрыстойна... — мнецца пан Кубліцкі. — Пра што ты, пане! Уся Еўропа даўно на шорты перайшла! Што ж, застаюцца паны ў еўрапейскіх строях — у адных шортах. Еўропа Еўропай, але ў Парэччы такога яшчэ не бачылі. Мужыкі плююцца, маладзіцы адварочваюцца, дзяўчаты чырванеюць. А паны ганарова праязджаюць праз усю вёску. За ваколіцай ослік пачынае махаць вушамі і раптоўна мяняе курс.

— Стой! Ты куды?! Не туды! — лямантуе панства. Але ослік іх не слухае — надае хады, пераходзіць на рысь, потым пускаецца ў галоп — ажно іскры пырскаюць з-пад капытаў. Набліжаецца да нейкага зарасніку, рэзка тармозіць і робіць віртуозны рух азадкам. Ад гэтага руху паны зрываюцца з ослікавай спіны, падлятаюць высока ў паветра разам са сваімі валізкамі, а прызямляюцца — куды б вы думалі? У самы густы, самы высокі зараснік пякучай крапівы! Паны валтузяцца ў крапіве, нібы ў гарачым кіпні, вішчаць, лямантуюць, а ослік спакойна махае вушамі і глядзіць некуды ўдалеч. Што ён там убачыў?

Ідзе падарожны. Звычайны падарожны — світка запыленая, вочы светлыя, стомленыя і добрыя. Набліжаецца, глядзіць на осліка, на паноў, ківае дакорліва галавой, слухаючы, як паны праклінаюць асла, жадаючы яму праваліцца скрозь зямлю і ўтапіцца ў балоце.

— Навошта так? Гэта добры, рахманы ослік, — кажа падарожны, гладзіць осліка па шыі.

І яны на якую хвілю заглядаюць адзін да аднаго ў вочы: ослік — падарожнаму, падарожны — осліку. І каб хто пабачыў бы іх з боку, дык падумаў бы, што сустрэліся даўнія сябры. Што яны дзве тысячы год не бачыліся, але цяпер сустрэліся й пазналі адзін аднаго...

І далей вось якое дзіва: ослік шыбуе следам за ім, след у след, як быццам іншага гаспадара ў яго ніколі не было. Так яны і аддаляюцца— стомлены падарожны і маленькі шэры ослік. А паны нават і не звяртаюць увагі на гэта. Іх больш цікавяць уласныя балячкі ды апёкі. З крахтаннем ды стогнамі выбіраюцца з крапівы, падбіраюць валізкі, азіраюцца — няма осліка!

— Звялі! Укралі! Сярод белага дня ўгналі гужавы транспарт! — лямантуе пан Заблоцкі. — У суд на іх! Да станавога!

Раптам ён сціхае, як быццам заняло яму. І паны пачынаюць моўчкі аглядацца вакол сябе: хто звёў, куды звёў?

І бачаць удалечы дзве маленькія постаці, адну на дзвюх нагах, другую на чатырох і з выразнымі вушамі над галавой.

Дзве маленькія постаці марудна апускаюцца ў дол, каб пасля ўзняцца на пагорак і знікнуць назаўжды.

І паны на свае вочы бачаць, як цёмны дол напаўняецца залацістым ззяннем. Нібы сонца не за гару спусцілася, а прылегла на дно гэтае лагчыны.

А потым дзве маленькія постаці ўзнікаюць і растаюць на даляглядзе, на мяжы залатой зямлі й блакітнага неба. І знікаюць назаўжды.

А паны маўчаць. І не наракаюць больш ні на кога. Адно пан Кубліцкі хвілінаў праз дваццаць задуменна будзе казаць: — Усё, што ні робіцца, усё да лепшага. Хадзем дахаты, пане Заблоцкі. Не ўдалася нашая вандроўка на воды. Пэўна, цягаць нам наш раматус да скону жыцця.

Але назаўтра высвятляецца, што аніякае лячэнне панам ужо не патрэбнае. Раматус прайшоў, спіны ў іх перасталі балець — як быццам паны наноў на свет нарадзіліся. «Што за праява такая? — думаюць паны. — Можа, крапіва дапамагла? Або той падарожнік, што ў нас осліка звёў? Можа, ён чарадзей які быў, чарнакніжнік, або...»

Пан Кубліцкі пазычыў у карчме паперы, атраманту, гусінае пяро і лічыльнікі і сеў за працу. Соп, крактаў, ляскаў лічыльнікамі, рыпеў пяром і нарэшце падлічыў, у колькі б ім абышлося тое лячэнне, разам з дарогаю, харчаваннем ды лекарскімі паслугамі. Высветлілася: двух ослікаў можна купіць на тыя грошы.

— Зэканомілі! — радаваўся пан Кубліцкі. — Купляйма кожнаму па аслу!

— Не, больш аслоў я купляць не буду, — адказваў на тое пан Заблоцкі. — Лепш добрага каня купіць, хаця б аднаго на дваіх.

ПОКАЗКА ТРЭЦЯЯ ГАРЦУК

— Кажуць, у Смургонях коні падзешавелі... — будзе казаць пан Кубліцкі.

— А ў каморы ў пана вецер свішча! — здзекліва адказвае пан Заблоцкі. — Ані рэпы, ані талераў — усё прасвісталі...

Так у іх бывае кожную нядзелю. Коні ў Смургонях дзешавеюць ды дзешавеюць, а талеры ўсё ніяк не хочуць з'яўляцца. Але пан Кубліцкі не губляе надзеі — кожнай раніцы заглядае ў газету, цікавіцца смургонскімі коштамі, а потым перачытвае зашмальцаваную кніжку, якая называецца «Як выбраць добрага каня».

— «Каню трэба на пачатку паглядзець у зубы», — чытае ён. — Пасля агледзець капыты, круп, зазірнуць пад хвост...» — Тфу! — плюецца пан Заблоцкі. — Я ж, можа, снедаю, шаноўны пане Кубліцкі!

Аднойчы ўраніцу ў нядзельку пан Кубліцкі праз газету даведваецца прыемную навіну.

— У Смургонях коней прадаюць задарма! — крычыць ён, махаючы газетай. — Некаторым пакупнікам дык нават і прыплачваюць, абы толькі каня ўзялі.

— Значыцца, час настаў! — кажа пан Заблоцкі. — Едзьма ў Смургоні!

У Смургонях народ віруе, як Пінскае мора, а паны боўтаюцца ў ягоных хвалях, нібы дзве бурбалкі. Раз-пораз пан Заблоцкі пачынае выгукваць:

— Коні! Куплю дармовага каня! Можна з прыплатаю! Дзе прадаюцца дармовыя коні?

Натоўп нема рагоча й падштурхоўвае паноў бліжэй да шынка. На ганку сядзіць чалавек — галава лысая, барада лысая. — Вунь! — кажуць рагочучы людзі. — У гэтага вазьміце дармовага каня.

— Не трэба ў яго купляць... — шэпча пан Кубліцкі. — Я пазнаў яго! Гэта ўсё той — рыжа-лысы!

— Як жа ты кажаш, што ён рыжа-лысы, калі ў яго лысая галава і лысая барада?

— Гэта ён пагаліўся! Але зірні на яго — вочы ў яго рыжыя!

А чалавек, пабачыўшы паноў, кідаецца да іх:

— Купіце! — крычыць ён. — Купіце каня! Плачу тры грошы з паловай, толькі купіце! Разам з брычкаю бярыце, толькі купіце!

— Чаму так дорага? — падазрона насупіўся пан Заблоцкі. — Можа, конь не мае пароды? Нам трэба шляхецкі конь, высакароднага заводу!

— Ды шляхецкі ён, шляхецкі! — кажа прадавец і глядзіць на паноў вачыма, поўнымі слёз. — Сам бы трымаў, ды куды мне... Я — чалавек просты... Ды вось, панове, самі паглядзіце: вось конскі пашпарт, вось конскі радавод, вось конскі партрэт... І праўда: пашпарт нішто сабе. Парода — каралеўскі дрыкгант. Узрост — ні то дваццаць, ні то дзвесце год, самы паважны. А партрэт... Глядзяць на паноў самыя чалавечыя, высакародныя конскія вочы, ды так замілавана, нібы просяць: вазьміце мяне...

— Гм... — бурчыць пан Заблоцкі. — Можна было б і ўзяць... Але чаму, пане так дорага?

— Добра, саступлю, — здаецца прадавец. — Бярыце два грошы — і конь ваш!

— Вучыся, пане Кубліцкі, пакуль я жывы, як трэба цану збіваць! — шэпча пан Заблоцкі. — Лічы, задарма ўзялі каня! — Яно-то добра, — кажа пан Кубліцкі, — але ж дзе той конь? Можа, яго й няма зусім, таго каня?

— Ды ёсць, ёсць конь!.. — спяшаецца паведаміць прадавец. — Я яго каля рэчкі пакінуў.

— Пасвіцца?

— Ды не, загарае...

І праўда, ляжыць на беразе рэчкі конь, падстаўляючы сонцу то бок, то спіну, то пуза — напраўду загарае!

— О, гэта напраўду шляхецкая парода! — хваліць каня пан Заблоцкі.

— Вось і добра! — ззяе ад шчасця прадавец. — Вось вам, панове, два грошы, вось вам конскі пашпарт, вось вам конскі радавод, вось вам конскі партрэт, вось вам конь, вунь там, пад мостам, брычка. Каня зваць Гарцук. Дзякуй за пакупку! Тавар дыхтоўны, абмену не падлягае!

З гэтымі словамі прадавец нема рагоча і некуды знікае. Мусібыць, скрозь зямлю правальваецца. Такая ў Смургонях у прадаўцоў нядобрая звычка — скрозь зямлю правальвацца. Толькі дзірка ў зямлі застаецца, а з дзіркі серны дым курэе. Паны падыходзяць да дзіркі, нюхаюць, чхаюць, крывяцца. — Бач, загрукацеў, — кажа нарэшце пан Заблоцкі. — Нават барышу не выпіў. Ну, нічога, затое конь нам застаецца. І яшчэ два грошы да яго. І брычка. І пашпарт. І радавод. І конскі партрэт.

Пан Кубліцкі тымчасам уважліва прыглядаецца да Гарцука й няўпэўнена кажа: — Худаваты нейкі...

— Нічога, — аптымістычна кажа пан Заблоцкі, — затое загарэлы...

— Дый худаваты — не тое слова! Худы, як драбіны! І скабы тырчаць так, што вось-вось праз скуру вызірнуць! — Нічога, — глыбакадумна будзе адказваць пан Заблоцкі, — затое парода ёсць. І партрэт. І пашпарт. І радавод шляхецкі. У каня вочы — нібы два васілёчкі. І ён задуменна глядзіць гэтымі вачыма на паноў, калі яны хочуць яго ў брычку запрэгчы. Як быццам хоча спытаць: што гэта вы, панове, робіце? Каго гэта вы хочаце запрэгчы? Мяне, дрыкганта з фіялетавымі вачыма? Ды як вам не сорамна, панове? І ў паноў ад няёмкасці сапраўды рукі апускаюцца. А праўда, каго яны хацелі ў брычку запрэгчы? Такую істоту высакародную?

— Яго не можна запрагаць, кажа пан Заблоцкі. — Хай ідзе не запрэжаны.

Але й тут нявыкрутка! Конь не хоча падымацца з зямлі, колькі яго паны не панукваюць. Не хоча, дый усё тут! Яны яго спрабуюць пад пахі ўзяць, пад пуза — нічога не атрымліваецца. Конскія ногі адразу раз'язджаюцца. А сам Гарцук, як і раней, глядзіць на іх здзіўленымі, валошкавымі, поўнымі тугі вачыма, як быццам хоча запытацца: вы што, панове? Дзе гэта вы бачылі, каб такі высакародны конь дахаты пешкі дабіраўся?

— Нічога не паробіш, — рашуча кажа пан Заблоцкі. — Такой высакароднай скаціне нельга пешкі хадзіць. Давядзецца яго ў брычцы дахаты везці.

— А хто ж яго ў той брычцы павязе?

— Яшчэ аднаго каня трэба купіць.

— Апамятайся, пане! Дзе ж набрацца грошай на яшчэ аднаго каня?

— То давядзецца самім у брычку ўпрагацца!

Хочаш не хочаш — але мусяць паны ўдвох у брычку ўпрагацца ды везці каня дахаты. Вакол брычкі тоўпіцца людства, хто смяецца, хто плюецца, а хто й дзівіцца: якія вочы ў каня прыгожыя! Які конь загарэлы! І віншуюць паноў з выгоднай пакупкай. А паны стомленыя, але ўсцешаныя, дастаўляюць дарагі тавар дахаты.

Ад гэтага часу ў маёнтку паноў Кубліцкага ды Заблоцкага робіцца на аднаго шляхціца больш. Вядома, такога пародзістага каня не пакінеш ні на надворку, ні ў стайні. Пагатоў, стайні ў паноў аніякай няма. То Гарцук жыве ў лепшым пакоі ды спіць на лепшым ды найбольш трывалым ложку.

А на сцяне поруч з партрэтамі панскіх продкаў з'яўляюцца конскія партрэты. Абліччы спадара Канякі, спадара Жарабякі, спадара Клышаногага, спадара Сіўкі, спадара Буркі, спадара Куртатага, спадара Кульгайлы,спадара Сухарэбрага дый спадарыні Белакапытавай. Адным словам, прадстаўлена ўся конская радзіна — дзяды, прадзеды, бабкі, прабабкі. Добра яшчэ, што конь з ежай асабліва не вымышляе, а харчуецца тым, што й паны. Усё чыста топча: салату з рэпы, поліўку з рэпы, беф-строганаў з рэпы, марожаную рэпу дый ад рэпнае кавы не адмаўляецца.

Улюбёны занятак Гарцука — праменад. Штовечара паны Кубліцкі ды Заблоцкі запрагаюцца ў брычку ды вывозяць пана Гарцука на прагулянку. Уся наваколіца глядзіць на гэтыя дзівосы, і паны надта ўсцешаныя: ні ў кога няма такога ганаровага каня!

Час ад часу Гарцук выбіраецца з брычкі, каб крыху размяць свае шляхетныя маслы. Паходзіць па мурагу, валошку панюхае, у лесе абабак з'есць — і назад сядае, у брычку. Неяк падчас прагулянкі сустракаецца панам незвычайны вершнік: у жалезных нагавіцах, жалезнай сарочцы, жалезных ботах і з жалезнай дзідай. Лыцар, адным словам. А едзе ён на маладзенькай вараненькай кабылцы, палахлівай ды стрункай. Глядзіць вараненькая кабылка на Гарцука ды па-свойму, па-конску ўсміхаецца, выскаліўшы беленькія, што цукар, зубкі. Гарцук ад нечаканасці прымружвае вочы, а калі зноў адплюшчвае іх — усё, няма ані лыцара, ані кабылкі вараненькай. Толькі воблака пылу далёка наперадзе курыцца. Як іржане тут Гарцук, як нацягне лейцы, пускаючы сваіх конікаў у галоп! Беглі, беглі паны, боты стапталі, засапліся — але дзе ты іх дагоніш! Сумны-сумны вярнуўся Гарцук у хату і з тае пары есці адмовіўся. Нічога ў зяпу не бярэ — ні салату з рэпы, ні поліўку з рэпы, ні беф-строганаў з рэпы, ні марожаную рэпу дый ад рэпнае кавы храпу адварочвае. І праменад яму стаўся нямілы — адно вызірае з брычкі й глядзіць у далеч поўнымі слёз валошкавымі вачыма. Нават у лесе абабка не падбярэ. Што рабіць? Захварэў конь.

— Трэба да яго паклікаць конскага лекара, — кажа ў скрусе пан Кубліцкі.

— Ты што, пане? Да шляхціца — ды конскага лекара? Да яго чалавечага лекара трэба клікаць, ды самага адмысловага-упэўнена адказвае пан Заблоцкі. — Дзе ж такога знайсці?

— Ды ёсць адзін такі, жыве ў Смургонях, сам з Палястынаў. — А ў яго ці добрая рэпутацыя? — непакоіцца пан Кубліцкі. — Яшчэ якая! Вялікі, як кажуць, майстра лячыць, кроў мячыць, корпію ўстаўляць, жывых людзей на той свет адпраўляць... Да яго вядуць на нагах, а ад яго вязуць на санях...

— Уга! — з павагаю кажа пан Кубліцкі. — Ну, гэта якраз тое, што нам патрэбна.

Прыходзіць лекар з Палястынаў, ды не адзін, а з таварышам. — Коней трэба абследаваць не аднаму, а ўдвох, — тлумачыць лекар. — Бо ў каня не дзве нагі, як у людзей, а ажно чатыры. Затое й плаціць за кансультацыю ўдвая давядзецца. Што значыць вучаны чалавек — як добра патлумачыў! Пачынаецца абследаванне. Лекар становіцца каля конскай храпы і заглядае каню ў рот, а памочнік стаіць каля конскага крупа і заглядае каню, перапрашаю, пад хвост. — Ці бачыш мяне? — крычыць лекар. — Не бачу! — адказвае памочнік.

— І я не бачу! Значыць, у жывёліны заварот кішак, — кажа лекар. — Дыягназ пастаўлены. Давайце грошы, панове.

І, забраўшы свае талеры, лекары збіраюцца сыходзіць.

— Чакайце, панове! — крычыць у роспачы пан Заблоцкі. — А чым жа лячыць?

— А мы коней не лечым, — кідае цераз плячо палястынскі лекар. — Мы толькі людзей жыўцом на той свет адпраўляем, а коней — гэта грэх. Мы каням толькі дыягназы ставім. Вось як васпане захварэе, тады шчыра просім да нас, дапаможам. — Тфу! — абураецца пан Заблоцкі. — Шарлатан гэта нейкі, а не лекар! Я так сама лячыць магу. Давядзецца паклікаць віцінара.

З'яўляецца Віцінар — дзядок у акулярах з цэлай валізкай лекарскіх прыладаў. Ён абстуквае каня з усіх бакоў рознымі малаткамі, абмацвае капыты, заглядае ў зубы а напаследак — у сумныя-сумныя конскія вочы. Нарэшце ківае галавой дый кажа:

— Гэтая хвароба называецца «каханне». Ваш конь закахаўся. — У каго? — вытрашчыў вочы пан Заблоцкі. — Як у каго? У кабылу, вядома.

— Гэта няйнакш у тую брунетку, памятаеш? — здагадваецца пан Кубліцкі. — Няўжо, пане, забыўся? На ёй яшчэ гэты, у жалезных штанох ехаў, лыцар той... Пасля тае сустрэчы Гарцук кінуў рэпу есці.

— Дык што ж рабіць? Як яго лячыць?

— Хвароба невылечная, — кажа Віцінар. — Або адпусціць яго на ўсе чатыры бокі, каб сам адшукаў прадмет свайго кахання. Або адвесці на скуралупню...

Пачуўшы пра скуралупню, Гарцук, забыўшыся на ўсе хваробы, з усіх капытоў кідаецца прэч з хаты. Так панёсся па дарозе — толькі пыл за ім закурыўся.

— Вось вам і хворы, — смяецца Віцінар. — Плаціць, панове, не трэба. Мне самому цікава было каня абследаваць. Такі, ведаеце, рэдкі выпадак!

— «Рэдкі выпадак!» — бурчыць пасля пан Заблоцкі. — Напалохаў беднага хворага... Як мы цяперака без каня? З кім мы цяпер будзем катлеты з рэпы есці? Каго ў брычцы катаць будзем? — А прыгадай яшчэ, пане, як нам цяжка гэнага каня купіць было! — падтаквае пан Кубліцкі. — Такая страта! Сумна сталася панам. Паглядзяць-паглядзяць на конскія партрэты, развешаныя на сцяне, і яшчэ маркотней ім зробіцца. Усё варожаць, ці вернецца Гарцук дахаты. Ну, а мы пра тое, можа, таксама даведаемся напрыканцы гэтай кнігі.

ПОКАЗКА ЧАЦВЕРТАЯ ШЛЯХЕЦКАЯ ЮШКА

Падрыхтуйцеся выслухаць жахлівую гісторыю. Асабліва палахлівых або занадта гідлівых — просім перагартаць гэтую показку ды пачаць чытаць наступную. Але аматараў рыбалкі — шчыра просім да чытання!

Значыцца так. Пачынаецца показка як і заўжды — панам надакучваюць рэпныя стравы. Асабліва поліўка з рэпы ім абрыдла. Хочацца ім чаго-небудзь новенькага, свежанькага... — Прыкладам, юшкі са свежай рыбы! — кажа пан Заблоцкі. — Прыкладам, юшкі са свежай рыбы... — рэхам адгукаецца пан Кубліцкі.

Папраўдзе, ён да рыбы даволі абыякавы; ёсць рыба — добра, няма рыбы — яшчэ лепш. Але ён ведае, што пан Заблоцкі любіць рыбу, як кот, проста вар'яцее за ёю. Ну, а дружбаку трэба дагаджаць!

Самае простае было б — пайсці ў Смургоні ды купіць шчупакоў, мянтузаў або ліноў. Але панам здаецца, што гэта будзе не па-шляхецку.

— Ісці ў Смургоні, штурхацца ў рыбных радох... А там так недалікатна пахне... Фу-у... — круціць носам пан Кубліцкі. — Надта пан грэблівы... Без пахаў рыбу не зловіш... — А васпане не грэблівы? А забыўся, як не хацеў рукі ў гнаі пэцкаць, адмаўляўся чарвякоў капаць, калі мінулым разам у рыбу збіраліся?

— А васпан забыўся, як раіў чарвяка адэкалонам папырскаць, каб не гэтак ад яго смярдзела?

— А васпан забыўся, як збіраўся замест чарвяка на кручок быка насаджваць, каб не рыбу, а кіта злавіць? А бык да таго ж чужы быў...

Гэта паны прыгадваюць іхнюю папярэднюю рыбалку, калі яны ледзьве Кіта Велярыба не ўлавілі. Пра тое мы, дарэчы, падрабяіна распавядалі ў папярэдняй кніжцы. — Гэтым разам ён ад нас так лёгка не ўцячэ. Не яго, дык іншую якую аграмадзіну вылавім, — бурчыць пан Заблоцкі. Проста кажучы, паны рыхтуюцца ісці у рыбу — з начлегам, намётам, усё грунтоўна, каб і здабыча была, і рамантыка. Дзеля гэтай нагоды пан Заблоцкі рыхтуе прылады для прыгатавання юшкі — саганы, лыжкі, вядзёрцы, соль, чорны перац, чырвоны перац, сіні перац, белы перац, каляндру, гваздзік, лаўровы ліст, кроп, цынамону, карасыну, воцат, шкіпінар, дзёгаць, цукар, мукар, мігдал, шмігдал, чакаляду, мармаляду, каву, какаву, цыбулю, моркву, часнык, пастарнак, салату, гуркі салёныя, гуркі несалёныя, белае віно, чырвонае віно, зялёнае віно й галандскі сыр...

Пан Кубліцкі валтузіцца з лёскамі, вудамі, блешнямі, нератамі, мярожамі, перамётамі, путанкамі, таптухамі і пры гэтым старанна вывучае дзве зашмальцаваныя кнігі -«Шляхецкая рыбалка» і «Шляхецкая кухня». Па першай кнізе ён вучыць, як трэба лавіць рыбу, а па другой — як з рыбы гатаваць юшку.

— Шляхецкая юшка гатуецца так, — занудлівым голасам чытае пан Кубліцкі. — Бярэцца два пуды свежай рыбы, пажадана самоў, ментузоў, ліноў. Кожнай рыбіне праз лійку заліваецца ў пашчу паўшклянкі белага віна... Пасля паўшклянкі чырвонага віна. Пасля рыбу паліваюць агурковым расолам, каб трохі ачомалася...

Пан Заблоцкі тымчасам паспявае абабегаць усе навакольныя вёскі — каб даведацца, дзе самыя рыбныя мясціны. Адны яму кажуць, каб ішоў на рэчку Парэчку, другія — на возера Варголы, трэція шэптам раяць палавіць люстраных карпаў у сажалцы пана Кіндзюшкі, самага заможнага ў наваколлі гаспадара. І ўсе ў адзін голас папярэджваюць: «Адно не хадзіце, панове, на возера Куцапае! Не хадзіце, бо там нядобра!»

— Хлопы хітрыя, — будзе казаць пан Заблоцкі, пераказваючы дружбаку гэтыя навіны. — Наўмысна адгаворваюць нас ісці на возера Куцапае, бо ў ім, пэўна, вады не бачна за рыбаю. Але шляхту не надурыш! Пойдзем на возера Куцапае, і аб тым! — Ку— ца-пае, — асцярожна кажа пан Кубліцкі, прыцмокваючы языком. — Адразу чуваць што шляхетная назва.

Уранку, калі паны збіраюцца ў рыбу, наладоўваючы пляцакі, партрэт Крыштапа Халімона Кубліцкага, прапрадзеда аднаго з нашых герояў, гайдаецца на цвічку і гэпаецца аб падлогу. Пры гэтым рот у Крыштапа Халімона Кубліцкага разяўлены, як быццам спадар хоча крыкнуць «Ратуйце!» або «Квасу!» — Кепскі знак... — мармыча пан Кубліцкі, прымацоўваючы продка на старое мейсца.

Калі паны, згінаючыся пад пляцакамі, выбіраюцца з хаты, з-за печы раздаецца голас дамавіка, які маўчаў ужо сто пяцьдзесят год.

— Панове... Панове... Не хадзіце на возера Куцапае... — умольным голасам шалясціць з-за печкі дамавік. — Гэта прусакі шалпочуць! — бадзёрым голасам кажа Заблоцкі. — Не слухай іх, пане Кубліцкі!

Па дарозе з вёскі дарогу панам перабягае чорны заяц. Скуль ён тут узяўся? Ніколі ў тутэйшых мясцінах чорныя зайцы не вадзіліся...

— Гэта хлопы яго злавілі ды сажай абсыпалі, каб нас уквяліць!

— кажа пан Заблоцкі. — Наперад, пане Кубліцкі!

На ваколіцы да паноў падыходзіць жабрак у пашарпаным зрэб'і, працягвае руку і адкрывае рот, каб папрасіць міласціну.

— Ведаю, што ты хочаш сказаць, хлопе! — адважным голасам грыміць пан Заблоцкі. — Не хадзіце, маўляў, на возера Куцапае! А вось трасцы рабай! Хоць ты крыжам пасярод дарогі стань, усё адно пойдзем на возера Куцапае!

Паны крочаць далей, а збянтэжаны жабрак гэтак і застаецца стаяць, працягнуўшы руку й раскрыўшы рот.

У лесе, панурым і маўклівым, паны натыкаюцца на грыб — нейкі дзівосны, кашлаты, вялікі. Пан Заблоцкі збіраецца падрэзаць яго пад карэньчык — аж тут грыб адплюшчвае круглыя, жоўтыя, нібы ў ката, вочы і робіць імі «лып-лып».

— Грыб з вачыма... — ледзьве шапоча пан Кубліцкі.

У «грыба» аказваецца яшчэ даволі вострая дзюба, скрыдлы ды кіпці. Ён падлятае ўгору, прызямляецца на вершаліне елкі і рагоча мярзотным голасам, як і належыць пугачу. У пугачыным рогаце панам чуюцца знаёмыя словы: «Не хадзіце, панства, на возера Куцапае, а то будзе вам ліха! Ха-ха-ха!»

— Апсік! — крычыць пан Заблоцкі ды запускае ў пугача яловай шышкай.

Пасля таго на паноў навальваецца ціша, ды такая цяжкая, што аж у галаву цісне. Так, у мёртвае цішы, яны й дабіраюцца да возера Куцапага, схаванага глыбока ў лясной гушчэчы. Вада ў возеры чорная, нібы грыбная поліўка, паверхня спакойная ды гладкая, як чорнае люстра. Ані ветрыку. На вадзе застылі чорныя гарлачыкі, па берагах — чорная маўклівая асака расце.

— Не падабаецца мне гэта... — мармыча пан Кубліцкі. — Рыба тут, мусібыць, таксама чорная. Чорныя карасі... Бр-р-р!.. — Што з таго? — перасмыквае плячыма пан Заблоцкі. — Чакаляда таксама чорная, і кава чорная, і вустрыцы чорныя... А мы ж іх любім!

Паны распакоўваюцца, разбіраюць рыбацкае начынне, дастаюць прыпасы, каб юшку варыць: соль, перац, лаўровы ліст і ўсё астатняе. Раскладаюць вогнішча. І гэта вельмі дарэчы, бо ўжо апускаюцца прысмеркі, і ад іх чорнае возера робіцца яшчэ чарнейшае. — Хаця б зорачка... — уздыхае пан Кубліцкі.

— Пан на зоры прыйшоў любавацца або рыбу лавіць? — уедліва пытаецца пан Заблоцкі. — Весялей, пане! Слухай! Паветра напаўняецца таямнічымі плёскамі, трапятаннем, цмоканнем. Загадкавыя зыкі даносяцця з возера і штораз грамчэй. Нарэшце пачынае здавацца, што возера ператварылася ў аграмадны, напоўнены вадой саган, у якім на нябачным, чорным агні кіпіць юшка.

— Поўнае возера рыбы! — радуецца пан Заблоцкі. — А ну, пане Кубліцкі, скідай порткі, бярыся за таптуху! Лезьма ў ваду! — Нешта не хочацца... — муркае пан Кубліцкі, з бояззю гледзячы ў непралазную цемру, з якой чуюцца плёскі й цмоканне.

Падпіхваючы адзін аднаго кулакамі й лакцямі, паны скочылі-такі ў ваду. Яна нічога, даволі цёплая, нагрэлася за дзень. Нешта слізкае, агіднае таўчэцца ў іх пад нагамі, праплывае паміж каленьмі. Пан Кубліцкі ажно ўздрыгвае ад гідлівасці. — Якая брыда... — шэпча ён амярцвелымі губамі. — Гэта ж ліны й ментузы! — радуецца пан Заблоцкі. — Тупачы нагамі, пане, заганяй рыбу ў сетку! Заходзь пад карагу! Падводзь пад бераг!

У цемры нічога не бачна, хоць вока выкалі, затое адчуваецца, як таптуха напоўнілася трапяткімі, важкімі целамі. Нешта ў сетцы цмокае, нешта хліпае, а нешта і пішчыць, гэтак агідна, як мыш.

— Ніколі не чуў, каб рыба так агідна пішчала... — кажа пан Кубліцкі з дрыготкаю ў голасе.

— Маўчы, пане, — кажа пан Заблоцкі, аблізваючыся. — Гэта рыба такая ёсць, называецца — піскуха... Наступіш на яе — пішчыць. На патэльню кінеш — пішчыць. Пачынаеш яе есці — ізноў пішчыць! Такая, ведаеш, неўміручая рыба! Пакуль пан Заблоцкі разважае, усё возера, здаецца, аж заходзіцца ад піску. Таптуха торгаецца, як жывая істота, вырываецца з панскіх рук... Пан Кубліцкі гатовы заткнуць вушы пальцамі ды бегчы куды падалей з такое рыбалкі... Але пана Заблоцкага ўжо забраў газард.

— Жывы не буду, — крычыць, — але пакаштую, што такое юшка на возеры Куцапым! Вывальвай, пане Кубліцкі, здабычу на бераг!

Вакол па-ранейшаму цемень. У барвовым святле ад вогнішча можна разгледзець, што панам трапіўся багаты ўлоў — ільсняцца спіны, хвасты, пашчы зубастыя.. Але што тое за рыба, якога гатунку або віду — таго нават пан Заблоцкі, заўзяты аматар рыбалкі, не можа вызначыць. Але яму ня дужа й трэба.

— У саган іх! У кіпень! — крычыць ён. — І шкрэбці не трэба! З луской навару больш будзе!

І ў гэты момант адбываецца самае жудаснае... Ці можа што быць чарней ад ночы, ад сажы, ад вугалю, ад самае непралазнае цемры? Можа. Яно вырасла за спінамі паноў Кубліцкага ды Заблоцкага — гэтакая ільсняная чорная гара, без рук, без ног, без скрыдлаў, без плаўнікоў, але з ротам, чарнейшым ад самога цела. Яно паўстала з возера — і возера як бы й не стала, быццам яно было запоўненае гэтым чорным мясам. Згародзіна плямкае, чмякае сваім страшным ротам і нарэшце з самай яе сярэдзіны выходзяць словы — як з бяздоннага балота:

— Хто маіх дзетачак у таптуху таптаў? Хто з маіх дзетачак збіраўся юшку варыць? Хто маіх дзетачак жмякаць хацеў? Зараз мы гэтых авантурнікаў саміх пажмякаем! Тут, як і належыць, грукоча пярун і выблісквае маланка — даўно ўжо хмары збіраліся. І ў сіняватым святле маланкі паны бачаць, што з таптухі павылазілі гідкія істоты — кіпцюрастыя, скрыдластыя, зубастыя. У каго дзве галавы, у каго тры, у каго пяць. Хвасты лускаватыя, слізкія. Сыкаюць, пішчаць, шалпочуцца. Адным словам, замест плотак і чырванапёрак, ментузоў ды ліноў у сетцы — цмокі, цмочкі, цмачаняты розных калібраў ды гатункаў. Не выключана, што і атрутныя ёсць — бо шчэрацца на паноў і вытыркаюць падвойныя языкі.

А чорная туша плавае па возеры і грамыхае: — Дзетачак, маленькіх, безабаронных хацелі зварыць! Каб вы ў смале гарачай варыліся! А ну, дзетачкі, хапайце іхнія прычындалы — ды за працу! Лавіце іх, душыце іх, луску з іх здымайце, у кіпень іх закідайце, соллю, перцам, лаўровым лістам зверху пасыпайце! Падасцё мне, старому цмоку, на вячэру шляхецкую юшку! Юшку з паноў Кубліцкага ды Заблоцкага!

Пачуўшы пра такую страву, паны так ламанулі праз лес, што стогадовыя дрэвы захісталіся. Малыя цмокі ды цмачаняты, узброеныя хто відэльцам, хто лыжкаю, хто сцізорыкам, хто нератам — за імі! Ды дзе там! Усё ж такі паны на сушы спрытнейшымі за цмокаў аказаліся. Зубастае цмокава войска застаецца ззаду. Толькі адно брыдкае цмачаня ўзнялася на сваіх скрыдлах у паветра, дагнала пана Кубліцкага ды моцна цапнула яго ззаду за тое мейсца, якое ён рукамі прыкрыць не паспеў. Пан вішчыць ад жаху, падбрыквае — і мярзотнае стварэнне шмякаецца ў мох. — Віват! — крычыць пан Заблоцкі. — Наша ўзяла! Цмокі ззаду засталіся! Наперад, пане Кубліцкі, ды толькі шпарчэй! Вось і лес скончыўся. Прабягаюць вёску. Мужыкі, маладзіцы, дзеці, старыя высыпалі на вуліцу. Усім цікава паглядзець, з якой здабычай вяртаюцца паны Кубліцкі ды Заблоцкі з рыбалкі.

Чуюцца галасы:

— Дзе ж ваша рыба, панове?

— Пане Кубліцкі! Што ты там рукой прыкрываеш?

Селянін Ахрэм Верацённік з дакорам ківае:

— Казаў жа вам, панове: не хадзіце на возера Куцапае!

— Якая жудасная прыгода! — кажа ўдома, крыху апрытомнеўшы, пан Кубліцкі. — А ўсё ты, пане Заблоцкі!

«Пойдзем ды пойдзем на возера Куцапае!»

— Не наракай, пане, — адказвае пан Заблоцкі. — Каб не мая адвага... Каб не мая вынаходлівасць... Каб я не закамандаваў: «наперад!», дык маглі б нас і дагнаць гэтыя гады атрутныя... — Што б тады было! — закрывае твар рукамі пан Кубліцкі. — Што было б! Апынуліся б мы ў сагане! Зварылі б з нас шляхецкую юшку!

— Гэта яшчэ не самае страшнае, — супакойвае дружбака пан Заблоцкі. — Самае жудаснае было б, каб мы ў цемры наварылі юшкі з тых паўзуноў мярзотных ды з'елі! А я ж такі гідлівы! Век бы на рыбу пасля таго не глядзеў бы!

ПОКАЗКА ПЯТАЯ ПРУСАЧЫНАЯ ВАЙНА

Жамяра... А хто такая — жамяра?

Ну, вы, пэўна, ведаеце, што ў старыя часы так называлі ўсё, што поўзае, лётае, скача, у вадзе боўтаецца, кусаецца, джаліць, шчыкае, кроў смокча, казычацца. Жучкоў, павучкоў, матылёў, мурашак ды розных іншых кузурак. Мух, дарэчы, таксама.

Вух, гэтыя мухі! З тае пары, як сышла ад паноў служка Дрыпа, спакою ад іх не стала! Па столі поўзаюць, песенькі спяваюць, карагоды водзяць, у чахарду гуляюць. Зусім раздурэлі. Самыя нахабныя абселі пана Кубліцкага лысіну дый распачалі на ёй гульні ды скокі. Падыходзіць пан Кубліцкі да люстэрка, сумна глядзіць на мушынае йгрышча, ківае галавой дый кажа:

— Да чаго я дажыўся... Ужо мухі на мне кадрылю танчаць!.. Пэўна, старасць надыходзіць.

— Мух трэба вытруціць, — адгукаецца пан Заблоцкі. — Чым гэта іх дзеўка Дрыпа звяла? Чакай! Прыгадаў! Грыбы нейкія былі, чырвоныя, у гарошак. — Мухаморы, — падказвае пан Кубліцкі.

— Во-во, мухаморы! Збірайся, пане Кубліцкі, хадзем у лес па мухаморы, пачастуем мух грыбной поліўкай!.. Але мухі, пачуўшы такую навіну, не чакаюць, пакуль паны назбіраюць мухамораў. З жаласным гудзеннем яны вылятаюць у вакно.

Пан Кубліцкі дужа гэтым цешыцца, а пан Заблоцкі — не надта.

— Мухі — не самае страшнае ліха, — бурчыць ён. — Горшая за мух моль. Зірні, пане Кубліцкі, як бараду аб'ела!..

Пан Кубліцкі глядзіць: праўда, палова барады аб'едзеная.

— Можа і яе, моль, значыцца, тручануць мухаморамі? — раіць ён дружбаку.

— Не, — паныла кажа пан Заблоцкі, — гэта будзе няхораша. Трэба галіцца, нічога не паробіш. Бяры брытву, пане Заблоцкі. Брытва ў паноў ганаровая, ёй год дзвесце, не меней. Яшчэ продак ёю галіўся, пан Крыштап Халімон Кубліцкі. Адно што заіржэлая крыху. Але пан Кубліцкі — цырульнік адмысловы. Ён і гэтай іржавай брытвай здолеў пана Заблоцкага парэзаць. — Вой-вой-вой! — лямантуе пан Заблоцкі і хапаецца за шчаку. — Ну й канавал жа ты, пане! Рэзаў бы адразу нос ці вуха! — І гэта можна, — разгублена мармыча пан Кубліцкі. — Тфу! — плюецца ўшчэнт раззлаваны пан Заблоцкі, выходзіць з хаты, ляснуўшы дзвярыма, і шыбуе проста ў Смургоні, да знаёмага нам пастрыгача. Таго, што дзеўцы Дрыпе модную прычоску рабіў. Пастрыгач апрацоўвае пана Заблоцкага па апошняй пранцузкай модзе — нагала. Здымае бараду, вусы й рэштку чупрыны — усё чыста.

Пан Кубліцкі, пабачыўшы дружбака ў новым абліччы, пляскае ў далоні і кісне ад смеху.

— Нічога, што барады няма, — бурчыць пан Заблоцкі. — Яна шляхціцу і не да твару зусім. Затое колькі молі ляснула! Але неўзабаве паноў падпільноўвае новая, найгоршая навала — нашэсце прусакоў. Запаланілі ўсю хату — прусакі-дзяды з даўгімі сівымі вусамі, прусакі-кавалеры, тоўстыя прусачыхі-маладзіцы, прусачаняты розных калібраў. Жывяцца ўсім, што ў хаце ёсць, не грэбуюць нічым — ні рэпнай поліўкай, ні рэпнымі біфштэксамі. А што ўжо брудзяць... Горш ад мух. Дабраліся нават да панскіх партрэтаў.

— Сёння пана Крыштапа Халімона прывялі ў непрыстойны выгляд... — у скрусе кажа пан Кубліцкі.

— Як пан церпіць! Гэта ж фамільная абраза! — крычыць пан Заблоцкі і раз'юшана грукае кулаком. — Абвяшчайма прусакам вайну!

Употай паны спадзяваліся, што да бойкі справа не дойдзе. Маўляў, прусакі напалохаюцца адных пагрозаў ды пырснуць прэч з хаты. Але гэтая жамяра сталася больш вытрыманай. Пагрозы панскія ім аніяк не абыходзяць. Як і раней, прусачыхі яйкі нясуць, старыя прусакі газеты (панскія) чытаюць, малыя прусачаняты гуляюць у хованкі. І ўсе разам трушчаць усё, што жуецца, а што паскудзяць — дык з падвойнай хуткасцю.

Пан Заблоцкі аддае загад распачаць баявыя дзеянні. Дастаюць са сховаў знаёмую нам ужо дзедаву стрэльбу. Тую самую, з якой паны хадзілі ў паход падчас вайны паміж князем Дрыгайлам ды каралём Гарбузом XVIII. Замест куляў, як і тады, пойдзе ў ход пражаны гарох.

Стрэльба ўмацоўваецца на падваконні, страляць будуць знадворку. Пан Заблоцкі пачынае аддаваць каманды:

— Зарадзіць стрэльбу гарохам! Навесці зброю! Запаліць кнот!

Плі!

— Бах! Бах! Бах! — грымяць стрэлы.

Пражаны гарох лупіць па сценах, шафах, камодах. Дастаецца і панскім продкам.

— Вой! Пану Крыштапу Халімону ў лоб трапіла!.. — стогне пан Кубліцкі.

— Што зробіш! На вайне як на вайне! Плі! — крычыць у запале пан Заблоцкі.

Прусакі замітусіліся, забегалі. Замільгалі ножкі, вусікі, пыскі. Прусачыны камандзір ставіць усіх у шыхт, і прусачынае войска спешна, але арганізавана адступае — праз вокны, дзверы, шчыліны. Панеслі з сабой забітых, параненых, нямоглых, яйкі і прусачкоў-немаўлятак. Праз колькі хвілінаў у хаце не застаецца аніводнага прусака. — Віват! — радуюцца паны. — Вікторыя!

І спяшаюцца напоўніць келіхі рэпным віном — перамогу каб адзначыць.

Але неўзабаве высветліцца, што зарана яны радаваліся. Бо назаўтра ў хаце ізноў поўна прусакоў — як усё адно й не сыходзілі яны нікуды.

— Адкуль жа яны бяруцца? — дзівіцца пан Кубліцкі. — Пайду папытаюся ў вёсцы.

Увечары ён прыносіць з вёскі навіну.

— Прусакі перабягаюць сюды ад пана Цяртухі, з суседняга фальварка. Пан Цяртуха — аматар прусачыных гонак. То ён адмыслова іх выводзіць, каб у гонках удзельнічалі. Столькі нагадаваў, што ў фальварку ім ужо цесна. Вось яны і разбягаюцца па ўсіх суседзях.

— Гэтаму трэба пакласці канец! — бушуе пан Заблоцкі. — На двабой пана Цяртуху!

— Не трэба, пане, — шэпча пан Кубліцкі. — У пана Цяртухі зброя сучасная... Куды мы супраць яго з адной дзедавай стрэльбай?

— Значыць, трэба на прусакоў засаду зрабіць! Дзе, халера ясна, іхняя дарога, па якой яны сюды перапаўзаюць?

Абходзяць вакол хаты — вось яна, сцяжынка, пратаптаная прусакамі. Надвячоркам паны залягаюць у рэпе, наводзяць стрэльбу на прусачыную дарогу.

— Трымай агніва напагатове, — шэпча пан Заблоцкі на вуха пану Кубліцкаму. — Як толькі пабачыш нешта падазронае — падпальвай кнот і страляй!

— Дзе ж ты тут што пабачыш, — паныла кажа пан Кубліцкі. — Цёмна, як у труне.

— А ты, пане, прыслухоўвайся. Як толькі на дарозе што-небудзь зашалпочацца — адразу: плі!

— А нам самім не зробяць «плі»?

— Каб не зрабілі, трэба першымі стрэліць.

І вось ужо на дарозе чуюцца нечыя таропкія крокі: «туп-туп-туп!».

— Гэта прусачына! — сіпіць пан Заблоцкі. — Страляй! Плі! Дзедава стрэльба як зарыпіць! А потым — як шандарахне! Як блісне — нібы шаравая маланка ў рэпе разарвалася! Ад прусачынай дарогі як сыпане ўгору сноп белага пер'я! Нешта як закукарэкае немым голасам!

— Добра ўлупіў! — хваліць пан Заблоцкі пана Кубліцкага. — Як ты іх расшкуматаў! Ажно пер'е з гадаў пасыпалася!

— А што, калі гэта не прусакі былі? — нясмела робіць здагадку пан Кубліцкі.

— Хто ж тады?

— А кадук яго ведае? Можа, птушка якая? Кура Шчабятура? — Ну? Тады давядзецца зноў пільнаваць, — крэкча пан Заблоцкі.

Апаўночы, у мёртвае цішы з боку дарогі чуецца падазроны шоргат. Нечыя лапкі борздзенька перабіраюць, шалпацяць па зямлі. Пан Кубліцкі, разгарачаны доўгім чаканнем, бабахае без каманды. Ізноў бразганне, грукат, выбух шаравой маланкі над рэпай. Затое шалпаценне адразу змаўкае. — На гэты раз памылкі быць не можа, — пераканана кажа пан Заблоцкі. — Гэта былі яны. Мы перамаглі, пане Кубліцкі. Хадзем спаць.

Але выспацца панам як след не ўдаецца. На золку іх будзіць звяглівы голас бабкі Гапкі, што на суседнім хутары жыве: — Нашто пеўня майго адзінага падстрэлілі, паны шалапуты! — лямантуе яна. — Нашто пер'е яму пашкуматалі, стралкі гарохавыя! Як ён цяпер за курамі бегаць будзе, голы гэтакі? — А чаго ён па нашай тэрыторыі бегаў? — спрабуюць апраўдацца паны.

— Няпраўда, ён па нічыйнай тэрыторыі бегаў! — крычыць бабка Гапка. — Ён па дарозе бегаў, чарвячкоў збіраў, а тут вы яго падстрэлілі, бедную жанчыну пакрыўдзілі, без куранятак яе пакінулі!

Пан Кубліцкі затыкае вушы.

— Чаго ж ты хочаш, баба? — панура пытаецца пан Заблоцкі. — Купляйце новага пеўня! Або дайце старому пеўню на лячэнне...

Паны мусяць адкупіцца, каб не чуць бабчынага Гапчынага ляманту. Але на гэтым начная прыгода не завяршаецца.

Пасыльны прыносіць панам позву ў суд. Судзіцца з імі — хто б вы думалі? Пан Цяртуха. Гэта панам асабліва крыўдна.

У судзе, які адбываецца ў Смургонях, пан Цяртуха абвяшчае сваю скаргу: паны пашкодзілі заднія ногі лепшым ягоным скакунам.

— Як яны цяпер будуць у гонках удзельнічаць? — аж захліпаецца пан Цяртуха.

— Што скажаце ў сваё апраўданне? — пытаецца ў паноў суддзя Глузд.

— Яны... гэтага... у нашу хату перабягалі! — выпальвае пан Заблоцкі.

— Хто «яны»?

— Прусаччо гэнае...

— Яны вам паведамлялі пра свае намеры? — уедліва пытаецца суддзя Глузд.

І, не прычакаўшы адказу, кажа да пісарчука: — Запішы, пане Клёк: «Не паведамлялі». Зноў звяртаецца да паноў:

— Навошта стралялі, панове?

— У мэтах самаабароны. Знацца, абараняліся мы, — дыпламатычна кажа пан Кубліцкі.

Суддзя Клёк на якую хвілю задумваецца, а тады ставіць каверзнае пытанне:

— Паны ведаюць паслядоўнасць самаабароны?

— Якую паслядоўнасць? — зусім губляюцца паны.

— А вось якую: спачатку вы павінны запытаць: «Стой, хто ідзе?» Пасля папярэдзіць: «Стой, страляць буду!» А пасля ўжо адкрываць агонь. Вы спрабавалі папярэдзіць прусакоў? Не?

Пішы, пане Клёк: «Не папярэдзілі».

Пасля чаго суддзя Глузд абвяшчае прысуд: спагнаць з паноў Кубліцкага ды Заблоцкага па тры талеры на карысць пана Цяртухі і па два — на карысць суда.

— З багатым лепш не судзіцца, — разважаюць паны, вяртаючыся дахаты. — Няйнакш, гэты прусачыны тата падмазаў высокі суд...

Адно добра: пасля таго здарэння прусакі пакінулі паноў у спакоі.


ПОКАЗКА ШОСТАЯ КОТ БУРКУН І МЫШЫ

Няма прусакоў — дык іншая нечысць завялася. Гаспадарку паноў Кубліцкага ды Заблоцкага апаноўваюць мышы. Ведама, пранюхалі пра тое, што паны заняліся земляробствам, маюць лішні талер.

Мышы — паўсюль, дзе што кепска ляжыць, усё чыста падбіраюць ды пад'ядаюць. Мышы ладзяць карагоды ды йгрышчы не горш ад прусакоў. Ледзьве паны пакладуцца спаць — паветра дрыжыць ад мышыных піскаў. — Адным словам, трэба ката. Або котку, — каротка кажа пан Заблоцкі пасля таго, як мышы згрызлі ўлюбёны панаў часопіс «Шляхецкія ведамасці».

— То дзе ж яго здабыць? Ізноў у Смургонях? У рыжа-лысага?

— Не, не і не! — крывіцца пан Заблоцкі. — Ад рыжа-лысага адныя страты. Сам пайду шукаць.

— Пан намерваецца шукаць па сметніках? — уедліва пытаецца пан Кубліцкі.

— Дзе трэба, там і буду шукаць, — кажа пан Заблоцкі. І на гэтым гаворка сканчаецца.

Зазначым, што пан Заблоцкі напраўду не збіраецца абшукваць сметнікі — ён накіроўваецца ў вёску, каб там набыць ката таннага і працавітага. «Вясковы кот — ён будзе лепш ад гарадскога мышэй лавіць», — такая думка мільгае ў галаве ў пана Заблоцкага.

Неўзабаве ўся вёска ўжо ведае, што шукае пан Заблоцкі. З усіх хат вядуць і цягнуць да пана катоў розных памераў, колераў ды ўзростаў — чорных, рыжых, зялёных, стракатых, у клетачку, аблезлых, шалудзівых, смаркатых, лядаштых, бясхвостых...

— Пане Заблоцкі! Пане Заблоцкі! Купіце котку! Ловіць мышэй, як дурная!

— Жанчын не трэба, — каротка адказвае пан Заблоцкі. — Пане! Вось кот дык кот! Паглядзіце, які рыжанькі! — Рыжых і лысых не прапаноўваць.

— Пане! Глядзі, які тоўсты кот. На даланю сала на ім! Сапраўдны шляхціц!

— Шаноўны, мне патрэбен кот, а не падсвінак, — адбрэхваецца пан Заблоцкі.

Позірк пана падае на сціплага, задуменнага ката, які выглядае ну зусім не па-вясковаму. Бо кот апрануты ў чорны храк з белым гальштухам. Хіба што капелюша не стае. «Нічога, капялюш мы яму купім», — мільгае ў галаве ў пана Заблоцкага. І ён без развагаў плаціць за ката Буркуна — так прадставіў яго гаспадар — адзін талер тры грошы. — Ізноў шляхціц? — так і ахнуў пан Кубліцкі, як толькі пабачыў храк і гальштух спадара Буркуна.

— А што, хіба лепш было б прывесці аблезлага кацяру з памыйніцы? — агрызаецца пан Заблоцкі. — Радуйся, пане, што кот выкшталцоны і танны.

— А ці будзе гэты хрант мышэй лавіць? — сумняваецца пан Кубліцкі.

— Яшчэ як будзе! Паглядзі, ужо рыхтуецца.

Сапраўды, Буркун паводзіць сябе досыць пагрозліва: натапырвае вусы, выцягвае спіну, зіркае па кутах зялёнымі бандыцкімі вачыма, вострыць кіпці аб пана Заблоцкага валёнак. І пры гэтым пагрозліва муркае.

Шкада, што паны не вучылі кацінае мовы. Бо тады б яны пачулі, што кот Буркун муркае:

— Не хачу мышэй лавіць... Не буду сырых мышэй есці... І вараных мышэй таксама не буду есці, і пражаных не буду, і салёных не буду, і мачоных не буду... Ніякіх не буду... таму што мне іх шкада...

Адным словам, кот быў гуманіст. Што гэта значыць? Так завуць людзей, якія шкадуюць... людзей. От я і памыліўся, бо кот Буркун шкадаваў мышэй. То як яго тады называць? Паны пра тое і не здагадваліся. Але пан Заблоцкі западозрыў нешта нядобрае, калі кот заўпарціўся ды не схацеў ісіці ў цёмную камору.

— Цемры баіцца, — зазначыў ён. — Будзем прывучаць.

І без усялякіх цырымоніяў узяў ката за шкірку ды закінуў у камору.

— Або цябе мышы з'ядуць, або ты іх, — праказаў ён кату на развітанне. Але не прадбачыў ён, што будзе не так і не гэтак. Ураніцу кот выходзіць з каморы жывы і здаровы, што рыжык баровы.

— Значыць, мышам — капут, — з задавальненнем сцвярджае пан Заблоцкі. — Усіх падушыў.

— А хто ж там папісквае у куце? — заўважае пан Кубліцкі. — Гэта ў пана у вушах папісквае.

Па праўдзе сказаць, ад гэтага часу ў хаце пацішэла — годзе мышам сваволіць. Як быццам і няма іх. Але хто тады рэпу точыць, сыры, кілбасы, якія паны на апошнія талеры ў Смургонях купілі?

Вырашылі паны прасачыць, куды прыпасы іхнія дзяюцца. — Прыкінемся, што ў Смургоні паедзем. А самі залезем на гарышча і будзем адтуль праз шчыліны глядзець, — такую думку падаў дасціпны пан Кубліцкі.

І што яны бачаць? Выходзіць на сярэдзіну хаты іхны ўлюбёны кот у чорным храку з белым гальштухам і свішча, як істы Салавей-разбойнік. Тады з усіх шчылінаў, нораў, камораў і падкаморак збіраюцца на свіст мышы. Старыя мышы, маладыя мышы, мышыныя дзіцёнкі і нават нейкі стары аблезлы пацук да гэнай мышынай зграі прыкляпаўся. А кот Буркун гаркае басам: — Здарова, мышынае войска!

А яны яму ў адказ — бязладным хорам, пісклявымі галасамі: — Жадаем здароўя, шаноўны пане генерале Буркуне, вашая генеральская дастойнасць!

Кату Буркуну прыемна, што мышы называюць яго генералам. Ён абвяшчае:

— Пачынаем мышыныя манеўры! Станавіся ў шыхт! Раўняйсь!

Лягай! Уставай! Зважай! Бягом! Паўзком! Крокам руш!

Мышынае войска ўсе гэтыя каманды выконвае, займае абарончую пазіцыю, залягае ў акопы, атакуе нябачнага ворага. Кот Буркун усімі дужа задаволены. Выдае кожнаму мышынаму камандзіры па сардэльцы з панскае каморы.

— Гэта ж ён нашае дабро пераводзіць! — горача шэпча пан Заблоцкі. — Ужо ж я яму ж надзяру ж вушы ж!

— Пачакай, — шэпча пан Кубліцкі. — Паглядзім, да чаго можа дакаціцца сумленны, здавалася б, кот!

Мышы дзеляць панскія сардэлькі, кот Буркун дабрадушна ўсміхаецца. Пасля адзін порсткі мышак ускараскваецца на зэдлік і пачынае працяглую прамову пра выдатную знешнасць ката Буркуна. Ён хваліць хвост ката Буркуна, высока ацэньвае колер ягонай поўсці, да нябес узносіць ягоныя кіпці і вусы. Вочы ката Буркуна ён параўноўвае з двума смарагдамі.

Потым ён пералічвае добрыя справы Ката Буркуна. Дзякуе яму за любоў да мышачага роду-племені, узносіць выдатныя здольнасці военачальніка. Узгадвае, як кот спраўляў мышачае Купалле. Як напісаў для мышэй Статут, гэта значыць, закон, і сачыў за тым, каб усё ў мышэй ішло парадкам, каб вінаватыя былі пакараныя, а пакрыўджаныя аблашчаныя. Як шкадаваў мышыных сірот і ўдоваў — кожную адарыў селядцовым хвастом.

Паны мала што разумеюць з гэтай пісклявай прамовы. Але да іх спакваля даходзіць, што кот Буркун лічыць іхнюю маёмасць сваёю і шчодра дзеліцца ёю з мышамі. Кату Буркуну слухаць гэтыя прамовы, наадварот, надта прыемна. Пагатоў, ён дасканала вывучыў мышачую мову. Уважліва выслухаўшы ўсе хваласпевы, кот прыцягвае цабэрак з рэпным віном і збіраецца шчодра абнесці гэтым напоем усіх сваі х хвастатых падданых.

Тут ужо шляхецкія сэрцы не вытрымліваюць. Паны скочваюцца з гары, як два мяхі.

— Зараз хвост яму адарву! — лямантуе пан Заблоцкі і пры гэтым страшна круціць вачыма. У яго гэта хвацка атрымліваецца, проста страх! Беражы нас Божа! Кот раве немым голасам ад страху. А мышы як сыпанулі па норах, па шчылінах — толькі іх і бачылі.

— Спыніся, пане, — кажа разважлівы пан Кубліцкі. — Ці ж гэта кот вінаваты? Гэта мышы подлыя ва ўсім вінаватыя. — У высылку яго! — круціць вачыма пан Заблоцкі. — На хлеб і на ваду яго! Не даваць яму сардэлек тры дні! Без віна пакінуць на цэлы тыдзень!

І беднага ката Буркуна зачыняюць на гарышчы. Але на гэтым ягоная гісторыя не скончылася.


ПОКАЗКА СЁМАЯ КАХАННЕ КАТА БУРКУНА

Конь Гарцук закахаўся на старасці год, а чаму б і кату Буркуну не закахацца? Пра гэта асобная показка. Паны Кубліцкі ды Заблоцкі, па прастаце сваёй, думалі, што кот з гарышча нікуды не падзенецца. Не ведалі, гаротныя, што каты могуць скочыць з вышыні дзесяць метраў і болей — і нічога ім. То кот Буркун, апынуўшыся на гарышчы, аніякай небяспекі над сабою не адчувае, а пачынае аглядацца. Вісяць вэнджаныя кумпякі — ён грызянуў ад іх. Стаіць біклага са старым рэйнскім віном — ён сербануў з яе, проста з гарляка. Аглядаецца далей.

На цвічку вісіць музычны народны інструмент, які называецца «мандаліна». Кот прыглядаецца да інструмента, кратае струну кіпцем — і ўсведамляе, што гэта — ягонае. Што распавядаць далей? Ведаеце, як прыходзіць каханне? Аніхто не ведае. Конь Гарцук не верыў, што да яго прыйдзе каханне — а яно надышло і ў баранні рог яго скруціла. Кот Буркун толькі зірнуў у вузенькае акенца з гарышча, пабачыў маленькую рыжанькую котку ўнізе, на бервяне — і дрыгнула катова сэрца. Кот закахаўся. Што ж. Бывае.

Кот бярэ ў лапы мандаліну й пачынае спяваць раманс — самы што ні на ёсць пранікнёны раманс у свеце. Вядома, калі ацэньваць рамансы з кацінага пункту гледжання. Ён спяваў прыблізна так: — Котку я пакахаў... Мяў... Мяў... Мяў...

Або, мажліва, так:

— Котку я люблю, люблю-у,

Мя-у, мя-у, мя-у...

Пасля чаго ён, у роспачы ад невыноснае жарсці, грукаецца проста на зямлю з вакна, разам з музычным народным інструментам — мандалінаю. З ім нічога, натуральна, кепскага не адбываецца. Каты яшчэ з большае вышыні гупаюцца. Але пры падзенні мандаліна робіць гэтакі музычны гук: «Дзін-н-н!..»

Прачынаюцца паны Кубліцкі ды Заблоцкі.

— Што гэта там дрынкае? — сонным голасам будзе пытацца пан Кубліцкі.

Пан Заблоцкі зіркае ў вакно, заўважае ката Буркуна з мандалінай, рыжанькую котку, пазяхае і адказвае: — А гэта наш дурнаваты кацяра закахаўся. Зараз пачне каціныя рамансы спяваць пад мандаліну.

— Эх, маладосць, маладосць!.. — з зайздрасцю кажа пан Кубліцкі. — Дзе ж мая маладосць, а, пане Заблоцкі? Пан Заблоцкі адказвае яму густым басавітым храпам. Уздыхнуўшы, пан Кубліцкі адкідваецца на падушкі і пачынае храпці цененькім ценарам. Такім чынам, яны не бачаць заканчэння любоўнае драмы свайго ўзгадаванца. Аднекуль з-за бярвення выпаўзае яшчэ адзін кот. Аблезлы, смаркаты, кульгавы, крывы на адно вока, а другое вока гарыць жоўтым бандыцкім полымем. Адным словам, адразу бачны кот-бандыт. Сумніцельнага паходжання, кепскага нораву, без аніякага выхавання. Але рыжанькая котка адразу вока кладзе на гэтага бандыта і туліцца да яго. Разам яны выконваюць кароткую любоўную серэнаду і знікаюць у прыцемках. О, гэтыя жанчыны!..

А панскі кот Буркун застаецца разам са сваёй мандалінай і са сваім горам. О, як ён спявае пад мандаліну, ажно сэрца разрываецца ад тых спеваў! Паны слёзы гаручыя праліваюць, слухаючы той спеў.

— Эх, пане Заблоцкі, — пранікнёна будзе казаць пан Кубліцкі, — вось гэта дык каханне! Мы такога нават па маладосці сваёй не ведалі!

— Вось гэта кот! — адгукаецца пан Заблоцкі. — Кот дык кот! А мы яго так мала шанавалі... А ў яго такое шырокае кацінае сэрца... Што толькі ў тым сэрцы не памясцілася... Нават гэтая рыжая кошка шалудзівая... Тфу! Нельга верыць жанчынам! А ката трэба трымаць да скону, пакуль не здохне! Гэй, Буркуне! Кідай мандаліну! Годзе скавытаць! Усе жанчыны ў свеце не вартыя аднаго твайго кіпця! Хадзі да нас! Маеш пажыццёвы пенсіён — пакуль лапы не выцягнеш!

Гэтак кот Буркун робіцца паўнавартасным шляхецкім сямейнікам. Яго глядзяць нават лепш, чым вядомага вам Гарцука. Купляюць для яго ў Смургонях адмысловыя каціныя кансэрвы — «Віскас», шатляндскі віскі, мышэй марынаваных, мышэй салёных, мышэй сушаных, мышэй вэнджаных, мышэй пражаных, мышэй фаршыраваных.

— Трэба яго як след падкарміць, — з пяшчотай кажа пан Кубліцкі. — Зусім усох ад кахання.

— Ну... — няпэўна адказвае пан Заблоцкі і лічыць, колькі талераў засталося на пражытак.

А кот Буркун перабірае струны на мандаліне і заводзіць любоўны раманс: — Закахаўся я... Мя-а, мя-а, мя-а...

ПОКАЗКА ВОСЬМАЯ ЛЯТУЧАЯ СВІНКА

— Калядкі далёка, кілбаскі высока...

Гэтак ні з таго ні з сяго пачынае спяваць пан Кубліцкі.

А пан Заблоцкі яго дакарае:

— Аніякіх калядак, аніякіх кілбасак у нас не будзе. Бо талеры трэба эканоміць. І яшчэ невядома, як рэпа ўродзіць.

— Трэба адкарміць свайго парсюка, вось што! — вырашае пан Кубліцкі. — Тады будзем і з кілбаскамі, і з кумпякамі, і з вантрабянкай, і з паляндвічкай, і з рулькамі, і з вушкамі!..

— Пан раіць купіць свінню? — з нейкай скрыўленай мінай запытваецца пан Заблоцкі.

— Так, свінню! — рашуча адказвае пан Кубліцкі. — А пан ведае, чым свіння тая харчуецца?

— Можа, мукой... Можа зеллем... Можа, памыямі... — пачынае варажыць пан Кубліцкі.

— А можа яшчэ чым горшым за памыі?! — грыміць голас пана Заблоцкага. — Яна такой брыдой часам жывіцца, што ў мяне язык не паварочваецца сказаць, якой!... Ды яшчэ ў калюжынах плюхаецца! Словам, гэта зусім не шляхецкае стварэнне!

— А калі... а калі... а калі... купіць шляхетную свінню? Свінню, якая б не жывілася тым брыдкім, пра што казаў пан Заблоцкі? Далікатную свінню, якая б ела тое, што паны ядуць?

— Дзе ж знайсці такую далікатную свінню? — вырываецца ў пана Заблоцкага.

Адказ ужо гатовы: такія свінні, калі і прадаюцца дзе-небудзь у белым свеце, дык толькі ў Смургонях. Адным словам, трэба зноў шукаць рыжа-лысага.

Яны яго хутка знаходзяць у тым самым шынку. Як, па якой прыкмеце? Ды яны бачаць чалавека, у якога чупрына колеру морскай хвалі і барада колеру морскай хвалі. — Перафарбаваўся... — шэпча пан Кубліцкі. — Дальбог, перафарбаваўся. Нашто звычайнаму чалавеку фарбавацца ў такі колер?

І на гэта немагчыма аніяк запярэчыць.

— Нам свінню, — рашуча патрабуе пан Заблоцкі.

— Якая панам патрэбная свіння? — спакойна запытваецца былы рыжа-лысы. Як быццам усё жыццё адно свіннямі гандляваў.

— Такую... Далікатную. Каб не ела абы-чаго... Таго самага... Самі разумееце, пане. Каб не сорамна было яе ў шляхецкай гаспадарцы трымаць.

— Я ўсё разумею, панове, — спакойна адказвае рыжа-лысы. -І ўсё ж такі... Свінні, перапрашаю, маюць звычку вішчаць, рохкаць, кугікаць і галасіць, асабліва калі яны, перапрашаю, у плот ушчэмяцца. Вам патрэбная такая свіння? — Не, не і не! — паспешліва адказвае пан Кубліцкі. — Нам не трэба такая свіння, якая рохкае. Нам патрэбная свіння, якая шчабеча, нібы птушка, і выводзіць усялякія рулады, як салавей. Адным словам, нам патрэбная мілагучная свіння. — Зразумела, панове, — спакойна кажа рыжа-лысы, а папраўдзе — колеру морскае хвалі. — Цяпер я ведаю, што вам патрэбна. Вам патрэбная лятучая кітайская свіння. Але гэта вельмі дорага. Сама свіння не дужа дарагая, але яе трэба ў клетцы трымаць. А клеткі, самі разумееце, цяпер дарагія. А без клеткі прадаць свінню я не магу, бо без клеткі яна ўцячэ ад вас.

Што паробіш? Паны згаджаюцца і свінню купіць, і клетку. Інакш кажучы, яны купляюць свінку разам з клеткай. Свінка зусім маленькая, можна сказаць, мініятурная. Яна сядзіць у клетцы на жордачцы і спявае прыемным голасам розныя шляхецкія рамансы. Гэта панам Кубліцкаму ды Заблоцкаму вельмі падабаецца, а кату Буркуну не вельмі. Ён пачынае бурчаць: — От завялі цацу! Была б з яе хоць якая карысць! Хаця б сала якое! А то — тфу!..

То ж адкуль узяцца на ёй сала, калі свінка не есць анічога, што звычайныя свінні ядуць. Паны частуюць яе цукеркамі, тартамі мігдаловымі, цукатамі, сочывам, аранжыкамі, бананамі, авакадам, баабабам, цытрынай, маслінай, чакалядай, мармялядай ды іншай заморскай стравай. Свінка ўсё спраўна чысціць, але выгляд у яе нейкі невясёлы, вочы задуменныя, а на спінцы замест шчацінкі прарэзваюцца крыльцы. Словам, высвятляецца, што рыжа-лысы не падмануў: гэта напраўду лятучая свінка.

Надыходзіць восень. І ўсё часцей паны хіжа паглядаюць на каляндар, потым шматзначна — на свінку. Пан Кубліцкі падымае ўгору палец і кажа:

— Калядачкі далёка, кілбасачкі высока. Калядачкі наблізіліся, кілбасачкі панізіліся. Калядачкі блізка, кілбасачкі нізка. Пасля чаго выразна паглядае на свінчыны кумпячкі. А яны, трэба сказаць, за лета ладна такі акругліліся. Нягледзячы на тое, што свінка жывілася аднымі кандытарскімі вырабамі. Пры гэтых словах свінка пачынае асабліва турбавацца, як быццам прадчувае, што агульны свінячы лёс яе не абміне. І хто яе пашкадуе? Ніхто. Апроч ката Буркуна, які даўно ўжо цікуе за свінчыным жыццём. А ў рэшце рэшт кажа:

— Кепская твая доля. Мяне хоць у клетку не садзяць, хаця таксама жыццё не цукар. Як жа табе дапамагчы? А што свінка яму адкажа? Яна кацінай мовы не ведае. Яна пачынае лопаць крыламі і шчабятаць, нібы канарэйка. І кот, здаецца, разумее ейнае шчабятанне.

— Ясна, — кажа ён. — На волю хочаш. Волю ўсе любяць. Ну, што ж... Ляці, птушачка!

З гэтымі словамі ён адчыняе клетку і выпускае лятучую свінку на волю. Тая вылазіць з клеткі, распроствае як след крылы і... цмокае ката ў лоб. Сваім мокрым пятачком. Кот расчулены.

— Ладна табе ўжо, — кажа ён. — Ляці ўжо. Да сустрэчы ўжо.

Прылятай назад, як захочацца. Не забывайся.

Свінка лопае крыламі. Вакно расчынена. Міг — і няма яе. Дзе ж яна? Проста растала ў блакіце нябёсным, пад хмарамі.

Паляцела — проста ў вырай. У тую цёплую, паўднёвую краіну, дзе зімуюць буслы, ластаўкі і... лятучыя свінкі.

Паны вяртаюцца дахаты — а свінкі няма. Яны страшэнна абураныя, крычаць, галёкаюць, рукамі махаюць, з дзедавай стрэльбы гарохам страляюць. Хто скраў свінку? Вядома, віна падае на ката Буркуна.

— Гэта ён яе выпусціў, — здагадваецца пан Кубліцкі. — Не, гэта ён яе з'еў, — адгукаецца пан Заблоцкі і раз'юшана круціць вачыма, як ён гэта ўмее. — Зжэр з косткамі, скурай і пятачком. Хаця б калядаў пачакаў, кацяра несумленная! Прэч яго з хаты!

Гэта ён пагарачыўся. Як жа яны без такога ганаровага ката. Ужо звыкліся з ім. Але слова праказалася. Кот пакрыўдзіўся. — Што ж, панове, — з гонарам кажа ён і па-шляхецку падрыгвае хвастом. — Дзякую вам. Іншае ласкі я ад вас і не чакаў. Ну і хай. Пайду. Мне даўно ўжо хацелася свет паглядзець, сябе паказаць. Здаровы бывайце, мяне не забывайце.

Махнуў хвастом на развітанне і пайшоў. Мышы хацелі былі за ім увязацца, але ён ім не дазволіў.

— Заставайцеся тут, — загадвае ён ім. — Трэба быць патрыётамі роднай хаты. Некаму ж і застацца трэба. А я калі-небудзь вярнуся.

Гэткім чынам паны зноў застаюцца адны.


ПОКАЗКА ДЗЕВЯТАЯ ЗДАРЭННЕ НА ДЗЯДЫ

Засталіся паны адны. Мышы, вядома, не лічацца. А тут настаюць халодныя цёмныя восеньскія ночы. А тут — неўраджай рэпы, так што паны не могуць выручыць за рэпу талеры і накупляць у Смургонях ячных крупаў, мёду, гарэхаў, віна, усялякага іншага, каб як след сустрэць Дзяды.

От ужо вы, напэўна, ведаеце, як і дзеля чаго святкуюцца Дзяды — адно з найвялікшых святаў на нашае зямельцы. На гэтае свята, кажуць, жывыя сустракаюцца з памерлымі. Якім чынам?

Вось людзі ўвечары сядаюць за святочныя сталы, запальваюць свечкі, частуюцца поснымі стравамі, узгадваюць сваіх нябожчыкаў — хто дзядулю, хто прабабку — хто каго памятае. І дзяды, нябачныя, святкуюць поруч з намі. Часам і вестку могуць пра сябе перадаць. Задрыжыць язчык свечкі, затрымціць ад нябачнага подыху — гэта, пэўна, азваўся ваш памерлы родзіч.

Святочная пачостка застаецца на ўсю ноч на стале — дзяды частуюцца пасля вас, балююць уначы.

У паноў Кубліцкага ды Заблоцкага ёсць вялікая нагода адзначаць Дзяды — у іх мноства родзічаў, чые партрэты па-ранейшаму аздабляюць красны кут у хаце. Але адна бяда — грошай мала. А паны хацелі б наладзіць пышную пачостку ў гонар сваіх шматлікіх продкаў — накупляць усяго ды наесціся, перапрашаю, ад пуза, ды так, каб і продкам перапала, каб не крыўдавалі. А тут не выпадае. То яны ў вялікай скрусе. А сці пла святкаваць паны не могуць.

То пан Заблоцкі (такі гарачы!), павярнуўшыся тварам да паноў Крыштапа Халімона, Мацея, Цыкмуна, Маўры, Анупрэя, Піліпа Супрона Кубліцкіх, Рустыма, Рахвала, Ходара Язэпа, Самойлы Заблоцкіх ды іншых, мужчынскага ды жаночага полу, будзе голасна так казаць:

— Маўчыце! Не глядзіце! Што гледзіцё? Не будзе вам свята! Не будзе куцці! Не будзе чаркі! Не будзе і не будзе! Не, не і не! І перастаньце зіркаць на нас галоднымі вачыма! Гэта ён дарэмна так казаў. Ад роспачы, вядома, — што не можа бацькоўскую суботу стрэць як належыць. Што не мае чаго раскошнага на стол паставіць. Але гэта трэба было далікатна растлумачыць. А ён — накрычаў, накрычаў... Дзяды пакрыўдзіліся. Гэта было бачна па іхніх вачох, якімі яны глядзелі на пана Кубліцкага ды пана Заблоцкага з партрэтаў. Глядзелі пан Крыштап Халімон, Мацей, Цыкмун, Маўр, Анупрэй,Піліп Супрон Кубліцкія, Рустым, Рахвал, Ходар Язэп, Самойла Заблоцкія ды іншыя, мужчынскага ды жаночага полу.

Паны святло пагасілі ў пакоі — а яны ўсё адно глядзяць. Здаецца, што з цемры бліскаюць іхнія вочы, і не голад у іх, а дакор, смутак, гнеў. Маўляў, да чаго дакаціліся, пустадомкі! Паны на лавы палеглі, а спаць не могуць пад гэтымі позіркамі. Дый вусцішна стала наўкол. Ноч глухая, восеньская, без месяца, без зорак. Быў бы снег — і то весялей было б неяк. А тут яшчэ ў мёртвай цішы нейкі звер зароў у дуброве, за рэчкай Парэчкай. Хто такі? Можа, ізноў Цмок, якім абярнулася кураня ад Куры Шчабятуры (чытай папярэднюю кнігу)?

Пароў той звер — і зноў мёртвая ціша. І вось у гэтай цішы, у гэтай цемры знадворку раздаецца выразны басавіты голас: — Дзе гэтыя шалапуты? Дзе гэтыя пустадомкі? Дзе гэтыя няветлыя нашчадкі? А ну, выходзь на двор — размаўляць будзем!!!

Паны проста млеюць ад жаху. Гэта табе нават не партрэты, што са сцяны зіркаюць. Гэта нешта такое пагрозлівае і страшлівае, што нават пан Заблоцкі адчувае, як на ягонай лысай галаве падымаюцца дыбам валасы, якіх няма. А пану Кубліцкаму мроіцца, што ў яго па спіне не мурашкі, а халодныя жабы прабеглі.

Голас тымчасам басавіта і крыху насмешліва працягвае:

— Чаго не выходзіце? Штаны не апранеце ад страху? Дык вы яшчэ і баязліўцы? Вось дык шляхта!

Гэта не жарты — шляхецкі гонар закрануты. Пан Кубліцкі, перамогшы ікаўку, ганарліва кажа:

— Хто гэта штаны не можа апрануць? Вось я, калі ласка... апрануў ужо...

— Вось і добра, пане, — раздаецца з цемры голас пана Заблоцкага. — А я аніяк папругі не магу адшукаць. Выйдзі-ка, пане на ганак, раз ты першы апрануўся. Зірні, які галган там шляхту абражае ды дай яму перцу з імберцам! А я потым выйду і яшчэ дабаўлю.

Пан Кубліцкі прыкусіў быў язык, але што паробіш? Сказанае слова за хвост не зловіш. Пан Кубліцкі бярэ качарэжку і няроўнай ступой выходзіць за дзверы.

І адразу чуецца грук — важкі такі грук, як быццам нехта некага па лабаціне ёмка ўпляжыў. «Малайчына, пане Кубліцкі, — радуецца пан Заблоцкі. — Як ён яму ўлялюшчыў качаргой!». Каму «яму» ён яшчэ не паспявае падумаць, таму што тут вяртаецца пан Кубліцкі, трымаючыся за галаву. Запальвае свечку і пры яе агеньчыку аглядае свой лоб. На ім — ладны гузак, з паўяблыка памерам. — Яно... гэта самае... б'ецца... — мармыча ён. — А пан што, зломак? Не мог з ім паквітацца? — Каб жа бачыў я, з кім... — буркае пан Кубліцкі. — Бяры, пане, качарэжку, ды сам ідзі квітайся. Калі, вядома, не баішся, — з'едліва дадае ён.

Гэтага дастаткова, каб пан Заблоцкі запыхкаў, зафукаў, як імбрык з гарбатай, ухапіўся за качарэжку і выскачыў за дзверы, як апечаны, моцна імі ляснуўшы. І адразу ж пан Кубліцкі чуе два ўдары: бэнц! бэнц!

«Гэта, знацца, першы раз яму ўрэзалі, а другім разам ён урэзаў... — раздумвае пан Кубліцкі. — Або не так? Або наадварот?»

З'яўляецца пан Заблоцкі, маўклівы і змрочны, як хмара, і таксама за лоб трымаецца. А на ілбе ў яго не адзін, а два гузы, па баках, як рогі, і вялізазныя, па аранжыку кожны. — І пану таксама перапала? — так і ахнуў пан Кубліцкі. — Ды яшчэ двойчы?!

— А што, і табе хочацца? — адказвае пан Заблоцкі. — Ідзі за дзверы — атрымаеш. У іх яшчэ ёсць.

— Не, лепш я ўраніцу пайду, — з гонарам кажа пан Кубліцкі. — Мне трэба ворага бачыць у твар! А ў цемры мне біцца зусім непамысна...

І паны, падрыжаўшы ды патрымцеўшы крыху, кладуцца спаць. А ўраніцу ўсё не так выглядае, як уначы, і куды тыя страхі дзяюцца? Сонца у вакно заглядае, суседскі певень кукарэкае (бабчын Гапчын, на якім ужо новае пер'е павырастала). Пан Кубліцкі смела выходзіць на ганак, і нават без качарэжкі.

Што ж ён бачыць? Граблі ляжаць каля ганку, звычайныя граблі.

— Вось дык пан Заблоцкі! — вырываецца з ягоных вуснаў. — Вось дык зух! Гэта ж я адзін толькі раз на граблі наступіў! А ён — ажно два разы! Такое толькі пан Заблоцкі мог учыніць! Пан Заблоцкі, выйшаўшы на ганак, таксама бачыць граблі і са злосцю адкідае іх нагой. А сам на ўсялякі выпадак адскоквае ў іншы бок.

— Пасяку! — грыміць ён. — На трэскі пашчапаю, праклятыя граблі, каб вас маланка пашчапала! Утаплю, каб вы ў смале ўтапіліся! Аб калена паламаю, каб вас хвароба ламала! Па зубах надаю, каб вам іх лекар павырываў!..

— Памалу, памалу, — супакойвае яго пан Кубліцкі. — Гэта ж толькі граблі. Звычайныя граблі, з дрэва...

— А хто іх сюды паклаў? — бушуе пан Заблоцкі. — Хто іх навучыў гэтак рабіць? Хто знадворку розныя дурныя словы казаў?

На гэта пану Кубліцкаму цяжка адказаць. Граблі — гэта граблі, з імі ўсё зразумела. А вось астатняе... Можа, з вёскі хто пажартаваў з паноў? Падышоў пад дзверы ды папалохаў іх? Ці напраўду продкі да іх у адведкі прыходзілі? Таямніцаў у свеце багата.

Адно пэўнае. Ад тае прыгоды годзе панам агрызацца на партрэты продкаў. Ужо ніколі — ні на Дзяды, ні на Куццю, ні на Радаўніцу не забываліся яны дзядоў ды прадзедаў ушанаваць, у застолле паклікаць, добрым словам узгадаць.

ПОКАЗКА ДЗЕСЯТАЯ КАЛЯДЫ ПАНОЎ КУБЛІЦКАГА ДЫ ЗАБЛОЦКАГА

Мінаюцца Дзяды, скончваецца працяглая цёмная восень, зямля апранаецца ў святочныя снегавыя шаты, і на ўсім свеце, здаецца, робіцца святлей. Толькі на душы ў паноў Кубліцкага ды Заблоцкага нясветла.

Пан Кубліцкі будзе ляжаць на лаве і ўздыхаць вось гэтак: — Эх... Эх...

А пан Заблоцкі яму ў адказ: — Вох... Вох...

Што б гэта значыла? А проста: Калядачкі зусім блізка, а кілбасы ані далёка, ані блізка. Інакш кажучы, зусім няма кілбасак. Бо з-за неўраджаю рэпы іх зусім няма як купіць. — Посную Куццю яшчэ як-небудзь адбудзем... Рэпа ж ёсць... — ные пан Кубліцкі. — А што будзем назаўтра рабіць? Што за Каляды без кілбасаў, сала і шынак? Ох, доля ж наша горкая! — Маўчы, пане, — кажа пан Заблоцкі. — Даў Бог хлеба — дасць і да хлеба.

Вось дык пан Заблоцкі! Глядзі, які стрыманы стаў! Няйнакш, нішчымніца навучыла.

У калядную ноч запальваюцца ў небе зоркі, бы тысячы сярэбраных свечак. Паны пакрываюць стол накрухмаленым ільняным абрусам, кладуць пад яго, як і мае быць, сена — каб наступны год пражыць у шчасці ды дастатку. Ставяць на стол сем посных страваў: рэпу печаную, рэпу смажаную, рэпу пражаную, салату з рэпы, рэпныя грыбы, рэпныя гарэхі; а ў галаве стала, у гліняным гаршку, нібы каралева якая, стаіць куцця з рэпы.

Пан Заблоцкі расчыняе вакно, стукае ў падваконне драўлянаю лыжкаю і кажа, як належыць па звычаю:

— Мароз, мароз, ідзі куццю есці!

— Зараз іду! — адгукаецца з цемры хтось.

Паны ўздрыгваюць. Ці то бо ім прымроілася? Або дрэва ў садзе трэснула? Але па хаце адразу пацягнула марозным подыхам.

Сядаюць паны за святочную вячэру. Каштуюць усе сем страваў — рэпу печаную, рэпу смажаную, рэпу пражаную, салату з рэпы, рэпныя грыбы, рэпныя гарэхі; а напрыканцы вячэры — куццю з рэпы. І ўсё гэта спраўна запіваюць моцным рэпным віном. І жыццё падаецца ім не такім ужо змрочным.

За вакном зоркі ззяюць, мароз трашчыць, а ў хаце — цёпла, утульна, свечка гарыць, у куце елачка зялёная ліхтарыкамі бліскае. І панам уяўляецца, як у такую марозную ноч прыйшоў да людзей Збавіцель — і сагрэў іх сваёй любоўю. І ад гэтай думкі панам яшчэ цяплей і спакайней робіцца.

— Заўтра калядоўнікі прыйдуць... Шкада, што няма кілбасак, каб у мех ім укінуць... — зноў уздыхае пан Кубліцкі. — Вось каб святы Мікола...

— А што святы Мікола?

— Ды пад елку што-небудзь паклаў...

— Э-э, ды ты, пане Кубліцкі, зусім здзяцінеў! — смяецца пан Заблоцкі. — Такія цуды толькі ў дзяцінстве адбываюцца!

Пан Кубліцкі разгублена маўчыць, а сам думае: «Ну і хай сабе... Вось ды каб вярнуцца хоць на дзянёк у дзяцінства! Хаця б у калядную ноч...»

Свечка дагарае. Паны пачынаюць варажыць. Цягаюць з-пад абруса саломіны, каб па іхняй даўжыні высветліць, каму колькі жыць застаецца. Аказваецца, што пану Кубліцкаму засталося жыць сто год, а пану Заблоцкаму — сто два. — Ізноў не шанцуе... — уздыхае пан Кубліцкі. — Ды ты што, пане! Ці ж я змагу без цябе пражыць хаця б тыдзень?! Разам гебнем, у адзін дзень, як у старых кнігах пішуць... Ды весялей ты, пане Кубліцкі, вышэй нос трымай! Сто год — гэта не так і мала!.. Заўтра яшчэ паварожым: хто раней ажэніцца. А цяпер спаць пойдзем.

Спяць паны. І не чуюць, якія дзівосныя прыгоды ў гэтую ноч адбываюцца — проста ў іхняй хаце. Праз усю ноч рыпяць дзверы ў сенцах, адчыняюцца і зачыняюцца шыбы і форткі. Балазе, у панскім фальварку няма ані замкоў, ані засоваў. Ад каго ім сцерагчыся? І што берагчы? То яны не баяцца ані злодзея, ані бандыта.

Усю ноч дзеюцца каля панскае хаты нейкія таямнічыя рэчы. Нехта вакол яе ходзіць, нехта тупае, нехта капытам б'е, нехта ў вокны зазірае... Рыпяць дзверы — паны іх ніколі на ноч не зачыняюць. А каго ім баяцца, такім праслаўленым воям? Ад каго дабро берагчы, якога няма? Дзеюцца ў хаце таямнічыя крокі, шэпты, грукі. Паны таго не чуюць. Стаміліся, небаракі, за цэлы год. Столькі стратаў было ў іхняй гаспадарцы, столькі нягодаў, казаў той, у асабістым жыцці!.. Столькі перажылі ўсяго, о-ёй!.. Ці ж не маюць паны права хаця б раз на год адпачыць? Маюць, вядома. То яны й храпуць, як лыкі прадаўшы. Гаротныя... Хай прынясе ім удачу хаця б у гэтыя калядныя дні святы Мікола — наш Дзед Мароз... Паноў будзіць далікатны стук у дзверы. У шыбы. Настолькі далікатны, што, здаецца, зараз хатка іхняя паляціць да гары, бы паветраны шарык. Нехта галёкае дзікім голасам, нехта пішчыць, нехта верашчыць. Раве дуда.

— Калядоўнікі прыйшлі! — першы спахопліваецца пан Кубліцкі. — А Божа ж мой! А што ж мы ім жа у мех кінем жа? А можа ж зачыніцца ды не адкрываць жа?

— Ты што, пане, блёкату аб'еўся? — надта ветліва і далікатна адказвае пан Заблоцкі. — Не адкрыць калядоўнікам?! То ж смяротны грэх! Няхай рэпу апошнюю забіраюць, але я ім адчыню.

І ён кідаецца да дзвярэй ды рашчыняе іх наўсцеж. Імгненна ў хаціну ўвальваюцца калядоўнікі — разам з марознаю параю, ды снегам, адсталым ад валёнак, вясёлым скавытаннем ды кугіканнем. У панскай хаце робіцца цесна ад зыкаў ды спеваў.

Вось яны, калядоўнікі, — Павадыр, Мядзведзь, Каза, Жораў, Механоша, Конь. Павадыр, як мае быць, пафарбаваны пад цыгана. Мядзведзь рыкае сапраўдным мядзведжым голасам. Каза бляе, стогне, валіцца на падлогу і качаецца на ёй, закаціўшы вочы. Жораў ляпае крыламі і падлятае ажно пад столь — сапраўдны Жораў, адно крыху таўставаты! Конь іржэ. Вух, які ён вялікі! А гвязда васьміканцовая золатам гарыць, так і ззяе; мо, праўда з золата зробленая?

Калядоўнікі, сабраўшыся ў купку, даруюць паноў сапраўднаю, чыстазвоннаю калядкаю:

Дзень добры ў хату вам,

Панам гаспадарам!

Пану Кубліцкаму,

Слаўнаму рыцару,

Пану Заблоцкаму,

Вельмі шляхоцкаму.

Будзьце здаровыя,

Як дубы стогадовыя!

Будзьце харошыя,

Будзьце і з грошыма!

Няхай рэпа родзіць,

Няхай чарачка ходзіць!

Няхай патэльня трашчыць,

На ёй скварка пішчыць!

Жадаем жа мы вам,

Панам гаспадарам,

Мець усяго даволі,

А бяды — ніколі!

Каляду шануйце,

Каляду даруйце!

Маеце ласачку —

Кіньце кілбасачку!

Маеце трошачку —

Кіньце і грошыкаў!

Кіньце хоць аладачку,

Шануйце калядачку!

За тымі прыемнымі спевамі Каза выходзіць наперад і пачынае скакаць па хаце. Нешта ў ейных скоках і ў яе паставе падаецца панам знаёмым... Раве дуда. Павадыр і ўсе астатнія калядоўнікі б'юць у ладкі і прыпяваюць:

Го-го-го, каза!

Го-го, шэрая!

Паварочайся!

Не забывайся!

Го-го-го, да печкі —

Выйдуць перапечкі!

Го-го-го да склепа —

Будзе поўны рэпы!

Дзе каза рагом —

Там жыта стагом!

Дзе каза топ-топ —

Там грошай сем коп!

Дзе каза хвастом —

Там дукатаў сто!

Дзе каза рагом —

Там блін з пірагом!

Цягні, пан Кубліцкі,

Мёд-піва з паліцы!

Няхай пан Заблоцкі

Пачастуе клёцкай!

Го-го-го, каза,

Го-го, шэрая...

Раптам каза гэпаецца аб падлогу, закочвае вочы і пачынае дрыгаць нагамі — нібы канае. Пан Кубліцкі ўсё чухае галаву ды раздумвае: «Дзе ж я ўжо бачыў гэтыя ногі, валёнкі гэтыя?..» Але трэба казу неяк ратаваць... Ад чаркі паднесенага ёй рэпнага віна каза жвавее, становіцца на ногі і ўжо весялей глядзіць на свет.

— А цяпер паглядзім штукі мядзведзя! — абвяшчае Павадыр. — Міхалка ў нас вучаны, праўда? Мядзведжую акадэмію ў Смургонях скончыў!.. Праўда, Міхалка?

Мядзведзь становіцца на заднія ногі і раве, як бычок, якога на бойню вядуць.

Усе ўражаныя, апроч пана Заблоцкага. «Ну й навука, — грэбліва думае ён. — Я і без акадэміі так змог бы!.. »

— А ну-ка, Міхалка, пакажы, як паны Кубліцкі ды Заблоцкі яйка наседжвалі! Ад Куры-Шчабятуры.

Мядзведзь паказвае. Усе смяюцца — апроч паноў.

— А цяпер пакажы, як паны Кубліцкі ды Заблоцкі на прусакоў палявалі!

Мядзведзь паказвае.

«Адкуль ён ведае, касалапы?», — мільгае ў галаве пана Кубліцкага. А Павадыр як быццам іхнія думкі адгадвае: — Ды пра вашыя подзвігі, панове, пагалоска па ўсім свеце разбягаецца! Газеты толькі пра тое і пішуць! Праўда, Міхале! Пакажы-ка, як шаноўнае панства рабіла лататы ад возера Куцапага, ратуючыся ад цмокаў!..

— Не трэба паказваць! — паспешліва кажа пан Кубліцкі. — Я ж бачу: ваш Міхалка галодны. Яго спачатку трэба накарміць. Міхалка! Хадзі да склепу, трушчы рэпу!

Мядзведзь як бы таго і чакаў: прастуе да склепу і пачынае грызці рэпу. Ды з такім смакам, з такім хрубасценнем гэта робіць, што паны ажно ніякавеюць. І кожнага точыць думка: «Усе прыпасы ператрушчыць! Як да лета дажыць?» Але гэтых думак яны не выказваюць. Пакрыўдзіць калядоўнікаў — апошняя справа. А тыя, адспяваўшы ды адскакаўшы, поўныя ночвы дабра панам нажадаўшы, пускаюць Механошу. І той падыходзіць да паноў з такой, ведаеце, хітраватай усмешачкай. Дзе яны бачылі такую ўсмешку?

— Выбачайце, шаноўны паночку, — кажа пан Кубліцкі. — але ў нас усе пачастункі з рэпы. Кілбаса з рэпы, сала з рэпы, сыр з рэпы. Бачыце, лекар выпісаў нам рэпную дыету... — Э, пане, маніш, — без цырымоніяў кажа Механоша. — А што вунь у паноў пад елкай?

Паны глядзяць пад елку і бачаць... А божа ж мой! Чаго ж, чаго толькі там не навалена! Цэлая гара гасцінцаў! Вось дык святы Мікола! Кідаюцца паны да гэтай кучы падарункаў ды пачынаюць яе разбіраць.

Вось стаіць кош, а ў ім — кілбасы, булкі, цукеркі, марцыпаны, біклажкі з віном... «Усё, што на дрэвах расце... » — прыгадваецца панам.

Вось другі кош, поўны фінікаў, хвігаў, мігдалаў ды іншых заморскіх пладоў, што ў Палястыне растуць. Вось куфар, на куфры надпіс: «Дзякуй за добрыя адносіны да жывёлаў». Адчыняюць, а ў ім — свінка, з лычыкам і крыльцамі, з чыстае чакаляды, ды важкая такая!

Вось торбачка, у ёй нешта прыемна так, меладычна дзвэнгае. Развязалі торбачку — а з яе глядзяць на паноў масляна-жоўтымі вочкамі залатыя дукаты, дукаты, дукаты... Вось дзежачка з мёдам, ладненькая такая... Вось мех з аўсом. Вось бочачка з селядцамі.

Ад такое раскошы паны проста розум губляюць. Пан Кубліцкі кажа: «Мама», пан Заблоцкі кажа: «Бабуля». І абодва пакаціліся на падлогу, як два снапы.

Ужо на іх пырскалі, хукалі, кілбасу пад нос падносілі. Нарэшце паны ачомаліся. Бачаць — калядоўнікі скінулі маскі, і такія знаёмыя абліччы ды мызы! І вочы ва ўсіх напалоханыя і добрыя.

Вось «Каза» — дзеўка Дрыпа, ды якая прыгажуня сталася, яшчэ лепш, чым раней была. Вось «Павадыр» — чорны барадач. — А гэта цар Максімілян, з ціятру, — кажа дзеўка Дрыпа. — Ён у ціятры цара гуляў. А для мяне — дык праўдзівы цар. Я яго надта люблю. Мы цяпер муж і жонка. У ціятры разам выступаем, талеры маем...

Вунь «Жораў» — маску скінуў, а крылы пакінуў... Птушка нейкая дзівосная...

— А я сынок Цмока, Куры-Шчабятуры ўнучак, — кажа ён. — Я таксама з яйка вылупіўся...

А «Механоша» — гэта ж, вядома, кот Буркун. Вочы зялёныя, хітрыя.

— Я дык ні з кім не ажаніўся, — кажа ён. — Кошкі ўсюды аднолькавыя. Няма, адным словам, у жыцці шчасця. Вырашыў да вас вярнуцца. Тут усё-ткі сцены родныя, і мышы знаёмыя...

— А вы чаму маскі не скінулі? — пытаюцца паны ў Каня і Мядзведзя.

— А мы — сапраўдныя, — чалавечым голасам адказвае Конь. — Няўжо не пазнаяце. Я ж Гарцук!

— Ды які ж ты стаў гладкі!.. — дзівяцца паны. — Ды памаладзеў як! Проста жарабятка!

— А я ажаніўся, — апусціўшы вочы, кажа Гарцук. — Знайшоў тую прыўкрасную кабылку ды прапанаваў ёй капыт і сэрца. І яна пагадзілася. Я тут ненадоўга. Мяне маладая жонка чакае. — А я таксама сапраўдны, — кажа Мядзведзь. — Я з Смургоняў. Прывітанне вам, панове, ад рыжа-лысага. Ён прасіў, каб вы на яго не трымалі крыўды. Ён добры. Толькі пажартаваць любіць.

— Дык гэтыя булкі ды кілбасы — ад яго?! — здагадваюцца паны.

— Не гэтак важна, панове... Лічыце, што святы Мікола падараваў...

— Вось табе маеш! Усе сабраліся! — круціць галавой пан Заблоцкі.

— Толькі Свінкі лятучай няма... І Осліка... — з сумам кажа пан Кубліцкі.

— Прывітанне вам ад іх і паклон, — кажа птушаня, унучак Куры-Шчабятуры. — Быў я ў выраі — бачыў лятучую Свінку. А Ослік дабраўся да Палястыны, але што ён там робіць — гэта пакуль што вялікая таямніца.

Ну ж і Каляды ўдаліся ў паноў Кубліцкага ды Заблоцкага! Частаваліся хто чым хацеў: хто — кілбасамі, хто — аўсом, хто — марцыпанамі, хто цукеркамі. Мядзведзю асабліва рэпа спадабалася. Ён проста роў ад задавальнення, хоць вушы затыкай:

— Ды я за ўсё сваё мядзведжае жыццё такой рэпы не каштаваў! Салодкая, як мёд!

Кот Буркун сабраў усю сваю мышыную хэўру, і яны тут жа паказалі ў старой шафе батлейку — спектакль пра вайну мышэй з жабамі, у якой перамаглі, вядома ж, мышы. Паны Кубліцкі ды Заблоцкі, добра падсілкаваўшыся ды лыкнуўшы кілішак, выйшлі на надворак ды як бабахнулі з дзедавай стрэльбы! Кажуць, чуваць было ажно ў палацы князя Дрыгайлы, а гарох аж да Смургоняў далятаў. Вось гэта было дык салютаванне.

А ўначы, калі свята адгрукацела, адспявала, адстукала, адскакала, ціха стала ў сядзібе паноў Кубліцкага ды Заблоцкага. Зоркі цененька зазвінелі ў небе, бы крышталёвыя. Госці паснулі. Толькі паноў сон аніяк не браў, усё яны звыкнуцца не маглі з тым, што доля нарэшце тварам да іх абярнулася.

— А ўсё-ткі няблага жыць у гэтым свеце, пане Заблоцкі! — захоплена кажа пан Кубліцкі.

— Ага, ага, — сонным голасам мармыча пан Заблоцкі. — Добра пагулялі... Але вось хто чыгуны ды лыжкі заўтра мыць будзе? Толькі адразу папярэджваю: не я! Не шляхецкая гэта справа — чыгуны мыць...

ПАСЛЯСЛОЎЕ

Гасцей прыемней сустракаць, чым праводзіць. Вядома, калі гэта чаканыя госці. У гэтым паны Кубліцкі і Заблоцкі самі пераканаліся, калі, сустрэўшы Каляды, Дзеўка Дрыпа, Цар Максімілян, Гарцук, Куранятка зазбіраліся дахаты. Пан Кубліцкі нават пусціў слязіну.

— Не сумуйце, панове, як толькі Каляды — дык мы зноў да вас, — кажуць госці дый раз'язджаюцца памалу. Кот Буркун паноў суцяшае як можа.

— Не тужыце, панове, — муркае ён. — Пан Кубліцкі, годзе вільгаць разводзіць, а то грыбы ў хаце вырастуць! Я ж з вамі застаюся, верны ваш сябра Буркун. Верны, як сабака... тфу, каб яны ўсе спруцянелі! Мышы з вамі, рэпа з вамі, дукаты ў куфэрку з вамі! Чаго яшчэ жадаць! Новых прыгодаў! Не турбуйцеся! Яны будуць! З такімі шалапутамі, як вы, яны заўсёды будуць здарацца. Але, можа, за тое я вас і люблю!.. Праўду казаў. З панамі яшчэ шмат прыгод надарылася. Вандравалі яны вакол свету, хадзілі ў сваты, здабывалі ў балоце закляты скарб. Пра ўсё пра гэта ды пра іншае я вам распавяду, толькі дайце крышку пярэдыху. На ўсё свой час.

Загрузка...