Хуткасць
Ёсць хуткасць гуку, ёсць — звышгукавая,
Ёсць хуткасць зор, прыкметная для ўсіх.
Яшчэ ёсць хуткасць думкі, хуткасць тая,
Што, як святло, стагоддзе абганяе,
З тысячагоддзем размаўляе ўслых.
О, таямніца кніг, скажы, з якіх
Людскіх глыбінь ты цуды здабывала?
Твой зачынальнік слоў не знаў і мала
Свет разумеў, не меў матык і сох,
Маўчаў, як сом, пакуль бяда не ўзяла
За шчэлепы яго і на пясок
Не кінула, пакуль сярод начы,
Яго душы нямой, сканаць гатовай,
Не загадала: — Дыхай, плач, крычы,
Нябыт цяжкі пазбудзь не рыб'яй мовай.
Свет будзе пець, смяяцца, слёзы ліць
Датуль, пакуль на свеце людзям жыць.
Сабрат мой па пяру, на суд іх смела
Вынось усё, што ў сэрцы набалела.
Слёз не стрымаеш — плач, але не тою,
Пад пачуццё падробленай, слязою,
А той, што смех вяртае з небыцця.
Смяяцца хочаш — смейся, як дзіця.
Перад сабой і светам будзь праўдзівы.
Прымай, як дар, жыццём пасланы дзень,
І, можа, кніга гэта век імклівы
Дагоніць і абгоніць,
як прамень.