Але. Галоўнае, што Дзікун зразумеў: цяпер хлеб — ці не самы дарагі прадукт, які могуць сабе дазволіць толькі вельмі багатыя людзі Горада-Героя. Няма дзе вырошчваць збожжа, уся вольная зямля аддадзеная пад «дружбу». А абшарнікі-латыфундысты з Заходніх тэрыторыяў хоць і маюць больш зямлі, практычна ўвесь хлеб прадаюць Менску. У Горад-Герой мука трапляе з дзесяціразовай накруткай.
У бары «Сумёт», альбо «палтосачнай», як называў яе Немец, Дзікуну сказалі, што ў Горадзе-Героі забароненыя якія-кольвек радыё- і тэлепрымачы. Што за праслухоўванне FM- і тэлеэфіру з Менску можна атрымаць вялікі штраф ці прымусовыя працы. За неаднаразовае парушэнне забароны — «пуцёўку на Свінакомплекс, адкуль яшчэ ніхто не вяртаўся».
За час бадзяння па рынку Дзікун зразумеў, што людзі з-пад пахі прадавалі і куплялі абсалютна ўсё, што засталося ад былога часу — з жыцця да Вялікага Выбуху. Кнігі, часопісы, дыскі, флэшкі, вінчэстары. Найбольш цанілася забаўляльная і навуковая інфармацыя. Навуковую — кантрабандай перапраўлялі ў Менск. Забаўляльная — манетызавалася самымі рознымі шляхамі. Напрыклад, копія фільму ішла ў элітныя відэасалоны. Як афіцыйныя, так і падпольныя. Гэтая забава — прагляд фільму — каштавала дорага па мясцовых мерках.
Але і беднякі маглі атрымаць свой маленькі кайф. Трымальнікі інфармацыі мелі цэлую сетку расказчыкаў. Чалавеку падпольна давалі паглядзець фільм па ТВ-Менск, а пасля ён ішоў па дварах ці на рынкі, дзе вакол збіраліся дзясяткі, часам сотні чалавек і за маленькія грошы слухалі пераказ сюжэту фільму. Сабраная сума залежала ад таленту расказчыка. Пяцьдзясят працэнтаў даходу аддавалася тым, хто больш за ўсіх рызыкаваў: уладальнікам тэлевізараў. Трыццаць адсоткаў плацілі ахове расказчыка. Бо да ўсяго працавалі «дзікія» расказчыкі, якія маглі пагнаць канкурэнта. Барацьба за рынкі была вельмі жорсткай. Дваццаць працэнтаў заставалася, уласна, майстру апавядальнага жанру.
Асаблівым поспехам лічылася атрымаць у свае рукі серыял. Людзі прызвычайваліся да стылю расказчыка і шлі канкрэтна на яго. У «прафсаюзе» расказчыкаў былі выбітныя асобы, якія маглі самі прыдумляць працяг серыялу, а некаторыя нават з нуля ствараць свае аўтарскія тэксты. Гэтыя абраныя майстры не залежалі ад патранажу варацілаў чорнага бізнесу. Іх бараніла народная любоў.
Вяршыняй прафесіі ўважалі ўменне прыдумляць серыялы для дзяцей, бо дзеці цягнулі з сабою бацькоў, што павялічвала аўдыторыю і, адпаведна, касу, у два-тры разы. Топавай тэмай было падземнае жыццё Горада-Героя. Сярод любімых дзецьмі персанажаў былі каналізацыйныя мутанты ўсіх відаў: гіганцкія пацукі-людажэры, заблукалыя вайскоўцы, якія палявалі на падпольшчыкаў, а ператварыліся ў прывідаў-забойцаў, гіпнатызёры-сектанты, якія выядалі твае мазгі на адлегласці, паўсталыя з дамавінаў рыцары даўнейшага часу, якія ратавалі чалавецтва ад мутантаў. Дзікун заўважыў, што ўваходы на станцыю метро «Партызанская» побач з «Турыстам» былі закрытыя тоўстымі сталёвымі лістамі. І што практычна ўсе каналізацыйныя люкі, якія яму сустрэліся, былі завараныя. Хіба апроч таго аднаго, у двары каля «Сумёту». Хоць агулам Горад-Герой звонку можна было ацаніць як раздзяўбаны. А тут такая ахайнасць.
— Дзядзька, купі карцінкі.
Гэта да Дзікуна звярнуўся хлопчык гадоў дзесяці. Малы раскрыў свой заплечнік і прадэманстраваў невялікі набор коміксаў. Відавочна секс-коміксаў. Адна вокладка была пазначаная назвай «Альгердава дзіда». На выяве здаравенны дзядзька ў рыцарскіх латах засланяў спінай голых дзевак, а сваім гіганцкім чэлесам разганяў драбнюсенькіх мужычкоў. З-за «Альгердавай дзіды» вытыркаліся іншыя сшыткі. Былі бачныя толькі назвы: «Дзікае жаданне караля Стаха», «Случай на раёне», «Толькі ўпоратыя нічога не баяцца».
— А чаго хаваешся? У вас жа такія карцінкі не забароненыя.
— Гэта з-за заходняга бугра — нацыя... нацыянальнаар... нацыянальнаарыентаваныя... — ледзь пачуў шэпт Дзікун.
— Па чым?
— Пяць лахатронак.
— ?
— Пяць рашчотных латарэйных білетаў. За кожны.
Дзікун абраў «Альгердаву дзіду». Ціха абмяняліся паперамі — карцінкі на латарэйкі.
— Ты толькі не свяці, дзядзька, карцінкамі, а то мянты заграбуць. — І хлопец знік у натоўпе.
«Надрывались от погони сторожа, / И собаки не жалели в беге сил. / Я ж бежал, твоим букетом дорожа, / И, запутавшись, в заборах колесил...»
Дзікун зайшоў у невялікую кавярню на першым паверсе «Універмагу» пад назвай «Паўночы вецер».
— Можна вас папрасіць прыглушыць музыку?
— Не.
— А цалкам выключыць?
— Не. А вы ці не з Рудзенску часам?
— Не, Рудзенск пад вадой даўно, я далей, з хутароў за Магілёвам.
— О, землякі! — узрадаваўся бармен. — Я родам з Магілёва. Даўно пераехаў сюды. А я бачу, што не па-тутэйшаму апранутыя, але і не як з Захаду, здалёк як бы. Адкуль жа яшчэ, як не з выспаў.
Праз столік сядзеў самотны мужык, перад якім стаяў графін з гарэлкай і талерка з дранікамі. Мужык ляснуў кулаком і звярнуўся да графіна:
— Гробаны Запад! Там жэ нашы брацья! Гробаны Кароль не хоча іх асвабадзіць ад буржуінаў! За што мы кроў пралівалі на Велазаводзе? А?!.
Графін маўчаў.
Бармен з дакорам і спачуваннем паглядзеў на мужыка. Патлумачыў Дзікуну:
— Даўно тут сядзіць. Ардзенаносец. Адзінае, што яму пагражае, — прымусовае лячэнне ад алкагалізму ў рыбалоўнай арцелі на астравах. А іншага б даўно на Свінакомплекс адправілі... Дык я пра што. А! Вы пытаны дзіўныя задаяце. Калі я прыглушу музыку, у мяне забяруць ліцэнзію. Калі адключу, да таго ж такі штраф упаяюць, што давядзецца ісці ў вечную кабалу да дзяржавы. А на радыётрансляцыю ў дзяржавы выключная манаполія. А шостай раніцы ўключаецца, а дзясятай вечара выключаецца. Праведзена ва ўсе кватэры і ўстановы. Калі ты, напрыклад, рамантуеш сабе новапрыдбаную кватэру, то абавязаны цягам двух дзён правесці туды дрот. За свой кошт. Узровень гуку пазначаецца адмысловай рысачкай, калі ты рэгіструеш свой прымач у міліцыі. Калі не рэгіструеш — адразу адпраўляюць на Свінакомплекс.
Дзікун кіўнуў, маўляў, усё зразумела, і пачаў вывучаць меню.
— Магу прапанаваць як земляку самаробнае віскі. Сам гнаў з пшанічнай мукі з Заходніх тэрыторыяў. Настойваў паўтара года ў дубовай бочцы — найвышэйшы клас!
— Не, дзякуй, я толькі паесці хачу.
— А я вам падкажу. Якой кухні аддаяце перавагу: традыцыйнай ці старатрадыцыйнай?
— Стара?..
— Пра «каларадку» чулі? — прашаптаў бармен.
— Э... — Дзікун вывучаў гатункі чыпсаў на палічцы пад бутэлькамі з алкаголем.
— Так-так, зямляк, вы гледзіце на «каларадку», гэта новатрадыцыйная кухня — не ўжывалі яшчэ? Тады і прымушаць не буду. Прапаноўваю сцягно дзікага труса, тушанае з цыбуляй і таматамі з кукурузным лавашом у дадатак. З напояў — паўднёварадашкавіцкае сухое вінаграднае віно.
— Ок. Толькі без віна.
Дзікун спытаўся, ці можна набыць цыгарэты. У кавярні не прадаваліся, але бармен паказаў на суседнюю краму. На ёй на шыльдзе быў намаляваны знак «$». «Замежнікам можна за валюту». У вітрыне размяшчаліся дызайнерская вопратка, аўтарскія ювелірныя вырабы, дыскі з музыкай і фільмамі, адзін камп'ютар. А таксама цыгарэты «Менск». «Вельмі дорага», — Дзікун пакруціў перад вачыма цэннікі, якія ўжо паспеў пабачыць у Горадзе-Героі. Дзіва што ў краме «Бакс» наведнікаў не было.
Каля крамы тусаваліся непрыкметныя персанажы, якія сваёй «непрыкметнасцю» адразу звярталі на сябе ўвагу. «Толькі не купляйце і не мяняйце нічога ў барыгаў, ніколі не ведаеш, ці не аператыўнік гэта», — папярэдзіў бармен.
Дзікун упершыню паліў цыгарэты з фільтрам. Гэта быў кайф. У горадзе было шмат новых кайфаў.
Праз сценку з «Баксам» суседнічала крамка, пазначаная на шыльдзе малюнкам пэндзля. Зразумець мастацкага канцэпту шыльды Дзікун не змог: ці тут прадаюцца прылады для малявання ці карціны? Зрэшты, наўкола скрозь панавала нязвыклая воку візуальная эклектыка. Больш дакладна — адсутнасць хоць якога мастацкага канцэпту. На білбордах, на расцяжках і плакатах усё было выканана бляклым малінава-бэзавым, часам з пераходам у маскіравальна зялёна-сіне-карычнівае адценне.
Вось партрэт Караля. Так патлумачылі Дзікуну, бо насамрэч быў бачны адно кепска напісаны абрыс мужыка ў паўпрофіль. А вось групавая выява барацьбітоў з каларадскімі жукамі на білбордзе, за якім бачны намаляваны на палову сцяны палавы акт мужчыны і жанчыны: над геніталіямі ўзыходзіць сонца, а ўсё разам аздобленае вянком з бульбянога бацвіння і валошак. Сэнс кампазіцыі Дзікуну патлумачылі ў краме з пэндзлем.
— Духоўнымі карцінкамі цікавіцеся? — добразычліва ўсміхнулася дама гадоў пад семдзесят з акуратна зачасанымі назад сівымі валасамі і ў круглых акулярах на даўгім носе.
— Ды якая ж гэта духоўнасць?! Гэта самае сапраўднае порна! — упэўнена парыраваў Дзікун у шчырым здзіўленні гартаючы першы-лепшы ўзяты з паліцы комікс.
— Ма-ла-ды ча-ла-век! — строга пачала прадавачка. — Я вас па-пра-шу! Прынцып нашай крамы — духоўнасць, духоўнасць і яшчэ раз духоўнасць!
Дама рэзка схапіла з паліцы адзін са сшыткаў з малюнкамі, пачала хутка гартаць старонкі і па чарзе соваць пад нос Дзікуну:
— Вось — гэта, гэта, гэта, вось — глядзіце? Гэта порна?!
— Порна як порна, і не вельмі якасна намаляванае.
— Гэта ў іх там, — рука прадавачкі скіравалася ў бок Менску, — у іх — порна! У іх — бездухоўнасць! У іх — разлажэнне грамадства.
Даму пачало трэсці. Дзікун быў пасунуўся да выхаду.
— Стаяць! Калі не хочаце, каб я націснула на пімпу выкліку міліцыі.
Дзікуну прачыталі лекцыю пра тое, што «ў вашы гады можна было б ведаць», што ў Горадзе-Героі публікуюцца толькі духоўны карцінкі, якія матывуюць да добрых думак і дзеянняў. І калі вы бачыце на малюнку акт саіція, гэты малюнак зроблены так, каб вы думалі пра каханне, пра любоў, пра працяг роду, пра працвітанне дзяржавы ўрэшце. А вось там, на Захадзе, палавыя акты дэманструюць для таго, каб закабаліць просты народ, стымулюючы ягоныя цёмныя бакі натуры. «А яшчэ яны хочуць пасварыць брацкія народы».
Дзікун ветліва даслухаў, набыў адзін комікс і вярнуўся ў кавярню.
«Вечер за решёткой догорает, / Догорает солнца уголёк. / И тихонько песню напевает / На тюремных нарах паренёк...»
Дзікун вярнуўся своечасова. П'яны госць дастаў пісталет, каб страляць у бок барнай стойкі. У бармена ці толькі па бутэльках, Дзікун не ведаў, але небяспека для бачуна была відавочнай. Раз — рука перахопленая. Два — з «макарава» вынятая абойма. Тры — пісталет у адной кішэні, абойма ў другой. Чатыры — мордай у астылыя дранікі. «Адпачывай, ардзенаносец».
Да трусіка з гарнірам удзячны за дапамогу ўладальнік кавярні дадаў кошык з экзатычнай садавіной: мангастан, лічы, рамбутан, ланган, дурыян, чэрымоя. «Усё са свайго агароду». Дзікун скарыстаўся з адсутнасці іншых наведнікаў і разглядаў набытыя ў хлопца на рынку коміксы. Сумневу не было: персанаж «Альгердавай дзіды» быў вылітым Мао. Сюжэт быў такі. У час да Вялікага Выбуху ў мястэчку побач з сярэднявечным замкам ладзіцца Фэст сярэднявечнай культуры. Ралевікі — хлопец-рыцар і дзяўчына-князёўна — хаваюцца ў кустах, мілуюцца, раптам заўважаюць уваход у пячору. Там толькі пачынаюць займацца сексам, як бачаць дамавіну, вечка якой уздымаецца знутры, як рычагом, гіганцкім чэлесам.
З дамавіны выходзіць рыцар, які сваім палавым органам валіць усіх ралевікоў на фэсце. Цягам гісторыі высвятляецца, што ў сярэдзіне XIV стагоддзя на замову вялікага князя Альгерда вядзьмарка зрабіла з трыццаці трох самцоў змяі похву для мяча. Калі князь насоўваў похву на чэлес, чэлес набываў неверагодны памер і сілу. Похва-прэзерватыў-стымулятар перадавалася ў родзе князя з генерацыі ў генерацыю. Аднойчы адзін рыцар заснуў летаргічным сном, і вось юная пара вярнула яго сваймі эратычнымі гульнямі да жыцця на самым пачатку ХХІ ст.
Да рыцара стае ў чаргу мноства дзеўчын у нацыянальных строях. Нараджаецца багата будучых герояў. Рыцар ачольвае народны рух разам з падрослымі сынамі і дочкамі, а падчас масавага грамадскага пратэсту ў цэнтры Менску разганяе чэлесам усіх дэманаў з дубінкамі, і народ робіцца вольным.
У фінале рыцар выкідае сваю дзіва-похву ў Свіслач і жыве нармальным чалавечым жыццём, аточаны прыўкрасным кабетамі, а краіна радасна ідзе насустрач шчаслівай будучыні. Рыцар-супергерой, змаляваны з Мао, меў на шчыце выяву зоркі-знічкі.
У коміксах з «крамы мастацкіх вырабаў» Дзікун таксама ўбачыў порна. Сшытак зваўся «Разам да працвітання». Малюнкі былі дэманстратыўныя, але без вялікай фантазіі. З пэўным наборам схемаў паводзінаў падчас палавога акту. Прымітыўная «Камастура на пальцах». Фактычна выглядала як інструкцыя карыстання якой-небудзь пралкай ці пыласмокам. Секс: так, так, гэтак, пасля вось так, і ў фінале — сільная працвітаюшчая краіна маладых і моцных людзей!
Бармен нечакана прамовіў з-за спіны:
— Давайце вашыя коміксы, набытыя відавочна не ў краме, я іх спалю на кухні ад граху падалей.
Калі бармен вярнуўся з кухні, то пільна паглядзеў у вочы Дзікуну і прамовіў амаль шэптам:
— Mianie Vitautam klicuc, tut — Viktaram. I nikoli nie kazycie «ok». Chutaranie z vyspau tak nie havorac.
Дзікун адказаў «dziakuj», разлічыўся і пайшоў у гатэль. «Забыць слова «гатэль», толькі «гасцініца»! Па дарозе абышоў натоўп, які згуртаваўся вакол расказчыка серыялаў, каларытнага дзядзькі з доўгімі валасамі саламянага колеру, змацаванымі стужкай вакол галавы. Стужка была аздобленая знакамі старажытнага арнаменту. Расказчык выгодна вылучаўся стылёвым іміджам на фоне калег-канкурэнтаў, якія мала сачылі за сваім абліччам. Дзікун пачаў ужо быў уздымацца па ганку гасцініцы, як вуха зачапілася за фразу «...і тады народ выйшаў з-пад зямлі і скінуў караля».
Істэрычна завішчаў свісток, слухачы пабеглі хто куды, дзесьці ўтварыўся затор. Апроч двух міліцыянтаў, якія свісталі, на пляцык выскачылі «чорныя п'яўкі». Яны моўчкі білі людзей прыкладамі «калашнікавых», імкнучыся прабіцца да расказчыка. Дзікун уважліва сачыў за тым, чым усё скончыцца. Натоўп рассеяўся, хіба што на зямлі засталіся валяцца пабітыя і патаптаныя. Саламянага дзядзькі не было. Міліцыянты і «чорныя» засталіся ні з чым. Але Дзікун гатовы быў прысягнуць, што вандроўны расказчык не пакідаў пляцу разам з натоўпам.
12
У дзверы нумару пагрукаліся. «Заходзьце!» На парозе стаяла рудая кабета, апранутая ва ўніформу пакаёўкі. «Знаёмае аблічча...» — пачаў прыгадваць Дзікун. Пакаёўка крыху пагойдвалася. І крыху засмучана ўсміхалася. Добразычліва патлумачыла:
— У мяне змена пачынаецца.
— ?!
— Выклік у гэты нумар, — пакаёўка паправіла карацюсенькую форменную спаднічку і шмыганула міма Дзікуна ў суседні пакой.
— Ну што — ачуняў? — пачуўся з-за дзвярэй другога пакою бадзёры голас Немца. — А я сяджу не п'ю ужэ с утра.
Дзікун глядзеў унутр сябе.
— Што, узгадваеш, што было ўчора? Не напружвай пукацельную вену. — Немец радасна глуміўся. — Пачакай, раскажу.
Рудая тым часам распраналася, а з ложку вылезла другая пакаёўка — Таццяна.
— Пост здаў, пост прыняў, — весела казырнула Таццяна правай рукой, а левай прыкрыла голыя грудзі. Нядаўняй строгасці, што была падчас засялення ў нумар Дзікуна, як не было.
— Ты, Дзікун, не хвалюйся, я гэты рахунак ужо аплаціў, — супакоіў Немец.
Дзікун не хваляваўся, а спрабаваў узгадаць, якім чынам тут апынуўся Немец. Дзікун вярнуўся ў асноўны пакой. Наліў са збана яшчэ квасу з сокам. На стале побач з буклетам «Стоп рабства!» ляжаў «Прэйскурант тавараў і паслуг».
Ручнік — столькі рашчотных білетаў, мыла — столькі...
Абрус, фіранкі, бялізна, збан, шыба, псаванне падлогі, псаванне ложка, псаванне крэсла, псаванне фатэля. Усё каравым ледзь чытэльным почыркам. Побач ляжаў прайс з загалоўкам «Спецыяльнае абслужываніе». Вельмі старая паперка, на выгляд — ксеракопія, была ўстаўленая ў не менш стары поліэтыленавы файлік.
«Секс классический, Секс анальный, Секс групповой, Секс лесбийский, Услуги семейной паре, Минет в презервативе, Минет без резинки, Минет глубокий, Куннилингус, Игрушки, Стриптиз профи, Стриптиз не профи, Лесби откровенное, Лесби-шоу, Лёгкое БДСМ, Бандаж, Госпожа, Ролевые игры, Лёгкая доминация...» І яшчэ два дзясяткі словаў, палову з якіх Дзікун не зразумеў, хоць са школы ведаў пяць моваў і пры патрэбе мог вывучыць яшчэ пяць менш чым за год. І порна Дзікун бачыў у бібліятэцы Добрага Месца. «Ну, Альгердыч! Так-то ты мне распавёў «усё, што ведаеш пра Менск»?!»
«Качаства ўслуг, как і абеды, у нас пракцічаскі дамашнія», — прыгадаў Дзікун словы адміністратаркі Алы Пятроўны.
На ксеракопіі было прыпісана тым самым каравым почыркам, што на прэйскуранце: «Абанямент. Паўдня, дзень, тры дня, нядзеля, дзве нядзелі, месяц. Гражданам Горада-Героя — льготны крэдзіт».
— Немец, мясцовыя тут карыстаюцца паслугамі?!
— Панты. Ціпа, «я тыдзень жыў у «Турысце», зайздросціце мне». Піва будзеш? Менскае «Граф Чапскі», старажытная рэцэптура — 1993 года! Чуеш? З дадаткам ядлоўцу!
Ядлоўцу ў Добрым Месцы не было. Але Дзікун ужо не хацеў нічога каштаваць з таго, чаго не ведаў. Накаштаваўся ўжо ўчора... Але дзе і чаго? Дзікун перавёў тэму:
— Немец, тут так файна. Я ведаю пра Менск, пра Менск і Горад-Герой, усё-усё. Ну, амаль усё, — выправіўся Дзікун, зірнуўшы на прэйскурант паслуг гасцініцы. — Я разумею, што я проста ўпершыню ў жыцці ў горадзе. Таму ад усяго, — а ў думках удакладніў: «Ладна, шмат ад чаго», — у захапленні. Але ж ты п'еш менскае піва, не ўжываеш мясцовых харчоў, высмейваеш сваіх суайчыннікаў, у цябе ёсць менская віза. Чаму ты не з'язджаеш?
Немец паглядзеў на Дзікуна задуменна і прапанаваў схадзіць папаліць у спецыяльны пакойчык. Гасцініца «Турыст» стаяла на высокім пагорку, плюс пятнаццаты паверх — Менск быў бачны далёка. Усё было знаёмае Дзікуну з фотаздымкаў і відэа. Чагосьці ўжо не было. Напрыклад, «дом Чыжа» каля Траецкага прадмесця напалову быў разбураны. Аграмадны безгустоўны жылы будынак, які ў свой час навісаў над усім гістарычным цэнтрам Менску.
А Немец распавёў пра сучасны Менск.
— А нахвіг мне з'язджаць?
Загінае пальцы:
— Я работаю ў сумесным прадпрыемстве з менскай фірмай. Кантрольны пакет Велазаводу — у Менску. На нашым «Мотавела», які «мы адстаялі ў пяцігадзіннай вайне і ганарымся подзвігам нашых мужных людзей», вырабляюць ровары, якія нам жа і прадаюць. Я зарабляю ў іншамарках. Іншамаркі свабодна канверсуюцца ў менскія баксы. Я магу ездзіць у Менск хоць кожныя выходныя. Бо працаўнікам «Мотавела» — адкрытая віза. У Менску адтапырваюся — тут зарабляю. Нахер я каму ўпаў у Менску, калі вытворчасць у іх тут? А ўлазіць інтэгравацца ў іхнае жыццё, абзаводзіцца новымі сацыяльнымі сувязямі, пачынаць з якога прыбіральшчыка ці разносчыка дранікаў — у мяне не той узрост ужо. А рыбалка? У менскіх жа няма выхаду да фарватараў. Яны толькі на забалочаныя берагі Заходніх тэрыторыяў могуць з'ездзіць. Што яны там зловяць? Лупатых жаб? Дык тыя жабы атрутныя ўжо за метр вакол сябе. Ну і галоўнае: на каго я гэтых усіх кіну, дружкоў-піражкоў, якіх ты бачыў у «Сумёце»? Гэта ж родныя людзі. Эта родзіна мая, панімаеш?..
Дзікун разумеў. Ён прыгадаў словы Альгердыча са школы: «Хоць вы і выраслі тут, на выспах, памятайце, што ваша радзіма — Менск. І мы ўсе туды калі-небудзь мусім вярнуцца. Выгнанне наша вымушанае і часовае».
— Хацеў бы ў Менск трапіць? — нібы счытаў думку Немец. — Практычна немагчыма. Права ўезду маюць працаўнікі сумесных фірмаў, як я, напрыклад. Я на Велазаводзе — шараговы рабацяга ў зборачным цэху. Але маю права. Яшчэ дыпламаты, ясна. Некаторыя дзеячы культуры, якія асобна ад палітыкі Караля муцяць творчыя праекты з фінансавай падтрымкі Менску. Толькі іх улады Горада-Героя не выпускаюць за мяжу.
— А гандляры?
— Паміж Менскам і Горадам-Героем ёсць экстэрытарыяльная зона — Стары Чэрвеньскі рынак. Там лагістычны цэнтр. Менскія тавар прывезлі, «героі» — грамадзяне Горада-Героя — забралі. І наадварот. Усё пад наглядам бронецягнічкоў. Тут і тут чыгунка, там Свіслач, якая патрулюецца на катарах. Не, без варыянтаў — гаўно доля. Не праскочыш.
Немец пакалькулераваў штосьці ў галаве.
— А нават калі здолееш перабрацца, там цябе адразу вылічаць. Ды хоць бы па гаворцы. Ты ўвесь час кажаш «ок», «окей», а гэта даўно састарэлае слоўца. У мяне толькі адзін знаёмы ўжывае «окей». «Окей, гугаль» — гэта ў яго замест «бл@ць-нахер». Яго так і клічуць — Вася Гугаль... Карацей, вылічаць цябе і дэпартуюць сюды назад. Толькі згодна законаў Менску, ты трапіш на прымусовыя працы. У іх з Менскам такая дамова. Так менскія ўтылізуюць не самых цяжкіх злачынцаў.
«Прывітанне, сябры, у Менску — адзінаццатая трыццаць, на радыё «Адзінка» — выпуск навінаў. Менск рыхтуецца да аднаўлення інтэрнэту. Цырымонія адкрыцця адбудзецца паслязаўтра, трэцяга чэрвеня, апоўдні на плошчы Свабоды. Вас чакае да самага позняга вечара музычная праграма: джаз, класіка, рок і фольк. Будзе працаваць фуд-корт.
Саюзныя войскі анархістаў былі атакаваныя бандай, якая прыйшла з раёну Розачкі. Нагадваем пра неабходнасць быць пільнымі і трымаць персанальную зброю ў баявым стане.
Вялікая партыя кантрабанднага сала была вылаўленая ў Свіслачы ў раёне Старога Чэрвеньскага рынку.
А цяпер — пра надвор'е. Верхавы вецер, як заўжды, дзьме на паўднёвы ўсход, тэмпература паветра: між плошчаю Незалежнасці і плошчаю Перамогі — 25 градусаў цяпла, ад плошчы Якуба Коласа і да Паўночнага Лесу — 18 градусаў, уся Паркавая магістраль да Ждановічаў уключна — плюс 20. Месцамі невялікія дажджы.
Сонца будзе бачнае ў прамежку між пятнаццатай і шаснаццатай гадзінамі па адрасах: Дамініканская 14, Падгорная 6, а таксама з Міхайлаўскага скверу.
І пра курсы валют. Адзін менскоін сёння роўны паўтара менскіх бакса.
Добрага ўсім дня!»
Як высветлілася, менскі бакс — найперш валюта для разлікаў з Горадам-Героем. «Для лахоў чылійскіх», — удакладніў Немец.
— У іх жа ў Менску як бы крыптавалюта.
— Гэта як?!
— Ну банк у іх інфармацыйны, — пачаў тлумачыць Немец. — Кожны грамадзянін мае сваю папку. Разлічваюцца між сабою чэкамі, а пасля сумы спісваюцца ці дадаюцца ў камп'ютары. Але і баксамі можна, канечне.
З прымача пайшлі дэбаты пра магчымасці змены выбарчага заканадаўства, Немец прыглушыў гук. Тут Дзікун зразумеў, што гасцініца «Турыст» — адзінае месца ў Горадзе-Героі, унутры якога не было рэпрадуктараў-мацюгальнікаў.
— Я чуў на рынку, што ў вас тут прымачы забароненыя.
— Похер на прымач. Улады могуць забраць каго заўгодна за што заўгодна. Але ж ёсць Менск, які часам перакрывае пастаўку газу. У Менску газасховішча ёсць, а гэтым гаўно куды дзяваць? Тут тонкі палітычны расклад. Усе кладуць болт на забарону... Ну, як усе. Калі мяне забяруць на Свінакомплекс, будзе міжнародны скандал. — Немец задумаўся. — Магчыма, будзе дробны скандал. Я ж на «Мотавела» працую. Думаеш, тут ёсць багата людзей, якія могуць маю працу рабіць? Ха! Калі Кароль пачне саджаць усіх, хто ўмее штосьці рабіць, дык тут медным тазам усё накрыецца. Я так думаю. Карацей, галоўнае — не нахабнічаць, не свяціць радыёпрымач.
«Таксі да кавярні «Айцы-Заснавальнікі», увага, Артур Карлавіч Жмулінскі просіць таксі да ганка бару «Айцы-Заснавальнікі».
Гэта з радыёпрымача Немца такая абвестка прагучала.
— Стоп! Хто?! Артур Карлавіч? Ёхарны бабай! Я яго сто гадоў не бачыў, — Немец ажно заззяў ад радасці. — Гэта ж мой дружок-піражок з мінулага жыцця. Мы ў Менску ў адзін бар хадзілі — у «Бутэрбродны-Плюс-М».
Немец заглыбіўся ва ўспаміны пра Менск больш як трыццацігадовай даўніны. Тады яшчэ ў горадзе заставаліся такія ўстановы, якія можна было назваць сумессю румачных і пабаў. Зробленыя ў былых пад'ездах, міні-барчыкі працавалі ў стылі «налівайка». Месца там было няшмат, але памеры мала каго пужалі. Па вечарах налівайкі шчыльна забіваліся наведнікамі, абсалютная большасць якіх была заўсёднікамі не адзін год, а часам не адзін дзясятак гадоў. Таму — паб. Бо ўсе адзін аднаго ведалі. Ды што там ведалі, некаторыя перажаніўшыся былі па некалькі разоў. У госці адзін да аднаго хадзілі, разам на шашлыкі ездзілі. Ледзь не адна сям'я.
Як тлумачыў Немец, яму падабалася пярэстасць публікі. Тут побач стаялі і прафесар універсітэту, і рабочы будоўлі, і адстаўны вайсковец, і дзейны міліцыянт, і журналіст, і літаратар, і «снабжэнец», і таксіст. Сацыяльная сетка ва ўсёй красе з шырокім дыяпазонам поглядаў і меркаванняў. Сярод заўсёднікаў пачэснае месца старажыла займаў Артур Карлавіч — мужчына за пяцьдзясят з вечна пагнутай аправаю акуляраў, з ускудлачанымі валасамі і падкрэслена ветлівым зваротам да ўсіх без вынятку. Артур Карлавіч быў даўнім карэспандэнтам інфармацыйнага агенцтва «Баец». Публіка «Бутэрбродкі» вельмі любіла расповеды Карлавіча пра ягоныя камандзіроўкі ў вайсковыя часці і на палігоны Міністэрства абароны. Пасля камандзіровак Карлавіч традыцыйна заходзіў у барчык. Ужо на падагрэве. Бо афіцэры шчодра частавалі карэспандэнтаў — каб матэрыялы пра войска выходзілі бадзёрымі і жыццесцвярджальнымі.
Але аднойчы Карлавіч вярнуўся цвярозым і... не тое што разгубленым, але засяроджаным на чымсьці сваім. Стаяў за стойкай з чаркай у руках, вусамі шаволіў, як рак — ва ўсе бакі. Гэта значыць, напружана думаў.
А наведнікі падколвалі: «Што, Карлавіч, падышоў да снараду і не ведаеш, якую вяршыню ўзяць?» А ўсе ў барчыку як ніколі чакалі гэтага вяртання Карлавіча, бо той анансаваў, што едзе ў незвычайнае месца — на былы Альманскі палігон.
«Паўтараем, таксі для Артура Карлавіча з бару «БНР», былая «Чабурэчка», дзякуй».
— Бачыш, у іх там правадны тэлефон ужо амаль ва ўсіх установах. Плаціш, напрыклад, кавярні і замаўляеш абвестку. А кавярня пасля з ФМ-станцыяй разлічваецца і свой працэнт забірае. Зручна! А ў нас у Горадзе-Героі трэба цягнуцца ў офіс радыёкропкі, запаўняць бланкі, пасля чакаць хер ведае колькі. Хіба што павіншаваць кагосьці можна, а так... Ага, дык Альманскі палігон.
Альманскі палігон стратэгічнага бомбамятання стварылі ў канцы 1950-х гадоў. Быў ён па тэрыторыі як тры цэлыя непадзеленыя Менскі. А самі Альманскія балаты — дык як усе пяць Менскаў. А пасярод тых балатоў была тэрыторыя на некалькі дзясяткаў квадратных кіламетраў, якая звалася Мярлінскія хутары. Балаты калісьці належалі князям Радзівілам. З пачатку 1920-х, а то і раней, Радзівілы пачалі за нядорага прадаваць кавалкі зямлі, раскіданыя паміж бяскрайняю багнай. З'язджаліся туды людзі з усіх бакоў. Простыя сяляне. Так, пад канец 1930-х назбіралася некалькі тысяч жыхароў Мярлінскіх хутароў. А тут прыйшлі саветы. Частка мясцовых пасунулася хто куды ад новай улады, але большасць засталася. У ІІ сусветную немцаў там не бачылі, толькі партызанаў розных відаў. Можна сказаць, што быў на Альманскіх балатах край геаграфіі, а можна — што пачатак. Як бы там ні было, але ў 1959 годзе хутаранаў сагналі ў пару вёсак. Людзі свае хаты і гаспадарчыя пабудовы разабралі, перавезлі, сабралі на новым месцы. Такі сабе традыцыйны сялянскі «Lego». А ў 1961-м мярлінцаў пачалі высяляць ужо канчаткова — развозіць у розныя бакі ад Альманскіх балатоў. Цэлы генерал прыехаў камандаваць аперацыяй. Людзі кідаліся пад колы, людзей пужалі аўтаматамі, выбівалі шыбы ў хатах, разбіралі дахі акурат тады, калі сям'я сядала абедаць. А перад тым высяленнем быў моцны выбух, які мярлінцы чулі. Ды што мярлінцы — за сто кіламетраў у радыусе людзі чулі. З «варожых галасоў» даведаліся, што на Захадзе зафіксавалі радыяцыйную актыўнасць побач з Мярлінамі.
А далей ажно да пачатку 1990-х па балатах шпурлялі ўсялякімі відамі авіяцыйнай і ракетнай зброі — трэнаваліся. Толькі, як пасля высветлілася, трэніроўкі не дапамаглі.
— Маем што маем, — уздыхнуў Немец і правёў рукой так, нібы паказвае на ўвесь сусвет.
На пачатку 1990-х палігон закансервавалі, а незадоўга перад Вялікім Выбухам раскансервавалі. Пачалі там дарогі будаваць. А за чвэрць стагоддзя без людзей на Альманах утварылася ўнікальная прыродная зона з кучай раслінаў і птушак усялякіх рэдкіх. Тады эколагі і абаронцы птушак забілі ў званы. Маўляў, Міністэрства абароны зноў штосьці чалавекашкоднае пачало муціць. Вось Артура Карлавіча і адправілі ў камандзіроўку зрабіць рэпартаж, які б суцешыў ці хоць бы прыцішыў грамадства. Каб выставіў Міністэрства абароны пяшчотным стварэннем. Карлавіч вярнуўся цвярозы і задуменны. Пакруціў вусамі, адставіў чарку. Развітаўся. І больш Карлавіча ніхто не бачыў. А тут во — аб'явіўся больш як праз трыццаць гадоў.
Дзікун ведаў імя Артура Карлавіча. Альгердыч згадваў пра тое, што выведніца Зуля выйшла на важную інфармацыю, звязаную з вынаходніцтвам абсалютнай зброі ў адной з сакрэтных лабараторыяў Міністэрства абароны. І што Карлавіч нейкім чынам быў звязаны з той імавернай абсалютнай зброяй.
13
— Немец, а як ты апынуўся ў мяне ў нумары?
— А ты давай, прыгадвай, а я дапамагу.
— На рынку быў хапун. Я вярнуўся ў гасцініцу. Падарыў Але Пятроўне букет кветак, куды ўклаў пяць іншамарак. Пайшоў да ліфта... там налева ад ліфтаў — уваход у рэстаран. У ім ішла гулянка.
— Ну, давай, — падбадзёрыў Немец.
— Я заўважыў, што па калідоры бегалі святочна адзетыя дзеці, яны гуляліся... Гуляліся ў п'яных!
— Так.
— А, перад тым я сустрэў Алу Пятроўну на ганку гасцініцы. «Зноў набілі пасуды», — сказала яна, абносячы частку прыступак чырвонай стужкай. Я яшчэ падумаў, што біць шкло — гэта нейкі шык, што нават у маім VIP-нумары посуд металічны. І што біць шкло — відаць, нейкая прыкмета.
— Прыкмета — на шчасце. А шчасце чаго? — Немец намякаў-падштурхоўваў.
— Мяне перахапіла кабета... Кабета назвалася Марынай. Яна спыталася, ці не іду я на... На вяселле! Шкляны посуд б'юць на шчасце сямейнага жыцця! Вяселле, я быў на вяселлі!
Дзікун узгадаў усё.
Марына завярнула Дзікуна ад ліфтаў і прывяла ў рэстаран. У зале за сталамі, ссунутымі літарай «П», сядзела чалавек сто пяцьдзясят. На выгляд, сядзелі даўно. Добра датыя, распараныя, учырванелыя, усе размаўлялі з усімі і адначасова ні з кім. У глыбіні залы за галоўным сталом, за верхняй перакладзінай літары «П», — маладыя, сведкі і бацькі. Бліжэй да ўваходу ў рэстаран базавалася міні-сцэна, на якой стаяў высокі лысы дзядзька ў строі, падобным да клоўнскага: ружовы колер, клёшы, залатыя аблямоўкі і лампасы. У руках «клоўн» трымаў фужэр з напоем. «Вып'ем этава бажэсьцьвеннава нектара за здароўе маладых!» Выпілі. «Пусьць любоў маладажонаў будзе хмяльной і сладкай, как эта віно! І нікада не будзе горкай! Горка!» Усе доўга крычалі «горка!», маладая рабіла выгляд, што саромеецца цалавацца, пасля доўга цалаваліся. Марына пасадзіла Дзікуна на самым краі, каля ўваходу, спінай да дзвярэй, тварам да залы.
«Клоўн» перадаў свой фужэр афіцыянтцы і бадзёра грымнуў у мікрафон: «Здравствуй, чужая милая!..» Але калонкі рэзка засвісталі, і «клоўн» запнуўся.
«Хацеў пёрнуць, а ўсраўся!» — гыгыкнуў мужык, які сядзеў насупраць Дзікуна. І адразу да суседа за сталом: «Што ты робіш?! Чэрэз руку не налівай!.. І на вясу не налівай!.. Бляха, як дзеці проста». Мужык забраў бутэльку, прачытаў этыкетку. «Што ты ліеш, гэта ж лікёр... Градус не паніжай». Наліў гарэлкі сабе, суседу і Дзікуну, да якога звярнуўся з добразычлівай інтанацыяй: «А ты чаго не ясі? Салаціка во палажы».
Праз пару хвілінаў апаратуру наладзілі.
«Здравствуй, чужая милая,
Та, что была моей.
Как же мне не любить тебя
До самых последних дней!..»
Прысутныя запляскалі, а наваспечаны муж запрасіў сваю жонку на танец.
«Жалко, что не смогли мы,
Не сберегли с тобой
Всё, что зовут любовью,
Что стоит нам жизни той...»
Пара кружляла, а Дзікун прыслухоўваўся да абрыўкаў размоваў, якія даляталі да краю стала. Справа, з боку суседкі, фарбаванай бландзінкі ў чырвонай сукенцы, чулася:
— В плане прадуктаў ён мужык харошы. Всегда прынасіў!
— Ну а к ней ён как атнасіўся?
— Ну к ней не очэнь атнасіўся. Ну дык дзе яно бывае, штоб усё сразу?
Жартаўнік насупраць тлумачыў свайму суседу ўласнае жыццёвае крэда: «Жыць нада па прынцыпах. У міня два глаўных: не гавары «гоп», пака не ўвідзіш гопніка, і — узяўся за гуж, абасраўся і стой».
Па дыяганалі ад Дзікуна сядзелі, з усяго відаць, муж, жонка і сын — пісклявы шасцікласнік. У школьніка на твары былі свежыя абдзёртасці. «Яны там, на Западзе, у школах праводзяць гей-парады. А в качэстве наказанія ў ніх у школах яб@ць у жопу!» — страшыў малога бацька. «Дык ім жа ў жопу мусіць быць па кайфу!» — пісклявым голасам парыраваў шасцікляснік і атрымаў поўху ад маці.
Тым часам сусед-жартаўнік, здаравушчы чырванаморды дзядзька сталага веку, працягваў размову са сваім знаёмым. На пальцах у чырванамордага красавалі наколкі. Справа — «МАЗ», злева — «30».
— Ты тупы ці пад'@бываеш? — добразычліва спытаўся чырванаморды ў свайго суседа, на выгляд маладзейшага і значна драбнейшага. — Я ў металаздабычы трыццаць год ужо. Вот эцімі рукамі, — сунуў наколкі пад нос драбнейшаму, — эцімі во рукамі знаеш сколькі я за трыццаць гадоў дэталяў павыкалупліваў? Колькі тон металапракату парасьпіліваў? Колькі тон механізмаў павыкручываў? О-го! МАЗ — эта сіла!
Чырванаморды пасунуў Дзікуну пад нос талерку з дранікамі і кампанейскі падміргнуў:
— Без бульбы х@й укорміш.
І назваўся:
— Мяне Пятровіч завуць.
Дзікун не паспеў адказаць, бо мікрафон узяў у рукі мужык, які сядзеў бліжэй да нявесты. «Мікалаіч, дырэктар МАЗа, мой начальна», — патлумачыў Пятровіч.
Дырэктар рашуча махнуў рукой у бок Менску:
— На нашы багацтва глядзяць з завісьцю. Але захваціць нашы заводы ў іх кішка танка! Вып'ем за працьвітаньне нашай металаздабываюшчай отрасьлі!
Выпілі.
Хоць Дзікун ніколі не каштаваў моцных напояў, тут вырашыў зведаць, што гэта такое. «Каб зафіксаваць формулу небяспекі». Наўкола ніякіх пагрозаў, апроч звычайных фонавых, Дзікун не адчуваў. Таму наважыўся. Разам з усімі выпіў «за працьвітаньне». У графінах была пяцідзесяціградусная «падруга», як ласкава казалі мясцовыя пра самагонку — ад назвы гатунку бульбы «дружба».
У галаву адразу дало. Прыемна дало. Праз некаторы час Дзікун злавіў сябе на тым, што каштуе і вараную, і смажаную, і тушаную, і печаную бульбу. Дзясяткі тры розных страваў з бульбы былі на сталах. Але асабліва спадабаліся дранікі. А яшчэ праз некаторы час Дзікун заўважыў, што зала змянілася. На сцяне ў, здавалася, пустой перад тым раме паўстаў партрэт мужчыны ў вайсковай фуражцы, усёй затканай залатымі вензелямi. Прысутныя ў зале жанчыны нібы толькі што пераапрануліся ў вечаровыя сукенкі, а мужчыны — у строгія гарнітуры. Як з кіно пра пачатак ХХ стагоддзя.
Чарговы тост:
«С законным бракам паздраўляем,
Бальшога шчасьця вам жэлаем!»
І яшчэ чамусьці мірнага неба над галавой.
Выпілі.
Цяпер уся зала цалкам змянілася. Шыкоўная мэбля, шыкоўная люстра пад столлю... Ужо XVIII стагоддзе... а цяпер пачатак XXI. А цяпер — зноў няўцямных формаў і колераў рэальнасць. А цяпер... Замест тумц-тумц-тумц з калонак вушы пачалі выхопліваць складаную мелодыю. Суседка стала выглядаць як поп-зорка Мадонна. Чырванаморды зрабіўся падобным да каўбоя з рэкламы цыгарэт «Marlboro», шасцікласнік прыпадобніўся да выявы хлопчыка з лебедзем: скульптуры ў цэнтры Менску. А вунь за сталамі насупраць сядзяць мушкецёры са шпагамі ў руках і белымі плашчамі на плячах.
Зноў усё знікла. «Мушкецёры» трымаюць у руках бутэлькі. «Хлопчык з лебедзем» лазіць пад сталамі, падглядае, што там у цётак пад спадніцамі. А чырванаморды Пятровіч пачаў казаць чарговы тост:
— Не вижу я сейчас причин,
Чтобы не выпить за мужчин.
За женщин тоже выпью я —
Родилась новая семья!
Пятровіч падглядаў у шпаргалцы:
— За молодых я предлагаю выпить,
За счастье их мы пьем, друзья, до дна,
Теперь нам нужно всем привыкнуть,
И называть их муж, жена!
Пятровіч адарваўся ад паперкі, махнуў рукой, нібы рашуча адрынуў хатнюю загатоўку, і панес шчырую адсябяціну:
— Дарагія маладыя, дарагія іх радзіцелі, дарагія госьці! В прэдверіі блізкага празьніка хачу сказаць тост. Пасьлязаўтра мы атмічаем не проста Дзень Горада-Героя. Пасьлязаўтра мы атмічаем знамінацельнае сабыціе — пабеду ў Бітве за Велазавод. Без этай пабеды не была б у нас мірнава неба над галавой. Не гулялі б мы сіводня эту свадзьбу. Жылі б мы в рабстве. Но у ніх эта не палучылась.
Пятровіч не проста казаў «громка», Пятровіч роў так, што закладала вушы. Толькі цяпер Дзікун заўважыў, што ў чырванамордага адарванае адно вуха. «Тасціруюшчы» вытрымаў паўзу і драматычна выгукнуў:
— Хачу выпіць за Велазавод! Хай помняць. Можам паўтарыць!
«Можам паўтарыць!» — тры разы прараўлі зайчыкі, эльфы, сняжынкі, коцікі і каралеўны. Сам Пятровіч стаўся Дзедам-Барадзедам. А суседка — добрай феяй. Калі адгрымела кананада з цокання фужэрамі і крыкаў «ура!», Дзікун спытаўся ў суседкі:
— А што «можам паўтарыць»? Я чуў, што кантрольны пакет акцыяў Велазаводу належыць Менску.
— Што-о-о, бл@-а-а?! Ды Пятровіч на Велазаводзе вуха згубіў! Як ты смееш? Эта жа памяць!
Усе ў зале крыху сцішыліся. Шасцікласнік з падрапаным тварам гучна прапішчаў у бок Дзікуна: «А эты дзядзька, ён са стараны жаніха цілі нявесты?»
Усталявалася абсалютная цішыня.
Суседка, якая нядаўна падавалася добрай феяй, на вачох учарнела, ссушылася і ператварылася ў злосны гаварашчы корч, які прашаптаў: «Эта ня наш...»
«Эта ня наш!!!» — хорам грукатнулі гаварашчыя карчы.
Немец слухаў расповед з усмешкай, а пасля перабіў:
— Я з «Сумёту» заскочыў у хол гасцініцы па цыгарэты, бо ў «палтосачнай» яны не прадаюцца. Выйшаў на ганак, запаліў, а тут ты бяжыш-ляціш. А за табой нясецца натоўп з крыкамі «эта ня наш!» і кідае ў цябе крэслы. Дык я першаму падножку зрабіў, яны ўсе і паваліліся адзін за адным. На ўваходзе ж прыступкі крутыя. Пакуль яны там валтузіліся ў кучы-мале, я цябе засунуў у ліфт — і ў нумар затарабаніў.
У дзверы рашуча пагрукалі.
— Уваходзьце.
На парозе стаяла цэлая дэлегацыя. Мужык у камуфляжы і з аўтаматам за спінай. Адміністратарка Ала Пятроўна бюстам была ўжо ў гасцінічным нумары, а ўсім астатнім — за парогам. Над ёю ўзвышаўся мужык у гарнітуры, за імі былі бачныя яшчэ некалькі кабет.
— Мы міжведамсьцьвенная маніторынгавая група. Асушчысцвляем кантроль за качэствам услуг, за правамернасьцю прыбываньня грамадзян на тэрыторыі аб'ектаў гасударсьцьвеннай собственнасьці, за пажарнай безапаснасьцю.
Дзікун жэстам запрасіў зайсці.
— Ала Пятроўна, штойта вы такая сур'ёзная сёння? — спытаўся Немец, якога відавочна забаўляла сітуацыя. На каленях у Немца сядзела рудая пакаёўка, на якой быў адзеты адно толькі форменны чапец на галаве.
— Дакумент аб аплаце паслуг? — без «добры дзень» спытаўся службовец з аўтаматам.
Немец моўчкі працягнуў чэк.
Той, што быў у гарнітуры, аглядаў пакоі нумара. Пасля кінуў камуфляжнаму: «Пажарка залічваецца». «Што гэта ён пажаранебяспечнага шукаў у маіх рэчах, зваленых у куце?» — падумаў Дзікун.
Ала Пятроўна строга спыталася:
— Прэтэнзіі па сэрвісе ёсць?
— Усё задавальняе, — адказаў Дзікун.
— Магчыма, жадаеце замяніць персанал?
— Усё цудоўна.
— Прабачце за нязручнасці.
Кумпанія, як салдаты на пляцы, адначасова развярнулася. Візіцёры адзін за адным выйшлі вонкі.
14
«Не тая Марына, не тая Марына», — са скрухай круціў у галаве думку Дзікун, калі падыходзіў да Падшыпнікавага праезду 3. Прыватныя дамы. Пустыя. Гнілыя.
Кустоў і лішайнікаў практычна няма. «Відаць, не дабівае сюды «дружба», ветру бракуе». Смурод застаялага балота. Дзікун спыніўся, пачыналася вада. Дакладней, кісель з вады і «ўсялякага гаўна і палак». Ямы, выбоіны, каналізацыйныя люкі — гэта найменшае зло, якое магла хаваць твань. Але не, унутраны сігнал «алярму» маўчыць. Наконт небяспек — усё спакойна. Вось Дзікун ужо на месцы: стаіць пасярод двухпавярховага дому па самыя яйцы ў вадзе. Першы паверх. Гнілыя рэшткі мэблі. Больш нічога. Другі паверх. Калі Дзікун падняўся па прыступках і зайшоў у пакой на другім паверсе, то ўбачыў здаравенныя — на ўсё сцяну — літары: «КОМІКСЫ».
— Уважаемый, спускаемся!
Голас знізу быў і патрабавальны, і разняволены адначасова. Чуйка бачуна маўчала, значыць, нічога экстрэмальнага не будзе. Ці — пакуль не будзе? На першым паверсе стаялі тры ўзброеныя арбалетамі мужыкі. У камуфляжы з малінава-бэзавымі павязкамі на рукавах. На нагах у мужыкоў былі высачэзныя гумавыя боты рыбакоў — «балотнікі».
— Праходзім.
Галоўны ішоў наперадзе, Дзікун — за ім, двое ззаду. Так дашкандыбалі па вадзе-кісялі да «веладжыпа», як акрэсліў сабе Дзікун канструкцыю, якая чакала на пачатку сухога ўчастку вуліцы. Шасціколавы ровар на чатыры пасадачныя месцы нагадваў абрысамі аўтамабіль.
— Давай, уважаемы, тожа пакруцілі педалі, з вецярком даляцім.
Даляцелі да «пункта ахраны правапарадка», які мясціўся ў забаўляльным цэнтры «ДК МАЗ», падзеленым на два крылы. Злева двухпавярховае выцягнутае — былая канцэртная зала — цалкам аддадзенае пад казіно. А справа — трохпавярховае шматфункцыйнае крыло. Праз сцяну ад пастарунку быў ЗАГС. Далей — крама кветак, вырабленых з пластыкавых бутэлек, следам — «пункт прыёму запчасцей ад насяленія». На другім паверсе быў рэстаран, а на трэцім — працаваў урад Горада-Героя.
Дзікун слухаў бадзёрае «умц-умц-умц» з рэстарану і думаў пра тое, што ніколі не бываў пазбаўленым волі, нават на секунду. «Дзіўнае адчуванне». Заперлі ў «абізьяннік» — закратаванае памяшканне для затрыманых. Думкі пра тое, чаму не спрацавала «чуйка бачуна», імгненна зніклі, калі Дзікун убачыў сваіх вымушаных суседак.
— Яня, хірург хуткай дапамогі. Спецыялізуюся на п'яных калецтвах на заводах і панажоўшчынах каля бараў.
— Хрысціна, юрыстка, спецыялізуюся на камерцыйных сувязях з Менскам.
— Арына, харэограф, стылістка. Працую з дзецьмі «ыліты».
— Дзікун... Турыст.
Дзяўчаты па чарзе працягнулі рукі для вітальнага поціску.
Усе тры ўсміхаліся, відавочна, зусім нядаўна яны смяяліся з нейкага жарту.
— Ну. Чаго цябе затрымалі, Дзікун? — спыталася Яня.
— Не ведаю, — паціснуў плячыма Дзікун, які адзначыў для сябе, што такіх дзяўчат яшчэ не бачыў у Горадзе-Героі. Стылёвыя стрыжкі і вопратка, «як у кіно». Хоць, зрэшты, і як у Добрым Месцы, у якім мода фармавалася паводле фільмаў і часопісаў, прывезеных калісьці з Менску. Старыя візуальныя трэнды падмацоўвалі фантазію і за трыццаць гадоў паспрыялі ўтварэнню неверагодна разнастайных стыляў.
— А нас затрымалі за арганізацыю недазволенага рок-канцэрту, — далучылася да размовы Арына. — Цяпер, відаць, штраф упаяюць.
— Сплюнь, — сказала Хрысціна, — глядзі, каб не грамадскія работы.
— Дык а як цябе ўзялі, турыст? — не супакойвалася Яня.
— Зайшоў у пусты падтоплены прыватны дом, тут неўзабаве і прыехалі па мяне.
— А-ха-ха! Які стары фокус, — засмяялася Арына. — Паводле закону Горада-Героя, зямныя і марскія нетры ў межах Горада належаць дзяржаве. Пра гэта не папярэджваюць турыстаў, і калі тыя нават выпадкова заходзяць у ваду па-за спецыяльна вызначанымі для адпачынку месцамі, турыстаў затрымліваюць. Так міліцыянты робяць план па штрафах. Перавыконваюць — міліцыянтам даюць прэмію. Цябе развялі, Дзікун.
— А як яны дазналіся пра мяне?
— «Карычневых камізэлек» бачыў?
Сапраўды, Дзікун прыгадаў, што ў раёне Падшыпнікавага праезду бачыў «камізэлек». Яшчэ падумаў, маўляў, навошта яны, калі тут лішайнікі не плодзяцца. Прынамсі, бліжэй да зямлі.
— А дзе канкрэтна цябе ўзялі? — не адступалася Хрысціна.
— Падшыпнікавы праезд 3.
— Упс, — ціха прамовіла Яня, у якой змяніўся выраз твару з вясёлага на засяроджаны.
У «абізьянніку» запанавала цішыня.
Неўзабаве да кратаў наблізіўся дзяжурны міліцыянт:
— Дрозд, Яноўская, Мальцэвіч — на выхад.
Дзікун назіраў, як у дальнім куце прасторнага памяшкання пастарунку дзяўчаты хіхікалі, пакуль міліцыянт афармляў паперы. Праз паўгадзіны ўсіх адпусцілі.
— На первы раз вы палучаеце штраф разьмерам 500 рашчотных латарэйных білетаў. («Шалёныя грошы! 50 дзён пражывання ў «Турысце».) Пры паўторным праванарушэніі штраф увілічыца ў тры раза. Пры трэцім праванарушэніі вас кваліфіцыруют як угалоўнага прыступніка. Січас вы далжны аплаціць штраф в цечэніе трох сутак. Есьлі не аплаціце, вас направят на абшчэсьцьвенныя работы да цех пор, пака вы не кампенсіруеце гасударству неабхадзімую суму.
Міліцыянт вярнуў Дзікуну паперу ад «пасялення Кругі», насамрэч, зробленую дзядзькам Фэлюсем. Таксама — пасведчанне пра рэгістрацыю ў «Турысце», і замяніў сіні бранзалет на аранжавы:
— Цяпер вы імееце права перадзьвігацца толька ў граніцах турысьцічэскай зоны. Ад стадзіона «Трактар» да «ДК МАЗ», ну і тут па баках ад Парцізанскага прасьпекта. Самі сматрыце. Вот вам карта.
Недалёка ад пастарунку на пляцыку перад «ДК МАЗ» сядзелі новыя знаёмкі: Яня, Хрысця і Арына. Яны відавочна чакалі Дзікуна, які памахаў ім рукой. Перад уваходам у «ДК МАЗ» змейкай вілася здаравенная чарга з мужчынаў і жанчын усіх узростаў, чалавек дзвесце. «Не тое цяпер казіно, што раней», — кінуў дзядуля, што праходзіў міма. Дзікун паказаў дзяўчатам знакам, маўляў, «хвіліначку», і спытаўся ў дзядулі, чаму такі ажыятаж. «Сёння выходны, у людзей ёсць час паспытаць шчасця, — ахвотна патлумачыў дзядок. — Па выходных кожнаму, хто пажадае, даецца пятнаццаць хвілінаў на гульню ў доўг. Цябе, хлопец, туды не пусцяць з аранжавым бранзалетам. Тут толькі для мясцовых. Для турыстаў выключна ў «Турысце». Там толькі за валюту і толькі за грошы».
— А за што гуляюць мясцовыя?
— За свае працадні... — Дзядок быў, відавочна, рады ўвазе і магчымасці паразмаўляць. — Сарваць банк — гэта на некалькі гадоў вызваліць сябе ад працы і мець пры гэтым заробак. Але большасць прайграе. А некаторыя прыходзяць адыграцца і залазяць у кабалу да дзяржавы на гады і нават дзесяцігоддзі.
— А пенсія ў вас ці вялікая?
— А я яе прайграў даўно на дзесяць гадоў наперад, — дзядок спахмурнеў, махнуў рукой і пайшоў, не развітаўшыся.
Дзікун наблізіўся да дзяўчат:
— А дзе бываюць рок-канцэрты?
— А мы табе пакажам, тут недалёка зусім.
На рагу Партызанскага праспекту і Шасэйнай вуліцы кумпанія ўбачыла духавы аркестр і натоўп. Высветлілася, што ва ўрачыстай абстаноўцы прыпынак грамадскага гужавога і велатранспарту «Вуліца Шасэйная» пераймяноўвалі ў прыпынак «ПТВ № 71». З драўлянага памосту вяшчаў бугай з азызлым тварам і шклянымі вочкамі. Вочкі бегалі туды-сюды, але здавалася, што глядзяць проста на цябе:
— У нас сіводня празьнік. Рукаводства Горада-Героя зьдзелала нам бальшы падарак. Па прашэсьцьвіі трыццаці лет васстанавлівает работу наша прафесіянальна-ціхнічэскае ўчылішча. Эта астаноўка, каторую мы аткрываем, эта сімвал таво, што нас знают і цэнят. І мы будзем старацца, штоб апраўдаць этат падарак чэрэз прызму кадравых вапросаў на ураўні гасударства. І сіводня нам есьць чэм гардзіцца — тружанікі метала- і дзеталедабываюшчай отрасьлі напрацяжэніі нескалькіх лет абісьпечывают выпалненіе всех прагнозных паказацелей. Но ціпер метала- і дзеталедабыча выйдут на савіршэнна новы качэственны уравень!
Воплескі, аркестр грымнуў, а натоўп зацягнуў:
«Вижу свет за окном —
Солнце будит район.
Всюду песни, знакомые лица...»
Бугай з азызлым тварам рушыў у натоўп, крэпкія мужыкі ў аднолькавых спінжаках пачалі адштурхоўваць людзей. Дзяўчаты і Дзікун дадалі кроку, а ім у след неслася:
«...Наши дети растут,
На заводы придут,
Чтобы славу отцов приумножить!»
Крыху вышэй па Шасэйнай пашыхтаваліся цагляныя двухпавярховыя дамкі на пару пад'ездаў кожны. Сімпатычныя дамкі, з разьбянымі балясамі балкончыкаў, з нетыповымі для большай часткі забудовы Партызанскага праспекту дэталямі дэкору, з верандамі. «Для «ыліты» МАЗу будаваліся калісьці», — кінула мімаходзь Арына. На ўваходзе ў першы дворык вісела расцяжка «Сардэчна запрашаем у наша Гета!». Уся кумпанія ўзнялася на другі паверх у вялікую, аб'яднаную з дзвюх, кватэру. «Спачатку мы цябе пакормім, а пасля пакажам наша «гета».
Завялі прайгравач плытак, паставілі кружэлку з джазам, запарылі зёлак, распалілі кальян. Да Дзікуна прышкандыбаў аграмадны сабака: ангельскі мастыф на мянушку Арнольд, ён жа Роня.
— Ён мяне не ўкусіць?
— Не! Ты ўжо свой чалавек. Ты ж пасля мянтоўкі ўжо пахнеш усім нашым раёнам!
Дзікун агледзеўся. Усё было нязвыклым, усё кантраставала з тым, што Дзікун пабачыў у Горадзе-Героі. Але што канкрэтна? Колеры! Усё ў памяшканні мела выразнае адценне. Сцены — цёплыя, светлыя, салатавыя. Стол і крэслы пасярэдзіне вялікага пакою — глыбокі сіні. Шыбы і падваконні былі пафарбаваныя ў адно з адценняў аранжавага. Нязвыкла. У Горадзе-Героі ў афармленьні інтэр'ераў і экстэр'ераў панавала бляклая аляпаватасць шэра-бура-бэзавай неакрэсленасці.
А ў «гета» былі выразныя адценні пэўных колераў, падабраныя адзін да аднаго з творчай задумай, аўтарскім падыходам. А на сценах было некалькі карцінаў, кветкі ў вазончыках на падлозе, на падваконнях. На паліцах — кнігі ХХ і ХХІ стагоддзяў, сярод якіх бачна багата мастацкіх альбомаў. Пакой-студыя, спалучаны з кухняй. Адны дзверы вядуць у другі пакой, а ў трэці — дзвярэй няма, толькі прыадкрытая шырма. Відаць доўгі стол з прыстаўленымі да яго крэсламі, вялікі планшэт на сцяне, распісаны графікамі і малюнкамі. У канцы стала два мужчыны штосьці жарсна абмяркоўваюць. Часам чуваць абрыўкі размовы:
— ...У яго была інваліднасць па інфантылізму...
— ...А сябра ягоны меў інваліднасць па ідэалагічных эксперыментах...
— ...Прафесія — сэнсолаг...
— ...Гарызонт вашай думкі завалены недасказанасцю...
— ...Усё, што зарабляецца на нашых марах, мы маем права каментаваць...
— ...Ты не ў будучыню ўпэўнена глядзі, ты ў сябе ўпэўнена глядзі...
Яня патлумачыла:
— Рыхтуюцца да семінару «Умацаванне сэнсаў ва ўмовах існавання «гета» ў фантазійнай прасторы», не будзем ім замінаць.
— Гета тваёй краіны, — пад нос прабурчала Хрысця.
— Гета нашага жыцця! — пафасна выгукнула Арына.
— Чаму «гета»?
З фатэля ўзнялася Арына. «Галандская мэбля другой паловы ХХ стагоддзя», — адзначыў для сябе Дзікун.
— Па-першае, у нас на даху ёсць сонечныя батарэі, — пачала Арына. — Хоць праз вечныя хмары дастаем энергіі меней, чым магчыма, мы можам слухаць музыку, захоўваць ежу ў лядоўні, карыстацца камп'ютарам. Сонечныя батарэі мала ў каго ёсць, хоць іх можна заказаць у Менску пры вялікім жаданні. Дорага. Але калі скінуцца адным домам на дзесяць кватэраў, то цалкам можна сабе дазволіць.
Хрысціна працягнула:
— Па-другое, мы вырошчваем кветкі. Зірні на падваконне. На тваіх выспах вырошчваюць кветкі?
— Так, — паціснуў плячыма Дзікун. А сам звярнуў увагу на тое, што ў самым куце пакою на падлозе стаяў гаршчэчак, у якім расла бульба.
— Па-трэцяе, мы не ямо бульбы, — дадала Яня. — Але галоўнае тое, што мы малюем, чытаем, пішам, дыскутуем. Ладзім семінары, міні-фестывалі, выставы. У нас ёсць тэатральная трупа. І нават тры музычныя гурты.
Дзяўчаты накрылі на стол: свежыя чарніцы і суніцы, фінікі, апельсіны, мідыі, марская морква, акіянічная пяцівокая стронга. «Мяса мы не ямо». Паабедалі. Праз адкрытае акно пачалі далятаць галасы.
— ...Я бачу, вы адукаваны чалавек. Вось падкажыце мне. Я ўсё жыццё мучуся, хачу высветліць. Выраз «я@біся колам» — гэта дрынам ці па коле?
— ...Класічны твор — гэта сперматазоід-пераможца, які стварае культурны кантэкст на пэўны час...
Дзікун падышоў да акна, каб лепш чуць.
— ...Кажаш, да Выбуху было прасцей? Прадказальнае надвор'е, вядомыя фарватары. А што — у чалавечым штодзённым жыцці хіба менш небяспечных сітуацыяў узнікала, чым цяпер?
— ...Я адмовіўся быць таварышчам, а старшая прапаршчыца Сняжана — гаспажой..
— ...Як, як? «Зэ бэст»? Прасцей сказаць «за@бісь»...
Дзікун павярнуўся да дзяўчат:
— Гэта яны на семінар прыйшлі?
— Калі меркаваць з размоваў, адны — на семінар, а іншыя — на аўтограф-сесію аўтара новага коміксу. Неўзабаве пачнецца ў суседнім доме нашага «гета». Там і выдавецтва, і крама коміксаў. «Коцікаў» называецца. Хадзем пакажам, — запрасіла Яня.
Вакол ганка каміксарні — высокага, на некалькі прыступак — таўкліся людзі. Хтосьці адзеўся ў гарнітур, хтосьці — ў падраныя джынсы. Унутры крамкі была бачная невялікая чарга да аўтара — мужчыны з сур'ёзным выразам твару, які засяроджана падпісваў сшыткі коміксаў. Але большасць публікі тусавалася на дварэ. Побач з ганкам стаяла таўсценная калода. Ідэальнае месца, каб паставіць келіхі, папяльнічку і весці нязмушаную размову.
— Формай авалодаў, а сказаць не мае чаго.
— Так, сэнсаў — нуль.
— Ну не нуль, але ж адну адзіную ідэйку расцягвае на цэлы графічны раман.
— Нават не ідэйку, а анекдоцік.
— Дый з формай паўтараецца ўжо які год.
Аўтар выйшаў на ганак, удзельнікі размовы вакол калоды дружна ўзнялі келіхі і хорам пракрычалі:
— Віншуем!!!
Аўтар пакланіўся.
Вочы Дзікуна рэзка зачасаліся, пагроза была знаёмая, але ўбачаная формула небяспекі падказала, што бегчы позна.
— Усім стаяць! Працуе паліцыя сэнсаў!
Публіка без словаў імгненна пашыхтавалася тварамі да сцяны з пакладзенымі на патыліцу рукамі. «Трохачковы няўдас», — Дзікун узгадаў выслоўе Немца і пачаў разважаць пра свой далейшы лёс: проста аштрафуюць і дэпартуюць ці згнояць на прымусовых працах на Свінакомплексе? За спінай ляснуў затвор «калашнікава».
Праз пяць хвілінаў міліцыянты з «паліцыі сэнсаў» выйшлі з памяшкання каміксарні. «Адбой, спасіба за паніманіе». Публіка вярнулася да сваіх келіхаў і працягнула размовы, нібы толькі што нічога не здарылася.
— Што гэта было? — спытаўся Дзікун у Хрысці.
— Яны ў прыбіральню хадзілі.
— ?!
— Глядзелі, ці не падціраецца хто партрэтамі Караля. Усе юрыдычныя асобы абавязаныя выпісваць газету «Город Мечты», не менш за дзесяць асобнікаў, і распаўсюджваць бясплатна. Туалетная папера ў Горадзе-Героі — толькі імпартная, з Менску, таму дарагая. Вось многія і карыстаюцца. Дзесьці з паўгода, як стварылі «паліцыю сэнсаў». Яна сочыць, каб ніхто не кпіў з Караля і ягонай палітыкі «дабра і працвітання».
— Дык яны ў скарыстаных паперках рыліся?!
— Не бывае кепскай работы, — хіхікнула Хрысця.
— У вас хіба многія чытаць умеюць? Я рэдка дзе бачыў літары.
— Этыкеткі з таварамі з Менску ўсе чытаць умеюць. Плюс уменне чытаць цяпер як бы мода. Невялікі тэкст можа адужаць амаль кожны дарослы. Да таго ж газета збольшага з карцінак складаецца. І ўсе карцінкі — з «сэнсамі», якія пад абаронай дзяржавы.
Да Дзікуна і дзяўчат падышоў уладальнік крамы, мужчына сярэдніх гадоў, крыху паўнаваты, з невялікай барадой, ускудлачанымі валасамі і вясёлай усмешкай на твары.
— О, бачу, новы наведнік, рэдка такое бывае! Выпадкова зайшлі ці падказалі?
— Падказалі.
Дзікун уважліва паглядзеў выдаўцу ў вочы:
— На Падшыпнікавым праездзе 3.
Выдавец радасна ўсміхнуўся:
— Марыну шукаеце?
— Так.
— А мы вас чакаем. Сяргей, — назваўся выдавец.
— Дзікун.
— Хадзем, Дзікун.
Сяргей павёў праз краму і адчыніў дзверы «толькі для персаналу». Спусціліся па прыступках. Яшчэ дзверы. Невялікі друкарскі станок. Пах фарбы. Скруткі паперы. Слабаватае святло ад некалькіх лямпачак. «Эканомім электрычнасць». Чатыры работнікі за працай.
— Знаёмся, Дзікун, гэта наша група пад кодавай назвай «Марына».
Работнікі моўчкі ўзнялі рукі ў вітанні.
— Ты ж па дакументах, відаць, на вяселле прыехаў?.. — сам у сябе спытаўся Сяргей. Падумаў, паўзгадваў: — Так, на вяселле. Вельмі своечасова. Мы акурат на заўтра рыхтавалі як бы шлюб, толькі не ведалі, каго ў жаніхі выбраць, у нас усе мужчыны жанатыя. Будзеш маладажонам. Не хвалюйся, гэта ненадоўга. Заўтра ў нас тут у скляпенні грукат будзе большы, чым звычайна, таму наверсе зладзім бах-татарах з музыкай і феерверкамі. Хадзем далей.
Далей былі яшчэ адныя дзверы, люк у падлозе маленькага пакойчыку, прыстаўная лесвіца і яшчэ адзін слаба асветлены пакой. «Выглядае на хімічную лабараторыю», — падумаў Дзікун. Пасярод пакою за сталом сядзела маладая кабета.
— Прывітанне, мяне клічуць Люцыя, у міру — Люся.
Дзікун пазнаў голас кабеты. Гэта яна была ўпала ў люк побач з барам «Сумёт».
— Пакажы сваю тату.
Дзікун прадэманстраваў васьміканцовую зорку-знічку з выявай сонца і месяца пасярэдзіне. У Люцыі была падобная знічка, толькі пасярэдзіне — з выявай галавы зубра ў профіль.
— Як жа мы цябе даўно чакалі, — паўтарыў выдавец Сяргей. — Амаль дваццаць сем гадоў будзе, як мы дамовіліся з Альгердычам пра пароль «Коміксы» і Падшыпнікавы праезд 3, калі вашы сыходзілі з гораду. Мы ведалі, што ты бачун і што дапаможаш нам, калі вырасцеш. І вось ты тут. Шчыра вітаем у менскім падполлі.
15
Люцыя ў белай вясельнай сукенцы і Дзікун у цёмным гарнітуры стаялі ў чарзе. Апроч візавых і казіношных, у Горадзе-Героі быў сезонны тып чэргаў — вясельны. Вяселлі гулялі напярэдадні Дня Горада-Героя, які адзначаўся ў гадавіну Бітвы за Велазавод.
Увесь Партызанскі праспект быў утыканы скульптурнымі выявамі, пераважна Леніна, выменянымі ў Менску на прадметы мастацтва. Насы, задніцы і нават пяткі скульптураў былі спрэс адпаліраваныя сотнямі тысяч дотыкаў. Нос барэльефа галавы Леніна з менскага метро церлі шкаляры перад кантрольнымі. А вось задніцу скульптуры Леніна, прывезенай з дворыку Трэцяй менскай клінічнай больніцы, церлі чамусьці тыя, хто ішоў у казіно. Многія помнікі былі адпаліраваныя адначасова ў некалькіх месцах. Церлі на ўдачу ў латарэі, на паспяховую рыбалку, на тое, каб «дзевушка дала», каб «парэнь абраціў уніманіе», каб суседку «ракам сагнула і не разагнула», каб канкурэнтка-гандлярка з рынку «ўсё жыццё бульбу стаканамі прадавала», каб калегу звольнілі, а цябе паставілі на ягонае месца, каб «пранцы ім усім у бок». Але толькі да аднаго помніку мусілі прыехаць маладажоны.
На ўскрайку пляцу перад «ДК МАЗ» на шматметровай калоне быў усталяваны здаравушчы зубр, а на зубры сядзела дзяўчына. Зубр нібы рыхтаваўся да скачка, а дзяўчына левай рукой трымала сцяг, а правую ўзняла ўгару. Да рукі быў прымацаваны не металічны, а сапраўдны «калашнікаў».
Побач са скульптурнай кампазіцыяй стаяў грузавік з кранам-пад'ёмнікам. Маладыя пары залазілі ў люльку, уздымаліся. Першы прыпынак быў каля зубровых яйцаў, якія блішчэлі так, што былі бачныя за кіламетр. Яйцы церла нявеста. Другі прыпынак быў каля грудзей дзяўчыны. Грудзі не надта сільна блішчэлі, бо за іх жаніху трэба было проста схапіцца, а не церці. Часам бывала, што пад'ёмнік клініла, тады чарга павялічвалася ў разы, у людзей ламаліся графікі ўрачыстасцяў, пачыналіся бойкі за права праскочыць без чаргі. Таму побач заўжды дзяжурылі ўзброеныя міліцыянты. Гэтым разам наводдаль Дзікун заўважыў «чорных п'явак».
— Люцыя, хто яны?
— Мы мала пра іх ведаем. Яны ўзніклі з ніадкуль пару месяцаў назад. І нам яны вельмі не падабаюцца. Адна наша баявая група паспрабавала ўзяць «чорнага» ў палон, але безвынікова. На руках засталася толькі вопратка: гідракасцюм, маска і пальчаткі.
Дзікун па-ранейшаму не счытваў небяспекі «чорных». Як тады, калі згубіў Рамонку ды сяброў-рыбакоў. Гэтая акалічнасць моцна засмучала, бо «п'яўкі» маячылі паўсюль, і былі яны ўзброеныя.
— Дзікун, што ты раскіс? Ты давай, радуйся, у цябе ж самы шчаслівы дзень у жыцці. Забыўся?
Дзікун ашчэрыўся ўсмешкай і агледзеўся. Самы цэнтр Горада-Героя, самае яго сэрца. Тут і ўрад, і казіно, і міліцыя. Тут на плошчы імя Караля ўсе афіцыйныя ўрачыстасці адбываюцца. Што не так у краявідзе?
— Люцыя, я не так шмат выяваў Караля сустрэў. Вось і адсюль толькі адзін плакат бачна. Неяк дзіўна, калі ўлічыць, што ён дэ-факта манарх.
— На пачатку Караля паўсюль было значна болей. З кожнай дзюркі гучала ягонае імя, на кожным плоце вісеў партрэт. А цяпер няма патрэбы. Выбараў няма і не прадбачацца.
— А былі выбары?
— Вядома, усё як у людзей. Нават канстытуцыя дагэтуль засталася і выбарчае права. Але на выбары няма каму ісці. Кароль стаўся кіраўніком дзяржавы, бо паабяцаў працвітанне: забяспечыць людзей матэрыяльна і падарыць ім радасць быцця. Вельмі хутка ён пачаў выконваць свае абяцанні і атрымаў падтрымку 99 працэнтаў выбарнікаў на рэферэндуме, на якім прапанаваў прыраўняць права голасу да прыватнай маёмасці. З таго часу свой выбарчы голас сталася магчымым прадаць, абмяняць, закласці ў ламбардзе, паставіць як стаўку ў казіно. Да наступных выбараў кіраўніка дзяржавы людзей з правам голасу засталося каля дзесяці працэнтаў. Зразумеўшы, што іхныя галасы ўжо ніколі не спатрэбяцца, рэшта таксама свае галасы скінула: пераважна прадалі дзяржаве, бо прыватнікі ўжо не гулялі на гэтым фінансава-маёмасным полі, якое абясцэнілася. Першыя ж гульцы на рынку права голасу зараблялі сабе на дамы з каналізацыяй ці яхты. Цяпер засталося зусім мала людзей, якія не прызнаюць таго рэферэндуму, уважаюць яго антыканстытуцыйным. Я, напрыклад. Мае сябры.
— Хто не прызнае — і ёсць «гета»?
— Так — «гета». Тыя, хто не баіцца агучваць сваіх поглядаў. Незадаволеных цяпер значна болей, чым здаецца. Прычым з кожным годам іх лік расце. Шмат хто з моладзі слухае менскае радыё, глядзіць тэлебачанне, не ўсе, але ўсё болей. Ім проста нудна ў Горадзе-Героі.
«Нявеста» за размовай забылася, дзе знаходзіцца, і ўсё трымалася за прычындалы зубра. Знізу громка папрасілі не затрымліваць чаргу. Праз хвіліну Дзікун памацаў грудзі мэталічнай дзяўчыны. Паводле правілаў, люлька крыху ўзнялася над скульптурнай кампазіцыяй і завісла на тры хвіліны. Каб ужо фармальна жанатыя апошні раз пабылі сам-насам у стане ўзаемнага заляцання.
— З дабрабытам, абяцаным Каралём, больш-менш зразумела: усе ядуць бульбу і сала, вітаміны ходзяць пад нагамі, мора побач — рыба дае фосфар у арганізм; у абмен на нетры заводаў Горада-Героя Менск пастаўляе тавары і электраэнергію. Але радасць быцця — гэта як? Пакуль самае жыццярадаснае, што я бачыў, — гэта ваша «гета». Хоць спачатку думаў, што найлепшае месца на Зямлі — гасцініца «Турыст».
— Колькі мне гадоў, Дзікун?
— На выгляд дваццаць пяць. Але можа быць і болей. У нас на выспах усе, народжаныя да Вялікага Выбуху, выглядаюць значна маладзейшымі за свой узрост. Дый тут я сустрэў чалавека, які памятае 1980-я, хоць цяпер яму мусіла б быць гадоў восемдзесят, але яму не больш за пяцьдзясят з аблічча. У нас на выспах кажуць, што гэта клімат так змяніўся, і людзі перасталі старэць.
Люлька паволі пайшла ўніз. На зямлі «жаніха» і «нявесту» чакаў лімузін на дзесяць пасадачных месцаў, запрэжаны дваццаццю веларыкшамі. Гэта быў шык, які маглі дазволіць сабе далёка не ўсе жыхары Горада-Героя. Што праўда, веларыкшы былі свае, з «гета». Як і астатнія ўдзельнікі перформансу-вяселля. Ролю дружак сужэнцаў выконвалі прафесійныя акторы з нефармальнай трупы «Схаваны тэатр».
Перад тым, як распачаць вясельныя ўрачыстасці за сталом, кумпанія мусіла тры разы з'ездзіць туды-сюды па Партызанскім праспекце з крыкамі «ўра!». Па шляху трэба было раскідваць цукеркі і пырскаць даражэзным менскім шампанскім «Князь Вітаўт». Галоўнае было не перакрыжавацца з такімі самымі вясельнымі экіпажамі. «Было неяк раз, сутыкнуліся дзесяць вяселляў, утварыўся затор на кіламетр у два бакі. Там такая панажоўшчына была, што міліцыянтам давялося страляць у натоўп. Пасля на хаўтурах панапіваліся, як на вяселлі, — распавяла Люцыя. — Паехалі!»
— Дык вось пра ўзрост. Незадоўга да Вялікага Выбуху выведніца Зуля скапіявала з ноўтбука генерала Ціцюкіна аўдыяфайл. Ты ж ведаеш Зулю?.. Яна прынесла кавалак допыту Артура Карлавіча Жмулінскага ў ГРУ. Карлавіч распавядаў пра сваю камандзіроўку на Альманскі палігон.
«Пасялілі мяне за некалькі кіламетраў ад КПП палігону ў вёсцы Цераблічы. А мяне развязло: тэмпература і вухагорланос.
Цётка-гаспадыня Марыя Апанасаўна сказала, што вылекуе мяне за пару гадзін. Нейкая бульба ў яе адмысловая. Кажу, можа, больш правераным спосабам? А яна налівае самагонку і кажа: «І гарэлку ціснулі з адмысловай бульбачкі». Выпіў бульбаўкі, закусіў варанай бульбай. Дзве гадзіны — я здаровы як агурэц! Я проста не паверыў бы, калі б хто такое распавёў. Ні тэмпературы за трыццаць восем градусаў, ні сопляў, ні закладзеных вушэй, ні абкладзенага горла. Шчыра кажучы, і завышаны ціск нармалізаваўся, і ныццё ў калене — рэўматызм. Усе непрыемныя адчуванні ў арганізме зніклі. Пытаюся, што за яно такое?!
«А дзетачка ж ты мая. У 1961 годзе былі вучэнні — іспытывалі такцічэскае ядзернае аружые. Так нашы мужчыны гаварылі. Яны па радзівах слухалі, па загранічных. Грамыхала там на балатах — а-ёй-а-ёй! Збольшэга мярлінцаў нашых паразьвезьлі каго куды, некаторых за тысячы кілометраў. А мне адной зь нямногіх павязло — нашае сям'і тут зусім побач ад Мярлінаў хату далі. У Цераблічах. А ў 1964-м з балатоў выйшла сям'я Бабровічаў. Яны як у 1939-м ад бальшавікоў схаваліся, так і праседзелі на балатах. Ні пра вайну нічога ня чулі, ні што Гагарын у космас паляцеў. І вось што ўдзівіцельна — цалёханькія, здаравёханькія!»
Марыя Апанасаўна распавяла, што па суседніх вёсках анкалогія пайшла — страшна сказаць. «А гэтыя, шчытай, у самым пекле былі, каля самай радзівацыі жылі паўтара года — і цалёханькія». І сам стары Бабровіч Іван, і жонка ягоная Тэкля, і тры сыны іх з жонкамі ды дзецьмі — усе здаровыя як валы. І пачалі Бабровічы лекаваці людзей. Усіх лекавалі. Бульбай! Але насенне той бульбы нікому не давалі. Калгасны тэхнолаг Валянціна Бужко скрала неяк адну бульбіну і павезла ў Менск у інстытут бульбаводства. «Валька з камандзіроўкі ў Менск не вярнулася. Затое прыехалі людзі ў гражданскім і запхалі Бабровічаў — усю сям'ю — у аўтобус «ЛАЗ». Больш мы Бабровічаў ня бачылі». Марыя Апанасаўна сказала, што Бабровічы адзін раз прыслалі паштоўку, нібы жывуць у Менску. «Але хто там праверыць, ці праўда».
«Дык штой-то я. Бабровічаў калі грузілі, Іван — які старэйшы — з кішэні бульбінку маленькую выкінуў і ў мой бок нагой штурхануў. А я яе ціхенька за хатай пасадзіла, а яна і вырасла і клубні дала... за два месяцы!
Так я невялікі кусочак агароду і дзяржу пад тую бульбу. Колькі мне гадоў? Думаеш, семдзесят? Сто чатыры ўжо! Ні хваробы, ні знямогі. І ты не хварэй».
— У нас у Горадзе-Героі людзі не старэюць. — Працягвала Люцыя. — Колькі мне гадоў, я не скажу, але павер, што адчуваю сябе на дваццаць пяць. У нас на ўвесь Горад-Герой засталося ўсяго тры лекары — тры траўматолагі. У выпадку неабходнасці, напрыклад, масавай бойкі ці празмерна вялікіх стратаў на фронце барацьбы з каларадскімі жукамі, мы запрашаем хірургаў патрэбнага профілю з Менску. Для менскіх такая дапамога — гэта кшталту гуманітарнай місіі. Наўзамен Кароль закрывае вочы на існаванне нашага «гета» ў Горадзе-Героі. Такі сабе баш на баш. Чаму людзі перасталі хварэць і старэць, мы дакладна не ведаем. Змены ў прыродзе? Хм. Я не ўжываю «каларадкі», але, як і большасць гараджанаў, трымаю ў кватэры гаршчок з раслінай бульбы. Асабіста я перакананая, што менавіта «дружба» амалоджвае арганізм. Звесткі з Альманскага палігону, здабытыя Зуляй, — наўпроставае таму пацвярджэнне. Гэта інфармацыя пра дзіва-бульбу была вядомая ўсяму кіраўніцтву Супраціву. Альгердыч пра гэта табе не казаў?
— Не. Нас у школе толькі папярэджваюць: ні пры якіх акалічнасцях не ўжываць бульбы.
— А кветачкі ў гаршчэчках не растуць бульбяныя?
— Не.
— У кожным разе Каралю вельмі пашанцавала з «дружбай», бо ягоны галоўны дэвіз — «Мы перамаглі старасць і хваробы!». І што ты скажаш насуперак? «Не ўжывайце «каларадкі», а толькі трымайце бульбу побач у гаршках?» Раскажаш пра пабочныя эфекты ад «каларадкі»? Пра «пяцёрачку», праз якую людзі кудысьці знікаюць? Ды ўсім насраць на пабочныя эфекты! Жыццё — кайф, жыццё — амаль вечнае. Праўда, не было яшчэ магчымасці спраўдзіць, ці вечнае.
Дзікун сцісла распавёў пра тое, што ўжо быў адзін раз на вяселлі, і пра тое, што з ім адбылося пасля ўжывання бульбяной гарэлкі і дранікаў са скваркамі. А таксама пра тое, што ўбачыў у бары «Сумёт», калі людзі глядзелі статычную карцінку як відэа.
— Уся справа ў «каларадцы», — патлумачыла Люцыя. Так мы ў «гета» клічам кожны харчовы выраб з гатунку бульбы «дружба». У чым эфект «каларадкі»? Калі вобразна, у першабытным грамадстве шаман ведаў лепш за ўсіх «шоргат траваў». У нас Кароль, як той шаман, кіруе шоргатам фантазіяў. Не дзівіся, ключавое слова — «фантазія».
Гэта толькі для невялікай колькасці «веганаў», як клікалі тых, хто не ўжывае «каларадкі», усё наўкола было нявызначаных колераў, падрапанае, зашмальцаванае, груба намаляванае, безгустоўна аздобленае. Для тых, хто ўжывае «каларадку», наваколле такое, якім яны яго сабе нафантазіявалі.
«У вяселля дзень урачысты
Наша шчырае вам пажаданне:
Хай нязгасна ў небе чыстым
Свеціць ваша зорка Кахання!»
Вяселле з Партызанскага праспекту перамясцілася за сталы ў дворыку «гета». «Жаніху» завязалі вочы і прапанавалі сярод некалькіх дзяўчат пазнаць сваю каханую навобмацак па руцэ. Акторкі, якія гралі дружак «нявесты», падышлі максімальна сур'ёзна да справы, таму падстаўлялі пад руку Дзікуна і грудзі, і сцёгны, і азадкі. «Каб хоць пасмяяцца ўжо ж!»
Люцыя сказала, што Дзікуна хутчэй за ўсё ўзялі на аловачак спэцслужбы, бо быць жаніхом дзяячкі «гета» — гэта ўжо выклік уладам. «Зрэшты, вясельны стол — ідэальнае месца для канфідэнцыйнай размовы», — падумаў Дзікун.
Праз эксперыменты на сабе, хімічныя аналізы, а найперш — тэхнічную дакументацыю, здабытую Зуляй, пра «каларадку» сёння было вядома наступнае.
«Каларадка» — гэта рэчыва, якое ўтрымліваецца ў кожным гатунку бульбы, але толькі ў «дружбе» набывае найбольшую моц.
«Каларадка» — не наркотык у медычным сэнсе слова. Яна не робіць наўпроставай шкоды чалавечаму арганізму.
«Каларадка» ўплывае на фантазійны апарат мазгоў чалавека.
«Каларадка» ўзмацняе творчую энергію і праганяе яе ў свядомасці на паскоранай хуткасці ўхаластую. У прынцыпе, гэта самае галоўнае, далей — дэталі.
«Мы маладым у іх каханні
Гадоў жадаем маладых.
Каб іх сям’я на мель не села
І каб адчай не біў пад дых».
Стымулятары — алкаголь, а ў большай ступені наркотыкі, — робяць дэцэнтралізацыю свядомасці, пачынаюць гуляцца з ёю, кіраваць працэсамі. А пад «каларадкай» чалавек захоўвае самакантроль уласнай свядомасці. Напрыклад, цудоўна разумее, што ў корпус тэлевізара ўстаўленая статычная карцінка. Карцінка для чалавека — проста тэма для фантазіі. Уяўленне чалавека за секунды праганяе перад вачыма, напрыклад, футбольны матч.
Той самы эфект разгону фантазіі працуе на ўспрыняцце эксды інтэр'ераў, якія ў Горадзе-Героі звычайна не маюць выразна акрэсленых колераў і адценняў, а часам і формы. Але пасля ўжывання «каларадкі» набываюць канкрэтыку дзякуючы багажу памяці. Падобнае адбылося з Дзікуном на вяселлі ў «Турысце». Фантазія скарысталася з карцінак у памяці, усё наўкола зайграла фарбамі і формамі. Але паколькі Дзікун быў не падрыхтаваны і адразу ўжыў «тройку» — досыць моцную ступень «каларадкі», — атрымалася што атрымалася: хаос перад вачыма.
«Жадаю я табе, Люцыя,
Каб ты ў кожным годзе
Цвіла, як мак у агародзе.
Не адставала ты ад моды,
Нягледзячы на ўсе расходы.
Да мужа мела трохі ласкі,
А ён за гэта купіць краскі.
Малюй ты вусны, шчокі, бровы
У выгляд рознакаляровы».
Дзікуну карцела зноў ужыць «каларадку», каб паглядзець, у што аформіцца краявід, які пакуль складаўся з парэпаных і пашмальцаваных сценаў, дзвярэй ды лавак двара. Але далейшы расповед Люцыі адбіў ахвоту эксперыментаваць з бульбяным рэчывам.
«Каларадка» не проста разганяе фантазійны рэсурс чалавека да касмічных хуткасцяў. За час працяглага ўжывання рэчыва спусташае фантазійную энергію свядомасці. Чалавек робіцца не здатным на крэатыў і крытычнае мысленне. Самае галоўнае — робіцца не здатным выцягваць вобразы з памяці. Тады звонку чалавеку ў свядомасць можна закідаць для выканання якія заўгодна тэмы. Вось таму ў барчыку «Сумёт» перажывалі за Ваню, які перайшоў на «пяцёрку». А «пяцёрка» — гэта паказнік блізкага фіналу.
«Дару ніткі, каб малады не глядзеў на чужыя лыткі!
Дару трошкі медзі, каб дзеткі былі тоўсценькія, як мядзведзі!
Дару кляновы лісточак, каб першы нарадзіўся сыночак!»
Усе змены ад ужывання «каларадкі» адбываюцца паступова. Рэчыва мае пяць асноўных ступеняў уздзеяння на свядомасць.
1. «Адзінка». «Кол», «дрын». Вараная бульба гатунку «дружба». Гэта своеасаблівая трэніроўка для свядомасці. Эфект выяўляецца на гастранамічным узроўні. Усе ядуць адно бульбу, але кожны адчувае свае ўлюбёныя дадатковыя смакі: кроп, масла, алей, селядзец, скваркі, смятану, грыбы і гэтак далей.
2. «Двойка». «Пара», «дуплет». Смажаная ці печаная «дружба». У працэсе апрацоўкі выдзяляе своеасаблівы «пяршак» рэчыва «каларадкі». Эфект яшчэ не надта моцны, але ў адрозненне ад «адзінкі» дазваляе ўявіць сабе смак якой заўгодна стравы, каштаванай хоць раз чалавекам. Свіную адбіўную, чызбургер, салат аліўе, фуа-гра. Ды што заўгодна! Вось і адказ на пытанне, чаму ў Горадзе-Героі на сталах такі сціплы набор складнікаў страваў, пераважна бульба ды сала. Але людзі ведаюць, што арганізму патрэбныя розныя рэчывы кшталту вітамінаў ці фосфару, таму ловяць ягадныя кусты і час ад часу бяруць на рынку садавіну і морапрадукты.
3. «Тройка». «Трайбан», «гарыныч». Бульбяны самагон. Апроч уласна алкагольнага ўздзеяння «тройка» дае мазгам дастаткова моцную дозу рэчыва «каларадкі». Як і алкаголь ці лёгкі наркотык, тут «каларадка» трымае эфект адно некалькі гадзінаў, але на канцэнтраваным узроўні. «Тройка» дапамагае вельмі моцна засяродзіцца на патрэбнай тэме. Страляць — максімальна пацэльна, весці транспарт — максімальна паводле правілаў, фармуляваць думку — максімальна дакладна. Але пазітыўны эфект — кароткатэрміновы, бо алкаголь хутка расфакусоўвае свядомасць. Яшчэ «тройка» ўзмацняе «адзінку» і «двойку».
4. «Чацвёрка». «Квартэт», «квадрацыкл». Можа быць як у вадкім, так у цвёрдым выглядзе, звычайна гэта чыпсы і гарэлка. Вельмі моцная рэч. Рэгулярнае ўжыванне дазваляе канцэнтравацца на адной тэме, перажываць і асэнсоўваць яе з усіх бакоў. Трымае доўга. Кажуць, інжынеры МАЗу сядзяць на «чацвёрцы», прыдумляючы новыя — больш эфектыўныя — спосабы металаздабычы. Таксама кажуць, што падчас сезонных атак каларадскіх жукоў (чатыры ўраджаі — чатыры атакі на год) на палях «дружбы» на «чацвёрку» саджаюць узброеную ахову. Таксама кажуць, што рэдка хто пасля хоча адмаўляцца ад «чацвёркі», бо можна канцэнтравацца не толькі на рабоце. Можаш завісаць на тэме якога-небудзь задавальнення. Любая фантазія робіцца рэальнасцю.
Калі доўга вісець на «чацвёрцы», вы пражываеце большасць сваіх жыццёвых задумаў, мараў, фантазіяў. Не тое каб усе, але самыя яркія, тыя, што на паверхні свядомасці. А пасля мазгі як бы зачышчаюцца наждаком, і нырцануць у глыб свядомасці, каб пашукаць там даўно забытыя вобразы ды фантазіі, ужо немагчыма.
Дадатковы разбуральны эфект ад злоўжывання «чацвёркай» — вы губляеце інтарэс да навакольнай рэчаіснасці, у вас знікаюць якія-кольвек рэальныя жаданні, адпаведна, і планы на будучыню. Вы не будзеце рэалізоўваць сваіх колішніх задумаў, бо яны вам ужо не цікавыя. Вы іх пражылі-пракруцілі пад рэчывам. Так, напрыклад, дэградуе інстытут сям'і. Ты захапіўся кімсьці, пракруціў у фантазіі адносіны на гады наперад і згубіў інтарэс. Працяглае злоўжыванне «чацвёркі» ставіць чалавека адной нагой у «пяцёрку».
«Дару вулей пчолаў, каб ноччу джгалі і маладым спаць не давалі!
Дару маладога дугою, каб не хадзіў за другою!
Дару маладой бурака, каб не мела мужа дурака!»
5. «Пяцёрка». «Пятачок», «хрукалка», «свініна». Існуе ў выглядзе парашка як дадатак да ежы ды напояў. Ужываецца, калі чалавек сам ужо не можа выцягваць з памяці вобразы і не здатны ўспрымаць новыя. Таму тэму для фантазіі прапаноўвае спецыяльны чалавек — аператар фантазіяў. Каротка іх клічуць словам «кэп». Кэп дае табе тэматыку і ў момант прыёму рэчыва настройвае табе мазгі, як звычайна круцяць ручку ў радыёпрымачы. Толькі кэп робіць настройку, гіпнатызуючы кліента. Ад «наладчыка» патрабуецца толькі адзін штуршок, каб вашая фантазія пайшла ў патрэбным рэчышчы.
Калі ўжыць «пяцёрку» самастойна, можна сысці ў такія прыцемкі свядомасці, з якіх цяжка вярнуцца. Уласныя вобразы, назапашаныя памяццю за жыццё, робяцца заблакаванымі, таму на новую фантазію можа паўплываць што заўгодна. Праляцела міма муха, так і будзеш «лятаць» па памыйках, пакуль не адпусціць. А не адпускае доўга. Але часцей едзе дах, і справа канчаецца Свінакомплексам. «Што там адбываецца з чалавекам, мы не ведаем, са Свінакомплексу ніхто не вяртаўся. Мы думаем, што чалавек пэўны час там працуе, магчыма, сартуе гной, а пасля чалавека скормліваюць свінням».
Апроч просценькіх фантазіяў на тэму сексу і гвалту, аператары-кэпы ўплюшчваюць у галовы не відавочныя, але канкрэтныя ідэі-задачы: схадзі зрабі тое і гэтае. І пасля не дакажаш, што чалавек не сам наважыўся на нейкі крымінал. Напрыклад, у адкрытую забіў кагосьці «сільна вумнага» на думку аховы Караля.
Доза «пяцёркі» трымае чалавека ў тонусе каля месяца. Пасля трэба ізноў ісці да кэпа. Калі ў чалавека перад тым былі нейкія запасы грошай, з пачаткам «пяцёркі» іх найчасцей ужо няма. Таму аплата за рэчыва адбываецца работай. У мірны час гэта праца на градах з «дружбай», рамонтныя работы ў гушчарах «пушчы». Падчас атак каларадскіх жукоў многіх «пяцёрачнікаў» мабілізуюць, канцэнтруюць кожнага на канкрэтнай баявой задачы.
«Мы думаем, што аператары — дэ-факта куратары са спецслужбы Караля. Яны выкарыстоўваюць «пяцёрачнікаў» для сваіх сакрэтных аперацыяў. Прычым, ім не трэба нікога вербаваць. Нават з кабінета выходзіць не трэба — самі прыходзяць».
— І апошняе пра «каларадку», Дзікун. Рэчыва вядзе да нейкіх, не вядомых нам, зменаў у арганізме. Змены фіксуюць праз аналізы, якія робяць партатыўнымі машынкамі... А, ты ўжо бачыў? І бачыў, як людзей забіраюць?.. Лік зніклых на Свінакомплексе за ўсе гады ідзе на тысячы і тысячы. Але апошнія пару месяцаў, здаецца, сітуацыя пагоршылася. Людзей пачалі адлоўліваць як зайцоў.
«Горка-а-а!!!»
Дзікуну спадабалася, як цалуецца Люцыя.
— Усе ведаюць уласцівасці «каларадкі», але не лічаць іх чымсьці заганным. «Слабак» — робяць вердыкт жыхары Горада-Героя, калі бачаць, як на Свінакомплекс вязуць чарговую ахвяру бульбянога рэчыва. А яшчэ — хто не ўжывае бульбы, той «горшы за підара», — падсумавала свой расповед Люцыя.
«Трыццаты юбілейны марш да Дня Горада-Героя абвяшчаецца адкрытым!» — паведаміў дыктар з рэпрадуктараў такім тонам, нібы вось проста зараз, у гэтае імгненне, здарыцца штосьці незваротнае.
Паперадзе ўрачыстай калоны дужыя хлопцы і дзеўкі неслі здаравезную расцяжку з надпісам «МОЖАМ ПАЎТАРЫЦЬ!». За несунамі рушылі «веладжыпы», да кожнага з якіх быў прымацаваны плакат. «Ці спампавалі калісьці з інтэрнэту, ці скапіявалі порначасопіс», — падумаў Дзікун. Выявы на плакатах мелі наступныя сюжэты. Мужчына і мужчына займаюцца сексам аднаго віду, іншага віду, камбінаванай версіі. Далей былі бачныя розныя спалучэнні палавых актаў у складзе ўдзельнікаў: мужчына, жанчына і мужчына; мужчына і трансвестыт; трансвестыт, мужчына і трансвестыт; жанчына, мужчына і трансвестыт... Калона была вялікая, плакатаў, як і варыяцыяў, было мноства.
Следам за калонай чалавек дваццаць штурхалі платформу на колах, на якой была ўсталяваная металічная канструкцыя ў выглядзе жэста «fuck!». На сярэднім пальцы, які тырчэў пад вуглом крыху больш за сорак пяць градусаў, нібы ствол гарматы, чырвонай фарбай былі намаляваныя літары «На Менск!».
Дзікун стаяў на мосце над Партызанскім праспектам каля «Турыста» разам з тысячамі іншых гледачоў. «Галоўнае — заўтра сядзі ўвесь дзень у нумары, — папярэдзіла Люцыя, калі пачалося «вяселле». — Адзін з бонусаў тых, хто жыве ў VIP-нумарах «Турыста», у тым, што шоу на стадыёне «Трактар» бачнае з іхных нумароў».
«Пускай всё сбудется, пускай всё сбудется! И всё как надо будет у нас!»
Сёння Дзікуна абудзілі мацюгальнікі праз адчыненае акно. Словы Люцыі пра «сядзець увесь дзень у нумары» падаліся фігурай маўлення. Як можна прапусціць такі варушняк у Горадзе-Героі! Цяпер натоўп на мосце і па адхонах Партызанскага праспекту накрываў маналог каментатара: «Ідуць героі барацьбы за ўраджай! Следам — калона перадавікоў аховы Першай Падшыпнікавай папраўчай калоніі. Рыхтуюцца найлепшыя работнікі Камітэту па незаконным абарачэнні валюты і каштоўных металаў!»
—Уууу-ррр-ааа!
«З камітэтчыкамі... Ах, прабачце, гэта я, канечне, па-сяброўску!.. — каментаваў знаёмы Дзікуну па старажытных запісах футбольных матчаў голас. — З работнікамі валютнага камітэту, як яго клічуць у народзе, быў цікавы выпадак некалькі гадоў таму... Ой, што гэта я, прабачце, — ужо ідзе наступная калона! Гэта найлепшыя байцы «карычневых камізэлек». Паглядзіце на гэтыя простыя і суворыя твары. Так-так! Менавіта гэтыя людзі дабіраюцца са сваймі шчоткамі, скрабкамі, цяпкамі і мачэтэ ў самыя цяжкадаступныя месцы нашай з вамі дзяржавы!»
— Уууу-ррр-ааа!
«Ідуць найлепшыя работніцы карных органаў апекі. Толькі за мінулы квартал былі аштрафаваныя дваццаць восем бацькоў, а іхныя дзеці прададзеныя на Захад, што дапамагло дзяржаве атрымаць дадатковыя паступленні ў золатавалютны фонд!»
—Уууу-ррр-ааа!
«Ідуць снайперы-памежнікі — людзі, без якіх наш кардон нельга было б назваць надзейна абароненым!» Голас з рэпрадуктара назваў іншых удзельнікаў урачыстага шэсця. Гэта былі найлепшыя металаздабытчыкі, лішаяперапрацоўшчыкі, трусаловы і работнікі гасцініцаў і казіно. Дзікуну падалося, што ў калоне ён заўважыў адміністратарку «Турыста» Алу Пятроўну.
Пад «Снова стою одна, снова курю, мама, снова...» да мосту набліжаліся «франтавікі». «Героі барацьбы за ўраджай» былі апранутыя ў скураныя латы і шаломы, узмоцненыя металічнымі пласцінамі. Вайсковыя чаравікі, пластыкавыя налакотнікі і накаленнікі, пальчаткі з брызенту з металічнымі шыпамі. Абедзвюма рукамі «франтавікі» трымалі доўгія рагаціны — роўна перпендыкулярна зямлі. На зубцы колюшчай зброі былі насаджаныя здаравушчыя — метр шырынёю і вышынёю — галовы Leptinotarsa decemlineata, інакш — каларадскіх жукоў.
— Ух і аграмадныя! Большыя, чым у мінулым годзе! — пачуў Дзікун ад хлопца-суседа праз грукат песні «Я куплю тебе дом у пруда».
— Гэта жукі?! — пракрычаў Дзікун.
— Каларадскія! Дзядзька, ты што — з неба зваліўся?.. З астравоў ці што?
— Ну так.
— А, у вас там такіх здаровых не бывае.
— У нас зусім не бывае. У нас бульбы не вырошчваюць, мы з мора жывем.
— Ага, «з мора». Знаем мы, з чаго вы жывяце, — хлопец ашчэрыўся і зрабіў рух як бы з кішэні выхоплівае нож.
Тым часам пад мост заходзілі паляўнічыя з трусінымі вушамі, прылепленымі да абручоў на галаве. На левым плячы трусаловы трымалі арбалеты, а правымі рукамі віталі гледачоў трусінымі хвосцікамі. На даляглядзе ў канцы калоны былі бачныя грузавікі-свінавозы.
«Я тебя целую, дорогую / Я не целовал ещё такую / Самую любимую на свете / Голуби, пожалуйста, поверьте...»
Дзікун глядзеў і ўзгадваў эфект ад свайго прыёму «каларадкі» на вяселлі ў «Турысце»: тое, як фантазія пацягнула з памяці розныя вобразы, і спрабаваў адгадаць, як сябе і наваколле ўяўляюць удзельнікі шэсця. Яны — магутныя волаты, здольныя перавярнуць зямную кулю? Яны — у залатых рыцарскіх латах на белых крылатых конях ці нават на рознакаляровых грозных цмоках? Яны — прыгожыя і смелыя чараўніцы, здатныя толькі адным словам пакласці да сваіх ног усіх мужчынаў у радыусе кіламетра ці сілай думкі спыніць натоўпы ворагаў? Яны ўсе разам ідуць цяпер пасярод казачнага гораду-замку, які ззяе ўласнай веліччу і хараством?
«З-з-зааааа-вяршаецца першая частка ўрачыстасці! Просім гледачоў перасунуцца да сваіх сектараў на стадыёне «Трактар», пазначаных у запрашальніках. А-а-а-а-аааа васямнаццатай гадзіне пачнецца галоўная — фінальная — частка свята Дня Паў... Горада-Героя. А пакуль вы можаце пачаставацца вырабамі нашых найлепшых бульбаводаў, рыбакоў, паляўнічых і збіральнікаў. Ад гасцініцы «Турыст» і да парку 50-годдзя Акцябра ўключна працуюць выязныя крамкі нашага штогадовага фестывалю, прымеркаванага да перамогі ў Бітве за Велазавод!»
«Улетают, улетают птицы в даль / Не зовут меня с собой в свой дивный край...»
За невялікі час жыцця ў Горадзе-Героі Дзікун нырцануў у трэці з ліку карнавал. Спачатку было вяселле ў «Турысце», сёння вось Дзень Горада, а ўчора было як бы вяселле з Люцыяй — адгулялі па поўнай праграме. Дзікун пабачыў, як абсалютна цвярозыя людзі («мы ж на заданні») цалавалі «цешчы» каленку, пілі з пантофлі «нявесты» як бы гарэлку, «нявесту» выкрадалі, выкуплялі, поўзалі на жыватах і спінах, каб выканаць конкурсы, адгадвалі загадкі, а ў канцы пад грукат песень як бы лабухаў нават як бы пабіліся. Фінал быў нечаканы нават для бывалых «вясельнікаў». «Маладых» адарылі апошнім піскам моды шлюбных рытуалаў — арандаванай саўнай на колах. Будка на грузавіку «ГАЗ-66» бадзёра дыміла і абяцала першую шлюбную ноч у зайздроснай для ўсіх тубыльцаў Горада-Героя версіі. «З заездам на элітны пляж у раёне вуліцы Маляўкі, не абы дзе!» Пазней Люцыя патлумачыла: «Добрая маскіроўка, каб аб'ехаць ускрайкі гораду і паглядзець, дзе якія размешчаныя патрулі і стацыянарныя пасты міліцыі».
А пачала Люцыя размову ў лазні на колах так: «Быў у мяне хлопец калісьці, які казаў што Люцыя і Люся — гэта як «Мерседэс» і «Жыгулі». Кабета цалкам распранулася і ўскараскалася на паліцу ў парылцы, перад тым жэстам паклікаўшы Дзікуна за сабою. Унутры лазні апроч уласна парылкі быў невялікі пакойчык: кухня-гасцёўня. Стол, пара крэслаў і хоць і невялікая, але двухспальная канапа (з бялізнай!).
«Дзікун, калі я табе падабаюся, мы пасля лазні зоймемся сексам. Я займаюся сексам толькі з адзінадумцамі і толькі напярэдадні акцыі. Заўтра будзе наш «гетаўскі» экшн, але без твайго ўдзелу. У нас усё даўно спланавана, і мы ведаем, што і як рабіць. Але ёсць справа, якую без бачуна мы не рэалізуем. Мы хочам схапіць Караля. Мы ведаем, што ён жыве на ЦЭЦ-3, мы ведаем падземны ход да ЦЭЦ-3, і мы не можам прайсці гэты маршрут, бо ён поўніцца пасткамі. Бачуна мы чакаем ужо амаль трыццаць гадоў. Вас усіх, яшчэ малых, вывезлі з Менску. Альгердыч вывез. І тое, што вас вывезлі, сталася прадметам канфлікту ўнутры Менскага падполля... А, і так: як бачыш, саўна тут не фінская, а мокрая, то бяры венік, палі вады на вуголле і пачынай».
Дзікун паддаў пары і пачаў.
Пакуль Дзікун працаваў венікам, Люцыя адасоблена, амаль як голас-робат у тэлефоннай слухаўцы, інфармавала пра стан рэчаў. Кароль быў датычны да вынаходніцтва абсалютнай зброі. Гэта галоўнае, што было вядома. Што за зброя, якога характару — ніхто не ведаў. Амаль усю інфармацыю аб меркаванай абсалютнай зброі знёс з сабою Альгердыч.
Люцыя была перакананая, што нейтралізаваўшы Караля, можна спыніць апрацоўку жыхароў Горада-Героя «каларадкай». А таксама выйсці праз Караля на матэрыялы аб абсалютнай зброі. Люцыя пыталася, ці не атрымаў Дзікун ад Альгердыча дадатковай інфармацыі аб прадмеце цяперашняй размовы. Люцыя не хавала скепсісу, калі Дзікун адказваў адмоўна.
Дзікун працаваў венікам ахайна, не лупцаваў, а масажаваў — так было прынята ў Добрым Месцы. Дзікун думаў: «Альгердыч, ты вучыў мяне не тое што не ўжываць, нават не думаць мацерных словаў. І вось, Альгердыч, я іх паўтараю ў думках на твой адрас. Бо я не ведаю, чаму з мяне хочуць выцягнуць інфармацыю, якая тэарэтычна мусіла б быць вядомай усім лідарам колішняга падполля. А самае галоўнае — усе робяць адну справу і мусілі б давяраць адзін аднаму».
— Люцыя, як дазнацца, хто такія «чорныя п'яўкі»?
— Толькі праз Караля.
Прыехалі на пляж. Метраў сто даўжынёй і дваццаць шырынёй агароджанай тэрыторыі. У пяску ўторкнутыя падпаленыя паходні. Наўкола нікога. У сэнсе — не бачна нікога.
Ну хоць бы кіроўцу грузавіка за танаваным шклом. Галяком скокнуць з парылкі ў ваду — проста асалода. Разам з Люцыяй. Пасля віно з дзьмухаўцоў. І вось цяпер Дзікун займаўся сексам на пляжы з паплечніцай у змаганні. У перапынках паміж сексам Люцыя загінала пальцы:
— Краіны трэба параўноўваць не квадратным! кіламетрамі, а колькасцю разнастайнасці жыцця на квадраты кіламетр.
Мы хочам тут, у Горадзе-Героі, пашыраць прастору разнастайнасці жыцця.
Мы адціскаем шчасце ў лёсу.
Мы хочам наляпіць «гета», як пчаліныя соты. Хай іх будзе меней колькасна адносна агульнага насельніцтва, але гэтыя «соты» будуць і самадастатковыя і структураваныя. А значыць — трывалыя. А галоўнае — напоўненыя матываванымі і салідарнымі людзьмі. Гэтыя асяродкі будуць якасна канкураваць з большасцю грамадства. А таму — прыцягваць да сябе ўсё больш людзей. І ўрэшце з часам «гета» і станецца большасцю.
Дзікун адказаў:
— Захопім Караля. Магчыма, нейтралізуем пагрозу «п'явак», якія відавочна валодаюць надчалавечымі здольнасцямі.
Дзікун распавёў гісторыю з'яўлення «чорных» каля Новай Зямлі і працягваў:
— А далей? Знішчым плантацыі «дружбы»? Людзі не будуць ужываць «каларадкі». Што зменіцца?
— Крэатыўна фантазіяваць будуць, з вынікам. Больш актыўна ўглядацца ў рэальнасць. Можа, для пачатку заўважаць, як брыдка выглядае Горад-Герой. Колькі тут трэба фарбаваць, рамантаваць, упрыгожваць. А далей мы зможам больш эфектыўна прасоўваць нашы ідэі «гета». Ідэі здаровага ладу ўнутранага жыцця чалавека. Нам жа яшчэ пасля сыходу вады трэба будзе грамадства наладжваць. А вада сыдзе, ты ж ведаеш гэта.
Дзікун адчуў, што дзесьці зусім побач, у засадзе, па абодва бакі Свіслачы сядзяць узброеныя людзі; адчуў, як патрулююць ваду катары; як ходзяць па недалёкай чыгунцы бронецягнікі; як гойсаюць леапарды ў недалёкім мікрараёне Чыжоўка, драпежнікі, якія распладзіліся, уцёкшы з былога заапарку; адчуў, як прытаіўся свінавасьміног у твані забалочанага колішняга вадасховішча. А яшчэ адчуў неверагодны спакой і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, якія ішлі ад Люцыі разам з пахам жадання блізкасці. З ім — з Дзікуном.
«Аааааа... цяпер джэк-пот! У гэтым годзе супер-паратрупер-прыз выйграе-ееее. Выйгра-еееееее... Нумар MP100500!»
Дзікун ачуняў ад згадак мінулай ночы. Проста дзеля цікавасці выняў з кішэні свае рашчотныя латарэйныя білеты. Адна з купюраў мела нумар MP100500.
«Нагадваем магчымаму шчасліўчыку ці шчаслівіцы, што вы мусіце прайсці ў VIP-ложу і па прад'яўленні ахове вашай купюры ўнесці яе ў дзяржаўную касу».
17
Дзікун падзяліў для сябе жыхароў Горада-Героя на чатыры ўмоўныя касты: просты народ, народ, няпросты народ, слугі народу. У такім парадку ішлі на дэманстрацыі, а рассаджваліся на стадыёне ў адваротнай паслядоўнасці —простыя былі на самых аддаленых месцах ад ложы Нумар Адзін. Над публікай навісалі асвятляльныя мачты, дзе цяпер замест колішніх электрычных пражэктараў гарэлі аграмадныя газавыя паходні. Драбнейшыя, смаляныя, — шчыльна атачалі футбольнае поле стадыёну «Трактар».
Дзікун сядзеў у VIP-ложы, з якой быў добры агляд не толькі поля стадыёну, але і ложы Нумар Адзін. Дзікун ужо паспеў даць інтэрв'ю карэспандэнтцы «Города Мечты». Пакуль распавядаў, які ён шчаслівы выйграць у латарэю, у якім ён захапленні ад цудоўнага гораду, што ў горадзе ён упершыню, і што ўбачанае пераўзышло ўсе чаканні, мастак, які прыйшоў з карэспандэнткай, рабіў партрэт Дзікуна. Узгадалася «паліцыя сэнсаў» з ператрусам урнаў у прыбіральні «Коцікава». «Адваротны бок славы, ён такі», — зрабіў адкрыццё Дзікун.
Гук забітага пад завязку стадыёну нагадваў шамаценне ў партэры канцэртнай залы перад пачаткам выступу сімфанічнага аркестру. У Добрым Месцы былі гэткія відэазапісы. Толькі цяпер шамаценне большае ў разы. І з усіх бакоў. Стэрэашушуканне тысяч вуснаў, стэрэапарыпванне тысяч сядушак, стэрэашоргат тысяч ног. Каманды на крыкі і грукат пакуль не было.
«На трыбуне — лідар нацыі, кіраўнік Горада-Героя таварыш Кароль!»
Выбуховая хваля рову захаплення як цунамі пайшла ва ўсе бакі, і, здавалася, знясе і сцены стадыёну, і прылеглыя будынкі. Кароль сеў у ложы Нумар Адзін у фатэль-гайдалку. На секунду ледзь прыўзняўся, махнуў рукою, і відовішча пачалося.
«А на том берегу незабудки цветут, / А на том берегу звезд весенний салют, / А на том берегу мой костер не погас, / А на том берегу было все в первый раз.»
Увага гледачоў была засяроджаная на ўрачыстых шыхтах, якія ўваходзілі на стадыён і размяркоўваліся па бегавой дарожцы вакол поля. Гэта былі ўжо добра знаёмыя ўдарнікі бітвы за ўраджай ды прадстаўнікі іншых пачэсных прафесіяў Горада-Героя. Публіка ўсіх вітала з не меншым энтузіязмам, чым на некалькі гадзінаў раней на Партызанскім праспекце.
Дзікун звярнуў увагу, што людзей ва ўніформе з арбалетамі, духавымі трубкамі для стральбы атручанымі стрэламі і АК-47 у руках было не так і шмат: пераважна па перыметры бегавой дарожкі і паміж радамі гледачоў. Ад самага верху сценаў стадыёну да футбольнага поля ахова складалася збольшага з «чорных п'явак». А ложа Нумар Адзін, дзе засядаў Кароль, ахоўвалася выключна «чорнымі».
«А ну, давай, наяривай, гитара семиструнная, / Чего сидеть да горевать, ведь ночь такая лунная...»
«Лідар нацыі» быў адзеты ў бардовы халат з залатымі карункамі з кветак і птушак. Кароль гайдаўся ў фатэлі ў такт музыцы і паліў люльку. Да Дзікуна далятаў пах марыхуаны. А яшчэ ў ложы Нумар Адзін былі сямнаццаць кабет. Абрысы большасці ледзь счытваліся ў прыцемках у глыбіні за фатэлем. Пяць кабет завіхаліся непасрэдна вакол Караля. Дзве — масажавалі плечы, дзве — прыселі і разміналі ступакі, а адна стаяла на каленках і масажавала міжножжа.
На полі бліжэй да галоўнай ложы ўсталявалі гільяціну. На выхадах з сектараў былі бачныя аграмадныя барбекюшніцы і шашлычніцы на колах. Вуголле было добра раскачагаранае. Адразу за гільяцінай стаяў велічэзны шацёр тых жа колераў, што халат Караля. У сярэдзіне поля была разметка для ўрачыстага шыхтавання. Уся другая палова поля была агароджаная высокім плотам са сталёвых прутоў.
«Па-а-а-чынаем наша свята!.. Гільяціна — для шчасліўчыкаў, толькі раз на год злачынцам выпадае шанец атрымаць хуткую безбалесную адплату за свае антыграмадскія дзеянні. Пр-ы-ы-чым, ва ўрачыстай атмасферы. Сябры, павітаем людзей, якія хоць такім чынам схапілі ўдачу за хвост!»
Трыбуны забіліся ў істэрыцы ад захаплення. Пакуль кат наразаў галовы «шчасліўчыкаў», Дзікун разглядаў публіку. Чырванаморды з вяселля ў «Турысце» трасе масцямі «МАЗ» і «30». А вунь дзядок, які прайграў сваю пенсію ў казіно на дзесяць гадоў наперад. Здаецца, ён пры сустрэчы яшчэ сказаў, што суцешаны, бо падмануў дзяржаву: «Я, можа, менш за дзесяць гадоў пражыву». Глядзі ты — Хліпкі, той, што нападаў з нажом на Мао каля порту «Чыжоўка». Таксама тут. Ачуняў, відаць, пасля прыёму ў твар і пячонку кулаком і ботам. Скакаць яшчэ не можа, але добра свішча: пальцы да рота з выбітымі пярэднімі зубамі прыкладае зухавата. Ха! А вунь Ала Пятроўна, адміністратарка гасцініцы, — азартна адлічвае разам з усімі «раз-два-тры» перад тым, як кат секане лязом гільяціны чарговую галаву. Стоп. Гэта?.. Гэта Люцыя. Зусім побач, праз агароджу VIP-ложы. Удае захапленне. Так сабе ўдае, без энтузіязму.
«А-а-а цяпер!.. Павітаем іншых шчасліўчыкаў, дакладней, шчаслівіц, якія выйшлі ў фінал спаборніцтва за права-а-а... Стаць васямнаццатай жонкай таварышча Кара-ля-а-а!»
Дзікун выхапіў краем вока новую фігуру, якая толькі што намалявалася ў ложы Нумар Адзін: маленькага росту цыцкастую і дупастую кабетку. Мадамка падышла да Караля з бутэлькай у руках, пазяхнула, маханула з гарла і прысела побач. Тут і галовы для гільяціны скончыліся. Праз плячо мадамка нахілілася да Караля, штосьці спыталася. Атрымала гнеўны адказ, маханула яшчэ. Паспрабавала сысці, але была спыненая «чорным», вярнулася ў свой фатэль з выразам твару, які можна было расшыфраваць як «ой, бля...».
— Фурыя, — сказаў сусед па ложы. Гэта быў Мікалаіч, дырэктар МАЗу, бацька нявесты з вяселля ў «Турысце».
Мікалаіч, відаць, думаў, што яго ніхто не пачуў у рове стадыёну. Але Дзікун павярнуў галаву, дэманструючы цікавасць да рэплікі. Мікалаіч Дзікуна не пазнаў, хоць у свой час разам з натоўпам кідаўся табурэткамі ў бок няўдалага госця вяселля. Дырэктар перапрасіў: «Сусана Анатолеўна — кабета добрая, вельмі моцна дапамагае Каралю кіраваць Горадам-Героем, мы яе любім». У гэты момант Зуля ўскочыла з фатэля і падышла да парэнчаў гаўбца ложы. Пакорпалася ў кайстрачцы, выняла мініяцюрны бінокль і скіравала яго ў цэнтр футбольнага поля.
Дзеўкі выходзілі з шатра цалкам голыя. Толькі з вянкамі з валошак і кветак бульбы на галаве. І на абцасах, такіх, як у пакаёвак у «Турысце». Кожная трымала ў руках палку. Здаравушчы шост — метры з тры. На версе палак мацаваліся шыльды: «Гарадтранс», «Турыст», «Казіно», «Порт», «МАЗ», «ЦЭЦ-3», «Райаддзел», «Магазін «Крама», «ПТВ № 71», «Таможэнныя вайска», «Рыбгас», «Камбінат», «Коцікаў», «Універмаг», «Велазавод», «Школа» і нават «Свінакомплекс». «Замест «Коцікаў», відаць, мусіць быць надпіс «Гета», — падумаў сабе Дзікун, здзівіўшыся, як гэта Хрысця здолела ўпісацца ў шчыльныя рады дзяржаўных прадпрыемстваў. А шыльду «Коцікаў» трымала акурат Хрысціна.
Усіх удзельніц было больш за сто. Стась бачыў нумары школаў, дзіцячых садкоў, ЖЭСаў, назвы крамаў, кавярняў... Адных заводаў і фабрык было некалькі дзясяткаў. Апроч МАЗу — Шарыкападшыпнікавы завод, Завод калёсных цягачоў, Гораджалезабетон, Гораддрэў, Горадліктэхніка, Малочны камбінат, Цацачная фабрыка, Люстэркавая фабрыка... Дзікун заўважыў назвы навукова-даследчых і навукова-праектных арганізацыяў. «Відаць, распрацоўваюць інавацыйныя метады дэмантажу абсталявання заводаў». А яшчэ склады, а яшчэ пару транспартных кантораў. Шыльда з надпісам «Метро»! Хм, Дзікун не чуў пра тое, што метро тут, у горадзе, функцыянуе тым ці іншым чынам. Яшчэ назвы, яшчэ...
Усе жадалі парадніцца з Каралём. Перамога абяцала павелічэнне акладаў, шалёныя прэміі, а таксама пуцёўкі ў «Турыст» і на курорты ЦЭЦ-3. А начальства яшчэ моцна разлічвала на камандзіроўкі ў Менск.
«Сто адзінаццаць прыўкрасных дам перамаглі ў адборачных конкурсах на сваіх прадпрыемствах. Сто адзінаццаць сэрцаў, напоўненых любоўю, сто адзінаццаць спадзеваў!.. Прывітаем, сябры, нашых фіналістак!»
Пачаліся танцы вакол шастоў. Дзікун убачыў сапраўдную мастацкую акрабатыку.
З аднаго боку, трэба было ўтрымаць высокую і цяжкую палку. Ды яшчэ трымаць максімальна роўна. З іншага боку, трэба было танчыць, прычым арыгінальна, з творчай задумай, а пры гэтым яшчэ і з аганьком, з задорам.
Большасць удзельніц адсеялася цягам першых дваццаці хвілінаў — не далі рады ўтрымаць шасты. Цяпер на полі перад ложай Нумар Адзін завіхаліся пару тузінаў аголеных кабет. Хрысця трымалася зухавата. Дзікун заўважыў яшчэ пару знаёмых абліччаў: Таццяну з «Турыста» і сваю суседку на вяселлі, тую самую, што ператварылася ў «гаварашчы корч».
Кароль прыўзняўся з фатэля і схіліўся галавой да Зулі. Сусана Анатолеўна Шубзда штосьці жарсна казала і тыцкала пальцам у кабет на полі. Калі ўлічыць, што «Трактар» змяшчаў крыху больш за 17 тысяч гледачоў, і што цяпер быў забіты пад завязку, і што мужчынаў і жанчын было прыблізна палова на палову, можна дапусціць, што вось проста цяпер Зулі пасылалі промні нядобразычлівасці каля васьмі з паловай тысяч жанчын. Зуля нахабна на вачох ва ўсіх дыктавала партнёру са свайго ложка, каго ўзяць чарговай жонкай.
Жарсцяў дадаваў той факт, што Зуля не была афіцыйнай жонкай Караля. Дзікун ужо наслухаўся ад сваіх суседзяў, якія шапталіся гучней, чым крычаў стадыён: галоўная версія была ў тым, што Зуля выбірала новых кабет для сябе, а не для Караля. Выбірала для ўласнай спачывальні.
На полі заставаліся ўсяго сем фіналістак. Хрысця зламала адзін абцас і цяпер скакала басанож. У пакаёўкі Таццяны туш з веек заліла вочы, таму рухі танца сталіся хаатычнымі. Бландзінцы з вяселля хапала сілаў адно трымацца за шост. Прадстаўніца магазіну «Крама» дзіка смяялася. Удзельніца ад «Таможэнных войск» Сняжана, імя якой было напісанае на пілотцы, рабіла толькі адну фігуру: паварочвалася то перадам, то задам да Караля. Канкурсантка ад «Гораддрэву» стаяла на месцы, але спрабавала круціць грудзямі, як прапелерам. А прадстаўніца порту «Чыжоўка» выкарыстала канструкцыйныя асаблівасці свайго цела і віхляла задніцай, нібы грудзямі.
Кароль знакам рукі спыніў танцатрэс сямі канкурсантак, узяў мікрафон:
— Дарагія саацечасьцьвеньнікі! Друзья. Мы пражылі з вамі яшчэ адзін непрасты год. Заўтра мы перавернем лісток календара і пачнем новы трудавы дзень. Новы трудавы год. Хтосьці возьме ў рукі зброю і пойдзе бараніць нашы бульбяныя палеткі ад жукоў. Хтосьці стане на варту нашых граніц, на ахову нашых багацьцяў, нашых прыродных рэсурсаў — заводаў і фабрык. Хтосьці пойдзе на тыя прадпрыемствы, каб цяжкім трудом, часта рызыкуючы жызьнью, дабываць для Горада-Героя такія важныя дары завадскіх нетраў. Хтосьці пойдзе вучыць дзяцей, хтосьці — працаваць у сьферы сервісу, абісьпечываць усім трудзяшчымся дастойны отдых. А сіводня я хачу паблагадарыць вас за празьнік. За тое, што не забываеце мяне, за тое, што прышлі сюды на стадыён. Асабліва хачу паблагадарыць нашых мілых дам, якія ізыскалі час на падгатоўку і ўчасьціе ў гэтым велікалепным прадстаўленьні. У гэтым празьніку нежнасьці і грацыі.
Кароль паказаў на Хрысцю. Дзікун павярнуўся ў бок Люцыі, якая акурат у гэты момант зрабіла жэст «Yes!». З-пад брылька ложы Нумар Адзін выехаў грузавік з пад'ёмнікам на платформе. Гэта быў той самы МАЗ, які ўздымаў маладажонаў да скульптуры вершніцы на зубры. Хрысця з гонарам зайшла ў люльку, якая павольна пачала ўздымацца, але дзесьці на вышыні двух з паловай метраў над зямлёй рэзка пахілілася, а праз секунду адвалілася ад крана. Стадыён адначасова выдыхнуў: «О-о-о...» Секунда — і цела Хрысці знерухомела на зямлі. Да дзяўчыны кінулася брыгада хуткай. «Відаць, той самай, якую запрашаюць з Менску».
— Дзіверсія, — рашуча канстатаваў дырэктар МАЗу Мікалаіч. Сказаў нібыта сабе пад нос, але так, каб чулі прысутныя. А ў VIP-ложы былі і міліцэйскія чыны, і вайсковыя, і «людзі ў цывільным». — У нас на мехдвары кантроль качэства стопрацэнтны. А тым больш для такога празьніка.
Хрысцю звезлі з поля на каталцы. Кароль паказаў на Таццяну-пакаёўку. (Пасля адміністратарка Ала Пятроўна скажа на банкеце работнікаў гасцініцы «Турыст» з нагоды перамогі прадпрыемства ў спаборніцтве за права прадставіць новую жонку Каралю: «Бачыце, і ніякае «пласкажопіе» не паўліяла. В жэншчыне глаўнае — глаза». Следам Ала Пятроўна паправіць свой бязмежны бюст.) Новую жонку Караля правялі доўгім шляхам праз усе ўваходы-выхады па дзясятку лесвіцаў. Давялося крыху пачакаць. Свята відавочна скінула абароты. Урэшце Кароль пацалаваў маладую жонку на радасць стадыёну. Пасля дзелавіта заламаў Таццяну літарай «Г» і ўзяў ззаду. Палавы акт цягнуўся нядоўга, Кароль вялікага энтузіязму не дэманстраваў, але «сужэнскі абавязак» выканаў належным чынам.
— Уууу-ррр-ааа!
Сямнаццаць жонак пашыхтаваліся, а наваспечаная «каралева», альбо «Караліха», як яшчэ казалі ў народзе, з кожнай парукалася і абмянялася чмокамі-чмокамі. Вялікія фіранкі закрылі ложу Нумар Адзін ад тысяч вачэй.
«Антракт паўгадзіны!» — абвясціў мацюгальнік.
Грымнула песня «Если нам скажут: «Ваш поезд ушёл», / Мы накроем стол и подождём другой». Людзі пацягнуліся хто да траншэі за стадыёнам, якая выконвала ролю прыбіральні, хто да палатак з самагонам і чыпсамі. Адзін з чыноў у «цывільным» шпаркім крокам рушыў з VIP-ложы ў бок ложы Нумар Адзін. А Дзікун глядзеў, як Люцыя плача, схаваўшы твар у далоні.
Рабочыя на полі прыбіралі гільяціну і шацёр. З аднаго з праходаў выйшлі «чорныя п'яўкі» і пачалі атачаць частку поля, адгароджаную плотам са сталёвых прутоў. Па радах хадзілі падлеткі і прапаноўвалі напоі і закуску. Тыя, хто застаўся на месцах, абмяркоўвалі нешчаслівы выпадак з пераможцай конкурсу нявест, а таксама давалі характарыстыкі Таццяне, што прыйшла на замену Хрысці. «Так і будзе ўсё жыццё «дублёршай». Сонца сядала, запалілі паходні. Адразу сталася горача. Хоць Люцыя сядзела зусім побач, але з VIP-зоны да яе было доўга ісці. Дый што б сказаў ёй Дзікун? Што Хрысця ачуняе? Відавочна слёзы Люцыі былі не толькі праз траўму сяброўкі. Да мары падполля дабрацца да Караля заставаліся лічаныя секунды. І раптам аблом ва ўсіх сэнсах.
Дзікун закапаў вочы. Спецыяльны такі раствор, які здымае сверб. А вочы часаліся бязлітасна. Забойства і калецтва — гэта тое, што бачун разабраў у сваіх прадчуваннях. Небяспекі набліжаліся розныя і масавыя. Яны збягаліся ў галаве Дзікуна, нібы мурашы з усіх бакоў на свежазлоўленага вусеня. Аграмадная спажыва для соцень дробных драпежнікаў, кожны з якіх паасобку — нішто і ні пра што, а ўсе разам — магутная сіла. Дзікун адчуваў сябе такім вось вусенем.
Хацеў было спыніць разносцу напояў, каб самагонам прытупіць сваю «чуйку» бачуна. Але стрымаўся. Падчас баявых дзеянняў на Талачынскай выспе, калі аддзел выведнікаў Добрага Месца атачалі банды, Дзікун навучыўся вылучаць адну — самую прынцыповую — небяспеку і пільнаваць толькі яе адну. Гэтым разам Дзікун сканцэнтраваўся на Люцыі. Вакол яе «мурашы» так і гойсалі туды-сюды.
Загулі рухавікі. Дванаццаць трактароў заехалі на стадыён. Ехалі павольна, а рухавікі раўлі надрыўна, праз сілу. Бо на таўшчэзных ланцугах цягнулі кабана. Ды што там — Кабана! З вялікай літары. Пяць метраў вышынёй у карку, восем метраў даўжынёй. Аграмадная жывёліна хрыпела, як конь, гыркала, як сабака, і спрабавала скакаць ва ўсе бакі, як малпа. Натоўп па перыметры поля, тыя самыя абраныя для параду пестуны лёсу, былі пасунуліся ў бок кабана, але іх спынілі «чорныя п'яўкі».
«Да-а-а-а заключнай часткі нашага сённяшняга свята застаюцца лічаныя хвіліны! Просьба вярнуцца на свае месцы і прышпіліць рамяні. Жарт. Проста атрымлівайце асалоду ад відовішча, якое вы чакалі цэлы год. Хто, хто той шчасліўчык, які сёлета стане ўладальнікам першага прызу — пятака Кабана?»
— Уууу-ррр-ааа!
«Трыста трактарыстаў» — так назвалі людзі ўдзельнікаў бойкі са свінамонстрам. Трыста чалавек, пераважна мужчынаў, віселі ў спісах у букмекерскіх канторах. Трыста тых самых «трактарыстаў» цяпер абляпілі з усіх бакоў плот са сталёвых прутоў.
«За-а-а-астаюцца лічаныя секунды перад пачаткам зрывабашэннага відо-о-о-овішча!»
Трактары, якія трымалі жывёлу ў цэнтры агароджанай пляцоўкі, вокамгненна адчапілі ланцугі і газанулі з арэны. «Чорныя» расступіліся, трыста «трактарыстаў» ухапіліся за плот. Сталёвыя пруты былі адначасова і пікамі. Адным вокам Дзікун сачыў за Люцыяй, другім назіраў, як свінатарэадоры мянташаць адзін аднаго, спрабуючы прабіцца да Кабана. Трыбуны шалелі ў экстазе, штосьці захоплена лямантаваў каментатар, але да Дзікуна даляталі адно асобныя фразы. «Звычайна на нагах застаецца не больш за дзясятак чалавек. .» «П'юць з конавак кроў візаві...» «Хто абярэ сабе на ноч партнёрку са ста з лішкам звышпрыгажунь?..»
Санітары не паспявалі выносіць з поля параненых і забітых. Першую хвалю нападнікаў затаптаў Кабан. Больш хітрыя «трактарысты» кідалі свае пікі праз галовы тых, хто лупіўся адзін з адным, каб прабіцца ў першыя шэрагі і там загінуць пад капытамі. Сярод палеглых у бітве за Кабана было шмат тых, хто «мог паўтарыць» на пачатку шэсця. Што да іншых, як і прадказваў каментатар, на фініш выйшла не так шмат удзельнікаў свінабітвы. Пераможцы паўфіналу — тыя, хто ўпэўнена стаў на нагах, на некаторы час згуртаваліся, каб выканаць першапачатковую місію: забіць свінамонстра. Жывёла ўжо слаба варушылася, але ўсё яшчэ намагалася адбівацца. Байцоў, здатных трымаць зброю, засталося ўсяго крыху болей за дзесяць.
Яшчэ трошкі, і Кабан упадзе з адчайным рыкам. Тады пачнецца апошняя бітва: за права атрымаць суперпрыз — кабаноў пятак. Гэты трафей на ўсё жыццё зробіць пераможцу паважаным чалавекам, увахожым на ўсе імпрэзы Караля. А яшчэ традыцыйна фіналісты змогуць узяць сабе столькі мяса, колькі здолеюць пацягнуць на сабе. Калі ўлічыць, што большасць з іх параненыя, асноўная маса тушы застаецца на полі. Таму да перасоўных шашлычніц і барбекюшніц ужо пачалі выстройвацца чэргі — рэшту забяруць сабе гледачы.
Дзікун убачыў, як яшчэ некалькі байцоў палеглі, змардаваныя празмерным фізічным і псіхічным напружаннем. Перад заваленым, але яшчэ жывым Кабаном стаялі на нагах, на каленях, а іншыя дык на ўсіх чатырох. Хто з іх наважыцца адрэзаць пятак? Кожны «трактарыст» сачыў адзін за адным. Найменшы рэзкі рух мог справакаваць апошнюю бойку. І бойка мусіла адбыцца. Гульцы са смерцю ў барацьбе за славу цягнулі час, каб адпачыць.
Раптам Люцыя ўзнялася са свайго месца і рашуча пабегла ў бок поля. Проста па галовах людзей. Ачмурэлыя ад самагону і адрэналіну, гледачы не абураліся паводзінамі маладой кабеты. Хтосьці з мужчынаў нават даў рады пляснуць Люцыю па азадку. Ухвальна так, з падтрымкай, маўляў, малайчына, давай дзівоснічай.
Люцыя прабегла міма «чорных» без перашкодаў. Магчыма, інструктажу на падобныя выпадкі «п'яўкі» не мелі. Люцыя мінула знясіленых «трактарыстаў-тарэадораў», пагладзіла пысу Кабана, падабрала з зямлі адну з пік, засадзіла жывёліне вастрыё ў вобласці сэрца, падышла да аднаго з байцоў, які ляжаў на зямлі і глядзеў на дзяўчыну разгубленымі вачыма, выняла ў яго з рукі мачэтэ, адсекла некалькімі ўдарамі пятак і прадэманстравала яго стадыёну. Публіка зараўла рыкам падтрымкі.
У гэты момант Люцыя тры разы маханула рукой, і стадыён, дакладней, трыбуну насупраць ложы Нумар Адзін, накрыла аграмадным плакатам «Стоп бульба!». Пад надпісам мясцілася выява перакрэсленага чырвонай лініяй караняплода.
Што ўявілі сабе людзі пад эфектам «каларадкі» розных ступеняў, калі ўбачылі плакат? Мегамонстра, які іх усіх зжарэ? Канец свету?.. Як бы там ні было, сямнаццаць з лішкам тысяч прысутных на стадыёне «Трактар» гледачоў хаатычна пабеглі да выхадаў, заціскаючы адзін аднаго, а іншыя — караскаліся на сцены стадыёну, апанаваныя жывёльным страхам. Некаторыя нават палезлі на асвятляльныя мачты. «Чорныя» спачатку стралялі па сектары, дзе вывесілі плакат, а пасля тупа расстрэльвалі ўсіх людзей, з адной мэтай: адкінуць усіх назад у бок футбольнага поля. Гільзы адстраляных патронаў фантанамі ляцелі з затвораў аўтаматаў.
Дзікун упрысядкі і пятляючы, нібы заяц, дабег да Люцыі, якая ўвесь час масакры з пераможным выглядам трымала пятак Кабана, узняўшы правую руку над галавой. «Чуйка» бачуна малявала маршрут адступлення. Права, лева, наперад, назад, скокнуць, падскокнуць, зігзагам, аббегчы, перабегчы... Дзікун трымаў Люцыю за руку і цягнуў да аднаго з тэхнічных выхадаў са стадыёну. Да непрыкметных дзвярэй, дзе не было валтузні і страляніны. «Давай!» — апошняе, што сказаў Дзікун, выштурхоўваючы Люцыю ў бок парку 50-леція Акцябра, перад тым як згубіць прытомнасць. «Мурашы» небяспек накрылі свядомасць.