18
«...Паліцічаскі, — праскрыпеў голас аднекуль з паўцемры. Дзікун ляжаў на бетоннай падлозе, чуняў. — Ахраньнік сказаў, што ён памог убяжаць цірарыстке», — працягваў голас. «Як жа я эціх змагароў нінавіжу, — адгукнуўся іншы голас. — З-за іх мянты мочаць усіх». «Дык можа нада ненавідзіць тых, хто мочыць?» — далучыўся да размовы трэці голас. «А іх за што? Ані дзелают сваю работу», — катэгарычна праскрыпеў першы.
Дзікун расплюшчыў вочы. Так, камера, так, краты замест адной сценкі. Трое суседзяў — на драўляным насціле над падлогай. «Даўно ляжыць». — «Не варушыцца». — «Можа, памацаць, ці не аддаў канцы?» — «Дык засьмярдзела б ужо». — «Ай, тут і так як у морге сьмярдзіць усё ўрэмя». Пераключыліся на тэму, якія апарнякі найлепшыя ў Горадзе-Героі. Усе пагаджаліся, што каля «ДК МАЗ» — практычна санаторый. А вось гэты — на Трактарным заводзе, ён самы горшы. Тут кормяць абы чым, слабая вентыляцыя, вільготна і пацукі сноўдаюць табунамі, калі людзі спяць.
Дзікун вырашыў не дэманстраваць, што апрытомнеў. Праз хвілінаў дзесяць у камеру зайшлі ахоўнікі, моўчкі ўзялі Дзікуна пад пахі і пацягнулі з камеры па калідоры. «Адзіночка», — падумаў Дзікун, калі за ім закрыліся дзверы. Бляклая лямпачка пад высокай столлю. Камера вузкая, месца хапае толькі для прыкручанага да сцяны жалезнага ложка без матраца ды дзюркі туалету, ніяк не адгароджанай ад астатняй прасторы памяшкання. Дзікуна кінулі на падлогу побач з ложкам.
Усё цела балела. Але Дзікун адчуваў неверагодны прыліў сілаў. Відаць, пакуль спаў, свядомасць адпачыла, а падсвядомасць перапрацавала каласальны аб'ём інфармацыі, атрыманы на стадыёне «Трактар». Усе гэтыя тысячы і тысячы небяспек, якія Дзікун успрыняў адначасова. Мазгі маглі разарвацца, але не, арганізм даў рады. Цяпер на белым свеце быў ужо не той Дзікун, што раней, — пракачаны Дзікун.
Дзікун думаў пра ўбачанае на стадыёне. Найперш было цікава дазнацца, хто падпілаваў люльку на пад'ёмніку. Не выключана, што гэта была помста якой-небудзь праляцелай міма фіналу красуні. А паколькі кран працаваў на вясельных гульбішчах, не было праблемы пад канец змены ўзняцца пад відам жаніха і нявесты і троху папрацаваць нажоўкай, скончыць пілаваць перад прызямленнем. Галоўнае — быць апошняй парай напярэдадні Дня Паўкабана / Дня Горада-Героя / Гадавіны Бітвы за Велазавод. Чаму не?
Дзікуна ўразіла жорсткасць, з якой «чорныя п'яўкі» пачалі падаўляць паніку. Выглядала, што лепш хай сабе людзі пазадушваюцца на трыбунах, чым выберуцца вонкі стадыёну. Ну і Зуля, калі гэта была яна. Цягам усяго шоу яна паводзілася, быццам ходзіць у сябе па спальні, не ведаючы, чым заняцца, нават калі пачалося душылава.
— Э, мужык, ты жывы?
Голас пачуўся проста побач. Дзікун павярнуў галаву і ўбачыў, што частка падлогі пад ложкам прыадкрылася, у праёме ледзь бялеў чыйсьці твар.
— Як цябе зваць? — спытаў твар.
— Дзікун. Афіцыйна Станіслаў.
— Станіслаў... Добрае імя, наскае, спрадвечнае. Ты часам не гей?
— Не.
— Траўкі не паліш?
— Не.
— «Купалінку» ведаеш?
— Так.
— А заспявай.
— Купалінка-купалінка, цёмная ночка,
Цёмная ночка, а дзе ж твая дочка,
Цёмная ночка, а дзе ж твая дочка.
Мая дочка у садочку ружу, ружу поліць,
Ружу, ружу поліць, белы ручкі коліць,
Ружу, ружу поліць, белы ручкі коліць...
— Малайчына. «Ад панядзелка да панядзелка» можаш?
— Ад панядзелка да панядзелка
дробны дождж ідзе,
Сабралася бедна басота ды гарэлку п'е.
Сабралася бедна басота ды гарэлку п'е.
П'ем мы гарэлку, п'ем мы вішнёўку,
будзем піць віно,
А хто прыйдзе, з нас насмяецца —
будзем біць таго,
А хто прыйдзе, з нас насмяецца —
будзем біць таго.
Вось ідзе дзядзька, дзядзька багаты,
насміхаецца,
Скуль жа, скуль жа бедна басота
напіваецца?
Скуль жа, скуль жа бедна басота
напіваецца?
Ой жа ты, дзядзьку, дзядзьку багаты,
ты ня смейся з нас,
Вазьмі ў руку чарку гарэлкі —
выпі ты за нас.
Вазьмі ў руку чарку гарэлкі —
выпі ты за нас.
Рад бы я выпіць, рад бы я з'есці,
рад бы закусіць,
Ёсць у мяне сто рублёў грошай —
шкода размяніць.
Ёсць у мяне сто рублёў грошай —
шкода размяніць.
Адзін за ручку, другі за ножку,
трэці — у карак б'е.
Не хадзі ж ты, дзядзька багаты,
дзе басота п'е.
Не хадзі ж ты, дзядзька багаты,
дзе басота п'е.
Ад панядзелка да панядзелка
дробны дождж ідзе,
Сабралася бедна басота, дый гарэлку п'е.
Сабралася бедна басота, дый гарэлку п'е.
Так вось усю песню і давялося Дзікуну праспяваць. Здавалася, твар у праёме падлогі слухаў бы ды слухаў, і па другім, і па дзясятым разе.
— Але ж ты наскі хлопец, але ж праўдзівы! А-ёй, а-ёй! Малайчына. Лезь сюды да мяне. Неўзабаве абыход будзе.
Тры-чатыры дзясяткі метраў больш-менш пралазных для чалавека трубаў — і Дзікун апынуўся ў прасторным тунэлі. «Асцярожна, — сказаў новы знаёмы, — пад нагамі — кантактная рэйка, на яе час ад часу даюць ток. Мы ў метро, Станіслаў. А вось і станцыя «Трактарны завод». Мяне клічуць Алесь Першазвон». Доўгія саламяныя валасы, стужка з арнаментам вакол галавы, пастаўлены голас, важнецкая запаволенасць рухаў пры досыць хуткай хадзе. «Ха, дык гэта ж той самы баечнік, які распавядаў на рынку, маўляў, калі-небудзь народ выйдзе з-пад зямлі і скіне караля!» А падчас разгону гледачоў расказчык як пад зямлю праваліўся. Значыць не «як», а менавіта пад зямлю.
Платформа станцыі была троху падсвечаная. І станцыя, і кавалак тунэлю, якія толькі што мінулі, пакідалі адчуванне дагледжанасці. Алесь правёў Дзікуна хадамі тэхнічных памяшканняў, прылеглых да галоўнага тунэлю метро. «А вось цяпер я сапраўды папаў», — падумаў Дзікун праз некалькі гадзінаў. Бо зусім побач за сцяной віравала падземнае жыццё, і жыццё гэта было такім.
Тут, у метрапалітэнаўскіх сутарэннях, жылі каля дзвюх соцень чалавек. Наколькі зразумеў Дзікун з урыўкаў размоваў, сутарэнні былі звязаныя з закансерваваным Трактарным заводам, які быў за тры-чатыры сотні метраў адсюль. Гаспадарчай дзейнасці там не вялі, адно што ахова па перыметры пільнавала нелегальных металаздабытчыкаў. У скляпеннях пад заводам жылі яшчэ некалькі соцень чалавек. Усе былі падзеленыя на некалькі групаў. Тут былі тыя, хто здабываў ежу з паверхні, былі ахоўнікі на выпадак магчымага выкрыцця падзямелля. Былі баюны-расказчыкі, якія выходзілі з-пад зямлі, «каб адкрыць людзям вочы на праўду». Эліта падземных, альбо «норных», як акрэсліў іх для сябе Дзікун, жыхароў.
Алесь Першазвон распавёў, што ён не толькі робіць вылазкі, каб абудзіць народ, падрыхтаваць яго да паўстання супраць дэспата і тырана — Караля. Алесь сам малюе коміксы. «Нацыянальна арыентаваныя! Каб людзі памяталі пра свой род-племя. Пра свае карані. Каб не былі манкуртамі без памяці». Размова адбывалася ў маленькім пакойчыку-майстэрні. Далёка не кожны абітальнік «нораў» меў такі прывілей — прыватную прастору. На працоўным стале Алеся ляжаў сшытак «Альгердавай дзіды», той самы, які Дзікун набыў на рынку каля «Турыста».
— Вы маеце сваю друкарню?! — здзівіўся Дзікун.
— Не, дзе там. — Алесь махнуў рукой. — Часам з «Коцікавым» працуем, а часцей — да менскіх звяртаемся. У іх якасць лепшая, дый наклад можна большы заказаць за адзін раз. Хіба што дастаўляць больш складана, не заўжды каналы для перакідкі адкрытыя.
— Дык калі вы спакойна можаце выходзіць на паверхню хоць у Менску, хоць у Горадзе-Героі, навошта седзіце тут — пад зямлёй?
Алесь ляснуў Дзікуна рукой па плячы і павёў у самыя свяшчэнныя куткі «нораў». У тыя мясцінкі, дзе захоўваліся галоўныя таямніцы падземных жыхароў. Дзе маладым ці новапрынятым у грамаду перадаваліся сакральныя веды. «Веды, якія чакаюць свайго часу, каб разам з людзьмі выйсці з-пад зямлі і пайсці ў народ», — патлумачыў Першазвон.
Ледзь прыкметныя металічныя дзверы былі пазначаныя вялікай літарай «Z». За дзвярыма ў канцы не надта доўгага праходу былі яшчэ дзверы. На іх красавала знічка з «Z» у сярэдзіне. Шлях да дзвярэй выглядаў як анфілада з некалькіх пакояў. У першым — цвярозыя людзі спявалі «Купалінку», у другім — паддатыя людзі цягнулі «Ад панядзелка да панядзелка», у трэцім — танчылі нацыяналістычныя танцы, у чацвертым — падлеткі слухалі лекцыю пра тое, што на паверхні засталіся манкурты, якім няма веры і сярод якіх жыць не можна. «Царква сведкаў літары «Z», — пазначыў для сябе Дзікун, чакаючы, што ж будзе за апошнімі дзвярыма. Чуйка бачуна маўчала. Значыць, прынамсі за жыццё можна не пераймацца.
Яшчэ зусім нядаўна выведніку Добрага Месца Станіславу Рабянку здавалася, што самае складанае псіхалагічнае выпрабаванне ў жыцці ён прайшоў на вяселлі ў «Турысце», дзе пад уздзеяннем «каларадкі» ён — Дзікун — сутыкнуўся з «гаварашчымі карчамі». Але ў сутарэннях каля станцыі «Трактарны Завод» атмасфера была яшчэ больш густой. Апошнія дзверы раскрыліся. У памяшканні працаваў відэамагнітафон. На экране тэлевізара «Віцязь» быў бачны лысаваты суворы мужчына, які штосьці ажыўлена казаў у ментарскай манеры. Мужчыну слухала каля пятнаццаці чалавек.
Да Дзікуна даляталі словы, якія, як пасля высветлілася, былі сакральнымі: «адраджэнне», «бальшавіцкая навалач» і «шматпакутная». З часам Дзікун дазнаўся, што з экрана вяшчаў Z — прарок. А сімвалам веры ў норнай грамады быў «сапраўдны народ».
У некаторых пытаннях — адзінства ў грамадзе не было. Адны меркавалі, што Z у патрэбны час матэрыялізуецца на градах з чароўнага клубня. Іншыя былі перакананыя, што Z спусціцца з неба. Але і тыя, і тыя верылі, што дзесьці ёсць сапраўдны народ, які з невядомых прычынаў не праяўляецца.
Маладыя не ведалі, хто такі Z, а старэйшыя ім не распавядалі. Толькі тлумачылі: Z прыйдзе, калі народ паразумнее і раскрые вочы. Калі народ будзе гатовы пачуць і ўспрыняць слова Ісціны. А служэнне царквы было ў захаванні таямніцы Ісціны. «Сектанічны труд», — падумаў Дзікун і адчуў набліжэнне нейкай вялікай з аб'ёму фізічнай небяспекі.
Алесь вывеў Дзікуна са свяцілішча.
— Ты ж бачун, я ведаю. Са знічкі зразумеў. Мы калісьці разам з Альгердычам у Супраціў пайшлі, а пасля нашы дарожкі разышліся. А ведаеш чаму? Бо супольны вораг знік.
— У сэнсе, пагроза ІІІ сусветнай вайны знікла? А Кароль, ён жа застаўся, — здзівіўся Дзікун. — Ён хіба не супольны вораг?..
— А Альгердыч твой хто? Здраднік, — рэзка змяніў тэму Алесь. — Мы з ім вучыліся разам у Акадэміі мастацтваў. Здраднік ён, уцёк ад змагання. І цябе звёў з іншымі бачунамі. А цяпер ты з намі. Надоўга. Дапамагаць будзеш. Сам не ўцячэш. Мы тут трыццаць гадоў жывем, усе хады-праходы ведаем. І валодаем суперсакрэтам — дзе іх можна закрыць.
«Папаў, — падумаў Дзікун і зноў адчуў набліжэнне страшнай сілы. — Не, не папаў!» — сам сабе ўсміхнуўся. Цяпер Дзікун не толькі адчуваў пагрозу як такую, але літаральна бачыў яе абрысы. Цяперашняя была чымсьці кшталту аграмаднага бура, які свідраваў зямлю. А яшчэ Дзікун убачыў, што будуць рабіць ягоныя новыя турэмшчыкі.
Дзікун закрычаў, каб усе ратаваліся. Сцены падзямелля затрэсліся. «Гэта трохгаловы крот-цмок! — закрычаў Алесь. — Уцякайце ў бакавыя праходы і там у люкі!» Прысутныя паўскоквалі і пабеглі хто куды. Але Дзікун рушыў па сваёй праграме — туды, адкуль прыйшоў: у тунэль метро. Падбег акурат у час, калі на маленькай хуткасці перад носам праязджаў вагон цягніка. Дзікун паспеў заскочыць.
Тым часам трохгаловы гіганцкі крот прабіў сцяну тунэлю і пыхнуў агнём услед цягніку. Дзікуна выратавала ад апёку тое, што апошні вагон паспеў завярнуць за рог. Крот быў пагнаўся за чалавечынай, але зламаў усю канструкцыю тунэлю. Сцены абрынуліся, заблакаваўшы крата завалам з бетону і арматуры.
Цягнік тарабаніў за сабою адзін пасажырскі і тры грузавыя вагоны. Дзікун замацаваўся на платформе апошняга, гружанага сталёвымі лістамі. Наперадзе вымалёўвалася станцыя «Купалаўская». Дзікун памятаў са школьнага курсу гісторыі, што там быў самы безгустоўны дызайн станцыяў менскага метро.
Спыніліся. З грузавых вагонаў пачалі выскокваць людзі. Адзін, два. Пяць, дзесяць... Пятнаццаць. Адкрыліся дзверы пасажырскага вагона, з яго паваліў натоўп чалавек на дваццаць. Вочы зачасаліся. «Трымайся за поручні!» Дзікун адчуў набліжэнне бойкі. Так і сталася: цераз усю платформу «Купалаўскай» двума шэрагамі стаялі паліцыянты ў абарончым рыштунку з дубінкамі ў руках і аўтаматамі за спінамі. «Магчыма, паспрабуюць прасунуцца далей па тунэлі метро і пасля выбрацца праз тэхнічныя праходы», — разважаў Дзікун, назіраючы, як палі- цыянты б'юць нелегальных эмігрантаў.
Да паліцыянтаў эскалатарам бегла падмацаванне «касманаўтаў» у шаломах. Пайшлі стрэлы над галовамі. Нелегалы пападалі на падлогу, іх пачалі «пакаваць».
— А ты, бля, што тут схаваўся?!
Дзікун даў рады пазбегчы ўдару дубінкай па галаве, але не супраціўляўся, калі два паліцыянты закруцілі яму рукі за спіну. Ён ужо пралічыў сітуацыю. Адступаць не было куды, крот заваліў тунэль. Шлях наперад быў цалкам перакрыты паліцыяй. Тым часам затрыманым вязалі рукі за спінамі, але на паверхню не выводзілі. А вось у чым справа: з супрацьлеглага боку тунэлю падагналі яшчэ адзін, на гэты раз менскі, цягнік. Уцекачы з Горада-Героя калі і ўбачаць Менск, то дакладна не цэнтральную частку. «Глядзі ты, не ўсе на «каларадцы» сядзяць, ці не шчыльна сядзяць, раз ім штосьці новае ў жыцці трэба», — з ухваленнем адзначыў Дзікун.
— А гэтага дайце мне!
«Касманаўт» з капітанскімі пагонамі павёў Дзікуна па сходах на паверхню. Па выхадзе са станцыі ў падземным пераходзе падняў забрала свайго шалому.
— Арцём!
— Дзікун!
Арцём, той самы белабрысы з баржы, развязаў Дзікуну рукі.
Яшчэ сходы, яшчэ, і вось ён, Менск!
Частка ІІІ. Праспект Незалежнасці
19
— А я б у ружовы пафарбаваў! Увесь праспект!
— Добра, што няма ў Менску столькі фарбы, колькі ты хочаш.
Кумпанія за суседнім столікам засмяялася.
— Наш модны ўрбаніст, — патлумачыў Арцём.
Адзін з выхадаў з метро выводзіў на праспект Незалежнасці недалёка ад гастраному «Цэнтральны», каля якога стаялі летнія столікі.
— Наўпроставае народаўладдзе? Ты хочаш пахаваць наш Менск?
За іншым столікам ішла палітычная баталія.
— Калі б рашэнні, як вонкава змяніць Менск, прымаліся на рэферэндумах, гэта быў бы самы выродлівы горад за ўсю гісторыю чалавечай цывілізацыі. Рашэнні мусяць прымаць эксперты. Інстытут дэпутацтва хоць бы змяншае эфект базару-вакзалу суіснавання людзей у супольнасцях.
— Столікі каля «Цэнтральнага» — гэта наш «Фэйсбук», «Тўітэр» і «Інстаграм» разам, — пажартаваў Арцём. — Тут прызначаюць і дзелавыя сустрэчы, і амурныя спатканні.
«Як пасля складзецца, не ведаю, але пакуль што фармальна ты, Дзікун, затрыманы». Арцём дазволіў Дзікуну паўгадзіны адпачыць. Таму вось цяпер пілі каву на легендарных століках, вядомых аматарам гісторыі Менску з літаратуры і кіно. Людзі, коні, ровары, часам машыны мільгалі перад вачыма. А яшчэ было шмат дрэваў. Дрэвы, дрэвы і дрэвы ўздоўж бясконцай шырокай вуліцы. «І галоўнае, што не рухаюцца тыя дрэвы», — Дзікун радаваўся адсутнасці лішаёў ды кустоў-хадуноў.
— Можна інакш, — працягваў урбаніст. — Трэба зрабіць конкурс на кожны дом. Хай зробяць непаўторна. Кожны будынак.
— Дык гэта ж парушыць цэласнасць кампазіцыі.
— Кожная кампазіцыя ці сама складаецца натуральным шляхам, ці спачатку неяк адмыслова задумваецца. З нейкімі сэнсамі і падсэнсамі. Вось Верхні Горад: ад Сярэднявечча складаўся, складаўся, яго руйнавалі пажары, часам бомбы, часам чыноўнікі, а ён выстаяў... Такі розны. А вось побач праспект, які нічога не выстойваў і які быў задуманы як узлётная паласа ў паднябессе камуністычнага раю, шэрага і змрочнага. Для цябе гэтая цэласнасць важная — ода шэрасці?
— Ой, ну ты пачаў глыбока капаць...
— Таму рабіць непаўторна! Кожны будынак ад паштамту да... да самага Купалу!
— Парку Янкі Купалы? — шэптам перапытаў Дзікун у Арцёма.
Пры слове «Купал» Арцём спахмурнеў. Сказаў, што распавядзе пазней пра яго.
— Лепш, Дзікун, раскажу крыху пра сябе. Я шмат гадоў працаваў пад прыкрыццём уздоўж трасы М4. Збіраў інфармацыю для Менску. Заадно пільнаваў кагосьці з вашага боку. Татушка твая падказала, хто ты і навошта. Калі цябе ледзь не пачалі вінціць на КПП у порце «Чыжоўка», я разыграў хуліганскую сцэнку, каб адцягнуць увагу на сябе. Мяне забралі ў пастарунак, аформілі, выпісалі штраф, стрэльнулі сабе хабар і адпусцілі. Але мне давялося сысці з работы пад прыкрыццём — маю фізіяномію запомнілі службоўцы Горада-Героя. Вось, цяпер у менскіх памежніках працую. Ведаеш, а яно і добра, засумаваў я па радзіме.
— Арцём, здароў! — да століка падышоў крэпкага целаскладу высокі мужык. Узрост... Дзікун сумняваўся ў рэальным узросце месцічаў, але заўважыў, што ў Менску людзей сталага на выгляд веку болей, чым у Горадзе-Героі.
— Саша, будаўнік, — новы знаёмец паціснуў Дзікуну руку і звярнуўся да Арцёма:
— Ты на рабоце, бачу, а я сёння вольны, во, піўка ўзяў для пачатку, а там паглядзім.
— Дзе ты цяпер робіш, Саша?
— Цырк рамантуем, туды хочуць перанесці некалькі тусовак з забаўляльнага цэнтру «Сталіца». Пад зямлёй з вентыляцыяй праблемы.
— Забаўляльны цэнтр «Сталіца» пад плошчай Незалежнасці, — патлумачыў Арцём.
— О, а ты не мясцовы? Як зваць? Стась? Адкуль?.. О, Мугулёўшчына, я адтуль родам, можа, чуў пра Кругі? — Саша меў адметны твар, на ім амаль не рухаліся мускулы. Аблічча Сашы не перадавала эмоцыяў. Зусім.
А яшчэ новы суразмоўца Дзікуна хоць і задаваў пытанні, але амаль не чакаў адказаў.
Саша за адзін глыток выпіў паўкухля піва.
— Я ж перабежчык з Горада-Героя. Ды што там — уцякач! Ну іх нахер, я з імі і да Вялікага Выбуху не надта сябраваў, а як яны пачалі «каларадку» ўжываць, то зусім кепска стала. Херню нейкую балбочуць увесь час. Тут, праўда, таксама шмат херні плявузгаюць... — Саша перайшоў на шэпт. — Арцём ведае маю пазіцыю: кнігі, фільмы, архітэктура — гэта ўсё марнаванне часу. Арцём кажа, што без архітэктара дому не пабудуеш. Ха! Вось я прараб, я табе намалюю, накрэслю і пабудую. Можа, гэта будзе дом формай як цэгла, але надзейны. А што будынкі формай адрозніваюцца, дык гэта херня, як кіно ці кніжка — марнаванне часу.
Саша другім глытком дапіў піва, прыязна развітаўся і бадзёра пашкандыбаў па праспекце.
— У Сашы інваліднасць па фантазіі, — пачаў расповед Арцём. — Таму яму далі грамадзянства Менску.
— Гэта як?!
— Звычайна тым, хто прыйшоў з Горада-Героя, грамадзянства не даюць. Лічыцца, што іх свядомасць настолькі дэфармаваная «каларадкай», што адэкватна галасаваць людзі ўжо не могуць. «Каларадка» спусташае фантазійны патэнцыял свядомасці. А ў Сашы няма чаго спусташаць. Нуль фантазіі. Яго паўгода даследавалі нашы псіхолагі. Нуль. У Горадзе-Героі Саша пакутаваў праз адсутнасць канкрэтыкі. Там жа нічога пэўнага няма. Тое, пра што вы за месяц дамовіліся, можа змяніцца дваццаць разоў. А ў Менску дамова — жалеза. Слова непарушнае, пячаткай і подпісамі падмацаванае. У Менску можна планаваць жыццё. Сашу тут балдзёж.
Арцём і Дзікун паціху рушылі ў бок ратушы. Завярнулі на Дамініканскую. Палац Рэспублікі — архітэктурны монстр позняга СССР — быў напалову разбураны. «Там засядалі прыхільнікі Горада-Героя, рэжым якога хацелі распаўсюдзіць на ўвесь Менск. Давялося іх выкурваць адтуль гарматамі і мінамётамі. Цяпер тут радовішча будаўнічых матэрыялаў. Кожны можа браць сабе на рамонты і будоўлі, — патлумачыў Арцём. — Тая самая гісторыя адбылося з гатэлем у Цэнтральным дзіцячым парку, яшчэ некаторымі будынкамі».
— Затое глядзі! — Арцём з гонарам паказаў на металічнаю каркасную канструкцыю на рагу Валоцкай і Дамініканскай. Гэта абрысы сабору Святога Тамаша Аквінскага. На агульным сходзе менскага парламенту, ён жа Соймам завецца, пастанавілі, што архітэктурныя страты будзем аднаўляць вобразнымі творчымі сродкамі. У Менску водаправод пусцілі ўсяго толькі гадоў восем таму. Ясна, што пакуль да поўнага аднаўлення помнікаў архітэктуры яшчэ далёка. Не тыя рэсурсныя магчымасці. Дый усё і не варта адбудоўваць. Мне каркасныя абрысы ў маштабе дакладнай копіі больш падабаюцца.
Дзікун падумаў, што Арцём добра на століках наслухаўся ўрбаністаў. Сам слухаў Арцёма напаўвуха, бо быў захоплены краявідам, які адкрыўся. Верхні Горад! Сэрца Менску! Менск... Ён рознакаляровы, ён рознаархітэктурны, ён розначалавечы. Вось яна, ратуша, а вакол на траўцы людзі чытаюць кнігі, слухаюць музыку. Касцёл Панны Марыі, Святадухава царква, далей — касцёл бернардынак, касцёл Святога Язэпа, Гандлёвыя рады, Гасцінны двор, гарадскія скульптуры, вузкія старадаўнія вулачкі!..
Дзікун ніколі ў жыцці не бачыў столькі хараства разам у адным месцы.
«Мэрку — у адстаўку!», «Эмігрантам — легалайз!», «Мы — адзін народ!». Архітэктурнае хараство дзе-нідзе па сценах было спісанае лозунгамі. «Наша апазіцыя, — патлумачыў Арцём. — Маргіналы, няма пра што размаўляць. Супраць мэра Альжбеты Сандрыгайлы, бо тая праводзіць ізаляцыянісцкую палітыку да Горада-Героя».
Каля падножжа гары, на якой стаяў Верхні Горад, пад вадой па калена гнілі рэшткі колішняй вуліцы Зыбіцкай. Калісьці вуліцу спачатку разбурылі, пасля штучна забудавалі муляжамі старых дамоў. Пазней муляжы самі па сабе сталіся гісторыка-культурнай спадчынай, дзякуючы сканцэнтраваным гісторыям п'янага разгуляева. Цяпер, наколькі зразумеў Дзікун, увесь цэнтр Менску, які застаўся над вадой, быў прыстасаваны пад адпачынак.
— А тут мусяць стаяць кабінкі для хуткага сексу!
— Тут мусяць стаяць кабінкі для хуткага распівання спіртнога!
— А я кажу — для сексу.
— Але ж будуць гучаць охі ды ахі. Дзеці будуць чуць.
— Тады давайце зробім абмежаванне ў часе. Напрыклад, кабінкі адкрытыя для сексу з 20:00 да 08:00.
— І для палення марыхуаны!
Спрачаліся галоўны архітэктар гораду з прадстаўніком фірмы-выканаўцы. Абмяркоўвалі добраўпарадкаванне ракі Свіслачы ў раёне Опернага тэатру. Дзверы кабінета галоўнага архітэктара былі адкрытымі і выходзілі ў фае прыёмнай мэра. Тут сядзелі Дзікун і Арцём і чакалі запрашэння на аўдыенцыю.
Офіс Альжбэты Сандрыгайлы быў у будынку ратушы. Фае прыёмнай было аздобленае карцінамі з сюжэтамі важных гістарычных падзеяў, звязаных з Менскам. На першай злева ад Дзікуна былі выяўленыя барадатыя мужчыны ў адзежы ХІ стагоддзя, якія ўздымалі з папялішча старажытны Мянеск. Горад утварыўся як памежная крэпасць Полацкага княства і быў разбураны брацкімі войскамі Ноўгараду і Кіева ў 1067 годзе. А вось далей карціна з цудоўным прыбыццём іконы Божай Маці ў Менск па Свіслачы ў 1500 годзе. На трэцяй карціне быў ужо 1660 год. Тут саюзныя войскі Кароны і Княства вызвалялі горад ад акупацыі з Усходу. На чацвёртай — менчукі святкавалі Дзень нараджэння Напалеона Банапарта...
— Якія кабінкі для сексу?! Вы не чулі, што адбылося гадзіну таму? — да галоўнага архітэктара зайшоў хтосьці са службоўцаў мэрыі.
Але што канкрэтна адбылося, Дзікун не пачуў. З прыёмнай паклікалі: «Спадар Станіслаў Рабянок, прашу заходзіць!» Арцём падміргнуў: маўляў, трымайся!
Дзікун рэзка ўзняўся, але паспеў зачапіць вокам яшчэ адну карціну, апошнюю з двух дзясяткаў. Гэта быў трыпціх: усталяванне памежных слупоў, запуск гідраэлектрастанцыі і рок-канцэрт на плошчы Каліноўскага.
20
Спачатку быў фільм. Спадарыня мэр Альжбета Сандрыгайла спазнялася. Сакратарка сказала, што, відаць, адбылося штосьці надзвычайнае. Бо вось толькі што мэр сама затэлефанавала і папярэдзіла, што спозніцца. І што спадара Рабянка, то бок Дзікуна, трэба заняць. «І вось, калі ласка, прайдзіце ў пакойчык. Вось фільм, а таксама кава, гарбата і бутэрброды». Сакратарка была ў лёгкім шоку. Відаць, мэр упершыню турбавалася за наведніка.
Фільм пра Менск. Сумесь рэкламнага і навучальнага роліку. Здаецца, стваральнікі стужкі падышлі да справы з гумарам. Спачатку яны распавялі, які Менск класны, якім яшчэ лепшым ён стане, а пасля патлумачылі, чаму ты, нелегал-перабежчык, хвігушкі калі зможаш жыць у Менску паўнавартасным жыццём, нават калі і атрымаеш від на жыхарства, а не рашэнне пра прымусовую дэпартацыю на радзіму.
— Цікавы фільм? Я начальнік Службы дэпартацыі, Антон Бузевіч. — Круглатвары круглапузы мужчына з лысым чэрапам і густымі чорнымі брывамі, сярэдняга росту, энергічны і ўсмешлівы. Зайшоў ціха.
— Добры дзень, цікавы фільм... Бібліятэкі, музеі, галерэі, клубы, два тэатры. Я не думаў, што культурнае жыццё так хутка адновіцца... Дзе ж гэта... Вось тут, — Дзікун пераматаў файл з гадзінным фільмам на сярэдзіну. — Тут вучаць, як карыстацца грамадскай прыбіральняй, што не трэба на ўнітаз ускарасквацца з нагамі. Гэта для чаго?
— Фільм створаны для ўцекачоў з Горада-Героя. Пачынаем вучыць з простых побытавых рэчаў. Адаптацыя да жыцця ў Менску цягнецца гадамі, і пакуль ні разу не была завершаная хоць бы адным чалавекам. На сто працэнтаў «жукі» менчукамі не робяцца. Ведаеце, Станіслаў, гэта як з бадзяжным сабакам. Калі ўзяць яго з вуліцы, памыць, пакарміць, пасяліць у добрым доме, дзе заўжды поўна ежы ў кармушцы, сабака ўсё роўна будзе красці і рабіць заначкі — на ўсялякі выпадак. Не перавучваецца, бо раптам што.
«Сувора», — падумаў Дзікун.
— Мы назіралі першых перабежчыкаў цягам дзесяці гадоў, пакуль не закрылі доступу новым. Жыхары Горада-Героя набываюць звычкі, у тым ліку светапоглядныя, якія ўжо не змяняюцца. І што ты ні прапаноўвай новае, усё дарма. Так, яны спрабуюць капіяваць тое, што наўкола. Але ў выніку ператвараюцца ў хадзячыя капіявальныя аўтаматы. То бок, сутнасна не змяняюцца, адно вонкава. Уяўляюць з сябе змалпаваны Менск. Бо ў Горадзе-Героі атрафуецца галоўная звычка — звычка да крэатыву. Менск бярэ ў грамадзянства, калі давядзеш кваліфікацыю ў сваёй справе — пацвердзіш карыснасць. Альбо інвестуеш нейкі рэсурс. Прафукаеш рэсурс, не разаўеш — ласкава раім рушыць назад, дамоў. Праблема — не ў тым, што «жукі» не маюць кваліфікацыяў ці рэсурсаў. Праблема — у тым, што яны нават не спрабуюць прасунуцца наперад, — Антон Бузевіч павольна і глыбока ўздыхнуў. — Арцём мне ўжо сцісла распавёў, як вы трапілі ў Менск. Вы бачылі нелегалаў. Іх адправяць у адаптацыйны лагер у Ждановічах, паўночна-заходнім прадмесці Менску. Там яны пройдуць рознага кшталту псіхалагічныя тэсты і па выніках атрымаюць выбар: вярнуцца ў Горад-Герой, працаваць на плантацыях Заходніх тэрыторыяў альбо пайсці вучыцца на грамадзяніна Менску.
Спадар Бузевіч паўтарыў, што калісьці перабежчыкам адразу давалі грамадзянства, але вельмі хутка ўбачылі, што наваспечаныя выбарнікі абсалютна не цікавяцца палітычным жыццём. Партыйныя дзеячы на выбарах куплялі сабе галасы перабежчыкаў: часам за добрае слова, часам «за булачку» — за дробныя гешэфты. «Усякая ўласьць ад Бога», — усміхаліся перабежчыкі, на што ў Службе дэпартацыі навучыліся шматзначна адказваць: «Бог прамаўляе праз вас».
Будучы жорсткімі забабоншчыкамі, «жукі» нейкі час самастойна хадзілі на выбарчыя ўчасткі, але боязь Бога ў звязку з выбарамі мінула досыць хутка. Хтосьці з перабежчыкаў прыдумаў, што на тэрыторыі Менску Бог паводзіць сябе інакш, чым у Горадзе-Героі. І такі самы лагодны ў сваіх паводзінах, як і менскае грамадства. Не, ну праўда: турмы — няма, Свінакомплексу — няма, смяротнага пакарання — няма. Рай!
— Відаць, «жукі» імкнуцца ў Менск не для таго, каб хадзіць на выбары? — Дзікун не хаваў свайго лёгкага абурэння. — Раз не хочуць удзельнічаць у палітычным жыцці — навошта прымушаць? Не давайце ім грамадзянства, хай будзе толькі від на жыхарства.
— А мы амаль так і робім. Толькі ў нас яшчэ ёсць закон, згодна з якім жыць у Менску могуць толькі грамадзяне. Таму Менск выдае эмігрантам дазвол на працу. І магчымасць прайсці экзамен на грамадзяніна, які практычна ніхто не здае. Раптам у канцы Школы правоў і абавязкаў вучань дазнаецца, што як грамадзянін будзе абавязаны сплачваць дзесяць працэнтаў свайго даходу ў агульную касу Менску. А неграмадзяне падаткаў не плацяць. Па-за Менскам, дзе эмігранты здымаюць жытло, — свае законы. Дакладней, пісаных законаў няма, жывеш, як дамовішся.
— Але ж вы такім падыходам множыце беззаконне на тэрыторыях вакол Менску!
— Ёсць іншае меркаванне: што такім падыходам мы баронім сваё грамадства, сваю цывілізацыю — ад размывання.
— Але ў будучыні канфлікт непазбежны.
— З Горадам-Героем?
— Так! Там насельніцтва болей разы ў тры, калі не чатыры, чым у Менску.
— Горад-Герой ні кроку не зробіць у наш бок, пакуль мусіць бараніць свае бульбяныя палі ад каларадскага жука. У іх на ахову мяжы з намі сродкаў асабліва няма, не тое што на вайну. Дый ваяры з іх так сабе, іх жа з дзяцінства дзяржава трымае ў чорным целе. Страх — іхнае другое імя. А ў Менску ў кожнага грамадзяніна — зброя ў доме. І вайсковыя зборы раз на год ладзім.
— І анархісты. Ёсць у Менску.
— О, так, Канфедэрацыя анархістаў кантралюе землі ўздоўж чыгункі ад Калядзічаў да самых да Ждановічаў. У нас з анархамі — узаемавыгадная дамова. Калі ежу яны мінімальна вырошчваюць самі, то газ, электрычнасць і чыстую пітную ваду атрымліваюць у нас. Выходзіць бартар: ахова мяжы наўзамен на рэсурсы. Так гістарычна склалася. А мы і не супраць. Яны слова трымаюць, нам не пагражаюць, наадварот. Яны дэ-факта нашы «казакі» на мяжы з непадкантрольнымі тэрыторыямі, дзе пануюць дробныя групкі бандытаў. Толькі пра «казакоў» ім не кажыце — моцна злуюць.
Антон задаволена пацёр рукі, відаць, агучыў свой любімы жарт.
Дзікун звярнуў увагу на карту, якая вісела на сцяне пакою. Паўднёва-заходняя частка вялікага, калісьці адзінага, Менску была вылучаная штрыхоўкай у асобную зону. Бузевіч перахапіў позірк.
— А тут — Абяцаная Зямля для нелегалаў. У Горадзе-Героі пашыраная легенда пра тое, што па праспекце Дзяржынскага існуе праход да чыстай вады. І хоць большасць уцякаюць дзеля ўзроўню спажывецкага жыцця, які ў Менску на дзесяць галоў вышэйшы, чым у Горадзе-Героі, некаторыя спрабуюць прабрацца міма кардонаў анархістаў за чыгунку ў бок мікрараёну Паўднёвы Захад. Думаюць, што па чыстай вадзе можна дабрацца да вялікай цывілізацыі.
— Можна?
— Дзе там!
Антон Бузевіч наліў сабе і Дзікуну кавы. Кава! Тут, у Менску, яна мела цалкам іншы смак, чым у Горадзе-Героі. Пазней Дзікун дазнаўся, што ў гатэлі «Турыст» яго частавалі распушчальнай, а ў Менску — натуральнай.
— Разумееце, Станіслаў, справа ў тым, што ў раён праспекту Дзяржынскага мы адпраўляем злачынцаў трэцяй ступені.
— ?!
— У Менску няма смяротнага пакарання і турмаў. Заканадаўча. Першы тып пакарання прадугледжвае штраф ці грамадскія работы. Другі — высылку ў Горад-Герой. Як надоўга, залежыць ад цяжкасці правіны. Бывае, што і пажыццёва. Забойствы ў нас рэдка бываюць. А вось кантрабанда «каларадкі» нумар 4-5 прыраўноўваецца да замаху на забойства. У Горадзе-Героі часцей за ўсё пакараных кідаюць у якія-небудзь металаломні Заводу калёсных цягачоў ці падобнай установы. У «камізэлькі» такіх не бяруць, бо лічацца нядобранадзейнымі нават паводле мерак «жукоў». Калі пакараны ў Горадзе-Героі падсядае на «каларадку», назад мы яго не прымаем. А трэцяя ступень пакарання — гэта выгнанне з Менску праз праспект Дзяржынскага. Асуджанага на БТРы вывозяць на кіламетр далей за чыгуначны мост у ваколіцах абласной ДАІ і ўсё — тэпай сам.
— Так небяспечна?
— Склізні, — пачаў тлумачыць Бузевіч, — у паўтара разу большыя памерам за БТР. Анархі распавядалі, як некалькі гадоў таму першы і пакуль апошні раз дабраліся да Медычнага інстытуту. Гэта кіламетраў шэсць, а мо і болей. Калі на вялікай хуткасці ўрэзацца ў склізня, то можна яго чпокнуць, але калёсы завязнуць. Калі наперадзе бачыш некалькіх, то лепш пакоцаць іх з кулямёта разрыўнымі кулямі. Хлопцы казалі, што ў такі спосаб таксама нармальна праехалі. Але перад імі, дні за два, адзін з БТРаў не вярнуўся. Калі ехалі назад, дзесьці перад вуліцай Уманскай тая машына, што ішла другой, ляснула ў кювет. Пакуль першыя заўважылі, пакуль развярнуліся, пакуль вярнуліся, бачаць — а ў лагчыне пад адхонам цэлы статак склізняў, асобінаў з дваццаць! І ўсе наваліліся на машыну.
Бузевіч даліў сабе ў каву з фляжкі і выпіў, не цокаючыся.
— Тэарэтычна хлапцоў можна было выратаваць. Выклікаць праз рацыю дапамогу, пасмажыць пачвараў агнямётам, закідаць гранатамі, выклікаць урэшце бульдозер, кран. Але хлопцы з перакуленага БТРа не закрылі аднаго люка. Проста шчылінку пакінулі. А мы то ўжо ведалі, што калі склізь трапляе на адкрытую паверхню цела, імгненна спыняецца кроў, цела робіцца жэлепадобнае, а далей склізняк неяк усмоктвае цела ў сябе, як бы далучае яго да сябе. Зрэшты, з нашага боку ў Даліне склізняў даўно ніхто не бываў. Перад тым кожная паездка здымалася на відэа. Нават былі зрабілі «сацыяльны ролік». Забойствы і так былі рэдкія, а цяпер зусім няма. Паказаць ролік?..
Дзікун адмовіўся. Расповед пра склізняў, вядома, быў моцны, але ўражанняў Дзікуна ад марскіх пачвараў не пераплюнуў.
— Антон, а што ёсць на паўночным усходзе Менску?
У гэты момант з-за сценкі пачуўся глыбокі жаночы голас:
— Яны прарвалі сцяну Купалу! Я толькі што адтуль! Што?.. Я САМА бачыла — фігура «чорнага» на некалькі крокаў выйшла са «святламузыкі»!
21
— Дык вось як ты вырас, Стась Рабянок... Як там Флорык, то бок, Альгердыч?.. Як Свецік? Каторы Уладзісвет. Паслядоўнікі яго канцэпцыі «мы — адзін народ!» тут добра псуюць усім нервы.
Бландзінка сталага веку з ачмурэлымі ад эмоцыяў вачыма барабаніла пальцамі па стале. Прытым фыркала, нібы цюлень, чым перабівала ўвесь каэфіцыент карыснага дзеяння сваёй пераканаўчай знешнасці.
— Антон, яны там ёсць — за Купалам.
Бузевіч моўчкі кіўнуў. У кабінет мэра Альжбеты Сандрыгайлы збіраліся службоўцы. У пагонах і без.
— Спадарства, перад вамі Станіслаў Рабянок. Ён бачун. Першы і найлепшы бачун, якога некаторыя з вас бачылі малым хлопчыкам, а некаторыя толькі чулі пра яго. У прынцыпе, мы чакалі кагосьці адтуль, але я не думала, што гэта будзе той самы бачун, якога празвалі Дзікуном. Надта цэннага кадра адпусцілі колішнія сябрукі-паплечнікі.
Спадарыня Альжбета хадзіла туды-сюды, паліла, кашляла, глядзела ў акно, за якім было бачна, як заканчваецца падрыхтоўка да свята аднаўлення інтэрнэту, піла каву і час ад часу адасоблена разглядала Дзікуна, нібы ён быў рэкламным плакатам у метро.
— Стварылі вы там у сябе ідэальнае грамадства? — нядобразычліва спыталася Альжбета. Не тое каб злосна, але нейтральнай інтанацыю назваць было цяжка. Альжбета затушыла недапалак, падпаліла новую цыгарэту і, не чакаючы адказу, працягнула: — А ў нас тут няма ідэалу.
Спадарыня мэр выпраменьвала мноства разнастайных небяспек. Якіх? Дакладна Дзікун сфармуляваць не мог, але адчуваў, што кабета яго баіцца. Што кабета яго ненавідзіць. Што кабета яго хацела б бачыць не тут. Альжбета распавяла сваім падначаленым кароткую гісторыю Дзікуна. А яшчэ Альжбета прызналася, што была супраць таго, каб Альгердыч з кумпаніяй звялі з сабою дзяцей-бачуноў, бо яны маглі добра паслужыць на карысць менскага грамадства. Альжбета падкрэсліла, што лічыць містыкай тое, што Дзікун аб'явіўся ў Менску акурат тады, калі ягоныя здольнасці так патрэбныя для падтрымання бяспекі.
Спецыяльна для Дзікуна спадарыня мэр зрабіла тлумачэнне: Купал узнік з ніадкуль дваццаць сем гадоў таму. Ён ахоплівае паўночна-ўсходні ўскраек Менску. Што за ім адбываецца, ніхто не ведае, бо Купал не прапускае за сваю абалонку нічога. І ўгледзець немагчыма, бо Купал запоўнены чымсьці, што менчукі клічуць «святламузыкай». Гэта непразрыстая субстанцыя, якая ўвесь час змяняе колер. І вось сёння салдат з памежнай варты ўбачыў, як з Купалу (у народзе казалі «кумпал») на паўсекунды высунуўся «чорны». Альжбета паехала на КПП каля Кінастудыі, каб паразмаўляць з салдатам, і сама ўбачыла паўтор — выхад «чорнага» з каляровай субстанцыі. І вось цяпер Дзікун дазнаўся, што ён мабілізаваны ў менскае войска і паступае ў распараджэнне найвышэйшага вайсковага кіраўніцтва. У выпадку дэзерцірства... «Адправіце мяне ў Даліну склізняў?» Альжбета сказала, што цэніць гумар і разумее, што здольнасці бачуна дапамогуць Дзікуну не стаць ахвярай склізняў.
— Таму мы цябе на ланцуг пасадзім, Стась. А ланцуг прыкуём да грузавіка, у якім будзем вазіць цябе вакол Купалу, а ты будзеш адсочваць перасоўванні «чорных»...
Пасяліце яго ў казарме ў былым дзіцячым садку нумар 143. На вуліцы Караля, — дадала спадарыня мэр. «Не таго Караля, а колішняга архітэктара, але гумар зачотны», — адзначыў сабе Дзікун.
Альжбета Сандрыгайла казала хутка, паглядаючы на гадзіннік. «Спяшацца сапраўды варта», — падумаў Дзікун і вырашыў не раскрываць прысутным, што ягоная чуйка бачуна з «чорнымі» не працуе.
— Задушліва, — гучна прамовіў Дзікун.
Антон Бузевіч адкрыў акно. «Раз, два, тры, раз, два, тры», — хтосьці спраўджваў мікрафон. Сцэна была ўсталяваная пад Святадухавай царквой, адноўленай у свой час як канцэртная зала, і глядзела проста на ратушу. «Раз, два, тры, раз, два, тры.»
— Спадарыня мэр, ваш выступ на адкрыцці — першы, праз дваццаць хвілінаў.
— Дзякуй, Антон. Увага! Ніхто не мусіць ведаць пра «чорных», нам не патрэбная паніка. Тым больш сёння свята.
— «Чорныя» звязаныя з Каралём. Толькі дабраўшыся да Караля, можна дазнацца, як ліквідаваць пагрозу «чорных». І заадно зразумець, хто гэта ці што гэта, — Дзікун казаў рашуча, але эмацыйна стрымана.
— Палкоўнік Вепрукевіч, — назваўся спадар у афіцэрскай уніформе. — Адкуль вы ведаеце, што для пазлу не стае Караля?
— Станіслаў шмат чаго мусіць ведаць з таго, чаго няма ў нас, — сувора прамовіла Альжбета. — Альгердыч знёс з сабою інфармацыю аб таемных вайсковых распрацоўках. Амаль усё, што здабыў Супраціў. А цяпер мы бачым, што «чорныя» неяк звязаныя з Купалам, а Купал — з Горадам-Героем не мяжуе. Значыць, «чорныя» туды прыходзяць гэтаксама, як і ў Менск, — самі па сабе. Таму час вам, спадары вайсковыя, браць пад пахі Дзікуна і везці да Купалу. Хай адпрацоўвае за Альгердыча і кумпанію.
Дзікун адказаў:
— Дзейнічаць трэба хутка. Я цяпер тут, у Менску, бо «чорныя» дабраліся да Добрага Месца, да выспы ў былым Гарадоцкім раёне, дзе цяпер жывуць людзі сямі майстроўняў. Жывуць у спадзеве вярнуцца ў Менск і разам будаваць новую цывілізацыю, калі пачне спадаць вада.
— «Мы адзін народ», — фыркнула спадарыня Альжбета, — так, начутая.
— Дабраліся ажно да Гарадоцкага раёну? — перапытаў палкоўнік Вепрукевіч.
— Так, мы не ведаем колькасці «чорных», на што яны здатныя і на каго працуюць. Кароль — крыніца важнай інфармацыі аб «чорных». У Горадзе-Героі ёсць падпольшчыкі, якія гатовыя дапамагчы. Ёсць я з маім дарам бачуна і вялікім шанцам абысці пасткі, якія сцерагуць падземны праход да ЦЭЦ-3. Усё, што трэба цяпер ад вас, — дапамагчы мне трапіць назад у Горад-Герой. Ці проста не замінаць мне.
Альжбета Сандрыгайла набрала поўныя грудзі і пачала:
— Нам. Патрэбна. Тут. У Менску. Сёння. Цяпер. Супрацьстаяць «чорным»! Гэта значыць, што цябе, Станіслаў, зараз возьмуць пад рукі.
«Яго нельга адпраўляць, ён не ведае таго свету, тых людзей», — згадалася рэпліка аднаго з ачольнікаў майстроўняў, таго, які быў супраць камандзіроўкі Дзікуна ў Менск. І гэта была праўда: Дзікун не мог прадказаць паводзінаў прысутных вялікіх начальнікаў. У майстроўнях усё будавалася на ўзаемным даверы і максімальнай адкрытасці інфармацыі сярод сваіх. Тут і цяпер Дзікун не счытваў прысутных людзей. Адчуваліся фонавыя небяспекі... Хоць, не... Ужо не!
Дзікун энергічна пачасаў абодва вокі. Ён ужо бачыў канкрэтную пагрозу. Праз хвіліну да яго скроні прыставяць дула пісталета. Можна выскачыць у акно. Другі паверх, зламаць нагу — лёгка. Трымайся за поручні... Не выйсце. Хоць... Арцём выйшаў з-за спіны генерала і прыставіў пісталет да галавы Дзікуна:
— Усім стаяць! Гэта закладнік!
22
— Пісталет не зараджаны, — шапнуў Арцём Дзікуну. — Маю ідэю, як цябе вызваліць. На твой палон мы з Альжбетай не дамаўляліся. Дарэчы, гэта яна арганізавала тваё выкраданне з аэрапорту «Менск-2» у дзяцінстве. Яна колішняя жонка Альгердыча і была побач у момант, калі ты біўся з пацуком. Альгердыч хацеў, каб ты паляцеў з бацькамі, а Альжбета скрала цябе. Тады ўжо Альгердыч паслаў яе куды далей і забраў цябе да сваёй майстроўні.
Апошнія фразы пачула ўся плошча. Хтосьці за пультам зрабіў максімальны гук марафона, які стаяў побач на сцэне.
— Давай, Дзікун, раскажы хто ты ёсць і чаму тут! — штучна пагрозліва запатрабаваў Арцём.
— Прыбяры пісталет, я раскажу без пры- мусу! — тэатральна, з выклікам, адказаў Дзікун.
Дзікун спачатку пункцірна апавёў сваю гісторыю: найперш пра бачуноў, і што такое майстроўні, якія ён, Дзікун, рэпрэзентуе ў Менску. Але галоўнай была тэма «чорных п'явак». Некаторыя менчукі бывалі са справамі ў Горадзе-Героі, таму пра існаванне адносна новага ўзброенага фармавання ведалі. Дзікуну важна было распавесці пра трагедыю, якая адбылася ў акваторыі Новай Зямлі. Пра тое, што не было зразумела, з якой пагрозай сутыкнуліся людзі. Што за сіла таілася ў «чорных». «І самае галоўнае — яны выходзяць з Купалу», — падсумаваў Дзікун.
Пры слове «Купал» шматтысячная публіка ўстрывожана выдыхнула. У гэты час паліцэйскі спецназ ужо сабраўся ў немалой колькасці побач з натоўпам і пачаў шыхтавацца. «Хутка будуць прарублівацца да нас», — прамармытаў Арцём і выгукнуў:
— Людзі! Мэр і ейныя памочнікі хочуць схаваць ад вас важную інфармацыю. Дапаможаце нам цяпер — дапаможаце сабе на самую блізкую будучыню! Тут недалёка, на Койданаўскай вуліцы, месціцца наша менская FM-станцыя. Давайце не дамо паліцыі нас захапіць, і хай наш госць раскажа ўсім, і Менску і Гораду-Герою, падрабязнасці таго, што ведае пра небяспеку!
Ці сама Альжбета даўмелася, ці хто з памочнікаў параіў, але паліцыя нікога не чапала, толькі ішла збоку вялікай гурбы ўзрушаных людзей. А пасля заблакавала ўсе хады-выхады вакол двухпавярховага дамка пасярод гістарычнага квартальчыку. У дамку і быў офіс радыё «Адзінкі», работнікі якога не хавалі шалёнай радасці ад эксклюзіву, які абрынуўся ім на галаву. Ды яшчэ ў той самы дзень, калі запускаліся канкурэнты з інтэрнэт-медыямі.
Што праўда, над галавой радыйнікаў ужо заселі снайперы, але бачна гэта было толькі некаторым мінакам на вуліцы. Койданаўская і ўнутраны дворык-патыё былі шчыльна забітыя людзьмі і не пакідалі шанцаў паліцыянтам для манеўру. А дахі — хадзі, як на праменадзе. Тым больш студыя радыё была абшытая гукаізаляцыйным матэрыялам — не пачуюць крокаў. У офісных памяшканнях радыё раўлі калонкі. А самыя моцныя дынамікі, што знайшліся на «Адзінцы», выставілі на вуліцу.
— Прывітанне, сябры, у студыі для вас працуе Жанна Гудбай, — вядоўца сваім глыбокім кантральта прамаўляла інтымнай інтанацыяй начных эфіраў, хоць за акном было крыху па апоўдні. — Пасля выпуску навінаў і кароткай рэкламы мы пазнаёмімся з гасцямі нашага ток-шоу «Прыехалі»...
Відаць, у навушнікі Жанны моцна пікнулі і штосьці сказалі, бо з аблічча вядоўкі знікла ўсмешка жанчыны-вампа, а вочы рэзка вылезлі наперад.
— Увага! У студыі радыё «Адзінка» — госць з далёкіх усходніх выспаў Станіслаў Дзікун... — пік у навушнікі, — Станіслаў Рабянок, вядомы як Дзікун, які мае важнае паведамленне для жыхароў Менску і сумежных тэрыторыяў. Вам слова, спадар Дзікун.
— Вітаю. Ва ўсіх вас, ва ўсіх нас застаецца няшмат часу, магчыма, часу ўжо няма. Вядомыя многім менчукам з паездак у Горад-Герой «чорныя», яны не проста новае ваенізаванае фармаванне. Насамрэч дакладна невядома, ці гэта людзі наагул, ніхто не бачыў, што ў іх пад касцюмамі.
Дзікун каротка паўтарыў гісторыю пра «чорных» і рыбакоў Новай Зямлі. Таксама сцісла, але з выразнымі дэталямі, апісаў масавы расстрэл гледачоў на стадыёне «Трактар».
— Самае галоўнае, што «чорных» бачылі сёння самай раніцай у Менску.
— ...Хо-хо, ну іх бы нашы памежнікі адразу супакоілі, — Жанна Гудбай выразна паглядзела на капітанскія пагоны Арцёма.
— Іх бачылі з боку Купалу.
— Ой...
У навушнікі Жанны Гудбай зноў пікнулі і штосьці сказалі.
— Дзікун, падчас свайго выступу на плошчы Свабоды каля Ратушы вы распавядалі пра сістэму дэмакратыі ў вас на Новай Зямлі. Пра нейкія майстроўні, якія робяць немагчымай узурпацыю ўлады.
— У нас чалавек не атрымлівае грамадзянства аўтаматычна, зрэшты, як і паўсюль. Але адрозненне сістэмы Новай Зямлі ў тым, што грамадзянства калі даецца, то не адразу з правамі і абавязкамі ў межах усёй дзяржавы, а толькі адной супольнасці, якую мы клічам майстроўняй. Дый дзяржавы як такой няма, ёсць канфедэрацыя майстроўняў. Яны аб'яднаныя адзіным кіраўніцтвам. У майстроўнях абіраюць сваіх ачольнікаў, а тыя ўжо галоўнага каардынатара майстроўняў — Вялікага Ачольніка. Такім чынам папулізм адразу адмятаецца, а магчымасць узурпацыі ўлады адной групоўкай зводзіцца да нуля, бо людзі ўнутры сваіх суполках праходзяць пільны палітычны адбор. Нейронныя сувязі грамадства робяцца вельмі складанымі.
— А як можна стаць сябрам... Ці як правільна сказаць?.. Удзельнікам майстроўні?
— Для нас важныя этычныя крытэры, якіх трымаецца кандыдат ва ўдзельнікі нашай супольнасці. Таксама яго мінулае. Большасць майстроўняў сфармавалася тут, у Менску, яшчэ да Вялікага Выбуху. У тыя часы было досыць проста з праверкай інфармацыі. А цяпер, калі да нас грукаюцца прышлыя на Новую Зямлю людзі, мы даем ім шанец выявіць сябе. Пасля чалавек здае свайго кшталту экзамен перад майстроўняй. Толькі ў звычайных экзаменах ёсць білеты, якія ты мусіш вывучыць, а тут супольнасць робіць «білеты» згодна ўласных правілаў, пра якія кандыдат не ведае.
— А што за правілы?
— Калі агулам, то чалавек адказвае на пытанне свайго матыву: чаму грукаецца да нас — менавіта ў нашу майстроўню? Як ён уяўляе сваё жыццё сярод нас? Якія мае планы, надзеі, як бачыць перспектывы сябе ў майстроўні? Яго слухаюць, абмяркоўваюць, спрачаюцца, выстаўляюць аргументы «за» і «супраць». Пасля адбываецца галасаванне. «За» лічыцца дзевяноста працэнтаў. Калі не прымаюць, чалавек жыве далей, як жыў, толькі без права голасу.
— То бок, вы не гатовыя прыняць да сябе ў канфедэрацыю майстроўняў бежанцаў адразу пачкамі? У нас у Менску гэтая тэма — прадмет вялікай палітычнай дыскусіі.
— У грамаду — гатовыя, даваць права голасу — не. За амаль трыццаць гадоў выбудавалася досыць гарманічная структура грамадства. У нас людзі розных рэлігійных канфесіяў. Розных палітычных поглядаў у мінулым. Бо цяпер палітычныя погляды не маюць практычнага сэнсу: майстроўні як соты. Мы жывем на выспах пасярод агрэсіўнага асяроддзя, мы мусім дамаўляцца між сабою, нягледзячы на рознасць палітычных уяўленняў. І ў нас атрымліваецца пакуль выпрацоўваць з мноства розных уводных супольнае бачанне будучыні. Бачанне жыцця, калі сыдзе вада і, як усе мы спадзяемся, чалавецтва пачне аднаўляцца колькасна. І хацелася б, каб якасна. І мы не гатовыя ставіць пад удар гармонію, пабудаваную на тым, што вельмі розныя людзі пагадзіліся прыняць пэўныя нормы ўзаемадачынення.
Арцём знакам паказаў, што хоча далучыцца да размовы.
— Таксама госць нашага экстраннага эфіру.
— Проста Арцём.
— Я бачу на Арцёме форму памежнай паліцыі!
— Зараз важна, каб людзі ў форме, якія мяне чуюць, а нас чуюць таксама людзі ў форме ў Горадзе-Героі, каб усе разам зразумелі, што палітычныя рознагалоссі, у тым ліку на тэму адзін народ мы ці не адзін, каб гэтыя спрэчкі рэзка сціхлі. Зразумейце пра «чорных» простую рэч: мы маем справу з сілай, якую немагчыма прагназаваць. Сілай, якая нікому не падпарадкоўваецца. Чуеце, «жукі»? Гэта не наёмнікі з выспаў, як вы там думаеце!..
Жанне Гудбай пікнулі ў навушнікі.
— Дзякуй, Арцём. Тэма адносінаў з Горадам-Героем у Менску актыўна асвятляецца, а хацелася б пачуць ад нашага, не пабаюся гэтага слова, экзатычнага госця штосьці пра Менск, як бы погляд збоку. Спадар Дзікун, вам слова.
— Я заўважыў, што ў Менску нашмат больш людзей сталага веку, чым у Горадзе-Героі. Магчыма, не ўсе ведаюць, але калі не ўжываць «каларадкі», а проста трымаць яе пры сабе, яна пазітыўна ўплывае на здароўе і працягласць жыцця чалавека.
Жана Гудбай ледзь не звалілася з дыджэйскага крэсла. Прычым нельга было зразумець, якая эмоцыя апанавала вядоўкай, бо Жанна прыкрыла твар рукамі.
— А я вам скажу, — далучыўся Арцём, — што многія ў Менску ведаюць асаблівасці такога рэчыва, як «каларадка», якое ў нас тут выдаецца выключна за наркотык. А вось спадарыня Альжбета Сандрыгайла дае многім сваім прыяцелям доступ да «каларадкі», а тыя, у сваю чаргу, размяркоўваюць мяшэчкі з бульбінамі сярод, так бы мовіць, эліты электарату, — наўзамен за падтрымку і агітацыю галасаваць за спадарыню мэра. Таму ейная партыя сядзіць на пасадзе больш за чвэрць стагоддзя, мяняючы імёны мэраў, але не сутнасць сваёй палітыкі. Таму за «каларадку» караюць як бы за наркотыкі высылкай у Даліну склізняў. Таму ім патрэбная ізаляцыя нашых братоў і сясцёр па той бок мяжы, хоць мы і адзін народ!..
І вось тут пачаўся штурм спецназу.
Праўда, у студыі гэтага не чулі. У студыі быў свой варушняк. Раптам ссунуўся кавалак падлогі. З дзіркі памахаў рукой норны чалавек Алесь Першазвон. Жана Гудбай на падлогу не глядзела, адключыла мікрафоны гасцей, сказала «хвіліначку і працягнем» і зачытала абвестку: «У бар «Айцы-Заснавальнікі» патрэбнае таксі на імя «проста Карлавіч!» Паўтараю, бар «Айцы». Пакуль Жана Гудбай чытала-паўтарала, кумпанія ўжо нырцанула ў адзін з падземных хадоў Верхняга Гораду.
— Паспеем у «Чабурэчку» па Карлавіча? — сказаў Арцём.
— Можа, куды далей ад менскай паліцыі? — здзівіўся Алесь.
— Не, трэба ў «Чабурэчку», якая цяпер завецца «Айцы-Заснавальнікі».
— Паспеем. Таксі для Карлавіча яшчэ доўга не будзе. Менск перакрыты, я выбіраўся на паверхню, бачыў.
— Ты ўсё са сваймі коміксамі ў Менск наведваешся?
— Ага.
— Прабілі новы падземны ход? — удакладніў Дзікун, але замест адказу атрымаў толькі «пффф...», маўляў, ясна — так.
«І вось што цікава, — падумаў Дзікун, узгадваючы крата-мутанта ў метро ды іншыя небяспекі ў Горадзе-Героі, — за ўвесь час у Менску усяго раз зачасаліся вочы. Як бы вакол поўна зброі, нерваў, супрацьстаяння, таямніц, а сігналаў пра небяспеку амаль няма».
У «Чабурэчку» забіраліся праз кухню.
— Здароў, Алесік, ты сёння з сябрамі? Бярыце во анучкі, пачысціцеся.
— Прывет, Юля, многа народу сёння?
— Мала, усе ў цэнтры, на свяце інтэрнэту. Адзін Карлавіч з раніцы засеў. Цяпер во таксі заказаў, а яно ўсё не едзе. А дзе там, усе людзі вакол плошчы Свабоды, відаць. А, ты ж не чуў? Мэрцы нашай прад'явілі падман выбарнікаў, штосьці з «каларадкай», цяпер каля Ратушы такое творыцца!
— Алесь, мы пасля на тэрыторыю анархаў рушым, ты з намі? — спытаў Арцём.
— Не, не, не!
— Чаму? Бо яны супраць дзяржавы? Яны ж, як і вы, «за народ», — здзівіўся Дзікун.
— Не, не, не! Яны за народ, дзе ёсць гамасекі, дзе легалізаваныя прастытуцыя і марыхуана. Не, не, не! Вы, давайце, ужо без мяне. Мы нават хадоў не ведаем пад іх тэрыторыяй. — Алесь Першазвон раздражнёна махнуў рукой і шмыгануў назад у скляпенне пад кухняй.
— На «каларадцы» сядзяць, — пракаментаваў Арцём.
— Усе падземныя?! — не паверыў Дзікун.
— Усе. Ёсць нават версія, што Міністэрства абароны яшчэ да Выбуху на іх суполцы выпрабоўвала чацвертую ступень «каларадкі». Хоць гэта хутчэй проста байка. Хадзем у залу.
Партрэты мужчынаў, апранутых па модзе пачатку ХХ ст., з дакорам глядзелі на адзінага наведніка кавярні. Прынамсі, здавалася, што айцы — заснавальнікі БНР не адабраюць Артура Карлавіча, які гэтым святочным днём з дапамогай чаркі абраў шлях хуткага выключэння сябе з агульнаграмадскіх працэсаў. Вусы Карлавіча тапырыліся, аправа была пагнутая, вочы глядзелі перад сабой задуменна. А тут раптам бах — перад носам прызямліліся два мужыкі, адзін з якіх у форме вайсковай паліцыі.
— Арцём? Дарагі, не магу паверыць, я думаў, тут мала каго са знаёмых сустрэну.
Карлавіч выдаў эмоцыю здзіўлення, не большую як для тыдня расстання. Хоць з радараў знаёмых былы спецыяльны карэспандэнт агенцтва «Баец» знік акурат перад Вялікім Выбухам — больш за трыццаць гадоў таму.
— Гэта яшчэ што, Артур Карлавіч, знаёмцеся з маім прыяцелем Стасем — гадаванцам Фларыяна Корда.
— Фларыяна?! А-я-яй, — не было зразумела: ці суразмоўца Дзікуна іранізуе, ці ён сапраўды злёгку шакаваны.
У Дзікуна пачалі часацца вочы. Пагроза паэкуль была далёкая, але яна насоўвалася.
— Стась, Станіслаў... А як вас па бацюшку?
— У нас гэтая форма не ўжываецца.
— А, ну так, ну так, Фларыян казаў мне. Цэлую лекцыю прачытаў пра шкодны ўсходні ўплыў на культуру зваротаў. А я вось прызвычаіўся па бацюшку.
Карлавіч ажно ўзмакрэў, так хваляваўся.
— Рады вас бачыць, Станіслаў, — Карлавіч пацягнуў руку для вітання. Толькі не для поціску, а для таго, каб ляснуць далонню аб далонь. Дзікун адказаў на вітанне.
Артур Карлавіч заплакаў. Дакладней, усплакнуў. Зусім трошачкі. Намацаў побач з сабой на лаве кепку, выцер слёзы, усхліпнуў, усміхнуўся:
— Дык вось дзе ты быў, залаты ключык!
23
— Трэба ісці, — Дзікун ускочыў, — зараз жа!
Арцём пакінуў на століку некалькі менскіх баксаў, падхапіў пад руку Карлавіча, і ўсе ўтрох энергічна пасунуліся да выхаду. КПП між Менскам і зонай, кантраляванай анархамі, быў літаральна за хвіліну хады ад «Чабурэчкі» — побач з гатэлем «Менск». Далей была плошча Незалежнасці, а за ёю недалёка — вакзал. Сэнс КПП быў толькі ў тым, каб менскія, вяртаючыся дамоў з клубаў «Сталіцы», не праносілі марыхуаны, якая ў Менску была толькі часткова дазволеная і прадавалася ў аптэках маленькімі дозамі. На тэрыторыі Канфедэрацыі анархістаў быў поўны легалайз.
Перад КПП Арцём надзеў свой шалом, прыкрыў палову твару забралам, кінуў калегам з памежнай паліцыі фразу «гэтыя са мной!» — і вось яна, тэрыторыя, недасяжная менскім уладам. У гэты момант завылі сірэны, а з рацыі ў памежнікаў закрычаў загад пра неабходнасць перакрыць усе выхады з Менску ў звязку з ваенным становішчам. «Уффф, паспелі!» — «трэцяе вока» бачуна магло быць задаволенае.
Да тройкі падышла пара ўзброеных аднымі мачэтэ хлопцаў.
— Прывітос, куды рушым, якую зброю маем, чаму ў форме?
— Афіцыйна, да Камандантэ, вось пісталет, вось абоймы.
— А, Арцём, здароў. А што там у вас за шум-крык у Менску?
— Неўзабаве дазнаецеся.
— Што гэта яны на мяжы так лёгка ўзброеныя? — здзівіўся Дзікун, калі патрульныя анархі крыху адышлі.
— Бачыш шматпавярховік? Гэта Пед, — патлумачыў Арцём. — Былы Педагагічны інстытут. Там наверсе — снайперы.
Праз пару дзясяткаў метраў Карлавіч перапрасіў і прысеў на лаву. Спінай да Чырвонага касцёлу, а тварам да былога Менгарвыканкаму. Пад плошчай была «Сталіца» — тры ўзроўні забаўляльных клубаў. А ў былым Менгарвыканкаме зрабілі інтэрнат для прастытутак, якія працавалі тут побач, пад зямлёй. Над уваходам у Менгарвыканкам вісеў банер «Бясплатны прыём», але насамрэч гэта была рэкламная замануха рэстарану, які мясціўся на першым паверсе і працаваў круглыя суткі.
— А-я-яй, — пахістаў галавой Карлавіч, гледзячы на касцёл, — тут храм, а тут сама побач распуста.
— Прынялі амстэрдамскі прынцып.
— ?
— Ведаеце, як у Амстэрдаме ў Сярэднявеччы ўтварыўся квартал чырвоных ліхтароў? Святары касцёлу, які і дагэтуль стаіць там, недалёка ад порту, гэтыя святары зразумелі, што прастытуцыя не знікне — колькі ні прапагандуй здаровы лад духоўнага жыцця. Таму вырашылі сабраць усіх прастытутак вакол сябе, каб дапамагаць ім і духоўна і медычна.
— Вось малайцы якія, — няўпэўнена адказаў Карлавіч і ўзняўся, каб працягнуць шлях. — Дык тут кіруюць сапраўдныя анархісты?
— Ну як сапраўдныя — розныя.
— А куды ўсе дзеліся? — спытаўся Карлавіч, паказаўшы на Дом Ураду.
— А як Вада пайшла, то хто куды, мы адрасы не пыталіся. У Менску і ваколіцах засталіся альбо тыя, у каго не было грошай уцякаць, альбо тыя, хто нікуды і не збіраўся.
— Хачу ў «Сняжынку», там я правёў найлепшыя часы жыцця, калі не лічыць «Бутэрброднага-Плюс-М», — раптам заныў Карлавіч. — Застаўся міні-бар «Сняжынка» побач з вакзалам?
— Там даўно вегарня. Веганская ежа.
Карлавіч цяжка ўздыхнуў.
— Пане Артуру, што за «залаты ключык», пра які вы ўзгадалі? — спытаўся Дзікун.
— Спачатку прыйдзем на месца, у штаб анархістаў, усё раскажу.
Як анархісты ўяўляюць сабе ўладкаванне грамадства, Дзікун ведаў. Галоўная ідэя — замест інстытуту дзяржавы мусіць існаваць самаарганізацыя людзей у выглядзе незалежных адна ад адной суполак, якія мусяць утвараць свайго кшталту канфедэрацыі. Гэты пункт ідэалогіі анархізму вельмі дзівіў Дзікуна тым, што быў падобны да ідэі майстроўняў, якія былі незалежнымі адна ад адной і ўтваралі канфедэрацыю.
На прывакзальнай плошчы між дамоў-вежаў, аднаго з сімвалаў Менску, быў яшчэ адзін КПП. На гэты раз сур'ёзны, з аўтаматчыкамі і БТРам. Арцём казырнуў, зноў сказаў пра Камандантэ, аддаў пісталет. Усіх трох візіцёраў абшукалі і суправадзілі ў будынак Цэнтральнага чыгуначнага вакзалу. Да былой сталоўкі «ХХ век» на другім узроўні. Бліжэй да вокнаў на крэсле за пластыкавым столікам сядзеў мужык, які трымаў у руках коміксы «Альгердава дзіда». Вокладка прыкрывала твар.
— Сюрпрайз! — сказаў мужык, адкладаючы сшытак.
Гэта быў Мао.
Карлавіча пасадзілі па цэнтры і расселіся паўколам. Да прысутных далучылася кабета, якая сваёй яркай адзежай кантраставала з камуфляжнымі тонамі, што панавалі на вакзале.
Карлавіч расказаў пра тое, што атрымаў у свае рукі чароўную бульбіну, пасля выпадкова на працы дазнаўся, што дзіўная знаходка ёсць у сакрэтнай распрацоўцы вайсковых бульбаводаў, і ўцёк, бо хацеў вечнага здароўя, але не ў засценках спецслужбаў.
— Мы з Пацярпелай параіліся...
— З кім?
— З жонкай маёй. Я яе Пацярпелай клічу. Са мной жыць — тая яшчэ прыгода. Параіліся і ціхенька з'ехалі ў Налібацкую пушчу, хутар там купілі, я нешматлікім суседзям пісьменнікам назваўся. У прынцыпе, гэта амаль праўда, я ж зрабіў калісьці кніжку аб тым, як правільна склейваць мадэлі караблёў... А жонка — прафесійная пчалярка. Так і жылі трыццаць гадоў. Цяпер вось вярнуліся. А ўсё праз маю неахайнасць. Адпрацаваную брагу кінуў побач з апаратам. Думаў, заўтра прыбяру. А кабаны спачатку брагу пажэрлі, напіліся і заадно дзялку з маёй дзіва-бульбай зжэрлі ўсю дашчэнту. Іх на брагу шмаааат прыйшло. Вытапталі зямлі як футбольны стадыён. Э... Школьны футбольны стадыён...чык.
Карлавіч у Налібацкай пушчы для прыкрыцця гнаў самагон — каб ніхто не здагадаўся, для чаго ён так часта ў лес гойсае. «Ну не пры хаце ж тую залатую бульбу вырошчваць? А раптам бы контрвыведка мяне знайшла?»
Арцём:
— А навошта вам была патрэбная дзялка ажно са школьны стадыёнчык? Вы што — спажывалі тую бульбу?
— Троху.
— Троху — гэта як? Варылі-смажылі ці ціснулі гарэлку, як кажуць у тых краях аб працэсе выганкі самагону?
— Што вы — ціснулі! Мяне б там уся Пушча засмяяла, уключна з кабанамі. Там прынята толькі з жыта, ну, яшчэ пшанічная робіцца. Усё астатняе лічыцца ці ерассю, ці ашуканствам.
— Значыць, чароўную бульбачку вы толькі варылі і пяклі. — Задаволена канстатаваў Арцём, абарочваюся да прысутных з выразам твару, маўляў, не ўсё так кепска. — Тады зразумела, як так бадзёра вы пражылі трыццаць гадоў у замкнёнай лесам прасторы і не паехалі глуздамі.
Карлавіч папрасіў Дзікуна прадэманстраваць прысутным тату. Гэта была выява далоні на далоні.
— Гэтае тату, сябры мае, — дакладны скан далоні Ціцюкіна, які зрабіла Зуля, пакуль той спаў. Гэта ключ да таемнай лабараторыі ў інстытуце бульбаводства. Такая самая далонь ёсць і ў Фларыяна Альгердавіча, так, Станіслаў?
— Так. Ён у дзяцінстве казаў, што гэта, каб нашы поціскі між сабой былі больш моцнымі, — сказаў Дзікун.
— Дык а што тут з гэтай дзіўнай бульбай атрымалася? Я праз радыё чуў пра нейкую «каларадку». Я хоць дапамог тады Альгердычу сваёй інфармацыяй? Ён трапіў у лабараторыю?
— Артур Карлавіч, — узяў слова Мао, ён жа Камандантэ. — Апроч нашага госця з Новай Зямлі астатнія тут прысутныя звязаныя братэрствам Супраціву. А значыць, мы ведаем не толькі Альгердыча, але і Зулю, а ад іх — пра вас. А таму, шаноўны Артур Карлавіч, давайце вы не будзеце прыкідацца чалавекам не пры справах, які толькі дзесьці штосьці калісьці чуў. Вернемся да сутнасці нашай размовы — да «каларадкі», пра якую вы пачулі яшчэ тады, трыццаць гадоў таму, а не цяпер праз радыё. Часу ў нас мала. Мне даклалі, што «чорныя» канцэнтруюцца на самай мяжы Менску. Нам трэба адшукаць лабараторыю і трапіць у яе, бо мы спадзяемся знайсці там абсалютную зброю, якая дапаможа супрацьстаяць «чорным». Вы ўсё дакладна зразумелі, што я сказаў?
Мао дастаў з кабуры на поясе пісталет Макарава і паклаў на стол.
Карлавіч загаварыў вельмі шпарка. Алкаголь, выпіты ў «Айцах-Заснавальніках», ад эмацыйнага ўзрушэння выпарваўся ўсё хутчэй, рытм гаворкі рабіўся ўсё больш выразным.
— Я меў доступ шмат да якіх архіваў. Там паўсюль у сістэмах былі паролі ад нуля да дзевяці альбо дата Дня абаронцы айчыны. Я падумаў, што не маю права адзін валодаць інфармацыяй пра бульбу. Сыду, знікну ў Пушчы... А Фларыян Альгердавіч мне падаўся вельмі прыстойным чалавекам. Я нават не ведаў тады пра Супраціў. Калі я распавёў Фларыяну пра сваю камандзіроўку на Альманы і наступную знаходку інфармацыі пра лабараторыю, Фларыян Альгердавіч наўзамен прыадкрыў мне інфармацыю пра Супраціў. Думаю, ён хацеў далучыць мяне да актыўнай дзейнасці, не ведаў, што я ўжо валізкі сабраў на хутар. Мы абодва рызыкавалі, калі раскрываліся адзін аднаму. Вайсковыя біяхімікі, далучаныя да таямніцы чароўнай бульбы, знайшлі, што «калараднае рэчыва» ёсць у кожным гатунку бульбы, але ў малых колькасцях. Рэчыва дзейнічае, але слаба. Народы поўначы Еўропы з канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя пачалі актыўна ўжываць бульбу, і ў выніку самі ведаеце: былыя драпежнікі-вікінгі сталіся траваеднымі, а народы на кантыненце палюбілі дэспатаў і тыранаў. Гэта мая аўтарская інтэрпрэтацыя... Дык вось, Ціцюкін і Кароль з дапамогай навукоўцаў знайшлі спосаб актывізаваць працэс выдзялення рэчыва, якое цяпер клічуць «каларадкай»... А хто ведае пра лёс тых навукоўцаў?.. Дык вы кажаце, што Ціцюкін даўно знік? А Зуля — у палоне Караля? — зрабіў круглыя вочы Карлавіч.
— Артур Карлавіч, вы так сябе паводзіце, нібыта да вашага хутару радыё «Адзінка» не дабівае. Ахоп перадатчыка — большы за сто кіламетраў у радыусе, усю Налібацкую пушчу накрывае. А яшчэ ёсць асобны канал на сярэдніх хвалях, які дублюе інфармацыйныя выпускі «Адзінкі», а замест музыкі круціць аўдыякнігі і радыёпастаноўкі. Акурат у разліку на тое, што Менск пачуюць тыя, хто дзесьці заграз у аддаленых мясцовасцях. Дык у навінах і пашыраных інфармацыйных перадачах жыццё Караля згадваецца перыядычна. Бо радыё транслюе і з разлікам на той бок, на Горад-Герой. І пра фаварытку Караля Сузану Шубзду «Адзінка» паведамляла не аднойчы. Артур Карлавіч, мы ў курсе, што вы ведаеце болей, чым пакуль кажаце. Прашу вас зразумець, што цягам бліжэйшай паловы гадзіны мы тут, проста ў гэтай зале, мусім прыняць важнае палітычнае рашэнне. Пра «чорных» вы чулі праз радыё ў «Айцах-Заснавальніках». Мы, анархісты, можам чакаць, пакуль «чорныя» прыйдуць да нас. Мы можам выканаць інтэрнацыянальны абавязак і пайсці на перадавую ў Менск. Мы можам самастойна зрабіць палітычны крок і, напрыклад, напасці на «чорных» у Горадзе-Героі. З нашага боку гэта будзе выглядаць як акт агрэсіі. Але калі «чорныя» — адзіны арганізм, а мы ў гэтым не сумняемся, значыць, Горад-Герой не мае на іх уплыву. Значыць, гэта будзе не агрэсія, а дапамога і адначасова прэвентыўны ўдар для абароны. Але для таго, каб прыняць максімальна правільнае рашэнне, нам патрэбна больш інфармацыі, у тым ліку ад вас, Артур Карлавіч. Такім чынам: ці вы ведаеце штосьці пра абсалютную зброю?
— Нічога.
Выглядала, што ніхто нічога не ведаў пра абсалютную зброю, апроч таго, што Зуля калісьці знайшла гэтую назву ў адным з файлаў Ціцюкіна.
— Як варыянт, «абсалютная зброя» можа быць іншасказам. Магчыма, гэта і ёсць тая самая «каларадка», — прапанаваў версію Карлавіч.
— Але «каларадка» дзейнічае павольна, зброя мусіць быць хуткай і канкрэтнай. Нават калі яна прызначаная для масавага знішчэння, — парыраваў Дзікун.
— «Чорныя» як зброя?
— Вельмі падобна.
— Я не ўпэўнены, ці гэта важна. Мне падалося, у лабараторыі было штосьці кшталту пульта, — сказаў Карлавіч.
— Звычайная рэч, здаецца. У свой час са смартфона можна было зрабіць пульт для чаго заўгодна, хоць для крышкі ўнітаза, — Мао быў скептычны.
— Мяне здзівіла... Я запомніў... — працягнуў Карлавіч. — Мяне здзівіў выгляд пульта. Ён быў вельмі прымітыўны на фоне астатняй прысутнай тэхнікі. Такі... Як «бабульчын мабільнік». Штосьці на віду, чым вельмі рэдка карыстаюцца.
— Хм, няўжо не было спакусы націснуць і спраўдзіць, што за пульт? — спытаў Мао.
— Была. Націснулі. На маленькім акенцы высвеціла патрабаванне паролю.
— Артур Карлавіч, чаму вы раней не сказалі, што былі ў лабараторыі?
— Трывога... Кароль уладарыць у Горадзе-Героі. Ціцюкін першыя гады пасля Вялікай Вады быў заўважны побач з Каралём. Пасля Ціцюкін знік. У іх камандзе, абазнанай ва ўсіх дэталях справы з лабараторыяй, быў яшчэ трэці чалавек. І хутчэй за ўсё ён быў не з сістэмы Міністэрства абароны, інакш пра яго дазнаўся б калі не я, то Зуля. Яны для нейкай спецыфічнай задачы, не падуладнай іх кампетэнцыям, даверыліся трэцяй асобе. І калі гэты чалавек застаўся ў Менску... У сэнсе, альбо ў Менску, альбо ў Горадзе-Героі, і дазнаецца, што я шмат ведаю, я магу аднойчы не дайсці дадому. Але раз «чорныя» ўжо на парозе і гатовыя наступаць...
Мао рэзка ўзняўся і сышоў. А яркая кабета назвалася:
— Кацярына. Віця мне пра вас крыху распавёў.
— Віця?
— А-ха-ха, не магу прызвычаіцца да мянушак! Камандантэ, альбо інакш Мао.
— Дык вы... — Дзікун асекся. Што сказаць? Што нейкі Альгердыч калісьці распавёў пра псіхатэрапеўтку Кацярыну, якая прафінансавала першы атрад падполля? Адкрытая гэта інфармацыя ці не? Ды «чорныя» вось-вось уварвуцца, нашто гістарычныя згадкі.
— Што я? — усміхнулася Кацярына. — Не, я не з тутэйшай супольнасці. Я жыву на плошчы Незалежнасці, у доміку пачатку ХХ стагоддзя. Бачылі побач з касцёлам? Колішні даходным дом. Вось там і жыву, у мяне акурат побач пад зямлёй бізнес — у «Сталіцы». Не, мы не тое каб пара-пара, часам ходзім у госці адзін да аднаго.
Усе чакалі, калі вернецца Мао, каб пачаць дзейнічаць. А Кацярына, нібы нічога надзвычайнага не адбывалася, распавяла, што займаецца цяпер інвестыцыйным праектам, які мог бы дазволіць Канфедэрацыі анархістаў стаць энергетычна незалежнай ад Менску. «Са смецця можна здабываць газ. Дзякуй пакаленням, якія навалілі тэрыкон смецця пад пасёлкам Навінкі. Патэнцыял па газе — ацяпленне дваццаці пяці тысяч сямей цягам дзесяці гадоў. А ў нас тут сямей тысячы тры, не болей, вось і лічыце. Плюс вядзем перамовы з Горадам-Героем наконт распрацоўкі гары смецця за Трасцянцом. Праўда, яны ўсё трасуцца над сваймі «прыроднымі багаццямі» і выгандлёўваюць сабе пяцьдзясят працэнтаў выніковага прадукту. Але яшчэ паглядзім, хто ўмовы будзе дыктаваць».
Кацярына выказала спадзяванне, што Горад-Герой адкрыецца і як рынак працоўнай сілы, і як рынак збыту, і як пастаўнік сыравіны для газу — без мытных збораў.
— Праўда, Віця спрачаецца са мной, кажа, што калі скінуць прыгнёт Караля, народ Горада-Героя мусіць самавызначыцца. Маўляў, анархісты дапамогуць ім з гарызантальнай арганізацыяй грамадства, а таму нам — капіталістам — будзе цяжка, як ён кажа, за тры капейкі выкупляць рэсурсы. Паглядзім.
24
Нарэшце вярнуўся Мао. Разам з двума хлопцамі і дзяўчынай. Назваў паплечнікаў: Маўлюк, Нядзельнік і Яя. Праз хвіліну зайшлі яшчэ чалавек дзесяць узброеных людзей. Мао ўжо не губляў часу на знаёмства.
— Мы ўсе параіліся, — паказаў на новапрыбылых, — і прынялі рашэнне.
Мао разгарнуў на стале мапу. Павярнуўся, паказаў на Маўлюка, Нядзельніка і Яю:
— На ўсялякі — вось вам падмацаванне: усе разам вы ідзяце ў лабараторыю ў Бульбаінстытуце. Да старога Чэрвеньскага рынку вас падвязуць на дрызіне. Абыдзеце рынак па вуліцы Аранжарэйнай. Пяройдзеце Чэрвеньскі тракт тут. А вось тут ужо і недабудаваны паркінг стаіць акурат побач з інстытутам. Ці адразу праз галоўны ўваход зойдзеце, Карлавіч?
— Праз галоўны не ведаю як. Праз паркінг ведаю.
— Добра, уваходзіце праз паркінг, вось вам рацыя, Дзікун, трымай. Ты наперадзе пойдзеш як бачун. За табой — Карлавіч як адзіны, хто ведае шлях, Карлавіча ахоўвае Арцём, мае людзі прыкрываюць вам хвост. Як толькі вы вяртаецеся з добрымі навінамі, пачынаецца аперацыя. Бронецягнікі абстрэльваюць Серабранку і Чыжоўскую затоку. А-ку-рат-нень-ка абстрэльваюць, каб нікога і нічога не зачапіць. Прыцягваем увагу праціўніка. Адначасова дыверсійную групу закідаем на вяртушцы максімальна блізка да ЦЭЦ-3. Так, у нас ёсць верталёт... Маленькі, прагулачны, для турыстаў, але верталёт. На два пасажырскія месцы. Значыць, у групе будзем я і Дзікун. Важна! Калі раптам «чорныя» актывізуюцца, а вы ўсё яшчэ будзеце пад зямлёй, аперацыя пачынаецца аўтаматычна.
Усе кіўнулі галовамі.
— Яшчэ раз. У лабараторыі ёсць пульт, які, напэўна, можа нам дапамагчы, але мы не ведаем, як дакладна. Магчыма, у лабараторыі ёсць інфармацыя аб абсалютнай зброі, але мы не ведаем, якая канкрэтна. Там ёсць штосьці, звязанае з «каларадкай», але ці спатрэбіцца нам гэтая інфармацыя сёння? Не факт. Тым не менш, мы рызыкнем, бо спадзяемся на падказкі з лабараторыі. Артур Карлавіч ведае падземныя хады, а Дзікун мае ключ ад дзвярэй. Мы страхуем і трымаем верталёт напагатове. Спадзяемся, што ён спатрэбіцца раней, чым «чорныя» пойдуць у атаку. Усім поспехаў, йолы, блін, колы!
***
— Лявей страляй!
Удзельнікі экспедыцыі ў лабараторыю ўжо сёмую хвіліну вялі бой. Хтосьці залёг за мяхамі з цэментам, хтосьці схаваўся за калонамі скляпення пад недабудаваным паркінгам. Панавала цемра. Працэнтаў на дзевяноста пяць. Святло дзе-нідзе прабівалася праз шчыліны ў недаробленай столі.
— Дзікун, вядзі ў атаку! — крыкнуў Арцём.
Дзікун зрабіў выгляд, што праз грукатанне стрэлаў не пачуў. Арцём адразу павёў каманду ў наступ, ці запальваецца дзе святло — нават не шукаў. Відавочна верыў у здольнасці бачуна. Дзікун нікому не сказаў, што адзіныя, ці адзінае, чаго ён не бачыць, — гэта «чорныя». Усё, чым можна было цяпер дапамагчы, — гэта падказваць, куды адхінацца ад кулі праціўніка. Байцы апынуліся ў патавай сітуацыі: адступіць было небяспечна, а далей наступаць — наагул самагубна.
Раптам уключылася святло. «Чорныя» рэзка схаваліся за калонамі. Аднекуль згары незадаволена паўкрыкнуў голас:
— А што тут за херня творыцца?!
— Саша?
Будаўнік Саша глядзеў у шчыліну ў столі.
— Арцём? Арцём, вунь адзін гад схаваўся направа ад сярэдняй калоны!
Арцём і астатнія байцы паглядзелі ў правы бок, але нікога не заўважылі.
— Ды вунь жа чорны касцюм, побач з водным стаяком!
Дзікун кінуў гранату ў пазначаным кірунку.
Бах!
Відавочна Дзікун пацэліў, бо з месца выбуху прыляцелі пырскі... Не, не крыві.
— Глядзі-глядзі! — палец Арцёма паказваў туды, дзе нядаўна рванула граната. Раскіданы выбухам белы парашок збіраўся ў купкі і ўцякаў кудысьці за калоны. Такі самы парашок абляпаў Арцёма, які ўзяў рэчыва на палец і панюхаў:
— Крухмал! Бляхаўка, гэта жывы крухмал! — Арцём скідануў рэшткі парашка з пальца і ажно адскочыў.
— Не ўкусіў цябе крухмал? — пажартаваў Саша, які спусціўся згары. Але прысутным было не да смеху. Усе з жахам глядзелі на парашок, які, здавалася, супраціўляўся, калі яго запіхвалі ў пустую паўтаралітровую пластыкоўку. Так у Менску называлі пластыкавыя бутэлькі.
Нядзельнік і Яя заблакавалі ўваход у калідор, у якім зніклі «чорныя». Астатнія размаўлялі. Нібы і не было толькі што смяротнай пагрозы.
— А вось гэта, відаць, шостая ступень, раз пятую ўжо вынайшлі, — прамармытаў Артур
Карлавіч, разглядаючы парашок. Але Карлавіча не пачулі.
— Саша, як вы сюды трапілі? — спытаўся Маўлюк, — Тут памежная зона Канфедэрацыі анархістаў.
— А ў мяне пропуск, — паказаў картку Саша, — нам гэты аб'ект далі на дабудову. Інвестары з Заходніх тэрыторыяў, аднекуль з-пад Маладзечна. Лагістычны цэнтр бла-бла-бла. Гэта цяпер мой другі аб'ект пасля цырку. Сёння выходны, а ўчора я ў спяцоўцы партманет пакінуў. Вось вярнуўся, чую — грукат нейкі, а тут вы.
— «Шасцёрачка», — сам сабе паўтарыў Карлавіч. — Жывы крухмал. А магчыма, не жывы, а паўжывы і неяк запраграмаваны.
— Пра што вы, Артур Карлавіч? — перапыніў Арцём.
— Трэці ў звязцы Ціцюкін — Кароль — ікс быў праграміст. — працягваў мармытаць Карлавіч.
Дзікун не слухаў Артура Карлавіча. Стала ясна, што нейтралізаваць «чорных» вельмі проста. Была яшчэ адна рэч, якую ніхто з прысутных не ведаў, апроч Дзікуна: «чорныя» баяліся вады. Пасля атакі на рыбацкія чаўны ў акваторыі Добрага Месца да зямлі прыцягнулі адно пусты гідракасцюм «чорнага». Цяпер Дзікун зразумеў, што ўнутры касцюма быў жывы крухмал, які проста распусціўся ў вадзе.
Усіх справаў — адкруціць вентыль стаяка водазабеспячэння. Калідор меў ухіл у патрэбны бок. Вада пайшла пад ногі і далей па падлозе.
— Цяпер нават самая невялікая драпіна будзе для «чорных» небяспечнай, — падсумаваў Дзікун.
***
Вада плюс асколкавыя гранаты — і вось яно, заканчэнне бітвы з «чорнымі» ў сутарэннях пад паркоўкай. Ашмёткі гумавых касцюмаў і дзесяць «калашоў», раскіданыя па калідоры, падтопленым вадой.
— Дзікун, дзякуй табе аграмадны! — не хаваў захаплення Арцём. — Калі б не ты, мы маглі б тут загразнуць надоўга.
Прысутныя шчыра радавалісяі. Кожны паціснуў Дзікуну руку.
Маўлюк пабег закрываць вентыль, а Карлавіч разглядаў рэшткі жывога крухмалу, які распускаўся ў глыбокай лужыне пад нагамі:
— Калі гэта абсалютная зброя, то нейкая непераканаўчая.
— Сплюньце! — адказалі ўсе хорам.
Маўлюк вярнуўся, каманда сабралася ўваходзіць у металічныя дзверы, на якіх была ледзь бачная намаляваная далонь. У гэты момант з-за рога калідора проста па сцяне выпаўзла аграмадная рука белага колеру, схапіла Карлавіча за шыю і пацягнула назад за сабою. Байцы толькі на секунду аслупянелі і амаль адразу кінуліся за сваім сябрам. За рогам была зала метраў дваццаць на дваццаць, пасярод якой стаяў васьміногі сямірук без галавы, але з тузінам вачэй і трыма ратамі на жываце.
— Жывы крухмал споўзся, — прахрыпеў Карлавіч.
— Дзікун? — здзіўлена спытаў Арцём.
— Я не адчуваю «чорных», — прызнаўся Дзікун.
Карлавіч задыхаўся. Вырачыў вочы, адчайна махаў рукамі і нагамі.
— Нельга страляць, у Карлавіча можам трапіць, — папярэдзіў Маўлюк.
— Дый патронаў амаль не засталося, — удакладніла Яя.
— Цягаць ваду цэбрам! — прапанаваў Арцём, і ледзь увярнуўся ад трох рук, якія выцягнуліся нібы тэлескапічныя вуды, і паспрабавалі схапіць Арцёма за галаву.
— Не паспеем! — крыкнуў Дзікун.
Рука, што трымала Карлавіча, адвалілася ад тулава монстра, і прыпячатала палоннага да падлогі. Асноўная крухмальная канструкцыя рушыла ў наступ.
— Нажамі! У каго ёсць, адбівайцеся нажамі! — заклікаў Дзікун, а сам ухапіўся за багор, які вісеў у калідоры на шчыце супрацьпажарнай бяспекі. Вялікі нож быў толькі ў Арцёма. — Саша, бяжы назад, цягні кавалкі арматуры з будоўлі! Без абалонкі гумавых касцюмаў крухмал развальваецца ад любога ўколу ці парэзу.
Васьміногі сямірук паспяхова працягваў наступ. Адарваныя нажом і багром рукі праз хвіліну аднаўляліся.
— Трэба нейтралізаваць адарваны ад тулава крухмал, — крычаў Дзікун! — Яя, Маўлюк, Нядзельнік, займіцеся мяхамі з цэментам, засыпайце тое, што мы з Арцёмам адрэжам!
Каманда Дзікуна павольна адступала, зацягваючы васьміногага сямірука ў падземны гараж, дзе было поўна мяхоў з цэментам і будаўнічага друзу.
Рыдлёўка — лепшая зброя супраць жывога крухмалу. Рыдлёўкі валяліся тут сама ў недабудаваным гаражы. Раз — адсек крухмальную руку, два — прысыпаў яе цэментам. Тры — паліў вадой. Гэта Нядзельнік: знайшоў на будоўлі шланг і падключыў яго да воднага стаяка. Бах — удар арматурай, бабах — багром, вжых — нажом. І зноў цэментам і вадой.
Паўтары гадзіны праляцелі незаўважна. І ўсе засталіся жывымі, нават Карлавіч.
Пакурылі. І Саша, які завязаў сто гадоў таму, і Яя, якая і не пачынала ніколі. А Карлавіч дастаў з унутранай кішэні пінжака фляжку, спачатку сам зрабіў вялікі глыток, пасля прапанаваў рэшткі прысутным. Прысутныя ахвяравалі ўсё Карлавічу, які найбольш з усіх перапужаўся і відавочна меў патрэбу ў анестэзіі нервовай сістэмы.
Праз паўгадзіны ўсе вярнуліся да лабараторыі, і Дзікун прыставіў руку да малюнка на сцяне побач з уваходам. Дзверы адчыніліся і... На калідор вывалілася мумія ў ашмотках вайсковай уніформы з пагонамі генерал-маёра.
— Прывет, Ціцюкін, — нядобра ашчэрыўся Арцём.
Астатнія асцярожна пераступілі цераз цела, якое лягло проста перад дзвярыма. Карлавіч агледзеў лабараторыю:
— Ідэальны кліматычны рэжым.
Лабараторыя была метраў пяць вышынёй, амаль круглая, метраў дваццаць у дыяметры. Кампутары, кампутары, а таксама мноства тэхнікі невядомага прызначэння. Прынамсі, ніхто не змог сходу назваць, што тут да чаго. На супрацьлеглай ад уваходу сцяне вісела лесвіца, якая ўпіралася ў люк на столі.
— Артур Карлавіч, а вы ж, здаецца, пісалі артыкул у свой час пра вайсковых бульбаводаў? — спытаў Маўлюк. — Я бачыў штосьці ў вашай гэтай газеце «Баец». Што вы скажаце пра лабараторыю?
— Гэта была строга засакрэчаная інфармацыя пра бульбаводаў. Я пісаў наагул пра вайсковых хімікаў. Увага! Глядзіце. Мумія Ціцюкіна была тут — каля самых дзвярэй. На целе ёсць кулявая адтуліна ў раёне сэрца. Заўважылі? Паглядзіце. Значыць, генерала застрэлілі, калі ён закрываў дзверы. І замок паспеў замкнуцца. Бо Ціцюкін застаўся адзін. Хтосьці выходзіў з лабараторыі, альбо наадварот, хацеў патрапіць, але не паспеў.
І вось тут Дзікун адчуў пагрозу, якая сыходзіла ад аднаго з прысутных у лабараторыі. Але паколькі людзі стаялі кучна, зразумець, хто менавіта фаніў небяспекай, не было як. Раптам Дзікун заўважыў рэч, якая паводле стылістыкі рэзка выбівалася з антуражу лабараторыі. Гэта быў кнопачны мабільны тэлефон. Такія непрацяглы час былі ва ўжытку на пачатку ХХІ стагоддзя. Дзікун ведаў гэта са школьнага курсу агульнай гісторыі, але ўпершыню бачыў такую антыкварную рэч. Тэлефон ляжаў на асобнай палічцы, якая стаяла на высокай падстаўцы.
— Ого! — усклікнуў Саша і з захапленнем узяў у рукі мабільнік. — У мяне такі самы быў — «Nокіа 3310». Арэхі калоць можна — цэгла! І надзейны як танк.
— Стой! — крыкнуў Арцём і літаральна падляцеў да Сашы.
«Ёсць!» — сказаў сам сабе Дзікун у момант, калі пальцы Арцёма дакрануліся да тэлефона. Цяпер Дзікун дакладна ведаў, што будзе далей і што трэба рабіць.
— Апроч Караля і Ціцюкіна тут, у лабараторыі, быў трэці — праграміст, — цяпер ужо ўпэўнена заявіў Артур Карлавіч. — Але ў праграміста не было доступу да дзвярэй. Ён не мог самастойна трапляць у лабараторыю. Яму быў патрэбны той, хто мае ключ.
Усе ўважліва слухалі, апроч Арцёма, які надзяваў на сябе незвычайнага выгляду шапачку: падобную да тых, што карыстаюць у басейне, але з навушнікамі. Арцём пасунуўся бліжэй да сцяны, да якой быў прымацаваны рубільнік, узяўся адной рукой за рычаг і прамовіў:
— Так, Артур Карлавіч, гэта мне трэба было трапіць у лабараторыю. Гэта я той самы праграміст, які працаваў з Каралём і Ціцюкіным, і якога яны вырашылі кідануць. Паабяцалі долю ва ўладзе, а самі хацелі мяне адправіць на Свінакомплекс, каб ператварыць у аднаго з «чорных». Таму я столькі гадоў пасвіў кагосьці з Новай Зямлі, бо ведаў, што Альгердыч шмат чаго накапаў. У тым ліку такой інфармацыі, якой не было ў мяне. І мае спадзевы, мае гады чакання і пільнавання далі плён у выглядзе Дзікуна.
Нядзельнік з Яяй напружылі рукі на сваіх аўтаматах, але Дзікун ціха падаў знак «адбой».
— Гэта не мабільнік, гэта пульт, — Арцём ціскаў пімпачкі. — Цяпер там, наверсе, усё заварушылася. Рэжым патрулявання і рэгулявання для «чорных» я пераключыў на рэжым атакі і знішчэння. Хто не пахаваўся — я не вінаваты.
За тыя некалькі секундаў, што вочы Арцёма былі занятыя пультам, Дзікун паспеў ціхенька пакласці свой пісталет на падлогу.
— Ну што ж, — бадзёра прамовіў Арцём. — Па-свойму я да некаторых з вас прыкіпеў. Але давядзецца развітвацца назаўсёды. Што я магу для вас зрабіць у фінале? А хоць бы патлумачыць, што тут адбылося. Э, красаўцы, аўтаматы акуратна знялі, паклалі Яі на рукі. А ты, зая, пакладзі зброю во на гэты стол побач са мною.
— А давай я цябе лепш застрэлю, — прапанавала Яя.
— Не паспееш, — парыраваў Арцём. — Я націсну на рубільнік, і ты не пачуеш цікавай гісторыі пра гэтую лабараторыю і пра Караля з Ціцюкіным.
— Яя! — Дзікун інтанацыяй даў зразумець, што не варта рабіць хоць якіх самастойных захадаў.
Дзяўчына сабрала зброю і паклала, куды сказалі.
— Апошні раз, калі я тут быў, — працягваў Арцём, — я праграмаваў пад кіраўніцтвам Ціцюкіна. У праграме было знішчэнне ўсіх, хто будаваў гэтую лабараторыю. А таксама ўсіх, датычных да праектаў «каларадкі». Ліквідацыю работнікаў здзейснілі першыя — эксперыментальныя — «чорныя». А вось асноўная праграма актывізавалася толькі праз шмат гадоў. Спачатку «чорныя» ўзялі Караля пад хатні арышт, пасля пачалі замяняць міліцыю ў Горадзе-Героі. У Ціцюкіна план быў распісаны на трыццаць гадоў наперад. Так, гэта я застрэліў Ціцюкіна, калі спрабаваў трапіць у лабараторыю і завалодаць пультам. Вось гэтым самым, што ў маіх руках. Хоць Ціцюкін даўно аддаў канцы, праграма яго жыла і жыве цяпер. Згодна адной з установак адносна «чорных», калі іхная крытычная маса накапілася, пачаліся пэўныя актыўнасці. Сярод іншага — водная выведка. На адных такіх выведнікаў-дыверсантаў напароўся ты, Дзікун, са сваймі рыбакамі. А ўсё гэта праграмавалася вось гэтым мазгамі.
Арцём вольнай рукой пагрукаў па сваёй галаве. А другой націснуў на рубільнік:
— Да пабачэння.
Штосьці шчоўкнула, ціха загуло, а людзі сталі глядзець у адзін пункт і казаць адначасова, не слухаючы нікога.
— ...Вашы традыцыі па-за духоўным кантэкстам — проста набор культурнага смецця, — прамармытаў Карлавіч.
— ...Анархізм — справа дарослых, а тут я бачу інфантылаў, якім патрэбная дзяржава, — праскрыпеў Нядзельнік.
— ...У нас жывуць суворыя рыбакі, якія не маюць люстэрак. Бо калі люстэрка бачыць іх позірк, то пужаецца і трэскаецца, — прашаптаў Дзікун.
Штосьці казала Яя, штосьці бубнеў Маўлюк.
Арцём адчапіў ад пояса вялікі армейскі нож. І сам сабе паведаміў:
— А цяпер я вас ціха, каб не пачулі наверсе, адпраўлю на той свет, сябры мае. Пакуль спахопяцца, пакуль знойдуць, дзе тут праход да лабараторыі, пакуль ускрыюць дзверы... О, як доўга яны будуць дабірацца да вас. — Лязо нажа дакранулася да шыі Яі. — Цэлую веч...
Бабах!
Саша пацэліў з пісталета Дзікуна проста ў галаву Арцёма.
— Ды вы рэальна дзеўбануліся! — сказаў Саша і выключыў рубільнік на сцяне.
Павісла паўза. Павісела і адвісла.
— Што гэта было? — Сашава інтанацыя была патрабавальна-разгубленай.
Усе пачуваліся няёмка, бо ніхто не мог узгадаць, што гаварыў.
— Гэта выпраменнік лухты, — патлумачыў Карлавіч. — Адна з пастак для нечаканых гасцей. Працуе і ў аўтаматычным рэжыме, і ў ручным, як цяпер. Уздзейнічае на фантазійную функцыю чалавечых мазгоў. Пабочны прадукт працы над «каларадкай».
Карлавіч уважліва паглядзеў спачатку на Сашу, пасля на Дзікуна. Дзікун ледзь прыкметна ўсміхнуўся і кіўнуў, маўляў, «так, Сашу не ўзяло».
— Адключыў я ваш выпраменнік. Вы і праўда нагаварылі абы-чаго, — сказаў Саша.
Цяпер усе глядзелі на труп Арцёма.
— Нажом хацеў нас забіць? — дзелавіта спытаўся Дзікун.
— Так, адкуль ты ведаеш?
— Прадбачыў, Саша, прадбачыў.
— Дзякуй за ствол, Станіслаў, што мне падкінулі. Голымі рукамі я такога кабана, ды яшчэ ўзброенага, відаць, не заваліў бы.
— Дык вы ўсё прадбачылі і арганізавалі наша цудоўнае вызваленне, Станіслаў? — Карлавіч канчаткова працверазеў. Больш за тое, нават пачаў выпраменьваць радасць, а не пакуты бадуна і сумлення.
Дзікун чарговы раз за дзень атрымаў удзячныя поціскі рукі.
— А што вы тут робіце? — люк на столі адкрыўся і ўсе ўбачылі незадаволенае аблічча Мао. — «Чорныя» некалькі хвілінаў таму паперлі сцяной, а вы тут языкамі счапіліся і разбегчыся не можаце. А з Арцёмам што?
— А з Арцёмам тое, што ён цяпер не паведаміць коду ад такога патрэбнага ўсім нам пульта, — адказаў Дзікун.
***
«А я чую — стрэл пад нагамі. Гляджу — люк не да канца закрыты», — тлумачыў Мао, калі разам з Дзікуном бег сядаць у верталёт.
25
Верталёт высадзіў Дзікуна і Мао ў парку 50-леція Акцябра на дзіцячай пляцоўцы. «Далей не магу, — патлумачыў пілот, — ЦЭЦ-3 мае ўласную супрацьпаветраную абарону».
Перад тым Мао затэлефанаваў на радыё «Адзінка» з просьбай даць абвестку на адрас Сузаны Анатолеўны Шубзды. Ад імя Мао. Каб яна выйшла на сувязь праз радыёкропку Горада-Героя. Папрасіў паўтараць абвестку кожныя пятнаццаць хвілінаў, пакуль Зуля не адгукнецца. «Ці пакуль усіх нас не накрыюць «чорныя», — падумаў Мао, але змаўчаў.
Як звычайна, мацюгальнікі ажывіліся раптоўна. Перад тым у палову сілы круцілася песенька «Водочку пьём», а тут яно на поўную моц закашлялася, захыркалася, замацюкалася знаёмым па розыгрышах латарэі жаночым голасам:
— Віцёк, падла, калі ты мяне чуеш, значыць, ты яшчэ жывы, і значыць, што табе каб-з-д-цы.
Ага, Зуля пачула зварот па «Адзінцы»! Праз паўхвіліны шабуршэнняў і скрыгату голас змяніўся ў бок кабетызацыі гучання і мур-мур-мяўнай, амаль пяшчотнай, інтанацыі гаварэння:
— Віцечка, Пусік мой. Я б магла сто разоў даць загад, каб цябе прыдушылі, пакуль ты швэндаўся па Горадзе-Героі. Кабялюга ты... — Трэск у эфіры.
Жаночы голас заплакаў, было чуваць, як наліваюць вадкасць у... З такім гукам і працягласцю, відаць, у вялікі келіх на высокай ножцы.
— Ты, Віця, казліна, ты палову майго жыцця сапсаваў. Ты казаў, што мне на ЦЭЦ-3 максімум год сядзець, а прайшло дванаццаць! Ты разумееш, што калі б не рэчыва нумар 3000R172L2019, вядомае ўсім як «каларадка», я б ужо была старой?!
— Ну, не такой ужо старой... — прабурчаў сабе пад нос Мао.
— Мао, ты падонак! — Зуля нібы пачула адказ. — Мао, альбо тыя, хто разам з ім. Мы тут за кумпанію з Каралём ужо не першы год у зняволенні. Адна забава — быць вядоўцай гэтага кончанага радыё. Ты музыку чуў у Горадзе-Героі? Гэта калекцыя Караля. Найлепшае, назбіранае за гады! Найлепшае!.. — І да Караля: — Скажы пару словаў, урод.
— Э... Вось такое я гаўно, — прабубнеў мужчынскі голас. — Я дадзены гэтаму народу як пакаранне за... За легкадумства, так, Зусюля?.. Зусюлюлечка... Зусюпіпопачка...
На ўсе мацюгальнікі Горада-Героя пачуўся гучны «плясь» даланёй па шчацэ.
Ажывілася рацыя:
— Камандантэ Мао, «чорныя п'яўкі» прарвалі абарону менскіх. Мы косім з буйнакаліберных кулямётаў з бронецягніка ў раёне Сляпянкі, але яны лезуць з-пад Купалу проста як прусакі, іх проста мора. Камандантэ, немалая частка рушыць у бок Партызанскага праспекту.
— Віцё-ё-ё-ё-ооок!.. — рыдала Зуля ў мікрафон.
Мао штурхануў Дзікуна локцем у бок:
— Панюхай паветра, мы зможам перабегчы да «Турыста»? Там праз сутарэнні выйдзем да тунэлю ў бок ЦЭЦ.
— Віцька... Мао... — Зуля шморгала носам. — Калі чуеш мяне, дай знак.
Мао шпульнуў сігнальную ракету.
— Ясна, сонейка, бачу. У парку вы. Бяжыце да «Універмагу», у сам не заходзьце, з левага боку, за былой шаўрмічнай, там стары тэлефон-аўтамат, набярыце мяне: 233-45-78.
Пакуль Дзікун і Мао беглі, слухалі далей Зулю.
— Так, цяпер, мянты, звяртаюся да вас. Нават не ўздумайце нейкія свае гульні пачынаць. Вам усім у прынцыпе ўжо гамон. Мы тут з ЦЭЦ у бінокль бачым, як «чорныя» пайшлі ў наступ. Але выратавацца можаце паспрабаваць. Самае лепшае, што можна зрабіць, — пазаганяйце людзей па хатах. Хоць разок карысць грамадству зробіце гвалтам над асобай. Андрэіч, ты сёння дзяжурны па цэнтральным райаддзеле? Хвілінаў праз дзесяць-пятнаццаць на горадзе будзе такі шухер, што ты ў найлепшыя часы Аўтазаводу не бачыў. «Чорныя» не проста ідуць. Яны коцяць валам з-пад Купалу. Замыкай людзей, замыкайцеся самі. Па магчымасці, адстрэльваецеся.
Дабеглі. 233-45-78.
— Алё!
— А ты хто?
— Я Дзікун. Я ад Альгердыча.
— Ад Аль-гер-дыча?! О... Чым памагчы?
— Мы хочам трапіць на ЦЭЦ, вызваліць вас, Сусана, захапіць Караля, загадаць яму спыніць «чорных».
— Не атрымаецца, — рашуча адказала Зуля. — Мы з Каралём у палоне. Ужо дванаццаць гадоў нічога не кантралюем. «Чорныя» дзейнічаюць па сваёй праграме. Мы толькі, як бы гэта сказаць... фронтмэны: скачам па сцэне, але на інструментах граюць іншыя. У пастцы мы.
— У мяне пульт ад «чорных», няма паролю, — стрэліў фразай Дзікун.
— Ого! Гэта цалкам змяняе справу. Шанец ёсць. Кароль казаў пра пульт, які застаўся дзесьці ў нейкім інстытуце. — Было чуваць, як Зуля зрабіла глыточак. — Лезьце пакуль на дах «Універмагу». Там прасцей адбівацца, пакуль я буду цягнуць пароль з гэтага ўшлёпка, Караля. Ён пасля Дня Паўкабана яшчэ ні разу не апрытомнеў, усё жарэ і жарэ.
З даху «Універмагу» быў бачны вялікі кавалак таго, што хавалі парканы ЦЭЦ-3. Поле для міні-футгольфа, басейны розных памераў, вадзяныя горкі, вялікі тэніс. Аквапарк з прыбамбасамі.
Зашыпела рацыя Мао:
— Камандантэ, Менск захлынаецца... Людзі адстрэльваюцца, але «чорныя» як машкара, якая заляпляе горла.
Мао зірнуў на коміны ЦЭЦ:
— Давай, Зулечка, давай, разумніца, інакш хутка ўсім капцы.
— Чорныя паўзуць па вадасцёкавых трубах: з твайго боку цягам хвіліны выпаўзуць восем, з майго — пяць, ёсць яшчэ шэсць трубаў, якія мы не кантралюем. — Дзікун «нюхаў» сітуацыю. — Прапаноўваю дзеўбануць па тых, што паўзуць бліжэй да нас, і заняць кругавую абарону вакол вось, напрыклад, гэтай выцяжкі вентыляцыйнай шахты. Не ўзмоцненыя бранёй асобіны «п'явак» трушчацца вельмі лёгка, але... Але патронаў у нас — хвілінаў на дзесяць, пасля толькі рукапашны бой.
Цяпер ужо і Мао пачуў скрыгат па трубах. Ба-бах з драбавіка: «На, дзіця маё. Мы разварушылі пекла, Дзікун. Трымайся, брат!» Паколькі Мао з часу першай сустрэчы з Дзікуном адпусціў бараду, то роля айца Рыгора з «Мы не ходзім у Рэйвэнголм» яму вельмі нават пасавала. Гумар быў дарэчы, бо жыць ім заставалася ўжо менш за дзесяць хвілінаў. Не сумаваць жа! Хоць не, вось хтосьці далучыўся з паляўнічым карабінам з боку «Турыста». Дзікуну нават пачуўся вокліч «бліндэр буду агурэц!». Так і ёсць — Немец! А вось яшчэ стрэлы: з супрацьлеглага боку плошчы. У акне дому насупраць тарца «Універмагу» — Люцыя! Махае рукой.
— Хлопчыкі, — ажывіліся мацюгальнікі, — шукаю, шукаю. Ёсць некалькі версіяў таго, што можа быць кодам.
Бах-бах! Прыкрытыя шчыльным агнём Немца і Люцыі, Мао і Дзікун пераключыліся на рэжым забавы. Яны малацілі «чорных» прыкладамі, нажамі, нагамі і кулакамі.
Здавалася, больш задаволеных жыццём людзей цяжка было знайсці.
— Так... бачу вас у бінокль, — зноў ажывілася Зуля. — Гэта ўсё, вядома, весела, але чорная хваля ўсё бліжэй. Андрэіч, у вас у райаддзеле ў двары стаяў БТР, пацісні-патрушчы, можа, гэтую саранчу? Там лёгка: валіш з кулямёта, а следам з вадамёта — і ім капцы. Адцягні час. Я гэтую свалату, Караля, спрабую ажывіць.
Рацыя практычна закрычала:
— Камандантэ! Менск захоплены, людзі пазамыкаліся ў памяшканнях альбо ўцяклі ў бок Заходніх тэрыторыяў і нават у Даліну склізняў. Цяпер чорныя штурмуюць нашы пазіцыі — Канфедэрацыі анархістаў. А боезапас у бронецягніках на такую колькасць жывой сілы не быў разлічаны. Мы разглядаем варыянт адступлення па чыгунцы на поўдзень, да мястэчка Гатава. Там у затоцы маем прыхаваныя катары. Магчыма, здолеем перагрупавацца на вадзе і высадзіць дэсант. Прыём.
— Ясна, брат, — адказаў Мао, які засяроджана дубасіў прыкладам драбавіка чарговую галаву «жывога крухмалу».
Міма па праспекце пранесліся міліцэйскія БТР і вадамёт. Прычым не проста вадамёт, а вадамёт — швейцарскі нож! Тут табе і магчымасць рассякаць натоўп — кошам целы адкідаць-раскідаць. І паліваць вадзічкай — самае тое для аперацыі супраць «чорных». І ёсць спецыяльныя байніцы для агнявога бою.
— Віцёк, я код знайшла. Скажы, што ты мяне кахаеш!
Дзікун прыкідваў, наколькі часу БТР з вадамётам могуць затрымаць хвалю «чорных».
— Мао, калі ты зараз не прызнаешся ў каханні, я цябе асабіста прыстрэлю.
— Дзікун, а як прызнацца?
— Пульні ракету.
Мао пульнуў.
— Віцечка, гэта было каханне? Зараз, золатца, код такі. Дакладна каханне, ты глядзі мне!
БТР з вадамётам, відаць, усё. Паток «чорных» валіў ужо па Даўгабродскай у раёне парку 50-леція, яшчэ пара хвілінаў — і затопіць плошчу перад «Універмагам» і «Турыстам». Мао выпусціў трэцюю — апошнюю — ракету.
— Ладна, зайка, код такі: ад нуля да дзевяці тры разы.
Дзікун набраў патрэбныя лічбы, на пульце запаліўся зялёны агеньчык, палец націснуў на пімпу насупраць надпісу «стоп». Чорныя сталі як адзін, то бок — усе.
Запанавала ціша. Як той казаў — звіняшчая.
— Зайчык, — ажылі мацюгальнікі. — Кароль кажа, што сярод пімпачак на «5» запраграмаваны «пункт збору». Навядзі куды хочаш прыбор і націсні. «Чорныя» мусяць туды ўсе пацеляпацца.
Дзікун падышоў да краю даха, накіраваў на цэнтр рынкавай плошчы прыбор і націснуў «пункт збору». «Чорныя» і праўда пасунуліся ў адным кірунку. Цяпер зусім не страшныя, хутчэй забаўныя, нібы пінгвіны.
З акна «Турыста» радасна махаў рукой Немец. «Сёння ў «Сумёце» будзе свята да раніцы, — падумаў Дзікун. — Вось і ўсё. Збірацца ў дарогу дадому. Не! Збірацца вяртаць дадому — у Менск — паплечнікаў».
— Што ж, Мао, цяпер у цябе работы — трымайся за поручні! Самаарганізацыя грамадства на такой немалой тэрыторыі — гэта не абы-што. І ад Зулі спачатку адграбеш. За ўсіх тваіх жэншчын, якім ты задурыў галовы «дзеля вялікай справы». — Дзікун уявіў, як да Мао выштыхоўваецца чарга з кабет са спісам прэтэнзіяў. Кабет, якім цяпер не затлуміш мазгі падполлем, супрацівам, пагрозай з боку «чорных» ды якой іншай рэвалюцыйнай неабходнасцю. — З іншага боку, зможаш са сваіх кабет зрабіць першую суполку самакіравання.
Мао маўчаў, нібыта толькі што нічога эк- страардынарнага не адбылося. Маўчаў і кру- ціў у руках пульт кіравання.
— Дзікун, тут адна падпісаная словам «Купал» пімпа ёсць.
— Я заўважыў адразу.
— Цісканём?
— Не-а. Трэба быць гатовымі да чаго заўгодна, што можа быць за тым Купалам. Пакуль прыбіраем вызваленую ад «чорных», а па ходу і ад Караля, тэрыторыю.
— Хм, хм. Хлопчыкі! Вітольд Робертавіч Кароль кажа, што на пульце ў ніжнім правым куце ёсць маленькая непадпісаная пімпачка. Яе пальцам не націснеш, трэба шпількай ці дзюбкай алоўка. Пімпачка адкрывае нашу астахерэлую клетку на ЦЭЦ. Давайце хуценька вызваляйце вязняў залатой камеры.
Мао пашукаў па кішэнях, знайшоў кавалак тонкага дроту, націснуў.
— Дзякі, дзякі, чмокі, чмокі, мы ідзем, я, Кароль і дзевачкі. Унізе «Універмагу» ёсць кавярня «Паўночны вецер». Скажыце Вітаўту, гаспадару, каб накрываў сталы проста на двары... Народ! Усе чуеце? Сёння будзе пір на ўвесь мір, толькі без бульбы. Патрэбная дапамога прывезці з ЦЭЦ ежу. З нашага прыватнага рэстарану! Вы таксама нясіце ўсе, хто што можа, з ежы і пітва, але яшчэ раз: «фры каларадка дэй» сёння. Сталы і крэслы нясіце ці лавы. Сёння з 18-й на рынку зажыгаем!
Мао і Дзікун спусціліся на плошчу. Абняліся з Немцам, абняліся з Люцыяй, паціснулі руку Андрэічу з райаддзелу — таго самага, дзе Дзікуна афармлялі за тое, што «ўступіў у водныя нетры» на Падшыпнікавым праездзе.
— Андрэіч, — кампанейскі сказаў Мао, — перадай сваім, што хто не заляпаўся адыёзнымі выкрутасамі супраць мірнага насельніцтва, а так — па дробязі нашкодзіў, можа спакойна заставацца і ўлівацца ў новае жыццё. Каму ёсць што хаваць, мае дзень, каб уцячы: хоць на выспы, хоць у Даліну склізняў, хоць на Заходнія тэрыторыі. Амністыя дзейнічае дзень, запомні... А гэта што?!
Па Партызанскім праспекце бадзёра сунуліся тралейбусы. Салоны машынаў былі забітыя хлопцамі і дзеўкамі са стралковай зброяй. Публіка паводзіла сябе жвава, гарлапаніла вясёлыя песні.
— Нашы, анархі, — патлумачыў сам сабе Мао. — Я й не ведаў, што электралініі — у працоўным стане.
— На выпадак вайны з Менскам падтрымлівалі, — патлумачыў Андрэіч, — каб боекамплекты на перадавую аператыўна падвозіць. У нас жа генератары ёсць, на газе.
А менскія не спяшаліся прыбываць. Фактычную акупацыю Горада-Героя здзейснілі анархісты. «Ня тое каб акупацыю, — тлумачыў пазней Мао, — проста так само неяк склалася — занялі ключавыя пункты, а ніхто і не супраціўляўся. Ад Караля каманды не было, а самім «жукам» не вельмі і хацелася вайнушкі».
Тым часам здаравушчы дзядзька з кулакамі памерам як у іншага галава, Андрэіч мяўся як школьнік перад дошкай падчас экзамену.
— Сьцісьняюся спрасіць, маладыя людзі. А бульбу вы цяпер усю забароніце?
Мао адказаў рашуча:
— Ніякай дыктатуры, толькі ўсе разам прымаем прынцыповыя рашэнні. Адно скажу, што дзяржаўнай манаполіі не будзе ні на што. Ні на бульбу, ні на гарэлку, ні на міліцыю. Можа і самой дзяржавы не будзе, а канфедэрацыя суполак. Андрэіч, твая пасада будзе выбарная, з галасаваннем.
І тут Дзікуна пачаў накрываць сон. Таму прамовы Мао пра лепшую будучыню Горада-Героя Дзікун не даслухаў. Нумар у «Турысце» быў аплочаны на тыдзень наперад. Нічога не замінала вярнуцца ды адпачыць.
— С празьнічкам, — павіталася Ала Пятроўна, нібы нічога такога не адбылося.
— З якім празьнічкам?
— Дык з вызваленьніцэм жа. Ад этай... — Ала Пятроўна хуценька разгарнула шпаргалку пад бюро. — Ад аўта... краціі!
26
— У галаве не ўкладаецца: Караля дванаццаць гадоў трымалі пад хатнім арыштам, а Горад-Герой жыў і па-свойму нават працвітаў! Як вам? Без мудрага, блін, кіраўніцтва. — Зноў Дзікун прачынаўся ў пакоі «Турыста» пад бадзёрую прамову Немца, якую той выдаваў камусьці ў калідоры, магчыма, пакаёўцы.
— Немец, не заходзь, я не адзін! — крыкнуў Дзікун і прыабняў Люцыю.
— Дружышча Дзікун, прабач, што турбую, але трэба, каб ты свой табун адагнаў, — Немец усміхаўся на ўвесь свой хітры і добразычлівы твар.
Дзікун зірнуў на гадзіннік на сцяне гасцінічнага нумару. Нармальна паспаў — ужо дзявятая вечара. А пачынаўся дзень з кавы на століках каля «Цэнтральнага».
— Зірні на плошчу.
А-ёй, а-ёй! Усё забітае «чорнымі п'яўкамі», няма дзе як сталы расставіць.
Дзікун выняў з-пад падушкі пульт, навёў на праспект. «П'яўкі», а цяпер ужо іх пачалі клікаць «пінгвінамі», пасунуліся растусоўвацца ўздоўж Партызанскага.
— Дык кажаш, Дзікун, страляю я нармальна?
— Ты нас выратаваў!
— Дык бярэш да сябе ў каманду? Табе ж яшчэ дадому вяртацца.
— Люцыя, бярэм?
Дзяўчына з усмешкай кіўнула.
— Бяру. Заўтра адкаркуем Купал, паглядзім, што там да чаго, і рушым на Новую Зямлю.
Тым часам на рынку проста на прылаўках зарганізавалі сталы. Каля «Паўночнага ветру» быў своеасаблівы прэзідыум з Зуляй на чале. Леваруч сядзеў ледзь прытомны Кароль, а справа — бадзёры Мао. У адной руцэ Зуля трымала мікрафон, а другой пагладжвала Караля:
— Вітольдзік харошы. Вітольдзік не ўзурпатар. Вітольдзіка падставілі. І мяне разам з ім!
Зуля паспрабавала позіркам спапяліць задаволены фэйс Мао, які не сумняваўся, што падставілі, але перад тым узурпацыя была вельмі нават чоткая.
— Дык вось. — працягвала Зуля. — Быў такі Ціцюкін, ён нас усіх запёр у гэтай, каб яе, ЦЭЦ. Не, там у плане якасці жыцця, дык толькі наперад! Паверце, рэсурсаў Горада-Героя патрацілі на наш палац не мала. Але... — Зуля наліла сабе з графіна. — Дванаццаць гадоў на курорце! Ды ў нас усіх дах паехаў.
— Ааааа... Эта жа Эдзік! — Жаночы крык з боку праспекту быў такі моцны, што перабіў нават зульчыны ізліянія. — Эдзік! Аааааа...
Жыхарка Горада-Героя стаяла насупраць аднаго з непарушных «чорных». Толькі насамрэч яны былі амаль белымі пад гідракасцюмамі. У аднаго спаўзла маска, і быў бачны бляклы твар.
— Ааааа...
— А сапраўды, Эдзік, — выгукнуў хтосьці з натоўпу.
— Яго ж месяц таму на Свінакомплекс адправілі.
— Наперад нагамі?
— Не, жывым.
Іншыя прысутныя заварушыліся — пачалі агаляць твары «чорных». «Вася!», «Сярога!», «Саша!», «Алёна!», «Дзіма!», «Ой, Наташа!». Усё больш і больш знаёмых пазнавалі людзі. Усіх «чорных п'явак» аб'ядноўвала тое, што апошні раз іх бачылі перад адпраўкай на Свінакомплекс. «Ааа... Эдзік мой! Можна, я яго забяру дахаты? Хоць такі, хай стаіць у калідоры!»
— За дружбу народаў! — грымнуў з калонак знаёмы голас. Пятровіч з МАЗу, ветэран Бітвы за Велазавод, у якой згубіў адно вуха, той самы Пятровіч, які ледзь не трапіў табурэткай па спіне Дзікуна, гэты красавец-мужчына цяпер запрагаў тост за мір ва ўсім міры і за «хто старае памянець...», і што якая гэта радасць, калі брацкія народы могуць выпіць разам.
Што праўда, з Менску пад'ехала на аўтамабілях і конях троху людзей. Цяпер госці складаліся не толькі з узброеных анархаў. Але каб сказаць, што ўвесь Горад-Герой сабраўся на свята ці што палова Менску ламанулася праз адкрытую мяжу, то не. Такога не было. Разам да рынкавай плошчы з усіх бакоў прыйшлі пару тысячаў чалавек. «На Новы год збіраецца болей», — прабурчаў Немец.
Дзікун схадзіў на рэцэпцыю:
— Ала Пятроўна, сёння і заўтра ўсе нумары на апошнім, то бок, маім, паверсе зарэзервуйце за вайсковым камандаваннем. Дакладна не ведаю. Рэзервуйце яшчэ ніжэйшы, чатырнаццаты паверх. Далей пра абслугоўванне будзеце кантактаваць з маім памочнікам — Немцам.
«Тут як у сям'і — у каго пульт, той і галоўны», — рагатнуў Немец, калі вайскоўцы з трох канцоў калісьці адзінага гораду абмяркоўвалі план на заўтрашнюю аперацыю «Купал». Адзінагалосна пульт ад Купалу і «чорных» пакінулі ў Дзікуна.
Новы камандзір аб'яднанай групоўкі даў слова Маўлюку, які трымаў у руках раздрукоўку нейкага тэксту.
— На момант утварэння Купалу, а гэта дваццаць сем гадоў таму, праз месяц, як з Менску сышлі майстроўні, на гэты момант «в военном городке Уручье располагалась отдельная гвардейская механизированная бригада. Также полк внутренних войск Министерства внутренних дел. Имеются многочисленные хранилища военной техники».
— У перакладзе на чалавечую мову — пяхота і разгоначныя войскі, — далучыўся прадстаўнік Менску палкоўнік Вяпровіч. — І ў тых, і ў тых ёсць гранатамёты, магчыма, агнямёты, ясна, што станкавыя кулямёты, дакладна ёсць пара танкаў, а можа і болей, іншая браняваная тэхніка. Магчыма нават артылерыя. Наша задача на сёння — узгадніць супольныя дзеянні для вымання зброі, тэхнікі і боезапасаў. Важна зразумець: калі там пачнуць абараняцца, мы адразу страляем ці спрабуем патлумачыць, хто мы і чаму забіраем тое, што забіраем?
— Калі там засталіся жывыя людзі, то тэарэтычна ежы і медыкаментаў хапіла і вайскоўцам, і рэшце цывільных, — далучыўся начальнік цэнтральнага райаддзелу Горада-Героя Валянцін Андрэевіч Пупко. —
Але ж колькі вайскоўцаў там магло застацца? Афіцыйныя звесткі наўрад ці дапамогуць, бо як пайшла вада, шмат хто дэзерціраваў.
— Такім чынам, наша супольная задача нумар адзін — атачыць увесь перыметр Купалу, — зноў узяў слова Дзікун. — Цывільныя, калі яны там ёсць, змогуць пакінуць тэрыторыю толькі праз адзін КПП, які мы абсталюем каля Кінастудыі. Тамсама ў парку Лес Ваньковічаў. Той, які быў адзін час Чэлюскінцаў. Арганізуем. Як назваць? Тлумачальны сектар. Мэта — патлумачыць людзям палітычны расклад на Менскім узвышшы — каб чалавек сам прыняў рашэнне, да каго далучыцца. Вайскоўцам зробім фільтрацыю проста на тэрыторыі іхных часцей. Хоць я адразу прапаноўваю аматараў пакрычаць «я прысягу даваў адзін раз» адпраўляць у Горад-Герой, — Дзікун паглядзеў на падпалкоўніка міліцыі Валянціна Пупка.
— А чаму нам, Дзікун?
— А таму, што пакуль толькі ў вас ёсць порт з выхадам на чыстую ваду. Далей паказваеш мапу і прапаноўваеш варыянты эміграцыі.
Уначы ўсё-ткі паспалі некалькі гадзінаў. Раніцай многіх раней за будзільнік на ногі паставіў гучны голас Мао. Там, дзе ўчора побач з «Паўночным ветрам» былі сталы, сёння стаяла кароценькая, метры на тры, трыбуна. Па ёй туды-сюды хадзіў важны Мао з мікрафонам у руцэ. Мікрафон нейкім чынам падлучылі да агульнай сістэмы мацюгальнікаў. Мао голасна распавядаў пра перавагі жыцця без дзяржавы, а самаарганізавана. Перад трыбунай таўкліся «карычневыя камізэлькі», якія толькі выйшлі на змену, гандляры з рынку, пару мужыкоў у камуфляжы і пагонах, але без зброі. На праспекце заставаліся стаяць «чорныя». Часам Мао спыняўся, каб секануць з-за пляча проста ў слухачоў перад трыбунай — ба-бах! Гэта значыць, нейкі важны тэзіс узмацняўся жэстыкуляцыяй. Напрыклад, распавядаў, што больш не будзе ўціску простага чалавека ўладамі. Што ўсе вольныя рабіць, што захочуць. Што не трэба адпрацоўваць пазыкі дзяржаве. Што больш не будзе фінансавага рабства.
Мао распінаўся, а кабеты яго абмяркоўвалі: красівы, відны, ладны. «Я б за яго прагаласавала», «сразу да», «я б замуж пайшла!». Адна цётухна тапталася моўчкі. Слухала, слухала, урэшце не вытрымала, падышла да Мао: «Даражэнькі, скажыце, а ці можна ўжо ісці работаць?»
— Можна, — ледзь не блаславіў вольнай ад мікрафона рукой Мао.
Народ паціху пачаў рассмоктвацца. А Мао ім у спіну працягваў кідаць словы пра вызваленне, пра гарызантальную арганізацыю грамадства, пра новыя магчымасці для людзей, а галоўнае — іх дзяцей. Загінаў пальцы адной рукі.
Тым часам у штабе пілі каву і гарбату. Вызначыліся, хто якімі сіламі блакуе перыметр Купалу, хто захоплівае вайсковыя часці ва Уруччы. Таксама дамовіліся пра супольнае патруляванне Горада-Героя, які для зручнасці назвалі проста Горадам.
Далей пачаўся варушняк. Дзікун, Люцыя і Немец сядзелі верхам на БТРы ў раёне Кінастудыі і сачылі за секунднай стрэлкай. Аб 11:00 Дзікун націснуў на пульце патрэбную пімпачку, і за імгненне Купал знік. Разнамасная вайсковая тэхніка рушылі па праспекце Незалежнасці ў бок Нацыянальнай бібліятэкі.
Ехалі павольна. Насустрач імчалі легкавікі ў немалой колькасці. Машыны спыняліся, з іх выскоквалі людзі і дружна фоткалі вайскоўцаў. «Смартфоны», — здагадаўся Дзікун і панюхаў паветра. Не ў пераносным сэнсе, як бачун, а ў наўпроставым — як звычайны чалавек. Дзікун упершыню ў жыцці ўдыхаў у сябе восень. Краявід быў адкрыты, да найбліжэйшых будынкаў — жылых шматпавярховікаў — каля кіламетра. Вось злева фантан пасярод каналу! Пітная вада проста так б'е ў неба — для прыгажосці. А вунь дзеці з бабуляй кормяць качак пшанічным хлебам. Птушкі, шмат птушак на дрэвах. Усе расліны навокал злёгку крануліся золатам. «Відаць, пачатак восені, так цёпла!» Неба было чыстым. Хіба пара хмарынак над галавой, а так — блакіт нябёсаў!.. А вось жаўнеры выбудоўваюць ланцуг, каб ачапіць вось гэта ўсё — мікрараён Усход.
Ажывілася адна з рацыяў:
— Прыём, узялі вайсковыя часці. Амаль без прыгодаў. Заблакавалі большасць афіцэраў. У іх там, здаецца, дзве тысячы байцоў усіх разам. Патлумачылі мужыкам, што мы не ворагі, мы проста з будучыні, для іх. Там усе ў поўным ступары, калі мы гаворым, што мінула дваццаць сем гадоў.
«Тэхналогія Купалу — больш важная за іншыя адкрыцці Караля і Ціцюкіна. Пачаць допыт Караля на тэму Купалу», — пазначыў сабе Дзікун.
— Прыём, тут палкоўнік Вепрукевіч. Адзін мотапехацінец усё-ткі дахам паехаў. Капітан малады. Крычыць «піндосам не здаемся!». Мы пасмяяліся, кажам, выходзь, мы з саюзных войскаў. Не паверыў, гандзёныш, ха-ха. Яно і праўда, саюзы розныя бываюць. Галоўнае, каб не застрэліўся.
— Прыём-прыём, тут Маўлюк. Мужыкі, сярод нас ёсць адзін чалавек, які ніколі не еў піцы, шаўрмы, дранікаў без «каларадкі» не еў. Хлопцы! Камандзіры! Адпусціце пяць-сем чалавек, хай да Нацыянальнай бібліятэкі падвязуць ежы з гандлёвых цэнтраў. Дзікун пачастуецца, і нам у радасць.
Дзікун паказаў Маўлюку, які ехаў следам за БТРам у грузавіку, кулак: маўляў, не салідна гэта ўсё. Маўлюк развёў рукамі — справа зробленая. Спыніліся роўна насупраць Нацыяналкі. «Дзікун, бачыш, усё добра, хадзем у бар зойдзем, ён толькі адчыніўся. Ты нырцанеш у атмасферу адноснай нармальнасці, якая панавала перад Вялікай Вадой», — Маўлюк цягнуў за рукаў у супрацьлеглы ад Бібліятэкі бок. Да будынку з крамай, у тарцы якога была бачная шыльда бару.
Але з нармальнасцю троху перагін атрымаўся. Дзеўка за стойкай была ці ў адхадняку, ці па жыцці не надта ветлівая. Раздражнёна сказала, што толькі што падключыла кегі, і што піва на продаж пакуль ёсць адно бутэлькавае. Узялі натуральнага, з Чэхіі.
— Дарагое, відаць, было, — сказаў Маўлюк.
— Што значыць «было»?! — абурылася дзяўчына. — Так! Плацім адразу!
— Ты, Дзікун, не думай, што тады барвуменкі ўсе былі такімі.
— Я шчас Валерыку пазваню, он на вас управу найдзёт!.. Не работае связь.
— Дзікун, я дагэтуль не магу зразумець, як маладыя дзеўкі так хутка пераймалі хабёльства сваіх больш сталых калег? — Маўлюк паклаў на стойку пяць менскіх баксаў.
— Давай за шок яшчэ пяцёрку «іншамарак» дакіну, ёй за сёння яшчэ шмат перажыць трэба.
— Што вы мне суёце, клоўны?! Якія «менскія баксы»? Якія «іншамаркі»? Кнопка выкліку міліцыі ў нас тут вось.
— Хадзем на ганак, красуня, пакурыш, як той казаў, з рабочымі.
Дзеўка выскачыла на двор, убачыла калону вайсковай тэхнікі, мужчынаў ва ўніформах розных масцяў і з рознымі — незнаёмымі, без чырвоных зорак, — знакамі адрознення. Убачыла яшчэ вайскоўцаў, якія заходзілі ў мікрараён Усход з розных бакоў. Убачыла, што на даляглядзе — хмарнае лета, а не сонечная восень. Убачыла і... заплакала.
— Прызвычаішся, дарагая, куды дзенешся. Пакуль будзь на месцы, да цябе падыдуць, возьмуць звесткі, патлумачаць, што адбываецца.
27
Дзікун стаяў на аглядальнай пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі. Куды ні кінь вокам — горад канчаецца лесам. Зусім по-эбач з Бібліятэкай мітусіліся гараджане. Ужо дванаццатая, абедзенны час. А тут побач — гандлёвыя цэнтры, дзе ёсць кавярні і фастфуд. Гадзіна як Купал прыбралі. Але людзі пераважна яшчэ не ведала, што скокнулі на дваццаць сем гадоў наперад. І што цяпер чыстая вада — гэта самая галоўная валюта ў гэтым новым дзіўным свеце. А таму смузі ў цябе ў руцэ, гараджанін, які выйшаў паесці на свежае паветра проста перад калонай вайсковай тэхнікі, гэты смузі цягне грашыма на дзень нармальнага харчавання. Калі зірнуць у бінокль, бачна, што рука гараджаніна дрыжыць ад хвалявання і здзіўлення, смузі плёскаецца.