* * *
Далёка ад азяродаў,
там, дзе між хмарамі-марамі
зоркі ледзь-ледзь мігцяць,
Гусі — га-га! — ляцяць.
Над прыгорбленымі стрэхамі
(што маўчаць каля ліп нерухомых),
Над гразёю — аж дрыжыкі! — вуліц,
над блішчастых лужын холадам,
Над гарадамі-сотамі
(дзе ў светлых ад электрыкі вокнах
снуюць людзі ў піжамах бяссонна),
Над соткамі
(якія хавае змроку заслона),
Над прыазёрнымі чаратамі,
над маякамі,
над вякамі,
Як гуслі —
Гусі.
У вырай, у вырай, у вырай —
Гусі ляцяць.
Ізноў ім, ізноў ім, ізноў ім
за далячыняю далячынь
Звонкім ключом адмыкаць.
Будуць пад імі плысці
рэк паясы
i ветрам абсвістаныя даліны
Украіны.
Ca сваёй вышыні
яны павітаюцца
З аграмадай-Эльбрусам
пад белым абрусам.
Пройдзе паціху
Пад крыламі іхнімі,
Як Зямлі блакітная латка,
Адрыятыка.
А там —
мурожнай саванай-выганам —
гэй, прапусці, маладая вясёлка-арка!
Афрыка...
Далёка ад азяродаў —
што ім дарогі i межы,
што ім граніцы дзяржаў! —
Гусі ляцяць.
Дзікія гусі
ляцяць.
* * *
Памяці Л. Баразны
Жыў хлопец. Мастак. I былі ў яго скарбы —
Вялікае сэрца i ў скрыначцы фарбы!
Браў пэндзаль у пальцы ён не для забавы:
Хацеў ён людзям трошкі сонца прыбавіць,
Адкрыць неадкрытыя колеры радуг
I ў сэрцах пасеяць яшчэ адну радасць!
Ды вось — перастрэлі хлапца два тупіцы,
I свет, што ў фарбах ляжыць яго,
больш не раскрыецца!..
О, людзі, высокае племя! Па-брацку
Нам трэба б за рукі ўсім разам пабрацца...
Няўжо не асілім мы гэтую крыўду людскую —
заўчасную смерць?
Лісце
На дрэве — лісце. Добра ў небе сінім.
Пра вечнасць сні...
Але раптоўна — сівер,
I ліст за лістам — у траву, у прах.
А мы?
Не, мы — не лісце на вятрах!
Зярняты
У поце, у працы здабыты зярняты.
Нямыя, драбнюткія, спіць у вас Заутра.
Спіць Час, сняць Падзеі, мае ўсе надзеі..
Хаця б зберагчы вас ад лютай завеі.
* * *
He веру я, што ў нейкі век
Уладу возьме атам
I сваё месца чалавек
Саступіць аўтаматам.
Я знаю, прыйдзе час, калі
На злосць расістам розным
Скрозь запануе на Зямлі
Непераможны розум!
* * *
Чалавек — бог,
Чалавек — раб.
Чалавек скруціць Казбек у рог,
Чалавек на нагах не трымаецца:
так аслаб.
Чалавек, чалавек —
Загадка,
якую разгадваю век.
Я ведаю пэўна:
ёсць у чалавека сіл незлічоных скарб,
Ды часам ix кіпцюрамі сваімі
трымае раб, як краб.
I так спраку веку —
Ідзе вайна жорсткая (хоць i нябачная)
у чалавеку.
Змагаюцца бог i раб,
Сіла i слабасць,
Святло
І тло.
Хто — каго?
Хто — каго?..
О якім бы прыгожым быў свет,
Каб
У чалавеку
Загінула ўрэшце немач яго —
Раб.
І перамог
Прыроднай яго ўсемагутнасці бог!
* * *
Аднекуль з-пад воблачка —
любуйся любы! —
Злятаюць на мой падаконнік
птахі нябёс — галубы.
Чысцяць дзюбамі пер'е — вур, вур.
Абадкамі вачэй
ловяць раніцы сіняву.
Галубы, галубы —
Яны ніколі не вешаюць галавы.
Яны сумаваць не ўмеюць,
галубяцца
любою
парою.
Натряпяць на хлеба скарынку —
падзеляць заўсёды
пароўну.
Я ніколі не бачыў,
каб біліся яны між сабою
За ежу ці месца
для гнёздаў сваіх пад страхою.
У жыцці для ix
многа не трэба:
Адно
блакітнае неба!
Жывуць у ім, купаюцца ў ім.
Калі ж адпачыць захочуць,
Злятаюць на мой падаконнік
I — ціха вуркочуць.
Вуркачыце ж сабе,
вуркачыце —
Людзей жыць
вучыце.
* * *
Усё паўтараецца з веку ў век:
Ад зары да зары
птушкі пяюць бесклапотна на дрэвах,
A ўначы засынаюць спакойна
на голлі між роснага лісця.
Спяць і, мусібыць, сняць,
як i ўсё на зямлі, пра шчасце,
Нават i блізка не падазраваючы,
Што ў гэты час прачынаюцца іншыя птушкі — совы,
(Хаця якія гэта птушкі —
яны ж i спяваць не ўмеюць!),
Лётаючы ад дрэва да дрэва,
яны свае прагавітыя кіпцюры
упускаюць у птушак сонных —
I гіне за песняй песня.
Раніцай зноў прачынаюцца ўцалелыя птушкі
I, не заўважыўшы нават,
што гэта ж няма ix сябровак,
i зноў бесклапотна пяюць, на дрэвах.
Птушкі, як вам сказаць пра небяспеку?
* * *
Ліст
легкакрылай чайкой
З клёна — свайго гнязда —
Ляціць у палёт...
Ды страчае
Яго
каляін вада.
Ніяк ліст паверыць не хоча
У несправядлівы лёс.
I доўга ў вадзе лапоча,
Рвучыся
у сінь нябёс.
* * *
Бываем мы часам,
што пушчы, запушчаны,
Ідзём па свеце,
як невідушчыя.
Нават ад чорнага
белае
Не заўсёды адрознім
смела.
Мы блытаем, блытаем
вечна
Авечку
з воўкам у скуры авечай.
I часта —
ад роспачы як не крыкну
Прымаем за чыстую праўду
крыўду.
Ля сэрца нават
яе хаваем,
Яе гадуем,
яе люляем,
Покуль яна —
крыўда ёсць крыўда! —
Нам жа пад сэрца
нож не усадзіць
крыва.
* * *
Жыццё пражыць —
не поле перайсці.
Усё тут будзе:
i любоў, i здрады,
I сад, якому зноў i зноў цвісці,
I песня, i ярмо, i барыкады!
Саксаул
Слаўлю саксаул я:
i ў пустыні,
Дзе вятроў раз'юшаных разгул,
Ён прабіўся скрозь пяскі крутыя
І цвіце па-свойму,
саксаул.
* * *
Мы б'ёмся над рыфмай,
рвём жылы на гонях,
Ідзём — за ўсмешку адну! —
у агонь мы,
Клён садзім,
ляцім у захмар'е знічкаю
Шукае, шукае душа гармоніі
У свеце негарманічным.
* * *
Мы ў гэты свет на нейкі міг прыйшлі
I чалавек, i звер, i птушка, i расліна.
Усе мы мацеры адной — Зямлі
I па-братэрску, каб цвісці маглі,
Адзін другога
берагчы павінны!