Маўчанне
Я чуў, што маўчанне — золата,
Што лепш за ўсё чалавеку —
Жыць без голаса.
Немы крык —
распранаюць жанчыну на вуліцы,
Гром —
б'юць бандыты суседа ў жывот нагцакамі,
Але —
трымай язык за зубамі!
Дык хіба ж гэта золата?
Зброя мяшчанства —
маўчанне.
* * *
Мая хата з краю,
Твая хата з краю,
Яго хата з краю...
О, гэта ж была б такая лафа
для злодзеяў,
для гвалтаўнікоў,
для забойцаў,
для тыранаў,
Калі б ўсе хаты стаялі з краю!
Хіцер-Зміцер
Вырастаў у пасёлку адным Зміцер
Па прозвішчу Хіцер.
Не любіў працаваць Зміцер —
Любіў паляжаць Хіцер.
Вось толькі есці часта хацеў Зміцер —
I пачаў шукаць лёгкага хлеба Хіцер.
Надумаў знайсці такую работу Зміцер,
Каб менш зрабіць, ды больш зарабіць, Хіцер.
Хацеў падацца ў навуку Зміцер,
Але пакуль вучонага хлеба паясі,
Богу душу аддасі —
Разважаў Хіцер.
Пайсці на завод наважваўся Зміцер,
Але ж трэба пацець там штодзень —
Ізноў адмаўляўся Хіцер.
Рашыў не шукаць гучнай пасады Зміцер —
Убіўся на складзік гандлёвы Хіцер.
Праўда, зарплату маленькую меў тут Зміцер,
Але ніколькі не сумаваў Хіцер.
На пачатку ледзь не філолагам стаў Зміцер:
Розныя словы ўзяўся вучыць Хіцер.
«Дэфіцыт», «даць у лапу», «грэць рукі»,—
шаптаў Зміцер,
«З-пад палы», «блат», «шыта-крыта»,—
— паўтараў Хіцер.
Назубок зазубрыў словы магічныя Зміцер
I ў ход пачаў памаленьку пускаць ix Хіцер.
Пусціць адно —
«Гарызонт» у кватэры пакручвае Зміцер,
Пусціць другое —
дываном заморскім хваліцца Хіцер,
Трэцяе пусціць —
жонцы футру, як казну, даруе Зміцер,
Чацвёртае — п'е каньякі, ікрой заядаючы, Хіцер.
Не з зарплаты — са слоў гэтых простых
дачу хутка ўзнёс да нябёс Зміцер,
Потым з ix жа, звычайных тых слоў,
«Волгу», як ляльку, «зварганіў» Хіцер...
Кажуць, недзе жыве i па сёння,
спяваючы песенькі, Зміцер
Пa прозвішчу Хіцер.
Качкі
Вось так жыццё ўсё:
ходзяць па двары ўраскачку
I знаць ні пра што не хочуць
ляныя, тлустыя качкі.
Адна ў ix ідэя:
як
Набіць валляк.
На пенсію
Такі закон жыцця ўжо ёсць:
Ледзь прыйдзе старасць, нібы госць,
Табе ўжо ў плечы весела
Лакцем штурхае маладосць:
На пенсію! На пенсію!
I мы, былыя дзеячы,
З абжытых месц устаючы,
Ca скрыпам хто, хто з песняю —
Здаём другім свае ключы —
На пенсію! На пенсію!
I мроіцца нам ціхі рай:
Гурочкі сей, грыбкі збірай,
Навуджвай рыбку прэсную
Альбо ад суму памірай —
На пенсію! На пенсію!
Чуў свет, як выступаў спявак,
Быў ён цудоўнейшы мастак,
Ды час прыйшоў, i спеўся ён.
Што ж, адпачні, браток, раз так —
На пенсію! На пенсію!
А гэты Заг так крэсла ўгрэў,
Так да яго ён прыкарэў,
Так ля яго раз'еўся ён,
Што — не пытай — хутчэй памрэ,
Чым пойдзе сам на пенсію!
Яму, такому таўсцяку,
Што толькі спіць у халадку,
Гукнём: зарос ты плесняю!
Аддай стырно маладняку —
На пенсію! На пенсію!
Амаладжаецца жыццё,
Нібы на дрэве тым лісцё!
Аб «добрай» маці i няўдалым дзіцяці
Сын як сын спачатку быў:
Мілы, круглы, жвавы.
Малако праз соску піў
Ды крычаў на славу.
Рос, i маці праз хлапца
Нават сну не знала:
Пхала сыну без канца
Піражкі ды сала.
— Eш, сынок, каштуй, смакуй...
— Выпі на, мой коцік...
— Можа, хочаш кісяльку?
— Mo падаць кампоцік?
Лез Мікола у пясок,
Дол капаў лапаткай.
Маці:
— Божа! Кінь, сынок,
Кінь яе, дзіцятка!
Ну, хіба ж майму сынку
Ды займацца гэтым?
Будзеш некалі ў мяне
Ты інтэлігентам!
Землякопам жа?
Ого!
Трактарыстам?
Што ты!
Ці ж для розуму твайго
Чорная работа?
На гарачых піражках,
Перніках без ліку
Вырастаў як на дражджах
З Мікалайкі — Міка.
Па двары ганяць футбол
Толькі ён i ведаў.
Забіваў часамі гол...
У вакно суседу.
А ледзь ён за малаток
Ці сякеру браўся,
Маці зноўку:
— Кінь, сынок,
Лепш з мячом бы знаўся!
Ну, хіба ж майму сынку
Ды займацца гэтым?
Будзеш некалі ў мяне
Ты інтэлігентам!
Сталяварам жа?
Ого!
Цесляром?
Ды што ты!
Ці ж для розуму твайго
Чорная работа?
Скончыў Міка школу тут,
Кніжкі ў кут закінуў:
— Што ж ты, маці? У інстытут
Уладкоўвай сына!..
Толькі справы дрэнь былі
У «інтэлігента»:
Як ні лез, не прынялі
Міку у студэнты.
Бедавала маці год,
У слязах была ўся.
— Mo, сынок, хоць на завод
Ты цяпер падаўся б?
— Як?! Быць токарам?
О не!
Цесляром?
Ды што ты!
Хіба ж гэта для мяне
Чорная работа!
Адтапырана губа,
Каля шыі — банцік.
Крочыць ён шукаць забаў,
Рэстаранны францік.
А работа?
Напляваць!
Пыл там, дым — страшэнна!
Лепш ён будзе зарабляць...
Ля чужых кішэняў.
Так i сноўдаўся, як цень,
Каля цёмных вуліц,
Ды аднойчы за каршэнь
Узялі «чысцюлю».
Ну, a маці?
Цэлы дзень
Валасы рве, енчыць:
Хто, скажыце, людцы, й дзе
Мне дзіця скалечыў?..
Замачылі
Купіў сабе касцюм Савось.
Лаўсанавы, чын чынам.
Прыбраўся ў новае i вось
Шыбуе ў парк хлапчына.
Ды тут насустрач дружбакі.
Няўжо Савось, ну й лоўка.
Віншуюць хлопца ў дзве рукі:
— З абноўкай, брат, з абноўкай!
Хадзем замочым — важны ж факт!
Як? Без замочкі пойдзеш?
Дык ён рассохнецца ж,
А так
Не зносіш за стагоддзе!
Над круглым столікам «Зары» —
Насы як памідоры.
П'юць, не шкадуючы, сябры
За Саўкавы уборы.
Ноч, а яны ў «Зары» яшчэ:
— Падбавім мо?
— Падбавім!
I ў шклянкі зноў цячэ й цячэ
Гарэлка для забавы.
Бязлюдна ўсюды. Ціха скрозь.
Ды вось у змроку мутным
Ідзе зігзагамі Савось —
За сем кварталаў чутна.
Ідзе, i ўжо сваіх двух ног
Тут малавата хлопцу.
Савось на ўсіх на чатырох
Гразь па завулках топча.
Назаўтра ўстаў i аж абмяк:
Штаны — хоць ты выкручвай,
А там, дзе кінуў ён пінжак,
Ляжаць адны анучы.
З адчаем Саўка ў грудзі б'е,
Глядзіць на ўборы слёзна.
Кляне сяброў, кляне сябе,
Ды толькі вельмі позна!
Хаця б чаго не выйшла
Жыў ціха Стах, не меў заўваг.
Зайздросцілі ўсе Стаху.
Ды толькі быў надзелен Стах
Залішняй дозай страху.
Не бачыў ён ні зорак-воч,
Hi ў белай пене вішань.
Адно тачыла дзень i ноч:
Хаця б чаго не выйшла!
Выходзіць з дому ў горад Стах,
I мроіцца ўжо Стаху:
Вось на яго — трах-тарарах! —
Наехаў МАЗ з размаху.
А пераход — перш чым ступіць,
Паўдня ў якім зацішшы
Ён, трасучыся, прастаіць:
Хаця б чаго не выйшла!
Да жонкі прыйдзе: легчы б як
Хацеў ён пры каленях.
А што як вырасце сям'я
Ад гэтага хацення?
О не! Хоць жонку i люблю,
Ды дзеці ж — вэрхал лішні.
Лепш дзе пад плотам перасплю:
Хаця б чаго не выйшла!
Для драмгуртка аднойчы Стах
Стварыў знянацку драму.
Ды што як будзе яна — жах! —
Нe даспадобы Саму?
Мо перагнуў? Ці не дагнуў?
I, каб не думаць лішне,
Аддаў ён свой жа твор агню:
Хаця б чаго не выйшла!
Пра той яго ідэйны гарт
Дайшла да клуба чутка.
— Ну, што ж,— сказаў загадчык,— варт!
I меў ён крэсла хутка.
Стаў сам камандаваць гуртком,
Ды, пост свой уявіўшы,
Закалаціўся ўсім нутром:
Хаця б чаго не выйшла!
Прыносяць п'есу — будзь здароў!
Не твор, даводзяць,— глыба!
Зладзеяў, лежняў, махляроў,
Як трэба, б'е па хібу.
Ну, ну, а што, калі й па мне
Той глыбай найвялікшай?
Адразу візу тут? О не!
Хаця б чаго не выйшла!
Ім візу даць? А што, як тхор
Які зарыт тут? Візу!
Ён месяц з лупай гэты твор
Разглядваў — зверху, знізу.
I вось здалося: твор запах,
I праўда, псінай згніўшай.
0, пахаваў яго тут Стах:
Хаця б чаго не выйшла!
Ды тут сказалі Стаху: брат,
Дзе ж ежа для тэатра?
Гарыць аматарскі тэатр!
Куды ж такое варта!
Збялеў наш Стах: i як тут быць?
Мо ён на свеце лішні?
Вяроўку ўзяць? Ці далей жыць?
Хаця б чаго не выйшла!
Ахвяра букваедства
Як людзі, жыў Антось, ды вось
Пачуў параду ў свеце:
— Глядзі, ніколі не вынось
З уласнай хаты смецце.
Прывык Антось любіць статут,
Жыў нават па раскладу.
Таму пачаў адразу тут
Ажыццяўляць параду.
Усё у хаце ён цяпер
Захоўваў да смяцінкі —
Атопкі, друз, цюкі папер,
Рыззё, шмаццё, скарынкі.
Да столі вырасла гара
Ў Антося таго смецця.
Тут схамянуўся ён: пара
Яго хаця б адмесці!
Ды позна: да дзвярэй бядак
Прабрацца ўжо не мог ніяк.
I каб праход сабе прыбраць,
Пачаў ён смецце ушчыльняць.
Ахапкамі старых газет
Даверху забіваў клазет,
А дробныя газеткі
Запіхваў у разеткі.
Так кідаўся ўвесь дзень, ды — гора
Не меньшаліся смецця горы.
Пад вечар, мокры да штаноў,
Упаў Антось без сілы.
Яго гарою рызманоў
У момант прыдавіла.
Брыгадай нейкаю праз дзень
Антось быў адкапаны.
Хто быў там, кожны шапку здзеў:
Памёр ён гэтак рана!
Ды як настаўніку свайму
Прыхільнікі гурбою
Да неба манумент яму
Узнеслі, як герою.
I ix навостраны тапор
На гэтым мануменце,
Каб зналі, выбіў так: «Памёр,
Але не вынес смецця!»
Ода одам
Не заводам,
Не параходам,
Не гарадам,
Не гародам —
Складаю я оду
Одам.
Якія ў ix стройныя строфы!
Якія ў ix трапныя тропы!
Як лоўка яны пад цябе падплываюць,
стругі!
Як вытанчана перабіраюць
душы тваёй струны!
Як дух узвышаюць заўсёды!
О оды!
Оды сталіцам,
Оды дварам,
Оды феліцам,
Оды царам.
Быў цар — чалавек.
Былі i ў яго хібы.
Як i ўсіх, браў яго одум.
Ды вось аддалі цара
одам.
Слоў агняцветных рэкамі,
марамі алею i мёду
Затапілі цара оды.
О як умелі хвалу пець оды!
Галаве — оды,
звілінам розным яе — оды,
вачам, якім за трыста гадоў наперад відаць,— оды,
Рукам, якім дадзена сонца наўкруг рассяваць,— оды,
брывам — оды,
вусам — оды,
вушам — оды...
Так услаўлялі оды цара,
так узвышалі,
так малявалі,
Аж пазнікалі ў яго ўсе бародаўкі, шрамы,
Вуглаватасці i радзімыя плямы,
Пайшло расці тулава ў неба,
у шырыню — плечы,
Запоўніўся лоб.
мудрасцю нечалавечай...
Вось так з чалавека —
ні мала, ні многа —
Оды рабілі
бога.
Шумелі оды,
Шалелі оды,
Ды на зямлю ўжо даўно прыляцелі
Інакшыя годы.
Ходзяць, скісшы,
Одапісцы:
Няма ўжо моды
На оды.
Няма i не будзе.
Хай людзьмі застаюцца людзі!
* * *
Ты пакрывіў душой —
сказаў не тое, што думаў:
Меркаваў, што ілжывае слова тваё —
толькі кропля маленькая ў моры зла.
А што калі кожны гэтак жа сама,
змаладушнічаўшы,
пакрывіць хоць раз у жыцці душой?
З маленькіх кропелек гэтых
утворыцца новае мора,
якое — на колькі яшчэ стагоддзяў? —
Перакрые дарогу
да праўды.
Гузік
Хваліўся гузік ганарыста ўсім,
Што цэлы свет
трымаецца на ім адным.
А аказалася
(о гузік, гузік, як жыццё пражыў ён!),
Трымаў ён
усяго штаны чужыя!
* * *
На дом дзівак
Наводзіць лак,
I — прыгажэе асабняк.
Каму відно, што ўдзень i ўночы
Яго пад лакам шашаль точыць!
Крот
Увесь свой век — у цемры крот,
Грабе зямлю — ад году ў год.
Не знае крот, што над зямлёю
Сонца ходзіць залатое!
* * *
Жыццё адно. А мы — на чаркі, сваркі,
На модны гарнітур, на гальштук яркі,
На рэбус, на чарпак, на карамель
Разменьваем яго,
нібы рубель.