Каментарыi

1. Упершыню - "Полымя", 1965, №№ 2 - 6.


2. Першае кніжнае выданне - Караткевіч У. Каласы пад сярпом тваім. Кніга першая і другая. - Мн.: Беларусь, 1968.


3. Рукапіс рамана захоўваецца ў 43 папцы асабістага архіва пісьменніка (аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН РБ). На пачатковых трох старонках рукапісу ёсць прысвячэнне: Маці маёй. Кожнай беларускай маці, - прысвячаю.; назва: Кніга першая. Выйсце крыніц; эпіграф з ...Мацея, ХVІ; верш "Шчаслівы паўнатою сталай сілы", які быў пасля змешчаны ў зборніку "Мая Іліяда" (1969) пад назвай "На пачатак "Каласоў пад сярпом тваім..." і памета: Пачаў па-сапр.[аўднаму] 27 красавіка 62 г. Пятніца перад вялікаднем. У канцы рукапісу, на 611 старонцы, памета: Канец першай кнігі. 18 мая 1964 г. 23.47

Рагачоў

Мінск

Каралішчавічы

Чалябінск

Мінск.


4. Машынапісы першай кнігі рамана захоўваюцца ў 44, 45, 46, 47 папках асабістага архіва пісьменніка (цяпер - аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН РБ) і ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН РБ, ф. 11, воп. 1, адз. зах. 22 - 30, 32 - 36.


5. У 74 папцы асабістага архіва пісьменніка (аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН РБ) захоўваецца рукапіс двух раздзелаў другой кнігі, з паметай: Кніга другая. БраньТаму што наша брань не супраць крывій цела, але супраць начальстваў,супраць улад, супраць светапрадаўцаў цемры гэтага веку, супраць духоўнай злосці паднябёснай.(Пасланне Паўлы да Эфесцаў)Пачаў 18 верасня 64 г., у 11 г. дня. Дагэтуль напісаны былі раздзелы аб Маскве і некаторыя другія. [...]Два раздзелы з другой кнігі "Брань" пры жыцці пісьменніка не друкаваліся. Упершыню - "Полымя", 1989, № 1.


6. У гэтай жа папцы захоўваюцца накіды да рамана, дзе пададзены яго план і названы героі. Сярод накідаў да рамана, што захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН РБ, ф. 11, воп. 1, адз. зах. 31, ёсць план будучага рамана, які падзелены на наступныя часткі:Частка І. Усход (Сяйва дня).Частка ІІ. Брань.Частка ІІІ. Вараннё (Галгофа). Зыходзячы з гэтага, можна меркаваць, што Уладзімір Караткевіч думаў напісаць раман, у першай частцы (кнізе) якога хацеў паказаць пярэдадзень паўстання, у другой - само паўстанне, у трэцяй - яго разгром і, відаць, вынікі. У далейшым была напісана першая кніга пад назвай "Выйсце крыніц". Сярод рукапісных матэрыялаў пісьменніка (74 папка асабістага архіва) сустракаецца іншая назва другой кнігі - "Страта".Такім чынам, Уладзімір Караткевіч, паводле пачатковай задумы, завяршыў толькі першую кнігу пра паўстанне 1863 - 1864 галоў, што пацвярджае і першадрук, у канцы якога пазначана: Канец першай кнігі. У кніжным выданні 1968 года першая кніга была падзелена на дзве кнігі. І такі падзел захаваўся потым як у выданнях рамана на рускай мове, так і ў беларускім выданні 1981 года.


7. Пісьменнік збіраўся закончыць гэты твор. Напрыклад, 25 кастрычніка 1982 года ён у дзённіку адзначыў: "Цёплыя дні стаяць, але апошняя лістота на ліпах. Так, цяпер складаць зборнік вершаў, а там, можа, калі дасць бог, да вясны рабіць "Каласы". Праўда, час ужо".


8. Перакладзены на рускую мову.


9. Набор рамана зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў. У 8 т. Т. 4. Каласы пад сярпом тваім: раман, кн. 1. - Мн.: Маст. літ., 1989. - С. 5 - 390; Т. 5. Каласы пад сярпом тваім: Раман, кн. 2; Зброя: Аповесць. - Мн.: Маст. літ, 1989. - С. 5 - 415.


10. Набор двух раздзелаў з другой кнігі "Брань" зроблены па выданні: Уладзімір Караткевіч. Творы: Проза. Драматургія. Публіцыстыка. - Мн., Маст. літ., 1996. - С. 448 - 465.


11. "Студзеньскім цёмным світаннем". Раздзел з рамана "Каласы пад сярпом тваім" надрукаваны ў газеце "Літаратура і мастацтва", 1963, 1 лютага. Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў. У 8 т. Т. 5. Каласы пад сярпом тваім: Раман, кн. 2; Зброя: Аповесць. - Мн.: Маст. літ, 1989. - С. 520 - 525.


12. Нататка "Замест пасляслоўя" (пераклад з рускай мовы; у арыгінале - "Вместо послесловия") надрукавана ў кн.: Короткевич В. Колосья под серпом твоим. Книга первая и вторая / Авторизованный перевод с белорусского В. Щедриной. - Мн.: Маст. літ., 1977. Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў. У 8 т. Т. 5. Каласы пад сярпом тваім: Раман, кн. 2; Зброя: Аповесць. - Мн.: Маст. літ, 1989. - С. 525, 526.

Загрузка...