Нават пасля таго, як галоўны ўрач горада, яе равеснік, з валасамі колеру “спелы каштан”, фарбаванымі, ці што, і надзіва дагледжанымі пазногцямі раздражнёна патлумачыў, што ён асабіста ні пры чым, што абласная фармацыя ўзяла дый спыніла пастаўкі таго прэпарата ў горад, бо ўсяго на ўсіх, зразумела, не хапае (“Вы ж бачыце — эканоміка ў заняпадзе, дык адкуль у бюджэце возьмуцца грошы?” — гучна ўшчуваў ён яе, маўкліва-прыніжаную, як калісьці сама яна, у сваю бытнасць выкладчыцай, ушчувала занадта жвавых шкаляроў), — вопытны маніпулятар, ён дабіўся-такі свайго: на момант яна сапраўды адчула сорам, быццам бы прыйшла патрабаваць для сябе нейкіх незаконных ільгот, — так, нават пасля таго, як гэты заклапочаны сваёй знешнасцю дзеяч, дэманструючы танюткую скуру імпартнага пінжака, тэатральна развёў рукамі — маўляў, нічым не магу дапамагчы, — яна не здагадалася яшчэ пра энтрапію. Тысячу разоў (а мо і болей — ніхто не лічыў) даводзіла яна “прасунутым” вучням фізіка-матэматычнага каледжа другі пачатак тэрмадынамікі, шпарка пісала на класнай дошцы формулу, ажно крэйда крышылася пад ейнымі ўпэўненымі пальцамі, — але ў тым кабінеце з рознымі там факсамі-шмаксамі ну проста-такі разгубілася, як дзяўчынка, і думка пра энтрапію, з’явіся яна ў той момант, паказалася б ёй, пэўна, недарэчнай. Ды і што, скажыце, калі ласка, была ёй за справа да астывання любых сістэм — а хаця б і да цеплавой смерці Сусвету, якую прадказваў песіміст Клаузіус! — яе ў той момант хвалявала толькі ўласная смерць, якая не прымусіць сабе доўга чакаць, калі былая настаўніца фізікі, а цяпер пенсіянерка Валянціна Валовіч не здабудзе тое, за чым прыйшла. І таму, узгадаўшы, як галоўурач зарульваў на шыкоўнай “таёце” ува двор, поўны ўшчэнт дабітых машын “хуткай дапамогі”, яна авалодала голасам і даволі цвёрда запыталася, колькі ёй яшчэ чакаць. “Не ведаю. Купляйце прэпарат ў Мінску.” — “Але ж у мяне даволі сціплая пенсія.” — “Ну, пазавіхайцеся як-небудзь! — разнервавана павысіў голас лекар. — Дарэчы, вы не адна такая, каля трохсот жанчын у горадзе маюць патрэбу ў гэтым лякарстве!”
Бяссоннай ноччу, уталопіўшыся ў каменны калодзеж двара, — прыглушана-блакітнае святло ў акне дома насупраць нагадвала акно працэдурнага пакоя ў анкалагічным стацыянары, дзе штоночы сінелі кварцавыя лямпы, — яна намагалася зразумець, чаму ў бюджэце няма грошай, калі з восені квартплата ўзляцела проста-такі да астранамічных велічыняў. Прыкладам, за сваю двухпакаёвую ёй даводзіцца выкладваць цяпер аж пяцьдзесят шэсць тысяч “бээр”. Метастазаў у яе, дзякуй Богу, не выявілася, таму і льгот па квартплаце няма ніякіх: сярод анкалагічна хворых тымі льготамі прадбачліва надзяляюць толькі паміраючых. “Ты ўсё сядзіш, Валянціна, а я вось суб-сі-ды-ю сабе выбегала,” — пахвалілася суседка, таксама пенсіянерка. Звярнулася была і яна за той субсідыяй: “Вось калі б пенсія ў вас на восем тысяч менш... ды кватэра аднапакаёвая...” — прабляялі ў домакіраўніцтве, і яна не стала спрачацца, пайшла сабе, здзіўляючыся ўжо чыста прафесійна, якая моцная ўсё ж такі рэч — магніт бюракратызму, і якое шырокае ён вакол сабе стварае поле, скрыўляючы ўсё прамое адпаведна сваім магнітным лініям, што не маюць ні пачатку, ні канца. Пасля аплаты “камуналкі” у яе заставалася пяцьдзесят тысяч. Жыць было можна (ела яна, што тая птушка, вопратку перашывала), нават сыну дапамагаць. Вядома, пакуль тамаксіфен быў бясплатны...
Тыя таблетачкі пры выпісцы са стацыянара малады, але ўжо змардаваны канвеерам бяды хірург, якому яна, саромеючыся, сунула дзесяць даляраў “на развіццё навукі”, загадаў ёй ужываць на працягу пяці год пасля аперацыі, не прапускаючы ніводнага прыёму з абавязковага курса, так, ніводнага, бо хімічнае рэчыва, якое стрымлівае рост клетак-“забойцаў”, хутка выводзіцца з арганізма. І яна, думаючы, вядома ж, пра сына — бо толькі дзеля свайго хлопчыка і змагалася за жыццё! — з добрасумленнасцю савецкага педагога штодня прынімала лякарства. Але неўзабаве тамаксіфен знік з усіх аптэк райцэнтра, і льготныя яе рэцэпты (нядоўга радавалася, што хоць гэта — бясплатна) ператварыліся ў бескарысныя паперкі з круглымі пячаткамі.
Няўжо тры сотні яе зямлячак, скрушна думала Валянціна, многім з якіх яшчэ “паднімаць” дзяцей (з усіх яе таварышак па анкалагічнай палаце толькі яна мела дарослага сына), — дык няўжо ж нас, гаротніц, проста кінулі?! — слоўка, дарэчы, з лексікону яе ўнучкі і, як ўсе тыя моўныя “эксцэнтрызмы”, пульсуюча-гарачае, жывое. Бо ўнутры мовы таксама адбываліся нейкія незваротныя працэсы (узрастанне энтрапіі, няйнакш, але гэта яна зразумее пазней, значна пазней): асобныя словы астывалі, ператвараліся ў мёртвыя абалонкі-шкарлупіны, унутры якіх — пустата, нішто. Калі яна адчула гэта ўпершыню? У кабінеце галоўурача? Або яшчэ раней — у анкалогіі? Дарэчы, там, у анкалогіі, яна ад тугі ўзялася чытаць замежны раман, які належаў маладзейшай з іх, студэнтцы Святлане, — у тым рамане мурашы так-такі і зжэрлі нованароджанае дзіця, пакінуўшы ад яго пустую абалонку. Такія вось выпатрашаныя абалонкі засталіся ад слоў “СУМЛЕННЕ”, “СПАГАДА”, “ЛЮБОЎ”. Хіба ў нашых медычных установах — дый не толькі ў іх! — завяліся міфалагічныя тэрміты, з горыччу разважала яна, але і тады — вось дзівачка! — не задумалася яшчэ пра ўсеагульную энтрапію.
Замест гэтага запісалася на прыём да дэпутата, за якога галасавала тры гады таму на парламенцкіх выбарах, — ён зрэдку наязжаў са сталіцы, дзе атабарыўся, у родную акругу. “Не хадзі, пустое”, — адгаворваў яе Андрэй, сын, па дзіцячай звычцы нізка схіліўшы голаў над талеркай супа, — машынабудаўнічы завод, дзе ён за сто пяцьдзесят тысяч у канструктарскім бюро “кантаваўся”(яшчэ адно ўнучкіна выслоўе, цешча ж казала больш жорстка: “прасіжваў штаны”), — завод той быў літаральна ў двух кроках ад яе дома, і ў абедзенны перапынак сын забягаў перакусіць (ў сталоўцы было дорага). Прыходзіў і пераказваў пачутае ад Наташы, жонкі, якая працавала на тым жа заводзе на складзе каляровых металаў: як генеральны з хаўруснікамі “пазычылі” са склада стратэгічны запас сыравіны, нарыхтаваны па асаблівым спісе на выпадак вайны, як пусцілі той метал на няўлічаную прадукцыю, як “загналі” яе, а грошы (“энзэшны” метал жа “халяўны”!) паклалі сабе ў кішэні, як спісалі і замянілі — так спрытна, што ніводная праверка не падкапалася! — зрасходаваныя медзь ды срэбра на новыя — ці не з дапамогай таго самага дэпутата, ранейшага дырэктара завода? Потым Андрэй, як звычайна, пераходзіў да асабістага, скардзіўся на нішчымніцу: дачка хварэе, патрэбны лекі, добрае харчаванне, а заробак мізэрны зноў затрымліваюць... жонка, каб падзарабіць, пацягнулася на Беластоцкі рынак за таварам і, узваліўшы на плечы вялізны рулон дывана (заказ дырэктарскай сакратаркі), там жа і асунулася... вядома, таваркі завалаклі ў аўтобус і яе, і той д’ябальскі дыван, але цяпер Наташа ляжыць — не падымаецца, скрыгоча зубамі ад болю ў пазваночніку...
Ад манатоннага голасу сына, дрыжання ягоных пальцаў (апошнім часам, нявестка скардзілася, ён часцяком вяртаўся дамоў нападпітку, казаў, частуюць сябры), ад усяго ягонага зацкаванага выгляду ў левай грудзі, дзе была пухліна, пачынала нібыта паколваць тупой іголкай, і хацелася зрабіць штосьці непамыснае, але што яна магла зрабіць, што?! Хіба выкласці на стол перад тым дэпутатам бясплатныя (а то ж! бясплатныя!) інвалідныя ліфчыкі, якія атрымала днямі на пратэзным заводзе: няхай забірае назад сваю “ільготу” збяднелая дзяржава, а яна, Валянціна, абыдзецца неяк, паперашывае старыя, толькі б трыста жанчын іхняга горада маглі па-ранейшаму атрымліваць тамаксіфен! Так, яна, як і тыя жанчыны, мусіла жыць, бо ніколі яшчэ сын не здаваўся ёй такім безабаронным, нават трыццаць пяць год таму, у радзільні, калі акушэрка паклала поруч два скруткі з аднолькавымі ружовымі тварыкамі (зараз у гарадской радзільні двое родаў запар сталіся б цудам); тое, другое немаўля, працягвала сабе спаць, не зразумеўшы яшчэ, што назаўжды выкацілася спелым яблычкам з райскага саду, а ейны галубок нецярпліва, з грымаскай пакуты на тварыку, круціў галоўкай туды-сюды, аж расчырванеўся, небарака, пакуль не патрапіў роцікам на акрайчык казённае коўдры, у якую быў спавіты, не пачаў смактаць прагна тую пажаўцелую ад аўтаклавіравання анучу... Ах, Божа ж мой! Ёй у той момант якраз зашывалі штосьці там, унізе, разарванае маладым жыццём, што пёрла з яе напралом; яна бачыла, як мільгае ў руцэ ўрачыхі іголка з ніткай, але болю не адчувала — адно шчаслівае замілаванне... Пазней яна даведалася, што некаторыя жанчыны здольныя перажыць у родах незвычайную асалоду, мацнейшую нават за аргазм — пэўна, яна была з такіх... Тая пяшчота, што захлынула яе, калі акушэрка агаліла ёй грудзі і паднесла дзіця, каб яно высмактала першыя кроплі малозіва, — тая пяшчота была асалодай куды мацнейшай за няўклюдныя торганні ў ложку з мужам, які хутка сышоў ад іх і пра якога яна не любіла ўспамінаць.
Аднак было ў тым шчасці ад самага пачатку штосьці чужароднае, нейкая чарвяточына ў райскім яблычку: страх. Так, менавіта ў той момант, калі ружовы роцік пачне патрабавальна церабіць ейную смочку, яна адчуе... выразны страх смерці, які ўжо з таго часу не пакіне яе, так, не пакіне. І цяпер, калі дарослы сын разгублена сядзеў перад ёю, нізка схіліўшы голаў, яна адчувала, як той страх паколвае ў грудзях тупой іголкай, падбіраецца да сэрца. Ёй нельга паміраць! Нельга, бо як жа Андрэй застанецца без яе ў гэтым свеце мёртвых слоў і выпатрашаных паняццяў?! Але... нітка, якая здавалася бясконцай, выслізнула з вузенькага вушка, і іголка ператварылася ў імітацыю старажытнага інструмента, якім робіць сваю работу кашчавая. І Валянціна адштурхнула руку з востра наточанай касой, і пайшла-такі да дэпутата. І толькі там, убачыўшы ў прыёмнай твар народнага выбранніка — барвовы, наліты спелай крывёю, як разламаны кавун, з чорнымі драбнюткімі семечкамі вочак, і гэтымі хціва пабліскваючымі вочкамі збоку ўбачыўшы сябе — інтэлігентную жанчыну ў старамодным капялюшыку, з жаўтавата-пергаментнай скурай абвіслых шчок, яна раптоўна — так у момант катастрофы асфальт, якому належыць мірна шаргацець пад нагамі, займае месца неба — здагадалася, нарэшце, пра энтрапію.
Здагадалася? Не, гэта не было высілкам ейнае думкі; хутчэй, было падобна на тое, як быццам бы нехта іншы напісаў крэйдаю на школьнай дошцы, з якой сцёрты ўвесь папярэдні, выдатна засвоены матэрыял, — напісаў на паверхні яе свядомасці, нібыта на дошцы, добра знаёмую формулу, якая — вось гэта і ўразіла! — аказалася нечым большым, чым проста суадносінамі паміж энтрапіяй S і тэрмадынамічнай верагоднасцю W. Прыродныя працэсы заўсёды імкнуцца перавесці матэрыяльную сістэму ў такі стан, у якім яна, сістэма, мае найвялікшыя шанцы захавацца нязменнай. Вобразна кажучы, дзеці, верагоднасць “выжывання” сістэмы і ёсць энтрапія. Вытанчаны храм мае вялікія шанцы быць разбураным, бо мае нізкую энтрапію, а булыжнік праляжыць некранутым стагоддзі. Гарачыя вулканы рана ці позна патухнуць і застынуць пляўкамі мёртвае лавы, якая ніколі ўжо не ўваскрэсне, затое такі астылы плявок захаваецца, пэўна, да канца свету, і не дзіўна: энтрапія ў яго максімальная. Ці магчыма, што і чалавек падпарадкоўваецца таму ж жалезнаму закону? Як і любая матэрыяльная “сістэма”, ён схільны да самаразбурэння, і, відавочна, тым у большай ступені, чым больш у ім уласна чалавечага... Цяпер вам, нарэшце, зразумела, дзеці, чаму СУМЛЕННЕ, СПАГАДА і... правільна, ЛЮБОЎ! — абмяжоўваюць нашыя шанцы на выжыванне? Затое ўсё груба-таўстаскурае і прымітыўнае мае зайздросную энтрапію і, адпаведна, бесклапотнае існаванне — язык не паварочваецца назваць гэта жыццём, зрэшты, у духоўным плане гэта ўжо і не жыццё, а амаль што стан неарганічнай матэрыі. Бо чалавек у Сусвеце вызначаецца менавіта любоўю і схільнасцю да самаахвярнасці... Але ці не ўсё роўна той “чалавекасістэме” з тварам-кавуном і хцівымі вочкамі, у якую катэгорыю занясе яе бясстрасны Сусветны Розум, — калі Ён, зразумела, ёсць, і калі ўсе гэтыя думкі, што нехта (пэўна, яе ж, Валянціны, дагэтуль невядомае, прыхаванае “Я” — а хто ж яшчэ?) напісаў крэйдай на школьнай дошцы ейнай свядомасці, — калі думкі тыя — не адно трызненне?
...О, тыя мёртвыя “чалавекаабалонкі” заўсёды добра “ўладкаваныя”, і перакормленыя іхнія дзеці лянотна жуюць гумку за таніраваным шклом нятанных аўто! Дарэмна хадзіла яна па кабінетах мясцовых начальнікаў: яны ніколі не пойдуць насуперак закону энтрапіі, спачуваючы камусьці іншаму. Згорбіўшыся, нібыта састарэла ў імгненне, яна пакінула прыёмную, так і не пагаварыўшы з тым, да каго прыйшла.
А што ж з усяго гэтага вынікае? — ужо дома працягвала яна ў думках свой уяўны урок, маналог, так бы мовіць, перад апусцелым класам (вучні даўно на канікулах, і толькі дзівак-настаўнік самотна стаіць ля дошкі з крэйдаю ў сціснутых пальцах), — а вынік, даражэнькія, просты: калі чалавек ідзе насуперак усеагульнаму аскаціньванню, прыходзіць смерць са сваім старажытным інструментам. Так, смерць падпарадкоўвае-такі адшчапенца ўсеагульнаму закону, бо прах, у рэшце рэшт, мае максімальную энтрапію.
Яна, Валянціна Валовіч, была з самага пачатку асуджаная на паразу ў гэтай гульні са смерцю, бо любіла і баялася, а страх і любоў ёсць самыя чалавечыя з усіх пачуццяў. Ды і што ёсць любоў да дзяцей, калі не вечны, ні на хвілю не адпускаючы страх, які, нібыта джала змяі, раздвойваецца на страх памерці самой (бо да болю шкада дзіця, пакінутае ў чужым варожым свеце) і страх за ягонае жыццё, бо без сына страчваўся сэнс ейнага існавання. У маленстве Андрэй часта хварэў, аднойчы ў яго нават здарыўся прыступ фебрыльных сутаргаў — Божа, яна ледзь не звар’яцела тады, і хоць урачы тлумачылі пасля ўсіх абследванняў, што ніякай эпілепсіі ў яе хлопчыка няма і сутаргі могуць больш ніколі не паўтарыцца, яна ўсё ж не дала веры лекарам, і варта было Андрэю схапіць банальны катар, проста-такі ўпадала ў паніку, ночы прасіжвала ля ягонага ложка, сачыла за спячым, ці не трымцяць у яго, барані Божа, ручкі ды ножкі. Ад урокаў фізкультуры, розных там палявых работ яна вызваляла яго, прыніжана выклянчваючы “даведачкі” у школьнага ўрача. Калі ён вучыўся ў інстытуце, зноў жа здабывала яму вызваленні ад будатрадаў. Нарэшце, сын уладкаваўся на завод амаль побач з домам, ажаніўся... Яна ўздыхнула з палёгкай, але тут грымнула эпоха перамен. Таварышы Андрэя пасыходзілі з паміраючага прадпрыемства, пачалі “круціцца”, займелі ўласныя дамы ды машыны, а ён працягваў сядзець у КБ, вычэрчваць ужо амаль ірэальныя карцінкі нікому не патрэбных агрэгатаў, жыць з сям’ёй у драўлянай прыбудове да цешчынай хаты...
Усё часцей сын з’яўляўся да яе нападпітку — і гэта з ягоным здароўем! П’яны, ён быў з ёю ласкавы, як у дзяцінстве, — яе маленькі хлопчык! — а працверазеўшы, моўчкі ляжаў на канапе і паліў, або скардзіўся на жыццё нейкім згаслым, манатонным голасам, і ёй рабілася вусцішна: мроілася, што перад ёю не Андрэй, а мёртвая пустая абалонка. Здагадвалася, што жонка і цешча рэгулярна “пілуюць” яго за безыніцыятыўнасць, няўменне зарабіць больш-менш прыстойныя грошы, і, невядома чаго саромеючыся, — то ж ейны хлопчык, кравіначка! — ціхенька соўвала яму ў кішэню зэканомленую ад пенсіі дзесятку. Каб не засмучаць яго, схлусіла, што пабывала-такі на прыёме ў дэпутата: “Ведаеш, ён абяцаў, добры чалавек, разабрацца і дапамагчы!” — і Андрэй, як ні дзіўна, тым і задаволіўся, не цікавіўся больш, ці атрымала яна тамаксіфен; не супакоілася толькі нявестка — дарэчы, менавіта Наташа і выпхнула сёння яго са стосам бясплатных рэцэптаў на ранішняй электрычцы ў Мінск: “Маці памірае, а ты так і будзеш ляжаць, смаліць у столь?”
Зрэшты, не адзін ейны сын такі, думала яна, стоячы ля акна ў чаканні, — двор быў засцелены прасцінай снегу, жаўтавата-шызай ад зносу, з грубым вываратным швом самотнага сабачага следу пасярэдзіне, з бальнічным вуглавым штампам счарнелай ад сырасці пясочніцы, — не адзін Андрэй наліваецца па вечарах танным віном: так робіць большасць мужчын у іхнім горадзе. Цяпер — толькі цяпер! — яна пачала разумець, што цяга да алкаголю таксама, пэўна, абумоўлена духоўнай энтрапіяй: такім чынам мужчыны прымушаюць замаўчаць сумленне, спагаду і... страх, часова прыпадабняюцца памерлым. Але ж заканчваецца той самападман досыць сумна: ранкам мужчыны прачынаюцца, ахопленыя яшчэ большым страхам і адчаем, у яшчэ больш моцных цісках жалезнага закону. І тады, тады... учыняюць самагубствы, паміраюць ад хвароб. Так, паміраюць насамрэч...
Дый чаго яно вартае, такое жыццё?!
Гэтыя думкі ўсхвалявалі яе, моцна ўсхвалявалі; тым часам вецер за акном ашалела біўся, як клаустрафоб, у замкнёнай прасторы двара, і амаль так жа білася ў клетцы звыклых уяўленняў яе думка... Зноў узгадалася студэнтка Святлана, суседка па анкалогіі, — на тумбачцы ў той ляжала забагата кніжак, яна, Валянціна, яшчэ паспачувала: маўляў, дзяўчына наўрад ці паспее ўсё прачытаць — так прама на вачах зжыраў яе хуткацечны рак. Святлана аднойчы распавяла ім, няшчасным кабетам, пра нейкіх людзей, якія быццам бы жывуць — дзіўная рэч, калі прыняць да ўвагі энтрапію! — не толькі не вынішчаючы ў сабе любоў, а пашыраючы яе на ўсё жывое. А калі да іх прыходзіць смерць, яны ўнутрана даюць на гэта згоду, бо смерць, накшталт школьнай вучыцелькі, усяго толькі сцірае з класнай дошкі засвоены матэрыял, ператвараючы яе гладкую паверхню ў імітацыю некранутай роўнядзі вод, над якою насіўся НАПАЧАТКУ Боскі Дух... Так, тыя людзі, нібыта бессмяротныя богі, самі твораць свой Сусвет ад пачатку да канца.
Валянціна тады толькі паўсміхалася пра сябе: хіба існуюць насамрэч людзі, якія любяць усіх і не баяцца смерці? А цяпер задумалася над тым нібыта парадоксам; неадчэпныя думкі вялі яе ўсё далей... Вецер між тым раз’юшана кідаўся на сцены дамоў, ажно трымцелі металёвыя карнізы, а потым узмываў вышэй за дахі, і адтуль, выгінаючы па-змяінаму гнуткі хрыбет, дудзеў у трубу бетоннага калодзежа... У адной з тых кніжак, што грувасціліся на тумбачцы ў Святланы, — яна, Валянціна, узяла яе пагартаць, каб прагнаць страх і боль пасля аперацыі, — была змешчана выява бога ветру старажытных індзейцаў. “Змяя, пакрытая пёрамі птушкі Сонца” — так гучала дзіўнае імя таго божышча, недарэчнай, з яе, Валянціны, пункту глеждання, істоты, бо, не маючы сапраўдных крылаў, змяя, вядома ж, не магла лятаць, а пер’е ўздоўж тулавішча, няхай нават і было яно як у птушкі Сонца, толькі перашкаджала поўзаць па зямлі. Тады Валянціне, зразумела, было не да таго, каб цікавіцца паганскімі прымхамі, а цяпер, слухаючы выццё ветра за акном, яна ўпарта раздумвала над тым, навошта ж той змяі боскае ці анёльскае апярэнне.
І сапраўды — навошта?..
Грукнулі дзверы ў вітальні; Андрэй, худы, у паношанай куртачцы і вязанай шапачцы, няголены, прайшоў у пакой, выклаў на стол непатрэбныя паперкі з круглымі пячаткамі: “Бясплатна па мясцовых рэцэптах у Мінску не даюць...” Адарвалася ад акна: “Я ж казала, сынок, не трэба было і час губляць...” Падышла, абняла свайго хлопчыка. І — адхіснулася: у твар ударыў пах алкаголю. Ён зразумеў, адхіліўся ўбок, неахвотна патлумачыў: “Сябра сустрэў у электрычцы... ён півам пачаставаў... Дарэчы, — працягваў Андрэй, — купіць прэпарат у сталічных аптэках можна... я падлічыў: на месячны курс табе трэба каля дваццаці тысяч...”
Глядзела, як ён есць, нізка нахіляючыся над варывам з нечага, што з вечнай схільнасцю гандлю да эўфемізмаў называецца “супавым наборам”...
Вецер за акном зусім звар’яцеў, круціўся ў нейкай экстатычнай плясцы, нібыта індзейцы пад шаманаў бубен... Міжволі яна падлічыла ўсё, і калі сын устаў з-за стала, абціраючы рот рушніком, ужо ведала “расклад”: пенсія — 106, квартплата — 56, тамаксіфен — 20... На існаванне целу, яшчэ жывому, яшчэ патрабуючаму нейкіх клопатаў аб сабе, застаецца трыццаць тысяч рублёў. Нібыта прачытаўшы ейныя думкі, Андрэй пахмурна кінуў: “У мяне праз тыдзень палучка. Калі не затрымаюць, вядома. Куплю табе тваё лякарства”. Яе слых неяк непрыемна разанула гэта “табе, тваё”, але справа была ў іншым: унучка, празрыста-блакітная скура схуднелага тварыку, вялізныя вочы... Унучка месяц ужо ляжала ў лякарні з запаленнем лёгкіх. “Не уздумай! — рашуча сказала яна. — Грошы патраць на дачку. Купі садавіны, вітамінаў.” — “Куплю табе тваё лякарства,” — з п’янай настойлівасцю паўтарыў Андрэй.
Пасля ягонага сыходу памыла посуд, прыбрала ў пакоі. Зараз сын наўрад ці ўсведамляе, што сказаў; але заўтра, працверазеўшы, акажацца перад непамысным, нечалавечым выбарам: каго ратаваць — маці або дачку, на каго патраціць апошнія грошы. У ім прачнуцца яшчэ жывыя сумленне, спагада, любоў, якія не ўзнімуць яго на крылах дагары, не прымусяць дзейнічаць — на гэта ён не здольны (ці ж не яна, маці, у тым вінаватая?), а яшчэ ніжэй прыціснуць да зямлі, як, пэўна, пацяжэлыя ад дажджу, запэцканыя брудам сонечныя пёры — тую няўклюду-змяю... І ён не вытрымае, зноў пабяжыць за чаркай, каб забыцца на сам той жахлівы выбар...
Падышла да тэлефона, набрала нумар. Адказала свацця. Пасля стандартных фраз пра здароўе — на месцы левай грудзі між тым калола тупой іголкай — папрасіла паклікаць Андрэя. “Спіць твой Андрэй, — пахмурна адазвалася свацця. — Дрыхне без задніх ног.” — “Тады перадайце яму, калі ласка, Антаніна Пятроўна, толькі адразу ж, як прачнецца... мне толькі што тэлефанавалі ад нашага дэпутата, дык вось, ён разабраўся, дапамог... тамаксіфен заўтра паступіць у гарадскія аптэкі, і я зноў буду атрымліваць яго... бясплатна...”
Вярнулася на кухню. У прааперыраванай грудзі зноў адчула нейкую пульсацыю. Што ж, яна купіць тамаксіфен на сваю пенсію, так, купіць. Галоўнае цяпер — выратаваць унучку. А трыццаць тысяч, якія застануцца ад пенсіі — гэта паўбуханкі хлеба і пакет малака на дзень. Нічога, у вайну людзі горш жылі. Вядома, яна не зможа больш дапамагаць сыну, але... Андрэй павінен прызвычаіцца да таго, што хутка застанецца ў гэтым свеце без яе. Так, без яе. Бо колькі яна вытрымае ўбойную моц “хіміі” пры такой “дыеце”? Месяц? Год? Можа, наогул не здолее прымаць тую атруту на галодны, лічы, страўнік, і хутка вырашыць кінуць тое лячэнне-мучэнне? Зрэшты, гэта ўжо няважна...
Яна, Валянціна Валовіч, больш не баіцца смерці.
Зноў успомнілася студэнтка Святлана, яе абсалютны спакой, яе незвычайная цеплыня ў адносінах да хворых і нават да грубых санітарак...
Э-эх! Чалавеку не дадзена крылаў, каб узнесціся над жалезнымі законамі жыцця, над уласнай знямогласцю і хуткай, як ні круціся, смерцю; але пёры птушкі Сонца (ці Каго-Там-Яшчэ?), бач, вытыркаюцца ў таго-сяго з нас. Як жа няўтульна з такім “упрыгожаннем” на астылай, пустой абалонцы Зямлі!.. І не ўратаваліся ж тыя інкі ці майя, не ўратаваліся, калі сышлі на бераг барадатыя іспанцы Картэса! Дык навошта ж Змяі тыя пёры птушкі Сонца? Навошта?!