- Што з iмi здарылася? - спытала яна зноў i паказала яму свой павялы букет.
- Ведаеш што? - сказаў студэнт. - Кветкi выправiлiся ноччу на баль, вось i апусцiлi цяпер галоўкi!
- Ды цi ж кветкi танцуюць! - сказала маленькая Iда.
- Танцуюць! - адказаў студэнт. - Па начах, калi навокал цёмна i мы ўсе спiм, яны так весела скачуць адна з адной, такiя балi наладжваюць - проста дзiва!
- А дзецям нельга прыйсцi да iх на баль?
- Чаму ж, - сказаў студэнт, - бо маленькiя маргарыткi i ландышы таксама танцуюць.
- А дзе танцуюць самыя прыгожыя кветкi? - спытала Iда.
- Ты ж бывала за горадам, там, дзе вялiзны палац, у якiм летам жыве кароль i дзе такi дзiўны сад з кветкамi? Памятаеш лебедзяў, якiя падплывалi да цябе за хлебнымi крошкамi? Вось там i бываюць сапраўдныя балi!
- Я яшчэ ўчора была там з мамай, - сказала маленькая Iда, - але цяпер на дрэвах больш няма лiсця, а ў садзе няма кветак. Куды яны падзявалiся? Улетку iх так багата!
- Яны ўсе ў палацы, - адказаў студэнт. - Трэба табе сказаць, што як толькi кароль i прыдворныя пераедуць у горад, кветкi адразу ж уцякаюць з саду ў палац, i там для iх надыходзiць вясёлы час! Вось бы табе паглядзець! Дзве самыя прыгожыя ружы садзяцца на трон - гэта кароль з каралевай. А чырвоныя пеўнiкавыя грабеньчыкi становяцца каля iх, стаяць i кланяюцца, - гэта камер-юнкеры. Потым прыходзяць iншыя цудоўныя кветкi, i пачынаецца баль. Пяцынты i крокусы робяцца маленькiмi марскiмi кадэтамi i танцуюць з паненкамi - блакiтнымi фiялкамi; а цюльпаны i вялiкiя жоўтыя лiлеi - гэта пажылыя дамы, i яны сочаць за тым, каб усе танцавалi адметна i наогул паводзiлi сябе прыстойна.
- А кветачкам не перападзе за тое, што яны танцуюць у каралеўскiм палацы? - спытала маленькая Iда.
- Дык жа нiхто не ведае, што яны там танцуюць! - адказаў студэнт. Праўда, стары наглядчык iншы раз зазiрне ў палац ноччу з вялiзрай вязкай ключоў у руках, але кветкi, як толькi пачуюць бразгаценне ключоў, адразу ж сунiмаюцца, хаваюцца за доўгiя фiранкi, якiя вiсяць на вокнах, i толькi ледзь-ледзь выглядваюць адтуль адным вокам. "Тут штосьцi пахне кветкамi!" бурчыць тады стары наглядчык, а бачыць нiчога не бачыць.
- Вось цiкава! - сказала маленькая Iда i нават у далонi запляскала. - I я таксама не магу iх убачыць?
- Можаш, - сказаў студэнт. - Варта табе толькi, калi зноў пойдзеш туды, зазiрнуць у акенцы. Вось я сёння бачыў там доўгую жоўтую лiлею; яна ляжала i пацягвалася на канапе - уяўляла, што з'яўляецца прыдворнай дамай.
- А кветкi з Батанiчнага саду таксама могуць прыйсцi туды, хаця сад далёка ад палаца?
- Ну, канешне, могуць! - адказаў студэнт. - Бо яны ўмеюць лётаць i лётаюць, калi захочуць. Цi ж ты не заўважыла, якiя прыгожыя матылькi, чырвоныя, жоўтыя, белыя? Яны зусiм як кветкi i калiсьцi былi кветкамi. Аднойчы скочылi яны са сцяблiнкi высока ў паветра, запляскалi пялёсткамi, быццам малюпасенькiмi крылцамi, i паляцелi. I, менавiта таму, што яны паводзiлi сябе добра, iм дазволiлi лётаць i днём. Цяпер iм ужо не патрэбна было вяртацца дадому i сцiшана сядзець на сцяблiнцы, вось iх пялёсткi i пераўтварылiся ў сапраўдныя крылцы. Ты ж гэта сама бачыла. Хаця, магчыма, кветкi з Батанiчнага саду i не бываюць у каралеўскiм палацы. Магчыма, яны нават не ведаюць, як там весела па начах! Вось што ты павiнна зрабiць, - i няхай потым здзiўляецца прафесар батанiкi, якi жыве тут побач, ты ж яго ведаеш? - Калi прыедзеш у яго сад, раскажы якой-небудзь кветачцы пра вялiкiя балi ў каралеўскiм палацы! Кветка раскажа пра гэта астатнiм, i ўсе яны збягуць. Прафесар прыйдзе ў сад, а там нiводнай кветачкi! Вось ён здзiвiцца! "Куды ж яны падзелiся?" - падумае.
- Ды як жа кветка раскажа iншым? Кветкi ж не размаўляюць.
- Вядома, не, - адказаў студэнт, - затое яны ўмеюць гаварыць знакамi. Ты сама бачыла, як яны пагойдваюцца, ледзь падзьме ветрык, як варушаць сваiмi зялёнымi лiсточкамi. I яны гэтак жа добра разумеюць адна другую, як мы, калi гутарым.
- А прафесар разумее iх? - спытала маленькая Iда.
- А як жа ж! Аднойчы ранiцай ён прыйшоў у сад i бачыць, што высокая крапiва робiць знакi сваiм лiсцем цудоўным чырвоным гваздзiкам. Вось што iм казала крапiва: "Вы такiя мiлыя, я вас вельмi люблю". Прафесару гэта не спадабалася, i ён ударыў крапiву па лiсцi, а лiсце ў яе - усё роўна, што ў нас пальцы, - ударыў i апёкся! З той пары ён не асмельваецца яе чапаць.
- Вось цiкава! - сказала маленькая Iда i засмяялася.
- Ну цi ж можна забiваць дзiцяцi галаву такой брыдотай? - абурыўся сумны саветнiк, якi таксама прыйшоў у госцi да бацькоў Iды i сядзеў на канапе.
Ён цярпець не мог студэнта i вечна бурчэў на яго, асаблiва калi той выразаў мудрагелiстыя, забаўныя фiгуркi, накшталт чалавека на шыбенiцы i з сэрцам у руках - яго павесiлi за тое, што ён краў сэрцы, - цi старой ведзьмы на мятле, з мужам на носе. Усё гэта вельмi не падабалася саветнiку, i ён заўсёды паўтараў:
- Ну цi ж можна забiваць дзiцяцi галаву такой брыдотай? Дурныя выдумкi!
Але Iду вельмi захапiў расказ студэнта пра кветкi, i яна думала пра гэта цэлы дзень.
"Значыць, кветачкi павесiлi галоўкi таму, што стамiлiся пасля балю!" I маленькая Iда пайшла да свайго столiка, дзе стаялi ўсе цацкi; скрынка столiка таксама бiтком ляжала набiта розным дабром. Лялька Сафi ляжала ў сваiм ложку i спала, але Iда сказала ёй:
- Табе прыйдзецца ўстаць, Сафi, i паляжаць гэтую ноч у скрынцы: бедныя кветкi хворыя, iх трэба пакласцi ў тваю пасцельку, - магчыма, яны стануць здаровымi!
I яна выцягнула ляльку з ложка. Сафi паглядзела на Iду вельмi незадаволена i не сказала нi слова, - яна раззлавалася за тое, што ёй не даюць спаць у яе пасцелi.
Iда паклала кветкi, ухутала iх старанна коўдрай i загадала iм ляжаць цiха, за гэта яна абяцала напаiць iх гарбатай, i тады яны ўстануць заўтра ранiцай зусiм здаровымi! Потым яна зашморгнула шторы, каб сонца не свяцiла кветкам у вочы.
Расказ студэнта не выходзiў у яе з галавы, i, кладучыся спаць, Iда не магла ўстрымацца, каб не зазiрнуць за фiранкi, зашморгнутыя нанач; на акенцах стаялi цудоўныя мамiны кветкi - цюльпаны i гiяцынты, i маленькая Iда прашаптала iм:
- Я ведаю, што ў вас ноччу будзе баль!
Кветкi стаялi як нi ў чым не бывала i нават не варухнулiся, што з таго, што маленькая Iда штосьцi такое ведала.
У пасцелi Iда доўга яшчэ думала пра тое ж i ўсё ўяўляла сабе, як гэта павiнна быць мiла, калi кветкi танцуюць! "Няўжо i мае кветкi былi на балi ў палацы?" - падумала яна i заснула.
Але сярод ночы маленькая Iда раптам прачнулася; яна бачыла ў сне кветкi, студэнта i саветнiка, якi лаяў студэнта за тое, што той забiвае ёй галаву абы чым. У пакоi, дзе ляжала Iда, было цiха, на стале гарэў начнiк, i тата з мамай моцна спалi.
- Хацелася б мне ведаць: цi спяць мае кветкi ў пасцельцы? - сказала маленькая Iда сабе i прыпаднялася з падушкi, каб паглядзець у паўрасчыненыя дзверы, за якiмi былi яе цацкi i кветкi; потым яна прыслухалася, - ёй здалося, што ў тым пакоi iграюць на фартэп'яна, але вельмi цiха i пяшчотна; такой музыкi яна нiколi яшчэ не чула.
- Гэта, пэўна, кветкi танцуюць! - сказала Iда. - Божа, як бы мне хацелася паглядзець!
Але яна не асмелiлася ўстаць з пасцелi, каб не разбудзiць тату з мамай.
- Хоць бы кветкi ўвайшлi сюды! - сказала яна.
Але кветкi не ўваходзiлi, а музыка ўсё працягвалася, такая цiхая, пяшчотная, проста дзiва! Тады Iда не вытрымала, яна пацiху вылезла з ложка, падышла на дыбачках да дзвярэй i зазiрнула ў суседнi пакой. Што за дзiва было там!
У тым пакоi не гарэў начнiк, а было ўсё ж светла, як днём, ад месяца, якi глядзеў з акенца прама на падлогу, на якой у два рады стаялi цюльпаны i гiяцынты; на вокнах не засталося нiводнай кветкi - адны гаршчкi з зямлёй. Кветкi вельмi мiла танцавалi: яны то станавiлiся ў круг, то, узяўшыся за доўгiя зялёныя лiсточкi, быццам за рукi, кружылiся парамi. На фартэп'яна iграла вялiкая жоўтая лiлея - гэта, пэўна, яе маленькая Iда бачыла летам! Яна добра памятала, як студэнт сказаў: "Ах, як яна падобна на фрэкен Лiну!" Усе пасмяялiся тады над iм, але цяпер Iдзе i на самай справе падалося, быццам доўгая жоўтая лiлея падобна на Лiну; яна i на раялi iграла гэтак жа, як Лiна; паварочвала свой прадаўгаваты твар то ў адзiн бок, то ў другi i кiвала ў такт дзiвоснай музыцы. Нiхто не заўважаў Iды.
Раптам маленькая Iда ўбачыла, што вялiкi блакiтны крокус скочыў прама на сярэдзiну стала з цацкамi, падышоў да лялечнага ложка i адхiнуў полаг, там ляжалi вялiкiя кветкi, але яны жыва паднялiся i пахiтнулi галоўкамi ў знак таго, што яны таксама хочуць танцаваць.
Стары Курылка са зламанай нiжняй губой устаў i пакланiўся цудоўным кветкам: яны зусiм не былi падобны на хворых - саскочылi са стала i пачалi весялiцца разам з усiмi.
У гэтую хвiлiну пачуўся грукат, нiбыта штосьцi звалiлася на падлогу. Iда паглядзела ў той бок. Высветлiлася, гэта маслянiчная вярба хутка саскочыла ўнiз да кветак, бо лiчыла сябе iх суродзiчкай. Вярба, упрыгожаная папяровымi кветкамi, таксама была вельмi мiлай; на вершалiне яе сядзела маленечкая васковая лялечка ў капелюшы з шырокiмi палямi, цюцелька ў цюцельку такой, як у саветнiка.
Гулка тупаючы сваiмi трыма чырвонымi драўлянымi ножкамi, вярба скакала сярод кветак. Яна танцавала мазурку, а iншыя кветкi не ведалi гэтага танца, таму што былi вельмi лёгкiмi i не маглi тупаць з такой сiлай.
Але вось лялечка на вярбе раптам выцягнулася, закруцiлася над папяровымi кветкамi i гулка закрычала:
- Ну цi ж можна забiваць галаву дзiцяцi такой драбязой? Што за дурацкая фантастыка?
Цяпер лялька была на дзiва падобнай на саветнiка - у такiм жа капелюшы з шырокiмi палямi, такая ж сярдзiтая i жоўтая! Але папяровыя кветкi стукнулi яе па тонкiх плячах, i яна зусiм сцiснулася, зноў ператварыўшыся ў маленечкую васковую ляльку. Гэта было так цiкаўна, што Iда не магла ўтрымацца ад смеху.
Вярба працягвала скакаць, i саветнiку мiжволi даводзiлася скакаць разам з ёй, усё роўна - цi выцягваўся ён на ўсю даўжыню цi заставаўся маленечкай васковай лялечкай у чорным капелюшы з шырокiмi палямi. Нарэшце кветкi, асаблiва тыя, якiя ляжалi ў лялечным ложку, пачалi шкадаваць саветнiка, i вярба пакiнула яго ў спакоi. Раптам штосьцi гулка застукала ў шуфлядцы стала, дзе разам з iншымi цацкамi ляжала лялька Сафi. Курылка дабег да краю стала, лёг нiцма i ледзь-ледзь выцягнуў шуфлядку. Сафi ўстала i здзiўлена азiрнулася.
- Ды тут, аказваецца, баль! - сказала яна. - Чаму мне пра гэта не сказалi?
- Хочаш танцаваць са мной? - спытаў яе Курылка.
- Ну i кавалер! - адрэзала Сафi i павярнулася да яго спiной, потым села на шуфляду i пачала чакаць, што яе запросiць якая-небудзь кветка; але нiхто i не думаў яе запрашаць. Тады яна пачала кашляць: "кх, кх, кх!" Але i тут нiхто да яе не падышоў. А Курылка скакаў адзiн, i не так ужо i дрэнна.
Заўважыўшы, што кветкi на яе не глядзяць, Сафi раптам звалiлася з шуфляды на падлогу, ды з такiм шумам, што ўсе збеглiся, акружылi яе i пачалi распытваць, цi не ўдарылася яна. Кветкi размаўлялi з ёю вельмi ласкава, асаблiва тыя, якiя толькi нядаўна адпачывалi ў ложку. Сафi зусiм не ўдарылася, i кветкi маленькай Iды пачалi дзякаваць ёй за цудоўную пасцельку, потым павялi з сабой у кружок месяца на падлозе i пачалi танцаваць з ёй; iншыя кветкi павялi карагод i скакалi вакол iх. Тады Сафi, вельмi задаволеная, сказала кветачкам, што аддае iм свой ложачак, - ёй добра i ў шуфлядцы!
- Дзякуй, - азвалiся кветкi, - але мы не можам жыць доўга. Ранiцай зусiм памром. Скажы толькi маленькай Iдзе, каб яна пахавала нас у садзе, дзе закапана канарэйка. Летам мы зноў вырасцем i будзем яшчэ прыгажэй.
- Не, вы не павiнны памiраць! - усклiкнула Сафi i пацалавала кветкi.
У гэты момант дзверы адчынiлiся, i ў пакой увайшоў цэлы натоўп прыгажэйшых кветак. Маленькая Iда нiяк не магла зразумець, адкуль яны ўзялiся, - пэўна ж, з каралеўскага палаца. Наперадзе iшлi дзве цудоўныя ружы ў маленькiх залатых каронах, - гэта былi кароль з каралевай. За iмi, раскланьваючыся на ўсе бакi, рухалiся прыгожыя ляўкоi i гваздзiкi. Музыканты - буйныя макi i пiвонi дзьмулi ў стручкi, чырванеючы ад напругi, а маленькiя блакiтныя званочкi i беленькiя пралескi тоненька звiнелi. Вось была забаўная музыка! За музыкантамi iшло мноства iншых кветак, i ўсе яны танцавалi - i блакiтныя фiялкi, i чырвоныя маргарыткi, i рамонкi, i ландышы. Кветкi танцавалi i цалавалiся, ды так, што глядзець не наглядзецца!
Нарэшце ўсе пажадалi адно аднаму добрай ночы, а маленькая Iда прабралася ў свой ложак, i да ранiцы ёй снiлiся кветкi i ўсё, што яна бачыла ноччу.
Ранкам яна ўстала i пабегла да свайго столiка - паглядзець, цi там яе кветачкi.
Яна адхiнула полаг... Так, кветкi ляжалi ў ложачку, але зусiм, зусiм завялыя! Сафi таксама ляжала на сваiм месцы, у скрынцы, i твар у яе быў сонны.
- А ты памятаеш, што табе загадалi перадаць мне? - спытала маленькая Iда.
Але Сафi толькi тупа глядзела на яе, не раскрываючы роту.
- Якая ж ты нядобрая! - сказала маленькая Iда. - А яны яшчэ танцавалi з табой!
Потым яна ўзяла кардонную каробачку, на накрыўцы якой была намалявана прыгожанькая птушка, адкрыла яе i паклала туды мёртвыя кветкi.
- Вось вам i дамавiнка! - сказала яна. - А калi прыедуць мае нарвежскiя кузены, мы вас закапаем у садзе, каб вы на наступнае лета зноў выраслi i сталi яшчэ прыгажэй!
Ёнас i Адольф стрыечныя браты Iды, якiя прыехалi з Нарвегii, былi жвавыя хлапчукi. Бацька падарыў iм па новаму самастрэлу, i яны ўзялi iх з сабой, каб паказаць Iдзе. Яна расказала хлапчукам пра бедныя памёршыя кветкi i загадала пахаваць iх. Наперадзе iшлi хлапчукi з самастрэламi на плячах, за iмi маленькая Iда з мёртвымi кветкамi ў каробцы. Магiлку выкапалi ў садзе. Iда пацалавала кветкi i апусцiла каробку ў ямку, а Ёнас з Адольфам адсалютавалi над магiлкай з самастрэлаў - нi стрэльбаў, нi гармат у iх жа не было.
ДЗIКIЯ ЛЕБЕДЗI
Далёка-далёка, у той краiне, куды адлятаюць у вырай ластаўкi, жыў кароль. У яго было адзiнаццаць сыноў i адна дачка, якую звалi Элiзай. Адзiнаццаць братоў-прынцаў ужо хадзiлi ў школу; у кожнага на грудзях блiшчэла зорка, а з левага боку звiнела шабля. Прынцы пiсалi алмазнымi грыфелямi на залатых дошках i выдатна ўмелi чытаць - i па кнiжцы i без кнiжкi, на памяць. Вядома, так добра чытаць маглi толькi сапраўдныя прынцы. Пакуль прынцы вучылiся, iх сястра Элiза сядзела на лавачцы з люстранога шкла i разглядвала кнiжку з малюнкамi, якая каштавала паўкаралеўства.
Сапраўды, добра жылося дзецям! Але неўзабаве ўсё сталася iнакш.
Памерла iх мацi, i кароль ажанiўся зноў. Мачаха была злая ведзьма i неўзлюбiла гаротных дзяцей. У першы ж дзень, калi ў палацы святкавалi вяселле караля, дзецi адчулi, якая злая ў iх мачаха. Яны пачалi гульню ў "госцi" i папрасiлi каралеву даць iм пiрожных i печаных яблыкаў, каб накармiць сваiх гасцей. Але мачаха дала iм кубак звычайнага пяску i сказала:
- Хопiць з вас i гэтага!
Мiнуў яшчэ тыдзень, i мачаха задумала збавiцца ад Элiзы. Яна адправiла яе ў вёску на выхаванне да нейкiх сялян. А потым злая мачаха пачала нагаворваць каралю на бедных прынцаў, i нагаварыла столькi лухты, што кароль не захацеў больш нават бачыць сваiх сыноў.
I вось каралева загадала паклiкаць прынцаў i, калi яны наблiзiлiся да яе, яна крыкнула:
- Няхай кожны з вас ператворыцца ў чорнага крука! Ляцiце прэч з палаца i самi здабывайце сабе харч!
Але ёй не ўдалося ажыццявiць сваю злую задуму. Прынцы ператварылiся не ў няўклюдных крукоў, а ў прыгожых дзiкiх лебедзяў. З крыкам вылецелi яны з вокнаў палаца i паняслiся над паркамi i лясамi.
Была ранiца, калi адзiнаццаць лебедзяў праляталi мiма хацiны, дзе яшчэ спала моцным сном iх сястрычка Элiза. Яны доўга кружылi над дахам, выцягвалi свае гнуткiя шыi i лопалi крыламi, але нiхто iх не чуў i не бачыў. Так i паляцелi яны далей, не пабачыўшы сваёй сястры. Высока-высока, да самых воблакаў, паднялiся яны i паляцелi ў вялiкi цёмны лес, якi цягнуўся да самага мора.
А бедалажка Элiза засталася жыць у сялянскай хацiне. Кожны дзень гуляла яна з зялёным лiстком - iншых цацак у яе не было; яна пракалола ў лiсточку дзiрачку i глядзела праз яе на сонца - ёй здавалася, што бачыць ясныя вочы сваiх братоў.
Днi шлi за днямi. Часам вецер гойдаў ружовыя кусты, якiя распускалiся каля дома, i пытаў у ружаў:
- Цi ёсць хто-небудзь прыгажэйшы за вас?
I ружы хiсталi галоўкамi, адказвалi:
- Элiза прыгажэйшая за нас.
I вось нарэшце Элiзе споўнiлася пятнаццаць гадоў, i сяляне адаслалi яе дамоў, у палац.
Каралева ўбачыла, якая прыгажуня яе падчарка, i яшчэ больш зазлавала на Элiзу. Злая мачаха меркавала ператварыць Элiзу, як i яе братоў, у дзiкага лебедзя, але гэтага яна не магла зрабiць: кароль захацеў пабачыць сваю дачку.
I вось ранiцай каралева пайшла ў мармуровую купальню, якую ўпрыгожвалi цудоўныя дываны i мяккiя падушкi. У кутку купальнi сядзелi тры жабы. Каралева ўзяла iх у рукi i пацалавала. Потым яна сказала першай жабе:
- Калi Элiза ўвойдзе ў купальню, сядзь ёй на галаву - няхай зробiцца яна такой жа дурной i лянiвай, як ты.
Другой жабе каралева сказала:
- А ты скокнi Элiзе на лоб - няхай будзе яна такой жа страхалюднай, як ты. Тады i родны бацька яе не пазнае... Ну, а ты ляж ёй на сэрца! - загадала каралева трэцяй жабе. - Няхай стане яна злой, каб нiхто яе не любiў.
I каралева кiнула жабаў у празрыстую ваду. Вада адразу зрабiлася зялёнай i памутнела. Каралева паклiкала Элiзу, распранула яе i загадала ўвайсцi ў ваду. Як толькi Элiза ступiла ў ваду, адна жаба ўскочыла ёй на скронь, другая на лоб, а трэцяя на грудзi. Але Элiза нават не заўважыла гэтага. А тры жабы, калi дакранулiся да Элiзы, ператварылiся ў тры чырвоныя макi. I Элiза выйшла з вады такой жа прыгожай, якой i ўвайшла.
Тады злая каралева нацёрла Элiзу сокам грэцкага арэха, i бедная Элiза зрабiлася зусiм чорная. А потым мачаха вымазала ёй твар смярдзючай маззю i раскудлацiла яе прыгожыя валасы. Цяпер нiхто не змог бы пазнаць Элiзу. Толькi стары сабака, якi сядзеў на ланцугу, з прыветным брэхам кiнуўся да яе, ды ластавачкi, якiх яна часта кармiла хлебнымi крыхамi, прашчабяталi ёй сваю песню. Ды хто ж будзе звяртаць увагу на гаротных жывёл?
Горка заплакала Элiза i ўпотай пайшла з палаца. Цэлы дзень iшла яна па палях i балотах, прабiралася да лесу. Элiза i сама добра не ведала, куды ёй iсцi. Яна ўсё думала пра братоў, якiх злая мачаха таксама выгнала з дому. Элiза вырашыла шукаць iх усюды, пакуль не знойдзе.
Калi Элiза дабралася да лесу, была ўжо ноч, i бедная дзяўчынка зусiм збiлася з дарогi. Яна лягла на мяккi мох, а галаву паклала на пень. У лесе было цiха i цёпла. Сотнi светлячкоў, быццам зялёныя агеньчыкi, мiльгалi ў траве, а калi Элiза дакранулася рукой да кусцiка, нейкiя блiскучыя жучкi пасыпалiся з лiсця зорным дажджом.
Усю ноч снiлiся Элiзе браты: усе яны зноў былi дзецi, разам гулялi, пiсалi алмазнымi грыфелямi на залатых дошках i разглядвалi чароўную кнiжку з малюнкамi, за якую было аддадзена паўкаралеўства. Малюнкi ў кнiжцы былi жывыя: птушкi спявалi i людзi выскоквалi са старонак кнiгi i размаўлялi з Элiзай i яе братамi; але як толькi Элiза перагортвала старонку, людзi хавалiся зноў iнакш у малюнках была б вялiкая блытанiна.
Калi Элiза прачнулася, сонца было ўжо высока; яна нават не магла добра разгледзець яго за густой лiстотай дрэў. Толькi рэдкiя сонечныя промнi прабiвалiся памiж галiнамi i бегалi залатымi зайчыкамi па траве. Непадалёк чулася бульканне ручая. Элiза падышла да ручая i нахiлiлася над iм. Вада ў ручаi была чыстая i празрыстая. Калi б не вецер, што пагойдваў галiнкi дрэў i кустоў, можна было б падумаць, што i дрэвы i кусты намаляваны на дне ручая так выразна адбiвалiся яны ў спакойнай вадзе.
Элiза ўбачыла ў вадзе свой твар i вельмi спалохалася - такi быў ён чорны i страшны. Але вось яна зачарпнула рукою вады, пацёрла вочы, лоб, i твар у яе зноў зрабiўся белы, як i раней. Тады Элiза распранулася i ўвайшла ў прахалодны чысты ручай. Вада адразу ж змыла з яе сок грэцкага арэха i смярдзючую мазь, якой нацёрла Элiзу мачаха.
Потым Элiза апранулася, запляла ў косы свае доўгiя валасы i пайшла па лесе далей, сама не ведаючы куды. На шляху яна ўбачыла дзiкую яблыню, галiны якой гнулiся да зямлi пад цяжарам пладоў. Элiза паела яблыкаў, падпёрла галiны кiйкамi i пайшла далей. Хутка яна зайшла ў самы гушчар лесу. Нiводная птушка не залятала сюды, нi адзiн сонечны промень не прабiваўся праз густое галлё. Высокiя ствалы стаялi шчыльнымi радамi, нiбы драўляныя сцены. Вакол было так цiха, што Элiза чула свае ўласныя крокi, чула шумок кожнага сухога лiсточка, якi трапляў ёй пад ногi. Нiколi яшчэ Элiза не бывала ў такой глухаманi.
Уночы зрабiлася зусiм цёмна, нават светлячкi не свяцiлi ў iмхах. Элiза ўляглася на траву i заснула.
Ранiцай яна накiравалася далей i раптам сустрэла бабулю з кошыкам ягад. Бабуля дала дзяўчыне жменю ягад, а Элiза спытала ў яе, цi не праязджалi тут, па лесе, адзiнаццаць прынцаў.
- Не, - сказала бабуля, - прынцаў я не бачыла, але ўчора я бачыла тут на рацэ адзiнаццаць лебедзяў у залатых каронах.
I бабуля вывела Элiзу да стромы, пад якой працякала рака. Элiза развiталася з бабуляй i пайшла па беразе ракi.
Доўга iшла Элiза, i раптам перад ёю адкрылася бяскрайняе мора. Нi аднаго ветразя не было бачна на моры, нiводнага чоўна не было поблiз.
Элiза села на камень ля самага берага i задумалася: што ж ёй рабiць, куды iсцi далей?
Да ног Элiзы падбягалi марскiя хвалi, яны неслi з сабою дробныя каменьчыкi. Вада сцёрла вострыя краi каменьчыкаў, i яны былi зусiм гладкiя i круглыя.
I дзяўчына падумала: "Колькi працы патрэбна, каб цвёрды камень зрабiць гладкiм i круглым! А вось вада робiць гэта. Мора нястомна i цярплiва коцiць свае хвалi i перамагае самыя цвёрдыя камянi. Дзякуй вам за гэта, што вы навучылi мяне, светлыя хуткiя хвалi! Я буду, як i вы, нястомна працаваць. Сэрца гаворыць мне, што калi-небудзь вы аднясеце мяне да маiх любых братоў!"
На беразе, сярод сухiх водарасцяў, Элiза знайшла адзiнаццаць белых лебядзiных пёрак. На пёрках яшчэ блiшчэлi кроплi - расы цi слёзаў, хто ведае? Вакол было пуста, але Элiза не адчувала сябе адзiнокай. Яна глядзела на мора i не магла наглядзецца.
Вось насоўваецца на мора вялiкая чорная хмара, вецер мацнее, i мора таксама чарнее, хвалюецца i бурлiць. Але хмара прайшла, па небе плывуць ружовыя воблакi, вецер сцiхае, i мора ўжо спакойнае, цяпер яно падобнае на пялёстак ружы. То зялёнае робiцца яно, то белае. Але як бы цiха нi было ў паветры i якое б спакойнае нi было мора, ля берага заўжды шумiць прыбой, заўжды прыкметна лёгкае хваляванне - вада цiха ўздымаецца, нiбы грудзi соннага дзiцяцi.
Калi сонца пачало заходзiць, Элiза ўбачыла дзiкiх лебедзяў. Як доўгая белая стужка, яны ляцелi адзiн за адным. Iх было адзiнаццаць. На галаве ў кожнага лебедзя ззяла невялiчкая залатая карона. Элiза адышла ад стромы i схавалася ў кусты. Лебедзi апусцiлiся непадалёк ад яе i залопалi сваiмi вялiкiмi белымi крыламi.
У гэтую самую хвiлiну сонца схавалася пад вадой - i раптам з лебедзяў упала iх белае пер'е, i ўжо не адзiнаццаць белых лебедзяў стаялi перад Элiзай, а адзiнаццаць прыгожых прынцаў. Элiза гучна крыкнула - яна адразу пазнала сваiх братоў, хаця за доўгi час яны вельмi змянiлiся. Элiза кiнулася да iх у абдымкi i пачала называць iх iмёны.
Браты вельмi абрадавалiся таму, што знайшлi сястру, якая так вырасла i зрабiлася такой прыгажуняй. Элiза i яе браты смяялiся i плакалi, а потым яны расказалi адзiн аднаму пра ўсё, што з iмi здарылася.
Самы старэйшы з прынцаў сказаў Элiзе:
- Мы лётаем дзiкiмi лебядзямi ўвесь дзень, ад усходу сонца да самага захаду. Калi ж сонца заходзiць, мы зноў ператвараемся ў людзей. I вось да захаду сонца мы спяшаем апусцiцца на зямлю. Калi б мы ператваралiся ў людзей у той час, калi ляцiм высока пад воблакамi, мы ў той жа час упалi б на зямлю i разбiлiся. Жывём мы не тут. Далёка-далёка за морам ёсць такая ж цудоўная краiна, як гэта. Вось там мы i жывём. Але дарога туды доўгая, трэба пераляцець праз усё мора, а на шляху няма нiводнай выспы, дзе б мы маглi правесцi ноч. Толькi на самай сярэдзiне мора ўзвышаецца адзiнокая скала. Яна такая малая, што мы можам стаяць на ёй толькi цесна прыцiскаючыся адзiн да другога. Калi мора бушуе, прыскi хваляў пералятаюць нашы галовы. Але ўсё ж, каб не было гэтай скалы, нам нiколi не давялося б пабываць на нашай роднай зямлi: мора шырокае - мы не можам пераляцець яго ад усходу сонца да захаду. Толькi два разы ў год, у самыя доўгiя днi, нашы крылы маюць сiлу перанесцi нас праз мора. Вось мы прылятаем сюды i жывём адзiнаццаць дзён. Мы лятаем над гэтым вялiкiм лесам i глядзiм на палац, дзе мы нарадзiлiся i правялi дзяцiнства. Ён добра бачны адсюль. Тут кожны куст i кожнае дрэва здаюцца нам роднымi. Па зялёных лугах бегаюць дзiкiя конi, якiх мы бачылi яшчэ ў дзяцiнстве, а вугальшчыкi пяюць тыя самыя песнi, якiя мы чулi, калi жылi яшчэ ў родным палацы. Тут наша радзiма, сюды цягне нас усiм сэрцам, i тут мы знайшлi цябе, любая, дарагая сястрычка! У гэты раз мы прабылi тут ужо дзевяць дзён. Праз два днi мы павiнны ляцець за мора, у цудоўную, але чужую краiну. Як жа нам забраць з сабою цябе? Няма ў нас нi карабля, нi чоўна.
- О, каб змагла я вызвалiць вас ад чараў! - сказала братам Элiза.
Так яны прагаравалi ўсю ноч i задрамалi толькi на золку. Элiза прачнулася ад шуму лебядзiных крылаў. Браты ператварылiся ў птушак i паляцелi ў родны лес. Толькi адзiн лебедзь застаўся на беразе з Элiзай. Гэта быў самы малады з яе братоў. Лебедзь паклаў сваю галаву ёй на каленi, а яна гладзiла i перабiрала яго пёркi. Цэлы дзень правялi яны ўдваiх, а вечарам прыляцелi дзесяць лебедзяў, i калi сонца села, яны зноў ператварылiся ў прынцаў.
- Заўтра мы павiнны адлятаць i не можам вярнуцца раней наступнага года, сказаў Элiзе старэйшы брат, - але мы не пакiнем цябе тут. Паляцiм з намi! Я адзiн магу на руках пранесцi цябе праз увесь лес, дык няўжо ж мы, усе адзiнаццаць, на нашых крылах не зможам перанесцi цябе цераз мора?
- Так, вазьмiце мяне з сабой! - сказала Элiза.
Усю ноч плялi яны сетку з гнуткай лазовай кары i чароту. Сетка атрымалася вялiкая i трывалая, i браты паклалi ў яе Элiзу. А на свiтаннi дзесяць лебедзяў падхапiлi сетку дзюбамi i ўзнялiся пад воблакi. Элiза спала ў сетцы салодкiм сном. А каб промнi сонца не разбудзiлi яе, адзiнаццаты лебедзь ляцеў над яе галавой, засланяў твар Элiзы ад сонца сваiмi шырокiмi крыламi.
Лебедзi былi ўжо далёка ад зямлi, калi Элiза прачнулася, i ёй здалося, што яна бачыць сон наяве, - так цiкава было ляцець ў паветры. Каля яе ляжала гронка спелых ягад i пучок смачнага карэння - iх сабраў i паклаў каля Элiзы самы малодшы брат, i Элiза ўсмiхнулася яму - яна здагадалася, што гэта ён ляцеў над ёй i засланяў яе ад сонца сваiмi крыламi.
Высока, пад самымi воблакамi, ляцелi браты i сястра, i першы карабель, якi яны ўбачылi ў моры, здаваўся iм чайкай на вадзе.
Лебедзi ляцелi так iмклiва, як ляцяць стрэлы, выпушчаныя з лука, але ўсё ж не так хутка, як заўжды: на гэты раз яны неслi сястру. Дзень пачаў хiлiцца да вечара, i зашумела непагадзь. Элiза са страхам глядзела, як сонца апускалася ўсё нiжэй i нiжэй, а адзiнокай марской скалы ўсё яшчэ не было бачна. I тут Элiзе здалося, што лебедзi зусiм стамiлiся i цяжка махаюць крыламi. Зойдзе сонца, яе браты на ляту ператворацца ў людзей, упадуць у мора i ўтопяцца.
I яна будзе вiнаватая!
Наблiжалася чорная хмара, моцныя парывы ветру прадказвалi буру, грозна насiлiся маланкi.
Сэрца Элiзы затрымцела: сонца ўжо амаль краналася вады.
I раптам лебедзi рынулiся ўнiз з вялiзнай хуткасцю. Элiзе здалося, што яны падаюць. Але не, яны яшчэ ляцелi. I вось, калi сонца ўжо напалову зайшло ў ваду, Элiза ўбачыла ўнiзе скалу. Яна была вельмi маленькая, не большая за цюленя, якi вытыркнуў з вады галаву. Лебедзi ступiлi на яе ў тую самую хвiлiну, калi патух у паветры апошнi сонечны промень. Элiза ўбачыла вакол сябе братоў, якiя стаялi поплеч; яны ледзьве памяшчалiся на маленькай скале. Мора шалёна бiлася аб камянi i абдавала братоў i Элiзу суцэльным дажджом пырскаў. Неба палала ад блiскавiцаў, i штохвiлiнна грымеў гром, але сястра i браты трымалiся за рукi i падбадзёрвалi адзiн аднаго ласкавымi словамi.
На свiтаннi бура ўтаймавалася, i зноў стала светла i цiха. Як толькi ўзышло сонца, браты з Элiзай паляцелi далей. Мора яшчэ бурлiла, i яны бачылi з вышынi, як белая пена плыла, нiбы мiльёны лебедзяў, па цёмна-зялёнай вадзе.
Калi сонца паднялася вышэй, Элiза раптам убачыла ўдалечынi вялiзны замак, якi быў акружаны лёгкiмi, быццам паветранымi галерэямi; унiзе, пад сценамi замка, калыхалiся пальмы i раслi цудоўныя кветкi.
Элiза спытала, цi тая гэта краiна, куды яны ляцяць, але лебедзi пахiталi галовамi: гэта было толькi мроiва, воблачны замак Фата-Марганы, якi вечна мяняецца. Элiза зноў паглядзела ўдалеч, але замка ўжо не было. Там, дзе раней быў замак, узнiмалiся высокiя горы, якiя зараслi лесам. На самых вяршынях блiшчэў снег, глыбы празрыстага лёду спускалiся памiж непрыступных скалаў.
Раптам горы ператварылiся ў цэлую флатылiю караблёў; Элiза прыгледзелася ўважлiва i ўбачыла, што гэта проста марскi туман, якi ўзнiмаецца над вадой.
Але вось нарэшце паказалася i сапраўдная зямля. Там, на беразе, разлягалiся зялёныя палi, цямнелi кедравыя лясы, а яшчэ далей былi бачны вялiкiя гарады i высокiя замкi. Да захаду сонца было яшчэ далёка, а Элiза ўжо сядзела на скале перад глыбокай пячорай. Па пячоры вiлiся пяшчотна-зялёныя раслiны, нiбы вышываныя зялёныя дываны. Гэта быў цудоўны дом яе братоў-лебедзяў.
- Паглядзiм, што табе прыснiцца ў гэтую ноч, - сказаў малодшы брат i адвёў Элiзу ў яе пакой.
- Ах, няхай бы я ўбачыла ў сне, як вызвалiць вас ад чараў! - сказала Элiза i заплюшчыла вочы.
I вось ёй прымроiлася, што яна ляцiць высока-высока да таго замка, якi бачыла над морам. А з замка насустрач ёй выходзiць фея Фата-Маргана. Фата-Маргана светлая i чароўная, але ў той жа час вельмi падобная на тую бабулю, якая дала Элiзе ў лесе ягад i расказала пра лебедзяў у залатых каронах.
- Тваiх братоў можна выратаваць, - сказала Фата-Маргана, - але цi хопiць у цябе мужнасцi i стойкасцi? Вада мякчэйшая за твае пяшчотныя рукi, а ўсё ж яна робiць камянi гладкiмi i круглымi, але вада не адчувае болю, якi будуць адчуваць твае пальцы: у вады няма сэрца, якое млее ад страху i пакуты, як тваё сэрца. Бачыш, у мяне ў руках крапiва. Такая ж крапiва расце тут, каля пячоры, i толькi яна ды яшчэ тая крапiва, якая расце на могiлках, можа табе спатрэбiцца. Памятай жа гэта! Нарвi крапiвы, хаця рукi твае пакрыюцца пухiрамi ад апёкаў; потым разамнi яе нагамi i спрадзi з яе доўгiя нiткi. З гэтых нiтак звяжы адзiнаццаць сарочак з доўгiмi рукавамi i, калi яны будуць гатовыя, надзень iх на лебедзяў. Як толькi сарочкi дакрануцца да iх пер'я, чары знiкнуць. Але памятай, што з той хвiлiны, як ты пачнеш сваю працу, i да той пары, пакуль не скончыш яе, ты не павiнна гаварыць нi слова, колькi б твая праца часу нi заняла. Першае ж слова, якое сарвецца ў цябе з языка, пранiжа сэрца тваiх братоў, бы кiнжалам. Iх жыццё i смерць у тваiх руках!
Тады Элiза выйшла з пячоры i ўзялася за працу.
Сваiмi пяшчотнымi рукамi рвала яна злую, пякучую крапiву, i пальцы яе пакрывалiся вялiкiмi пухiрамi, але яна з радасцю пераносiла боль: толькi б выратаваць дарагiх братоў! Яна нарвала цэлы ахапак крапiвы, потым размяла яе голымi нагамi i пачала прасцi доўгiя зялёныя нiткi.
Калi зайшло сонца, у пячору прыляцелi браты. Яны пачалi распытваць сястру пра тое, што яна рабiла, пакуль iх не было. Але Элiза не адказала iм нi слова. Браты вельмi спалохалiся, думалi, што сястра iх зрабiлася нямой.
"Гэта новае чарадзейства злой мачахi", - падумалi яны, але глянулi на рукi Элiзы, што пакрылiся пухiрамi, зразумелi, што яна зрабiлася нямой дзеля iх выратавання. Самы маладзейшы брат заплакаў; слёзы яго капалi ёй на рукi, i там, куды трапляла слязiнка, знiкалi пякучыя пухiры, сцiхаў боль.
Ноч Элiза правяла за сваёй працай; пра адпачынак i не думала - яна думала толькi пра тое, як бы хутчэй вызвалiць сваiх любых братоў. Увесь наступны дзень, пакуль лебедзi лёталi, яна заставалася сам-насам, але нiколi яшчэ час не цёк так хутка. Вось ужо адна сарочка была гатова, i дзяўчына прынялася за наступную.
Раптам у гарах пачулiся гукi паляўнiчых ражкоў. Элiза спалохалася. Гукi ўсё наблiжалiся, затым пачуўся брэх сабак. Дзяўчына схавалася ў пячору, звязала ўсю сабраную крапiву ў пучок i села каля яго. У тую ж хвiлiну з-за кустоў выскачыў вялiкi сабака, за iм другi i трэцi. Сабакi гучна брахалi i бегалi ўзад i ўперад. Хутка ля пячоры сабралiся ўсе паляўнiчыя. Самы прыгожы з iх быў кароль той краiны; ён падышоў да Элiзы. Нiколi яшчэ не сустракаў ён такой прыгажунi!
- Як жа ты трапiла сюды, любачка? - спытаў ён, але Элiза толькi пахiтала галавой - яна ж не пасмела гаварыць: калi б яна сказала хоць адно слова, яе браты загiнулi б.
Рукi свае Элiза схавала пад фартух, каб кароль не заўважыў пухiроў i драпiн.
- Пойдзем са мной! - сказаў кароль. - Тут нельга табе заставацца! Калi ты такая добрая, як i прыгожая, то я апрану цябе ў шоўк i аксамiт, надзену табе на галаву залатую карону, i ты будзеш жыць у маiм велiкапышным палацы.
I ён пасадзiў яе на сядло перад сабой.
Элiза горка плакала, але кароль сказаў:
- Я хачу толькi твайго шчасця. Калi-небудзь ты сама падзякуеш мне.
I ён павёз яе праз горы, а паляўнiчыя ехалi на конях услед.
Вечарам перад iмi паказалася велiкапышная сталiца караля, з палацамi i вежамi, i кароль увёў Элiзу ў свой палац. У высокiх мармуровых пакоях цурчалi фантаны, сцены i столi былi ўпрыгожаны рознымi малюнкамi. Але Элiза не глядзела нi на што, яна сумавала i плакала. Служанкi апранулi яе ў каралеўскае адзенне, уплялi ёй у валасы брыльянтавыя нiткi i надзелi на яе апечаныя пальцы тонкiя пальчаткi.
У багатым убраннi Элiза была такая чароўная, што ўвесь двор пакланiўся ёй, а кароль абвясцiў яе сваёй нявестай. Але каралеўскi епiскап пахiтаў галавой i пачаў нашэптваць каралю, што нямая прыгажуня, мабыць, лясная ведзьма, - яна зачаравала сэрца караля.
Кароль не паверыў яму, ён падаў знак музыкам, загадаў паклiкаць лепшых танцоўшчыц i падаваць на стол дарагiя стравы, а сам павёў Элiзу цераз духмяныя сады ў велiкапышныя пакоi. Але Элiза па-ранейшаму была сумнай i прыгнечанай. Тады кароль адчынiў дзверцы ў маленькi пакой каля спальнi Элiзы. Пакой ўвесь быў завешаны зялёнымi дыванамi i нагадваў лясную пячору, дзе кароль знайшоў Элiзу. На падлозе ляжала вязанка крапiвы, а на сцяне вiсела сплеценая Элiзай сарочка. Усё гэта, як рэдкасць, захапiў з сабою адзiн з паляўнiчых.
- Тут можаш ты прыгадаць сваё былое жытло, - сказаў кароль. - А вось i твая праца. Можа, ты захочаш iншы раз павесялiцца сярод усёй гэтай пышнасцi, успомнiць былое.
Убачыўшы сваю крапiву i сплеценую сарочку, Элiза з радасцю пацалавала каралю руку, а ён прыцiснуў яе да сваiх грудзей.
Епiскап працягваў нашэптваць каралю паганыя выдумкi, але яны не краналi сэрца караля. На наступны дзень згулялi вяселле. Епiскап сам павiнны быў надзець на галаву нявесты карону; ад крыўды ён так шчыльна нацягнуў ёй на лоб вузкi залаты абруч, што кожнаму балюча б стала, ды Элiза нават не заўважыла гэтага.
Яна ўсё думала пра сваiх дарагiх братоў. Вусны яе па-ранейшаму былi сцiснуты, нi адзiнага слова не вылецела з iх, а ў яе вачах свяцiлася гарачае каханне да добрага, прыгожага караля, якi рабiў усё, каб толькi парадаваць яе. З кожным днём яна прывязвалася да яго ўсё больш. О, калi б яна магла расказаць пра свае пакуты! Але яна павiнна была маўчаць, пакуль не скончыць сваю працу.
Начамi яна ўпотай iшла ў свой пакойчык, якi нагадваў пячору, i пляла там адну сарочку за другой. Ужо шэсць сарочак былi гатовы, але калi яна ўзялася за сёмую, то заўважыла, што крапiвы ў яе больш няма.
Элiза ведала, што можа знайсцi такую крапiву на могiлках. I вось уночы яна цiхенька выйшла з палаца.
Сэрца яе сцiскалася ад страху, калi яна прабiралася месячнай ноччу на могiлкi па доўгiх алеях саду, а потым па пустых вулiцах.
На могiлках Элiза нарвала крапiвы i вярнулася дамоў.
Толькi адзiн чалавек не спаў у тую ноч i бачыў Элiзу. Гэта быў епiскап.
Ранiцай епiскап прыйшоў да караля i расказаў яму пра тое, што бачыў ноччу.
- Праганi яе, кароль, яна злая чарадзейка! - нашэптваў епiскап.
- Няпраўда, Элiза добрая! - адказаў кароль, але сумненне закралася ў яго сэрца.
Ноччу кароль толькi прытварыўся, што спiць. I вось ён убачыў, што Элiза ўстала i выйшла са спальнi. У наступныя ночы паўтаралася тое ж самае: кароль не спаў i бачыў, як яна хавалася ў сваiм таемным пакоi.
Кароль рабiўся ўсё змрачнейшым. Элiза бачыла гэта, але не разумела, чым незадаволены кароль. Сэрца яе ныла ад страху i ад любасцi да братоў; на яе каралеўскiя апранахi кацiлiся слёзы, што блiшчэлi, бы алмазы, а людзi, якiя бачылi яе багатыя ўборы, зайздросцiлi. I вось хутка-хутка канец яе працы. Ужо дзесяць сарочак былi гатовы, а на адзiнаццатую зноў не хапiла крапiвы. Яшчэ раз, апошнi, патрэбна было пайсцi на могiлкi i нарваць некалькi пучкоў крапiвы. Яна з жахам падумала пра пустынныя могiлкi i ўсё ж вырашыла схадзiць туды.
Уночы Элiза зноў употай выйшла з палаца, але кароль i епiскап сачылi за ёй, i яны ўбачылi, як Элiза схавалася за плотам на могiлках.
Што магла рабiць там каралева?
- Цяпер ты сам бачыш, што яна злая ведзьма, - сказаў епiскап i патрабаваў, каб Элiзу спалiлi на кастры.
I кароль павiнен быў даць згоду.
Элiзу пасадзiлi ў цёмнае сырое падзямелле з жалезнымi кратамi на вокнах, у якiя са свiстам урываўся вецер. Ёй кiнулi ахапак крапiвы, якую яна нарвала на могiлках. Гэта пякучая крапiва павiнна была служыць Элiзе заместа падушкi, а сарочкi, якiя яна звязала, - ложкам. Але нiчога iншага Элiзе i не трэба было. Яна зноў узялася за працу.
Вечарам ля кратаў пачуўся шум лебядзiных крылаў. Гэта самы малодшы брат адшукаў сваю сястру, i Элiза гучна заплакала ад радасцi, хаця i ведала, што жыць ёй засталося ўсяго адну ноч. Але ж i праца яе заканчвалася, i браты былi тут!
Усю ноч пляла Элiза апошнюю сарочку. Мышы, што бегалi па падзямеллi, спачувалi ёй, яны пачалi збiраць прыносiць да яе ног раскiданыя сцяблiнкi крапiвы, дрозд, якi сядзеў за кратамi акна, пацяшаў яе песенькай.
На свiтаннi, неўзабаве да ўсходу сонца, да варот палаца прыйшлi адзiнаццаць братоў Элiзы i патрабавалi, каб iх пусцiлi да караля. Iм адказалi, што гэта немагчыма: кароль яшчэ спаў i нiхто не мог яго турбаваць. Але яны не адыходзiлiся i працягвалi прасiць. Кароль пачуў нечыя галасы i выглянуў з акна, каб даведацца, што там робiцца. Але ў гэтую хвiлiну ўзышло сонца i браты Элiзы знiклi. Кароль бачыў толькi, як над палацам узнялiся адзiнаццаць дзiкiх лебедзяў.
Людзi натоўпамi iшлi за горад, каб паглядзець, як будуць караць каралеву. Худзенькая кабылка цягнула калёсы, на якiх сядзела Элiза; на Элiзу надзелi сарочку са зрэбнага палатна; яе цудоўныя доўгiя валасы вiселi на плячах, а твар быў белы, як снег. Нават па дарозе да месца кары не выпускала яна з рук сваёй працы: дзесяць сарочак ляжалi ля яе ног зусiм гатовыя, адзiнаццатую яна працягвала вязаць.
- Паглядзiце на ведзьму! - крычалi ў натоўпе. - Яна не кiдае свае вядзьмарскiя рэчы! Давайце вырвем iх у яе, ды парвём на шматкi!
Чыесьцi рукi пацягнулiся, каб вырваць у Элiзы зялёную сарочку, але тут прыляцелi адзiнаццаць лебедзяў. Яны селi на краi калёсаў i моцна залопалi сваiмi дужымi крыламi. Спалоханыя людзi адступiлi.
- Белыя лебедзi зляцелi з неба! Яна не вiнаватая! - шапталi многiя, але баялiся сказаць гэта ўголас.
I вось кат схапiў Элiзу за руку, але яна хутка накiнула на лебедзяў зялёныя сарочкi, i ледзь толькi сарочкi дакраналiся да iх пер'я, усе адзiнаццаць лебедзяў ператваралiся ў прыгожых прынцаў.
Толькi ў самага малодшага замест левай рукi засталося лебядзiнае крыло: Элiза не паспела давязаць рукаво на апошняй сарочцы.
- Цяпер я магу размаўляць! - сказала Элiза. - Я не вiнаватая!
I людзi, якiя бачылi ўсё гэта, пакланiлiся ёй i пачалi славiць, але Элiза страцiла прытомнасць i ўпала ў абдымкi братоў. Яна так напакутвалася ад страху i болю.
- Так, яна не вiнаватая! - сказаў самы старэйшы прынц i расказаў пра ўсё, што было.
А пакуль ён гаварыў, у паветры расплываўся водар быццам ад мiльёнаў руж: гэта кожнае палена ў вогнiшчы пусцiла каранi i парасткi, i на тым месцы, дзе яе хацелi спалiць, вырас высокi зялёны куст, а на iм чырвоныя ружы. А на самай верхавiне куста ззяла, як зорка, асляпляльна белая кветка.
Кароль сарваў яе, паклаў на грудзi Элiзы, i яна прачнулася.
Тут усе званы ў горадзе зазванiлi самi па сабе, птушкi зляцелiся цэлымi выраямi, а да палаца пацягнулася такое шчаслiвае шэсце, якога не бачыў яшчэ нi адзiн кароль!
ГАНС ДАЎБЕШКА
Нанава пераказаная даўняя гiсторыя
Быў у адной вёсцы стары маёнтак, а ў старым маёнтку жыў стары пан. У яго было два сыны, ды такiя разумныя, што калi б яны i палову таго розуму мелi, дык i то iм хапiла б. Абодва яны збiралiся пасватацца да каралеўны, i ў гэтым не было нiчога асаблiвага, бо яна сама абвясцiла, што выйдзе замуж за самага разумнага, хто здолее перагаварыць яе.
Абодва браты рыхтавалiся да сватання восем дзён, на большае ў iх часу не заставалася, але i гэтага iм было досыць: яны шмат чаго зналi i былi хлопцы хоць куды. Адзiн вывучыў на памяць увесь лацiнскi слоўнiк i мясцовыя газеты за тры гады i мог iх пераказаць не толькi ад пачатку да канца, а i наадварот - ад канца да пачатку. Другi вывучыў назубок збор законаў, ведаў усё, што належыць ведаць мунiцыпальнаму радцу, i мог разважаць пра дзяржаўныя справы. Апрача таго, ён умеў вышываць падцяжкi, - во якi быў майстар! I кожны з iх даводзiў: "З каралеўнаю ажанюся я!"
Бацька даў iм па добрым канi: таму, што ведаў на памяць слоўнiк i газеты, - каня чорнага як вугаль, а таму, што меў дзяржаўны розум i ўмеў вышываць, каня белага як малако. Браты змазалi сабе губы рыбiным тлушчам, каб рот лягчэй i хутчэй адкрываўся, i сабралiся ў дарогу. Усе слугi высыпалi на двор паглядзець, як маладыя панiчы пасядуць на коней. Прыйшоў i трэцi брат, братоў жа было тры, але трэцяга, малодшага, нiхто не лiчыў: далёка яму было да сваiх вучоных братоў, i звалi яго проста Ганс Даўбешка.
- Куды гэта вы? I чаго гэтак разадзелiся? - спытаў ён.
- У палац едзем, каралеўну сабе "выгаворваць". А ты што, не чуў хiба? Пра гэта ж ва ўсе званы звоняць.
I яны расказалi яму пра сваё сватанне.
- Вунь яно што! Дык i я з вамi! - сказаў Ганс Даўбешка.
Але браты толькi пасмяялiся з яго i паехалi.
- Бацька, дай мне каня! - закрычаў Ганс Даўбешка. - Вельмi ж мне захацелася жанiцца. Выбера мяне каралеўна - добра, а не выбера - я сам яе забяру!
- Не мялi языком абы-што! - асадзiў яго бацька. - Не дам я табе каня. Ты i гаварыць як след не ўмееш! От браты твае - iншая рэч, яны малайцы!
- А калi не даеш каня, дык я вазьму казла! Казёл мой уласны, ён давязе мяне як мае быць!
I Ганс Даўбешка сеў вярхом на казла, стукнуў яго пяткамi пад бакi i памчаўся па гасцiнцы. Адно пыл закурэў!
- Вось i я еду! - сказаў сам сабе Ганс Даўбешка i загарланiў песню.
А браты ехалi не спяшаючыся, моўчкi: iм трэба было як след абдумаць пра што i як гаварыць з каралеўнай, каб не даць маху.
- Го-го-го! - крыкнуў Ганс Даўбешка. - Вось i я! Зiрнiце, што я знайшоў па дарозе!
I ён паказаў братам дохлую варону, што падняў з зямлi.
- Даўбешка! - сказалi браты. - Навошта яна табе?
- Я падару каралеўне!
- Ага, падары! - засмяялiся яны i паехалi далей.
- Го-го-го! Вось i я! - зноў гукнуў Ганс Даўбешка. - Паглядзiце, што яшчэ я знайшоў! Такiя рэчы не кожны дзень валяюцца па дарозе!
Браты азiрнулiся, каб паглядзець.
- Даўбешка! - сказалi яны. - Гэта ж стары драўляны чаравiк, ды нават без верху! Мо i яго таксама падарыш каралеўне?
- А як жа! Падару! - адказаў Ганс Даўбешка.
Браты засмяялiся i паехалi далей.
- Го-го-го! Вось i я! - зноў закрычаў Ганс Даўбешка. - I праўда, - чым далей, тым болей! Го-го-го! Такое i не прыдумаеш!
- А ну, што ты яшчэ там знайшоў? - спыталi браты.
- Э, не, не скажу! От зарадуецца каралеўна!
- Тфу! - плюнулi браты. - Ды гэта ж гразь з канавы!
- Ды яшчэ якая! - адказаў Ганс Даўбешка. - Самага лепшага гатунку! Так i цячэ мiж пальцаў, не ўтрымаць!
I ён наладаваў сабе поўную кiшэню гразi.
А браты прыпусцiлi наўгалоп i прыехалi на гадзiну раней за Ганса.
Каля гарадскiх варотаў жанiхоў нумаравалi па парадку i ставiлi ў шарэнгi па шэсць чалавек у кожнай. Ставiлi iх так блiзка адзiн да аднаго, што яны нi паварушыцца, нi ўзняць рукi не маглi. I правiльна рабiлi, бо iнакш памiж iмi ўсчалася б бойка, бо кожнаму хацелася быць наперадзе.
Усе астатнiя жыхары краiны тоўпiлiся каля палаца i зазiралi ў вокны, каб паглядзець, як каралеўна прымае жанiхоў. Жанiхi заходзiлi ў залу адзiн за адным. I як толькi заходзiлi, дык адразу трацiлi ўсё сваё красамоўства: у iх нiбы мову адбiрала.
- Не гадзiцца! - крычала каралеўна. - Вон!
I вось зайшоў старэйшы брат, той, што ведаў на памяць увесь слоўнiк. Але, пакуль ён стаяў у шарэнгах, дык пазабываў усё дазвання, а тут яшчэ падлога пад нагамi рыпiць, столь люстраная, так што бачыш сябе дагары нагамi, каля кожнага акна па тры пiсары i адзiн мунiцыпальны радца, i ўсе запiсваюць кожнае слова размовы, каб надрукаваць у газеце, якая прадаецца на рагу за два скiлiнгi, страх ды годзе! Да таго ж у пакоi палiлася ў печы, i яна разагрэлася дачырвана.
- Ну i горача тут! - сказаў нарэшце жанiх.
- Гэта таму, што бацька надумаўся сёння пеўнiкаў засмажыць! - абазвалася каралеўна.
Жанiх ажно рот разявiў: не чакаў ён такой размовы i не мог вымавiць нi слова, хоць яму хацелася адказаць як мага дасцiпней.
- Э-э! - прамямлiў ён.
- Не гадзiцца! - сказала каралеўна. - Вон!
Давялося яму пайсцi нi з чым. Тады зайшоў другi брат.
- Ух, як тут горача! - пачаў ён.
- Ага, мы смажым сёння пеўнiкаў, - адказала каралеўна.
- Як? Што? Каго?.. - перапытаў ён.
I ўсе пiсары запiсалi: "Як? Што? Каго?"
- Не гадзiцца! - сказала каралеўна. - Вон!
I тут з'явiўся Ганс Даўбешка. Ён заехаў на казле проста ў залу.
- Ну i гарачыня! - прабурчаў ён.
- Гэта я пеўнiкаў смажу! - адказала каралеўна.
- От шанцуе! - усклiкнуў Ганс Даўбешка. - Дык i маю варону можна будзе засмажыць?
- Можна! - адказала каралеўна. - А ў цябе ёсць у чым смажыць? У мяне няма нi рондаля, нi патэльнi.
- А ў мяне ёсць! - сказаў Ганс Даўбешка. - Вось пасудзiна, нават з ручкаю!
I ён выцягнуў з кiшэнi стары драўляны чаравiк i паклаў у яго варону.
- Ды гэта ж цэлы абед! - сказала каралеўна. - Але дзе нам узяць падлiўкi?
- А ў мяне ў кiшэнi! - адказаў Ганс Даўбешка. - У мяне яе столькi, што дзяваць няма куды, хоць выкiдвай!
I ён зачэрпнуў з кiшэнi жменю гразi.
- Вось гэта мне падабаецца! - усклiкнула каралеўна. - На ўсё ў цябе гатовы адказ, па слова ў кiшэнь не лезеш. Таму я выйду за цябе замуж! Але цi ведаеш ты, што кожнае наша слова запiсваецца i заўтра трапiць у газеты? Бачыш, каля кожнага акна стаяць па тры пiсары ды яшчэ стары мунiцыпальны радца? А радца гэты найгоршы - зусiм з розуму выжыў!
Яна ўсё гэта гаварыла, каб напалохаць Ганса. А пiсары зарагаталi i запырскалi падлогу чарнiлам.
- Ах, вунь вы якiя паночкi! - выгукнуў Ганс Даўбешка. - От я зараз пачастую гэтага радцу!
I доўга не думаючы вывернуў кiшэню i заляпiў радцу ўвесь твар гразёю.
- Цудоўна! - усклiкнула каралеўна. - Да гэтага i я не дадумалася б. Але я яшчэ навучуся!
Так вось i стаў Ганс Даўбешка каралём, ажанiўся, надзеў карону i сеў на трон. Мы даведалiся пра ўсё гэта з газеты, якую выдае мунiцыпальны радца, але ёй не варта занадта верыць.
САДОЎНIК I ГАСПАДАРЫ
Пасярод старадаўняй сядзiбы, прыкладна каля мiлi ад сталiцы, стаяў прыгожы панскi палац з масiўнымi сценамi, вежачкамi, франтонамi. У гэтым палацы жылi муж i жонка - багатыя ды знакамiтыя дваране. Праўда, яны прыязджалi сюды только летам, але гэта быў самы любiмы iхнi маёнтак. Палац быў прыгожы звонку, зручны i ўтульны ўнутры. Парадны пад'езд упрыгожваў высечаны з каменю радавы герб гаспадароў. Цудоўныя ружы ўвiвалi гэты герб i плялiся ўгару па сцяне, а перад палацам рассцiлаўся густы дыван зяленiва. Поруч з белым i чырвоным глогам тут красавалiся рэдкiя кветкi, якiя цвiлi не толькi ў аранжарэi, але i пад адкрытым небам.
Нездарма гаспадары сядзiбы мелi добрага садоўнiка. Кветнiк, фруктовы сад, агарод - усё гэта было справай яго рук i радавала вока. За агародам яшчэ заставалiся рэшткi старога сада, зарослага кустамi буксу, якiя былi абрэзаны ў выглядзе шароў i пiрамiд. А далей узвышалiся два вялiзныя старыя дрэвы, амаль цалкам засохлыя. Здалёку здавалася, што раптоўны парыў урагану зверху да нiзу абляпiў iхнiя голыя сукi густымi камякамi гною. На самай жа справе гэта быў не гной, а птушыныя гнёзды.
З даўнейшай пары ў гэтых гнёздах жылi крыклiвый чароды варон i гракоў, якiя змайстравалi тут сапраўдны птушыны гарадок i непадзельна валадарылi ў сядзiбе. Бо яны былi першымi насельнiкамi ў тутэйшых мясцiнах, спаконвечнымi ўладарамi маёнтка, яго сапраўднымi гаспадарамi. Двухногiмi жыхарамi маёнтка яны проста грэбавалi, хоць i мусiлi змiрыцца з iснаваннем гэтых пастаянных стварэнняў. А тыя iншы раз смалiлi ў птушак са стрэльбаў, i тады чароды натапыраных перапалоханых варон i гракоў узляталi з крыкам: "Карр! Карр!"
Садоўнiк не раз казаў гаспадарам, што трэба ссекчы гэтыя дрэвы, - яны псуюць садовы пейзаж, а як толькi iх не стане, знiкнуць i шумныя птушкi. Але гаспадары i слухаць не хацелi пра тое, каб страцiць дрэвы i птушыную гаману. У старых дрэвах i карканнi птушак яны бачылi асаблiвую прывабнасць - адзнаку даўнiны, якую хацелi захаваць насуперак усяму.
- Дрэвы перайшлi да птушак у спадчыну ад продкаў, дык няхай птушкi i валодаюць iмi, дабрамудры Ларсен! - гаварылi гаспадары.
(Ларсенам звалi садоўнiка, але для нашай гiсторыi гэта не мае значэння).
Садоўнiк сапраўды мог распараджацца кветнiкамi, садам i агародам, ён даглядаў iх i апрацоўваў старанна i захоплена. Гаспадары былi гэтым вельмi задаволены, але не хавалi ад садоўнiка, што ў iншых маёнтках iх частавалi такiмi фруктамi i паказвалi такiя кветкi, да якiх яшчэ вельмi далёка iхнiм кветкам i фруктам. Гэтыя словы засмучалi садоўнiка, бо ён усёй душой хацеў, каб сад у ягоных гаспадароў быў лепшы ў свеце, i дзеля гэтага шчыраваў без стомы. Рукi ён меў працавiтыя, а сэрца добрае.
Аднойчы гаспадары запрасiлi да сябе садоўнiка i сказалi яму ласкава i паблажлiва, як i трэба гаспадарам, што ўчора яны былi ў гасцях у сваiх знакамiтых сяброў i тыя пачаставалi iх яблыкамi i грушамi, ды такiмi сакавiтымi, такiмi пахучымi, што самi яны, гаспадары Ларсена, i ўсе iншыя госцi былi ў захапленнi. Гаспадары не сумняваюцца, што тыя фрукты прывезены з-за мяжы, але чаму б Ларсену не паспрабаваць вырасцiць гэткiя ж i ў iхняй сядзiбе, калi толькi капрызныя плады могуць прыстасавацца да мясцовага клiмату? Як сведчылi чуткi, яблыкi i грушы, якiя яны елi ў гасцях, былi куплены ў горадзе ў самага буйнога гандляра фруктамi; да яго i паслалi гаспадары садоўнiка, каб даведацца, з якой краiны прывезены гэтыя плады, i выпiсаць адтуль чаранкi.
Садоўнiк добра ведаў гэтага гандляра, бо па загаду гаспадароў прадаваў яму лiшкi фруктаў са свайго саду.
I вось выправiўся ён у горад, каб спытацца ў гандляра, адкуль той атрымаў хвалёныя яблыкi i грушы.
- З вашага ўласнага саду! - адказаў гандляр i паказаў Ларсену яблыкi i грушы, якiя той адразу пазнаў.
Вось дык узрадаваўся садоўнiк! Ён паспяшаўся да сваiх гаспадароў i сказаў, што яблыкi i грушы, якiя яны елi ў гасцях, - з iхняга ўласнага саду. Гаспадары не паверылi сваiм вушам.
- Не можа быць, Ларсен! - казалi яны. - Калi вы хочаце пераканаць нас, што гэта праўда, прынясiце распiску ад гандляра.
I Ларсен прынёс яе гаспадарам.
- Дзiўна! - усклiкнулi яны.
Пасля гэтага кожны дзень гаспадарам падавалi вялiзныя вазы з цудоўнымi яблыкамi i грушамi з iхняга ўласнага саду. Цэлымi карзiнамi рассылалi гэтыя фрукты суседзям, у iншыя гарады i нават за мяжу. Гаспадарам гэта было вельмi прыемна. Аднак яны нiколi не прамiналi выпадку, каб нагадаць садоўнiку, што апошнiя дзве восенi былi вельмi спрыяльныя для фруктовых садоў i ўсе садаводы мелi добры ўраджай.
Прайшло няшмат часу. Гаспадары былi запрошаны ў палац на абед. На наступны дзень яны паклiкалi да сябе садоўнiка i расказалi яму, што на каралеўскi стол падавалi незвычайна салодкiя i сакавiтыя дынi з уласнай каралеўскай цяплiцы.
- Iдзiце да прыдворнага садоўнiка, шаноўны Ларсен, i папрасiце, каб ён даў вам хоць крышку насення гэтых незвычайных дыняў.
- Але каралеўскi садоўнiк сам атрымаў ад мяне гэтае насенне! - радасна ўсклiкнуў садоўнiк.
- Калi так, значыць, ён здолеў вырасцiць з iх цудоўныя дынi, - сказалi гаспадары, - дынi, якiя падавалi на стол, былi лепшыя адна за другую!
- Выходзiць, што ганарыцца трэба мне, - сказаў Ларсен. - Сёлета ў каралеўскага садоўнiка дынi не ўдалiся; i вось ён убачыў, якiя цудоўныя дынi растуць у садзе вашай мiласцi, пакаштаваў iх i некалькi штук заказаў для каралеўскага стала.
- Цi не лiчыце вы, Ларсен, што на каралеўскi стол падавалi дынi з нашага саду?
- Нi кроплi ў гэтым не сумняваюся, - адказаў Ларсен.
Ён пайшоў да каралеўскага садоўнiка i атрымаў у яго пасведчанне, дзе гаварылася, што дынi, якiя падавалiся на абедзе ў каралеўскiм замку, былi прывезены з саду, якi належыць панам-гаспадарам Ларсена.
Гаспадары былi здзiўлены. Яны расказвалi пра гэты выпадак усiм i кожны раз паказвалi сведчанне каралеўскага садоўнiка. А насенне дыняў, як яшчэ раней чаранкi яблынь i груш, яны пачалi рассылаць у розныя краiны.
Тым часам з розных мясцiн прыходзiлi звесткi, што дасланыя чаранкi прыжылiся, яблынi i грушы даюць цудоўныя плады, якiя названы iмем радавой панскай сядзiбы. Назву сядзiбы пiсалi зараз на ангельскай, нямецкай i французскай мовах.
Хiба можна было марыць пра гэта раней?
- Каб толькi садоўнiк не зазнаўся, - занепакоiлiся гаспадары.
Але Ларсен думаў зусiм пра iншае: ён iмкнуўся захаваць за сабой славу аднаго з лепшых садоўнiкаў краiны i кожны год ствараць якi-небудзь новы выдатны гатунак садавiны альбо гароднiны. I ён ствараў iх, але ў падзяку за працу яму часта даводзiлася чуць, што першыя ўславiўшыя яго фрукты - яблыкi i грушы - былi ўсё ж самыя лепшыя, а ўсе iншыя ўжо не маглi з iмi зраўняцца. Дынi, праўда, вельмi смачныя, ды ўсё ж далёка не такiя, як яблыкi i грушы. Трускалкi таксама выдатныя, але не лепшыя за тыя, якiя ёсць у iншых. А калi аднойчы ў садоўнiка не ўрадзiла радыска, гаспадары толькi i гаварылi пра няўдалую радыску, нiбыта забылiся пра ўсе iншыя гатункi садавiны i гароднiны.
Можна было падумаць, што гаспадары атрымлiваюць задавальненне, калi гавораць: "Сёлета ў вас усё ўрадзiлася дрэнна, шаноўны Ларсен!" Яны былi проста шчаслiвыя, калi сцвярджалi: "Дрэнна сёлета ў вас урадзiлася!"
Некалькi разоў на тыдзень садоўнiк прыносiў у пакоi свежыя букеты, падабраныя з дзiўна тонкiм густам; у гэтых букетах кожная кветачка ўдала спалучалася з iншымi кветкамi i станавiлася яшчэ прыгажэйшай.
- У вас выдатны густ, Ларсен, - казалi гаспадары. - Але не забудзьцеся, што гэтым талентам вы абавязаны не самому сабе, а Богу.
Аднойчы садоўнiк прынёс гаспадарам вялiзную крыштальную вазу, у якой плаваў лiст белага гарлачыка, а на iм, апусцiўшы ў ваду доўгае сцябло, красавалася ярка-блакiтная кветка велiчынёй са сланечнiк.
- Iндыйскi лотас! - усклiкнулi гаспадары.
Яны нiколi ў жыццi не бачылi падобнай кветкi. Яны загадалi днём выстаўляць яе на сонца, а вечарам асвятляць штучным святлом. I кожны, хто бачыў гэтую кветку, быў у захапленнi, называў яе цудам.
Гэтак назвала яе нават знакамiтая панi каралеўства - маладая прынцэса. Яна была разумная i добрая дзяўчына.
Гаспадары палiчылi за гонар паднесцi прынцэсе блакiтную кветку, i яна забрала яе ў палац. Тады спусцiлiся яны ў сад, каб паглядзець, цi няма там падобнай кветкi, але не знайшлi яе. Паклiкалi садоўнiка i спыталi дзе ён узяў блакiтны лотас.
- Мы шукалi, але не знайшлi такiх кветак нi ў аранжарэi, нi на клумбах у садзе, - сказалi яны.
- Там iх i не было, - усмiхнуўся садоўнiк. - Гэтая сцiплая кветка расце на градках у агародзе. Але, праўда яна незвычайна прыгожая! Яна падобная на блакiтны кактус, а на самай справе гэта толькi кветка артышока.
- Чаму ж вы не сказалi нам пра гэта раней? - абурылiся гаспадары. - Мы думалi, што гэта рэдкая заморская кветка! Вы зганьбiлi нас перад прынцэсай! Яна была ў захапленнi, як толькi зiрнула на кветку, i сказала, што нiколi раней не бачыла гэткай раслiны, - а яна ж выдатна разбiраецца ў батанiцы. Але цяпер зразумела, чаму яна не пазнала яе: навуцы няма чаго рабiць у агародзе. I як вам магло прыйсцi ў галаву, шаноўны Ларсен, прынясцi ў пакоi падобную кветку? Пасля гэтага над намi будуць пакеплiваць!
I цудоўная блакiтная кветка, сарваная на градзе, была выкiнута з панскiх пакояў, дзе ёй не знайшлося месца. А гаспадары пайшлi да прынцэсы прабачацца i растлумачыць, што кветка была звычайнай агароднай раслiнай, якую садоўнiк захацеў паставiць у вазу, за што i атрымаў суровую вымову.
- Гэта грэшна i несправядлiва! - з дакорам прамовiла прынцэса. - Ён адкрыў для нас кветку, пра якую мы нiчога не ведалi, паказаў нам прыгажосць там, дзе мы i не думалi яе шукаць! Пакуль артышокi цвiтуць, я скажу прыдворнаму садоўнiку кожны дзень ставiць iх у вазу ў маiм пакоi.
Так яна i зрабiла.
Тады гаспадары аб'явiлi садоўнiку, што ён зноў можа паставiць у вазу свежую кветку артышока.
- Па-сутнасцi кветка i на самай справе прыгожая, - сказалi яны. - Так, прыгожая, як гэта нi дзiўна! - I яны нават пахвалiлi садоўнiка.
- Ён любiць, калi яго хваляць, - казалi гаспадары. - Ён у нас распешчанае дзiця!
Неяк восенню пачалася бура. Да ночы яна так разбушавалася, што з карэннямi вырвала некалькi дрэў на ўскраiне лесу. На вялiкае няшчасце гаспадароў (яны так i казалi, што гэта няшчасце!), але i на вялiкую радасць садоўнiка яна павалiла абодва высокiя дрэвы з птушынымi гнёздамi. Пазней слугi расказвалi, што да скавытання буры дамешвалiся крыкi гракоў i варон, якiя бiлiся крыламi ў ваконнае шкло.
- Ну, зараз вы, вiдаць, задаволены, Ларсен, - сказалi гаспадары. - Бура зламала дрэвы, i птушкi паляцелi ў лес. Нiчога тут не нагадвае больш пра даўнiну; ад яе не засталося i следу. Нас гэта вельмi засмучае!
Садоўнiк нiчога не адказаў гаспадарам. Ён моўчкi песцiў мару пра тое, як апрацуе зараз цудоўны сонечны ўчастак зямлi, да якога раней не мелi права нават дакранацца, i ператворыць яго ва ўпрыгожанне ўсяго сада на радасць сваiм гаспадарам.
Вырваныя бурай дрэвы, падаючы, паламалi старыя буксавыя кусты, i садоўнiк пасадзiў на гэтым месцы звычайныя палявыя i лясныя раслiны роднай зямлi.
Нiводзiн садоўнiк, акрамя Ларсена, не адважыўся б пасадзiць у панскiм садзе такiя раслiны. А Ларсен адвёў кожнай прыдатны для яе ўчастак - на сонцы або ў ценi, - як каму было патрэбна. Зямлю ён апрацоўваў сумленна, i яна шчодра аддзячыла яму.
Тут вырас ураджэнец шатландскiх пустынь - ядловец, якi колерам i абрысамi падобны на iталiйскi кiпарыс. Расцвiў блiскучы калючы цярноўнiк, якi зелянеў i зiмой i летам. А навокал шчодра разросся папаратнiк розных гатункаў, якi нагадваў то мiнiяцюрныя пальмы, то здаваўся продкам кволай цудоўнай раслiны, якую мы называем "венерыны валасы". Цвiў тут i дзядоўнiк, якi людзi звычайна ненавiдзяць, але дарма, бо яго свежыя кветкi могуць упрыгожыць любы букет. Дзядоўнiк рос на сухой глебе, а нiжэй, на вiльготным месцы, зелянеў усiмi зняважаны лопух, хоць яго буйное, магутнае лiсце надае яму своеасаблiвую прыгажосць. Каралеўская свечка - палявая раслiна з высокiм сцяблом i яркiмi кветкамi - цягнулася ўгару, нагадваючы вялiзны шматсвечны кандэлябр. Цвiлi тут таксама ячменнiк, першацвет, лясны ландыш, белакрыльнiк i пяшчотная трохлiставая кiслiца. Люба-дорага было пазiраць на ўсю гэтую прыгажосць!
А перад усiмi, ля самай драцяной агароджы, выстраiлiся шарэнгай карлiкавыя грушавыя дрэвы, прывезеныя з Францыi. Надвор'е было сонечнае, догляд iх быў клапатлiвы, i хутка яны сталi даваць буйныя сакавiтыя плады - гэткiя ж, як i на сваёй радзiме.
На месцы двух старых засохлых дрэў садоўнiк уваткнуў дзве доўгiя жэрдкi; адну з iх увенчваў Данеброг - дацкi сцяг, а другая жэрдка летам i восенню была абвiта духмянымi парасткамi хмелю; зiмой да яе падвешвалi кармушку, каб птушкам нябесным было чым паласавацца на каляды.
- Наш Ларсен становiцца сентыментальным пад старасць, - пацiскалi плячыма гаспадары, - але ён служыць нам аддана i сумленна.
У навагоднiм нумары аднаго сталiчнага iлюстраванага часопiса з'явiлася гравюра з адлюстраваннем старога маёнтка. На ёй быў вiдаць i Данеброг, i кармушка з калядным пачастункам для птушак, а подпiс абвяшчаў: "Якая гэта выдатная мэта - адрадзiць даўнi звычай, уласцiвы падобнай старадаўняй сядзiбе!"
- Што нi прыдумаў бы наш Ларсен, пра гэта адразу ж раззвоняць па ўсiм свеце! - здзiўлялiся гаспадары. - Проста шчаслiўчык нейкi! Глядзiш, нам, чаго добрага, давядзецца ганарыцца тым, што ён служыць у нас.
Ды яны, вядома, i не думалi гэтым ганарыцца, бо нiколi не забывалiся, што яны гаспадары са знакамiтага роду, а значыць - у любы момант могуць звольнiць Ларсена, калi iм гэтага захочацца. Але яны яго не праганялi, - гэта былi добрыя людзi, а такiх добрых людзей на шчасце розных там Ларсенаў на свеце вельмi многа.
Вось i ўся гiсторыя пра садоўнiка i гаспадароў.
Падумай над ёю, паразважай.
МАЛЕНЬКI КЛАЎС I ВЯЛIКI КЛАЎС
У адной вёсцы жылi два мужыкi; абодвух звалi Клаўсамi, але ў аднаго было чацвера коней, а ў другога толькi адзiн; дык вось, каб адрознiваць iх, i пачалi называць таго, у каго было чацвера коней, Вялiкi Клаўс, а таго, у якога адзiн, - Маленькi Клаўс. Давайце паслухаем зараз, што з iмi адбылося; гэта ж цэлая гiсторыя.
Увесь тыдзень, як ёсць, павiнен быў Маленькi Клаўс араць на сваiм канi поле Вялiкага Клаўса. Затое той даваў яму ўсiх сваiх чатырох коней, але толькi адзiн раз у тыдзень, у нядзелю. Ах, як звонка ляскаў пугай Маленькi Клаўс над усёй пяцёркай, - сёння ж усе конi былi як бы яго ўласныя. Сонца свяцiла, званы званiлi на абедню, людзi ўсе былi так прыгожа апранутыя i iшлi з малiтоўнiкамi ў руках у царкву паслухаць пропаведзь святара. Усе яны бачылi, што Маленькi Клаўс арэ на пяцi конях, i ён быў вельмi задаволены, паляскваў пугай i выкрыкваў:
- Гэй вы, мае конiкi!
- Не гавары так! - заўважыў яму аднойчы Вялiкi Клаўс. - У цябе ўсяго адзiн конь!
Але вось зноў хто-небудзь праходзiў побач, i Маленькi Клаўс забываўся, што не трэба было так гаварыць, i зноў выкрыкваў:
- Гэй вы, мае конiкi!
- Сцiхнi зараз жа! - сказаў яму нарэшце Вялiкi Клаўс. - Калi ты скажаш гэта яшчэ хоць раз, я стукну твайму каню па галаве. Яму тады адразу канец будзе!
- Не буду больш! - сказаў Маленькi Клаўс. - Праўда, не буду.
Але раптам зноў нехта прайшоў побач i павiтаўся з iм, а ён ад радасцi, што арэ на пяцi конях, зноў ляснуў пугай i закрычаў:
- Гэй вы, мае конiкi!
- Вось я табе нападганяю тваiх конiкаў! - сказаў Вялiкi Клаўс.
Узяў ён молат, якiм заганяюць у зямлю слупы, каб прывязваць коней, i так стукнуў каню па галаве, што забiў яго.
- Эх, няма цяпер у мяне нiводнага каня! - прамовiў Маленькi Клаўс i заплакаў.
Потым ён зняў з каня скуру, добра высушыў яе на ветры, паклаў у мех, ускiнуў мех на спiну i пайшоў у горад прадаваць скуру.
Iсцi давялося вельмi далёка, праз вялiкi цёмны лес, а тут яшчэ непагода разгулялася, i Маленькi Клаўс заблудзiўся. Толькi выбраўся ён на дарогу, як зусiм сцямнела, а да горада было яшчэ далёка, ды i дамоў назад няблiзка; да ночы нiяк не дайсцi яму нi туды, нi сюды.
Пры дарозе быў вялiкi сялянскi двор; аканiцы ў доме былi ўжо зачынены, але скрозь шчылiны свяцiўся агонь.
"Вось тут я, напэўна, знайду сабе прытулак на ноч", - падумаў Маленькi Клаўс i пастукаўся.
Гаспадыня адчынiла дзверы, даведалася, што яму трэба, i загадала iсцi сваёй дарогай: мужа яе не было дома, а без яго яна не магла прымаць гасцей.
- Ну, тады я пераначую на двары! - сказаў Маленькi Клаўс, i гаспадыня зачынiла дзверы.
Каля дома стаяў вялiкi стог сена, а памiж стогам i домам - хляўчук з роўнай саламянай страхой.
- Вунь там я i лягу! - сказаў Маленькi Клаўс, убачыўшы гэтую страху. Цудоўная пасцель! Спадзяюся, бусел не заляцiць i не схопiць мяне за нагу!
Гэта ён сказаў таму, што на страсе дома ў сваiм гняздзе стаяў жывы бусел.
Маленькi Клаўс узлез на страху хлява, лёг на саломе i пачаў варочацца з боку на бок, шукаючы больш зручнае становiшча. Аканiцы закрывалi толькi нiжнюю частку вокнаў, i яму была вiдаць уся святлiца.
А ў святлiцы стаяў вялiкi стол, чаго-чаго толькi на iм не было: i вiно, i мяса, i смачнейшая рыба; за сталом сядзелi гаспадыня i дзяк, - больш нiкога.
Гаспадыня налiвала госцю вiна, а ён уплётваў рыбу, - ён быў вялiкi да яе ахвотнiк.
"Вось бы мне далучыцца!" - падумаў Маленькi Клаўс i, выцягнуўшы шыю, заглянуў у акно. Божа, якi цудоўны пiрог ён убачыў! Вось дык банкет!
Але тут ён пачуў, што нехта пад'язджае да дома, - гэта вярнуўся дамоў муж гаспадынi. Ён быў вельмi добры чалавек, але яго непакоiла дзiўная хвароба: ён цярпець не мог дзякаў. Варта яму было сустрэць дзяка - як ён вар'яцеў. Таму дзяк i прыйшоў у госцi да яго жонкi ў той час, калi мужа не было дома, а добрая жанчына iмкнулася пачаставаць яго на славу. Абодва яны вельмi напалохалiся, пачуўшы, што гаспадар вярнуўся, i гаспадыня папрасiла госця хутчэй залезцi ў вялiкi пусты куфар, якi стаяў у куце. Дзяк паслухаўся, - бо ведаў, што гаспадар цярпець не мог дзякаў, - а гаспадыня хутка прыхавала ўсе пачастункi ў печы; калi б муж бачыў усё гэта, ён, вядома, спытаў бы, каго яна збiралася частаваць.
- Ах, - цяжка ўздыхнуў Маленькi Клаўс на страсе, гледзячы, як яна хавала ежу i вiно.
- Хто там? - спытаў селянiн i глянуў на Маленькага Клаўса. - Чаго ж ты ляжыш тут? Хадзем лепей у святлiцу!
Маленькi Клаўс. растлумачыў, што ён заблудзiўся i папрасiўся начаваць.
- Добра, - сказаў селянiн, - начуй. Толькi найперш трэба нам з табой падмацавацца з дарогi.
Жонка прыняла iх абодвух вельмi ласкава, падрыхтавала стол i дастала з печы вялiкi чыгун кашы.
Селянiн прагаладаўся i еў з апетытам, а ў Маленькага Клаўса з галавы не выходзiла рыба, смажанае мяса i пiрог, якiя былi прыхаваны ў печы.
Пад сталом, каля ног Маленькага Клаўса, ляжаў мяшок з конскай скурай, з той самай, якую ён нёс прадаваць. Каша не лезла яму ў горла, i вось ён прыцiснуў мяшок нагой, - сухая скура гучна затрашчала.
- Цсс! - сказаў Маленькi Клаўс, а сам зноў наступiў на мяшок, i скура затрашчала яшчэ мацней.
- Што там у цябе? - спытаў гаспадар.
- Ды гэта ўсё мой вядзьмак, - сказаў Маленькi Клаўс. - Гаворыць, што не трэба нам есцi кашу, - ён ужо начараваў для нас поўную печ усяго: там i мяса, i рыба, i пiрог!
- Вось дык штука! - закрычаў селянiн, хутка адкрыў печ i ўбачыў там выдатныя стравы. Мы ж ведаем, што iх схавала туды яго жонка, а ён падумаў, што гэта ўсё вядзьмак нарабiў!
Жонка не стала нiчога гаварыць i тут жа ўсё паставiла на стол, а муж з госцем пачалi ўплётваць i мяса, i рыбу, i пiрог. Але вось Маленькi Клаўс зноў наступiў на мяшок, скура затрашчала.
- А што ён толькi што сказаў? - спытаў селянiн.
- Ды вось, кажа, што начараваў нам яшчэ тры бутэлькi вiна, яны таксама ў печы, - адказаў Маленькi Клаўс.
Давялося гаспадынi выцягнуць i вiно. Селянiн выпiў шклянку, другую, i яму стала так весела! Так, такога ведзьмака, як у Маленькага Клаўса, ён не супраць быў займець!
- А можа ён вызваць чорта? - спытаў селянiн. - Вось на каго б я паглядзеў; мне ж цяпер весела!
- Магчыма, - сказаў Маленькi Клаўс, - мой вядзьмак можа зрабiць усё, што я захачу. Праўда? - спытаў ён у мяшка, а сам наступiў на яго, i зноў скура затрашчала.
- Чуеш? Ён адказвае "так". Толькi чорт вельмi пачварны, не варта i глядзець на яго!
- Ну, а я яго нiколечкi не баюся. А якi ён на выгляд?
- Ды вылiты дзяк!
- Цьфу! - плюнуў селянiн. - Вось брыдота! Трэба табе сказаць, што я бачыць не магу дзякаў! Але ўсё роўна, я ж ведаю, што гэта чорт, i мне будзе не так прыкра! Да таго ж я цяпер набраўся храбрасцi, гэта вельмi дарэчы! Толькi няхай ён не падыходзiць вельмi блiзка!
- А вось я зараз скажу ведзьмаку! - вымавiў Маленькi Клаўс, наступiў на мяшок i прыслухаўся.
- Ну што?
- Ён загадвае табе пайсцi i адкрыць вунь той куфар у куце: там прыцiх чорт. Толькi прытрымлiвай вечка, а то ён выскачыць.
- А ты памажы прытрымаць! - сказаў селянiн i падышоў да куфра, куды жонка схавала дзяка.
Дзяк быў нi жывы нi мёртвы са страху. Селянiн прыадчынiў вечка i заглянуў у куфар.
- Тфу! Бачыў, бачыў! - закрычаў ён i адскочыў убок. - Якраз наш дзяк. Вось брыдота!
Такую непрыемнасць трэба было запiць, i яны пiлi да позняй ночы.
- Ведзьмака гэтага ты мне прадай! - сказаў селянiн. - Прасi колькi хочаш, хоць поўную мерку грошай!
- Не, не магу, - сказаў Маленькi Клаўс.
- Падумай, колькi мне з яго ўзяць! - сказаў селянiн i пачаў угаворваць Маленькага Клаўса.
- Ну добра, - адказаў нарэшце Маленькi Клаўс, - няхай будзе па-твойму! Ты са мной ласкавым быў, пусцiў мяне начаваць, дык бяры майго ведзьмака за мерку грошай, толькi насыпай паўней!
- Добра, - сказаў селянiн. - Але ты павiнен узяць i куфар, я i гадзiны не хачу трымаць яго ў сябе дома. Хто ведае, можа, чорт усё яшчэ сядзiць там.
Маленькi Клаўс аддаў селянiну свой мяшок з высушанай скурай i атрымаў за яго поўную мерку грошай, ды яшчэ вялiкую тачку, каб было на чым везцi грошы i куфар.
- Бывай! - сказаў Маленькi Клаўс i пакацiў тачку з грашыма i з куфрам, у якiм усё яшчэ сядзеў дзяк.
За лесам працякала вялiкая блакiтная рака, такая быстрая, што ледзь можна было справiцца з плынню. Праз раку быў перакiнуты новы мост. Маленькi Клаўс стаў пасярэдзiне моста i сказаў наўмысна як можна гучней, каб дзяк пачуў:
- Нашто мне гэты бязглузды куфар? Ён такi цяжкi, нiбы напакаваны каменнямi! Я зусiм замучыўся з iм. Кiну я яго ў рэчку: прыплыве ён да мяне дамоў сам - добра, а не прыплыве - i не трэба!
Потым ён узяўся за куфар адной рукой i злёгку прыпадняў яго, нiбы збiраючыся спiхнуць у ваду.
- Пачакай! - закрычаў у куфры дзяк. - Выпусцi спачатку мяне!
- Ай! - ускрыкнуў Маленькi Клаўс, прыкiдваючыся, што напалохаўся. - Ён усё яшчэ тут! У ваду яго хутчэй! Няхай топiцца!
- Не, не! Гэта не чорт, гэта я! - крычаў дзяк. - Выпусцi мяне, я табе дам поўную мерку грошай!
- Вось гэта iншая справа! - сказаў Маленькi Клаўс i адчынiў куфар.
Дзяк iмгненна выскачыў адтуль i спiхнуў пусты куфар у ваду. Потым яны пайшлi да дзяка, i Маленькi Клаўс атрымаў яшчэ мерку грошай. Цяпер тачка была поўная.
- А конь прынёс мне добры барыш! - сказаў сабе Маленькi Клаўс, калi прыйшоў дамоў i высыпаў на падлогу кучу грошай. - Вось Вялiкi Клаўс раззлуецца, калi даведаецца, як я разбагацеў ад свайго адзiнага каня! Толькi няхай не чакае, каб я сказаў яму ўсю праўду!
I ён паслаў да Вялiкага Клаўса хлопчыка папрасiць мерку, якой мераюць зерне.
"Нашто яна яму спатрэбiлася?" - падумаў Вялiкi Клаўс i злёгку памазаў дно меры дзёгцем, авось, маўляў, да чаго-небудзь ды прыклеiцца. Так яно i адбылося: атрымаўшы мерку, Вялiкi Клаўс убачыў, што да дна прыклеiлiся тры новенькiя сярэбраныя манеткi.
- Вось дык штука! - сказаў Вялiкi Клаўс i тут жа пабег да Маленькага Клаўса.
- Адкуль у цябе гэтулькi грошай?
- Я прадаў учора вечарам скуру свайго каня.
- З барышом прадаў! - сказаў Вялiкi Клаўс, пабег дамоў, узяў тапор i забiў усiх сваiх чатырох коней, зняў з iх скуры i выправiўся ў горад прадаваць iх.
- Скуры! Скуры! Каму патрэбны скуры! - крычаў ён на вулiцы.
Усе шаўцы i гарбары збеглiся да яго i пачалi пытацца колькi ён просiць за скуры.
- Мерку грошай за штуку! - адказваў Вялiкi Клаўс.
- Ды што ты? - абуралiся пакупнiкi: у нас гэтулькi грошай няма, каб iх меркамi мераць!
- Скуры! Скуры! Каму патрэбны скуры! - крычаў ён зноў i ўсiм, хто пытаўся, колькi каштуюць гэтыя скуры, адказваў: - Мерку грошай за штуку!
- Ды ён нас абдурвае! - закрычалi шаўцы i гарбары, пахапалi хто папругi, хто скураныя фартукi i пачалi хвастаць iмi Вялiкага Клаўса.
- "Скуры! Скуры!" - перадражнiвалi яны яго. - Вось мы пакажам табе скуры! Вон з горада!
I Вялiкi Клаўс - дай, божа, ногi! Нiколi яго так не бiлi!
- Ну, - сказаў ён, дабраўшыся дамоў, - заплацiць жа мне за гэта Маленькi Клаўс! Заб'ю яго!
А ў Маленькага Клаўса якраз памерла старая бабуля; яна не вельмi ладзiла з iм, была злая i скупая, але ён усё-такi вельмi шкадаваў яе i паклаў на ноч у сваю цёплую пасцель - раптам сагрэецца i ажыве, - а сам усеўся на крэсле ў кутку: яму не ўпершыню было так начаваць.
Ноччу дзверы адчынiлiся, i ўвайшоў Вялiкi Клаўс з тапаром у руках. Ён ведаў, дзе стаiць ложак Маленькага Клаўса, падышоў да яго i стукнуў па галаве таго, хто на iм ляжаў. Думаў, што гэта Маленькi Клаўс, а там ляжала мёртвая бабуля.
- Вось табе! Не будзеш мяне абдурваць! - сказаў Вялiкi Клаўс i пайшоў дамоў.
- Ну i лiхадзей! - сказаў Маленькi Клаўс. - Гэта ён мяне хацеў забiць! Добра, што бабуля была мёртвая, а то ёй бы не паздаровiлася!
Потым ён апрануў бабулю ў святочны касцюм, папрасiў у суседа каня, запрог яго ў калёсы, добра пасадзiў старую на задняе сядзенне, каб яна не звалiлася, калi паедуць, i паехаў з ёй праз лес. Калi сонейка ўзнялося, яны пад'ехалi да вялiкай карчмы. Маленькi Клаўс спынiўся i пайшоў перакусiць.
У гаспадара карчмы было шмат грошай, i сам ён быў чалавек добры, але такi гарачы, быццам быў начынены перцам i табакай.
- Дзень добры! - сказаў ён Маленькаму Клаўсу. - Чаго гэта ты з самага ранку так расфранцiўся?
- Ды вось, - адказваў Маленькi Клаўс, - трэба з бабуляй у горад з'ездзiць; яна там, у калёсах, засталася - нiяк не хоча злазiць. Калi ласка, занясiце ёй туды шкляначку мёду. Толькi гаварыце з ёй гучней: яна глухаватая!
- Добра, - згадзiўся гаспадар, узяў вялiкую шклянку мёду i панёс бабулi, а тая сядзела ў калёсах прамая, як палка.
- Вось унучак прыслаў вам шкляначку мёду! - сказаў гаспадар, калi падышоў да калёсаў, але бабуля не адказала i нават не паварушылася.
- Чуеце? - закрычаў гаспадар з усёй сiлы. - Ваш унук пасылае вам шкляначку мёду!
Яшчэ раз пракрычаў ён тое ж самае i яшчэ раз, а яна ўсё не варушыцца; тады ён раззлаваўся i кiнуў ёй у твар шклянку, так што мёд пацёк у яе па носё, а сама яна павалiлася. Маленькi ж Клаўс не прывязваў яе, а проста прыставiў да лаўкi.
- Што ты зрабiў? - залямантаваў Маленькi Клаўс, выбег з дзвярэй i схапiў гаспадара за варатнiк. - Ты маю бабулю забiў! Паглядзi, якая ў яе дзiрка ў iлбе!
- Вось гэта бяда! - завойкаў гаспадар, развёўшы рукi. - I ўсё гэта з-за маёй гарачнасцi! Маленькi Клаўс, дружа ты мой, я табе поўную мерку грошай дам i бабулю тваю пахаваю, як сваю ўласную, толькi маўчы пра гэта, а то мне адсякуць галаву, а гэта ж вельмi непрыемна!
I вось Маленькi Клаўс атрымаў поўную мерку грошай, а гаспадар пахаваў яго старую бабулю, як сваю ўласную.
Маленькi Клаўс вярнуўся дамоў зноў з вялiкай кучай грошай i адразу ж паслаў да Вялiкага Клаўса хлопчыка папрасiць мерку.
- Як так? - здзiвiўся Вялiкi Клаўс. - Хiба я не забiў яго? Трэба паглядзець самому!
I ён сам панёс мерку Маленькаму Клаўсу.
- Адкуль гэта ў цябе такая куча грошай? - спытаўся ён i аж вытрашчыў вочы ад здзiўлення.
- Ты ж забiў не мяне, а маю бабулю, - сказаў Маленькi Клаўс, - i я яе прадаў за мерку грошай!
- З барышом прадаў! - сказаў Вялiкi Клаўс, пабег дамоў, узяў тапор i забiў сваю старую бабулю, потым паклаў яе на калёсы, прыехаў з ёй у горад да аптэкара i прапанаваў яму купiць мёртвае цела.
- Чыё яно, i дзе вы яго ўзялi? - спытаў аптэкар.
- Гэта мая бабуля! - адказаў Вялiкi Клаўс. - Я забiў яе, каб прадаць за мерку грошай!
- Госпадзi, памiлуй! - усклiкнуў аптэкар. - Вы самi не ведаеце, што гаворыце! Глядзiце, гэта ж можа каштаваць вам галавы!
I ён растлумачыў Вялiкаму Клаўсу, што ён такое нарабiў, якi ён нядобры чалавек i як яго за гэта пакараюць. Вялiкi Клаўс перапалохаўся, мiгам вылецеў з аптэкi, сеў на калёсы, сцебануў коней i паiмчаўся дамоў. Аптэкар i ўвесь народ падумалi, што ён звар'яцеў, i таму не затрымалi яго.
- Заплацiш ты мне за гэта, заплацiш, Маленькi Клаўс! - сказаў Вялiкi Клаўс, выехаўшы на дарогу, i як толькi дабраўся дамоў, узяў вялiкi мяшок, пайшоў да Маленькага Клаўса i сказаў:
- Ты зноў абдурыў мяне? Спярша я забiваў сваiх коней, а цяпер i бабулю! Усё гэта рабiў па тваёй мiласцi. Але ўжо больш ты мяне не абдурыш!
I ён схапiў Маленькага Клаўса i запiхнуў яго ў мяшок, а мяшок завязаў, закiнуў за плечы i крыкнуў:
- Пайду ўтаплю цябе!
Да ракi было не блiзка, i Вялiкаму Клаўсу было вельмi цяжка несцi Маленькага. Дарога iшла каля царквы, адтуль чулiся гукi аргана, ды i вернiкi прыгожа спявалi хорам. Вялiкi Клаўс паставiў мяшок з Маленькiм Клаўсам каля царкоўных дзвярэй i падумаў, што не дрэнна было б зайсцi ў царкву, паслухаць псалом, а потым ужо iсцi далей. Маленькi Клаўс не мог вылезцi з мяшка сам, а ўвесь народ быў у царкве. I вось Вялiкi Клаўс зайшоў у царкву.
- Ох, ох! - уздыхаў Маленькi Клаўс, круцячыся ў мяшку, але, як ён нi стараўся, развязаць мяшок яму не ўдавалася. У гэты час iшоў побач стары, сiвы як голуб пастух з вялiкай кульбай у руках; ён паганяў ёю статак. Каровы i быкi наляцелi на мяшок з Маленькiм Клаўсам i павалiлi яго.
- О-ох! - уздыхнуў Маленькi Клаўс. - Такi я малады яшчэ, а ўжо трэба выпраўляцца ў царства нябеснае!
- А я, няшчасны, такi стары, лядачы i ўсё не магу трапiць туды! - сказаў пастух.
- Дык развяжы мяшок, - закрычаў Маленькi Клаўс. - Лезь на маё месца хутка трапiш туды!
- З задавальненнем! - сказаў пастух i развязаў мяшок, а Маленькi Клаўс iмгненна выскачыў на волю.
- Цяпер ты будзеш наглядаць за статкам! - сказаў стары i залез у мяшок.
Маленькi Клаўс завязаў яго i пагнаў статак далей. Трошкi пазней выйшаў з царквы Вялiкi Клаўс, закiнуў мяшок за плечы, i яму адразу здалося, што мяшок палягчэў, - Маленькi ж Клаўс важыў амаль удвая больш, чым стары пастух.
"Бач як цяпер лёгка стала! А ўсё таму, што я праслухаў псалом!" - падумаў Вялiкi Клаўс, дайшоў да шырокай i глыбокай ракi, кiнуў туды мяшок з пастухом i, думаючы, што там сядзiць Маленькi Клаўс, закрычаў:
- Ну вось, цяпер не будзеш мяне абдурваць!
Пасля гэтага пайшоў ён дамоў, але ля самага раздарожжа сустрэў... Маленькага Клаўса з вялiкiм статкам!
- Вось табе i раз! - закрычаў Вялiкi Клаўс. - Хiба не ўтапiў цябе?
- Вядома, утапiў! - сказаў Маленькi Клаўс. - Паўгадзiны назад ты кiнуў мяне ў раку!
- Дык дзе ж ты ўзяў такi вялiкi статак? - спытаў Вялiкi Клаўс.
- А гэта вадзяны статак! - адказаў Маленькi Клаўс. - Я раскажу табе цэлую гiсторыю. Дзякуй, што ты ўтапiў мяне. Цяпер я стаў багатым, як бачыш! А страшна мне было ў мяшку! Вецер так i засвiстаў у вушах, калi ты кiнуў мяне ў халодную ваду! Я адразу пайшоў на дно, але не пабiўся, - там унiзе расце такая пяшчотная, мяккая трава, на яе я i ўпаў. Мяшок адразу ж развязаўся, i цудоўная дзяўчына ў белай як снег сукенцы, з вяночкам зялёным на мокрых валасах, падала мне руку i сказала: "А, гэта ты, Маленькi Клаўс? Ну вось, перш за ўсё бяры гэты статак, а трошкi далей адсюль пасецца другi, большы, - ён таксама твой".
Тут я ўбачыў, што рака была для вадзяных жыхароў усё роўна як дарога: яны ездзiлi i хадзiлi па дне ад самага возера i да таго месца, дзе рака канчаецца. Ах, як там было прыгожа! Якiя кветкi, якая свежая трава! А рыбкi шныпарылi каля маiх вушэй якраз так, як у нас тут птушкi! Якiя прыгожыя людзi траплялiся мне насустрач i якiя цудоўныя статкi пасвiлiся каля загарадзяў i канаў!
- Чаму ж вы так хутка вярнулiся? - спытаў Вялiкi Клаўс. - Мяне б не выманiлi адтуль, калi там так прыгожа!
- А я гэта не так сабе зрабiў! - сказаў Маленькi Клаўс. - Ты чуў, што вадзяная дзяўчына загадала мне пайсцi па другi статак, якi пасецца на дарозе ўсяго за адну вярсту адтуль? Дарогай яна называе раку - iншай дарогi яны ж там не ведаюць, - а рака так пятляе, што мне давялося б зрабiць вялiкi круг. Вось я i рашыўся выбрацца на сушу ды пайсцi напрамкi да таго месца, дзе чакае мяне статак; так я скарачу амаль паўмiлi!
- Эх, якi шчаслiўчык! - сказаў Вялiкi Клаўс. - А як ты думаеш, атрымаю я статак, калi спушчуся на дно?
- Вядома! - сказаў Маленькi Клаўс. - Толькi я не магу цягнуць цябе ў мяшку да ракi, ты вельмi цяжкi. А вось калi хочаш, дайдзi сам ды залезь у мяшок, а я з задавальненнем цябе скiну ў ваду!
- Дзякуй! - сказаў Вялiкi Клаўс. - Але калi я не атрымаю там статак, я цябе паб'ю, так i ведай!
- Ну-ну, не злуйся, - сказаў Маленькi Клаўс, i яны пайшлi да ракi.
Калi статак убачыў ваду, дык кiнуўся да яе; жывёле вельмi хацелася пiць.
- Паглядзi, як яны спяшаюцца! - сказаў Маленькi Клаўс. - Бач, як засумавалi па вадзе: дамоў, на дно, вiдаць, захацелася!
- Але ты спярша памажы мне, а не дык я цябе паб'ю! - сказаў Вялiкi Клаўс i залез у вялiкi мяшок, якi ляжаў на спiне ў аднаго з быкоў. - Ды пакладзi мне ў мяшок камень, а то я, мусiць, не пайду на дно!
- Пойдзеш! - сказаў Маленькi Клаўс, але ўсё-такi паклаў у мяшок вялiкi камень, моцна завязаў мяшок i спiхнуў яго ў ваду. Боўць! I Вялiкi Клаўс пайшоў прама на дно.
- Ох, баюся, не знойдзе ён там нi кароў, нi быкоў! - сказаў Маленькi Клаўс i пагнаў свой статак дамоў.
ЦЫРАВАЛЬНАЯ IГОЛКА
Жыла-была цыравальная iголка; яна лiчыла сябе такой тонкай, што ўявiла, быццам яна швейная iголка.
- Глядзiце, глядзiце, што вы трымаеце! - сказала яна пальцам, калi яны вымалi яе. - Не выпусцiце мяне! Упаду на падлогу - чаго добрага, згублюся: я занадта тонкая!
- Быццам бы! - адказалi пальцы i моцна схапiлi яе за талiю.
- Вось бачыце, я iду з цэлай свiтай! - сказала цыравальная iголка i пацягнула за сабою доўгую нiтку, толькi без вузельчыка.
Пальцы ўторкнулi iголку проста ў кухарчыну пантофлю, - скура на пантофлi трэснула, i трэба было зашыць дзiрку.
- Фу, якая чорная работа! - сказала цыравальная iголка, - я не вытрымаю! Я зламлюся!
I сапраўды зламалася.
- Ну вось, я ж казала, - прамовiла яна, - я занадта тонкая!
"Цяпер яна нi на што не годная", - падумалi пальцы, але iм ўсё-такi давялося моцна трымаць яе: кухарка накапала на зламаны канец iголкi сургуч i потым закалола ёй хустку.
- Вось цяпер я - брошка! - сказала цыравальная iголка. - Я ведала, што буду карыстацца павагай: у кiм ёсць толк, з таго заўсёды выйдзе нешта вартае.
I яна засмяялася сама сабе, - бо нiхто ж не бачыў, каб цыравальныя iголкi смяялiся ўголас, - яна сядзела ў хустцы, нiбы ў карэце i аглядалася па баках.
- Дазвольце спытацца, вы з золата? - звярнулася яна да суседкi-шпiлькi. Вы вельмi сiмпатычная, i ў вас уласная галоўка... Толькi маленькая! Пастарайцеся яе адгадаваць, - не кожнаму ж дастаецца сургучная галоўка!
Пры гэтым цыравальная iголка так фанабэрыста выпрасталася, што вылецела з хусткi проста ў ракавiну, куды кухарка якраз вылiвала памыi.
- Выпраўляюся ў плаванне! - сказала цыравальная iголка. - Толькi б не згубiцца!
Але яна згубiлася.
- Я занадта тонкая, я не створана для гэтага свету! - сказала яна, лежачы ў вулiчнай канаве. - Але я ведаю сабе кошт, а гэта заўсёды прыемна.
I цыравальная iголка цягнулася ў струнку, не трацячы добрага настрою.
Над ёю праплывала ўсялякая ўсялячына: трэскi, саломiнкi, кавалкi газетнай паперы...
- Бач, як плывуць! - казала цыравальная iголка. - Яны i ў розум не возьмуць тое, хто хаваецца тут пад iмi. - Гэта я тут хаваюся! Я тут сяджу! Вунь плыве трэска: у яе толькi i думак, што аб трэсках. Ну, трэскай яна век i застанецца! Вось саломiнку нясе... А круцiцца, круцiцца як! Не задзiрай так носу! Глядзi, каб не наскочыць на камень! А вунь газетны абрывак плыве. Даўно ўжо забыцца паспелi, што на iм надрукавана, а ён бач як разгарнуўся!.. Я ляжу цiха, смiрна. Я ведаю сабе кошт, i гэтага ў мяне не адбяруць!
Аднойчы каля яе нешта заблiшчэла, i цыравальная iголка ўявiла, што гэта брыльянт. Гэта быў бутэлечны асколак, але ён зiхацеў, i цыравальная iголка загаварыла з iм. Яна назвала сябе брошкай i спыталася ў яго:
- Вы, мусiбыць, брыльянт?
- Так, нешта накшталт гэтага.
I абое думалi адно пра другое i пра самiх сябе, што яны сапраўднай каштоўнасцi, i гутарылi мiж сабой аб недасведчанасцi i фанабэрыстасцi свету.
- Так, я жыла ў каробцы ў адной дзяўчыны, - распавядала цыравальная iголка. - Дзяўчына гэтая была кухаркай. У яе на кожнай руцэ было па пяць пальцаў. I вы ўявiць сабе не можаце, да чаго даходзiла iх напышлiвасць! А занятак жа ў iх быў толькi адзiн - вымаць мяне i класцi назад у каробку!
- А яны блiшчэлi? - спытаўся бутэлечны асколак.
- Блiшчэлi? - адказала цыравальная iголка. - Не, бляску ў iх не было, затое колькi гонару!.. Iх было пяць братоў, усе - уроджаныя "пальцы"; яны заўсёды стаялi ў рад, хоць i былi рознай велiчынi. Крайнi - Таўстун, - мiж iншым, адстояў ад iншых, ён быў тоўсты карантыш, i спiна ў яго гнулася толькi ў адным месцы, таму ён мог кланяцца толькi раз; затое ён казаў, што калi яго адсякуць, дык чалавек не прыдатны болей для вайсковай службы. Другi - Ласунок - тыцкаў свой нос усюды: i ў салодкае i ў кiслае, тыцкаў i ў сонца i ў месяц; ён жа нацiскаў на пяро, калi трэба было пiсаць. Наступны - Цыбаты - глядзеў на ўсiх звысоку. Чацверты - Залатаперст - насiў вакол поясу залаты пярсцёнак. I, нарэшце, самы маленькi - Пер-музыка нiчога не рабiў i вельмi гэтым ганарыўся. Так, яны толькi i ведалi, што выхваляцца, i вось - я кiнулася ў ракавiну.
- А цяпер мы сядзiм ды блiшчам! - сказаў бутэлечны асколак.
У гэты час вады ў канаве прыбыло, i яна хлынула цераз край i знесла з сабой асколак.
- Ён прасунуўся! - уздыхнула цыравальная iголка. - А я засталася ляжаць! Я занадта тонкая, занадта далiкатная, але я ганаруся гэтым, i гэта высакародны гонар!
Яна ляжала, выцягнуўшыся ў струнку, i перадумала шмат думак.
- Я проста гатовая думаць, што нарадзiлася ад сонечнага промня, - такая я тонкая! Праўда, здаецца, быццам сонца шукае мяне пад вадой! Ах, я такая тонкая, што нават бацька мой сонца не можа мяне знайсцi! Не абламалася б тады маё вочка*, я б, здаецца, заплакала! Хаця, не, плакаць непрыстойна!
* Iгольнае вушка па-дацку называецца iгольным вочкам.
Аднойчы прыйшлi вулiчныя хлапчукi i пачалi корпацца ў канаўцы, вышукваючы старыя цвiкi, манеткi ды iншыя скарбы. Перапэцкалiся яны страшэнна, але гэта прыносiла iм задавальненне!
- Ай! - закрычаў раптам адзiн з iх; ён накалоўся аб цыравальную iголку. Глядзi, якая штуковiна!
- Я не штуковiна, а паненка! - заявiла цыравальная iголка, але яе нiхто не пачуў. Сургуч з яе сышоў, i яна ўся пачарнела, але ў чорным заўсёды выглядаеш больш стрункай, i iголка ўяўляла, што стала яшчэ танчэй за ранейшае.
- Вунь плыве яечная шкарлупiна! - закрычалi хлапчукi, узялi цыравальную iголку ды ўваткнулi ў шкарлупiну.
- Чорнае на белым фоне вельмi прыгожа! - сказала цыравальная iголка. Цяпер мяне добра вiдаць! Толькi б не захварэць на марскую хваробу, гэтага я не вытрымаю: я такая далiкатная!
Але яна не захварэла на марскую хваробу - вытрымала.
- Супроць марской хваробы добра мець стальны страўнiк, i заўсёды трэба памятаць, што ты не тое што звычайныя смяротныя! Цяпер я зусiм ачуняла. Чым ты больш высакародны, тым больш можаш перанесцi!
- Крэк! - сказала яечная шкарлупiна: яе пераехалi ламавыя калёсы.
- Вух, як цiсне! - заенчыла цыравальная iголка. - Зараз мяне званiтуе! Не вытрымаю! Зламлюся!
Але яна вытрымала, хаця яе i пераехалi ламавыя калёсы; яна ляжала на бруку, выцягнуўшыся ва ўсю даўжыню, - ну i няхай сабе ляжыць!
СВIНАПАС
Жыў-быў бедны прынц. Каралеўства ў яго было зусiм маленькае, але якое-нiякое, а ўсё ж каралеўства, - хоць ажанiся, i вось ажанiцца ён якраз i хацеў.
Яно, вядома, дзёрзка было ўзяць ды спытаць дачку iмператара: "Пойдзеш за мяне?" Але ён асмелiўся. Iмя ў яго было вядомае на ўвесь свет, i сотнi прынцэс сказалi б яму дзякуй, але што адкажа iмператарская дачка?
А вось паслухаем.
На магiле ў прынцавага бацькi рос ружовы куст, ды якi прыгожы! Квiтнеў ён толькi раз у пяць год, i распускалася на iм адна-адзiная ружа. Затое салодкi быў яе водар, панюхаеш - i адразу забудуцца ўсе твае гаркоты i турботы. А яшчэ быў у прынца салавей, i спяваў ён так, быццам у горлейку ў яго былi сабраны ўсе самыя цудоўныя напевы на свеце. Вось i вырашыў прынц падарыць прынцэсе ружу i салаўя. Паклалi iх у вялiкiя срэбныя куфэркi i адаслалi ёй.
Загадаў iмператар прынесцi куфэркi да сябе ў вялiкую залу - прынцэса гуляла там у госцi са сваiмi фрэйлiнамi, бо iншых спраў у яе не было. Убачыла прынцэса куфэркi з падарункамi, запляскала ў ладкi ад радасцi.
- Ах, калi б тут была маленькая кiска! - сказала яна.
Але з'явiлася цудоўная ружа.
- Ах, як хораша зроблена! - уголас сказалi фрэйлiны.
- Мала сказаць хораша, - адгукнуўся iмператар, - проста нядрэнна.
Толькi прынцэса пакратала ружу i ледзь не заплакала.
- Фi, тата! Яна не штучная, яна сапраўдная.
- Фi! - уголас паўтарылi прыдворныя. - Сапраўдная!
- Пачакаем сердаваць! Паглядзiм спачатку, што ў другiм куфэрку! - сказаў iмператар.
I вось выпырхнуў з куфэрка салавей i запеў так дзiўна, што спачатку нi да чаго i прычапiцца было.
- Superbe! Charmant!* - сказалi фрэйлiны; усе яны балбаталi па-французску адна горш за адну.
* Непараўнана! Цудоўна! (фр.)
- Гэта птушка так нагадвае мне арганчык нябожчыцы iмператрыцы! - сказаў адзiн стары прыдворны. - Так, так, i гук той жа, i манера!
- Так! - сказаў iмператар i заплакаў, як дзiця.
- Спадзяюся, птушка несапраўдная? - спытала прынцэса.
- Сапраўдная! - адказалi пасланцы, якiя даставiлi падарункi.
- Дык няхай ляцiць, - сказала прынцэса i катэгарычна адмовiлася прыняць прынца.
Толькi прынц не журыўся; выпацкаў твар чорнай i бурай фарбай, насунуў на вочы шапку i пастукаўся ў дзверы.
- Дзень добры, iмператар! - сказаў ён. - Цi не знойдзецца ў вас у палацы месцейка для мяне?
- Шмат вас тут ходзiць ды шукае! - адказваў iмператар. - Урэшце, пастой, мне патрэбны свiнапас! У нас процьма свiней!
Так i прызначылi прынца свiнапасам яго вялiкасцi i ўбогую каморку побач са свiнарнiкам адвялi, i там ён павiнен быў жыць. Ну вось, праседзеў ён цэлы дзень за работай i да вечара зрабiў цудоўны маленькi гаршчочак. Увесь абвешаны бразготкамi гаршчочак, i калi ў iм што-небудзь варыцца, бразготкi вызваньваюць даўнейшую песеньку:
Ах, мой мiлы Аўгусцiн,
Усё прайшло, прайшло, прайшло!
Але самае забаўнае ў гаршчочку тое, што калi патрымаць над iм у пары палец - адразу можна даведацца, што ў каго гатуецца ў горадзе. Няма слоў, гэта было цiкавей, чым ружа.
Аднойчы прагульваецца прынцэса з усiмi фрэйлiнамi i раптам чуе мелодыю, што вызвоньваюць бразготкi. Стала яна на месцы, а сама так уся i ззяе, таму што таксама ўмела найграваць "Ах, мой мiлы Аўгусцiн", - толькi гэту мелодыю i толькi адным пальцам.
- Ах, гэта ж i я гэтак магу! - сказала яна. - Свiнапас у нас, мабыць, адукаваны. Паслухайце, хай хто-небудзь пойдзе i спытае, колькi каштуе гэты iнструмент.
I вось адной з фрэйлiн давялося прайсцi да свiнапаса, толькi яна надзела для гэтага драўляныя чаравiкi.
- Што возьмеш за гаршчочак? - спытала яна.
- Дзесяць пацалункаў прынцэсы! - адказваў свiнапас.
- Госпадзi памiлуй!
- Ды ўжо нiяк не меней! - адказваў свiнапас.
- Ну, што ён сказаў? - спытала прынцэса.
- Гэта i вымавiць немагчыма! - адказвала фрэйлiна. - Гэта жахлiва!
- Дык шапнi на вуха!
I фрэйлiна шапнула прынцэсе.
- Якi недалiкатны! - сказала прынцэса i пайшла далей, ды не паспела зрабiць i некалькi крокаў, як бразготкi зноў зазвiнелi так слаўна:
Ах, мой мiлы Аўгусцiн,
Усё прайшло, прайшло, прайшло!
- Паслухай, - сказала прынцэса, - iдзi спытай, можа, ён згодзiцца на дзесяць пацалункаў маiх фрэйлiн?
- Не, дзякуй! - адказваў свiнапас. - Дзесяць пацалункаў прынцэсы, альбо гаршчочак застанецца ў мяне.
- Якая нудота! - сказала прынцэса. - Ну, станьце наўкол мяне, каб нiхто не бачыў!
Захiнулi фрэйлiны прынцэсу, растапырылi спаднiцы, i свiнапас атрымаў дзесяць пацалункаў прынцэсы, а прынцэса - гаршчочак.
Вось дык радасцi было! Увесь вечар i ўвесь наступны дзень стаяў на агнi гаршчочак, i ў горадзе не засталося нiводнай кухнi, хай гэта дом камергера альбо шаўца, пра якую прынцэса не ведала, што там гатуюць. Фрэйлiны скакалi ад радасцi i пляскалi ў ладкi.
- Мы ведаем, у каго сёння салодкi суп i блiнчыкi! Ведаем, у каго каша i свiныя катлеты! Як цiкава!
- У вышэйшай ступенi цiкава! - пацвердзiла обер-гафмайстэрына.
- Але толькi трымайце язык за зубамi, я ж дачка iмператара.
- Змiлуйцеся! - сказалi ўсе.
А свiнапас - гэта значыць прынц, але для iх ён быў па-ранейшаму свiнапас дарма часу не губляў i змайстраваў трашчотку. Варта пакруцiць ёю ў паветры - i вось ужо яна сыпле ўсiмi вальсамi i полькамi, якiя толькi ёсць на свеце.
- Гэта ж suреrbе! - сказала прынцэса, iдучы мiма. - Проста не чула нiчога лепшага! Паслухайце, спытайце, што ён хоча за гэты iнструмент. Толькi цалавацца я болей не стану!
- Ён патрабуе сто пацалункаў прынцэсы! - паведамiла фрэйлiна, выйшаўшы ад свiнапаса.
- Ды ён, вiдаць, вар'ят! - сказала прынцэса i пайшла далей, але, зрабiўшы два крокi, спынiлася. - Мастацтва трэба заахвочваць! - сказала яна. - Я дачка iмператара. Скажыце яму, я згодна на дзесяць пацалункаў, як учора, а астатнiя хай атрымае з маiх фрэйлiн!
- Ах, нам так не хочацца! - сказалi фрэйлiны.
- Якое глупства! - сказала прынцэса. - Ужо калi я магу цалаваць яго, то вы i тым болей. Не забывайце, што я кармлю вас i плачу вам жалаванне!
Давялося фрэйлiне яшчэ раз схадзiць да свiнапаса.
- Сто пацалункаў прынцэсы! - сказаў ён. - А не - кожны застанецца пры сваiм.
- Станьце наўкол! - сказала прынцэса, i фрэйлiны абступiлi яе i свiнапаса.
- Гэта што яшчэ за зборышча ля свiнарнiка? - спытаў iмператар, выйшаўшы на балкон. Ён працёр вочы i надзеў акуляры. - Не iнакш як фрэйлiны iзноў нешта выдумалi! Трэба пайсцi паглядзець.
I ён выпрастаў заднiкi сваiх туфляў - туфлямi яму служылi стаптаныя чаравiкi. I-эх, як хутка ён пайшоў!
Спусцiўся iмператар у двор, падкрадваецца пацiхеньку да фрэйлiнаў, а тыя толькi тым i занятыя, што пацалункi лiчаць: гэта ж трэба, каб справа зладзiлася як належыць i свiнапас атрымаў роўна столькi, колькi прызначана, нi больш нi менш. Вось чаму нiхто не заўважыў iмператара, а ён прыўстаў на дыбачкi i глянуў.
- Гэта што яшчэ такое? - сказаў ён, убачыўшы, што прынцэса цалуе свiнапаса, ды як стукне iх туфлем па галаве!
Здарылася гэта ў тую хвiлiну, калi свiнапас атрымаў свой восемдзесят шосты пацалунак.
- Неrаus*! - у гневе сказаў iмператар i выштурхаў прынцэсу са свiнапасам за межы сваёй дзяржавы.
* Вон! (ням.)
Стаiць i плача прынцэса, свiнапас лаецца, а дождж так i палiвае.
- Якая я гаротная! - галосiць прынцэса. - Хай бы я выйшла за цудоўнага прынца! Якая я няшчасная!
А свiнапас зайшоў за дрэва, сцёр з твару чорную i бурую фарбу, скiнуў брудную вопратку - i вось перад ёй ужо прынц у царскiм адзеннi, ды такi прыгожы, што прынцэса мiжвольна зрабiла рэверанс.
- Цяпер я пагарджаю табою! - сказаў ён. - Ты не захацела выйсцi за сумленнага прынца. Ты нiчога не зразумела нi ў салаўi, нi ў ружы, затое магла цалаваць за забаўкi свiнапаса. Так табе i трэба!
Ён пайшоў да сябе ў каралеўства i зачынiў дзверы на засаўку. А прынцэсе толькi i заставалася стаяць ды спяваць:
Ах, мой мiлы Аўгусцiн,
Усё прайшло, прайшло, прайшло!
"ЁСЦЬ ЖА РОЗНIЦА!"
Быў май месяц; паветра было яшчэ досыць халоднае, але ўсё ў прыродзе - i кустоўе, i дрэвы, i палi, i лугi - паказвала, што бярэ сваё вясна. Лугi стракацелi кветкамi; пачыналi цвiсцi, красаваць кветкi i на жывой загародзе, а непадалёку пышнела ўвасабленне самой вясны - маленькая яблынька нiбы ў вэлюме. Асаблiва прыгожая была на ёй адна галiна, маладзенькая, свежанькая, уся ўсыпаная пяшчотнымi ружовымi бутонамi, што яшчэ не як след разгарнулiся. Яна сама ведала, якая яна прыгожая; усведамленне красы было ў яе ў соку. Галiна пагэтаму зусiм не здзiвiлася, калi брычка, што кацiлася па дарозе, запынiлася насупраць яблынi i маладая графiня сказала, што паглядней гэтай галiнкi цяжка што-небудзь знайсцi, што яна жывое ўвасабленне юнай красунi вясны. Галiнку адламалi, графiня ўзяла яе сваiмi далiкатнымi пальчыкамi i беражлiва павезла дадому, засцерагаючы ад сонца шоўкавым парасонiкам. Прыехалi ў палац, галiнку панеслi па высокiх, шыкоўных пакоях. На адчыненых вокнах калыхалiся белыя фiранкi, у блiскучых, празрыстых вазах стаялi букеты цудоўных кветак. У адну з ваз, быццам вылепленую з бялюткага снегу, паставiлi i яблыневую галiнку, абкружыўшы яе свежымi светла-зялёнымi букавымi галiнкамi. Цуд, як прыгожа было!
Галiнка заганарылася, i што ж? Гэта было зусiм зразумела!
Праз пакой праходзiла шмат люду; кожны наведнiк мог сказаць сваё слова толькi ў той меры, у якой за iм самiм прызнавалi яго вартасць. I вось некаторыя не гаварылi зусiм нiчога, некаторыя ж залiшне шмат; галiнка здагадалася, што i памiж людзьмi, як мiж раслiнамi, ёсць рознiца.
"Адны бываюць для прыгажосцi, iншыя толькi для карысцi, а без таго-сяго i зусiм можна абысцiся", - думала яна.
Яе паставiлi якраз насупраць адчыненага акна, адкуль ёй былi вiдаць увесь сад i поле, дык яна ўдосталь магла наглядзецца на розныя кветкi i раслiны i падумаць пра рознiцу памiж iмi; там iх было шмат усялякiх - i пышных, i простых, нават зусiм сцiпленькiх.
- Бедныя адрынутыя раслiнкi! - сказала галiна. - Вялiкая на самай справе рознiца памiж iмi. Якiмi нешчаслiвымi яны павiнны сябе адчуваць, калi толькi яны ўвогуле здольныя адчуваць, побач са мной i з такiмi, як я! Канечне, вялiкая рознiца памiж намi! Ды так i павiнна быць, бо iначай усе былi б роўныя!
I галiнка пазiрала на палявыя кветкi з нейкiм спачуваннем; асаблiва вартым жалю здаваўся ёй адзiн вiд кветак, якiх было мноства па ўсiм полi i нават уздоўж канаў. Нiхто не збiраў iх у букеты, - яны былi вельмi ж простыя, звычайныя; iх можна было знайсцi нават памiж камянёў на бруку, яны ўзыходзiлi ўсюды, як самае непатрэбнае пустазелле. I iмя ж у iх было брыдкое: чортавы падойнiкi.*
* Чортавы падойнiкi - дацкая назва дзьмухаўцоў.
- Бедная няшчасная раслiна! - сказала галiна. - Ты не вiнаватая, што належыш да такога гатунку i што ў цябе такое брыдкое, нядобрае iмя! Але i памiж раслiнамi, як мiж людзьмi, павiнна быць рознiца.
- Рознiца! - адгукнуўся сонечны прамень i пацалаваў пышную галiнку, але пацалаваў i жоўтыя чортавы падойнiкi, што раслi ў полi; iншыя браты яго сонечныя промнi таксама цалавалi бедныя кветачкi нароўнi з самымi шыкоўнымi...
Сонечны прамень, прамень святла, разумеў усё лепей.
- Якая ты невiдушчая, сляпая! - сказаў ён галiнцы. - Якую адрынутую раслiну ты гэтак шкадуеш?
- Чортавы падойнiкi! - сказала галiна. - Нiколi з iх не робяць букетаў, iх топчуць нагамi - вельмi ж iх шмат! Семя iхняе лётае над дарогаю, як пастрыжаная воўна, i лiпне да апраткi падарожных. Пустазелле, i больш нiчога! Але камусьцi трэба быць i пустазеллем! Ах, я так удзячна свайму лёсу, што не з таго роду!
На поле выбег вялiкi гурт дзяцей. Самага малога прынеслi на руках i пасадзiлi на траву сярод жоўтых кветак. Малое весела смяялася, гарэзавала, бiла па траве ножкамi, кулялася, рвала жоўтыя кветкi i нават цалавала iх у шчырым парыве дзiцячай душы. Старэйшая малеча абрывала кветкi, а пустыя знутры сцяблiнкi згiналi i закладвалi адзiн iхнi кончык у iншы, пасля рабiлi з такiх асобных колцаў доўгiя ланцужкi i ўпрыгожвалi iмi шыю, плечы, грудзiну i галаву. I гэта быў проста цуд! Самыя старэйшыя з дзяцей асцярожна зрывалi раслiны, што адцвiлi i былi ўвянчаныя пёркавымi каронамi, падносiлi гэтыя паветраныя, нiбы шарсцяныя, галоўкi, што былi па-свойму прыродным цудам, да рота i намагалiся здьмуць за адзiн раз увесь пушок. Каму гэта ўдасца, той будзе мець новую апратку яшчэ да Новага года, - так сказала бабуля.
Адрынутая кветка была ў гэтым выпадку сапраўдным прарокам.
- Бачыш? - запытаў сонечны прамень. - Бачыш яго красу, ягонае вялiкае значэнне?
- Толькi для дзяцей! - адказала галiна.
Прыплялася на поле i старая бабуля i пачала выкопваць тупым зломкам нажа карэннi жоўтых кветак. Некаторае карэнне яна збiралася спажыць на каву, iншае - прадаць у аптэку на лякарства.
- Краса ўсё ж куды вышэй! - сказала галiна. - Толькi выбраныя трапяць у свет прыгожага! Ёсць жа рознiца i памiж раслiнамi, як мiж людзьмi!
Сонечны прамень пачаў гаварыць пра бязмежную любоў да ўсяго жывога: усё, каму падорана жыццё, мае штосьцi сваё ва ўсiм - i ў сваiм часе, i ў вечнасцi.
- Ну, гэта толькi вы так лiчыце! - сказала галiна.
У пакой зайшлi людзi; памiж iмi была i маладая графiня, якая паставiла галiнку ў празрыстую прыгожую вазу, скрозь якую свяцiла сонца. Графiня нясла кветку, - што ж яшчэ? - а яна, кветка, была загорнутая буйным зялёным лiсцем, лежучы ў iм, быццам у футарале, абароненая нават ад самага невялiчкага подыху ветру. I нясла яе графiня так беражлiва, як не несла нават пяшчотную яблыневую галiнку. Асцярожна адагнула яна зялёнае лiсце, i з-за яго вызiрнула паветраная карона адрынутай жоўтай кветкi. Яе графiня так асцярожна сарвала i гэтак беражлiва нясла, каб вецер не здьмуў нiводную тоненькую пярынку з яе паветранай галоўкi. Яна данесла яе цэлай i непачапанай i не магла нацешыцца прыгажосцю, празрыстасцю, усёй своеасаблiвай пабудовай гэтай цудоўнай кветкi, уся вабнасць якой - да першага подыху ветру.
- Зiрнiце ж, што за цуд!.. - сказала графiня. - Я намалюю яго разам з яблыневай галiнкаю. Усе любуюцца ёю, але па волi божай i гэтая бедная кветачка надзеленая не меншай красою. Якiя не розныя яны, усё ж кветкi - дзецi аднаго свету прыгожага!
СНЕЖНАЯ КАРАЛЕВА
Гiсторыя першая,
у якой расказваецца пра люстэрка i яго асколкi
Ну, пачнем! Прачытаўшы нашу гiсторыю да канца, вы будзеце ведаць болей, чым зараз. Дык вось, жыў-быў троль, вельмi злосны, сапраўдны д'ябал. Аднойчы быў ён у асаблiва добрым настроi: змайстраваў такое люстэрка, у якiм усё добрае i прыгожае памяншалася далей няма куды, а ўсё дрэннае i агiднае так i выпiрала, рабiлася яшчэ больш брыдкiм. Найпрыгажэйшыя ландшафты выглядалi ў iм вараным шпiнатам, а лепшыя з людзей - пачварамi, цi, здавалася, быццам стаяць яны дагары нагамi, а жыватоў у iх зусiм няма! Твары перакрыўлялiся так, што i не пазнаць, а калi ў каго была вяснушка, то ўжо яна распаўзалася i на нос i на вусны. А калi ў чалавека з'яўлялася добрая думка, яна адбiвалася ў люстэрку такой грымасай, што троль аж заходзiўся ад смеху, радуючыся сваёй хiтрай выдумцы.
Тролевы вучнi - а ў яго была свая школа - расказвалi ўсiм, што адбыўся цуд: цяпер толькi, казалi яны, можна ўбачыць увесь свет i людзей сапраўднымi. Яны бегалi ўсюды з люстэркам, i неўзабаве не засталося нiводнай краiны, нiводнага чалавека, якiя не адлюстравалiся б у iм у перакрыўленым выглядзе.
Напаследак захацелася iм дабрацца i да неба. Чым вышэй яны падымалiся, тым больш крыўлялася люстэрка, што аж з цяжкасцю яны ўтрымлiвалi яго ў руках. Але вось яны ўзляцелi зусiм высока, i тут раптам люстэрка да таго пакарабацiлася ад грымас, што вырвалася ў iх з рук, паляцела на зямлю i разбiлася на мiльёны, бiльёны асколкаў, i таму здарылася яшчэ болей бед. Некаторыя асколкi, з пясчынку велiчынёй, разлятаючыся па белым свеце, траплялi людзям у вочы, ды так там i заставалiся. А чалавек з такiм асколкам у воку пачынаў бачыць усё наадварот цi заўважаць у кожнай рэчы толькi дрэннае - кожны ж асколак захоўваў уласцiвасцi ўсяго люстэрка. Некаторым людзям асколкi траплялi проста ў сэрца, i гэта было страшней за ўсё: сэрца рабiлася як кавалак лёду. Былi сярод асколкаў i вялiкiя - iх уставiлi ў аконныя рамы, i ўжо праз гэтыя вокны не варта было глядзець на сваiх добрых сяброў. Нарэшце, былi i такiя асколкi, якiя пайшлi на акуляры, i дрэнна было, калi такiя акуляры надзявалi для таго, каб лепш бачыць i правiльна меркаваць аб рэчах.
Злосны троль надрываўся ад смеху - так весялiла яго гэта задума. А па свеце лятала яшчэ шмат асколкаў. Паслухаем жа пра iх!
Гiсторыя другая
Хлопчык i дзяўчынка
У вялiкiм горадзе, дзе столькi дамоў i людзей, што не ўсiм хапае месца хоць бы на маленькi садок, а таму большасцi жыхароў даводзiцца задавольвацца пакаёвымi кветкамi ў вазонах, жыло двое бедных дзяцей, i садок у iх быў крыху большы за вазон. Яны не былi братам i сястрой, але любiлi адно аднаго, як брат i сястра.
Бацькi iх жылi ў каморках пад дахам у двух суседнiх дамах. Дахi дамоў сыходзiлiся, i мiж iмi цягнуўся вадасцёкавы жолаб. Тут якраз i глядзелi адно на адно паддашкавыя вокны ад кожнага дома. Варта было толькi пераступiць цераз жолаб, i можна было трапiць з аднаго акна ў другое.
У бацькоў было па вялiкай драўлянай скрынi, у iх расла зелянiна для прыпраў i невялiкiя ружавыя кусты - па адным у кожнай скрынi. Кусты пышна разраслiся. Бацькам прыйшло ў галаву паставiць гэтыя скрынi ўпоперак жолаба, таму ад аднаго акна да другога цягнулiся нiбы дзве кветкавыя градкi. Зялёнымi гiрляндамi спускаўся са скрынь гарох, ружавыя кусты заглядвалi ў вокны i спляталiся галiнамi. Бацькi дазвалялi хлопчыку i дзяўчынцы хадзiць адно да аднаго ў госцi па даху i сядзець на лавачцы пад ружамi. Як хораша было iм тут гуляць!
А зiмой гэта радасць заканчвалася. Вокны часта зусiм замярзалi, але дзецi награвалi на печы медныя манеты, прыкладвалi iх да замерзлых шыбiн, i адразу ж адтаваў прыгожы кружочак, i ў яго пазiрала вясёлае, ласкавае вочка - гэта глядзелi, кожны са свайго акна, хлопчык i дзяўчынка, Кай i Герда. Улетку яны адным скачком маглi апынуцца ў гасцях адно ў аднаго, а зiмой патрэбна было спачатку спусцiцца на многа прыступак унiз, а потым падняцца на гэтулькi ж уверх. На двары пырхаў сняжок.
- Гэта раяцца белыя пчолкi! - казала старая бабуля.
- А ў iх таксама ёсць каралева? - пытаўся хлопчык. Ён ведаў, што ў сапраўдных пчол ёсць такая.
- Ёсць! - адказвала бабуля. Сняжынкi абкружаюць яе густым роем, але яна большая за iх усiх i нiколi не прысаджваецца на зямлю, вечна лятае ў чорным воблаку. Часта па начах пралятае яна па гарадскiх вулiцах i заглядвае ў вокны, вось таму якраз яны i пакрываюцца марознымi ўзорамi, быццам кветкамi.
- Бачылi, бачылi! - казалi дзецi i верылi, што ўсё гэта так.
- А сюды Снежная каралева не можа ўвайсцi? - пыталася дзяўчынка.
- Хай толькi паспрабуе! - адказваў хлопчык. - Я пасаджу яе на цёплую печ, вось яна i растане.
Але бабуля пагладзiла яго па галаве i завяла размову пра iншае.
Вечарам, калi Кай быў дома i амаль ужо распрануўся, збiраючыся легчы спаць, ён ускарабкаўся на крэсла каля акна i паглядзеў ў адталы на шыбiне кружочак. За акном пырхалi сняжынкi. Адна з iх, большая, села на край кветкавай скрынi - i пачала расцi, пакуль нарэшце не ператварылася ў жанчыну, захутаную ў танюткi белы цюль, сатканы, здавалася, з мiльёнаў снежных зорачак. Яна была такая прыгожая i пяшчотная, але з лёду, з асляпляльна зiхоткага лёду, i ўсё ж жывая! Вочы яе ззялi, як дзве ясныя зоркi, але не было ў iх нi цеплынi, нi спакою. Яна кiўнула хлопчыку i паманiла яго рукой. Кай спалохаўся i саскочыў з крэсла. А мiма акна прамiльгнула штосьцi падобнае на вялiкую птушку.
На другi дзень было ясна i марозна, але потым пачалася адлiга, а затым i вясна надышла. Заззяла сонца, праглянула зелянiна, будавалi гнёзды ластаўкi. Вокны расчынiлi, i дзецi зноў маглi сядзець у сваiм садку ў вадасцёкавым жолабе над усiмi паверхамi.
Ружы тым летам цвiлi пышна, як нiколi. Дзецi спявалi, узяўшыся за рукi, цалавалi ружы i радавалiся сонцу. Ах, якое цудоўнае было лета, як добра было пад ружавымi кустамi, якiм, здавалася, квiтнець i квiтнець вечна!
Неяк аднаго разу Кай i Герда сядзелi i разглядвалi кнiжку з малюнкамi звярамi i птушкамi. На вялiкiм вежавым гадзiннiку прабiла пяць.
- Ай! - ускрыкнуў раптам Кай. - Мяне кальнула проста ў сэрца, i штосьцi трапiла ў вока!
Дзяўчынка абвiла ручкай яго шыю, ён часта-часта маргаў, але ў воку быццам бы нiчога не было.
- Мабыць, выскачыла, - сказаў ён.
Але гэта было не так. Гэта былi якраз асколкi таго д'ябальскага люстэрка, пра якое мы гаварылi напачатку.
Небарака Кай! Цяпер яго сэрца павiнна было стаць як кавалак лёду. Боль прайшоў, але асколкi засталiся.
- Чаму ты плачаш? - запытаўся ён у Герды. - Мне зусiм не балiць! Фу! Якая ты непрыгожая! - раптам крыкнуў ён. - Вунь тую ружу точыць чарвяк. А тая зусiм крывая. Якiя брыдкiя ружы! Не лепшыя за скрынi, у якiх тырчаць.
I ён штурхнуў скрыню нагой i сарваў абедзве ружы.
- Кай, што ты робiш! - закрычала Герда, а ён, убачыўшы яе спалох, сарваў яшчэ адну ружу i ўцёк ад мiлай маленькай Герды ў сваё акно.
Цяпер, калi Герда прыносiла яму кнiжку з малюнкамi, ён казаў, што гэтыя малюнкi - толькi для грудных дзяцей. А калi расказвала што-небудзь старая бабуля - чапляўся да яе слоў. А то даходзiла нават да таго, што пачынаў перадражнiваць яе паходку, надзяваць яе акуляры, гаварыць яе голасамi Атрымлiвалася вельмi падобна, i людзi смяялiся. Хутка Кай навучыўся перадражнiваць i ўсiх суседзяў. Ён выдатна ўмеў выстаўляць напаказ усе iх дзiвацтвы i недахопы, i людзi казалi:
- Надзвычай здольны хлапчук!
А прычынай усяму былi асколкi, што трапiлi яму ў вока i ў сэрца. Таму ён i перадражнiваў нават мiлую маленькую Герду, а яна ж любiла яго ўсiм сэрцам.
I забавы яго сталi цяпер зусiм iншымi, такiмi дзiўнымi. Аднаго разу зiмой, калi iшоў снег, ён з'явiўся з вялiкiм павелiчальным шклом i падставiў пад снег крысо сваёй сiняй курткi.
- Паглядзi праз шкло, Герда, - сказаў ён.
Кожная сняжынка здавалася пад шклом значна большай, чым была на самай справе, i была падобная на пышную кветку цi дзесяцiкутную зорку. Гэта было так прыгожа!
- Бачыш, як мудрагелiста зроблена! - сказаў Кай. - Значна цiкавей, чым сапраўдныя кветкi! I якая дакладнасць! Нiводнай няправiльнай лiнii! Ах, калi б толькi яны не раставалi!
Трохi пазней Кай з'явiўся ў вялiкiх рукавiцах, з санкамi за спiнаю, крыкнуў Гердзе ў самае вуха: "Мне дазволiлi пакатацца на вялiкiм пляцы з iншымi хлопчыкамi!" - i пабег.
На пляцы каталася шмат дзяцей. Смялейшыя прывязвалi свае санкi да сялянскiх саней i кацiлi далёка-далёка. Гэта было вельмi забаўна. У самы разгар весялосцi на пляцы з'явiлiся вялiкiя санi, пафарбаваныя ў белы колер. У iх сядзеў хтосьцi захутаны ў белае футра i ў такой жа шапцы. Санi аб'ехалi пляц двойчы. Кай спрытна прывязаў да iх свае санкi i пакацiў. Вялiкiя санi памчалi хутчэй, потым павярнулi з пляца ў завулак. Чалавек, якi сядзеў у iх, павярнуўся i ветлiва кiўнуў Каю, нiбы знаёмаму. Кай некалькi разоў намагаўся адвязаць свае санкi, але чалавек у футры ўсё кiваў яму, i ён працягваў ехаць за iм.
Вось яны выехалi за гарадскiя вароты. Снег павалiў раптам камякамi, i стала цёмна, хоць вока выкалi. Хлопчык спешна адпусцiў вяроўку, якой зачапiўся за вялiкiя санi, але санкi яго, нiбы прыраслi да iх i працягвалi несцiся вiхрам. Кай гучна закрычаў - нiхто не пачуў яго. Снег валiў, санкi iмчалiся, ныраючы ў гурбы, пераскокваючы цераз агароджы i канавы. Кай увесь дрыжаў.
Снежныя камякi ўсё раслi i ператварылiся нарэшце ў вялiкiх белых курэй. Раптам яны разляцелiся ў бакi, вялiкiя санi спынiлiся, i чалавек, якi сядзеў у iх, падняўся. Гэта была высокая, стройная, бялюткая жанчына - Снежная каралева; i футра i шапка на ёй былi са снегу.
- Слаўна праехалiся! - сказала яна. - Але ты зусiм змерз - лезь да мяне ў футра!
Пасадзiла яна хлопчыка ў санi, захутала ў сваё мядзведжае футра. Кай быццам у снежную гурбу апусцiўся.
- Усё яшчэ мерзнеш? - запыталася яна i пацалавала яго ў лоб.
У! Пацалунак яе быў халаднейшы за лёд, ён працяў яго наскрозь i дайшоў да самага сэрца, а яно i без таго ўжо было напалову ледзяным. Каю падалося, што яшчэ трохi - i ён памрэ... Але толькi на хвiлiнку, а потым, наадварот, яму стала так добра, што ён нават зусiм перастаў зябнуць.
- Мае санкi! Не забудзь мае санкi! - спахапiўся ён.
Санкi прывязалi на спiну адной з белых курэй, i яна паляцела з iмi ўслед за вялiкiмi санямi. Снежная каралева пацалавала Кая яшчэ раз, i ён забыў i Герду, i бабулю, i ўсiх сваякоў.
- Больш не буду цалаваць цябе, - сказала яна. - А то зацалую да смерцi.
Кай зiрнуў на яе. Якая яна была цудоўная! Твару больш разумнага i прыгожага ён не мог сабе i ўявiць. Цяпер яна не здавалася яму ледзяною, як у той раз, калi сядзела за вакном i кiвала яму.
Ён зусiм не баяўся яе i расказваў, што ведае ўсе чатыры дзеяннi арыфметыкi, ды яшчэ з дробамi, ведае, колькi квадратных мiль кожная краiна i колькi там жыхароў, а яна толькi ўсмiхалася ў адказ. I тады ён падумаў, што на самай жа справе ведае яшчэ зусiм мала.
У той жа момант Снежная каралева ўзляцела з iм на чорнае воблака. Бура выла i стагнала, нiбы распявала старадаўнiя песнi; яны ляцелi над лясамi i азёрамi, над марамi i сушай; студзёныя вятры дзьмулi пад iмi, вылi ваўкi, зiхацеў снег, ляталi з крыкам чорныя крумкачы, а над iмi ззяў вялiкi лясны месяц. На яго глядзеў Кай усю доўгую-доўгую зiмовую ноч, а ўдзень заснуў каля ног Снежнай каралевы.
Гiсторыя трэцяя
Кветнiк жанчыны, якая ўмела чараваць
А што ж было з Гердай, калi Кай не вярнуўся? Куды ён падзеўся?
Нiхто гэтага не ведаў, нiхто не мог адказаць.
Хлопчыкi расказвалi толькi, што бачылi, як ён прывязаў свае санкi да вялiкiх раскошных саней, якiя потым павярнулi ў завулак i выехалi за гарадскiя вароты.
Шмат было пралiта па iм слёз, горка i доўга плакала Герда. Нарэшце вырашылi, што Кай памёр, утапiўся ў рэчцы, якая працякала за горадам. Доўга цягнулiся змрочныя зiмовыя днi.
Але вось надышла вясна, выглянула сонца.
- Кай памёр i больш не вернецца! - сказала Герда.
- Не веру! - адказала сонечнае святло.
- Ён памёр i больш не вернецца! - паўтарыла яна ластаўкам.
- Не верым! - адказвалi яны.
Хутка i сама Герда перастала гэтаму верыць.
- Абую ж я свае новыя чырвоныя чаравiчкi (Кай нi разу яшчэ не бачыў iх), сказала яна неяк ранiцай, - ды пайду запытаюся пра яго ў ракi.
Было яшчэ вельмi рана. Яна пацалавала спячую бабулю, абула чырвоныя чаравiчкi i пабегла адзiнюткая за горад, проста да ракi.
- Праўда, што ты ўзяла майго пабрацiма? - спытала Герда. - Я падару табе свае чырвоныя чаравiчкi, калi ты вернеш мне яго!
I дзяўчынцы падалося, што хвалi неяк дзiўна кiваюць ёй. Тады яна зняла свае чырвоныя чаравiчкi - самае каштоўнае, што ў яе было, - i кiнула ў раку. Але яны ўпалi каля самага берага, i хвалi тут жа вынеслi iх назад - рака як быццам бы не хацела браць у дзяўчынкi яе каштоўнасць, бо не магла вярнуць ёй Кая. Дзяўчынка ж падумала, што кiнула чаравiчкi недастаткова далёка, улезла ў лодку, якая гайдалася ў трыснягу, стала на краёк кармы i зноў кiнула чаравiкi ў ваду. Лодка не была прывязана, i ад штуршка адышда ад берага. Дзяўчынка хацела хутчэй выскачыць на бераг, але пакуль прабiралася з кармы на нос, лодка ўжо зусiм адплыла i шпарка рухалася па цячэннi.