I чым больш ён глядзеў на мой дарожны кiёк, тым больш захапляўся iм.
- Я вам магу пазычыць часова, але не назаўсёды, - сказала я.
- Ну, вядома ж, не назаўсёды, толькi часова, - закрычалi радасна ўсе эльфiны, выхапiлi ў мяне кiлбасную палачку i пабеглi з ёю, прытанцоўваючы, якраз да таго месца, дзе зелянеў пяшчотны мох; там яе i ўстанавiлi. Эльфам, мабыць, таксама хацелася мець сваю святочную жардзiнку, а мая кiлбасная палачка акурат падышла iм, быццам для таго i павiнна служыць. Эльфы тут жа пачалi ўпрыгожваць жардзiнку, i атрымалася ў iх выдатна. Вось гэта, скажу вам, было вiдовiшча!
Малюпасенькiя павучкi абвiлi жэрдку залатымi нiткамi, упрыгожылi трапяткiмi сцяжкамi ды празрыстымi палотнамi. Тканiна была тонкая i пры месячным святле зiхацела такой урачыстай беллю, што ў мяне ажно ў вачах заiскрылася. Пасля эльфы сабралi з матылёвых крыльцаў каляровы пылок i пасыпалi iм белую тканiну, i ў тое ж iмгненне на ёй заззялi тысячы кветкаў i алмазаў. Цяпер маю кiлбасную палачку было не пазнаць - iншай такой святочнай жардзiны, напэўна, ва ўсiм свеце няма!
Тут, як з-пад зямлi, з'явiўся вялiкi натоўп эльфаў. На iх не было нiякай вопраткi, але мне яны падалiся ў такiм выглядзе яшчэ больш прыгожымi, чым самыя прыгожыя з апранутых.
Мяне таксама запрасiлi падзiвiцца на гэта вясёлае свята, але толькi здалёку, бо я занадта вялiкая.
Пасля заiграла музыка, i якая яшчэ музыка! Нiбы тысячы крышталёвых званочкаў ударылi i напоўнiлi паветра меладычным звонам. Спачатку я падумала, цi не лебедзi гэта заспявалi. Але пасля мне падалося, нiбыта зязюля закукавала i зачырыкаў дрозд, а ўжо далей - як заспяваў увесь вакольны лес! Спявалi дзiцячыя галасы, перагуквалiся званы, залiвалiся птушкi, плылi цудоўныя мелодыi - i ўсе гэтыя гукi iшлi ад маёй упрыгожанай кiлбаснай палачкi. Я нiколi не здагадвалася, што яна валодае такой чароўнай уласцiвасцю, але, мабыць, усё залежыць, у чые рукi яна трапiць.
Была я глыбока ўсхваляваная i нават плакала ад пачуццёвага ўзрушэння, як толькi можа плакаць маленькая мышка.
Ноч была вельмi кароткая, - на поўначы ў такую пару яны даўжэйшымi не бываюць. На свiтаннi падзьмуў вецер i люстэрка ляснога возера зарабацiнела, празрыстыя палотны i сцяжкi паразляталiся ў розныя бакi, а гiрлянды з павуцiння ды навiслыя мосцiкi, што яшчэ нядаўна калыхалiся мiж лiсцяў, раптам пазнiкалi, нiбыта iх тут нiколi не было. Шасцёра эльфаў прынеслi мне маю кiлбасную палачку i спыталi, цi няма ў мяне да iх якой просьбы; i я тут жа папрасiла, каб яны расказалi мне, як варыцца суп з кiлбаснай палачкi.
- Ды зусiм гэтак, як толькi што мы рабiлi, - сказаў з усмешкай самы знатны эльф. - Ты сама ўсё бачыла, што нам табе лiшнi раз тлумачыць.
"Ах, вось пра што яны гавораць", - падумала я i прызналася iм шчыра, што мяне паклiкала ў гэтую вандроўку i чаго ад мяне чакаюць на радзiме.
- Ну, скажыце мне, - закончыла я сваю споведзь, якая будзе карысць мышынаму цару i ўсёй нашай вялiкай дзяржаве ад таго, што бачыла я ўсе гэтыя дзiвосы? Не змагу ж я вытрасцi iх з кiлбаснай палачкi i сказаць: "Вось палачка, а вось i суп!" Гэтакiм супам падмацуешся хiба што пасля сытага абеду.
Тады эльф правёў сваiм маленечкiм пальчыкам па пялёстку блакiтнай фiялкi, пасля дакрануўся да кiлбаснай палачкi i кажа:
- Глядзi! Я кранаюся яе; а калi ты вернешся ў палац мышынага цара, дакранiся сваiм дарожным кiйком да цёплых царовых грудзей - i тут жа на кiйку заквiтнеюць фiялкi, нават калi на вулiцы будзе стаяць лютая сцюжа. Значыць, ты вернешся дадому не з пустымi рукамi. А вось табе i яшчэ тое-сёе.
Але перш чым мышка паказала гэта "тое-сёе", яна дакранулася палачкай да цёплых грудзей мышынага цара - i сапраўды ў тое ж iмгненне на палачцы вырас цудоўны букет фiялак. Ад iх iшоў такi пах, што мышыны цар загадаў некалькiм мышам, якiя стаялi блiжэй да агню, сунуць хвасты ў агонь, каб запахла ў пакоi падсмаленай поўсцю: мышы, як вядома, не пераносяць паху фiялак, для iх тонкага нюху ён занадта грубы.
- А што яшчэ даў табе эльф? - запытаў мышыны цар.
- Во, ледзьве не забыла, - схамянулася мышка, - ён навучыў мяне аднаму фокусу. - Тут яна павярнула кiлбасную палачку - i ўсе кветкi iмгненна пазнiкалi.
Цяпер мышка трымала ў лапцы звычайную палачку i, уздымаючы яе над галавой, як дырыжор, казала:
- Фiялка цешыць зрок, нюх, адчуванне, - гаварыў мне эльф, - але ж ёсць яшчэ смак i слых.
Тады мышка пачала дырыжыраваць, i ў тое ж iмгненне пачулася музыка, аднак зусiм не падобная на тую, якая гучала ў лесе на свяце эльфаў: гэта музыка адразу нагадала ўсiм шум, якi бывае на звычайнай кухнi. Вось гэта быў канцэрт дык канцэрт! Ён пачаўся знянацку - нiбыта вецер раптам узвыў у комiне; у катлах i гаршках быццам закiпела вада, i зашыпела, i палiлася цераз край, i заляпала качарга па мядзяным катле. Пасля гэтак жа нечакана ўсё гэта сцiхла: адно глуха яшчэ булькатаў iмбрык, так, што нельга было зразумець, цi ён закiпае, цi яго толькi што паставiлi на агонь. Пасля ў маленькiм гаршочку зноў падала голас вада, i ў вялiкiм закiпела, - i яны забулькаталi, як раззлаваныя адзiн на аднаго. А мышка тым часам махала сваёй палачкай усё хутчэй i хутчэй. Вада ў катлах булькала, шыпела, пенiлася, вецер дзiка завываў, а ў комiне гуло: гу-у-у! Мышцы зрабiлася так страшна ад гэтай музыкi, што яна выпусцiла палачку.
- Вось дык суп! - ўсклiкнуў мышыны цар. - А што будзе на другое?
- Гэта ўсё, - нясмела прапiшчала мышка i прысела.
- Ну i хопiць, - вырашыў мышыны цар. - Паслухаем цяпер, што нам скажа другая мыш.
III. Пра што паведала другая мыш-вандроўнiца
- Я нарадзiлася ў бiблiятэцы, - пачала другая мыш. - Мне i ўсёй нашай сям'i так i не давялося нiводнага разу трапiць у сталоўку, пра кладоўку дык i казаць няма чаго. Першы раз пабачыла кухню я ў час вандроўкi, другi - сёння, вось тут. Кажучы шчыра, мы часта галадалi, калi жылi ў бiблiятэцы, але затое набылi багата ведаў, i вось калi да нас данеслiся чуткi пра царскую ўзнагароду за суп з кiлбаснай палачкi, то мая старая бабуля адшукала адзiн даўнi рукапiс. Яна яго, вядома, прачытаць не магла, але чула, як чыталi iншыя, з таго рукапiсу запомнiла такiя словы: "Калi ты паэт, то здолееш зварыць нават суп з кiлбаснай палачкi". Бабуля тады пытае ў мяне, цi магу я пiсаць вершы? За сабой такога Божага дару я не заўважала, але бабуля пачала рашуча даводзiць, што я абавязкова павiнна стаць паэтэсай. Тады я пытаю ў яе, а што для гэтага патрэбна, - бо зрабiцца паэтэсай было для мяне не больш лёгкай справай, чым зварыць той жа суп з кiлбаснай палачкi. Мая бабуля за свой век праслухала багата кнiг i сказала мне - каб зрабiцца паэтэсай трэба валодаць трыма рэчамi: розумам, фантазiяй i пачуццём.
- Раздабудзь усё гэта i адразу пачнеш вершыкi складаць, - сказала яна. - А ўжо тады абавязкова зварыш суп з кiлбаснай палачкi.
I вось я пакiравала на захад i пачала вандраваць па свеце, каб зрабiцца паэтэсай.
Я ведала, што ва ўсялякай справе розум - гэта самае важнае, а фантазiя i пачуццё маюць другасную ролю, - то найперш вырашыла набрацца розуму. Але ж дзе яго шукаць, той розум?
"Iдзi да мураша i набiрайся мудрасцi ў яго!" - сказаў некалi адзiн чалавечы цар. Пра тое чула я некалi ў бiблiятэцы. Я нi разу не спынiлася ў дарозе, пакуль не дайшла да вялiкага мурашнiка.
Я затаiлася ў моху i пачала набiрацца той самай мудрасцi.
Што за цiкавы народ, гэтыя мурашы, i да чаго ж яны мудрыя! У iх усё размеркавана i разлiчана да дробязей. "Працаваць i класцi яйкi, - кажуць мурашы, - найпершы абавязак". Тым яны жывуць сёння, тым самым клапоцяцца i пра заўтрашнi дзень. Усе мурашы дзеляцца на шляхетных i рабочых. Становiшча кожнага з iх у мурашнiку вызначаецца яго асабiстым нумарам. Царыца мае першы нумар, таму яе думка заўсёды вырашальная для ўсiх астатнiх, царыца ўжо даўным-даўно праглынула ўсю зямную мудрасць.
Царыца гаварыла так доўга i так разумна, што яе прамовы падалiся мне нават занадта мудрагелiстымi. Яна, напрыклад, сцвярджала, што ва ўсiм свеце няма нiчога больш вышэйшага, чым iхнi мурашнiк, а мiж тым тут жа побач расло дрэва i было яно такое высокае, што не расказаць! Ды нiхто не мог пярэчыць царыцы, усе слухалi яе ды маўчалi. Але вось неяк вечарам адзiн мураш узабраўся на тое дрэва, высока-высока, ажно заблудзiўся ў галлi. На такую вышыню яшчэ не ўзбiраўся нi адзiн яго суродзiч. А калi мураш, добра паблукаўшы, вярнуўся дадому, то пачаў расказваць iншым мурашам, што ёсць на свеце тое-сёе значна вышэйшае, чым iхнi мурашнiк. Астатнiя мурашы палiчылi такiя словы зневажальнымi для iх мурашынага роду i загадалi стражнiкам, каб яны надзелi нахабнiку наморднiк i замкнулi зламыснiка ў адзiночную камеру. Праз колькi часу пасля гэтага здарэння залез на дрэва яшчэ адзiн мураш i ўзабраўся на тую ж вышыню, што i яго папярэднiк, а як вярнуўся дахаты, то таксама падзялiўся сваiм адкрыццём, але зрабiў ён гэта больш асцярожна, гаварыў нейкiя няпэўныя словы, загадкава паводзiў вусамi. Ён лiчыўся найбольш паважаным мурашом, да таго ж быў са шляхетных, мабыць, акурат таму паверылi яму, а калi ён памёр, то гэтаму мурашу паставiлi нават помнiк з яйкавай шалупiнкi - у знак асаблiвай павагi да навукi.
- Мне часта даводзiлася бачыць, - казала далей мышка, - як мурашы пераносяць яйкi на спiне. Аднойчы мураш не ўтрымаў яйка, i як ён пасля нi стараўся закiнуць яго сабе за спiну, нiчога з таго не атрымлiвалася. Тады падбеглi яшчэ два мурашы i пачалi з усяе сiлы дапамагаць суродзiчу. Яны шчыравалi так заўзята, што ледзьве не паскiдалi сваёй уласнай ношкi, а калi апамяталiся, то кiнулi сябра ў бядзе i пабеглi далей сваёй дарогай, бо кожнаму свая кашуля блiжэй да цела. Мурашыная царыца ва ўсiм гэтым убачыла лiшнi доказ таму, што мурашы валодаюць не толькi сэрцам, але i розумам. "Гэтыя якасцi ўзносяць нас, мурашоў, вышэй за ўсiх iншых разумных iстотаў, - заявiла яна. Розум мiж iншым стаiць на першым месцы, i я асабiста адорана iм найбольш!" Сказаўшы гэтыя словы, царыца велiчна паднялася на заднiя лапы, тут я i праглынула яе, бо якраз успомнiла словы чалавечага цара: "Iдзi да мураша i набiрайся мудрасцi ў яго!" Вось я i праглынула тую мудрасць разам з царыцай-мурашыхай. Пасля я наблiзiлася да высокага дрэва, што расло паблiзу мурашнiка. Гэта быў стары, магутны дуб. Я ўжо ведала, што на дубе жыве жанчына, якую завуць дрыядай. Яна нараджаецца, жыве i памiрае разам з дрэвам. Пра ўсё гэта я даведалася некалi ў бiблiятэцы, а цяпер пабачыла лясную паненку на ўласныя вочы. Дрыяда, як убачыла мяне, то адразу спалохана войкнула - як i ўсе жанчыны, яна баялася мышэй; але былi ў яе на тое куды больш важкiя прычыны, чым у iншых: я ж магла пагрызцi каранi дрэву, ад якога залежыла жыццё жанчыны. Тады я загаварыла з дрыядай ласкава i ветлiва, як магла, супакоiла, то яна ўзяла мяне ў сваю пяшчотную далонь. А як даведалася, чаму я трапiла сюды, то выказала такое меркаванне - мабыць, гэтым вечарам мне пашчасцiць завалодаць адным з тых двух скарбаў, якiя мне засталося знайсцi. Дрыяда растлумачыла, што дух фантазii - яе добры сябра i што ён такi прыгожы, як сам бог кахання, i любiць ён вельмi адпачываць у зялёным голлi, якое шумiць тады мацней звычайнага. Дух фантазii называе жанчыну сваёй любiмай дрыядай, а гэты дуб - найбольш любiмым дрэвам. Каранi дуба i сапраўды пранiкаюць глыбока ў глебу, а ствол дрэва з пышнай зялёнай шапкай цягнецца высока ў неба. Галiны дуба прывыклi i да лютых зiмовых маразоў, i да буйных ветраў, i сонечныя спякотныя прамянi iм не перашкода.
- А яшчэ, - казала далей дрыяда, - там, на макаўцы дрэва, спяваюць птушкi, гэта яны апавядаюць пра далёкiя заморскiя краiны, куды лётаюць крылатыя спевакi ў вырай. Толькi адзiн сук на дубе засох, але на iм звiў буслянку бусел. Гэта яшчэ больш упрыгожвае дрэва, да таго ж можна паслухаць згадкi бусла пра краiну пiрамiдаў. Духу фантазii ўсё гэта вельмi падабаецца. Бывае i я апавядаю яму пра жыццё ў лесе: пра той час, калi я была зусiм маленькай, а маё дрэўца толькi пачынала расцi i галiнавацца, нават крапiва-жыгучка захiнала яго ад сонца. Апавядаю яму пра ўсё, што тут адбывалася за доўгiя гады. А цяпер паслухай мяне, - гаварыла далей жанчына. - Схавайся паблiзу i ўважлiва сачы за ўсiм, што будзе тут дзеяцца. Калi з'явiцца дух фантазii, я пры першым зручным выпадку вырву ў яго з крыла пёрка. А ты падбяры тое пяро, лепшага няма нi ў аднаго паэта!
- Праз колькi часу з'явiўся дух фантазii, пяро было вырвана, i я атрымала яго, - дзялiлася ўспамiнамi мышка. - Мне давялося апусцiць пяро ў ваду i трымаць там да тае пары, пакуль яно не размокла, а тады я згрызла яго, хоць было не дужа смачна. Усё ж нялёгка ў нашы днi зрабiцца паэтам, вунь колькi ўсяго трэба пагрызцi i пераварыць! I вось я набыла не толькi розум, але i фантазiю, а ўжо маючы ўсё гэта, лёгка было раздабыць i пачуццё ў маёй роднай бiблiятэцы. Там я некалi чула, як адзiн вялiкi чалавек гаварыў, што ёсць раманы, адзiнае прызначэнне якiх - выцэджваць з людзей лiшнiя слёзы. Гэта своеасаблiвая губка, якая ўсмоктвае пачуццi. Я прыгадала некалькi такiх кнiг. Яны заўсёды здавалiся мне асаблiва апетытнымi, бо былi такiя зачытаныя i зашмальцаваныя, што, напэўна, увабралi ў сябе мора чалавечых пачуццяў.
Калi вярнулася на радзiму, то я адразу рушыла ў бiблiятэку i не марудзячы часу ўзялася за вялiкi раман - правiльней, за яго мякiш цi, так сказаць, за сутнасць; вокладку я не чапала. Калi я згрызла гэты раман, а пасля яшчэ адзiн, то раптам адчула, быццам унутры ў мяне нешта, зварухнулася. Тады я адгрызла яшчэ кавалачак ад трэцяга рамана - i зрабiлася сапраўднай паэтэсай. Я так пра гэта ўсiм i заявiла. Але неўзабаве ў мяне моцна разбалелася галава, пачалiся колiкi ў жываце - i наогул, дзе ў мяне толькi не балела! Я пачала думаць: што б такое расказаць пра кiлбасную палачку? I тады ў мяне ў галаве закруцiлася мноства розных палачак, - то сапраўды ў мурашынай царыцы розум быў адметны! Спачатку я без дай прычыны раптам успомнiла пра чалавека, якi ўзяўшы ў рот чароўную палачку, адразу рабiўся нябачным; пасля ўспомнiла пра палачку-выручалачку; пасля пра тое, што "шчасце - не палка, у рукi яго не возьмеш"; пасля згадала пра тое, што "ў кожнай палкi два канцы"; нарэшце пра ўсё, чаго я баюся, "як сабака палкi" i нават пра "палачку-павучалачку"! Як бачна, усе мае думкi засяродзiлiся на ўсемагчымых палках i палачках. Як ты паэт, то здолей уславiць нават звычайную сукаватую палку! А я ж цяпер паэтэса, i не горшая, чым iншыя рыфмаплёты! З гэтага дня я магу штодня частаваць вас вершыкамi пра любую палачку - гэта i ёсць мой суп.
- Паслухаем трэццюю, - сказаў мышыны цар.
- Пi-i, пi-i! - данеслася ад дзвярэй, i ў кухню стралой уляцела маленькая мышка, тая, якая была чацвертаю па лiку, - тая самая, пра якую ўсе казалi, што яна загiнула дзесьцi ў дарозе. I вось цяпер мышка-вандроўнiца так бегла, што нават павалiла кiлбасную палачку, абвiтую чорным жалобным крэпам. Бегла тая мышка сюды ўвесь дзень i ўсю ноч, ехала чыгункаю ў таварным вагоне, ледзьве паспеўшы ў яго ўскочыць. У дарозе яна згубiла сваю кiлбасную палачку, але не ўласны язык, i вось цяпер, уся ўскудлачаная, працiснулася наперад i адразу ж пачала гаварыць-стракатаць, нiбыта тут чакалi яе адну, быццам на ёй адной белы свет клiнам сышоўся. Яна стракатала бесперастанку i з'явiлася так нечакана, што нiхто не паспеў яе своечасова спынiць, гэта якраз дазволiла мышцы выказацца да канца. То i мы паслухаем.
IV. Пра што апавядала чацвертая мыш, якая гаварыла пасля другой
- Я адразу пакiравала ў вялiзны горад. Як ён называецца, не памятаю, бо ў мяне кепская памяць на назвы i iмёны. Адразу з вакзала разам з канфiскаваным таварам была я дастаўлена ў гарадскую ратушу, адтуль пабегла да мясцовага турэмшчыка. Ён мне расказаў пра зняволеных, асаблiва пра аднаго вязня, якi трапiў у турму ўсяго за слова, якое вымавiў неасцярожна. На чалавека была заведзена шумная справа, хоць яна, шчыра кажучы, нявартая была нават выедзенага яйка. "Уся гэта гiсторыя - проста суп з кiлбаснай палачкi, - заявiў турэмшчык, - аднак за гэты суп недарэку чаго добрага давядзецца заплацiць галавой". Зразумела, я адразу зацiкавiлася вязнем i, падпiльнаваўшы зручны момант, шмыганула да яго ў камеру: няма на свеце такiх пазамыканых дзвярэй, пад якiмi не знайшлося б прыдатнай шчылiны для мышкi...
Вязень меў прыгожыя вялiкiя вочы, яны ажно гарэлi на бледным твары. А яшчэ меў ён доўгую бараду. У змрочнай камеры чадзiла лямпа, але сценам i столi гэта ўжо не шкодзiла, бо былi яны i без таго чорныя. На сцяне вязень выдрапваў вершы, малюнкi. Ён тут, мабыць, вельмi сумаваў i таму ўзрадаваўся, калi ўбачыў нечаканую госцю. Ён спачатку прыручаў мяне хлебнымi крошкамi, пасвiстваў мне, прамаўляў ласкавыя словы, i я адчула да яго ўзаемную прыязнасць. Так мы хутка пасябравалi. Ён дзялiўся са мной хлебам i вадой, кармiў мяне сырам i кiлбасой - словам, жылося мне там цудоўна, але найбольш прыемным было тое, што чалавек палюбiў мяне. Ён мне дазваляў бегаць у яго па руках, нават залезцi ў рукаво, зашыцца ў бараду; называў мяне сваёй маленькай сяброўкай. I я таксама вельмi палюбiла вязня, бо сапраўдная любоў заўсёды павiнна быць узаемнай. Я нават забылася, чаго вандрую па гэтым свеце, i нават дзесьцi ў нейкай шчылiне згубiла сваю кiлбасную палачку, яна i цяпер там, пэўна, ляжыць. Я вырашыла не пакiдаць майго новага сябру, бо калi б пакiнула, то застаўся б ён на гэтым свеце зусiм адзiн i наўрад цi перанёс бы такую скруху. Дык вось я засталася ў турэмнай камеры, а вязень неўзабаве пакiнуў яе. Калi мы бачылiся апошнi раз, то быў чалавек вельмi сумным, даў мне двайную порцыю хлеба, кавалачак сыру i паслаў на развiтанне паветраны пацалунак.
Ён пайшоў з камеры i не вярнуўся ў яе. Больш нiчога я пра яго не ведаю. Дык вось прыгадала я тады словы турэмшчыка: "Зрабiлi хлапцу суп з кiлбаснай палачкi", - i пакiравала да турэмшчыка. Быў ён злым i непрыемным чалавекам. Ён мяне таксама пачаў прываблiваць крошкамi, а пасля схапiў i пасадзiў у клетку, што круцiлася, як кола. Трапiць у такую пастку - проста жах! Бяжыш i бяжыш, а застаешся на месцы, i ўсе з цябе смяюцца, здзекуюцца з цябе.
Аднак у турэмшчыка была цудоўная маленькая ўнучка з залатымi завiтушкамi на галаве; мела яна зiхоткiя, добрыя вочы, усмешлiвы тварык.
- Бедная маленькая мышка, - сказала аднойчы дзяўчынка, калi зазiрнула ў апрыклую мне клетку, пасля дзяўчынка адсунула жалезную засаўку i я выскачыла на волю. Узабралася на падваконнiк, а тады сiганула ў вадасцёкавы жолаб. "Воля! Я вольная!" - радавалася я i нават забылася, чаго сюды прыбягала.
А мiж тым пачало цямнець, насоўвалася ноч. Я прыстала нанач у старой вежы. Там жылi толькi вартаўнiк ды сава. Спачатку я крыху баялася iх, асаблiва савы - яна вельмi падобная на кошку i акрамя таго ў яе ёсць адна прыкрая загана: як i кошка, сава ласуецца мышамi. Але хто з нас не памыляецца ў жыццi! Гэтым разам памылiлася i я. Сава, як выявiлася, - разважлiвая i адукаваная асоба. Яна шмат чаго пабачыла на сваiм веку, ведала больш, чым вартаўнiк, i амаль столькi, колькi ведаю я. Яе малыя савяняты прымалi ўсялякую жыццёвую недарэчнасць вельмi блiзка да сэрца. "Не варыце супу з кiлбаснай палачкi, павучала iх у такiх выпадках старая сава, - не шумiце без дай-прычыны". Старая сава была вельмi ўважлiвай, пяшчотнай мацi. Я адразу адчула да яе давер i нават не пабаялася падаць голасу са сваёй шчылiны. Гэта саве вельмi спадабалася, i яна абяцала мне падтрымку. Нiводнай жывёлiне яна цяпер не дазволiць з'есцi мяне, бо ўжо лепш зробiць гэта сама, калi наблiзiцца зiма i не будзе чаго iншага есцi.
Сава была надзвычай разумнай птушкай. Яна, напрыклад, даказала мне, што вартаўнiк не змог бы трубiць, калi б у яго на поясе не вiсеў рог. А яшчэ важнiчае чалавек, робiць выгляд, што ён не горшы за саву! Але што з яго возьмеш! Суп з кiлбаснай палачкi!
Тут я i папрасiла саву расказаць мне, як той суп можна прыгатаваць. А сава мне растлумачыла: "Суп з кiлбаснай палачкi - гэта ўсяго толькi прымаўка; кожны разумее яе па-свойму, як сам хоча, i кожны верыць, што яго думкi наконт гэтага найбольш правiльныя. А калi папраўдзе разабрацца, то нiякага супу з кiлбаснай палачкi не бывае". "Як не бывае?" - збянтэжылася я. Вось дык навiна! Так, iсцiна не заўсёды прыемная, але ж яна вышэй за ўсё.
Тое самае сказала мне i сава. Падумала я, падумала i ўрэшце зразумела, што калi я прывязу дадому самае высокае, што толькi ёсць на свеце, гэта значыць iсцiну, то гэта будзе куды больш каштоўным, чым нейкi там суп. I я заспяшалася дадому, каб хутчэй паднесцi вам самае высокае i праўдзiвае - iсцiну.
Мышы - народ адукаваны, а мышыны цар тым больш. I ён можа смела браць мяне царыцай, у iмя высокай iсцiны.
- Твая iсцiна - хлусня! - залямантавала мыш, якая яшчэ не паспела выказацца. - Я магу зварыць гэты суп, i звару яго зараз жа!..
V. Як варылi суп...
- Я нiкуды не ездзiла, - пачала апавядаць трэццяя мыш. - А засталася дома, бо гэтак больш надзейна. Няма чаго бадзяцца па белым свеце, калi ўсё можна раздабыць дома. I я вось засталася! Я не набiвалася ў сяброўства да ўсялякага там гнюсу, каб навучыцца варыць суп, не глытала мурашоў i не чаплялася да соў. Я дайшла да ўсяго ўласным розумам... То пастаўце, калi ласка, кацёл на плiту. Вось так! Цяпер налiце вады, ды каб паўней было. Вельмi добра! Няхай вада закiпае, няхай забурлiць белымi струмянямi. А цяпер кiньце ў кацёл кiлбасную палачку... Цi не пажадаеце вы цяпер, ваша светласць, сунуць у кiпень ваш пушысты царскi хвосцiк, каб злёгку памешваць iм суп! Чым даўжэй будзеце памешваць, тым больш наварыстым атрымаецца булён, - гэта ўсё вельмi проста. I не трэба нiякiх прыпраў - сядзiце сабе ды памешвайце хвосцiкам! Вось так!
- А цi нельга даручыць гэту справу каму iншаму? - пытае мышыны цар.
- Не, - адказвае мышка, - нельга. Уся сiла ў царскiм хвасце!
I вось вада закiпела, а мышыны цар прыладзiўся каля катла i выцягнуў хвост, - акурат так, як мышы звычайна здымаюць смятанку з малака. Але як толькi на царскi хвост дыхнула гарачай парай, мышыны цар iмгненна саскочыў на падлогу.
- Ну, быць табе царыцай, - паспешлiва заявiў ён. - А з супам давай пачакаем да нашага залатога вяселля. Вось узрадуюцца тады беднякi ў маiм царстве! А пакуль няхай чакаюць ды смачна аблiзваюцца.
Адгулялi вяселле, ды толькi шмат хто з мышэй, вяртаючыся дадому, незадаволена пабуркваў:
- Ну, хiба гэта суп з кiлбаснай палачкi? Гэта хутчэй суп з мышынага хваста!
Яны лiчылi, што iншыя падрабязнасцi, якiя паведалi тры мышы, былi цiкавымi, але iх, бадай, трэба было расказаць iначай. Калi б пра гэта апавядалi мы, то казалi б вось так i так.
Увогуле, гэта ўжо самая сапраўдная крытыка, а крытыка, згадзiцеся, заўсёды заднiм розумам моцная.
Уся гэта гiсторыя абляцела ўвесь свет, i меркаваннi наконт яе раздвоiлiся; але яна сама ад таго нiколечкi не змянiлася. Наша гiсторыя праўдзiвая ва ўсiх падрабязнасцях ад пачатку да канца, уключаючы i кiлбасную палачку. Вось толькi падзяку за казку лепш не чакаць, усё адно не дачакаешся!
ТАЛIСМАН
Прынц з прынцэсай адзначалi свой мядовы месяц. Яны былi неверагодна шчаслiвыя, i толькi адна думка-развага не давала iм спакою: iм вельмi хацелася ведаць, цi будуць яны гэткiя ж шчаслiвыя ўсё сваё жыццё? Таму i сталi яны марыць пра талiсман, якi засцярог бы iх ад усялякiх нягод у сямейным жыццi. А да гэтага яны шмат наслухалiся пра аднаго чалавека; жыў гэты чалавек у лесе, i ўсе паважалi яго за мудрасць. У любой бядзе i ў любым цяжкiм становiшчы ён мог даць слушную параду. Выправiлiся да гэтага мудраца прынц з прынцэсай i расказалi яму пра ўсё, што смылела ў iх на душы. Выслухаў iх мудрэц i сказаў:
- Iдзiце вандраваць па белым свеце, i калi сустрэнуцца вам шчаслiвыя i ўсiм задаволеныя муж i жонка, папрасiце ў iх квалачак сподняй бялiзны, а калi здабудзеце такi кавалачак, насiце яго заўсёды як талiсман. Гэта надзейны сродак.
Селi прынц з прынцэсай на коней i выправiлiся ў шлях-дарогу; неўзабаве пачулi яны ад людзей пра аднаго вядомага рыцара, якi нiбыта жыў са сваёй жонкай шчаслiвей за ўсiх iншых. Паехалi яны да яго ў замак i пачалi самi распытвацца, цi праўда, што яны так задаволены сваiм жыццём, як сведчыць пра гэта погаласка.
- Усё праўда, - адказалi яны, - толькi адно гора: няма ў нас дзяцей.
Значыць, шукаць тут талiсман не мела сэнсу, i давялося прынцу з прынцэсай выправiцца далей на пошукi шчаслiвых i ўсiм задаволеных мужа з жонкай.
I вось прыехалi яны ў горад, дзе згодна з чуткамi быў адзiн сумленны гараджанiн, якi жыў са сваёй жонкай у згодзе, каханнi i ласцы. Прыйшлi яны да яго i спыталi, цi праўда, што ён гэткi шчаслiвы ў сямейным жыццi, як пра гэта расказваюць.
- Ды ўжо што праўда, то праўда! - адказаў муж. - Жывём мы з жонкай душа ў душу, вось толькi дзяцей у нас зашмат, а з iмi хапае нам клопату i гора!
Значыць, шукаць талiсман i ў яго няма сэнсу, i прынц з прынцэсай выправiлiся далей, усюды распытваючы, цi не чуў хто пра шчаслiвых i задаволеных мужа i жонку. Але такiя нiяк не сустракалiся.
Аднойчы, калi ехалi па палях i лугах, заўважылi яны ля дарогi пастуха, якi весела iграў на жалейцы. I бачаць яны, што да пастуха iдзе жанчына з немаўлём, а другое дзiця, хлапчука, вядзе за руку. Як толькi пастух убачыў жанчыну, ён кiнуўся ёй насустрач, павiтаўся, узяў немаўля i пачаў цалаваць i лашчыць яго. А сабака пастуха скакаў i брахаў ад радасцi, падбег да хлапчука i лiзнуў яго за руку. Мiж тым жонка пастуха дастала гаршчок, якi прынясла з сабой, i сказала:
- Iдзi, бацька, паеш.
Муж сеў на зямлю i пачаў есцi, але першы кавалак ён аддаў немаўляцi, а другi падзялiў памiж хлапчуком i сабакам. Усё гэта бачылi i чулi прынц з прынцэсай. Падышлi яны блiжэй i завялi гаворку з мужам i жонкай:
- Вiдаць, вы самыя шчаслiвыя i задаволеныя на свеце муж i жонка?
- Ды ўжо ж што праўда, то праўда, - адказаў муж. - Дзякаваць Богу. Няма на свеце нiводнага прынца з прынцэсай, якiя былi б шчаслiвейшыя за нас.
- Ведаеце што, - сказаў тады прынц, - дапамажыце нам, вы пра гэта не пашкадуеце! Дайце нам кавалачак кашулi, якую вы носiце на целе!
Пачуўшы гэта, пастух з жонкай неяк дзiўна пераглянулiся. А пастух сказаў:
- Бачыць Бог, мы з радасцю далi б вам не толькi па шматку, але i цэлую кашулю, калi б яна ў нас была. Але ў нашай хаце няма нават нiякай анучы.
Давялося прынцу з прынцэсай выправiцца далей з пустымi рукамi. У рэшце рэшт доўгiя i марныя блуканнi надакучылi iм, i яны скiравалi дамоў. Калi прынц з прынцэсай ехалi мiма хацiны мудраца, яны папiкнулi яго за тое, што ён даў iм такую дрэнную параду, i расказалi пра сваё падарожжа.
Усмiхнуўся на гэта мудрэц i сказаў:
- Няўжо вы i на самай справе змарнавалi час? Хiба не вярнулiся вы дамоў умудроныя вопытам?
- Гэта праўда, - адказаў прынц, - я даведаўся, што шчасце i задаволенасць сваiм лёсам - рэдкi дар на гэтым свеце!
- А я, - сказала прынцэса, - зразумела: каб быць шчаслiвым, трэба толькi адно - быць шчаслiвым!
Тут прынц працягнуў прынцэсе рукi i зiрнулi яны адно на аднаго з зайздросным замiлаваннем i каханнем. Блаславiў iх мудрэц i сказаў:
- У вашым уласным сэрцы знайшлi вы сапраўдны талiсман! Беражыце яго, i тады злы дух незадаволенасцi нiколi не завалодае вамi!
РУСАЛАЧКА
Далёка ў моры вада сiняя-сiняя, як пялёсткi самых прыгожых васiлькоў, празрыстая-празрыстая, як самае чыстае шкло, толькi вельмi глыбокая, такая глыбокая, што нiякага якарнага каната не хопiць. Шмат званiц трэба паставiць адна на адну, тады толькi верхняя выгляне на паверхню. Там на дне жыве падводны народ.
Але не падумайце, што дно голае, адзiн толькi белы пясок. Не, там растуць незвычайныя дрэвы i кветкi з такiмi гнуткiмi сцяблiнамi i лiсцем, што яны варушацца, нiбы жывыя, ад самага малога руху вады. А мiж галiн ходзiць туды-сюды рыба, вялiкая i маленькая, зусiм як птушкi лятаюць у паветры ў нас наверсе. У самым глыбокiм месцы стаiць палац марскога цара - сцены яго з каралаў, высокiя стральчатыя вокны з самага чыстага бурштыну, а дах увесь з ракавiн; яны то адкрываюцца, то закрываюцца, у залежнасцi ад таго, прылiў цi адлiў, i гэта вельмi прыгожа, бо ў кожнай ляжаць зiхатлiвыя жамчужыны i любая была б цудоўным упрыгожаннем у кароне самой каралевы.
Марскi цар даўным-даўно аўдавеў, i гаспадаркай у яго кiравала старая мацi, жанчына разумная, толькi надта ўжо ганарылася яна сваёй знатнасцю: на хвасце старая насiла аж дванаццаць вустрыц, тады як iншым вяльможам дазвалялася толькi шэсць. У астатнiм жа яна заслугоўвала ўсялякай пахвалы, асаблiва таму, што душы не чула ў сваiх маленькiх унучках - прынцэсах. Iх было шэсць, усе прыгожанькiя, але мiлейшай за ўсiх была самая малодшая, са скурай чыстай i пяшчотнай, як пялёстак ружы, з вачыма сiнiмi i глыбокiмi, як мора. Толькi ў яе, як, зрэшты, i ў астатнiх, ног не было, а замест iх быў хвост, як у рыбы.
Цэлы дзень гулялi прынцэсы ў палацы, у прасторных пакоях, дзе са сцен раслi жывыя кветкi. Расчынялiся вялiкiя бурштынавыя вокны, i ўсярэдзiну заплывала рыба, зусiм як у нас ластаўкi залятаюць у хату, калi вокны адчынены насцеж, толькi рыба падплывала проста да маленькiх прынцэс, брала з iх рук ежу i дазваляла сябе гладзiць.
Перад палацам быў вялiкi сад, у iм раслi агнiста-чырвоныя i цёмна-сiнiя дрэвы, плады iх ззялi золатам, кветкi - гарачым агнём, а сцяблiны i лiсце бесперастанна гайдалiся. Зямля была суцэльным дробным пяском, толькi блакiтнаватым, як сернае полымя. Усё там унiзе адлiвала якойсьцю асаблiвай сiнечаю, - можна было падумаць, быццам стаiш не на дне марскiм, а ў паветранай вышынi, i неба ў цябе не толькi над галавой, але i пад нагамi. У бязветраны дзень з дна вiдаць было сонца, яно здавалася пурпурнай кветкай, з чашы якой лiецца святло.
У кожнай прынцэсы была ў садзе свая мясцiнка, тут яны маглi капаць i садзiць, што хацелi. Адна зрабiла сабе градку для кветак у выглядзе кiта, другой уздумалася, каб яе градка выглядала русалкай, а самая малодшая зрабiла сабе градку, круглую, як сонца, i кветкi на ёй садзiла такiя ж пунсовыя, як яно само. Дзiўнае дзiця была гэта русалачка, цiхае, задуменнае. Iншыя сёстры ўпрыгожвалi сябе ўсякай усячынай, якую знаходзiлi на затопленых караблях, а яна толькi i любiла, што кветкi ярка-чырвоныя, як сонца, там, наверсе, ды яшчэ прыгожую мармуровую статую. Гэта быў цудоўны хлопчык, высечаны з чыстага белага каменя, якi апусцiўся на дно марское пасля караблекрушэння. Каля статуi русалачка пасадзiла ружовую нiцую вярбу, яна пышна разраслася i звешвала свае галiны над статуяй да блакiтнага пясчанага дна, дзе атрымлiваўся фiялетавы цень, якi зыбаўся ў лад гайданню галiн, i ад гэтага здавалася, быццам верхавiна i каранi лашчуцца адно да аднаго.
Больш за ўсё русалачка любiла слухаць расказы пра свет людзей там, наверсе. Старой бабулi давялося расказаць ёй усё, што яна ведала пра караблi i гарады, пра людзей i жывёл. Асаблiва дзiвосным i незвычайным здавалася русалачцы тое, што кветкi на зямлi пахнуць, - не тое, што тут, на марскiм дне, - лясы там зялёныя, а рыба сярод галiн спявае так гучна i прыгожа, што проста заслухаешся. Рыбай бабуля называла птушак, iнакш унучкi не зразумелi б яе: яны ж зроду не бачылi птушак.
- Калi вам споўнiцца пятнаццаць гадоў, - казала бабуля, - вам дазволяць усплываць на паверхню, сядзець у месячным святле на скалах i глядзець на вялiзныя караблi, якiя праплываюць мiма, на лясы i гарады!
У гэтым годзе старэйшай прынцэсе якраз спаўнялася пятнаццаць гадоў, але сёстры былi пагодкамi, i выходзiла так, што толькi праз пяць гадоў самая малодшая зможа падняцца з дна марскога i ўбачыць, як жывецца нам тут, наверсе. Ды кожная абяцала расказаць астатнiм, што яна ўбачыла i што ёй больш за ўсё спадабалася ў першы дзень, - бабулiных расказаў iм было мала, хацелася ведаць як мага больш.
Нiводную з сясцёр не вабiла так на паверхню, як самую малодшую, цiхую, задуменную русалачку, якой даводзiлася чакаць даўжэй за ўсiх. Ноч за ноччу праводзiла яна каля адчыненага акна i ўсё глядзела наверх праз цёмна-сiнюю ваду, у якой плёскала хвастамi i плаўнiкамi рыба. Месяц i зоркi бачылiся ёй, i хоць свяцiлi яны зусiм цьмяна, затое здавалiся праз ваду нашмат большымi, чым нам. А калi пад iмi нiбы плыло цёмнае воблака, ведала яна, што гэта цi кiт праплывае, цi карабель, а на iм шмат людзей, i ўжо, канешне, iм i ў галаву не прыходзiла, што ўнiзе пад iмi прыгожанькая русалачка цягнецца да карабля сваiмi белымi рукамi.
I вось старэйшай прынцэсе споўнiлася пятнаццаць гадоў, i ёй дазволiлi ўсплыць на паверхню.
Колькi было расказаў, калi яна вярнулася назад! Ну, а лепш за ўсё, расказвала яна, было ляжаць у месячным святле на водмелi, калi мора спакойнае, i разглядваць вялiкi горад на беразе: быццам сотнi зорак, там мiгцелi агнi, чулася музыка, шум экiпажаў, гамана людзей, вiднелiся званiцы i шпiлi, званiлi званы. I якраз таму, што туды ёй нельга было, туды i цягнула яе больш за ўсё.
Як прагна слухала яе расказы самая малодшая сястра! А потым, вечарам, стаяла каля адчыненага акна i глядзела наверх праз цёмна-сiнюю ваду i думала пра вялiкi горад, шумны i ажыўлены, i ёй здавалася нават, што яна чуе, як звоняць званы.
Праз год i другой сястры дазволiлi падняцца на паверхню i плыць куды пажадае. Яна вынырнула з вады якраз у тую хвiлiну, калi сонца заходзiла, i вырашыла, што больш дзiвоснага вiдовiшча няма на свеце. Неба было ўсё залатое, сказала яна, а воблакi - ах, у яе проста няма слоў апiсаць, якiя яны прыгожыя! Чырвоныя i фiялетавыя, плылi яны па небе, але яшчэ хутчэй ляцела да сонца, нiбы доўгi белы вэлюм, чарада дзiкiх лебедзяў. Яна таксама паплыла да сонца, але яно апусцiлася ў ваду, i ружовы водблiск на моры i аблоках патух.
Яшчэ праз год паднялася на паверхню трэцяя сястра. Гэта была смялейшая за ўсiх i праплыла ў шырокую раку, якая ўпадала ў мора. Яна ўбачыла там зялёныя ўзгоркi з вiнаграднiкамi, а з гушчару цудоўнага лесу выглядвалi палацы i сядзiбы. Яна чула, як спяваюць птушкi, а сонца прыгравала так моцна, што ёй не раз даводзiлася ныраць у ваду, каб астудзiць свой палымяны твар. У бухце ёй трапiўся цэлы гурт маленькiх чалавечых дзяцей, яны бегалi галышом i плюхалiся ў вадзе. Ёй захацелася пагуляць з iмi, але яны спалохалiся яе i ўцяклi, а замест iх з'явiўся нейкi чорны звярок - гэта быў сабака, толькi ж ёй яшчэ нi разу не даводзiлася бачыць сабаку - i забрахаў на яе так страшна, што яна перапалохалася i паплыла назад у мора. Але нiколi не забыць ёй дзiвоснага лесу, зялёных узгоркаў i прыгожых дзяцей, якiя ўмеюць плаваць, хаця i няма ў iх рыбiнага хваста.
Чацвертая сястра не была такой смелай, яна плавала ў адкрытым моры i лiчыла, што там якраз i было лепш за ўсё: мора вiдаць вакол на вельмi многа мiль, неба над галавой як велiзарны шкляны купал. Бачыла яна i караблi, толькi зусiм здалёку, i выглядалi яны амаль як чайкi, а яшчэ ў моры кулялiся гарэзлiвыя дэльфiны i кiты пускалi з ноздраў ваду, таму здавалася, быццам вакол бiлi сотнi фантанаў.
Дайшла чарга i да пятай сястры. Яе дзень нараджэння быў зiмой, i таму яна ўбачыла тое, чаго не ўдавалася ўбачыць iншым. Мора было зусiм зялёнае, расказвала яна, усюды плавалi вялiзныя ледзяныя горы, кожная нiбы жамчужына, толькi куды вышэйшая за любую званiцу, пабудаваную людзьмi. Яны былi самага мудрагелiстага выгляду i ззялi, быццам алмазы. Яна ўселася на самую вялiкую з iх, вецер развяваў яе доўгiя валасы, i матросы спалохана абыходзiлi гэтае месца далей. Да вечара неба зацягнулася хмарамi, заблiскалi маланкi, загрымеў гром, пачарнелае мора ўзнiмала ўгору вялiзныя ледзяныя глыбы, якiя асвятлялiся ўспышкамi маланак. На караблях здымалi ветразi, вакол быў страх i жах, а яна хоць бы што плыла на сваёй ледзяной гары i пазiрала, як маланкi сiнiмi зiгзагамi б'юць у мора.
Так вось i было: выплывае якая-небудзь з сясцёр першы раз на паверхню, захапляецца ўсiм новым i прыгожым, ну а тады, калi дарослай дзяўчынай можа падняцца наверх у любую хвiлiну, усё становiцца для яе нецiкавым i яна iмкнецца дамоў i ўжо праз месяц гаворыць, што ў iх унiзе лепш, чым дзе, толькi тут i адчуваеш сябе дома.
Часта па вечарах, абняўшыся, усплывалi пяць сясцёр на паверхню. Ва ўсiх былi дзiвосныя галасы, як нi ў кога з людзей, i калi пачыналася бура, якая пагражала гiбеллю караблям, яны плылi перад караблямi i спявалi так соладка аб тым, як добра на марскiм дне, угаворвалi матросаў без боязi спусцiцца ўнiз. Толькi матросы не маглi разабраць слоў, iм здавалася, што гэта проста шумiць бура, ды i не давялося б iм убачыць на дне нiякiх дзiвосаў - калi карабель тануў, людзi захлыналiся i траплялi ў палац марскога цара ўжо мёртвыя.
Малодшая ж русалачка, калi сёстры яе ўсплывалi вось так на паверхню, заставалася адна-адзiнюткая i глядзела iм ўслед, i ёй хацелася плакаць, ды толькi русалкам не дадзена слёз, i ад гэтага ёй было яшчэ горш.
- Ах, калi ж мне будзе пятнаццаць гадоў! - казала яна. - Я ведаю, што вельмi палюблю той свет i людзей, якiя там жывуць!
Нарэшце i ёй споўнiлася пятнаццаць гадоў.
- Ну вось, выгадавалi i цябе! - сказала бабуля, каралева-ўдава. - Падыдзi ж сюды, я ўпрыгожу цябе, як астатнiх сясцёр!
I яна надзела русалачцы на галаву вянок з белых лiлей, толькi кожны пялёстак быў палавiнкай жамчужыны, а потым начапiла ёй на хвост восем вустрыц у знак яе высокага сану.
- Ды гэта балюча! - сказала русалачка.
- Каб быць прыгожай, можна i пацярпець! - сказала бабуля.
Ах, з якой ахвотай скiнула б русалачка ўсю гэту пышнасць i цяжкi вянок! Чырвоныя кветкi з яе градкi падышлi б ёй куды больш, але нiчога не паробiш.
- Бывайце! - сказала яна i лёгка i плаўна, быццам бурбалачка паветра, паднялася на паверхню.
Калi яна падняла галаву над вадой, сонца толькi што села, але аблокi яшчэ адсвечвалi ружовым i залатым, а ў блякла-чырвоным небе ўжо запалiлiся ясныя вячэрнiя зоркi; паветра было мяккае i свежае, мора спакойнае. Непадалёку стаяў трохмачтавы карабель з адным паднятым ветразем - не было нi самага малога ветрыку. Усюды на снасцях i рэях сядзелi матросы. З палубы чулiся музыка i спевы, а калi зусiм сцямнела, сотнi рознакаляровых лiхтарыкаў асвяцiлi карабель, i ў паветры быццам бы замiльгалi сцягi ўсiх нацый. Русалачка падплыла прама да акна каюты, i кожны раз, калi яе прыпадымала хваляй, яна магла зазiрнуць усярэдзiну праз празрыстае шкло. Там было шмат прыгожа апранутых людзей, але прыгажэйшым за ўсiх быў малады прынц з вялiкiмi чорнымi вачыма. Яму, пэўна, было не больш за шаснаццаць гадоў. Святкаваўся дзень нараджэння, таму на караблi i было так весела. Матросы танцавалi на палубе, а калi выйшаў туды малады прынц, у неба ўзляцелi сотнi ракет, i стала светла як днём, нават русалачка зусiм перапалохалася i нырнула ў ваду, але хутка зноў высунула галаву, i здавалася, нiбы ўсе зоркi з неба падаюць да яе ў мора. Нiколi яшчэ не бачыла яна такога феерверка. Круцiлiся колам вялiзныя сонцы, узлятала ў сiнюю высь дзiвосная вогненная рыба, i ўсё гэта адлюстроўвалася ў цiхай, яснай вадзе. На самiм караблi было так светла, што можна было адрознiць кожны канат, а людзей i тым больш. Ах, якi прыгожы быў малады прынц! Ён пацiскаў усiм рукi, усмiхаўся i смяяўся, а музыка ўсё грымела i грымела ў цудоўную ноч.
Ужо было позна, а русалачка ўсё не магла вачэй адарваць ад карабля i ад вельмi прыгожага прынца. Патухлi рознакаляровыя лiхтарыкi, не ўзляталi больш ракеты, не грукаталi гарматы, затое загуло i забурчала ў глыбiнi марской. Русалачка гайдалася на хвалях i ўсё заглядвала ў каюту, а карабель пачаў набiраць ход, адзiн за адным распускалiся ветразi, усё вышэй узнiмалiся хвалi, збiралiся хмары, далёка заблiскалi маланкi.
Насоўвалася бура, матросы пачалi здымаць ветразi. Карабель, разгойдваючыся, плыў па разгневаным моры, хвалi ўзнiмалiся вялiзнымi чорнымi гарамi, iмкнучыся перакацiцца цераз мачту, а карабель ныраў, быццам лебедзь, мiж высозных валоў i зноў узнiмаўся на грэбень грувасткай хвалi. Русалачцы ўсё гэта здавалася прыемнай прагулкай.
Карабель стагнаў i трашчаў; вось падалася пад ударамi хваляў тоўстая абшыўка бартоў, хвалi захлiснулi карабель, пераламалася папалам, як чарацiнка, мачта, карабель лёг на бок, i вада хлынула ў трум. Тут ужо русалачка зразумела, якая небяспека пагражае людзям, - ёй i самой даводзiлася ўхiляцца ад бярвення i абломкаў, якiя насiлiся па хвалях. На хвiлiну стала цёмна, хоць вока выкалi, але вось блiснула маланка, i русалачка зноў убачыла людзей на караблi. Кожны ратаваўся як мог. Яна шукала вачыма прынца i ўбачыла, як ён упаў у ваду, калi карабель развалiўся на часткi. Спярша яна вельмi ўзрадавалася - ён жа трапiць цяпер да яе на дно, але тут жа ўспомнiла, што людзi не могуць жыць у вадзе i ён прыплыве ў палац яе бацькi толькi мёртвым. Не, не, ён не павiнен памерцi! I яна паплыла мiж бярвення i дошак, зусiм не думаючы аб тым, што яны могуць яе раздушыць. Яна то нырала глыбока, то ўзлятала на хвалю i нарэшце даплыла да юнага прынца. Ён амаль ужо зусiм выбiўся з сiл i плыць па бурным моры не мог. Рукi i ногi адмаўлялiся яму служыць, прыгожыя вочы заплюшчылiся, i ён патануў бы, калi б не з'явiлася яму на дапамогу русалачка. Яна прыўзняла над вадой яго галаву i дала магчымасць хвалям несцi iх абоiх хоць куды...
Да ранiцы бура сцiхла. Ад карабля не засталося i трэскi. Зноў заззяла над вадой сонца i як быццам вярнула фарбы шчокам прынца, але вочы яго ўсё яшчэ былi заплюшчаны.
Русалачка адкiнула з iлба прынца валасы, пацалавала яго ў высокi прыгожы лоб, i ёй падалося, што ён падобны на мармуровага хлопчыка, якi стаiць у яе садзе. Яна пацалавала яго яшчэ раз i пажадала, каб ён выжыў.
Нарэшце яна ўбачыла сушу, высокiя сiнiя горы, на вяршынях якiх, нiбы чароды лебедзяў, бялелi снягi. Каля самага берага зелянелi дзiвосныя лясы, а перад iмi стаяла не то царква, не то манастыр - яна не магла сказаць дакладна, ведала толькi, што гэта быў будынак. У садзе раслi апельсiнавыя i лiмонныя дрэвы, а каля самых варотаў - высокiя пальмы. Мора ўразалася тут у бераг невялiкiм залiвам, цiхiм, але вельмi глыбокiм, са скалой, каля якой мора намыла дробнага белага пяску. Сюды якраз i прыплыла русалачка з прынцам i паклала яго на пясок так, каб галава была крыху вышэй на сонцы.
Тут у высокiм белым будынку зазванiлi званы, i ў сад высыпаў цэлы натоўп маладых дзяўчат. Русалачка адплыла далей за высокiя камянi, якiя тарчалi з вады, накрыла свае валасы i грудзi марской пенай, так што цяпер нiхто не заўважыў бы яе твару, i пачала чакаць, цi не прыйдзе хто на дапамогу няшчаснаму прынцу.
Неўзабаве да скалы падышла маладая дзяўчына i спачатку вельмi спалохалася, але тут жа пасмялела i паклiкала iншых людзей, i русалачка ўбачыла, што прынц ажыў i ўсмiхнуўся ўсiм, хто быў каля яго. А ёй ён не ўсмiхнуўся, ён нават не ведаў, што яна выратавала яму жыццё. Засумавала русалачка, i калi прынца завялi ў вялiкi будынак, яна сумна нырнула ў ваду i паплыла дамоў.
Цяпер яна стала яшчэ цiшэйшай, яшчэ больш задуменнай, чым раней. Сёстры цiкавiлiся, што яна бачыла ўпершыню на паверхнi мора, але яна нiчога iм не расказала.
Часта ранiцамi i вечарамi прыплывала яна да таго месца, дзе пакiнула прынца. Яна бачыла, як паспявалi ў садзе плады, як iх потым збiралi, бачыла як растаў снег на высокiх гарах, але прынца так больш i не бачыла i вярталася дамоў кожны раз усё больш маркотнай. Адзiнай радасцю было для яе сядзець у сваiм садзе, абхапiўшы рукамi прыгожую мармуровую статую, падобную на прынца, але свае кветкi яна больш не даглядала. Яны здзiчэлi i разраслiся па дарожках, пераплялiся сцяблiнамi i лiсцем з галiнамi дрэў, i ў садзе стала зусiм цёмна.
Нарэшце яна не вытрымала i расказала пра ўсё адной з сясцёр. Потым даведалiся i астатнiя сёстры, але больш нiхто, хiба што яшчэ дзве-тры русалкi ды iхнiя самыя блiзкiя сяброўкi. Адна з iх таксама ведала аб прынцу, бачыла свята на караблi i нават ведала, адкуль родам прынц i дзе яго каралеўства.
- Паплылi разам, сястрыца! - сказалi русалачцы сёстры i, абняўшыся, паднялiся на паверхню мора каля таго месца, дзе стаяў палац прынца.
Палац быў узведзены са светла-жоўтага блiскучага каменя, з вялiкiмi мармуровымi лесвiцамi; адна з iх спускалася проста да мора. Прыгожыя пазалочаныя купалы ўзвышалiся над дахам, а памiж калонамi, якiя абкружалi будынак, стаялi мармуровыя статуi, зусiм як жывыя людзi. Праз высокiя люстраныя вокны былi вiдаць раскошныя пакоi; усюды вiселi дарагiя шаўковыя фiранкi, былi разасланы дываны, а сцены ўпрыгожвалi вялiкiя карцiны. Цуд, ды i толькi! Пасярод самай вялiкай залы журчаў фантан; струменi вады бiлi высока-высока пад шкляны купал, праз якi ваду i дзiўныя раслiны, па краях басейна, асвятляла сонца.
Цяпер русалачка ведала, дзе жыве прынц, i пачала прыплываць да палаца амаль кожны вечар цi кожную ноч. Нiводная з сясцёр не асмельвалася падплываць да зямлi так блiзка, ну а яна заплывала нават у вузкi канал, што праходзiў якраз пад мармуровым балконам, ад якога падаў на ваду доўгi цень. Тут яна спынялася i падоўгу глядзела на юнага прынца, а ён жа думаў, што гуляе пры святле месяца адзiн-адзiнюткi.
Шмат разоў бачыла яна, як ён катаўся з музыкантам на сваёй шыкоўнай лодцы, упрыгожанай трапяткiмi сцягамi. Русалачка пазiрала з зялёнага трыснягу, i калi людзi часам заўважалi, як трапеча на ветры яе доўгi серабрыста-белы вэлюм, iм здавалася, што гэта плёскае крылам лебедзь.
Шмат разоў чула яна, як гаварылi аб прынцу рыбакi, якiя лавiлi па начах з факелам рыбу, яны расказвалi аб iм шмат добрага, i русалачка радавалася, што выратавала яму жыццё, калi амаль нежывога, насiла па хвалях; яна прыгадвала, як яго галава ляжала на яе грудзях i як пяшчотна пацалавала яна яго тады. А ён жа нiчога не ведаў пра яе, яна яму i прыснiцца не магла!
Усё больш i больш пачынала русалачка любiць людзей, усё мацней цягнула яе да iх; iхнi зямны свет здаваўся ёй значна большым, чым яе падводны, яны маглi ж пераплываць на сваiх караблях мора, узбiрацца на высокiя горы вышэй за аблокi, а iхнiя краiны з лясамi i палямi раскiнулiся так шырока, што i вокам не ахопiш! Вельмi хацелася русалачцы пабольш даведацца пра людзей, пра iх жыццё, але сёстры не маглi адказаць на ўсе яе пытаннi, i яна звярталася да бабулi: старая добра ведала "вышэйшы свет", як яна справядлiва называла зямлю, што ляжала над морам.
- Калi людзi не топяцца, - пыталася русалачка, - тады яны жывуць вечна, не памiраюць, як мы?
- Ну што ты! - адказвала старая. - Яны таксама памiраюць, iхнi век нават карацейшы за наш. Мы жывём трыста гадоў; толькi калi мы перастаем быць, нас не хаваюць, у нас нават няма магiл, мы проста ператвараемся ў марскую пену.
- Я б аддала ўсе свае сотнi гадоў за адзiн дзень чалавечага жыцця, прамовiла русалачка.
- Глупства! Не трэба i думаць пра гэта! - сказала старая. - Нам тут жывецца куды лепш, чым людзям на зямлi!
- Значыць, i я памру, стану марской пенай, не буду больш чуць музыкi хваляў, не ўбачу нi дзiвосных кветак, нi чырвонага сонца! Няўжо я нiяк не магу пажыць сярод людзей?
- Можаш, - сказала бабуля, - няхай толькi хто-небудзь з людзей палюбiць цябе так, што ты станеш яму даражэйшай за бацьку i мацi, калi ты завалодаеш усiм яго сэрцам i ўсiмi думкамi, калi ён ажэнiцца з табой i паклянецца ў вечнай вернасцi. Але гэтага не можа быць нiколi! Бо тое, што ў нас лiчыцца прыгожым - твой рыбiн хвост, напрыклад, - людзi лiчаць брыдкiм. Яны нiчога не разумеюць у прыгажосцi; на iх меркаванне, каб быць прыгожым, трэба абавязкова мець дзве нязграбныя падпоркi - ногi, так яны iх называюць.
Русалачка глыбока ўздыхнула i сумна паглядзела на свой рыбiн хвост.
- Будзем жыць - не тужыць! - сказала старая. - Павесялiмся ўдосталь, трыста гадоў - тэрмiн немалы... Сягоння вечарам у нас у палацы баль!
Вось было хараство, якога не ўбачыш на зямлi! Сцены i столь танцавальнай залы былi з тоўстага, але празрыстага шкла; уздоўж сцен радамi ляжалi сотнi вялiзных пурпуровых i травянiста-зялёных ракавiн з блакiтнымi агеньчыкамi ўсярэдзiне; агнi гэтыя ярка асвятлялi ўсю залу, а праз шкляныя сцены - i мора вакол. Вiдаць было, як да сцен падплываюць чародкi вялiкiх i маленькiх рыб, i луска iх пералiваецца золатам, серабром, пурпурам.
Пасярод залы вада бегла шырокай плынню, i ў ёй танцавалi пад свае дзiвосныя спевы вадзянiкi i русалкi. Такiх цудоўных галасоў не бывае ў людзей. Русалачка спявала лепш за ўсiх, i ўсе пляскалi ёй у ладкi. На хвiлiну яна павесялела з думкай аб тым, што нi ў кога i нiдзе, нi ў моры, нi на зямлi, няма такога цудоўнага голасу, як у яе; але потым яна зноў пачала думаць пра надводны свет, аб прыгожым прынцу, i засумавала. Непрыкметна выслiзнула яна з палаца i, пакуль там спявалi i весялiлiся, маркотна сядзела ў сваiм садку. Раптам зверху данеслiся гукi валторнаў, i яна падумала: "Вось ён зноў катаецца на лодцы! Як я люблю яго! Больш, чым бацьку i мацi! Я належу яму ўсiм сэрцам, усiмi сваiмi думкамi, яму я б ахвотна ўручыла шчасце ўсяго майго жыцця! На ўсё б я пайшла - каб толькi б мне быць з iм. Пакуль сёстры танцуюць у бацькоўскiм палацы, паплыву ж я да ведзьмы марской. Я заўсёды баялася яе, але можа, яна штосьцi параiць цi як-небудзь дапаможа мне!"
I русалачка паплыла са свайго садка да бурлiвых вiроў, за якiмi жыла ведзьма. Яшчэ нi разу не даводзiлася ёй праплываць гэтай дарогай; тут не раслi нi кветкi, нi нават трава - навакол быў толькi голы шэры пясок; вада за iм бурлiла i шумела, як пад млынавым колам, i ўцягвала за сабой у бяздонне ўсё, што толькi сустракала на сваiм шляху. Якраз мiж такiх бурлiвых вiроў i давялося плыць русалачцы, каб трапiць у той край, дзе ўладарыла ведзьма. Далей шлях ляжаў праз гарачы пузырысты iл, гэтае месца ведзьма называла сваiм тарфяным балотам. А там ужо было рукой падаць да яе жытла, абкружанага дзiўным лесам: замест дрэў i кустоў у iм раслi палiпы - паўжывёлiны-паўраслiны, падобныя на стогаловых змеяў, якiя вырасталi проста з пяску; галiны iх былi падобныя на доўгiя слiзготкiя рукi з пальцамi, звiвiстымi, як чарвякi; палiпы нi на хвiлiну не пераставалi варушыцца ад кораня да самай верхавiны i хапалi гнуткiмi пальцамi ўсё, што толькi iм траплялася, i ўжо больш не выпускалi. Русалачка з перапуду спынiлася, сэрцайка яе закалацiлася ад страху, яна гатова была вярнуцца, але прыгадала прынца i набралася смеласцi: моцна завязала вакол галавы свае доўгiя валасы, каб у iх не ўчапiлiся палiпы, скрыжавала на грудзях рукi i, як рыба, паплыла мiж агiдных палiпаў, якiя цягнулiся да яе сваiмi звiвiстымi рукамi. Яна бачыла, як моцна, нiбы жалезнымi абцугамi, трымалi яны сваiмi пальцамi ўсё, што ўдалося iм схапiць: белыя шкiлеты людзей, якiя ўтапiлiся, карабельныя рулi, скрынi, косцi жывёлiн, нават адну русалачку. Палiпы злавiлi i задушылi яе. Гэта было страшнейшым за ўсё.
Але вось яна апынулася на коўзкай лясной паляне, дзе кулялiся, паказваючы брыдкае жаўтаватае пуза, вялiкiя, тлустыя вадзяныя вужы. Пасярод паляны быў пабудаваны дом з белых чалавечых касцей. Тут жа сядзела сама марская ведзьма i кармiла з рота жабу, як людзi кормяць цукрам маленькiх канарэек. Агiдных вужоў яна называла сваiмi кураняткамi i дазваляла iм поўзаць па сваiх вялiкiх наздраватых, як губка, грудзях.
- Ведаю, ведаю, чаму ты прыплыла! - сказала русалачцы марская ведзьма. Глупства ты задумала, але ж я ўсё-ткi дапамагу табе - на тваю ж бяду, мая прыгажуня! Ты хочаш пазбавiцца ад свайго хваста i атрымаць замест яго дзве падпоркi, каб хадзiць, як людзi. Хочаш, каб юны прынц пакахаў цябе.
I ведзьма зарагатала так гучна i брыдка, што i жаба i вужы пападалi з яе i пляснулiся на пясок.
- Ну добра, ты з'явiлася ў самы час! - працягвала ведзьма. - Калi б ты прыйшла заўтра ранiцай, то было б позна, i я не магла б дапамагчы табе раней, чым у будучым годзе. Я прыгатую табе пiтво, ты возьмеш яго, паплывеш з iм да берага яшчэ да ўсходу сонца, сядзеш там i вып'еш усё да кроплi; тады твой хвост раздвоiцца i ператворыцца ў пару стройных, як сказалi б людзi, ножак. Але табе будзе так балюча, быццам цябе пранiжуць вострым мячом. Затое ўсе, хто цябе ўбачыць, скажуць, што такой прыгожай дзяўчыны яны яшчэ не сустракалi! Ты захаваеш сваю плаўную паходку - нiводная танцоўшчыца не параўнаецца з табой, але памятай: ты будзеш iсцi як па вострых нажах, i твае ногi будуць крывянiць. Вытрымаеш усё гэта? Тады я дапамагу табе.
- Так! - сказала русалачка дрыготкiм голасам, падумаўшы аб прынцу.
- Памятай, - сказала ведзьма, - калi ты набудзеш чалавечы выгляд, табе не зрабiцца зноў русалкай! Не ўбачыш ты нi марскога дна, нi бацькоўскага дому, нi сясцёр. А калi прынц не пакахае цябе так, што забудзе дзеля цябе i бацьку i мацi, калi ты не завалодаеш усiм яго сэрцам i калi ён не ажэнiцца з табой, ты загiнеш; на першым жа досвiтку пасля яго жанiцьбы з другой тваё сэрца разарвецца на часткi, i ты станеш пенай марской.
- Няхай! - сказала русалачка i збялела як смерць.
- А яшчэ ты павiнна заплацiць мне за дапамогу, - сказала ведзьма. - I я нятанна вазьму! У цябе дзiўны голас, iм ты i думаеш зачараваць прынца, але ты павiнна аддаць гэты голас мне. Я вазьму за свой бясцэнны напой самае лепшае, што ёсць у цябе: бо я павiнна прымяшаць да напiтка сваю ўласную кроў, каб ён стаў востры, як лязо мяча.
- Калi ты возьмеш мой голас, што ж застанецца мне? - запытала русалачка.
- Твой вельмi прыгожы твар, твая плаўная паходка i твае гаваркiя вочы гэтага дастаткова, каб пакарыць чалавечае сэрца! Ну годзе, не бойся: высунеш язычок, i я адрэжу яго ў аплату за чарадзейны напой!
- Добра! - сказала русалачка, i ведзьма паставiла на агонь кацёл, каб зварыць пiтво.
- Чысцiня - лепшая прыгажосць! - сказала яна i выцерла кацёл вязкай жывых вужоў.
Потым яна падрапала сабе грудзi; у кацёл закапала чорная кроў, i хутка пачалi падымацца клубы пары, якiя набывалi такiя вычварныя формы, што проста жах браў. Ведзьма штохвiлiнна падбаўляла ў кацёл новае i новае зелле, i, калi пiтво закiпела, яно забулькала так, быццам плакаў кракадзiл. Нарэшце напой быў гатовы, на выгляд ён здаваўся вельмi празрыстай крынiчнай вадой.
- Бяры! - сказала ведзьма, аддаючы русалачцы напой.
Потым адрэзала ёй язык, i русалачка стала нямой - не магла больш нi спяваць, нi гаварыць.
- Схопяць цябе палiпы, калi паплывеш назад, - наказвала ведзьма, - пырснi на iх кроплю пiтва, i iх рукi i пальцы разляцяцца на тысячу кавалачкаў.
Але русалачцы не давялося гэтага рабiць - палiпы з жахам адварочвалiся пры адным выглядзе напою, якi блiшчаў у яе руках, нiбы яркая зорка. Хутка праплыла яна лес, мiнула балота i бурлiвыя вiры.
Вось i бацькоўскi палац; агнi ў танцавальнай зале патушаны, усе спяць. Русалачка не адважылася больш увайсцi туды, бо яна ж была нямая i збiралася пакiнуць бацькоўскi дом назаўсёды. Сэрца яе гатова было разарвацца ад тугi. Яна прашмыгнула ў сад, узяла па кветачцы з градкi ў кожнай сястры, паслала родным тысячы паветраных пацалункаў i паднялася на цёмна-блакiтную паверхню мора.
Сонца яшчэ не ўзыходзiла, калi яна ўбачыла перад сабою палац прынца i прысела на шырокую мармуровую лесвiцу. Месяц асвятляў яе сваiм дзiвосным блакiтным ззяннем. Русалачка выпiла пякучы напой, i ёй падалося, быццам яе працялi вострым з абодвух бакоў мячом; яна страцiла прытомнасць i павалiлася як нежывая. Калi яна ачуняла, над морам ужо ззяла сонца; ва ўсiм целе яна адчувала пякучы боль. Перад ёю стаяў прыгожы прынц i са здзiўленнем разглядваў яе. Яна апусцiла вочы i ўбачыла, што рыбiн хвост знiк, а замест яго ў яе з'явiлiся дзве маленькiя беленькiя ножкi. Але яна была зусiм голая i таму захуталася ў свае доўгiя, густыя валасы. Прынц запытаў, хто яна i як сюды трапiла, але яна толькi лагодна i сумна глядзела на яго сваiмi цёмна-сiнiмi вачыма: гаварыць жа яна не магла. Тады ён узяў яе за руку i павёў у палац. Праўду сказала ведзьма: кожны крок прычыняў русалачцы такi боль, быццам яна iшла па вострых нажах i iголках; але яна цярплiва пераносiла боль i iшла поплеч з прынцам лёгка, нiбы па паветры. Прынц i яго свiта толькi дзiвiлiся з яе цудоўнай, плаўнай паходкi.
Русалачку апранулi ў шоўк i муслiн, i яна стала першай прыгажуняй пры двары, але заставалася па-ранейшаму нямой, не магла нi спяваць, нi гаварыць.
Неяк аднаго разу да прынца i яго царскiх бацькоў паклiкалi дзяўчат-рабынь, прыбраных у шоўк i золата. Яны заспявалi, адна з iх спявала асаблiва хораша, i прынц пляскаў у ладкi i ўсмiхаўся ёй. Засумавала русалачка: калiсьцi i яна магла спяваць, i непараўнальна лепш! "Ах, каб ён ведаў, што я назаўсёды рассталася са сваiм голасам, толькi каб быць каля яго!"
Потым дзяўчаты пачалi танцаваць пад гукi дзiвоснай музыкi; тут i русалачка падняла свае белыя прыгожыя рукi, стала на дыбачкi i паплыла ў лёгкiм, паветраным танцы; так не танцаваў яшчэ нiхто! Кожны рух падкрэслiваў яе прыгажосць, а вочы яе казалi сэрцу больш чым спевы рабынь.
Усе былi ў захапленнi, асаблiва прынц; ён назваў русалачку сваiм маленькiм знайдышам, а русалачка ўсё танцавала i танцавала, хоць кожны раз, калi ногi яе дакраналiся да зямлi, ёй было так балюча, быццам яна iшла па вострых нажах. Прынц сказаў, што яна заўсёды павiнна быць каля яго, i ёй было дазволена спаць на аксамiтнай падушцы перад дзвярыма яго пакоя.
Ён загадаў пашыць ёй мужчынскi касцюм, каб яна магла суправаджаць яго вярхом. Яны ездзiлi па духмяных лясах, дзе ў свежай лiстоце спявалi птушкi, а зялёныя галiны дакраналiся да яе плячэй. Яны ўзбiралiся на высокiя горы, i хаця з яе ног сачылася кроў i ўсе бачылi гэта, яна смяялася i працягвала падымацца следам за прынцам на самыя высокiя вяршынi; там яны любавалiся аблокамi, якiя плылi каля iх ног, нiбы чароды птушак, што адляталi ў чужыя краiны.
А ноччу ў палацы прынца, калi ўсе спалi, русалачка спускалася па мармуровай лесвiцы, ставiла палымнеючыя, як у агнi, ногi ў халодную ваду i думала пра родны дом i пра марское дно.
Аднаго разу ўночы ўсплылi з вады поплеч яе сёстры i заспявалi журботную песню; яна кiўнула iм, яны пазналi яе i расказалi ёй, як засмуцiла яна iх усiх. З таго часу яны наведвалi яе кожную ноч, а аднойчы яна ўбачыла воддаль нават сваю старую бабулю, якая ўжо шмат гадоў не падымалася з вады, i самога цара марскога з каронай на галаве, яны працягвалi да яе рукi, але не адважвалiся падплысцi да зямлi так блiзка, як сёстры.
З кожным днём прынц усё больш i больш адчуваў замiлаванасць да русалачкi, але ён любiў яе толькi як прыгожае, добрае дзiця, ажанiцца ж з ёю i зрабiць яе прынцэсай яму i ў галаву не прыходзiла, а мiж тым ёй патрэбна было стаць яго жонкай, iнакш, калi б ён аддаў сваё сэрца i руку другой, русалачка стала б пенай марской.
"Цi любiш ты мяне больш за ўсiх на свеце?" - здавалася, пыталiся русалаччыны вочы, калi прынц абдымаў яе i цалаваў у лоб.
- Так, я люблю цябе! - гаварыў прынц. - У цябе добрае сэрца, ты адданая мне больш за ўсiх i падобная на маладую дзяўчыну, якую я бачыў аднойчы i, напэўна, болей ужо не ўбачу! Я плыў на караблi, карабель патануў, хвалi выкiнулi мяне на бераг паблiзу нейкага храма, дзе служаць богу маладыя дзяўчаты; самая малодшая з iх знайшла мяне на беразе i выратавала мне жыццё; я бачыў яе ўсяго два разы, але толькi яе адну ў цэлым свеце мог бы я пакахаць! Ты падобная на яе i амаль выцеснiла з майго сэрца яе вобраз. Яна належыць святому храму, i вось мая шчаслiвая зорка паслала мне цябе; нiколi я не расстануся з табой!
"На жаль, ён не ведае, што гэта я выратавала яму жыццё! - думала русалачка. - Я вынесла яго з хваляў марскiх на бераг i паклала ў гаi, каля храма, а сама схавалася ў марской пене i глядзела, цi не прыйдзе хто-небудзь да яго на дапамогу. Я бачыла гэтую прыгожую дзяўчыну, якую ён любiць больш за мяне! - I русалачка глыбока ўздыхала, плакаць яна не магла. - Але тая дзяўчына належыць храму, нiколi не вернецца! Я ж знаходжуся каля яго, бачу яго кожны дзень, магу служыць яму, любiць яго, аддаць за яго жыццё!"
Але вось пачалi пагаворваць, што прынц жэнiцца з чароўнай дачкой суседняга караля i таму рыхтуе свой раскошны карабель у плаванне. Прынц паедзе да суседняга караля быццам бы для таго, каб пазнаёмiцца,з яго краiнай, а на самай жа справе, каб пабачыць прынцэсу; з iм едзе вялiкая свiта. Русалачка на ўсе гэтыя размовы толькi кiвала галавой i смяялася - яна ж лепш за ўсiх ведала прынцавы думкi.
- Я павiнен ехаць, - казаў ён ёй. - Мне трэба пабачыць вельмi прыгожую прынцэсу; гэтага патрабуюць мае бацькi, але яны не будуць прымушаць мяне жанiцца з ёю, а я нiколi не пакахаю яе! Яна ж не падобная на тую прыгажуню, на якую падобная ты. Калi ж мне давядзецца нарэшце выбраць сабе нявесту, дык я лепш выберу цябе, мой нямы знайдыш з гаваркiмi вачыма!
I ён цалаваў яе ружовыя вусны, забаўляўся з яе доўгiмi валасамi i клаў сваю галаву на яе грудзi, дзе бiлася сэрца, якое так хацела чалавечага шчасця i кахання.
- Ты ж не баiшся мора, мая нямая малышка? - казаў ён, калi яны ўжо стаялi на караблi, якi павiнен быў адвезцi iх у краiну суседняга караля.
I прынц пачаў расказваць ёй пра буру i пра штыль, пра дзiўную рыбу, што жыве на глыбiнi, i пра тое, што бачылi там нырцы, а яна ж лепш за ўсiх ведала, што ёсць на марскiм дне.
Яснай месячнай ноччу, калi ўсе, акрамя рулявога, спалi, яна села каля самага борта i пачала глядзець у празрыстыя хвалi, i ёй падалося, што яна бачыць бацькоўскi палац; старая бабуля ў сярэбранай кароне стаяла на вышцы i глядзела праз хвалiстыя струменi вады на кiль карабля. Потым на паверхню мора ўсплылi яе сёстры; яны журботна глядзелi на яе i працягвалi да яе свае белыя рукi, а яна кiўнула iм галавой, усмiхнулася i хацела расказаць аб тым, як ёй добра тут, але да яе падышоў карабельны юнга, i сёстры нырнулi ў ваду, а юнга падумаў, што гэта мiльганула ў хвалях белая марская пена.
Ранiцай карабель увайшоў у гавань прыгожай сталiцы суседняга каралеўства. У горадзе зазванiлi ў званы, з высокiх вежаў пачулiся гукi рагоў; на пляцах стаялi палкi салдат з блiскучымi штыкамi i трапяткiмi сцягамi. Пачалося свята, балi iшлi за балямi, але прынцэсы яшчэ не было - яна выхоўвалася дзесьцi далёка ў манастыры, куды яе аддалi навучацца каралеўскай дабрадзейнасцi. Нарэшце прыехала i яна.
Русалачка прагна глядзела на яе i не магла не прызнаць, што больш мiлага i больш прыгожага твару яна яшчэ не бачыла. Скура на твары прынцэсы была такая пяшчотная, празрыстая, а з-за доўгiх цёмных веек усмiхалiся сiнiя лагодныя вочы.
- Гэта ты! - усклiкнуў прынц. - Ты выратавала мне жыццё, калi я напаўмёртвы ляжаў на беразе мора!
I ён моцна прытулiў да сэрца сваю пачырванелую нявесту.
- Ах, якi я шчаслiвы! - сказаў ён русалачцы. - Тое, аб чым я не адважваўся i марыць, збылося. Ты парадуешся майму шчасцю, ты ж так любiш мяне.
Русалачка пацалавала яму руку, а сэрца яе, здавалася, вось-вось разарвецца ад болю: яго вяселле павiнна было забiць яе, ператварыць у марскую пену.
У той жа вечар прынц з маладой жонкай адплывалi на радзiму прынца; гарматы стралялi, сцягi развiвалiся, на палубе быў расстаўлены шацёр з золата i пурпура, засланы мяккiмi падушкамi; у шатры яны праводзiлi гэтую цiхую, халаднаватую ноч.
Ветразi напялiся ад ветру, карабель лёгка i плаўна рушыў па хвалях у адкрытае мора.
Як толькi сцямнела, на караблi запалiлiся рознакаляровыя лiхтарыкi, а матросы пачалi весела скакаць на палубе. Русалачка прыгадала, як яна ўпершыню паднялася на паверхню мора i ўбачыла такую ж весялосць на караблi. I вось яна паплыла ў хуткiм паветраным танцы, нiбы ластаўка, за якою гонiцца каршун. Усе былi ў захапленнi: нiколi яшчэ не танцавала яна так прыгожа! Яе пяшчотныя ножкi рэзала як нажамi, але гэтага болю яна не адчувала - сэрцу яе было яшчэ балючэй. Яна ведала, што адзiн толькi вечар засталося ёй пабыць з тым, дзеля каго яна пакiнула родных i бацькоўскi дом, аддала свой цудоўны голас i цярпела невыносныя пакуты, пра якiя прынц i не здагадваўся. Толькi адну ноч заставалася ёй дыхаць адным паветрам з iм, бачыць сiняе мора i зорнае неба, а там настане для яе вечная ноч, без думак, без сноў. Далёка за поўнач працягвалiся на караблi танцы i музыка, i русалачка смяялася i танцавала са смяротнай пакутай на сэрцы; а прынц цалаваў прыгажуню жонку, а яна забаўлялася з яго чорнымi кучарамi; нарэшце поплеч яны пайшлi ў свой раскошны шацёр.
На караблi ўсё сцiхла, толькi рулявы застаўся каля руля. Русалачка абаперлася на парэнчы i, павярнуўшыся тварам да ўсходу, пачала чакаць першага сонечнага промня, якi, яна ведала, павiнен быў забiць яе. I раптам яна ўбачыла, як з мора паднялiся яе сёстры; яны былi бледныя, як i яна, але iх доўгiя пышныя валасы не развявалiся больш на ветры - яны былi абрэзаны.
- Мы аддалi нашы валасы ведзьме, каб яна дапамагла нам выратаваць цябе ад смерцi! А яна дала нам вось гэты нож - бачыш, якi ён востры? Раней чым узыдзе сонца, ты павiнна ўсадзiць яго ў сэрца прынца, i калi цёплая кроў яго пырсне табе на ногi, яны зноў зрастуцца ў рыбiн хвост i ты зноў станеш русалкай, спусцiшся да нас у мора i пражывеш свае трыста гадоў, перш чым ператворышся ў салёную марскую пену. Але спяшайся! Цi ён, цi ты - адзiн з вас павiнен памерцi да ўсходу сонца. Забi прынца i вярнiся да нас! Спяшайся. Бачыш, на небе паказалася чырвоная палоска? Хутка ўзыдзе сонца, i ты памрэш!
З гэтымi словамi яны глыбока ўздыхнулi i апусцiлiся ў мора.
Русалачка прыўзняла пурпуровую фiранку шатра i ўбачыла, што галоўка маладой жонкi ляжыць на грудзях прынца. Русалачка нахiлiлася i пацалавала яго ў прыгожы лоб, паглядзела ў неба, дзе разгараўся золак, потым паглядзела на востры нож i зноў зiрнула на прынца, якi ў сне назваў iмя сваёй жонкi - яна адна была ў яго думках! - i нож задрыжаў у русалачкiных руках. Яшчэ хвiлiна i яна кiнула яго ў хвалi, i яны пачырванелi, нiбы на тым месцы, дзе ён упаў, з мора выступiлi кроплi крывi.
Апошнi раз зiрнула яна на прынца паўзгаслым позiркам, кiнулася з карабля ў мора i адчула, як цела яе расплываецца пенай.
Над морам узышло сонца, промнi яго лагодна сагравалi змярцвела-халодную марскую пену, i русалачка не адчувала смерцi; яна бачыла яснае сонца i нейкiя празрыстыя, дзiўныя стварэннi, якiя сотнямi ляталi над ёю. Яна бачыла праз iх белыя ветразi карабля i ружовыя аблокi ў небе; голас iх гучаў як музыка, але такая ўзвышаная, што чалавечае вуха не пачула б яе, гэтак жа, як чалавечыя вочы не бачылi самi сябе. У iх не было крылаў, але яны ляталi ў паветры, лёгкiя i празрыстыя. Русалачка заўважыла, што i яна стала такой жа, адарваўшыся ад марской пены.
- Да каго я iду? - запытала яна, падымаючыся ў паветры, i яе голас гучаў такою ж дзiўнаю музыкай.
- Да дачок паветра! - адказалi ёй паветраныя стварэннi. - Мы лятаем усюды i ўсiм iмкнемся прыносiць радасць. У гарачых краiнах, дзе людзi гiнуць ад спякотнага, зачумленага паветра, мы навяваем прахалоду. Мы распаўсюджваем у паветры прыемны пах кветак i нясём людзям здароўе i радасць... Паляцелi з намi ў завоблачны свет! Там ты знойдзеш любоў i шчасце, якiх не знайшла на зямлi.
I русалачка працягнула свае празрыстыя рукi да сонца i ўпершыню адчула ў сябе на вачах слёзы.
На караблi за гэты час усё зноў ажыло, i русалачка ўбачыла, як прынц з маладой жонкай шукаюць яе. Журботна глядзелi яны на шумлiвую марскую пену, нiбы ведалi, што русалачка кiнулася ў хвалi. Нябачная, пацалавала русалачка прыгажуню ў лоб, усмiхнулася прынцу i паляцела разам з iншымi дзецьмi паветра да ружовых аблокаў, якiя плавалi ў небе.
СТОЙКI АЛАВЯНЫ САЛДАЦIК
Жылi-былi дваццаць пяць алавяных салдацiкаў. Усе яны былi сынамi адной мацi - старой алавянай лыжкi, - i, значыць, даводзiлiся адзiн аднаму роднымi братамi. Былi яны прыгажуны пiсаныя: стрэльба на плячы, галава прама, чырвоны з сiнiм мундзiр - ну, прыгажосць што за салдаты!
"Алавяныя салдацiкi!" - вось першае, што пачулi браты, калi адчынiлася каробка, у якой яны ляжалi.
Гэта крыкнуў маленькi хлопчык i запляскаў у далонi. Салдацiкаў яму падарылi ў дзень яго нараджэння. Ён адразу ж пачаў расстаўляць iх на стале. Алавяныя салдацiкi былi падобныя адзiн на аднаго як дзве кроплi вады, i толькi адзiн адрознiваўся ад сваiх братоў: у яго была адна нага. Яго адлiвалi апошнiм, i волава на яго не хапiла. Хаця, ён i на адной назе стаяў гэтак жа цвёрда, як iншыя на дзвюх. I ён якраз i вызначыўся.
Хлопчык расставiў сваiх салдацiкаў на стале. Там было шмат цацак, але прыгажэй за ўсiх быў цудоўны замак з кардону, скрозь яго маленькiя акенцы можна было зазiрнуць усярэдзiну i ўбачыць пакоi. Перад замкам ляжала люстэрка, яно было зусiм як сапраўднае возера, а вакол стаялi маленькiя дрэвы. Па возеры плавалi лебедзi з воску i дзiвiлiся на сваё адлюстраванне. Усё гэта радавала вока. Самай чароўнай з усяго была дзяўчына, якая стаяла на парозе шырока расчыненых дзвярэй замка. Яна таксама была выразана з кардону. Спаднiчка яе была з тонкага батысту. Блакiтная стужка, якая спускалася ад пляча да пояса, была прымацавана ззяючай брошкай, вельмi вялiкай, - яна магла б закрыць увесь твар дзяўчыны. Прыгажуня гэта была танцоўшчыца. Яна стаяла на адной назе, працягнуўшы рукi наперад, а другую нагу падняла так высока, што алавяны салдацiк не адразу яе ўгледзеў i спачатку падумаў, што красуня аднаногая, як i ён сам.
"Вось бы мне такую жонку! - падумаў алавяны салдацiк. - Ды толькi яна, пэўна, знатнага роду. Вунь у якiм цудоўным палацы жыве. А мой дом - проста каробка, ды яшчэ набiлася нас у гэтую каробку цэлых дваццаць пяць салдат. Не, ёй там не месца! Але пазнаёмiцца з ёй усё ж не пашкодзiць".
I салдацiк стаiўся за табакеркай, якая стаяла тут жа на стале. Адсюль ён выдатна бачыў цудоўную танцоўшчыцу.
Позна ўвечары ўсiх алавяных салдацiкаў, акрамя аднаногага - яго так i не маглi знайсцi, - паклалi ў каробку, ўсе людзi ў доме ляглi спаць. I вось, калi ўсталявалася цiшыня, цацкi самi пачалi гуляць у госцi, у вайну, а потым наладзiлi баль. Алавяныя салдацiкi грукалi ў сценкi каробкi - яны таксама хацелi выйсцi i пагуляць, ды нiяк не маглi падняць крышку. Нават шчаўкунчык пачаў куляцца, а грыфель пайшоў у скокi на грыфельнай дошцы. Падняўся такi шум i тлум, што ў клетцы прачнулася канарэйка i таксама загаварыла, ды пры тым яшчэ вершамi.
Толькi салдацiк i танцоўшчыца не рухалiся з месца. Яна па-ранейшаму стаяла на адной ножцы, выцягнуўшы рукi наперад, а ён застыў са стрэльбай у руках, як вартавы, i не адводзiў вачэй ад прыгажунi.
Прабiла дванаццаць. I раптам - шчоўк! - раскрылася табакерка.
У гэтай табакерцы тытунь нiколi не трымалi, а сядзела ў ёй маленькае чарцяня. Яно выскачыла з табакеркi i азiрнулася навокал.
- Гэй, алавяны салдацiк! - крыкнула чарцяня. - Што ты заглядзеўся на скакуху! Яна надта добранькая для цябе.
Але алавяны салдацiк зрабiў выгляд, што нiчога не чуе.
- Вось ты як! - сказала чарцяня. - Ну, пачакай жа да ранiцы!
Ранiцай, калi дзецi прачнулiся, яны знайшлi аднаногага салдацiка за табакеркай i паставiлi на акно.
Раптам акно расчынiлася - цi мо чарцяня гэта нашкодзiла цi проста пацягнула скразняком, хто ведае? Ды толькi аднаногi наш салдацiк паляцеў з трэцяга паверха ўнiз галавой - ды так, што ў вушах засвiсцела. Хвiлiна - i ён ужо стаяў на вулiцы дагары нагой, а яго стрэльба i галава ў касцы заселi памiж каменнямi брукаванкi. Хлопчык i прыслуга адразу ж выбеглi на вулiцу шукаць салдацiка, але як нi iмкнулiся, знайсцi яго не маглi.
Неяк раз яны нават ледзь не наступiлi на салдацiка i ўсё-ткi не заўважылi яго. Калi б салдацiк крыкнуў: "Я тут!", яны, натуральна, адразу ж знайшлi б яго. Але ён лiчыў непрыстойным крычаць на вулiцы - бо ён жа быў салдат i насiў мундзiр.
Тут пайшоў дождж, сапраўдны лiвень. Па вулiцы пацяклi ручаi.
А калi нарэшце дождж скончыўся, да таго месца, дзе памiж брукам тырчэў алавяны салдацiк, прыбеглi двое хлапчукоў.
- Эге! - сказаў адзiн з iх. - Глядзi! - алавяны салдацiк! Давай адправiм яго ў плаванне.
I яны зрабiлi са старой газеты лодачку, пасадзiлi ў яе алавянага салдацiка i пусцiлi ў канаўку. Лодачка паплыла, а хлапчукi пабеглi побач i запляскалi ў далонi.
Лодачку падхапiла хуткiм цячэннем i панесла. Вада ў канаве так i бурлiла. Яшчэ б ёй не бурлiць - пасля такога лiўня!
Алавяны салдацiк у лодачцы ўвесь дрыжэў, але трымаўся стойка, як i належыць сапраўднаму салдату: стрэльба на плячы, галава прама, грудзi наперад!
I вось лодачку занесла пад шырокi-шырокi мост; стала так цёмна, быццам салдацiк зноў трапiў у сваю каробку.
"Куды мяне нясе? - думаў ён. - Гэта ўсё хiтрыкi брыдкага чарцяня з табакеркi. Ах, калi б са мной у лодцы сядзела прыгажуня танцоўшчыца, я нiчога б не баяўся, нават калi б стала яшчэ цямней!"
У гэтую хвiлiну з-пад маста выскачыў вялiкi вадзяны пацук.
- Гэта хто такi? - закрычаў ён. - А пашпарт у цябе ёсць? Давай зараз жа пашпарт!
Але алавяны салдацiк маўчаў i моцна сцiскаў стрэльбу. Лодку яго несла ўсё далей i далей, а пацук плыў за iм наўздагон. Ён злосна шчоўкаў зубамi i крычаў, плывучы, насустрач трэскам i саломiнкам:
- Трымайце, трымайце яго! У яго няма пашпарта!
Тут лодачку панесла яшчэ хутчэй, i алавяны салдацiк нарэшце ўбачыў наперадзе святло. Мост скончыўся. Але ў гэтую хвiлiну пачуўся такi страшны грукат, ад якога задрыжэў бы любы храбрэц. Падумаць толькi! За мастом канаўка ўпадала прама ў вялiкi бурны канал. Па такiх хвалях салдацiку ў маленькiм папяровым караблiку плысцi было гэтак жа небяспечна, як нам у сапраўднай лодцы ляцець да вялiзнага вадападу. Спынiцца было ўжо немагчыма. Лодку з алавяным салдацiкам вынесла ў вялiкi канал. Але салдацiк па-ранейшаму трымаўся малайцом i нават вокам не мiргнуў.
Лодачка закруцiлася на месцы, два-тры разы чарпанула вады i хутка напоўнiлася вадой да краёў. Вось салдацiк па пояс у вадзе, вось ужо па горла. I нарэшце, вада накрыла яго з галавой.
З сумам падумаў салдацiк пра сваю прыгажуню. Не бачыць яму больш мiлай танцоўшчыцы! Але ў апошнюю хвiлiну ўспомнiў ён салдацкую песню:
Наперад кроч на бой крывавы,
Бо за труной чакае слава!
I ён падрыхтаваўся з гонарам загiнуць у страшным вiры.
Але яго падцiкоўвала другая бяда.
З вады вынырнула вялiзная рыба i ўмомант праглынула салдацiка.
О, як цёмна i цесна было ў жываце рыбы! Цямней, чым пад мастом, больш цесна, чым у каробцы. Але алавяны салдацiк i тут трымаўся стойка. Ён выцягнуўся на ўвесь свой рост i яшчэ мацней сцiснуў сваю стрэльбу. Так ён праляжаў даволi доўга.
Раптам рыба замiтусiлася ва ўсе бакi, пачала ныраць, звiвацца, скакаць i нарэшце замёрла.
Зноў прайшло нямала часу. Салдацiк насумаваўся i задрамаў.
Прачнуўся ён ад таго, што над iм, як маланка, блiснуў востры нож. Стала зусiм светла, i хтосьцi закрычаў:
- Вось дык штука! Алавяны салдацiк!
А справа была так: рыбу злавiлi, адвезлi на рынак, а потым яна трапiла на кухню. Кухарка распарола ёй жывот вялiзным нажом i раптам убачыла алавянага салдацiка. Яна ўзяла салдацiка двума пальцамi ўпоперак жывата i панесла ў пакой.
Увесь дом збегся паглядзець на цудоўнага падарожнiка. Салдацiка паставiлi на стол, i раптам - якiх толькi дзiвосаў не бывае на свеце! - ён убачыў той жа пакой, таго ж хлопчыка, тое ж самае акно, з якога не так даўно вывалiўся. Вакол былi тыя ж цацкi, а сярод iх горда ўзвышаўся цудоўны кардонны палац, i на парозе стаяла прыгажуня танцоўшчыца. Яна стаяла як i раней на адной ножцы, высока падняўшы другую. Вось гэта стойкасць!
Алавяны салдацiк так расчулiўся, што з яго вачэй ледзь не паказалiся алавяныя слёзы, але ён своечасова ўспомнiў, што салдатам плакаць не дазваляецца. Не мiргаючы глядзеў ён на танцоўшчыцу, яна глядзела на яго i абодва маўчалi.
Раптам адзiн з хлопчыкаў схапiў алавянага салдацiка i нi з таго нi з сяго кiнуў яго прама ў печку. Пэўна, яго падвучыла злое чарцяня з табакеркi. У печы ярка палалi дровы i алавянаму салдацiку стала страшэнна горача - ад агню або ад кахання, ён i сам не ведаў. Фарбы з яго зусiм злезлi, ён увесь палiняў магчыма, ад крыўды, а магчыма таму, што пабываў у вадзе i ў жываце рыбы. Але i тут ён трымаўся прама, сцiскаў сваю стрэльбу i не зводзiў вачэй з цудоўнай танцоўшчыцы, а танцоўшчыца глядзела на яго. I раптам салдацiк адчуў, што ён растапляецца ў агнi.
У гэты момант дзверы ў пакоi расчынiлiся, скразняк падхапiў цудоўную танцоўшчыцу, i яна, як матылёк, уляцела ў печку прама да салдацiка. Полымя ахапiла яе, яна ўспыхнула - i канец. Тут ужо i алавяны салдацiк зусiм расплавiўся.
На другi дзень служанка пачала выграбаць з печкi попел i знайшла маленькi камок волава, падобны на сэрца, ды абгарэлую, чорную, як вугаль, брошку. Гэта было ўсё, што засталося ад стойкага алавянага салдацiка i яго цудоўнай танцоўшчыцы.
ЖАБА
Калодзеж быў глыбокi. Такi глыбокi, што сонца нiяк не магло зазiрнуць у празрыстую калодзежную ваду. А там, куды сонечныя промнi ўсё-такi даставалi, мiж камянямi рос зялёны мох.
Вось на тых камянях i жыло вялiкае сямейства жаб. У калодзежы iх лiчылi перасяленцамi. Першай сюды перасялiлася старая жаба - прабабка. Зялёныя жабы, насельнiкi вады, прызналi ў той жабе сваю родзiчку, але пачалi называць яе сямейства "дачнiкамi, якiя прыехалi на купанне". Дачнiкi вельмi любiлi сваю "сушу" - мокрыя калодзежныя сцены.
Бабуля жаб аднойчы здзейснiла падарожжа. Яна трапiла ў вядро з вадой, i яе паднялi наверх. Сонца ўдарыла ёй у вочы. Але яна паспела выкарабкацца з вядра i шумна плюхнулася ў калодзеж. Тры днi адлежвалася, бо вельмi ж разбалелася спiна.
Аб тым, што паспела ўбачыць наверсе, яна мала расказвала, бо адзiн мiг пабыла там. Адно толькi ўведала, што калодзеж - гэта яшчэ не ўвесь свет.
Безумоўна, пра iншы свет, апроч калодзежны, магла б расказаць прабабка-жаба, але яна любiла маўчаць. Толькi аднойчы разгаварылася i выдала тайну:
- У кагосьцi з нас, а можа, i ў мяне самой, схаваны ў галаве каштоўны камень.
Зялёныя жабы слухалi яе з недаверам, пасля састроiлi грымасы i нырнулi на дно. А маладыя жабы ганарлiва выцягвалi заднiя лапкi. Кожная з iх уяўляла: каштоўны камень менавiта ў яе. Яны нават пабойвалiся хiтаць галавой. Урэшце асмелiлiся i распыталi старую жабу пра каштоўны камень. Вось што яна паведала:
- Камень той такi прыгожы i такi каштоўны, што я нават апiсаць яго не магу. А носяць яго, каб самому было прыемна, каб iншыя зайздросцiлi. Больш нiчога не распытвайце...
- Ну, у мяне дык каштоўнага каменя няма, - сказала самая маленькая i вельмi брыдкая жаба. - Дый навошта мне тая прыгажосць? А калi табе зайздросцяць, што тут прыемнага? Я мару зусiм пра iншае. Мне б хаця разок падняцца паверх калодзежа. Вiдаць, там прыгажосць неапiсальная!
- Сядзi дзе сядзiш! - умяшалася старая жаба. - Тут ты ўсiх ведаеш i цябе ўсе ведаюць. Беражыся толькi вядра, каб яно цябе не раздушыла. А калi трапiш у яго, то хутчэй выскаквай. Ды так удала, як я некалi - i скура i косцi цэлыя.
- Квак! - сказала маленькая жаба, а гэта ўсё роўна, што "Ах!" па-нашаму.
Ёй вельмi хацелася пабыць знадворку калодзежа. Убачыць сапраўдную зелянiну, траву. I калi наступнай ранiцай поўнае вядро вады на iмгненне затрымалася каля каменя, дзе яна сядзела, сэрца маленькай жабы ўздрыгнула, яна кiнулася ў вядро i прытаiлася на дне.
Як толькi чалавек выцягнуў вядро наверх, з яго тут жа выплюхнуў ваду, сказаў пры гэтым:
- Вось не пашанцавала! Такую брыдоту выцягнуў!..
I ён штурхнуў нагой жабу, ледзь не скалечыў яе. Жаба зашылася ў высокую крапiву. Тут яна адчувала сябе так, як мы, людзi, у вялiкiм лесе, дзе сонца ледзь прабiваецца праз лiстоту i галiны.
Маленькая жаба прасядзела ў крапiве цэлую гадзiну, супакоiлася, агледзелася i сказала сама сабе:
- Цiкава, а што за крапiвой? Калi ўжо вылезла з калодзежа, то трэба ўсё агледзець наўкол.
I яна заспяшалася, зачыкiльгала i апынулася на дарозе. Сонца свяцiла ёй у вочы, пылам прыпудрывала яе, а яна ўсё шлёпала цераз дарогу.
"Во дзе сапраўды суша! Якая прыгажосць наўкол! У мяне нават усярэдзiне казыча", - думала калодзежная жаба.
Неўзабаве яна дапаўзла да канавы. Тут раслi незабудкi i вятроўнiк. Вакол канавы сцяной стаялi бузiна i глог. Белы ўюнок вiўся, што лiяна. А колькi тут стракацела кветак! Над iмi лётаў матылёк. Жаба вырашыла, што гэта таксама кветка. Толькi адарвалася ад сцябла i хоча палятаць па свеце. Хто-хто, а яна добра разумела гэта.
- От калi б я магла так хутка рухацца, - уздыхнула жаба. - Квак! Ах! Якая прыгажосць!
Жаба пражыла ў канаве восем дзён i восем начэй. Яды хапала ўволю. А на дзевяты дзень рашыла: "Уперад! Жыццё цудоўнае! Як добра вылезцi з калодзежа, пасядзець у крапiве, прапаўзцi па пыльнай дарозе i адпачыць у сырой канаве. Але ўперад! Трэба шукаць сяброў!.."
I жаба зноў кiнулася падарожнiчаць.
Яна пераадолела поле. Даскакала да вялiкай сажалкi, зарослай чаротам. У зараснiку яе сустрэлi мясцовыя жабы, спыталi:
- Вам тут не вельмi сыра?.. Мы вам рады. Будзьце як дома...
Вечарам госцю запрасiлi на дамашнi канцэрт. Вячэрай не частавалi, затое напiткi былi бясплатныя - цэлая сажалка, пi на здароўе!
Той жа ноччу маленькая жаба пайшла падарожнiчаць далей. Ёй падабалiся зоркi, малады месяц, высокае неба, а ўдзень - сонца на iм. Але для сябе яна ўвесь час паўтарала:
- Я нiбыта ўсё яшчэ ў калодзежы. Толькi ён значна большы за той, у якiм я жыла. А мне трэба ўзняцца ўверх, да самага сонца!
Аднойчы маладой жабе падалося, што месяц цi сонца - гэта проста вялiкiя вёдры. Нехта некалi апусцiць iх да яе, i яна падымецца высока-высока ў неба. Ах, якое там святло, якi бляск! Нават самы каштоўны камень не ззяе так зырка, як сонца. Уперад, да шчасця!
I калодзежная жаба скокнула так далёка, як не ўсялякая жаба здолее, i апынулася на прасёлачнай дарозе. Вакол жылi людзi. Усюды былi сады i агароды. Жаба прыпынiлася адпачыць пад капустай. Агледзелася наўкол i зрабiла новае адкрыццё:
- Ах, якi вялiкi свет i як цiкава ў iм! Колькi ўсялякiх дзiўных стварэнняў у свеце! Не трэба толькi седма сядзець на адным месцы.
I яна скокнула ў агарод, зноў квакнула:
- Ах, якая тут зелянiна! Якi цуд!
- Яшчэ б! - адгукнуўся вусень, якi сядзеў на капусным лiсце. - Мой лiст самы вялiкi! Ён закрывае паўсвету. Але мне добра на iм!
- Ко-ко-ко! - пачула жаба.
Да капусты наблiжалiся куры. Адна, якая iшла ўперадзе, адразу прыкмецiла вусеня на капусным лiсце i нацэлiлася клюнуць яго. Але вусень звалiўся на зямлю i давай выгiнацца, курчыцца.
Курыца зiрнула на зялёнага чарвяка адным вокам, пасля другiм. Яна не разумела: да чаго гэтыя крыўляннi. "Гэта ён не ад добрай волi", - падумала курыца i падрыхтавалася клюнуць яго яшчэ раз. Але жаба, якая ўсё гэта бачыла, раптам праявiла смеласць i скокнула прама на крыўдзiцельку.
- Ах вось як, ды ў вусеня тут заступнiца! Зiрнiце, якая пачвара, - пачала кудахтаць курыца i адвярнулася. - Вельмi мне патрэбен гэты зялёны аб'едак. Ад яго толькi ў горле пяршыць...
Усе куры пачулi сваю сяброўку i пайшлi з агарода. А вусень раптам сказаў:
- Вось як я выкруцiўся! Я такi! Але самае цяжкае наперадзе: як узлезцi на капусны лiст? Дзе ён?
Маленькая жаба падскочыла ад радасцi. Яе нязграбнасць дапамагла вусеню, адпудзiла ворагаў. Яна хацела i цяпер дапамагчы яму. Але той ганарлiва заявiў:
- Што вы, я сам вывернуўся ад курыцы. А на вас жудасна, нават непрыемна пазiраць. Пакiньце мой дом. О, я чую пах капусты! Толькi трэба залезцi як мага вышэй.
"Так, так, вышэй, - падумала жаба. - Бач, i вусеню хочацца наверх, як i мне. Проста ён цяпер не ў настроi. Перапалохала курыца. Усiм нам хочацца вышынi!"
Жаба задрала галаву ўгору i ўбачыла на даху сялянскай хаты вялiзнае буслiнае гняздо. Бусел i буслiха без стомы пра нешта клекаталi.
- Як яны высока жывуць! - здзiвiлася жаба. - От бы залезцi да iх!
А ў той хаце жылi два студэнты. Адзiн быў паэт, пiсаў вершы. Другi бiёлаг, вывучаў прыроду. Абодва яны былi вясёлыя i добрыя.
- Глядзi, выдатны экземпляр жабы, - сказаў бiёлаг. - Можна было б яе злавiць i заспiртаваць для навукi.
- У цябе ўжо ёсць дзве, - запярэчыў паэт. - Пакiнь яе, хай цешыцца жыццём.
- О, якая яна гарэза, проста цуд! - не супакойваўся вучоны.
- От калi б я быў перакананы, што ў галаве гэтай жабы ёсць каштоўны камень, - сказаў паэт, - тады i я пагадзiўся б разрэзаць яе для навукi.
- Каштоўны камень у жабы! - засмяяўся сябар.
- А што? Мне падабаецца народнае павер'е, нiбыта ў галаве жабы, брыдкай жывёлiны, часта схаваны каштоўны камень. Гэта можна аднесцi i да людзей. Прыгадай Эзопа! Брыдкi карлiк, а якi разумны! З iм раiлiся вялiкiя вучоныя...
Жаба не ўсё разумела, пра што гаварылi маладыя людзi. Яе зацiкавiла размова ў буслiным гняздзе. Бацька-бусел даводзiў сваiм дзецям:
- Чалавек - самая фанабэрыстая жывёлiна. Любiць пагаварыць, пахвалiцца багаццем сваёй мовы. А варта яму пераехаць у iншае месца, ён ужо не разумее суседа. От наш клёкат зразумелы ўсюды: у Данii, у Егiпце... Эх, людзi! Яны нават лятаць не ўмеюць.
"Якая цудоўная прамова! - падумала маленькая жаба. - Вiдаць, той бусел вельмi знакамiты. I так высока сядзiць!"
Раптам бусел развёў крылы i ўзляцеў з гнязда. Жаба зноў пазайздросцiла яму: "Як ён плавае ў паветры!"
Яна чула, як буслiха ў гэты час расказвала дзецям пра далёкую i цёплую краiну Егiпет, пра цудоўную раку Нiл. I ёй вельмi захацелася самой пабываць там.
- Хай бы буслы ўзялi мяне з сабой! - сказала жаба. - Гэта куды прыемней, чым насiць у галаве каштоўны камень!..
А каштоўны камень якраз i быў схаваны ў яе. Толькi не ведала пра гэта жаба-падарожнiца. Ёй хацелася аднаго: скакаць ўперад i падняцца высока!
Нечакана падышоў да жабы сам бусел. Ён ляцеў, убачыў яе ў траве, апусцiўся i схапiў небараку. Ды не вельмi далiкатна. Дзюба яго сцiснулася, у жабiных вушах засвiстаў вецер. Гэта было не вельмi прыемна, але ж яна была ўверсе. Яе неслi ў Егiпет! Вочы ў жабы зазiхацелi, з iх пырснулi iскры, яна крыкнула на ўсё наваколле:
- Квак-ах!
Гэта былi апошнiя словы маленькай жабы.
А дзе ж яна дзелася сама? Сакрэт просты, калi вы ведаеце, чым любяць ласавацца буслы.
Толькi не хочацца верыць, што бусел разам з жабай пракаўтнуў i каштоўны камень. Ён, вiдаць, вылецеў з яе вачэй разам з зыркiмi iскрамi. Яго падхапiлi сонечныя промнi. I занеслi на само сонца. А мо схавалi яшчэ дзе-небудзь? Давайма, сябры, шукаць каштоўны камень. Не стамляйцеся радавацца жыццю, кожны дзень рабiце для сябе ўсё новыя i новыя адкрыццi.
А цяпер падумайце: што ў гэтай казцы выдумка, а што - праўда?
СТАРЫ ДОМ
На адной вулiцы стаяў зусiм стары дом, пабудаваны яшчэ каля трохсот гадоў таму - гэтае можна было лёгка ўбачыць, бо на яго карнiзе, у вiньетцы-завiтушцы з цюльпанаў i хмелю, быў выразаны год ягонай пабудовы, а пад iм - даўнiмi лiтарамi i з захаваннем даўняга правапiсу ажно цэлы верш. З лiштваў i шалёвак пазiралi смешныя твары-мордачкi, што выяўлялi розныя ўхмылкi. Верхнi паверх дома быў значна шырэйшы за нiжнi; пад самым дахам быў вадасцёчны латок, што заканчваўся драконаваю галавой. Дажджавая вада павiнна была вылiвацца ў дракона з зяпы, але сачылася з жывата - латок быў дзiравы.
Усе iншыя дамы на вулiцы былi новенькiя, чысценькiя, з вялiкiмi вокнамi i гонкiмi, роўнымi сценамi; як адчувалася, яны, гэтыя свежыя пабудовы, не хацелi знацца са старым домам i нават думалi: "Цi доўга ён будзе тырчаць тут на ганьбу ўсёй вулiцы? З-за гэтага выступу нам не вiдаць, што робiцца вакол! А лесвiца, а лесвiца! Шырокая, нiбы ў палацы, i высокая, быццам вядзе на званiцу! Жалезныя парэнчы нагадваюць уваход у магiльны склеп, а на дзвярах блiшчаць вялiкiя медныя клямкi! Проста непрыстойна!"
Насупраць старога дома, на iншым баку вулiцы, стаялi гэткiя ж новенькiя, чысценькiя домiкi i думалi тое ж, што iхнiя калегi; але ў адным з iх сядзеў каля акна малы ружовашчокi хлапчук з яснымi, зiхотнымi вачыма; яму стары дом i пры сонечным, i пры месяцавым святле падабаўся куды болей за iншыя дамы. Пазiраючы на сцяну старога дома з патрэсканаю, а сям-там i з абляцелай атынкоўкаю, ён у думках маляваў сабе самыя дзiўныя карцiны мiнулага, уяўляў усю вулiцу забудаваную такiмi ж дамамi, з шырокiмi лесвiцамi, выступамi i востраверхiмi дахамi, бачыў перад сабою салдатаў з сякерамi i дзiдамi на доўгiм дрэўку, а вадасцёчныя латкi - драконамi i змеямi... Канечне ж, нельга было не паўзiрацца на стары дом! Жыў у iм адзiн дзядок, якi насiў кароткiя штаны да каленяў, жупан з вялiкiмi металiчнымi гузiкамi i парык, пра якi адразу ж можна было сказаць: вось гэта сапраўдны валоснiк! Ранiцамi да старога прыходзiў стары пакаёвы, якi прыбiраў усё ў доме i спаўняў усе гаспадаровы наказы; астатнi час стары заставаўся дома адзiн-адзiнюткi. Калi-нiкалi ён падыходзiў да акна кiнуць позiрк на вулiцу i на суседнiя дамы; хлапчук, якi сядзеў каля акна, хiтаў старому галавой i меў у адказ такi ж сяброўскi кiвок. Так яны пазнаёмiлiся i пасябравалi, хоць нi разу не загаварылi адзiн з адным, - гэта нi кроплi iм не замiнала!
Аднойчы хлапчук пачуў, як мацi сказала бацьку:
- Стары ўвогуле жыве няблага, але ён такi адзiнокi, бедны!
У наступную ж нядзелю хлапчук загарнуў штосьцi ў паперчыну, выйшаў за вароты i запынiў пакаёвага старога.
- Будзь добры! Занясi гэта ад мяне старому пану! У мяне два алавяныя салдацiкi, вось яму адзiн! Няхай ён застанецца ў яго, бо стары пан гэтакi адзiнокi, бедны!
Пакаёвы, здаецца, узрадаваўся, кiўнуў галавой i занёс салдацiка ў стары дом. Затым той жа слуга заявiўся да хлапчука запытаць, цi не пажадае ён сам зайсцi да старога пана. Бацькi дазволiлi, i хлапчук адправiўся ў госцi.
Медныя бляшкi на поручнях лесвiцы блiшчэлi ярчэй, чым калi, быццам iх нацёрлi, чакаючы госця, а жвавыя трубачы - на дзвярах былi выразаныя якраз трубачы, якiя выцiкоўвалi з цюльпанаў, - здавалася, дзьмулi ў трубы з усяе сiлы, i шчокi iхнiя напаўнялiся, круглелi больш, чым заўсёды. Яны трубiлi: "Тра-та-та-та! Хлопчык iдзе! Тра-та-та-та!" Дзверы адчынiлiся, i хлапчук зайшоў у вiтальню. Усе сцены былi абвешаны старымi партрэтамi рыцараў у латах-панцырах i жанчын у шаўковых сукенках, рыцарскiя даспехi пазвоньвалi, а сукенкi шамацелi... Затым хлапчук трапiў на лесвiцу, што спачатку вяла высока ўверх, а пасля зноў унiз, i апынуўся на даволi-такi пракаветнай тэрасе з вялiкiмi дзiркамi i шырокiмi шчылiнамi ў падлозе, з якiх вытыркалiся зялёная трава i лiсце. Уся тэраса, увесь двор i нават уся сцяна дома былi абчапляныя зеленню, дык тэраса здавалася сапраўдным садам, хоць на самай справе гэта была толькi тэраса! Тут стаялi старыя гаршкi для кветак нападобе галоў з аслiнымi вушамi; кветкi раслi ў iх як хацелi. У адным гаршку так i лезлi цераз край гваздзiкi: зялёныя сцяблiнкi iх разбягалiся ва ўсе бакi, i гваздзiкi нiбы гаварылi: "Ветрык песцiць нас, сонейка цалуе i абяцае падарыць нам у нядзелю яшчэ адну кветачку! Яшчэ адну кветачку ў нядзелю!"
З тэрасы хлапчука завялi ў пакой, абабiты свiной скураю з залатым цiсненнем.
Што ж, пазалота сатрэцца,
Свiная ж скура застанецца!
гаварылi сцены.
У тым жа пакоi стаялi ўпрыгожаныя разьбою крэслы з высокiмi спiнкамi.
- Сядай! Сядай! - запрашалi яны, а пасля жаласна рыпелi. - Ох, як ломiць косцi! I ў нас ламавiца, як i ў старой шафы! Касталомiца ў спiне! Ох!
Затым хлапчук зайшоў у той самы пакой, што навiсаў, быццам балкон, над нiжнiм паверхам. Тут сядзеў сам старэнькi гаспадар.
- Дзякуй за алавянага салдацiка, дружа! - сказаў ён хлапчуку. - I дзякуй, што сам завiтаў да мяне!
"Так, так" цi, лепш сказаць, "кхак, кхак!" - закрактала i зарыпела мэбля. Крэслаў, сталоў i стулаў было столькi шмат, што яны замiналi адно аднаму пазiраць на хлапчука.
На сцяне вiсеў партрэт прыгожай маладой жанчыны з жывым вясёлым тварам, але зачасанай i ўбранай па даўнiм ладзе: валасы яе былi напудраныя, а сукенка стаяла стырчком. Жанчына не сказала нi "так", нi "кхак", але ласкава пазiрала на хлапчука, i ён тут жа запытаў у старога:
- Дзе вы яе дасталi?
- У крамцы старызнiка, - адказаў той. - Там шмат такiх партрэтаў, але нiхто на iх не зважае: нiхто не ведае, з каго iх малявалi, - усе тыя асобы даўным-даўно памерлi i пахаваныя. Вось i гэтай панi няма на свеце гадоў пяцьдзесят, але я ведаў яе некалi, у даўнiну.
Пад карцiнай вiсеў за шклом букецiк засушаных кветак; iм, мусiць, таксама было гадоў пад пяцьдзесят, - такiя яны былi старыя! Маятнiк вялiкага i старасвецкага гадзiннiка гайдаўся туды-сюды, стрэлка рухалася, i ўсё ў пакоi старэла з кожнай хвiлiнаю, само таго не заўважаючы.
- У нас дома кажуць, што ты вельмi адзiнокi! - прамовiў хлапчук.
- О! Мяне пастаянна наведваюць успамiны... Яны прыводзяць з сабой столькi знаёмых асоб i вобразаў!.. А цяпер вось i ты зайшоў да мяне! Не, мне добра!
I стары ўзяў з палiцы кнiжку з малюнкамi. Там былi адлюстраваныя цэлыя працэсii, незвычайна дзiўныя карэты, якiх цяпер ужо не ўбачыш, салдаты, падобныя на трэфовых валетаў, гарадскiя рамеснiкi са сцягамi, што луналi. У краўцоў на сцягах красавалiся нажнiцы, якiя падтрымлiвалi два львы, у шаўцоў жа не боты, а арол з дзвюма галовамi - шаўцы робяць толькi парныя рэчы. Вось гэта была кнiжка дык кнiжка!
Стары гаспадар падаўся ў суседнi пакой па сочыва, яблыкi i арэхi. Не, у старасвецкiм доме, далiбог, было, вельмi цудоўна i добра.
- А я проста не магу заставацца тут! - прамовiў алавяны салдацiк, якi стаяў на куфры. - Тут так цiха i сумна. Не, хто прывыкнуў да сямейнага жыцця, таму тут не жыць. Сiлы маёй больш няма! Дзень цягнецца тут бясконца, а вечар яшчэ даўжэй! Тут не пачуеш нi прыемных гутарак, якiя вялi, бывала, твае бацькi, нi вясёлай дзiцячай гульнi, як у вас! Стары гаспадар такi адзiнокi! Ты думаеш, яго хто-небудзь цалуе? Пазiрае на яго хто-небудзь з ласкай? Бывае ў яго елка? Атрымлiвае ён падарункi? Не, нiколi! Вось ён хiба труну атрымае!.. Не, далiбог, я не вытрымаю такога жыцця!
- Ну, ну, хопiць! - сказаў хлапчук. - Па-мойму, тут цудоўна; сюды завiтваюць успамiны i прыводзяць з сабою столькi знаёмых асобаў!
- Штосьцi не бачыў я iх, ды i мне яны незнаёмыя ж! - адказаў алавяны салдацiк. - Не, мне проста няма сiлы заставацца тут!
- А трэба! - сказаў хлапчук.
У гэтую хвiлiну ў пакой зайшоў з вясёлай усмешкаю стары i чаго ён толькi не прынёс! I сочыва, i яблыкаў, i арэхаў! Хлапчук адразу ж забыўся пра алавянага салдацiка.
Вясёлы i задаволены вярнуўся ён дадому. Днi iшлi за днямi; хлапчук па-ранейшаму дасылаў у стары дом прывiтаннi, а адтуль меў таксама прывiтаннi ў адказ, i вось хлопчык зноў накiраваўся туды ў госцi.
Разныя трубачы зноў падалi свой голас: "Тра-та-та-та! Хлопчык прыйшоў! Тра-та-та-та!" Рыцары i паненкi на партрэтах пазвоньвалi даспехамi i шалясцелi шаўковымi сукенкамi, свiная скура размаўляла, а старыя крэслы рыпелi i крахталi ад раматусу ў спiне: "Ох!" Адным словам, усё было як i першы раз, - у старым доме час i днi iшлi адно ўслед аднаму, без нiякай змены.
- Не, я не вытрываю! - усклiкнуў алавяны салдацiк. - Я плакаў ужо волавам! Тут вельмi жалобна! Няхай лепш пашлюць мяне на вайну, няхай адарве там мне руку цi нагу! Усё ж змена будзе! Сiлы больш у мяне няма!.. Цяпер i я ведаю, што гэта за ўспамiны, якiя прыводзяць з сабою знаёмыя асобы! Мяне яны таксама наведалi, i, павер, iм не ўзрадуешся! Асаблiва калi яны пачнуць наведвацца да цябе часта. Урэшце я готовы быў саскочыць з куфра!.. Я бачыў цябе i ўсiх тваiх!.. Вы ўсе стаялi перада мною, як жывыя! Гэта было ранiцай у нядзелю... Усе вы, дзецi, стаялi ў сталовай, такiя сур'ёзныя, набожна склаўшы рукi, i пелi ранiшнi псалом... Тата i мама стаялi тут жа. Нечакана дзверы адчынiлiся, i ўвайшла, хоць яе не клiкалi, двухгадовая ваша сястрычка Мары. А ёй варта толькi пачуць музыку альбо спевы - усё роўна якiя, тут жа кружыцца ў танцы. Вось яна i пачала прытанцоўваць, але нiяк не магла трапiць у такт - вы спявалi гэтак працяжна... Яна падымала то левую ножку, то правую i выцягвала шыйку, але ладу не было нiякага. Нiхто з вас нават не ўсмiхнуўся, хоць i нялёгка было стрымацца. Я не стрымаўся, цiхенька ўсмiхнуўся сам сабе, дык i паляцеў долу! На лобе маiм ускочыў вялiкi гузак - ён i цяпер яшчэ не сыйшоў i так трэба мне... Усё, што бачыў, чуў i перажыў я ў вашай сям'i, так i ўсплывае ў мяне перад вачыма! Вось якiя яны, гэтыя ўспамiны, i вось што яны прыводзяць з сабою!.. Скажы, вы i цяпер яшчэ спяваеце ранiцай? Раскажы мне што-небудзь пра маленькую Мары! А калега мой, алавяны салдацiк, як жыве? Вось шчаслiвец!.. Не, не, я проста не вытрываю!..
- Цябе падарылi! - сказаў хлапчук. - I ты павiнен застацца тут! Хiба ты не разумееш гэтага?
Стары гаспадар заявiўся са скрынкай, у якой было шмат самага рознага i незвычайнага: нейкiя шкатулачкi, флакончыкi i калоды старасвецкiх картаў такiх вялiкiх, аздобленых золатам, цяпер ужо не ўбачыш! Дзядок адчынiў для госця i вялiкiя скрынкi даўняга камоднага бюро i нават клавiкорды, на вечку якiх быў намалёваны пейзаж. Iнструмент пад рукой гаспадара выдаваў цiхiя дрыготкiя гукi, а сам стары напяваў пры гэтым нейкую тужлiвую мелодыю.
- Гэтую песню спявала калiсьцi яна! - сказаў ён, кiўнуўшы на партрэт, куплены ў старызнiка, i вочы яго заблiшчэлi.
- Я хачу на вайну! Хачу на вайну! - залемантаваў нечакана алавяны салдацiк i кiнуўся прэч з куфра.
Дзе ж ён дзеўся! Шукаў яго i сам стары гаспадар, шукаў i хлапчук - няма нiдзе, ды i толькi.
- Ладна, я знайду яго пасля! - сказаў дзядок, але так i не знайшоў. Падлога ўся была са шчылiнамi, салдацiк упаў у адну з iх i ляжаў там, быццам у незасыпанай магiле.
Увечар хлапчук вярнуўся дадому. Час iшоў; наступiла зiма; вокны замерзлi, i хлопчыку прыйшлося дыхаць на iх, каб адтала на марозным шкле хоць маленькая лапiнка, у якую можна было б зiрнуць на вулiцу. Снег зацярушыў усе выразанкi i надпiсы на аздобе старога дома i закiдаў лесвiцу, - будынак стаяў быццам нежылы. Ды так яно i было: стары, гаспадар яго, памёр.
Вечарам да старога дома пад'ехала каляснiца, на яе паклалi труну i павязлi дзядка за горад, у сямейны склеп. Нiхто не крочыў за труной - усе сябры старога даўным-даўно памерлi. Хлапчук паслаў услед труне паветраны пацалунак.
Пасля некалькiх дзён у старым доме назначылi аўкцыён. Хлапчук бачыў з акенца, як выносiлi старасвецкiя партрэты рыцараў i паненак, кветкавыя гаршкi з доўгiмi вушамi-ручкамi, старыя крэслы i шафы ды камоды. Адно падалося сюды, iншае туды; партрэт панi, куплены ў крамцы старызнiка, вярнуўся зноў у дом ды так там i застаўся: нiхто ж не ведаў гэтай жанчыны, дык нiкому i не патрэбен быў яе партрэт.
Увесну пачалi бурыць стары дом - гэтая вартая жалю развалiна ўжо мазолiла ўсiм вочы, i з вулiцы можна было зазiрнуць у пакоi са шпалерамi са свiной скуры, што вiселi цяпер абрыўкамi; зелянота на тэрасе разраслася яшчэ пышней i густа абвiвала ўпалыя бэлькi. Затым прыбралi, вычысцiлi мясцiну, дзе стаяў стары дом.
- Вось i выдатна! - сказалi суседнiя дамы.
Замест старога дома на вулiцы з'явiўся новы, з вялiкiмi вокнамi i белымi роўнымi сценамi. Перад iм, гэта значыць, уласна, на тым самым месцы, дзе стаяў раней стары дом, заклалi садзiк, i вiнаградныя галiнкi пацягнулiся адтуль да сцяны суседняга дома. Садзiк абгарадзiлi высокiмi жалезнымi краткамi, а ў яго вяла жалезная брамка. Усё гэта выглядала так хораша, што мiнакi прыпынялiся i выцiкоўвалi скрозь краткi. Вiнаградныя галiнкi былi ўсыпаныя дзесяткамi вераб'ёў, якiя цiўкалi наперабой, але не пра стары дом, - бо яны яго не маглi помнiць; з таго часу прайшло гэтулькi гадоў, што хлапчук паспеў стаць мужчынам. З яго выйшаў дзелавiты чалавек - на радасць бацькам. Ён толькi што ажанiўся i пераехаў са сваёй маладой жонкаю якраз у гэты новы дом з садам.
Абое яны былi ў садзе; муж назiраў, як жонка садзiла на клумбе нейкую ўпадабаную ёй палявую кветачку. Раптам маладая жанчына ўсклiкнула:
- Ай! Што гэта?
Яна ўкалолася - з мяккай, рыхлай зямлi тырчэла штосьцi вострае. Гэта быў падумайце толькi! - алавяны салдацiк, той самы, якi знiк у старога, валяўся ў смеццi i, нарэшце, шмат-шмат гадоў праляжаў у зямлi.
Маладая жанчына абцерла салдацiка спачатку зялёным лiстком, а затым сваёй тонкай хусцiнкаю. Як цудоўна пахла ад яе духамi! Алавяны салдацiк нiбы акрыяў пасля страты прытомнасцi.
- Дай мне на яго зiрнуць! - усклiкнуў малады чалавек, усмiхнуўся i пахiтаў галавою. - Ну, гэта, канечне ж, не той самы, але ён напамiнае мне адну гiсторыю з майго дзяцiнства!
I ён расказаў сваёй жонцы пра стары дом, пра яго гаспадара i пра алавянага салдацiка, якога ён даў у падарунак беднаму адзiнокаму дзядку. Карацей, ён расказаў усё, як было на самай справе, i маладая жанчына нават пусцiла слязiну, слухаючы яго.
- А можа, гэта i ёсць той самы алавяны салдацiк! - сказала яна. - Я схаваю яго на памяць. А ты абавязкова пакажы мне магiлу таго старога чалавека.
- Я i сам не ведаю, дзе яна! - адказаў ён. - Ды i нiхто не ведае! Усе яго сябры памерлi раней за яго, дык нiхто i не даглядаў яго магiлы, я ж у тыя часы быў яшчэ горкiм дзiцем.
- Якi жах быць такiм адзiнокiм! - уздыхнула яна.
- Жах быць адзiнокiм! - сказаў салдацiк. - Але якое шчасце бачыць, што пра цябе не забылiся!
- Шчасце! - паўтарыў чыйсьцi голас зусiм паблiзу, але нiхто не пачуў яго, апроч алавянага салдацiка.
Гэта гаварыў шматок свiной скуры, якой калiсьцi былi абабiтыя пакоi старога дома. Залацiстасць з яго знiкла ўся, i ён быў падобны ўжо на брудны грудок зямлi, але ў яго быў свой погляд на ўсё, i ён выказаў яго, гэты свой погляд:
Што ж, пазалота сатрэцца,
Свiная ж скура застанецца!
Алавяны салдацiк, аднак, з гэтым не згадзiўся.
ЗЛЫ КНЯЗЬ
Паданне
Жыў-быў злы, фанабэрлiвы князь. Ён толькi i думаў пра тое, як бы пакарыць сабе ўвесь свет, на ўсiх нагнаць страху адным сваiм iмем. I вось ён iшоў у чужыя землi з агнём i мячом; воiны ягоныя тапталi нiвы ды палiлi сялянскiя хаты; чырвоныя языкi лiзалi лiсце на дрэвах, а плады падсмажвалiся на абвугленых галiнах. Часта бедная мацi хавалася з голенькiм грудным немаўляткам за сценамi, што дымiлiся, але ваяры шнарылi паўсюль, знаходзiлi iх, i пачыналася д'ябальская забава! Злыя духi не маглi рабiць горш. Але князю здавалася, быццам справы iшлi як мае быць. Дзень пры днi расла князева магутнасць, iмя ягонае наводзiла жах на ўсiх, i ўдача спадарожнiчала яму ва ўсiх дзеяннях. З пакораных гарадоў вывозiў ён золата ды багатыя скарбы, i ў сталiцы ягонай накапiлiся незлiчоныя багаццi: нiдзе ў свеце не было анiчога падобнага. Ён загадаў будаваць цудоўныя палацы, цэрквы ды аркi, i ўсе, хто бачыў гэтыя дзiвосныя пабудовы, казалi: "Якi вялiкi князь!" Яны не думалi пра бядоты, у якiя ён кiнуў чужыя землi, не чулi стогнаў i скаргаў, што не змаўкалi ў абрабаваных ды спаленых гарадах.
Сам князь глядзеў на сваё золата i думаў, як iншыя: "Якi я вялiкi князь! Але мне яшчэ мала ўсяго гэтага! Хачу большага! Нiчыя ўлада ў свеце не павiнна быць роўнай маёй, не тое каб пераўзыходзiць яе!"
I ён пайшоў вайной на сваiх суседзяў i ўсiх пакарыў. Палонных каралёў ён загадаў прыкоўваць залатымi ланцугамi да сваёй каляснiцы кожны раз, як збiраўся праехацца па вулiцах сталiцы. Калi ж ён сядзеў за сталом, яны павiнны былi ляжаць пры яго нагах i нагах прыдворных ды хапаць кавалкi хлеба, якiя iм кiдалi.
Нарэшце, князь загадаў узвесцi сабе на плошчах ды ў палацах статуi; ён хацеў быў паставiць iх i ў храмах, перад алтаром Госпада, але святары сказалi: "Князь, ты вялiкi, але Бог вышэй за цябе, мы не асмельваемся зрабiць гэта".
- Добра! - сказаў злы князь. - Тады я скару i Бога!
I, аслеплены шалёнай фанабэрыяй, ён загадаў будаваць дзiвосны карабель, на якiм можна было гойсаць у паветры. Карабель быў размаляваны рознымi фарбамi i нагадваў паўлiнаў хвост, усеяны тысячамi вочак, але кожнае вочка было руляй стрэльбы. Князь сеў на карабель; варта яму нацiснуць адну спружыну, са стрэльбаў выляталi тысячы куляў, а стрэльбы адразу ж самi сабой зараджалiся нанова. Сто магутных арлоў былi запрэжаны ў карабель, i вось ён узвiўся ў паветра, да сонца. Зямля ледзь вiднелася ўнiзе, горы ды лясы здавалiся спачатку ўзараным дзёрнам, потым намаляванымi на геаграфiчнай карце i, нарэшце, зусiм знiклi ў воблачным тумане. Усё вышэй ды вышэй узнiмалiся арлы; тады Бог паслаў аднаго са сваiх незлiчоных анёлаў, але злы князь сустрэў яго залпам са стрэльбаў. Кулi адскочылi ад блiскучых крылаў анёла, як градзiнкi; толькi адна-адзiная кропелька крывi выцекла з беласнежнага крыла i ўпала на карабель, дзе сядзеў князь. Яна глыбока ўелася ў дрэва i нацiснула на дно карабля са страшэннай сiлай, быццам глыба свiнцу ў тысячу пудоў. Карабель паляцеў унiз з неверагоднай хуткасцю; магутныя крылы арлоў пераламiлiся; вецер так i свiстаў у вушах князя; аблокi, што сабралiся з дыму ад спаленых гарадоў, грувасцiлiся наўкол i прымалi пачварныя формы: велiзарных ракаў, якiя працягвалi да князя дужыя клюшнi, абломкаў скал, што кацiлiся ўнiз, i драконаў, што дыхалi агнём. Князь ляжаў на дне карабля напаўмёртвы ад страху. Нарэшце карабель засеў у густым веццi лясных дрэў.
- Я адолею Бога! - сказаў князь. - Я даў сабе клятву адолець яго, i быць па тым! - I ён загадаў пабудаваць новы карабель; будавалi яго сем гадоў. Загадаў ён таксама каваць маланкi з найцвярдзейшае сталi, каб узяць цвярдыню неба прыступам, i сабраў ваяроў з усiх канцоў сваёй дзяржавы; войскi пакрылi прастору ў некалькi квадратовых мiляў. Ваяры гатовыя былi сесцi на караблi, князь падышоў да свайго, але Бог наслаў на яго рой камароў, адзiн толькi маленькi камаровы рой. Насякомыя гулi вакол князя ды джалiлi яго ў твар i рукi. Ён злосна выхапiў меч, але сек iм толькi паветра, у камароў патрапiць анiяк не ўдавалася. Тады ён загадаў прынесцi каштоўныя дываны ды ахiнуць сябе iмi з ног да галавы, каб анiводзiн камар не мог дастаць яго сваiм джалам. Загад быў выкананы, але адзiн камар ухiтрыўся прабрацца пад самы нiжнi дыван, залез у вуха князя ды ўджалiў яго. Быццам агонь разлiўся па князевай крывi, яд пранiк у ягоны мозг, i ён сарваў з сябе ўсе апраткi ды голы ўзяўся кiдацца з боку ў бок i скакаць перад натоўпам сваiх бязлiтасных салдат, а тыя толькi смяялiся са звар'яцелага князя, якi хацеў перамагчы Бога i быў сам пераможаны камарыкам!
ОЛЕ-ЛУКОЙЕ
Нiхто на свеце не ведае гэтулькi казак, колькi ведае Оле-Лукойе. Вось жа майстар апавядаць!
Вечарам, калi дзецi спакойна сядзяць за сталом або на сваiх лаўках, з'яўляецца Оле-Лукойе. У адных панчохах ён цiха-цiха падымаецца па лесвiцы; потым асцярожна прыадчыняе дзверы, нячутна заходзiць у пакой i лёгка пырскае дзецям у вочы салодкiм малаком. У руках яго маленькая спрынцоўка, i малако пырскае з яе тоненькiм-тоненькiм струменьчыкам. Тады павекi ў дзяцей пачынаюць сплюшчвацца, i яны ўжо не могуць разгледзець Оле, i ён падкрадваецца да iх ззаду i пачынае лёгенька дзьмуць iм у патылiцы. Падзьме - i галовы iх адразу ж цяжэюць. Гэта зусiм не балюча, - у Оле-Лукойе няма ж злоснага намеру; ён хоча толькi, каб дзецi суцiшылiся, а для гэтага iх абавязкова трэба пакласцi ў ложак. Ну вось ён i пакладзе iх, а потым пачынае ўжо апавядаць казкi. Калi дзецi паснуць, Оле-Лукойе прысаджваецца да iх на ложак. Апрануты ён цудоўна: на iм шаўковы кафтан, толькi нельга сказаць, якога колеру - ён адлiвае то блакiтным, то зялёным, то чырвоным, гледзячы, у якi бок павернецца Оле. Пад пахамi ў яго па парасону: адзiн з малюнкамi, якi ён раскрывае над добрымi дзецьмi, i тады iм усю ноч сняцца цудоўныя казкi, а другi зусiм просты, гладкi, якi ён разгортвае над нядобрымi дзецьмi; ну яны i спяць усю ноч як цурбаны, i ўранку выяўляецца, што яны зусiм нiчога не бачылiўсне.
Паслухаем жа пра тое, як Оле-Лукойе наведваў кожны вечар аднаго маленькага хлопчыка, Яльмара, i апавядаў яму казкi! Гэта будзе цэлых сем казак, - у тыднi ж сем дзён.
Панядзелак
- Ну вось, - сказаў Оле-Лукойе, паклаўшы Яльмара ў ложак, - цяпер упрыгожым пакой!
I ў адзiн момант усе пакаёвыя кветкi выраслi, сталi вялiкiмi дрэвамi, якiя працягнулi свае доўгiя галiны ўздоўж сцен да самай столi; увесь пакой ператварыўся ў цудоўную альтанку. Галiны дрэў былi абсыпаны кветкамi; кожная кветачка па прыгажосцi i паху была лепш за ружу, а на смак (калi б вы толькi захацелi яе пакаштаваць) саладзей, чым сочыва; плады ж блiшчэлi, як залатыя. Яшчэ на дрэвах былi пампушкi, якiя ледзь не трэскалiся ад разынкавай начынкi. Проста дзiва нейкае! Раптам пачулiся страшныя енкi ў шуфлядзе стала, дзе ляжалi вучэбныя дапаможнiкi Яльмара.
- Што там такое? - сказаў Оле-Лукойе, пайшоў i выцягнуў шуфляду.
Выявiлася, што гэта нервавалася аспiдная дошка: у рашэннi напiсанай на ёй задачы была памылка, i таму задача не рашалася; грыфель скакаў i скакаў на адной вяровачцы, нiбы сабачка; ён вельмi хацеў памагчы, але не мог. Гучна стагнаў i сшытак Яльмара; проста жах ахоплiваў, слухаючы яго! На кожнай старонцы ў пачатку кожнага радка стаялi цудоўныя вялiкiя i маленькiя лiтары гэта быў пропiс; а побач iшлi другiя, якiя думалi, што трымаюцца так жа цвёрда. Iх пiсаў сам Яльмар, i яны, здавалася, спатыкалiся аб лiнейкi, на якiх трэба было б стаяць.
- Вось як трэба трымацца! - гаварыў пропiс. - Вось так, з лёгкiм нахiлам управа!
- Ах, нам i хацелася, - адказвалi лiтары Яльмара, - але ж мы не можам! Мы такiя дрэнненькiя!
- Дык вас трэба трохi падцягнуць! - сказаў Оле-Лукойе.
- Ды не, не! - закрычалi яны i выпрасталiся так, што люба было глядзець.
- Ну, цяпер нам не да казак! - сказаў Оле-Лукойе. - Будзем практыкавацца! Раз-два! Раз-два!
I ён давёў лiтары Яльмара да таго, што яны стаялi роўна i бадзёра, як любы пропiс. Але калi Оле-Лукойе пайшоў i Яльмар прачнуўся ранiцай, яны выглядалi так жа нiкчэмна, як i раней.
Аўторак
Як толькi Яльмар лёг, Оле-Лукойе дакрануўся сваёй чароўнай спрынцоўкай да мэблi, i ўсе рэчы тут жа пачалi размаўляць памiж сабою; усе, акрамя плявальнiцы; гэта маўчала i злавала на iх за мiтусню: гавораць толькi пра сябе i нават не падумаюць пра тую, што так сцiпла стаць у кутку i дазваляе пляваць на сябе!
Над камодай вiсела вялiкая карцiна ў пазалочанай раме; на ёй была адлюстравана прыгожая мясцовасць: высокiя старыя дрэвы, трава, кветкi i шырокая рака, што бегла каля дзiўных палацаў, за лес, у далёкае мора.
Оле-Лукойе дакрануўся чароўнай спрынцоўкай да карцiны, i намаляваныя на ёй птушкi заспявалi, галiны дрэў заварушылiся, а хмары панеслiся па небе; нават было вiдаць, як слiзгаў па карцiне iх цень.
Затым Оле прыпадняў Яльмара да рамы, i хлопчык стаў нагамi прама ў высокую траву. Сонейка свяцiла на яго скрозь галiны дрэў, ён пабег да вады i ўсеўся ў лодку, якая калыхалася ля берага. Лодка была пафарбавана ў чырвоны i белы колеры, ветразi блiшчэлi, як срэбныя, i шэсць лебедзяў у залатых каронах з блiскучымi блакiтнымi зоркамi на галовах павялi лодку ўздоўж зялёных лясоў, дзе дрэвы расказвалi пра разбойнiкаў i ведзьмаў, а кветкi - пра цудоўных маленькiх эльфаў i пра тое, што расказвалi iм матылькi.
Дзiвосныя рыбкi з серабрыстай i залацiстаю луской плылi за лодкай. Ныралi i плёскалi ў вадзе хвастамi; прыгожыя, блакiтныя, вялiкiя i маленькiя птушкi ляцелi за Яльмарам дзвюма доўгiмi чародамi; камары танцавалi, а майскiя жукi гудзелi "Бум! Бум!"; усiм хацелася праводзiць Яльмара, i ў кожнага была для яго напагатове казка.
Так, вось гэта было плаванне!
Лясы то гусцелi i цямнелi, то рабiлiся падобнымi на дзiвосныя сады, асветленыя сонцам i засеяныя кветкамi. Па берагах ракi ўздымалiся вялiкiя хрустальныя i мармуровыя палацы; на балконах iх стаялi прынцэсы, i ўсё гэта былi знаёмыя Яльмару дзяўчаты, з якiмi ён часта гуляў.
Яны працягвалi яму рукi, i кожная трымала ў правай руцэ зацукраванае пернiкавае парася, якое не часта пашанцуе купiць у гандляркi. Яльмар, праплываючы мiма, хапаўся за адзiн канец пернiка, прынцэса моцна трымалася за другi, i пернiк разломваўся напалам; кожны атрымлiваў сваю долю: Яльмар больш, прынцэса менш. Каля ўсiх палацаў неслi варту маленькiя прынцы; яны аддавалi Яльмару чэсць залатымi шаблямi i абсыпалi яго разынкамi i алавянымi салдацiкамi, - вось што значыць калi сапраўдныя прынцы!
Яльмар плыў праз лес, праз нейкiя вялiкiя залы i гарады... Праплыў ён i праз той горад, дзе жыла яго старая нянька, якая песцiла яго, калi ён быў яшчэ малым, i вельмi любiла свайго гадаванца, i вось ён убачыў яе; яна кланялася, пасылала яму рукою паветраныя пацалункi i спявала харошанькую песеньку, якую сама склала i прыслала Яльмару:
Мой Яльмар, цябе ўспамiнаю,
Калi пад цянiсты прыходжу вяз.
Выказаць не магу, як жадаю
Убачыць цябе яшчэ хоць бы раз!
Цябе ў калысцы я калыхала,
Вучыла хадзiць, гаварыць.
I ў шчочкi i ў лоб цалавала,
Дык як жа мне цябе не любiць!
Люблю цябе, мiлы i радасны мой,
Хай будзе навекi i Бог наш з табой!
I птушкi падпявалi ёй, кветкi танцавалi, а старыя вербы варушылiся, як быццам Оле-Лукойе i iм апавядаў казку.
Серада
Ну i дождж лiў! Яльмар чуў гэты страшны шум нават у сне; калi ж Оле-Лукойе адчынiў акно, аказалася, што вада стаяла на ўзроўнi падаконнiка. Цэлае возера! Затое да дома прычалiў цудоўнейшы карабель.
- Хочаш праехаць, Яльмар? - спытаў Оле. - Пабываеш ноччу на чужой зямлi, а ранiцай - зноў будзеш дома?
I вось Яльмар, па-святочнаму прыбраны, апынуўся на караблi. Надвор'е тут жа праяснiлася, i яны паплылi па вулiцах, каля царквы - вакол было адно суцэльнае возера. Нарэшце яны адплылi так далёка, што зямля зусiм знiкла з вачэй. Высока ў паднеб'i ляцелi буслы; яны сабралiся ў далёкiя цёплыя краiны i ляцелi доўгай чарадой, адзiн за адным. Яны былi ўжо некалькi дзён у дарозе, i адзiн з iх так стамiўся, што крылы амаль не слухалiся яго. Ён ляцеў ззаду, а потым адстаў i пачаў апускацца на сваiх аслабелых крылах усё нiжэй i нiжэй, вось калыхнуў iмi яшчэ разы два, але... дарэмна! Хутка ён зачапiўся за мачту карабля, слiзгануў i - бах! - звалiўся прама на палубу.
Юнга падхапiў яго i пасадзiў у птушнiк да курэй, качак i iндычак. Бедалага бусел стаяў i панура аглядаўся.
- Бач якi! - сказалi куры.
А iндыйскi певень надзьмуўся, як толькi мог, i спытаў у бусла, хто ён такi; качкi ж падалiся назад, падпiхваючы адна адну крыламi, кракалi: "Дур-рань! Дур-рань!"
I бусел расказаў iм пра гарачую Афрыку, пра пiрамiды i страусаў, якiя носяцца па пустынi з хуткасцю дзiкiх коней, але качкi нiчога не зразумелi i зноў пачалi падпiхваць адна адну:
- Ну цi не дурань ён?
- Канечне, дурань! - сказаў iндыйскi певень i сярдзiта забубнiў. Бусел змоўк i пачаў думаць пра сваю Афрыку.
- Якiя ў вас цудоўныя тонкiя ногi! - сказаў iндыйскi певень - Пачым аршын?
- Крак! Крак! Крак! - закрычалi смешныя качкi, але бусел як бы i не чуў.
- Маглi б i вы пасмяяцца з намi! - сказаў буслу iндыйскi певень. - Вельмi цiкава! Ды куды гэта, думаю, вельмi нiзка для яго! Увогуле, нельга сказаць, каб ён вылучаўся кемлiвасцю! Што ж, будзем самi весялiцца!
I курыцы квакталi, качкi кракалi, i гэта страшна забаўляла.
Але Яльмар падышоў да птушнiка, адчынiў дзверцы, павабiў бусла, i той выскачыў да яго на палубу, - ён паспеў ужо адпачыць. I вось бусел як быццам пакланiўся Яльмару ў знак удзячнасцi, узмахнуў шырокiмi крыламi i паляцеў на поўдзень. А куры закудахталi, качкi закракалi, iндыйскi ж певень так надзьмуўся, што грабеньчык у яго налiўся крывёй.
- Заўтра звараць з вас булён! - сказаў Яльмар i прачнуўся зноў у сваiм маленькiм ложку.