- Год таму дачку нашага караля павiнны былi аддаць на з'ядзенне дракону, але маршал уступiў з iм у бойку ды забiў яго, i вось заўтра павiнны святкаваць iхняе вяселле, - вось чаму тады горад быў у жалобе, а сёння ён увесь у чырвоным.
Другога дня, калi прызначаны быў вясельны баль, кажа паляўнiчы гаспадару карчмы:
- Цi паверыш ты мне, гаспадар, што сёння я буду есцi пры табе хлеб з каралеўскага стала?
- Не, - адказаў гаспадар, - б'юся з табой аб заклад на сто чырвонцаў, што гэткае не здарыцца.
Паляўнiчы згадзiўся на ўмову i выставiў у сваю чаргу кашалёк з такою самай колькасцю залатых. Потым паклiкаў ён зайца:
- Iдзi, даражэнькi мой паскакунчык, ды прынясi мне хлеб з каралеўскага стала.
Для зайчыка гэта было зусiм няцяжка, а даручыць гэта каму-небудзь iншаму ён не мог, i давялося яму скакаць аднаму. "Вох, - падумаў ён, - прыйдзецца мне аднаму па вулiцах скакаць, - бадай што, кiнуцца за мною ганчакi". Як падумаў ён, так i здарылася; кiнулiся за iм сабакi i мелiся ўжо ўчапiцца ў ягоную шкуру. Але заяц падскочыў - хiба ты не бачыў? - ды як кiнецца ў вартаўнiчую будку, i салдат яго нават не заўважыў. Падбеглi сабакi, хацелi былi зайца адтуль выцягнуць, але салдат жартаў не любiў, выцяў iх прыкладам стрэльбы, i яны з брэхам ды скавытаннем паўцякалi прэч.
Заўважыў заяц, што хiтрасць яму ўдалася, прыскакаў у замак ды проста да каралеўны; сеў да яе пад крэсла ды пачаў нагу ёй драпаць. А каралеўна кажа:
- Пайшоў прэч!
Яна падумала, што гэта сабака. Заяц падрапаў каралеўну за нагу яшчэ раз. А яна зноў кажа:
- Пайшоў прэч!
Бо i на гэты раз падумала, што гэта сабака. Але заяц не збянтэжыўся ды падрапаў каралеўну ў трэцi раз. Зiрнула яна ўнiз ды пазнала зайца па сваiх каралях. Узяла яна зайца да сябе на каленi, аднесла ў свой пакой ды пытаецца:
- Любы зайчык, чаго ты хочаш?
Ён адказаў:
- Мой гаспадар, якi забiў дракона, знаходзiцца тут; ён паслаў мяне папрасiць хлеба, што есць сам кароль.
Узрадавалася каралеўна, загадала паклiкаць хлебадайцу ды патрабавала, каб ён прынёс хлеб, што есць сам кароль. Тады зайчык кажа:
- Але няхай хлебадайца мне яго i аднясе, iнакш нападуць на мяне ганчакi.
I аднёс хлебадайца гэты хлеб да самых дзвярэй карчмы. Стаў заяц на заднiя лапы, узяў хлеб у пярэднiя ды прынёс яго свайму гаспадару. Тады паляўнiчы i кажа:
- Ну, гаспадар, а сто залатых жа цяпер мае!
Здзiвiўся гаспадар, а паляўнiчы кажа:
- Што ж, гаспадар, хлеб у мяне ёсць! Ды вось хацелася б мне цяпер i каралеўскай смажанкi пакаштаваць.
Сказаў гаспадар:
- Што ж, паглядзiм, - але спрачацца больш не стаў.
Паклiкаў паляўнiчы лiсiцу ды кажа:
- Лiска, схадзi ты ды прынясi мне смажанку, якую есць сам кароль.
Рыжая лiсiца ведала ўсе ўваходы ды выхады лепш за iншых. Прабралася яна па вулках ды завулках, i нiводзiн сабака яе не заўважыў. Села лiсiца пад крэслам каралеўны, пачала ёй нагу драпаць. Зiрнула каралеўна ўнiз ды пазнала лiсiцу па каралях; узяла яе да сябе ў пакой ды пытаецца:
- Лiсачка, даражэнькая, што табе трэба?
Адказала лiсiца:
- Мой гаспадар, якi забiў дракона, знаходзiцца тут i паслаў мяне, каб я папрасiла смажанкi, што сам кароль есць.
Загадала каралеўна паклiкаць кухара ды сказала, каб ён згатаваў смажанку, якую есць кароль, i данёс бы яе лiсiцы да самых дзвярэй карчмы.
Узяла лiсiца блюда, адагнала спачатку хвастом мух, што паселi на смажанку, i прынесла яе свайму гаспадару.
- Ну, карчмар, - сказаў паляўнiчы, - хлеб ды мяса ў нас цяпер ёсць, але хацелася б пакаштаваць i тае гароднiны, што есць сам кароль.
Паклiкаў ён ваўка ды кажа:
- Любы воўча, iдзi ды прынясi мне тае гароднiны, што есць кароль.
Пайшоў воўк напрасткi ў замак, бо ён анiкога не баяўся, увайшоў у пакой каралеўны ды тузануў яе ззаду за сукенку, каб яна азiрнулася. Пазнала яна яго па каралях ды пытаецца:
- Даражэнькi воўча, што табе трэба?
Ён адказаў:
- Мой гаспадар, якi забiў дракона, знаходзiцца тут, ён прасiў даць тае гароднiны, якую есць сам кароль.
Паклiкала каралеўна кухара ды загадала яму згатаваць тае гароднiны, якую есць сам кароль, i данесцi яе ваўку да самых дзвярэй карчмы. Узяў воўк у яго блюда i прынёс яго свайму гаспадару.
- Вось бачыце, гаспадар, - кажа паляўнiчы, - цяпер ёсць у мяне i хлеб, i смажанка, i гароднiна; але хацелася б мне пакаштаваць яшчэ i салодкае, якое есць кароль.
Ён паклiкаў мядзведзя ды кажа:
- Любы мядзведзь, ты нябось любiш салодкiм паласавацца, дык вось iдзi ды прынясi мне салодкае, якое есць сам кароль.
Затупаў мядзведзь проста да замка, i кожны яму саступаў дарогу. Падышоў ён да варты, i выставiла варта перад iх стрэльбы, не хацела яго прапускаць у каралеўскi замак. Тут падняўся мядзведзь на заднiя лапы, панадаваў ён такiх аплявушын, што ўся варта пападала на зямлю, - i рушыў мядзведзь проста да каралеўны, стаў ззаду яе i цiхенька зарычаў. Азiрнулася яна, пазнала мядзведзя i загадала яму iсцi з ёю ў пакой ды пытаецца:
- Даражэнькi мядзведзь, ты чаго хочаш?
Ён адказаў:
- Мой гаспадар, якi забiў дракона знаходзiцца тут, ён паслаў мяне па салодкае, якое есць сам кароль.
Паклiкала каралеўна кандытара i загадала згатаваць салодкую страву, якую есць кароль i аднесцi яе мядзведзю да самых дзвярэй карчмы. Пачаў тут мядзведзь лiзаць салодкiя лiзунцы, што скацiлiся на зямлю, потым надняўся на заднiя лапы, узяў у пярэднiя блюда i прынёс яго да свайго ўладара.
- Бачыце, гаспадар, - сказаў паляўнiчы, - вось ёсць у мяне цяпер i хлеб, i смажанка, i гароднiна, i салодкае; але хацелася б мне папiць i вiна, якое п'е сам кароль.
Паклiкаў ён свайго льва ды сказаў:
- Любы леў, ты ж да хмельнага ахвотнiк, дык вось iдзi ды прынясi мне вiна, якое п'е сам кароль.
Пакрочыў леў па вулiцах, i людзi ад яго ўцякалi; а калi падышоў ён да варты, тая хацела яму перагарадзiць дарогу, але леў так зароў, што ўсе ад яго адскочылi.
Падышоў леў да пакоя каралеўны i пастукаў хвастом у дзверы. Выйшла адтуль каралеўна, яна была спалохалася льва, але, пазнаўшы яго па залатым замочку ад сваiх караляў, загадала яму iсцi за ею ў пакой ды спыталася:
- Любы леў, ты чаго хочаш?
Ён адказаў:
- Мой гаспадар, якi забiў дракона, знаходзiцца тут; ён даручыў мне папрасiць вiна, якое п'е сам кароль.
Паклiкала каралеўна вiначэрпа, i ён павiнен быў даць iльву вiна, якое п'е сам кароль. Сказаў леў:
- Я хачу пайсцi з вiначэрпам разам ды паглядзець, каб ён даў мне сапраўднага.
Спусцiўся леў разам з вiначэрпам у вiнны склеп. Прыйшлi яны туды, i наважыўся вiначэрп нацэдзiць яму простага вiна, якое п'юць служкi, але леў сказаў:
- Пачакай! Спярша я вiно пакаштую, - нацэдзiў сабе паўконаўкi i выпiў яго нагбом. - Не, - сказаў ён, - гэта вiно не тое.
Зiрнуў на яго вiначэрп скосу, але пайшоў i хацеў нацэдзiць яму вiна з другой бочкi, што была для каралеўскага маршала. Але леў сказаў:
- Пачакай! Спярша я вiно пакаштую, - нацэдзiў сабе паўконаўкi ды выпiў яго. - Гэтае будзе крыху лепей, але ўсё ж такi i гэтае не тое.
Раззлаваўся тады вiначэрп ды сказаў:
- Цi можа такi дурны звер у вiне разбiрацца?
Але леў даў яму ў вуха, - той так i пакацiўся на зямлю; i калi падняўся на ногi, ён павёў iльва, нi слова не кажучы, у асобны невялiкi склеп, дзе стаяла каралеўскае вiно, якое не давалi пiць анiкому з людзей. Нацэдзiў леў спярша сабе паўконаўкi, пакаштаваў вiна ды кажа:
- Гэта, бадай што, сапраўднае, - i загадаў вiначэрпу налiць яго шэсць пляшак.
Потым паднялiся яны наверх. Выйшаў леў са склепа пахiстваючыся, быў ён трошкi пад хмелем, i павiнен быў вiначэрп аднесцi яму вiно да самых дзвярэй карчмы; тут узяў леў кошык у пашчу ды прынёс яго свайму ўладару.
Сказаў паляўнiчы:
- Бачыш, гаспадар, цяпер ёсць у мяне хлеб, i мяса, i гароднiна, i салодкае, i вiно - усё, што есць ды п'е сам кароль; а зараз я са сваiмi звярмi папалудную.
Ён сеў, пачаў есцi ды пiць i даў таксама паесцi ды папiць зайцу, лiсiцы, ваўку, мядзведзю ды льву; быў ён вясёлы, - ён ведаў, што каралеўна па-сапраўднаму кахае яго. Вось папалуднаваў ён ды кажа:
- Ну, гаспадар, я паеў ды папiў па-каралеўску, а зараз пайду ў каралеўскi замак ды ажанюся з каралеўнай.
А гаспадар пытаецца:
- Як жа гэта можа здарыцца, калi яна мае жанiха i сёння будуць ладзiць вяселле?
Выцягнуў тады паляўнiчы насовачку, што дала яму каралеўна на Драконавай гары, а ў iм былi завязаныя сем языкоў страшыдла, ды сказаў:
- Мне гэтыя знакi доказу дапамогуць.
Агледзеў гаспадар насоўку ды кажа:
- Калi я ўсяму i паверыў, дык ужо гэтаму нiзавошта веры не дам i стаўлю ў заклад сваю карчму разам з дваром.
Дастаў паляўнiчы кашалёк з тысячаю чырвонцаў, паклаў яго на стол ды кажа:
- А я стаўлю тысячу чырвонцаў.
Пачаў кароль пытацца ў сваёй дачкi падчас балявання:
- А чаго хацелi ўсе гэтыя дзiкiя звяры, што прыходзiлi ў мой замак ды зноў пайшлi?
- Я гэтага сказаць не смею, - адказала яна, - а вы паклiчце гаспадара гэтых звяроў, ён вам ўсё i раскажа.
Паслаў кароль свайго служку ў карчму ды загадаў яму запрасiць да сябе незнаёмца; слуга з'явiўся туды якраз у той час, калi паляўнiчы бiўся аб заклад з гаспадаром карчмы. I сказаў паляўнiчы:
- Вось бачыце, гаспадар, а кароль прыслаў жа свайго служку ды запрашае мяне з'явiцца, але я так проста не пайду. - I ён звярнуўся да каралеўскага служкi: - Перадайце маю просьбу каралю, каб прыслаў ён мне каралеўскае адзенне, карэту, запрэжаную шасцярыком, ды служак, якiя мяне суправаджалi б.
Пачуў гэта кароль ды кажа да сваёй дачкi:
- Што мне рабiць?
- Загадайце яго прывезцi, як ён гэтага патрабуе, - сказала яна, - i вы зробiце правiльна.
Паслаў тады кароль яму каралеўскае адзенне, карэту, запрэжаную шасцерыком коней, ды служак, якiя яго суправаджалi б.
Убачыў паляўнiчы, што па яго прыехалi, ды кажа:
- Вось бачыце, гаспадар, а зараз мяне адвязуць, як я i патрабаваў, - i ён адзеўся ў каралеўскае адзенне, узяў насовачку з драконавымi языкамi ды падаўся да караля.
Убачыў кароль, што той прыехаў, ды кажа да сваёй дачкi:
- Як мне належыць прыняць яго?
- Вы павiнны выйсцi яму насустрач, - сказала яна, - i вы зробiце правiльна.
Вось выйшаў яму насустрач кароль, павёў яго ў замак, а следам за iм iшлi ўсе ягоныя звяры. Кароль запрасiў яго сесцi побач з сабою ды каралеўнай, - а маршал сядзеў з другога боку ад яго як жанiх, але паляўнiчага ён цяпер не пазнаў.
I вось якраз прынеслi ў гэты час сем галоў дракона, каб госцi на iх паглядзелi, i сказаў кароль:
- Гэтыя сем галоў адсек у дракона маршал, таму я выдаю дачку сваю сёння за яго замуж.
Тады ўзняўся з-за стала паляўнiчы, раскрыў сем драконавых пашчаў ды спытаўся:
- А дзе ж сем языкоў дракона?
Спалохаўся маршал, збялеў i не ведаў, што адказаць; нарэшце ён прамовiў, калоцячыся:
- У драконаў языкоў не бывае!
- Так, iх не варта мець хлусам, але драконавыя языкi - гэта знак доказу пераможцы!
Паляўнiчы развязаў сваю насоўку, дзе ляжалi сем языкоў, ды прыклаў кожны з iх да пашчы дракона, - i языкi якраз падышлi да кожнай з iх. Потым ён дастаў насовачку, на якой было вышытае iмя каралеўны, паказаў яе нявесце ды спытаўся, каму яна падаравала яе. Яна адказала:
- Таму, хто забiў дракона.
Тады ён паклiкаў сваiх звяроў, зняў у кожнага з iх каралi, а з iльва залаты замочак, паказаў iх нявесце ды спытаўся, каму яны належаць.
- Каралi з залатым замочкам, - адказала яна, - былi мае, я падзялiла iх памiж звяроў за тое, што яны дапамаглi адолець дракона.
I сказаў паляўнiчы:
- Калi я ляжаў на полi бою стомлены ды заснуў, дык з'явiўся маршал i адцяў мне галаву. Потым ён аднёс каралеўну ды абвясцiў, быццам бы гэта ён забiў дракона; а тое, што ён схлусiў, я даказваю драконавымi языкамi, вось гэтай насовачкай ды каралямi.
I ён распавёў, як выратавалi яго звяры з дапамогай чарадзейнага кораня, як цэлы год ён блукаў разам з iмi па свеце, а цяпер зноў вярнуўся сюды i даведаўсяд пра падман маршала ад гаспадара карчмы.
Тады спытаўся кароль у сваёй дачкi:
- Цi праўда, што гэты чалавек забiў дракона?
Яна адказала:
- Так, гэта праўда. Цяпер я магу адкрыць злачынствы маршала, бо ўсё высветлiлася без майго ўдзелу; ён узяў з мяне абяцанне маўчаць. Вось чаму я прасiла святкаваць вяселле не раней як праз год ды адзiн дзень.
Тады кароль загадаў паклiкаць дванаццаць дарадцаў, каб яны вынеслi маршалу прысуд; яны прысудзiлi, што ён павiнен быць разадраны чатырма быкамi. Маршала пакаралi смерцю, а кароль аддаў дачку сваю замуж за паляўнiчага i прызначыў яму ў спадчыну ўсё каралеўства. Вяселле адсвяткавалi ў вялiкай радасцi, i малады кароль загадаў паклiкаць свайго роднага бацьку ды прыёмнага i ўзнагародзiў iх вялiкiмi скарбамi. Не забыў ён i пра гаспадара карчмы, - ён паклiкаў яго ды сказаў:
- Вось бачыце, гаспадар, я з каралеўнаю ажанiўся, i вашая карчма з дваром, значыцца, цяпер мае.
Сказаў гаспадар:
- Так, яны цяпер вашыя па праву.
Але малады кароль сказаў:
- З ласкi маёй няхай карчму i двор гаспадар пакiне сабе, i дарую я яму яшчэ тысячу чырвонцаў у прыдачу.
I былi малады кароль i маладая каралева вясёлыя i задаволеныя i зажылi ў шчасцi разам. Ён часта выязджаў на паляванне, гэта было для яго вялiкай радасцю, i верныя звяры заўсёды яго суправаджалi.
Паблiзу знаходзiўся лес, пра яго казалi, што там нячыстая сiла вядзецца, i хто ў яго трапляў упершыню, таму было цяжка выбрацца назад. Але маладому каралю дужа захацелася ў тым лесе папаляваць, i ён не даваў старому каралю спакою, пакуль той, нарэшце, гэта яму дазволiў.
Вось выехаў малады кароль з вялiкаю свiтай i, заязджаючы ў лес, заўважыў беласнежную самку аленя ды сказаў сваiм людзям:
- Вы пачакайце тут, пакуль я вярнуся назад, я хачу ўпаляваць цудоўнага звера, - i ён паскакаў следам за ёю ў самую гушчэчу лесу, а за iм пайшлi толькi ягоныя звяры.
Людзi прачакалi яго да самага вечара, але ён назад не вярнуўся. Тады яны паехалi дадому ды сказалi маладой каралеве:
- Кароль пагнаўся ў зачараваным лесе за белаю самкай аленя i назад не вярнуўся.
I каралева дужа па iм непакоiлася. А ён усё скакаў i скакаў за цудоўным зверам i нiяк не мог яго дагнаць; часам здавалася яму, што трэба ўжо страляць, але звер iмгненна ўцякаў далёка-далёка, i нарэшце знiк зусiм з вачэй. Тут ён заўважыў, што заехаў у самыя нетры лясныя; узяў свой рог ды пачаў трубiць; але адказу не было, людзi не маглi яго пачуць. А ўжо надышла ноч, i ён зразумеў, што сёння яму дамоў не вярнуцца.
Ён злез з каня, распалiў каля дрэва вогнiшча i вырашыў там заначаваць. Калi ён сядзеў ля вогнiшча, а ягоныя звяры ляжалi з iм побач, яму здалося, быццам пачуўся чалавечы голас: ён агледзеўся, але нiчога не ўбачыў. Неўзабаве ён зноў пачуў, быццам уверсе нехта стогне; ён зiрнуў угору, бачыць - сядзiць на дрэве нейкая бабуля i ўсё галосiць:
- Вух, вух, вух, як мне холадна!
Ён сказаў:
- Злазь ды пагрэйся, калi табе холадна.
Але яна адказала:
- Не, твае звяры мяне ўкусяць.
Ён сказаў:
- Бабуля, яны не крануць цябе, злазь унiз.
Але гэта была вядзьмарка, яна сказала:
- Я скiну табе з дрэва дубчык; калi дубчыкам гэтым ты ўдарыш звяроў па спiне, тады яны мне нiякай шкоды не зробяць, - i яна скiнула яму маленькi дубчык.
Ён хвастануў тым дубчыкам звяроў, тыя адразу ж цiха ўлеглiся - i раптам скамянелi. Цяпер вядзьмарцы звяроў не трэба было баяцца, яна саскочыла ўнiз i дакранулася дубчыкам да караля i ператварыла яго ў камень. Потым яна засмяялася ды пацягнула яго i звяроў у яму, дзе ляжала шмат ужо такiх камянёў.
Не вярнуўся малады кароль дадому, i непакой ды страх у каралевы ўсё раслi i раслi. А здарылася, што якраз у гэты час прыйшоў у каралеўства другi брат той, што пры растаннi пайшоў вандраваць на ўсход. Ён шукаў працы, ды не мог яе нiдзе знайсцi. Ён стаў тады блукаць па розных мясцiнах ды прымушаў сваiх звяроў скакаць перад людзьмi.
I вось прыйшло яму ў галаву пайсцi паглядзець на нож, якi ўторкнулi яны пры расстаннi ў ствол дрэва, каб даведацца, што з ягоным братам. Прыйшоў ён туды, аж бачыць, што адзiн бок напалову ўжо заiржавеў, а напалову застаўся блiскучы. Ён спалохаўся ды падумаў: "З маiм братам, вiдаць, здарылася вялiкае няшчасце, але я, магчыма, выратую яго: палова ж нажа засталася блiскучай".
I ён рушыў з усiмi звярмi на захад. Калi ён падышоў да гарадской брамы, выйшла яму насустрач варта ды спыталася, цi далажыць аб iм ягонай жонцы, маладая каралева ўжо некалькi дзён, маўляў, у вялiкай трывозе з прычыны ягонай адсутнасцi i баiцца, што ён загiнуў у зачараваным лесе. Варта прыняла яго за маладога караля, бо ён вельмi да таго быў падобны, i за iм гэтак жа iшлi следам дзiкiя звяры. Ён зразумеў, што гаворка iдзе пра ягонага брата, ды падумаў: "Самае лепшае, гэта выдаць сябе за яго; тым лягчэй, бадай што, я змагу яго выратаваць". I ён загадаў варце праводзiць яго ў замак, дзе быў прыняты з вялiкай радасцю. Маладая каралева падумала, што гэта яе муж, ды спыталася, чаму ён так доўга не вяртаўся. Ён адказаў:
- Я заблукаў у лесе i выбрацца адтуль раней анiяк не мог.
Увечары яго праводзiлi ў каралеўскую спальню, але ён паклаў на ложку памiж сабой i маладою каралевай навостраны меч. Яна не ведала, што гэта значыць, але спытацца ў яго пра тое не рашылася.
Ён прабыў там некалькi дзён i за гэты час паспеў даведацца ўсё пра зачараваны лес, ды сказаў нарэшце:
- Я хачу яшчэ раз у iм папаляваць.
Кароль i маладая каралева пачалi яго адгаворваць, але ён стаяў на сваiм i выехаў у лес з вялiкаю свiтай. Вось трапiў ён у той лес, i здарылася з iм тое самае, што i з ягоным братам; ён убачыў белую самку аленя ды сказаў сваiм людзям:
- Вы тут заставайцеся i мяне пачакайце, пакуль я вярнуся, я хачу ўпаляваць цудоўнага звера.
I ён паскакаў у лес. А следам за iм iмчалiся ягоныя звяры. Але ён не мог дагнаць самку аленя i трапiў у такiя нетры лясныя, што давялося яму там заначаваць. Ён распалiў вогнiшча i пачуў, што нехта ўверсе на дрэве стогне:
- Вух, вух, вух, як мне холадна!
Ён глянуў угору, аж бачыць - сядзiць на вершалiне бабуля: гэта была тая самая вядзьмарка. Ён сказаў:
- Калi табе, бабуля, холадна, злазь унiз ды пагрэйся.
Яна адказала:
- Не, твае звяры мяне ўкусяць.
А ён кажа:
- Яны не крануць цябе.
Тады яна крыкнула:
- Я скiну табе дубчык, ты ўдар iх тым дубчыкам i яны тады не крануць мяне.
Пачуў гэта паляўнiчы, але бабульцы не паверыў ды кажа:
- Сваiх звяроў я лупцаваць не стану, злазь унiз, бо iнакш я цябе сам сцягну.
- Бач чаго захацеў! Усё адно ты са мной не ўправiшся!
Але ён адказаў:
- Сама не пойдзеш, дык дастану цябе куляй.
А яна кажа:
- Страляй, я тваiх куляў не баюся.
Прыклаў ён да пляча стрэльбу, стрэлiў у яе, але вядзьмарка была супроць свiнцовых куляў зачараваная i крыкнула:
- Табе ў мяне не патрапiць!
Тут паляўнiчы сцямiў, сарваў са сваёй курткi тры срэбныя гузiкi ды зарадзiў iмi стрэльбу, бо супроць iх яе вядзьмарства сiлы не мела. Калi ён стрэлiў, яна адразу ж паляцела з енкам унiз. Ён наступiў на яе нагой ды кажа:
- Старая вядзьмарка, калi ты зараз жа не прызнаешся, дзе мой брат, я схаплю цябе ды кiну ў вогнiшча.
Дужа спалохалася вядзьмарка, пачала прасiць лiтасцi ды кажа:
- Ён ляжыць са сваiмi звярмi ператвораны ў камень, у ямiне.
Тады ён прымусiў яе пайсцi з iм разам, прыгразiў ёй ды сказаў:
- Цяпер ты, старая малпа, вернеш жыццё майму брату i ўсiм, хто ляжыць з iм разам, а iнакш трапiш у вогнiшча.
Узяла вядзьмарка дубчык, дакранулася да камянёў - i адразу ж ажылi брат са звярмi ды шмат iншых людзей, купцоў, рамеснiкаў, пастухоў. Яны пачалi дзякаваць яму за сваё вызваленне i падалiся потым па дамах. А браты-блiзняты, убачыўшы адзiн аднаго, пачалi цалавацца, i вялiкая была ў iх радасць на сэрцы. Схапiлi яны потым вядзьмарку, звязалi яе ды кiнулi ў вогнiшча; i толькi яна згарэла, ачысцiўся лес сам сабою, стаў светлы ды такi празрысты, што можна было бачыць каралеўскi замак за тры гадзiны ходу адтуль.
Накiравалiся два браты дадому, i па дарозе распавялi кожны адзiн аднаму пра свой лёс. Калi малодшы брат расказваў, што ён спадчыннiк усяго каралеўства, старэйшы кажа яму:
- Гэта я адразу зразумеў: калi я прыйшоў у горад, мяне прынялi за цябе i пачалi ўшаноўваць мяне па-каралеўску, маладая каралева прыняла мяне за свайго мужа i давялося мне сядзець за сталом з ёю побач ды спаць з ёю разам на тваiм ложку.
Як пачуў гэта малодшы брат, так зараўнаваў ды ўгнявiўся, што выхапiў меч i адсек брату галаву. Але калi ён убачыў, што той ляжыць мёртвы ды цячэ яго чырвоная кроў, ён моцна аб гэтым пашкадаваў.
- Мой брат вызвалiў мяне ад чарадзейства, - усклiкнуў ён, - а я яго за гэта забiў! - I ён горка заплакаў.
Але да яго падышоў заяц i прапанаваў прынесцi корань жыцця; ён паскакаў ды прынёс яго якраз своечасова. Мёртвы ажыў i нават раны сваёй не заўважыў.
Потым яны падалiся далей, i сказаў малодшы брат:
- Ты выглядаеш гэтак жа, як я, на табе гэткiя каралеўскiя ўборы, i ўслед за табой, гэтак жа як i за мной, iдуць звяры. Давай увойдзем у розныя брамы ды з'явiмся да старога караля адначасова.
Яны рассталiся, i вось да старога караля прыйшла ў адзiн i той жа час варта абедзвюх брамаў i далажыла, што малады кароль, маўляў, вярнуўся са сваiмi звярмi з палявання.
Сказаў тады кароль:
- Гэтага быць не можа, бо ад адной брамы да другой ходу будзе не меней за гадзiну.
Але ў гэты самы час з двух розных бакоў прыбылi на каралеўскi двор два браты ды ўвайшлi ў замак. Спытаўся тады кароль у сваёй дачкi:
- Скажы, якi ж з двух твой муж? Яны абодва падобныя адзiн да аднаго, - я гэтага зразумець анiяк не магу.
Але яна так спалохалася, што не магла нiчога растлумачыць. Раптам яна заўважыла каралi, якiя раздала звярам, i ўбачыла на адным з iльвоў свой залаты замочак i з радасцi выгукнула:
- Той, за кiм iдзе гэты леў, i ёсць мой сапраўдны муж!
Засмяяўся малады кароль ды сказаў:
- Так, i сапраўды я сапраўдны.
I яны паселi разам усе за стол, пачалi есцi ды пiць i былi радасныя ды вясёлыя.
Увечары, калi малады кароль клаўся ў ложак, спыталася ў яго жонка:
- Ты навошта ў мiнулыя ночы клаў заўсёды ў наш ложак навостраны меч? Я думала, што ты хацеў мяне забiць.
I даведаўся ён тады, якi адданы быў яму брат.
БЕЛАЯ ЗМЯЯ
Даўным-даўно жыў на свеце кароль, i быў ён славуты па ўсёй зямлi сваёй мудрасцю. Усё было яму вядома, быццам хто цераз паветра перадаваў яму звесткi аб самых патаемных рэчах. Але быў у яго дзiўны звычай: кожнага паўдня, калi ўсё са стала прыбiралi i нiкога старонняга не заставалася, прыносiў яму надзейны слуга яшчэ адно блюда. Аднак было яно прыкрыта, i нават слуга, i той не ведаў, што знаходзiцца на гэтым блюдзе; i не ведаў аб тым нiводзiн чалавек, таму што кароль адкрываў блюда i прыступаў да яды толькi тады, калi заставаўся абсалютна адзiн.
Так паўтаралася працяглы час, але вось аднойчы адолела слугу цiкаўнасць, ён не мог з сабой нiчога зрабiць i занёс блюда ў свой пакой. Ён прычынiў як належыць дзверы, падняў з блюда вечка, бачыць - ляжыць там белая змяя. Глянуў ён на яе i не мог стрымацца, каб яе не пасмакаваць; ён адрэзаў кавалак i паклаў яго ў рот. I толькi ён дакрануўся да яго языком, як зараз жа пачуў каля акна дзiўны шэпт пяшчотных галасоў. Ён падышоў блiжэй, прыслухаўся - бачыць, што гэта размаўляюць памiж сабой вераб'i i апавядаюць адзiн аднаму ўсялякую ўсячыну, бачаную iмi на полi i ў лесе: смак змяiнага мяса даў яму магчымасць разумець птушыную мову.
I вось здарылася, што акурат у гэты дзень у каралевы прапаў яе самы прыгожы пярсцёнак, i падазрэнне выпала на гэтага блiжэйшага слугу, якi меў усюды доступ. Кароль клiкнуў слугу i пачаў яму гразiцца, усяляк яго лаючы, што калi ён да ранiцы не назаве вiнаватага, то будзе прызнаны злодзеем i аддадзены пад суд. Але нiчога не дапамагло, слуга настойваў на сваёй невiнаватасцi, i яго адпусцiлi з тым жа рашэннем. Са страхам i хваляваннем выйшаў ён на двор i пачаў разважаць, як яму з бяды выблытацца. А сядзелi каля ручая цiхамiрна ды радком качкi i адпачывалi; яны чысцiлi i прыгладжвалi сябе дзюбамi i вялi памiж сабой размову. Слуга спынiўся i пачаў прыслухоўвацца. А расказвалi качкi адна адной, дзе яны сёння ранiцай былi, дзе плавалi, якi знайшлi корм; i вось адна кажа з прыкрасцю:
- У мяне такi цяжар у страўнiку, я ў спешцы праглынула пярсцёнак, якi ляжаў пад акном каралевы.
Схапiў слуга качку зараз жа за шыю, прынёс яе на кухню i кажа кухару:
- Зарэж мне гэтую качку, бачыш - якая яна тлустая.
- Ага, - сказаў кухар, узважваючы яе на руцэ, - яна, што i казаць, добра адкармiлася, пастаралася, вiдаць, i даўнютка чакае, каб яе засмажылi.
Ён адсек ёй галаву i пачаў яе патрашыць, i вось знайшоўся ў яе страўнiку пярсцёнак каралевы. I мог цяпер слуга лёгка даказаць каралю сваю невiнаватасць; а паколькi каралю хацелася загладзiць сваю несправядлiвасць, то ён дазволiў яму што-небудзь у яго папрасiць i абяцаў самую ганаровую пасаду пры двары, якую ён толькi пажадае.
Але слуга ад усяго адмовiўся i папрасiў толькi каня i грошай на дарогу, хацелася яму свет пабачыць i нейкi час павандраваць. Яго просьба была выканана, i ён рушыў у шлях-дарогу.
Аднойчы, праязджаючы паўз возера, убачыў ён трох рыбiн, якiя захраснулi ў чароце i старалiся выбрацца да вады. Хаця i кажуць, што рыбы быццам бы нямыя, але слуга пачуў iх скаргу, што вось даводзiцца iм зараз гiнуць такой нiкчэмнай смерцю. А было ў яго сэрца жаласлiвае, - ён нагнуўся з каня i кiнуў трох палоннiц назад у возера. Пачалi яны з радасцi трапятацца, высунулi з вады галовы i мовiлi яму:
- Мы гэтага табе не забудзем i аддзячым цябе за тое, што ты выратаваў нам жыццё.
Паехаў ён далей; i неўзабаве яму падалося, быццам ля самых яго ног на пяску чуецца чыйсьцi голас. Ён пачаў прыслухоўвацца i пачуў, як цар мурашыны скардзiўся:
- Хоць бы пакiнулi нас людзi ў спакоi, а заадно i няўклюдныя жывёлы!
I ён збочыў з дарогi, i тады сказаў яму цар мурашыны:
- Мы гэтага табе не забудзем i аддзячым цябе за гэта.
Далей прывяла яго дарога ў лес, i ўбачыў ён там дзвюх варон, яны стаялi каля гнязда i выкiдвалi адтуль сваiх птушанят.
- Прэч, адсюль, шалапуты вы гэтакiя! - крычалi яны. - Вас цяпер не накормiш, вы ўжо дастаткова выраслi i можаце самi сябе пракармiць.
Бедныя вараняты ляжалi на зямлi i, спрабуючы падняцца, размахвалi крылцамi i крычалi:
- Але ж мы бездапаможныя птушаняткi, мы лётаць яшчэ не ўмеем! Зараз нам адно застаецца - памерцi з голаду.
Злез тады добры хлопец з каня, забiў яго шпагай i пакiнуў яго на пракорм маладым варанятам. Яны падскочылi, наелiся дасыта i закрычалi:
- Мы гэтага нiколi не забудзем i дапаможам табе ў бядзе!
Давялося цяпер хлопцу iсцi пяшком; прайшоў ён нямала доўгiх шляхоў i дарог, пакуль трапiў нарэшце ў сталiцу. I былi там на вулiцах вялiкi шум i мiтусня; i з'явiўся вершнiк i абвясцiў пры народзе:
- Каралеўна шукае сабе мужа, i хто хоча за яе пасватацца, той павiнен спярша выканаць цяжкую задачу; а хто не зможа з ёю ўдала справiцца, той паплацiцца жыццём.
Багата людзей ужо спрабавала выканаць гэта, але толькi дарэмна з жыццём сваiм развiталася. Аднак, калi хлопец убачыў каралеўну, ён быў так аслеплены яе нявыказанай прыгажосцю, што забыў пра ўсялякую небяспеку, прыйшоў да караля i аб'явiў сябе яе жанiхом.
Яго прывялi зараз жа на марскi бераг, i быў кiнуты ў мора на вачах у яго пярсцёнак, i кароль загадаў яму дастаць гэты пярсцёнак з дна мора i дадаў:
- А калi ты вернешся назад без яго, дык будуць цябе скiдваць увесь час у ваду, пакуль ты не патонеш у хвалях.
Усе пашкадавалi прыгожага хлопца i пакiнулi яго аднаго каля мора. Стаяў ён на беразе i разважаў, што яму зараз рабiць. Раптам бачыць - падплываюць да яго тры рыбiны, то былi тыя самыя, якiм ён выратаваў жыццё. I трымала сярэдняя ў роце ракавiну, яна паклала яе на бераг да ног юнака. Ён падняў ракавiну, адкрыў яе, i ляжаў там залаты пярсцёнак. Радасны, прынёс ён яго каралю i чакаў, што той дасць яму абяцаную ўзнагароду. Але калi ганарлiвая каралеўна пачула, што ён просты слуга, адмовiла яму i патрабавала, каб выканаў ён спачатку другую задачу. Яна спусцiлася ў сад i рассыпала там на траве дзесяць вялiкiх мяшкоў проса.
- Да ранiцы, перш чым падымецца сонца, ты павiнен мне гэта ўсё проса выбраць, - сказала яна, - ды так, каб нiводнае зернейка не прапала.
Сеў хлопец у садзе i пачаў разважаць, як выканаць яму такую задачу, але нiчога прыдумаць не мог i сядзеў зажураны i чакаў, што з надыходам ранiцы яго пакараюць смерцю. Але вось заззялi ў садзе першыя промнi сонца, i ён убачыў, што ўсе дзесяць мяшкоў поўныя проса, i стаяць усе ў рад, i не прапала пры гэтым нiводнага зернейка. З'явiўся ноччу цар мурашыны са сваiмi тысячамi мурашоў, i ўдзячныя насякомыя з вялiкiм стараннем выбралi проса i ссыпалi яго ў мяшкi.
Вось спусцiлася сама каралеўна ў сад i ўбачыла на сваё здзiўленне: хлопец зрабiў тое, што было яму даручана. Але яна не магла адолець сваю пыхлiвасць i сказала:
- Хаця ён i выканаў абедзве задачы, але не стаць яму маiм мужам перш, чым не прынясе ён мне яблык з дрэва жыцця.
Хлопец не ведаў, дзе расце дрэва жыцця; але ён выправiўся ў шлях-дарогу i вырашыў шукаць яго да таго часу, пакуль ногi будуць iсцi, аднак у яго не было нiякай надзеi тое дрэва знайсцi. Вось абышоў ён ужо тры каралеўствы i зайшоў пад вечар у лес. Сеў пад дрэвам, i захацелася яму спаць, - але ён пачуў у галiнах шолах, i ўпаў яму ў рукi залаты яблык. А тут зляцелi да яго ўнiз тры вароны, селi яму на каленi i сказалi:
- Мы тры маладыя вараняцi, якiх ты выратаваў ад галоднай смерцi. Мы цяпер выраслi i, калi пачулi, што ты шукаеш залаты яблык, прыляцелi з-за мора, даляцелi да самага краю зямлi, дзе расце дрэва жыцця, i прынеслi табе гэты яблык.
Дужа зарадаваўся хлопец i рушыў у зваротны шлях, i прынёс прыгажунi каралеўне залаты яблык; i ўжо цяпер ёй адмаўляцца было немагчыма: яны раздзялiлi яблык жыцця i з'елi яго ўдваiх; i напоўнiлася яе сэрца да яго каханнем, i дажылi яны ў цiхамiрным шчасцi да самай глыбокай старасцi.
ЗАЛАТАЯ ГУСЬ
Жыў-быў чалавек. Было ў яго тры сыны, звалi малодшага Дурнем; iм пагарджалi, смяялiся з яго i заўсёды крыўдзiлi. Сабраўся аднаго разу старэйшы сын iсцi ў лес - дровы сячы, i дала яму мацi на дарогу смачны здобны пiрог i бутэльку вiна, каб не ведаў ён нi голаду, нi смагi. Ён прыйшоў у лес i вось сустрэў там старога сiвога чалавечка. Павiтаўся з iм чалавечак i кажа:
- Дай мне кавалак пiрага, што ў цябе ў кiшэнi, i глыток вiна - я вельмi прагаладаўся i хачу пiць.
Але разумны сын адказаў:
- Калi я аддам табе свой пiрог ды вiно, то мне самому нiчога не застанецца. Iдзi сваёй дарогай.
Так i застаўся чалавечак нi з чым, а разумны сын пайшоў сабе далей. Вось пачаў ён сячы дрэва; стукнуў сякерай ды патрапiў сабе прама па руцэ, давялося яму дамоў вяртацца i рабiць сабе перавязку. А выйшла ўсё з-за таго сiвога чалавечка.
Потым пайшоў у лес сярэднi сын, i дала яму мацi, як i старэйшаму сыну, здобны пiрог i бутэльку вiна. Яму таксама сустрэўся стары сiвы чалавечак i папрасiў у яго кавалак пiрага i глыток вiна. Але i сярэднi сын, таксама разумны, адказаў:
- Дам я табе - мне менш дастанецца.
Так i застаўся чалавечак нi з чым, а сярэднi сын пайшоў сабе далей. Але i ён быў пакараны: стукнуў ён некалькi разоў па дрэве i патрапiў сякерай па назе, вось i давялося яго дамоў на руках адносiць.
Тады Дурань i кажа:
- Дазволь мне, бацька, хоць раз у лес пайсцi дроў насячы.
Адказаў бацька:
- Браты твае ўжо хадзiлi, ды толькi сабе нашкодзiлi, - куды ўжо табе, ты ў гэтай справе нiчога не разумееш.
Але Дурань усё прасiў ды прасiў, i бацька нарэшце згадзiўся:
- Ну, iдзi, а можа, у бядзе паразумнееш.
I дала яму мацi пiрог, а быў ён на вадзе замешаны ды ў попеле выпечаны, i бутэльку кiслага пiва. Прыйшоў Дурань у лес, сустрэўся яму той жа стары сiвы чалавечак, павiтаўся з iм i кажа:
- Дай мне кавалак пiрага i глыток з тваёй бутэлькi, - я такi галодны i мне вельмi хочацца пiць.
Адказаў Дурань:
- Ды ў мяне ж пiрог на попеле выпечаны, а пiва кiслае; але калi гэта табе да смаку, давай прысядзем i разам перакусiм.
Селi яны, дастаў Дурань свой пiрог, якi быў на попеле выпечаны, а ён аказаўся здобным i смачным, а кiслае пiва стала добрым вiном. З'елi яны пiрог, выпiлi вiно, i сказаў чалавечак:
- Таму, што ў цябе сэрца добрае i ты ахвотна са мной падзялiўся, я ўзнагароджу цябе шчасцем. Вунь стаiць старое дрэва, ты ссячы яго, i мiж каранёў табе штосьцi знойдзецца. - Потым чалавечак развiтаўся i знiк.
Пайшоў Дурань, падсек дрэва, яно павалiлася, раптам бачыць ён - сядзiць на каранях гусь, а пер'е ў гусi ўсё з чыстага золата. Падняў ён гусь, узяў яе з сабой i пайшоў у харчэўню, дзе i вырашыў заначаваць. А ў гаспадара харчэўнi былi тры дачкi; убачылi яны гусь, зацiкавiлiся, што гэта за дзiўная птушка такая, i захацелася iм здабыць адно з яе залатых пёраў. Старэйшая падумала: "Выпадак для гэтага, вiдаць, надарыцца, я выцягну сабе залатое пяро". Толькi Дурань адлучыўся, схапiла яна гусь за крыло, але тут пальцы яе так да крыла i прылiплi. Прыйшла хутка другая сястра, i было ў яе адно ў галаве: як бы гэта выцягнуць i сабе залатое пяро; але толькi яна дакранулася да сваёй сястры, дык адразу да яе i прылiпла. А тут прыйшла i трэцяя сястра, каб здабыць сабе залатое пяро, але сёстры ёй крыкнулi:
- Богам просiм, не падыходзь да нас, адыдзi!
Але яна не зразумела, чаму гэта нельга падысцi, i падумала: "Калi сёстры мае там, то i я магу быць таксама з iмi", - i толькi яна падбегла i дакранулася да адной з сясцёр, дык адразу да яе i прылiпла. Вось i давялося iм правесцi ноч каля гусi.
Ранiцай узяў Дурань гусь пад паху i пайшоў, мала турбуючыся аб тым, што тры дзяўчыны iдуць за iм следам. Давялося iм увесь час бегчы ўслед за гуссю то туды, то сюды, куды ногi Дурневы надумаюць. Сустрэўся iм у полi пастар; убачыў ён такое шэсце i кажа:
- Пасаромейцеся, бессаромныя дзяўчаты! Чаго бяжыце ўслед за хлопцам, куды гэта варта? - I ён схапiў малодшую за руку, збiраючыся яе адцягнуць. Але толькi ён да яе дакрануўся, як таксама прылiп, i давялося яму самому бегчы ўслед за iмi. Сустрэўся iм неўзабаве на шляху дзяк; убачыў ёд пастара, якi спяшаўся ўслед за трыма дзяўчынамi, здзiвiўся i закрычаў:
- Эй, спадар пастар, куды гэта вы так спяшаецеся? Не забудзьце, што сёння трэба яшчэ дзiця хрысцiць, - i ён падбег да пастара, схапiў яго за рукаў i таксама прылiп.
Калi яны ўсе ўпяцярых беглi ўслед адно за адным, сустрэлася iм двое сялян, якiя вярталiся са сваiмi матыкамi з поля; пастар крыкнуў iм, каб яны вызвалiлi яго i ксяндза. Але толькi дакранулiся сяляне да ксяндза, як таксама прылiплi, - стала iх цяпер сямёра, i ўсе беглi ўслед за Дурнем i яго гуссю.
Вось прыйшоў Дурань у горад, а правiў у тым горадзе кароль, i была ў яго дачка, такая строгая ды панурая, што нiводзiн чалавек не мог яе нiяк рассмяшыць. I таму кароль аб'явiў, што хто, маўляў, яе рассмяшыць, той ажэнiцца з ёю.
Пачуў Дурань пра гэта i накiраваўся са сваёй гуссю i цэлай чарадой спадарожнiкаў да каралеўны. Убачыла тая семярых, якiя беглi адно за адным, i так пачала смяяцца, што i спынiцца ёй было цяжка. Запатрабаваў тады Дурань яе сабе ў нявесты, але каралю будучы зяць штосьцi не вельмi спадабаўся. Пачаў кароль выдумляць усялякiя адгаворкi i сказаў, каб прывёў ён да яго такога чалавека, якi б змог цэлы склеп вiна выпiць. Тут Дурань i прыгадаў сiвога чалавечка i падумаў, што той зможа, мабыць, дапамагчы яму. Накiраваўся Дурань у лес i ўбачыў на тым самым месцы, дзе сек ён аднойчы дрэва, нейкага чалавечка; той сядзеў i па твары ягоным было вiдаць, што ён надта зажурыўся. Пачаў Дурань яго распытваць, чаму ён бядуе. Той адказаў:
- Мучыць мяне моцная смага, нiяк не магу я яе прагнаць, Халоднай вады я не п'ю, бочку вiна я ўжо апаражнiў, але для мяне гэта ўсё роўна, што кропля на гарачы камень.
- Я магу ў гэтай справе табе дапамагчы, - сказаў Дурань. - Iдзi за мной, i ты ўволю нап'ешся.
Павёў яго Дурань у каралеўскi склеп. Падсеў чалавечак да вялiзных бочак i пачаў пiць; пiў i пiў, пакуль жывот у яго не раздзьмуўся, i не прайшло i дня, як выпiў ён цэлы склеп.
Запатрабаваў другi раз Дурань сабе нявесту, але кароль раззлаваўся, што такi просты хлопец, якога кожны называе Дурнем, можа ажанiцца з яго дачкой, i паставiў тады новую ўмову: павiнен Дурань спачатку знайсцi такога чалавека, якi б змог цэлую гару хлеба з'есцi.
Не доўга думаючы, накiраваўся Дурань у лес; i сядзеў на тым самым месцы нейкi чалавек; ён падцягнуў свой пояс тужэй, твар у яго быў сумны, i ён сказаў Дурню:
- Я ўжо з'еў цэлую печ сiтнага хлеба, ды што гэта для мяне, калi я страшэнна галодны! Нiяк мне не наесцiся, i даводзiцца таму пояс падцягваць усё тужэй, каб з голаду не памерцi.
Узрадаваўся Дурань i кажа:
- Дык уставай i iдзi за мной: ужо ты ўволю наясiся.
Прывёў ён яго да каралеўскага двара, а туды звезлi да таго часу ўсю муку з усяго каралеўства i напяклi вялiзную гару хлеба; ну, тут лясны чалавек падышоў i пачаў есцi, - i за адзiн дзень уся хлебная гара знiкла.
Трэцi раз запатрабаваў Дурань сабе нявесту, але каралю хацелася ад яго пазбавiцца, i запатрабаваў ён у Дурня такi карабель, каб мог па вадзе i па сушы плаваць.
- Як толькi ты на тым караблi да мяне падплывеш, - сказаў ён Дурню, адразу мая дачка будзе тваёю жонкай.
Накiраваўся Дурань прамой дарогай у лес; сядзеў там стары сiвы чалавечак, якому ён аддаў некалi свой пiрог, i сказаў чалавечак:
- Гэта ты мяне накармiў, напаiў, дам я табе за гэта карабель; я гэта раблю таму, што ты мяне пашкадаваў.
I даў ён яму карабель, якi мог хадзiць i па сушы i па моры. Убачыў кароль той карабель i не мог адмовiцца аддаць дачку сваю замуж за Дурня. Вось згулялi вяселле, i пасля смерцi караля атрымаў у спадчыну Дурань усё каралеўства i жыў доўгiя гады шчаслiва са сваёю жонкай.
МIЛЫ РАЛАНД
Жыла калiсьцi жанчына, i была яна сапраўднай ведзьмай. Было ў яе дзве дачкi; адна з iх нязграбная i злая, i жанчына любiла яе таму, што яна даводзiлася ёй роднай дачкой; а другая - добрая i прыгожая, i жанчына яе ненавiдзела таму, што тая была яе падчарыцай.
Аднойчы надзела падчарыца прыгожы фартух, ён спадабаўся другой дачцэ, i тая пачала зайздросцiць зводнай сястры i сказала мацi, што хоча - чаго б нi каштавала - атрымаць гэты фартух.
- Супакойся, маё дзiцятка, - сказала старая, - ты яго атрымаеш. Тваю зводную сястру даўно пара забiць; сёння ўночы, якраз, як яна засне, я прыду i адсяку ёй галаву. Толькi глядзi, каб ты сама легла ў ложак блiжэй да сцяны, а яе падсунь на самы край.
I давялося б беднай дзяўчыне загiнуць, але менавiта ў гэты час яна стаяла ў кутку i ўсё чула. Дзяўчыну ўвесь дзень з дому не выпускалi, а калi надышоў час класцiся спаць, ёй загадалi класцiся першай. Калi сястра заснула, дзяўчына асцярожна пасунула яе на край ложка, а сама легла каля сцяны, на яе месца.
Падкралася ўночы старая, i быў у яе правай руцэ тапор, а левай яна спачатку памацала, цi ляжыць хто на краю ложка; потым яна моцна сцiснула тапор рукамi i адсекла галаву сваёй роднай дачцэ.
Калi старая пайшла, дзяўчына ўстала i накiравалася да свайго любага, звалi яго Раландам, i пастукала ў яго дзверы. Выйшаў ён, а яна яму гаворыць:
- Паслухай, мiлы Раланд, нам трэба хутчэй адсюль бегчы. Мачыха хацела мяне забiць, а замест мяне забiла ўласную дачку. Развiднее, яна ўбачыць, што нарабiла, i тады мы прапалi.
- Спачатку я раю табе, - сказаў Раланд, забраць у яе чарадзейную палачку, бо мы не выратуемся, калi яна кiнецца нас даганяць.
Забрала дзяўчына чарадзейную палачку, потым узяла мёртвую галаву i капнула на падлогу тры кроплi крывi: адну каля ложка, другую на кухнi, а трэцюю - на лесвiцы. А потым знiкла са сваiм любым.
Ранiцою прачнулася старая ведзьма, паклiкала сваю дачку, каб аддаць ёй фартух, але тая не з'явiлася. Тады яна крыкнула:
- Дзе ты?
- Ды я тут, на лесвiцы, падмятаю, - адказала кропля крывi.
Выйшла старая, але на лесвiцы нiкога не ўбачыла, i тады яна крыкнула яшчэ раз:
- Дзе ты?
- Ды я тут, грэюся на кухнi, - адгукнулася другая кропля крывi.
Пайшла ведзьма на кухню, але i там нiкога не ўбачыла. Крыкнула яна яшчэ раз:
- Дзе ты?
- Ой, ды я тут, на ложку, сплю! - адгукнулася трэцяя кропля крывi.
Увайшла старая ў пакой, наблiзiлася да ложка. I што ж яна ўбачыла? Сваё роднае дзiця, якое плавала ў крывi i якому сама ж галаву адсекла.
Раз'юшаная ведзьма падскочыла да акна, i паколькi бачыць магла яна далёка-далёка, то адразу заўважыла сваю падчарыцу, якая бегла са сваiм мiлым Раландам.
- Нiчога ў вас не атрымаецца, - крыкнула ведзьма. - Як бы вы далёка не адбеглi, уцекчы ад мяне вам не ўдасца.
Сунула яна ногi ў свае сямiмiльныя боты, у якiх што нi крок - аж на гадзiну наперад апынешся, i ў хуткiм часе нагнала абодвух. Як толькi заўважыла дзяўчына, што старая ўжо блiзка, ператварыла яна з дапамогай чарадзейнай палачкi свайго любага Раланда ў возера, а сама ператварылася ў качку i паплыла на сярэдзiну гэтага возера. Спынiлася ведзьма на беразе, пачала кiдаць у ваду хлебныя крошкi, каб як-небудзь падманiць да сябе качку. Ды качка не паквапiлася на падманку, i давялося старой вяртацца ўвечары нi з чым дамоў.
Тым часам дзяўчына прыняла разам з Раландам свой ранейшы выгляд, i пайшлi яны далей, i iшлi ўсю ноч, пакуль не развiднела. Потым ператварылася дзяўчына цудоўнай кветкай, якая раптам вырасла ў цярноўнiку, а свайго Раланда ператварыла яна ў скрыпача.
Неўзабаве з'явiлася ведзьма i кажа скрыпачу:
- Мiлы музыка, цi можна сарваць мне гэтую прыгожую кветку.
- Ну, зразумела, можна, - адказаў ён. - А я яшчэ табе i сыграю.
Як толькi ведзьма залезла ў зараснiк калючага цярноўнiка i наважылася сарваць кветку, - яна вельмi добра ведала, хто быў гэтай кветкай, - музыка пачаў iграць, i ведзьме супроць свайго жадання давялося скакаць, бо танец быў чарадзейны. I чым хутчэй iграў музыка, тым усё вышэй падскоквала ў танцы старая.
Калючкi ўжо ўсю вопратку падралi на ведзьме, да крывi пакалолi яе, а музыка ўсё iграў i iграў; i скакала ведзьма да таго часу, пакуль мёртвая не звалiлася на зямлю.
Вось так яны нарэшце выратавалiся, i сказаў Раланд:
- А цяпер я пайду да свайго бацькi i папрашу, каб ён наладзiў нам вяселле.
- Ну а я застануся тут, - сказала дзяўчына, - буду цябе чакаць. А каб мяне нiхто не пазнаў, ператваруся ў прыдарожны слуп з чырвонага каменя.
Раланд знiк, а дзяўчына стаяла чырвоным слупом каля дарогi i чакала свайго любага. Тым часам Раланд вярнуўся дамоў, але яго прывабiла другая дзяўчына, i ён забыў пра сваю любую.
Доўга-доўга стаяла бедная дзяўчына ў полi, i калi Раланд так i не вярнуўся да яе, яна засумавала, ператварылася ў кветку i падумала: "Няхай хто-небудзь наступiць на мяне i растопча..."
Але здарылася так, што на тым прыдарожным полi пасвiў сваiх авечак пастух. Ён заўважыў кветку, бо яна была вельмi прыгожая, сарваў яе, прынёс дамоў i схаваў сабе ў сундучок. I з таго часу пайшлi ў доме пастуха цудадзейныя справы. Устане ён ранiцою, зiрне, а ўся работа ўжо зроблена: пакой падмецены, стол i лаўкi чыстыя, у печы агонь гарыць, поўнае вядро вады стаiць. А як вернецца дамоў апоўднi - i стол ужо накрыты, i посуд з рознай ежай на iм.
I нiяк не можа пастух зразумець, як гэта ўсё само сабой робiцца - у сябе ж дома ён нiколi нiкога чужога не заўважаў, ды i хто б мог у маленькай хатцы схавацца? Усё гэта яму пэўна падабалася, але ж было i страшна; i тады ён накiраваўся да адной мудрай жанчыны за парадай.
Жанчына сказала:
- Тут нейкае чараўнiцтва, мабыць. Ты як-небудзь на досвiтку прыслухайся, цi не рухаецца што-небудзь па хаце, а калi што заўважыш - накiнь хуценька на тое самае хустку. Вось i зловiш...
Пастух так i зрабiў, як сказала яму жанчына, i на другую ранiцу, толькi-толькi пачало вiднець, ён убачыў: сундучок адчынiўся i з яго выйшла кветачка. Умомант падскочыў да яе пастух i накiнуў белую хустку. Здарылася неверагоднае: у тую ж хвiлiну перад iм вырасла цудоўная дзяўчына.
Яна расказала пастуху ўсё: пра тое, што была яна кветкай i ўвесь гэты час клапацiлася аб яго гаспадарцы, расказала i пра свой лёс. Дзяўчына вельмi спадабалася пастуху, i ён папрасiў яе выйсцi за яго замуж. Але яна адказала:
- Не, я хачу застацца вернай свайму любаму, Раланду, хоць ён мяне i пакiнуў.
Але яна абяцала пастуха не пакiдаць i весцi па-ранейшаму яго гаспадарку.
А якраз надышоў час вяселля Раланда. I былi па вясковай старой традыцыi запрошаны на вяселле ўсе навакольныя дзяўчаты пець у гонар жанiха i нявесты песнi.
Пачула аб гэтым адданая любаму дзяўчына i так засумавала, што вось-вось сэрца разарвецца ад гора, i яна не пажадала iсцi на вяселле. Але за ёю ўсё ж прыйшлi дзяўчаты i ўзялi яе з сабой.
Вось надышла яе чарга пець песню, але яна запела толькi тады, калi засталася адна, без дзяўчат. Iнакш яна не магла. Як толькi пачуў яе песню Раланд, ускочыў са свайго месца i ўсклiкнуў:
- Мне гэты голас знаёмы! Вось яна, мая сапраўдная нявеста, нiякай iншай я не жадаю!
I ўсё, што ён паспеў забыць, раптам зноў ажыло, вярнулася зноў у сэрца, як у родны дом.
I адсвяткавала тады адданая дзяўчына вяселле са сваiм любым Раландам, знiклi яе пакуты, прыйшоў час радасцi i весялосцi.
ПАПЯЛУШКА
Захварэла аднойчы ў аднаго багача жонка i адчула, што канец ёй прыходзiць. Паклiкала яна да сябе сваю адзiную дачку i гаворыць:
- Любае маё дзiця, будзь сцiплай i ласкавай, i Бог табе заўсёды дапаможа, а я буду глядзець на цябе з неба i заўсёды буду каля цябе.
Потым закрыла яна вочы i памерла. Дзяўчынка хадзiла кожны дзень на магiлу да мацi i плакала, i была цiхмянай i ласкавай.
Вось надышла зiма, i снег накрыў белым саванам магiлу, а калi вясной зноў засвяцiла сонейка, узяў багач сабе ў жонкi другую жанчыну.
Прывяла мачаха ў дом сваiх дачок. Былi яны прыгожыя i тварам белыя, але сэрцам злосныя i жорсткiя. I наступiў тады цяжкi час для беднай падчарыцы.
- Няўжо гэтая дурнiца будзе сядзець у нас у пакоi? - сказала мачаха. - Хто хоча есцi хлеб, няхай яго спачатку заробiць. Ану, хутчэй на кухню, будзеш гаспадыняй.
Адабралi яны ў яе прыгожае адзенне, надзелi на яе старую зрэбную кашулю i далi ёй драўляныя чаравiкi.
- Паглядзiце вы на гэтую гордую прынцэсу, бачыце, як убралася ў строi, гаварылi яны, смеючыся, i адвялi яе на кухню.
I павiнна была яна там з ранiцы да вечара выконваць чарнавую работу: падымацца раненька-рана, насiць ваду, палiць у печы, кухарыць i мыць. Акрамя таго, зводныя сёстры ўсяляк iмкнулiся як можна мацней яе засмуцiць насмiхалiся над ёю, высыпалi гарох i сачавiцу ў попел, i ёй трэба было сядзець i выбiраць iх адтуль.
Вечарам, калi яна ад працы вельмi стамлялася, ёй даводзiлася класцiся спаць не ў ложак, а на падлогу, побач з печчу, на попеле. I таму, што была яна заўсёды ў попеле, у пыле i гразi, празвалi яе сёстры Папялушкай. Давялося аднойчы бацьку збiрацца ехаць на кiрмаш, i спытаў ён у сваiх падчарыц, што прывезцi iм у падарунак.
- Прыгожыя строi, - сказала адна.
- Жэмчуг i каштоўныя камянi, - папрасiла другая.
- Ну, а ты што, Папялушка, хочаш?
- Прывязi мне, тата, галiнку, што на зваротным шляху першая зачэпiць цябе за шапку.
Накупляў бацька сваiм падчарыцам прыгожых сукенак, жэмчугу i самацветных каменьчыкаў, i калi вяртаўся дамоў праз лясок, галiнка арэхавая сцебанула яго, ды так моцна, што i шапку ў яго з галавы збiла. Ён адламаў гэтую галiнку i ўзяў яе з сабой. А дома падарыў падчарыцам тое, што яны прасiлi, а Папялушцы аддаў арэхавую галiнку.
Падзякавала яму Папялушка, пайшла на магiлу да мацi i пасадзiла там арэхавую галiнку. I так моцна плакала, што слёзы ручаём цяклi з яе вачэй i шчодра палiлi гэтую галiнку. Вось вырасла галiнка i стала прыгожым дрэвам. Тройчы на дзень прыходзiла Папялушка да дрэва, плакала i малiлася; i кожны раз прылятала да дрэва белая птушка; i, калi Папялушка загадвала якое-небудзь жаданне, птушка скiдвала ёй тое, што яна прасiла.
Але вось аднойчы сталася так, што кароль наладзiў банкет, якi павiнен быў доўжыцца ажно тры днi, i склiкаў на яго ўсiх прыгожых дзяўчат краiны, з тым, каб сын яго мог выбраць сабе жонку. Калi зводныя сёстры даведалiся, што iм таксама трэба з'явiцца на банкет, яны паклiкалi Папялушку i кажуць ёй:
- Прычашы нам валасы, наваксуй туфлi i зашпiлi нам засцежкi, ды як можна мацней, бо мы iдзём у каралеўскi палац на агледзiны.
Папялушка паслухалася iх, але заплакала: ёй таксама вельмi хацелася пайсцi патанцаваць; яна пачала прасiцца ў мачахi, каб тая пусцiла i яе.
- Ты ж, Папялушка, - сказала ёй мачаха, - уся ў попеле ды ў гразi, куды ж табе iсцi на банкет! У цябе ж нi сукенкi няма, нi туфляў, а ты хочаш яшчэ танцаваць.
Перастала Папялушка яе прасiць, а мачаха ёй i кажа:
- Вось высыпала я мiску сачавiцы ў попел. Калi збярэш за дзве гадзiны, тады можаш iсцi разам з сёстрамi.
Выйшла Папялушка чорным ходам у сад i сказала так:
- Вы, галубкi ручныя, вы, галубкi, птушкi паднебныя, ляцiце, дапамажыце мне сабраць сачавiцу.
Лепшыя калiўцы - у гаршчок,
Горшыя - у валлячок.
I прыляцелi да кухоннага акенца два белыя галубкi, а за iмi i галубка, i нарэшце пазляталiся ўсе птушачкi паднебныя, селi на попел. Схiлiлi галубкi свае галоўкi i пачалi кляваць: тук-тук-тук-тук, а за iмi i астатнiя таксама: тук-тук-тук-тук, i хутка сабралi ўсе зярняткi ў мiсачку.
Прынесла Папялушка мiсачку сваёй мачасе, радуецца, што яна дазволiць ёй пайсцi разам з сёстрамi на банкет, а тая i не думае яе пускаць.
- Не, Папялушка, у цябе ж няма сукенкi, ды i танцаваць ты не ўмееш, - там смяяцца будуць з цябе.
Заплакала Папялушка, а мачаха кажа:
- Вось калi выбераш мне з попелу за адну гадзiну дзве поўныя мiскi сачавiцы, тады можаш пайсцi разам з сёстрамi.
А сама падумала пра сябе: "Гэтага ёй ужо не зрабiць нiколi". Высыпала мачаха дзве мiскi сачавiцы ў попел, а дзяўчынка выйшла праз чорны ход у сад i сказала так:
- Вы, галубкi ручныя, вы, галубкi, птушкi паднебныя, ляцiце, дапамажыце мне сабраць сачавiцу!
Лепшыя калiўцы - у гаршчок,
Горшыя - у валлячок.
I прыляцелi да кухоннага акенца два белыя галубкi, а за iмi i галубка, i нарэшце пазляталiся ўсе птушкi паднебныя, селi на попел. Схiлiлi галубкi галоўкi i пачалi кляваць: тук-тук-тук-тук, а за iмi i астатнiя таксама: тук-тук-тук-тук, i хутка сабралi ўсе зярняткi ў мiсачку.
Прынесла Папялушка сачавiцу мачасе, радуецца, што яна дазволiць ёй пайсцi разам з сёстрамi на банкет, а тая i не думае яе пускаць.
- Нiшто табе не дапаможа, не пойдзеш ты разам з сёстрамi: i сукенкi ў цябе няма, ды i танцаваць ты не ўмееш. Нам будзе за цябе толькi сорамна.
Павярнулася яна спiной да Папялушкi i пайшла са сваiмi дзвюма дочкамi на банкет.
А Папялушка, счакаўшы трохi, накiравалася да магiлы сваёй мацi пад арэхавае дрэўца. Прыйшла i просiць:
- Дрэўца, дрэўца, варухнiся-атрасiся,
Майго твару срэбрам-золатам кранiся.
I скiнула ёй птушка залатую i срэбную сукенкi, аздобленыя шоўкам ды срэбрам туфлiкi. Надзела яна сукенку i неўзабаве з'явiлася на агледзiны.
А зводныя сёстры i мачаха, нiчога не ведаючы, падумалi, што гэта нейкая чужая каралева, такая прыгожая, з'явiлася. Iм i ў галаву не прыходзiла, што гэта Папялушка. Яны думалi, што сядзiць тая дома ў гразi i выбiрае з попелу сачавiцу.
Вось выйшаў ёй насустрач каралевiч, узяў яе за рукi i пачаў танцаваць. I не хацеў ён танцаваць нi з якой другой дзяўчынай. I калi хто падыходзiў запрасiць яе на танец, ён гаварыў:
- Я з ёй танцую.
Танцавала яна да самага вечара i хацела ўжо дамоў вяртацца, а каралевiч ёй кажа:
- Я пайду цябе праводзiць. - Яму хацелася даведацца, чыя гэта дачка-прыгажуня; але яна ад яго ўцякла i ўзлезла на галубятню.
Дачакаўся каралевiч, калi прыйшоў яго бацька, i кажа яму, што невядомая прыгожая дзяўчына ўзлезла на галубятню. Стары падумаў: "А цi не Папялушка гэта?" - i загадаў прынесцi сякеру i багор, каб разбурыць галубятню. Але там нiкога не было.
Вярнулiся бацькi дамоў - бачаць: ляжыць Папялушка ў сваёй зрэбнай кашулi ў попеле, i гарыць ля печкi масленая лямпачка. А справа была так: Папялушка хутка выскачыла з другога боку галубятнi i пабегла да арэхавага дрэўца. Там яна зняла сваю прыгожую сукенку i паклала яе на магiлу; занесла яе птушка назад, i надзела Папялушка зноў сваю шэрую кашулю i села на кухнi ў кучу попелу.
На другi дзень, калi банкет працягваўся i бацькi ды зводныя сёстры пайшлi зноў з дому, накiравалася Папялушка да арэхавага дрэва i сказала так:
- Дрэўца, дрэўца, варухнiся-атрасiся,
Майго твару срэбрам-золатам кранiся.
I скiнула ёй птушка яшчэ больш пышную сукенку. I калi з'явiлася яна ў гэтай сукенцы на банкет, кожны любаваўся, гледзячы на яе прыгажосць. Каралевiч чакаў яе. Тут жа ўзяў яе за рукi i танцаваў толькi з ёю. Калi да яе падыходзiлi iншыя i запрашалi на танец, ён казаў:
- Я з ёй танцую.
Вось надышоў вечар, i яна сабралася iсцi, i пайшоў каралевiч услед за ёй, каб паглядзець, у якi дом яна зойдзе. Але яна пабегла ў сад, якi знаходзiўся за домам. I расло ў гэтым садзе вялiкае прыгожае дрэва, i вiселi на iм цудоўныя грушы. Яна iмгненна ўзлезла на яго, а каралевiч i не заўважыў, куды яна знiкла. Пачаў ён яе чакаць, i калi прыйшоў бацька, каралевiч сказаў яму: "Ад мяне збегла невядомая дзяўчына. Мне здаецца, што яна ўзлезла на грушу".
Бацька падумаў: "А цi не Папялушка гэта?" - i загадаў прынесцi сякеру i ссеч дрэва. Але там нiкога не было. Прыйшлi яны на кухню, бачаць: ляжыць Папялушка, як i ў мiнулы раз, у попеле. Нiхто не заўважыў, як яна саскочыла з другога боку дрэва i аддала птушцы сваю цудоўную сукенку i надзела шэрую зрэбную кашулю.
На трэцi дзень, калi бацькi i зводныя сёстры пайшлi на банкет, выправiлася Папялушка зноў на магiлу да мацi i сказала дрэўцу:
- Дрэўца, дрэўца, варухнiся-атрасiся,
Майго твару срэбрам-золатам кранiся.
I скiнула ёй птушка сукенку, такую блiскучую i цудоўную, якой нi ў кога яшчэ не было; а туфлiкi былi з чыстага золата.
Вось прыйшла яна на банкет у гэтай сукенцы, i нiхто не ведаў, здзiўлены, што i казаць. Каралевiч танцаваў толькi з ёй, а калi хто яе запрашаў, ён казаў:
- Я з ёй танцую.
Вось надышоў вечар, i сабралася Папялушка iсцi дамоў; i хацелася каралевiчу яе праводзiць, але яна так лоўка ўвiльнула, што ён нават гэтага не заўважыў. Але пайшоў каралевiч на хiтрасць: ён загадаў абмазаць усю лесвiцу смалой; i калi яна ад яго ўцякала, дык туфлiк з яе левай нагi застаўся на адной з прыступак. Каралевiч падняў туфлiк, i быў ён такi маленькi i прыгожы! I ўвесь з чыстага золата.
Наступнай ранiцай пайшоў каралевiч з тым туфлiкам да бацькi Папялушкi i кажа:
- Маёй жонкай будзе толькi тая, да чыёй нагi падыдзе гэты туфлiк.
Абрадавалiся абедзве сястры - ногi iх былi вельмi прыгожыя. Старэйшая пайшла ў пакой, каб прымераць туфлiк, i мацi была з ёю. Але нiяк не магла яна ўздзець туфлiк на нагу: перашкаджаў вялiкi палец. Тады мацi падала ёй нож i кажа:
- А ты адсячы вялiкi палец; калi станеш каралевай, усё роўна пешшу хадзiць табе не прыйдзецца.
Адсекла дзяўчына палец, абула з цяжкасцю туфлiк, сцяла вусны ад болю i выйшла да каралевiча. Узяў ён яе ў нявесты, пасадзiў на каня i паехаў.
I трэба было iм ехаць каля магiлы. А сядзелi там на арэхавым дрэўцы два галубкi, i заспявалi яны:
- Ты прыгледзься - чаравiк
Ды ўвесь жа ў крывi,
Чаравiчак, бачна, цесны,
Зачакалася нявеста.
Паглядзеў каралевiч на яе нагу, бачыць: кроў цячэ. Павярнуў ён назад каня, прывёз самазваную нявесту дамоў i сказаў, што гэта нявеста несапраўдная, няхай, маўляў, абуе туфлiк другая сястра.
Пайшла тая ў пакой, пачала прымяраць туфлiк, а той не лезе: пятка аказалася занадта вялiкая. Тады мацi падала ёй нож i кажа:
- А ты адсячы кавалак пяткi: калi будзеш каралевай, пешшу табе ўсё роўна хадзiць не прыйдзецца.
Адсекла дзяўчына кавалак пяткi, з цяжкасцю ўсунула нагу ў туфлiк, сцяла вусны ад болю i выйшла да каралевiча. Узяў ён яе сабе ў нявесты, пасадзiў на каня i паехаў.
Ехалi яны каля арэхавага дрэўца. Там сядзелi два галубкi, убачылi iх i заспявалi:
- Ты прыгледзься - чаравiк
Ды ўвесь жа ў крывi,
Чаравiчак, бачна, цесны,
Зачакалася нявеста.
Глянуў ён на яе нагу, бачыць: кроў цячэ з туфлiка, i белыя панчохi ўсе чырвоныя ад крывi. Павярнуў ён каня i прывёз самазваную нявесту назад у яе дом.
- I гэта таксама несапраўдная, - сказаў ён, - цi няма ў вас яшчэ дачкi?
- Ды вось, - сказаў бацька, - ад жонкi-нябожчыцы маленькая няцямлiвая Папялушка, - дык куды ёй там быць нявестай!
Але каралевiч папрасiў, каб яе прывялi да яго; а мачаха кажа:
- Ды не, яна такая брудная, яе нельга нiкому на вочы паказваць.
Але каралевiч захацеў абавязкова яе ўбачыць; i давялося прывесцi да яго Папялушку. Памыла яна рукi i твар, i ён падаў ёй залаты туфлiк. Села яна на лаўку, зняла з нагi свой цяжкi драўляны чаравiк i лёгка абула туфлiк. Прыйшоўся ён ёй у самы раз. Вось устала яна, паглядзеў каралевiч ёй у твар i пазнаў тую самую прыгажуню, з якой танцаваў, i ўсклiкнуў:
- Вось гэта i ёсць сапраўдная мая нявеста!
Спалохалася мачаха, а з ёй i зводныя сёстры, пабялелi ад страху i злосцi; а каралевiч узяў Папялушку, пасадзiў на каня i паскакаў з ёй.
Калi ехалi яны каля арэхавага дрэўца, пачулi двух белых галубкоў:
- Ты прыгледзься - чаравiк,
Але ў iм няма крывi.
Чаравiк, вiдаць, не цесны,
Вось яна - твая нявеста!
Галубкi гэта вымавiлi, адразу зляцелi з дрэва i паселi на плечы Папялушцы: адзiн на правае плячо, другi - на левае. Так i засталiся там сядзець.
Калi надышоў час вяселля, з'явiлiся вераломныя сёстры. Хацелi падлiзацца да Папялушкi i падзялiць з ёй шчасце. I калi вясельны поезд накiраваўся ў царкву, старэйшая сястра сядзела справа, а малодшая - злева; i вось выклявалi галубы кожнай з iх па воку. А потым, калi вярталiся назад з царквы, старэйшая сястра сядзела злева, а малодшая - справа; i выклявалi галубы кожнай з iх яшчэ па воку.
Так вось былi яны пакараны за злосць сваю i хiтрасць на ўсё сваё жыццё слепатой.
ДВАНАЦЦАЦЬ ПАЛЯЎНIЧЫХ
Жыў каралевiч, i была ў яго нявеста, якую ён вельмi любiў. Ён цешыўся сваiм шчасцем, але раптам атрымаў вестку, што яго бацька захварэў, памiрае i хоча перад смерцю з iм развiтацца. I сказаў каралевiч тады сваёй любай:
- Я павiнен ехаць, мне давядзецца цябе пакiнуць на нейкi час, дык вось, даю табе на памяць пярсцёнак. Калi я стану каралём, вярнуся назад i забяру цябе.
Сеў ён на каня i паскакаў. Калi ён прыехаў дамоў, бацька памiраў. Ён сказаў яму перад сконам:
- Дарагi мой сын, апошнi раз хацеў пабачыцца з табой перад смерцю, абяцай мне, што ты жэнiшся па маёй волi...
I назваў ён адну каралеўну, якая павiнна была стаць яго жонкай. Сын быў так засмучаны, што не падумаў i сказаў:
- Добра, дарагi мой татачка, хай будзе па вашай волi.
I кароль памёр.
Надышоў час памiнак, i сын павiнен быў выканаць волю бацькi. Ён накiраваў да той каралеўны сватоў, i яе бацькi далi згоду выдаць дачку за яго замуж. Але пачула пра вяселле першая нявеста i так зажурылася з прычыны яго нявернасцi, што ледзь не памерла з гора. I сказаў тады ёй бацька:
- Дачушка мая любая, навошта ты так перажываеш? Што хочаш, тое я i зраблю для цябе.
Падумала дзяўчына хвiлiнку i кажа:
- Дарагi мой татачка, хачу, каб было ў мяне адзiнаццаць падобных на мяне i тварам, i постаццю, i ростам дзяўчат.
I адказаў кароль:
- Калi тваё жаданне можа быць выканана - яно будзе выканана.
I загадаў ён шукаць па ўсяму каралеўству падобных на дачку дзяўчат: i тварам, i постаццю, i ростам.
Неўзабаве прывялi iх да каралеўны, i яна загадала пашыць iм дванаццаць аднолькавых паляўнiчых касцюмаў, i павiнны былi адзiнаццаць дзяўчат прыбрацца ў гэтыя паляўнiчыя касцюмы, а каралеўна надзела дванаццаты. Потым яна развiталася са сваiм бацькам i разам з дзяўчатамi прыехала на сядзiбу свайго колiшняга жанiха.
Яна спытала, цi не патрэбны каралю паляўнiчыя i цi не возьме ён iх усiх разам да сябе на службу. Паглядзеў на яе кароль, але не пазнаў. I таму, што ўсе яны былi маладыя i прыгожыя, ён не адмовiў i сказаў, што ахвотна возьме iх на службу. I былi яны залiчаны на службу паляўнiчымi.
Але жыў у караля леў, i быў ён зверам чарадзейным, ведаў аб усiх таямнiцах. Неяк увечары ён сказаў каралю:
- Ты думаеш, што ў цябе на самай справе дванаццаць паляўнiчых?
- Так, - адказаў кароль, - гэта дванаццаць паляўнiчых.
Тады леў i кажа:
- Ты памыляешся - гэта дванаццаць дзяўчат.
А кароль пярэчыць:
- Такога не можа быць... Ну, як ты мне дакажаш, што гэта дзяўчаты?
- О, загадай толькi рассыпаць у пярэдняй гарох, - адказаў леў, - i ты адразу пераканаешся. У мужчын крок цвёрды, упэўнены: яны пройдуць па гарошынах i не адну не зрушаць; а дзяўчаты - тыя iдуць дробненька, асцярожна, шаркаюць нагамi, вось гарошыны i раскотваюцца па падлозе.
Каралю спадабалася парада, i загадаў ён рассыпаць гарох у пярэдняй.
Але ў караля быў адзiн слуга, якi добра адносiўся да паляўнiчых. Пачуўшы, што iх хочуць выпрабоўваць, ён прыйшоў да дзяўчат i аб усiм расказаў.
Падзякавала слугу каралеўна i звярнулася да дзяўчат:
- Ну, цяпер усё залежыць ад вас - старайцеся ступаць па гарошынах цвёрдым, упэўненым крокам.
На другi дзень ранiцою кароль пазваў да сябе паляўнiчых. I калi яны апынулiся ў пярэдняй, дзе быў рассыпаны гарох, то прайшлi па гароху ўпэўнена i цвёрда, i паходка была ў iх моцная i прыгожая, i нi адна гарошына не пакацiлася, нават з месца не зрушылася.
Калi дзяўчаты пайшлi, кароль кажа iльву:
- Ты сказаў мне няпраўду: яны прайшлi, як мужчыны.
Леў растлумачыў:
- Дзяўчаты даведалiся, што iх будуць выпрабоўваць i абдумалi, як iм iсцi. Ты вось загадай паставiць у пярэдняй дванаццаць калаўротаў: прыдуць дзяўчаты, убачаць калаўроты i адразу абрадуюцца... мужчыны радавацца не будуць.
Каралю спадабалася парада, i ён загадаў паставiць у пярэдняй дванаццаць калаўротаў.
Ды слуга, якi жадаў дабра паляўнiчым, пайшоў i адкрыў i гэтую задуму караля. Застаўшыся сам-насам са сваiмi дзяўчатамi, каралеўна сказала iм:
- Трымайце сябе ў руках i на калаўроты нават не пазiрайце.
I вось, калi на другi дзень ранiцою кароль пазваў сваiх дванаццаць паляўнiчых, яны абыякава прайшлi праз пярэднюю, на калаўроты не зiрнулi нават.
Тады кароль зноў кажа iльву:
- Ты мяне падмануў: гэта мужчыны, на калаўроты яны не зiрнулi.
Леў адказаў:
- Яны i на гэты раз даведалiся, што iх хочуць выпрабаваць.
Але кароль ужо больш не верыў iльву. Дванаццаць паляўнiчых з гэтага часу заўсёды суправаджалi караля на паляваннi. Яны ўсё больш i больш яму падабалiся. Неяк у час палявання прыйшла вестка, што нявеста караля знаходзiцца ўжо ў дарозе. Пачула гэта сапраўдная нявеста i зрабiлася ёй крыўдна i балюча, так балюча, што нават сэрца амаль перастала ў яе бiцца, i яна, беспрытомная, упала. Кароль, убачыўшы, што з яго мiлым паляўнiчым нешта здарылася, падбег да яго. Жадаючы памагчы, ён сарваў у яго з рукi пальчатку. I тут убачыў ён пярсцёнак, якi падарыў сваёй нявесце, паглядзеў у твар i пазнаў яе. I захвалявалася яго сэрца, пацалаваў ён яе, а калi яна расплюшчыла вочы, сказаў:
- Ты - мая, а я - твой, i нiхто на свеце нас нiколi не разлучыць.
I кароль паслаў насустрач другой нявесце ганца i загадаў прасiць яе вярнуцца назад у сваё каралеўства, так як, маўляў, у яго ўжо ёсць жонка, а хто стары ключ знойдзе, таму новага не трэба.
Тут i вяселле згулялi. I леў зноў трапiў у мiласць да караля, бо ён жа яму ўсю праўду сказаў.
БРЭМЕНСКIЯ МУЗЫКI
Шмат гадоў таму жыў на свеце млынар. I быў у млынара асёл, разумны i дужы.
Доўга працаваў асёл на млыне, цягаў на спiне кулi з мукой i вось нарэшце састарыўся. Бачыць гаспадар: аслабеў асёл, не здатны больш для работы - i выгнаў яго з дому.
Спалохаўся асёл: "Куды я пайду, куды падзенуся? Стары я стаў i слабы".
А потым падумаў: "Пайду гэтак я ў нямецкi горад Брэмен i стану там гарадскiм музыкам".
Так i зрабiў. Пайшоў у нямецкi горад Брэмен.
Iдзе асёл па дарозе i крычыць па-аслiнаму. I раптам бачыць ён: ляжыць на дарозе сабака i цяжка дыхае.
- Чаму ты так запыхаўся, сабака? - пытае асёл. - Што з табой?
- Стамiўся, - гаворыць сабака. - Бег доўга, вось i запыхаўся.
- Што ж ты так бег, сабака? - пытае асёл.
- Ах, асёл, - гаворыць сабака. - Пашкадуй мяне. Жыў я ў паляўнiчага, доўга жыў. Па палях i балотах за дзiчынай для яго бегаў, а цяпер стары стаў,i надумаў мой гаспадар мяне забiць. Вось я i збег ад яго, а што далей рабiць не ведаю.
- Пойдзем са мной у горад Брэмен, - адказвае яму асёл, - зробiмся там музыкамi. Брэшаш ты гулка, голас у цябе добры - ты будзеш спяваць i ў барабан бiць. А я буду на гiтары iграць.
- Што ж, - гаворыць сабака, - пойдзем.
Пайшлi яны разам. Асёл iдзе, крычыць па-аслiнаму, сабака iдзе, брэша па-сабачы.
Iшлi яны, iшлi i раптам бачаць: сядзiць на дарозе кот, сумны сядзiць кот, невясёлы.
- Што ж ты такi сумны? - пытае яго асёл.
- Што ж ты такi невясёлы? - пытае сабака.
- Ах, - гаворыць кот, - пашкадуйце вы мяне, асёл i сабака. Жыў я ў сваёй гаспадынi, доўга жыў, - лавiў пацукоў i мышэй. А цяпер стары стаў, зубы ў мяне прытупiлiся, i захацела мая гаспадыня мяне ў рэчцы ўтапiць. Я i збег з дому. А што далей рабiць - не ведаю.
Асёл яму адказвае:
- Пойдзем з намi, кот, у горад Брэмен, станем там вулiчнымi музыкамi. Голас у цябе добры, ты будзеш спяваць i на скрыпцы iграць, сабака - спяваць i на барабане iграць, а я - спяваць i на гiтары iграць.
- Што ж, - гаворыць кот, - пойдзем.
Пайшлi яны разам.
Асёл iдзе, крычыць па-аслiнаму, сабака iдзе, брэша па-сабачы, кот iдзе, мяўкае па-кашачы.
Iшлi яны, iшлi. Праходзяць побач аднаго двара i бачаць: сядзiць на варотах певень i крычыць на ўсё горла: "Ку-ка-рэ-ку!"
- Ты што, пеўнiк, крычыш? - пытае яго асёл.
- Што з табой здарылася? - пытае яго сабака.
- Можа, цябе хто пакрыўдзiў? - пытае кот.
- Ах, - гаворыць певень, - пашкадуйце вы мяне, асёл, сабака i кот. Заўтра да маiх гаспадароў госцi прыедуць, i вось збiраюцца мае гаспадары зарэзаць мяне i зварыць з мяне суп. Што мне рабiць?
Адказвае яму асёл:
- Пойдзем з намi, певень, у горад Брэмен, i станем там вулiчнымi музыкамi. Голас у цябе добры, ты будзеш спяваць i на балалайцы iграць, кот будзе спяваць i на срыпцы iграць, сабака - спяваць i на барабане iграць, а я буду спяваць i на гiтары iграць.
- Што ж, - гаворыць певень, - пойдзем.
Пайшлi яны разам.
Асёл iдзе, крычыць па-аслiнаму, сабака iдзе, брэша па-сабачы, кот iдзе, мяўкае па-кашачы, певень iдзе, кукарэкае.
Iшлi яны, iшлi, i вось настала ноч. Асёл i сабака ляглi пад вялiзным дубам, кот сеў на галiну, а певень узляцеў на самую вершалiну дрэва i пачаў адтуль глядзець па баках.
Глядзеў, глядзеў i ўбачыў: свецiцца непадалёку агеньчык.
- Агеньчык свецiцца! - крычыць певень.
Асёл кажа:
- Трэба даведацца, што гэта за агеньчык. Можа, паблiзу дом стаiць.
Сабака кажа:
- Можа, у гэтым доме мяса ёсць. Я паеў бы.
Кот кажа:
- Можа, у гэтым доме малако ёсць. Я папiў бы.
А певень кажа:
- Можа, у гэтым доме пшонка ёсць. Я пакляваў бы.
Усталi яны i пайшлi на агеньчык.
Выйшлi на паляну, а на паляне дом стаiць, i акенца ў iм свецiцца.
Асёл падышоў да дому i зазiрнуў у акенца.
- Што ты там бачыш, асёл? - пытае яго певень.
- Бачу я, - адказвае асёл, - сядзяць за сталом разбойнiкi, ядуць i п'юць.
- Ох, як хочацца есцi! - сказаў сабака.
- Ох, як хочацца пiць! - сказаў кот.
- Як бы нам разбойнiкаў з дому выгнаць? - сказаў певень.
Думалi яны, думалi i прыдумалi.
Асёл цiхенька паставiў пярэднiя ногi на падваконнiк, сабака залез на спiну аслу, кот ускочыў на спiну сабаку, а певень узляцеў на галаву кату.
I тут яны ўсе разам закрычалi:
асёл па-аслiнаму,
сабака - па-сабачы,
кот - па-кашачы,
а певень - закукарэкаў.
Закрычалi яны i ўвалiлiся праз акно ў пакой.
Напалохалiся разбойнiкi i ўцяклi ў лес.
А асёл, сабака, кот i певень селi вакол стала i ўзялiся за ежу.
Елi-елi, пiлi-пiлi, - наелiся, напiлiся i спаць леглi.
Асёл расцягнуўся ў двары на сене, сабака ўлёгся перад дзвярыма, кот скруцiўся клубком на печы, а певень залез на вароты.
Патушылi яны святло ў доме i заснулi.
А разбойнiкi сядзяць у лесе i глядзяць з чашчобы на свой дом.
Бачаць: святло ў акенцы патухла, цёмна стала.
I паслалi яны аднаго разбойнiка паглядзець, што ў доме робiцца.
Можа, дарэмна яны так напалохалiся.
Падышоў разбойнiк да дому, адчынiў дзверы, зайшоў на кухню. Бачыць, а на печы два агеньчыкi гараць.
"Напэўна, гэта вуголле, - падумаў разбойнiк, - вось я зараз лучыну распалю".
Ткнуў ён агеньчык лучынкай, а гэта было кацiнае вока.
Раззлаваўся кот, ускочыў, зафыркаў, ды як драпане лапай, ды як зашыпiць.
Разбойнiк - у дзверы.
А тут яго сабака за нагу схапiў.
Разбойнiк - у двор.
А тут яго асёл капытом убрыкнуў.
Разбойнiк - у вароты.
А з варот певень як закрычыць:
- Кукарэку!
Кiнуўся разбойнiк з усiх ног у лес. Прыбег да сваiх таварышаў i кажа:
- Бяда! У нашым доме пасялiлiся страшныя велiканы. Адзiн мне ўвесь твар кап'ём падрапаў, другi мне ножыкам нагу парэзаў, трэцi мяне па спiне дубiнай вытнуў, а чацвёрты закрычаў мне ўслед: "Трымай злодзея!"
- Ох, - сказалi разбойнiкi, - трэба нам адсюль як мага хутчэй уцякаць.
I пайшлi разбойнiкi з гэтага лесу назаўжды.
А брэменскiя музыкi - асёл, сабака, кот i певень - засталiся жыць у iх у доме ды пажываць.
КАРОЛЬ-ЖАБЯНЯ, альбо ЖАЛЕЗНЫ ГЕЙНРЫХ
У старадаўнiя часы, калi закляццi яшчэ дапамагалi, жыў-быў на свеце кароль; усе дочкi былi ў яго прыгажунi, але самая малодшая была такою прыгожай, што нават сонца, якое шмат што бачыла на сваiм вяку, i тое здзiўлялася, ззяючы на яе твары.
Паблiзу каралеўскага замка раскiнуўся вялiкi дрымучы лес, i быў у тым лесе пад старою лiпай калодзеж; i вось у спякотныя днi малодшая каралеўна выходзiла ў лес, садзiлася на край сцюдзёнага калодзежа, i калi рабiлася ёй сумна, яна брала залаты мяч, падкiдвала яго ўверх i лавiла; - гэта было яе самай любiмаю гульнёю.
Але вось аднойчы, падкiнуўшы свой залаты мяч, яна злавiць яго не паспела, ён упаў на зямлю i пакацiўся проста ў калодзеж. Каралеўна вачэй не спускала з залатога мяча, але ён знiк, а калодзеж быў такi глыбокi, такi глыбокi, што i дна было не вiдаць. Заплакала тады каралеўна, i стала плакаць усё мацней i мацней, i нiяк не магла супакоiцца.
Вось бядуе яна аб сваiм мячы i раптам чуе - хтосьцi ёй гаворыць:
- Што з табою, каралеўна? Ты так плачаш, што i камень расчулiць можаш.
Яна азiрнулася, каб даведацца, адкуль гэты голас, раптам бачыць - жабяня высунула з вады сваю тоўстую, пачварную галаву.
- А-а, гэта ты, стары квакун, - сказала яна, - я плачу аб сваiм залатым мячы, якi ўпаў у калодзеж.
- Супакойся, навошта плакаць, - кажа жабяня, - я табе дапамагу. А што ты мне дасi, калi я знайду тваю цацку?
- Усё, што схочаш, мiлае жабяня, - адказала каралеўна. - Мае сукенкi, жамчугi, каштоўныя камянi i ў дадачу залатую карону, якую я нашу.
I сказала ёй жабяня:
- Не трэба мне нi тваiх сукенак, нi жамчугоў, нi каштоўных камянёў, i тваёй залатой кароны я не хачу; а вось калi б ты мяне палюбiла ды са мной пасябравала, i мы гулялi б разам, i сядзеў бы я побач з табой за столiкам, еў з тваёй залатой талерачкi, пiў з твайго маленькага кубка i спаў з табою разам у ложачку, калi ты мне паабяцаеш усё гэта, я ў момант скокну ўнiз i дастану табе твой залаты мяч.
- Так, так, абяцаю табе ўсё, што хочаш, толькi дастань мне мой мяч! - А сама пра сябе падумала: "Што там неразумнае жабяня балбоча? Сядзiць яно ў вадзе сярод жабаў ды квакае, - дзе ўжо яму быць чалавеку сябрам?"
Атрымаўшы ад яе абяцанне, жабяня нырнула ў ваду, спусцiлася на самае дно, хутка выплыла наверх, трымаючы ў роце мяч, i кiнула яго на траву. Пабачыўшы зноў сваю прыгожую цацку, каралеўна вельмi ўзрадавалася, падняла яе з зямлi i пабегла.
- Пачакай, пачакай! - крыкнула жабяня. - Вазьмi i мяне з сабою, мне ж за табою не ўгнацца!
Але што з таго, што яно гучна крычала ёй услед сваё "ква-ква"? Яна i слухаць яго не хацела, спяшаючыся дамоў. А пасля i зусiм забылася пра беднае жабяня, i давялося яму зноў спусцiцца ў свой калодзеж.
На другi дзень яна села з каралём i прыдворнымi за стол i стала есцi са сваёй залатой талерачкi. Раптам - топ-шлёп-шлёп - узбiраецца хтосьцi па мармуровай лесвiцы i, узабраўшыся наверх, стукаецца ў дзверы i гаворыць:
- Маладая каралеўна, адчынi мне дзверы!
Яна пабегла паглядзець, хто б гэта мог да яе пастукацца. Адчыняе дзверы, бачыць - сядзiць церад ёю жабяня. Iмгненна зачынiла яна дзверы i села зноў за стол, але зрабiлася ёй так страшна-страшна. Заўважыў кароль, як моцна б'ецца ў яе сэрцайка, i кажа:
- Дзiця маё, чаго ты так спужалася? Цi не велiкан якi-небудзь схаваўся за дзвярыма i хоча цябе выкрасцi?
- Ах, не, - сказала каралеўна, - гэта зусiм не велiкан, а брыдкае жабяня.
- А што яму ад цябе трэба?
- Ах, мiлы бацюхна, ды вось сядзела я ўчора ў лесе ля калодзежа i гуляла, i ўпаў у ваду мой залаты мяч. Я горка заплакала, а жабяня дастала мне яго i стала патрабаваць, каб я ўзяла яго ў сябры, а я i паабяцала яму, - але нiколi я не думала, каб яно магло выбрацца з вады. А вось цяпер яно з'явiлася i хоча сюды ўвайсцi.
А тым часам жабяня пастукалася зноў i крыкнула:
- Прывiтанне, каралеўна,
Дзверы адчынi!
Цi ж магла забыцца ты,
Што мне абяцала ўчора,
Помнiш, ля калодзежа?
Прывiтанне, каралеўна,
Дзверы адчынi!
Тады кароль сказаў:
- Ты сваё абяцанне павiнна выканаць. Iдзi i адчынi яму дзверы.
Яна пайшла, адчынiла дзверы, i вось жабяня скокнула ў пакой, паскакала ўслед за ёю, даскакала да яе крэсла, села i гаворыць:
- Возьмi i пасадзi мяне побач з сабою.
Яна не адважвалася, але кароль загадаў ёй выканаць яго жаданне. Яна пасадзiла жабяня на крэсла, а яно на стол пачало прасiцца; пасадзiла яна яго на стол, а яно кажа:
- А цяпер падсунь да мяне блiжэй сваю залатую талерачку, будзем есцi з табою разам.
Хаця яна i выканала гэта, але было вiдаць, што без вялiкай ахвоты.
Пачало жабяня есцi, а каралеўне i кавалак у горла не лезе. Нарэшце яно сказала:
- Я наелася ўволю i стамiлася, - зараз аднясi мяне ў сваю спаленьку, пасцялi мне сваю шаўковую пасцельку, i мы ляжам з табою разам спаць.
Як заплакала тут каралеўна, - страшна ёй стала халоднага жабяняцi, баiцца да яго i даткнуцца, а яно яшчэ ў цудоўнай, чыстай пасцельцы з ёю збiраецца спаць. Разгневаўся кароль i гаворыць:
- Хто табе ў бядзе дапамог, тым грэбаваць не варта.
Узяла яна тады жабяня двума пальцамi, панесла яго да сябе ў спаленьку, пасадзiла ў кутку, а сама легла ў пасцельку. А яно скокнула i кажа:
- Я стамiлася, мне таксама спаць хочацца, - вазьмi мяне да сябе, а не, дык я твайму бацьку пажалюся.
Раззлавалася тут каралеўна i стукнула яго з усiх сiл аб сцяну.
- Ну, ужо цяпер, паскуднае жабяня, ты супакоiшся!
Але толькi ўпала яно на зямлю, як раптам абярнулася каралевiчам з цудоўнымi, ласкавымi вачамi, якi стаў з таго часу, па волi яе бацькi, яе мiлым сябрам i мужам. Ён расказаў ёй, што яго зачаравала злая вядзьмарка, i нiхто б не змог вызвалiць яго з калодзежа, акрамя яе адной, i што заўтра яны рушаць у яго каралеўства.
Вось леглi яны спаць i заснулi. А на наступную ранiцу, толькi пабудзiла iх сонейка, пад'ехала да палаца карэта з васьмерыком белых коней, i былi ў iх белыя султаны на галаве, а вупраж з залатых ланцугоў, i стаяў на запятках слуга каралевiча, а быў то верны Гейнрых. Калi яго гаспадар быў абернуты ў жабяня, верны Гейнрых так бедаваў i маркоцiўся, што загадаў акаваць сабе сэрца трыма жалезнымi абручамi, каб не разарвалася яно ад гора i смутку.
I павiнен быў у гэтай карэце ехаць малады кароль у сваё каралеўства. Пасадзiў верны Гейнрых маладых у карэту, а сам стаў на запяткi i цешыўся, што гаспадар яго пазбавiўся ад злога закляцця.
Вось праехалi яны частку дарогi, раптам каралевiч чуе - ззаду нешта трэснула. Азiрнуўся ён i крыкнуў:
- Гейнрых, трэснула карэта!
- Справа, мой гаспадар, не ў гэтым,
То абручык з сэрца спаў,
Што тугой мяне сцiскаў,
Як у калодзежы жылi,
Ды рой там з жабкамi вялi.
Вось зноў i зноў затрашчала нешта ў дарозе, каралевiч думаў, што гэта трэснула карэта, але то былi абручы, што зляцелi з сэрца вернага Гейнрыха, таму што гаспадар яго пазбавiўся ад злога закляцця i стаў зноў шчаслiвым.
ЛIС I КОШКА
Здарылася аднаго разу так, што напаткала кошка ў лесе спадара лiса. "Ён разумны ды такi спрактыкаваны, што яго ва ўсiм свеце паважаюць", - падумала кошка i лагодна прамовiла да яго:
- Добры дзень, шаноўны спадар лiс, як маецеся? Як упраўляецеся ў наш цяжкi час? Усё ж такое дарагое.
Глянуў лiс на кошку, акiнуў яе зняважлiвым паглядам з галавы да ног i памарудзiў, не ведаючы, цi варта адказваць.
Нарэшце ён сказаў:
- Ах ты, няшчасная варкатуха, дурнiца бязглуздая, галодная жабрачка ды мышаедка! Як гэта табе на розум прыйшло пытацца, як мне паводзiцца? Як ты насмелiлася? Чаму цябе там вучылi? Якiя навукi прайшла?
- Я ведаю толькi адну навуку, - сцiпла адказала кошка.
- Што ж гэта за навука? - спытаўся лiс.
- Калi за мною ўлягуць сабакi, дык я ўмею ўскочыць на дрэва i ўратавацца.
- I гэта ўсё? - сказаў лiс. - А я вось знаўца аж у ста мастацтвах i да таго яшчэ цалюткi мех хiтрыкаў маю. Мне шкада цябе, iдзi са мною, я навучу цябе, як ад сабак уцякаць.
Тут якраз на гэтым часе праходзiў паляўнiчы з чатырма сабакамi. Кошка ў iмгненне вока ўскочыла на дрэва, уселася на самай вершалiне, i галiнкi ды лiстота схавалi яе.
- Развяжыце ваш мех, спадар лiс, развяжыце ваш мех, - загукала яму кошка.
Але сабакi ўжо схапiлi яго i моцна трымалi ў зубах.
- Эх, спадар лiс! - усклiкнула кошка. - Вось вы i ўляцелi ў бяду са сваiмi ста мастацтвамi. А маглi б вы, як я, на дрэва ўскараскацца, не давялося б вам з жыццём развiтвацца.
СПАДАРЫНЯ МЯЦЕЛIЦА
Была ў адной удавы дачка, была ў яе яшчэ i падчарка. Падчарка старанная, прыгожая, а дачка i непрыгожая, i гультайка страшэнная. Дачку сваю ўдава вельмi любiла i ўсё ёй даравала, а падчарку прымушала шмат працаваць i кармiла надта дрэнна.
Кожную ранiцу павiнна была падчарка садзiцца ля калодзежа i прасцi пражу. I столькi ёй патрэбна было спрасцi, што часта нават да крывi сцiрала яна пальцы.
Аднаго разу сядзела яна так, прала i вымазала крывёю верацяно. Нахiлiлася дзяўчына да калодзежа, каб абмыць вырацяно, i раптам выслiзнула ў яе верацяно з рук i звалiлася ў калодзеж.
Заплакала падчарка i пабегла дадому расказаць мачасе пра сваю бяду.
- Ты яго выпусцiла, ты яго i даставай, - сказала мачаха злосна. - Ды глядзi, без верацяна не вяртайся.
Пайшла дзяўчына назад да калодзежа i з гора ўзяла ды i кiнулася ў ваду. Кiнулася ў ваду i адразу прытомнасць згубiла.
А калi апрытомнела, убачыла яна, што ляжыць на зялёным лужку, з неба сонца свецiць, а на лужку кветкi растуць.
Пайшла дзяўчына па лужку, глядзiць: стаiць на лужку печ, а ў печы хлябы пякуцца. Хлябы крыкнулi ёй:
- Ах, вымi нас, дзяўчына, з печы хутчэй! Ах, вымi хутчэй! А не то мы зусiм згарым!
Узяла дзяўчына лапату i выняла хлябы з печы.
Потым пайшла яна далей i прыйшла да яблынi. А на яблынi было шмат спелых яблыкаў. Яблыня крыкнула ёй:
- Ах, патрасi мяне, дзяўчына, патрасi! Яблыкi даўно паспелi!
Пачала дзяўчына трэсцi дрэва. Яблыкi дажджом на зямлю пасыпалiся. I да таго часу трэсла яна яблыню, пакуль не засталося на ёй нiводнага яблыка.
Сабрала дзяўчына яблыкi ў кучу i пайшла далей. I вось нарэшце прыйшла яна да хаткi. З акна хаткi выглянула бабуля. З рота ў яе тырчалi вялiзныя белыя зубы. Убачыла дзяўчына бабулю, спалохалася i хацела ўцячы, але бабуля крыкнула ёй:
- Чаго ты спалохалася, мiлая? Заставайся лепш у мяне. Будзеш добра працаваць, i табе добра будзе. Ты мне толькi пасцель сцялi лепей ды пярыну i падушкi ўзбiвай мацней, каб пер'е ва ўсе бакi ляцела. Калi ад маёй пярыны пер'е ляцiць, на зямлi снег iдзе. Ведаеш, хто я? Я - сама спадарыня Мяцелiца.
- Што ж, - адказала дзяўчына, - я згодна паступiць да вас на службу.
Так i засталася яна працаваць у бабулi. Дзяўчына яна была добрая, працавiтая i рабiла ўсё, што ёй бабуля загадвала.
Пярыну i падушкi яна так моцна ўзбiвала, што пер'е, быццам камякi снегу, ляцела ва ўсе бакi.
Добра жылося дзяўчыне ў Мяцелiцы. Нiколi яе Мяцелiца не лаяла, а кармiла заўсёды сытна i смачна.
Ды ўсё ж хутка пачала дзяўчына сумаваць. Спачатку яна i сама зразумець не магла, чаму сумуе, - бо ёй тут у тысячу разоў лепш, чым дома, жывецца, а потым зразумела, што сумуе яна менавiта па роднаму дому. Як там нi кепска было, а ўсё-такi яна вельмi да яго прывыкла.
Вось аднойчы i кажа дзяўчына бабулi:
- Я вельмi засумавала па дому. Як мне ў вас нi добра, але не магу я тут больш заставацца. Мне дужа хочацца родных пабачыць.
Выслухала яе Мяцелiца i сказала:
- Мне падабаецца, што ты сваiх родных не забываеш. Ты добра ў мяне папрацавала. За гэта я табе сама пакажу дарогу дадому.
Узяла яна дзяўчыну за руку i прывяла да вялiкай брамы. Брама расчынiлася, i калi дзяўчына праходзiла пад ёю, пасыпалася на яе зверху золата. Так i выйшла яна з брамы, уся золатам абсыпаная.
- Гэта табе ўзнагарода за тваю стараннасць, - сказала Мяцелiца i дала ёй верацяно, тое самае, якое ў калодзеж звалiлася.
Потым брама зачынiлася, i дзяўчына зноў апынулася наверсе, на зямлi. Неўзабаве прыйшла яна да мачахiнай хаты. Увайшла яна ў хату, а пеўнiк, якi сядзеў на калодзежы, у гэты час заспяваў:
- Ку-ка-рэ-ку, дзяўчына прыйшла!
Многа золата ў хату прынясла!
Убачылi мачаха з дачкой, што прынесла падчарка з сабой многа золата, i сустрэлi яе ласкава. Нават не лаялi за доўгую адлучку.
Расказала iм дзяўчына пра ўсё, што з ёю здарылася, i захацелася мачасе, каб яе дачка таксама стала багатай, каб яна таксама многа золата дамоў прынесла.
Пасадзiла яна сваю дачку прасцi каля калодзежа. Села лянiвая дачка ля калодзежа, але прасцi не стала. Толькi падрапала сабе палец цярноўнiкам да крывi, вымазала верацяно крывёю, кiнула яго ў калодзеж i сама за iм у ваду скокнула.
I вось апынулася яна на тым жа самым зялёным лужку, дзе раслi прыгожыя кветкi. Пайшла яна па сцяжынцы i неўзабаве прыйшла да печы, дзе пяклiся хлябы.
- Ах, - крыкнулi ёй хлябы, - вымi нас з печы! Вымi хутчэй! Мы спяклiся ўжо! Мы хутка згарым!
- Яшчэ чаго! - адказала гультайка. - Буду я з-за вас пэцкацца, - i пайшла далей.
Потым прыйшла яна да яблынi, яблыня крыкнула ёй:
- Ах, патрасi мяне, дзяўчына, патрасi мяне! Яблыкi ўжо даўно паспелi!
- Як жа, як жа, - адказала яна, - яшчэ, калi я пачну цябе трэсцi, якi-небудзь яблык мне на галаву звалiцца ды гуз наб'е!
Нарэшце падышла гультайка да хаткi спадарынi Мяцелiцы. Яна зусiм не спалохалася Мяцелiцы. Сястра ж расказала ёй пра вялiкiя зубы Мяцелiцы i пра тое, што яна зусiм не страшная.
Вось i пачала гультайка працаваць у Мяцелiцы.
Першы дзень яна яшчэ так-сяк iмкнулася пераадолець сваю ляноту, слухала спадарыню Мяцелiцу, узбiвала ёй пярыну i падушкi так, што пер'е ляцела ва ўсе бакi.
А на другi i на трэцi дзень пачала яе адольваць лянота. Ранiцай неахвотна падымалася яна з ложка, пасцель сваёй гаспадынi слала дрэнна, а пярыну i падушкi зусiм перастала ўзбiваць.
Надакучыла Мяцелiцы трымаць такую служанку, вось яна i кажа ёй:
- Iдзi ты назад да сябе дамоў!
Тут гультайка ўзрадавалася.
"Ну, - думае, - зараз на мяне золата пасыплецца".
Падвяла яе Мяцелiца да вялiкай брамы. Расчынiлася брама. Але калi выходзiла з яе гультайка, не золата на яе пасыпалася, а перакулiўся кацёл са смалой.
- Вось табе ўзнагарода за тваю работу, - сказала Мяцелiца i зачынiла браму.
Прыйшла гультайка дадому, а пеўнiк, якi сядзеў на калодзежы, убачыў яе i закрычаў:
- Будуць смяяцца ўсе ў сяле:
Уваходзiць дзяўчына ўся ў смале!
I так гэта смала да яе моцна прылiпла, што засталася на скуры на ўсё жыццё.
РАЗБОЙНIК-ЖАНIХ
Жыў-быў некалi млынар. Была ў яго прыгожая дачка. Вырасла яна, i захацелася бацьку ўдала выдаць яе замуж.
Вось неўзабаве аб'явiўся багаты жанiх. Бацька пра такога i марыў, таму i паабяцаў яму сваю дачку. А дзяўчыне хлопец не вельмi спадабаўся. Зiрне на яго цi падумае пра яго, i нейкi страх ахоплiвае яе сэрца.
Аднойчы жанiх кажа:
- Ты вось - мая нявеста, а нi разу да мяне ў госцi не завiтала.
- Ды я ж не ведаю, дзе стаiць ваша хата.
Жанiх растлумачыў:
- Хата мая вунь там, у цёмным лесе.
- Цi знайду дарогу? - сумняваецца нявеста.
- Я насыплю на дарогу попелу. Ён i прывядзе цябе ў маю хату. Прыходзь у наступную нядзелю. Я ўжо гасцей запрасiў.
Наступiла нядзеля. Трэба збiрацца ў дарогу, а дзяўчыне зрабiлася так страшна, што не можа растлумачыць. Але ж пераадолела страх. Насыпала поўныя кiшэнi гароху, рушыла ў дарогу.
Амаль цэлы дзень iшла. I вось перад ёй - густы лес, а ў iм - адзiная хата. Не спадабалася дзяўчыне хата: змрочная, няўтульная. Увайшла ў яе - нiкога. Цiха-цiха, аж страшна.
Раптам чуецца голас:
- Азiрнiся, нявеста, цi не ў разбойным ты месцы?
Азiрнулася дзяўчына i ўбачыла птушку ў клетцы. Птушка яшчэ раз папярэдзiла:
- Азiрнiся, нявеста, цi не ў разбойным ты месцы?
Нявеста абышла ўсе пакоi, але ўсюды было пуста, нiводнай чалавечай душы. Урэшце спусцiлася яна ў склеп. А там - старая жанчына сядзiць, галавой хiтае.
- Цi не скажаце мне, - пытае дзяўчына, - тут жыве мой жанiх?
- Ах, небарака, - адказала бабуля, - куды ты трапiла! Тут жа разбойны прытон. Ты чакаеш вяселля, але глядзi, як бы не святкаваць яго разам са смерцю. Вунь бачыш, вялiкi кацёл з вадой. Мяне прымушаюць яго кiпяцiць, а тады ў iм вараць людзей i ядуць. Яны ж - людаеды! Ратуйся хутчэй, пакуль цябе не схапiлi...
Старая завяла i схавала дзяўчыну за вялiзную бочку. Загадала:
- Сядзi цiха, як мышка ў норцы! А ноччу, калi разбойнiкi заснуць, мы з табой збяжым.
Толькi яны пра ўсё дамовiлiся, як дамоў вярнулася разбойная шайка. Прыцягнулi з сабой нейкую дзяўчыну. Яна крычала, прасiлася, а яны як бы не чулi, бо былi ўсе п'яныя.
Разбойнiкi прымусiлi i дзяўчыну выпiць тры шклянкi вiна: белага, чырвонага, бурштынавага. Ад гэткага пiтва разарвалася ў паланянкi сэрца. Яны сарвалi з яе прыгожую сукенку, паклалi на стол, пасеклi на кавалкi дзявоцкае цела, пасыпалi соллю.
Ледзь жывая сядзела за бочкай нявеста. Яна зразумела, якую долю рыхтаваў ёй разбойнiк-жанiх. Раптам на яе каленi ўпаў мезенец той дзяўчыны, якую забiлi разбойнiкi. На iм свяцiўся залаты пярсцёнак.
А здарылася так, што адзiн разбойнiк прыкмецiў на руцэ паланянкi золата i захацеў зняць яго. Адсек палец, а ён падскочыў уверх i ўпаў за бочку.
Узялi разбойнiкi свечку, пачалi шукаць адсечаны мезенец. Не знайшлi. Тады адзiн з iх кажа другому:
- А ты за бочкай шукаў?
Тут старая я-я-к закрычыць:
- Ступайце хутчэй есцi! Заўтра пашукаеце палец, ён ад вас не збяжыць.
- Праўду кажаш, - пагадзiлiся разбойнiкi.
Селi яны вячэраць, пачалi пiць вiно. А нiхто ж з iх не ведаў, што бабуля падсыпала ў бутлю соннага зелля.
Паелi-папiлi разбойнiкi дый заснулi-захраплi ў склепе. Вось тады i вылезла з-за бочкi нявеста. Асцярожна, пераступаючы цераз спячых, выйшла яна на вулiцу. За ёй - бабуля. I кiнулiся яны ўцякаць далей ад разбойнага прытона.
Вецер здзьмуў з дарогi попел, якi насыпаў некалi жанiх. Затое гарох, якi раскiдала дзяўчына, пусцiў расткi. У месячковым ззяннi яны i паказвалi дарогу. Так iшлi яны ўсю ноч, а пад ранiцу былi ўжо дома. I паведала дзяўчына бацьку ўсю праўду.
Вось надышоў дзень, калi трэба святкаваць вяселле. Млынар склiкаў усiх сваiх родзiчаў i знаёмых. З'явiўся i жанiх.
Уселiся госцi за стол. I прапанавана было кожнаму што-небудзь расказаць. Нявеста сядзела цiха, маўклiва. Тады жанiх звярнуўся да яе:
- Ну, мая душачка, хiба ты нiчога не ведаеш? Раскажы нам што-небудзь.
Нявеста пагадзiлася:
- Добра, раскажу я вам сон. Iду нiбыта цераз лес, iду i раптам перада мною - хата. А ў ёй нiводнай жывой душы. Вiсiць на сцяне клетка з птушкай. I кажа мне тая птушка: "Азiрнiся, нявеста, цi не ў разбойным ты месцы?" I паўтарыла яшчэ раз. Ды гэта, мой мiлы, мне толькi снiлася... Прайшлася я па ўсiх пакоях. Усе яны - пустыя, беспрытульныя. Спусцiлася ў склеп, i сядзела там старэнькая жанчына. Пытаюся ў яе: "Цi не ў гэтай хаце жыве мой жанiх? " А яна адказвае: "Ах, небарака, ты ж у разбойны прытон трапiла. Жанiх твой жыве тут, але ён цябе збiраецца на кавалкi пасекчы, а пасля зварыць дый з'есцi". Мiлы мой, гэта ж мне толькi прыснiлася... I схавала мяне бабуля за вялiзную бочку. Толькi там прытаiлася, як вярнулiся дамоў разбойнiкi, прыцягнулi з сабой нейкую дзяўчыну, далi ёй выпiць трайнога вiна - белага, чырвонага i бурштынавага. Ад яго разарвалася ў паланянкi сэрца. Мiлы мой, гэта ж мне толькi прыснiлася... I ўбачыў адзiн разбойнiк на мезенцы ў дзяўчыны залаты пярсцёнак. Цяжка яго сцягнуць. Тады ён узяў сякеру i адсек палец. Падскочыў той мезенец уверх, упаў за вялiзную бочку i трапiў якраз мне на каленi. Вось ён, гэты палец з пярсцёнкам!..
Нявеста паказала гасцям адсечаны палец з залатым пярсцёнкам.
Разбойнiк-жанiх збялеў што палатно, падхапiўся з-за стала i хацеў бегчы. Але госцi схапiлi яго, прывялi на суд. I прысудзiлi пакараць смерцю. А разам i яго шайку за iх разбойныя справы.
КАРАЛЕВIЧ, ЯКI НIЧОГА НЕ БАЯЎСЯ
Жыў-быў аднойчы каралевiч, не хацелася яму больш заставацца дома ў свайго бацькi, а раз ён нiчога не баяўся, то падумаў: "Пайду я па белым свеце вандраваць i не сумна мне будзе, ды i нагляджуся на розныя дзiўныя рэчы". Развiтаўся ён са сваiмi бацькамi i пайшоў ад iх, i iшоў усё напрасткi з ранiцы да самага вечара, i было яму ўсё роўна, куды дарога вядзе. Здарылася так, што падышоў каралевiч да дома аднаго велiкана; здарожыўся ён i сеў каля дзвярэй адпачыць. Пачаў каралевiч па баках разглядваць i раптам заўважыў на двары ў велiкана цацку: былi гэта два вялiзныя шары i кеглi з рост чалавека. Захацелася яму пагуляць у тыя кеглi, ён расставiў iх, пачаў збiваць iх шарамi, i калi кеглi падалi, то гучна крычаў, таму што было яму весела. Пачуў велiкан шум, высунуў галаву ў акно i ўбачыў чалавека; i быў той ростам, як усе людзi, але аднак жа гуляў у яго кеглi.
- Гэй ты, казяўка! - крыкнуў велiкан. - Што гэта ты ў мае кеглi гуляеш? Адкуль у цябе такая сiла?
Паглядзеў каралевiч наверх, агледзеў велiкана i сказаў:
- Ах ты, даўбешка гэтакая! Што ж ты думаеш, што ў цябе аднаго толькi дужыя рукi? Я магу ўсё, чаго захачу!
Спусцiўся велiкан унiз, пачаў са здзiўленнем глядзець на гульню ў кеглi i сказаў:
- Калi ты такi чалавек, то iдзi i прынясi мне яблык з дрэва жыцця.
- А навошта ён табе? - запытаў каралевiч.
- Гэты яблык я хачу не для сябе, - адказаў велiкан. - Ёсць у мяне нявеста, гэта яна яго патрабуе. Хадзiў я, вандраваў нямала па свеце, але такога дрэва адшукаць не мог.
- Ну, я яго адшукаю, - сказаў каралевiч, - чаго б гэта нi каштавала!
Кажа велiкан:
- Ты думаеш, што гэта так ужо лёгка? Сад, у якiм расце дрэва, абнесены жалезнай агароджай, i ляжаць уздоўж агароджы дзiкiя звяры, яны вартуюць i нiкога з людзей туды не прапускаюць.
- Мяне яны прапусцяць, - сказаў каралевiч.
- Так, але калi ты i трапiш у гэты сад i ўбачыш на дрэве яблык, то гэта яшчэ не азначае, што ты яго зможаш сарваць: вiсiць перад iм кольца, i той, хто захацеў бы дастаць i сарваць яблык, павiнен спачатку прасунуць у яго руку, а гэта яшчэ нiкому не ўдавалася.
- А мне ўдасца, - сказаў каралевiч.
Развiтаўся ён з велiканам i пайшоў праз горы i далiны, палi i лясы i прыйшоў, нарэшце, да чарадзейнага саду. Ляжалi вакол яго звяры, але яны апусцiлi галовы ўнiз i спалi. Яны не прачнулiся i тады, калi ён да iх падышоў i нават калi цераз iх пераступiў. Вось пералез каралевiч цераз агароджу i без перашкод трапiў у сад. I расло там пасярэдзiне дрэва жыцця, i ззялi на галiнах яго чырвоныя яблыкi. Ён узабраўся па ствале наверх, толькi хацеў працягнуць руку да яблыка, раптам бачыць - вiсiць перад iм кольца; ён лёгка прасунуў у яго руку i сарваў яблык. Але раптам кольца моцна сцiснулася вакол рукi, i тут каралевiч адчуў, што магутная сiла пранiкла ў яго жылы. Ён спусцiўся з яблыкам унiз з дрэва i не захацеў пералазiць цераз агароджу, узяўся рукой за вялiкiя вароты, - i варта было яму толькi iх патрэсцi, як яны з трэскам расчынiлiся. Ён выйшаў з саду, але прачнуўся леў, якi ляжаў перад агароджай, i кiнуўся за каралевiчам, ды не разлютаваны, а пайшоў услед за iм пакорна, як за сваiм гаспадаром.
Прынёс каралевiч велiкану абяцаны яблык i сказаў:
- Вось бачыш, я здабыў яго без усякiх цяжкасцей.
Узрадаваўся велiкан, што яго жаданне так хутка збылося, заспяшаўся да сваёй нявесты i даў ёй яблык, якi яна патрабавала. Але дзяўчына была i прыгожая i разумная, яна не ўбачыла на руцэ ў велiкана кольца i сказала:
- Я табе да таго часу не паверу, што яблык здабыў ты, пакуль не ўбачу ў цябе на руцэ кольца.
Сказаў велiкан:
- Для гэтага мне патрэбна вярнуцца дамоў, я яго табе прынясу, - ён думаў, што кольца будзе лёгка адабраць сiлай у слабага чалавека, калi той не аддасць яго па добрай волi.
I вось запатрабаваў велiкан у каралевiча кольца, але той адмовiў.
- Дзе яблык, там павiнна знаходзiцца i кольца, - сказаў велiкан, - не аддасi яго па добрай волi, давядзецца табе з-за яго са мною пазмагацца.
Доўга дужалiся яны, але велiкан не мог нiчога зрабiць з каралевiчам: чарадзейная сiла кольца рабiла яго магутным. Тады велiкан схiтрыў i сказаў:
- Мне ад барацьбы стала горача, ды i табе, мабыць, таксама, - давай пакупаемся ў рэчцы i асвяжымся, а потым пачнем зноўку.
Каралевiч, не падазраючы нiякага каварства, падышоў з велiканам да вады; але зняў ён разам з адзеннем i кольца з рукi i скокнуў у раку. У момант схапiў велiкан кольца i наўцёкi; ды леў заўважыў злодзея, кiнуўся за велiканам у пагоню, вырваў з рук у яго кольца i прынёс назад свайму гаспадару. Схаваўся велiкан за дубам, i калi каралевiч апранаўся, ён напаў на яго i выкалаў яму вочы.
I стаў цяпер каралевiч сляпы, не ведаючы, што яму рабiць. Падышоў да яго велiкан, зноў схапiў яго за руку, збiраючыся кудысьцi весцi, i прывёў яго на вяршыню высокай скалы. Ён пакiнуў яго там, а сам падумаў: "Варта яму зрабiць некалькi крокаў, i ён разаб'ецца насмерць, i я змагу тады зняць з яго кольца". Але верны леў не пакiнуў свайго гаспадара, ён моцна схапiў яго за адзенне i адцягнуў назад.
З'явiўся велiкан, хацеў абрабаваць мёртвага, але ўбачыў, што хiтрасць яго не ўдалася. "Няўжо нельга нiяк знiшчыць такога слабага чалавечка!" - прамовiў ён, раззлаваны, сам сабе, схапiў каралевiча i павёў яго зноў iншай дарогай да прорвы. Ды леў разгадаў злую задуму i дапамог гаспадару выбрацца з бяды. Калi велiкан падвёў сляпога зусiм блiзка да абрыву, ён выпусцiў руку каралевiча i хацеў пакiнуць яго аднаго, ды леў пiхнуў велiкана, i той звалiўся ў прорву i разбiўся.
Верны звер адцягнуў свайго гаспадара з краю цяснiны i прывёў яго да дрэва, дзе працякаў празрысты, светлы ручай. Сеў каралевiч каля ручая, а леў улёгся побач i лапай апырскаў яму твар. I як толькi трапiла некалькi кропель каралевiчу ў вочы, ён зноў пачаў трохi бачыць; i тут ён заўважыў птушачку, якая стукнулася аб ствол дрэва, потым спусцiлася да ручая, выкупалася ў iм, i, не дакрануўшыся да дрэў, узляцела, мiльганула, быццам да яе зноў вярнуўся зрок. Убачыў каралевiч у гэтым знак Божы, нахiлiўся да вады i абмыў твар. Калi ён падняўся, вочы яго сталi чыстыя, ясныя, якiмi не былi яшчэ нiколi.
Падзякаваў каралевiч Богу за яго вялiкую ласку i пайшоў далей вандраваць па свеце разам са сваiм iльвом. Здарылася аднойчы, што прыйшоў ён да замка, а быў той замак зачараваны, i стаяла ля замкавай брамы дзяўчына, яна была стройная, i твар быў у яе прыгожы, але ўся яна была чорная. Яна загаварыла з каралевiчам i сказала:
- Ах, каб ты мог вызвалiць мяне ад злых чараў!
- А што я павiнен дзеля гэтага зрабiць? - запытаў каралевiч.
I адказала дзяўчына:
- Ты павiнен правесцi тры ночы ў вялiкай зале зачараванага замка, але нiколькi не палохацца. Калi цябе пачнуць мучыць самымi жахлiвымi катаваннямi, i ты вытрымаеш, не вымавiш нi гуку, я буду вызвалена ад чараў. Забраць жыццё ў цябе яны не адважацца.
I сказаў тады каралевiч:
- Я не баюся i з божай дапамогай паспрабую.
I ён весела накiраваўся ў замак, i калi ўжо сцямнела, ён усеўся ў вялiкай зале i пачаў чакаць. Да самай поўначы было цiха, але раптам падняўся вялiкi шум, з усiх куткоў i закуткаў з'явiлiся маленькiя чорцiкi. Яны зрабiлi выгляд, быццам яго не заўважаюць, паселi пасярод пакоя, запалiлi агонь i распачалi гульню. Калi хто прайграваў, той казаў: "Гэта няправiльна, тут хтосьцi знаходзiцца з чужых, гэта ён вiнаваты, што я прайграў". А другi чорцiк сказаў: "Пачакай, зараз я да цябе прыйду, гэй, ты, там за печчу!" Крыкi рабiлiся пры гэтым усё мацнейшымi i мацнейшымi, i нiхто не мог бы iх слухаць без страху. Але каралевiч працягваў сядзець зусiм спакойна i не палохаўся. Ды вось, нарэшце, чэрцi паўскаквалi i накiнулiся на яго, i было iх так многа, што абараняцца ад iх каралевiчу было не пад сiлу. Яны цягалi яго па падлозе, шчыпалi, трэслi, бiлi i ўсяляк яго мучылi, але ён i гуку не вымавiў. Пад ранiцу яны знiклi, але ён так знясiлеў, што не ў стане быў i паварухнуцца. I калi наступiў свiтанак, прыйшла да яго чорная дзяўчына, яна трымала ў руках маленькую бутэлечку з жывой вадой i абмыла яго ёю, i ўмомант ён адчуў, што ўвесь боль знiк, i яго жылы напоўнiлiся свежымi сiламi. Яна сказала:
- Адну ноч ты вытрымаў удала, але наперадзе яшчэ дзве.
Потым яна зноў пайшла, i калi яна адыходзiла, ён заўважыў, што ногi ў яе сталi белыя.
Наступнай ноччу чэрцi з'явiлiся зноў i пачалi гульню. Яны нападалi на каралевiча i бiлi яго куды мацней, чым мiнулай ноччу, i ўсё цела ў яго пакрывалася ранамi. Але таму, што ён вытрымаў усё моўчкi, iм давялося яго пакiнуць; i калi наступiў досвiтак, прыйшла дзяўчына i вылечыла яго жывою вадой. А калi яна адыходзiла, ён з радасцю ўбачыў, што ўся яна стала белая.
Засталося яму вытрымаць яшчэ адну ноч, але гэта была самая цяжкая. Чортавы зданi з'явiлiся зноў.
- А-а, ты яшчэ тут! - закрычалi яны. - Зараз цябе будуць мучыць i катаваць так, што ты задыхнешся.
Яны калолi яго i бiлi, кiдалi ў розныя бакi, цягалi за рукi i за ногi, нiбы збiраючыся яго разарваць. Але ён выцерпеў i гуку не вымавiў. Нарэшце чэрцi знiклi, а ён ляжаў непрытомны, не мог i зварухнуцца, нават вачэй ён не мог расплюшчыць, каб убачыць дзяўчыну, якая прыйшла да яго i апырскала i аблiла яго жывой вадой. I ўраз ён пазбавiўся ад болю i адчуў сябе свежым i бадзёрым, быццам толькi што прачнуўся. Ён расплюшчыў вочы i ўбачыў перад сабой дзяўчыну, i была яна ўся беласнежная i прыгожая, як ясны дзень.
- Уставай, - сказала яна, - i тройчы ўзмахнi над парогам сваiм мячом, i ўсё будзе вызвалена ад злых чараў.
I толькi ён гэтак зрабiў, увесь замак быў пазбаўлены чараў, i стала дзяўчына багатай каралеўнай. Прыйшлi слугi i сказалi, што ў банкетнай зале накрыты ўжо стол i пададзены стравы. Селi каралевiч з каралеўнай за стол, елi i пiлi разам, а вечарам з вялiкай радасцю яны адсвяткавалi вяселле.
ВЕРНЫЯ ЗВЯРЫ
Шмат гадоў таму жыў адзiн чалавек. Грошай у яго было зусiм мала, i вось з тымi рэшткамi, што ў яго засталiся, падаўся ён вандраваць па свеце. Прыйшоў ён аднаго разу ў вёску, бачыць - збеглiся хлопцы, крычаць ды шумяць.
- Дзецi, што ў вас тут такое? - спытаўся чалавек.
- Ды вось, - кажуць яны, -мы злавiлi мыш, хочам навучыць яе танцаваць. Падзiвiцеся, як смешна яна падскоквае!
Але чалавек пашкадаваў бедалажку-звярка ды сказаў:
- Хлопчыкi, пусцiце мыш на волю, я вам за тое заплачу. - Ён даў iм грошай, i яны адпусцiлi мыш, i бедалажка-звярок уцёк ды схаваўся ў норку.
Пайшоў чалавек далей. Прыходзiць ён у другую вёску, бачыць - у хлопцаў малпа; прымушаюць яны яе скакаць ды куляцца, пацяшаюцца з яе, не даюць ёй спакою. Даў чалавек хлопцам грошай, каб пусцiлi яны малпу. Потым пайшоў ён у трэцюю вёску, а там у хлопцаў быў мядзведзь на ланцугу; даводзiлася яму ставаць на заднiя лапы ды скакаць, а калi ён бурчэў, гэта iх забаўляла. I ён выкупiў мядзведзя; узрадаваўся мядзведзь, што можна стаць цяперака зноў на свае чатыры лапы, ды затупаў ён проста ў лес.
Раздаў чалавек апошнiя свае грошы, не засталося ў яго ў кiшэнi i меднай капейчыны. I кажа ён сабе: "Грошай у караля ў казне куды болей, чым яму трэба; навошта мне з голаду памiраць, вазьму я ў яго трошкi, а зараблю - вярну iх зноў у казну". Залез ён у казну i ўзяў адтуль трошкi грошай, але калi ён вылез з каралеўскай кладоўкi, схапiлi яго каралеўскiя служкi. Абвясцiлi яму, што ён злодзей, ды прывялi яго на суд. А паколькi ўчынiў ён злачынства, дык прысудзiлi пасадзiць яго ў скрыню ды кiнуць у рэчку. Прасвiдравалi ў вечку скрынi дзiркi, каб магло трапляць у яе паветра, i далi чалавеку збан вады ды хлеба лусту. Вось i паплыў ён па рацэ; ды такi яго апанаваў страх! Аж раптам чуе ён - нешта шкрабаецца ды трэцца аб замок, грызе ды пастуквае. Нечакана адмыкаецца замок, узнiмаецца вечка скрынi - стаяць перад iм мыш, малпа i мядзведзь, - гэта яны вечка адчынiлi; некалi iх чалавек з бяды выбавiў, а цяперака i яны прыйшлi яму на дапамогу. Але звяры не ведалi, што iм далей рабiць, i пачалi яны памiж сабой радзiцца. А тут выкацiўся да iх раптам з вады белы камень, падобны да яйка. Вось мядзведзь i кажа:
- Ён у самы час да нас паспеў, гэты камень цудадзейны: чый ён будзе, той i зможа пажадаць сабе ўсё, што толькi захоча.
Выцягнуў чалавек з вады гэты камень, узяў яго ў руку ды пажадаў, каб быў у яго замак з садам i каралеўскаю стайняй. I толькi вымавiў ён сваё жаданне, як сядзеў ужо ў замку з садам ды каралеўскай стайняй, i ўсё было такое прыгожае ды дзiвоснае, што анiяк не мог ён надзiвiцца з усяго гэтага.
А праходзiлi гэтым часам па дарозе купцы-гандляры.
- Падзiвiцеся, - сказалi яны, - якi цудоўны збудавалi замак, а мiнулы ж раз, калi мы праходзiлi, тут былi толькi адны сыпучыя пяскi.
Закарцела iм дазнацца, як гэта сталася. З'явiлiся яны ў замак, пачалi ў чалавека распытваць, як здолеў ён усё гэта так хутка збудаваць. А ён iм i кажа:
- Ды гэта не я зрабiў, гэта зрабiў мой цудадзейны камень.
- А што гэта за камень такi? - спыталiся яны.
Ён пайшоў ды прынёс яго i паказаў купцам-гандлярам. Захацелася iм той камень набыць, i яны спыталiся, цi не прадасць ён iм яго, ды прапанавалi яму ўсе свае дарагiя тавары. Зiрнуў чалавек на цудоўныя тавары, разбеглiся ў яго вочы ад выгляду iх, а было ў яго сэрца не ўстойлiвае, яно iмкнулася ўсё да новага, i вось даў ён сябе абдурыць, думаючы, што цудоўныя тавары шмат даражэйшыя за ягоны цудадзейны камень, ды аддаў яго купцам-гандлярам. Ледзьве выпусцiў ён яго з рук, i адразу ж знiкла разам з каменем усё ягонае шчасце, апынуўся ён зноў у замкнёнай скрынi на рацэ, i была ў яго адна толькi конаўка вады ды акраец хлеба.
Як убачылi верныя звяры - мыш, малпа ды мядзведзь, - што трапiў ён у бяду, паспяшалiся зноў яму на дапамогу, але анiяк не маглi яны цяперака збiць той замок - быў ён шмат мацнейшы, чым у першы раз. Тады мядзведзь i кажа:
- Трэба нам чарадзейны камень знайсцi, а iнакш усе нашыя намаганнi будуць марныя.
А купцы засталiся жыць у замку. Вось звяры i пайшлi туды разам усе; i калi яны былi ўжо каля самага замка, мядзведзь кажа:
- Мыш, зазiрнi ты ў замочную шчылiну ды паглядзi, што нам рабiць; ты ж маленькая, нiхто цябе не заўважыць.
Мыш згадзiлася на гэта, але неўзабаве вярнулася ды кажа:
- Нiчога не будзе; я зазiрнула: камень вiсiць пад люстрай на чырвоным шнурку, па баках сядзяць дзве вялiкiя кошкi з вогненымi вачыма i яго пiльнуюць.
Кажуць тады малпа ды мядзведзь:
- А ты яшчэ раз iдзi туды ды пачакай, пакуль гаспадар ляжа ў пасцель i засне, а потым пралезь у замочную шчылiну, ускараскайся на ложак ды ўшчыкнi яго за нос i адгрызi яму валасы.
Прабралася мыш зноў туды i зрабiла так, як сказалi ёй малпа ды мядзведзь. Гаспадар прачнуўся, пачаў сабе нос церцi ды кажа:
- А кошкi мае, вiдаць, нiкуды не вартыя: пускаюць мышэй, а тыя валасы мне ўсе з галавы паабгрызалi, - i ён прагнаў сваiх кошак.
Вось мыш свайго i дасягнула.
Калi на другую ноч гаспадар заснуў, забралася мыш да яго ў пакой, пачала грызцi чырвоны шнурок, на якiм вiсеў камень, пакуль нарэшце яго не перагрызла. Упаў камень на падлогу, тут яна i дацягнула яго да дзвярэй. Але нялёгка гэта было беднай маленькай мышцы; i кажа яна да малпачкi, а тая стаяла за дзвярыма, яе чакаючы:
- Ты выцягнi яго адсюль лапай.
Для малпы гэта было няцяжка, яна ўзяла камень у руку, ды пайшлi яны разам усе да ракi. Малпа i кажа:
- Як жа нам цяперака да скрынi дабрацца?
А мядзведзь адказвае:
- А гэта мы зараз уладкуем! Я ўвайду ў раку ды паплыву, а ты, малпа, сядзеш да мяне на спiну; але глядзi, трымайся за мяне абедзвюма рукамi, ды як мацней, а камень пакладзi сабе ў рот. А ты, мышка, залазь да мяне ў правае вуха.
Так яны зрабiлi ды паплылi ўнiз па рацэ. Неўзабаве мядзведзю маўчаць надакучыла, пачаў ён балбатаць пра тое ды пра сёе i кажа:
- Паслухай, малпа, а мы ж з табой адважныя сябры, як ты мяркуеш?
Але малпа змаўчала, нiчога яму не адказала.
- Што гэта ў цябе за манера такая, - сказаў мядзведзь, - сябрам сваiм не адказваць? Не люблю я тых, хто мне не адказвае.
Далей трываць у малпы не хапiла сiлы, выпусцiла яна камень у ваду i выгукнула:
- Дурань ты! Як жа мне было адказваць з каменем у роце? Вось ён цяперака i прапаў, а вiнаваты ва ўсiм ты.
- Ды ты не сварыся, - сказаў мядзведзь, - мы што-небудзь ды прыдумаем.
Парадзiлiся яны мiж сабой, склiкалi ўсiх драўняных жабак, жарлянак ды iншыя вадзяныя стварэннi i кажуць:
- На вас збiраецца напасцi моцны вораг, трэба вам будзе як болей камянёў набыць, колькi зможаце, а мы збудуем вам сцяну, яна вас i абаронiць.
Спалохалiся вадзяныя стварэннi ды нацягалi камянёў адусюль, i прыплыла, нарэшце, з дна рачнога старая тлустая жаба-крактуха i прыцягнула ў роце чырвоны шнурок з чарадзейным каменем. Узрадаваўся мядзведзь, узяў у жабы камень ды сказаў, што цяпер усё, маўляў, у парадку i могуць яны сабе спакойна дадому падавацца, - тут ён з iмi i развiтаўся. I паплылi яны ўтраiх унiз па рацэ да чалавека, якi знаходзiўся ў скрынi. Узарвалi яны чарадзейным каменем вечка, - з'явiлiся яны ў самы час - увесь хлеб ён паеў ужо i ўсю ваду выпiў i ледзь не загiнуў з голаду. Як толькi ўзяў ён у руку чарадзейны камень, пажадаў сабе добрага здароўя, i адразу ж перанёсся ў свой дзiвосны замак з садам ды каралеўскаю стайняй i стаў жыць прыпяваючы. А трох звяроў ён пакiнуў пры сабе, i ўсё жыццё пражылi яны шчаслiва разам.
ПРА РАЗУМНАГА КРАЎЦА
Жыла-была калiсьцi прынцэса, i вельмi ўжо была яна ганарлiвая: прыйдзе да яе, бывала, жанiх, i пачне яна загадваць яму загадкi; а калi ён iх не разгадае, то пасмяецца яна з яго i прагонiць. I загадала яна аб'явiць, што хто загадку разгадае, то за таго яна замуж выйдзе: няхай, маўляў, прыходзiць да яе кожны, хто пажадае. Вось, нарэшце, i знайшлiся тры краўцы; два старэйшыя лiчылi, што яны майстры вялiкiя, справу сваю ведаюць, i тут таксама не дадуць маху. А трэцi з iх быў чалавек на выгляд несамавiты i вялiкi расцяпа, ды i ў рамястве сваiм не ўмелец, але ён думаў, што ў гэтай справе выпадзе яму шчасце, а то адкуль жа i ўзяцца шчасцю? Вось i кажуць яму два старэйшыя:
- Ды заставайся ты лепей дома, а то са сваiм малым розумам не далёка ты пойдзеш.
Але маладзейшы кравец збiць сябе з панталыку не даў i адказаў, што гатоў галавой ручацца, што з гэтым заданнем ён справiцца; i вось ён смела рушыў у дарогу, быццам увесь свет яму належаў.
Прыбылi яны ўтрох да прынцэсы i аб'явiлi, каб загадала яна iм свае загадкi, - людзi, маўляў, прыйшлi талковыя ды вопытныя, i розум у iх такi тонкi, што ў вушка iголкi прасунуць можна.
I кажа iм прынцэса:
- Ёсць у мяне на галаве два рознакаляровыя валасы, - дык якога ж яны колеру?
- Калi ў гэтым уся загадка, - адказаў першы кравец, - то вось табе i разгадка: адзiн чорны, другi белы, як пра сукно кажуць - чорнае з крапiнкай.
I адказала прынцэса:
- Ты няправiльна адгадаў, няхай адказвае другi.
I адказаў тады другi:
- Калi ўжо не чорны i не белы, то каштанавы i рыжы - якраз як у майго бацькi святочны сурдут.
- I ты не адгадаў, - сказала прынцэса, - няхай адказвае трэцi, - гэты, я бачу, ведае пэўна.
Тут выйшаў смела маладзейшы кравец i кажа:
- У прынцэсы на галаве адзiн волас сярэбраны, а другi залаты, - во якога яны колеру!
Пачула гэта прынцэса, збялела ад страху, ледзь прытомнасць не страцiла, таму што маладзейшы кравец правiльна разгадаў. А была яна цвёрда ўпэўнена, што нiводнаму чалавеку на свеце той загадкi не разгадаць. Апамяталася яна i кажа:
- Таго, што ты адгадаў, яшчэ мала, каб пайшла я за цябе замуж; ты павiнен будзеш выканаць яшчэ другое. Ляжыць у мяне ў хляве мядзведзь, вось ты i правядзi з iм цэлую ноч; а калi я ранiцай прачнуся i ўбачу, што ты жывы, тады ты i ажэнiшся са мною.
Яна думала такiм чынам пазбавiцца ад краўца, - бо не было яшчэ такога чалавека, якi, трапiўшы ў лапы да мядзведзя, жывы б застаўся. Але кравец не спалохаўся, ён ахвотна пагадзiўся i сказаў:
- Смела задумана - паўсправы зроблена.
Вось надышоў вечар, i прывялi маладзейшага краўца да мядзведзя. Мядзведзь памкнуўся ўжо кiнуцца на маленькага чалавека i павiтацца з iм добра сваёй лапай.
- Гэй ты, цiшэй, цiшэй, - сказаў кравец, - я цябе супакою, - i ён дастаў з кiшэнi грэцкiя арэхi, раскусiў iх i пачаў есцi. Убачыў гэта мядзведзь, захацелася яму тых арэхаў пакаштаваць. Палез кравец у кiшэню i падаў яму iх поўныя прыгаршчы; але былi гэта не арэхi, а каменьчыкi. Запхнуў мядзведзь iх у пашчу, пачаў грызцi, - грызе, а разгрызцi нiяк не можа. "Эх, - падумаў ён, што гэта я за такi дурань, i арэхаў нават раскусiць не ўмею", - i кажа ён краўцу:
- Паслухай, разгрызi ты мне арэхi.
- Вось ты якi, - сказаў кравец, - а пашча ў цябе вунь якая вялiкая, а маленькага арэха разгрызцi не ўмееш!
Узяў ён камень, але замест яго паклаў сабе ў рот арэх, i - трэсь! - той раскалоўся.
- Трэба будзе яшчэ раз паспрабаваць, - сказаў мядзведзь, - бачу я, справа гэта такая, што i я, мабыць, здолею.
I даў яму кравец зноў камянi. Пачаў мядзведзь грызцi, грызе з усяе сiлы. Але i ты ж таксама не паверыш, што ён iх разгрыз. Тут выцягнуў кравец з-пад крыса скрыпку i давай на ёй найграваць. Пачуў мядзведзь музыку, не мог стрымацца, пачаў скакаць. Паскакаў ён трохi, i гэта яму так спадабалася, што ён папрасiў краўца:
- Паслухай, а цi складана iграць на скрыпцы?
- Ды зусiм лёгка, вось глядзi, - сюды кладу я пальцы левай рукi, а правай смыкам ваджу; i вось яно як весела атрымлiваецца: гоп-гоп-гоп, тра-ля-ля!
- Вось так бы iграць на скрыпцы, - сказаў мядзведзь, - i мне б хацелася, можна было б скакаць, калi захочацца. Навучы мяне iграць! Што ты на гэта скажаш?
- З вялiкiм задавальненнем, калi ёсць у цябе да гэтага здольнасцi. Ану, пакажы мне свае лапы. Э, ды яны ў цябе занадта доўгiя, трэба будзе кiпцюры крыху абрэзаць. - I ён прынёс цiскi, а мядзведзь паклаў у iх свае лапы; тут кравец давай iх зацiскаць, ды як мага мацней, i кажа:
- Цяпер пачакай, пакуль я прынясу нажнiцы, - i пакiнуўшы мядзведзя раўцi колькi яму хочацца, лёг у кутку на салому i заснуў.
Пачула вечарам прынцэса, як раве мядзведзь, i падумала, што раве ён ад радасцi, пакончыўшы з краўцом. Прачнулася яна ранiцай бесклапотная i задаволеная, але зазiрнула ў хлеў, бачыць - стаiць кравец, вясёлы i здаровы, побач з мядзведзем i пачувае сябе, быццам рыба ў вадзе. Што тут было ёй сказаць? Бо ў прысутнасцi ўсiх яна дала яму абяцанне; i загадаў тады кароль падаць карэту, i павiнна была прынцэса адправiцца разам з краўцом у кiрху i з iм павянчацца. Толькi яны селi ў карэту, а тыя два краўцы пачалi зайздросцiць шчасцю свайго сябра; i было ў iх сэрца злое, увайшлi яны ў хлеў i вызвалiлi мядзведзя з цiскоў. Люты мядзведзь кiнуўся ўслед за карэтай. Пачула прынцэса, што мядзведзь сапе i раве, спалохалася i закрычала:
- Ах, гэта гонiцца за намi мядзведзь, ён хоча цябе сцягнуць.
Тут наш кравец хутка скемiў, што яму рабiць: стаў ён на галаву, высунуў ногi ў акно карэты i закрычаў:
- Бачыш цiскi? Калi ты не адстанеш па-добраму, то трапiш у iх зноў!
Як убачыў гэта мядзведзь, павярнуўся i ўцёк. А кравец наш паехаў сабе спакойна ў кiрху i павянчаўся з прынцэсай, i жыў з ёю ён шчаслiва, быццам жаваранак палявы.
А хто казцы нашай не верыць, няхай талер дае хутчэй!