— Вось іменна,— пацвердзіў Карп.— У такім разе, што азначае сказанае вамі раней: а ніяк не лічу. Ведаеце, гэта здорава падобна на пазіцыю страуса, які ў час небяспекі, кажуць, хавае галаву пад крыло. А тым часам прафесар адстойвае вельмі сумніцельны тэзіс размывання межаў між актыўнымі будаўнікамі камунізму і тымі, хто выступае супраць яго. Дык на чыім вы баку, Канстанцін Вячаслававіч?

— Я не разумею самой пастаноўкі пытання,— нарэшце не стрымаўся Канстанцін Вячаслававіч.— Што значыць актыўны ці не актыўны будаўнік камунізму? Будаўнік можа быць сумленным, прафесійна падкаваным, працавітым, увішным або наадварот: несумленным, няўмелым, гультаяватым, марудлівым. Слова «актыўны» ў дачыненні да будаўніка — такая ж недарэчнасць, як назва арцелі «Чырвоная сінька». Дужа рэвалюцыйна і абсалютная бязглуздзіца. Вам як будучаму гісторыку належала б гэта ведаць.

Канстанцін Вячаслававіч адчуў, што зноў улез у дурную, яму непатрэбную, а таму брыдкую спрэчку, але ж і нельга было цярпець зяцеву дурасць. Карп з паказной іранічнасцю пазіраў на цесця, пакуль той выказаў свой пункт гледжання. Папраўдзе, дык ён амаль і не слухаў Канстанціна Вячаслававіча. У гэтым іранічным здзеклівым позірку Канстанцін Вячаслававіч чуў сабе абразу, і яго ўражлівая душа рыхтавалася да стычкі.

— Вы ўпэўнены, што артыкул прафесара правільны. Значыць, я магу лічыць, што вы ў актыўныя будаўнікі камунізму запісваеце і асуджаных савецкім судом за контррэвалюцыйную дзейнасць, але з мэтай іх выхавання, абавязаных працаваць у тым ліку і на будоўлях камунізму. Такім чынам, вы прыраўніваеце мяне, Героя Савецкага Саюза, сакратара парткома універсітэта да злоснага здрадніка радзімы, якому вышка была заменена дваццаццю пяццю гадамі зняволення. Больш чым дзіўны падыход!..

Канстанцін Вячаслававіч аж разгубіўся. 3 нейкага часу ён пачаў пабойвацца Карпавых пытанняў. Было такое ўражанне, што зяць заганяе яго ў пастку. Але тут жа яму зухавата падумалася: «А чорт з ім, нічога ён мне не зробіць. Перажыў трыццаць другі, трыццаць сёмы, перажыву і цяперашнія, але дам гэтаму карпушу па зубах».

— Строга кажучы,— узяўшы з рук Аўдоцці Якаўлеўны кубак чаю, як бы між іншым, але строга абдумваючы кожнае сваё слова, сказаў ён,— прырода ляпіла людзей з аднаго матэрыялу і толькі па колеру скуры рознымі, ды і то невядома яшчэ, які колер мелі нашы прапродкі. Вам, гісторыку, гэта лепей вядома за мяне, хірурга. Таму людзі і павінны быць роўныя, а героі і зладзеі — гэта ўсяго сацыяльныя сінонімы. Тое, што адным здаецца гераізмам, для другіх — зладзейства, і наадварот.

— Па-вашаму, з такой меркай трэба падыходзіць і да таварыша Іосіфа Вісарыёнавіча? — аж шэптам спытаўся Карп.

— Я разважаю абстрактна,— адказаў на каварнае пытанне Канстанцін Вячаслававіч.— Усе людзі — чалавекі, усе чалавекі — людзі.

Пакуль Карп разважаў над цесцевай формулай, Канстанцін Вячаслававіч самазадаволена ўсміхаўся: сёння ён, здаецца, пераспрачаў зяця. Карп глядзеў кудысьці ў прастору, потым яго позірк апусціўся, прайшоў панарамай па цешчы і жонцы, запыніўся на цесцевым твары.

— Што ж тады рухае грамадства наперад, калі вы адмаўляеце класавую барацьбу? — нарэшце спытаўся ён.

— Розум,— не задумваючыся, адказаў цесць.— Розум рухае грамадства наперад і, магчыма, да сваёй пагібелі.

Карп скрушліва пахітаў галавой.

— Адмаўленне класаў і класавай барацьбы, нематэрыялістычны погляд на свядомасць і розум ёсць не што іншае, як папоўскі ідэалізм,— сказаў ён.

— А пры чым тут ідэалізм ды яшчэ папоўскі? — здзівіўся Канстанцін Вячаслававіч.

— А пры тым,— моцна сціснуўшы зубы, загаварыў Карп,— што ваш ідэалізм, адмаўленне ролі класаў у развіцці грамадства, рэвізія асноў марксізму-ленінізму — усяго прадаўжэнне варожай ідэалогіі вашага бацькі.

Канстанцін Вячаслававіч адчуў, як кроў моцна грукнула ў скроні, і адразу пацямнела ў вачах. Звычайна так у яго пачынаўся дзікі гнеў. Намаганнем волі Канстанцін Вячаслававіч адолеў сябе.

— I адкуль вам вядома пра варожую ідэалогію майго бацькі? — дужа спакойна, вытрымана спытаўся ён.

— А мне ўсё вядома,— раптам загараючыся нянавісцю да цесцевай ураўнаважанасці, адказаў Карп.

— Цікава,— усё з той жа нечалавечай вытрымкай, якую яму ўдавалася захаваць, сказаў Канстанцін Вячаслававіч.— I што ж вам, напрыклад, вядома?..

— Усё,— ужо не стрымліваючы сябе, крыкнуў Карп.— I контррэвалюцыйная дзейнасць вашага бацькі Вячаслава Цярпілоўскага, які больш вядомы як айцец Уладзімір, памагаты контррэвалюцыйнай сволачы. I ваш удзел ва ўстаноўчым сходзе па ўтварэнні буржуазнага ўрада незалежнай Беларусі, на які рабілася стаўка міжнароднага імперыялізму адарваць беларускі край ад рэвалюцыйнай Расіі. I вашы шуры-муры з ворагамі народу Чарвяковым, Галадзедам, Цішкам Гартным і іншымі супчыкамі нацыяналізму і рэакцыі. I нават тое, за што вас прагналі з міністэрства...

— I за што ж прагналі? — трымаючыся на мяжы магчымага выбуху, спытаўся Канстанцін Вячаслававіч.

— За хабар, во за што, і склочніцтва...

Канстанцін Вячаслававіч сарваў з грудзей сурвэтку, з усяе сілы кінуў яе на стол.

— Хлапчук! — крыкнуў ён.— Сядзіць за маім сталом, есць мой хлеб, жыве ў маёй кватэры на поўным забеспячэнні і дазваляе сабе хаміць...

Карп нахабна засмяяўся. Яму было прыемна, калі ён даводзіў цесця да вось такога, як ён казаў, высокага градуса.

— Было ваша — будзе наша,— каб яшчэ больш дапячы цесцю, сказаў ён.

— Вон!.. Вон, нахаба! — не чуючы сябе, закрычаў Канстанцін Вячаслававіч. Да яго тут жа кінулася Аўдоцця Якаўлеўна і ў пару: з Канстанцінам Вячаслававічам здарыўся той рэдкі прыпадак, што прыводзіў да страты прытомнасці.

— Карпуша,— узмалілася Аўдоцця Якаўлеўна,— прашу вас, не трэба... Ідзіце да сябе. Канстанціну Вячаслававічу дужа кепска...

— Дваранскія штучкі,— сказаў Карп, але гасцёўню пакінуў.

Следам за ім пабегла і Алеся. Аўдоцця Якаўлеўна дастала з буфета валяр’янавыя кроплі, дрыготкімі рукамі наліла ў шклянку, прымусіла Канстанціна Вячаслававіча выпіць.

— Бачыла? — троху ачуняўшы, сказаў Канстанцін Вячаслававіч.— А ты ўсё за яго заступаешся. Хай выбіраецца на прыватную кватэру...

— Косценька,— заплакала Аўдоцця Якаўлеўна,— а як жа Алеська са Сталенчыкам? Пацярпі з-за дачкі трошачку. Каб малы хоць гадкоў у восем увабраўся...

Такіх варожых сутычак яшчэ не было. Ды каб сапраўды з-за чаго вартага, а то з-за глупства, пра якое і прыгадаць сорамна. Ранейшыя спрэчкі звычайна заканчваліся мірам, які неяк уладжвала Аўдоцця Якаўлеўна. Яна спачатку ўгаворвала Канстанціна Вячаслававіча быць разумнейшым, не ствараць дачцы лішніх турбот, і той, адышоўшы ад гневу, пачынаў вінаваціць свой неймаверна цяжкі характар, а назаўтра ці на паслязаўтра, тулячы вочы, казаў Карпу:

— Вы ўжо, Карпуша, не зважайце на маю нетактоўнасць. Сарваўся... Апошнім часам сапсаваліся нервы...

На тым, бывала, усё і заканчвалася — Карп міласціва дараваў цесцю ягоную «нетактоўнасць». На гэты раз зяць так дапёк Канстанціну Вячаслававічу, што той і слухаць не хацеў пра сваё выбачэнне. Ён патрабаваў яго ад Карпа. Калі ж Алеся, па падказцы маці, паспрабавала загаварыць з Карпам наконт яго прабачэння, той таксама рашуча адмовіўся. У кватэры ўстанавілася злавеснае зацішша. Канстанцін Вячаслававіч пагадзіўся з жонкай, што не стане адпраўляць дачку з кватэры, але паставіў умову, каб зяць не выходзіў у гасцёўню, калі там знаходзіцца ён, Канстанцін Вячаслававіч. Алеся цераз маці перадала, што Карп згодзен на такую ўмову. А ён тым часам спакваля пачаў рыхтавацца да расправы з ненавісным цесцем.

Ён не спяшаўся, прымерваўся, прыцэльваўся, каб нанесці дакладны і смяртэльны ўдар. Абдумваючы, як лепей гэта зрабіць, Карп вырашыў, што найперш неабходна ўсыпіць цесцеву пільнасць, па-другое, што трэба адначасова пазбавіцца і ад небяспечнага сведкі, якім быў Юрый Далейка. Дабрацца да Юркі Далейкі, на думку Карпа, было зусім не проста. Валянцін Паўлавіч пры ягоных сувязях мог абараніць сына. Само сабой выходзіла, што для поўнай бяспекі варта пазбавіцца і ад старэйшага Далейкі.

Ад маштабаў задуманай помсты ў Карпа аж кружылася галава. Было страшна, жудасна і да асалоды прыемна: ён можа расквітацца з ненавісным цесцем.

Прынюхваючыся да атмасферы, што панавала ў грамадстве, Карп пачынаў разумець, што ягоныя задумы вельмі хораша супадаюць з партыйнай лініяй на выкараненне ўсякага вальнадумства, безыдэйшчыны, касмапалітызму і махровага нацыяналізму — варожай агентуры, якая расце і мацуецца на перадачах зарубежных радыёстанцый. Цесць Цярпілоўскі якраз і падпаў пад гэтую катэгорыю людзей, якія тармозяць пабудову камунізму.

Карп, вядома, не ведаў, што ў тайніках беларускай дзяржбяспекі сапраўды рыхтавалася гучная справа па абвінавачанні вялікага кола партыйных, савецкіх работнікаў, дзеячаў літаратуры і культуры рэспублікі, вучоных і нядаўніх партызан і падпольшчыкаў, якіх дужа лёгка было абвінаваціць у працы на замежныя разведкі.

Карпавы звесткі аб антыдзяржаўнай дзейнасці Цярпілоўскіх і Далейкаў маглі вельмі дарэчы легчы ў справу: яна была падобная на камень у падмурак, які меўся трымаць усё збудаванне.

Званок Карпа самому Лаўрэнцію Фамічу Цанаву быў успрыняты тым, як непарушная сувязь органаў з шырокімі масамі працоўных.

— Прыходзь, дарагі, прыходзь. Пропуск табе выпішам,— сказаў Цанава, калі Карп Хіжняк аднаго разу набраўся смеласці і пазваніў яму з так званай вяртушкі — прамога тэлефона.

Карп не стаў адзяваць усіх ордэнаў і медалёў, пакінуў толькі Залатую Зорку Героя. Роўна ў нуль гадзін дваццаць хвілін Карп зайшоў у бюро прапускоў. Яму быў выпісаны не толькі пропуск. У бюро яго чакаў паручэнец, які і давёў яго да кабінета Цанавы. Лаўрэнцій Фаміч сядзеў за вялізным сталом, на якім нічога, апрача падноса, не было, еў шашлык. Па ўсім кабінеце распаўсюджваўся пах вострых прыпраў, цыбулі і смажанага мяса.

Рэпеціруючы свой прыход да чалавека, якога баялася ўся Беларусь, які мог ездзіць насупраць плыні машын па левы бок вуліцы, які мог пасадзіць за адзін позірк, што не спадабаўся яму, Карп Хіжняк уяўляў сабе, як ён, чаканячы крок, пройдзе ад дзвярэй да міністэрскага стала і дакладзе пра свой прыход, як потым Цанава запросіць яго сесці і стане распытваць. Карп ужо ведаў, што Цанава не любіць доўгіх дакладаў, таму пастараўся выкласці свае звесткі за пяць хвілін.

Цяпер, калі Карп пабачыў, што Цанава чакае яго з шампурам у руцэ, ён крыху разгубіўся, але тут жа і сабраўся з духам — прайшоў ад парога да стала страявым крокам, выцягнуўшы рукі па швах, даклаў:

— Гвардыі маёр, Герой Савецкага Саюза Карп Хіжняк па вашаму дазволу з’явіўся...

— Дакладвай. Што там у цябе? — спытаўся Цанава і сцягнуў з шампура кавалак бараніны.

Карп, як і было адрэпеціравана, за пяць хвілін выказаў толькі контуры сваіх назіранняў і чутых размоў. Цанава за гэты час даеў шашлык, выцер сурвэткай рот, выбраўся з-за стала.

— А ці разумееш ты, маёр, на якіх людзей сігналіш? — свідруючы Карпа жорсткімі вачамі, спытаўся ён.

— Так точна, разумею,— яшчэ больш выцягваючыся ў струну, выгукнуў Карп.

Цанава абышоў яго вакол, зноў спыніўся твар у твар.

— Аб усім, што расказаў мне, напішаш. Зразумеў, аб усім! Мы праверым. Калі абгаварыў невінаватых — пасаджу. Але, як добраму хлопцу, камеру дам на сонечным баку...

Цанава як бы згубіў цікавасць да маёра Хіжняка. У кабінеце аднекуль паявіўся капітан. Цанава загадаў яму забяспечыць гвардыі маёра ўсім неабходным, каб напісаць паказанні.

— Дазвольце ісці? — павесялелым голасам спытаўся Карп.

— Я цябе не трымаю,— адказаў Цанава.

Над «сігналам» Карп праседзеў аж да самай раніцы...


20



Наступілі трывожныя дні чакання. Карп і сам не разумеў — чакання чаго? Арышту цесця? Юркі Далейкі? Ці самога яго, Карпа Хіжняка? Падставы на тое былі. У сваім сігнале Карп дапусціў такія адвольнасці, якія можна было палічыць паклёпам. Прыгадваючы некаторыя свае абвінавачанні, Карп са страхам чуў злавесныя словы Цанавы: «Калі абгаварыў невінаватых пасаджу», і жарт наконт таго, што камеру яму дадуць на сонечным баку. Можа, гэты чорны жарт найбольш і ўражваў Карпа, не даваў яму забыць абяцанне Цанавы.

Але нічога не адбывалася. Было такое ўражанне, што і пра ягоны сігнал, і пра яго самога там забыліся. Глухая невядомасць была горай за смерць. Выручала толькі праца. У райкоме, гаркоме і цэка яго цанілі як сумленнага работніка і талковага арганізатара. Задаволены ім быў і рэктарат. Але радасці не было.

Калі па яго аднойчы прыйшоў пасыльны, Карп так перапалохаўся, што пачаў адказваць таму неўпапад. Яму зноў быў выпісаны пропуск, зноў яго правялі ў нейкі кабінет, куды адразу заявіўся той самы Анатоль, якога ён праводзіў дамоў на Новы год ад Рыпінскіх.

— Следчы Булынчык,— назваўся Анатоль, зрабіўшы выгляд, нібы бачыць Карпа першы раз у жыцці.

— Хіжняк,— адказаў на прывітанне Карп.— Мы сустракаліся ў Рыпінскіх.

Булынчык тут жа перастаў прыкідвацца, сказаў як бы між іншым:

— А твая Вікторка выскачыла замуж за генерала. Цяпер да яе носа і з фігай не падступішся,— і тут жа ўжо афіцыйным голасам паведаміў: — Мне належыць удакладніць некаторыя дэталі па тваім сігнале...

Карп з палёгкай уздыхнуў, але ў яго адразу ж засмактала пад лыжачкай, калі Булынчык стаў удакладняць дэталі. Тады Карп вырашыў перахапіць ініцыятыву і сам двойчы спытаўся ў Булынчыка пра нешта дужа дробязнае. Следчы на ягоныя пытанні адрэагаваў самым нечаканым чынам:

— Паслухай, маёр, і запомні на ўсё жыццё: тут пытанні задаём мы і толькі мы...

I яшчэ праляцеў год неакрэсленасці, вечных страхаў. Аднаго разу яго паклікалі ў райком партыі да другога сакратара Каленнікавай. У яе кабінеце, збоч стала, сядзеў цывільны няпэўных гадоў і яшчэ больш няпэўнай знешнасці.

Як найчасцей і бывала, калі яго выклікалі ў райком ды яшчэ да сакратароў, Каленнікава задала тры-чатыры пытанні, але з такой казённай абыякавасцю, што Карп зразумеў: выклікала не яна, а цывільны.

— Як ваша здароўе? — спытаўся той.

— Не скарджуся...

— У якім званні вы закончылі вайну?..

— Маёра...

— Мы паклікалі вас наконт працы ў органах бяспекі.

У Карпа на языку адразу наявілася шэраг пытанняў, але ён у час прыгадаў параду Булынчыка, таму трохі паспешліва адказаў:

— Прынцыповых пярэчанняў у мяне няма.

— А не прынцыповыя ёсць?..

Карп падумаў, што зрабіў глупства. Трэба было неяк выблытвацца.

— Я хацеў бы ведаць умовы,— сказаў ён.

— Пра іх вам скажуць, калі будзе прынята канчатковае рашэнне.

— Тады і я выкладу свае непрынцыповыя пярэчанні,— сказаў Карп і вельмі быў задаволены сваім адказам.

Карп чакаў і яшчэ нейкіх каверзных пытанняў, але, на яго здзіўленне, прадстаўнік органаў раптам заявіў, што ў яго больш няма пытанняў. Сакратар Каленнікава тут жа выказала надзею, што Карп Раманавіч Хіжняк і на службе ў дзяржбяспецы праявіць сябе загартаваным бальшавіком-ленінцам.

Месяцы праз тры яго паклікалі ў аддзел кадраў. Кадравік, нейкі недатумак палкоўнік, спадылба пазіраючы на Карпа, спытаўся, якія ў таго ёсць непрынцыповыя пярэчанні супраць службы ў чэкісцкіх шарэнгах. Карп зразумеў яшчэ адну немалаважную дэталь: тут не прападае ніводнае слова, сказанае свядома ці не свядома.

— Мне было б пажадана з'ехаць з цесцевай кватэры,— сказаў ён.

— Мы гэтае пытанне абмяркоўвалі. Пажывіце пакуль там. Больш, я раю вам памірыцца з цесцем, прынесці яму прабачэнне і наогул не абвастраць адносін,— параіў кадравік.

— Можна задаць яшчэ адно пытанне? — папрасіў дазволу Карп.

— Задавайце...

— Я магу сказаць жонцы, што працую ў органах?

— Не толькі ёй, а і цесцю з цешчай,— адказаў кадравік.— Але папярэдзьце іх, каб яны трымалі гэта ў тайне. Што да працы, дык да асобага дазволу будзеце рабіць на пасту сакратара парткома і ў нас — адначасова. I гаварыць пра гэта не трэба.

Цяпер Карп круціўся між працай у парткоме і ў дзяржбяспецы: днём ва універсітэце, ноччу ўдзельнічаў у допытах на правах памочніка следчага. Праца знясільвала. Карп усё чакаў, калі яму можна будзе здаць справы ў парткоме. Яго не прыспешвалі. Здавалася, задаволены ягонай працай і там і тут.

Неяк Карпу пазваніў начальнік следчага аддзела, і таму, што званок быў на працу, у партком, Карп зразумеў, што нешта здарылася, можа, нарэшце закончыцца ягонае сядзенне на двух крэслах.

Начальнік загадаў Карпу тэрмінова выехаць у камандзіроўку.

— Але як жа партком? — спытаўся Карп.

— Гэта ўжо наш клопат,— сказалі яму.

Заданне было дробязнае, нікчэмнае. Яно ўстрывожыла Карпа. Са скупых сведчанняў бывалых чэкістаў Карп ведаў: супрацоўнікаў дзяржбяспекі звычайна арыштоўвалі ў цягніках і на вакзалах. Можа, і яго вырашылі арыштаваць?

У камандзіроўку ён ад’язджаў з цяжкім каменем на сэрцы. Хацелася хоць бы Алесі сказаць колькі так неабходных яму слоў, але такое каралася бязлітасна і сурова.

Тое, што належала яму зрабіць за чатыры дні, ён зрабіў за два, астатнія прамарнаваў у гасцініцы. Чамусьці баяўся выходзіць у горад. Са страхам у душы Карп браў білет, садзіўся ў цягнік позна ўвечары. Чакаў: вось-вось пастукаюць у дзверы купэ і арыштуюць. Але ні ў цягніку, ні па дарозе дамоў на вуліцу Карла Маркса нічога не адбылося.

Алеся яшчэ не клалася спаць. Па яе апухлых ад слёз вачах Карп адразу здагадаўся, чаго яго адпраўлялі ў камандзіроўку. Узрадаваўся: значыць, давяраюць, значыць, час адплаты збыўся!

Ён зрабіў выгляд, што нічога не разумее. Спытаўся, каб адвесці ад сябе падазрэнне:

— Стален захварэў? Чаго ты плачаш?..

— Тату з мамай арыштавалі,— загаласіўшы, адказала Алеся.

— Калі? — спытаўся ён.

— Назаўтра, як ты паехаў у камандзіроўку,— адказала Алеся.— Я хацела знайсці цябе, хадзіла да твайго начальніка, але ён не ведаў, дзе ты.

— Хадзіць не трэба было,— павучальна сказаў Карп.— Адкуль ты ўведала, хто ў мяне начальнік? — здзівіўся Карп.

— Дык жа я раніцай пабегла да цябе на працу...

— I зусім неразумна,— узлаваўся Карп.— Можаш мне нарабіць шкоды.

— Але ж я не магла не пабегчы... тата ж з мамай ні ў чым не вінаватыя...

— Выйшла нейкая памылка,— рашуча сказаў Карп.— Разбяруцца...

Карпу вельмі хацелася пачуць, што арыштаваны таксама і бацька з сынам Далейкі, аднак трэба было быць асцярожным.

Назаўтра ён найперш пайшоў да начальніка следчага аддзела. Даклаў, што камандзіроўку выканаў. Той вельмі пільна паглядзеў на Карпа, спытаўся:

— Як дома?..

— Плача,— гэтак жа коратка адказаў Карп.

— У нас тут саспеў адзін цікавы план,— сказаў начальнік.

— 3 маім удзелам? — здагадваючыся, спытаўся Карп.

— Не хочаш пэцкацца?..

— Наадварот, палічу за гонар...

— Правільна,— ухваліў начальнік ягоныя словы.— У нас адна маці — савецкая радзіма, адзін бацька — Савецкі Саюз.

— Слухаю...

— Зараз, зараз і пагамонім,— адказаў начальнік і паклікаў Булынчыка, а калі той прыйшоў, прапанаваў: — Раскажы маёру пра наш план.

Булынчык павёў Карпа ў свой кабінет. Закурыўшы, паскардзіўся на Цярпілоўскага:

— А твой цесць — сволач, якіх свет не бачыў. Яго з ходу не возьмеш. Трэба зрабіць абходны манеўр,— і прапанаваў план.

Карп быў згодны на ўсё. Яму толькі не цярпелася як найхутчэй пабачыць ненавіснага цесця, пабачыць ягоную прыніжанасць. Застаўшыся чакаць сігналу, Карп нервова хадзіў па кабінеце. Ён гарэў блізкай помстай, і яго аж калаціла ад насалоды.

Нарэшце яму была дадзена каманда прыступаць да справы. Ён устаў, паправіў кіцель, пайшоў у кабінет начальніка цвёрдым крокам чалавека абсалютна ўпэўненага ў сабе.

Цесць сядзеў сярод кабінета начальніка аддзела. Справа ад яго — Булынчык, злева — начальнік аддзела. Допыт ужо цягнуўся не менш як гадзіну і, было відаць, безвынікова. Убачыўшы Карпа, Канстанцін Вячаслававіч насмешліва паглядзеў на яго, спытаўся:

— I ты, Брут, з імі?..

Карпу захацелася даць цесцю аплявуху, але рабіць гэта пакуль не дазвалялася.

— А, уласна кажучы, што адбылося? — спытаўся ён, і цесць раптам з удзячнасцю паглядзеў на яго.

Канстанцін Вячаслававіч нешта хацеў сказаць, ды Булынчык апярэдзіў яго:

— Ды во, гэтая контррэвалюцыйная поскудзь не хоча з намі размаўляць. Ёй, ці бачыш, наша асвета не падабаецца. Можа, ты з ім пагаварыў бы. У цябе ж таксама універсітэцкая адукацыя...

— Але ў чым вы яго абвінавачваеце? — спытаўся Карп.

— Ды гэта ж найгалоўнейшы зачыншчык антысавецкай дзейнасці ў рэспубліцы. Ён жа, гад печаны, кіраўнік шпіёнска-тэрарыстычнай арганізацыі, якая мела на мэце звергнуць савецкую ўладу, аддаць Беларусь амерыканскаму імперыялізму. I вось гэты пярэварацень не хоча назваць прозвішчы сваіх саўдзельнікаў.

— Канстанцін Вячаслававіч, што я чую,— дужа тэатральна ўсклікнуў Карп.— Калі вы вінаваты, дык хутчэй прызнавайцеся. Чыстасардэчнае прызнанне змяншае кару...

— А пайшоў ты, зяцёк...

Канстанцін Вячаслававіч ад усёй душы мацюкнуўся.

— I не разыгрывайце камедыі. Я даўно здагадваўся, што ты правакатар. А што нягоднік, дык я цябе з першага знаёмства раскусіў...

Карп з усяго размаху двойчы выцяў кулаком па твары, а потым, калі Канстанцін Вячаслававіч зваліўся з услона, з асалодай біў ботамі пад бакі, стараючыся найперш выцяць па пячонцы і нырках.

— Ну, годзе,— нарэшце сказаў начальнік аддзела.— Яшчэ заб’еш падлу — клопатаў не абярэшся. Я мяркую, што цяпер ён паразумнее...

Канстанціна Вячаслававіча адвалаклі ў камеру, кінулі на тапчан. Ен паволі ачомваўся. Яго здароўе волата ўжо к ночы вярнула яму разважнасць і магчымасць рухацца. Але ён прадаўжаў рабіць выгляд, што яшчэ не апрытомнеў, што яму вельмі баліць і ён стогне ў кашмарным сне.

Яшчэ ў трыццаць другім годзе, калі па краіне пракацілася хваля жахлівых і абсалютна беспадстаўных арыштаў, Канстанцін Вячаслававіч зразумеў сваю безабароннасць. Тады ён чакаў арышту асуджана і змярцвела, як чакае смерці трусяня перад удавам. Калі ж пачаліся арышты ў трыццаць сёмым годзе, Канстанцін Вячаслававіч зразумеў і яшчэ адну бясспрэчную ісціну: камусьці патрэбны новыя і новыя ахвяры, і наўрад ці абміне і яго лёс ужо асуджаных і пакараных смерцю. Вось тады ён і падрыхтаваўся да свайго будучага арышту.

Са старога кішэннага гадзінніка ён выцягнуў спружыну, затачыў яе. Атрымалася вельмі прыдатнае для невялікай аперацыі прыстасаванне, а галоўнае, якое можна было надзейна схаваць ад лішне цікаўных вачэй. Нават у вайну Канстанцін Вячаслававіч насіў гэтае прыстасаванне пры сабе. 3 таго часу, як у доме пасяліўся Карп Хіжняк і Канстанцін Вячаслававіч нейкім дзесятым пачуццём адчуў для сябе небяспеку, ён не расставаўся з прыстасаваннем ні днём ні ўначы. Але і не збіраўся панічна скарыстаць яго пры першай жа небяспецы — толькі тады, калі настане поўная нявыкрутка.

Ноччу, калі вартавы чарговы раз зазірнуў праз вочка ў камеру і пераканаўся, што падследны ўсё яшчэ ляжыць, але дыхае, Канстанцін Вячаслававіч з асцярогаю дастаў спружыну, дачакаўся чарговага зазірання вартавога ў камеру, зрабіў дзесяткі раз прапрацаваную аперацыю. Хірург ведаў, як зрабіць гэта без вялікага болю і непрыкметна. Больш, ён яшчэ, заціснуўшы сонную артэрыю, дайшоў да парашы, укінуў у яе спружыну і лёг на тапчан пад коўдру, нацягнуўшы тую да падбародка, так што не ўгледзець было, што чалавек ужо канае.

Смерць Цярпілоўскага зблытала ўсе карты. Застапарылася следства, намечаныя арышты прыпыніліся. Затое пачаў раскручвацца махавік высвятлення вінаватых у самагубстве хірурга Цярпілоўскага. Кіраўніцтву хацелася зацерці скандальную смерць зняволенага, але яно павінна было і не пакінуць яе без пакарання вінаватых.

Аднаго дня знік Анатоль Булынчык, і гэтае знікненне не на жарт напалохала Карпа. I хоць начальнік аддзела сцвярджаў, што Булынчык пераведзены кудысьці на ўсход Савецкага Саюза, Карп не верыў яму. Ён зноў са страхам чакаў свайго. Асабліва напалохаўся ён, калі гэтак жа неспадзявана знік і начальнік следчага аддзела. Карп нават пабаяўся выпытваць, куды ж яго перавялі. Можа, у «духаўшчыну», як звычайна гаварылі калегі па службе, калі чалавека расстрэльвалі.

Чакаць вырашэння лёсу заставалася нядоўга. Аднаго разу Карпа выклікалі на дачу Цанавы ў Сцяпянцы. Было тры гадзіны ночы, калі машына спынілася ля пад’езда. Карп прайшоў у дачны кабінет Цанавы. Той быў адзін. Але Карп не сумняваўся, што навокал поўна аховы і варта Цанаве гукнуць яе і загадаць яго знішчыць, як ахвотнікаў набярэцца больш чым трэба.

Першае, што Карп пабачыў, калі зайшоў у пакой, была папка, што ляжала на стале, і ён без цяжкасці здагадаўся, што гэта яго асабістая справа.

«Усё,— падумаў ён.— Во дзе давядзецца загінуць. Фронт прайшоў ад пачатку вайны да канца і нічога, а на глупстве засыпаўся».

Думка прамільгнула, як маланка ўначы — пасля яркай віднаты настае цемра. Ён неяк даклаў, што з'явіўся па загаду.

— Ведаеш. што тут ляжыць? — нават да канца не выслухаўшы рапарт, спытаўся Цанава.

— Ніяк не! — схлусіў Карп Хіжняк.

— Твой лёс,— растлумачыў Цанава.— Што нам з ёю рабіць, не ведаю. Можа, падкажаш?..

Карп пачуў, як ёкнула з левага боку, там, дзе селязёнка. Падумалася, як у каня.

— Вам больш відаць,— троху ўпалым голасам сказаў ён.

— Варта было б цябе пасадзіць,— усміхнуўся Цанава.— Але пасадзіць заўсёды не позна. А ты яшчэ нам можаш згадзіцца. Зробім вось што...

Цанава ўзяў са стала Карпаву справу, падышоў да каміна, кінуў у полымя папку з асабістай справай маёра Хіжняка.

— Усё,— сказаў ён.— I запомні, маёр, ты ў нас не служыў. Ніколі!.. Ніводнага дня...

Карп перапалохаўся.

— Але ж мне дазволілі сказаць дома, што я працую ў вас,— дрыготкім голасам сказаў ён.

— Хто дазволіў? Чаму дазволіў?.. Ну, выдумай там што-небудзь. Скажы, што цябе па дарозе ў камандзіроўку арыштавалі...

Карп гатовы быў упасці на калені, цалаваць наглянцаваныя да бляску хромавыя боты. Ён неяк устаяў на нагах. Пачуў толькі, што сказаў на развітанне Цанава:

— Спатрэбішся — паклічам...

Дома яго чакала цёшча. Яна абняла Карпа, расплакалася.

— А Канстанціна Вячаслававіча не адпусцілі? — спыталася ў Карпа.

Карп ледзьве стрымаўся, каб не сказаць: «I ўжо не адпусцяць». Заміж гэтага, прыцішыўшы голас, спытаўся:

— 3 вас жа таксама напэўна ўзялі падпіску нічога не гаварыць пра арышт?

— Але ж я кажу толькі сваім...

— I сваім не трэба. Нікому ні слова. Іначай нас забяруць. Прызнаюся і я, што не служыў у органах. I мяне, як і вас, арыштоўвалі. Больш нічога не магу сказаць, бо гэта небяспечна і мне і вам.

— А пра Канстанціна Вячаслававіча вы нічога не ведаеце? — папыталася Аўдоцця Якаўлеўна.

— Абсалютна нічога,— не міргнуўшы нават вокам, адказаў Карп.— Мяркую, што яго хутка адпусцяць...


Загрузка...