Прыгадваю на гэту тэму i яшчэ адну дэталь з нашага зэкаўскага жыцця. Адным ранкам брыгада iшла па дарозе на лесапавал, i нехта ў калоне крыкнуў:

- Браткi, баба!

Мы азiрнулiся ў бакi i нiдзе жанчыны не ўбачылi. Дарога, выбiтая тысячамi зэкаўскiх ног, была пустэльная.

А зэк той не сцiхаў, крычаў:

- Ды куды вы гледзiце? Вунь збоч дарогi ляжыць. На зямлi.

I мы ўбачылi акурак папяросы, гiльза якой была ў чырвонай памадзе. Значыць, курыла жанчына, i акурак яе. Пунсавела тая памадная папяроса, як жарынка, i адразу ж напомнiла кожнаму далёкi недасягальны свет i ў iм нешта патаемнае, можа, самае дарагое. Уявiлася i тая незнаёмка, што прайшла тут i кiнула недакураную папяросу ў снег. Хто яна, якая яна, чаму тут з'явiлася, можна было толькi фантазiраваць. У тых сваiх фантазiях кожнаму i бачылася такая жанчына, пра якую ён марыў.

Калi б той акурак ляжаў прама на дарозе, а не збоч, яго б, канечне, схапiлi. А так не сунешся туды, стралок палiчыць за спробу ўцёкаў i ўлупiць кулю ў спiну.

Днi тры ляжаў той акурак, пакуль яго не занесла снегам, i заўсёды, падыходзячы да таго месца, усе паварочвалi галовы на яго i прыцiхалi.

Наталлi было гадоў сорак, да арышту мела мужа i дзвюх дачушак. Муж, як i яна, сядзеў таксама недзе ў лагеры, а дзецi знаходзiлiся ў спецыяльным дзiцячым доме. Мацi, браты i сёстры засталiся ў Харбiне. Наталля больш за ўсё гаравала па дачушках. Яна не ведала, што гэта за такiя ў нашай краiне спецыяльныя дзiцячыя дамы, усё распытвала пра iх. Хто ведаў, расказваў, супакойваў: там кормяць, адзяваюць i вучаць, як у звычайнай школе. Яна верыла, хацела верыць i радавалася: калi вучаць, то iм жывецца нармальна.

Не ведаю, як удалося Наталлi, хто дапамог, але яна адшукала адрас таго дзiцячага спецдома, напiсала туды лiст i - во дзiва! - атрымала адказ. Напiсала малодшая дачушка: сыты, адзеты, ёсць пiянiна ў доме, дзецi добрыя, не крыўдзяць, толькi вось сумна без мацi i бацькi. Яна ж напiсала аб прыгодзе старэйшай сястры. Тая з групай сябровак спрабавала ўцячы ў Маскву, каб папрасiць Сталiна вызвалiць бацькоў з лагераў. Iх, канечне, на першай жа станцыi злавiлi i за ўцёкi пакаралi - кожнай уцякачцы на галаве прастрыглi машынкай палосы: калi яшчэ ўцякуць, дык адразу распазнаюць, што яны з дзетдома.

Наталля, як мяркую цяпер, была звычайная, без кiдкай прыгажосцi жанчына, на якую на волi ў шматлюддзi i не звярнуў бы ўвагi. Бялявая, высакаватая, тонкая, з цяжкай фiзiчнай працай да лагера не знаёмая. Там, на волi, вучыла дзяцей у школе музыцы. Ад штодзённага мыцця зэкаўскай бялiзны рукi яе былi чырвоныя, прыпухлыя, раз'едзеныя мылам i содай.

Большасць тых жанчын, што жылi разам з Наталляй у асобным невялiчкiм бараку, былi звычайнымi лагернымi шалавамi, i кожны, хто мог расплацiцца, меў да iх доступ.

Наталлю таксама спрабавалi спакусiць рознымi падарункамi, але яна не паддавалася i не прадавалася. Была недаступная, хоць вакол яе заўсёды збiралася кампанiя паклоннiкаў i ўздыхацеляў.

Неяк седзячы вось у такой кампанii, яна i расказала больш падрабязна пра сваё жыццё ў Харбiне. Бацька яе, iнжынер-пуцеец, перавёз сям'ю ў Харбiн з Расеi яшчэ да рэвалюцыi. Горад Харбiн быў фактычна пабудаваны расейцамi, i жылi там пераважна расейцы. Там Наталля вучылася, выйшла замуж за расейца, таксама, як i бацька, iнжынера-пуцейца. Жылi ў дастатку, мелi свой прасторны дом. Старэйшы брат займеў тэкстыльную фабрыку, малодшы - аптэку. Там бы Наталлi i жыць, як жывуць цяпер яе браты, мацi, сёстры (бацька памёр ужо), дык не, патрыятычны клiч крывi пацягнуў яе i мужа ў Расею. Спачатку муж, потым i Наталля прынялi савецкае падданства i на Радзiму прыехалi ўжо савецкiмi грамадзянамi. Прыехалi i трапiлi ў лагер.

Паслухаўшы, як Наталля жыла ў Харбiне, зэк-масквiч свiснуў ад здзiўлення i не ўтрымаўся, вылаяўся.

- I ты, дурная, ад такой жытухi сюды прыпёрлася? Во ў цябе, - пакруцiў ён пальцам каля сваёй скронi.

- Дурная, - згадзiлася яна. - Але ж мы, расейцы, сумавалi па Расеi.

- Вунь яна, твая Расея, - паказаў масквiч на драцяную агароджу, - любуйся.

- Цi ж мы маглi думаць, што з намi так зробяць? - голас яе ўздрыгнуў, i яна ледзь не заплакала, але ўстрымалася.

Шкада яе было нам, як шкада i сваёй долi.

Я параiў ёй напiсаць скаргу ў Маскву Сталiну. Грузiн з Кутаiсi пацокаў языком, сказаў мне:

- Слухай, кацо, такую разумную параду даваў сусед суседу. Каб прыдушыць мыш, якая схавалася пад шафу, ён параiў абрэзаць ножкi ў шафы. Шафа i прыдушыць мыш... Такiх скаргаў Сталiну мiльёны пiшуць. I што?

- Дык мяне ж не судзiлi, - расказвала Наталля. - На допыт выклiкалi толькi раз i прачыталi, што мы быццам японскiя шпiёны i за гэта нас пасылаюць у лагер на дзесяць гадоў. У мяне ў фармуляры - ПШ - падазрэнне ў шпiянажы. Як жа можна асудзiць без суда?

Наiўная Наталля нiчагусенькi не ведала пра нашы парадкi, тройкi, асобыя нарады, расстрэлы без суда, пра нашы законы, якiя ўстанаўлiвалi беззаконне.

Так мы часценька збiралiся сваёй кампанiяй, гаварылi, успамiналi мiнулае, старалiся ўгадаць будучае, i нам было неяк хораша ад узаемнага спачування. А гэта вельмi аблягчала наша жыццё. Суцяшэнне i спагада блiжняга - лекi гаючыя. Паспагадай i пашкадуй пакутнiка, вучыў Хрыстос.

Падышла тады да нас зэкаўка Надзька, з пракураным грубым, але гулкiм моцным голасам, папрасiла закурыць. Ёй далi бычок - недакурак. Яна зацягнулася глыбока, з асалодай, сказала грузiну:

- Кацо, дарэмная работка, Наташа не распячатаеццi. Купi мяне, калi ў цябе грошы ёсць.

Грузiн пакрыўдзiўся.

- Слухай, Надзька, за грошы я i сам сябе купiў бы. Iдзi ты...

Надзька i была той самай даступнай шалавай. Таўставатая, невысокага росту, з круглым задам i аб'ёмнымi грудзямi, якiя, не падцягнутыя лiфчыкам, дрыжалi пры рухах, як кiсель у мiсцы, яна была некалi цiхай вясковай дзяўчынай. У пачатку трыццатых гадоў, калi пасля "вялiкага пералому" ўспыхнуў голад i зямлю Ўкраiны ўсеялi апухлыя мерцвякi, Надзька ўкрала з поля паўпуда збожжа. Яе, шаснаццацiгадовую, i запяклi ў лагер на дзесяць гадоў. Будавала трагiчна знакамiты Беламорканал. Як ударнiцу-каналаармейку яе разам з многiмi вызвалiлi датэрмiнова. Але лагер Надзьку не выправiў, а, наадварот, сапсаваў, яна ўвабрала ў сябе самае горшае са злачыннага асяроддзя, i на волi ёй ужо месца ў жыццi не знайшлося. Цяпер яна сядзела ўжо трэцi раз за крадзяжы i, як прызнавалася, волi не хоча. "А што мне там рабiць, на волi, - гаварыла яна. У свой калгас iсцi? Ды няхай ён згарыць сiнiм полымем".

Надзька выцыганiла ў масквiча папяросу, сказала яму, што расплоцiцца за яе натурай, зарагатала. Смех яе быў гулкi, абрывiсты, падобны на смех у пустой бочцы.

Цягнулiся днi, тыднi, i былi яны падобныя адзiн на адзiн, як бы злiлiся ў адну суцэльную плынь часу, часу тугi, цярпення i адчаю. I чым больш канала ў вечнасць гэтых дзён, тым больш свет здаваўся мне i многiм зэкам абязлюдзелым, хоць людзi жылi ў цеснаце, упрытык. Толькi ж яны былi адно аднаму чужыя i не бачылi паблiзу сябе душ родных - бацькоў, дзяцей, братоў, мужоў, жонак...

Наталля пачала ну проста на вачах старэць, марнець, асунулася, ужо чужалася мужчынскiх кампанiй, ранейшых размоў, расказаў пра сябе. Калi ж часам i сядзiць з намi, то маўчыць, безуважная да нашай гаворкi, i раптам пачынае кусаць губы, у зеленаватых, як iльдзiнкi, вачах яе ўспыхвае трывога, спалох, i яны, вочы, застываюць на нейкi час, нiбы перад ёй паўстала нешта страшнае.

Убачыўшы яе такой у першы раз, я занепакоена спытаў, што з ёю, цi не трэба яе завесцi ў санчасць. Яна адмоўна пакруцiла галавой i нiчога не сказала. Потым я не зважаў на яе такiя змены ў паводзiнах.

Аднойчы пры такой вось нашай цiхай гаворцы Наталля раптам загаварыла зусiм не па тэме размовы:

- А там жывуць. Там ёсць тэатр. Канцэрты наладжваюцца... Там музыка. Твар яе пасвятлеў, сухiя губы, якiя даўно не ведалi памады, кранула ўсмешка. Там, у мамы, засталася мая любiмая ў дзяцiнстве плюшавая кошачка. Я любiла спаць з ёю. Кiцi звалi кошачку. З такой пацешнай мордачкай... Госпадзi божа мой, хоць бы мама яе не выкiнула, захавала... Я хачу тую кошачку.

Мы разам з ёю паўсмiхалiся i змоўклi.

Канчаўся верасень. Пажоўклi бярозы, кусты, пагрубела трава. З тайгi цягнула пахам грыбоў, iх неслi торбамi бесканвойныя зэкi, варылi, смажылi на алаўцах, сушылi.

Наталля, хоць i не была расканваiраваная, але часам магла выходзiць за зону то прыбiраць у домiку стралкоў-ахоўнiкаў, то на азярцо па ваду для пральнi. I заўсёды вярталася ў зону, нiдзе не затрымлiвалася.

А аднойчы ў нядзелю на вячэрняй паверцы яе не ўбачылi. Шукалi ўсюды - у мужчынскiх бараках, у пральнi, лазнi, у стралкоў агледзелi - можа, якi ахоўнiк галубiўся з ёю, нiдзе не знайшлi. Нiхто нават не западозрыў, што Наталля магла ўцячы. I ўсё ж на другi дзень зб'явiлi яе ва ўцёках. У размовах памiж зэкамi нехта ўспомнiў, што яна сушыла сухары, збiрала iншыя прадукты. Значыць, рызыкнула на такi адчайны крок.

Толькi ж куды яна кiнулася, у якую старану? У Маскву? Да кiтайскай гранiцы з надзеяй дабрацца дамоў, мацi, братоў убачыць, любiмую плюшавую кошачку пагладзiць?

Наталлю не знайшлi i не злавiлi.

Наступiла зiма, якая заўсёды здавалася задужа доўгай, а потым i вясну дачакалiся. Вясенняе сонца расплавiла сваiм цяплом снег, размарозiла зямлю, i на праталiнах засiнелi падснежнiкi.

Аднойчы ў такi вясеннi нядзельны дзень, калi я быў паблiзу вахты, мяне гукнуў дзяжурны вахцёр, i я зайшоў да яго ў будку. Там ужо сядзелi тры зэкi i стралок. Гэты стралок i павёў нас у тайгу.

- "Падснежнiк" узышоў, прынесцi трэба, - весела паведамiў ён.

Зусiм блiзка ад калоны, можа, якога паўкiламетра, убачылi мы пад елкай некага скручанага ў лагерным бушлаце i ў бардовай у клетку хустцы. Яшчэ не разгледзеўшы твар, я здагадаўся, хто гэта. Не памылiўся, то была Наталля. Сядзела, прытулiўшыся спiной да камля елкi i падцiснуўшы пад сябе ногi. Рукi ляжалi на каленях. Твар i рукi снежна-белыя, вочы адплюшчаныя, таму здалiся напачатку жывыя. Побач ляжала торбачка, пустая. А грубыя зэкаўскiя чаравiкi абшарпалiся да белiзны i размачалiлiся так, нiбы iх малацiлi пранiкам.

Колькi ж яна паблукала па тайзе, галодная, знясiленая, з надзеяй дабрацца да людзей!.. Ясна было, што вярталася назад, у калону, можа, ужо паўзла, пакуль яшчэ была сiла. Не дайшла мала...

Мы прынеслi яе ў санчасць. Там дасталi са сподняй кiшэнi бушлата паперку з адрасам Хабараўскага спецыяльнага дзiцячага дома i лiст малодшай дачушкi, той, якi Наталля нам калiсьцi чытала.

Значыць, не ў Кiтай, не ў Маскву кiнулася яна шукаць праўду, а да сваiх дачушак, каб толькi пабачыць iх, абняць, па галоўцы пагладзiць. А там будзь, што будзе. Хвала Богу, што ёсць такiя мацеркi!

Наталлю пахавалi на зэкаўскiх могiлках побач з калонай. Застаўся пасля яе толькi сасновы слупок з лiчбай, без iмя i прозвiшча.

Хавалi яе iншыя зэкi, не я.

АДУВАНЧЫК

Яго так ўсе i звалi - Адуванчык. Ён i быў падобны на адуванчык-кветку залацiста-рыжы, асаблiва калi валасы адрасталi пасля абавязковай стрыжкi. Звычайна ў рыжых валасы пругкiя, а ў яго былi мякенькiя, як пушок.

Арыштавалi Адуванчыка на пачатку трыццаць сёмага, неўзабаве пасля Новага года, яму яшчэ i пятнаццацi не было, за так званую антысавецкую агiтацыю, i асудзiлi на шэсць гадоў. Ды яшчэ дадалi тры гады паражэння ў правах. Да васемнаццацi гадоў ён адбываў кару ў калонii непаўналетнiх, а потым яго перавялi ў нашу калону i ў нашу брыгаду.

Ён быў худзенькi i ростам не ўдаўся - вiдаць, затрымала рост турма i калонiя. Калi нарадчык прывёў Адуванчыка ў брыгаду, брыгадзiр абурыўся:

- Што ты мне гэтае кураня прывёў? Ён жа пiлу не пацягне. Я за яго буду даваць кубiкi?

- А куды яго дзець? Яму ў фармуляры запiсалi ЦФП - цяжкая фiзiчная праца.

Пра сябе Адуванчык усё расказаў у той жа вечар. Ён - сын настаўнiкаў, жыў у горадзе, вучыўся ў школе, быў пiянерам, уступiў у камсамол перад самым арыштам. Нас, вядома, зацiкавiла, якую ж ён праводзiў антысавецкую агiтацыю, бо адвалiлi яму нямала - шэсць гадоў няволi.

Адуванчык, калi ў яго спыталi пра гэта, развёў рукамi, пацiснуў плячамi i неяк бездапаможна-жаласна ўсмiхнуўся. Адбыўшы больш трох гадоў няволi, ён усё яшчэ i сам не змог зразумець, што ж гэта такое - варожая агiтацыя.

Адуванчык марыў стаць артыстам i, як потым мы самi ўбачылi, меў артыстычныя здольнасцi. У школьнай самадзейнасцi быў галоўным завадатарам, выдумшчыкам, чым i стаў знакамiты ў сваёй школе i на сваiм двары. Сам пiсаў п'ескi, прыдумваў рэпрызы, жарты, сам спяваў i дакламаваў, выконваў галоўныя ролi ў спектаклях. Як правiла, усе гэтыя самадзейныя паказы былi на школьную тэму. Але ж самадзейнасцю кiравалi настаўнiкi, i яны патрабавалi браць тэмы высокiя, палiтычна надзённыя. Ну, каб была ў тых паказах i класавая барацьба, ворагi народа, якiя шкодзяць сацыялiзму, а чэкiсты iх выкрываюць.

Адуванчык i напiсаў такую п'есу. У ёй дзейнiчаў кулак, якi пад выглядам жабрака хадзiў па вёсках, па кiрмашах i праводзiў варожую агiтацыю, пакуль яго не затрымалi пiянеры i не прывялi ў мiлiцыю. Ролю кулака ўзяўся выканаць сам аўтар Адуванчык. Напiсаная iм п'еса, вядома ж, прайшла строгую цэнзурную праверку школьнага начальства, i яе пачалi рэпецiраваць. У той п'есе была сцэна, калi кулак, пераадзеты ў жабрака, iграючы на леры, спявае розныя прыпеўкi. Адуванчык тыя прыпеўкi не напiсаў, вырашыў прыдумаць iх у час рэпетыцый. Некалькi прыпевак падказала настаўнiца - кiраўнiца самадзейнасцi. То былi вядомыя бяскрыўдныя песенькi. Але ж iх павiнен спяваць вораг, значыць, i песнi павiнны быць варожыя.

Гэткая думка прыйшла Адуванчыку ўжо ў час спектакля. Вось ён у дранай свiтцы, з падвязанай ваўнянай барадой сярод людзей на рынку круцiць за ручку барабанчык леры i спявае песенькi, тыя, бяскрыўдныя. У зале песенькi падабаюцца, крычаць, каб яшчэ спяваў. I Адуванчык успомнiў раптам пачутыя iм частушкi, ужо не такiя бяскрыўдныя, якiя яму належала выканаць. Спявае вораг, то павiнны быць i варожыя яго песенькi. I ён заспяваў пра калгас, у якiм добра жыць, бо адзiн робiць, а сем ляжыць.

"Жабрака" пачынаюць акружаць пiянеры, яны западозрылi ў iм ворага i збiраюцца яго затрымаць. Але яшчэ вагаюцца. I каб пiянеры канчаткова паверылi, што перад iмi вораг, Адуванчык - кулак пераадзеты - спявае яшчэ адну частушку.

Вось яна, тая злашчасная частушка.

Як быў Ленiн-Троцкi,

То была мука на клёцкi.

А як стаў таварыш Сталiн,

Галадаць усе мы сталi.

Праспяваў Адуванчык гэта i даў сiгнал пiянерам хапаць яго. Пiянеры i схапiлi, павялi.

Можна цяпер уявiць, як успрыняло начальства гэту частушку. На самадзейным канцэрце прысутнiчалi акрамя дырэктара школы i настаўнiкаў яшчэ i прадстаўнiкi райкома камсамола i раённага аддзела адукацыi. Настаўнiцу, кiраўнiцу самадзейнасцi, ледзь паралiч не разбiў. А школьнiкам спектакль спадабаўся, яны пачалi бурна пляскаць i выклiкаць артыстаў на сцэну. Выйшлi на выклiк усе, але без Адуванчыка. Яго ж адразу завялi да дырэктара i пачалi дапытваць, хто перадаў яму гэту частушку.

Наiўны Адуванчык, зусiм не разумеючы, якая павiсла над iм бяда, шчыра прызнаўся, што частушку прыдумаў сам спецыяльна для спектакля толькi ўчора. Ён лiчыць, што вораг i павiнен агiтаваць супраць калгасаў варожымi словамi i песнямi.

На гэтым артыстычная дзейнасць Адуванчыка i скончылася, праз пяць дзён яго забралi.

Брыгадзiр, былы настаўнiк, выслухаўшы гэту гiсторыю, вылаяўся, абурыўся. Адуванчыка паклаў на нарах памiж сабою i Крачкоўскiм, былым свяшчэннiкам Алексiем.

На працу Адуванчык выходзiў з брыгадай штодня, але на лесасецы рабiў самае лёгкае: палiў сучча, хадзiў да ручая па ваду для брыгады. Часам i падмяняў каго з пiльшчыкаў, калi хто прыхварэў цi дужа стамiўся.

Калона наша была новая i яшчэ толькi абсталёўвалася. Не было да яе ад цэнтра дарогi для машын, толькi яшчэ цягнулi ляжнёўку - бярвенчатую часовую дарогу. Таму i выклiкаў здзiўленне сваёй недарэчнасцю гэты актыўны лесапавал даць як можна больш кубiкаў спiлаванага лесу. Мноства штабеляў (там iх называлi ставежы) стаяла на высечаных участках тайгi, i невядома было, калi i на чым будуць iх вывозiць. Але ўсё адно кожнай ранiцай брыгады выганялiся ў тайгу, i валiлiся пад пiламi i тапарамi жывыя хвоi, лiстоўнiцы, раслi i доўжылiся ўсё новыя ставежы, каб ляжаць там гадамi i гнiсцi, з'ядацца шашалем i караедам. Так яно i было потым: вывезцi лесаматэрыялы з тайгi не ўдалося.

Нашу брыгаду з лесапавалу перавялi працаваць у зону. Мы будавалi лазню i заканчвалi новы барак.

Брыгадзiр па-ранейшаму спрыяў Адуванчыку, даваў яму працу па яго сiле. Спрабаваў уладкаваць хлопца ў КВЧ - культурна-выхаваўчую часць, ды там не ўзялi, хоць i прыцягвалi яго ўдзельнiчаць у самадзейных канцэртах. Трэба сказаць, што поспех у гледачоў Адуванчык меў вялiкi. Ён чытаў вершы, гумарэскi, пацяшаў прыдуманымi iм самiм частушкамi, сцэнкамi з лагернага жыцця. I мы ўсё больш пераконвалiся, што ў Адуванчыка добры артыстычны талент i што, калi выжыве ў лагеры, яго чакае славутае будучае.

Вельмi нудзiўся Адуванчык, што не было чаго чытаць. Бiблiятэкi ў калоне не было, у КВЧ кнiг таксама не вадзiлася. Калi ж у зону трапляла якая кнiга, то доўга не жыла, яе блатары раздзiралi на карты.

Брыгадзiр i свяшчэннiк Алексiй узялi Адуванчыка i пад сваё асветнiцтва, нейкiм чынам замянiлi яму i кнiгi, i школу. Брыгадзiр быў моцны ў матэматыцы, а Алексiй добра ведаў лiтаратуру, гiсторыю, гэтаму яны i вучылi Адуванчыка. А Алексiй вучыў хлопца яшчэ i маральнасцi, суцяшаў яго, настаўляў радавацца жыццю, у якiя б умовы чалавек нi трапляў.

- Жыццё - вялiкi неацэнны падарунак чалавеку, i трэба iм даражыць i радавацца, што жывеш, - паўтараў не раз Алексiй.

- Радавацца i гэтаму нашаму жыццю? - здзiўляўся Адуванчык, утаропiўшы ў Алексiя шырокiя шэрыя вочы.

- Так, сын мой, i яму. Умовы жыцця мяняюцца: сёння ты ў няволi, раб, а заўтра ў iншых умовах будзеш, добрых. Галоўнае, ты жывеш, i гэтым ужо шчаслiвы.

Аднак Адуванчык, як i ўсе мы, не радаваўся такому жыццю. Ён усё больш i больш нудзiўся, цiшэў, зусiм рэдка стаў пацяшаць барак i брыгаду, хоць зэкi штовечар прасiлi яго нешта паказаць iм.

З дому яму iшлi лiсты. Бацькi старалiся як можна больш расказаць пра сяброў, iх справы, вучобу i гэтым самым хлопца толькi засмучалi, а не суцяшалi. Прачытаўшы, што яго сябры Коля i Эма вучацца ўжо ў тэатральнай студыi - паступiлi туды ажно з трэцяга заходу, - Адуванчык зусiм упаў духам, i я некалькi разоў бачыў, як ён плакаў. Ён зайздросцiў сябрам i нiяк не мог змiрыцца са сваёй доляй.

- Слухай, - сказаў аднойчы мне Адуванчык, - давай уцячом.

- I дакуль мы дойдзем? Без прадуктаў, грошай, дакументаў?

- А мы пажывём у тайзе. Там жа ягады, грыбы, рыбу будзем лавiць. I iсцi, iсцi.

Калi на зэка нападае адчай, ён рашаецца на адно з двух: цi ўцякае, цi накладвае на сябе рукi. Самагубства - гэта ўжо апошняя ступень адчаю. У Адуванчыка, значыць, апошняя яшчэ не паспела. А намыслiўшы ўцячы, ён па сваёй наiўнасцi не мог уявiць усю безвынiковасць уцёкаў. Не такiх вопытных зэкаў лавiлi, прыводзiлi назад або стралялi на месцы, каб не важдацца з iмi, не весцi ў зону.

Некалькi заяў-скаргаў пiсаў Адуванчык Вярхоўнаму суду, у пракуратуру, Сталiну, прасiў скасцiць яму тэрмiн або вызвалiць зусiм. Адказаў на заявы не атрымоўваў.

Скончылася лета з яго невыноснай заеддзю - ад камароў i мошак не было нiдзе паратунку, не ратавалi нi дым, нi накамарнiкi.

Адуванчык кожны вечар аб'яўляў, колькi яму засталося часу да волi. Нейкiм агрызкам алоўка пiсаў на стойцы нар, колькi дзён яму яшчэ трэба адбыць. I чым менш заставалася Адуванчыку да волi, тым больш маркоцiўся, замыкаўся, заставаўся сам-насам, i мы ўжо амаль не чулi ад яго нi дасцiпнай частушкi, нi якога расказiка. Перастаў хiлiцца да Алексiя, адчужыўся ад мяне i брыгадзiра. Пасля работы як залезе на нары, дык i не злезе да пад'ёму - вечарам цi спаў, цi таiўся, што спiць. Ён як бы нiкога i не заўважаў побач з сабою. Свет для яго здаўся абязлюдзелым, нiбы не iснавала на iм нi добрых людзей, нi ўвогуле нiчога добрага, апроч гэтага лагера, бяспраўных зэкаў, не было i будучынi, а цяперашняя рэальнасць iм не прымалася.

Неяк ён мне сказаў:

- Скажы, навошта чалавек жыве? Ён жа ведае, што ўсё адно памрэ. Дык навошта пакутаваць чалавеку, калi ён можа скончыць гэтыя пакуты?

- Як скончыць?

- Памерцi, i не будзеш пакутаваць.

- Дурань, - засмяяўся я, - памерцi заўсёды паспееш. Ты паспрабуй доўга пражыць.

Я не звярнуў тады сур'ёзна ўвагi на сказанае Адуванчыкам, мала чаго гаворыць чалавек пры паганым настроi, i нiкому, нават Алексiю, не сказаў пра гэта.

Але Алексiй сам заўважыў, што з хлопцам нешта робiцца. Ён спрабаваў выклiкаць яго на шчырасць, вярнуць да ранейшых паводзiн, настрою, вывесцi з прыгнечанага стану. Алексiй ведаў, што ў такiм стане людзi i робяць адчайныя ўчынкi. Я чуў, як Алексiй гаварыў Адуванчыку:

- Ведаеш, дзiця маё, жыццё - не рака, яно як вада ў кубку, яе можна выпiць у адзiн момант. Але ж зноў гэты кубак ужо нiколi не напоўнiцца. Трэба жыць, цярпець, i - сатрэцца сляза з вачэй тваiх.

У чарговым лiсце Адуванчыку бацькi паведамiлi, што на iх скаргу прыйшоў адказ ад пракурора аб адмове перагляду справы. Напiсалi таксама i навiны пра сяброў: Пеця ажанiўся, Эма i Коля ўжо знялiся ў фiльме, праўда ў эпiзадычнай ролi. Былi i яшчэ нейкiя навiны. I лепш бы не пiсалi i лiста таго не прысылалi. Адуванчыку ён быў як соль на рану. Гэта тое ж самае, як галоднаму расказваць пра смачную ежу, так i зняволенаму - пiсаць пра волю i шчасце вольных людзей.

Над Адуванчыкам усё больш i больш брала ўладу чорная туга, яго адолеў псiхiчны зрух, якi псiхiятры называюць, здаецца, манiяй сваёй нiкчэмнасцi. З гэтай манiяй ён i жыў апошнiя тыднi. Яна, манiя, i штурхнула ў рэшце рэшт на самы адчайны ўчынак.

У выхадны дзень, адразу ж пасля снядання Адуванчык аддаў мне сваю недаедзеную пайку хлеба. Я не здзiвiўся такой шчодрасцi, хлеб узяў. Я падумаў, што Адуванчык дастаў сабе нейкiя дадатковыя харчы. Аддаўшы мне хлеб, ён пайшоў з барака. Каля дзвярэй азiрнуўся на мяне таропка i неяк палахлiва. Я хацеў у яго нешта спытаць, але ён зачынiў дзверы.

Паўдня Адуванчыка нiдзе не было вiдаць. Не з'явiўся ён i ў абед. А пасля абеду прывезлi пошту. У барак зайшоў зэк-канторшчык i, махаючы над галавой тэлеграмай, закрычаў:

- Эй, Адуванчык, скачы на галаве! Табе воля! Воля табе!

Тэлеграму тую канторшчык уголас i прачытаў:

"Дарагi сынок. Вярхоўны суд табе скарацiў тэрмiн да трох гадоў. Папера аб вызваленнi прыйдзе пасля. Чакаем сустрэчы. Шчаслiвыя тата i мама".

Пачалi шукаць Адуванчыка, заглянулi ў iншыя баракi, сталовую, у КВЧ нiдзе яго не было.

Толькi пад вечар нехта ўбег у барак i сказаў, што Адуванчык- у пятлi, у недабудаваным бараку.

Я, брыгадзiр i Алексiй паспяшалiся туды. На бэльцы ў пятлi з электрычнага провада вiсеў наш Адуванчык. Каля ног ляжала паваленая калода, на якую ён станавiўся, каб улезцi ў пятлю.

Брыгадзiр выняў Адуванчыка з пятлi, паклаў на падлогу, твар з высалапленым языком прыкрыў насоўкай.

Быў ён без шапкi. Сонечныя промнi падалi на галаву i валасы, што паспелi адрасцi пасля стрыжкi i здавалiся яшчэ больш залацiстымi i пушыстымi i сапраўды былi падобны на кветку адуванчыка.

Забiў усё-такi сябе хлопец, спынiў пакуты, абарваў даўжэзны ланцуг радаслоўнай, што цягнулася тысячагоддзi, i канцом яе стаў ён, Адуванчык, iмя i прозвiшча якога я забыў.

Ну што б табе, хлопец, пачакаць паўдня! Да гэтай тэлеграмы. Можа, i стаў бы ты знакамiтым артыстам, i я радаваўся б, убачыўшы цябе на экране цi на сцэне. Талент у цябе ўсё-такi быў.

КАНДЫДАТ НАВУК I СТРАЛОК АХМЕТ

Была вясна, пачатак сакавiка, але снег, як ляжаў на сопках, на дрэвах, так нiколечкi i не ўбавiўся, не змянiўся нi колерам, нi пахам, - пах гэтак жа як i ў сцюжу, - зiмою. Можа, толькi крыху пацяжэў i пагрубеў, бо ўсё-такi шлях сонца па небе падоўжыўся i яно мацней прыгравала. Апоўднi, у самы сонечны час, снег запальваўся ад промняў такiм бляскам, што доўга на яго не паглядзiш, аслепнуць можна.

Наша калонiя, як i ўсе калонii Нiжне-Амурскага лагера, будавала чыгунку на Саўгавань. Уздоўж усёй трасы - ад Амура да Ахоцкага мора - была ўжо прабiта для машын i пешаходных этапаў дарога, паралельна якой i будавалася чыгунка. У адных месцах палатно насыпалi, у другiх - наадварот, зямлю для пуцi зразалi, углыблялi. Уздоўж трасы стаялi калонii з тысячамi зэкаў. Траса прыкавала iх да сябе, як прыкоўвалi да аднаго доўгага ланцуга катаржнiкаў i палонных.

Калонiя, у якой я дабiваў свой тэрмiн, знаходзiлася амаль на пачатку трасы, блiзка да Камсамольска-на-Амуры. Брыгада наша, як i ўсе брыгады калонii, рабiла выемку для пуцi, даўжыня якой была з кiламетр. Механiзацыя мускульная: дзяўблi мёрзлы грунт ламамi, кiркамi, грузiлi на тачкi i вывозiлi з выемкi ў адвалы. Мёрзлы грунт адтайвалi вогнiшчамi, якiя палалi папераменна то ў адным канцы брыгаднага ўчастка, то ў другiм.

Дахадзяг у брыгадзе не было, норму мы выконвалi i атрымоўвалi поўны паёк. Нейкi час брыгада нават уваходзiла ў лiк ударных. У ёй былi сабраны здаровыя працавiтыя людзi, ў большасцi калгаснiкi, амаль усе "контрыкi". Мантулiў кожны без туфты, нароўнi з усiмi, фiлонiць не стараўся. Падбор у брыгаду рабiў брыгадзiр, таксама контрык, былы падпалкоўнiк, камандзiр артылерыйскага палка Iваноўскi, чалавек рашучы i моцны фiзiчна, аўтарытэтны не толькi ў брыгадзе, але i ў калонii. Нават адпетыя блацюкi з iм лiчылiся, не задзiралiся. Iваноўскi неяк пра сябе пажартаваў: "Раней я камандаваў палком, а цяпер пайшоў на павышэнне, стаў брыгадай камандаваць".

Сказаць праўду, то норму сваю па-сапраўднаму мы рэдка калi выконвалi. Паднявольная праца - яна i ёсць рабская, якую рабы заўсёды не любiлi. Брыгадзiр меў дружбу з дзесятнiкам, таксама былым вайскоўцам, iнжынер-маёрам, i той павышаў нам цвёрдасць грунту, круцiзну пад'ёму i адлегласць, на якую нам трэба ганяць тачкi ў адвал. Прыпiсваў нам i колькасць вывезенага грунту.

На працу i назад у зону нас вадзiлi пад канвоем. На ўчастку былi абазначаны гранiцы, за якiя зэкi не маглi пераступаць. Стралкi-ахоўнiкi мелi права ў парушальнiкаў гранiцы страляць без папярэджання.

Дзве брыгады - нашу i яшчэ адну - ахоўвалi месяцы тры запар два стралкi. Адзiн таўсматы саракагадовы сяржант прыехаў сюды з Украiны, дзе служыў наглядчыкам у турме. У гэты край прыехаў, вiдаць, з-за большага заробку цi, можа, яшчэ па якой прычыне. Гэты сяржант (нi iмя, нi прозвiшча яго не захавалiся ў памяцi) двойчы на дзень - перад выхадам з зоны i калi збiралiся iсцi з работы назад - папярэджваў: "Крок управа, крок улева лiчыцца спробай уцячы, прымяняецца зброя". Аб'яўляў гучна, як дзе-небудзь на пляцы перад вялiкiм строем. I пры гэтым яго мясiсты твар чырванеў i двайны падбародак дрыжаў, як студзiна. Не ведаю, якi ў яго быў запас слоў, думаю, не больш лексiкону абiсiнца, якi нядаўна ўзяўся вывучаць расейскую мову. За ўвесь час, пакуль ён нас ахоўваў, я пачуў ад яго не больш трох-чатырох дзесяткаў слоў: стой, слухай, маўчаць, пакладу мордай на снег... Ну i - крок управа, крок улева...

Другi стралок быў татарын Ахмет, малады i па ўзросту, i па тэрмiну службы ў лагернай ахове, усмешлiвы i нават сарамлiвы, ён звяртаўся да нас на "вы", i ў адказ мы таксама звярталiся гэтак жа да яго. Ён нядаўна скончыў чырвонаармейскую службу, дамоў у Татарыю не паехаў, а завербаваўся ў лагерную ахову. "Што мне там рабiць у калгасе, - прызнаўся ён нам. - Туды прыедзеш i назад ужо нiколi не выедзеш. Там - во палучаюць на працаднi, - паказаў ён кукiш. - Голадна жывуць. Чаго мне ехаць".

Наiўны быў Ахмет, гаворачы гэта, ён не разумеў, што за такiя словы тут сядзяць тысячы.

Гранiцы, якiя нам не дазвалялася пераходзiць, былi абазначаны вехамi абчасанымi i ўбiтымi ў зямлю слупкамi. Стралкi знаходзiлiся ў пэўных месцах, крыху далей ад гранiцы.

Працавалi мы парамi, па два зэкi на адну тачку. Спачатку надзяўбём грунту, потым пагрузiм у тачку i па чарзе вязём яе ў адвал.

Маiм напарнiкам быў мой равеснiк з падобным лёсам ленiнградскi студэнт Бацюхноў, якi пры знаёмстве называў сябе Бацюшковым. Я некалькi разоў спрабаваў у яго дапытацца, чаму ён здраджвае свайму роду Бацюхновых, ды так i не выпытаў. Адкрыўся ён мне толькi перад расставаннем - яго перавялi па невядомай i для яго самога прычыне ў iншую калонiю, дзе работа i ўмовы жыцця былi лягчэйшыя.

- А мы i належым да дваранскага роду Бацюшковых, - сказаў ён. - У нашай раднi быў i паэт Бацюшкоў. А змянiлi прозвiшча i сацыяльнае паходжанне ў семнаццатым. А то б даўно трапiлi ў Чэка заложнiкамi рэвалюцыi.

Загналi яго ў лагер за напiсаныя iм пяць нейкiх вершаў, атрымаў за кожны верш па году.

Паехаў ад нас гэты дваранiн Бацюшкоў з радасцю, абяцаў напiсаць з новага месца, ды так i не напiсаў. I што з iм, не ведаю.

Замест яго ў брыгаду далi новага зэка, якi i стаў маiм напарнiкам. Я адразу яго i неўзлюбiў, i пашкадаваў.

Неўзлюбiў, бо ўбачыў, што напарнiк ён нiкудышны, дахадзяга, i ўзрост паважны, у бацькi мне гадзiўся. Тачку ён, канечне, не мог усцягнуць наверх, i цягаць яе прыйдзецца мне аднаму.

Здзiвiў ён i сваiм выглядам. Усё ў iм паасобку было вялiкiм, большым, чым трэба для правiльнай прапорцыi чалавеку: вялiкая галава, рот, тоўстая шыя, шырокае тулава... Аднак зiрнеш на яго ўсяго, дык ён жа нейкi як недарослы. А гэта таму, што меў ён карацейшыя, чым трэба для такога тулава, ногi. Чалавек-кубiк, калабок. Яго гэтым словам i сустрэў наш зэк Лёха Мошкiн: "Калабок, калабок, куды коцiшся, пад тачку пападзеш, не вароцiшся".

Моцны з выгляду, ён быў сапраўды дахадзягам. Шырокi плоскi твар яго меў нездаровы бледна-зялёны колер i туга абцягваўся скурай, быццам пад ёю не было нiякiх цяглiц, а толькi косцi.

Як i водзiцца, навiчка пачалi распытваць, адкуль ён, якi артыкул мае, тэрмiн, з якой калонii сюды перавялi. Адказваў неахвотна, марудлiва, i калi гаварыў, то ў роце яго, як у грымасе, выскалялiся рэдкiя зубы, - канечне ж, павылазiлi ад цынгi. Назваўся ён Сямёнам Якаўлевiчам Моцным. Я быў ухапiўся за гэта беларускае прозвiшча - нi не зямляк ён, але быў ён з Сiбiры, з забайкальскiх казакоў. У калонiю нашу ён прыбыў з упраўлення лагера, дзе працаваў у iнжынерна-праектным аддзеле.

- Ты што, iнжынер? - здзiвiўся Лёха.

- Iнжынер. На волi быў кандыдатам навук.

Лёха прысвiснуў.

- I чаго ж цябе загналi ў брыгаду да тачкi i кайла?

- Я сюды з шызо.

Шызо - гэта штрафны iзалятар, дзе зэкаў трымаюць за нейкiя грубыя парушэннi цi новыя злачынствы.

- А завошта цябе туды ўперлi?

- Уперлi вось.

- А судзiлi завошта?

Моцны раззлаваўся такому допыту:

- Хто ты, што так прычапiўся да мяне?

Лёха, маскоўскi кiшэннiк, адказаў, як i ўсiм гаварыў пра сябе, што ён вядзе замкнуты лад жыцця - рэдка выходзiць на волю. Гэта рассмяшыла Моцнага, i ён таксама адказаў хохмай:

- Разумееш, хацеў залезцi да суседа ў дом i цэлы месяц прыручаў яго сабаку, кармiў каўбасой. Прывучыў. Ноччу палез у дом i наступiў кату на хвост. Кот завiшчаў, мяне i схапiлi.

Жарту гэтаму мы не паверылi. Як потым даведалiся, загналi кандыдата навук у лагер на восем гадоў за падазрэнне ў шпiянажы - ПШ. Выдуманая гэта абрэвiятура энкавэдыстамi прышывалася звычайна тым, калi ў следчых не было нiякiх канкрэтных фактаў, каб абвiнавацiць чалавека. Тады яны i пасылалi на яго матэрыялы з гэтым ПШ у асобую нараду, якая i выносiла прысуд завочна.

- Вiдаць, вам трапiлiся мяккацелыя следчыя, добрыя, - пазайздросцiў Моцнаму брыгадзiр, якому на следстве ламалi рэбры.

- Мяккацелыя? Добрыя? - узарваўся Моцны. - Дзе гэта вы бачылi такiх добрых у нашых савецкiх органах? Там жа адны бандыты, падонкi, каты. Iнквiзiтарам трэба павучыцца ў нашых катаў. Ды i гестапаўцы маглi пераняць многае ў гэтага баявога атрада партыi.

Словы гэтыя былi правiльныя, смелыя, але ж якую яны мелi страшную цану: варта толькi дайсцi iм да пiльных вушэй, i мог заплацiць кандыдат навук яшчэ адным тэрмiнам.

- Ты партыю не чапай, - асцярожна папрасiў яго брыгадзiр Iваноўскi. Партыя нi пры чым.

- Нi пры чым? А следчыя, пракуроры - не члены партыi? Не iмi партыя кiруе? А ўсiм гэтым страшным апаратам не галоўны партыец кiруе? Нi пры чым... - Моцны быў на вышынi свайго гневу, у яго дрыжаў голас i рукi дрыжалi. - А мы ўсё баiмся, ад страху дрыжым, як мухi ў павуцiне. За дротам i то баiмся. Чаго, каго баiмся?

- Шызо, новага тэрмiну, а то i шлёпкi баiмся, - сумна сказаў Iваноўскi.

Не ў гэты першы дзень знаёмства з Моцным, а пазней мы даведалiся пра яго ўсё. Сямён Якаўлевiч сам i расказаў, што з iм адбылося ўжо тут, у лагеры.

Да арышту ён праектаваў чыгункi i быў заслужана ацэнены як добры спецыялiст. А вядома ж, што ў тыя трыццатыя шызафрэнiчна-крывавыя гады ўдары сталiнскага мяча i абрушвалiся на лепшых. Моцнага i ўзялi як вучонага спецыялiста i абвiнавачвалi спачатку ў шкоднiцтве, а потым у шпiянажы. Паколькi доказаў нi шкоднiцтва, нi шпiянажу не было, то следчыя старалiся выбiць у яго прызнаннi. Моцны, аднак, быў характару моцнага, упарты i няўступлiвы, уступiў у люты канфлiкт са следчымi i быў бiты, прапускаўся праз канвеер, калi запар дапытвалi па некалькi сутак, двойчы кiдалi ў карцэр. Моцны не агаварыў сябе, не падпiсаў пратаколы, i тады далi яму гэта ПШ - падазрэнне ў шпiянажы.

- Iх, гэтых следчых, аказваецца, вучаць, як бiць i мучыць падследных. Прыёмам вучаць. I хто вучыць? Дактары, медыкi. Бандыты ў белых халатах, расказваў Моцны. - Вучаць анатомii, паказваюць, дзе ў чалавека самыя балючыя месцы. Вучаць бiць так, каб звонку слядоў не заставалася, а было б адбiта ўсярэдзiне...

Сам ён да арышту быў у партыi, верыў ёй, а Сталiну, як прызнаўся, не верыў з трыццатага года - пасля прымусовай калектывiзацыi i раскулачвання. Тады ж ён напiсаў лiст-пратэст Сталiну i Калiнiну, што такая гвалтоўная калектывiзацыя i раскулачванне самых працавiтых сялян горш за прыгон i прывядзе да разбурэння вёскi i сялянскай гаспадаркi.

Калi б ён напiсаў такi лiст пазней на шэсць гадоў, не мiнаваць бы яму лагера. А тады з iм нiчога не было. Тады былi яшчэ сярод энкавэдыстаў нямала людзей сумленных. Лiст Моцнага да Масквы не дайшоў, яго перахапiлi мясцовыя чэкiсты. Начальнiк раённага аддзела ўнутраных спраў выклiкаў Моцнага да сябе, моўчкi вярнуў лiст. Нi пагрозы, нi крыку не было, а была парада - такiя лiсты больш не пiсаць i не пасылаць. Вiдаць, той раённы начальнiк i сам быў такой жа думкi пра злачынную калектывiзацыю.

Моцнага, як спецыялiста, у лагеры скарысталi па яго ж прафесii. Ён працаваў у лагернай праектнай канторы, жыў у параўнаннi з зэкамi, занятымi на земляных работах, даволi няблага. Сядзеў у цяпле, быў сыты, тачкi не ганяў. I сядзеў бы там Сямён Якаўлевiч да канца свайго тэрмiну, вычэрчваў бы планы, схемы, вылiчваў пад'ёмы i спускi пуцi, выгiбы. А ён нiяк не мог дараваць следству за тыя мукi, што яны яму прычынiлi, - у яго ад тых пабояў i цяпер балiць пазваночнiк. Не згаджаўся i з тэрмiнам, дадзеным асобай нарадай. Ён пачаў пiсаць скаргi на сваiх былых следчых i на парадкi ў органах бяспекi, абвiнавачваў iх у свядомым тэроры, называючы гэтыя органы засценкамi катаванняў i забойстваў. Пiсаў у ЦК партыi, у пракуратуру, Вярхоўнаму суду, Калiнiну. Сталiну не пiсаў, бо лiчыў яго галоўным вiноўнiкам тэрору. Атрымлiваў ад усiх шаблонны адказ: "Падстаў для перагляду справы няма, вы асуджаны правiльна". На такiя штампы-адказы ён пасылаў больш рэзкiя заявы: "Я не быў асуджаны, мяне загналi ў лагер без суда. У канстытуцыi якой краiны запiсана, што можна заключаць у лагер без суда?"

Аднойчы яго выклiкаў кум - так у лагеры называюць аператыўных упаўнаважаных НКУС. Яны сочаць за палiтычнымi настроямi зэкаў, вядуць следства, вярбуюць сексотаў. Кум сказаў Моцнаму: "Чаго ты, вумнiк, дабiваешся? Што ты шукаеш прыгод на свой лоб? Мала табе васьмi гадоў, дык дабавяць. Чатыры адседзеў, чатыры засталося. Вытрымаеш, сядзiш у канторы, кайлом не б'еш".

Паслухацца б Моцнаму гэтай хоць i пагрозлiвай, але разумнай парады. Дык не, упарты няўрымслiвы Моцны не змiрыўся, па-ранейшаму скардзiўся ва ўсе iнстанцыi, патрабуючы перагледзець яго справу. Пасылаў праз лагерную пошту, перадаваў тым, хто вызвалiўся i ехаў дамоў, каб кiнулi ў гарадскую паштовую скрынку. А вынiк быў адзiн - падстаў для перагляду справы не знаходзiлi.

Тады Моцны напiсаў лiст Берыi, наркому НКУС.

"Дарагi Лаўрэнцiй Паўлавiч, - такi быў тэкст лiста, - мяне трымаюць невiнаватага ўжо чатыры гады, загналi сюды без суда. Пры допытах мяне бiлi, мучылi, так i ў гестапа не мучаць людзей. Правiльна, што ката Яжова расстралялi. Iх, гэтых энкавэдыстаў-катаў, трэба расстраляць усiх. Яны забойцы, бандыты. Гэта яны забiлi мiльёны невiнаватых людзей i загналi ў лагеры столькi ж. Я таксама iх ахвяра. Прашу адмянiць пастанову асобай нарады i вызвалiць мяне..."

Вось такога прыблiзна зместу была яго заява Берыi.

Ах, Сямён Якаўлевiч, разумны чалавек, вучоны, кандыдат навук, якi ж ты наiўны! Так напiсаць пра НКУС - баявы атрад партыi, параўнаць энкавэдыстаў з гестапаўцамi, патрабаваць iх усiх расстраляць... Цi ж можна такое ляпнуць?!

Адказ прыйшоў хутка, намнога хутчэй, чым ад судоў, пракуратуры, Калiнiна. I не ў пiсьмовым выглядзе. Завёў яго да сябе кум i ўчынiў допыт.

- Ты што, мацi твая-перамацi, уражына праклятая, прастытутка, нашы органы i гестапа на адну дошку ставiш? Нас, слаўных чэкiстаў, патрабуеш расстраляць? Ты морда антысавецкая, шпiён, што заслужыў цяпер? Што? Дзевяць грамаў свiнцу. I палучыш. Дзяржава наша багата на свiнец, не пабяднее, калi табе адну кулю пусцяць у твой медны лоб.

- Кум той, - расказваў Сямён Якаўлевiч, - здаравенны буйвал, яму б малатком махаць, у забоi вугаль рубаць. Кулакi пудовыя. Дык ён, мяснiк, мяне пачаў душыць. Схопiць за горла i душыць, пакуль я страчу прытомнасць. Адпусцiць, я аддыхаюся, ён зноў душыць... Ён i загнаў мяне ў шызо. Сядзеў там месяц, а адтуль сюды, у брыгаду, кiнулi. Аформiлi новы на мяне матэрыял i паслалi ў тую ж асобую нараду. Вось цяпер чакаю прысуду.

- Могуць табе, пахан, i шлёпку даць, - выказаў яму спачуванне Лёха.

- Цiкава, - крутнуў галавой брыгадзiр. - Штосьцi не тое... Калi паслалi на асобую нараду, то чаму ж цябе выпусцiлi з шызо? Ты ж падследным лiчышся.

Моцны скрывiў ва ўсмешцы рот.

- А каб дарэмна не еў хлеб. У брыгадзе хоць кубiкi буду даваць.

Мы ўсе яму спачувалi, падкормлiвалi. Работнiк ён быў у першыя днi пасля шызо нулявы, пустое месца. Толькi i мог кiрку падняць i махнуць ёю. Норму яму брыгадзiр усё ж выстаўляў, каб той змог атрымоўваць поўную пайку. Тыднi праз два Моцны ўжо акрэп i нароўнi са мной ганяў тачку.

Спачувалi Сямёну Якаўлевiчу не толькi зэкi, але пранiкся да яго сiмпатыяй i стралок Ахмет. Вiдаць, таму, што праходзiў вайсковую службу ў тых месцах, дзе да арышту жыў Моцны. Яны часта i гаварылi пра той горад у Забайкаллi. I Ахмет гэтак жа, як i ўся брыгада, занепакоена чакаў, што ж прышле тая асобая нарада. Ахмет здружыўся i з брыгадай, ён часам увечары заходзiў у барак, слухаў нашы размовы, спрэчкi. Прыносiў курыва, якое яму выдавалi, бо сам не курыў.

У адзiн з прыходаў Ахмет пачаставаў Моцнага карамелькамi - поўным мяшэчкам. А Моцны падзялiўся ўжо i з намi тымi цукеркамi.

- Вы ўжо добры сталi на твар, - сказаў Ахмет Моцнаму. - Паправiлiся.

- Трохi паправiўся, - ахвотна падтрымаў з iм гаворку Моцны.

- Вызвалiцеся, дамоў паедзеце, горад ваш харошы.

- Калi асобая нарада не дабавiць.

- Усё адно трэба цярпець.

- Буду цярпець, у пельку ж не палезу. Я - чалавек бiты.

- А за аднаго бiтага даюць двух нябiтых, - сказаў Ахмет i засмяяўся.

- Ахмет, - улез у гаворку Лёха Мошкiн, - ты не так гаворыш. За бiтага даюць ад двух да пяцi годзiкаў. Дайшло?

Пасмяялiся ўсе, i асаблiва хохма гэта спадабалася Ахмету.

Той дзень, калi здарылася гiсторыя, з-за якой i напiсаны гэтыя ўспамiны, быў ужо цёплы, вясеннi. Сонца плавiла снег, ён пад яго цяплом асядаў з шоргатам, пакрываючыся кропелькамi поту. Знiклi белыя шапкi з валуноў i пнёў. З тайгi цягнула подыхам вясны - хвояй, карой i нечым неразгаданым, ледзь улоўным - заўсёдным пахам гэтай пары. Неба блiшчала яркай сiнню, i на схiле дня яго сiнь клалася на заснежаную зямлю.

У гэты прыгожы дзень працавалася неяк спорна, без таго гнятлiвага адчування цяжару няволi, якi трывала сядзiць у душы зэкаў. У час перадыху хто курыў, хто так сядзеў, а хто i драмаў. Моцны прылёг на дашчаны трап, па якiм ганялi тачкi, i падставiў сонцу i небу твар i шыю, агалiўшы яе.

- Госпадзi божа мой, - сказаў ён, глыбока ўздыхнуўшы, - дзякуй табе, што ты стварыў такi цудоўны свет, цудоўную прыроду, зямлю. Дзякуй.

- А за парадкi на зямлi таксама дзякаваць богу трэба? - падаў голас брыгадзiр. Ён сядзеў на тачцы, таксама падставiўшы твар сонцу i шырока расшпiлiўшы каўнер.

- Парадак людзi самi ўстанавiлi, - адказаў яму Моцны. - Тут не ад бога залежыць. Бяда, калi наводзiць парадак чалавек антымаральны, кат i дыктатар.

Размова наблiзiлася да небяспечнага кiрунку, таму брыгадзiр штурхнуў яе ў iншым напрамку, загаварыў пра вясну. Але гаворку Моцнага падтрымаў Лёха.

- Правiльна, Сямён Якаўлевiч, не бог, а людзi нас сюды загналi. А вы верыце ў бога?

- Бога я прыняў тут, у няволi. I веру ў замагiльнае жыццё. I ў замагiльны суд веру. Вось паўстануць там па клiку трубы архангела ўсе замучаныя, забiтыя i тыя, хто iх мучыў i забiваў. Суд i дасць кожнаму тое, што заслужыў пры жыццi на зямлi.

- Я, канечне, траплю ў кацёл з гарачай смалой, - сказаў Лёха, - а вас у рай пашлюць.

- Не ведаю, куды мяне пашлюць, а вось паглядзець бы, як тых катаў энкавэдыстаў будуць смажыць у смале. Я б сам iх засмажыў. - Ён сеў, схапiўся за галаву. - Божа мой, а чым усё-такi стукне мне па галаве АСО? Асобая нарада. А калi расстрэл?

Ён вельмi спалохаўся гэтай здагадкi, збялеў нават, знерухомеў, нiбы ўжо гэту кару яму аб'явiлi.

Чым стукнула АСО Моцнага, даведалiся ў той жа дзень. Прыехаў наш кум, лейтэнант, губасты i такi худзючы, што галiфэ яго здавалiся пустыя, i аб'явiў Моцнаму рашэнне АСО. Далi яму дзесяць гадоў i пачатак адбывання пакарання залiчылi з дня пасадкi ў шызо. Чатыры адбытыя гады прапалi, тэрмiн пацёк новы. Яму да ПШ прыбавiлi яшчэ адну абрэвiятуру, даўжэйшую на дзве лiтары - КРТД, што азначае контррэвалюцыйна-тэрарыстычная дзейнасць.

Вестку гэту, на дзiва, Сямён Якаўлевiч прыняў знешне спакойна. Выслухаў кума моўчкi, узяў кiрку i пачаў разбiваць грунт, таксама моўчкi.

Кум пайшоў, а Лёха, уражаны, здаецца, больш за Моцнага, пачаў абурацца i лаяцца.

- Жывадзёры, гнiды, на вяровачку б iх усiх павесiць. - Ён пхнуў што было сiлы нагой тачку. - Во яно АСО - дзве ручкi, адно калясо. Гэта ж яшчэ столькi дабавiць, гады!

Набiты Моцным грунт я пагрузiў у тачку, вывез у адвал. А Моцны ўсё ўбiваў i ўбiваў кiрку ў грунт, не прыпыняўся i тады, калi брыгада рабiла перакур. Я хацеў адабраць у яго кiрку, але брыгадзiр спынiў мяне, сказаў, каб не чапаў, няхай прыйдзе ў сябе.

У сябе ён не прыйшоў. Сабраўшы ўсе сiлы, загнаў кiрку ў зямлю да самага дрэўка, пакiнуў яе там ды яшчэ i нагой па ёй прыстукнуў.

- Усё, будзь ты праклятая, зямля. Я цябе не марозiў, не буду i калупаць. Брыгада, я пайшоў на волю.

Мы не зразумелi, пра якую гэта ён волю сказаў. А ён зняў рукавiцы, сунуў iх у кiшэню бушлата, узяў сваю торбачку, дзе былi пайка i мiска з лыжкай, зiрнуў на неба, сонца, перахрысцiўся - гэта мы ўбачылi ўпершыню - i пайшоў. Пайшоў па трасе па напрамку горада. Пакуль ён iшоў па дазволенай зоне, мы маўчалi. Але вось ён пераступiў тую мяжу, пераход цераз якую ўжо лiчыцца спробай уцёкаў.

- Сямён Якаўлевiч, - крыкнуў яму брыгадзiр, - куды? Вярнiся!

Той участак гранiцы ахоўваў Ахмет. Яшчэ калi Моцны падыходзiў да мяжы, Ахмет насцярожыўся, стаў у баявую паставу... А калi пераступiў мяжу, Ахмет накiраваў вiнтоўку на яго.

- Куды? Куды вы? Стой! - крыкнуў ён не пагрозлiва.

А Моцны iшоў ужо за мяжою, аддаляўся ад яе.

- Эй, стой! - Ахмет клацнуў затворам. - Стой, гавару, страляць буду!

Моцны iшоў не азiраючыся. Iшоў мерным ходам, спакойна, нiбы ён сапраўды быў ужо на волi. Глыбокiя сляды на снезе-цалiку цягнулiся ўслед яму i былi падобны на ланцуг, якi зэк Моцны размотваў з сябе.

- Эй, страляю зараз, стой! - крычаў Ахмет яму ўжо ўслед i двойчы цi тройчы прыкладваўся да стрэльбы, але не страляў.

Усё гэта бачыў другi ахоўнiк - таўсматы сяржант. Той быў па другi бок трасы i таксама насцярожыўся, ускiнуў вiнтоўку гатовы стрэлiць.

Калi Моцны адышоў ад дазволенай гранiцы ўжо крокаў трыццаць, Ахмет стрэлiў угору. Другi раз, як i належыць па iнструкцыi, павiнен стрэлiць у Моцнага.

- Стой!

Моцны iшоў, падставiўшы стралку спiну i патылiцу.

Тады Ахмет закрычаў ужо брыгадзiру:

- Брыгадзiр, даганяй, затрымай! А то заб'ю яго. Даганяй!

Брыгадзiр, Лёха i я пабеглi ўслед за Моцным. Мы беглi па яго глыбокiх слядах, умiнаючы iх яшчэ глыбей, уперадзе - Лёха, я - за iм, брыгадзiр, старэйшы за нас i з паламанымi рэбрамi, - ззаду. Беглi моўчкi, без крыку, каб не спужаць яго, каб не азiрнуўся i не джгануў ад нас. Лёха першы дагнаў Моцнага, стаў перад iм.

- Ты што, - закрычаў ён, - знарок пад кулю iдзеш? Жыць не хочаш, а на Ахмета хочаш смерць сваю ўзвалiць? - Размахнуўся, але ляпнуў па твары лёгка, хутчэй дэманстратыўна. - Ёўбала ты.

Мы ўзялi Моцнага за рукi i павялi на ўчастак. Ён не супрацiўляўся. Калi праходзiлi мiма Ахмета, то ўбачылi, як у таго дрыжалi губы. I рукi дрыжалi, антабка на вiнтоўцы ляскала.

- Ахмет, - сказаў яму брыгадзiр Iваноўскi, - дзякуй табе. Няхай дзецi твае будуць шчаслiвыя.

Ахмет у адказ усмiхнуўся жаласна i радасна, шчаслiвы ад таго, што вось жа не забiў чалавека, а павiнен быў забiць, не ўзяў на сябе чужую смерць.

Моцны ў той дзень больш працаваць не стаў, i мы яго не прымушалi. Ён сядзеў на зямлi на дошцы ў паставе бога Буды, няўцямны да ўсяго, глядзеў некуды паверх сопак, i што ён думаў у гэты час, бог адзiн ведае.

Старшы ахоўнiк-сяржант далажыў пра спробу Моцнага ўцячы, i яго зноў забралi ў шызо, а адтуль у калонiю з больш строгiм рэжымам. Думаю, што Моцны там не выжыў.

Ну а стралка Ахмета мы сталi яшчэ больш паважаць i хацелi, каб ён застаўся такiм жа нармальным хлопцам, каб не агрубела яго душа на такой службе, не змянiўся характар i не ператварыўся ён у сапраўднага вертухая.

"Госпадзi божа мой, - увесь час успамiнаўся балючы ўскрык Сямёна Якаўлевiча, - навошта ты дазволiў зрабiць такi на зямлi парадак, калi адзiн чалавек можа прычыняць смерць i гора мiльёнам? Навошта?"

САЛДАЦКI ЛIСТ

Мой мiнамётны ўзвод папоўнiўся двума салдатамi - Iванам Дробатам i Яраславам Бычыкам - летам сорак чацвёртага, калi былi вызвалены iх прыгранiчныя з Малдавiяй вёскi. Яраславу яшчэ i васемнаццаць не споўнiлася. А Дробату было ўжо за сорак, i яго, як самага старэйшага ў роце, мы называлi дзядзькам Iванам. Шчыры, непасрэдны Яраслаў адразу ж стаў любiмцам узвода. Па-хлапчукоўску нявопытны, неасцярожны Яраслаў часам паводзiў сябе неабдумана адчайна, што на вайне сярод салдат не ўхвалялася. Каб быў ён пад пастаянным наглядам, я ўзяў Яраслава да сябе ардынарцам.

Гаворка, аднак, пойдзе не пра Яраслава, якi шчаслiва скончыў вайну, а пра Iвана Дробата. Яго марудлiвасць, празмерны спакой - не паспяшаецца, не пабяжыць, дзе трэба, - мяне часам раздражнялi, i прыходзiлася, каб падагнаць, хрысцiць мацюком. Мужчына ён быў дужы, лёгка ўскiдваў сабе за спiну больш чым дваццацiкiлаграмовую плiту ды яшчэ браў пад пахi скрынку з мiнамi. Старанней за ўсiх байцоў узвода капаў яму для агнявых пазiцый мiнамётаў, акопы для схованкi на выпадак бамбёжак i артабстрэлаў.

Раней у армii Дробат не служыў па стану здароўя - быў трохi глухi. Мабiлiзацыя ў армiю ў сорак чацвёртым для яго была нечаканай, думалася, што i на гэты раз яна абмiне яго. На медыцынскiм аглядзе паказаўся зусiм глухiм, але яго назвалi сiмулянтам, у глухату не паверылi i залiчылi ў часць, не даўшы нават забегчы дамоў развiтацца з сям'ёй - жонкай, цешчай, маткай i пяцярыма дзецьмi. Вось так ён i апынуўся ў маiм узводзе трэцiм нумарам мiнамётнага разлiку. На гэтай пасадзе - насiць плiту i падносiць у час стральбы мiны чуйныя вушы не патрэбны.

Сялянская практычнасць Дробата вельмi прыйшлася на карысць узводу. Ён умеў адрамантаваць калёсы, колы, збрую i рабiў гэта з ахвотаю i ўмела. Знаходзiў i далучаў да ротнай гаспадаркi ўсё, што потым аказвалася патрэбным.

Ужо праз якi тыдзень мы ведалi амаль усё пра яго сям'ю, бо ён толькi i гаварыў аб сваiх дзецях, iншых родзiчах. Яго салдацкiя лiсты-трохкутнiкi амаль штодзень выпырхвалi з яго рук i ляцелi вестачкай дамоў. Дробат пiсаў i ўсiм родным адразу, i кожнаму паасобку, у тым лiку i самаму малому шасцiгадоваму Панасiку. Лiсты яго былi кароткiя i неслi, як кажуць, самую неабходную iнфармацыю: жывы, здаровы, рухаемся ўперад, ужо вызваляем мадзьяр, а там на чарзе i Аўстрыя. Пасылаў ён i пасылкi праз кожныя чатыры-пяць дзён. Так часта аднаму не дазвалялася слаць, але Дробат афармляў iх на iмя iншых салдат, якiм не было куды пасылаць. Усё iшло ў тыя пасылкi: адзенне, цацкi, iнструмент, нават посуд. Асаблiва цанiлiся тады iголкi для швейных машын i каменьчыкi для запальнiчак. На радзiме яны мелi вялiкi попыт. Дробату ўдалося раздабыць некалькi карабочкаў гэтай каштоўнасцi. "Жонка прадасць на рынку iголкi i дзецям нешта купiць", - хвалiўся ён.

Меў Дробат i поўны сiдар усякiх рэчаў, таксама прыпасеных для сям'i, спадзяваўся прывезцi яго дамоў пасля вайны.

Як ужо гаварылася, лiсты Дробат слаў часта, а калi пайшлi пасылкi, стаў пiсаць яшчэ часцей - паведамляў, у якую пасылку ён што паклаў i што трэба зрабiць з кожнай рэччу. Лiсты пiсаў на любой паперы, якая траплялася пад рукi: на аркушах з вучнёўскiх сшыткаў, на чыстых вырваных з кнiг аркушах, на розных бланках, нават на нямецкiх загадах, сарваных са сцен дамоў. А аднойчы напiсаў на нямецкай лiстоўцы, з чаго i пачалася гэта непрыемная для роты i драматычная для Дробата гiсторыя.

Лiстоўкамi закiдвалi як немцы нас, так i мы немцаў. У апошнiя месяцы вайны нямецкiя лiстоўкi скiдвалiся на нашы пазiцыi радзей i менш. А нашы тысячы белых аркушаў амаль кожны дзень падалi з неба на галовы немцаў, заклiкаючы iх здавацца ў палон, бо вайна для iх прайграна. Ну гэтак жа сама, як у сорак першым - сорак другiм гадах заклiкалi ў сваiх лiстоўках нас: расейцы, саветам капут, пераходзьце да нас... Кожная фашысцкая лiстоўка тады лiчылася пропускам для здачы ў палон, таму сурова караўся той, хто падняў лiстоўку i трымаў у сябе. Камiсары, палiтрукi асабiсты-смершнiкi адразу, як толькi лiстоўкi асыпалiся на зямлю, выдзялялi людзей для iх збору i знiшчэння. Часта i, вядома, знянацку рабiлiся праверкi кiшэняў у байцоў - цi не хавае хто лiстоўку. А калi ў каго знаходзiлi, то лiчылi, што баец сабраўся перайсцi да немцаў, яго забiралi ў асобы аддзел i арыштоўвалi за намер здрадзiць Радзiме. Той кляўся, што не збiраўся перабягаць да немцаў, а ўзяў на курыва, каб скручваць з яе цыгаркi. Яму, канечне, не верылi.

Не помню дакладна, здаецца, у канцы сорак другога, Пленум Вярхоўнага суда СССР вымушаны быў растлумачыць, што баец, у якога знайшлi лiстоўку, не абавязкова злачынец, ён мог яе ўзяць для нейкай патрэбы. Вярхоўныя ўлады пайшлi на гэта тлумачэнне, бо вельмi ўжо багата аказалася такiх "здраднiкаў".

Нiколi не забуду паказны суд i расстрэл аднаго лейтэнанта, камандзiра сапёрнай роты, глыбокай восенню сорак першага. I суд, i расстрэл былi праведзены ў прысутнасцi ваеннаслужачых палка, канечне ж, для прафiлактыкi на будучае. Хоць судзiлi лейтэнанта, але прысутнiчаў i я, радавы.

Што ж небяспечнага ўчынiў той лейтэнант?

Франтавiкi помняць, колькi тых нямецкiх лiстовак валялася на дарогах. Ну як апалае лiсце з дрэў. А кожны чалавек па натуры сваёй цiкаўны. Як бы нi забаранялася падымаць i чытаць варожыя лiстоўкi, цiкавасць усё ж перамагае. Бралi i чыталi, а прачытаўшы, хто рваў на кавалкi для цыгарак, хто падпальваў запалкай, а хто браў, каб з ёю прысесцi пад куст. I я тых лiстовак прачытаў нямала, нямала i скурыў.

Падняў i прачытаў варожую лiстоўку i той камандзiр сапёрнай роты, лейтэнант. Але прачытаў не сам для сябе, а ўголас перад сваiмi байцамi. Рота была якраз на прывале, байцы сядзелi, перакусвалi. Месца, дзе размясцiлася на прывал рота, i было засыпана лiстоўкамi.

- Ну што там фрыцы пiшуць? - сказаў лейтэнант, беручы каля сябе з зямлi лiстоўку. - Зноў клiчуць у палон здавацца? - I пачаў чытаць уголас са сваiмi каментарыямi. Прачытае, пакруцiць галавой, скажа: - Ну i дурнi ж, якую лухту пiшуць, паслухайце: "Чырвоная Армiя разбiта, у Маскве панiка, начальства бяжыць за Ўрал..." А хто ж тады з вамi, фрыцы, ваюе? - I чытаў далей: "Сталiн дамовiўся з амерыканцамi, каб уцячы да iх на самалёце". - I каменцiруе: - Ёлупнi, Сталiн у Крамлi знаходзiцца.

Вось у такiм парадку i iшла галосная чытка лейтэнантам варожай лiстоўкi. Лiстоўку тую парвалi на цыгаркi, скурылi.

А лейтэнанта абвiнавацiлi ў антысавецкай агiтацыi - галосная чытка варожай лiстоўкi перад байцамi сваёй роты.

Судзiлi лейтэнанта ў лесе на паляне. Замест сталоў i лавак для суда былi пастаўлены снарадныя скрынкi. На такой жа скрынцы сядзеў i лейтэнант. Абвiнавачвалi яго па артыкуле 58 - 10 частка другая - антысавецкая агiтацыя ў час вайны. Падсудны без пятлiц, рэменя, аброслы, як мне здалося, усё яшчэ не верыў, што яму ставяць у вiну такое цяжкае злачынства, за якое пагражае расстрэл. Адказваючы суду на пытаннi, ён спрабаваў кожны раз пераканаць суд, што чытаў ён лiстоўку без нiякай шкоднай мэты, чытаў i лаяў фашыстаў, пра што ўся рота пацвердзiць, i што лiстоўку тую ён адразу ж i парваў. Старшыня суда ваенюрыст першага рангу, нiбы глухар, зусiм не зважаў на лейтэнантавы апраўданнi. Бог ты мой, што за суддзя той быў! За дваццаць гадоў сваёй пасляваеннай службы ў ваенных трыбуналах я пабачыў многа суддзяў, але такога малапiсьменнага тупога ёлупня, як той ваенюрыст першага рангу, не сустракаў. Казалi, што ён i ў грамадзянскую быў старшынёй рэвалюцыйнага ваеннага трыбунала. Вось дзе ён судзiў дык судзiў! Адукацыя ў яго была ну не вышэй трохкласнай прыхадской школы. Ён не мог пiсьменна звязаць у адзiн сказ нават некалькi слоў. Гаварыў: тваё фамiлее, што хацiш сказаць, прыгавор... Калi дапытвалi сведак, то адно яго цiкавiла - чытаў лейтэнант уголас лiстоўку перад байцамi цi не чытаў. Што пры гэтым лейтэнант гаварыў, старшыню суда не цiкавiла. Сведку-сяржанта, калi той, абараняючы падсуднага, пачаў сцвярджаць, што лейтэнант, чытаючы лiстоўку, выкрываў фашысцкую хлусню, а не агiтаваў супраць радзiмы, старшыня суда груба i злосна абарваў: "Ты тут не фiласофнiчай, хацiш суд у зман увесцi?"

Прыгавор пiсаўся не больш дзесяцi хвiлiн i быў кароткi, як стрэл, лейтэнанта расстраляць.

Не ведаю, як узгаднялi i зацвярджалi тады прыгаворы, але прывялi яго ў выкананне праз гадзiну. Нiколi не забуду твар i вочы смяротнiка лейтэнанта. Далiбог жа, ён да апошнiх хвiлiн усё яшчэ сумняваўся ў рэальнасцi таго, што з iм адбываецца, што гэта ўсё ўсур'ёз, а не разыгрываецца нейкi павучальна-выхаваўчы спектакль. Не верыў, калi пачуў прыгавор, не верыў, i калi падвялi да свежавыкапанай ямы. На судзе я блiзка сядзеў да падсуднага i бачыў, як дрыжалi яго губы пасля пачутага iм прыгавору: "А як жа сыночак мой, як мама без мяне?"

Страшна было такое бачыць i слухаць. Тады ж я на ўсё жыццё ўпэўнiўся, што такi паказальны суд, якому начальства надавала, канечне ж, вялiкую прафiлактычную ролю ва ўмацаваннi дысцыплiны, наадварот, паслужыў прыкладам бесчалавечнай несправядлiвасцi. Усе прысутныя на судзе, можа, i тыя ж стукачы, што данеслi на лейтэнанта, шкадавалi яго, спачувалi яму, а трыбунальцаў i смяршыстаў ненавiдзелi.

Да ямы лейтэнанта падвялi два сяржанты i старшы лейтэнант з асобага аддзела. Падвялi без шыняля, з завязанымi назад рукамi. Полк пастроiлi вакол ямы ў карэ, каб усiм быў бачны працэс расстрэлу. Выйшаў пракурор, ваенюрыст другога рангу, вiсклiва-напружаным голасам прачытаў прыгавор i даў дазвол для яго выканання. А сам хуценькай падбежкай паспяшаўся ў строй. Старшы лейтэнант - выканаўца прыгавору - нешта пачаў гаварыць сваiм двум сяржантам i гаварыў, як мне здалося, доўга. Няўжо старшы лейтэнант адцягваў гэтыя непрыемныя секунды, у якiя ён павiнен пралiць чужую кроў?

На паляне стаяла такая цiшыня, што здавалася, я аглух - ну хоць бы хто кашлянуў, бразнуў чым-небудзь, ускрыкнуў, усе маўчалi. Асуджаны на смерць стаяў тварам на захад сонца, асветлены яго чырвоным святлом, нiбы ўжо апырсканы сваёй крывёю. Вечар быў цiхi, з чыстым небам i празрыстым асеннiм прымарожаным паветрам. Лес, якi акружаў нас, таксама замёр, не варушылася нiводная галiнка, i дрэвы глядзелi на паляну са страхам, таксама як i людзi. Старшы лейтэнант ступiў да смяротнiка, узяў яго за локаць, падвёў блiжэй да ямы i загадаў стаць на каленi. Той пакорлiва стаў - упаў грузна, усiм цяжарам цела. Чамусьцi пачаў тузаць рукамi, вiдаць, спрабуючы iх вызвалiць ад вяроўкi. Нешта ўскрыкнуў, ускрык той быў як енк, стогн, выцiснуты ўсiм нутром. I ў гэты момант ляснуў сухi стрэл, i асуджаны бокам павалiўся ў яму...

Пачулiся каманды, i роты пачалi разыходзiцца з паляны. У той жа дзень ротным палiтрукам было загадана правесцi гутаркi з байцамi наконт гэтага суда. Але, як я чуў, нiдзе такiя гутаркi не былi праведзены, у тым лiку i ў нашай роце.

Наш ротны расказаў, што ён на такiх паказальных расстрэлах прысутнiчаў ужо двойчы. На папярэднiм расстрэле дэзерцiра - той адсутнiчаў у часцi больш за суткi i сам жа вярнуўся - куля зрыкашэцiла i забiла не толькi асуджанага, але i байца, якi стаяў у страi. Мой памкамўзвода пажадаў: "Няхай бы i цяпер куля зрыкашэцiла ў старшыню трыбунала". Камандзiр роты зрабiў выгляд, што не пачуў.

Вось так каралiся ў першыя месяцы вайны тыя, хто чытаў варожыя лiстоўкi. У сорак чацвёртым i тым больш у сорак пятым за гэта ўжо не расстрэльвалi, i я думаў, што i ўвогуле не судзiлi.

Але памыляўся. Дробата нашага асудзiлi i ў сорак пятым. За той лiст, якi ён напiсаў на адваротным чыстым баку нямецкай лiстоўкi i паслаў дамоў. Па сваёй мужыцкай прастаце i абмежаванасцi ён нiяк не мог падумаць, калi пiсаў лiст на лiстоўцы, што ўчыняе злачынства. Папера была добрая, на ёй Дробат i напiсаў дарагой жонцы i дзеткам, што па-ранейшаму жывы i здаровы i што паслаў iм яшчэ адну пасылку. Друкаваны тэкст лiстоўкi ён перакрэслiў, сунуў аркушык у капэрту i аддаў паштальёну. Дайшоў б лiст дамоў, яму б узрадавалiся, прачыталi i выкiнулi б у качарэжнiк на распал печкi.

Але ж была ваенная цэнзура, працавалi там дзяўчаты-цэнзары. I вось нейкая дзяўчына адкрыла капэрту, прачытала лiст i ўбачыла, на якой паперы ён напiсаны, - на лiстоўцы! Ну што б той пiльнай дурнiцы парваць лiст, i ўсё было б добра, цiха. Дык не, яна пабегла да начальнiцы, а пiльная начальнiца здала яго ў асобы аддзел. Там расцанiлi пасылку лiстоўкi як метад антысавецкай агiтацыi - маўляў, спецыяльна паслаў, каб яе чыталi нашы савецкiя людзi ў тыле.

Дробат быў арыштаваны нашым палкавым смяршыстам, калi мы ваявалi ўжо ў Аўстрыi. Мяне i камандзiра роты следчы асобага аддзела дапытваў як сведак: што за Дробат, якая ў яго душа, што гаварыў супраць савецкай улады. Мы сказалi пра Дробата толькi добрае i спадзявалiся, што яго выпусцяць, бо вось-вось вайна павiнна скончыцца.

Вайна скончылася, а Дробат да нас не вярнуўся. У сярэдзiне мая ў полк прыйшла копiя прыгавору на Дробата, асуджанага на сем гадоў.

Паўздыхалi мы, пашкадавалi чалавека, а памагчы яму ўжо не змаглi. Адно зрабiлi - усе рэчы, што ён збiраў, запакавалi ў пасылкi i паслалi сям'i.

Пасля перамогi на ўсход рушылi эшалоны з байцамi-пераможцамi, немцамi-ваеннапалоннымi i вызваленымi з палону нашымi ваеннаслужачымi. Да эшалонаў з палоннымi былi прычэплены i вагоны з асуджанымi. Сярод iх недзе ехаў на Калыму i наш Iван Дробат, трэцi нумар мiнамётнага разлiку.

I ПЛАКАЎ ГЕНЕРАЛ...

Ёсць такое фiласофскае сцвярджэнне: як можа з годнасцю пражытае жыццё напоўнiць сэнсам i цаной смерць, так i сумленная ўзвышаная смерць можа апраўдаць увогуле пустое i не зусiм прыстойнае жыццё.

Не ведаю, як адпавядае гэтаму сцвярджэнню жыццё генерала Рускага-Кавалеўскага, якiм трэба лiчыць яго доўгае, багатае на зломы жыццё i як ацанiць смерць. Паспрабую проста расказаць пра яго самога.

Даўно не магу сабе дараваць, што ў свой час не запiсваў цiкавыя гiсторыi, прозвiшчы людзей, не здымаў копii з цiкавых дакументаў, не захоўваў лiтаратуру, якой цяпер цаны не было б. Цi ж можна было спадзявацца, што некалi будзе магчымасць пра гэта расказаць, напiсаць? Думалася, што маладая памяць утрымае ўсё ўбачанае, пачутае да канца жыцця. Яна i трымала ўсё цi амаль усё доўгi час, а потым неяк незаўважна страцiла многае з таго, што раней помнiлася. Сцерлiся з памяцi прозвiшчы, даты, факты, i цяпер, стараючыся прыгадаць нешта для аповяду, хоць локаць кусай, па лбе сабе стукай, - не ўспамiнаецца.

Расказаць пра лёс генерала Рускага-Кавалеўскага, якога ў сорак шостым годзе ў румынскiм горадзе Канстанца асудзiў ваенны трыбунал Паўднёвай групы войск (былы Трэцi Ўкраiнскi фронт), мне хацелася даўно.

Жыў гэты генерал да арышту ў Югаславii, куды эмiгрыраваў з Расеi пасля грамадзянскай вайны. Паходзiў ён з дваран, усё жыццё аддаў вайсковай службе. У першую сусветную вайну храбра ваяваў, меў узнагароды, тройчы лячыўся ў шпiталi пасля ранення. На судзе гаварыў, што ў яго i цяпер баляць раны ад нямецкiх куль i асколкаў. Як i пераважная большасць афiцэраў, стаяў за вайну да пераможнага канца над кайзераўскай Германiяй i верыў у перамогу Расеi. Гэта ж сцвярджаў i на судзе. "Так, так, - гаварыў ён, - Расея выйшла б пераможцай, калi б бальшавiкi не захапiлi ўладу".

На гэтым судзе я прысутнiчаў проста як глядач, а справу генерала я чытаў да суда. Асаблiва мяне цiкавiлi так званыя рэчавыя доказы да справы генералавы ўспамiны пра рэвалюцыю, вайну, артыкулы ў розных эмiгранцкiх газетах. Тое, што я прачытаў у тых мемуарах i артыкулах, было для мяне адкрыццём. Рускi-Кавалеўскi аналiзаваў факты i падзеi зусiм не па "Краткому курсу истории ВКП(б)". Ну, напрыклад, Берасцейскi мiр, заключаны бальшавiкамi з Германiяй, ён лiчыў ганебным для Расеi.

Народны засядацель, афiцэр з палiтаддзела, сказаў генералу: "Ужо за гэту контррэвалюцыйную пiсанiну i тое, што вы цяпер гаворыце тут, вас трэба строга асудзiць. Ды нiколi б Расея не перамагла Германiю. Армiя была небаяздольная".

Генерал адказаў цвёрда:

"Дык гэта ж зрабiлi бальшавiкi. Якая была ў iх тактыка? Рабiць усё для паражэння сваёй дзяржавы. Ну i дабiлiся свайго - армiю развалiлi".

У сваiх мемуарах Рускi-Кавалеўскi, спасылаючыся на розныя нямецкiя дакументы, мемуары нямецкiх генералаў i дзяржаўных дзеячаў, падводзiў вывад, што Германiя ў семнаццатым годзе аслабла яшчэ больш, чым Расея, i кайзер Вiльгельм гатоў быў весцi перагаворы аб мiры i капiтуляцыi. Вайна скончылася б праз два-тры месяцы паражэннем Германii. Але бальшавiкi памаглi Германii яшчэ цэлы год весцi вайну. Берасцейскi мiр даў ёй перадышку, умацаваў яе. З тэрыторый, якiя па гэтаму мiру адышлi да Германii, пайшлi бясконцыя эшалоны з хлебам, жывёлай, вугалем, рудой, лесам. Германiя, якую голад сцiскаў за горла, ажыла, украiнская пшанiца падкармiла яе. Як пiсалi пасля генералы з германскага генштаба, Германiя, каб не капiтуляцыя Расеi, запрасiла б мiру ў студзенi васемнаццатага, а то i раней. А было б так, то не ўспыхнула б потым i другая сусветная вайна.

У тых рэчавых доказах вiны Рускага-Кавалеўскага былi артыкулы i пра гвалт i тэрор, якi праводзiўся пасля Кастрычнiцкай рэвалюцыi. Рускi-Кавалеўскi быў сам сведкам таго тэрору, жыў у Петраградзе, Маскве, iншых гарадах Расеi. Ён называў iмёны i лiчбы ахвяр, iх - мiльёны. Факты i лiчбы ўражвалi. Асаблiва ўзрушвалi факты масавых расстрэлаў заложнiкаў. Пра заложнiкаў нам на лекцыях па гiсторыi, ды i ў тым жа "Кратком курсе", не было нi слова. Закон аб чырвоным тэроры, выдадзены ў пачатку верасня васемнаццатага года, быў страшны. Расстрэльвалi не за канкрэтную вiну чалавека, а за тое, што належаў ён не да класа пралетарыяту, а, як тады казалi, да белых ручак.

Органы Чэка - карныя органы савецкай улады - атрымалi неабмежаваныя правы. Чэкiстам дазвалялася браць i арыштоўваць заложнiкамi каго хацелi. Яны самi вялi следства, судзiлi i самi выконвалi свой прысуд. Скардзiцца на iх не было каму. Спiсы некаторых ахвяр развешвалiся на вулiцах. У Маскве Чэка выпускала газеты "Красный террор", "Вестник ВЧК" i бюлетэнь-штотыднёвiк, у якiх друкавалiся спiсы расстраляных. Гэтыя газеты i бюлетэнь прадавалiся на вулiцах разам з усiмi газетамi.

Пазней, калi па службе я меў доступ да архiўных дакументаў, я бачыў цэлы стос гэтых чэкiсцкiх штотыднёвiкаў. Цяжка было гартаць тыя старонкi, здавалася, сцiснi iх, i выльецца кроў невiнаватых заложнiкаў. Пра расстраляных нават не знаходзiлi патрэбы напiсаць прозвiшча з iмем i iмем па бацьку, не кажучы ўжо, хто ён i якая яго вiна. Вось, напрыклад, некалькi прозвiшчаў расстраляных людзей, пералiчаных у штотыднёвiку No 6 за кастрычнiк васемнаццатага года:

"...Жылiнскi, Енчароў, Iваноў, Карыцкi, Катамазаў, былы студэнт, афiцэр, Касаротаў, Камiнскi, Крывiцкi, Керсiч, Кiкiн, Кiлярскi, Курашвiлi, Крыцкi Якаў Альбертавiч, падпалкоўнiк; Лашчык, Людко, Лютаслаўскi I., Лютаслаўскi М., Львоў, Лапухiн". I гэтак далей. Некалькi соцень забiтых.

Усё гэта - "белыя ручкi", заложнiкi. Хто яны, без iмёнаў i адрасоў? Толькi пра двух напiсалi, што яны афiцэры.

Гэта спiсы расстраляных адной Маскоўскай Чэка i толькi ў адным нумары бюлетэня. У iншых гарадах штотыднёвiкi не выходзiлi. У Петраградзе, дзе лютавалi Зiноўеў i Ўрыцкi, па прыблiзных падлiках гiсторыкаў былi падвергнуты чырвонаму тэрору - расстрэлу дзесяткi тысяч людзей. Толькi за аднаго Ўрыцкага, якi мог бы плаваць у крывi, iм пралiтай, было расстраляна больш пяцiсот заложнiкаў. Гэта афiцыйнае паведамленне, пра гэта пiсалася ў газетах, а спiсы былi развешаны па горадзе. А колькi не трапiла ў тыя спiсы? Даследчыкi лiчаць, што за забойства Ўрыцкага паплацiлiся жыццём тысячы.

Рускi-Кавалеўскi, ацэньваючы падзеi таго часу, заключае: "Урыцкага забiў такi ж рэвалюцыянер, як i ён, Канегiсер. У Ленiна страляла рэвалюцыянерка, палiтычная катаржанка эсэрка Каплан, Валадарскага забiў таксама былы рэвалюцыянер, эсэр. А страшны па сваiх маштабах тэрор абрушыўся на людзей невiнаватых, далёкiх ад рэвалюцыйных падзей. Такая была дзяржаўная палiтыка тых, хто прыйшоў да ўлады ў кастрычнiку семнаццатага". У тым жа артыкуле Рускi-Кавалеўскi цытуе iнструкцыю чэкiстам, дадзеную адным з начальнiкаў Усесаюзнай Чэка Лацiсам, надрукаваную ў газеце "Красный террор" 1 лiстапада 1918 года. Лацiс пiсаў: "Мы не вядзём вайны супраць асобных людзей, мы знiшчаем буржуазiю як клас. Не шукайце на следстве матэрыялаў i доказаў таго, што абвiнавачваемы дзейнiчаў словамi цi справай супраць савецкай улады. Першае пытанне, якое вы павiнны яму прапанаваць, да якога класа ён належыць, якога ён паходжання, выхавання, адукацыi цi прафесii. Гэтыя пытаннi i павiнны вызначыць лёс абвiнавачваемага. У гэтым сэнсе i сутнасць чырвонага тэрору".

У сорак шостым, калi я чытаў гэты дакумент, ён ад шырокай публiкi хаваўся, быў засакрэчаны. Цяпер - вось жа, як мяняецца час, - артыкул Лацiса часта цытуецца.

Вялiкiм прыхiльнiкам масавага чырвонага тэрору быў i Ленiн. У канцы чэрвеня васемнаццатага года ён тэлеграфуе ў Петраград Зiноўеву ў сувязi з забойствам эсэрам рэдактара "Красной газеты" В.Валадарскага: "Тав. Зiноўеў! Толькi сёння мы пачулi ў ЦК, што ў Пiцеры рабочыя хацелi адказаць на забойства Валадарскага масавым тэрорам i што вы (не Вы асабiста, а пiцерскiя цэкiсты цi пекiсты) утрымалi. Пратэстую рашуча! Мы кампраметуем сябе: пагражаем нават у рэзалюцыях Саўдэпа масавым тэрорам, а калi да справы, тармозiм рэвалюцыйную iнiцыятыву мас, цалкам правiльную. Гэта немагчыма! Тэрарысты будуць лiчыць нас анучамi. Час архiваенны. Трэба заахвочваць энергiю i масавiднасць тэрору супраць контррэвалюцыянераў i асаблiва ў Пiцеры, прыклад якога вырашае. Прывет. Ленiн".

Заахвочваць масавiднасць тэрору? Не ўтрымлiваць рабочых ад масавага тэрору? Што гэта, як не заклiк да тэрору натоўпу.

А цяпер можна ўявiць, што адбывалася ў Пiцеры пасля гэтай тэлеграмы.

Былi ў справе Рускага-Кавалеўскага яго артыкулы пра гвалтоўную калектывiзацыю, раскулачванне, пра лагеры, расстрэлы трыццатых гадоў, пра ўсё тое, што мы цяпер рашуча асуджаем i лiчым вялiкiм злачынствам Сталiна.

Абвiнавачваўся Рускi-Кавалеўскi ў здрадзе радзiме.

Бiяграфiя яго такая. Пасля рэвалюцыi, калi была распушчана старая армiя, Рускага-Кавалеўскага як ваеннага спецыялiста мабiлiзавалi ў Чырвоную Армiю. Нейкi час служыў у Петраградзе, Маскве, потым ваяваў на франтах супраць белых, займаючы высокiя штабныя пасады.

На Ўсходнiм фронце яго штаб трапiў у палон да калчакоўцаў. Калi ўсiм былым афiцэрам, у тым лiку i Рускаму-Кавалеўскаму, прапанавалi перайсцi на службу ў белую армiю, ён перайшоў. Сапраўдную прычыну гэтага пераходу следчыя "Смерша" i не старалiся выяснiць, iм дастаткова было проста зафiксаваць гэты факт. Прычынай жа згоды на службу ў Калчака магла быць боязь расстрэлу, хiтрасць, каб потым пры зручным моманце зноў вярнуцца да чырвоных.

У Калчака ён атрымаў таксама высокую штабную пасаду, генеральскае званне i ваяваў на баку белых да самага паражэння, а потым эмiгрыраваў у Югаславiю, дзе i жыў усе гады да арышту.

З генералам я меў гутарку яшчэ да суда. З трыбунала мяне паслалi ў палявую турму (яна была пры асобым аддзеле "Смерш") уручыць Рускаму-Кавалеўскаму абвiнаваўчае заключэнне. Я туды i скiраваў. Яго з агульнай камеры завялi ў маленькi пакойчык, куды i я зайшоў. Генерал хударлявы, вышэй сярэдняга росту, з тыповым расейскiм аблiччам i добрай расейскай мовай. Мяне здзiвiла, як мне здалося напачатку, яго ўнiзлiвасць перада мною, нiбы ад мяне нешта залежала ў вырашэннi яго лёсу. Ён ускочыў, выцягнуўся ў струнку, шмякнуў па-ваеннаму чаравiкам аб чаравiк i гучна назваўся: "Генерал-маёр Рускi-Кавалеўскi". Ад пачутага "генерал" я таксама аўтаматычна стаў па стойцы смiрна, казырнуў. Калi ачомаўся, хто я i хто перада мной, то сеў, прапанаваў сесцi i генералу, даў яму копiю абвiнаваўчага заключэння. Яно было кароткае, як тады i пiсалi падобныя дакументы. Тэкст яго прыблiзна такi:

"Падсудны, будучы мабiлiзаваны ў Чырвоную Армiю, добраахвотна здаўся ў палон контррэвалюцыйнаму войску Калчака, атрымаў пасаду начальнiка штаба войск i ваяваў супраць Савецкай улады... Знаходзячыся потым у эмiграцыi, выступаў з антысавецкiмi паклёпнiцкiмi артыкуламi i мемуарамi..."

Ён прачытаў тое абвiнаваўчае заключэнне i сказаў:

- Ну а пры чым тут мае мемуары i артыкулы? Я ж у iх не заклiкаў звергнуць савецкую ўладу. Я ўспамiнаў толькi тое, што адбывалася.

Нiчога я яму не адказаў, пацiснуў плячамi. Юрыстам я яшчэ не быў, а толькi падаў рапарт на вучобу ў Ваенна-юрыдычную акадэмiю, i ў трыбунал мяне ўзялi з армейскага рэзерву працаваць часова.

- Ну а вы ж... нападалi, - нарэшце знайшоў я слова больш-менш мяккае, - на нашу армiю, парадкi.

- А цi ж каму забаронена мець сваю думку на розныя падзеi i парадкi? спытаў ён.

Яго, як чалавека ваеннага, цiкавiла ў эмiграцыi i наша армiя. У сваiх артыкулах у эмiгранцкiх выданнях ён прафесiйна ацэньваў здольнасцi вышэйшага камандавання Чырвонай Армii. Вось дадзеныя iм у трыццаць восьмым характарыстыкi некаторых нашых вядомых военачальнiкаў. Я выпiсаў iх i доўга потым захоўваў запiсы.

"Варашылаў - не палкаводзец, не ваенны мыслiцель, не стратэг, чалавек увогуле абмежаваны. У будучай вайне не здольны камандаваць усiмi ўзброенымi сiламi... Ды i вайсковым злучэннем не зможа ўпраўляць..."

"Будзённы - яшчэ менш здольны на нейкую значную ролю ў вайне... Шашкамi ў будучай вайне ваяваць не будуць... А ён лiчыць i цяпер кавалерыю галоўнай баявой сiлай у вайне сучаснай..."

Падобныя характарыстыкi iм дадзены i маршалам Цiмашэнку, Блюхеру, Кулiку.

Сапраўды, як у ваду глядзеў генерал Рускi-Кавалеўскi: у Айчынную вайну кожны з тых военачальнiкаў цярпеў толькi ганебныя паражэннi, i ўсе яны былi адхiлены ад камандавання ваеннымi аперацыямi. Толькi чамусьцi пра лёс Блюхера генерал памылiўся - не давялося яму ўдзельнiчаць на вайне, Сталiн яго расстраляў.

У артыкулах пра Чырвоную Армiю ў Рускага-Кавалеўскага адчувалася ўстрывожанасць за слабасць камандавання, устрывожанасць за лёс Расеi, бо над Эўропай згушчалiся хмары новай сусветнай вайны. Многiя расейскiя эмiгранты тады разумелi, што Гiтлер абавязкова нападзе на нашу краiну, i непакоiлiся, цi зможа яна даць яму адпор.

Што ж, любоў да Расеi ў расейцаў засталася генетычная. Пра гэту любоў сведчыць той факт, што пераважная большасць расейскай эмiграцыi, калi ў сорак першым пачалася вайна, жадалi сваёй Радзiме перамогi i рабiлi многае, каб ёй памагчы. Шмат нашых суайчыннiкаў-эмiгрантаў змагалiся з фашыстамi ў партызанскiх атрадах, падполлi. Генерал Дзянiкiн звярнуўся з заклiкам да расейскай эмiграцыi не iсцi на службу да фашыстаў, а памагаць Айчыне.

Патрыётам Расеi паказаў сябе i генерал Рускi-Кавалеўскi. Нянавiсць да германскага мiлiтарызму ў яго засталася яшчэ з той вайны. Ён ведаў, што i ў тую вайну i ў гэту ў Германii адна мэта - захоп расейскiх земляў. А Германiя Гiтлера ўвогуле мела задачу знiшчыць Расею, расейскi народ, яго мову, культуру. Дык якi ж расеец можа жадаць бяды Расеi?

Генерал Рускi-Кавалеўскi сам ужо не мог па стану здароўя ваяваць супраць фашыстаў са зброяй у руках. Ён паслаў у бой сваiх двух сыноў. Яны ваявалi ў армii Цiта, сталi афiцэрамi, заслужылi ўзнагароды.

Сыны i iх бацька чакалi прыходу нашай армii з радасцю.

I вось мы прыйшлi i не абнялiся з суайчыннiкамi, не падалi iм руку дружбы, не сталi дараваць узаемныя грахi, а пачалi вышукваць у кожнага эмiгранта, што i калi той рабiў варожае супраць рэвалюцыi. У многiх знаходзiлi, прыпамiналi ўсё, кожную дробязь, незалежна ад таго, як яны паводзiлi сябе ў гэту вайну. I пайшлi этапы нашых суайчыннiкаў-эмiгрантаў у Сiбiр, на Калыму папаўняць i так перапоўненыя лагеры. Армейскiя аддзелы "Смерш" правялi татальную работу ў гэтым напрамку.

Нам, салдатам i афiцэрам, было строга загадана не ўступаць нi ў якiя кантакты з расейскiмi эмiгрантамi, нiякiх сустрэч з iмi, нават размоў. I з якой пiльнасцю сачылi за намi асабiсты-смяршысты, каб не дай бог хто з нас зайшоў дамоў да расейца цi да сябе запрасiў, не кажучы ўжо, каб ажанiўся з якой расейкай.

А яны, расейцы, да нас гарнулiся, шукалi землякоў, распытвалi пра свае родныя мясцiны, дзе некалi нарадзiлiся i адкуль iх выгнаў чырвоны тэрор.

У сувязi з гэтым прывяду выпадак, якi адбыўся ў Канстанцы.

Да рэвалюцыi карысталiся вялiкiм поспехам у Расеi два спевакi - Вярцiнскi i Лешчанка. Абодва яны ў свой час пакiнулi Радзiму. Вярцiнскаму дазволiлi вярнуцца ў Расею, а Пётр Лешчанка заставаўся жыць у Румынii. У вайну яго, як падданага гэтай краiны, хацелi ўзяць у румынскую армiю i адправiць на фронт. Каб ухiлiцца ад мабiлiзацыi, ён сiмуляваў хваробу, лёг у бальнiцу, падкупiў лекараў, i яны зрабiлi яму аперацыю, хоць яе i не трэба было рабiць.

I вось у сорак шостым годзе Пётр Лешчанка вырашыў даць канцэрт у Канстанцы, дзе тады было шмат нашых ваеннаслужачых i iх сем'яў. Былi расклеены афiшы, i многiя, канечне, збiралiся пабываць на канцэрце.

Ох якую дзейнасць праявiлi нашы палiторганы i асабiсты, каб не дапусцiць наведванне гэтага канцэрта не толькi ваеннаслужачымi, а i iх жонкамi, дзецьмi. У штабах i часцях афiцэраў строга папярэдзiлi не хадзiць на канцэрт эмiгранта Лешчанкi, бо гэта можа мець кепскiя вынiкi для тых, хто не паслухаецца. Вакол канцэртнага дома ў той дзень былi расстаўлены пераадзетыя асабiсты. Iх салдафонскiя тупыя твары i постацi былi прыкметныя яшчэ здалёк, i задача кожнага ваеннаслужачага, хто хацеў трапiць на сустрэчу з Лешчанкам, - здолець падмануць фiлёраў.

Я тых фiлёраў падмануў. Пераадзеўшыся ў цывiльнае, пайшоў смела, незалежна, як бы не звяртаючы ўвагi на асабiстаў. Адзiн фiлёр мяне западозрыў. "Куды iдзеш?" - спытаў ён. Перамешваючы польскiя, беларускiя i проста на хаду прыдуманыя словы, я сказаў яму, што я не радзецкi, а словак з Брацiславы. "Пан ведае Брацiславу?" - спытаў я ў яго. Фiлёр паверыў, адступiўся ад мяне.

На канцэрт усё ж сабралася народу поўна. Сярод гледачоў я пазнаў многа знаёмых, у тым лiку i двух афiцэраў з ваеннага трыбунала, канечне, пераадзетых.

Канцэрт мне вельмi спадабаўся, усхваляваў, уразiў. Спявак, што называецца, спяваў не толькi голасам, але i сэрцам, душой. У кожнай песнi крычала туга па Радзiме, маладосцi, жыла мара зноў апынуцца там. А калi спяваў "Жураўлi" з яе радкамi: "Там улыбки друзей, там меня понимают, там Россия моя, там родимый мой край", - то гэта быў не спеў, а плач, якi разрываў сэрца.

Многiя песнi былi вядомыя - "Не уходи", "Ох эти черные глаза", "У самовара я и моя Маша" i iншыя. I, канечне ж, яго знакамiты "Чубчик".

Чубчик, чубчик, кучерявый чубчик,

Развевайся, чубчик, на ветру.

Раньше, чубчик, я тебя любила,

И теперь забыть я не могу.

У зале мiжволi многiя, i я ў тым лiку, падхапiлi гэтую песню. Калi ж Лешчанка дайшоў да слоў: "Но я Сибири, Сибири не боюся, Сибирь ведь тоже русская земля", я, успомнiўшы свае сiбiрскiя чатыры гады лагерных пакут, сумна падумаў: "Эх, дарагi Пётр Лешчанка, ты проста не ведаеш, якая цяпер тая сiбiрская зямля - яна ўся калючым дротам аплецена".

На тым жа канцэрце разам з Лешчанкам выступала i цудоўная спявачка Ала Баянава, тады нам зусiм не вядомая. Цяпер жа яна пачала прыязджаць да нас, яе паказваюць па тэлебачаннi. На сваiх канцэртах Баянава заўсёды расказвае пра Лешчанку, успамiнае, як ён шмат зрабiў у эмiграцыi для аб'яднання расейскiх спевакоў, музыкантаў, балерын, акцёраў i многiх з iх проста выцягнуў з жабрацкага стану. Пасля вайны, як сведчыць Ала Баянава, Лешчанка працягнуў руку Радзiме, але ў адказ яна яму сваю не падала. Больш таго, нашы "органы" расправiлiся з iм. Яны, праўда, не самi яго загубiлi, зрабiлi гэта рукамi румынскiх улад. У турме Лешчанка i памёр.

Вось так тады Радзiма, якой уладарыў тыран Сталiн i яго апрычнiкi, адносiлася да сваiх суайчыннiкаў.

Прашу чытача прабачыць за гэта адступленне.

Дык вось, я ўручыў абвiнаваўчае заключэнне Рускаму-Кавалеўскаму, пагаварыў з iм, i можна было iсцi, але хацелася яшчэ паслухаць яго, а яму не хацелася вяртацца ў сваю камеру, i ён рад быў суразмоўцу. Таму мы працягвалi сядзець i размаўляць.

Я яму сказаў тады, што не трапiў бы ён у палон да Калчака, а застаўся б служыць у Чырвонай Армii, то мог бы даслужыцца да маршала. Генерал пакруцiў галавой i сказаў з едкай iронiяй:

- Можа, i стаў бы маршалам, але ў трыццаць сёмым годзе мяне б не было. Падзялiў бы лёс тых сарака тысяч расстраляных ваеннаслужачых. - Ён развёў рукамi i ўскрыкнуў: - Скажыце, як гэта вы маглi дапусцiць, што перад самай вайной загубiлi столькi сваiх военачальнiкаў?

Ён спытаў у мяне так рашуча, нiбы я i быў тым, хто даў загад знiшчыць увесь цвет нашай армii.

Перад iм я, канечне, выглядаў даволi наiўным чалавекам, якi i долi праўды пра рэвалюцыю, грамадзянскую вайну не ведае. Ды i адкуль можна было тады ведаць тую праўду?

Пры развiтаннi ён раптам спытаў у мяне:

- Скажыце, мяне расстраляюць?

- Што вы! - шчыра вырвалася ў мяне. Я нiяк не мог уявiць, што яго, такога старога, слабага чалавека могуць расстраляць.

- Сыноў шкада, унукаў, - уздыхнуў ён.

Вяртаўся я ў трыбунал з цяжарам на душы: а што калi i сапраўды яго расстраляюць? Бесчалавечна помсцiць праз столькi гадоў за грамадзянскую вайну, тым больш што чалавек ужо iншы, вiну скупiў сваiмi сынамi. Я паверыў яму, што калi-небудзь усё ж новымi вачамi паглядзяць на ўрокi мiжусобiцы расейскай, вайны, на самазнiшчэнне нацыi, на яе высокую цану. Дзесяткi мiльёнаў чалавечых жыццяў, самых працаздольных, неабходных грамадству, забрала рэвалюцыя i грамадзянская вайна. Цi адпавядала цана, якую заплацiў народ, заваёвам рэвалюцыi i таму, што мы маем цяпер?

Днi праз чатыры пасля маёй гаворкi з генералам яго судзiлi. Суд быў кароткi, без сведак, без удзелу пракурора i адваката. Старшынстваваў палкоўнiк юстыцыi Дорман, ацяжэлы, з хваравiтым азызлым тварам немалады ўжо чалавек. Быў ён у судзе строгi i катэгарычны, дабiваўся ў падсуднага адказаў на свае пытаннi толькi кароткiх - "так" цi "не", без нейкiх там апраўдальных тлумачэнняў, якiя генерал стараўся даць. Дорман адчуваў сябе на судзе, я б сказаў, узвышана-ганарова: як жа, судзiць ажно калчакоўскага генерала, i яму, Дорману, выпаў ганаровы абавязак паставiць адну з апошнiх кропак у грамадзянскай вайне. Якi павiнен быць прыгавор, ён ужо даўно ведае, можа, ужо i напiсаў - прыгаворы часта i зараней пiшуцца, каб потым доўга не сядзець у дарадчым пакоi. Няма сумнення, што Дорману i падказалi, якое трэба прыняць рашэнне, падказалi тыя, хто стварыў гэту справу.

У нейкай меры Дормана можна i апраўдаць. У сталiнскi час суддзi пры вырашэннi так званых палiтычных спраў былi самi бяспраўныя. Аўтаматы той сiстэмы i ўлады, i якая тады магла быць незалежнасць суддзяў? Не было нiводнага выпадку, каб нейкi трыбунал некага апраўдаў па палiтычнай справе (без цяжкiх вынiкаў для сябе) або вызначыў меру пакарання па самай нiжэйшай санкцыi. Такога суддзю або выгналi б са службы, або самога пасадзiлi. Таму i старалiся, як правiла, вызначаць меру пакарання большую. Iснавала сярод суддзяў прымаўка: больш дасi падсуднаму, менш табе самому дастанецца.

Вось i палкоўнiк Дорман быў гэткiм паслухмяным выканаўцам, верным служкам дыктатарскай сiстэмы. Правёўшы судовае следства не для таго, каб выяснiць iсцiну, а каб паўтарыць тое, што ставiлася падсуднаму ў вiну, Дорман заключыў:

- I так, вы здраднiк рэвалюцыi, Радзiмы, у эмiграцыi праводзiлi антысавецкую дзейнасць.

- Радзiме я нiколi не здраджваў, я заставаўся ёй верным i застаюся да канца жыцця.

У апошнiм слове Рускi-Кавалеўскi папрасiў улiчыць, што ў час гэтай вайны ён памагаў партызанам, яго два сыны ваявалi супраць фашызму.

Генерал спадзяваўся, канечне, што жыццё яму захаваюць. Але прыгавор быў катэгарычна суровы: расстрэл.

Я прысутнiчаў пры апавяшчэннi прыгавору i назiраў за рэакцыяй генерала. Ён збялеў, усе мышцы на твары сцялiся. Нават не зварухнулiся, калi Дорман спытаў у яго, цi зразумелы яму прыгавор.

Суд выйшаў з адчуваннем добра выкананага абавязку, а генерал сеў i заплакаў.

Ах, як ён плакаў, горка i цiха, i плакаў не ад таго, што шкадаваў жыццё сваё i баяўся смерцi, а ад крыўды. Ён, стары расейскi воiн, прастрэлены i пасечаны асколкамi за Русь i за расейцаў, павiнен быць забiты расейцамi ж.

- Дзецi мае, унукi мае! - часам вырывалася ў яго.

Як ён плакаў!

СЯБРОЎСКАЯ РАЗМОВА НА ЛЁТНЫМ ПОЛI

Iх было чатыры салдаты з аэрадромнай абслугi. Палёты ў той дзень па нейкай прычыне не пачыналiся, але i не адмянялiся зусiм, таму салдаты i сядзелi на ўскраi лётнага поля i трапалi языкамi. Нейкай пэўнай тэмы спачатку не было, гаварылi абы пра што. З усiх тых чатырох салдат я запомнiў прозвiшчы толькi двух - Тарабана i Ахметшына. Ахметшын i расказваў, што ў дзяцiнстве ён марыў стаць лётчыкам, а цяпер, пабачыўшы, што такое авiяцыя, нiколi б iм не стаў.

- Але ж вунь колькi лётчыкаў праславiлася, герояў колькi, - не згадзiлiся з iм.

- А згарэла колькi, загiнула?

- Калi ўжо быць лётчыкам, то такiм знакамiтым, як Чкалаў, Пакрышкiн, Кажадуб, - сказаў салдат, якога я назаву Майсеевым, бо сапраўднае прозвiшча яго цяпер не помню.

- Усе тройчы героямi быць не могуць, - запярэчыў Тарабан.

- А добра быць славутым, - заўсмiхаўся Майсееў, нiбы ён ужо i стаў iм. Слава - штука карысная. Вось уявiм, што я тройчы герой. Любая дзеўка на мяне кiнулася б, абы я захацеў яе. Кватэру мне далi б шыкоўную i ў першую чаргу. У рэстарацыю зайшоў, а табе насустрач бягуць: што жадаеце, што падаць, якую суседку падсадзiць за стол? Нават i без грошай быў бы заўсёды "пад мухай". Любы палiчыў бы за гонар паставiць мне сто грамаў.

Вось такая размова пра славу i пачалася Майсеевым.

- А я б, будучы Героем Савецкага Саюза, паступiў бы ў iнстытут, i мяне б прынялi без экзаменаў, - сказаў Ахметшын.

З усiх чатырох самы гаваркi быў Майсееў. Ён заўсёды першы i пачынаў гаворку i ўцягваў у яе iншых. I на гэты раз ён загаварыў пра славу. У яго не было i, здавалася, не магло быць нiякай тайны, ён адразу стараўся ад яе пазбавiцца, нiбы яна мучыла, скраблася на волю. Такiя, як Майсееў, ёсць усюды. Але нават самыя балбатлiвыя стараюцца хаваць - так кажуць у народзе - тры тайны: недахоп розуму, лiшак грошай i камень за пазухай. А Майсееў, калi б валодаў усiм гэтым, не здолеў бы схаваць.

- А ведаеце, - сказаў Ахметшын, - чым можна праславiцца?

- Чым?

- Зрабiць тое, што зрабiў мiльянер Ротшыльд.

- Так разбагацець?

Ахметшын пакруцiў галавой.

- Ротшыльд сабраў вялiкую калекцыю розных блох, звыш шасцiдзесяцi тысяч. Разабраў iх, класiфiкаваў i падарыў музею гiсторыi прыроды. I стаў знакамiтым сваiмi блохамi.

- Ого, - зарагатаў Майсееў, - злавiць столькi блох. I як i дзе iх лавiць? У казарме няма, на аэрадроме няма таксама.

Вось так яны трапалiся, а калi надакучыла трапатня, падрамалi - часу вольнага хапала. Майсееў дастаў з кiшэнi нож-складанчык i пачаў убiваць яго ў зямлю лязом. Уваб'е - дастане, зноў уваб'е. А потым вярнуўся да размовы пра славу.

- У вайну героем i знакамiтым стаць лёгка, а вось што можна зрабiць у мiрны час, каб праславiцца на ўвесь свет? - спытаў Майсееў.

- Што? - сказаў Ахметшын. - Зарэж вунь Тарабана i праславiшся.

Пасмяялiся.

- За Тарабана дадуць дзесяць гадоў, i ўся слава, - махнуў рукой Майсееў. Вось каб забiць нейкага вялiкага начальнiка, тады б усе газеты пра гэта напiсалi. Ну, напрыклад, Чэрчыля або Сталiна. Увесь свет бы крычаў - забiў салдат Майсееў!

Усе суразмоўцы зрабiлi выгляд, што не пачулi сказанае пра Сталiна, i адразу ж моўчкi ўлеглiся паспаць. Майсееў па прастаце сваёй не заўважыў гэтай раптоўнай маўклiвасцi i зменлiвасцi паводзiн сяброў i працягваў размову:

- Сталiна, канечне, нiхто не заб'е, да яго нiкога блiзка не падпусцяць. А вось, кажуць, Чэрчыль па вулiцы ходзiць без аховы.

У той дзень палёты так i не адбылiся, i салдат з аэрадромнай абслугi адпусцiлi ў казарму.

Майсееў адразу ж i забыў пра тую сваю гаворку пра славу, здавалася, забылiся i тыя трое прысутных, што чулi яе. Але праз некалькi дзён Майсеева арыштавалi. Значыць, нехта з iх данёс у асобы аддзел, што сказаў Майсееў пра Сталiна. Асабiсты справу скончылi хутка. Майсееў не адпiраўся, ён лiчыў сказанае проста пустой балбатнёй, нiчога супраць Сталiна ён не мае, а забiць яго не было нават i ў думках.

Справа на Майсеева паступiла ў ваенны трыбунал. Майсееў абвiнавачваўся ў правядзеннi антысавецкай агiтацыi, i пагражала яму пазбаўленне волi да дзесяцi гадоў.

Я быў сакратаром у судзе. Судзiлi яго закрытым пасяджэннем. Суд iшоў спакойна, цiха. Майсееў расказаў усё як было, ахвотна адказаў на ўсе пытаннi, i я не заўважыў у iм нiякай трывогi цi страху за сябе. Вясковы хлопец, старэйшы сын у вялiкай сям'i, - у мацi-ўдавы яшчэ чацвёра дзяцей, - з даверлiвымi вачамi, ён зусiм не думаў, што за тыя сказаныя словы пра Сталiна яго строга пакараюць. Ну, можа, месяцаў шэсць дадуць, не больш. У армii ён служыў першы год, твар яго яшчэ не ведаў брытвы - на iм, як у падлетка, залацiўся пушок.

Сведкi для дачы паказанняў заходзiлi ў зал з паслухмянай салдацкай гатоўнасцю зрабiць усё, што ад iх патрабуюць. Нiхто з iх нi разу не зiрнуў на падсуднага, не адклiкнуўся на яго позiрк. А Майсееў не зводзiў з кожнага вачэй, чакаў з прыгатаванай усмешкай на вуснах прывiтання, а сябры не вiталiся.

Я стараўся ўгадаць, хто ж з тых трох сведак прадаў Майсеева, пабег з даносам у асобы аддзел, накляпаў на таварыша. Так i не ўгадаў, бо ўсе паводзiлi сябе аднолькава, нiхто не выдаў сябе хоць якой дробяззю.

Майсеева было шкада, а яго спакой, поўная даверлiвасць суду яшчэ больш выклiкалi спагаду i сiмпатыю. Спачувалi яму i суддзi, i пракурор, i асаблiва жанчына-адвакат.

У перапынку судовага пасяджэння маёр, якi старшынстваваў у судзе, сказаў:

- I трэба ж было яму, дурню, Сталiна ўпамянуць. Ну гаварыў бы пра Чэрчыля, Трумэна, японскага iмператара. Дык не, Сталiна ўспомнiў.

Па так званых палiтычных справах у той час у суддзяў не было выбару нi пры вызначэннi меры пакарання, нi ў квалiфiкацыi дзеянняў падсуднага. Па любых iншых справах, нават аб забойствах, суды мелi большую свабоду - маглi апраўдаць падсуднага, вызвалiць з-пад варты адразу ж у зале суда. А па палiтычным абвiнавачваннi нават пры апраўдальным прыгаворы, якiх, дарэчы, амаль не было, суды такога права - вызваляць з-пад варты - не мелi. Апраўданага вялi назад у турму, дзе лёс яго вырашалi тыя ж следчыя бяспекi.

У той час за такое злачынства, напрыклад, як забойства, закон прадугледжваў да дзесяцi гадоў, гэтак жа як i за антысавецкую агiтацыю - за нейкi расказаны анекдот, частушку прапетую. Калi ў выбары меры пакарання за любое крымiнальнае злачынства суддзi маглi прымянiць i нiжэйшую санкцыю адпаведнага артыкула кодэкса, то за палiтычныя злачынствы, тую ж самую антысавецкую агiтацыю, такой магчымасцi суддзi не мелi. Паспрабаваў бы якi суддзя апраўдаць падсуднага па палiтычных справах цi вызначыў бы пакаранне па нiжэйшай санкцыi, на другi дзень яго ўжо на пасадзе суддзi не было б. У тыя часы апраўдальны прыгавор па палiтычных справах на некага мог стаць абвiнаваўчымна самога суддзю.

Прыгавор Майсееву быў вынесены строгi - звычайны прыгавор тых часоў восем гадоў лагераў.

Майсееў не паверыў пачутаму, спытаў:

- Колькi, восем месяцаў?

- Восем гадоў.

Майсееў збялеў, апусцiўся на лаву i сядзеў, заплюшчыўшы вочы.

Пасля суда я спытаў у маёра, хто, на яго думку, з тых трох сведак-салдат мог данесцi на Майсеева.

- Усе тры маглi, - адказаў маёр. - Кожны баяўся, каб самога не пасадзiлi за неданясенне. А за прыгавор я баюся - могуць адмянiць за мяккасцю.

- Нiчога сабе - мяккасць, восем гадоў, - здзiвiўся я.

- I могуць не згадзiцца з квалiфiкацыяй злачынства. I прыгавор адменяць.

Так i выйшла. Праз якi тыдзень з трыбунала акругi пазванiлi i сказалi, што пракуратура палiчыла прыгавор памылковым i прынесла на яго пратэст. Не згодны i з мерай пакарання - мяккая, i з квалiфiкацыяй - тое, што сказаў Майсееў пра Сталiна, ёсць не антысавецкая агiтацыя, а падбухторванне, заклiк да тэрарыстычнага акта супраць правадыра.

Пратэст пракурора быў задаволены. Прыгавор адмянiлi, справу перадалi на дарасследаванне i на новы суд. Ваенны трыбунал ужо ў iншым складзе асудзiў Майсеева як тэрарыста на дваццаць пяць гадоў.

Вось i набыў сабе славу, бедалага.

Было гэта на пачатку пяцьдзесят першага года, нямнога заставалася тырану да смерцi. Цi выжыў Майсееў у тых сталiнскiх лагерах - яго на Калыму адправiлi, - не ведаю. А калi Бог мiлаваў яго i Майсееў выжыў, то вярнуўся ён дамоў недзе ў пяцьдзесят пятым. Шкада, што пацярпеў за тырана дарэмна. Няхай бы на самай справе забiў яго. Вось тады i праславiўся б. А забiць Сталiна, на жаль, героя не знайшлося.

ГЕНЕРАЛIСIМУС

Аднойчы я быў запрошаны на адну сямейную ўрачыстасць. Гасцей сабралася чалавек пятнаццаць, пераважна саслужыўцы гаспадара. Быў i яго сусед па лесвiчнай пляцоўцы.

Вячэра iшла па заведзеным парадку. Тосты за гаспадара-юбiляра - яму споўнiлася пяцьдзесят гадоў, - за яго жонку, дзяцей перамешвалiся анекдотамi, размовамi аб рабоце, танцамi басанож, каб не пашкодзiць дываны на падлозе. Адным словам, было п'яна-весела, для чаго i сабралi гасцей.

Я сядзеў побач з суседам гаспадара, якога звалi Аляксеем Максiмавiчам.

- Мяне запомнiць лёгка, - сказаў ён пры знаёмстве, - я цёзка вялiкага пралетарскага пiсьменнiка Горкага.

Яму было за семдзесят - сам пра гэта некалькi разоў напамiнаў, падкрэслiваючы, што, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, ён здаровы i на выгляд маладжавы. Ён i сапраўды выглядаў маладзей за свае гады. Валасы яго густа кучомiлiся i зусiм мала пасiвелi. Гладкiя, пульхненькiя шчочкi па-дзiцячы ружавелi. Вочы, глыбока захаваныя пад густымi брывамi, надавалi яму выраз строгасцi i недаступнасцi, хоць ён i стараўся быць у застоллi гэткiм вясёлым кампанейскiм чалавекам. Бачылася ў iм упартая зададзенасць падабацца, быць у цэнтры ўвагi ўсiх застольнiкаў. I вось гэтая зададзенасць, iмкненне вылучыцца i падпарадкаваць увагу ўсiх у мяне выклiкала да яго непрыязнасць i недавер. Несцiханая бясконцая балбатня нават прыемнага табе чалавека выклiкае раздражненне, а тым больш нясцерпна слухаць балбатню чалавека, табе непрыемнага. Самазвана, без згоды i выбару ўсiх застольнiкаў, Аляксей Максiмавiч стаў тамадой, узяўшы на сябе функцыi распарадчыка застолля. Перад тым як штосьцi сказаць, Аляксей Максiмавiч уставаў, гучна ляпаў у далонi, усе сцiхалi, i ён тады нешта гаварыў - анекдот, тост або якое-небудзь павучанне, натацыю. Прапанаваў i гасцям нешта смешнае расказаць, паказваў на некага пальцам, гаварыў: "Давай, пасмяшы нас, раскажы нешта вясёленькае". Госць уставаў i, калi ўмеў, смяшыў. Нацэлiў ён пальцам i на мяне.

- Чарга ваша, сусед. Анекдот цi хохмачку на-гара.

Я аднекваўся, гаварыў, што анекдотаў не ведаю, а смешных гiсторый са мною не адбывалася. Аднак ён не адступiўся i ў рэшце рэшт прымусiў мяне прачытаць адну эпiграму вядомага паэта на другога, такога ж вядомага.

Я ды i ўсе, вiдаць, госцi зразумелi, што Аляксей Максiмавiч - чалавек упарты, з моцным характарам i не пераносiць пярэчанняў. Гэта пацвярджалi i яго ўладарныя жэсты, бесцырымоннасць, з якой ён камандаваў застоллем.

Антыпатыя да чалавека можа ўзнiкнуць адразу ж пры першым знаёмстве. Iнстынкт цi нейкае падсвядомае пачуццё дае табе сiгнал - будзь асцярожны з гэтым чалавекам, ён кепскi, небяспечны, над яго галавой чорны нiмб, што азначае чорныя думкi, чорную душу. Кажуць, ды i я чытаў пра гэта, што ёсць празорцы, якiя бачаць гэтыя нiмбы над галавой чалавека: нiмб светлы - чалавек добры, нiмб чорны - чалавек дрэнны. Трэба сказаць, што я рэдка памыляўся ў людзях, iнстынкт мяне не падводзiў. Таму я i незалюбiў гэтага цёзку вялiкага пралетарскага пiсьменнiка, мне здавалася, што я бачу над галавой яго той самы чорны нiмб.

У адным з перапынкаў, калi курачы выйшлi падымiць на лесвiчную пляцоўку, выйшаў туды i я, хоць i не курыў. Выйшаў пазней за ўсiх i пачуў гучны голас Аляксея Максiмавiча. Ён спрачаўся з маладым чалавекам - рэдактарам заводскай шматтыражкi. Чым больш упарта яны даказвалi адзiн аднаму сваю правату, тым больш абвастралася непрымiрымасць пазiцый спрачальнiкаў. Вядома, што калi людзi спрачаюцца i iмкнуцца да iсцiны, спрэчка гэта немiнуча спыняецца, бо iсцiна бывае адна. Калi ж спрачальнiкi iмкнуцца не да iсцiны, а да перамогi, то спрэчка разгараецца, i нiводзiн не можа выйсцi пераможцам.

- А вы лiчыце, што ў нас цяпер парадак? Дысцыплiна? - гаварыў Аляксей Максiмавiч. - Развал, нiхто нiкога не баiцца.

- А навошта баяцца? Хопiць, гадоў пяцьдзесят баялiся, дрыжалi. Баялiся лагераў, расстрэлаў.

- Гэта не ўлада, калi яе не баяцца. Без моцнай рукi, якая б вось так трымала, - Аляксей Максiмавiч сцiснуў кулак i патрос iм, - не будзе нiякага парадку.

- Цiкава: якую ж вы хочаце мець моцную руку? - зласлiва спытаў рэдактар. Можа, руку генералiсiмуса?

- Вось ён бы i навёў парадак.

Плакальшчыкаў па "бацьку ўсiх народаў" сустракаецца нямала. Але многiя, заступаючыся за генералiсiмуса, усё ж прызнавалi i яго злачынствы. Гэты ж Аляксей Максiмавiч не прызнаваў за iм нават i памылак.

- Былi арышты? Былi. Былi расстрэлы? I яны былi, - даказваў, трасучы кулаком, Аляксей Максiмавiч. - Значыць, трэба было для справы сацыялiзму. I сацыялiзм мы збудавалi. Таму i ў вайне перамаглi.

У спрэчкi ўлезлi i iншыя, сталi, канечне, на бок рэдактара, успыхнулi такiя страсцi, што было невядома, чым яны скончацца. Пагасiла iх гаспадыня, яна стала ўсiх заганяць за стол, выступiла з тостам, расказала нешта вясёлае i як бы ўсiх прымiрыла.

Я на гэты раз сеў не на сваё месца, побач з Аляксеем Максiмавiчам, а насупраць. Яшчэ ў пачатку застолля пры першым знаёмстве ён кагосьцi мне напомнiў. I цяпер, разглядаючы яго, я стараўся прыгадаць, хто ж ён, калi з iм сустракаўся. У памяцi прамчаўся, пракруцiўся цэлы калейдаскоп з'яў, падзей, людзей, i я нарэшце ўспомнiў, хто ён, i яго прозвiшча - Калiбераў.

Было гэта ў адным расейскiм абласным горадзе, дзе я служыў у ваенным трыбунале. Час - самы пачатак пяцьдзесят трэцяга года. У трыбунал тады паступiла справа на капiтана Сямёнава па абвiнавачванню ў правядзеннi iм антысавецкай агiтацыi. Справа, падобная на дзесяткi тысяч спраў таго часу: Сямёнаў праводзiў антысавецкiя размовы, дыскрэдытаваў i абражаў кiраўнiкоў нашай партыi i ўрада.

Старшыня трыбунала палкоўнiк юстыцыi Фамянкоў даручыў гэту справу разгледзець мне, маладому суддзю. Праўда, я ўжо дагэтуль разгледзеў з дзесятак спраў, але справа Сямёнава - першая аб так званым дзяржаўным злачынстве. Раней такiя справы разглядаў сам старшыня трыбунала.

I вось пачаўся судовы працэс.

Падсудны Сямёнаў - удзельнiк вайны, баявы афiцэр, меў два раненнi, узнагароджаны трыма ордэнамi i медалямi, - узнагароды былi ў яго адабраны i далучаны да справы.

Сведак двое: сусед Сямёнава маёр Калiбераў i жанчына-паштальёнка.

Пачаўся судовы разбор.

Сямёнаў вiнаватым сябе ў антысавецкай агiтацыi не прызнаў, сказаў, што ён нiколi не меў i не мае варожых намераў супраць савецкай улады, ваяваў за яе тры гады на фронце.

Допыт сведак пачалi з Калiберава.

У пакой зайшоў маёр, упэўнена, смела, строгi, з выразам на твары значнасцi сваёй асобы i радаснай гатоўнасцi памагчы суду. Ляснуў абцасамi хромавых блiскучых ботаў, застыў. Служыў ён намеснiкам начальнiка ваеннай базы, забыў ужо якой, i быў там адначасова сакратаром партарганiзацыi. На кiцелi пунсавелi два ордэны Чырвонай Зоркi.

Сутнасць вiны Сямёнава, паводле паказання Калiберава, заключалася ў наступным. Я прывяду расказ яго ў судзе. Вось ён.

- Мы жылi з капiтанам Сямёнавым у адной кватэры, займалi кожны з сям'ёй па два пакоi. Я, калi ён усялiўся туды, адразу заўважыў, што паводзiны Сямёнава i яго размовы былi не нашы. У iх праступалi элементы варожасцi. Так, у гутарцы са сваёй жонкай на кухнi Сямёнаў сцвярджаў, што калгаснiкi, нiбы прыгонныя, не маюць права нiкуды выехаць, iм i пашпарты не выдаюць. А гэта, як бачыце, варожы паклёп на наш лад.

Далей, я нi разу не чуў, каб ён пахвалiў таварыша Сталiна цi iншых нашых кiраўнiкоў. Пра легендарнага нашага героя таварыша Варашылава Сямёнаў сказаў, што маршал мог бы самае большае камандаваць палком пры разумным камандзiры дывiзii.

У кватэры Сямёнава няма нiводнага партрэта нашых кiраўнiкоў.

Сапраўдны савецкi чалавек- грамадзянiн актыўны, а Сямёнаў, як я заўважыў, такой актыўнасцi не меў i не паказваў. Вось вам прыклад. У час апошнiх выбараў я прагаласаваў у шэсць трыццаць. А Сямёнаў адправiўся на ўчастак толькi пасля абеду. Калi я зрабiў яму заўвагу на гэта, ён адказаў з ухмылкай: "А каго выбiраць, там жа ўсяго адзiн кандыдат?" Такiм чынам, Сямёнаў паклёпнiчаў на нашы выбары.

Або вось яшчэ яго разгаворчыкi, - працягваў гаварыць Калiбераў. - Жонка яго нарэзала яму хлеба, а ён ёй: "Многа даеш. Чым менш мы з'ядзiм хлеба, тым больш на працаднi калгаснiкам застанецца".

Далей, Сямёнаў злосна i нахабна абразiў нашага правадыра таварыша Сталiна. За генiяльныя палкаводскiя заслугi яму народ прысвоiў званне генералiсiмуса. А Сямёнаў на здзек i насмешку з таварыша Сталiна назваў свайго ката, прабачце, таварышы суддзi, Генералiсiмусам. Я зрабiў Сямёнаву адразу ж катэгарычную заўвагу, але ён знарок пры мне пачаў часцей клiкаць ката гэтым словам.

Вось такiя паказаннi на свайго суседа даў у судзе Калiбераў. Яны i былi асновай абвiнавачання Сямёнава.

Сведка жанчына-паштальёнка толькi дапоўнiла паказаннi Калiберава: пацвердзiла, што калi прыносiла Калiбераву грашовы перавод, то чула, як Сямёнаў гаварыў свайму кату: "Эй ты, вусаты Генералiсiмус, iдзi пахлябчы малака".

Цяпер усе разумныя i смелыя пры ацэнцы падзей таго часу. Для мяне ж, скажу шчыра, i тады Сталiн быў лiхадзеем, тыранам, прычынай усiх нашых няшчасцяў. Адпакутаваўшы ў лагеры чатыры гады, пазнаўшы на сабе, што такое шчаслiвае дзяцiнства - ледзь з голаду не апух у трыццатым, я ненавiдзеў яго i марыў усё ж дачакацца смерцi тырана. Таму слухаць iдыёцка-прымiтыўныя паказаннi Калiберава было непрыемна да агiды. Гэта ж ён i данёс на Сямёнава ў асобы аддзел.

Факты, прыведзеныя Калiберавым, Сямёнаў пацвердзiў, але даў iм зусiм iншае тлумачэнне. Так, свайго ката ён сапраўды назваў Генералiсiмусам, толькi ж меў на ўвазе не Сталiна, а Чан Кайшы. "У майго ката ж вусы белыя, як у Чан Кайшы, а не чорныя, як у генсека", - сказаў Сямёнаў.

Судовае следства падышло да канца, i пара было пераходзiць да судовых спрэчак. Але я цягнуў са следствам, усё яшчэ што-небудзь распытваў то ў падсуднага, то ў Калiберава. Мне, як i пракурору з адвакатам, Калiбераў быў непрыемны, нiхто з нас i не хаваў да яго непрыязнасцi. Сваiмi пытаннямi я, канечне, асцярожна стараўся ўкалоць яго самалюбства, падкрэслiць яго подласць, паказаць, што данос на суседа ёсць не доблесць, не праява патрыятызму, а нiзкi ўчынак. Калiбераў, вядома ж, зразумеў гэтыя намёкi, твар яго запунсавеў, не ад сораму, канечне, а ад пратэсту i абурэння за такiя да яго адносiны.

- Вы што, мяне асуджаеце? - не ўтрымаўся ён. - Я зрабiў тое, што павiнен зрабiць кожны савецкi чалавек. Я - камунiст.

I я заўважыў, што ў яго пачалi дрыжаць пальцы на правай руцэ, а потым i сама рука.

Я спытаў, якi ў яго стан здароўя, цi быў паранены, кантужаны.

- Я меў кантузiю, - адказаў ён.

- На вайне?

Ён павагаўся i сказаў:

- Пасля вайны.

I расказаў, як гэта было. Пасля заканчэння вайны Калiберава прызначылi начальнiкам эшалона нашых воiнаў, вызваленых з нямецкiх лагераў. Iх везлi з Аўстрыi некуды ў Сiбiр таксама ў лагер, але ўжо ў наш, так званы фiльтрацыйны. Калi прыбылi на нашу тэрыторыю, Калiбераў, баючыся, што ваеннапалонныя могуць разбегчыся, загадаў пазамыкаць вагоны i нiкога не выпускаць. Ваеннапалонныя запратэставалi. Не сталi даваць замыкаць сябе на замок. Характар у Калiберава цвёрды, ён не адступiўся, загадаў некалькi самых актыўных ваеннапалонных, у тым лiку i маёра лётчыка, збiтага ў баi за дзесяць дзён да канца вайны, пасадзiць у карцэр, каб не падбухторвалi iншых. Можа б, i прыцiхлi ваеннапалонныя, каб Калiбераў не назваў iх здраднiкамi i баязлiўцамi. Той лётчык-маёр у прыпадку нянавiсцi скокнуў з дзвярэй вагона на Калiберава i кiнуў яго на рэйкi. Калiбераў ударыўся галавой аб бетонную шпалу i атрымаў цяжкае сатрасенне мозга.

- Са мной гэтыя здраднiкi, - заключыў свой расказ Калiбераў, - учынiлi тэрарыстычны акт.

Не вытрымаў пракурор, якi ў сорак першым трапiў сам у палон, уцёк з яго i ваяваў у партызанах.

- Чаму вы называеце ваеннапалонных здраднiкамi? - спытаў ён.

- А так iх таварыш Сталiн называў.

- Ну а цяпер якi ў вас стан здароўя? - працягваў я допыт. - Бываюць непрытомнасцi, галюцынацыi?

- Рэдка, але бываюць.

Чым я больш распытваў пра яго стан здароўя, тым ён больш скардзiўся на яго i прызнаваўся, што бываюць i галюцынацыi.

Я i ўхапiўся за гэта. Я рызыкнуў тады па сваёй нявопытнасцi здорава: я вынес вызначэнне аб правядзеннi судова-псiхiятрычнай экспертызы галоўнага сведкi Калiберава, адзначыўшы ў тым вызначэннi, што суд не можа пакласцi ў аснову прыгавору паказаннi сведкi, псiхiчны стан якога выклiкае сумненнi.

Для мяне наступiлi трывожныя днi, я баяўся, што вышэйшы суд адменiць маё вызначэнне i я атрымаю добры наганяй, а то i спагнанне.

Пратэсту, аднак, нi з вышэйшага суда, нi з пракуратуры не было, а Калiберава паслалi на псiхiятрычную экспертызу ў ваенны шпiталь, дзе ён праляжаў, а заадно i палячыўся ад iншых хвароб каля двух месяцаў.

Я, канечне, ведаў, што эксперты прызнаюць яго здаровым, вменяемым - парасейску кажучы, i Сямёнава ўсё адно засудзяць. Але ж, як гавораць, памры ты сёння, а я заўтра.

За гэты час многае змянiлася. Памёр генералiсiмус. Хоць яшчэ i не аб'явiлi пра яго крывавыя злачынствы, але людзi пасмялелi, думкi iх, паводзiны змянiлiся. Калiберава сапраўды прызналi здаровым, а справу Сямёнава круцiлi, вярцелi i, у рэшце рэшт, спынiлi самi асабiсты. Сямёнава вызвалiлi, i ён адразу ж папрасiў начальнiка гарнiзона рассялiць яго i Калiберава ў розныя дамы.

...Вось што мне ўспомнiлася ў гасцях, вось хто быў той самы цёзка пралетарскага пiсьменнiка.

- Калiбераў, - сказаў я, калi той падняў чарговы тост, - раскажыце вясёлую гiсторыю пра ката, якога ваш сусед назваў Генералiсiмусам. Няхай пасмяюцца.

Ён крута павярнуўся да мяне, нейкi час углядваўся, але па выразу твару яго я зразумеў, што мяне ён не пазнаў i не ўспомнiў, хто я, дзе сустракалiся.

Застольнiкi зацiкавiлiся гэтым катом Генералiсiмусам, пачалi прасiць расказаць пра яго i мяне, i Калiберава. Я вылез з-за стала, развiтаўся з усiмi паклонам i выйшаў.

- Няхай ён раскажа, - сказаў я з парога. - Даносы, вiдаць, ён i цяпер робiць.

СПАДАРОЖНIК

У канцы шасцiдзесятых я ехаў у цягнiку з Масквы да Мурманска на месца сваёй службы. Дарога - дальняя, сумная, за вокнамi вагона шэры асеннi дождж суправаджаў нас, пасажыраў, увесь час.

У купэ да самага канца ехаў яшчэ адзiн мужчына. Астатнiя пасажыры мянялiся. Мужчына быў старэйшы за мяне гадоў на шэсць, дужы, мажны, гаваркi, адрэкамендаваўся ён Пятром Максiмавiчам, iнжынерам-тэхнолагам на рыбным камбiнаце. Ён i аблегчыў сваiмi размовамi сум i нудзь нашай дарогi. Ён умеў расказваць. А гэта рэдкi дар, талент. Для адных, напрыклад, засол сялёдкi цiкавейшая тэма, слухаеш пра гэты засол i не наслухаешся. Другi ж чалавек, якi, скажам, перажыў атамную бамбардзiроўку цi ўратаваўся на моры пасля караблекрушэння, зусiм не зможа зацiкавiць слухача сваiм расказам. Усё залежыць ад таго, як чалавек валодае словам. Пётр Максiмавiч адносiўся да першых.

- Вось вы - юрыст, падпалкоўнiк юстыцыi, - гаварыў ён мне, - судзiце людзей. Цяпер, вядома, такi час, што ў вас ёсць магчымасць i свабода, ну, можа, не поўная, але ж ёсць, судзiць сумленна i справядлiва. Скажыце праўду, каго вы бачыче перш за ўсё ў надсудным - злачынцу цi ахвяру лёсу? Цi ўзнiкае ў вас да яго жаласць, спагада? Законы псiхiкi такiя, што чалавек на сваёй працы прывык да яе так, што не заўважае яе незвычайнасцi, асаблiвасцi. Ну, напрыклад, прафесiйны кат. Для яго забойства - прывядзенне ў выкананне прысуду - звычайная праца. У яго, ката, жаласцi да людзей, якiх ён павiнен забiць, няма, яна атрафiравалася на яго рабоце. Звычайны чалавек не можа не толькi забiць чалавека, жывёлу, а i прысутнiчаць пры гэтым забойстве. Ну а забойнiк на бойнi, што забiвае жывыя стварэннi? Вось я на радзiме сваёй, адкуль еду, бачыў такую карцiну. Зайшоў да родзiча на невялiкую раённую бойню. I што ж мяне там здзiвiла? Сядзiць маладая дзяўчына на забойным канвееры, леташняя выпускнiца дзесяцiгодкi, i малатком забiвае бараноў. Падвядуць да яе бляяку няшчаснага, яна малатком яго памiж рожак - гах! Забiвае i з суседам перагаворваецца, рагоча. Я спытаў у яе, чаму выбрала такую сабе работу. Сказала, бо не было iншай. А на пытанне, цi не шкада ёй гэтых баранчыкаў, прызналася, што было шкада напачатку, а пасля прывыкла, звычайная работа, за якую плоцяць... Скажыце, таварыш падпалкоўнiк, - звярнуўся ён да мяне, - а вам першыя асуджаныя не снiлiся?

- Снiлiся, хваляваўся за iх, - прызнаўся я. - Першых асуджаных i цяпер помню.

- Цяпер жа прывыклi да свайго занятку? Усё ж такi ў турму саджаеце, волю адбiраеце. Звыклiся?

Я пацiснуў плячыма. Як яму адказаць? Прафесiя юрыста незвычайная, адказная i жорсткая - караць вiнаватых. Але цi можна звыкнуцца, страцiць адчуванне спагады, жаласцi да таго, каго павiнен пакараць, можа, нават i смерцю? Цi можна быць абыякавым да лёсу чалавека, якi трапiў пад тваю ўладу? Я адказаў, як звычайна адказваюць на такiя пытаннi, што стараюся судзiць справядлiва, кiруючыся толькi законам i сваiм сумленнем.

- А ўсё ж ад чаго залежыць: адзiн суддзя, пракурор строгi, другi мяккi. Ад яго характару, выхавання, адукацыi?

- Ад усяго гэтага i залежыць. I яшчэ ад сумленнасцi. Не дай бог, каб у людзей гэтай прафесii былi кар'ерысцкiя, кан'юнктурныя схiльнасцi. На жаль, ёсць сярод нас i кар'ерысты, i проста абмежаваныя людзi. Iм бы за станком стаяць, на заводскiм канвееры, а яны крэсла суддзi, пракурора займаюць... Калi суддзя застаецца ў дарадчым пакоi, усё павiнна быць адкiнута, акрамя iмкнення вызначыць па справе iсцiну - вiнаваты падсудны цi не вiнаваты i якую кару ён павiнен атрымаць.

- Усё гэта правiльна, - сказаў неяк засмучана Пётр Максiмавiч i цяжка ўздыхнуў. - Вось такое б правасуддзе ды ва ўсе гады. I ў трыццатыя.

Я ўважлiва паглядзеў на яго i зразумеў, што ён - ахвяра тых трыццатых гадоў, i спытаў пра гэта. Ён прызнаўся i ўжо блiжэй да Мурманска, калi ў купэ засталiся ўдвух, ён i расказаў мне пра сябе вось такую драматычную гiсторыю.

У трыццаць шостым яго, райкомаўскага камсамольскага работнiка, адкамандзiравалi служыць у народны камiсарыят унутраных спраў. Нейкi час ён там вучыўся на курсах, пасля чаго быў прызначаны следчым. Малады, выхаваны ў непрымiрымай нянавiсцi да ворагаў савецкай улады, гатовы за яе аддаць жыццё па першаму клiчу, ён узяўся за службу з радасцю, верачы, што ўсе, хто сядзiць у тых следчых камерах, i ёсць ворагi, якiх трэба выкрываць i рашуча караць.

Першую справу яму далi на такога ж, як i ён, маладога былога камсамольскага работнiка. Прачытаў матэрыялы малады следчы Пётр i не паверыў прачытанаму. Падследнага Стасевiча, сакратара суседняга райкома камсамола, ён ведаў, сустракаўся з iм на розных камсамольскiх нарадах, пленумах, ведаў яго як актыўнага важака моладзi. I вось гэты Стасевiч абвiнавачваўся ў шпiянажы ў карысць Польшчы. У справе быў пратакол допыту аднаго падследнага, якi сцвярджаў, што Стасевiч разам з iм уваходзiў у шпiёнскую арганiзацыю.

- Нягоднiк! Мярзотнiк! - абураўся Пётр шпiёнам Стасевiчам. - Ды цябе ж, паганая душа, да сценкi трэба паставiць.

Пётр выклiкаў Стасевiча ў свой кабiнет. Думаў убачыць нахабнага непрымiрымага ворага, а перад iм з'явiўся схуднелы, змарнелы, злямчаны дахадзяга. З iм ужо месяц, як працавалi iншыя следчыя. Зайшоў Стасевiч, павiтаўся, рукi за спiнай трымаў. Пётр заўважыў, што стаяць яму было цяжка, i дазволiў сесцi на стул. Той сеў, як i трэба падследнаму, рукi паклаў на каленi. У Пятра былi загадзя падрыхтаваны пытаннi да Стасевiча, ён iх i задаў.

- Вы не прызнаяце сябе вiнаватым, а сведка паказвае, што вас завербаваў шпiёнам. Чым вы гэта растлумачыце?"

- Ён даў такiя паказаннi пасля катаванняў. Не вытрымаў.

- Якiх катаванняў? Што вы тут гародзiце?..

- А то вы не ведаеце, як атрымоўваюць тут такiя прызнаннi. I мяне катавалi. Двое сутак вось тут каля сцяны стаяў, пакуль не павалiўся, страцiўшы прытомнасць.

Пётр паверыў, што таго падследнага i Стасевiча бiлi, але ж верыў у яго вiнаватасць.

- Нi ў якую арганiзацыю я не ўваходзiў, нiчога варожага не ўчыняў, настойваў Стасевiч.

Пётр добрасумленна ўсё запiсаў у пратакол, што Стасевiч яму расказваў, запiсаў падрабязна.

- Саўдзельнiк ваш i кiраўнiк групы паказвае, што вы перадавалi шпiёнскiя звесткi ў Польшчу праз свайго дзядзьку. Гэта так?

- Глупства. Як я мог штосьцi перадаваць дзядзьку, калi я яго нiколi ў жыццi не бачыў, не знаёмы з iм. Мой дзядзька - матчын старэйшы брат - яшчэ вясковым хлопцам ажно ў трынаццатым годзе паехаў на заробкi ў Варшаву ды там i застаўся жыць. Пасля рэвалюцыi мы атрымалi ад яго толькi некалькi лiстоў. I што з iм цяпер, цi жывы ён, не ведаю.

Пётр усё гэта запiсаў.

- Я зраблю вочную стаўку з вашым саўдзельнiкам, - сказаў Пётр, - калi ён не пацвердзiць на вас свае паказаннi, то вы сапраўды невiнаваты.

Наiўны, нявопытны быў Пётр. Што ж, навiчок, зялёны яшчэ следчы. Верыў у справядлiвасць i правату сваёй службы.

Дапытвалi тады начамi. Недзе пад канец ночы да Пятра ў кабiнет зайшоў капiтан, ягоны начальнiк.

- Ну, - сказаў ён, убачыўшы пратакол допыту, - раскалоўся?

- Даў падрабязныя тлумачэннi, - адказаў Пётр.

Капiтан узяў пратакол i выйшаў з iм. Праз нейкi час зайшоў сяржант, сказаў, што Пятра выклiкае капiтан. Сяржант застаўся з падследным, а Пётр зайшоў да капiтана.

- Якiя ты тут казкi пазапiсваў? Нам прызнаннi яго патрэбны.

- Але ж Стасевiч не прызнаецца i даказвае, што не вiнаваты.

- Раз ён тут у нас, то павiнен прызнаць сваю вiну. У нас невiнаватыя не сядзяць. А гэты твой пратакол вось куды. - Капiтан парваў яго на шматкi i шпурнуў у кошык для смецця. - Справа на гэту шпiёнскую групу зацягваецца, яе трэба хутчэй скончыць. Даю табе два днi тэрмiну. Прымай любыя меры, а прызнанне вырвi. Я табе прышлю памочнiкаў.

Памочнiкi прыйшлi ў другую ноч - сам капiтан i сяржант.

- Устаць, - скамандаваў капiтан Стасевiчу.

Той устаў. Капiтан узяў стул, адсунуў яго ў кут i падступiў усутыч да Стасевiча.

- Ты колькi будзеш часу нам марочыць галаву? Чаму водзiш за нос следчага? Махровая твая варожая шкура, маць тваю... Прызнаешся?

- Я не вiнаваты. Мне няма ў чым прызнавацца.

- Значыць, не вiнаваты? - прасiпеў скрозь зубы капiтан, i разам з сяржантам адначасова ўдарылi Стасевiча.

Той упаў, яго бiлi нагамi, кулакамi. Стасевiч скурчыўся, прыкрываў твар i галаву рукамi, каленямi прыкрываў жывот, крычаў ад болю, стараўся падсунуцца да сцяны, каб абаранiць спiну.

Пётр глядзеў на гэту расправу з жахам у вачах i гатоў быў кiнуцца на абарону Стасевiча, не даць яго забiць зусiм.

- Чаго стаiш, iдзi памагай! - крыкнуў Пятру капiтан.

Пётр, аднак, не зрушыў з месца.

- Хопiць бiць, - сказаў ён, - я дапытаю яго яшчэ раз.

- Ну дапытай, - дазволiў капiтан. - Яшчэ суткi даю табе на яго.

Капiтан i сяржант выйшлi. Пётр схiлiўся над Стасевiчам, спытаў, як той сябе адчувае, цi не трэба выклiкаць лекара.

Падследны сеў, упёршыся спiнай у сцяну. Ён цяжка дыхаў i плакаў. Пётр выклiкаў лекара. Той прыйшоў, пастаяў каля падследнага, сказаў яму:

- Самi вiнаваты. Прызналiся б, i вас не бiлi б. - А Пятру растлумачыў, што цяжкiх пашкоджанняў не бачыць, медыцынскай дапамогi не патрабуецца, i выйшаў.

- Бiць умеюць, - адплёўваючыся крывёю, сказаў Стасевiч. - Анатомiю вывучылi. Раны застаюцца ўсярэдзiне.

Пётр адправiў Стасевiча ў камеру, змену сваю даседзеў за сталом у цяжкiм роздуме. Яму дадзена яшчэ адна ноч, каб выбiць з гэтага недабiтага чалавека патрэбныя следству прызнаннi. Прызнаннi ў тым, чаго не рабiў i не мог зрабiць.

Загрузка...