Першы мой сон стрывожыў ціхі стук у вакно. Я ўскочыў з ложка і, падышоўшы, пабачыў у вакне вусатае аблічча Падземнага чалавека. Ён даваў мне знакі рукамі, каб адчыніць яму вакно, прычым клаў палец на вусны, даючы гэтым знак, каб я не нарабіў гоману.
Калі вакно было адчынена, ён сеў на падваконнік, зажыў з сярэбранай табакеркі і пачаў гаварыць шэптам:
— Я даўно ўжо ведаю ход у схаваную бібліятэку, але сам не рухаў яе і нікому не паказваў, маўчаў, баючыся, каб не заграбілі ў нас і гэта наша апошняе багацце. Адзявайцеся, пойдзем! Я ўзяў з сабой свечку, ліхтарню і ўсё патрэбнае…
Няма што казаць аб тым, як хутка я быў апрануты і гатовы ў дарогу.
Мы сышлі па драбіне ўніз, аднеслі яе ў старану і паклалі на зямлі, а самі цішком вымкнуліся з брамы і скіраваліся ў старану Верхняга замка. Мінут за 20 мы былі на месцы. На гары, у старану Дзвіны, тады стаялі яшчэ руіны замкавых будынкаў, у якіх да 1839 года месціўся Васільянскі вуніяцкі манастыр.
Замак быў, як апавядаюць, зруйнаваны ўсяго толькі ў 40-х гадах. Спярша, па загаду цара Мікалая І, з яго знялі мядзяны дах і адправілі ў Пецярбург на будову Ісакіеўскага сабора, а пазней нехта ці запарушыў няўмысна, ці мо ўмысна падпаліў будынак. Пасля пажару ён больш паўсталецця пакінуты быў на руйнаванне сіламі прыроды. Урэшце руіны, каля 1913 г., прадаў расійскі ўрад нейкаму маскалю-падрадчыку на цэглу, які, разабраўшы шацоўныя муры, сплавіў лайбамі цэглу ў Рыгу.
Але тады, калі мы ўходзілі ў будынак, часць яго, а найменна, левы вугал у ніжнім паверсе, меў яшчэ цэлыя скляпенні. Мы пацёмку дабраліся да вялікай вуглавой, у скляпах, салі, сцены якой і столь былі пакрытыя старымі фрэскамі, месцамі асыпаўшыміся, месцамі сцёртымі і павыдзіранымі. Справа, між двух атворын ад дзвярэй, была круглая ніша да самага памосту.
— Во тут ход у падзямелле, — сказаў мой павадыр і пачаў рукамі адгартаць насыпаны на добрага паўаршына друз. Супольнымі высілкамі мы ачысцілі дно нішы, якое было зроблена з адной, у квадратовы метр, каменнай пліты.
— Гэта дзверы, — сказаў Падземны чалавек і, засунуўшы ў шчалугу між камянёў загнуты жалезны прут, з высілкам павярнуў яго. Нешта глуха храснула, і пліта адной стараной пачала апускацца ўніз. Адкрыліся вітыя мураваныя сходы, якімі мы пры слабым святле сляпой ліхтарні пачалі сыходзіць уніз. Калі нашыя галовы зраўняліся з канцом павісшай пліты, то пліта сама сабой паднялася ўверхі, зашчоўкнулася пры помачы прыладжанага да яе механізма.
— Акром мяне, з жывых ніхто не ведае аб гэтым ходзе. Ты другі будзеш ведаць аб ім і перадасі патомным. Але перш чым увайсці ў тайныя ходы, у якіх нашы празорлівыя прадзеды захавалі не толькі свае культурныя, але і вялікія матэрыяльныя багацці, ты павінен даць абяцанне, злажыць прысягу на вечную тайну, — казаў стары ўрачыстым голасам, з націскам на кожным слове.
Я выказаў сваю згоду, і ён рушыў далей. Ішлі мы мінут 10 вузкім, з пачарнеўшымі сценамі ходам, маючым многія павароты, але ўсцяж пахіляючымся ўніз. На адным з паваротаў мой павадыр стрымаў мяне, кажучы:
— Памятай, пасля сёмага вугла ёсць запастка.
Перад намі, уровень цаглянаму памосту, была на сажань даўжыні і ва ўсю шырыню хода ўпраўлена ў памост дубовая дошка.
— Гэта дошка на вяртугу ўстроена, хто не ведае, ступіць на яе, то і зваліцца ў глыбокі калодзезь, а дошка сама сабой стане на месца.
Пры гэтым, хочучы паказаць, як гэта адбываецца, ён націснуў палкай на канец дошкі, і тая віхнулася ўніз, адкрываючы чорную пропасць скрытага пад ёю калодзезя. Праваднік патрымаў гэты рухомы мост, а мне загадаў выцягнуць засунутую за жалезныя скобкі, з боку мураванай студні, дошку, паклаўшы якую на мост, мы перайшлі на другі бок яго і схавалі дошку ізноў, з другой стараны.
Прайшоўшы некалькі крокаў, мы знайшлі ў сцяне нізкія чорныя дзверцы, за якімі была рухомая сценка, адсунуўшы каторую, увайшлі ў даволі абшырны пакой, з мураванымі лавамі каля сцен і высокім падмуркам пасярэдзіне, на каторым стаяла старасвецкая труна, знаная яшчэ данядаўна месцамі ў Беларусі пад назовам «корста». Гэта — тоўстая калода з высечаным усярэдзіне дуплом, у якое клалі нябожчыка; верх закрывалі плашкай ад такой жа калоды. У асабліва важных здарэннях, хаваючы багатых або заслужаных людзей, корст пакрывалі смалой і «берасцілі», г. зн. густа спаясывалі доўгімі паяскамі бяросты ўсю труну, як бандажам, а наверх шчытна акручвалі яшчэ добра прасмоленымі вяроўкамі. Гэтак прыгатаваны корст мог соткі гадоў ляжаць у зямлі, не паддаючыся буцвежы. Гэткія корсты бачыў я раней, калі адной вясны Дзвіна падмыла старое магілішча, і вада то зносіла ўніз, то прыбівала да берагу іх, а сяляне вылаўлівалі, каб нанова закапаць у зямлю.
— Гэта корст, у якім ляжыць той, хто дабудаваў гэтыя ходы, — сказаў мне праваднік. — Тут ты і зложыш прысягу, а на знак датрымання слова пацалуеш у чало гэтыя шацоўныя астанкі.
Пры гэтым ён запаліў тоўстую, як добрая бэлька, васковую свячу, што стаяла ў канцы труны. Кнот трашчэў і дыміў, але памалу ўгарэўся, і я пабачыў на труне зробленую ў акружнасці надпісь глаголіцкімі літарамі. Надпісь гаварыла: «Я, Ярамір, ходы гэтыя працай многай утварыў і дэманаў пяці моцай слоў тайных на пільнаванне давечнае ўвязаў тут. Хай унасячага сюды прапусцяць, а на вынасячым споўніцца слова».
Мы адкрылі корст, і маім вачам паказаўся забальзамаваны нябожчык з густой сівой барадой, адзеты ў злататканую павалоку. Ляжаў ён, крыху на правы бок павернуты, адна рука яго была пад галавой, другая ляжала на пазлацістым паясе; левая нага крыху паднята ў сагнутым калене. Выглядала, што гэта не нябожчык, а заснуўшы старац з шэра-папялістым абліччам.
Падземны чалавек сказаў мне стануць у нагах, а сам стануў каля галавы на ступеньках падмурка. Ад руху, калі ён праходзіў, закалыхалася полымя свечкі, і мне здалося, нябожчык змігнуў вачыма.
Сярод неапісанай цішы прагучэлі ўрачыстыя словы формулы прысягі, якую чытаў мне праваднік з узятага з-пад галавы нябожчыка звітку пергаміну.
Словы былі так урачысты, закляцці такія страшныя, акружэнне так незвычайнае і нечаканае, што мне закружылася галава. Мой праваднік таксама стаўся бледны і ўвесь дрыжэў. Раптам ён, як быццам аступіўшыся, зваліўся ўніз, адначасна падсвечнік з грукатам рынуў на памост, гасячы свячу. Запанавала непраглядная цемень і ціш. Я пачаў клікаць яго. Глухое маўчанне ды нягулкае рэха былі адзінай адповеддзю на мой кліч.
Свігавіцай праз мысль прабеглі страшныя абразы з легенд і сапраўдных здарэнняў, а такжа той факт, што пры мне няма серчыкаў. Я чуў, што ў гэтай нямой цішы і чорнай, да болю ў мазгах, цемні, пад уражаннем свежага страсення нерваў знаходжуся на самым рубе да ўтраты прытомнасці. У мазгах інстынктыўна і распачліва пачала біцца адна-адзіная думка: трэба быць спакойным, трэба быць спакойным! Я чуў, разумеў, што цяпер адзіны ратунак у захаванні спакою. І, як лунатык, з працягнутымі наперад рукамі, пайшоў у старану, шукаючы бачаных мной пад сценамі мураваных лавак.
Я сеў на лаўку і пачаў глыбока ўдыхаць паветра. У вушах званіла цішыня, пры якой чыканне гадзінніка ў кішэні чулася, як рытмічны ход паравой машыны, ды глухое тутненне крыві ў шыі і вісках. Як доўга я сядзеў — змеркаваць нельга, магла гэта быць адна мінута, як і цэлая вечнасць.
Урэшце надумаў пайсці шукаць майго правадніка і пры ім серчыкаў і ліхтарні. З гэтай мэтай я ссунуўся з лавы і папоўз на руках і каленях к сярэдзіне. Хутка нашчупаў падмуроўку, на якой я нядаўна стаяў, і папоўз кругом яе, бо не мог змеркаваць, з якой стараны знаходжуся. За другім паваротам рука натрапіла на нешта мокрае і клейкае. Я падумаў, што гэта кроў, што недзе тут блізка ляжыць мой праваднік, і асцярожна выцягнуў руку наперад, якая наткнулася спярша на масіўны металічны падсвечнік, а пасля на людское цела. Я падаўся яшчэ бліжэй, шукаючы рукі. Пульс не біўся, галава яго была мокрая і сцюдзёная. У бакавой кішэні курткі яго я нашчупаў серчыкі і з радасцю хапіўся паліць іх, але рукі мае былі мокрыя і дрыжэлі, серчыкі ламаліся або толькі давалі іскры. Перапсаваўшы штук з дзесяць, я спахапіўся, што іх у скрынцы не шмат, і сілай волі стаў паўстрымліваць сябе, каб не псаваць болей дарэмна. Высілак над самім сабой даў найлепшыя вынікі, з увагай выняты серчык і пацерты аб скрыначку загарэўся, асвятляючы страшэнны абраз: перада мной ляжаў наўзнач мой праваднік з разбітай і акрываўленай галавой. Ад правага вока і да вуха зіяла страшэнная крывавая рана. Сернік дагарэў і згас. Цяпер я толькі заўважыў, што, акром сернікаў, у мяне больш няма нічога. Куды паставіў праваднік ліхтарню, якую згасіў пасля таго, як запаліў свечку, я не заўважыў. Сернікаў было ўсяго толькі некалькі ў скрыначцы, і я пастанавіў ужыткаваць іх з мудрай асцярожнасцю. А дзеля гэтага ізноў папоўз па памосце. Па доўгіх шуканнях была знойдзена і запалена ліхтарня. Пры святле ліхтарні я сцвердзіў сумны факт смерці майго правадніка. Ён такі сапраўды аступіўся, зыходзячы, і, падаючы, ударыўся віском аб востры выступ падстаўкі ліхтарні, якую цягаром свайго цела абярнуў.
Паднімаючы цяжкі ліхтар, я заўважыў на ім унізе надпіс: «Объятопрыімчэ, прыймі другога с чары тайн піўшага».