ІІІ

Прачытаўшы дзіўную надпісь, я стараўся ўцяміць яе значэнне, і мне здалося, што яна напамінае на права, пануючае ў гэтых падзямеллях. Ці ж бы Падземны чалавек згодна гэтаму праву павінен быў за раскрыццё мне тайны заплаціць сваім жыццём? Аднак факты гаварылі, што ён стаўся «другім, піўшым з чары скрытай веды». Мяне агарнула забабонная багавейлівасць да акружаючых мяне муроў і рэчаў. Я пачуўся агорнутым з усіх старон таёмнымі, свядомымі сваіх чынаў, сіламі. І гэтыя цёмныя пракаветныя сцены і чорны дубовы корст з астанкамі невядомага мне, аднак безумоўна геніяльнага духа, і гэта таёмная надпісь, і ўрэшце труп малавядомага, аднак чамусьці мне блізкага і дарагога чалавека, апутвалі душу тысячамі кволых, але цягучых ніцяў, невядомых мне тайнаў.

А галоўнае, я быў тут, у гэтых лабірынтах, адзінай жывой істотай. Я абярнуўся, каб яшчэ раз глянуць на мілае старэчае аблічча Падземнага чалавека. І якое ж маё было здзіўленне, калі я яго не ўбачыў на зямлі, дзе момант таму назад ён ляжаў. Гэта апошняе страшэнна стрывожыла і парушыла мяне да апошніх глыбінаў усёй маёй істоты. Я яшчэ больш пачуўся бяспомачным і бязрадным у путах невядомага. Уражаны новай тайнай, я, шукаючы свайго правадніка, падняў уверх ліхтарню, аглядаючы склеп, але нідзе не было цела, якога я шукаў. Затое я толькі цяпер заўважыў, што памяшчэнне, у якім я знаходжуся, мае трохкутную форму, трылук якой, звужаючыся, зыходзіўся ўверсе высокім скляпеннем. Мне прыпомнілася чытанае некалісь апісанне славянскай святыні ў Рэтры, якая была збудавана трыбочнай фігурай, як і сама сяліба пры ёй, якая мела з трох старон агароду і тры брамы: на ўсход, поўдзень і поўнач. Спомнілася мне адна дыскусія ў кружку маладзёжы і як паважаны вучоны, які быў сярод нас, даводзіў тады, што таксама ў трыкутную фігуру была будаваная слаўная апяяная Гамерам Троя, што ўсе бажніцы, ці то багоды, старой славянскай веры, пасвячоныя Найвельшаму, бацьку багоў, зваліся Троямі. Але хутка мысль мая вярнулася ізноў да майго незавіднага палажэння ў гэтых скляпах. І я толькі быў прыняў у сабе пастанову вяртацца назад той самай дарогай, як раптам нешта скрыгнула за мной. Пахопліва абярнуўшыся назад, я ўбачыў рассунутую сцяну і паміж дзвюх яе палавіц, на асноведзі аксаміста-чорнай цемры праходу — чалавечую постаць у белай вопратцы і ў белым мітрападобным клабуку на галаве. Я стаяў як амярцвелы і пэвен быў, што гэта галюцынацыя. А тым часам белая постаць з павагай пачала да мяне набліжацца. Узіраючыся расшыранымі вачыма на яе, я з немалым здзіўленнем распазнаў аблічча Івана Іванавіча. Першым маім водрухам было выразіць сваю радасць і падзяліцца перажытымі трывогамі, але ён, як быццам згадаўшы маю мысль, урачыстым падняццем рукі стрымаў мой парыў, кажучы:

— Не рушай павагі месца гэтага мовай сваіх турботаў. Хадзі за мной!..

І мы моўчкі скіраваліся ў праход, з якога выйшаў Іван Іванавіч. Ён ішоў наперадзе, а я за ім. Цяпер я толькі разгледзеў, што белая яго вопратка была ў форме доўгай шырокай кашулі з шырокімі пурпуровымі шлякамі на падоле і рукавах; клабук быў таксама падбіты знізу, на адваротах брыля, пурпуровай тканінай. Ішлі мы размернай, роўнай поступпю, лукавыгібістым шырокім праходам, на сценах якога меліся павяўшыя ад часу малюнкі і нейкія надпісы, абкружаныя арнаментамі. Памост быў заложан з чатырохкантовых каменных плітаў. Гэтак у маўчанні прайшлі мы не менш за 200 крокаў, калі ўрэшце сталі перад глухой сцяной, якой канчаўся праход.

Іван Іванавіч падняў руку ўверх і ляскай, на якую апіраўся, моцна націснуў на разетку над круком, упраўленым у скляпенне. Глухая сцяна, перад якой мы стаялі, спярша дрыгнула, а пасля пачала звольна апускацца наперад, і перад намі адкрылася круглая саля, сцены і столь якой пакрыты былі рысункамі, а памост — мазаікай. Саля была саўсім пустой, толькі з правай стараны, пры сцяне, стаялі тры каменныя седзішчы.

— Во тут, на гэтых сценах, — пачаў Іван Іванавіч, — забразавана істота нашай старой веры, якая апіралася на траістасці ўсяго існуючага. Уверсе — выабражаны сілы нябесныя, усярэдзіне — жыхары зямлі з іх турботамі, унізе — загробны свет з яго валадарамі і жыхарамі. Кожны з гэтых светаў, паводле старой навукі, распадаўся ў свой чарод на тры істотныя характары. Усе сістэмы рэлігійныя, ад пачатку існавання ў чалавецтве сведамай мыслі, прызнавалі гэтую траістасць рэчаў. Халдэя-вавілонскія святары, якія за многа тысячалеццяў да нас слылі лепшымі ў свеце астраномамі, лепшымі пры гэтым знаўцамі матэматыкі, без якой немагчыма астраномія, і да гэтага — старэйшымі носьбітамі веды людской, — у лік сваёй Тройцы ставілі багоў Ану, Эа і Бела. Ану — гэта валадар гвяздзістага неба, першародны, старэйшы, бацька багоў. Эа — мудрэйшы, лепшы з багоў, прасвяціцель і праваднік усяму смяротнаму. Бела — сын Эа, каторы вывеў зямлю з цемры і хаосу, аддзяліў адны ад адных усе постаці і адмены, з каторых злажыўся смяротны свет, якім мы яго цяпер знаем.

У Індыі Тройцу складаюць Брама, Вішну, Шыва; функцыі, прыпісываныя асобам гэтай Тройцы, тыя ж самыя, што і ў халдэйцаў. Не чужа было і грэцкай мыслі паняцце траістасці сілы, уладаючай светам, чым галоўна цікавілася школа платонікаў, ад якіх догма Тройцы перанята была хрысціянствам.

Пасля гэтага ўступу Іван Іванавіч падняў руку ўверх, паказваючы на малюнак, і сказаў:

— Пасярэдзіне скляпення бачым мы тут тры постаці славянскай, а лепей — дака-гецкай Тройцы. Першая з іх ёсць Найвельшы (Optimus), бацька багоў, не маючый наймення. Імёны, даваныя яму рознымі народамі: Баг, Бог, Дэос, Дзевае, Гот, Элохім, Алах-Адонай — гэта ўсё яго прыметнікі, як і нашае Найвельшы, бо імені яго нельга вымавіць. Чэсць яго ў нашым народзе сягае ў вельмі глыбокую мінуўшчыну. Можна сказаць, што большасць грэцкіх мітаў цесна звязана з нашымі прашчурамі гетамі, з якімі на берагах Дуная грэкі вельмі рана саткнуліся і, наўзаемна, дзяліліся тайнамі веды. Нават наш сягонняшні край быў вядом грэкам у той час, калі тварыліся ў іх першыя міты. Відаць гэта з Гамера і іншых паэтаў старой Грэцыі, асабліва ж з аповесцяў аб Апалоне і сыне яго Фаэтоне, якую аповесць перадаў нам пекным вершам рымлянін Вергілій, з мітаў аб Праметэю, Арфею, Эскулапу і інш. От жа ў старагрэцкіх пісьменнікаў знойдзем, што славяне верылі ў загробнае жыццё і па смерці сваёй мелі надзею бытаваць разам з Зямельчыцам[1], рэлігійным рэфарматарам, які жыў за 600–650 гадоў да нараджэння Хрыста[2].

Другая асоба славянскай Тройцы, адпавядаючая халдэя-вавілонскаму Эа, індускаму Вішну, — гэта Правечны Кон, які даў усяму жывому законы жыцця, назначыў кон, долю і акрэсліў канец, скон[3]. Як і ўсе багі, Правечны Кон меў многа розных эпітэтаў, якія няведамі прымаліся часам за яго ўласныя імёны. Да гэткіх імён яго належаць: Прова, Права, Тур. У адной старадаўнай саксонскай кроніцы маюцца малюнкі стараславянскіх багоў з часоў хрышчэння славянаў, між імі — рысунак стода з подпісам «Prouo». Гэты рысунак сведчыць, як хрысціянскія апосталы таго часу былі пранікнуты мазаізмам ды вавілонскімі харубамі і шайтанамі, а як мала ведалі тое, што нішчылі. Бо Кон-Прова-Тур не меў стодаў: яму пасвячаліся святыя дубы і гаі. У гэткія месцы, абгароджаныя і маючыя двое наўсупроцьных варотаў, сходзіліся ў канодныя дні старшыні народу спраўляць суды. У здарэнні, калі каго праследавалі, мог скрыцца ў загароду, хоць бы ён быў ворагам, яго ніхто не смеў крануць: бо права, праўда не на перавазе фізічнай сілы, ані на гвалце грунтуецца.

Трэцяя асоба славянскай Тройцы, адпавядаючая вавілонскаму Белу і індускаму Шыве, — ёсць Сіціўрат, Сіва. Халдэйцы лічылі Бела богам апраметнай, царства вечнай цемры, дома, «у які ўсе ўходзяць, але скуль ніхто не выходзіць». Індусы Шыву называюць мсціцелем. Цікава пры гэтым адмеціць адну асаблівасць, гэта тое, што індусы аддавалі чэсць Шыве — Ішвары ў мясцовасці Рудры, а славяне — Рэтры.

І каб мы не ведалі аб тым, што дака-гецкія міты праз грэкаў сягалі да Вавілоніі і Эгіпту з адной стараны, а да Індыі з другой, — то можна было б падзіўляць незвычайную прыпадковасць у сугуччы.

У санскрыце маецца эпітэт, даваны Шыве, — Гары, які вельмі сходзен з нашым Яры, Ярыла, Яравід. Сімвалам Сіціўрата (жыццявароту) — Ярылы быў нязгасны агонь — Жывец, Жынч, Зніч (знікомы), які меў свае вечныя алтары паўсюдна, куды сягала вера славянская. Летапісы ўпамінаюць аб такіх вечных агнях у Вільні, Вялікім Ноўгарадзе, а ў заходніх славянаў у Жніне, Гнезне і Жуліне на Паморы. Усюды, дзе існуюць або існавалі першыя хрысціянскія святыні, пасвячоныя прароку Іллі, яны былі будаваны на месцах вечнага агню. Бо Ілля заступаў у пачатках хрысціянства Ярылу. Цэрквы такія былі ў Менску, Віцебску, Смаленску, Полацку і іншых гарадах. Святары, служыўшыя Яраму, называліся ведунамі, вядачамі, вятачамі, вяцвягамі, бо яны прарочылі будучае. Няхай не дзівіць, што сіле мсцівай надаваўся эпітэт белага, яркага. Гэта дзеля ўласкаўлення яго. Бо ж дагэтуль, па старой памяці, народ называе агонь — багач, цяпло, святло, каб не ўквяліць грознай сілы. У мысль гэтага страшны Лясун носіць эпітэты Дабрахот, Зялун, а чорны балотны дух — Бялун, той, гэты і, ужо пад уплывам навейшага светагляду, нячысцік.

Сіле першапрычыннай, Найвельшаму, належыць пашана ад усяго жывога. Ён асновапаложнік, ён той, аб каторым пяе брамін у сваіх гімнах:

Я носьбіт і дарога, сведка і князь,

Айчына, прыяцель, прытулак;

Першапрычына, і цэль, і істасць рэчаў,

Я і захоўнік, і вечнае семя.

Калі Арфей, які быў з народаў гетаў, сяліўшыхся пад той час у Фракіі, панёс у Грэцыю навуку аб адзіным Найвельшым, то грэкі пыталі аракула, што такое Бог, якога прапаведуе Арфей? І аракул назваў Найвельшага святлом (rad), мыслю-словам (logos) і крыніцай жыцця (pneuma), якія імёны азначаюць — адзіную першапрычыну, святло духа, радасць без мучэння, першакрыніцу веды, увенчаную вышэйшай праўдай.

Правечны Кон даў права, закон людзям, звярам, птахам, полазам, рыбам, расцінам і наогул усяму, што жыве, родзіцца і памірае. Устаноўленыя ім законы вечны і непарушны. Галоўнае месца ў нашым краі, дзе складалі яму чэсць, быў Тураў і мясцовасць Скрыгалава, недалёка ад Турава, дзе дагэтуль захаваліся рэшткі так званых цыклапічных будоўляў у форме аграмадных каменных блокаў. Сімвалам справядлівасці ў славянаў лічыўся белы бык — тур.

І хоць даўным-даўно забылі нашы людзі старых багоў, але палеская (горадзенская) зямля дагэтуль мае ў сваім гербе тура, сімвал Правечнага Кону.

Пад гэтай Тройцай бачым мы, ніжэй, сем асоб з іх сімваламі: гэта ёсць сем галоўных сіл, уладаючых светам. Першая — Кон, Конязь, і яго сімвал сонца; другая — Княжыч, або Месяц, з сімвалам сваім — месік у маладзіку; трэцяя — Ярыла, і сімвал яго — гвязда Марс; чацвёртая — Радзігост, і яго сімвал — гвязда Меркурый; пятая — Пярун-Грамавік; шостая — Грамавіца, і яе сімвалы — гвязда Венера і пташка зязюля; сёмая — Лада, Ладон, і яго сімвал — гвязда Сатурн. Кожнай з гэтых сямёх асоб пасвячаны адзін дзень тыдня, аб чым сведчаць рунічныя надпісы пад кожнай асобай: нядзеля — соўнік, панядзелак — месіч, аўторак — ярэц, серада — радаўнік, чацвер — перунец, пятніца — грамніца, субота — ладзіч. Ніжэй гэтых сямёх асоб маецца дванаццаць сімвалаў, азначаючых 12 знакаў Задыяка, а пад імі — чатыры вятры, бытуючыя на чатырох канцах зямлі: Усток, які сухасцю тхне; Ірэй, прыносячы цяпло; Сутон, навяваючы хмары і дождж; Сівер, прыносячы сцюжу.

Сярэдні шлях малюнкаў завіраў у сабе сцэны з жыцця людзей, звяроў, птахаў, рыб, раслінаў і іншых на зямлі, у паветры, у вадзе з іх пераменамі і бытам.

У самым нізе было выабражана царства смерці, дом вечнай цемры з яго жыхарамі. На першым плане былі дзве галоўныя фігуры: Люцец, Люты (Pluto), або Кашча Бяссмертны, і яго жана — Марва. Першы выяўляў сабой худую, з вострымі людскімі рысамі і злымі вачыма пачвару, другая — мела старэчую жаночую галаву, на якой замест валасоў звіваліся сыкучыя змеі. Яе мясістае тулава апіралася на чатырох лапах і заканчвалася драконаўскім хвастом. Па-за гэтымі галоўнымі постацямі віднеліся пачварныя духі краіны смерці і бесканечны лік бледных людскіх постацей.

Мазаіка памосту пакрыта была сімвалічнымі знакамі, значэнне якіх я не знаў і не адважыўся спытаць аб іх.

— А цяпер, — сказаў Іван Іванавіч, — каб пасунуцца далей у лабірынты, нам трэба сесці ў гэтыя крэслы.

Загрузка...