Выданьнем гэтай кнігі, якая прысвечана вынікам больш як 25 гадовага археалагічнага вывучэньня старажытнага Наваградка, мелася пачынаецца новая серыя — “Мінулае Наваградчыны — Istoria Novogrodensiae”. Гэтая серыя аб’яднала б работы сучасных аўтараў, якія прысвечаны розным аспектам наваградскай мінуўшчыны, а таксама перадрук (у большасьці выпадкаў і пераклад) даўніх сачыненьняў, у якiх Наваградак і яго ваколіцы фігуруюць альбо як галоўны прадмет, альбо займаюць значнае месца. Дарэчы было б сабраць у асобныя тамы датычныя гораду дзяржаўныя акты: часоў Вялікага княства Літоўскага, часоў Расійскай імперыі, перыяду другой Рэчы Паспалітай, эпохі Савецкай Беларусі. Дакументы лепш чым што паказваюць хаду гісторыі: як змяняліся межы Наваградскай зямлі — ваяводства — павету — раёну, як рос і забудоўваўся горад, як гінуў падчас пажараў і войнаў, як паўставаў і аднаўляўся. Даследваньні сучасных гісторыкаў пакажуць механізмы кіраваньня горадам і паветам (раёнам), раскрыюць ролю і значэньне захаваных помнікаў архітэктуры, раскажуць пра тое, што не захавалася. Падобныя кнігі будуць абавязковым чытаньнем не толькі школьнікаў, краязнаўцаў і аматараў гісторыі, але і тых асобаў, якія займаюць выбарныя і штатныя месцы ў гарадской і раённай адміністрацыі і самакіраваньні — бо ведаць мінулае — значыць лепш арыентавацца ў сучаснасьці. Задума серыі і пачатак яе абмяркаваньня належаць грамадскай ініцыятыве Канстанціна Аляшкевіча, Георгія Бакі, Тамары Вяршыцкай, Міколы Гайбы, Івана Грыня, Яўгена Лецкі, Міколы Нікалаева, Вячэслава Чамярыцкага. Неспрыяльнасьць умоваў пры падрыхтоўцы гэтага малатыражнага выданьня, прынамсі немагчымасьць патрэбнага паліграфічнага выкананьня, вымушаюць адкласьці (але не пахаваць) ідэю такой серыі.