4

Змораны, Джукі сядзеў на пагурку ля шашы пад Стралічавам і глядзеў на поўдзень, дзе несціхана гулі ў небе самалёты і далёка, недзе ўжо на Ўкраіне, падымалася і стаяла, як і ўсе гэтыя дні, густое бурае воблака. Ён не ведаў чаму, але яму раптам захацелася завыць, і ён, задзёршы ўгару галаву і гледзячы на рудое воблака, над якім кружылі дробныя чорныя мушкі — самалёты, зацягнуў, як воўк. Раз, другі, цягнуў доўга, як выліваючы з душы і страх і бяду і сабачыя слёзы па гаспадару, якога вельмі любіў, і самому яму адтаго рабілася жудасна — уставала на хібе поўсць…

У Бабчыне пачалі адзывацца сабакі.

Яны і атакавалі яго, калі ён збег з пагурка ад Стралічава на вялікі лог з асушальнымі канавамі, у якіх блішчала на сонцы вада. Бабчын разросся, пайшоў паўкругам да шашы і да лесу, акруціўшы шырокай, доўгай абтаполенай вуліцай хат на дзвесце вялікі лог, дзе нядаўна яшчэ было возера. Па ім плавалі на чоўнах па траву, лавілі карасёў і стралялі качак.

Яны сабраліся з усяго Бабчына на лагу ля канавы. Вада ў ёй была роўна з берагамі. На беразе стаяў чырвоны трактар — пампаваў яе ў два вялікія, укрытыя цэлафанавай плёнкай, душы — адзін і воддаль яго — другі. За плёнкай відаць былі цьмяныя сілуэты голых людзей; вуха лавіла халодны баязлівы смех. Да душаў — аднаго і другога — выцягнулася доўгая чарада людзей, як, бывае, да магазіна; знадворку ля цэлафану падымалася высака ўгару мыльная пена, і яе разносіў гарачы вецер, які дзьмуў з самай раніцы з гары — з Украіны. Ля душаў, ля трактара і ля крытых брызентам машын завіхаліся людзі ў белых халатах, з белымі шапачкамі на галовах і з белымі павязкамі на тварах…

Атакавалі яны яго з гэтага боку, ад людзей з белымі шапачкамі. Джукі згледзеў яшчэ здалёку, з гары, што яны, збегшыся, круціліся пад нагамі ў людзей з белымі шапачкамі, перабягалі ад трактара да канавы і назад, ляжалі хто як на траве, кашлялі, перхалі, ванітавалі, падпаўзалі да душа і лізалі белую пену. Былі злосныя, гыркалі на людзей і самі на сябе.

Джукі іх усіх адразу пазнаў: леглі, згледзеўшы яго, на беразе канавы на стоптанай траве ў адзін рад і натапырыліся ў яго бок, нават хвастамі не краталі — чакалі.

Самая першая ляжала, выцягнуўшы ўперад лапы і паклаўшы на іх морду, сучка Брынза. Была яна старая, худая, доўгая, касцістая і ўся жоўтая — і вочы ў яе былі жоўтыя. Жыла яна з таго канца Бабчына, пад свінакомплекс, у старой будцы з дзіравай жоўтай, як сама, ржавай бляшанай стрэшкай ля хлеўчыка ў такой жа старой гаспадыні. У Брынзы быў гадаванец — Тузік, такі ж жоўты, кудлаты, толькі недаростак. Ляжаў ён цяпер за ёй ззаду і церабіў нагой за вухам.

Воддаль Брынзы, павярнуўшыся да яе галавой, кашляў Руды. Дварняк з выбітым вокам. Невядома чый. Аціраўся каля ўсіх свіных карыт у Бабчыне і ў дадатак еў курыныя яйкі ў гнёздах.

За Рудым ніяк не мог улежаць — усё торгаўся і круціў па баках галавой — Палкоўнік, высокі, калі стане на ногі, рыжы, стройны ганчак-мяшанец. Жыў цераз вуліцу ад старой сучкі Брынзы. Гаспадар яго, прыйшоўшы некалі без нагі з вайны, крычаў, напіўшыся: я — палкоўнік! Гаспадар так і стаў у вёсцы Палкоўнікам, а цяпер і ягоны сабака. Палкоўнік-сабака быў усягды дагледжаны, накормлены. Меў раскошную новую, пафарбаваную ў чырвоны колер, як страха на хляве, будку і кожны раз кідаўся з яе на Джукі і хапаў адразу за горла, калі той забягаў на двор.

За Палкоўнікам ляжалі ўпобачкі Пушок і Чапа — Чапкоўскі. Пушок — маленькі, рыжанькі, кудлаценькі. Хатні. Жыў пасярод вёскі ў маленькай хаце адзінокай гаспадыні. Чапа — Чапкоўскі — быў чорны, прыземісты, даўгавухі — вушы аж па зямлі. Ніколі не задзіраў галавы, любіў дзяцей, бегаў за імі па вёсцы, і яны цягалі яго за вушы. Гаспадара яго Джукі не ведаў.

За імі, ускочыўшы раптам з зямлі, пачалі нюхаць адзін аднаго два Бімы — Вялікі Бім і Малы Бім. Абодва чорныя, у белыя плямы. Равеснікі Джукі. З новага пасёлка над Стралічавам. Жылі яны на размалёваных верандах, будак у іх не было.

Скочыўшы наперад, падбеглі і ляглі бліжэй за ўсіх да яго, Джукі, Вермут — карычневы, як спелы каштан, падобны на аўчарку шыракагруды здаравяк, і сучка Вілія — такая ж карычневая аўчарка — дзесятая вада на кісялі. Гэтыя жылі ў канцы вёскі ля школы. Ні будак у іх не было, ні жыцця добрага. Прывёз іх некалі абаіх са Стралічава п'яніца-трактарыст смаркатымі шчанятамі і кінуў на вуліцы… Яны і цяпер ляжалі ўсягды на вуліцы на пяску ўпобачкі, перахлябістыя, галодныя, і куры клявалі ім хвасты.

Далей кратаўся ў траве, як усё роўна рыў сабе яму, чорненькі маленькі Маркіз з белай манішкай на грудзях і стаячымі вушкамі. Гэтага Джукі добра не ведаў — прывезла яго фельчарка з Гомеля і рэдка выпускала з хаты.

Была тут і сучка Малекула, бурая, падгалая. Жыла ў настаўніка ля самай школы ў хітрай будцы з шыфернай стрэшкай. Лавіла курэй.

Апошнім у гэтай сабачай гайні, якая часта збіралася вечарамі ў Бабчыне на лагу, ля школы, на ферме, а то і аж на шашы пад свінакомплексам і рэдка разыходзілася з мірам жывая і здаровая, быў Мірон — чорная няўдалая барзяціна. Жыў Мірон на двары ў старшыні калгаса. Сядзеў усягды ці на ланцугу ля будкі, ці ў легкавой машыне з гаспадаром.

Ён першы і кінуўся на яго, Джукі, падскочыўшы з зямлі, як мячык… І ў гэту кароценькую долю імгнення, пакуль Мірон вісеў угары, Джукі згледзеў, што той аблез… Быў увесь шэры, нібы ўкачаны ў попел. Доўгая чорная кудлатая поўсць у яго асталася толькі на шыі і на канцы хваста, як у льва… Дагэтуль Джукі бачыў львоў толькі ў тэлевізары, калі гаспадар быў добры і пускаў яго вечарам у хату… Ён спопаразку затрымаўся на міг на месцы — а так бы ён скочыў убок! — тут яго і збіў з ног Мірон, пакаціўшы па траве… Коцячыся ўніз з беражніцы, Джукі згледзеў яшчэ, як усе яны, пачынаючы ад жоўтай Брынзы і канчаючы прагавітай Малекулай з Бімамі, Чапамі і Маркізамі — няшчаснай малечай, калі схапіць якую — на адзін зуб з кішкамі ў прыдачу — распласталіся ўгары ў шалёным скачку. І зноў Джукі разанула па вачах — усе яны аблезлі: і Брынза, і Малекула, і два Бімы… Хто знізу з жывата, хто зверху са спіны. Жоўтая Брынза была ўся голая…

Яго збіў з ног Мірон, Мірон яго і выратаваў. У той міг, калі жоўта-гола-шэрая беспародная гайня, сплёўшыся яшчэ ўгары над ім у раз'юшаны разяўлены клубок, сапучы гарачынёй, яхкаючы і рычачы, упала на яго зверху — яна лучыла на спіну Мірону, які ў гэты час прыціснуў яго, Джукі, перакуленага дагары, да зямлі і намагаўся сцяць зубамі за горла. Мірон заекатаў на ўвесь свой пярхаты, ахрыплы голас; пад ім распаўзліся ногі, і ён прыціснуў сабой — з усёй гайнёй, якую не ўтрымаў на спіне — Джукі да зямлі… Джукі пачуў, як у яго палезлі з вачніц вочы… Пасля гэты калючы, гарачы, раз'юшаны аблезлы клубок падхапіў яго вострымі кіпцюрамі з зямлі і, здзёршы ашыйнік, пакаціў па беражніцы, парытай кратамі, па ліпкай траве, запырсканай пенай, слінай, сікамі і кроўю. Ён чуў, як яго рвалі зубамі за спіну, за бакі, за хвост… і сам выпусціў кіпцюры і запусціў зубы, чуючы ў роце пясок, поўсць, якая была асталася яшчэ на баках аблінялай зграі, і салёную кроў, ад якой ён звярэў… Але іх, аблезлых, было многа… А ён быў адзін… І яны кацілі яго берагам да чырвонага трактара, пасля людзям пад ногі на мокрую траву і мыльную пену. Кацілі і рвалі зубамі… Калі яго выкацілі на чыстую беражніцу на чорны торф і сівы пясок, ён пачуў, што задыхнецца ад пылу, не вытрывае… Хапіў кашаль, і падступіла блага… Як кожную раніцу… Злавіўшы момант, калі яго зноў распласталі на спіне, ён сабраў у абкусаныя лапы ўсю сваю сабачую сілу, спружыўся, адштурхнуў ад сябе гарачы, запылены зубаты клубок і… астаўся ляжаць на зямлі… на спіне… Гарачы, раз'юшаны клыкасты клубок у гарачцы забыўся на яго і пакаціўся, гыркаючы, форскаючы і якочучы, сівым пясчаным логам, падымаючы з зямлі пыл, поўсць, камякі торфу, траву і жоўтыя адуванчыкі…

Джукі ляжаў на мокрай ад крыві траве на спіне, не могучы адразу падняцца. Напружыўшыся, ён задзёр галаву і глядзеў на запылены аблезлы львіны клубок, які нібыта гарачым ветрам гнала на шашу пад Стралічава…

Блізка недзе ракатаў трактар, бразгалі вёдры і крычалі людзі.

Яны і падышлі да яго, пачакаўшы — двое, у белых шапачках і з белымі павязкамі на тварах. Нахіліліся, падклалі рукі і паставілі на ногі…

Ён не даўся, каб яго пагладзілі па галаве.

Загрузка...