5

Ён начаваў гэту ноч на ганку пад дзвярыма. Расцягнуўся на дашчатай пафарбаванай падложцы, паклаў галаву на лапы і глядзеў усю ноч на вуліцу праз расчыненыя вароты. Усю ноч было ціха ў вёсцы, як у яме; толькі звечара далёка на шашы, пад свінакомплекс, ціхенька шумелі машыны, лыпаючы падслепаватымі фарамі, позна ныла за акном у хаце радыё, падалі пасля спалоханы голас куры ля хлева, як усё роўна іх узагнала памаўзлівая Малекула, і ўсё сціхла, як вымерла. Толькі капала ў студню аднекуль зверху вада — ці не з дзіравага вядра на ланцугу — манатонна, раз за разам і не давала звесці вочы. Джукі так і не заснуў да самай раніцы — на жываце і на задніх лапах балела скура, востра, як пасыпаная прысакам. Калі ён кратаўся, чуў, што пад ім мокра і ліпка — з жывата, з раны, цякла сукравіца.

Усю ноч ён глядзеў на вуліцу і ўсю ноч думаў: чаму на яго напалі сабакі? Перш яны на яго так не нападалі: баяліся. Гыркалі, рвалі, бывала, у зборышчы за бакі, гыркаў, рваў і ён таго, хто лез яму на ражон ці пах такой паскуднай гнілой псінай, што лепш бы яму, такому, здыхаць у будцы, а не лезці нюхацца, разявіўшы паскудны рот…

Можа, напалі за тое, што завыў па-воўчы днём на гары пад Стралічавам, навёўшы жуду на сабачыя вушы? Сабакі выюць рэдка, можа, толькі чуючы смерць, і не любяць гэтага.

Пасля недзе ў яго напятым сабачым розуме мільганула здагадка, у якую ён і сам не хацеў верыць: напалі за тое, што ён не аблез… Яны аблезлі, а ён не. У яго толькі высыпалася поўсць з маленькай белай ласачкі на носе. Ён не ведаў, што гэта была за бяда, але яна яго мінула, а іх не. А што бяда прыйшла, ён гэта чуў; не ведаў, не разумеў сваім сабачым розумам, якая яна, гэта бяда, але чуў — хацелася выць. Ляжаў усю ноч галавой да расхрыстаных варот на пустую вуліцу, а яму хацелася выць — хоць здохні. Ён пробаваў выць ноччу, але ад натугі балеў паранены жывот і густа цякла на ганак сукравіца.

Звёў вочы ён пад раніцу, у час, калі ўсё жывое млее і пускае па губах салодкую сліну, і адразу прачнуўся ад грукату. Спаць яму не далі.

Яшчэ не падымаючы галавы з лап, ён добра ўбачыў, як з шашы ад свінакомплекса паўзлі сюды, у вёску, машыны. Нізенькія, зялёныя, крытыя зялёным брызентам, яны лязгалі бліскучымі гусеніцамі, як трактары. Узышло сонца за свінакомплексам і сцябала па бліскучых гусеніцах крывавым золатам. За нізенькімі машынамі ішлі высокія, дзюбатыя, як буслы, за імі парожнія кузаўныя; іх, здавалася, падпіхалі чырвоныя трактары, сунучы па зямлі перад сабой вялізныя металічныя белыя лемяхі. Джукі ўздрыгнуў, пачуўшы нешта нядобрае. А ўцякаць яму сёння нікуды не хацелася: балеў паранены жывот. З логу з ветрам прынесла гар — зноў падвярнула пад грудзі блага, як і кожную раніцу. Але на лог у ніжыперніцу не пабяжыш: там зялёныя машыны…

Пачакаўшы, Джукі ўбачыў, што ў вёску яны не ідуць: з'ехаўшы з дарогі, пачалі ссоўваць у кучы зямлю, і на дарозе і на полі, падымаць яе каўшамі ўгару, насыпаць у кузавы і адвозіць у бок свінакомплекса. Над полем і над дарогай падняўся высока пыл, засланіўшы рудой пасцілкай сонца. Ад грукату ўздрыгваў пад нізам ганак. Ну і што? Джукі такое бачыў і чуў і вясной і ўвосень. І не раз.

Блага прайшла. Захацелася раптам есці. Учора цэлы дзень блажыла, вярнула ахапкам сліна, і ў роце не пабывала нават макавай расінкі. Джукі ведаў, дзе яда: учора вечарам, калі людзі ў белых шапачках, выгнаўшы з хлява кароў і свіней, завярнулі іх на выган, дзе цяпер равуць машыны, а адтуль з усёй вясковай стадай пагналі ў лес пад свінакомплекс, суседка выпусціла з іхняга хлева на двор курэй і насыпала ім у карыта варанай бульбы. Джукі падумаў, што ў вёсцы асталіся цяпер адны куры…

Падняўшыся на лапы — чуць адліпла ад ганка мокрая ад сукравіцы скура на жываце, — Джукі асцярожна пацягнуўся, пазяхнуў на ўвесь сабачы рот, не могучы пасля схаваць за зубамі абвіслы язык — патрэскаўся за ноч і з яго пасачылася кроў, — сышоў паціху з ганка і пакавыляў да студні, да дзежачкі з вадой, што стаяла пад яблыняй, — піць хацелася больш, чымся есці: у роце было суха і горача.

Вярнуўшыся ад студні, ён не ўтрымаўся, каб не высунуць галаву на вуліцу…

Яму адразу заклала вушы…

Ён ляжаў дагэтуль на ганку, за дзвюма сценамі, і яму здавалася, што грукатала толькі на лагу ад шашы…

Свайго канца вёскі ён не пазнаў…

Вуліца была заслана пылам. Такія ж самыя дзюбатыя, як буслы, машыны ўзрывалі вуліцу, сілялі з яе пясок і сыпалі ў кузавы. Машыны, поўныя чорнага пяску, цяжка равучы, паўзлі гародамі пад сіні лес да свінакомплекса. І нідзе не было відаць людзей… Толькі з кабін высоўваліся чалавечыя галовы, бліскаючы замест вачэй шклом. Пад шклом у іх матляліся пажмаканыя трубкі, як кішкі…

Джукі пасмялеў і высунуўся ўвесь на вуліцу — падцяў толькі пад сябе паміж ног свой доўгі, паранены пасля ўчарашняга хвост. Цяпер ён добра бачыў, што зямлю бралі не толькі на вуліцы; забіралі яе і з гародаў. Секлі тапарамі яблыні — з іх сыпаўся на чорную ўзрытую зямлю белы цвет, як снег. Ламалі трактарамі платы і частаколы ад вуліцы, грузілі на машыны і звозілі. Раскрывалі стрэхі на хатах, знімалі гонту, салому, бляху. Стрэхі адразу накрывалі нечым белым…

Пахла глінай, торфам, гноем, палыном, падсмаленай шэрсцю і дымам… І сярод гэтага грукату і смуроду Джукі раптам выразна пачуў пах свайго гаспадара: рэзкі дух свінакомплекса і дзіцячых сікаў… Джукі не мог памыліцца: такі рэзкі дух ён ні з чым бы не зблытаў…

Ён рвануўся туды, адкуль ішоў дух — уздоўж разрытай вуліцы: гародамі ля знесеных платоў. Цягнучы носам пыл, ён прабег аж да магазіна. Ля магазіна было цішэй. Зямля з вуліцы тут была скапана, зеўрала толькі неглыбокая жоўтая лагчына, і ў яе адзін за адным зялёныя самазвалы ссыпалі шэры грудаваты пясок з дробным каменнем. Палівалі яго вадой і прыціскалі зверху цяжкім катком, як на дарозе пад свінакомплексам — Джукі такое ўжо бачыў.

Ён падбег да адной машыны, да другой. Густа запахла гаспадаром… Ён і да трэцяй падбег… Не мог злавіць толькі сваім сабачым розумам — чаму ўсе расступаюцца перад ім і даюць дарогу. Стаяць, апёршыся на рыдлёўкі, пазрывалі з твараў белыя павязкі…

Джукі хацеў падбегчы і да чацвёртай машыны: яе ён заўважыў толькі цяпер… Яна стаяла воддаль, ля самых дзвярэй магазіна. І тут Джукі раптам згубіў пах гаспадара і пацягнуў глыбока носам… Ён не згледзеў здалёку, што было ў кузаве чацвёртай машыны — самазвала, старога, зношанага, пагнутага, заляпанага белай вапнай, але сваім сабачым нюхам пачуў учарашні горкі і праціўны пах кіслай псіны — львінага клубка з логу… Ён тузануўся адразу назад, нібы яго рванулі за хвост, акруціўся ў адзін міг і ўбачыў, што стаіць адзін на чыстай шырокай пясчанай лапіне, а яго акружаюць з усіх бакоў людзі… Яны яго адумысла пускалі ад машыны да машыны, не праганялі — заманьвалі… Іх многа, і стаяць яны шчыльна — адзін ля аднаго. Ён чхаў на іхні зман, не ў такіх пераплётах бываў… Хоць і баліць рана на жываце, ён скочыць на таго, нізенькага, што стаіць з лапатай у руках і выціраецца ад поту. Нагамі ў грудзі — і лаві яго за хвост… Толькі яму раптам зрабілася горка-горка — дзе ж гаспадар?

Скочыць яму не даў стрэл — грымнуў якраз адтуль, куды ён хацеў сігануць — з-за недалугага чалавека з рыдлёўкай. Куля свіснула ля вуха і шлёпнулася пад ім, пад заднімі нагамі, узняўшы пыл. Стрэл быў ядраны, густы — з ружжа. Джукі чуў не раз такія стрэлы. Іх лавіла вуха і сёння раніцай. Лавіла і прапускала міма. Страляюць — хай страляюць… Джукі памыліўся… Ён ведаў, як адстрэльваюць сабак. Летась па ім стралялі на шашы. Толькі ён шмыгнуў у бульбеўнік і лёг на зямлю. Пабегла шашой сучка Ванда, якая была з ім. Пачуўся стрэл, і яна, падскочыўшы, лягла і закруцілася на асфальце… Пасля заціхла, і яе драцяной пятлёй закінулі ў крыты металічны фургон…

Джукі ўсё адно б скочыў на таго недалугага з рыдлёўкай у руках, але ён раптам згледзеў міліцыянера: той, паявіўшыся ў недалугага з-за плячэй, ішоў проста на яго, наставіўшы ружжо. Джукі крутануўся да машын, што стаялі на дарозе — і там расставіў ногі міліцыянер з ружжом… Тады Джукі тузануўся да магазіна, дзе стаяў самазвал, ад якога несла кіслай псінай… Ля магазіна — вароты… Плот… Джукі ведаў тут усе падваротні…

Але і ля старога самазвала стаяў чалавек у клятчатай рубашцы з закасанымі рукавамі, з белай шапачкай на галаве і з ружжом у руках…

Джукі забегаў па пясчанай лапіне і закруціў хвастом. Пасля стаў рабіць вялікія кругі, шукаючы падваротні, куды можна было б шмыгнуць. Але падваротня ля магазіна была застаўлена скрынкамі. За старым самазвалам бялела доўгая магазінная сцяна з цэглы. Можна было рвануць толькі на вуліцу, але адтуль загарадзілі дарогу рабочыя і два міліцыянеры з ружжамі — вадзілі за ім доўгімі чорнымі стваламі. Ён не хацеў соваць нос пад ствалы. Не хацеў і бегчы: помніў, як пабегла летась сучка Ванда…

Ён кружыў узад-уперад, ціснучыся да людзей. Людзі пры людзях баяцца страляць сабак — баяцца параніць сябе.

Ён кружыў усё хутчэй і хутчэй, аж у вачах пайшлі кругі. Чорныя кругі, як дома дзверы ў будцы, тады кругі з беленькай тасьмы, якія, здавалася, лезуць яму на шыю і цягнуць у ваду на дно. Круг з беленькай тасьмы раптам сашмыкнуўся ў яго з галавы, і ён, маленькі яшчэ, толькі ўбачыў свет сваімі падслепаватымі вачамі, выплыў наверх, на ваду. Па вадзе ішлі кругі, і ён ніяк не мог тады вырвацца з іх, каб даплыць да берага ў мячэўнік…

Доўга кружыць ён цяпер не мог: упадзе ад знямогі на пясок і яго пасля стрэлу, узяўшы за ногі, ускінуць, як Ванду, у кузаў, адкуль пахне кіслай псінай…

Ён пачаў рабіць усё меншыя і меншыя кругі па пяску, ціснучыся да машыны пад магазін. Расчыненая кабіна з адвіслымі, заляпанымі вапнай дзверцамі пасоўвалася да яго ўсё бліжэй і бліжэй. Чуваць было ўжо, як з яе запахла мазутай і хлебам…

Вось грымне стрэл: міліцыянеры паднеслі да вачэй ружжы…

Джукі тады рвануўся ўперад, пакаціўшыся па пяску да самазвала, і… скочыў у кабіну… Пачуў пасля, як за ім грукнулі дзверцы, як стрэл з ружжа. Калі ён агледзеўся, убачыў, што ў кабіне ўжо сядзеў за рулём мужчына ў белай шапачцы і клятчатай рубашцы з закасанымі рукавамі і гаварыў — нешта добрае і лагоднае, як малады гаспадар.

Каб жа Джукі мог разумець, што ён гаворыць.

— Жыві, маць тваю так!.. — вылаяўся мужчына ў клятчатай рубашцы, выціраючыся ад поту. — Жыві, дарагі мой… Калі ты ўжо з такой крутаверці ад міліцыі вырваўся, то жыві — і… Тут ужо я сам не дам цябе застрэліць. Гэта ж падумаць… Ён да мяне ў кабіну. Ратавацца. І правільна зрабіў: жысь твая на валаску вісела. Правільна, брат, зрабіў… Жыві! Глянуў я на цябе, а ты з лапкі на лапку пераступаеш, вочы такія пакорлівыя, і такая ў іх туга, нібы гэта ты адзін вінаваты за ўсё тое, што мы натварылі. Нібы ты гэта сам нарабіў… Стаю, і рукі мае з ламачынай самі апусціліся. Не магу стрэліць, і ўсё… Аж пад грудзі падкаціла. Аж галаву маю павяло… Нагледзеўся я за дзень на вашага брата праз мушку… А ён што, ваш брат, вінаваты? Жыві, маць тваю барабан… Толькі ўбірайся з зоны к чортавай мацеры… Гэта табе я кажу. Вывезу на шашу пад свінакомплекс, і дуй на поўнач, на маю Віцебшчыну… — Джукі чуў, што яны едуць па нечым няроўным: гайдала машыну. — Я, брат, з Віцебшчыны. Пасля вайны мяне, малога, сюды судзьбіна занесла. Ідзі, брат, на поўнач. Дабірайся. Там, гавораць, чыста, няма гэтай заразы. Я разумных цаню. А ты — не дурны-ы… Да мяне ў кабіну… Гэта ж падумаць… Жыві, брат, калі ўдалося выкруціцца… Тако-о-е звалілася на нашы галовы… Ніхто і не чакаў. Вецер, брат, падзьмуў на нас з табой з Чарнобыля. Далёка тут да яго. Узыдзі на гару за Стралічава… Відаць, як над ім вісіць, рудая хмара. А ты не дурны-ы… Гэта ж падумаць… У кабіну. Каб расказаць — дык не павераць. І ўмудрыўся — не аблез. Яны ўсе, — кіўнуў ён галавой на аконца ззаду ў кабіне, — аблезлі, а ты — не. А ты ведаеш, якую дозу яны хапянулі? Не ведаеш. А я ведаю. Павер. Усім ім — капцы б усё роўна… А колькі б яны гэтай заразы яшчэ разнеслі б. Ды схавай ты свой дурны язык. Высалапіў аж на падлогу… Трэба было б цябе праверыць. Хаця, калі ты не аблез дагэтуль… Можа, і выжывеш. Я, брат, і сам ратуюся, як і ты. Ёд п'ю, а ў дабавак і белую і шэрую. Адным словам, не жысь, а кабернэ… А хто скажа, чым усё кончыцца. Такія дозы… І скаціна і сабакі… зашкальваюць. А ваш брат рухавы, на адным месцы не сядзіць — разносіць усё гэта. Вось і спусцілі на вас загад. Усіх да аднаго ў зоне… Падчыстую. Але цябе я… Жыві, брат, можа, і выжывеш. Што не сядзіцца? Скрабешся на сядзенне? Залазь. Ды схавай ты свой сабачы язык, апух ён у цябе, ці што? Глядзець не магу… Жыві, можа, і выжывеш… Што? Не верыш, што я гавару? Паглядзі ў аконца. Там такія, брат, як ты-ы… Адвязу ў лес за свінакомплекс і… Як парасят. Пад агонь… Ці пад бетон… Ім ужо адзін хрэн. Такі, брат, загад…

Матор страляў, як з ружжа.

У кабіне пахла гарам, бензінам, бядой і, здавалася, маладым гаспадаром.

Мужчына ў клятчатай рубашцы загаварыў зноў, ласкава, як, бывала, малады гаспадар, прыйшоўшы дамоў пасля работы і адчыняючы шафку, але машыну пачало кідаць з боку на бок па рытвінах, і Джукі пачуў, як зноў падступае блага. Яго пачало тузаць, ён стаў на заднія лапы і паскрэбваў кіпцюрамі па шкле ў дзверцах, просячыся на волю. Шкло шчыльна загараджвала свет. Ён тады ўскочыў на сядзенне і высунуў, як толькі мог, галаву ў задняе аконца, дзе было выбіта шкло.

Каб хоць дыхнуць…

У кузаве ляжалі львы. Голыя, з доўгімі грывамі ля шыі. Ён іх добра бачыў.

Зверху былі ўчарашнія — ён пазнаў, — усе, хто качаўся на лагу ў дзікім клубку: Малекула, Палкоўнік, Брынза, два Бімы, Чапа, Руды, Вермут і Вілія… Воддаль іх, ля задняга борта, — Маркіз і Мірон…

Джукі тады споўз з сядзення і завыў на ўсю кабіну…

Мужчына ў клятчатай рубашцы змоўк і затармазіў. Пасля перагнуўся і адчыніў ля яго, Джукі, дзверцы:

— Убірайся з вачэй к чортавай мацеры… Ідзі! Можа, і выжывеш. Не хачу на цябе глядзець, воўча лыка. Ідзі! І схавай свой дурацкі язык…

Джукі скочыў на асфальт.

Стары самазвал рвануў з месца і стаў падымацца шашой на гару.

У кузаве ляжалі львы.


1987

Загрузка...