Частка другая

Раздзел 19 Маргарыта


За мною, чытач! Хто сказаў табе, што няма на свеце сапраўднага, вечнага кахання? За гэта адрэжуць хлусу яго паганы язык!

За мною, мой чытач, i толькi за мною следам, i я пакажу табе такое каханне!

Не! Майстар памыляўся, калi горка гаварыў Iванку ў бальнiцы ў тую пару, як ноч перавалiла на другую палавiну, што яна забылася пра яго. Гэтага не магло быць. Яна, вядома, не забылася.

Найперш адкрыем таямнiцу, якую майстар не захацеў сказаць Iванку. Яго каханую звалi Маргарыта Мiкалаеўна. Усё, што майстар гаварыў пра яе беднаму паэту, была чыстая праўда. Ён апiсаў сваю каханую дакладна. Яна была прыгожая i разумная. Да гэтага трэба дадаць яшчэ адно - з упэўненасцю можна сказаць, што многiя жанчыны аддалi б усё, што хочаш, каб памяняць сваё жыццё на жыццё Маргарыты Мiкалаеўны. Бяздзетная трыццацiгадовая Маргарыта была жонкаю даволi вялiкага спецыялiста, якi нават зрабiў адкрыццё дзяржаўнае значнасцi. Муж яе быў малады, прыгожы, добры, чэсны i горача любiў сваю жонку. Маргарыта Мiкалаеўна, удваiх са сваiм мужам, займала ўвесь верх цудоўнага асабняка ў садзе ў адным з завулкаў на Арбаце. Цудоўная мясцiна! Кожны можа ў гэтым пераканацца, калi паглядзiць на гэты сад. Няхай спытаецца ў мяне, я скажу яму адрас, пакажу дарогу - асабняк цэлы яшчэ дасюль.

У Маргарыты Мiкалаеўны хапала грошай. Маргарыта Мiкалаеўна магла купiць усё, што ёй падабалася. Сярод знаёмых яе мужа траплялiся цiкавыя людзi. Маргарыта Мiкалаеўна нiколi не запальвала прымус. Маргарыта Мiкалаеўна нiколi не ведала, як гэта жыць у камунальнай кватэры. Адным словам... яна была шчаслiвая? Нi хвiлiны! З таго часу, як яна дзевятнаццацiгадовай выйшла замуж i трапiла ў асабняк, яна не зведала шчасця. Божа лiтасцiвы! Чаго яшчэ не хапала гэтай жанчыне?! Што патрэбна было ёй, у вачах у якое заўсёды гарэў нейкi незразумелы агеньчык, што патрэбна было ёй, гэтай вядзьмарцы, якая ўпрыгожыла ў тую вясну сябе мiмозаю? Не ведаю. Мне невядома. Мабыць, яна гаварыла шчыра, ёй патрэбен быў ён, майстар, а не гэты асабняк, не асобны сад i не грошы. Яна кахала яго, яна гаварыла праўду. Нават у мяне, чэснага расказчыка, але чалавека старонняга, сэрца балела з-за таго, што перажыла Маргарыта, калi прыйшла на наступны дзень у жытло майстра, на шчасце, не паспеўшы пагаварыць з мужам, якi ўпору не вярнуўся дадому, i даведалася, што майстра ўжо няма.

Яна зрабiла ўсё, каб даведацца хоць што-небудзь пра яго, i, вядома, нiчагусенькi не даведалася. Тады яна вярнулася ў асабняк i пачала жыць на ранейшым месцы.

- Але, але, але, гэта сама вялiкая памылка! - гаварыла Маргарыта зiмою перад печкаю, гледзячы на агонь. - Чаму я тады ноччу пайшла ад яго? Навошта? Гэта вар'яцтва! Я назаўтра вярнулася, чэсна, як i абяцала, але было ўжо позна. Так, я вярнулася, як i няшчасны Левiй Мацей, залiшне позна!

Словы гэтыя, вядома, былi бязглуздыя, таму што на самай справе: што змянiлася б, калi б яна ў тую ноч засталася ў майстра? Хiба яна выратавала б яго? Смешна! - усклiкнулi б мы, але мы гэтага не зробiм з-за жанчыны, якая даведзена да адчаю.

Гэтак пакутавала Маргарыта Мiкалаеўна ўсю зiму i дажыла да вясны. У той самы дзень, калi адбывалася розная недарэчная калатнеча, выклiканая з'яўленнем чорнага мага ў Маскве, у пятнiцу, калi быў прагнаны назад у Кiеў дзядзька Берлiёза, калi арыштавалi бухгалтара i адбылося яшчэ мноства недарэчных i незразумелых падзей, Маргарыта прачнулася амаль апоўднi ў сваёй спальнi.

Маргарыта не заплакала пасля сну, як гэта часта было, таму што прачнулася з прадчуваннем, што сёння, нарэшце, нешта здарыцца. Гэтае прадчуванне цешыла i сагравала душу, i яна баялася, каб яно не пакiнула яе.

- Я веру, - шаптала Маргарыта ўрачыста, - я веру! Нешта здарыцца! Не можа не здарыцца, бо за што тады, на самай справе, мне пакутаваць усё жыццё! Прызнаюся, што я хлусiла i жыла двайным жыццём, якога людзi не ведалi, але ўсё ж нельга за гэта караць гэтак бязлiтасна. Нешта абавязкова здарыцца, таму што не бывае так, каб што-небудзь працягвалася вечна. Акрамя таго, сон мой быў правiдчы, за гэта магу паручыцца.

Гэтак шаптала Маргарыта Мiкалаеўна, глядзела на пунсовыя шторы, якiя напаўнялiся сонцам, трывожна адзявалася, расчэсвале. перад трайным люстрам кароткiя завiтыя валасы.

Сон, якi саснiўся Маргарыце Мiкалаеўне гэтай ноччу, сапраўды быў незвычайны. Справа ў тым, што на працягу ўсiх сваiх зiмовых пакут яна нiколi не бачыла ў сне майстра. Ноччу ён пакiдаў яе, i пакутавала яна толькi ўдзень. А тут саснiўся.

Саснiлася невядомая Маргарыце мясцовасць - безнадзейная, панылая, пад пахмурым небам ранняе вясны. Прыснiлася касмыкаватае плывучае шэранькае неба, а пад iм маўклiвая чарада гракоў. Нейкi каструбаваты масток. Пад iм каламутная вясновая рэчачка, невясёлыя, бедныя, голыя дрэвы, адзiнокая асiна, а далей, памiж дрэў, за нейкiм агародам, - драўляная будынiнка, цi то асобная куханька, цi лазня, цi бог ведае што. Нежывое ўсё нейкае i гэтакае панылае, што хочацца павесiцца на той асiне пры мосцiку. Нi подыху ветрыку, нi руху аблачынак i нiводнае жывое душы. Во пякельная мясцiна для жывога чалавека!

I вось, уяўляеце, адчыняюцца дзверы гэтага драўлянага будыначка, i з'яўляецца ён. Усё даволi далёка, але вiдаць добра. Абарваны, але не разгледзiш, у што адзеты. Валасы ўскудлачаныя, няголены. Вочы хворыя, устрывожаныя. Махае ён рукой, клiча. Маргарыта пабегла, пабегла па купiнах да яго, захлёбваючыся ў мёртвым паветры, i ў гэты час прачнулася.

"Гэты сон можа абазначаць толькi адно з двух, - разважала сама з сабою Маргарыта Мiкалаеўна, - калi ён мёртвы i паклiкаў мяне, то i я хутка памру. Гэта вельмi добра, таму што прыйдзе тады канец i пакутам. Калi ён жывы, то сон можа абазначаць, што ён нагадвае пра сябе! Ён хоча сказаць, што хутка мы спаткаемся. Так, мы спаткаемся вельмi хутка".

Уся ўзбуджаная, Маргарыта адзелася i пачала пераконваць сябе, што на самай справе ўсё атрымлiваецца даволi ўдала, а гэтакiя моманты трэба ўмець лавiць i выкарыстоўваць iх. Муж паехаў у камандзiроўку на цэлыя тры днi. На працягу трох сутак яна вольная, нiхто не перашкодзiць ёй думаць пра што захочацца, марыць пра тое, што ёй падабаецца. Усе пяць пакояў на верхнiм паверсе ў асабняку, уся гэтая кватэра, якой у Маскве пазайздросцiлi б дзесяткi тысяч людзей, у поўным яе распараджэннi.

Аднак вольная на цэлыя тры днi, з усяе гэтае раскошнае кватэры Маргарыта выбрала не сама лепшае месца. Выпiла гарбаты i пайшла ў цёмны, без вокнаў, пакойчык, дзе захоўвалiся чамаданы i розная старызна ў дзвюх вялiзных шафах. Яна прысела, адчынiла нiжнюю шуфляду першай i з-пад шаўковых абрэзкаў дастала тую адзiную каштоўнасць, што была ў яе ў жыццi. У Маргарыцiных руках апынуўся стары альбом з карычневае скуры, у якiм была фотакартка майстра, ашчадная кнiжка з дзесяцiтысячным укладам на яе iмя, засохлыя памiж аркушамi папяроснае паперы ружовыя пялёсткi i частка сшытка ў поўны аркуш з друкаваным на машынцы тэкстам i абгарэлым нiжнiм краем.

Маргарыта Мiкалаеўна вярнулася з усiм гэтым багаццем у сваю спальню, паставiла на трумо фотаздымак i прасядзела амаль гадзiну, трымаючы на каленях пакалечаны агнём сшытак, перагортвала i перачытвала тое, у чым пасля спальвання не было нi пачатку нi канца: "...цемра, якая насунулася з Мiжземнага мора, накрыла ненавiсны пракуратару горад. Знiклi вiсячыя масты, якiя злучалi храм са страшнаю Антонiевай вежаю, абрынулася з неба прорва i залiла крылатых багоў над гiпадромам, Хасманейскi палац з байнiцамi, базары, караван-сараi, завулкi, сажалкi... Знiк Ершалаiм - вялiкi горад, быццам i не iснаваў на свеце..."

Маргарыце хацелася чытаць далей, але далей нiчога не было, акрамя няроўна абгарэлага вугальнага карунку.

Маргарыта Мiкалаеўна выцерла слёзы, паклала сшытак, абаперлася на падлюстравы столiк i доўга сядзела, не адводзячы вачэй ад фотаздымка, адлюстроўвалася ў люстры. Потым слёзы высахлi. Маргарыта акуратна склала свае пажыткi, i праз некалькi хвiлiн яны былi схаваны пад шаўковымi анучкамi; са звонам у цёмным пакоi замкнуўся замок.

Маргарыта Мiкалаеўна ў пярэднiм пакоi апранула палiто, каб пайсцi на прагулку. Прыгажуня Наташа, яе хатняя работнiца, спыталася, што прыгатаваць на другое, пачула ў адказ, што гэта не мае значэння, каб сумна не было, пачала размову з гаспадыняй i пачала расказваць бог ведае пра што, быццам бы ўчора ў тэатры фокуснiк гэтакiя фокусы паказваў, што ўсе толькi ахнулi, усiм выдавалi па два флаконы замежных духоў i панчохi бясплатна, а потым, пасля таго як сеанс скончыўся i публiка выйшла на вулiцу, усе аказалiся голыя! Маргарыта Мiкалаеўна ажно ўпала на крэсла ад смеху перад люстрам у пярэднiм пакоi.

- Наташа, ну як вам не сорамна, - гаварыла Маргарыта Мiкалаеўна, - вы адукаваная, разумная дзяўчына; у чэргах хлусяць немаведама што, а вы паўтараеце!

Наташа зачырванелася i горача запярэчыла, што нiчога не хлусiць i што яна сёння ў гастраноме на Арбаце бачыла адну грамадзянку, якая прыйшла ў гастраном у туфлях, а як пачала разлiчвацца, туфлi знiклi з ног, i яна засталася ў адных панчохах! Вочы вытрашчаныя! На пятцы дзiрка. А туфлi тыя зачараваныя, з таго самага сеанса.

- Гэтак i пайшла?

- Гэтак i пайшла! - усклiквала Наташа i ўсё болей чырванела з-за таго, што ёй не вераць. - Ды ўчора, Маргарыта Мiкалаеўна, мiлiцыя чалавек сто забрала ноччу. Грамадзяне з гэтага сеанса беглi па Цвярской у адных панталонах.

- Ну, вядома, гэта Дар'iны расказы, - гаварыла Маргарыта Мiкалаеўна, - я даўно прыкмячала, што яна вялiкая хлусiха.

Смешная размова закончылася прыемным сюрпрызам для Наташы. Маргарыта Мiкалаеўна схадзiла ў спальню i вярнулася адтуль з парай панчохаў i флаконам адэкалону. Яна сказала Наташы, што таксама хоча паказаць фокус, падарыла ёй панчохi i адэкалон i сказала, што просiць яе толькi пра адно - не хадзiць у адных панчохах па Цвярской i не слухаць Дар'ю. Гаспадыня i домработнiца пацалавалiся i развiталiся.

Маргарыта Мiкалаеўна ехала па Арбаце, адкiнуўшыся да мяккае зручнае спiнкi ў тралейбусе, i то думала пра сваё, то прыслухоўвалася да таго, пра што шапталiся двое грамадзян наперадзе.

Тыя зрэдку насцярожана азiралiся, цi не чуе хто, шапталiся пра нейкае глупства. Мясiсты здаравяк з мiтуслiвымi свiнымi вочкамi, якi сядзеў ля акна, цiха гаварыў маленькаму свайму суседу пра тое, што давялося накрыць труну чорным пакрывалам...

- Ды быць не можа, - уражана шаптаў маленькi, - гэта нешта нечуванае... А што зрабiў Жалдыбiн?

Сярод роўнага тралейбуснага гуду чулiся словы ад акна:

- Крымiнальны вышук... скандал... ну, адным словам, мiстыка!

З гэтых кавалкаў Маргарыта Мiкалаеўна склала нешта болей-меней лагiчнае. Грамадзяне шапталiся, што ў нейкага нябожчыка, а ў каго - яны не называлi, сёння ранiцай з труны ўкралi галаву! Вось таму Жалдыбiн гэтак i хвалюецца цяпер. Абодва гэтыя, што шэпчуцца пра нябожчыка, таксама маюць нейкае дачыненне да абакрадзенага.

- Цi ўспеем па кветкi заехаць? - турбаваўся маленькi. - Крэмацыя, гаворыш, у дзве гадзiны?

Нарэшце Маргарыце Мiкалаеўне надакучыла слухаць гэтую таямнiчую балбатню пра ўкрадзеную з труны галаву, яна ўзрадавалася, што трэба выходзiць.

Праз некалькi хвiлiн Маргарыта Мiкалаеўна ўжо сядзела пад Крамлёўскаю сцяною на адной з лавачак гэтак, каб быў бачны манеж.

Маргарыта прыплюшчвалася ад яркага сонца, успамiнала свой сённяшнi сон, успамiнала, як роўна год назад, дзень у дзень i ў адну i тую гадзiну, на гэтай самай лаўцы яна сядзела побач з iм. I якраз гэтак чорная сумачка ляжала побач з ёй на лаўцы. Яго не было сёння побач, але ў думках Маргарыта Мiкалаеўна размаўляла з iм: "Калi цябе выслалi, то чаму не прысылаеш вестачку? Людзi ж неяк перадаюць. Ты разлюбiў мяне? Не, я чамусьцi ў гэта не веру. Значыць, цябе выслалi, i ты памёр... Тады прашу цябе, адпусцi мяне, дай мне, нарэшце, жыць, дыхаць паветрам". Маргарыта Мiкалаеўна сама адказвала сабе за яго: "Ты вольная... Хiба я трымаю цябе?" Потым пярэчыла яму: "Не, гэта не адказ! Не, ты пакiнь маю памяць, тады я зраблюся вольнаю".

Людзi iшлi паўз Маргарыту Мiкалаеўну. Нейкi мужчына кiнуў позiрк на прыгожа апранутую жанчыну, захоплены яе прыгажосцю i адзiнотаю. Ён кашлянуў, прысеў на краёк лаўкi, на якой сядзела Маргарыта Мiкалаеўна. Нарэшце адважыўся i загаварыў:

- А сёння i сапраўды цудоўнае надвор'е...

Але Маргарыта гэтак цяжка паглядзела на яго, што ён устаў i пайшоў.

"Вось i прыклад, - у думках гаварыла Маргарыта таму, хто валодаў ёю, чаму я прагнала гэтага мужчыну? Мне сумна, а гэты гуляка нядрэнны, хiба што яго пустая гаворка пра надвор'е? Чаму я сяджу, як сава, адна пад сцяною? Чаму я выключана з жыцця?"

Яна зусiм зажурылася i звяла. Але раптам тая самая ранiшняя хваля чакання i ўзбуджанасцi скаланулася ў грудзях. "Сапраўды здарыцца!" Хваля ўдарыла другi раз, i тут яна зразумела, што хваля гэтая гукавая. Скрозь гарадскi шум усё выразней чулiся ўдары барабана i гук крыху фальшывых труб, якiя наблiжалiся.

Першым паказаўся конны мiлiцыянер, якi ехаў паўз рашотку сада, а за iм тры пешыя. Потым паволi поўз грузавiк з музыкантамi. За iмi - адкрытая новенькая пахавальная машына, якая павольна рухалася, на ёй уся ў вянках труна, а па кутах пляцоўкi - чатыры чалавекi стойма: тры мужчыны i адна жанчына. Нават здалёку Маргарыта разгледзела, што твары ў тых, хто стаяў у пахавальнай машыне i праводзiў нябожчыка ў апошнюю дарогу, нейкiя дзiўна разгубленыя. Асаблiва заўважна было гэта па грамадзянцы, якая стаяла ў левым заднiм куце. Тоўстыя шчокi гэтае грамадзянкi быццам знутры распiрала нейкая пiкантная таямнiца, у заплылых вачах блукалi двухсэнсоўныя агеньчыкi. Здавалася, яшчэ крыху, i грамадзянка не вытрымае, падмiргне нябожчыку i скажа: "Нiколi такога не было! Проста мiстыка!" Гэтакiя ж разгубленыя твары былi i ў тых, хто праводзiў пешкi, iх прыкладна чалавек трыста паволi iшло следам за пахавальнаю машынаю.

Маргарыта правяла вачыма шэсце, прыслухалася да таго, як зацiхае панылы турэцкi барабан, якi паўтараў адно i тое ж самае - "бумс, бумс, бумс", i думала: "Якое незвычайнае пахаванне... I якая нуда ад гэтага "бумса". Дальбог, чорту б душу прадала, каб толькi даведацца, цi жывы ён! Цiкава, каго гэта хаваюць з гэтакiмi збянтэжанымi тварамi?"

- Берлiёза Мiхаiла Аляксандравiча, - пачуўся побач крыху гугнявы мужчынскi голас, - старшыню МАССАЛIТа.

Здзiўленая Маргарыта Мiкалаеўна завярнулася i ўбачыла на сваёй лаўцы грамадзянiна, якi, мабыць, нячутна прысеў у той час, калi Маргарыта загледзелася на працэсiю i, бадай, у разгубленасцi сваё пытанне вымавiла гучна.

Працэсiя тым часам пачала прыпыняцца, мабыць, затрыманая наперадзе святлафорамi.

- Сапраўды, - працягваў незнаёмы, - незвычайны ў iх настрой. Вязуць нябожчыка, а думаюць толькi пра тое, дзе дзелася яго галава!

- Якая галава? - спыталася Маргарыта i прыгледзелася да неспадзяванага суседа. Ён аказаўся маленькi ростам, вогненна-рыжы, з iклом, у крухмальнай бялiзне, у паласатым дарагiм гарнiтуры, у лакавых туфлях i з капелюшом на галаве. Гальштук яркi. Дзiўнае было яшчэ тое, што з кiшэнькi, у якой мужчыны звычайна носяць насоўкi альбо самапiскi, у гэтага грамадзянiна тырчала абгрызеная курыная костачка.

- Ага, будзьце ласкавы ведаць, - растлумачыў рыжы, - сёння ранiцай у грыбаедаўскай зале галаву ў нябожчыка ўкралi з труны.

- Як гэта можа быць? - мiжволi спыталася Маргарыта i адразу ўспомнiла шэпт у тралейбусе.

- А чорт яго ведае! - нахабна адказаў рыжы. - Я думаю, што пра гэта трэба было б у Бегемота спытацца! Надта лоўка свiснулi. Гэтакi скандал! I галоўнае, незразумела, каму i нашто яна патрэбна, гэтая галава!

Як не была занята сваiм Маргарыта Мiкалаеўна, яе ўсё ж уразiла дзiўная хлусня невядомага грамадзянiна.

- Выбачайце, - раптам усклiкнула яна, - якога Берлiёза? Гэтага, што ў газетах сёння...

- Ага, ага...

- Дык гэта, выходзiць, лiтаратары за труною iдуць? - спыталася Маргарыта i на паўслове замоўкла.

- Ну вядома ж, яны!

- А вы iх ведаеце?

- Усiх да аднаго, - адказаў рыжы.

- Скажыце, - загаварыла Маргарыта, i голас яе зрабiўся глухiм, - а сярод iх ёсць крытык Латунскi?

- А як жа, - адказаў рыжы, - вось ён крайнi, у чацвёртым радзе.

- Гэты бландзiн? - прымружылася Маргарыта.

- Попельнага колеру... Бачыце, глядзiць у неба.

- На папа падобны?

- Во-во!

Больш Маргарыта нi пра што не пыталася, прыглядалася да Латунскага.

- А вы, я бачу, ненавiдзiце гэтага Латунскага, - усмешлiва загаварыў рыжы.

- Я яшчэ сяго-таго ненавiжу, -праз зубы адказала Маргарыта, - але гэта нецiкавая гаворка.

Працэсiя ў гэты час рушыла далей, за людзьмi паплылi большасцю пустыя аўтамабiлi.

- Сапраўды, што ў гэтым цiкавага, Маргарыта Мiкалаеўна!

Маргарыта здзiвiлася.

- Вы ведаеце, хто я?

Замест гэтага рыжы зняў капялюш i ўзяў яго ў руку.

- Ну добра, мяне завуць Азазела, але вам гэта нiчога не гаворыць.

- А вы не скажаце мне, як i адкуль вы даведалiся пра лiсткi i пра мае думкi?

- Не скажу, - суха адказаў Азазела.

- А вы ведаеце хоць што-небудзь пра яго? - з мальбою зашаптала Маргарыта.

- Ну, няхай будзе ведаю.

- Малю вас: скажыце толькi адно - ён жывы? Не мучце мяне.

- Ну, жывы, жывы, - неахвотна адазваўся Азазела.

- Божачка!

- Калi ласка, не хвалюйцеся i не крычыце, - пахмура сказаў Азазела.

- Даруйце, даруйце, - мармытала пакорлiвая Маргарыта, - я, вядома, раззлавалася на вас. Але, пагадзiцеся, калi на вулiцы запрашаюць жанчыну некуды ў госцi... Я не старамодная, запэўнiваю вас, - Маргарыта нявесела ўсмiхнулася, - але я нiколi не сустракалася з чужаземцамi, i сустракацца ў мяне з iмi няма нiякае ахвоты... i, акрамя таго, мой муж... Мая драма ў тым, што я жыву з тым, каго не кахаю, але псаваць яму жыццё не хачу. Ад яго я нiчога не мела, акрамя дабра...

Азазела з паказным сумам слухаў гэтае блытанае мармытанне i сурова сказаў:

- Прашу вас, памаўчыце хвiлiнку.

Маргарыта пакорлiва замоўкла.

- Я запрашаю вас да чужаземца зусiм бяспечнага. I нiводная душа не будзе ведаць пра гэтае наведванне. Вось за гэта я магу паручыцца.

- А навошта я яму? - лiслiва спыталася Маргарыта.

- Пра гэта вы даведаецеся пазней.

- Разумею... Я павiнна буду аддацца яму, - сказала Маргарыта задумлiва.

У адказ на гэта Азазела пагардлiва хмыкнуў i адказаў:

- Любая жанчына ў свеце, магу запэўнiць вас, толькi i марыла б пра гэта, твар Азазелы скрывiўся ад смяшку, - але я расчарую вас, гэтага не будзе.

- I што гэта за чужаземец такi? - разгублена ўсклiкнула Маргарыта гэтак моцна, што на яе азiрнулiся мiнакi. - I што за iнтарэс мне iсцi да яго?

Азазела нахiлiўся да яе i шматзначна шапнуў:

- Ну, iнтарэс, скажам, вялiкi... Вы скарыстаеце выпадак...

- Што? - усклiкнула Маргарыта, i вочы ў яе зрабiлiся круглыя. - Калi я вас правiльна зразумела, вы намякаеце на тое, што я магу даведацца пра яго?

Азазела моўчкi кiўнуў галавой.

- Еду! - цвёрда ўсклiкнула Маргарыта i ўхапiла Азазелу за руку. - Еду куды хочаце!

Азазела з палёгкаю аддыхаўся, адкiнуўся да спiнкi, закрыў плячыма выразанае вялiкiмi лiтарамi "Нюра" i загаварыў iранiчна:

- Цяжкi народ гэтыя жанчыны! - ён усунуў рукi ў кiшэнi i далёка наперад выцягнуў ногi. - Нашто, напрыклад, мяне паслалi? Няхай бы Бегемот хадзiў, ён прыгожы, абаяльны...

Маргарыта загаварыла, кiсла i па-жабрачы ўсмiхаючыся:

- Досыць вам мучыць мяне мiстыфiкацыямi i загадкамi... Я чалавек i так няшчасны, а вы выкарыстоўваеце гэта. Улажу я ў нейкую дзiўную гiсторыю, але, клянуся, толькi таму, што вы спакусiлi мяне словамi пра яго! У мяне галава кругам iдзе ад усiх гэтых бед...

- Не драматызуйце, не драматызуйце, - адазваўся Азазела i скрывiў морду, мяне таксама зразумець трэба. Даць па мордзе адмiнiстратару, выгнаць дзядзьку з дома, альбо падстрэлiць каго-небудзь, цi яшчэ якую дробязь зрабiць, гэта мая непасрэдная спецыяльнасць, але размаўляць з закаханымi жанчынамi - злiтуйцеся. Я ўжо вас паўгадзiны ўломлiваю. Дык едзеце?

- Еду, - проста адказала Маргарыта Мiкалаеўна.

- Тады, калi ласка, трымайце, - Азазела дастаў з кiшэнi круглую залатую каробачку, падаў яе Маргарыце i сказаў: - Ды схавайце, а то мiнакi глядзяць. Яна вам спатрэбiцца, Маргарыта Мiкалаеўна. Вы вельмi пастарэлi ад гора за апошнiя паўгода. (Маргарыта ўспыхнула, але нiчога не сказала, а Азазела працягваў.) Сёння вечарам, роўна а палове дзесятай, майце ласку, раздзеўшыся дагала, нацерцi гэтай маззю твар i ўсё цела. Далей можаце рабiць што хочаце, але не адыходзьце ад тэлефона. У дзесяць я пазваню вам i скажу пра ўсё, што трэба. Вы не будзеце мець нiякага клопату, вас прывязуць куды патрэбна, i вам нiчога не зробяць благога. Зразумела?

Маргарыта памаўчала i сказала:

- Зразумела. Гэтая рэч з чыстага золата, адчуваецца на вагу. Ну што ж, я цудоўна разумею, што мяне купляюць i ўкручваюць у нейкую непрыстойную гiсторыю, за гэта я дорага заплачу.

- Ну, ды што ж гэта такое? Вы зноў за сваё? - амаль зашыпеў Азазела.

- Не, пачакайце!

- Аддайце назад памаду.

Маргарыта мацней сцiснула ў руцэ каробачку i працягвала:

- Не, пачакайце... Я ведаю, на што згаджаюся. Але згаджаюся з-за яго, таму болей спадзявацца няма на што ва ўсiм белым свеце. Але я хачу сказаць вам, што калi загубiце мяне, вам будзе сорамна! Сорамна! Я гiну з-за кахання! Маргарыта ўдарыла сябе ў сэрца i падняла вочы на сонца.

- Аддайце назад, - злосна шыпеў Азазела, - аддайце назад, i на д'ябла мне ўсё гэта. Няхай пасылаюць Бегемота.

- Э, не! - працягвала Маргарыта, мiнакi здзiўлена азiралiся на яе. - Я згодная на ўсё, згодная на гэту камедыю з намазваннем, згодная да чорта на рогi. Не аддам!

- Во! - раптоўна зароў Азазела, вытрашчыўся на садовую рашотку i паказаў пальцам.

Маргарыта павярнулася туды, куды паказваў Азазела, але нiчога там не заўважыла. Тады яна адвярнулася назад да Азазелы, каб растлумачыў сваё недарэчнае "Во!", але тлумачыць не было каму: таямнiчы субяседнiк Маргарыты Мiкалаеўны знiк. Маргарыта хуценька сунула руку ў сумачку, куды схавала каробачку, i пераканалася, што яна там. Тады Маргарыта Мiкалаеўна бяздумна пабегла прэч з Аляксандраўскага саду.


Раздзел 20 Крэм Азазелы


Поўня ў вячэрнiм чыстым небе вiсела, бачная скрозь кляновае голле. Лiпы i акацыi размалёўвалi зямлю стракатым плямiстым карункам. Акно было адчынена, завешана фiранкай, але свяцiлася шалёным электрычным святлом. У спальнi ў Маргарыты Мiкалаеўны гарэлi ўсе свяцiльнiкi i асвятлялi поўны рэзрух. На ложку на коўдры ляжалi сарочкi, панчохi, бялiзна, пакамечаная бялiзна валялася на падлозе побач з растаптаным у мiтуснi папяросным карабком. Туфлi стаялi на начным столiку, побач з недапiтым кубачкам кавы i попельнiцай, у якой дымiўся недакурак, на спiнцы крэсла вiсела чорная вячэрняя сукенка. У пакоi пахла духамi, акрамя гэтага, патыхала аднекуль нагрэтым прасам.

Маргарыта Мiкалаеўна сядзела перад трумо ў адным купальным халаце, ускiнутым на голае цела, у замшавых чорных туфлях. Залатая бранзалетка з гадзiннiкам ляжала перад Маргарытай Мiкалаеўнай, побач з каробачкаю, якую яна атрымала ад Азазелы, i Маргарыта не адводзiла вачэй ад цыферблата. Часам ёй пачынала мроiцца, што гадзiннiк зламаўся i стрэлкi спынiлiся. Але яны рухалiся, хаця i павольна, быццам прыклейвалiся, i нарэшце доўгая стрэлка легла на дваццаць дзевятую хвiлiну. Маргарыцiна сэрца моцна грукнула, гэтак, што яна не магла адразу ўзяцца за каробачку. Саўладала з сабою, адчынiла i ўбачыла ў каробачцы тлусты жаўтлявы крэм. Ёй здалося, што запахла балотнаю тванню. Кончыкам пальца Маргарыта паклала невялiкi мазок крэма на далоню, i адразу яшчэ мацней запахла балотнымi травамi i лесам, потым далонямi пачала расцiраць крэм па лбе, па шчоках. Крэм лёгка мазаўся i, як здалося Маргарыце, адразу i выпараўся. Пасля некалькiх расцiранняў Маргарыта зiрнула ў люстра i ўпусцiла каробачку проста на шкло гадзiннiка, i тое адразу пакрылася трэшчынамi. Маргарыта заплюшчыла вочы, потым зiрнула яшчэ раз i гучна засмяялася.

Вышчыпаныя па краях у нiтачку пiнцэтам бровы пагусцелi i чорнымi роўнымi дугамi леглi над зазелянелымi вачыма. Тонкая вертыкальная маршчынка над пераноссем, якая з'явiлася тады, у кастрычнiку, калi не стала майстра, знiкла бясследна. Знiклi i жоўтыя ценi ля скроняў, i дзве ледзь прыкметныя сетачкi маршчынак ля воч. Скура на шчоках налiлася роўным ружовым колерам, лоб зрабiўся белы i чысты, а завiўка рассыпалася. На трыццацiгадовую Маргарыту з люстра глядзела ад прыроды кучаравая чорнавалосая жанчына гадоў дваццацi, нястрымна рагатала, скалiла зубы.

Нарагатаўшыся, Маргарыта выскачыла з халата, адным махам зачарпнула лёгкi тлусты крэм i пругкiмi мазкамi пачала расцiраць яго па ўсiм целе. Яно адразу паружавела i загарэлася. Потым iмгненна, быццам з мазгоў выцягнулi iголку, сцiхла боль у скронi, якая не пакiдала ўвесь вечар пасля спаткання ў Аляксандраўскiм садзе, мускулы рук i ног памацнелi, а потым усё Маргарыцiна цела стала бязважкiм.

Яна падскочыла i павiсла ў паветры невысока над дываном, потым яе паволi пацягнула ўнiз i яна апусцiлася.

- Вось дык крэм! Вось дык крэм! - закрычала Маргарыта i кiнулася на крэсла.

Расцiранне змянiла яе не толькi знешне. Цяпер ва ўсёй ёй, у кожнай частачцы цела ўскiпала радасць, якую яна адчувала, як паветраныя бурбалачкi, якiя паколваюць па ўсiм целе. Маргарыта адчула сябе вольнай, вольнай ад усяго. Акрамя гэтага, яна даволi выразна зразумела, што здарылася якраз тое, пра што яшчэ зранку гаварыла прадчуванне, i што яна пакiдае гэты асабняк i гэтае жыццё назаўсёды. Але ад былога жыцця ўсё ж адкалолася адна думка пра тое, што трэба споўнiць адзiн апошнi абавязак перад пачаткам чагосьцi новага, незвычайнага, якое iмкнула ўгору, у паветра. I яна, голая, са спальнi перабегла ў мужаў кабiнет, запалiла святло, кiнулася да пiсьмовага стала. На вырваным з блакнота аркушы яна хутка, буйна i без памылак напiсала запiску: "Даруй мне i як мага хутчэй забудзь. Я пакiдаю цябе навек. Не шукай мяне, гэта будзе марна. Я стала ведзьмаю ад гора i бед, якiя абрынулiся на мяне. Мне час. Бывай. Маргарыта".

Са спакойнай душой Маргарыта прыляцела ў спальню, следам за ёй туды ўбегла i Наташа, нагружаная рэчамi. I адразу ўсе гэтыя рэчы - драўляныя плечыкi з сукенкамi, карункавыя хусцiнкi, сiнiя шаўковыя туфлi на распялках i паясок, усё гэта пасыпалася на падлогу, i Наташа ўспляснула рукамi.

- Што, прыгожая? - моцна крыкнула ахрыплым голасам Маргарыта.

- Як гэта? - шаптала Наташа i адступалася назад. - Як вы гэта робiце, Маргарыта Мiкалаеўна?

- Гэта крэм! Крэм, крэм, - адказала Маргарыта, паказала на залатую каробачку i павярнулася перад люстрам.

Наташа забылася пра пакамечаныя сукенкi на падлозе, падбегла да трумо, прагнымi вачыма вытрашчылася на астаткi крэму. Вусны яе нешта шапталi. Яна зноў завярнулася да Маргарыты Мiкалаеўны i прамовiла з нейкiм утрапеннем:

- Скура! Скура, га? Маргарыта Мiкалаеўна, ваша скура ажно свецiцца. - Тут яна апамяталася, падбегла да адзення i пачала абтрэсваць яго.

- Кiньце! Кiньце! - крычала ёй Маргарыта. - На чорта яно, усё кiньце! Хаця не, бярыце яго сабе на памяць. Кажу, на памяць бярыце! Усё забiрайце, што тут ёсць!

Наташа аслупянела, глядзела на Маргарыту, потым павiсла ў яе на шыi, цалавала i крычала:

- Атласная! Свецiцца! Атласная! А бровы, бровы якiя!

- Бярыце ўсе анучы, бярыце духi i цягнiце да сябе ў куфэрак, хавайце, крычала Маргарыта, - але каштоўнасцей не бярыце, а то абвiнавацяць у кражы.

Наташа згрэбла ў клунак усё, што ёй трапляла пад руку - сукенкi, туфлi, панчохi, бялiзну, i вылецела прэч са спальнi.

У гэты час, аднекуль з другога боку завулка, з адчыненага акна вырваўся i паляцеў грамавы вiртуозны вальс, i пачулася пыхканне машыны, якая пад'ехала да варот.

- Хутка пазвонiць Азазела! - усклiкнула Маргарыта, слухаючы вальс з завулка. - Ён пазвонiць! Ён пазвонiць! А чужаземец не шкодны. Цяпер я разумею, што ад яго не будзе шкоды!

Машына зашумела, ад'ехала ад варот. Грукнулi варотцы, па плiтках на сцяжынцы пачулiся крокi.

"Гэта Мiкалай Iванавiч, па хадзе пазнаю, - падумала Маргарыта, - трэба зрабiць нешта на развiтанне смешнае i забаўнае".

Маргарыта махнула штору ўбок i села на падаконнiк бокам, абхапiла каленi рукамi. Месячнае святло лiзнула яе з правага боку. Маргарыта паглядзела ўгору на поўню i зрабiла твар задуменным i паэтычным. Крокi шухнулi яшчэ два разы i раптоўна зацiхлi. Маргарыта яшчэ палюбавалася на поўню, дзеля прылiку ўздыхнула, павярнула голаў у сад i сапраўды ўбачыла Мiкалая Iванавiча, якi жыў на першым паверсе ў гэтым самым асабняку. Поўня залiвала Мiкалая Iванавiча святлом. Ён сядзеў на лаўцы, i зразумела было, што апусцiўся на яе ён мiжволi. Пенснэ ў яго на твары неяк перакасiлася, а партфель ён сцiскаў у руцэ.

- А, добры вечар, Мiкалай Iванавiч, - з сумам у голасе сказала Маргарыта, - добры вечар! Вы з паседжання?

Мiкалай Iванавiч нiчога не адказаў.

- А я, - працягвала Маргарыта i ўсё больш высоўвалася з акна, - сяджу адна, бачыце, сумую, гляджу на поўню i слухаю вальс.

Левай рукой Маргарыта правяла па скронi, паправiла пасмачку валасоў, потым сказала сярдзiта:

- Ну, гэта няветлiва, Мiкалай Iванавiч! Усё ж я жанчына! Гэта хамства - не адказваць, калi з вамi гавораць!

Мiкалай Iванавiч, на якiм пры месячным святле вiдаць быў кожны гузiчак на шэрай камiзэльцы, кожны валасок у светлай бародцы клiнком, раптам усмiхнуўся дзiкаю ўсмешкаю, падхапiўся з лаўкi i, вiдаць, ад збянтэжанасцi, замест таго, каб зняць капялюш, махнуў партфелем убок i прысеў, нiбы збiраўся танцаваць упрысядку.

- Вой, якi вы зануда, Мiкалай Iванавiч, - працягвала Маргарыта, - наогул, вы ўсе мне гэтак абрыдзелi, што i сказаць немагчыма, i я такая шчаслiвая, што пакiдаю вас! Пайшлi вы к д'яблу!

У гэты час за плячыма ў Маргарыты грымнуў тэлефон. Маргарыта сарвалася з падаконнiка, забылася пра Мiкалая Iванавiча, схапiла слухаўку.

- Гаворыць Азазела, - сказалi ў слухаўцы.

- Мiлы, мiлы Азазела! - усклiкнула Маргарыта.

- Пара! Вылятайце, - загаварыў Азазела, i па яго голасе адчувалася, што яму прыемны шчыры i радасны Маргарыцiн парыў, - калi будзеце пралятаць над варотамi, крыкнiце: "Нябачная!" Потым палятайце над горадам, каб прывыкнуць, а затым на поўдзень, прэч з горада, i адразу на рэчку. Вас чакаюць!

Маргарыта павесiла слухаўку, i тут у суседнiм пакоi нешта драўляна закульгала i пачало грукаць у дзверы. Маргарыта адчынiла iх, i швабра, якой мыюць падлогу, вехцем угору, прытанцоўваючы, уляцела ў спальню. Тронкам сваiм яна танцавала па падлозе, падбрыквала i рвалася ў акно. Маргарыта ажно вiскнула ад захаплення i ўскочыла на швабру верхам. I толькi тады ў амазонкi прамiльгнула думка, што забылася адзецца. Галопам падскочыла да ложка i схапiла блакiтную сарочку, якая першай трапiла пад руку. Узмахнула ёю, як штандарам, i вылецела ў акно. I вальс над садам загучаў яшчэ мацней.

З акна Маргарыта саслiзнула ўнiз i ўбачыла Мiкалая Iванавiча на лавачцы. Той акамянеў на ёй, зусiм ашалелы, прыслухоўваўся да крыкаў i грукату, якi чуўся са спальнi верхнiх жыльцоў.

- Бывайце, Мiкалай Iванавiч! - закрычала Маргарыта, прытанцоўваючы перад Мiкалаем Iванавiчам.

Той войкнуў i пасунуўся ўбок, сапхнуў на зямлю свой партфель.

- Бывайце навек! Я адлятаю, - крычала Маргарыта, заглушаючы вальс.

Тут яна здагадалася, што сарочка ёй наогул не патрэбна, зларадна рагатнула i накрыла ёю галаву Мiкалаю Iванавiчу. Аслеплены Мiкалай Iванавiч звалiўся з лаўкi на выкладзеную цэглай сцяжынку.

Маргарыта азiрнулася, каб апошнi раз убачыць асабняк, дзе яна гэтак доўга пакутавала, i ўгледзела ў палаючым святле не падобны на сябе здзiўлены Наташын твар.

- Бывай, Наташа! - крыкнула Маргарыта, iрванула швабру ўгору. - Нябачная, нябачная. - Яшчэ мацней крыкнула яна i мiж кляновых галiн, якiя хвасянулi па твары, пераляцела над варотамi, вырвалася ў завулак. I следам за ёй ляцеў ушчэнт звар'яцелы вальс.


Раздзел 21 Палёт


Нябачная i вольная! Нябачная i вольная! Праляцела па сваiм завулку, трапiла ў наступны, якi перасякаў яго пад прамым вуглом. Гэты залаплены, стары, крывы i доўгi завулак з абвiслымi дзвярыма нафтакрамкi, у якой кубкамi прадаюць газу i вадкасць ад паразiтаў у флаконах, яна праляцела iмгненна i тады засвоiла, што нават калi ты нябачны i вольны, усё ж цешыцца трэба асцярожней. Дзякуючы толькi цуду, яна затармазiла i не разбiлася насмерць аб стары нахiлены лiхтарны слуп на перакрыжаваннi. Абмiнуўшы яго, Маргарыта мацней сцiснула швабру i паляцела павольней, прыглядаючыся да электрычных дратоў i да шыльдаў, якiя вiселi ўпоперак ходнiкаў.

Трэцi завулак вёў проста на Арбат. Цяпер Маргарыта зусiм асвойталася, як кiраваць швабрай, зразумела, што тая падпарадкуецца сама лёгкаму дотыку рук альбо ног, i што ў палёце над горадам трэба быць вельмi ўважлiвай i не шалець. Акрамя ўсяго, ужо ў завулку стала зразумела, што мiнакi лятуху не бачаць.

Нiхто не задзiраў галаву, нiхто не крычаў "глядзi, глядзi!", не шарахаўся ўбок, не вiшчаў i не трацiў прытомнасцi, не рагатаў дзiкiм рогатам.

Маргарыта ляцела нячутна, паволi i невысока, прыкладна на ўзроўнi другога паверха. Але i пры павольным лёце, перад самым выхадам на зiхатлiва асветлены Арбат, яна крыху не патрапiла i ўдарылася плячом аб нейкi асветлены дыск, на якiм была намалявана страла. Гэта раззлавала Маргарыту. Яна спынiла паслухмяную швабру, адляцела ўбок, а потым рынулася на дыск раптоўна i канцом тронка разнесла яго ўшчэнт. З грукатам пасыпалiся асколкi, недзе засвiсталi, а Маргарыта пасля гэтага зусiм недарэчнага ўчынку разрагаталася. "На Арбаце трэба быць яшчэ асцярожней, - падумала Маргарыта, - тут гэтулькi ўсяго наблытана, што i не разбярэшся". I яна пачала ныраць памiж дратоў. Пад Маргарытай праплывалi дахi тралейбусаў, аўтобусаў, легкавых машын, а па ходнiках, як здавалася зверху, плылi цэлыя рэчкi шапак. Ад гэтых рэчак аддзялялiся ручайкi i ўлiвалiся ў вогненныя пасткi начных крамаў. "Фу, якое збоiшча! - сярдзiта падумала Маргарыта. - Тут i павярнуцца нават нельга". Яна перасекла Арбат, паднялася вышэй, да чацвёртых паверхаў, i паўз слiпуча зiхоткiя трубачкi на вуглавым будынку тэатра паплыла ў вузкi завулак з высокiмi дамамi. Усе вокны ў iх былi паадчыняныя, i ўсюды ў вокнах чуваць была радыёмузыка. З-за цiкаўнасцi Маргарыта зазiрнула ў адно з iх. Убачыла кухню. Два прымусы раўлi на плiце, каля iх стаялi дзве жанчыны з лыжкамi i гыркалiся.

- Свет пасля сябе трэба тушыць у прыбiральнi, вось што я вам скажу, Пелагея Пятроўна, - гаварыла тая жанчына, перад якой стаяў рондаль з нейкай стравай, з якога валiла пара, - а то мы вас пададзiм на высяленне!

- Сама не лепшая, - адказала другая.

- Абое рабое, - моцна сказала Маргарыта i перавалiлася цераз падаконнiк у кухню.

Абедзве завярнулiся на голас i замёрлi з бруднымi лыжкамi ў руках. Маргарыта асцярожна працягнула руку мiж iмi, пакруцiла краны i выключыла абодва прымусы. Жанчыны вохкнулi i разявiлi раты. Але Маргарыце ўжо надакучыла кухня, i яна вылецела ў завулак.

У самым канцы завулка ўвагу Маргарыты прыцягнула раскошная аграмадзiна васьмiпавярховага, мабыць, толькi нядаўна пабудаванага дома. Маргарыта спусцiлася ўнiз, прызямлiлася i ўбачыла, што фасад дома абкладзены чорным мармурам, што дзверы шырокiя, што за шклом iх вiдаць фуражка з залатым галуном i гузiкi швейцара i што над дзвярыма золатам выпiсана: "Дом Драмлiта".

Маргарыта прыплюшчылася на надпiс, думала, што магло абазначаць слова "Драмлiт". Узяла швабру пад паху, увайшла ў пад'езд, таўханула дзвярыма здзiўленага швейцара i ўбачыла побач з лiфтам на сцяне вялiзную чорную дошку, а на ёй выпiсаныя белымi лiчбамi i лiтарамi нумары кватэр i прозвiшчы жыхароў. Спiсак пад шыльдай "Дом Драматурга i Лiтаратара" прымусiў Маргарыту драпежна i хрыпла ўскрыкнуць. Яна паднялася вышэй, прагна пачала чытаць прозвiшчы: Хустаў, Двубрацкi, Квант, Бяскуднiкаў, Латунскi...

- Латунскi! - завiшчала Маргарыта. - Латунскi! Ды гэта ж ён! Гэта ён загубiў майстра!

Швейцар ля дзвярэй вытрашчыў вочы i ажно падскокваў ад здзiўлення, глядзеў на чорную дошку, спрабаваў зразумець: чаго гэта раптам вiшчыць спiс жыхароў. А Маргарыта тым часам ужо ляцела ўгору па лесвiцы i паўтарала чамусьцi з асалодаю:

- Латунскi - восемдзесят чатыры! Латунскi - восемдзесят чатыры!..

Вось злева - 82, справа - 83, яшчэ вышэй злева - 84. Вось i шыльдачка "А.Латунскi".

Маргарыта саскочыла са швабры, i гарачыя яе ступакi прыемна астудзiла мураваная пляцоўка. Маргарыта пазванiла раз, яшчэ раз. Але нiхто не адчыняў. Маргарыта пачала мацней цiснуць на званок i сама чула звон, якi стаяў у кватэры Латунскага. Сапраўды, да самае смерцi павiнен быць удзячны нябожчыку Берлiёзу гаспадар кватэры No 84 на восьмым паверсе за тое, што старшыня МАССАЛIТа трапiў пад трамвай i што жалобнае паседжанне прызначылi якраз у гэты вечар. Пад шчаслiваю зоркаю нарадзiўся крытык Латунскi. Яна выратавала яго ад сустрэчы з Маргарытай, якая ператварылася ў ведзьму ў гэтую пятнiцу.

Нiхто не адчыняў дзвярэй. Тады адным духам Маргарыта зляцела ўнiз, лiчачы паверхi, вырвалася на вулiцу, вылiчыла, якiя вокны кватэры Латунскага. Несумненна, гэта былi пяць цёмных вокнаў на рагу будынка на восьмым паверсе. Маргарыта пераканалася ў гэтым, узмыла ў паветра i праз некалькi секунд праз адчыненае акно заходзiла ў цёмны пакой, у якiм серабрылася толькi вузенькая палосачка ад поўнi. Маргарыта прабегла па ёй, намацала выключальнiк. Праз хвiлiну ўся кватэра была асветлена. Швабра стаяла ў куце. Маргарыта пераканалася, што дома няма нiкога, адамкнула дзверы i паглядзела на шыльдачку. Шыльдачка была на месцы. Маргарыта трапiла туды, куды ёй трэба было.

Ага, гавораць, што i дасюль крытык Латунскi палатнее з твару, калi ўспамiнае гэты страшны дзень, i да гэтага часу як святое вымаўляе Берлiёзава iмя. Нiкому невядома, якою б страшнаю i мярзотнаю крымiнальшчынаю быў бы пазначаны гэты вечар, - Маргарыта вярнулася з кухнi з вялiкiм малатком.

Голая i нябачная лятуха стрымлiвала i супакойвала сябе, рукi ў яе калацiлiся ад нецярпення. Маргарыта старанна прыцэлiлася i ўдарыла па клавiшах раяля, i па ўсёй кватэры пранеслася першае жаласнае завыванне. Ашалела выў нi ў чым не павiнны бекераўскi кабiнетны iнструмент. Клавiшы ў iм правалiлiся, касцяныя накладкi ляцелi ва ўсе бакi. Iнструмент гудзеў, выў, хрыпеў, звiнеў. Пад ударам малатка лопнула верхняя палiраваная дэка, быццам стрэлiлi з рэвальвера. Маргарыта жыўцом вырывала струны, задыхалася ад гэтае работы. Нарэшце стомлена бухнулася ў крэсла, каб аддыхацца.

У ванным пакоi страшна гудзела вада i на кухнi таксама. "Здаецца, ужо пацякло на падлогу..." - падумала Маргарыта i дадала ўголас:

- Аднак няма чаго расседжвацца.

З кухнi ў калiдор ужо цёк струмень. Маргарыта шлёпала босымi нагамi па вадзе, насiла ваду з кухнi i вёдрамi вылiвала ў кабiнеце ў шуфляды пiсьмовага стала крытыка. Потым разламала малатком дзверы шафы ў гэтым самым кабiнеце i кiнулася ў спальню. Пабiла шафу з люстрам, дастала з яе гарнiтур крытыка i ўтапiла яго ў ванне. Поўную чарнiлiцу з чарнiлам з кабiнета вылiла ў пышна засланы двухспальны ложак у спальнi. Рэзрух, якi яна тварыла, прыносiў вялiзнае задавальненне, але ўвесь час здавалася, што ўсяго гэтага мала, што гэта мiзер. Таму яна пачала рабiць абы-што. Бiла вазоны з фiкусамi ў тым пакоi, дзе стаяў раяль. Не скончыўшы гэтую работу, вярталася ў спальню i кухонным нажом паласавала прасцiны, бiла зашклёныя фотаздымкi. Стомленасцi не адчувала, i толькi пот з яе цёк раўчукамi.

У гэты час у кватэры No 82, пад кватэрай Латунскага, хатняя работнiца драматурга Кванта пiла гарбату на кухнi i не разумела, чаго зверху чуецца гэтакi грукат, бегатня i звон. Паглядзела ўгору i ўбачыла, што столь увачавiдкi з белай ператвараецца ў нейкую мярцвяцка-сiнюю. Пляма расла хутка, i раптам на ёй накiпелi кроплi. Хвiлiны дзве сядзела работнiца i дзiву давалася, пакуль са столi не палiў сапраўдны дождж i не зацупаў па паддозе. Тады яна падхапiлася, падставiла пад струменi мiску, але гэта нiчуць не дапамагло, бо дождж пабольшаў i пачаў залiваць i газавую плiту, i стол з посудам. Тады работнiца ўскрыкнула, выбегла на лесвiцу, i адразу ў кватэры ў Латунскага пачулiся званкi.

- Ну, зазванiлi... Пара выбiрацца, - сказала Маргарыта.

Яна асядлала швабру, прыслухалася да жаночага голасу, якi крычаў у замочную адтулiну.

- Адчынiце, адчынiце! Дуся, адчынi! Гэта ў вас вада цячэ? Нас залiло.

Маргарыта паднялася на метр угору i ўдарыла па люстры, лямпачкi лопнулi, i ва ўсе бакi паляцелi падвескi. Крыкi пад дзвярыма спынiлiся, на лесвiцы пачуўся тупат. Маргарыта выплыла ў акно, апынулася звонку, злёгку ўзмахнула i ўдарыла малатком па шкле. Яно ўсхлiпнула, i па аздобленай мармурам сцяне каскадам пасыпалiся ўнiз асколкi. Маргарыта паехала да наступнага акна. Далёка ўнiзе забегалi па ходнiках людзi, адна з дзвюх машын, якiя стаялi ўнiзе, загудзела i ад'ехала далей.

Маргарыта скончыла бiць вокны Латунскага, паплыла да суседняе кватэры. Удары пачулiся часцей, завулак напоўнiўся звонам i грукатам. З першага пад'езда выбег швейцар, паглядзеў угору, не адразу вырашыў, што яму рабiць, упхнуў у рот свiсток i ашалела засвiстаў. З асаблiвым задавальненнем пад гэты свiст Маргарыта размалацiла апошняе шкло на восьмым паверсе, спусцiлася на сёмы паверх i пачала грамiць шкло i там.

Змучаны доўгiм марным сядзеннем за шклянымi дзвярыма пад'езда, швейцар укладваў у свiст усю сваю душу, пры гэтым бегаў за Маргарытай, быццам акампанiраваў ёй. У паўзах, калi яна пералятала ад акна да акна, ён набiраўся духу, i пры кожным удары надзiмаў шчокi i залiваўся, свiдраваў начное паветра да самага неба.

Яго намаганнi ў суладдзi з намаганнямi раз'ятранай Маргарыты далi добры вынiк. У доме пачалася панiка. Цэлыя яшчэ вокны расчынялiся, у iх з'яўлялiся галовы людзей i адразу ж хавалiся, адчыненыя вокны, наадварот, зачынялiся. У супрацьлеглых дамах на асветленым фоне ўзнiкалi цёмныя постацi людзей, якiя старалiся зразумець, чаго гэта без дай прычыны лопаецца шкло ў новым будынку Драмлiта.

З завулка людзi беглi да дома Драмлiта, i ў iм самiм па лесвiцах людзi тупацелi i бегалi невядома чаго. Хатняя работнiца Кванта крычала, што iх залiло, да яе хутка далучылася i хатняя работнiца Хустава з кватэры No 80, якая была пад кватэрай Кванта. У Хуставых хлынула са столi на кухнi i ў прыбiральнi. Нарэшце ў Квантаў на кухнi адвалiўся вялiкi кавалак тынкоўкi, пабiў увесь непамыты посуд, пасля чаго хлынуў ужо сапраўдны лiвень: з клетак абвiслае мокрае дранкi плюхнула, як з вядра. Тады на лесвiцы на першым паверсе пачулiся крыкi. Маргарыта, калi пралятала паўз апошняе акно чацвёртага паверха, зазiрнула ў яго i ўбачыла там чалавека, якi з перапалоху ўспёр на твар процiвагаз. Маргарыта ўдарыла малатком па яго шкле, спалохала чалавека, i ён знiк з пакоя.

Неспадзявана дзiкi пагром спынiўся. Маргарыта слiзганула на трэцi паверх, зазiрнула ў акно, завешанае лёгенька цёмнаю фiранкаю. У пакойчыку гарэла слабенькая лямпачка пад абажурам. У маленькiм ложачку з сетачкамi з бакоў сядзеў хлопчык гадкоў чатырох i спалохана прыслухоўваўся. Дарослых не было ў пакоi. Мабыць, усе выбеглi з кватэры.

- Вокны б'юць, - сказаў хлопчык i паклiкаў: - Мама! Нiхто не адгукнуўся, i тады ён сказаў: - Мама, я баюся.

Маргарыта адхiлiла фiранку i ўляцела ў акно.

- Я баюся, - паўтарыў хлопчык i задрыжаў.

- Не бойся, не бойся, маленькi, - сказала Маргарыта, прыцiшыўшы свой асiплы ад ветру злачынны голас, - гэта дзецi вокны бiлi.

- З рагатак? - спытаўся хлопчык.

- З рагатак, з рагатак, - пацвердзiла Маргарыта, - а ты спi!

- Гэта Сiтнiк, - сказаў хлопчык, - у яго ёсць рагатка.

- Ну, вядома, ён!

Хлопчык хiтра зiрнуў некуды ўбок i спытаўся:

- А ты дзе, цёця?

- А мяне няма, - адказала Маргарыта, - я табе саснiлася.

- Я гэтак i думаў, - сказаў хлопчык.

- Ты кладзiся, - загадала Маргарыта, - пакладзi руку пад шчочку, а я табе буду снiцца.

- Ну, снiся, снiся, - згадзiўся хлопчык i адразу лёг, паклаў руку пад шчочку.

- Я табе казку раскажу, - загаварыла Маргарыта i паклала гарачую руку на астрыжаную галоўку. - Жыла на свеце адна цёця. Дзяцей у яе не было, i шчасця таксама не было. I вось яна спачатку доўга плакала, а потым зрабiлася злоснаю... - Маргарыта замоўкла, прыняла руку - хлопчык спаў.

Маргарыта цiхенька паклала малаток на падаконнiк i вылецела з акна. Вакол дома была неразбярыха. Па асфальтавых ходнiках, усланых бiтым шклом, бегалi i нешта крычалi людзi. Мiж iмi ўжо былi мiлiцыянеры. Раптоўна ўдарыў звон, i з Арбата ў завулак уехала чырвоная пажарная машына з лесвiцай...

Але гэта ўжо было не цiкава Маргарыце. Яна прыцэлiлася, каб не зачапiцца за якi-небудзь дрот, мацней асядлала швабру i iмгненна апынулася вышэй за няшчасны дом. Завулак пад ёй пахiлiўся i правалiўся ўнiз. Замест яго пад нагамi ў Маргарыты ўзнiкла скопiшча дахаў, перарэзанае зiхоткiмi сцяжынкамi. Усё гэта нечакана паехала ўбок, а ланцужкi агнёў размазалiся i злiлiся.

Маргарыта зрабiла яшчэ адзiн рывок, i тады ўсё збоiшча дахаў правалiлася скрозь зямлю, а замест яго з'явiлася ўнiзе цэлае возера мiгатлiвых электрычных агеньчыкаў, i гэтае возера раптам паўстала вертыкальна, а потым з'явiлася над галавой у Маргарыты, а пад нагамi блiснула поўня. Маргарыта зразумела, што перакулiлася, вярнулася ў нармальнае становiшча, азiрнулася, але i возера ўжо не было, яно засталося там, ззаду, засталося толькi ружовае зарыва над небакраем. I яно знiкла праз секунду, i Маргарыта ўбачыла, што яна сам-насам з поўняй, якая ляцела вышэй за яе i злева. Валасы ў Маргарыты даўно ператварылiся ў стог, а месячнае святло са свiстам абмывала яе цела. Па тым, як унiзе два рады рэдзенькiх агеньчыкаў злiлiся ў дзве суцэльныя лiнii, па тым, як хутка яны знiклi ззаду, Маргарыта здагадалася, з якою вар'яцкаю хуткасцю яна ляцiць, дзiвiлася, што не задыхаецца ад гэтага лёту.

Праз некалькi секунд далёка ўнiзе, у зямной чарнаце, успыхнула новае возера электрычнага святла i падкацiлася пад ногi на ляту, але яно адразу ж закружылася вiхрам i правалiлася ў зямлю. Яшчэ некалькi секунд - гэтакае ж самае вiдовiшча.

- Гарады! Гарады! - закрычала Маргарыта.

Пасля гэтага яна разы два цi тры бачыла пад сабою цьмяна адсвечаныя нейкiя шаблi, якiя ляжалi ў расчыненых чорных похвах, i яна здагадалася, што гэта рэкi.

Лятуха задзiрала галаву ўгору i ўлева, любавалася тым, што поўня iмчыцца за ёю, як звар'яцелая, назад у Маскву i адначасова нейкiм дзiўным чынам стаiць на адным месцы, гэтак, што выразна бачны на ёй нейкi загадкавы, цёмны - цi то дракон, цi канёк-гарбунок, востраю мордачкаю завернуты да пакiнутага горада.

Тут Маргарыта падумала, што на самай справе яна дарэмна гэтак гонiць швабру, пазбаўляе сябе асалоды разгледзець што-небудзь як след, нацешыцца палётам. Ёй нешта падказвала, што там, куды яна ляцiць, яе пачакаюць i што няма патрэбы сумаваць ёй ад гэтакае шалёнае хуткасцi i вышынi.

Маргарыта нахiлiла швабру вехцем наперад, гэтак, што тронак падняўся ўгору, запаволiла ход i пайшла ўнiз, да зямлi. I гэтае iмчанне, быццам на паветраных саначках, прынесла найвялiкшую асалоду. Зямля падалася да яе, i з незразумелай да гэтага чорнае гушчы паказалiся яе таямнiцы i прыгажосць у месячную ноч. Зямля iшла насустрач Маргарыце, i Маргарыту ўжо абвявала водарам зялёных лясоў. Маргарыта ляцела над самым туманам роснага луга, потым над сажалкай. Пад Маргарытаю хорам спявалi жабы, а недзе ўдалечынi хваляваў сэрца, шумеў цягнiк. Маргарыта хутка ўбачыла яго. Ён поўз павольна, як вусень, пыхкаў у паветра iскрамi. Маргарыта абагнала яго, праляцела яшчэ над адным водным люстэркам, у якiм праплыла пад нагамi другая поўня, яшчэ больш апусцiлася ўнiз i паплыла, ледзь не кранаючыся нагамi вершалiн векавых сосен.

Цяжкi шум распоратага паветра пачуўся ззаду i пачаў даганяць Маргарыту. Пакрысе да гэтага шуму чагосьцi лятучага, як снарад, далучыўся жаночы рогат. Маргарыта азiрнулася i ўбачыла, што яе даганяе нейкi дзiўны цёмны прадмет. Ён даганяў Маргарыту i ўсё болей абазначаўся, можна было пазнаць, што нехта ляцiць вершкi. Нарэшце ён i зусiм абазначыўся: запаволiўшую хуткасць Маргарыту дагнала Наташа.

Яна, зусiм голая, з растрапанымi на ветры валасамi, ляцела верхам на тоўстым япруку, якi ў пярэднiх капыцiках трымаў партфель, а заднiмi люта перабiраў у паветры. Пенснэ яго ляцела побач на шнурку, зрэдку паблiсквала пры месяцы i патухала, а капялюш увесь час спаўзаў япруку на вочы. Маргарыта прыгледзелася i пазнала ў япруку Мiкалая Iванавiча, i тады рогат яе загрымеў над лесам, змяшаўся з Наташыным рогатам.

- Наташка! - пранiзлiва закрычала Маргарыта. -I ты намазалася крэмам?

- Галубка мая! - будзiла сваiм лямантам у адказ сасновы бор Наташа. Каралева мая французская, ды я намазала лысiну i яму!

- Прынцэса! - плаксiва зароў япрук i галопам панёс далей Наташу.

- Галубка мая, Маргарыта Мiкалаеўна! - крычала Наташа i iмчала побач з Маргарытаю. - Прызнаюся, узяла крэм! I мы ж таксама хочам жыць i лётаць! Даруйце мне, уладарка мая, а я не вярнуся, нiзашто не вярнуся! Вой, як добра, Маргарыта Мiкалаеўна!.. Сватаўся да мяне, - Наташа пачала тыкаць пальцам у шыю збянтэжанаму япруку, - сватаўся! Ты як мяне называў, га? - крычала яна на вуха япруку.

- Багiня! - завываў той. - Не магу я гэтак хутка ляцець! Я паперы важныя магу пагубiць. Наталля Пракопаўна, я пратэстую!

- Пайшоў ты к д'яблу са сваiмi паперамi! - дзёрзка рагатала i крычала Наташа.

- Ну што вы, Наталля Пракопаўна! Пачуе хто-небудзь! - слязлiва прасiўся япрук.

Наташа ляцела голая побач з Маргарытай i расказвала пра тое, што адбылося ў асабняку пасля таго, як Маргарыта Мiкалаеўна вылецела праз акно.

Наташа прызналася, што не дакранулася нават да тых рэчаў, якiя ёй падарылi, яна скiнула з сябе ўсё адзенне i кiнулася да крэму i адразу iм намазалася. I з ёй адбылося тое самае, што i з яе гаспадыняю. У той час як Наташа цешылася перад люстрам сваёй чароўнай прыгажосцю, дзверы адчынiлiся, i перад ёй з'явiўся Мiкалай Iванавiч. Ён быў усхваляваны, у руках трымаў сарочку Маргарыты Мiкалаеўны, свой капялюш i партфель. Мiкалай Iванавiч аж абамлеў, як угледзеў Наташу. Як толькi крыху ачомаўся, увесь чырвоны, як рак, ён заявiў, што палiчыў сваiм абавязкам падняць кашульку i прынесцi яе...

- Што ты гаварыў, нягоднiк? - вiшчала i рагатала Наташа. - Што гаварыў, на што падбухторваў? Якiя грошы прапаноўваў! Гаварыў, што Клаўдзiя Пятроўна нi пра што не даведаецца. Ну, што скажаш, хлушу? - крычала Наташа япруку, i той толькi збянтэжана адварочваў рыла.

Раздурэўшыся ў спальнi, Наташа мазанула крэмам Мiкалая Iванавiча i сама аж аслупянела ад здзiўлення. Твар салiднага жыльца з нiжняга паверха звяло ў свiнячы пятачок, а рукi i ногi ператварылiся ў капыткi. Мiкалай Iванавiч зiрнуў на сябе ў люстэрка, дзiка i адчайна завiшчаў, але было па часе. Праз некалькi секунд ён быў асядланы i ляцеў некуды к д'яблу з Масквы i плакаў ад гора.

- Патрабую вярнуць мне маё нармальнае аблiчча! - раптам не то адчайна, не то з мальбою ў голасе зарохкаў япрук. - Я не збiраюся ляцець на невядомае зборышча. Маргарыта Мiкалаеўна, вы абавязаны паставiць на месца сваю прыслугу!

- Ах, дык я табе цяпер прыслуга? Хатняя работнiца? - выкрыквала Наташа i шчыпала япрука за вуха. - А была багiня? Ты мяне гэтак называў?

- Венера! - плаксiва адказваў япрук, якраз пралятаючы над ручаём, якi шумеў мiж камення, i капыцiкам з шолахам чапляўся за кусты арэшнiку.

- Венера! Венера! - пераможна закрычала Наташа i адну руку выставiла ўбок, а другую працягнула да поўнi. - Маргарыта! Каралева! Папрасiце, каб i мяне пакiнулi ведзьмаю! Дзеля вас усё зробяць, вам улада дадзена!

I Маргарыта адазвалася:

- Добра, я дапамагу.

- Дзякуй! - крыкнула Наташа i раптам закрычала моцна, пранiзлiва i журботна: - Гэй! Гэй! Хутчэй! Хутчэй! Ану, давай хутчэй! - Яна сцiснула каленямi схудалыя ад шалёнага бегу япруковыя бакi, i той гэтак iрвануўся, што зноў распароў паветра, i праз нейкае iмгненне Наташа была ўжо вiдаць наперадзе толькi чорнаю кропачкаю, а потым i зусiм знiкла, i шум яе палёту растаў таксама.

Маргарыта ляцела па-ранейшаму паволi ў пустэльнай i незнаёмай мясцовасцi, над узгоркамi, усеянымi рэдкiмi валунамi, якiя ляжалi мiж адзiнокiх агромнiстых сосен. Маргарыта ляцела i думала пра тое, што яна, вiдаць, дзесьцi вельмi далёка ад Масквы. Швабра ляцела не над верхавiнамi сосен, а ўжо мiж ствалоў, з аднаго боку пасрэбраных поўняй. Лёгкi цень слiзгаў па зямлi наперадзе - поўня свяцiла ў спiну Маргарыце.

Маргарыта адчувала, што вада блiзка, i здагадвалася, што i мэта блiзка. Сосны расступiлiся, i Маргарыта паволi пад'ехала ў паветры да мелавага абрыву. За гэтым абрывам унiзе, у цянi, плыла рака. Туман вiсеў i чапляўся за кусты ўнiзе вертыкальнага абрыву, а супрацьлеглы бераг быў роўны, нiзiнны. На iм, над адзiнокаю купкаю раскiдзiстых дрэў трымцеў агеньчык вогнiшча i былi вiдаць нейкiя мiтуслiвыя постацi. Маргарыце здалося, што адтуль пачулася нейкая вясёленькая музыка. Далей, наколькi можна было бачыць, на срэбнай раўнiне не вiднелася нiякiх прыкмет нi жытла, нi людзей.

Маргарыта скочыла з абрыву ўнiз i хутка спусцiлася да вады. Вада вабiла яе пасля паветранае гонкi. Яна адкiнула швабру, разбеглася i кiнулася ўнiз галавой у ваду. Яе лёгкае цела, як страла, увайшло ў ваду, i вадзяны слуп устаў аж да самае поўнi. Вада аказалася цёплая, нiбы ў лазнi, i Маргарыта пасля таго, як вынырнула з бяздоння, уволю наплавалася ў поўнай адзiноце ноччу ў рацэ.

Побач з Маргарытаю нiкога не было, але крыху далей за кустамi чулiся ўсплёскi i пафыркванне, там нехта таксама купаўся.

Маргарыта выбегла на бераг. Цела яе гарэла пасля купання. Стомленасцi нiякай яна не адчувала i радасна прытанцоўвала на вiльготнай траве. Раптам яна перастала танцаваць i насцярожылася. Фырканне пачало наблiжацца, з-за ракiтавых кустоў вылез нейкi голы таўстун у чорным шаўковым цылiндры, ссунутым на патылiцу. Ступакi яго былi ў iлiстай гразi, i здавалася, што купальшчык у чорных чаравiках. Калi меркаваць па тым, як ён аддыхваўся i iкаў, то быў ён на добрым падпiтку, што, дарэчы, пацвярджалася i тым, што раптам запахла каньяком.

Таўстун убачыў Маргарыту, пачаў прыглядацца, а потым радасна закрычаў:

- Што такое? Каго я бачу? Кладзiна, ды гэта ж ты, вясёлая ўдава! I ты тут? - ён палез вiтацца.

Маргарыта адступiлася i з гонарам адказала:

- Пайшоў ты к д'яблу. Якая я табе Кладзiна? Ты глядзi, з кiм гаворыш, падумала крыху i дадала да свае прамовы доўгую лаянку, якую не друкуюць. Усё гэта ацверазiла легкадумнага таўстуна.

- Вой! - цiха ўсклiкнуў ён i здрыгануўся. - Даруйце велiкадушна, светлая каралева Марго! Я памылiўся. А вiнаваты каньяк, гары ён гарам! - таўстун стаў на адно калена, цылiндр аднёс убок, пакланiўся i залапатаў на мяшанцы расейскае i французскае нейкае глупства пра крывавае вяселле свайго сябра Гесара ў Парыжы, i пра каньяк, i што ён перажывае з-за прыкрае памылкi.

- Ты б штаны надзеў, сучы сын, - сказала мякчэй Маргарыта.

Таўстун радасна ўхмыльнуўся, калi ўбачыў, што Маргарыта не злуецца, паведамiў, што застаўся зараз без штаноў таму, што з-за няўважлiвасцi пакiнуў iх на Енiсеi, дзе купаўся перад гэтым, i што ён зараз злётае, добра, што туды рукой падаць, i яшчэ рады добрым адносiнам да сябе. Ён пачаў адступаць задам, пакуль не паслiзнуўся i не ўпаў у ваду. Але i пасля гэтага на твары з невялiкiмi бакенбардамi засталася ўсмешка захаплення i адданасцi.

Маргарыта пранiзлiва свiснула, асядлала падляцелую швабру i пакiравала на супрацьлеглы бераг. Цень ад мелавае гары сюды не даставаў, i ўвесь бераг залiвала поўня.

Як толькi Маргарыта дакранулася да вiльготнае травы, музыка пад вербамi зайграла мацней i весялей, узляцеў сноп iскраў над вогнiшчам. Пад галiнамi вербаў, аздобленых пяшчотнымi, пушыстымi "коцiкамi", якiя былi вiдаць пры поўнi, сядзелi ў два рады таўстамордыя жабы, раздзiмалiся, быццам гумавыя, i iгралi на драўляных дудачках вясёлы марш. Гнiлушкi-светлячкi вiселi на вербавых галiнках перад музыкантамi, асвятлялi ноты, на жабiных мордах гулялi водсветы ад вогнiшча.

Марш выконваўся ў гонар Маргарыты. Сустракалi яе як мага ўрачыста. Празрыстыя русалкi спынiлi свой карагод каля ракi i замахалi Маргарыце водарасцямi, i над пустэльным зеленаватым берагам прастагнала iхняе далёка чутнае прывiтанне. Голыя ведзьмы выскачылi з-за вербаў, пастроiлiся ў шарэнгу i пачалi прысядаць i кланяцца прыдворнымi паклонамi. Нехта казланогi падляцеў i прыпаў да рукi, раскiнуў на траве шоўк i пацiкавiўся, цi добра купалася каралеве, прапанаваў прылегчы i адпачыць.

Маргарыта гэтак i зрабiла. Казланогi падаў ёй бакал шампанскага, яна выпiла яго, i сэрца яе адразу сагрэлася. Пацiкавiлася, дзе Наташа, i ёй адказалi, што Наташа ўжо пакупалася i паляцела на сваiм япруку наперад, у Маскву, каб папярэдзiць пра тое, што Маргарыта хутка прыляцiць, i дапамагчы прыгатаваць ёй убранне.

За кароткае Маргарыцiна гасцяванне пад вербамi адбыўся адзiн эпiзод. У паветры пачуўся свiст, i чорнае цела, якое вiдавочна прамазала, рухнула ў ваду. Праз некалькi секунд перад Маргарытай паўстаў той самы таўстун-бакенбардыст, што гэтак няўдачна знаёмiўся на рачным беразе. Ён успеў, вiдаць, скружыць на Енiсей, бо быў у фраку, але мокры з галавы да ног. Каньяк падвёў яго другi раз: пры высадцы ён трапiў у ваду. Але ўсмешку сваю збярог нават у гэтых сумных абставiнах i быў Маргарытаю, якая шчыра смяялася, дапушчаны да рукi.

Потым усе пачалi збiрацца. Русалкi датанцавалi свой танец пры месячным святле i расталi ў iм. Казланогi далiкатна пацiкавiўся ў Маргарыты, на чым яна прыляцела. Калi даведаўся, што верхам на швабры, сказаў:

- Чаму? Гэта нязручна, - iмгненна змайстраваў з дзвюх галiнак нейкi падазроны тэлефон i запатрабаваў у некага тэрмiнова прыслаць машыну, што было i зроблена ў тую ж самую хвiлiну. На бераг абрынулася буланая адкрытая машына, толькi на шафёрскiм месцы сядзеў не звычайны шафёр, а чорны даўгадзюбы грак у цыратавай фуражцы i ў пальчатках з раструбамi.

Бераг пусцеў. У месячным святле расталi адляцеўшыя ведзьмы. Вогнiшча дагарала, i вуголле зацягвала шэрым попелам.

Бакенбардыст i казланогi падсадзiлi Маргарыту, i яна села на шырокае задняе сядзенне. Машына завыла, скокнула i паднялася амаль да самае поўнi, востраў знiк, знiкла рака, Маргарыта панеслася ў Маскву.


Раздзел 22 Пры свечках


Роўнае гудзенне машыны, якая ляцела высока над зямлёй, закалыхвала Маргарыту, а месячнае святло прыемна сагравала яе. Яна заплюшчыла вочы, падставiла твар ветру i думала з сумам пра пакiнуты ёй невядомы бераг ракi, якую, яна адчувала, болей не пабачыць. Пасля ўсiх чараў i цудаў, якiя з ёю адбылiся за вечар, яна ўжо здагадвалася, да каго яе вязуць у госцi, але гэта не палохала яе. Надзея на тое, што там ёй удасца дабiцца вяртання свайго шчасця, зрабiла яе бясстрашнай. Дарэчы, доўга марыць у машыне пра гэта шчасце ёй не давялося. Цi грак добра ведаў сваю справу, цi машына была добрая, толькi хутка Маргарыта, калi расплюшчыла вочы, убачыла перад сабой не лясную цемру, а мiгатлiвае возера маскоўскiх агнёў. Чорная птушка-шафёр на ляту адвiнцiў правае пярэдняе кола i пасадзiў машыну на нейкiх зусiм бязлюдных могiлках у раёне Дарагамiлава.

Грак высадзiў Маргарыту, якая нiчога не пыталася, з яе швабрай каля аднаго надмагiлля, завёў машыну i накiраваў яе проста ў яр за магiлкамi. Туды яна з грукатам абрынулася i там загiнула. Грак пачцiва казырнуў, сеў верхам на кола i паляцеў.

Адразу з-за аднаго помнiка ўзнiк чорны плашч. Iкол блiснуў пры поўнi, i Маргарыта пазнала Азазелу. Той паказаў ёй сесцi на швабру, сам ускочыў на доўгую рапiру, абое ўзвiлiся ўгору нiкiм не заўважаныя i праз некалькi секунд высадзiлiся ля дома No 302-бiс на Садовай вулiцы.

Калi са швабраю i рапiраю пад пахамi яны заходзiлi ў падваротню, Маргарыта заўважыла чалавека ў шапачцы i высокiх ботах, якi нечага чакаў. Як нi лёгка ступалi Азазела i Маргарыта, адзiнокi чалавек пачуў iх i трывожна скалануўся, бо не разумеў, адкуль чуваць крокi.

Другога, надзiва падобнага на першага чалавека, сустрэлi ля шостага пад'езда. I зноў паўтарылася тая самая гiсторыя. Крокi... Чалавек неспакойна павярнуўся i нахмурыўся. Калi дзверы адчынiлiся, а потым зачынiлiся, кiнуўся следам, зазiрнуў у пад'езд, але, вядома, нiчога не ўгледзеў.

Трэцi, дакладная копiя другога, а значыць, i першага, дзяжурыў на пляцоўцы трэцяга паверха. Ён палiў моцныя папяросы, i Маргарыта закашлялася, калi праходзiла побач. Курэц, быццам яго шылам кальнулi, усхапiўся з лаўкi, на якой сядзеў, пачаў трывожна азiрацца, падышоў да парэнчаў, зiрнуў унiз. Маргарыта са сваiм праважатым ужо была ля кватэры No 50. Не званiлi, дзверы Азазела адамкнуў сваiм ключом.

Першае, што ўразiла Маргарыту, гэта цемра, у якую яны трапiлi. Было цёмна, як у сутарэннi, i яна мiжволi ўхапiлася за плашч Азазелы, бо баялася спатыкнуцца. Але тут далёка ўверсе замiльгаў агеньчык нейкае лямпачкi i пачаў наблiжацца. Азазела на хаду забраў у Маргарыты з-пад пахi швабру, i тая нячутна знiкла ў цемры. Яны пачалi ўзыходзiць па нейкiх шырокiх прыступках, i Маргарыце здалося, што iм не будзе канца. Яе дзiвiла, як у пярэднiм пакоi звычайнае маскоўскае кватэры можа размясцiцца гэтая незвычайная, нябачная, затое добра адчувальная, бясконцая лесвiца. Але пад'ём канчаўся, i Маргарыта зразумела, што яна стаiць на краi пляцоўкi. Агеньчык наблiзiўся ўшчыльную, i Маргарыта ўбачыла асветлены твар мужчыны, рослага i чорнага, якi i трымаў у руцэ лампаду. Тыя, хто меў няшчасце за гэтыя днi трапiцца яму на дарозе, нават пры гэтым слабенькiм святле лампадкi, вядома, адразу б пазналi яго. Гэта быў Кароўеў, ён таксама i Фагот.

Праўда, знешне Кароўеў вельмi змянiўся. Мiгатлiвы агеньчык адлюстроўваўся не ў трэснутым пенснэ, якое даўно трэба было выкiнуць на сметнiк, а ў маноклi, хаця таксама трэснутым. Вусiкi на нахабным твары былi падкручаны i намазаны, а чарната тлумачылася проста - ён быў у фрачным убраннi. Бялела толькi грудзiна.

Маг, рэгент, чараўнiк, перакладнiк цi д'ябал яго ведае хто на самай справе - адным словам, Кароўеў - пакланiўся, шырока правёў у паветры перад сабою лампадкаю - запрасiў Маргарыту iсцi следам. Азазела знiк.

"Надзiва незвычайны вечар, - думала Маргарыта, - я ўсякага чакала, толькi не гэтага! Электрычнасць у iх патухла, цi што? Але сама дзiўнае - памеры гэтага памяшкання. Як усё гэта можа ўцiснуцца ў маскоўскую кватэру? Ды нiяк не можа!"

Як нi слабенька свяцiла кароўеўская лампадка, Маргарыта зразумела, што знаходзiцца ў зусiм неабдымнай зале, ды яшчэ з каланадай, цёмнаю i, на першае ўражанне, бясконцаю. Каля нейкае канапкi Кароўеў спынiўся, паставiў лампадку на нейкую тумбу, жэстам прапанаваў Маргарыце сесцi, а сам размясцiўся побач у даволi маляўнiчай позе - абапёрся локцем на тумбу.

- Дазвольце мне пазнаёмiцца з вамi, - зарыпеў Кароўеў, - Кароўеў. Вы здзiўлены, што няма святла? Эканомiя, вы гэтак падумалi? Нi-нi-нi! Няхай першы, якi трапiцца, кат, нават адзiн з тых, якiя сёння, крыху пазней, будуць за гонар мець пацалаваць ваша калена, на гэтай жа тумбе адсячэ мне галаву, калi гэта так! Проста месiр не любiць электрычнае святло, i мы ўключым яго ў сама апошнi момант. I тады, паверце, недахопу ў iм не будзе. Мабыць, нават добра было б, каб яго было меней.

Кароўеў спадабаўся Маргарыце, траскучая яго балбатня супакойвала.

- Не, - сказала Маргарыта, - болей за ўсё мяне здзiўляе, дзе ўсё гэта размяшчаецца. - Яна павяла рукою, падкрэслiла гэтым неабдымнасць залы.

Кароўеў соладка ўхмыльнуўся, i ценi варухнулiся ў складках каля яго носа.

- Гэта сама простае з усяго! - адказаў ён. - Тым, хто добра знаёмы з пятым вымярэннем, невялiкi клопат рассунуць памяшканне да жаданых памераў. Скажу нават болей, паважаная валадарка, да чортведама якiх абсягаў! Я, дарэчы, працягваў балбатаць Кароўеў, - ведаў людзей, якiя не мелi нiякага ўяўлення пра пятае вымярэнне ды наогул нiчога не петрылi, але вытваралi такiя дзiвосы ў сэнсе павелiчэння свайго памяшкання. Вось, напрыклад, адзiн гараджанiн, мне расказвалi, атрымаў трохпакаёвую кватэру на Земляным вале, без усякага пятага вымярэння i iншых рэчываў, ад якiх шарыкi за ролiкi чапляюцца, iмгненна ператварыў яе ў чатырохпакаёвую - перагарадзiў адзiн пакой папалам.

Потым гэтую ён памяняў на дзве асобныя кватэры ў розных раёнах Масквы адну трохпакаёвую, другую двухпакаёвую. Цяпер пакояў стала пяць. Трохпакаёвую ён размяняў на дзве двухпакаёвыя, i займеў шэсць пакояў, праўда, раскiданых па ўсёй Маскве.Ён збiраўся ўжо зрабiць апошнi i сама блiскучы кульбiт, даў аб'яву ў газеце, што мяняе шэсць пакояў у розных кутках Масквы на адну пяцiпакаёвую кватэру на Земляным вале, але яго дзейнасць на гэтым спынiлася, вядома, не па яго волi. Цяпер ён, можа, i мае якi-небудзь пакойчык, але, запэўнiваю вас, што гэта ўжо не ў Маскве. Вось якi праныра, а вы гаворыце пра пятае вымярэнне!

Маргарыта, хаця i не гаварыла нi пра якое пятае вымярэнне, а гаварыў пра яго сам Кароўеў, весела засмяялася з расказу аб прыгодах кватэрнага пралазы. Кароўеў працягваў:

- Але цяпер пра галоўнае, Маргарыта Мiкалаеўна. Вы жанчына разумная i, вядома, здагадалiся, хто наш гаспадар.

Маргарыцiна сэрца здрыганулася, i яна кiўнула галавою.

- Ну, вось, вось, - гаварыў Кароўеў, - мы ворагi ўсякiх розных таямнiц i намёкаў. Штогод месiр дае адзiн баль. Называецца ён вясновым балем поўнi, альбо балем ста каралёў. Народу!.. - Тут Кароўеў ухапiўся за шчаку, нiбы ў яго забалеў зуб. - Але ж вы самi пераканаецеся. Дык вось: месiр халасцяк, вы гэта таксама разумееце. Але патрэбна гаспадыня балю, - Кароўеў развёў рукамi, згадзiцеся, нам без гаспадынi...

Маргарыта слухала Кароўева, старалася не вымавiць i слова, пад сэрцам у яе было холадна, спадзяванне на шчасце туманiла галаву.

- Склалася традыцыя, - працягваў далей Кароўеў, - гаспадыню балю павiнны зваць Маргарытаю, гэта першае, а другое, яна павiнна быць мясцовая. А мы, як бачыце, падарожнiчаем i ў гэты час знаходзiмся ў Маскве. Сто дваццаць адну Маргарыту знайшлi мы ў Маскве, i, паверце, - тут Кароўеў у адчаi ляпнуў сябе па ляжцы, - нiводная не падыходзiць! I, вядома, шчаслiвы лёс...

Кароўеў красамоўна ўхмыльнуўся, нахiлiўся, i зноў пахаладзела Маргарыцiна сэрца.

- Карацей! - крыкнуў Кароўеў. - Зусiм коратка: вы не адмовiцеся ўзяць гэты абавязак на сябе?

- Не адмоўлюся, - цвёрда адказала Маргарыта.

- Вядома! - сказаў Кароўеў, падняў лампадку i дадаў: - Прашу за мной.

Яны пайшлi мiж калон i нарэшце выбралiся ў нейкую другую залу, у якой чамусьцi моцна пахла лiмонамi, дзе чуваць былi нейкiя шолахi i дзе штосьцi зачапiла Маргарыту за галаву.

- Не палохайцеся, - соладка супакоiў Кароўеў i ўзяў Маргарыту пад руку, гэта бальныя выдумкi Бегемота, нiшто iншае. I наогул, я адважуся вам параiць, Маргарыта Мiкалаеўна, нiкога i нiчога не баяцца. Гэта неразумна. Баль будзе раскошны, не буду ўтойваць. Мы пабачым тых, чыя ўлада ў свой час была надзвычай вялiкая. Але, чэсна, калi падумаеш пра тое, як мiкраскапiчна маленькiя iх магчымасцi ў параўнаннi з магчымасцямi таго, у чыёй свiце я маю гонар быць, робiцца смешна i нават, я сказаў бы, сумна... Ды вы i самi каралеўскага роду.

- Чаму каралеўскага роду? - спалохана шапнула Маргарыта i прытулiлася да Кароўева.

- Ах, каралева, - гуллiва трашчаў Кароўеў, - пытаннi падобныя - сама складаныя ў свеце! I каб распытацца ў прабабак, асаблiва тых, каго за цiхоняў мелi, дзiўныя таямнiцы адкрылiся б, Маргарыта Мiкалаеўна. Я не вазьму грэх на душу, калi скажу, што гэта як калода ператасаваных карт. Ёсць рэчы, у якiх зусiм не дзейнiчаюць саслоўныя перашкоды, нi нават межы мiж дзяржавамi. Намякну: адна з французскiх каралеў, якая жыла ў шаснаццатым стагоддзi, трэба думаць, вельмi здзiвiлася б, калi б хто-небудзь сказаў ёй, што яе красуню прапрапрапраўнучку праз мноства гадоў я буду весцi пад руку ў Маскве па вялiкiх бальных залах. Але мы прыйшлi!

Тут Кароўеў патушыў сваю лампадку, i яна знiкла ў яго з рук, i Маргарыта ўбачыла на падлозе перад сабою палоску святла пад нейкiмi цёмнымi дзвярыма. У гэтыя дзверы Кароўеў цiха грукнуў. Тут Маргарыта гэтак захвалявалася, што ў яе ажно кляцнулi зубы i па спiне прайшоў мароз.

Дзверы адчынiлiся. Пакой быў зусiм невялiкi. Маргарыта ўбачыла шырокi дубовы ложак са скамечанымi i бруднымi прасцiнамi i падушкамi. Перад ложкам стаяў дубовы, на разных ножках стол, на iм свечнiк з гнёздамi ў выглядзе кiпцюрыстых птушыных лап. У гэтых сямi лапах гарэлi тоўстыя свечкi. Акрамя гэтага, на столiку была вялiкая шахматная дошка з надзвычай па-майстэрску зробленымi фiгуркамi. На маленькiм вытаптаным дыванку стаяў маленькi нiзенькi ўслончык. Быў яшчэ адзiн стол з нейкаю залатою чашаю i другiм свечнiкам, галiны якога былi зроблены ў выглядзе змей. У пакоi пахла сераю i смалою. Ценi ад свяцiльнiкаў перакрыжоўвалiся на падлозе.

Сярод прысутных Маргарыта адразу пазнала Азазелу, ужо апранутага ў фрак. Ён стаяў ля спiнкi ложка. Гэты Азазела нiчым не нагадваў таго разбойнiка, у выглядзе якога ён аб'явiўся да Маргарыты ў Аляксандраўскiм садзе, i пакланiўся ён Маргарыце надзвычай далiкатна.

Голая ведзьма, тая самая Гела, што гэтак збянтэжыла самавiтага буфетчыка з Вар'етэ, i тая самая, якую спалохаў певень у ноч знакамiтага сеанса, сядзела на падлозе на дыванку пры ложку, памешвала нешта ў рондалi, з якога валiла серная пара.

Акрамя iх, быў яшчэ ў пакоi вялiзны кацiла, якi сядзеў на высокай табурэтцы перад шахматным столiкам i трымаў у правай лапе шахматнага каня.

Гела прыўстала i пакланiлася Маргарыце. Тое самае зрабiў i кот, саскочыўшы з табурэткi. Ён шаркануў праваю лапаю, згубiў каня i палез па яго пад ложак.

Маргарыта замiрала ад страху i разгледзела ўсё гэта ў падманлiвых ценях ад свечак збольшага. Позiрк яе прыцягваў ложак, на якiм i сядзеў той, каго яшчэ зусiм нядаўна бедны Iван на Патрыярхавых пераконваў у тым, што д'ябла не iснуе. Гэты неiснуючы i сядзеў зараз на ложку.

Два вокi ўперлiся ў Маргарыцiн твар. Правае - з залатою iскаркаю на дне, якое прасвiдроўвала любога да самага дна душы, i левае - парожняе i чорнае, падобнае на вузкае iголкавае вушка, як уваход у бяздонны калодзеж цемры i ценяў. Воландаў твар быў скрыўлены, правы куток рота аб'ехаў унiз, на высокiм аблыселым iлбе прарэзалiся глыбокiя маршчыны, паралельныя вострым бровам. Скуру на Воландавым твары нiбы навек спёк загар.

Воланд шырока раскiнуўся на ложку, быў ён у адной доўгай начной сарочцы, бруднай i залапленай на левым плячы. Адну голую нагу ён падклаў пад сябе, а другую выцягнуў на ўслончык. Калена гэтай нагi i нацiрала нейкаю дымнаю маззю Гела.

Яшчэ разгледзела Маргарыта на раскрытай безвалосай грудзiне Воланда па-майстэрску выразанага з чорнага каменя жука на залатым ланцужку з нейкiм пiсаннем на спiнцы. Побач з Воландам на ложку, на цяжкiм пастаменце, стаяў дзiўны, быццам жывы i асветлены з аднаго боку сонцам, глобус.

Некалькi секунд панавала маўчанне. "Ён вывучае мяне", - падумала Маргарыта i намаганнем прымусiла стрымаць дрыжыкi ў нагах.

Нарэшце Воланд загаварыў усмешлiва, i яго iскрыстае вока нiбыта засвяцiлася.

- Вiтаю вас, каралева, i прашу прабачыць мне за мой хатнi выгляд.

Воландаў голас быў гэтакi глухi, што асобныя гукi чулiся з адцяжкаю i хрыпам.

Воланд узяў з ложка доўгую шпагу, нахiлiўся, паварушыў ёй пад ложкам i сказаў:

- Вылазь! Гульня адмяняецца. Госця тут.

- Нiзавошта, - трывожна свiснуў, як суфлёр, над Маргарыцiным вухам Кароўеў.

- Нiзавошта... - пачала Маргарыта.

- Месiр... - дыхнуў Кароўеў у вуха.

- Нiзавошта, месiр, - саўладала сама з сабою Маргарыта, усмiхнулася i дадала: - Я прашу вас не перапыняць гульню. Я думаю, што шахматныя часопiсы заплацiлi б добрыя грошы, каб маглi надрукаваць гэтую партыю.

Азазела цiха i адабральна закрахтаў, а Воланд уважлiва паглядзеў на Маргарыту i сказаў нiбы сам сабе:

- Праўда Кароўева. Гэтак замыславата тасуецца калода! Спадчынна!

Ён працягнуў руку i паклiкаў да сябе Маргарыту. Тая падышла, але падлогi пад босымi нагамi не адчувала. Воланд паклаў сваю цяжкую, каменную руку, якая была гарачая, як агонь, на Маргарыцiна плячо, памкнуў яе да сябе i пасадзiў на ложак побач.

- Ну, калi вы такая добрая i спагадлiвая, - прамовiў ён, - а я iншага ад вас i не чакаў, тады будзем па-простаму. - Ён зноў схiлiўся з ложка i крыкнуў: - Доўга будзе гэты балаган пад ложкам? Вылазь, пракляты Ганс!

- Каня не магу знайсцi, - сцiшана i фальшыва адазваўся з-пад ложка кот, некуды паляцеў, а замест яго нейкая жаба трапляецца.

- Цi не думаеш ты, што на кiрмашы знаходзiшся? - прытварыўея, што злуецца, Воланд. - Нiякае жабы няма пад ложкам! Гэтыя прымiтыўныя фокусы пакiнь для Вар'етэ. Калi ты зараз не з'явiшся, мы будзем лiчыць, што здаўся, пракляты дэзерцiр.

- Нiзашто, месiр! - зароў кот i ў адну секунду вынырнуў з-пад ложка з канём у лапе.

- Знаёмцеся... - пачаў Воланд i сам сябе спынiў: - Не, глядзець не магу на гэтае пудзiла. Паглядзiце, у што ён сябе ператварыў пад ложкам!

Выкачаны ў пыле кот тым часам стаяў на заднiх лапах i кланяўся Маргарыце. Цяпер на грудзiне ў ката быў белы фрачны гальштук-банцiк, а на раменьчыку перламутравы дамскi бiнокль. Акрамя таго, вусы ў ката былi пазалочаныя.

- Ну што гэта такое! - усклiкнуў Воланд. - Нашто ты пазалацiў вусы? I нашто табе патрэбен гальштук, калi ты без штаноў?

- Штаны кату не патрэбны, месiр, - з адчуваннем сваёй годнасцi адказаў кот. - Цi не загадаеце вы мне, месiр, абуць i боты? Кот у ботах бывае толькi ў казках, месiр. Але цi бачылi вы хоць каго-небудзь на балi без гальштука, месiр? Я не збiраюся спакушаць лёс i не хачу, каб мне далi ў каршэнь. Кожны ўпрыгожвае сябе як ўмее. Лiчыце, што сказанае датычыць i бiнокля, месiр!

- Але вусы?..

- Не разумею, - суха запярэчыў кот, - чаму, калi галiлiся сёння, Азазела i Кароўеў пасыпалi сябе белаю пудраю, а чым яна лепшая за залатую? Я пафарбаваў вусы, вось i ўсё! Iншая справа, каб я пагалiўся! Паголены кот гэта сапраўды чортведама што, я згодзен. А наогул, - тут голас у ката затрымцеў пакрыўджана, - я бачу, што вы да мяне прыдзiраецеся i што пытанне ставiцца, цi быць мне наогул на балi? Што вы мне адкажаце на гэта, месiр?

I кот гэтак надзьмуўся ад крыўды, што здавалася - вось-вось лопне.

- Ай, абармот, абармот, - Воланд кiваў галавой i гаварыў, - кожны раз, калi прайграе, ён пачынае загаворваць зубы, як сама апошнi падманшчык на мосце. Сядай зараз жа i перастань балбатаць глупства!

- Я сяду, - адказаў кот i сеў, - але запярэчу наконт сказанага. Гаворка мая зусiм не балбатня, як вы сказалi ў прысутнасцi панi, а ланцуг прадуманых сiлагiзмаў. Гэта маглi б па-сапраўднаму ацанiць такiя знатакi, як Сэкс Эмпiрык, Марцыян Капела, а не выключана, што i сам Арыстоцель...

- Шах каралю, - сказаў Воланд.

- Калi ласка, калi ласка, - сказаў кот i пачаў праз бiнокль глядзець на дошку.

- Такiм чынам, - звярнуўся да Маргарыты Воланд, - рэкамендую вам, донна, маю свiту. Гэты прытварака - кот Бегемот. З Кароўевым i Азазелам вы ўжо пазнаёмiлiся, знаёмлю з маёй служанкаю Гелаю. Увiшная, змысная, i няма такое паслугi, якую яна не змагла б аказаць.

Прыгажуня Гела ўсмiхнулася, зiрнула на Маргарыту зялёнымi вачыма, не пераставала чэрпаць прыгаршчамi мазь i накладваць яе на калена.

- Ну вось i ўсё, - скончыў Воланд i зморшчыўся, калi Гела залiшне моцна сцiснула яго калена, - гурт, як бачыце, невялiкi, розны i просты. - Ён змоўк i пачаў круцiць перад сабой свой глобус, зроблены гэтак па-майстэрску, што сiнiя акiяны на iм рухалiся, а шапка на полюсе ляжала як сапраўдная, ледзяная i снежная.

На дошцы тым часам адбывалася мiтусня. Зусiм разгублены кароль у белай мантыi таптаўся на клетцы i ў адчаi падымаў рукi. Тры белыя пешкi-ландскнехты з алебардамi разгублена глядзелi на афiцэра, якi размахваў шпагаю i паказваў наперад, дзе ў сумежных клетках, белай i чорнай, былi вiдаць два коннiкi Воланда на гарачых конях, якiя бiлi капытамi.

Маргарыту надзвычай зацiкавiла i ўразiла, што шахматныя фiгуркi былi жывыя.

Кот апусцiў бiнокль, цiхенька падапхнуў свайго караля ў плечы. Той адчайна захiлiў твар рукамi.

- Цяжкавата, дарагi Бегемот, - цiха сказаў Кароўеў з'едлiвым голасам.

- Становiшча сур'ёзнае, але не безнадзейнае, - адазваўся Бегемот, - нават болей: я цалкам перакананы ў перамозе. Трэба добра прааналiзаваць становiшча.

Гэты аналiз ён пачаў праводзiць крыху дзiўным метадам, пачаў крыўляцца i нешта паказваць свайму каралю.

- Нiчога не дапамагае, - заўважыў Кароўеў.

- Ай! - ускрыкнуў Бегемот. - Папугаi, як я i прарочыў!

Сапраўды, недзе здалёк пачуўся шум шматлiкiх крылаў. Кароўеў i Азазела знiклi, Бегемот яшчэ мацней замiргаў. Белы кароль нарэшце здагадаўся, чаго ад яго хочуць. Ён раптам скiнуў з сябе мантыю, кiнуў яе на клетку i ўцёк з дошкi. Афiцэр накiнуў на сябе пакiнутае каралеўскае адзенне i заняў каралеўскае месца.

Кароўеў i Азазела вярнулiся.

- Падман, як i заўсёды, - бурчаў Азазела i скоса глядзеў на Бегемота.

- Мне здалося, - адказаў кот.

- Ну што ж, доўга гэта будзе працягвацца? - спытаўся Воланд. - Шах каралю.

- Я, мабыць, недачуў, мой мэтр, - адказаў кот, - шаха каралю няма i быць не можа.

- Паўтараю, шах каралю.

- Месiр, - трывожна-фальшывым голасам адазваўся кот, - вы ператамiлiся: няма шаха каралю!

- Кароль на клетцы г-два, - сказаў Воланд i не зiрнуў на дошку.

- Месiр, я ў адчаi! - завыў кот, на мордзе ў яго нiбы адбiўся жах. - Але на гэтай клетцы няма караля!

- Што такое? - недаўменна спытаўся Воланд i пачаў прыглядацца да дошкi, дзе афiцэр, якi стаяў на каралеўскай клетцы, адварочваўся i захiляўся рукою.

- Ах ты нягоднiк! - задумлiва сказаў Воланд.

- Месiр! Я зноў звяртаюся да логiкi, - загаварыў кот i прыцiснуў лапу да грудзей. - Калi партнёр аб'яўляе шах каралю, а караля ўжо i ў памiне няма на дошцы, шах прызнаецца несапраўдным.

- Ты здаешся цi не? - страшным голасам крыкнуў Воланд.

- Дазвольце падумаць, - пакорлiва адказаў кот, абапёрся локцямi на стол, заткнуў вушы лапамi i пачаў думаць. Думаў ён доўга i нарэшце сказаў: - Здаюся.

- Забiць упартае стварэнне, - шапнуў Азазела.

- Ага, здаюся, - сказаў кот, - але здаюся выключна таму, што не магу гуляць у атмасферы цкавання! - Ён устаў, i шахматныя фiгуркi самi палезлi ў скрынку.

- Гела, час, - сказаў Воланд, i Гела знiкла з пакоя. - Нага разбалелася, а тут гэты баль... - працягваў Воланд.

- Дазвольце мне, - цiха папрасiла Маргарыта.

Воланд уважлiва паглядзеў на яе i падставiў калена. Гарачая, быццам лава, жыжка апякала рукi, але Маргарыта старалася не моршчыцца, расцiрала ёю калена.

- Свiта пераконвае, што гэта рэўматызм, - гаварыў Воланд i не спускаў позiрку з Маргарыты, - але ў мяне вялiкае падазрэнне, што гэты боль мне пакiнула на памяць чароўная ведзьма, з якой я блiзка пазнаёмiўся ў тысяча пяцьсот семдзесят першым годзе на Брокенскiх гарах, на Чортавай Кафедры.

- Цi праўда гэта! - сказала Маргарыта.

- Глупства! Гадоў праз трыста гэта пройдзе. Мне параiлi мноства лекаў, але я карыстаюся бабулiнымi рэцэптамi. Дзiўныя травы пакiнула мне ў спадчыну паганая старая бабка, мая бабка! Дарэчы, а вас нiшто не трывожыць? Магчыма, у вас ёсць нейкая бяда, якая мучыць душу, смутак?

- Не, месiр, нiчога гэтага няма, - адказала разумная Маргарыта, - а цяпер, калi я ў вас, я адчуваю сябе вельмi добра.

- Спадчыннасць - вялiкая справа, - невядома з-за чаго весела сказаў Воланд i дадаў: - Бачу я, што вас зацiкавiў мой глобус.

- Праўда, я нiколi такога не бачыла!

- Добрая рэч. Я, шчыра, не люблю апошнiх паведамленняў па радыё. Паведамляюць iх заўсёды нейкiя дзяўчаткi, якiя невыразна прамаўляюць назвы мясцiн. Акрамя таго, кожная трэцяя з iх не ўмее як след гаварыць, быццам знарок гэтакiх падбiраюць. Мой глобус намнога зручней, асаблiва калi ўлiчыць, што падзеi мне трэба ведаць дакладна. Вось, напрыклад, бачыце гэты кавалак зямлi, бок якому абмывае акiян? Бачыце, вось ён налiваецца агнём. Там пачалася вайна. Калi вы прыгледзiцеся лепш, вы ўбачыце дэталi.Маргарыта нахiлiлася да глобуса i ўбачыла, што квадрацiк зямлi павялiчыўся, шматколерна расфарбаваўся i ператварыўся ў рэльефную карту. А потым яна ўбачыла i стужачку ракi, i нейкае паселiшча ля яе. Хатка, якая была з гарошынку, разраслася i стала карабком запалак. Раптоўна дах гэтага дома ўзляцеў угору ў клубах чорнага дыму, а сцены ўпалi, i ад двухпавярховае каробачкi нiчога не засталося, акрамя дымнай кучкi. Яшчэ ўгледзела Маргарыта зблiзку маленькую жаночую постаць, якая ляжала на зямлi, а каля яе раскiнула ручкi маленькае дзiця.

- Вось i ўсё, - з усмешкаю сказаў Воланд, - ён не паспеў награшыць. Работа Абадоны бездакорная.

- Я не хацела б быць з тымi, супроць каго Абадона, - сказала Маргарыта, з кiм ён?

- Чым болей я гавару з вамi, - прыязна адазваўся Воланд, - усё больш пераконваюся, што вы разумная. Я супакою вас. Ён надзiва аб'ектыўны i роўна спачувае абодвум супернiкам. Урэшце, i вынiкi для абодвух бакоў заўсёды аднолькавыя. Абадона! - нямоцна паклiкаў Воланд, i адразу ж са сцяны з'явiлася постаць нейкага худога чалавека ў цёмных акулярах. Гэтыя акуляры зрабiлi на Маргарыту моцнае ўражанне, яна цiхенька ўскрыкнула i ўткнулася тварам у Воландаву нагу. - Ну не трэба! - ускрыкнуў Воланд. - Якiя нервозныя сучасныя людзi! - Ён гэтак шлёпнуў Маргарыту па спiне, што звон пайшоў па целе. - Вы ж бачыце, што ён у акулярах. Акрамя ўсяго, не было выпадку, ды i не будзе, каб Абадона з'явiўся перад кiм-небудзь раней часу. Ды, нарэшце, я сам тут. Вы ў мяне ў гасцях! Я проста хацеў вам яго паказаць.

Абадона стаяў нерухома.

- А можа ён зняць акуляры хоць на адну секундачку? - спыталася Маргарыта з-за цiкаўнасцi, прыцiскаючыся да Воланда i ўздрыгваючы.

- А вось гэта нельга, - сур'ёзна адказаў Воланд, махнуў рукою, i той знiк. - Што ты хочаш сказаць, Азазела?

- Месiр, - адказаў Азазела, - дазвольце мне сказаць. У нас двое пастароннiх: прыгажуня, якая плача i просiць, каб яе пакiнулi пры гаспадынi, акрамя таго, прашу прабачэння, яе япрук.

- Дзiўна паводзяць сябе прыгажунi, - адзначыў Воланд.

- Гэта Наташа, Наташа! - усклiкнула Маргарыта.

- Ну, пакiнь пры панi. А япрука - кухарам.

- Закалоць? - спалохана ўскрыкнула Маргарыта. - Злiтуйцеся, месiр, гэта Мiкалай Iванавiч, нiжнi жылец. Тут непаразуменне, яна ўзяла i мазанула яго крэмам...

- Даруйце, - сказаў Воланд, - якога д'ябла яго калоць будуць? Няхай пасядзiць разам з кухарамi, вось i ўсё! Згадзiцеся, што не магу я ўпусцiць яго ў бальную залу?

- Ды ўжо ж... - дадаў Азазела i далажыў: - Поўнач наблiжаецца, месiр.

- А, ну добра, - Воланд звярнуўся да Маргарыты: - Тады прашу вас... Зараней удзячны вам. Не бянтэжцеся i нiчога не бойцеся. Нiчога не пiце, акрамя вады, а то разамлееце, i вам будзе цяжка. Пара!

Маргарыта ўстала з дыванка, i тады ў дзвярах паказаўся Кароўеў.


Раздзел 23 Вялікі сатанінскі баль


Поўнач наблiжалася, трэба было спяшацца. Маргарыта бачыла ўсё, што адбывалася навокал, як у тумане. Запомнiлiся свечкi i нейкi рознакаляровы басейн. Калi Маргарыта стала на дно гэтага басейна, Гела з дапамогаю Наташы аблiла яе нейкаю гарачаю, густою i чырвонаю вадкасцю. Маргарыта адчула салёны прысмак на губах i здагадалася, што мыюць крывёй. Крывавая мантыя змянiлася другою - празрыстаю, густою, ружоваю, i Маргарыцiна галава закружылася ад ружавага алею. Потым Маргарыту паклалi на крыштальны ложак i да бляску пачалi нацiраць нейкiм зялёным лiсцем. Тут уварваўся кот i пачаў дапамагаць. Ён сеў ля Маргарыцiных ступакоў i пачаў iх нацiраць з такiм выглядам, быццам ваксаваў боты на вулiцы.

Маргарыта не памятае, хто пашыў ёй туфлi з ружавых пялёсткаў i як гэтыя туфлi самi зашпiлiлiся на залатыя спражкi. Нейкая сiла падняла Маргарыту i паставiла перад люстрам, i ў валасах у яе заззяў алмазны каралеўскi вянок. Аднекуль з'явiўся Кароўеў i павесiў на грудзi Маргарыце выяву чорнага пудзеля на цяжкiм ланцугу. Гэтае ўпрыгожанне было цяжкiм для каралевы. Ланцуг пачаў муляць шыю, хацелася сагнуцца ад цяжару. Але штосьцi прыйшло i акрамя нязручнасцi ад чорнага пудзеля i ланцуга. Гэта тая павага, з якой пачалi ставiцца да яе Кароўеў i Бегемот.

- Нiчога, нiчога, нiчога! - мармытаў Кароўеў у дзвярах пакоя з басейнам. Нiчога не зробiш, трэба, трэба, трэба... Дазвольце, каралева, даць вам апошнюю параду. Сярод гасцей будуць розныя, вой, вельмi розныя, але нiкога каралева Марго, нiкога не павiнна выдзяляць! Калi нават хто i не спадабаецца... я ўпэўнены, што па вашым твары нi пра што нельга будзе здагадацца... Нават i думаць пра такое нельга! Заўважаць, заўважаць iмгненна! Трэба палюбiць iх, каралева, палюбiць! Вельмi шчодра будзе за гэта ўзнагароджана каралева балю. I яшчэ: не прамiнуць нiкога! Хоць усмешку падарыць, калi не хопiць часу сказаць слова, хаця б маленькi паварот галавы. Усё, што хочаце, толькi не няўвага. Бо яны ад гэтага зачахнуць...

Маргарыта ў суправаджэннi Кароўева i Бегемота ступiла з басейна ў суцэльную цемру.

- Я, я, - шаптаў кот, - я падам знак!

- Давай! - адказаў у цемры Кароўеў.

- Баль! - пранiзлiва вiскнуў кот, i адразу ж Маргарыта ўскрыкнула i на некалькi секунд заплюшчыла вочы.

Баль абрынуўся на яе святлом i адначасова - гукамi i пахамi. Кароўеў нiбы панёс Маргарыту пад руку, i яна ўбачыла сябе ў трапiчным лесе. Чырванагрудыя зялёнахвостыя папугаi чаплялiся за лiяны, скакалi па iх i глушылi сваiм крыкам: "Я ў захапленнi!" Але лес хутка скончыўся, i духата, як у лазнi, змянiлася прахалодаю бальнае залы з калонамi з нейкага жаўтлявага iскрыстага каменю. Гэтая зала, як i лес, была зусiм пустая, i толькi ля калон нерухома стаялi голыя мурыны са срэбнымi павязкамi на галовах. Твары iх зрабiлiся чорна-рудымi ад хвалявання, калi ў залу ўляцела Маргарыта са сваёй свiтай, у якой аднекуль узяўся Азазела. Тут Кароўеў выпусцiў Маргарыцiну руку i шапнуў:

- Прама на цюльпаны!

Невысокая сцяна з белых цюльпанаў вырасла перад Маргарытай, а за ёй яна ўбачыла шматлiкiя агеньчыкi пад каўпачкамi i перад iмi белыя грудзiны i чорныя плечы фрачнiкаў. Тады Маргарыта зразумела, адкуль чулiся бальныя гукi. На яе абрынуўся гук труб, а ўзлёт скрыпак, якi вырваўся з-пад яго, быццам ашпарыў яе цела крывёй. Аркестр з паўсотнi чалавек iграў паланез.

Чалавек у фраку, якi ўзвышаўся перад аркестрам, калi ўбачыў Маргарыту, пабялеў, заўсмiхаўся i раптам узмахам рукi падняў увесь аркестр. Аркестр нi на iмгненне не перапынiў музыку, стоячы, абмываў Маргарыту гукамi. Чалавек над аркестрам адвярнуўся ад яго, пакланiўся нiзка, шырока раскiнуў рукi ў бакi, Маргарыта ўсмiхнулася i памахала яму рукой.

- Не, мала, мала, - зашаптаў Кароўеў, - ён не будзе спаць цэлую ноч. Крыкнiце: "Вiтаю вас, кароль вальсаў!"

Маргарыта крыкнула i здзiвiлася, што голас яе аб'ёмны, як звон, перамог аркестр. Чалавек здрыгануўся ад шчасця i левую руку прытулiў да грудзей, а правай працягваў махаць аркестру белым жэзлам.

- Мала, мала, - шаптаў Кароўеў, - гляньце налева, на першыя скрыпкi i кiўнiце гэтак, каб кожны падумаў, што вы пазналi яго асабiста. Тут толькi сусветна вядомыя знакамiтасцi. Вось гэты, за першым пультам, - гэта Ўетан. Вельмi добра. Цяпер - далей!

- Хто дырыжор? - спыталася Маргарыта, калi ўжо адлятала.

- Ёган Штраўс! - закрычаў кот. - I няхай мяне павесяць на лiяне ў трапiчным лесе, калi хоць дзе-небудзь на балi iграў гэтакi аркестр! Я запрашаў яго! Заўважце, i нiводзiн не захварэў i не адмовiўся.

У наступнай зале не было калон, замест iх сцены з чырвоных, ружовых, малочна-белых ружаў з аднаго боку, а з другога - сцяна японскiх махровых камелiй. Мiж гэтых сцен ужо бiлi, шыпелi фантаны, i шампанскае кiпела бурбалкамi ў трох басейнах, адзiн з якiх быў празрыста-фiялетавы, другi рубiнавы, трэцi - крыштальны. Каля iх мiтусiлiся мурыны ў пунсовых павязках, срэбнымi чарпакамi напаўнялi з басейна пляскатыя чаны. У ружавай сцяне быў праём, i ў iм на эстрадзе кiпеў чалавек у чырвоным фраку з ластаўчыным хвастом. Перад iм нясцерпна грымеў джаз. Як толькi дырыжор угледзеў Маргарыту, ён сагнуўся перад ёй гэтак, што рукавы дасталi да падлогi, потым разагнаўся i пранiзлiва закрычаў:

- Алiлуя!

Ён ляпнуў сябе па калене, потым накрыж па другiм, вырваў з рук у крайняга музыканта талерку i ўдарыў ёй па калоне.

Маргарыта ўжо адлятала, але ўгледзела, што вiртуоз-джазiст змагаеца з паланезам, якi дзьмуў Маргарыце ў спiну, б'е па галовах сваiх джазбандыстаў талеркай, i тыя прысядаюць з камiчным жахам.

Нарэшце вылецелi на пляцоўку, дзе, як зразумела Маргарыта, яе ўпоцемку сустракаў Кароўеў з лампадкай. Цяпер на гэтай пляцоўцы вочы слеплi ад святла, якое лiлося з крышталёвых вiнаградных гронак. Маргарыту паставiлi на месца, i пад леваю рукою ў яе з'явiлася нiзкая аметыставая калонка.

- Руку можна будзе на яе пакласцi, калi стане зусiм цяжка, - шаптаў Кароўеў.

Якiсьцi чарнаскуры падкiнуў пад ногi Маргарыце падушку з вышытым на ёй залатым пудзелем, i на яе, падпарадкоўваючыся нечыiм рукам, яна паставiла сагнутую ў каленi правую нагу.

Маргарыта паспрабавала агледзеццца. Кароўеў i Азазела стаялi побач, як на парадзе. Побач з Азазелам - яшчэ трое маладых, якiя чымсьцi крыху нагадвалi Маргарыце Абадону. У плечы павявала халадком. Маргарыта азiрнулася i ўгледзела, што з мармуровай сцяны ззаду ў яе фантанам струменiць шыпучае вiно i сцякае ў ледзяны басейн. Ля левае нагi яна адчувала нешта цёплае i кудлатае. Гэта быў Бегемот.

Маргарыта была на вышынi, i з-пад яе ног унiз вяла грандыёзная лесвiца, пакрытая дываном. Унiзе, гэтак далёка, нiбы Маргарыта глядзела ў перавернуты бiнокль, яна бачыла агромнiсты швейцарскi пакой з неабдымным камiнам, у халодную i чорную пашчу якога мог свабодна ўехаць пяцiтонны грузавiк. Швейцарскi пакой i лесвiца, да болю ў вачах залiтыя святлом, былi пустыя. Трубы цяпер чулiся здалёку. Гэтак прастаялi нерухома цэлую хвiлiну.

- Дзе ж госцi? - спыталася Маргарыта ў Кароўева.

- Будуць, каралева, зараз будуць. I недахопу не будзе. Я, сапраўды, лепш бы дровы калоў, замест таго каб сустракаць iх тут на пляцоўцы.

- Што дровы калоць, - падхапiў гаваркi кот, - я згадзiўся б быць кандуктарам на трамваi, а горшае за гэту работу няма ў свеце!

- Усё павiнна быць гатова загадзя, каралева, - тлумачыў Кароўеў i гарэў вокам праз сапсаваны манокль. - Няма нiчога горшага, як тое, што госць прыедзе першы i не ведае, дзе падзецца, а законная мегера шэптам пiлуе яго за тое, што яны прыехалi раней за ўсiх. Гэтакiя балi трэба на памыйнiцу выкiдаць, каралева.

- Толькi на памыйнiцу, - пацвердзiў кот.

- Да апоўначы не болей чым дзесяць секунд, - дадаў Кароўеў, - зараз пачнецца.

Гэтыя дзесяць секунд Маргарыце надзвычай здоўжылiся. Мабыць, яны i скончылiся, i нiчога не адбылося. Але тут раптоўна штосьцi грымнула ўнiзе ў вялiзным камiне, i з яго выскачыла шыбенiца, на якой матляўся амаль зусiм згнiлы прах. Гэты прах сарваўся з вяроўкi, грукнуўся аб падлогу, i з яго выскачыў чорнавалосы прыгажун у фраку i ў лакiраваных туфлях. З камiна выбегла напалову гнiлая труна, века адскочыла, i з труны вывалiўся другi прах. Прыгажун па-кавалерску падскочыў да яго, падаў руку, другi прах склаўся ў голую вяртлявую жанчыну ў чорных туфлiках i з чорным пер'ем на галаве, i тады абое, мужчына i жанчына, заспяшалiся ўгору па лесвiцы.

- Першыя! - усклiкнуў Кароўеў. - Пан Жак з жонкаю. Рэкамендую вам, каралева, адзiн з найцiкавейшых мужчын. Перакананы фальшываманетчык, дзяржаўны здраднiк, але даволi добры алхiмiк. Праславiўся тым, - шапнуў на вуха Маргарыце Кароўеў, - што атруцiў каралеўскую каханку. А гэта не з кожным здараецца! Паглядзiце, якi прыгажун!

Спалатнелая Маргарыта, разявiўшы рот, глядзела ўнiз i бачыла, як знiкаюць у нейкiм бакавым ходзе швейцарскага пакоя труна i шыбенiца.

- Я ў захапленнi! - закрычаў проста ў твар пану Жаку кот.

У гэты час з камiна паказаўся безгаловы, з адарванаю рукою шкiлет, ударыўся аб зямлю i ператварыўся ў мужчыну ў фраку.

Жонка пана Жака ўжо станавiлася перад Маргарытай на адно калена i, пабялелая ад хвалявання, цалавала Маргарыцiна калена. - Каралева... мармытала жонка пана Жака.

- Каралева ў захапленнi! - крычаў Кароўеў.

- Каралева... - цiха сказаў прыгажун, пан Жак.

- Мы ў захапленнi, - завываў кот.

Маладыя людзi, памочнiкi Азазелы, усмiхалiся мёртвымi, але прыветлiвымi ўсмешкамi i адцяснялi пана Жака з жонкаю ўбок, да чашаў з шампанскiм, якiя мурыны трымалi ў руках. Па лесвiцы ўзбягаў адзiнокi фрачнiк.

- Граф Роберт, - шаптаў Маргарыце Кароўеў, - як i раней, цiкавы чалавек. Звярнiце ўвагу, каралева, як смешна, - адваротны выпадак: гэты быў каханкам каралевы i атруцiў сваю жонку.

- Мы рады, граф, - ускрыкнуў Бегемот.

З камiна адна за адной вывалiлiся i лопнулi тры труны, затым хтосьцi ў чорнай мантыi, якога наступны выхадзец з чорнае камiннае пашчы ўдарыў у спiну нажом. Унiзе пачуўся здушаны крык. З камiна выбег амаль зусiм згнiлы труп. Маргарыта заплюшчыла вочы, i нечая рука паднесла ёй пад нос флакон з белаю соллю. Маргарыце здалося, што гэта была Наташына рука. Лесвiца пачала запаўняцца. Цяпер ужо на кожнай прыступцы былi, падобныя здалёку адзiн на аднаго, фрачнiкi i голыя жанчыны з iмi, якiя адрознiвалiся адна ад аднае толькi колерам пер'я на галовах i туфляў.

Да Маргарыты кульгава наблiжалася ў адзiным драўляным боце на левай назе панi з апушчанымi, як у манашкi, вачыма, худзенькая, сцiплая i чамусьцi з зялёнаю павязкаю на шыi.

- Хто зялёная? - механiчна спыталася Маргарыта.

- Сама чароўная i салiдная панi, - шаптаў Кароўеў, - рэкамендую вам: спадарыня Тафана. Была надзвычай папулярнаю мiж маладых чароўных неапалiтанак, а таксама жыхарак Палерма, i асаблiва сярод тых, каму надаелi свае мужы. Бывае ж гэтак, каралева, што надакучае ўласны муж...

- Бывае, - глуха адказала Маргарыта, i ў той жа час усмiхалася двум фрачнiкам, якiя адзiн за адным схiлiлiся перад ёй i цалавалi калена i руку.

- Ну, вось, - умудраўся шаптаць Кароўеў Маргарыце i адначасова крычаць некаму: - Герцаг! Бакал шампанскага! Я ў захапленнi!.. Дык вось, панi Тафана разумела гэтых бедных жанчын i прадавала iм нейкую ваду ў бутэлечках. Жонка вылiвала гэтую ваду ў мужаву страву, той з'ядаў, дзякаваў за ласку i адчуваў сябе цудоўна. Праўда, праз некалькi гадзiн яму пачынала страшэнна хацецца пiць, потым ён клаўся ў ложак, а праз дзень прыгожая неапалiтанка, якая накармiла свайго мужа, была вольная, як вясновы вецер.

- А што гэта ў яе на назе? - пыталася Маргарыта, нястомна працягваючы руку гасцям, якiя перагналi кульгавую панi Тафану. - I нашто гэтая зелень на шыi? Шыя белая?

- Я ў захапленнi, князь! - крычаў Кароўеў i шаптаў Маргарыце: - Цудоўная шыя, але з ёю непрыемнасць здарылася ў турме. На назе ў яе, каралева, гiшпанскi боцiк, а стужка вось чаму: калi турэмшчыкi даведалiся, што амаль пяцьсот няўдала выбраных мужоў пакiнулi Неапаль i Палерма назаўсёды, яны ў гарачцы задушылi панi Тафану ў турме.

- Якая я шчаслiвая, чорная каралева, што маю гонар, - пакорлiва шаптала Тафана i спрабавала стаць на калена.

Iспанскi боцiк перашкаджаў ёй. Кароўеў i Бегемот дапамаглi Тафане.

- Я рада, - адказала ёй Маргарыта i тым часам падавала руку iншым.

Цяпер па лесвiцы знiзу ўгору падымалася суцэльная плынь. Маргарыта ўжо не магла бачыць, што робiцца ў швейцарскiм пакоi. Яна механiчна падымала i апускала руку, аднолькава ўсмiхалася гасцям. У паветры на пляцоўцы стаяў гул, з пакiнутых Маргарытаю бальных залаў, як мора, чулася музыка.

- А вось гэта - нудная жанчына, - ужо не шаптаў, а гаварыў моцна Кароўеў, ведаў, што ў гуле галасоў яго не будзе чуваць, - любiць балi i ўсё марыць пажалiцца на сваю насоўку.

Маргарыта знайшла вачыма сярод плынi тую, на каго паказваў Кароўеў. Гэта была маладая жанчына гадоў дваццацi, надзвычай прыгожае паставы, але з нейкiмi неспакойнымi i надакучлiвымi вачыма.

- Якую насоўку? - спыталася Маргарыта.

- Да яе камерыстка прыстаўлена, - растлумачыў Кароўеў, - i трыццаць гадоў кладзе ёй на ноч на столiк насоўку. Як толькi прачнецца, насоўка ёсць. Яна палiла яе ў печы i тапiла ў рацэ, але нiчога не дапамагае.

- Якую насоўку, - шаптала Маргарыта, падымаючы i апускаючы руку.

- З сiняй аблямовачкай. Справа ў тым, што, калi яна служыла ў кавярне, гаспадар неяк зазваў яе ў каморку, а праз дзевяць месяцаў нарадзiўся хлопчык, якога яна занесла ў лес i запхнула яму ў роцiк насоўку, а потым закапала хлопчыка ў зямлю. На судзе яна гаварыла, што ёй не было чым кармiць дзiця.

- А дзе ж гаспадар гэтай кавярнi? - спыталася Маргарыта.

- Каралева, - раптам зашыпеў унiзе кот, - дазвольце мне запытацца: пры чым тут гаспадар? Ён не душыў немаўля ў лесе!

Маргарыта не пераставала ўсмiхацца i махаць праваю рукою, а вострымi пазногцямi левае рукi ўпiлася ў Бегемотава вуха i зашаптала яму:

- Калi ты, сволач, яшчэ раз пасмееш умяшацца ў размову...

Бегемот неяк не па-бальнаму пiскнуў i захрыпеў.

- Каралева... вуха распухне... Навошта баль псаваць распухлым вухам?.. Я гаварыў юрыдычна... з юрыдычнага боку... Маўчу, маўчу... Лiчыце, што я не кот, а рыба, толькi пусцiце вуха.

Маргарыта адпусцiла вуха, i надакучлiвыя, цёмныя вочы апынулiся перад ёй.

- Я шчаслiвая, каралева-гаспадыня, што запрошана на гэты вялiкi баль поўнi.

- А я, - адказала Маргарыта, - рада вас бачыць. Вельмi рада. Вы любiце шампанскае?

- Што вы робiце, каралева?! - адчайна, але амаль нячутна ўскрыкнуў на вуха Кароўеў. - Затор атрымаецца!

- Я люблю! - з мальбою гаварыла жанчына i раптам пачала паўтараць: Фрыда, Фрыда, Фрыда! Мяне завуць Фрыдай, каралева!

- Дык вы напiцеся сёння, Фрыда, i нi пра што не думайце, - сказала Маргарыта.

Фрыда працягнула абедзве рукi да Маргарыты, але Кароўеў i Бегемот спрытна падхапiлi яе пад рукi, i яна знiкла ў натоўпе.

Цяпер народ знiзу iшоў сцяною, быццам штурмаваў пляцоўку, на якой стаяла Маргарыта. Голыя жаночыя целы вiдаць былi мiж фрачнымi мужчынамi. На Маргарыту наплывалi iх смуглыя, белыя, шакаладныя i зусiм чорныя целы. У валасах рыжых, чорных, каштанавых, белых, як лён, - у моры святла зiхацелi i пералiвалiся iскрамi каштоўныя ўпрыгожаннi. I быццам нехта акрапiў святлом штурмавую калону мужчын кропелькамi святла, - з грудзей пырскалi святлом брыльянтавыя заколкi. Маргарыта кожную секунду адчувала дотык губ да калена, кожную секунду падавала руку для пацалунка, твар яе акамянеў прыветнаю маскаю.

- Я ў захапленнi, - аднастайна вёў Кароўеў, - мы ў захапленнi...

- Каралева ў захапленнi... - гугнiў за плячыма Азазела.

- Я ў захапленнi, - выкрыкваў кот.

- Маркiза, - мармытаў Кароўеў, - бацьку атруцiла, двух братоў i дзвюх сясцёр з-за спадчыны... Каралева ў захапленнi!.. Панi Мiнкiна... Ах, якая прыгожая! Крыху нервовая. Навошта ж было пячы твар служанцы шчыпцамi для завiўкi? Вядома, за такое зарэжуць... Каралева ў захапленнi!.. Каралева, секундачку ўвагi! Iмператар Рудольф, чараўнiк i алхiмiк.. Яшчэ алхiмiк, павешаны... Ах, вось i яна! Ах, якi цудоўны публiчны дом трымала ў Страсбургу!.. Мы ў захапленнi!.. Маскоўская краўчыха, мы любiм усе яе за бясконцую фантазiю... трымала атэлье i прыдумала надзвычай смешную штуку: прасвiдравала дзве дзiрачкi ў сцяне...

- А панi не ведалi? - спыталася Маргарыта.

- Усе да адной ведалi, каралева, - адказаў Кароўеў. - Я ў захапленнi!.. Гэты дваццацiгадовы хлопец з дзяцiнства меў дзiўную фантазiю, летуценнiк i дзiвак. Яго палюбiла адна дзяўчына, а ён узяў i прадаў яе ў публiчны дом...

Знiзу цякла рака. Канца гэтай рацэ не было вiдаць. Яе выток, вялiзны камiн, працягваў напаўняць яе. Гэтак прайшла гадзiна, другая. Тут Маргарыта пачала прыкмячаць, што яе ланцуг зрабiўся цяжэйшым, чым раней. Нешта дзiўнае адбывалася i з рукою. Цяпер, перад тым як падняць яе, Маргарыта мiжволi моршчылася. Цiкавыя каментары Кароўева перасталi забаўляць Маргарыту. I касавокiя мангольскiя твары, i твары белыя i чорныя сталi абыякавымi, часам злiвалiся ў нешта адно, а паветра памiж iмi пачынала трымцець i струменiць. Востры боль, быццам укалолi iголкаю, працяў раптам правую руку. Маргарыта сцiснула зубы i абаперлася на тумбу. Нейкi шолах, нiбы ад крылаў па сценах, чуўся цяпер ззаду з залы, i было зразумела, што там танцуе незлiчонае мноства гасцей. I Маргарыце здавалася, што нават цяжкiя мармуровыя, мазаiчныя i крыштальныя падлогi ў гэтых незвычайных залах рытмiчна пульсуюць.

Нi Гай Кесар Калiгула, нi Месалiна ўжо не цiкавiлi Маргарыту, гэтаксама як i нiводзiн з каралёў, герцагаў, кавалераў, самагубцаў, атручальнiкаў, вiсельнiкаў i зводнiц, турэмшчыкаў i шулераў, катаў, даносчыкаў, здраднiкаў, вар'ятаў, сышчыкаў, разбэшчвальнiкаў. Усе iх iмёны пераблыталiся ў галаве, твары змяшалiся ў адну вялiзную аладку, i толькi адзiн твар застаўся ў памяцi, аблямаваны сапраўды вогненнай барадой, твар Малюты Скуратава. Ногi Маргарыцiны падгiналiся, яна кожную хвiлiну баялася, што пачне плакаць. Найбольшыя пакуты былi ад правага калена, якое цалавалi. Яно распухла, скура на iм пасiнела, хаця некалькi разоў Наташыны рукi з'яўлялiся з губкаю i чымсьцi духмяным абцiралi яго. У канцы трэцяе гадзiны Маргарыта зiрнула ўнiз зусiм безнадзейна i радасна здрыганулася: плынь гасцей парадзела.

- Законы з'езду на баль усюды аднолькавыя, каралева, - шаптаў Кароўеў, зараз наплыў пачне спадаць. Клянуся, што мы пакутуем апошнiя хвiлiны. Вунь групка брокенскiх гулякаў. Яны заўсёды прыязджаюць апошнiя. Ага, гэта яны. Два п'яныя крывапiўцы... усе? А не, вунь яшчэ адзiн, не, двое!

Па лесвiцы ўзыходзiла двое апошнiх гасцей.

- Ды гэта хтосьцi новенькi, - гаварыў Кароўеў, прыплюшчыўшыся праз шкельца. - Ага, ага. Неяк аднойчы яго наведаў Азазела i на вушка параiў, як пазбавiцца ад аднаго чалавека, якi мог яго выкрыць. I вось ён загадаў свайму падначаленаму апырскаць сцены кабiнета ядам.

- Як яго завуць? - спыталася Маргарыта.

- А чорт яго, я i сам не ведаю, - адказаў Кароўеў, - трэба папытацца ў Азазелы.

- А з iм хто?

- А гэта той самы яго старанны падначалены. Я ў захапленнi! - крыкнуў Кароўеў двум апошнiм.

Лесвiца апусцела. На ўсякi выпадак пачакалi яшчэ некалькi хвiлiн. Але з камiна нiхто болей не выходзiў.

Праз секунду, Маргарыта i не памятала, як гэта здарылася, яна апынулася ў тым самым пакоi з басейнам i там заплакала ад болю ў руцэ i ў назе, упала проста на падлогу. Але Гела i Наташа суцешылi яе, зноў падвялi пад крывавы душ, зноў размасiравалi, расцерлi ёй цела, i Маргарыта зноў ажыла.

- Яшчэ, яшчэ, каралева Марго, - шаптаў Кароўеў, якi зноў з'явiўся побач, трэба абляцець залы, каб шаноўныя госцi не адчувалi сябе пакiнутымi.

I Маргарыта зноў паляцела з пакоя з басейнам. На эстрадзе за цюльпанамi, дзе iграў аркестр караля вальсаў, цяпер шалеў малпавы джаз. Вялiзная, з кудлатымi бакенбардамi гарыла з трубою ў руках, цяжка прытанцоўваючы, дырыжыравала. У радок сядзелi арангутангi, дзьмулi ў блiскучыя трубы. На плячах у iх размясцiлiся шымпанзе з гармонiкамi. Два гамадрылы з iльвiнымi грывамi iгралi на раялях, i гэтыя раялi не былi чуваць сярод шуму, пiску i бубухання саксафонаў, скрыпак i барабанаў у лапах у гiбонаў, мандрылаў i мартышак. На люстранай падлозе незлiчоная колькасць пар, як адна суцэльная маса, якая ўражвала спрытнасцю i чысцiнёю рухаў, круцiлася ў адным накiрунку, iшла сцяною i гатова была ўсё змесцi са свае дарогi. Жывыя атласныя матылькi пырхалi над полчышчамi танцораў, са столi сыпалiся кветкi. У капiтэлях калон, калi патухла электрычнасць, засвяцiлiся мiрыяды светлячкоў, а ў паветры плавалi балотныя агнi.

Потым Маргарыта апынулася ў велiзарным басейне, акружаным каланадаю. Гiганцкi чорны Нептун лiў з пашчы шырокi ружовы струмень. Хмельны пах шампанскага стаяў над басейнам. Тут панавала сапраўдная весялосць. Панi смяялiся, скiдалi туфлi, аддавалi сумачкi сваiм кавалерам альбо мурынам, якiя стаялi тут з прасцiнамi ў руках, i з крыкам, ластаўкай давалi нырца, ажно пенныя слупы ўзляталi ўгору. Крышталёвае басейнавае дно гарэла, падсвечанае святлом знiзу, святло прабiвала тоўшчу вiна, i ў iм былi вiдаць срабрыстыя плывучыя целы. Выскоквалi з басейна ўшчэнт п'янымi. Рогат звiнеў пад калонамi i грымеў, як у лазнi.

З усяе гэтае мiтуснi запомнiўся адзiн ушчэнт п'яны жаночы твар з пустымi вачыма, але i ў пустаце гэтай была нейкая мальба, i ўспомнiлася адно толькi слова - "Фрыда"!

У галаве ў Маргарыты пачало кружыцца ад вiннага водару, i яна сабралася ўжо iсцi, але кот адмачыў у басейне нумар, якi затрымаў Маргарыту. Бегемот нешта пачараваў ля Нептунавай пашчы, i адразу ж шыпучая шумлiвая маса шампанскага выцекла з басейна, а Нептун пачаў струменiць цёмна-жоўтую хвалю, якая не пенiлася i не шыпела. Панi завiшчалi i закрычалi:

- Каньяк! - кiнулiся ад басейна за калоны. Праз некалькi секунд басейн быў поўны, i кот, тройчы перакулiўшыся ў паветры, рынуўся ў каньяк. Ён вылез, адфыркаўся, гальштук на iм раскiс, пазалота зляцела з вусоў, i не стала бiнокля. Паўтарыць Бегемотаў нумар адважылася тая выдумшчыца-краўчыха i яе кавалер, невядомы малады мулат, i яны абое кiнулiся ў каньяк, але тут Кароўеў падхапiў Маргарыту пад руку, i яны пайшлi ад купальшчыкаў.

Маргарыце здалося, што яна дзесьцi ляцела i бачыла там у вялiзных каменных сажалках цэлыя горы вустрыц. Потым ляцела над шкляной падлогаю, пад якой гарэлi пякельныя печы, ля якiх завiхалiся д'ябальскiя белыя кухары. Потым недзе яна, ужо не разумеючы нiчога, бачыла цёмныя сутарэннi, дзе гарэлi нейкiя свяцiльнiкi, дзе дзяўчаты падносiлi мяса, якое шыпела на вуголлi, дзе вялiкiмi кубкамi пiлi за яе здароўе. Потым яна бачыла белых мядзведзяў, якiя iгралi на гармонiках i танцавалi камарынскую на эстрадзе. Фокуснiка-саламандру, якi не гарэў у камiне...I другi раз у яе пачало не хапаць сiлы.

- Апошнi выхад, - прашаптаў ёй заклапочана Кароўеў, - i мы вольныя.

Яна ў суправаджэннi Кароўева зноў апынулася ў бальнай зале, але цяпер тут не танцавалi, i госцi незлiчоным натоўпам збiлiся мiж калон, вызвалiлi сярэдзiну залы. Маргарыта не памятала, хто дапамог ёй узысцi на ўзвышэнне, якое з'явiлася на вызваленым месцы. Калi яна ўзышла на яго, здзiўлена пачула, што дзесьцi гадзiннiк адбiваў поўнач, хаця ёй здавалася, што поўнач даўно прамiнула. Разам з апошнiм ударам невядома адкуль чутнага гадзiннiка на натоўпы гасцей найшло глухое маўчанне.

Тады Маргарыта зноў угледзела Воланда. Ён iшоў, акружаны Абадонам, Азазелам i яшчэ некалькiмi, падобнымi на Абадону, чорнымi i маладымi. Маргарыта цяпер угледзела, што насупраць яе ўзвышэнне было падрыхтавана i Воланду. Але ён на яго не ўзышоў. Уразiла Маргарыту тое, што Воланд з'явiўся на гэты свой апошнi вялiкi выхад у тым самым адзеннi, у якiм быў у спальнi. Тая самая брудная залапленая сарочка звiсала ў яго на плячах, на нагах былi зношаныя пакаёвыя туфлi. Воланд быў са шпагаю, але гэтай аголенай шпагаю ён карыстаўся замест кiйка.

Воланд накульгваў. Ён спынiўся ля свайго ўзвышэння, i адразу Азазела апынуўся перад iм з мiсай у руках, а ў гэтай мiсе Маргарыта ўгледзела адрэзаную чалавечую галаву з выбiтымi пярэднiмi зубамi. Працягвала панаваць абсалютная цiшыня, i парушыў яе толькi адзiн раз незразумелы ў гэтых умовах званок, якi нагадваў той, калi звоняць у дзверы.

- Мiхаiл Аляксандравiч, - цiха звярнуўся Воланд да галавы, i тады павекi забiтага расплюшчылiся, i на мёртвым твары Маргарыта, якая аж скаланулася, убачыла жывыя, напоўненыя думкамi i пакутамi вочы. - Усё збылося цi не? працягваў Воланд i глядзеў галаве ў вочы. - Галава адрэзана жанчынаю, паседжанне не адбылося, i жыву я ў вашай кватэры. Гэта - факт. А факты - сама ўпартыя рэчы на свеце. Але цяпер iнтарэс мае наступнае, а не тое, што адбылося ўжо. Вы заўсёды былi прыхiльнiкам той тэорыi, што пасля таго, як адрэзана галава, жыццё ў чалавеку канчаецца, ён ператвараецца ў прах i адыходзiць у нябыт. Мне прыемна паведамiць вам пры гасцях, хаця яны самi доказ iншае тэорыi пра тое, што ваша тэорыя грунтоўная i дасцiпная. Дарэчы, усе тэорыi варты адна аднае. Ёсць сярод iх i такая, што кожнаму будзе аддзячана ў адпаведнасцi з яго вераю. Няхай збудзецца гэта! Вам адысцi ў нябыт, а мне радасна будзе з чашы, у якую вы ператвараецеся, выпiць за iснаванне!

Воланд падняў шпагу. Адразу ўсё на галаве пацямнела, скурчылася, потым паадвальвалася кавалкамi, вочы знiклi, i хутка Маргарыта ўбачыла ў мiсе жаўтлявы, з iзумруднымi вачыма i жамчужнымi зубамi, на залатой ножцы чалавечы чэрап. Адчынiлася накрыўка.

- Адзiн момант, месiр, - сказаў Кароўеў, калi перахапiў запытальны Воландаў позiрк, - ён будзе перад вамi. Я чую ў гэтай магiльнай цiшынi, як парыпваюць яго лакiраваныя туфлi i як звiнiць келiх, якi ён паставiў на стол, апошнi раз выпiўшы шампанскага. Ды вось i ён.

У залу ўваходзiў новы адзiнокi госць i накiроўваўся да Воланда. Знешне ён нiчым не адрознiваўся ад шматлiкiх астатнiх гасцей-мужчын, акрамя аднаго: госць ажно хiстаўся ад хвалявання, i гэта было прыкметна здалёк. На ягоных шчоках гарэлi плямы, i вочы трывожна бегалi. Госць быў ашаломлены, i гэта зусiм натуральна: яго ўражвала ўсё i галоўным чынам, вядома, Воландава адзенне.

Аднак сустрэлi госця надзiва ласкава.

- А, мiлы барон Майгель, - прыветна ўсмiхнуўся i загаварыў Воланд з госцем, вочы ў якога мiтусiлiся i лезлi на лоб, - я шчаслiвы паказаць вам, Воланд звярнуўся да гасцей, - шаноўнага барона Майгеля, якi служыць у Камiсii вiдовiшчаў на пасадзе знаёмцы чужаземцаў са славутымi мясцiнамi сталiцы.

Тут Маргарыта замерла, таму што раптоўна пазнала гэтага Майгеля. Ён некалькi разоў сустракаўся ёй у маскоўскiх тэатрах i ў рэстарацыях. "Пачакайце... - падумала Маргарыта, - ён, атрымлiваецца, памёр таксама?" Але ўсё адразу высветлiлася.

- Мiлы барон, - працягваў Воланд i радасна ўхмыляўся, - быў такi добры, што як толькi даведаўся пра мой прыезд у Маскву, адразу патэлефанаваў мне i прапанаваў свае паслугi адпаведна сваёй спецыяльнасцi. Зразумела, што я меў гонар адразу запрасiць яго да сябе.

У гэты час Маргарыта ўбачыла, як Азазела перадаў мiсу з чэрапам Кароўеву.

- Ага, дарэчы, барон, - раптам, iнтымна прыцiшыўшы голас, прамовiў Воланд, - разнеслiся чуткi пра вашу надзвычайную цiкаўнасць. Гавораць, што калi злучыць яе з не меншай балбатлiвасцю, то на гэта нельга не звярнуць увагi. Мала таго, злыя языкi ўжо пусцiлi пагалоску - даносчык i шпiён. Але i гэтага мала, ёсць меркаванне, што гэта паслужыць прычынай вашага канца не пазней чым праз месяц. Дык вось, каб пазбавiць вас гэтага доўгага чакання, мы рашылi прыйсцi вам на дапамогу i выкарысталi тую акалiчнасць, што вы самi напрасiлiся да мяне ў госцi якраз дзеля таго, каб падгледзець i выслухаць усё, што толькi можна.

Барон стаў бялейшы за Абадону, якi быў надзвычай белатвары ад нараджэння, а потым адбылося нешта дзiўнае. Абадона аказаўся ля барона, зняў на iмгненне акуляры са свайго твару. У тое самае iмгненне нешта вогненна блiснула ў руках Азазелы, нешта цiха ляпнула, быццам пляснулi ў ладкi, барон пачаў падаць на спiну, пунсовая кроў хлынула ў яго з грудзей i залiла накрухмаленую кашулю i камiзэльку. Кароўеў падставiў чашу пад струмень i перадаў, напоўненую, Воланду. Мёртвае баронава цела было ўжо на падлозе.

- Я п'ю за ваша здароўе, панове, - цiха сказаў Воланд, падняў чашу i дакрануўся да яе губамi.

Пасля гэтага адбылася метамарфоза. Знiкла залапленая сарочка i зношаныя туфлi. Воланд аказаўся ў нейкай чорнай хламiдзе са сталёваю шпагаю на баку. Ён хутка падышоў да Маргарыты, падаў чашу i загадаў:

- Пi!

У Маргарыты закружылася галава, яе павяло ўбок, але чаша ўжо была ля губ, i нечыя галасы, а чые - яна не магла разабрацца, шапнулi ў вуха:

- Не бойцеся, каралева... Не бойцеся, каралева, - кроў даўно пайшла ў зямлю. I там, дзе яна была, ужо растуць вiнаградныя гронкi.

Маргарыта з заплюшчанымi вачыма каўтнула, i салодкi агонь прабег па яе жылах, у вушах зазвiнела. Ёй здалося, што глушаць крыкам пеўнi, што дзесьцi iграюць маршы. Натоўпы гасцей пачалi страчваць сваё аблiчча. I фрачнiкi, i жанчыны рассыпалiся ўшчэнт. Гнiллё на вачах у Маргарыты запаланiла залу, i ў ёй запахла пограбам. Калоны рассыпалiся, патухлi агнi, усё сцялася, прапалi фантаны, цюльпаны i камелii. А засталося тое, што i было - сцiплая ювелiршына гасцёўня, з прачыненых дзвярэй якое падала палоска святла. У гэтыя прачыненыя дзверы i ўвайшла Маргарыта.


Раздзел 24 Вяртанне Майстра


У Воландавай спальнi ўсё было гэтакае самае, як i да балю. Воланд у сарочцы сядзеў на ложку, i толькi Гела не расцiрала яму нагу, а на стале, дзе раней гулялi ў шахматы, стаўляла вячэраць. Кароўеў i Азазела знялi фракi i сядзелi за сталом, а побач з iмi, вядома, мясцiўся i кот, якi не хацеў развiтвацца са сваiм гальштукам, хаця ён зусiм ператварыўся ў анучку. Маргарыта, хiстаючыся, падышла да стала i абаперлася на яго. Тады Воланд паклiкаў яе, як i тады, да сябе, паказаў, каб села побач.

- Ну што, вас ушчэнт замучылi? - спытаўся Воланд.

- Ды не, месiр, - адказала Маргарыта ледзь чутна.

- Ноблес облiж, - сказаў кот i налiў Маргарыце нейкай празрыстай вадкасцi ў шклянку для лафiту.

- Гэта гарэлка? - слаба спыталася Маргарыта.

Кот ажно падскочыў на крэсле ад крыўды.

- Злiтуйцеся, каралева, - захрыпеў ён, - хiба я дазволiў бы сабе налiць панi гарэлкi? Гэта - чысты спiрт!

Маргарыта ўсмiхнулася i памкнулася адсунуць шклянку.

- Пiце смела, - сказаў Воланд, i Маргарыта адразу ўзяла шклянку ў руку. Гела, сядай, - загадаў Воланд i растлумачыў Маргарыце: - Ноч поўнi - святочная ноч, i я вячэраю з малою кампанiяй блiзкiх мне людзей i слуг. Дык як вы маецеся? Як прайшоў гэты цяжкi баль?

- Цудоўна! - затрашчаў Кароўеў. - Усе зачараваныя, закаханыя, знiшчаныя! Гэтулькi тактоўнасцi, гэтулькi ўмення, чароўнасцi i шарму!

Воланд моўчкi падняў шклянку i чокнуўся з Маргарытаю. Маргарыта пакорлiва выпiла, думаючы, што на месцы i сканае ад спiрту. Але нiчога дрэннага не здарылася. Жывая цеплыня разлiлася ў яе ў жываце, нешта мякка таўханула ў патылiцу, вярнулася сiла, быццам яна прачнулася пасля доўгага моцнага сну, акрамя гэтага адчула, што галодная, як ваўчыца. Успомнiла, што не ела нiчога з учарашняе ранiцы, i есцi захацела яшчэ мацней. Яна пачала прагна каўтаць iкру.

Бегемот адрэзаў кавалак ананаса, пасалiў яго, наперчыў, з'еў, i пасля гэтак спраўна кульнуў другую чарку, што ўсе заапладзiравалi яму.

Маргарыта выпiла другую чарку, i свечкi ў свечнiках загарэлiся ярчэй, у камiне пабольшала полымя. Хмелю Маргарыта зусiм не адчувала. Яна кусала белымi зубамi мяса, цешылася сокам, якi цёк з яго, i глядзела, як Бегемот намазвае гарчыцаю вустрыц.

- Ты яшчэ вiнаграду наверх пакладзi, - цiха сказала Гела i таўханула ката ў бок.

- Папрашу мяне не вучыць, - адказаў Бегемот, - ведаю, як паводзiць сябе за сталом, ведаю!

- Ах, як прыемна вось гэтак вячэраць, пры агнi, па-свойску, - трашчаў Кароўеў, - з блiзкiмi табе...

- Не, Фагот, - пярэчыў кот, - баль мае сваю асалоду i размах...

- Нiякае асалоды там няма i размаху таксама, а гэтыя дурныя мядзведзi i тыгры ў бары сваiм ровам давялi мяне да мiгрэнi, - сказаў Воланд.

- Слухаю, месiр, - сказаў кот, - калi вы лiчыце, што размаху не было, то i я адразу таксама буду гэтак лiчыць.

- Ты глядзi! - адказаў Воланд.

- Я пажартаваў, - пакорлiва адказаў кот, - а што датычыць тыграў, то я загадаю, каб iх зарэзалi i засмажылi.

- Тыграў не ядуць, - сказала Гела.

- Вы так думаеце? Тады прашу выслухаць, - адазваўся кот, заплюшчыўся ад задавальнення, i расказаў, як аднойчы ён блукаў па пустынi дзевятнаццаць дзён i адзiнае, чым харчаваўся, гэта было мяса забiтага iм тыгра. Усе з цiкавасцю слухалi гэты займальны расказ, а калi кот скончыў, усе хорам ускрыкнулi:

- Хлусня!

- I што сама цiкавае ў гэтай хлуснi, - сказаў Воланд, - што яна - хлусня ад першага да апошняга слова.

- Ага, хлусня? - ускрыкнуў кот, i ўсе падумалi, што ён пачне пярэчыць, але ён толькi цiха сказаў: - Гiсторыя рассудзiць нас.

- А скажыце, - звярнулася да Азазелы Марго, якая ажыла пасля спiрту, - вы застрэлiлi яго, гэтага былога барона?

- Вядома, - адказаў Азазела, - як яго не застрэлiць? Яго абавязкова трэба застрэлiць.

- Я гэтак хвалявалася! - усклiкнула Маргарыта. - Гэта здарылася неспадзявана.

- Нiчога нечаканага не было, - запярэчыў Азазела, а Кароўеў завыў i занэндзiў:

- Як тут не хвалявацца? У мяне ў самога лыткi затрэслiся! Бух! Раз! Барон на бок!

- У мяне ледзь не iстэрыка была, - дадаў кот i аблiзаў лыжку з iкрою.

- Мне вось што не зразумела, - гаварыла Маргарыта, i залатыя iскаркi ад крышталю ззялi ў яе ў вачах, - няўжо звонку не чуваць было музыкi i наогул грукату ад гэтага балю?

- Вядома, не было чуваць, каралева, - растлумачыў Кароўеў, - гэта трэба рабiць так, каб не было чуваць. Гэта акуратненька трэба рабiць.

- Вядома, вядома... Справа ў тым, што гэты чалавек на лесвiцы... Калi мы iшлi з Азазелам... I другi ля пад'езда... Я думаю, што ён цiкаваў за вашай кватэрай...

- Правiльна, правiльна!.. - крычаў Кароўеў. - Правiльна, дарагая Маргарыта Мiкалаеўна! Вы пацвярджаеце мае падазрэннi! Сапраўды, ён вёў назiранне. Я сам спачатку падумаў, што гэта якi-небудзь прыват-дацэнт цi закаханы, якi чакае на лесвiцы. Але не, не! Нешта трывожыла маё сэрца! Ён вёў назiранне! I другi ля пад'езда таксама! I той, што ў падваротнi, таксама!

- Вось цiкава, калi вас прыйдуць арыштоўваць? - сказала Маргарыта.

- Абавязкова прыйдуць, чароўная каралева, абавязкова! - адказаў Кароўеў. Сэрцам чую, што прыйдуць. Не цяпер, вядома, у свой час прыйдуць. Але думаю, што нiчога цiкавага не атрымаецца.

- Вой, як я расхвалявалася, калi гэты барон упаў, - гаварыла Маргарыта, i вiдаць было, што яна дасюль перажывае забойства, якое бачыла ўпершыню ў жыццi. - Вы, мабыць, добра страляеце?

- Нармалёва, - адказаў Азазела.

- А на колькi крокаў? - задала Маргарыта Азазелу не зусiм зразумелае пытанне.

- А гэта, калi глядзець, у што, -справядлiва адказаў Азазела, - адно трапiць малатком у шкло крытыку Латунскаму, другое - яму ў сэрца трапiць.

- У сэрца! - усклiкнула Маргарыта i схапiлася за сваё. - У сэрца! паўтарыла яна глухiм голасам.

- Што гэта за крытык Латунскi? - спытаўся Воланд i прымружана паглядзеў на Маргарыту.

Азазела, Кароўеў i Бегемот неяк сарамлiва апусцiлi вочы, а Маргарыта адказала:

- Ёсць адзiн такi крытык. Сёння вечарам я разнесла яму кватэру.

- Вось табе i маеш! А за што?

- Ён, месiр, - растлумачыла Маргарыта, - загубiў аднаго майстра.

- А навошта было самой старацца? - спытаўся Воланд.

- Дазвольце мне, месiр! - ускрыкнуў кот радасна i ўсхапiўся.

- Ды сядзi ты, - буркнуў Азазела i ўстаў, - я сам зараз з'езджу...

- Не! - усклiкнула Маргарыта. - Не, прашу вас, не трэба гэтага, месiр!

- Як хочаце, як хочаце, - адказаў Воланд, а Азазела сеў на сваё месца.

- Дык дзе мы спынiлiся, дарагая каралева Марго? - гаварыў Кароўеў. - Ага, сэрца. У сэрца ён трапiць, - Кароўеў паказаў сваiм доўгiм пальцам на Азазелу, - на выбар, у любое перадсэрдзе цi ў любы жалудачак.

Маргарыта не адразу зразумела, а калi да яе дайшло, ускрыкнула:

- Дык iх не вiдаць!

- Дарагая, - трашчаў Кароўеў, - у тым увесь i цымус, што iх не вiдаць! А ў адкрыты прадмет кожны можа трапiць!

Кароўеў дастаў з шуфлядкi стала пiкавую сямёрку, падаў Маргарыце, папрасiў адзначыць пазногцем адно з ачкоў. Маргарыта пазначыла верхняе правае. Гела схавала карту пад падушку i крыкнула:

- Гатова!

Азазела, якi сядзеў задам да падушкi, дастаў з кiшэнi фрачных штаноў аўтаматычны пiсталет, паклаў дула на плячо i стрэлiў, не адварочваючыся да падушкi, чым весела спалохаў Маргарыту. З-пад прастрэленае падушкi дасталi карту. Пазначанае Маргарытаю ачко было прабiта.

- Не хацелася б сустракацца з вамi, калi ў вас у руках рэвальвер, гуллiва паглядаючы на Азазелу, сказала Маргарыта. Яна любiла людзей, якiя ўмеюць рабiць што-небудзь па-сапраўднаму.

- Дарагая мая каралева, - пiшчаў Кароўеў, - я нiкому не раiў i не раю сустракацца з iм, нават калi ў яго не будзе нiякага рэвальвера ў руках! Клянуся гонарам былога рэгента i запявалы, што нiхто не павiншаваў бы гэтага сустрэчнага.

Кот насуплена сядзеў, пакуль адбываўся вопыт са стралянiнай, i раптам аб'явiў:

- Бяруся перакрыць рэкорд з сямёркай!

Азазела ў адказ штосьцi прабурчаў. Але кот быў упэўнены i запатрабаваў адразу два рэвальверы. Азазела дастаў другi рэвальвер з другое задняе кiшэнi, пагардлiва скрывiў рот i разам з першым перадаў хвальку. Пазначылi два ачкi на сямёрцы. Кот доўга меркаваўся, адвярнуўшыся ад падушкi. Маргарыта заткнула вушы пальцамi, сядзела i глядзела на саву, якая драмала на камiннай палiцы. Кот стрэлiў з абодвух рэвальвераў, пасля гэтага адразу вiскнула Гела, забiтая сава ўпала з камiна, i спынiўся пабiты гадзiннiк. Гела, у якой адна рука была акрываўленая, завыла i ўпiлася кату ў поўсць, а ён ёй у валасы, i яны клубком пакацiлiся па падлозе. Адзiн з келiхаў упаў са стала i пабiўся.

- Адцягнiце ад мяне гэтую ашалелую ведзьму! - завываў кот i адбiваўся ад Гелы, якая сядзела верхам на iм.

Забiяк разнялi, Кароўеў падзьмухаў на прастрэлены Гелiн палец, i той загаiўся.

- Я не магу страляць, калi гавораць пад руку! - крычаў Бегемот i стараўся прымайстраваць на ранейшае месца вылуплены на спiне вялiзны камяк поўсцi.

- Магу паспрачацца, - сказаў Воланд i ўсмiхнуўся Маргарыце, - што гэтую штуку ён усмалiў знарок. Ён страляе даволi няблага.

Гела з катом памiрылiся i ў знак гэтага прымiрэння пацалавалiся. Дасталi з-пад падушкi карту. Нiводнае з ачкоў, акрамя прастрэленага Азазелам, не было закранута.

- Не можа гэтага быць, - гаварыў кот i глядзеў праз карту на святло ад свечнiка.

Вясёлая вячэра працягвалася. Свечкi аплывалi ў свечнiках, па пакоях хвалямi расплывалася сухое духмянае цяпло ад камiна. Маргарыта наелася, i яе ахапiла адчуванне задаволенасцi. Яна глядзела, як шызыя абараначкi дыму з Азазелавае сiгары плылi ў камiн i як кот ловiць iх на кончык шпагi. Ёй нiкуды не хацелася iсцi, хоць было ўжо позна. Калi меркаваць па ўсiм, што адбылося, было ўжо гадзiн шэсць ранiцы. Маргарыта выкарыстала паўзу i нясмела сказала Воланду:

- Вiдаць, мне час ужо... Позна...

- Куды вы спяшаецеся? - спытаў Воланд ветлiва, але стрымана.

Астатнiя прамаўчалi, прытварылiся, што захапiлiся колцамi сiгарнага дыму.

- Ага, пара, - зусiм збянтэжана паўтарыла Маргарыта i азiрнулася, быццам шукала адзежыну.

Тое, што яна голая, пачало бянтэжыць яе. Яна ўстала з-за стала. Воланд моўчкi зняў з ложка свой зашмальцаваны халат, i Кароўеў накiнуў яго на плечы Маргарыце.

- Дзякуй вам, месiр, - ледзь чутна прамовiла Маргарыта i запытальна паглядзела на Воланда.

Той у адказ усмiхнуўся ёй ветлiва i абыякава. Чорная нуда раптоўна падступiла пад Маргарыцiна сэрца. Яна адчула сябе абманутаю. Нiякае аддзякi за ўсе яе паслугi на балi нiхто, вiдаць, i не збiраўся ёй прапаноўваць, нiхто i не затрымлiваў яе. А мiж тым яна цудоўна ведала, што iсцi ёй адсюль болей няма куды. Згадка пра тое, што ёй давядзецца вярнуцца ў асабняк, выклiкала ў душы выбух адчаю. Самой напрасiцца, як спакуслiва раiў Азазела ў Аляксандраўскiм садзе? "Не, нiколi!" - сказала яна сама сабе.

- Усяго вам добрага, месiр, - прамовiла яна, а сама падумала: "Каб толькi выбрацца адсюль, а там дайду да рэчкi i ўтаплюся".

- Сядзьце! - раптам загадаў Воланд.

Маргарыта змянiлася з твару i села.

- Можа, хочаце што-небудзь сказаць на развiтанне?

- Не, нiчога, месiр, - ганарлiва адказала Маргарыта, - акрамя таго, што калi яшчэ вам патрэбная, то гатова выканаць усё, што вы захочаце. Я зусiм не стамiлася, i мне весела было на балi. Такiм чынам, калi б ён працягваўся яшчэ, я ахвотна падстаўляла б сваё калена дзеля таго, каб яго цалавалi вiсельнiкi i забойцы. - Маргарыта глядзела на Воланда як скрозь заслону, вочы яе напоўнiлiся слязьмi.

- Правiльна! Вы гаворыце правiльна! - моцна i страшна сказаў Воланд. Гэтак i трэба!

- Гэтак i трэба! - рэхам паўтарыла Воландава свiта.

- Гэта было выпрабаванне, - сказаў Воланд, - нiколi i нiчога не прасiце! Нiколi i нiчога, асаблiва ў тых, хто мацнейшы, чым вы. Самi прапануюць i самi ўсё дадуць. Сядайце, ганарлiвая жанчына. - Воланд сарваў цяжкi халат з Маргарыты, i яна зноў апынулася побач з iм на ложку. - Ну, Марго, - працягваў Воланд, i голас у яго памякчэў, - чаго вы хочаце за тое, што сёння ў мяне былi гаспадыняй? Чаго хочаце за тое, што правялi гэты баль голай? Як вы ацэньваеце ваша калена? Якiя страты ад маiх гасцей, якiх вы толькi што назвалi вiсельнiкамi? Кажыце! I цяпер не саромейцеся, бо я прапанаваў.

Маргарыцiна сэрца закалацiлася, яна цяжка ўздыхнула, пачала думаць.

- Ну, чаго вы, смялей! - падахвочваў Воланд. - Будзiце сваю фантазiю, падганяйце яе! Адна толькi прысутнасць пры забойстве гэтага нягоднiка-барона вартая таго, каб чалавека ўзнагародзiлi, асаблiва калi гэты чалавек - жанчына. Ну?

Дух заняло ў Маргарыты, i яна хацела выказаць запаветнае жаданне, вымавiць даўно падрыхтаваныя словы, але раптам пабялела, разявiла рот, вылупiла вочы. "Фрыда! Фрыда! Фрыда! - стаяў крык у вушах, надакучлiвы, умольны. - Мяне завуць Фрыда!" I Маргарыта, заiкаючыся, загаварыла:

- Значыць, я магу папрасiць... папрасiць адну паслугу?

- Запатрабаваць, запатрабаваць, мая донна, - адказаў Воланд i ўсмiхнуўся з разуменнем, - запатрабаваць адну паслугу!

Ах, як спрытна i выразна Воланд падкрэслiў, паўтараючы Маргарыцiны словы, - "адну паслугу"!

Маргарыта ўздыхнула яшчэ раз i сказала:

- Я хачу, каб Фрыдзе перасталi прыносiць тую насоўку, якой яна задушыла дзiця.

Кот пусцiў вочы пад лоб i ўздыхнуў шумна, але нiчога не сказаў, мабыць, памятаў, як закруцiла за вуха на балi.

- Калi ўлiчыць, - загаварыў Воланд, - што магчымасць атрымаць вамi хабар ад гэтае дурнiцы Фрыды, вядома, выключаецца - гэта было б несумяшчальна з вашай каралеўскаю годнасцю, - я нават не ведаю, што тут рабiць. Застаецца толькi адно - набраць ануч i затыкаць iмi ўсе шчылiны ў маёй спальнi!

- Пра што вы гаворыце, месiр? - здзiвiлася Маргарыта, калi пачула гэтыя сапраўды незразумелыя словы.

- Цалкам згодны з вамi, месiр, - умяшаўся ў гаворку кот, - менавiта анучамi! - i кот раззлавана грукнуў па стале.

- Я гавару пра мiласэрнасць, - тлумачыў свае словы Воланд i не адводзiў ад Маргарыты вогненнага вока. - Часам яна пралазiць скрозь сама вузенькiя шчылiнкi неспадзявана i каварна. Вось чаму я i гавару пра анучы.

- I я пра гэта кажу! - усклiкнуў кот i на ўсякi выпадак падаўся далей ад Маргарыты, прыкрыў лапамi выпацканыя ў ружовы крэм свае вострыя вушы.

- Пайшоў прэч, - сказаў яму Воланд.

- Я кавы яшчэ не пiў, - адказаў кот, - як гэта я пайду? Няўжо месiр у святочную ноч гасцей дзелiць на два гатункi? Адны - першае, а другiя - як гаварыў гэты скнара буфетчык, другое свежасцi?

- Змоўкнi, - загадаў яму Воланд i спытаўся ў Маргарыты: - Вы, калi меркаваць па ўсiм, чалавек надзвычай добры? Высокамаральны чалавек?

- Не, - гучна адказала Маргарыта, - я ведаю, што гаварыць з вамi можна толькi шчыра i скажу адкрыта: я чалавек легкадумны. Папрасiла за Фрыду толькi таму, што незнарок абнадзеiла яе. Яна чакае i верыць, што я дапамагу. I калi яна застанецца падманутая, мне не будзе спакою ўсё жыццё. Нiчога не зробiш! Гэтак атрымалася.

- А, - сказаў Воланд, - гэта зразумела.

- Дык вы зробiце? - цiха спытала Маргарыта.

- Нiколi, - адказаў Воланд, - справа ў тым, дарагая каралева, што тут адбылася блытанiна. Кожнае ведамства павiнна займацца сваёй справай. Не пярэчу, нашы магчымасцi вельмi вялiкiя, намнога большыя, чым думаюць некаторыя не вельмi празорлiвыя людзi...

- Вядома, намнога большыя, - не ўтрываў кот, якi, мабыць, ганарыўся вельмi гэтымi магчымасцямi.

- Замоўкнi, чорт пабяры! - сказаў яму Воланд i працягваў гаварыць Маргарыце: - Але якi сэнс рабiць тое, што павiнен рабiць нехта iншы, другое ведамства, як я сказаў? Таму я гэта рабiць не буду, а вы зробiце самi.

- А хiба маё жаданне збудзецца?

Азазела iранiчна, коса зiрнуў сваiм крывым вокам на Маргарыту, непрыкметна пакруцiў рыжаю галавою i фыркнуў.

- Ды рабiце, вось марока мне, - прамармытаў Воланд, пакруцiў глобус i пачаў прыглядацца да нейкае дэталькi, бо, вiдаць, у час гаворкi з Маргарытаю займаўся яшчэ i нейкаю сваёй справай.

- Ну, Фрыда... - падказаў Кароўеў.

- Фрыда! - пранiзлiва крыкнула Маргарыта. Дзверы расчынiлiся, i растрапаная, голая, але ўжо зусiм цвярозая жанчына з адчайнымi вачыма ўбегла ў пакой i працягнула рукi да Маргарыты, а тая велiчна сказала:

- Табе даруецца. Насоўку болей прыносiць не будуць.

Пачуўся крык Фрыды, яна ўпала на каленi на падлогу нiцма i распласталася перад Маргарытаю крыжам. Воланд махнуў рукой, i Фрыда знiкла з вачэй.

- Дзякуй вам, бывайце, - сказала Маргарыта i ўстала.

- Ну што ж, Бегемот, не будзем нажывацца на непрактычнасцi чалавека ў святочную ноч, - загаварыў Воланд. Ён завярнуўся да Маргарыты: - Такiм чынам, гэта не лiчыцца, я нiчога не рабiў. Што вы сабе хочаце?..

Настала маўчанне, i перапынiў яго Кароўеў, якi зашаптаў Маргарыце на вуха:

- Алмазная донна, цяпер вам раю быць разумнаю! А то ўдача можа i знiкнуць.

- Я хачу, каб мне зараз, у гэтую самую хвiлiну, вярнулi майго каханка, майстра, - сказала Маргарыта, i твар яе сцяла сутарга.

I адразу ў пакой уварваўся вецер гэтак, што полымя свечак у свечнiках легла, цяжкая фiранка на акне адсунулася, адчынiлася акно, а ў далёкай вышынi паказалася поўня, але не ранiшняя, а начная. Ад падаконнiка на падлогу разаслалася зялёная хустка начнога святла, i ў iм з'явiўся начны Iванаў госць, якi называўся майстрам. Ён быў у сваiм бальнiчным адзеннi - у халаце, у туфлях i чорнай шапачцы, з якою не разлучаўся. Няголены твар сутаргава крывiўся, ён па-вар'яцку,спалохана зiркаў на агонь свечак, а месячны струмень кiпеў вакол яго.

Маргарыта яго пазнала адразу, застагнала, пляснула рукамi i пабегла да яго. Яна цалавала яго ў лоб, у губы, тулiлася да яго калючае шчакi, i слёзы, якiя яна доўга стрымлiвала, цяклi ручаямi па яе твары. Яна паўтарала адно толькi слова, недарэчна паўтарала яго:

- Ты... ты... ты...

Майстар адхiлiў яе ад сябе i глуха прамовiў:

- Не плач, Марго, не муч мяне. Я цяжка хворы, - ён ухапiўся рукамi за падаконнiк, быццам збiраўся ўскочыць на яго i ўцякаць, выскалiў зубы, прыгледзеўся да тых, хто сядзеў, i закрычаў: - Мне страшна, Марго! У мяне зноў пачалiся галюцынацыi...

Плач душыў Маргарыту, яна шаптала, душачыся словамi:

- Не, не, не... не бойся нiчога... я з табою... я з табою...

Кароўеў спрытна i непрыкметна падапхнуў майстру крэсла, i той сеў на яго, а Маргарыта ўпала на каленi, прыцiснулася да боку хворага i гэтак зацiхла. Ад хвалявання яна не заўважала, што была ўжо не раздзетая, на ёй цяпер быў шаўковы чорны плашч. Хворы нагнуў голаў i глядзеў на зямлю сумнымi хворымi вачыма.

- Сапраўды, - загаварыў Воланд пасля маўчання, - яго сапраўды моцна скалечылi. - Ён загадаў Кароўеву: - Дай, рыцар, гэтаму чалавеку чаго-небудзь выпiць.

Маргарыта ўпрошвала майстра дрыготкiм голасам:

- Выпi, выпi! Ты баiшся? Не, не, павер мне, што табе дапамогуць!

Хворы ўзяў шклянку i выпiў тое, што было ў ёй, але рука яго здрыганулася, i апусцелая шклянка зазвiнела асколкамi ля яго ног.

- На шчасце! На шчасце! - зашаптаў Кароўеў Маргарыце. - Глядзiце, ён пачынае ўжо ачуньваць.

Сапраўды, позiрк хворага зрабiўся не гэтакi дзiкi i трывожны.

- Гэта сапраўды ты, Марго? - спытаў месячны госць.

- Не сумнявайся, гэта я, - адказала Маргарыта.

- Яшчэ! - загадаў Воланд.

Пасля таго як майстар асушыў другую шклянку, яго вочы ажылi i зрабiлiся разумнымi.

- Ну вось, цяпер iншая справа, - сказаў Воланд i прымружыўся, - цяпер i пагаварыць можна. Хто вы будзеце?

- Цяпер я нiхто, - адказаў майстар, i рот ад усмешкi толькi скрывiўся.

- Вы адкуль зараз?

- З вар'яцкага дома. Я - псiхiчна хворы чалавек, - адказаў прышэлец.

Ад гэтых слоў Маргарыта не стрымалася i заплакала зноў. Потым выцерла вочы i закрычала:

- Жахлiвыя словы! Жахлiвыя словы! Ён майстар, месiр, я вас папярэджвала пра гэта! Вылечце яго, ён заслугоўвае гэтага!

- Вы ведаеце, з кiм зараз размаўляеце, - спытаўся ў прышэльца Воланд, - у каго вы зараз знаходзiцеся?

- Ведаю, - адказаў майстар, - маiм суседам у вар'яцкiм доме быў гэты хлопчык, Iван Бяздомны.Ён расказаў мне пра вас.

- Ну, вядома, вядома, - адказваў Воланд, - я меў радасць сустракацца з гэтым маладым чалавекам на Патрыярхавых сажалках. Ён мяне ледзь самога да вар'яцтва не давёў, даказваў, што я не iсную! Але вы верыце, што гэта на самай справе я?

- Даводзiцца верыць, - сказаў прышэлец, - вядома, спакайней было б лiчыць, што вы проста праява галюцынацыi. Выбачайце, - спахапiўся майстар.

- Ну, што ж, калi спакайней, то i лiчыце, - ветлiва адказаў Воланд.

- Не, не! - спалохана загаварыла Маргарыта i трэсла майстра за плячук. Апамятайся! Перад табою сапраўды ён!

Кот i тут не вытрываў:

- Хiба я адзiн падобны на галюцынацыю. Звярнiце ўвагу на мой профiль, асветлены поўняй. - Кот палез пад месячнае святло i хацеў нешта яшчэ сказаць, але яго папрасiлi сцiхнуць, i ён адказаў: - Добра, добра, я гатовы замоўкнуць. Я буду маўклiвая галюцынацыя. - I замоўк.

- Скажыце, калi ласка, чаму Маргарыта называе вас майстрам? - спытаўся Воланд.

Той усмiхнуўся i сказаў:

- Гэта даравальны недахоп. Яна надта добрае думкi пра той раман, якi я напiсаў.

- Пра што рамана?

- Пра Понцiя Пiлата.

Тут зноў захiсталiся, заскакалi агеньчыкi на свечках, забрынчаў на стале посуд, - гэтак моцна засмяяўся Воланд, але смехам гэтым нiкога не спалохаў i не здзiвiў. Бегемот чамусьцi пачаў апладзiраваць.

- Пра што, пра што? Пра каго? - загаварыў Воланд пасля таго, як перастаў смяяцца. - Вось цяпер? Гэта нечувана! I вы не знайшлi iншае тэмы? Дайце мне паглядзець, - Воланд працягнуў руку ўгору далоняй.

- На жаль, я не магу гэта зрабiць, - адказаў майстар, - таму што я спалiў яго ў печцы.

- Даруйце, не веру, - адказаў Воланд, - гэтага не можа быць. Рукапiсы не гараць. - Ён завярнуўся да Бегемота i прамовiў: - Ану, Бегемот, давай сюды раман.

Кот iмгненна ўсхапiўся з крэсла, i ўсе ўгледзелi, што ён сядзеў на тоўстым стосе рукапiсаў. Верхнi экземпляр кот з паклонам падаў Воланду. Маргарыта затрымцела i закрычала, усхваляваная да слёз:

- Вось ён, рукапiс! Вось ён!

Яна кiнулася да Воланда i ў захапленнi дадала:

- Усемагутны! Усемагутны!

Воланд узяў у рукi пададзены яму экземпляр, пакруцiў яго, адклаў убок, без усмешкi паглядзеў на майстра. А той невядома чаму зноў засумаваў, неспакойна ўсхапiўся з крэсла, заламаў рукi i пачаў мармытаць, скаланаючыся ўсiм целам i звяртаючыся да поўнi:

- I нават месячнай ноччу мне няма спакою... Нашто было трывожыць мяне? Божа лiтасцiвы, божа лiтасцiвы...

Маргарыта ўхапiлася за бальнiчны халат, прытулiлася да яго, i сама пачала мармытаць адчайна i слёзна:

- Божа, чаму табе не дапамагае лякарства?

- Нiчога, нiчога, нiчога, - шаптаў Кароўеў i вiўся вакол майстра, нiчога, нiчога... Яшчэ шкляначку, i я за кампанiю з вамi...

I шкляначка падмiргнула пры месячным святле, блiснула i дапамагла гэтая шкляначка. Майстра зноў пасадзiлi на крэсла, i твар у хворага зрабiўся зноў спакойны.

- Ну, цяпер усё зразумела, - сказаў Воланд i пастукаў доўгiм пальцам па рукапiсе.

- Усё зразумела, - пацвердзiў кот, якi забыўся, што абяцаў быць маўклiваю галюцынацыяй, - цяпер галоўная лiнiя гэтага опуса мне вiдна наскрозь. Што ты сказаў, Азазела? - звярнуўся ён да маўклiвага Азазелы.

- Я кажу, - прагугнявiў той, - што добра было б цябе ўтапiць.

- Злiтуйся, Азазела, - адказаў кот, - i не падказвай гэтую думку майму валадару. Павер мне, што тады я пачаў бы кожную ноч наведваць цябе ў гэтакiм самым месячным адзеннi, як i бедны майстар, i кiваў бы табе, i клiкаў бы за сабою. Як бы ты адчуваў сябе, Азазела?

- Ну, Маргарыта, - зноў загаварыў Воланд, - кажыце пра ўсё, што вам трэба.

Маргарыцiны вочы ўспыхнулi, i яна ўмольна звярнулася да Воланда:

- Дазвольце мне пашаптацца з iм?

Воланд кiўнуў галавою, i Маргарыта прыпала да вуха майстра, штосьцi зашаптала яму. Чуваць было, што той адказаў ёй:

- Не, позна. Нiчога болей не хачу ад жыцця. Акрамя таго, каб бачыць цябе. Але табе iзноў раю - пакiнь мяне. Са мною ты загiнеш.

- Не, не, не пакiну, - адказала Маргарыта i звярнулася да Воланда:

- Прашу вас зноў вярнуць нас у падвал у завулку на Арбаце, i каб лямпа гарэла, i каб усё было як i раней...

Тут майстар засмяяўся, абхапiў проставалосую Маргарыцiну галаву, сказаў:

- Ай, не слухайце бедную жанчыну, месiр. У гэтым падвале даўно ўжо жыве iншы чалавек, i наогул не бывае гэтак, каб усё стала ранейшым... - Ён прытулiўся шчакою да галавы свае сяброўкi, абняў Маргарыту i пачаў мармытаць: - Бедная, бедная...

- Не бывае, вы гаворыце? - сказаў Воланд. - Гэта праўда. Але мы паспрабуем, - i ён прамовiў: - Азазела!

Адразу са столi ўпаў на падлогу разгублены, амаль звар'яцелы грамадзянiн у споднiм, але чамусьцi з чамаданчыкам i ў шапцы. Ад страху гэты чалавек калацiўся i прысядаў:

- Магарыч? - спытаўся Азазела ў таго, што ўпаў з неба.

- Алаiзiй Магарыч, - адказаў той, калоцячыся. - Гэта вы, пасля таго як прачыталi артыкул Латунскага пра раман гэтага чалавека, напiсалi на яго скаргу, дзе паведамлялi, што ён дома хавае забароненую лiтаратуру? - спытаўся Азазела.

Грамадзянiн пасiнеў i залiўся слязьмi.

- Вы хацелi заняць яго кватэру? - як толькi мог ласкава прагугнявiў Азазела.

У пакоi пачулася, як зашыпела разлютаваная кошка, i Маргарыта завыла:

- Памятай ведзьму, памятай! - учапiлася ў твар Магарыча пазногцямi.

Усе разгубiлiся.

- Што ты робiш? - пакутлiва закрычаў майстар. - Марго, не ганьбi сябе!

- Пратэстую, гэта не ганьба! - крычаў кот.

Маргарыту адцягнуў Кароўеў.

- Я ванну паставiў... - ляскаючы зубамi, крычаў скрываўлены Магарыч i ад перапалоху пачаў вярзцi абы-што. - Адна толькi пабелка... купарвас...

- Гэта добра, што паставiлi ванну, - адобрыў Азазела, - яму патрэбны ванны. - I крыкнуў: - Вон!

Тады Магарыча перакулiла i выкiнула са спальнi Воланда дагары нагамi ў адчыненае акно.

Майстар вытрашчыў вочы i шаптаў:

- Аднак гэта, мабыць, не раўня таму, пра што расказваў Iван! - Вельмi ўражаны, ён азiрнуўся i нарэшце сказаў кату: - Прабачце... гэта ты... гэта вы... - ён зблытаўся, не ведаў, як звярнуцца да ката, - вы той самы кот, што сядзеў у трамваi?

- Я, - пацвердзiў задаволены кот i дадаў: - Прыемна чуць, што вы гэтак ветлiва звяртаецеся да ката. Катам звычайна чамусьцi гавораць "ты", хоць нiводзiн кот нi з кiм нiколi не пiў на брудэршафт.

- Мне чамусьцi здаецца, што вы не зусiм i кот... - нерашуча адказаў майстар. - Мяне ўсё роўна пачнуць шукаць з бальнiцы, - нясмела дадаў ён Воланду.

- Чаго гэта яны будуць шукаць! - супакоiў Кароўеў, i нейкiя паперы i кнiгi апынулiся ў яго ў руках. - Гэта гiсторыя вашай хваробы?

- Ага.

Кароўеў кiнуў гiсторыю ў камiн.

- Няма дакументаў, няма i чалавека, - задаволена прамовiў Кароўеў, - а гэта - дамавая кнiга вашага забудоўшчыка?

- Яна-а...

- Хто тут прапiсаны? Алаiзiй Магарыч? - Кароўеў дзьмухнуў на старонку дамавое кнiгi, - Раз, i няма яго, i прашу запомнiць, i не было. А калi забудоўшчык здзiвiцца, скажаце яму, што Алаiзiй саснiўся. Нейкi Магарыч? Нiякага Магарыча не было, - i прашнураваная кнiга засталася ў руках у Кароўева. - Вось яна i ў шуфлядзе ў забудоўшчыка.

- Вы правiльна сказалi, - гаварыў майстар, уражаны акуратнаю работаю Кароўева, - калi няма дакумента, то няма i чалавека. Вось таму мяне i няма, бо няма дакумента.

- Прашу прабачэння, - ускрыкнуў Кароўеў, - гэта якраз i ёсць галюцынацыя, вось ён, ваш дакумент, - i Кароўеў падаў майстру дакумент. Потым ён закацiў вочы i соладка прашаптаў Маргарыце: - А вось i ваша маёмасць, Маргарыта Мiкалаеўна, - i ён уручыў Маргарыце сшытак з абгарэлымi краямi, засохлую ружу, фотаздымак i асаблiва шаноўна ашчадную кнiжку, - дзесяць тысяч, як вы i паклалi, Маргарыта Мiкалаеўна. Нам чужое не патрэбна.

- У мяне хутчэй адсохнуць лапы, чым я дакрануся да чужога, - надзьмуўшыся, усклiкнуў кот i затанцаваў на чамадане, каб утаптаць у яго ўсе рукапiсы злашчаснага рамана.

- I ваш дакуменцiк таксама, - працягваў Кароўеў, падаючы Маргарыце дакумент, а потым з пашанаю далажыў Воланду: - Усё, месiр!

- Не, не ўсё, - адказаў Воланд i адарваўся ад глобуса. - Куды скажаце дзець вашу свiту, мая дарагая донна? Асабiста мне яна не патрэбна.

Тут у адчыненыя дзверы ўбегла Наташа, як i была голая, пляснула рукамi i закрычала Маргарыце:

- Будзьце шчаслiвыя, Маргарыта Мiкалаеўна! - яна закiвала галавой майстру i зноў звярнулася да Маргарыты: - Я ведала, куды вы ходзiце.

- Хатнiя работнiцы ўсё ведаюць, - адзначыў кот i шматзначна падняў лапу, памылка думаць, што яны сляпыя.

- Чаго ты хочаш, Наташа? - спыталася Маргарыта. - Вяртайся ў асабняк.

- Душачка, Маргарыта Мiкалаеўна, - умольна загаварыла Наташа i стала на каленi, - папрасiце iх, - яна зiрнула на Воланда, - каб пакiнулi мяне ведзьмаю. Не хачу я болей у асабняк! Нi за iнжынера, нi за тэхнiка не пайду! Мне пан Жак учора прапанову зрабiў на балi, - Наташа раскрыла кулачок i паказала нейкiя залатыя манеткi.

Маргарыта запытальна паглядзела на Воланда. Той кiўнуў галавою. Тады Наташа кiнулася на шыю Маргарыце, звонка яе пацалавала, пераможна ўскрыкнула i вылецела праз акно.

На Наташыным месцы апынуўся Мiкалай Iванавiч. Ён меў ужо чалавечае аблiчча, але быў надзвычай засмучаны, мабыць, нават i раззлаваны i засмучаны.

- Вось каго я адпушчу з асаблiвым задавальненнем, - сказаў Воланд i з агiдаю паглядзеў на Мiкалая Iванавiча, - з асаблiвым задавальненнем, бо ён тут зусiм лiшнi.

- Я вельмi прашу выдаць мне пасведчанне, - загаварыў Мiкалай Iванавiч i ўвесь час дзiка азiраўся навокал, - дзе я правёў мiнулую ноч.

- Наконт чаго? - сурова спытаўся кот.

- Каб паказаць у мiлiцыi i жонцы, - цвёрда сказаў Мiкалай Iванавiч.

- Пасведчанняў мы звычайна не выдаём, - адказаў кот i надзьмуўся, - але вам, няхай будзе па-вашаму, выключэнне зробiм.

I не паспеў Мiкалай Iванавiч апамятацца, як голая Гела ўжо сядзела за пiшучай машынкаю, а кот дыктаваў ёй:

- Гэтым сведчым, што Мiкалай Iванавiч правёў памянёную ноч на балi ў сатаны, быў прыцягнуты туды ў якасцi транспартнага сродку... пастаў, Гела, дужку! У дужках напiшы "япрук". Подпiс - Бегемот.

- А дата? - пiскнуў Мiкалай Iванавiч.

- Дат не ставiм, з датаю папера будзе несапраўдная, - адазваўся кот, падмахнуў паперку, аднекуль здабыў пячатку, як i належыць, падыхаў на яе, адцiснуў на паперы слова "заплачана" i ўручыў паперу Мiкалаю Iванавiчу. Пасля гэтага Мiкалай Iванавiч знiк бясследна, а на яго месцы з'явiўся нечаканы чалавек.

- Гэта яшчэ хто? - гiдлiва спытаўся Воланд i рукою засланiўся ад святла свечак.

Варэнуха апусцiў галаву, уздыхнуў i цiха сказаў:

- Адпусцiце назад. Не магу быць вампiрам. Я ж тады разам з Гелаю Рымскага ледзь насмерць не ўходаў. А я не крывапiўца. Адпусцiце.

- Што гэта за трызненне? - зморшчыўся i спытаўся Воланд. - Якi яшчэ там Рымскi? Што ён вярзе?

- Не хвалюйцеся, калi ласка, месiр, - адазваўся Азазела i звярнуўся да Варэнухi: - Хамiць не трэба па тэлефоне. Хлусiць па тэлефоне не трэба. Зразумела? Больш гэтым займацца не будзеце?

Ад радасцi ў галаве ў Варэнухi ўсё змяшалася, але твар засвяцiўся, i ён, ужо не памятаючы, што гаворыць, мармытаў:

- Сапраўды... я хачу сказаць, ваша вя... адразу пасля абеду... - Варэнуха прыцiскаў рукi да грудзей, умольна глядзеў на Азазелу.

- Ну добра, дадому, - адказаў той, i Варэнуха растаў.

- А цяпер усе пакiньце мяне аднаго з iмi, - загадаў Воланд i паказаў на майстра i Маргарыту.

Воландаў загад быў выкананы iмгненна. Воланд крыху памаўчаў i звярнуўся да майстра:

- Ага, значыць, у арбацкi падвал? А хто будзе пiсаць? А мары? Натхненне?

- У мяне не будзе болей нiякiх мар i натхнення, - адказаў майстар, - нiшто мяне навокал не цiкавiць, акрамя яе, - ён зноў паклаў руку на Маргарыцiну галаву, - мяне зламалi, мне сумна, i я хачу ў падвал.

- А ваш раман? Пiлат?

- Ён мне ненавiсны, гэты раман, - адказаў майстар, - я залiшне шмат перанёс з-за яго.

- Я прашу цябе, - жаласна папрасiла Маргарыта, - не гавары гэтага. За што ты мучыш мяне? Ты ведаеш, што я ўсё сваё жыццё ўклала ў тваю работу, Маргарыта, звярнуўшыся да Воланда, дадала: - Не верце яму, месiр, ён надта змучаны.

- Але трэба нешта апiсваць, - гаварыў Воланд. - Калi вы цалкам выкарысталi пракуратара, ну, тады пачнiце апiсваць хаця б гэтага самага Алаiзiя.

Майстар усмiхнуўся.

- Гэтага Лапшоннiкава не надрукуе, ды гэта i не цiкава.

- За што вы будзеце тады жыць? Давядзецца жабраваць.

- Ахвотна, ахвотна, - адказаў майстар, прытулiў да сябе Маргарыту, абняў яе за плечы i дадаў: - Яна адумаецца, пакiне мяне...

- Не думаю, - скрозь зубы прамовiў Воланд i працягваў: - Дык вось, чалавек, якi прыдумаў гiсторыю пра Понцiя Пiлата, адыходзiць у падвал, збiраецца сесцi там ля лямпы i быць жабраком?

Маргарыта адхiлiлася ад майстра i палымяна загаварыла:

- Я зрабiла ўсё, што змагла, я шаптала яму пра сама спакуслiвае, а ён i ад гэтага адмовiўся.

- Тое, пра што вы яму шапталi, я ведаю, - запярэчыў Воланд, - але гэта не самае спакуслiвае. Я вам скажу, - з усмешкаю звярнуўся ён да майстра, - ад вашага рамана будуць яшчэ вам сюрпрызы.

- Гэта вельмi сумна, - адказаў майстар.

- Не, не, не, не сумна, - сказаў Воланд, - страшнага болей нiчога не будзе. Ну, Маргарыта Мiкалаеўна, усё зроблена. У вас да мяне ёсць якiя-небудзь прэтэнзii?

- Што вы, што вы, месiр!

- Тады вазьмiце гэта на памяць, - сказаў Воланд i дастаў з-пад падушкi невялiкую залатую падкову, усыпаную алмазамi.

- Не, не, за што!

- Вы хочаце паспрачацца са мною? - з усмешкаю спытаўся Воланд.

Маргарыта паклала падкову на сурвэтку, завязала яе вузлом, бо ў плашчы кiшэняў не было. Яна азiрнулася на акно, у якiм ззяла поўня, i сказала:

- Вось чаго я не разумею... Чаму гэта ўсё поўнач, поўнач, а павiнна быць ужо ранiца?

- Святочную поўнач можна i падоўжыць, - адказаў Воланд. - Ну, жадаю вам шчасця!

Маргарыта малiтоўна працягнула абедзве рукi да Воланда, але не пасмела наблiзiцца да яго i цiха ўсклiкнула:

- Бывайце! Бывайце!

- Да сустрэчы, - сказаў Воланд.

I Маргарыта ў чорным плашчы, майстар у бальнiчным халаце выйшлi ў калiдор ювелiршынае кватэры, у якiм гарэла свечка i дзе iх чакала Воландава свiта. Гела несла чамадан, у якiм быў раман i небагаты Маргарыцiн скарб, кот дапамагаў Геле. Ля дзвярэй на лесвiцу Кароўеў пакланiўся i знiк, а астатнiя пайшлi праводзiць па лесвiцы. Яна была пустая. Калi iшлi па пляцоўцы трэцяга паверха, там штосьцi мякка шлёпнула, але на гэта нiхто не звярнуў увагi. Ля самых дзвярэй з шостага пад'езда Азазела дзьмухнуў угору, а як толькi выйшлi на двор, куды не даставала святло поўнi, убачылi чалавека ў ботах i ў кепцы, якi спаў, i спаў, вiдаць, мёртвым сном, а таксама вялiкую чорную машыну з патушанымi фарамi, якая чакала ля пад'езда. Скрозь лабавое шкло цьмяна вiднелася аблiчча грака.

Ужо збiралiся садзiцца, як Маргарыта адчайна ўскрыкнула:

- Божа, я згубiла падкову!

- Сядайце ў машыну, - сказаў Азазела, - i пачакайце мяне. Я зараз вярнуся, толькi разбяруся, у чым справа. - I ён вярнуўся ў пад'езд.

А справа была ў тым: крыху раней, да выхаду Маргарыты i майстра з iх праважатымi, з кватэры No 48, якая была пад ювелiршынай кватэрай, на лесвiцу выйшла сухенькая жанчына з бiтонам i сумкаю ў руках. Гэта была тая самая Анечка, якая ў сераду разлiла, на бяду Берлiёза, алей ля круцёлкi.

Нiхто не ведаў, ды, пэўна, нiколi i не даведаецца, чым займалася гэтая жанчына ў Маскве i за што яна iснавала. Вядома пра яе было толькi тое, што яе кожны дзень можна было ўгледзець то з сумкаю, то з бiтонам, а то i з сумкаю i з бiтонам адначасна - альбо ў нафталаўцы, альбо на базары, альбо ля варот дома, альбо на лесвiцы, а часцей за ўсё на кухнi ў кватэры No 48, дзе i жыла Анечка. Акрамя таго, а нават i найбольш было вядома, што дзе не з'яўлялася б альбо не знаходзiлася Анечка - там адразу ўсчынаўся скандал, акрамя ўсяго, мела яна мянушку "Чума".

Чума-Анечка прачыналася чамусьцi надзвычай рана, а сёння наогул успаролася нi свет нi зара, а палове першае. Павярнуўся ключ у дзвярах, Анеччын нос высунуўся з iх, а потым высунулася i ўся яна цалкам, грукнула за сабой дзвярыма i ўжо наважылася рушыць кудысьцi, як на верхняй пляцоўцы грукнулi дзверы, нехта паляцеў унiз, наскочыў на Анечку, адкiнуў яе ўбок гэтак, што яна ўдарылася патылiцай аб сцяну.

- Куды гэта цябе чорт нясе ў адных падштанiках? - завiшчала Анечка, ухапiлася за патылiцу.

Чалавек у адной бялiзне, з чамаданчыкам у руцэ i ў кепцы, з заплюшчанымi вачыма адказаў Анечцы дзiкiм сонным голасам:

- Калонка! Купарвас! Адна пабелка колькi каштавала! - I, заплакаўшы, раўнуў: - Прэч!

Тут ён кiнуўся бегчы, але не ўнiз, а назад - угору, туды, дзе было выбiта нагою эканамiста шкло ў акне, i праз акно дагары нагамi вылецеў на двор. Анечка i пра патылiцу забылася, ахнула i кiнулася да акна. Яна легла жыватом на пляцоўку, высунула голаў праз акно, чакала, што ўбачыць на асветленым лiхтаром асфальце чалавека з чамаданам, якi забiўся насмерць. Але на асфальце на дварэ зусiм нiчога не было.

Заставалася меркаваць, што сонная i дзiўная асоба паляцела з дому як птушка i не пакiнула пасля сябе нiякага следу. Анечка перахрысцiлася i падумала: "Ну, сапраўды, кватэра нумар пяцьдзесят! Не дарэмна людзi гавораць!.. Ай ды кватэрка!.."

Не паспела яна так падумаць, як дзверы зноў ляпнулi, i другi хтосьцi пабег зверху. Анечка прытулiлася да сцяны i ўбачыла, як нейкi даволi салiдны грамадзянiн са свiнячым тварам, як здалося Анечцы, шмыгнуў паўз яе i гэтаксама, як i першы, вылецеў з дома праз акно i не думаў забiвацца аб асфальт. Анечка забылася ўжо, чаго выйшла, куды збiралася iсцi, засталася на лесвiцы, хрысцiлася, вохкала, размаўляла сама з сабой.

Трэцi, без бародкi, з круглым паголеным тварам, у талстоўцы, выбег зверху праз нейкi час i гэтаксама вылецеў праз акно.

Трэба з гонарам сказаць, што Анечка была надзвычай цiкаўная i вырашыла пачакаць, цi не здарацца новыя дзiвосы. Дзверы наверсе зноў адчынiлiся, i цяпер зверху сыходзiла цэлая кампанiя, але не бягом, а звычайна, як i ўсе людзi. Анечка адбегла ад акна, сышла да сваiх дзвярэй, хуценька адамкнула i схавалася за iмi, а ў пакiнутай шчылiнцы засвяцiлася яе цiкаўнае вока.

Хтосьцi хворы не хворы, але белы з твару, зарослы шчэццю, у чорнай шапачцы i ў нейкiм халаце сыходзiў зверху няцвёрдаю хадою. Яго клапатлiва вяла пад руку нейкая кабетка ў чорнай расе, як здалося Анечцы ў прыцемку. Кабетка не то босая, не то ў нейкiх празрыстых, мабыць, замежных, туфлях, зусiм парваных. Цьфу ты! Што ў туфлях? Ды кабетка ж голая! На самай справе раса накiнута проста на голае цела! "Ай ды кватэрка!" У душы ў Анечкi ўсё аж звiнела ад радасцi, ад прадчування, як яна раскажа пра ўсё ўбачанае суседзям.

Следам за дзiўнаю кабеткаю iшла зусiм голая, з чамаданчыкам у руцэ, а ля чамаданчыка ўвiваўся вялiзны чорны кот. Анечка ледзь нешта не пiскнула, працерла вочы.

Апошнiм iшоў маленькага росту кульгавы чужаземец з крывым вокам, без пiнжака, у белай фрачнай камiзэльцы i пад гальштукам. Уся гэтая кампанiя паўз Анечку пайшла ўнiз. Але нешта ўпала на пляцоўку.

Анечка паслухала, пакуль крокi зацiхлi, як змяя, выслiзнула з-за дзвярэй, бiтон паставiла ля сценкi, упала жыватом на пляцоўку i пачала мацаць рукамi. У руках у яе апынулася сурвэтка з нечым цяжкiм. Вочы ў Анечкi палезлi на лоб пасля таго, як яна разгарнула сурвэтку. Анечка падносiла да самых вачэй каштоўнасць, i вочы ў яе гарэлi зусiм воўчым агнём. У галаве ў Анечкi круцiлася завiруха:

"Ведаць нiчога не ведаю!.. Да пляменнiка? Цi распiлаваць яе на кавалкi?.. Каменьчыкi можна павыкалуплiваць...I па адным каменьчыку: адзiн на Пятроўку, другi на Смаленскую. I - ведаць нiчога не ведаю, i чуць нiчога не чула!"

Анечка схавала знаходку за пазуху, схапiла бiтон i ўжо збiралася нырнуць назад у кватэру, адкласцi сваё падарожжа ў горад, але перад ёю вырас, д'ябал яго ведае адкуль, той самы з белаю грудзiнаю i без пiнжака i цiха шапнуў:

- Аддавай падкоўку i сурвэтку.

- Якую яшчэ падкоўку-сурвэтку? - спыталася Анечка i даволi ўдала прытварылася. - Я нiякае сурвэткi не бачыла. Вы, грамадзянiн, п'яны, цi што?

Белагруды моўчкi цвёрдымi, як поручнi ў аўтобусе, i гэтакiмi самымi халоднымi пальцамi сцiснуў Анечку за горла гэтак, што зусiм перакрыў ёй паветра. Бiтон упаў на падлогу. Распрануты чужаземец крыху патрымаў Анечку без паветра i зняў пальцы з шыi. Анечка хлебанула паветра i ўсмiхнулася:

- А, падкоўку? - загаварыла яна. - Зараз! Дык гэта ваша падкоўка? А я гляджу, ляжыць у сурвэтцы... Знарок падабрала, каб нiхто не падняў, а то потым i след прастыне!

Чужаземец атрымаў сурвэтку i падкоўку, пакланiўся Анечцы, моцна пацiснуў ёй руку i пачаў дзякаваць з моцным акцэнтам:

- Я вельмi ўдзячны вам, мадам. Падкоўка мне - дарагая як памяць, i дазвольце вам за тое, што збераглi яе, уручыць дзвесце рублёў. - I ён дастаў грошы з камiзэлькi i аддаў iх Анечцы.

Тая адчайна ўсмiхалася i толькi ўскрыквала:

- Ах, дзякуй вам вялiкi! Мерсi, мерсi!

Шчодры чужаземец у адзiн мах пераскочыў цераз цэлы лесвiчны пралёт унiз, але перш чым канчаткова змыцца, крыкнуў знiзу ўжо без акцэнту:

- Ты, ведзьма старая, калi чужую рэч падымеш, у мiлiцыю яе аддавай, а не хавай за пазуху!

Анечка чула ў галаве звон i мiтусню ад усiх гэтых здарэнняў на лесвiцы i доўга яшчэ па iнерцыi працягвала крычаць:

- Мерсi! Мерсi! Мерсi!

А чужаземца даўно i след прастыў.

Не было на дварэ i машыны, Азазела вярнуў Маргарыце Воландаў падарунак, развiтаўся i спытаў, цi зручна ёй сядзець, а Гела з прыцмокам пацалавалася з Маргарытаю, кот таксама пацалаваў руку, праважатыя памахалi рукою майстру, якi мёртва i нерухома прытулiўся ў кутку сядзення, махнуў граку, i адразу расталi ў паветры, каб нават i па лесвiцы не хадзiць. Грак уключыў фары, выехаў у вароты паўз мёртва заснулага чалавека ў падваротнi. I агнi вялiкае чорнае машыны знiклi сярод iншых агнёў на бяссоннай i шумнай Садовай вулiцы.

Праз паўгадзiны ў падвале маленькага домiка ў адным з Арбацкiх завулкаў, у першым пакоi, дзе ўсё было як i да страшнае асенняе ночы мiнулага года, за сталом, якi не быў засланы аксамiтным настольнiкам, пад лямпаю з абажурам, ля якой стаяла вазачка з ландышамi, сядзела Маргарыта i плакала ад перажытага ўзрушэння i ад шчасця. Сшытак, скручаны агнём, ляжаў перад ёй, а побач высiўся стос некранутых сшыткаў. Домiк маўчаў. У суседнiм маленькiм пакойчыку на канапе, накрыты бальнiчным халатам, ляжаў i моцна спаў майстар. Яго роўнае дыханне было нячутным.

Маргарыта наплакалася, узялася за некранутыя сшыткi i знайшла тое месца, што перачытвала перад спатканнем з Азазелам пад Крамлёўскаю сцяною. Маргарыце не хацелася спаць. Яна гладзiла рукапiс, як гладзяць любiмага ката, пакручвала ў руках, аглядала з розных бакоў, спыняла позiрк то на тытульным аркушы, то на апошняй старонцы. Да яе раптам прыйшла жахлiвая думка, што ўсё гэта варажба, што вось зараз сшыткi знiкнуць, што яна апынецца ў сваёй спальнi ў асабняку i што пасля таго, як прачнецца, ёй давядзецца iсцi тапiцца. Але гэта была апошняя думка, водгук доўгiх, перажытых ёю пакут. Нiчога не знiкала, усемагутны Воланд быў сапраўды ўсемагутны, i, колькi хоча, магла Маргарыта перагортваць iх i цалаваць i перачытваць словы:

- Цемра, якая насунулася з Мiжземнага мора, накрыла ненавiсны пракуратару горад... Сапраўды, цемра...


Раздзел 25 Як пракуратар спрабаваў выратаваць Юду з Карыяфа


Цемра, якая насунулася з Мiжземнага мора, накрыла ненавiсны пракуратару горад. Знiклi вiсячыя масты, якiя злучалi храм са страшнаю Антонiевай вежаю, абрынулася з неба прорва i залiла крылатых багоў над гiпадромам, Хасманейскi палац з байнiцамi, базары, караван-сараi, завулкi, сажалкi... Знiк Ершалаiм вялiкi горад, быццам i не iснаваў на свеце. Усё праглынула цемра, якая напалохала ўсё жывое ў Ершалаiме i наваколлi. Дзiўную хмару прыгнала з мора пад канец чатырнаццатага дня вясновага месяца нiсана.

Яна ўжо насунулася, навалiлася сваiм чэравам на Лысую Гару, дзе каты спехам забiвалi пакараных, яна навалiлася на Ершалаiмскi храм i яго наваколле, спаўзла дымнаю лавiнаю з гары i затапiла Нiжнi Горад. Яна цякла праз акенцы i заганяла з крывых вулiц людзей у дамы. Яна не спяшалася аддаваць сваю вiльгаць i аддавала толькi святло. Як толькi дымнае чорнае варыва распорваў агонь, з непрагляднага мораку ўзлятала ўгору вялiзная глыба храма з зiхатлiвым лускавiнiстым дахам. Агонь патухаў iмгненна, i храм патанаў у чорнай прорве. Некалькi разоў ён паўставаў з яе, потым зноў правальваўся, i кожны раз гэты правал суправаджаўся катастрафiчным грукатам.

Наступныя мiгатлiвыя водсветы выхоплiвалi з прорвы супрацьлеглы храму на заходнiм узгорку палац Iрада Вялiкага, i страшныя слепавокiя статуi ўзляталi пад чорнае неба i працягвалi да яго рукi. Але нябесны агонь зноў знiкаў, i цяжкiя грамавыя ўдары заганялi залатых iдалаў у цемру.

Лiвень хлынуў раптоўна, i тады навальнiца перарасла ва ўраган. На тым самым месцы, дзе апоўднi каля мармуровае лаўкi ў садзе гутарылi пракуратар i першасвятар, ударам, падобным на гарматны стрэл, як палачку, зламала кiпарыс. Разам з вадзяным пылам i градам на балкон пад калоны гнала сарваныя ружы, лiсце магнолiй, маленькiя галiнкi i пясок. Ураган катаваў сад.

У гэты час пад калонамi знаходзiўся толькi адзiн чалавек, i чалавек гэты быў пракуратар.

Цяпер ён не сядзеў у крэсле, а ляжаў на ложы ля нiзенькага маленькага стала, на якiм стаялi страва i вiно ў збанах. Другое ложа пуставала з другога боку стала. Ля пракуратаравых ног стаяла непрыбраная чырвоная, быццам крывавая, лужына i валялiся чарапкi.

Слуга, якi перад навальнiцаю падаваў на стол пракуратару, чамусьцi разгубiўся ад яго позiрку, расхваляваўся з-за таго, што нечым не дагадзiў, i пракуратар раззлаваўся на яго, пабiў збан аб мазаiчную падлогу са словамi:

- Чаму ў вочы не глядзiш, калi падаеш? Хiба ты што-небудзь украў?

Чорны твар афрыканца ажно пашарэў, у вачах з'явiўся смяротны жах, ён увесь затрымцеў i ледзь не пабiў другi збан, але пракуратараў гнеў знiк гэтак жа хутка, як i ўспыхнуў. Афрыканец кiнуўся прыбiраць асколкi i выцiраць лужыну, але пракуратар махнуў рукой, i раб знiк. А лужына засталася.

Цяпер афрыканец у час урагану схаваўся ў нiшы, дзе размяшчалася статуя белае голае жанчыны са схiленай галавой. Ён баяўся паказвацца на вочы i адначасна празяваць той момант, калi пракуратар можа паклiкаць яго.

Пракуратар, якi ляжаў у прыцемку, сам налiў сабе вiна ў чашу, пiў доўгiмi глыткамi, час ад часу браў хлеб, крышыў яго, каўтаў маленькiя кавалачкi, з'ядаў вустрыцы, жаваў лiмон i зноў пiў.

Калi б не шум вады, не грамавыя ўдары, якiя, здавалася, гатовы разбiць дах палаца, калi б не грукат граду, якi малацiў па прыступках балкона, тады можна было б пачуць, што пракуратар нешта мармыча, размаўляе сам з сабою. I калi б гарэла пастаяннае святло, а не гэтае навальнiчнае, назiральнiк убачыў бы, што на пракуратаравым твары з пачырванелымi ад бяссоння i ад вiна вачыма вiдаць нецярплiвасць, што пракуратар не толькi глядзiць на дзве белыя ружы, якiя патанулi ў чырвонай лужыне, але i ўвесь час паварочвае твар у сад насустрач вадзяному пылу i пяску, што ён кагосьцi чакае, вельмi чакае.

Прайшло крыху часу, i вадзяная сцяна перад пракуратаравымi вачыма пасвятлела. Як не лютаваў ураган, i ён пачаў слабець. Галлё болей не трашчала i не падала долу. Грукат грому i ўсплёскi маланкi зацiхалi. Над Ершалаiмам плыла ўжо не фiялетавая з белаю аблямоўкаю коўдра, а звычайная шэрая ар'ергардная хмара. Навальнiцу адганяла да Мёртвага мора.

Цяпер асобна чуўся i дажджавы пошум, i шум вады ў жалабах i па прыступках тае лесвiцы, па якой пракуратар iшоў удзень аб'яўляць прысуд на плошчы. Нарэшце пачуўся i заглушаны дасюль фантан. Святлела. У шэрай заслоне, якая адступала на ўсход, з'явiлiся сiнiя вокны.

I ў гэты час здалёк, прарываючыся скрозь пошум слабенькага дажджу, данеслiся да пракуратаравага слыху гук труб i стракатанне соцень конскiх капытоў. Пракуратар пачуў гэта, варухнуўся, i твар яго ажыў. Ала вярталася з Лысае Гары. Калi меркаваць па гуку, яна праязджала па той самай плошчы, дзе быў аб'яўлены прысуд.

Нарэшце пачуў пракуратар i доўгачаканыя крокi, i шлёпанне па лесвiцы, якая вяла на верхнюю пляцоўку саду перад балконам. Пракуратар выцягнуў шыю, вочы яго радасна заблiшчалi.

Памiж мармуровых iльвоў паказалася спачатку галава ў башлыку, а потым i ўшчэнт мокры чалавек у прылiплым да цела плашчы. Гэта быў той самы чалавек, што перад прысудам шаптаўся з пракуратарам у цёмным пакоi палаца i якi сядзеў на трохногай табурэтцы ў час пакарання i забаўляўся з дубчыкам.

Чалавек, не зважаючы на лужыны, перайшоў садовую пляцоўку, ступiў на мазаiчны балкон i, падняўшы руку, сказаў зычным голасам:

- Пракуратару здароўя i радасцi! - Прышэлец гаварыў па-латынi.

- Багi! - усклiкнуў пракуратар Пiлат. - На вас няма сухой нiткi! Якi ўраган! Прашу вас да мяне. Змянiце адзенне, зрабiце ласку.

Прышэлец зняў башлык з мокрае, з прылiплымi да лба валасамi, галавы, усмешка з'явiлася на яго паголеным твары, i ён пачаў адмаўляцца ад пераадзявання, пераконваў, што дожджык яму не пашкодзiць.

- Не хачу i слухаць нават, - адказаў Пiлат i пляснуў у ладкi.

Гэта ён выклiкаў слугу i загадаў яму паклапацiцца аб прышэльцу, а потым падаваць гарачую страву. Каб пераапрануцца, высушыць валасы, пераабуцца, прышэльцу спатрэбiлася няшмат часу, i хутка ён з'явiўся на балконе ў сухiх сандалях, у сухiм барвовым вайсковым плашчы i з расчэсанымi валасамi.

У гэты час сонца вярнулася ў Ершалаiм i, перш чым нырнуць у Мiжземнае мора, слала апошнiя промнi на зямлю ненавiснага пракуратару горада i залацiла прыступкi балкона. Фантан канчаткова ажыў i заспяваў на поўную моц, галубы вылецелi на пясок, гулькалi, пераскоквалi цераз абламаныя галiнкi, нешта клявалi ў мокрым пяску. Чырвоную лужыну прыбралi, сабралi чарапкi, на стале дымiлася мяса.

- Я слухаю загад пракуратара, - сказаў прышэлец, калi падыходзiў да стала.

- Загаду не будзе, пакуль вы не сядзеце за стол i не вып'еце вiна, зычлiва сказаў пракуратар Пiлат i паказаў на другое ложа.

Прышэлец прылёг, слуга налiў яму ў чашу густога чырвонага вiна. Другi слуга асцярожна нахiлiўся над Пiлатавым плячом, налiў вiна яму. Пасля гэтага пракуратар махнуў рукою, каб слугi знiклi.

Пакуль прышэлец пiў i еў, пракуратар пацягваў пакрысе вiно i прыплюшчана глядзеў на госця. Чалавек, якi прыйшоў да Пiлата, быў сярэдняга веку, з прыемным, круглым, дагледжаным тварам, мясiстым носам. Валасы невядома якога колеру. Яны высыхалi i святлелi. Нацыянальнасць прышэльца было цяжка вызначыць. Асноўнай прыкметай твару было хутчэй за ўсё дабрадушша, якое, мiж iншым, парушалi вочы, нават не самi вочы, а тое, як глядзеў прышэлец на субяседнiка. Звычайна маленькiя свае вочы прышэлец хаваў пад прыплюшчанымi, крыху незвычайнымi, нiбы прыпухлымi, павекамi. I ў шчылiнках гэтых вачэй свяцiлася нязлосная хiтрынка. Трэба думаць, што пракуратараў госць разумеў гумар. Але часам гэты гумар знiкаў з прыплюшчаных вачэй, пракуратараў госць расплюшчваў вочы i глядзеў на свайго субяседнiка нечакана проста ў твар, нiбыта хацеў лепей разгледзець нейкую непрыкметную плямку на носе ў субяседнiка. Гэта займала адно iмгненне, потым павекi апускалiся, i з-пад iх зноў свяцiлася дабрадушша i дасцiпны розум.

Прышэлец не адмовiўся ад другое чашы вiна, з задавальненнем з'еў некалькi вустрыц, варанай гароднiны, кавалак мяса.

Пасля таго як пад'еў, ён пахвалiў вiно:

- Цудоўная лаза, пракуратар, але гэта не "Фалерна".

- "Цэкуба", трыццацiгадовае, - ветлiва адазваўся пракуратар.

Госць прытулiў руку да сэрца, адмовiўся болей есцi. Тады Пiлат налiў у сваю чашу, госць зрабiў тое самае. Абодва адлiлi са сваiх чаш у мiсу з мясам, i пракуратар прамовiў гучна з паднятаю чашаю:

- За цябе, кесар, бацька рымлян, сама дарагi i найлепшы з усiх людзей!

Пасля гэтага дапiлi вiно, i афрыканцы прыбралi са стала страву, пакiнуўшы толькi садавiну i збаны. Зноў узмахам рукi пракуратар адправiў слуг i застаўся са сваiм госцем адзiн пад каланадай.

- Ну, - загаварыў Пiлат цiха, - што вы можаце сказаць пра настрой у гэтым горадзе?

Ён мiжволi зiрнуў туды, дзе за садовымi тэрасамi, унiзе, дагаралi i каланады, i пляскатыя дахi, пазалочаныя апошнiмi сонечнымi промнямi.

- Я думаю, пракуратар, - адказаў госць, - што настрой людзей у Ершалаiме зараз здавальняючы.

- Можна ручацца, што бунтаў болей не будзе?

- Ручацца можна, - адказаў госць, ласкава пазiраючы на пракуратара, - за адно толькi ў свеце - за магутнасць вялiкага кесара.

- Няхай багi даруюць яму доўгае жыццё, - адразу ж падхапiў Пiлат, - i агульны мiр. - Ён памаўчаў i працягваў: - Вы мяркуеце, што цяпер можна вывесцi войска?

- Думаю, што кагорта Маланкавага можа пайсцi, - адказаў госць i дадаў: Добра было б, каб перад выхадам яна прайшла па горадзе.

- Слушная думка, - адобрыў пракуратар, - паслязаўтра я яе адпушчу i сам паеду, i - клянуся вам пiрам дванаццацi багоў, ларамi клянуся - я многа аддаў бы, каб мог зрабiць гэта сёння!

- Пракуратар не любiць Ершалаiм? - дабрадушна спытаўся госць.

- Злiтуйцеся, - усмiхаючыся, усклiкнуў пракуратар, - няма горшага месца на зямлi. Я не кажу нават пра прыроду! Я кожны раз хварэю, калi мне даводзiцца сюды прыязджаць. Ды гэта паўбяды. Але гэтыя святы - магi, чараўнiкi, цудатворцы, гэтыя чароды багамольцаў... Фанатыкi, фанатыкi! Чаго варты адзiн гэты месiя, якога яны пачалi раптам чакаць у гэтым годзе! Кожную хвiлiну думаеш, што станеш сведкам непрыемнага кровапралiцця. Увесь час перамяшчаць войскi, чытаць даносы i паклёпы, палавiна якiх напiсана на цябе самога! Пагадзiцеся, што гэта сумная работа. О, калi б не служба iмператару!..

- Сапраўды, святы тут цяжкiя, - пагадзiўся госць.

- Усёй душою жадаю, каб яны як мага хутчэй скончылiся, - энергiчна дадаў Пiлат. - Тады я змагу, нарэшце, вярнуцца ў Кесарыю. Паверце, гэтае вар'яцкае Iрадава збудаванне, - пракуратар махнуў рукой уздоўж каланады, i стала зразумела, што ён гаворыць пра палац, - канчаткова зробiць мяне вар'ятам. Я не магу начаваць у iм. Свет не ведаў гэтакае недарэчнае архiтэктуры! Але вернемся да справы. Першае, гэты пракляты Вар-раван вас не турбуе?

Вось у гэты час госць i зiрнуў сваiм незвычайным позiркам на пракуратараву шчаку. Але той сумнымi вачыма глядзеў удалечыню, пагардлiва моршчыўся, аглядаў частку горада, якая прасцiралася ў яго пад нагамi i патанала ў надвячорку. Патух i госцеў позiрк, i павекi яго заплюшчылiся.

- Трэба думаць, што Вар цяпер зрабiўся як ягня, - загаварыў госць, i маршчынкi з'явiлiся на круглым твары. - Яму няёмка цяпер бунтаваць.

- Занадта знакамiты? - з усмешкаю спытаўся Пiлат.

- Пракуратар, як i заўсёды, тонка разумее пытанне!

- Усё роўна, - заклапочана сказаў пракуратар, i доўгi палец з чорным камянём у пярсцёнку падняўся ўгору, - трэба будзе...

- Пракуратар можа быць спакойны, пакуль я ў Юдэi, Вар не ступiць i кроку, каб за iм не iшлi па пятах.

- Цяпер я спакойны, як i заўсёды спакойны, калi вы тут.

- Пракуратар занадта добры!

- А цяпер прашу мне паведамiць пра пакаранне, - сказаў пракуратар.

- Што канкрэтна цiкавiць пракуратара?

- Натоўп не спрабаваў выказваць абурэнне? Гэта, вядома, галоўнае.

- Зусiм не, - адказаў госць.

- Вельмi добра. Вы самi пераканалiся, што яны былi мёртвыя?

- Пракуратар можа быць упэўнены.

- Скажыце... а пiтво iм давалi перад тым, як распяць на слупах?

- Давалi. Але ён, - тут госць заплюшчыў вочы, - адмовiўся яго выпiць.

- Хто? - спытаўся Пiлат.

- Даруйце, iгемон! - усклiкнуў госць. - Я не сказаў? Ноцры.

- Вар'ят! - сказаў Пiлат i зморшчыўся. Пад левым вокам у яго заторгалася жылка. - Памiраць ад сонечнае спякоты? Чаму ён адмовiўся ад таго, што належыць па законе? Як ён адмаўляўся?

- Ён сказаў, - госць зноў заплюшчыў вочы, - што дзякуе i не вiнавацiць за тое, што ў яго адабралi жыццё.

- Каго? - глухiм голасам спытаўся Пiлат.

- Гэтага ён, iгемон, не сказаў.

- Цi не спрабаваў ён што-небудзь прапаведаваць салдатам?

- Не, iгемон, ён цяпер быў маўклiвы. Адзiнае, што ён сказаў, што з усiх шматлiкiх недахопаў чалавечых цяпер лiчыць галоўным баязлiвасць.

- Чаму гэта было сказана? - пачуў госць голас, якi неспадзявана надламаўся.

- Гэтага нельга было зразумець. Ён наогул паводзiў сябе дзiўна, як, дарэчы, i заўсёды.

- Што дзiўнае было?

- Ён увесь час спрабаваў паглядзець у вочы то аднаму, то другому i ўвесь час неяк разгублена ўсмiхаўся.

- I болей нiчога? - спытаўся ахрыплы голас.

Пракуратар грукнуў чашаю, налiў сабе вiна. Ён апаражнiў яе да дна i загаварыў:

- Справа ў тым: хаця мы i не можам выявiць цяпер, прынамсi, якiх-небудзь прыхiльнiкаў альбо прадаўжальнiкаў, але нельга паручыцца, што iх няма зусiм, нельга.

Госць нахiлiў галаву i ўважлiва слухаў.

- I каб не здарылася якiх-небудзь сюрпрызаў, - працягваў пракуратар, - я прашу вас неадкладна i цiха прыбраць з зямлi целы ўсiх трох пакараных i пахаваць iх таемна, каб не засталося нi слыху нi дыху.

- Слухаю, iгемон, - сказаў госць i ўстаў. - Калi справа гэтакая складаная i адказная, дазвольце мне ехаць тэрмiнова.

- Не, прысядзьце, - Пiлат рухам рукi спынiў госця, - ёсць яшчэ два пытаннi. Другое - вашы вялiкiя заслугi на сама цяжкай пасадзе начальнiка сакрэтнае службы пры пракуратары Юдэi даюць мне прыемную магчымасць далажыць пра гэта ў Рыме.

Госцеў твар у гэты час паружавеў, ён устаў i пакланiўся пракуратару.

- Я толькi выконваю свой абавязак на iмператарскай службе!

- Але я хацеў бы папрасiць, каб вы, калi вам прапануюць перавод па службе адсюль з павышэннем, адмовiлiся i засталiся тут. Мне нiзавошта не хацелася б разлучацца з вамi. Няхай вас неяк iнакш узнагародзяць.

- Я шчаслiвы, што служу пад вашым кiраўнiцтвам, iгемон.

- Мне прыемна гэта. Цяпер трэцяе пытанне. Яно пра гэтага, як яго... Юду з Карыяфа.

Госць стрэльнуў у пракуратара сваiм адметным позiркам i адразу патушыў яго.

- Кажуць, што ён, - працягваў пракуратар цiшэй, - быццам бы атрымаў грошы за тое, што гэтак прыязна частаваў звар'яцелага фiлосафа.

- Атрымае, - цiха паправiў пракуратара Пiлата начальнiк сакрэтнае службы.

- Многа грошай?

- Гэтага нiхто не ведае, iгемон.

- Нават вы? - сваiм здзiўленнем iгемон пахвалiў.

- Нават я, - спакойна адказаў госць. - Але тое, што ён атрымае гэтыя грошы сёння вечарам, гэта я ведаю. Сёння яго выклiкаюць у палац да Каiфы.

- Ах, прагны стары з Карыяфа, - з усмешкаю сказаў пракуратар. - Ён жа стары?

- Пракуратар нiколi не памыляецца, але цяпер ён памылiўся, - ветлiва запярэчыў госць, - чалавек з Карыяфа малады.

- Праўда? Ахарактарызаваць яго можаце? Фанатык?

- Ды не, пракуратар.

- Ага. Яшчэ што-небудзь?

- Вельмi прыгожы.

- Яшчэ? Магчыма, мае да нечага вялiкую схiльнасць?

- Цяжка пра гэта даведацца ў такiм вялiкiм горадзе, пракуратар...

- Э, не, не, Афранiй! Не прымяншай сваiх заслуг.

- Ёсць у яго адна схiльнасць, пракуратар. - Госць на долю секунды прымоўк. - Ён прагны да грошай.

- Чым ён займаецца?

Афранiй паглядзеў угору, падумаў i адказаў:

- Ён працуе мянялам у лаўцы ў свайго сваяка.

- А, вунь яно што, - пракуратар замоўк, азiрнуўся, цi няма каго на балконе i потым цiха прамовiў: - Вось у чым справа - я маю звесткi, што яго сёння ноччу зарэжуць.

У гэты час госць не толькi кiнуў свой позiрк на пракуратара, але i затрымаў яго на iм, а потым адказаў:

- Вы, пракуратар, занадта добрае думкi пра мяне. Я, мабыць, не заслугоўваю, каб вы дакладвалi пра мяне. Я не маю гэтакiх звестак.

- Вы заслугоўваеце сама высокае ўзнагароды. Але звесткi такiя ёсць, адказаў пракуратар.

- Дазвольце мне пра гэта не гаварыць, бо яны выпадковыя, недакладныя i ненадзейныя. Але мне трэба ўсё прадбачыць. Гэтакая пасада ў мяне, а больш за ўсё я веру свайму прадчуванню, яно мяне нiколi не падманвала. Звесткi такiя, што хтосьцi з невядомых сяброў Га-Ноцры, абураны страшнаю здрадаю гэтага мянялы, змовiўся з сябрамi забiць яго ноччу, а грошы, атрыманыя за здраду, падкiнуць першасвятару з запiскай: "Вяртаю праклятыя грошы".

Болей сваiх нечаканых позiркаў начальнiк сакрэтнае службы на iгемона не накiроўваў, слухаў яго прымружана, а Пiлат працягваў:

- Уявiце, як прыемна будзе першасвятару ў святочную ноч атрымаць гэтакi падарунак?

- Вельмi непрыемна, - усмешлiва адказаў госць, - я нават думаю, пракуратар, што з-за гэтага атрымаецца вялiкi скандал.

- I я гэтак думаю. Таму i прашу вас заняцца гэтым, значыць, забяспечыць ахову Юды з Карыяфа.

- Загад iгемона будзе выкананы, - сказаў Афранiй, - але я павiнен супакоiць iгемона: зладзейскую задуму надзвычай цяжка выканаць. Гэта ж трэба падумаць толькi, - госць азiрнуўся i працягваў: - Высачыць чалавека, зарэзаць яго, ды яшчэ ведаць, колькi атрымаў, ды i грошы вярнуць Каiфу, i ўсё за адну ноч? Сённяшнюю?

- Як бы там нi было, яго зарэжуць сёння, - упарта паўтарыў Пiлат, - у мяне прадчуванне, гавару вам! Не было выпадку, каб прадчуванне мяне падманвала, сутарга сцяла пракуратараў твар, i ён коратка пацёр рукi.

- Слухаюся, - пакорлiва адказаў госць, устаў i раптам спытаўся сурова: Значыць, зарэжуць, iгемон?

- Зарэжуць, - адказаў Пiлат, - i спадзяванне толькi на вашу выключную здольнасць.

Госць паправiў папругу пад плашчом i сказаў:

- Гонар маю, жадаю здароўя i радасцi!

- Пачакайце, - цiха ўсклiкнуў Пiлат, - я зусiм забыў! Я ваш даўжнiк!..

Госць здзiвiўся:

- Праўда, пракуратар, вы мне нiчога не павiнны.

- Як гэта не павiнен! Калi я ўязджаў у Ершалаiм, памятаеце, натоўп жабракоў... я хацеў яшчэ грошы сыпануць iм, а ў мяне не было, i я ўзяў у вас.

- Пракуратар, гэта дробязь зусiм!

- I пра дробязь трэба памятаць.

Пiлат азiрнуўся, падняў плашч, якi ляжаў за iм на крэсле, узяў з-пад яго скураны мяшок i падаў госцю. Той узяў, схаваў пад плашч i пакланiўся.

- Я чакаю, - сказаў Пiлат, - даклада пра пахаванне, а таксама пра справу Юды з Карыяфа сёння ноччу, чуеце, Афранiй, сёння. Канвой атрымае каманду будзiць мяне, як толькi вы з'явiцеся. Я вас чакаю.

- Гонар маю, - сказаў начальнiк сакрэтнае службы, завярнуўся i выйшаў з балкона.

Пачуўся хруст мокрага пяску ў яго пад нагамi, потым пачуўся грукат ботаў па мармуры памiж iльвоў, потым знiклi яго ногi, тулава, i, нарэшце, знiк i башлык. I толькi цяпер пракуратар заўважыў, што няма сонца i пачалося змярканне.


Раздзел 26 Пахаванне


Магчыма, гэтае змярканне i было прычынаю таго, што пракуратар перамянiўся з выгляду. Ён быццам пастарэў вiдавочна, згорбiўся, акрамя таго, зрабiўся нервовым. Адзiн раз ён нават азiрнуўся i чамусьцi скалануўся, паглядзеўшы на пустое крэсла, дзе ляжаў толькi плашч. Надыходзiла святочная ноч, вечаровыя ценi рабiлi сваю работу, i, мабыць, стомленаму пракуратару здалося, што хтосьцi сядзiць у незанятым крэсле. Пракуратар спалохаўся - крануў плашч, кiнуў яго, забегаў па балконе, падбягаў да стала, хапаўся за чашу, спыняўся i пачынаў раўнадушна глядзець на мазаiчную падлогу, нiбы спрабаваў прачытаць нешта напiсанае.

Сёння двойчы яго апаноўвала сумота. Ён пацiраў скроню, у якой ад ранiшняга болю застаўся толькi тупы, гнятлiвы ўспамiн. Пракуратар усё спрабаваў зразумець, што з'яўляецца прычынаю яго душэўных пакут. I ён хутка зразумеў гэта, але хацеў падмануць самога сябе. Цяпер ён разумеў, што ўдзень штосьцi незваротна страцiў, i цяпер страту гэтую ён хоча апраўдаць нейкiм дробным i нiкчэмным учынкам. Падман быў у тым, што пракуратар стараўся пераканаць сябе, быццам цяперашнi вечаровы загад не меней значны, чым ранiшнi прысуд. Але з гэтага нiчога не выходзiла.

На адным з паваротаў ён раптоўна спынiўся i свiснуў. У адказ на гэты свiст у прыцемку загрымеў густы сабачы брэх, i з саду выскачыў на балкон вялiзны, вастравухi, шэры сабака з аброжкам з пазалочанымi бляшкамi.

- Банга, Банга, - слаба крыкнуў пракуратар.

Сабака стаў на заднiя лапы, а пярэднiя паклаў на плечы гаспадару, ледзь не павалiўшы на падлогу, i лiзнуў яго ў шчаку. Пракуратар сеў у крэсла, Банга, высунуўшы язык i цяжка дыхаючы, лёг ля гаспадаровых ног, i радасць у сабачых вачах была ад таго, што скончылася навальнiца, адзiнае ў свеце, чаго баяўся бясстрашны сабака, а таксама ад таго, што ён тут, побач з тым чалавекам, якога любiць i паважае i лiчыць сама магутным ва ўсiм свеце, валадаром усiх людзей, дзякуючы якому i сябе самога сабака лiчыў iстотаю незвычайнаю, вышэйшаю i асаблiваю. Але пасля таго, як улёгся ля ног, хаця i не глядзеў на гаспадара, а глядзеў у змяркальны сад, сабака адразу зразумеў, што яго гаспадара спасцiгла бяда. Таму ён устаў, зайшоў збоку i пярэднiя лапы i галаву паклаў пракуратару на каленi, забрудзiўшы плашч мокрым пяском. Гэтым Банга, мабыць, хацеў суцешыць свайго гаспадара ў бядзе i запэўнiць, што ён застаецца з iм. Гэта ён iмкнуўся сказаць i позiркам скошаных на гаспадара вачэй, i наструненымi вушамi. Гэтак абодва яны, i сабака i чалавек, якiя любяць адзiн аднаго, сустрэлi святочную ноч на балконе.

Тым часам пракуратураў госць меў шмат клопату. З верхняе пляцоўкi перад балконам ён сышоў на наступную тэрасу саду, завярнуў направа i выйшаў да казармаў, якiя размяшчалiся на тэрыторыi палаца. У гэтых казармах i размяшчалiся тыя дзве кентурыi, якiя прыйшлi разам з пракуратарам на свята ў Ершалаiм, а гэтаксама таемная пракуратарава служба, якой камандаваў той самы госць. Госць пабыў у казармах нядоўга, не больш за дзесяць хвiлiн, у гэты час з варот казармы выехалi тры падводы, нагружаныя далакопным iнструментам i бочкаю з вадой. Падводы суправаджалi пятнаццаць чалавек у шэрых плашчах, конна. З гэтакiм суправаджэннем падводы выехалi з тэрыторыi палаца праз заднiя вароты, пакiравалi на захад, праз вароты ў гарадской сцяне выбралiся спачатку на Вiфлеемскую дарогу, прайшлi па ёй на поўнач да перакрыжавання ля Хеўронскiх варотаў i толькi тады рушылi па Яфскай дарозе, па якой удзень праходзiла шэсце з асуджанымi на пакаранне. У гэты час ужо сцямнела i над небакраем узыходзiў месяц.

Неўзабаве пасля таго, як паехалi вазы з канвоем, пакiнуў тэрыторыю палаца конна i пракуратараў госць, пераапрануты ў цёмны паношаны хiтон.

Госць накiраваўся не за горад, а ў горад. Праз нейкi час можна было ўбачыць, што ён пад'язджае да крэпасцi Антонiя, якая размяшчалася на поўначы i недалёка ад вялiкага палаца. У крэпасцi госць пабыў таксама нядоўга, а потым яго можна было ўбачыць у Нiжнiм Горадзе, на яго крывых i заблытаных пакручастых вулачках. Сюды госць ужо прыехаў верхам на муле.

Госць добра ведаў горад i вельмi хутка адшукаў патрэбную яму вулачку. Яна называлася Грэцкаю, бо на ёй размяшчалася некалькi грэцкiх крамак, у тым лiку i тая, у якой прадавалi дываны. Менавiта ля гэтае крамкi госць спынiў свайго мула, злез i прывязаў яго за колца ля варот. Крамка была ўжо замкнёная. Госць зайшоў праз варотцы, якiя былi побач з уваходам у крамку, i трапiў у невялiкi квадратны дворык, абстаўлены хлеўчукамi. Ён пакiраваў у двары за вугал i апынуўся ля мураванае тэрасы жылога дома, абвiтага плюшчом, агледзеўся. У домiку i ў хлявах было цёмна, агню яшчэ не запальвалi.

Госць цiха паклiкаў:

- Нiза!

У адказ зарыпелi дзверы, i ў вечаровых прыцемках на тэрасе паказалася маладая жанчына без пакрывала. Яна нахiлiлася над парэнчамi тэраскi, трывожна ўзiралася, спрабавала пазнаць, хто прыйшоў. Пазнала прышэльца, прыветна ўсмiхнулася яму, закiвала галавой, махнула рукою.

- Ты адна? - цiха па-грэцку спытаўся Афранiй.

- Адна, - шапнула жанчына на тэрасе. - Муж ранiцай паехаў у Кесарыю. - Тут жанчына азiрнулася на дзверы i дадала шэптам: - Але служанка дома. - I яна дала знак, што можна зайсцi.

Афранiй азiрнуўся i ступiў на мураваныя прыступкi. Пасля гэтага жанчына i ён знiклi ў домiку.

У гэтае жанчыны Афранiй пабыў зусiм мала, не болей чым пяць хвiлiн. Пасля гэтага ён пакiнуў домiк, спусцiўся з тэрасы, нiжэй насунуў на вочы башлык i выйшаў на вулiцу. У гэты час у дамах ужо запальвалi святло, перадсвяточнае стоўпатварэнне было яшчэ даволi вялiкае, i Афранiй на сваiм муле знiк у плынi пешаходаў i конных. Далейшы яго шлях нiкому невядомы.

Жанчына, якую назваў Афранiй Нiзаю, як толькi засталася адна, адразу ж пачала пераапранацца. Яна спяшалася. Але як нi цяжка было ёй адшукваць патрэбныя рэчы ў цемры, святла яна не запальвала i служанку не клiкала. Толькi пасля таго як сабралася i на галаве было цёмнае пакрывала, у домiку пачуўся яе голас:

- Калi будуць пытацца мяне, скажы, што пайшла ў госцi да Энанты.

Пачулася бурчанне старое служанкi ў цемры:

- Да Энанты? Ай, гэтая Энанта! Забаранiў жа муж хадзiць да яе! Зводня яна, твая Энанта! Вось скажу мужу...

- Ну, ну, ну, замоўкнi, - адазвалася Нiза i, як цень, выслiзнула з домiка.

Нiзiны сандалi загрукалi па плiтах у дворыку. Служанка незадаволена зачынiла дзверы на тэрасу. Нiза пакiнула свой дом.

У гэты самы час з другога завулка ў Нiжнiм Горадзе, завулка пакручастага, якi тэрасамi спускаўся да адной з гарадскiх сажалак, з варотцаў звычайнага домiка, якi глухой сцяной выходзiў у завулак, а вокнамi на двор, выйшаў малады чалавек з акуратна падстрыжанай барадой у белым чыстым кефi, якi падаў на плечы, у новым святочным блакiтным талiфе з кутасiкамi ўнiзе i новых рыпучых сандалях. Гарбаносы прыгажун, якi прыбраўся перад вялiкiм святам, iшоў бадзёра, абганяў мiнакоў, якiя спяшалiся дадому на святочную вячэру, глядзеў, як запальвалiся адно за адным вокны. Малады чалавек накiроўваўся па дарозе, якая вяла паўз базар да палаца першасвятара Каiфы, якi размяшчаўся ля падножжа храмавага ўзгорка.

Праз нейкi час можна было бачыць, як ён зайшоў у вароты Каiфавага двара, а крыху пазней - як ён выходзiў адтуль.

Пасля наведвання палаца, у якiм ужо палалi свяцiльнiкi i факелы, дзе панавала святочная мiтусня, малады чалавек пайшоў яшчэ весялей i заспяшаўся назад у Нiжнi Горад. На тым самым рагу, дзе вулiца ўлiвалася ў базарны пляц, у бурлiвасцi i штурханiне яго перагнала нейкай прытанцоўваючай хадой лёгкая жанчына ў чорным пакрывале, апушчаным на самыя вочы. Калi жанчына абганяла прыгажуна, яна на нейкае iмгненне адкiнула пакрывала, апякла позiркам, але не запаволiла кроку, а, наадварот, пайшла хутчэй, быццам хацела ўцячы ад таго, каго перагнала.

Малады чалавек не толькi заўважыў жанчыну, не, ён нават пазнаў яе, а пасля таго як пазнаў, здрыгануўся, недаўменна паглядзеў услед i адразу ж кiнуўся даганяць. Ён ледзь не збiў з ног нейкага мiнака са збаном у руках, дагнаў жанчыну, цяжка дыхаючы ад хвалявання, паклiкаў яе:

- Нiза!

Жанчына завярнулася, прымружылася, на твары ў яе адбiлася халодная незадаволенасць, i суха адказала па-грэцку:

- А, гэта ты, Юда? А я не адразу пазнала цябе. Але добра. У нас ёсць прыкмета, што той, каго не пазнаюць, будзе багатым...

Юда хваляваўся гэтак, што сэрца яго аж трапятала, як птушка пад чорным покрывам, Юда спытаўся перарывiстым шэптам, каб не чулi мiнакi:

- Куды ты iдзеш, Нiза?

- А навошта табе? - Нiза запаволiла хаду i звысоку глядзела на Юду.

У Юдавым голасе пачулася нейкая дзiцячая iнтанацыя, ён разгублена зашаптаў:

- Але як гэта?.. Мы ж дамовiлiся. Я хацеў зайсцi да цябе. Ты сказала, што ўвесь вечар будзеш дома...

- Ай, не, не, - капрызна адказала Нiза, адтапырыла нiжнюю губу, а Юду здалося, што яе твар, сама прыгожы твар ва ўсiм свеце, зрабiўся яшчэ прыгажэйшы, - мне стала сумна. У вас свята, а мне што рабiць? Сядзець i слухаць, як ты ўздыхаеш на тэрасе? I баяцца, што служанка пра ўсё раскажа мужу? Не, не, i я вырашыла пайсцi за горад паслухаць салаўёў.

- Як за горад? - спытаўся разгублена Юда. - Адна?

- Вядома, адна, - адказала Нiза.

- Дазволь мне суправаджаць цябе, - папрасiў Юда, задыхаючыся ад хвалявання.

У галаве ў яго затуманiлася, ён забыўся пра ўсё на свеце i з мальбою глядзеў у блакiтныя, а цяпер, здавалася, чорныя Нiзiны вочы. Нiза нiчога не адказала i пайшла шпарчэй.

- Чаму ты маўчыш, Нiза? - жаласна спытаўся Юда, параўняўшыся з ёй.

- А мне не будзе сумна з табою? - раптам спыталася Нiза i спынiлася.

Цяпер у галаве ў Юды зусiм зацьмiлася.

- Ну, добра, - злiтавалася нарэшце Нiза, - пойдзем.

- А куды, куды?

- Пачакай... зойдзем у гэты дворык i дамовiмся, а то я баюся, што ўбачыць хто-небудзь са знаёмых i потым скажуць, што я была з палюбоўнiкам на вулiцы.

I знiклi з базара Нiза i Юда. Яны шапталiся ў падваротнi нейкага двара.

- Iдзi ў маслiнны маёнтак, - шаптала Нiза, нацягваючы пакрывала на вочы i адварочваючыся ад нейкага чалавека, якi з вядром якраз заходзiў у двор, - у Гефсiманiю, за Кедрон, зразумеў?

- Ага, ага, ага.

- Я пайду першая, - працягвала Нiза, - а ты не бяжы ўслед, адстань. Калi пяройдзеш ручай... ты ведаеш, дзе грот?

- Ведаю, ведаю...

- Пройдзеш паўз маслiчны прэс угору i заварочвай да грота. Я буду там. Але не смей iсцi следам, май цярпенне, пачакай тут. - З гэтымi словамi Нiза выйшла з падваротнi, быццам i не была там, не гаварыла з Юдам.

Юда пастаяў нейкi час адзiн, спрабаваў ачомацца. Падумалася пра тое, як ён растлумачыць сваю адсутнасць на святочнай вячэры ў сваякоў. Юда стаяў i выдумляў, што схлусiць, але ад хвалявання нiчога не мог прыдумаць, а ногi самi мiжволi вынеслi яго з падваротнi.

Цяпер ён змянiў накiрунак, ён не iшоў у Нiжнi Горад, а завярнуў назад да Каiфавага палаца. Свята ўжо ўступiла ў горад. Вакол Юды ў вокнах ужо не толькi гарэла святло, але i чулiся галасы. Тыя, хто спазняўся, крычалi на вослiкаў, падганялi iх. Ногi самi неслi Юду, i ён не заўважыў, як паўз яго праляцелi страшныя замшэлыя вежы Антонiя, ён не чуў трубнага рыкання ў крэпасцi, не звярнуў нiякае ўвагi на конны рымскi патруль з факеламi, якi трывожным святлом асвятлiў яго дарогу.

Юда выйшаў з вежы, завярнуўся назад, угледзеў, што ў страшэннай вышынi над храмам запалiлiся два гiганцкiх пяцiсвеччы. Iх Юда разгледзеў слаба, яму здалося, што над Ершалаiмам запалiлi дзесяць фантастычных лампад, якiя супернiчалi са святлом адзiнае лампады, якая ўсё вышэй уставала над Ершалаiмам, - з поўняю.

Але зараз нiштэ не цiкавiла Юду, ён спяшаўся да Гефсiманскiх варотаў, яму хацелася хутчэй выйсцi з горада. Часам яму здавалася, што наперадзе, мiж постацей мiнакоў прытанцоўвае знаёмая постаць, вядзе яго следам. Але гэта быў падман - Юда разумеў, што Нiза намнога перагнала яго. Юда прабег паўз крамку мяняльшчыкаў, трапiў нарэшце ў Гефсiманскiя вароты. Ён гарэў ад нецярпення, але павiнен быў затрымацца. У горад уваходзiлi вярблюды, потым ехаў конны сiрыйскi патруль, якi Юда пракляў у думках...

Але ўсё канчаецца. Скончыўся i горад, нецярплiвы Юда быў ужо за гарадскою сцяной. Леваруч Юда ўбачыў маленькiя магiлкi, каля iх некалькi паласатых шатроў з багамольцамi. Юда перайшоў залiтую месячным святлом пыльную дарогу i накiраваўся да кедронскага ручая, каб перайсцi цераз яго. Вада цiха цурчала пад Юдавымi нагамi. Па каменьчыках ён пераскочыў на гефсiманскi бераг i з вялiкаю радасцю ўбачыў, што дарога ў садзе бязлюдная. Непадалёку вiдаць былi вароты маслiннага маёнтка.

Пасля душнага горада Юду ўразiў дурманны водар вясновае ночы. З саду цераз агароджу наплывала хваля паху мiрту i акацый з гефсiманскiх палян.

Вароты не ахоўвалiся нiкiм, нiкога пад iмi не было, i праз некалькi хвiлiн Юда спяшаўся подбегам у таямнiчым цянi пад разложыстымi аграмаднымi маслiнамi. Дарога iшла ўгору, Юда цяжка дыхаў, на iмгненне вынырваў з цемры на ўзорыстыя месячныя дываны, якiя нагадвалi яму тыя дываны, якiя ён бачыў у раўнiвага Нiзiнага мужа ў краме. Праз нейкi час мiльганула леваруч ад Юды паляна, маслiчны прэс з цяжкiм каменным колам i куча нейкiх бочак. У садзе не было нiкога. Работа скончылася ўдзень, i цяпер над Юдам залiвалiся салаўiныя хоры.

Да мэты Юду было зусiм блiзка. Ён ведаў, што справа ў цемры зараз пачуе цiхi шэпт падаючай у гроце вады. Гэтак i адбылося, ён пачуў вадзяны шэпт. Рабiлася ўсё халадней. Тады ён прыцiшыў хаду i цiха паклiкаў:

- Нiза!

Але замест Нiзы ад тоўстага маслiнавага ствала адлiпла i выскачыла на дарогу мужчынская каржакаватая постаць, нешта блiснула ў яе руцэ i адразу ж патухла. Юда слабенька ўскрыкнуў, кiнуўся ўцякаць, але другi чалавек заступiў яму дарогу.

Першы, якi быў наперадзе, спытаўся ў Юды:

- Колькi табе заплацiлi? Гавары, калi жыць хочаш!

Спадзяванне ўспыхнула ў Юдавым сэрцы, i ён адчайна ўскрыкнуў:

- Трыццаць тэтрадрахмаў. Усё ў мяне з сабою. Вось грошы! Бярыце, але жывым пакiньце!

Пярэднi чалавек iмгненна выхапiў з Юдавых рук кашалёк. I ў тое самае iмгненне за плячыма ў Юды ўзляцеў нож i, як маланка, ударыў закаханага пад лапатку. Юду кiнула наперад, рукi з сагнутымi ў крук пальцамi ўскiнулiся ўгору. Пярэднi чалавек злавiў Юду на свой нож i да самага тронка ўсадзiў яго ў Юдава сэрца.

- Нi... за... - не сваiм, звонкiм i чыстым маладым голасам, а голасам хрыплым i глухiм прамовiў Юда i болей - нiводнага гуку. Цела яго гэтак моцна ўдарылася аб зямлю, што яна загудзела.

Тады трэцяя постаць з'явiлася на дарозе, Гэты трэцi быў у плашчы i ў башлыку.

- Паспяшайцеся, - прамовiў ён.

Забойцы хутка запакавалi кашалёк разам з запiскаю, пададзенаю трэцiм, у скуру i завязалi накрыж вяроўкаю. Другi запхнуў пакунак за пазуху, i абодва забойцы кiнулiся з дарогi ў бакi, i цемра праглынула iх мiж маслiн. Трэцi тым часам прысеў ля забiтага, зазiрнуў яму ў твар. У цемры ён быў надзвычай белы, як крэйда, нейкi прыгожа адухоўлены.

Праз некалькi секунд нiкога жывога на дарозе не было. Мёртвае цела ляжала з раскiнутымi рукамi. Левы ступак трапiў якраз пад месячнае святло, i таму кожны раменьчык быў добра бачны на сандалi. А ўвесь Гефсiманскi сад у гэты час гудзеў ад салаўiных спеваў. Куды накiравалiся тыя двое, што зарэзалi Юду, нiкому невядома, але куды пайшоў трэцi, у башлыку, вядома. Са сцежкi ён скiраваў у маслiнны гушчар i пачаў прабiрацца на поўдзень. Ён пералез цераз садовую агароджу збоч ад галоўных варотаў, у паўднёвым кутку, там, дзе выпалi верхнiя камянi ў муры. Неўзабаве ён быў на беразе Кедрона. Тады ён ступiў у ваду i нейкi час iшоў па ёй, пакуль не ўбачыў абрысы двух коней i чалавека ля iх. Конi гэтаксама стаялi ў вадзе. Вада цякла, абмывала iхнiя капыты. Канавод сеў на аднаго каня, чалавек у башлыку ўскочыў на другога, конi павольна пайшлi па вадзе, i было чуваць, як пахруствала пад капытамi каменне. Потым коннiкi выехалi з вады, выбралiся на ершалаiмскi бераг i паехалi ступой пад гарадскою сцяною. Тады канавод паехаў наперад i знiк з вачэй, а чалавек у башлыку спынiў каня, злез з яго на пустэльнай дарозе, зняў свой плашч, вывернуў яго, дастаў з-пад плашча пляскаты шлем без пер'я, надзеў яго. Цяпер на каня сеў чалавек у вайсковай хламiдзе i з кароткiм мячом на бядры. Ён крануў павады, i гарачы кавалерыйскi конь паiмчаў рыссю, пакалыхваючы коннiка. Шлях у яго быў кароткi - коннiк пад'язджаў да паўднёвых варотаў Ершалаiма.

Пад аркаю варотаў танцавала i мiтусiлася неспакойнае полымя ад паходняў. Вартавыя салдаты з другой кентурыi Маланкавага батальёна сядзелi на каменных лаўках i гулялi ў косцi. Яны ўсхапiлiся на ногi, як угледзелi вайскоўца, але той махнуў iм рукой i паехаў у горад.

Горад быў залiты святочнымi агнямi. У кожным акне трымцела полымя свяцiльнiкаў, навокал гучалi словы, злiваючыся ў адзiны хор. Зрэдку пазiраючы ў вокны, коннiк мог убачыць людзей за святочнымi сталамi, на якiх ляжала казлiнае мяса, стаялi чашы з вiном мiж мiсаў з горкiмi травамi. Коннiк пачаў насвiстваць нейкую песеньку i прабiраўся рыссю далей па вулачках Нiжняга Горада, кiраваў да Антонiевае вежы, зрэдку пазiраў на вядомыя ўсяму свету пяцiсвеччы, якiя палалi над храмам, альбо на поўню, якая вiсела вышэй, чым пяцiсвеччы.

Палац Iрада Вялiкага не прымаў нiякага ўдзелу ў святкаваннi апошняе велiкоднае ночы. У гаспадарчых пабудовах палаца, якiя выходзiлi на поўдзень i дзе размясцiлiся афiцэры рымскае кагорты i легат легiёна, свяцiлiся агнi, там адчуваўся нейкi рух i жыццё. Пярэдняя частка, у якой быў адзiны жыхар, пракуратар, - уся, са сваiмi каланадамi i залатымi скульптурамi, быццам аслепла пад белаю поўняю. Тут, у сярэдзiне палаца, панавалi цемра i цiшыня. I туды пракуратар, як i гаварыў Афранiю, iсцi не захацеў. Ён загадаў паслаць пасцель на балконе, там, дзе абедаў, дзе ранiцай вёў допыт. Ён лёг на прыгатаванае ложа, але сон не хацеў прыходзiць да яго. Голая поўня нiзка вiсела на небе, i пракуратар не адводзiў ад яе позiрку на працягу некалькiх гадзiн.

Прыкладна апоўначы сон злiтаваўся над пракуратарам. Пракуратар пазяхнуў, зняў папругу з шырокiм сталёвым нажом у похвах, паклаў яго на крэсла побач з ложам, зняў сандалi i выпрастаўся. Банга адразу ўзлез да яго на пасцель i лёг побач, галава да галавы, i пракуратар, паклаўшы руку на сабачую шыю, заплюшчыў нарэшце вочы. Толькi пасля гэтага заснуў i сабака.

Ложа знаходзiлася ў прыцемку, захiнутае ад поўнi калонаю, але ад прыступак з ганка да ложа цягнулася месячная стужка. I ледзь толькi пракуратар страцiў сувязь з усiм, што было навокал, ён адразу рушыў па асветленай сцяжынцы i пайшоў па ёй угору, проста да поўнi. Ён спрасонку нават засмяяўся ад шчасця, што ўсё атрымалася гэтак цудоўна i непаўторна на празрыстай блакiтнай дарозе. Ён iшоў у суправаджэннi Бангi, а побач з iм iшоў вандроўны фiлосаф. Яны спрачалiся пра нешта складанае i значнае, i нiводзiн не мог перамагчы. Яны нi ў чым не пагаджалiся адзiн з адным, i таму спрэчка была гэтакая цiкавая i бясконцая. Вiдавочна, што сённяшняе пакаранне аказалася звычайным непаразуменнем - бо вось ён, фiлосаф, якi выдумаў зусiм неверагодную рэч накшталт тае, што ўсе людзi добрыя, iшоў побач, а значыць, ён жывы. I, вядома, зусiм жахлiва было нават i падумаць, што гэтакага чалавека можна пакараць. Пакарання не было! Вось у чым была галоўная асалода ад гэтага падарожжа ўгору па месячнай лесвiцы.

Вольнага часу было гэтулькi, колькi хочацца, i навальнiца будзе толькi пад вечар, i баязлiвасць, вядома, адна з сама страшных чалавечых заган. Гэтак гаварыў Iешуа Га-Ноцры. Не, фiлосаф, я табе запярэчу: гэта сама страшная загана.

Напрыклад, не збаяўся ж цяперашнi пракуратар Юдэi, былы трыбун у легiёне, калi ў Далiне Дзеў лютыя германцы ледзь не загрызлi Крысабоя-Велiкана. Але даруйце, фiлосаф! Няўжо вы, разумны чалавек, думаеце, што з-за чалавека, якi зрабiў злачынства супраць кесара, загубiць сваю кар'еру пракуратар Юдэi?

- Так, так, - стагнаў, усхлiпваў спрасонку Пiлат. Вядома, загубiць. Ранiцай сёння яшчэ не загубiў бы, а цяпер, ноччу, калi ўсё ўзважыў, загубiць. Ён адважыцца на ўсё, каб выратаваць ад пакарання нi ў чым не вiнаватага дзiвакаватага летуценнiка i доктара!

- Цяпер мы з вамi будзем заўсёды разам, - гаварыў яму ў сне абшарпаны фiлосаф-бадзяга, якi невядома якiм чынам паўстаў на дарозе ў коннiка з залатым кап'ём. - Калi адзiн, то, значыць, i другi побач! Успомняць мяне, адразу ж i цябе ўспомняць! Мяне, падкiдыша, бацькi якога невядомыя, i цябе - сына караля-астролага i дачкi млынара, прыгажунi Пiлы!

- Ды ты ўжо не забудзься, успомнi пра мяне, сына астролага, - прасiў спрасонку Пiлат. I пасля таго як старац-спадарожнiк з Эн-Сарыда даў згоду кiўком галавы, жорсткi пракуратар Юдэi плакаў i смяяўся скрозь сон.

Усё гэта было добра, але абуджэнне было жахлiвае. Банга загырчаў на поўню, i слiзкая, быццам аблiтая алеем, блакiтная дарога перад пракуратарам нiбы правалiлася. Ён расплюшчыў вочы, i першае, што ўспомнiў, было пакаранне. Пакаранне адбылося. Першае, што зрабiў пракуратар, гэта сцiснуў аброжак Бангi, потым хворым позiркам адшукаў поўню i ўбачыў, што яна крыху адышла ўбок i паблякла. Яе святло перамагло непрыемнае мiгатлiвае святло, якое блiшчала на балконе перад самымi вачыма. У руках у кентурыёна Крысабоя палала i куродымiла паходня. Крысабой са страхам i злосцю касавурыўся на звера, якi быў гатовы скочыць.

- Не чапаць, Банга, - сказаў пракуратар хворым голасам i кашлянуў. Ён засланiўся рукою ад полымя i працягваў: - I ноччу пры поўнi мне няма спакою. О багi! У вас таксама дрэнная пасада, Марк... Салдат вы калечыце...

Марк здзiўлена глядзеў на пракуратара, i той апамятаўся. Каб згладзiць дарэмна сказаныя словы спрасонку, пракуратар сказаў:

- Не крыўдуйце, кентурыён. Мне, паўтараю, яшчэ горш. У чым справа?

- Да вас начальнiк тайнае службы, - спакойна паведамiў Марк.

- Клiчце, клiчце, - прачысцiўшы кашлем горла, загадаў пракуратар i пачаў босымi нагамi намацваць сандалi.

Полымя замiтусiлася на калонах, загрукалi кентурыёнавы калiгi па мазаiцы. Кентурыён выйшаў у сад.

- I пры поўнi мне няма спакою, - скрыгануўшы зубамi, сам сабе прамовiў пракуратар.

На балконе замест кентурыёна паказаўся чалавек у башлыку.

- Банга, не чапаць, - цiха сказаў пракуратар i сцiснуў сабаку загрывак.

Перш чым гаварыць, Афранiй, як i звычайна, азiрнуўся навокал i адступiў у цень, пераканаўшыся, што няма нiкога чужога, акрамя Бангi, цiха сказаў:

- Прашу аддаць мяне пад суд, пракуратар. Ваша праўда. Я не змог зберагчы Юду з Карыяфа, яго зарэзалi. Прашу судзiць мяне i зняць з пасады.

Афранiю здалося, што на яго глядзяць чатыры вокi - сабачыя i ваўчыныя.

Афранiй дастаў з-пад хламiды закарэлы ад крывi кашалёк з дзвюма пячаткамi.

- Вось гэты мяшок з грашыма забойцы падкiнулi ў дом першасвятару. На гэтым мяшку кроў Юды з Карыяфа.

- Колькi там, цiкава? - спытаў Пiлат i нахiлiўся да кашалька.

- Трыццаць тэтрадрахмаў.

Пракуратар усмiхнуўся i сказаў:

- Мала.

Афранiй маўчаў.

- Дзе забiты?

- Гэтага не ведаю, - спакойна, з годнасцю адказаў чалавек, якi не разлучаўся са сваiм башлыком, - ранiцай сёння пачнём шукаць.

Пракуратар скалануўся, пакiнуў у спакоi раменьчык на сандалi, якi не зашпiльваўся.

- А вы дакладна ведаеце, што ён забiты?

Пракуратар атрымаў кароткi адказ:

- Я, пракуратар, пятнаццаць гадоў на рабоце ў Юдэi. Я пачаў службу пры Валерыю Граце. Мне не абавязкова трэба бачыць труп, каб сказаць, што чалавек забiты, i таму я вам зараз дакладаю, што чалавек, якога звалi Юдам з Карыяфа, некалькi гадзiн таму зарэзаны.

- Прабачце мяне, Афранiй, - адказаў Пiлат, - я яшчэ не прачнуўся як след, таму i сказаў гэта. Я дрэнна сплю, - пракуратар усмiхнуўся, - i ўвесь час сню месячны промень. Уявiце, як смешна, быццам бы я хаджу па гэтым промнi. Такiм чынам, я хацеў бы ведаць, што вы думаеце пра гэта? Дзе вы збiраецеся яго шукаць? Сядайце, начальнiк тайнай службы.

Афранiй пакланiўся, падсунуў крэсла блiжэй да ложа i сеў, грукнуўшы мячом.

- Я збiраюся шукаць яго непадалёку ад маслiчнага прэса ў Гефсiманскiм садзе.

- Ага, ага. А чаму менавiта там?

- Iгемон, я думаю, Юда забiты не ў самiм Ершалаiме i не далёка ад яго. Ён забiты пад Ершалаiмам.

- Лiчу вас адным з лепшых майстроў свае справы. Я не ведаю, як наконт гэтага ў Рыме, але ў калонiях роўнага вам няма. Растлумачце чаму?

- Нават думкi не дапускаю, - цiха гаварыў Афранiй, - каб Юда даўся каму-небудзь у рукi ў горадзе. На вулiцы цiха не зарэжаш. Выходзiць, яго павiнны былi завабiць у якi-небудзь падвал. Але служба ўжо шукала яго ў Нiжнiм Горадзе, i несумненна знайшла б. Яго няма ў горадзе, за гэта я ручаюся. Калi б яго забiлi далёка за горадам, то пакунак з грашыма не маглi б гэтак хутка падкiнуць. Яго забiлi паблiзу горада, куды змаглi выманiць.

- Не разумею, як гэта можна было зрабiць.

- Сапраўды, пракуратар, гэта сама цяжкае пытанне, i нават я не ведаю, цi здолею гэта разблытаць.

- Сапраўды, загадка! Святочным вечарам веруючы iдзе невядома чаго за горад, пакiдае святочнае застолле i там гiне. Хто i як мог яго тады завабiць? Цi не жаночых рук справа? - раптам загарэўся пракуратар.

Афранiй адказваў спакойна i важка:

- Нi ў якiм выпадку, пракуратар. Гэта выключаецца. Трэба думаць лагiчна. Каму патрэбна была Юдава смерць? Нейкiя вандроўныя фантазёры, нейкi гурток, у якiм не было нiякiх жанчын. Каб ажанiцца, пракуратар, патрэбны грошы, каб нарадзiць чалавека на свет таксама патрэбны грошы, але каб зарэзаць чалавека пры дапамозе жанчыны, трэба надта много грошай, i нi ў якiх валацуг iх няма. Жанчына не ўдзельнiчала ў гэтай справе, пракуратар. Нават болей, такое тлумачэнне забойства можа збiць са следу, замiнаць следству i блытаць мяне.

- Я бачу, што ваша праўда, Афранiй, - гаварыў Пiлат, - i я толькi дазволiў сабе выказаць сваё меркаванне.

- На жаль, памылковае, пракуратар.

- Але як жа тады? - усклiкнуў пракуратар i прагна паглядзеў у твар Афранiю.

- Мяркую, што ўсё з-за грошай.

- Цудоўная думка! Але хто i за што мог прапанаваць яму ноччу грошы за горадам?

- Не, пракуратар, не так. У мяне ёсць адзiнае меркаванне, i калi яно не спраўдзiцца, то iншага i прыдумаць не магу. - Афранiй нахiлiўся да пракуратара i шэптам дадаў: - Юда хацеў схаваць хрошы ў надзейным, толькi яму вядомым месцы.

- Даволi дасцiпнае тлумачэнне. Вiдаць, яно гэтак i было. Цяпер я разумею: яго выманiлi не людзi, а ўласная думка. Ага, ага, праўда.

- Сапраўды. Юда быў недаверлiвы. Ён хаваў грошы ад людзей.

- Ага, вы сказалi, у Гефсiманii. А чаму менавiта там вы збiраецеся яго шукаць - гэтага, прызнацца, я не разумею.

- О, пракуратар, гэта прасцей за ўсё. Нiхто не будзе хаваць грошы на дарозе, на адкрытых i пустэльных месцах. Юда не быў нi на дарозе ў Хеўрон, нi на дарозе ў Вiфанiю. Яму трэба было цiхае ўтульнае месца, дзе растуць дрэвы. Гэта проста. А гэтакiх месцаў, акрамя Гефсiманii, пад Ершалаiмам няма. Далёка ён iсцi не мог.

- Вы цалкам пераканалi мяне. Тады што рабiць зараз?

- Я неадкладна пачну шукаць забойцаў, якiя высачылi Юду за горадам, а сам тым часам, як ужо гаварыў, пайду пад суд.

- За што?

- Мая ахова згубiла яго ўчора на базары пасля таго, як ён выйшаў з палаца Каiфы. Як гэта здарылася, не разумею. Такога ў маiм жыццi не здаралася. Назiранне было наладжана адразу пасля нашай размовы. Але на базары ён некуды перакiнуўся, зрабiў пятлю i знiк бясследна.

- Зразумела. Аб'яўляю вам, што я не бачу патрэбы аддаваць вас пад суд. Вы зрабiлi ўсё, што маглi, i нiхто на свеце, - тут пракуратар усмiхнуўся, - не змог бы зрабiць лепей за вас! Пакарайце сышчыкаў, якiя згубiлi Юду, але i тут я хацеў бы, каб пакаранне не было строгае. Урэшце, мы зрабiлi ўсё, каб паклапацiцца пра гэтага нягоднiка! Ага, я забыўся спытаць, - пракуратар пацёр лоб, - як гэта яны ўмудрылiся падкiнуць грошы Каiфу?

- Бачыце, пракуратар... Гэта не вельмi цяжка. Мсцiўцы зайшлi ззаду палаца, дзе завулак вышэй, чым заднi двор, i перакiнулi пакунак цераз плот.

- З запiскаю?

- З запiскаю, як вы i меркавалi, пракуратар. Дарэчы, - тут Афранiй сарваў пячаткi з пакунка i паказаў начынне пракуратару Пiлату.

- Злiтуйцеся, што вы робiце, Афранiй, пячаткi, вiдаць, храмавыя.

- Пракуратару не трэба з-за гэтага хвалявацца, - адказаў Афранiй i згарнуў пакунак.

- Няўжо ўсе пячаткi ёсць у вас? - спытаўся Пiлат i засмяяўся.

- Iнакш не можа i быць, пракуратар, - зусiм сур'ёзна i нават сурова адказаў Афранiй.

- Уяўляю, што тварылася ў Каiфы?

- Сапраўды, пракуратар, гэта выклiкала вялiкае хваляванне. Яны адразу паклiкалi мяне.

Нават у цемры вiдаць было, як блiснулi Пiлатавы вочы.

- Гэта цiкава, цiкава...

- Асмелюся запярэчыць, пракуратар, цiкавага было мала. Сумная i нудная справа. Калi я спытаўся, цi не плацiлi каму-небудзь грошы ў палацы Каiфы, мне адказалi, што гэтага не было.

- Нават так? Ну, што ж, не плацiлi дык, значыць, не плацiлi. Тым цяжэй будзе знайсцi забойцаў.

- Сапраўды, пракуратар.

- Ага, Афранiй, вось што мне прыйшло ў галаву: можа, ён самагубствам жыццё скончыў?

- Ды не, пракуратар, - адказаў Афранiй i нават адкiнуўся ў крэсле, выбачайце, але гэта зусiм неверагодна!

- Ды ў гэтым горадзе ўсё можа быць! Я гатовы пайсцi ў заклад, што зусiм хутка распаўзуцца i такiя чуткi.

Тут Афранiй зiрнуў на пракуратара, падумаў i адказаў:

- Гэта можа быць, пракуратар.

Пракуратар, вiдаць, нiяк не мог адкаснуцца ад гэтага забойства чалавека з Карыяфа, хаця ўсё было ясна, i ён прамовiў нават летуценна:

- А мне б хацелася ўбачыць, як яны яго забiвалi.

- Забiлi яго досыць умела, пракуратар, - адказаў Афранiй i крыху iранiчна паглядзеў на пракуратара.

- Адкуль вы гэта ведаеце?

- Паглядзiце на пакунак, пракуратар, - адказаў Афранiй, - я ручаюся, што Юдава кроў хлынула струменем. Мне давялося, пракуратар, за сваё жыццё пабачыць забiтых.

- Ён болей не ўстане?

- Не, пракуратар, ён устане, - з усмешкаю, па-фiласофску сказаў Афранiй, калi труба Месii, якога тут чакаюць, прагучыць над iм. Але да гэтага ён не ўстане.

- Хопiць, Афранiй! З гэтым пытаннем ясна. Пяройдзем да пахавання.

- Пакараныя пахаваны, пракуратар.

- Ну, Афранiй, судзiць вас было б сапраўднае злачынства. Вы заслугоўваеце найвышэйшую ўзнагароду. Як было?

Афранiй пачаў расказваць i паведамiў, што ў той час, як ён сам займаўся справай Юды, каманда таемнае службы, якою кiраваў яго памочнiк, была вечарам на ўзгорку. Аднаго цела на вяршынi яна не знайшла. Пiлат здрыгануўся i прамовiў хрыпла:

- Ах, як я пра гэта не здагадаўся!

- Не варта турбавацца, пракуратар, - сказаў Афранiй i працягваў далей: Целы Дзiсмаса i Гестаса з выклеванымi драпежнымi птушкамi вачыма забралi i адразу кiнулiся шукаць трэцяе. Яго хутка знайшлi. Нейкi чалавек...

- Левiй Мацей, - не запытальна, а пераканана прамовiў Пiлат.

- Ён, пракуратар...

- Левiй Мацей хаваўся ў пячоры на паўночным схiле Лысай Гары, чакаў, пакуль сцямнее. Голае цела Iешуа Га-Ноцры было ў яго. Калi варта зайшла ў пячору з паходняй, Левiй зрабiўся злосным i адчайным. Ён крычаў, што не зрабiў злачынства, што кожны чалавек мае права пахаваць пакаранага злачынца, калi захоча, i што гэта не караецца законам. Левiй Мацей гаварыў, што не хоча разлучацца з нябожчыкам. Ён быў расхваляваны, нешта крычаў, прасiў, пагражаў i праклiнаў...

- Яго давялося арыштаваць? - пахмура прамовiў Пiлат.

- Не, пракуратар, не, - вельмi спакойна адказаў Афранiй, - дзёрзкага вар'ята ўдалося супакоiць, растлумачыць, што нябожчык будзе пахаваны.

Левiй, калi да яго дайшоў сэнс сказанага, супакоiўся, але заявiў, што нiкуды не пойдзе i хоча ўдзельнiчаць у пахаваннi. Ён сказаў, што нiкуды не пойдзе, нават калi яго пачнуць забiваць, ён нават прапаноўваў хлебны нож, якi быў у яго.

- Яго прагналi? - здушана прамовiў Пiлат.

- Не, пракуратар, не. Мой памочнiк дазволiў яму ўдзельнiчаць у пахаваннi.

- Хто з вашых памочнiкаў кiраваў гэтым? - спытаўся Пiлат.

- Талмай, - адказаў Афранiй i трывожна дадаў: - Магчыма, ён памылiўся?

- Працягвайце, - адказаў Пiлат, - памылкi не было. Я наогул пачынаю губляцца, Афранiй, я, вiдаць, маю справу з чалавекам, якi нiколi не памыляецца. Гэты чалавек - вы.

- Левiя Мацея ўзялi на воз разам з целамi пакараных i праз дзве гадзiны былi ў пустэльнай цяснiне на поўнач ад Ершалаiма. Там каманда на змену тры гадзiны капала глыбокую яму i ў ёй пахавала траiх пакараных.

- Голых?

- Не, пракуратар, - каманда ўзяла з сабою дзеля гэтага хiтоны. На пальцы пахаваным былi надзеты пярсцёнкi. Iешуа з адной насечкаю. Дзiсмасу з дзвюма, Гестасу з трыма. Яму засыпалi, закiдалi каменнем. Апазнавальны знак Талмай ведае.

- Ах, каб мог я прадбачыць! - пракуратар загаварыў i зморшчыўся. - Мне трэба было б пабачыць гэтага Левiя Мацея...

- Ён тут, пракуратар.

- Пахавальнай камандзе прашу выдаць узнагароду. Сышчыкам, якiя згубiлi Юду, - вымова. А Левiя Мацея зараз жа да мяне. Мне трэба падрабязнасцi па справе Iешуа.

- Слухаюся, пракуратар, - адазваўся Афранiй i пачаў адступаць, кланяючыся пракуратару, а пракуратар пляснуў у ладкi i крыкнуў:

- Да мяне, сюды! Свяцiльнiк у каланаду!

Афранiй ужо ўваходзiў у сад, а за плячыма Пiлата ў руках слуг мiльгалi агнi. Тры свяцiльнiкi на стале паўсталi перад пракуратарам, i месячная ноч адразу ж адступiла ў сад, быццам Афранiй павёў яе за сабой. Замест Афранiя на балконе з'явiўся маленькi худы чалавечак побач з гiгантам кентурыёнам. Гэты другi перахапiў пракуратараў позiрк, адступiў назад i адразу знiк у садзе.

Пракуратар прыглядаўся да прышэльца прагнымi i крыху спалоханымi вачыма. Гэтак глядзяць на таго, пра каго чулi многа, пра каго думалi i хто, нарэшце, з'явiўся.

Чалавеку было гадоў пад сорак, учарнелы, абшарпаны, у засохлай гразi, глядзiць па-воўчы з-пад iлба. Адным словам, прывабнага мала, больш падобны на жабрака, якiх шмат таўчэцца на тэрасах храма альбо на базарах шумнага i бруднага Нiжняга Горада.

Маўчанне працягвалася доўга i парушана было дзiўнымi паводзiнамi прыведзенага да Пiлата. Ён змянiўся з твару, пахiснуўся i, калi б не паспеў ухапiцца бруднаю рукою за край стала, упаў бы.

- Што з табою? - спытаўся ў яго Пiлат.

- Нiчога, - адказаў Левiй Мацей i зрабiў гэтакi рух, нiбы нешта пракаўтнуў. Худая, голая, брудная шыя набухла i зноў апала.

- Адказвай, што з табою, - паўтарыў Пiлат.

- Я стамiўся, - адказаў Левiй i панура паглядзеў на падлогу.

- Сядзь, - прамовiў Пiлат i паказаў на крэсла.

Левiй недаверлiва паглядзеў на пракуратара, рушыў да крэсла, спалохана зiрнуў на пазалочаныя бiлцы i сеў не на крэсла, а побач з iм на падлогу.

- Растлумач, чаму не сеў на крэсла? - спытаўся Пiлат.

- Я брудны, я вымажу яго, - сказаў Левiй, гледзячы долу.

- Зараз табе дадуць пад'есцi.

- Я не хачу есцi, - адказаў Левiй.

- А хлусiць нашто? - цiха спытаўся Пiлат. - Ты не еў цэлы дзень, а магчыма, i болей. Добра, не еш. Я паклiкаў цябе, каб ты паказаў мне нож, якi быў у цябе.

- Салдаты адабралi яго ў мяне, калi вялi сюды, - сказаў Левiй i дадаў панура: - Вы мне яго аддайце, мне яго трэба вярнуць гаспадару, я ўкраў яго.

- Нашто?

- Каб вяроўкi перарэзаць, - адказаў Левiй.

- Марк! - крыкнуў пракуратар, i кентурыён увайшоў пад калоны. - Дайце мне яго нож.

Кентурыён дастаў з похваў на папрузе брудны хлебны нож, падаў яго пракуратару, а сам выйшаў.

- У каго ўзялi нож?

- У хлебнай крамцы ля Хеўронскiх варотаў, як увойдзеш у горад злева.

Пiлат паглядзеў на шырокае лязо, паспрабаваў на палец, цi востры нож, i сказаў:

- Пра нож не турбуйся, нож вернуць у краму. А цяпер мне трэба другое: пакажы хартыю, якую ты носiш з сабою i дзе запiсаны словы Iешуа.

Левiй ненавiсна паглядзеў на Пiлата i гэтак нядобра ўсмiхнуўся, што твар у яго зусiм скрывiўся.

- Усё хочаце адабраць? I апошняе, што маю? - спытаўся ён.

- Я не сказаў табе - аддай, - адказаў Пiлат, - я сказаў - пакажы.

Левiй папоркаўся за пазухай i дастаў скрутак пергаменту. Пiлат узяў яго, разгарнуў, разаслаў памiж агнёў, прымружыўся i пачаў вывучаць малавыразныя чарнiльныя знакi. Цяжка было расчытаць гэтыя нязграбныя радкi, Пiлат крывiўся, нагiнаўся да самага пергаменту, вадзiў пальцам па радках. Яму ўдалося разабраць, што напiсанае ўяўляе блытаны ланцужок нейкiх выказванняў, нейкiх дат, гаспадарчых запiсаў i паэтычных урыўкаў. Сёе-тое Пiлат расчытаў: "Смерцi няма... Учора мы елi салодкiя вясновыя бакуроты..."

Пiлат крывiўся ад напружання, прымружваўся, чытаў: "Мы ўгледзiм чыстую раку жыццёвае вады... Чалавецтва будзе глядзець на сонца скрозь празрысты крышталь..."

Раптам Пiлат здрыгануўся. У апошнiх радках пергаменту ён разабраў словы: "...большая загана... баязлiвасць".

Пiлат скруцiў пергамент i рэзка падаў яго Левiю.

- Вазьмi, - сказаў ён, памаўчаў i дадаў: - Ты, я бачу, кнiжнiк, i няма чаго табе аднаму бадзяцца, як жабраку i валацугу. У мяне ў Кесарыi ёсць вялiкая бiблiятэка, я даволi багаты чалавек i хачу ўзяць цябе на службу. Ты будзеш раскладваць i захоўваць папiрусы, будзеш накормлены i адзеты.

Левiй устаў i адказаў:

- Не, я не хачу.

- Чаму? - спытаўся пракуратар i насупiўся. - Ты мяне не любiш, баiшся мяне?

Ранейшая нядобрая ўсмешка скрывiла твар Левiя, i ён сказаў:

- Не, таму, што ты мяне будзеш баяцца. Табе не лёгка будзе глядзець мне ў вочы пасля таго, як ты яго забiў.

- Змоўкнi, - адказаў Пiлат, - вазьмi грошай.

Левiй адмоўна пакiваў галавой, а пракуратар працягваў:

- Ты, я ведаю, лiчыш сябе вучнем Iешуа, але я скажу, што ты нiчога не засвоiў з таго, чаму ён вучыў цябе. Во, калi б гэта было так, ты ўзяў бы хоць што ў мяне. Май на ўвазе, што ён перад смерцю сказаў, што нiкога не вiнавацiць, - Пiлат шматзначна падняў палец, твар яго перасмыкаўся. - I сам ён абавязкова ўзяў бы хоць што-небудзь. Ты жорсткi, а той не быў жорсткi. Куды ты пойдзеш?

Левiй раптам падышоў да стала, упёрся ў яго рукамi, паглядзеў лiхаманкавымi вачыма на пракуратара i зашаптаў:

- Ты, iгемон, ведай, што я ў Ершалаiме зарэжу аднаго чалавека. Мне хочацца сказаць табе пра гэта, каб ты ведаў, што кроў яшчэ будзе.

- Я сам ведаю, што яна яшчэ будзе, - адказаў Пiлат, - ты не здзiвiў мяне сказаным. Ты, вядома, хочаш зарэзаць мяне?

- Цябе мне зарэзаць не ўдасца, - адказаў Левiй, скалячыся ўсмешкаю, - я не гэтакi дурань, каб на гэта разлiчваць, але я зарэжу Юду з Карыяфа, я на гэта аддам астатак жыцця.

Тут задавальненне адбiлася ў пракуратаравых вачах, ён падазваў блiжэй да сябе пальцам Левiя Мацея i сказаў:

- Гэта табе не ўдасца зрабiць, не турбуйся. Юду сёння ноччу ўжо зарэзалi.

Левiй адскочыў ад стала, дзiка азiрнуўся i выкрыкнуў:

- Хто гэта зрабiў?

- Не будзь раўнiвым, - з ухмылкаю адказаў Пiлат i пацёр рукi, - я ведаю, што былi ў яго прыхiльнiкi i акрамя цябе.

- Хто зрабiў гэта? - шэптам паўтарыў Левiй.

Пiлат адказаў яму:

- Я зрабiў.

Левiй разявiў рот, вылупiўся на пракуратара, а той сказаў цiха:

- Гэтага, вядома, мала, але я ўсё ж зрабiў. - I дадаў: - Ну, а цяпер возьмеш што-небудзь?

Левiй падумаў, палагаднеў i нарэшце прамовiў:

- Загадай даць мне кавалак чыстага пергаменту.

Прайшла гадзiна. Левiя не было ў палацы. Цяпер ранiшнюю цiшыню парушаў толькi цiхi шум крокаў вартавых у садзе. Поўня хутка злiняла, на другiм баку неба вiднелася плямка ранiшняе зоркi. Свяцiльнiкi даўным-даўно патухлi. На ложы ляжаў пракуратар. Ён паклаў руку пад шчаку i спаў i дыхаў нячутна. Побач з iм спаў Банга.

Гэтак сустракаў свiтанак пятнаццатага нiсана пяты пракуратар Юдэi Понцiй Пiлат.


Раздзел 27 Канец кватэры № 50


Калi Маргарыта дачытала да апошнiх слоў раздзел: "...Гэтак сустракаў свiтанак пятнаццатага нiсана пяты пракуратар Юдэi Понцiй Пiлат", - настала ранiца.

Чуваць было, як у дворыку ў галiнах вярбы i лiпы вялi вясёлую, узбуджаную ранiшнюю размову вераб'i.

Маргарыта ўстала, пацягнулася, i толькi зараз адчула, якое змучанае яе цела i як яна хоча спаць. Цiкава адзначыць, што душа Маргарыцiна была ў поўным спакоi. Думкi не рассыпалiся, яе зусiм не трывожыла, што яна правяла незвычайную ноч. Яе не хвалявалi ўспамiны, што ноччу яна была на балi ў сатаны, што нейкiм цудам ёй вярнулi майстра, што з попелу ўзнiк раман, што зноў усё апынулася на сваiх месцах у падвале, з якога выгналi ябеднiка Алаiзiя Магарыча. Адным словам, знаёмства з Воландам не прынесла ёй нiякай псiхiчнай шкоды. Усё было так, як быццам i павiнна было быць.

Яна пайшла ў суседнi пакой, пераканалася, што майстар спiць моцна i спакойна, патушыла непатрэбную ўжо настольную лямпу i сама выпрасталася ля супрацьлеглае сценкi на канапцы, засланай старою парванаю прасцiною. Праз хвiлiну яна заснула, i нiчога ёй у тую ранiцу не снiлася. Маўчалi пакоi ў падвале, маўчаў увесь маленькi домiк забудоўшчыка, i было цiха ў пустым завулку.

А ў гэты час, гэта значыць суботнiм досвiткам, не спаў цэлы паверх адной маскоўскай установы, i вокны яго, якiя выходзiлi на заасфальтаваную вялiкую плошчу, якую спецыяльныя машыны, паволi снуючы туды-сюды, чысцiлi шчоткамi, свяцiлiся поўным святлом, якое перамагала святло ранiшняга сонца.

Увесь паверх быў заняты следствам па справе Воланда, i таму лямпы гарэлi ноч напралёт у дзесяцi кабiнетах.

Уласна, усё было зразумела з учарашняга дня, з пятнiцы, калi давялося закрыць Вар'етэ пасля знiкнення яго адмiнiстрацыi i ўсяго, што адбылося там напярэдаднi ў час знакамiтага сеанса чорнае магii. Але справа ў тым, што ўвесь час бесперапынна паступалi на бяссонны паверх усё новыя i новыя матэрыялы.

Цяпер следству па гэтай дзiўнай справе, ад якой увачавiдкi патыхала д'ябальшчынаю, ды яшчэ з дадаткам нейкiх гiпнатызёрскiх фокусаў i вiдавочнага крымiналу, трэба было ўсе розныя i заблытаныя здарэннi, якiя адбылiся ў розных канцах Масквы, зляпiць у адзiн камяк.

Першы, каму давялося пабыць у зiхоткiм ад электрычнага бяссоння паверсе, быў Аркадзiй Апалонавiч Семпляяраў, старшыня Акустычнай камiсii.

Пасля абеду ў пятнiцу ў ягонай кватэры, якая была ў доме каля Каменнага моста, пачуўся тэлефонны званок, i мужчынскi голас папрасiў да тэлефона Аркадзiя Апалонавiча. Жонка, якая падышла да тэлефона, незадаволена адказала, што Аркадзiю Апалонавiчу нездаровiцца i што ён прылёг адпачыць i падысцi да апарата не можа. Аднак Аркадзiю Апалонавiчу падысцi да апарата ўсё ж давялося. У адказ на пытанне, адкуль пытаюцца Аркадзiя Апалонавiча, голас у тэлефоннай слухаўцы коратка сказаў адкуль.

- Адну секундачку... зараз... секундачку... - прашчабятала звычайна вельмi пагардлiвая жонка старшынi Акустычнай камiсii i стралою паляцела ў спальню падымаць з ложка Аркадзiя Апалонавiча, якi пякельна мучыўся ад успамiнаў пра ўчарашнi сеанс i пра начны скандал, якiм суправаджалася выгнанне з яго кватэры саратаўскай сваячкi.

Праўда, не праз секунду, але i не праз хвiлiну, праз чвэрць хвiлiны Аркадзiй Апалонавiч, у адной пантофлi на левай назе, у споднiм, ужо быў ля апарата i сакатаў у яго:

- Ага, гэта я... Слухаю, слухаю...

Жонка яго, якая на гэты час забылася пра ўсе мярзотныя злачынствы супроць вернасцi ёй, якiя ўчынiў Аркадзiй Апалонавiч, са спалоханым тварам вызiрала ў калiдор, совала пантофляй у паветра i шаптала:

- Пантофлю адзень, пантофлю... Ногi прастудзiш, - у адказ на што Аркадзiй Апалонавiч адмахваўся босай нагой, люта вытрэшчваў вочы i мармытаў у тэлефон:

- Ага, ага, ага, я разумею, як жа... Зараз выязджаю...

Увесь вечар Аркадзiй Апалонавiч прабыў на тым самым паверсе, дзе iшло следства. Размова была цяжкая, непрыемная, бо давялося зусiм шчыра расказваць не толькi пра гэты надзвычай непрыемны сеанс i бойку ў ложы, але заадно i пра Мiлiцу Андрэеўну Пакабацька з Ялохаўскае вулiцы, i пра саратаўскую сваячку, i шмат пра што яшчэ, расказваць пра што Аркадзiю Апалонавiчу была сама сапраўдная пакута.

Само сабою зразумела, што сведчанне Аркадзiя Апалонавiча, iнтэлiгентнага i культурнага чалавека, якi быў сведкам гэтага брыдотнага сеанса, сведкi талковага i квалiфiкаванага, якi цудоўна абмаляваў i самога таямнiчага мага ў масцы, i двух яго нягоднiкаў-памагатых, якi добра памятаў, што прозвiшча мага Воланд, - вельмi дапамагло следству. Супастаўленне сведчанняў Аркадзiя Апалонавiча з iншымi, сярод якiх былi i сведчаннi пань, якiя пацярпелi ў час сеанса (тае, у фiялетавай бялiзне, якая ўразiла Рымскага i iншых), i кур'ера Карпава, якога пасылалi ў кватэру No 50 на Садовую вулiцу, - уласна, адразу вызначылi i тое месца, дзе трэба шукаць вiноўнiка ўсiх гэтых прыгод.

У кватэры No 50 пабылi, i неаднойчы, i не толькi старанна аглядалi яе, але прастуквалi нават сцены, аглядалi камiны, шукалi тайнiкi. Але гэтыя мерапрыемствы нiякага вынiку не далi, i нi разу ў кватэры нiкога застаць не ўдалося, хаця i зусiм зразумела было, што ў кватэры хтосьцi ёсць, нягледзячы на тое, што ўсе асобы, якiя займалiся чужаземцамi, што прыязджаюць у Маскву, рашуча i катэгарычна сцвярджалi, што нiякага чорнага мага Воланда ў Маскве няма i быць не можа.

Ён нiдзе не зарэгiстраваўся пасля прыезду, нiкому не паказваў свайго пашпарта альбо iншых папер, кантрактаў i дагавораў, i нiхто пра яго нiчога не чуў! Загадчык праграмнага аддзела Вiдовiшчнай камiсii Кiтайцаў кляўся i бажыўся, што нiякае праграмы выступлення нiякага Воланда знiклы Сцёпа Лiхадзеў яму на зацвярджэнне не прысылаў i нiчога пра прыезд Воланда Кiтайцаву не тэлефанаваў. Таму яму, Кiтайцаву, i не вядома, i не зразумела, як у Вар'етэ Сцёпа дазволiў гэтакi сеанс. Калi гаварылi, што Аркадзiй Апалонавiч на свае вочы бачыў гэтага мага на сеансе, Кiтайцаў толькi разводзiў рукамi i падымаў вочы ў неба. I нават па адных вачах Кiтайцава было вiдаць i можна было смела сцвярджаць, што ён чысты, як крышталь.

Той самы Прохар Пятровiч, старшыня галоўнай Вiдовiшчнай камiсii...

Дарэчы, ён вярнуўся ў свой гарнiтур адразу, як толькi мiлiцыя зайшла ў кабiнет, на бязмежную радасць Анне Рычардаўне i на вялiкае здзiўленне дарэмна патурбаванае мiлiцыi. Яшчэ дарэчы: як толькi вярнуўся на сваё месца ў свой паласаты гарнiтур, Прохар Пятровiч цалкам адобрыў усе свае рэзалюцыi, якiя гарнiтур напiсаў за час яго кароткай адсутнасцi.

...Дык вось, той самы Прохар Пятровiч зусiм нiчога не ведаў нi пра якога Воланда.

Атрымлiвалася, воля ваша, нешта несусветнае: тысяча гледачоў, увесь штат Вар'етэ, нарэшце, Семпляяраў Аркадзiй Апалонавiч, адукаванейшы чалавек, бачылi гэтага мага гэтак, як i праклятых яго асiстэнтаў, а мiж тым нiдзе яго знайсцi няма нiякае магчымасцi. Дык дазвольце запытацца: ён скрозь зямлю правалiўся, цi што пасля таго выступлення, цi, як сцвярджаюць некаторыя, зусiм не прыязджаў у Маскву? Але калi дапусцiць першае, то няма сумнення, што ў правал ён захапiў i ўсю галоўку адмiнiстрацыi Вар'етэ, а калi другое, то цi не атрымлiваецца, што сама адмiнiстрацыя няшчаснага тэатра ўчынiла нейкую мярзотнасць (успомнiце толькi рабiтае акно ў кабiнеце i паводзiны Тузабубен!) i бясследна знiкла з Масквы.

Трэба аддаць належнае таму, хто ўзначальваў следства. Знiклага Рымскага адшукалi надзвычай хутка. Варта толькi супаставiць паводзiны Тузабубен ля таксаматорнага прыпынку каля кiнематографа з часам, напрыклад, калi скончыўся сеанс i калi мог знiкнуць Рымскi, каб неадкладна даць тэлеграму ў Ленiнград. Праз гадзiну быў атрыманы адказ (у пятнiцу вечарам), што Рымскi знойдзены ў нумары чатырыста дванаццатым гатэля "Асторыя", на чацвёртым паверсе, побач з нумарам, дзе спынiўся загадчык рэпертуару аднаго з маскоўскiх тэатраў, якiя гастралююць у Ленiнградзе, у тым самым нумары, дзе, як вядома, шэра-блакiтная мэбля з золатам i цудоўнае ваннае аддзяленне.

Рымскi, якi хаваўся ў шафе для адзення чатырыста дванаццатага нумара "Асторыi", быў адразу ж арыштаваны i дапытаны ў Ленiнградзе. У Маскву прыйшла тэлеграма, якая паведамляла, што фiндырэктар не ў сваiм розуме, нiчога толкам адказаць не можа цi не хоча i просiць толькi аднаго, каб яго схавалi ў бранiраваную камеру i паставiлi пры ёй узброеную варту. З Масквы тэлеграмай было загадана прывезцi Рымскага ў Маскву, таму Рымскi пад аховай i выехаў у пятнiцу вечарам на цягнiку.

Пад вечар у пятнiцу знайшлi i след Лiхадзеева. Ва ўсе гарады паслалi тэлеграмы з запытам пра Лiхадзеева, i з Ялты быў атрыманы адказ, што Лiхадзееў быў у Ялце, але вылецеў на аэраплане ў Маскву.

Адзiны след, якi не ўдалося знайсцi, гэта быў след Варэнухi. Вядомы лiтаральна ўсёй Маскве знакамiты адмiнiстратар нiбыта скрозь зямлю правалiўся.

Адначасова давялося займацца i здарэннямi ў iншых месцах Масквы, не толькi ў тэатры Вар'етэ. Давялося разбiраць выпадак са спевамi "Слаўнага мора" служачымi (дарэчы: прафесару Стравiнскаму ўдалося прывесцi iх да ладу праз дзве гадзiны пасля нейкiх уколаў), з асобамi, якiя давалi iншым альбо ва ўстановы замест грошай чортведама што, а таксама з асобамi, якiя пацярпелi ад гэтага.

I само сабой зразумела, што сама непрыемным i загадкавым з усiх выпадкаў быў крадзеж галавы памёрлага лiтаратара Берлiёза проста з труны ў грыбаедаўскiм доме, сярод белага дня.

Дванаццаць чалавек вялi следства, збiралi, быццам на пруток, усе петлi гэтай праклятай справы, раскiданай па ўсёй Маскве.

Адзiн са следчых прыехаў у клiнiку да прафесара Стравiнскага i найперш папрасiў спiс асоб, якiя трапiлi на лячэнне за апошнiя тры днi. Такiм чынам былi знойдзены Мiканор Iванавiч Босы i бедны канферансье, якому адрывалi галаву. Iмi, дарэчы, займалiся мала. Цяпер лёгка было вызначыць, што гэтыя двое - ахвяры аднае шайкi, якую ўзначальвае таямнiчы маг. А вось Iван Мiкалаевiч Бяздомны следчага надзвычай зацiкавiў.

Дзверы Iванкавай палаты No 117 адчынiлiся пад вечар у пятнiцу, у пакой зайшоў малады, круглатвары, спакойны i далiкатны чалавек, зусiм не падобны на следчага i разам з тым адзiн з сама лепшых следчых у Маскве. Ён убачыў пабялелага з твару i абвялага маладога чалавека, якi ляжаў на ложку, у вачах не было нiякай цiкавасцi да ўсяго, што адбывалася навокал, яны глядзелi на нешта ўдалечынi цi ў сябе самога.

Следчы ласкава назваўся i сказаў, што зайшоў да Iвана Мiкалаевiча, каб пагаварыць пра пазаўчарашняе здарэнне на Патрыярхавых сажалках.

Ой, як бы трыумфаваў Iван, каб следчы з'явiўся да яго раней, ну, скажам, ноччу з серады на чацвер, калi Iван нястомна i палка дамагаўся, каб паслухалi яго расказ пра здарэнне на Патрыярхавых сажалках. Цяпер збылася яго мара дапамагчы злавiць кансультанта, яму не трэба было нi за кiм бегаць, да яго самога прыйшлi з-за гэтага, каб выслухаць яго расказ пра тое, што здарылася ў сераду вечарам.

Але Iванка, на жаль, зусiм змянiўся за той час, што прамiнуў пасля гiбелi Берлiёза. Ён гатовы быў ахвотна i ветлiва адказваць на ўсе пытаннi следчага, але абыякавасць адчувалася ў Iванкавым позiрку i ў яго iнтанацыi. Паэта болей не хваляваў лёс Берлiёза.

Перад прыходам следчага Iванка драмаў лежачы, i перад iм паўставалi дзiўныя малюнкi. Ён бачыў дзiўны незразумелы горад, якi не iснуе, з глыбамi мармуру, точанымi каланадамi, з зiхатлiвымi на сонцы дахамi, з чорнаю, панураю i бязлiтаснаю вежаю Антонiя, з палацам на заходнiм узгорку, патанулым амаль да дахаў у трапiчнай садовай зелянiне, з бронзавымi зiхатлiвымi скульптурамi над зелянiнай, ён бачыў пад сценамi гэтага старажытнага горада закаваныя ў браню рымскiя кагорты кентурыi.

Скрозь дрымоту перад Iванам паўставаў нерухомы чалавек у крэсле, паголены, са змучаным жоўтым тварам, чалавек у белай мантыi з чырвоным падбоем, якi з нянавiсцю глядзеў у раскошны i чужы сад. Бачыў Iван i бязлесы жоўты ўзгорак з апусцелымi слупамi з перакладзiнамi.

А здарэнне на Патрыярхавых сажалках болей Iвана Бяздомнага не хвалявала.

- Скажыце, Iван Мiкалаевiч, а вы самi далёка былi ад турнiкета, калi Берлiёз упаў пад трамвай?

Ледзь прыкметная абыякавая ўсмешка чамусьцi варухнула Iванавы губы, i ён адказаў:

- Я быў далёка.

- А гэты клятчасты быў ля самага турнiкета?

- Не, ён сядзеў на лаўцы непадалёку.

- А вы добра памятаеце, што ён не падыходзiў да турнiкета ў той час, калi ўпаў Берлiёз?

- Памятаю. Не падыходзiў. Ён, развалiўшыся, сядзеў.

Гэта было апошняе пытанне следчага. Пасля iх ён устаў, падаў Iвану руку, пажадаў хутчэй вылечыцца i выказаў спадзяванне, што хутка прачытае яго новыя вершы.

- Не, - цiха адказаў Iван, - я болей вершаў пiсаць не буду.

Следчы ветлiва ўсмiхнуўся, дазволiў сабе сказаць, што цяпер у паэта невялiкая дэпрэсiя, але яна хутка пройдзе.

- Не, - цiха адказаў Iван i глядзеў не на следчага, а ўдалечыню, туды, дзе патухаў небакрай, - гэта ўжо нiколi не пройдзе. Вершы, якiя я пiсаў, дрэнныя вершы, i цяпер я гэта зразумеў.

Следчы пайшоў ад Iванкi з каштоўным матэрыялам. Iдучы па нiтачцы падзей з канца да пачатку, удалося нарэшце дабрацца да таго, адкуль пачалiся ўсе падзеi. Следчы не сумняваўся, што ўсе здарэннi пачалiся з забойства на Патрыярхавых сажалках. Вядома, нi Iванка, нi гэты клятчасты не папiхалi пад трамвай няшчаснага старшыню МАССАЛIТа, фiзiчна, калi можна сказаць, яму не дапамагаў нiхто. Але следчы быў перакананы ў тым, што Берлiёз кiнуўся пад трамвай альбо ўпаў пад яго загiпнатызаваным.

Так, матэрыялу было ўжо многа, i было вядома, каго i дзе лавiць. Ды справа ў тым, што злавiць нiякiм чынам не ўдавалася. У гэтай тройчы праклятай кватэры No 50, няма сумнення, нехта быў. Часам гэтая кватэра адказвала то траскучым, то гугнявым голасам на тэлефонныя званкi, часам у кватэры адчынялiся вокны, i былi чуваць гукi патэфона. А мiж тым кожны раз, калi туды накiроўвалiся, там нiкога не заставалi. А былi там i неаднойчы, у розную пару сутак. Мала гэтага, па кватэры хадзiлi з сеткаю, правяралi ўсе закуткi. Кватэра даўно ўжо была падазроная. Ахоўвалi не толькi той уваход, што быў праз падваротню, але i чорны ўваход; акрамя гэтага, на даху ля комiнаў была пастаўлена ахова. Сапраўды, кватэра No 50 хулiганiла, а зрабiць нiчога не маглi.

Гэтак усё цягнулася да паўночы з пятнiцы на суботу, калi барон Майгель, адзеты ў вечаровы гарнiтур i лакiраваныя туфлi, урачыста зайшоў у кватэру No 50 як госць. Роўна праз дзесяць хвiлiн пасля гэтага кватэру No 50 наведалi без усякiх званкоў, але не толькi гаспадароў там не знайшлi, а i самога барона Майгеля, нават i следу яго.

Дык вось, як гаварылася ўжо, справа цягнулася такiм чынам да суботняга свiтанку. А тут паступiлi новыя i надзвычай цiкавыя звесткi. На маскоўскiм аэрадроме прызямлiўся шасцiмесны пасажырскi самалёт, якi прыляцеў з Крыма. Сярод iншых з яго высадзiўся адзiн дзiўны пасажыр. Гэта быў малады грамадзянiн, дзiка зарослы шчэццю, якi днi тры не мыўся, з гарачымi, чырвонымi i крыху спалоханымi вачыма, без багажу i апрануты даволi дзiўна. Грамадзянiн быў у папасе, у бурцы, надзетай на начную сарочку, i ў сiнiх скураных, новенькiх, толькi купленых пантофлях. Ледзь толькi ён выйшаў з самалёта, да яго падышлi. Гэтага грамадзянiна чакалi ўжо, i праз нейкi час незабыўны дырэктар Вар'етэ Сцяпан Багданавiч Лiхадзееў быў перад следчымi. Цяпер стала вядома, што Воланд пранiк у Вар'етэ пад выглядам артыста пасля таго, як загiпнатызаваў Сцёпу Лiхадзеева, а потым умудрыўся выкiнуць Сцёпу з Масквы за бог ведае якую колькасць кiламетраў. Матэрыялу прыбывала, але лягчэй не рабiлася, а, наадварот, стала цяжэй, бо было вiдавочна, што авалодаць асобаю, якая вытварае такiя штучкi, як са Сцёпам Лiхадзеевым, будзе нялёгка. Мiж iншым, Лiхадзееў, па яго просьбе, быў пасаджаны ў надзейную камеру, а перад следствам паўстаў Варэнуха, якога арыштавалi на ўласнай кватэры, куды ён вярнуўся пасля амаль двух сутак.

Нягледзячы на абяцанне Азазелу не хлусiць, адмiнiстратар пачаў якраз з хлуснi. Хаця надта строга яго караць за гэта нельга. Азазела ж забаранiў яму хлусiць i падманваць па тэлефоне, а ў гэтай сiтуацыi размова iшла без тэлефоннага апарата. Вочкi ў Iвана Савельевiча бегалi, ён гаварыў, што ўдзень у чацвер напiўся адзiн у сваiм кабiнеце ў Вар'етэ, пасля пайшоў не памятае куды, што дзесьцi яшчэ пiў старку, а дзе - не памятае, недзе валяўся пад плотам, а дзе - зноў не памятае. Толькi пасля таго, як адмiнiстратару растлумачылi, што ён сваiмi недарэчнымi, дурнымi паводзiнамi перашкаджае весцi важнае следства i за гэта будзе адказваць, Варэнуха заплакаў i зашаптаў дрыготкiм голасам, азiраючыся, што хлусiць ён таму, што баiцца помсты воландаўскае шайкi, у руках у якое ён ужо пабыў, i што ён просiць, молiць, каб яго заперлi ў бранiраванай камеры.

- Цьфу ты чорт! Вось далася iм гэтая бранiраваная камера! - прамармытаў адзiн са следчых.

- Iх добра напалохалi гэтыя нягоднiкi, - сказаў той следчы, якi пабыў у Iванкi.

Варэнуху як маглi супакоiлi, сказалi, што ахоўваюць, i тады высветлiлася, што нiякае старкi ён не пiў пад плотам, а што бiлi яго двое, адзiн iкласты i рыжы, а другi таўстун...

- Ага, на ката падобны?

- Ага, ага, ага, - шаптаў, замiраючы ад страху i кожную секунду азiраючыся, адмiнiстратар i расказваў далей падрабязнасцi, як ён прабыў амаль два днi ў кватэры No 50 у якасцi крывапiўцы-наводчыка, што ледзь не стаў прычынай смерцi фiндырэктара Рымскага...

У гэты час прывялi фiндырэктара, якога прывезлi ў ленiнградскiм цягнiку. Аднак гэты дрыжачы ад страху, псiхiчна хворы пасiвелы стары, у якiм цяжка было пазнаць былога фiндырэктара, нiзавошта не хацеў гаварыць праўду i аказаўся вельмi ўпартым. Рымскi пераконваў, што нiякай Гелы не бачыў у сваiм акне ноччу, гэтаксама, як i Варэнухi, а проста яму стала нядобра, i ён не памятае, як паехаў у Ленiнград. Вiдаць, i гаварыць не варта, што сваё сведчанне фiндырэктар закончыў просьбаю схаваць яго ў бранiраванай камеры.

Анечку арыштавалi ў той час, калi яна спрабавала ўсунуць касiрцы на Арбаце дзесяцiдаляравую паперку. Расказ Анечкi пра тое, як з акна на Садовай выляталi людзi i пра падкоўку, якую, як яна гаварыла, падняла, каб аддаць у мiлiцыю, слухалi ўважлiва.

- Падкоўка сапраўды была залатая i з брыльянтамi? - спыталiся ў Анечкi.

- Хiба я брыльянтаў не ведаю, - адказала Анечка.

- Але ж вы гаворыце, што даў ён вам чырвонцы?

- Хiба я не ведаю чырвонцаў, - адказвала Анечка.

- А як яны тады ў даляры ператварылiся?

- Нiчога не ведаю нi пра якiя даляры i не бачыла я нiякiх даляраў, вiсклiва адказвала Анечка, - я маю права! Мне далi ўзнагароду, я за яе паркаль куплю... - i панесла адразу малацiльню, што не можа адказваць за домакiраўнiцтва, якое развяло на пятым паверсе нячыстую сiлу, якая жыцця не дае.

Тут следчы замахаў на Анечку пяром, таму што яна ўжо зусiм надакучыла, напiсаў ёй пропуск на зялёнай паперцы, i тады на радасць усiм Анечка выйшла з памяшкання.

Потым цугам пайшлi людзi, у тым лiку i Мiкалай Iванавiч, толькi што арыштаваны з-за дурасцi свае жонкi, якая заявiла пад ранiцу ў мiлiцыю, што яе муж знiк. Мiкалай Iванавiч не вельмi здзiвiў мiлiцыю, калi паклаў на стол здзеклiвае пасведчанне, што час ён прабавiў на балi ў сатаны, i сваiмi расказамi, як ён вазiў у паветры голую работнiцу Маргарыты Мiкалаеўны кудысьцi купацца да чарцей на раку, i як перад гэтым з'явiлася ў акне голая Маргарыта Мiкалаеўна. Праўда, тут ён быў не зусiм дакладны, напрыклад, палiчыў лепш не гаварыць, што з'явiўся ў спальню з выкiнутаю сарочкаю i што назваў Наташу Венераю. З яго слоў атрымлiвалася, што Наташа вывалiлася з акна, асядлала яго i павалакла з Масквы...

- Вымушаны быў падпарадкавацца гвалту, - расказваў Мiкалай Iванавiч i закончыў свае байкi просьбаю жонцы нiчога не гаварыць. Гэта яму паабяцалi.

Сведчанне Мiкалая Iванавiча дало магчымасць высветлiць, што Маргарыта Мiкалаеўна i яе работнiца Наташа знiклi бясследна. Былi прыняты меры, каб адшукаць iх.

Гэтак следствам, якое не спынялася нi на хвiлiнку, i адзначылася суботняя ранiца. У горадзе ўжо блукалi сама розныя чуткi, у якiх было толькi крышку праўды, але яе падмазвалi вялiзнаю хлуснёю. Гаварылi, што быў сеанс у Вар'етэ, пасля якога ўсе дзве тысячы гледачоў выскачылi на вулiцу ў чым мацi нарадзiла, што накрылi друкарню фальшывых паперак чараўнiка на Садовай вулiцы, што нейкая шайка выкрала пяцёх загадчыкаў з сектара вiдовiшчаў, што мiлiцыя iх адразу ж знайшла, i яшчэ шмат такога, што i паўтараць нават не хочацца.

Тым часам наблiжаўся поўдзень, i тады там, дзе вялi следства, пачуўся званок. З Садовае паведамiлi, што праклятая кватэра зноў падае прыкметы жыцця. Было сказана, што з сярэдзiны адчынялi вокны, што чуваць былi гукi пiянiна i спевы, што бачылi ў акне чорнага ката, якi сядзеў на падаконнiку i грэўся на сонцы.

Каля чатырох гадзiн спякотным днём вялiкая кампанiя мужчын, апранутых у цывiльнае адзенне, высадзiлася з трох машын воддаль ад дома No 302-бiс на Садовай вулiцы. Тут група раздзялiлася на дзве меншыя, адна пайшла цераз двор проста ў шосты пад'езд, а другая адчынiла другiя, звычайна забiтыя дзверы, якiя вялi на чорны ўваход, i абедзве пачалi ўзыходзiць па розных лесвiцах у кватэру No 50.

У гэты час Кароўеў i Азазела, Кароўеў ужо ў звычайным сваiм адзеннi, не ў святочным фраку, сядзелi ў сталоўцы ў кватэры, канчалi снедаць. Воланд, як i звычайна, быў у спальнi, а дзе быў кот - невядома. Але з кухнi чуўся грукат рондаляў, i можна было падумаць, што Бегемот знаходзiцца там i зноў, як i звычайна, нешта вытварае.

- А што гэта за крокi на лесвiцы? - спытаўся Кароўеў, забаўляючыся лыжачкай у кубачку з чорнаю каваю.

- А гэта iдуць нас арыштоўваць, - адказаў Азазела i кульнуў кiлiшачак каньяку.

- А, ну-ну, - адказаў на гэта Кароўеў.

Тыя, што iшлi па лесвiцы, былi ўжо на трэцiм паверсе. Там нейкiя два водаправодчыкi рамантавалi батарэю ацяплення. Прыйшоўшыя перакiнулiся з водаправодчыкамi шматзначнымi позiркамi.

- Усе дома, - шапнуў адзiн водаправодчык, пагрукваючы малатком па трубе.

Тады пярэднi адкрыта дастаў з-пад палы чорны маўзер, а другi побач з iм адмычкi. Наогул тыя, хто iшоў у кватэру, былi як след падрыхтаваны. У двух з iх у кiшэнях былi тоненькiя шаўковыя сеткi, якiя лёгка разгортваюцца. Яшчэ ў аднаго - аркан, яшчэ ў аднаго - марлевыя маскi i ампулы з хлараформам.

Умомант адамкнулi першыя дзверы ў кватэру No 50, i ўсе апынулiся ў пярэднiм пакоi, а дзверы, якiя грукнулi ў кухнi, сведчылi, што другая група па чорным уваходзе падышла своечасова.

Сёння калi не поўная ўдача, то хоць частковая была вiдавочна. Па ўсiх пакоях iмгненна рассыпалiся людзi i нiдзе нiкого не знайшлi, але затое ў сталоўцы знайшлi астаткi толькi што пакiнутага недаедзенага сняданка, а ў гасцёўнi на камiннай палiчцы побач з крыштальным збанам сядзеў вялiзны чорны кот. Ён трымаў у сваiх лапах прымус.

Увайшоўшыя ў гасцёўню даволi доўга моўчкi глядзелi на гэтага ката.

- Мугу... сапраўды здорава... - шапнуў адзiн з прыйшоўшых.

- Нiчога не парушаю, нiкога не чапаю, рамантую прымус, - нядобразычлiва надзьмуўся i прамовiў кот, - i яшчэ павiнен папярэдзiць, што кот старажытная жывёла, якую нельга чапаць.

- Выключна чыстая работа, - шапнуў адзiн з прышэльцаў, а другi прамовiў гучна i выразна:

- Ну, недатыкальны i гаворачы кот, калi ласка, сюды!

Разгарнулася i ўзвiлася шаўковая сетка, але той, хто кiнуў яе, наздзiў усiм, не патрапiў i захапiў ёю толькi збан, якi са звонам упаў i пабiўся.

- Рэмiз! - крыкнуў кот. - Ура! - i, адставiўшы ўбок прымус, выхапiў з-за спiны браўнiнг. Ён iмгненна прыцэлiўся ў блiжэйшага супрацоўнiка, але ў таго раней, чым кот, паспеў стрэлiць, блiснула ў руцэ агнём, i адначасна са стрэлам з маўзера кот упаў унiз галавой з камiннае палiцы на паддогу, кiнуў прымус i браўнiнг.

- Усё скончана, - прамовiў кот i соладка разлёгся ў крывавай лужыне, адыдзiце ад мяне на секунду, дайце мне развiтацца з зямлёй. О мой сябра Азазела! - прастагнаў той, хто сцякаў кроўю. - Дзе ты? - кот паглядзеў патухлымi вачыма на дзверы ў сталоўку. - Ты не прыйшоў да мяне i не дапамог у час няроўнага бою. Ты кiнуў беднага Бегемота, прамяняў яго на шклянку праўда, вельмi добрага - каньяку! Ну што ж, няхай мая смерць будзе на табе, а я пакiдаю табе свой браўнiнг...

- Сетку, сетку, сетку, - трывожна зашапталi навокал.

Але сетка чортведама чаму зачапiлася ў некага ў кiшэнi i не хацела вылазiць.

- Адзiнае, што можа выратаваць смяротна параненага ката, гэта глыток бензiну, - прамовiў кот i, пакуль была замiнка, прыклаўся да прымуса i напiўся бензiну.

Адразу з-пад верхняе левае лапы перастала цячы кроў. Кот усхапiўся жывы i бадзёры, схапiў прымус пад паху, гоцнуў назад на камiн, а адтуль, абдзiраючы шпалеры, палез па сцяне i праз дзве секунды апынуўся высока над прышэльцамi, на жалезным карнiзе.

Рукi iмгненна ўчапiлiся за гардзiну i абарвалi яе разам з карнiзам, i сонца хлынула ў цёмны пакой. Але нi жулiкавата ачунялы кот, нi прымус не ўпалi. Кот не кiнуў прымуса, умудрыўся разам з iм пераскочыць на люстру, якая вiсела пасярод пакоя.

- Лесвiцу! - крыкнулi ўнiзе.

- Выклiкаю на дуэль! - закрычаў кот, пралятаючы над галовамi на разгайданай люстры.

У руках зноў апынуўся браўнiнг, а прымус ён прыладзiў на рагу люстры. Кот лятаў, як маятнiк, i страляў па прышэльцах. Грукат скалануў кватэру. На падлогу пасыпалiся асколкi з люстры, трэснула промнямi люстэрка на камiне, паляцеў пыл ад тынкоўкi, заскакалi па падлозе парожнiя гiльзы, палопалiся шыбы ў вокнах, з прастрэленага прымуса пачало пырскаць бензiнам. Цяпер i гаворкi не магло быць, каб захапiць ката жывым, i прышэльцы трапна i шалёна стралялi ў яго ў адказ з маўзераў у галаву, у жывот, у грудзiну, у спiну. Стралянiна выклiкала панiку на асфальце ў двары.

Але працягвалася гэтая стралянiна не доўга i сама сабой зацiхла. Справа ў тым, што нi кату, нi аператыўнiкам яна не прынесла нiякае шкоды. Не аказалася не толькi забiтых, але нават i параненых, усе, у тым лiку i кот, былi цэлыя. Нехта з прыйшоўшых, каб праверыць гэта, разоў пяць стрэлiў у галаву праклятай жывёлiне, i кот бойка адказаў цэлаю абоймаю. Як i раней, нiякага эфекту. Кот пагойдваўся на люстры, размахi якое паволi меншалi, дзьмухаў у дула браўнiнга i пляваў сабе на лапу. У тых, што стаялi ўнiзе на двары, было поўнае недаўменне. Гэта быў цi не адзiны з выпадкаў, калi стралянiна не мела нiякага вынiку. Можна было дапусцiць, што ў ката браўнiнг цацачны, але пра маўзеры аператыўнiкаў гэтага не скажаш. Першая катовая рана было не што iншае, як фокус i свiнскае прытвоства, гэтак жа, як i пiццё бензiну.

Паспрабавалi яшчэ раз злавiць ката. Кiнулi аркан, ён зачапiўся за адзiн рог люстры, яна ўпала. Ад удару скалануўся ўвесь дом, але толку з гэтага не было. Прысутных абдало пырскамi крыштальных асколкаў, а кот пераляцеў у паветры i ўсеўся высока пад столлю наверсе на пазалочаную люстравую раму над камiнам. Ён нiкуды не збiраўся ўцякаць, наадварот, седзячы на раме, зноў пачаў гаворку.

- Я зусiм не разумею, - гаварыў ён зверху, - чаму са мною гэтак груба абыходзяцца...

I гэту гаворку перабiў нечакана цяжкi голас, якi пачуўся невядома адкуль.

- Што адбываецца ў кватэры? Мне перашкаджаюць працаваць.

Другi, непрыемны i гугнявы голас адазваўся:

- Зноў, вядома, Бегемот, чорт бы яго ўзяў!

Трэцi, траскучы галасок сказаў:

- Месiр! Субота. Сонца заходзiць. Нам пара.

- Прабачце, не магу больш гутарыць з вамi, - сказаў кот з люстра, - нам пара. - Ён кiнуў свой браўнiнг i выбiў абедзве шыбы ў акне. Потым лiнуў бензiну, i гэты бензiн сам успыхнуў хваляю аж да столi.

Загарэлася неяк надзвычай хутка i моцна, як не бывае нават i ад бензiну. Адразу ж задымiлiся шпалеры, закурылася гардзiна на падлозе, i пачалi тлець рамы пабiтых вокнаў. Кот скочыў, мяўкнуў, пераляцеў з люстра на падаконнiк i знiк з яго разам са сваiм прымусам. Звонку пачулiся стрэлы. Чалавек, якi сядзеў на жалезнай пажарнай лесвiцы насупраць ювелiршыных вокнаў, абстраляў ката, калi той пералятаў з падаконнiка на падаконнiк, каб дабрацца да вадасцёкавай трубы на рагу дома. Па гэтай трубе кот узляцеў на дах. Там яго безвынiкова абстраляла ахова пры комiнах, i кот расстаў у заходзячым сонцы, якое залiвала горад.

У кватэры ў гэты час загарэўся паркет пад нагамi ў прышэльцаў, i ў агнi, на тым самым месцы, дзе валяўся прытварака паранены кот, паказаўся труп барона Майгеля з задраным угору падбародкам i шклянымi вачыма. Выцягнуць яго з агню ўжо не было магчымасцi.

Пераскакваючы па гарачым паркеце, збiваючы агонь далонямi з плячэй i грудзей, аператыўнiкi адступiлi з кабiнета ў пярэднi пакой. Тыя, што былi ў спальнi i ў сталоўцы, выбеглi праз калiдор. Прыбеглi i тыя, што былi на кухнi, кiнулiся ў пярэднюю. Гасцёўня ўжо была поўная дыму i агню. Нехта на хаду паспеў набраць нумар пажарнай часткi, коратка кiнуў у слухаўку:

- Садовая, трыста два-бiс!

Больш нельга было затрымлiвацца. Полымя вырвалася ў пярэднi пакой. Дыхаць стала цяжка.

Як толькi з вокнаў у зачараванай кватэры выбiла першыя струменьчыкi дыму, у двары пачулiся адчайныя чалавечыя крыкi:

- Пажар! Пажар! Гарым!

З розных кватэр людзi пачалi крычаць у тэлефоны:

- Садовая! Садовая, трыста два-бiс!

У той час, калi на Садовай пачулiся страшныя сэрцу ўдары i звон чырвоных доўгiх машын, якiя iмчалi з усiх канцоў горада, людзi, што мiтусiлiся на двары, бачылi, як разам з дымам з акна на пятым паверсе вылецелi тры цёмныя, як здалося, мужчынскiя постацi i адна постаць голае жанчыны.


Раздзел 28 Апошнія прыгоды Кароўева і Бегемота


Цi сапраўды былi там постацi, цi гэта толькi здалося ўражаным ад перапалоху жыхарам няшчаснага дома на Садовай, вядома, нiхто дакладна сказаць не можа. Калi i былi яны, то куды накiравалiся, таксама нiхто не ведае. Дзе яны разышлiся, мы таксама сказаць не можам, але дзесьцi праз чвэрць гадзiны пасля пажару на Садовай у люстраных дзвярах Таргсiна на Смаленскiм базары з'явiўся высокi грамадзянiн у клятчастым гарнiтуры, а з iм вялiкi чорны кот.

Спрытна ныраючы мiж мiнакоў, грамадзянiн адчынiў дзверы крамы. Але тут маленькi, кастлявы i зусiм не гасцiнны швейцар паўстаў на дарозе i незадаволена сказаў:

- З катамi нельга!

- Прашу прабачэння, - засакатаў высокi i прыклаў вузлаватую руку да вуха, як глухi, - з катамi, кажаце? А дзе вы бачыце ката?

Швейцар вытрашчыў вочы, i было чаго: нiякага ката ля ног у грамадзянiна не аказалася, а з-за яго пляча ўжо высоўваўся i рваўся ў краму таўстун у парванай шапачцы, сапраўды, з твару крыху падобны на ката. У руках у таўстуна быў прымус.

Гэтая парачка чамусьцi не спадабалася швейцару-мiзантропу.

- У нас толькi на валюту, - захрыпеў ён раззлавана i глядзеў з-пад кудлатых, быццам выедзеных моллю броваў.

- Дарагi мой, - пасыпаў словамi высокi i заблiскаў пабiтым пенснэ, - а адкуль вы ведаеце, што яе ў мяне няма? Па адзеннi мяркуеце? Нiколi не рабiце гэтага, шаноўнейшы стораж! Вы памылiцца можаце, i вельмi моцна. Перачытайце яшчэ раз хаця б гiсторыю знакамiтага калiфа Гарун-аль-Рашыда. Але зараз я адкiдаю гэтую гiсторыю ўбок, а хачу сказаць вам, што паскарджуся на вас загадчыку i раскажу яму пра вас такое, што з-за гэтага давядзецца развiтацца вам са сваёй службаю памiж люстранымi дзвярыма.

- У мяне, магчыма, поўны прымус валюты, - увязаўся горача ў гаворку падобны на ката таўстун, якi гэтак i пёрся ў краму.

А ззаду падпiрала раззлаваная публiка. З нянавiсцю i сумненнем гледзячы на дзiўную парачку, швейцар саступiў з дарогi, i нашы знаёмыя, Кароўеў i Бегемот, апынулiся ў краме. Тут яны спачатку агледзелiся навокал, i потым звонкiм голасам, якi чуваць было ў кожным закутку, Кароўеў аб'явiў:

- Цудоўная крама? Вельмi, вельмi добрая крама!

Публiка адвярнулася ад прылаўкаў i чамусьцi здзiўлена паглядзела на таго, хто гаварыў, хаця хвалiць краму ў яго былi ўсе падставы.

Сотнi штук паркалю сама разнастайнай расфарбоўкi вiдаць былi на палiчных клетках. За iмi высiлiся мiткалi i шыфон, сукно фрачнае. Колькi бачыць можна было, стаялi штабялi каробак з абуткам, i некалькi грамадзянак сядзелi на маленькiх услончыках з праваю нагою ў старым туфлi, а леваю - у новай блiскучай лодачцы, якою яны заклапочана прытупвалi на дыванку. Дзесьцi ўглыбiнi спявалi i гралi патэфоны.

Але Кароўеў i Бегемот абмiнулi ўсе гэтыя спакусы i пакiравалi да стыку кандытарскага i гастранамiчнага аддзелаў. Тут было прасторна, грамадзяне ў берэтах i хусцiнках не напiралi на прылавак, як у паркалёвым аддзеле.

Малога росту, зусiм квадратны чалавек, паголены да сiнявы, у рагавых акулярах, у новенькiм капелюшы, не пакамечаным i без падцёкаў на стужцы, у бэзавым палiто i лайкавых рыжых пальчатках, стаяў ля прылаўка i нешта ўладарна мычэў. Прадавец у чыстым белым халаце i ў сiняй шапачцы абслугоўваў бэзавага клiента. Вострым нажом, падобным на той, што Левiй украў у хлебнiка, ён здзiраў з вiльготнае ружовае ласасiны яе, падобную да змяiнай, са срэбным водблiскам, скуру.

- I гэты аддзел цудоўны, - урачыста адзначыў Кароўеў, - i чужаземец сiмпатычны, - ён зычлiва паказаў пальцам на бэзавую спiну.

- Не, Фагот, не, - задумёна адказаў Бегемот, - ты, мiлы, памыляешся. На твары ў бэзавага джэнтльмена, па-мойму, нечага не хапае.

Бэзавая спiна здрыганулася, але, мабыць, выпадкова, бо не мог ведаць чужаземец, пра што гаварылi па-расейску Кароўеў i яго спадарожнiк.

- Карошы? - строга пытаўся бэзавы пакупнiк.

- Мiравая! - адказаў прадавец, какетлiва калупаючы нажом пад скураю.

- Карошы люблю, дрэнны - не, - сурова гаварыў чужаземец.

- Вядома! - з захапленнем адказваў прадавец.

Тут нашы знаёмцы адышлi ад чужаземца з яго ласасiнаю да краю кандытарскага прылаўка.

- Горача сёння, - сказаў Кароўеў маладзенькай чырванашчокай прадаўшчыцы i не атрымаў нiякага адказу. - Па чым мандарыны? - запытаўся тады ў яе Кароўеў.

- Трыццаць капеек за кiло, - адказала прадаўшчыца.

- Усё кусаецца, - уздыхнуў Кароўеў, - ах, ах... - ён крыху падумаў i запрасiў свайго спадарожнiка: - Еш, Бегемот.

Таўстун узяў свой прымус пад паху, ухапiў верхнi мандарын з пiрамiдкi, з'еў яго адразу са шкуркаю i ўзяўся за Другi.

Прадаўшчыца жахлiва спалохалася.

- Вы звар'яцелi! - закрычала яна, i чырвань сышла ў яе з твару. - Чэк давайце! Чэк! - i выпусцiла з рук цукерачныя шчыпцы.

- Душачка, мiлачка, прыгажунька, - засiпеў Кароўеў, навалiўшыся на прылавак i падмiргваючы прадаўшчыцы, - не пры валюце мы сёння... што зробiш! Але, клянуся вам, што наступны раз, i не пазней чым у панядзелак, аддам усё наяўнымi! Мы ж тут непадалёку, на Садовай, дзе пажар...

Бегемот праглынуў трэцi мандарын, сунуў лапу ў замыславатае збудаванне з шакаладных плiтак, выхапiў адну, нiжнюю, з-за чаго ўсё збудаванне ўпала, i праглынуў шакаладку разам з абгорткаю.

Прадаўцы ў рыбным аддзеле нiбы акамянелi са сваiмi нажамi ў руках, бэзавы чужаземец завярнуўся да рабаўнiкоў, i высветлiлася, што Бегемот быў несправядлiвы: у бэзавага не не хапала нечага на твары, а, наадварот, хутчэй было лiшняе - абвiслыя шчокi i мiтуслiвыя вочкi.

Прадаўшчыца ўжо пажаўцела з твару i пранiзлiва закрычала на ўсю краму:

- Палосiч! Палосiч!

Публiка з паркалёвага аддзела рушыла на гэты крык, а Бегемот адышоў ад кандытарскае спакусы i сунуў лапу ў бочку з надпiсам: "Селядзец керчанскi асаблiвы", дастаў пару селядцоў i пракаўтнуў iх, толькi хвасты выплюнуў.

- Палосiч! - паўтарыўся адчайны крык з-за кандытарскага прылаўка, а з-за рыбнага прылаўка гыркнуў прадавец у эспаньёлцы:

- Што ж ты, гад, робiш?!

Павел Восiпавiч ужо спяшаўся на месца здарэння. Гэта быў салiдны з выгляду мужчына ў чыстым белым халаце, як хiрург, i з алоўкам, якi тырчаў з кiшэнькi. Павел Восiпавiч, вiдаць, чалавек быў спрактыкаваны. Калi на бягу ўгледзеў у роце ў Бегемота хвост трэцяга селядца, ён iмгненна ацанiў становiшча, усё зразумеў, не пачынаючы з нахабамi нiякае гаворкi, махнуў рукой удалечыню i скамандаваў:

- Свiшчы!

На рог Смаленскае вылецеў швейцар з люстраных дзвярэй i залiўся злавесным свiстам. Публiка пачала акружаць нягоднiкаў, i тады ў справу ўмяшаўся Кароўеў.

- Грамадзяне! - тонкiм дрыготкiм голасам закрычаў ён. - Ды што ж гэта робiцца? Ась? Дазвольце ў вас запытаць! Бедны чалавек, - Кароўеў падпусцiў жалю ў голас i паказаў на Бегемота, якi плаксiва скрывiўся, - бедны чалавек цэлы дзень рамантуе прымусы: ён згаладаў... а валюту адкуль яму ўзяць?

Павел Восiпавiч, звычайна стрыманы i спакойны, крыкнуў сурова:

- Ты перастань! - i махнуў удалечыню нецярплiва.

Тады свiсток у дзвярах залiўся яшчэ весялей.

Але Кароўева не збянтэжыла ўмяшанне Паўла Восiпавiча, ён працягваў:

- Адкуль? - пытаюся я ва ўсiх! Ён змучаны ад голаду i ад смагi! Яму горача. Ну ўзяў, бядак, паспрабаваць мандарын на тры капейкi. I вось яны ўжо свiшчуць, як салаўi вясной у лесе, турбуюць мiлiцыю, адрываюць яе ад справы. А яму можна? Га? - i тут Кароўеў паказаў на бэзавага таўстуна, i ў таго на твары праступiла моцная трывога. - Хто ён такi? Га? Адкуль ён прыехаў? Чаго? Нам сумна было без яго? Запрашалi мы яго, цi што? Вядома, - саркастычна крывiў рот i крычаў, як толькi мог, былы рэгент, - ён, бачыце, у бэзавым святочным гарнiтуры, ад ласасiны аж распух, напханы валютай, а нам, нам?! Крыўдна мне! Крыўдна! Крыўдна! - роў Кароўеў, як шафер калiсьцi на вяселлi.

Уся гэтая дурная, нетактоўная i, мабыць, палiтычна шкодная прамова прымусiла гнеўна ўздрыгваць Паўла Восiпавiча, але, як гэта нi дзiўна, па вачах прысутных было заўважна, што ў вельмi многiх людзей яна знаходзiць разуменне. А калi Бегемот, прытулiўшы брудны падраны рукаў да вачэй, трагiчна ўсклiкнуў:

- Дзякуй, дарагi таварыш, заступiўся за беднага! - здарыўся цуд. Прыстойны цiхенькi дзядок, апрануты бедна, але чыста, якi купляў тры мiндальныя пiрожныя ў кандытарскiм аддзеле, раптам перамянiўся. Вочы яго ўспыхнулi баявым агнём, ён пачырванеў, кiнуў кулёк з пiрожнымi на падлогу i крыкнуў:

- Праўда! - дзiцячым тоненькiм голасам.

Потым ён схапiў паднос, скiнуў з яго астаткi разбуранай Бегемотам шакаладнай эйфелевай вежы, узмахнуў iм, левай рукой сарваў з чужаземца капялюш, а правай ударыў па лысай галаве. Пачуўся гук, як быццам з грузавiка скiдаюць долу лiставое жалеза. Таўстун пабялеў, адхiснуўся назад i сеў у бочку з керчынскiмi селядцамi, выбiў з-пад сябе фантан лёку. Адбыўся адначасна i другi цуд. Чужаземец, як толькi правалiўся ў бочку, на чыстай расейскай мове без усякага акцэнту закрычаў:

- Забiваюць! Мiлiцыя! Мяне бандыты забiваюць! - ён, мабыць, ад перапуду раптоўна авалодаў да гэтага часу невядомаю моваю.

Тады спынiўся швейцараў свiст, у натоўпе ўсхваляваных пакупнiкоў замiльгалi, наблiжаючыся, два мiлiцэйскiя шлемы. Але шкодны Бегемот, нiбы з балеi ў лазнi на палок, лiнуў з прымуса бензiнам на кандытарскi прылавак, i ён успыхнуў сам. Полымя шуганула ўгору i пабегла ўздоўж прылаўка, зжыраючы па дарозе прыгожыя папяровыя стужкi на кошыках з садавiнаю. Прадаўшчыцы з пiскам кiнулiся ўцякаць з-за прылаўкаў, i ледзь толькi выскачылi з-за яго, успыхнулi на вокнах шторы i на падлозе загарэўся бензiн. Публiка адразу ўзняла адчайны крык, шарахнулася назад з кандытарскага, знесла непатрэбнага Паўла Восiпавiча, а з-за рыбнага на сваiх прыгожанькiх ножках цугам уцякалi да чорнага выхаду прадаўшчыцы. Бэзавы грамадзянiн ледзьве вылупiўся з бочкi, увесь у слiзкiм лёку, перавалiўся цераз сёмгу на прылаўку i падаўся следам. Зазвiнела i пасыпалася шкло ў дзвярах, выдушанае натоўпам, а абодва нягоднiкi - i Кароўеў, i Бегемот - кудысьцi знiклi, а куды - нельга было зразумець. Потым ужо прысутныя на пачатку пажара ў Таргсiне на Смаленскiм расказвалi, што быццам абодва хулiганы ўзляцелi пад столь i там нiбы лопнулi, як дзiцячыя паветраныя шары. Гэта, вядома, вельмi сумнiцельна, але чаго не ведаем, таго не ведаем.

А ведаем мы, што роўна праз хвiлiну пасля здарэння на Смаленскiм i Бегемот, i Кароўеў ужо апынулiся на ходнiках бульвара якраз ля дома грыбаедаўскай цёткi. Кароўеў спынiўся ля рашоткi i загаварыў:

- Га! Ды гэта ж пiсьменнiцкi дом! Ведаеш, Бегемот, я многа цiкавага i добрага чуў пра яго. Звярнi ўвагу, мой сябра, на гэты дом. Прыемна думаць, што пад гэтым дахам хаваецца i спее цэлая прорва талентаў.

- Як ананасы ў аранжарэях, - сказаў Бегемот i, каб лепей палюбавацца на крэмавы дом з калонамi, стаў на бетонны падмурак агароджы.

- Праўду кажаш, - згадзiўся са сваiм неразумным спадарожнiкам Кароўеў, - i аж соладка-жудасна робiцца пад сэрцам, калi думаеш пра тое, што ў гэтым доме зараз спее будучы аўтар "Дон-Кiхота", альбо "Фаўста", альбо, чорт мяне забяры, "Мёртвых душаў"! Га?

- Аж страшна падумаць, - пацвердзiў Бегемот.

- Ага, дзiўных рэчаў можна чакаць з парнiкоў гэтага дома, якi аб'яднаў пад сваiм крылом некалькi тысяч самаахвярных, што вырашылi аддаць без астатку жыццё служэнню Мельпамене, Полiгiмнii i Талii. Ты ўяўляеш, якi шум пачнецца, калi хто-небудзь з iх для пачатку падорыць публiцы "Рэвiзора" альбо "Яўгенiя Анегiна"!

- Запраста можа быць, - пацвердзiў Бегемот.

- Сапраўды, - працягваў Кароўеў i заклапочана падняў палец, - але! Але, гавару я гэта i паўтараю - але! Калi на гэтыя далiкатныя цяплiчныя раслiны не нападзе якi-небудзь мiкраарганiзм, не падточыць iм корань, i яны не загнiюцца! А гэта здараецца з ананасамi! Ай-я-яй, як здараецца!

- Дарэчы, - пацiкавiўся Бегемот i ўсунуў сваю круглую галаву праз дзiрку ў каванай агароджы, - што гэта яны робяць на верандзе?

- Абедаюць, - растлумачыў Кароўеў, - дадам яшчэ, мой мiлы, што тут нядрэнная i даволi танная рэстарацыя. А я мiж тым, як i кожны турыст перад далёкiм падарожжам, маю вялiкае жаданне пад'есцi i выпiць вялiкi ледзяны куфаль пiва.

- I я таксама, - адказаў Бегемот, i абодва нягоднiкi рушылi па сцяжынцы пад лiпамi проста да веранды рэстарацыi, якая не прадчувала бяды.

Белатварая i сумная грамадзянка ў белых шкарпэтках i белым берэцiку з хвосцiкам сядзела на венскiм крэсле там, дзе ў зелянiне трыльяжа быў зроблены ўваход на веранду. Перад ёй на звычайным канторскiм стале ляжала канторская кнiга, у якую грамадзянка, невядома навошта, запiсвала тых, хто заходзiў у рэстарацыю. Менавiта гэтая грамадзянка i спынiла Кароўева i Бегемота.

- Вашы пасведчаннi? - яна здзiўлена глядзела на пенснэ Кароўева, а таксама на прымус i на парваны Бегемотаў локаць.

- Тысячу разоў выбачайце, якое пасведчанне? - спытаўся Кароўеў здзiўлена.

- Вы - пiсьменнiкi? - у сваю чаргу запыталася грамадзянка.

- Несумненна, - з гонарам адказаў Кароўеў.

- Вашы пасведчаннi? - паўтарыла грамадзянка.

- Красуня ты мая, - пачаў пяшчотна Кароўеў.

- Я вам не красуня, - перапынiла яго грамадзянка.

- А як шкада, - расчаравана сказаў Кароўеў i працягваў: - Ну, калi вы не хочаце быць красуняй, а гэта было б прыемна, можаце i не быць. Але вось што, каб пераканацца, што Дастаеўскi пiсьменнiк, трэба ў яго патрабаваць пасведчанне? Ды вазьмiце на выбар староначак пяць з любога рамана, i вы без пасведчання пераканаецеся, што ён пiсьменнiк. Ды я думаю, што пасведчання ў яго нiколi i не было! А ты як думаеш? - звярнуўся Кароўеў да Бегемота.

- Магу ў заклад пайсцi, што не было, - адказаў той, паставiў прымус побач з кнiгай i выцер пот на закураным iлбе.

- Вы - не Дастаеўскi, - сказала грамадзянка, якую збiваў Кароўеў з панталыку.

- Ну, як сказаць, як сказаць, - адказаў той.

- Дастаеўскi памёр, - сказала грамадзянка, але неяк няўпэўнена.

- Пратэстую! - горача ўсклiкнуў Бегемот. - Дастаеўскi несмяротны!

- Вашы пасведчаннi, грамадзяне, - сказала грамадзянка.

- Злiтуйцеся, гэта, урэшце, смешна, - не здаваўся Кароўеў, - ды не пасведчанне вызначае пiсьменнiка, а тое, што iм напiсана! Адкуль вы ведаеце, якiя задумы раяцца ў маёй галаве? Альбо ў гэтай галаве? - ён паказаў на Бегемотаву галаву, з якой той адразу зняў шапачку, каб грамадзянка лепш разгледзела яе.

- Прапусцiце, грамадзяне, - ужо раззлавана сказала яна.

Кароўеў i Бегемот саступiлi ўбок i прапусцiлi нейкага пiсьменнiка ў шэрым гарнiтуры, у летняй, без гальштука, кашулi, белы каўнер якое шырока ляжаў паверх каўняра пiнжака, з газетаю пад пахай. Пiсьменнiк прыветна кiўнуў грамадзянцы, на хаду паставiў у падсунутую яму кнiгу нейкi значок i пайшоў на веранду.

- Шкада, не нам, не нам, - сумна загаварыў Кароўеў, - а яму будзе ледзяны куфаль пiва, пра якi мы, бедныя падарожнiкi, гэтак марылi з табой. Становiшча нашае сумнае i бязвыхаднае, i я не ведаю, што нам рабiць.

Бегемот горка развёў рукамi, надзеў шапачку на круглую галаву, густа аброслую валасамi, вельмi падобнымi на кашэчую поўсць. I ў гэты момант нямоцны, але ўладны голас прагучаў над галавою ў грамадзянкi:

- Прапусцiце, Соф'я Паўлаўна.

Грамадзянка з кнiгаю здзiвiлася; скрозь зелянiну трыльяжа ўзнiкла белая фрачная грудзiна i бародка клiнком. Чалавек прыветна глядзеў на двух падазроных абарванцаў i, нават болей, жэстам запрашаў iх. Аўтарытэт Арчыбальда Арчыбальдавiча быў рэч прадметная ў рэстарацыi, якой ён загадваў, i Соф'я Паўлаўна пакорлiва спыталася ў Кароўева:

- Як ваша прозвiшча?

- Панаеў, - ветлiва адказаў той.

Грамадзянка запiсала прозвiшча i запытальна паглядзела на Бегемота.

- Скабiчэўскi, - прапiшчаў той i чамусьцi паказаў на свой прымус.

Соф'я Паўлаўна запiсала гэта i падсунула кнiгу наведвальнiкам, каб яны распiсалiся. Кароўеў насупраць прозвiшча "Панаеў" напiсаў "Скабiчэўскi", а Бегемот супраць Скабiчэўскага напiсаў "Панаеў".

Арчыбальд Арчыбальдавiч, наздзiў Соф'i Паўлаўне, з прыязнаю ўсмешкаю павёў гасцей за лепшы столiк у супрацьлеглым канцы веранды, туды, дзе быў сама густы цень, да столiка, побач з якiм весела ззяла сонца ў адным з трыльяжных прарэзаў у зелянiне. Соф'я Паўлаўна здзiўлена мiргала, доўга разглядала дзiўныя запiсы, якiя зрабiлi нечаканыя наведвальнiкi ў кнiзе.

Афiцыянтаў Арчыбальд Арчыбальдавiч здзiвiў не меней, чым Соф'ю Паўлаўну. Ён сам адсунуў крэсла ад столiка, запрасiў Кароўева сесцi, мiргаў аднаму, штосьцi шаптаў другому, i два афiцыянты замiтусiлiся вакол новых гасцей, адзiн з якiх свой прымус паставiў побач з парыжэлым чаравiкам на падлогу.

Адразу знiк са столiка стары настольнiк у жоўтых плямах, у паветры, пахрумстваючы крухмалам, узляцеў, бялейшы за бедуiнскi бурнус, другi, а Арчыбальд Арчыбальдавiч ужо шаптаў цiха, але выразна, у самае вуха Кароўеву:

- Чым будзем частавацца? Балычок ёсць спецыяльны... з архiтэктарскага з'езда ўрваў...

- Э-э... вы дайце нам наогул закусачку... э... - дабрадушна прамармытаў Кароўеў i адкiнуўся на крэсла.

- Разумею, - заплюшчыў вочы i шматзначна адказаў Арчыбальд Арчыбальдавiч.

Афiцыянты, калi ўбачылi, як абыходзiцца з сумнiцельнымi наведвальнiкамi шэф рэстарацыi, ужо без усякага сумнення ўзялiся за справу. Адзiн падаваў запалку Бегемоту, якi дастаў з кiшэнi недакурак i сунуў яго ў рот, другi падляцеў са звонам зялёнага шкла i паставiў побач з прыборамi келiхi, лафiтнiкi i тоненькiя келiхi, з якiх гэтак добра пiць пад тэнтам нарзан... не, забягаючы наперад, скажам: пiўся нарзан пад тэнтам незабыўнае грыбаедаўскае веранды.

- Фiлейкаю з рабчыкаў магу пачаставаць, - музычна муркаў Арчыбальд Арчыбальдавiч.

Госць у пабiтым пенснэ цалкам адобрыў прапановы камандзiра брыга i добра глядзеў на яго праз непатрэбнае шкельца.

Белетрыст Петракоў-Сухавей з жонкаю, якiя абедалi за суседнiм столiкам i даядалi эскалоп, з уласцiвай пiсьменнiкам назiральнасцю, заўважыў паслужлiвасць Арчыбальда Арчыбальдавiча i надта здзiвiўся. А яго жонка, даволi паважная панi, нават прыраўнавала пiрата да Кароўева i лыжачкай пагрукала... што ж гэта такое, нас затрымлiваюць... час марожанае падаваць! У чым справа?

Аднак Арчыбальд Арчыбальдавiч падараваў Петраковай чароўную ўсмешку, накiраваў да яе афiцыянта, а сам не пакiдаў дарагiх гасцей. Ой, разумны быў Арчыбальд Арчыбальдавiч! А назiральны не меней, чым пiсьменнiкi. Арчыбальд Арчыбальдавiч ведаў пра сеанс у Вар'етэ i пра шмат iншых выпадкаў за гэтыя днi чуў, але, у адрозненне ад iншых, паўз вушы не прапускаў нi слова "клятчасты", нi слова "кот". Арчыбальд Арчыбальдавiч адразу здагадаўся, хто яго наведвальнiкi. А калi здагадаўся, то, вядома, сварыцца з iмi не захацеў. А Соф'я Паўлаўна - вось табе маеш! Гэта трэба дадумацца, не пускаць гэтых двух на веранду! Хаця што з яе возьмеш.

Петракова пагардлiва тыцкала лыжачкаю ў раскiслае марожанае, незадаволена глядзела, як столiк перад нейкiмi двума прыдуркамi, нiбы ў казцы, абрастае ежаю. Да бляску памытае лiсце салаты ўжо тырчэла з вазы са свежаю iкрою... iмгненне - i з'явiлася на знарок падсунутым суседнiм столiку запацелае срэбнае вядзерца...

Толькi пасля таго як пераканаўся, што ўсё зроблена як мае быць, толькi пасля таго як у афiцыянтавых руках прыляцела накрытая патэльня, у якой нешта вуркатала, Арчыбальд Арчыбальдавiч дазволiў сабе пакiнуць двух загадкавых наведвальнiкаў ды i то шапнуў iм:

- Прабачце, на хвiлiнку! Сам пракантралюю фiлейчыкi.

Ён паляцеў ад столiка i знiк ва ўнутраным уваходзе ў рэстарацыю. Калi б якi-небудзь назiральнiк далей прасачыў, што робiць Арчыбальд Арчыбальдавiч, то гэта здалося б яму загадкавым.

Шэф накiраваўся зусiм не на кухню назiраць, як гатуюць фiлейчыкi, а ў рэстарацыйную кладоўку. Ён адамкнуў яе сваiм ключом, замкнуўся, дастаў са скрынi з iльдом асцярожна, каб не забрудзiць манжэты, два ладныя балыкi, запакаваў iх у газетную паперу, акуратна перавязаў вяровачкай i паклаў. Потым у суседнiм пакоi праверыў, цi на месцы яго летняе палiто на шаўковай падкладцы i капялюш, i толькi пасля гэтага пайшоў на кухню, дзе кухар старанна гатаваў абяцаныя гасцям фiлейкi.

Трэба сказаць, што дзiўнага i загадкавага ў дзеяннях Арчыбальда Арчыбальдавiча зусiм не было, i дзiўнымi дзеяннямi iх мог назваць толькi павярхоўны назiральнiк. Учынкi Арчыбальда Арчыбальдавiча лагiчна выцякалi з папярэдняга. Веданне апошнiх падзей, а галоўным чынам фенаменальнае чуццё Арчыбальда Арчыбальдавiча падказвалi шэфу грыбаедаўскай рэстарацыi, што абед яго наведвальнiкаў будзе хоць i багаты i раскошны, але даволi кароткi. I чуццё, якое не падманвала былога флiбусцьера, не падвяло i на гэты раз.

У той час, калi Кароўеў i Бегемот чокалiся другi раз кiлiшкамi цудоўнае халоднае маскоўскае двойчы ачышчанае гарэлкi, з'явiўся на верандзе потны i ўсхваляваны Боба Кандалупскi, вядомы ў Маскве сваiм усёзнайствам, i адразу ж прысеў да Петраковых. Боба паклаў свой пульхны партфель на столiк, адразу ж усунуў губы ў вуха Петракову i зашаптаў нешта спакуслiвае. Панi Петракова сама памiрала ад цiкаўнасцi i падставiла сваё вуха да масленых Бобавых губ. А той зрэдку азiраўся, як злодзей, i шаптаў, шаптаў, можна было пачуць толькi асобныя словы:

- Клянуся богам! На Садовай, на Садовай, - Боба загаварыў яшчэ цiшэй: - Не бяруць кулi! Кулi... кулi... бензiн... пажар... кулi...

- Вось бы гэтых хлусоў, якiя разносяць плёткi, - абураная, мацней, чым хацелася б Бобу, загудзела сваiм кантральтавым голасам панi Петракова, - вось iм трэба было б растлумачыць! Але нiчога, iх паставяць на сваё месца! Якiя шкодныя плёткi!

- Якiя плёткi, Антанiда Парфiр'еўна! - усклiкнуў засмучаны недаверам жонкi пiсьменнiка Боба i зноў засвiстаў: - Гавару вам, кулi не бяруць... А цяпер пажар... Яны ў паветры... у паветры, - Боба шыпеў i не падазраваў, што тыя, пра каго ён расказвае, сядзяць побач з iм i маюць асалоду ад яго свiсту.

Хаця гэтая асалода хутка скончылася. З унутранага рэстарацыйнага ўваходу на веранду iмклiва выйшлi трое мужчын, туга падпяразаныя рамянямi, у крагах i з рэвальверамi ў руках. Пярэднi крыкнуў звонка i страшна:

- Нi з месца! - I яны адразу ж пачалi страляць па верандзе, цэлячыся ў галаву Кароўеву i Бегемоту. Тыя, па кiм стралялi, адразу ж расталi ў паветры, а з прымуса ўдарыў агнявы слуп проста ў тэнт. Нiбыта пашча з чорнымi краямi з'явiлася ў тэнце i пачала распаўзацца ва ўсе бакi. Агонь праскочыў праз яе i пачаў падымацца да самага даху грыбаедаўскага дома. Папкi з паперамi, якiя ляжалi на акне на другiм паверсе ў рэдакцыi, раптам успыхнулi, следам занялася штора, i тут агонь загудзеў, нiбы яго раздзiмалi, слупамi пайшоў унутр цётчынага дома.

Праз некалькi секунд па асфальтавых дарожках, якiя вялi да чыгуннае рашоткi на бульвары, адкуль у сераду вечарам прыйшоў нiкiм не зразумелы Iванка, цяпер беглi недаабедаўшыя пiсьменнiкi, афiцыянты, Соф'я Паўлаўна, Боба, Петракова, Петракоў.

Арчыбальд Арчыбальдавiч нiкуды не спяшаўся i не ўцякаў, ён зараней выйшаў праз бакавы ўваход i, як капiтан, якi павiнен пакiдаць карабель апошнiм, стаяў спакойна ў летнiм палiто з шаўковаю падкладкаю, з двума балыковымi бярвенцамi пад пахай.


Раздзел 29 Лёс Майстра і Маргарыты вызначаны


Перад заходам сонца высока над горадам на мураванай тэрасе аднаго з сама прыгожых у Маскве будынкаў, пабудаванага амаль паўтары тысячы гадоў назад, знаходзiлiся двое: Воланд i Азазела. Iх не было вiдаць знiзу, з вулiцы, бо iх засланяла ад чужога вока балюстрада з гiпсавымi вазамi i гiпсавымi кветкамi. А iм горад быў вiдаць увесь да краёў.

Воланд сядзеў на складной табурэтцы, апрануты ў сваю чорную сутану. Яго доўгая шырокая шпага была ўваткнута мiж дзвюх плiт тэрасы вертыкальна, так што атрымаўся сонечны гадзiннiк. Цень ад шпагi няўмольна доўжыўся, падпаўзаў да чорных туфляў на нагах у сатаны. Воланд падпёр востры падбародак кулаком, сагнуўся на табурэтцы, падклаў адну нагу пад сябе i неадрыўна глядзеў на неабдымнае зборышча палацаў, вялiзных дамоў i маленькiх, асуджаных на знос будынiн.

Азазела быў не ў сучасным уборы, без пiнжака, кацялка, лакiраваных туфляў; апрануты ў чорнае, як i Воланд, ён нерухома стаяў непадалёку ад свайго валадара, гэтак, як i ён, не адводзiў вачэй ад горада.

Воланд загаварыў:

- Якi цiкавы горад, цi не праўда?

Азазела паварушыўся i адказаў з павагаю:

- Месiр, мне болей падабаецца Рым.

- Ну, гэта ў каго якi густ, - адказаў Воланд.

Праз нейкi час зноў пачуўся яго голас:

- А чаго гэты дым там на бульвары?

- Гэта гарыць Грыбаедаў, - адказаў Азазела.

- Трэба думаць, што гэтая неразлучная парачка Кароўеў i Бегемот пабылi там?

- У гэтым няма нiякага сумнення, месiр.

Зноў настала маўчанне, абодва з тэрасы глядзелi, як у вокнах, якiя выходзiлi на захад, на верхнiх паверхах успыхвала адлюстраванне разламанага сонца. Воландава вока гарэла гэтаксама, як адно з вокнаў, што выходзiла на захад, хаця Воланд сядзеў плячыма да сонца.

Але тут штосьцi прымусiла Воланда завярнуцца ад горада i звярнуць увагу на круглую вежу, якая была ў яго за плячыма на даху. Са сцяны яе выйшаў абарваны, выпацканы ў глiну пануры чалавек у хiтоне, у самаробных сандалях, чорнабароды.

- Во! - усклiкнуў Воланд i насмешлiва паглядзеў на прышэльца. - Меней за ўсё можна было чакаць цябе тут! Ты чаго з'явiўся незапрошаны, але чаканы госць?

- Я да цябе, дух зла i валадар ценяў, - адказаў прышэлец i з-пад iлба варожа паглядзеў на Воланда.

- Калi ты да мяне, то чаму не вiтаешся, былы зборшчык падаткаў? загаварыў Воланд.

- Таму што я не хачу, каб табе здаровiлася, - з выклiкам адказаў прышэлец.

- Табе з гэтым давядзецца змiрыцца, - запярэчыў Воланд, i ўсмешка скрывiла яго рот, - не ўспеў ты з'явiцца, як ужо ляпнуў глупства, i я табе скажу, у чым яно, - у тваёй iнтанацыi. Ты гаворыш гэтак, быццам не прызнаеш ценяў, а таксама зла. А ты, будзь ласкавы, падумай, што рабiла б тваё дабро, каб не было зла, i як бы выглядала зямля, каб з яе знiклi ценi? Ценi атрымлiваюцца ад прадметаў i ад людзей. Вось цень ад маёй шпагi. Але бываюць ценi ад дрэў i ад жывых iстот. Цi не хочаш ты абадраць увесь зямны шар, знесцi з яго ўсе дрэвы i ўсё жывое з-за твае фантазii мець голы свет? Ты дурны.

- Я не буду з табой спрачацца, стары сафiст, - адказаў Левiй Мацей.

- Ты i не можаш са мной спрачацца, таму што я сказаў ужо: ты дурны, адказаў Воланд i спытаўся: - Ну, гавары коратка, не стамляй мяне, чаго ты хочаш?

- Ён прыслаў мяне.

- Што ён загадаў перадаць табе, раб?

- Я не раб, - яшчэ больш зазлаваў Левiй Мацей, - я яго вучань.

- Мы гаворым з табою на розных мовах, як заўсёды, - адазваўся Воланд, але рэчы, пра якiя мы гаворым, ад гэтага не мяняюцца. Ну?..

- Ён прачытаў створанае майстрам, - загаварыў Левiй Мацей, - i прасiў цябе, каб ты забраў з сабою майстра i ўзнагародзiў яго спакоем. Няўжо табе гэта цяжка зрабiць, дух зла?

- Мне нiчога не цяжка зрабiць, - адказаў Воланд, - i табе гэта добра вядома. - Ён памаўчаў i дадаў: - А чаму ж вы не бераце яго да сябе, да святла?

- Ён не заслужыў святла, ён заслужыў спакой, - журботным голасам сказаў Левiй.

- Перадай, што будзе зроблена, - адказаў Воланд i дадаў, пры гэтым вока яго загарэлася: - I пакiнь мяне тэрмiнова.

- Ён просiць, каб тую, што кахала яго i пакутавала з-за яго, вы забралi таксама, - упершыню Левiй паглядзеў на Воланда ўмольна.

- Без цябе мы нiяк не здагадалiся б пра гэта. Iдзi.

Левiй Мацей знiк адразу пасля гэтага, а Воланд паклiкаў Азазелу i загадаў:

- Ляцi да iх i ўсё ўладзь.

Азазела пакiнуў тэрасу, i Воланд застаўся адзiн. Аднак быць яму аднаму доўга не давялося. Пачуўся тупат па плiтах на тэрасе i ажыўленая гаворка, i перад Воландам з'явiлiся Кароўеў i Бегемот. Цяпер прымуса ў таўстуна не было, нагружаны ён быў iншымi прадметамi. Пад пахаю ў яго быў невялiкi пейзажык у залатой раме, на руцэ вiсеў кухарскi, напалову згарэлы халат, а ў другой руцэ ён трымаў цэлую сёмгу са скураю i хвастом. Ад Кароўева i Бегемота патыхала гарэлым, Бегемотава морда была ў сажы, а шапачка напалову абгарэла.

- Салют, месiр! - крыкнула неўгамонная парачка, i Бегемот замахаў сёмгаю.

- Якiя прыгажуны, - сказаў Воланд.

- Месiр, уяўляеце, мяне палiчылi марадзёрам, - радасна i ўзбуджана закрычаў Бегемот.

- Калi меркаваць па прынесеным табою, - адказаў Воланд i паглядзеў на ландшафцiк, - ты i ёсць марадзёр.

- Паверце, месiр... - пачаў задушэўна Бегемот.

- Не паверу, - коратка адказаў Воланд.

- Месiр, клянуся, я гераiчна спрабаваў выратаваць што толькi можна было, i вось ўсё, што ўдалося адваяваць.

- Ты лепш скажы, чаму загарэўся Грыбаедаў? - спытаўся Воланд.

Абодва, Кароўеў i Бегемот, развялi рукамi, паднялi вочы ў неба, а Бегемот закрычаў:

- Не разумею! Сядзелi мiрна, зусiм цiха, абедалi...

- I раптам - трах, трах! - падхапiў Кароўеў. - Стрэлы! Ашалелыя ад страху, мы з Бегемотам кiнулiся ўцякаць на бульвар, даганялы следам, мы кiнулiся ў Цiмiразеўку!..

- Але адчуванне абавязку, - умяшаўся Бегемот, - перамагло наш брыдкi страх, i мы вярнулiся.

- Дык вы вярнулiся? - сказаў Воланд. - Ну, вядома, тады будынак згарэў ушчэнт.

- Ушчэнт! - горка пацвердзiў Кароўеў. - Гэта значыць зусiм ушчэнт, месiр, як вы i сказалi. Адны галавешкi.

- Я накiраваўся, - расказваў Бегемот, - у зал паседжанняў, гэта той, што з калонамi, месiр, спадзяваўся выцягнуць што-небудзь каштоўнае. Ах, месiр, мая жонка, калi б яна толькi была ў мяне, яна дваццаць разоў рызыкавала б застацца ўдавою! Але, на шчасце, я нежанаты, i скажу вам шчыра - шчаслiвы, што не жанаты. Ах, месiр, хiба можна прамяняць халасцяцкую волю на цяжкае ярмо!

- Зноў глупства мелеш, - сказаў Воланд.

- Слухаюся i працягваю, - адказаў той, - ага, вось ландшафцiк. Болей нiчога нельга было ўзяць, полымя шуганула мне ў твар. Я пабег у каморку, выратаваў сёмгу. Пабег на кухню, выратаваў халат. Я лiчу, месiр, што зрабiў усё, што толькi мог, i не разумею, чаму ў вас гэтакi скептычны твар.

- А што рабiў Кароўеў у гэты час, калi ты марадзёрнiчаў? - спытаў Воланд.

- Я дапамагаў пажарнiкам, месiр, - адказаў Кароўеў i паказаў на парваныя штаны.

- Ну, калi гэтак, то давядзецца будаваць новы будынак.

- Ён будзе пабудаваны, месiр, - адазваўся Кароўеў, - запэўнiваю вас.

- Што ж, застаецца толькi пажадаць, каб ён быў лепшы, чым стары, заўважыў Воланд.

- Гэтак яно i будзе, месiр, - сказаў Кароўеў.

- Вы мне паверце, - дадаў кот, - я сама сапраўдны прарок.

- Нарэшце мы вярнулiся, месiр, - дакладваў Кароўеў, - i чакаем вашых загадаў...

Воланд устаў са свае табурэткi, падышоў да балюстрады i доўга маўчаў, адзiн, завярнуўшыся плячыма да свае свiты, глядзеў удалячынь. Потым адышоў ад краю, зноў сеў на табурэтку i сказаў:

- Загадаў нiякiх не будзе - вы выканалi ўсё, што змаглi, i больш пакуль што мне вашы паслугi не патрэбны. Можаце адпачываць. Зараз прыйдзе навальнiца, апошняя навальнiца, яна скончыць усё, што трэба скончыць, i мы рушым у дарогу.

- Вельмi добра, месiр, - адказалi абодва гаеры i знiклi дзесьцi за круглаю цэнтральнаю вежаю, якая размяшчалася пасярод тэрасы.

Навальнiца, пра якую гаварыў Воланд, ужо збiралася над небакраем. Чорная хмара ўстала на захадзе i да палавiны адрэзала сонца. Потым яна накрыла яго цалкам. На тэрасе пасвяжэла. Яшчэ праз нейкi час зрабiлася цёмна.

Гэтая цемра, якая насунулася з захаду, накрыла вялiзны горад. Знiклi масты, палацы. Усё знiкла, быццам гэтага нiколi i не было на свеце. Па ўсiм небе прабегла вогненная нiтка. Потым горад скалануўся ад удару. Удар паўтарыўся, i пачалася навальнiца. Воланда не стала бачна ў iмжы.


Раздзел 30 Пара! Пара!


- Ты ведаеш, - гаварыла Маргарыта, - якраз калi ты заснуў учора ноччу, я чытала пра цемру, якая прыйшла з Мiжземнага мора... i гэтыя iдалы, ах, залатыя iдалы! Яны чамусьцi мне ўвесь час не даюць спакою. Мне здаецца, што i зараз лье дождж. Ты адчуваеш, як пасвяжэла?

- Усё гэта добра i мiла, - адказаў майстар, ён палiў i разганяў рукою дым, - i гэтыя iдалы, бог з iмi... але што далей будзе, зусiм не зразумела!

Гаворка гэтая адбывалася перад заходам сонца, якраз тады, калi да Воланда на тэрасу з'явiўся Левiй Мацей. Акенца ў падвале было адчынена, i калi б хто-небудзь зазiрнуў у яго, ён здзiвiўся б з таго, як выглядаюць субяседнiкi. На Маргарыце проста на голае цела быў накiнуты чорны плашч, а майстар быў у бальнiчнай бялiзне. Было гэта таму, что Маргарыце зусiм не было чаго адзець, бо ўсе яе рэчы засталiся ў асабняку, i хаця гэты асабняк быў непадалёку, вядома, нечага было i думаць, каб пайсцi туды i забраць рэчы. А майстар, усе гарнiтуры якога знайшлiся ў шафе, нiбы ён нiкуды i не выязджаў, проста не хацеў адзявацца, гаварыў Маргарыце, што вось-вось пачнецца тварыцца нейкае несусветнае глупства. Праўда, ён быў упершыню паголены, калi лiчыць ад тае асенняе ночы (у клiнiцы яму бародку падстрыглi машынкаю).

Пакой таксама выглядаў дзiўна, разабрацца ў гэтым хаосе было цяжка. На дыване ляжалi рукапiсы, яны былi i на канапе. Валялася нейкая кнiга на крэсле. На круглым столiку стаяў абед, памiж закуссю некалькi бутэлек. Адкуль узялiся гэтыя стравы i пiтво, было невядома i Маргарыце, i майстру. Калi яны прачнулiся, усё гэта было ўжо на стале.

Пасля таго як праспалi да суботняга надвячорка, i майстар, i яго сяброўка адчувалi сябе добра, i толькi адно нагадвала пра ўчарашнюю прыгоду - у абодвух балелi скронi. З псiхiкай у абодвух адбылiся вялiкiя перамены, у гэтым бы пераканаўся кожны, паслухаўшы размову ў падвальнай кватэры.

Але падслухоўваць не было каму. Дворык таму i быў добры, што заўсёды пуставаў. З кожным днём лiпы, якiя гусцелi зелянiнай, i вярба за акном па-вясноваму пахлi, i ветрык заносiў гэты пах у падвал.

- Фу ты чорт! - нечакана ўсклiкнуў майстар. - Падумаць толькi... - ён патушыў недакурак у попельнiцы i сцiснуў галаву аберуч. - Не, паслухай, ты разумны чалавек, i вар'яткаю не была... Ты сапраўды верыш, што мы ўчора былi ў сатаны?

- Веру, - адказала Маргарыта.

- Вядома, вядома, - iранiчна сказаў майстар, - цяпер, выходзiць, замест аднаго вар'ята аж два! I муж i жонка. - Ён падняў рукi ўгору i закрычаў: - Не, гэта чортведама што, чорт, чорт, чорт!

Замест адказу Маргарыта ўпала на канапу, ад смеху аж задрыгала нагамi, потым ускрыкнула:

- Ой, не магу! Ой, не магу! Ты глянь толькi, на каго ты падобны!

Яна насмяялася, пакуль майстар сарамлiва падцягваў бальнiчныя кальсоны, i сказала сур'ёзна:

- Ты зараз мiжволi сказаў праўду. Чорт ведае што гэта, i чорт, павер мне, усiм распарадзiцца! - Вочы яе раптоўна загарэлiся, яна падхапiлася, затанцавала на месцы i пачала ўскрыкваць: - Якая я шчаслiвая, якая я шчаслiвая, што згаварылася з iм! О д'ябал, д'ябал!.. Давядзецца вам, мой мiлы, жыць з ведзьмаю! - пасля гэтага яна кiнулася да майстра, абхапiла яго за шыю i пачала цалаваць у губы, у нос, у шчокi. Вiхры нерасчасаных валасоў кудлацiлiся на майстры, i лоб i шчокi ў яго загарэлiся ад пацалункаў.

- Ты i сапраўды стала падобная на ведзьму.

- Я не адмаўляюся, - сказала Маргарыта, - я ведзьма i вельмi гэтым задаволена.

- Ну, добра, - сказаў майстар, - няхай ведзьма. Вельмi добра! Мяне, выходзiць, укралi з лякарнi... Таксама цудоўна! Вярнулi сюды, дапусцiм i гэта... Ну, няхай нас i не пачнуць шукаць... Але скажы ты мне, на мiласць богу, за што мы будзем жыць? Калi я гавару пра гэта, я клапачуся толькi пра цябе, павер мне!

У гэты момант у акенцы паказалiся тупаносыя чаравiкi i нiжняя частка штаноў у палосачку. Затым гэтыя штаны сагнулiся ў каленях, i святло дня загарадзiў нечы тоўсты зад.

- Алаiзiй, ты дома? - спытаўся голас наверсе, недзе над штанамi, над акном.

- Ну, пачынаецца, - сказаў майстар.

- Алаiзiй? - спыталася Маргарыта i падышла блiжэй да акна. - Яго арыштавалi ўчора. А хто пра яго пытаецца? Як ваша прозвiшча?

У адно iмгненне зад i штаны знiклi, i чуваць было, як грукнулi варотцы, пасля ўсё стала па-ранейшаму. Маргарыта ўпала на канапу i зарагатала гэтак, што слёзы выступiлi на вачах. Пасля таго як супакоiлася, твар у яе моцна змянiўся, яна загаварыла сур'ёзна i, гаворачы, з'ехала з канапы долу, падпаўзла да каленяў майстра, глядзела яму ў вочы, гладзiла па галаве.

- Як ты пакутаваў, бедны, як ты пакутаваў, бедны ты мой! Пра гэта ведаю толькi я адна. Паглядзi, у цябе белыя валасы i вечная складка ля губ! Мой адзiны, мой мiлы, не думай нi пра што! Табе занадта многа давялося думаць, i цяпер за цябе буду думаць я. I я ручаюся, ручаюся, што ўсё будзе толькi добра!

- Я нiчога не баюся, Марго, - раптам адказаў ёй майстар, падняў галаву, i яна ўбачыла яго такiм, якiм ён быў тады, калi пiсаў пра тое, чаго нiколi не бачыў, але пра што дакладна ведаў, што гэтак было, - я не баюся, таму што я ўжо ўсё перажыў. Мяне многа палохалi, i ўжо няма чым спалохаць. Але мне шкада цябе, Марго, вось у чым фокус, вось чаму я i паўтараю адно i тое. Апамятайся! Нашто табе калечыць сваё жыццё, звязвацца з хворым i жабраком? Вяртайся дадому! Шкадую цябе, таму гэтак i гавару.

- Эх ты, ты, - Маргарыта кiвала растрапанаю галавою, - эх ты, малаверны няшчасны чалавек. Я з-за цябе ўчора ўсю ноч трэслася голая, я страцiла сваю прыроду, памяняла яе на новую, некалькi месяцаў я сядзела ў цёмнай каморцы i думала толькi пра адно - пра навальнiцу над Ершалаiмам, я выплакала свае вочы, а цяпер, калi звалiлася на голаў шчасце, ты мяне праганяеш? Ну што ж, я пайду, пайду, але ведай, што ты жорсткi чалавек! Яны спустошылi тваю душу!

Горкая пяшчота захлiснула майстрава сэрца, i, невядома чаму, ён заплакаў, уткнуўшыся тварам у Маргарыцiны валасы.

А яна плакала, шаптала, цалавала яго, i пальцы яе трымцелi на скронях майстра.

- Ах павуцiна, павуцiна, на вачах у мяне сiвее твая галава... ах мая, мая шматпакутная галава! Паглядзi, якiя ў цябе вочы! Пустыня ў iх... А плечы, плечы прыгнутыя цяжарам... Скалечылi, скалечылi... - Маргарыта ўсё болей i болей блыталася ў гаворцы, скаланалася ад плачу.

Тады майстар выцер вочы, падняў з каленяў Маргарыту, устаў сам i сказаў цвёрда:

- Хопiць! Ты прысарамацiла мяне. Я больш нiколi не збаюся i не буду гаварыць пра гэта, супакойся. Я ведаю, што мы абое ахвяры свае душэўнае хваробы, якую я, магчыма, перадаў i табе... Што ж, мы разам i будзем трываць яе.

Маргарыта прытулiлася да вуха майстра губамi i зашаптала:

- Клянуся табе сваiм жыццём, клянуся ўгаданым табой сынам астролага - усё будзе добра.

- Ну, хопiць, хопiць, - адазваўся майстар, засмяяўся i дадаў: - Вядома, калi людзi абрабаваныя ўшчэнт, яны шукаюць ратунку ў незямной сiле! Што ж, згодны шукаць i там.

- Ну вось, ну вось, ты ранейшы, ты смяешся, - адказала Маргарыта, - i ну цябе к чорту з тваiмi вучонымi слоўкамi. Незямная цi зямная - мне ўсё роўна! Я хачу есцi.

I яна павалакла майстра за рукаў да стала.

- Я не ўпэўнены, што гэтая ежа не правалiцца зараз скрозь зямлю альбо не вылецiць праз акно, - гаварыў той зусiм спакойна.

- Яна паляцiць!

I ў гэты час у акенцы пачуўся гугнявы голас:

- Мiр вам.

Майстар здрыгануўся, а прывычная ўжо да незвычайных прыгод Маргарыта ўскрыкнула:

- А, гэта ты, Азазела! Ай, як добра, як хораша! - i шапнула майстру: Вось бачыш, нас не пакiнулi! - i кiнулася адмыкаць дзверы.

- Ты хоць захiнiся, - крыкнуў ёй услед майстар.

- Напляваць мне на гэта, - адказала Маргарыта ўжо з калiдорчыка.

I вось ужо Азазела пакланiўся, павiтаўся з майстрам, блiскаў на яго сваiм крывым вокам, а Маргарыта ўсклiквала:

- Ах, як я рада! Я нiколi гэтак не радавалася ў жыццi? Выбачайце, Азазела, што я голая!

Азазела прасiў не турбавацца, запэўнiў, што ён пабачыў не толькi голых жанчын, але нават жанчын з аблупленаю скураю, ахвотна прысеў да стала, паставiў у куце ля печкi нейкi скрутак у цёмнай парчы.

Маргарыта паслужлiва налiла Азазелу каньяку, i той ахвотна выпiў яго. Майстар не спускаў з Азазелы вачэй, зрэдку пад сталом шчыпаў сябе за левую руку. Але гэта не дапамагала. Азазела не раствараўся ў паветры, ды ў гэтым, па праўдзе гаворачы, не было i неабходнасцi. Нiчога страшнага ў рыжаватым, невялiкага росту чалавечку не было, хiба што вока з бяльмом, але гэта бывае i без усякiх чараў, ды адзенне не зусiм прывычнае - нейкая раса альбо плашч, але калi задумацца, то i такое адзенне можна ўбачыць. Каньяк ён таксама пiў спраўна, як i ўсе нармальныя людзi, поўнымi чаркамi, i не закусваў. Ад гэтага самага каньяку ў майстра зашумела ў галаве, i ён пачаў думаць.

"Не, праўда Маргарыцiна! Вядома, перада мной пасланец д'ябла. Ды я ж сам не пазней як учора ноччу даказваў Iвану, што той сустрэў на Патрыярхавых менавiта сатану, а цяпер чамусьцi спалохаўся i пачаў мармытаць, плесцi штосьцi пра гiпнатызёраў i пра галюцынацыi. Якiя тут к чорту гiпнатызёры!"

Ён пачаў прыглядацца да Азазелы i пераканаўся, што ў вачах у таго ёсць нейкi клопат, нейкая думка, пра якую ён пакуль што маўчыць. "Ён не проста ў госцi, ён з'явiўся з нейкiм даручэннем", - думаў майстар.

Назiральнасць не падманула яго.

Пасля таго як выпiў трэцюю шклянку каньяку, якi на Азазелу зусiм не дзейнiчаў, госць загаварыў:

- Даволi ўтульны падвальчык, чорт пабяры! Адно толькi пытанне ўзнiкае, што ў iм рабiць, у гэтым падвальчыку?

- Пра гэта i я гавару, - засмяяўшыся, адказаў майстар.

- Навошта вы мяне трывожыце, Азазела? - спыталася Маргарыта. - Як-небудзь!

- Што вы, што вы! - усклiкнуў Азазела. - Я i не думаў вас трывожыць. Я i сам ведаю - як-небудзь. Ага! Ледзь не забыўся... Месiр прывiтанне вам перадаваў i таксама загадаў перадаць, што запрашае вас на невялiкую прагулянку, калi, вядома, вы захочаце. Дык што вы скажаце?

Маргарыта пад сталом штурхнула майстра.

- З вялiкiм задавальненнем, - адказаў майстар, разглядаючы Азазелу, а той працягваў:

- Мы спадзяёмся, што i Маргарыта Мiкалаеўна не адмовiцца ад гэтага?

- Я не адмоўлюся, - сказала Маргарыта, i зноў яе нага праехала па майстравай назе.

- Цудоўная рэч! - усклiкнуў Азазела. - Вось гэта я люблю! Раз-два - i гатова! Не тое што тады ў Аляксандраўскiм садзе.

- Не ўспамiнайце пра гэта, Азазела! Я тады была дурная. Ды мяне не трэба надта i вiнавацiць - не кожны ж дзень сустракаешся з нячыстаю сiлаю!

- Вядома, - пацвердзiў Азазела, - каб кожны дзень, гэта было б прыемна!

- Мне i самой падабаецца хуткасць i аголенасць, - гаварыла Маргарыта, хуткасць i аголенасць... Як з маўзера - раз! Ах, як ён страляе! - ускрыкнула Маргарыта, звяртаючыся да майстра. - Сямёрка пад падушкай, i ў любое ачко! Маргарыта пачала п'янець, i вочы ў яе разгарэлiся.

- Я зноў забыўся, - крыкнуў Азазела i ляпнуў сябе па лбе, - зусiм закруцiўся! Месiр прыслаў вам падарунак, - тут ён звярнуўся да майстра, бутэльку вiна. Прашу заўважыць, што гэта тое самае вiно, якое пiў пракуратар Юдэi. Фалернскае вiно.

Вядома, гэта выклiкала вялiкую цiкаўнасць у майстра i ў Маргарыты. Азазела дастаў з чорнае пахавальнае парчы зусiм ззелянелы збан. Вiно нюхалi, налiлi ў шклянкi, глядзелi скрозь яго на святло ў акне, якое знiкала перад навальнiцаю. Бачылi, як усё фарбуецца ў крывавы колер.

- За здароўе Воланда! - усклiкнула Маргарыта i падняла сваю шклянку.

Усе ўтраiх выпiлi са шклянак па вялiкiм глытку. Адразу пераднавальнiчнае святло пачало патухаць у вачах майстра, перахапiла дыханне, ён адчуў, што прыходзiць канчына. Ён бачыў яшчэ, як смяротна пабялелая Маргарыта працягвае да яго рукi, падае галавой на стол, а потым спаўзае на падлогу.

- Забойца... - успеў яшчэ крыкнуць майстар.

Ён схапiў нож са стала, каб ударыць Азазелу, але рука бездапаможна слiзганула па настольнiку, усё ў падвале пафарбавалася ў чорны колер, а потым i зусiм знiкла. Ён упаў дагары i, падаючы, рассек скуру на скронi аб рог бюро.

Калi атручаныя зацiхлi, Азазела пачаў дзейнiчаць. Найперш ён кiнуўся ў акно, i праз некалькi iмгненняў быў у асабняку, у якiм жыла Маргарыта Мiкалаеўна. Заўсёды пунктуальны i акуратны, Азазела хацеў праверыць, цi ўсё выканана як належыць. Усё аказалася ў поўным парадку. Азазела бачыў, як сумная жанчына, якая чакала свайго мужа, выйшла са свае спальнi, раптоўна пабялела, схапiлася за сэрца, крыкнула бездапаможна:

- Наташа! Хто-небудзь... да мяне, - упала на падлогу ў гасцёўнi, не дайшоўшы да кабiнета.

- Усё ў парадку, - сказаў Азазела.

Праз iмгненне ён быў ля мёртвых закаханых. Маргарыта ляжала, уткнуўшыся тварам у дыванчык. Сваiмi жалезнымi рукамi Азазела перавярнуў яе, як ляльку, тварам да сябе i прыгледзеўся да яе. На яго вачах твар у атручанай мяняўся. Нават у прыцемках, якiя насунулiся, было вiдаць, як знiкала часовая касавокасць, жорсткасць, грубаватасць твару. Твар нябожчыцы пасвятлеў, нарэшце памякчэў, аскал перастаў быць драпежным, а зрабiўся проста жаночым пакутлiвым аскалам. Тады Азазела разняў яе белыя зубы i ўлiў у рот некалькi кропель таго самага вiна, якiм i атруцiў. Маргарыта ўздыхнула, пачала ўставаць без дапамогi Азазелы, села i слаба спыталася:

- За што, Азазела, за што? Што вы зрабiлi са мной?

Яна ўбачыла ляжачага майстра, здрыганулася i прашаптала:

- Гэтага я не чакала... забойца!

- Ды не ж, не, - адказаў Азазела, - зараз i ён устане. Ах, чаму вы ўсе гэтакiя нервовыя!

Маргарыта паверыла яму адразу, гэтакi пераканаўчы быў голас у рыжага дэмана. Яна ўсхапiлася, дужая i жывая, i памагла напаiць ляжачага вiном. Той расплюшчыў вочы, цяжка зiрнуў i з нянавiсцю паўтарыў сваё апошняе слова:

- Забойца...

- Ах! Знявага звычайна з'яўляецца ўзнагародай за добрую работу, - адказаў Азазела. - Няўжо вы сляпы? Ну разгледзьцеся хоць зараз!

Тут майстар устаў, зiрнуў навокал жывым i светлым позiркам i спытаўся:

- Што абазначае ўсё гэта?

- Яно абазначае, - адказаў Азазела, - што нам пара. Ужо гром грымiць, вы чуеце? Цямнее. Конi б'юць капытамi, дрыжыць увесь маленькi сад. Развiтвайцеся з падвалам, развiтвайцеся хутчэй.

- А, разумею, - сказаў майстар i азiрнуўся, - вы нас забiлi, мы мёртвыя. Ах, як гэта разумна! Як гэта ў час! Цяпер я зразумеў вас!

- Ах, злiтуйцеся, - адказаў Азазела, - цi гэта вас я чую? Ваша сяброўка называе вас майстрам, вы думаеце, дык як жа вы можаце быць мёртвым? Хiба для таго, каб лiчыць сябе жывым, трэба абавязкова сядзець у падвале ў адной толькi кашулi i бальнiчным споднiм? Гэта смешна!

- Я зразумеў усё, што вы гаварылi, - ускрыкнуў майстар, - не працягвайце! Ваша праўда тысячу разоў!

- Вялiкi Воланд, - пачала дапамагаць яму Маргарыта, - вялiкi Воланд! Ён прыдумаў усё намнога лепш, чым я. Але толькi раман, раман, - крычала яна майстру, - раман забяры з сабой, куды б ты толькi не ляцеў!

- Не трэба, - адказаў майстар, - я ведаю яго на памяць.

- А ты нi слова, нiводнага слова з яго не забудзеш? - пыталася Маргарыта, прыцiскалася да каханка i выцiрала яму кроў са скронi.

- Не хвалюйся! Я цяпер нiчога i нiколi не забуду, - адказаў майстар.

- Тады агонь, - крыкнуў Азазела. - Агонь, з якога ўсё пачалося, i якiм мы ўсё канчаем.

- Агонь! - страшна крыкнула Маргарыта.

Акенца ў падвале грукнула, ветрам адагнала ўбок штору. У небе весела i коратка грымнула. Азазела ўсунуў кiпцюрыстую руку ў печку, дастаў куродымную галавешку i падпалiў настольнiк на стале. Потым стос старых газет, а затым рукапiс i фiранку на акне.

- Гары, гары, ранейшае жыццё!

- Гарыце, пакуты! - крычала Маргарыта.

Пакой ужо пакалыхваўся барвовымi слупамi, i разам з дымам вылецелi з дзвярэй трое, узбеглi па мураванай лесвiцы наверх i апынулiся ў дворыку. Першае, што яны ўбачылi, гэта забудоўшчыкаву кухарку, якая сядзела на зямлi; побач была рассыпана бульба i некалькi пучкоў цыбулi. Кухарку можна было зразумець. Трое чорных коней храплi ля хлеўчука, дрыжалi i капытамi ўзбiвалi зямлю фантанамi. Маргарыта ўскочыла першая, за ёй Азазела, апошнiм майстар. Кухарка застагнала, хацела падняць руку, каб перахрысцiцца, але Азазела грозна крыкнуў з сядла:

- Адрэжу руку! - Ён свiснуў, i конi, ломячы галiны лiпы, урэзалiся ў чорную хмару. Адразу з акенца ў падвале павалiў дым. Унiзе пачуўся слабы няшчасны кухарчын крык:

- Гарым!..

Конi iмчалi ўжо над дахамi Масквы!

- Я хачу развiтацца з горадам, - крыкнуў майстар Азазелу, якi ляцеў наперадзе. Гром праглынуў канец майстравага сказа.

Азазела кiўнуў галавой i пагнаў свайго каня галопам. Насустрач летунам iмклiва неслася хмара, але яшчэ не сыпала дажджом.

Яны ляцелi над бульварам, бачылi, як разбягаюцца постацi, як хаваюцца ад дажджу. Падалi першыя кроплi. Яны праляцелi над дымам - усiм, што засталося ад Грыбаедава. Яны праляцелi над горадам, якi ўжо залiвала цемра. Над iмi ўспыхвалi маланкi. Потым дахi змянiлiся зелянiнаю.

Тады толькi лiнуў дождж i ператварыў летуноў у тры вялiкiя пухiры.

Маргарыце ўжо было знаёма адчуванне палёту, а майстру - не, i ён здзiвiўся таму, як хутка яны апынулiся ля мэты, у таго, з кiм ён хацеў развiтацца, таму што яму больш не было з кiм развiтвацца. Ён адразу пазнаў скрозь дождж будынак клiнiкi Стравiнскага, раку i добра вывучаны iм бор на другiм беразе. Яны прызямлiлiся ў гаi на паляне, непадалёк ад клiнiкi.

- Я пачакаю вас тут, - крычаў Азазела, склаўшы рукi рупарам, i то знiкаў, то ўзнiкаў пры святле маланкi ў шэрай сцяне, - развiтвайцеся, толькi хутчэй!

Майстар i Маргарыта саскочылi з коней i паляцелi, замiльгалi, як вадзяныя ценi, праз клiнiчны сад. Яшчэ праз некалькi iмгненняў майстар прывычнаю рукою рассоўваў рашотку на акне палаты No 117. Маргарыта iшла следам. Яны зайшлi да Iванкi, нiкiм не прыкмечаныя пад грукатанне i завыванне навальнiцы. Майстар спынiўся ля ложка.

Iванка ляжаў нерухома, як i тады, калi ўпершыню глядзеў на навальнiцу ў доме свайго спачыну. Ён не плакаў, як мiнулы раз. Калi ён разгледзеў як след цёмную постаць, якая ўварвалася да яго з балкона, ён прыўстаў, працягнуў рукi i сказаў радасна:

- А, гэта вы, а я ўсё чакаю, чакаю вас. Вось i вы, мой сусед.

Майстар адказаў яму:

- Я тут! Але болей вашым суседам, на жаль, не буду. Я адлятаю назаўсёды, таму i прыйшоў, каб развiтацца.

- Я пра гэта ведаю, я здагадаўся, - цiха адказаў Iван i спытаў: - Вы сустрэлi яго?

- Сустрэў, - сказаў майстар, - я прыйшоў развiтацца з вамi, бо вы былi апошнiм i адзiным чалавекам, з кiм я гаварыў у апошнi час.

Iванка пасвятлеў i сказаў:

- Гэта добра, што вы сюды заляцелi. Я слова сваё стрымаю, вершыкаў больш пiсаць не буду. Мяне цяпер iншае цiкавiць, - Iванка ўсмiхнуўся i ненармальнымi вачыма глядзеў паўз майстра, - я iншае хачу напiсаць. Я тут, пакуль ляжаў, ведаеце, пра многае перадумаў i многае зразумеў.

Майстар расхваляваўся з-за гэтых слоў, прысеў на краёк Iванкавага ложка:

- Вось гэта добра, добра. Вы пра яго працяг напiшаце!

Iванкавы вочы загарэлiся.

- А хiба вы самi не будзеце? - ён апусцiў галаву i задумлiва дадаў: - Ай, ды чаго я пытаюся, - Iванка коса зiрнуў на падлогу, паглядзеў спалохана.

- Ага, - сказаў майстар, i голас яго здаўся Iванку незнаёмым i глухiм, - я ўжо болей не буду пiсаць пра яго. Я буду заняты iншым.

Скрозь пошум навальнiцы пачуўся свiст.

- Вы чуеце? - спытаўся майстар i ўстаў з ложка.

- Навальнiца шумiць...

- Не, гэта мяне клiчуць, мне пара, - растлумачыў майстар i ўстаў з пасцелi.

- Пачакайце! Яшчэ адно слова, - папрасiў Iван, - а вы яе знайшлi? Яна не здрадзiла вам?

- Вось яна, - адказаў майстар i паказаў на сцяну.

Ад белае сцяны ступiла цёмная Маргарыта i падышла да ложка. Яна доўга глядзела на юнака, i ў вачах у яе была скруха.

- Бедны, бедны, - нячутна прашаптала Маргарыта i нахiлiлася да пасцелi.

- Якая прыгожая, - без зайздрасцi, але з сумам i нейкiм замiлаваннем прамовiў Iван, - бачыш, як у вас усё добра атрымалася. А вось у мяне не гэтак. - Тут ён падумаў i задумлiва дадаў: - Хаця, магчыма, i гэтак...

- Гэтак, гэтак, - прашаптала Маргарыта i зусiм нахiлiлася, - вось я вас пацалую ў лоб, i ўсё ў вас будзе як належыць... вы мне паверце, я ўсё бачыла, я ведаю.

Юнак абхапiў яе за шыю, i яна пацалавала яго.

- Бывай, вучань, - ледзь чутна прамовiў майстар i пачаў раставаць у паветры. Ён знiк, з iм разам знiкла i Маргарыта, зачынiлiся за iмi краты на балконе.

Iванка захваляваўся. Ён сеў на ложку, трывожна азiрнуўся, нават застагнаў, загаварыў сам з сабою, устаў. Навальнiца бушавала мацней i мацней i, мабыць, растрывожыла яго душу. Хвалявала яго таксама i тое, што за дзвярыма ён сваiм прывыклым да цiшынi слыхам улавiў паспешныя крокi, глухiя галасы за дзвярыма. Ён клiкаў, нерваваўся, уздрыгваў:

- Праскоўя Фёдараўна!

Праскоўя Фёдараўна ўжо заходзiла ў пакой, запытальна i трывожна глядзела на Iванку.

- Што? Што такое? - пыталася яна. - Навальнiца хвалюе? Ну, нiчога, нiчога... Зараз дапаможам. Зараз я доктара паклiчу.

- Не, Праскоўя Фёдараўна, не патрэбна доктара клiкаць, - сказаў Iванка i неспакойна глядзеў не на Праскоўю Фёдараўну, а на сцяну, - са мной нiчога такога. Я разбiраюся цяпер, вы не бойцеся. Вы мне лепш скажыце, - задушэўна спытаўся Iван, - а што там зараз побач у сто васемнаццатым пакоi здарылася?

- У васемнаццатым? - перапыталася Праскоўя Фёдараўна, i вочы ў яе забегалi. - Ды нiчога там не здарылася. - Але голас быў фальшывы, Iванка адразу змiкiцiў i сказаў:

- Эх, Праскоўя Фёдараўна! Вы такi чалавек праўдзiвы... Вы думаеце, я бушаваць пачну? Не, Праскоўя Фёдараўна, не будзе гэтага. Вы лепш шчыра скажыце. Я скрозь сцяну адчуваю.

- Сканаў ваш сусед, - прашаптала Праскоўя Фёдараўна, не могучы пераадолець сваю праўдзiвасць i дабрату, i спалохана зiрнула на Iванку, асветленая святлом маланкi. Але з Iванкам нiчога страшнага не здарылася. Ён шматзначна падняў палец i сказаў:

- Я гэтак i ведаў! Я запэўнiваю вас, Праскоўя Фёдараўна, што ў горадзе зараз сканаў яшчэ адзiн чалавек. Я нават ведаю хто, - тут Iванка таямнiча ўсмiхнуўся, - гэта жанчына.


Раздзел 31 На Вераб'ёвых гарах


Навальнiцу бясследна прагнала, быццам арка, стаяла перакiнутая над усёй Масквой вясёлка, пiла ваду з Масквы-ракi. У вышынi, на ўзгорку, мiж двума гаямi вiдаць былi тры цёмныя постацi. Воланд, Кароўеў i Бегемот сядзелi на чорных конях у сёдлах, глядзелi на распрасцёрты за ракою горад у сонечных шкляных водсветах у тысячах вокнаў, звернутых на захад, на пранiкавыя вежы Дзявочага манастыра.

У паветры зашумела, i Азазела, у хвасце якога ляцелi майстар i Маргарыта, апусцiўся разам з iмi каля групкi тых, хто чакаў.

- Давялося патурбаваць вас, Маргарыта Мiкалаеўна i майстар, - загаварыў Воланд пасля невялiчкага маўчання, - але вы не будзеце мець да мяне прэтэнзii. Не думаю, каб вы пашкадавалi. Ну што ж, - звярнуўся ён толькi да майстра, развiтвайцеся з горадам. Нам пара, - Воланд паказаў рукою ў чорнай пальчатцы з раструбам туды, дзе бясконцыя сонцы плавiлi шкло за рэчкаю, дзе над гэтымi сонцамi ўставаў туман, дым, пара ад разагрэтага за дзень горада.

Майстар саскочыў з сядла, падбег да абрыву на ўзгорку. Чорны плашч цягнуўся за iм па зямлi. Майстар пачаў глядзець на горад. У першыя iмгненнi да сэрца падступiў шчымлiвы смутак, але вельмi хутка ён змянiўся саладкавай трывогай, вандроўным цыганскiм хваляваннем.

- Назаўсёды! Гэта трэба асэнсаваць, - прашаптаў майстар i аблiзаў сухiя патрэсканыя губы.

Ён пачаў прыслухоўвацца i запамiнаць усё, што адбываецца ў яго душы. Яго хваляванне, як здалося, перайшло ў пачуццё глыбокае кроўнае крыўды. Але яна была нямоцная, знiкла i чамусьцi змянiлася ганарлiвым раўнадушшам, а яно прадчуваннем пастаяннага спакою.

Група коннiкаў моўчкi чакала майстра. Яны назiралi, як чорная высокая постаць на краi абрыву махае рукамi, то падымае галаву, быццам хоча працяць сваiм позiркам увесь горад, зазiрнуць за краi яго, то апускае, нiбы разглядае вытаптаную рэдкую траву пад нагамi.

Перапынiў маўчанне засумавалы Бегемот.

- Дазвольце мне, мэтр, - загаварыў ён, - свiснуць перад дарогаю на развiтанне.

- Ты спалохаеш панi, - сказаў Воланд, - i, акрамя таго, не забудзь, што на сёння ўсе твае выбрыкi скончылiся.

- Ах не, месiр, - адазвалася Маргарыта, якая сядзела на сядле, як амазонка, села зручней i звесiла да зямлi востры шлейф, - дазвольце яму, няхай свiсне. Мяне апаноўвае сум перад дальняй дарогаю. I гэта натуральна, цi не праўда, месiр, нават тады, калi чалавек ведае, што ў канцы гэтае дарогi яго чакае шчасце? Няхай ён пацешыць нас, а то я баюся, што скончыцца слязьмi, i ўсё будзе сапсавана перад дарогай!

Воланд кiўнуў Бегемоту, той вельмi ажывiўся, саскочыў з сядла, уклаў пальцы ў рот, надзьмуў шчокi i свiснуў. У Маргарыты ў вушах зазвiнела. Конь ускiнуўся на дыбкi, у гаi пасыпалiся сухiя галiны, узляцела цэлая чарада вераб'ёў i варон, слуп пылу панесла да ракi, i вiдаць было, як на рачным трамваi, якi праплываў якраз паўз прыстань, у пасажыраў сарвала некалькi шапак у ваду.

Майстар здрыгануўся ад свiсту, але не азiрнуўся, пачаў махаць яшчэ хутчэй рукамi, падымаў iх угору, нiбы пагражаў гораду. Бегемот ганарыста азiрнуўся.

- Свiснута, не спрачаюся, - паблажлiва сказаў Кароўеў, - сапраўды свiснута, але, калi гаварыць аб'ектыўна, свiснута даволi сярэдне!

- Я ж не рэгент, - з гонарам i пакрыўджана адказаў Бегемот i нечакана падмiргнуў Маргарыце.

- А дай я паспрабую па старой звычцы, - сказаў Кароўеў, пацёр рукi, падзьмухаў на пальцы.

- Ты глядзi мне толькi, - пачуўся суровы Воландаў голас з каня, - толькi каб без калецтва!..

- Месiр, паверце, - адазваўся Кароўеў i прытулiў руку да сэрца, - толькi i пажартую, усяго... - Тут ён раптоўна выцягнуўся ўгору, быццам гумавы, з пальцаў правае рукi скруцiў нейкую замыславатую фiгуру, закруцiўся, як вiнт, потым нечакана раскруцiўся i свiснуў.

Гэтага свiсту Маргарыта не пачула, але яна ўгледзела яго ў той час, як яе разам з гарачым канём адкiнула сажняў на дзесяць убок. Побач з ёй з коранем выдрала дуб, а зямля патрэскалася да самае ракi. Вялiзны кавалак берага з прыстанню i рэстарацыяй вынесла ў раку. Вада ў ёй закiпела, гайданулася, i на супрацьлеглы адлогi бераг выкiнула цэлы рачны трамвай разам з пасажырамi. Да ног захропшага Маргарыцiнага каня ўпала забiтая рэгентавым свiстам галка.

Майстра спалохаў гэты свiст. Ён схапiўся за голаў i пабег да кампанii, якая чакала яго.

- Ну што ж, - звярнуўся да яго Воланд з вышынi свайго каня, - усё заплачана згодна з рахункам? Развiталiся?

- Развiтаўся, - адказаў майстар, супакоiўся i паглядзеў у твар Воланду адкрыта i смела.

I тады над гарамi пранёсся страшны трубны Воландаў голас:

- Пара! - i пранiзлiвы свiст, i рогат Бегемота.

Конi рванулiся, коннiкi паднялiся ўгору i паiмчалi. Маргарыта адчувала, як яе шалёны конь грызе i цягне за цуглi. Воландаў плашч разгарнуўся над усёй кавалькадай, гэтым плашчом пачало захiнаць вечаровы небасхiл. Калi на нейкае iмгненне чорны плашч аднесла ўбок, Маргарыта на ляту азiрнулася i ўбачыла, што ззаду няма не толькi рознакаляровых вежаў з аэрапланам над iмi, але няма ўжо i самога горада, якi апусцiўся ў зямлю i пакiнуў пасля сябе адзiн толькi туман.


Раздзел 32 Дараванне і вечны спакой


Божа, мой божа! Якая журботная зямля на змярканнi! Якiя таямнiчыя туманы над балотамi! Хто блукаў у гэтых туманах, хто шмат пакутаваў перад смерцю, хто лятаў над гэтай зямлёй i насiў на сабе непасiльны цяжар, той ведае.I ён без жалю пакiдае зямныя туманы, балацiнкi i рэчкi, знясiлены, ён аддаецца з лёгкiм сэрцам у рукi смерцi, бо ведае, што толькi яна - адна...

Чароўныя чорныя конi i тыя стамiлiся i iмчалi сваiх седакоў павольней, i непазбежная ноч пачала даганяць iх. Калi адчуў яе за плячыма, прыцiх нават неўгамонны Бегемот, учапiўся кiпцюрамi за сядло, ляцеў маўклiвы i сур'ёзны з распушаным хвастом.

Ноч пачала накрываць чорнаю хусткаю лясы i лугi, ноч запальвала цьмяныя агеньчыкi дзесьцi далёка ўнiзе, цяпер ужо не цiкавыя i не патрэбныя нi Маргарыце, нi майстру, чужыя агеньчыкi. Ноч перагнала кавалькаду, церусiлася на яе зверху i сеяла то там то сям у зажураным небе белыя плямы зорачак.

Ноч гусцела i ляцела побач, хапала коннiкаў за плашчы, зрывала iх з плеч i выкрывала падманы. I калi Маргарыта, абвеяная прахалодным ветрам, расплюшчвала вочы, яна бачыла, як мяняюцца аблiччы ўсiх, хто ляцiць побач да сваёй мэты. Калi насустрач iм з-за краю лесу пачала ўставаць барвовая поўня, усе падманы канчаткова знiклi, упалi ў балота, патанула ў балотах i зачараванае прывiднае адзенне.

Наўрад цi можна было цяпер пазнаць Кароўева-Фагота, самазванца-перакладнiка пры таямнiчым кансультанце, якому непатрэбны былi нiякiя пераклады, у тым, хто цяпер ляцеў побач з Воландам праваруч ад майстра. На месцы таго, хто ў абшарпаным цыркавым адзеннi пакiнуў Вераб'ёвы горы пад прозвiшчам Кароўева-Фагота, цяпер iмчаў, цiха пазвоньваючы залатым ланцугом павадоў, цёмна-фiялетавы рыцар з насупленым, вечна няўсмешлiвым тварам. Ён упёрся падбародкам у грудзiну, ён не глядзеў на поўню, яго не цiкавiла зямля, ён думаў толькi пра нешта сваё, летучы побач з Воландам.

- Чаму ён гэтак перамянiўся? - спыталася Маргарыта цiха пад ветраны посвiст у Воланда.

- Рыцар гэты калiсьцi няўдала пажартаваў, - адказаў Воланд i завярнуў да Маргарыты свой твар з адным блiскучым вокам, - яго жарт, калi ён гаварыў пра святло i пра цемру, быў не зусiм добры. I рыцару давялося пажартаваць пасля гэтага намнога болей, чым ён меркаваў сам. Але сёння такая ноч, калi закрываюцца рахункi ўсiх даўгоў. Рыцар свой доўг выплацiў i рахунак закрыў!

Ноч адарвала i пушысты хвост у Бегемота, садрала з яго шэрсць i развеяла яе камякi па балотах. Той, хто быў катом, цяпер аказаўся худзенькiм юнаком, дэманам-пажам, лепшым шутом, якi хоць калi быў на свеце за ўвесь час. Цяпер зацiх i ён i ляцеў нячутна, падстаўляў свой малады твар пад святло, якое струменiла поўня.

Збоч ад усiх ляцеў, паблiскваючы сталлю даспехаў, Азазела. Поўня перамянiла i яго твар. Бясследна знiклi недарэчныя, непрыгожыя iклы, i крывое вока аказалася фальшывым. Вочы ў Азазелы былi аднолькавыя, парожнiя i чорныя, а твар белы i халодны. Цяпер ляцеў сапраўдны Азазела, як дэман бязводнае пустынi, дэман-забойца.

Сябе Маргарыта не магла бачыць, затое яна бачыла, як перамянiўся майстар. Валасы яго ў месячным святле бялелi i заплялiся ў касу, i яна ляцела ў паветры. Калi вецер расхiляў плашч майстра, Маргарыта бачыла на яго батфортах зорачкi шпораў, якiя то патухалi, то загаралiся. Гэтак, як i юнак-дэман, майстар ляцеў i не зводзiў вачэй з поўнi, але ўсмiхаўся ёй, нiбы добрай знаёмай i любiмай, i нешта мармытаў сам сабе, як прывык рабiць у пакоi No 118.

I, нарэшце, Воланд ляцеў таксама ў сваiм сапраўдным аблiччы. Маргарыта не змагла б сказаць, з чаго зроблены павады ў яго каня, i думала, што, магчыма, гэта месячныя ланцужкi i сам конь - толькi глыба цемры, а грыва гэтага каня хмара, а шпоры коннiка - белыя значкi зорак.

Гэтак ляцелi моўчкi доўга, пакуль сама мясцовасць унiзе не пачала мяняцца. Зажураныя лясы патанулi ў зямной цемры i пацягнулi за сабою цьмяныя нажы рэчак. З'явiлiся i пачалi паблiскваць валуны, а мiж iмi зачарнелi прорвы, куды не даставала месячнае святло.

Воланд спынiў свайго каня на камянiстай, сумнай, пляскатай вяршынi, i тады коннiкi рушылi далей ступою, слухалi, як конi трушчаць падковамi каменне i крэмень. Поўня асвятляла пляцоўку ярка i зялёна, i Маргарыта хутка разгледзела ў пустэльнай мясцовасцi крэсла, а на iм белую постаць чалавека. Магчыма, ён быў глухi альбо занадта задумаўся. Ён не чуў, як дрыжала зямля пад цяжарам коней, i коннiкi не патрывожылi яго, калi пад'ехалi.

Поўня добра дапамагала Маргарыце, свяцiла лепей, чым электрычны лiхтарык, Маргарыта бачыла, што чалавек, якi здаваўся сляпым, пацiрае рукi i невiдушчымi вачыма глядзiць на поўню. Цяпер ужо Маргарыта бачыла, што побач з цяжкiм каменным крэслам, на якiм паблiскваюць у месячным святле нейкiя iскаркi, ляжыць вялiзны вастравухi сабака i гэтаксама трывожна, як i гаспадар, глядзiць на поўню. Ля ног у чалавека ляжаць чарапкi, i расцякаецца нявысахлая чорна-чырвоная лужына. Коннiкi спынiлi коней.

- Ваш раман прачыталi, - загаварыў Воланд i завярнуўся да майстра, - i сказалi толькi адно, што ён, на жаль, не скончаны. Дык вось, мне хацелася паказаць вам вашага героя. Амаль дзве тысячы гадоў сядзiць ён на гэтай тэрасе на вяршынi i спiць, але калi надыходзiць поўня, бачыце, яго пачынае мучыць бяссонне. Яно мучыць не толькi яго, але i яго вернага вартавога сабаку. Калi гэта праўда, што баязлiвасць - сама цяжкi чалавечы недахоп, то, бадай, сабака тут не вiнаваты. Адзiнае, чаго баяўся смелы сабака, гэта навальнiцы. Але той, хто любiць, павiнен падзяляць лёс таго, каго ён любiць.

- Што ён гаворыць? - спытала Маргарыта, i на спакойным яе твары адбiлася спачуванне.

- Ён гаворыць адно i тое, - пачуўся Воландаў голас. - Ён гаворыць, што i пры месяцы яму няма спакою i што ў яго дрэнная пасада. Гэтак ён гаворыць заўсёды, калi не спiць, а калi спiць, то снiць адно i тое ж - месячную дарогу i хоча пайсцi па ёй, каб пагаварыць з арыштантам Га-Ноцры, таму што, як ён сцвярджае, нечага не дагаварыў тады, даўно, чатырнаццатага чысла вясновага месяца нiсана. Але, на жаль, на гэтую дарогу яму выйсцi чамусьцi не ўдаецца, i да яго нiхто не прыходзiць. I яму нiчога не застаецца, як размаўляць самому з сабой. Хаця патрэбна i нейкая разнастайнасць, i да свае гаворкi пра поўню ён часам дадае, што больш за ўсё на свеце ненавiдзiць сваю несмяротнасць i вялiкую славу. Ён сцвярджае, што ахвотна памяняў бы свой лёс на лёс валацугi i абарванца Левiя Мацея.

- Дванаццаць тысяч поўняў за адну поўню калiсьцi, цi не занадта многа? спыталася Маргарыта.

- Паўтараецца гiсторыя з Фрыдай? - сказаў Воланд. - Але, Маргарыта, не турбуйце сябе дарэмна. Усё будзе па-справядлiвасцi, на гэтым трымаецца свет.

- Адпусцiце яго! - раптам пранiзлiва закрычала Маргарыта, гэтак, як яна крычала тады, калi была ведзьмай, i ад гэтага крыку сарваўся камень у гарах i паляцеў з падскокамi ў бездань, аглушаючы горы грукатам. Маргарыта не магла сказаць, цi гэта быў грукат ад каменя, цi водгулле сатанiнскага смеху. Як бы яно нi было, але Воланд смяяўся, пазiраў на Маргарыту i гаварыў:

- Не трэба крычаць у гарах, ён усё роўна прывык да абвалаў, i гэта яго не патрывожыць. Вам не трэба прасiць за яго, Маргарыта, таму што за яго папрасiў ужо той, з кiм ён хоча пагаварыць. - Тут Воланд зноў завярнуўся да майстра i сказаў: - Ну што ж, цяпер вы ваш раман можаце скончыць адным сказам!

Майстар нiбы чакаў гэтага, пакуль стаяў нерухома i глядзеў на пракуратара. Ён склаў рукi рупарам i крыкнуў гэтак, што рэха пракацiлася па бязлюдных i бязлесых гарах:

- Вольны! Вольны! Ён чакае цябе!

Горы ператварылi майстраў голас у гром, i гэты гром iх разбурыў. Праклятыя скалiстыя горы рассыпалiся. Засталася толькi тэраса з каменным крэслам. Над чорнаю прорваю, у якую правалiлiся сцены, паўстаў неабдымны горад з уладарнымi над iм зiхоткiмi iдаламi над пышным садам, якi вырас за многа тысяч месяцаў. Проста да гэтага саду працягнулася доўгачаканая пракуратам месячная дарога, i першы кiнуўся бегчы па ёй вастравухi сабака. Чалавек у белым плашчы з крывавым падбоем устаў з крэсла i нешта крыкнуў хрыплым, сарваным голасам. Нельга было разабрацца, плача ён цi смяецца i што крычыць. Вiдаць было толькi, што следам за сваiм адданым вартаўнiком па месячнай дарозе iмклiва пабег i ён.

- Мне туды, за iм? - спытаўся неўгамонны майстар i тузануў за павады.

- Не, - сказаў Воланд, - навошта ж даганяць тое, што ўжо скончылася?

- Тады, выходзiць, туды? - спытаў майстар, завярнуўся i паказаў назад, туды, дзе саткаўся нядаўна пакiнуты горад з манастырскiмi пранiкавымi вежамi, з разбiтым ушчэнт сонцам у аконным шкле.

- Таксама не, - адказаў Воланд, i голас яго пагусцеў i пацёк над скаламi. - Рамантычны майстар! Той, каго гэтак прагне пабачыць выдуманы вамi герой, якога вы самi толькi што адпусцiлi, прачытаў ваш раман, - тут Воланд завярнуўся да Маргарыты: - Маргарыта Мiкалаеўна! Нельга не паверыць таму, што вы хацелi прыдумаць майстру найлепшую будучыню, але, сапраўды, тое, што я прапаноўваю вам, i тое, пра што прасiў Iешуа за вас таксама, - яшчэ лепш. Пакiньце iх удваiх, - сказаў Воланд, нахiлiўся са свайго сядла да майстра i паказаў услед пракуратару, - не будзем iм перашкаджаць. I магчыма, яны пра што-небудзь i дамовяцца, - тут Воланд махнуў рукой на Ершалаiм, i той знiк.

- I там таксама, - Воланд паказаў назад, - што рабiць вам у падвальчыку? Тут патухла пабiтае сонца ў шыбах. - Навошта? - працягваў Воланд пераканаўча i далiкатна. - О тройчы рамантычны майстар, няўжо вы не хочаце гуляць удзень са сваёй сяброўкаю пад вiшнямi, якiя пачынаюць зацвiтаць, а вечарам слухаць музыку Шуберта? Няўжо вам не будзе прыемна пiсаць пры свечках гусiным пяром? Няўжо вам не хочацца, як Фаўсту, сядзець над рэтортаю ў спадзяваннi, што вам удасца зрабiць новага гамункула? Туды, туды! Там чакае вас дом i стары слуга, свечкi гараць ужо, а хутка яны патухнуць, таму што вы зараз сустрэнеце свiтанне. Па гэтай дарозе, майстар, па гэтай! Бывайце! Мне час.

- Бывайце! - адным крыкам адказалi Воланду Маргарыта i майстар.

Тады чорны Воланд напрасткi кiнуўся ў бездань, а следам за iм прашумела i яго свiта. Раптоўна знiклi скалы, сама пляцоўка i месячная дарога да горада Ершалаiма. Знiклi i чорныя конi. Майстар i Маргарыта ўбачылi паабяцанае свiтанне. Яно пачыналася адразу пасля начное поўнi. Майстар са сваёй сяброўкаю ў бляску першых сонечных промняў iшоў па мураваным замшэлым мастку. Яны прайшлi па iм. Ручай застаўся ззаду ў верных каханкаў, яны ступалi па пясчанай дарозе.

- Слухай цiшыню, - гаварыла Маргарыта майстру, i пясок шаптаў у яе пад босымi нагамi, - слухай i цешся тым, што ў цябе адбiралi пры жыццi, - цiшынёй. Глядзi, вунь наперадзе твой вечны дом, якi табе дадзены як узнагарода. Я бачу ўжо венецыянскае акно i як уецца вiнаград, ён падымаецца да самага даху. Вось твой дом, твой вечны дом. Я ведаю, што вечарам да цябе прыйдуць тыя, каго ты любiш, хто цябе цiкавiць i хто цябе не засмуцiць. Яны будуць iграць, яны будуць спяваць, ты ўбачыш, якое святло ў пакоi ад запаленых свечак. Ты будзеш засынаць у сваiм вечным каўпаку, засынаць з усмешкаю на твары. Сон зробiць цябе дужым, ты будзеш мудра разважаць. А прагнаць мяне ты не зможаш ужо. Сон твой буду ахоўваць я.

Гэтак гаварыла Маргарыта i iшла з майстрам да вечнага дома, i майстру здавалася, што Маргарыцiны словы плюскочуць i шэпчуць гэтак, як шаптаў пакiнуты ззаду ручай, i памяць майстра, балючая, уся сколатая калючкамi памяць пачала патухаць. Хтосьцi адпускаў майстра на волю, як ён толькi што адпусцiў створанага iм героя. Гэты герой правалiўся ў прорву, пайшоў назаўсёды, атрымаўшы дараванне ў ноч перад нядзеляй, сын караля-астролага, люты пяты пракуратар Юдэi, коннiк Понцiй Пiлат.


Эпiлог


Але што адбывалася потым у Маскве пасля таго, як у суботнi вечар перад захадам сонца Воланд пакiнуў сталiцу, знiк разам са сваёй свiтай з Вераб'ёвых гор?

Пра тое, што доўга яшчэ па ўсёй сталiцы кацiўся гул ад сама неверагодных чутак, якiя вельмi хутка перакiнулiся нават у далёкiя i глухiя мясцiны ў правiнцыi, i гаварыць не варта. Небылiцы гэтыя нават непрыемна паўтараць.

Аўтар гэтых праўдзiвых радкоў у цягнiку ў Феадосiю чуў расказ пра тое, як у Маскве дзве тысячы чалавек выйшлi з тэатра голыя i ў гэтакiм выглядзе раз'ехалiся па дамах на таксi.

Шэпт "Нячыстая сiла..." чуўся ў чэргах у малочных, у трамваях, у крамах, у кватэрах, на кухнях, у цягнiках, i лецiшчных i мiжгароднiх, на станцыях i паўстанках, на лецiшчах i на пляжах.

Найбольш развiтыя i культурныя людзi ў гэтых расказах пра нячыстую сiлу, якая наведала сталiцу, вядома, удзелу не прымалi i нават насмiхалiся з iх i спрабавалi абразумiць расказчыкаў. Але факт, як гавораць, застаецца фактам, i адмахнуцца ад яго без тлумачэнняў нельга: хтосьцi ўсё ж пабыў у сталiцы. Адно вуголле, якое засталося ад Грыбаедава, ды i шмат iншага гэта пацвярджала.

Культурныя людзi сталi на бок следства: працавала шайка гiпнатызёраў i чэрававяшчальнiкаў, якiя цудоўна валодаюць сваiм майстэрствам.

Захады злавiць шайку ў Маскве i за яе межамi, вядома, былi зроблены неадкладна i энергiчна, але, на вялiкi жаль, вынiкаў не далi. Той, хто называў сябе Воландам, са сваiмi памагатымi знiк, i ў Маскву болей не вяртаўся, i нiдзе болей не аб'яўляўся. Зусiм натуральна ўзнiкла меркаванне, што ён уцёк за мяжу, але i там нiдзе не выявiўся.

Следства па яго справе працягвалася доўга. Як не кажы, а справа была жахлiвая! Акрамя чатырох спаленых дамоў i соцень звар'яцелых людзей, былi i забiтыя. Пра двух можна сказаць дакладна: гэта Берлiёз i няшчасны служачы з Бюро па азнаямленнi чужаземцаў са знакамiтасцямi Масквы, былы барон Майгель. Яны былi забiтыя. Абгарэлыя косцi другога былi знойдзены ў кватэры No 50 на Садовай вулiцы пасля таго, як патушылi пажар. Так, былi ахвяры, i гэта патрабавала расследавання.

Але былi i яшчэ ахвяры, ужо пасля таго, як Воланд паехаў са сталiцы, i ахвярамi гэтымi сталi чорныя каты.

Штук сто гэтых мiрных, адданых чалавеку i карысных жывёлiн былi застрэлены альбо знiшчаны iншымi спосабамi ў розных месцах краiны. Дзесятка паўтара страшэнна збiтых катоў былi дастаўлены ў аддзяленнi мiлiцыi ў розных гарадах. Напрыклад, у Армавiры адзiн з гэтых нi ў чым не вiнаватых звяркоў быў прыведзены ў мiлiцыю са звязанымi пярэднiмi лапамi нейкiм грамадзянiнам.

Падпiльнаваў гэтага ката грамадзянiн у той момант, калi жывёлiна са зладзейскiм выглядам (а што зробiш, што ў ката гэтакi выгляд? Гэта не таму, што ён дрэнны ад прыроды, а таму, што каты баяцца, каб хто-небудзь з iстот дужэйшых, чым яны, - сабакi альбо людзi, - не прычынiлi шкоды цi крыўды. I адно i другое зрабiць не цяжка, але, паверце, гонару ў гэтым мала. Зусiм мала!), дык вось са зладзейскiм выглядам кот збiраўся шуснуць чагосьцi ў лапух.

Грамадзянiн, навалiўшыся на ката, зрываў з шыi гальштук, каб звязаць яго, i грозна мармытаў:

- Ну! Значыць, цяпер да нас, у Армавiр,прыехалi, паны гiпнатызёры? Не, тут вас не спалохалiся. Ды вы не прытварайцеся нямым. Мы ўжо ведаем, што вы за цаца!

Цягнуў у мiлiцыю грамадзянiн ката за пярэднiя лапы i прымушаў, каб той iшоў на заднiх.

- Вы, - крычаў грамадзянiн пад хлапчукоўскi свiст, - перастаньце дурнем прытварацца! Не выйдзе! Iдзiце, як i ўсе ходзяць!

Чорны кот толькi закочваў пакутлiва вочы. Пазбаўлены слова, ён нiяк не мог апраўдацца. Выратаваннем сваiм звер абавязаны ў першую чаргу мiлiцыi i сваёй гаспадынi, паважанай старэнькай удаве. Ледзь толькi ката прывялi ў аддзяленне, там пераканалiся, што ад грамадзянiна дабравата тхне гарэлкаю, таму ў яго сведчаннi ўсумнiлiся. А тым часам бабулька пачула ад суседзяў, што яе ката замялi, пабегла ў мiлiцыю i паспела ўпору. Яна расхвалiла ката, сказала, што ведае яго пяць гадоў, яшчэ з таго часу, як той быў кацянём, ручаецца за яго як за сябе самую, даказала, што ён нiколi нiчога благога не рабiў i ў Маскву не ездзiў. Як нарадзiўся ён у Армавiры, гэтак у iм вырас i навучыўся лавiць мышэй.

Ката развязалi i вярнулi гаспадынi, але ён паспеў хапiць гора: спазнаў на сваёй скуры, што такое памылка i паклёп.

Акрамя катоў, невялiкiя непрыемнасцi спасцiглi сяго-таго i з людзей. Адбылося некалькi арыштаў. У лiку iншых часова затрыманы былi ў Ленiнградзе грамадзяне Вольман i Вольпер, у Саратаве, Кiеве, Харкаве - трое Валодзiных, у Казанi - Волах, а ў Пензе, i зусiм невядома чаму, - кандыдат хiмiчных навук Ветчынкевiч. Праўда, вялiкага росту, вельмi смуглы брунет.

Папалiся таксама ў розных месцах, акрамя гэтага, дзевяць Каровiных, чатыры Кароўкiны i два Караваевы.

Нейкага грамадзянiна ссадзiлi,звязанага,з севастопальскага цягнiка на станцыi Белгарад. Грамадзянiн гэты задумаў пацешыць спадарожнiкаў картачнымi фокусамi.

У Яраслаўлi, якраз у абед, у рэстарацыю зайшоў грамадзянiн з прымусам у руцэ, якi ён толькi што забраў з рамонту. Абодва швейцары, як толькi ўгледзелi яго, кiнулiся ўцякаць, а следам за iмi ламанулi i ўсе наведвальнiкi рэстарацыi i служачыя. Пры гэтым у касiркi не зразумела якiм чынам знiкла ўся выручка.

Было яшчэ многа ўсякага, чаго i не запомнiш. Шмат у каго балелi галовы.

Яшчэ i яшчэ раз трэба аддаць належнае следству. Уся работа была зроблена не толькi дзеля таго, каб злавiць злачынцаў, але i дзеля таго, каб растлумачыць усё, што яны навытваралi. I ўсё было вытлумачана, i тлумачэнне гэтае нельга не прызнаць i талковым, i бясспрэчным.

Прадстаўнiкi следства i вопытныя псiхiятры вызначылi, што сябры злачыннае шайкi, магчыма, нават адзiн з iх (пераважна падазрэнне клалася на Кароўева) былi нечуванае сiлы гiпнатызёрамi, якiя могуць паказваць сябе не на тым месцы, дзе яны на самай справе знаходзяцца. Акрамя гэтага, яны маглi ўнушыць iншаму чалавеку, што нейкiя рэчы альбо людзi знаходзяцца на тым месцы, дзе iх на самай справе няма, i, наадварот, прыбiралi з поля зроку тыя рэчы i людзей, якiя на самай справе прысутнiчалi.

У святле гэтага тлумачэння адразу ўсё становiцца на свае месцы, нават найбольш хваляваўшая ўсiх таямнiчая недаступнасць ката, абстралянага ў кватэры No 50 у час спробы затрымаць яго.

Нiякага ката, вядома, на люстры не было, нiхто i не думаў адстрэльвацца, стралялi па пустым месцы, у той час як Кароўеў, якi ўнушыў, што кот дражнiцца з люстры, мог спакойна знаходзiцца ззаду за стралкамi i цешыцца сваёй вялiзнай, але злачынна выкарыстанай магчымасцю ўнушэння. Ён, вядома, разлiў бензiн i падпалiў кватэру.

Нi ў якую Ялту, вядома, Сцёпа Лiхадзееў не лятаў (гэтакае штукi не можа вытварыць нават i Кароўеў) i тэлеграм адтуль не адбiваў. Пасля таго як ён страцiў прытомнасць у ювелiршынай кватэры, спалоханы фокусам Кароўева, якi паказаў яму ката з марынаваным грыбком на вiдэльцы, ён праляжаў у ёй да таго часу, пакуль Кароўеў здзеклiва не насунуў на яго лямцавы капялюш i не адправiў на маскоўскi аэрадром з папярэднiм унушэннем, а загадзя ўнушыў i супрацоўнiкам крымiнальнага вышуку, што той вылазiць з севастопальскага аэраплана.

Праўда, крымiнальны вышук Ялты сцвярджаў, што бачыў босага Сцёпу i пасылаў наконт яго тэлеграмы ў Маскву, але нiводнай копii iх у справе знайсцi не ўдалося, з чаго зрабiлi сумны вывад, што гiпнатызёрская шайка валодае здольнасцю гiпнатызаваць на вялiзнай адлегласцi, i не толькi асобнага чалавека, а нават i цэлыя групы. З такiмi здольнасцямi злачынцы маглi давесцi да вар'яцтва нават людзей з сама трывалай псiхiчнай устойлiвасцю.

Што тут ўжо казаць пра гэтакiя дробязi, як калода карт у чужой кiшэнi ў партэры, знiклыя жаночыя сукенкi, берэт, якi мяўкае, i астатняе нешта падобнае. Гэта можа любы прафесiянал-гiпнатызёр сярэдняе сiлы i на любой сцэне, у тым лiку i няхiтры фокус з адрываннем галавы ў канферансье. Кот, якi ўмее гаварыць, - таксама глупства. Каб паказаць гэтакага ката людзям, варта ведаць асновы чэравагаварэння, а наўрад цi трэба сумнявацца, што прафесiйны ўзровень Кароўева значна вышэйшы за азы.

Сапраўды, справа тут не ў калодах з картамi, не ў фальшывых пiсьмах у партфелi ў Мiканора Iванавiча. Усё гэта дробязi. Гэта ён, Кароўеў, пагнаў пад трамвай Берлiёза на верную смерць. Гэта ён давёў да вар'яцтва няшчаснага паэта Iвана Бяздомнага, ён прымусiў яго трызнiць i пакутлiва снiць старажытны горад Ершалаiм i спаленую сонцам Лысую Гару з трыма пакаранымi на слупах. Гэта ён i яго шайка прымусiлi знiкнуць з Масквы Маргарыту Мiкалаеўну i яе хатнюю работнiцу, прыгажуню Наташу. Дарэчы, гэтай справай следства займалася вельмi ўважлiва. Трэба было высветлiць, цi гэтыя жанчыны былi ўкрадзены шайкай злачынцаў, цi ўцяклi добраахвотна разам з iмi. Грунтуючыся на бесталковых i блытаных паказаннях Мiкалая Iванавiча, маючы на ўвазе дзiўную запiску Маргарыты Мiкалаеўны, у якой яна пiша мужу, што iдзе ў ведзьмы, улiчваючы, што Наташа знiкла зусiм без адзення, следства зрабiла вывад, што гаспадыня i хатняя работнiца былi загiпнатызаваны, як i многiя iншыя, i ў такiм выглядзе выкрадзены шайкай. Узнiкла, вiдаць, i зусiм правiльная думка, што злачынцаў прывабiла прыгажосць абедзвюх жанчын.

Але вось што засталося для следства загадкаю - гэта прычына, якая прымусiла шайку ўкрасцi псiхiчна хворага, якi называў сябе майстрам, з бальнiцы. Гэтага высветлiць не ўдалося, гэтаксама як i прозвiшча хворага. Гэтак i застаўся ён пад мёртваю клiчкаю: "нумар сто васемнаццаты з першага корпуса".

Такiм чынам усё было растлумачана, i расследаванне наогул скончылася.

Прайшло некалькi гадоў, i грамадзяне пачалi забываць пра Воланда, пра Кароўева i астатнiх. Адбылiся многiя перамены ў жыццi тых, хто пацярпеў ад Воланда i яго памагатых, i якiя б нязначныя нi былi гэтыя перамены, але пра iх нельга не сказаць.

Напрыклад, Жорж Бенгальскi пасля трох месяцаў выйшаў з лякарнi, але службу ў Вар'етэ пакiнуў у сама гарачы час, калi публiка валам валiла па бiлеты, памяць пра чорную магiю i пра яе выкрыццё была жывучая. Кiнуў Бенгальскi Вар'етэ, бо разумеў, што выходзiць кожны вечар да дзвюх тысяч чалавек, якiя цябе пазнаюць i будуць здзекавацца, пытацца, як лепш яму: з галавой цi без галавы? - занадта пакутлiва.

Акрамя ўсяго, страцiў канферансье значную частку сваёй весялосцi, якая гэтак неабходна яго прафесii. Засталася ў яго цяжкая непрыемная прывычка кожную вясну пры поўнi чамусьцi трывожыцца, раптоўна хапацца за шыю, спалохана азiрацца i плакаць. Прыпадкi гэтыя праходзiлi, але ўсё ж займацца ранейшаю прафесiяй ён не мог, i канферансье пайшоў на заслужаны адпачынак, жыў на тое, што назбiраў, i грошай яму павiнна было хапiць гадоў на пятнаццаць.

Ён пакiнуў работу i болей нiколi не сустракаўся з Варэнухам, якi займеў вялiкую папулярнасць i любоў за сваю неверагодную, нават у асяроддзi тэатральных адмiнiстратараў, ветлiвасць i добразычлiвасць. Кантрамарачнiкi яго iнакш i не называлi, як родным бацькам. У якi б час i хто б нi патэлефанаваў у Вар'етэ, заўсёды ў слухаўцы быў чуваць мяккi, але сумны голас: "Слухаю вас", а ў адказ на просьбу паклiкаць да тэлефона Варэнуху, ён адказваў: "Я слухаю вас". Але затое i цярпеў Iван Савельевiч ад свае ветлiвасцi!

Сцёпу Лiхадзееву больш не даводзiлася гаварыць па тэлефоне з Вар'етэ. Яго неадкладна пасля бальнiцы, дзе ён прабыў восем дзён, перакiнулi ў Растоў, там ён атрымаў накiраванне на пасаду загадчыка вялiкай гастранамiчнай крамы. Ходзяць чуткi, што ён зусiм перастаў пiць партвейн i п'е толькi гарэлку, якая настоена на смародзiнавых пупышках i таму намнога паздаравеў. Гавораць яшчэ, што стаў маўклiвым i абмiнае жанчын.

Выгнанне Сцяпана Багданавiча з Вар'етэ не прынесла тае радасцi Рымскаму, пра якую ён гэтак прагна марыў некалькi гадоў. Пасля лякарнi i Кiславодска зусiм дзядок, у якога трэслася галава, фiндырэктар падаў заяву аб звальненнi з Вар'етэ. Цiкава, што нават гэту заяву прывезла ў Вар'етэ жонка Рымскага. Сам Рыгор Данiлавiч не адважыўся нават удзень пабыць у тым будынку, дзе бачыў ён асветленае месяцам трэснутае шкло ў акне i доўгую руку, якая даставала да нiжняга шпiнгалета.

Пасля звальнення з Вар'етэ фiндырэктар паступiў у дзiцячы лялечны тэатр у Замаскварэччы. У гэтым тэатры яму ўжо не давялося па справах акустыкi сутыкацца з Аркадзiем Апалонавiчам Семпляяравым. Таго як бач перакiнулi ў Бранск i прызначылi загадчыкам грыбанарыхтоўчага пункта. Ядуць цяпер масквiчы салёныя рыжыкi i марынаваныя баравiчкi i не нахваляць iх, i надзвычай рады гэтай перастаноўцы. Справа былая, i можна сказаць, што не было ладу ў Аркадзiя Апалонавiча з гэтай акустыкай, i як ён нi стараўся палепшыць яе, яна была гэтакая, як i раней.

Да асоб, якiя адхрысцiлiся ад тэатра, акрамя Аркадзiя Апалонавiча, трэба аднесцi i Мiканора Iванавiча Босага, хаця той нiяк i не быў звязаны з тэатрам, акрамя любовi да бясплатных бiлетаў. Мiканор Iванавiч не толькi не ходзiць нi ў якi тэатр нi за грошы, нi дарэмна, але нават з твару мяняецца, калi заходзiць гаворка пра тэатр. I не меней, чым тэатр, а нават болей узненавiдзеў ён паэта Пушкiна i таленавiтага артыста Саву Патапавiча Куралесава. Таго гэтак, што калi ўгледзеў у мiнулым годзе ў газеце абмаляваную чорным аб'яву, што Сава Патапавiч раптоўна памёр у самым росквiце, - Мiканор Iванавiч зарадаваўся так, што ад радасцi ледзь не адправiўся следам за Савам Патапавiчам i зароў: "Гэтак яму i трэба!" Нават болей, у той самы вечар Мiканор Iванавiч, якога смерць артыста навяла на многiя цяжкiя ўспамiны, адзiн, на пару з поўняю, якая асвятляла Садовую, страшэнна напiўся. I з кожнаю выпiтаю чаркаю доўжыўся ланцуг ненавiсных асоб, i былi ў гэтым ланцугу Дунчыль Сяргей Герардавiч, i прыгажуня Iда Геркуланаўна, i той рыжы гаспадар байцоўскiх гусей, i шчыры Канаўкiн Мiкалай.

Ну, а што здарылася з тымi? Злiтуйцеся! Нiчога з iмi не здарылася ды i здарыцца не магло, бо iх нiколi не было, як не было сiмпатычнага канферансье, i самога тэатра, i старое скупое Парахоўнiкавае цёткi, якая згнаiла валюту ў пограбе, i залатых труб не было, i нахабных кухараў. Усё гэта толькi снiлася Мiканору Iванавiчу пад уплывам нягоднiка Кароўева. Адзiны жывы чалавек, якi ўлез у гэты сон, менавiта i быў толькi Сава Патапавiч - артыст, i ўплёўся ён толькi таму, што засеў у памяцi ў Мiканора Iванавiча з-за таго, што часта выступаў па радыё. Гэты быў, а астатнiх не было.

Дык, магчыма, не было i Алаiзiя Магарыча? Э, не! Гэты не толькi быў, а нават i зараз iснуе, i якраз на той пасадзе, ад якое адмовiўся Рымскi, на пасадзе фiндырэктара Вар'етэ.

Алаiзiй апамятаўся пасля вiзiту да Воланда прыкладна праз суткi ў цягнiку дзесьцi пад Вяткаю, пераканаўся, што ў замарачэннi чамусьцi паехаў з Масквы без штаноў, але незразумела нашто, з украдзенаю дамавою кнiгаю забудоўшчыка. За вялiзныя грошы Алаiзiй купiў у праваднiка зашмальцаваныя штаны i з Вяткi пакiраваў назад. Але домiка забудоўшчыка ўжо не было. Старэнькае барахло злiзала агнём. Алаiзiй быў чалавек прадпрымальны. Праз два тыднi ён ужо жыў у цудоўным пакоi ў Брусавым завулку, а праз некалькi месяцаў сядзеў у кабiнеце Рымскага. I гэтак як раней Рымскi пакутаваў з-за Сцёпы, гэтак цяпер Варэнуха пакутуе з-за Алаiзiя i марыць Iван Савельевiч толькi пра адно, каб гэтага Алаiзiя прыбралi куды-небудзь з Вар'етэ, таму што, як шэпча часам Варэнуха ў iнтымнай кампанii, "гэтакае свалаты, як гэты Алаiзiй, ён быццам нiколi не сустракаў у жыццi i што быццам ад гэтага Алаiзiя можна чакаць усяго, чаго хочаш".

Магчыма, адмiнiстратар i не аб'ектыўны. Нiчога благога Алаiзiй не робiць, i наогул нiчога, хiба толькi што прызначыў на месца буфетчыка Сокава iншага. Андрэй Фокавiч памёр ад рака печанi ў клiнiцы Першага МДУ месяцаў праз дзевяць пасля з'яўлення Воланда ў Маскве...

Так прайшло некалькi гадоў, i забылiся праўдзiва апiсаныя ў гэтай кнiзе падзеi, патухлi ў памяцi. Але не ва ўсiх, не ва ўсiх!

Кожны год, як толькi настае пара вясновае святочнае поўнi, адвячоркам з'яўляецца пад лiпамi на Патрыярхавых сажалках чалавек гадоў трыццацi альбо трыццацi з гакам. Рыжаваты, зялёнавокi, сцiпла апрануты чалавек. Гэта супрацоўнiк Iнстытута гiсторыi i фiласофii, прафесар Iван Мiкалаевiч Паныроў.

Пад лiпамi ён заўсёды сядае на тую самую лаўку, на якой сядзеў тады вечарам, калi даўно забыты ўсiмi Берлiёз апошнi раз у сваiм жыццi ўбачыў поўню, якая распалася на кавалкi.

Цяпер яна цэлая, звечара белая, а потым залатая, з цёмным каньком-дракончыкам на ёй, плыве над былым паэтам Iванам Мiкалаевiчам i адначасна стаiць на адным месцы ў вышынi.

Iвану Мiкалаевiчу ўсё вядома, ён ўсё ведае i разумее. Ён ведае, што ў маладосцi стаў ахвярай злачынных гiпнатызёраў, лячыўся пасля гэтага i вылечыўся. Але ведае ён таксама i сёе-тое, з чым саўладаць не можа. Не можа ён саўладаць з гэтаю вясноваю поўняю. Як толькi прыходзiць яе пара, як толькi пачынае расцi i налiвацца золатам свяцiла, якое калiсьцi вiсела вышэй за два пяцiсвеччы, робiцца Iван Мiкалаевiч неспакойным, нервуецца, апетыт губляе i сон, чакае, пакуль настане поўня. I калi яна сама поўная, нiшто не можа ўтрымаць Iвана Мiкалаевiча дома. Адвячоркам ён iдзе на Патрыярхавыя сажалкi.

На лаўцы Iван Мiкалаевiч ужо адкрыта размаўляе сам з сабою, палiць, глядзiць то на поўню, то на добра памятны яму турнiкет.

Гадзiну, а то i дзве сядзiць гэтак Iван Мiкалаевiч. Потым устае i заўсёды адным i тым маршрутам, праз Спiрыдонаўку, з пустымi невiдушчымi вачыма iдзе ў арбацкiя завулкi.

Ён праходзiць паўз нафтакрамку, заварочвае там, дзе пахiлены стары газавы лiхтар, падкрадаецца да рашоткi, за якою раскошны, яшчэ голы сад, а ў iм пафарбаваны поўняю з таго боку, дзе выступ з акном на тры рамы, i цёмны з другога боку - гатычны асабняк.

Прафесар не ведае, што цягне яго да рашоткi i хто жыве ў гэтым асабняку, але ведае, што працiвiцца пры поўнi не мае сэнсу. Акрамя таго, ён ведае, што ў садзе, за рашоткаю, ён убачыць адно i тое.

Ён убачыць на лаўцы пажылога i салiднага чалавека з бародкаю, у пенснэ i з крыху парасячым аблiччам. Iван Мiкалаевiч заўсёды застае гэтага жыхара асабняка, якi з выглядам летуценнiка таксама глядзiць на поўню. Iвану Мiкалаевiчу вядома, што, налюбаваўшыся поўняй, чалавек абавязкова перавядзе позiрк на вокны на другiм паверсе i будзе глядзець у чаканнi, што яны адчыняцца, i на падаконнiку з'явiцца нешта незвычайнае.

Усё, што будзе потым, Iван Мiкалаевiч ведае на памяць. Цяпер трэба лепей схавацца за рашоткаю, бо мужчына пачне круцiць галавою ў бакi, туманлiвым позiркам штосьцi шукаць у паветры, захоплена ўсмiхацца, а потым раптам усплясне рукамi ад нейкага салодкага суму, а потым даволi моцна будзе мармытаць:

- Венера!.. Венера! Ай, якi я дурань!..

- Божа! Божа! - пачынае шаптаць Iван Мiкалаевiч за рашоткаю i неадрыўна глядзiць на таямнiчага незнаёмца. - Вось яшчэ адна ахвяра поўнi... Так, гэта яшчэ адна ахвяра, гэтакая, як i я.

А мужчына будзе гаварыць далей:

- Ай я дурань! Чаму, чаму я не паляцеў з ёй? Чаго спалохаўся, стары асёл? Паперку выпiсаў! Цярпi, цярпi цяпер, стары ёлупень!

Гэтак будзе працягвацца да таго часу, пакуль не грукне акно на нiжнiм паверсе ў асабняку, там, дзе цёмна, не з'явiцца ў iм нешта белаватае i не пачуецца непрыемны жаночы голас:

- Мiкалай Iванавiч, дзе вы? I што за выдумка! Малярыi хочаце? Iдзiце гарбату пiць!

Мужчына, вядома, ачнецца i адкажа прытворным голасам:

- Паветрам, паветрам хачу падыхаць, душачка мая! Вельмi ж паветра добрае!

Ён устае з лаўкi, крадком грозiць кулаком акну i валачэцца дадому.

- Хлусiць ён, хлусiць, божа, як ён хлусiць! - мармыча Iван Мiкалаевiч i адыходзiць ад рашоткi. - Не паветра вабiць яго ў сад. Ён бачыць у гэтую пару нешта на месяцы i ў акне. Дорага заплацiў бы я, каб ведаць, якую Венеру ён страцiў i цяпер марна ловiць у паветры рукамi, шукае яе?

I вяртаецца прафесар дадому зусiм хворым. Жонка прытвараецца, што не заўважае гэтага, падганяе яго легчы спаць. Але сама яна не кладзецца, глядзiць горкiмi вачыма на соннага. Яна ведае, што досвiткам Iван Мiкалаевiч прачнецца з пакутлiвым крыкам, пачне плакаць i кiдацца. Таму i ляжыць ля лямпы перад ёй пад сурвэткаю прыгатаваны шпрыц у спiрце i ампула густога гарбатнага колеру.

Бедная жанчына, звязаная з цяжка хворым, цяпер свабодная i можа не хвалявацца, можа спакойна заснуць. Iван Мiкалаевiч пасля ўколу будзе спаць спакойна са шчаслiвым тварам i снiць невядомыя ёй сны, узнёслыя i шчаслiвыя.

Будзiць вучонага i прымушае яго крычаць у месячную ноч адно i тое. Ён бачыць ненатуральнага, нейкага бязносага ката, якi падскоквае, вухкае i коле кап'ём у сэрца прывязанаму да слупа i звар'яцеламу Гестасу. Але не гэтакi страшны кат, як ненатуральнае асвятленне ў сне, святло iдзе ад хмары, якая кiпiць i падае на зямлю, як гэта бывае толькi ў час сусветных катастроф.

Пасля ўколу ўсё мяняецца. Ад ложка да акна рассцiлаецца шырокая месячная дарога, i на гэту дарогу выходзiць чалавек у белым плашчы з крывавым падбоем i пачынае iсцi на месяц. Побач з iм iдзе нейкi малады чалавек у парваным хiтоне i са знявечаным тварам. Падарожныя пра нешта гавораць, спрачаюцца, хочуць пра нешта дамовiцца.

- Божа, божа, - гаворыць чалавек у плашчы i паварочвае пагардлiвы твар да свайго спадарожнiка. - Якое няўдалае пакаранне. Але ты мне скажы, калi ласка, - твар з пагардлiвага робiцца ўмольным, - скажы, яго ж не было! Малю цябе, скажы, не было?

- Ну, вядома, не было, - адказвае хрыплым голасам спадарожнiк, - гэта табе здалося.

- I ты можаш паклясцiся ў гэтым? - умольна просiць чалавек у плашчы.

- Клянуся! - адказвае спадарожнiк, i вочы ў яго чамусьцi ўсмiхаюцца.

- Больш мне нiчога не трэба! - ахрыплым голасам ускрыквае чалавек у плашчы i ўзыходзiць усё вышэй да месяца, вядзе за сабой i свайго спадарожнiка. За iмi iдзе спакойны i велiчны вялiзны вастравухi сабака.

I тады месячная дарога закiпае, пачынае разлiвацца белай плынню ва ўсе бакi. Поўня валадарыць i раскашуе, танцуе i шалее. Потым з плынi ўзнiкае незвычайнае прыгажосцi жанчына i выводзiць да Iвана за руку зарослага барадой чалавека, якi спалохана азiраецца. Iван Мiкалаевiч адразу пазнае яго. Гэта той нумар сто васемнаццаты, яго начны госць. Iван Мiкалаевiч у сне падае яму руку i прагна пытаецца:

- Дык, значыць, гэтак i скончылася?

- Гэтак i скончылася, мой вучань, - адказвае нумар сто васемнаццаты, а жанчына падыходзiць да Iвана i гаворыць:

- Вядома, гэтак. Усё скончылася, i ўсё канчаецца...I я вас пацалую ў лоб, i ў вас усё будзе добра.

Яна нахiляецца да Iвана i цалуе яго ў лоб, i Iван падаецца насустрач i ўглядаецца ёй у вочы, але яна адступае, адступае i iдзе разам са сваiм спадарожнiкам да поўнi...

Тады поўня пачынае шалець, яна абрынае на Iвана струменi святла, яна распырсквае святло ва ўсе бакi, у пакоi пачынаецца месячная паводка, святло хвалюецца, падымаецца вышэй, затоплiвае ложак. Вось тады i спiць Iван са шчаслiвым тварам.

Ранiцаю ён прачынаецца маўклiвы, але зусiм здаровы i спакойны. Яго зраненая памяць супакойваецца, i да наступнае поўнi прафесара не растрывожыць нiхто: нi бязносы забойца Гестаса, нi люты пяты пракуратар Юдэi, коннiк Понцiй Пiлат.


1929-1940

Загрузка...