КАМЕНТАРЫ


КНIГА ПЕРШАЯ

Мiлецкiя казкi — Мiлецкiмi называлiся зборнiкi любоўных i авантурных навел, аб'яднаных агульнай сюжэтнай рамкай. Гэты лiтаратурны жанр атрымаў сваю назву ад зборнiка Арыстыда Мiлецкага (канец II ст. да н. э.).

Папiрус, спiсаны завостранай нiльскай трысцiнкай. — Востра адточаная трысцiнка служыла старажытным за пяро.

Гiмет — невысокая гара паблiзу Афiн.

Эфiрэйскi перашыек — тое самае, што i Карынфскi перашыек. Эфiра старадаўняя назва Карынфа.

Танар, цяпер Матапан — мыс на Пелапанэскай паўвыспе на поўдзень ад Спарты.

Квiрыды — паўнапраўныя рымскiя грамадзяне.

Плутарх — грэчаскi пiсьменнiк, фiлосаф-маралiст (канец I — пач. II ст. н. э.).

Секст — фiлосаф II ст. н. э., настаўнiк iмператара Антанiна Пiя.

Пярэсты порцiк у Афiнах упрыгожаны насценнымi малюнкамi знакамiтага мастака V ст. да н. э. Палiгнета.

Змяя бога лекараў. — Эмблемай бога лекараў Эскулапа было жазло з абвiтай вакол яго змяёй.

Эгiна — выспа у Саранiцкай затоцы паблiзу Афiн.

Ларыса — вялiкi горад у Фесалii.

Каля трэцяй варты… — Ноч дзялiлася на 4 варты. Трэцяя варта пачыналася прыблiзна каля поўначы.

Эндзiмiён — паводле падання, укаханы багiнi Луны, прыгожы юнак, пагружаны ў вечны сон.

...пакiнутая Калiпса… — Адысей пакiнуў нiмфу Калiпса па загаду багоў ("Адысея", V).

Ламii — казачныя злыя духi, якiя ўночы жаруць целы маладых хлопцаў i п'юць iхнюю кроў.

Фурыi — рымскiя багiнi праклёну, помсты i кары.

Этолiя — вобласць у Сярэдняй Грэцыi на паўночны захад ад Атыкi.

Тэзея, …якi не пагрэбаваў гасцiннасцю старой Гекалы. — Легендарны герой Тэзей начаваў аднойчы ў беднай бабулькi Гекалы, якая прыняла яго надзвычай ветлiва i гасцiнна.


КНIГА ДРУГАЯ

Актэон — паводле мiфу, паляўнiчы Актэон за тое, што ўбачыў Дыяну голай у час купання, быў за кару ператвораны багiняй у аленя i разарваны ўласнымi сабакамi.

Грацыi — багiнi прыгожасцi, весялосцi, радасцi.

Кiнамон — дрэва, з якога здабывалi пахучы алей з той самай назвай.

Бальзамам называлi пахучую смалу, якая выцякала з разрэзаў некаторых дрэў.

Лiнцэй — герой шматлiкiх грэцкiх мiфаў, якi мог бачыць скрозь зямлю.

Аргус — казачны стовокi герой, якога раўнiвая Гера прыставiла да ператворанай у карову Iо, каханкi Зеўса.

Аанiйскi юнак — Пенфей, кароль горада Фiвы ў Беоцыi. (Аанiя — паэтычная назва Беоцыi).

Сын пiплейскай музы — легендарны фракiйскi спявак Арфей. (Пiпла або Пiмпла — горад у Фракii). Расшматаны жанчынамi за адмову прыняць удзел у вакхiчнай оргii.

Сiстр — музычны iнструмент.

Лета i Стыкс — рака i возера ў краiне памерлых.

Герыён — казачны герой з трыма тулавамi i трыма галовамi. Геракл захапiў статак Герыёна i забiў яго самога ў баi.


КНIГА ТРЭЦЯЯ

Фалеры — металёвыя бляхi, якiя ўпрыгожваюць конскую вупраж.

Архестра — паўкруглая роўная плошча ўсярэдзiне амфiтэатра.

Орк — рымскi бог падземнага царства (у грэкаў — Плутон).

Маны — душы памерлых.

Аякс. — Мiф пра Аякса, сына Тэламона, вялiкага грэцкага героя, якi ваяваў пад Трояй, расказвае, што, калi пасля смерцi Ахiла, камандзiра ахайцаў, аддалi яго зброю Адысею, Аякс ад крыўды страцiў розум i ў шаленстве перабiў статак авечак, уяўляючы, што забiвае сваiх крыўдзiцеляў.

Цэрбер — казачны трохгаловы сабака, вартаўнiк падземнага царства. Геркулес, спусцiўшыся ў краiну памерлых, звязаў Цэрбера i вынес яго наверх.

Эпона — багiня, патронка коней, аслоў i мулаў. Яе выявы ставiлiся ў стайнях.


КНIГА ЧАЦВЕРТАЯ

Платэя — невялiкi горад у Беоцыi.

Салii — танцоры, калегiя жрацоў бога Марса. Назву гэту атрымалi таму, што ў час свята бога Марса, якое працягвалася некалькi дзён, яны з танцамi праходзiлi па ўсiм Рыме. Кожны дзень свята закончваўся банкетам, пышнасць i багацце якога сталi прымаўкай.

Ацiс, поводле падання, аскапiў сябе на сваiм вяселлi.

Пратазiлай — легендарны цар горада Фiлака ў Фесалii, першы з грэкаў, якiя загiнулi пад Трояй; пакiнуў маладую жонку, з якой прабыў толькi адзiн дзень.

Пафас — горад на выспе Кiпр.

Кнiд — прыморскi горад у Малой Азii.

Кiфера — выспа каля паўднёвага ўзбярэжжа Пелапанэса. У гэтых мясцiнах знаходзiлiся сама слаўныя храмы Афрадыты.

Слаўны пастыр — Парыс, сын траянскага цара Прыяма. Нараджэнне яго суправаджалася благiмi прыкметамi, i бацька загадаў кiнуць немаўля на гары Iдзе, але яго падабраў пастух i выхаваў. Парыс быў суддзёй у спрэчцы Геры, Афiны i Афрадыты аб тым, каторая з iх найпрыгажэйшая.

Нерэiды — марскiя нiмфы, дочкi марскога цара Нерэя.

Партун — рымскi бог портаў i прыстаняў.

Салацыя — багiня бурнага мора.

Фурман дэльфiнаў Палемон. — Мiф расказвае, што цар Атамант, якога багiня Гера пазбавiла розуму, хацеў забiць сваю жонку Iно, але яна разам з сынам Мелiкертам кiнулася ў мора. Абое ўшаноўвалiся як марскiя багi-выратавальнiкi, Мелiкерт — пад iмем Палемона. Фурманам дэльфiнаў завецца ён таму, што труп хлопчыка, паводле падання, быў вынесены на бераг дэльфiнам.

Трытоны — другарадныя марскiя багi, якiх уяўлялi ў выглядзе паўлюдзей-паўрыб.

Акiян — паводле ўяўлення старажытных людзей, велiчэзная рака, якая акружае ўвесь свет.

Мiлецкi бог — Апалон, адзiн з аракулаў якога знаходзiўся ў мясцовасцi Дзiдзiм паблiзу Мiлета.


КНIГА ПЯТАЯ

Пiфiйскi аракул. — Аракул у Дзiдзiме названы тут пiфiйскiм, таму што сама знакамiтым аракулам Апалона была прадказальня пры храме Апалона Пiфiйскага ў Дэльфах (горад на паўночны захад ад Афiн), i сам Апалон часта называецца Пiфiйцам.

Пан — бог лясоў i гаёў, апякун пастухоў, рыбакоў i паляўнiчых. Уяўляўся з казлiнымi рагамi, з барадой, з капытамi на нагах i з хвастом.

Нiмфы — багiнi нiжэйшага разраду, якiя ўвасаблялi розныя сiлы прыроды; былi нiмфы марскiя (нерэiды), рачныя (наяды), горныя (арэады), нiмфы дрэў (дрыяды) i iншыя.

Оры (або Горы) — багiнi пор года, увасабленне парадку ў прыродзе.

свайго айчыма, знакамiтага сiлача i вялiкага змагара. — Маецца на ўвазе Марс. Аднак Марс не муж, а толькi каханак Венеры, у якiм яна бачыць, як вiдаць, апекуна больш магутнага, чым яе законны муж Вулкан, i называе палюбоўнiка айчымам свайго сына.


КНIГА ШОСТАЯ

убачыўшы на гары нейкi хорам… — Псiхея знаходзiцца перад храмам Цэрэры-Дэметры, багiнi-апякункi земляробства.

беспрасветнага шлюбу Празерпiны… — Паводле некаторых мiфаў, дачка Дэметры Персефона (Празерпiна) была ўкрадзена Аiдам (Плутонам) у Сiцылii.

Элеўсiнскiя мiстэрыi — культ Дэметры i Персефоны ў атычным гарадку Элеўсiне (недалёка ад Афiн).

маёй сваячкi… — Афрадыта — дачка Зеўса, а Дэметра яго сястра.

Сястра i жонка вялiкага Юпiтэра — Юнона (Гера).

Святыня Самоса — выспа Самос (каля заходняга ўзбярэжжа Малой Азii) была, паводле мясцовых мiфаў, месцам нараджэння Геры. На выспе знаходзiўся славуты храм багiнi.

Аргоскiя сцены — Аргос у Пелапанэсе, галоўны цэнтр культу Геры.

Меркурый (Гермес) — сын Зеўса i нiмфы Маi, якая нарадзiла яго на гары Кiлене ў Аркадыi.

Кацыт — рака ў краiне памерлых.

Дзiт — бог падземнай краiны.

Харон — стары перавозчык у краiне памерлых. Рака, праз якую ён перапраўляе душы — Стыкс. Старажытныя верылi, што Харон бярэ са сваiх пасажыраў плату за перавоз, i ўкладалi нябожчыку ў рот медную манету.

Сатыры — сельскiя багi, якiя ўвасаблялi творчую сiлу прыроды. Вонкава нiчым не адрознiвалiся ад бога Пана.

Панiскi — тое самае, што i сатыры (маленькiя Паны).

Дырцэя (або Дырка) — жонка фiванскага цара Лiка. Мiф расказвае, што Дырцэя i Лiк жорстка прыцяснялi сваю палоннiцу Анцiопу, мацi Зета i Амфiёна, народжаных ад Зеўса, якiя выхоўвалiся ў пастухоў. Каб адпомсцiць за мацi, яны забiлi Лiка, а Дырцэю прывязалi да рагоў быка, якi растрапаў яе.

Фрыкс — сын багiнi аблокаў Няфелы i смяротнага — цара Атаманта, жонка якога ўгаварыла прынесцi зненавiджанага пасынка багам на ахвяру. Аднак Няфела выратавала сына, выправiўшы залатаруннага барана, якi вывез Фрыкса за мора ў Калхiду. Разам з Фрыксам уцякла i яго сястра, Гела, якая па дарозе ўтапiлася. Той пралiў, дзе Гела саслiзнула са спiны барана, атрымаў, паводле падання, назву Гелеспонта (мора Гелы).

Арыён — грэцкi паэт i музыкант VII ст. да н. э. З яго творчасцi нiчога не захавалася. Герадот у сваёй «Гiсторыi» перадае легенду, што аднойчы ў час падарожжа матросы вырашылi абрабаваць i забiць Арыёна. Паэт папрасiў у iх дазволу заспяваць перад смерцю i, закончыўшы спевы, кiнуўся ў мора. Але зачараваны яго песняй дэльфiн прыняў яго на сваю спiну i вынес на бераг.

Эўропу, якая ляжала на быку. — Зеўс, закахаўшыся ў фiнiкiйскую царэўну Эўропу, ператварыўся ў быка i перавёз яе на сваёй спiне праз мора на выспу Крыт.

Пегас — казачны крылаты конь.


КНIГА СЁМАЯ

Iмператарскi пракуратар. — Пракуратамi называлiся ўрадаўцы, якiя загадвалi галоўным чынам фiнансамi. Iмператарскiя пракуратары ў правiнцыях збiралi падаткi ў асабiстую касу iмператара.

Закiнф — выспа ў Iанiйскiм моры каля заходняга берага Пелапанэса, цяпер Зантэ.

Актыйскае ўзбярэжжа — Акцыум, мыс ля ўвахода ў Амбракiйскi залiў на заходнiм беразе сярэдняй Грэцыi.

Вексiларыi — ветэраны, якiя праслужылi 16 (альбо 20) гадоў i ў чаканнi адстаўкi працягвалi службу ў спецыяльных вайсковых часцях, дзе былi вызвалены ад усiх дапаможных лагерных работ.

Талант — буйная грэцкая грашовая адзiнка.

Бактрыйскi вярблюд. — Бактрыя — адна з паўночных сатрапiяў персiдскай дзяржавы (на тэрыторыi Афганiстана). Бактрыйскiмi называлiся двухгорбыя вярблюды. (Аднагорбыя звалiся арабскiмi.)

гасцей кiдаў на разарванне i зжыранне дзiкiм коням. — Такую «гасцiннасць» аказваў падарожным, паводле падання, фракiйскi цар Дыямед. Ён быў пераможаны Гераклам i падзялiў лёс сваiх ахвяр.

Белерафонт — казачны герой, якi пры дапамозе крылатага каня Пегаса перамог Хiмеру — трохгаловае страшыдла, якое вывяргала агонь. Асёл iранiчна параўноўваецца з Пегасам, а коннiк з Белерафонтам.

Мелеагр — герой многiх грэцкiх мiфаў. Калi яму было 7 дзён, у дом яго бацькi прыйшлi багiнi лёсу i сказалi, што Мелеагр памрэ, як толькi згарыць палена, якое ляжыць на агнi. Мацi Мелеагра Алфея выняла палена з печы i схавала яго. Праз шмат гадоў Мелеагр пасварыўся з братамi сваёй мацi i забiў iх. Тады Алфея спалiла схаванае палена, i Мелеагр адразу памёр.


КНIГА ВОСЬМАЯ

Багiня Iсцiны — дачка Зеўса, мацi Дабрачыннасцi, кармiцелька Апалона.

Сiрыйская багiня. — Цэнтрам культу гэтай багiнi быў Гiераполь у Сiрыi. Iмя яе дакладна не ўстаноўлена, лiчаць, што звалася яна Атаргацiс. Святкаваннi ў гонар гэтай багiнi мелi характар оргiяў, у часе якiх многiя наносiлi сабе раны мячамi, бiчавалiся i нават сябе аскаплялi. Скапцамi былi i жрацы багiнi, якiя апраналiся ў жаночае адзенне. Называлi iх галамi. Гэтыя галы з выявай багiнi, жабруючы, бадзялiся па ўсёй рымскай iмперыi.

Сабадзi — азiяцкi бог, якi атаясамлiваецца з Дыянiсам, а таксама з Ацiсам, любiмым жрацом Кiбелы.

Белона — кападакiйская багiня, фанатычны i крывавы культ якой перанесены ў Рым.

Iдэйская мацi — Рэя, жонка Кронаса, мацi алiмпiйскiх багоў. Была атаясамленая з азiяцкай Кiбелай, культ якой напамiнаў культ Сiрыйскай багiнi.

Адонiс. — Мiф расказвае, што прыгожага юнака Адонiса кахалi Афрадыта i Персефона. Зеўс загадаў, каб Адонiс частку года праводзiў у краiне памерлых з Персефонай, а частку ў надземным свеце з Афрадытай. Адонiс — бог усходняга паходжання, ён сiмвалiзуе памiранне i абуджэнне прыроды.

дзева падменена ланню… — Намёк на мiф аб Iфiгенii, якая павiнна была быць прынесена на ахвяру багам (без гэтага багi не давалi спадарожнага ветру, i грэкi, якiмi камандаваў бацька Iфiгенii Агамемнан, не маглi распачаць паход на Трою). Але ў самы момант складання ахвяры багiня Артэмiда замянiла дзяўчыну ланню.


КНIГА ДЗЕВЯТАЯ

Тулiанум — падземная частка дзяржаўнай турмы ў Рыме. Апулей выкарыстоўвае гэту назву ў якасцi сiнонiма турмы наогул.

апяяў чалавека, якi дасягнуў паўнаты мудрасцi ў вандроўках… — Апулей мае на ўвазе Адысея, якога ўславiў Гамер.

Дэкурыёнамi называлiся сябры мясцовых сенатаў, якiя ў часы iмператараў былi заснаваныя ўжо амаль ва ўсiх правiнцыях у вялiкiх гарадах.

год пачаў хiлiцца ў бок Казярога. — Сонца ўступае ў сузор'е Казярога на пачатку зiмы.


КНIГА ДЗЕСЯТАЯ

Трыбун. — Ваенныя трыбуны камандавалi легiёнамi. Пры кожным легiёне было 6 трыбунаў, якiя неслi службу па чарзе.

Этыокл i Палiнiк — сыны Эдыпа, мiж якiмi трывала непрымiрымая варожасць за ўладу над Фiвамi. Iх барацьба закончылася смерцю абодвух. Гэты мiф паслужыў сюжэтам трагедыi Эсхiла "Сямёра супраць Фiваў".

Фiней — легендарны фракiйскi кароль, якi па падказцы злой мачыхi асляпiў сваiх сыноў ад першай жонкi. У пакаранне за гэта гарпii (крылатыя страшыдлы з дзявочымi тварамi) вырывалi ад яго ежу i паганiлi сваiмi нечыстотамi ўсё, чаго не маглi панесцi з сабой.

Аслiная Пасiфея. — Бог Пасейдон, загневаўшыся на крыцкага цара Мiноса, змусiў яго жонку Пасiфею закахацца ў быка. Плодам гэтага захаплення быў чалавекабык Мiнатаўр.

Iдэйская гара. — Iда — горны хрыбет у Малой Азii, ля падножжа якога знаходзiлася старажытная Траянская дзяржава.

Эфебы — афiнскiя юнакi ва ўзросце 18–20 гадоў, якiя неслi пагранiчную службу. Стаўшы эфебам, юнак апранаў хламiду (адмысловага пакрою плашч).

Кадуцэй — жазло вяшчальнiка, выразанае з дрэва ў форме стрыжня, абвiтага дзвюма змеямi, Меркурый — вяшчальнiк багоў, дзеля таго ягоным атрыбутам з'яўляецца кадуцэй, а таксама крылы.

Кастар i Палукс (Палiдзеўк) — блiзняты, сыны Леды. Бацькам Кастара быў смяротны, а бацькам Палукса — Зеўс.

Паламед — адзiн з герояў Траянскай вайны. Адысей i Агамемнан, пазайздросцiўшы яго хiтрасцi i розуму, падкiнулi ў яго палатку золата i падробленае пiсьмо, як быццам ад Прыяма, i абвiнавацiлi ў здрадзе. Народ забiў яго каменнем.

пераносiў ганеннi за разбэшчванне моладзi… — Маецца на ўвазе Сакрат, якога абвiнавацiлi ў бясчэсцi i ў разбэшчваннi моладзi i асудзiлi на смерць.

Кянхрэй (цяпер Кенхрыес) — галоўная гавань Карынфа. Апулей называе морам Саранiцкi (Эгiнскi) залiў Эгейскага мора.


КНIГА АДЗIНАЦЦАТАЯ

Сястра Феба (Апалона) — Артэмiда, якая лiчылася, мiж iншым, апякункай парадзiх. Эфес у Малой Азii быў галоўным цэнтрам яе культу.

Гiпербарэйскiя грыфы, народжаныя iншым светам. — Старажытныя размяшчалi казачны край гiпербарэяў на крайняй поўначы (туды не далятае халодны вецер Барэй), на мяжы гэтага свету са светам антыподаў.

Аўгустава гавань — Острыя ў вусцi Тыбра, марскi порт Рыма.

Тырс — жазло, абвiтае плюшчом i лiстамi вiнаграду i ўвянчанае сасновай шышкай. Тырс i плюшч — эмблемы Дыянiса, атаясамленага з Азiрысам.

Загрузка...