Вось так. А цяпер мне — думай, як ад такой узнёсласці вярнуцца зноў да смеху?
Што ж, і ў жыцці яно так: бывае самае нечаканае чаргаванне.
…Дык мы сядзім сабе, спяваем за сталом. Акно адчынена ў зялёны сад, асветлены з хаты. І раптам у гэтае акно з таго саду даволі спрытна гоцнуў чалавек, якога я прывык лічыць… бадай што і нябожчыкам.
Ускочыў, выхапіў з-пад пінжака (пад гальштукам!) добры аполак сала, пляснуў яго на стол, сказаўшы: «Мой уклад!» — і працягнуў мне цераз стол руку:
— Здароў, Антонавіч!
— Сідар — ты?! — гукнуў я міжволі.
— Сідар — я! — адказаў ён у тон мне і засмяяўся: — Хрыстос васкрэсе, браток!
І трэба ж было (і такое бывае), што зранку дома, тады на рэчцы, пасля зноў дома — і ніхто мне ані слова пра тое, што Сідар-гоп і сапраўды ўваскрос, другі ўжо раз пасля вайны!..
Пра Сідара пачнём з мянушкі. Проста ён смешна танцаваў, няўдала падскокваючы ды падрыгваючы ў польцы, а то і ў вальсе, таксама без толку і ладу. Калісьці, гледзячы збоку, Уладзік Чыркун падбадзёрваў яго: «Сідар — гоп!», гэтае «гоп» падхапілі мы, падшыванцы, і так яно прыліпла назаўсёды.
Сідару вельмі ж хацелася ў войска, а яго ўсё бракавалі. Пазней я даведаўся, што па Версальскім дагаворы Польшча Пілсудскага мела права толькі на трыста шэсцьдзесят тысяч войска, таму і адбіралі «пабаровых» так прыдзірліва. Сідару першы раз далі адтэрміноўку, на другі год таксама, а ўжо на трэці забракавалі зусім. Паміж другім і трэцім годам надзеі з Сідарам здарылася такое, што ён лічыў нядрэнным козырам. На ўзгорку за нашай вёскай паставілі «маяк», трыганаметрычную вышку, якая нам, пастушкам, здавалася проста паднебнай. Аднак знайшоўся чалавек (не з тых, што ставілі «маяк»), які не толькі залез на яго да самага верху, але, ашчарэпіўшы нагамі шпіль, апусціўся ўніз галавою. Гэта быў Штокала, вядомы местачковы жулік. Другі да шпіля далез Сідар-гоп. Зачапіцца нагамі і павіснуць уніз галавою ён не асмеліўся, рэкорд свой адзначыў тым, што скінуў адтуль галёш. Была ўжо восень, гразь, і галёш, прасвістаўшы снарадам, урэзаўся ў раллю. А вясною, «на здачы», Сідар-гоп казырнуў маяком: «У мяне вельмі моцная галава, вазьміце ў лётчыкі!..» Не памагло. Выхад сваёй няўрымслівасці ён знайшоў у іншым… Зноў тлумачэнне патрэбна — не была б гэта гістарычная тэма!..
У бліжэйшым ад нас, невялікім маёнтку быў панам Сідараў дваюрадны брат. У рэвалюцыю пані Ядкова (тая самая, што згубіла «седэмнасце злотых») са страху і дзеля самастрахоўкі ўзяла да дачкі прымаком сялянскага дзецюка, стала такім чынам нібы і сама сялянкай. Потым панская ўлада вярнулася, і ўсё стала наадварот, — прымак, звычайны, нават не вельмі спраўны Ганнін Мечык, з прозвішчам, як і Сідар-гоп, Асмалоўскі, з мянушкаю Сэпель, зрабіўся панам Мечыславам. Панскай радні, якая жыла ў асноўным у Варшаве, не гонар быў такі сваяк, але, параіўшыся, пагадзіліся на тым, што паслалі яго на нейкія курсы, каб трохі абгладзіць. А ён пасля, не вельмі зазнаўшыся на пасадзе панінага мужа, узяў да сябе, у маёнтачак, і свайго дваюраднага. Ведаючы яго другую, пасля мілітарнай, страсць — лячыць жывёлу, Мечыслаў уладзіў Сідара, узброенага двума класамі царкоўнапрыходскай школы, на ветэрынарныя курсы, з якіх ён, дарэчы, вярнуўся хутчэй, чым чакалі.
Ці так, ці гэтак, а нашы Ніжнія Байдуны набылі сваю арыстакратыю — пана і доктара.
Пан співаўся настолькі паслядоўна ды настойліва, што да верасня трыццаць дзевятага года ад яго маёнтачка засталіся ўжо толькі рожкі без ножак. А доктар лячыў сялянскую жывёлу так самааддана і ўдачліва, што неўзабаве набыў сабе славу на некалькі вёсак і мястэчка. І гэта — без адрыву ад уласнай гаспадарачкі, якую яны вялі сяк-так з малодшым братам і сястрою. Праўда, калі людзі прыходзілі з яго рэцэптамі ў аптэку, аптэкар круціў галавой і ўсміхаўся ад Сідаравых польскай і, тым больш, лацінскай моў, аднак здагадваўся, чаго пан ветэрынаж Асмалоўскі хоча: з гадамі ён прывык да невялікага асартыменту Сідаравых лекаў.
Сідар лячыў душою і нахабствам. Вязе яго, скажам, які-небудзь не з нашай вёскі дзядзька да хворай каровы, а той доктар ужо на пад'ездзе да вёскі ажно гарыць. Не чакае, пакуль і веснікі адчыняць — гоп цераз іх, пінжак ці кажушок з сябе, на плот, і крычыць гаспадыні: «Цёплай вады!» За вочы людзі пакеплівалі, аднак бралі яго ахвотна, бо да гміннага ветэрынара з мужыцкай капейкай не вельмі было даступіцца, а гэта і свой чалавек, і цаны ніякай не вызначае, — што хто дасць. Нават і чаркі з яечняй ды добрага слова хапала.
Трэба дадаць яшчэ адно. Сідар-гоп быў усё-такі «доктарам» не афіцыйна, толькі народным, ці што, і на лячэнне яго гмінная ўлада глядзела праз пальцы: няхай сабе, як-ніяк — панскі сваяк.
Ветэрынарства гэтае Сідара і падвяло.
У ліпені сорак трэцяга, у дні вялікай блакады нашай партызанскай пушчы, у мястэчку спыніўся быў уласаўскі карны батальён. Сідара хтосьці там з местачковых рупліўцаў ці проста дурняў падаткнуў: «Вунь стаіць ніжнебайдунскі доктар…» Яго забралі як патрэбнага пры конях, і так ён знік з родных мясцін, а для добрых людзей — «прапаў за сабаку».
А ўлетку сорак шостага, праз тры гады, я прыехаў да брата і на вуліцы роднай вёскі, у сонечны дзень — проста аслупянеў…
Насустрач мне ішоў, злёгку накульгваючы, шыкоўны савецкі маёр — з залатымі пагонамі, з двума ордэнамі і, як адразу здалося, мноствам медалёў. Ён падпіраўся далікатнай кульбачкай, відаць, не толькі для большай важнасці, але і з патрэбы, бо на яго парадным кіцелі была і жоўтая стужка цяжкага ранення.
Тады я першы раз выгукнуў сваё: «Сідар — ты?!», а ён адгукнуўся ў тон мне, з прастадушна шырокай усмешкай: «Сідар — я!»
У адказ на маё маўклівае недаўменне ён выняў з кішэні кіцеля свой ваенны білет, яшчэ (не памятаю які) дакумент, адкуль у памяць маю назаўсёды ўступіла фраза: «Смыл кровью вину перед Советской Родиной и восстановлен в звании майора». Іменна, іменна гэтае «восстановлен»! У чалавека, што ні ў польскім войску, ні ў Чырвонай Арміі да вайны не быў нават і радавым. А тут: «майор Исидор Алексеевич Осмоловский»… Гучыць?
Яшчэ адным пераканальным доказам поўнай Сідаравай легальнасці была яго жонка. Бо чалавек нарэшце і ажаніўся. Пад яблыняй у дзядзькавым садочку, на вярблюджай коўдры, з белай падушкай ляжала завітая дамачка ў ярка-стракатым халаце, з кнігай. Сідар нас пазнаёміў. Я даведаўся, што Злата Аркадзьеўна — ваенфельчар, і заўважыў, што яна па-мірнаму цяжарная.
Далейшае адбылося без мяне, я толькі чуў пра гэта ад некалькіх землякоў, і з тых расказаў, дадаўшы іх да Сідаравых, склалася даволі выразная карціна вялікага пераўтварэння нашага Сідара-гоп у маёра, а потым наадварот.
З таго карнага батальёна ён перабег у партызаны, на развітанне як быццам атруціўшы ўколамі некалькі ці нават многа коней. Сідар мог і дадаць сёе-тое, так што ўсяму не надта і верылася. У арміі, куды ён трапіў з партызан, прыйшлося праясняцца ў штрафніках. Пры штурме нейкай вышыні «загінулі ўсе камандзіры», адчайны Сідар (гэта — без іроніі) павёў рэшткі роты ў атаку, вышыня была ўзята, а цяжка паранены Асмалоўскі апынуўся ў шпіталі. Калі ён апрытомнеў і ў яго спыталіся пра былое званне, Сідар доўга не выбіраў.
І найдзіўнейшае ў тым, што ён быў у сваім маёрстве ўпэўнены. Яшчэ мацней, чым старшы унцер Качко ў сваіх сяброўскіх выпіўках з капітанам французскага крэйсера або яфрэйтар Бохан-Калоша ў сваім камандаванні «воздухоплавательной ротой». Хвароба нейкая ніжнебайдунская, ці што?.. З Усходняй Прусіі «маёр» Асмалоўскі трапіў у Маньчжурыю, пасля разгрому Квантунскай арміі (там Сідар атрымаў другі свой ордэн) блізу год праслужыў у адным далёкаўсходнім гарнізоне, а пасля, на бяду сваю, з бляскам наведаў родную вёску.
Тут яго не было каму і дзе прыняць. Малодшы брат, якога нездарма яшчэ на пашы празвалі Катлом, служыў паліцаем, а потым уцёк на Захад разам са сваімі новымі панамі, забраўшы з сабою, у беззваротнае бадзянне, маці і сястру. Іхнюю хату, як «бросовое хозяйство», часова занялі пад школу. Сідар з жонкай спыніўся ў дзядзькі. Наслухаўшыся на сваяцкіх частаваннях рознага захаплення наконт яго геройства, ён не вытрымаў (і не з такімі здараецца) выпрабавання славай, паехаў у райцэнтр і з усёй катэгарычнасцю запатрабаваў аддаць яму хату. Легенда кажа, што там ён нават і стукаў і грукаў — кулаком па стале і кульбаю ў падлогу. Маёрства высветлілі. Злата Аркадзьеўна паехала з адпачынку адна.
А выплыў Сідар для мяне, і сапраўды ўваскрос, — ускочыўшы з саду ў акно.
Трэба сказаць, што на ўсе свае віны і заслугі глядзеў ён цяпер… проста дзіва, з якой аб'ектыўнасцю. Першы свой тост за нашым сталом узняў:
— За савецкую, хлопцы, турму! Бо гэта, я вам скажу, не турма, а сплашная прывілегія. З дурня зрабілі з мяне чалавека. Зноў я нашы кароўкі лячу, зноў нашым людзям дабра хачу, п'ю нашу родную чарку, ем нашу родную скварку, няхай жыве наша рабоча-сялянская ўлада і — нічога нам болей не нада!..
Ён не вельмі зманіў пра кароў — цяпер не лячыў іх, праўда, але ўжо ад зімы займаўся ў калгасе справай штучнага абсемянення, якое называюць проста «саматыкам», ды так старанна і талкова працаваў, што ў вёсцы пачалі казаць: «Сідар-гоп цяпер за быка».
У рыфму гаварыць ён мог заўсёды і зусім свабодна. Памятаю я гэта яшчэ з далёка-даваеннага часу.
Маці наша смяецца ажно да слёз, а Сідар стаіць перад ёю, як на эстрадзе, у творчым экстазе імправізацыі.
— Мілая мая цётка Катрына,
ёсць у вас і хлявок, і адрына,
і агарод, і садок, і хата.
Толькі памёр ваш нябожчык тата…
Не ваш, канечне, а вашых сыночкаў,
а такжа вашых і дочкаў,
а ваш — любімы мужык,
што з вамі жыць дружна прывык…
Так магло б і плясціся, калі б не трапляліся словы, дзе з ходу не вельмі і зарыфмуеш. Скажам, такое:
Цяпер жывяце вы, цёця, удавою,
над хазяйствам сваім галавою,
і жызня ваша больш ужо не скарбейная,
бо сыночкі вашы павырасталі… Ага!
Няма тае рыфмы да самаробнага слова «скарбейная» — і такое бяды: тут падстаўлялася запасное, дзяжурнае «ага!». Як у той польцы — «Сідар — гоп!..». Гопнуў, брыкнуў і — паэзія.
У гэты свой яшчэ адзін талент Сідар верыў, як і ў маёрства.
— Антонавіч, — гаварыў ён мне аднойчы, зусім цвярозы. — У цябе ж, браток, машынка пісучая ёсць. Прыеду я да цябе калі-небудзь, сядзем і ўдвух усю жызню апішам сціхамі!..
Задуму гэтую мы з ім, на жаль, не здзейснілі. А ён быў, думаецца, і сапраўды здольны. У яго была і фантазія, і назіральнасць, і ўменне коратка, дакладна перадаваць другім убачанае. Расказваючы мне пра Маньчжурыю, Сідар так згадваў рыкшу, мімаходзь: «А капялюш, браток, шырэйшы за аглоблі!..» Расказваў ён мне і пра тое, як намагаўся забраць сваю хату, як тады «трохі памацаў тых бюракратаў». «Гарбуновіч — адразу са страху пад стол, а Марцыян як сігануў у акно, дык раму на шыі вынес на вуліцу і папёр!..» У дачыненні да тых, каго я добра ведаў як паважаных ды салідных, неверагоднае было міжволі смешным, бо і расказанае з мімікай, з жэстамі і з перайманнем галасоў. Не горш за Цімоха Ярмоліча. Быў таксама расказ пра лагернага старшыну, страшэннага заразу, якога Сідар, падаўшыся не ветэрынарам, а «чалавечым фельчарам», лячыў ад гемарою шкіпінарам. Было і яшчэ сёе-тое. Словам — буйства фантазіі і гарачая, непахісная вера ў самога сябе. Пакуль яны, разам з ім, спакваля не атухлі.
З Сідара зрабілі забаўку. Былы наш старшыня калгаса, чалавек недалёкі, спачатку нядрэнны гаспадар, пасля раздзьмуты і ачмурэлы, лічыў Асмалоўскага сваім прыдворным паэтам, і на выпіўках — стацыянарных і выязных — Сідар зарыфмаваўся пры начальстве да поўнай старэчай нікчэмнасці.
А чалавек ён быў, калі глыбей узяць, і недурны, і нядрэнны. Не п'яны або не ў «творчым настроі», ён разважаў і так:
— Не вер, браток Антонавіч, калі каторы стогне. І колюць, і рэжуць, і хаты будуюць пад бляхай. А колькі ў нас маладзёжу вучонага? Каб не Савецкая ўласць, не было б чаго другому і дзяліць паміж сыноў, і дочкам у пасаг даваць. А гэта? Вяселле — тры дні і мора магазіннае гарэлкі, хрысціны — два дні, у армію ідзе — два дні! Няўжо ж такое з гора? Калі пры тым адзіналічастве адзін ці два гаспадары жылі ў нас, як яны думаюць, лепш, чым яны сённека жывуць, дык што ж ад гэтага другім, усяму нашаму бальшынству? Што мы з табой, браток, не бачылі тае скарбейнае жызні? Што ты стогнеш другі, як карова, аб'еўшыся роснае канюшыны?..
Пра Сідара я неяк чуў: «Харошы, просты чалавек». Яшчэ і тут, на гэтым прыкладзе, я намагаўся пранікнуць у глыбінны сэнс такога азначэння. Тыя, хто так гаварыў пра Сідара, і самі былі людзі простыя, і ён, зрабіўшы захмарны віраж са сваім фантастычным маёрствам, адбыўшы потым сваю «прывілегію», зноў быў шчыра руплівы, вечна з-за недахопу часу непаголены, у недачышчаных кірзачах. І з яго, можна думаць, было б не тое, калі б яго з самага моладу ды ў спрыяльныя ўмовы, — як сёння моладзі: школа, завод, інстытут… А прастата яго — у нечым іншым, не знешнім, глыбейшая якасць. Толькі ж гарэлка, гарэлка… Ды ў гэтым ён не першы і не апошні.