Дзядзька Тодар праславіўся быў яшчэ і Арэсевай сучкай.
Арэсь (так Алесь Макарэц выгаворваў сваё імя) празываўся яшчэ і Вінтоўкай: не гнулася адна нага. Высокі, сутулавата-здаравенны, нейкі не тое што дурны, як гаварылі некаторыя, а такі сабе прастарэка, нядоля. Нікуды ён ніколі не спяшаўся. І сам расказваў, як быў аднойчы ў гасцях у сястры, што замужам у Хлюпічах, як яна частавала яго аладкамі.
— Адну спякра — градзу я, другую, трэцюю, цацвёртую — градзу я. Цуес? А ўзо як восьмую спякра — узяў Арэсь ды ў момант цасу з'еў!
Ну, а аладкі ў тых далёкіх Хлюпічах, таксама казаў ён, пякліся адна на ўсю скавараду, і пухкія, «на добрым падыходзе».
Або насоўваецца, скажам, хмара навальнічная, дзядзьку Арэсю трэба на гвалт спяшацца па ячмень, які і не звязаны, у жменях ляжыць. Жонка з дачкой пабеглі вязаць, а ён скрыляе на сваёй «вінтоўцы» цераз усю вёску, а потым — глядзі! — спыніўся каля лужка, дзе людзі, дзве-тры сям'і, завіхаюцца перад дажджом, грабуць і копяць сухое.
— Памагай бог! — гукае дзядзька Арэсь. І, у доказ яшчэ большай прыязнасці, хоча суседзям штосьці пільнае расказаць. Пачынае ён, як звычайна, пытаннем: — Цуес?
— Ты вось, Алеська, не «чуеш», а ішоў бы па таго каня, калі ідзеш, — скажа якая-небудзь суседка, якой і не да слухання, і не да смеху з чалавека.
— А я ў момант цасу, — адказвае ён.
Не хочаце слухаць — таквеля тое бяды, паскрыляў сабе далей. А потым, калі ўжо тыя суседзі, скапіўшы сена, не паспелі ўцячы ў вёску і суха-весела сядзяць пад копамі, а дождж з грымотамі цабаніць, як з вядра, — дзядзька Арэсь памалу едзе сабе, адставіўшы «вінтоўку», верхам на непатрэбным дома коніку, і анікуды яму, прастарэку, не рупіць. Лепей жа ехаць, чым ісці.
І такое яшчэ. Захацелася смажанай бульбы. А жонкі і дачкі няма: пайшлі кудысьці, нядзеля. Што ж, ён падсмажыць і сам. Паласуецца па-святочнаму. У яго была мерка багацця свая, пра Грамузду ён казаў: «О, бедны, бедны, а ўранку я зайсоў, дык яны снедаюць. Картопра скрэбеная, цай. У будні дзень. Цуес?» Агонь з печы дзядзька Арэсь высунуў у самыя чалеснікі, ледзь не на прыпек, — глядзі, што вось-вось загарыцца ў коміне сажа. Вядома ж, які гаспадар, — калі ён той комін чысціў.
У хаце некалькі чалавек суседзяў. Найбліжэйшы сусед, якому разам будзе і гарэць, Цівунчыкаў Жмака сядзіць перад агнём, на лаве, і, па сваім звычаі, старанна абгрызаючы пазногці, маўчыць. Потым Жмака памалу ўстаў, спакойна ўзяў з лавы вядро з вадою і, таксама спакойна, пляснуў у печ. І бульба скрэбеная туды, і апаноўка з трыножкаю следам. Жмака спакойна паставіў на лаву вядро, памалу сеў амаль каля яго і — зноў свае пазногці ў зубы.
— І ты думаес, сто ўзо вермі разумны? — не менш спакойна спытаўся дзядзька Арэсь. — Бог-бацко быў, бог-бацко і будзес. А я сабе ў момант цасу картопры зноў наскрабу.
У здаравеннага дзядзькі была маленькая сучка. «Да ноцы добрая», — хваліў яе гаспадар, хоць і ахоўваць не было асабліва чаго, і страх з тае Молькі быў невялікі. Нават, здаецца, не гаўкала, толькі круцілася пад нагамі. Былі такія моманты, калі Арэсь сваю пярэсценькую браў, нібы кошку, за пазуху, пад рыжую суконную сярмягу, хаваючы ад небяспекі. Скажам, калі ён скрыляў па мястэчку і пабойваўся паліцыянта, што возьме ды аштрафуе: які ні пес, а ўсё ж не навязаны.
Аднойчы ў мястэчку зайшлі да Гірша Грамузда і Арэсь, а там ужо, чакаючы гаспадара, сядзелі дзядзька Яўхім Заяц і я. Ён, як заўсёды, маўчаў, а я, вучань шостага класа, не асмельваўся загаворваць.
Гірш-Эля Кумагерчык быў шавец. Халодны. Шыць новае неслі да Вэльвула, а Гірш толькі лапіў ды падбіваў. Ён быў яшчэ, па сумяшчальніцтву, і шамэс, служка пры сінагозе, якую называлі «школай». У пятніцу на змярканні нярослы і мітуслівы Гірш бегаў па местачковай плошчы, ад дома да дома сваіх аднаверцаў, і ледзь не па-пажарніцку крычаў пад вокнамі:
— Цайт ліхт бэнтшн! Ін шул арайн!
Першы заклік адносіўся да жанчын і азначаў, што прыйшла пара запальваць шабасовыя свечкі і пачынаць над імі благаславёную малітву. Другі заклік — нібы каманда мужчынам: «у школу!»
Быў яшчэ Гірш і пажарнікам, і не простым, а камандзірам тапорнікаў. У тую зіму, калі гарэлі Хлюпічы і з усіх вёсак кінуліся туды добраахвотныя пажарныя каманды, дзе яны былі, галоўная каманда, местачковая, так ляцела, што аж згубіла ці забылася свайго найгарачэйшага — Гірш-Элю. Ён пабег наўздагон, вытрымцеў дзевяць кіламетраў і паспеў яшчэ да сваіх тапорнікаў на асмалкі, за што і атрымаў пасля медаль.
Дабрадушны, крыклівы Гірш-Эля. Боты мае ў той час, у школьныя гады, прашморгваліся найчасцей на халявах, з сярэдзіны, дзе костачкі. І майстар, трымаючы такі бот, ужо знаёмы яму, круціў галавой, заўсёды пад кепкай:
— Уй, Іванко, Іванко! Табе сабакі рвуць, ці што? Біў латке — зноў латке!..
А я не толькі маўчаў, але і пабойваўся, што ён нарэшце возьме ды спытаецца: «Ну, а чаму гэто і ты крычаў і шпрынген па школе?» Іхняя «школа», старая, драўляная сінагога, стаяла недалёка ад нашай сямігодкі, і нядаўна мы на вялікім перапынку заўважылі, што Кумагерчык кудысьці пайшоў, а «школа» не зачынена. Нашы агледзіны яе знутры былі гэтым разам такія вясёлыя, што бедны шамэс, дабегшы туды, не толькі загалёкаў на ўвесь свет, не толькі гнаўся за намі з мятлою, але знайшоў і нашага «кероўніка» (дырэктара) у настаўніцкай і доўга крычаў яму, як мы там, у святой сінагозе, шпрынген — скакалі па сходах і лаўках.
Старэйшы Гіршаў сын быў «падрабінкам», вучыўся ў Міры на рабіна, і пра яго казалі: «О, гэто кэпэлэ!» Гэтую «кэпэлэ», вучоную галаву пад чорнай ярмолкай ды з пейсамі, я бачыў раз ці два, калі той «падрабінак», госцячы дома, праходзіў з двара ў сваю баковачку або выходзіў з яе на двор. Малодшы сын, ужо не безыменны для мяне, а Гіршаў Бэрка, вучыўся на краўца. Спрытны, вясёлы, таварыскі юнак, цяпер ён успамінаецца мне часамі перад тэлевізарам, калі на экране ўсміхаецца і не вельмі развязна шчабеча адзін маладзенькі канцэртны канферансье. Бэрку я бачыў часцей не дома ў іх, а ў Нохіма, дзе ён вучыўся, бо я заходзіў туды з Нохімавым Тэпсікам, з якім мы сябравалі.
Дык, значыцца, дзядзька Яўхім і я моўчкі сядзелі і чакалі Гірша, а потым зайшлі Грамузда і Арэсь, і мы ўжо чакалі гаворачы, а тады гаспадар нарэшце прыйшоў.
Ён, як заўсёды, уварваўся з сенцаў мітусліва, а разам з ім — непрыкметна, з-пад ног — прашмыгнула штосьці не то кашэчае, не то сабачае. Пакуль хто паспеў здагадацца, што гэта Молька, якую дзядзька Арэсь культурна пакінуў у сенцах, Грамузда ўсхапіўся з месца, ускочыў на зэдлік і дзіка закрычаў:
— Кручаны! Ратуйся!
На гэты покліч у Гірш-Элю прачнуўся былы салдат і сучасны тапорнік, — ён кінуўся ў качарэжнік, паспеўшы крыкнуць жонцы:
— Ентэ, хавайся! Мах ды тыр цу!
Квела ссутуленая Ента і цяпер, як амаль заўсёды, стаяла каля прачыненых дзвярэй бакоўкі. Яна і шуснула туды, зрабіўшы «мах ды тыр цу» — зашчапіўшы за сабою фанерныя дзверцы.
Дзядзька Яўхім, Арэсь і я — як сядзелі, так і не паспелі ўстаць.
— З гаршка вунь хлебча! — крычаў з-пад самай столі Грамузда. — Бі, Гірш, чаго ты глядзіш!
Каля прыпека стаялі два чыгункі-стаўбуны, адзін з вадою, а другі са скрэбенай бульбай. Гірш замахнуўся гаршчэшнікам угару, стукнуў па столі і тропнуў па чыгунку. Стаўбун паваліўся, пакацілася бульба і палілася вада.
— Пена, пена на мызе! — крычаў Грамузда. — Кручаная, Гірш!
Гаршчэшнік — зноў да столі і — па сучцы. Пералёт! яшчэ раз — міма!
Ды тут ужо апрытомнеў Арэсь. Яшчэ не ўстаўшы з лавы, ён перагнуўся ў бок ад свае «вінтоўкі», спрытна, як для яго, схапіў сваю Мольку, як кошку, цяжкаю лапай пад жывот, і тая, нават не кеўкнуўшы, апынулася ў яго пад сярмягай, за пазухай. Зноў жа, з неверагоднай для яго рухавасцю, Вінтоўка сігануў міма разгубленага, з узнятай зброяй, Гірша ў сенцы і — на двор.
— Гірш, не ідзі за ім! — крычаў Грамузда. — Ён яе сам прыдушыць, яму да гэтага не прывыкаць!
Тады ўжо скокнуў з зэдліка на падлогу.
— Ну, дзякуй богу, — сказаў прысеўшы. — Усё абышлося добра. Нават стаўбуна не раскалоў. Пяхота, браце Гірш, усё-такі пяхота! Другі ўмлеў бы са страху, а ты… Вунь на Зайца зірні — яшчэ ніяк не адыдзе.
Дзядзька Яўхім і тут маўчаў. Толькі што галавой крутануў ды ўсміхнуўся.
Нават і я стрымаўся, не захіхікаў хоць цяпер. А Гірш тым часам трохі адсопся, паставіў зброю ў кут, падперазаў фартух, сеў на сваё шавецкае месца і загадаў у бакоўку:
— Ентэ, мах а парадак!
Яна паслухмяна і ціха, відаць, яшчэ ўсё спалохана, выйшла і пачала прыбіраць каля печы.
— Пяхотэ, — сказаў Гірш-Эля. — А думаеш ты, Грамузда, ваяваў? На сваім кабыле, у сваім кавалерыя? Ваш, расеец ваяваў? Ваш толькі ваймяцасына і ляжыць! Фарфалн міт ды ганцэ пастройкес![1] А я? — Тут у ім канчаткова прачнуўся былы імператарскі пехацінец: ён усхапіўся і загадаў: — Ентэ, гіб а гаршчэшнік!
Ссутуленая ціхоня адагнулася з анучай ад падлогі, ступіла да качарэжніка, узяла той гаршчэшнік і, як свяцільнік, рожкамі ўгару, паднесла яго мужу, а сама прыпынілася каля дзверцаў бакоўкі.
Гірш, не зняўшы зрэбнага, зашмуленага фартуха, ужо камандаваў сам сабе:
— К ноге! Наперавес! К атаке — гатоўсь! Упярод! Ур-ра!..
Дабег да парога і, грозна патыкаўшы рожкамі гаршчэшніка ў вушак, сам паставіў яго на месца. Вярнуўся да зэдліка, сеў і, трохі задыханы, заключыў:
— Вот так я ваяваў.
А мне ўявілася, раптам і ярка, як там недзе скрыляе па бруку перапалоханы дзядзька Арэсь і, з сучкай за пазухай, азіраецца, усё яшчэ ўцякае ад магчымай пагоні. І я не вытрымаў, засмяяўся.
Аднак гэта справы не сапсавала: чаго вы хочаце ад хлапчука? Дзядзькі пачалі пра шавецкае, у каго што было да халоднага майстра. А я магу і пачакаць.
…Лягчэй было б так і закончыць гэты ўспамін. Ды мне здаецца, што тут паставіць кропку я не маю права.
Усё, што ўспамінаецца з жыцця жыдоўскага насельніцтва нашага мястэчка, і вясёлае, і не, і ўсе вобразы людзей, менш блізкіх і бліжэйшых мне, — усё абрываецца той небывала, неверагодна жахлівай трагедыяй, якую і ў наш зялёна-сонечны прыпушчанскі куток прынесла фашысцкая акупацыя.
І другое. Пра Грамузду.
У ліпені сорак чацвёртага, калі прыйшло вызваленне, дзядзька Тодар быў у Ніжніх Байдунах старастам. Стаў вінаватым без віны. Ніхто тады, пры гітлераўцах, не хацеў у нас гэтай сабачай пасады, і таму вырашылі адбываць абавязак кожная хата па тыдню. Так і ішло сабе, пакуль чорт не прыгнаў павятовага бургамістра. Прыехаў ён, казалі, не адзін, з паліцаямі, пад аховай, і загадаў, каб мясцовая ўлада была пастаянная. Хто цяпер стараста? Тодар Клімовіч? Няхай і будзе ён. Так Грамузда і дастаршыняваў у нас апошні месяц акупацыі.
Неяк пад восень ён зайшоў да нас, у рэдакцыю раённай газеты, і, папрасіўшы мяне на двор, пачаў:
— Антонавіч, можа, што памаглі б? Усё цягаюць мяне… Трэці раз. Што ж я каму зрабіў?..
Ніколі яшчэ я не бачыў яго такім горкім. Ён гаварыў мне «вы», «Антонавіч» — упершыню ў жыцці. Зусім пажылы чалавек, два сыны якога былі на фронце, весялун, якога мой бацька калісьці з прыязнасцю старэйшага называў у гутарцы «галубчык Федзя» — добры, сумленны чалавек, ён не ўсміхаўся нават, хоць бы і сумна.
На вострым носіку, над паніклымі светлымі вусамі сабралася сляза…
Я ўжо раней заходзіў туды, дзе могуць памагчы. Я зноў пайшоў, зноў гаварыў пра тое, што было зусім ясна для нас, мясцовых партызан.
Больш мы не сустракаліся… Трыццаць гадоў мінула. Ніхто не скажа, што я — раённы літработнік, радавы партызан — мог тады зрабіць больш, чым я зрабіў, каб папярэдзіць яшчэ адну памылку. Ніхто не скажа, і сам я не скажу. Але, як гаварыў адзін з любімых, і тут застаецца яно: «но всё же, всё же, всё же…».
Усё ж лягчэй, прасцей было б успамінаць, каб і не гэтая адна праклятая сляза…