2002-2004
Што гэта ў цемры
Свеціцца там, дзе клады?
Ледзь здагадаўся:
Фасфарысцыруючы,
Мова выходзіць з магіл.
Задыхаюся.
Не хапае паветра —
Бы ў душагубцы.
А стаю на пагорку,
Пад небам, сярод палёў.
Злуюцца, крычаць:
«Дакуль ты іх будзеш сніць —
Вершы аб волі?»
Злуюцца... А хіба ж я
Снам у сне загадаю?
Памяць маленства:
Над чорным полем — імжа.
Сагнуўшыся ў крук,
Грэбае мама раллю
I кідае ў кош бульбу.
Усё паспела
Адкрасаваць у пару,
Яшчэ за цяплом,
Толькі «бабіна лета»
Ізноў апаліў мароз.
Сядзіць і плача,
А чаго — не гаворыць.
I страшна спытаць —
Каб не пачуць такое,
Што й сам зальюся слязьмі.
Доўгі летні дзень
Зглуміў на прыіску слоў.
А ўвечары ў двор
Аднекуль прыплыў дымок —
Напомніў, што ёсць жыццё.
Дожджык уночы
Яблыньцы каля ганку
Штось шэпча. I мне
Не хочацца ў хату йсці —
Наўспамінаюся хоць.
Кветка за кветкай,
Адцвіў і пажух няўзнак
Мой агародчык.
Сумна, бо скора, відаць,
Адцвіце мне і сонца.
Музыка ночы!
Неба з зямлёй злучыла!..
А камертонам
Ёй паслужыў цвыркунок
Першы азваўся ў цішы.
Як магму вулкан,
Выварочвае памяць
Расплаўлены боль.
Куды ўцяку ад яго,
Каб не спапяліў ушчэнт?
Не ўгледзеў, калі
Стала радзейшым нашмат
Рэшата Бога,
А толькі бачу, што ўжо
Дзён засталася жменька.
Разлёталіся,
Размільгаліся думкі
Ні сабраць, ні ўняць.
I чаму на Купалле
Такая доўгая ноч?..
Спацелай спіной
Адкінуўся да камля
Старой бярозы —
Iвечнасці халадок
Адчуў у спякотны дзень.
Навошта я зноў
I зноў забіраюся
У глуш самоты?
Навошта трывожу цень?
Каб зведаць яшчэ раз боль?
Як вымерла ўсё —
Такая глухая ноч!
I раптам недзе —
Згадкай пра край маленства —
Далёкі сабачы брэх.
Сем тыдняў сухмень.
З лесу цераз дарогу
Вавёркі ў мой сад
Грызці ранеткі бягуць.
Піце, звярочкі, піце!
Грыб ля дарожкі.
Ах жа, які прыгажун!
Не трэба, а ўзяў.
Інстынкт паляўнічага.
Можа, каму падару?
Так, ты ўзвысіўся.
Бо часу на гэта меў.
А колькі ж яна
Табе аддала жыцця,
Каб самой не ўзвысіцца?
Прыйшла паглядзець,
Каго ж ён за жонку ўзяў,
I бачна было,
Як усё ў ёй крычала:
«Божа! За што Ты яго?..»
Лісток за лістком
Кідаў яе слёзы ў печ.
I думаў: спаліў,
I стане душы лягчэй.
Дзівак! Ці ж слёзы гараць?
Зімовая ноч.
Калянага неба стынь —
Ад зор да зямлі.
Мароз такі — што вусны
Ад вуснаў не адарваць.
Зняможаная
Палам любоўнай жарсці,
Адкінулася
На шырачэзным ложку
I выдыхае шчасце.
Паміраючы,
Маці сказала чамусь
Сыну-студэнту:
«Апрача твайго таты,
Я мужчыны не знала...»
Пачуўшы мяне,
Дразды шуганулі прэч
З чорнай рабіны.
Не знаюць, як люба мне
Бачыць іх баль асенні.
Нарэшце прайшлі
Дажджы — і ў лесе стаіць
Саладжавы дух
Падапрэлага лісця.
Нібы ў астылай лазні.
Як смачна яно
Смокча матчыны грудзі,
Красу й маладосць!
На пероне вакзала.
Перад першай дарогай.
Тонка-п'янлівы
Водар тваіх валасоў
Перагукнуўся
З водарам верасу — тым,
Што нас п'яніў на ўзлеску.
Вось і ў табе ўжо
Бачу адно дабрыню,
Ціхасць і стому.
Як моцна цяпер ты мне
Напамінаеш маму!
Ёсць водападзел
Рэчак і рэк на зямлі —
Воля прыроды!
А ёсць і водападзел
Душ. Чыя ж бы тут воля?
Якая цяплынь —
Якраз пасярод зімы!
Выйшаў на ганак —
I здалося: дыханне
Адталай раллі пачуў.
Зноў быў навёў я
Ідэальны парадак
На сваім стале —
I зноў, дзякаваць Богу,
Перамагае жыццё.
Сэрца не здрахла —
Яму не даюць драхлець
Добрыя людзі:
Раняць і раняць яго.
Дык мабілізуецца!
Як заспяваў ён —
Раптам, на сцежцы лясной,
Летнім світанкам!
Адкуль жа трэба ісці,
Каб гэтак шчасліва пець?
Падалі адвар.
Водар — родны, а чаго —
Пазнаць не магу.
Ці не гэта і ёсць лёс
Беларускай культуры?
Смецце ў космасе
Носіцца па арбітах —
Абломкі ракет...
Гляджу ў сінь нябёс: ну й ну!
I там насмецілі ўжо!
Самы высокі
I самы белы касцёл —
Наш быў, у Гайне.
Заглянеце мне ў душу —
Пераканаецеся.
Так страшна ўявіць,
Колькі я дам аднойчы
Клопату родным, —
Што хай бы я ўлёгся лепш
Дзесь у брацкай магіле.
Да дзеда ў госці
З мамай ідзем — ірвуся
Наперад хутчэй, —
Знаю: за трэцяй гарой
Будзе дзедава вёска.
А быў жа ён — час,
Калі мне здаваліся:
Рачулка — ракой,
Пагорачкі — горамі,
Дзедава слова — Божым.
Белая поўня.
Белы сувой дарогі.
Скора і дома!
Камашы ў адной руцэ,
Куфэрак кніг — у другой.
«Любіць — не любіць...»
Помню, абшчыпваў і я
Белы рамонак.
Забава, а як хацеў
Скончыць пялёсткам «любіць»!
Сон, а забыцца
Не хоча. Дзіўная рэч:
Праходзяць гады,
А ён, той сон пра яе,
Не-не ды і ўспомніцца.
Старыя кнігі...
Наважыў збыць — і не змог:
У кожнай — знакі
Алоўка... Вешкі пуцін,
Якімі ішла душа.
Праз колькі гадоў
Унук мой будзе юнак,
I нейкі мардач
Пагоніць яго ў Чачню...
Лепш сёння загіну я!..
Перад канчынай
Бацька мне скрушна сказаў:
«Вось, паміраю,
А тых, з кімі ўсё жыццё
Змагаўся, стала шчэ больш...»
Як добра было б,
Каб знік страшны цень вайны,
Каб рунь ажыла,
I каб шпакі занялі
Домік, што я ім зрабіў!
Родныя гукі...
З гукаў — родныя словы...
Са словаў — песні,
Казкі, паэмы, драмы,
Жыццё, Радзіма, Народ.
Той, хто праславіў
Бацькаўшчыну — папрасіў
Два метры зямлі,
Каб вярнуцца з чужыны...
З удзячнасці — не далі.
I я зразумеў:
Хоць кінься грудзьмі на дот
За волю Тваю —
I з амбразуры зняты
Не пераканаю іх.
Часцей і часцей
Апынаюся думкай
На тым пагорку,
Дзе мама, сястра і брат.
I камяні. I сосны.
Скора ўжо, скора
Пройдзе, я веру, Гасподзь
Па нашай зямлі.
Толькі патрапіць бы нам
Ступіць у Яго сляды.
Ужо холадна,
Ужо хочацца ў хату
Падацца з двара
I з напаленай грубкай
Павітацца далоньмі.
Гляджу на пусты,
Голы садок. А ў думках:
З кім я? I што я?..
На бязлістай галінцы
Склее забыты яблык.
Музыка лесу
Заўсёды ў душу спакой
Мне навявала.
Што ж гэта сёння так
Хвоі шумяць трывожна?
Між чорных ялін, —
Сонечна-жоўтыя спрэс,
Сям-там бярозы, —
Бы свечкі гараць, каб я
Не заблудзіўся ў нетры.
Вы — маеце ўсё,
А я — толькі вяргіняў
Кустоў дзесятак.
Што ж трэба вам ад мяне?
Даць на развод? Вазьміце!..
Зненавідзеўшы
I прадаўшы ў няволю
Родную мову,
Гэныя дочкі-сыны
Прададуць і Радзіму.
Аж не верыцца,
Гледзячы ў вочы жыццю,
Што колісь і мы
Мелі гонар дзяржаўных,
Свабодных душой, людзей.
Гэтыя возьмуць
Верх ва ўсім і заўсёды,
Бо ў іх вачох —
Тое, чаго не было
У вачох маіх продкаў.
Пад вечар набіў
I сяннік і падушку
Шэптам мурагу,
Водарам спелых зёлак.
Што сёння прысніцца мне?
Рэдкая ўдача —
Сонечны дзень пасярод
Восені чорнай.
Як узнагарода тым,
Хто чакае і верыць.
Уночы яна
Так сырадоем пахла,
Як быццам у ім
Выкупаная была.
Трыумфавала святасць.
Гронкі каліны
Ярка зырчаць на сонцы
Над снежным долам.
Занадта прыгожыя,
Каб не заўважылі іх.
Чаму ты, браток,
Гэтак крычэў на мяне —
Дзіка, сіберна?
Чаму не дае мне Бог
Забыць гэну злосць тваю?
Позна, брат, позна
За локаць сябе кусаць.
Хто ж вінаваты,
Што быў і сляпы, як крот,
I, як дзіця, наіўны.
Мне цяжка вельмі:
Я знаю, што зрабілі
За сотні гадоў
З нашай ліцьвінскай душой
Чужакі-акупанты.
Дзед мой казаў так:
«Якая розніца, хто —
Жандар ці гандляр —
Сядзе на галаву мне?
Скіну — хто б з іх ні ўсеўся!»
Па чым пазнаю,
Што ты — мой брат беларус?
У тваіх вачох —
Наша гісторыя ўся,
Усе дзесяць стагоддзяў.
Вы думаеце,
Што ў вас апраўданне ёсць?
Так думаў і я.
I гэта мой страшны грэх
Перад памяццю родных.
Усё замёрла:
Ні лісток, ні травінка —
Не шалахнуцца.
Бы ў чаканні прысуду,
Што зараз абвесціць гром.
Гадзюка ў дзічы
Скуру змяніла: такі —
Прыроды закон.
Выпаўзла з выпаўзіны
I папаўзла... гадзюкай.
Гэта не праўда
Крычыць у табе, о не!
У праўды, браток,
Вочы — як васілёчкі,
Вымытыя расою.