Крумкач глюгу звесіў
Над згніўшай калодай…
Прысніла Палессе
Мінулыя годы.
Былі тут калісьці
Багнішчы-балоты,
Ў дрыгве прэла лісце,
Асокі, чароты…
Ідзе чалавек там,—
Засмокча смугою,
Са стогнам і крэктам
Загіне з душою.
Звер блукае дзікі
Ў пагоды, ў імжакі,
Гусей дзікіх клікі,
Гадзюкі, вужакі…
Мядзведзь смокча лапу
Ў бярлозе санліва,
Лось высунуў храпу —
Шукае спажывы.
Дзік ходзіць з дзічыхай,
За ім — табун воўчы.
Ўсялякае ліха —
Ў дзень белы і ўночы.
Там-сям човен вузкі,
Нібы дамавіна,
Прасунецца ў грузкіх
Катлінах-багнінах.
Адно з вясной яснай
Палессе ускрэсне,
Спаткае няшчасна
Вясну і прадвесне.
Свой спеў салавейка
Ў галлі адшчабеча,
Аб шчасці жалейка
Гаротна ад'енча.
Скукуе зязюля
Адвечнае ку-ку,
Паліча бабуля,
Ці шмат яшчэ мукаў.
А там зноў магілай
Палессе замоўкла,
Зноў спіць яго сіла
Пад багнай пажоўклай.
А людзі? а людзі? —
Іх мала-нямала,—
Упаўшыя грудзі,
Бяда ўслед навалай.
Між топкіх багнішчаў,
На выдмах пясчаных,
Як на папялішчы,
Рад хат, бы курганаў.
Жывуць людзі ў хатах,
Плятуць сабе лапці,
Каб з торбай у латах
Пайсці жабраваці.
Пад шум бесканечны
Бярозаў і соснаў
Сахой недарэчнай
Аруць пясок млосна.
Іх розум балота
Трымае палонна,—
Красуе цямнота,
Растуць забабоны.
Легенды і казкі
Прыгонных законаў
Паўзуць мохам вязкім,
Багуннем зялёным.
Праз леты і зімы
Паданне йшло ў векі:
— Палешукі мы,
А не чалавекі!