Зашумела, загуло…

I


Зашумела, загуло,

Бы землетрасенне,

На палескае сяло

Найшло утрапенне.

Люду хмара наплыла,

Покліч птушны ўзвіўся,

Небам сіняя імгла…

Скуль яны ўзяліся?

Украінцаў тут гурма

Й старобінцаў нашых

Набрыло, як на кірмаш,

На багнаву пашу.

Безлік хлопцаў-звадыяк,

Дзядзькаў барадатых,—

Пілы вострыя ў руках,

Тапары, лапаты.

Што-та будзе тут цяпер?

«Нічога не будзе!» —

Хітра думалі ў чацвер

Палескія людзі.

А ў нядзелю, чуць зара,

Сякеры запелі,

Ад лапат балот кара

Рвецца ў тошсім целе.

Шум і гоман навакол,

Як на тым ігрышчы,

А лапаты рэжуць дол,

А сякера свішча.

Рыюць людзі топкі торф

У вадзе па пахі,

А у жылах бурліць кроў,—

Багна ім не ў страхі!

Яны знаюць, што ўжо так

Не быць, як калісьці,

Што пакінуць яны знак

Вялікай карысці.

За канавай — як струна —

Новая канаваі, —

Ўсе падобны, як адна,

I злева, і справа.

Спанаваў звярыну страх,

Ад людзей страх гоніць —

Па тарфянні, па карчах,

За гонямі гоні…

На гектары абнялі

Канавамі нетры,

Далей мераць пачалі

Ўжо на кіламетры.

Магістралі прад табой —

Не змераць і вокам,—

Тарфянішча прад сяўбой

Блізкай, недалёкай.

Магістралі, дрэнажы

Шляхі ў багне значаць…

Ой, дарэмна варажыў

Паляшук няўдачу!

Недабачыў паляшук

3 хаты безаконнай

Дзён надходзячых без мук,

Без трудоў прыгонных.

Раскаваў балота з пут,

3 дрыгвы непраходнай

Гераічны вольны люд

Працаю свабоднай.


II


I ляжаць канавы,

Тыя магістралі,

Па іх воды рэчкай

Усё далей, далей…

Бягуць да Арэсы

Сярод яшчэ пустак,—

Цаліной балота

Залягае густа.

Магістралі складна

Шлях працерабілі,—

А йшчэ шмат работы

Чалавечай сіле,

Каб зрабіць прыгоднай

Глебу ў самым дзеле,

Каб на полі роўным

Трактары запелі,

Каб высокі, буйны

На тарфянні чыстым

Зашумеў чаротам

Колас залацісты.

Чакае Палессе

Людзей смелых, жвавых,

Каб прыйшлі і дружна

Ўзяліся за справу.

Рук яно чакае

Новых, гаспадарных,

Спаборнікаў стойкіх,

Брыгадаў ударных.

Яны хутка прыйдуць,

Вогнішчы разложаць,

Да канца балота

3 багны адварожаць.

Бо йдуць чуткі сільна

Па цэлай краіне,

Што адкрыты скарбы

Ў балотнай пустыні.


Загрузка...