Дзея другая

XI

Суд інквізіцыі.


Інквізітар. Прозвішчы?..

Скарына. Францыск, сын Скарынін.

Інквізітар (Адверніку). Тваё?..

Адвернік. Не вялікі гонар знаёміцца. Так што не будзем тыкацца, разам свіней не пасцілі.

Біскуп. Скарыся, раб Божы, Гасподзь міласэрны!

Інквізітар. Трэба думаць не пра міласэрнасць Боскую, а пра паслушэнства яму. (Кату.) Дапытваць да таго часу, пакуль не з’явіцца жаданне пазнаёміцца. (Кваліфікатару.) Зачытайце пастанову святога судзілішча.

Кваліфікатар (зачытвае). «Мы, Боскай міласцю Інквізітар святога судзілішча, уважліва вывучыўшы матэрыялы справы, узбуджанай супраць ерэтыка, які не хоча назваць імя свайго, і ўлічваючы, што ён блытаецца ў сваіх адказах…»

Адвернік. Блытаюся? Я ж яшчэ нават імя свайго не назваў…

Кваліфікатар. «…што ён блытаецца ў сваіх адказах і што маюцца дастатковыя доказы яго віны, жадаючы пачуць праўду з уласных вуснаў яго і з тым, каб больш не зневажаліся вушы суддзяў, пастанаўляем і рашаем прымяніць да зацятага ерэтыка катаванне».

Скарына (да прысутных). Спыніцеся, малю вас!

Адвернік. Кінь, Францыск, прыніжацца. Хіба не бачыш, як чорныя крумкачы паленага мяса чакаюць?

Стражнікі бяруць Адверніка пад рукі, а ён знянацку б’е іх ілбамі адзін аб аднаго і шпурляе на стол святога судзілішча. Кат апускае ланцуг на галаву Адверніка.

Скарына (падхоплівае Адверніка). Юрый!

Адвернік. Нічога, братка. Жылі мы з табой адным жыццём, а смерць у кожнага будзе свая.

Кат валачэ Адверніка ў катавальню. Стражнікі становяцца за спінай Скарыны.

Інквізітар (Скарыне). Пакляніцеся, што будзеце гаварыць толькі праўду!

Скарына. Можаце быць упэўнены, я вас і без клятвы не ашукаю.

Iнквізітар (Кваліфікатару). Зачытайце падсуднаму тэкст клятвы!

Кваліфікатар (зачытвае). «Я, Францыск, сын Скарынін, у навуках вызваленых і лекарстве доктар, клянуся і абяцаю да таго часу, пакуль змагу, праследаваць, выкрываць, садзейнічаць арышту і дастаўцы інквізітарам ерэтыкоў любой асуджанай секты, іх прыхільнікаў, іх памагатых і абаронцаў, а таксама ўсіх тых, пра якіх я ведаю ці думаю, што яны ерэтыкі, у любы час і ўсякі раз, калі выяўляю іх». Падпісвайце!

Скарына. Гэтай мярзоты не падпішу.

Біскуп. Работа на карысць святой інквізіцыі палегчыла б ваша становішча.

Скарына. Хопіць святой інквізіцыі і той ганебнай работы, якую выконвае на яе карысць ваша прападобнасць.

Iнквізітар. Назавіце нам сваіх духоўных настаўнікаў.

Скарына. Усіх назваць ці асноўных?

Інквізітар. У нас ёсць час. Пералічвайце і асноўных і ўсіх.

Скарына. Асноўны — дзяк Мяфодзій з Полацка.

Сенатар. Нездарма кажуць: якія настаўнікі, такія і вучні.

Скарына. Дарэмна спяшаецеся. Сярод маіх настаўнікаў, пан Сенатар, быў не толькі дзяк полацкі, але і кароль дацкі, у якога я меў гонар быць за сакратара. Сярод настаўнікаў любімых я назваў бы Арыстоцеля і Авіцэну, сярод асноўных — Сенеку і Цыцэрона, Галена і Гіпакрата. Добрымі дарадчыкамі былі мне Платон і Пталамей. Сёння сэрца маё належыць Франсуа Рабле і Эразму з Ротэрдама, Томасу Мору і…

Iнквізітар (перапыняе). Ці не занадта вялікае ў вас сэрца, каб умясціць у ім адразу так многа ерэтыкоў?

Сенатар. I ці не знайшлося ў ім месца для Яна Гуса і іншых богаадступнікаў, адлучаных ад царквы і спаленых на кастры?

Скарына. Сэрца чалавечае вялікае. Яно можа змясціць у сабе ўвесь свет.

Біскуп. Суд чакае ад вас раскаяння і толькі таму цярпліва выслухоўвае вашы дзёрзкія заявы.

Скарына. Пра раскаянне я з вамі яшчэ не дамаўляўся.

Інквізітар. Дамовімся, як толькі вызваліцца Кат.

Сенатар. Як вы трапілі ў Італію і чаму?

Скарына. Было б дзіўна абысці край, слава якога грыміць універсітэтамі Балонні, Сіены і Падуі!

Iнквізітар. Слава Італіі ў славе яго святасці Папы.

Скарына. Папы смертныя. Слава ж Італіі ў бессмяротнасці Дантэ Аліг’еры і Мікеланджэла Буанароці, Леанарда да Вінчы і Рафаэля Санці, Петраркі і Бакачыо, Джарджоне і Тыцыяна.

Сенатар. Неверагодна, што ён пляце?! Заткніце яму глотку!

Скарына. Не, неверагодна якраз тое, што Італія спарадзіла не толькі тытанаў розуму і мудрасці, але і кастры інквізіцыі… Італія слухала ўтрапёнага Саванаролу і вальнадумнага Пампанацы. У Італіі знайшоў сваю альма-матэр Мікалай Капернік.

Iнквізітар. Вы і гэтага лічыце разумнікам?

Скарына. Мне заўсёды шчасціла на сустрэчы з разумнымі людзьмі.

Біскуп. Выслухаўшы вас, мы, відаць, не зможам гэтым пахваліцца.

З’яўляецца Нунцый.

Сенатар. Далучаюся да вас, найшаноўнейшы айцец, бо я, як і вы, не магу пахваліцца, што сустракаў многа разумных людзей.

Скарына. «Пяцьдзясят гадоў жыву я на свеце, гадоў трыццаць шукаю разумных людзей і нідзе не знаходжу іх», — сказаў нехта філосафу Эмпедоклу. — «Мой дружа! — адказаў яму Эмпедокл. — Толькі разумныя знаходзяць разумных».

Нунцый (пляскае ў далоні). Брава, доктар Скарына!

Сенатар (нешта з цяжкасцю глытае). Ты, брудны ерэтык, згарыш раней, чым думаеш!

Скарына. Але не раней, чым вы праглынеце апошні кавалак. Інакш святое судзілішча не пачуе ўсёй той праўды, якую я абяцаў, а вы не адолееце адчування голаду.

Сенатар (ускоквае і крычыць). У катавальню яго!!!

Нунцый. Які вы, аднак, нецярплівы, Сенатар. (Да членаў суда.) Рэкамендую ўсім перадыхнуць.

Усе, акрамя Скарыны, выходзяць. Кат прыносіць непрытомнага Адверніка, апускае яго на падлогу.

Кат (спачувальна). Лепш бы не пераносіць. Дурная прыкмета: варта перанесці грэшніка на іншае месца, як ён тут жа памірае.

Скарына (агледзеўшы Адверніка). Вы вырвалі яму рукі?..

Кат (садзіцца на калоду). Я і ногі вырву. I табе вырву… Ды не глядзі ты на яго ногі: якая цяпер ужо розніца — ці я спалю яго па частках, ці адразу? За сябе паклапаціся. Ты думаеш, мне вялікая ахвота расцягваць вас тут ды падсмажваць. Гэты, добра, маўчаў, а іншыя верашчаць, енчаць, галосяць — брыдка слухаць… Мне так здаецца, што і ты спачатку маўчаць будзеш, а пасаджу я цябе на кол ды падцягну разочкі са два, як таго доктара… Калі ерэтык не сазнаўся пасля гадзіннага катавання, значыць, ён надзвычай моцнага здароўя. А залішняя мяккасць… Раз мяккасць, два мяккасць, а там і самога на касцёр пацягнуць… Ты ўжо даруй! На рабоце я. Дарэчы, хлопчыку майму лепш. (Падае Скарыне шклянку вады.)

Скарына. Я вельмі рады… Дзякую вам. (Поіць Адверніка.)

Адвернік (прастагнаў). Францыск, дружа!..

Скарына. Юрый, любы мой! (Прыпадняў, прытуліў да сябе.)

Адвернік. Што ж гэта за суд такі, Францыск?! Гэта ж не святое судзілішча, а зборышча ваўкалакаў. За што ж яны, сыраеды пачварныя, льюць кроў нявінную?.. У нас жа яшчэ пры Вітаўце такіх суддзяў сабакам на корм кідалі. (Пасля паўзы, нібы ў забыцці.)

Пайшоў каток у лясок,

Прынёс каток паясок,

Скарына занепакоена прылажыў руку да лба Адверніка.

Пайшоў каток на ганачак,

Прынёс каток бараначак.

Скарына (тармосіць яго за плячо). Юрый! Што ты, Юрый?!

Адвернік. Не трывожся, Францыск, я так. Сынок мой, Сцяпанка, любіў гэту калыханачку. (Ціха спявае. Яму дапамагае Скарына.)

Пайшоў каток у лавачку,

Прынёс каток булавачку.

З’яўляецца Нунцый, услухоўваецца ў мелодыю.

Пайшоў каток на таржок,

Прынёс каток піражок…

Нунцый. Спяваюць? Кат пад іх дровы рыхтуе, а яны спяваюць.

Скарына (пасля доўгай паўзы). Песні гнеў і ярасць утаймоўваюць, мір і пакой чыняць, смутак і скруху адганяюць, жорсткае сэрца мякчаць і слёзы з яго, як бы з крыніцы, зводзяць.

Нунцый. Слязамі касцёр не пагасіш, доктар…

Адвернік. Мы не са слязамі, мы на касцёр з песняй пойдзем.

Нунцый. Калі Кат языкі не вырве. Дарэчы, пакліч Пісара.

Кат. Слухаю, святы айцец. (Выходзіць.)

Адвернік. Язык можна… Песні з душы не вырвеш.

З’яўляюцца Пісар і Кат.

Нунцый (Скарыне). Пройдуць вякі, пакуль нехта даведаецца пра тое, як вы тут трымаліся.

Скарына. I ўсё ж гэтыя вякі пройдуць. Патомкі нашы…

Нунцый. Патомкам доўга давядзецца чакаць, таму паслухайце самі. (Пісару.) Зачытайце!

Пісар (зачытвае пратакол). «Ерэтык, не назваўшы свайго імя, тройчы быў падцягнуты на дыбе і не войкнуў. Тады Кат прычапіў да яго ног калоду і падцягнуў ерэтыка зноў. Яго рукі выскачылі з суставаў, а жылы так расцягнуліся, што калода лягла на падлогу. Але ён толькі заскрыгатаў зубамі. Тады Кат падсунуў яму пад ногі жароўню з вуголлем. Калі ступні задымелі, ерэтык пачаў успамінаць маці…»

Кат. Успомніў маці, успомніць і сваё імя…

Пісар. Справа ў тым, святы айцец, што ён успамінаў не сваю, а вашу маці…

Скарына ўсміхаецца.

Нунцый (нічога не зразумеў). Не прыкідвайцеся, доктар, што вам не страшна.

Скарына (вельмі сур’ёзна). Не адчуваць страху не ўласціва чалавеку, а не ўмець пераносіць пакуты не да твару мужчыне.

Нунцый. Сёння я яшчэ магу дапамагчы вам, заўтра — не. Падпісвайце, доктар. I не шукайце прыгожай смерці.

Скарына. Прыгожая смерць здольная звязаць сучаснае з мінулым і будучым, ганебная — ніколі!

Нунцый. Шкада. Вельмі шкада, што ваш друг з-за вас будзе паміраць доўга і непрыгожа.

Адвернік. Пра што гэта ён, Францыск?

Скарына. Нунцый чакае нашай здрады.

Нунцый. Не будзе здрады, памраце і вы, доктар. Выбірайце, пакуль ёсць магчымасць.

Скарына і Адвернік спяваюць калыханку. Вяртаюцца ўсе ўдзельнікі суда. Стражнікі прысланяюць Адверніка да сцяны.

Працягвайце!

Iнквізітар. Ерэтык Скарына, як аднёсся Лютэр да таго, што вы выдалі сваю Біблію?

Скарына. Не ведаю, як Лютэру, а мне прыемна, што я яго апярэдзіў.

Сенатар. Вы, бадай што, апярэдзіце яго і на кастры.

Скарына. Можа стацца і так, толькі нас гэта не парадніць.

Інквізітар. Вы парушылі догмат і пастановы сусветных хрысціянскіх сабораў і аддрукавалі кнігі Бібліі не ў тым парадку, які прызнаны кананічным.

Адвернік. Ну дык складзі іх перад сабой у кананічным парадку, і справа з канцом.

Інквізітар (крычыць). Маўчаць!

Кваліфікатар. Найцяжэйшае злачынства ерэтыка ў тым, што ён выдаў Святое Пісанне нават не на стараславянскай мове, а на мове нейкага дзікага племя.

Адвернік. Самі вы дзікуны.

Стражнік заціскае Адверніку рот.

Інквізітар. Як вы пасмелі пайсці на гэта кашчунства?

Скарына. Толькі з тае прычыны, што народ мой не дзікі, а мова яго з’яўляецца мовай яго дзяржавы. На ёй мы гаворым і спяваем, на ёй чытаем і пішам, ёю карыстаюцца суддзі і летапісцы, на ёй ствараецца Статут Вялікага Княства Літоўскага — адзін з першых кодэксаў у Еўропе. У роднай песні, у роднай мове, у пісьменстве праяўляецца разумная прырода чалавека. Чужая нам лаціна не можа даць цэльнасці і натуральнасці мыслення. Без роднай мовы чалавек нямы і сляпы.

Сенатар. Да такога кашчунства не дадумаліся ні Эразм, ні Томас Мор, ні сам Лютэр!

Скарына. Сапраўды, гэта так. Мая Біблія, пасля чэшскай, будзе другой у свеце, зробленай на мове майго народа. Даруйце, але ў мяне не было часу чакаць, пакуль да гэтага дадумаюцца іншыя.

Iнквізітар. Цяпер святыя суддзі пераканаліся, што ерэтык друкаваў свае кнігі ў саюзе з д’яблам.

Адвернік. Ну і ёлуп! Перад табой жа не проста кнігі. Перад табой жа Біблія! I чаго б варта была Біблія, калі б на ёй стаяў подпіс д’ябла! I дзе вы знойдзеце такога д’ябла, які ўзяўся б за пераклад і выданне Бібліі.

Інквізітар дае знак — стражнікі выцягваюць Адверніка ў катавальню і вяртаюцца на свае месцы.

Інквізітар. Хто былі вашы памочнікі?

Скарына. Адгарніце вокладку любой з дваццаці трох выдадзеных мной кніг Бібліі, і вы пераканаецеся, што я зрабіў гэта адзін.

Біскуп. Як вы смелі зрабіць гэта без дазволу?!

Скарына. «О век! О літаратура! Прыемна жыць і непрыемна было б яшчэ адпачываць!» — усклікнуў ваш зямляк Ульрых фон Гутэн, трымаючы ў руках першую нямецкую друкаваную кнігу. Чаму ж святое судзілішча адмаўляе ў праве майму народу мець сваю друкаваную кнігу?..

Інквізітар. Вас так натхніў фон Гутэн, што вы пайшлі на страшнейшае святатацтва і ерэтычную дзёрзкасць.

Скарына. На гэта мяне натхніў наш зямляк і знакаміты вучоны Кракаўскага ўніверсітэта Ян з Глогава. А яшчэ быў у мяне абавязак перад Фіёлем Швайпольтам — першадрукаром славянскім у Кракаве. Я пакляўся Яну здзейсніць яго мару — пераклаў Біблію на родную мову і тым самым прадоўжыў друкарскую справу Фіёля.

Інквізітар. Ці раскайваецеся?

Скарына. Не! I ў няшчасці застаюся верным клятве.

Iнквізітар. Ці было вам вядома, што ў 1492 годзе інквізіцыйная калегія забараніла Фіёлю друкаваць і распаўсюджваць кнігі?

Скарына. Якраз таму я і пакляўся прадоўжыць яго справу.

Біскуп (крычыць). Ты д’ябал! Ты горш за нізкадушнага Мюнцэра! Толькі той плебейскі верхавода знаёміць сваіх перахрышчэнцаў з тэкстам Бібліі.

Скарына. А чаму б людзям і не ведаць, што пішацца ў Бібліі?

Iнквізітар. Таму, што Біблія занадта цвёрды арэшак для міран і разуменне яе патрабуе пасрэдніцтва царквы.

Скарына. Пасрэднік не спатрэбіцца, калі простыя людзі самі авалодаюць кніжнай прамудрасцю.

Iнквізітар. Тайны рэлігіі не павінны быць даступны ўсякаму, патрабуе Папа, але тым толькі, якія могуць іх разумець так, каб вера не пацярпела ад гэтага.

Скарына. I вы і ваш Папа баіцеся, каб Біблія трапіла ў рукі простых людзей. Ім жа адразу кінецца ў вочы неадпаведнасць паміж тым, што прапаведуе Хрыстос і што робіце вы ў сваіх цэрквах і такіх вось катавальнях.

Інквізітар (Кваліфікатару). Назавіце іншыя злачынствы ерэтыка.

Кваліфікатар. Іх шмат, святы айцец. Але асноўнае ў сцвярджэнні, нібыта кніга Бібліі «Юдзіф» не святымі прарокамі створана, а «найпервей, — як ён піша, — от летописцев написана ест».

Інквізітар. Ці адракаецеся ад ерасі гэтай?

Скарына. Не, бо то ісціна!

Кваліфікатар. Ерэтык ставіць пад сумненне стварэнне Госпадам свету нашага з нічога. Ён сцвярджае, што з нічога нічога не бывае.

Інквізітар. Ці адракаецеся ад ерасі гэтай?

Скарына. Не сцвярджаю, але і не адракаюся. Загадка гэта над розумам людскім.

Кваліфікатар. Ерэтык у сваіх прадмовах цытуе многіх цароў, дзяржаўцаў і філосафаў і ў той жа час нават не ўпамінае айцоў царквы.

Скарына. Прызнаю гэты грэх, хоць і не раскайваюся.

Кваліфікатар. Запаветы Гасподнія падаюцца ерэтыком не ва ўстаноўленай паслядоўнасці.

Інквізітар. Ці адракаешся ад ерасі гэтай?

Скарына. Не бачу граху, бо ўсе запаветы пералічаны. Нічога ж, напрыклад, не зменіцца, калі нехта з вас памяняецца месцамі, скажам, з Катам.

Кваліфікатар. Ерэтык прапаведуе роўную свабоду ўсім, роўнае ўладанне ўсіх. Ён сцвярджае, што Гасподзь Бог на добрых і на праведных напускае беды і немачы, а злым і несправядлівым дае шчасце і здароўе.

Iнквізітар. Ці адракаешся ад ерасі гэтай?

Скарына. А хіба тое, што я з другам маім аказаліся перад судом вашым, не пацвярджае маёй думкі?

Кваліфікатар. Ерэтык патрабуе адмаўлення ад багацця, а гэта гучыць абвінавачаннем царквы і свецкай улады.

Скарына. Адзінае багацце прызнаю я: чыніці добрыя справы і ў іх багаціціся.

Інквізітар. Чаму вы сталі доктарам медыцыны, калі Кракаўскі ўніверсітэт рыхтаваў вас для служэння Богу і царкве?

Скарына. Я рашыў паслужыць яшчэ і людзям. З чаго лепш мы можам пачаць, як не з нашай агульнай прамаці прыроды, — падказаў мне Цыцэрон.

З’яўляецца Нунцый і садзіцца ўбаку.

Біскуп. Вы паганіце храм прыроды! Вы ідзяце за д’яблам, доктар!

Скарына. Я іду за Галенам і Авіцэнай. Храм прыроды — мой храм і мая лабараторыя.

Сенатар. Ён хоча сказаць — трупярня, дзе расчляняе нябожчыкаў.

Скарына. Перад спальваннем сваіх ахвяр вы расчляняеце іх жывымі.

Сенатар. Мы робім гэта, каб пасля смерці душа ерэтыка не ўз’ядналася з целам яго. А вось вы з якое прычыны рэжаце трупы і капаецеся ў шлунні нябожчыкаў? Цікава, што вы там шукаеце?

Скарына. Я высвятляю, ці можа тое, што знаходзіцца ў чалавечай галаве, мяняцца месцамі з тым, чым запоўнены страўнік.

Сенатар (здзекліва). Ну і як?

Скарына. Мяркуючы па вашым пытанні, можа.

Нунцый рагоча. Яго падтрымліваюць астатнія.

Нунцый. Брава, доктар.

Прычына смеху даходзіць і да Сенатара.

Сенатар (істэрычна). Я патрабую паклікаць Ката! Мае вушы змарыліся слухаць здзекі і блюзнерства гэтага мярзотніка! (Падавіўся, кашляе.)

Нунцый (да членаў судзілішча). Пакіньце мне ерэтыка, а самі падсілкуйцеся чым Бог паслаў. Сенатара я б пакінуў без абеду.

Сенатар. А чаму вы так вырашылі?

Нунцый. Каб не здарылася перамяшчэння… Няхай ужо лепш будзе пуста і тут (мацае за лысіну) і ў страўніку. (Рагоча.)

Усе смяюцца і выходзяць.

Значыць, доктар, вы жадаеце стаць святым мучанікам? Вы марыце аб цярновым вянку? Вы шукаеце славы?

Скарына. Я хачу шчасця свайму народу. Хачу, каб ён знайшоў яго не праз кастры і шыбеніцы, а праз асвету, навуку, розум і мудрасць. Мая мара — грамадства справядлівасці, дзе пануюць мір, згода і законнасць. Глыбока перакананы, што месца чалавека пад сонцам павінна вызначацца не яго радавітасцю ці веравызнаннем, а розумам, энергіяй, ведамі і жаданнем быць карысным агульнай справе. Я шукаю гармоніі і дасканаласці ў чалавеку, грамадстве, у свеце. Веру ў чалавека, веру ў яго добры, разумны пачатак. Мудрасць чалавека, розум чалавека ёсць маці ўсіх добрых спраў і настаўнік усякаму добраму ўменню. Абавязак мудрых людзей уз’яднаць Арыстоцелеву і жыццёвую мудрасць.

Нунцый. Мудрасць даецца нам Богам, каб пазнаць Бога, а вы рашылі выкарыстаць яе на тое, каб разбэсціць паству.

Скарына. Мая дзяржава…

Нунцый (перапыняе). Дзяржаў многа, Бог адзін. I мы, яго верныя слугі і воіны, зробім усё, каб вера, як і Бог наш, стала адзінай.

Скарына. Адукацыя, вучонасць, кнігі, а не саюз цэркваў і рэлігій з’яднаюць народы.

Нунцый. Цяпер зразумела, чаму ў вашых прадмовах не сказана пра каталіцкую царкву і веру ні адзінага добрага слова.

Скарына. У маіх прадмовах не ўхваляецца ні адна царква і вера, але і не ганьбіцца ніводная. Бог адзін, а веры розныя. Вы пазнаяце Бога, я яшчэ хачу пазнаць веру і людзей. Мне здаецца, што навука і багаслоўе пайшлі рознымі шляхамі, бо ў іх рознае ўяўленне аб ісціне. Можа, духу разумнасці святой суджана іх уз’яднаць?..

Нунцый. Што яшчэ за дух такі?

Скарына. Дух дабра, чалавекалюбства, справядлівасці, ісціны, подзвігу, самаахвярнай любові да Айчыны.

Нунцый. Інтарэсы сваёй Айчыны вы ставіце вышэй за інтарэсы Бога, царквы і веры?

Скарына. Іменна таму на маёй зямлі за найбольшае злачынства самая цяжкая кара — выгнанне з Радзімы.

Нунцый. Найвышэйшы закон — Закон Божы, і найвышэйшая кара — кара Гасподняя.

Скарына. Найперш за ўсё закон, правы пісаныя, ёсць закон прыродны, усім людзям ад Бога дадзены. Ён напісаны ў сэрцы адзінага і кожнага чалавека. Ён дадзены яму Богам разам з розумам і свабоднай воляй — то чыніць усім іншым, што самому люба ад усіх іншых мець, і таго не чыніць іншым, чаго сам не хочаш ад іх мець. А вы сябра майго і тысячы іншых без суда і дазнання ў магілу зводзіце.

Нунцый. I вы і ваш друг абвінавачваецеся ў ерасі.

Скарына. Абвінаваціць можна і невінаватага, але выкрыць — толькі вінаватага. Асуджэнне ж невінаватага — ёсць асуджэнне саміх сябе.

Нунцый. Я не веру, доктар, што ваша ўпартасць сведчыць аб вашай сіле. Ці вы згодзіцеся на саюз з намі, ці наша суровасць прывядзе да выніку, якога чакае ад нас Бог.

Скарына. Злоба нараджае горшую злобу. Хто ўзяў нож — ад нажа і загіне. Не забывайце пра гэта, святы айцец.

Нунцый. У такім разе суд і Кат прадоўжаць сваю работу. (Выходзіць.)

Вяртаюцца ўсе ўдзельнікі суда і займаюць свае месцы.

Кваліфікатар. Святое Пісанне ерэтык малюнкамі спаганіў. I толькі за гэта заслугоўвае спальвання.

Скарына. Тады і Папа Рымскі заслугоўвае таго ж, бо ён дазволіў Мікеланджэла размаляваць Сіксцінскую капэлу. Мае ж малюнкі ў кнігах змешчаны для таго, каб дзеці малыя і людзі простыя, чытаючы, маглі лепей разумеці.

Сенатар. У вашых малюнках вялікі не Бог, а чалавек!..

Скарына. Гэта не самае горшае ў іх.

Сенатар. I тое, што будаўнікі храма ў вас апрануты ў што папала, таксама не самае горшае?

Скарына. Што ў каго было, тое той і апрануў.

Сенатар. А твары?! (Гартае кнігу.) Вось! У малюнку «Стварэнне свету» ў абліччы Бога, няхай даруе мне Усявышні, няма ніякай святасці, а падпяразаны хітон падобны на звычайны сялянскі армяк. Уся фігура Бога Айца, няхай даруе мне Усявышні, амужычана. Што Бог, што чалавек — ніякай розніцы!

Скарына. Я рызыкнуў на гэта толькі таму, што ў нас нават на Масковіі Андрэя Рублёва за гэта не папракалі. I Бог — чалавек, і чалавек — Бог.

Сенатар. А што вы зрабілі з царом Давідам? Ён жа ў вас падгуляў на мужыцкай папойцы. Ён жа ледзьве на нагах трымаецца!

Скарына. Прызнаю! Давід у мяне, здаецца, крыху перабраў.

Біскуп. Што яму Давід? Ён сябе тройчы намаляваў у Бібліі! Тройчы!!!

Скарына. А чаму гэта вас так устрывожыла? Я ж сябе намаляваў, а не вас.

Інквізітар. Калі б вы, акрамя гэтага, не зрабілі супраць царквы і веры нічога іншага, то і тады вас трэба спаліць тройчы.

Скарына. Спачуваю вам, але спаліць мяне вы можаце толькі адзін раз. Кніжкі ж мае разышліся па ўсім славянскім свеце. I хоць свет гэты вялікі, аднак і кніг нямала.

Iнквізітар. Жыццё ў вас адно. Адракайцеся ад грахоў сваіх! I тады пасля смерці душа ваша злучыцца з целам. У адваротным выпадку цела ваша яшчэ пры жыцці будзе разарвана на часткі…

Скарына. Смерць для чалавека — нішто, вучыць Эпікур, бо, калі мы існуем, смерць яшчэ не прысутнічае, а калі смерць прысутнічае, тады мы не існуем. Тым больш мае рацыю Эпікур, калі справа жыцця ў асноўным здзейснена. Я зрабіў усё, што дазволілі мне мае здольнасці.

Iнквізітар (узрываецца). «Я», «мае здольнасці», «мая праца», «мае кнігі», «мой народ», «избранный муж»! Колькі амбіцыі, колькі гонару?!

Скарына. А чаму б мне і не сказаць пра сябе з годнасцю?! Чаму б не падпісацца пад сваёй працай з гонарам: «Доконана ест сия книга… повелением, працею и выкладом избраннаго мужа, в лекарскых науках доктора Франциска, Скоринина сына с Полоцка…» I чаму б не ганарыцца тым, што з пачуццём уласнай годнасці я змясціў партрэт свой у кнізе, зробленай уласнымі рукамі?! Перад вамі не разлютаваны палеміст, не пустэльнік, не апантаны фанатызмам прарок. Перад вамі той, хто хоча зліць у адно дабрату, розум і мудрасць. I намер гэты не ад маёй амбіцыі і не ад слабасці нашай. Не, панове інквізітары! Іншыя насталі часы! Пераможана мангольская навала на Усходзе! Абломлены клыкі сабакагаловым рыцарам, і не саступіць са сваіх граніц Белая Русь на Захадзе! Захлынуліся славянскай крывёю татары і туркі на Поўдні. У служэнні свайму народу, роднаму краю бачыў я сваё прызначэнне. Спадзяюся, што мой народ не будзе абвінавачваць мяне ў нясціпласці. Я аддаў яму, што мог, і перад судом вашым ні ў чым не каюся.

XII

Келля. Позні вечар. З’яўляецца Гусоўскі.


Мануэла (з-за шырмы). Вы сёння так рана, святы айцец? (Выглядвае, напалохана.) Хто вы?

Гусоўскі. Сеньёра, дзеля ўсіх святых, не палохайцеся!

Мануэла (выходзіць з-за шырмы, зашпільваючы гузікі). А я і не палохаюся, калі ты такі смелы.

Гусоўскі. Тым лепш! Прыміце ад мяне, сеньёра, з любоўю вось гэтыя маністы. (Прымервае падарунак, цалуе Мануэлу, заўважае кнігі Скарыны і сутану Нунцыя.)

Мануэла перахоплівае позірк Гусоўскага.

Мануэла. Нунцый дапытвае ерэтыкоў.

Гусоўскі. У такім выпадку спяшацца не будзем. (Здымае плашч і шпагу.)

Мануэла знікае за шырмай. Гусоўскі хутка надзявае сутану Нунцыя, наверх накідвае свой плашч і, прыхапіўшы шпагу, знікае.

Мануэла (з-за шырмы). Колькі ж цябе можна чакаць?.. (Выходзіць з-за шырмы амаль без вопраткі, здзіўляецца.)

З’яўляецца Нунцый.

(Нунцыю, капрызна.) Колькі ж цябе можна чакаць?..

Нунцый. Справы, дзіця маё, справы. (Распранаецца.)

XIII

Лютэр у сваім пакоі. З’яўляецца Эльза.


Эльза. Да вас сястра Мануэла.

Лютэр (устрывожана). Мануэла?! Сама?!

З’яўляецца Мануэла. Эльза выходзіць.

Чаму сама? Хто дазволіў?

Мануэла. Вы ж самі сказалі, калі нешта незвычайнае здарыцца, самой прыбягаць. А толькі што нейкі дзівак забег — Нунцый якраз ліцвінаў дапытваў, — маністы падарыў, мімаходзь пацалаваў і збег. Я так і не зразумела, што яму трэба было.

Лютэр. Русінаў, кажаш, дапытваў? Цікава, як яны там?

Мануэла. Маўчаць, як каменныя. А Нунцый злы, як сабака. Учора суд скончыўся. Заўтра ноччу іх душыць будуць… I калі вы ўжо мяне да сябе возьмеце? Ад Нунцыя казлом нясе, дыхаць няма чым!

Лютэр. Прадыхаеш! Прыйдзе час — вазьму. А цяпер ідзі. Казёл прачнецца, а цябе няма пад бокам.

Мануэла выходзіць. Уваходзіць Эльза.

Эльза. I што толькі Нунцый знайшоў у гэтай лахудры!..

Лютэр (хмура). У кожнага нунцыя свой густ. (Прыхінуў да сябе Эльзу.)

XIV

Суд інквізіцыі.


Інквізітар (да суддзяў). Панове суддзі! Угаворы нашы словам Божым, як вы пераканаліся, не змаглі скіраваць ерэтыкоў да хрысціянскай набожнасці. Каб паршывыя авечкі не заразілі ўсё стада, каб спакуслівы прыклад не пашкодзіў усёй хрысціянскай абшчыне, каб нас не спасцігла кара і гнеў Божы, мы, па пільным абмеркаванні абставін, пераходзім да прыгавору. Прывядзіце другога падсуднага.

Пісар выходзіць і вяртаецца з Катам. З’яўляецца Нунцый.

Кат. Найшаноўнейшыя суддзі! Пасля таго як я заняўся ім, ён, здаецца, памірае.

Інквізітар. Тым больш ён павінен быць тут.

Стражнікі цягнуць ледзьве жывога Адверніка.

Нунцый (Скарыне). Вы ўсё-такі загубілі яго. А маглі выратавацца абодва. (Кваліфікатару.) Працягвайце!

Кваліфікатар (чытае). «Мы, пайменаваныя па міласэрнасці Божай асобаўпаўнаважанымі святым прастолам, прызваўшы імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і яго славутай Маці Дзевы Марыі, прыйшлі да наступнага прыгавору: асуджаем і аб’яўляем доктара Францыска, Скарыніна сына, русіна, і яго саўдзельніка, імя свайго не назваўшага, і якія не пакаяліся, настойлівымі, непахіснымі, упартымі і зацятымі ерэтыкамі. Мы адлучаем вас ад нашай святой веры і царквы, міласэрнасці і літасцівасці якой вы аказаліся недастойнымі. Мы перадаём вас свецкаму суду, каб ён пакараў вас належнай карай. Звыш таго загадваем, каб ад гэтага часу ўсе кнігі Францыска Скарыны, якія знаходзяцца ў святой службе і ў будучым трапяць у яе рукі, былі б унесены ў спіс забароненых кніг, публічна разарваны і спалены на плошчы. Ды будзе так, як мы сцвердзілі».

Нунцый. Амін.

Суддзі выходзяць.

Скарына. Ты праклінаеш мяне, Юрый?

Адвернік. З чаго ты ўзяў?

Скарына. Я загубіў цябе…

Адвернік. Кінь дурную гаворку, Францыск. Ты мяне папярэджваў. Я ведаў, што твая справа небяспечная.

Скарына. Даруй, дружа!

Адвернік. Не трэба. Ты не вінаваты. Я сабе дараваць не магу, што Маргарыту з сабой узяў… Сцяпанку асірацілі. Пагнала ж нас нялёгкая праз Нямеччыну! А думалася, у Вільні паперню паставім, станкі друкарскія справім, з Масквою сувязь наладзім. I загудзе справа кніжная… Такая няўдача! Такая прамашка!

Скарына. Што б там ні здарылася, а тое, што мы пачалі, не спыніцца. Максім Грэк адзінай надзеяй жыве — на Маскве друкарства распачаць. Найстаршы бургамістр Вільні Якуб Бабіч кніжнай справай загарэўся. Князь Канстанцін Астрожскі вялікі міласнік друкаванай кнігі. Не памрэ наша справа. Юрый! Не павінна!.. Толькі б Пётра з Маргарытай выратаваліся.

Адвернік. А нашы зараз да зубрыных ловаў рыхтуюцца. Сапраўднае паляванне на сапраўднага звера… I няма нічога больш справядлівага, як сысціся з ім адзін на адзін.

Скарына (чытае па памяці).

Што да мяне, то сваё паляванне і ловы

Адпаляваў я. Адзіная ўцеха ў самоце —

Жыць успамінамі. Думкай ляціш быстракрылай

Ноччу і днём на радзіму, у памяці сеці

Вабіш той час незабыўны, што некалі ў нетрах

Родных лясоў разгубіўся, і кліч — не даклічаш…

Што ў іх, тых закліках? Час улавіць немагчыма.

Гонішся, смертны, за страчаным часам, прыстанеш,

Не даганяеш, бо што прамінула — не вернеш.

Гэты пясок-плывунец высыпаецца ў вечнасць.

Адвернік. Маргарыту дарэмна з сабой узяў.

Скарына. Хто ж ведаў. Любіць яна цябе надзвычайна, вось і не засталася дома.

Адвернік. Відаць, што любіць.

Скарына. А ты хіба сумняваешся?

Адвернік. Якія сумневы. Як даведалася, што да цябе еду, на хвіліну не адышла. Не возьмеш, кажа, з сабою, памру ад скрухі. Узяў… і загубіў!.. Францыск, братка, ты разумны, добры, але ты сляпы. Маргарыта любіць цябе. Яна толькі прызнацца сабе не можа…

Скарына. Так не бывае, Юрый!

Адвернік. Бывае! Я перад смерцю кажу табе: бывае! Ты будзеш шчаслівы, калі захочаш. Сын у мяне, Сцяпанка… Яму бацька трэба. Падтрымай Маргарыту, Францыск!..

Скарына. Я застануся з табой.

Доўгая паўза.

Адвернік. Пераказаў бы ты мне, Францыск, як там у Гусоўскага пра смерць зубра напісана…

Скарына. Можа, я перакажу што-небудзь іншае?

Адвернік. Не, Францыск, пра смерць хачу.

Скарына. Не трэба, Юрый.

Адвернік. Таму, хто памірае, не адмаўляюць. Пра зубра, пра паляванне, Францыск… (Пасля доўгай паўзы.) Як жа мы трапілі з табой, Францыск, у загон, з якога няма выйсця?.. Нам заўтра на касцёр… Францыск! Ратуйся, як зможаш, і… і не пакінь Маргарыту.

Скарына. Мужайся, дружа.

Адвернік. Не дзіва?! У гэтым свеце стала не дзіва, калі людзі паляць людзей. Людзі паляць людзей!!!

З’яўляюцца Кваліфікатар і Кат.

Кваліфікатар. Настаў час пра Боскае пагаварыць… Ну як яно, доктар? Аб чым думаем? На што спадзяёмся? Пра што марым?..

Скарына. Пра ўдасканаленне чалавечай прыроды мару…

Адвернік. Не дарабіў Бог чалавека. Вось ты хіба чалавек?

Кваліфікатар. Пра смерць, пра смерць думаць трэба.

Скарына. Дарэмна жартуеце. Роздум пра смерць і пазнанне самога сябе ёсць найвышэйшая мудрасць.

З’яўляецца Нунцый. Кваліфікатар і Кат выходзяць.

Нунцый. Найвышэйшая мудрасць — пазнаць Бога і дасягнуць Яго міласэрнасці. А заклік да апраўдання чалавечага розуму — гэта выклік Богу, царкве і веры! Вы запалілі свой факел ад агню старажытных мудрацоў і хочаце кінуць яго нам пад ногі, каб выклікаць пажар вальнадумства і ерасі. Вы замахнуліся на самыя догмы Святога Пісання.

Скарына. Догмы застануцца догмамі. Розум чалавека — усяму вяршыня. Ідэя асветы і чалавекалюбства, можа, найгалоўнейшая з усіх ідэй, якія нараджаліся ў чалавецтва за ўсе тысячагоддзі яго існавання. Толькі пры дасканалым чалавеку — дасканалая дзяржава і грамадства. Вось чаму чалавек-мудрэц павінен быць прасякнуты духам святой разумнасці і філасофіі.

Нунцый. Ці не вы з’яўляецеся ўзорам такога мудраца і дабрадзея?

Скарына. Калі няма нікога іншага, я гатовы быць першым…

Нунцый. Не, доктар, вы памрэце не ад сціпласці. (Заве.) Майстар, падыдзі сюды!

Кат. Слухаю, святы айцец! Хіба зноў падкруціць? Толькі ўсё адно дарэмна. Мне ўжо трапляліся русіны. Такі народ, як кажа брат Іахім…

Нунцый. Я вырву твой доўгі язык! I адсяку рукі, калі ты дакранешся яшчэ да доктара Скарыны! А вам бы, доктар, пара ўжо і згадзіцца. Друкавалі б нашы кнігі на сваёй мове і для свайго народа, жылі б сабе ў славе і дастатку. Здалася вам тая Белая Русь…

Скарына. Здалася… Можна памяняць пастыра, але не Радзіму.

Нунцый. Майстар, займіся ты імі нарэшце як належыць! (Выходзіць.)

Кат. Загубіў ты свайго друга, а маглі выратавацца абодва. Хоць пакуль чалавек жывы, ён ніколі не павінен траціць надзеі.

Скарына (іранічна). Працытаваў Сенеку Кат святога судзілішча. Якое кашчунства над сапраўдным розумам…

Кат. Калі наведае цябе гора, агляніся наўкола і суцешся: ёсць людзі, доля якіх яшчэ цяжэйшая за тваю.

Скарына (здзіўлена). Вы і Эзопа ведаеце?

Кат. Тут працуючы, пра каго хочаш наслухаешся. А многія на сценах пішуць. (Дае сарочкі.) На смерць гэта… А Кваліфікатара таксама некалі спаляць… Як і мяне, між іншым…

Адвернік. Як цябе дагэтуль зямля носіць?

Кат. Не крыўдуй на мяне, добры чалавек. Работа ў мяне такая…

Скарына. А чаму спаляць Кваліфікатара?

Кат. Грошы любіць. Сяброў прадае. Задуменны стаў. А калі задуменны, то спаляць.

Адвернік. Ну, цябе, відаць, і агонь не возьме?

Кат. Чаму не возьме?

Адвернік. Ты — каменны.

Кат. Гэта толькі здаецца. Мне і вас шкада. Думаеце, у Ката дык і сумлення няма? Кат вам — дык і не чалавек? А пакаяліся б, і мне лягчэй. Тых, што пакаяліся, мы тут душым з міласэрнасці Божай. А калі на касцёр, як зацятых, то горш. На вуліцу выходзіць увесь горад. На ерэтыка кожны павінен плюнуць ці ўдарыць. А бывае, што іншы цэліць у ерэтыка, а плюе на мяне. Усе рагочуць, галёкаюць, а я пад балахонам плачу. Тут у катавальні не паплачаш. А пад балахонам адводжу душу. Добра, што вашаму брату рот завязваюць. Тут ужо не папросішся і не пажалішся. А вочы просяць… Ой, як страшна просяць вочы. I я вас малю: вы на мяне тут глядзіце, колькі хочаце, а там не трэба. Я вам за гэта сухіх дроўцаў падрыхтую, саломкі. Бывае, што ад дыму захлынаюцца адразу. А калі захлынуўся, тады ўжо лягчэй. Бывае два віды кары: у адным выпадку спальваюць, — гэта прасцей, а ў другім — ерэтыка спачатку жывога разрываюць на часткі абцугамі, — гэта горш. Абцугі награюцца і пякуць пальцы.

Адвернік. Бедны Кат! Ты ўжо беражыся! Як жа яны без тваіх залатых рук?..

Кат. Яны без рук не будуць. (Праз паўзу.) Пайду піва прынясу. Люблю пасядзець з пацыентам на развітанне. (Выходзіць.)

Адвернік. Францыск… Вазьмі мой крыж, Францыск, а мне аддай свой. Пабратаемся. (Мяняюцца нацельнымі крыжамі.) Рад я, брат мой, што не пахіснулі яны моцнага духу твайго. Не сагнулі непаклоннай галавы! А тут падумаць сорамна — канчаецца маё доўгацярпенне.

Скарына. Трымайся, брат мой, ужо не доўга…

Адвернік. Пэўна, і Маргарыту і Пятра недзе катуюць… Францыск, ты сказаў ім усё, што хацеў… Можа, зараз пакаемся… для прыліку… каб лягчэй памерці… каб не плявалі… я ўжо не кажу пра абцугі…

Скарына. Мы памрэм не першыя і не апошнія. I не смерць наша ім патрэбна. Рукамі і сумленнем нашым авалодаць хочуць, каб павярнуць на сваю карысць і на шкоду славянскаму брацтву. За святое паміраем, дружа.

Праходзіць Iахім і непрыкметна кідае Скарыне пакуначак. Той разгортвае яго.

Скарына (чытае). «Гэта атрута. Падсыпце яе ў піва Кату. Калі ўсё будзе скончана, я выведу з турмы таго з вас, хто…»

Адвернік (пасля паўзы). Чытай далей, Францыск…

Скарына маўчыць.

Чытай, дружа, і ратуйся, калі ёсць магчымасць. Я той з нас, хто сам не выйдзе. Ці ж не так там напісана?

Скарына. Так! Але я цябе не кіну!

Адвернік. Заві Ката! Не марудзь! Ратуйся! Ты жыць павінен! Сцяпанка жыць павінен! Справа наша жыць павінна!

Скарына. Я не здолею загубіць чалавека.

Адвернік. Чалавека?! Чалавек жа забіў мяне!..

Адвернік памірае.

Скарына (крычыць). Эй! Эй! Хто там ёсць?! Паклічце Кваліфікатара.

Уваходзіць Кат з куфлямі піва.

Кат. Малайцы! Так многія: пакутуюць да апошняга дня, а перад кастром каюцца. I вам добра, і мне лепш заплацяць. (Скарыне.) А вас яшчэ і доктарам пры мне ў катавальні пакінуць могуць. Я калі ўваходжу ў смак, ерэтыкі да кастра паміраюць. Тут без доктара нельга. (На Адверніка.) А яго — не! Яго спаляць! (Ставіць куфлі з півам і вывозіць Адверніка.)

Уваходзіць Кваліфікатар.

Кваліфікатар. Клікалі?..

Скарына (падае Кваліфікатару пакуначак.) Забярыце гэта назад і труціце сваіх катаў самі.

Кваліфікатар чытае запіску.

Кваліфікатар. Знаёмая рука. Ай, Джавані, Махмуд, Іаан, а мог бы яшчэ пажыць… (Скарыне.) А можа, усё ж атруцім Ката? (Выходзіць.)

Скарына (пасля паўзы чытае па памяці).

Вось і прыйшлі мы. Цяпер уявіце паляну.

Зубр на паляне стаіць нерухомы, як быццам

Роздуму поўны над светам і зменлівым лёсам…

Варта — прагон на засоў, — і пайшло паляванне!..

Коп’і і пікі шыбнулі лаўцы, і ўпілася

Сталлю булатнай у цела звярынае зброя…

Ярасць кіпіць унутры, наліваюцца бельмы

Чырванню мутнай, і кроў то цурком, то па кроплях

Сочыцца з поўсці, і пеняцца свежыя раны…

(Надоўга замаўкае, нібы пагружаецца ў сон.)

З’яўляюцца прывіды Максіма Грэка, Мікалая Каперніка, Томаса Мюнцэра.

Грэк. Суровы час. Мы таксама захлынаемся ад злобы ўладароў і цемры натоўпу.

Скарына. Хто — мы?

Грэк. Я, Максім Грэк, і браты твае па духу.

Капернік. Я, Мікалай Капернік.

Мюнцэр. Я, Томас Мюнцэр.

Скарына. У чым жа віна ваша?

Капернік. Мы апярэдзілі свой час, якім пакуль кіруюць жорсткасць і цемра.

Мюнцэр. Я пераходжу ад слоў да мяча! Усёй маёй камуне павінна належаць улада мяча!

Капернік. Мой меч скіраваны супраць ворага знешняга — магістра крыжаносцаў Альбрэхта.

Мюнцэр. Марцін Лютэр схіляе магістра Альбрэхта прыняць яго вучэнне.

Грэк. Магістр Альбрэхт шукае саюза з вялікім князем маскоўскім, каб развязаць сабе рукі супраць Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага.

Капернік. Калі я ўзначаліў абарону Варміі ад тэўтонскага разбою, у нас была магчымасць разграміць ордэнскую Прусію і назаўсёды пазбавіць славянскія народы ад пагрозы крыжакоў. Але наш кароль Жыгімонт не дае ў крыўду пляменніка Альбрэхта і тым самым даруе жыццё Ордэну. Нерашучасць Жыгімонта выкарыстаў імператар Карл V. Ён кінуў супраць нас многія тысячы наймітаў. Баязліўцы і здраднікі з Альштынскага капітула пакінулі мяне ў асаджаным замку. Толькі жменька верных воінаў усяляе ў мяне надзею…

Мюнцэр. Альбрэхту дапамагае і Папа Рымскі, і Лютэр. Я падніму народ супраць Рыма і супраць Лютэра. У гэтым свеце павінна ўзяць верх справядлівасць, аднолькавая для ўсіх людзей.

Грэк. Магістр Альбрэхт выступае пасрэднікам у перагаворах Папы з вялікім князем маскоўскім. Пасля падзення Візантыйскай імперыі страцілі спакой іх святасці. З нахабствам бязмежным яны пераконваюць князя Васілія прызнаць над сабой уладу заходняй царквы, за што і абяцаюць «святой» уладай сваёй дараваць маскоўскаму князю каралеўскі тытул… Шчаслівы я, што не без маіх старанняў вялікі князь Васілій Іванавіч дастойны даў адказ Папе. Дзякуй Богу, уразумеў гасудар, што аб’яднанне з Рымам — няволя для Масковіі, не лепшая за татарскую.

Капернік. Горш за ўсё баюся я, каб рэлігійная свара не прывяла да ўпадку культуры, каб не заняпала навука — гэта самае дарагое для чалавека. Прадчуваю жах набліжэння рэлігійнай вайны і неверагодныя пакуты народаў. Прадбачу ў сувязі з гэтым здзічэнне Цэнтральнай Еўропы. Але спадзяюся, што розум і мудрасць прымусяць варожыя бакі быць больш прадбачлівымі перад тварам смерці і спусташэння.

Мюнцэр. Вольна злодзею, калі праціўнік яго абяззброены.

Грэк. Русь прыпадабняю да ўдавіцы, акружанай ільвамі, мядзведзямі, ваўкамі і лісіцамі. А таму ганьбую тых, хто, уладу трымаючы, прыцясняе слабых. Ім жа ў навуку раскрываю небяспечную сутнасць іудзейскага злавер’я, элінскага нявер’я, лацінскай ерасі… Калі ж загіну, то ахвярай сваіх перакананняў. Сабе ж у апраўданне ворагі нашы прыпішуць нам свае памылкі. Прыйшоў час раскідваць каменні, прыйдзе час каменні збіраць.

Скарына. Ты апошні, Максім, хто пакіне мяне. Не рабі гэтага, пакуль не паведаеш пра нашы кніжныя справы. Мы за іх з другам маім на касцёр ідзём…

Грэк. З радасцю вялікай убачыў я, што багаты свет міласнікамі кніжнай граматы. А змяніць букву кніжную страх вялікі. На Маскве паміраюць за адзіную літару «аз». Баючыся лжэвучэння, айцы царквы глядзяць на друкарскую справу як на справу д’ябла. I першая мая спроба пацярпела няўдачу. Але радасць мая ў тым, што друкаваныя кнігі венецыянца Альда Мануцыя, што я прывёз з сабой, захапілі многіх, і асабліва вялікага князя Васілія. Пасля гэтага ён міласціва адкрыў перада мной царскую бібліятэку, у якой я знайшоў незлічонае мноства грэчаскіх кніг і рукапісаў, не перакладзеных яшчэ на славянскую мову. Па волі гасудара распачаў я работу гэту з перакладу Псалтыра.

XV

Ноч. Карчма. За рознымі сталамі сядзяць Лютэр з Эльзай. Нунцый з Мануэлай. Лютэр спінай да Нунцыя.


Нунцый. Вы не любіце Папу, я не люблю вас.

Лютэр. Любіце, не любіце. Я люблю Германію і да вас прыйшоў не на рамонках варажыць.

Нунцый. Мы ворагі, і нам няма пра што гаварыць!

Лютэр. Калі двум разумным ворагам пагражае трэці, яны, гэтыя двое, павінны стаць яшчэ разумнейшымі. Я сказаў бы, мудрэйшымі.

Нунцый. Пакуль я вас не разумею.

Лютэр. Аддайце мне Скарыну пад залог, пра які я вам ніколі не напомню.

Нунцый. Гэта ўжо занадта! Папскі прастол не прадае сваіх ворагаў сваім ворагам.

Лютэр. Навошта ж ворагам? Мы падорым яго нашаму агульнаму другу магістру Альбрэхту, які, як і мы з вамі, не хоча не толькі чацвёртага Рыма, але і больш за нас з вамі робіць для таго, каб не з’явіўся трэці. Гэта найлепшым чынам скампраметуе Скарыну. I на каго б ён пасля гэтага ні працаваў — на мяне, на вас ці на Альбрэхта, — карысць будзе Вялікай Рымскай імперыі германскай нацыі. Трымайце задатак, святы айцец. (Перадае капшук з грашыма. Бачыць Іахіма. Здзіўлена.) Іахім?!

Іахім. Джавані я, ваша светласць. Джавані.

Нунцый. Не здзіўляйцеся, калега. Ён шпіёніў для вас з майго дазволу.

Лютэр. Які мярзотнік!

Іахім. У кожнага святога свой мярзотнік, ваша светласць. (Да Нунцыя.) Ёсць падставы меркаваць, што каля вас, святы айцец, з дазволу пана Лютэра таксама нехта шпіёніць. (Глядзіць на Мануэлу.)

Нунцый (да Лютэра). У такім разе мы спалім яе на вашых дровах.

Лютэр. Згодзен, калега, калі разам з Іахімам. Танней абыдзецца для інквізіцыі — цяпер у Германіі дровы ў цане.

Нунцый. Брава, рэфарматар! Можна і разам. Чаго не зробіш у імя дружбы.

Лютэр. Таму і спадзяюся, што нашага ворага мы падорым нашаму другу.

Лютэр, Эльза і Мануэла выходзяць. Нунцый звяртае ўвагу Іахіма на Кваліфікатара, які падслухоўваў размову, і перадае яму яд.

Нунцый. Дарагому госцю, якому мы заўсёды рады.

Іахім высыпае яд у збан з півам. Гэта бачыць Кваліфікатар і падыходзіць да Іахіма.

Іахім. О-о! Пан Кваліфікатар! Дарагому госцю, як кажа яго светласць, мы заўсёды рады.

Кваліфікатар. Я таксама рады, Джавані, Іаан, Ісаак і як цябе там яшчэ… (Паказвае пакуначак з атрутай і запіску, якія атрымаў Скарына.) Панюхай, Джавані, ці не пахне паленым?

Iахім. Вы мой почырк добра ведаеце…

Кваліфікатар (ласкава). Ай мярзотнік!

Іахім. А чаму б мне і не быць мярзотнікам?.. Даруйце, жартую…

Кваліфікатар. За такія жарты ты ў мяне на кастры згарыш!

Іахім. Ну што вы ўсё пра гарачае. (Налівае піва.) Ахаладзіцеся. Тут такі жарт: павярнуся я ў гэты бок — вам смерць, павярнуся ў гэты — мне будзе смерць. Бо я маю намер пазычыць Скарыну ў інквізіцыі на некалькі дзён. У мяне ён скажа, дзе золата.

Кваліфікатар (рагоча). А мне здалося, што ты не там дурняў шукаеш.

Іахім. Табе правільна здалося. (Забівае Кваліфікатара нажом і пакідае за сталом.)

Уваходзіць Кат.

Кат. Ну і ёлуп! Я пра золата русінаў-ліцвінаў казачку расказаў, а ты, як блазнота, вушы растапырыў.

Iахім. Ты лепш ідзі адсюль, a то…

Кат. А вось гэтага якраз не трэба. Плаці за грахі свае.

Іахім перадае Кату капшук з грашыма, налівае піва.

Iахім. Zum Wohl![18]

Кат. Zum Wohl! (Адпівае піва і падае мёртвы.)

Іахім. Бедны Кат! Яму б яшчэ жыць ды жыць…

Уваходзіць Нунцый.

Асірацелі мы з вамі, ваша светласць. Кваліфікатар памёр, а з Катам памылачка выйшла. (Гладзіць Ката па галаве.)

Нунцый. He перажывай! Яны абодва дрэнна працавалі. Цяпер ты будзеш катам. (Выходзіць.)

Iахім (праз паўзу). Катам дык катам.

XVI

Катавальня. На падлозе ляжыць Адвернік, каля яго сядзіць Скарына. Уваходзіць Іахім. Надзявае фартух і капюшон ката.


Iахім. Катам дык катам — чым не работа. А там — паглядзім…

Уваходзяць Нунцый і два манахі. Іахім прыкланяе калена.

Прыступаю да работы, ваша светласць.

Манахі бяруць Іахіма пад рукі. Гэта юнакі пры шпагах. Нунцый скідае мантыю. Гэта Гусоўскі. У яго руках шпага. Іахім ускрыквае. Скарына бачыць сяброў.

Гусоўскі (на Іахіма). Тваё слова, доктар?..

Скарына. У помсты вочы пустыя і сэрца жорсткае. У прыроджанага ж закону сутнасць у тым, каб рабіць з другім чалавекам так, як бы ты хацеў, каб рабілі з табою.

Гусоўскі. Да гэтага часу ты так і не пераканаўся, што не ўсе людзі чалавекі?!

Скарына. Гэта мой прынцып, Мікола.

Гусоўскі (Іахіму). Жыві!.. Такі прынцып у доктара Скарыны…

Юнакі ўсаджваюць Іахіма ў крэсла для катаванняў. Гусоўскі кідае на яго мантыю Нунцыя. З’яўляюцца Маргарыта і Мсціславец.

Маргарыта. Юраська, родны! Што яны з табою зрабілі?! (Убачыла Скарыну.) Ён памёр?! Францыск, ён памёр?!!

Скарына. Так жа прыгожа, як і жыў.

Усе падыходзяць да рампы. Апускаецца заслона. У руках Скарыны і Гусоўскага свяцільнікі.

Мсціславец. А мы дамоў едзем… Мы дамоў едзем без цябе…

Маргарыта (рэчытатывам).

Пайшоў каток у лясок,

Прынёс каток паясок…

Скарына (прыхінае да сябе Маргарыту). «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають».

Гусоўскі (чытае па памяці).

Боская Маці, Прачыстая Дзева Марыя…

О, заступіся за нас! Праз любоў к Чалавеку

Бацька наш Бог і абраў цябе сам, і паставіў

Першай заступніцай люду, і ты заступіся!..

Стань загародай на бітых шляхах і гасцінцах,

Вартай памежнай між воляй народаў і рабствам…

Дзе небяспека і смерць, і няхай вінаватых

Так пакарае няўмольнаю ўладай закону,

Каб паслядоўнік, стырна не ўпускаючы ўлады,

Нашую зброю скрыжоўваў са зброяй варожай

Толькі за праўду, са шчырай адданасцю справе

Мужа дзяржаўнага вёў каравелу дзяржавы

I праз хаос, і праз штормы жахлівага часу!


Заслона

Загрузка...