Аркадзій Натанавіч (28.08.1925, Батумі — 12.10.1991, Масква) і Барыс Натанавіч (15.04.1933, Ленінград — 12.11.2012, Санкт-Пецярбург) Стругацкія — савецкія і расейскія пісьменьнікі, клясыкі сучаснай навуковай і сацыяльнай фантастыкі. Большасьць твораў напісаная імі ў суаўтарстве. Кнігі Стругацкіх былі перакладзеныя на шмат моваў, сярод расейскіх фантастаў яны бясспрэчна зьяўляюцца найбольш вядомымі.
Кніга «Населены востраў», напісаная ў 1968 годзе, належыць да сэрыі «Сьвету Полудня». Гісторыя публікацыі кнігі была даволі складанай. З-за патрабаваньняў савецкай цэнзуры першая публікацыя сур’ёзна адрозьнівалася ад пачатковага рукапісу. У 1991 годзе быў выданы аўтарскі варыянт, найбольш блізкі да арыгіналу.