Калі непрыемнасці пачынаюцца з раніцы – значыць, гэта будуць вялікія непрыемнасці.
Палова на сёмую. Гарадок пусты. Я іду па праезнай частцы, бо на гэтай вуліцы, якая сцелецца ўздоўж высачэзнай сцяны-агароджы калоніі, няма ходніка. Цёмна-шэрая, амаль чорная ад вільгаці стужка асфальту бяжыць уніз, да скрыжавання. Там цяпер міргае жоўтым святлафор. Ад святлафора прайсці паўсотні крокаў – і вось ён, светла-шэры будынак пракуратуры. А далей шаша перакульваецца цераз скрыжаванне і пачынае ўздымацца ўверх, зноў нырцуе ўніз і ўпіраецца ў сучасны будынак царквы з чорнымі купаламі.
Заўсёдны бомж ля трох смеццевых кантэйнераў педантычна перабірае іх змесціва. Яго я бачу штораз толькі са спіны, ён ніколі не паварочваецца на мае крокі. Робіць сваю справу бязгучна, нават шкляныя бутэлькі дастае і пакуе ў свае торбы без адзінага дзінькання. На бамжы добра зношаныя, але чыстыя джынсы, велікаватыя. Чырвоныя красоўкі на нагах, моладзевыя. Шэрая куртка з капюшонам, які цяпер насунуты на галаву. Куртка, відаць, падабаецца бамжу, бо яна адна застаецца на ім вось ужо колькі месяцаў, ад зімовых халадоў. Штаны і абутак ён мяняе, як зносяцца ці забрудзяцца. Бомж не зважае на людзей, а для мяне ён стаўся прадметам вуліцы, бы нейкі дадатковы антураж да кантэйнернай смеццевай пляцоўкі.
Вартавы на вышцы ў куце агароджы, высока над зямлёй, стаіць у драўляным акенцы, плечуком і галавой прыціснуўшыся да вушака. Расплюшчвае вочы на мае крокі, глядзіць лянотна і абыякава і зноў заплюшчвае іх – яму хочацца спаць… Проста над акенцам будкі ашчэрылася вастрыямі спіраль калючага дроту, якая мацуецца над высокай агароджай, і я зноў думаю пра тое, што калі з той вышкі глянуць удалеч праз сярэдзіну спіралі, бы праз трубу, дык пабачыш якраз вялікі чорны купал царквы з жоўтым крыжам. Але ж не будзеш прасіць вартавога, каб зірнуў і праверыў…
Гэты вартавы і тое, што я іду па правай частцы дарогі да пракуратуры, адно і пераконваюць: прайшло больш за дванаццаць гадзін. І хоць цяпер гэтак жа хмурна і шэра, як было надвячоркам, гэтак жа бязлюдна і мярцвяна ціха, учарашні вартавы на вышцы быў не сонным, а я ішоў у другім напрамку. Значыць, цяпер не ўчора, а сёння…
Адзін дзень падобны да другога, ранкі не розняцца ад надвячоркаў, начэй без зорак. Мне здаецца, такое надвор’е—пахмурнае, без дажджоў, іншым разам з мокрым пылам у паветры – было тут заўсёды і будзе заўсёды. Некалькі сонечных цёплых дзён, калі цвілі вішні, здаліся кароткімі і сарамлівымі, прамільгнулі, быццам іх і не было, нібыта школьніцы-выпускніцы прабеглі тратуарам, свецячы вакол сябе незагарэлай маладой скурай высока адкрытых ног.
Не, я не злуюся на надвор’е, мне быццам усё роўна, але я здзіўлены, што вельмі доўга яно трымаецца вось такое: ціхае, шэрае і не халоднае. І адначасова дзіўлюся сам з сябе праз тое, што я дзіўлюся надвор’ю. Хіба раней я звяртаў на яго ўвагу? І ці задумваўся: чаму так, а не іначай? Было разоў колькі, калі нечаканая непагадзь магла сапсаваць нашую студэнцкую вылазку на прыроду, але мы заўсёды мелі на такі выпадак запасны варыянт у выглядзе якой сядзібы. А вось цяпер на мяне неяк цісне, мякка, але няўмольна ахутвае лёгкай незразумелай тугой нашая штодзённая шэрасць…
Мне спадабаўся райцэнтр пасля тлумнага Мінска: варта выйсці на працу ўсяго на паўгадзіны раней – і табе ніхто не сустрэнецца наперадзе, ніхто не будзе даганяць ззаду. Нечакана для сябе я зрабіў адкрыццё: тут можна пабыць самотным без асаблівых высілкаў. Увесь горад жыве паводле аднаго вялізнага нябачнага будзільніка. Праз хвілін трыццаць-сорак з’явяцца першыя аўтамабілі, пасля – веласіпедысты, потым тратуары пачнуць запаўняцца мінакамі. А пакуль – цішыня, адно мае крокі. Вечарамі ў нейкі момант вуліцы імкліва пусцеюць, цішэюць, нешматлікія пары-тройкі моладзі ў пагусцелай шэрасці, якая глушыць гукі, брыдуць з аддаленых куткоў у цэнтр – там іх месцы тусоўкі, там некалькі ліхтароў і лавы ў ценю…
Яшчэ мяне прывабіў правінцыйны гарадок сваім адчуваннем прасторы. Тут няма старых вуліц жыдоўскай забудовы, дзе дарогу шырынёй толькі каб аўто праціснуцца падпіраюць сцены дамоў, і ты ідзеш міма акон, бы які злодзей – на адлегласці выцягнутай рукі ад пакрытых пылам шыбаў. Вуліцы прыватнай забудовы ў райцэнтры шырокія, ад краю дарогі да хат – добры дзясятак метраў. Няма ў гарадку і сучасных вышэзных дамоў, вузкіх двароў. Тут самы высокі шматпавярховік – на пяць паверхаў, двары проста велічэзныя, у сталіцы на такой плошчы яшчэ б тры-чатыры гмахі ўціснулі. І таму тут прывольна. Нават аўтамабілям хапае месца. Праз самы кароткі час пасля мінскай таўкатні і даўкі да цябе вяртаецца адчуванне тваёй асабістай прасторы, амаль фізічнае адчуванне, і людзі вакол таксама заўважаюць яе. Тут усе быццам маюць асаблівы зрок, бачаць воблака твайго працягу вакол цябе. І нават калі падыходзяць на вуліцы, спыніўшы, – не парушаюць, не разрываюць гвалтам нябачную тваю абалонку і берагуць сваю. І ты таксама не лезеш нахабам у чужы свет, нават калі перад табой твой сябар.
Хаця, па праўдзе, сяброў у мяне тут пакуль няма. У пракуратуры я не толькі самы малады, але, бадай, усім магу дацца ў сыны па ўзросце. Хіба акрамя сакратаркі Зіначкі, трыццацітрохгадовай крэпенькай жанчыны невысокага росту з завялікімі для яе танкарысага твару пульхнымі грудзьмі.
…Тэлефон у кішэні ўздрыгвае, непрыемна, са штучнай бадзёрасцю гучыць у ранішняй застыласці электронная мелодыя. Трэба выбраць іншую…
Тамара! Хваляванне разганяе думкі: што здарылася? Ведаю я свае абавязкі, вось і выйшаў раней… Надзвычайнае нешта? Не, не можа быць… Нават калі здарылася забойства, Тамара наўрад ці пачне турбаваць за паўтары гадзіны да пачатку работы. Бо куды спяшацца? Калі недзе труп – дык пачакае, не збяжыць жа…
Трупаў у нас год ад году па-рознаму. Калі не лічыць «недапалкаў» – аматараў пакурыць п’янымі ў ложку, абгарэлыя косткі якіх пасля знаходзяць у тых жа ложках, – такіх да дзесяці за год бывае. А па крымінальнай частцы – тры-чатыры. П’яныя бойкі… І сын бацьку, і сужыцелька мужыка, і між сабой сябры-таварышы не падзеляць чаго, як перап’юць. Хаця, калі ўзняць справы хоць бы пяцігадовай даўніны, хапае і сапраўдных трагедый. Ды вось два гады таму жанчына мужа былога – касой і ў калодзеж. Не анекдот, так і было: якраз прынёс сусед наклёпаную касу – ёй і шмарганула па шыі мужыка, калі той прылёг у двары на лаўцы адпачыць пасля няўдалае спробы гвалтавання. Расследаваць, па сутнасці, не было чаго: калі з сухога калодзежа суседняга закінутага двара пачало смярдзець мярцвячынай, жанчына прызналася ва ўсім. Запісваў яе паказанні, старонка за старонкай паўставала перада мной яе жыццё, і не верылася, вось далібог, не верылася, каб дэградацыя чалавека (то я пра яе былога мужа кажу) магла праходзіць з такой неймавернай хуткасцю… З жанчынай, якую цікавіла цяпер толькі адно – будучыня дачкі, падоўгу размаўляла сама Тамара. Пасля выкурвала ў сваім кабінеце па дзве цыгарэты запар.
– Законы… Законы! – выгуквала яна, страсала попел так, што той ляцеў ва ўсе бакі ад попельнічкі. – Сістэматычна збіваў, двойчы гвалтаваў пасля разводу ўжо, зневажаў прылюдна, апошні раз збіў і амаль згвалтаваў на вачах дванаццацігадовай дачкі, – а нельга кваліфікаваць яе дзеянні станам афекту!
Так, нельга было. Тым больш пасля таго, як адхрыпеў і заціх мужык, яна разам з дачкой зацягнула труп на суседскі падворак і перакінула ў высахлы калодзеж. Яшчэ і галлём зверху прыкінула… Жанчына сядзела ў маім кабінеце, не жанчына, а бясполая істота з толькі адным жывым інстынктам – мацярынскім, бы і не чалавек ужо, і сам я злаваўся немаведама на што: жанчыне цяпер трэба доктар, сапраўднае лячэнне, а яе чакае зона гадоў на дзесяць…
«Дзясятку» яна і атрымала, але праз паўгода ўнеслі змяненні ў азначэнне таго самага стану афекту. Ніколі раней не бачыў такой радаснай Тамары:
– Я даўно казала, даўно: стан афекту можа быць выкліканы шэрагам падзей, разнесеных у часе, і доўжыцца не хвіліны, а дні і тыдні! Дайшло да іх, нарэшце! Гэтулькі жыццяў скалечылі!
Яна сама вярнула справу жанчыны-забойцы на паўторны разгляд у суд. І жанчыну вызвалілі на судовым працэсе.
Чамусьці менавіта той выпадак згадваецца мне між позіркам на высвечаны нумар і націсканнем кнопкі адказу.
– Слухаю, Тамара Сяргееўна.
– Васіль, ты ідзеш? – хрыпата пытае пракурор.
– Іду, Тамара Сяргееўна! – асцярожна адказваю я, імкнуся па тоне ўгадаць прычыну нечаканага званка. – Дзесяць хвілін – і буду.
– Ага, давай… Не пужайся, усё добра… Я тут сяджу, чакаю… заходзь да мяне адразу.
На душы лягчэе. Ну і цудоўна. А чакае… ну, няхай пачакае. Галоўнае – голас спагадлівы і дадала, што ўсё добра. Наша Тамара не з тых начальнікаў, якія хаваюць камяні за пазухай. Калі што не па ёй, яна не будзе выбіраць час і месца, трымаць нешта на ўсякі выпадак. Сказала не пужацца – значыць, учорашняе застолле не нясе для мяне непрыемнасцяў.
Калі мне паведамілі, што накіроўваюся следчым у пракуратуру, якую ўзначальвае жанчына сарака пяці гадоў, асаблівых эмоцый у мяне не ўзнікла. Бо жанчыны-пракуроры – даўно вядомая практыка. І, як сведчыла неафіцыйная статыстыка, ступень іх сцярвознасці ніколькі не пераўзыходзіла ступень ссучанасці мужчын-пракурораў. Карацей, як пашанцуе, то і з жанчынай-начальнікам можна жыць, а як не – дык не…
Мне пашанцавала. Тамара Сяргееўна, ростам вышэй за сярэдні, худая бы дошка, амаль без грудзей, з худым скуластым тварам, глыбока запалымі вачыма і тонкімі, злёгку падфарбаванымі вуснамі, падстрыжаная, як на мой густ, вельмі коратка для жанчыны, пры знаёмстве мне не ўсміхалася, але пасля кароткага запрашэння прысесці і такога ж аднаслоўнага загаду добра зачыніць дзверы палезла ў свой невялікі сейф і выцягнула адтуль пачатую бутэльку каньяку.
– Сядай, – зусім па-хатняму стомлена запрасіла яна (быў канец працоўнага дня), дастала з шуфляды два стограмовыя кілішкі, нейкія занадта старыя, з зялёнага шкла, расшыраныя дагары, з выкручастым узорам па краях. Наліла па траціне, кіўнула: – Бяры, не саромся. У нас тут па-простаму.
Паводзіны пракурора, яе знешні выгляд нечакана выклікалі ў мяне асацыяцыю з некалі прачытанай гісторыяй пра царыцу Тамару. Як выявілася, такое было не толькі ў мяне, таму ў пракуратуры Тамару Сяргееўну за вочы так і клікалі, нязвычна па імені – Тамара, быццам падкрэслівалі кароткім зваротам уладнасць і вялікаснасць асобы гэтай жанчыны.
Выпілі, яна тут жа закурыла (вялікая цяжкая попельніца з зялёнага шкла займала на яе стале такое ж пачэснае месца, як і перакідны каляндар) і паўтарыла:
– У нас тут па-простаму. Калі будзеш даносіць – пачынай адразу, вось табе і першы факт, – без усмешкі кіўнула яна на бутэльку. – Будзеш свалачыць – вылічу і выкіну. Тут толькі адна сволач можа жыць – я сама. Мужчынам не дарую аднаго – калі ратуюць сваю скуру, топячы іншых. Астатняе можна зразумець. Налівай цяпер сам…
І насамрэч, у пракуратуры адносіны былі дастаткова простымі і празрыстымі. Першую праверку на вашывасць я прайшоў ужо праз тыдзень: у маім кабінеце выпівалі, ужо не помню з якой нагоды, усім складам. Мне патлумачылі два простыя правілы: першае – выпіваць будуць заўсёды ў кабінеце самага малодшага, другое – прыбіраць пасля выпіўкі дазволена толькі раніцай і толькі гаспадару кабінета. Калі першае было дастаткова зразумелым, то слушнасць другога я дапяў, калі назаўтра прыйшоў за гадзіну да пачатку работы, адчыніў фортку і стаў прыбіраць. Дарэмна было ўспамінаць, як і калі так атрымалася, але ж на факсе тэлефанаграмы ляжалі некалькі скрылікаў падсохлага сычужнага сыру. Учора яны б дакладна апынуліся разам з дакументам у сметніцы. Шукаў бы потым…
Заскочыў у свой кабінет, адчыніў фортку: смурод з сумесі тытунёвага дыму, гарэлкі, часночнай каўбасы (яе чамусьці вельмі паважаюць у пракуратуры) і яшчэ не разабраць чаго быў густым, хоць па сценках размазвай. Прымкнуў дзверы і пайшоў на другі паверх да Тамары. Як і думаў, яна сядзела за сваім сталом і курыла. Заўважыла мяне, махнула рукой – прычыні дзверы, нахілілася і дастала бутэльку.
– Кажуць, не станеш алкаголікам, пакуль не навучышся піць адзін, – казала яна, наліваючы ў тыя самыя шклянкі з узорам па краях. – Безумоўна, гэта глупства, але ж вось не магу адна. А пахмяліцца трэба… Старая стала зусім, колькі там учора выпіла, а галава як цэбар, і ў роце страшна… Бяры!
Мы выпілі, Тамара пасунула мне попельніцу.
– Ты справу па трупеню-тапельцу закончыў? Тое, што яна пачала размову са справы, падказала: патэлефанавала яна не толькі з жадання пахмяліцца разам.
– Закончыў, – кіўнуў у адказ. – Заключэнне паправіць крыху…
– Паправіш… – Тамара паказала позіркам на бутэльку: – Давай яшчэ па адной… і больш не будзем. Выклікала кіроўцу, паедзем зараз…
– Трупень?
– Ён самы… Ты так і жывеш без дзеўкі? – неспадзявана спыталася Тамара.
– Ды неяк часу на іх няма, – адмахнуўся я.
– Ну, вось і пазаймаешся, – без усмешкі пажартавала Тамара. – Каб не забыўся, як баба выглядае… Вясковую маладзіцу, 27 гадоў, знайшлі голай на ячменным полі. Як табе?
– Ого! – здзівіўся я. – Цікава… А дзе такія жарсці?
– Ляўдок… Ведаеш?
– Не давялося пакуль пабыць…
– Дваццаць кіламетраў па трасе, крыху ўбок. Была вёска сярод лесу, засталося некалькі хат жывых… Але ж гадоў восем таму нехта першы аблюбаваў сабе хатку пад дачу. Ну і панеслася. Хоць ніяк не зразумею, дзе там цікавае: лес ды поле. Рачулка – вераб’ю па калена. Але факт: сёння там невялікі дачны пасёлак; праўда, дамкі сціплыя… Збіраюцца, адпачываюць, памідоры-трускалкі…
Завібраваў тэлефон на стале, Тамара зірнула, ціснула кнопку і коратка адказала: «Чакай».
Сама наліла яшчэ па колькі ў чаркі.
– Кіроўца прыехаў… Ты скажы, як мы на ўмоўнасцях пападаемся… От кажуць: трэба тры выпіць. І спыняцца на дзвюх ужо і няправільна, супраць нечага ідзеш… Давай, і чайнік уключы. Кавы пап’ём. Аператыўнікі выехалі паўгадзіны таму… Зараз, адзванюся ім…
Праз паўгадзіны мы ўязджалі роўнай лясной дарогай у вёсачку Ляўдок. Нас сустрэў ля першай хаты ўчастковы, мужчына гадоў сарака, з вялікім пукатым жыватом, мажны, амаль лысы. Фуражку ён трымаў у руцэ, не стаў яе надзяваць, калі мы прыпыніліся. Лысіна ягоная была ў дробных кропельках, хоць дажджу не было, роўнае шэрае неба ўзнялося вышэй.
– Добрай раніцы, Тамара Сяргееўна, – павітаўся ён.
– Здароў, Тумар, – адказала пракурор. – Добрыя ты нам раніцы падганяеш… Гэта мой следчы…
– Ведаем, ведаем, – участковы моцна паціснуў мне руку, і яго далонь, насуперак майму прадчуванню, была сухой і шурпатай.
– Далёка яшчэ? – пацікавілася Тамара.
– Тут пешкі трэба, метраў пяцьсот, Тамара Сяргееўна, – завінаваціўся ўчастковы, быццам ён адказваў за тое, дзе цяпер знаходзіцца труп.
– Аператыўнікі там?
– Там… Чакаюць…
– Чаго чакаць? – у спіну ўчастковаму, які павярнуў на сцяжынку ўздоўж агарода, строга спытала Тамара. – Мамку?
– Ды там… там пабачыце, Тамара Сяргееўна, – незразумела адказаў участковы, але Тамара, на здзіўленне, пытанняў задаваць не стала. Мабыць, доўгая практыка падказвала: калі нечага чакаюць – так, значыць, і трэба.
– Забітая – мясцовая, з вёскі, – казаў, гучна заглытваючы паветра, участковы. – Жыла з бацькам, той зусім стары, даглядала. Не замужам, 27 гадоў. Працавала санітаркай у бальніцы. Нідзе не была заўважана, ціхая, нават дзікая. Ды яны з бацькам жылі… асобна ад усіх. Труп пабачыла першай гаспадыня поля, іх суседка, старая баба.
Выйшла да ветру за хлеў – ляжыць.
Спыніліся.
Тры аператыўнікі стаялі, як мне падалося, у крыху разгубленым чаканні, на мяжы ячменнага поля. Бліжэй да нашай мяжы, метраў за дзесяць ад яе, сярод невысокіх тонкіх парасткаў ячменю на жываце ляжала жанчына. Левая рука выкінутая далёка наперад, правая сагнутая ў локці, адведзеная крыху назад. Правая нага сагнутая ў калене, левая – выцягнутая. Твару не відаць, галава павернутая на левую руку. Чорныя валасы, кароткая стрыжка. Маладое, дужае цела быццам раптоўна застыла ў кароткім перадыху.
– Не дапаўзла, – услых агучыла маю думку Тамара. – А што здарылася яшчэ, чаго стаіцё, не працуеце?
– Ды вось… – кіўнуў на труп начальнік крымінальнага вышуку. – Слядоў няма. Учора бабця паскародзіла ячмень.
І ўжо разам з намі, невядома ў каторы раз некалькі пар вачэй пільна ўглядваліся ў ляжачую жанчыну і лапік зямлі вакол. Да яе і назад ішоў толькі адзін ланцужок слядоў – кагосьці з аператыўнікаў. А больш – нідзе ні слядочка. Пабаранаванае поле з парасткамі было роўненькім, як кантрольна-следавая паласа на дзяржаўнай мяжы.
– Ну не з неба ж яна ўпала, – раздражнёна запярэчыла Тамара – яна заўсёды раздражнялася, калі чамусьці не магла знайсці тлумачэння, – і пачала абыходзіць труп па коле на вялікай, у некалькі метраў, адлегласці.
– Няма слядоў… – ужо без здзіўлення і раздражнення канстатавала яна, калі вярнулася на месца. – Што скажа мой малады геній вышуку? – спытала без усмешкі.
– Трэба… вынесці труп на мяжу… пасля фатаграфавання, – прапанаваў я. – Са слядамі потым разбяромся.
– Ага, разбяромся, – пагадзілася Тамара, дастала цыгарэты. – Хлопчыкі, прымайцеся за справу… Першы раз пачынаю з нейкай чартаўні, – Тамара выдыхнула дым. – А якая крамяная дзеўка, га, Васіль? Чаму забіваюць прыгожых?
Яна не чакала адказу, дый што я мог адказаць? Што не абавязкова прыгожых? Розных бачылі…