Наўрад ці сёння хоць адзін звычайны чалавек падазрае, наколькі ён наіўны ў сваіх жаданнях мець асабістае, быццам бы схаванае ад іншых жыццё.
Насця Грыцук была зарэгістраваная толькі ў адной сацыяльнай сетцы, дакладней, на сайце знаёмстваў. У гісторыі браўзера больш не знайшлося ніякіх анлайн-сэрвісаў. Як я і спадзяваўся, пароль быў захаваны ў браўзеры, і сам ноўтбук не запатрабаваў пароля для ўваходу. Сайт знаёмстваў Насця скарыстоўвала адно для асабістай перапіскі, больш ніякай актыўнасці не праяўляла. У яе анкеце быў толькі адзін фотаздымак, звычайны, без ценю нейкай эратычнасці, бы фота на пашпарт. Паведамленняў ад розных наведвальнікаў было дастаткова многа, недзе за сотню, але перапіска з усімі заканчвалася з ініцыятывы Насці на другім-трэцім лісце. Па шчырасці, я пачаў ужо страчваць надзею знайсці хоць штосьці значнае: больш за дзве траціны прагледжаных ліставанняў не далі і каліва патрэбнай інфармацыі. Але неба пачула мае малітвы: з адной жанчынай Насця перапісвалася літаральна з першага дня рэгістрацыі – больш за год, як паказваў профіль, і амаль кожны дзень.
Паўдня я чытаў перапіску Насці з дзяўчынай з імем Руслана. Так, Насця Грыцук была мёртвай, але Руслана заставалася жывой, і інтымная перапіска дзвюх закаханых жанчын, шчымліва-шчырая, выклікала ў мяне пачуццё агіды да самога сябе і сваіх дзеянняў. Старонка за старонкай – мо за пяць соцень паведамленняў – адкрывалі перада мной нязвыклы, незразумелы мне свет лесбійскіх адносінаў. Упершыню ў жыцці я чытаў лісты, у якіх была сапраўдная пачуццёвасць, якія адрасаваліся толькі каханаму чалавеку і таму былі напісаныя з бязмежнай шчырасцю. Лісты ўтрымлівалі сэксуальныя і фізіялагічныя падрабязнасці, ад якіх мне рабілася сорамна. Усцешвала адно: як вынікала з перапіскі, жанчыны не сустракаліся ў рэальным жыцці, іх адносіны заставаліся віртуальнымі, а значыць, мне не трэба будзе шукаць гэтую Руслану і прызнавацца ёй: я чытаў яе лісты да забітай – лісты, напоўненыя такімі пачуццямі, што і не ведаю, як бы я размаўляў з жанчынай наяве. І пра што б яшчэ пытаўся. Чытаў амаль па дыяганалі, але не мог прапусціць ні радка – абавязак патрабаваў…
Сорам пёк. Я хаваўся ад яго за шчыт прафесійнай неабходнасці, вышукваў у тэкстах самыя нязначныя дэталі, якія б маглі мець дачыненне да смерці Насці, і тым ратаваўся. Уздыхнуў з палёгкай, калі дайшоў да апошніх паведамленняў. Адзначыў: жанчыны перапісваліся ў апошні вечар жыцця Насці. Вельмі істотна…
У перапісцы засталіся без адказу тры паведамленні ад Русланы, апошняе, учарашняе – поўнае горкай роспачы: чаму Насця не адказвае? Разлюбіла? Я стрымаў сябе, каб не адказаць: Насці няма сярод жывых, адказвае следчы пракуратуры.
Не, не трэба, няхай застаецца, як ёсць. Бязгрэшнае няведанне часта лягчэйшае за святую праўду…
Цікавага для справы ў перапісцы было нямнога. Па-сапраўднаму мяне ўзрушыў толькі адзін сказ у паведамленні Насці: «Я павінна нарадзіць цмока…» Але больш нідзе не было ні слова пра цмока, абавязак і цяжарнасць, і я зазлаваў на невядомую Руслану: чаму яна не стала распытваць пра такое ў Насці? Чаму замест пытанняў – каму абавязаная, які там цмок незразумелы, калі павінна нарадзіць, ад каго – яна прыдуркавата пытаецца, ці не кіне яе Насця пасля выканання свайго абавязку? Вось жа логіка ў жанчын… Зрэшты, як быццам зразумела: цмок у маім разуменні – той, які смокча кроў. Значыць, дзіця, якое насіла Насця, насамрэч было для яе абавязкам, цяжкай працай, у нечым і пакутай. Вось чаму – цмок…
Другую палову дня патраціў на аператара мабільнай сувязі. Я паведаміў кіраўніцтву салона, што ў сувязі з расследаваннем крымінальнай справы з пракуратуры ўжо накіраваны афіцыйны запыт на дазвол атрымання неабходнай інфармацыі, але абставіны патрабуюць неадкладных дзеянняў. Згоду я атрымаў адразу. Святлана, гаспадыня салона, маладая цяжарная жанчына, пачала раздрукоўваць і перадаваць мне аркушы паперы. Я папрасіў усю інфармацыю аб актыўнасці Насці Грыцук за перыяд, калі яна стала абанентам аператара – трошкі больш за год. І як жа быў здзіўлены, калі мне раздрукавалі ўсяго тры аркушы!
Тут жа запрасіў звесткі пра ўсіх абанентаў, з кім камунікавала Насця. Не здзівіўся, калі пабачыў: практычна ўсе званкі – яе і да яе – датычыліся толькі некалькіх чалавек. Найчасцей, як я і прадчуваў, Насця размаўляла са старэйшай медсястрой, яшчэ некалькі абанентаў – санітаркі з хірургічнага аддзялення, – усе яны былі падключаныя на карпаратыўны тарыф бальніцы.
Толькі адзін тэлефонны нумар, за якім стаяў абанент, імя і прозвішча якога мне нічога не казалі, выклікаў цікавасць. Званкоў было толькі два: адзін уваходны – атрыманы дзевяць месяцаў таму, – і адзін зроблены самой Насцяй на гэты нумар – з тыдзень таму.
Поўная нечаканасць была прыхаваная ў канцы: Насця атрымала дванаццаць эсэмэсак ад розных абанентаў на працягу адной гадзіны чатыры дні таму вечарам. Адзін абанент быў знаёмы – той самы невядомы мужчына, які тэлефанаваў дзевяць месяцаў таму. Прозвішчы астатніх невядомыя. Мужчыны, жанчыны…
– Відавочна, яе віншавалі з нараджэннем дзіцяці, – выказала слушную думку Тамара, калі я расказаў ёй пра свае здабыткі. – Супадае дакладна.
– Але тады вынікае, што дванаццаць чалавек ведалі пра цяжарнасць Насці, – развёў я рукамі.
– Гэта цябе здзіўляе?
– Так, мае думкі наконт Насці як сурагатнай маці – памылковыя. Бо не можа быць, каб такая справа, як нараджэнне дзіцяці на заказ, было вядомае столькім людзям, ды яшчэ – гляньце на нумары – нашым, не замежнікам.
– Дарэчы, што за людзі? – Тамара пачала, пасунуўшы акуляры на нос, праглядваць спіс з дванаццаці абанентаў.
– Пакуль толькі палову ўстанавілі, – адказаў я. – Незвычайна нешта… Усе розныя, працуюць у розных месцах… Доктар гістарычных навук, рэдактар часопіса, мастачка… Дворнік, але і паэт па сумяшчальніцтве – дарэчы, як кажа Вікіпедыя, досыць вядомы ў сваіх колах.
– Зараз-зараз, – нечакана Тамара ўзрушылася, адклала мой аркуш з прозвішчамі абанентаў, пацягнулася да стоса папер на краю свайго вялікага стала. – Дзе ён тут быў, – мармытала яна, хутка перабіраючы лісты. – Ага! Вось табе сюрпрыз!
Яна трымала ў руках аркуш з нейкім спісам, працягнула мне мой ліст і загадала:
– Чытай прозвішчы!
Я падпарадкаваўся. Чытаў, а яна выгуквала: «Ёсць», – і крэсліла ў сваім спісе. Усе дванаццаць.
– Вось табе такое! – Тамара працягнула спіс мне. – Усе яны тут!
На старонцы было дваццаць тры прозвішчы. З іх названыя мной дванаццаць былі падкрэсленыя Тамарай. Унізе стаяла сіняя пячатка сельвыканкама, а ў шапцы ліста значылася: «Спіс жыхароў населенага пункта Ляўдок».
– І гэта трэба разумець так: цяжарнасць Насці была сакрэтам для ўсіх, але толькі не для пералічаных жыхароў вёскі. Дарэчы, яны ўсе – дачнікі, не мясцовыя…
– Значыць, яна знайшла там сяброў…
– І альбо яна мела з усімі імі самыя цесныя стасункі паасобку, альбо ўсе дачнікі – самыя шчырыя сябры між сабой… – услых падумаў я, трохі разгублены нашай знаходкай.
– Вось заўтра і разбірайся, – прапанавала загадала Тамара. – Дарэчы, будзеш дапытваць Зміцера Грыцука, бацьку Насці, будзь вельмі настойлівым. Бо з запісу папярэдняй размовы вынікае, – яна зноў пакорпалася ў паперах, узяла ў рукі і з выразным незадавальненнем паклала назад ліст папярэдняга апытання, якое рабіла аператыўная група, – вынікае, што стары з галавой дружыць, але размаўляць зусім не хоча. Націсні там на яго… акуратна. Яшчэ?
– Пра цмока, якога павінна была нарадзіць Грыцук, я ўжо казаў. Мяне зацікавіў яшчэ адзін запіс у перапісцы. У палове на адзінаццатую вечара Насця піша апошнія словы – пра тое, што ёй трэба зараз «трошкі пажартаваць». Цалкам усё выглядае так… – я знайшоў аркуш з выпісаным дыялогам: – «Насця: Выбачай, любая. Бягу, трэба мне тут пажартаваць. Руслана: Вой, ты там з некім жартуеш? Хто ён? Насця: Ды ёсць адна сволач… Руслана: Не разумею… Навошта табе жарты з нейкай сволаччу? Насця: Не думай нічога дрэннага пра мяне. Калі сволач, дык і жарты ў мяне адпаведныя. Каб ведаў…» Вось такое, і больш ніякіх тлумачэнняў. Ці не стаў жарт прычынай смерці? Размова відавочна ідзе пра мужчыну. Ці не ў выніку гэтага незразумелага жарту яна і апынулася голай? – выказаў я здагадку.
– Усё можа быць, – думаючы пра нешта сваё, адказала Тамара, і потым дадала нечаканае для мяне: – Не падабаецца мне ўсё… Трэба хутчэй заканчваць.
– Як заканчваць? – разгубіўся я.
– Прыдумай, – Тамара ўзняла на мяне позірк, у яе вачах быў звычайны жаночы сум. – Вось чую я, няма тут па-сапраўднаму ніякага крыміналу, смерць – няшчасны выпадак…
– Але ж разабрацца трэба, – заўпарціўся я. – Лесбіянка раптам зацяжарыла, хавала гэта ад усіх, акрамя дачнікаў, нарадзіла… Дзе дзіця? І праз два дні пасля нараджэння няма ёй большай справы, як недзе з некім жартаваць… распрануўшыся цалкам!
– Разбірайся, – кіўнула згодна Тамара, – але надта не ўпірайся, не той, кажу, выпадак…
– Ну добра, – разгублена прамармытаў я. Мяне бянтэжыў настрой пракурора – яна заўсёды вельмі прынцыповая да следства, і раптам такое… Тамара ўзнялася з-за стала, падышла да акна, абаперлася на падваконне, нейкі час маўчала.
– Мне б хто лепш далажыў, калі сонца будзе. Хана маім памідорам, нейкія глісты растуць – тонкія, кволыя, дзыбатыя. Падаюць ужо…
Павярнулася да мяне, я ўстаў.
– Ты лепш, Васіль, пра жывых жанчын думай. Надзька твая ў самым часе раджаць… Ды і табе… Думаеш, лёгка нам, бабам, цераз людскія пагалоскі пераступіць?
Здаецца, я пачырванеў – адчуў, як прыліла кроў да твару.
– Ты выбачай, – Тамара шчыра павінілася. – Калі баба не хоча ні з кім жыць, дык ніхто і ведаць не будзе, з кім яна спіць. Вось пра мяне хто скажа хоць слова? Ці ты думаеш, за час пасля разводу ў мяне мужыкоў не было? А калі табе, не хаваючыся, жанчына есці гатуе, дык павінен разумець. Не кіпі, я табе як маці кажу… Надзея твая – добрая жанчына, ведаю яе.
– Ды неяк разбяруся сам, – прамармытаў я.
– Ага, разбярэшся, – згадзілася Тамара і ўсміхнулася з незвычайным для яе твару клопатам. – Але як жанчына хачу табе сказаць… Мужчына выбірае сабе жанчыну, якая нечым падобная да яго маці, выбірае жанчыну для сябе. А вось жанчыны выбіраюць сярод мужчын не сабе каханка ці гаспадара, а бацьку для сваіх дзяцей. Тая цябе па-сапраўднаму кахае, якая хоча ад цябе нарадзіць… Ну ўсё, не буду больш цябе вучыць жыць. Ідзі, чакае яна цябе. Шчаслівы ты, зразумей нарэшце: цябе штовечар чакаюць…
Я выходзіў з пракуратуры з цяжкім і прыкрым пачуццём: Тамара мела рацыю, больш за тое, яна кранула самае балючае, тое, пра што я стараўся не думаць. Справа ў тым, што нашыя адносіны з Надзеяй зайшлі ў тупік. З аднаго боку, усё было добра: мы бачыліся практычна кожны вечар, ужо двойчы бавілі разам выходныя. Ездзілі разам на рынак у суседні райцэнтр – Надзея была заявіла, што я зусім абнасіўся, трэба займець мне колькі сарочак на лета, джынсы і касцюм. Сабе набірала рознай драбязы. Гатавала есці – і на мяне амаль штодня. Сэкс у нас хоць і стаўся бадай рэгулярным заняткам, але не страціў той самай першай радасці валодання жаданым целам. І я з асаблівай уцехай адзначаў: Надзея радуецца мне ў ложку, ёй прыемна не столькі атрымліваць, колькі аддаваць мне – ласку, пяшчоту. Зрэшты, для мяне і самога незаўважна стала галоўным даць як мага больш Надзеі. І тут не мужчынская гордасць самім сабой, не задавальненне ад выніку былі галоўным: вось, маўляў, які я спраўны і ўмелы мужчына – жанчына са мной у ложку штораз узнімаецца на пік асалоды кахання. Не, мяне апаноўвала невытлумачальнае шчасце сузіраць яе крышку ашалелай ад пачуцця ў такія імгненні, хацелася доўжыць такія хвіліны. Невыказна цёпла было сустрэць яе глыбока пяшчотны позірк, калі пасля мы ляжалі сцішаныя побач і ўглядваліся адно ў аднаго, быццам бачыліся першы раз, і старанна вывучалі кожную рысачку на тварах. Мне не хацелася думаць нейкімі высокімі катэгорыямі, але я ўпершыню ў жыцці сапраўды адчуваў шчасце ад таго, што я – даю і атрымліваю ўзамен такое ж: мне аддаюць, і жанчына шчаслівая, што аддае…
Я не думаў пра тое, як называць цяпер нашыя адносіны, не казаў і не думаў казаць Надзеі пра каханне. Неяк занадта будзённа ў нас усё пачалося і развівалася, дасягнула вяршыні… Дакладней – тупіка. Я адчуваў – тупіка. Бо вось жа пачыналася, быў нейкі рух, была мэта, было куды і да чаго рухацца, а цяпер мы дайшлі да таго пункта ў адносінах, за якім павінна пачацца нешта якасна новае…
Карацей, альбо жыць далей ужо як муж і жонка, альбо… разбягацца.
Надзея ніводным словам не намякнула на тое, што ў нашых адносінах павінна з’явіцца нейкая яснасць, яны павінны перайсці ў новую фазу. Але Тамара мела рацыю, ды і я сам не мог не разумець: Надзея чакае, верыць у працяг. Было ясна, што яшчэ месяц-два – і Надзея стоміцца быць адданай каханкай, і блізкасць урэшце страціць галоўнае – пачуццё самаахвярнасці, стане проста актам задавальнення патрэбы. Гэта звычайная дыялектыка: колькасць павінна пераходзіць у якасць, усё мусіць развівацца, а застыласць – для мёртвага…
А з другога боку, адкуль мне ведаць? Я ўмею чытаць думкі Надзеі? Фізічна здаровая жанчына, са мной у ложку яна навучылася поўнай бессаромнасці (дарэчы, і я таму навучыўся), атрымлівае ад нашых з ёй хвілін усё, што можа атрымаць. Усклала на сябе невялікі абавязак іншы раз гатаваць для мяне нешта са страў, дазволіла карыстацца сваёй пральнай машынай-аўтаматам (праўда, пад яе кіраўніцтвам… ды па шчырасці, я больш стаю збоку). Але ж і я нечым дапамагаю ў яе гаспадарчых справах: ужо корпаўся на агародзе, рамантаваў водаправод, памяняў выключальнік… Карацей, пакуль у нас атрымліваецца гэткае бяскрыўднае суіснаванне, амаль сімбіёз. І галоўнае – ні я перад Надзеяй, ні яна перада мной не маем ніякіх абавязкаў! Хіба ж не адсутнасць абавязкаў і ёсць галоўны ўмацавальны фактар нашых адносінаў? Хіба не таму мы стараемся не пакрыўдзіць і не абразіць адно аднаго, бо нічога нас не трымае, акрамя нашай прыязнасці? Проста супала так: мы суседзі, падыходзім адно аднаму. А калі разбяжымся, хіба праблема – знайсці новага партнёра?
Але на гэтым месцы маіх разваг – не маіх нават, а нейкага бескампраміснага і цынічнага аналітыка, які часам прачынаўся ўва мне – я спатыкаўся.
Таму што – праблема.
Надзея пражыла без каханка некалькі гадоў пасля разводу. І зусім не пераймалася праз адсутнасць у яе жыцці мужчыны. І сам я, падсвядома адзначаючы сярод сустрэтых мной жанчын тых, якія патэнцыйна мне падыходзілі, не запомніў ніводнай, ніводная не захвалявала.
Пакуль не сустрэліся з Надзеяй. Я з ёй і яна са мной.
Мае сумневы насамрэч тлумачыліся проста і іншым. У вёсцы, дзе я рос, выбар імёнаў быў надзіва небагаты. Сярод жанчын было па некалькі Надзяў, Таццян, Тамар. Сярод мужчынаў было тры Васілі, два Шуркі і ажно пяць Міколаў. Таму зазвычай кожны з вяскоўцаў меў дадатак да свайго імя. Надзька Пецькава (па імені мужа) і Надзька Прэдкава (па прозвішчы мужа). Шурка Кузьмоў – бо бацька быў Кузьма – і Васіль Таньчын, Шурка Тамарын. Доўгі час я не звяртаў на тое ўвагі, задумаўся толькі на трэцім курсе ўніверсітэта, калі нам чыталі лекцыю пра прозвішчы, мянушкі і падобнае.
А і сапраўды: чаму Надзька была Пецькавай, а Васіль – Таньчыным? Пытанне не столькі захапіла, колькі вярэдзіла сваёй нявырашанасцю. То прыехаў на вакацыі і спытаўся ў тады яшчэ жывой мамы. Тлумачэнне аказалася надзіва простым: Надзька была Пецькавай, бо прыйшла жыць да Пецькі, у пабудаваны ім дом. А Васіль быў Таньчыным, як і Шурка – Тамарыным, бо яны прыйшлі жыць у дамы сваіх жонак. І іх жонкі пасля замужжа зваліся па-вясковаму гэтаксама, як і да яго: Танька была Дуньчынай (так звалі яе маці) – і засталася Дуньчынай, Тамара – Грышкавай (па бацьку), хоць і выйшла замуж за Шурку. Васіль і Шурка былі прымакамі. І якімі б яны ні былі гаспадарамі, як бы ні шчыравалі на зямлі і ў двары, як бы ні перараблялі дамы, ды прымачы хлеб – сабачы. Не сталі яны гаспадарамі ў вачах вяскоўцаў, і не іхнімі сталіся жонкі, а яны – жончынымі мужамі.
Добра помню дзядзьку Шурку, суседа нашага. Здаравенны мужчына, першым хапаўся за самую цяжкую работу, за траіх касіў і сек. Васіль быў дзядзькам сціплым, але майстравым, на многія справы здатным. І паважалі іх вяскоўцы, і не чуваць было ў іх бок слоў асуджэння, ды назаўсёды загучала ў іх імёнах нечым здзеклівая, у нечым грэблівая прывязка залежнасці ад іх жонак…
Надзьчын Васіль – так і мяне могуць некалі назваць у нашым шэрым райцэнтры, і мяне зробяць не гаспадаром, а дадаткам да гаспадаркі адзінокай жанчыны. Хоць які там той дом – невялічкі, стары, у два пакоі, але ж – не мой, а яе. І пасля скажуць пра Надзею: «Прывяла сабе мужыка», і тут будзе гучаць ухваленне разумнай жанчыны і погляд на мяне, як на істоту, якую выбралі недзе ў базарны дзень…
Мабыць, яшчэ і з гэтай прычыны я ніколі не заставаўся ў Надзеі на ўсю ноч. Не ведаю чаму, але і Надзея, застаючыся з вечара ў мяне, хоць пад самы ранак, аднак вызвалялася з маіх абдымкаў, нацягвала на голае цела сукенку ці шорты з майкай, заціскала ў жменю станік і трусы, хутка цалавала ў вусны, дзячыла і спяшалася праз агарод у свой дом.
Пасля трэцяй нашай сумеснай ночы я думаў пра тое, што добра б было запрасіць Надзею да сябе, пажыць разам… тым самым грамадзянскім шлюбам. Чаму б і не? Але ж як мне запрашаць яе з асабістага дома, які побач, жыць да мяне на здымную кватэру? Ды каб на кватэру – у пакойчык! Не, тое было недарэчна, нават смешна. Ісці самому проста пажыць, паспрабаваць? О, не…
Была яшчэ адна акалічнасць, няхай і не вельмі істотная, але яна непрыемна казытала душу і сілкавала мае сумненні. Надзея нейкі час працавала настаўніцай. Цяпер жа яна – іпэшніца, гандлюе таннымі спажывецкімі таварамі. Сама закупляе тавар, мае месца на рынку. Два дні на тыдзень Надзея ў «камандзіроўцы» – ездзіць закупляцца, у суботу яна гандлюе на рынку, а ў іншыя дні да яе прыходзяць-прыязджаюць розныя людзі, грукаюць у дзверы ў любы час дня і ночы. І яна кідае мяне ў такія хвіліны, бо «людзі ж прыехалі, ім трэба».
Мне вядома, як, гандлюючы толькі адзін дзень на тыдзень, можна атрымліваць неблагія грошы. Надзея закупляе тавар на аптовым складзе, там усё – падпольнай вытворчасці, вельмі таннае, адпаведнай якасці. Прадаецца ж тавар ураздроб, часам з дзесяціразовай накруткай, але ўсё адно атрымліваецца нядорага. Тут Надзею вінаваціць нельга, яна мусіць трымацца тых цэнаў, якія склаліся на рынку: там існуе кругавая парука, і нельга скінуць цану, каб прадаць хутчэй, бо адразу нажывеш ворагаў сярод такіх жа гандляроў, як і яна сама. А вось як людзі прыязджаюць да яе дамоў, тады Надзея прадае значна танней – бяруць памногу…
Гэта сучасны рацыяналізм – і нічога супрацьпаставіць яму я не мог, бо разумеў асаблівасці нашага вычварнага рынку і няпростага жыцця. Хіба заробіць столькі настаўніца гісторыі? Надзея вунь ужо заказала сабе новы аўтамабіль. Але, шчыра кажучы, мяне гадзіў занятак Надзеі. Я не хацеў бы, каб са мной жыла жанчына, якая, па сутнасці, займаецца спекуляцыяй. Купіла – прадала… І яшчэ… Няхай я – мужчына, якому ад жанчыны трэба толькі ўцеха ў ложку ды каб есці гатавала. Дапусцім, я такі, і тады становіцца зразумела, чаму я не прапаноўваю разам думаць пра будучыню, чаму маўчу пра тое, дзе і як збіраюся жыць далей. Але ж яна – жанчына! Калі яна, як кажа Тамара, угледзела ўва мне бацьку сваіх дзяцей, чаму ніколі не заікнулася пра тое, што хацела б мець дзяцей? Чаму сама не кажа пра тое, як збіраецца жыць далей? Выходзіць, яе ўсё задавальняе вось так, як ёсць? Надакучу, і тады пойдзе сама аднойчы, сказаўшы млява: «Не хачу, каб ты прыходзіў», – і нічога тлумачыць не стане…
На апошніх думках дайшоў дадому. Непрыемна адзначыў для сябе: Надзеі нідзе не відаць, а дзверы ў яе дом шчыльна прычыненыя – значыць, няма, бо яна амаль ніколі не зачыняе іх да канца, калі дома. І міжволі варухнулася ў душы непрыемнае: вось жа, раней штодня сустракала, выглядвала, а цяпер ведае – нікуды не ўцяку, бо добра прывязала сваімі вячэрамі і ласкамі ўначы, дык можна і не папярэджваць. А яшчэ нумар мабільніка брала… Быццам назло ўсё…