Але жыве i гора мала!

Хоць шляхцiц цёмны, як саган,

Затое ж сам сабе ён пан:

Паноў ляснiчых знаць не знае,

Прад iмi спiны не згiнае:

Пад бокам паша, агароды,

I лес, i поле - ўсе выгоды.

Мiхал зiрнуў i пазайздросцiў:

Чаму й не ён мiж ягамосцяў?

Нядзелька, свята - людзi вольны,

Свая ахвота, свой дазвол,

На рынак едуць, хто ў касцёл,

Як гэты Людвiк багамольны,

А хто пагульвае так дома;

А ты вось совайся, як бома,

Ды бойся лiха i падкусу

Не ступiш кроку без прымусу.

За горкай панская пасада,

Як у вяночку, каля саду

Ў глыбi прасторнага дзядзiнца

Стаяла з боку ад гасцiнца.

Будынак, парк i агарожа

Было ўсё слаўна i прыгожа;

Мастацкi зробленая брама

Ласкала вока гэтаксама,

Але Мiхалу не хацелась

Глядзець на гэта ўсё - прыелась,

I панскi дом з ласiным рогам

На Мiхася глядзеў астрогам,

Бо тут, апроч тае знявагi,

Сказаць, ад кожнага брадзягi,

У стражнiкоўскiм сваiм лёсе

Нiчога ведаць не прыйшлося.

А гэта сесiя, спатканне,

Падкусванне i насмiханне

Як прыкра гэта ўсё, i нудна,

I непрыемна, i паскудна!

Мiхал ступiў на двор кватэры

З душою, згрызенай без меры,

Але, спаткаўшы саслугачых,

Спакойных больш i менш гарачых,

Мiхал мяняе выраз твару

I гонiць прэч задуму-хмару,

Iдзе, вiтаецца, смяецца,

Бы смутку век не знаў, здаецца,

Бо людзi схiльны строiць кпiны

З тваiх нягод без дай прычыны.

Тут быў Скварчэўскi, Лiхтаровiч,

Амброжык, Суднiк, Астахновiч,

"Памдзей", аб'ездчык i мыслiвы,

На пачастункi памаўзлiвы,

"Памдзей" быў створан з "пана дзея".

Не поп наш дзядзька, але ўмее

Зiрнуць часамi "ў свае святцы",

Каб трапным словам адазвацца

I сэнс "духоўнай" карталюшкi

Паправiць лiпкаю мянушкай.

"Памдзей" аб'ездчык быў няшкодны:

Так, чалавек ён старамодны

I не такi, як Ворцюх, зыркi,

I меней здольны на прыдзiркi,

I на падкусы, i на ўданне,

За што й вагi ён не меў звання.

Вось Арцюшок - о, гэта скула!

Ну i шкадлiвы ж быў, хамула,

Хоць у панкi пралез адразу:

Цанiў Ракоўскi ў iм заразу;

Вось так i вiўся каля пана...

Цьфу, ты, мардасiна пагана!

Якога чыну даслужыўся

Обер-аб'ездчыкам лiчыўся,

Брахун не горшы ад сабакi.

Ён меў сабачыя адзнакi

Брахаў налева i направа;

Была й сабачча яго слава,

I калi пахла дзе даносам,

Тады, крутнуўшы толькi носам,

Казалi згодна, ў адно слова:

"Ну, гэта штучка Арцюшкова!"

А вось i ён. Iдзе фарсiста,

Глядзiць звысоку, ганарыста,

Але зiрнуць людзям у вочы

Ён штось не надта ўжо ахвочы,

А параўняўшыся з "Памдзеем",

Ён толькi лыпнуў лiхадзеем

У бок аб'ездчыка старога,

Але не вымавiў нiчога.

"Памдзей" штурхець пад бок Мiхала:

"Счуў, бестыя, чыё з'еў сала".

На Арцюшка "Памдзей" кiвае,

А сам нявесела ўздыхае

I выраз твару мае горкi.

- Чакаць, пам-дзееньку, праборкi!

Прамовiў ён у засмучэннi.

Брахнуў аб нейкiм папушчэннi,

Пабiць бы гаду морды-пыцкi!

Тут быў таксама i Абрыцкi,

Стары аб'ездчык i служака,

Курэц i добры выпiвака.

Любiў i ён "Тэш, проша пана..."

Куснуць падчас неспадзявана.

Звычайна ён спаўняў тры ролi:

Або смяшыў усiх да болi,

Калi ў смяхотным захапленнi

Апiсваў розныя здарэннi,

Цi пераймаў таго-другога,

Або маўчаў зацята-строга

Ды пухкаў люльку задуменна,

Або гарэлку пiў сумленна,

Ды не валяўся пад платамi,

Хоць скробаў добра капытамi.

У часе гэтых сесiй-збораў

Было нямала абгавораў

I розных штучак, жартаў, кпiнак,

Лiхiх i добрых успамiнак;

То часам смехам, а то ў злосцi

Перамывалi панам косцi,

Рашалi розныя пытаннi

Наконт сяброўскага спаткання,

I хто каму дзе стаўся варты,

I закладалiся на кварты,

Зусiм забыўшыся аб лесе.

Але ўся важнасць гэтых сесiй

I iх грунтоўныя асновы

Складалiсь з панскае размовы,

Калi каго сам пан ляснiчы

Да канцылярыi заклiча.

Тады ўсё моўкла - нi гу-гу!

Звычайна ў першую чаргу

Для рапартоў i справаздачы,

Угнуўшы хвост той па-сабачы,

Iшлi аб'ездчыкi асобна

Пра ўсё паведамiць падробна:

Якiя дзе былi здарэннi

Цi непарадкi, папушчэннi:

Як леснiкi, яго падпаскi,

Свае спаўнялi абавязкi,

Дзе i ў каго былi парубкi,

Каб мець прычыну дзеля ўзлупкi.

Калi ж у гэтай справаздачы

Было ўсё добра без астачы

I тыдзень скончваўся шчаслiва,

Тады ляснiчы глядзеў скрыва:

Ты маеш, значыцца, хаўрусы

I ў адной чарцы мочыш вусы.

Тут гэты лад быў так збудован,

Што на даносах быў заснован,

I мелась тут навiдавоку

Кусаць адзiн другога збоку.

На гэты раз неспадзявана

"Памдзея" клiкнулi да пана.

"Памдзей" падскочыў, здрыгануўся

I навакола азiрнуўся.

- Ну, будзе лазня, пане-дзею!

Але за што? не разумею!

Прамовiў ён, ускiнуў плечы

I ў бег пускаецца старэчы.

Бадай ён быў курам прыснiўся!

Убег, нiзютка пакланiўся.

Стаiць пакорна i рахмана,

На крыж гатовы йсцi за пана,

Старыя костачкi злажыць

I верай-праўдаю служыць...

I так знiжацца! цьфу, агiда!

Не мець нi вобраза, нi вiда,

Нi нават ценi чалавека;

Стаяць, бы куль, бы лялька нейка,

Глядзець на пана, як той Лыска...

Эх, так упасцi i так нiзка!

Затое ж пан той! паглядзеце:

Хто з iм зраўняецца на свеце?

Якi ён важны, панаваты,

Выдатны, "мондры", зухаваты!

Якi ён гога! якi дока!

Як ён сябе нясе высока!

Пабачце гэту яго мiну:

Ён - цар, ён - бог напалавiну,

Злучэнне блеску, ззяння, ценi

Сагнi прад iм свае каленi!..

I прад такiм вось галамоўзай

Не смей стаць роўна ты, а поўзай!

"Памдзей" стаiць, пан не зважае,

Як бы то слуп цi рэч якая,

Сядзiць надзьмуты, звераваты

I разглядае асiгнаты.

- Ну, ягамосцю-аматору,

Цi павяраў сваю камору?

Зрабiўшы гэта запытанне,

"Рачок" зiрнуў лiхiм барбосам

I ўсё пакручвае тым носам,

Мiнуту ловiць насядання.

Што адказаць трапней на гэта?

Якая хiтрая тут мэта?

У чым яго, "Памдзея", ловяць?

З чаго пачнецца тая споведзь?

Якiя зразяць яго стрэлы?

"Ну, ну, "Пам-дзееньку", будзь смелы!

Бог дасць, сухi ўспаўзеш на бераг".

Мамент, а думак цэлы шэраг.

- Так, павяраў, панок, вядома.

Хiба мне служба незнаёма?

- А шмат разоў быў на каморы?

- Пяць раз, "Памдзею", з пазаўчора.

- Дзе Астахновiч? Марцiн! - Слухам!

Марцiн на двор iмчыцца духам

I зараз зноў сюды iдзе

I Астахновiча вядзе;

Паўзе з павагай Астахновiч,

Ляснiк каморны з Давiдовiч,

Маруда страшны, глух на вуха...

Ну, што ж? не даў Бог яму руху.

Прыйшоў, сюд-туд ён глянуў скоса

I затрубiў разы два носам,

Бо трэба ведаць, хто i дзе ты.

- Быў у цябе вось дурань гэты?

Адказвай праўду мне, Зыдоры,

Як ён даўно быў на каморы?

Аб'ездчык страчвае надзею!

"Гэ, вось ты лiха, пане-дзею!

Цяпер папаўся, дабрадзею:

Вось так i цапне, так i цапне,

Калi нi ў пяць, нi ў дзесяць ляпне?

Каб не глухi, шапнуць бы можна.

Эх, галава твая парожна!

Ну, як тут быць? як падказаць,

Каб i Зыдоры сказаў "пяць"?"

Ён раптам момант улучае,

Пяць пальцаў моўчкi падымае.

Зыдоры згледзеў знак маўклiвы.

- Пяць дзён, як быў там пан мыслiвы,

Гукнуў Зыдоры вельмi рады,

Што гэтак выйшла без парады.

"Бадай жа ты прапаў, мой мiлы!

Не знаць бы век цябе, дурылы!

Ўсё сапсаваў, бадай ты знiк:

Пяць дзён! пяць скул на твой язык!"

- Лайдак! - як скокне да "Памдзея"

Ляснiчы-змей, ну, аж шалее,

Жыўцом грызе сваю ахвяру.

- Пся крэў твая, галгане, лгару!

Ты гэтак служыш, о, лайдаку!

Да д'ябла выганю, сабаку,

Каб не было тут твайго смроду!

Я выведу такую моду!

Павiнен быць на сваiм месце,

А князеў хлеб дарэмна есцi

Не будзеш, псiна ты старая!

З апошнiх слоў "Памдзея" лае.

I доўга льецца гэта песня,

Як толькi з крыку ён не трэсне!

"Памдзей", прыбiты i прыгнуты,

Цярплiва зносiць крыж пакуты,

Стаiць, удол спусцiўшы вочы,

I толькi зрэдку забармоча:

- Даруй, панок! нех пан даруе!

А пан нiчога не шануе

I, расчынiўшы губы-трубы,

Як непрытомны, злосны, грубы,

Шпурляе кнiгi, рве паперы

I брудна лаецца без меры

Ды насядае на "Памдзея"

I ўсё не мякне, не дабрэе,

А мае дрэнныя намеры.

"Памдзей" задком, задком у дзверы

Паўзе-адходзiць ад навалы

I раптам робiць "махнi-драла",

Бяжыць на двор, увесь чырвоны.

- О ты, халера! о, шалёны!

Ото ж наскочыў, пане-дзею!

Папаўся ў лапы кату-змею!

Гаворыць ён ды азiрнецца:

Яшчэ пагонь яму здаецца.

- А ты, Зыдоры, пане-дзею,

Ты - куст альховы! о, зладзею!

"Пяць раз" паказваю, тупiца!

А ён "пяць дзён"! - цьфу, цьфу, дурнiца!

XIII. ПАДГЛЯД ПЧОЛ

Пакуль што досыць аб панох:

Яны прыелiся, дальбог!

Яны без сэрца i сляпыя,

I ўсе заходы iх пустыя,

I пусты iх усе iмкненнi

Назад ход часаў павярнуць

I дзiркi палкамi заткнуць

I перарваць жывыя звеннi,

Якiх вякi не перарвалi

У гiстарычным перавале.

Iм цёмна, нема кнiга лёсу,

Яны не бачаць далей носу

I рубяжоў свае пасады...

Ану iх к лiху! ну iх к ляду!

Час у Парэчча зноў вярнуцца

I ў iншых хвалях скупануцца.

Парэчча - слаўная мясцiна,

Куток прыгожы i вясёлы:

Як мора - лес, як неба - долы,

Зiхцiць у кветках лугавiна...

А колькi ягад i парэчак!

Як пахне мёдам поле грэчак,

Калi пачнуць яны цвiсцi!..

Ну, як тут пчол не завясцi:

Iм столькi выгад тут, прастору!

Яшчэ з вясны, ў час перабору,

Сюды прывезлi пчол калоду,

Ну, так, мiж iншым, для заводу.

Але ручыцца сталi пчолкi.

Знайшлiся людзi для суполкi:

Хто вуллем браў пустым, грашамi,

А хто падмазваў барышамi.

I як не прымеш чалавека?

А не прыймi, то небяспека:

Памыслiць ён табе, брат, зла,

Не любiць зайздрасцi пчала.

Антось у дзеле тым пчалiным

Вёў першы рэй, галоўным чынам,

Хоць гэта новая навука

На першых часах была мука,

I першы крок у новай ролi

Ён не забудзе - не, нiколi!

У летнi поўдзень - была спёка

Выходзiць рой, снуе высока

I на вярбе ўгары садзiцца

Нiяк туды не даступiцца.

Антось бярэ куродым, сiта,

Глядзiць на гэты рой сярдзiта:

Вось не было яшчэ бяды!

Загнаў жа чорт яго туды!

Палез Антось перш па драбiнах,

З драбiн цярэбiцца ў галiнах.

Сяк-так прыладзiў сiта крышку,

Абрус адсунуў, бярэ лыжку

I толькi чуць крануўся рою,

Гудзе пчала над галавою,

Другая ў вуха - тыц знячэўку!

Схiснуўся дзядзька наш на дрэўку

I мiмавольна - хоп за сук!

Тут сiта выехала з рук,

А патрывожаныя пчолы

Спяваюць хорам, як анёлы,

Але кусаюць па-чартоўску.

"Згары ж ты лепей, рой такоўскi!"

Угнуўся дзядзька - няма рады,

На землю падаюць прылады;

За iмi дзядзька наш з накропам

З вярбы на землю шуснуў снопам.

Схапiўся дзядзька ды наўцекi,

Бяжыць, як бы шалёны нейкi,

Бяжыць дваром мiж хлевушкамi,

Ад пчол баронiцца рукамi

Ды пад салаш бяжыць пад стрэху.

Было бяды тут, было смеху!

Ды потым дзядзька прывучыўся,

Да пчол зусiм прызвычаiўся,

I бортнiк быў ён акуратны,

Хоць не такi, як Кандрат, здатны...

Тым часам Спас святы мiнуўся,

I лес у чырвань апрануўся.

Дрыжаць у золаце асiны,

I гнуцца кiсцi верабiны.

Пчала аб мёду меней дбае,

I спожыць ёй ужо не тая;

Таксама ж вуллi не пустыя:

Раi ўздужалi маладыя

I мёду трохi нанасiлi.

Дык вось кумоў i запрасiлi

На гэты дзень падгледжваць пчолы.

Дзянёк быў цiхi i вясёлы,

Мужчыны зранку падгалiлiсь,

Зусiм-такi падмаладзiлiсь,

У ночвах голавы памылi,

I вусы спрытна падкруцiлi,

Ды мылам iх пашаравалi,

Каб выдатней яны стаялi.

А для гасцей, святой нядзелькi

Надзелi новыя камзэлькi,

А боты так нашмаравалi,

Што проста шляхту касавалi.

- Зiрнiся, дзядзька, у люстэрку:

Хоць завярцi вазьмi ў паперку,

Хоць у сваты едзь, хоць жанiся!

Да дзядзькi жарты паняслiся.

- А ты, Ламук, не выскаляйся,

Лепш нос абцерцi пастарайся

Сапляк, унь, губу ўжо мiнае!

Алеся дзядзька падцiнае.

"Ламук" Алесь спускае вочы:

Сягоння дзядзька не ахвочы

Прыймаць яго такiя жарты.

Алесь жа - хлопец i няўпарты;

Ён моўчкi Костусю кiвае,

Пайсцi на двор з iм заклiкае.

Разблутаць трэба iм пытанне,

Якое ўжо карцiць ад рання:

Калi, каму, дзе пасвiць статка?

- Скажу я вось як табе, братка:

Мы ўдвух з двара пагонiм разам

I папасем пад тоўстым вязам.

Калi кароўкi папаўнеюць,

Бакi iх трохi пакруглеюць,

Тады запусцiм на балота.

I... закiпiць у нас работа:

То ты, то я - на перамену!

I дзе я толькi мёд той дзену?

Жывот зрабiць хiба ў дзве столкi,

Як мех Баландзiшын на зёлкi?

I хлопцы ў згодзе жартавалi

Ды ў лес за рэчку паглядалi.

Пазбыўшы важнае пытанне,

Чакалi першага спаткання

З гасцьмi, якiх сюды наедзе,

Мо ўжо хто клыгае з iх недзе.

Малыя дзецi i дзяўчаткi

Вярцелiся больш каля маткi;

То часам ёй чым памагалi,

А часам проста замiналi.

У ўсiх была тут думка тая,

Што дзень сягоння не звычайны,

А дзень асобны, разнастайны,

Якi ў год толькi раз бывае.

На гэты дзень i сама хата

Была прыбрана зухавата:

Памыты лавы, стол, падлога,

А каля покуця святога

Дзве сцены клёнамi убраны;

Абрусам белым стол засланы,

Святых паперай агарнулi

Яны лагодней нейк зiрнулi,

Як бы iм вельмi падабалась,

Што iм увага аддавалась.

Мужчыны зараз па сняданнi

Пайшлi ў гумно на спачыванне

Аддаць мiнуту для дрымоты.

Прыветна скрыпнулi вароты,

З вясёлым шумам расчынiлiсь,

Ў гумне мужчыны прыпынiлiсь.

Ўсяго паўнютка, хвала Богу,

Збажынкi новай i мурогу.

Здавалась, стрэхi i пярылы

Ўсяго трымаць не мелi сiлы,

Бо з двух бакоў над самым токам,

Калi на iх ты кiнеш вокам,

Сянцо, збажынка навiсала.

Тут лугам, полем патыхала,

А на гваздзi ў таўшчэрным шуле

Цапы вiселi, бы заснулi.

А вiлы, граблi i мяцёлкi,

Малацьбiтовы прыяцёлкi,

Каля варот адны стаялi

Таксама працы ўжо чакалi.

- У нас сяголета - свяцiся!

- Так, дзякуй Богу, паджылiся.

Эх, брат Мiхась, была б то ўласнасць

Зямля ўся гэта, сенажацi!..

Чаго б жадаць тут болей, браце?

I лес, i паша, неба яснасць,

I чысты дух, i рэчка Нёман...

Куток павабны тут захован!

- Э, каб гэта свая ўлада!

Нашто б i лепшая пасада?

Мiхал выразна замаўкае

I торпы вокам акiдае.

- Так, брат! падумаць моцна трэба,

Само не звалiцца нам з неба,

Каб мець больш пэўны свой прыпынак

I мець у ўласнасцi будынак...

I так яны разгаманiлiсь,

Што й на салому не лажылiсь.

I ўсё ж не бацькаўшчына гэта:

Жывеш дачасу, з лета ў лета,

А лiха вынiкне якое

Падумаць жудасна пра тое...

Чаго ж у жыццi не хапае?

Дзе гэта сiла, дзе моц тая,

Што перашкод сабе не мае

I ставiць зразу ўсiх на ногi,

Вядзе на вольныя дарогi

I свет прасторны адчыняе?

- Дзве рэчы трэба мець, каханы!

Адна рэч - розум выхаваны:

Умець прадгледзець, прылаўчыцца

На цвёрдым грунце закрапiцца.

Другая рэч, Антось харошы:

Таксама трэба мець i грошы,

Мiхал прамовiў цiхiм басам.

Алесь i Костусь гэтым часам

Гасцей пад дубам вартавалi

I мiж сабою жартавалi.

- Згадай, Кастусь, -Алесь пытае,

Хто першы ў госцi завiтае?

- Ну, хто ж? вядома - Юрка, дружа.

- Чаму? - Бо мёд ён любiць дужа,

А там, глядзi, Язэп прыпрэцца

I Фабiян з iм з Каралiны...

Падвып'юць, ведаеш, мужчыны,

Ото гаворка распачнецца!

А там Кандрат вазьмецца ў бокi,

Напэўна пойдзе ён у скокi;

Яго Ялэўка падтрымае,

А Вухiн песню заспявае:

"Пi гарэлку, суседзе!.."

- Глядзi, глядзi! хто гэта едзе?

Алесь ускочыў, пазiрае

I локцем Костуся таўхае.

- Ды гэта ж Вухiн, брат! ён самы!

I хлопцы кiнулiся ў браму,

Бягуць навыперадкi ў хату.

- Ўжо Вухiн едзе! Вухiн, тата!

- Цыц! не смець казаць мянушку,

А то знiму на вас папружку!

I бацька бровы пасувае,

Пiльчак чысцейшы адзявае,

Iдзе на двор для прывiтання

I для пачэснага спаткання.

Андроцкi-Вухiн пад'язджае

I так каня свайго спыняе,

Як бы супыну конь не мае,

Хоць конь, як вол, непаваротны

I бегчы ўжо не так ахвотны.

Кадушка-Зося сонцам ззяе;

Мiхал ёй злазiць памагае.

Яна ж, як глiна, надта цяжка,

Пад ёю крэхча каламажка.

- Ну, проша ў хату! проша, кумка.

Глядзiць бутэлька з яе клумка.

Уперавалку, як бы качка,

У хату йдзе кума-сваячка.

Тут гаспадыня выбягае,

Ёй дзверы ў сенi адчыняе;

Кабеты тварамi самкнулiсь

I так прыемна усмiхнулiсь,

Як бы злучылiся дзве рэчкi,

Гарохам сыплюцца славечкi.

- А дзе ж мая дачка хрышчона?

Спытала Зося. - Дзе Алёна?

Ваўчком Алёнка пазiрае;

Яе тут Зося абнiмае,

Гасцiнцам дзеўчынку трактуе,

Яе i песцiць i цалуе,

У вочкi ёй глядзiць прыветна

Сама Яхiмiха бяздзетна.

Алесь пад гэты шум вiтання

Разгледзеў клумак ўвесь дазвання

I шэпча Костусю на вуха:

- Там, брат, гарэлка-весялуха,

I каравай, i сыр, як плаха.

Калi б не ведаць таго страху,

Ось бы дзе можна пажывiцца!

Але чакайце: даляжыцца,

I каравая закаштую,

Цябе таксама пачастую!

I хлопцы толькi пасмяялiсь

Ды вон за дзверы паiмчалiсь.

Яхiмаў воз ужо прыбралi,

Каня на лейцы навязалi

Ў кустах альховых каля дуба,

Дзе пагуляць было так люба.

Яшчэ счакаўшы з паўгадзiны,

Язэп прыехаў з Каралiны.

Жыхар заможны i выдатны,

Ва ўсiм прыкладны, акуратны

I ў гаспадарцы, i ў банкеце,

Ў паноў быў нават на прымеце,

Такi уважны i шляхетны,

Далёка ў воласцi прыметны.

Хоць не шляхецкага ён роду,

Але падтрымлiваў iх моду,

А гаспадыняй меў дваранку,

Вельмi панадную шляхцянку,

З прыгожым тварам, з тонкiм станам,

Жыў у фальварку Язэп панам

I гаспадарку вёў умела.

Само сабою зразумела,

Яго спаткалi тут пачэсна

Гаспадары з гасцьмi сумесна.

А там Кандрат каня сцябае.

"Гэ, смерць турэцкая!" - гукае.

Як толькi згледзелi Кандрата,

Загаманiла зараз хата...

- Ну, вот i бортнiк наш iмчыцца,

Усiх насмешыць, раскрычыцца:

"Ноль! смерць турэцкая! мякiна!"

Кандрат жартлiвы быў мужчына

I каля пчолак хадзiў смела,

Бо надта добра ведаў дзела

(Прынамсi, гэтак тут казалi,

Калi Кандрата разбiралi).

Прыехаў з маткаю старою,

Якую зваў часцей савою.

Худы, высокi, сухарлявы,

Для ўсiх жаданы i цiкавы,

Вайшоў Кандрат i павiтаўся

I пра здароўе распытаўся.

Дарота, Пальчыха старая,

Таксама хлебам дом вiтае

Такi ўжо звычай беларускi,

У клумку выпiўка, закускi.

Калi ўсе госцi пазбiралiсь,

Антось з Кандратам пажагналiсь,

Ўзялi i ночвы, i куродым.

- Ну, памажы, святы Мiкодым...

Куды ты лезеш? ось, дурная!

Кандрат з пчалою размаўляе,

А пчолка, нiбы ў павуцiне,

Ў яго заблуталась шчацiне.

Злавiў пчалу i адкiдае,

Даўжнiк павольненька вымае.

- Ах вы, гультайкi! плястры голы,

Хоць вы даўно старыя пчолы...

Дай дыму iм! дай, дай iм дыму!..

Га, трохi ёсць! давайце выму,

Кандрат дзялянкi падразае,

I крэхча, бедны, i пацее,

Пчала ад дыму бы п'янее,

Ў галовы далей запаўзае.

- Насiлi, бедныя, збiралi,

А мы ў мiнуту ўсё забралi,

Тут пчолкам шчыра спагадаюць

Ды новы вулей падглядаюць,

Пакуль усiх не перабралi

I ночвы мёду не надралi.

Гудуць пакрыўджаныя пчолкi,

Бы плачуць, бедныя саколкi,

Што праца iх неспадзявана

Людскою хцiвасцю забрана.

Прынеслi ночвы мёду ў хату.

На долю выпала Кандрату

Дзялiць мёд гэты мiж кумамi,

Жанкi iдуць сюды з збанамi.

Тут смех i жарты, таўканiна

Найцiкавейшая часiна!

I стол тым часам накрываюць,

Гасцей шумлiвых запрашаюць,

Садзяцца госцi, ды не зразу,

За стол не лезуць для паказу,

Бо так шляхетнасць вымагае.

Iдзе тут спрэчка немалая,

Калi пачнуць тут адмаўляцца:

- Сядай, Язэп! - Няхай садзяцца,

А я прыткнуся потым з краю.

- Ах, вось дзiўны!.. - Ну, ну, сядаю!

- Пан Фабiян, i ты, Кандраце,

Яхiм, i Ян, i Юрка, - браце!

Ну, проша ж, проша! - Пасадзiлi,

Такiм жа чынам упрасiлi

Жанок прысесцi тут на ўслоне.

Антось у ход пусцiў далонi

I коркi спрытна выбiвае

Так, што здзiўленне выклiкае.

Крынiцы бурнага натхнення,

Мiнут вясёлых, ажыўлення,

Стаяць, як бiскупы, бутэлi,

I ласа ўсе на iх глядзелi.

Ляжыць гарамi ў iх падножжы

Закуска, гэта мiласць божа:

Тут сыр, як першы снег, бялюткi,

Каўбас прыемнейшыя скруткi,

Што толькi ёсць у Беларусi.

Мой мiлы Янка, мой Купала!

Ў агульны вiр нас доля ўгнала.

Чаму ж, чаму часiнай тою

Мы не спаткалiся з табою,

Каб стол сялянскага банкету

Развесялiў душу паэту?

Мiхал тут чарку налiвае.

- Ну, да каго ж мне пiць? - пытае,

Гасцей абводзячы вачыма.

- Пускай з канца, пачнi з Яхiма.

- Ну, кум Яхiм, стары дружака!

Няхай мiне нас гора ўсяка;

Дай, Божа, добрую прыгоду,

Каб больш налета было мёду;

Каб мы пiлi, яшчэ прасiлi,

Каб на галовах захадзiлi,

Дык будзь здароў! - Ну, дай жа, Божа.

- За ваша, госцейкi, здароўе!

I пасля гэтага прыслоўя

Мiхал куляе чарку гожа;

Глынуў i губы абцiрае,

Яхiму чарку налiвае.

I з рук у рукi ходзiць чарка,

Шаломiць голавы iм шпарка,

I госцi штораз весялеюць,

I больш iх твары чырванеюць,

А голас крэпне i дужае,

I смех гаворку аздабляе.

Для ўсiх ласкава i пачцiва,

Як бы пад ветрам тая нiва,

Гасцей частуе гаспадыня

I на ўсiх чыста вокам кiне,

То сыр, то масла iм падносiць

I закусiць так шчыра просiць:

- Ну закусеце ж, калi ласка!

Вось проша сыру, проша мяска

Цi кумпячка або каўбаскi,

Ну, пiрага хоць закаштуйце!

Бярэце масла, не шкадуйце!

Бутэлька выпiта; другая,

Як бачыш, месца заступае,

А госцi вокрыкам здзiўлення

Яе вiтаюць тут з'яўленне.

Жанкi таксама балявалi

I ад мужчын не адставалi,

Але ад iх адмежавалiсь

Сваёй гарэлкай частавалiсь.

Гарэлка ж iх тым адразнялась,

Што ў бутлi слодыч дадавалась.

I вось зiрнуць было цiкава,

Як у жанок вялася бава

I колькi мiлых было сварак,

Як адмаўлялiся ад чарак!

- Ну, проша ж, панi Юзафова!

- Ой, не, не, кумка, даю слова!

Зусiм я п'яна, бойся Бога!

- Ну выпi ж, кумачка, нiчога!

Кума на просьбу паддаецца,

За чарку тройчы ўжо бярэцца

I толькi-толькi прыгубляе

I чарку зноў не дапiвае

I руку цягне да бутэлькi.

- Не дам, кума! не дам, Анэлька!

(Бо ўжо так звычай вымагае:

Хто чарку п'е, той налiвае.)

Ну, выпi ж чысценька-чысцютка!

- Ой, я ж п'янею вельмi хутка!

Язэп мой лысы, унь, сярдуе!

Куму Анэлька тут цалуе

I адмаўленне тым канчае,

Што гэту чарку асушае.

I вось жанчыны не стрывалi

I песню-кпiну заспявалi,

Каб пасмяяцца з нежанатых:

З Антося, Яськi i Кандрата.

"Сядзiць дома, як пужала,

Не з кiм слова мовiць;

Ой, жанiся ж: часу мала,

Старасць цябе зловiць!

Пастарэеш, небарака,

Дзеўкi ўсе зракуцца,

А ты будзеш, як сабака,

Туляцца i гнуцца,

I падлiзваць будзеш мiсы,

Не свае - чужыя!..

Дык жанiся, Кандрат лысы,

Жанецесь, дурныя!"

- Ну, зацягнулi ўжо, завылi!

Адно б вы толькi i жанiлi!

У, турэцкiя вы сваццi!

Як вас няма, то й цiха ў хаце!

Кандрат вачыма тут блiскае,

А Яська, брат яго, спявае:

"Я - адзiн; сцежкi мне

Адчынены ўсюды.

А як жэнiшся, тады

Не хадзi нiкуды.

Я - адзiн, я - казак,

I на лiха жонка?

Яна звяжа цябе,

Чортава галёнка!

Бог мужчыну стварыў,

Потым памылiўся;

Драў чупрыну Адам,

Што з Евай жанiўся".

- Вось так вы iх! вось малайчыны!

I аж не ўрымстуюць мужчыны.

- Ну, выпiць, выпiць, хлопцы, трэба!

Яхiм! пускай, брат, да Язэпа!

- Не, брат Мiхась, дальбог, не буду!

- Пi!.. не люблю цябе, маруду!

Яхiм дайшоў да пункту тога,

Дзе ён у сведкi клiкаў Бога,

Што больш не вып'е ўжо нiчога.

Але Яхiмаў звычай зналi,

Дружней мужчыны насядалi,

I наш Яхiм хоць i бажыўся,

Але й з бажбою пiць злажыўся.

А далей ён такiм жа чынам

Рабiў замiнкi тут мужчынам,

Але пiў чарку ў чарку з iмi

I вось ён лыпае вачымi

I рукi зараз разнiмае,

Старую песню зачынае:

"Ой, ляцеў авадзень,

А насустрач мушка.

Прыхiлiся, кума:

Пашапчу на вушка!"

На хату Ганна выступае,

У ладкi плешча, падпявае:

"Заiграйце, музыкi,

Каб я паскакала;

Купiў бацька чаравiкi,

Каб я патаптала!"

Мужчыны выклiк той прымаюць

I Фабiяна выпiхаюць.

У скокi зараз жа пусцiўся

Наш Фабiян i закруцiўся.

"Падзiвiся, Гапка,

Як трасецца шапка!"

А замест шапкi валасамi

Трасе, як вецер каласамi,

I размiнае свае косцi.

I разышлiся нашы госцi.

Тут грэбень Пальчык Ян хапае,

Сюды паперку далучае

Ды так жа грае спрытна, здольна,

Што ногi скачуць мiмавольна.

"Без музыкi, без дуды

Ходзяць ногi не туды;

Грай жа, дудка мая!

Куды дудка, туды я!"

Сам гаспадар з кумой Анэлькай,

Руку прыгнуўшы над камзэлькай,

На панскi лад мяце-вальцуе,

Ўсiх далiкатнасцю касуе.

Таксама Юзаф з Каралiны

Не трацiць добрае часiны

I з гаспадыняй так кружыўся,

Аж покi потам лоб не змыўся.

Андроцкi кiнуў i бажыцца,

Сядзiць, не можа варушыцца;

Адзiн з iм Юрка яшчэ бае;

Яхiм жа тоненька спявае:

"Пi гарэлку, мой суседзе,

Покi п'ецца!

Конь дадому сам заедзе,

Не саб'ецца".

- Скакаць хачу! Хто мне паграе?

Музыку! - Пальчык Ян гукае.

I, не чакаючы адказу,

У танцы рынуўся адразу.

Прысеў наш Яська, закруцiўся!

Ды як пайшоў, ды як пусцiўся!

Адкуль i дзе i што бярэцца

З дарогi ўсё змяце, здаецца.

"Там-там! тара-рам!

Там-та-цiта, цi-та-там!

Хадзi, хата, хадзi, печ!

Не шкадуй жа сваiх плеч!

Я найму дудара,

Дударыка-камара.

Грай, дударыку, грай,

А ты, муха, выцiнай!

Грай на скрыпцы, сляпень,

На басэтлi, авадзень!

Чмель, у бубен бубнi!

Шэршань, песню утнi!

Я хачу паскакаць,

Ўсiх на баль пасклiкаць.

Разгарнiся ж, душа!

Сцеражыся Тамаша!

Бо тады толькi пан,

Калi добра я п'ян;

Тады весел i рад,

I сам чорт мне не брат!..

Там-там, тара-рам!

Там-та-цiта, цiта-там!

Лысы чорт бег з балота:

Надаела адзiнота.

I хiцёр, а змылiўся,

Ажанiўся - i ўтапiўся.

А не будзь, чорце, слабы

I не рэмсцiся да бабы:

Баба доўгi волас мае,

Каго хочаш ашукае

I Язэпа, i Мiхала,

А мяне не ашукала!

Хiба толькi розум страчу,

То й я тое лiха ўбачу.

Але не, не да чакання!

Не пацерплю ашукання!"

Тут госцi з месца паўставалi,

У ладкi бiлi, падпявалi.

- Бадай ён скiс! ото прыўдаўся!

А Пальчык пыху набiраўся

I ўсё нагамi вырабляе,

Як бы сам чорт яго шугае;

I плечы скачуць, рукi ходзяць

I ў абурэнне ўсiх прыводзяць.

Тым часам стала i змяркацца.

- Панове! час, ой, час збiрацца!

- А пасядзеце, пагуляйце,

Павесялецесь, паспявайце.

- Ну, песню, песню! пачынайце!

"Ой, пара вячэраць, няма ж бацькi дома.

Цi яму дарожка гэта незнаёма?

Цi ён памылiўся, цi конiчак збiўся?

Цi сярод дарогi ён адзiн спынiўся?

Блудная дарога, ды конь яе знае,

Толькi ж конiк волi сам прыйсцi не мае.

Ой, хто ж па дарозе каня паганяе,

Каня паганяе, сам песню спявае?

А то сусед едзе з гасцiнцам вялiкiм

Вязе сыну боты, дочцы чаравiкi.

А нашага бацькi ўсё няма - гуляе

I пра сваю хату, пра дзяцей не дбае.

Пара спаць лажыцца, няма бацькi дома,

I дарога бiта i добра знаёма.

Вось i поўнач скора, а ўсё няма таты!..

Ой, пара нам, госцi, ой, пара дахаты!"

I нейкi жаль няяснай страты

Ад гэтай песнi патыхае.

На свеце ўсё канец свой мае,

I ты, мiнуцiна змяркання,

Спяеш нам песню расставання.

I госцi свой банкет канчаюць,

Адны другiм дабра жадаюць,

А ў час апошнi развiтання

Стаялi цмокi цалавання.

- Ну, выбачайце ж, не крыўдуйце!

Калi што кепска, то даруйце!

XIV. ДАРЭКТАР

Зварот пары, знiканне лета...

То - водгулле душы паэта,

То - смутны вобраз развiтання,

То - струн дрыгучых замiранне,

Натхненнай песнi жаль сардэчны,

Жыцця i смерцi - сымбаль вечны!

I люб i смуцен час прыгоды,

Калi душа ўсяе прыроды

З тваёю злучыцца душою

Ў адным суладдзi i настроi!

I ты маўчыш, маўчаць i далi,

Як бы ў адной агульнай хвалi,

Ў адной асветленай часiне

Жыццё злучыла свае плынi

I бег свой вечны прыпынiла,

I неба твар свой адчынiла.

На залаты парог паўдзення

Скрозь бела-руннае адзенне

У багне неба ясна-сiняй

Ступае сонца, як багiня,

I стрэлы-косы раскiдае,

Як чараўнiца маладая.

Пад гэтай ласкаю зiяння,

Ўспагадна-добрага ўзiрання,

Ўсё заспакоiлася: неба,

I поле знятага ўжо хлеба,

I гэта даль, i лугавiны...

На нiцях белай павуцiны

Прывозяць восень павучкi.

Яе красёнцы, чаўначкi

У моры лесу мiльгатнулi

I лiсце ў багру апранулi;

I з кожнай лiсцевай галоўкi

Глядзiць твар восенi-свякроўкi.

Павее ветрык - шурхнуць травы:

Няма ў iм ласкi, нi забавы.

Не - то не шолах каласочкаў,

Не смех блакiтных васiлёчкаў

У межах росных збажыны;

Не - то не музыка вясны,

А цiхi жаль i нараканне,

З жыццём i з сонцам развiтанне.

Шыбуюць гусi ў край далёкi

I жураўлi ў той самы край.

- Бывай жа, лецейка, бывай!

Бывайце, родныя валокi!

- Ну, - кажа раз Мiхал, - як будзе?

Ўжо вучаць дзецi ў школцы людзi;

Пара б i нашым за навуку...

Аддаць у школку iх - не ў руку:

Давай харчы, наймi кватэру...

I бацька тут, як на паперу,

Стаў вылiчаць расходы, страту

I кончыў тым: лепш к сабе ў хату

Не трэба й кланяцца Яхiму

Наняць дарэктара на зiму,

Ну хоць бы Яську Базылёва.

- Дамо рублёў тры i - гатова!

А хлопец спрытны да навукi.

- Ну, Яська - майстар на ўсе рукi:

Як да сярпа, так i да кнiгi.

Але цi будуць хлопцы слухаць?

Каб не прыйшлося часам нюхаць

Яму ад вучняў сваiх хвiгi?

Антось заўважыў. - Як-то хвiгi?

Няхай асмеляцца, псялыгi!

Ўскiпеў Мiхал: - А гэта што?

Як адсвянцаю разоў сто,

Як адлуплю - тры днi не сядзе!

Тут вочы ўнiз спускае Ўладзя

Ды слова ўставiць смеласць мае:

- Я больш забыўся, як ён знае...

- О, ты разумны! ты ўсё ўмееш.

А пяць ды два не зразумееш:

Дурны ў задачах, як дубiна!

Спыняе бацька грозна сына.

Але вучыцца мне без дуру,

А не - як з гада спушчу скуру!

Ўсё разумець павiнны самi!

I бацька ўсiх абвёў вачамi,

Кiўнуў выразна на аборку.

На тым i кончылi гаворку.

Яшчэ дарэктар не з'явiўся,

А Ўладзя хлопцам пабажыўся,

Што ён за вуха ўзяць не дасца,

Няхай лепш возьме яго трасца!

У дзве нядзелькi па Пакровах

Прывезлi Яську ў лапцях новых;

За iм два боты без абцасаў

Насiў iх Яська з даўнiх часаў,

Ад брата "Кiксы" дасталiся

На ўсякi выпадак няслiся.

- Ну, вось дарэктар вам, глядзеце!

Мiхал кiвае тут на Яську.

За кнiгi заўтра i за ўказку,

Бо грошы бацькавы - не смецце,

Каб мне вучылiся старанна!

Не патураць iм анiзвання!

Мiхал звярнуўся к "дарактору":

- А не паслухае каторы

Цягнi за вуха на каленi:

Знайду лякарства я ад ленi!

А будзе йсцi навука туга,

Падгонiць бацькава папруга!

Стаялi хлопцы i маўчалi,

На Яську зрэдку паглядалi;

А сам дарэктар, з вузел ростам,

Ў сваiм уборы бедным, простым,

У зрэбных портках i кашулi,

Стаяў, як бы яго прыгнулi,

Такiм мiзэрным i маўклiвым,

У халаце суконным сiвым.

Счакаўшы трошкi, ён ачнуўся,

Прыйшоў у памяць, азiрнуўся.

Ён знаў усiх, i яго зналi;

З Уладзем колiсь сябравалi,

Але цяпер не тыя часы

Рабiць нязручна выкрунтасы,

Бо цвёрда помнiць, ведаць трэба:

На iм ляжыць цяпер вучэба.

Ён толькi летась скончыў школку

I веды меў у адну столку,

Ды й тых патрацiў з палавiну,

У поле гонячы скацiну.

Таксама хлопцы разважалi

I, як трымацца з iм, не зналi:

Цi мець яго запанiбрата,

Цi лепш з iм быць далекавата.

Уладзiк зараз - шмыг у дзверы!

(Такiя меў ужо манеры.)

Ды йшоў пынiць ён гаспадарку.

З навукай хлопец штось не ладзiў,

А Еўтушэўскi яго гадзiў,

Ярэмцам клаўся ён на карку.

Алесь за комiнак схаваўся,

Адтуль на Яську прыглядаўся

I думаў там сабе без шуму

Якуюсь смешную, знаць, думу,

Бо зрэдку ўголас усмiхаўся.

Яшчэ раз Яська азiрнуўся,

Павесiў шапку, распрануўся

Як вузел, хлопец невялiчкi!

Крыху маркотна з непрывычкi,

Бо тут так цiха, глухавата;

Лясы, кусты i адна хата;

Тут жыць сапраўды страшнавата:

Лагчыны, ямiны, раўкi

Тут, пэўна, шворацца ваўкi

I злыднi ходзяць, ваўкалакi...

Папаўся ён тут, небарака!

А лес пануры i страхлiвы.

Дарэктар наш быў палахлiвы;

Няма нi веры, нi надзеi

На вельмi добрыя падзеi.

Эх, цяжка жыць тут будзе, цяжка!

I нават каецца наш Яська,

Нашто даваў ён сваю згоду.

Каб знаў - не ехаў бы ён зроду,

Бо прападзе ён тут, як мыш,

Але ўжо выпiлi барыш,

I сам ён чарку выпiў. Шкода!

У запек Яська йдзе, садзiцца

Да дзела ж трэба прыступiцца!

Хоць i папаў ён у няволю,

Але выконваў сваю ролю,

Бо так i гонар ты свой згубiш.

- Ну, ты, Костусь, чытаць любiш?

Дарэктар Костуся пытае,

Абы хоць гутарка якая.

- Люблю, але яшчэ не ўмею:

Складоў нiяк я не здалею.

- Ну, гэта, брат ты мой, паўгора:

Склады чытаць ты пойдзеш скора,

Абы каб лiтары нам знаць,

А на склады ўжо - напляваць.

Паслiбiзуеш, i нiчога

Не трэба розуму тут многа.

А як Алесь? - Алесь вучыўся.

Пiсаць ён нават налажыўся,

Гаворыць Костусь пра Алеся.

- Што ўжо з мяне вы смеяцеся?

Алесь аклiкнуўся iм з печы.

Хоць i пiшу, ды недарэчы;

Калi што й ведаў, то забыўся,

Бо ўжо даўно пiсаць вучыўся.

- Цябе ж нябось вучыў Лапата,

Ўступiўся Костусь зноў за брата,

Ты ў школе быў, Алесь, паўгода,

Пiсаў на дошцы "кучка", "мода",

Пiсаў i "конь", i "вецер вее"...

Не, - наш Алесь пiсаць умее!

- Ну, гэта я-то трохi знаю,

Хоць часам сам не расчытаю,

Што напiшу, - такi пiсака,

Не расчытае i сабака.

Алесь за бэльку сунуў руку,

Раз справа ходзiць пра навуку,

Дастаў сваю цятрадзь старую.

- Вось паглядзi, як я малюю,

Якiх я тут наставiў птушак,

Каракуль розных, завiтушак.

Вось гэта - "кучка", гэта - "мода",

А гэта - "конь", а тут - "калода";

А тут пiсаў дзядзька Антось,

Ён пiша хораша, нябось,

Няпраўда? можна падзiвiцца.

Ён штось пiсаў тут яшчэ ўлетку,

Як браў кабылу на заметку,

Калi ёй трэба жарабiцца.

Глядзелi ўтрох на гэты сшытак

I ўсё разгледзелi да нiтак.

I хлопцы тут пасябравалi,

Язык i Яську развязалi,

Сышлi з навукi на другое:

Зайшла iх гутарка аб тое,

Чым гэты кут багаты, слаўны,

Сярод звяроў тут лось быў глаўны.

I вучням нават тут прыйшлося

Сказаць дарэктару пра лося:

Якi вялiкi ён, рагаты,

Паджары i стрынгаляваты,

Калi глядзець на яго ззаду,

А з галавы - раголь-грамада!

За iм шоў воўк, зайцы, кунiцы

I многа ўсякае драбнiцы:

Барсук, каза, лiсы, вавёркi,

Тхары, i ласiцы, i норкi.

Дарэктар слухаў з захапленнем,

Дзiвiўся розным тут здарэнням:

Як барсука ў Парэччы бiлi,

Як тут кунiц, тхароў лавiлi,

Якi характар, нораў звера,

Якая воўчая манера;

Таго не чуў наш Ясь нiколi,

Хоць быў чатыры гады ў школе.

А на канцы, як пра гасцiнец,

Сказалi Яську пра звярынец,

Каб скончыць тым усе навiны.

Звярынец - загарад казiны

Ўсё гэта - панскiя забавы.

I сам звярынец быў цiкавы:

Высокi, зложаны з бярвення

I такi моцны - на здзiўленне!

Каб воўк да коз не мог дабрацца

Нi праз той верх, нi падкапацца

Не ўсунеш пальца там нiдзе ты.

Адным крылом звярынец гэты

Сюды выходзiў на дарогу.

Займаў ён цэлую разлогу:

I лес, i луг, i часць крынiцы.

Улетку ў iм растуць сунiцы,

Iх хлопцы бралi колькi шапак.

У ельняку з яловых лапак

Стаiць салаш, як тая хата.

Раней тут коз было багата,

Крыху наўперад, не ў iх часе,

Ды тая плойма ўся звялася,

Так перадохла яна марна;

Цяпер жа ёсць тут толькi сарна

Ды данiель, казёл адзiны,

А рогi тыя, як галiны,

Адно здарэнне аб казле тым,

Што мела месца прошлым летам,

Апавядалi хлопцы Яську,

Як найцiкавейшую казку.

А гэта справа так была.

Каня ў кампанiю казла

Пускалi нанач у звярынец.

I вось якi казёл злачынец:

З канём знаёмiцца, сябруе,

Так след у след i спацыруе,

I разам ходзяць, i гуляюць,

I разам ночы каратаюць

Ну, словам, сталi дружакамi.

Ад дружбы к гульням пераходзяць,

Ды тыя гульнi часта шкодзяць:

Казёл каня штурхець рагамi!

Штурхель быў нагла-нечаканы,

I ў жываце каня - тры раны!

Iдзе-цячэ ў хлапцоў размова

I Яська зрэдка ўставiць слова,

Пра сёе-тое распытае

Размова ладная, жывая!

Страхоў такiх тут наказалi,

Што ў Яськi коленкi дрыжалi,

I нiзавошта па вячэры

Не смеў ён выйсцi вон за дзверы;

А перад тым, як спаць лажыцца,

Ён мусiў к хлопцам паддабрыцца,

I хлопцы цёмнаю парою

Iшлi на двор з iм грамадою

I там стаялi, не йшлi ў хату,

Пакуль з натурай меў расплату.

Затым у запек шлi i спалi,

Туды ж i Яську яны бралi,

Ён у сярэдзiне лажыўся,

Ляжаў маўчком, не варушыўся,

Абы не легчы толькi з краю:

- Бо я з вас коўдру пасцягаю.

Якое ж будзе вам тут спанне?

Казаў наш Яська ў апраўданне.

ХV. "НАЧАТКI"

Мiнула ночка. Дзень праз вокны

Знiшчае цёмныя валокны,

На печ, у запек зазiрае

I ночку з хаты выцiскае.

У печы ўжо палаюць дровы,

I iх астатнiя размовы

Так гучна, бойка застралялi,

Як бы паны запалявалi.

Хлапцы памылiся руплiва

I ўсе з дарэктарам пачцiва

Пасталi ў рад прад абразамi.

- Малiцеся ж вы... са слязамi!

Каб даў Бог здольнасцi, ахвоты

Да вашай новае работы,

Панятнасць добрую i памяць

Ўсё браць на розум вам i цямiць,

I каб да кнiгi вас гарнула,

Сказаў Мiхал сынам прачула.

I хлопцы ў нейкiм захапленнi

Пасталi раптам на каленi

I так набожненька малiлiсь,

Што аб падлогу лбамi бiлiсь.

- А па сняданнi - за навуку!

I не чакаць мне на пануку,

I самi знайце свой парадак,

Каб i да кнiг, як да аладак,

Таксама дружна наляталi.

Дарэктар, хлопцы - ўсе маўчалi,

Схiлiўшы ўдумныя галовы,

Пакуль цягнулiся прамовы.

- А ты, дарэктар, ведай дзела:

Прыпры iх добра, як вужакаў,

Каб аж заенчыў i заплакаў,

Каб у галовах iх кiпела!

Калi ж чаго не зразумее,

Або не ў часе задурэе,

Цi так падыме часам спрэчку,

Стаў на каленi i на грэчку!

"Ого! - падумалi хлапяты.

Няўжо дарэктар так заўзяты,

Што будзе права сваё правiць

I на каленi штодзень ставiць?

Ну, што ж? пабачым, памяркуем,

А здзеку, кпiн не падаруем.

Няхай адно кране за вуха:

Як выйдзе ён на двор, псяюха,

Адзiн без нас, як цёмна стане,

Тады што скажаш нам, Iване?"

Але навука аказалась

Не гэтак страшна, як здавалась.

Дарэктар выдаўся мяркоўны

I лепшы нават, як свой кроўны;

Умей з iм толькi пагадзiцца,

Раменным вушкам паддабрыцца

Цi падшыванку звiць на лапаць,

За вуха ён не будзе цапаць,

Наадварот: тады ты - дока,

Ў навуцы пойдзеш ты далёка.

I толькi Ўладзя хiбiў часта:

Задач нiяк не браў i - баста;

Як з iм дарэктар наш нi бiўся

Нi з месца, раз ужо спынiўся;

А не - на злосць яму гаворыць,

А то часамi з iм i спорыць

Цi проста дражнiцца, смяецца

I ўзяць за вуха не даецца.

Тады дарэктар адступаўся

I да другога зварачаўся.

Ды толькi вось чым скутак дрэнны:

Мiхал быў сам крыху пiсьменны

I падлавiў ён раз Алеся:

Ў законе божым, як у лесе,

Не цямiў хлопец нiчагутка;

Адам i Ева, збойца Каiн

Разоў пятнаццаць iм аблаен,

Але няма ўсё таго скутку:

Два словы скажа i запнецца,

Бы галава там чым заткнецца,

Ну проста зробiцца як звон,

Алеся лаюць за закон:

- Ото бяспамятны дурнiца!

Бадай ты спрогся быў, тупiца!

Смяюцца, строяць з хлопца кпiны,

Няма спакою нi часiны.

Алесь пакутуе i плача:

Надыдзе ж гэтака няўдача!

I вось, зашыўшыся на печы,

Ён разважае недарэчы:

Як тут зрабiць i што парадзiць?

Куды б "закон" яму справадзiць?

- Згарэлi б вы былi, "начаткi"!

Парву нашчэнт вас, небажаткi!..

А што ж? пакромсаць iх, i квiта!

Абы зрабiць тут шыта-крыта!..

Алесь па сталым разважаннi

Прыйшоў да тога праканання,

Што каб палепшылась вучэба,

То гэту кнiгу знiшчыць трэба.

I вось уночы наш дабродзей

Ўстае i крадзецца, як злодзей,

I кнiгi з скрынкi выкiдае,

I пад сталом iх растрасае,

А ненавiсныя "начаткi"

Парваў па самыя акладкi:

"Вось вам, Абрам, Iсак i Якаў!

Паплачце вы, бо я ўжо плакаў!"

Зрабiўшы строгую расправу,

Ён кiнуў далей iх пад лаву,

Як быццам тут каты гулялi

I штук такiх навытваралi

Сваiмi гульнямi i скокам,

I скрынку ставiць Алесь бокам.

Паслухаў: не - нiхто не чуе,

I ў запек цiхенька шыбуе.

Назаўтра раненька дасвету

Руплiвасць матку падымае.

Яна ўстае, крыху ўздыхае,

Работа розная чакае,

I рух находзiць на кабету,

Карчажку палiць на камiнку,

Садзiцца прасцi на часiнку,

Пакуль у печы не падпалiць,

Тады работа ўся навалiць.

I дзядзька зараз абудзiўся,

У вокны глянуў - мо спазнiўся.

- Ох, трэба ж борзда абувацца

I з малацьбою паспяшацца,

Бо мышы збожжа й так паелi,

I злазiць борздзенька з пасцелi.

Алесь не спiць - ён у трывозе:

Што на сягонняшняй дарозе

Яго з "начаткамi" чакае?

Як сойдзе хiтрасць яго тая?

А як успомнiць пра "начаткi",

Так i палезе душа ў пяткi.

Абуўся дзядзька, штось шукае

I раптам голасна пытае:

- А во! хто ж кнiгi так раскiдаў?!

Алесь нiчым сябе не выдаў,

Заплюшчыў вочы i чакае,

Чакае, што тут далей будзе.

- Скажэце, мiленькiя людзi!

Мае ж вы родненькiя маткi!

Як расчвартованы "начаткi"!

Пад лавай дзядзька вядзе следства.

- Якое зроблена калецтва!

I мацi прасцi перастала,

Глядзiць i дзiвiцца нямала.

- Каты напэўна, - кажа мацi,

Бо гэтак бегаюць па хаце,

Калi разыдуцца часамi!

Алесь падзячан добрай маме,

Бо мацi ў тон яму трапляе

I на катоў вiну ўскладае.

I бацька ўстаў на гэту справу

Пабачыць дзiўную праяву.

"Ўсё будзе добра, калi тата

Не надта возьмецца заўзята",

Алесь пад коўдрай разважае,

I страх мацней яго шугае.

Да кнiжак тут усе сышлiся,

I разважаннi пачалiся.

"Начаткi" доўга разглядалi,

Як iх "каты" пашматавалi.

Алесь за печчу весялее,

Але падняцца ён не смее,

Каб там чаго не наплясцi,

На след старэйшых не ўзвясцi...

"Не: трэба ўстаць, устаць, канечна,

Бо так ляжаць, брат, небяспечна!"

Яго аж коле пад лапаткi.

Ўстае, глядзiць ён на "начаткi",

Глядзiць ды ў слёзы! Як заплача!

"Ах ты, халерына кацяча!"

Алесь прыйшоў у гнеў, у дзiкi,

I ў абурэнне, жаль вялiкi,

Катоў ён бедных б'е, ганяе,

За хiб у сенi выкiдае,

Як бы яму тыя "начаткi"

Мiлей i бацькi, мiлей маткi.

- А гэта Каiну не шкодзiць:

Нашто ён Бога ў зман уводзiць?

Няхай братоў не забiвае!

"Начаткi" дзядзька разглядае,

Кiвае хiтра на Алеся:

- Няма нi Сiма, брат, нi Хама,

Падралi ў дрэбезгi Адама,

А Ева дзесь сядзiць на стрэсе,

Нiдзе не знойдзеш Саламона,

Кот на хвасце панёс Самсона.

Тут, брат, Iсая i Агей,

Прарок Iлья i Елiсей.

Пастаў цяпер ты Богу свечку,

За цэп бярыся ды за грэчку,

"Начаткi" ж сунь iдзi пад стрэху!

I аж заходзiцца ад смеху.

- А каб яны павыдыхалi!

Чаму задачнiка не рвалi?

Сказаў Уладзя ў засмучэннi:

- Дае ж такiя Бог здарэннi,

Але не мне яны трапляюць,

Мяне заўсёды абмiнаюць.

Тут нават бацька не стрымаўся

I нечакана засмяяўся.

Алесь пачуў - мiнула лiха.

I сам сябе ён хвалiць цiха,

I так на сэрцы праяснiлась,

Як бы гара з плячэй скацiлась.

I думаў ён i пацяшаўся,

Што ўжо з законам паквiтаўся,

I цэлы дзень ён быў вясёлы,

Як бы яго няслi анёлы.

Ды памылiўся ён без меры:

Прыходзiць бацька па вячэры,

Алеся з запеку ён клiча

Ды ў нос "начаткi" яму тыча:

- Глядзi ж ты iх цяпер, як вока:

Папруга ўжо не так далёка;

Калi каты iх зноў парвуць,

То пухiры тут паўстаюць!

I тое месца сына-блазна

Айцец паказвае выразна.

Алесь, у смутку джургануўшысь,

Пашыўся ў запечак, сагнуўшысь.

I доўга ён заснуць не можа:

Зноў Лот, Абрам... Мой моцны Божа!

Ўваччу "начаткi" мiтусяцца,

Ад iх няможна адвязацца;

Зноў тая самая бядота,

Зноў слёзы, крыўда i згрызота.

Адно Алеся суцяшала

I Кастуся бяда спаткала:

Кастусь на "веруi" сеў макам,

Абодвум кепска, небаракам!

I кажа раз Алесiк брату:

- Закiнем кнiгi ў снег, за хату,

Ты "верую", а я "начаткi",

I пойдуць iншыя парадкi.

- А будуць бiць? - То што? паплачам,

Затое ж потым мы паскачам.

- А тата кнiжак зноў дастане?

- Ну й што? i тым дамо мы рады,

А там падыдуць i Каляды,

А там, дасць Бог, вясна настане...

Эх, брат: якi ты баязлiвы!

Не бойся, Костусь: будзем жывы!

Чаго баяцца? нiчагутка!

Закiнем iх у снег цiхутка.

А ты маўчок! нi шэп! нi слова,

I ўсё, брат, пойдзе адмыслова.

- Не, брат Алеська, не рабi ты,

Бо тата наш такi сярдзiты!

- Дык ты не хочаш? - Не: баюся!

- Адзiн i я, брат, адступлюся,

Сказаў Алесь i засмуцiўся

I ў свае думкi углыбiўся.

На скорым часе ранiчкою

Алесь у кепскiм быў настроi:

Хадзiў, бурчаў, не змоўчваў маме,

Ўсё дагары вярнуў нагамi.

- Бадай яны былi згарэлi!

I дзе чарты iх тут падзелi?..

- Чаго ты шворышся, мармотка?

Ў пытаннi маткi злосцi нотка

Зусiм Алеся угнявiла.

Зiрнуў на матку ён нямiла.

- Няма "начатак"! - Зноў "начаткi"?

Калi ўжо будуць iм канчаткi?

Ён ператрос i вугалочкi,

Як ёсць, аблазiў i куточкi;

Глядзеў за бэльку i ў пячуру,

Падняў такую шуру-буру,

Што хоць ты з хаты выбiрайся

I тых "начатак" адцурайся.

Алесь раскiс i не ў гуморы.

- Мо iх забраў Марцiн з каморы?

(Марцiн нядаўначка з кватэры

Прыносiў нейкiя паперы.)

Алесь Марцiна прыплятае

I ўсё шукае ды шукае,

I не знаходзiць сваю страту.

З гуменца бацька шусь у хату!

I, не гаворачы нiчога,

Рвануўся раптам да малога!

Аж задрыжаў. I ў момант вока

Ўгары матнуўся пас высока

I ў тую ж самую хвiлiну

Агнём апёк Алесю спiну.

Алесь заенчыў праразлiва,

Упаў i зноў схапiўся жыва,

А дзецi ў плач, у енк, у слёзы,

I ўсе разбеглiся, як козы;

А бацька, страшны, поўны злосцi,

Алеся лупiць без лiтосцi;

I мацi рады даць не можа

Так моцна бацька абурыўся.

Даў Бог, Ксавэры налучыўся.

- Пакiнь, Мiхал! пакiнь, нябожа!

Апамятуйся, цi так можна?

Насмерць заб'еш неасцярожна!

Прыбег i дзядзька на падмогу,

Насiлу вырвалi нябогу.

А бацька сек, пытаў скрозь гнеў:

- Куды "начаткi", гад, задзеў?

Алесь без вопраткi i босы

Бяжыць у снег, проставалосы,

За хлеў ён чэша без аглядкi:

- А во яны! а во "начаткi"!

I мушу я адно зазначыць,

Няхай тут праўду кожны ўбачыць,

Што гэта прыкрае здарэнне

Пайшло яму на паляпшэнне.

ХVI. ВЕЧАРАМI

Малюнкi родныя i з'явы!

Як вы мне любы, як цiкавы!

Як часта мiлай чарадою

Вы ўстаяце перада мною!

I так панадна смеяцеся

Жывою баграю на лесе,

I златаблескiмi снапамi

Праменняў-стрэлаў над палямi,

I брыльянцiстаю расою,

Калi гарачаю касою

Скрозь лiсцяў сетачкi-аконцы

На ёй заззяе цiха сонца,

Яе так песцiць, так кахае,

Па ёй вясёлкi рассыпае!

Я бачу роўныя пакаты

Палёў за Нёмнам i iх шаты

Аўсоў палоскi, лавы жыта,

Што морам золата разлiта;

I грэчак белыя абрусы,

I лесу два крылы, як вусы,

I цёмны роў, вадой прабiты,

Такi зацяты i сярдзiты;

Ялоўцаў шэрыя аблогi,

Дзе белы мох, сiвец убогi

Пясочак жоўты засцiлаюць

I дзе зайцы прыпынак маюць.

Я чую шум рознагалосы

Лясоў, лугоў, дзе звоняць косы

У часе дружнай касавiцы;

Я чую громы навальнiцы,

I шум глухi буйных дажджоў,

I песнi звонкiя палёў,

I цiхi плач ускрай магiлы.

Даўно зацiх iх голас мiлы,

Даўно ўсё змоўкла i прапала,

Iх толькi памяць захавала.

Але нявiднымi нiцямi

Я моцна-моцна звязан з вамi,

Малюнкi роднае краiны!

Эх, зараслi вы, пуцявiны

У гэты мiлы мой куточак,

Дзе ные жоўценькi пясочак

Пад летнiм сонцам, пад спякотай

I ззяе смутнай пазалотай

Над самым Нёмнам срэбраводным,

Так сэрцу блiзкiм-блiзкiм, родным.

I зараслi не палынамi,

Не крапiвой, не драсянамi,

Не чаратом, не лебядою

А беларускаю бядою.

Ды покi будзе сэрца бiцца,

Яно не зможа пагадзiцца

Нi з гэтым гвалтам, нi з бядою

Над нашай роднаю зямлёю...

Эх, мiлы край адвечнай мукi!

Пракляты будзьце, вусны, рукi,

Што на цябе ланцуг кавалi

I ў твар зняважлiва плявалi!

Няхай агонь i жар пакуты

Навекi спалiць здзек той люты,

Якi спрадвеку там пануе,

Над тым, хто родны скарб шануе

I хто ўсiм сэрцам i душою

Астацца хоча сам сабою.

Жывi ж, наш край! Няхай надзея

Гарыць у сэрцы i мацнее,

Што хоць не мы, дык нашы дзецi

Убачаць цэльным цябе ў свеце!

Алесь на дзеле праканаўся,

Што ён дарэмна марнаваўся

I што ўжо больш няма збавення,

Як толькi ўзяцца за вучэнне,

Як гэты клопат не марудны.

I што ж? закон быў не так трудны,

Ужо па той адной прычыне,

Што ён запiсан быў на спiне

(А ў сэрца ўложан сам сабою),

I ўсё пайшло сваёй чаргою.

Цяклi дзянькi ды йшлi нядзелi,

I час тут вольны хлопцы мелi,

Вучылiсь толькi да абеду,

Вучылiсь нават не без следу.

I Костусь, мушу я прызнацца,

Ўжо ўмеў на дошцы распiсацца,

Што вельмi цешыла Мiхала

I гонар бацькаў падымала.

Удзень, як лекцыi канчалi,

На рэчку хлопцы выбягалi

Крыху пакоўзацца па лёдзе

Цi так пабегаць на свабодзе,

У снег залезцi па калена,

А то насiлi козам сена

Ў звярынцы козы зiмавалi

I iм палонкi прасякалi.

I сам дарэктар клышаногi

Не горш ад вучняў бег з дарогi,

Гайсаў па снезе, распускаўся

I штурхалямi захапляўся.

А як надарыцца часамi

Яму спаткацца там з казамi,

Тады крычаў ён благiм матам,

Тады рабiўся ён вар'ятам,

Такая радасць пашыбала,

Так хвалявала, захапляла.

I гэту радасць, мiг шчаслiвы,

Выказваў крыкам праразлiвым.

- А я-я-яй! А я-я-яй!

Крычаў, хоць вушы затыкай.

Другi раз хлопцы валяць валам

У ток да дзядзькi ўсiм кагалам.

На току ў дзядзькi, бы ў святлiцы,

Маркотна свецiць блеск газнiцы;

Дрыжыць агоньчык сiратлiва,

У бокi ходзiць палахлiва.

На месце ўсё тут i прыбрана,

Так гладка ўсё дапасавана.

А тыя ж граблi цi цапочкi!

Ну, толькi цешыць iмi вочкi!

У рукi возьмеш - працы хочуць,

У дзела пусцiш - зарагочуць!

А як наш дзядзька час там бавiць!.

Ён не працуе - iмшу правiць!

Вось як жывога дзядзьку бачу,

Я тут партрэт яго зазначу.

Ён невысок, не надта ёмак,

Ды карчавiты i няўломак,

А волас мае цёмна-русы,

I зухаўскiя яго вусы

Умеру доўгi, густаваты,

Угору чуць канцы падняты;

А вочы шэры, невялiчкi,

Глядзяць прыветна, як сунiчкi,

Але раптоўна i адразу

Не расчытаеш iх выразу:

То смех, то хiтрасць з iх блiскае,

То дабрата, але якая!

А нос... я глянуць мушу ў неба,

Бо не патраплю, як пачаць

I з чым нос дзядзькаў параўнаць,

Каб выйшаў ён такi, як трэба:

Ну, нос кароткi i таўсматы,

Ды досыць спрытны, хоць кiрпаты.

Антось наш дбалы, акуратны,

А пры рабоце якi здатны!

Што нi замыслiць, то ўсё зробiць

I так прыгонiць, так аздобiць,

Што i для вока нават мiла.

I ўсё выразна гаварыла,

Што ён не толькi гаспадар,

Але й прыроджаны штукар,

Якiх на свеце не так многа.

За дзядзьку людзi просяць Бога:

Каму ён толькi не спрыяе,

Каго з бяды не вызваляе!

У дзядзькi цэлы спрат запасаў

Не любiць дзядзька пустаплясаў.

Вось вы зiрнiце ў хлеў на вышкi!

Там многа яблынiн на лыжкi,

Там ёсць iгруша i клянiна,

Якая хочаш дравянiна:

Грабiльны, коссi, клёпкi, восi...

Няма трайнi - йдзi да Антося.

I людзi дзядзьку шанавалi,

А на кiрмашы частавалi.

Каса чыя нядобра косiць

Няхай Антося ён папросiць:

Антось наладзiць - так дагонiць,

Тады пабач, як загамонiць!

Каса не косiць - каса брые

I шчытнякi бярэ сухiя,

Бо ў дзядзькi рукi залатыя.

Каб дапiсаць партрэт Антося,

Скажу: на свеце не знайшлося

Нi ўдоўкi-любкi, нi дзяўчыны,

Каб палучыць дзве палавiны,

Каб разам шчасце здабываць

I поруч долю падзяляць.

I я тут сам за дзядзьку мушу

Назад старонку адгарнуць,

I аб вясне яго ўздыхнуць,

I добрым словам яго душу

Яшчэ раз шчыра памянуць.

Была вясна, было iмкненне,

I сэрца ведала тамленне,

I сэрца водгук сэрца чула,

I сэрца к сэрцайку гарнула.

Ды толькi ж доля не судзiла,

I любка-Наста, яго мiла,

Што так клялася, цалавала

I к сэрцу з жарам прыхiляла,

Што так сулiла шчасця многа,

Яго змяняла на другога!

Антось... Ды што!.. цяпер забыта,

Даўно пажалi тое жыта

I тыя межы зааралi,

Што дзядзькаў смутак калыхалi.

- Ну, хлопцы: зараз дамо жару!

Саб'ем пасадаў яшчэ з пару.

Снапы ў радочкi палажылi,

Так i дзяды яшчэ вучылi,

Каб каласы ды з каласамi,

А да пярылаў гузырамi.

- Ну, грымнем, хлопцы, каб звiнела!

I пяць цапоў iдуць у дзела!

Не малацьба, а бубнаў хоры!

Здаецца б, цэпам вадзiў хворы!

Бiчы кладуцца так рытмiчна,

Само гудзенне iх музычна;

Снапы не ўлежаць, скачуць самi

I сыплюць жыта пад бiчамi,

А дзядзька рэй вядзе, гукае

I адным крыкам памагае:

- Дай, дай яму, брат! дай з-за вуха!

Гэ-гэх, скачы, баба-псяюха!

Гудуць цапы ўгары праворна,

Iдзе работа дружна, спорна,

Аж падшыбае ўсiх ахвота,

Бо мае свой захоп работа.

Вось так адно другiм мянялась,

Затым яно й не прыядалась,

Калi было ўсё ўмеру, ўпору,

I гладка йшло ўсё тут угору.

Таксама вечар свае бавы

Нясе з сабой не менш цiкавы

I асаблiва перад святам,

Калi, бывала, дзядзька з татам,

А з iмi часам гэтаксама

Язык развяжа свой i мама,

Пачнуць казаць свае ўспамiнкi,

Вясцi размовы пра старынкi,

Пра незвычайныя здарэннi

I iм даваць тут тлумачэннi.

Цяпер камiнак спачывае,

А хату лямпа асвятляе,

Але маркотна i тужлiва,

А ценi страшна i маўклiва

То затрасуцца, затанцуюць,

Як бы каго яны пiльнуюць,

То заспакояцца зацята,

Калi замрэ i сама хата.

Тады здаецца, ценi тыя

Не проста ценi, а жывыя,

I нiбы ў iх ёсць нейка справа,

I таямнiчна i цiкава.

Дарэктар к печы прытулiўся,

На дзядзькаў твар утарапiўся.

- Мне сам казаў Пятрусь Грыхiнiн,

I лгаць жа ён не быў павiнен:

Дадому ехаў ён з Княжога,

Вакол няма нiдзе нiкога,

I цiха ўсё, як бы зацята.

Было ўжо трохi пазнавата,

А ён на волiках пляцецца,

I так яму ўсё штось вярзецца.

Вось едзе ён, масток мiнае,

Аж хтось з-за паляў вылятае,

Як жар чырвоны ды вяртлявы,

I хвошча пугай ўлева, ўправа

I па валах i па Пятрусю.

"Вось, - кажа, - я табе спазнюся,

Калi ты так запрацаваўся!"

I аж да Нёмна за iм гнаўся!

Дарэктар бедны ўвесь жахнуўся,

Ад страху нават аж прыгнуўся.

- Мабыць, штось ёсць-такi на свеце!

На матку тут зiрнулi дзецi.

- Свякроў, нябожчыца Анэта,

Сама казала мне пра гэта,

Яна была i цётка Рузя,

Збiралi шчаўе дзесь на лузе

Ды йшлi дадому каля Нёмна.

Было зусiм яшчэ няцёмна,

Вось толькi сонца напалову

Зайшло за горку Дземянову,

I нiкагусенька нiдзе!

Аж - зiрк! на саменькай вадзе

Сядзiць хтось, выцягнуўшы ногi,

Над самай буктай, такi строгi,

Як мае быць, ва ўсiм адзеннi

I курыць люльку ў задуменнi.

Кабеты ў страсе далей хутка!

Назад зiрнулi - нiкагутка!

- А хто ж то быў, цьфу, правалiся?!

Спытаў дарэктар, трасучыся:

Яго той страх нашчэнт занудзiў.

- Цi не Янчур там рыбу вудзiў,

Азваўся дзядзька не без жарта.

А ўсе маўчаць, глядзяць упарта.

Да дзядзькi блiжай хлопец жмецца:

Яму чорт знае што здаецца.

У хаце стала больш страхлiва.

З-за вокан ноч глядзiць маўклiва,

I гэта ноч як бы жывая,

I быццам нешта яна знае,

Але аб тым казаць не хоча,

Бо на размовы не ахвоча.

А на дварэ дзесь каля будкi

Чагось брахнуў сабака чуткi,

Брахнуў i змоўк, бы страшна стала,

I ноч брахаць не пазваляла.

Аслаблi ў Яськi ўсе тут гайкi.

- Э, глупства ўсё, не больш як байкi!

Мiхась азваўся. - Хто баiцца,

Таму ўсё можа налучыцца.

Нашто вам лепш? тут жыў Пшавара...

Вось раз уночы чуе гукi

Ў акно малоцяць чыесь рукi,

Малоцяць так, бы ў час пажару.

- Хто там? - Пусцi, брат: то я - Сёмка,

Ну, брат, i б'юцца ж чэрцi ёмка!

Не верыў я, дальбог, паверу!

На ўласным карку чуў, халеру!

На грэблю я, брат, як уз'ехаў,

Так i засыпаў мне арэхаў!

Я - па канi, ён мне - па карку!

Пасек мне спiну праз браварку!

I толькi тут, вось, адступiўся,

Калi ў дварэ ўжо я спынiўся.

Пшавара з хаты выйшаў босы

Агледзець Сёмкавы калёсы.

I што ж? вось вам i таямнiцы:

Ялова лапка ўлезла ў спiцы!

Яшчэ пра страхi вялi мову,

I iх тлумачылi аснову,

I iх iстоту разбiралi,

I трохi з Яськi жартавалi.

Ўсяго было тут вечарамi,

Калi разыдуцца часамi!

На ўсё была свая прычына

I адпаведная часiна.

Зайшла раз мова аб навуках

Старых, даўнейшых - i iх штуках,

Аб кнiгах з чорнаю пячаццю,

Аб чараўнiцтве, аб закляццi,

Аб розных хiтрасцях i зману.

- Вось пусцяць нейкага туману,

I чалавек хоць i жывы,

Але стаiць без галавы!

Гаворыць дзядзька, хлопцам дзiва,

Ўсё iх цiкавiць моцна, жыва.

- Я сам такую штучку знаю,

Што без памылкi адгадаю,

Як хто стаiць, ну, хоць бы ў сенях:

Цi на нагах, цi на каленях,

Цi ён там стане, цi ён ляжа!

Вось гэта штука! - бацька кажа.

- I няўжо дзядзька адгадае?!

Цiкавасць Яську забiрае,

I не дае нiяк ён веры,

I погляд кiдае на дзверы,

Бо хоча ён сваю асобу

У сенi вынесцi на спробу.

- Ну, Костусь, пойдзем мы з табою?

Iдуць i ў сенях мiж сабою

Вядуць параду, як пастаць,

Каб бацька ўжо не мог згадаць.

Мяркуюць хлопцы так i гэтак,

Бы вулей ставяць пад паветак;

Урэшце ўсё абмеркавалi,

Хiтрэй не трэба, як пасталi:

Адзiн прыгнуўся ракушком,

Другi ў падлогу ўпёрся лбом.

- Ну, дзядзька, як мы тут стаiма?

- А так, як цюцькi за дзвярыма!

Iм бацька з хаты дзесь азваўся,

I раптам дружны смех падняўся.

ХVII. ВОЎК

Ў будныя днi ўставалi рана:

Няма калi хварэць на пана,

Няма чаго чакаць панукi,

Калi работы поўны рукi

Зноў закладайся на нядзелю.

Садзiлась мацi за кудзелю;

Цяплей мужчыны абувалiсь,

Ў сваю работу запрагалiсь.

Мiхал, пакуль не рассвiтае,

Iдзе Антосю памагае,

Бо трэба кончыць з малацьбою,

Каб не карцела над табою.

Дарэктар сам з свае ахвоты

Ў гумно любiў рабiць налёты,

Бо ён быў хлопец працавiты

I да работы страх сярдзiты,

Хоць быў яшчэ малы i кволы,

Ну, хвацкi хлопец i вясёлы!

Iдзе з двара часамi ў хату

Аб чым тут ходзiць Яську-хвату

Ён на дрывотню, бярэ дровы:

Ён услужыць усiм гатовы,

Гаспадарам i гаспадынi,

Бо што тут зробiцца хлапчыне?

Раз ён абцасам зачапiўся,

З дрыўмi знячэўку павалiўся

На крок, не далей, ад парога,

Але ўсхапiўся, i нiчога,

I толькi глянуў на абцасы,

Былi ў iх моладасць i часы,

Калi рабiлi выкрунтасы

I на iгрышчы тупацелi,

А тут хадзiць больш не хацелi.

Таксама Ўладзя да работы

Больш, чым да кнiжак, меў ахвоты:

Любiў ён з цэпам завiхацца

Або па лесе пацягацца,

Пабегаць з стрэльбай за лiсамi,

Цi за кунiцай, цi тхарамi.

I бацька з гэтым пагадзiўся:

Што ж? да навукi не радзiўся,

А вось мо з меншых што i будзе,

Няхай яны ўжо йдуць у людзi.

Алесь сядзiць, закон чытае

Або з сабою разважае,

А потым зноў у кнiгу ўткнецца

I сам сабе штось засмяецца.

У Кастуся "Родное слово";

Ён слiбiзуе ўсё наново,

Але склады штось не выходзяць

I хлопца ў злосць адно прыводзяць,

Бо Костусь - хлопец нецярплiвы,

У гнеў прыходзiць абурлiвы;

Яго падштурхвае спакуса

Сказаць знявагу на Езуса,

Якi прад iм быў намалёван,

I Езус быў тут iм аплёван:

Чаму ж бо ён не памагае,

Калi на гэта сiлу мае?

А потым злосць яго астыла,

Яму i прыкра, i нямiла,

Ён сам сябе чуць не кусае.

Ох, галава яго дурная!

I нi на грош няма ёй кошту,

Яго хвалiлi, а завошта?

I хiба ж Бог яго не чуе?

Або яму Бог падаруе

Вось гэты страшны грэх знявагi?

Эх, Костусь, Костусь! ты - брадзяга!

Выносiць сонца дзянёк новы

Скрозь гэты лес стары, хваёвы,

Дзянёк кароткi, чуць заметны,

Але вясёлы i прыветны.

Мароз бярэцца, пацiскае,

Па лесе лускае, гуляе

I хусты тчэ на беражку.

За ноч падкiнула сняжку.

Мiхал iдзе ў свае абходы,

А холад зiмняе пагоды

Яго рухавiць i малодзiць,

I колькi тут разоў ён ходзiць!

Тут кожна сцежка i дарожка

Яму даўно-даўно знаёма,

Мiхал у лесе, як бы дома:

Дзе нi ступала яго ножка!

Якiх куточкаў тут не знае!

Мiхал iдзе, сляды чытае!

Вось тут танюткi ланцужок

Лёг так прыгожа на сняжок

То пара кропак, то дзве рыскi,

Вiдаць, што мышкiны распiскi.

Другi малюнак, след - трайчаткi

Па лесе кiдаюць зайчаткi;

А лiс-хiтрэц, выжыга чуткi,

Па снезе цягне шнур раўнюткi:

Слядок з слядочкам супадае,

Бы лапка тут адна ступае.

Мiхал iдзе. У лесе глуха;

Дарэмна зыкi ловiць вуха:

Вакол маўклiва i маркотна,

I лес застыў, глядзiць гаротна,

I толькi дзесь у ельняку

Шалпоча сойка на суку

Ды стукне дзяцел траекротна.

Мiхал iдзе адзiн, пануры,

I сам ён хмур, i думкi хмуры,

Як гэты лес, снягамi сцяты

Або замоўлены, закляты.

Ды гэты лес, хоць ён i немы,

Але скрозь цiш халоднай дрэмы,

Скрозь гэты мёртвы сон зiмовы

Вядзе з Мiхалам казкi мовы.

У лесе кожная мясцiна

Лужок, палянка, баравiна

Асобны твар i выраз мае

I хоць што-небудзь выклiкае

З таго, што памяць захавала.

Так. Тут было ўсяго нямала,

Тут частка жыцця леснiкова.

Ну, хоць бы гэта вось дуброва!

Грыбоў улетку тут цьма-цьмушча,

Народ сюды йдзе - гушчай-гушча.

Тут шум, тут крык, тут гоман, спевы,

Аж разлягаюцца ў ёй дрэвы.

I вось, бывала, пан прыкажа

Сюды пасходзiцца ўся стража

I робiць цэлую параду,

Як дзе хiтрэй зайсцi ў засаду,

I ўсё на гэтых людзей бедных,

Ўсё з-за паноў тых ненаедных.

Садзiшся, ловiш. А другая

I на бiлет рубля не мае.

I мусiш драць i з беднаты.

I вiнават не пан, а ты:

Не гаспадар злы - кажа ўсякi

А гаспадарскiя сабакi...

А гэты хвойнiк абгарэлы!

Напэўна б выйшаў сказ тут цэлы,

Калi б ад самага пачатку

Апавядаць вам па парадку;

Але Мiхалу непрыемна,

Бо й тут пан лаяўся дарэмна,

А ён стаяў, свяцiў вачамi

Перад людзьмi i леснiкамi.

Мiхал iдзе, i думкi ходзяць,

I ў пункт адзiн яны прыводзяць:

Каб як зямлi сабе прыдбаць

I службы гэтае не знаць,

Тады паны ўжо не пашкодзяць.

Ды толькi вось дзе закавыка:

Купiць зямлю - купiць не лыка,

Тут грошы трэба - i не сотка...

Эх, брат, рука, рука каротка!

Дзе ўзяць? i розум тут не змесцiць,

Але ўсё ж думку Мiхал песцiць,

Пад самым сэрцам яе носiць,

I гэта думка - зямлi просiць!

Яна з iм заўжды: ў лесе, дома!

Яна яму даўно знаёма,

I нават ён, калi прызнацца,

Даўно жыве ўжо ў сваёй хатцы.

А гэта хата вось якая:

Перш-наперш выгляд добры мае;

Стаiць пры рэчцы цi крынiцы,

На ёй дзве дымнiцы-блiзнiцы

З чырвонай цэглы i фарсiсты.

У хаце ёсць пакойчык чысты,

А вокны светлы i панадны,

I броўны ў сценах вельмi ладны:

Шырокi, роўны, без прыточак,

I жоўценькi, як той жаўточак.

Хлявец, гуменца - ўсё там нова,

I ўсё дакладная будова!

Пры доме сад, хоць невялiчкi,

Ды добры сад, нiводнай дзiчкi;

I тут навокал тваё поле,

Раздолле тут табе i воля!

Працуй, чуць з хаты толькi выйшлi.

Але ўсё гэта - толькi мыслi,

Эх, гэта толькi мары-кралi!

О, каб яны ды праўдай сталi!

У лесе глуха, цесна стала,

I смуткам цiсне лес Мiхала,

I нейк маркотна ў гэтым боры,

Душа iмкнецца на прасторы,

I вочы просяць свету, волi.

Мiхал iдзе туды, на поле,

Дзе Нёман, выгнуўшыся дужкай,

Абводзiць лес прыгожай стужкай;

Але цяпер марозам скован

I ад людскiх вачэй захован,

I толькi жолаб, нiзка ўгнуты,

Ды лёд, ад снегу ветрам здзьмуты,

Яго дарогу вызначалi.

I цiха ўсё вакол. Маўчалi

Пад белай посцiлкаю далi.

Там, угары, дальш з-па-над Нёмна

Сяло глядзела зсiня-цёмна;

Над iм стаяў дым белаваты.

Панура ў снезе нiклi хаты.

Мiхал на горцы прыпынiўся,

Стаiць, бы сон яму тут снiўся,

I тут усе тыя мясцiнкi

Яго наводзяць на ўспамiнкi.

Вот тут калiсь - даўно было то

Дзяўчына з iх сяла, Дарота,

Купалася раз i ўтанула,

I смерць яе тут агарнула.

I гэта тут было здарэнне,

Калi на бераг, на каменне,

Гады два-тры назад, вясною,

Яхiма вынесла вадою,

Якога тыдняў тры шукалi,

Ды не найшлi й шукаць не сталi.

Таксама тут i здань здалася

Аб ёй i гутарка вялася,

Што быццам нехта на вадзе,

Яшчэ нябачаны нiдзе,

Сядзеў i з люлькi зацягаўся

Ды раптам згiнуў, бы распаўся...

Таемны вы, зямлi скрыжалi!

Чаго ў сябе вы не ўпiсалi!

Мiхал раптоўна садрыгнуўся,

Зiрнуў за Нёман i прыгнуўся,

З-за хвойкi хцiва выглядае

I дубальтоўку з плеч знiмае,

Увесь хвалюецца, дрыжыць:

Ваўчуга з сёл сюды бяжыць

I проста валiць на Мiхала!

Аж сэрца ў радасцi ўзыграла:

"Пастой жа, брат, пастой, ваўчуга!

Ужо ж спаткаю, валацуга!"

А воўк iмчыцца, снег здзiрае,

I толькi хвост яго мiльгае,

Вiдаць, далi яму дзесь жаху.

"Ну, брат Мiхась, не дай жа маху!"

Ён брамкi ў стрэльбе адчыняе,

Прыклад падносiць да пляча;

"Не так дасi ты стракача!"

Мiхал пацiху разважае.

А воўк ляцiць. Вось ён на Нёмне...

Вось ён за горкай... не вiдаць

Ён будзе тут хвiлiн праз пяць...

"Трымайся ж, браце, цэлься, помнi!"

Мiхал замёр, не моргне вока:

Развязка скора, недалёка

Вось-вось пакажацца звяруга!..

Ды доўга гэта штось натуга

Няма, а быць ужо пара.

Цьфу ты! Што ж гэта за мара?

Ўстае Мiхал, глядзiць вакола,

Як бы што страцiў, невясёла,

А рукi ўсё яшчэ дрыжаць.

Ну, хоць бы, гада, напужаць!

I дзе ён дзеўся? дзе, пракляты?

Мiхала рух бярэ заўзяты,

Не возьме тропу ён нiяк,

Бяжыць управа наўскасяк:

А можа, там яго спаткае,

А не, дык снег хоць запытае.

Але й туды прабег дарма:

Там i слядоў яго няма.

Бяжыць назад - няма! - прапала!..

Аж нейкi пот праняў Мiхала.

Мiхал на Нёман тут рвануўся

I, як зiрнуў, аж здрыгануўся,

I ўсё ў iм раптам задрыжала,

Аж нават шапка чуць не спала,

Калi прычын Мiхал дазнаўся:

У стрыжаню воўк шалпатаўся!

Мiхала згледзеў - лясь зубамi!

I злосна блiскае вачамi.

Мiхал хватае дубальтоўку

I хоча выстралiць у воўка.

А потым стрэльбу апускае

I воўка зблiзку разглядае.

А ён - вось тут, бяры рукамi,

Завiс на лапах, як у яме;

Стрыжэнь глыбокi, лёд пакаты,

А бедны воўк, вадой падцяты,

Скрабе па лёдзе кiпцюрамi

I носам рые, як зубамi,

I ўвесь пружынiцца i рвецца,

Але нiчога не ўдаецца,

I ўсё слабее ў воўка сiла.

Ды страшна смерць, усiм жыць мiла!

Ён рэшту сiл iзноў збiрае,

Мацней на лапы налягае,

Ды iх няма за што зацяць,

Яны слабеюць, слiзгацяць

I толькi скробаюць па лёдзе,

Перабiраюць край стрыжэню,

Няма надзеi нават ценю

У той яго бядзе-прыгодзе,

Няма, ваўчок, табе збавення!

Дарэмны ўсе твае iмкненнi!

I ненадоўга сiлы стане

Вясцi з вадою тут змаганне.

Слабее воўк i абмярзае,

А плынь усё больш падбiрае,

I, барукаючысь з вадою,

Ён павярнуўся галавою

I ўскiнуў погляд на Мiхала.

Вачамi злосна ўжо не косiць,

Глядзiць, як бы ратунку просiць...

Цьфу ты! аж шкода яго стала

Так вочы жаласна глядзяць,

Ну, вось, дальбог, шкада страляць!

Яшчэ раз бедны воўк рвануўся,

На спiну раптам павярнуўся,

Завыў жалобна i каротка

I - шуг пад лёд той, як калодка!

I знiкла ўсё: жыццё, змаганне

I прагавiтасць палявання.

Мiхал стаiць i разважае,

А потым голаву ўскiдае,

Як бы ён хоча запытаць,

Хоць тут нiкога не вiдаць:

"Ну, што ты скажаш, брат, на гэта?"

ХVIII. ЗIМА Ў ПАРЭЧЧЫ

О добры час дзянькоў прыгожых!

Ты знiк у хвалях часоў божых

I толькi ў думках i ўспамiнах

Жывеш-гарыш у днях дзяцiных.

Далёка я ад межаў родных

I дзён галодных i халодных

Пражыў нямала. Я гадаю,

Я родны край успамiнаю,

Я iм жыву, я ў iм душою

I сэрцам кожнаю парою,

Як той нявольнiк прагне волi,

Так прагну я ступiць на ролi

Сваiх палеткаў, нiў благенькiх,

Дарог i сцежачак крывенькiх,

Што гожа ўюцца спомеж жыта

Або срэдзь лесу самавiта.

I ўстануць з'явы, як жывыя,

Малюнкi сэрцу дарагiя,

I моцна душу парываюць.

"Iдзi да нас! iдзi", - гукаюць.

Благаславёны час той будзе,

Калi я ў родным сваiм людзе

Куточак бацькаў прывiтаю

I радасць жыцця там пазнаю.

О родны край! О край пакуты,

Нягодай цяжкаю прыгнуты!

Калi ж ты збудзеш тое гора,

Што i цяпер там, як i ўчора,

Як i даўней, цябе знiшчае

I горкiм смуткам авявае?

I ў час вялiкi разбурэння

Не сцерпiць нават i каменне

Тваiх палёў, глухiх абшараў,

Дзе след вайны агнём пажараў

Пранёсся дзiка i няшчадна,

Каб не заплакаць з таго здзеку,

Што чалавек - звер чалавеку

Так злосна чынiць, неўспагадна!..

О край мой мiлы! Ўсёй душою

Хачу злучыцца я з табою,

Ў тваiх палях пазычыць сiлу,

Ў тваёй зямлi сысцi ў магiлу...

Дзяцiны час!.. Я памятаю

Зiмы прыход у нашым краю.

Стаiць над лесам шум маркотны;

Па небе хмары, як палотны,

Паўночны вецер рассцiлае,

I бель над далямi звiсае,

I цiха стане на падворку,

I лес жалобную гаворку,

Свой гоман восенi канчае

I моўчкi зiму сустракае.

А сетка белая гусцее

I блiжай, блiжай снегам сее.

I вось над хатай, над гуменцам

Сняжынкi жвавыя гуляюць,

Садок i дворык засцiлаюць

Бялюткiм, чыстым палаценцам.

I тут у хаце не ўтрываеш:

Кажух на плечы накiдаеш,

Бяжыш на двор, як той шалёны,

Крычыш, гукаеш здавалёны,

Зямлi не чуеш пад сабою

I ловiш белы пух рукою.

Ўгару зiрнеш - як рой пчалiны,

Снуюцца цiхiя пушыны,

Ўгары знячэўку штурхануцца,

Глядзiш - i ў пары пабяруцца.

- О-го-го, брат! - дзядзька кажа.

Цяпер зiма напэўна ляжа!

За санкi, Костусь, трэба брацца,

Эх, будзеш мець дзе разгуляцца!

I Костусь рады i давольны:

Цяпер гулянак свет раздольны,

Адкрыты новыя пуцiны

У круг забаў яго дзяцiны,

I ён ад радасцi трасецца

Ды ў мяккiм снезе скачанецца.

А снег станоўка i заложна

Так i шуфлюе. Лес набожна

Стаiць, маўчыць i ўсё святлее,

Як бы, здаецца, весялее.

Назаўтра ўстанеш - свет змянёны,

У новых хутрах вербы, клёны,

I ўсюды чыста, бель такая,

Што проста вочы адбiрае.

Ў парканах шулы, як салдаты,

Стаяць у струнку, зухаваты,

Башлык высокi, шапкi новы,

"Ура!" гукнуць табе гатовы.

Iдзе з лапатай дзядзька з хаты

I адграбае снег заўзята.

Ў гумно i ў хлеў праводзiць сцежкi,

Не хоча мець удзень замешкi,

Бо ўдзень на рэчку i на тонi

Схадзiць рыхтуецца Антонi.

Мы знаем, ён - рыбак з уроды,

I ўсякiх рыб ён знае ходы,

Калi якая нерастуе,

Што ёй пад густ, чаго бракуе;

I нораў кожнай рыбы знае,

Аб iх трактат ён прачытае,

Ды так, што люба i паслухаць,

Дзiвiцца больш ды лоб чухаць.

I гэта ўсё не з кнiг набрана,

Не з слоў вучонага паўпана,

Якiх цяпер усюды досыць;

Ўсё гэта ўласны розум зносiць,

Свая мазолiлась галоўка,

А не чыя там калатоўка.

Бярэ Мiхал свае прылады,

Якiя стрэльбе датыкаюць;

Цяпер зайцы ў лясах гуляюць,

Iх упалюеш без прынады,

Тым болей што ганчак харошы

Ёсць сэнс прайсцiся па парошы.

I чуць што толечкi разднела,

У маткi снеданне паспела,

Але яе ўсе падганяюць,

Барзджэй рассыпацца жадаюць,

Каму куды i ў чым хто здольны

Дзянёк прыдасца часам вольны.

- Пакiнь, Мiхась, ты сучку дома,

Мо дзе забiўся тхор мiж лома:

Ў карчах на рэчцы следу многа,

Iх там пярэсмыкi, дарога.

I да тхароў быў дзядзька падак,

А тхор цяпер дабёр i гладак:

У Свержнi Iцка з Моўшам проста

Да шкуркi ўлiпнуць, як кароста.

А Такса талент такi мела,

Што за тхарамi чуць не млела.

- Бяры сабе, хай астаецца,

На просьбу бацька паддаецца.

I Таксу ў хаце запiраюць,

А ў лес Сiвалку запрашаюць.

Выходзiць бацька першы з дому

Мясiць снягi па буралому.

На iм кучомка, верх зялёны,

Кажух кароценькi, чырвоны,

А стан шырокая папруга

Сцiскае спрытна, лоўка, туга;

На меднай спронжцы лось красуе

I з жоўтай бляхаю фасуе,

А праз плячо паўзверх кажуха

Iдзе раменны пас, бы ў зуха;

На гэтым паску - знак блiшчасты,

А на плячах - шнур пакручасты.

I вось як бацька выйдзе зрана

Ды стрэльбу накрыж перакiне

I ў палясоўшчыцкiм ён чыне,

Дапраўды, змахвае на пана!

I дзядзька доўга не чакае,

Маўчком ён Костусю кiвае;

А Кастусёк даўно гатовы

У iх раней была намова

Схадзiць у луг на азярыны

I патрывожыць род тхарыны,

На рэчцы загарадзь паправiць

I новы буч яшчэ паставiць,

За пояс дзядзька закладае

Сваю сякерку, Таксу клiча,

Кусок аладкi ў нос ёй тыча

I вон за дзверы выпускае,

А Костусь з торбаю, з лапатай

Даўно чакае iх за хатай.

Спаткаўшы Ўладзю на дрывотнi,

Раскажа дзядзька ўвесь парадак,

Бо той, наеўшыся аладак,

Глядзiць за домам неахвотна.

Яму ты слова - ён другое,

Заўзята юха, хоць малое.

I дзядзька часам загарыцца,

Гатоў няўслушнiку па пысцы

Праехаць шорсткiм сваiм пальцам,

Бо што ты зробiш з падшывальцам?

I дзядзька, плюнуўшы сярдзiта,

Iдзе, спаткнуўшысь на карыта,

А ўслед яму смяецца Ўладзя.

- Павыскаляйся яшчэ, гадзе,

Антось яму, - дальбог, вярнуся,

Расквасiць кiрпу не збаюся!..

Ото "гладыш", абы напроцi,

Абы нажэрцiся! К рабоце

I на вяроўцы не зацягнеш,

У лес пабегчы толькi прагнеш.

Ну, трасцу дам табе цукерку!

Гулу падсуну ў табакерку!

Бубнiць Антось ужо з сабою,

Iдучы скораю хадою.

I доўга Ўладзю дзядзька журыць,

I Костусь бровы свае хмурыць:

I ён на брата сэрца мае,

Бо Ўладзя дзядзьку зневажае,

А дзядзька поле толькi мiне,

Глядзiш - i злосць яго астыне.

Задраўшы ўгору хвост трубою,

Сама давольная сабою,

Снуецца Такса мiж кустамi,

Бяжыць i спынiцца часамi,

Наставiць вушы, разважае,

Вушамi нос свой павярае

I нi зрухнецца, бы застыне,

I лапу нават чуць узнiме.

А дзядзька Таксу падганяе:

- Шукай тхара! шукай, малая!

I Такса кiнецца стралою

Туды, дзе цэлай чарадою

Стаяць алешыны крывыя,

Пад iх карчагi патайныя.

I часта тут - былi здарэннi

Заб'ецца тхорык пад карэннi.

I тут усiх рух апануе.

Фатыгi Такса не шкадуе:

Дзярэ, грызе, пiшчыць, скавыча,

Бо знак дае, што ёсць здабыча.

I дзядзька ўвесь, як на пружынах,

Як дзiк, мiтусiцца ў галiнах,

Туды зiрне, сюды памкнецца,

Ну, на кавалкi так i рвецца.

- Ты ж стой, брат, тут! Пiльнуй, як вока:

Ён тут, галубчык, недалёка!

I не пудлуй, не дай, брат, маху,

Валi рыдлёўкаю без страху...

I дзядзька мовы не канчае,

Ён кол маланкаю хапае.

- Тхор! тхор! Дзяржы яго! - галосiць,

Гарачка дзядзьку так i носiць,

Бяжыць, тхара ён даганяе,

Напагатове кол трымае.

За дзядзькам Костусь прэ без духу.

- Дзяржы тхара, дзяржы псяюху!

А тхорык бедны ў куст зашыўся,

Няма ратунку, ашчарыўся,

На Таксу сам ён нападае

I чмыс яе грызе, кусае,

Пiшчыць, дзярэцца, смрод пускае,

Але нiшто не памагае:

Таўкуць калом яго, рыдлёўкай,

За шкурку плацiць тхор галоўкай.

- Вось гэта, Костусь брат, удача!

I дзядзька рады, чуць не скача

I гладзiць Таксачку па вушку,

Яе ён лашчыць, як дачушку;

Яна ж за гэта ласкi слова

На смерць, на ўсё пайсцi гатова:

Вачамi ў вочы так i зорыць,

Вiхлястым хвосцiкам гаворыць.

Хоць дзядзька наш не паляўнiчы,

Ды меў ахвоту i да дзiчы.

I часам, праўда, вельмi рэдка

Я сам у гэтым буду сведка

У лес надумае пайсцi,

Зайцоў крыху там патрасцi

Зайцоў жа там было багата.

Вось у нядзельку раз цi ў свята

Антось рыхтуе паляванне.

Дае ён хлопцам прыказанне,

Хоць тыя самi без прыказу

Ахвотна годзяцца адразу,

А наш дарэктар асаблiва.

У лес збiраюцца шумлiва.

- Эх, шкода, брат: няма клякотак!

Ну, хоць бы з парачку трашчотак!

Гаворыць дзядзька. - Ну, нiчога,

I так мы зробiм шуму многа

I ўсiм зайцам задамо страху!

Дае дарэктару ён бляху.

- Званi ў яе, бi, чым папала,

Абы мацней яна гучала

На ўсю Свяржэнскую граду!

Алесю даў скавараду,

Перагарэлую, старую,

Ды незвычайна галасную.

- Бяры напiльнiк з рукаяткай,

Бубнi ў яе наском i пяткай;

А Кастусю я дам званок,

А ты, бальшун, трубi ў ражок,

Такое справiм мы iгрышча,

Што лес застогне i засвiшча,

Ну, нежывы - i той ачнецца,

Калi аблава ў нас пачнецца!

Iдуць у лес. Антось зарання

Размеркаваў усё дазвання:

Адкуль, якую зоймуць лаву,

I як вясцi самую справу,

Куды i як зайцоў зганяць,

I дзе ён будзе сам стаяць.

Антось пазiцыю займае,

Шчаслiвых вынiкаў чакае,

Калi зайцоў пужнуць няждана,

I трохi чуе ў сабе пана.

Прачнуўся лес ад бразгатання,

Ад таго шуму палявання:

I крык, i лямант захаплення,

Гудзе лес зверху да карэння.

Дарэктар рвецца на кавалкi.

Зламаў на блясе ўжо дзве палкi,

Дзярэцца нема, лямантуе,

Такi там гвалт - хай Бог ратуе!

За пень ён лапцем зачапiўся

I змоўк тады, як павалiўся.

Алесь грымiць скаварадою

I пацяшаецца гудою,

На ёй вызвоньвае ён штучкi,

Але напiльнiк выпаў з ручкi,

Зляцеў у снег - i будзь здароў...

Нiдзе не бачылi зайцоў,

I дзядзьку стрэлiць не прыйшлося,

Але пачулi ад Антося:

- Забiлi зайца, не забiлi,

Але ж, брат, гуку нарабiлi.

XIX. НА РЭЧЦЫ

Нiхто з дамашнiх не згадае,

Чым рэчка Костуся зваймае,

Якая iх звязала сiла

I чым яна так хлопцу мiла.

Бывала, толькi чуць разднее,

Чуць трошкi ў лесе пасвятлее,

Глядзiш - на рэчку ён шыбуе

I лёд сякеркаю мацуе,

То падбяжыць i скаўзанецца,

I сам сабе ён засмяецца;

То спынiць крок, замрэ, застыне

Такая радасць тут хлапчыне!

Лядок закохкае, угнецца

I вось-вось зломiцца, здаецца,

Але нястрашны i знаёмы

Для хлопца гэтыя надломы,

Палоскi-стрэлы гаваркiя,

I моцны скрэпы ледзяныя.

Марозiк крэпiць, лёд таўшчэе,

I рэчка вольная нямее,

Да дна вадзiца вымярзае

I ходу, бедная, не мае,

I цесна там ёй, i нямiла

Яе халодная магiла;

Але дарма: жывую сiлу

Не запраторыш ты ў магiлу,

Мароз бязжаласны i люты!

Хоць ты звязаў i крэпка путы,

Скаваў i рэчкi i азёры

I ўсё зацiснуў пад запоры,

Разлёгшысь лёдам i снягамi

Над чыстым полем i лугамi,

Ды ты жыцця, брат, не здалееш,

Як ты нi дурыш, нi шалееш.

Глядзi - скрозь ковы ледзяныя

Сачацца кропелькi жывыя,

Дарогу новую шукаюць

I лёд вадою залiваюць.

I праўда: рэчачка-крынiчка,

Хаця i мелка, невялiчка,

Але такую сiлу мае,

Што лёд угору падымае

I ломiць глызу, як нацiну.

- Гэ, брэшаш ты, мароз, не згiну

Я пад карою ледзяною,

Пабарукаемся з табою!

Як бы гаворыць смела, гулка

Марозу бойкая рачулка.

I мiж марозам i вадою

На гэтай рэчачцы зiмою

Такiя справы вынiкаюць,

Што надта Костуся займаюць.

Калi на рэчку ён нi прыйдзе,

Глядзiць - штось новае там выйдзе:

То лёд, уздуўшыся гарбамi,

Бубнiць, як бубен, пад нагамi,

То ападзе нанiз, угнецца,

На дно пластамi пакладзецца,

А па кустах, на абалонi,

Цiскi парваўшы i супонi,

Вада шырока разальецца,

I снег на кашу пабярэцца,

I як нi гне мароз, нi гладзiць,

Але нiчога не парадзiць,

I чуць ён толькi аслабее,

Чуць-чуць адлiжкаю павее,

Глядзiш - вадзiца лёд злiзала,

Ў раўку пясочак паказала,

I хвалькi жвавыя за хваляй,

Як i нябыта, бягуць далей,

Пакуль мароз не засярдуе

I сiлу зноў ён не пачуе,

Каб закаваць раўчук праворны

За розум надта непакорны.

I вось надарыцца часамi

Мароз над ўсiмi маразамi;

Iдзе сярдзiта, пагражае,

Па даху гонтамi страляе;

У завiтушках дым бялявы

Нясе, як воблак кучаравы,

I потым з iм набок рванецца,

Бы пiсар-вухар расчаркнецца.

А як вакенцы размалюе

I розных дзiваў там намосцiць,

Яму аматар пазайздросцiць,

I прад марозам ён спасуе.

Мароз - штукар i жарты любiць,

Не раз, штукуючы, загубiць

Таго, хто ў рукi пападзецца,

Яшчэ над бедным насмяецца:

"Прыляж, бядача, ты з дарогi

Няблiзкi хатнiя парогi,

Мароз дарожным падпявае,

Лажысь - пасцелька пухавая

I ўся агоньчыкамi ззяе!

Заснi, сагрэйся, мой пахiлы,

Пакуль табе прыбудуць сiлы,

А я салодкi сон навею

I гожай казкаю сагрэю".

I хто паддасца нагаворам,

Засне навекi пад прасторам

Халодных зор, снягоў глыбокiх,

Сярод дарожак адзiнокiх.

Мароз - мастак i, пыхту поўны,

Узносiць слуп на неба роўны,

Высокi, вогненны, крывавы!

Той слуп - i страшны i цiкавы

Гарыць злавесна, ўвесь чырвоны.

Мароз на небе ставiць троны,

Вянцы на месяц ускладае,

Па снезе зоркi рассыпае,

I так прыгожа, так старанна

Бярозе белай тчэ убранне,

Бы той дзяўчыне пад вянчанне.

I як з-за лесу сонца ўстане

I на бярозу тую гляне,

Засвецяць ў iнеi праменнi,

Як найдарожшыя каменнi.

Мароз - паважны. Як вяльможа,

Знасiць свавольнiцтва не можа,

I на той час, як ён пануе,

Па небе хмарка не вандруе,

I ўсе стварэннi занямеюць,

I патыхаць вятры не смеюць.

Ўсё цiха, мёртва, нерухома.

Сядзiць звяр'ё мiж буралома

I знака жыцця не пакажуць,

Вароны дзюба не развяжуць,

Ўсе нахахорацца, нi зыку

Ўладарства холаду вялiка.

I верабей з усёй раднёю

Не шкне, схаваўшысь пад страхою.

Адзiн мароз адно ўладае,

На ўсё ён рукi накладае,

Ўсё гне халоднаю нагою;

I лес пад сiняю смугою

Застыў, стаiць, як амярцвелы,

Башлык надзеўшы чысты, белы.

I толькi ён, мароз заўзяты,

Мароз занадта зухаваты,

Адзiн па лесе пахаджае,

Бо роўных ён сабе не мае.

Зазнаўся, ой, мароз, зазнаўся!

Ды дзень яшчэ не зачынаўся:

Пастой, мароз, пастой хвалiцца

Мо i цябе хто не збаiцца!

I толькi зоркi пабялелi,

У хаце дзверы зарыпелi,

Скрыпяць калодзежы, вароты,

Пайшла разгульвацца работа.

Iдуць па воду маладзiцы,

Як макаў цвет, гараць iх лiцы;

Бяжыць з кудзеляю дзяўчына,

За ёю хлопец-малайчына

Адкулься зараз увязаўся,

I смех i гоман там зачаўся.

Прыгрэбнiк глуха б'е дзвярамi,

Жанкi трушком iдуць з кашамi,

Лучыну iмi прыкрываюць

I жарам холад выганяюць.

А там мужчыны ўзварухнулiсь,

Ў гумно па сена пацягнулiсь,

Ды толькi - звычай такi маюць

Мароз пахваляць i палаюць,

А падхадзiўшысь каля дому,

Бяруць сякеру, санi, бому

I едуць ў лес вазiць калоды

Ляжаць на печы няма моды.

I хоць мароз крапiць пякучы,

Да ног даходзiць скрозь анучы

I снегам вочы зашывае,

Мужык жыве i не шманае;

З саней саскочыць, хлысне пугай

Каня i вылае "дзяругай",

Бяжыць, аб плечы б'е рукамi,

Яшчэ й прытупвае нагамi,

I так блазнее, так дурэе,

Аж покi лоб не замакрэе.

Ўжо Костусь двойчы неўзаметкi

Саскокваў з печы на разведкi,

У вокны доўга прыглядаўся,

Ў малюнкi так ён углыбляўся,

Што ў iншы свет перабiраўся.

На шыбе ўсё: снапкi ржаныя,

Чароты хвацкiя, буйныя,

I розных красак, траў нямала.

У душу летам патыхала,

А з iм i вобразы другiя

Ўставалi, сэрцу дарагiя.

Вось тут лясок, вось крыж пахiлы,

Як вартаўнiк чыёй магiлы,

На цiхай горцы пахiлiўся,

Бы аб пакойнiку малiўся;

Там нiбы рэчачка цiкава

Звiлася ў вербах кучаравых...

Ўсё так павабна, так прыгожа

I так на праўду ўсё пахожа,

Што хлопец сам не памятае,

Дзе ён i што ён разглядае.

- Не стой ты, хлопец, пры аконцы:

З акна, як з зяўры, дзьме бясконца!

Зноў будзеш кашляць, - кажа мацi.

А хлопцу ўжо абрыдла ў хаце,

Нiяк блазноце не сядзiцца,

На рэчцы хоча апынiцца.

А тут яшчэ, як на спакусу,

Чуць дзядзька з хаты паказаўся,

Мароз ужо прымайстраваўся

I белым пухам сеў на вусу.

I хто з двара ў дом нi прыходзiць,

Пра холад гутарку заводзiць:

- Ну ж i мароз - аж нос зрывае!

А як на ўсходзе чырвань грае!

Слупы такiя паўставалi,

Пажарам страшным загулялi!

Такiя з'явы ў божым свеце!

Ну, як тут вытрываць, скажэце?

Кастусь у запечку стхарыўся,

Абуцца ў лапцi прымудрыўся,

А ў лапцях вушкi скураныя

Былi ўжо досыць пажылыя;

Цiшком сабраўся, апрануўся

Ды ў лес з сякеркаю кульнуўся.

А лес, як добры той знаёмы,

Стаiць збялелы, нерухомы

Абапал рэчачкi сцяною,

Над ёю сплёўшыся страхою,

Далёка кiнуўшы галiнкi;

А маладзенькiя ялiнкi

Пад белым пухам чуць заметны;

Яны так мiлы, так прыветны,

Бы тыя красачкi-дзяўчаткi,

Надзеўшы гожыя апраткi.

Затое ж хвоечкi малыя

Стаяць, як сiраты якiя,

Ад снегу выгнуўшысь дугою,

На дол прыпаўшы галавою.

"Пагнуў вас снег, мае хваiнкi!

Эх вы, гаротныя нацiнкi!"

Над iмi Костусь разважае,

I жаласць хлопца пашыбае.

I ён да хвоек падбягае,

Сняжок з iх цiха атрасае

I хвойкi зразу ажываюць,

Ўгару макушы падымаюць,

Спярша павольна, бы баяцца,

А потым пойдуць разгiнацца.

А хлопчык рады i смяецца,

Стаiць з мiнуту, не схiснецца,

Аддаўшысь нейкiм думкам-марам,

Аж б'ецца сэрца яго жарам.

Але пара, пара за дзела!

I ён да хвоек падбягае,

Замерла рэчка мiж лясамi,

Бярозы голымi сукамi

Сплялiся з вольхамi над ёю;

Ялiны цёмнай чарадою

Навiслi густа салашамi.

А вось старая дзеравяка

Упала ў рэчку, небарака:

Вiдаць, што бура палажыла

I мост жывы з яе зрабiла.

А лёд, бы мур сцямна-зялёны,

Чуць пасярэдзiне падняты,

Ляжыць, цяжэрны i зацяты,

Вартуе ходы ўсе i гоны,

Каб i стрыжэньчык не прабiўся.

I вось тут Костусь прыпынiўся,

На лёд глядзiць, штось разважае

I ў ход тапорык свой пускае.

Лядок закашляў, заiскрыўся,

На срэбра-друзачкi пабiўся;

Ляцяць крупiнкi ледзяныя,

Бы ўлетку пырскi дажджавыя,

I чуць апошнi лёд зламаўся,

З зямлi клубок вады падняўся

I з шумам коцiць паўзверх лёду,

Пачуўшы волечку-свабоду,

Ўсё большы, большы круг займае..

Але што гэта так спявае?

Адкуль тут музыка нясецца?

Чыя тут песня ў душу льецца?

Такога спеву-сугалосся,

Што тут над рэчкаю панёсся,

Нiхто не зложыць, не зайграе.

Цi гэта казку лес складае?

Цi даль ачнулася нямая

I немасць песняй парушыла,

Што спакон векаў утварыла?

Цi то нябёсы адамкнулiсь

I цiха-цiха адгукнулiсь

Зямлi, ўсяму яе стварэнню?

Цi то вясна йдзе ў аддаленнi?

Вось звоны звоняць цiха, гожа,

Спявае жаваранка божа,

А ёй утораць пташак хоры

На безгранiчнай дзесь прасторы,

Мiж мора гэтых зыкаў дзiўных

Нясецца ў хвалях пералiўных

Здалёку песня салаўiна...

Расце, гарыць душа дзяцiна

I ўсё на свеце забывае

I шчасце, радасць спажывае.

I хоць дазнаўся ён прычыны,

Адкуль той звон i спеў птушыны,

Але як стане прыслухацца,

Пачне сапраўды сумнявацца,

Што гэта iней так з вадою

Вядзе размову тут зiмою.

Дык вось чым рэчка хлопцу мiла,

Чым так яго прываражыла!

XX. КАЛЯДЫ

Прыйшлi пiлiпаўкi, Мiкола,

Дзянькi праходзяць больш вясёла,

Бо хоць зiма i крэпiць дужа,

I хоць бушуе яе сцюжа,

Бы тое дзiкае iгрышча,

I вецер жудасна засвiшча,

Як на дудзе цi на кларнеце

На нейкiм злыдневым банкеце,

Ды ўсё ж святлеюць даляў вочкi

I iх бялюткiя сарочкi.

Ёсць хараство i ў гэтых зiмах

I ў мёртва-белых тых кiлiмах,

Што вiснуць-ззяюць хрусталямi

Над занямелымi лясамi,

Калi ў агнiстым мароз троне,

Ў крывава-багравай заслоне

Над светам рукi цiха ўздыме

I зачаруе, ўсё абнiме;

А як усходзiцца завея,

I вецер з снегам задурэе,

Ды затрасецца вiхрам белым!..

Эх, колькi волi ў руху смелым!

- Гуляй, зiма, твая часiна!

Ды скора будзе палавiна,

А там цяплом табе павее;

А ўдзень i сонейка прыгрэе!

Паддасць, бывала, дзядзька руху,

Пачуўшы холад-завiруху.

Ад гэтых слоў лягчэй на сэрцы,

Бо ўсё ж маркотны вы, каберцы

Зiмы халоднай i мярцвячай,

I ласкi хочацца гарачай,

Вясны душа твая жадае,

I ў сэрцы радасць расцвiтае

Ад аднае ўжо толькi думкi,

Што гэта зiмка збярэ клумкi

I пойдзе-знiкне на паўгода,

I зноў ажывiцца прырода.

Хлапцам прыелася вучэба:

Цяпер калядак чакаць трэба,

I думка iх не тым занята,

Ўсё болей ходзiць каля свята.

I мiла гэта iх чаканне!

Адзнакi блiзкiх зiмнiх святак

Гарыць салома каля хатак.

Пажар вясёлы ў час свiтання!

- А што там свецiцца, нябожа?

Няўжо гарыць хто, не дай Божа?

- Не, не пажар: то - сцяг калядны,

Япрук там смалiцца дзесь ладны,

Свой крок апошнi замыкае:

Япручча доля ўжо такая.

I кожны дворык, кожна хата,

Хоць i жыве не так багата,

Але Калядаў у адзнаку

Заколе хоць бы падсвiнаку

I дворык свой цi прыгумень

Асвецiць ранiцай цi ўдзень,

Бо хто ж, скажыце, хто не ласы

На тое сальца i кiлбасы?

Другi Каляд не дачакае,

Цiшком свяжынкi паспытае,

А ўжо на свята - што казацi?

Паходзiць так каля свiнчацi,

Што ўжо на ночку разоў дзесяць

Табе жывот закуралесiць.

I гэта, братцы, не загана!

Даўно, не знаю кiм, казана:

"Калi заколеш япрука ты,

Ды не пабегаеш за хаты,

То гэта - гонар невялiкi,

Гэта вяселле без музыкi,

Як кажа мудрасць чалавеча".

Але зiрнем мы на Парэчча,

Чым там у лесе жыве хата,

Як там рыхтуюцца да свята

I як калядкi сустракаюць.

Навуку хлопцы прыпыняюць,

У iх - развязаныя рукi:

Да "правадоў" няма навукi.

Дарэктар з радасцi спявае,

Дадому едзе, спачывае,

I летнi збор цяжэрнай працы,

Хлябоў высокi торп-палацы,

Праслухаў цэпаў голас ёмкi,

I дзе быў торп - там стог саломкi,

А цэп замоўк, хоць не навекi,

I зерне ссыпалi ў засекi.

Антось таксама цяпер вольны,

Яму - бы празнiчак прастольны:

Сюд-туд, глядзiш - ён ухадзiўся,

Цi з'еў цi не - на луг пашыўся;

Цягнуў луг дзядзьку, iм валодаў.

Сябра майстэрства i паходаў,

Сякерку, вострую падругу,

Засуне спрытна за папругу.

I Костусь з дзядзькам, як вядома;

Хiба ты ўседзiш цяпер дома?

А з дзядзькам пойдзеш - так цiкава!

Яны йдуць бойка i рухава,

Бо зiмны холад падганяе.

Любота, братцы! снег лятае,

Ды так спакойна, так цiхутка!

Куды нi глянь - усё бялютка.

А тыя лёгкiя пушынкi,

Здальнейшых ручак кружавiнкi,

Сухiх чаротаў чуць крануцца,

То так жа люба засмяюцца,

То цiха-цiха загамоняць,

То штось шушукнуць, то зазвоняць.

А там, мiж лесам i табою,

Сам Бог паводзiць барадою:

Трасецца сетачка сняжынак,

Як смех прыгожанькiх дзяўчынак,

Што звонiць песняй маладою.

Антось на рэчцы прыпынiўся:

Тут першы загарад таiўся

Пад гэтым снегам i пад лёдам

З адным-аднюткiм толькi ходам,

I той бучом быў перахвачан

Яшчэ увосень час тут страчан,

Палонка лёдам моцна скута,

Ды працы тут адна мiнута.

Палонку дзядзька прасякае,

А Костусь, радасны, чакае,

I зорыць пiльна ён вачыма,

Калi той бучык дзядзька ўзнiме.

А дзядзька - о, ён акуратны!

Работнiк дзядзька наш выдатны:

Ва ўсiм парадак i лад любiць

I часу дарма ён не губiць!

Прасек палонку, крыгу вынуў,

Тады на бучык вока кiнуў,

Бярэ за палку, падымае

I буч на бераг выкiдае.

I дзядзькаў твар крыху святлее

Была слабая тут надзея;

А вось глядзi, там штось шалпоча,

Вiдаць, iх доля не сiроча!

I буч кулём угору ставяць

I часу доўга тут не бавяць.

Развязан куль. Тут гоман, смех,

I рыбу вытраслi на снег.

Акуньчык спрытна страпянуўся,

Мянёк-завала ўзварухнуўся,

Яшчэ мянёк ды пара плотак.

Ну, вось табе i заработак!

А там яшчэ ёсць загародкi...

Не дармы, не, iх пераходкi!

Iдуць дадому, разважаюць,

Чаго на святы накупляюць,

Антось часамi, як дзiця.

Тым часам заўтра i Куцця.

Мiхал - ужо нейк вайшло ў моду

Ў Нясвiж прад святамi штогоду

Вазiў для замкавых паноў

Грыбы, i рыбу, i зайцоў.

Куцця. Марозна. Хмурнавата.

Сняжок падкiдвае заўзята;

Снег на Куццю - грыбы на лета,

Такая матчына прымета,

А сцежкi чорны - ягад многа;

Ну, i за гэта хвала Богу.

Абегаў Ўладзя раўчавiну,

I клiн, i пасечку, лагчыну.

Па жменьцы ў снег аўса стаўляе

Зайцоў ён гэтым прывабляе,

Каб праз акенечка з каморы,

Калi прынадзiцца каторы

У ночку цёмную хадзiць,

Навесцi стрэльбу i забiць,

Бо тут зайцоў было даволi.

I дроў на свята накалолi,

Трасянкi загадзя натрэслi,

Сянца пахучага прынеслi:

Куццi гаршчок ужо ў калена

Стаяў на лаве, чакаў сена,

I вось цяпер гаршчок з куццёю,

Як цар даўнейшаю парою,

Ў пачэсны кут, на свой прастол,

Стаўляўся з гонарам за стол

На гэта сена пад багамi,

Ўладар над хлебам i блiнамi,

Бо ён у гэты дзень - персона!

Яго вянчаў абрус-карона:

Гаршчок агорнуты пашанай,

Хоць ён фамiлii глiнянай.

Якiя ж матчыны намеры

Наконт куццi, наконт вячэры?

Ох, гэта дзецям знаць цiкава,

Калi якая будзе страва,

Ў якiм лiку, ў якiм парадку?

Што на канцы i што ўпачатку?

А ў маткi ўсё абмеркавана

I ўсё прадумана ад рана.

Там, на гары, пад шчытам дзе-та,

Быў мак павешан яшчэ з лета

Цяпер у цёрле ён пацёрты.

У патайным куце каморы,

Як смерць Кашчэя, пад запоры

Мядок быў хiтра дзесь запёрты,

Цяпер яго насталi часы,

Бо ён патрэбен для закрасы,

I што кiсель той без сыты

У вечарок гэты святы?

Маўчком Антось часiнай шэрай

У ельнячок шмыгнуў з сякерай:

Цi ж ён звярэдзiцца, сагрэшыць,

Калi малых дзяцей пацешыць

I iх ялiнкай пад куццю

Хоць раз забавiць у жыццю,

Калi забавiць толькi зможа?

Ялiнка ў хаце так прыгожа!

I колькi радасцi i ўцехi!

На ёй валоскiя арэхi,

А з пазалочанай паперкi

Глядзяць панадныя цукеркi;

I больш на ёй няма нiчога,

Ды хiба ж дзецям трэба многа?

Даволi з iх i той прынады

Яны давольны, яны рады.

У хаце добры лад i згода,

Як патрабуе i прыгода,

Паважнасць вечара святога

Не ўчуеш слова ты благога,

I ўсе прыбралiсь i памылiсь,

Мiхал з Антосем падгалiлiсь

I парасчэсвалi чупрыны.

- Ну, засцiлайце стол, мужчыны!

I стол той гуртам прыбiраюць,

Настольнiк белы падымаюць,

На стол растрэсваюць мурог

На сене колiсь быў Сын Бог

I роўным пластам рассцiлаюць,

Сянцо абрусам закрываюць.

За стол садзяцца ўсе ў парадку

I прад сабой кладуць аладку,

Вiдэльцы, лыжкi разбiраюць

I стравы першае чакаюць.

- Ты, брат, глядзi не ашукайся:

Не надта зразу накiдайся,

Бо потым шчыра пашкадуеш,

Калi жывот свой напiцуеш:

Чым дальш - смачнейшыя патравы,

I многа iх, i ўсе цiкавы;

Я знаю хiтрасць гэту ўсю,

Алесь гаворыць Кастусю.

Мiхал бутэльку адтыкае,

Бо ўжо закуска тут чакае:

Стаяць, як горкi, скавародкi,

Тут акунькi, мянькi i плоткi,

Ды так падсмажаны, што люба

Сама да iх iмкнецца губа.

Гарэлка, радасць-весялуха,

Прыемна булькае для вуха

I гэтак вочы прыцягае,

Ну, як каханка маладая!

- Ну, што ж, Антось, здароў будзь, браце!

Няхай дае Бог лад у хаце,

Дабра, прыбытку прыспарае,

Каб у хляве ды ўсё пладзiлась,

Каб жыта ў полi каласiлась,

Няхай раяцца добра пчолы,

I самi будзем мы вясёлы;

За год дай божа дачакаць

Здаровым новы год спаткаць.

- Дай божа! - дзядзька адазваўся

I сам з прамовай зварачаўся,

П'ючы цяпер да гаспадынi,

Падатак кожнай дай часiне,

На ўсё гатовы ў кожным часе.

I вось вячэра зачалася!

Спынiцца мушу я на квасе:

Ён колер меў чырванаваты;

Тут быў таран, мянёк пузаты,

Шчупак, лiнок, акунь, карась,

Кялбок i ялец, плотка, язь,

Яшчэ засушаныя з лета.

Але не ўсё яшчэ i гэта:

Аздоблен квас быў i грыбамi,

Выключна ўсё баравiчкамi;

Цыбуля, перчык, лiст бабковы

Ну, не ўясiсь, каб я здаровы!

Пiльнуй, - цiшком скажу мiж намi,

Каб i язык не ўцёк часамi.

За квасам елi верашчаку,

А потым блiнчыкi на маку,

А там ламанцы-праснакi

З пшанiчнай добрае мукi;

А макаў сок такi салодкi!

Ламанцы ў iм, ну, як калодкi

Так добра макам пранялiся,

У рот паложыш - аблiжыся.

За прасначкамi йшлi кампоты,

Кiсель з мядоваю сытою;

Вячэру скончылi куццёю,

Але ўжо елi без ахвоты,

Абы падатак той аддаць,

Стары звычай ушанаваць.

I после гэтакай вячэры

Жывот выпучваўся без меры,

А з-за стала як уставалi,

То нават трохi i стагналi.

На першы дзень святых калядак

Такi ўжо быў стары парадак

Збiралi сена са стала,

Кармiлi iм каня, вала

I ўсiх жывёлiн, хоць па жменi,

А на стале, ў драбнюткiм сене

Здавён-даўна вялося й гэта

Уважна зернетак шукалi

I па тых зернетках гадалi,

Якi зародзiць хлеб налета.

XXI. ТАЕМНЫЯ ГУКI

Пад iншы год у холад люты,

Калi ўсе рэчкi лёдам скуты

I ўсё пад снегам качанее,

Глядзiш - цяплом табе павее,

I з поўдня вецер хмары гонiць,

У вокны дождж буйны зазвонiць

I з капяжоў руччом сцякае,

I снег жыўцом ён паядае.

Скiдае лес убор зiмовы.

I шум другi на лад-спеў новы

Над борам цягне несканчона.

I фанабэрыцца варона:

"Вясна! вясна! гразь! гразь!" - спявае,

Як бы вясну ўжо сустракае.

Памiж алешнiку змяёю

Крынiца чорнай паласою

На свет зiрнула, лёд прабiла,

Ў старых карчах загаманiла.

I палыселi касагоры,

Вадою поўняцца разоры,

Бяжыць, шумiць вада ў лагчынах.

I лёд уздуўся ў азярынах,

Дарогi ў полi ўсе псуюцца,

Аб крыгi крыгi з шумам труцца,

I луг залiт увесь вадою,

Як i сапраўднаю вясною.

Ды гэта толькi кпiны-жарты:

Зiмой цяпла чакаць не варта

Зiма свайго не падаруе

I злосна ветрам засвiдруе

Ды так пацягне, так зайграе,

Што проста нос табе зрывае.

I выюць ў полi завiрухi,

Як за труною маладухi,

На лес накiдваюць намiткi

I робяць гурбы ўвачавiдкi.

Варона гонар свой збаўляе,

Ды зноў да сметнiка вiтае,

I свой жывот галодны пынiць,

На спевы дзюба не расчынiць.

Дзярэўi ў белы пух убраны,

I снегам "лысiны" засланы;

Застылi рэчкi, азярыны

Пад гнётам белай кажурыны.

Лёд на лугах, як люстра, ззяе,

I сонца зрэдку ў iм гуляе...

Настане ноч - i ўсюды цiха,

Хiба завые дзе ваўчыха

Сярод трушчобы ў цёмным лесе

Ды гучна лусне гонта ў стрэсе...

Але што гэта? што за гукi?

Адкуль яны? Чые то рукi

Забiлi цяжка малатамi,

Як тыя конi капытамi?

Якiя там майстры майструюць?

I што куюць? над чым працуюць?

Стаiш i ловiш зыкi тыя,

А луг трашчыць, гудзе i вые;

То рэзкi трэск там панясецца,

Бы чорт лазаты засмяецца,

То заскавыча, то застогне,

Ды так, што ўсё, здаецца, дрогне;

Не то сякера мерна чэша,

Не то хтось кашляе цi брэша.

Гу-гу! - штось гукне, садрыгнецца,

Бах-бах! - на гук той адзавецца

I аж па лесе пойдзе рэхам

Ды зарагоча дробным смехам

То тут, то там ды як засвiшча

Як бы там чортава iгрышча!..

Ўсю ноч, ад рэчкi i па Нёман,

Ушыр, удоўж нясецца гоман

Няўцямны, сцiшны i таемны

I разам страшны i прыемны.

А ноч цiхутка; ў багне цёмнай

Пустэлi страшнай i бязмоўнай

Гараць дрыготна, ззяюць зоркi,

Як найдарожшыя пацёркi,

То паасобку, то гурткамi,

То брыльянцiстымi радкамi,

I iх пучочкi-златаблёсткi

Наўкола кiдаюць пялёсткi;

Яны гараць, жывуць i граюць,

Бы вочкi там чыесь мiргаюць;

Ды зрэдку ў небе дзесь далёка

Над лесам тым у момант вока

Мiгнецца стужка агнявая

То знiчка згасне залатая.

Вось выйдуць хлопцы гуртам з хаты

На гэты час, як неба шаты

Раскiне гожа над зямлёю

I вее згодаю святою.

- Ша! Цiха вы, не гаманеце!..

О, што ж та дзеецца на свеце?

I хлопцы разам зацiхаюць

I на Алеся пазiраюць;

Алесь замёр, здзiўлення поўны,

Глядзiць у луг, стаiць бязмоўны,

У бок лугоў руку трымае.

- Во, во! што, чуеце? страляе!

- Што гэта, хлопцы? вось дык дзiва!

Дарэктар шэпча палахлiва.

Няўжо з Нясвiжа б'юць гарматы?

I Яська кiнуўся дахаты.

- Ой, дзядзька, цётка! - ён галосiць,

I нейкi рух яго аж носiць.

Iдзеце борздзенька, iдзеце.

Там штось грымiць, ну, паглядзеце!

I так завойкаў, так завохаў,

Што ўсiх у хаце напалохаў.

- Ну, я табе, брат, мала веру:

Перабiраеш трохi меру,

Антось на гэта адазваўся,

Але на двор пашыбаваўся,

Кажух накiнуўшы на плечы;

I мацi праснiцу да печы

Таксама ставiць, прысланяе,

На двор за iмi выпаўзае.

Пасталi ўсе, стаяць маўклiва

I вухам ловяць тое дзiва.

А луг бубнiць таемна, глуха,

Як бы ў кадушку б'юць з-за вуха.

- А што, цi чуеце? Што гэта?

Дарэктар цiхенька пытае;

Самога страх так i шугае.

- Эх, Яська, брат, iдзе камета!

Прапалi мы - сканчэнне света!

Антось гаворыць, чуць не плача.

Прапаў ты, Яська-небарача,

I не пабачыш бацьку з маткай,

Хоць папрашчаўся б з роднай хаткай:

Яе ўжо бачыць не надзейся!

- Не, дзядзька, што гэта, не смейся,

Антося хлопцы абступiлi

I разам тут загаманiлi.

- Iдзеце ў хату! - кажа мацi.

Калi ўжо гiнуць - гiнь у хаце.

Адразу хлопцы схамянулiсь,

Што ў нечым моцна абманулiсь,

I стала болей iм цiкава,

У чым тут сiла тая, справа.

Антось у хату йдзе, рагоча,

Тлумачыць зразу ён не хоча:

Ахвоту меў-такi, прызнацца,

Ён трохi з Яськi насмяяцца,

А хлопцы голавы ўскруцiлi,

Ў хаду ўсе спосабы пусцiлi,

Найсцi прычыну тую квапяць,

Але на след нiяк не трапяць.

- Ну, дзядзька, годзе ўжо смяяцца;

Самiм нам трудна дагадацца,

Адкуль, з чаго такiя гукi?

- А ты ж выкладваеш навукi,

I iмi розум твой начынен,

Ты гэта ведаць сам павiнен:

Якi ж з цябе настаўнiк, браце?

Не многа ж гэтага багацця

Ў тваёй галоўцы, мой нябожа!..

Ну, хто дарэктару паможа?

Тут дзядзька вучняў аглядае.

Напэўна Костусь адгадае...

Ну, Костусь, брат, зрабi iм брыдка:

Тут штука проста, вачавiдка!

I ўсе на Костуся зiрнулi,

Але адказу не пачулi.

- Кажы смялей! Ну, думаць годзе,

Ты ж любiш коўзацца па лёдзе!..

- Бадай вы, дурнi, пагарэлi!

Прамовiў бацька тут з пасцелi;

Ён там драмаў, цяпер падняўся

I сам у гутарку ўмяшаўся,

Каля камiнку стаўшы збоку.

- Няўжо ж у вас не хопiць клёку

Такое глупства расшалопаць?

Па мордзе б, гадаў, вас нашлёпаць,

Тады б вы сцямiлi навуку,

Найшлi б прычыны таго груку!

Маўчаць яны, насы спусцiлi,

Сядзiць дарэктар, як на шыле,

Нагналi ж чэрцi iм занозу.

- Дык гэта ж лёд трашчыць з марозу!

Алесь i Костусь выпадкова

Гукнулi разам ў адно слова.

Тут бацька зразу адпусцiўся,

Павесялеў i праяснiўся.

- Вот малайцы!.. а вы што, цеслi?

Гулу вам меншыя паднеслi!

Адзiн - бальшун, другi - дарэктар

I тлумачэльнiк разам, лектар...

- Фэ! брыдка вам! - iх дзядзька журыць,

А Ўладзя толькi бровы хмурыць.

- А-ей, якая мудрасць гэта:

Яе забыў я трэцце лета!

- О, ты Сальмон у нас вялiкi,

Як на чытанне, так на лiкi,

А вось скажы, калi ты кемны:

Чаму трашчыць так лёд надземны?

Другая вынiкла задача;

Пацее Яська, чуць не плача,

Сказаць штось хоча i баiцца

Утрацiць гонар, памылiцца,

I Ўладзя вочы апускае.

- А справа, бачыце, такая,

Антось тут сам пачаў тлумачыць:

Была паводка гэта, значыць,

Вада па лузе разлiлася,

А потым лёдам занялася,

Мароз падскочыў ды прыцiснуў,

Вада i збегла, лёд павiснуў:

Цяпер нанiз ён ападае,

А лёд таўшчэрны, важкасць мае,

А памiж лёду i вадою,

Ўнiзе пад мёрзлаю зямлёю

Пустое места астаецца,

I вось як глыза садрыгнецца,

Яна i грукне, як з гарматы...

Ну, зразумелi, небажаты?

- I я так думаў, - Ясь азваўся,

Ды толькi выказаць баяўся.

- I я даўно ўсё гэта ведаў,

Але маўчаў... - Ты, бiзун дзедаў!

На Ўладзю бацька напусцiўся,

Глядзi: я бачу - распусцiўся!

Маўчаў бы лепш ды хоць шалопаў

Ды менш губою гэтай лёпаў...

Не будзе сэнсу з цябе, хлопча:

У гразь жыццё цябе затопча

З тваёй навукай гэтай разам,

I будзеш век ты каламазам!

- Ну, што ж? i колы мазаць трэба,

Абы якi кусок мне хлеба,

Тужлiва Ўладзя зазначае

I смех агульны выклiкае.

- А вось i я пытанне маю!

Чакайце ж, я вас запытаю,

Да старшых Костусь прамаўляе,

I гнеў ён бацькаў адхiляе:

- А што, скажэце, зорка значыць,

Якой нiхто мо i не бачыць:

Яна маланкай мiгатнецца

I згасне. Дзе ж яна дзяецца?

I да зямлi не далятае,

А проста дзесь яна знiкае?

I змоўклi ўсе адразу ў хаце:

Як адказаць? З чаго пачацi?

- Ага! - тут хлопцы падхапiлi.

Цяпер i мы вас ушчамiлi.

- Што нам з таго, што гiнуць знiчкi?

I клопат будзе невялiчкi,

Калi прычын iх знаць не будзем:

Якая з iх карысць тут людзям?

Бярэ сам бацька перша слова.

I з'ява гэтая - не нова:

Яны штоночку вынiкаюць,

Але без следу прападаюць.

То - тайнасць божжа, яго воля.

Чаго мы, людзi, мо нiколi

I не дазнаемся, як трэба,

Бо то - вялiкая вучэба.

- Чаму? дазнацца мо i можна,

Гаворыць дзядзька асцярожна,

I пэўна ведае навука,

Што астраномiяй завецца,

Адкуль тут што i як бярэцца.

Замыславатая то штука,

А вось, як будзеце вучыцца,

То можна сэнсу i дабiцца,

Бо помню я, як сам вучыўся,

Нам штось пра iх казалi ў школе

I вытлумачвалi даволi,

Але цяпер пра то забыўся.

- I я, - тут мацi засмяялась,

Сказаць хацела, ды збаялась,

Якраз як наш дарэктар гэты.

Калi стваралiсь Богам светы,

Па зорцы светлай чалавеку

Назначыў Бог святы спрадвеку;

Яна жыццём яго кiруе

I лёс яго i смерць пiльнуе.

Чым больш з людзей хто выдатнейшы,

Таго i зоркi блеск яснейшы,

I гасне зорачка святая,

Калi даручаны сканае:

Вось так на небе адначасна

Яна мiгнецца i пагасне,

Як бы хто з жалю вочкi ўскiне

I невядома дзе загiне.

I неба слых тады прыклонiць,

I анел слёзку цiха зронiць...

Як я была яшчэ малою,

То дзед, бываючы ў настроi,

Часамi вёў апавяданнi

Аб гэтым зорачным знiканнi,

Яшчэ казаў: "Калi хто зможа,

Пакуль не згасне служка божжа,

Задумаць што ў мамэнт блiскання,

Таго ўсе споўняцца жаданнi".

Для хлопцаў гэта тлумачэнне

Найболей мела здавалення,

I ўсе iх думкi мiмаволi

Блукалi дзесь у божым полi;

Iх захапляў свет безгранiчны

I ўласны лёс iх таямнiчны.

XXII. НА ГЛУШЦОВЫХ ТОКАХ

Адбыў свой час панура люты.

Дзянёк патрошку прыбывае,

Прыветней сонейка блiскае,

I рве рачулка свае путы.

Iдзi, зiма, iдзi ў дарогу:

Прайшоў твой час, дзякаваць Богу!

Пабач, старая: там, у полi,

Чарнеюць леташнiя ролi!

А ўзгоркi вунь паразумнелi,

Бо вельмi значна палыселi.

А лес, глядзi, якi вясёлы!

I дуб смяецца, хоць i голы.

Паслухай добра: чуеш песнi?

Цяпер яны ўжо не заўчэснi,

Ужо бо сонейка праменнi

Гатуюць шлюбныя адзеннi

I ткуць карону дарагую

Вянчаць зямельку-маладую...

Пара, зiма, табе складацца

I ўпроч з кудзеляй выбiрацца!

I вось у дзень адзiн прыўдалы

Загаманiлi перавалы.

I гоман, спеў i шум усюды,

Як бы ў цымбалiкi i ў дуды

Зайгралi тысячы музыкаў,

Бы iх на баль тут хто заклiкаў.

Iдзе вясна з цудоўнай лiрай;

На звон яе зляцеўся вырай,

I жыцце ўсюды вынiкае,

I пташка песню зачынае.

- Вясна павiнна быць раджайна:

Вада шумiць штось незвычайна,

Як гром далёкi - густа, глуха

I так прыятна нейк для вуха,

Мiхась, вярнуўшыся з абходу,

Адзначваў добрую прыгоду.

А Костусь дома не ўтрывае,

Паслухаць шум той выбягае;

I праўда: гук такi цiкавы...

Як мiлы гэтыя праявы!

Аб чым гудзе вада так важна,

Так мiлагучна, так працяжна?

Напэўна, гэтая вадзiца,

Мабыць, якая чараўнiца,

Калi наўперад многа знае

I пра раджайнасць нешта бае.

I нават тата даў ёй веры.

Праз дзень прыйшоў наказ з кватэры,

Якога бацька спадзяваўся,

Каб у Камлiшчы ён збiраўся,

Бо ўжо глушцы затакавалi,

А iх прад святам палявалi;

Але ўпярод, да палявання,

У змрок вячэрнi i ў свiтанне

Туды на подслухi хадзiлi,

Глушцоў шукалi i сачылi,

Пакуль паны не прыязджалi.

Два буданы ў бары стаялi:

Адзiн - салаш яловы просты,

Другi драўляны i з памостам;

I вось, як панства наязджала,

То тут яно i начавала.

Ляснiк у будцы сваёй гнуўся,

Хоць да агню ён больш гарнуўся;

Але i тут было нямiла:

Адзiн бок мёрз, другi смалiла.

Мiхал сабраўся, апрануўся

I ў лес павольна пацягнуўся:

Ў лясах снягi яшчэ ляжалi,

Ды ўжо з узгоркаў саступалi

I больш тулiлiся ў лагчынах

Ды па цянiстых раўчавiнах.

Зiма i тут збiрала клумкi.

Мiхал iшоў, з iм йшлi i думкi,

А з iмi вобразы ўставалi

I ў сэрцы водгук выклiкалi.

I часта хваля абурэння,

Глухi пратэст нездавалення

Яго ахвацiць i ўскалыша

I гневу знак ў душы напiша.

Панам пацеха i забава,

I ў iхнiм гусце гэта справа;

А ты, як Каiн, валачыся,

У будане па тыднях гнiся,

Ды часам пану не ўнаровiш

I "пся крэў", "дурня" часта зловiш,

З апошнiх слоў цябе аблае,

А то i горш яшчэ трапляе.

Была б свая зямля i хата!..

Ды будзь ты тры разы праклята

I служба панская i ласка

I доля вечная падпаска!

I многа розных дум устане,

Пакуль будан той з лесу гляне.

Мiж буданоў агонь палае,

Мiхала Пальчык там чакае;

З другога боку йдзе Гавака,

Стары аб'ездчык i служака.

Сядзiць Абрыцкi на калодзе

I грэе ногi, люльку курыць,

Зачаў гаворку, балагурыць

Аб рознай рознасцi, прыгодзе.

Чаго ён толькi не ўспамяне!

Каму ў душу ён не загляне!

I абгаворыць, пасмяецца;

Панам таксама дастаецца,

Бо пан Абрыцкi, сказаць смела,

Мiж iмi цёрся жыцце цэла;

Быў на Палессi, на Валынi

Дзе толькi доля не закiне!

Сядзеў з iм поруч Дземiдовiч,

З другога боку - Астахновiч,

Ўжо леснiкi немаладыя,

I хлопцы сталыя, такiя,

З якiмi можна выпiць чарку,

Таксама й ездзiць па iх карку,

Чаго Абрыцкi не цураўся.

Па службе выйдзе папушчэнне

Цi так няважнае здарэнне,

Абрыцкi пэўна ўжо падкусiць,

Данесцi пану аб тым мусiць

Ды ад сябе яшчэ прыбавiць,

Каб чалавека абясславiць;

Дык на яго не мелi вока

I з iм трымалiся далёка,

Хоць гэта ў вочы не казалi.

Ды леснiкi здарэнне зналi,

Калi Абрыцкi абмахнуўся

I пад Пшавару падвярнуўся.

Пшавара быў ляснiк сярдзiты,

Апроч таго, не лыкам шыты:

Шырок, плячыст, як дуб стары,

I з iм да трох не гавары!

I дужы быў ён не па меры.

Ён быў з Абрыцкiм на кватэры,

I вось якi быў тут учынак:

Пшавараў конь каля драбiнак

Стаяў i хрумстаў сабе сена,

Сянцо мурожнае, бы пена.

Вярхом Абрыцкi прыязджае,

Сюды свайго каня стаўляе,

Пшавара гэта зауважыў.

- О, каб яго пярун распляжыў!

Загрузка...