КЛОП


ПРАЦУЮЦЬ:

Прысыпкін — П'ер Скрыпкін — былы рабочы, былы партыец, цяпер жаніх.


Зоя Бярозкіна — работніца.

Эльзевіра Давыдаўна — нявеста, манікюрка, касірка цырульні.

Разалія Паўлаўна — маці-цырульніца.

Давід Осіпавіч — бацька-цырульнік.

} Рэнесанс.


Алег Баян — самародак, з домаўласнікаў.

Міліцыянер.

Прафесар.

Дырэктар заасада.

Брандмайстар.

Пажарнікі.

Шафер.

Рэпарцёр.

Рабочыя аўдыторыі.

Старшыня гарсавета.

Прамоўца.

Вузаўцы.

Распарадчык урачыстасці.

Прэзідыум гарсавета, паляўнічыя, дзеці, старыя.


І


Цэнтр — круцяцца вялізныя дзверы універмага, бакі — зашклёныя; затавараныя вітрыны. У дзверы ўваходзяць пустыя, выходзяць з пакетамі. Па ўсім тэатры снуюць прыватнікі-латочнікі.


Разносчык гузікаў

Дзеля гузіка не варта жаніцца, праз гузік грэшна сварыцца! Адзін націск вялікім і ўказальным пальцамі, і штаны з грамадзян ніколі не зваляцца.

Галандскія,

Механічныя,

Гузікі, што самі прышываюцца,

6 штук 20 капеек...

Калі ласк, мусью!

Разносчык лялек

Танцуючыя людзі

З балетных студый!

Лепшая зáбаўка

Ў садзе і дома,

Танцуе па ўказанню

Самога наркома!

Разносчыца яблык

Ананасаў!

Няма...

Бананаў!

Няма...

Антонаўскія яблычкі 4 штукі 15 капеек.

Загадаеце, грамадзяначка?

Разносчык тачыльных камянёў

Нябіткі

германскі

тачыльны брусок.

30

капеек

любы кусок!

Точыць усё —

галавой паручуся:

Брытвы,

нажы

і языкі для дыскусій!

Калі ласк, грамадзяне!

Разносчык абажураў

Любой

расфарбоўкі і масці абажуры!

Блакітныя для сем’яў,

чырвоныя для юру!

Уладкоўвайцеся, таварышы!

Прадавец шароў

Шары-кілбаскі.

Ляці без апаскі.

Такі б вось

шар

генералу Нóбіле [1], —

Яны б на полюсе

гадоў бы сто былі!

Бярыце, грамадзяне...

Разносчык селядцоў

А вось

лепшыя

рэспубліканскія селядцы.

Незаменныя там,

дзе гарэлка і блінцы!

Разносчыца галантарэі

Бюстгальтары з футрам,

Бюстгальтары з футрам!

Прадавец клея

У нас

і за мяжою,

а таксама ўсюды

Грамадзяне выкідваюць біты пасудак.

Славуты

Экцэльзіёр,

клей-парашок,

Клеіць

і Венеру

і начны гаршчок.

Загадаеце, васпані?

Разносчыца духоў

Духі Кóці [2]

на залатнікі!

Духі Кóці

на залатнікі!

Прадавец кніг

Што робіць жонка, калі мужа няма дома, 105 вясёлых анекдотаў былога графа Льва Мікалаевіча Талстога замест рубля дваццаці — пятнаццаць капеек! [3]

Разносчыца галантарэі

Бюстгальтары з футрам,

Бустгальтары з футрам!


Уваходзяць Прысыпкін, Разалія Паўлаўна, Баян.


Разносчыца

Бюстгальтары...

Прысыпкін (з захапленнем)

Якія арыстакратычныя чэпчыкі!

Разалія Паўлаўна

Якія ж гэта чэпчыкі, гэта ж...

Прысыпкін

Што ж я без вачэй, ці што? А калі ў нас двайняты народзяцца? Гэта вось на Дароці, а гэта на Ліліян [4]... Я іх ужо вырашыў назваць арыстакратычна-кінематаграфічна... так і будуць гуляць разам. Во! Дом у мяне павінен быць поўнай чашай. Захапіце, Разалія Паўлаўна!

Баян (падхіхікваючы)

Захапіце, захапіце, Разалія Паўлаўна! Хіба ў іх пошласць у галаве? Оне малады клас, оне ўсё па-свойму разумеюць. Оне да вас старадаўняе незаплямленае пралетарскае паходжанне і прафсаюзны білет у дом уносяць, а вы рублі шкадуеце! Дом у іх павінен быць поўнай чашай.


Разалія Паўлаўна, уздыхнуўшы, купляе.


Баян

Я данясу... яны лёгенькія... не турбуйцеся, калі ласка... за тыя ж грошы...

Разносчык зáбавак

Танцуючыя людзі з балетных студый...

Прысыпкін

Мае будучыя патомныя дзеці павінны выхоўвацца ў шыкоўным гусце. Бо! Захапіце, Разалія Паўлаўна!


Разалія Паўлаўна Таварыш Прысыпкін...


Прысыпкін

Не называйце мяне таварышам, грамадзянка, вы яшчэ з пралетарыятам не парадніліся.

Разалія Паўлаўна

Будучы таварыш, грамадзянін Прысыпкін, гэта ж за такія грошы пятнаццаць чалавек бароды паголяць, без уліку драбязы — вусоў і іншага. Лепш піва на вяселле лішнюю дзюжыну. А?

Прысыпкін (строга)

Разалія Паўлаўна! У мяне дом...

Баян

У яго дом павінен быць поўнай чашай. I танцы і піва ў яго павінны біць фантанам, як з рога дастатку.


Разалія Паўлаўна купляе.


Баян (падхоплівае пакункі)

Калі ласка, не турбуйцеся, за тыя ж грошы.

Разносчык гузікаў

Дзеля гузіка не варта жаніцца!

Праз гузік не выпадае сварыцца!

Прысыпкін

У нашай чырвонай сям’і не павінна быць ніякай мяшчанскай мішуры і непрыемнасцей з штанамі. Во! Захапіце, Разалія Паўлаўна!

Баян

Пакуль у вас няма прафсаюзнага білета, не раздражняйце яго [5], Разалія Паўлаўна. Ён — перамогшы клас, і ён змятае ўсё на сваім шляху, як лава, і штаны ў таварыша Скрыпкіна павінны быць поўнай чашай.


Разалія Паўлаўна купляе, уздыхаючы.


Баян

Дазвольце, я данясу за тыя ж самыя...

Прадавец селядцоў

Лепшыя рэспубліканскія селядцы!

Незаменныя там,

дзе гарэлка і блінцы!

Разалія Паўлаўна (адхінае ўсіх, гучна і павесялела)

Селядцы — гэта — так! Гэта вы будзеце мець для вяселля рэч. Гэта я ды ўжо захаплю! Праходзьце, мосьё мужчыны! Колькі каштуе гэтая кілька?

Разносчык

Гэтая ласосіна каштуе 2.60 кілё.

Разалія Паўлаўна

2.60 за гэтага шпрота-пераростка?

Прадавец

Што вы, мадам, усяго 2.60 за гэтага кандыдата ў асятры!

Разалія Паўлаўна

2.60 за гэтыя марынаваныя карсетныя косці? Вы чулі, таварыш Скрыпкін? Дык вы зрабілі правільна, калі вы забілі цара і прагналі пана Рабушынскага! [6] Ой, гэтыя бандыты! Я знайду мае грамадзянскія правы і мае селядцы ў дзяржаўнай савецкай грамадскай кааперацыі!

Баян

Пачакаем тут, таварыш Скрыпкін. Навошта вам злівацца з гэтай дробнабуржуазнай стыхіяй і купляць селядцы ў такім дыскусійным парадку? За вашы пятнаццаць рублёў і бутэльку гарэлкі я вам арганізую вяселлечка на-яць.

Прысыпкін

Таварыш Баян, я супроць гэтага мяшчанскага побыту — канарэек і іншага... Я чалавек з буйнымі запатрабаваннямі... Я — люстранай шафай цікаўлюся...


Зоя Бярозкіна амаль натыкаецца на гаворачых і здзіўлена адступае, прыслухоўваецца.


Баян

Калі ваш вясельны картэ́ж...

Прысыпкін

Што вы мелеце? Які карцёж?

Баян

Картэ́ж, я кажу. Так, таварыш Скрыпкін, называецца на прыгожых замежных мовах усялякая, і асабліва такая, вясельная ўрачыстая паездка.

Прысыпкін

А! Ну-ну-ну!

Баян

Дык вось, калі картэ́ж пад’едзе, я вам спяю эпіталáму Гіменея [7].

Прысыпкін

Што ты плявузгаеш? Якія яшчэ такія Гімалаі?

Баян

Не Гімалаі, а эпіталаму пра бога Гіменея. Гэта такі бог кахання быў у грэкаў, ды не ў гэтых жоўтых, азвярэлых згоднікаў Венізеласаў [8], а ў старажытных, рэспубліканскіх.

Прысыпкін

Таварыш Баян, я за свае грошы патрабую, каб было чырвонае вяселле і ніякіх багоў! Паняў?

Баян

Ды што вы, таварыш Скрыпкін, не тое, што паняў, а сілай, згодна Плеханаву, дазволенага марксістам уяўлення я праз як бы прызму бачу вашу класавую, узвышаную, чароўную і поўную захаплення ўрачыстасць!.. Нявеста вылазіць з карэты — чырвоная нявеста... уся чырвоная,— упарылася, значыцца; яе выводзіць чырвоны пасаджоны бацька, бухгалтар Ерыкалаў,— ён якраз мужчына тлусты, чырвоны, апаплексічны,— уводзяць гэта вас чырвоныя шаферы, увесь стол у чырвоных шынках і бутэлькі з чырвонымі галоўкамі.

Прысыпкін (спачувальна)

Во! Во!

Баян

Чырвоныя госці крычаць «горка, горка», і тут чырвоная (ужо цяпер жонка) працягвае вам чырвоныя-чырвоныя губкі...

Зоя (збянтэжана хапае за рукавы абодвух. Абое здымаюць яе рукі, збіваюць пстрычкамі пыл)

Ваня! Пра што ён? Што пляце гэтая каракаціца ў гальштуку? Якое вяселле? Чыё вяселле?

Баян

Чырвоны працоўны шлюб Эльзевіры Давыдаўны Рэнесанс і...

Прысыпкін

Я, Зоя Ванна, люблю другую.

Яна ўпрыгожыць дні мае.

Фігурку сцягвае тугую

Жакет дзівоснейшы ў яе [9].

Зоя

Ваня! А я? Як жа гэта: пагуляўся і адцураўся?

Прысыпкін (адхіляе працягнутую руку)

Мы разышліся, нібы ў моры караблі... [10]

Разалія Паўлаўна (вырываецца з магазіна, трымаючы селядцы над галавой)

Кіты! Дэльфіны! (Гандляру селядцамі.) Ану, пакажы, ану, параўнай твайго смаўжа! (Параўноўвае; селядзец латочніка большы; пляскае рукамі.) На хвост даўжэй?! За што змагаліся, а, грамадзянін Скрыпкін? За што мы забілі гасудара імператара і прагналі пана Рабушынскага, а? У магілу мяне ўгоніць савецкая ваша ўлада... На хвост, на цэлы хвост даўжэй!..

Баян

Паважаная Разалія Паўлаўна, параўнайце з другога канца,— ён жа і большы толькі на галоўку, а навошта вам галоўка,— яна ж непрыдатная для яды, адрэзаць і выкінуць.

Разалія Паўлаўна

Вы чулі, што ён сказаў? Галоўку адрэзаць! Гэта вам галоўку адрэзаць, грамадзянін Баян: нічога не ўбавіцца і нічога не каштуе, а яму адрэзаць галоўку каштуе дзесяць капеек на кілё. Ну! Дамоў! Мне вельмі патрэбен прафесіянальны саюзны білет у доме, але дачка на даходлівым прадпрыемстве — гэта таксама вам не бык на палачцы.

Зоя

Жыць хацелі, працаваць хацелі... Значыць, усё...

Прысыпкін

Грамадзянка! Наша любоў ліквідавана. Не замінайце свабоднаму грамадзянскаму пачуццю, а то я міліцыю паклічу.


Зоя, з плачам, учапілася за рукаў. Прысыпкін вырываецца. Разалія Паўлаўна становіцца паміж ім і Зояй, губляе пакупкі.


Разалія Паўлаўна

Чаго трэба гэтай лахудры? Чаго вы чапляецеся за майго зяця?

Зоя

Ён мой!

Разалія Паўлаўна

А!.. Яна такі з дзіцём! Я ёй заплачу аліменты, але я ёй разаб’ю морду!

Міліцыянер

Грамадзяне, спыніце гэтую агідную сцэну!


ІІ


Інтэрнат для моладзі. Вынаходнік сапе за чарцяжом. Хлопец на ложку, на краю ложка дзяўчына. Ачкарык уткнуўся галавой у кнігу. Калі расчыняюцца дзверы, бачны калідор з дзвярыма і лямпачкі.


Босы хлопец (крычыць)

Дзе боты? Зноў боты спёрлі. Што ж мне іх на ноч у камеру хавання ручнога і нажнога багажа на Курскі вакзал адносіць, ці што?

Прыбіральшчык

Гэта ў іх Прысыпкін да сваёй вярблюдзіхі на спатканне патопаў. Надзяваў — лаяўся. У апошні раз, кажа, а вечарам, кажа, з’яўлюся ў абноўленым выглядзе, больш адпавядаючым майму новаму сацыяльнаму становішчу.

Босы

Погань!

Малады рабочы (прыбірае)

I смецце ж пасля яго стала нейкае як бы панскае, далікатнае. Раней што? Бутля з-пад піва ды хвост воблы, а зараз бляшаначкі Тэжэ ды стужачкі шматкалёрныя.

Дзяўчына

Кінь плявузгаць, хлопец гальштук купіў, дык яго ўжо Макданальдам [11] лаеце.

Xлопец

Макданальд і ёсць! Не ў гальштуку справа, а ў тым, што не гальштук да яго, а ён да гальштука прывязаны. Нават не думае — галавой пашавяліць баіцца.

Прыбіральшчык

Лакам дзіркі залёпвае; заспяшаўся, дзірку на шкарпэтцы відаць, дык ён нагу на хаду чарнільным алоўкам падмазваў.

Xлопец

Яна ў яго і без алоўка чорная.

Вынаходнік

Можа быць, не на тым месцы чорная. Лепш бы яму шкарпэткі пераадзець.

Прыбіральшчык

Адразу відно — вынаходнік! Патэнт заяўляй. Глядзі, каб ідэю не спёрлі. (Махнуў анучай па століку, падае бляшанка,— развальваюцца веерам карткі. Нагінаецца сабраць, падносіць да святла, заліваецца рогатам, склікае рукой таварышаў.)

Усе (перачытваюць, паўтараюць)

П’ер Скрыпкін! П’ер Скрыпкін!

Вынаходнік

Гэта ён сабе прозвішча вынайшаў. Прысыпкін. Ну, што такое, Прысыпкін? На што Прысыпкін? Куды Прысыпкін? Каму Прысыпкін? А П’ер Скрыпкін — гэта ўжо не прозвішча, а раманс!

Дзяўчына (летуценна)

А і праўда: П’ер Скрыпкін — гэта так цудоўна і так прывабна! Вы тут гагочаце, а ён, можа, культурную рэвалюцыю дома прарабляе.

Xлопец

Мордай ён ужо і Пушкіна перасягнуў. Вісяць бакі, як хвост у сабакі, нават не мые — раскудлаціць баіцца.

Дзяўчына

У Гары Піля [12] таксама гэтая культура па ўсёй шчацэ пушчана.

Вынаходнік

Гэта яго настаўнік па валасатай справе выхоўвае.

Xлопец

I на чым толькі ў таго настаўніка валасы трымаюцца: галавы ніякай, а кучаравасці — хоць прадавай. Ад сырасці, ці што такія заводзяцца?

Хлопец з кнігай

Н-е-е. Ён — пісьменнік. Што пісаў — не ведаю, а толькі ведаю, што славуты! «Вячорка» пра яго тры разы пісала: вершы, кажа, Апухціна [13] за свае прадаў, а той як пакрыўдзіўся, абвяржэнне прыслаў. Дурні — кажа — вы, няправільна ўсё,— гэта я ў Надсана [14] спісаў. Чыя з іх праўда — не ведаю. Друкаваць яго больш не друкуюць, а славуты ён цяпер вельмі — моладзь навучае. Каго вершам, каго спевам, каго танцам, каго так... грошы пазычаць...

Хлопец з мятлой

Не рабочая гэта справа мазоль лакам наганяць.


Слесар, засалены, уваходзіць у час гаворкі, мые рукі, уключаецца ў размову.


Слесар

Да рабочага ў яго ніякага дачынення, разлік сёння браў, жэніцца на дзяўчыне, цырульнікавай дачцэ — яна ж касірка, яна ж манікюрка. Кіпці яму цяпер падразаць будзе мадмуазель Эльзевіра Рэнесанс.

Вынаходнік

Эльзевір — шрыфт такі ёсць.

Слесар

Наконт шрыфтоў не ведаю, а корпус у яе — гэта, браце, рэч. Картачку бухгалтару для хуткасці разлікаў паказваў.

Ну і мілка, ну і цуды,—

Адны грудзі па два пуды.

Босы

Уладзіўся!

Дзяўчына

Ага! Зайздрошчы бяруць?

Босы

А што ж, я таксама, калі тэхнарукам стану ды штодзённыя боты агораю, я таксама сабе лепшую кватэрачку паабнюхаю.

Слесар

Я табе вось што параю: ты фіраначкі сабе завядзі. Адхінуў фіраначку — на вуліцу паглядзеў. Зацягнуў фіраначку — хабар цяпнуў. Гэта толькі працаваць аднаму сумна, а курыцу есці аднаму весялей. Правільна? З акопаў такія таксама ўладжвацца бегалі, толькі мы іх шлёпалі. Ну што ж — гайда!

Босы

I пайду, і пайду. А ты што з сябе Карла Лібкнехта [15] строіш? Цябе з акна з кветачкамі паклікай, таксама, глядзі, прыпусцішся... Герой!

Слесар

Нікуды не пайду. Ты думаеш, мне гэтае лахманнё і смурод падабаюцца? Не. Нас, бачыш ты, многа. На ўсіх на нас нэпаўскіх дачок не набярэшся. Вось набудуем дамоў і рушым адразу... Адразу ўсе. Але мы з гэтай акопнай нары і з белымі сцягамі не вылезем.

Босы

Зарадзіў — акопы. Цяпер не дзевятнаццаты год. Людзям для сябе жыць хочацца.

Слесар

А што — не акопы?

Босы

Мані!

Слесар

Вошай — дзе ні крані.

Босы

Мані!

Слесар

А страляюць бязгучным порахам.

Босы

Мані!

Слесар

Вось жа Прысыпкіна з зіркастай дубальтоўкі падстрэлілі.


Уваходзіць Прысыпкін у лакіраваных туфлях, у выцягнутай руцэ нясе стаптаныя боты, кідае Босаму. Баян з пакупкамі. Засланяе ад Скрыпкіна слесара, які перад яго носам урэзвае чачотку.


Баян

Вы, таварыш Скрыпкін, увагі на гэтыя грубыя танцы не звяртайце, оне вам тонкі, што ў вас нараджаецца, густ сапсуюць.


Жыхары інтэрната адварочваюцца.


Слесар

Кінь гнуцца. Булдавешку раскалоціш.

Баян

Я разумею вас, таварыш Скрыпкін, цяжка, немагчыма пры вашай пяшчотнай душы ў іхнім грубым асяроддзі. Яшчэ адзін урок — пакіньце ваша цярпенне не лопнутым. Адказнейшы момант у жыцці — першы факстрот пасля шлюбаўтварэння. На ўсё жыццё павінен уражанне пакінуць. Ну-с, прайдзіцеся з уяўляемай дамай. Што вы грукаеце, як на першамайскім парадзе?

Прысыпкін

Таварыш Баян, чаравікі скіну: па-першае, ціснуць, па-другое, стаптваюцца.

Баян

Вось, вось! Так, так, ціхім крокам, як быццам у месячную ноч у марах і меланхоліі з піўной вяртаецеся. Так, так! Ды не варушыце вы ніжнім бюстам, вы ж не ваганетку, а мадмуазель вязеце. Так, так! Дзе рука? Нізка рука!

Прысыпкін (слізгае рукой па ўяўляемым плячы)

Не трымаецца яна ў мяне на паветры.

Баян

А вы, таварыш Прысыпкін, лёгкай разведкай ліфчык знайдзіце і, як бы для адпачывання, вялікім пальчыкам упрыцеся, і даме прыемнасць, і вам палёгка — аб другой руцэ падумаць можаце. Чаго плячыма заторгалі? Гэта ўжо не факстрот, гэта вы ўжо шымскае «па» [16] прадэманстраваць сабе дазволілі.

Прысыпкін

Не. Гэта я так... на хаду пачухаўся.

Баян

Ды хіба ж так можна, таварыш Прысыпкін? Калі з вамі ў вашым танцавальным натхненні такі казус здарыцца, вы закаціце вочы, нібыта даму раўнуеце, адступіце па-іспанску да сцяны, хуценька патрыцеся аб якую-небудзь скульптуру (у фешэнебельным асяроддзі, дзе вы будзеце ацірацца, дык гэтых скульптур і ваз розных заўсёды чорт колькі наварочана). Патрыцеся, перасмыкніцеся, блісніце вачыма і скажыце: «Я вас зразумеў, каварррная, вы мной забаўляецеся... але...» і зноў пусціцеся ў танец, як бы паступова ахалоджваючыся і супакойваючыся.

Прысыпкін

Вось так?

Баян

Брава! Добра! Талент у вас, таварыш Прысыпкін. Вам ва ўмовах буржуазнага акружэння і пабудовы сацыялізму ў адной краіне — вам разгарнуцца няма дзе. Хіба наш Сярэдні Казіны завулак вартае для вас поле дзейнасці? Вам сусветная рэвалюцыя патрэбна, вам выхад у Еўропу патрабуецца, вам толькі Чэмберленаў [17] і Пуанкароў [18] зламаць, і вы Мулен Ружы [19] і Пантэоны [20] хараством рухаў свайго цела захапляць будзеце. Так і запомніце, так і замрыце. Цудоўна! А я пайшоў. За гэтымі шаферамі патрэбна вока ды вока, да вяселля задаткам шклянку і ні расінкі больш, а работу скончаць, тады хоць з рыла. Орэвуар. (Ідзе, крычыць з дзвярэй.) Не надзявайце двух гальштукаў адначасова, асабліва рознакаляровых, і зарубіце сабе на носе: нельга навыпуск насіць крухмальную кашулю!


Прысыпкін мерае абноўкі.


Xлопец

Ванька, кінь ты гэту бузу, чаго цябе так расчучаліла?

Прысыпкін

Не ваша сабачая справа, паважаны таварыш! За што я змагаўся? Я за добрае жыццё змагаўся! Вось яно ў мяне пад рукамі: і жонка, і дом, і сапраўднае абыходжанне. Я свой абавязак, калі спатрэбіцца, заўсёды выканаць здолею. Хто ваяваў, той мае права ля ціхай рэчкі адпачыць [21]. Во! Можа, я ўвесь свой клас сваім добраўпарадкаваннем узвышаю. Во!

Слесар

Баец! Сувораў! Правільна!

Крочыў верхам,

крочыў нізам,

Ладзіў мóст ў сацыялізм,

Не закончыў

і прыстаў,

Тут і ўсеўся ля мастá.

Траўка вырасла ля мóста.

Па мастý ідуць авечкі.

Мы жадаем —

вельмі проста! —

Адпачыць ля гэтай рэчкі...[22]

Так, ці што?

Прысыпкін

Ды ну цябе! Адчапіся ты ад мяне з тваімі грубымі агіткамі... Во! (Садзіцца на ложак, спявае пад гітару.)

На Луначарскай вуліцы

Стары я помню дом

З цудоўнай цёмнай лесвіцай,

З дзівоснейшым акном [23].


Стрэл. Кідаюцца да дзвярэй.


Xлопец (з дзвярэй)

Зоя Бярозкіна застрэлілася!


Усе кідаюцца да дзвярэй.


Xлопец

Эх, і прабяруць жа яе цяпер у ячэйцы!


Галасы

Хутчэй...

Хутчэй...

Хуткую...

Хуткую...


Голас

Хуткая! Хутчэй! Што? Застрэлілася! Грудзі. Навылёт. Сярэдні Казіны, 16.


Прысыпкін адзін, спешна збірае рэчы.


Слесар

Праз цябе, поскудзь валасатая, і такая баба забілася. Вон! (Бярэ Прысыпкіна за пінжак і штурхае за дзверы, услед выкідвае рэчы.)

Прыбіральшчык (які бяжыць з урачом, прытрымлівае і прыпадымае Прысыпкіна, падаé яму выкінуты капялюш)

I з трэскам жа ты, хлопец, ад класа адрываешся!

Прысыпкін (адварочваецца, крычыць)

Рамізнік, вуліца Луначарскага, 17! З рэчамі!


III


Вялікі цырульны пакой. Сцены ў люстрах. Перад люстрамі вялізныя папяровыя кветкі. На століках для галення — бутэлькі. Злева авансцэны раяль з разінутай пашчай, справа печ, трубы ад якой кругляюць па ўсім пакоі. Пасярэдзіне пакою шырокі вясельны стол. За сталом: П’ер Скрыпкін, Эльзевіра Рэнесанс, двое шафераў і шаферак, маці і бацька Рэнесанс. Пасаджоны бацька — бухгалтар і такая ж маці. Алег Баян распараджаецца каля стала, спіной да залы.


Эльзевіра

Пачнем, Скрыпачка?

Скрыпкін

Пачакаць.


Паўза.


Эльзевіра

Скрыпачка, пачнем?

Скрыпкін

Пачакаць. Я жадаю ажаніцца ў арганізаваным парадку і ў прысутнасці ганаровых гасцей і асабліва ў прысутнасці асобы сакратара заўкома, паважанага таварыша Ласальчанкі...[24] Во!

Госць (убягаючы)

Паважаныя маладыя, даруйце велікадушна за спазненне, але я ўпаўнаважаны перадаць вам шлюбныя пажаданні нашага паважанага правадыра таварыша Ласальчанкі. Заўтра, кажа, хоць у царкву, а сягоння, кажа, прыйсці не магу. Сягоння, кажа, партдзень, і хочаш не хочаш, а ў ячэйку, кажа, пайсці трэба. Пяройдзем, так сказаць, да чарговых спраў.

Прысыпкін

Аб’яўляю вяселле пачатым.

Разалія Паўлаўна

Таварышы і мусьё, частуйцеся, калі ласка. Дзе вы цяпер знойдзеце такіх свіней? Я купіла гэтую шынку тры гады таму назад на выпадак вайны або з Грэцыяй або з Польшчай. Аднак... Вайны яшчэ няма, а вяндліна ўжо псуецца. Частуйцеся, мусьё.

Усе (падымаюць шклянкі і чаркі)

Горка! Горка!..

Эльзевіра і П’ер цалуюцца.

Горка! Го-о-о-р-к-а-а!


Эльзевіра павісае на П’еры. П’ер цалуе паважна і з пачуццём класавай годнасці.


Пасаджоны Бацька — бухгалтар

Бетховèна!.. Шакеспеара!..[25] Просім вытанчыць што-якоесь. Ці ж дарма мы вашы юбілеі штодзённа святкуем!


Цягнуць раяль.


Галасы

Пад крылца, пад крылца яе бярыце! Ух і зубоў жа, зубоў! Ох і ўрэзаць бы!

Прысыпкін

Не адтапчыце ножкі маёй раялі.

Баян (устае, хістаецца і расплюхвае чарку)

Я шчаслівы, я шчаслівы бачыць чароўнае завяршэнне на дадзеным адрэзку часу поўнага барацьбы шляху таварыша Скрыпкіна. Праўда, ён страціў на гэтым шляху адзін прыватны партыйны білет, але затое прыдбаў багата білетаў дзяржаўнай пазыкі. Нам удалося спалучыць і ўзгадніць іх класавыя і іншыя супярэчнасці, у чым нельга не бачыць узброенаму марксісцкім поглядам, так сказаць, як у кроплі вады, будучае шчасце чалавецтва, якое назвалі ў простанароддзі сацыялізмам.

Усе

Горка! Горка!


Эльзевіра і Скрыпкін цалуюцца.


Баян

Якімі капітальнымі крокамі мы ідзем наперад па шляху нашага сямейнага будаўніцтва! Ці ж калі мы з вамі паміралі пад Перакопам, а многія нават памерлі, ці ж маглі мы здагадвацца, што гэтыя ружы будуць квітнець і дарыць нам водар ужо на цяперашнім адрэзку часу? Хіба калі мы стагналі пад ярмом самаўладства, хіба хаця б нашы вялікія настаўнікі Маркс і Энгельс маглі б дапускальна марыць ці нават у марах дапускаць, што мы будзем спалучаць вузамі Гіменея невядомую, але вялікую працу са зрынутым, але чароўным капіталам?

Усе

Горка!.. Горка...

Баян

Паважаныя грамадзяне! Прыгажосць — гэта рухавік прагрэсу! Чым бы я быў у якасці простага працоўнага? Бочкін — і больш нічога. Што я мог у якасці Бочкіна? Мычэць! I больш нічога! А ў якасці Баяна — колькі і чаго душа зажадае! Напрыклад:

Алег Баян

Ад шчасця п’ян.

I вось я цяпер Алег Баян, і я карыстаюся, як раўнапраўны член грамадства, усімі дабратáмі культуры і магу выражацца, хаця не, выбачайце — выражацца я не магу, але магу размаўляць, хоць бы як старажытныя грэкі: «Эльзевіра Скрыпкіна, перадайце рыбкі нам». I мне можа ўся краіна адказваць, як якія-небудзь трубадуры: [26]

Для прамыўкі глоткі ў целе

За прыгожы выгляд стану

З селядцом гарэлкі келіх

Прапануем мы Баяну.

Усе

Брава! Ура! Горка!

Баян

Прыгажосць — гэта маці...

Шафер (змрочна і ўсхопліваючыся)

Маць! Хто сказаў «маць»? Прашу не лаяцца пры маладых!


Шафера адцягваюць.


Усе

Бетховена! Камарынскага!


Цягнуць Баяна да раяля.


Баян

З’язджаліся к загсу трамваі —

Вяселле чырвонае там...[27]


Усе (падпяваюць)

Жаніх у спецвопратцы новай,

А з блузы тырчаў прафбілет!

Бухгалтар

Зразумеў! Усё зразумеў! Гэта значыць:

Будзь здароў, Алег Баянчык,

Кучаравенькі баранчык...

Цырульнік (з відэльцам лезе да пасаджонай мамы)

Не, мадам, сапраўдных кучаравых цяпер, пасля рэвалюцыі, няма. Шыньён гаффрэ [28] робіцца так... Бяруцца шчыпцы (круціць відэльцам), награваюцца на слабым агні, а ля этуаль [29] (торкае відэлец у полымя печы), і ўзбіваецца на макушцы гэтакае валасяное суфле.

Пасаджоная

Вы абражаеце маю годнасць як маці і як дзяўчыны... Пусціце... Сучы сын!!!

Шафер

Хто сказаў «сучы сын»? Прашу не лаяцца пры маладых!


Бухгалтар разнімае пасаджоных, падпяваючы, спрабуе крутнуць ручку касавага лічыльніка, з якім ён круціцца, як з шарманкай.


Эльзевіра (да Баяна)

Ах! Сыграйце, ах! Вальс «Туга Макарава па Веры Халоднай» [30]. Ах, гэта так шарман [31], ах, гэта проста пеціт істуар...[32]

Шафер (узброены гітарай)

Хто сказаў «пісуар»? Прашу пры маладых...


Баян разнімае і накідваецца на клавішы.


Шафер (прыглядаючыся, пагражальна)

Ты што ж гэта на адной чорнай косці іграеш? Для пралетарыята, значыць, на палавіне, а для буржуазіі на ўсіх?

Баян

Што вы, што вы, грамадзянін? Я на белых касцях асабліва стараюся.

Шафер

Значыць, зноў выходзіць, што белая косць лепш? Іграй на ўсіх!

Баян

Ды я на ўсіх!

Шафер

Значыць, з белымі разам, згоднік!

Баян

Таварыш... Дык гэта ж... цэдура [33].

Шафер

Хто сказаў «дура»? Пры маладых. Во!!! (Грукае гітарай па патыліцы.)


Цырульнік начэплівае на відэлец валасы пасаджонай маці. Прысыпкін адціскае бухгалтара ад жонкі.


Прысыпкін

Вы што ж маёй жонцы селядца ў грудзі тыцкаеце? Гэта ж вам не клумба, а грудзі, і гэта ж вам не хрызантэма, а селядзец!

Бухгалтар

А вы нас ласосінай частавалі? Частавалі? Так? А самі гарлаеце — так?


У бойцы куляюць нявесту ў газавай сукенцы на печ, печ падае,— полымя, дым.


Крыкі

Гарым!!! Хто сказаў «гарым»?.. Пажар! Ласосіну... З’язджаліся к загсу трамваі...


IV


У чорнай цемры ночы паблісквае ад недалёкага полымя каска пажарніка. Начальнік адзін. Падыходзяць і адыходзяць з дакладамі пажарнікі.


1-шы пажарнік

Не саўладаць, таварыш начальнік! Дзве гадзіны ніхто не выклікаў... П’яныя сцервы!!! Гарыць, як парахавы склад. (Знікае.)

Начальнік

Чаго ж яму не гарэць? Павуцінне ды спірт.

2-гі пажарнік

Затухае, вада на ляту ледзяніцца. Склеп вадой залілі, гладзей, чым каток. (Ідзе.)

Начальнік

Целы знайшлі?

3-ці пажарнік

Аднаго пагрузілі, уся каробка папсавана. Відаць, бэлькай праламаная. Проста ў морг. (Ідзе.)

4-ты пажарнік

Пагрузілі... Адно абгарэлае цела невядомага пола з відэльцам у галаве.

1-шы пажарнік

Пад печкай знойдзена былая жанчына з драцяным вяночкам на патылічных касцях.

3-ці пажарнік

Знойдзен невядомы даваеннага складу цела з касай у руках,— відавочна, пры жыцці бандыт.

2-гі пажарнік

Сярод жывых няма нікога... Сярод трупаў не далічваецца адзін, так што, на падставе невыяўлення, думаю — спалымнеў нашчэнт.

1-шы пажарнік

Ну і ілюмінацыя! Проста тэатр, толькі ўсе дзейныя асобы згарэлі.

3-ці пажарнік

Вязла іх з вяселля карэта,

Пад крыжам чырвоным вязла [34].


Гарніст склікае пажарнікаў. Строяцца. Маршыруюць па тэатры, выкрыкваюць.


Пажарнікі

Таварышы, помніце:

гарэлка — яд.

П’яныя спаляць

рэспубліку-сад!

Жывучы з камінамі

і з прымусáмі,

Спаліце дом

і згарыце самі!

Сон выпадковы —

прычына пажараў,

На сон

не чытайце

Надсóна і Жарава! [35]


V


Вялізная зала пасяджэнняў, якая ўздымаецца амфітэатрам да столі. Замест людскіх галасоў — радыёраструбы, побач некалькі рук, якія вісяць так, быццам высоўваюцца з аўтамабіляў. Над кожным раструбам каляровыя электрычныя лямпы, пад самай столлю экран. Пасярэдзіне трыбуна з мікрафонам. Па баках трыбуны размеркавальнікі і рэгулятары галасоў і святла. Два механікі — стары і малады — нешта ладкуюць у цёмнай аўдыторыі.


Стары (змятае раскалмачанай з пёраў шчоткай пыл з раструбаў)

Сягоння важнае галасаванне. Змаж маслам і правер галасавальны апарат земляробчых раёнаў. Апошні раз была замінка. Галасавалі са скрыпам.

Малады

Земляробчыя? Добра! Цэнтральныя змажу. Пратру замшай горла смаленскім апаратам. На мінулым тыдні зноў пахрыпвалі. Трэба падвінціць рукі службовым штатам сталіц, а то ў іх нейкі ўхільчык: правая за левую чапляецца.

Стары

Уральскія заводы гатовы. Металургічныя курскія ўключым, там правялі новы апарат на шэсцьдзесят дзве тысячы галасоў другой групы электрастанцыі Запарожжа. З імі нішто сабе, праца лёгкая.

Малады

А ты яшчэ памятаеш, як раней было? Смешна, мабыць?

Стары

Мяне раз мамка на руках на пасяджэнне насіла. Народу зусім мала — чалавек тысячу сабралася, сядзяць, як дармаеды, і слухаюць. Пытанне было нейкае важнае і спрэчнае, адным голасам прайшло. Маці была супроць, а прагаласаваць не змагла, бо мяне на руках трымала.

Малады

Ну, вядома! Саматужніцтва!

Стары

Раней такі апарат і не спатрэбіўся б. Бывала, чалавеку першаму руку падняць трэба,— каб яго заўважылі, дык ён яе пад нос старшыні тыцкае, да самай наздры падносіць абедзве, шкадуе толькі, што не старажытная багіня Ізіда, а то б у дванаццаць рук галасаваў. А многія ратаваліся. Пра аднаго расказвалі, што ён нейкую важную дыскусію ўсю ў нужніку прасядзеў — галасаваць баяўся. Сядзеў і задумваўся, шкуру, значыць, службовую бярог.

Малады

I збярог?

Стары

Збярог!.. Толькі па другой спецыяльнасці прызначылі. Бачаць любоў да прыбіральняў, дык яго там галоўным прызначылі пры мыле і ўціральніках.

Гатова?

Малады

Гатова!


Збягаюць уніз да размеркавальных дошчак і правадоў. Чалавек у акулярах і з бародкай, расчыніўшы дзверы, роўным крокам узыходзіць на эстраду, спіной да аўдыторыі, падымае рукі.


Прамоўца

Уключыць адначасова ўсе раёны федэрацыі!

Стары і малады

Ёсць!


Адначасова загараюцца ўсе чырвоныя, зялёныя і сінія лямпачкі аўдыторыі.


Прамоўца

Алё! Алё! Гаворыць старшыня інстытута чалавечых ажыўленняў. Пытанне апублікавана тэлеграмамі, абмеркавана,— простае і яснае. На скрыжаванні шэсцьдзесят другой вуліцы і семнаццатага праспекта былога Тамбова будаўнічая брыгада, прарываючы грунт, на глыбіні сямі метраў знайшла засыпаны зямлёй абледзянелы склеп. Праз лёд фенамена прасвечвае замарожаная чалавечая фігура. Інстытут лічыць магчымым ажыўленне індывідуума, які замёрз пяцьдзесят год таму назад.

Высветлім розніцу думак.

Інстытут лічыць, што кожнае жыццё рабочага павінна быць выкарыстана да апошняй секунды.

Прасвечванне паказала на руках істоты мазалі, якія былі паўстагоддзя таму назад адзнакай працоўнага. Нагадваем, што пасля войн, якія пранесліся над светам, грамадзянскіх войн, якія стварылі федэрацыю зямлі, дэкрэтам ад 7 лістапада 1965 года жыццё чалавека недатыкальнае. Даводжу да вашага ведама пярэчанні эпідэмічнай секцыі, якая баіцца пагрозы распаўсюджання бактэрый, што напаўнялі былыя істоты былой Расіі. З поўным усведамленнем адказнасці прыступаю да галасавання. Таварышы, памятайце, памятайце і яшчэ раз памятайце:

Мы

галасуем

чалавечае жыццё!

Лямпы гаснуць, прарэзлівы званок, на экране загараецца рэзалюцыя, якая паўтараецца прамоўцам.

«У імя даследавання працоўных звычак рабочага чалавецтва, у імя нагляднага параўнальнага вывучэння побыту патрабуем ажыўлення».

Галасы паловы раструбаў: «Правільна, прыняць!», частка галасоў: «Далоў!» Галасы змаўкаюць раптоўна. Экран гасне. Другі званок, загараецца новая рэзалюцыя. Прамоўца паўтарае.

«Рэзалюцыя санітарна-кантрольных пунктаў металургічных і хімічных прадпрыемстваў Данбаса. Каб пазбегнуць небяспекі распаўсюджання бактэрый падхалімства і зазнайства, характэрных для дваццаць дзевятага года, патрабуем пакінуць экспанат у замарожаным стане».

Галасы раструбаў: «Далоў!» Адзінокія выгукі: «Правільна!»

Ёсць яшчэ рэзалюцыі і дадаткі?

Загараецца трэці экран, прамоўца паўтарае.

«Земляробчыя раёны Сібіры просяць ажыўляць восенню, па сканчэнні палявых работ, для аблягчэння магчымасці прысутнасці шырокіх мас жадаючых».

Пераважная колькасць галасоў-труб: «Далоў!», «Адхіліць!» Лямпы загараюцца.

Стаўлю на галасаванне: хто за першую рэзалюцыю, прашу падняць рукі!

Падымаецца пераважная большасць жалезных рук.

Апусціць! Хто за папраўку Сібіры?

Падымаюцца дзве рэдкія рукі.

Сход федэрацыі пастанавіў: «А-жы-віць!»

Гул усіх раструбаў: «Ура!» Галасы сціхаюць.

Пасяджэнне скончана!


З двух расхінутых дзвярэй урываюцца рэпарцёры. Прамоўца прыпыняецца, потым радасна кідае на ўсе бакі: Ажывіць! Ажывіць! Ажывіць!! Рэпарцёры выцягваюць з кішэняў мікрафоны, на хаду крычаць.


1-шы рэпарцёр

Алё!!! Хваля 472,5 метра... «Чукоцкія навіны»... Ажывіць!

2-гі рэпарцёр

Алё! Алё!!! Хваля 376 метраў... «Віцебская вячэрняя праўда».... Ажывіць!

3-ці рэпарцёр

Алё! Алё! Алё! Хваля 211 метраў... «Варшаўская камсамольская праўда»... Ажывіць!

4-ты рэпарцёр

«Армавірскі літаратурны панядзелак». Алё! Алё!

5-ты рэпарцёр

Алё! Алё! Алё! Хваля 44 метры. «Паведамленні чыкагскага савета»... Ажывіць!

6-ты рэпарцёр

Алё! Алё! Алё! Хваля 115 метраў... «Рымская чырвоная газета»... Ажывіць!

7-мы рэпарцёр

Алё! Алё! Алё! Хваля 78 метраў... «Шанхайская бедната»... Ажывіць!

8-мы рэпарцёр

Алё! Алё! Алё! Хваля 220 метраў... «Мадрыдская батрачка»... Ажывіць!

9-ты рэпарцёр

Алё! Алё! Алё! Хваля 11 метраў... «Кабульскі піянер»... Ажывіць!


Газетчыкі ўрываюцца з гатовымі адбіткамі.


1-шы газетчык

Размарозіць

ці не размарозіць?

Артыкулы

ў вершах і ў прозе!

2-гі газетчык

Сусветная анкета па важнейшай тэме —

Аб магчымасці заноса падхалімскіх эпідэмій!

3-ці газетчык

Артыкул пра даўнія

гітары і рамансы

I іншыя спосабы

аблапошвання масы!

4-ты газетчык

Апошнія навіны!!! Інтэрв’ю! Інтэрв’ю!

5-ты газетчык

Навуковы веснік —

усё незвычайна! —

З поўным пералікам

так званых лаянак!

6-ты газетчык

Апошняе радыё!

7-мы газетчык

Пытанні гісторыі —

для ўсіх навіна:

Ці зваліць

адна папяроса

слана!

8-мы газетчык

Сумна да слёз

і смешна да колік:

Даём тлумачэнне

слова «алкаголік!»!


VI


Матавыя шкляныя двухстворкавыя дзверы, праз сцены прасвечваюць металічныя часткі медыцынскіх апаратаў. Перад сцяной стары прафесар і пажылая асістэнтка, у якой яшчэ захаваліся характэрныя рысы Зоі Бярозкінай. Абое ў белым, бальнічным.


Зоя Бярозкіна

Таварыш! Таварыш прафесар, прашу вас, не рабіце гэтага эксперымента. Таварыш прафесар, зноў пойдзе буза...

Прафесар

Таварыш Бярозкіна, вы сталі жыць успамінамі і загаварылі незразумелай мовай. Суцэльны слоўнік вымерлых слоў. Што такое «буза»? (Шукае ў слоўніку.) Буза... Буза... Буза... Багема, бюракратызм, богашукальніцтва [36], бублікі, Булгакаў [37]... Буза — гэта род дзейнасці людзей, якія заміналі ўсякаму роду дзейнасці...

Зоя Бярозкіна

Гэтая ягоная «дзейнасць» пяцьдзесят год таму назад ледзь не каштавала мне жыцця. Я нават дайшла да... спробы самагубства.

Прафесар

Самагубства? Што такое «самагубства»? (Шукае ў слоўніку.) Самаабкладанне [38], самаўладства, самарэклама, самаўшчыльненне... Знайшоў «самагубства». (Здзіўлена.) Вы стралялі ў сябе? Прыгавор? Суд? Рэўтрыбунал?

Зоя Бярозкіна

Не... Я сама.

Прафесар

Сама? Ад неасцярожнасці?

Зоя Бярозкіна

Не... Ад кахання.

Прафесар

Глупства... Ад кахання трэба масты будаваць і дзяцей раджаць. А вы... Так! Так! Так!

Зоя Бярозкіна

Вызвальце мяне, я, дапраўды, не магу.

Прафесар

Гэта і ёсць... Як вы сказалі... Буза. Так! Так! Так! Так! Буза! Грамадства прапануе вам выявіць усе, якія маюцца ў вас, пачуцці для максімальнай лёгкасці пераадолення размарожваемым суб’ектам пяцідзесяці анабіёзных [39] год. Так! Так! Так! Так! Ваша прысутнасць вельмі, вельмі патрэбна. Я рад, што вы знайшліся і прыйшлі. Ён — гэта ён! А вы — гэта яна! Скажыце, а вейкі ў яго былі мяккія? На выпадак паломкі пры хуткім размарожванні.

Зоя Бярозкіна

Таварыш прафесар, як жа я магу запомніць вейкі, якія былі пяцьдзесят год таму назад...

Прафесар

Як? Пяцьдзесят год таму назад? Гэта ўчора!.. А як я помню колер валасоў на хвасце мастадонта [40] паўмільёна год таму назад? Так! Так! Так!.. А вы не памятаеце,— ён моцна раздзімаў ноздры пры ўдыханні ва ўзрушанай кампаніі?

Зоя Бярозкіна

Таварыш прафесар, як жа я магу памятаць?! Ужо трыццаць год ніхто не раздзімае ноздраў у такіх выпадках.

Прафесар

Так! Так! Так! А вы не дасце даведку адносна аб’ёма страўніка і печані, на выпадак выдзялення магчымай наяўнасці спірту і гарэлкі, якія могуць успыхнуць пры неабходным высокім вальтажы?

Зоя Бярозкіна

Адкуль я магу запомніць, таварыш прафесар? Памятаю, быў нейкі жывот...

Прафесар

Ах, вы нічога не памятаеце, таварыш Бярозкіна! Прынамсі, хоць ці быў ён парывісты?

Зоя Бярозкіна

Не ведаю... Магчыма, але... толькі не са мной.

Прафесар

Так! Так! Так! Баюся, што мы адмарожваем яго, а адмерзлі пакуль што вы. Так! Так! Так! Ну-с, пачынаем.


Націскае кнопку, шкляныя дзверы ціха разыходзяцца. Пасярэдзіне, на аперацыйным стале, бліскучая ацынкаваная скрынка чалавечых памераў. Каля скрынкі краны, пад кранамі вёдры. Да скрынкі ідуць электраправады. Цыліндры кісларода. Вакол скрынкі шэсць урачоў, белых і спакойных. Перад скрынкай на авансцэне шэсць фантанных умывальнікаў. На нябачным дроце, як на паветры, шэсць уціральнікаў.


Прафесар (пераходзіць ад урача да ўрача, гаворыць)

(Першаму.)

Ток уключыць па майму сігналу.

(Другому.)

Давядзіце цеплыню да 36,4, пятнаццаць секунд кожная дзесятая.

(Трэцяму.)

Падушкі кісларода напагатове?

(Чацвёртаму.)

Ваду выпускаць паступова, замяняючы лёд паветраным ціскам.

(Пятаму.)

Накрыўку адкрыць адразу.

(Шостаму.)

Наглядаць праз люстра стадыі ажыўлення.

Урачы нахіляюць галовы ў знак яснасці, разыходзяцца па сваіх месцах.

Пачынаем.


Уключаецца ток, сочаць за тэмпературай. Капае вада. Каля маленькай правай сценкі з люстрам уважліва-напружаны доктар.


6-ты ўрач

З’яўляецца натуральная афарбоўка!

Паўза.

Вызвалены ад ільду!

Паўза.

Грудзі вібрыруюць!

Паўза.

(Спалохана.)

Прафесар, звярніце ўвагу на ненатуральную парывістасць...

Прафесар (падыходзіць, углядаецца, супакойліва)

Рухі нармальныя, чухаецца,— напэўна, ажываюць уласцівыя падобным індывідуумам паразіты.

6-ты ўрач

Прафесар, незразумелая рэч; рухам левай рукі аддзяляецца ад цела...

Прафесар (узіраецца)

Ён зросся з музыкай, яны называлі гэта «чулай душой». У старадаўнасці жылі Страдыварыус і Уткін [41]. Страдыварыус рабіў скрыпкі, а гэта рабіў Уткін, і называлася гэта гітарай.


Прафесар аглядае тэрмометр і апарат, які рэгіструе ціск крыві.


1-шы ўрач

36,1.

2-гі ўрач

Пульс 68.

6-ты ўрач

Дыханне выраўнена.

Прафесар

Па месцах!


Урачы адыходзяць ад скрынкі. Накрыўка ў адзін момант адкінулася, са скрынкі падымаецца ўскудлачаны і здзіўлены Прысыпкін, азіраецца, прыціскаючы гітару.


Прысыпкін

Ну, і выспаўся! Даруйце, таварышы, вядома, выпімшы быў. Гэта якое аддзяленне міліцыі?

Прафесар

Не, гэта зусім другое аддзяленне. Гэта — аддзяленне ад ільду скурнага покрыва, якое вы адмарозілі...

Прысыпкін

Чаго? Гэта вы чагой-та адмарозілі. Яшчэ пабачым, хто з нас былі п’яныя. Вы, як спецы-дактары, заўсёды самі каля спіртоў аціраецеся. А я сябе, як асоба, заўжды засведчыць здолею. Дакументы пры мне. (Выскачыў са скрынкі, вывернуў кішэні.) 17 руб. 60 кап. пры мне. У МОПР? [42] Заплаціў. У Асаавіяхім? Унёс. «Далоў непісьменнасць»? Калі ласка. Гэта што? Выпіска з загса! (Свіснуў.) Ды я ж учора ажаніўся! Дзе вы цяпер, хто вам цалуе пальцы? [43] Ну і ўсыплюць мне дома! Распіска шафераў тут. Прафсаюзны білет тут. (Позірк падае на каляндар, трэ вочы, азіраецца з жахам.) 12 мая 1979 года! Гэта ж за колькі ў мяне ў прафсаюз не плочана! Пяцьдзесят год! Даведак жа, даведак запатрабуюць! Губаддзел! ЦК! Божачка! Жонка!!! Пусціце! (Цісне ўсім рукі, кідаецца да дзвярэй.)


За ім занепакоеная Бярозкіна. Дактары абступаюць прафесара.


Xорам

Гэта што ён такое рукамі вырабляў? Соваў і трэс, трэс і соваў...

Прафесар

У старажытнасці быў такі антысанітарны звычай.


Шэсць урачоў і прафесар задумліва мыюць рукі.


Прысыпкін (натыкаецца на Зою)

Якія вы, грамадзяне, уласна кажучы, ёсць? Хто я? Дзе я? Ці не маці вы Зоі Бярозкінай будзеце?

Выццё сірэны павярнула прысыпкінскую галаву.

Куды я папаў? Куды мяне папалі? Што гэта?.. Масква?.. Парыж?.. Н’ю-Йорк?.. Рамізнік!!!

Выццё аўтамабільных сірэн.

Ні людзей, ні коней! Аўтадоры, аўтадоры, аўтадоры!!! [44] (Прыціскаецца да дзвярэй, чухаецца спіной, шукае пяцярнёй, паварочваецца, бачыць на белай сцяне клапа, які перапоўз туды з каўнерыка.)

Клоп, клопік, клапуньчык!!! (Перабірае струны, пяе.) Не пакідай, пабудзь са мною...[45] (Ловіць клапа пяцярнёй; клоп знік.) Мы разышліся, бы ў моры караблі... Уцёк! ...Адзін! Але няма адказу мне, ізноў адзін я... Адзін!!! Рамізнік, аўтадоры... Вуліца Луначарскага, 17! Без рэчаў!!! (Хапаецца за галаву, падае ў непрытомнасці на рукі Зоі Бярозкінай, якая выбягае насустрач з дзвярэй.)


VII


Сярэдзіна сцяны — трохкутнік сквера. У скверы тры штучныя дрэвы. Першае дрэва: на зялёных квадратах-лістах — вялізныя талеркі, на талерках мандарыны. Другое дрэва — папяровыя талеркі, на талерках яблыкі. Трэцяе — зялёнае, з яловымі шышкамі,— адкрытыя флаконы духоў. Бакі — шкляныя і абліцаваныя сцены дамоў. Па баках трохкутніка — доўгія лаўкі. Уваходзіць рэпарцёр, за ім чацвёра: мужчыны і жанчыны.


Рэпарцёр

Таварышы, сюды, сюды! У цень! Я вам раскажу па парадку пра ўсе гэтыя сумныя і дзіўныя здарэнні. Па-першае... Перадайце мне мандарыны. Гэта правільна робіць гарадское самакіраўніцтва, што сягоння дрэвы мандарыняцца, а то ўчора былі адны грушы — і ні соку, і ні смаку, і ні пажыўнасці...


Дзяўчына знімае з дрэва талерку з мандарынамі, прысутныя абіраюць мандарыны, ядуць, з цікаўнасцю нахіляюцца да рэпарцёра.


1-шы мужчына

Ну, хутчэй, таварыш, расказвайце ўсё падрабязна і па парадку.

Рэпарцёр

Дык вось... Якія сакаўныя лустачкі! Не жадаеце?.. Ну, добра, добра, расказваю. Падумаеш, нецярплівась! Безумоўна, мне, як прэзідэнту рэпартажа, вядома ўсё... Дык вось, бачыце, бачыце?..


Хуткай хадою праходзіць чалавек, у якога доктарская скрынка з тэрмометрамі.


Рэпарцёр

Гэта — ветэрынар. Эпідэмія распаўсюджваецца. Будучы пакінутае адно, гэтае ажыўленае млекакормячае ўступіла ў зносіны з усімі хатнімі жывёламі небаскроба, і цяпер усе сабакі пашалелі. Яно прывучыла іх стаяць на задніх лапах. Сабакі не брэшуць і не гуляюць, адно — віляюць хвастом. Жывёлы прыстаюць да ўсіх, хто абедае, падлашчваюцца і падлізваюцца. Урачы кажуць, што людзі, пакусаныя такімі жывёламі, набудуць усе першасныя адзнакі эпідэмічнага падхалімства.

Прысутныя

О-о-о!!!

Рэпарцёр

Глядзіце, глядзіце!


Хісткай хадою праходзіць чалавек, нагружаны кошыкамі з бутэлькамі піва.


Прахожы (напявае)

У дзевятнаццатым стагоддзі

Брат наш быў дзівак, дый годзе —

Піў гарэлку ён і піва,

Шызы нос вісеў, як сліва!

Рэпарцёр

Глядзіце, скончаны, хворы чалавек! Гэта адзін са ста сямідзесяці пяці рабочых другой медыцынскай лабараторыі. У мэтах аблягчэння пераходнага існавання ўрачамі было прызначана паіць уваскрэсенае млекакормячае сумессю, атрутнай у вялікіх дозах і агіднай у малых, так званым півам. У іх ад ядавітых выпарэнняў закружылася галава, і яны па памылцы глынулі гэтай прахаладжальнай сумесі. I з таго часу мяняюць ужо трэцюю партыю рабочых. Пяцьсот дваццаць рабочых ляжаць у бальніцах, але страшная эпідэмія трохгорнай чумы [46] пеніцца, бурліць і падкошвае ногі.

Прысутныя

А-а-а-а!!!

Мужчына (летуценна і пакутліва)

Я б аддаў сябе ў ахвяру навуцы,— хай прышчэпяць і мне гэтую загадкавую хваробу!

Рэпарцёр

Гатоў! I гэты гатоў! Ціха... Не спалохайце гэтую лунатычку...

Праходзіць дзяўчына, ногі заплятаюцца ў па факстрота і чарльстона [47], мармыча вершы па кніжцы ў двух пальцах выцягнутай рукі. У двух пальцах другой рукі ўяўляемая ружа, падносіць да носа і ўдыхае.

Няшчасная, яна жыве побач з ім, з гэтым шалёным млекакормячым, і вось ноччу, калі горад спіць, праз сценку сталі даносіцца да яе гітарныя ракатанні, потым працяжныя душараздзіральныя прыдыханні і ўсхліпы нараспеў, як гэта ў іх называецца? «Рамансы», ці што? Далей-болей, і небарака-дзяўчына стала вар’яцець. Прыгнечаныя горам бацькі збіраюць кансіліум. Прафесары кажуць, што гэта прыступы вострай «закаханасці»,— так называлася старажытная хвароба, калі чалавечая палавая энергія, якая разумна размяркоўваецца на ўсё жыццё, раптам скарацечна кандэнсуецца ў тыдзень у адным запаленчым працэсе, ведучы да бязглуздых і неверагодных учынкаў.

Дзяўчына (закрывае вочы рукамі)

Я лепш не буду глядзець, я адчуваю, як па паветры расплываюцца гэтыя жахлівыя мікробы кахання.

Рэпарцёр

Гатова, і гэтая гатова... Эпідэмія акіяніцца.

30 герлс [48] праходзяць у танцы.

Глядзіце на гэтую трыццацігаловую шасцідзесяціножку! Падумаць толькі — і гэтае ўзбрыкванне нагамі (да аўдыторыі) абзывалі мастацтвам!

Пара ў факстроце.

Эпідэмія дайшла... дайшла... да чаго дайшла? (Глядзіць у слоўнік.) Да а-па-гея, ну... гэта ўжо двуполая жывёла.


Убягае дырэктар заалагічнага сада з невялікім шкляным куфэрачкам у руках. За дырэктарам натоўп, узброены падзорнымі трубамі, фотаапаратамі і пажарнымі лесвіцамі.


Дырэктар (да ўсіх)

Бачылі? Бачылі? Дзе ён? Ах, вы нічога не бачылі!!! Атрад паляўнічых данёс, што яго бачылі тут чвэрць гадзіны таму назад: ён перабіраўся на чацвёрты паверх. Калі ўлічыць сярэднюю яго хуткасць паўтара метра ў гадзіну, дык ён не мог уцячы далёка. Таварышы, зараз жа агледзьце сцены!


Наглядальнікі развінчваюць глядзельныя трубы, з лавак ускакваюць, узіраюцца, засланяючы вочы. Дырэктар размяркоўвае групы, кіруе пошукамі.


Галасы

Хіба яго знойдзеш!.. Трэба голага чалавека на сянніку ў кожным акне выставіць — ён на чалавека бяжыць...

Не крычыце, спалохаеце!!!

Калі я знайду, я нікому не аддам...

Не маеш права: ён камунальны набытак...

Урачысты голас

Знайшоў! Ёсць! Паўзе!..


Біноклі і глядзельныя трубы накіраваны ў адну кропку. Маўчанне, якое перарываецца шчоўканнем фота- і кінаапаратаў.


Прафесар (прыглушаным шэптам)

Так... Гэта ён! Пастаўце засады і варту. Пажарныя, сюды!!!


Людзі з сеткамі абкружаюць месца. Пажарнікі развінчваюць лесвіцу, людзі караскаюцца адзін за адным.


Дырэктар (апускае трубу, панылым голасам)

Уцёк... На суседнюю сцяну папоўз... О! Сарвецца — заб’ецца! Смельчакі, добраахвотнікі, героі!!! Сюды!!!


Развінчваюць лесвіцу перад другой сцяной, ускараскваюцца. Гледачы заміраюць.


Голас захаплення зверху

Злавіў! Ура!

Дырэктар

Хутчэй!!! Асцярожней!!! Не ўпусціце, не пакамечце жывёліне лапкі...

Па лесвіцы з рук у рукі перадаюць звера, нарэшце ён у дырэктарскіх руках. Дырэктар хавае звера ў куфэрак і падымае куфэрак над галавой.

Дзякуй вам, непрыкметныя працаўнікі навукі! Наш заалагічны сад ашчасліўлены, маючы такі шэдэўр... Мы злавілі вельмі рэдкі экземпляр вымерлага і папулярнейшага ў пачатку стагоддзя насякомага. Наш горад можа ганарыцца — да нас будуць сцякацца вучоныя і турысты... Тут, у маіх руках, адзіны на свеце жывы «клопус нармаліс». Разыходзьцеся, грамадзяне: жывёліна заснула, жывёліна склала лапкі, жывёліна хоча спаць. Я запрашаю вас усіх на ўрачыстае адкрыццё ў заапарк. Важнейшы, трывожнейшы акт злаўлення завершаны!


VIII


Гладкія, апалавыя, напаўпразрыстыя сцены пакоя. Зверху, з-за карніза роўная палоска блакітнаватага святла. Злева вялікае акно. Перад акном рабочы чарцёжны стол. Радыё. Экран. Некалькі кніг. Справа высунуты са сцяны ложак, на ложку, пад чысцюткай коўдрай, найбруднейшы Прысыпкін. Венцілятары. Вакол Прысыпкіна ўсё забруджана. На стале акуркі, перакуленыя бутэлькі. На лямпе абрывак ружовай паперы. Прысыпкін стогне. Урач нервова ходзіць па пакоі.


Прафесар (уваходзіць)

Як справы хворага?

Урач

Хворага — не ведаю, а мае агідныя! Калі вы не наладзіце змену кожнай паўгадзіны,— ён перазаразіць усіх. Як дыхне, дык у мяне ногі падкошваюцца! Я ўжо сем вентылятараў паставіў: смурод разганяць.

Прысыпкін

О-о-о!


Прафесар кідаецца да Прысыпкіна.


Прысыпкін

Прафесар, о прафесар!!!


Прафесар цягне носам і адхінаецца і, хістаючыся, ловіць паветра рукамі.


Прысыпкін

Пахмяліцца...


Прафесар налівае піва на донца шклянкі, падае.


Прысыпкін (прыпадымаецца на локцях, дакорліва)

Уваскрэсілі... і здзекуюцца. Што гэта мне — як слану ліманад!..

Прафесар

Грамадства спадзяецца развіць цябе да ступені чалавека.

Прысыпкін

Чорт з вамі і з вашым грамадствам! Я вас не прасіў мяне ажыўляць. Замарозьце мяне зноў! Во!!!

Прафесар

Не разумею, пра што ты гаворыш? Наша жыццё належыць калектыву, і ні я, ні хто іншы не могуць гэтае жыццё...

Прысыпкін

Ды якое ж гэта жыццё, калі нават картку любімай дзяўчыны нельга да сценкі прыкнопіць? Усе кнопкі аб праклятае шкло абламваюцца... Таварыш прафесар, дайце пахмяліцца.

Прафесар (налівае шклянку)

Толькі не дыхайце ў мой бок.


Зоя Бярозкіна ўваходзіць з двума стосікамі кніг. Урачы перагаворваюцца з ёй шэптам, выходзяць.


Зоя Бярозкіна (сядае каля Прысыпкіна, распакоўвае кнігі)

Не ведаю, ці спатрэбіцца гэта. Пра што ты казаў, гэтага няма, і ніхто не ведае пра гэта. Ёсць пра ружы толькі ў падручніках садоўніцтва, ёсць мроі толькі ў медыцыне, у аддзеле сноў. Вось дзве найцікавейшыя кнігі прыблізна таго часу. Пераклад з англійскай: Хувер [49] — «Як я быў прэзідэнтам».

Прысыпкін (бярэ кнігу, адкідвае)

Не, гэта не для сэрца, трэба такую, каб замірала...

Зоя Бярозкіна

Вось другая — нейкага Мусаліні [50]: «Пісьмы з ссылкі».

Прысыпкін (бярэ, адкідвае)

Не, гэта ж не для душы. Адчапіцеся вы з вашымі грубымі агіткамі. Трэба, каб шчыпала...

Зоя Бярозкіна

Не ведаю, што гэта такое? Замірала, шчыпала... Шчыпала, замірала.

Прысыпкін

Што ж гэта? За што мы стараліся, кроў пралівалі, калі мне, гегемону, значыцца, у сваёй кампаніі ў новавывучаным танцы і растанцавацца нельга?

Зоя Бярозкіна

Я паказвала рухі вашага цела нават дырэктару цэнтральнага інстытута рухаў. Ён кажа, што бачыў нешта гэтакае на старых калекцыях парыжскіх паштовак, а цяпер, кажа, пра такое і спытацца няма ў каго. Ёсць дзве бабулі — памятаюць, але паказаць не могуць па прычынах рэўматычных.

Прысыпкін

Дык для чаго ж я сабе патомную прыгожую адукацыю выпрацоўваў? Працаваць жа я ж і да рэвалюцыі мог.

Зоя Бярозкіна

Я вазьму цябе заўтра на танец дзесяці тысяч рабочых і работніц, будуць рухацца на плошчы. Гэта будзе вясёлая рэпетыцыя новай сістэмы палявых работ.

Прысыпкін

Таварышы, я пратэстую!!! Я ж не для таго размёрз, каб вы мяне цяпер засушылі. (Зрывае коўдру, усхопліваецца, хапае згорнуты стос кніг і вытрасае яго з паперы. Хоча падзерці паперу і раптам углядаецца ў літары, перабягае ад лямпы да лямпы.) Дзе? Дзе вы гэта ўзялі?..

Зоя Бярозкіна

На вуліцах усім раздавалі... Мусіць, у бібліятэцы ў кнігі паклалі.

Прысыпкін

Выратаваны!!! Ура!!!

(Кідаецца да дзвярэй, як флагам, развявае паперкай.)

Зоя Бярозкіна (адна)

Я пражыла пяцьдзесят год наперад, а магла памерці пяцьдзесят год назад праз такую погань...


ІХ


Заалагічны сад. Пасярэдзіне на п’едэстале клетка, задрапіраваная матэрыямі і сцягамі. Па-за клеткай два дрэвы. За дрэвамі клеткі сланоў і жырафаў. Злева ад клеткі трыбуна, справа — узвышэнне для ганаровых гасцей. Усюды музыканты. Групамі падыходзяць гледачы. Распарадчыкі з бантамі расстаўляюць падышоўшых — па роду заняткаў і ўзросту.


Распарадчык

Таварышы замежныя карэспандэнты, сюды! Бліжэй да трыбун! Саступіце ўбок і дайце месца бразільцам! Іх аэракарабель зараз прызямляецца на цэнтральным аэрадроме. (Адступае, любуецца.) Таварышы негры, стойце ўперамежку з англічанамі прыгожымі каляровымі групамі, англасаксонская белізна яшчэ больш падкрэсліць вашу аліўкавасць... Студэнты вузаў — налева, да вас накіраваны тры бабулі і тры старыя з саюза стогадовых. Яны будуць дапаўняць тлумачэнні прафесараў апавяданнямі сведкаў.


Уязджаюць на калясках стогадовыя старыя.


1-я старая

Як зараз помню...

1-шы стары

Не, гэта я помню як зараз!

2-я старая

Вы помніце, як зараз, а я помню, як раней.

2-гі стары

А я як зараз помню, як раней.

3-я старая

А я помню, як яшчэ раней, зусім, зусім рана.

3-ці стары

А я помню і як зараз і як раней.

Распарадчык

Ціха, сведкі, не шапяляйце! Расступіцеся, таварышы, дарогу дзецям! Сюды, таварышы! Хутчэй! Хутчэй!!!

Дзеці (маршыруюць калонай з песняй)

Вучоба наша —

спраўная:

На колішняе «яць»!

Затое ўсе

і слаўна мы

Умеем гуляць.

Іксы

і ігрэкі

Здалі

ў дні вясны.

Ідзём

туды,

дзе цігрыкі

I дзе

сланы!

Сюды,

дзе зверы многія,

I мы

з людзьём

У сад

заалогіі

Ідзём!

Ідзём!

Ідзём!

Распарадчык

Грамадзяне, якія жадаюць зрабіць экспанатам прыемнасць, а таксама выкарыстаць іх у навуковых мэтах, хай маюць ласку набываць дазіраваныя экзатычныя прадукты і навуковыя прыборы выключна ў афіцыйных служыцеляў заасада. Дылетантства і гіпербала ў дозах — смяртэльныя. Просім карыстацца толькі гэтымі прадуктамі і прыборамі, выпушчанымі цэнтральным медыцынскім інстытутам і гарадскімі лабараторыямі дакладнай механікі.


Па садзе і тэатру ідуць служыцелі заасада.


1-шы служыцель

Разглядваць

бактэрыі

нельга на дотык.

Вось мікраскопы —

выдатнай работы!

2-гі служыцель

Мець пры сабе

раіць доктар Таболкін [51]

На выпадак аплёўвання

раствор карболкі.

3-ці служыцель

Кармленне экспанатаў —

незабыўная карціна!

Бярыце

дозы

алкаголя і нікаціна!

4-ты служыцель

Паіце алкаголем —

і жывёліны забяспечаны

Падаграй,

ідыятызмам

і расшырэннем печані.

5-ты служыцель

Гваздзіка агню

і дым-тубероза

Гарантуюць

100

працэнтаў

скляроза.

6-ты служыцель

Узбройвайце вушы,—

навушнікі адмыслова

Затрымліваюць

кожнае

грубае слова.

Распарадчык (расчышчае праход да трыбуны гарсавета)

Таварыш старшыня і яго бліжэйшыя супрацоўнікі пакінулі найважнейшую працу і пад старадаўні дзяржаўны марш прыбылі на нашу ўрачыстасць. Вітаем дарагіх таварышаў!

Усе апладыруюць, праходзіць група з партфелямі, паважна раскланьваецца і спявае.

Служба

і годы

Не зморшчылі нас.

Справа —

заўсёды,

Забава —

раз!

Прывет вам

ад горада,

Лаўцы і стралкі!

Мы вамі

гордыя.

Мы —

горада бацькі!!!

Старшыня (узыходзіць на трыбуну, узмахвае флагам, усё заціхае)

Таварышы, аб’яўляю ўрачыстасць распачатай. Нашы гады багатыя глыбокімі хваляваннямі і перажываннямі ўнутранага характару. Знешнія падзеі рэдкія. Чалавецтва, стомленае ад папярэдніх падзей, нават рада гэтаму адноснаму спакою. Аднак мы ніколі не адмаўляемся ад відовішча, якое, будучы феерычным па знешнасці, хавае пад ружовым апярэннем глыбокі навуковы сэнс. Сумныя выпадкі ў нашым горадзе, што з’явіліся вынікам неабачлівага дапушчэння прабывання ў ім двух паразітаў, выпадкі гэтыя маімі сіламі і сіламі сусветнай медыцыны ліквідаваны. Аднак гэтыя выпадкі, што тлеюць слабым напамінам мінулага, падкрэсліваюць жах зрынутага часу і велічнасць і цяжкасць культурнай барацьбы рабочага чалавецтва.

Хай жа загартуюцца душы і сэрцы нашай моладзі на гэтых злавесных прыкладах!

Не магу не адзначыць падзякай і даю слова праслаўленаму нашаму дырэктару, які разгадаў сэнс дзіўных з'яў і зрабіў са згубных выпадкаў навуковае і вясёлае правядзенне часу.

Ура!!!


Усе крычаць «ура», музыка іграе туш, на трыбуну ўзыходзіць дырэктар заалагічнага сада, раскланьваецца.


Дырэктар

Таварышы! Я ўзрадаваны і ўсхваляваны вашай увагай. Улічваючы і свой удзел, я не магу ўсё ж не выказаць падзякі адданым працаўнікам саюза паляўнічых, якія з'яўляюцца непасрэднымі героямі злаўлення, а таксама паважанаму прафесару інстытута ажыўлення, які перамог замарожваючую смерць. Хаця я і не магу не адзначыць, што першая памылка паважанага прафесара была ўскоснай прычынай вядомых бедстваў. Па знешніх мімікрыйных [52] прыкметах — мазалях, вопратцы і іншаму — паважаны прафесар памылкова прылічыў размарожанае млекакормячае да «гомо сапіенс» [53] і да яго вышэйшага віду — да класа рабочых. Не прыпісваю поспех выключна сваёй працяглай практыцы з жывёламі і пранікненню ў іх псіхалогію. Мне дапамог выпадак. Няясная, падсвядомая надзея цвердзіла: «Напішы, дай, зрабі аб’яву». I я даў:

«Зыходзячы з прынцыпаў заасада, шукаю жывое чалавечае цела для пастаянных абкусванняў і для ўтрымання і развіцця свежанабытага насякомага ў прывычных для яго, звычайных умовах».

Голас з натоўпу

Ах, які жах!

Дырэктар

Я разумею, што жах, я сам не верыў уласнаму абсурду, і раптам... істота з’яўляецца! Яе выгляд амаль чалавечы... Ну, вось як мы з вамі...

Старшыня Савета (звоніць у званок)

Таварыш дырэктар, я заклікаю вас да парадку!

Дырэктар

Даруйце, даруйце! Я, вядома, зараз жа шляхам апытання і параўнаўчай звералогіі ўпэўніўся, што мы маем справу са страшным чалавекападобным сімулянтам, і што гэта самы страшэнны паразіт. Не буду ўдавацца ў падрабязнасці, тым больш што яны вам зараз адкрыюцца ў гэтай у поўным сэнсе дзіўнай клетцы.

Іх двое — розных памераў, але аднолькавых па сутнасці: гэта славутыя «клопус нармаліс» і... і «абывацеліус вульгарыс». Абодва водзяцца ў затхлых матрацах часу.

«Клопус нармаліс», растлусцеўшы і ўпіўшыся на целе аднаго чалавека, падае пад ложак.

«Абывацеліус вульгарыс», растлусцеўшы і ўпіўшыся на целе ўсяго чалавецтва, падае на ложак. Уся розніца!

Калі працоўнае чалавецтва рэвалюцыі абчэсвалася і курчылася, саскрабаючы з сябе бруд, яны звівалі сабе ў гэтым самым брудзе гнёзды і домікі, білі жонак і прысягалі Бебелем [54], і адпачывалі і бесклапотна праводзілі час у шатрах уласных галіфэ. Але «абывацеліус вульгарыс» яшчэ страшнейшы. З яго пачварнай мімікрыяй ён заваблівае тых, каго абкусвае, прыкідваючыся то цвыркуном-вершаплётам, то рамансагалосай птахай. У тыя часы нават адзенне ў іх было мімікрыруючым — птушынае аблічча — крылатка і хвастаты фрак са снежна-белай крухмальнай грудкай. Такія птахі звівалі гнёзды ў ложах тэатраў, грувасціліся на дубах опер, пад Інтэрнацыянал у балетах чухалі нага аб нагу [55], звісалі з галінак радкоў, стрыглі Талстога пад Маркса, галасілі і енчылі ў абуральных колькасцях ...даруйце за выраз, але мы на навуковым дакладзе, паскудзілі ў колькасцях, якія не могуць быць разглядаемыя, як дробная птушыная прыкрасць.

Таварышы! Аднак... пераконвайцеся самі!


Робіць знак, служыцелі раскрываюць клетку; на п’едэстале клапіны куфэрак, за ім узвышэнне з двухспальным ложкам. На ложку Прысыпкін з гітарай. Зверху ў клетцы звешваецца жоўтая абажурная лямпа. Над галавой Прысыпкіна ззяючы вянок — веер паштовак. Бутэлькі стаяць і ляжаць на падлозе. Клетка абкружана плявальніцамі. На сценах клеткі — надпісы, з бакоў — фільтры і азанатары. Надпісы: 1. «Асцярожна — плюецца!» 2. «Без даклада не ўваходзіць!» 3. «Беражыце вушы — яно лаецца!» Музыка сыграла туш; асвятленне бенгальскае; адрынуты натоўп набліжаецца, анямелы ад захаплення.


Прысыпкін

На Луначарскай вуліцы

Стары я помню дом —

З шырокай цёмнай лесвіцай,

З завешаным акном!..

Дырэктар

Таварышы, падыходзьце, не бойцеся,— яно зусім ціхмянае. Падыходзьце, падыходзьце! Не хвалюйцеся: чатыры фільтры па баках затрымліваюць лаянку на ўнутраным баку клеткі, і вонкі даходзяць нешматлікія, але зусім годныя словы. Фільтры прачышчаюцца штодзённа спецыяльнымі служыцелямі ў супрацьгазах. Глядзіце, яно будзе зараз так званае «курыць».

Голас з натоўпа

Ах, які жах!

Дырэктар

Не бойцеся — зараз яно будзе так званае «натхняцца». Скрыпкін,— перакуліце!


Скрыпкін цягнецца да бутэлькі з гарэлкай.


Голас з натоўпа

Ах, не трэба, не трэба, не мучайце бедную жывёліну!

Дырэктар

Таварышы, гэта ж зусім не страшна: яно ручное! Глядзіце, я яго выведу зараз на трыбуну. (Ідзе да клеткі, надзявае пальчаткі, правярае пісталеты, адчыняе дзверы, выводзіць Скрыпкіна, ставіць яго на трыбуну, паварочвае тварам да месцаў пачэсных гасцей.)

Ану, скажыце што-небудзь кароценькае, пераймаючы чалавечы выраз, голас і мову.

Скрыпкін (пакорліва становіцца, пакашлівае, падымае гітару і раптам паварочваецца і кідае позірк у глядзельную залу. Твар Скрыпкіна мяняецца, ён у захапленні. Скрыпкін адштурхоўвае дырэктара, кідае гітару і крычыць у глядзельную залу)

Грамадзяне! Браткі! Свае! Родныя! Адкуль? Колькі вас? Калі ж вас усіх размарозілі? Чаму ж я адзін у клетцы? Родныя, браткі, прашу ўсіх да мяне! За што ж я пакутую? Грамадзяне!..

Галасы гасцей

Дзяцей, адвядзіце дзяцей...

Наморднік... наморднік яму...

Ах, які жах!

Прафесар, спыніце!

Ах, толькі не страляйце!


Дырэктар з вентылятарам, у суправаджэнні двух служыцеляў, узбягае на эстраду. Служыцелі адцягваюць Скрыпкіна. Дырэктар праветрывае трыбуну. Музыка іграе туш. Служыцелі закрываюць клетку.


Дырэктар

Даруйце, таварышы... Даруйце... Насякомае стамілася. Шум і святло кінулі яго ў стан галюцынацыі. Супакойцеся. Нічога такога няма. Заўтра яно супакоіцца... Ціха, грамадзяне, разыходзьцеся да заўтрага. Музыка, марш!


Канец


Загрузка...