ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ
Таварыш Пабеданосікаў — галоўны начальнік па ўмацаванню парадку справаўзгаднення, галоўначпупс.
Поля — яго жонка.
Таварыш Аптымістэнка — яго сакратар.
Ісак Бельвядонскі — партрэтыст, баталіст, натураліст.
Таварыш Маментальнікаў — рэпарцёр.
Містэр Понт Кіч — іншаземец.
Таварыш Ундэртон — машыністка.
Растратчык Ночкін.
Таварыш Веласіпедкін — лёгкі кавалерыст [56].
Тазарыш Чудакоў — вынаходнік.
Мадам Мезальянсава — супрацоўніца ВОКС.
Таварыш Фоскін
Таварыш Двойкін
Таварыш Тройкін
} рабочыя.
Просьбіты.
Старшыня дамкома.
Рэжысёр.
Іван Іванавіч.
Устаноўскі натоўп.
Міліцыянер.
Капельдынер.
Фасфарычная жанчына.
Справа стол, злева стол. Адусюль звісаюць і ўсюды параскіданы чарцяжы. Пасярэдзіне таварыш Фоскін залітоўвае паветра паяльнай лямпай, Чудакоў пераходзіць ад лямпы да лямпы, пераглядвае чарцёж.
Веласіпедкін (убягаючы)
Што, усё яшчэ ў Каспійскае мора ўпадае подлая Волга?
Чудакоў (размахвае чарцяжом)
Так, але гэта цяпер ненадоўга. Гадзіннік закладвайце і прадавайце.
Веласіпедкін
Добра, што я яго яшчэ і не купіў.
Чудакоў
Не купляй! Не купляй нізашто! Хутка гэтая цікаючая плоская недарэчнасць будзе смяшнейшая, чым лучынка на Днепрабудзе, бездапаможнейшая, чым бык у аўтадоры.
Веласіпедкін
Унасякомілі, значыцца, Швейцарыю? [57]
Чудакоў
Ды не ляскай ты языком на дробных лічыльніках сённяшняй палітыкі! Мая ідэя больш грандыёзная. Волга чалавечага часу, у якую нас, як бярвенні ў сплаў, кідала наша нараджэнне, кідала борсацца і плысці па быстры,— гэтая Волга ад сёння і назаўсёды пакарылася нам. Я прымушу час і стаяць і імчаць у любым напрамку і з любой хуткасцю. Людзі здолеюць вылазіць з дзён, як пасажыры з трамваяў і аўтобусаў. З маёй машынай ты можаш спыніць секунду шчасця і цешыцца хоць і месяц, пакуль не надакучыць. З маёй машынай ты можаш узвіхрыць расцягнутыя марудныя гады гора, уцягнуць галаву ў плечы, і над табою, не закранаючы і не ранячы, сто разоў у мінуту будзе праносіцца снарад сонца, вынішчаючы чорныя дні. Глядзі, феерверачныя фантазіі Уэлса [58], футурыстычны мозг Эйнштэйна [59], звярыныя навыкі спячкі мядзведзяў і ёгаў [60] — усё, усё спрасавана, сціснута і зліта ў гэтай машыне.
Веласіпедкін
Амаль нічога не разумею і, ва ўсякім разе, зусім нічога не бачу.
Чудакоў
Да напні ж ты акуляры! Цябе слепяць гэтыя планкі плаціны і крышталю, гэты бляск прамянёвых спляценняў. Бачыш? Бачыш?..
Веласіпедкін
Ну, бачу...
Чудакоў
Глядзі, ты прыкмеціў гэтыя дзве лінейкі, гарызантальную і вертыкальную, з дзяленнямі, як на шалях?
Веласіпедкін
Ну, бачу...
Чудакоў
Гэтымі лінейкамі ты адмерваеш куб неабходнай прасторы. Глядзі, ты бачыш гэты колавы рэгулятар?
Веласіпедкін
Ну, бачу...
Чудакоў
Гэтым ключом ты ізалюеш уключаную прастору і адсякаеш ад усіх цяжараў усе патокі зямнога прыцяжэння і вось гэтымі дзіўнаватымі рычажкамі ўключаеш хуткасць і кірунак часу.
Веласіпедкін
Разумею! Здорава! Незвычайна!!! Гэта значыць — збіраецца, напрыклад, усесаюзны з’езд па пытанні аб суніманні ўзнімаемых пытанняў, ну, і, вядома, даецца слова для прывітання ад Дзяржаўнай акадэміі навуковых мастацтваў дзяржаўнаму таварышу Когану [61], і як толькі ён пачаў: «Таварышы, праз шчупальцы сусветнага імперыялізму чырвонай ніткай праходзіць хваля...» — я яго адгароджваю ад прэзідыума і запускаю час з хуткасцю паўтараста мінут у чвэрць гадзіны. Ён сабе пацее, вітае, вітае і пацее гадзіны паўтары, а публіка глядзіць: акадэмік ледзь рот разявіў — і ўжо пляскаюць у ладкі. Усе з палёгкай уздыхнулі, паднялі з крэсел свежанькія зады і гайда працаваць. Так?
Чудакоў
Фу, як брыдка! Чаго ты мне нейкага Когана соваеш? Я табе тлумачу вялікую справу сусветнай адноснасці, справу пераводу азначэння часу з метафізічнай субстанцыі [62], з ноўмена [63] ў рэальнасць, падлеглую хімічнаму і фізічнаму ўздзеянню.
Веласіпедкін
А я што кажу? Я тое ж і кажу: ты сабе пабудуй рэальную станцыю з поўным хімічным і фізічным уздзеяннем, а мы ад яе правядзём правады, ну, скажам, на ўсе курыныя інкубатары, за пятнаццаць хвілін будзем вырошчваць паўпудовую курыцу, а потым ёй пад крылца штэпсель, выключым час — і сядзі, курыца, і чакай, пакуль цябе не засмажылі і не з’елі.
Чудакоў
Якія інкубатары, якія курыцы?!! Я табе...
Веласіпедкін
Добра, добра, ты думай сабе хоць пра сланоў, хоць пра жырафаў, калі табе пра дробную жывёлу і думаць занізка. А мы ўсё гэта да нашых шэранькіх куранятак і самі прыстасуем...
Чудакоў
Ну, што за пашляціна! Я адчуваю, што ты са сваім практычным матэрыялізмам хутка з мяне самога курыцу зробіш. Толькі-толькі я размахнуся і хачу ляцець — ты з мяне пер’е выскубаеш.
Веласіпедкін
Ну, годзе, годзе, не гарачыся. А калі я ў цябе нават якое пяро і выскуб, ты даруй, я яго табе назад устаўлю. Лётай, лунай, фантазіруй, мы твайму энтузіязму памочнікі, а не перашкода. Ну, не злуйся, хлапчына, запускай, закручвай сваю машыну. Дзе памагаць, а?
Чудакоў
Увага! Я зараз крану кола, і час ірванецца і пусціцца сціскаць і мяняць прастору, заключаную намі ў клетку ізалятараў. Зараз я адбіваю хлеб ва ўсіх прарокаў, варажбітак і вешчуноў.
Веласіпедкін
Пачакай, Чудакоў, дай я стану сюды, можа, я праз пяць хвілін выйду з камсамольца ў гэтакія барадатыя Марксы. Альбо не, буду старым бальшавіком з трохсотгадовым стажам. Я табе тады ўсё адразу прапіхну.
Чудакоў (адцягваючы, спалохана)
Асцярожна, вар’ят! Калі ў наступальных гадах тут праляжа стальная ферма падземнай дарогі, то, папаўшы сваім шчуплым цельцам у занятую сталлю прастору, ты ўмомант ператворышся ў зубны парашок. I, магчыма, у будучым вагоны зрынуцца з рэек, а тут небывалым часатрасеннем у тысячу балаў да ўсіх чарцей раскідае наш падвал. Цяпер небяспечна пускацца туды, трэба дачакацца пасланых адтуль. Паварочваю павольна-павольна — усяго ў мінуту пяць год...
Фоскін
Пастой, таварыш, пачакай хвіліначку. Табе ўсё роўна круціць машыну. Зрабі ласку, усунь у тваю машыну маю аблігацыю, не дарма я за яе ўшчаперыўся і не прадаю,— можа, яна праз пяць мінут ужо сто тысяч выйграе.
Веласіпедкін
Здагадаўся! Тады ж туды ўвесь Наркамфін з Бруханавым [64] засунуць трэба, а то ж ты выйграеш, а яны ўсё роўна табе не павераць — табліцу спытаюць.
Чудакоў
Ну, вось, я вам у будучыню дзверы прабіваю, а вы на рублі спаўзлі... Фу, гістарычныя матэрыялісты!
Фоскін
Дурань, я ж для цябе з выйгрышам спяшаюся. У цябе на твой дослед ёсць грошы?
Чудакоў
Але... Грошы ёсць?
Веласіпедкін
Грошы?
Стук у дзверы. Уваходзяць Іван Іванавіч, Понт Кіч, Мезальянсава і Маментальнікаў.
Мезальянсава (Чудакову)
Ду ю спік інгліш? [65] Ах, ну, дык шпрэхен зі дэйч? [66] Парле ву франсэ, нарэшце? [67] Ну, я так і ведала! Гэта стамляюча вельмі. Я змушана рабіць традзюксіён [68] з нашай на рабоча-сялянскую. Масье Іван Іванавіч, таварыш Іван Іванавіч! Вы, безумоўна, ведаеце Івана Іванавіча?
Іван Іванавіч
Прывітанне, прывітанне, дарагі таварыш! Не губляйцеся! Я паказваю нашы дасягненні, як звычайна гаворыць Аляксей Максімавіч [69]. Я сам часам... але, разумееце, гэтая нагрузка! Нам, рабочым і сялянам, вельмі, вельмі патрэбен свой, чырвоны Эдысон [70]. Вядома, крызіс нашага росту, маленькія недахопы механізма, лес сякуць — трэскі ляцяць... Яшчэ адно намаганне — і гэта будзе ліквідавана. У вас ёсць тэлефон? Ах, у вас няма тэлефона! Ну, я скажу Мікалаю Іванавічу, ён не адмовіць. Але, калі ён адмовіць, можна пайсці да самога Уладзіміра Панфілыча, ён, безумоўна, пойдзе насустрач. Бо нават і Сямён Сямёнавіч мне пастаянна гаворыць: «Патрэбен,— кажа,— нам, рабочым і сялянам, патрэбен чырвоны, свой савецкі Эдысон». Таварыш Маментальнікаў, трэба распачаць шырокую кампанію.
Маментальнікаў
Эчэленца [71], загадайце!
Перад вамі ўвесь я — слых.
Толькі нам зад-да-да-да-данне
дайце —
Будзе выканана ўміг.
Мезальянсава
Масье Маментальнікáў, таварыш Маментальнікаў! Супрацоўнік! Папутчык! Бачыць — савецкая ўлада ідзе — далучыўся. Бачыць — мы ідзём — зайшоў. Убачыць — яны ідуць — пабяжыць.
Маментальнікаў
Зусім, зусім правільна — супрацоўнік. Супрацоўнік дарэвалюцыйнай і парэвалюцыйнай прэсы. Вось толькі рэвалюцыйная ў мяне, разумееце, неяк выпала. Тут белыя, там чырвоныя, тут зялёныя, Крым, падполле... Давялося гандляваць у крамцы. Не мая — бацькава, або нават, здаецца, проста дзядзькі. Сам я рабочы па пераконанню. Я заўсёды казаў, што лепш памерці пад чырвоным сцягам, чым пад плотам. Пад гэтым лозунгам можна аб’яднаць вялікую колькасць інтэлігенцыі майго складу. Эчэленца, загадайце — перад вамі ўвесь я — слых!
Понт Кіч
Кхе! Кхе!
Мезальянсава
Пардон! Даруйце! Містэр Понт Кіч, пан Понт Кіч. Брытанскі англасакс.
Іван Іванавіч
Вы былі ў Англіі? Ах, я быў у Англіі!.. Усюды англічане... Я якраз купіў кепку ў Ліверпулі і аглядаў дом, дзе нарадзіўся і жыў Антыдзюрынг [72]. Надзвычай цікава! Трэба распачаць шырокую кампанію.
Мезальянсава
Містэр Понт Кіч вядомы, вядомы і ў Лондане і ў Сіці [73] філатэліст. Філатэліст (сконапель, маркалюб — па-руску), і ён вельмі, вельмі цікавіцца хімічнымі заводамі, авіяцыяй, і наогул мастацтвам. Вельмі, вельмі культурны і кампанейскі чалавек. Нават мецэнат. Сконапель...[74], ну, як гэта вам перакласці?.. памагае, там, кінаработнікам, вынаходнікам... Ну, такі, такі, накшталт, як быццам, РСІ [75], толькі наадварот... Ву компрэнэ? Ён ужо глядзеў на Маскву з небаскроба «Известий» [76] (Нахрыхтэн) [77], ён ужо быў у Анатоль Васільіча [78], а цяпер, кажа, да вас... Такі культурны, таварыскі, нават нам ваш адрас паведаміў.
Фоскін
Насатая сволач: з нюхам!
Мезальянсава
Пліз [79], сэр!
Понт Кіч
Ай Іван, у дзверы рэвень, а зверы абедалі. Ай, ішоў у рай менекен, а янот у Індастан, пераперчыў ой зверы ізабрэтэйшэн.
Мезальянсава
Містэр Понт Кіч хоча сказаць на ўласцівай яму мове, што на яго туманнай радзіме ўсе, ад Макданальда [80] да Чэрчыля [81], зусім, зусім як зверы, зацікаўлены вашай вынаходкай, і ён вельмі, вельмі просіць...
Чудакоў
Ну, вядома, вядома! Мая вынаходка належыць усяму чалавецтву, і я, безумоўна, зараз жа... Я дужа, дужа рад. (Адводзіць іншаземца, які дастаў блакнот, паказвае і тлумачыць.) Гэта вось так. Але... але... але... Тут два рычажкі, а на паралельнай крышталёвай вымяральнай лінейцы... Так... так... так... от сюды! А гэта вось так... Ну, але...
Веласіпедкін (адводзіць Івана Іванавіча)
Таварыш, трэба падтрымаць хлопца. Я хадзіў усюды, куды «без дакладу не ўваходзіць», і гадзінамі тырчаў усюды, дзе «скончыў справу» і гэтак далей, і амаль начаваў пад шыльдай «Калі вы прыйшлі да занятага чалавека, дык пакіньце яго» — і ніякага выніку. Праз цяганіну і боязь асігнаваць дзесятак чырвонцаў гіне, можа быць, грандыёзная вынаходка. Таварыш, вы павінны з вашым аўтарытэтам...
Іван Іванавіч
Так, гэта жахліва! Лес сякуць — трэскі ляцяць. Я зараз жа проста ў Галоўнае ўпраўленне па ўзгадненню. Я скажу зараз жа Мікалаю Ігнатавічу... А калі ён адмовіць, я буду размаўляць з самім Паўлам Варфаламеічам... У вас ёсць тэлефон? Ах, у вас няма тэлефона! Маленькія недахопы механізма... Ах, якія механізмы ў Швейцарыі! Вы былі ў Швейцарыі? Я быў у Швейцарыі. Усюды адны швейцарцы. Надзвычай цікава!
Понт Кіч (кладзе блакнот у кішэню і паціскае Чудакову руку)
Дзед звёў у рай трам з дзверы ў дзверы лез і не дайшоў туга. Дуй Іван. Чэрвонцлі?..
Мезальянсава
Містэр Понт Кіч кажа, што калі вам патрэбны чырвонцы...
Веласіпедкін
Яму? Яму не патрэбны, яму напляваць на чырвонцы. Я толькі што для яго збегаў у Дзяржбанк і прыйшоў увесь у чырвонцах. Нават брыдка. Праз кішэню ціснуць. Вось тут натыканы купюры па два, вось тут па тры, а ў гэтых дзвюх кішэнях дык адны дзесяцічырвонцавыя. Ол райт! Гуд бай! [82] (Трасе Кічу руку, абнімае яго абедзвюма рукамі і ў захапленні праводзіць да дзвярэй.)
Мезальянсава
Я вельмі прашу вас — крышачку тактоўней: з вашымі камсамольскімі замашкамі наспее, калі яшчэ не наспеў, велізарны міжнародны канфлікт. Гуд бай — да пабачэння.
Іван Іванавіч (паляпваючы па плячы Чудакова і развітваючыся)
Я таксама ў вашы гады... Лес сякуць — трэскі ляцяць. Нам патрэбен, патрэбен савецкі Эдысон. (Ужо з дзвярэй.) У вас няма тэлефона? Ну, нічога, я абавязкова скажу Нікандру Пірамідонавічу.
Маментальнікаў (дробненька тупае, напявае)
Эчэленца, загадайце...
Чудакоў (да Веласіпедкіна)
Гэта добра, што ёсць грошы.
Веласіпедкін
Грошай няма!
Чудакоў
Значыцца... Як жа гэта — няма грошай? Я не разумею, нашто тады хваліцца і гаварыць... А тым больш адмаўляцца, калі робяцца салідныя прапановы з боку іншаземных...
Веласіпедкін
Хоць ты і геній, а дурань! Ты хочаш, каб твая ідэя абжалезілася і ўляцела да нас з Англіі празрыстым, нябачным у часе дрэдноутам — раптоўна біць па нашых заводах і Саветах?
Чудакоў
А і то ж праўда, праўда... Як жа гэта я яму ўсё расказаў? А ён яшчэ ў блакнот упісваў! А ты чаму ж мяне не спыніў? Сам яшчэ да дзвярэй вядзеш, абнімаешся!
Веласіпедкін
Дурань! Я яго не так сабе абнімаў. Былая беспрытульшчына прыдалася. Я не яго — я кішэню яго абнімаў. Вось ён, блакнот англійскі. Згубіў блакнот англічанін.
Чудакоў
Брава, Веласіпедкін! Ну, а грошы?
Веласіпедкін
Чудакоў, я пайду на ўсё. Я буду кусаць глоткі і глытаць кадыкі. Я буду біцца так, ажно шчокі будуць ляцець у паветры. Я пераконваў, я гарлаў на гэтага Аптымістэнку. Ён гладкі і паліраваны, як дачны шар. На яго люстранай чысціні адно начальства адбіваецца, ды і тое дагары нагамі. Я амаль заагітаваў бухгалтара Ночкіна. Але што можна зрабіць з гэтым праклятым таварышам Пабеданосікавым? Ён проста плюшчыць кожнага сваімі заслугамі і стажам. Ты ведаеш яго біяграфію? На пытанне: «Што рабіў да 17-га года?» — у анкетах ставіў: «Быў у партыі». У якой — невядома, і невядома, што ў яго — «бэ» ці «мэ» ў дужках стаяла [83], а можа, ні бэ, ні мэ не было. Потым ён уцёк з турмы, засыпаўшы варце тытунём вочы. А цяпер, праз дваццаць пяць год, сам час засыпаў яму вочы тытунём драбніц і мінут, вочы яго слязяцца ад здаволення і бесклапотнасці. Што можна ўбачыць такімі вачамі? Сацыялізм? Не, толькі чарніліцу ды прэс-пап’е.
Фоскін
Таварышы, што ж я — слінаю буду залітоўваць, ці што? Тут яшчэ двух паставіць трэба. Дзвесце шэсцьдзесят рублёў мінімаксам.
Поля (убягае, размахвае пачкамі)
Грошы — смехата!
Веласіпедкін (Фоскіну, перадае грошы. Фоскін выбягае)
Ну, гані! На таксі гані! Хапай матэрыял, памочнікаў — і назад. (Да Полі.) Ну, што, угаварыла начальства па сямейнай лініі?
Поля
Хіба з ім можна проста? Смехата! Ён сіпіць папяровым удавам кожны раз, калі вяртаецца дамоў, цяжарны рэзалюцыямі. Не да пацехі. А ёсць Ночкін... гэта такі бухгалтарчык у яго ўстанове, і я яго бачу ўсяго першы раз... Прыбягае сёння ў абед, пакет тыцкае, перадайце, кажа... сакрэтна... Смехата! А мне, кажа, да іх нельга... з выпадку магчымасці падазрэння ў саўдзеле... Ці ж смешна?
Чудакоў
Можа быць, гэтыя грошы...
Веласіпедкін
Так! Тут ёсць над чым падумаць, штосьці мне здаецца... Але што ж! Усё роўна! Заўтра высветлім.
Уваходзяць Фоскін, Двойкін і Тройкін.
Гатова?
Фоскін
Ёсць!
Веласіпедкін (зграбаючы ўсіх)
Ну, гайда! Шпарце, таварышы!
Чудакоў
Так, так... Правадкі злітаваны. Ізаляцыйныя перагародкі ў парадку. Напружанне выверана. Здаецца, можна. Першы раз у гісторыі чалавецтва... Адступіце! Уключаю... Раз, тва, тры!
Бенгальскі выбух, дым. Усе адхіснуліся, праз секунду зноў — прылівам да месца выбуху. Чудакоў выхоплівае, апякаючыся, кавалак празрыстай шкляністай паперы з адбітым, пашматаным ражком.
Чудакоў
Скачыце! Рагачыце! Глядзіце на гэта. Гэта — пісьмо. Гэта напісана пяцьдзесят год таму наперад. Разумееце — таму наперад!!! Якое незвычайнейшае слова! Чытайце!
Веласіпедкін
А што ж тут чытаць?.. «Бе дэ 5-24-20». Гэта што, тэлефон, ці што, нейкага таварыша Бэдэ?
Чудакоў
Не «бе дэ», а «буду». Яны пішуць аднымі зычнымі, а 5 — гэта азначэнне парадкавай галоснай. А-е-і-о-у. «Буду». Эканомія дваццаць пяць працэнтаў на алфавіце. Зразумеў? 24 — гэта заўтрашні дзень. 20 — гадзіны. Ён, яна, яно — будзе тут заўтра — у восем вечара. Катастрофа? Што?.. Ты бачыш, бачыш гэты абпалены, абсечаны край? Гэта азначае — на шляху часу сустрэлася перашкода, цела, што ў адзін з пяцідзесяці гадоў займала гэтую цяпер пустую прастору. Таму і выбух. Неадкладна, каб не забіць пасланае адтуль, патрэбны людзі і грошы... Многа! Трэба зараз жа вынесці дослед як мага вышэй, на самую пустую прастору. Калі мне памогуць, я на ўласнай спіне выцісну гэтую махіну. Але заўтра ўсё будзе вырашана. Таварышы, вы са мной!
Кідаюцца да дзвярэй.
Веласіпедкін
Хадзем, таварышы, возьмем іх за каўнер, прымусім! Я буду жэрці чыноўнікаў і выплёўваць гузікі.
Дзверы расчыняюцца насустрач.
Старшыня дамкома
Я колькі разоў вам казаў: вымятайцеся вы адсюль з вашай прыватнай крамкай. Вы смуродзіце ўгору адказнаму кватэранаймальніку, таварышу Пабеданосікаву. (Заўважае Полю.) I... і... вы-ы... тут? Я кажу, памагай бог вашай грамадскай дзейнасці. У мяне для вас прыхаваны дзівосны вентылятарчык. Да пабачэння.
Канцылярская сцяна прыёмнай. Справа дзверы са светлавой шыльдай «Без дакладу не ўваходзіць». Каля дзвярэй за сталом Аптымістэнка прымае даўжэзную, на ўсю сцяну, чаргу просьбітаў. Просьбіты капіруюць рухі адзін аднаго, як падаючыя карты. Калі сцяна асвятляецца знутры, бачны толькі чорныя сілуэты просьбітаў і кабінет Пабеданосікава.
Аптымістэнка
У чым справа, грамадзянін?
Просьбіт
Я вас прашу, таварыш сакратар, увяжыце, калі ласка, увяжыце.
Аптымістэнка
Гэта можна. Увязаць і ўзгадніць — гэта можна. Кожнае пытанне можна і ўвязаць і ўзгадніць. У вас ёсць адносіна?
Просьбіт
Ёсць адносіна... такая адносіна, што проста праходу не дае. Мацюгаецца і б’ецца, б’ецца і мацюгаецца.
Аптымістэнка
Гэта хто ж, пытанне вам праходу не дае?
Просьбіт
Ды не пытанне, а Пашка Тыгралапаў.
Аптымістэнка
Даруйце, грамадзянін, як жа гэта можна Пашку ўвязаць?
Просьбіт
Гэта праўда, аднаму яго аніяк нельга ўвязаць. Але ўдвох-утрох, калі вы загадаеце, дык яго і звяжуць і ўвяжуць. Я вас прашу, таварыш, увяжыце вы гэтага хулігана. Уся кватэра ад яго стогне...
Аптымістэнка
Цьфу! Чаго ж вы з такімі драбніцамі ў буйную дзяржаўную ўстанову лезеце? Звярніцеся ў міліцыю... Вам чаго, грамадзяначка?
Просьбітка
Узгадніць, бацюхна, узгадніць.
Аптымістэнка
Гэта можна — і ўзгадніць можна, і ўвязаць. Кожнае пытанне можна і ўвязаць і ўзгадніць. У вас ёсць заключэнне?
Просьбітка
Ды не, бацюхна, нельга яму заключэнне даваць. У міліцыі сказалі — можна, кажуць, яго на тыдзень заключыць, а я што ж, бацюхна, есці тады буду? Ён жа з заключэння выйдзе, ён жа зноў мяне паб’е.
Аптымістэнка
Даруйце, грамадзяначка, вы ж заяўлялі, што вам узгадніць трэба. А чаго ж вы мне мужам галаву марочыце?
Просьбітка
Ды мяне ж з мужам, бацюхна, і трэба ўзгадніць, нязгодна мы жывём, не, п’е ён надта ўдумліва. А крануць яго баімося, як ён парцейны.
Аптымістэнка
Цьфу! Ды я ж вам кажу, не совайцеся вы з дробязямі ў буйную дзяржаўную ўстанову. Мы дробязямі займацца не можам. Дзяржава буйнымі рэчамі цікавіцца — фардзізмы [84] розныя, тое, сёе...
Убягаюць Чудакаў і Веласіпедкін.
О! А вы ж куды ж?
Веласіпедкін (імкнецца адхінуць Аптымістэнку)
Да таварыша Пабеданосікава тэрмінова, неадкладна, зараз жа!
Чудакоў (паўтарае)
Тэрмінова... неадкладна...
Аптымістэнка
Ага-га! Я вас пазнаю. Гэта вы самі ці ваш брат? Тут хадзіў малады чалавек.
Чудакоў
Гэта я сам і ёсць.
Аптымістэнка
Ды не... Ён жэ ж без барады.
Чудакоў
Я быў нават і без вусоў, калі пачаў стукацца да вас. Таварыш Аптымістэнка, з гэтым неабходна скончыць. Мы ідзём да самога галоўначпупса, нам патрэбен сам Пабеданосікаў.
Аптымістэнка
Нэ трэба. Нэ трэба вам ёго турбаваць. Я жэ ж вас магу асабістаўласна цалкам задаволіць. Усё ў парадку. На вашу справу маецца поўнае рашэнне.
Чудакоў (перапытвае радасна)
Поўнасцю задаволіць? Праўда?
Веласіпедкін (перапытвае радасна)
Поўнае рашэнне? Так? Зламалі, значыцца, бюракратаў? Так? Здорава!
Аптымістэнка
Ды што вы, таварыш! Які ж можа быць бюракратызм перад чысткай? [85] У мяне ўсё на індыкатары без уваходных і выходных, па найноўшай картачнай сістэме. Раз — шукаю вашу скрынку. Раз — хапаю вашу справу. Раз — у руках поўная рэзалюцыя — вось, вось!
Усе ўтыкаюцца ў паперу.
Я ж казаў — поўнае рашэнне. Вось! Ад-мо-віць.
Першы план гасне. Асвятляецца кабінет.
Пабеданосікаў (перагортвае паперы, дазвоньваецца па вяртушцы [86]. Мімаходзь дыктуе)
«...I так, таварышы, гэты набатны, рэвалюцыйны заклікальны трамвайны званок павінен звонам гудзець у сэрцы кожнага рабочага і селяніна. Сягоння рэйкі Ільіча звяжуць «Плошчу імя дзесяцігоддзя савецкай медыцыны» з былой апорай буржуазіі «Сянным рынкам». (У тэлефон.) Так. Алё, алё-о!.. (Дыктуе далей). «Хто ездзіў у трамваі да 25 кастрычніка? Дэкласіраваныя інтэлігенты, папы і дваране. За колькі ездзілі? Яны ездзілі за пяць капеек станцыю. У чым ездзілі? У жоўтым трамваі. Хто будзе ездзіць цяпер? Цяпер будзем ездзіць мы, працаўнікі сусвету. Як мы будзем ездзіць? Мы будзем ездзіць з усімі савецкімі выгодамі. У чырвоным трамваі. За колькі? Усяго за дзесяць капеек. I так, таварышы...» (Тэлефонны званок. У тэлефон.) Так, так, так. Няма? На чым мы спыніліся?
Машыністка Ундэртон
На «I так, таварышы...».
Пабеданосікаў
Так, так... «I так, таварышы, памятайце, што Леў Талстой — найвялікшы і незабыўны мастак пяра. Яго спадчына мінулага блішча нам на мяжы двух светаў, як вялікая мастацкая зорка, як цэлае сузор’е, як самае вялікае з вялікіх сузор’яў — Вялікая Мядзведзіца. Леў Талстой...»
Ундэртон
Даруйце, таварыш Пабеданосікаў. Вы там пра трамвай пісалі, а тут вы чамусьці Льва Талстога ў трамвай на хаду ўпусцілі. Наколькі можна разумець, тут якоесьці парушэнне літаратурна-трамвайных правіл.
Пабеданосікаў
Што? Які трамвай? Так, так... З гэтымі пастаяннымі прывітаннямі і прамовамі... Папрашу без заўваг у рабочы час! Для самакрытыкі вам адведзена насценная газета. Працягваем... «Нават Леў Талстой, нават гэтая найвялікшая мядзведзіца пяра, калі б ёй удалося глянуць на нашы дасягненні ў выглядзе вышэйадзначанага трамвая, нават яна заявіла б перад тварам сусветнага імперыялізму: «Не магу маўчаць. Вось яны, чырвоныя плады ўсеагульнай і абавязковай асветы». I ў гэтыя дні юбілею...» Што за агіднасць! Кашмар! Выклікаць мне сюды таварыша... грамадзяніна бухгалтара Ночкіна.
Кабінет Пабеданосікава гасне. Зноў чарга ля кабінета. Урываюцца Чудакоў і Веласіпедкін.
Веласіпедкін
Таварыш Аптымістэнка, гэта здзек!
Аптымістэнка
Ды не так жэ ж, ніякага здзеку нэма. Слухалі — пастанавілі: адмовіць. Не ўваходзіць ваша вынаходка ў перспектыўны план на бліжэйшы квартал.
Веласіпедкін
Дык жа не на адным тваім бліжэйшым квартале сацыялізм будуецца!
Аптымістэнка
Ды не замінайце вы са сваімі фантазіямі нашай дзяржаўнай дзейнасці! (Да ўвайшоўшага Бельвядонскага.) Калі ласка! Шпарце! Рассыпайцеся! (Да Чудакова.) Ваша прапанова не ўвязана з НКШЗ [87] і нэ трэба найшырэйшым рабочым і сялянам.
Веласіпедкін
Пры чым тут НКШЗ? Што за галавацяпства!
Чудакоў
Безумоўна, нельга прадбачыць наперад усёй грандыёзнасці вынікаў, і магчыма, магчыма з цягам часу прыстасаваць з карысцю маю вынаходку і да транспартных задач — пры максімальнай хуткасці і амаль па-за часам...
Веласіпедкін
Ну, так, так, можна і з НКШЗ узгадніць. Напрыклад, сядаеце вы ў тры гадзіны ночы, а ў пяць раніцы — ужо ў Ленінградзе.
Аптымістэнка
Ну вось, а я што сказаў? Адмовіць! Нежыццёва. I нашто нам быць у пяць раніцы ў Ленінградзе, калі ўсе ўстановы яшчэ жэ ж закрытыя? (Загараецца чырвоная лямпачка тэлефона. Слухае, крычыць.) Ночкіна — да таварыша Пабеданосікава!
Адхіляючыся ад Чудакова і Веласіпедкіна, якія кінуліся яму насустрач, подбегам трухае Ночкін. Кабінет Пабеданосікава.
Пабеданосікаў (круціць і дзьме ў вяртушку)
Цьфу! Іван Міканорыч? Здароў. Іван Міканорыч! Я цябе папрашу два білеты. Ну так, міжнародным. Як, ужо не загадваеш? Цьфу! З гэтай нагрузкай проста адрываешся ад мас. Патрэбен білет, дык невядома, каму тэлефоніць! Алё, алё! (Да машыністкі.) На чым спыніліся?
Ундэртон
«I так, таварышы...»
Пабеданосікаў
«I так, таварышы, Аляксандр Сямёныч Пушкін, непераўзыдзены аўтар як оперы «Яўгені Анегін», так і п’есы той жа назвы...»
Ундэртон
Даруйце, таварыш Пабеданосікаў, але вы спачатку пусцілі трамвай, потым усадзілі туды Талстога, а цяпер улез Пушкін — без усякага трамвайнага прыпынку.
Пабеданосікаў
Які Талстой? Пры чым тут трамвай?! Ах, так, так! З гэтымі пастаяннымі прывітаннямі... Папрашу без пярэчанняў! Я тут вытрымана і ўдасканалена пішу на адну тэму і без усялякіх ухілаў у бок, а вы... I Талстой, і Пушкін, і нават, калі хочаце, Байрон — гэта ўсё, хаця і ў розныя часы, аднак саюбілейшчыкі, і наогул. Я, можа, напішу адзін агульны кіруючы артыкул, а вы маглі б потым, без усякіх скрыўленняў самакрытыкі, разрэзаць артыкул па асобных пытаннях, калі вы наогул на сваім месцы. Але вы наогул больш думаеце, як пафарбаваць губкі і прыпудрыцца, і вам не месца ў маёй установе. Даўно пара з ліку маладых камсамолак арабочыць сакратарыят. Папрашу-с сягоння ж...
Уваходзіць Бельвядонскі.
Добрага здароўя, добрага здароўя, таварыш Бельвядонскі! Заданне выканана? Ударным парадкам?
Бельвядонскі
Выканана, безумоўна, выканана. Амаль не сплюшчыўшы вачэй, так сказаць, у сацыялістычным спаборніцтве з самім сабой, але выканана ўсё паводле сацыялістычнага заказу і авансу на ўсе трыста працэнтаў. Будзьце ласкавы, таварыш, глянуць на вашу будучую мэблю?
Пабеданосікаў
Прадэманструйце!
Бельвядонскі
Калі ласка! Вы, бясспрэчна, ведаеце і бачыце, як сказаў славуты гісторык, што стылі бываюць розных Луёў. Вось гэта Луі Каторз Чатырнаццаты [88], празваны так французамі пасля рэвалюцыі сорак восьмага года за тое, што ішоў непасрэдна пасля трынаццатага. Затым вось Луі Жакоп [89], і, нарэшце, дазволю сабе і параю, як найбольш сучаснае, Луі Мове Гу [90].
Пабеданосікаў
Стылі нішто сабе, чыста падабраныя. А як цана?
Бельвядонскі
Усе тры Луі — прыблізна па адной цане.
Пабеданосікаў
Тады, я думаю, мы спынімся на Луе Чатырнаццатым. Аднак, зразумела, згодна з патрабаваннем РСІ аб зніжэнні кошту, прапаную вам у спешным парадку выпрастаць у крэслаў і канап ножкі, паздымаць золата, пафарбаваць пад мораны дуб і параскідаць там і сям савецкі герб на спінках і іншых вытырклых месцах.
Бельвядонскі
Чароўна! Звыш пятнаццаці Людовікаў было, а да гэтага дадумацца не маглі, а вы адразу — па-бальшавіцку, па-рэвалюцыйнаму! Таварыш Пабеданосікаў, дазвольце мне прадоўжыць ваш партрэт і адлюстраваць вас як наватара-адміністратара, а таксама размеркавальніка крэдытаў. Турма і ссылка па вас плачуць, часопіс [91] само сабой. Музей рэвалюцыі па вас плача: арыгінал туды — адарвуць з рукамі! А копіі з невялікай растэрміноўкай і пры ўтрыманні з пэнсіі расхапаюць удзячныя таварышы па службе. Дазвольце?
Пабеданосікаў
Ні за што! Для такіх глупстваў я, безумоўна, ад стырна ўлады адрывацца не магу, аднак, калі неабходна для паўнаты гісторыі і калі на хаду, не прыпыняючы працы, то калі ласка. Я сяду тут, за пісьмовым сталом, але ты адлюструй мяне рэтраспектыўна, гэта значыць, як быццам бы на кані.
Бельвядонскі
Каня вашага я ўжо дома намаляваў па памяці, натхняўся на скачках і нават, ці паверыце, у патрэбных месцах сам у люстэрка глядзеўся. Мне застаецца вас да каня прысабачыць. Дазвольце адсунуць убок кошык з паперкамі. Якая сціпласць пры такіх заслугах! Ачысціце мне лінію вашай баявой нагі. Ах, як чабаток чыста блішчыць, проста — хоць лізні. Толькі ў Мікель Анжэла [92] сустракалася такая чыстая лінія. Вы ведаеце Мікель Анжэла?
Пабеданосікаў
Анжэлаў, армянін?
Бельвядонскі
Італьянец.
Пабеданосікаў
Фашыст?
Бельвядонскі
Што вы?
Пабеданосікаў
Не ведаю.
Бельвядонскі
Не ведаеце?
Пабеданосікаў
А ён мяне ведае?
Бельвядонскі
Не ведаю... Ён таксама мастак.
Пабеданосікаў
А! Ну, ён мог бы і ведаць. Мастакоў многа, галоўначпупс — адзін.
Бельвядонскі
Аловак дрыжыць. Не перадаць дыялектыку характару пры агульнай бытавой сціпласці. Самапавага ў вас, таварыш Пабеданосікаў, тытанічная! Зіркніце вачыма цераз правае плячо і цераз самапішучую ручку-с. Дазвольце ўвекавечыць гэты міг.
Пабеданосікаў
Зайдзіце!
Уваходзіць Ночкін.
Пабеданосікаў
Вы?!
Ночкін
Я...
Пабеданосікаў
Дзвесце трыццаць?
Ночкін
Дзвесце сорак.
Пабеданосікаў
Прапілі?..
Ночкін
Прайграў.
Пабеданосікаў
Які жах! Неверагодна! Хто? Растратчык! Дзе? У мяне! У які час? У той час, калі я вяду маю ўстанову да сацыялізма па геніяльных слядах Карла Маркса і згодна з прадпісаннямі цэнтра...
Ночкін
Ну, што ж, Карл Маркс таксама ў карты пагульваў.
Пабеданосікаў
Карл Маркс? У карты? Ніколі!!!
Ночкін
Ну, вось, ніколі... А што пісаў Франц Мерынг? [93] Што ён пісаў на семдзесят другой старонцы сваёй капітальнай працы «Карл Маркс у асабістым жыцці [94]»? Гуляў! Гуляў наш вялікі настаўнік...
Пабеданосікаў
Я, вядома, чытаў і ведаю Мерынга. Па-першае, ён перабольшвае, а, па-другое, Карл Маркс сапраўды гуляў, але не ў азартныя, а ў камерцыйныя гульні.
Ночкін
А вось аднакласнік, знаўца і сучаснік, вядомы Людвіг Фейербах [95] піша, што і ў азартныя.
Пабеданосікаў
Ну, так, я чытаў, безумоўна, таварыша Феербахава. Карл Маркс калі-нікалі гуляў і ў азартныя, але не на грошы.
Ночкін
Не... На грошы...
Пабеданосікаў
Так, але на свае, а не на казённыя.
Ночкін
Дапусцім, кожны, хто штудзіраваў Маркса, ведае, што быў, праўда, аднойчы, памятны выпадак і з казённымі.
Пабеданосікаў
Вядома, гэты гістарычны выпадак прымусіць нас, у сувязі з гістарычным прэцэдэнтам, падысці больш уважліва да вашага ўчынку, але ўсё ж...
Ночкін
Ды кіньце вы бобу ў гаросе шукаць! Не гуляў ніколі Карл Маркс ані ў якія карты. Ды што мне вам расказваць! Хіба вы чалавека зразумееце? Вам толькі каб пунктам ды параграфам адпавядала. Эх ты, партфель напханы! Кліпса канцылярская!
Пабеданосікаў
Што? Здзекавацца? I са свайго непасрэднага, адказнага начальніка, і з пасрэднага... ды не, што я кажу! З безадказнага ценю Маркса... Не пускаць! Затрымаць!
Ночкін
Таварыш Пабеданосікаў, не турбуйце сябе званкамі, я сам у МУКВ [96] паведамлю...
Пабеданосікаў
Спыню! Не дазволю!
Бельвядонскі
Таварыш Пабеданосікаў! Які момант! Захавайце позу, як яна ёсць! Дайце ўвекавечыць гэтае вокамгненнечка!
Ундэртон
Ха-ха-ха!
Пабеданосікаў
Спачуванне? Растратчыку? Смяяцца? Ды яшчэ нафарбаванымі губамі?.. Вон! (Адзін, накручвае вяртушку.) Алё, алё! Фу, фу!.. Хто гэта! Аляксандр Пятровіч. Ды я ж цябе тры дні... Прайшоў? Віншую. Ну, як жа, як жа. Якія могуць быць сумненні!.. Як заўсёды, цэлымі днямі, цэлымі начамі... Так, нарэшце, сёння... Два білеты. Мяккія. Першы. Са стэнаграфісткай. Пры чым тут РСІ? Неабходна дадыктаваць справаздачу. Якое маюць значэнне дзвесце сорак рублёў туды і назад? Так, правядзём іх як сутачныя або яшчэ якія-небудзь. У спешным парадку, з кур’ерам... Ну, безумоўна, тваё прасуну... Вось, вось! Зялёны Мыс [97]... Мне. Ну, цісну руку, з адказным прывітаннем. (Кідае трубку. На матыў тарэадора [98].) Алё, алё!
Прыёмная. Чудакоў і Веласіпедкін наступаюць.
Аптымістэнка
Ды куды жэ ж вы прэцеся, нарэшце? Майце ж павагу да працы і дзейнасці дзяржаўнага персаналу.
Уваходзіць Мезальянсава. Ізноў кінуліся Чудакоў і Веласіпедкін.
Не... не... Без чаргі, згодна з тэлефанаграмай... (Праводзіць пад ручку, канфідэнцыяльна.) Усё гатова!.. А як жэ ж. Я яму расказаў са значэннем, што жонка яго па камсамольцах пайшла. Ён спачатку як раззлуецца! Не пацярплю, кажа, распусных заляцанняў без сур’ёзнага стажу і службовага базісу, а потым нават узрадаваўся. Сакратарку ўжо ліквідаваў па прычыне неэтычнасці губ. Ідзіце проста, не бойцеся! I пад кожным ёй лістком [99] быў ужо гатоў мясцком...
Мезальянсава знікае.
Чудакоў
Ну, вось, цяпер гэту прапусцілі! Таварыш, ды зразумейце ж вы — ніякая навуковая, ніякая д’ябальская сіла ўжо не здольна спыніць таго, што насоўваецца. Калі мы не вынесем дослед у прастору над горадам, то можа нават быць выбух.
Аптымістэнка
Выбух? Ну, ето вы пакіньце! Не пагражайце дзяржаўнай установе. Нам нервавацца і хвалявацца нэўдобна, а калі будзе выбух, тады і заявім на вас куды трэба.
Веласіпедкін
Ды зразумей жа ты, дурная галава!.. Гэта цябе трэба распразаявіць і куды трэба і куды не трэба. Людзі прагнуць жаданнем працаваць на ўвесь рабочы сусвет, а ты, сляпая кішка, канцылярскімі размовамі мочышся на іх антузіязм. Так?
Аптымістэнка
Папрашу-с не напіраць на асобу! Асоба ў гісторыі не мае асаблівай ролі. Гэта вам не царскія часы. Гэта раней патрабаваўся энтузіязм. А цяпер у нас гістарычны матэрыялізм, і ніякага энтузіязму з вас не патрабуецца.
Мезальянсава з’яўляецца.
Аптымістэнка
Разыходзьцеся, грамадзяне, прыём закрыты.
Мезальянсава (з партфелем)
О баядэра, перад тваім хараством [100]! Тара-рам, таравам...
Сцэна — прадаўжэнне тэатральных радоў. У першым радзе некалькі вольных месцаў. Сігнал: «Пачынаем». Публіка глядзіць у біноклі на сцэну, сцэна глядзіць у біноклі на публіку. Пачынаюцца свісткі, тупат, крыкі: «Час!»
Рэжысёр
Таварышы, не хвалюйцеся! На некалькі хвілін давядзецца затрымаць трэцюю дзею па непрадбачаных абставінах.
Хвіліна, зноў крыкі: «Час!»
Адну хвіліну, таварышы! (Убок.) Ну, што, ідуць? Няёмка так зацягваць. Пагаварыць, нарэшце, можна і потым; прайдзіце ў фае, як-небудзь далікатна намякніце. А, ідуць!.. Просім, просім, таварышы. Не, што вы! Вельмі прыемна! Ну, неістотна, адну хвіліну, нават паўгадзіны, гэта ж не цягнік, заўсёды можна затрымаць. Кожны разумее, у такі час жывём. Могуць быць усялякія там дзяржаўныя, нават планетарныя справы. Вы глядзелі першы і другі акт? Ну, як, як? Нас усіх, вядома, цікавіць уражанне і наогул погляд...
Пабеданосікаў
Нішто, нішто! Мы вось гаворым з Іванам Іванавічам. Востра схоплена. Падмечана. Але ўсё-такі гэта неяк вось не тое...
Рэжысёр
Дык жа гэта ўсё можна паправіць, мы заўсёды імкнемся. Вы вось зрабіце канкрэтныя ўказанні — мы, безумоўна... азірнуцца не паспееце...
Пабеданосікаў
Згушчана ўсё тут, у жыцці так не бывае... Ну, скажам, гэты Пабеданосікаў. Няёмка ўсё-такі... Па ўсім відаць, адказны таварыш, а нейк яго выставілі ў такім святле і назвалі яшчэ нейк «галоўначпупс». Не бывае ў нас такіх, ненатуральна, нежыццёва, непадобна! Гэта трэба перарабіць, змякчыць, апаэтызаваць, акругліць...
Іван Іванавіч
Так, так, гэта не так. У вас ёсць тэлефон? Я пазваню Фёдару Фёдаравічу [101], ён, бясспрэчна, пойдзе насустрач... Ах, у час дзеяння няёмка? Ну, я потым, потым. Таварыш Маментальнікаў, трэба распачаць шырокую кампанію.
Маментальнікаў
Эчэленца, загадайце!
Перад вамі ўвесь я — слых!
Толькі знак вы, знак вы нам падайце,
Мігам вылаем усіх.
Рэжысёр
Што вы! Што вы, таварышы! Гэта ж у парадку апублікаванай самакрытыкі і з дазволу Губліта [102] выведзены толькі ў сэнсе выключэння літаратурны адмоўны тып.
Пабеданосікаў
Як вы сказалі? «Тып»? Хіба ж так можна выказвацца пра адказнага дзяржаўнага дзеяча? Так можна сказаць толькі пра якога-небудзь зусім беспартыйнага прайдзісвета. Тып! Гэта ўсё-такі не «тып», а, як-ніяк, пастаўлены кіруючымі органамі галоўначпупс, а вы — тып! I калі ў яго дзеяннях маюцца супрацьзаконныя парушэнні, трэба паведаміць куды належыць на прадмет разбору і, нарэшце, правераныя пракуратурай звесткі — звесткі, апублікаваныя РСІ, ператварыць у сімвалічныя вобразы. Гэта я разумею, але выводзіць на ўсеагульнае пасмешышча ў тэатры...
Рэжысёр
Таварыш, вы сказалі правільна, але ж гэта па ходу дзеі.
Пабеданосікаў
Дзеі? Якія там дзеі? Ніякіх дзеяў у вас быць не можа, ваша справа паказваць, а дзейнічаць, не турбуйцеся, будуць без вас адпаведныя партыйныя і савецкія органы. А потым, трэба паказваць і светлыя бакі нашай рэчаіснасці. Узяць што-небудзь узорнае, напрыклад, нашу ўстанову, у якой я працую, ці мяне, напрыклад...
Іван Іванавіч
Так, так, так! Вы ідзіце ў яго ўстанову. Дырэктывы выконваюцца, цыркуляры праводзяцца, рацыяналізацыя наладжваецца, паперы гадамі ляжаць у поўным парадку. Для просьбаў, скаргаў і адносін — канвеер. Сапраўдны куток сацыялізма. Надзвычай цікава!
Рэжысёр
Але, таварыш, дазвольце...
Пабеданосікаў
Не дазволю!!! Не маю права і нават здзіўляюся, як гэта наогул вам дазволілі! Гэта нават дыскрэдытуе нас перад Еўропай. (Мезальянсавай). Гэта вы не перакладайце, калі ласка...
Мезальянсава
Ах, не, не, ол райт! Ён толькі што наеўся ікры на банкеце і цяпер дрэмле.
Пабеданосікаў
А каго вы нам супрацьпастаўляеце? Вынаходніка? А што ён вынайшаў? Тормаз Вестынгаўза ён вынайшаў? Самапішучую ручку ён выдумаў? Трамвай без яго ходзіць? Рацыялярыю ён канцылярызаваў?
Рэжысёр
Што?
Пабеданосікаў
Я кажу, канцылярыю ён рацыяналізаваў? Не! Тады аб чым крык? Летуценнікаў нам не трэба! Сацыялізм — гэта ўлік!
Іван Іванавіч
Так, так. Вы бывалі ў бухгалтэрыі? Я бываў у бухгалтэрыі — усюды лічбы і лічбы, і маленькія, і вялікія, самыя розныя, а пад канец усе адна з адною збягаюцца. Улік. Надзвычай цікава!
Рэжысёр
Таварыш, не зразумейце нас кепска. Мы можам памыляцца, але мы хацелі паставіць наш тэатр на службу барацьбы і будаўніцтва. Паглядзяць — і за працу, паглядзяць — і ўсхвалююцца, паглядзяць — і выкрыюць.
Пабеданосікаў
А я вас папрашу ад імя ўсіх рабочых і сялян мяне не бударажыць. Падумаеш, будзільнік! Вы павінны мне лашчыць вуха, а не бударажыць, ваша справа радаваць вока, а не бударажыць.
Мезальянсава
Так, так, лашчыць...
Пабеданосікаў
Мы хочам адпачыць пасля дзяржаўнай і грамадскай дзейнасці. Назад, да класікаў! [103] Вучыцеся ў найвялікшых геніяў праклятага мінулага. Колькі разоў я вам казаў. Памятаеце, як спяваў паэт:
Пасля розных пасяджэнняў [104] —
Нам ці радасць, ці бяда...
Нашых будучых імкненняў
Нам, та-ра-рам, не шкада...
Мезальянсава
Ну, безумоўна, мастацтва павінна адлюстроўваць жыццё, прыгожае жыццё, прыгожых жывых людзей [105]. Пакажыце нам прыгожых жыўчыкаў на прыгожых ландшафтах і наогул буржуазнае разлажэнне. Нават, калі гэта патрэбна для агітацыі, дык і танец жывата. Або, скажам, як ідзе на прагнілым Захадзе свежая барацьба са старым бытам. Паказаць, напрыклад, на сцэне, што ў іх у Парыжы жанаддзела [106] няма, а затое факстрот, ці якія спадніцы новага фасону носіць стары лядашчы свет — сконапельбо-монд [107]. Зразумела?
Іван Іванавіч
Так, так! Зрабіце нам прыгожа! У Вялікім тэатры нам пастаянна робяць прыгожа. Вы былі на «Чырвоным маку» [108]? Ах, я быў на «Чырвоным маку». Надзвычай цікава! Усюды з кветкамі крыляюць, пяюць, танцуюць розныя эльфы [109] і... сіфіліды.
Рэжысёр
Сільфіды, вы хацелі сказаць?
Іван Іванавіч
Так, так, так! Гэта вы добра заўважылі — сільфіды. Трэба распачаць шырокую кампанію. Так, так, так, лятаюць розныя эльфы... і цвэльфы [110]... Надзвычай цікава!
Рэжысёр
Даруйце, але эльфаў было ўжо шмат, і іх далейшае размнажэнне не прадугледжана пяцігодкай. Ды і па ходу п’есы яны нам нейк не падыходзяць. Але адносна адпачынку я вас, безумоўна, разумею, і ў п’есу будуць уведзены адпаведныя змены ў выглядзе бадзёрых і грацыёзных дадатковых уставак. Вось, напрыклад, і так званы таварыш Пабеданосікаў, калі даць яму шчыкатлівую тэму — можа ўсіх разрагатаць. Я зараз жа зраблю пару ўказанняў, і роля проста разалмазіцца. Таварыш Пабеданосікаў, вазьміце ў рукі якія-небудзь тры-чатыры прадметы, напрыклад, ручку, подпіс, паперу і партмаксімум [111], і зрабіце некалькі жанглёрскіх практыкаванняў. Кідайце ручку, хапайце паперу — стаўце подпіс, бярыце партмаксімум, лавіце ручку, бярыце паперу — стаўце подпіс, хапайце партмаксімум. Раз, два, тры, чатыры. Раз, два, тры, чатыры. Сав-дзень — парт-дзень — бю-ра-кра-та. Сав-дзень — парт-дзень — бю-ра-кра-та. Дасягае?
Пабеданосікаў (з захапленнем)
Выдатна! Бадзёра! Ніякага ўпадніцтва — нічога не прыніжае. На гэтым можна і спыніцца.
Мезальянсава
Вуй, сэ трэ педагожык.
Пабеданосікаў
Лёгкасць рухаў цела, павучальная для кожнага пачынальніка кар’еры. Даступна, проста, на гэта можна нават дзяцей вадзіць. Паміж намі, мы — малады клас, рабочы — гэта вялікае дзіця. Безумоўна, крыху сухавата, няма той акругленасці, сакавітасці...
Рэжысёр
Ну, калі вам гэта падабаецца, тут далягляды фантазіі неабдымныя. Мы можам даць проста сімвалічную карціну з усіх наяўных акцёрскіх кадраў. (Пляскае ў далоні.)
Вольны мужчынскі персанал — на сцэну! Станьце на адно калена і сагніцеся з прыгнечаным выглядам. Збівайце нябачнай кіркой бачнай рукой нябачны вугаль. Твары, твары больш змрочныя... Цёмныя сілы вас люта гнятуць. Добра! Пайшло!
Вы будзеце капітал. Станьце сюды, таварыш капітал. Танцуйце над усімі з выглядам класавага панавання. Уяўляемую даму абнімайце нябачнай рукой і піце ўяўляемае шампанскае. Пайшло! Цудоўна! Працягвайце!
Вольны жаночы персанал — на сцэну!
Вы будзеце — свабода, у вас абыходжанне адпаведнае. Вы будзеце — роўнасць, значыцца, усё роўна, каму іграць. А вы — братэрства — іншых пачуццяў вам усё роўна не выклікаць. Падрыхтаваліся! Пайшлі! Падымайце ўяўляемым заклікам уяўляемыя масы. Узрушайце, узрушайце ўсіх энтузіязмам! Што вы робіце?!
Вышэй уздымайце нагу, сімулюючы ўяўляемы пад’ём. Капітал, падтанцоўвайце налева з выглядам Другога Інтэрнацыянала. Чаго рукамі размахаліся! Працягвайце шчупальцы імперыялізму... Няма шчупальцаў? Тады нечага лезці ў акцёры. Працягвайце што хочаце. Спакушайце ўяўляемым багаццем танцуючых дам. Дамы, адмаўляйцеся рэзкім рухам левай рукі. Так, так, так! Уяўляемыя рабочыя масы, паўстаньце сімвалічна! Капітал, прыгожа падайце! Цудоўна!
Капітал, канайце эфектна!
Дайце маляўнічыя сутаргі!
Выдатна!
Мужчынскі вольны персанал, скідайце ўяўляемые ланцугі, уздымайцеся да сімвалу сонца. Размахвайце пераможна рукамі. Свабода, роўнасць і братэрства, сімулюйце жалезны поступ рабочых кагорт. Стаўце нібыта рабочыя ногі на нізрынуты нібыта капітал.
Свабода, роўнасць і братэрства, рабіце ўсмешку, як быццам узрадаваліся.
Вольны мужчынскі персанал, прытварыцеся, што вы — «хто быў нічым», і ўявіце, што вы — «той стане ўсім». Узлазьце на плечы адзін аднаму, адлюстроўваючы рост сацыялістычнага спаборніцтва.
Цудоўна!
Пабудуйце вежу з нібыта магутных цел, увасабляючы ў пластычным вобразе сімвал камунізма.
Размахвайце вольнай рукой з уяўляемым молатам у такт свабоднай краіне, даючы адчуванне пафасу барацьбы.
Аркестр, падбаўце ў музыку індустрыяльнага грукату.
Так! Цудоўна!
Вольны жаночы персанал — на сцэну!
Увівайце ўяўляемымі гірляндамі работнікаў сусветнай вялікай арміі працы, сімвалізуючы кветкі шчасця, што расцвілі пры сацыялізме.
Добра! Прымайце! Гатова!
Адпачывальная пантаміма на тэму —
«Праца і капітал
Змагаліся за п’едэстал».
Пабеданосікаў
Брава! Дзівосна! I як вы можаце з такім талентам разменьвацца на злабадзённыя дробязі, на нікчэмныя фельетоны? Вось гэта сапраўднае мастацтва — зразумела і даступна і мне, і Івану Іванавічу, і масам.
Іван Іванавіч
Так, так, надзвычай цікава! У вас ёсць тэлефон? Я пазваню... Каму-небудзь пазваню. Проста душа цераз край. Гэта ўзрушае! Таварыш Маментальнікаў, трэба распачаць шырокую кампанію.
Маментальнікаў
Эчэленца, загадайце,
Перад вамі ўвесь я — слых.
Толькі больш відовішчаў нам
дайце —
Будзе выхвалена ўміг.
Пабеданосікаў
Выдатна! Усё ёсць! Вы ўвядзіце сюды яшчэ самакрытыку, нейкім такім сімвалістычным чынам, цяпер гэта вельмі своечасова. Пастаўце куды-небудзь убаку столік, і няхай сабе артыкулы піша, пакуль вы тут сваёй справай займаецеся. Дзякую, да пабачэння! Я не хачу апашляць і абцяжарваць уражанне пасля такой найпрыгажэйшай канцовачкі. З таварыскім прывітаннем!
Іван Іванавіч
З таварыскім прывітаннем! Дарэчы, як прозвішча гэтай артыстачкі, трэцяя збоку? Вельмі прыгожая і пяшчотная... таленавітасць... Трэба адкрыць шырокую кампанію, а можа, нават і вузкую... Ну, так... я і яна. Я пазваню па тэлефоне. Альбо няхай яна пазвоніць.
Маментальнікаў
Эчэленца, загадайце!
Што нам сорам, быў бы слых.
Толькі адрас,
адрас дайце —
Стэлефонімся за міг.
Два капельдынеры спыняюць Веласіпедкіна, які рвецца ў першы рад.
Капельдынер
Грамадзянін, а грамадзянін, вас ветліва просюць, вымятайцеся вы адсюль. Куды вы лезеце?
Веласіпедкін
Мне трэба ў першы рад...
Капельдынер
А бясплатных пірожных вам не трэба? Вас ветліва просюць, грамадзянін, а грамадзянін? У вас білет у рабочай паласе [112], а вы ў чыстую публіку прэцеся.
Веласіпедкін
Я іду ў першы рад да таварыша Пабеданосікава па справе.
Капельдынер
Грамадзянін, а грамадзянін, у тэатр для прыемнасці ходзюць, а не па справе. Вам ветліва кажуць, каціцеся адсюль кілбасой.
Веласіпедкін
Прыемнасць — справа паслязаўтрашняя, а я па справе, па сённяшняй, і, калі будзе трэба, не толькі першы — мы вам усе рады перавернем з ложамі.
Капельдынер
Грамадзянін, вам ветліва кажуць, вымятайцеся адсюль! За гардэроб не плацілі, праграму не купілі, ды яшчэ без білета!
Веласіпедкін
Ды я не глядзець прыйшоў. З маёй справай я і па партыйнаму білету сюды прайду... Я да вас, таварыш Пабеданосікаў!
Пабеданосікаў
Чаго вы гарлаеце? I хто гэта такі? Нейкі Пабеданосікаў?!!
Веласіпедкін
Жарты прэч, кіньце іграць! Вы і ёсць ён, і я да вас, каторы і ёсць галоўначпупс Пабеданосікаў.
Пабеданосікаў
Трэба-с даведацца калі не імя і па бацьку, дык хаця б прозвішча, перш чым звяртацца да вышэйстаячага адказнага таварыша.
Веласіпедкін
Дык калі ты адказны, ты і адказвай, чаму ў цябе ў канцылярыі замарожваюць вынаходку Чудакова? У нас у наяўнасці хвіліны. Няшчасце будзе непапраўнае. Адпусціце зараз жа грошы, вынесем дослед на месца з максімальным узвышшам і...
Пабеданосікаў
Што за лухта? Які Чудакоў? Якія ўзвышшы? I я наогул сам сягоння выязджаю на ўзвышшы Каўказа.
Веласіпедкін
Чудакоў — гэта вынаходнік...
Пабеданосікаў
Вынаходнікаў многа, а я адзін, і наогул прашу не турбаваць мяне хаця б у рэдкія, урэгуляваныя адпаведнымі інстанцыямі мінуты адпачынку. Зайдзіце ў пятніцу.
Рэжысёр энергічна махае рукой Веласіпедкіну.
Веласіпедкін
Да цябе зойдуць — і не ў пятніцу, а сягоння, і не я, а...
Пабеданосікаў
Няхай заходзіць хто сабе хоча, і не да мяне, а да майго намесніка. Калі ў загадзе аб’яўлена аб маім адпачынку, значыцца, мяне няма. Трэба разумець канструкцыю нашай канстытуцыі. Гэта недапушчальна!
Веласіпедкін (да Івана Іванавіча)
Утлумачце яму, утэлефоньце яму, вы ж абяцалі!
Іван Іванавіч
Прыставаць са справамі да асобы, якая знаходзіцца ў адпачынку! Надзвычай цікава! У вас ёсць тэлефон? Я пазваню Мікалаю Аляксандравічу [113]. Трэба шанаваць здароўе старых адказных, пакуль яны яшчэ маладыя.
Рэжысёр
Таварыш Веласіпедкін, заклінаю вас, не рабіце скандалу! Ён жа не з п’есы. Ён проста падобны, і малю вас, каб яны не здагадаліся. Вы атрымаеце поўнае задавальненне па ходу дзеяння.
Пабеданосікаў
Бывайце, таварыш! Нечага сказаць, называецеся рррэвалюцыйным тэатрам, а самі раздражняеце... як гэта вы сказалі?.. бударажыце, ці што, адказных работнікаў. Гэта не для мас, і рабочыя і сяляне гэтага не зразумеюць, і добра, што не зразумеюць, і растлумачваць ім гэтага не трэба. Што вы з нас нейкіх дзейных асоб робіце? Мы хочам быць бяздзейнымі... як яны называюцца? — гледачамі. Не-ее! Наступны раз я пайду ў другі тэатр!
Іван Іванавіч
Так, так, так! Вы бачылі «Вішнёвую квадратуру» [114] А я быў на «Дзядзьку Турбіных» [115]. Надзвычай цікава!
Рэжысёр (Веласіпедкіну)
Вы што нарабілі? Вы ж ледзь не сарвалі спектакль. Калі ласка, на сцэну!
П’еса працягваецца!
Сцэна пераплецена ўваходнымі лесвіцамі. Павароты лесвіц, пляцоўкі і дзверы кватэр. На верхнюю пляцоўку выходзіць апрануты і з чамаданамі Пабеданосікаў. Спрабуе плячом прыціснуць дзверы, але Поля адчыняе палавінку і выбягае на пляцоўку. Кладзе руку на чамадан.
Поля
Што ж, я так і застануся?.. Не смешна!
Пабеданосікаў
Я прашу цябе спыніць гэтую размову. Якое сямейнае мяшчанства! Кожны ўрач скажа, што для поўнага адпачынку патрэбна вырваць сябе, іменна сябе, а не цябе, з прывычнага асяроддзя, ну, і я еду аднавіць важны для дзяржавы арганізм, умацаваць яго ў розных гарыстых мясцовасцях.
Поля
Я ж ведаю, ну, бачыла,— табе прынеслі два білеты. Я магла думаць... Ну, чым, чым я табе замінаю? Смехата!
Пабеданосікаў
Пакінь ты гэтыя мяшчанскія ўяўленні пра адпачынак. Мне на лодках катацца некалі. Гэта дробныя забаўкі для розных сакратароў. Плыві, мая гандола! [116] У мяне не гандола, а дзяржаўны карабель. Я табе не загараць еду. Я заўсёды абдумваю бягучы момант, а потым там... даклад, справаздача, рэзалюцыя — сацыялізм. Па маім грамадскім становішчы мне законам прысвоена стэнаграфістка.
Поля
Калі я тваёй стэнаграфіі перашкаджала? Смех! Ну, добра, ты перад другімі ханжыш, малюешся, але чаго ты мяне ашукваеш? Не смешна. Чаго ты мяне шырмай трымаеш? Пусці ты мяне, богам прашу, і стэнаграфуй хоць усю ноч! Смехата!
Пабеданосікаў
Цсс... Ты мяне кампраметуеш сваімі неарганізаванымі, а тым больш рэлігійнымі выкрыкамі. «Богам прашу». Цсс... Унізе жыве Казлякоўскі, ён можа перадаць Паўлу Пятровічу, а той знаёмы сем’ямі з Сямёнам Афанасычам.
Поля
Чаго хаваць? Пацеха!
Пабеданосікаў
Табе, табе трэба хаваць, хаваць свае бабскія, мяшчанскія, упадніцкія настроі, што ўтварылі такі няроўны шлюб. Ты ўдумайся хаця б перад тварам прыроды, на якую я еду. Удумайся! Я — і ты! Зараз не той час, калі дастаткова было ісці ў разведку побач і спаць пад адным шынялём. Я падняўся ўгору па разумовай, службовай і па кватэрнай лесвіцы. Трэба і табе ўмець самаадукоўвацца і дыялектычна лавіраваць. А што бачу я ў тваім абліччы? Перажытак мінулага, ланцуг старога быту!
Поля
Я табе замінаю? Чым? Смехата! Гэта ты з мяне зрабіў абшчыпаную квактуху.
Пабеданосікаў
Цсс!!! Хопіць гэтай рэўнасці! Сама бадзяешся па чужых кватэрах. Камсамольскія ўцехі, так? Думаеш, я не ведаю? Не магла сабе нават залётнікаў знайсці адпаведна майму грамадскаму становішчу. Шкадлівая спадніцаноска!
Поля
Сціхні! Не смешна.
Пабеданосікаў
Цсс!!! Я табе сказаў, унізе жыве Казлякоўскі. Зойдзем у кватэру. Гэта трэба, нарэшце, скончыць!
Ляпае дзвярыма, упіхваючы Полю ў кватэру. На ніжняй прыступцы паказваецца Веласіпедкін, за ім Чудакоў — пад цяжарам нябачнай машыны. Нябачную машыну падтрымліваюць Двойкін і Тройкін.
Веласіпедкін
Націскай, таварышы! Яшчэ прыступак дваццаць. Цягні ціха! Каб не схаваўся зноў за сакратароў і паперкі. Няхай гэтая бомба часу выбухне ў яго.
Чудакоў
Баюся, не паспеем данесці. Пралік у дзесятую секунды дасць розніцу ў цэлую гадзіну па нашаму часу.
Двойкін
Ты адчуваеш, як награваюцца часткі пад рукой? Шкло закіпае.
Тройкін
З майго боку планка напальваецца да немагчымасці. Пліта! Далібог, пліта! Ледзь трываю, каб не разняць далоні.
Чудакоў
Цяжар машыны павялічваецца з кожнай секундай. Я амаль магу паручыцца, што ў машыне матэрыялізуецца пабочнае цела.
Двойкін
Таварыш Чудакоў, тупай хутчэй! Падтрымліваць няма моцы. Агонь нясём!
Веласіпедкін (падбягае і падтрымлівае, апякаючыся)
Таварышы, не здавайцеся! Яшчэ прыступак дзесяць — пятнаццаць, ён тут побач, наверсе. О, чорт, пякельнае полымя! (Адрывае апечаную руку.)
Чудакоў
Цягнуць далей нельга. Відаць, застаюцца секунды. Хутчэй! Хоць бы да пляцоўкі! Звальвайце тут!
З дзвярэй выбягае Пабеданосікаў, зачыняе дзверы, потым стукае. Дзверы адчыняюцца, паказваецца Поля.
Пабеданосікаў
Ты, безумоўна, не хвалюйся. Ты, Полечка, памятай, ты сама можаш зразумець, што наша жыццё, маё жыццё можа ўладзіць толькі тваё добрае жаданне.
Поля
Маё? Сама? Не смешна!
Пабеданосікаў
Дарэчы, я забыў схаваць браўнінг. Ён мне, мабыць, не спатрэбіцца. Схавай, калі ласка. Помні, ён зараджаны, і, каб стрэліць, трэба ўсяго адвесці вось гэты засцерагальнік. Бывай, Полечка!
З трэскам зачыняе дзверы, прыціскае вуха да замочнай шчыліны, прыслухоўваецца. На ніжняй прыступцы паказваецца Мезальянсава.
Мезальянсава
Носік, ты скора?
Пабеданосікаў
Цс-с-с-с!!!
Грукат, выбух, стрэл. Пабеданосікаў расчыняе дзверы і кідаецца ў кватэру. На ніжняй пляцоўцы феерверкавы агонь. На месцы пастаўленага апарата — ззяючая жанчына са скруткам у ззяючых літарах. Гарыць слова «Мандат». Агульнае аслупяненне. Выбягае Аптымістэнка, на хаду падцягвае штаны, у пантофлях на босыя ногі, узброены.
Аптымістэнка
Дзе? Каго?
Фасфарычная жанчына
Прывітанне, таварышы! Я дэлегатка 2030 года. Я ўключана на дваццаць чатыры гадзіны на сягонняшні час. Тэрмін кароткі, заданні надзвычайныя. Праверце паўнамоцтвы і апавясціцеся.
Аптымістэнка (кідаецца да дэлегаткі, узіраецца ў мандат, скорагаворкай мармыча тэкст)
«Інстытут гісторыі нараджэння камунізма...» Так... «Дадзены паўнамоцтвы...» Правільна. «Выбраць лепшых...» Ясна... «для перакідкі ў камуністычны век...» Што робіцца! Што робіцца, божухна!.. (Кідаецца ўгору па прыступках.)
На парозе з’яўляецца раззлаваны Пабеданосікаў.
Аптымістэнка
Таварыш Пабеданосікаў, да вас дэлегат з цэнтра.
Пабеданосікаў здымае кепку, апускае чамадан, разгублена прабягае мандат, потым таропка запрашае рукой у кватэру. Да Аптымістэнкі шэптам, потым да Фасфарычнай жанчыны.
Пабеданосікаў (да Аптымістэнкі)
Накруці хвост вяртушцы. Дазнайся там, ведаеш у каго, ці магчымая гэта рэч, ці адпавядае гэта партэтыцы і ці мажліва бязбожніку верыць у такія звышнатуральныя з’явы. (Да Фасфарычнай жанчыны.) Я, безумоўна, ужо ў курсе гэтай справы, і мною прадугледжана неабходнае садзейнічанне. Вашы кампетэнтныя органы дзейнічалі цалкам прадумана, накіраваўшы вас да мяне. У нас гэтае пытанне прапрацоўваецца ўжо ў камісіі і неадкладна за палучэннем кіраўнічых дырэктыў будзе з вамі ўзгоднена. Заходзьце проста ў мой кабінет, не звяртаючы ўвагі на некаторае мяшчанства ў выніку няўвязкі роўнасці культурнага ўзроўню шлюбнага жыцця. (Да Веласіпедкіна.) Калі ласка! Я ж вам казаў — заходзьце проста да мяне!
Пабеданосікаў прапускае Фасфарычную жанчыну, якая паступова ахалоджваецца і прымае нармальны выгляд. Пабеданосікаў да падляцеўшага Аптымістэнкі.
Ну, што, што?
Аптымістэнка
Яны смяюцца і кажуць, што гэта за мяжой чалавечага разумення.
Пабеданосікаў
Ах, за мяжой! Значыцца, трэба з ВОКСам увязаць. Самую найдробязную рэч трэба рассусольваць. Самі ні найменшай ініцыятывы не могуць праявіць. Таварыш Мезальянсава, стэнаграфія адкладваецца. Падымайцеся наверх для неадкладнай звыштэрміновай культурнай сувязі.
Дэкарацыя другой дзеі, толькі бязладная. Надпіс: «Бюро па адбору і перакідцы ў камуністычны век». Уздоўж сцяны сядзяць Мезальянсава, Бельвядонскі, Іван Іванавіч, Кіч, Пабеданосікаў. Аптымістэнка сакратарыць на прыёме. Пабеданосікаў ходзіць нездаволены, прытрымліваючы дзвюма рукамі два партфелі.
Аптымістэнка
У чым справа, грамадзянін?
Пабеданосікаў
Не, так гэта працягвацца не можа! Я аб гэтым яшчэ буду гаварыць! Я і ў насценную газету пра гэта напішу. Абавязкова напішу!!! З бюракратызмам і пратэкцыянізмам трэба змагацца. Я патрабую прапусціць мяне без чаргі!
Аптымістэнка
Таварыш Пабеданосікаў, ды які ж можа быць бюракратызм перад праверкай і перад адборам? Нэ трэба вам яе турбаваць. Ідзіце сабе без чаргі. Вось чарга пройдзе — і шпарце проста самі па сабе і без усякай чаргі.
Пабеданосікаў
Мне трэба зараз!
Аптымістэнка
Зараз? Калі ласка, зараз! Толькі жэ ж у вас гадзіннік з іхнім гадзіннікам не ўзгоднены. У яе жэ ж, таварыш, час другі, і як яна мне скажа, вы зараз жэ ж і пойдзеце...
Пабеданосікаў
Дык жа мне ж трэба ў сувязі з перакідкай высветліць мноства спраў: і аклад, і кватэру, і іншае.
Аптымістэнка
Цьфу! Ды я жэ ж вам кажу, не совайцеся вы з дробязямі ў буйную дзяржустанову! Мы драбніцамі займацца не можам. Дзяржава буйнымі рэчамі цікавіцца: фардзізмы розныя, машыны часу, тое, сёе...
Іван Іванавіч
Вы калі-небудзь бывалі ў чарзе? Я першы раз бываю ў чарзе. Надзвычай нецікава!
Былы кабінет Пабеданосікава поўны людзей. Прыўзнятасць і баявая сумятня першых кастрычніцкіх дзён. Фасфарычная жанчына гаворыць.
Фасфарычная жанчына
Таварышы, сённяшняя сустрэча — наспех. Са многімі мы прабудзем гады. Я раскажу вам шмат яшчэ падрабязнасцей нашай радасці. Ледзь толькі дайшла вестка аб вашым доследзе, вучоныя наладзілі дзяжурства. Яны багата дапамаглі вам, улічваючы і карэкціруючы вашы непазбежныя памылкі. Мы ішлі адзін да аднаго, як дзве брыгады, што прарываюць тунель, пакуль не сустрэліся сёння. Вы самі не бачыце ўсёй грандыёзнасці вашых спраў. Нам відней: мы ведаем, што ўвайшло ў жыццё. Я са здзіўленнем аглядвала кватэркі, якія зніклі ў нас і рупліва аднаўляюцца музеямі, і я глядзела гіганты сталі і зямлі, удзячная памяць аб якіх і вопыт якіх і зараз высяцца ў нас узорам камуністычнага будаўніцтва і жыцця. Я разглядвала нябачных вам зашмальцаваных юнакоў, чые імёны гараць на плітах ануляванага золата. Толькі сёння са свайго кароткага аблёту я агледзела і зразумела магутнасць вашай волі і грымоты вашай буры, што так хутка вырасла ў шчасце наша і ў радасць усёй планеты. З якім захапленнем глядзела я сягоння ажыўшыя літары легенд аб вашай барацьбе — барацьбе супроць усяго ўзброенага свету паразітаў і прыгнятальнікаў. За вашай працай вам няма калі адысціся і палюбавацца сабой, але я рада сказаць вам аб вашай велічы.
Чудакоў
Таварыш, даруйце, я вас перапыню. Але часу застаецца нашых шэсць гадзін, і мне патрэбны вашы апошнія ўказанні. Колькі будзе адпраўлена, год прызначэння, хуткасць?
Фасфарычная жанчына
Напрамак — бязмежнасць, хуткасць — секунда — год, месца — 2030 год, колькі і хто — невядома. Вядома толькі станцыя прызначэння. Тут — каштоўнасць няясная. Будучыні мінулае — далонь. Прымуць тых, хто захаваецца ў ста гадах. Пачынайце, таварыш. Хто з вамі?
Фоскін
Я
Двойкін
Я!
Тройкін
Я!
Фасфарычная жанчына
А хто з матэматыкаў — для чарцяжоў і кіраўніцтва?
Фоскін
Мы!
Двойкін
Мы!
Тройкін
Мы!
Фасфарычная жанчына
Як? Вы і рабочыя, вы і матэматыкі?
Веласіпедкін
Вельмі проста! Мы і рабочыя, мы і вузаўцы.
Фасфарычная жанчына
Для нас проста. Я не ведала, ці просты для вас пераход ад канвеера да кіраўніцтва, ад рашпіля да арыфмометра.
Двойкін
Не такія пераходы рабілі, таварыш. Мы браняносцы рабілі, потым запальнічкі, з запальнічкамі скончылі — штыкі пачалі, штыкоў нарабілі — на трактары перайшлі, ды яшчэ ўсялякую вучобу на вуз намотвалі. I ў нас многія не верылі, але мы гэтае нявер’е ў рабочы клас ліквідавалі. Калі вы наш час вывучалі, у вас невялікая памылачка выйшла. Вы, здаецца, пра мінулы год думаеце?
Фасфарычная жанчына
Я бачу, з вашым рухома-кур’ерскім мозгам уключыцца б проста ў нашы рады і ў нашу работу.
Веласіпедкін
Гэтага мы і баімося, таварыш. Машыну мы пусцім і, вядома, пойдзем, калі ячэйка пашле. Але, будзьце ласкавыя, лепей пакуль што не бярыце нас нікуды. У нас якраз цэх наш на бесперапынку пераходзіць — вельмі важна і цікава ведаць, ці выканаем мы пяцігодку за чатыры гады.
Фасфарычная жанчына
Абяцаю адно. Затрымаемся на станцыі 1934 год для атрымання даведак. Але калі такіх, як вы, многа, дык і даведак не трэба.
Чудакоў
Хадзем, таварышы!
Сцяна канцылярыі. Прабягаюць Чудакоў, Веласіпедкін, Двойкін, Тройкін, Фоскін, на хаду звяраючы планы. Пабеданосікаў дробненька тупае за Чудаковым. Чудакоў адмахваецца.
Пабеданосікаў (узрушана размахвае рукамі)
Падумаеш, нейкі Чудакоў карыстаецца тым, што вынайшаў нейкі апарацічак часу і пазнаёміўся з гэтай бабай, адказ-жанчынай, раней. Я яшчэ не ўпэўнены наогул, што тут не проста бытавое разлажэнне і наогул сувязі фрыдляндскага парадку [117]. Пол і характар! Так! Так! (Да Аптымістэнкі.) Падначалены таварыш Аптымістэнка, вы ж павінны зразумець, што пытанне тычыцца найважнейшай рэчы — аб паездцы маёй, адказнага работніка, на чале цэлай установы ў стогадовую службовую камандзіроўку.
Аптымістэнка
Ды не ўзгоднена ваша падарожжа!
Пабеданосікаў
Гэта як жа не ўзгоднена? Я ўжо з раніцы сабе і ліцеры, і мандаты выпісаў.
Аптымістэнка
Ну, бачыце, а з НКШЗ не ўвязана.
Пабеданосікаў
Пры чым жа тут НКШЗ? Гэта ж галавацяпства! Гэта ж не цягнік. Тут у адну секунду сорак чалавек альбо восем коней [118] імчаць наперад на цэлы год.
Аптымістэнка
Адмовіць! Нежыццёва! Хто жэ ж згодзіцца ездзіць у камандзіроўку, калі яму за сто год сутачныя трэба, а яму секундачныя выпісваць будуць?
Кабінет Пабеданосікава.
Фасфарычная жанчына
Таварышы...
Поля
Прашу слова! Даруйце за назойлівасць, я без усякай надзеі, якая можа быць надзея! Смехата! Я проста прашу даведкі, што такое сацыялізм. Мне пра сацыялізм таварыш Пабеданосікаў багата расказваў, але ўсё гэта неяк не смешна.
Фасфарычная жанчына
Вам нядоўга асталося чакаць. Вы паедзеце разам з мужам, з дзецьмі.
Поля
З дзецьмі? Смехата, у мяне няма дзяцей. Муж гаворыць, што ў наш баявы час лепш не звязвацца з такім несвядомым ці то элементам, ці то аліментам...
Фасфарычная жанчына
Добра. Вас не звязваюць дзеці, але ж вас звязвае многае іншае, калі вы жывяце з мужам.
Поля
Жыву? Пацеха! Я не жыву з мужам. Ён жыве з іншымі, роўнымі яму розумам, развіццём. Не смешна!
Фасфарычная жанчына
Чаму ж вы называеце яго мужам?
Поля
Каб усе бачылі, што ён супроць распушчанасці. Смехата!
Фасфарычная жанчына
Разумею. Значыцца, ён проста клапоціцца пра вас, каб у вас усё было?
Поля
Так... ён клапоціцца, каб у мяне нічога не было. Ён кажа, што абрастанне мяне новым плаццем кампраметуе яго ў вачах таварышаў. Смехата!
Фасфарычная жанчына
Не смешна!
Сцяна канцылярыі. Праходзіць Поля.
Пабеданосікаў
Поля? Ты як тут? Даносіла? Скардзілася?
Поля
Скардзілася? Смехата!
Пабеданосікаў
Ты ёй, галоўнае, расказала, як мы ішлі разам, плячо ў плячо, насустрач сонцу камунізма? Як мы змагаліся са старым бытам? Жанчыны любяць сентыментальнасць. Ёй гэта спадабалася? Так?
Поля
Разам? Смехата!
Пабеданосікаў
Ты глядзі, Поля! Ты не павінна запляміць майго гонару як члена партыі з выдатным стажам. Ты павінна памятаць пра партыйную этыку і не выносіць смецця з хаты. Дарэчы, ты пайшла б у хату, прабач, у кватэрку, і прыбрала б, вынесла смецце і сабрала б рэчы. Я еду. Я супроць сумяшчальніцтва і пакуль што еду адзін, а цябе выпішу, калі наогул буду выпісваць сваякоў. Ідзі дамоў, Поля, а то...
Поля
Што «а то»? Не смешна.
Кабінет Пабеданосікава.
Фасфарычная жанчына
Выбар на вашу ўстанову выпаў выпадкова, як і вынаходкі здаюцца выпадковымі. Бадай што, лепшыя ўзоры людзей у той установе, у якой працуюць Тройкіны і Двойкіны. Але ў вас на кожнай пядзі будоўля, добрыя экземпляры людзей можна вывезці і адсюль.
Ундэртон
Скажыце, а мне можна з вамі?
Фасфарычная жанчына
Вы адсюль?
Ундэртон
Пакуль што ніадкуль.
Фасфарычная жанчына
Як так?
Ундэртон
Скарацілі.
Фасфарычная жанчына
Што гэта азначае?
Ундэртон
Губы, кажуць, фарбавала.
Фасфарычная жанчына
Каму?
Ундэртон
Сабе.
Фасфарычная жанчына
Больш нічога не рабілі?
Ундэртон
Перастуквала. Стэнаграфавала.
Фасфарычная жанчына
Добра?
Ундэртон
Добра.
Фасфарычная жанчына
Чаму ж ніадкуль?
Ундэртон
Скарацілі.
Фасфарычная жанчына
Чаму?
Ундэртон
Губы фарбавала.
Фасфарычная жанчына
Каму?
Ундэртон
Ды сабе ж!
Фасфарычная жанчына
Дык якая ж ім справа?
Ундэртон
Скарацілі.
Фасфарычная жанчына
Чаму?
Ундэртон
Губы, кажуць, фарбавала!
Фасфарычная жанчына
Дык навошта ж вы фарбавалі?
Ундэртон
Не пафарбаваць, тады і зусім не прымуць.
Фасфарычная жанчына
Не разумею. Калі б вы яшчэ каму-небудзь іншаму, скажам, тым, хто прыходзіць па даведкі, на рабоце фарбавалі б, ну, тады маглі б сказаць — перашкаджае, просьбіты крыўдзяцца. А так...
Ундэртон
Таварыш, вы мне даруйце за губы. Што мне рабіць? У падполлі я не была, а нос у мяне ў вяснушках, мяне толькі і заўважаць, што я губамі кідаюся. Калі ў вас і без гэтага на людзей глядзяць, вы скажыце, толькі пакажыце ваша жыццё — хоць краёчкам! Вядома, там у вас усе важныя... з заслугамі, там Пабеданосікавы розныя. Я ім на вочы трапляцца не буду, але ўсё-такі пусціце... Калі не падыду, я назад вярнуся... вышлеце неадкладна. А ў дарозе я магу што-нішто парабіць, уражанні будзеце дыктаваць або справаздачу аб выдаткаванні — я настукаю.
Ночкін
А я падлічу. Я лепей у вас у МУКВ заяўлю, а то пакуль тут суды разбяруцца...
Сцяна прыёмнай.
Пабеданосікаў
Запішыце, занясіце ў пратакол! У такім выпадку я павінен заявіць, што здымаю з сябе ўсякую адказнасць, і калі ў выніку незнаёмства з папярэдняй перапіскай, а таксама няўдалага падбору асабістага складу выбухне катастрофа...
Аптымістэнка
Ну, ета вы пакіньце! Не пагражайце буйной дзяржаўнай установе, нам нервавацца і хвалявацца нэўдобна. А калі адбудзецца катастрофа, мы тады і давядзём да ведама міліцыі на прадмет складання пратакола.
Праходзіць Ночкін, хаваючыся за Ундэртон.
Пабеданосікаў (спыняючы Ночкіна і свідруючы вачамі Ундэртон)
Як? Яшчэ ва ўстанове?! Яшчэ на волі?!! Таварыш Аптымістэнка! Чаму не прыняты меры? Але, між іншым, раз вы яшчэ на волі, вы не можаце ўхіліцца ад тэрміновай работы. Трэба, згодна з маімі камандзіроўкамі, выпісаць пад’ёмныя і сутачныя, зыходзячы з нармальнага ўяўлення аб часе і сярэдняга заробку за сто гадоў, ну, і там камандзіровачныя і падсправаздачныя... У выпадку папсуцця машыны, можа, дзе-небудзь давядзецца прастаяць, на якім-небудзь глухім паўгоддзі, гадоў дваццаць, трыццаць, трэба ўсё гэта прадугледзець і прыняць пад увагу. Нельга так неарганізавана каціцца...
Ночкін
А ты арганізавана каціся кілбасой!!!
(Знікае.)
Іван Іванавіч
Кілбасой? Вы бывалі на пасяджэннях? Я бываў на пасяджэннях. Усюды бутэрброды з сырам, з вяндлінай, з кілбасой — надзвычай цікава!
Пабеданосікаў (адзін, развальваецца ў крэсле)
Ну, добра, я пакіну пост! Пры такіх адносінах я скажу, што іду ў адстаўку. Няхай потым вывучаюць мяне па ўспамінах сучаснікаў і партрэтах. Я іду, але вам жа, таварышы, горш!
Выходзіць Фасфарычная жанчына.
Аптымістэнка
Прыём скончан! Прыйдзіце заўтра, у парадку жывой чаргі.
Фасфарычная жанчына
Які прыём? Якое заўтра? Якая чарга?
Аптымістэнка (паказвае на шыльду «Без дакладу не ўваходзіць»)
Згодна з асноўнымі законамі.
Фасфарычная жанчына
А, вы гэтую недарэчнасць зняць забылі?!
Пабеданосікаў (падхопліваецца і ідзе побач з Фасфарычнай жанчынай)
Дзень добры, дзень добры, таварыш. Даруйце, што я спазніўся, але гэтыя справы... Я ўсё-такі да вас заехаў на хвілінку. Я адмаўляўся. Але ніхто і слухаць не хоча. Едзь, кажуць, старшынствуй. Ну, раз калектыў просіць — давялося згадзіцца. Аднак майце на ўвазе, таварыш, я работнік цэнтральнага значэння, няхай іншыя калгасяцца [119]. Вы гэта ўлічыце наперад і ўзгадніце. Таварыш Аптымістэнка можа даць маланкай за наш кошт. Вы, безумоўна, самі разумееце, што мне давядзецца даць пасаду адпаведна майму стажу і грамадскаму становішчу як буйнейшаму работніку ў сваёй галіне.
Фасфарычная жанчына
Таварыш, я нікога нікуды не прызначаю, я з’явілася да вас толькі для пераканальнасці. Не сумняваюся, што з вамі абыдуцца так, як вы заслугоўваеце.
Пабеданосікаў
Інкагніто? Разумею! Але паміж намі, як надзеленымі ўзаемным даверам, не можа быць таямніц. I я, як старэйшы таварыш, павінен вам заўважыць, што вас акружаюць людзі не зусім стопрацэнтныя. Веласіпедкін курыць. Чудакоў — п’е, напэўна, п’е адпаведна фантазіі. Павінен сказаць і пра жонку, не маю права ўтаіць ад арганізацыі — мяшчанка і прыхільніца новых сувязей і новых спадніц, што сукупна называецца старым бытам.
Фасфарычная жанчына
Ну, якая вам справа. Працуюць затое...
Пабеданосікаў
Ну, што ж, што затое... Я таксама за тое, але я затое не п’ю, не куру, не даю «на чай», не загінаю налева, не спазняюся, не... (нахіляецца да вуха) не ўпадаю ў празмернасці, не пакладаю рук...
Фасфарычная жанчына
Гэта вы кажаце пра ўсё, чаго вы «не, не, не»... Ну, а ёсць што-небудзь, што вы «так, так, так»?
Пабеданосікаў
Так, так, так? Ну, так! Дырэктывы праводжу, рэзалюцыі падшываю, сувязь наладжваю, партузносы плачу, партмаксімум атрымліваю, подпісы стаўлю, пячаць прыкладаю... Ну, проста куток сацыялізма. У вас там, напэўна, цыркуляцыя паперак наладжана, канвеер, а?
Фасфарычная жанчына
Не ведаю, пра што вы кажаце, але, вядома, папера для газет падаецца ў машыну дакладна.
Уваходзяць Понт Кіч і Мезальянсава.
Понт Кіч
Кхе, кхе!
Мезальянсава
Пліз, сэр.
Понт Кіч
Асееў, бегемот, дай у доўг, лік збіт, і кошт знізіўся май пуд часейшэн...
Мезальянсава
Містэр Понт Кіч хоча сказаць, што ён можа па сходнай дзяржаўнай цане скупіць, з прычыны поўнай непатрэбнасці, усе гадзіннікі, і тады ён паверыць у камунізм.
Фасфарычная жанчына
Ясна і без перакладу. Спачатку прызнайце — выгады потым! Таварышы! Прыходзьце своечасова — роўна а дванаццатай гадзіне — на станцыю 2030 год адыходзіць першы цягнік часу.
Падвал Чудакова. З двух бакоў нябачнай машыны поркаюцца Чудакоў і Фоскін, Веласіпедкін і Двойкін. Фасфарычная жанчына звярае з планам нябачную машыну. Тройкін вартуе дзверы.
Фасфарычная жанчына
Таварыш Фоскін! Шчыты, што паслабляюць вецер, стаўце ардынарныя. Пяцігодка прывучыла да тэмпу і хуткасці. Пераход амаль не будзе заўважаны.
Фоскін
Шкло змяню. Паўміліметра. Небіткое.
Фасфарычная жанчына
Таварыш Двойкін! Праверце рысоры. Глядзіце, каб не трэсла на ўхабах святаў. Бесперапынка распесціла плаўным ходам.
Двойкін
Пройдзем плаўна, абы толькі не валяліся гарэлачныя бутэлькі на дарозе.
Фасфарычная жанчына
Таварыш Веласіпедкін! Сачыце за манометрам дысцыпліны. Хто адхіліцца — зрэжа і знясе.
Веласіпедкін
Дармо! Падцягнем струною!
Фасфарычная жанчына
Таварыш Чудакоў, гатова?
Чудакоў
Адзначым лінію стаяння, і можна пускаць пасажыраў.
Белая стужка-рулон разматваецца паміж коламі нябачнай машыны.
Веласіпедкін
Тройкін, пускай!
З чатырох бакоў з плакатамі пад «Марш часу» ўліваюцца пасажыры.
Марш часу
Лунай над светлай эрай,
Мой спеў,
як голас мас!
Час,
на-
пе-
рад!
На-
пе-
рад,
час!
Хутчэй, краіна,
мерай
Вышыні
новых трас!
Час,
на-
пе-
рад!
На-
пе-
рад,
час!
У будучынь —
кар’ерам
Імчаць —
гадам наказ!
Час,
на-
пе-
рад!
На-
пе-
рад,
час!
У пяцігодцы —
верым —
Наш год —
былінны сказ!
Час,
на-
пе-
рад!
На-
пе-
рад,
час!
Пускай, мой край,
аберуч
Імклівы
ходу пас!
Час,
на-
пе-
рад!
На-
пе-
рад,
час!
З дарогі,
быту шэрасць!
Камуна,
бі пралаз!
Час,
на-
пе-
рад!
На-
пе-
рад,
час!
Лунай
над светлай эрай,
Мой спеў,
як голас мас!
Час,
на-
пе-
рад!
На-
пе-
рад,
час!
Аптымістэнка (аддзяляецца ад натоўпу, да Чудакова)
Таварыш, я вас павінен канфідэнцыяльна спытаць — буфет будзе? Так і ведаў! А чаму не абвешчана загадам? Забылі? Ну, нічога, пітва хопіць, з ядой пераб’ёмся. Заходзьце ў наша купэ. Якое месцейка, а?
Чудакоў
Станоўцеся побач. Плячо ў плячо. Аб стомленасці не хвалюйцеся. Адзін паварот вось гэтага кола — і праз секунду...
Пабеданосікаў (уваходзіць у суправаджэнні Мезальянсавай)
Званка яшчэ не было? Можна даваць. Адразу другі. (Двойкіну.) Таварыш, ты партыйны? Так? Не ў службу, а ў дружбу — памажы там з рэчамі. Дакументы важныя, о-о-о!!! Нельга давяраць розным беспартыйным насільшчыкам, што носяць толькі за грошы, а табе, як вылучэнцу, калі ласка,— нясі! Давяраю!.. Хто тут галоўначзаг пасадкі? Дзе маё купэ? Маё месца, безумоўна, ніжняе...
Фасфарычная жанчына
Машына часу яшчэ не зусім абсталяваная. Вам, як піянерам гэтага віду транспарту, давядзецца стаяць з усімі.
Пабеданосікаў
Пры чым тут піянеры? Піянерскі злёт скончаны [120], і папрашу ніколі больш не дакучаць мне з піянерамі. Гэтая кампанія праведзена! Я проста не паеду! Чорт ведае што такое! Трэба, нарэшце, навучыцца шанаваць старога гвардзейца, а то я выйду з гвардыі. Урэшце, я патрабую кампенсацыі за нявыкарыстаны адпачынак! Адным словам, дзе рэчы?
Двойкін штурхае ваганетку з перавязанымі стосамі папер, капялюшнымі скрынкамі, партфелямі, паляўнічымі стрэльбамі і шафай-куфрам Мезальянсавай. З чатырох вуглоў ваганеткі чатыры сетэры. За ваганеткай Бельвядонскі з чамаданам, скрынкай, пэндзлямі, партрэтам [121].
Фасфарычная жанчына
Таварыш, гэта што за агромністы універмаг?
Аптымістэнка
Ды не жэ ж. Гэта малюпасенькае абрастанне.
Фасфарычная жанчына
Ну, навошта вам? Хоць частку пакіньце!
Аптымістэнка
Вядома, таварыш. Поштай дашляце.
Пабеданосікаў
Папрашу без заўваг! Развесьце сабе насценную газету і заўважайце там. Я павінен прадставіць цыркуляры, ліцеры, копіі, тэзісы, перакопіі, папраўкі, выпіскі, даведкі, карткі, рэзалюцыі, справаздачы, пратаколы і іншыя апраўдальныя дакументы пры хаця б рэчавых сабаках. Я мог запрасіць дадатковы вагон-біс, але я не запрошваю згодна са сціпласцю ў асабістым жыцці. Не губляйце палітыкі далёкага прыцэлу [122]. Вам гэта таксама вельмі і вельмі спатрэбіцца. Атрымаўшы штаты, я перавяду канцылярыю ў агульнасусветны маштаб. Пашырыўшы штаты, я перавяду маштаб у міжпланетны. Спадзяюся, вы не хочаце абесканцылярыць і дэзарганізаваць планету?
Аптымістэнка (Фасфарычнай жанчыне)
Не пярэчце, грамадзянка. Шкада ж планеты.
Фасфарычная жанчына
Тады збірайцеся хутчэй!
Пабеданосікаў
Я папрашу вас не ўмешвацца не ў сваю кампетэнцыю. Гэта занадта! Папрашу не забываць — гэта мае людзі, і пакуль я не вызвалены, я тут разнайгалоўнейшы. Мне гэта абрыдла! Я буду скардзіцца ўсім на ўсе дзеянні літаральна ўсіх, як толькі вазьмуся за руль. Адступіцеся, таварышы. Стаўце рэчы сюды. Дзе партфель светла-жоўтага маладога цяляці з манаграмай? Аптымістэнка, збегайце! Не хвалюйцеся, пачакаюць! Я спыняю цягнік [123] па дзяржаўнай неабходнасці, а не дзеля нейкага глупства.
Аптымістэнка кідаецца, насустрач Поля з партфелем.
Поля
Калі ласка, не сыкай! Я прыбірала дома, як ты загадаў,— зараз вярнуся, дапрыбіраюся. Бачу — забыў. Думаю — важнае! Смехата! Прыбегла — калі ласка! (Перадае партфель.)
Пабеданосікаў
Прымаю партфель і прымаю да ведама. Трэба ўспамінаць раней! Наступным разам я буду разглядаць гэта як прарыў і паслабленне шлюбнай дысцыпліны. Праважатыя, выйдзіце. Бывай, Поля! Калі я ўладкуюся, я табе буду прысылаць трэць чаго-небудзь згодна з практыкай суда і аж да змены застарэлага заканадаўства.
Понт Кіч (уваходзячы і спыняючыся)
Кхе, кхе!
Мезальянсава
Пліз, сэр!
Понт Кіч
Злодзей нахабна драў з ліп язмін дай нам плюньце білетэр...
Мезальянсава
Містэр Кіч хоча сказаць і гаворыць, што ён без білета, таму што не ведаў, які патрэбен — партыйны ці чыгуначны, але што ён згодны ўрастаць у любы сацыялізм, толькі каб гэта яму было прыбыткова...
Аптымістэнка
Пліз, пліз, сэр. Дарогай дамовімся.
Іван Іванавіч
Прывітанне! Наша вам і вашым і нашым дасягненням. Яшчэ адно апошняе намаганне — і ўсё будзе ліквідавана. Вы бачылі сацыялізм? Я зараз убачу сацыялізм — надзвычай цікава!
Пабеданосікаў
I так, таварышы... Чаму і на чым мы спыніліся?
Ундэртон
Мы спыніліся на «I так, таварышы...».
Пабеданосікаў
Так! Прашу слова! Бяру слова! I так, таварышы, мы перажываем той час, калі ў маім апараце вынайдзены апарат часу. Гэты апарат вызваленага часу вынайдзены іменна ў маім апараце, таму што ў мяне ў апараце было колькі каму хацелася вольнага часу. Сучасны бягучы момант характарызуецца тым, што ён момант стаячы. А паколькі ў стаячым моманце невядома, дзе заключаецца пачатак і дзе наступае канец, то я спачатку скажу заключнае слова, а потым уступнае. Апарат выдатны, апарату рад — рад і я і мой апарат [124]. Мы рады таму, што, калі мы едзем раз у год у адпачынак і не пусцім наперад год, мы можам быць у адпачынку кожны год два гады. I наадварот, цяпер мы палучаем пэнсію адзін дзень у месяц, але раз мы можам прапусціць увесь месяц у адзін дзень, то мы можам палучаць пэнсію кожны дзень увесь месяц. I так, таварышы...
Галасы
— Далоў!
— Хопіць!
— Давай без малебнаў!
— Чудакоў, выключы яму час!
Чудакоў падкручвае Пабеданосікава. Пабеданосікаў працягвае жэстыкуляцыю, але ўжо зусім не чутны.
Аптымістэнка
У сваю чаргу бяру слова ад імя ўсіх і скажу вам проста ў твар, нягледзячы на асобы, што нам усё роўна, якая асоба стаіць на чале ўстановы, таму што мы паважаем толькі тую асобу, якая пастаўлена і стаіць. Але скажу безасабова, што кожнай асобе прыемна, што гэта зноў ваша прыемная асоба. Таму ад імя ўсіх падношу вам гэты гадзіннік, таму што гэты цікаючы гадзіннік будзе да твару іменна вам, як асобе, што стаіць на чале.
Галасы
— Далоў!
— Пасаліце яму язык!
— Закруці яму кран, Чудакоў!
Чудакоў выключае Аптымістэнку. Аптымістэнка таксама махае рукамі, але і яго не чуваць.
Фасфарычная жанчына
Таварышы! Па першаму сігналу мы ляцім наперад, прарваўшы састарэлы час. Будучае прыме ўсіх, у каго знойдзецца хоць бы адна рыса, што родніць з калектывам камуны,— радасць працаваць, прага ахвяраваць, нястомнасць вынаходзіць, прыемнасць выказваць гордасць чалавечнасцю. Удзесяцярым і прадоўжым пяцігадовыя крокі. Трымайцеся масай, мацней, бліжэй адзін да аднаго. Імклівы час змяце і зрэжа баласт, абцяжараны хламам, баласт спустошаных нявер’ем.
Пабеданосікаў
Адступі, Поля!
Ночкін (убягае, уцякаючы ад міліцыянера)
Мне б толькі дабегчы да сацыялізма, а там разбяруцца.
Міліцыянер (даганяе, свішча)
Трымай!!!
(Улятаюць у машыну.)
Фасфарычная жанчына
Раз, два, тры!
Бенгальскі выбух. «Марш часу». Цемра. На сцэне Пабеданосікаў, Аптымістэнка, Бельвядонскі, Мезальянсава, Понт Кіч, Іван Іванавіч, скінутыя і раскіданыя д’ябальскім колам часу.
Аптымістэнка
Злазь, прыехалі!
Пабеданосікаў
Поля, Полечка! Абмацай мяне, агледзь з усіх бакоў. Здаецца, мяне пераехала часам. Паліна!.. Павезлі?! Затрымаць, дагнаць і перагнаць! Якая гадзіна? (Глядзіць на падараваны яму гадзіннік.)
Аптымістэнка
Аддавайце, аддавайце гадзіннік, грамадзянін! Бытавы хабар, як такавы, нам не да твару, бо я ж адзін ад імя ўсіх месячную пэнсію ў гэты гадзіннік уклаў. Мы знойдзем сабе іншую асобу, каб падносіць гадзіннікі і паважаць.
Іван Іванавіч
Лес сякуць — трэскі ляцяць. Маленькія... вялікія недахопы механізма. Трэба пайсці прыцягнуць савецкую грамадскасць. Надзвычай цікава!
Пабеданосікаў
Мастак, лаві момант, адлюструй жывога чалавека ў смяртэльнай знявазе!
Бельвядонскі
Не-е-е-е! Ракурс у вас нейкі стаў няўдалы. На мадэль трэба глядзець, як качка на балкон. У мяне толькі знізу ўгору выходзіць зусім па-мастацку.
Пабеданосікаў (Мезальянсавай)
Ну, што ж, ну што ж, няхай паспрабуюць, паплаваюць «без вождя и без ветрил»! [125] Знікаю ў асабістае жыццё, пісаць успаміны. Хадзем, я з табою, твой Носік!
Мезальянсава
Я ўжо з носікам, і нават з носам, і нават з вельмі вялікім. Ні сацыялізма не змаглі ўладзіць, ні жанчыну. Ах вы, імпа... зантная фігурачка, нечага сказаць! Гуд бай, адзьё, аўфідэрзэйн [126], бывайце!!! Пліз, май Кічык, май Пончык!
(Выходзіць з Понтам Кічам)
Пабеданосікаў
I яна, і вы, і аўтар — што вы гэтым хацелі сказаць: што я і накшталт мяне не патрэбны для камунізма?!?
Канец