Абшырная святліца. Направа ад публікі вокны ў сад, бліжэй да аркестра — стол; каля стала-лавы і табурэцікі, над сталом — вісячая недарагая лямпа, на сцяне — абразы. Налева — дзверы ў сенцы, бліжэй да аркестра — куфар. Напроці — сцяна і дзверы ў бакоўку (каморку); справа пры сцяне ад бакоўкі — ложак, засланы коўдрай, у галавах высока накладзена падушак; налева-у кутку-печ; на сцяне стрэльба, старасвецкі з гірамі гадзіннік І некалькі тандэмных малюнкаў. Час — асенні вечар перад Пакровамі.
Паўлінка адна
Стройная і досыць прыгожая дзяўчынка. Адзеўшыся ў недарагую крамніну, але чысценька; без хусткі — у валасах колькі грабеньчыкаў. Сядзіць на ложку і пільна шые крамны кафтанік. Як падымаецца заслона — Паўлінка пяе.
Ой, пайду я лугам, лугам,
Дзе мой мілы арэ плугам;
Ой, пайду я лугам, лугам!
Ён арэ поле валамі,
А я плачу ўсё слязамі;
Ён арэ поле валамі.
(Перастаўшы пець.)
Э-э, штось не пяецца сягоння. Неяк сэрцайка трасецца, як бы хто яго знячэўку перапужаў. А мо гэта песня вінавата? Даліпантачкі аніяк не магу сама з сабой да ладу прыйсці. Ану, на шчасце зачну другую. Якую ж бы тут? Ага!.. (Пяе.)
Дый чаго ж ты, дуб зялёны,
Пахінаешся?
Дый чаго ж ты, мой міленькі,
Задумляешся?
(Пеючы падыходзіць да акна і паглядае, пасля ізноў садзіцца.)
А ўсё-такі нешта нецікава на сэрцы. І чаго яму, бедненькаму, не стае? Піць і есці, дзякаваць Богу, хватае, часам татка дае грошы і на сукенкі… Чаго, чаго, здаецца, тут хацець?… Ох, ох, як жа маркотненька! Прост хоць збірай манаткі ды йдзі ўпрочкі з хаткі. Ужо вечарэе: зараз не будзе як шыць, а трэба сягоння канешне кончыць. Заутра Пакровы… у Міхалішках кірмаш… Эх, эх, каб хаця той прыйшоў, каго так хочацца сягоння пабачыць.
(Садзіцца пры акне і пачынае зноў, шыючы, пець.)
Ой, ляцелі гусі дый з-пад Беларусі,
Селі яны, палі на сівым Дунаі!
Селі яны, палі, ваду замуцілі
Дый нас, маладзенькіх, з сабой разлучылі.
Бадай тыя гусі марне запрапалі,
Як мы любіліся — цяпер перасталі.
(Паглядзеўшы ў акно.)
Ну, ужо зусім няма як без агню шыць! Зараз трэба запаліць лямпу. Цямнее і цямнее, ночка набліжаецца, а яго як няма, так няма! А шчыра абяцаўся, шэльма, напэўна прыйсці. (Шукае запалак і запальвае лямпу.) І што гэты тата да яго мае. з таго часу, як даведаўся, што ён на мяне мілым вокам паглядае, усе роўна як чорная кошка між імі перабегла. Ён-то нічога, але тата — дык жыўцом бы яго з'еў. Ну, але тата свае, Якім свае, а я — свае. Паглядзім, чый верх будзе: таткаў, ці мой, ці яго? (Падумаўшы.) Казаў, прыйдзе сягоння, каб там і ліха гарэла. «Трэба, кажа, сякую ці такую зрабіць пастанову. Мы, кажа, не дзеці — маем свой розум і можам сабой пакіравацца. Толькі ты, кажа, Паўлінка, павінна на гэта прыстаць канешне, бо іначай, кажа, згінем, як рудыя мышы…» (Ускочыўшы.) Ай! нехта ідзе. Ён, ён, нгшэуна, ён!
Паўлінка, Якім
Якім. Вось і я — як тут быў! Добры вечар ясне-пекнай панне Паўлінцы. Што, золатца мае ненагляднае, прачакалася трохі мяне, ненавісніка? (Глянуўшы на бакі.) А ці нікога няма? (Гаворачы, набліжаецца да Паўлінкі, вітаецца і хоча абняць яе.)
Паўлінка (баронячыся). Ой, ой! памалу! Усе дома, усе дома. Толькі ў Якіма не усе дома, бо поначы ходзіць да маладых дзяўчат. Дадуць, дадуць зараз пытлю старыя. (Тупаючы нагой.) Пазваленне ёсць гэтак позна прыходзіць?
Якім (садзячыся). Ёсць, ёсць, мая ты сакатушка, шчабятушка! Кажы толькі хутчэй, галубка мая бяскрылая: тата тьой дома ці не? Бо ж сама ведаеш, якая ў нас з ім страшэнная любасць…
Паўлінка (садзячыся за шьщцё). Ой, чаму ж не ведаю: як між катом і сабакам якраз. Але, але смела будзь, як у Бога пад прыпечкам. Паехалі абое на торг і, пэуна, позна вернуцца, бо маюць трохі сяго-таго да прадання і маняцца сякія-такія зрабіць пакупкі. Бачыш, заутра мае быць трохі гасцей з кірмашу. (Абнімае Якіма, раптам знаходзіць у кішэні кнігу.) А гэта што? (Чытае няўмела першыя радкі з «Песні аб Сокале» М. Горкага. Потым ён забірае ў яе кнігу і сам чытае.)
Якім. Та-а-к! Значыцца, тым кшталтам, вечарынка будзе.
Паўлінка. Так, так! Вечарынка быць-то будзе, але не усе на ей будуць.
Якім. Эх, Паўлінка! Ты ўсё свае; мне і так горка на душы, як бы хто там палын засеяў, а ты яшчэ прытычкамі сваімІ соліш. Вазьму на злосць ды прыйду. Што ж яны са мною зробяць?
Паўлінка. Зрабіць-то нічога не зробяць, але і ты сам нічога не зробіш, а толькІ пераробіш…
Якім. (робячы папяросу). Ці ясне-панна Паўлінка пазволіць мне закурыць пры ей?
Паўлінка. Ого, скуль такая далікатнасць? Рукам каля дзяўчыны дае волю без пытання, а як папяроску закурыць, дык пазвалення просіць. Не пазваляю затое, вось і ўсё тут!
Якім. А я закуру.
Паўлінка. А я не дам! Кідае шыццё і хоча адабраць папяросу. Нейкі час тузаюцца, бегаюць адно за адным па хаце і няўмысля раскідаюць на ложку падушкі.
Якім. (бегаючы). Ну, ужо годзе, годзе, Паўлінка! Болей нічому без твайго пазвалення даваць волі не буду.
Паўлінка. Ну, калі так, то згода!
Садзяцца. Якім курыць. Паўлінка шые.
Якім (памаўчаўшы). Паўлінка!
Паўлінка. Га! Ці пан Якім забыўся, як я завуся?
Якім. Ды не! Я хацеў бы, золатца, сур'ёзна з табой пагаварыць.
Паўлінка. І-і!!! Ведаю я гэтыя сур'ёзнасці. Перш-наперш будзе, ці я люблю, пасля — ці вельмі моцна, а пасля — ці гатова ўсё чысценька зрабіць, што чарнабрывы Якім захоча, а там, а там… І паехала, як на непадмазаных калёсах… Ці ж не праўда?
Якім. Прауда-то праўда, але ўсяму мусіць быць канец.
Паўлінка. Ну, дык слухаем, вашэці. А вось, можа, і новую песеньку нам спяіцё. Адно толькі за умовай: або надта вясёлую-вясёлую, каб аж лявоніху захацелася ісці, або такую сумна-сумненькую, што, выслухаушы яе, — раз, два ды бухтыль у вір галавою! вось так! Паказвае і чуць не валіцца; Якім падхоплівае і садзіць яе на лаве.
Якім. Гэта будзе ад цябе, мае ты сонейка, залежаць. Як захочаш — такая і песенька выйдзе: або вясёлая, радасная, як бы самое неба яснае, або сумная, гаротная, як асеннія хмары над гэтай зямелькай чорнай. (Памаучаўшы.) Эх, эх! І дакуль жа ўсё гэта будзе цягнуцца? Дакуль, як сухавей, сушыць і мучыць нас будзе?
Паўлінка. (жартаўліва). Толькі не нас, а мяне. трэба гаварыць. Мне дужа добра, весела і так лёганька, лёганька на сэрцы, што…
Якім (з дакорам). Паулінка!
Паўлінка (закрываючы губы рукой). Ну, ну, ужо маучу… як нямая рыба.
Якім (як бы сам да сябе). Калі, калі ўжо надойдзе тая часінка, што нас злучыць навекі і мы ужо ніколі не расстанемся? Калі? Калі?…
Паулінка. Ха-ха-ха! На святое ніколі. Вельмі ўжо татка мой заеўся на цябе з таго часу, як даведаўся, што мы з табой злюбіліся. Ну, а без таты гэты інтэрас наладзіць будзе вельмі трудна.
Якім. Трудна-то яно трудна, але няма таго злога, каб не выйшла на добрае. Хоць бы, прымерам, мы з табой так зрабілі: выбраўшы падхадзячую часіну, калі стары будзе не ў злосці, узяліся з табой за рукі, падышлі да яго, укленчылі і сказалі: так і так, наш добры бацечка, — я люблю Паулінку, а я люблю Якімку — вельмі-вельмі моцна, так, што і жыцця нам аднаму без аднаго нямашака, ну дык супакойце нашы сэрцайкі, дайце нам пазваленне узяць ды пажаніціся.
Паўлінка. Э-э!!! Не туды, мой дурненькі Якімка, паехау! Уедзеш гэтак у нерат, што ні узад ні уперад. Каб гэта яшчэ толькі з мамкай, то яно сяк-так, як табе не раз я і казала, але са старым дык чыстая бяда, настаяшчае гора. Хоць ты яму кол на галаве чашы, дык нічога не выдзеубеш. «На парог, кажа, каб і не важыуся паказвацца; мазгаўню, кажа, гаду пашчапаю!» Вось і рабі з ім, што хочаш! Каб мог, дык на першай асіне павесіу быў цябе. Ну, і дзе ж у такім разе набрацца смеласці, ісці кленчыць перад ім і прасіць пазвалення?… Задасць такога пытлю і табе, і мне разам, што і жаніцьба у галаву не палезе.
Якім. Так-то яно так! Але я неяк усе яшчэ надзеі не трачу, — ану ж адпусціцца. Быу жа так! час, што мяне любіу ды нават у бядзе то тады, то сяды памагау.
Паўлінка. Быу час, але вадою сплыу. Памагау, пакуль не убачыу, што трэба і дачкою памагчы, а як да гэтага стала даходзіць, вось у ім і адазвалася шляхоцкая фанабэрыя. Другую песню цяпер пяе. Нож то чыць… востра нож точыць родны мой татка на таго, каго сам калісь любіў і каго я палюбіла… (Устаючы, горача.) І на векі вечныя любіць буду.
Ідзе і папраўляе падушкі, за ей — Якім, абнімае яе, і садзяцца, абняўшыся, на ложку.
Якім (памаўчаўшы, ласкава). Паўлінка!
Паўлінка (смеючыся). Ізноў забыўся, як завуся?
Якім. А ты ізноў сваё… Слухай, міленькая: ці ты надумалася зрабіць тое, аб што я цябе надовічы прасіў і маліў? Сама ж ты, золатца, казала мне не раз і цяпер кажаш, што татка твой ні на якія просьбы не згодзіцца. Значыцца, сама добра разумееш, што іншага выхаду для нас нямашака. А гэтак, як я казаў, будзе найлепей. Ці то мы будзем першыя, або апошнія? Янка Лукашонак з сваей Зосяй так зрабілі, Ігнась Манякоўскі з сваей Дамінісяй, ды і шмат хто… Бацькі спачатку пазлуюць, пазлуюць трохі і адпусцяцца, — ведама, бацькаўскае сэрца. Вось мы з табой, міленькая, такім парадкам самі сабе шчасце збудуем і нічыёй ласкі прасіць не будзем. Адно, абы твая згода — і ўсё будзе добра. Я ўжо, прызнацца табе, гаварыў з папом. Ён заутра прыязджае ў Міхалішкі імшу адпраўляць і заначуе ў ваколіцы. Ну, а мы к яму… раз, два і — гатова.
Паўлінка. Думаць-то я думала, але неяк страшна. Можа б, было лепей, каб яшчэ трохі пачакаць, а то так скора, раптам… Хто спяшыць, той людзей смяшыць.
Якім. Якая ты нядобрая, Паўлінка! Ты зараз — страшна, страшна, пачакаць, пачакаць! Гзтак і ўсю сваю моладасць пачаканкамі перачакаем. А так гэта дачэснае жыццё можна добра наладзіць, так добра, абы толькі ахвота ў нас была ды вытрываласць.
Паўлінка. А што, калі зловяць? Гэта ж я не выжыву з сораму, людзі вочы выберуць, нельга будзе на свет паказацца. Цяпер і то колькі ўсякай брыды ўслужлівыя суседзі і суседкі на нас вернуць, а што і гаварыць тады, як нам гэта «бог наш уцечка» не ўдасца.
Якім. Не бойся, золатца, не зловяць! Усе пойдзе гладка. Заутра ў вас вечарынка; пасля вечарынкі ўсе будуць спаць моцна, так што хоць з гарматаў страляй — нічога не пачуюць. Я ўсё акуратна прыгатую, ты толькі звяжаш у клумак што патрэбнейшае, а там праз момант — і ты мая на векі вечныя.
Паўлінка (нібы са злосцю). Не я твая, а ты мой на векі вечныя!
Якім. Ну, хай будзе, як Сора казала; але гэта толькі тады у нас выйдзе, калі ты прыстанеш на тое, аб што я цябе прасіў і прашу.
Паўлінка (падумаўшы, смеючыся). Ну, згода да… заутрашняга дня, а там пабачым.
Якім (павесялеўшы). І дауно ужо трэ было гэтак сказаць, мая ты кветачка майская. Заутра вечарам, як толькі ўсе паукладаюцца, — я ужо у садзе пад акном буду на цябе чакаць. Ты аконца адчыніш, лахі пад пахі ды скакель з хаты у сад, як пятух!
Паўлінка. Гэта ты, як пятух, а я, як…
Якім (перапыняючы). Як курыца.
Паўлінка. Не курыца, а як зязюлька.
Якім. Як зязюлька, праз акно фырр! а пятух цап, а поп крапілам пырсь! а там…
Паўлінка. (смеючыся). А там ізноу фырр!.. Размахвае рукамі і хоча вырвацца. Якім мацней прыціскае яе к сабе і хоча пацалаваць; яна нібы баронщца, а пасля хватае яго за шыю і доўга горача цалуюцца.
Якім. Ох, каб гэтак усе жыццё і кожную мінутку.
Паулінка. Ого! Разласавауся!.. Аскому нагоніш, пакуль ахвоту спагоніш. (Прыслухаўшыся.) Ой, недзе туркоча! Ці не едуць толькі нашы з торгу!
Якім (прыслухаўшыся). Такі ж нехта едзе!
Паулінка (сумна). Значыцца, Якімка, трэба ўжо табе рабіць фырр!
Якім (устаючы, з уздохам). Нічога не парадзіш — трэба!.. Ой, гэтыя бацькі! І чаму гэта не родзяцца на свет дочкі без бацькоў!..
Паўлінка (устаючы). Ах, чуць не забылася. Ці прынёс мне тое, што абяцаўся?
Якім. А як жа, прынёс, мае ты золатца. (Дастае з кішэні фатаграфію і аддае Паўлінцы.)
Паўлінка (прыглядаючыся да фатаграфіі, весела). Вот так добра! Заместа аднаго маю ужо двух: аднаго, што сам ходзіць да дзяучат і рукам волю дае, а другога, што трэба насіць за… пазухай. (Смяецца.)
Якім (любуецца ею, хватае і цалуе). Ах ты, зязюлька мая ненаглядная!
Паулінка (баронячыся). Ну, ну, петушок! Не гарачыся: паспееш з козамі на торг. (Выпіхаючы Якіма з хаты.) Марш дадому! Раз, два, тры!..
Якім (у дзверах). Помні, Паўлінка, — заўтра!.. (Выходзіць.)
Паўлінка адна
Паўлінка (папраўляе ложак, пасля прыглядаецца да фатаграфіі, цалуе яе і хавае за пазуху, прыціскаючы грудзі рукамі). А што, смачна? цёпленька?… Га?… Каля самага сэрцайка дзявочага… Пэўна чуеш, як яно, бедненькае, трапечацца. Выгадна табе тут, як нідзе, нікому!.. Але не, не! Гэтак не выпадае. Яшчэ трохі порана… Паслязаўтра — іншая рэч. А цяпер… (/дзе к абразу.) Пасядзі лепш, саколік, за абразікам. Седзячы гэтак у бога за плячыма, меней будзеш мець грэшных думак у галаве, чымся песцячыся тут (паказвае) у маладой дзяўчыны. (Напяваючы, падыходзіць да сцяны, хавае фатаграфію за абраз і як ні ў чым не бывала садзіцца за шыццё.) Дый чым жа твая, дзеванька, Галоўка занята? (і г. д.)
Паўлінка, Сцяпан, Альжбета
Сцяпан (п'янаваты ўваходзіць з Альжбетай з сенца і прыпявае.) Дзе мы едзем, дзе мы йдзём, Карчмы не мінаем; Дзе заедзем, дзе зайдзём, — Там і нагуляем.
Альжбета (кладучы пакупкі на куфар і раздзяваючыся, да Сцяпана). Не смяшы ты людзей. Калі падпіў, дык ляж спаць!
Сцяпан. Маўчы, баба!.. Ты, каханенькая, родненькая, нічога не разбіраеш… Вал асы доўгія, а розум кароткі. (Прыпявае.) Ой, там, на гарэ, Мужык жонкай арэ, А другая падбягае: «Запражы ж ты мяне». (Хоча абняць Альжбету.)
Альжбета (адпіргнуўшы). Ах ты, гнілая качарэжка! Яшчэ, можа, табе чаго захочацца?… Сцяпан (выкручваючы нагамі). Дзед боб малаціў, Баба падсявала…
Паўлінка. Гэта! Ды кіньце ўжо!.. Ось лепей раздзявайцеся ды, можа, чаго з'ясцё.
Сцяпан. А можа, гэта і добра, каханенькая, родненькая… Каб так кіслай ды гарачай капусты. (Скідае вопратку і кладзе на куфар.)
Скіну бурку, скіну боты
Дый надзену лапці;
Кожны дурань ці разумны —
Пан у сваёй хаце.
(Садзіцца за стол.)
Паўлінка (кінуўшы шыццё на ложак, да Альжбеты). Мамка, дастаньце з куфра настольнік, а я прынясу вам з'есці. (Выходзіць.)
Сцяпан, Альжбета
Альжбета (дастаючы настольнік з куфра). з кім ты гэтак намурзаўся?
Сцяпан (закурваючы люльку). Я і з тым, я і з сім, а ты, каханенькая, родненькая, згадай, — з кім?
Альжбета. А немач цябе ведае, з кім!
Сцяпан. Ці ж я не казаў, што ў цябе тут (торкаючы сабе пальцам у лоб) не усе дома? Але слухай: з зяцем!
Альжбета (здзівіўшыся). з зяцем?!
Сцяпан. Так, так, каханенькая, родненькая. Хто з сватам, хто з сваццяй, а як Сцяпаи Крыніцкі, дык з родным зяцем.
Альжбета (накрываючы стол). Такі праўду кажуць, што гарэлка людзей з поля зводзіць. Калі ж ты ўспеў яго нажыць?… Дачка яшчэ замуж не выйшла, а бацька ўжо зяця мае!
Сцяпан. Калі не маю цяпер, дык буду мець у чацвер. Гэта, бачыш, ён яшчэ толькі збіраецца падмазацца да нашай Паўлінкі; ну, а каб слізчэй усе пайшло, дык перш мяне ён падмазаў.
Альжбета (садзіцца). Так бы і казаў адразу. А хто ж гэта такі?
Сцяпан. Адольф Быкоўскі!
Альжбета. Э-э! Я думала, хто там!.. Ажио нічога людскога. Толькі ездзіць ды нюхае, якая дзяўчына пасагу больш мае, а сам дык голы, як бізун.
Сцяпан. Пасаг нюхае, бо нос мае. Але ўсё-такі гэта для нас блін ды яшчэ маслам падмазаны. Ён сам мне, каханенькая, родненькая, хваліўся, што яго гаспадарка ў сто раз лепшая ад усіх тутэйшых гаспадароў. За аднаго каня толькі, казаў, заплаціў сёлета тры сотні. «На гэтым жа кані, кажа, заутра да васпанства заедуся з кірмашу». (Мацаецца па кішэнях, сам сабе.) Дзе ж бы яна падзелася?… (Да Альжбеты.) Ты, баба, ці не бачыла кніжкі, што я купіў сягоння? Дзе яна прапала?
Альжбета. А што я, пастушка над тваімі кніжкамі? Прапіў, можа, з гэтым сваім зяцем.
Сцяпан (ідзе к куфру, знаходзіць у бурцы кніжку і кладзе яе за абраз, дзе Паулінка палажыла фатаграфію). Каханенькая, родненькая, не думай, што я якую дрэнь выбраў сабе на зяця. Заутра ён прыедзе, паглядзіш, дык адразу што другое запяеш. Адным словам, хлапец: шляхоцкага заводу, з рызыкай, з усякай далікатнасцяй і ўсё такое…
Паўлінка, Сцяпан, Альжбета
Паўлінка (уваходзячы з міскай, з лыжкамі і хлебам над пахай). Аб кім гэта, татка, гаворыце, што мае ўсякую далікатнасць І усе такое? (Ставщъ яду на стол і садзіцца за шыццё.)
Сцяпан (едучы). Вельмі васпанна цікавая! Скора састарышся, каханенькая, родненькая, як усе будзеш ведаць.
Паўлінка (просячы). Скажыце, скажыце, татачка!
Сцяпан. Ага, ні села ні пала, захацела баба сала! Калі ужо табе, каханенькая, родненькая, так хочацца, дык скажу. (з павагай.) Знакам тым, гэты паніч з далікатнасцяй і з усякім такім — мой зяць.
Паўлінка (пырснуўшы смехам). Зяць?!
Сцяпан. Знакам тым, ён не саўсім яшчэ зяць, але скора на яго выкіруецца.
Паўлінка. А як жа годнасць гэтага… гэтага, ну як яго… што некалі татавым зяцем зробіцца?
Альжбета. Дык гэты ж, гэты… Ты, пэуна, яго бачыла некалі…
Адольф. Быкоушчык.
Паўлінка. Быкоушчык!!
Сцяпан. Але. Але! Пан Адольф БыкоускІ!
Паўлінка. Ну, хіба, татка, для яго другой дачкі пастараецеся або самі з ім ажэніцеся, каб перарабіць яго з простата чалавека на свайго зяця.
Сцяпан. А ты што? Зломак?
Паўлінка. Зломак — не зломак, але і за ламаку не пайду.
Сцяпан. А дзяга нашто?
Паулінка. На усе, толькі не на паганяку к замужству.
Сцяпан. Каханенькая, родненькая, яшчэ паглядзім, дзе каго пасадзім.
Альжбета. (едучы, да Сцяпана). Еш вот лепей, чымся з пустога у парожняе пераліваць. Як прыедзе сватацца, тады тое і будзе.
Паўлінка. Татка, ведаеш не сягоння, за каго я толькі пайду, або за нікога.
Сцяпан (змяніўшыся, кідаючы лыжку аб стол). Што?… За каго?…
Паўлінка (устаючы і ідучы к ложку). За каго? За Якіма.
Сцяпан (стукаючы кулаком па стале). Маучы, гадаука! Раз сказау, каб гэтага шэльмы і звания не было у маёй хаце, каб яго імені я не чуу ніколі… гэтага недавярка, гэтага… гэтага забастоушчыка! Дык і не забывайся аб гэтым, каханенькая, родненькая…
Паўлінка (паірытавана). Нашто дарэмшчыну вясці. Ён нікому ніякай забастоукі не рабіу і не робіць.
Сцяпан (закурваючы са злосцю люльку). Чорт яго бяры, не тут успамінаючы, — рабіў ці не рабіў. Знаць і бачыць не хачу яго ў сваёй хаце, гэтага хамуйлу, гэтае плюгаўства.
Альжбета. Прыбірай, Паўлінка, ужо са стала!
Паўлінка (кінуўшы на ложак шыццё і ідучы к сталу). А даўно гэта, татка, сам з ім цалаваўся?
Сцяпан. Каханенькая, родненькая, не лезь у вочы. А не, то вон з хаты і цябе з гэтай дрэняй выганю.
Паўлінка ідзе з міскай к дзвярам; неўспадзеўкі дзверы адчыняюцца, увальваецца ў хату п'яны Пранцісь Пустарэвіч, за ім — яго жонка. Пранцісь няўмысля выбівае міску ў Паўлінкі.
Паўлінка. Ай, што ж гэта, дзядзька, зрабілі?
Паўлінка, Сцяпан, Альжбета, Пранцісь, Агата
Пранцісь. Глупства, глупства, пане дабрудзею! Пахвалёны Езус. Собственно, адкупім, адкупім, вось-цо-да!
Сцяпан і Альжбета. Навекі.
Альжбета. Амаежвы родненькія, ці ж гэта вы ўсё яшчэ з рынку едзеце? Здаецца ж, раней за нас выехалі?
Пранцісь. Собственно, вось-цо-да, кабыла заблудзіла, пане дабрудзею.
Агата. Тудэма-сюдэма, ці ж гэта мачыляпа калі прыехаў у сваім часе дамоў! Ён жа, як рызнік, то туды, то сюды блытаецца па дарозе.
Пранцісь. Пане дабрудзею, тваё бабскае дзела — маўчаць! Я, собственно, вось-цо-да, спрытны, — тонка панімаю, што і як раблю.
Альжбета. Ды садзіцеся ж, мае міленькія!
Агата. Тудэма-сюдэма, куды тут садзіцца! Ноч на дварэ, кабыла за плотам, паувярсты да дому, а гэты, тудэма-сюдэма, начніца касавокая, не вытрываў, каб людзям не нарабіць уночы неспакойства. (Садзіцца, а за ёй — іншыя.)
Сцяпан. Э, што там такое! Выспімся! Дзякуй богу, ночка не пятровая, а пакровая.
Паўлінка (падбіраючы чарапкі). Заутра госці будуць, а дзядзька апошнюю міску стоўк. Трэба, каб на кірмашы дзве адкупіў.
Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею, глупства! Хаўтурнага, собственно, вып'ем па місцы. (Дастае з бакавой кішэні пляшку, пацягае з яе і хавае назад.)
Альжбета (смеючыся). А каб гэта нам сваток даў гэтай сусолькі пассаць. Ці ж мы з сваццяй паскрэбкі…
Паўлінка (выходзячы з чарапкамі). Ого! Гэтых свянцоных кропель дзядзька і канаючаму не даў бы, не то, што… (Выходзіць).
Сцяпан, Альжбета, Пранцісь, Агата
Пранцісь (услед Паўлінцы). Глупства, глупства, пане дабрудзею. Маладзенькая яшчэ, маладзенькая! Лазы трэба, собственно, вось-цо-да.
Агата (да Альжбеты). Што, свацейка, тудэма-сюдэма, добрага куплялі на рынку?
Альжбета. Ат, сёе ды тое. Паглядзіце, калІ хочаце. НІчога такога цікаўскага. (Устаюць і ідуць абедзве да куфра і разглядаюць кінутыя на ім пакупкі.)
Пранцісь (да Сцяпана). Чуў, сват, пане дабрудзею, што сягоння людзі казалі?
Сцяпан. Не, не, каханенькі, родненькі, не чуў, не было калі! А што?
Пранцісь. Ды як жа, вось-цо-да! Кажуць, пранцуз, пане дабрудзею, ідзе на Барысава па шапку і рукавіцы, што калісь там заставіў. Чатырыста тысяч войска з сабой вядзе і, собственно…
Агата (перабіваючы з месца). Не чатырыста тысяч, а чатыры сотні тысячаў…
Пранцісь. Глупства, глупства, пане дабрудзею. Усё роўна ідзе, восьцо-да. Спранжыновы касцёл з сабой нясе, пане дабрудзею.
Агата (з месца). Тудэма-сюдэма, не нясе, а на паветры, на машыне, што лётаюць, гэты касцёл вязе.
Сцяпан і Альжбета (здзівіўшыся). Ай-я-я! Аж на паветры касцёл вязуць!..
Агата. Але ж, але! Тудэма-сюдэма, я сама на свае вушы чула.
Сцяпан. Во калі пайшло ўсё ўверх нагамі! Як паставяць гэты спранжыновы касцёл, то можна будзе спадзявацца і для нашага брата якога-такога палягчэння. Дзякуй Богу, дзякуй Богу!!! А вось мая гэта ахмістрыня, дачушка мая сакатушка, сплуталася з гэтым… з гэтым бязбожнікам, і хоць ты ей вар на галаву лі.
Пранцісь. Маладзенькая, собственно, восьцо-да. Бярозавай кашы не шкодзіла б, пане дабрудзею.
Альжбета. Дужа трудна паладзіць з цяперашняй моладдзю. Пайшло такое распуства на свеце, што не дай божа! Заместа кніжак ды набажэнства — чытаюць нейкія дрындушкі. Вецер у ва ўсіх па галаве ходзіць. Гэта ж мне калісь сказалі: ідзі за Сцяпана, — я і пайшла без ніякай спрэчкі са сваімі старымі.
Агата. А так, так, тудэма-сюдэма! І мой, як да мяне пасватаўся, бацька-нябожчык і кажа: ідзі, бо ўсё роўна ніхто цябе лепшы не возьме; я падумала, тудэма-сюдэма, ну і пайшла. Глядзяць абедзве на сваіх мужоў, пасля — адна на адну, плююць кожная ў другі бок і разглядаюць ізноў клункі.
Пранцісь. Так, так, пане дабрудзею; іначай калісь было. (Дастае пляшку і п'е, а пасля дае Сцяпану.) Собственно, глупства, вось-цо-да, было, а ты, сват, выпі, каб тое, што было, у памяці не сядзела.
Сцяпан п'е, Пранцісь прытрымлівае за пляшку, каб той залішне не выпіў.
Сцяпан. (абціраючы вусы ды сплёўваючы). Шчыпецца, каб яе гаручка!
Пранцісь. (хаваючы гарэлку). Ага, вось-цо-да, шчыпецца, собственно, бо чужая, пане дабрудзею.
Абодва закурваюць.
Альжбета. (да Агаты). А ці заўтра, свацейка, будзеце на кірмашы?
Агата. Ды трэба ж будзе як сцягацца.
Тыя ж і Паўлінка
Паўлінка (уваходзячы, да Альжбеты). Можа б, мамка, прыціснулі сыр, бо да заўтрашняга не адціснецца.
Альжбета. Яшчэ паспее… Дай мне з цёткай разгаварыцца.
Паўлінка. Ідзіце, ідзіце, мамка, а я за вас з цёткай пагавару.
Агата. Ідзіце, свацейка, тудэма-сюдэма, не зважайце на мяне. Мы тут з Паўлінкай пачакаем на цябе.
Альжбета (выходзячы). Ну, як сабе хочаце.
Паўлінка з Агатай садзяцца на куфры і жыва аб чымсьці гавораць.
Паўлінка, Сцяпан, Пранцісь, Агата
Сцяпан. Знаеце, сваток, гэтага, гэтага… як ён… а каб цябе… (Да Паўлінкі.) Паўлінка, як гэты завецца, што мяне сягоння падмазываў?
Паўлінка (з месца). А скуль жа я магу ведаць, хто татку мазаў?
Сцяпан. Ну, гэты ж?., каб ён цяміўся… зяць, зяць!
Паўлінка (прыпамінаючы). Як жа ён, як?… Здаецца, Бык… Бычок…
Сцяпан. Ага, ён, ён. Не, не так! Быкоўскі, каханенькая, родненькая, вось як. Пан Адольф Быкоўскі. (Да Пранціся.) Дык бачыш, сваток, ён, значыцца, падлабуньваецца да маёй Паўлінкі. Што ты на гэта?
Пранцісь (дастаючы гарэлку). Глупства, глупства, пане дабрудзею. Собственно, бычок, вось-цо-да, больш нічога. (П'е і дае гарэлкі Сцяпану.)
Сцяпан (выпіўшы). Заутра, знакам тым, прыедзе абнюхаць, як і што, дык і сваток са сваей загляньце да нас. Ану ж, каханенькі, родненькі, можа, які гандаль будзе наладжвацца, дык прыкінеш якое слаўцо. Прыедзьце толькі.
Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею, і прыйсці можна. Собственно, блізка, вось-цо-да.
Сцяпан. Блізка-то блізка, але каб не было слізка: на дождж як бы збіраецца.
Паўлінка (з месца). А ці, татка, каня паілі?
Сцяпан. Не, каханенькая, родненькая. Зараз пайду. (Да Пранціся.) Можа, разам з сватам пойдзем? Я свайго напаю, а сват свайго паглядзіш, ці добра прывязаны.
Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею. Собственно, жонка завязе, калі б кабыла ўцякла. (Да Агаты.) Праўда, баба?
Агата (з месца). Што — праўда?
Пранцісь. Собственно, калі б кабыла ўцякла, то мяне тады ты дамоў завязеш, пане дабрудзею.
Агата. А каб ты, тудэма-сюдэма, бокам ездзіў! Ідзі скарэй, паглядзі! Гэта ж і мне з памяці сышло.
Сцяпан. Пойдзем, каханенькі, родненькі. (Абымаюцца і сланяючыся выходзяць, напяваючы.) Чаму ж нам не пець, Чаму ж не гудзець, Калі ў нашых хатачках Парадак ідзець?
Паўлінка, Агата
Паўлінка. Але ж калі я яго люблю, цётачка.
Агата. Мала што, дзеткі, тудэма-сюдэма, любіш яго, але калі бацька не хоча, дык падумай, што людзі скажуць, як супроці волі старых пойдзеш.
Паўлінка. А што там людзі? Яны ж з ім жыць за мяне не будуць і па маёй смерці за мяне пакутаваць не будуць. Пагавораць, пагавораць ды перастануць, як намазоляць языкі.
Агата. Як уважаеш, мае дзеткі. Што ж я, тудэма-сюдэма, нічога не дараджу.
Паўлінка. (заламаўшы рукі на каленях). Калі ён такі добры, такі разумны, што і сказаць не магу.
Агата. Усе яны добрыя, пакуль не ўбярэ каторы дзяўчыны ў свае рукі, а як убярэ, тады на іншы лад, тудэма-сюдэма, зайграе, а ты танцуй пад яго дудку. І мой, пакуль толькі сватаўся да мяне, — патульны быў, як цялё, а як ажаніўся, дык праўдзівым ваўком зрабіўся.
Паўлінка. (як бы не зважаючы на гаворку Агаты). Кніжкі мне прыносіў… Хораша так аб усім расказваў… як трэба жыць, як людзей трэба ўсіх любіць, і шмат, шмат чаго. І любіць жа ён гэтых людзей зусім неяк не так, як мы іх любім. Гэта ж трэба ведаць, столькі мой тата на яго ўсякай дарэмшчыны нагаварыў і ачарніў, а ён хоць бы што. «Ведама, кажа, чалавек: яму нешта абышло ці не спадабалася, дык і помстуе. У нас, кажа, усе ідзе не так, як трэба. Людзі, кажа, у нас, як звяры: адзін на другога кідаюцца, адзін другога цкуюць, пад'юджваюць, ненавідзяць адзін другога. Змалку дзён, кажа, прывыкаюць у ненавісці жыць, змалку дзён іх да гэтага вучаць і дома, і за домам. Сляпыя, кажа, усе сляпыя. Адзін над другім не маюць ніякай літасці, хоць усіх душаць зверху ўсялякія пошасці ды злыдні».
Агата. Чула я, чула аб ім не раз. ВельмІ ўжо, кажуць, тудэма-сюдэма, разумны і добры ён.
Паўлінка (ажывіўшыся). А што ж, ці не праўда? І ўсё б было добра, каб не гэты тата: хоць немаведама што рабі з ім.
Агата. Трэба, дзеткі, пачакаць, ану ж, тудэма-сюдэма, ліха перамелецца, і ўсё добра будзе.
Паўлінка. Трэці год, цётачка, чакаем, і нічога не выходзіць. Трэці год трасуся і выглядаю той часінкі, каб толькі з ім пабачыцца. Павешуся, цётачка, павешуся, калі мяне з ім разлучаць!..
Агата (хрысцячыся). Мёйца, сына! Тудэма-сюдэма, што ты, Паўлінка? Пабойся Бога гэткія рэчы гаварыць напроць ночы! Цьфу! матачка найсвентшая!
Паўлінка (паказваючы). Калі тут, цётачка, так пад сэрцам баліць, што і жыць неўмагату. Такі ён міленькі, такі прыгожанькі, такі паслухмяны… (Заглядзеўшыся ўдаль). Калі яшчэ з гэтам былі яны добра, прыйдзе, бывала, вады за мяне прынясе, дрэўкі нашчапае. Не глядзіць на тое, што калісь вучыўся, а цяпер сам вуча і болыпых, і меншых. Ніколі ад яго слова благога не чула. Так, ведаеце, цётачка, і хочацца з кім-колечы аб ім гаварыць і думаць без канца і пачатку. І чаму я такая няшчасная? (Са слязьмі.) Бацька родны хоча мяне адарваць ад таго, хто мне цяпер мілей ад усяго чыста — жыцця, хаты роднай, цэлага свету. І чаму ж я такая няшчасная?
Агата (тулячы да сябе Паўлінку, праз слезы). Ціха, мае дзеткі, ціха. Не гаруй, не маркоцься, міленькая, вельмі. Неяк жа ды будзе. Бог найвышэйшы, тудэма-сюдэма, міласэрны і аб тваёй тут цяжанькай долі не забудзецца.
Паўлінка (як бы збудзіўшыся). А няхай сабе будзе, што мае быць — я свайго такі даб'юся або згіну, каб і следу не засталося.
Агата. А усе ж такі, скажы мне, дзеткі, чаму так твой тата на яго заеўся?
Паўлінка. Бо… бо Якім з мужыкоў…
Паўлінка, Агата, Сцяпан, Пранцісь
Пранцісь (за дзвярыма). Глупства, вось-цо-да. Не дзе падзелася! Я знаю, собственно, дамоў уцякла, пане дабрудзею.
Сцяпан (уваходзячы у хату, а за ш Пранцісь). І трэ было ж свату так дрэнна яе прывязаць, ды ў гэткую яшчэ цемру.
Агата. (усхапіўшыся). Каго прывязаць?
Пранцісь. Кабылу, кабылу, пане дабрудзею. Ужо ж не цябе, вось-цо-да.
Агата. Дык дзе ж кабыла?
Пранцісь (дастаючы пляшку). Собственно, няма кабылы, дзе была, вось-цо-да, пане дабрудзею.
Агата (падбягаючы да Пранціся з кулакамі). Дык чаго ж ты, тудэма-сюдэма, несвянцоная костка, рассеўся, як у сваей хаце!
Пранцісь (пацягваючы з бутэлькі). Глупства, глупства, вось-цо-да. Пасвенцім, собственно, пане дабрудзею, калі несвянцоная.
Агата (хоча вырваць пляшку, Пранцісь не дав). Вот я цябе зараз, тудэма-сюдэма, як высвенчу гэтай пляшкай па галаве, дык і сваіх не пазнаеш, няшчасны ты «вось-цо-да». (Галосячы.) А Божа ж мой, бацюхна мой! Нашто мяне пакараў гэтай, тудэма-сюдэма, п'яніцай, гэтай недарэкай, гэтай куксамордай, гэтай… гэтай…
Тыя ж і Альжбета
Альжбета. (убяеае, трымаючы ў руцэ клінок з тварагом). Што гэта ў вас тут парабілася, мае міленькія?
Паўлінка. Кабыла дзядзькава ўцякла ці хто ўкраў. (Ідзе, садзіцца на ложак і шые.)
Альжбета (да Пранціся). Дык чаго ж, сватка, чакаеце? Бяжыце скарэй дамоў,- пэўна, там; гэта ж ей не першыня.
Агата. Ці ж тэту, тудэма-сюдэма, трухлявую калоду зрушыш з месца! Сядзіць жа вось анцыхрыст, каб яму моль пяты пабіла, і з месца не скранецца.
Сцяпан (закурваючы люльку), Супакойцеся, свацця. Не дзе яна дзенецца. Каханенькая, родненькая, яна дома, напэўна дома.
Агата. А сват, тудэма-сюдэма, не сунься з сваім носам туды, куды цябе не просяць. (Да Пранціся.) Ідзём! Чуеш ці не!..
Пранцісь (устаючы). Глупства, пане дабрудзею, глупства. Мае мазгі спрытныя. На табе, вось-цо-да, паеду, собственно, дамоў.
Агата (выводзячы Пранціся). Бывайце здаровы! Нахвалены Езус!.. Падла гэты, ламака, нарабіў работы!
Выходзяць, за імі — Альжбета з клінком.
Паўлінка, Сцяпан
Сцяпан. Ох, і даюцца ж гэтыя сваякі ў знакі. Але, дзякуй Богу, дзве дзюркі ў носе і сканчылося, — ужо пазбыўся.
Паўлінка. А дауно гэта таткаў гняды ўцёк з Лужанкі, і татка дамоў пехатой прытрапаў?
Сцяпан. Што было, тое сплыло і болей, каханенькая, родненькая, не будзе, як кажуць людзі.
Паўлінка. Паглядзім. Заутра кірмаш.
Сцяпан. Не бойся, каханенькая, родненькая. Я кабылу злаўлю, але і ты глядзі, каб мне таго зяця злавіла, аб якім я табе сягоння гаварыў.
Паўлінка. Што ён, конь ці вол, каб я яго яшчэ мела лавіць?
Сцяпан. Не конь і не вол, а так сабе, дойная жывёліна.
Паўлінка. Дык, татка, яго і дойце, калі ён для вас такі дойны, а я і не думаю.
Сцяпан. Нічагутанькі, каханенькая, родненькая. Надумается, ваша, як пакармлю бярозавай кашай. Вось толькі каб пагода была добрая, а то казаў ён, што на кірмаш не паедзе, калі будзе дождж ісці.
Паўлінка. Ліха не возьме! Гэткі цукар не размокне.
Сцяпан. Каханенькая, родненькая, як скажу, так і будзе; дзве дзюркі ў носе і сканчылося. Вось толькі трэба даведацца, ці будзе напэўна заутра пагода. Купіў я сягоння каляндар — нейкі беларускі, як кажа крамнік. Пытаўся ў яго, ці піша аб пагодзе, дык крамнік гавора мне, што аб пагодзе напісана ў Ім болей, як аб чым іншым. Значыцца, паглядзім праўды. Ідзе і дастае з-за абраза каляндар, адтуль валіцца на зямлю фатаграфія. Паўлінка, саскочыўшы з ложка, падбягае падняць яе, але не паспявае. (Падымаючы фатаграфію.) А гэта што такое?
Паўлінка (хочучы адабраць). Гэта мая. Аддайце мне, гэта!
Сцяпан. Я пытаюся — хто гэта?
Паўлінка. Ці ж, гэта, не бачыце?
Сцяпан (са злоснай насмешкай). Ха-ха-ха! Якім!.. Хай жа ён прападзе саўсім. (Хоча рваць, Паўлінка адбірае.)
Паўлінка (скрозь слёзы). Аддайце, татачка, аддайце, не рвіце! не здзекавайцеся над ім…
Сцяпан (адпіргнуўшы ад сябе Паулінку). Адчапіся ад мяне, гіцлёўка! Я вам тут наразводжу шашняў…
Стукат у сенцах. Уваходзяць Пранцісь, Агата, а за імі Альжбета. Паўлінка стаіць патупіўшыся, глытаючы слёзы, і скубе пальцам! фартух.
Паўлінка, Сцяпан, Альжбета, Пранцісь, Агата
Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею, Я, вось-цо-да, казаў, собственно, не дзе падзенецца.
Агата (дражнячы). Вось-цо-да, вось-цо-да! Сам кабылу, тудэма-сюдэма, паставіў у вас пад паветкай, а шукае за плотам. Дарма толькі поўзалі і слядоў прыглядаліся.
Альжбета. Ну, дзякуй Богу, што хоць найшлася. (Да Сцяпана.) Што ты там круціш у руках?
Сцяпан (тыкаючы фатаграфію ў твар Альжбеце). На, на! любуйся, якія празэнты атрымлівае твая дачушка!
Альжбета. (закрываючы рукой твар). Чаго соваешся… Такая яна і твая, як мая.
Сцяпан. Лжэш! Каб яна была мая, то была б такая, як і я.
Пранцісь. Пакажы, пакажы, пане дабрудзею, што гэта за птушка?
Сцяпан (паказваючы). На, глядзі, сваток! Павіншуй мяне з такой дачушкай і з гэтым, з гэтым гарэтыкам!
Пранцісь (разглядаючы). Эге! Гэта гэты разумненькі, вучоны, грамацей… Собственно, Сарока, вось-цо-да.
Сцяпан. Але ж, але! Якім Сарока.
Агата (да Сцяпана). Тудэма-сюдэма, пакажыце і мне, сватка.
Пранцісь (да Агаты). Ты, пане дабрудзею, баба, не лезь сюды з цікавым носам. Собственно, пільнуй сваей спадніцы і панчохаў, вось-цо-да. А мы суд, суд зробім… правы і скоры.
Паўлінка (падыходзячы да Альжбеты, ласкава). Мамачка, адбярыце яе ў таткі.
Альжбета. Што я з ім, дзеткІ, зраблю? Яшчэ біцца будзе…
Сцяпан. (да Пранціся). А добра, сватка, кажаш. Зробім суд, перасуд добрым складам над гэтым гадам. А які?
Пранцісь. А такі, пане дабрудзею: стражнікаў паклікаць, спраўніку данясці. Собственно, інквізітарскі суд зрабіць — па палавіне шась! і гатова, вось-цо-да.
Паўлінка (кідаючыся да Сцяпана і цалуючы яму рукі, скрозь слёзы). Татачка, аддайце! Не здзекавайцеся над ім!.. Ён жа вам нічога благога не зрабіў.
Сцяпан (са злосцю). Спаць, спаць пайшла, калі гэткага знайшла! Спаць! (Рве фатаграфію.)
Паўлінка (з плачам апускаючыся на лаву). Татка, згубіць мяне хочаце… Гвалтам з хаты выгнаць.
Пранцісь (дастаючы пляшку). А цяпер, собственно, вып'ем хаўтурнага, вось-цо-да. (П'е.)
Паўлінка (усхапіушыся з лавы, кідаецца да Пранціся). Па кабыле сваей пі хаўтурнага, а не па чалавеку, якога І падноскаў не варт! (Вырываючы і разбіваючы аб зямлю пляшку.) Вось-цо-да!
Пранцісь (развесіўшы рукі, здзіўлены, як і ўсе). О-о-о!!!
Заслона.