Тая ж самая — што ў першым акце — святліца. За стадом сядзяць: Сцяпан, Альжбета і госці — тры хлопцы і тры дзяўчыны. Мужчыны сядзяць з аднаго канца стала, а жанчыны — з другога. П'юць гарбату, наліваючы на сподкі; закусваюць. Дзецюкі з дзяўчатамі жартуюць, перакідваючыся крошкамі ад хлеба. з левай стараны (гледзячы ад публікі) пры сцяне ад бакоўкі сядзяць два музыкі і, зводзячы инструменты, сціха перагаварваюцца між сабой. Ля дзвярэй ад сенцаў, у канцы куфра, на табурэце стаіць самавар. Паўлінка, прыбраўшыся па-святочнаму, увіхаецца каля гасцей. Трохі ў твары змяніўшыся; час ад часу ўздыхае і няўзнак паглядае ў акно; адно стараецца быць з усімі вясёлай і бойкай. Як падымаецца заслона — Паўлінка нясе гарбату.
Паўлінка, Сцяпан, Альжбета, госці, музыкі
Паўлінка (стаўляючы гарбату перад Сцяпанам). Што ж гэта нешта татавага зяця так позна ні слуху ні духу? Ці не знюхаў ён, што ў мяне пасагу нямашака?
Сцяпан. Каханенькая, родненькая, не бядуй. Не будзе Прша, будзе чорт іншы.
Паўлінка (насмешліва). Мала што будзе… Але ж, калі мяне ўжо неяк, як цмокам, стала цягнуць да гэтага Бык… Бычка… Ах, як яго?…
Сцяпан (з націскам). Быкоўскага.
Паўлінка (падыходзячы да другого, канца стала). Можа, Адэльцы яшчэ шкляначку?
Адэлька (госця). Дзякуй. Ужо напілася.
Альжбета. Ды бяры! Што там пытается? Панна Адэля толькі дзве выпіла.
Адэлька. Калі ж болей не хочацца.
Паўлінка (забіраючы шклянку). Вып'еш, вып'еш, Адэлька, — змесціцца.
Альжбета (падсоўваючы гасцям яду). Старайцеся, госцікі, старайцеся. Вось — сыр, масла, вяндліна! Такі ж сягоння трохі папрацавалі каля полькі да лявоніхі.
Колькі галасоў (перажоўваючы і сёрбаючы). Дзякуй, дзякуй! Мы стараемся.
Сцяпан. Чым хата багата — тым рада. Хлеб на стале — рукі свае. Выбачайце толькі, каханенькія, родненькія, што гарэлкі няма. Але я ў гэтым не вінават. Хацеў узяць у Міхалішках, дык, як на ліха, манаполька цэлы дзень была закрыта.
Музыка (убок да другога). Каб не салгаў, дык бы і не жыў. Я сам бачыў, як пасля імшы адбываўся з пляшкамі пры манапольцы нешпар.
Другі Музыка. Слухаць! Скнэра, і больш нічога.
Паўлінка (паставіўшы Адэлі шклянку, да аднаго з гасцей). Можа, пан Вінцусь яшчэ вып'е?…
Вінцусь (госць; уціраючы канцом настольтка губы Ілоб). Яно-то было ўжо і досыць, але калі панна Паўлінка так пекна просіць, дык можна яшчэ са шкляначку.
Паўлінка (ідучы са шклянкай). Гэты ўжо дык пятую шклянку бабохае…
Сцяпан (да Альжбеты). Ці добра хаця ты прасіла Пустарэвічаў? Чаму іх так доўга няма?
Альжбета. Каб і не прасіла, то прыедуць. (з насмешкай.) Пэўна, собственно, кабыла заблудзіла.
Адзін з гасцей. Штось сягоння на кірмашы Якіма Сарокі не было. А то, бывала, такім франтам пахаджывае, што куды мяне вядзеш, пусці мяне к чорту.
Паўлінка (стаўляючы гарбату). А пану Банадысю зайздрасць, што так прыадзецца не патрапіць, хоць мо і мае за што.
Госць. Чымся грошы траціць на адзежу, я лепей іх каму пазычу.
Паўлінка (садзячыся на ложку). І працэнцік добры злуплю, каб аж у пяты другому закалола.
Госць (самадавольна). Хе-хе-хе! А панне Паўлінцы злосць яшчэ не адышла, што калісь гэтаму ягамосці Сароцы ні за які працэнт не пазычыў.
Паўлінка. Вельмі ж яму гэтым і не пашкодзілі. Нашліся людзі, што і без працэнтаў пазычылі і далі яму магчымасць паехаць на настаўніцкія курсы. Цяпер нічыёй ласкі не патрабуе.
Адна з гасцей. Пэўна, што не! Такі чалавек нідзе не прападзе.
Сцяпан (прыслухваючыся дагэтуль гутарцы аб Сароцы). Каханенькія, родненькія, кіньце аб гэтым свінапасе гаварыць. Прыелася ўжо мне гутарка аб ім горш горкай рэдзькі. І ці гаманіце аб ім, ці не гаманіце — усё роўна нічога не выйдзе. Я ўжо яму даў дарогу.
Паўлінка (неспакойна). Якую дарогу?
Сцяпан. А ты, каханенькая, родненькая, не слухай вушы развесіўшы, ды лепей гасцей глядзі. Дзве дзюркі ў носе і сканчылося. Нейкую хвіліну ціха. Паўлінка падыходзіць браць шклянкі, але ўсе адказваюцца.
Альжбета. Што ж, выбачайце, госцікі. Не хацелі піць і есці, пасля самі будзеце жалець.
Сцяпан. Выбачайце, выбачайце, каханенькія, родненькія, адно не скажыце, што ўсяго было ўдаволь, толькі прынукі не было.
Колькі галасоў (устаючы з-за стала). Дзякуем, дзякуем пану гаспадару і пані гаспадыні! Падмацавэліся, хвала Богу, як лепей не трэба.
Паўлінка (устаючы з ложка). Проша паненак сюды прысесці, а, паны кавалеры, вазьміце сабе табурэцікі ды вось тут падсядзьце, а я тым часам пачастую гарбатай нашых музыкаў.
Сцяпан і Альжбета (вылазячы з-за стала). А як жа — трэба, трэба! Дзяўчаты садзяцца на ложку, хлопцы каля іх на табурэтах; жартуюць між сабой.
Альжбета (падыходзячы да музыкаў). Хадзіце, міленькія, выпійце са шкляначку гарбаты.
Музыкі. Дзякуем пані! Мы ужо сягоння пілі.
Альжбета. Мала што калі было, а цяпер трэба яшчэ падмацавацца. (Забірае інструменты і кладзе іх на куфар, садзіць музыкаў за стол і сама садзіцца. Да Паўлінкі.) А ты, дзеткі, налі музыкам гарбаты!
Сцяпан (закурваючы люльку). Выбачайце толькі, каханенькія, родненькія, што гарэлкі няма.
Музыкі. І без гэтых кропель будзем жывы. Чуваць стукат у сенцах.
Сцяпан. А бач, нехта такі хоць нарэшце з'явіўся. Трэба ісці ды глянуць, а то яшчэ ў дзверы не луча. (Ідзе.)
Адзін з гасцей. Нясі, Божа, нежаматага ды багатага!
Адна з гасцей. Жаніць будзем!
Паўлінка (стаўляе музыкам гарбату, пидыходзе і глядзіць у акно. У бок.) Ах, як жа цёмненька!
Адзін з гасцей. Каго так, панна Паўлінка, выглядаеце?
Паўлінка. Таго ж — нежанатага ды багатага.
Тыя ж і Адольф Быкоўскі
Сцяпан (спатыкаючы Адольфа ў дзверах). А-а! Нарэшце з'явіўся, дарагі госцік! Што ж гэта, каханенькі, родненькі, так доўга чакаць на сябе нас заставіў?
Адольф (вешаючы пальто на сцяне каля парога). Пахвалёны ў хату!
Колькі галаcоў. Навекі! Навекі!
Адольф (вітаючыся са Сцяпанам), Выбачайце, што трохі прыпазніўся. Але гэта вінават мой жарабец. Як панёс з тары, што каля Прытыкаў,- і мяне выкінуў, і вось зламаў, так што аж мусіў другую каламажку ўзяць; праз тое і замарудзіў.
Адзін з Музыкаў (убок да другого). Каб ён толькі дыхаў. Які яго чорт нёс! Прыстау конь, ды ўсё тут.
Другі Музыка. Няўжо ж што. У мае вочы заплаціў вясной за нейкую здыхляціну трыццаць рублёў, і тая ўжо скарэй яго панясе.
Сцяпан (да Адольфа). Проша ж, проша далей, сюды, дзе бліжэй кут і дзе усе тут.
Адольф. Дзякую, дзякую, вашэці. Проша са мной клопату не рабіць. Ідзе і з усімі вітаецца; Альжбету цалуе ў руку, стоячы к ёй бокам і не згінаючыся.
Альжбета. Проша пана Адольфа, проша за стол! Можа, вып'еце гарбаты і чаго закусіце? (Да Паўлінкі.) Паўлінка, налі пану Быкоўскаму гарбаты!
Адольф (садзячыся за стол з другога канца ад музыкаў і закурваючы папяроску). А што ж у васпанства добрага чуваць?
Сцяпан (прысаджваючыся к сталу). Ды што у нас чуваць? — Старая баба не хоча здыхаць, а маладая замуж ісці.
Адольф (самадавольна). Хе-хе-хе! Старую трэба пшыдусіць, а маладую пшымусіць.
Альжбета (да Сцяпана). А, ваша, схадзі паглядзі, ці добра прывязаны конь пана Быкоўскага.
Адольф. Не турбуйцеся. Я яго добра прывязаў.
Сцяпан. Каханенькі, родненькі, хоць і прывязаў, але сена, пэўна, не даў. У нас так: госць як папала, а жывёліну дык трэба добра дагледзець. (Выходзіць.)
Тыя ж без Сцяпана
Паўлінка (стаўляючы перад Адольфам гарбату і сама садзячыся аподаль). Што ж гэта пана Адольфа конь хацеу разнясці?
Адольф. А як жа! Тры сотні вясной заплаціў і толькі клопату нажыу. Але ў мяне ўсё так! Каровы мае кожная варта па якой сотні рублёў; як загілююць летам, дык і на добрым кані іх не ўгоніш.
Паўлінка (хітравата). Пэўне і авечкі ў пана Адольфа таксама гілююць?
Адольф. А так, так! Маю пятнаццаць старых і дваццаць маладых. Як ударыць гарачыня, дык яны чуць не усе чыста круцяцца на адным месцы.
Паўлінка (ідучы па гарбату для сябе, убок). Матыліцы авечак мучаць, як і сам тут (паказваючы пальцамі на сваю галаву) матылі мае, а думае, што яны зыгуюць.
Альжбета. Якія ж сёлета ўраджаі ў пана Адольфа?
Адольф. А нішто сабе. (Відам лгучы.) Жыта нажаў коп са дзвесце, аўса таксама са дзвесце, ячменю — з сотню.
Адзін з гасцей. А колькі ж у пана зямлі?
Адольф. Валокі з паўтары добрыя будзе.
Госць. І лес ёсць?
Адольф (абціраючы хустачкай лоб). А як жа — ёсць: з паўвалокі, калі не болей. Сосна у сасонку!
Госць. І сенажаць ёсць?
Адольф. Ёсць, ёсць! Над самай рэчкай, таксама з паўвалочку. Мурог, як шафран.
Музыка. Дык у пана ўсяго з паўвалочку ворнай зямлі?
Адольф. Н-нуу, так! з добрую паувалочку!
Альжбета. У нас ворнай зямлі, мусіць, і са тры валокі будзе, і то мы столькі не нажалі.
Паўлінка (сеўшы з гарбатай пры стале). Пан Адольф лепшы, відаць, за нас гаспадар.
Адольф. О, у мяне гаспадарка ні ў чым не зблыша. У мяне жонка і то будзе лепшая, як у ва ўсіх.
Адзін з гасцей. Каб толькі не ўдалася наравістая.
Паўлінка. Цікавасць, ці пан Адольф ужо затаргаваў сабе якую?
Адольф. Гэта пакуль што сакрэт.
Паўлінка. А мне пан Адольф скажа?
Адольф. Так. Але перш гэту і маме, а пасля ужо і васпані на самае вушка.
Паўлінка (беручы ў яго шклянку). Добра, добра! Пан Адольф як ведаў, што я трохі глухавата.
Адольф. Глухавата?!
Паўлінка (ідучы па гарбату, убок). Трэба шэршня за нос павадзіць, каб і дзесятаму заказаў, як жонкі купляць.
Альжбета. Пан Быкоўскі, здаецца, у нас першы раз?
Адольф. А так — першы!
Адна з гасцей. Дык пану трэба даць пацалаваць старую бабу.
Адзін з гасцей. Пан Адольф толькі да маладых ды багатых лас, а старыя ў яго ў рахунак не йдуць.
Адольф. А праўда, праўда! Я толькі да маладых маю імпэт.
Альжбета (убок). І дурны ж ён, як відаць.
Паўлінка (падаючы гарбату Адольфу). Да каго гэта маеце такі імпэт, да дарагіх кароў ці дарагіх кабыл?
Альжбета. Ды не! Пан Быкоўскі мае імпэт толькі да маладых дзяучат.
Адольф (п'ючы гарбату). Але ж, але. Толькі да маладых дзяўчат.
Паўлінка. А кільчака часам з гэтага не нагоніце на язык?
Альжбета. Што ты?! Ці ж пан Быкоўскі конь?
Музыка (убок да другога). Конь не конь, а як відаць, дык быдлё парадашнае.
Адольф (да Паўлінкі). Панна Паўлінка дык усе мне капліменты гавора.
Паўлінка (рассеяна). Ага! Капліменты. (Да музыкаў.) Мацуйцеся, мацуйцеся, музыканцікі. А то ўжо ногі чэшуцца. Так і хочацца з панам Адольфам сыпнуць лявоніху.
Адольф. Фі! Я такіх мужыцкіх танцаў не гуляю.
Музыка (да Паўлінкі). Дзякуем! Ужо як належыць сабраліся, цяпер можам і рэзнуць што-колечы для паненкі. (Садзяцца на свае месцы і зводзяць інструменты.)
Паўлінка (да Адольфа). А якія ж вы танцы гуляеце?
Адольф. Гэрц-польку, падзі-спаць, манчыз, падзі-кварту. (Выходзячы з-за стала, цалуе Альжбету ў руку, да Паўлінкі.) Ну, што ж? Можа, мы з паненкай папрабуем?
Паўлінка. Калі ж я гэтых мудрых танцаў не толькі што не умею, але ніколі нават іх і не бачыла.
Адольф. Не бойцеся! Я на усе лады выучу паненку скакаць. (Бярэ Паўлінку як да танца, да музыкау.) Зайграйце нам гэрц-польку!
Музыка. Мы гэтага не умеем.
Адольф. Ну, дык падзі-спаць!
Музыка. Першы раз чуем.
Адольф. А можа, падзі-кварту знаеце?
Музыка. І гэта першы раз чуем.
Паўлінка (як бы бядуючы). А-ёй-ёй! Вось табе і на! Так і не наўчуся гэтых панскіх танцаў.
Адольф. Не бядуйце вельмі. Я буду вытылінгіваць на язык, а васпанна толькі прыслухоувайся ды вырабляй нагамі так, як і я.
Паўлінка. Значыцца, будзем гуляць пад язык.
Смех. Адольф іграе на язык і без толку выкручваецца з Паўлінкай.
Адольф (паказвае). Вось так, вось так! Правую нагу сюды, а левую туды. Галава у левы бок, а задам пад парог, ды вось так!.. Раз, два, тры, то направа, то налева… Усе прыглядаюцца да іх і смяюцца.
Тыя жі Пранцісь, Агата, Сцяпан
Пранцісь (п'яны). Пахвалёны Езус. Вось-цо-да, пане дабрудзею.
Колькі галасоў. Навекі! Навекі!
Пранцісь (глянуўшы на Паўлінку і Адольфа). А гэта што такія, собственно, за выкрутасы, як у цырку ці ў сумашэдшым доме?
Адзін з гасцей. Гэта пан Быкоўскі навучае панну Паўлінку навамодных танцаў.
Пранцісь і Агата распранаюцца.
Пранцісь. Можна, можна далей круціцца, як у хваробе святога Лявэнтага. Далей, далей! Раз, два, тры, вось-цо-да!
Адольф (далей паказваючы Паўлінцы). Вось як, вось так! То направа, то налева. Раз, два, тры! То туды, то сюды, ножка ў ножку, раз, два, тры!
Паўлінка (вырываючыся). Не, такі нічога не выйдзе. Не кемкая я да навукі.
Адольф (садзячы Паўлінку). Гэта толькі трудна першы раз, а пасля пойдзе ўсё гладка, як пугай высмаліць!
Ходзіць па хаце, махаючы каля твару хустачкай. Пранцісь, Агата і Сцяпан садзяцца за стол; Альжбета падае ім гарбату.
Пранцісь. (закурваючы люльку са Сцяпанам). Собственно, пане дабрудзею, кабыла заблудзіла і праз тое трохі спазніліся. Але гэта глупства, глупства! Яшчэ парой будзе, вось-цо-да.
Агата. Якое чорта заблудзіла! Пакуль аб'ехаў, тудэма-сюдэма, усю ваколіцу, як пагарэлец, дык і поўнач чуць не агарнула. Тудэма-сюдэма, усе тары тэй сабе шукаў.
Пранцісь. Ты, баба, собственно, маўчы, вось-цо-да! Ты нічога ніколі не кеміш, а я маю розум спрытны. Я, пане дабрудзею, Барнашоў, дзе пайшоў, там і прайшоў. (Да гасцей.) А вы, маладзічкі, не зважайце, вось-цо-да, ды танцуйце, пане дабрудзею, пакуль казінец не ўбіўся ў ногі.
Паўлінка. А праўду дзядзька кажа. Будзем гуляць, нашто дарма час марнаваць! (Да музыкаў.) Зайграйце, калі ласка, польку, але такую, як ведаеце… каб аж свет хадыром пайшоў!
Музыкі іграюць польку; усе, апрача старых, танцуюць: Адольф з Паўлінкай, другія госці — хто з кім. За сталом Пранцісь са Сцяпанам частуюцца гарэлкай з пляшкі, якую першы прынёс з сабою.
Адольф (танцуючы, прыпявае)
Танцевала рыба з ракем,
А пятрушка з пастарнакем,
А цыбуля дзівовала,
Цо пятрушка танцовала.
Паўлінка (адпяваючы)
А на печы, на лучыне,
Дзеўкі грошы палічылі;
Налічылі паўталера
Дый купілі кавалера.
Адольф.
Дзяўчынэчка суха, бляда,
Я да цебе ў госці яда,
І конікаў не жалую,
Ўшыстку ночку машырую.
Паўлінка.
У гародзе ячмень родзіць,
А да мяне Якім ходзіць.
Радзі, радзі, ячмень, гусцей, —
Хадзі, хадзі, Якім, часцей!
Адольф.
Сядзіць голуб на галіне,
Салавей на ветке;
С аднэй дзевушкай гуляю,
Другая в прыметке.
Паўлінка.
Ажаніся, не ляніся, —
Будзеш панаваці:
з аднэй будзеш свінні пасвіць,
з другой — заганяці.
Адольф.
Наша поле камяніста —
Ні праехаць, ні прайсці.
Нашы дзевачкі фарсісты —
Нельга к ім і падысці.
Паўлінка.
Я фарсуха, ты католік;
Не руш мяне за падолік, —
Мой падолік шоўкам шыты,
Хто палезе, будзе біты!
Сцяпан (як сціхла гульня). Брава, брава, пан Адольф! Складзен да танцаў, як, не раўнуючы, закрыстыян да ружанцаў.
Пранцісь (пацягваючы з пляшкі). Глупства, глупства, вось-цо-да! Собственно, хоць у кішэні пуста, затое ногі сыпюць густа. Каб яму яшчэ ды мой розум растропны, дык зусім было б добра, пане дабрудзею.
Агата. Кінь ты ужо, тудэма-сюдэма, плявузгаць, як латак у млыне! Гуляюць — няхай гуляюць; ты сваімі качэргамі так не патрапіш.
Альжбета (да Пранціся). Можа б, чаго, сватка, закусілі?
Пранцісь. Глупства, вось-цо-да. Собственно, закушу, закушу. (Да гасцей.) А вы, пане дабрудзею, забаўляйцеся, пакуль гаспадар вон з хаты не гоне, вось-цо-да.
Паўлінка (да Адольфа). Можа, пан Адольф, спяеце нам штоколечы? Я чула, што вельмі пекны голас маеце.
Адольф (астанауліваючыся). Э-э! які там пекны! Ось так сабе! Канешне, лепшы, як у іншых.
Колькі галасоў. Дык проша спець. Мы усе просім.
Адольф. Калі ўжо так пекна просіце, дык можна. А якую ж бы панна Паўлінка хацела?
Паўлінка. А ўсё роўна, хоць якую! Ну, якая лепей у пана Адольфа выходзе.
Адольф (пяе няскладна, махаючы хустачкай па твары.) Плываё голэмбі, Летаё лабэндзі; з нашэго кахання, Пэўна, ніц не бэндзе.
Паўлінка. А такі ж нічога не будзе.
Адзін з гасцей. Ціж гэта «голэмбі» плываюць, а «лабэндзі» лятаюць?!
Адольф. Ну, калі перабіваеце, дык саўсім не буду пець.
Альжбета. Хай пан Быкоўскі на іх не зважае ды пяе; ведама, — блазнота, што яны знаюць!
Паўлінка. (паглядзеўшы ў акно). Выбачайце, пан Адольф! У мяне няўмысле вылецела слаўцо.
Колькі галасоў. Выбачайце, выбачайце! Просім, просім. Больш не будзем!
Пранцісь. Собственно, пане дабрудзею, завядзі яшчэ сваю шарманку: яна ў цябе прост, як грамафон, вось-цо-да, трубіць.
Адольф. Ну, ужо буду! Але калі яшчэ хоць раз перапыніце, тады загневаюся і саўсім кіну пець. Пейце тады самі!
Колькі галасоў. Не, не! Не будзем!
Адольф (пяе). Гляжу я без толку на хладную шаль, І чорную душу церзае печаль.
Паўлінка (душачыся ад смеху). Ці ж у пана Адольфа чорная душа?
Адзін з гасцей. Нашто ж глядзіш на яе, пан, без толку?
Адольф (насупіушыся). Болей пець вам не буду, хоць на каленях прасіце. Пейце сабе самі, калі такія разумныя! (Садзіцца.)
Паўлінка. Дык і спяём калі пан Адольф такі някемкі, што нават жартаў не разумее. (Убок.) Эх, скарэй бы ўсё гэта скончылася!
Адзін з гасцей. А такі ж спяём, і усе разам.
Паўлінка (да Адольфа хітравата). А пан Адольф нам паможа?
Адольф. Ані думау.
Колькі галасоў. А што мы спяём?
Паўлінка. «Дый куды ж ты, дуб зялёны, пахінаешся?…»
Адольф. Фі, мужыцкая!
Паўлінка. А пан Адольф, можа б, хацеу, каб завялі якога манчыза?!
Пранцісь. Собственно, вось-цо-да, калі такой панскай натуры, дык пазатыкай кудзеляй вушы, пане дабрудзею.
Сцяпан (да Пранціся, сціха). Каханенькі, родненькі, не кратайце яго! Ён, бачыш, як я ужо і казау, масціцца да маёй Паулінкі. Як будзеш яму наругацца, дык гатоў яшчэ адбіцца, а я яго стараюся прыручыць.
Паўлінка. Ну, дык што? Згода на гэту?
Колькі галасоў. Згода, згода! А пасля другую.
Паўлінка. Толькі не збівацца з толку. Глядзець, як буду я рукам! тахты адбіваць.
Колькі галасоў. Добра, добра!
Пяюць. Паўлінка, сумна ўсміхаючыся, дырыгуе, пасля і Пранцісь падходзе і пляшкай адмахвае тахты; музыкі такжа сваёй ігрой памагаюць.
Дый куды ж ты, дуб зялёны,
Пахінаешся?
Дый чаго ж ты, мой міленькі,
Задумляешся?
Пранцісь (як перасталі пець). А цяпер, вось-цо-да, «Як жа мне не пець», пане дабрудзею.
Адольф. Ізноў мужыцкую!
Пранцісь. Але, мужыцкую, але, вось-цо-да! А вас-пан, собственно, сваю панскую схавай свінням на снеданне.
Агата (падыходзіць і цягне Пранціся за полы). Кднь ты ужо, тудэма-сюдэма, з поля сходзіць!
Пранцісь. Вось-цо-да, адчапіся ад мяне, пане дабрудзею!
Паўлінка. Ну, будзем пець «Як. жа мне не пець, як жа не гудзець?…».
Пяюць, як першую.
Пранцісь (як скончылі). А цяпер, собственно, «Чачотачку», пане дабрудзею.
Колькі галасоў. Чачотачку, чачотачку! (Пяюць чачотачку.)
Спарадзіла чачотачка семера дачок, Спарадзіла невялічкіх семера малых…
Альжбета (як сціхлі). Аддыхніце, міленькія, хоць трохі, а то замарыліся дужа. (Да Пранціся.) Хадзіце, сваток, за стол, ды, можа, чаго закусіце, бо і ты ж памагау.
Пранцісь (садзячыся). Собственно, глупства, вось-цо-да. Маладым трэба паказаць, паказаць, пане дабрудзею, а яны усе патрапяць… правільна толькі навучыць іх. (Папіваючы з паяшкі, да Сцяпана.) А ты, сват, трымайся, вось-цо-да. Я не дам, яны маладзічкі яшчэ, паспеюць.
Сцяпан. А праўда, праўда, сватка! Яшчэ іх пара не ўцякла. (Выпівае.)
Паўлінка (каля гасцей). А што ж мы цяпер будзем рабіць? Ужо напяяліся, дык, можа, ізноў пагуляема?
Пранцісь (закусваючы). Собственно, пачакайце, я зараз скамандую, пане дабрудзею, за што і як узяцца, бо мой розум растропны, а вы нічога не ведаеце.
Паўлінка. Ну, добра, пачакаем. (Да Адольфа.) Што ж гэта, пан Адольф, надуўся, як мыш на крупы або як апошняе ў печ усыпаўшы?
Адна з гасцей. Пан Адольф, відаць, закахаўся.
Адольф. Ну, дык што, калі закахаўся?
Пранцісь (перажоўваючы яду). Собственно, цяпер, вось-цо-да, пойдзем лявоніху, пане дабрудзею!
Усе. Лявоніху! Лявоніху!
Адольф. Ізноў мужыцкае!
Паўлінка. (да Адольфа, прыпадхлебваючыся). А мы з панам Адольфам сыпнем лявоніху, сапраўды, сыпнем! Адпусціцеся на мяне, грэшную, болей ці ўдасца так весела з вамі паскакаць.
Адольф. Ды я ўжо вельмі не гневаюся. Калі ўжо так хочаце, дык пойдзем, што ж там надта такое?!
Пранцісь (да музыкаў). Собственно, рэжце, пане дабрудзею! (Да Альжбеты.) А мы з сваццяй тупнем, вось-цо-да!..
Сцяпан (да Агаты). А мы з сваццяй, каханенькая, родненькая!
Музыкі іграюць лявоніху. Кабеты трохі ўпіраюцца, але пасля ідуць, за імі іншыя госці. Паўлінка з Адольфам.
Пранцісь (прыпявае):
О, Лявоніха Сымоніха была,
Ды Лявону хлеба, солі не дала!
О, Лявоніха Сымоніха, а-ей!
Не хадзі ламаць капусткІ маей!
Альжбета.
Хоць капуста зарасла лебядою,
Не пайду яе палоць за табою.
Прападзі ты і з капустай сваёй,
Не сушы ты маладосці маёй!
Сцяпан.
О, Лявоніха, ты жонка мая,
Дый не мытую сарочку дала;
Не качаную, не мытую,
Толькі шоўкам абашытую.
Агата.
А мой татка, дзевярусенька,
Вядзі мяне памалюсеньку.
Не вядзі мяне па пожынцы,
Вядзі мяне па дарожынцы;
Па пожынцы мае ножкі не йдуць,
Па дарожынцы дык самі бягуць.
Адольф.
Як я бегаў, дык і бегаў,
Абы мілую праведаў;
Як каціўся, дык каціўся,
Абы к мілай прыхіліўся.
Паўлінка.
А калі ж я у матулькі жыла,
Як вішанька у садочку цвіла,
Дасталася злому духу — мужыку,
Ссушыў мяне, як ліпінку у духу.
Адольф.
Ты, бярозачка, бярозка мая,
Ты, бярозка, нецярзбленая;
Тваё лісце не сярэбранае,
Нашы дзеўкі непаседлівыя.
Паўлінка.
Не вядзі мяне ні ў лес, ані ў сад, —
Завядзі мяне к татульку назад;
Не вядзі мяне у лес, а ні ў бор, —
Завядзі мяне к татульку на двор!
Пранцісь (як перасталі гульню, да Сцяпана). Собственно, і дала ж твая баба мне дыхту, вось-цо-да. Аж лыткі трасуцца, пане дабрудзею.
Сцяпан. І твая, каханенькі, родненькі, не адстала, — аж дыхавіцу чуць мне не нагнала.
Агата. Абодва вы кавалёвыя мяхі, тудэма-сюдэма, непаваротлівыя, дык і здаецца, што нехта вам дыхту нейкага даваў.
Альжбета. А праўда, свацейка, праўда. Ім толькі каля пляшкі круціцца, а не з дарэчнымі жанкамі лявоніху ісці.
Пранцісь. Ага, собственно, добра, што свацейка, пане дабрудзею, успомніла. (Дастае пляшку і частуецца з Сцяпанам.)
Паўлінка (да Адольфа). Ну, як жа пану Адольфу спадабаўся наш мужыцкі танец? Як я уважаю, дык лепей у вас лявоніха выходзе, чымся тое нейкае падзікварта. І прыпеўкі складныя знаеце.
Адольф (нібы скромна). А трохі ж нейкіх навучыўся калісь.
Адзін з гасцей. Пара нам і чэсць знаць! Пэўна, ужо каля поўначы матаецца.
Колькі галасоў. Так, так, час рухацца дамоў!
Паўлінка (з аблягчэннем, убок). Дзякуй Богу!.. (Да гасцей.) А можа б, яшчэ пагулялі?
Альжбета. Каму далека, то яно так, а каму блізка, дык не шкодзіць яшчэ пазабаўляцца.
Колькі галасоў. Не! Не! Ужо час і пара!
Паўлінка. Ну, дык хай музыкі на адходнае хоць марша зайграюць, каб весялей усім снілася і каб моцна, моцна ўсім спалася.
Сцяпан. А гэта не шкодзіць. (Да музыкау.) Што ж, каханенькія, родненькія, зайграйце, калі ласка, яшчэ што-колечы на адходнае дарагім госцікам, а там дзве дзюркі ў носе і сканчылося.
Музыкі іграюць марш. Госці адзяваюцца, адвітваюцца і выходзяць, за імі — музыкі.
Паўлінка, Адольф, Сцяпан, Альжбета, Пранцісь і Агата
Сцяпан. Вось і пацішэла трохі ў нашай хаце, няма ужо каму скакаці.
Пранцісь. Собственно, глупства, вось-цо-да. Было шумна, пане добрудзею, і будзе шумна!
Агата. А так, так, тудэма-сюдзма, як будзе вяселле ў Паўлінкі.
Паўлінка. Э-э, майго вяселля ніколі не будзе, значыцца, і шумна не будзе!
Адольф. Ці ж у бацькоў маладога, паненка, думаеце, не хваце на вяселле?
Паўлінка. Хваце не хваце, а такі вяселля майго ніхто не ўбача…
Сцяпан. Гзта, каханенькая, родненькая, пабачым. Яшчэ я на тое ёсць, і ў сваей хаце гаспадар, а не госць! Жыта повен аруд і сала не адзін пуд.
Пранцісь. Собственно, глупства, вось-цо-да. Часам ці вяселле, ці павесіў — адно на другое, пане добрудзею, выходзе.
Агата. А ты, «вось-цо-да», прыкусі свой язык і не тыцкайся, тудэма-сюдэма, туды, куды цябе не просядь. Напіўся, наеўся, дык і маўчы!
Альжбета (да Агаты). Што ж там, свацейка, такое? Сват жа нічога благога не кажа. (Да Паўлінкі.) Прыбірай ты ўжо, дзеткі, са стала.
Пранцісь. Собственно, ці свінні елі, ці шляхта папасавалася — гэтак, вось-цо-да, стол выглядае, пане дабрудзею.
Паўлінка. Добра, мамка, зараз. (Да Адольфа.) А пан Адольф мне паможа!
Адольф. Калі патраплю, дык чаму ж не? Прыбіраюць са стала; пасудак стаўляюць на табурэце, каля самавара.
Альжбета. Вы бы, дзеткі, заняслі пасудак на тую палавіну.
Паўлінка. Усе роўна, я пасля занясу сама, а цяпер… (паглядаючы хітравата на Адольфа) я баюся з панам Адольфам ісці адна на тую палавіну!
Адольф (несучы пасудак, убок). Відаць, дзеўка ўлялюскалася ў мяне па самую шыю.
Паўлінка. (ідучы к сталу, убок). І собіла ж Богу стварыць гэткую чапялу недарэчную!
Пранцісь (да Паўлінкі). А прауда, собственно, лепш старожа, як варожа, пане дабрудзею.
Агата (да Пранціся). А ты, «старожа», не мялі попусту, а думай, як дахаты ісці.
Пранцісь. Пане дабрудзею, дык і пойдзем; што ж там, собственно, такое.
Развітваюцца абое і выходзяць. Альжбета памагае прыбіраць са стала.
Паўлінка, Адольф, Сцяпан, Альжбета
Паўлінка. Не так, пан Адольф, бярэш шклянкі; трэба вось як. (Паказвае.) Ну, і зграбны ж! не раўнуючы — як вол да карэты.
Адольф. А панна Паўлінка ўсё капліменты мне гавора.
Паўлінка (убок). Дурню плюнь у вочы, а ён скажа: дождж ідзе!
Альжбета (да Сцяпана, які клюе носам за сталом). Што ты табаку важыш? Ідзі ды кладзіся спаць. Гэта ж табе тут не карчма!
Сцяпан (сонна). Каханенькая, родненькая, я наважу, а ты купіш. Сон — не кепская рэч. Для чаго калядкі — добрыя святкі, што пад'еў ды на палаткі. (Вылазячы з-за стала, да Адольфа.) Каханенькі, родненькі, выбачай… Забаўляйся тут з Паўлінкай, а я прыкархну трохі… Сягоння яшчэ досвіта мяне мая ўспарола. (Адводзячы Адольфа ў старану.) Ну, што? Як мая Паўліна… падышла пад мысль?
Адольф. О, важная маладзіца! Хоць сягоння гатоў з ею жаніцца.
Сцяпан. Ну, так тупай каля яе; толькі смела: яна дзеўка падатлівая, хоць, можа, і мае трохі якіх мухаў у носе.
Адольф. Хэ-хэ-хэ! Я да ўсякай патраплю падлізацца.
Сцяпан. Ну, дык падлізывайся, каханенькі, родненькі. (Адвітваецца і ідзе ў бакоўку.)
Паўлінка, Адольф, Альжбета
Альжбета (сціраючы стол). А ты, Паўлінка, можа, у карты пайграеш з панам Адольфам?
Адольф (закурваючы). Ды і мне ўжо трэба збірацца дамоў.
Паўлінка. Ці ж пан Адольф рассыпауся, што маніцёся збірацца? Заедзеце яшчэ; каня ж маеце не жартачкі!..
Адольф. О, конь мой добры!
Альжбета. Ну, дык і чаго ж спяшацца?… Нам, старым, як той кажа, такая рэч: пад'еў ды на печ.
Паўлінка (убок). Чаго добрага — заначуе, вось будзе бяда! (Голасна.) А пагода сягоння нядрэнная. Нават месяц свеціць, што рэдка на Пакровы. Будзе добра для пана Адольфа дамоў ехаць.
Адольф. А хоць бы і дрэнная, дык мне блізка, жарабец мой умомант дамчыць.
Альжбета (да Паўлінкі). Ну, дык паглядзі ж ты, дзе карты, ды пазабаўляйцеся яшчэ трохі з панам Адольфам, бо я, мусіць, зраблю следам за дзедам. Трохі ж сягоння так! натупалася.
Адольф. Проша, проша, панічка! На нас, маладых, не зважайце.
Альжбета. А ужо ж я так! і пайду.
Адольф (цалуючы у руку Альжбету). Хутка і я паеду, вось толькі дам аднаго гаспадара панне Паўлінцы.
Паўлінка. Паглядзім — хто каму?!
Шукае карт. Альжбета выходзіць у бакоўку.
Паўлінка, Адольф
Адольф. Чаго паненка шукае?
Паўлінка. Таго, чаго яшчэ не маю, — карт.
Адольф (глянуўшы на акно). А вось яны, на акне.
Паўлінка (убок). Думала, што не ўбачыць; скарэй бы, можа, з хаты выпхнула, не найшоўшы карт. (Да Адольфа.) Ну, калі ёсць, дык будзем іграць. (Паглядзеўшы ў акно.) А у што?
Адольф. У гаспадара.
Паўлінка. Гэта, значыцца, у дурня?
Адольф. Ну, гэта толькі мужыкі так гавораць. (Раздав карты,)
Паўлінка. А як пан Адольф думаў, хто мы? То ж таксама мужыцкага роду.
Адольф. Першы раз чую!
Паўлінка. Ды і пан Адольф таксама мужыцкага роду. (іграюць у карты.)
Адольф (здзіўлены). І я?!
Паўлінка. Але, але! Калісь былі ўсе мужыкі, ну дык цяпер кожны чалавек мужыцкага роду, хоць каторы і прыкідваецца панам ці графам. Ды і што гаварыць! Адам і Ева і то былі мужыкамі.
Адольф (здзіўлены). Адам і Ева?!
Паўлінка. І Ной, і Езус…
Адольф. Што я чую? Адкуль гэта, панна Паўлінка, усе ведаеце?
Паўлінка. Ого, не скажу!
Адольф (просячы). Проша сказаць.
Паўлінка. Не тэй б'іце! Вот салапяка!
Адольф (паправіўшыся). Ды скажыце!
Паўлінка (нецярпліва). Ну, добра. Запытайцеся ў Якіма Сарокі: ён усе вам раскажа. (Адольф прайгрывае.) Дурань пан! Дурань пан!
Адольф (папраўляючы). Гаспадар. (Раздав карты.)
Паўлінка (убок). Які чорта гаспадар, калі дурань?
Адольф. Што панна Паўлінка кажа?
Паўлінка. Кажу: але, гаспадар. (Хвілю маўчаць. Паўлінка убок.) Што тут гаварыць з гэтай вандзонкай. І трымае ж яго нядобрае! (Да Адольфа.) А ці, пан Адольф, жаніцца хочаце?
Адольф. Ой, страшэнна хачу. А панне Паўлінцы замуж хочацца?
Паўлінка. Ого, яшчэ і як хочацца!.. Калі ўдасца, дык яшчэ і сягоння, можа, пайду.
Адольф. А я ж яшчэ з таткам і мамкай вашымі нічога аб гэтым не гаварыў.
Паўлінка. Аб чым — аб гэтым?
Адольф. Ну, аб тым, як я жаніцца буду, а панна Паўлінка замуж ісці. (Прайгрывае.)
Паўлінка. Ізноў пан дурнем! Ізноў дурнем!
Адольф. Гаспадаром!.. (Раздав карты.)
Паўлінка. А можа, ужо будзе? Нешта спаць як бы хочацца. (Зявае, устав і паглядае ў акно. Убок.) А што, калі не прыйшоў?
Адольф (не пачуўшы). Хто не пайшоў?
Паўлінка. Я кажу, каб хаця дождж не пайшоу. (з удаванай жаласцю.) Я так жалею, так жалею пана Адольфа, каб не замок, што аж тут нешта трасецца. (Паказвае на грудзі.)
Адольф. І я таксама панну Паўлінку жалею і цяпер, і потым.
Паўлінка. Калі гэта — потым? Як пан Адольф яшчэ дурня возьме?
Адольф. Ды не! Тады, як будзем… як будзем… ну, як гэта сказаць?
Паўлінка. Ізноў скруціў! (Папраўляе.) Вось гэтак было, гэтак біць трэба, а з гэтай хаджу, і пан Адольф ізноў дурань, дурань, дурань!
Адольф. Гаспадар!
Паўлінка. Усе роўна, хоць гаспадар, але, як карты паказваюць, дык дурань!
Адольф. Хай будзе і так! Цяпер за тое, што панна Паўлінка мяне гэтак абыграла, вазьму ды паеду. (Устав.)
Паўлінка (з аблягчэннем, убок). Сабраўся-такі нарэшце.
Адольф. Дабранач панне Паўлінцы! Проша чакаць, — я прыеду па канчатак.
Паўлінка. Забярыце лепей яго цяпер!
Адольф. Каго?
Паўлінка. Ды канчатак той.
Адольф. А панна Паўлінка ўжо жартуе. (Адвітваецца. Выходзячы, убок.) Вот так на ўсе бакі дзеўка! Адным словам, як сторублёвая кабыла. Гэткая-дыхт для мяне жонка!
Паўлінка адна
Паўлінка (неспакойна). А той, можа, хай бы лепей і не прыйшоў. Так усе неяк усярэдзіне трасецца… І нашто гэта я яму абяцала? Лепей было б пачакаць. Што тут рабіць? (Ходзщъ ад акна да акна і паглядае.) Падшахнула ж мяне нядобрае на згоду прыстаць! (Сумна-весела.) А можа, не прыйдзе?… (Сумма.) А калі не прыйдзе, то, значыцца, ён ужо мяне не любіць болей. Не, няхай прыйдзе лепей, а там — што будзе, то будзе. Трэба паваражыць. (Стукае ў пальцы.) Прыйдзе, не прыйдзе, прыйдзе, не прыйдзе, прыйдзе… (Весела.) Прыйдзе, прыйдзе! А цяпер — любіць ці не любіць? Ну, гэта трэба на карты паваражыць. (Бярэ і перакідае карты.) Любіць, не любіць, к сэрцу прыжме, к чорту пашле; любіць, не любіць, к сэрцу прыжме… (Весела.) Так, так, любіць, к сэрцу прыцісне! Ну, раз карты гэтак паказалі, то трэба збірацца. Але мушу ўперад паслухаць, ці спяць старыя. (Ідзе і падслухоўвае ў дзверах бакоўкі). Спяць, ажио храпуць, як бы суконкі дралі. (Падыходзіць, глядзіць у акно, задумваецца.) Што тут узяць? Ага, трэба заглянуць у куфар. (Адчыняе куфар, капаецца ў ім; дастае пацеркі і прымярае.) Во! Гэта дык трэба забраць, — так мне з імі да твару ідзе. Ну, сукенку новую таксам а трэба ўзяць. Усе гэта звяжам у хустку. (Рассцілае хустку і складвае свае рэчы.) А-а, і чаравічкі мушу забраць, бо ў чым жа я з ім бегаць буду? Шнуровачку такжа вазьму, бо хто ж яе тут будзе насіць? І-і!! ужо болей, здаецца, нічога. (Звязвае і ідзе к ложку. Чуваць шорах за акном. Паўлінка сціха.) Ай, хтось там прыйшоў! (Весела.) Прыйшоў мой міленькі, прыйшоў! Такі карты прауду паказалі. (Ідзе к акну.) Хто там?
Голас з-за акна (прыдушаны). Я!.. Я!..
Паўлінка (углядаючыся ў акно, убок). Нічагутанькі не відаць! Цемната страшэнная! (У акно.) Хто — я?
Голас. Я!.. Я!.. Ну, ці ж не пазнала?
Паўлінка. Пачакай мінутку. Вось я зараз. Толькі падушачкі звяжу і коўдру.
Голас. Ды мне нічога не трэба!
Паўлінка. Мала што не трэба, а я вазьму… (Хутка ідзе к ложку, звязвае падушкі і коўдру ў посцілку.) Ну, ужо гатова! (Адчыняе акно і выкідвае вузлы.) Пераймай, а зараз — і мяне! (Да сябе.) Трэба з бакоукі ўзяць верхнюю вопратку і хустку, толькі б хаця ж старыя не прабудзіліся. (Зніжае агонь у лямпе і ідзе у бакоўку. Па нейкім часе выходзіць стуль адзеўшыся.) А цяпер і сябе трэба выкінуць! (Шыбка ідзе к акну. Чуваць шорах у бакоўцы.) Ай, нехта ўстаў!
Паўлінка, Сцяпан
Сцяпан (выбягае з бакоўкі, ахінуўшыся коўдрай). Хто тут? Хто тут лазіць апоуначы? Альжбета! Альжбета! Хутчэй сюды! (Паўлінка, перахрысціўшыся, кідаецца ў акно. Сцяпан убачыў.) Гвалт! Злодзей! (Бяжыць к акну і хватае Паўлінку за ногі.) Альжбета! Скарэй сюды! Стрэльбу хватай!!.
Паўлінка, Сцяпан, Альжбета
Альжбета (выбягае — як Сцяпан — акрыўшыся коўдрай; уся трасецца). Матачка найсвентшая! Што тут робіцца?! (Мацае па сцяне.) Зараз, зараз нясу стрэльбу. (Хватае за гіру ад гадзінніка, гадзіннік з грохатам валіцца са сцяны і разбіваецца.) Ай, што ж я нарабіла!
Сцяпан (трымаючы Паўлінку за ногі, да Алъжбеты). Куды цябе немач уперла? Падкруці хутчэй кнот ды памажы цягнуць!..
Альжбета (бяжыць к лямпе). Ужо, ужо!
Паўлінка (перавесіўшыся праз акно). Цягні, братка, ямчэй!
Альжбета (падкруціўшы. кнот і бегучы к Сцяпану). Божухна мой! Гэта ж Паўлінка! Скуль ты ўзяў таго злодзея?
Сцяпан. Каханенькая, родненькая, не мялі языком ды вось памагай цягнуць; там нейкі гад яе за рукі трымае.
Паўлінка. Мацней, мацней, браток!
Альжбета (памагаючы Сцяпану цягнуць). Што ты, дзеткі, здурэла, ці што?… (Сцягваюць Паўлінку з акна на хату.)
Сцяпан. Ты гэта, каханенькая, родненькая, куды манілася ляцець?
Паўлінка (апіраючыся рукой аб стол, патупіўшыся). Я!.. Я!., хацела замуж ісці!
Сцяпан і Альжбета. Праз акно?!
Паўлінка. А што ж, калі татка і мамка праз дзверы не пускаеце.
Тыя ж і Пранцісь. Адольф, Агата
Пранцісь (без шапкі ўвальваецца ў хату, трымаючы за каўнер Адольфа). Собственно, пане дабрудзею, злодзея, злодзея злавіў, вось-цо-да.
Агата (цягнучы вузлы). А як жа, тудэма-сюдэма, з гэтымі катомкамі каля вашага акна капаўся. Паўлінка, Сцяпан і Альжбета. Пан Быкоўскі?
Пранцісь. А так, так, пане дабрудзею. Адольф, Адольф! Злодзей, собственно, вось-цо-да!
Сцяпан (да Адольфа). Дык гэта ты мне хацеў дачку ўкрасці, зладзюга, каханенькі, родненькі!
Адольф (заікаючыся і не разумеючы, у чым рэч). Я… я… збіўся тут каля саду з дарогі, дык хацеў у панны Паўлінкі запытацца праз акно, кудой выехаць…
Пранцісь. Собственно, злодзей, злодзей! Вузлы з хаты праз акно павыцягваў. Можа, і шапку маю ўкраў.
Агата. Ты зараз, п'яніца, тудэма-сюдэма, і галаву забудзешся. Гэта ж аж дамоў давалокся і тады толькі агледзеўся, што шапкі забыўся.
Пранцісь. Собственно, а баба нашто, — каб усяго пільнавала. Але злодзея, пане дабрудзею, злавіў, злавіў, вось-цо-да.
Сцяпан (да Паўлінкі). Дык гэта ты, каханенькая, родненькая, за яго хацела замуж уцякаць, як даведалася, што гэнага гада, гэнае плюгаўства за афішкі арыштавалі?
Паўлінка (глуха). Божухна мой, Божа! Якімку арыштавалі!!
Сцяпан (самадавольна). Хе-хе-хе! ужо гэтае мужыцкае насенне не будзе больш нашых сцежак паганіць.
Паўлінка. Якімку арыштавалі! Майго саколіка ненагляднага арыштавалі.
Сцяпан (да Адольфа). А ты, каханенькі, родненькі, негадзяй, вірутнік з-пад цёмнай гвязды, вон з маёй хаты, каб твая і нага тут не была! Не мог, як трзба, па-хрысціянску — з сватам, з запаведзямі маю дачку ўзяць, але, як злодзей, хацеў праз акно вывалачы! Вон! Вон!
Адольф. Я… я… толькі хацеў дарогі запытацца…
Пранцісь (развязваючы вузлы). Собственно, злодзей, пане дабрудзею! Падушкі і сукенкі дзявочыя праз акно пакраў. К урадніку, марш! К урадніку, гІцаль, вось-цо-да!
Паўлінка. Якімку арыштавалі! Маю зорачку ясную арыштавалі. (Дзіка.) Ха-ха-ха! Звяры сляпыя!!! Як сноп валіцца на зямлю. Суматоха. Крыкі: «Вады! Вады…»
Пранцісь. Собственно, пане дабрудзею, у мяне ёсць кроплі. (Дастае з кішэні пляшку і пырскае ў твар Паўлінцы гарэлкай,)
Агата (кідаючыся да Лранціся). Тудэма-сюдэма, ашалеў!..
Сцяпан (панура). Каханенькія, родненькія, дзве дзюркі ў носе і сканчылося.
Заслона.