Беларускi сюжэт


Я знайшоў гэтую кнігу ў адной зь менскіх бібліятэкаў — збор твораў Місімы. Мі-Сі-Ма — Зачараваны Сьмерцю Д’ябал.

Ці ня кожная гісторыя пра гэтага японскага пісьменьніка пачынаецца з дня ягонае сьмерці. Увосені 1970 году на адной з базаў японскіх Сілаў Самаабароны Місіма інсцэнаваў спробу вайсковага мецяжу, а пасьля зрабіў сабе харакіры. Менавіта на дваццаць пятыя ўгодкі гэтай падзеі я даведаўся пра Місіму. Ноч, сьмерць, кроў — вось тры кіты, на якіх будавалася Місімава мадэль Прыгажосьці.

Я зайшоў у менскую бібліятэку, каб прачытаць ягоны “Залаты Храм” — сусьветнавядомы раман пра хлопца-манаха, які спаліў сымбаль старажытнай японскай сталіцы Кіёта. Але калі я адгарнуў кнігу, дык убачыў, што супэрвокладка знутры пакрытая нейкім тэкстам, накрэсьленым алоўкам.

Вось ён:

“Заўчора я атрымаў запрашэньне прыйсці на адкрыцьцё новага Менскага клюбу. Дзіўна, але ніхто ў горадзе нічога ня ведаў пра яго: будынак у цэнтры горада паўстаў літаральна за колькі тыдняў. Яшчэ больш я зьдзівіўся, калі прыйшоў туды да прызначанае гадзіны.

Усе прысутныя былі мне добра знаёмыя. У запрашальніку да кожнага зьвярталіся адмыслова: дзесьці фігуравала школьная мянушка, дзесьці зварот, прыняты адно ў цесным коле сяброў...

Нас, прысутных, уразіў інтэр’ер залі. Чагосьці больш адначасна раскошнага і густоўнага было цяжка прыдумаць. Аднак інтэр’ер быў ня самы галоўны. Мы неяк адразу сьцямілі, што нас злучае нейкая вядомая ўсім прысутным асоба. Раптам хтосьці выказаў думку, якая, бадай, віравала ў галаве кожнага: «Здаецца, нас запрасіў сюды А.»

У гэты момант сьвятло ў залі згасла, сцэна наадварот высьветлілася, зьнекуль загучаў раяль, і перад намі сапраўды паўстаў А.:

— Сябры, вы ня можаце ўявіць, як я рады бачыць вас тут усіх разам! Гэта самы шчасьлівы дзень у маім жыцьці! Дзесяць гадоў мяне не было на Бацькаўшчыне. Натуральна, ці ня ўсе лічылі, што я загінуў... Сябры, тое, што вы бачыце наўкола, — частка матар’яльнага плёну майго жыцьця ў замежжы. Цяпер вы, пэўна, здагадваецеся, ад каго сыходзіла падтрымка вашых творчых праектаў. Насуперак неспрыяльным умовам, нягледзячы на эканамічную і палітычную сытуацыю ў краіне, нягледзячы на арышты, пагромы, вы дзейнічалі – НАША справа жыла. Я магу лічыць сваё жыцьцё, свой лёс удалым. Але маё жыцьцёвае прызначэньне, мне падаецца, не да канца спраўджанае. У Беларушчыны ёсьць сродкі, ёсьць людзі, ёсьць ідэі. Адзінае, чаго бракуе — НАШАГА сюжэту. Зараз я зраблю ўчынак, які выправіць гэтую сытуацыю: ён увойдзе ў аналы беларускай гісторыі, літаратуры, журналістыкі... І паспрыяеце гэтаму вы. Вам ня трэба будзе ствараць міт — гэта будзе ці ня самае аб’ектыўнае, што ёсьць у НАШАЙ справе. Уласна кажучы, сюжэт разьвіваецца зараз, у гэты самы момант, на вашых вачох. Застаецца паставіць фінальную кропку.

На гэтых словах А. зьняў з драпіроўкі ў глыбіні сцэны корд — кароткі меч, папулярны ў сярэднявечным беларускім войску, — і распароў сабе жывот.

Варта заўважыць, што на працягу ўсяго маналёгу, мы, узрадаваныя сустрэчаю са старым сябрам і нязвыклай сытуацыяй, не вымавілі ані слова...”

На гэтым рукапіс абарваўся, і можна было б скончыць аповед пра дзіўную знаходку, калі б не адна акалічнасьць. Нядаўна адна знаёмая дзяўчына, якая колькі месяцаў таму пачала працаваць бібліятэкаркай, распавяла мне пра нейкага дзівака, які ці не штодня прыходзіць да яе на працу і шукае зборнік твораў “нейкага Місімы”. Але кніжка ўвесь час на руках, і дзівак ніяк ня можа засьпець яе ў бібліятэцы.

У дзень меркаванага прыходу таго чалавека, я выправіўся ў бібліятэку, каб пазнаёміцца зь ім. Сапраўды, сустрэў яго ля стойкі прыёму-здачы кнігі. Ён дараспавёў мне гісторыю, напісаную на ўнутраным баку супэрвокладкі да зборніка Місімы:

“Пасьля прылюднай сьмерці А. мы даведаліся, што, апрача ўсяго іншага, у свой тэстамэнт ён дадаў пункт аб заснаваным ім клюбе. Цяпер мы ўсе зьяўляліся ягонымі пажыцьцёвымі сябрамі. У гадавіну сьмерці А. мы ўсе разам зьбіраемся ля ягонай магілы, а пасьля рушым у клюб, які, натуральна, называецца «А». Мы ўзгадваем А., дзякуем яму за падтрымку, за любоў і за тое, што ён яшчэ шчыльней зьяднаў нас... На гэтым тыдні клюб зьбярэцца ізноў. Але я туды не пайду. Мяне там не зразумелі, калі на мінулай сустрэчы я сказаў, што Беларусі не патрэбныя нашыя харакіры — Бацькаўшчыне бракуе камікадзэ”.

Я перадаў гэтаму чалавеку прыхаваную ў сябе супэрвокладку і пазычыў усяго найлепшага.

Ці варта казаць, што чалавека звалі А.

Загрузка...