Страчаная старонка


Схільнасьць людзей верыць у магію лічбаў высьмейваецца, бадай, з таго часу, як сьвет зрабіўся “прагрэсыўным”. Нягледзячы на гэта, і “перадавыя”, і “адсталыя” часткі чалавецтва з аднолькавым энтузіязмам адзначаюць рознага кшталту юбілеі (чаго вартае трымценьне перад надыходам 2000 году!) і ў думках складаюць дулю ў кішэні пры напатканьні лічбы «13». Мы любім тройцу і ненавідзім шасьцёркі. А яшчэ мы вядзем Каляндар, складаем лічбы ў пошуках Знаку.

Разьвіцьцё беларускай гісторыі асьвечанае некалькімі супрацьлеглымі ў сваёй ісьце Знакамі. Адзін зь іх — Знак страты. Крыж Еўфрасіньні, Карона Вітаўта, першапачатковая “Чарадзеевая” Сафія... — сымбалі Сьвятасьці, Дзяржавы, Культуры. Але, на маю думку, самай балючай з нашых стратаў ёсьць зьнішчэньне беларускага Радаводу — “Полацкага летапісу”.

Як ён зьнік? Згарэў падчас штурму Полацку вайскоўцамі цара Івана Жахлівага ці пазьней, у печцы крамлёўскіх “засекаў”? Навошта? Няўжо маскоўцы, зьнішчаючы няправільны летапіс, палічылі гэты дакумэнт “неугодным”? Але ці ўвогуле магчыма схавацца ад Гісторыі, паколькі рукапісы не гараць у найважнейшых месцах тэксту?

У 1692 годзе Сьвятая інквізыцыя зьнішчыла наклад кнігі Lexicon Cosri (“Хазарскі слоўнік”), які быў выдадзены Янам Даўбманусам (Ioanne Daubmannus).

Лёс адпусьціў слоўніку менш чым год існаваньня. Гэта лацінамоўнае дасьледаваньне хазараў, народа, што ў ІХ-ХІV стст. жыў паміж Чорным і Касьпійскім марамі.

Цікавасьць эўрапейскіх навукоўцаў да гэтага амаль мітычнага народу цалкам зразумелая. Сярэднявечныя мысьляры імкнуліся патлумачыць зьяву, калі адзін народ з паганства сьведама, адным засабам перайшоў у тры супрацьлеглыя веры — хрысьціянства, іслам і юдаізм (яны вагаліся, якую з трох рэлігій выбраць, і пасля палемікі абралі юдаізм). Гэтай “акцыі” папярэднічаў вялікі дыспут, які атрымаў назоў “хазарскай палемікі”. Падчас яго выдатныя дзеячы трох сусьветных рэлігіяў па чарзе даводзілі хазарскаму цару слушнасьць сваіх перакананьняў.

Што не спадабалася Сьвятой інквізыцыі ў Даўбманусавым Lexicon Cosri, цяпер цяжка ўстанавіць з пэўнасьцю. Але дакладна вядома, што, празь мізэрнасьць зьвестак пра хазараў, аўтары кнігі прыводзілі факты, якія нават аддалена-ўскосна спрычыняліся да гісторыі “хазарскага пытаньня”. У тым ліку яны цытавалі невядомыя цяпер старарускія крыніцы...

* * *

Гэтая гісторыя стала вядомай празь няўважлівасьць сучаснага дасьледніка “хазарскага пытаньня” сэрба Міларада Павіча.

На пачатку 80-ых, тады яшчэ невядомы ў сьвеце філёляг зь Бялграду, Міларад Павіч рабіў пакупкі ў невялічкай букіністычнай крамцы, што на набярэжнай Монта-Бэлё (адразу перад правым бокам Нотр-Дам дэ Пары). Набыўшы патрэбнае, Павіч сышоў, пакінуўшы ў крамцы свой дзёньнік-нататнік. Крамар выставіў нататнік навідавоку, каб купец мог вярнуцца й забраць сваю рэч. Але той усё ня йшоў ды ня йшоў, і неўзабаве крамар увапхнуў прыгожы нататнік нейкаму амэрыканскаму турысту, зачмурыўшы галаву прыхадню гісторыяй пра тое, што нататнік належыць адной сусьветнай славутасьці. Пэўна, калі ўжо пазьней крамар убачыў у газэтах здымак сапраўднага гаспадара нататніка, ён схапіўся за галаву... Але мы не пра тое.

У Нью-Ёрку Боб Хвастоўскі – гэтак звалі турыста, які набыў дзёньнік, – паказаў парыскую штучку сваёй жонцы Шэран Ізэтбэгавіч, з паходжаньня басьнійцы. Дзякуючы ейнай любові да мовы бацькоў, адна з гісторыяў нататніка вярнулася назад у Стары Сьвет. Тая гісторыя вярнулася таксама дзякуючы Лене зь Менску, якая больш за год працавала ў Боба й Шэран бэйбісытаркай. Зь ліста ад Шэран Лена даведалася, што сёлета сям’я Хвастоўскі намерваецца паехаць у Эўропу адмыслова, каб парадаваць славутага “лаўца сноў постмадэрнізму” Міларада Павіча нечаканым сюрпрызам – зваротам даўно згубленае рэчы.

Наўрад ці пры сустрэчы ён растлумачыў ім, чаму марудзіць з публікацыяй сваіх даўніх зацемак. Тым ня менш...

“Халодным кастрычніцкім днём 1980 году шыбы ў маёй кватэры ледзь ня вылецелі ад званка ў дзьверы...” Павіч чакаў візыту. Чалавек, які зьявіўся ў дзьвярах, меў дужа-дужа неахайны выгляд: хай сабе дарагі модны гарнітур, але ён быў падраны й скамечаны, пабітыя залатыя акуляры на носе...

Гэта быў адзін з аўтарытэтаў бялградзкага чорнага рынку антыкварыяту Гойка Сук. Калісьці яны вучыліся разам ва ўнівэрсытэце. Пасьля таго, як Гойка быў адлічаны з чацьвертага курсу, два мужчыны бачыліся вельмі рэдка, на зборнях бялградкіх калекцыянэраў. За два дні да свайго прыходу Сук затэлефанаваў Павічу і паведаміў, што чуў пра ягоную працу над “хазарскай праблематыкай” і што з гэтае нагоды ён, Сук, мае што прапанаваць. Менавіта — старонку старажытнага лацінскага тэксту.

Рэч у тым, што ў сьвеце ад выдадзенага ў 1691 годзе Lexicon Cosri засталося адно некалькі старонак. І вось цяпер: “Гаспадзіне Павічу, у мяне ёсьць пяць хвілінаў… Вось рэч, пра якую я вам казаў. Для вас яна будзе каштаваць адно сямсот даляраў”. Празь пяць хвілінаў візытор зьнік з грашыма.

З нататак Павіча вынікае, што ён працаваў з купленай старонкай роўна дванаццаць гадзінаў. Наступнага дня а восьмай раніцы да яго прыйшлі людзі з крымінальнага вышуку, паказалі ордэр на ператрус і канфіскавалі старажытную рэч. Высьветлілася, што яны шукаюць Гойку Сука і рэчы, якія ён скраў зь невялічкага манастыру ў Вуйкаве, што ва ўсходняй Босьніі... Доўгі час старажытная старонка ляжала ў сэйфах крымінальнага вышуку, а па каторым часе яе вярнулі ў манастыр. За далейшы лёс рарытэту можна прыцягнуць да адказу безыменнага харвацкага пілёта “СУ-25”, які ў 1992 бамбіў Вуйкава. Натуральна, калі ён яшчэ жывы...

* * *

У 943 годзе рускія дружыны зруйнавалі сталіцу хазараў, што месьцілася ў вусьці Волгі. А з 965 да 970 рускія дазваньня зьнішчылі ўсю хазарскую дзяржаву. Тым ня менш, падзеленыя ўжо на той час хазары працягвалі фігураваць на гістарычнай арэне ажно да ХІV стагодзьдзя. Напрыклад, у Прэсбургу ў 1309 годзе мясцовыя касьцёльныя ўлады забаранялі каталікам шлюб з хазарамі. А ў 1346 гэтую забарону пацьвердзіў Папа Рымскі. Хазары паступова распушчаліся сярод іншых народаў, страчваючы ўласную мову дый іншыя адметнасьці.

Яшчэ сучасьнікі хазараў пачалі спрэчкі наконт прыкметаў “хазарскасьці”. І толькі ў адным і старажытныя, і сёньняшнія дасьледнікі сыходзяцца, калі ідэнтыфікуюць хазараў: сапраўднымі носьбітамі “хазарскасьці” былі Лаўцы сноў.

Сьвет — гэта сон, які сьніцца Богу, і нам трэба толькі маліцца, каб Ён не прачнуўся. А калі прачнецца? Мы — частка сну ці мы праніклі ў гэты сон?.. Лаўцы сноў ставіліся да рэальнасьці, як рыбы ставяцца да прасторы па-за вадою. Лаўцы пранікалі ў чужыя сны і жылі ў іх, з кожным разам павялічваючы майстэрства і з кожным крокам набліжаючыся да Бога. Гэта была адзіная хазарская рэлігія і адзіная чыннасьць, якая вызначала хазараў. Цяпер дакладна вядома, дзе, калі й пры якіх абставінах быў забіты апошні Лавец сноў. Гэта здарылася ў 1380 годзе падчас Кулікоўскай бітвы.

Яго звалі Гэта. Гэтае імя люстэркава адбівала імя першай хазарскай прынцэсы, ці то жонкі, ці то дачкі Вялікага Кагана, якая была заснавальніцай і заступніцай сэкты Лаўцоў сноў. Гэта ведаў ад нараджэньня, што ён — Апошні Лавец. У сьне Гэта ўбачыў свой скон. Штогод гэты сон паўтараўся і брыняў дэталямі. У 1362 годзе, калі Гэта ў складзе ардынскага войска наблізіўся да Сініх Водаў, ён убачыў свой сон наяве. Але сон ня спраўдзіўся да канца...

Страла рускага ваяра параніла Гэтавага каня акурат паміж шчыткоў на грудзях, конь панёс менавіта ў бок варожага стану, твар рускага, які занёс над Гэтам свой меч, быў знаёмы да кожнай зморшчынкі... Гэта нават ведаў імя майстра, які каваў меч. Гэта сачыў за дугою мяча доўга-доўга. Так доўга, што пасьпеў прыгадаць усё сваё жыцьцё, усе сны, у якіх ён пабываў. І калі вастрыё мяча наблізілася да вачэй хазара, успаміны й ява ізноў узьядналіся, і... рускі ваяр спыніў сваю руку.

Немагчыма вытлумачыць, чаму ён гэта зрабіў, гэтаксама як немагчыма дакладна рэканструяваць тую сустрэчу хазара й рускага. Але Lexicon Cosri вельмі канкрэтна сьведчыць, чым скончылася сустрэча. У падзяку за ўратаванае жыцьцё, а дакладней, з пашаны да надзвычайнага ўчынку — рускі перадолеў вызначанае лёсам — Гэта паведаміў рускаму праўду пра нараджэньне: рускі быў княжага паходжаньня.

Другі, апошні раз яны сустрэліся ў 1380 годзе. Гэта, натуральна, быў сярод татарскага войска. За васямнаццаць гадоў, што мінуліся пасьля Сіняводзкае бітвы, зь дзясятніка ён ператварыўся ў тысячніка. Зрэшты, ён гэта ведаў наперад... Гэтаксама, як ведаў, што на дапамогу татарам прыйдзе славянскае войска і што яно ня пойдзе ў бой. А яшчэ ён ведаў, што сярод таго войска будзе рускі ваяр, імя якому — Андрэй, сын Альгерда.

Яны сустрэліся другі раз у самым пекле сечы. Сустрэліся побач, стрэмя да стрэмені, калі разам ішлі ў атаку на маскоўскае войска. Яго было немагчыма не сустрэць — адзінага славяніна на баку татараў. Ваяра, які загадаў сваёй дружыне заставацца на месцы, разам з асноўным войскам, а сам рушыў у бой.

Рускі праз стрэлы, дзіды й мячы імкнуўся толькі да аднаго — дабрацца да князя, які і ўзростам, і абліччам, і нават манерай валоданьня мячом быў такі падобны да яго самога. Гэта ўсьміхаўся, калі бачыў, як па-юнацку гарэлі вочы гэтага даволі сталага чалавека, калі ён імкнуўся адпомсьціць нарэшце свайму крыўдніку. Таму, хто насіў ягонае імя. Дзівакі! Яны ня ведаюць, што сапраўднае імя ведае толькі Бог!..

Трапіўшы акурат паміж шчыткоў, страла параніла Андрэевага каня. І конь панёс яго проста да мэты ягонай выправы — да Андрэя Полацкага, князя Пскоўскага, сына Яромы, цесьляра зь Віцебску, і Марыі Яраслаўны, княгіні Віцебскай. У той самы момант, калі яны спляліся, другая маскоўская страла патрапіла ў руку Андрэя Альгердавіча. Тады Андрэй Яроміч занёс свой меч у спадзеве на апошні ўдар, але ўдар прыйшоўся па чыёйсьці іншай галаве. Далей вір бітвы разьнёс іх у розныя бакі.

Гэта, чыя галава ўратавала Андрэя Альгердавіча, памёр не адразу. Перад сьмерцю ён змачыў Андрэеву рану крывёю са сваёй галавы і прамовіў СЛОВА. Гэта сканаў, ведаючы, што й пасьля яго ў сьвеце застаўся Лавец сноў. Той, хто можа зьмяняць рэчаіснасьць.

* * *

Мы адзначаем даты, мы складаем лічбы, мы шукаем Знакі. 1200 гадоў таму нарадзілася прынцэса Атэг, якая й запачаткавала Лаўцоў сноў і стварыла свайму народу Неўміручасьць. Дзякуючы ёй у ХІV стагодзьдзі зьявіўся беларускі Лавец сноў. Сучаснай мовай яго можна назваць “прагрэсарам”. Тым, хто бачыць будучыню. У адрозьненьне ад хазараў, чужых сноў ён не лавіў, а ствараў і потым зьдзяйсьняў уласныя. Менавіта таму наш Слоўнік — Lexicon Lithuanian — жывая кніга, якая пішацца намі самімі для саміх сябе. Гэта значыць, што мы жывем ва ўласнай Неўміручасьці.

Загрузка...