— Пра нябожчыцу або добрае, або нічога. Так? — Протчанка нахмурыўся. Шабашова дзівіла яго. Была яна, як сказалі ў магазіне, бліжэй за ўсіх з Людмілай Антончык, але смерць сяброўкі, па ўсім, яе не надта засмуціла. Трымалася спакойна.
— Ага, — Шабашова ўздыхнула. — Ну, калі трэба… Людка была з прыветам, — сказала рашуча, адно не пакруціла пальцам ля скроні.
Ведаючы, як скончылася жыццё Людмілы Антончык, напэўна, можна было зрабіць і такі вывад. Нармальная маладая жанчына не кінецца раптам пад цягнік, не паспрабаваўшы растлумачыць, што прымусіла яе пайсці на крайнюю меру. Антончык не была вар’яткай. А між тым перадсмяротнай запіскі не пакінула. Проста ў разгар працоўнага дня памчалася на глухі чыгуначны перагон і сунула галаву пад колы таварнага поезда ўсярэдзіне састава, быццам знарок, каб не заўважыў машыніст…
— Не верыце? — Шабашова ўлавіла сумненні на твары Протчанкі.— Спытайце ў каго хочаце.
— Лепш за вас наўрад ці хто ведае, вы, кажуць, сябравалі.
— Было, калі мы разам на гародніне працавалі,— кіўнула Вольга Шабашова галавой у дробных завітушках. — Тады мы нават гасцявалі адна ў адной. Потым ёй чамусьці пачало часу не ставаць. У мяне таксама сям’я, а кампаніі не цураюся. Пераб’юцца мае дома, калі дзе затрымаюся. А Людка, па-мойму, не хацела падтрымліваць дружбу, заганарылася.
— З чаго б гэта?
— Панімала аб сабе многа. Тож мне каралева, — Вольга зняважліва махнула рукой.
— Самі ж кажаце: сям’я. Колькі клопатаў у жанчыны, — Протчанку раптам захацелася абараніць тую, мабыць, няшчасную кабету.
— Жыць не ўмела!
Протчанка прамаўчаў. Не ўмела жыць… Каб толькі гэта. Маладая жанчына наогул не схацела жыць — ні так, як уяўляла сабе Шабашова, ні неяк інакш.
— Пра Людку я што хацела… — працягвала Вольга. — Была яна нібы ворагам сабе. Упартая.
— Што ж тут дзіўнага?
— А то? Папросіш пакінуць батон каўбасы для каго са знаёмых, дык яна: «Нельга, парушэнне!» Бяды тае, усё роўна на мікрараён не хопіць, нават калі мы ўсю пусцім на прылавак. «Нельга!» Я што, не маю права? — Шабашова пачала распаляцца. — А вы кажаце, што тут дзіўнага?
Выхоўваць працоўную сумленнасць у прадаўцоў універсама ў капітанаву задачу не ўваходзіла, і ён вярнуў думкі Шабашовай да нябожчыцы:
— Напэўна, Антончык у магазіне не любілі?
— Што яна, артыстка? — засмяялася. — У нас усякія цацы водзяцца. Наш дырэктар Валерый Васільевіч тлумачыць, што ў кожнай бабы свой бзік, і таму трэба быць цярплівымі.
Протчанка ўсміхнуўся. Калі ў магазіне хаця б дзесятак такіх працаўніц, як Шабашова, то дырэктару даводзіцца і не гэтакае прыдумваць.
— Значыць, на працы ў Антончык непрыемнасцей не было?
— Я ведала б.
— Можа, з мужам не паладзіла, другога ўпадабала? — Кранаючы інтымныя бакі жыцця людзей, Протчанка адчуваў ніякаватасць. Такія пытанні, хочаш ты гэтага ці не, сеюць сумненні аб чалавеку нават прыстойным. Шабашова зараз, перш чым адказаць, няйначай, пералапаціць у галаве і праўду, і домыслы, і невядома, што з іх сінтэзуе. Вольга, аднак, рассмяялася:
— Гэта недаткнента? Зірніце на графік. Чаму, па-вашаму, у яе, прадаўца, заробкі прыбіральшчыцы? План, скажаце, не выконвала. А чаму? З рабочымі брахалася, з рубшчыкам не мірылася. А ім што трэба? Лапнуць за мяккае месца, падпільнаваўшы ў цёмным закутку. Бяды тае. Не ўбудзе, затое потым папрасіла б — і тавар загадзя прынеслі б, і рубшчык насек бы мяса па-людску. Антончыха сама ўсё цягала, нават Валерый Васільевіч заўважыў. Палаяў рабочых — крыху памагло.
Запас назіранняў у Шабашовай на гэтым вычарпаўся.
Яшчэ меней сказалі пра таварышку іншыя работніцы магазіна. Адны спасылаліся на тое, што працавалі з ёю ў розных аддзелах, другія паўтаралі Вольгу: многа аб сабе думала. Віктар Пятровіч разумеў, што ёсць людзі з душой наросхрыст, а ёсць некантактныя. Антончык, відаць, належала да апошніх. Адно бянтэжыла: чалавек, які многа аб сабе «панімае», без дай прычыны, прычым сур’ёзнай, на самагубства не пойдзе. І ён звярнуўся да загадчыцы аддзела Марыі Міхайлаўны Жукоўскай.
Людміліна начальніца паглядала на Протчанку насцярожана, быццам не верыла, што цікавіць оперупаўнаважанага яе нядаўняя памочніца не ў сувязі з нейкімі гандлёвымі парушэннямі, а як чалавек.
Невысокая, з хрыплым уладным голасам, яна была катэгарычная:
— Самагубцы не дзеляцца планамі!
Іншым разам капітан, можа, паспрачаўся б з ёю, бо не любіў асоб, якіх нішто не магло выбіць з даўно наезджанай каляіны. Сёння яму трэба было толькі слухаць.
Жукоўская была і хітрэйшая, і старэйшая за Шабашову, абы што не ляпала, адказвала, падумаўшы. Гэта жанчына адрознівалася ад Шабашовай і знешнасцю: акуратна ўкладзеныя ў цырульні чорныя валасы, на незагарэлым твары мала касметыкі, старанна адпрасаваны белы халат падкрэслівае правільнасць паставы. Калі прыняць погляд Шабашовай, Марыя Міхайлаўна апраналася з густам. Капітан адзначаў гэтыя дэталі ў абліччы загадчыцы аддзела, не адчуваючы, аднак, да яе прыязнасці. Не грэў вочы яе выгляд. Быў ён, як маска, надзетая на пэўны час і з пэўнай мэтай. Ды гэта да здарэння на чыгунцы дачынення не мела, і ён сказаў іншае:
— Марыя Міхайлаўна, ваша супрацоўніца сярод дня, не папярэдзіўшы, збягае з працы і кідаецца пад цягнік. Вы і самі ведаеце, што гэта незвычайны выпадак…
— Антончык не збягала — адпрасілася ў дзіцячую кансультацыю, — здавалася, што Жукоўскую зараз больш за ўсё непакоіла, каб у чым-небудзь недазволеным не абвінавацілі менавіта яе.
— Я не з упраўлення кадраў,— цярпліва нагадаў капітан, хаця на языку круцілася едкае тлумачэнне, што ў параўнанні са смерцю маладой жанчыны, маці, апасенні яе, Жукоўскай, нішто, дробязь. — Мне хочацца толькі зразумець, што вымусіла Людмілу забыць на дачку, мужа, на ўсё на свеце…
Жукоўская пагардліва павяла плечыкамі.
— Мне яна не спавядалася.
— Вы вопытная, дарослая жанчына, — вёў сваё оперупаўнаважаны, — вы цэлы год былі побач… Каму, як не вам, ведаць настрой Антончык перад гібеллю. Няўжо нічога не заўважылі?
— У нас гэтым павінен прафсаюз займацца, мяне цікавяць толькі дзелавыя якасці.
— І вам ніколі не захацелася зазірнуць у душу жанчыны, якая памагала вам у працы? — Капітан быў настойлівы, хаця разумеў, што нічога істотнага і тут не даб’ецца. — Не вельмі, напэўна, шчаслівага чалавека.
— Не мой прынцып лезці ў душу без запрашэння. Ёсць яшчэ пытанні? — яна асмялела, адчуўшы, што асабіста ёй нічога не пагражае.
Пытанні былі, і оперупаўнаважаны працягваў задаваць іх.
— Ёй ніхто не званіў у той дзень, а можа, хто прыходзіў да яе?
— Не сачыла…
Нічога не ведала, не схацела сказаць? Не, Жукоўская не была такой яснай Протчанку, як Шабашова. Гутарка скончылася нічым.
Па факту смерці Людмілы Антончык крымінальная справа ўзбуджана не была — нішто не сведчыла пра злачынства. Але паколькі чалавека не стала, Протчанку было даручана праверыць гэта трагічнае здарэнне. Пагутарыўшы з прадаўцамі, рабочымі, капітан зноў пайшоў да дырэктара. У першую сустрэчу Падошва параіў з кім лепш за ўсё пагутарыць, цяпер настала яго чарга адказаць на некаторыя пытанні.
Падошва прыняў оперупаўнаважанага ў сваім кабінеце, у тым самым, дзе капітан гутарыў з Жукоўскай і Шабашовай.
Быў Валерый Васільевіч высокі, стройны, элегантны. Імпартны бежавы касцюм і вузенькая палоска чорных вусоў рабілі яго падобным на прыбалта. Трымаўся ён проста і разам з тым з годнасцю, незалежна — як чалавек, што прывык мець справу з рознымі людзьмі. Протчанку нават падумалася, што і гэты сціплы кабінецік, а з ім і пасада не па Валерыю Васільевічу. Такому ўпэўненаму ў сабе чалавеку не універсамам, цэлым трэстам камандаваць. Ды, відаць, упусціў ён свой час, набраў гадоў, і наўрад ці яго цяпер вылучаць вышэй.
— Калі ласка, — паціскаючы руку, дырэктар паказаў капітану на зношанае крэсла побач з просценькім канцылярскім сталом і адключыў тэлефон. — Не дадуць пагаманіць, — іранічна і крыху збянтэжана ўсміхнуўся: — Магазін… Што выхадзілі, Віктар Пятровіч?
— Баюся, сваю бяду нябожчыца забрала з сабой.
— Шкада, маладая, прыгожая, — прамовіў Падошва. Стрымана, без эмоцый, як хаваючы боль.
— Мяне засмучае не толькі гэта, — сказаў оперупаўнаважаны. — Такі вялікі калектыў, і ніводнай сапраўднай сяброўкі.
Дырэктар нахмурыўся:
— На калектыў не наракайце, калектыў у нас добры, дружны. Перадавы ў горадзе. Днямі пераходны Чырвоны сцяг уручаць. А Людміла, па-мойму, сама дзічылася людзей.
— Чаму? — Тое, што і дырэктар падзяляў думку Шабашовай і некаторых іншых, Протчанку не спадабалася. Бывае ж так: навесяць на чалавека ярлык, і цягнецца ён за ім ледзь не праз усё жыццё. Віктар Пятровіч вырашыў кінуць каменьчык у накіраваную плынь дырэктаравых разважанняў.— Добры калектыў не мае права адкінуць ніводнага свайго члена. На тое ён і калектыў.
— Гэтак вы неўзабаве нас абвінаваціце, — рагатнуў Падошва, і прыязныя вочы пахаладнелі.— А падставы?
— Дарэмна вы, Валерый Васільевіч. Вінаватых я не знайшоў і не шукаю, ва ўсякім разе ў вашым універсаме. Я проста хачу зразумець, што ўяўляла з сябе нябожчыца.
— Прымаецца, — Падошва быў узяўся за ручку сейфа, нібы там у яго ляжала дасье на Антончык, але толькі пстрыкнуў замком. — Што вам сказаць пра Людмілу? Паступіла да нас пазалетась, да гэтага некалькі гадоў працавала ў прыгарадным сельмагу. Дзетдомаўка. Асаблівых прэтэнзій я да яе не меў. Сумленная, крыху капуха, было, план не рабіла. Вучылі, памагалі,— ён падняў указальны палец, засяроджваючы ўвагу оперупаўнаважанага на гэтай акалічнасці.— Разумею, вас цікавіць, ці здараліся канфлікты з таварышамі, адміністрацыяй. Кажу шчыра: нічога сур’ёзнага не было, — ён задуменна памяў цыгарэту, няўпэўнена паглядаючы на оперупаўнаважанага. — Калі дазволіце параду, выкажу. Вытокі самагубства хутчэй за ўсё ў псіхіцы, хаця медыцына і не давала нам наконт гэтага сігналаў…
Зрэшты, Віктар Пятровіч і сам пра нешта падобнае думаў, таму згодна кіўнуў галавой. Прычына самагубства, па ўсім, службовага характару не мела. Ен развітаўся з Падошвам.
Дзень быў змрочны, ветраны. Нізкія шэрыя хмары наперагонкі беглі па невысокім небе адна за адной. Вільгаць вісела ў паветры, гатовая ў любы момант праліцца на зямлю спорным летнім дажджом.
Протчанка паглядзеў на недалёкі аўтобусны прыпынак з мітуслівым натоўпам, потым на хмарнае неба і рашуча павярнуў у процілеглы ад прыпынку бок.
Муж нябожчыцы Андрэй, відаць, толькі прыйшоў з працы. Быў ён у рабочым адзенні і, здавалася, не збіраўся пераапранацца. Жыццё з наладжаным парадкам і рытмам зламалася, страціла для яго ранейшы сэнс. Гора прыціснула хлопца. Круглы і звычайна ружовы твар асунуўся. Нават цёмныя чаплінаўскія вусы прывялі.
Капітану міліцыі Андрэй не ўзрадаваўся. Старонні чалавек быў лішні ў яго думах. Андрэю зараз было б лягчэй у апусцелай кватэры самому. Але чалавек прыйшоў, і ён паскардзіўся:
— Пахавалі Люсю, — няўцямна павёў позіркам па баках. — Навошта яна так?..
— Вы сёння што-небудзь елі? — Протчанку занепакоіў бледны бездапаможны выгляд Андрэя. — Пайшлі на кухню!
Гаспадар паслухмяна паплёўся за капітанам. Сеў у куток і безуважна, не ўнікаючы, што робіць тут чужынец, глядзеў перад сабой.
Протчанка знайшоў у духоўцы газавай пліты чорную чыгунную патэльню, дастаў з халадзільніка кавалак сялянскага сала і яйкі. На яешню і чай кулінарных здольнасцей у яго хапала.
Сала верашчала ў патэльні, разносячы па кватэры прыемны пах. Андрэй, не чакаючы, пакуль яешня астыне, узяў відэлец і начапіў падсмажаную скварку, сунуў у рот. Ен не адчуў ні гарачыні, ні смаку. Пажаваў, праглынуў і адсунуў патэльню.
— Не магу… Не лезе…
Протчанка прыбраў са стала. Яму вельмі не хацелася, можа, не надта тактоўнымі пытаннямі бярэдзіць незагоеныя мужавы раны, але мусіў.
— Андрэй Сяргеевіч… Можна я вас буду зваць проста Андрэй? Так. Прабачце, што лезу ў душу. Такая мая служба. Можа, яна расказвала вам пра нейкія непрыемнасці, можа, яна ў нечым змянілася?
Грымаса не то болю, не то крыўды ценем прабегла па скамянелым Андрэевым твары, на імгненне вярнуўшы яму жыццё. Хлопец падхапіўся з крэсла, ірвануў на сябе фортку і знерухомеў. Ен доўга стаяў моўчкі, а калі загаварыў, голас быў прыглушаны, раўнадушны, быццам успаміны ўжо не мелі для Андрэя ніякага значэння.
— Я мала знаходзіўся дома. Усё больш па камандзіроўках. Яны ў нас, шафёраў міжгародніх маршрутаў, працяглыя. Вяртання чакаеш, як шчасця. Хіба будзеш прыглядацца да дробязей, калі бачыш, што цябе чакалі. Люся была стрыманая. Яна не часта казала аб сваім каханні. Навошта паўтараць? Мы жылі ў згодзе. У нас расце такая цудоўная дзяўчынка… — Голас нарэшце дрогнуў.
Што мог адказаць Віктар Пятровіч, які за гэтыя дні сам не аднойчы задаваў сабе такое пытанне?
— Не мучай сябе, Андрэй, не відно тут тваёй віны, — Протчанка суцяшаў не з ветлівасці ці абавязку. Перад сустрэчай з мужам нябожчыцы ён пабываў у гаражы, пагутарыў з суседзямі Антончыкаў, ні ад каго не пачуў благога слова пра Андрэя.
— Толькі яна сказала б, чыя віна, — Антончык раскачваўся, абхапіўшы сябе за плечы рукамі.
Чалавеку было балюча. Аднак справа ёсць справа, і оперупаўнаважаны спытаў:
— Вы з Людмілай часта ездзілі на прыроду? Андрэй здзіўлена апусціў рукі.
— Якое гэта зараз мае значэнне?
— А ўсё-такі? — капітан разумеў, што толькі суровы, настойлівы тон можа прымусіць мужа гаварыць пра мінулае.
— Калі супадалі выхадныя…
— Куды ездзілі?
— Да маіх старых. У Люсі нікога няма.
— А калі выхадныя не супадалі? Ен падазрона ўчалопіўся ў капітана:
— Што вы хочаце сказаць?
— Увогуле нічога крыўднага, — Протчанка баяўся менавіта такой рэакцыі, калі загадзя прыкідваў свае пытанні: у мужа і без таго маглі быць нейкія падазрэнні, асабліва пасля доўгіх камандзіровак. Трэба было хутчэй выпраўляць становішча. — Малой патрэбна свежае паветра, многія ў вольныя дні выбіраюцца за горад.
— Не было, не было ў Люсі вольнага часу. Дома сядзела! — ён ледзь не закрычаў ад роспачы. — Мы адзін ад аднаго нічога не таілі!
У апошнім Віктар Пятровіч чамусьці засумняваўся. Аднак, што нябожчыца не была з аматараў прыроды, паверыў. Падсвядома ён нечага такога чакаў. Хаваючы жаль да Андрэя, адвярнуўся.
Людміла цяпер зацікавіла оперупаўнаважанага куды болей, чым да гэтага. Але ён не ведаў, як падзейнічаць на прыгнечанага мужа, каб ён пачаў успамінаць уголас аб яе характары, прывычках.
— Пойдзем у пакой, чалавеча, — прапанаваў Віктар Пятровіч. — Пасядзім, пагамонім…
— Пра што? — ён не ўпарціўся, ён нібы разважаў сам з сабой. — Чым я правініўся перад Люсяй?
— Гэта і я спрабую ўстанавіць, — Протчанка прымусіў гаспадара сесці на канапу, апусціўся побач.
— У мяне?..
— І ў вас, — пацвердзіў капітан. Наўрад ці Людмілін учынак быў імпульсіўны. Хутчэй за ўсё ён наспяваў спакваля. Але было і нешта, што выклікала выбух. На жаль, муж тут нічога змяніць, бадай, не мог — ён вярнуўся з рэйса на наступны пасля жончынай смерці дзень, дакладней уначы. — Дачка ў бацькоў?
Андрэй кіўнуў, зноў паскардзіўся:
— Як мы будзем без Люсі?
— З кім Людміла дружыла?
— Калі я быў дома, то і яна нікуды не хадзіла. Пакуль з работы прыйдзе… — Ен сядзеў скурчыўшыся, і яго нязграбная пастава здалася капітану тым самым пытальнікам, які Андрэй, няйначай, прыкладаў да сваіх слоў.
У сям’і, сцвярджае муж, усё было нармальна. А што мела на ўвазе Шабашова, сказаўшы пра сапраўдных мужыкоў, якіх жанкі не ўмеюць цаніць? Звычайная балбатня зайздросніцы, ці праўда? Дык якая ты была ў жыцці, Людміла Мікалаеўна Антончык? Віктар Пятровіч устаў, падышоў да дзвюх чэшскіх палічак, што віселі на сцяне. Небагата было кніжак у гэтай хаце, і падбор іх быў выпадковы, напэўна, тое, што звычайна прапаноўвае таварыства кнігалюбаў. Вокладкі новыя, незашмальцаваныя, і толькі зборнічак аповесцей аб каханні меў сляды рук.
— Чытаеце?
— Люся, — не адразу ўцяміў Андрэй. — Мне чытаць часу не хапае.
Невялікая кватэра выглядала не вельмі ўтульнай. І мэбля была неблагая, і сервант з сякім-такім крышталём, і два мяккія крэслы, а нечага не хапала. Душы, ці што? Той душы, якая аб’ядноўвала б усё ў адно. Што б там ні казалі, а душу жытлу дае ўсё-такі жанчына, гаспадыня. Але ён не спяшаўся рабіць вывады. Сям’ю ствараюць двое, тады і сямейны ачаг грэе абаіх.
— Даруйце, Андрэй, — павагаўшыся, пачаў Протчанка, — што лезу ў асабістае. Калі не цяжка, раскажыце, ці былі ў вас з жонкай… Ну, скажам так, непаразуменні. У чым, можа, папракалі яе вы?..
— Не было! — Андрэй не даў капітану скончыць, і ў гэтай успышцы засяроджанага ў сабе чалавека было нешта незразумелае.
— Пра што яна марыла, чаго хацела ад жыцця? — Протчанка блукаў у прыцемках чужога лёсу, не ўпэўнены, што шукае менавіта там. Ен пайшоў бы з гэтай кватэры, каб не стаяла перад вачамі ўтульная палянка з трупам на абочыне чыгуначнага палатна.
Андрэй разгублена паглядзеў на капітана.
Протчанка уздыхнуў. Хто ты, Андрэй Антончык? Добры клапатлівы муж і бацька і разам з тым абмежаваны ў пачуццях чалавек? Гэта магло ў жонкі выклікаць незадаволенасць — яна ж чытала ў кнігах пра незвычайныя пачуцці, узнёслае каханне, а тут, можа, і прыгожага слова не чула. Ды нават калі яго, Протчанкі, здагадка верная, скупасць на пачуцці не павінна была стаць повадам, каб бегчы з жыцця, пакідаць сіратой дачушку. Протчанка з горыччу заўважыў, што паўтараецца ў меркаваннях, а прыцемкі не робяцца святлейшымі. Перасільваючы ў сабе ўнутраную нязгоду з пытаннем, усё-такі задаў яго. Адступаць не было куды.
— Вы кахалі Людмілу?
Напэўна, Андрэй меў поўнае права выставіць назойлівага оперупаўнаважанага за дзверы. Мабыць, праз некалькі дзён, апамятаўшыся ад раптоўнага гора, ён так бы і зрабіў. Сёння эмоцыі былі яшчэ прыглушаныя. Ен адказаў, прычым па-свойму:
— Хіба бывае сям’я без кахання?
Віктару Пятровічу здалося, што Андрэй не пытаецца, а пераконвае сябе ў нечым. У такіх выпадках чалавек не чакае тлумачэння, Віктар Пятровіч гэта зразумеў.
— Ведаеш што, Андрэй Антончык, час ужо начны, а табе заўтра на працу рана ўставаць. Кладзіся ты спаць, а я пайду.
— А ўжо ж… — абыякава падпарадкаваўся гаспадар, гледзячы на капітана невідушчымі вачамі: ён, бадай што, і капітана не бачыў, ён рашаў праблему — ці бывае сям’я без кахання.
У ліпах на газонах шумеў вецер, гудзелі рухавікі аўтамабіляў, што праносіліся па вуліцы, па тратуары плылі бясконцым патокам людзі. Усё гэта Протчанка адзначаў машынальна, па прывычцы нічога не прапускаць міма ўвагі. Толькі што была ў яго размова з начальнікам райаддзела Міранковым, і ў думках ён зноў і зноў вяртаўся да выказаных яму аргументаў. Падпалкоўнік быццам пагаджаўся з ім, інакш не дазволіў бы траціць час на відавочную, як лічаць у райаддзеле многія, справу. Праўда, падкрэсліў Міранкоў, не ў шкоду іншым клопатам. Але дазвол ёсць дазвол, гэта азначае, што ўрэшце з цябе спытаюць за вынікі па ўсёй строгасці. Дык што ў яго ёсць?
Протчанка ведаў, што без дай прычыны ў жыцці нічога не адбываецца. І Людміла Антончык не без яе кінулася пад поезд. Задача яго, оперупаўнаважанага, высветліць, што прывяло жанчыну на чыгуначныя рэйкі. Ні ў магазіне, ні дома ў нябожчыцы ён не знайшоў адказаў на гэта пытанне. Верагодна, іх там і не было, шукаць трэба было недзе ў іншым месцы, якога Протчанка пакуль што не ведаў.
Побач прытармазілі «Жыгулі». Знаёмы інспектар ДАІ Лабацкі запрасіў:
— Садзіся, капітан, падкіну да службы. Ты што такі хмуры?
З Лабацкім яны не былі асабліва блізкія, але заўсёды сустракаліся прыязна, сімпатызавалі адзін аднаму. Ен сеў у машыну і паскардзіўся:
— Павесіў на шыю хамут, а як зняць, не разумею.
— Есць добры прыём, — Лабацкі спыніўся перад светафорам. — Каб праверыць сябе, пачні спачатку.
Віктар Пятровіч недаверліва паглядзеў на Лабацкага, падумаў і ўдзячна ўсміхнуўся:
— Адна галава добра, а дзве — сельсавет. Дзякую, інспектар!
У райаддзеле Протчанка выпрасіў машыну і паехаў у вёску Верамейкі, паблізу якой загінула Антончык.
На невялічкай палянцы, абкружанай беластвольнымі бярозкамі і стромкімі сасонкамі, ужо нішто не напамінала аб нядаўняй трагедыі. Дажджы змылі са шчэбеню ўсе сляды, паднялі прытаптаную мноствам ног траву.
Не дайшоўшы метраў тры да чыгуначнага палатна, Протчанка спыніўся, агледзеўся. Ярка свяціла сонца, разліваючы па зямлі цёплую млявасць. Вецер, які шалеў у горадзе, тут мусіў стрымаць свой парывісты нораў. Было ціха, утульна, спакойна. А Віктару Пятровічу ў галаву лезла чорная думка, што нечым узрушаная жанчына нібы спецыяльна выбрала гэты чароўны і глухі куток, каб скончыць свае рахункі з жыццём. Лес з абодвух бакоў падступаў да чыгункі, якая рабіла тут круты паварот. Нават каб Людміла лягла на рэйкі перад цягніком, машыніст не паспеў бы затармазіць. А яна яшчэ і як падстрахавалася — кінулася пад колы ўсярэдзіне саставу. І толькі з сустрэчнага поезда ўбачылі пашкуматаны труп.
Дарога тут бойкая. Праз кожныя хвілін дзесяць міма Протчанкі, угінаючы моцныя сталёвыя рэйкі, з грукатам праносіліся цяжкавагавыя цягнікі. Напэўна, і тады Антончык мала ляжала незаўважанай. Аператыўная група прыбыла хутка. Аднак нічога падазронага не выявіла. Жанчына перад смерцю была адна — такі папярэдні вывад быў зроблены па гарачых слядах. А гэта ў сваю чаргу наводзіла на думку пра самагубства.
Віктар Пятровіч цвяроза ацэньваў свае прафесійныя здольнасці. Тое, што некаторыя яго калегі схоплівалі на ляту, часта інтуітыўна, яму давалася пасля доўгага роздуму, вагання, сумненняў. Протчанка лічыў, і ўрэшце змірыўся з гэтым, што ён не мае творчай фантазіі, не ўмее адразу ўявіць цэлую карціну і таму мусіць складаць яе, як мазаіку, па асобных фрагментах, кавалачках. І пры гэтым ніколі не ўпэўнены, што тут няма лішніх. Зараз ён таксама не спадзяваўся раптам адкрыць нешта істотнае. Разумеў, што калі яно і ёсць, то, можа, дасца яму некалі потым…
Віктар Пятровіч стаяў і разважаў сам з сабой.
У бок горада са свістам пранеслася электрычка. У вокнах прамільгнулі расплывістыя твары пасажыраў. Протчанка прасачыў, як знікае апошні вагон з ледзь заўважным у яркім святле чырвоным сігналам, і сурова сцяў вусны. Гэта цудоўная мясцінка не падабалася яму ўсё болей і болей. Ен не спрабаваў даўмецца — чаму, не спадзяваўся на азарэнне. Ен спусціўся да замшэлага валуна, які ці не напалавіну ўрос у зямлю, прысеў на яго, дастаў блакнот, пагартаў. На адной са старонак было запісана, што, паводле слоў мужа, Антончыкі за горад не выязджалі. Да гэтага капітан яшчэ тады, запісваючы, дадаў: праверыць, ці ёсць з горада на Верамейкі аўтобус паміж чатырнаццацю і пятнаццацю гадзінамі; сустрэцца з машыністамі цягнікоў, якія праязджалі ў гэты час міма месца здарэння. Так, зрабіць гэта неабходна не адкладваючы. А што яшчэ? Ен уздыхнуў і падняўся.
Аўтобусы з горада ў Верамейкі прыходзілі або да дванаццаці гадзін, або пасля шаснаццаці. Протчанка двойчы прачытаў расклад, вывешаны ля прыпыначнага павільёна, і падумаў, што для пэўнасці трэба запрасіць даведку ў дыспетчарскай аўтастанцыі. Настрой яго пагоршыўся.
Памочнік машыніста цеплавоза, які праязджаў міма палянкі за чатыры хвіліны да гібелі Антончык, бачыў там хлопца і дзяўчыну. Яны павольна рухаліся ўздоўж чыгуначнага палатна. Сцяжынка была ніжэй насыпу. Аднак з высокай кабіны цеплавоза праглядалася добра. Натуральна, што памочнік звярнуў увагу на гэту пару — мясцінка тут была не вельмі людная, ён яе праязджаў не першы раз і рэдка калі каго бачыў. Як выглядалі дзяўчына і хлопец, сказаць не мог, запомнілася толькі светлая сукенка, магчыма, з нейкімі кветкамі або палоскамі.
Атрымаўшы гэтыя звесткі, Протчанка зусім засмуціўся. Антончык таксама была ў белай кофтачцы з папярочнай палоскай і ў светла-шэрай спадніцы. А галоўнае — час. Нават дапусціўшы, што Людміла з’явілася на палянцы крыху пазней за тую пару, усё роўна немагчыма адказаць прынамсі на два пытанні. На ранейшае: на чым за якіх паўгадзіны яна дабралася ад магазіна да Верамеек, бо аўтобусаў не было; і новае: хто тыя хлопец і дзяўчына?
У тым, што чыгуначнік бачыў маладых людзей, капітан не сумняваўся. Няпростыя пошукі той маладой пары не бянтэжылі оперупаўнаважанага. Знаходзіць сведак — яго прафесія. Праблема была ў іншым. Прыняўшы версію, што дзяўчына, якая была з хлопцам, не Антончык, оперупаўнаважаны выйграваў час. Той самы, які часцей за ўсё з’яўляецца ворагам любога расследавання. Але, памыліўшыся, ён гэты час страціць, бо потым усё трэба будзе пачынаць, па сутнасці, спачатку. І ёсць яшчэ транспарт, які скарыстала Людміла. Протчанка пачухаў патыліцу: пакуль у яго толькі пытанні, якія, на жаль, ён мусіць задаваць не каму іншаму, а сабе.
У той вечар Андрэй Антончык паслухаўся капітана. Пасцяліў на канапе, зашторыў акно. У пакоі было цёмна, ціха. Але сон не прыходзіў. Капітан растрывожыў яго і без таго горкія думкі.
Андрэй ляжаў з адкрытымі вачамі і ўспамінаў, успамінаў…
Ен не ўсё расказаў гэтаму незнаёмаму міліцыянеру пра сябе і жонку. Тое што было паміж ім і Люсяй, належала толькі ім.
Люся глядзела дачку, дом. А што яшчэ трэба? Ен задаў сам сабе гэта пытанне і скалануўся. За натуральным пытаннем раптам узніклі сумненні. Андрэй гнаў іх ад сябе, а яны ўпіраліся, не знікалі. І ен скарыўся ім.
Капітан пытаўся, ці не змянілася ў апошні час Люся, прасіў успомніць дробязі. Навошта? Дробязі існуюць пастаянна, сёння адны, заўтра другія… З іх, мабыць, і складаецца побыт. Дробязі — глупства, калі ёсць каханне.
Ен, Андрэй, адчуў сябе найшчаслівейшым чалавекам, калі Люся згадзілася стаць яго жонкай. У яго былі знаёмыя дзяўчаты, можа, нават віднейшыя за Люсю, але менавіта яна здалася яму самай лепшай. Прыгожая, спакойная, разважлівая. Андрэй, заляцаючыся, бачыў, як цяжка ёй жывецца: прыватная кватэра, невялікая зарплата. А яна ніколі не журылася, нібы ведала нешта важнейшае за дабрабыт. Чатыры месяцы хадзіў Андрэй за дзяўчынай па пятах, не адважваючыся прызнацца ў каханні. Яна зрабіла гэта за яго.
— Цялё! — аднойчы пачуў ён.
Ад шчасця пасля вяселля Андрэй быў, як у чадзе. Цэлы тыдзень. Пакуль з палучкі не купіў жонцы абнову. Замест удзячнасці, не прымераўшы, яна злосна вымавіла:
— Дурань, хто цяпер такія носіць!
Сціплы залаты ланцужок, напэўна, быў не такі ўжо благі. Люся потым яго надзявала, нават неяк павінілася за грубасць. А ў Андрэя на сэрцы застаўся камень.
Бо ўспышкі беспрычыннага на яго погляд жончынага гневу нібы прапісаліся ў іх кватэры…
Андрэй устаў. Не запальваючы святла, прайшоў на кухню і адчыніў акно. Ен заўсёды, калі дачкі не было дома, курыў на кухні пры адчыненым акне.
Можа, той выпадак, як і ўсё далейшае, не такія ўжо важныя. Люся звычайна хутка астывала, лашчылася. Аднак горыч у Андрэя не праходзіла, парванае не клеілася ў цэлае. Ды не гэта, напэўна, цікавіла капітана міліцыі.
Пагасла недакураная цыгарэта. А ён усё стаяў і глядзеў у начную цемру.
З акна цягнула прахалодай. На халадзільніку цікаў раўнадушны да ўсяго будзільнік, адбіваючы секунды і мінуты, і гэтак жа адна за адной наслойваліся Андрэевы ўспаміны-думкі.
Ці змянілася Люся? Андрэю здавалася, што за гады іх сумеснага жыцця не вельмі. Проста стала спакайнейшай, упэўненай. Прыязджаючы з камандзіровак, ён бачыў, што жонка рада яму. Люся па характару была стрыманай, Андрэю хапала яе цёплай усмешкі. Толькі аднойчы жонка пераступіла цераз сваю стрыманасць. Калі гэта было? Андрэй паварушыўся, няўцямна паглядзеў на чорны кончык цыгарэты і чыркануў запалкай па карабку. Ці то рукі не слухаліся, ці то карабок адсырэў — запалкі ламаліся, не запальваліся, і яму ўдалося прыкурыць толькі з трэцяга заходу.
Андрэй зацягнуўся. Глыбока, прагна, аднак палёгкі не адчуў. У галаве сядзелі, трывожачы, колішнія капітанавы пытанні. Хаця, па шчырасці, не яны, а ўсведамленне, што гэты чужы чалавек быў, бадай, недалёка ад ісціны.
У тым месяцы Андрэй вярнуўся дадому пасля дзесяцідзённай камандзіроўкі. Люся выбегла ў прыхожую, кінулася яму на шыю, а потым, не даючы распрануцца, пацягнула да дзіцячага ложка, у якім спала дачушка. Убачыўшы малую, ён адразу забыўся на жончыну ўзбуджанасць. І, можа, не ўспомніў бы, каб не растрывожыў оперупаўнаважаны душу. Пытанні нагадалі і тую незвычайна гарачую сустрэчу, і тое-сёе іншае. Не, не ўсё ў іх было добра-мірна. Цяпер Андрэю здаецца, што вінаватыя ў гэтым яго працяглыя паездкі. Спыніцца б, знайсці што без камандзіровак, ды не, ён ездзіў і ездзіў. Згарэлі б тыя грошы, за якімі гналася і яна, і, чаго таіцца, ён таксама. Думалі хутчэй абжыцца, а патрэбам не было канца.
Вяртаючыся, ён апошнім часам з болем заўважаў, што Люся мяняецца. Лічыў, што ёй адной цяжка з дзіцем, прапаноўваў знайсці работу, не звязаную з камандзіроўкамі. Жонка тады нервавалася яшчэ болей. І ўсё працягвалася, як было. Як было? Не! Усё рабілася горшым. У яго таксама часам не вытрымлівалі нервы, прыходзілі страшныя падазрэнні…
Андрэй адчуваў, што не засне — мінулае не адчэпіцца. Ен знайшоў у буфеце бутэльку гарэлкі, купленую на дзень нараджэння і не выпітую, бо Люся чамусьці не захацела гасцей. У цемнаце наліў поўную шклянку і, гідзячыся, праглынуў адным махам пякучую вадкасць. Пастаяў ля буфета пакуль не пацяжэла галава і, трымаючыся за сценкі, павалокся да канапы…
— Вам цыбулі, гуркоў? — усміхнулася Шабашова, убачыўшы капітана перад прылаўкам. — Рашайце, зараз на абед зачынім.
— Не, гуркоў не вазьму, яны ў вас ці не леташнія, вунь пажаўцелі.
— Ага, на базары зелянейшыя. Але цэны… Вашага акладу не хопіць, — Шабашова паводзіла сябе з Протчанкам, як з добрым знаёмым, — комплексамі яна не мучылася.
— Што верна, то верна, — усміхнуўся і капітан. — Пачакаю, пакуль зачыніце, можа, па дружбе пад прылаўкам свежанькія знойдуцца, і не гуркі, памідоры.
— Ай-яй, таварыш оперупаўнаважаны, — прадаўшчыца з задавальненнем падтрымлівала жартоўную размову. — На што вы мяне падбіваеце!
Падышла пакупніца, і на твары Шабашовай адразу прабілася хмурнасць. Яна сярдзіта кінула на талерку вагаў звялыя і кепска абрэзаныя пучкі радыскі. Пакупніца, аднак, трапілася пераборлівая: то прасіла памяняць гародніну, то замест радыскі пакласці бурачкоў. Протчанка бачыў, што прадаўшчыца ледзь стрымліваецца, каб не паставіць прыдзіру на месца. Ды, відаць, яго саромелася і, сцяўшы вусны, нехаця ладзіла.
Вядома, гандлёвыя работнікі павінны быць ветлівыя і абыходлівыя. Але зараз Віктар Пятровіч спачуваў і Шабашовай: дзе ўзяць нервы, каб за цэлы дзень не сарвацца з такімі ўедлівымі грамадзянамі, якія нібы не паўкіло буракоў купляюць, а прынамсі,— карову. Нічога не паробіш, і Шабашова мусіць трымацца, як і кожны працаўнік на сваім службовым месцы. Бо і яму, Протчанку, таксама даводзіцца сустракацца і з тугадумамі, і з нахабнікамі, якія не разумеюць часам або не хочуць разумець простыя рэчы.
Нарэшце пакупніца адышла. Смяшлівая таўстуха ў белым фірменным халаціку, якая трымала ўваходныя дзверы на кручку, выпускаючы апошніх наведвальнікаў, прыспешыла яе:
— Давайце, давайце…
Шабашова прасачыла позіркам за жанчынай-пакупніцай і, калі тая апынулася на вуліцы, як ажыла, сцягнула з галавы касынку.
— Усё на сёння.
— Пакупнік заўсёды мае рацыю? — падкалоў Протчанка.
— Вочы мае не бачылі б іх!
— Гэтак вы без зарплаты будзеце, — рэпліка прадаўшчыцы не спадабалася капітану. Яна неяк адразу раскрыла і характар, і адносіны да работы гэтай увогуле вясёлай кабеты.
— Пражыву, — бесклапотна махнула яна рукой. Віктар Пятровіч папракнуў жанчыну:
— Мінулы раз вы надта скупа расказвалі мне пра Людмілу Антончык. Чаму?
Вочы ў Шабашовай трывожна забегалі, яна забажылася:
— Усё, усё…
— З кім яна сябравала, ездзіла за горад? — ён не ўпамянуў пра мужчыну, не быў упэўнены, што той існаваў на самай справе.
— Ці мала людзей…
А капітан раптам падумаў, што яна або ведае, або здагадваецца, хто мог быць праважатым у Антончык, але чамусьці не хоча сказаць. Наўрад ці гэта была сціпласць, на яе Шабашова наогул не хварэла. Ды як зразумець, чаму гаварлівая жанчына раптам хавае язык за зубамі.
— Нагаварыць проста, а яна ўжо не адмыецца, — гэта прагучала фальшыва, рэпутацыя нябожчыцы, як помніў капітан, мінулы раз не турбавала Шабашову.
Праўда, тады былі словы наогул, неканкрэтныя. І ўсё-такі, выкручваючыся, Вольга Максімаўна бадай што прагаварылася. Няўжо Людміле Антончык было ад чаго адмывацца? А прадаўшчыца нібы ўлавіла думкі Протчанкі, спрытна адвяла ад сябе яго ўвагу: — Я што, я збоку, у яе начальства было…
Марыя Міхайлаўна, пачуўшы, падышла, не надта прыязна сказала:
— Зноў вы тут!
— Такая служба, — не трэба было ўскладняць сітуацыю, не здабыўшы патрэбных звестак.
— Таварыш капітан цікавіцца, з кім Людка магла паехаць у лес.
— Мне толькі таго клопату, што за вашымі хахалямі сачыць, — абрэзала Марыя Міхайлаўна прадаўшчыцу і павярнулася да оперупаўнаважанага: — Асабіста я ад вас нічога не скрыла.
І Жукоўская, Віктар Пятровіч ужо не сумняваўся ў гэтым, таксама не адкажа на пытанне. Хаця яе слова «хахалямі» наводзіла на роздум. Было яно ўколам прадаўшчыцы за балбатлівасць ці нарадзілася з фактаў? Раззлаваны Протчанка папракнуў:
— З вамі пагаворыш! Няўжо не даходзіць, што чалавек загінуў?
Шабашова прамаўчала. Жукоўская, нібы сказанае яе не тычылася, падкрэслена развіталася:
— Прывет, таварыш оперупаўнаважаны.
З магазіна Віктар Пятровіч пайшоў поўны прыкрасці. Ен яшчэ апраўдаў бы паводзіны прадаўшчыцы, каб гаворка была пра гандлёвыя парушэнні — тут нічога не паробіш, не кожны адважыцца на шкодную сабе шчырасць. Смерць жа Людмілы Антончык непасрэдна не закранала ні парадкі ў магазіне, ні яго работнікаў. А ўсё роўна адгароджваюцца сцяной маўчання. Дык што рабіць яму? Напісаць заключэнне, што крыміналу не выяўлена, і на тым скончыць? Ніхто ж — ні блізкія нябожчыцы, ні на яе службе — прэтэнзій не выказваюць. Гэта яго дзівіла. Няўжо праўда патрэбна толькі праваахоўным органам? Ну што ж, будзе ён, оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку, абаронцам памяці жанчыны, якая так недарэчна загінула.
Пакуль Протчанка хадзіў, справы, якія былі ў яго вытворчасці, ляжалі без руху. Заняўшыся імі, ён на некаторы час забыўся пра Антончык. Успомніў, калі скончыўся працоўны дзень. І замест таго каб спяшацца дахаты, пачаў думаць, што можна яшчэ зрабіць. Засяроджаны на сваіх прыкідках плана далейшага расследавання, Віктар Пятровіч не адразу пачуў, як адчыніліся дзверы. Падняў галаву і ўскочыў — у кабінет зайшоў Міранкоў.
— Што, капітан, дня ўжо не хапае? Садзіся, садзіся, ёсць размова.
Капітан нерашуча сеў.
Падпалкоўнік уважліва паглядзеў на яго і нечакана пацікавіўся:
— Што набегаў? Капітан прызнаўся:
— Нічога пэўнага…
— Карацей кажучы, вы не ўстанавілі, чаму жанчына кінулася пад цягнік. Так?
— Так точна, таварыш падпалкоўнік.
— Але, як мне здаецца, — працягваў начальнік аддзела, — дапускаеце, што нехта прама або ўскосна штурхнуў жанчыну на гэты крок?
— Гэта толькі домыслы…
— Якія між тым атрымалі водгук, — незразумела для оперупаўнаважанага прамовіў падпалкоўнік. — Дайце мне свой план, — прачытаў, хмыкнуў.— Званілі з гарсавета, папракалі, што мы нервуем калектыў перадавога гандлёвага прадпрыемства. На тым тыдні універсаму маюць уручыць пераходны Чырвоны сцяг, а нейкі оперупаўнаважаны не вылазіць з магазіна. Маўляў, што людзі падумаюць? Улоўліваеце?
— А што думаеце вы, таварыш падпалкоўнік, не пра універсам, пра аўтара званка? — Звычайна Протчанка з начальствам не пёр на ражон, захоўваў субардынацыю, а тут вырвалася.
— Ты свае хітрыкі, капітан, у працы праяўляй, — Міранкоў не ўзлаваўся, наадварот, перайшоў на свойскі тон. — Спатрэбіцца — сам скажу. Зараз выслухай, што потым сказаў і пракурор. Дарэчы, былы. На бліжэйшай сесіі яго зацвердзяць намеснікам старшыні гарсавета. Дык вось, будучая правая рука гарадскога галавы лічыць, што ў нас з табой няма неабходнасці кранаць магазін.
— Па-першае, універсамаўскімі справамі я не цікавіўся. Па-другое, хваляванне работнікаў магазіна мне не падабаецца. Можа, сапраўды баяцца пагалоскі, а можа… Як бы там ні было, спыняцца на паўдарозе я не збіраюся, не маю права.
Не зважаючы на Протчанкаў закід, падпалкоўнік папярэдзіў:
— Вы не вельмі там. Ясна?
Віктар Пятровіч прамаўчаў. Сутыкаючыся з гандлёвымі работнікамі нават па справах, далёкіх ад гандлю, амаль заўсёды натыкаўся на іх нежаданне пусціць яго, чужога, у сваё асяроддзе. Бяда невялікая, каб было гэта толькі гіпертрафіраванай прафесійнай салідарнасцю. Але магло гэта быць і праявай кругавой парукі, якая выліваецца ў асцярожнасць на ўсякі выпадак. Бо не так ужо рэдка ў гандлі здараюцца і крадзяжы, і спробы скарыстаць так званы дэфіцыт дзеля ўласнай выгады. Падпалкоўнік ведае гэта таксама.
А Міранкоў, не дачакаўшыся абяцання быць абачлівым, сурова спытаў:
— Што ў цябе першачарговае?
— Хачу адшукаць тых, хто звольніўся з універсама…
За год Цэнтральны універсам пакінулі тры чалавекі — дзве прадаўшчыцы і рабочы. Прычыны розныя, але не такія, каб людзі захавалі крыўду на былое месца працы і таму маглі нагаварыць лішняе, прадузятае.
Ларыса Лукашова, якая раней працавала ў мясным аддзеле, цяпер вучылася ў інстытуце. Былі канікулы, пагодлівы дзень, і яна спяшалася на пляж. Протчанка пераняў яе на лесвічнай пляцоўцы. Дзяўчына скакала па прыступках, весела размахваючы вялікай жоўтай сумкай з надпісам «Адзідас».
— У нас кампанія, — катэгарычна заявіла яна капітану і зірнула на маленькі электронны гадзіннік.
— Калі дазволіце, правяду вас.
Дзяўчына ўважліва паглядзела на яго, неазначальна павяла плечыкамі, што можна было прыняць і за згоду, і за адмову.
Протчанка быў чалавек не горды, выбраў першае, хаваючы ўсмешку. Лукашова не была прыгажуняй і не ўмела падкрэсліць нават тое, што памагло ёй стаць хаця б прыкметнай дзяўчынай. Акуляры насіла не сучасныя, з невялікімі круглымі шкельцамі; валасы зачэсвала гладка, мацуючы хвосцік, нібы школьніца малодшых класаў, чорным гумавым колцам; міні-сарафан занадта адкрываў не вельмі стройныя ногі. А можа, у гэтым быў своеасаблівы шык такіх дзяўчат? Протчанка апошнім часам часта мусіў прызнавацца сабе, што не разумее цяперашніх маладых людзей. Хаця ў свае трыццаць гадоў не адносіў сябе да пажылых. Ды пакрысе ўтварылася паміж ім і юнымі напаўпразрыстая сцяна, якая ўжо нешта схавала ад яго…
Некаторы час яны ішлі поруч і маўчалі. Ларыса некалькі разоў кідала на яго касыя позіркі і нарэшце абурылася:
— Спадзяюся, вы са мной на пляж не пойдзеце? Віктар Пятровіч падумаў, што для дзевятнаццаці гадоў дзяўчына даволі языкатая з чалавекам, якога бачыць упершыню і які прыйшоў да яе не на спатканне. Напэўна, і за кароткі час працы за прылаўкам пераняла ад Жукоўскай уменне звысоку ставіцца да людзей. Некаторым прадаўцам усё роўна, хто перад прылаўкам, — рабочы, акадэмік, стары чалавек… З міліцыяй ёй, дзякуй богу, сутыкацца не давялося.
— Каб не засмучаць вас, — на гэты раз Протчанка не схаваў усмешкі,— знікну, як з’явіцца ваша кампанія. Пакуль сяброў няма, раскажыце пра Людмілу Антончык. Помніце яе?
— Чаму ж, дзеўка як дзеўка. Мы ладзілі, праўда, разам працавалі мала, — неспадзявана для Протчанкі Ларыса адказвала ахвотна. — А загадчыца Люду не любіла.
— За што?
— А ні за што. Шкодная баба. Зайздросніца.
— Дзе ж ёй Антончык перайшла дарогу?
— Можа, нідзе. Кажу, Жукоўская шкодная баба, я рада, што збегла ў інстытут, — дзяўчына павярнула галаву. На рагу вуліцы стаяла групка дзяўчат і хлопцаў.— А вунь і мае…
— Хвіліначку, — капітан прытрымаў яе, гатовую сарвацца з месца, за раменьчык сумкі.— Антончык загінула.
— Памерла? — Ларыса адхіснулася. — Як?
— Пад электрычкай.
— Няшчасны выпадак? Павагаўшыся, Віктар Пятровіч сказаў:
— Не ўпэўнены. Як па-вашаму, магла яна пайсці на самагубства?
— У яе ўсё было добра!..
З былым рабочым універсама Васілём Еўдакімавічам Гамбалеўскім, дзядзькам гадоў пад пяцьдзесят, Протчанка сустрэўся ў кааператыўным кафэ «Стары прыяцель». Нібы ў адпаведнасці са сваім гучным прозвішчам, Гамбалеўскі і апранаўся крыкліва, не па ўзросту. Чаравікі на высокіх абцасах, заношаныя сінія джынсы, чорны гольф і светлы грубай тканіны пінжак, ссунуты набок, берэт.
Капітан прыдзірліва агледзеў працаўніка кааператыўнай харчовай установы і застаўся задаволены — фірма трымала марку.
Уедлівы позірк не спадабаўся Гамбалеўскаму, ён сярдзіта спытаў:
— Вам што?
Протчанка назваўся, аднак да справы пераходзіць не спяшаўся.
— Вам тут не дзяржаўная сталовая, — працягваў вымаўляць капітану Васілій Еўдакімавіч, — тут абслуга лясы не точыць, тут хвіліну цэняць.
Ва універсаме Гамбалеўскі зарабляў някепска. І ў сям’і ўсе мелі свае грошы — працавалі. Так што асаблівай патрэбы ў большых заробках ў яго не было. Ды хто ведае, можа, чалавеку была цесная тая сціплая пасада.
— Тут вам лепш? — оперупаўнаважаны хацеў неяк наладзіць кантакт, бо глядзеў Гамбалеўскі насцярожана, калюча.
— Рыба і тая шукае, дзе глыбей…
Напэўна, так яно і было. Пра Гамбалеўскага казалі, што за капейку ён гатовы павесіцца. Дык, можа, і гэта акалічнасць прымусіла яго памяняць ласку Падошвы, да якога ён быў даволі блізкі, на жураўля ў небе. На ўсякі выпадак сачок Протчанка закінуў:
— З дырэктарам не паладзілі?
— З Валерыем Васільевічам? Ен мужык з паняццем.
— І мне так здалося, — пагадзіўся оперупаўнаважаны. — А што вы скажаце пра Людмілу Антончык?
— Дык вы пра самагубку? Так бы і сказалі. Відная баба, у яе нават пры пустым прылаўку пакупнікі… Хе-хе… Мужчынскага полу віліся.
— Натуральна, самі кажаце — відная. А яна, як да гэтых пакупнікоў?
— Чужая душа — не зазірнеш. З ёю я гарэлкі не піў.
— А хто піў?
— Не пад’язджайце, капітан. У яе свая кампанія была, у мяне свая — мяхі з крупой…
— Прыбядняецеся, Васілій Еўдакімавіч, вы ў магазіне не апошнім хадзілі.
— У нас чалавека цэняць за працу.
Не просты быў Гамбалеўскі. Протчанка пайшоў напрасткі:
— Няшчасце здарылася неспадзявана, нават муж не здагадваецца, чаму яна наклала на сябе рукі.
— Многа мужыкі пра жанок ведаюць.
— Што не ведаў муж Людмілы Антончык?
— Ды я гэта так, к слову, — ён паморшчыўся. — А так — нічога не чуў. Вы ў Волькі Шабашовай папытайце, яна там усё ведае, нават чаго не было.
— Звяртаўся. Не да яе адной. Вось толькі з вамі не атрымліваецца.
— Я не Шабашыха, калі скажу, то праўду, — ён пакалупаў пальцам сучок на стале, на якім, відаць, разбіралі мясныя тушы, і глыбакадумна заявіў: — Людка сама сабе гаспадыня. З норавам. Ці не мужу хацела насаліць, нешта даказаць. У іх, баб, гэта бывае — кінецца без галавы ці ў блуд, ці на рэйкі, потым не паправіш. У мяне суседка…
Суседка не цікавіла оперупаўнаважанага, ён паспрабаваў вярнуць Гамбалеўскага да смерці Антончык, аднак не ўдалося. Дзеяч прыватнага сектара або нічога не ведаў, або, што на думку капітана было больш верагодна, ухіліўся ад размовы.
— Расчаравалі вы мяне, Васілій Еўдакімавіч, — з жалем сказаў Протчанка. — Не схацелі памагчы.
— Ды я з дарагой душой, — Гамбалеўскі ледзь не тузануў каўнер гольфа. — Як на духу.
— Ладна, ладна, — усміхнуўся Протчанка і развітаўся.
— Вы не паабедаеце ў нас? — затрымала яго на выхадзе дзяўчына-афіцыянтка. — Можам прапанаваць салаты, халаднік, зборную мясную салянку…
Віктар Пятровіч агледзеў чысты, прыбраны з кветкамі на сталах зал і адчуў крыўду. За дзяржаўныя сталовыя і рэстараны, дзе такія прысмакі, такая абыходлівасць сустракаюцца не часта. Падумаўшы, згадзіўся:
— Кавы вып’ю…
Яго не затрымалі, і неўзабаве Протчанка ўжо быў на вуліцы.
Сонца паліла бязлітасна. Нават дрэвы апусцілі лісце, застылі ў соннай нерухомасці. І ў Протчанкі быў нейкі такі настрой, нават моцная кава не падбадзёрыла. Можа, таму, што гняла безвыніковасць сустрэчы з Гамбалеўскім. Незадаволены сабой, капітан павярнуў на новую шырокую вуліцу.
Пад старымі таполямі, якія будаўнікі захавалі, узводзячы высотныя дамы, дыхалася лягчэй, і Віктар Пятровіч пакрысе супакоіўся. Хаця непрыемны асадак застаўся.
Выціраючы насоўкай шырокі лоб, Протчанка пакепліваў з сябе. Галоўнае ў яго, што б там ні казалі, не галава, а ногі. Вунь колькі сёння нахадзіў і невядома, колькі яшчэ пройдзе. Назаве былая прадаўшчыца універсама Равуцкая якую блізкую знаёмую Антончык, і цягніся да яе.
На Равуцкую оперупаўнаважаны спадзяваўся больш, чым на іншых, таму і сустрэчу з ёю адклаў напаследак. Адозва аб Равуцкай была самая найлепшая. Сумленная, шчырая, завочніца гандлёвага тэхнікума. Перавялася з універсама, каб быць бліжэй да дому. Не стане такі чалавек, калі мае што сказаць, прытрымлівацца той самай кругавой парукі.
У секцыі цацак было незвычайна ціха, не тоўпіліся маленькія пакупнікі ля прылаўка і стэлажоў.
Равуцкая, карыстаючыся момантам, мяняла чэкавую стужку ў касавым апараце.
— Хвіліначку, — прыняла яна оперупаўнаважанага за пакупніка. Выбіла для праверкі стужкі некалькі нулёў на чэку і падняла галаву. — Выбралі, памагчы?
— На жаль, — капітан адрэкамендаваўся, паўтарыў: — На жаль, мае лялькі пад цягнікі кідаюцца.
Прыветлівы твар Равуцкай спахмурнеў.
— Я сама ўвесь час думаю, што з Людай здарылася? Не магу паверыць…
— Вы яе добра ведалі?
— Мы не сябравалі, відаць, дзесяць гадоў розніцы сказаліся. А можа, яшчэ што. Павітаемся, словам перакінемся, і ўсё. Ці многа ў нас, жанчын, часу, каб нават проста пагаварыць? За прылаўкам — не да таго, пасля працы — дамоў бяжыш, сям’я.
— Як вам Антончык?
— Часам я думала, што Люда нейкая насцярожаная, быццам баялася нечага.
— Чаго?
— Каб не памыліцца… — Равуцкая трымалася няўпэўнена. — Вам факты патрэбны…
— Безумоўна. Але і меркаванні могуць саслужыць службу.
— Люда была добрасумленная, — яна чамусьці адвяла вочы. — А потым даведалася ад дзяўчат, што была ў Люды непрыемнасць у магазіне. Я тады ўжо ў іх не працавала і падрабязнасцей не скажу.
— І чым скончылася?
— Быццам Валерый Васільевіч усё ўладзіў.
— Як пасля паводзіла сябе Антончык?
— Ну, калі ўладзіў, то, напэўна, па-ранейшаму. — Равуцкая сумелася. — Хаця… Маглі выдумаць, у жаночым асяроддзі часта з мухі слана робяць… Быццам бы ездзіла Люда з дырэктаравай кампаніяй за горад…
Протчанка бачыў, што Равуцкай няёмка. Яна разумела, што яе словы можна прыняць за перамыванне костачак, хаця і спасылаецца на чужую думку. Тым не меней ён чамусьці адразу паверыў гэтаму. Напэўна, хітраму Падошву ўдалося нарэшце прыручыць і ўпартую Антончык. Інакш ёй давялося б пайсці з універсама або па ўласнаму жаданню, або з-за выказанага калектывам недаверу. Падстроіць гэта няцяжка. Тады падклалі каўбасу, другі раз маглі схаваць пад прылаўкам што-небудзь больш дэфіцытнае.
— Напляла я вам, — збянтэжылася Равуцкая. Вінавата ўсміхнулася.
— Усё нармальна. Пастараемся праверыць, бо выпадак вельмі падобны на той, пра які кажуць, што дыму без агню не бывае. Раптам і тут хто касцёрык расклаў,— Віктар Пятровіч павагаўся, але задаў далікатнае пытанне: — У Людмілы быў… друг?
Равуцкая незадаволена паглядзела на капітана:
— Вам ужо ўвялі ў вушы?
— Значыць, быў?
— Не знаю, ці друг, можа, проста добры знаёмы. Я наогул не звярнула б на яго ўвагі, каб спачатку не ўбачыла Люду з ім у тралейбусе, а потым ён прыходзіў да яе ў магазін.
— Апішыце, калі запомнілі.
— Не падобны на хлопцаў, якія звычайна круцяцца каля нашых дзяўчат. Чысты, дагледжаны. Адным словам з выгляду — інтэлігент. А так… Высокі, стройны. Па-мойму, завіваецца ў цырульні. Гэтакі пісаны прыгажун! Самаўпэўнены. Такі, паклаўшы вока на жанчыну, не адчэпіцца. Вы толькі нікому не кажыце. Божа барані, да мужа дойдзе — мне ж магло паказацца, навошта знеслаўляць памяць нябожчыцы…
Раніцай Протчанку пазваніў следчы раённай пракуратуры Вайцулевіч.
— Віктар Пятровіч? Вешаеш ты на нашы шыі хамуты.
Вайцулевіч, як заўсёды, трымаўся бадзёра, і капітан падтрымаў тон:
— Значыць, падахвоцілі цябе?
— Ага, вельмі прасілі. Маўляў, Тарас Сцяпанавіч, без вас — труба, — засмяяўся Вайцулевіч з такой жыццярадаснасцю, што оперупаўнаважаны быў вымушаны адставіць трубку ад вуха.
— Ты, вядома, для прыліку паўпіраўся. Але жарты-жартамі,— капітан перавёў размову на дзелавыя рэйкі,— а нам сустрэцца трэба.
— Затым турбую. Давай адразу пасля абеду.
Пашчырасці, Протчанка спадзяваўся, што расследаванне гібелі Антончык даручаць каму іншаму. Юрыст трэцяга класа Вайцулевіч быў малады, што ўвогуле бяда невялікая, і нецярплівы, што капітану ў людзях не падабалася. Ды як на тое, менавіта Вайцулевіч быў у складзе аператыўнай групы, якая выязджала на месца здарэння, і цяпер яму, як кажуць, у рукі былі ўсе карты. Так што назначэнне не аспрэчыш. А будзе Тарас залішне раскідацца, ён, Протчанка, стрымае, працавалі ўжо разам…
Вайцулевіч лёгка выскачыў з-за стала, быццам быў напагатове, чакаючы оперупаўнаважанага, і моцна паціснуў яму руку.
Протчанка міжволі залюбаваўся Тарасам. Рослы, стройны, смуглявы, з правільнымі рысамі твару, якія не псавалі, а падкрэслівалі невялікія залысіны, Вайцулевіч выклікаў сімпатыю ў жанчын. Протчанка чуў, што па халасцяку следчаму млела не адна дзяўчына, і дзівіўся, як таму ўдаецца пры гэтым пазбягаць сямейных ланцугоў.
— Глыбока ты капнуў, Віктар Пятровіч, — падцягнуўшы на каленях добра адпрасаваныя штаны, Вайцулевіч сеў у крэсла побач з оперупаўнаважаным.
Протчанка сумеўся. Не ад сціпласці, хаця следчы, ён бачыў гэта, быў шчыры. Не любіў, калі хвалілі ў вочы, нават справядліва, яму ў гэтым заўсёды чулася нейкая ненатуральнасць, уяўляўся другі сэнс. А тут ён не капаў, а рабіў неабходнае, элементарнае.
— Я вось што лічу, — следчы імкліва змяніў кірунак сваіх думак. — Мужчына, якога бачыў чыгуначнік, і мужчына, з якім Равуцкая бачыла Антончык ў горадзе, — не адна асоба. Надта было б проста.
— Так, — оперупаўнаважаны сам многа думаў над гэтым фактам. — Але ўсё роўна яго мусім устанаўліваць. Я ў магазіне ўжо атрымаў асечку, дакладней, дзве. Баюся, адна з іх уплывае і на цябе.
— Маеш на ўвазе параду пракурора абыходзіць універсам? — следчы развёў рукамі.— Указанне кіраўніцтва — закон для падначаленых.
— А я спадзяваўся на твае здольнасці па жаночай лініі,— пажартаваў капітан. — Шкада. Толькі ты можаш адамкнуць іх напамажаныя вусны.
— Яго трымаюць за сур’ёзнага чалавека, а ён — балаболка, — задаволена папракнуў Вайцулевіч. — Дык як, пачнем з распрацоўкі чыгункі?
— Само сабой…
— Ты ў нечым сумняваешся, Віктар Пятровіч? — адчуўшы няпэўнасць у згодзе оперупаўнаважанага, Вайцулевіч загарачыўся. — Ты паслухай. На паляну, як вынікае з агляду мясцовасці, можна трапіць толькі з Верамейкаўскай дарогі…
— Ну, сцежка ёсць уздоўж чыгункі, нават з абодвух бакоў.
— Ты сам напісаў, што машыністы цягнікоў, якія праходзілі ў вызначаны намі час, людзей паблізу месца гібелі Антончык не заўважылі. Да таго, гэты шлях даўжэйшы, прадаўшчыца проста не паспела б дабрацца, нават калі б скарыстала таксі ці іншую машыну. Дарэчы, я не знайшоў у цябе ўпамінання пра машыну. Не правяраў?
— Правяраю, таксі, здаецца, адпадае. А прыватную машыну праверыць няпроста.
— Трэба, Віктар Пятровіч, трэба.
— Разумею, але справа не была ўзбуджана. Мае магчымасці былі абмежаваны.
— Цяпер разгорнемся. З Міранковым дамоўлюся, каб табе была падмога. Дам даручэнне ДАІ. А ты пацікаўся ў Верамейках, ці не бачылі там чаго-небудзь. Калі Антончык прыехала не адна, машына павінна была стаяць недзе паблізу вёскі.
— Усё правільна, Тарас Сцяпанавіч. Будзе зроблена. І яшчэ ёсць меркаванне. З магазіна Антончык бегла-ехала. Няблага было б з пастаяннымі пакупнікамі пагутарыць, яны ўсіх прадаўшчыц ведаюць, нават міжволі сочаць.
— Хітрун ты, оперупаўнаважаны, штурхаеш мяне на грэх, — Вайцулевіч паківаў курчавай галавой. — Толькі не дражні, як кажуць, гусей. У тамашняга дырэктара амбіцыі на міністра хопіць.
Пасля гутаркі з Равуцкай капітан ужо не сумняваўся, што не ўсё тлумачыцца амбіцыяй Падошвы. Дырэктар непакоіўся не столькі за аўтарытэт перадавога ў горадзе універсама, колькі за сябе. І пусціць у ход усе сувязі, каб не пайшла пра яго кепская пагалоска. А чаму і як загінула прадаўшчыца, яны з Вайцулевічам не могуць пакуль нават слушнай версіі намеціць. Таму Протчанка не стаў нічога даказваць следчаму, а сказаў тое, што зараз уяўлялася яму галоўным:
— Мы мала ведаем пра нябожчыцу. Можа, прычына смерці ў ёй…
— От табе маеш! — усклікнуў Вайцулевіч. — Ты ж сам настойваў на ўзбуджэнні крымінальнай справы.
— Мы мала ведаем нябожчыцу, — Протчанка паўтарыў гэта ўпарта.
Вайцулевіч не быў навічком у следчай рабоце, ён бачыў, што ў словах оперупаўнаважанага ёсць сэнс, і пагадзіўся:
— Вывучай. Хаця не варта было б нам раздрабняць намаганні, па-мойму, біць — дык кулаком, а не растапыранымі пальцамі.
— А калі кулаком прамахнешся? Пачынаць спачатку?
— Куртаты ў нас з табой атрымліваецца план.
— Абы пачаць, потым накруціцца…
На шырокіх гарадскіх вуліцах вецер адчуваў сябе вольна: гнуў долу маладыя дрэўцы, круціў пясок на не засеяных травой газонах, налятаючы парывамі, прыпыняў прахожых.
Протчанка не заўважаў гэтай рэзкай змены пагоды. Ен прыкідваў, што і як будзе рабіць, і так задумаўся, што не адразу ўцяміў, калі да яго звярнуліся дзве маладзіцы.
— Дзень добры, капітан! — прамовіла вышэйшая і старэйшая — загарэлая, з чорнымі прыгожымі вачамі і прыемным голасам.
— Дзень добры, — нерашуча адказаў Протчанка. — Нешта…
— Хочаце сказаць, што мы з вамі незнаёмыя? — звонка рассмяялася жанчына. — Павярнула галаву да спадарожніцы: — Бывай, Наташка, мы тут пасакрэтнічаем.
Прывычны да многага ў паводзінах людзей, з якімі даводзілася мець справу, Протчанка перад гэтай напорыстай кабетай разгубіўся. Суха сказаў:
— Слухаю вас.
— Вы на службу? Па дарозе і пагаворым, — жанчына пайшла побач, памахваючы вялікай не то пляжнай, не то гаспадарчай сумкай.
Раззлаваны на сябе і на жанчыну, Протчанка маўчаў. Але яе гэта не кранала. Было падобна, што ёй падабаюцца цікаўныя позіркі, скіраваныя на іх. Хаця позіркі, бадай, прыцягвала яна адна. Вышэй сярэдняга росту, у меру паўнаватая, у белай сукенцы, якая падкрэслівала паўднёвы шакаладны загар, выглядала яна даволі эфектна. А Протчанка не мог рашыць, як павесці сябе далей: спыніцца і спытаць ці працягваць маўчанку.
Жанчына, ад якой, відаць, не хаваўся ніводзін рух яго твару, а можа, і думак, павярнула да капітана галаву, лыпнула доўгімі наклеенымі вейкамі і какетліва рассмяялася:
— Не сярдуйце, Віктар Пятровіч, я ва універсаме працую. Аксана Барысаўна Васілоўская, — па вуснах прабегла ўсмешка. — Даю поўную анкету: эканаміст, гадоў — за трыццаць, разведзеная, маю дачку.
— Не разумею…
— Зараз растлумачу, — яна сагнала з твару ўсмешку. — Прыехала з Крыма і даведалася пра няшчасце. Якая бяда!
Па яе выгляду не было відаць, што Васілоўская надта перажывае. Ды гэта ўвогуле значэння не мела. Важнейшым было тое, што яна ўспомніла Антончык. Протчанка прыпыніўся.
— Вас Падошва паслаў?
Пытанне чамусьці не спадабалася жанчыне, яна паспяшалася запярэчыць:
— Адкуль вы ўзялі? Мне Вольга Шабашова расказала, што вы цікавіліся нябожчыцай, вось я і хачу таксама нешта сказаць.
Ніякай рамантыкі, усё да банальнасці проста, і капітан адчуў расчараванне. Аднак звярнуўся да жанчыны ўжо больш прыветліва:
— Слухаю ўважліва.
— Люда была не вельмі кампанейская, можа, таму вам мала што расказалі пра яе. Ціхоня, адным словам. А ў ціхім балоце чэрці…— Яна счакала рэакцыі слухача, не дачакаўшыся, загаварыла прасцей: — У Люды быў мужчына. Не раўня яе Андрэю. Баюся, перакінуўся ад яе на іншую, от… Люда ўсё ў сабе насіла, гэта цяжка.
— Вы гэта дакладна ведаеце ці так, думаеце?
— У нас, баб, адно ў галаве. Спачатку прывязваемся, а потым у пятлю лезем.
— Хто ён, гэты дэман? — Протчанка не вельмі паверыў Васілоўскай.
— На жаль, пакуль не ведаю. Але дайце час… Яны падышлі да райаддзела, і Протчанка завагаўся: ці не запрасіць Аксану Барысаўну зайсці, каб аформіць яе паказанні? Раптам гэта не плётка. Пакуль ён раздумваў, Васілоўская заспяшалася:
— Ой, даруйце, апошні дзень водпуску, а клопатаў…— І памахала ручкай на развітанне.
Протчанка з недаверам паглядзеў ёй услед. Ен не прывык, што ўдача сама прыходзіць у рукі.
— Дзе вы такую кралю падчапілі?
— А-а, Міхась… Краля — не краля, а сведкай стаць можа.
— Гатовы зняць паказанні,— пажартаваў Даманькоў. Пакуль яны з капітанам дзялілі службовы кабінет, але неўзабаве яго павінны былі перавесці ў аддзяленне барацьбы з раскраданнем сацыялістычнай уласнасці.— Тым болей што мне загадана падключыцца. Кажуць, оперупаўнаважаны Протчанка залез не ў сваю епархію.
— Ну, калі так, хадзем падзелім працу, з улікам, што ты яшчэ ўсё-такі вышукнік.
У цесным пакойчыку было накурана і душна.
— Смаліш, — папракнуў Віктар Пятровіч. — Шкада, ідзеш ты ад мяне, а то я выхаваў бы цябе, лейтэнант.
— Сведка трапіўся — не то дурань, не то, наадварот, надта хітры, з такім не курыць, выць захочацца. — Даманькоў расследаваў кватэрныя кражы — апошнюю сваю справу ў крымінальным вышуку, спяшаўся закончыць яе, а яна не паддавалася.
— Што на сведак не спішаш, — лагодна ўсміхнуўся Протчанка і адчыніў акно.
У пакой уварваўся пругкі вецер, той самы, што шкоднічаў на вуліцы, закружыў, шукаючы хоць якую паперку на пустых сталах, тузануў карту на сцяне і расчаравана аціх. Пасля сябе ён пакінуў прахалоду і прыглушаны гарадскі гул.
Протчанка пастаяў ля акна, потым прысунуў два крэслы, адно асядлаў, паклаўшы на спінку падбародак, і суцешыў таварыша:
— З маёй справай яшчэ больш пакруцішся. На закуску.
— Што гэта за прыгажуня? — Даманькоў успомніў жанчыну, з якой бачыў капітана.
— Уразіла? Магу пазнаёміць, — ён збіраўся расказаць лейтэнанту пра Васілоўскую, але ў гэты момант зайшла сакратарка з поштай.
— Што вы з Вайцулевічам надумалі? — калі сакратарка пайшла, у Даманькова ўзнікла новае пытанне.
Протчанка расказаў, спыніўся на тым, што меў рабіць Міхаіл:
— Табе — магазін. Асвойвай сферу будучай дзейнасці,— ён устаў, паставіў крэсла на месца, да стала. — Пастарайся ўстанавіць, з кім ці хаця б на якой машыне паехала Антончык. Сам я пайду ў дзіцячы дом.
Яны ўдакладнілі некаторыя дэталі і разышліся.
Гутарка з супрацоўнікам міліцыі занепакоіла Равуцкую. Цікавіўся ён нябожчыцай, а Паліне Сямёнаўне здалося, што яму хочацца выведаць нешта пра універсам. Бо Людміла пакончыла жыццё самагубствам з-за нечага асабістага. Паліна Сямёнаўна не можа забыць, як глядзела яна на свайго спадарожніка тады ў тралейбусе. Дык чаго капацца ў гэтай сумнай гісторыі? Гэтыя думкі чамусьці выклікалі ў Равуцкай трывогу.
Званок Машы Жукоўскай абрадаваў Паліну Сямёнаўну. З Машай яны вучыліся ў магазіне-школе, сябравалі. Потым на нейкі час іх шляхі-дарогі разышліся. Але праз некалькі гадоў, калі Паліна прыйшла працаваць ва універсам, сустрэліся яны цёпла. І добрыя адносіны ўзнавілі. Паліна Сямёнаўна ведала, што Жукоўскую засмуціў яе пераход у культмаг.
— Давай пабачымся, — прапанавала Марыя Міхайлаўна, калі яны абмяняліся сямейнымі навінамі і клопатамі.
— Заходзь да мяне, я сёння буду дома пасля абеду, — сказала Равуцкая. — Дзеці ў піянерлагеры, муж на заводзе.
— І я адна, — падхапіла Жукоўская, зрабіла паўзу і дадала: — Не, сёння сустрэнемся ў мяне. Я першая пазваніла.
— Згодна, — засмяялася Паліна Сямёнаўна. Спасылка на першынство прагучала адгалоскам далёкага ўжо іх юнацтва.
Жыла Жукоўская далекавата ад цэнтра, у новым мікрараёне. Паліна была ў яе на ўлазінах. Кватэра ў эксперыментальным доме спадабалася Паліне, такія яна раней толькі ў кіно бачыла. Не іх, Равуцкіх, кааператыўныя сумежныя катухі з лінолеумавай падлогай, а сапраўдныя харомы: вялікая прыхожая, тры асобныя пакоі, прасторная кухня, дзе за стол можна было пасадзіць чалавек дзесяць. Тады, ходзячы за шчаслівай гаспадыняй, якая з гордасцю дэманстравала сваё жытло, Паліна шчыра зайздросціла сяброўцы. І сям’я меншая, і грошы не трэба было пазычаць, каб заплаціць за кватэру.
Сёння, едучы ў тралейбусе, Равуцкая ўспамінала тое сваё адчуванне ўжо без суму. Мала што ў каго ёсць, з кожным не зраўнуешся. Ды і ёй грэх наракаць на лёс, многія знаёмыя яшчэ па прыватных кутках-пакоях туляцца. А грошы — з часам і яны, Равуцкія, разлічацца з даўгамі. Ім з мужам многа не трэба, і дзеці пацерпяць з абновамі.
— Я ўжо баялася, што ты падманула, — адчыняючы дзверы, папракнула Жукоўская.
— На прыпынку прастаяла…
— Падхапіла б таксі ці папутку.
— Замашкі ў цябе, падружка, — паківала галавой Паліна. — З маёй зарплатай толькі і шыкаваць.
— Колькі таго жыцця, — бесклапотна махнула рукой гаспадыня і павяла госцю ў залу. — Пасумуй крышачку, я зараз.
Паліна падзівілася дзявочай лёгкасці сваёй паўнаватай сяброўкі і асцярожна, каб з непрывычкі раптам не пакаўзнуцца на бліскучым светла-жоўтым паркеце, прабралася да журнальнага століка, на якім ляжалі свежыя газеты.
Вярнулася Маша, расставіла на століку талерачкі з нарэзанай тоненькімі скрылікамі цвёрдай каўбасой, сподак з чырвонай ікрой і маслам, крышталёвую вазачку з «Мішкамі». Потым падкаціла бар, запрасіла:
— Выбірай, Поля, — і забрала з яе рук газету. Прыём меўся адбыцца на вышэйшым узроўні.
Равуцкая аж збянтэжылася.
Гаспадыня дастала бутэльку з марачным масандраўскім партвейнам, патрымала, любуючыся медалямі на этыкетцы, і спытала:
— Можа, каньяку?
— Ой, што ты, Машачка, я не п’ю, ты ж ведаеш.
— Ну дзеля сустрэчы можна, — наліла Паліне віна ў шырокі бакал, плюхнула на донца сабе. — За што?
Адмаўляцца было няёмка. Равуцкая ўзяла бакал:
— Каб усё было добра, — і памачыла вусны.
— Не выпіла, — папракнула гаспадыня. — Ну, то заеш. Зрабі бутэрброд з ікрой, у тваім культмагу хіба толькі гэдээраўскую цацку дастанеш, — яна засмяялася, задаволеная сваім жартам.
Паднятая Палініна рука знерухомела над столікам і тады пацягнулася па галандскі сыр. Для прыліку Паліна адкусіла кавалачак.
— Нешта няма апетыту…
— Працуеш многа, даражэнькая. Выпі чарку і адразу закусіць захочацца, — Жукоўская адчувала сябе на вышыні.— Не хочаш… Ну, то давай труціцца кавай. Натуральнай. Зерне брала ў кафэ. З нацэнкай, вядома, а што, калі нават нам у магазін не даюць.
— Кубачак вып’ю, — згадзілася Равуцкая. Падаўшы кафейнік, Жукоўская пільна паглядзела на Паліну Сямёнаўну.
— Ты чаго засмучоная? Дома не ладзіцца?
— Дома нармальна. Пра Людку Антончык часта ўспамінаю.
— Вы ж не дружылі.
— Прычым тут гэта. Чалавек рукі на сябе наклаў. Чаму?
— Загадка, — жорстка ўсміхнулася гаспадыня. — Крутанула, а тады пра сумленнасць і жаночую вернасць успомніла.
— Ты напэўна ведаеш, што крутанула? — Паліна Сямёнаўна чамусьці не паверыла Машы, хаця і сама часам пра гэта думала. — З кім?
— Было, Паліна, было. Ад нашых дзевак нічога не схаваецца.
Равуцкая прыгадала выпадкова падгледжаную сцэнку ў тралейбусе. Калі і было ў Люды што з тым чалавекам, то не такое, каб пад поезд кідацца. Люда выглядала тады вясёлай, шчаслівай. А шчаслівыя жыць хочуць. Але спрачацца не стала:
— Усё можа быць.
Жукоўская пільна паглядзела на сяброўку, спытала:
— Да цябе міліцыя не прыходзіла?
— Надоечы, капітан Протчанка.
— І што ты яму… нагаварыла? Што? — гаспадыня рэзка адсунула кубак з недапітай кавай, чорная вадкасць пралілася на льняную сурвэтку.
Нечаканая гарачнасць Жукоўскай здзівіла Паліну Сямёнаўну. Яна паціснула плячамі:
— Што ведала…
— Мабыць, і пра нашы уікенды?
Уікендамі Падошва называў пікнікі за горадам. Пачуўшы ад Машы гэта слова, Паліна ўсміхнулася, зноў паціснула плячамі:
— Капітан прасіў усё расказваць, нават дробязі. Сказаў, потым сам вызначыць, што важнае, а што лішняе.
— Наіўны ты чалавек, мадам Равуцкая, — Марыя Міхайлаўна ўскочыла, з грукатам адштурхнула крэсла. — Ці не да сівых валасоў дажыла, а, прабач, дзіцём засталася. Падумаць толькі!
— Ну, сказала, ну што? Капітан высветліць…
— Капітан! Капітан! — злосна перадражніла Жукоўская. — Твой опер цяпер універсам ператрасе, нібы гэта мы вінаватыя, што адна дура галаву згубіла. Ты што, міліцыю не ведаеш!
Сардэчнасць, якая была ў паводзінах Жукоўскай на пачатку, як карова языком злізала. Равуцкай здалося нават, што наспявае сварка, — у багата абстаўленым пакоі ўжо сядзелі не сяброўкі, а незадаволеныя адна адной жанчыны. Яна паспрабавала неяк згладзіць сітуацыю:
— Не сярдуй, Машачка, капітан універсамам не цікавіўся, ён толькі пра мужчыну распытваў, ці быў.
Жукоўская прыняла працягнутую руку:
— І праўда, што гэта мы, — падсунула да століка крэсла, села. — Яшчэ кавы? Ну, а як у цябе дома? Мая Вераніка ўжо зусім па-даросламу разважае. Шасцікласніца, а, ведаеш, абы-што не адзене…
Яна не паспела закончыць пра дачку. У прыхожай заспяваў званок.
— Каго там нялёгкая? — Гаспадыня неахвотна паднялася.
Прыйшоў мужчына. Равуцкая слоў не разбірала — гаспадыня яго далей дзвярэй не запрасіла, аднак голас быццам пазнала. Так бубніў іх рабочы Гамбалеўскі.
Размова ў калідоры не зацягнулася. Неўзабаве гучна ляснуў замок, і Марыя Міхайлаўна вярнулася.
— Еўдакімавіч? — пацікавілася Равуцкая.
— Памыляешся, — сярдзіта адрэзала Жукоўская. — Дык пра што мы?
— Прабач, Машачка, мне пара.
— Мужа пасвіш? — падміргнула Жукоўская.
— Такі ўжо наш жаночы лёс.
— Бяры прыклад з мяне, — засмяялася Жукоўская.
— А мне самой з мужам пабыць хочацца.
— Завяла б ты, Паліна, любоўніка, — аглядаючы сяброўку, сур’ёзна параіла Марыя Міхайлаўна. — Жыццё адразу прыгажэйшым і змястоўнейшым стане. Што мы з табой кухаркі?
Паліна Сямёнаўна нахмурылася.
— Ладна, ладна, не крывіся, — зноў рагатнула Марыя Міхайлаўна. — Я гэта так. А вось пра другое — сур’ёзна. Патрымай язык за зубамі. Валерый Васільевіч не любіць балбатлівых.
— Я ж нічога не выдумляла, — збянтэжылася Равуцкая.
— Па дружбе раю.
Назад Паліна Сямёнаўна ехала засмучоная. Неяк не так усё адбылося. Спадзявалася з Машай падзяліцца сваімі сумненнямі, а яна накінулася, Падошву прыпляла. Дзіўна.
Як і намецілі яны са следчым, Протчанка звярнуўся ў дзіцячы дом. Там ведалі пра няшчасце з былой выхаванкай, перажывалі. Расказваючы пра Людмілу, дырэктар падвёў оперупаўнаважанага да стэнда з фатаграфіямі выпускнікоў. На Віктара Пятровіча глядзела задзірыстае дзяўчо з вялікімі вачамі і густой цёмнай грыўкай.
— Шчырая, чулая і разам з тым рэзкая. У яе было цяжкае дзяцінства. Ці не таму яна расла скрытнай.
— Магчыма… — Протчанка не хацеў пакуль задаваць пытанні, хай дырэктар сам ахарактарызуе дзяўчыну.
— Перад самым выпускам у Люды з Косцем Саевічам, — ён торкнуў пальцам у авальную фатаграфію хлопца ў пінжачку і стракатым гальштуку на доўгай тонкай шыі,— успыхнула гарачае каханне. Пра яго ведалі ў нас і малыя, і старэйшыя выхаванцы. Скрытная Люда, бадай, упершыню не таілася са сваімі пачуццямі. Яна магла прайсці па калідоры, трымаючы Косцю за руку. Мне казалі, што ў іх ужо было прызначана вяселле. І раптам усё разладзілася. Неўзабаве Косця ажаніўся з другой. Люда з’ехала ў аддаленую вёску, нават з сяброўкамі парвала сувязь.
— І вы не ведаеце, чаму разладзілася?
— Не…
— А Саевіч дзе зараз?
— У нашым горадзе. У будтрэсце, — дырэктар нахмурыўся. Павагаўшыся, дадаў: — Кожнага першага студзеня віншуе мяне па тэлефоне… Запрашаю, не прыходзіць. Вы пагутарце з ім. На пахаванні Люды я чуў, што Косця апошнім часам сустракаўся з ёю.
Напэўна, дырэктар дзіцячага дома ведаў больш і пра тое, чаму разладзілася вяселле, і пра сустрэчы Людмілы з Саевічам. Протчанка не стаў дапытвацца, дырэктар ўсё роўна не адказаў бы на пытанне: ці не Саевіч быў тым маладым чалавекам, з якім бачыла Антончык прадаўшчыца культмага Равуцкая? Узяўшы каардынаты Людміліных аднакласнікаў, Віктар Пятровіч развітаўся.
Сустрэчу з Саевічам, роля якога ў смерці Антончык была яму невядомая, оперупаўнаважаны адклаў напаследак. Перш трэба было паслухаць іншых.
Пра Канстанціна Саевіча казалі рознае. Адны адзначалі яго здольнасці да вучобы — толькі ён з усяго класа атрымаў вышэйшую адукацыю. Другія, не адмаўляючы здольнасцей, намякалі, што ў адрозненне ад іх, вымушаных, каб пражыць, пайсці працаваць, ён вучыўся ў інстытуце, седзячы на моцнай шыі цесця — намесніка старшыні аблвыканкома. Трэція наогул не захацелі аб ім гаварыць. Віктар Пятровіч не выключаў, што Людзіны сябры не даравалі Саевічу здрады, дачка ўплывовага бацькі, вядома, мела перавагу над выхаванкай дзіцячага дома. Ды ўвогуле гэта гісторыя васьмігадовай даўнасці да нядаўніх падзей наўрад ці мела дачыненне. Вытокі іх трэба было шукаць у цяперашнім.
Размова з Саевічам мелася быць далікатнай, і Протчанка паехаў да яго на працу. Ен дачакаўся абедзеннага перапынку і папрасіў Канстанціна затрымацца. Яны выйшлі ў скверык, разбіты некалькі гадоў назад перад будынкам трэста, знайшлі пустую лавачку.
— Слухаю вас, таварыш капітан, — у голасе Саевіча адчуваўся тон чалавека, які і на віду, і прывык аддаваць загады.
— Не здагадваецеся, што прывяло мяне да вас?
— Напэўна, з-за Людмілы Антончык? — ён імгненна спахмурнеў.— Як усё няскладна атрымалася.
— Што вы маеце на ўвазе?
— Міла — маё юначае каханне. Нядаўна мы сустрэліся… Думаў, што ў яе перабалела…
Так, гэта быў той чалавек, якога ён, Протчанка, шукаў. Апісваючы яго, Равуцкая не памылілася — сапраўды рэкламны прыгажунчык. Аднак у яго ён непрыязнасці не выклікаў. Разумны твар, адкрыты позірк. Трымаецца як чалавек, якому няма чаго ўтойваць.
Калі Саевіч і быў вінаваты ў смерці некалі каханай дзяўчыны, то хутчэй за ўсё не як забойца, а прычына.
— Першая сустрэча мела працяг?
Саевіч падняў галаву, учалопіў позірк некуды вышэй густых, пакрытых жоўтымі кветкамі ліп. Доўга глядзеў на мудрагелістыя зменлівыя фігуры імклівых белых аблокаў.
— Не буду дзеля памяці Мілы скрываць. Ды вы ўсё роўна праверыце. Нам абаім здалося, што былое вярнулася…
— Дзе вы сустракаліся? — пытанне прагучала грубавата, але было яно неабходнае.
— У майго калегі, на дачы… Ен даваў ключ. Дача старая, участкі вялікія, можна было прыязджаць незаўважана. У мяне машына. Паўгадзіны, і мы ў Лакуцях. Дарэчы, Міла працавала з жонкай майго калегі, Марыяй Міхайлаўнай Жукоўскай…
Верамейкі знаходзіліся па другі бок горада. Паляну, дзе Антончык разлічылася з жыццём, ёй паказаў не Канстанцін, мабыць, нехта іншы. Протчанка спытаў:
— Як вы рассталіся?
— Без прэтэнзій адно да аднаго. Хаця Міла, напэўна, перажывала. Аднойчы яна прызналася, што цяпер ёй будзе трудна з мужам…
Протчанку карцела папытаць, як будзе яму з жонкай, ды, на жаль, гэта справы не тычылася. Ен толькі падкрэсліў:
— Але рассталіся!
— Дзеці…
Так, пра дзяцей забываць нельга. Аднак Віктар Пятровіч чамусьці не меў упэўненасці, што першай пра дачку ўспомніла Антончык. Напэўна, з іх дваіх больш цвярозай галавой вызначаўся Саевіч, пра свае перажыванні ён не сказаў. Васілоўская, бадай, мела рацыю, кажучы: «Прывязваемся, а потым у пятлю лезем»… Усё нібы вяртала Протчанку да першай версіі аб самагубстве на асабістай глебе. І, можа, вярнула б, каб не было той утульнай паляны і маладой пары на ёй. Да Саевіча, праўда, гэта непасрэднага дачынення не мела, у той трагічны дзень ён ляжаў у бальніцы пасля аперацыі апендыцыта.
— Як наогул адносілася Антончык да мужа? Не думала разводзіцца?
— Не. Міла была з уласніц, не любіла выпускаць з рук сваё. А тут усё-такі муж…
— Яна была моцная?
Саевіч зноў падняў вочы на вяршыні ліп, цераз сілу прамовіў:
— Сама было прапаноўвала сустрэцца. А як дамовіліся — нібы адрэзала.
Оперупаўнаважаны разумеў, што гэта ўвогуле яшчэ нічога не азначае. Можа, Людміла ўбачыла, што мінулае засталося ў марах, што цяперашняе на тое даўняе зусім не падобна, і тады прыйшло расчараванне. Думка вяртала Протчанку на пройдзены круг.
Віктар Пятровіч ішоў па вуліцы і пракручваў у галаве свае пытанні і адказы Саевіча. Падмануў-такі яго каханы Людмілы сваім імпазантным выглядам. А на самай справе быў ён з пароды валацуг. Не апраўдвала яго, што Людміла, аднаўляючы колішнюю сувязь, напэўна, ужо не верыла аб аднаўленні колішняга палкага кахання. Яна перарасла ўжо тое наіўнае дзяўчо, якое шырока адкрытымі вачамі глядзела на свет з дзетдомаўскай фатаграфіі. З апошняга партрэта глядзела дарослая жанчына, і яе прыжмураныя вочы як прыцэньваліся да ўбачанага. Фатаграфіравалася Антончык незадоўга да сустрэчы з Саевічам.
Знаёмства з аколіцамі універсама не надта абнадзеіла лейтэнанта Даманькова. Наконт пошукаў машыны, у якую села Антончык, у іх з Протчанкам былі пакуль толькі агульныя разважанні. Тут жа патрабаваўся нейкі трапны ход, які дапамог бы рашыць гэту складаную задачу. Бо Людмілу маглі чакаць і на спецыяльнай стаянцы для аўтатранспарту, і на тых жа вуліцах, што цягнуліся міма універсама з чатырох бакоў, і наогул жанчына магла падхапіць выпадковую машыну.
Бадай, найбольш верны шлях да машыны праз саму нябожчыцу. Наўрад ці без дай прычыны сарвалася жанчына з працы, каб бегма бегчы пад колы цягніка. Або хто пазваніў, або зайшоў па яе. Даманькову думалася, што гэта адбылося неспадзявана.
Не можа быць, каб на вуліцы Людмілу не бачылі. Але ці мала куды спяшаецца чалавек, таму хутчэй за ўсё ніхто не звярнуў на яе ўвагі. Ва універсаме Протчанку не ўдалося высветліць, на чым паехала Людміла, дык раптам падкажа хто з пастаянных пакупнікоў? Даманькоў вырашыў праверыць гэту думку, тым болей што іншай не было. Зірнуўшы на гадзіннік, ён зайшоў ва універсам.
У двух аддзелах былі вялікія чэргі: прадавалі зефір і кааператыўную каўбасу.
Лейтэнант пахадзіў паміж людзей, стаў у чаргу па зефір, але не купіў, не хапіла. І калі ў дзвярах узнікла тоўстая крыклівая прыбіральшчыца, не пускаючы запозненых пакупнікоў, ён выйшаў. Па шырокіх прыступках спусціўся на тратуар і спыніўся.
Ен стаяў хвілін дзесяць, прыглядаючыся да людзей, якія выходзілі з вузкіх магазінных дзвярэй. Адной з апошніх паказалася бабуля, якую ён прыкмеціў яшчэ раней ля мяснога прылаўка. Лейтэнант пачакаў, пакуль жанчына параўнялася з ім, і звярнуўся да яе:
— Можна ў вас спытаць? Старая спынілася.
— Вы часта бываеце ў магазіне?
— Як прыязджаю да дачкі, часта. Даю ёй палёгку. Вось учора прыехала, сяго-таго свайго прывезла, вясковага, а без крамнага ўсё роўна не абысціся. А што табе?
— Хацеў даведацца, ці добры гэты магазін, а то ў нашым мікрараёне яшчэ не дабудавалі.
— Добры, добры, сынок, тут заўсёды нешта даюць…
— Дзякую вам, дзякую, — паспяшаўся сказаць лейтэнант, каб размова не зацягнулася. Бабуля ў сведкі не падыходзіла.
Назаўтра Даманькоў прыйшоў за паўгадзіны да перапынку, узброіўся інвентарным кошыкам і рушыў уздоўж прылаўкаў і кантэйнераў, быццам хацеў выбраць што-небудзь. Вядома, сёння прадаўшчыцы яго засякуць. Народу ў зале небагата, ды і хлопец ён відны сабой — постаццю бог не пакрыўдзіў, блакітныя вочы, модная прычоска, вузкі хударлявы твар. Дык ці не лепш самому праявіць ініцыятыву?
Даманькоў спыніўся ля прыгажуні за прылаўкам непадалёк ад мяснога аддзела.
Пакупнікоў тут не было, бо не было і той рыбы, якая зычылася наведвальнікам з маляўнічага плаката на вітрыне.
— Узяў бы… — нерашуча пачаў Даманькоў, краем вока цікуючы за суседнім прылаўкам, дзе заклапочаныя жанчыны з сумкамі і кошыкамі навіслі над падносам з кавалкамі счарнелага мяса.
Прадаўшчыца адразу скеміла, што цікавяць хлопца не ржавыя селядцы і заляжалыя кансервы, і какетліва ўсміхнулася. На ружовых шчоках зайгралі прывабныя ямачкі.
— Купілі б чаго няма?
— З аднаго боку, вы ўгадалі, з другога… — Што-што, а мянціць языком з дзяўчатамі ён умеў.
— Скажаце! — паружавела дзяўчына.
Ен не паспеў развіць тэму, якая, па ўсім, прадаўшчыцы спадабалася. За спіной пачуў:
— Няма Люды, няма парадку!
Лейтэнант азірнуўся, убачыў незадаволеную жанчыну і падміргнуў дзяўчыне за прылаўкам:
— Наспявае канфлікт.
— Пранясе, не першы раз…
— Дык як наконт таго, чаго няма? — зноў падміргнуў Даманькоў.
— Заслужыць трэба, — засмяялася дзяўчына. Жанчына за прылаўкам з мясам не супакойвалася.
Даманькоў яшчэ раз азірнуўся і паскардзіўся:
— Маё кволае сэрца не вытрымлівае скандалаў. Вы дазволіце прыйсці, калі будзе ціха?
— А ў нас ціха не бывае, — яна была ўпэўнена, што гэты хлопец абавязкова прыйдзе.
— Тады пішу скаргу, — надаў сярдзіты выгляд свайму твару лейтэнант. — Для пачатку ваша імя і прозвішча, год нараджэння скажаце наступным разам. Я — Міхаіл.
— А я… — дзяўчына пайграла ямачкамі на шчоках. — Я… Пачакаю наступнага разу.
Даманькоў азірнуўся. Жанчына, нічога не ўзяўшы, кіравалася да дзвярэй.
— На жаль, мушу знікаць, — Даманькоў чамусьці сапраўды адчуў засмучэнне, што пакіне зараз гэту дзяўчыну. — Улічыце: падмануты, я вельмі злы. Пазбаўлю прэміі за цэлы месяц!
Незадаволеную рубшчыкам мяса жанчыну Даманькоў пераняў воддаль ад універсама. Адрэкамендаваўся, сказаў:
— Хачу з вамі пагаварыць пра Люду, прадаўшчыцу.
— Ёй бы жыць і жыць, а яна… — уздыхнула старая.
— Прабачце, як вас завуць? Ганна Станіславаўна? Дайце сумку, паднясу.
— Не турбуйцеся, я прывычная, і дом мой вунь, блізка…
Лейтэнант забраў сумку і падзівіўся яе вазе. А бабуля ж была невысокая, сухенькая.
— Дарэмна вы, я прывычная, — жанчына адчувала сябе няёмка.
— Ганна Станіславаўна, вы ведаеце, калі Люда загінула?
Жанчына, не разумеючы пытання, паглядзела на Даманькова.
— Дзень можаце ўспомніць? — растлумачыў ён.
— Дзень? А як жа. Узважыла мне ялавічыны на катлеты, загарнула, цану напісала, і тут яе да тэлефона паклікалі. Пакуль я ў касе стаяла, пакуль пераклала ў сваю сумку, выйшла, яна перагнала мяне і па прыступках, як козачка, тук-тук абцасікамі і белы халат сцягвае на хаду. Спяшалася…
— Хто клікаў Люду да тэлефона?
— Ды ейная начальніца. Шкодная дама. Як сама стане за прылавак, лепш не падыходзь… ці касцей, ці жылы дасць…
Дом, дзе жыла Ганна Станіславаўна Манцэвіч, быў без ліфта. Даманькоў, не аддаючы сумку, падняўся са старой на чацвёрты паверх.
— Мае маладыя на працы, а я вось тупаю, — казала Ганна Станіславаўна, распакоўваючы пакупкі.
— Ад вас можна пазваніць?
— А чаму ж не? Вунь апарат, — паказала яна на маленькую палічку, прыбітую ў калідоры да сцяны.
Лейтэнант набраў нумар.
— Вітаю, Тарас Сцяпанавіч. Так, так. Знайшлася сведка. Дазволь правесці допыт. Абавязкова.
— Ці не мяне збіраецеся дапытваць, малады чалавек? — жанчына з недаверам паглядзела на Даманькова.
— Пра Люду хачу папытаць, — супакоіў лейтэнант. Манцэвіч цяжка апусцілася ў крэсла ля круглага стала, накрытага самаробным абрусам, сказала:
— Ну калі так…
— Я ў вас што хачу даведацца, — пачаў Даманькоў.— Не помніце, хто быў побач з вамі, калі Жукоўская клікала Люду да тэлефона?
— Э-э, малады чалавек, колькі дзён мінула. Што клікала, помню, а болей… Не.
— Так і запішам.
З некалькімі фатаграфіямі маладых мужчын, у тым ліку і Саевіча, Протчанка паехаў да Равуцкай.
Апазнанне Саевіча, як колішняга спадарожніка Антончык, было оперупаўнаважанаму нагодай для новай сустрэчы з Равуцкай. Ен спадзяваўся, што сёння яму ўдасца нарэшце пачуць недасказанае сведкай мінулы раз. Пасля разрыву Антончык з Саевічам прайшло больш месяца, і менавіта ў гэты перыяд, калі толькі Равуцкая не памылялася, Людміліны паводзіны змяніліся. Не ў працы, інакш не ўспаміналі б яе пакупнікі добрым словам. Змяніліся паводзіны ў нечым асабістым. На зло Саевічу, сабе ці каму іншаму ў гэты месяц Антончык, здаецца, упершыню згадзілася на паездку за горад у цеснай дырэктаравай кампаніі. Калі яе запрашалі і раней — адно, калі раней не запрашалі — другое. Равуцкая, безумоўна, падрабязнасцей магла не ведаць, Протчанка на іх не вельмі разлічваў. З дапамогай Равуцкай ён хацеў уявіць парадкі, якія наогул існуюць ва універсаме. За тры месяцы яны наўрад ці істотна змяніліся.
Паліна Сямёнаўна, папярэджаная па тэлефоне, чакала оперупаўнаважанага. Напарніца выйшла на працу, і яна мела магчымасць на нейкі час адлучыцца. Па просьбе Протчанкі загадчыца магазіна дазволіла заняць яе кабінет, сама яна якраз ехала на базу.
Віктар Пятровіч рассыпаў па стале фотакартачкі.
Жанчына здзіўлена паглядзела на яго.
— Вы каго-небудзь з іх ведаеце?
Равуцкая дакранулася да крайняй картачкі, спытала:
— Вы што, жаніхоў мне прапануеце? — расправіла здымкі, усміхнулася: — Хлопцы як на падбор. Але не мой густ. Пішыце: вось гэты красунчык быў з Людмілай, я вам мінулы раз расказвала.
— Памяць у вас! — не стрымаў захаплення Протчанка.
— Мы, прадаўцы, прывыклі прыглядацца да людзей. Напэўна, таму, што заўсёды асцерагаемся пакупнікоў з характарам.
— Ці інспектара або народнага кантралёра.
— Ад іх таксама нам радасці мала, — Паліна Сямёнаўна быццам не прымала Віктара Пятровіча за супрацоўніка міліцыі, гаварыла з ім аб сваіх справах шчыра.
— Паліна Сямёнаўна, вы тут на многа меней палучаеце?
— Рублёў на дваццаць. А што? — яна раптам сумелася.
— Дваццаць рублёў… Вам гэта амаль палавіна месячнай платы за кааператыўную кватэру.
Равуцкая адвярнулася да акна, у якое настойліва барабаніў буйны дождж.
— Пытанне — не допыт, Паліна Сямёнаўна. Калі не хочаце, можаце не адказваць. Я стараюся зразумець атмасферу ва універсаме.
— Думаеце, давялі Люду?
— Ну, гэта вы, бадай, занадта. Хутчэй за ўсё прычына ў нечым асабістым, — оперупаўнаважаны сапраўды дапускаў гэту магчымасць, аднак не хацеў, каб у Равуцкай засталося такое ўражанне.
— Дык навошта вам атмасфера?
— Да універсама ў мяне прэтэнзій няма, я з іншага аддзялення, з крымінальнага вышуку. Хачу зразумець, што адбылося на чыгунцы, ці не была Антончык чымсьці прыгнечаная, надломленая?
— Не чула. А так… Люда, канешне, часам злавалася, лаялася, калі што не па-ейнаму. Але гэтак жа хутка, як успыхвала, астывала. Неўраўнаважаная, ці што?
— Шкада, Паліна Сямёнаўна, што вы не былі побач з Антончык у апошнія дні,— капітан сабраў са стала фотаздымкі, картачку Саевіча паклаў зверху.
Паліна Сямёнаўна ўздыхнула:
— Балюча вяртацца да непрыемнага, ды і што сказаць, калі я не была прыбліжонай да Валерыя Васільевіча.
— Перажывалі?
— Баялася, каб не запрасілі на прыроду, — пачырванела яна.
— Магу зрабіць вывад, — сказаў Протчанка. — Нешта вам ўсё-такі не падабалася. Праца, адносіны паміж работнікамі, парадкі?
— У нас не абважвалі пакупнікоў. У кнізе скаргаў адны падзякі. Сцягі універсаму давалі, прэміі. Увогуле ўсё было, акрамя сумленнасці. Мы больш за іншых атрымлівалі дэфіцытных прадуктаў і амаль не пускалі іх у адкрыты продаж. Нават такія прадукты, як вараная каўбаса, і тыя прытрымлівалі. Навошта — не ведаю, не разумею. Папсуем, а тады прымушаем прыбіральшчыц ачышчаць цвіль і прадаем усім. Людзі бяруць, бо не бачылі, як мылі гэту каўбасу, бо іншай няма. Сорамна было ў вочы людзям глядзець…
— Вы не мірыліся?
— Пакрытыкавала на прафсаюзным сходзе, а потым збаялася, што мне якую гадасць падстрояць. Як Людзе.
— Адпусцілі ахвотна?
— Пераканала, што тут мне зручней. Падошва нават у гаргандлі пасадзейнічаў. Калі адыходзіла, грамату даў.
— Можа, дарэмна баяліся?
— Нагледзелася на ягоную ласку. Ды і спакайней тут.
Пакуль Протчанка ехаў назад у тралейбусе, дождж сціх. Толькі вецер, налятаючы парывамі, зрываў са старых таполяў буйныя вадзяныя кроплі. Але праз сінія змрочныя хмары прабіваліся ўжо сонечныя праменні, абяцаючы святло і цяпло. Усе гэтыя пагодныя перамены Протчанка адзначаў, як паміж іншым, яго думкі былі заняты размовай з Равуцкай. На гэты раз яна, бадай, галоўнае сказала. Не пра злоўжыванні з дэфіцытам, прадназначаным патрэбным людзям, аб гэтым ён і без яе здагадваўся. Сказала пра метады, якімі Падошва трымаў у руках калектыў. Відаць, Антончык спачатку дасталася пуга. Магчыма, балючая. Потым быў пернік. Па ідэі, салодкі. У чым жа аказалася атрута?
Сонца знайшло разрыў у хмарах і заззяла на ўсю моц. Ад лужынак на асфальце заструменілася ўгору шызая лёгкая пара. Адчуваючы цяпло на спіне, Протчанка спыніўся на пераходзе цераз вуліцу.
Міма імчаліся машыны, выкідаючы з-пад колаў фантаны вясёлкавых пырскаў. А светафор усё не хацеў мяняць сваё чырвонае вока на зялёнае. Нарэшце ён мігнуў раз, другі, трэці і даў дарогу пешаходам. Протчанка дайшоў ужо да сярэдзіны і раптам убачыў, што з таго боку на праезджую частку ступіла эканаміст універсама Васілоўская. Як і мінулы раз, яркая, прыкметная — у лёгкім чырвоным плашчыку і басаножках на высокай платформе.
«Можа, пранясе», — падумалася оперупаўнаважанаму. У аддзеле яго чакаў Даманькоў, а ад гэтай прыліпчывай жанчыны не хутка адвяжашся. Ен нават апусціў галаву, каб не сустрэцца з ёю вачамі. Ды была Васілоўская не з тых, каго ўдаецца абмінаць, калі яны гэтага не хочуць.
— Віктар Пятровіч, — расштурхнуўшы густую шарэнгу прахожых, яна спынілася перад оперупаўнаважаным. — Вось удача!
Протчанка мусіў спыніцца:
— Зараз мы з вамі, Аксана Барысаўна, пад колы трапім.
— Напужалі, аб’едуць, — зашчабятала жанчына. Падхапіла капітана пад руку і рушыла назад. — Вы спяшаецеся?
— Есць крыху, — прызнаў Протчанка, спадзеючыся, што яна адстане.
— Тады правяду вас, вунь да таго скрыжавання, — тыкнула яна складзеным парасончыкам наперад. — У мяне патрасная навіна!
— Выкладвайце, Аксана Барысаўна, я сапраўды не маю часу, — сказаў оперупаўнаважаны і паспрабаваў вызваліць руку, за якую ўчапілася Васілоўская.
Яна прапусціла намёк міма вушэй, на якіх боўталіся доўгія рубінавыя завушніцы, і яшчэ мацней павісла на капітанавай руцэ. Заглядаючы яму ў вочы, пачала расказваць:
— Помніце, я вам казала, што ў Люды Антончык, няйначай, быў хахаль. Цяпер точна ведаю: быў! Гэта ў яе з дзіцячага дома цягнулася, там такія норавы… — Яна пачакала рэакцыі Протчанкі на сваё паведамленне. Не дачакаўшыся, расчаравана папракнула: — Я вам такое, а вы… Ен — Саевіч, працуе ў будтрэсце…
Здаецца, нічога асаблівага не было ў тым, што Васілоўская, сустрэўшы яго, прадоўжыла мінулую размову, нешта дадала да яе, а капітан устрывожыўся.
— Вы мяне слухаеце?
— Найуважлівейшым чынам, — супакоіў Протчанка, думаючы, адкуль ўсё-такі яго трывога. — Як вы дазналіся?
— Жанчыны, — Аксана Барысаўна на імгненне прыхінулася плячом да капітана. — Жанчыны не ўмеюць хаваць сваіх сакрэтаў, не тое што чужых. Люда сустракалася з палюбоўнікам на дачы Марыі Міхайлаўны Жукоўскай. Маша мне расказала гэта, вядома, пад вялікім сакрэтам. А я вырашыла, што і вы павінны ведаць. Правільна?
Напэўна, каб Васілоўская не трымала яго пад руку, Віктар Пятровіч пачакаў бы з пытаннем, якое не варта было задаваць. Але яму хацелася хутчэй пазбавіцца гэтай назолы.
— Ці не Марыя Міхайлаўна параіла вам пагутарыць са мной?
Васілоўская рэзка прытармазіла, ледзь не праехаўшы платформамі па мокрым асфальце. Яе падоўжаныя тушшу чорныя вочы ператварыліся ў іскрыстыя шчыліны. Яна тузанула сваю руку і выпаліла:
— Спадзявалася, вы чалавек!.. — у голасе не стала нядаўняга буркавання.
— Так, я міліцыянер, — узлаваўся і Протчанка, дзівячыся з нечаканай перамены з Васілоўскай. Пытанне ж яго было іранічнае, не болей, бо ўвогуле не мела значэння, сама прыйшла яна да оперупаўнаважанага ці хто навучыў яе.
— Можаце не рэкамендавацца, — Аксана Барысаўна крутнулася і, не зважаючы на чырвоны агеньчык светафора, панесла сябе цераз вуліцу.
Протчанка не на жарт спалохаўся, крыкнуў:
— Пастойце! Аксана Барысаўна, пастойце! Наўрад ці сярод дружнага гуду аўтамабільных сірэн яна пачула вокліч перасцярогі. Ды, каб і пачула, не вярнулася б. Капітан пачакаў, пакуль Васілоўская нарэшце пераадолела вуліцу, і разгублена паківаў галавой.
— На вас, капітан, сёння попыт, — замест прывітання паведаміў Даманькоў.
— Гэта сведчыць, што я працую, — павучальна адказаў Протчанка, павесіў у шафу мокры плашч і строга спытаў: — Курыў?
— Толькі адну цыгарэтку, — пачаў быў апраўдвацца лейтэнант, але адразу вырашыў перахапіць ініцыятыву. — У падпалкоўніка былі?
— Ведаю ўжо, ведаю, дзяжурны праінфармаваў. Камандзіроўка. Суседзі маіх угоншчыкаў «Волг» затрымалі. А ты што паднясеш?
— Званіла нейкая вельмі настырная асоба. Пакуль не сказаў, што вы ўжо на падыходзе, не вешала трубку. Ці не ў дзяжурнага чакае?
— На вуліцы пераняла, мабыць, яна. А-а, — махнуў ён рукой. — Пераб’ецца, — а незразумелы непакой не пакідаў Протчанку. — Зараз следчы будзе, праверым, што маем і чаго няма. Ты машыну не выявіў?..
— Салют, грамадзяне сышчыкі! — У дзвярах узнік Вайцулевіч. — Дазваляецца вітаць прадстаўніка вышэйшага органа, гэта значыць мяне, не адрываючыся ад наседжаных крэслаў.
— З тваім басам, пайшоўшы ў дыяканы, можна вялікія грошы заграбаць, — Протчанка ўстаў, падаў руку. — А ты мірных людзей, якія пры выкананні, палохаеш.
— Пайшоў бы, Заранок пярэчыць супраць сумяшчальніцтва, — падхапіў жарт Тарас Сцяпанавіч. — Адна надзея, што новы пракурор будзе больш памяркоўны, — па-гаспадарску выцягнуў з-пад капітанавага стала крэсла, паставіў яго паміж Протчанкам і Даманьковым.
— А ты зусім пераходзь, — засмяяўся капітан.
— Вас шкада, — прытворна ўздыхнуў Вайцулевіч, — без мяне вы з крымінальнай справай зашыецеся.
— Бацька родны, — далучыўся да пікіроўкі Міхаіл Даманькоў.— Прымі загадзя нашу сыноўнюю ўдзячнасць.
— Не турбуйцеся, у пракуратуры па прызванні служу, — сагнаў з твару дураслівасць. — Пачнем. Хто першы?
Даманькоў і Протчанка расказалі аб зробленым за апошнія дні.
— Я, бадай, крыху паблытаю вам карты, — выслухаўшы, прамовіў следчы. — Суседка Антончыкаў на допыце паказала, што тыдні за два да Людмілінай смерці чула яе сварку з Андрэем. Быццам ён папракаў жонку за нешта і нават пагражаў. Як табе гэта падабаецца?
— А мне не сказала, — здзівіўся Віктар Пятровіч. — Не напляла?
— Бадай што, не. Яна і мне не сказала б, каб не ўбачыла, што праз які тыдзень пасля пахавання жонкі Андрэй прывёў дадому дзеўку.
— Глядзі ты, — паківаў галавой капітан. — А выглядае ягняткам. З-за чаго сварыліся, суседка не падслухала?
— Казала, выпадкова пачула. Праверу гэты факт у Андрэя Антончыка. Цікавае кіно: табе распісвае лад у сям’і, а сам пагражаў нават жонцы.
— У цэлым, напэўна, ладзілі, а ў дробязях… — Протчанка не хацеў мяняць думку аб Андрэі.— Паміж мужам і жонкай усякае здараецца.
— У тым ліку і трэці лішні,— іранічна ўдакладніў следчы.
— Пра Саевіча муж не здагадваўся, я адчуў бы, каб было інакш. Звесткі Міхася мне ўяўляюцца больш важнымі, чым паказанні суседкі. Па-першае, Людмілу да тэлефона клікала Жукоўская. Па-другое, халат. Дзе ён дзеўся? — Протчанка пытаўся нібы ў самога сябе.
— Дапусцім, што Жукоўская не ведае, хто званіў,— Вайцулевіч пагладзіў спінку асядланага ім крэсла, быццам там ляжала пацверджанне яго думкі.— Таму і табе, Віктар Пятровіч, не сказала. Аспрэч гэта тлумачэнне. Ну, а з халатам можа быць яшчэ прасцей — застаўся ў машыне. Знойдзем машыну — пераканаешся.
— А раптам ён вярнуўся ў магазін, га?
— Не пад’язджай, Віктар Пятровіч, ні Жукоўскую выклікаць не буду, ні ў магазіне халаты правяраць.
— Дзе ж твая следчая незалежнасць, Тарас Сцяпанавіч? — абурыўся Протчанка.
— Магу табе даць такое даручэнне, оперупаўнаважаны, толькі спачатку парайся з Міранковым. Усёк? Так што давай зыходзіць з наяўных магчымасцей.
— Мяне вось што бянтэжыць, — далучыўся да абмену думкамі Міхаіл Даманькоў.— Сумачку Антончык прыхапіла. Навошта? Каб лягчэй было ўстанавіць, чый труп на рэйках?
— Вадзіцель мог падкінуць, калі ўбачыў, што здарылася.
— Згодзен з табой, Тарас Сцяпанавіч. А цяпер звярні ўвагу на масток: Саевіч — Жукоўская — універсам. Наўрад ці сувязь Антончык была тайнай для сяго-таго ва універсаме.
— Ну, плёткі, здаецца, не папаўзлі.
— Гэта мяне і насцярожвае. Тайнай маглі Людмілу скруціць.
— Закруціў, оперупаўнаважаны, — паківаў галавой следчы. — Не забывай, што гэта сапраўды перадавы магазін.
— Злоўжыванняў у гэтых перадавікоў хапае, Людміла, калі там яшчэ працавала Равуцкая, не хацела з імі мірыцца.
— Ці не надта давяраеш ты Равуцкай? У яе, можа, таксама крыўда ёсць на дырэктара, напрыклад.
— А я і без Равуцкай нагледзеўся, што там робіцца, — сказаў Даманькоў.— У двор універсама легкавушкі заязджаюць часта. Не на тэхагляд жа!
— Гэта не наш клопат у дадзеным выпадку, не будзем распыляцца, — нацягнуў лейцы Вайцулевіч — кіраваў тут ён.
— Можа, да гібелі Антончык і не мае дачынення, а ўсё роўна жульніцтва, — з прыкрасцю прамовіў Протчанка.
— Гледзячы чые машыны, — усміхнуўся следчы.
— Дзве-тры магу назваць, — Даманькоў дастаў блакнот.
— Ну іх, — спыніў яго Вайцулевіч. — Будзем біць па бліжніх цэлях, па канкрэтнай справе. Ты, Міхаіл, шукай машыну. А чым зоймешся ты, Віктар Пятровіч?
— Вярнуся з камандзіроўкі, займуся маладымі людзьмі, якіх заўважыў чыгуначнік. Я зыходжу з таго, што дзяўчына — гэта Антончык. Глухая паляна — не гарадскі парк, каб там апынулася яшчэ адна пара.
— З Саевічам яна ездзіла на чужую дачу, — падказаў Міхаіл.
— Не пра Саевіча гаворка, — усміхнуўся Вайцулевіч. — У яго алібі. Новага знайшла. Жанчыне толькі першы раз цяжка пераступіць цераз парог вернасці мужу, потым ужо само круціцца.
— Тэарэтык! — паморшчыўся Протчанка.
— Можаш мне, халасцяку, верыць, Віктар Пятровіч, — напышліва адказаў Вайцулевіч. — Зрэшты, не гэта галоўнае. Важна, што дзяўчына — Антончык. А з кім была — высветлім.
Протчанка падумаў, што Вайцулевіч без ваганняў ставіць сябе ў расследаванні гэтай справы на першае месца. Вядома, воз трэба цягнуць у адным кірунку, а ён — следчы. Бянтэжыла Протчанку іншае: катэгарычнасць, якая, відаць, ішла ад нецярплівасці, паспешлівасці, жадання хутчэй атрымаць станоўчы вынік. Сам Протчанка не прызнаваў гэтага ў працы, ён ніколі не ламіўся ў гушчары напрасткі, ён аддаваў перавагу кружному шляху.
Дзень пачаўся кепска.
Раніцай Паліна Сямёнаўна ледзь не пасварылася з мужам за тое, што ён не ацаніў прыгатаваны ёю сняданак. Потым у тралейбусе перагаварылася з нейкай жанчынай, як кажуць, за пусты мех. На працу прыехала раздражнёная, адчуваючы, што гатова сарвацца з-за любой дробязі.
Да адкрыцця магазіна заставалася хвілін дваццаць. У гандлёвай зале было ціха, бязлюдна, і, расстаўляючы па прылаўку цацкі, якія ў дзятвы карысталіся найбольшым попытам, Равуцкая дзівілася са сваёй незвычайнай нервовасці. Знаёмыя смешныя звяркі і лялькі крыху супакоілі Паліну Сямёнаўну. І калі загадчыца магазіна папрасіла падмяніць хворую прадаўшчыцу з секцыі спорттавараў, яна згадзілася, хаця вельмі не любіла пакідаць сваё прывычнае месца. Ёй падабаліся маленькія пакупнікі — шчырыя, шумлівыя і цярплівыя. Яна ўмела сур’ёзна пагаманіць з імі.
Асартымент спартыўных тавараў Равуцкая ведала слаба. Стаўшы сёння за прылавак, яна адчувала няёмкасць перад пакупнікамі, бо не-не ды затрымлівала чалавека, шукаючы на паліцах патрэбную яму рэч. А дарослыя — не дзеці, у іх і павагі да прадаўца меней, і вытрымка не тая. Аднак канфліктаў не ўзнікала. Недасведчанасць Паліна Сямёнаўна старалася кампенсаваць ветлівасцю.
Выбух адбыўся незадоўга да перапынку, калі Равуцкая ўжо збольшага асвоілася і палічыла, што горшае для яе на сёння мінула.
Дзяўчына, якая да гэтага моўчкі глядзела на паліцы, быццам ці то нешта спытала, ці то сабе пад нос буркнула, а тады раскрычалася:
— Вы што, аглухлі?
Паліна Сямёнаўна не магла ўцяміць, што ад яе хочуць, і толькі пасунулася да дзяўчыны бліжэй. Пакупніцу гэта ўзлавала яшчэ больш.
На шум прыбегла загадчыца культмага.
— У чым справа? — строга спытала яна. Паліна Сямёнаўна пакрыўджана сказала:
— Не ведаю…
Загадчыца павярнулася да пакупніцы:
— Чым вы незадаволены?
Тая, быццам толькі і чакала пытання, звычайным тонам пачала тлумачыць:
— Па-першае, я не магла дапрасіцца, каб мне паказалі футбольны мячык…
Ад здзіўлення ў Равуцкай выцягнуўся твар, яна не паспела і слова ўставіць у апраўданне, як прагучала новае абвінавачанне.
— Па-другое, ваша работніца, таварыш дырэктар, прадае дэфіцытныя дэталі да матацыкла з-пад прылаўка па блату.
Цяпер Равуцкая знямела. Сёння ў яе нават ніхто не пытаўся пра нешта там для матацыкла.
— Праўда? — грозна паглядзела загадчыца на прадаўшчыцу.
— А мы зараз гэта праверым, — да прылаўка наблізіўся пажылы мужчына, адкуль ён узяўся, Равуцкая не бачыла. — Я з гандлёвай інспекцыі.
Далейшае для Паліны Сямёнаўны было дурным сном. Інспектар паказаў пасведчанне, па-гаспадарску зайшоў за прылавак, бесцырымонна адсунуў яе і, як фокуснік, з шуфляды, дзе знаходзіліся электрычныя кішэнныя ліхтарыкі, узяў кардонную скрыначку з нейкімі «зорачкамі». Іх Паліна Сямёнаўна раней нават не бачыла і не ведала, што яны ёсць.
— Бачыце? — падняў інспектар скрыначку над галавой. — Не на паліцы тавар, прыхаваны.
Ен склаў акт, даў падпісаць загадчыцы і сведцы.
— Як мне з ёю? — злосная загадчыца паказала на прадаўшчыцу.
— Вам рашаць, — афіцыйна адказаў інспектар. — Хаця, зыходзячы з практыкі, магу параіць: адхіліце ад працы.
Пакуль гаварылі, пісалі акт, вакол сабраліся людзі. Позіркі, скіраваныя на Равуцкую, былі яхідныя, раўнадушныя, ёй бадай што ніхто не паспачуваў. І ніхто не заікнуўся, што гэта дзяўчына нічога не прасіла.
Апусціўшы галаву, Паліна Сямёнаўна пайшла ў кабінет загадчыцы.
Па прылаўку рассцялілі вялікі ліст белай паперы і паставілі таблічку: «Пераўлік». І ніхто не сказаў Равуцкай слова ў падтрымку. Яна не пакрыўдзілася — яе ж тут мала ведалі. Але недзе ў глыбіні ўсё-такі цеплілася надзея, што здарылася непаразуменне і яно немінуча высветліцца, заўтра ж.
Непрыемнасці ўзнікаюць, аднак, не дзеля таго, каб адразу мінаць. Назаўтра Паліну Сямёнаўну зволілі з работы. Гэта было так несправядліва, што яна ў першы момант не паверыла, ледзь не па складах перачытала загад.
— Куды мне цяпер? — разгублена спытала яна ў загадчыцы.
— Можа, зайдзі да кадравікоў, падбяруць жа нешта.
Гэта было сказана такім тонам, што Равуцкая зразумела: хадзіць не мае сэнсу. А ўголас, не заўважаючы гэтага, падумала:
— Да пракурора? Я ж невінаватая!
— Што ты, што ты! — замахала рукамі загадчыца. — Пачнуць разбірацца, такога накруцяць… Ды чым ты апраўдаешся?
Сапраўды аспрэчыць акт, падпісаны інспектарам і пакупніцай, было цяжка, і Равуцкая пайшла дадому.
Пачуўшы званок у прыхожай, Паліна Сямёнаўна бездапаможна паглядзела вакол сябе. Памроілася самае непапраўнае — прыйшлі па яе, з міліцыі.
Званок паўтарыўся. Працяглы, настойлівы.
Трымаючыся за сценку, каб не ўпасці, Паліна Сямёнаўна падышла да дзвярэй. Яна ці не хвіліну не адважвалася зірнуць у вочка. Нарэшце рашылася і хапілася за грудзі. На лесвічнай пляцоўцы стаяла сярдзітая Маша Жукоўская. Сэрца адпусціла, і Равуцкая адамкнула замок.
— Раскісла! — накінулася на яе Жукоўская, не вітаючыся. — Мала што ў нашай з табой прафесіі здараецца.
— Ні ў чым, Машачка, я невінаватая. Няўжо і ты мне не верыш?
— Вінаватая, невінаватая. Мне гэта без розніцы.
Ты для мяне даўняя сяброўка, — выпаліўшы гэта горача, залпам, яна суцішылася, дзелавіта спытала: — Так і будзеш трымаць у калідоры?
— Ой, прабач, зусім ачумела…
— Ты і раней не вельмі таго, — грубавата сказала Марыя Міхайлаўна і пайшла ў пакой. — Паказвай, як жывеш, — яна спынілася пасярод невялікага пакоя, застаўленага мэбляю, пакруціла галавой, чмыхнула: — Напіхала.
— Дык нічога лішняга… У малых прастарней…
— Мне што, як табе, я не крытыку наводзіць прыйшла, — яна плюхнулася на тахту, расхінуўшы лёгкі светлы плашчык. — Зволілі?
Як ні дзіўна, напорыстая нетактоўнасць сяброўкі падзейнічала на прыгнечаную Паліну Сямёнаўну супакойліва. Яна ўздыхнула і разважліва прамовіла:
— Сама не разумею, што здарылася.
— Не ламай галавы. І пачастуй чым-небудзь, я замест абеду сюды прымчалася.
— Зараз, зараз, — замітусілася гаспадыня. — Даруй, я не чакала…
Жукоўская ўстала, скінула плашч. Зірнуўшы ў люстра на адзежнай шафе, абцягнула блакітны світарок, пад якім выразна акрэсліваліся яе ў меру поўныя формы. Задаволена павяла плячамі і пайшла да гаспадыні на кухню.
— Не турбуйся, Паліна. Чаю або кавы, што маеш, вып’ю. У маім узросце пра паставу нельга забываць, — яна крутанулася перад заклапочанай гаспадыняй. — Як табе світарок?
— А-а, світарок, — думкі Паліны Сямёнаўны былі далёкія ад гардэроба сяброўкі.— Міленькі. Дзе ты толькі іх дастаеш.
— Я не ты, я камунікабельная, як зараз гавораць, умею з людзьмі жыць, — Жукоўская рассмяялася. — Давай памагу, — спрытна расставіла на кухонным стале кубачкі, чайнік, цукерніцу, вазачку з пячэннем. — Тут і сядзем.
— Можа, яшчэ чаго? — заклапочаная гаспадыня палезла ў халадзільнік.
— Хопіць, хопіць, — прытрымала яе за руку Жукоўская. — Я не харчавацца прыехала. Валерый Васільевіч паслаў.
— Падошва? — Паліна Сямёнаўна аж папярхнулася.
— Ен, ён, — усміхнулася Марыя Міхайлаўна. — Гэта ты на яго нападала. А Валерый Васільевіч чулы, добры. Даведаўся, што ў цябе непрыемнасці, і засмуціўся. Мне здалося, хоча прапанаваць табе, калі, вядома, уладзіць у гаргандлі, вярнуцца да нас.
Слёзы закапалі з вачэй Паліны Сямёнаўны.
— Свет не без добрых людзей, падружка, і не плач. Проста зрабі вывад з гэтай гісторыі.
— Ага, ага, — згаджалася Равуцкая, кусаючы вусны, ёй так неабходна было спагадлівае слова.
Жукоўская лёгка, па-дзявочы, падхапілася:
— Ну, я пабегла. Пазваню.
Паліна Сямёнаўна праводзіла госцю і вярнулася на кухню. Сумна паглядзела на некранутыя кубачкі з чаем і села за стол. Сэрца поўнілася ўдзячнасці да Машы і да Валерыя Васільевіча, і браў сорам, што так блага гаварыла яна пра дырэктара оперупаўнаважанаму.
У Верамейкі лейтэнант Даманькоў прыехаў у нядзелю, так параіў Протчанка. На выхадныя ў вёску да бацькоў з’язджаюцца многія цяперашнія гараджане, і некаторыя потым застаюцца на панядзелак.
Аднак і тут лейтэнанта чакала няўдача. Атрымлівалася, што нябожчыца або на крылах прыляцела, або прыехала на машыне-невідзімцы.
Хмуры Даманькоў брыў па разбітай трактарамі і самазваламі вуліцы, глытаў пыл, які круціў моцны вецер, і ламаў галаву над вечным пытаннем сышчыка: што рабіць далей? Напэўна, самае правільнае было — вярнуцца ў аддзел і паспрабаваць паміж радкоў сабраных Протчанкам матэрыялаў вычытаць нейкі новы пошукавы ход. Ды гэта ляжала на паверхні, а лейтэнант паспеў ужо засвоіць капітанава правіла хадзіць не напрасткі, а кружным шляхам, што азначала на практыцы — шукаць нестандартныя рашэнні. Таму Даманькоў не пайшоў да пакінутага ля крайняй вясковай хаты матацыкла. Ен збочыў з дарогі і сеў ля плота на лаўку, змайстраваную пад старой густой бярозай.
Паўдзённая вёска прыціхла, размораная летняй спякотай і вольным нядзельным днём. Нават малых не было відаць. А ў цяньку пад бярозай, дзе яшчэ і вецер асвяжаў, да лейтэнанта вярнулася бадзёрасць. Думкі пацяклі спакайней, без скачкоў, і ў памяці лёгка аднаўляліся факты і здагадкі, выказаныя яму Протчанкам. Неўзабаве з іх пачало ўжо нешта акрэслівацца. І раптам з-за плота пачулася перарывістае хіхіканне, быццам дзяўчына, стрымліваючы смех, перакрывала рот далонькай. Даманькоў азірнуўся. За спіной у яго, адгароджваючы хату ад вуліцы, над плотам навісалі кусты густога бэзу, і, няйначай, менавіта пад імі шушукаліся дзяўчына з хлопцам. Даманькоў гукнуў:
— Людзі, дзе вы?
Кусты заварушыліся, рассунуліся, і ў іх паказалася галава з калматай шапкай рыжаватых валасоў. А з-пад іх глядзелі надзіва сінія вочы.
— Хто тут заблудзіўся? — пацікавілася галава.
— Я. Міхась Даманькоў,— адказаў лейтэнант. — А ты хто?
— От, супадзенне! — узрадаваўся юнак. — Я таксама Міхась, але, на жаль, для супадзення, вядома, не Даманькоў. Я — Шынкевіч і ганаруся гэтым! Заходзь, фортка злева.
Лейтэнант паслухаўся.
На лужку перад хатай на саматканай посцілцы сядзела тоненькая істота з такімі ж, як і ў хлопца, сінімі вачамі. І нават рыжаватая, як хлопец. Адно прычоску мела больш акуратную, сціплую — яе калматы сябар мог бы без шкоды для свайго мужчынскага аўтарытэту памяняцца кудламі з ёю. А ўвогуле дзяўчына была сімпатычная, можа, з-за наіўных вялікіх вачэй. Даманькоў не стаў задумвацца над гэтым не вельмі важным для яго пытаннем, ён весела зазначыў:
— Дачнікі!
— Крыўдзіш, — прыняў пас хлопец Міхась. — Асабіста я — першаадкрывальнік.
— Рэдкія землі, нафта, газ? — падыгрываў Даманькоў. На яго аднекуль наплыла хваля незразумелай радасці і панесла, панесла. Ен адчуў сябе зноў студэнтам. — Тут? — калупнуў ён нагой у траве.
— Ты — вульгарны матэрыяліст, незнаёмец, — працягваў балабоніць хлопец. — Я адкрываю больш важнае — духоўнае, — ён апусціўся побач з дзяўчынай на кукішкі і адабраў у яе кніжку. — Класіка! «Залатое Цялё»! А Ніна не чытала. Чуеш? А ты?
— Кіно глядзеў…
— Мне млосна, Нінка! І гэты чалавек выдае сябе за інтэлігента, у джынсах ходзіць.
— Мішка! — тузанула дзяўчына хлопца за доўгую пасму.
— Прымаю крытыку, — лейтэнант узняў рукі.— Джынсы заўтра памяняю на штроксы. А ўжо сёння вінюся, вы не дачнікі, вы студэнты на канікулах, што, дарэчы, адно і тое.
— Экстрасенс, — хлопец вывярнуў далоні са свежымі мазалямі.— Нінка, дэманструй свой актыўны ўдзел у нарыхтоўцы кармоў!
— Хвалько, — засмяялася дзяўчына. — Лайдак за лапату — вадзянка на пальцы.
— Папраўка прымаецца. Першая, — лейтэнант прысеў побач з хлопцам. — Вы абое — працаўнікі-ўдарнікі,— і ўжо не жартуючы, пазайздросціў: — Я гады тры касу не трымаў…
— Выручым, — зноў засмяялася Ніна. — Атава падрастае, пішыце заяву.
— Бюракраты! — абурыўся лейтэнант. — Папяровыя душы. А рэзалюцыю хто накладзе? — ён хацеў дадаць нешта яшчэ і раптам адчуў, што ўзбуджанасць знікла, не зможа болей мянціць языком. Не дзеля гэтага прыехаў сюды.
— Вас нешта занепакоіла? — Ніна нейкім чынам улавіла змену ў лейтэнантавым настроі.
Даманькоў не збіраўся дзяліцца з гэтымі сімпатычнымі студэнтамі сваімі клопатамі, прызнанне вырвалася міжволі:
— Чужая смерць…
— Чакай, чакай, — нахмурыўся хлопец. — Дык гэта ты па вёсцы пра машыну распытваў? Знайшоў?
— Глуха…
— Мы таксама не бачылі,— паспачувала Ніна. — Праўда, Міша?
Даманькоў нейкі час глядзеў на дзяўчыну, сілячыся злавіць раптоўную думку. А што, калі?..
— Слухайце, рабяты, вы палянку на чыгунцы ведаеце?
— Дзе жанчыну пераехала?
— Так, так…
— Канешне, — перасмыкнула плячамі Ніна. — Мы туды загараць збягаем, калі дома працы шмат.
— Можа, і ў той дзень загаралі? — занепакоіўся Даманькоў — пагода тады была гарачая, як сёння. І як гэта яны з Протчанкам не даўмеліся раней пра такое простае пытанне да вяскоўцаў.
— І ў той дзень, — пацвердзіла Ніна. — Перад гэтым…
— Дык якога д’ябла вы маўчыце! — ускіпеў лейтэнант.
— Пра што? — здзівілася дзяўчына. І Міша наморшчыў лоб, не разумеючы, чаго гарачыцца супрацоўнік міліцыі.
— Ваша праўда, прабачце, — Даманькоў пастражэў. Тое, што ён адразу выйшаў на сведак, вядома, выпадак. Але і без гэтай удачы знайсці сведак было ўжо справай непрацяглага часу, яны з капітанам хадзілі побач і не адступілі б. — Мы шукаем машыну, а шукаць трэба, аказваецца, было вас.
— Мы прычым? — не паверыла Ніна, бездапаможна азірнулася на сябра.
— Зараз растлумачу, — лейтэнант захваляваўся. — Скажыце, акрамя вас тады на чыгунцы быў хто-небудзь?
— Вы думаеце… — вочы ў дзяўчыны акругліліся. — Думаеце, гэта яна загінула?
— Хто яна?
— Тая, што загінула… Больш тады там нікога мы не бачылі.
— Мы і яе толкам не бачылі,— Шынкевічу нібы перадалася напружанасць Даманькова, ён таксама падняўся. — Калі ўжо ішлі дадому, пачулі галасы за кустамі. Я не паглядзеў, хто там, лес агульны, усіхны.
— Жанчына і мужчына, — Ніна аказалася больш цікаўнай. — Жанчына, па-мойму, маладзейшая.
— Яны ці не спрачаліся, — дадаў Шынкевіч пад настойлівым запытальным позіркам лейтэнанта. — Тон такі, ведаеш, нервовы.
— Пра што спрачаліся не ўлавіў? Хлопец адмоўна паківаў галавой:
— Не прыслухоўваўся, а тут электрычка загрукатала.
— А мне здалося, — Ніна наморшчыла лоб, — быццам мужчына нешта патрабаваў. Мне здаецца, былі словы: «Будзеш маўчаць…»
— «Будзеш маўчаць…», — задумліва паўтарыў Даманькоў.— Успомні, Ніна, пытанне гэта было ці загад?
— Не ведаю…
— Людзі,— звярнуўся Даманькоў да абаіх, — вы пазналі б тую пару?
Шынкевіч адмоўна пакруціў галавой, Ніна сказала няўпэўнена:
— Можа, каб сустрэла…
У кішэні ў Даманькова ляжалі фотакартачкі маладых жанчын. Ен дастаў іх, прыгнуўся да Ніны:
— Паглядзі.
Дзяўчына з асцярогай узяла здымкі, доўга перакладвала іх, тасавала. Нарэшце ўздыхнула:
— Вось гэта жанчына, — яна павярнула адну картачку да Даманькова, — вельмі падобная на тую, што сядзела з мужчынам. Толькі прычоска была іншая. Сціплая.
Фатаграфія Антончык, на якой спынілася Ніна, была зроблена летась. Тады Людміле споўнілася дваццаць сем гадоў, і яна, напэўна, перад фатаграфаваннем пабывала ў цырульні — доўгія валасы былі акуратна ўкладзены валікамі. Пазнейшай фотакартачкі жывой Людмілы не было. На здымку трупа твар нябожчыцы быў перакошаны, валасы распэтланы, і Даманькоў не паказаў яго Ніне, не стаў лішне засмучаць.
— Давайце сходзім на месца здарэння, га? — прапанаваў ён.
— Можна, — згадзіўся Шынкевіч. — Так, Ніна? Дзяўчына падняла посцілку, падушку, схапіла кніжку і пайшла ў хату.
— Непрыемная ў цябе служба, цёзка, — паспачуваў заклапочанаму лейтэнанту Шынкевіч.
— А ўжо ж…
Вярнулася Ніна. За якую хвіліну дзяўчына паспела змяніць свой выгляд, і Даманькоў зразумеў Шынкевіча — была ў Ніне іскрынка, якая магнітам прыцягвае хлопцаў. З прыкрасцю пераключыўся на свае клопаты:
— Ніна, можа, вам кінулася ў вочы нешта такое адметнае, калі вы зірнулі на мужчыну?
Дзяўчына задумалася. Даманькоў не прыспешваў. Дзявочая памяць, пра якую столькі навыдумлялі, учэпістая, часам ёй хапае і мімалётнага позірку. Ен не памыліўся.
— Мужчына быў старэйшы. Аднак справа не ў гэтым. Нават стары мужчына побач з маладой жанчынай глядзіцца прывычна. Мне яны не паказаліся закаханымі, я тады нават падумала: чаго забраліся ў такое глухое месца, калі не на спатканне?
Напэўна, гэта было слушна, бо ў жанчын у падобных выпадках свая логіка, ёй можна давяраць. Але ад Ніны Даманькову патрабавалася яшчэ адно. Ен прыпыніўся, крануў Ніну за руку.
— Як выглядаў мужчына? Яна ўздыхнула:
— Многа вы ад мяне хочаце. Не твар, а нейкія мазкі прыгадваюцца.
— Ну, хаця б іх…
— Бровы… Кусцістыя? Га, Шынкевіч? — яна чамусьці свайго хлопца звала па прозвішчы.
— Мужчыны — твой інтарэс, — падкалоў хлопец, — асабліва спартыўныя.
— Во-во, — ажывілася дзяўчына. — Ен здаўся мне баксёрам. Што за спорт? Мардабой, цьфу!
— Баксёрам? — перапытаў лейтэнант.
— Ага, карак такі моцны. І яшчэ, — яна няўпэўнена паглядзела на Шынкевіча: — Мішка, што ў мужчыны было на твары? Мне здаецца — цень…
— Хочаш сказаць: бог шэльму меціць?
— Не, не пляма, вусы! Вусы! — ледзь не закрычала Ніна, задаволеная, што ўспомніла нешта канкрэтнае.
— А погляд? — усміхнуўся з сяброўчынай гарачнасці Шынкевіч. — Ты мне тады скардзілася, што мужык глядзеў на цябе неяк ліпуча, аж брыдка стала.
Ніна пачырванела:
— Балбатун!
— Не спрачайцеся, сябры, — сцішыў іх Даманькоў.— Вы мне памаглі.
На паляне, дзе загінула Антончык, Даманькоў не спадзяваўся ўбачыць нешта прапушчанае аператыўнай групай і потым яшчэ Протчанкам. Але ніхто з іх не ведаў пра куст, пад якім сядзелі жанчына з мужчынам за некалькі хвілін да трагедыі, і яму неабходна было нібы ўбачыць іх самому, уявіць хаця б прыблізна атмасферу размовы Антончык з невядомым.
— Тут, — Ніна спынілася ля пышнага арэшніку. Лейтэнант зайшоў за куст, азірнуўся. Сцежка была зусім побач, Ніна сапраўды магла з яе разгледзець жанчыну з мужчынам, мужчыну нават лепей, ён сядзеў да сцежкі бокам, бліжэй.
— Не бядуйце, — сказаў Даманькоў — больш сабе, чым спадарожнікам. — Будзем аптымістамі. Мы з вамі абавязкова пабачым таго шэльму. А пакуль — думайце, успамінайце!
Андрэй Антончык зайшоў, павітаўся, працягнуў павестку:
— Што вы тузаеце душу нябожчыцы? Вайцулевіч пільна агледзеў хлопца, усміхнуўся:
— У дадзеным выпадку — вашу. Сядайце. Антончык стомлена прысеў, паклаў кароткія рукі на калені.
— Дык што?
Следчы не адказаў, працягваючы дэманстратыўна разглядаць Людмілінага мужа.
Андрэй адвёў вочы, узбуджана спытаў:
— Чаго выклікалі? Пакінулі б Люсю хоць на тым свеце ў спакоі.
— А што, на гэтым свеце ёй было неспакойна? — падхапіў Вайцулевіч.
— Можа, і не было, пад поезд кінулася ж…
— Вы ўпэўнены?
— У чым?
— Што не было спакою? Хто не даваў? Вы, на працы?
Андрэй паціснуў плячамі.
— Не ведаеце, а можа, не хочаце ведаць? — задаволена зазначыў следчы. — Між іншым не так ужо вы ладзілі з жонкай, як распісалі оперупаўнаважанаму Протчанку. Былі ў вас сваркі, былі!
— Дык, па-вашаму, я давёў Люсю, я? — Андрэй пачырванеў.
— Я яшчэ нікога не абвінавачваю, — прыгасіў яго гнеў Вайцулевіч. Узяў чысты бланк пратакола і зноў крыху нацягнуў гужы: — Дарэчы, вы ўпэўнены, што ваша жонка кінулася пад поезд?
— Як? — разгубіўся Андрэй. — Я хаваў яе…
— Ну-у, хавалі мёртвую, — следчы пагладзіў далонню чысты бланк. — А я кажу пра яшчэ жывую.
Антончык няўцямна ўчалопіўся ў Вайцулевіча, пабляднеў.
Вайцулевіч, не тлумачачы свае словы, сказаў:
— Я маю дапытаць вас. З прычыны смерці Людмілы Мікалаеўны Антончык. Ваша імя, прозвішча… — Запоўніў установачныя графы. — З-за чаго вы сварыліся з жонкай?
— Гэта нікога не тычыцца! — Андрэй зноў занерваваўся.
— На жаль, калі чалавек гіне і ўжо ў сваю абарону не можа нічога сказаць сам, гэта мусяць рабіць прадстаўнікі закону, — наўмысна крыху туманна прамовіў Вайцулевіч. — Расказвайце. Нагадаю, вы павінны казаць толькі праўду.
Андрэй набычыўся.
Следчы здагадаўся, што ў такім стане ён будзе маўчаць, на зло, з упартасці, і вырашыў даць яму супакоіцца.
— Вось што, Антончык, ідзі пасядзі ў калідоры. Ля акна звычайна цішэй. А я тым часам тэрміновыя паперы спарадкую. Паклічу.
Антончык падняўся, не надта ахвотна прабубніў:
— Мне на працу…
— Нічога, дам даведку.
Нямытае, напэўна, з вясны вузкае акно выходзіла ў двор. Густая таполя зацяняла дзённае святло, і ў калідоры было змрочна. У куце стаяла старое крэсла з выцертай на сядзенні цыратай. Андрэй падазрона паглядзеў на яго і прыхінуўся да абшарпанай сцяны. Следчы нагаварыў шмат дзіўнага, незразумелага. Яму б, Андрэю, думаць зараз, што хацеў следчы, а ён думае пра Люсю…
За спіной у Андрэя грукалі дзверы, чуліся запаволеныя крокі, прыглушаныя галасы. Ен не звяртаў на іх увагі. Ен глядзеў на нерухомае зялёнае лісце за акном і ніяк не мог уцяміць, што прывяло яго сюды. І халадзела ў грудзях, і расла трывога. Следчы, як у павестцы значыцца прозвішча — Вайцулевіч, быццам на нешта намякаў. На што? Адкуль даведаўся, што было паміж ім і Люсяй? Хаця… У панельным доме можна пачуць нават тое, што адбываецца ў суседнім пад’ездзе. Ды што тут асаблівага? Сварацца ўсе. Хто часцей, хто радзей. Мала што бывае ў сям’і. А яго Люся не любіла паўтараць двойчы. Ледзь што — у крык. Узрывалася на роўным месцы. Праўда, хутка сціхала. Што там казаць, ён пакрысе прывык, змірыўся з яе ўспышкамі. Прамаўчыць, і Люся супакоіцца. І ўсё быццам добра. Толькі апошні раз яна ніяк не магла спыніцца. Крычала, абзывала, і ён, зацяты, быў вымушаны пайсці з дому. З-за чаго тады ў іх пачалося?
Успамінаць сваркі цяпер, калі Люсі няма, было балюча. Аднак, успомніўшы, Андрэй адчуў, што мінулае для яго не памерла. Следчы абудзіў тое, што, думалася, адышло, і былое ўсё настойлівей паўставала незабытымі словамі, учынкамі, выклікала да жыцця карціны, якія хацелася забыць…
— Антончык! — выглянуў у калідор следчы. — Зайдзі.
У Андрэя раптам здранцвелі ногі. Яму здалося, што ўсё гэта — і Люсіна смерць, і суровы следчы, і ён сам — нерэальнае, з дурнога сну.
Вайцулевіч заўважыў перамену ў Андрэі, стаў яшчэ стражэйшы.
— Прадоўжым, — жорстка прамовіў ён і ўзяў са стаканчыка шарыкавую ручку.
Ручка была просценькая, за трыццаць пяць капеек, і гэта, а не грозны выгляд Вайцулевіча, чамусьці больш за ўсё ўразіла Андрэя. Ен асуджана глядзеў на ручку, быццам менавіта ад яе зыходзіла нейкая невядомая яму небяспека.
— Та-ак, — следчы прыцэліўся вачамі ў чалавека, які бязвольна сядзеў насупраць. — Та-ак, Андрэй Сяргеевіч. Прыкладна, — ён зазірнуў у паперы, — тры тыдні назад вы крычалі на жонку, было гэта познім вечарам.
Удар быў моцны, нагадаў тое, пра што Андрэй не хацеў успамінаць. Ен глядзеў на следчага, а перад вачамі стаяла агідная сцэна. Крычаў не ён, крычала Люся. Ды што з таго?
Тады Андрэй на дзень раней вярнуўся з паездкі. Забег да жонкі ва універсам. Вольга Шабашова сказала, што Люся даўно пайшла дадому.
Дома Люсі не аказалася. Ламаючы галаву, дзе яна магла быць, Андрэй недарэчы зноў як убачыў на сабе нейкі жаласлівы позірк Шабашовай. Трывога кальнула сэрца. Ен сеў ля акна на кухні, з якога быў добра бачны іх пад’езд, і стаў чакаць.
Люся прыйшла апоўначы. Стомленая, чымсьці незадаволеная. У Андрэя адразу знікла крыўда. Поўны шкадавання, пяшчоты, ён кінуўся насустрач жонцы. Яго спыніў калючы, нават варожы позірк, а яшчэ больш вокліч:
— Ты чаго! — ні радасці, ні здзіўлення, што муж прыехаў раней.
У Андрэя замест прыгатаваных ласкавых слоў вырвалася:
— Дзе ты была?
Люся не адказала, адсунула яго ўбок і зачынілася ў ваннай.
Яна была ў ваннай доўга і, калі нарэшце выйшла, ён не вытрымаў і ўжо злосна паўтарыў:
— Дзе ты была?
— Мая справа! — адказала Люся.
— А гэта прыгожа, калі замужняя жанчына поначы немаведама дзе цягаецца?
От тут Люся і раскрычалася. Такой раз’юшанай ён яе ніколі яшчэ не бачыў. Ці не таму крычала, што, яму здалося, была п’янаватая? А гэтага раней з Люсяй таксама ніколі не было.
Так, следчаму сказалі праўду, яны сварыліся. Толькі ён, Андрэй, не будзе трэсці сваё перад гэтым непрыемным яму чалавекам. Абыякава прызнаў:
— Перагаварылі…
— Да звону ў вушах, — з’едліва ўсміхнуўся следчы. — Не хочаце расказваць падрабязнасці? Горш сабе робіце, мы ўсё роўна даведаемся, — ён адзначыў нешта ў сваёй паперцы, падняў галаву. — А калі вы вярнуліся з камандзіроўкі — у дзень смерці жонкі ці назаўтра?
— Назаўтра.
— Вы ўпэўнены?
Андрэй як прачнуўся пасля цяжкага сну, залыпаў вачамі, паўтарыў:
— Назаўтра.
— Вось паказанні вашых калег-шафёраў, яны бачылі вас раніцай дзесятага ліпеня ў трыццаці кіламетрах ад горада. Няўжо вам спатрэбіліся суткі, каб праехаць трыццаць кіламетраў?
— Я стаяў, рысора паляцела. Праверце ў гаражы, я прыбыў а палове другой ночы.
— Ну, машыну можна дзе-небудзь паставіць.
— Навошта мне? — Андрэй ніяк не мог зразумець, чаго дабіваецца следчы. Спачатку сварка з Люсяй, цяпер вось, калі ў гараж прыехаў. Апатыя, якая была агарнула яго, знікла і на змену ёй прыйшла трывога. — Я ж камандзіроўку пратэрмінаваў.
— Ну, у параўнанні з іншым, — шматзначна прамовіў Вайцулевіч, — гэта бяда невялікая. Тым болей… — ён абарваў сябе, прыжмуранымі вачамі паглядзеў на Антончыка. — Андрэй Сяргеевіч, а не магло здарыцца так, што вы, да прыкладу, падазраючы жонку ў чым-небудзь благім, давялі яе, скажам пакуль так, да самагубства?
— Вы што! — Антончык аж прыўстаў, напружыўся, нібы збіраўся кінуцца на следчага.
— Сядзець! — загадаў Вайцулевіч, міжволі ўціскаючыся ў крэсла. Счакаў пакуль Антончык сядзе і тады папярэдзіў: — Без выбрыкаў. Зараз мы паедзем да вас на кватэру і зробім вобыск. Вось санкцыя пракурора, азнаёмцеся.
Андрэй невідушчымі вачамі паглядзеў на паперу і моўчкі кіўнуў галавой. Што будзе далей, да яго не дайшло. Потым ён абыякава чакаў у калідоры, ехаў з Вайцулевічам і лейтэнантам Даманьковым у машыне, дома ў сябе безуважна сачыў за суседзямі-панятымі, нібы менавіта яны былі тут галоўнымі дзейнымі асобамі. Не праявіў Андрэй эмоцый і тады, калі з вешалкі за дзвярамі Даманькоў зняў не вельмі чысты белы халат.
— Чый гэта? — спытаў Антончыка следчы.
— Мабыць, Люсін, чый яшчэ, — Андрэй паціснуў плячамі, быццам адзін гэты рух і застаўся ў яго, выціснуўшы словы.
Даманькоў паказаў халат панятым, а Вайцулевіч падышоў да тэлефона.
— Мне, калі ласка, дырэктара. Валерый Васільевіч? Добры дзень, Вайцулевіч з пракуратуры. Праясніце, дзе вашы супрацоўнікі трымаюць халаты? У магазіне? А дадому бяруць? Сапраўды няма патрэбы, калі магазін аддае іх мыць. Дзякую. Не-не, толькі кансультацыя. Вітаю.
— Ну, вось і ўсё, — следчы паклаў трубку на рычагі, прыціснуў далонню. — Будзем канчаць, — даў панятым падпісаць пратакол і адпусціў іх. Доўга глядзеў на Антончыка з сумненнем, нарэшце сказаў: — Я ў вас вазьму падпіску аб нявыездзе.
З усёй гэтай невыноснай працэдуры ў Андрэевай памяці застаўся толькі погляд лейтэнанта, у якім былі і цікаўнасць, і жаль.
У машыне Вайцулевіч паскардзіўся:
— Асабіста я змясціў бы Антончыка ў ізалятар, ды Бабіцкі, ты ж ведаеш яго. Гуманіст!
— Памочнік пракурора, хаця і выконвае яго абавязкі, не пракурор, вось і асцярожнічае.
— Нішто, супраць фактаў і ён не папрэ. Халацік сыграе, між іншым, прачытаўшы паказанні тваёй сведкі, я яго вылічыў.
— А мне ў галаву нават не прыйшло. Папраўдзе, я і зараз сумняваюся, што Антончык яго прынёс дадому.
— Уяві яго стан, — Вайцулевіч гаварыў упэўнена і ўрэшце пераканаў Даманькова.
Знойдзены халат разам з іншымі фактамі, якія меліся ў следчага, мяняў сітуацыю.
Прыехаўшы з камандзіроўкі, Протчанка паспяшаўся на службу. Хацеў заспець Даманькова.
— Што новага? — спытаў ён ледзь не з парога і, вітаючыся, затрымаў Міхаілаву руку.
— Следчы здабыў сур’ёзныя доказы супраць Андрэя Антончыка.
Ашаломлены Протчанка плюхнуўся на крэсла. Яно затрашчала, закалыхалася, пагражаючы разваліцца пад цяжарам грузнага цела.
— Андрэй вярнуўся назаўтра, — толькі і вымавіў капітан.
— Па дакументах, а на самай справе — у той дзень.
— За што ён мог забіць жонку? Не веру!
— Можа, прачуў, што яна займела палюбоўніка. Ва ўсякім разе незадоўга да смерці Людмілы ў Антончыкаў была шумная сварка. Андрэй прызнаў гэта.
Протчанка разгубіўся. На языку круцілася некалькі пытанняў. Не задаў. Каб спрачацца са следчым, ён павінен быў мець неаспрэчныя факты.
— Ну-у, гэта справа для нас — пройдзеная… А-а, забыўся. Учора званіла Равуцкая, мне здалося, у яе нейкая непрыемнасць.
— Толькі чужых непрыемнасцей мне зараз і нестае, — прабурчаў Віктар Пятровіч. — Дзе зараз Антончык?
— Вайцулевіч хацеў у ізалятар, Бабіцкі запярэчыў. Перастрахоўшчык.
— Надта катэгарычна, Міхась, — Протчанка памасажаваў лоб. Ноч правёў у поезде, спаў дрэнна, і ў скронях пачало паколваць. — А калі ў памочніка пракурора сумненні? Следчы ізалятар — тая ж турма…
Протчанка хацеў развіць гэту думку, але ў дзверы пастукалі. Ен зірнуў на Даманькова:
— Ранні госць, ты каго-небудзь выклікаў?
— Не, — адказаў лейтэнант і крыкнуў: — Заходзьце.
Увайшла Равуцкая.
— Паліна Сямёнаўна? — Протчанку ўразіў яе выгляд. За некалькі дзён пасля іх апошняй сустрэчы яна як змізарнела, паблажэла з твару. — Вы да мяне?
— Сама ўжо не ведаю да каго, — прамовіла жанчына і прыклала да вачэй маленькую насовачку.
— У вас бяда? — капітан падвёў Равуцкую да адзінага ў кабінеце мяккага крэсла, невядома кім і навошта пастаўленага тут, і ўсадзіў жанчыну. Сам сеў побач. — Калі не сакрэт, падзяліцеся.
Равуцкая прамакнула насовачкай слёзы і зірнула на Даманькова. Ен здагадаўся, што будзе лішнім, і звярнуўся да капітана:
— Віктар Пятровіч, я да начальніка аддзялення. Равуцкая праводзіла лейтэнанта вачамі і ўздыхнула.
— Не хвалюйцеся, Паліна Семёнаўна, — Протчанку хацелася неяк падбадзёрыць прыгнечаную жанчыну. — Я вас слухаю.
— Зволілі…
— Як? За што?
— Сама не магу даўмецца. Кепскае кіно. Крыклівая пакупніца, як на тое, гандлёвы інспектар, нейкія дэфіцытныя «зорачкі», быццам прыхаваныя для сваіх…
— У секцыі цацак?
— Загадчыца ў той дзень перавяла мяне на падмену. Протчанка нічога не зразумеў і папрасіў:
— Паліна Сямёнаўна, давайце з самага пачатку. Падрабязна і, пастарайцеся, спакойна, — выпадак не тычыўся крымінальнага вышуку, аднак выслухаць чалавека трэба было.
Равуцкая расказала пра ўсё, што было з ёю ў той дзень.
— «Зорачкі» сапраўды дэфіцытныя?
— Адкуль я ведаю? — з адчаем адказала Паліна Сямёнаўна, — Я іх ніколі не прадавала.
Віктар Пятровіч верыў Равуцкай. Не толькі сённяшняму аповяду, але і наогул яе сумленнасці. І таму дзіўнымі здаліся яму прынамсі два моманты. Прысутнасць гандлёвага інспектара надта ў час і дакладнае веданне пакупніцай, дзе знаходзілася скрыначка з дэфіцытнымі дэталямі. Праўда, інспектары на тое і існуюць, каб з’яўляцца ў крытычную хвіліну. Усё бывае. А вось пакупніца… Яна або бывала ў магазіне, або… Вывад напрошваўся настолькі неверагодны, што капітану раптам захацелася ўдакладніць, ці сапраўды хварэла пастаянная прадаўшчыца спартыўных тавараў. Здзіўляла і суровасць пакарання, яго аператыўнасць. Можа, Равуцкая не ўсё расказала? Пытацца пра гэта было няёмка, ён асоба ў дадзеным выпадку не афіцыйная. Выручыла сама Равуцкая.
— Перажыву, — бадзёра прамовіла яна, але голас дрогнуў.— Падошва назад возьме.
— Ведае пра вашы непрыемнасці?
— Маша Жукоўская, ну, мая сяброўка, яна там працуе, была ў мяне. Як даведалася, адразу прымчала. Казала, што Валерый Васільевіч прапануе вярнуцца.
— А што, Падошва ў гандлі чалавек уплывовы, — і нечакана без бачнай сувязі з тым, пра што паведаміла Равуцкая, Віктар Пятровіч спытаў: — Проста так возьме, без усякай умовы?
Равуцкая пачырванела. Зноў прыклала насоўку да вачэй.
Протчанка падумаў, што не ўмее Паліна Сямёнаўна маніць. Але чаму прамаўчала?
Пакуль Протчанка бачыў для сябе толькі адзін шлях да рэабілітацыі Равуцкай і вырашыў скарыстаць гэту магчымасць, нічога пэўнага не абяцаючы. Зрэшты, ён быў толькі неафіцыйным дарадчыкам.
— Для пачатку звярніцеся ў мясцком, — убачыўшы, што жанчына яшчэ больш засмуцілася, растлумачыў: — Такі парадак. А я тым часам параюся тут…
Пайшла Паліна Сямёнаўна не вельмі абнадзееная. Протчанка ўзяў тэлефон і набраў нумар.
— Як жыццё, Тарас Сцяпанавіч? На ўздыме? Міхась увёў у курс. У мяне? Цераз пень-калоду, як казаў адзін знаёмы матэматык, амплітуда. Слухай, ты не супраць, калі я ў межах справы Антончык зайду ў магазін культтавараў? Якое дачыненне? Хутчэй ніякага. Сведку пакрыўдзілі, і я хацеў бы паглядзець, ці было за што. Не турбуйся, нічога лішняга. Не, асабістай зацікаўленасці няма…
Загадчыца культмага Чычкіна трымалася агрэсіўна.
— Няма чаго правяраць, — заявіла яна Протчанку, паглядзеўшы яго пасведчанне. — Вы не з АБРСУ.
— Я не пра растрату або злоўжыванні хачу даведацца, — усміхнуўся Віктар Пятровіч. — І я дзейнічаю з ведама следчага пракуратуры.
Загадчыца крыху пацішэла, але яе насцярожанасць не знікла. Яна нават праявіла пэўную дасведчанасць, спытаўшы:
— А што, ёсць крымінальная справа з прычыны здарэння ў нас?
Протчанка супакоіў яе, і Чычкіна расказала пра здарэнне так, як і Равуцкая, і паказала копію акта, складзенага інспектарам, а таксама запіс у «Кнізе водгукаў». Паліна Сямёнаўна не схлусіла яму. Што збіраўся, капітан высветліў, можна было ісці. А ён марудзіў, ловячы неспакойныя позіркі загадчыцы. Падумаўшы, Віктар Пятровіч з акта перапісаў адрас і прозвішча пакупніцы.
На вуліцы Протчанка спыніўся ля тэлефона-аўтамата.
— Няма пытання, — ледзь не крычаў у трубку на тым канцы проваду Заранок. — Заходзь… Зараз пагляджу на запісы. Так, заходзь а палове шостай.
Капітан паглядзеў на гадзіннік. У яго было яшчэ амаль паўтары гадзіны. Паехаць на службу? Пакуль дабярэшся ў другі канец горада, якраз будзе пара дадому збірацца. Павагаўшыся, ён пайшоў па адрасу, выпісанаму з акта.
Яму пашанцавала. Аўтар скаргі — Наталля Саўчанкава аказалася дома. Яна адчыніла дзверы, акінула капітана халодным позіркам і, быццам чакала менавіта яго, прамовіла:
— А-а, вы…
Было падобна, што Саўчанкаву не здзівіў прыход капітана, яна адразу павяла сябе з ім, як са знаёмым. Толькі не спяшалася запрашаць у пакой. І Протчанку здалося, што ён недзе бачыў гэтую дзяўчыну. Невысокая, скуластая, глыбока пасаджаныя маленькія вочы… Ды ці мала сустракаеш штодня на вуліцы адных і тых жа людзей? На ўсякі выпадак падтрымаў тон:
— Так, я. Здагадваецеся, што мяне прывяло да вас?
— Ці мала ў чалавека з міліцыі клопатаў? Саўчанкава яго сапраўды ведала. Каб не трапіць у няёмкае становішча, паспяшаўся растлумачыць:
— Ваша скарга ў культмагу… Саўчанкава расчаравалася:
— Усяго-та… Падумаеш, правучыла махлярку. Вы не згодны?
— Увогуле правільна…
Яны ўсё яшчэ стаялі ў цесным калідорчыку аднапакаёвай кватэры. Добра, што гаспадыня дзверы на лесвічную пляцоўку зачыніла. Яе непрыступны выгляд сведчыў, што запрашаць оперупаўнаважанага далей яна не збіраецца. Протчанка прыняў гэта як факт непазбежных выдаткаў сваёй прафесіі — на што часам не пагодзішся, каб вывудзіць ісціну. А зараз дык наогул справа была хвілінная.
Нягледзячы на згоду капітана, Саўчанкава абурылася:
— Увогуле — не ўвогуле, каго караем, каго мілуем.
— Закон для ўсіх роўны, — манера ставіць пытанні з ног на галаву пачала раздражняць капітана. — Вашу прадаўшчыцу таксама пакаралі, прычым сурова.
— Правільна зволілі, заслужыла!
— Вам што, рэагаванне прыслалі? — Віктара Пятровіча, як і ў размове з Равуцкай, уразіла хуткасць распаўсюджання звестак пра гэту зусім непрыкмячальную падзею. Праўда, Жукоўская з сферы гандлю. Саўчанкава ж працуе ў домакіраўніцтве іншага раёна, далёкага ад культмага.
— Знаёмыя расказалі. А што?
— Нічога. Вы бачылі, як прадаўшчыца некаму адпускала дэталі па блату?
— Вы на што намякаеце? — пытанне вызвала абурэнне дзяўчыны.
— У такіх выпадках нам трэба ведаць і кліентаў,— прыдумаў оперупаўнаважаны прыстойны адказ, не хацеў заводзіць агрэсіўную Саўчанкаву.
— Я на Равуцкую не глядзела.
І прозвішча запомніла. Уедлівая грамадзянка.
— Тады і размовы няма. Прабачце за ўварванне.
— Карыстайцеся маёй дабрынёй, — Саўчанкава нібы памякчэла. Але, зачыняючы, грукнула дзвярамі.
Неўзабаве Віктар Пятровіч ужо заходзіў у прыёмную намесніка старшыні гарсавета Заранка.
— Што прывяло славутага сышчыка ва ўстанову, далёкую ад крыміналістыкі? — Аляксандр Іванавіч выйшаў следам за сакратаркай, якая далажыла яму, што прыйшоў капітан міліцыі.— Смею цешыць сябе, што старая дружба. Ну, хадзем, хадзем.
— І яна, — не стаў адмаўляцца Протчанка, яму сапраўды было прыемна бачыць былога аднакашніка. Аднак хітраваць не прывык, дадаў: — І справа.
— От так заўсёды, — засмяяўся Заранок, абдымаючы Протчанку за плечы. — Быў мёд, дык ён у яго дзёгцю. Як жывеш, што дома?
— Нармальна. Як было, так і ёсць. А вось ты, як на высокай гары? — Віктар Пятровіч агледзеўся. Кабінет быў не больш за пракурораў, толькі мэбля навейшая і на паліцах, як на выставачных стэндах, красаваліся макеты станкоў, будынкаў, вырабы мясцовай прамысловасці.— Трудна з непрывычкі? Тут усё на віду, не тое што ў праваахоўных органах.
— Асвойваюся, таварышы памагаюць. Ды што пасада, — Заранок крыху пазіраваў.— Бывае ўзлятаем, бывае апускаемся. Пасада — не дружок, яна асоба з норавам, не прызнае пастаянства.
Протчанка мог сказаць, што менавіта ў яго жыцці пасада мае больш пастаянства, чым сяброўства, хаця б з ім, Аляксандрам. Аднак, як звычайна, толькі падумаў.
— Чуў,— Заранок пераключыўся на больш зямное. — Вайцулевіч заканчвае справу прадаўшчыцы універсама. Можаш ганарыцца, твая інтуіцыя не падвяла.
Віктар Пятровіч паціснуў плячамі. Як ідзе следства, ён ведаў збольшага, ад Даманькова. А гаварыць з чужых слоў не любіў, служба прывучыла не забягаць наперад.
— Ну-у, — рагатнуў Заранок, — пра тваю сціпласць легенды складваюцца, — ён уздыхнуў.— Давай сваю справу, а тады возьмемся за асабістае.
— Адну прадаўшчыцу з работы зволілі.
— І ты хочаш, каб я заступіўся? — скрывіўся Заранок. — Хай падасць скаргу звычайным парадкам.
— Гэта я таксама ёй параіў. Ды, ведаеш, — ён памуляўся, — хваленая табой інтуіцыя наводзіць на роздум. Мала таго, што жанчына невінаватая, дык і пакаранне не адпавядае, на мой погляд, віне, каб яна нават была.
— От бачыш, — ухапіўся за агаворку Заранок, — «на твой погляд». А можа, пакінем на погляд таго, каму належыць рашаць? Чаму ты за яе, га? Знаёмая? Капітан нахмурыўся.
— Ну, даруй, — усміхнуўся Аляксандр Іванавіч. — Ведаю, ведаю, што ты чалавек сумленны.
— Сведка. Яе паказанні памаглі мне ў расследаванні абставін гібелі прадаўшчыцы універсама. Пасля гутаркі з ёю пабываў у культмагу, дзе сведка, яе прозвішча Равуцкая, апошнім часам працавала.
— Твая думка? — у Заранку на хвіліну абудзіўся нядаўні пракурор.
— Тут або супадзенні, і Равуцкая пацярпела за чужыя грахі, або… Не, не магу дапусціць, што падстроена. Не бачу мэты.
— Так, Віктар, бадай, ты загнуў. Давай спынімся на першым. Што ты ад мяне хочаш? Уладкаваць тваю Равуцкую?
— Падошва быццам бы прапаноўвае ёй вярнуцца ва універсам.
— Ен махляроў не церпіць і калі бярэ… падкрэсліў Заранок, не заўважаючы, што гэтым самым прызнае невінаватасць Равуцкай.
Протчанка меў сваю думку аб Падошву, але яму зараз было важней дапамагчы несправядліва зволенай жанчыне, ён толькі сказаў:
— Вось бачыш.
— Дык у чым праблема?
— Пляма. Не кожны такі спагадлівы, як цяперашні дырэктар Цэнтральнага універсама. Пойдзе на павышэнне, і будзе бяда Равуцкай, ды і наогул…
— Прапануеш мне напісаць на начальніка гарадскога ўпраўлення гандлю?
— Памылку трэба выпраўляць. Справядлівасць перш за ўсё.
— Афарыстычна, — у тоне Аляксандра Іванавіча прамільгнула насмешка. — А як з аўтарытэтам?
— Чыім?
— Начальніка, які зволіў прадаўшчыцу.
— А што, ёсць два аўтарытэты?
— Шаноўны Віктар Пятровіч, — твар Заранка стаў раптам стомленым, афіцыйным. — Прабач, ты не разумееш элементарных рэчаў. Калі трэба выбіраць з двух аўтарытэтаў, бярэцца больш каштоўны. Начальнік гаргандлю адзін, а прадаўшчыц — процьма, і я не хачу ствараць прэцэдэнт, раўняць няроўныя велічыні.
— Так было, Саша, але так не павінна быць! — Протчанка разгубіўся.
— Не напамінай мне прапісныя ісціны, таварыш капітан, — рэпліка не спадабалася Заранку. — Кадры мы бераглі заўсёды і будзем берагчы.
— Згодзен, згодзен, — Віктар Пятровіч разумеў, што Аляксандр Іванавіч не на тое робіць упор, і паспрабаваў далікатна ўказаць яму на памылку. — Дапусцім, начальніка гандлёвага ўпраўлення па якойсці прычыне вызвалілі, яго каштоўнасць, па-твойму, зменшыцца?
— Настыра ты, Віцька, табе трэба ўсё раскласці па палічках. Дык вось, начальнік упраўлення, нават зняты, для мяне застанецца чалавекам кіруючай пасады. Бо здольнасці яго, вопыт большыя, чым у радавога работніка. Таму і месца адстаўному начальніку дадзім адпаведнае, — Заранок тлумачыў быццам добразычліва, але за лагоднасцю яўна спела раздражненне.
— Ды бог з ім, з галоўным гандляром, я ўзяў яго да прыкладу, — Протчанка адчуў, што дарэмна абвастрыў сітуацыю. — Я нічога супраць яго не маю. Мяне непакоіць лёс Равуцкай.
— Хай не наравіцца, ва універсам не кожнага бяруць.
Рассталіся яны без цеплыні, незадаволеныя адзін адным. З проста прыяцелем Протчанка абавязкова паспрачаўся б, з намеснікам старшыні гарсавета не рызыкнуў. За дзесяць гадоў знаходжання ўнізе службовай лесвіцы моцна засвоіў законы субардынацыі.
Вайцулевіч запрасіў Протчанку і Даманькова да сябе. Выглядаў ён, як звычайна, энергічным, твар быў свежым, яркія сінія вочы з-пад прышчуру глядзелі іранічна. Чалавек адчуваў сябе на кані. Змястоўна праінфармаваў таварышаў пра вынікі апошняга допыту Андрэя Антончыка і аптымістычна заключыў:
— Хлопец зламаўся. Заявіў: «Пішыце, што хочаце». Наступным разам, як гэта ў іх водзіцца, закоціць істэрыку: «Я, я вінаваты, адстаньце!»
— Прыгнечанага чалавека, якому, можа, жыццё не мілае, настойлівымі допытамі можна прымусіць і не такое нагаварыць на сябе, — раздумліва прамовіў Віктар Пятровіч, яму Андрэй не паказаўся вінаватым. — Доказы ў нас толькі ўскосныя.
— Але доказаў шмат, — запярэчыў следчы. — Хлусіць Антончык пра дзень свайго прыезду.
— Не будзем дарэмна спрачацца, давайце прааналізуем, што мы маем, — на абмеркаваннях Протчанка стараўся пазбягаць эмоцый. — Паглядзім, якая атрымаецца карціна.
— Дзеля таго і сабраліся, — пры ўсёй сваёй самаўпэненасці Вайцулевіч паважаў і пабойваўся вопыту капітана. Той не аднойчы рушыў яго, здавалася б, бездакорныя версіі.
— Што ў нас супраць Антончыка, акрамя дня вяртання?
— Пасварыўся з жонкай, — падказаў Даманькоў.
— У сям’і, Міхась, не такое можа здарыцца. Ен у той раз прыехаў дачасна, жонкі магло не аказацца дома або яшчэ што.
— Быць усё можа, так, але чаму Антончык не прызнаецца? — не пагадзіўся з Протчанкам следчы.
— Цяпер яму многае бачыцца інакш, у тым ліку і тая прычына для сваркі. А што, калі Андрэй не хоча кідаць цень на нябожчыцу?
— Ен пра жонку наогул нічога не хоча казаць, і гэта мяне насцярожвае, — сказаў следчы.
— Мне здалося, Андрэй вельмі кахаў жонку, — гаворачы, Віктар Пятровіч прыпамінаў да дробязей сваю размову з Антончыкам.
— Ад кахання да нянавісці…— уставіў Даманькоў.
— Твая праўда, Міхась. Гэта старая ісціна яшчэ не абвергнута. Таму пойдзем далей. Вярнуўся нібыта ў дзень смерці жонкі. Чаму, Тарас Сцяпанавіч, ты не верыш пуцявому лісту?
— Паперцы веру, — тузануўся Вайцулевіч — логіка Протчанкі ціснула на яго, скоўвала. — Як і тым вадзіцелям, якія бачылі Антончыка. Трыццаць кіламетраў — менш гадзіны ходу.
— Будзем правяраць, — пагадзіўся Протчанка. — І нарэшце халат. Факт важкі… Невытлумачальны… Папрацуем і вакол яго.
— Значыць, так, — падсумаваў гаворку Вайцулевіч. — Ты, Міхаіл, праедзь па трасе, дзе, як сцвярджае Антончык, ён увесь час чакаў лятучку. Віктар Пятровіч высветліць з халатам. Ну, а я прадоўжу допыты выяўленых сведак.
Але ў Протчанкі акрамя халата быў яшчэ адзін клопат…
Кааператыў «Радуга» належаў супрацоўнікам навукова-даследчага інстытута электронікі. Як тут атрымалі ўчастак інжынер будтрэста і прадавец універсама, было загадкай. Ды хіба такія рэчы самы большы цуд у жыцці, з якім сутыкаўся оперупаўнаважаны? А прыстроіліся Жукоўскія няблага — участак вялікі, сотак на дзесяць, і хата, не садовы домік, а іменна хата з мансардай і балконам, стаяла воддаль ад суседніх пабудоў, на краі, як у лесе, што падступаў да яе з двух бакоў.
Ля суседняй з Жукоўскімі дачы Протчанка спыніўся. Тут жыла тая самая старая, якая далася ў знакі Саевічу. Ен без злосці не ўспамінаў яе — калі не прыязджаў з Людмілай, скардзіўся капітану, бабка, як вартавы, стаяла на мяжы і зыркала. То Саевіч. А Протчанка якраз і разлічваў на цікаўнасць старой.
Напэўна, гэта заканамерна, што станоўчыя вынікі чакаюць сышчыка найчасцей тады, калі ён дзейнічае не па натхненні, але добра асэнсаваўшы абставіны.
Равуцкая сказала, што дырэктар універсама часцяком наладжваў выезды на прыроду: маўляў, гэта згуртоўвае калектыў. Праўда, гонар трапіць у дырэктараву кампанію аказваўся не ўсім, толькі выбраным. Людміла Антончык апошнім часам увайшла ў іх лік. Як змог устанавіць Протчанка, адбылося гэта пасля яе разрыву з Саевічам.
Паездкі звычайна былі з начлегам, Падошва любіў камфорт. Гэта дало оперупаўнаважанаму падставу меркаваць, што гулянкі, можа, адбываліся на дачы Жукоўскіх. І стаіць яна нібы наводшыбе, і суседзі ўвогуле не цікаўныя. Адна пільная бабка, якая сачыла за Саевічам, Жукоўскім, відаць, не назаляла — яна прывыкла да іх, яны да яе. Аднак Протчанка спадзяваўся, што на яго пытанні суседка што-небудзь адкажа.
Заўважыўшы незнаёмага за сваім маліннікам, які, нібы плот, агароджваў гарод ад дарогі, суседка Жукоўскіх прыклала далонь да вачэй. Не пазнаўшы, азвалася:
— Нешта я цябе не ведаю, міл-чалавек?
— Дзіва што, — сказаў оперупаўнаважаны, — я тут упершыню.
— Мо да каго пагасціць ці па справе? — яна абтрэсла рукі аб доўгую спадніцу няпэўнага колеру і прытэпала бліжэй.
Жанчына сапраўды выдавала цікаўнай. Але Саевічу Віктар Пятровіч не паспачуваў, нават пашкадаваў, што яе пільнасць абмежавалася маўклівым назіраннем.
— Вы ўгадалі, па справе, прычым не вельмі прыемнай, я прыехаў да вас, — пацвердзіў капітан.
— Да мяне? — здзівілася старая. — Мо хвітафтора памідоры дзе панішчыла? — жанчына пакехкала — не то ад смеху, не то папярхнулася.
— На жаль, я не аграном, — усміхнуўся Протчанка. — Можна зайсці?
— А ўжо ж, а ўжо ж. Прабачце, старая стала, сябе забываю. У нас не замкнёна, — яна зноў пакехкала. — Мяне завуць Лідзія Фёдараўна. А вы хто будзеце?
— Я з міліцыі, Віктар Пятровіч.
— Добра, добра, міл-чалавек. Заходзь. Садзіся вунь пад грушаю, а я тым часам агрэсту нарву. Салодкі, куды той вінаград. А варэнне…
Нечакана старая аказалася гаваркой. Відаць, здзічэла тут без людзей. Ці не таму і за Саевічам з Людмілай цікавала, што пра жыццё-быццё пагаманіць хацела? Ды ім было не да яе.
Стромкая высокая груша расла пад самым домікам, утвараючы натуральную альтанку. Куток быў утульны, заценены, і Протчанка з задавальненнем сеў. Дзень быў спякотны.
Лідзія Фёдараўна прынесла поўную міску чырвоных буйных і дзе-нідзе парэпаных ад пераспеласці ягад. Частуючыся, Віктар Пятровіч спытаў:
— Вы тут увесь сезон жывяце?
— Ага, тут лягчэй дыхаецца, ад лесу кіслароду многа.
— І ўсіх ведаеце?
— Хто бывае — ведаю.
Капітан дастаў фатаграфію Людмілы Антончык, паказаў старой:
— Можа, гэту маладзіцу таксама ведаеце? Лідзія Фёдараўна ўзяла картачку, адставіла руку.
Потым надзела акуляры, паскардзілася:
— Вочы зусім аслаблі.— Яшчэ раз уважліва паглядзела на здымак. — А што табе трэба ад яе?
— Загінула яна…
— Такая маладая, — жахнулася Лідзія Фёдараўна. — І дзеткі засталіся?
— Малая дачка. Але вы не сказалі, ці ведаеце… Старая ўважліва паглядзела на капітана, паўздыхала і толькі тады прызнала:
— Прыязджала, — кіўнула яна на дачу Жукоўскіх.
— Даўно?
— А табе навошта? З таго свету не вернеш, і не муж ты ёй.
— Трэба знаць, чаму загінула. Калі вы яе тут бачылі?
— Мо дзён дзесяць ці крыху болей… Протчанку стала не па сабе, хаця ехаў ён сюды менавіта па такі адказ. Асіплым голасам ён папрасіў:
— Лідзія Фёдараўна, пастарайцеся, калі ласка, прыпомніць больш дакладна, гэта вельмі важна.
Старая, пакрэктваючы, паднялася і пайшла ў домік. Яна доўга не выходзіла, і Протчанка занепакоіўся. Ен пачаў разглядаць участак Жукоўскіх. Быў ён не такі, як суседнія. Відаць, гаспадароў не цікавілі дары зямлі. Ягадныя кусты раслі ў траве, некрануты дзірван быў і пад пладовымі і не надта ўраджайнымі дрэвамі. Толькі некалькі дрэнна дагледжаных градак віднеліся побач з зашклёнай верандай. Зрэшты, Жукоўскія прыязджалі сюды не па гародніну або яблыкі, яны дыхалі свежым паветрам…
Нарэшце ў дзвярах паказалася Лідзія Фёдараўна. Трымаючыся за драўляныя поручні, яна асцярожна спусцілася з высокага ганка і працягнула капітану фотаздымак.
— Унук мой, самы малодшы…
Капітан няўцямна паглядзеў на здымак, на якім сімпатычны хлопчык рыхтаваўся зрабіць ці не першы крок па зямлі. Ен збянтэжана прамовіў:
— Добры малы…
— Гэта яму год у той дзень споўнілася, — радуючыся, сказала Лідзія Фёдараўна. — Перавярніце картачку, там напісана чысло. Ваша маладзіца якраз і прыязджала назаўтра.
— А як вам здалося, з кім была жанчына?
— Раней прыязджала з хлюстам, без кампаніі. Вядома, спатканне, дваім лепш. А тым разам… Баюся, Машын начальнік паклаў на яе вока, я і раней гэта думала. Руку падаў, як вылазілі з машыны. А можа, далікатнічаў, бо і шафёр, мне здалося, клеіўся да яе, — зусім па-сучаснаму выказалася старая. — А што было ў доме — не скажу.
Бабулька была назіральная, і Протчанка паспадзяваўся выцягнуць з яе яшчэ што-небудзь. Пра шафёра, пра іншых гасцей. Захапіўшыся гаманой, ён перастаў сачыць за часам. Апамятаўся толькі тады, калі пачуў ля суседняй дачы гук аўтамабіля. Ляснулі дзверцы, і на лужок павольна выбралася Марыя Міхайлаўна Жукоўская. Яна агледзелася, зірнула паўзверх кустоў чорных парэчак на суседні ўчастак і ўбачыла оперупаўнаважанага разам з Лідзіяй Фёдараўнай. Марыя Міхайлаўна на імгненне знерухомела, тузанулася і кінулася назад, у «Жыгулі».
— Вось заўсёды такія нервенныя, — паківала галавой Лідзія Фёдараўна, — у гарачай вадзе купаныя, ці што?
А Протчанка глядзеў услед чырвоным стоп-агеньчыкам, якія то ўспыхвалі, то гаслі, і думаў, што справа, відаць, не ў гарачай вадзе, хаця вытрымкі Жукоўскай і не хапіла. Але яе раптоўны, падобны на ўцёкі, ад’езд хутчэй за ўсё сведчыць, што лепш бы яму не трапляцца Жукоўскай на вочы менавіта тут.
Вайцулевіч чакаў выкліканага павесткай Антончыка і заклапочана чухаў патыліцу. Факты супраць мужа нябожчыцы нагрувашчваліся адзін на другі, гара доказаў расла. А ён, следчы, усё яшчэ не рашаецца прад’явіць яму абвінавачанне. Нечага не хапае. Вайцулевіч адчуваў, што глядзіць на доказы вачамі Протчанкі, і ад гэтага злаваўся на сябе.
Раней Вайцулевіч адкінуў бы думку оперупаўнаважанага, урэшце, ён следчы, а не Протчанка. Былы пракурор Заранок у падобных выпадках паводзіў сябе памяркоўна: маўляў, рабі, як лічыш патрэбным, абы вынік быў. Бабіцкі, які выконвае абавязкі пракурора, немінуча папытае думку Протчанкі. Дык як пераканаць аднаго і другога? Можа, дапамогуць звесткі, здабытыя Даманьковым?
Лейтэнант прывёз і новае, і важнае, ён зрабіў нават болей, чым ад яго чакаў следчы. Даманькоў знайшоў спачатку сведак, якія бачылі нерухомую машыну Антончыка непадалёк ад прыгараднай вёскі Касенічы без шафёра, а потым пабываў на аўтабазе, дзе высветліў, што Андрэй званіў, каб прыслалі рамонтную лятучку, у дзесяць гадзін. Лятучка прыехала а восьмай гадзіне вечара. Гэты час Антончыку паведамілі адразу, бо рамонтнікі ў той дзень былі загружаны працай. Такім чынам, у яго былі прынамсі вольныя гадзін шэсць-сем. Антончык мог чакаць дапамогу ля сваёй машыны, а мог і адлучыцца. Вайцулевіч амаль быў упэўнены, што Антончык ездзіў у горад — і блізка, і жонцы не надта давяраў. Але сведак пакуль не было, іх трэба знайсці.
Гадзіннік паказваў дзесяць мінут адзінаццатай. Антончык спазняўся. Гэта і дзівіла следчага, і раздражняла. Ен нават нецярпліва выглянуў у калідор. Але там наогул было пуста, быццам аб’явілі ў пракуратуры, як у магазіне, санітарны дзень.
Вайцулевіч зачыніў дзверы, у роздуме крыху пастаяў да іх спіной і рашуча схапіў тэлефонную трубку.
— Даманькоў? А-а, Віктар Пятровіч, — зрэшты, капітан яму таксама быў патрэбны. — Хваліся.
— Пахвалюся. Сам збіраўся табе званіць.
— Значыць, у нас поўная еднасць, — засмяяўся следчы. — Дарэчы, Даманькоў побач?
— Ты мяне выслухай, а тады і Міхася атрымаеш. Мы тут у разгубленасці.
— Што так?
— Пазваніла нейкая добразычліўка, папытала мяне і, не назваўшыся, параіла… Ты патрымайся за што-небудзь, каб раптам не хапіў удар. У трубцы я пачуў: «Папытайцеся ў Андрэя Антончыка, што ён рабіў пасля абеду дзесятага ліпеня на аўтобусным прыпынку „Тэхнікум“». Перш чым я паспеў слова ўставіць, яна адключылася. Як табе, га?
— Не маніш? — Вайцулевіч аж сеў на стол побач з тэлефонам, ногі перасталі трымаць. — Напішы дакладную, хай Даманькоў прынясе, у мяне да яго пытанні ёсць.
— А мне, Тарас, не ўсё ясна.
— Проста ты, Віктар Пятровіч, не ведаеш астатніх дадзеных.
— Я пра іншае. Адкуль староннія ведаюць, што Антончык у цябе на падазрэнні і што не стае менавіта гэтага факта?
— Ну-у, гэта неістотна. Антончык, напэўна, дзяліўся з тым-сім пра допыты ў пракуратуры, а такія чуткі разыходзяцца як кругі на вадзе ад кінутага каменя… Прабач, прадоўжым пазней, прыйшоў Антончык.
— Хвіліначку, — затрымаў яго Протчанка. — Людміла Антончык напярэдадні гібелі была на дачы ў Жукоўскіх. Не, кампанія.
— Гэта працуе на маю версію, дзякуй…
Следчы адсунуў на край стала тэлефон, перасеў у крэсла і дастаў чысты бланк пратакола. Уважліва паглядзеў на Андрэя. Выглядаў чалавек неяк не так, як мінулыя разы. Бачылася ў ім Вайцулевічу не звычайная прыгнечанасць, а адчайная рашучасць. Ну, што ж, ён гатовы да бою, сёння ў яго ў запасе ёсць моцны ход.
Вайцулевіч не стаў вымаўляць Антончыку за спазненне. Перад тым, што яго чакае, гэта была дробязь.
— Пачнем, Андрэй Сяргеевіч. Антончык не адрэагаваў.
— Апошні раз, — следчы не звярнуў увагі на яго маўклівасць, — мы з вамі не высветлілі, прынамсі, два моманты. Першы. Якую жанчыну вы прыводзілі да сябе ў кватэру пасля смерці жонкі?..
— Жанчыну? — ускінуўся Андрэй. — Нікога я не прыводзіў!
— Няпраўда. Суседка бачыла.
— То, можа… А-а, усё роўна не паверыце. Прыходзіла Наташка, з нашай вёскі.
— Ладна, да Наташы вернемся потым. Цяпер другое. Што вы рабілі, пакуль не прыехала тэхнічная дапамога?
— Загараў,— выціснуў з сябе Антончык.
— «Загарала», відаць, машына, а што рабілі вы?
— Танцаваў, калі вам загаранне не падыходзіць!
— Не грубіце, — спакойна сказаў следчы, — я не са столі бяру пытанні. Апытаныя намі жыхары Касеніч паказалі, што нейкі час вас ля машыны не было.
— Я не прывязаны!
Нервы Антончыка былі на мяжы. Вайцулевіч бачыў, што так доўга не працягнецца. Два-тры пытанні, і адбудзецца зрыў. Адно невядома — у які бок: або агрэсіўнасць павялічыцца, або, наадварот, настане дэпрэсія. Але калі ў следства з’явяцца такія факты, як сённяшнія, і Вайцулевіч вырашыў падліць у агонь масла:
— Кабіна замкнёная, на кузаве пломба — нішто не трымае…
Андрэй слухаў напружана, зыркаючы спадылба неспакойнымі вачамі.
— Напрыклад, у сельмаг або сталовую, — павольна раскідваў сіло. — Праўда, там вас ніхто не запомніў… А ў горад?
Антончык скрыгатнуў зубамі, сціснуў кулакі, але прамаўчаў.
— Я не памыляюся, Андрэй Сяргеевіч?
— Хлусня.
— Між іншым, вас бачылі на прыпынку «Тэхнікум», адкуль аўтобусы якраз і ідуць на Касенічы.
Антончык адхіснуўся назад, разгублена ўчалопіўся ў Вайцулевіча, задыхаў цяжка. Нарэшце прахрыпеў:
— Чаго вы дамагаецеся? Чаго!
— Не стройце з сябе дурня, Андрэй Сяргеевіч. Не помніце — нагадаю. Вы мелі час, каб да прыезду тэхнічнай дапамогі пабываць у горадзе. Вы так і зрабілі. Прыехалі, заскочылі дадому. Жонкі не было, вы не ведалі, што яна памянялася зменамі. Затое было нешта такое, што вас узрушыла, не, бадай, апякло. Так?
Вочы ў Андрэя патухлі, ён глядзеў на следчага і не бачыў яго.
Вайцулевіч здагадаўся, што трапіў у цэль, спытаў:
— Што вы ўбачылі?
Андрэй не пачуў пытання. Ен зараз нібы наяве зноў убачыў смеццевае вядро пад кухоннай ракавінай, папяровы скрутак, з якога тырчаў акурак цыгарэты. Люся не курыла, ды і не было на ім слядоў памады. Курыла не жанчына. Падазрэнне, якое жыло ў Андрэі, кінула яго да тэлефона. На працы Люсі не было, Жукоўская з асалодай сказала, што яе выклікаў нейкі мужчына… Андрэю ад гэтых успамінаў раптам стала ўсё роўна, што з ім будзе. Абы адчапіўся хутчэй гэты настырны следчы, абы не прымушаў болей успамінаць…
— Вы ўбачылі чыесьці сляды?
Не надта ўдумваючыся ў словы следчага, Андрэй матнуў галавой.
— Вы пазванілі жонцы на працу…
На добры лад Вайцулевіч не павінен быў падказваць, а дабіцца прызнання самога Антончыка. Аднак яму не цярпелася скарыстаць момант, паказаць, што следчы і без таго ўсё ведае.
Андрэй загаварыў, абыякава, манатонна, нібы пра каго іншага, пра каго яму непрыемна расказваць:
— Гэта я… Я падштурхнуў Люсю… Яна была б жывая…
Прызнанне, як ён яго ні чакаў, прагучала для Вайцулевіча неспадзявана. Ен таропка запісаў словы Антончыка і аб’явіў:
— Зараз мы з вамі паедзем на месца здарэння. Вы зможаце паказаць, дзе гэта здарылася?
— Я быў там, — глуха прамовіў Андрэй. — Я не хачу туды. Не магу, зразумейце! — горыч выплюхнулася з яго грудзей. Ен зусім абмяк, пабляднеў.
— Ладна, ладна, — пачаў супакойваць яго следчы, шкадуючы, што ў такім стане Антончыка нельга везці для пацвярджэння паказанняў.— Пасядзіце ў калідоры, — і адвёў хлопца да таго самага акна, ля якога ён сядзеў мінулы раз, а сам вярнуўся ў кабінет.
Ен, следчы, перамог. Цяпер і Протчанка, і Бабіцкі прызнаюць, што ён не памыляўся з самага пачатку. Тыя звязкі будучага абвінаваўчага заключэння, якія пакуль не стыкуюцца паміж сабой, пропускі ў моцным увогуле ланцугу доказаў звесці ў адно — справа тэхнікі.
Сёння Віктар Пятровіч дзівіў Даманькова. Быў капітан непрывычна хмуры. Міхаілу гэта не падабалася. Ен узяў з тумбачкі свой маленькі транзістарны прыёмнік, пагуляў тумблерам на радыёхвалях — Протчанка музыку любіў, прыцішыў гук і спытаў:
— Віктар Пятровіч, якую музыку круцяць на дачы ў Жукоўскіх?
— Цябе больш нічога не хвалюе? — Протчанка неахвотна адарваўся ад сваіх думак.
— Музыка таксама характарызуе чалавека.
— Напрыклад, лейтэнанта Даманькова, — палагоднеў капітан. — Папытаюць у кадрах — скажу: зацяты рокер ці як іх там яшчэ называюць.
— Я сур’ёзна, — Міхаіл не паказаў задаволенасці, што Протчанка клюнуў на прынаду. — Гэта ж на дачы адбылося падзенне Людмілы Антончык. Не з Саевічам, з Саевічам магло быць сапраўднае пачуццё. Пазней. Чым спакусілі, звялі дзеўку гандляры?
Капітан уважліва паглядзеў на яго і раптам спытаў:
— Ты верыш, што Андрэй вінаваты ў смерці жонкі?
— Мнагавата супраць яго. Вайцулевіч збіраецца інкрымінаваць давядзенне да самагубства.
— Давесці маглі і на дачы. А доказаў, што Андрэй быў з жонкай на той паляне, няма ў нас.
— Прыедуць з турпаездкі верамейкаўскія студэнты, правядзем апазнанне.
Протчанка з сумненнем паківаў галавой і працягнуў руку да тэлефона.
— Тарас Сцяпанавіч, дзень добры. Хачу наведаць універсам. Фармальны повад ёсць. Халаты праверыць. Твой званок дырэктару юрыдычнай сілы не мае, так і скажу, калі што.
— Відаць, не толькі па даведку? — падміргнуў лейтэнант.
— Яснавідзец, — усмешка прабегла па Пратчанкавых вуснах. — Міхась, ты быццам бы ва універсаме знаёмства займеў?
Даманькоў сумеўся, нехаця прызнаўся:
— Есць такі грэх, Рыта Дземяшкевіч…
— Спадзяюся, да граху яшчэ не дайшло, — сур’ёзна прамовіў Віктар Пятровіч. — Дзяўчына надзейная?
— Думаю, што так. А ў чым справа?
— Хацеў бы з ёю пагаварыць, вядома, не спасылаючыся на цябе. Можна крыху даверыцца?
— Напэўна… Яна ведае, што я ў міліцыі служу. Але пра Антончык я не мог у яе пытацца, збаяўся, што не так зразумее.
— Дзяўчаты народ непрадказуемы. Ну, я пайшоў, цябе не выдам, не турбуйся.
Даманькоў заклапочана паглядзеў капітану ўслед: як прыме пытанні Рыта?
Улік халатаў ва універсаме быў пастаўлены ўзорна. Протчанку здалося нават, што гэта яму прадэманстравалі з вялікай ахвотай. Не хапала толькі таго халата, які быў у Людмілы Антончык. Скончыўшы з гэтай справай, Віктар Пятровіч выйшаў у гандлёвую залу.
У рыбным аддзеле працавала худзенькая бялявая дзяўчына. Гэта і была Рыта Дземяшкевіч. Протчанку яна спадабалася: і сімпатычная, і глядзіць на пакупнікоў добразычліва, хаця за дзень, напэўна, і стамілася, і ўсякае выслухала, бо асартымент дароў мора і рэк быў не надта багаты.
Капітан паблукаў паміж кантэйнераў з крупамі і слоікамі кансерваў і пайшоў з універсама — прадаўшчыцы, адміністратар крадком цікавалі за ім…
Было каля дзевяці гадзін. Сонца ўжо вісела невысока, і ад дамоў, дрэў на зямлю клаліся доўгія шэрыя цені.
Прайшоўшы па скверыку, Протчанка з жалем паглядзеў на занятую лаўку — адзіную тут, з якой добра бачыўся выхад з магазіна. А ногі гудзелі, за дзень капітан нямала пабегаў. Ен зірнуў на гадзіннік і накіраваўся да старой таполі, пашкадаванай будаўнікамі. Яна высілася пасярод шырокага тратуара і весела трымцела серабрыстымі лісцікамі. Протчанка прыхіліўся да дрэва і стаў чакаць.
Рыта Дземяшкевіч з’явілася а палове дзесятай. Яна была не адна, з групай прадаўшчыц. Ажыўленая, Рыта нешта смешнае расказвала сяброўкам, памагаючы сабе рукамі.
Крыху пачакаўшы, Віктар Пятровіч падаўся за дзяўчатамі.
Хвілін праз дзесяць Рыта нарэшце развіталася з прадаўшчыцамі і павярнула ў завулак. Капітан паскорыў крокі і аклікнуў яе.
Дзяўчына здзіўлена азірнулася, прыпынілася.
— Вы мяне?
— Так, Рыта, вас. Не палохайцеся, я з міліцыі.
— Бачыла вас, ведаю. А я вам навошта?
— Хачу папытаць вас пра Людмілу Антончык.
— Дзіўна, — Рыта апякла яго позіркам блакітных вачэй, якія імгненне назад былі мяккімі і свойскімі.— Жанчына памерла, сама, а вы…
— Усё правільна. Людмілы няма. А вось сама… Я хачу ў гэтым упэўніцца.
— Дык што я магу? — яна зноў перасмыкнула плечыкамі.
— Працаваў чалавек, працаваў і раптам захацеў пад колы кінуцца, прычым аж за горадам. Не на крылах жа Людміла ляцела, не на верталёце.
— Які верталёт? — дзяўчына спынілася. — Звычайныя «Жыгулі», васьмёрка.
Протчанка знямеў.
— Не верыце? — здзівілася Рыта.
— Прабачце, — да капітана вярнулася мова. — Не чакаў, што вы ўспомніце.
— У мяне ў той дзень была другая змена. Іду на працу і бачу Людмілу, бяжыць да машыны. Ускочыла, і машына адразу газанула.
— А чыя машына, часам не падкажаце?
— Прозвішча не ведаю, але раней бачыла, з Жукоўскай. Па-мойму, спартсмен, такі плячысты. Але ў машыне на заднім сядзенні яшчэ нехта быў.
Яны падыходзілі да Рыцінага дома. Протчанка дапытліва паглядзеў на дзяўчыну, прамовіў:
— Рыта, спадзяюся, вы зразумелі, што мае пытанні не з-за цікаўнасці. Прашу, вельмі прашу, нікому не расказвайце, што сустракаліся са мною, пра што гаварылі.
Вочы ў дзяўчыны шырока адкрыліся, нават прывабныя ямачкі на шчоках зніклі.
— А што тут такога? — спытала яна.
— Ідзе следства, яно павінна ўстанавіць, чаму і як загінула Антончык. А пакуль мы гэтага не ведаем, лепш памаўчаць. Ад вас мы мусім узяць паказанні пра машыну. Падпішаце?
— Чаму не? Я Марыю Міхайлаўну не баюся.
— Гэта добра. І ўсё-такі нікому ні слова. Абяцаеце? Рыта падумала і кіўнула.
Каб-то споўніла абяцанне! Протчанка занепакоена глядзеў дзяўчыне ўслед аж пакуль яна не схавалася ў пад’ездзе.
Ноччу Віктар Пятровіч доўга не мог заснуць, варочаўся з боку на бок і ўсё думаў, думаў. Ен ледзь дачакаўся раніцы.
На службу Протчанка прыйшоў дачасна. Не было яшчэ Даманькова, у калідоры не чуліся крокі. Віктар Пятровіч адшукаў у тэлефоннай кнізе хатні нумар Жукоўскіх і пазваніў.
— Марыя Міхайлаўна? Добрай раніцы. Протчанка з крымінальнага вышуку турбуе. Трэба, каб вы зараз зайшлі да нас. На працу сабраліся? Нічога, дадзім даведку. Ну, Марыя Міхайлаўна, не прымушайце пасылаць па вас ганца, не ўпарціцеся.
Жукоўская з’явілася праз гадзіну, хаця ад яе дома да райаддзела самае большае хвілін дзесяць ходу. Відаць, з кімсьці раілася. Была яна разгневаная. Фанабэрыста заявіла:
— Я не дазволю сачыць за сабой. Я вам не злачынка! Капітан зразумеў, што сустрэча на дачы клопатаў яму дасць. Паморшчыўся:
— Сачыць? Да вас асабіста ў нас прэтэнзій няма, Марыя Міхайлаўна, — і не ўтрымаўся, кальнуў: — Спадзяюся, і ніколі не будзе.
— Казкі расказвайце дзецям! Што вы рабілі на маёй дачы?
— Нават да вашай форткі не дакрануўся, — оперупаўнаважаны ўсміхнуўся, хаця яму было зусім не весела. — З суседкай гутарыў, гэта не забаронена.
— Ведаю вашы хітрыкі,— распалялася Жукоўская. — Сюды выклікалі, прыводам пагражалі. Буду скардзіцца, папярэджваю!
— Не сумняваюся, што ўжо скардзіліся, — Віктар Пятровіч падумаў, што час ставіць гэту агрэсіўную даму на месца. — Тым не менш мусіце зараз адказваць на мае пытанні. Хто такі спартыўнага выгляду малады чалавек, які звычайна прывозіць Падошву да вас на дачу? Толькі не кажыце, што не ведаеце яго, ён, бывае, начуе ў вас.
— А вам якая справа? — Каб позірк мог паліць, ад капітана, бадай што, засталася б толькі кучка попелу.
— Есць справа, Марыя Міхайлаўна.
Протчанка не паддаўся на грубасць. Наадварот, быццам паспакайнеў, і гэта зламала ўпартасць Жукоўскай. Яе твар пакрыўся чырвонымі плямамі. А Віктар Пятровіч дзівіўся, адкуль гэта варожасць, замешаная на трывозе? І раптам бліснула, сабраўшы нібы ў фокусе ўсе падзеі, факты, словы, з якімі ён сутыкнуўся, расследуючы гібель прадаўшчыцы універсама. Віктар Пятровіч жахнуўся ад сваёй здагадкі і ўжо інакш — востра, па-чужому паглядзеў на жанчыну, якая дарэмна спрабавала не паказаць разгубленасці. Ен паўтарыў:
— Хто той малады чалавек?
Нешта, відаць, дайшло да Жукоўскай, яна не адважылася на новую ўспышку і скрозь зубы выціснула:
— Эдзік Шурмель…
— Дзе жыве, працуе?
Усё-такі Жукоўская не прывыкла цярпець слова насуперак і зараз не прамінула з’едліва адказаць:
— Не цікавілася… Высвятляйце па сваіх каналах! Віктару Пятровічу карцела папытаць, ці не Шурмель прасіў паклікаць да тэлефона Людмілу Антончык у той дзень, калі яна загінула. Прыкусіў язык. Рана яшчэ было кранаць гэту тэму. Хаця, калі так было, Жукоўская даўмеецца, куды дзьме вецер.
Жукоўская доўга чытала пратакол, быццам быў ён не з адным пытаннем. Напэўна, хацела зразумець, што за ім тоіцца. А можа, прыдумвала яшчэ адну абразу оперупаўнаважанаму.
Протчанка абыякава маўчаў, не прыспешваў, і Жукоўская, не знайшоўшы нічога, да чаго можна было прычапіцца, паставіла кручок-подпіс.
— Бярыце! — кінула яна пратакол на стол.
— Дзякую, — усміхнуўся Віктар Пятровіч.
Ды недарэмна народная мудрасць сцвярджае, што добра смяецца той, хто смяецца апошнім.
Вынікі апазнання расчаравалі Вайцулевіча. Верамейкаўская Ніна, паглядзеўшы на трох паказаных ёй мужчын, у тым ліку і Андрэя Антончыка, доўга думала, а тады няўпэўнена сказала:
— Сярэдні чымсьці падобны на таго, што быў з жанчынай на паляне…
— Падобны ці той самы? — следчы, да гэтага моманту ўпэўнены, занепакоіўся. — Адказ павінен быць дакладны.
Ніна зноў падумала і заматала галавой:
— Не, той, бадай, быў старэйшы.
Вайцулевіч папрасіў дзяўчыну пачакаць у калідоры і запрасіў Шынкевіча.
Хлопец быў больш катэгарычны:
— Нікога з іх раней не бачыў.
Следчы адпусціў удзельнікаў апазнання, пакінуўшы ў кабінеце толькі студэнтаў. У яго яшчэ цеплілася надзея. Ен спытаў Ніну:
— Чаму вы затрымалі позірк на сярэднім мужчыне?
— Чымсьці напалоханы, хацелася здагадацца, што з ім.
Што Антончык хваляваўся, і тым самым прыцягваў да сябе ўвагу, следчы бачыў і сам. Гэта акалічнасць, вядома, магла прывесці да памылкі. Ды не кожны, над кім вісіць падазрэнне ў злачынстве, можа захаваць спакой. Тым не менш Ніна выдзеліла яго, і гэта нельга было скідаць з рахунку. Повад для падазрэння ў Вайцулевіча застаўся…
З непрыемнага роздуму следчага вывеў Протчанка.
— Дарэчы ты, Віктар Пятровіч. Не падтрымалі студэнты маю здагадку. Але нішто…
— Не хочаш пагадзіцца?
— Я хутка не здаюся, ты мяне ведаеш.
— То, можа, Шурмеля аддасі мне?
— А раптам ён Людмілу вёз па просьбе Андрэя? Віктар Пятровіч не верыў у гэта, але запэўніў:
— Усё высветлю, калі даручыш.
— Займайся. Што яшчэ?
— Прымі параду, Тарас Сцяпанавіч. Вядома, следчы ты, табе рашаць… — Протчанка запнуўся, адчуваючы няёмкасць.
— Давай, давай, не саромся, — бліснуў вачамі Вайцулевіч. — Ты ж ведаеш, на праўду я не крыўджуся.
— Штучна мы прывязваем Антончыка да падзей на паляне.
Некалькі хвілін таму назад Вайцулевіч і сам быў гатовы прызнаць гэта. Зараз, аднак, яму захацелася запярэчыць. Ці не таму, что чужыя падказкі ўспрыймаюцца больш крыўда, чым свае самому сабе? Упарта сказаў:
— Быў Антончык у горадзе, быў! У гараж прыехаў з прывязаным на рэфрыжэратары матацыклам. І звярні ўвагу, як паводзіць сябе: выкручваецца, нават відавочнае не прызнае, пакуль носам не тыцнеш.
— І ўсё-такі я не спяшаўся б, пачакаў паказанняў Шурмеля. Не падабаецца мне нейкая змова вакол яго асобы.
— Гэта здагадка. Дай мне факты, і я вазьмуся за гэту хеўру. Інакш…
— Паспрабую, — паабяцаў капітан. Следчы развязаў яму рукі, праўда, пакідаючы пры гэтым яго сам-насам з Падошвам, Жукоўскай і, хто ведае, з кім яшчэ. Ен, вядома, не баяўся іх, проста, маючы вопыт, лічыў, што ў некаторых выпадках няблага мець за спіной пракуратуру. — У цябе ўсё? То бывай!
Вайцулевіч зноў застаўся адзін са сваімі растрывожанымі думкамі. Лёгка Протчанку раіць, не ён адказвае за вынік. Калі што, перш спытаюць са следчага. Але для яго, Вайцулевіча, галоўнае — не тлумачэнні начальству. Яго следчы гонар пратэставаў нават супраць думкі аб памылцы. Ен, Вайцулевіч, упэўнены: доказы ёсць, павінны быць, іх трэба толькі здабыць!
У паведамленні Протчанкі пра Шурмеля адно добра — нарэшце стала вядома, як Людміла апынулася пад Верамейкамі. Напэўна, там у яе было спатканне, і муж, неяк даведаўшыся аб ім або западозрыўшы нешта такое, памчаўся на матацыкле ў Верамейкі. Сустрэча з нявернай жонкай наўрад ці была цёплай. А што адбылося потым, скажа калі не сам Антончык, дык той, на каго яна прамяняла мужа. Можа, гэта сам Шурмель, можа, яго пасажыр.
Пабудаваўшы больш-менш лагічную схему, Вайцулевіч акрыяў.
А Протчанка ў гэты час роздуму следчага знаёміўся з Эдуардам Цімафеевічам Шурмелем.
Шурмеля, безумоўна, папярэдзілі, што ім зацікавілася міліцыя. Бадай што, дарадчыкі здагадаліся на прычыну цікаўнасці, бо Протчанку гандлёвыя парушэнні не тычыліся, ён займаўся іншым. Натыкнуўшыся на капітанаў пільны позірк, Шурмель сумеўся.
— Эдуард Цімафеевіч, вы — сведка ў крымінальнай справе па факту смерці Людмілы Антончык.
— Я пры чым?
— Неўзабаве высветлім. Дзе працуеце?
— Калі гэта вам патрэбна, трэнерам у спартыўнай школе. Я майстар па вольнай барацьбе. — Ен дэманстратыўна паціснуў моцнымі плячамі і пайграў налітымі мускуламі.
— Вы былі знаёмы з Антончык?
— Каторая з універсама? Збольшага…
— Калі вы бачылі яе ў апошні раз?
— Вялікая падзея!
— Ну, падзея не такая ўжо звычайная.
— Вы на што намякаеце?
— Адказвайце на пытанне, не круціце.
— Далібог…
Протчанка насмешліва паглядзеў на яго:
— Скрываюць тое, што, мякка кажучы, нячыстае. Куды вы павезлі Людмілу Антончык?
Нахабства схлынула з твару Шурмеля, моцнае цела напружылася. Протчанка падумаў, што ён, мабыць, так загараўся, калі на барцоўскім дыване нарываўся на неспадзявана грознага праціўніка. Няўжо і зараз ён не чакаў пытання пра Антончык? Шурмель сядзеў у крэсле як уліты, пазіраў убок, на дзверы, быццам адтуль чакаў падмогі. Нарэшце ён без ахвоты працадзіў:
— Папрасіла, а мне што, Верамейкі амаль у межах горада.
Адказ быў не зусім дакладны, аднак наўрад ці Жукоўская пацвердзіць, што званіў тады па тэлефоне ён. Ды, па словах Дземяшкевіч, у машыне быў нехта яшчэ, ён таксама мог званіць. Таму Протчанка спытаў:
— Як вы згаварыліся з Антончык?
— Бегла па вуліцы, напэўна, таксі лавіла, падвярнуўся я. Не адмовіш.
Зноў недакладнасць. Рыта казала, што машына была на стаянцы. Больш таго, убачыўшы Людмілу, Шурмель расчыніў дзверцы. Гэта даказаць ужо было лягчэй, але капітан вырашыў не спяшацца, даць яму заблытацца больш.
— Чаго яна ехала?
— Цяпер можна сказаць, што па сваю пагібель, — ён ужо асвоіўся, пытанні оперупаўнаважанага не выдавалі небяспечнымі.— А тады мне і ў галаву не прыйшло.
— І вы нічога не западозрылі?
— Я і кажу, нармальная была…
— Пра што гаварыла?
— Хіба ўспомніш звычайную гамонку з не надта блізкай жанчынай? Мянцілі языкамі, смяяліся…
От тут Шурмель нарэшце дапусціў істотную памылку. Ці то пытанне прагучала знянацку, ці наогул ні ён, ні кансультанты не прадбачылі яго. А між тым жанчына, якая збіралася канчаць жыццё самагубствам, нармальна трымацца не будзе, тым болей смяяцца хай сабе і ад дасціпных анекдотаў. Каб потым Шурмель раптам не перайначыў паказанні, капітан запоўніў старонку пратакола і даў яму падпісаць. Перагарнуўшы яе на чысты бок, прадоўжыў:
— Прыехалі ў Верамейкі. Што было потым?
— Высадзіў, дзе папрасіла. Развіталіся. Я вярнуўся ў горад. Мне ў школу трэба было.
Школа была алібі Шурмеля. Тут, напэўна, ён не маніў. Значыць, на паляне з Людмілай сустракаўся нехта іншы.
— Эдуард Цімафеевіч, падзяліцеся, чаго вы стаялі паблізу універсама?
— Жанчыну пільнаваў. Падабаецца мне там адна. Шурмель меў жонку, сына. Ды ў тым асяроддзі, у якім ён аціраўся, сямейная вернасць цанілася не высока.
— Не прыйшла? Шурмель усміхнуўся:
— Нічым пацвердзіць не магу. Мая выбранніца не здагадвалася пра непрыемны сюрпрыз. Так што імя яе вам нічога не дасць.
— Вядома, вы ж не дачакаліся.
— Натуральна. З той у мяне ўзаемнасці няма, дык чаму было не закінуць наперад — Людка таксама прыгажуня, мужа падоўгу не бывае дома, — ён нібы нават засмуціўся, шкадуючы нябожчыцу, пачакаў хвілінку. — Хто ведаў…
— Так, уявіць, што чалавек едзе далёка толькі за тым, каб там пакласці шыю на рэйкі, сапраўды цяжка. Асабліва, калі яна і віду не паказвае… — Протчанка наўмысна расцягнуў фразу, вымавіў яе вяла. — Ваш другі пасажыр таксама нічога не падумаў?
Шурмель уздрыгнуў.
— Другі? Хто? — Зачасціў: — Не было, не было нікога…
Протчанка пашкадаваў, што не меў магнітафона. Інтанацыі, спалох пратаколам не захаваеш. Быў пасажыр. Капітан ужо не сумняваўся ў гэтым, як і ў тым, што сведка будзе ўпарта адмаўляць гэты факт. А ён пакуль абвергнуць ману не можа. Значыць, націскаць на Шурмеля яшчэ рана, хопіць неазначальнага:
— Мне казалі, што ззаду ў вас нехта сядзеў. Калі вы бралі Антончык у машыну.
Шурмель глядзеў на оперупаўнаважанага не здзіўлена, як вымагала яго адмаўленне другога чалавека ў салоне, а насцярожана і, здавалася, не мог адвесці вачэй. Гэта было незразумела — прысутнасць пасажыра для яго асабіста значэння не мела. Праўда, у тым выпадку, калі той пасажыр вярнуўся з ім у горад. Відаць, у Шурмеля былі нейкія прычыны і тут гаварыць няпраўду. Напрыклад, Людміле званіў па просьбе пасажыра, а потым іх абаіх высадзіў.
Пытанні ўзнікалі і заставаліся без адказу. Протчанка, вядома, мог крыху абвастрыць допыт, падлавіўшы сведку на хлусні. Аднак тое, што было пад рукамі, не гарантавала поспеху. Патрабавалася нешта мацнейшае.
— На сёння хопіць, — капітан падаў Шурмелю пратакол, даў ручку. — Калі ўсё запісана правільна, падпішыце і можаце быць свабодным.
— Дарэмна вы, таварыш оперупаўнаважаны, — пагадзіўшыся, што ў паказаннях скажэнняў няма, папракнуў сведка. — Я сказаў усё… Навошта мне маніць.
— Я не кажу, што вы нешта ад мяне ўтойвалі, проста могуць узнікнуць нейкія новыя абставіны, якія спатрэбіцца ўдакладніць.
Матывы, выкладзеныя капітанам, наўрад ці паказаліся Шурмелю пераканаўчымі. Зрэшты, Протчанка і хацеў гэтага. Гужы павінны быць нацягнутымі, выклікаць нервознасць і ў Шурмеля, і ў таго, каго ён не хоча называць.
Сведка ўжо ішоў да дзвярэй, як у Протчанкі мільганула ідэя.
— Хвіліначку, — спыніў ён Эдуарда Цімафеевіча. — Вы ў які бок? О, і мне туды. Падкінеце?
— Хочаце праверыць, ці няма каго ў машыне? — вырашыў пажартаваць Шурмель.
— Угадалі, а то і наступным разам будзеце адмаўляць, — казытнуў напружанага сведку оперупаўнаважаны.
Протчанка недарэмна затрымаў Шурмеля. Ледзь ён паспеў павітацца з Жукоўскай, якая чамусьці знаходзілася ў дырэктаравым кабінеце, а не на сваім рабочым месцы, як зазваніў тэлефон. Марыя Міхайлаўна ўскочыла, працягнула да апарата руку. Протчанка, нібы хацеў зрабіць паслугу, апярэдзіў:
— Дазвольце мне, — і зняў трубку. Патрымаўшы крыху яе перад разгубленай жанчынай, прыклаў да свайго вуха.
Голас, вельмі падобны на Шурмелеў, пытаўся Жукоўскую.
Капітан паглядзеў на Марыю Міхайлаўну, якая ўсё яшчэ стаяла пасярод пакоя, і сказаў:
— Пазваніце, калі ласка, пазней. Яна занятая. Толькі цяпер Жукоўская апамяталася, закрычала:
— Нахабнік! Што вы лезеце ў кожную дзірку! Гэта вам так не пройдзе!
— Супакойцеся, Марыя Міхайлаўна, — капітан азірнуўся, шукаючы графін з вадой. — Потым вы можаце паскардзіцца на мяне, ваша права. А зараз, зрабіце ласку, адкажыце на адно пытанне.
— Не буду.
— Будзеце! — ён таксама павысіў голас. — Не прымушайце ацэньваць вашу ўпартасць інакш…
Твар Жукоўскай пачырванеў. Яна абаперлася на стол, намацала ззаду сябе дырэктарава крэсла і ўпала ў яго.
Оперупаўнаважаны дастаў са скураной папкі чысты бланк пратакола, спакойна сказаў:
— Пакуль да вас адно пытанне: хто прасіў вас у дзень гібелі Антончык паклікаць яе да тэлефона?
Вочы ў Жукоўскай акругліліся.
— Не ўздумайце круціць, Антончык клікалі вы!
Марыя Міхайлаўна раптам увачавідкі пачала старэць. Спачатку згорбілася спіна, потым на гладкіх шчоках праявіліся маршчынкі. Цераз сілу, відаць, вырашыла, што Шурмель ужо гэта прызнаў, яна прашаптала:
— Эдзік…
Прызнанне Жукоўскай Вайцулевіч і Протчанка прынялі па-рознаму. На думку следчага, у яго версіі яно нічога не мяняла. Віктар Пятровіч ставіўся да гэтага факта інакш, робячы з яго вывад, што ў гібелі Антончык вінаваты невядомы пакуль пасажыр Шурмеля і што Жукоўская пра гэта таксама нешта ведае. Протчанка настаяў, што будзе працаваць у гэтым напрамку. Нешта падказвала яму, што пацягнуў ён не зусім звычайную нітачку — надта многа ўпартасці праяўлялі сведкі там, дзе ім, здавалася б, няма чаго баяцца.
Настрой у Протчанкі быў добры. Ён падштурхнуў падзеі, і цяпер можна было пачакаць натуральнага іх развіцця. А падзеі сапраўды пачалі раскручвацца з незвычайнай імклівасцю. Аднак зусім не так, як спадзяваўся Віктар Пятровіч.
У канцы наступнага пасля допыту Жукоўскай дня Протчанку выклікаў начальнік райаддзела.
Віктар Пятровіч, ідучы па доўгім калідоры, у думках прыкінуў, у якім стане знаходзяцца даручаныя яму справы. Усё быццам было нармальна.
Адчыніўшы дзверы начальнікавага кабінета, Протчанка спытаў дазволу зайсці.
Міранкоў коратка кіўнуў і, не спяшаючыся прапаноўваць сесці, з цікавасцю разглядаў падначаленага.
Пад пільным позіркам Віктару Пятровічу зрабілася ніякавата, ён нават пераступіў з нагі на нагу, чаго звычайна ніколі не дазваляў сабе.
Міранкоў паклаў руку на нейкія паперы, што ляжалі перад ім, і сказаў:
— Садзіцеся, оперупаўнаважаны, — паказаў на крэсла паблізу ад сябе, — вось сюды, — а сам усё разглядаў Протчанку, нібы бачыў упершыню.
У Віктара Пятровіча ёкнула сэрца: здарылася нешта непрыемнае.
Протчанка лічыў сябе не горшым за іншых, віны за сабой не адчуваў, аднак чым далей, тым болей хваляваўся.
— Як ідзе расследаванне гібелі прадаўшчыцы? Пытанне настолькі не вязалася з паводзінамі Міранкова, што Віктар Пятровіч упэўнена сказаў сабе: на цябе, шаноўны, паступіла папера. Ен паглядзеў начальніку ў вочы. Міранкоў не змяніў позірк, па-ранейшаму была ў ім не то цікаўнасць, не то насмешка. Протчанка, памарудзіўшы, адказаў:
— Днямі ўсё павінна высветліцца…
— Падрабязней, калі ласка.
Віктар Пятровіч расказаў пра сваю і следчага версіі, пра допыты Жукоўскай і Шурмеля.
Падпалкоўнік слухаў засяроджана, не перабіваючы і не ўдакладняючы, і толькі машынальна круціў у пальцах тоненькую шарыкавую ручку. Калі оперупаўнаважаны скончыў, ён некалькі хвілін прасядзеў моўчкі, потым, не адобрыўшы і не пакрытыкаваўшы, неазначальна працягнуў:
— Та-ак…
Паўза непрыемна падзейнічала на капітана, здалося, што начальнік засумняваўся ў яго вывадах.
— Я памыляюся, Леў Фёдаравіч?
Міранкоў падняўся, з шумам адсунуў масіўнае мяккае крэсла і, нахіліўшыся да Віктара Пятровіча, паклаў перад ім паперы, што дагэтуль ляжалі пад яго рукой на стале.
— Пазнаёмцеся…
У стосіку вырваных з вучнёўскага сшытка лісткоў Протчанка заўважыў некалькі фатаграфій і, упэўнены, што гэта нейкія дадатковыя матэрыялы да справы, задаволена прамовіў:
— От добра…
— Радавацца будзеце пазней, — незразумела і хмура сказаў Міранкоў.— Чытайце, я пакуль займуся сваім.
Протчанка ледзь стрымаўся, каб не паціснуць плячамі, і раптам яго працягнутая да здымкаў рука тузанулася і павісла ў паветры — на верхнім здымку быў ён сам. Здзіўлены Віктар Пятровіч рассыпаў картачкі веерам па стале. Ен глядзеў на іх і нічога не мог зразумець. Вось ён, Протчанка, прыязна пазірае на Аксану Барысаўну Васілоўскую, а яна ў адказ усміхаецца какетліва, радасна. У галаве Віктара Пятровіча нават мільганула: прычым тут універсамаўскі эканаміст? Але, скасіўшы вочы на суседні здымак, Віктар Пятровіч разгубіўся — ён ідзе па вуліцы, а побач, трымаючы яго пад руку, плыве ўсё тая ж Аксана Барысаўна, радасная, вясёлая, і бестурботна памахвае невялікім складзеным парасончыкам.
Прадчуваючы ўжо нядобрае, Протчанка схапіў адзін з прыкладзеных да фатаграфіі лісткоў і здрыгануўся. «Таварыш сакратар гаркома! Я не ананімшчык, я даю доказы. Супрацоўнік міліцыі Протчанка В. П. — чалавек з двайным дном, круціць любоў з незамужняй развядзёнкай. Маральна няўстойлівы чалавек не мае права вырашаць лёс людзей». Ашаломлены Віктар Пятровіч перагарнуў лісток, нібы там маглі быць тлумачэнні. Адваротны бок быў чысты, адно праступалі адбіткі радкоў, напісаныя цвёрдым алоўкам.
Два наступныя лісткі былі падобныя на першы, толькі ўжо мелі подпісы. Наталля Саўчанкава скардзілася: «Оперупаўнаважаны Протчанка ўварваўся ў маю кватэру і дабіваўся, каб я забрала заяву на яго знаёмую Равуцкую — махлярку з культмага, за што і была зволена. Протчанка пагражаў мне крымінальнай адказнасцю». Жукоўская ў сваю чаргу пісала, што капітан міліцыі Протчанка ўстанавіў за ёю нагляд — сочыць і на працы, і на дачы.
Як ні дзіўна, менавіта скарга Жукоўскай супакоіла Віктара Пятровіча. Не зусім, вядома, аднак ён яшчэ раз пераканаўся, што сапраўды разварушыў асінае гняздо, што смерць Антончык наўрад ці выпадковая. Капітан акуратна склаў паперкі і фотаздымкі ў канверты і павярнуўся да Міранкова:
— Брыдота… Глупства!.. Падпалкоўнік падняў галаву.
— Не скажыце, таварыш оперупаўнаважаны, — прамовіў ён суха. — Скаргі падпісаны канкрэтнымі людзьмі, з імі ўжо гутарылі, яны пацвердзілі напісанае. Акрамя Васілоўскай, якая заявіла: не лезьце ў маё жыццё! А гэта падобна на прызнанне.
Усё было настолькі неверагодным, што Протчанка ўскочыў. Ад абурэння ён не знаходзіў слоў.
Міранкоў падняў руку, прымусіў яго сесці на месца і слухаць.
— Што за яна, Васілоўская? — Леў Фёдаравіч торкнуў палец у здымак, дзе капітан стаяў з Аксанай Барысаўнай.
— Эканаміст універсама. Зачапіла мяне на вуліцы, дагэтуль я не ведаў пра яе існаванне, — Віктар Пятровіч гаварыў цераз сілу, быццам адбывалася нейкая недарэчная гульня, у якую яго цягнуць міжволі.
— Чаму зачапіла?
— Расказаць пра Антончык.
— Паказанні аформлены?
— Не, я ўжо гэта ведаў.
Міранкоў узяў другі здымак, чмыхнуў.
— Гэта лірычная сцэнка з якой нагоды?
— Зноў пераняла. Я ішоў у аддзел пасля сустрэчы з Равуцкай.
— Паказанні і на гэты раз не аформілі? Капітан збянтэжана развёў рукамі.
— Саўчанкава мае дачыненне да справы, якую вам даручана расследаваць?
— Не… Я хацеў праверыць, ці праўду казала Равуцкая…
— Та-ак — працягнуў сваё любімае падпалкоўнік. — Нагарадзілі…— Памаўчаў, даючы Протчанку асэнсаваць памылкі, і сурова сказаў: — Да высвятлення ўсіх абставін, оперупаўнаважаны, адхіляю вас ад удзелу ў расследаванні справы аб гібелі Антончык.
Не, гэта была не гульня. Віктар Пятровіч з адчаем выгукнуў:
— Яны ж, можа, гэтага і дабіваліся!
— Ты, Віктар Пятровіч, — начальнік аддзела, быццам ужо аддаў даніну афіцыйнасці, звярнуўся да капітана па-свойску, — крыміналіст і ведаеш, што эмоцый у дадзеным выпадку недастаткова.
— Як я дакажу што-небудзь, калі вы мяне адхіляеце? — ён яшчэ чапляўся за саломінку.
Міранкоў зразумеў гэта і сказаў:
— Ну, дапусцім, нада мною таксама кіраўніцтва маецца. Так што не будзем жаваць гуму.
Протчанку стала вельмі крыўдна. Няўжо дастаткова аднаго паклёпу, каб твая шматгадовая служба была адразу пастаўлена пад сумненне? Калі так, то яму няма чаго тут рабіць. Ен устаў.
— Дазвольце ісці?
— Не дазволю! — грукнуў па стале кулаком падпалкоўнік. — Ты сваю расхлябанасць на чужыя плечы не перакладай. Раней трэба было думаць!
— Не мне даручана, разбірайцеся, — Протчанка завёўся і не мог спыніцца.
— Ты красную дзеўку з сябе не строй. Па галоўцы гладзіць цябе няма за што. Скаргі невыпадкова пасыпаліся. Гэта і мне, як начальніку аддзела, мінус, — ён перавёў дыханне. — Разбірацца будзем. Але і ты варушы мазгамі, варушы!
Протчанка сумеўся — начальнік меў рацыю. Вінячыся, ён сказаў:
— Прабачце… Буду думаць…
— Дайшло? — уздыхнуў Міранкоў.— Вось цяпер можаш ісці. Заадно напішы заяву на водпуск.
Непрыемнасці не абмінулі і Вайцулевіча. Не такія, як у Протчанкі, не з таго боку, але ўсё роўна прыкрыя. Бо вымова, нават зробленая ў мяккай вуснай форме і сам-насам, знак аб сабе пакідае. Пачалося ўсё са званка начальніка аўтабазы, на якой працаваў Андрэй Антончык. Пазваніў ён памочніку пракурора і даволі пераканаўча абгрунтаваў сваю прэтэнзію:
— У нас гаспадарчы разлік, мы не можам плаціць шафёру за прыгожыя вочы. Вінаваты Андрэй — бярыце на сваё ўтрыманне, невінаваты — зніміце абмежаванні, каб можна было паслаць чалавека ў камандзіроўку.
Вядома, следчы не абавязаны даваць справаздачу па такіх пытаннях староннім людзям. Але Бабіцкі не толькі перадаў незадаволенасць кіраўніка базы. Ен прачытаў матэрыялы супраць Антончыка, затым папракнуў, праўда, не ў лоб, а ў сваёй вобразна квяцістай манеры:
— Як бы пад нашым з табой падмуркам, Тарас, не выявіўся замест цвёрдага грунту сыпучы пясок.
— Не разумею… — заўпарціўся следчы. Ен хмура паглядаў на Генадзія Юр’евіча і чакаў, што прагучыць далей. Бабіцкі быў рослы, са студэнцкіх гадоў захаваў выпраўку аднаго з лепшых універсітэцкіх валейбалістаў. Сядзеў ён зараз расслаблена, кранаючы насамі чаравікаў бліскучы паркет і свецячы стракатымі шкарпэткамі. Чамусьці яны, а не словы памочніка пракурора больш за ўсё раздражнялі Тараса Сцяпанавіча. Ен ледзь стрымліваўся, каб не абазваць таго піжонам. Хаця, напэўна, справа была ў іншым. Вайцулевіч заўсёды зайздросціў уменню Бабіцкага падкрэслена элегантна апранацца — і зараз на ім усё было да месца, у тон: ад вузканосых карычневых туфляў, да чырвонага з зялёнымі палоскамі гальштука. Гэта разам з завуаліраваным папрокам зусім сапсавала Вайцулевічу настрой.
Не пачуўшы ўдакладнення ад следчага, чаго той не разумее, Бабіцкі прадоўжыў сваю думку:
— Нацяжкі выпіраюць, — заўважыўшы цень на твары следчага, дадаў: — Мне так здаецца.
— У чым ты іх бачыш?
— Не даказана, што Андрэй Антончык быў на месцы здарэння ў дзень гібелі жонкі. Дык ці не будзе, — ён стараўся пазбегнуць катэгарычнасці,— больш правільным пераключыцца з Антончыка на Протчанкаву версію? Не дзеля забавы накінуліся на капітана так дружна магчымыя фігуранты ў справе. Можа, Шурмелеў пасажыр з універсамаўскага асяроддзя? Я прыгледзеўся б да тамашніх мужчын.
Вайцулевіч толькі соп, слухаючы разважанні Бабіцкага, падобныя на загад.
— Ну, ты з Антончыкам разбярэшся, — Генадзій Юр’евіч саскочыў з падаконніка. — Як Протчанка, не апусціў рукі?
— Такія ўдары, памножаныя на аргвывады, энтузіязму не садзейнічаюць. Але Віктар сам расцяпа. Панеслі яго чэрці да Саўчанкавай. Праўдалюбца!
— Між іншым, не такая ўжо благая рыса, Тарас, — ён паправіў стрэлкі на штанах. — На жаль, мы звычайна вучымся на сваіх гузаках.
— Табе, Генадзь, у паэты-сатырыкі падацца — вялікіх вышынь дасягнуў бы.
— Выбірай, Тарас, хамут па шыі, муляць не будзе, — зірнуў на гадзіннік. — Ого, то-та мне есці захацелася. Абед ужо. Пойдзем?
— Віктар абяцаў быць, яму цяпер распарадак не пісаны.
— Некаторыя і чужой бядой сытыя бываюць. Прывецік!
— Балбатун ты, а не памочнік пракурора, — прамармытаў Вайцулевіч у зачыненыя дзверы, бо Бабіцкі паспяшаўся скрыцца раней, чым Тарас прыдумаў адказ.
А праз якую хвіліну ў дзверы пастукалі. Вайцулевіч нікога не чакаў, час быў абедзенны і рашыў, што гэта чарговы жарт Бабіцкага. Ен паглядзеў на дзверы і сярдзіта крыкнуў:
— Не замкнёна!
На парозе ўзнік Протчанка.
— Ну, ты даеш, Віктар Пятровіч, — засмяяўся следчы, — крадзешся, як сведка з боку абвінавачаных.
— А як ты думаў? Следчы павінен больш вушамі слухаць, чым рот адкрываць, — не надта весела пажартаваў капітан. — Не загаварвай мяне, я яшчэ жывы.
— Больш таго, з гэтай тваёй заявы раблю вывад: оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку, патраціўшы бясцэнны адпускны час на затурканага следчага, прыйшоў не з пустым блакнотам.
— У мой блакнот, — Віктар Пятровіч паляпаў сябе па кішэні,— табе лепш не заглядаць. А то і цябе заадно адправяць у водпуск.
— Следчы — асоба незалежная, — Вайцулевіч расправіў плечы. — Перачытвай час ад часу крымінальна-працэсуальны кодэкс.
Протчанка паморшчыўся. Ен ведаў болей за Вайцулевіча. Сакратарка начальніка аддзела Міранкова па сакрэту сказала яму, што ў пісьме, якое было прыкладзена да скаргаў, намеснік старшыні гарвыканкома Заранок прыпісаў: «Да фактаў злоўжывання службовым становішчам з боку Протчанкі В. П. трэба паставіцца сур’ёзна. Каб выручыць махлярку Равуцкую, Протчанка звяртаўся да мяне». Прыпіска засмуціла Віктара Пятровіча, і зараз ён зноў успомніў пра яе. Тады, калі Віктар Пятровіч прыходзіў да Заранка, пра выручку і гаворкі не было. Больш таго, Заранок нават падкрэсліў яго сумленнасць. Дык што прымусіла яго павярнуцца на сто восемдзесят градусаў? Няўжо Аляксандр і тут, здраджваючы былой дружбе, дэманстраваў сваю ўяўную прынцыповасць? З яго магло стацца…
— Ты не слухаеш? — пільна паглядзеў на капітана Тарас Сцяпанавіч. — Не журыся, не такі страшны чорт, якім яго любяць маляваць.
— Незалежных таксама ламаюць, — вярнуўся Протчанка да пахвальбы следчага.
— Толькі не мяне! Але ты, мабыць, нешта хацеў?
— Паглядзець апошнія паказанні Антончыка.
— Круціць хлопец. Нібы, каб тваю думку пацвердзіць…
— Ну-у, — усміхнуўся Протчанка, — я цяпер чалавек старонні ў расследаванні, інтарэс у мяне іншы, — ён знайшоў патрэбны пратакол, здзіўлена падняў вочы. — Хто такая Наташа?
— Увогуле я не бачу патрэбы ўстанаўліваць яе, паверыў Андрэю, што проста зямлячка. Суседка з мухі слана зрабіла, ёсць такія маралісткі.
Протчанка пачухаў патыліцу.
— Шкада, што не папытаў прозвішча.
— Далося яно табе.
— Слухай, Тарас, — капітан памуляўся, — зрабі ласку, пазвані на аўтабазу, хай Антончык скажа адрас гэтай Наташы.
— Э-э, — падміргнуў Вайцулевіч. — Маімі рукамі хочаш жар загрэбсці. Так?
— Чаму на дурніцу не праехаць, — здагадлівасць следчага і наогул прыязны тон размовы крыху ўзнялі Протчанкаў настрой. — Нумар помніш ці падказаць?
— У следчага Вайцулевіча на плячах таксама не качан капусты, — Тарас Сцяпанавіч зняў трубку. Яму пашчасціла, Антончык быў непадалёку. Перагаварыўшы, звярнуўся да капітана: — Запісвай. Саўчанкава Наталля Барысаўна, жыве…
— Дзякую, Тарас, — перабіў яго Протчанка, — гэты адрас я, бадай, усё жыццё помніць буду.
Вайцулевіч падазрона пакасіўся на Віктара Пятровіча, аднак не папытаўся, адкуль той ведае выпадковую ў следстве фігуру.
— Даруй, што ўмешваюся… Я на тваім месцы, Тарас, пазнаёміўся б з гэтай дзяўчынай афіцыйна. Ці не праз яе прасочваліся некаторыя падрабязнасці допытаў Антончыка?
— Дзень бясплатных парад, — прабурчаў Вайцулевіч. — Спачатку памочнік пракурора тут накіроўваў, цяпер вось сышчык… А беднаму следчаму што?
— Не плачся, на цябе працуем…
— Я і кажу. Бо мне здаецца, вынікі будучага допыту Саўчанкавай капітана Протчанку асабліва не турбуюць.
— Люблю мець справу з разумнымі людзьмі,— Віктар Пятровіч акуратна завязаў матузкі на папцы і падаў яе следчаму. — Вынікі сапраўды табе патрэбны, а мне пакуль хопіць прозвішча.
— Скрытны ты чалавек, оперупаўнаважаны, — пасур’ёзнеў Вайцулевіч.
— Прыйдзе час — раскажу, — адказаў Протчанка, падумаўшы, што, можа, каб расказаў пра Васілоўскую раней, то не меў бы зараз і палавіны клопатаў.
Віктар Пятровіч пазваніў Антончыку, дамовіўся аб сустрэчы. Сустрэўшыся, папярэдзіў:
— Ты не думай, Андрэй, я не па службе. Проста нам абодвум зараз нясоладка, табе да гаркаты, і мне не меней…
— Дык што вы хочаце? Каб я таксама паплакаўся перад вамі? — на капітанаву шчырасць ён адрэагаваў калюча, крыўдна, — Слёзы, Андрэй, кажуць, ачышчаюць. Калі ёсць ад чаго ачышчацца. Я за табой віны не бачу, інакш бы не прыйшоў да цябе. А для гаманы ёсць іншая прычына.
Антончык маўчаў, і Віктар Пятровіч сярдзіта сказаў:
— Разумею тваё гора і не разумею тваёй апушчанасці. Жыццё не скончылася і для цябе, і асабліва для тваёй дачушкі,— ён скоса паглядзеў на Андрэя, чакаючы нейкай рэакцыі.
Аднак, калі чалавек і рэагаваў на суровыя словы, то вельмі запаволена — нібы сэнс іх даходзіў не адразу.
— Усё, што табе прад’явіў следчы, было, — Віктар Пятровіч гаварыў рэзка, не шкадуючы Андрэя. — За выключэннем аднаго. На месцы гібелі Людмілы ты пабываў назаўтра, а не ў той дзень. Дык растлумач мне, чаму ты не абараняешся?
— Люсі няма, можа, праз мяне…
— Лухта! Ты не хочаш прыняць праўду, хаваешся ад яе!
— Хто яе, праўду, ведае?
— І ты, і я збольшага, і нехта яшчэ, між іншым. Я не хачу кранаць вашы з Людмілай адносіны. Я хачу разам з табой аднавіць твае паводзіны ў той дзень. Толькі не паўтарай мне тое, што з твайго языка трапіла ў пратакол, пратакол я чытаў.
Андрэй не запярэчыў, калі Протчанка пачаў побач з ім паднімацца па вузкай лесвіцы, відаць, скарыўся перад яго настойлівасцю.
Паветра ў кватэры было застаялае. Віктар Пятровіч па-гаспадарску прайшоў у залу, адхінуў штору і адчыніў дзверы на балкон.
У пакоі пасвятлела, але свежасці не адчулася. Яе, напэўна, даў бы скразняк. Протчанка паглядзеў на Андрэя, які меў хваравіты выгляд, і толькі насунуў крэсла бліжэй да балкона.
— Уключыць тэлевізар? — спытаў Андрэй.
— Што перадаюць? — Віктар Пятровіч прыйшоў не на пасядзелкі, пацікавіўся, каб неяк узрушыць гаспадара.
— Можа, у якой газеце праграма ёсць, — Андрэй збянтэжана паглядаў вакол сябе. — А-а, яны ў паштовай скрынцы. Зараз…
— Сядзі, чалавеча, абыдземся без кіно, — капітан пачакаў, пакуль Антончык прыладзіцца на канапе. — Абыдземся і без святла. Нам важней чуць адзін аднаго. Дык вось, слухай. Я мог бы, бадай, расказаць, як ты сябе паводзіў, прыехаўшы ў горад. Не хачу. Трэба, каб гэта зрабіў ты. Для цябе трэба. А потым сам вырашыш — ці паўтарыць табе тое, што раскажаш мне, следчаму, ці пакінуць усё, як ёсць.
Андрэй памаргаў, нібы пачутае даходзіла да яго спакваля, цяжка, і, не адказаўшы, пайшоў на кухню. Неўзабаве там з крана палілася вада, потым чыркнула запалка і стукнуў па пліце чайнік. Гэта была добрая прыкмета. Андрэй адтайваў.
Чай яны пілі на кухні — у зале не было стала. Можа, сама кухня, непадобная на афіцыйны кабінет, можа, чай без прысмакаў, але густы і гарачы, а можа, наогул мінуў неабходны час — Андрэй стаў здольны разважаць пра сябе па-мужчынску, без ныцця.
Ен машынальна памешваў лыжачкай чорную вадкасць у залацістым кубачку і павольна расказваў:
— «Тэхнічку» паабяцалі паслаць к вечару, на той момант усе былі ў раз’ездзе. Я вырашыў падскочыць у горад. Дзесяць дзён не быў дома, каб яна згарэла тая камандзіроўка… — ён запнуўся, але рашуча матнуў галавой. — Люсі дома не было, я захваляваўся. Яна ведала, што я павінен прыехаць… Вы пра яе, мабыць, больш ведаеце…
Протчанка апусціў вочы. Размова рабілася надта асабістай, з зусім не абавязковымі падрабязнасцямі. Андрэя гэта магло зноў прыціснуць, засяродзіць на самым балючым.
Аднак хлопец ужо кінуўся ў вір, дзе шчырасць не мела мяжы, яму неабходна было выгаварыцца, тым болей, што Протчанка не ўяўляўся староннім, бо ведаў тое самае, што і ён.
— Пазваніў у магазін. Марыя Міхайлаўна сказала, што Люся не вярнулася з абеду. Я пазваніў праз паўгадзіны. Люсі не было. Марыя Міхайлаўна накрычала на мяне, нібы я быў вінаваты, што Люся недзе затрымалася. Я доўга чакаў каля універсама. Дарэмна. Мне трэба было вяртацца да рэфрыжэратара. Добра, што ёсць матацыкл. А Люся і ноччу не прыйшла. Я не ведаў, што яе ўжо няма, але заснуць не мог…
— Чаму ты гэта не расказаў следчаму?
— Ен мне не верыць.
— Эх, ты! — Зараз не было патрэбы далікатнічаць з Андрэем. — Распусціў нюні. Колькі часу праз цябе страчана, — Протчанка расхваляваўся, але ўзяў сябе ў рукі.— Што ты падумаў тады ўначы пра Людмілу? — Андрэй сам закрануў паводзіны жонкі і яго праўдзівы адказ многае мог праясніць.
— Горка стала. Як цяпер думаю, гэта было прадчуванне.
— Беспадстаўна яно не ўзнікае.
— Люся заўсёды начавала дома.
— Але ты не пазваніў ні ў бальніцу, ні ў міліцыю. Чаму?
— Тое, што мне думалася, не для міліцыі…
— Скажы, Андрэй, на службе ў Людмілы не было непрыемнасцей?
— Люся не вельмі дзялілася са мной.
— Ну, жывучы побач…
— Толькі што побач, — горыч як выбухнула з Андрэевых грудзей.
Протчанка адчуў сябе катам. Ен ніколі не дамагаўся прызнання ў людзей любой цаной, ён шкадаваў іх, іх пачуцці. І зараз Віктар Пятровіч хацеў ужо змяніць тэму. Аднак Андрэя ўсё яшчэ круціў вір, і ён адказаў:
— Аднойчы мне здалося, што званіў дырэктар. Падошва.
— Усё-такі дырэктар, можа, службовая неабходнасць.
— Я таксама думаў. А потым, я пайшоў у пакой, пачуў, як Люся, перагаварыўшы, буркнула: «Стары хрыч!»
— Ты не папытаў, чаго яна?
— Яна апошнім часам мяне ці не за дурня трымала. А як яшчэ? У вумных рогі не растуць.
— Не трэба так, Андрэй. Мы з табой не ведаем, як загінула твая жонка. Калі ты будзеш думаць толькі аб сабе, можам і не даведацца. Ты хочаш гэтага?
Антончык не адказаў, толькі скрыгатнуў зубамі, і Віктар Пятровіч працягваў:
— Ты сам мне ўспамінаў і добрыя хвіліны паміж вамі. Напэўна, Людміла і пра нешта расказвала, і на нешта скардзілася.
— Якія ў магазіне дзяржаўныя праблемы? Так, дробязь.
Протчанка насцярожыўся, менавіта дробязей ён і дабіваўся цэлы вечар. Ен падліў сабе свежага чаю, сказаў:
— Расказвай.
— Люся на працы была сумленная. Мне часам было дзіўна, як яе цярпелі. Там у іх быў рабочы. Гамбалеўскі. Ен кааператыўнае кафэ арганізаваў. Ведаеце яго?
— Бачыў.
— Жук! Па-мойму, ён у магазіне для кафэ прадукты бярэ, тушамі. Люся неяк прагаварылася, што ў сваю змену не прадала, Жукоўская потым сварылася.
— Калі гэта было?
— Месяцы два таму, а можа, болей…
— Дырэктар званіў да таго ці пазней?
— Успомніў,— ён чамусьці зноў занерваваўся, на канапе зарыпелі спружыны. — Пазней. Люся яшчэ сказала: «Ну і будзе мне ад Валерыя».
— Было?
— Напэўна, не. Люся расказала б, тады ў нас зноў усё добра было. А потым, — ён устаў, падышоў да расчыненага акна, закурыў цыгарэту. Доўга маўчаў і раптам нечакана для Протчанкі вымавіў: — Калі я вярнуўся пасля таго з камандзіроўкі, Люся ўжо змянілася: часта нервавалася, крычала…
Яны доўга маўчалі. Антончык паспеў выкурыць яшчэ адну цыгарэту. Нарэшце Віктар Пятровіч спытаў:
— Як, па-твойму, чаму Людміла перамянілася? Непрыемнасці?
— Баюся, наступным разам Люся прадала мяса Гамбалеўскаму.
Віктар Пятровіч не стаў удакладняць, адкуль гэта яму вядома. Што Людмілу прыручылі, ён і сам ведаў.
— Табе, Андрэй, заўтра рана ўставаць?
— Я цяпер амаль не сплю.
— Трэба, чалавеча, спаць, трэба. Што б там ні было. Ну, трымай, — Протчанка падаў руку. — Рабі як хочаш, але я раю расказаць следчаму тое, што расказаў мне.
Ідучы цёмнай начной вуліцай, Віктар Пятровіч думаў, што Антончык, бадай, не памыліўся адносна махлярскай сувязі кааператыўнага кафэ і універсама. Пра гэта варта паведаміць калегам. Можа, расследаванне гэтага даручаць Даманькову, ён ужо ведае некаторыя акалічнасці. Аднак ён, Протчанка, не прыватная асоба, а супрацоўнік міліцыі, і калі хоча паведаміць пра нейкі факт, павінен быць упэўнены ў ім на сто працэнтаў.
Нядаўна Протчанка знайшоў Шурмеля, нітачка ад якога пацягнулася да Падошвы, і Вайцулевіч нічога не меў супраць, каб капітан падкінуў яму што-небудзь яшчэ. Ен нават званіў Віктару Пятровічу. А сёння жыццё зрабіла нечаканы паварот. На стол следчага лягла непрыемная папера. Вайцулевіч здагадаўся, што яна моцна звязана з вынікамі вышукной дзейнасці оперупаўнаважанага, абураўся і разумеў, што гэту паперу не схаваеш у шуфлядку і не выкінеш у кошык для смецця, які стаіць побач з яго сталом. Напісана яна каравым почыркам і кепскім стылем, а змест даволі канкрэтны і сур’ёзны: «15 ліпеня міліцыянер Протчанка, прыйшоўшы ў маё кааператыўнае кафэ, абвінаваціў мяне ў несумленных учынках, нібыта я няправільна нарыхтоўваю прадукты. Я сапраўды два разы купіў мяса ва універсаме, я там работаў, усе мяне там ведаюць, у чым зараз вінюся, як і ў тым, што даў міліцыянеру Протчанку 200 (дзвесце) рублёў, каб не было шуму. Гэта бачыла афіцыянтка кафэ Трафімава Ніка. Пішу ў пракуратуру, бо ўсвядоміў, што зрабіў ганебную памылку. У чым і распісваюся. Гамбалеўскі В. Е.»
Прачытаўшы заяву другі раз, следчы ад прыкрасці крэкнуў. Толькі гэтай яўкі з павіннай яму не хапала. Праўда, факт гандлёвага парушэння можа спатрэбіцца. Протчанка дапускаў, што смерць прадаўшчыцы магла быць звязана і са справамі ў магазіне. Але што рабіць з самім Протчанкам? Лёгка Бабіцкаму даваць даручэнні, хай бы і правяраў, дык не, спіхнуў падначаленаму: ты, маўляў, добра ведаеш оперупаўнаважанага, табе і лейцы ў рукі. Знайшоў фурмана! Нават не намякнуў, што сам думае з гэтай прычыны.
Больш за ўсё не любіў Вайцулевіч самастойных рашэнняў у такіх далікатных выпадках, дзе, як кажуць, трэба праслізнуць паміж двух агнёў і не падпаліцца. Вядома, ён не верыць, што капітан стаў хабарнікам. Але маючы сведчанне дваіх людзей, якое вымагае ад следчага пэўных дзеянняў, не пашкодзіла б ведаць і пазіцыю кіраўніцтва. Абвергнуць паклёп будзе нялёгка, калі наогул магчыма. Дык, можа, не трэба і брацца? Вайцулевіч злосна зірнуў на кароткую рэзалюцыю памочніка пракурора і разгарнуў пустую папку. Ці не цэлую гадзіну сядзеў ён нерухома над фіялетавымі крымзолямі Гамбалеўскага. Ніяк не мог сабрацца з думкамі. І калі прагучаў тэлефонны званок, ён нават абрадаваўся.
Сакратарка аддзела сацыяльнага забеспячэння гарвыканкома нагадала, што запрошаная ім даведка гатова.
— Не пасылайце, — сказаў Вайцулевіч, — я зайду, зараз.
Званок быў дарэчы, на нейкі час можна было адкласці рашэнне, а там будзе відаць.
Узяўшы даведку, Вайцулевіч не паспяшаўся назад. Ен заходзіў да знаёмых супрацоўнікаў выканкома, гутарыў і ўсё паглядаў на гадзіннік — ці хутка скончыцца працоўны дзень.
З Заранком ён сутыкнуўся выпадкова; у калідоры.
— Тарас Сцяпанавіч? — гучна павітаў свайго былога падначаленага намеснік старшыні выканкома. — Зайдзі, зайдзі,— і пацягнуў яго ў кабінет.
— Ну, давай хваліся, што новага, як справы ў вас там? — засыпаў Аляксандр Іванавіч пытаннямі Вайцулевіча, калі той асцярожна, бянтэжачыся ад нечаканай увагі, прысеў на крайчык крэсла за сталом для нарад.
— Працуем, — усміхнуўся следчы, абыходлівасць Заранка яму спадабалася, было падобна, што высокая пасада не змяніла яго, ён трымаўся, як і даўней, дэмакратычна. — Яшчэ і над тымі справамі, што пры вас пачыналі. Мне дык дала клопату смерць прадаўшчыцы з універсама.
— Помню, помню. Што ж, ісціна патрабуе намаганняў,— Заранок сказаў гэта як чалавек, якому добра вядомы асаблівасці следчай працы: павучальна. — Хаця асабіста я ўпэўнены, што там няма крыміналу, — дапытліва паглядзеў на Вайцулевіча, нібы хацеў на ім праверыць сваю думку. — Але цябе, мне чамусьці здаецца, не прадаўшчыца грызе? Так?
Вайцулевіч не вельмі здзівіўся пытанню. Заява на Протчанку сапраўды сапсавала яму настрой, сядзела ў галаве, а Заранок заўсёды вылучаўся назіральнасцю. Павагаўшыся, Тарас Сцяпанавіч коратка расказаў нядаўняму пракурору пра пісьмо Гамбалеўскага.
— Чуў, чуў,— заківаў галавой Аляксандр Іванавіч. — Непрыглядная гісторыя… То жанчына, то спроба націснуць на сведку, цяпер гэта… — Ен пасуровеў.— Не чакаў я… Ды ты сам разбярэшся. А я цябе рады бачыць проста так, нямала ж разам працавалі. Ведаеш, мінулае, хаця і блізкае, бачыцца з замілаваннем. Старэю, напэўна… Як ты жывеш, як з кватэрай?
— Халасцякоў жытлом не надта цешаць, — уздыхнуў Вайцулевіч.
— Ажаніся, — засмяяўся Заранок.
— Не маючы свайго кута?
— На чарзе стаіш? Могуць і паскорыць, — ён прыжмурыўся, быццам прыкідваў, чаго цяпер варты гэты Вайцулевіч. — Наша шчасце, Тарас Сцяпанавіч, у нашых руках.
Заранок праводзіў яго да дзвярэй і, абняўшы за плечы, як паміж іншым параіў:
— Ты не зважай, што Протчанка мой друг, будзь прынцыповым. Закон — вышэй за ўсё! — І падштурхнуў да выхада. — А перад дробязямі быту не пасуй.
Азадачаны Вайцулевіч прыйшоў у пракуратуру і замкнуўся ў сваім кабінеце. Было яму над чым падумаць. У звычайную ўвогуле сітуацыю ўкліньвалася нешта лішняе, наноснае.
Вайцулевіч не быў такім наіўным, каб прыняць словы былога свайго начальніка за неабавязковую і звычайную ветлівасць. Будучы пракурорам, Заранок не раскідваўся суцяшэннямі і абяцаннямі. Наўрад ці паспеў ён змяніцца на новай пасадзе — месяц для гэтага тэрмін малы, калі толькі ў гарвыканкоме гэта не стыль, што ўвогуле малаверагодна. Дык што ў падтэксце?
Тарас Сцяпанавіч мысленна аднавіў размову з Заранком. Але нават каб была яна запісана на магнітафонную стужку, і ў адценнях голасу паважанага Аляксандра Іванавіча не пачуўся бы нейкі другі, закамуфліраваны сэнс. Усё выдавала натуральным: і цяперашняя думка былога пракурора на справу Антончык, узбуджэнне якой ён у свой час санкцыяніраваў, і парада наконт Протчанкі, пра заяву на якога ён, аказваецца, ужо ведаў, і намёк на магчымасць атрымаць нарэшце кватэру — намеснік старшыні гарсавета і не павінен быў абяцаць прама…
За пяць гадоў службы ў гэтым горадзе Вайцулевіч мусіў змяніць тры прыватныя пакоі. Таму спадзяванне на ўласнае жыллё, якое раптам бліснула, хутка адсунула на другі план і нябожчыцу-прадаўшчыцу, і оперупаўнаважанага, абвінавачанага ў сур’ёзным злачынстве. Справы ўрэшце пачакаюць да заўтра, а сёння ён памарыць пра ўласную аднапакаёвую кватэру. Напрыклад, у тым доме-вежы, які неўзабаве пачнуць засяляць і міма якога ён штодня ездзіць на службу. Прычым мара, бадай, не беспадстаўная, сёння яна ўпершыню атрымала некаторую рэальнасць. Вайцулевіч паморшчыўся. У радасных мроях, калі па шчырасці, бачылася кропелька яду — не-не ды мільгала думка, што шчасце выпадае яму не за прыгожыя вочы. Ен, аднак, не хацеў на ёй засяроджвацца, пераконваў сябе, што залішне падазроны. Зрэшты, Заранок нічога не прасіў і ўсё, што гаварыў, было, можа, ад даўняй сімпатыі да былога супрацоўніка, бо яны сапраўды жылі мірна. Ды і не мог Заранок нічога патрабаваць, ведае ж, што ён, следчы Вайцулевіч, не з тых, хто парушае закон…
Назаўтра Тарас Сцяпанавіч прыйшоў на працу бадзёры, настроены на рашучыя дзеянні. Першым у плане на дзень значыўся допыт Шурмеля. Вынікі яго не вельмі трывожылі следчага, глеба была падрыхтавана, Протчанка пастараўся, праявіў знаходлівасць. Умее…
Успомніўшы Віктара Пятровіча, следчы скрывіўся. Заяве на яго трэба было даваць ход, а ён, Вайцулевіч, можа, упершыню не меў пэўнай думкі, як гэта зрабіць. Ен стрымаў, аднак, раздражненне і прымусіў сябе пераключыцца на Шурмеля. Асвяжыўшы ў галаве яго ранейшыя паказанні, Тарас Сцяпанавіч паклікаў сведку.
Настаўнік фізкультуры сёння трымаўся не надта ўпэўнена. Відаць, або дайшло да яго, што са следствам не жартуюць, або Жукоўская расказала яму аб сваёй прамашцы. Хаця магла і не расказаць. У такіх кампаніях сваё разуменне сяброўства, тут адзін аднаго не надта выручаюць, калі запахне паленым.
— Эдуард Цімафеевіч, — сказаў следчы, запісаўшы ўстановачныя дадзеныя сведкі ў пратакол. — Мінулы раз вы паказалі, што да універсама прыехалі не па Людмілу Антончык. Гэта так?
— Канешне…
— А між іншым, — следчы разгарнуў папку з крымінальнай справай на загадзя закладзенай старонцы, паклаў на яе руку, — тут запісана, што, пад’ехаўшы да універсама, вы пазванілі Людміле Антончык, і яна адразу выбегла на аўтастаянку. Не буду з вамі хітрыць, званілі вы ці не званілі вялікага значэння не мае. Насцярожвае хлусня, якая без прычыны не бывае. Чаму вы маніце?
Пытанне, аднак, не зрабіла належнага ўражання на Шурмеля, ён ці не прадбачыў яго і трымаў напагатове слушны адказ.
— Баяўся, што будзеце часта выклікаць. Даказвай потым у школе, што ты ні ў чым не вінаваты.
— Дапусцім, з гэтым я пагаджуся, — Вайцулевіч ссунуў бровы: не надта маскіруючыся, сведка надумаў абвесці яго вакол пальца. Гэта ўдарыла па самалюбству Тараса Сцяпанавіча. Ен перагарнуў старонку ў папцы, пагладзіў яе. — А як быць з другім? У машыне-такі вы былі не адзін, з пасажырам і ля Верамеек гэтага пасажыра разам з Антончык вы высадзілі,— ён гэтага не ведаў, аднак, раззлаваны, дазволіў сабе згуляць нашармака.
Майстар спорту, напэўна, прывык да вялікіх фізічных перагрузак, псіхалагічнага напружання ён не вытрымаў. Крэсла пад ім зарыпела, на Шурмелевым ілбе выступілі кропелькі поту.
Вайцулевіч насмешліва глядзеў на сведку.
— Што з вамі, Эдуард Цімафеевіч?
— А мне што, больш чым каму трэба! — у яго грудзях нешта забулькала: ці то смех, ці то адчай. — Завуч быў у машыне, завуч нашай школы.
— Ну! — падагнаў следчы, глушачы занепакоенасць у сабе. Завуч у гібель Антончык не ўпісваўся. — Не яго ж вы ў Верамейкі везлі.
— Ен дадому паехаў, я потым завёз. Антончык з Падошвам была, я яго па дарозе ўзяў, ля Палаца культуры, — Шурмель выклаў гэта адным махам і тады, як спахапіўшыся, што нагаварыў лішняга, пачаў апраўдвацца: — Вы ж завуча ўсё роўна знайшлі б, знайшлі б? Так?
— Без сумнення, — запэўніў Вайцулевіч, а сам чамусьці падумаў: не хапала мне толькі дырэктара універсама. І яшчэ мільганула: добра, што ўчора не абмяркоўваў гэту справу з Аляксандрам Іванавічам Заранком. Зараз, адпусціўшы Шурмеля, ён пойдзе да Бабіцкага, хопіць з яго самастойных крокаў. З такім фігурантам, як Падошва, за спіной начальства надзейней.
— Я магу ісці? — нагадаў аб сабе майстар спорту.
— Ідзіце і прыміце параду: не спяшайцеся расказваць сябрам пра гэты допыт.
— Пастараюся, — не надта ўпэўнена паабяцаў Шурмель.
Вайцулевіч яму не паверыў. А ўвогуле ён і сам не ведаў, як будзе лепей для яго, следчага. Ён пазваніў завучу спартыўнай школы і папрасіў тэрмінова прыехаць у пракуратуру. Калі той пацвердзіць Шурмелевы паказанні, Падошва будзе падатлівейшы. Гэта тое жалеза, якое трэба каваць як мага гарачэйшым.
Як звычайна Протчанка прачнуўся а сёмай гадзіне. Падхапіўся з ложка, адчыніў дзверы на балкон. Свежае паветра ўварвалася ў душны пакой, але бадзёрасці Віктару Пятровічу не прынесла. Вымушаны водпуск выбіў яго з прывычнага рытму і зараз нагадваў аб сабе незавершанай працай, за якой стаялі неспадзяваныя і незаслужаныя непрыемнасці.
Вяла памахаўшы рукамі і некалькі разоў прысеўшы, Віктар Пятровіч прыняў душ і пайшоў гатаваць сняданне. Апетыту не было, і ён толькі выпіў моцнага чаю. Гадзіннік паказваў палову дзевятай. Сёння, як учора і заўчора, яму не было куды спяшацца. Афіцыйна. А не афіцыйна? Віктар Пятровіч усё думаў над сваім начным рашэннем.
Раніцай усё ўспрымаецца больш цвяроза. Протчанка бачыў, што ставіць перад сабой складаную і незвычайную задачу. Афіцыйныя каналы збору фактаў для яго, па сутнасці, закрыты, у гэтых абставінах ён можа дзейнічаць толькі як прыватная асоба. Прыватны дэтэктыў! Будзе яму, калі аб гэтым даведаюцца Падошва і яго кампанія. Нішто, закон парушаць ён не збіраецца. З такім настроем Віктар Пятровіч і пайшоў з дому.
У Протчанкі не было яснага плана. Але ногі самі прынеслі яго да кааператыўнага кафэ. Не адважваючыся заходзіць, ён падышоў да дзвярэй. У рамцы пад шклом было меню, і Віктару Пятровічу кінулася ў вочы тлуста напісаная назва — «Шашлык з бараніны». Віктар Пятровіч любіў шашлыкі і пашкадаваў зараз, што гэта кафэ сёння не для яго. Ен пастаяў крыху і паплёўся на аўтобусны прыпынак. Трэба было ехаць у райаддзел.
Пасажыраў было многа. Трымаючыся за стойку, Віктар Пятровіч разам з усімі хістаўся, штурхаўся, пры паваротах валіўся на суседнія крэслы і бяздумна глядзеў у акно. І раптам напружыўся. Праз імгненне ён, рассоўваючы прыціснутых адзін да аднаго пасажыраў, рвануўся да выхада. У апошні момант ён паспеў прытрымаць гатовыя зачыніцца дзверы і вываліўся на тратуар. Аўтобус зароў за спіной і пакаціў далей.
Віктар Пятровіч адступіў за тоўстую таполю, ля якой ён нядаўна чакаў Рыту Дземяшкевіч, і асцярожна высунуў галаву. У час. З варот універсамаўскага гаспадарчага двара выехаў знаёмы «пікап» з Шурмелем за рулём. Побач сядзеў Гамбалеўскі.
Віктар Пятровіч задуменна праводзіў вачамі машыну, кінуў позірк на глухія створкі варот і, павагаўшыся, пайшоў да квартала пяціпавярховых панельных дамоў, у адным з якіх жыла сведка Ганна Станіславаўна Манцэвіч.
Жанчына была дома. Выціраючы фартухом мокрыя рукі, яна паведаміла:
— Во, гатую, маладыя хутка прыбягуць. А ў вас што?
— Я доўга не затрымаю, — павініўся Протчанка — яго ўсё-такі бянтэжыла неафіцыйнае становішча.
— Нічога, нічога. Цэлы дзень адна і адна, язык дзервянее. Праходзьце, калі ласка.
Протчанка застаўся ў калідорчыку.
— Ганна Станіславаўна, вы часта ва універсам ходзіце?
— Дзіва што, — адказала гаспадыня. — Хлеб, малако, калі мяса бывае… Ці мала чаго чалавеку трэба.
— Можа, гэтымі днямі бараніну куплялі?
— Што ты, мілок, — як неразумнаму немаўлятку ўсміхнулася старая. — Пасярод лета яе нават на базары не знойдзеш. А што гэта цябе на бараніну павяло?
— Па жонку ў вёску збіраюся, хацеў сваіх пловам пабалаваць.
— Во жыццё настала, — уздыхнула Ганна Станіславаўна. — У вёску са сваім мясам…
Манцэвіч, відаць, была не супраць абмеркаваць гэту харчовую праблему, і Протчанка ледзь выкруціўся ад гаваркой бабулі. Выйшаўшы з пад’езда, ён паглядзеў на белы прыземісты будынак універсама, вакол якога бясконца сновалі людзі, і падумаў: нехта разумны правільна сказаў, што перш чым рэзаць, мусіш сем разоў памераць… Не памераўшы і разу, ён, вопытны сышчык, выцягнуў пустышку…
— Капітан! — шчыра, але крыху больш натхнёна, чым вымагалі абставіны, узрадаваўся Протчанку лейтэнант Даманькоў.— Вось абжываю новы кабінет, — абвёў ён рукой вакол сябе. — Тлумней, чым у нас з вамі было, нас тут трое.
— Так, — пагадзіўся Протчанка, таксама адчуваючы ніякаватасць.
— А ведаеце што, — тым жа тонам працягваў Даманькоў,— я, я вам хацеў званіць.
— Нешта тэрміновае?
— Як сказаць, — заўсміхаўся Міхаіл. — Ідэя з’явілася, па-мойму, слушная. Шашлык…
— З бараніны, можа? — усміхнуўся Віктар Пятровіч. Шашлыкамі сёння ён ужо быў сыты па горла.
— Не верыце? Самы натуральны. Рыта ўжо нават мяса са спецыямі марынуе. Паедзем у нядзелю да бацькоў,— ён сумеўся. — Хоча пазнаёміць.
— Пазнаёміць — гэта правільна. А, дарэчы, дзе ты на бараніну расстараўся? Мне казалі, што яе зараз і на базары няма.
— Рыта купіла. У іхнім магазіне. Не то французскую, не то яшчэ чыю. З пячаткай, — Даманькоў паціснуў плячамі.
Протчанка нахмурыўся.
— Вы што, Віктар Пятровіч? — устрывожыўся Даманькоў.— Хіба гэта злоўжыванне?
— Я не пра тое. Бачыў ужо шашлык. Між іншым, таксама натуральны. У кааператыўным кафэ. Баюся, з той самай бараніны, якая ў адкрыты продаж не паступала. Хацеў, каб ты праверыў. Ды цяпер задумваюся, — прызнаўся капітан. — Табе не з рукі, паколькі ты і Рыта…
— Глупства! — усміхнуўся Міхаіл. — Мы яшчэ не муж з жонкай, і я нічога Рыце пра свае справы не расказваю.
— Не гарачыся, прыгадай мой урок, — прамовіў Віктар Пятровіч.
— Рыта будзе ўбаку.
— Усё-такі спачатку парайся з начальнікам аддзела. Лепш, каб ён быў у курсе.
— Не хвалюйцеся, Віктар Пятровіч, усё зраблю, як вымагае маральны кодэкс. А як з маёй прапановай?
— Паедзем. Але, прашу, угавары Рыту адкласці гэта на потым, калі ўсё вырашыцца.
Маючы не такі ўжо вялікі службовы стаж, Вайцулевіч, аднак, паспеў добра засвоіць два кодэксы, якія, на жаль, у жыцці часта дапаўняюць адзін аднаго. Пісаны, крымінальны — горш і няпісаны, умоўны — лепш.
Вядома, прымаючыся за тую або іншую справу, ён кіраваўся першым кодэксам. Але, здаралася, пры гэтым недзе на заднім плане трымаў у галаве артыкулы другога. Нават просты выпадак, сцвярджаў сам сабе Тарас Сцяпанавіч, — выпадак, дзе і варта, і можна паламаць і зламаць галаву.
Прызнанне Шурмеля, падмацаванае паказаннямі завуча спартыўнай школы, паставілі Вайцулевіча перад неабходнасцю дзейнічаць так, як вымагае закон. Якім бы аўтарытэтным у горадзе не быў Падошва, гібель чалавека — здарэнне надзвычайнае, і таму прама ў абарону дырэктара універсама наўрад ці рызыкне хто выступіць. Хаця, Вайцулевіч у гэтым не сумняваўся, незадаволеныя службовай стараннасцю следчага знойдуцца нават ва ўплывовых гарадскіх колах. Час цяпер не той, і яны не скарыстаюць так званае тэлефоннае права, але следчага запомняць. І гэта — кепска, у яго, Вайцулевіча, усё жыццё наперадзе. Праўда, ён таксама не лыкам шыты і пастараецца з гэтай сітуацыі выбрацца, не абламаўшы крылаў, на якіх яму ляцець яшчэ і ляцець.
Тарас Сцяпанавіч выпісаў Падошву павестку. Падпісаў стандартны бланк, пакруціў яго ў руках і кінуў на стол. Нешта ў гэтым невялікім разлінаваным папяровым лістку яму не спадабалася. Пакрывіўшыся на павестку, ён парваў яе на дробныя шматкі і выкінуў у плецены кошык. Тэлефон у гэтым выпадку, бадай, меў сур’ёзнейшую перавагу над паперай.
— Дзень добры, Валерый Васільевіч. Вайцулевіч з пракуратуры. Вы не маглі б зайсці да нас? Праз гадзіну? Дамовіліся.
Апарат дзынкнуў, даючы адбой. Аднак следчы не зняў рукі з трубкі. У галаве раптам замроіўся працяг. Ен мысленна пракруціў яго, адобрыў і тады набраў новы нумар.
— Як жыццё-быццё, капітан? Хе-хе, водпуск у такую пару — недасягальная мара крыміналіста. Ты вось што, праз гадзіну зайдзі. Чакаю, не спазняйся. Што? Пабачыш, пачуеш. Хе-хе…
Вайцулевіч некаторы час сядзеў нерухома, думаў. Нарэшце страсянуў галавой. Усё быццам бы правільна.
Падошва не прымусіў сябе чакаць. Ен увайшоў упэўнена, нібы ў свой дырэктарскі кабінет, падаў руку. Сеў не там, дзе звычайна сядзелі сведкі або падследныя, а побач са следчым і адразу паставіў кропку над «і»:
— Здагадваюся, Тарас Сцяпанавіч, чаго ты мяне выцягнуў.
Яны не былі знаёмыя, і хаця Падошва меў на пятнаццаць гадоў болей, панібрацтва разанула слых Вайцулевічу. Але ён прапусціў яго, быццам не заўважыў або прыняў як належнае. Выглянуў у калідор — там іншых наведвальнікаў не было, вярнуўся на сваё месца за сталом.
— Дык пра што вы здагадаліся, Валерый Васільевіч?
Перш чым Падошва адказаў, адчыніліся дзверы. Протчанка зрабіў крок у кабінет і спыніўся. Не чакаў, што ў Вайцулевіча нехта ёсць.
— Прабачце, Віктар Пятровіч, — суха сказаў следчы. — Я заняты, пачакайце ў калідоры.
Па вуснах Падошвы прабегла ўсмешка задавальнення. І хаця Вайцулевіч менавіта на падобную рэакцыю разлічваў, унутрана абурыўся: гэтаму хлюсту адчуць бы сваё становішча. Запытальна паглядзеў на Падошву, як прыспешваючы.
— Невінаваты я, дурніца сама кінулася.
— Хіба я вас…
Следчы не закончыў — зазваніў тэлефон. Прыемны жаночы голас паведаміў не менш прыемную навіну:
— Тарас Сцяпанавіч, з райвыканкома гавораць. Вам выдзелена кватэра. Паглядзіце, калі ласка, у пятым доме па вуліцы Чапаева дзевятнаццаты нумар. Спадабаецца, вынесем на чарговы выканком.
Вайцулевіч падзякаваў і зноў паглядзеў на Падошву, на гэты раз з цікаўнасцю. Потым схамянуўся:
— Валерый Васільевіч, раскажыце, як усё здарылася. А тады ўжо будзем або не будзем вызначаць чыю-небудзь віну.
— Да банальнага проста, — ахвотна адгукнуўся дырэктар універсама. — Нябожчыца была пікантнай жанчынай, у маім гусце. А паколькі я не манах…
— Але яна замужам, — быццам нічога пра Людмілу не ведаў, наіўна здзівіўся Вайцулевіч.
— Зайздрошчу людзям цвёрдых правіл. Яны вышэй маіх сіл. Я прытрымліваюся прынцыпу, што жыццё — не схема, — павучальна прамовіў Падошва. — Адкрыю вам сакрэт. Людміла мела палюбоўніка. Можа, не аднаго.
— Гэта я ведаю. Як і тое, што Саевіч і яна рассталіся. Дык вы захацелі заняць свабоднае месца?
— Каб ты пабачыў жывую Людмілу, то зразумеў бы мяне, — узнёсла сказаў Падошва.
— Але што ўсё-такі адбылося, Валерый Васільевіч? Там, на чыгунцы?
— Хто мог прадбачыць? Я сапраўды прапанаваў Людміле стаць маёй… каханай. А яна, як не ў сабе, падхапілася і… Я не паспеў затрымаць, я не мог нават падумаць… — На яго твары быў жаль, бадай, натуральны. Такія людзі не прывыклі, каб нешта імі ўпадабанае ўплывала з іх рук.
— Але яна паехала з вамі. Хіба не здагадвалася, што вы ёй скажаце?
— Я паабяцаў ёй паказаць Косцева пісьмо, ён папрасіў мяне перадаць Людміле, сам не адважваўся. У пісьме ён пісаў, што паміж імі ўсё кончана.
— Пісьмо, канешне, захавалася? — Вайцулевіч ледзь стрымаў іронію.
— Вось яно, — Падошва падаў крыху памяты незаклеены канверт. — Папярэджу, Косця Саевіч мой друг.
Вайцулевіч адчуў, што захапляецца гэтым прайдзісветам. Падошва абстаўляў усё так, што сур’ёзныя прэтэнзіі прад’явіць яму цяжка. Вядома, пісьмо хутчэй за ўсё напісана пасля смерці прадаўшчыцы, нядаўна, калі над галавой дырэктара універсама пачалі збірацца хмары. А як даказаць гэта і ці трэба даказваць? Адказу Вайцулевіч пакуль не меў, ён быў упэўнены толькі ў адным: сёння Падошва нічога істотнага не скажа, ён таксама ведае што да чаго.
— Валерый Васільевіч, паколькі вы сведка, вашы паказанні трэба зафіксаваць.
— А ўжо ж, а ўжо ж, — і ўсмешка задавальнення зноў прабегла па вуснах Падошвы.
Калі пратакол быў аформлены, Вайцулевіч вырашыў крыху паказытаць дырэктаравы нервы. Хай адчуе следчага за сваёй спіной.
— Валерый Васільевіч, яшчэ пытанне. Не, не, — ён схаваў пратакол. — Чаму вы адразу не расказалі, як усё здарылася? Калі да вас прыходзіў оперупаўнаважаны.
Падошва роблена збянтэжыўся. А Вайцулевічу здалося, што ён быў падрыхтаваны і да такога пытання. Памуляўшыся, Валерый Васільевіч даверліва адказаў:
— Выпадак надта далікатны. Я ў горадзе на віду, — ён стрэльнуў вачамі ў следчага, адвёў позірк. — А што гэта змяніла б у сутнасці самога выпадку?
— Вам было б лягчэй, — двухсэнсоўна зазначыў Вайцулевіч. — І нам…
Пайшоў Падошва, як і дамагаўся Тарас Сцяпанавіч, з меншым гонарам. Хай ведае, хто ёсць хто. І яму, следчаму, таксама не пашкодзіць мець варыянты для манеўру.
У калідоры чакаў Протчанка. Запрашаць яго Вайцулевіч не спяшаўся. Паміж іх нядаўна яшчэ таварыскімі адносінамі зараз маячыла заява аб хабарніцтве, і ў яго, следчага, уладзе, абавязку было даць ёй той або іншы ход. Тут таксама меліся варыянты. На якім ён спыніцца, Тарас Сцяпанавіч пакуль не вырашыў. Учора памочнік пракурора Бабіцкі, па сутнасці, ухіліўся ад парады: маўляў, дзейнічай, як патрабуе закон і твая следчая сумленнасць. Вайцулевіч быў узяўся за тэлефонную трубку, і ў гэты момант Протчанка зноў з’явіўся ў дзвярах.
— Цяпер, спадзяюся, можна?
Тон не спадабаўся Вайцулевічу, не тое становішча ў чалавека, каб трымацца са следчым на роўных.
— Заходзь, капітан, — апусціўшы галаву ў паперы, дазволіў Тарас Сцяпанавіч.
Протчанка здзіўлена зірнуў на яго і сеў.
— Што здарылася, Тарас?
— Есць размова, Віктар Пятровіч, раю паставіцца да яе з усёй сур’ёзнасцю.
Дасведчаны ў падобных адценнях голасу Вайцулевіча, капітан насцярожыўся. Вайцулевіч адзначыў гэта і падумаў, што можа не вагацца, — Протчанка міжволі прызнаў яго перавагу.
— Некаторыя факты, пра якія гаворка пойдзе ніжэй, даюць падставу ўзбудзіць крымінальную справу. Так што далейшае, Віктар Пятровіч, будзем лічыць допытам.
— Гатовы даваць паказанні,— найграна бадзёра пагадзіўся капітан, нават не папытаўшы ні пра справу, ні пра сваё дачыненне да яе.
— Тым лепш, — шматзначна прамовіў следчы, нічога не тлумачачы. Ен запісаў установачныя дадзеныя Протчанкі, перапытваючы і ўдакладняючы нават тое, што добра ведаў. Вымушаны шэрагам абставін заняць пэўную пазіцыю і незадаволены гэтым, Вайцулевіч злаваўся і пераносіў сваю злосць на Протчанку.
— Віктар Пятровіч… — ён запнуўся. — Пятнаццатага ліпеня ты быў у кааператыўным кафэ «Стары прыяцель»?
Капітан паціснуў плячамі, адчуваючы, як расце ў ім раздражненне ад віхляння следчага. Насмешліва адказаў:
— Быў, і гэты факт утрымліваецца ў матэрыялах следства — я распытваў былога рабочага універсама Гамбалеўскага.
— Вы раней былі знаёмы з Гамбалеўскім?
— Не меў гонару.
— Аб чым яшчэ гаварылі з Гамбалеўскім?
— Ні аб чым.
— А падумаўшы?
— Я не склеротык! — абурэнне прарвалася ў Протчанкі вонкі.— У чым урэшце справа, што ты гуляеш у схованкі!
— І людзі з добрай памяццю, бывае, лічаць за лепшае сёе-тое забыць, — Вайцулевіч абмінуў капітанаву ўспышку.
— Ты на што намякаеш?
— Віктар Пятровіч, Віктар Пятровіч, — паківаў галавой Вайцулевіч. — Крыміналісту няма патрэбы напамінаць, што такое допыт. Калі я задаю пытанні, значыць, за імі нешта ёсць. У мяне, напрыклад, іншыя звесткі аб вашай сустрэчы з Гамбалеўскім, — ён упарта пазбягаў звароту на ранейшае паміж імі свойскае «ты», — звесткі, якія, дарэчы, маюць юрыдычную сілу. Гамбалеўскі павініўся, што, — следчы паднёс да вачэй лісток са сшытка і зачытаў: — «Пятнаццатага ліпеня я даў міліцыянеру Протчанку дзвесце рублёў, каб не было шуму». Як?
— Лухта! Які такі шум я ўзнімаў?
— Гамбалеўскі купіў для кафэ ва універсаме мяса.
— Але я гэтага не ведаў тады і не ўпэўнены ў гэтым зараз, — абурыўся Протчанка. — Дык як?
— Есць яшчэ сведка, афіцыянтка Ніка Трафімава. Ад здзіўлення ў Віктара Пятровіча адняўся язык.
Прайшла, напэўна, цэлая мінута, пакуль ён здолеў выціснуць з сябе:
— Жу-кі…
Ен наважыўся быў расказаць Вайцулевічу, што падазрэнне аб махінацыях у яго з’явілася толькі пасля нядаўняй размовы з Антончыкам, што сам ён, натуральна, не збіраўся правяраць падазрэнне, а паведаміў пра махінацыі, прычым, магчымыя, лейтэнанту Даманькову. Узяўшы ж хабар, ён, Протчанка, вядома не рабіў бы гэтага. Але не стаў расказваць. Зразумеў, што гэтым не паможа сабе і перашкодзіць Даманькову. Супраць яго, Протчанкі, арганізавана змова з мэтай схаваць нейкія злачынствы, да якіх ён, напэўна, дакрануўся. А чый бок возьме следчы Вайцулевіч — бабка варажыла надвое, надта незразумела ён сябе паводзіць. Усё гэта маланкай пранеслася ў Протчанкавай галаве.
— Жукі — не жукі,— Тарас Сцяпанавіч падкрэсліваў сваю аб’ектыўнасць, — а паколькі заява вамі пераканаўча не абвергнута, я мушу, думаю, тлумачыць гэта не трэба, узяць у оперупаўнаважанага Цэнтральнага райаддзела Протчанкі падпіску аб нявыездзе. — Ен падумаў і разважліва дадаў: — Пытанне аб адхіленні ад выканання службовых абавязкаў з прычыны водпуску пакуль можна не ставіць.
Протчанка падпісаў бланк. Закон сапраўды вымагаў ад следчага такіх дзеянняў, ён нават мог абысціся з ім больш жорстка. Зрэшты, Віктар Пятровіч і тады не крыўдаваў бы на Вайцулевіча. Як не крыўдаваў за не зусім тактоўны тон допыту, робячы скідку на характар следчай работы і тое незвычайнае становішча, у якім апынуўся Вайцулевіч. Толькі адно бянтэжыла Протчанку: асабіста ён на месцы следчага, перш чым узбудзіць крымінальную справу, усё-такі больш дэталёва праверыў бы заяву — узяў бы тлумачэнні ў Гамбалеўскага і Трафімавай, дамагаючыся падрабязнасцей, зрабіў бы вочную стаўку. Ды ён не на месцы следчага, а наадварот. Шчыльна абклалі яго Падошва і кампанія. Хабар не перавышэнне службовых паўнамоцтваў, хабар гэта злачынства.
Не паказваючы Вайцулевічу разгубленасці, якая з кожнай хвілінай усё больш агортвала яго, Віктар Пятровіч спытаў:
— Што яшчэ з мяне?
— На сёння — усё, — следчы не падняў вачэй ад пратакола, нібы шукаў там нешта паміж радкоў.
Протчанка моўчкі кіўнуў і пайшоў, з горыччу думаючы, як мала трэба, каб паміж нядаўнімі калегамі раптам узнікла неадольная сцяна.
Праверку кафэ «Стары прыяцель» даручылі групе Даманькова. Сумненні Протчанкі наконт яго кандыдатуры начальнік аддзела не прыняў.
Атрымаўшы заданне, Даманькоў яшчэ не ведаў, якая пагроза навісла над яго старэйшым таварышам, і, галоўнае, з чыёй падачы. Вайцулевіч, зыходзячы з нейкіх сваіх меркаванняў, не спяшаўся інфармаваць райаддзел. А Віктар Пятровіч ніколі не любіў плакацца. Ен лічыў, што чалавек сваю бяду найперш сам павінен адводзіць.
Знешні выгляд кафэ Даманькову, як нядаўна і Протчанку, спадабаўся. Яго і памочнікаў сустрэў Гамбалеўскі. Трымаўся ён з годнасцю, толькі вочы мітусліва бегалі па тварах супрацоўнікаў міліцыі.
У паперах усё было быццам бы нармальна. Колішні рабочы магазіна ўмеў складаць і справаздачы не горш за бухгалтара.
— А дзе вы трымаеце прадукты? — Даманькоў дапытліва паглядзеў на Гамбалеўскага і яму здалося, што загадчык кафэ ўпершыню адчуў сябе ў родных сценах няўтульна.
— Есць, ёсць у нас склад, — адказаў Гамбалеўскі, не спяшаючыся, аднак, весці туды.
— Ну то паглядзім, — падштурхнуў яго лейтэнант Даманькоў.
Невялікі і добра абсталяваны склад уражваў і асартыментам і колькасцю дэфіцытных прадуктаў. Такога запасу, падумалася лейтэнанту, бадай, не ўбачыш у першакласным рэстаране для іншаземцаў. На стэлажы ляжалі мяшкі з кавай у зернях, батоны сухой каўбасы, стаялі скрыні з бляшанкамі растварымай кавы, чырвонай і чорнай ікрой, імпартнымі мяснымі кансервамі. У шафе захоўваліся бутэлькі гарэлкі і каньяку, хаця афіцыйна кафэ не мела права прадаваць спіртное. У халадзільніку марозіліся тушы бараноў і цялят, свіныя выразкі.
— Дзе вы так разжыліся, Васілій Еўдакімавіч? — здзіўлена пацікавіўся Даманькоў.— Толькі не кажыце, што на базары або ў сваёй падсобнай гаспадарцы, якой у вас няма.
— У нашым становішчы мусіш круціцца. Падвярнуўся выпадак… Так, Ніка? — звярнуўся ён па падтрымку да Трафімавай, якая з выпадку ранняга часу не была занята абслугоўваннем наведвальнікаў і хадзіла следам за рэвізорамі і загадчыкам кафэ.
— Ага, ага, — заківала яна галавой. — Васілій Еўдакімавіч усё рупіць, рупіць.
— Хто ж ён, гэты ваш дабрадзей?
— Вінаваты, разумею, — замуляўся Гамбалеўскі, але надта збянтэжаным ён не выдаваў.— Купіў у незнаёмага…
— Пад пахай ён вам прынёс? — усміхнуўся лейтэнант. — Вам не прыйшло ў галаву, што ён, можа, украў гэтыя прадукты?
— Бажыўся, што не. Казаў, зайшлі сям’ёй у магазін, у Мінску і неспадзявана нарваліся. Я, каюся, пераплаціў, а як інакш? Чалавек купіў, я перакупіў. А што, нельга? У нас не картачная сістэма, — ён увачавідкі здзекаваўся з Даманькова і яго таварышаў.— Што гэта крадзенае, трэба даказаць. Так?
— Пашэнціла вам, — прамовіў Даманькоў, абдумваючы, як яму быць далей.
— Не вельмі,— старшыня кааператыва, ён жа загадчык кафэ, трымаўся ўпэўнена. — Дорага садраў нягоднік. Ды ваша праўда, больш прыстойным шляхам нас пакуль не забяспечваюць. Аднак будзе, будзе, цяпер дзяржава да нас, кааператараў, павярнулася тварам, — заадно ён вырашыў паказаць зубы.
Даманькоў слухаў гэтыя казкі з сур’ёзным выглядам. Ен ужо не сумняваўся, з якой крыніцы чэрпае дэфіцытныя прадукты кафэ «Стары прыяцель», а яго загадчык — упэўненасць. Значыць, трэба быць удвая пільным, не даць поваду для скаргаў, якія могуць засланіць сутнасць справы. Урэшце, як бы Гамбалеўскі ні ўпіраўся, прызнацца ён мусіць. Прамаўчыць сёння ён, заўтра скажа Шурмель. Майстру спорту не з рукі браць на сябе махлярства, ён тут не галоўная фігура. Не галоўная… А хто галоўная? Думка бліснула і ледзь не прапала, затуманеная вылузваннем не надта самавітага Васіля Еўдакімавіча. Даманькоў ухапіў яе літаральна за кончык, але ўтрымаў і спытаў:
— Колькі вас у кафэ, членаў кааператыва?
На ўвогуле простае пытанне Гамбалеўскі чамусьці прамарудзіў з адказам, і на дапамогу яму паспяшалася Ніка Трафімава:
— Пяць, Васілій Еўдакімавіч…
Даманькоў ведаў чатырох, яны былі зараз на месцы — загадчык, афіцыянтка, повар, падсобніца на кухні. Па мерках дзяржаўных прадпрыемстваў такога маштабу, штат невялікі, але тут, калі патрабавалася, з працай не лічыліся. Ды гэта да справы не адносілася, і Даманькоў удакладніў сваё пытанне:
— А хто пяты?
— Ды гэты, ёсць такі… Шурмель, — нарэшце пацвердзіў Гамбалеўскі.— Ен у нас на падхваце, калі куды з’ездзіць…
Напэўна, так яно і было. Даманькоў наўрад ці ўсумніўся б, каб Гамбалеўскі не кінуў злосны позірк на Трафімаву за падказку. А што, калі і са штатам не ўсё ў парадку? Значыць, неадкладна трэба сустрэцца з Шурмелем. Не выключана, што Гамбалеўскі, ён жа з адной кампаніі з Жукоўскай, захоча папярэдзіць свайго фурмана, і, каб гэтага не здарылася, Даманькоў даручыў памочнікам працягваць праверку у кафэ, а сам адправіўся ў спартыўную школу.
Шурмель толькі што прыйшоў з заняткаў. Расчырванелы, распараны, ён разваліўся ў глыбокім крэсле і сонна паглядаў перад сабой. На Даманькова спачатку нават не звярнуў увагі. А калі лейтэнант адрэкамендаваўся, насцярожыўся, запратэставаў:
— Я ўсё рассказаў следчаму, адвяжыцеся! — Ен не мяняў позы і толькі нервова пагладжваў кароткія мокрыя валасы.
— Мяне прывяло да вас іншае, пагамонім!
— Зараз будзе ўрок.
— Навошта вы, Эдуард Цімафеевіч? — мякка папракнуў лейтэнант. — У раскладзе ў вас «акно».
Лагоднасць супрацоўніка міліцыі падманула Шурмеля. Ен набычыўся — вось-вось пакажа Даманькову на дзверы. Вайцулевіч і Протчанка лічылі Шурмеля баязлівым, ва ўсякім разе ў следчым кабінеце ён не здолеў схітрыць. Дык адкуль узялася яго сённяшняя смеласць. Як і ў Гамбалеўскага. Ці не з адной крыніцы яны чэрпаюць яе?
— Я на службе, Эдуард Цімафеевіч, і прывяло мяне сюды не жаданне пазнаёміцца з некалі вядомым у вобласці спартсменам. Дарэчы, калі не сакрэт, чаму вы рана сышлі з барцоўскага дывана?
— Люблю жыццё, — раптам з выклікам прамовіў Шурмель.
— Разумею, — кіўнуў Даманькоў.— Спорт патрабуе перш за ўсё не парушаць рэжым.
— За свае гуляю.
— От пра гэта я і хацеў пагаварыць. Вы ў кафэ «Стары прыяцель» як, па сумяшчальніцтву?
— Аніяк. Я тут нядрэнна маю. Даманькоў недаверліва гмыкнуў.
— Можаце паглядзець у дырэкцыі школы, ці браў я дазвол на сумяшчальніцтва.
— Ну, дазвол на гэта не патрабуецца, — лейтэнант адразу паверыў Шурмелю, але чаму загадчык кафэ спасылаўся на яго, не разумеў.— А ўсё-такі, Эдуард Цімафеевіч, няўжо за так возіце?
— Часам падрабляю, — паціснуў плячамі Шурмель. — Мне што. Папросяць — з’езджу, бяру не грашамі — натурай, што-небудзь дэфіцытнае. Так што тут у мяне ўсё чыста.
— Значыць, у штаце кафэ вас няма?
— А пра што я вам таўку?
— І куды вы ездзіце з Гамбалеўскім?
— Больш па гаспадарчых справах, ну і так калі куды…
Напэўна, і Гамбалеўскі, і той жа Падошва вучылі Шурмеля, каб не вельмі распускаў язык. Ды не яго стрыманасць спыніла Даманькова ад далейшых роспытаў. Яму трэба было, каб трэнер рамізнік без асаблівага падштурхоўвання сказаў, што вазіў і адкуль. А каб не нахлусіў, яму, Даманькову, неабходна перш пазнаёміцца з вынікамі праверкі, якую зараз рабілі калегі ў кафэ.
— Эдуард Цімафеевіч, — сурова звярнуўся ён да майстра спорту. — Было, што вы не паслухалі папярэджання і расказалі аб выкліку ў міліцыю. Спадзяюся, на гэты раз вы будзеце больш абачлівым. Я вас не палохаю, але мушу сказаць, што на гэты раз ваша становішча горшае. Падумайце і вырашыце: будзеце нам памагаць або перашкаджаць, — ён выпісаў павестку. — Чакаю вас заўтра а дванаццатай гадзіне, у раскладзе вашых урокаў няма, я праверыў. Гамбалеўскі пацерпіць без машыны.
Пакуль усё ішло нібыта добра. Ды хто можа ведаць, дзе і калі спатыкнецца?
Першы аддалены грукат грому пачуўся назаўтра раніцай. Даманькова паклікаў падпалкоўнік Міранкоў. Быў ён вельмі заклапочаны, усхваляваны, і ў лейтэнанта ёкнула сэрца. Успомнілася ўласная трывога, якая не пакідала яго ўсю сённяшнюю ноч. Праўда, раніцай ён ужо атрымаў у рукі дакументы, якія з вялікай доляй верагоднасці сведчылі, што дэфіцытныя прадукты ў кафэ «Стары прыяцель» цяклі з універсама Падошвы. Ды гэта яшчэ не былі доказы, у ланцугу магло быць і прамежкавае, і іншае звяно.
— Пазнаёмся, Міхаіл, — зусім не па-начальніцку сказаў Міранкоў,— з пракуратуры…
У Даманькова раптам пацямнела ў вачах. Ен працёр іх сагнутымі пальцамі і нейкі час няўцямна ўглядаўся ў надрукаваны на машынцы поўны страшнага сэнсу афіцыйны тэкст. Нарэшце падняў галаву, разгублена спытаў:
— Ен што, здурэў?
— Не, Вайцулевіч у сваім розуме, у яго яўка з павіннай. Хаця… — падпалкоўнік не дагаварыў і махнуў рукой.
— Правакацыя! — усклікнуў Даманькоў.
— Гэта трэба яшчэ даказаць. Спадзяюся, Вайцулевіч гэта зробіць.
Няўпэўненасць у голасе начальніка аддзела яшчэ больш засмуціла лейтэнанта. Яму здалося, што начальнік нешта ад яго ўтойвае.
— Як у цябе? — спытаў падпалкоўнік, падводзячы рысу пад хвіліннай слабасцю.
— Следчы ўзбудзіў крымінальную справу. Хутка прыйдзе, бадай, галоўны сведка — Шурмель.
— Справішся з ім ці, можа, лепш следчаму за яго адразу брацца, усё-такі ты навічок…
— Усё выцягну, я цяпер злы!
— А вось гэта, Міхаіл, лішняе. Трэба трымацца ў строгіх рамках. Ад такога народца, — ён памахаў у паветры пісьмом Вайцулевіча, — чакаць усяго можна. Так што злосць пакінь у маім кабінеце.
Даманькоў устаў. Не дайшоўшы да дзвярэй, нерашуча прыпыніўся.
— Што яшчэ? — Міранкоў зняў акуляры, стомлена паглядзеў на лейтэнанта.
— Дазвольце пытанне, Леў Фёдаравіч.
— Слухаю…
— Падошва не азваўся? Падпалкоўнік усміхнуўся:
— Той самы. Думаеш, я проста так папярэджваю цябе? Быў званок, быў. Падошва зноў да вярхоў кінуўся. На гэты раз Заранка выставілі наперад. Спрытна так. Заранок не прама біў, з падтэкстам. Маўляў, мы ўвесь гарадскі гандаль растрывожылі, не грэх было спачатку з ім параіцца-пакансультавацца.
— От гэты Падошва, і да яго падыход знайшоў.
— Наўрад ці, хутчэй праз дружкоў на Заранка націснулі.
— А вы іх ведаеце? — вырвалася ў лейтэнанта.
— Магу толькі здагадвацца, — усміхнуўся Міранкоў.— А дакладней, можа, неўзабаве ты мне скажаш.
Шурмель ужо сядзеў у калідоры. Ен прыйшоў раней, і гэта была добрая прыкмета. Даманькоў запрасіў яго ў кабінет.
— За суткі, Эдуард Цімафеевіч, пасля нашай з вамі сустрэчы з’явілася пэўная яснасць. Узбуджана крымінальная справа па факце злоўжыванняў у Цэнтральным універсаме і кафэ «Стары прыяцель». Следчы даручыў мне дапытаць вас як асобу, якая мае некаторае дачыненне да гэтага. Вам зразумела?
Шурмель правёў языком па асмяглых вуснах і згодна матнуў галавой. Усё-такі ён сапраўды быў не з тых, хто ахвяруе сабой.
— Скажыце, якая ваша роля пры Падошву і Гамбалеўскім?
Шурмель пакасіўся на магнітафон, потым на пратакол.
— Пасля ўчарашняй размовы з вамі я доўга думаў…
Трэнер надта прамалінейна ліслівіў, і гэта азначала, што, выгароджваючы сябе, ён плюне на сяброў. Бо, напэўна, даўно здагадваўся, што Падошва шукае сабе прыяцеляў у іншым асяроддзі, што ён, Шурмель, патрэбны Падошву не сам, а толькі з машынай.
— Вы былі побач з Падошвам і на дачы ў Жукоўскіх, і на чыгунцы, калі загінула Антончык, і, бадай, тады, калі з Гамбалеўскім заязджалі ў двор універсама.
— Дык што з таго?
— Не заўсёды і не ўсё адбывалася сумленна ў вашай прысутнасці, і я зараз павінен вызначыць ступень вашага, так сказаць, удзелу ў гэтым.
— Я ні ў чым не ўдзельнічаў,— закруціўся Шурмель. — Нават не піў, калі ў Марыі Міхайлаўны збіраліся госці.
— Вядома, вам належала іх развезці,— не ўтрымаўся ад рэплікі лейтэнант. — Але тым лепей. На чыстую галаву больш бачыцца і запамінаецца. От і падзяліцеся сваімі назіраннямі.
— Гм, падзяліся. Сам сабе пятлю на шыю, так? — ён ужо гатовы быў здацца і толькі, прызнаючы, што мае нешта расказаць, вытаргоўваў да сябе паблажлівасць.
— Ну, Эдуард Цімафеевіч, мы з вамі не дзеці. Пераконваць вас я не буду. Пакуль вы — сведка, а што будзе потым — не ведаю.
Шурмель прыкметна павесялеў:
— Не разумею, што цікавіць міліцыю. Я дагэтуль з аўтаінспекцыяй і то не надта канфліктаваў. Пытайцеся.
Даманькоў бачыў, што ён, паказваючы шчырасць, хацеў бы не сказаць пра тое, што следству невядома. Але бачыў і тое, што на канкрэтныя пытанні ён адкажа таксама канкрэтна.
— Тады пачнем. Нагадваю: магнітафон уключаны, — зноў папярэдзіў лейтэнант і задаў першае пытанне…
За дырэктара універсама следчы з Даманьковым вырашылі ўзяцца ў апошнюю чаргу, калі на руках будуць неабвержныя доказы. Падошва, безумоўна, пастараецца прыняць адпаведныя захады, каб адвесці ад сябе або зменшыць сілу ўдару. Але да гэтага яны будуць гатовы.
Са згоды следчага Гомана лейтэнант выклікаў Гамбалеўскага.
— Вернемся, Васілій Еўдакімавіч, да перарванай нашай з вамі размовы. На гэты раз яна — афіцыяльны допыт, бо супраць вас узбуджана крымінальная справа. Вось пастанова, азнаёмцеся.
— І што мне вешаеце? — выскаліўся загадчык кафэ. Начапіў на нос акуляры ў замежнай аправе, патрымаў перад вачамі пастанову следчага і вярнуў яе Даманькову. — Слухаю.
— Прачыталі?
— Гэта? — ён паказаў рукой на паперу. — З пальца высасалі. Кааператары што, не маюць права набываць прадукты ў дзяржаўных магазінах?
— Чаму? — лейтэнант з цікавасцю разглядаў гэтага напышлівага дзялка. Другі нерваваўся б, непакоіўся, а яму хоць бы што. Напэўна, за Падошвам адчувае сябе, як за каменнай сцяной. Значыць, трэба паказаць, што і дырэктар універсама не пазбегне ўвагі следства. — Купляць можна, але не ўсё і не з чорнага ходу.
— Вы на што намякаеце?
— Які намёк, Васілій Еўдакімавіч? Факты. На вашым складзе прадукты, якія, па-першае, чамусьці меў толькі Цэнтральны універсам; па-другое, яны ў адкрыты продаж не паступалі… Па-трэцяе, у нас ёсць сведчанні, дзе, калі і як вы бралі гэтыя дэфіцыты. Больш таго, некаторыя з іх вы не прапускалі цераз кухню, прадавалі па завышаных цэнах. Напрыклад, тую ж ікру… А гэта ўжо натуральная спекуляцыя. Так?
— Шурмель, сабака, накляпаў? — неадпаведныя невысокаму росту працавітыя і моцныя кулакі Гамбалеўскага сціснуліся.
— Разумеем, Васілій Еўдакімавіч, аднаго Шурмеля вы адмялі б, таму паклапаціліся пра сведак, — Даманькоў гаварыў і з прыкрасцю думаў, што вось жыў-працаваў чалавек, як усе людзі, а потым штосьці з ім здарылася, і спакусіўся ён дурной капейкай. Сам? Падштурхнуў нехта, здагадваючыся, што насенне зла ўпадзе тут на ўрадлівую глебу? Раптам людзі звычайна не мяняюцца. Калі не сакрэт, чым вас прывабіла кааперацыя?
Пытанне пацешыла самалюбства Гамбалеўскага, ён сказаў:
— Захацелася самастойнасці.
Гучала. Але Даманькоў не паверыў. Нават у тым махлярстве, якое ўжо выявілася, загадчык кафэ, адчувалася, не быў самастойным. У мінулым ён ніколі не вызначаўся ініцыятыўнасцю, не замахваўся на вялікае. Напэўна, і цяпер за ім нехта стаяў. А што, калі?..
— Хто ў кафэ пяты работнік?
— Я казаў ужо…
— Васілій Еўдакімавіч, — падкрэслена расчаравана сказаў Даманькоў.— Па райвыканкомаўскіх паперах так, Шурмель. Але ён катэгарычна адмаўляе сваю штатную працу ў вашым кафэ. Чаму? Маўчыце? Думаеце, не ўстановім, у чым тут загваздка?
— Вось і ўстанаўлівайце!
— Натуральна. Аднак вернемся да прадуктаў. Хацелася б пачуць менавіта ад вас, дзе вы ўсё-такі іх узялі?
Гамбалеўскі адвёў позірк.
— І пра гэта я ўжо казаў.
— У такія казкі нават вашы калегі-кааператары не павераць.
— Я не лічу сябе вінаватым і не збіраюся прызнаваць вашы прыдумкі,— адрэзаў загадчык кафэ. — Можаце запісаць гэта ў пратакол ці яшчэ куды…
— Ваша права, — лейтэнант не збіраўся да канца выкрываць Гамбалеўскага, у яго задачу ўваходзіла падрыхтаваць плацдарм для следчага. Ен выключыў магнітафон. — Не хочаце — на гэтым скончым. Але, калі не пярэчыце, у мяне ёсць яшчэ адно пытанне. Яно выклікана больш маёй цікаўнасцю, чым следчай неабходнасцю.
Загадчык кафэ пакасіўся на магнітафон і працадзіў:
— Валяйце…
— Ужо на цяперашнім этапе ясна, што вы дзейнічаеце, скажам пакуль так, не надта прытрымліваючыся правілаў. Няўжо вы, сталы чалавек, не задумваліся пра маральны бок сваіх паводзін?
— Нешта новае… — ён яхіднічаў, аднак не спяшаўся пайсці. Спадзяваўся пачуць тое-сёе карыснае для сябе.
— Вы абіраеце людзей, так, так, абіраеце — і тых, якія з-за вашых заграбушчых рук не маглі купіць у магазіне той жа бараніны, і тых, якія ў вашым кафэ плоцяць у некалькі разоў болей сабекошту кавы або шашлыкоў…
— А вы лічылі нашы выдаткі? — перабіў Гамбалеўскі.
— Давялося, — кіўнуў Даманькоў.— Але, паўтараю, пытанне неафіцыйнае.
— А ўжо ж, у пратаколе я не падпішу таго, што скажу, — ён паклаў нагу на нагу, выцягнуў пачак цыгарэт, закурыў, не папытаўшы дазволу. Няйначай, убачыў у пытанні нейкую залежнасць лейтэнанта ад сябе. — Я не райсабес, мне да фенькі, будзе што пакупніку на прылаўку магазіна або не будзе, усім усё роўна не хопіць і без мяне. А мне — абы мне было.
Чулі: свая кашуля бліжэйшая? Мудра сказана. І ў кафэ я нікога сілком не цягну, у кішэню нахабна не лезу. Усё ветліва, прыгожа. Можа, мне за гэта плоцяць, га? Чытайце газеты, лейтэнант, там дэкларуюць, што цэны зніжае канкурэнцыя. Во! — ён узняў палец. — А не міліцыя. Задаволены?
— На шчырасць адкажу шчырасцю, — Даманькоў таксама закурыў, праводзіў позіркам шызае колца тытунёвага дыму, нібы вагаўся: гаварыць ці не. — Было ў мяне спадзяванне, што вас, Васілій Еўдакімавіч, хоць кропельку, ды казыча сумленне.
— З вашага сумлення я машыну не куплю, а мне яе вельмі хочацца, — Гамбалеўскі разумеў, што губляць яму няма чаго, і не хаваў сваіх прынцыпаў, назаляўся, не тоячыся.
Даманькоў паставіўся да яго маленькай дэманстрацыі паблажліва. Хай пацешыцца, можа, не атрымаўшы адпору зараз, потым хутчэй адыдзе, адумаецца, асэнсуе і яго словы і сваё становішча. Даманькоў толькі спытаў:
— Так і расстанемся, ні да чаго не прыйшоўшы?
— Пад вашу дудку скакаць не буду!
— Хацеў бы я ведаць, хто вам грае, Васілій Еўдакімавіч, — раздумліва прамовіў лейтэнант.
Гамбалеўскі толькі крутнуў галавой.
Застаўшыся адзін, Даманькоў нейкі час тупа глядзеў на кароценькі пратакол допыту загадчыка кафэ «Стары прыяцель». Дырэктар універсама, несумненна, падрыхтуецца. І возьме кансультацыю, і ўплывовых заступнікаў пастараецца падключыць. Вядома, цяпер «тэлефоннае права» не вельмі дзейнічае. Але, каб яно не спрацавала, яны з Гоманам павінны ўзброіцца фактамі дакладнымі і важкімі.
Зазваніў тэлефон.
Даманькоў неахвотна ўзяў трубку, ён апошнім часам чамусьці не чакаў прыемных навін — неяк усё пайшло, пачаўшыся з Протчанкі, наўскасяк.
— Я, Сцяпанавіч, я…
— Якое павуцінне пляцеш, ахоўнік сацыялістычнай уласнасці?
— На наш з табой век і дробных несуноў, і буйных камбінатараў стане, — наўрад ці следчага пракуратуры цікавіла, чым канкрэтна заняты лейтэнант Даманькоў, і Міхаіл падтрымаў легкадумны ўступ да, няйначай, нечага больш важнага.
— То, можа, схаваеш акты-ведамасці ў сейф і наведаеш мяне?
— Пільна?
— Увогуле так, думаю закрываць справу аб гібелі Атончык. Што? Не, гэта не тэлефонная размова…
— Дык што такога сакрэтнага ты маеш мне паведаміць? — з парога папытаў Даманькоў, адчуваючы трывогу: якая новая бяда навісла над Віктарам Пятровічам?
— Сядай, скакун, спачатку вырашым з самагубкай. Вось што паказаў дырэктар універсама, — і ён расказаў пра допыт Падошвы.
Даманькоў выслухаў уважліва, здзівіўся:
— Але Падошва не адмаўляе, што менавіта пасля яго прапановы жанчына кінулася пад поезд. Ен яе начальнік, службовае…
— Не загінай. Ты хочаш убачыць тое, чаго не было. Прапанова — не гвалтаванне, хочаш згаджайся, хочаш паказвай дулю.
— Ты грунтуешся толькі на яго сцвярджэнні.
— Падмацаваным, дарэчы, пісьмом Саевіча. А іншага ў нас няма. І вы з Протчанкам не знайшлі,— падпусціў следчы шпільку. — Такім чынам, у дзеянне ўступае прэзумпцыя невіноўнасці.
Даманькоў ужо крыху вывучыў асобу дырэктара універсама і таму не вельмі паверыў яго апраўданням у кабінеце следчага. Але Вайцулевіч увогуле меў рацыю — доказаў, што Антончык давялі да самагубства і тым болей штурхнулі пад колы, не было.
— Фармальна…
— Так і адзначым, былы вышукнік Даманькоў думку следчага не аспрэчвае, — стоячы, Вайцулевіч нешта запісаў, потым сеў.— Шкада жанчыны, ды сама вінавата, — ён гаварыў і гаварыў, быццам пераконваў у першую чаргу сябе.
— Гэта і ёсць твая «не тэлефонная размова»?
— Не маю прывычкі дзелавыя пытанні абмяркоўваць па тэлефоне. Асабліва сур’ёзныя, — Вайцулевіч памацаў падлакотнікі, лацвей уладкаваўся. Дапытліва паглядзеў на Даманькова, памарудзіў, падкрэсліваючы тым самым, што новае пытанне сапраўды важнае. — Учора адбыўся гарадскі актыў. Гаспадарчы. І нам, праваахоўнікам, дасталося. Лічы, у мой гарод каменьчыкі кідалі.
— Зацягваеш гаспадарчыя справы?
— Каб то, за Протчанку…
— Ты вядзеш расследаванне, што яшчэ трэба?
— Следства, Паўлавіч, следства. А сэнс папрокаў такі: рука руку мые, хабарнік па волі ходзіць, спрабуе сведак падбухторыць. Сячэш падтэкст? Ізалятара для Протчанкі дабіваюцца.
— Бязглуздзіца! — абурыўся Даманькоў.— Хто яе наплёў?
— Начальнік гаргандлю. Між іншым, не вельмі беспадстаўна. Як мне стала вядома, Протчанку бачылі ля кафэ. Чаго яго туды панесла?
— Можа, міма ішоў? — лейтэнант не хацеў выдаваць прычыну, якая прывяла Віктара Пятровіча да кафэ. Не адчуў ён у следчым добразычлівасці да Протчанкі.— Ды ўрэшце сказаць усё можна, важна, як ты ставішся да гэтага?
— Баюся, мая пазіцыя не надта цікавіць кіраўніцтва. Ужо быў званок з абласной пракуратуры. Абазвалі лібералам…
— М-да, — прамармытаў Даманькоў. Трывога за Віктара Пятровіча ўспыхнула ў ім з новай сілай. — Есць жа незалежнасць следчага…
— У падручніках, шаноўны. А ў жыцці ўсе мы пад богам ходзім. Адбяруць справу ў мяне, Протчанку горш будзе.
Быў у гэтым апраўданні нейкі штучны пафас, прыбядненне, і Даманькоў засмуціўся яшчэ больш.
— Вось так ваюем, — заключыў Вайцулевіч. — Прабач, мне да начальства.
Даманькоў так і не зразумеў, што хацеў ад яго Вайцулевіч. Ці то сапраўды параіцца, ці то ўскосна папярэдзіць праз яго Віктара Пятровіча, ці то сябе абяліць. Адно засталося ўражанне, што Тарас сёння быў не такі, як звычайна, больш упэўнены. Можа, акрамя крытыкі на актыве прагучала і пахвала? Але ў любым выпадку Віктару Пятровічу не пазайздросціш.
Шурмель упарта паўтараў:
— Не быў я ў штаце, не быў!
Пытанне гэта ўвогуле значэння не мела б, каб не адмаўляўся Шурмель ад сваёй прыналежнасці да кааператараў. Даманькова гэта дзівіла.
— Эдуард Цімафеевіч, — разгарнуў ён перад спартыўным трэнерам ведамасць на зарплату работнікаў кафэ. — Паглядзіце. Вось ваша прозвішча, а вось ваш подпіс.
— Пакажыце, пакажыце, — недаверліва папрасіў Шурмель. — Та-ак, я, — няўцямна працягнуў ён. — Ага! Падробка! Я не так распісваюся, — схапіў са стала ручку і на газеце, якую трымаў у руках, распісаўся. — Вось! Ну, фокуснікі!
І без графалагічнай экспертызы Даманькоў бачыў, што подпісы, хаця і падобныя, усё-такі адрозніваюцца адзін ад аднаго. Для пэўнасці ён параўнаў іх з тымі, што былі на пратаколе. Так, падробка. Каго ж хаваў Гамбалеўскі? Сябе, іншага? Менавіта хаваў, бо Шурмель, напэўна, не адмовіўся б, каб яго папрасілі даць для прыкрыцця сваё імя. Ды Гамбалеўскі, відаць, не хацеў чамусьці мець лішняга сведку нячыстай гульні. Чаму? Праца ў кааператыве, у тым ліку і па сумяшчальніцтву, не абмяжоўваецца. Наўрад ці Гамбалеўскі пайшоў на дробную афёру дзеля сябе — па ўсім, ён зарабляў намнога болей. Хаця дзе мяжа чалавечай прагнасці, асабліва такога, як ён? Гамбалеўскі можа абабраць і чужых, і сваіх. Амаль упэўнены, што так яно і ёсць, Даманькоў на ўсякі выпадак спытаў:
— Як вы думаеце, каму прызначаліся гэтыя грошы? Пытанне толькі падагрэла Шурмеля. Ен на вачах наліваўся злосцю, распаляўся і нарэшце панёс на Гамбалеўскага:
— Жмот! Мяне за дурня трымаць! Гэта ж… — ён тыкаў пальцам у сколатыя ведамасці за некалькі апошніх месяцаў і ад крыўды, абурэння, зайздрасці аж захліпаўся.
Даманькоў з цікавасцю глядзеў на сведку. Не, Шурмель за так не згадзіўся б даць прозвішча падстаўной асобе, ён бы запатрабаваў і сабе тое-сёе.
Ці не таму загадчык кафэ і вырашыў абысціся без яго? І памыліўся.
Пакрысе Шурмель справіўся са сваім узбуджэннем і паабяцаў:
— Ну, я ім пакажу!
— Ім? Каму? — падхапіў лейтэнант.
— Як каму? Гамбалеўскаму з Падошвам! Тарбахваты, увесь свет гатовыя заграбсці.
— Лічыце, замест вас грошы Падошва палучаў? Шурмель зноў захваляваўся:
— Валерый чысцюля, ён заўсёды ўбаку.
— Вы пра гэта ведаеце?
— У Нікі папытайце. Дзеўка прыгожая і пустая, схлусіць мазгоў не хопіць.
Падошва — не Гамбалеўскі, і лейтэнант пайшоў да Гомана.
— Жмі, Міхаіл, у кафэ, пакуль Шурмель там не нарабіў перапалоху, — параіў Алег Ануфрыевіч. — Я крыху затрымаю трэнера.
Нягледзячы на зробленае міліцыяй прадстаўленне ў райвыканком, кафэ «Стары прыяцель» не было закрыта. Нехта моцна падтрымліваў Гамбалеўскага.
Ніку Трафімаву лейтэнант знайшоў на кухні, яна памагала повару. Гамбалеўскага на месцы не было, і повар не адважыўся запярэчыць, калі Даманькоў паклікаў афіцыянтку. Ен толькі буркнуў услед:
— Не затрымлівайся…
Мінулы раз Даманькоў не надта прыглядаўся да Трафімавай. Тады ён не ведаў, што яна выступае сведкай у абвінавачанні Протчанкі. Цяпер ён глядзеў на дзяўчыну з падазрэннем, прыдзірліва.
Майстар спорту бадай не памыліўся ў адным — Ніка была прыгожая. Сучасная — высокая і танклявая. Пастава — манекеншчыцы, паходка кручаная. Вочы вялікія і наіўныя. На шчоках штучны румянец. Яна сапраўды не выдавала інтэлектуалкай. Але чым не намажашся, каб не адстаць ад моды.
Ніка трымалася перад Даманьковым вольна, нібы лейтэнант штодня піў у яе каву. Ен дапускаў, што гэта магло быць у дзяўчыны прафесійным, прывычкай знаходзіцца на людзях, і разам з тым не мог назваць Ніку пустышкай. Пасля яе першых адказаў, яму пачало здавацца, што яна многае ведае і пра многае мае сваю думку. Напэўна, гэта думка не зусім адпавядала прынятаму ў кафэ. Аднак Ніка наўрад ці выказвала яе. У васемнаццаць гадоў не кожны можа быць самастойным побач са знешне прыстойнымі і нават рэспектабельнымі дарослымі. Але што прымусіла дзяўчыну сведчыць супраць Протчанкі няпраўду? Гэта пытанне пякло Даманькова.
— Мы заўсёды бяром прадукты ў магазіне, — спакойна расказвала Трафімава. — Шэф кажа, на базары дорага. А ў нас усё роўна дорага.
— А танней можна?
— Шэф кажа, мы меней палучым, — яна прывычна называла загадчыка кафэ шэфам, відаць, сам Гамбалеўскі ўвёў гэта слова ў абыходак тут.
— Што вы, Ніка, усё на Васілія Еўдакімавіча спасылаецеся. Самі вы што думаеце?
— Падружка таксама ў кааператыўным кафэ працуе. Яны прадукты на базары бяруць. А яна не меней, чым я, палучае. Бухгалтэрыя! — дзяўчына зняважліва зморшчыла акуратны маленькі носік.
— Можа, там, дзе ваша сяброўка, работнікаў паменей.
— Ага, у іх сямейнае кафэ. Чацвёра спраўляюцца. А што? Калі зволіць у нас Валерыя Васільевіча, таксама чацвёра будзе.
Даманькоў ашаломлена глядзеў на Трафімаву. Ен рыхтаваўся да цяжкай размовы, а дзяўчына мімаходам выдала тое, да чаго збіраўся падступаць спакваля. Не паказваючы, што вельмі зацікаўлены менавіта гэтымі яе словамі, лейтэнант сказаў:
— Зволіць можна, а дэфіцыт дзе возьмеце? У вас яго вунь колькі,— паказаў ён на апячатаны склад.
— Людзі недзе бяруць, і мы возьмем, — гэта пытанне яе не клапаціла.
Што было патрэбна, Даманькоў высветліў. Цяпер карцела папытаць пра дзвесце рублёў, якія нібыта на яе вачах Гамбалеўскі даў Протчанку, ды было нельга.
Усю дарогу назад Даманькоў думаў, што нечага не разумее. Не паказалася яму Трафімава здольнай на хлусню, пра кафэ яна расказвала шчыра. А што прымусіла яе наплясці на Протчанку? І яшчэ ён не мог даўмецца, навошта Падошву членства ў кааператыве?
Гоман адсутнічаў, і Даманькоў, якога мучылі незразумелыя паводзіны дырэктара універсама і афіцыянткі кафэ, вырашыў зайсці да начальніка аддзела.
Міранкоў быў адзін. Хмуры, раздражнёны, ён сустрэў лейтэнанта стоячы пасярод кабінета.
— Садзіся, Міхаіл, расказвай. На мяне на зважай. Трафімава пацвердзіла?
— Не тоячыся, — Даманькоў далажыў пра паказанні афіцыянткі, пра свае сумненні.
— Ты з Вайцулевічам не дзяліўся?
— Не, — павагаўшыся, Даманькоў прызнаўся: — Нешта стрымлівае.
Міранкоў, не ўдакладняючы, быццам гэта не мела значэння, кіўнуў і зноў пачаў мераць крокамі кабінет. Ен маўчаў, і лейтэнант толькі паварочваў за ім галаву.
Спыніўся падпалкоўнік неспадзявана, жорстка сказаў:
— Хай Гоман возьме ў Бабіцкага санкцыю на Падошву і Гамбалеўскага, падстаў хапае. А то, знаходзячыся на свабодзе, яны не адну палку вам у колы ўставяць. — Некаторы час раздумліва глядзеў на падначаленага і нечакана з той жа жорсткасцю паведаміў: — З райкома званілі. Прапанавалі разгледзець пытанне аб партыйнасці оперупаўнаважанага Протчанкі.
— Але следства не скончылася… — здзівіўся Даманькоў.— Віну толькі суд даказвае. Няўжо нічога нельга зрабіць?
— Не нам пракуратуру кантраляваць, — Міранкоў пакружыў па кабінеце, зноў навіс над лейтэнантам. — А службовае расследаванне папярэдняга абвінавачання Протчанкі правядзем. З кафэ цяпер Гоман сам справіцца, а ты вазьміся за культмаг.
З начальствам, нават калі яно трымаецца з табой не надта афіцыйна, не паспрачаешся. Перакананы, што падпалкоўнік даў яму не тое даручэнне, што абвяргаць зараз трэба Не службовую правіннасць Протчанкі, а больш сур’ёзнае абвінавачанне, Даманькоў пайшоў ад Міранкова моўчкі. Але загад ёсць загад. Ен сеў за свой стол і пачаў думаць. Напрошваліся тры напрамкі праверкі: хвароба прадаўшчыцы аддзела спорттавараў, з’яўленне ў культмагу інспектара Касабуцкага, загадчыца магазіна на спорттавары паставіла недасведчанага чалавека, без інструктажу.
План увогуле выглядаў правільным. Аднак Даманькова бянтэжыла, што і Протчанка спрабаваў некалі дзейнічаць прыкладна так і нічога не здабыў, акрамя шышак. Адзіны, хто мог. бы прыадкрыцць заслону над гэтай гісторыяй, калі, вядома, выпадак падстроены, быў гандлёвы інспектар Касабуцкі. Яго пазіцыя ў гэтай справе слабейшая за іншыя. Медыкі пацвердзяць правільнасць выдачы лістка па часовай непрацаздольнасці незалежна ад таго, была хвароба ў прадаўшчыцы або не было. Гэта ў іх адпрацавана. Чычкіна скажа, што выпадак быў для яе нечаканым. Касабуцкі ж не раз’яздны інспектар, ідучы куды-небудзь, ён дакладвае начальству адрас і мэту.
Даманькоў зірнуў на гадзіннік. Без дваццаці сем. Ен набраў хатні нумар Андрэя.
— Можна я зайду?
На тым канцы проваду ўзнікла паўза. Нарэшце гаспадар спытаў:
— Гэта важна?
— Так? — нецярпліва адказаў лейтэнант. — Не мне, не табе. Важна Віктару Пятровічу.
Трубка яшчэ памаўчала, а тады ў ёй прагучала:
— Ну…
Думка сустрэцца з Антончыкам прыйшла Даманькову ў апошні момант. Успомніў, што адна са сведак супраць Протчанкі — Саўчанкава была зямлячкай або нават сваячкай Андрэя, блізка прыняла яго бяду. Можа, Андрэю яна раскажа праўду і пра тыя дэфіцытныя зорачкі, і пра наведанне яе Протчанкам.
У Антончыка аказалася госця, дзяўчына. Недарэчы, ды што паробіш. Прыйшоўшы, ад задумы не рэзон адступаць. Праходзячы ў пакой, Даманькоў акінуў хуткім позіркам дзяўчыну. Прыкладна Андрэевага ўзросту. Мілавідная, хаця маленькія вочы крыху падвялі, не пасуюць да круглага вялікаватага твару, да таго ж, глядзяць калюча, недаверліва. Няўжо меціць на месца Людмілы? Але гэта Даманькова не тычылася, і ён павітаўся.
— Знаёмцеся, — сказаў Андрэй, — мая даўняя сяброўка.
Дзяўчына ўстала, падала руку:
— Наталля Барысаўна…
Была яна невысокая, налітая целам, яе позірк пацяплеў, як пазнаёміліся. Але Даманькову патрэбна была не яна, а Андрэева зямлячка.
— Ну, як вы тут? — пры старонняй дзяўчыне Міхаіл не хацеў адкрываць мэту свайго прыходу.
Адказала дзяўчына, як паскардзілася:
— Палюбуйцеся, на сябе не падобны. Цень, а не чалавек. Але я прымушу яго, жывы аб жывым павінен думаць.
Яна гаварыла рашуча, і Даманькоў паверыў, што яна не адступіцца. Каб не даць завесці сябе ў іх, відаць, не першую дыскусію аб жыцці жывых, ён вырашыў спытаць напрасткі:
— Слухай, Андрэй, ты даўно бачыў Наталлю Саўчанкаву?
Андрэй здзіўлена адкрыў рот, не паспеўшы сесці, застаўся стаяць слупам пасярод пакоя. А дзяўчына зарагатала:
— Дык гэта я!
Здараецца ж! Даманькоў, не падрыхтаваны да такой сустрэчы, пачаў выкручвацца:
— От добра, што вы наведваеце Андрэя…
— Вам бы такое, — не надта ветліва выпаліла дзяўчына.
Даманькоў збянтэжана сказаў:
— Не крыўдуйце, мне казалі, што вы вельмі падтрымліваеце Андрэя.
— А як інакш? Ох, Люда, Люда, — пляснула рукамі Наталля. — Трэба ж такое зрабіць…
І тут у галаве Даманькова мільганула новая ідэя:
— Андрэй, ты ведаеш, што я дапамагаў Віктару Пятровічу? Ен устанавіў, як загінула Людміла.
— А мне следчы падрабязнасцей не сказаў, сказаў, што самагубства, і ўсё.
— Напэўна, не падумаў, што табе неабходна знаць усё, — Даманькоў не быў упэўнены, што Вайцулевіч зрабіў правільна, засакрэціўшы ад мужа некаторыя акалічнасці смерці жонкі, але не яму было папраўляць гэта. — Галоўнае, Андрэй, з цябе падазрэнне знята і знята, дзякуючы Віктару Пятровічу.
— Гэта які Віктар Пятровіч? — зацікавілася дзяўчына.
Пытанне прагучала своечасова, і Даманькоў скарыстаў магчымасць.
— Той самы, на якога вы напаклёпнічалі. Цень прабег па белым твары дзяўчыны, яна разгубілася і, не апраўдваючыся, адвяла вочы.
— Наталля, гэта праўда? — Антончык здзіўлена пераводзіў позірк з Даманькова на дзяўчыну.
— А я знаю? — нарэшце агрызнулася Саўчанкава.
— Ен да вас прыходзіў па скарзе ў культмагу, — растлумачыў лейтэнант. — Помніце?
— Адкуль я ведала, хто ён такі?
— Значыць, пісалі, не ведаючы? — паківаў галавой лейтэнант.
— Вазьмі, Наталля, скаргу назад! — патрабаваў Андрэй.
Даманькоў паклаў Андрэю на плячо руку:
— Не гарачыся, хлопец, тут трэба разабрацца. Наталля Барысаўна раскажа, а тады будзе відаць. Раскажаце? — звярнуўся ён да дзяўчыны.
— Кепска атрымалася, — уздыхнула Саўчанкава. — Аксана папрасіла, я не магла адмовіць.
— Аксана — яе сястра, — удакладніў Андрэй. Хто такая Аксана, лейтэнант ужо здагадаўся, сказаў дзяўчыне:
— Вы не падумайце, я не караць вас прыйшоў, хаця, прызнаюся, вы заслугоўваеце добрай папружкі. Хвіліначку, — прыпыніў ён пярэчанні Саўчанкавай. — Вы — дарослы чалавек, а паглядзіце, як лёгка, бяздумна нанеслі шкоду дваім незнаёмым і добрым людзям… Ладна, — абарваў ён сябе. — Не мая справа чытаць вам мараль.
— А я не паверыў Віктару Пятровічу, — прызнаўся Андрэй. — У яго сапраўды вялікія непрыемнасці?
— Есць такое…
— Што трэба зрабіць? — Андрэй пытаўся ў Даманькова, а сам глядзеў на Саўчанкаву.
Лейтэнант паціснуў плячамі. Хай яны самі прыдумаюць, а то потым возьме гэта Наталля Барысаўна і накатае скаргу і на яго.
— Можа, Наталлі трэба напісаць новую заяву? — не адставаў Андрэй.
— А паможа? — дзяўчына нерашуча зірнула на лейтэнанта. — Нас з Аксанай судзіць не будуць?
— Усё залежыць ад вас, — Даманькову было і горка, і смешна. — Шчырасць яшчэ нікому шкоды не прыносіла. Пазней вы гэта самі зразумееце — вас не будзе мучыць віна. Але падумайце, каб потым не шкадавалі і не папракалі нас з Андрэем, бо выступіце супраць сястры.
Саўчанкава доўга разглядала свае дагледжаныя далоні, быццам лініі і рысачкі маглі падказаць правільнае рашэнне. Потым зірнула на хмурага Андрэя і рашуча заверыла:
— Напішу! А Аксана… Яна мне казала, што і яе прымусілі…
Напэўна, ініцыятарам сапраўды была не Васілоўская. Аднак толькі пад прымусам такі спектакль не арганізуеш, відаць, у акружэнні Падошвы яна займала рад не ззаду. Даманькоў не сумняваўся, што Аксана Барысаўна змагалася і за сваё месца пад сонцам. Не паказваючы, што рады, ён прапанаваў:
— Наталля Барысаўна, калі не перадумаеце, прыходзьце заўтра ў райаддзел.
— Разам будзем, — паабяцаў за яе Андрэй.
Гандлёвы інспектар Касабуцкі нерваваўся, хаця справа ў яго падачы выглядала натуральнай, бездакорнай. Быццам зайшоў у культмаг купіць унучцы цацку і пачуў у суседняй секцыі шум. Мусіў умяшацца. Ен глядзеў Даманькову ў вочы і паўтараў:
— Вы мне не верыце? Вы мне не верыце? Лейтэнант, вядома, не верыў. Цацку ён не купіў.
І хаця Падрабляўся пад прасцячка, быў, як казалі яго калегі, старым шакалам. Аднак дзеянні Касабуцкага непасрэдна з Протчанкам не стасаваліся, і Даманькову не было падставы капацца ў іх глыбей. Канфлікт з Равуцкай меў працоўны характар.
Яшчэ меншыя вынікі дала сустрэча з загадчыцай культмага Чычкінай. Яна выказала здзіўленне, што міліцыя зацікавілася выпадкам, якому не далі разрасціся і па якім прыняты неабходныя і суровыя меры. Чычкіна нібы зрабіла ласку і растлумачыла:
— Для мяне гэта было патрасеннем, мне так хораша рэкамендавалі Равуцкую.
Яна таксама хлусіла. І зноў Даманькоў мусіў прымаць тлумачэнне, не спрабуючы выявіць неадпаведнасць слоў і падзей.
— Што за норавы ў гандлі! — абураўся ён, дакладваючы падпалкоўніку пра свае здабыткі.
— Ну, мы не прафсаюз і не суд, кады павінна звяртацца Равуцкая, — усміхнуўся з яго гарачнасці Міранкоў.— А твая сфера — сацыялістычная ўласнасць, і тут ты яшчэ не з такім сустрэнешся. А пакуль можаш задаволіцца дасягнутым, ёсць пра што пагаварыць з капітанавай спакусніцай.
— Я з ёю пагавару! — сярдзіта паабяцаў Даманькоў.
— З Васілоўскай гаварыць буду я, Міхаіл. Мне здаецца, Аксана Барысаўна добрая артыстка. На што Протчанка цёрты калач, а і ён не раскусіў гульню.
З начальствам не спрачаюцца, хаця пратэст можна выказаць у маўклівай форме — незадаволеным тварам. Што Даманькоў і зрабіў.
— Не задзіраў бы ты носа, лейтэнант, я ўсё-такі вопытнейшы. І гонар майго падначаленага закрануты, а не твайго.
У райаддзел унутраных спраў Васілоўская з’явілася быццам на вячэрні баль. Чорная трыкацінавая спадніца, белая блузка, ажурныя панчохі-павуцінкі, ярка нафарбаваныя вусны ў тон фіялетавым валасам.
Міранкоў толькі чмыхнуў у вусы: не кожны дзень цешаць міліцыю такія расфранчаныя жанчыны.
Васілоўская заўважыла, што зрабіла патрэбнае ўражанне, шырока ўсміхнулася і села, закінуўшы нагу на нагу, а тады падняла вочы на падпалкоўніка.
— Чакаю пытання, Леў Фёдаравіч, — яна паводзіла сябе быццам бесклапотна, толькі вось гэта «Леў Фёдаравіч» сведчыла, што Аксана Барысаўна пэўным чынам падрыхтавалася да сустрэчы.
— Вы хаця б разумееце, што капітан Протчанка можа падаць на вас у суд? — Міранкоў парушыў намечаны план гутаркі: і прыгожым жанчынам, якія пераступілі мяжу дазволенага, у міліцыі належала трымацца без фанабэрыі.
— Сястрычка накляпала? Дура бязмозглая. А я адстойвала аўтарытэт калектыву, які чарніла былая наша работніца Равуцкая.
— Своеасаблівы спосаб, — Міранкоў дзівіўся з гэтай жанчыны. Яна зусім не была такой легкадумнай, як старалася сябе выставіць. — А капітан Протчанка дзе вам насаліў? Толькі не паўтарайце казку пра жаночую радасць.
Яна з той жа бестурботнасцю прызналася:
— Ен нешта вышукваў у нас.
— Вы самі да гэтага дадумаліся ці Валерый Васільевіч навучыў?
— Дазвольце мне не адказваць на гэта пытанне.
— Ваша права, Аксана Барысаўна. Між іншым, і ў Протчанкі, я сур’ёзна папярэджваю, ёсць права падаць на вас у суд. Вы не проста напаклёпнічалі, вы яшчэ і тое-сёе арганізавалі.
— Хай капітан спачатку сам выкруціцца, — яна перайшла ў наступленне, не хаваючы сваю дасведчанасць.
Протчанку сапраўды зараз было не да суда з Васілоўскай, і Міранкоў зрабіў наступны ход:
— Есць яшчэ Равуцкая. Аксана Барысаўна рассмяялася:
— Касабуцкаму з Чычкінай я не ўказчыца. А Равуцкая… Не пікне, — яна звяла чорныя бровы, і ў яе вачах заскакалі маланкі.— Не замахвайцеся, таварыш падпалкоўнік, не ўсё вы можаце!
Васілоўская паводзіла сябе нахабна, нехта, відаць, растлумачыў ёй, што міліцыя паклёпамі не займаецца. Міранкоў вырашыў ахаладзіць яе запал. Ен пасунуў тэлефон.
— Гоман? У Бабіцкага былі? Пагадзіўся? Потым, потым, — не зводзячы позірку з Васілоўскай, павольна апусціў на рычагі трубку, пераставіў на круглы тэлефонны столік апарат. — Не разлічвайце на Падошву, Аксана Барысаўна, пракурор дазволіў затрымаць яго.
— Як затрымаць? — кроў схлынула з твару жанчыны, пакінуўшы на ім касметычныя палоскі. Яна адразу нібы паліняла. — Арыштавалі?
— Калі вам больш падабаецца гэта слова… Навіна ўразіла Васілоўскую. Падзенне Падошвы ёй здалося здрадай, за якой маячыў і яе крах. Гэтага Аксана Барысаўна дараваць не магла:
— Давалацужыўся, паскуднік, — грубая лаянка прывычна злятала з прыгожа акрэсленых вуснаў.— Мала яму Машкі Жукоўскай, свежанькую захацеў. За Людку ўзялі? — ёй і ў галаву, напэўна, не прыходзіла, што дырэктару універсама могуць прад’явіць іншыя прэтэнзіі.— За Людку?
Міранкову здалося, што Васілоўскай вельмі хочацца пачуць пацвярджэнне гэтай яе здагадкі. Ці не таму, што і сама была павязана гандлёвымі парушэннямі? Ды Гоман з Даманьковым з гэтым неўзабаве разбяруцца. А пакуль трэба, каб яна задумалася. Падпалкоўнік растлумачыў:
— Выпадкам з Антончык займаецца пракуратура.
— Вось як? — Васілоўская нерашуча паглядзела на Міранкова. — Я магу пайсці?
— Вядома. Але мы з вамі яшчэ сустрэнемся. Адпусціўшы Аксану Барысаўну, начальнік аддзела паклікаў Даманькова.
— Які рэжысёр загінуў у асобе універсамаўскага эканаміста, — сказаў ён лейтэнанту.
— Здагадваюся…
— Ну-у, мабыць, не пра ўсё, — Міранкоў быў задаволены размовай з Васілоўскай. — Такія спектаклі арганізаваць без ценю збянтэжанасці.
— Толькі таго? Я пра гэта ад яе сястрыцы чуў.
— Ты можаш выслухаць да канца? — паморшчыўся падпалкоўнік. — Галоўнае не ў спектаклях. Наша прыгажуня ўпэўнена, што Падошва пацярпеў за прадаўшчыцу. Як табе гэта падабаецца?
— Ого…
— Вось табе і ого, баюся, прайшлі вы з Вайцулевічам міма нечага такога, што інакш высвечвае гэта здарэнне. Сыр-бор загарэўся не сам па сабе. Яго падпалілі, калі Віктар Пятровіч паспрабаваў паглыбіцца ў прычыну гібелі Антончык.
— Як яна загінула, ніхто не бачыў.
— Усё роўна праінфармуй Тараса Сцяпанавіча. А наступным разам, думаю, Аксана Барысаўна і на цябе папрацуе. Ты не згодны? — улавіў ён цень на лейтэнантавым твары.
— Падошву мы схапілі за руку. А што з гэтага Віктару Пятровічу? Гамбалеўскаму цяпер няма чаго губляць, будзе яшчэ больш злосна стаяць на сваім.
— Ты працуй, працуй, лейтэнант Даманькоў,— падпалкоўнік нібы не чуў пытання. — Было б добра, каб менавіты ты правёў першы допыт дырэктара універсама, парайся са следчым.
— Падошва — не Васілоўская…
— Падрыхтуйся. Трэба, каб ён хоць частку сваіх козыраў кінуў на стол. З табой ён будзе трымацца больш раскавана, чым з Гоманам, на гэтым і сыграй.
— Козыры… — лейтэнант не хаваў няўпэўненасці.— Яны ў яго высокія…
— Пляваць на закон і з вышыні нікому не дазволена, кіруйся гэтым. Хто б перад табой ні сядзеў.
Жонка Протчанкі не ведала тых сур’ёзных пагроз, якія навіслі над мужам. Віктар Пятровіч толькі расказаў чаму яго выправілі ў водпуск. Не хацеў трывожыць. Кацярына Іванаўна гэту прычыну слушнай не палічыла і таму дзівілася з незвычайнай мужавай прыгнечанасці. Каб неяк усцешыць яго, развеяць, яна нарэшце выбрала момант і рашуча заявіла:
— Сёння ідзем у кіно, Віця, хопіць кіснуць! Протчанкі не часта выбіраліся з дому, і кожны паход заўсёды быў для іх маленькім святам.
Настрой у Віктара Пятровіча быў далёка не святочны, аднак ён не стаў працівіцца — хай хоць Каця парадуецца, адпачне. Ен раптам выразна адчуў, што такі выпадак яшчэ раз у яе можа надарыцца не хутка.
Вечар быў хмуры, як і думкі Протчанкі. Здавалася, лета насуперак календару вырашыла дачасна павярнуць на восень. Шэрыя, гатовыя высеяцца дробным занудлівым дожджыкам хмары зацягнулі неба. З ракі дзьмуў насычаны вільгаццю моцны вецер. Ен гнуў долу маладыя клёнікі і каштанікі, высаджаныя на газонах перад доўгімі шматпавярховымі гмахамі. Гадоў праз колькі тут, у мікрараёне, напэўна, зашуміць зялёны і цяністы сквер, усё навокал зменіцца, папрыгажэе, стане абжытым. Протчанку раптам захацелася апынуцца зараз у тым будучым часе, з якога ён зможа паглядзець на свае цяперашнія нягоды, як на даўнія, з усмешкай. Але адразу сумна падумалася: калі будзе да смеху.
— Што маркоцішся, Віця? — Кацярына Іванаўна заклапочана павярнулася да маўклівага мужа. — Усё крыўдзішся на сваё начальства?
— На пагоду, — ён прымусіў сябе ўсміхнуцца і падхапіў Кацярыну Іванаўну пад руку.
— Так, ажно сумна робіцца, — жонка зрабіла выгляд, што задаволена тлумачэннем, і рассмяялася.
Віктар Пятровіч адчуў сябе вінаватым — трэба было падзяліцца сваімі бедамі. Асабіста яму гэта, бадай, прынесла б некаторую палёгку. А Каці? Ен у гэтым не быў упэўнены, і разам з тым грызла думка, што ёй, можа, потым, калі даведацца пра ўсё, будзе яшчэ больш горка. Ен жа тоіцца ад самага блізкага чалавека, паводзіць сябе так, быццам яна не жонка, а чужая.
Гэтага ў яго ніколі раней не было. Праўда, нічога падобнага раней з ім і не здаралася. Гэта ён спачатку адмахнуўся ад абвінавачання ў хабарніцтве — надта нерэальна яно прагучала. Цяпер, добра ўзважыўшы абставіны, усвядоміў, што адбіцца будзе цяжка. Не дзеля жарту накінулі на яго, оперупаўнаважанага, тугую пятлю. І ў райаддзеле, паколькі пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу, мусяць лічыцца з гэтым фактам. А менавіта ў паводзінах следчага яму шмат што не зразумела. Нібы ён нешта цямніць. Ды не пойдзеш, не падкажаш: рабі так і гэтак. Ні гонар, ні становішча падследнага не дазваляюць…
— Віця, ну не хмурся, — Кацярына Іванаўна правяла шчакой па мужавым плячы. — Перамелецца.
— Абавязкова, — адазваўся на ласку Віктар Пятровіч. Прытуліўшы жончыну руку да сябе мацней, упарта прамовіў: — А ўсё-такі добра…
Кацярына Іванаўна непрыкметна ўздыхнула. Да добрага, яна адчувала сэрцам, было далёка. Падладзіўшыся пад яго размашысты крок, павярнула гаворку на дзяцей. Звычайна, як бы ні быў заклапочаны муж, гэта заўсёды было яму цікава, важна.
— Заходзіла ва універмаг, — бадзёра зашчабятала Кацярына Іванаўна, — такі модны плашчык Настачцы нагледзела… Напэўна, вазьму заўтра, без прымеркі, а то разбяруць. Ведаеш, у нас нішто не залежваецца.
— Бяры, восень вунь скора…
Протчанка здагадаўся на яе хітрыкі і быў за іх удзячны. Ен, падтрымліваючы гаману паварочваў да жонкі галаву, падтакваў і любаваўся ёю. Амаль дзесяць гадоў яны разам, жывуць у згодзе і ладзе. Каця, на яго погляд, зусім не змянілася. Ні характарам, ні знешнасцю. Такая ж спагадлівая, чулая, такая ж прыгожая. Вось толькі вакол вачэй з’явіліся першыя і дачасныя маршчынкі. Калі? Нядаўна іх не было. Няўжо гэта ён сваімі нягодамі прынёс Каці гора? Віктару Пятровічу раптам захацелася пацалаваць і вочы, і маршчынкі вакол іх. Ен нават прыпыніўся. Каця зразумела і шчасліва засмяялася.
— Які ты дарослы, дарослы хлопчык, Віцька!
Кацярына была маладзейшая за Віктара Пятровіча на два гады. Аднак і калі кявесцілася, і потым, стаўшы жонкай, часцяком кпіла з мужавай жыццёвай непрактычнасці, з юначай парывістасці, якая захавалася ў ім са студэнцкай пары.
— Што я рабіў бы без цябе, Каця? — Протчанка хацеў сказаць гэта жартам, прагучала па-сапраўднаму — сур’ёзна і шчыра. Скупы на словы, калі гэта датычылася пачуццяў, ён сумеўся.
Кацярына Іванаўна зноў рассмяялася.
У аўтобусе яны маўчалі — побач тоўпіліся людзі.
Прыпынак быў ля самага кінатэатра. Віктар Пятровіч паглядзеў на чаргу, хвост якой пачынаўся на вуліцы, і з прыкрасцю паківаў галавой:
— Схадзілі…
— З абачлівай жонкай не прападзеш, любы, — і Кацярына Іванаўна вывудзіла з перапоўненай рознымі патрэбнымі і непатрэбнымі рэчамі жаночай сумачкі два білеты. — Загадзя паклапацілася! Цані.
Яны зайшлі ў фае. Да пачатку сеанса было яшчэ хвілін пятнаццаць, але тут было ўжо людна і тлумна. Непагадзь гнала гледачоў у памяшканне.
— Хачу марожанага, — заявіла Кацярына Іванаўна і пацягнула Протчанку да буфетнай стойкі.
— Нажывеш ангіну, — не надта настойліва дакараў ён, ідучы следам за жонкай. Яна заўсёды любіла салодкае. — Можа, ліманаду?
Лепш бы Кацярыне Іванаўне не захацелася ласунку, тады, можа, не сутыкнуліся б яны нос у нос з Заранкамі.
Жанчыны, добра знаёмыя яшчэ з часу вучобы ў інстытуце, заўсміхаліся адна адной, завойкалі:
— Люба!
— Каця!
І пасыпаліся пытанні:
— Як жывеш? Як дзеці? Што чутна?
Яны не слухалі адказаў, у такіх выпадках адказы не абавязковыя — галоўнае, пытацца, гаварыць…
Мужчыны павіталіся стрымана, суха. Протчанка, помнячы сваё становішча падследнага, не падаў рукі, а Заранок, відаць, таксама звязаны гэтай акалічнасцю, не працягнуў сваю. Так яны і стаялі моўчкі, хмурыя, падкрэслена ўважліва слухаючы жанок. Нарэшце Аляксандр Іванавіч выціснуў:
— Рашылі, значыць, наблізіцца да культуры… Кацярына Іванаўна пачула і паскардзілася:
— Віця за працай хутка мяне забудзе, не тое што кіно. Каб не водпуск…
— А ты на што? — Заранок з палёгкай павярнуўся да яе. — Як у народзе кажуць? Муж — галава, а шыя? Жонка! Рабі вывады, кабета, — ён нібы баяўся спыніцца.
— Можна падумаць! — уклінілася ў размову жонка Заранка Люба.
А Кацярына Іванаўна насцярожана перавяла позірк з Заранка на мужа. Яны абодва сёння ёй не падабаліся, былі нейкія напружаныя. Папытала:
— Вы дзе сядзіце?
— Пятнаццаты рад, — адказаў Аляксандр Іванавіч і нават выцягнуў з верхняй кішэнькі пінжака сіненькія білецікі.— А месцы…
— Па брані ўзялі,— паспяшалася растлумачыць яго жонка. — Знаць бы, і вам побач узялі б. Можа, памяняецеся з кім, — яна павяла позіркам навокал.
— Дзякую, — адмовілася Кацярына Іванаўна. — Мы на дваццаць трэцім, таксама добра.
— Ага, недалёка, — пацвердзіў Заранок. — Вы яшчэ ж без акуляраў,— пакехкаў ён, — убачыце, што там на экране. — Зірнуў на гадзіннік, які вісеў над буфетнымі паліцамі, занепакоіўся: — Хутка пачнуць пускаць, а нашы месцы ў сярэдзіне…
— Што з ім? — Кацярына Іванаўна разгублена паглядзела ўслед Заранкам. Потым строга спытала ў мужа: — Вы пасварыліся?
— З начальствам, мая любая, не сварацца.
— Дык якая кошка паміж вас прабегла? Ты ад мяне нічога не скрываеш, Віця?
— Ну вось, адразу крыўда, — Віктар Пятровіч узяў у буфетчыцы вафельны стаканчык з марожаным, падаў жонцы. — Асвяжыся. Нашы месцы з краю, паспеем.
Кацярына Іванаўна падзякавала і асцярожна дакранулася рукой да сэрца — яно раптам зашчымела.
Віктар Пятровіч у гэты момант не глядзеў на жонку. Ен думаў аб сваім. Наўрад ці выпадкова Заранок, убачыўшы іх, занерваваўся, павёў сябе не вельмі тактоўна. Сам Віктар Пятровіч не пакрыўдзіўся, перад Кацяй было сорамна — яна ж лічыла іх добрымі сябрамі…
Сеўшы на месца ў зале, Заранок таксама думаў пра колішняга аднакашніка. Ен быў незадаволены сабой. Не трэба было наогул затрымлівацца з Протчанкамі. Вакол поўна людзей. Не хапае, каб заўтра пайшлі па горадзе плёткі, што ён, намеснік старшыні гарсавета, падтрымлівае прыяцельскія адносіны са злачынцам, разам у кіно ходзіць. Тады таму-сяму можа прыпомніцца, што яшчэ нядаўна былі яны даволі блізія. У яго ж, Заранка, безумоўна, ёсць зайздроснікі, гатовыя, толькі дай повад, падставіць падножку.
Заранок падаграваў сябе, злаваўся і ўрэшце перанёс незадаволенасць на жонку:
— Табе абы пакрасавацца!
— Ладна, не бурчы, нелюдзім! — не саступіла яна. У яе папроку таксама была праўда. Чым вышэй узнімаўся Аляксандр Іванавіч па службовай лесвіцы, тым болей пазбягаў месц, дзе было шмат народу, дзе да яго мог звярнуцца кожны, хто захоча. Але спрачацца з жонкай не стаў, адклаў на потым, калі вернуцца дадому.
— Як там у Віцькі? — яна не вытрымала, здагадаўшыся, чаго злуецца муж.
— Фільм глядзі, пачынаецца, — абарваў яе Аляксандр Іванавіч і нават адсунуўся.
Суткі, праведзеныя Падошвам у следчым ізалятары, адбіліся на яго знешнім выглядзе мала. Хіба толькі не свяцілася на твары колішняя звычайная добразычлівасць. У камеры Падошва маску скінуў, цяпер ён глядзеў зло, адчужана. Даманькоў адзначыў сабе, што дырэктар універсама не выпадкова меў рэпутацыю валявога чалавека. Разумее, што выкрыты, а трымаецца фанабэрыста, нібы гэта ён сам выклікаў супрацоўніка міліцыі, каб спытаць з яго па ўсёй строгасці. Значыць, без бою не здасца і наўрад ці спадзяецца толькі на сябе. Ля Падошвы карміліся, як ужо стала вядома следству, розныя, так званыя, патрэбныя людзі. Той-сёй з іх будзе вымушаны стаць на яго абарону. Не сёння, нават не заўтра — пазней, калі стане ясна, што пятля моцна зацягваецца на шыі карміцеля і кончыкамі пагражае закруціць і іх. Бо Падошва, не атрымаўшы падтрымкі, не змоўчыць, загаворыць…
— Што вы мяне разглядаеце, малады чалавек? — нервы ў Падошвы ўсё-такі дрогнулі.— Мне знаходзіцца ў вас патрэбы няма.
— Давайце на будучае дамовімся: для вас я або оперупаўнаважаны, або Міхаіл Паўлавіч — я вам ужо называўся. Вам следчы прад’явіў абвінавачанне, вызначыў меру стрымання. Так што знаходзіцеся вы тут у адпаведнасці з законам.
— Я буду скардзіцца пракурору!
— Пракурор даў санкцыю, вы з ёю знаёміліся.
— Не пракурор, памочнік. Гэта і яму, і міліцыі дарма не мінецца. Я буду скардзіцца абласному пракурору! Дарэчы, вы паведамілі пра мой арышт кіраўніцтву горада?
— Вам дадуць паперу, — спакойна паабяцаў Даманькоў.— А наконт паведамлення — асабіста я гэтага не рабіў. І не будзем траціць час і сілы на неістотнае. Зоймемся справай. Ваша імя, прозвішча?..
Падошву перакасіла. Але ён стрымаўся, роблена ўсміхнуўся:
— Калі вам так хочацца, — і пачаў адказваць падкрэслена паблажліва.
— Што вы маеце заявіць з поваду прад’яўленага вам абвінавачання?
— На правакацыю я не збіраюся адказваць. Можаце запісаць, што я адмаўляюся ад паказанняў.
— Рашэнне прынцыповае, — Даманькоў па-ранейшаму трымаўся роўна, спакойна. — Аднак перш чым прымаць яго, вам не лішне пазнаёміцца з гэтым, — лейтэнант разгарнуў перад ім ужо даволі пухлую папку.
— Навошта?
— Хаця б з цікаўнасці, ды і, можа, раней ці пазней спатрэбіцца. Нам з вамі яшчэ доўга высвятляць цёмныя плямы ў вашай дзейнасці. Папярэджваю: доказаў хапае і без вашага прызнання, Валерый Васільевіч. Зыходзьце з гэтага, выбіраючы лінію паводзін.
Павагаўшыся, Падошва падсунуў папку да сябе. Як бы ні храбрыўся перад лейтэнантам, ён разумеў, што без дай прычыны за яго не ўзяліся б. Чытаў ён уважліва, доўга, затрымліваючыся нават на кароценькіх даведках, і, забываючыся, раз-пораз ляпаў сябе па кішэнях, шукаючы аловак. Быццам хацеў нешта запісаць або паправіць у тэксце дакументаў. Закончыўшы, напышліва сказаў:
— Я магу разбіць усё, што вы тут назбіралі,— ён ужо не паказваў злосці, ён ушчуваў.— Няма неабходнасці. Заўтра-паслязаўтра вы, не, ваша начальства афіцыйна папросіце ў мяне прабачэння, — і тут, было схаваная, раз’юшанасць прарвалася вонкі.— Тады вас… оперупаўнаважаны, маці родная не пазнае.
— Вы не адказалі на пытанне пра абвінавачанне, — нагадаў Даманькоў. Ен мала працаваў у міліцыі, але паспеў ужо наслухацца і адкрытых, і прыкрытых пагроз.
Тое, што лейтэнант не стаў спрачацца, даказваць, а працягваў трымацца адной лініі, падзейнічала на Валерыя Васільевіча, як чырвоная ануча на быка. Ен раскрыў рот, хапаючы паветра, а яно нібы засядала ў горле, не праходзіла, душыла. Нарэшце Падошва справіўся з камяком, праглынуў і тады выгукнуў:
— Усё!
— Што ж, час церпіць, падумайце, — раўнадушна сказаў Даманькоў і папрасіў забраць падследнага.
Даманькоў не быў каменны, у яго ўнутры ўсё кіпела. Падошва не браў нашармака, ён верыў, што будзе менавіта так. Протчанка толькі дакрануўся да яго і паплаціўся. А тут Падошву пагражаюць не шэпты за спіной, тут калонія свеціць, і ён, і яго дружбакі без бою, у якім усе сродкі будуць добрыя, не здадуцца. Ды нічога ў іх не выйдзе. Нават маючы перад сабой прыклад Віктара Пятровіча, Міхаіл не баяўся за сябе. І яму Падошвавы хаўруснікі нічога не зробяць, і крымінальную справу не замнуць.
Даманькоў аднёс кароценькі пратакол Гоману, расказаў, як паводзіў сябе Падошва, і пайшоў да Вайцулевіча.
Тарас Сцяпанавіч стаяў над сталом і ліхаманкава перабіраў паперы, адчыняў і зачыняў шуфлядкі, тасаваў папкі і ўздыхаў.
— Згубіў што? — спытаў лейтэнант.
— Мне б твае турботы, ахоўнік сацыялістычнай уласнасці,— заклапочана адказаў Вайцулевіч і вываліў на стол з чарговай шуфлядкі груду папак.
— Ага, — Міхаіл пакрыўдзіўся на няўвагу следчага пракуратуры, — у цябе праблемы нават не дзяржаўнага маштабу, міжнароднага…
Вайцулевіч уставіў скрынку на месца, кінуў туды папкі, паскардзіўся:
— Палаяўся з Бабіцкім. Кажуць, ужо назначаны сапраўдны пракурор, а ён строіць з сябе начальніка.
Службовы канфлікт у пракуратуры быў яе ўнутранай справай, і Даманькоў далікатна прамаўчаў.
— Чуў? — зірнуў на яго Вайцулевіч. — Твайго Протчанку сёння на бюро райкома выключылі з партыі. Навіна, га?
Даманькоў ашаломлена ўчалопіў вочы ў Вайцулевіча.
— Так, так, — паўтарыў Тарас Сцяпанавіч. — І не глядзі на мяне воўкам, я — не бюро.
— Але ты — следчы, — сіпла прамовіў Міхаіл, яму раптам падумалася, што да гэтага нейкім чынам прыклаў руку і Вайцулевіч.
— Я! Я! — ускінуўся Тарас Сцяпанавіч. — Між іншым, я дапытваў і Гамбалеўскага, і Трафімаву. Вось іх паказанні! Загадаеш выкінуць? — Ен стукнуў кулаком па танюткай папцы, якая ляжала перад ім на стале. — А ты не думаў, што я павінен быў змясціць Протчанку ў следчы ізалятар? Змясціў? То-та ж! А не цябе, мяне скланяюць на актывах на ўсе лады…
Шматслоўныя апраўданні следчага, на думку Даманькова, не кампенсавалі хісткасці довадаў. І наогул, здавалася яму, Тарасу не варта было б крычаць аб нейкіх сваіх заслугах. З іроніяй Міхаіл сказаў:
— Медаль атрымаеш, бульбяны.
— Цябе б у маю скуру, — следчы не ўзлаваўся, толькі паскардзіўся.
— Мне і мая не муліць.
— Дык не выступай. З чым прыйшоў? Даманькоў не адразу астыў пасля гэтай сутычкі. Можа, таму і не вельмі пераканаўча выклаў падазрэнні, якія датычыліся гібелі Людмілы Антончык.
— З ёю ўсё ясна, — адрэзаў Вайцулевіч. — Нервы бабу падвялі. Я закрываю справу.
— Маё дзела паведаміць, — Даманькову было не да Антончык, яго гняло выключэнне Віктара Пятровіча з партыі.
— Парадак. Будзем лічыць пытанне вычарпаным. Разгублены Міхаіл вярнуўся ў райаддзел і адразу пайшоў у прыёмную Міранкова. Падсвядома ён шукаў у начальніка аддзела падтрымку і сабе, і Протчанку. У падпалкоўніка быў наведвальнік, і сакратарка папрасіла лейтэнанта пачакаць.
Даманькоў прыстроіўся ля акна, якое выходзіла ў двор. Там у гэты пасляпоўдневы час было пуста, ціха. Толькі пад адной патрульнай машынай корпаўся шафёр. Міхаіл глядзеў на яго высунутыя з-пад кузава нерухомыя ногі і зайздросціў. Ніякіх службовых праблем у гэтага шафёра — бачыць паломку, ведае, як яе ліквідаваць, не зможа сам — перадасць рамонтнікам у майстэрню. А каму перадасць свае клопаты ён, Даманькоў? Ды, каб і прапанавалі, не аддаў бы. Нельга. У яго цяпер свой рахунак і да Падошвы, і да тых, хто з ім і за ім.
Шафёр нарэшце вылез з-пад колаў, забраўся ў кабіну, паторгаў стартэр. Рухавік стрэліў раз, другі, як прымерваючыся, і завуркатаў, рассыпаючы па агароджаным двары рэха. Там усё было ў парадку. А тут?
Дзверы з кабінета Міранкова адчыніліся, і ў іх з’явіўся палкоўнік з аддзела кадраў абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў.
Міранкоў праводзіў начальства, заклапочана паглядзеў на Даманькова:
— Ну што ты хацеў?
— Вайцулевіч казаў, што Віктара Пятровіча выключылі з партыі.
— Так. І з міліцыі звольнілі,— падпалкоўнік кіўнуў на дзверы, праз якія нядаўна праводзіў кадравіка з упраўлення.
— Адчынілі вароты для расправы?
— Абвінавацілі да суда… — Міранкоў пакусаў вусны. — Цяпер усё залежыць ад прафесіяналізму следчага, — ён пабарабаніў пальцамі па стале, — або… Увогуле цяпер слова за пракуратурай… — Ты чым зараз заняты?
— Усё тым жа.
— Зайдзі да Віктара Пятровіча. Мы, вядома, не будзем назіраць збоку, але, можа, і ў яго меркаванні ёсць.
З цяжкім сэрцам брыў Міхаіл да Протчанкі. Яму і хацелася наведаць таварыша, які зараз застаўся адзін са сваёй бядой, і разам з тым было не па сабе — словы спачування, падтрымкі, якія ён нёс Протчанку, здаваліся пустымі, нікчэмнымі.
— О, каго я бачу! — сустрэў Міхаіла бадзёрым воклічам Віктар Пятровіч. Але бадзёрасць не падманула Даманькова. Вочы гаспадара глядзелі сумна, усмешка была вінаватай.
— Быў недалёка… — прамямліў Міхаіл, чамусьці не адважваючыся прызнацца, што прыйшоў спецыяльна.
— Малайчына! — Протчанка павёў яго ў пакой, пасадзіў у крэсла ля журнальнага століка, падсунуў цыгарэты, попельніцу і тады жорстка сказаў: — Вядома, ты чуў пра мяне?
Міхаіл матнуў галавой і выцягнуў з пачка цыгарэціну.
— Дамовімся адразу: спачуванні мне не патрэбны. Давай проста пагамонім аб тым, аб сім.
Не адказваючы, Міхаіл пакруціў у пальцах цыгарэту і сунуў яе назад у пачак.
— Смалі, смалі. Я прывычны да вас, смалакураў,— крыху весялей пажартаваў Протчанка. — Правентыліруем.
Міхаіл закурыў, усё яшчэ не пазбавіўшыся няёмкасці, пакруціў галавой, быццам прыйшоў пазнаёміцца з убранствам кватэры. Натыкнуўшыся на іранічны погляд гаспадара, сумеўся.
— Ясна, — нечакана Віктар Пятровіч загаварыў дзелавіта, — хворых і няшчасных прынята наведваць. Будзем лічыць, што першую частку гэтага ты выканаў, і з сентыментамі пакончым. Пасядзі, прэсу пачытай, а я тым часам што-небудзь прыгатую. Лацвей гамана пацячэ.
Протчанка быў някепскі псіхолаг. Расставіўшы кропкі над «і», ён тым самым даў Даманькову магчымасць сабрацца з духам. Слухаючы, як у кухні Віктар Пятровіч грыміць чайнікам, Міхаіл радаваўся яго самавалоданню. Гэта вельмі добра, што ён трывае перад ударамі. Значыць, будзе за сябе біцца, за праўду. Ен, Даманькоў, так не здолеў бы. Не хапіла б ні сілы, ні цярпення, адвагі, нарэшце, жыць з нацэленай на шыю сякерай, якая ў любы момант можа секануць. Віктар Пятровіч і тут быў яму прыкладам. Сапраўды, ныць і охаць — толькі на адкрытую рану соль сыпаць…
Віктар Пятровіч паставіў на столік кубак, цукар, пячэнне.
— Перакусі, лейтэнант, у інтэрнаце, мабыць, і гэта цябе не чакае. Як справы?
— У мяне нармальна, Віктар Пятровіч, — ні чаю, ні пячэння Міхаілу не хацелася. Аднак, каб не крыўдзіць гаспадара, не паказваць яму сваю разгубленасць, глытнуў пахучага пітва. — Індыйскі?
— Краснадарскі,— усміхнуўся гаспадар. — Жончына сяброўка з Сочы прывезла. А ты не дыпламатнічай, бачу карціць нешта спытаць.
— Ну, калі так, — Даманькоў не стаў адмаўляцца. — Віктар Пятровіч, вы думалі, як можна абвергнуць паклёп на вас? Мы ў аддзеле не ўсе падрабязнасці ведаем…
— От і добра, што не ведаеце. Няма чаго дубліраваць пракуратуру і блытацца ў гэту гісторыю. Так лепш, потым зразумееш. І я таксама не буду сёння цікавіцца тваімі службовымі справамі. Я цяпер старонні чалавек, у лепшым выпадку за сведку магу сыйсці. От і буду. Паслухай мяне, можа, што спатрэбіцца. Так, так!
Галавой Даманькоў разумеў, што Протчанка мае рацыю. А ў душы ўсё пратэставала, не прымала яна Віктара Пятровіча чужым. Ен свой, свой!
Адчуўшы яго маўклівую нязгоду, Протчанка паўтарыў:
— Так, Міхась, так. Не варта, каб нас нехта яшчэ і ў працэсуальных парушэннях абвінаваціў. А сваё меркаванне, — ён зрабіў націск на слове «сваё», — выказваць мне не забаронена, асабліва супрацоўніку міліцыі. І пытанні на тэму твайго расследавання задаваць мне ты маеш права, нават абавязаны. Згодны?
— Што мне застаецца…
— Не хмурся, не хмурся. Усё правільна, — гаспадар узяў кубак з чаем, але піць не стаў, трымаў на вісу. — Здагадваюся, што ні Васілоўская, ні тым болей Падошва з Гамбалеўскім перад табой з Гоманам не шчыруюць. Іх на сумленне не возьмеш, яны нават відавочнае адмаўляць будуць. Значыць, факты павінны быць моцнымі, доказнымі. Дакументы дакументамі, але там ёсць не ўсё. Думаю, некаторыя моманты можа раскрыць мая, — ён іранічна ўсміхнуўся, — мая Аксана Барысаўна. Не па ўласнай ініцыятыве, вядома. Дык вось, маецца за гэтай грамадзянкай грашок, ад якога не вельмі проста адкараскацца…
— Васілоўская — хітрая ліса.
— Сляды і хітруны пакідаюць. Андрэй Антончык расказваў мне, што яго некалькі разоў каралі «даішнікі» за парушэнні, якіх ён не рабіў. Мне ўдалося ўстанавіць прозвішчы двух інспектараў. Яны сцвярджалі, што дзейнічалі правільна. Але пры нашай размове прысутнічаў капітан Лабацкі. Ен потым выйшаў за мной і расказаў, што аднойчы яго выклікаў начальнік гарадскога аддзела ДАІ і пазнаёміў, з кім ты думаеш? Га?
— З Васілоўскай?
— Так, з ёю. І загадаў разабрацца з яе скаргай на шафёра Антончыка і прыняць суровыя меры. Каб Васілоўская неяк абгрунтавала свае прэтэнзіі, Лабацкі, можа, і даў бы скарзе ход — усё-такі загад начальніка. Яна ж пляла лухту, відаць, не чакала, што начальнік, з якім яе нехта, напэўна, звязаў, спіхне справу падначаленаму. На гэты раз нешта не спрацавала. Калі Лабацкі пачаў выводзіць Аксану Барысаўну на чыстую ваду, яна, не бянтэжачыся, прапанавала: «Вы адбярыце ў Антончыка правы, а я аддзячу». Сведак пры гэтым не было, і Лабацкі выправадзіў Васілоўскую вон. Асабіста Аксане Барысаўне, думаю, шафёр Антончык ні з якога боку не патрэбны, тут праглядаецца рука Падошвы. Напэўна, Антончыкава жонка ўпарцілася, вось ён і вырашыў зайсці ззаду. Іншага тлумачэння не бачу…
— Васілоўская на правакацыі майстрыха.
— Нягледзячы на асечку, гэты выпадак для яе больш небяспечны, чым са мной або Равуцкай. Тут спасылка на гонар калектыву не прагучыць.
— Калі гэта было?
— Незадоўга да гібелі Людмілы Антончык.
— Кіно… Пагутару з Лабацкім. Гэта ж трэба! Службовыя пытанні былі вычарпаны, і Даманькоў зноў адчуў сябе няўтульна. Трэба было сказаць нешта такое, што ўсцешыла б Віктара Пятровіча, бо туга бачылася і ў яго вачах, і ў крыху мітуслівых паводзінах.
Протчанка здагадаўся пра сяброўскія мукі лейтэнанта, усміхнуўся:
— Лічы, Міхась, што ўсё ў падобных выпадках патрэбнае ты выказаў сваім прыходам і прывітаннямі ад калег.
Даманькоў вырашыў перавесці гаману на іншае:
— Я вось з чаго дзіўлюся. Ну, крадуць, у злачынныя групы аб’ядноўваюцца — гэта мне ўвогуле зразумела. Падошва не першы злодзей і не апошні. Але гарэм… Ен жа там у магазіне колькі жанчын перабраў. Гэта адбывалася ў замкнёным коле, дзе кожны пра кожнага ведае. Што гэта?
— Своеасаблівая кругавая парука, хаця, магчыма, і пір у час чумы. Прадаўшы душу д’яблу, і цела не шкадуюць, спадзяюцца мацней прывязаць адно да аднаго. Краў не адзін Падошва, перападала і хаўрусніцам з хаўруснікамі, ты хутка ў гэтым пераканаешся, перападала і «патрэбным людзям». А-а… Давай яшчэ чаю. Калі цяпер вось так пасядзім…
— Віктар Пятровіч, надта песімістычна вы настроены. Праўда абавязкова праб’е дарогу, — словы былі банальныя, Міхаілу стала няёмка за іх, і ён паспяшаўся паправіцца і зноў не вельмі ўдала: — Леў Фёдаравіч вам верыць…
— Так, так… А што гэта ты на гадзіннік паглядаеш. Рыта?
— Але, дамовіліся…
— Супраць спаткання не запярэчыш, — развёў рукамі Протчанка. — Ідзі. І прымі параду: не марудзьце з Падошвам. За яго, дай час, пачнуць хадайнічаць не толькі тыя, хто з ім звязаны. Амбіцыі могуць разыграцца і ў тых, хто за кадры адказвае, хто ставіў на Падошву, як на маяка. Яны памыляцца не любяць.
У прыёмную Міранкова зайшла дзяўчына і рашуча патрабавала:
— Пусціце да начальніка!
Сакратарцы не спадабаўся настойлівы тон, і яна сярдзіта спытала:
— З якой нагоды?
Дзяўчыне сакратарка, відаць, таксама не спадабалася, і яна адрэзала:
— Гэта я скажу самому.
Абедзве заўпарціліся, галасы загучалі на высокіх нотах, і Міранкоў выглянуў на шум.
— У чым справа?
— Грамадзянка рвецца да вас, — абурана паскардзілася сакратарка. — І не кажа чаго?
Сярдзіты твар падпалкоўніка памякчэў — дзяўчына, якая дабівалася да яго, зусім не выдавала настырнай. Проста яна трымалася з годнасцю, упэўнена.
— Ну, што ж, паслухаем, — Леў Фёдаравіч расчыніў перад наведвальніцай дзверы. — Як вас велічаць? Бліжэй, бліжэй садзіцеся. Дык што з вамі здарылася?
— Рыта. Рыта Дземяшкевіч. Асабіста са мной нічога не здарылася. Я пра магазін хацела.
— Дык што здарылася ў магазіне? Аблічваюць, махлююць?
— Я сама там працую, у Цэнтральным універсаме. Бровы Міранкова скокнулі ўгору.
— Я прыйшла пагаварыць з Віктарам Пятровічам. Пытаюся ў дзяжурнага, там, на першым паверсе, а ён пакрывіўся, быццам я што кіслае дала, і пачаў дапытвацца, як тая, — махнула яна рукой у бок прыёмнай, — што мне трэба…
— А сапраўды, што вам, Маргарыта Дземяшкевіч, трэба ад капітана Протчанкі? — Міранкоў зацікавіўся не на жарт — супадзенне было і нечаканае, і незвычайнае. — Яго зараз на службе няма. Калі ў вас не асабістае, раскажыце мне, можа, я дам рады.
— Чаго б я да вас ішла! Вы ведаеце, што нашага дырэктара пасадзілі? Валерыя Васільевіча.
Пытанне было такое нечаканае і наіўнае, што Леў Фёдаравіч не ўтрымаўся, перапытаў:
— Падошву? Канешне, ведаю.
— А мы на рабоце дык толькі ўчора пачулі,— яна перасмыкнула плечыкамі,— выпадкова. Лідка Шчэрба ў абед прынесла навіну. Жукоўская, ёсць у нас такая прымадона, накрычала на Лідку, каб язык не распускала. Падпольшчыкі. Праўда?
— Вядзецца следства, у калектыве гэта павінны былі сказаць.
— І я так думаю. Але што потым было! Рабочы не выйшаў на працу, з ім часцяком бывае, і мяне паслалі памагчы, усё роўна маю скумбрыю са стаўрыдай нават пасля ўцэнкі не бяруць. Стаю на складзе, гружу кантэйнеры з макаронамі і раптам чую галасы. Жукоўская з Васілоўскай, эканаміст наш, фіфа, скажу вам, больш няма куды, шэпчуцца. Каб хто іншы, адышлася бы, не люблю чужых сакрэтаў. А гэтыя дырэктарскія падпявалы, адчуваю, нешта задумалі. Прыслухалася. Васілоўская кажа: «Ужо языкі чэшуць!» Жукоўская ёй у адказ: «Свінні». Гэты мы, значыць. Васілоўская згадзілася і пытаецца: «Не ведаеш, чаму Валерыя дагэтуль не выручылі?» «А ты была ў самога?» Гэта Жукоўская так спытала. «Яшчэ ў першы дзень. Абяцаў. Балбатун. Як пасвіцца, дык знаюць дарогу, а як памагчы — дрыжаць». Кажучы гэта, Васілоўская аж сіпела ад злосці. Жукоўская яе вучыць пачала: «Ты не мітусіся, спакайней трымайся. Гэта ў цябе?» Я не зразумела, што азначае «гэта», але, відаць, нешта важнае, бо Васілоўская пацвердзіла, што ў яе і што, калі не памогуць, у ход пусціць. Тут яны пачалі раіцца, як перадачу дырэктару занесці, і я, каб не заўважылі, задам, задам і выбралася. Доўга думала, што такое Аксана хавае, можа, што ад міліцыі? Нічога не прыдумала і вырашыла з Віктарам Пятровічам пагаварыць. Ен нядаўна да мяне прыходзіў, пра магазін пытаўся. Я правільна зрабіла?
— Вы малайчына, Маргарыта. Зараз падумаем, што рабіць з вашым паведамленнем, — Міранкоў памасажыраваў скроні, яны ў яго заўсёды пачыналі ныць, варта было расхвалявацца. Падсвядома Міранкоў даўно чакаў нечага падобнага на пачутае Дземяшкевіч. У час вобыску ў Падошвы не знайшлі ні грошай або каштоўнасцей, ні якіх-небудзь запісаў, дакументаў. А між тым ён не быў бессярэбранікам і не меў ён такога хобі, як крадзеж дзеля крадзяжу. Дык няўжо тайнік у Васілоўскай? Гэта трэба было праверыць. Падпалкоўнік сказаў Рыце: — Зараз я вас звяжу з лейтэнантам Даманьковым…
— З кім? — напалохана перабіла Міранкова дзяўчына, пачырванела. — Толькі не з ім…
— Вы што, ведаеце яго? — здзівіўся падпалкоўнік. Рыта памулялася, але прызналася:
— Мы… Мы сябруем… Мы ўчора бачыліся, і я Мішу нічога не сказала. Яшчэ падумае што…
— Задача, — Міранкоў усміхнуўся ў вусы і затрымаў руку над селектарным клавішам. — Ну, то, можа, следчаму Гоману раскажаце? Так трэба, Маргарыта.
— Калі трэба… — уздыхнула дзяўчына. Рашучасць, з якой яна прарывалася да падпалкоўніка, растала.
Паведамленне Рыты для следства сапраўды аказалася важным. На яго падставе Бабіцкі даў санкцыю на вобыск у Васілоўскай. На кватэру да Васілоўскай Даманькоў не ездзіў. З Гоманам яны вырашылі, што допыт па выніках вобыску правядзе ён, і, можа, Васілоўская, не бачыўшы яго ў сябе дома, не прыме на допыце ў штыкі. Больш таго, захоча або што ўтаіць, або падаць скажона. На гэтым можна сыграць.
План выдаваў добрым, аднак у самы апошні момант у Даманькова раптам узнікла новая думка.
— Алег Ануфрыевіч, — сказаў ён Гоману, — табе не здаецца, што допыт Падошвы больш перспектыўны, чым Васілоўскай? Гэты раскошны блакноцік, — лейтэнант пагладзіў тоўсты ў скураной вокладцы «штотыднёвік», — прымусіць яго нешта сказаць у адрас нядбайнай хавальніцы махлярскіх сакрэтаў. От і сутыкнем іх.
Гоман быў старэйшы за Даманькова. Шматгадовая праца над справамі, звязанымі з раскраданнем дзяржаўнай маёмасці і сродкаў, прывучыла яго да акуратнасці, падобнай на педантызм. Ен не любіў на хаду мяняць планы, прыдумваць новыя павароты, якія яшчэ невядома што прынясуць. І да прапановы лейтэнанта ён паставіўся з неахвотай.
— Ускладнім сабе задачу, — не згаджаючыся і не адмаўляючы, прамовіў Гоман. Ен зняў акуляры, старанна працёр шкельцы насоўкай, праверыў чысціню на святло і сказаў: — Што ў лоб, што па лбе.
— Не пераканаў? — загарачыўся Даманькоў.— Дазволь мне яшчэ раз з Падошвам сустрэцца, га?
— Гм… Увогуле я не супраць. Твая ідэя, табе выконваць, — у голасе следчага пачулася палёгка. — А што не ўдасца, я дараблю.
— Цяпер я маю што спытаць, не турбуйся, — заверыў Даманькоў.— Прадчуваю, Падошва будзе ўпарціцца, а я яго фактамі, фактамі!
— Не кажы гоп… На тым і пагадзіліся.
І на гэты раз змен у знешнім выглядзе Падошвы лейтэнант заўважыў мала. Першы неспадзяваны ўдар — арышт ён перажыў ужо і асвоіўся нават са сваім новым становішчам, набраўся цярпення і, відаць, не страціў надзеі на сяброў. З Даманьковым ён адразу павёў сябе ваяўніча:
— Я папярэджваў, што з вамі размаўляць не жадаю.
— Падследны, грамадзянін Падошва, — Даманькоў вырашыў не цацкацца з ім, — не выбірае следчага. Не ваша кампетэнцыя. І я не гаманіць прыйшоў сюды, а дапытваць. Вам знаёмая гэта рэч? — ён дастаў з партфеля «штотыднёвік», знойдзены ў Васілоўскай.
Падошва міжволі падаўся да лейтэнанта, і твар яго стаў шэрым. Ен па інерцыі прамармытаў:
— Не ведаю… — і асекся. А позірк, які ён старанна адводзіў убок, усё роўна скіроўваўся да карычневай скураной вокладкі з залатым цісненнем «Для запісаў».
— Пазнаеце?
Заўсёдная рэспектабельнасць, якая яшчэ імгненне назад патыхала ад Падошвы, раптам паказала свой адваротны бок. Валерый Васільевіч груба вылаяўся:
— Прадала сука!
— Трымайцеся ў рамках, грамадзянін Падошва, — зрабіў яму заўвагу Даманькоў.— Цікавы блакнот, праўда? Тут вы пунктуальна адзначалі, калі і за што плацілі — за спісаныя на псаванне якасную гародніну, садавіну, заморскія бананы і апельсіны, за ўключэнне ў план выручкі продаж гарэлкі і віна, за дэфіцыт…
— Ну і што? — выскаліўся падследны. — Прозвішчаў там няма.
— У блакноце няма, так. Установім, нескладана, — Даманькоў пільна паглядзеў на Падошву і наўздагад дадаў: — І Васілоўская паможа.
Гэты ўдар неспадзявана аказаўся мацнейшым нават за той, які атрымаў Валерый Васільевіч, убачыўшы ў руках лейтэнанта «штотыднёвік». Ен ускочыў і затрос кулакамі:
— Мяне падстаўляе! Не выйдзе! Не выйдзе!
— Сядзьце, сядзьце.
Падошва паслухаўся, але не супакоіўся:
— Ну, Аксана, ну, гадаўка… Перамятнулася! Запішыце, лейтэнант, гэта я вам скажу, каб ведалі, хто вас падпірае. Патаскуха. Не мне вешайце хабар. За тыя, як вы кажаце, патуранні расплачвалася Аксана, сама, натурай. З кім — мне невядома, не цікавіўся, — пасля такой энергічнай прамовы Падошва звяў, цераз сілу сказаў: — Усё, следчы, адпраўляй у камеру.
Толькі цяпер Даманькоў супакоіўся — яго задума дала плён. У гневе Падошва страціў над сабой кантроль. Падставіўшы Васілоўскую, ён у яшчэ большай меры падставіў сябе. Наўрад ці стане яна выгароджваць няўдзячнага хаўрусніка…
І на гэты раз Аксана Барысаўна не здрадзіла сабе — выглядала яна эфектна, сядзела вольна, расслаблена. Адно самаўпэўненасці паменшала: увесь час лавіла позірк Даманькова, быццам хацела прачытаць у ім, што яе чакае. Зразумела, што знойдзены «штотыднёвік» робіць яе саўдзельніцай махінацый, якія адбываліся ва універсаме.
Паўза зацягнулася. Аксана Барысаўна ўздыхнула.
Яе дзейная натура не цярпела няпэўнасці. А лейтэнант маўчаў, як не ведаў, што з ёй рабіць. Гэта крыху абнадзеіла Васілоўскую. Яна яшчэ раз уздыхнула, жаласліва, працяжна і закінула нагу на нагу. Вузкая кароткая спадніца паднялася вышэй. Даманькоў апусціў вочы. Васілоўская варухнулася, гулліва нагадала:
— Я ўжо даўно сяджу.
Даманькоў нахмурыўся. Не паказваючы збянтэжанасці, сказаў:
— Вось і сядзьце нармальна, — а сам ламаў галаву, як бы падалікатней скарыстаць паказанні Падошвы. Паводзіны Васілоўскай і яму, як некалі Міранкову, унеслі карэктывы ў загадзя падрыхтаваны план допыту.
— Калі ласка, — Аксана Барысаўна паціснула плячамі, паставіла ногі роўна, аднак калені не прыкрыла. Умела яна дэманстраваць сябе.
Даманькоў падумаў, што, бадай, самым лепшым будзе не рэагаваць на яе захады. Трэба, каб яна адчула марнасць сваіх намаганняў, што тут яе чары не дзейнічаюць. А для гэтага лепш за ўсё — узяць быка за рогі.
— Што вы можаце паказаць пра знойдзены ў вас блакнот?
— Нічога.
— Ен ваш?
— Яшчэ чаго? Відаць, нехта забыўся.
— Падошва часта ў вас бываў?
— Вы, мабыць, хацелі спытаць, ці часта ён начаваў у мяне? Дык не саромейцеся, мяне гэта не бянтэжыць, — Васілоўская акрыяла, назіраючы, як Даманькоў старанна адводзіць вочы ад яе аголеных каленяў. Разбэшчанасць здавалася ёй яе адзінай зброяй.
— Што яго ў вас прываблівала, мяне не цікавіць, — лейтэнант узлаваўся на сябе, ён жа не красная дзеўка. — Пытаюся я таму, што блакнот належыць вашаму дырэктару, гэта пацвердзілі і экспертыза, і ён сам. Вы гарталі блакнот?
— Аднойчы… Думала, Валерый туды сваіх баб запісвае. Ведаеце, жаночая рэўнасць.
— Ну, калі пра рэўнасць, то хутчэй для яе падставы былі ў Падошвы.
— Вы на што намякаеце? — Васілоўская зноў закінула нагу на нагу, абшчапіла рукамі пухленькае калена.
— Пра гэта крыху пазней. Пакуль я хацеў бы ўстанавіць, чые прозвішчы там прапушчаны?
— Мне яны да ліхтара, — Васілоўская адказала без запінкі.
— Ці так, Аксана Барысаўна? — красаванне жанчыны ўжо не дзейнічала на Даманькова. — Падошва сцвярджае адваротнае.
— Хлусіце! — нечакана крыкнула жанчына, а вочы па-здрадніцку забегалі — відаць, яна ведала цану свайму дырэктару.
— Вось яго ўласнаручны подпіс, — лейтэнант паказаў пратакол. — Тэкст я лепш вам зачытаю, прабачце, з пропускамі. Няёмка паўтараць усё, што ён нагаварыў.
Васілоўская сціснулася.
Даманькоў прачытаў некалькі фраз з пратакола допыту Падошвы і спытаў:
— Як вы расплачваліся, Аксана Барысаўна, для мяне значэння не мае. Мяне цікавіць — з кім?
Вочы ў Васілоўскай пачырванелі, вусны задрыжалі. Даманькову здалося, што яна вось-вось заплача, уголас, наўзрыд, і ён схапіўся за графін з вадой.
— Пакіньце, — Аксана Барысаўна справілася з хвіліннай слабасцю. — Валерый заўсёды быў падонкам, — яна прыпынілася, але ганарліва падняла галаву і прадоўжыла: — Гэта ён мне казаў, з кім быць паласкавей. А за што — хай сам скажа, мне было ўсё роўна! — фанабэрыста паглядзела на маладога лейтэнанта, адчула, напэўна, на міг сябе той прыгажуняй, якой уплывовыя гарадскія асобы цалавалі ручкі.— У каго была? У многіх, — яе прызнанні ўсё больш нагадвалі істэрыку, і Даманькоў зноў пакасіўся на графін. — У начальніка гаргандлю, намесніка старшыні аблвыканкома… На дачы Машы Жукоўскай… Задаволены?
— Шчыра сказаць — пакрыўджаны, — вымавіў Даманькоў з жалем. — Спадзяваўся, што вы абвергнеце свайго дырэктара.
Нервовая ўспышка пагасла. Васілоўская замаўчала, і па яе прыгожым твары прабег боль, пакінуўшы бледнасць і маршчынкі. Трыццаць пяць гадоў нават калі жыццё ў радасць — узрост не юначы. А ў Аксаны Барысаўны яно наўрад ці поўнілася шчасцем… Тым не меней яна не хацела здавацца.
— Вы не шкадуйце мяне, вы, прабачце, хлапчук, вам яшчэ шмат што спасцігаць і спасцігаць. Хаця, дай бог, каб гэта вас абмінула. Не разумееце? Люда Антончык таксама не разумела…
— Растлумачце.
Васілоўская пакрывіла вусны, нібы стрымліваючы ўсмешку:
— Рэбус! Хіба трудна даўмецца, што Люда не пераняла мой вопыт, калі Валерый захацеў, як ён любіў казаць у такіх выпадках, амаладзіць кадры. У Люды, аказваецца, былі прынцыпы, — не то насміхаючыся, не то, наадварот, ухваляючы, паківала галавой Аксана Барысаўна. — Абразілася і прыгразіла. Ведала нямала…
— Бывае, — неазначальна прамовіў лейтэнант, узважваючы ў думках, як не даць згаснуць гэтай шчырасці Васілоўскай. Не знайшоўшы нічога трапнага, спытаў: — У Людзінага мужа шафёрскія правы дзеля гэтага хацелі адабраць?
— Раскапалі? — дасведчанасць лейтэнанта яна, аднак, сустрэла абыякава. — Паспяшаўся Валерый, забыўся, што ў кожнай жанчыны свая кнопачка ёсць. Каб не пацярпеў муж, думаю, Люда ўрэшце здалася б, не ўпершыню. Тож мне чысцюля!
Даманькоў страсянуў галавой. Голас Васілоўскай заглух, растварыўся ў прасторы, пакінуўшы, аднак, страшны сэнс сказанага ёю. Міхаіл дапускаў, што ўзлаваная на Падошву Аксана Барысаўна кіравалася помстай і таму ў сваіх прызнаннях магла нагаварыць і тое, чаго не было або было крыху не так. Але ў галоўным яна ў любым выпадку была праўдзівай. Цяпер Падошву не памогуць і ўплывовыя апекуны, калі нават памкнуцца памагаць, у чым Даманькоў ужо сумняваўся. Яны хутчэй за ўсё будуць адхрэшчвацца ад Валерыя Васільевіча. Ды гэта вялікага значэння не мае — роля і віна кожнага ўрэшце будзе вызначана. У раскраданні. А ў смерці Людмілы Антончык? Даманькоў зразумеў, што, пакуль не пагаворыць з Вайцулевічам, не супакоіцца. Не меў ён права трымаць новыя факты ў пратаколе…
— Кінь ты трэсці старыя лахманы, — следчы пракуратуры сустрэў лейтэнанта незадаволена. — Засвой нарэшце — я рашаю раз і назаўсёды.
— Не памыляецца той, хто нічога не робіць, — памяркоўна сказаў Даманькоў, хаця пахвальба Вайцулевіча была агіднай — гаворка ішла аб смерці чалавека.
— Ты глядзі, каб Падошва вам з Гоманам бокам не вылез, — хваравіта адрэагаваў Тарас Сцяпанавіч на заўвагу. — Баюся, не па зубах вам гэты зубр, вакол яго існуе запаведная зона.
— Ці не гэта цябе палохае?
— Я вашаму Падошву таксама не прыяцель. Здагадваюся, не ўсё было проста ў яго з Антончык. А паспрабуй дакажы.
— Васілоўская…
— Што Васілоўская, што? Бабскіх плётак я вось так наслухаўся, — правёў ён рабром далоні па горлу. — Ты мне відавочніка дай. Не можаш? Ну то і не чапляй мне хамут на шыю, строіць версіі я і сам мастак.
Гарачая прамова следчага не пераканала Даманькова. Ен з прыкрасцю думаў, што Вайцулевіч не палічыў патрэбным капнуць глыбей і надта хутка вырашыў далёка не простую справу. Ці то ад ленасці, ці то ад самаўпэўненасці, ці то з якіх іншых меркаванняў…
Не дачакаўшыся пярэчанняў лейтэнанта, Тарас Сцяпанавіч сціпла пахваліўся:
— Мне абласная пракуратура свеціць…
— Віншую, — Даманькоў пастараўся, каб гэта прагучала шчыра, па-сапраўднаму, каб Вайцулевіч не заўважыў ягоных нядаўніх думак. Толькі сам сабе падзівіўся: за якія такія заслугі? Але вылучэнні на вышэйшыя пасады часцяком былі яму незразумелыя, дык навошта ламаць галаву.
Вайцулевіч палагоднеў і нечакана паабяцаў:
— Схаджу да Бабіцкага са справай Протчанкі, тады раскажу.
Міхаіл у яго нічога пра Віктара Пятровіча не пытаў, і абяцанне следчага яму не спадабалася. Спыніць справу Вайцулевіч мог і сваёй уладай.
Тарас Сцяпанавіч у адным не падманваў Даманькова, да Бабіцкага ён звярнуўся. Не паведамі знаёмы пра павышэнне, ён бы не спяшаўся фарсіраваць падзеі. Перавод вырашаў для яго галоўнае: з’явілася магчымасць захаваць, як кажуць, авечак і накарміць ваўкоў, падставіўшы замест сябе Бабіцкага. А што будзе потым — не яго клопат.
Бабіцкі таксама чакаў службовых перамен. Ен даўно зразумеў, што пракурорава крэсла яму заказана. Маючы прынцыповы і ўпарты характар, ён не заўсёды ладзіў з кіраўнікамі раёна. Учора Бабіцкі нарэшце даведаўся, што ў яго, Цэнтральны, раён назначаны новы пракурор, і заняўся навядзеннем парадку ў дакументах.
Абвінаваўчае заключэнне па справе Протчанкі не ўзрадавала Бабіцкага. Былі ў ім сур’ёзныя пралікі, якія Вайцулевіч ужо не паспее выправіць. Бабіцкі добра ведаў Протчанку і дапускаў, што капітан стаў ахвярай нейкай нячыстай гульні. Але дапушчэнне — не доказ, і Генадзій Юр’евіч мусіў сам заняцца праверкай.
Галоўным сведкам абвінавачвання быў Гамбалеўскі, з яго і пачаў памочнік пракурора. Загадчык кафэ слова ў слова паўтарыў сваю заяву, паказанні на папярэднім допыце. Расказваў так, быццам загадзя вывучыў на памяць кожную дробязь. Увогуле ў гэтым нічога незвычайнага не было — паўтараў ён не першы раз. Не спадабалася Бабіцкаму іншае — злараднасць, з якой Гамбалеўскі напіраў на тое, што хабар узяў супрацоўнік міліцыі. Так і чулася: там усе такія, ім веры няма.
Пасля Гамбалеўскага Бабіцкі запрасіў афіцыянтку Ніку Трафімаву. Яна таксама не збілася ў сваіх паказаннях. Генадзій Юр’евіч выслухаў дзяўчыну, падумаў і папрасіў прыйсці заўтра. Ен не ведаў сумненняў Даманькова, яго ацэнкі Трафімавай, ён павінен быў зрабіць тое, што чамусьці не зрабіў следчы.
Калі назаўтра Трафімава зайшла ў кабінет памочніка пракурора, то разгублена прыпынілася, а потым падалася назад. У кабінеце было поўна людзей.
— Праходзьце, Ніка, праходзьце, — Бабіцкі высунуў з-пад стала крэсла. — Будзе невялікае следчае дзеянне, называецца яно апазнанне. Чулі пра такое?
Дзяўчына кіўнула. Тлумачэнне супакоіла, яна пачала азірацца з цікаўнасцю.
— Вось гэтыя жанчыны — панятыя, — Бабіцкі паказаў на дзвюх маладзіц, якія сядзелі ля акна. — А вось гэтыя грамадзяне, — сказаў ён пра трох мужчын злева ад сябе, — прадстаўлены вам на апазнанне. Паглядзіце ўважліва і скажыце, каго вы з іх ведаеце і як?
Дзяўчына прыкусіла вусны, паглядзела на мужчын і заўсміхалася:
— Ну і што? Бачыла таварыша, ён пасяродку. Бабіцкі насцярожыўся, хрыпла спытаў:
— Калі вы яго бачылі і пры якіх абставінах?
— У кафэ. А абставіны… Якія ў нас абставіны, — яна падалася да Протчанкі.— Вам тады вельмі спадабалася кава. — Ніка павярнулася да панятых, пахвалілася: — Я каву сама гатую.
— А больш нічога вы не скажаце пра гэтага грамадзяніна?
— Не!
Бабіцкі выканаў неабходныя ў працэсе апазнання фармальнасці і адпусціў яго ўдзельнікаў, а Трафімаву папрасіў затрымацца.
Яна паглядзела на гадзіннік:
— Мы хутка адкрываем…
— Мусяць сёння абысціся без вас, у мяне ёсць некалькі пытанняў. Няўвязка атрымліваецца, Ніка, трэба разабрацца.
— Як гэта? — занепакоілася дзяўчына. — Я праўду сказала.
— На гэты раз — так. А мінулы раз следчаму? Мужчына, якога вы паілі кавай, і ёсць той самы оперупаўнаважаны Протчанка.
Трафімава адкрыла рот.
— Хвіліначку, — спыніў яе памочнік пракурора. — Вось пратакол, дзе вы паказалі, што оперупаўнаважаны Протчанка браў у вашага загадчыка дзвесце рублёў. Пры вас.
— Чаму пры мне? Я гэтага не казала, — запратэставала дзяўчына.
— Гэта ваш подпіс?
— А чый жа? Мой. Але я не бачыла…
— Не бачылі, то, можа, чулі?
— Не-е… Не чула…
— Не бачылі, не чулі, а падпісалі ману. Вам не сорамна? — Бабіцкаму стала крыўдна за гэту бяздумную дзяўчыну.
— Васіль Еўдакімавіч папрасіў пацвердзіць, сказаў, што заплаціў міліцыянеру дзвесце рублёў. З нашай касы. Скажыце, гэта правільна? Па-мойму, агідна.
— Але ж вы не бачылі.
— А чаму я не павінна верыць Васілію Еўдакімавічу? — довад ёй паказаўся пераканаўчым, і Ніка пасмялела. — Ен нас не падманвае, у нас усё на даверы.
Калі Трафімава пайшла, Бабіцкі паклікаў Вайцулевіча.
— Прачытай! — даў ён следчаму пратакол з паказаннямі Трафімавай і, калі той вярнуў яго, размашыста наклаў рэзалюцыю на абвінаваўчым заключэнні па справе Протчанкі: «Спыніць за недаказанасцю віны».
Вайцулевіч паціснуў плячамі:
— На маю згоду, Генадзь Юр’евіч, не разлічвай.
— Я так і думаў,— усміхнуўся памочнік пракурора. Праўда, яму было зусім не да смеху, ён ведаў, што на практыцы азначае нязгода следчага…
Даманькоў быў у Міранкова, калі пазваніў Бабіцкі і сказаў пра сваё рашэнне.
— Ты не мне, хаця за вестку дзякую, ты ў райком паведамі, у кадры! — патрабаваў Міранкоў.— Не марудзь! — Ен паклаў трубку, праверыў, ці шчыльна лягла яна на рычагі, і хмура паглядзеў на Міхаіла.
— Вы не рады, таварыш падпалкоўнік? — здзівіўся Даманькоў.
— Баюся сурочыць, — задумліва прамовіў Міранкоў.— Есць крымінальныя справы, якія маюць уласцівасць цягнуцца бясконца…
— Але рашэнне пракурора, таварыш падпалкоўнік, яно апраўдвае Віктара Пятровіча.
Міранкоў паглядзеў на лейтэнанта і загадным тонам параіў:
— Вы там з Гоманам не нарабіце праколаў у справе Падошвы і Гамбалеўскага.
На гадзінніку было роўна васемнаццаць нуль-нуль. Не часта, але здараецца, што нічога тэрміновага на табе не вісіць, нікуды табе не трэба бегчы, спяшацца, няма над чым ламаць галаву. І на перспектыву не папрацуеш — не можаш прадбачыць, што зваліцца на цябе заўтра або паслязаўтра. Адным словам, карыстайся момантам. Даманькоў патузаў ручкі сейфа, шуфлядак, акінуў прыдзірлівым позіркам сталы суседзяў па кабінеце і пазваніў Рыце: чаму б не схадзіць на апошні сеанс у кіно? Рыта паабяцала чакаць.
На вуліцы Міхаіл спыніўся, у яго было яшчэ вольных гадзіны тры, і гэты час трэба было чымсьці заняць.
Думкі ў Міхаіла цяклі павольна, перакідаліся з аднаго на другое, ні на чым не засяроджваючыся, і раптам як натыкнуліся на перашкоду. Міхаіл нават сам прыпыніўся. Надоечы Гоман закончыў абвінаваўчае заключэнне па справе дырэктара універсама і загадчыка кааператыўнага кафэ. Быццам усё было ў ім на месцы, але ў яго, Даманькова, на сэрцы застаўся непакой, і зараз ён успыхнуў з новай сілай. Не поўна правялі яны расследаванне, не выявілі ўсіх сувязей Падошвы, і ў выніку ўбаку засталіся тыя, хто пэўным чынам садзейнічаў махлярству…
— Куды брыдзеш, чалавеча? — ляпнуў нехта яго па плячы.
Даманькоў азірнуўся і заўсміхаўся: затрымаў яго ніхто іншы, як памочнік пракурора Бабіцкі.
— Гуляеш? — Бабіцкі быў рады сустрэчы. Хаця яны не сябравалі і не працавалі сумесна, сімпатыя іх была ўзаемнай.
— Іду, куды вочы глядзяць, — ахвотна адказаў Міхаіл.
— То пойдзем разам і ў мяне сёння перадых.
— Так, у нас гэта, як свята.
— То, можа, зойдзем, адзначым?
— А што, ідэя, — засмяяўся Міхаіл, — я, вядома, не вячэраў і кавы пап’ю са здавальненнем.
У гэты ранні вячэрні час у кафэ было яшчэ мала народу, і Бабіцкі з Даманьковым выбралі ўтульны куток побач з заштораным акном.
Пакуль афіцыянтка з іх заказам завіхалася на кухні, яны разгаварыліся.
— Пракурор зацвердзіў ваша абвінавачанне, — паведаміў Бабіцкі.
— Шкада, — нечакана для Генадзія Юр’евіча адрэагаваў на гэту навіну Даманькоў і іранічна паўтарыў спадзяванні Гомана: маўляў, памылімся мы — суд паправіць.
— Не крытыкуй Алега Ануфрыевіча, — папракнуў Бабіцкі.— Тыя, каго ты, мабыць, хацеў бачыць на лаве падсудных у кампаніі з Падошвам і Гамбалеўскім, па гэтай справе не пройдуць. Не яны падпісвалі акты на спісанне гародніны або садавіны, напрыклад. І пікнікі ў Жукоўскай, нават прыпраўленыя Васілоўскай, крыміналам не з’яўляюцца… Гоман гэта ўлавіў.
— Што, на іх управы не будзе? — абурыўся лейтэнант.
— Дойдзе чарга і да іх. У гэтым я ўпэўнены. Горш з іншым.
— Людміла Антончык?.. Здагадаўся Міхаіл і насцярожыўся.
— Так, — Бабіцкі памаўчаў, потым раздумліва сказаў:— На жаль, няма тут поўнай яснасці. Пакуль, калі і зможам даказаць што, дык гэта давядзенне да самагубства. Хаця, баюся, не так было. Я чытаў справу, паказанні сведак. Не той чалавек была Антончык, каб паддацца пагрозам, — ён зноў памаўчаў.— Ну што ж, будзем паціху працаваць, мой новы начальнік згодзен. — Патрымаў кубачак з кавай, зазірнуў у гушчу і, пасуровеўшы раптам, няпэўна прамовіў:— Над кожным пракурорам, акрамя, вядома, генеральнага, таксама пракурор ёсць.
Даманькоў падзівіўся мудрагелістаму адказу. Але дапытвацца, што гэта азначае, пасаромеўся.
Чаму пасуровеў Бабіцкі, лейтэнант зразумеў назаўтра. У аддзеле яму сказалі, што абласная пракуратура аднавіла спыненую Бабіцкім справу Протчанкі і назначыла па ёй новага следчага.
Жыццё працягвалася…
1987–1988