— Глядзі, вось тое, што трэба! — шалёныя вочы аднаго з паляўнічых глядзелі на зубра. — Ну, права першага стрэлу належыць госцю. Давай, пакажы, на што ты здольны.

— Там толькі адзін зубр, Станіслаў, а ты абяцаў цэлы статак, — пачулася ў адказ.

— Знойдзем і цэлы статак, страляй у гэтага! — нецярпліва адгукнуўся той, каго назвалі Станіславам.

Ціхану на вочы набеглі слёзы. Ён нагнуўся, падняў ламачыну і кінуў яе ў кульгавага зубра з шэптам:

— Літасцівы Божа, прабач мяне, калі зможаш.

Зубр незадаволена крануўся з месца і стаў праломвацца скрозь гушчар на дарогу.

— Страляй! Там іх некалькі штук. Ты што, аслеп, бачыш, другі ідзе! — ужо нястрымана хрыпеў Станіслаў.

Досвіткавую цішыню лесу раскалоў стрэл. Гучнае рэха пракацілася верхавінамі пушчанскіх дрэў. За ім другі стрэл звонка разрэзаў халоднае паветра. Гучнае рэха зноў пабегла па лесе.

Скрозь слёзы на вачах Ціхан глядзеў, як лясны волат тузануўся, падаўся наперад, рыкнуў і паваліўся долу.

Ад гуку стрэлаў другі зубр шугануўся і, накульгваючы, пабег па лясной дарозе. Прагучалі яшчэ два стрэлы. Стары барадаты бык спыніўся, ногі ягоныя задрыжэлі. Ён гучна захроп і гэхнуўся набок, задзіраючы капыты.

Захопленыя паляўнічым шалам вершнікі гучна перагаворваліся:

— Станіслаў, ты бачыў, як ён ламануўся пасля майго стрэлу? Так, ты праўду гаварыў, паляванне на зубра ўражвае. Твой зубр, глядзі, яшчэ тузаецца, а мой, мусіць, готаў, я яго адразу абклаў.

Ціхан сціснуў зубы, перахрысціўся, зняў з пляча стрэльбу і рашуча выйшаў на дарогу, на якой зубры ў курчах боўталі капытамі ў паветры.

З’яўленне з лесу, з ранішняй смугі, стражніка выклікала ў вершнікаў здранцвенне. Ад нечаканасці падалося, што гэта не чалавек, а здань. Потым, спахапіўшыся, пачалі разварочваць коней.

Але на дарозе, шырока расставіўшы ногі, стаяў другі стражнік. У адной руцэ трымаў скіраваную на іх стрэльбу, у другой была незвычайна доўгая пістоль. Побач з ім вышчарыў зубы вялікі белы сабака.

— Ч-чорт! — прахрыпеў Станіслаў. — Стражнікі!

Коні круціліся на месцы, дарога з двух бакоў была закрыта.

Як гром сярод яснага неба прагучаў голас Ціхана.

— Ну што, шаноўныя спадары, ваша паляванне скончылася? Злазьце з коней!

— Сыдзі з дарогі, хамуйла! — крыкнуў Станіслаў.

— Пане Станіслаў, не дуркуй, ты ж добра ведаеш, страляем мы трапна. Кідайце стрэльбы, злазьце з коней. Больш паўтараць не буду, пачнём страляць.

Вершнікі з белымі, як адмытае палатно, тварамі кінулі стрэльбы.

Першым адумаўся Станіслаў.

— Гаспадзін стражнік, мы гэта, мы незнарок.

Ад хвалявання ў яго заплятаўся язык. Фанабэрыстасць знікла, вочы палахліва бегалі, як у загнанага звера.

Ціхан цвёрдым голасам працягваў:

— Пане Станіслаў, падыдзіце сюды і пакажыце ваш дазвол на адстрэл зуброў. Вы парадак ведаеце...

— Гаспадзін стражнік, няма ў нас дозволу... Мы думалі... гэта ласі. Цёмна было, пераблыталі... Мы добра заплацім. Я толькі з’езджу ў маёнтак... Дам па сто рублёў кожнаму!

Трохі асмялеўшы, накіраваўся да Ціхана. Калі між імі заставалася некалькі крокаў, Ціхан падняў рулю стрэльбы.

— Стой і не рухайся!

— А ты, — паказаў стрэльбай на другога, — звяжы бізуном свайму гаспадару рукі...

Аканом нерашуча мяў бізун.

Пачуўшы гэтыя словы, малады Шаураў пабарвавеў, вочы імгненна наліліся крывёю. Яго ноздры трапяталі, а вочы кідалі бліскавіцы. З ім ніхто яшчэ так не размаўляў.

— Ну! — пагрозліва гукнуў Ціхан.

Малады паніч не вытрываў...

— Як ты смееш, халоп, так са мной гаварыць?!

Рэзкім рухам выхапіў бізун і размашыста сцебануў стражніка па твары.

Ціхан левай рукой перахапіў і вырваў бізун з рукі Шаурава, але самым канцом усё-такі атрымаў хвосткі ўдар па шчацэ.

— Э-э! Значыць т-так? Бачу, з вамі, гаспадзін Шаураў, па добраму ніяк нельга.

Адкінуўшы бізун, рэзкім рухам стукнуў прыкладам пану па сківіцы. Было чуваць, як гучна ляснулі зубы і, задраўшы галаву, малады пан заваліўся на спіну. Ускочыў на ногі і пачаў выціраць рукой твар. З куткоў рота цякла кроў. Нахіліўшы галаву ўніз, ён сплюнуў — разам з крывёй вылецела некалькі зубоў.

— Ты гэта што? Ты мне зубы выбіў?! — часта залыпаў вачыма паніч.

— Вядома, не ўставіў! — нахабна адказаў Ціхан. — Чуў, вы вельмі вялікі аматар выбіваць зубы сваім прыгонным. Цяпер будзеце добра ведаць, што гэта.

— Ды я цябе ў Сібіры згнаю! У мяне такія сувязі! Табе так не сыдзе. Хам, быдла!

— Годзе, пане Станіслаў! Кінь свае замашкі, пара Богу маліцца, каб само­му на катарзе не згніць, — іранічна ўсміхнуўся Ціхан.

Праз хвілін дзесяць каля злоўленых браканьераў з’явіліся галоўны распарадчык пушчы, жандары і цэлы тузін стралкоў.

Обер-фарстмайстар задраў падбароддзе і пачаў аддаваць гучныя распараджэнні:

— Два стралкі застаюцца каля зуброў, пакуль прыгонім вазы. Два стралкі адвязуць стражнікаў да коней. Сабраць стрэльбы як рэчавыя доказы, злавіць коней. Астатнія адправяцца ў маёнтак памешчыка Шаурава. Паглядзім, што там робіцца.

Рукой паклікаў старшага жандара і пачаў яму нешта тлумачыць, той толькі ківаў галавой, згаджаючыся.

Рыгор і Ціхан з’ездзілі па коней і накіраваліся ў маёнтак памешчыка. Калі пад’ехалі, обер-фарстмайстар разам са старшым жандарам накіраваліся ў дом.

Рыпнулі дзверы, дварэцкі з паклонам спытаў:

— Як дакласці?

— Абыдземся без дакладу, — галоўны распарадчык грубавата яго адпіхнуў і, прапусціўшы наперад жандара, рашуча накіраваўся ў дом.

Стары памешчык сядзеў за сталом і снедаў. Убачыўшы обер-фарстмайстра разам з жандарам, зрабіў выгляд, што вельмі здзівіўся.

— Панове, чым абавязаны гэткаму ранняму візіту?

— Ваш унук без дазволу паляваў на зуброў, мы яго затрымалі. У наш абавязак уваходзіць агледзець маёнтак. Ёсць падазрэнне, што гэта не першы выпадак, — сказаў галоўны распарадчык і звярнуўся да жандара. — Вазьміце трох стралкоў — і да справы. А я пакуль пагутару са спадаром Шауравым, — не запытаўшы дазволу, обер-фарстмайстар сеў насупраць старога пана.

Жандар кінуўся выконваць распараджэнні. Клікнуўшы яшчэ аднаго жандара, некалькіх стралкоў, вярнуўся ў хату і пачаў старанна аглядаць пакоі.

Стары пан сядзеў моўчкі, апусціўшы галаву. Яго твар збялеў, а рукі ляжалі на стале і дрыжалі.

Обер-фарстмайстар глядзеў на яго дапытліва і, зрабіўшы невялікую паўзу, першым распачаў гутарку.

— Ну-с, шаноўны пане, распавядайце. Як выхавалі ўнука? Вы што, яму не растлумачылі, што паляваць на зуброў можна толькі з найвысокай ласкі найсвятлейшай асобы васпана імператара? Або, мажліва, вы самі яго прызвычаілі да палявання без дазволу? У такім разе давядзецца прыцягнуць да адказнасці вас. Дазволю сабе заўважыць, я вымушаны ўведаміць аб гэтым дзікім выпадку самога яго імператарскую вялікасць, — для ўзмацнення эфекту падняў уверх правую руку з выцягнутым указальным пальцам.

У гэты час, пакуль обер-фарстмайстар вёў гутарку, а жандары рабілі ператрус, убаку ад астатніх браты Селіваны раіліся, што ім рабіць.

— Ну, Ціхан, спрытна ты збіў пыху панічу. Хай цяпер ведае, як гэта балюча. Але паны ёсць паны.

— Шкадую, што давялося рукі пэцкаць аб такое дзярмо, — скрывіўшы твар, Ціхан плюнуў пад ногі. — Думаю, Рыгорка, усё будзе добра. Наш галоўны распарадчык як ваўкадаў учапіўся ў ахвяру. Іх высокаблагароддзе дакладзе наверх свайму начальству, што гэта ўсё ён сам арганізаваў. Пакажа, што нездарма яго трымаюць на пасадзе. Таму, Рыгорка, не хвалюйся.

У хаце працягваўся ператрус. Неўзабаве рыпнулі дзверы і, валочачы дзве шкуры зуброў, увайшоў старшы жандар.

Обер-фарстмайстар адразу падняўся і падышоў да жандара. Пераканаўшыся, што шкуры зуброў, з грозным выглядам звярнуўся да памешчыка.

— Галубчык! Як гэта растлумачыць?

Памешчык з пазелянелым тварам у адказ толькі махнуў рукою.

Галоўны распарадчык задаволена звярнуўся да жандара:

— Усю наяўную ў хаце агнястрэльную і халодную зброю скласці ў маю брычку. Распарадзіцеся, каб запрэглі панскую брычку. Няхай на ёй спадар Шаураў разам са мной апошні раз пракаціцца да астрога. Бачу, нам ёсць яшчэ пра што з ім гутарыць дарогаю. Так, і яшчэ, няхай падрыхтуюць чатыры фурманкі і з маім стралком едуць і раскрыжуюць тушы застрэленых зуброў, а да мяне ўсю прыслугу па адным на допыт. Будзем складаць пратакол.

Ён выйшаў на ганак. Узмахнуў рукой, каб Ціхан і Рыгор падышлі да яго.

Обер-фарстмайстар усім сваім выглядам проста свіціўся. Задаволеная ўсмешка не сыходзіла з яго твару, хоць ён і спрабаваў яе схаваць у пышныя вусы.

— Значыць так. Вы сваю справу зрабілі, цяпер едзьце дадому. Трэція суткі на нагах. Дзякую за службу.

Паціснуў кожнаму руку, пасля гэтага прыклаў руку да брыля.

— Гонар маю!

Браты дружна адсалютавалі.

Іх высокаблагароддзе накіраваўся ў хату, затрымаўшыся на парозе, сказаў:

— І яшчэ. Цябе, Ціхан, чакаю пазаўтра з рапартам аб нападзе.

— Слухаюся, ваша высокаблагароддзе, — стукнуў абцасамі Ціхан.

Браты селі на коней, развіталіся з усімі, у тым ліку і з арыштаванымі, і накіраваліся дамоў. Ад’ехаўшы з паўвярсты, яны спыніліся і гучна рагаталі да слёз, даючы волю пачуццям.

На сялібе Шаурава працягваўся ператрус. Знайшлі яшчэ адну шкуру зубра. Выявілі мноства паляўнічых стрэльбаў, шаблі, паляўнічыя нажы з хораша ўпрыгожанымі дзяржальнамі з рагоў зубра. У паляўнічай зале старога пана знайшлі калекцыю паляўнічых трафеяў: дзве зубрыныя галавы, шкуры рысі, куніцы. Усё гэта перанеслі і склалі ў брычку.

Обер-фарстмайстар разам з жандарам пісалі пратакол допыту прыслугі старога пана. Перад допытам абвясцілі, што за ўкрывальніцтва і ўтойванне фактаў кожнага могуць прыцягнуць да адказнасці.

Напалоханая прыслуга адказвала на пытанні жандара без ваганняў. Стары кухар расказаў, колькі разоў ён гатаваў стравы з мяса зуброў.

Дапытаныя ставілі подпісы, а хто быў непісьменны — крыжыкі.

Пасля ператрусу і допыту ўсіх склікалі ў адно памяшканне.

Обер-фарстмайстар абвясціў, што ў хаце да адпаведнага распараджэння застануцца два стралкі і адзін жандар. Неабходна захоўваць спакой. Аб іх наступным лёсе ён будзе дбаць асабіста. Неабходна працягваць жыць па-ста­рому, выконваць свае абавязкі. І крый божа дапусціць якое-небудзь парушэнне або крадзеж.

Старога пана пад рукі ўсадзілі ў яго ж брычку. Побач селі галоўны распа­радчык і старшы жандар. Працэсія кранулася ў шлях да галоўнай сядзібы.

Обер-фарстмайстар адчуваў сябе на сёмым небе — такую важную справу раскруціў. Хмылячыся, абдумваў, як ён дакладзе наверх. Магчыма, і самога цара патурбуюць, тады ўжо сапраўды ўзнагародзяць. Можа нават стацца, выклічуць для ўзнагароджання ў Пецярбург. Яму мроілася, як усе будуць зайздросціць яго поспеху. А ён у парадным мундзіры з узнагародай на шыі будзе размаўляць з самім манархам. Усе будуць ім кланяцца, пытаць адзін у аднаго: а з кім гэта іх імператарская вялікасць так доўга размаўляе? Хто гэта такі важны побач з ім стаіць?

А потым па выпадку яго ўзнагароджання будзе баль. Шляхетныя дамы Пецярбурга пажадаюць танчыць мазурку толькі з ім. А як гэта будзе бачыць яго жонцы? Пасля гэтага яна перастане яго папракаць, што ён яе маладосць загубіў у глушэчы. Дома настане поўны парадак і спыняцца гэтыя істэрыкі і скандалы.


9. Суд


Неўпрыкметку мінуў месяц і надышло сапраўднае лета. Векавы лес поўніўся птушыным спевам. Усе дрэвы сталі ярка-зялёнымі.

Статак разбрыўся па лесе. Свежага корму хапала паўсюль. Разам трымаліся толькі самкі з зубранятамі.

Рыгор са сваім сябрам Рыкам працягвалі несці службу па ахове лесу і зуброў. Штодня паціху абыходзілі ўчастак.

Аднойчы, вярнуўшыся пасля службы дадому, дачакаліся весткі. Малання паведаміла, што прыязджалі два стралкі з галоўнай сядзібы. Прасілі перадаць, што пазаўтра адбудзецца суд па справе аб забойстве зуброў.

На другі ж дзень Рыгор быў у Ціхана. Брат таксама рыхтаваўся да суда і прыезду Рыгора вельмі ўзрадаваўся.

— Малайчына, Рыгорка, што прыехаў. Хадзем у хату.

Ціханава жонка сабрала на стол.

Ціхан пачаў гутарку першым.

— Ты, Рыгор, уважліва слухай, што я буду казаць. Нельга гаварыць, што мы сядзелі ў засадзе. Ты мяне зразумеў?

— Брат, не хвалюйся, усё будзе ў парадку, — усміхаючыся, сказаў Рыгор.

Несумненна, суд, які меў адбыцца, быў вельмі важнай падзеяй для людзей, што самотна жывуць у лесе. Пасля абеду Ціхан выцяпліў лазню, яны памыліся і прывялі сябе ў парадак. Раніцай, перахрысціўшыся, браты крануліся ў дарогу.

Пад’ехалі да галоўнай сядзібы, дзе іх сустрэў новы старшы каравульны. Ад яго яны даведаліся, што былы старшы каравульны сышоў у адстаўку і часова жыве з сям’ёй на сядзібе Шаурава. Забяспечвае парадак па захаванні маёнтка. Бо там адразу ж пасля арышту старога памешчыка адбыўся невялікі бунт. Прыгонныя хацелі падпаліць абшарніцкую сядзібу. Давялося нават страляць. Дзякуй богу, абышлося без ахвяр.

— Жыве наш старшы каравульны, як пан, — з зайздрасцю адзначыў новы начальнік варты.

Неўзабаве на прыступках ганка з’явіўся галоўны распарадчык. Выглядаў ён проста бліскуча. Летні парадны мундзір з аксельбантамі зіхацеў, а яго твар свіціўся. Браты падбеглі да яго і гучна адрапартавалі:

— Ваша высокаблагароддзе гаспадзін обер-фарстмайстар, па вашым распараджэнні прыбылі.

Той, выслухаўшы іх, прыклаў правую руку да брыля, аддаючы чэсць.

— Бачу, малайцы! — і жэстам запрасіў у дом.

Адразу ж накіраваліся ў службовы кабінет. Там на століку стаяла бутэлька каньяку. Обер-фарстмайстар наліў у тры чарачкі. Падняўшы ўверх руку, гучна сказаў:

— Вып’ем за поспех! — адным махам, крэкнуўшы перакуліў чарку ў рот.

Запрошаныя на суд высаджваліся з брычак і разам з галоўным распарадчыкам накіроўваліся ў будынак, дзе навучаліся службе стралкі. Старшы каравульны мітусіўся, на хаду аддаваў распараджэнні стралкам. Да варот пад’язджалі ўсё новыя людзі, іх сустракалі і напраўлялі куды трэба.

Неўзабаве з’явілася карэта з кратамі на вокнах. Коньмі кіраваў жандар. Ззаду, на падножках, трымаючыся рукамі за ручкі, стаялі двое жандараў з шаблямі. За арыштанцкай фурманкай конна пад’ехалі яшчэ чатыры жандары.

Вось жандары адчынілі дзверцы і пачалі выводзіць зняволеных. Першым выйшаў стары пан Шаураў, следам за ім яго ўнук, далей іхні госць і двое іхніх служкаў, усяго пяць чалавек са звязанымі рукамі.

Суд праходзіў у вялікай зале. У яе канцы за сталом сядзелі тры чалавекі ў мантыях. Побач з вялікім сталом быў маленькі, за якім сядзелі два чалавекі з пышнымі бакенбардамі. Перад імі ляжалі лісты паперы, стаялі чарніліцы і ляжалі гусіныя пёры. Перад сталом справа была невялічкая трыбуна, побач з ёй знаходзілася шырокая лава, на якой сядзелі затрыманыя асобы. Па баках стаялі два жандары.

Зала паступова напаўнялася. Наперадзе важна сядзеў обер-фарстмайстар, побач з ім яго жонка і лесапрамысловец Сімунд.

Браты Селіваны нерашуча спыніліся, не ведаючы, дзе ім сесці. Тут да іх падышоў старшы каравульны і правёў да галоўнага распарадчыка.

У трох кроках ад іх знаходзіліся арыштаваныя. Браты з цікаўнасцю іх разглядалі. На тварах падсудных не было і следу былой фанабэрыстасці. Выглядалі яны як пабітыя сабакі. Рыгору стала нават шкада паноў, але ўбачыўшы, як спадылба бліснулі ў яго бок вочы Станіслава, падумаў іншае — заслужылі.

Зала гудзела як пчаліны рой. Неўзабаве адзін з трох суддзяў падняўся, патрос званочкам, дачакаўся, пакуль зала ўціхамірыцца і гучна сказаў:

— Усім устаць, пачынаецца суд! Прашу садзіцца! Першым мае слова галоўны распарадчык пушчы спадар Таран Фёдар Канстанцінавіч.

Обер-фарстмайстар падняўся, паправіў мундзір, рашуча накіраваўся да трыбуны. Дастаў складзены аркуш паперы. Абвёўшы вачыма залу, з важным выглядам распачаў сваю прамову.

Спачатку гаварыў аб Расійскай імперыі і імператары, затым аб важнасці сваёй працы, паступова перайшоў да сутнасці:

— І вось месяц таму ў нас адбыўся дзікі выпадак. Без найвысокага на тое дазволу асобамі, якія сядзяць перад вамі, было арганізавана паляванне на зуброў. Гэтымі асобамі былі застрэлены два зубры. Дзякуючы добра пастаўленай працы па ахове гэтых рэдкіх жывёл чатыры чалавекі былі затрыманы на месцы злачынства. Пад маім кіраўніцтвам было прынята рашэнне аб аглядзе жандарамі маёнтка памешчыка Шаурава. Аказалася, выпадкі палявання на зуброў былі неаднаразовымі. Апытаныя сведкі пацвердзілі гэта. Спадар Шаураў Ян Давыдавіч сем разоў арганізоўваў такія паляванні без найвысокага на тое дазволу. Акрамя таго, мною асабіста, дарэчы, з вялікай цяжкасцю, было ўстаноўлена, што ў 1811 годзе вышэйназванай асобай з мэтай завалодання зямлёй быў арганізаваны падпал пушчы. У выніку пажару пушчы была нанесена непапраўная шкода. Хачу звярнуць вашу ўвагу, што на пажары загінулі падданыя Расійскай імперыі, таксама загінула мноства зуброў і іншых рэдкіх звяроў. Спадзяюся на наш справядлівы суд, асобы, датычныя да злачынства, павінны быць пакараныя. У мяне ўсё.

Два пісарчукі старанна запісвалі.

У зале стаяла цішыня. Обер-фарстмайстар сеў на сваё месца. Раптам хтосьці пачаў пляскаць у ладкі, і ўся зала загучала апладысментамі.

Фёдар Канстанцінавіч падняўся і зрабіў невялічкі паклон.

Зноў зазвінеў званочак і пачуўся гучны голас.

— Папрашу цішыні, суд працягваецца. Наступным выклікаецца стражнік Селіван Ціхан Іванавіч.

Ціхан падняўся і падышоў да трыбуны.

Адзін з трох судзяў пачаў задаваць пытанні:

— Скажыце, калі ласка. Як атрымалася падлавіць парушальнікаў на месцы злачынства?

— Мы з братам неслі службу каля зуброў, а тут побач пачуліся стрэлы, ну мы і пабеглі на гук. Убачылі двух застрэленых зуброў і чатырох чалавек са стрэльбамі. Мы з братам іх і затрымалі.

— Вы можаце нам паказаць гэтых людзей? — спытаў памагаты суддзі, які сядзеў з правага боку.

Ціхан паказаў на чатырох чалавек на лаўцы.

— Скажыце, а як гэта вы ўдвух затрымалі чатырох узброеных людзей.

— Ну, пан суддзя, мы бегаем хутка, а яны не ўмеюць перазарадзіць стрэльбы. — адказаў Ціхан.

— І што, яны не аказалі ніякага супраціву? — запытаў галоўны суддзя.

— Аказалі, вось гэты Шаураў Станіслаў свіснуў мяне па твару бізуном. Мне давялося абараняцца. Вось яшчэ шнар, пане суддзя. А тут акурат іх высо­каблагароддзе, обер-фарстмайстар з жандарамі падаспелі.

— Неяк дзіўна атрымліваецца. І вы на месцы, і обер-фарстмайстар з жандарамі побач. Вы што, ведалі аб паляванні загадзя? — нахіліў галаву ўбок галоўны суддзя.

— Так, меркавалі, пане суддзя.

— Адкуль вам стала гэта вядома? Хто вас папярэдзіў?

— Не магу сказаць. Гэты чалавек не жадае, каб аб ім ведалі. Ён таемна дапамагае нам ахоўваць пушчу і зуброў.

— У вас ёсць такія людзі, прозвішча якіх нават суд не можа ведаць? — здзіўлена падняў бровы галоўны суддзя.

— Так, ёсць, але гэта дзяржаўная таямніца. Прозвішчаў гэтых людзей мы назваць не можам. Гэта ўсё дзякуючы обер-фарстмайстру. Фёдар Канстанцінавіч арганізаваў ахову пушчы так, што мы можам затрымаць любога нягодніка на месцы злачынства, — упэўненым голасам сказаў Ціхан.

Пры гэтых словах у обер-фарстмайстра ад здзіўлення падняліся бровы, потым ён зрабіў выгляд, што так і ёсць на самай справе. Калі галоўны суддзя пасля такога адказу Ціхана з запытаннем паглядзеў у яго бок, іх высокаблагароддзе паважна кіўнуў галавою.

У зале адразу зрабілася шумна ад перашэптвання. Рыгор таксама здзіўленна ўтаропіўся на брата.

Суддзя ізноў патрос званочкам. Калі зала аціхла, ён сказаў:

— Тады ўсё зразумела. У суда да вас няма больш пытанняў. Прашу заняць сваё месца.

Суддзя нахіліўся і нешта перамовіўся з памагатымі. Тыя яму сцвярджальна ківалі галавамі. Галоўны суддзя падняўся і абвясціў:

— Суд выходзіць дзеля прыняцця рашэння, перапынак адна гадзіна.

Усе пачалі выходзіць на свежае паветра. Браты таксама выйшлі на вуліцу, аддаліліся ад астатніх.

— Ціхан, ты што там за трыбунай намалоў? Аб якіх таемных людзях ты казаў? Што, Арон наш таемны чалавек? — узрушана шаптаў Рыгор.

Ціхан усміхнуўся.

— Рыгорка, як мне было растлумачыць, што мы так хутка апынуліся на месцы злачынства?

Размаўляючы, браты ўбачылі, што да іх накіроўваецца галоўны распарадчык з жонкай.

Обер-фарстмайстар з задаволенай усмешкай на твары сказаў:

— Ціхан, ты малайчына! Талкова адказваў на пытанні суддзяў. Ім што? Ім толькі дай заблытаць нашага брата. Спрытна ты ім адказваў, няхай ведаюць, што і мы не лыкам шытыя.

У гэты час да іх падбег старшы вартавы і спыніўся поруч.

— Г алубчык, ты прасачы, каб у спадароў суддзяў усяго хапала: і закусіць, і выпіць.

— Слухаюся, ваша высокаблагароддзе, — старшы вартавы пабег назад у памяшканне.

Обер-фарстмайстар звярнуўся да жонкі з паклонам:

— Выбачай, дарагая, у нас служба. Схадзі, пагутары з гасцямі, а мы зоймемся важнымі дзяржаўнымі справамі.

Жонка іх высокаблагароддзя з незадаволеным выглядам накіравалася да мясцовай шляхты.

Обер-фарстмайстар пацёр рукі:

— Ну-с, маладыя людзі, пакуль перапынак, пойдзем да мяне ў кабінет.

У кабінеце галоўны распарадчык напоўніў тры чаркі.

— Спрытна ты прыдумаў. Таемна, значыць інкогніта! Яны лічаць, што мы тут сякерай голімся, — усміхаючыся, задаволена разважаў галоўны распарад­чык. — Мяркую, цяпер, пасля гэтых слоў надоўга адаб’ём жаданне страляць зуброў. Ціхан, ты колькі гадоў працуеш стражнікам?

— Ваша высокаблагароддзе, два гады стралком і сем гадоў стражнікам.

— Праз месяц старшы стражнік сыходзіць у адстаўку, так што за гэты месяц ты павінен прыняць у яго справы. Мне патрэбны энергічныя людзі, а то гэтыя разгультаіліся. Гарэлку навучыліся піць. Лымары, адным словам.

Паселішся з сям’ёй, а я на цябе падрыхтую неабходныя паперы, — сказаў оберфарстмайстар і звярнуўся да Рыгора. — Ты, Рыгор, пакуль свой абход пакінь, паступіш у распараджэнне адмыслоўцаў з Пецярбурга. Яны ўжо прыступілі да працы, і ты прасочыш, каб не зрабілі вялікай шкоды лесу. Я адзін не магу за ўсім усачыць.

Напрыканцы суда адзін з трох суддзяў зачытаў прынятае рашэнне.

— Падсудныя, вы прызнаяце сябе вінаватымі ў пералічаных злачынствах? — спытаў галоўны суддзя.

Злачынцы ўслых прызналі сваю віну.

— На падставе судовага кодэкса Расійскай імперыі, дбайным правядзенні следства і ўсебаковага вывучэння справы, суд пастанаўляе прызнаць усіх вінаватымі і прызначыць пакаранне.

Далей пералічвалася, якое пакаранне панясе кожны. З прамовы суддзі вынікала, што ў сувязі з тым, што абодва прыганятыя былі людзьмі прымусовымі і самі не стралялі, а толькі аказвалі садзейнічанне злачынству, ім прызначалася толькі выплата штрафу пяцьсот рублёў кожнаму. Госцю маладога паніча за забойства зубра прызначылі штраф у памеры дзве тысячы рублёў. Пасля выпла­ты гэтых трох належала вызваліць з-пад варты.

Шаураў Станіслаў за арганізацыю палявання, учыненне смерці зубру, аказанне супраціву пры затрыманні прысуджаўся да выплаты штрафу ў памеры дзвюх тысяч рублёў і да пяці гадоў катаргі.

Стары памешчык Шаураў Ян Давыдавіч за неаднаразовае паляванне на зуброў і арганізацыю падпальвання пушчы, што стала прычынай смерці людзей і рэдкіх звяроў, пазбаўляўся дваранскага саслоўя і прысуджаўся да пажыццёвай катаргі.

Маёнтак памешчыка Шаурава з зямлёй і шасцюстамі душ прыгонных адыходзіў у казну Расійскай імперыі. Часова, да распараджэння, маёнтак будзе знаходзіцца пад юрысдыкцыяй адміністрацыі пушчы.

Галоўнаму распарадчыку пушчы Тарану Фёдару Канстанцінавічу, стражніку Селівану Ціхану, стражніку Селівану Рыгору, а таксама неўстаноўленай асобе, якая аказала садзейнічанне ў затрыманні злачынцаў, належала выплаціць узнагароду з казначэйства ў памеры дзвесце рублёў кожнаму.

Пасля вынясення прысуду пакараным на вачах у залы жандары надзелі на ногі і рукі жалезныя кайданы. У гэты момант на падсудных было страшна глядзець. Жандары вывелі асуджаных з залы ў арыштанцкую карэту. Суд закончыўся.

Обер-фарстмайстар правёў суддзяў да брычкі, якая адразу ж пакаціла ў Г ародню. Іх высокаблагароддзе развітаўся з запрошанай на суд тутэйшай шляхтай. Яны рассаджваліся па брычках і адпраўляліся ў розныя бакі.

Ціхан і Рыгор стаялі наводдаль і абмяркоўвалі рашэнне суда. Іх гутарку перапыніў обер-фарстмайстар. Ён запрасіў зайсці да скарбніка і атрымаць належныя ўзнагароды. Але як аддаць грошы «неўстаноўленай» асобе? Г алоўны распарадчык рашуча напісаў у ведамасці сваё прозвішча і распісаўся, а грошы працягнуў Рыгору.

— Лічу, ты ведаеш, каму належаць гэтыя грошы... Ад мяне асабіста перадай падзяку...

— Не турбуйцеся, ваша высокаблагароддзе, перадам усё да капейкі, — сказаў Рыгор.

— А цяпер пойдзем на сабакарню, — загадкава ўсміхнуўся галоўны распарадчык.

Насустрач ім выйшаў Яўстафій. У вялікім лазовым кошыку вынес белых з шэрымі плямкамі семярых шчанюкоў.

Іх высокаблагароддзе з усмешкай прапанаваў:

— Ёсць такі звычай. Уладальніку сабакі належыць адзін шчанюк на выбар.

Рыгор нахіліўся і без вагання дастаў з кошыка ўпадабанага шчанюка, асцярожна засунуў за пазуху. Там адразу ж стала мокра, але Рыгор не падаў выгляду.

Іх высокаблагароддзе нахіліўся, узяў яшчэ аднаго шчанюка і працягнуў Ціхану. Ціхан з захапленнем у вачах прыняў падарунак.

— Усё, цяпер вяртайцеся дадому, але на днях вас чакаю ў сябе.

Браты, прыклаўшы да фуражак рукі, адрапартавалі.

Дадому вярталіся ў прыўзнятым настроі. Рыгор распавёў Ціхану, як загінуў на пажары муж бабулі Марфы — Глеб.

— Ну вось, мы з табой, Рыгорка, і адпомсцілі за Глеба і іншых стражнікаў. Што ты думаеш з нагоды прапановы галоўнага рапарадчыка?

— Не ведаю. Мне не хацелася б пакідаць свой абход. Хтосьці чужы знойдзе і дуб, і святы камень, — з непакоем у вачах сказаў Рыгор.

— Тваім абходам займуся я. За гэта ты не хвалюйся. Сімунду не патрапіць ніводнага лішняга дрэва. Ледзь што, адразу паведамляй мне, а я знайду спосаб процістаяць лесазаводчыку, — усміхнуўся Ціхан і працягваў далей. — Галоўнаму спадабалася ідэя з таемнымі ахоўнікамі пушчы. Нябось, цяпер сядзіць і штабнуе ў Пецярбург пасланне — выкладае сваю новую думку. Больш нічога яму ўводзіць у вушы не трэба — досыць з яго. Трэба толькі прасачыць, каб ён не абабраў пушчу перад канцом сваёй службы. Хутка прыйдзе новы обер-фарстмайстар. Неабходна падрыхтавацца да яго прыходу, усюды паставіць сваіх надзейных людзей. Трэба параіцца з бацькам, ён падкажа, як зрабіць лепш для пушчы, — сур’ёзным голасам разважаў Ціхан.

— Разумны ты ў мяне брат, толькі не заганарыся на новай пасадзе. А то яшчэ перастанеш вітацца, і жонка твая каб не задрала нос, — адначасова здзекліва і жартаўліва сказаў Рыгор.

Браты зарагаталі, абняліся, і кожны накіраваўся ў свой бок.

Раніцай наступнага дня Рыгор прачнуўся крыху раней, паведаміў жонцы, што яму тэрмінова трэба ехаць да бацькі ў селішча. Малання прыгатавала сняданак, і ён разам з Рыкам адправіўся ў дарогу.

Спачатку пад’ехаў да карчмы Арона. Арон узрадавана выскачыў насустрач.

— Заходзь, Рыгорка, даўно цябе не было. Давай, садзіся, распавядзі якія навіны?

Стражнік папрасіў зачыніць дзверы. Арон зачыніў дзверы і прысеў насупраць стражніка. Той моўчкі дастаў з-за пазухі грошы. Пералічыўшы, паклаў на стол перад яўрэем.

Арон, не зводзячы з грошай вачэй, сказаў:

— Не крыўдзі мяне. Я табе ўжо казаў, грошай не вазьму.

— Дзядзька Арон, а гэта не мае грошы, а вашы. 1х вам перадало казначэйства...

Рыгор падрабязна распавёў карчмару пра суд. Арон жвава ўскочыў, пад­бег да сцяны і, хістаючыся, пачаў нешта манатонна гаварыць на незразумелай мове. Працягвалася гэта некалькі хвілін. Потым вярнуўся да стала, узяў грошы і схаваў іх за пазуху. Падбег да стражніка, схапіў яго рукі і пачаў іх цалаваць.

Рыгору стала няёмка, ён выхапіў рукі і абняў яўрэя, той ціха заплакаў.

— Супакойцеся, дзядзька Арон.

— Гэта нічога, гэта слёзы шчасця. Гэтых грошай хопіць, каб даць адукацыю Мошцы, — задумаўшыся, пачаў калыхаць галавой з боку ў бок.

— Трэба яшчэ адведаць бацьку, паеду да яго. Дзякуй за пачастунак, — Рыгор пачаў уставаць з-за стала.

Яўрэй замітусіўся.

— Дзякуй табе. Ты мяне выратаваў. Хадзем, пазнаёмлю цябе з Мошкай.

— Іншым разам, дзядзька Арон...

— Так, я разумею, я ўсё разумею. Заходзь да мяне як мага часцей, нават сярод ночы заходзь, добры чалавек, слухай Рыгор, а я пазнаў ваш сакрэт!

— Які сакрэт? — спалохана спытаў стражнік.

— Сакрэт вашай цудоўнай гарэлкі, — сказаў яўрэй

— Ну, і што гэта за сакрэт? — з палёгкай усміхнуўся стражнік.

— Мясцовыя ўмельцы гарэлку настойваюць на зуброўцы, — таямніча, з захапленнем гаварыў Арон. — Дык вось, калі правільна падабраць градус і правільна настаяць, то і адна чарачка развязвае язык падарожнаму люду любога саслоўя.

— Дзядзька Арон, мы даўно гэтыя напоі падсоўваем заезджым на паляванні. Гэта сапраўды языкі развязваюцца адразу ж, — пацвердзіў здагадку яўрэя Рыгор.

Праз некаторы час стражнік пад’ехаў да бацькавай хаты. Убачыў прывязанага каня Ціхана, зайшоў у хату. За сталом сядзелі бацька і Ціхан. На бацькавых губах блукала ўсмешка.

— Рыгор, я ўжо ўсё ведаю. Вы з Ціханам малайцы. Нават не магу паверыць, што так добра ў вас атрымалася.

Было выразна бачна, што Ян ганарыцца сынамі. А яшчэ больш за ўсё яго радавала, што яны ездзяць да яго раіцца. Добра, што яны хвалююцца за справу так, як калісьці ён. Бацькавы вочы свіціліся ад радасці. У сваіх сынах ён бачыў сябе маладога. Справа пушчы і зуброў у надзейных руках. Значыць, здолеў пасеяць у іх душах разумнае, выканаў галоўны бацькоўскі абавязак, выгадаваў сапраўдных мужчын.


10. Сварка


Праз тыдзень да Рыгора прыехаў брат. Мундзір старшага стражніка зіхацеў срэбнымі гузікамі.

Браты зайшлі ў хату. Ціхан распавёў, як пасяліўся ў хаце, дзе раней пражываў начальнік варты, як цэлы тыдзень аб’язджаў пушчу. На таксацыі пушчы задзейнічаныя сотні людзей. Як і меркаваў бацька, у гэтай справе замешаны лесапрамысловец Сімунд. Яго людзі ўжо вывозілі шмат драўніны на тартак.

— Так што, Рыгор, заўтра правяраем прасекі. Выязджаем на тыдзень, заадно і праверым обер-фарстмайстра. Справа вось у чым. Прасекі павінны быць пэўнай шырыні. Атрымліваецца, Сімунду трэба толькі вывозіць гатовую драўніну. Але гэтага яму мала. Як толькі ён бачыць добрае дрэва побач з прасекай, яго людзі тут жа спілоўваюць яго. Мы і падлічым, колькі лесу ён вывез незаконна. Складзем паперу і падамо галоўнаму распарадчыку, — дзелавіта тлумачыў Ціхан. — Што ён скажа?!

Раніцай браты накіраваліся да месца высечкі. Ехалі праз усю пушчу. Дабраліся толькі адвячоркам.

Пракладка прасек ішла поўным ходам. Насустрач, адзін за адным цягнуліся вазы лесу. Было заўважна, што Сімунд набраў процьму людзей з фурманкамі.

Браты начавалі разам з рабочымі і навукоўцамі з Пецярбурга. Апошнія былі здзіўленыя прыгажосцю лесу. Яны бывалі ў розных месцах на прасторах Расійскай імперыі, але такога векавога і дрымучага лесу не сустракалі нават у Сібіры.

— Рука не паднімаецца валіць трохсот-, двухсотгадовых прыгажуноў, — выказаўся адзін з іх. — Трэба захаваць пушчу для нашчадкаў.

Прыезджыя паскардзіліся, што не чакалі такой шчыльнасці векавых дрэў і турбаваліся за тэрміны выканання загаду міністра дзяржаўнай маёмасці, бо на ўсю таксацыю пушчы быў адведзены толькі адзін год.

Раніцай браты сталі лічыць уздоўж прасек пянькі. Ціхан ўсё запісваў.

Калі вярталіся на абед, пачулі шум і гам. На дарозе назбіралася вялікая колькасць пустых фурманак. Коні храплі, станавіліся на дыбкі, кідаліся ўбакі. Вазніцы лаяліся, не ведаючы, што рабіць.

Браты пад’ехалі бліжэй. Аказалася, што на прасеку выйшаў статак зуброў. Лесарубы пакідалі сякеры, разбегліся ў розныя бакі. Кожны з іх гатоў быў залезці ад страху на дрэва.

Браты спешыліся.

— Хто з вас старэйшы, падыдзіце да мяне? — гучна, каб чулі, сказаў Ціхан.

Да яго падышлі некалькі чалавек.

— Слухайце мяне ўважліва. Разварочвайце фурманкі і едзьце дадому. Прыедзеце сюды праз тры, чатыры дні. Бо цяпер сячэм прасеку праз лісцвяны лес, дзе шмат асін, і зубры адсюль не сыдуць. Калі мінуем гэты ўчастак, вы спакойна забярэце дзелавую драўніну. Цяпер зубры могуць раззлавацца і пачаць вас і коней атакаваць. Усім ясна?

— Ясна, — бліснуў вачыма адзін з прысутных. — Толькі як на гэта паглядзіць пан Сімунд. Вернемся парожнімі — будзе нас моцна лаяць.

— Скажыце, што гэта распараджэнне старшага стражніка, — патлумачыў Ціхан.

— Можа, стрэліць у паветра і яны сыдуць? — з асцярогай у голасе сказаў адзін з вазніц.

— На, стрэльні, паглядзім, што ад цябе застанецца, — здзекліва прапанаваў Ціхан, здымаючы з пляча стрэльбу.

— Не, лепш я паеду на печы з бабай паляжу, — усміхнуўся вазніца.

Рабочыя ж, з асцярогай пазіраючы ў бок зуброў, распачалі працу.

Зубры ніколькі гэтым не трывожыліся, стаялі і здалёк глядзелі, як секліся дрэвы. Толькі паварочвалі галовы, калі чарговае дрэва з трэскам і грукатам падала на зямлю. Браты нацягалі ім асінавых галінак і верхавін. Зубры з задавальненнем елі нарыхтаваны корм, толькі часам патрэсвалі галовамі, адмахваючыся ад назойлівых камароў і гізоў.

Калі ноччу ўсе леглі спаць, стражнікі неслі варту. Статак зуброў таксама размясціўся на начлег каля кучы нарыхтаванага галля. За ноч зубры аб’елі лісце і зніклі ў лесе таксама нечакана, як і з’явіліся.

Увечары каля кастра Ціхан і Рыгор разгаварыліся з адмыслоўцамі з Пецярбурга. Ціхан высветліў колькі вёрст ужо зроблена. Усё дбайна запісаў. Старшы адмысловец збіраўся раніцай ехаць з дакладам да обер-фарстмайстра. Браты таксама вырашылі з’ездзіць у цэнтральную сядзібу.

Разам пад’ехалі да хаты галоўнага распарадчыка пушчы. Обер-фарст­майстар запрасіў іх у свой працоўны кабінет. Першым дакладваў аб праведзенай працы галоўны адмысловец з Пецярбурга. Распавёў пры гэтым аб нечаканай перашкодзе — з’яўленні статка зуброў. Не забыўся падзякаваць Ціхану і Рыгору за дапамогу. У канцы ён сказаў, што адстаюць ад графіка.

Галоўны распарадчык спытаў:

— Што трэба зрабіць, каб паскорыць працу?

— Неабходна дадаткова наняць людзей, — рашуча сказаў адмысловец.

— А дзе іх узяць? — цяжка ўздыхнуў Фёдар Канстанцінавіч.

Пасля гутаркі з галоўным адмыслоўцам ён звярнуўся да братоў:

— А ў вас да мяне якія пытанні?

Ціхан падаў складзены ліст паперы.

— Няхай лесапрамысловец Сімунд частку сваіх людзей паставіць на высечку прасек. А то ён спілоўвае дрэвы побач з прасекамі. Акрамя таго, ён забірае толькі дзелавую драўніну, а танкамер і верхавіны пакідае. Можна запрасіць прыгонных. Няхай гэты танкамер бясплатна забіраюць сабе і свайму памешчыку на дровы. За гэта адпрацуюць некалькі дзён. Менш будзе крадзяжу. Які сэнс красці і рызыкаваць, калі можна проста так прыехаць і нагрузіць гатовых дроў.

З прапановамі Ціхана было цяжка не пагадзіцца. Зрабіўшы невялікую паўзу для абдумвання, Фёдар Канстанцінавіч устрывожана заявіў:

— Так-так, ты маеш рацыю. Трэба прымаць меры. Гэты Сімунд можа стварыць нам праблему. Дзякую за пільнасць, вельмі табе ўдзячны. Я асабіста з ім перамоўлюся. Лічу, такое з яго боку больш не паўторыцца. Яшчэ раз дзякую за службу, — і працягнуў Ціхану руку для поціску.

Ціхан выйшаў з хаты обер-фарстмайстра з усмешкай на твары.

— Хадзем, Рыгор, абедаць, заадно і агледзіш маё новае жыллё.

Пасля сыходу Ціхана обер-фарстмайстар панёсся на брычцы да пільні лесапрамыслоўца Сімунда. Заспеў яго на падворку ля здвоеных адмысловых фурманак, нагружаных доўгімі стваламі карабельных хвой. Побач з ім знаходзіліся пакупнікі — немцы.

Галоўны распарадчык прывітаўся і сказаў:

— Спадар Сімунд, вы мне патрэбныя для гутаркі.

Той, нешта сказаў купцам па-нямецку, яны заківалі галовамі.

— Прашу вас у кантору, у мяне таксама да вас ёсць пытанні, сказаў замежны лесапрамысловец.

— Не! Гутарка будзе доўгай. Мы павінны яе весці толькі там, дзе нас не змогуць пачуць. Лепш дома, — адказаў галоўны распарадчык.

— Зразумела! Пачакайце хвіліначку. Я аддам некаторыя распараджэнні. Мы пад’едзем да мяне, заадно разам і перакусім, прапанаваў Сімунд.

Праз некаторы час дзве брычкі падкацілі да ганка сядзібы Сімунда.

Прайшлі ў вялікую сталовую. Апранутая ў прыгожыя ліўрэі прыслуга накрывала стол да абеду. Посуд быў з чыстага срэбра. Бляск і раскоша так і рэзалі вочы обер-фарстмайстра.

Калі стол накрылі, застаўся толькі адзін чалавек з прыслугі.

Галоўны распарадчык кіўнуў у бок ганарлівага служкі.

— Папрасі і яго пакінуць нас.

— Няма такой патрэбы. Пры ім можна вольна гаварыць, ён італьянец і ні чорта не разумее. Толькі тыдзень назад як прыбыў з Італіі.

Распарадчык дастаў складзены ліст паперы і моўчкі паклаў перад Сімундам.

— Што гэта? — спытаў лесапрамысловец.

— У гэтай паперчыне пералічаныя ствалы, якія зрэзалі твае людзі побач з прасекай, — гледзячы проста ў вочы сказаў галоўны распарадчык.

— Падумаеш, зрэзалі пару дрэў збоку, — з’едліва ўсміхнуўся лесапрамысловец.

— Прачытай, колькі там напісана. Вельмі многа, настойваў оберфарстмайстар.

— Хто гэтую паперу склаў? ужо без усмешкі спытаў Сімунд.

— Якая розніца, хто склаў? сказаў, як адрэзаў, галоўны распарадчык.

— У мяне таксама ёсць прэтэнзія да цябе, — нахмурыў бровы лесапрамысловец. — Твой новы старшы стражнік не дазволіў маім людзям вывозіць лес з-за зуброў. Што, іх нельга было прагнаць? Я нясу страты, для мяне кожны дзень дарагі. Неадкладна прыбяры яго з гэтай пасады. Хай не блытаецца ў нас пад нагамі.

— Не, я прыбіраць яго не буду, ён ужо некалькі разоў мяне выручаў, — адказаў Фёдар Канстанцінавіч.

— Падазраю, што гэтая папера — яго рук справа, — яхідна прыжмурыў вочы лесапрамысловец.

— Спадар Сімунд, твае людзі сёння могуць ехаць і забіраць драўніну з прасекі. Зубры сышлі. Я толькі прашу, каб больш яны не кралі драўніну, а забіралі толькі з прасек. Ты разумееш, што мы можам пагарэць абодва? — раззлавана басіў галоўны распарадчык.

— Але ў мяне шмат заказаў на карабельную хвою. Ты ж сам бачыў поруч тартака. Прыехалі немцы з Гамбурга. Гэта ж грошы, вялікія грошы! І калі мае людзі спілуюць пару прыгожых хвой побач з прасекай, няўжо нешта здарыцца? Я табе добра плачу, больш, чым плаціць табе твой любімы цар. І будзь добры, дапамагай мне, — адкінуўся на спінку мяккага крэсла лесапрамысловец.

Ад гэтых слоў у галоўнага распарадчыка знік апетыт. Ён адклаў двузубы відэлец.

Сімунд, не звяртаючы ўвагі, нахіліўся і з задавальненнем аплятаў сакавітае мяса, запіваючы чырвоным італьянскім віном, быццам нічога не здарылася.

Обер-фарстмайстар з жахам зразумеў, у якім становішчы апынуўся. З аднаго боку гонар, кар’ера, узнагароды, поспех, аб якім ён толькі што, да прыходу сюды, марыў, з іншага — ганебнае выгнанне са службы. Нават з та­кой пасады, якую ён дагэтуль займаў. Са здранцвення яго вывелі словы Сімунда.

— Можа, твайму новаму старшаму стражніку грошай даць? —ускінуў галаву Сімунд.

— Ён іх не возьме, — скрывіўся галоўны распарадчык.

— А калі многа даць? — працягваў настойваць Сімунд.

— Ён і многа не возьме, — махнуў рукою галоўны распарадчык. — Нават не думай і не спрабуй прапаноўваць, гэтым толькі пагоршым наша становішча. Няўжо ты не разумееш, што слых аб тваім крадзяжы можа дайсці да Пецярбурга? І тады я з ганьбай вылечу, а ты пазбавішся канцэсіі, — пагрозліва нахіліўся над сталом обер-фарстмайстар.

— Галубчык, не я краду, а мы крадзём разам! — яхідна ўсміхаючыся, заўважыў Сімунд. З-пад ягоных бялявых броваў насцярожана зыркалі шэрыя вочы.

Ад гэтых слоў у обер-фарстмайстра на лбе выступіў халодны пот, дыханне зрабілася сіпатым.

— Я спраўна плачу падатак у вашу казну, — працягваў Сімунд. — У мяне кантракты і тэрміны, а твае людзі — гэта твой галаўны боль. Калі жадаеш атрымліваць грошы, дзейнічай. Заткні раты ўсім, нават сваім адмыслоўцам з Пецярбурга. Мяне не цікавіць, як ты гэта зробіш. Ха-ха, пазбавяць канцэсіі, напалохаў мяне. Пазбавяць, ну і што? Я і так збіраюся з’ехаць. Гэта майму бацьку падабалася тут сядзець у глухмені і захапляцца цнатлівай прыродай. Я не збіраюся тут карміць камароў да смерці як бацька.

Пабарвавеўшы ад злосці, обер-фарстмайстар адкінуў сурвэтку і ўскочыў на ногі:

— А ў Сібір! На катаргу! Не жадаеце, спадар Сімунд? — нечакана загарлапаніў ён на ўсю хату так, што ў служкі ад спалоху з рук выпаў паднос і загрымеў на мазаічнай падлозе.

Адкінуўшы нагой крэсла, галоўны распарадчык хутка накіраваўся да дзвярэй. Не чакаючы, калі яму расчыняць іх, ён шыбануў плячом. Тыя з грукатам адчынілася, дзвярная клямка, гучна бомкаючы, паляцела на падлогу.

— У Сібір! На катаргу! Згнаю! — неслася ў вестыбюлі.

— Мядзведзь! — услед гукнуў Сімунд, пераходзячы на італьянскую мову. — Дурны рускі мядзведзь!

Хуткім крокам обер-фарстмайстар перасёк двор і ўскочыў у брычку.

— Дадому, хутка!

Дрымотны кучар хацеў жарнуць каня, але не разлічыў, і пуга заматалася за аглоблю. Бачачы, што обер-фарстмайстар моцна ўзлаваны, кулём саскочыў з козлаў, разматаў пугу, і брычка панеслася.

У двары Ціхан выпраўляў Рыгора. Вуліцай, міма іх, ляцела брычка. Конь нёсся наўскач; у брычцы з перакошаным ад злосці тварам сядзеў галоўны распарадчык пушчы.

— Нешта здарылася? — здзіўлена спытаў Ціхана Рыгор.

— Палаяўся, мусіць, з Сімундам, або не падзялілі грошы. Не звяртай увагі, едзь дадому, — устрывожана адказаў Ціхан.

Пад’ехаўшы да дома, галоўны распарадчык узляцеў на ганак. Адкрыў дзверы і спаткаў жонку.

Тая пачала, як заўсёды, незадаволена бурчэць:

— Ты дзе ездзіш? Колькі можна чакаць? Абед ужо астыў, будзеш есці халодны.

— Пайшла прэч! Дурніца! — груба адпіхнуўшы жонку, накіраваўся ў кабінет, за сабой гучна ляснуў дзвярыма.

Жонка ад такіх паводзін мужа проста аслупянела. Гэта было першы раз за ўсе гады сумеснага жыцця. Гэта яна кожны дзень магла закатваць істэрыкі мужу. Такім яна яго яшчэ не бачыла. Пастаяўшы хвіліну ў разгубленасці, ціха пайшла да сабе, асцярожна, каб не ляснуць, прычыніла дзверы.

Крыўда перапаўняла яе сэрца. Яна прысвяціла сваё жыццё гэтаму нахабніку. Яна, якая сваёй стройнай постаццю і загадкавай усмешкай турбавала сэрцы знакамітых франтаў Пецярбурга. Яе нястрымная фантазія малявала карціны помсты мужу.

І навошта я толькі выйшла замуж за гэтага нячулага чалавека? Як толькі ён перад шлюбам паведаміў аб новым прызначэнні ў Белавежскую пушчу, трэба было збегчы з царквы. Выходзячы замуж, спадзявалася застацца жыць у Пецярбургу. Зусім не збіралася жыць сярод пнёў. Спыняла толькі адсутнасць сродкаў. Грошай, якія прыносіў бацька са службы, катастрафічна бракавала — усё ішло на ўборы. Яна хацела наведваць тэатры, балі, а даводзіцца нявылазна сядзець у гэтых карчах. Не, так не пойдзе, далей сядзець тут пад замком немагчыма. Хуткім часам з’еду ў сталіцу, знайду багатага прыхільніка і акунуся з галавой у сапраўднае жыццё. А гэты нахабнік яшчэ на каленях прыпаўзе і будзе маліць вярнуцца.

У парыве гневу яна страціла дзве самыя лепшыя якасці жанчыны: сарамлівасць і пачуццё ўласнай годнасці. Розумавыя довады знішчаліся палётам фантазій і стварэннем ілюзій. Да самай раніцы яна малявала карціны помсты мужу, шчыра абураючыся і захлёбваючыся ад крыўды.

Галоўны распарадчык адкаркаваў бутэльку каньяку. Проста з яе пачаў піць. Моцны напой абпальваў глотку. Мозг ліхаманкава працаваў. Што рабіць?.. Што рабіць?.. Толькі заўчора адправіў фельд’егерам справаздачу ў Пецярбург. Падрабязную справаздача аб бліскуча праведзенай, як яму здава­лася, працы, а тут усё бурыцца. Гэты спрытняк Сімунд са сваёй прагнасцю можа зблытаць яго планы. А яшчэ ўчора здаваўся лепшым сябрам. Якія ж бываюць людзі!..

А гэтыя з Пецярбурга таксама могуць быць дасланыя прасачыць за парадкам. Данясуць, абавязкова данясуць! Малайчына Ціхан, своечасова падказаў. Трэба брацца за працу, трэба наводзіць належны парадак. Вакол адны злодзеі і даносчыкі.

Гэх. І навошта паслухаўся гэтага прайдзісвета Сімунда. Вось балван, толькі пяць гадоў засталося, і сышоў бы ціха ў адстаўку. Дык не ж, ляснуў з вялікага розуму ў Пецярбургу, што нядрэнна было б правесці таксацыю пушчы, а тыя і пагадзіліся. Даслалі людзей з Пецярбурга. Дзеля чаго я паслухаўся гэтага замежніка?

Няма чаго Бога гнявіць, грошай трохі назапасіў. Калі не мантачыць, хапіла б на астатнія гады, яшчэ б і дзецям засталося. А не — мала. Вось нячысцік паблытаў. А зараз, калі данясуць, можна і на катаргу загрымець.

Обер-фарстмайстар яшчэ адсярбнуў з бутэлькі.

Нуда і страх не праходзілі, а яшчэ толькі больш узмацніліся.

Абхапіўшы аберуч галаву, галоўны распарадчык сядзеў за сталом.

Як выйсці з гэтага становішча? Выказаць усё на паперы і адправіць у Пецярбург? Могуць сказаць, чаму не прымаў ніякіх мер? Забараніць Сімунду вывозіць драўніну, — таксама дрэнна, можа не аддаць грошы. Навошта я, дурань, частку грошай пакінуў у яго на захоўванне. Думаў, што ён прыстойны чалавек. Цяпер яны сапраўды беззваротна знікнуць.

Цяпер робіцца ясна, для чаго яму патрэбныя прасекі. Яму прасекі патрэбныя, каб дабрацца да ўсёй пушчы. Увесь лес бясплатна аддай, гатовыя бярвёны, — усё роўна будзе мала. Вось шэльма, а не чалавек.

Фёдар Канстанцінавіч збянтэжана шныраў вачыма ў цемры.

Стары Сімунд сабе такога не дазваляў, хоць трохі сумленне меў. А яго сын, гэты малады нахабнік, і на грош яго не мае. Цяпер хоць і позна, але ўсё з ім высветлілася.

Трохі супакоіўшыся, галоўны распарадчык стаў думаць пра людзей з Пецярбурга. Данясуць, ці не данясуць на яго свайму вышэйстаячаму начальству. Аб мясцовых, сваіх падпарадкаваных ён і думкі такой не дапускаў. Ад свайго папярэдніка чуў — гэтыя беларусы сваіх не прадаюць і не выдаюць.

Чамусьці ўзгадаўся выпадак з канакрадам. Сяляне злавілі яго і павесілі.

Пачалося следства. Пад дрэвам, па слядах, відаць, што вешалі канакрада натоўпам. Другі год шукаюць жандары, хто гэта зрабіў. Усё насельніцтва выклікалася на допыт — дарэмна. Усе адказваюць аднолькава. Павешанага канакрада бачыў, як вешалі — бачыў, а хто павесіў.

Жывуць гэтыя беларусы, як каралі. Нават дзвярных замкоў няма. Сыходзяць з хаты, звычайны вярбовы дубчык засунуць за клямку дзвярэй — і ўсё, увесь замок. Ніхто чужы ў хату ніколі не зойдзе. Цудоўныя, прыстойныя людзі, праблем з імі ніякіх. Толькі дровы нарыхтоўваюць без запытання, але бяруць высмаглыя, паваленыя ветрам дрэвы. Гэта ў іх не лічыцца крадзяжом. Нават лаяцца язык не паварочваецца. Шкоды лесу ад узятага старога, засохлага дрэва няма. А калі трэба спілаваць добры лес на будову жылля, то заўсёды прыходзяць і пытаюць дазволу. Пакажыце, якія дрэвы можна спілаваць? Не тое, што гэты прайдзісвет Сімунд.

Змрочныя, маркотныя думкі апаноўвалі яго.

Жонка яму, вядома, трапілася ого-го! Калі сватаўся да яе, ягнём прыкінулася — такая ласкавая, далікатная. А як ажаніўся — усё ёй не так, усё дрэнна. Раней хоць іншых саромелася, а цяпер. Цэлымі днямі нічога не робіць, толькі чытае французскія раманы. Уявіла сябе чорт ведае кім.

Яе бацька простым, дробным службоўцам у судзе быў. Пасаг за дачкой даў які? Смешна сказаць, капейкі. Толькі і ўмеў з важным выглядам сказаць: — «Устаць! Суд ідзе!»

Обер-фарстмайстар праседзеў у цемры ўсю ноч. На многае яму адкрыліся вочы, і цяпер на ўсё глядзеў інакш. Выхаду са становішча, якое стварылася, ён не бачыў, але ўсвядоміў, што трэба шмат у сваім жыцці змяніць, так працягвацца не можа.

Толькі пад раніцу яго змарыў сон; заснуў седзячы за сталом.

Пасля сыходу обер-фарстмайстара Сімунд быў таксама моцна раз’юшаны.

Што за дзікія людзі, гэтыя славяне? Як яго бацька гэтулькі гадоў мог пражыць сярод іх? І завошта ён іх любіў? Усё казаў мне ў дзяцінстве: глядзі сын, такога лесу і такіх дзіўных людзей ты ў нас не сустрэнеш.

Што добрага ён знайшоў у гэтым дрымучым лесе? Высекчы яго цалкам трэба, хоць нейкая карысць будзе. У Еўропе можна ўзяць за дубы і карабельныя хвоі вялікія грошы.

А гэты нахабнік нічога не робіць, а грошы атрымліваць хоча. Яму што, лесу шкада, гэта ж не яго ўласны, а казённы.

Рускія ходзяць па золаце, а лянуюцца нагнуцца і падабраць. Берагуць нічыйны лес, як свой. Зуброў, бачыш, ім трэба захаваць. Каму патрэбныя гэтыя бескарысныя жывёлы?

Ён, гэты надзьмуты фазан обер-фарстмайстар, няўжо не разумее, што яго грошы ў мяне, вось за іх я і магу наняць дадаткова людзей. Больш ён у мяне меднай манеты не атрымае. Дзікун! Нагрубіяніў, дзверы ў сталовай зламаў. Усё гэта трэба ўлічыць і адлічыць з яго сумы. Добра, што гэтыя дзікуны не ведаюць сапраўдны кошт, за які іх лес прадаю. Да пятага калена дзецям і ўнукам хопіць сродкаў жыць у раскошы.


11. Выратаванне пушчанскай таямніцы


Наступнага дня раніцай, прывёўшы сябе ў парадак, обер-фарстмайстар распарадзіўся тэрмінова паклікаць старшага стражніка.

За абедам яны абмеркавалі справы ў іх гаспадарцы. Фёдар Канстанцінавіч прапанаваў аб’ехаць бліжэйшыя маёнткі. Падгаварыць іх уласнікаў на ўзаемавыгадных умовах удзельнічаць у таксацыі пушчы. Пачаць трэба з маёнткаў, размешчаных там, дзе прасекі ўжо зробленыя.

— Адкладваць нельга — заўтра і распачнём аб’езд, — з вялікай заклапочанасцю падагульніў размову галоўны распарадчык.

Раніцай яны рушылі ў дарогу. Фёдар Канстанцінавіч пасадзіў Ціхана ў сваю прыгожую рысорную брычку. Іх суправаджаў эскорт з чатырох стралкоў.

Дарогай спыняліся агледзець гатовыя прасекі. Ды і што там было спыняцца?! Фёдар Канстанцінавіч застаўся незадаволены. Вакол валялася галлё, пакінутае пасля ачысткі дзелавой драўніны, а галоўнае, — процьма паваленых тоўстых асін, бяроз, вольхі.

Ціхан паказаў пянькі карабельных хвой побач з прасекамі.

— Так, бачу, — скрушна ківаў галавою обер-фарстмайстар. — Сімунд не спіць. Цяпер я ў гэтым пераканаўся асабіста, — цяжка ўздыхнуў ён. — Выбірае лепшае, астатняе кідае...

Ціхан пры гэтых словах усміхнуўся. Успомніў, як з братам перадражнівалі іх высокаблагароддзе.

Далей іх шлях ляжаў на сядзібы памешчыкаў.

Прымалі ветліва, як дарагіх госцей. Запрашалі перакусіць. Усе без выключэння былі рады магчымасці набраць дроў. За кожным разам пры такіх гутарках галоўны распарадчык прасіў забіраць і галлё, парадчыць прасекі. Памешчыкі абяцалі асабіста сачыць за гэтым. Заехалі ў Камянец-Літоўск. Упершыню Ціхан бачыў старажытную вежу. Пра яе чуў з дзяцінства, а вось бачыў першы раз.

На начлег спыніліся ў знаёмага шляхціца. Асабняк акружаў маляўнічы старадаўні парк. Вельмі прыгожай была стайня з бруса пад гонтай. Г аспадар асабняка Рычард Паплаўскі быў польскага паходжання і па-руску гаварыў слаба. Падчас доўгай вячэры ўспаміналі дні, праведзеныя на сумесных паляваннях, розныя прыгоды. Паплаўскі расказаў, як мінулай восенню сын застрэліў мядзведзя.

— Запрасілі мяне на паляванне, на дзікоў. Мы з сынам сталі на нумары недалёка адзін ад аднаго. Загоншчыкі спусцілі сабак. Чую побач стрэл і бачу, як бяжыць да мяне сын, белы як смерць. Пытаю яго, што здарылася. А ён мне перапуджаным голасам кажа: «Дзік падняўся на заднія лапы і ідзе. Я стрэльнуў, а ён усё ідзе. Я кінуў стрэльбу і бягом да цябе, тата». Тлумачу сыну, што такога не можа быць, бо дзікі не ходзяць на задніх лапах. Пайшлі глядзець, каб забраць стрэльбу. А там, побач са стрэльбай, ляжыць мядзведзь. Мы віншуем сына з дарагім трафеем, а ён кажа: тата, я быў на паляванні першы і апошні раз.

Ціхан маўчаў, больш слухаў і з цікавасцю разглядаў гістарычныя карціны на сценах паляўнічай залы.

Раніцай выправіліся далей. Дарогай часам заварочвалі ў спадарожныя фальваркі. Часта сустракаліся сялібы аднадворцаў, якія не пацвердзілі свае правы на дваранскае паходжанне. Адны з іх жылі на ўласных малюсенькіх участках зямлі, другія — на казённых. Дрэнныя хаткі, як у сялян на нагах лапці, ці поршы. Толькі адзежа, з такога ж сукна хатняга вырабу, пашытая інакш — з высокім стаячым каўняром. Цікава было з імі гаварыць. Былыя шляхціцы не радніліся з сялянамі. Часта яны былі напаўпісьменнымі, але памяталі свой радавод, ганарыліся продкамі. Некаторыя з іх мелі цэлыя куфэркі, набітыя старадаўнімі граматамі, рознымі дакументамі на прывілеі, якія даказвалі іх дваранскае паходжанне. Пасля рэформы 1843 года яны зваліся грамадзянамі-аднадворцамі. Такім обер-фарстмайстар дазваляў нарыхтоўваць дровы без адпрацоўкі.

Кожны багаты памешчык меў сваіх так званых рэзідэнтаў з бедных дваран, часцей за ўсё адстаўных афіцэраў. Як звярнуў увагу Ціхан, між імі былі шляхетныя і сумленныя людзі, але сустракаліся і розныя круцялі і дармаеды, якія нават гатовыя дровы адмаўляліся браць. Яны хваліліся паляўнічымі сабакамі, калекцыямі стрэльбаў. Любілі распавядаць пра свае паляўнічыя подзвігі, часам хлусілі так, што было сорамна слухаць.

Паездка па наваколлях пушчы Ціхану спадабалася. Асабліва сустрэчы з людзьмі.

Здзівіла стараннасць Фёдара Канстанцінавіча, нібы хтосьці яго падмяніў.

Раніцай наступнага дня, як і дамаўляліся, разам накіраваліся да высечак. Дарогай сустрэлі вялікую колькасць фурманак, гружаных даверху. Прыгонныя чысцілі прасекі, забіралі ўсё на дровы. На адной, раней зробленай, затрымаліся і прайшліся. Прасека выглядала зусім па-іншаму. Ствалы дрэў вывезеныя, а дробнае галлё і верхавіны прыбраныя.

Іх высокаблагароддзе з вялікім задавальненнем прамовіў:

— Ціхан, глядзі, выглядаюць прасекі зусім інакш, толькі пянёчкі бялеюць. Усё можна рабіць разумна. Прыемна зірнуць, так і павінна быць.

— Цалкам з вамі пагаджаюся, ваша высокаблагароддзе. Цяпер выглядае па-гаспадарску, — сказаў Ціхан, а сам падумаў, дарма ўсё гэта. Праз дзесяць гадоў ад гэтай прасекі не застанецца і следу — зарасце.

Паехалі далей. Насустрач коні цягнулі на вяроўках доўгія ствалы карабельных хвой. Бярвёны ўпіраліся ў пні, вазніцы падважвалі і адкочвалі бярвёны ўбок, пры гэтым моцна лаяліся.

Обер-фарстмайстар прывітаўся з адмыслоўцамі з Пецярбурга і ляснічымі, якія тут распараджаліся.

Карабельныя хвоі стаялі суцэльнай сцяной, як салдаты на пляцы. Галлё расло толькі на самой верхавіне, а ўнізе ствалы былі цалкам голыя. Кара дрэва па вышыні пераходзіла ад чорна-шэрага да светла-мядзянага колеру. Калі іх валілі, усе разбягаліся ўпрочкі. Хвоя падала гучна; спачатку быў трэск, потым рыпенне і ў канцы грукат ад удару аб зямлю.

Нечакана на прасецы з’явіўся Сімунд. Убачыўшы яго, галоўны распарадчык нечакага пабарвовеў.

— Гаспадзін Сімунд, — сказаў ён заміж прывітання, — неабходна аплаціць за дрэвы, спілаваныя па-за лініяй прасекі. Грошы трэба ўнесці ў казначэйства ў суме дзесяць тысяч рублёў.

Ад пачутых слоў Сімунд нават не міргнуў вокам, як не чуў.

— Грошы трэба ўнесці на працягу двух тыдняў, — паўтарыў Фёдар Канстанцінавіч. — Калі вышэйназванай сумы не будзе, мушу паведаміць у Пецярбург. Вы будзеце пазбаўлены канцэсіі на нарыхтоўку дзелавой драўніны. Знойдзем іншага лесапрамыслоўца.

Ён разумеў, што цяпер кожнае вымаўленае ім слова на вагу золата і, супрацівячыся аплаце, можна сабе моцна зашкодзіць. Кантракты з нямецкімі пакупнікамі падпісаныя. Іх нашы калатнечы не цікавяць, ім патрэбна якасная драўніна. Дзявацца няма куды.

Сімунд добразычліва пасміхнуўся. Добра, што гэты надзьмуты рускі балван не ведае сапраўднага кошту гэтым хвоям. Тым больш, што аплата будзе яго грашыма. Так, не своечасова сюды прыехаў, не чакаў сустрэць тут оберфарстмайстра. Але ўжо вельмі карцела агледзець хвоі, якія пачалі прывозіць на пільню, ды якую прыгажуню збоку прасекі спусціць.

Нібы чытаючы думкі Сімунда, іх высокаблагароддзе працягваў:

— Гаспадзін Сімунд, і крый Божа вас зрэзаць хоць адно дрэва акрамя прасекі. Я з вамі не жартую. Дзе вашы людзі? Чаму яны толькі вывозяць гатовы лес, а не дапамагаюць пілаваць і валіць? Будзьце ласкавы, гаспадзін Сімунд, дайце такое распараджэнне сваім людзям.

Ад такой нечаканкі ў Сімунда пашарэў твар. Сабраў сілы, каб не адказаць грубасцю. Але зноў успомніў аб тэрмінах і кантрактах. Паглядзеў на стромкія хвоі і толькі заскрыпеў зубамі: цяпер ужо сапраўды не атрымае ён у мяне ні капейкі. Так, няўдалы момант выбраў для паездкі. Не атрымаецца гэтага рускага мядзведзя зрабіць ручным, прэ напралом.

— Нам пара. Спадары, маю гонар, — галоўны распарадчык прыклаў руку да брыля. — Ціхан, едзем у цэнтральную сядзібу.

Сімунд стаяў на ранейшым месцы, журботна апусціўшы галаву. Яго твар пунсавеў ад злосці.

Цяпер ясна, што сяброўству між лесапрамыслоўцам і галоўным распарадчыкам пушчы канец. Пушча ад гэтага толькі выйграе. А прасекі нічога, пройдуць гады, і зажывуць раны на целе пушчы. Унукі і месца не знойдуць, дзе яны праходзілі прамымі як страла лініямі.

Настрой у Ціхана палепшыўся. Ён з усмешкай глядзеў на обер-фарстмайстра; іх высокаблагароддзе сядзеў у брычцы, апусціўшы галаву.

Ён думаў, што пасля гэтай гутаркі яму не відаць сваіх грошай. Але трэба чымсьці ахвяраваць дзеля выратавання ўласнай скуры. Катарга — гэта не жарт. Добра, што гутарку з Сімундам чулі тыя, з Пецярбурга. На душы ста­ла лягчэй, нібы зваліўся камень. Павесялеўшы, обер-фарстмайстар услых прабасіў:

— Ціхан, я правільна зрабіў, што гэтага паўліна паставіў на месца? А за яго грошы мы наймём прыгонных спадара Шаурава. З кожнага двара возьмем па адным чалавеку на высечку, ты як думаеш?

— Цалкам згодны, ваша высокаблагароддзе, гэта будзе па-гаспадарску. А з Сімундам вы паступілі правільна.

— Дзякую табе за службу, Ціхан, ты своечасова мяне папярэдзіў. Я і не ведаў, што ў мяне пад бокам такое дзеецца. Давай заедзем да мяне, трэба зняць напругу. Ніякіх нерваў не хапае на гэтую працу.

Брычка пад’ехала да галоўнай сядзібы. Гаспадар распарадзіўся накрыць стол на дзве персоны. За вячэрай абмяркоўвалі бягучыя справы.

Ціхан адчуваў сябе няўтульна, не абвык ён вячэраць са спадарамі. Багацце посуду, відэльцаў, нажоў збянтэжылі яго. Спрытна карыстацца нажом з відэльцам, як обер-фарстмайстар, ён не ўмеў.

Але іх высокаблагароддзе быў літасцівы:

— Ціхан, будзь прасцей — прыборамі карыстайся як умееш. Навучышся. Так сказаць, твая новая пасада абавязвае. Нам трэба нанесці яшчэ некалькі візітаў. Пакуль толькі аб’ехалі паўднёвы бок пушчы. Калі пачнуць рабіць прасекі бліжэй да цэнтра, візіты адновім. Мяне ў дадзены момант хвалюе наша адставанне ў таксацыі, хачу пачуць тваё меркаванне, — галоўны распарадчык глядзеў на яго дапытліва.

— Так, гэта бяда, — уздыхнуў Ціхан. — Можа, ёсць сэнс унесці змены ў таксацыю?

— Гэта як? — галоўны распарадчык перастаў жаваць, здзіўлена падняў бровы.

Ціхан апусціў галаву і раптам цвёрда, хоць і спадылба, глянуў на Фёдара Канстанцінавіча.

— Ну, павялічыць адлегласць між прасекамі ўдвая. А цэнтр пушчы наогул пакінуць некранутым. Можа, у будучым нашу пушчу наведае цар. Што мы яму пакажам — прасекі?

— Т-так, — шнырыў вачыма па стале галоўны распарадчык. — Ход тваіх думак мне падабаецца. Ёсць над чым задумацца. Давай, не адкладаючы, хадзем да мяне ў кабінет, там каля карты ўсё падрабязней абгаворым.

Ціхан прайшоў за іх высокаблагароддзем у кабінет. Ён усведамляў важнасць моманту. Ад сённяшняй гутаркі залежыць многае, калі не ўсё. Трэба ратаваць тысячагадовага бацьку-дуба, святы камень ды і ўсю пушчу.

Ціхан уважліва агледзеў карту. Іх высокаблагароддзе паказаў яму, дзе ў дадзены момант робяць высечку.

Лёгкае хваляванне падступіла да Ціхана.

— Ваша высокаблагароддзе, — сказаў ён. — Вось калі б у мяне была такая карта, праз тыдзень я змог бы далажыць, што да чаго. Мы павінны параіцца з адмыслоўцамі з Пецярбурга. Яны таксама абавязаныя прыняць удзел. Вы, ваша высокаблагароддзе, павінны ўсё ўлічыць.

— Ціхан, ты малайчына, — усхвалявана сказаў галоўны распарадчык. — Бачу, нездарма я табе гэтую пасаду даверыў. Заўтра пецярбуржцы будуць на галоўнай сядзібе, вось я з імі і перамоўлюся.

— Ваша высокаблагароддзе, яны мне жаліліся, што не чакалі такой шчыльнасці дрэў, — ужо больш упэўнена патлумачыў Ціхан. — А што будзе, калі яны дабяруцца да цэнтральнай часткі пушчы? Тамака лес стаіць сцяной.

— Карту пушчы табе дам іншую, меншую, — перабіў яго Фёдар Канстанцінавіч. — Ты памазгуй, як лепш зрабіць. Праз тыдзень чакаю цябе з гатовай прапановай.

Обер-фарстмайстар, абдумваючы размову са старшым стражнікам, выйшаў з кабінета і нечакана сустрэў жонку. Некалькі дзён яны між сабой не размаўлялі.

— Ты ўжо зусім розум страціў, — заявіла жанчына. — Дакаціўся. Абедаеш і вячэраеш разам з работнікамі, ніякай субардынацыі. Чаму да нас не прыязджае Сімунд?

— Дарагая Нінэль, гэты чалавек уратаваў мяне ад катаргі, а твой любімы Сімунд хацеў мяне туды запраторыць. І мне рашаць, з кім мне лепш вячэраць.

А каб ты не сумавала, то хуткім часам мы з’ездзім у Пецярбург і забяром сюды дзяцей.

— Не жадаю, каб мае дзеці раслі тут! — адказала жонка. — Ім патрэбна таварыства сабе падобных, а не ласёў і дзікоў.

— І перастань рабіць з сябе асобу блакітных крывей. Калі цябе нешта не задавальняе — ты свабодная. Дзяцей забяру сюды. Але ўтрыманне атрымаеш невялікае, бо твой любімы Сімунд выкраў нашы грошы і не збіраецца іх вяртаць.

— Фёдар, ты мяне палохаеш. Як гэта не збіраецца вяртаць? — яе вочы загарэліся ледзь не жудасцю.

— Вельмі проста, родная. Ён хацеў мяне адправіць на катаргу, а з нашымі грашыма ўцячы да сябе на радзіму. Так што нага гэтага прайдзісвета парог больш не пераступіць. Яшчэ невядома, чым усё скончыцца. Грошы прапалі адназначна, а вось катарга.

— Фёдар, ты гаворыш страшныя рэчы. Скажы хутчэй, што гэта ўсё няпраўда, — умольна, з дрыготкай у голасе сказала яна. Жончына фанабэрыя знікла, як і не было.

— Я б рады, Нінэль, гэтак табе сказаць. Але рэальнае становішча нашых спраў такое. А што, у тваіх французскіх раманах падобнае не апісваецца? — цяжка ўсміхнуўся галоўны распарадчык і, не чакаючы адказу, працягваў. — Мая табе сяброўская рада. Неадкладна спалі іх усе. Гэта цалкам бескарысныя кнігі. Распачынай чытаць уважліва Біблію. Там абавязкова знойдзеш карысныя для жыцця сюжэты. Усё! Трэба ісці адпачываць, шанаваць кожнае імгненне на волі.

— Фёдар! Дарагі! Калі ласка, я баюся застацца адна. Я цябе ўмольваю, не пакідай мяне адну, — усхліпвала яна. Яе прыгожыя вочы ўстрывожана глядзелі на мужа.

Голас у жонкі змяніўся ад варожага і гнеўнага да пяшчотнага і змучанага. Обер-фарстмайстру раптам стала яе шкада і, цяжка ўздыхнуўшы, ён спакойна сказаў:

— Давай, даражэнькая, класціся спаць, ужо поўнач.

Яны накіраваліся ў спальню разам. Яна першы раз за ўсё іх сумеснае жыццё дапамагла яму распрануцца, зняць мундзір. У гэтую ноч іх высокаблагароддзе обер-фарстмайстар спазнаў, якой ласкавай і далікатнай можа быць жанчына. Гэта была казачная, незабыўная ноч, поўная ўзаемнага кахання.

Раніцай галоўны распарадчык прачнуўся, калі сонца было ўжо высока. Праз няшчыльна зачыненыя дзверы даносіўся добразычлівы голас жонкі. Яна давала распараджэнні прыслузе. Калі ён зайшоў у сталовую, там быў шыкоўна сабраны стол. Жонка мітусілася разам з наймічкамі. Сняданак прайшоў выдатна. Жонка бесперапынку ціўкала, нахвальваючы кухара. Сама падлівала мужу гарбату, чаго раней не здаралася ніколі.

За сняданкам ён паведаміў, што збіраецца запрасіць на абед адмыслоўцаў з Пецярбурга. Нінэль, пачуўшы гэта, адразу ж ускочыла і пабегла на кухню даваць неабходныя распараджэнні. Праз некалькі хвілін вярнулася:

— Дарагі! На колькі асоб гатаваць абед.

Іх высокаблагароддзе ад здзіўлення нават папярхнуўся. Жонка пастукала яго па спіне.

— На сем чалавек, — адказаў галоўны распарадчык.

На вуліцы яго сустрэла летняе надвор’е. Сонца прыемна і ласкава свяціла. Насустрач падбег старшы каравульны.

— Добрай раніцы, ваша высокаблагароддзе. Якія будуць указанні?

— Ніякіх указанняў не будзе, сёння нядзеля — можаце адпачываць. Я прагуляюся, заадно праверу, як там нашы сталічныя госці.

Няспешна накіраваўся да хаты, дзе пражывалі пецярбуржцы. Пастукаў у дзверы.

— Уваходзьце!

Обер-фарстмайстар пераступіў парог. У пакоі за сталом сядзелі пяцёра мужчын. Ён прывітаўся. Пецярбуржцы ўскочылі са сваіх месцаў. Адчувалася, што з’яўлення галоўнага распарадчыка пушчы яны не чакалі.

Пецярбуржцы замітусіліся, вызваляючы іх высокаблагароддзю месца за сталом.

Обер-фарстмайстар сеў на прапанаванае крэсла.

— Спадарства, запрашаю вас сёння да сябе на абед. А трэцяй гадзіне, — удакладніў, падняўся і выйшаў на вуліцу.

Так, надвор’е сёння прыемнае. Трэба жонку вывезці на прыроду, заседзелася дома. Эх, былі б побач дзеці. Вось такім цёплым летнім днём усёй сям’ёй з’ездзіць бы на возера. Пасядзець з вудай. Гэта было б вельмі цудоўна. Як мы не ўмеем шанаваць прыгажосць.

Не спяшаючыся, галоўны распарадчык пушчы накіраваўся дадому.

Ціхан з самой раніцы сядзеў над картай Белавежскай пушчы. Прыкінуў, колькі прасек ужо зроблена, колькі заставалася зрабіць. Калі рабіць іх там, дзе нядаўна быў пажар, дзе маладыя дрэвы секчы лягчэй, справа пойдзе хутчэй. Галоўнае, Сімунд застанецца з носам. Цэнтр з векавым лесам трэба пакінуць. Варта параіцца з Рыгором. Праз тыдзень, як абяцана, і дакладу, разважаў Ціхан.

За абедам у обер-фарстмайстра пецярбуржцы адразу ж пачалі жаліцца, што да тэрміну з таксацыяй яны ніяк не паспеюць. Ужо вядуць некалькі прасек адначасова, але адставанне не паменшылася. Лес неверагодна густы, а самі дрэвы страшэнна тоўстыя. Ну, а калі на шляху сустракаецца пракаветны дуб, то пішы — прапала. Нават калі заняць больш людзей, хуткасці праходкі гэта не дадае. Секчы і пілаваць даводзіцца па адным дрэве. Такога лесу яны ў сваёй шматгадовай практыцы не сустракалі.

— Што рабіць? Тэрмін на правядзенне таксацыі нам не зменяць, фінансаванне не павялічаць. Вы ж бачыце, я дадаткова наняў людзей, адшукаў сродкі, раблю ўсё, што ў маіх сілах, — тлумачыў галоўны распарадчык, — але якое выйсце?!

Таксатары згадзіліся, але гатовых рашэнняў не мелі і выхаду з сітуацыі, якая склалася, не бачылі. Усе пагадзіліся, што належыць скласці грунтоўную дакладную і фельд’егерам адправіць у Пецярбург начальству. Обер-фарстмай­стар таксама прапанаваў старшаму адмыслоўцу з’ездзіць з ім у Пецярбург.

Тым часам скарбнік паведаміў, што Сімунд выплаціў у казначэйства дзесяць тысяч асігнацыямі. Гэтае паведамленне ўзрадавала обер-фарстмайстра, цяпер можна смела ехаць у Пецярбург. Але паколькі паводзіны яго жонкі рэзка змяніліся ў лепшы бок, ён вырашыў пра грошы памаўчаць. Сказаў толькі, што ў Пецярбург выязджае па службовых справах, заадно праз сувязі паспрабуе прадухіліць арышт. Таксама і дзяцей трэба забраць у Белавеж. Жонка гэтую прапанову цалкам падтрымала.


Калі галоўны распарадчык з жонкай і галоўным адмыслоўцам імператарскага рускага геаграфічнага таварыства адбылі ў Пецярбург, у пушчы распачалася нарыхтоўка сена. Стралкі і ляснічыя ставілі стагі. Зубры, праходзячы міма, прыглядаліся да іх працы, нібы разумеючы, каму нарыхтоўваюцца запасы.

Ужо чырванеў арабінамі жнівень. У гэтую пару ў зуброў пачынаецца гон. Звычайна спакойны і велічны зубр у гэты час ператвараецца ў шалёную і лютую істоту. Самцы робяцца раздражняльнымі, нібы вар’яцеюць, і выкарыстоўваюць любую нагоду пачасаць рогі. А што ўжо казаць, калі счэпяцца два дастойныя сапернікі?

Гон пачынаецца з таго, што на працягу двух, трох тыдняў чуецца ваяўнічае рыканне зуброў, а паветра напаўняецца пахам мускусу. Звяры быццам перараджаюцца, шалеюць, бегаюць, — весялосць у поўным разгары. Любімая іх забава — падкопвацца рагамі пад маладыя дрэвы датуль, пакуль іх не перакуляць каранямі дагары. Бывае і так, што карані ўчэпяцца ў рогі, зубр пачынае скакаць з дрэўцам на галаве пад шум і трэск, нібы то сам лясун разгуляўся.

Але гора маладому, яшчэ неспрактыкаванаму трохгадоваму зубрыку, калі ён навядзе рэўнасць на старога зубра і адаб’е ў яго ўмілаваную. Зачэпленае за жывое старэчае самалюбства спараджае прагу помсты, і тады пачынаец­ца люты бой. Добра, калі малады зубр паплаціцца патрушчанымі рэбрамі і адступіцца. Бывае, што аднолькавыя па сіле зубры свой бой вядуць доўга, суткамі, да поўнай знямогі. Але ў асноўным пры першай сутычцы слабейшы зубр заўсёды саступае моцнаму саперніку. Пасля выпрабавальнага бою ён ганарліва сыходзіць.

Для адных зуброў гэта час кахання, пяшчоты, запалу, для другіх — крывавых сутыкненняў. Чалавеку тады небяспечна набліжацца да зуброў, яны паводзяць сябе непрадказальна.

Тым часам дарогай у Пецярбург, недалёка ад павятовага мястэчка Пскоўскай губерні з дзіўным назовам Дно, каляска галоўнага распарадчыка сустрэла дзве колоны катаржнікаў. Гэтыя колоны суправаджалі конныя жандары. Убачыўшы набліжэнне панскай брычкі, яны пачалі зганяць катаржнікаў убок.

Фёдар Канстанцінавіч з сумам агледзеў калоны катаржнікаў і зірнуў на жонку. Тая сядзела з бледным тварам, здавалася, яшчэ трохі і яна знепрытомнее. Калі абагналі арыштантаў, обер-фарстмайстар зняў фуражку і хустачкай выцер на патыліцы пот. Так, гэта жудасна, якія пакуты даводзіцца выпрабоўваць гэтым няшчасным людзям, падумаў ён.

Пецярбург сустрэў обер-фарстмайстра добрым летнім надвор’ем, толькі што прайшоў дождж. Дарагія карэты і каляскі з грукатам праносіліся па бруку, распырскваючы ваду. У лужынах крыва адлюстроўваліся ліхтары.

Каб не абцяжарваць бацькоў, галоўны распарадчык з жонкай знялі мэбляваны нумар у гасцініцы «Неўская». Раніцай наведалі дзяцей; сын і дачка шчыра ўзрадаваліся нечаканаму прыезду бацькоў. Обер-фарстмайстар запрасіў дзяцей прагуляцца гарадскімі вуліцамі. Разам з імі з вялікім задавальненнем прайшоўся Неўскім праспектам. Зайшлі ў французскую кандытарскую, папесціў дзяцей і сябе смачным пірожным. Падчас шпацыру дзеці, перабіваючы адно аднаго, распавядалі бацьку аб сваіх поспехах у вучобе. Пасля агляду Дварцовага пляца ўздоўж набярэжнай Нявы вярнуліся дадому.

Раніцай наступнага дня обер-фарстмайстар адправіўся ў сваё міністэрства. Там з кабінета ў кабінет з заклапочаным выглядам, у аднолькавых фра­ках сноўдалі службоўцы міністэрства дзяржаўных маёмасцей. Сустрэўшыся з непасрэдным начальнікам, Фёдар Канстанцінавіч абгаварыў пытанні таксацыі пушчы. Яго начальнік ужо папярэдне азнаёміўся з дакладной адмыслоўцаў Расійскага геаграфічнага таварыства.

Міністэрству ідэя обер-фарстмайстра аб магчымым наведванні Белавежскай пушчы імператарам спадабалася, гэта і вырашыла станоўчы зыход справы. Прапанова аб змяненнях у правядзенні таксацыі Белавежскай пушчы прымалася цалкам. Хуткім часам аб гэтым будзе дакладзена міністру дзяржаўных маёмасцей генералу Новіку.

Акрамя таго было сказана, што іх міністэрства атрымала дакументы па судовай справе памешчыка Шаурава. Начальнік папрасіў падрабязней расказаць аб гэтым выпадку. Обер-фарстмайстар распавёў, не забыўшы згадаць сябе як галоўнага арганізатара затрымання злачынцаў. Асабліва адзначыў, як ён раскрыў справу аб выяўленні арганізатара пажару пушчы трыццаціпяцігадовай даўнасці. На ўсякі выпадак згадаў, што ім за незаконную высечку лесу аштрафаваны на дзесяць тысяч рублёў замежны лесапрамысловец Сімунд.

Начальнік падзякаваў за службу і запрасіў зайсці праз тыдзень. За гэты час міністр дзяржаўных маёмасцей, магчыма, зацвердзіць змены таксацыі Белавежскай пушчы.

Обер-фарстмайстар у выдатным настроі вярнуўся ў гасцініцу. Цяпер нават калі напішуць данос, можна растлумачыць яго як помсту. Але аб гэтым вырашыў жонцы таксама не паведамляць — яму падабалася прымаць ласку пашаўкавелай жонкі.

Увесь тыдзень прысвяціў дзецям. За гэты час жонка неразлучна была побач з дзецьмі і мужам. Іх узаемаадносіны значна палепшыліся. Жонка ні разу не жалілася на галаўны боль, адбылося дзіўнае выздараўленне.

Праз тыдзень усе прапановы галоўнага распарадчыка пушчы былі зацверджаны міністрам, і сям’я обер-фарстмайстра ў поўным складзе выехала да месца службы. Дзеці невымоўна радаваліся доўгаму падарожжу.

Сімунд быў задаволены колькасцю і якасцю дзелавой драўніны, якая прыбывала з прасек. Такой драўніны ў Еўропе не хопіць грошай дакупіцца, яму плацяць не таргуючыся. Ён ужо вярнуў грошы, выдаткаваныя на штраф. Негацыянт у выдатным настроі глядзеў праз акно. Складзеныя вакол тартака ў велізарныя штабелі карабельныя хвоі прыемна цешылі вочы. Яго салодкія думкі перапыніў вершнік. Адзін з яго прыганятых прыскакаў на ўпараным кані і бегам кіраваўся да будынка канторы. Што здарылася?

Дзверы адчыніліся без належнага стуку:

— Бяда, гаспадзін Сімунд!

— Што здарылася?

— Карабельныя хвоі скончыліся.

— Як гэта скончыліся? Чаму скончыліся? — нічога не разумеючы, вылупіў вочы Сімунд.

— Размаўляў з адмыслоўцамі з Пецярбурга. Яны гаварылі, што прывезлі новы план таксацыі пушчы. Пераходзяць рабіць прасекі ва ўсходнюю частку, туды, дзе калісьці быў пажар. А там дрэвы маладыя, і карабельных хвой амаль няма. Цэнтр пушчы пакінуць цалкам некранутым. Кажуць, такі план зацверджаны самім міністрам.

Ад нечаканай навіны Сімунд страціў дар мовы. Гэтага не можа быць. Гэта бурыць яго грандыёзныя планы. Гэта катастрофа! Не кажучы ні слова, куляй вылецеў на вуліцу. Паклікаў фурмана, брычка панеслася па дарозе.

Галоўны распарадчык паказваў дзецям сабак. Убачыўшы Сімунда, загадаў дзецям ісці ў дом. Ён адразу зразумеў — непрыемнай гутаркі не пазбегнуць.

— Ваша высокаблагароддзе обер-фарстмайстар, паспрабуйце растлумачыць, што адбываецца. Чаму спынілі секчы прасекі ў паўднёвай частцы пушчы? — на хаду пачаў гаворку Сімунд.

— Давайце трохі прагуляемся, а то тут сабакі занерваваліся, і я дрэнна вас чую, — прамармытаў галоўны распарадчык.

Адышоўшы ад сабакарні, Фёдар Канстанцінавіч спакойным голасам працягнуў гутарку:

— Паважаны гаспадзін Сімунд, я думаў, вы прынеслі мае грошы. Калі я іх атрымаю? — і выразна, не міргаючы, паглядзеў на лесапрамыслоўца.

— Вы ж ведаеце, у мяне цяпер фінансавыя цяжкасці. Я дзесяць тысяч занёс у казначэйства. Мне прыйшлося дадаткова наняць людзей... У дадзены момант грошай няма... — мармытаў Сімунд.

— Тэс! — галоўны распарадчык залажыў рукі за спіну. — Няўжо вы верыце ў тое, што толькі што сказалі? Наколькі я ведаю, вы прадаяце драўніну толькі за наяўныя. У апошні час нават не паспяваеце пілаваць, а гоніце круг­ляк. Бераце бясплатна, прадаяце за грошы, а іх няма? Скажу болей, — распа­радчык зрабіў загадкавы выгляд. — Хтосьці напісаў данос на вас у Пецярбург. Апісаў падрабязна, як вы крадзеце лес. Калі б я прыехаў у Пецярбург на тыдзень пазней, то мы разам былі б ужо ў Сібіры на катарзе. Нас выратавала тое, што прайшла па казначэйстве ваша аплата штрафу. Мне давялося дадат­кова патраціцца, каб гэтую справу спусціць на тармазах... Вытрымаўшы паўзу, Фёдар Канстанцінавіч працягнуў размову:

— Скажыце, Сімунд, колькі стражніцкіх хат вы збудавалі пасля смерці вашага бацькі? Паводле вашай канцэсіі вы павінны будаваць тры хаты маім службоўцам штогод. Калі будзе працягвацца так і далей, вы будзеце пазбаўлены канцэсіі. Нашы вусныя дамоўленасці можна не выконваць. Вярніце толькі мае дзесяць тысяч і прыкладзіце пяць тысяч, якія я выдаткаваў, каб замяць справу. Больш не збіраюся мець з вамі ніякіх спраў. Гонар маю! — оберфарстмайстар, не падаўшы рукі, павярнуўся і хуткімі крокамі пайшоў прэч.

Яшчэ некалькі хвілін Сімунд стаяў на месцы, як статуй, потым завярнуў да сваёй брычкі.

Яго мозг кіпеў. Бурыліся ўсе яго планы. Ён прыехаў дахаты, замкнуўся і тры дні нікога не прымаў; увесь гэты час абдумваў свае наступныя дзеянні.

Што рабіць далей: плюнуць на ўсё і з’ехаць на радзіму? Але там адны толькі камяні. Так, грошай хопіць, каб пражыць, але без справы ён не мог, яму трэба чымсьці займацца.

Прааналізаваўшы ўсё, да свайго здзіўлення ўсвядоміў, што не ўсё так дрэнна. Яму можна атрымліваць невялікі, але пастаянны прыбытак. Можна патаргавацца з купцамі дзелавой драўніны. Гэта яго жыццё, без якога ён ужо не можа. Ён пачаў разумець свайго бацьку. Яму раптам стала страшна, што можа страціць сваю справу, справу бацькі.

Так, здаецца, перагнуў палку, і трэба выпраўляць становішча. Дарма з галоўным распарадчыкам пушчы пайшоў на канфлікт. Усё-ткі трэба прымаць законы краіны, у якой жывеш.

Успомніў, як на судзе жандары апраналі кайданы памешчыку Шаураву. Ад страху яго нават перасмыкнула. Так, трэба ехаць у кантору і спрабаваць памірыцца з распарадчыкам.

Апрануўшыся, накіраваўся да лесапільні. Там ужо два дні яго чакалі нямецкія купцы. Сімунд перапрасіў за сваю адсутнасць.

— Неспадзяваныя акалічнасці, панове, — патлумачыў ён. Адбыліся некаторыя змены. Гэтыя карабельныя хвоі ў штабелях апошнія.

Хуткім крокам накіраваўся ў кабінет, не запрашаючы за сабой гамбургскіх купцоў; за ім следам тупаў яго намеснік. У кабінеце ён запрасіў яго сесці за стол.

Той у нерашучасці перамінаўся з нагі на нагу.

— Я што, дрэнна тлумачу па-вашаму? Сядай і пішы, — сказаў Сімунд.

Кіравальны хутка сеў, узяў аркуш паперы, пяро і падрыхтаваўся пісаць.

— Усім, хто ў мяне працуе, зарплату павялічыць у два разы. Хто запрошаны на працу часова, выплаціць кожнаму, акрамя зарплаты, па дваццаць рублёў. Калі ёсць сярод іх тыя, хто ўмее будаваць хаты, прыняць на сталую працу, чалавек дзесяць — не больш. Астатнія могуць быць вольныя, калі спатрэбяцца, запросім іх яшчэ.

У гэты час пад акном была чутна гучная сварка на нямецкай мове. Сімунд падняўся, падышоў да акна і пачаў назіраць. Паступова сварка між гамбургскімі купцамі перарасла ў бойку.

Рабочыя тартака са здзіўленнем глядзелі, як прыстойна апранутыя гандляры калашмацілі адзін аднаго.

Так, падумаў Сімунд, што робяць грошы з людзьмі. Ён выйшаў на вуліцу і гучна сказаў:

— Спадары, як вам не сорамна? Людзі вакол, што яны падумаюць? Няўжо мне жандараў выклікаць?

Гамбургскія купцы крыху суцішыліся.

— Зайдзіце ўсе сюды, да мяне, — загадаў Сімунд.

— Пачынаем аўкцыён, — заявіў Сімунд, калі апошні купец зачыніў за сабой дзверы. — За ўсю драўніну ў дзесяці штабелях хачу дваццаць тысяч рублёў. Слухаю вашы прапановы.

— Дваццаць пяць тысяч.

— Трыццаць тысяч.

— Сорак.

— Пяцьдзесят.

Наступіла паўза. Сімунд узрушана хадзіў уздоўж стала.

— Пяцьдзесят пяць тысяч.

— Шэсцьдзесят тысяч.

Сімунд працягваў вымяраць крокамі свой кабінет. Паўза зацягнулася. Дурань, думаў ён, яшчэ тыдзень таму назад я драўніну прадаваў за бесцань. Які ж я ёлуп.

— Хто сказаў шэсцьдзесят тысяч? — рэзка павярнуўся да стала.

Адзін з купцоў падняў руку.

— Раз. Два. Тры. Прададзена. Астатнія вольныя — прыміце мае шкадаванні.

Камерсанты падняліся і выйшлі на вуліцу. У кабінеце застаўся толькі Сімунд і адзін з гандляроў. Той пачаў з кішэняў даставаць грошы і пералічваць. Налічыў дваццаць тысяч.

— Гаспадзін Сімунд, вы можаце пачакаць у кабінеце пяць хвілін.

— Так, — адказаў Сімунд.

Камерсант выйшаў на вуліцу. Гандляры стаялі і гучна абмяркоўвалі аўкцыён. Ён ім нешта сказаў, тыя адразу пачалі даставаць грошы.

Сімунд стаяў і назіраў за імі праз акно. Камерсант хуткім крокам вярнуўся і паклаў на стол яшчэ сорак тысяч.

— Мы ўсе прыехалі па карабельныя хвоі. Я ў іх арандаваў фурманкі і пазычыў грошы пад адсоткі.

— Гэта вашы справы. Можаце забіраць усю партыю драўніны, — сказаў лесапрамысловец.

— Але нам трэба дапамагчы загрузіць, мы заплацім.

— Вельмі добра, я распараджуся, — сказаў Сімунд, узяў грошы і паехаў да галоўнага распарадчыка пушчы.


12. Пецярбург


Праз два тыдні пасля вяртання обер-фарстмайстра з Пецярбурга ў Белавеж прыбыў фельд’егер з міністэрства дзяржаўных маёмасцей. У дастаўленым ім данясенні загадвалася для звярынца летняй рэзідэнцыі яго імператарскай вялікасці ў Царскасельскім парку вылавіць трох маладых зуброў.

Тэрмінова былі скліканыя стражнікі і лоўчыя.

Фёдар Канстанцінавіч зачытаў просьбу міністэрства.

— Якія будуць меркаванні?

Прысутныя пачалі шумна выказваць думкі. Не так ужо і проста тых зуброў злавіць.

Пасля ўсіх выказаўся Ціхан:

— Найперш трэба зрабіць тры клеткі з сухога дубу. Далей — тры адмысловыя моцныя падводы, прыкладна такія як у лесапрамыслоўца Сімунда для перавозкі карабельных хвой. Каб злавіць зуброў, трэба спачатку завабіць іх у дужую загарадзь. Прапаноўваю збудаваць яе на месцы былога Каралеўскага звярынца, у Елярах, а там дзейнічаць па абставінах.

Прысутныя пагадзіліся, обер-фарстмайстар адразу размеркаваў, хто чым будзе займацца. Пасля ўсяго Ціхан застаецца ў пушчы галоўным, а Рыгор павінен суправаджаць дастаўку каштоўнага грузу ў летнюю царскую рэзідэнцыю.

Рыгор за вячэрай паведаміў аб гэтым жонцы.

— Як я табе зайздрошчу, гэта ж так цікава, — узрадавалася Малання. Ты ўбачыш Пецярбург. Трэба толькі загадзя падрыхтавацца ў дарогу. Возьмеш з сабой парадны мундзір і апранеш яго толькі ў сталіцы.

— Можа, паеду праз месяц, як зловім зуброў, а ты ўжо даеш мне парады. Паспеем...

Зробленыя клеткі былі вельмі цяжкімі, бо пасярэдзіне мацаваліся металічнай шынай. Наперадзе і ззаду майстраваліся дзверы. Тры клеткі прывезлі на колах і ўсталявалі ў новым вальеры.

Цэлы тыдзень чакалі, пакуль зубры выедуць траву ў вальеры і асінавыя галінкі. Калі яны прагаладаліся, у клеткі накідалі свежых асінавых галінак.

Малады самец трапіўся адразу ж, у першы дзень, а вось прывабіць зубрыцу было цяжэй. Яна нібы адчувала небяспеку і не ішла ў клетку. Самцы заходзілі па некалькі штук, а самка — ніводная. Выгналі з вальераў усіх самцоў, засталася толькі маладая самка з гадавалым зубранём. Яна была настолькі галодная, што зайшла ў клетку. Клетку зачынілі. Зубраня вылавілі вяроўкамі і сілай зацягнулі ў трэці клятух. Пры дапамозе драўляных брусоў і вяровак клеткі паставілі на колы.

Усё было гатова для адпраўкі ў Пецярбург. Але як запрэгчы коней. Яны адчувалі пах зуброў і пры кожным уздыху або варушэнні зубра падкідвалі задкамі, станавіліся на дыбкі, заварочвалі галовы, косячыся на жывёлін. Давялося коням нацягваць адмысловую аброць з набадрамі для вачэй. На клеткі зверху нацягнулі тканіну. Для таго, каб зубры трохі абвыкліся ў клетках, вырашылі адправіцца ў шлях праз дзень.

На другі дзень, пасля абеду, Рыгор, трохі хвалюючыся, пачаў сядлаць Каштана. Жанчыны выйшлі выпраўляць яго ў дарогу. Стражнік пацалаваў маленькага Глеба, бабулю Марфу і Маланню. Сеў на жарабца, Малання пада­ла важкі вузел. Седзячы на кані, нахіліўся і яшчэ раз пацалаваў жонку. На яе вачах былі слёзы.

— Малання, ты чаго плачаш, не на вайну еду? — усміхаўся стражнік.

— Рыгорка, будзь асцярожны. Мы будзем чакаць цябе. За нас не хвалюйся, — яна перахрысціла мужа.

Ад’ехаўшы трохі, стражнік азірнуўся. Жонка і старая махалі рукамі. Ён у адказ ім таксама махнуў рукою і прыпусціў жарабца наўскач. На душы было трывожна; гэта быў першы раз, калі ён надоўга пакідаў сваё жыллё.

Каля клетак назбіралася многа людзей. З’явілася рысорная брычка оберфарстмайстра. За ёй прыбыла брычка з трыма жандарамі. Следам — лесапрамыслоўца Сімунда. Ён з дзелавым выглядам абышоў клеткі і падводы. Даклаў галоўнаму распарадчыку, што ўсё ў парадку.

Пад’ехала калымажка з доўгавалосым святаром. Ён абышоў абоз тры разы вакол, абрасіўшы калёсы і брычкі святой вадой. Гучна прачытаў малітву, у якой некалькі разоў было вымаўлена:

— Захавай, Гасподзь, гэтыя калясніцы...

Пасля малітвы обер-фарстмайстар распарадзіўся рыхтавацца да ад’езду. Падышоў да жонкі і дзяцей. Пачалі развітвацца.

Галоўны распарадчык пушчы махнуў рукою і гучна крыкнуў:

— Рухаемся! З Богам!

Натоўп зашумеў.

Рыгор абняўся з бацькам, братам і ўскочыў у сядло. Працэсія кранулася. Яе ўзначаліў обер-фарстмайстар на параконнай брычцы. Следам ехала брычка з вусатым жандарам. За ім двое жандараў конна. Далей былі тры вялікія фурманкі з клеткамі зуброў. Потым тры фурманкі-буды, у якіх былі складзены неабходныя ў дарогу харчы, правіянт, запасныя калёсы і збруя. У дзвюх фур­манках на мяшках з аўсом былі абсталяваныя месцы для сну. Абоз замыкала брычка старшага каравульнага. Акрамя таго працэсію суправаджалі конна маладыя стралкі. Некаторы час праважатыя рухаліся побач. Паступова іх менела. І неўзабаве засталіся толькі тыя, хто павінен быць да канца шляху.

Рыгор ехаў конна побач з брычкай обер-фарстмайстра. Шлях, які трэба адолець, уяўляўся яму чымсьці сур’ёзным, трохі таямнічым, нават жудасным і ў той жа час прывабным.

Галоўны распарадчык першым пачаў гутарку.

— Ну што, Рыгор, хвалюешся?

— Ёсць трохі, ваша высокаблагароддзе.

— Рыгор, ты праедзь уздоўж абозу, пагавары з кожным, асабліва з вазніцамі, якія на калёсах з зубрамі. Галоўнае, каб яны не спалі на хаду, а то збочаць з дарогі і перавернуць клеткі.

— Слухаюся, ваша высокаблагароддзе.

Ён завярнуў жарабца і аб’ехаў абоз. Убачыў, што насустрач рухаецца калымажка. Гасцінец у гэтым месцы быў вузкім. Прыспешыў жарабца і паскакаў наперад. Параўняўшыся з калымажкай, гучна пачаў тлумачыць, каб яны з’ехалі ўбок. Вельмі вясёлы памешчык наадрэз адмовіўся саступаць дарогу. Абоз і калымажка незнаёмца сустрэліся. Обер-фарстмайстар паклікаў жандараў. Убачыўшы жандараў, п’яны памешчык пачаў таўхаць кучара ў спіну.

Іх высокаблагароддзе паклікаў Рыгора.

— Ты едзь наперадзе — гэта будзе твой абавязак. Як што — кліч жандараў.

Надвор’е стаяла не па-восеньску сонечнае і цёплае. Якраз быў час, калі сяляне прыбіралі апошнія рэшткі ўраджаю. На сціплых палях, на іх калючым жоўтым шчацінні дзе-нідзе блішчэла слюдзяным бляскам восеньскае павуцінне.

Людзі са здзіўленнем разглядалі зуброў у клетках. Асабліва дзеці, якія чародамі доўга шлі за абозам.

Зубры ў клетках перасталі валтузіцца, нібы змірыліся са сваёй доляй. Коні таксама перасталі кідацца.

Апоўдні абоз з’ехаў з дарогі. Маладыя стралкі пачалі выпойваць коней. Напаілі таксама зуброў, прасоўваючы ў акенца драўляныя цабэркі. Прыпынак доўжыўся больш за гадзіну. Увечары абоз спыніўся на заезным двары. Выставілі варту, леглі адпачываць. Раніцай усіх зноў чакала дарога.

Рыгор запомніў мястэчка Жыровіцы, што ў дзесяці вёрстах ад Слоніма. Уразіла пышнасць Жыровіцкага манастыра, акружанага каменнай сцяной. Запомніўся Нёман — першая буйная рака, якая сустрэлася. Рыгору спадабаліся яе высокія берагі і шырыня рэчышча.

Аднойчы сустрэлі цыганскі табар. Зубры ўлавілі пах прывязанага ланцугом да цыганскай буды мядзведзя, але не забушавалі, толькі чмыхалі. Спужаўся сам мядзведзь. Так ірвануў буду, што ледзь не перавярнуў яе. Стары цыган доўга ляпаў капелюшом па мордзе свайго акцёра, каб хоць крыху супакоіць.

Так мінуў тыдзень шляху. Абоз праязджаў Віцебшчыну. Ландшафты ўздоўж дарогі змяніліся. Сустракалася вялікая колькасць азёр і рэк. Надвор’е цалкам сапсавалася. Змрочныя шызыя хмары паўзлі па небе. Дробны дожджык церусіў без перапынку. Шырокі паштовы тракт месцамі ператвараўся ў балота.

Неяк сустрэўся пяхотны полк. Было чуваць, як уздоўж шырокай і бруднай дарогі сотні ног цяжка, паспешліва, уразброд пляскаюць па лужынах. Калі салдаты параўняліся з клеткамі зуброў, пачалося замяшанне. Афіцэры на конях моцна лаяліся і нагайкамі аднавілі парадак.

Недалёка ад сталіцы абозу сустрэўся дыякан. У чорнай доўгай рызе ён ішоў насустрач. Убачыў зубра, спыніўся і пачаў спалоханна хрысціцца. Нешта закрычаў, рукою падхапіў рызу і панёсся, пераскокваючы лужыны, да царквы.

Рагаталі ўсе. Рыгор ад смеху ледзь сам не зваліўся з каня. Пасля дагнаў брычку іх высокаблагароддзя і распавёў гэты пацешны выпадак.

Пецярбург сустрэў звераловаў цаглянымі дамамі, брукаванымі вуліцамі, ліхтарамі, прыгожымі павозкамі. Мякка ззяла золата купалоў і шпіляў. Усё выглядала новым і дзіўным.

Да абеду абоз дасягнуў летняй рэзідэнцыі яго імператарскай вялікасці. Клеткі знялі з калёс, зуброў выпусцілі ў новенькія вальеры. Яны абнюхвалі свой новы прытулак. Гадавалае зубраня насілася, высока падскокваючы ад радасці.

Фёдар Канстанцінавіч паклікаў Рыгора ўбок.

— Заўтра вальеры наведае сам імператар. Сёння павінны падвезці новенькае абмундзіраванне. Прасачы, каб заўтра раніцай усе былі ў парадку — выгаленыя, памытыя і гэтак далей. Я распарадзіўся, калёсы і брычкі падрыхтуюць да зваротнай дарогі без нас. Адпачнём і кранёмся дадому. Я з’езджу ў горад, у міністэрства.

— Слухаюся, ваша высокаблагароддзе, — стражнік пстрыкнуў абцасамі.

Рыгор абышоў падводы. Незнаёмыя людзі здымалі колы, чысцілі іх ад наліплай гліны і багата змазвалі дзёгцем восі. Коні ў стайні мірна хрупалі авёс. Каштан, пазнаўшы гаспадара, ціха заржаў. Рыгор падышоў да яго, супакоіў, пагладзіў.

Павячэраўшы ў сталовай крупнікам з мясам, з вялікім задавальненнем спалі на сапраўдных ложках. Раніцай, пасля сняданку, пачалі рыхтавацца да прыезду цара. Надзелі новую бялізну, кашулі і мундзіры. Рыгор паставіў стралкоў у шэраг. У гэты час расхінуліся дзверы, і ў жаўнерню ўвайшоў оберфарстмайстар у парадным мундзіры з аксельбантамі. Ён прывітаўся і пачаў разам з Рыгором прыдзірліва аглядаць стралкоў, папраўляючы і падцягваючы партупеі.

— Вазніцы і жандары застаюцца ў жаўнерні. На двор каб і носу не высоўвалі; да вокнаў не падыходзіць, на вуліцу не ўзірацца. Усім зразумела?

Пачаліся цяжкія хвіліны чакання. Было відаць, што галоўны распарадчык моцна нервуецца. Яны стаялі, пераступаючы з нагі на нагу.

Працэсія з’явілася нечакана.

Обер-фарстмайстар працадзіў скрозь зубы:

— Прыгатавацца! Замры!

Расійскі імператар Мікалай I са сваёй світай падыходзіў паволі. Краем вока, не паварочваючы галаву, Рыгор бачыў манарха. Самавіты мужчына ў мундзіры нешта гаварыў манарху, той ківаў, згаджаючыся.

Чым бліжэй падыходзіў імператар, тым мацней грукала ў грудзях маладых стралкоў. Напруга нарастала.

Мікалай I гучна прывітаўся.

— Здароўя жадаем, Ваша Імператарская Вялікасць! — раўнулі стралкі.

Манарх усміхнуўся.

— Шмат чуў аб вашых поспехах па ахове Белавежскай пушчы, гаспадзін обер-фарстмайстар. Пахвальна. Ваша стараннасць годна ўзнагароды, — ён павярнуўся направа, яму падалі скрыначку.

Самадзержац адчыніў яе, дастаў адтуль крыж на ордэнскай чорнай, з жоўтымі палоскамі стужцы.

Обер-фарстмайстар зняў фуражку, зрабіў крок наперад і нахіліў галаву. Манарх накінуў ордэнскую стужку обер-фарстмайстру на шыю. Іх высока­благароддзе надзеў фуражку, зрабіў крок назад, гучна адсалютаваў.

— Служу Айчыне, Ваша Імператарская Вялікасць!

Мікалай I усміхнуўся.

— Не спяшайцеся, гэта яшчэ не ўсё.

Іх высокаблагароддзе зноў зрабіў крок наперад.

— Вы яшчэ падвышаецеся ў чыне, — працягнуў яму новенькія, зіхоткія эпалеты.

Обер-фарстмайстар прыняў эпалеты, зрабіў крок назад, яшчэ раз гучна адсалютаваў.

Мікалай I павярнуў галаву налева і аглядаючы ўсіх спытаў:

— А гэта што за малайцы?

Галоўны распарадчык далажыў:

— Гэта, Ваша Імператарская Вялікасць, стражнік і стралкі.

— І што ахоўвае гэты стражнік? — цар тыцнуў у Рыгора.

— Зуброў, Ваша Імператарская Вялікасць!

— Зуброў? Гэта павінна быць вельмі цікава... — прамармытаў манарх і павярнуўся направа. Яму падалі шаблю.

— Ну, падыдзі да мяне, маладзец.

Рыгор зразумеў, што манарх звяртаецца да яго. Ён зрабіў два крокі напе­рад і левай рукой зняў шапку. Імператар працягнуў яму шаблю.

Рыгор дрыготкай рукой асцярожна прыняў яе, зрабіў крок назад, надзеў шапку, дзвюма рукамі ўзяў шаблю і, выцягнуўшы лязо, пацалаваў яго. Уставіў шаблю ў ножны, левай рукой прыціснуў да нагі, а правай адсалютаваў.

— Служу Айчыне, Ваша Імператарская Вялікасць!

Імператар усміхнуўся і сказаў:

— Клікаць цябе як?

— Рыгор, ы-ы, Грыгорый! Селіван Грыгорый!

— Пахвальна, пахвальна, — пасміхнуўся цар і звярнуўся да світы:

— Запрашаю паглядзець зуброў.

Найсвятлейшая асоба і яго світа павольна прайшлі да вальера. Там яны спыніліся, расцягнуўшыся ўздоўж плота, з захапленнем разглядалі лясных волатаў.

Фёдар Канстанцінавіч махнуў рукою, паказваючы, каб стралкі ішлі ў жаўнерню.

Рыгор скамандаваў:

— Так, ладам налева і крокам руш! За мной!

Калі яны ўвайшлі ў жаўнерню, не здымаючы мундзіраў, дружна пападалі на ложкі.

Трое жандараў і вазніцы падбеглі да іх і наперабой пачалі пытаць:

— Ну як, бачылі жывога цара?

— Бачылі, бачылі, як вас бачылі.

— Распавядайце хутчэй, які ён? — з зайздрасцю ў вачах пыталіся яны.

— Ды пачакайце вы, дайце трохі адсапціся.

Напруга спадала. Хтосьці моўчкі ляжаў, хтосьці ціха хіхікаў, у некаторых на вачах былі слёзы.

Стражнік прысеў на ложак і паклаў на калені шаблю. Пачаў яе разглядаць. Ножны былі серабрыстага колеру з чарненькімі ўзорамі. Дзяржальня жоўтага колеру. Усе сабраліся вакол Рыгора і разглядалі падарунак. Ён пачаў павольна даставаць шаблю з ножан. Сталёвы выгінасты клінок выходзіў лёгка. Па ўсёй даўжыні клінка былі нанесеныя такія ж чарненькія ўзоры. Сталь зіхацела і пералівалася. Бокам пазногця дакрануўся да ляза, яно было надзвычай вострым.

Цяжка ўздыхнуўшы, старшы жандар сказаў:

— Эх і шабля, галіцца можна, прыгожая. Вось гэта падарунак! Беражы яе.

Раніцай пачалі збірацца ў зваротную дарогу. Вазніцы ўсталі раней і пайшлі запрагаць коней. Рыгор таксама ўстаў разам з імі і хутка накіраваўся да вальераў. Яму хацелася развітацца з зубрамі.

Там трое зуброў мірна жавалі траву. Ён зняў шапку, звяртаючыся да лясных волатаў, пачаў ціха гаварыць:

— Ну што, мае дарагія! Мы з’язджаем дадому, а вы застаецеся. Вам будзе тут добра, вас будуць карміць, будуць даглядаць. Толькі трохі вам сумна на чужыне. Што зробіш, такі ваш лёс.

На вочы Рыгора нечакана навярнуліся слёзы. Ён разумеў, што гэтыя лясныя, свабодалюбныя прыгажуны з вялікім задавальненнем змянілі б раскошны царскі вальер на родны дрымучы лес Белавежскай пушчы.

Трое зуброў, нібы разумеючы, аб чым гаворыць чалавек, панура стаялі, павярнуўшы галовы ў яго бок.

— Бывайце, мае дарагія, захавай вас Гасподзь.

Рыгор надзеў шапку, выцер рукавом слёзы, у апошні раз зірнуў на зуброў і хуткім крокам накіраваўся да стайні.

Па дарозе дахаты Рыгору ўспомнілася першая шлюбная ноч.

Па прыездзе ў вартаўніцкую хату Малання запаліла свечкі. Рыгор распрануўся і лёг у пасцель, каля сцяны. Малання распранулася, засталася ў ільняной кашулі; прачытала малітву і, згасіўшы свечкі, прылегла побач.

Два маладыя сэрцы ашалела калаціліся, гатовыя вырвацца з грудзей. Амаль адначасова яны павярнуліся адно да аднаго. Яна асцярожна правяла аксамітавай шчакой па яго вуснах і далікатна пацалавала.

Сэрца стражніка адрывалася і падала-падала некуды ў ліхаманкавай радасці чакання. Пакора вуснаў, мяккая пяшчота рук — усё поўніла яго адчуваннем нязнанага пачуцця блізкасці і шчасця...

Усё было як у смузе... Яны ляжалі, шчыльна прыціснуўшыся, і слухалі шэпт векавых дрэў за акном. Прыхіліўшы галаву каханай да сваіх грудзей, ён гладзіў яе валасы і плечы.

Вакол была ноч, якая няспешна кацілася над бясконцай Белавежскай пушчай, над адзінокай хаткай.

На ўсё жыццё запомніўся пах пяшчотнага цела жонкі, пах яе валасоў і гарачыня вуснаў...

Паражняком вярнуліся хутчэй на цэлы тыдзень, ноччу. Поўны месяц ірдзеў яркім святлом. Увесь небасхіл над галавой мігацеў зоркамі.

Да сярэдзіны ночы з’явіліся знаёмыя селішчы на ўскраіне пушчы — акурат праязджалі недалёка сядзібы Шаурава.

Вось яна, Белавежская пушча. Далей Рыгор мог весці абоз і ў поўнай цемры. Ні на хвіліну не спыняючыся, звярнулі з гасцінца на лясную дарогу і паглыбіліся ў пушчу.

Да яго конна далучыліся два стралкі.

— Старшы каравульны загадаў нам весці абоз, а вас запрашае ў сваю брычку.

Старшы каравульны працягнуў шынель.

— Атуліся, раніцай можа быць вельмі халодна, пасядзі са мной.

Сеўшы зручна на сядзенне, Рыгор спрабаваў заснуць, але сон не пры-

ходзіў. Брычка наязджала на галінкі і карані дрэў, яе трэсла, заснуць было немагчыма. Да самага світанку так і праседзеў.

Абоз заехаў у Белавеж, калі толькі замігцеў світанак, і першыя касыя прамяні сонца прабіліся скрозь густыя вершаліны векавых дрэваў. Мясцовыя сабакі заліліся брэхам.

З будкі выбег вартавы; убачыўшы сваіх, радасна закрычаў, забыўшы пра парадак.

— Прыехалі! Прыехалі! — і пачаў абдымацца з сябрамі.

Галоўны распарадчык вылез са сваёй павозкі.

— Чаго гарлапаніш як шафер на вяселлі?

Убачыўшы обер-фарстмайстра, каравульны збянтэжыўся:

— Дазвольце дакласці, ваша высокаблагароддзе!

— Ну, дакладвай.

— За час вашай адсутнасці здарэнняў няма.

Да варот падыходзілі стралкі, жандары, вазніцы. Яны чакалі наступных распараджэнняў.

Іх высокаблагароддзе пракашляўся:

— Так, усім аб’яўляю падзяку. З пастаўленай задачай справіліся. Хто прымаў удзел у экспедыцыі, можа тыдзень не выходзіць на службу. Для атрымання грашовай узнагароды праз тыдзень неабходна з’явіцца да скарбніка. Цяпер вазніцы павінны паставіць падводы і брычкі на належнае месца, а коней у стайню. Стралкі выгрузяць новае абмундзіраванне і па вопісу здадуць скарбніку. Усе вольныя.

У Ціханавай хаце жонка варажыла вакол самавара і накрывала на стол. Падышла і пацалавала Рыгора ў шчаку.

— Распранайся і садзіся хутчэй да стала.

Рыгор разгарнуў вузел і працягнуў жонцы Ціхана вялікую каляровую хустку з кутасамі.

— Гэта табе падарунак з Пецярбурга. А гэта табе, Ціхан, не горшыя чым у начальства, — працягнуў брату скураныя пальчаткі. — Ты цяпер пры пасадзе і павінен выглядаць прыстойна.

Ціхан зноў абняў брата.

Братавая круцілася ля люстэрка, разглядаючы сябе ў абноўцы.

Трохі перакусіўшы, Рыгор пачаў распавядаць свае прыгоды. Калі дайшоў да сустрэчы з царом, Ціхан нават перахрысціўся.

— Ну, вось, цяпер ты ведаеш, адкуль у мяне шабля, — Рыгор дастаў шаблю і паклаў на стол.

Ціхан асцярожна ўзяў яе ў рукі, пачаў пільна разглядаць.

Неўзабаве Рыгор быў дома. З асалодай уцягнуў носам асаблівы, знаёмы пах роднага жытла.

— Няўжо канец падарожжу? — зняў хатулі і апусціў на падлогу.

На кухню ўвайшла старая з дзіцём на руках. Ён пацалаваў сына і бабу Марфу. Пачаў выцягваць падарункі. Уручыўшы жанчынам па хустцы, дастаў загорнутыя боцікі.

— На, Малання, прымер.

Чырвоныя боцікі зрабілі сваю справу. Жонка, пляснуўшы рукамі, нават страціла на момант дар мовы. Абедзве жанчыны такога прыгожага абутку ў жыцці не бачылі.


13. Прыём у обер-фарстмайстра


Нядзельнай раніцай Рыгор і Малання адправіліся ў галоўную сядзібу. Перад абедам заехалі да Ціхана. Брат разам з жонкай таксама рыхтаваліся ў госці да галоўнага распарадчыка Белавежскай пушчы. Пешшу накіраваліся да хаты обер-фарстмайстра. Там ужо знаходзілася некалькі сямейных пар. Галоўны ляснічы, старшы лоўчы, старшы каравульны, знаёмы вусаты жандар — усе са сваімі палавінкамі.

Да варот пад’ехала брычка Сімунда. У гэты момант на парозе з’явілася гаспадыня з прыслужнікам і запрасіла прысутных праходзіць у дом.

Зняўшы вопратку, яны зайшлі ў гасціную. Там стаяў вялікі, хораша сервіраваны стол. Камердынер паказаў месцы, дзе каму сядаць.

На чале стала стаялі два крэслы для гаспадара з гаспадыняй. Рыгору з жонкай было прапанавана месца побач з гаспадарскім крэслам. Далей сядзеў брат з жонкай, насупраць Сімунд.

Калі госці расселіся, расхінуліся дзверы ў гасціную. Обер-фарстмайстар з гаспадыняй паўстаў ва ўсім бляску. Новыя эпалеты на плячах блішчэлі золатам, на шыі вісела чорная стужка з дзвюма вузенькімі жоўтымі палоскамі, на ёй ордэн. Ажыўлены твар іх высокаблагароддзя асляпляльна ўсміхаўся.

Госці падняліся. Фёдар Канстанцінавіч Таран пачаў абыходзіць стол, вітаўся з мужчынамі за руку, з жанчынамі кіўком галавы, пры гэтым кожны раз пстрыкаў абцасамі. Побач з ім ішла жонка і ветліва ківала галавою, усміхалася. Калі цырымонія прывітання скончылася, іх высокаблагароддзе прапанаваў сесці.

Прыслуга замітусілася вакол стала, напаўняючы прыгожыя чаркі і келіхі.

Фёдар Канстанцінавіч узяў чарку і ўстаў:

— Спадары, першы тост прапаную выпіць за здароўе нашага васпана, Яго Імператарскую Вялікасць Мікалая I.

Госці падняліся.

— Прашу садзіцца і прыступіць да халодных закусак. Толькі не саромцеся, ешце так, як у каго атрымліваецца. Тут усе свае, і чужацца няма каго.

Госці пачалі есці. Рыгор звярнуў увагу, што яго брат спрытна карыстаецца нажом і відэльцам; не горш чым іх паны. Спрабаваў таксама ўзяць відэлец у левую руку, а нож у правую. Але ў яго не атрымалася, ён адклаў нож і ўзяў відэлец у правую руку.

Прыслуга пачала зноў напаўняць чаркі. Тады падняўся Сімунд і прапанаваў чарговы тост:

— Спадары! Я прапаную выпіць за здароўе нашага галоўнага распарадчыка пушчы Фёдара Канстанцінавіча, за яго новую ўзнагароду. Толькі давайце папросім яго расказаць нам пра гэты ордэн.

Госці дружна падтрымалі лесапрамыслоўца. Обер-фарстмайстар, здаволена ўсміхаючыся, зрабіў для важнасці невялікую паўзу і пачаў свой расказ:

— Спадары! Гэтая ўзнагарода завецца «Ордэн святой Ганны II ступені». Прысуджаецца за адмысловыя заслугі перад Айчынай. Уручыў мне яго асабіста імператар Мікалай I. Акрамя таго, я падвышаны ў пасадзе, атрымаў статут дарадніка, а чын палкоўніка. Узнагароджанне праходзіла ў Царска-Сельскай летняй рэзідэнцыі Яго Імператарскай Вялікасці. Пасля ўзнагароджання быў запрошаны на ўрачысты абед з самім манархам. Там мы абмяркоўвалі важныя дзяржаўныя справы. За абедам найсвятлейшая асоба прасіла перадаць вам падзяку за пахвальнае нясенне службы і за зуброў для свайго звярынца. Але што гэта я толькі пра сябе. Сярод нас ёсць яшчэ адзін чалавек, які таксама атрымаў узнагароду асабіста з рук Яго Імператарскай Вялікасці, — і ён паказаў на Рыгора. — Ну што, пакажы сваю ўзнагароду, — і запляскаў у ладкі.

Рыгор счырванеў, бянтэжачыся ад увагі.

Іх высокаблагароддзе ўзяў чарку і прапанаваў тост за Рыгора і яго ўзнагароду.

Рыгор адшпіліў шаблю і перадаў іх высокаблагароддзю. Той уважліва яе разгледзеў і перадаў Сімунду. Сімунд перадаў далей, сам нахіліўся і стаў нешта гаварыць гаспадару на вуха. Той кіўнуў галавою, згаджаючыся. Сімунд падняўся і выйшаў з гасцінай. Мінула некалькі хвілін, і ён вярнуўся, несучы ў руках прыгожую паляўнічую стрэльбу. Папрасіў хвіліначку ўвагі:

— Спадары! Мы з іх высокаблагароддзем обер-фарстмайстрам вырашылі адзначыць заслугі яшчэ аднаго чалавека, старшага стражніка Селівана Ціхана.

Сімунд гучна сказаў:

— За здароўе Ціхана!

Усе зноў запляскалі ў ладкі.

У гэты момант, прыслуга падала гарачую страву з мядзведзіны. Добра паеўшы, Фёдар Канстанцінавіч прапанаваў мужчынам прайсці ў яго кабінет і абгаварыць службовыя пытанні, а жанчынам застацца і трохі папляткарыць.

Лесапрамысловец Сімунд устаў са свайго месца.

— Ваша высокаблагароддзе, прашу мяне выбачыць. Купцы з Нямеччыны нечакана прыехалі, мне ўжо неабходна ісці. Яшчэ раз прашу мяне выбачыць.

— Гаспадзін Сімунд, любіш ты грошы зарабляць. Добра, схадзі да сваіх купцоў. Мы тут службовымі справамі зоймемся, табе гэта, можа, і не цікава будзе.

Мужчыны падняліся і выйшлі ўслед за обер-фарстмайстрам.

У працоўным кабінеце галоўны распарадчык прапанаваў заняць вольныя крэслы.

— Перадайце сваім падпарадкаваным. Неабходна ў найблізкія дні з’явіцца ў галоўную сядзібу для атрымання новага абмундзіравання. Акрамя таго жадаў бы пачуць вашы прапановы, як палепшыць працу па ахове пушчы.

Галоўны ляснічы першым узяў слова.

— Не ведаю, ці трэба ўзмацняць ахову. Сяляне ад страху загрымець на катаргу перасталі нават сухастой, старыя і гнілыя дрэвы забіраць. Калі так і далей пойдзе, мы без працы застанёмся. — Госці гучна засмяяліся.

— Гэта добра, значыць, наведзены поўны парадак, — Фёдар Канстанцінавіч усміхнуўся. — Цяпер у мяне ёсць прапанова для Рыгора. Лічу, што ўсе тут прысутныя мяне падтрымаюць. Хачу прапанаваць табе на выбар любую пасаду ў адміністрацыі пушчы. Сваёй добрасумленнай працай ты заслужыў гэта. З адказам не спяшайся, падумай, парайся з братам, з жонкай.

— А што тут думаць, калі можна, хачу застацца на сваім пасту, быць про­стым стражнікам на сваім абходзе, — упэўнена сказаў Рыгор.

— Пахвальна, — здзівіўся Фёдар Канстанцінавіч. — Але тады сваёй уладай усталёўваю табе жалаванне ў два разы большае, чым ты атрымліваеш. А то імператар запытае ў мяне, як там наш стражнік. Рыгор, Гры­горый, Селіван Грыгорый. Памятаеш? — іх высокаблагароддзе весела засмяяўся.

Прысутныя ажыўлена зарагаталі.

— Так, з жывым царом размаўляць — тут ад хвалявання можна забыцца, як маці родную клічуць, не тое што сябе. Гэта не дзіўна. Тут з вамі, ваша высокаблагароддзе, размаўляеш, і то хвалюешся, каб чаго лішняга не ляпнуць. А то ж сам імператар, — падтрымаў Рыгора старшы лоўчы Кусаў.

Прысутныя, згаджаючыся, ківалі галовамі.

— Рыгор! Лічу, што выкажу агульнае меркаванне, на цябе ў цяжкі момант можна паспадзявацца. Вось мы і падышлі да самага галоўнага, — обер-фарстмайстар зрабіў невялікую паўзу:

— Сёння раніцай у мяне быў стражнік з паўночнай часткі нашай пушчы. Той часткі, якая мяжуе з Беластоцкай воласцю. Вы ведаеце, што яна належыць у дадзены момант Прусіі. Невялікая частка ўскраіны нашай пушчы таксама пруская, — нахмурыўшы бровы, працягваў. — Дык вось, гэты стражнік мне даклаў, што нядаўна група людзей пад камандаваннем прускага афіцэра пракралася ў нашу частку пушчы і там палявала. З інтэрвалам у тыдзень было забіта два зубры. Яны прывязалі забітых жывёлін да коней і перацягнулі на сваю тэрыторыю. Сышлі беспакарана, і цяпер гэты факт палявання даказаць будзе цяжка.

Наш стражнік, перапрануўшыся пад селяніна, пракраўся на іх тэры­торыю. Там у яго жывуць сваякі. Ад іх ён даведаўся вельмі шмат цікавага. Аказваецца, гэта ўжо не першы выпадак. Сярод прускіх афіцэраў ёсць аматары паляваць на нашай тэрыторыі. Яны плацяць мясцовым сялянам вялікія грошы. Тыя дробнымі чародамі пераходзяць да нас і падганяюць зуброў бліжэй да кардона. Афіцэры страляюць, а сяляне за грошы перацягваюць забітых, — галоўны распарадчык дастаў папяросу і прыпаліў. Зрабіўшы зацяжку, ён працягваў:

— Я адразу ж даў распараджэнне аб вылучэнні пяці стралкоў у дапамогу гэтаму стражніку. Але яны маладыя і яшчэ да канца не абучаныя. Могуць пагарачыцца. Мая думка такая, — адчувалася, што обер-фарстмайстар трохі нерваваўся: — Але нам трэба спадзявацца выключна на сябе, — заклапочана пазіраў па баках.

— Дык вось, Рыгор, табе адмысловае даручэнне. Ты павінен заўтра раніцай выехаць у гэтую частку пушчы. Ад майго імя правесці там рэкагнасцыроўку. Дзейнічай і прымай рашэнне на месцы. У бойку не лезьце, гэтая справа рэгулярных войскаў. Але правучыць прусакоў неяк трэба. — Трохі падумаўшы, працягнуў:

— Лічу, што на нашай тэрыторыі ў іх маюцца свае людзі, якім яны добра плацяць. Нядрэнна б іх знайсці і абясшкодзіць. Не лішнім будзе далікатна пагутарыць з кантрабандыстамі, якія пражываюць побач з кардонам. Тыя ведаюць усё па абодвух баках кардона. Трэба іх падлавіць і напалохаць катаргай у Сібіры, тады яны ахвотна пойдуць на супрацоўніцтва. А табе, Ціхан, іншае даручэнне. Ты павінен аб’ездзіць усходнюю і паўднёвую часткі пушчы.

Падабраць стражнікаў для аховы заходняй мяжы. Ты ў нас старшы стражнік, табе і займацца гэтай справай. Потым можаш далучыцца да Рыгора і ўзначаліць акцыю. Як спрытна вы ўдвух працуеце, ці не мне ведаць! Лепш за вас у мяне нікога няма, — пры гэтым галоўны распарадчык хітравата бліснуў вачыма і засоп носам:

— Гаспадзін жандар, і вы памазгуйце, як нам дапамагчы. Але без узгаднення са мной ні кроку. Ведаю вас, шэльмы. Справы на грош, а мітусні на рубель. Адразу ж расследаванне, допыты сведак, пошукі вінаватых. Падыміце шум, важданіну — а вынік нулявы, як з павешаным канакрадам. Тут справа вельмі тонкая, міжнародная, — гледзячы проста ў вочы жандару, сказаў Фёдар Канстанцінавіч. — Толькі ўсё, пра што тут чулі, нікому ні гугу. Лічыце гэта дзяржаўным сакрэтам.

Пасля абеду обер-фарстмайстар прызнаўся жонцы, што яму надта падабаецца, як размаўляюць між сабой мясцовыя жыхары.

— Слухаць іх гутарку прыемна, як слухаць песню. Я часта маю зносіны з імі і паступова пачаў разумець, пра што яны між сабой гавораць. Мясцовыя людзі разумеюць, што ім кажуць на рускай мове, на польскай мове. Будучы на паляванні, я звярнуў на гэта ўвагу. Пачынаеш з ім весці гутарку на рускай мове, ён табе адказвае на рускай мове, хтосьці размаўляе з ім на польскай мове, ён адказвае на польскай мове, а між сабой размаўляюць на сваёй мове. Мне часта прыходзілася чуць, як дзяўчаты і жанчыны хораша спяваюць, калі працуюць. Тут, у Белавежскай пушчы, для этнографаў непачаты кавалак працы, — тлумачыў жонцы Фёдар Канстанцінавіч. — Дарагая, некалькі стагоддзяў таму на гэтых землях была вельмі моцная і самая вялікая дзяржава ў Еўропе — Вялікае княства Літоўскае. Дагэтуль яны завуць сябе літвінамі, памятаюць сваю багатую на падзеі гісторыю і сваіх князёў. Я нават запомніў некаторых іх кіраўнікоў: Міндоўг, Гедымін, асабліва часта згадваюць Вітаўта. Захавалася вельмі шмат помнікаў даўніны, праўда, большасць з іх ад часу руйнуюцца. Ды і мы спрыяем сціранню іх гісторыі. Дзесяць гадоў, як пачалі будаваць Брэст-Літоўскую крэпасць, шмат старых гістарычных помнікаў разабралі па цаглінцы. І цяпер гэта працягваецца. Разбіраюць паволі і звозяць у крэпасць, там узводзяць з гэтай цагліны фартыфікацыйныя будынкі. Маркотна ўсё гэта, чаму нам няма справы да іх гісторыі?

Памаўчаўшы некалькі хвілін, ён павярнуўся да жонкі.

— Ну што, дарагая, лічу, мы з табой правялі сённяшні дзень цудоўна. Для людзей зрабілі свята, для сябе таксама. Давай класціся спаць, трэба адпачываць. Мяне толькі Сімунд не перастае дзівіць. Можа, з гадамі паразумнеў? Распавядаў, што аднойчы для эксперыменту сваім наймітам тры месяцы жалавання не плаціў. Ні адзін чалавек яго не спытаў пра грошы. Смяяўся, гаварыў, што на яго радзіме даўно б ужо хату спалілі. А тут.


14. Кардон


Калі стражнік адчыніў дзверы карчмы, пачуў знаёмы радасны вокліч:

— Рыгорка, уваходзь, смялей. Даўным-даўно ты да мяне не зазіраў. Чуў, ты ездзіў ажно ў Пецярбург. Што чуваць у свеце? Садзіся за стол, распавядай, як там людзі ў сталіцы жывуць.

Рыгор прысеў за стол.

— Што гаварыць. Жывуць нядрэнна: прыгожыя заможныя хаты, брукаваныя вуліцы, уздоўж іх стаяць ліхтары. Вельмі вялікі і прыгожы горад, адным словам, сталіца. Вось толькі ў крамах не бачыў вашага брата, на вуліцах таксама не сустракаў, — стражнік дапытліва паглядзеў на яўрэя.

Загрузка...