— А ты што, не ведаеш? — здзіўлена падняў бровы Арон. — Нельга нам, яўрэям, сяліцца ў сталіцы.
— Ну, цяпер усё зразумела. Усё забываю ў вас спытаць. Скажыце, дзядзька Арон, а што гэта за такія яўрэі з вельмі доўгімі валасамі?
— Дарагі Рыгорка! Яўрэі таксама між сабой адрозніваюцца. Тыя, якіх ты бачыў з доўгімі валасамі, гэта хасіды. Яны вельмі рэлігійныя, прытрымліваюцца сваіх сектаў і паважаюць талмуд. Ёсць яшчэ яўрэі караімы, якія адхіляюць талмуд і строга прытрымліваюцца абраду старажытнага іерусалімскага храма. Адным словам, у яўрэяў, таксама як і ў вас славян, народ адзіны, толькі розныя галіны адной і той жа рэлігіі.
— Дзякуй, дзядзька Арон, за тлумачэнні, але скажы, хто такія кантрабандысты?
— Рыгор, калі табе нешта трэба дастаць за кардонам, то ты скажы мне. Я параюся са сваім кагалам, што-небудзь прыдумаем і дастанем, а вось пазнаёміць цябе не магу.
— А калі я дам вам слова, што з гэтым чалавекам нічога не здарыцца? Мне ён неабходны толькі для таго, каб высветліць сёе-тое. Мы вас адгодзім.
— Тады ўважліва слухай. Поруч кардона з Прусіяй на сялібе жыве Ярашук Ахрэм. Ён, часам, бывае за кардонам. Вельмі добры чалавек, але ў яго дзесяць дзяцей па вуглах. Рыгор, калі ласка, не пакінь яго дзяцей сіротамі, — прасіў карчмар.
— Дзякуй, дзядзька Арон. За яго не хвалюйцеся, — Рыгор, пляснуўшы сябе па каленях, падняўся з-за стала.
Вечарам ён дабраўся да хаты стражніка, якая стаяла самотна ў лесе, непадалёк ад кардона. Гаспадаром гэтага абходу быў аднагодак Рыгора стражнік Сцяпан. Сустрэліся яны як даўнія сябры — разам былі стралкамі.
Сцяпан, абдымаючы Рыгора, з захапленнем гаварыў:
— Так, чуў пра цябе. Стралкі распавядалі, што сам цар табе ўзнагароду ўручаў. Давай хадзем у хату. Обер-фарстмайстар учора ў дапамогу стралкоў даслаў. Хата поўная людзьмі, але як-небудзь размесцімся.
Прывязаўшы жарабца, зайшлі ў хату, там сапраўды было шматлюдна.
— Сцяпан, ты ведаеш Ярашука Ахрэма? — спытаў Рыгор пасля вячэры.
— Так, ведаю, пражывае на сялібе поруч самога кардона.
— Ці далёка гэтая сяліба?
— Вярсты дзве адгэтуль будзе.
— Што ён за чалавек?— працягваў распытваць Рыгор.
— Звычайны, просты чалавек, не прыгонны, малазямельны аднадворац, жыве ціха. Дзяцей, праўда, у яго шмат. Навошта ён табе? — спытаў Сцяпан.
— Усяго табе сказаць пакуль не магу, сам яшчэ не ведаю, што атрымаецца, — круціў галавою Рыгор. — Ты павінен стралкоў, акрамя аднаго, адправіць на пастой у найблізкі абход да нашых стражнікаў. Няхай там ціха сядзяць і носа не паказваюць.
Абдумваючы, памаўчаў хвіліначку, затым прадоўжыў размову:
— Сцяпан, хто з мясцовых жыхароў прадаўся за кардон? Хто заганяе зуброў прусакам? Не могуць жа яны самі шукаць іх у лесе?
— Рыгор, братка, — цяжка ўздыхнуў Сцяпан. — Ёсць адзін тут! Таксама аднадворац, праўда, беззямельны. Зусім дрэнны гаспадар, лайдак найпершы, якіх свет не бачыў. Яго можна сустрэць у двух месцах: або на паляванні, або ў карчме ў Лейбеля. Усё, што ён застрэліць на паляванні, нясе ў карчму. Пупок яго завуць. Месяцы два таму ехаў я дарогай конна і пачуў стрэл. Пад’ехаў бліжэй, бачу, як Пупок стаіць і прыкладам б’е сваіх сабак. Пытаю, што здарылася. Ён адказаў, што падстрэліў зайца, пакуль дабег, сабакі яго зжэрлі. Тыдзень таму сустрэў яго ў лесе ўжо без стрэльбы. Што ён там рабіў?
— Прозвішча Пупок? — здзіўлена перапытаў Рыгор.
— Не, прозвішча і імя яго не ведаю, — пакруціў галавою Сцяпан. — Але ўсе яго так завуць. Мяркую, Пупок — гэта мянушка.
— Сцяпан, ты як думаеш? Ці ведае гэтага Пупка Ярашук Ахрэм? — спытаў Рыгор.
— Павінен знаць, — хітнуў галавою Сцяпан. — Пупка ўсе ў акрузе ведаюць.
Так і не паспаўшы, Рыгор перад самым світанкам сеў на жарабца і выехаў шукаць хату Ахрэма. Дзякуючы падрабязнаму апісанню Сцяпана, знайшоў сядзібу хутка. Калі зайшоў на двор, гучна забрахаў сабака.
На парозе з’явіўся гаспадар. Гэта быў мужчына гадоў сарака, акуратна апрануты. Яго вочы з трывогай глядзелі на незнаёмца.
— Вас клічуць Ахрэм?
— Так, а што здарылася? — глядзеў ён дапытліва на Рыгора.
— Нічога не здарылася, але нам трэба з вамі пагутарыць і жадана без сведак, — спакойна сказаў стражнік.
— На вуліцы халодна, пайду, накіну што-небудзь і вярнуся.
Праз хвіліну ён выйшаў на вуліцу.
— Слухаю вас.
— Мяне завуць Рыгор. Прыступім да справы: мне патрэбна ваша дапамога.
Ахрэм маўчаў. Рыгор працягнуў гутарку:
— Аб усіх вашых справах я добра дасведчаны. Ведаю, што вы часта бываеце на тым баку. Чым займаецеся, таксама вядома. Але мяне вашы кантрабандысцкія справы не цікавяць. Я стражнік Белавежскай пушчы, і мяне хвалюе ахова зуброў. У апошні час нехта іх рэгулярна адстрэльвае. Ці вядома вам што-небудзь?
Ахрэм маўчаў, але па твары было відаць, што ён моцна трывожыцца і не можа рашыцца нешта вымавіць.
Рыгор свідраваў яго вачамі.
— У вас небяспечны занятак. Вы можаце трапіць у Сібір на катаргу і пакінуць дзяцей сіротамі. Я вас выдатна разумею. Зямлі мала, дзяцей многа, трэба неяк іх гадаваць. Распарадчык пушчы можа за вас заступіцца. Мяркую, яго заступніцтва вам не будзе лішнім. Акрамя таго, мы за помач добра заплацім. Згаджайцеся, а то я магу размысліцца і знайсці кагосьці іншага.
— А што трэба... рабіць? — з трывогай у голасе спытаў Ахрэм.
— Хто дапамагае прускім афіцэрам у паляванні на зуброў? — стражнік уважліва глядзеў на Ахрэма.
— Цалкам у гэтым не ўпэўнены, але мяркую, гэта Пупок. Бачыў яго каля прускай воінскай часткі.
— Калі гэта было? — спытаў Рыгор.
— Два тыдні таму. Здаецца, гэта была субота, сапраўды субота. З самай раніцы ён там быў. Потым бачыў у панядзелак, ён ішоў адтуль выпіўшы.
— Сёння аўторак, — ажывіўся Рыгор. — Ахрэм, трэба будзе ў суботу раніцай быць за кардонам. Прасачыце, ці з’явіцца там Пупок. Як толькі яго ўбачыце, адразу ж вяртайцеся. Толькі ў мяне просьба, калі пойдзеце за кардон, — тавар не бярыце. Я вам загадзя заплачу няўстойку, — стражнік дастаў дзесяць рублёў асігнацыямі і працягнуў іх Ахрэму. Той пачаў адмаўляцца ад грошай, але Рыгор прымусіў іх узяць без пярэчання.
— Гаспадзін стражнік, я магу вам паказаць, дзе прускія вайскоўцы праязджаюць праз кардон. Тут зусім недалёка, з вярсту будзе, — нечакана сказаў Ахрэм.
— Вельмі добра, толькі не называй мяне гаспадзінам ці панам. Я такі ж просты чалавек, як і ты.
— Я неяк пачуў гутарку. Пра што яны гаварылі, не ведаю, іх мовы не разумею. Але тое, што яны размаўлялі на сваёй мове, вельмі добра чуў. Калі яны праехалі міма мяне, я падняў галаву. Налічыў шэсць чалавек. Яны выехалі з ракі і зніклі ў лесе. Яны па рацэ, па рэчышчы ехалі.
Яны адправіліся пешшу да ракі.
— Ахрэм, распавядзі, якое жыццё за кардонам, — з цікаўнасцю распытваў Рыгор.
— Па ўсякаму, як і тут. Хтосьці жыве лепш, хтосьці горш, як у каго атрымліваецца. Вось толькі прыгоннага права ў іх няма. Там усе працуюць, як найміты. Вось у гэтым толькі розніца. Усе пасады займаюць толькі прусакі, а нашы, як жылі, так і жывуць. Строга там у іх, парадак наводзяць. Працаваць прымушаюць ад цямна да цямна. Дарогі пачалі будаваць брукаваныя, масты, хаты.
— А ты не баішся, што яны цябе зловяць?
— Не, не баюся. У іх парадак такі: нельга нічога прыносіць, акрамя грошай, а ад іх выносіць можна ўсё, нават дапамагаюць. Іх вартавыя, калі бачаць, што нясу цюк, могуць нават падвезці да самога кардона. Яшчэ кажуць, дзе нашых кордонных аб’ездчыкаў бачылі; нават паведамляюць, калі ісці можна.
— А нашы?
— Нашы, калі зловяць, то ўсё забіраюць, і ў астрог. Вось мы і дайшлі.
Спыніліся на беразе, і Ахрэм пачаў паказваць і падрабязна распавядаць:
— Бачыце гэтую невялікую рэчку, па ёй і ехалі вершнікі. Тут вады па калена будзе, дно не глейкае.
На развітанне Ахрэм прапанаваў Рыгору зайсці на абед, але той адмовіўся і паскакаў у селішча. Карцела паглядзець, дзе жыве Пупок.
Жыллё Пупка выглядала ўбога, здавалася, вось-вось заваліцца. Гаспадара не ўбачыў, на двары была толькі трынаццацігадовая худзенькая кірпаносая дзяўчынка. Журботным поглядам яна правяла незнаёмца.
Не паганяючы каня, стражнік накіраваўся ў карчму. Шустры гаспадар яўрэйскай нацыянальнасці падскочыў да яго:
— Што жадаеце, гаспадзін?
— Яечню з чатырох яйкаў на сале з цыбуляй.
— Ужо робіцца, — і карчмар знік.
Рыгор сеў за стол. У карчме было пуста. Праз некаторы час на двары пачуўся чутны тупат капытоў. Неўзабаве расхінуліся дзверы, шумна зайшлі двое ў форме кардонных аб’ездчыкаў.
— Лейбель, ты дзе?
— Спадары, ужо бягу, — з суседняга пакоя раздаўся голас яўрэя.
— Прыспешвайся, мы на службе. Нясі ўсё, як заўсёды.
Адзін з іх, зірнуўшы на Рыгора, штурхануў напарніка локцем, паказваючы на яго, спытаў:
— Гэй, а ты хто? Што тут робіш?
— Чакаю яечню, — адказаў яму Рыгор.
Яны аддаліліся трохі і селі за іншы стол. Той, які задаў пытанне, не сцішаўся:
— Я ў цябе спытаў, ты хто.
— Селіван Рыгор.
— Пакінь ты чалавека ў спакоі, — ціха сказаў другі. — Што, не чуеш як гаворыць?
— Ён не мясцовы. У мяне памяць на твары ведаеш якая? Раз убачу і ўсё жыццё памятаю.
Яго размову перапыніў уладальнік карчмы; ён нёс бутэльку і вялікую талерку.
— Прыемнага апетыту, — паставіў на стол.
Працягнуў руку і ўзяў на паліцы келіхі, наліў у іх гарэлку. Звярнуўшыся да Рыгора, ветліва сказаў:
— Яечня гатовая, зараз прынясу.
Праз хвіліну з’явіўся з талеркай. Не спяшаючыся, Рыгор пачаў абедаць. Дастаў нож і парэзаў скваркі на драбнейшыя кавалкі.
У гэты момант бразнулі дзверы карчмы. У памяшканне зайшоў барадаты мужчына невысокага росту, сярэдніх гадоў са стрэльбай на плячах.
— Шклянку гарэлкі, хутка! — з парога сказаў ён.
Рухі гэтага чалавека былі рэзкімі. Рыгор уважліва разглядаў аблічча дзівака.
Увесь яго твар ад самых вачэй зарос валасамі. Нешта ястрабінае прамільгнула ў абліччы. Адзенне было месцамі ў дзірах і латах, на галаве — аблезлая шапка з тхара. Узяўшы келіх, ён зняў шапку і некалькі секунд нерашуча глядзеў на гарэлку, потым злёгку кіўнуў галавою і выпіў.
Цішыню парушыў усё той жа кардонны аб’ездчык, які задаваў пытанні Рыгору.
— Пупок, ну як у цябе сёння паляванне?
Той моўчкі выцер рукавом вусы, слаба махнуў рукою.
— Стрэльбу змяніць трэба. Старая яна ў цябе, пэўна, гадоў сто ёй будзе. Як ты страляеш?
Рыгор уважліва паглядзеў на стрэльбу, якая ляжала на лаўцы. Яна сапраўды была старой і цяжкай, з самаробной ложай. Гэты рэдкі прадмет хутчэй за ўсё дастаўся па спадчыне, чамусьці падумалася Рыгору.
— Цяпер такіх стрэльбаў не робяць, таму што не ўмеюць. Гэта самая сапраўдная крамянёўка. Я з яе ніколі не мажу...гы-гы — вышчарыўшы рэдкія зубы, загыгыкаў Пупок.
І трэба было бачыць, з якім шматзначным выглядам пры гэтым — гы-гы! — ён падняў уверх указальны палец.
— А чаму тады без трафеяў прыйшоў? — працягваў даймаць аб’ездчык.
— Я і сёння зайца падстрэліў, але сабакі... халера на іх, — злосна, з прыкрасцю ў голасе адказаў Пупок.
— Сабак карміць трэба, — з’едліва кінуў аб’ездчык, які дагэтуль маўчаў.
— Э-э! — пагардліва скрывіўся Пупок. — Гэта хто ж сабак корміць? Сабакі самі сабе павінны ежу здабываць.
У гэты момант аб’ездчыкі падняліся. Адзін з іх, кідаючы манету на стол, сказаў гаспадару карчмы.
— Налі яшчэ гэтаму небараку і дай што-небудзь закусіць, а то яго сабакі сыцейшыя, чым ён.
Пупок жвава ўскочыў і сіпла сказаў:
— З задавальненнем вып’ю за ваша здароўе, ваша высокаблагароддзе, дзякую!
Аб’ездчыкі пакінулі карчму. Неўзабаве прычуўся тупат іх коней, які аддаляўся. Наступіла цішыня.
Рыгор лустай хлеба марудліва выціраў тлушч у талерцы.
З’явіўся карчмар з талеркай, паставіў яе перад Пупком і наліў яму гарэлкі. Той адным махам кульнуў шклянку, схапіў рукой кавалачак сала з хлебам і пачаў з прагнасцю есці.
Стражнік падняўся, пакінуўшы манету на стале, і моўчкі выйшаў на вуліцу.
Удала заехаў у карчму, разважаў Рыгор, спаткаў усё-такі мясцовую знакамітасць. Сапраўды, каларытная асоба — гэты Пупок. Тузануўшы павады, накіраваў жарабца да жылля Сцяпана.
Вечарам з’явіўся Сцяпан. Цэлы дзень ён дзяжурыў поруч статка зуброў, але нічога падазронага не выявіў. Ніхто не з’яўляўся.
За вячэрай Рыгор распавёў яму аб сустрэчы ў карчме ў Лейбеля.
— Пупок можа з’явіцца каля статка зуброў у пятніцу, так што да пятніцы можам адпачываць, — разважаў Рыгор. — Паляваць яны могуць прыехаць суботнім надвячоркам. Толькі вось дзе яны застануцца на начлег? Цяпер восень, і ноччу даволі халаднавата. Ці стануць яны мерзнуць ля вогнішча?
Раніцай, калі яшчэ на вуліцы было зусім цёмна, яны апрануліся і выехалі ў лес. Сцяпан паказаў яму шлях, па якім цягнулі зуброў да кардона. Ён праходзіў недалёка той рэчкі, якую паказваў Ахрэм.
Поўная карціна злачынства была стражнікам зразумелай, за выключэннем месца, дзе спыняюцца злачынцы на начлег.
Яны вярнуліся на тое месца, дзе прыкладна адбывалася папярэдняе паляванне. Схаваўшы ў гушчары коней, пачалі ўсё вакол уважліва аглядаць. У тым месцы, дзе грузілі зуброў на поцягі, не засталося пянькоў ссечаных дрэў. Але побач праходзіла прасека, якую зрабілі месяцы два таму.
Прасека была чыстая, ствалы дрэваў даўно вывезеныя. Яны прайшлі спачатку ў адзін бок, потым у другі. У адным месцы было шмат слядоў ад конскіх капытоў. Калі прайшлі па слядах, то на скрыжаванні прасек выйшлі да будана. Пад такімі падстрэшкамі працоўныя хаваліся ад непагадзі. Тут былі нават зробленыя ляжанкі для начлегу і вогнішча для прыгатавання ежы, стаялі сталы і лаўкі з бярвёнаў. Калі прасекі сыходзілі далей, усё кідалася, і рабіліся новыя хованкі.
— Вось доўбня, як я раней не здагадаўся, — расчаравана ўсклікнуў Сцяпан. — Гэта ж гатовае жыллё. Тут тыдзень жыць можна.
— Не ты адзін схібіў, не вінаваць сябе, я таксама пра гэта не падумаў. Вельмі зручнае месца.
Пачалі ўважліва аглядаць прылеглы лес, і Сцяпан выявіў пустыя бутэлькі.
— Глядзі, Рыгор, што яны п’юць. А вось і свежыя пянькі, тут яны і вырабляюць поцягі.
— Сцяпан, нічога не чапай, галоўнае цяпер іх не спудзіць, — сказаў Рыгор.
Яны вярнуліся да коней і паскакалі дадому. Пад’язджаючы да хаты, Рыгор убачыў братавага каня. Ціхан і яшчэ некалькі стражнікаў сядзелі за сталом. Прывітаўшыся, Рыгор прапанаваў брату выйсці на вуліцу для гутаркі. Сцяпану сказаў, каб ён коней схаваў у адрыне.
Калі засталіся ўдвух, Рыгор падрабязна распавёў, што ведаў.
— Брат, табе трэба ісці працаваць у жандары, — выслухаўшы Рыгора, прыцмокнуў ад здзіўлення Ціхан. — Ты за два няпоўныя дні ўсё высветліў. Толькі трэба неяк дакласці іх высокаблагароддзю, а то ён прывядзе сюды войска і ўсё сапсуе. Але нас вельмі мала, каб затрымаць шэсць чалавек, тым больш вайскоўцаў. Гэта табе не ўнук Шаурава. Тут справа складанейшая.
Абняўшы малодшага брата, ён ускочыў у сядло і знік у лесе.
— Сцяпан, лічу, зноў давядзецца ахвяраваць зубрамі, — сказаў Рыгор гаспадару хаты. — Калі іх проста затрымаць — выкруцяцца. Скажуць, заблудзіліся, і ўсё.
Здзіўленыя ходам ягонай думкі, стражнікі глядзелі на яго насцярожана.
— Ёсць старыя зубры, якімі можна ахвяраваць, але іх не прывяжаш вяроўкамі да дрэва, — збялеў Сцяпан. — Ты што, Рыгор, хочаш іх выкарыстаць як падсадныя качкі?
— А чаму не? Падагнаць бліжэй да прасекі так, каб яны маглі іх досвіткам бачыць. Будуць конна ехаць да таго месца, дзе пасецца статак, убачаць гэтых зуброў і пачнуць страляць.
— Сцяпан, нясі паперу і аловак. Давай прасекі і ўсе дарогі ў тым месцы намалюй, — сказаў Рыгор.
Гаспадар прынёс чысты аркуш паперы, аловак і пачаў маляваць участак лесу. На тым месцы, дзе цяпер пасвіліся зубры, была прасека і дзве дарогі. Калі іх перакрыць, выходзіла па два чалавекі ў сакрэт.
— Так, маеш рацыю, Сцяпан, людзей малавата, — уздыхнуў Рыгор. — Тым больш, трэба ўлічваць, што гэтыя людзі — вайскоўцы і ўмеюць за сябе пастаяць. Проста так іх не возьмеш.
На вуліцы пачуліся галасы. Сцяпан зірнуў праз акно. Перад хатай стаяла брычка.
— Вой! Обер-фарстмайстар прыбыў, уласнай персонай. Без мундзіра, адзежа на ім дзіўная, першы раз такім бачу, — заспяшаўся да дзвярэй Сцяпан.
Рыгор і Сцяпан выйшлі на двор сустракаць іх начальства.
Обер-фарстмайстар сапраўды быў апрануты як мясцовы памешчык. Ён адразу адвёў Рыгора ўбок.
Рыгор падрабязна ўсё выказаў, апусціў толькі імёны і прозвішчы Арона і Ахрэма.
Обер-фарстмайстар уважліва слухаў, затым сказаў:
— Пахвальна, Рыгор, толькі я не зусім зразумеў, як табе ўдалося знайсці гэтага кантрабандыста.
— Ваша высокаблагароддзе, у гэтым мне дапамог той самы чалавек, які нам ужо раз дапамог. Я абяцаў яму трохі грошай.
— Рыгор, галубчык, ты мяне дзівіш, — развёў здзіўлена рукамі Фёдар Канстанцінавіч. — Не ў крыўду хай будзе сказана, але гэта не вытрымлівае ніякай крытыкі. Ну ты, братка, даеш! Добра разумею цябе, калі ты не назваў на судзе таго, хто дапамог у справе Шаурава, але тут зусім іншая справа. Садзімся ў брычку, ты мяне асабіста прадставіш твайму агенту. Я з ім пазнаёмлюся і перамоўлюся асабіста. Гэты ўчастак пушчы праблематычны. Нам вельмі патрэбныя людзі, якія інкогніта будуць нам дапамагаць.
Яны селі ў брычку, і Рыгор паказаў кучару, куды ехаць.
Дарогаю галоўны распарадчык сказаў, што яму вылучылі эскадрон уланаў. Правядуць тут вучэнні. Уланы будуць чакаць вёрст пяць адгэтуль.
Пад’ехалі да хаты Ярашука.
— Давай зойдзем да яго ў хату, там і перамовімся, — таргануўся галоўны распарадчык.
Яны вылезлі з брычкі і накіраваліся ў хату. Дзверы адчыніліся, на парозе стаяў гаспадар і жэстам прапанаваў зайсці. Калі зайшлі ў хату, на іх утаропіліся дапытлівыя дзіцячыя вочы.
Іх высокаблагароддзе ўсміхнуўся і сказаў:
— Добра жывеш, Ахрэм, вось у цябе колькі багацця, — і рукою паказаў на дзяцей.
— Не жалюся, а жыву, як Бог дазваляе — на ўсё яго воля, — адказаў гаспадар.
— Лепш на вуліцы пагутарым, не будзем іх бянтэжыць сваёй прысутнасцю, — прапанаваў галоўны распарадчык.
Яны выйшлі на вуліцу.
— Дазвольце прадставіцца. Я галоўны распарадчык Белавежскай пушчы Таран Фёдар Канстанцінавіч. Маю чын палкоўніка, дараднік. Калі вы будзеце нам аказваць пасільную дапамогу, то можаце смела разлічваць на маё заступніцтва. Каб не было ў вас праблем, я пастаўлю ў вядомасць кіраўніцтва мытнай службы і кордонной варты, што вы наш чалавек. Але гэта ўсё толькі пры станоўчым зыходзе справы.
— Я ўжо казаў вашаму памагатаму, што згодзен. Паўтару і вам, зразумела, вашу прапанову прымаю.
— Ну, вось і выдатна, прыемна было пазнаёміцца. Вось вам аванс.
— Можа, пазней, ваша высокаблагароддзе, а то раптам у мяне не атрымаецца, як задумалі, — спалоханна глядзеў на грошы гаспадар.
— Гэта за тое, што вы нам паказалі месца, дзе яны да нас праходзяць, — Фёдар Канстанцінавіч саўгануў грошы ў руку Ахрэма. — А каб усё атрымалася, памолімся Госпаду...
Обер-фарстмайстар кіўнуў галавою, павярнуўся і накіраваўся да павозкі, Рыгор пайшоў следам.
Калі зайшлі ў хату да Сцяпана, там за сталом сядзела пяцёра стражнікаў, якіх прывёў Ціхан. Обер-фарстмайстар сеў за стол, Рыгор паказаў намаляваную схему таго ўчастка, дзе меркаваўся захоп прускіх аматараў палявання. Фёдар Канстанцінавіч дастаў сваю карту і перанёс усё на яе. Трохі памеркаваўшы, ён пагадзіўся з планам захопу.
— Згодзен, план добры, — і пільна паглядзеў на стражнікаў. —Жадаў бы я паглядзець, як вы зуброў прывяжаце да дрэва.
— А можа, і не трэба прывязваць, — сказаў Рыгор. — Нарэзаць дробна бульбачкі, яблыкаў. Будуць стаяць і жаваць, а мы побач схаваемся.
— Пачакай, Рыгор, — з сумненнем круціў галаваю Фёдар Канстанцінавіч. — А як яны вайсковымі карабінамі бабахнуць?!
Обер-фарстмайстар падсунуў карту на цэнтр стала.
— Вось, калі іх прывабіць сюды, дзе толькі адна прасека, а дарог няма, сцяжынак, каб праслізнуць на кані, таксама няма. Можна гэтую прасеку з двух бакоў перакрыць. Вакол густы лес, конна не праедзеш. Вось тут іх трэба браць! — галоўны распарадчык старанна тыцкаў алоўкам у карту. — Схавацца за дрэвамі і страляць для страху ў паветра халастымі, а калі акажуць супраціў, страляць з-за дрэваў стрэльбамі. Сцяпан, у цябе рыбалоўныя сеткі ёсць? — звярнуўся да гаспадара.
— Ёсць дзве, адна старая, яе латаць трэба, а адна цалкам новая, ёю яшчэ не карыстаўся, — адказаў Сцяпан.
— Вялікія, я маю на ўвазе даўжыні якой? — гарачыўся Фёдар Канстанцінавіч.
— Так, ваша высокаблагароддзе, не мераў, крокаў пятнаццаць будзе, можа, і больш. Тая, якую латаць трэба, будзе сапраўды крокаў пятнаццаць. А новую не ведаю, не мераў, — сцепануў плячыма гаспадар.
— Сцяпан, калі яны сюды праедуць на конях і стрэляць па зубрах, адразу сеці падняць між дрэвамі і перагарадзіць прасеку. Стрэльнуць для страху ў паветра і прапанаваць здацца ў палон, — галоўны распарадчык адкінуўся на спінку крэсла.
— Ваша высокаблагароддзе, жонка пытае, ці вячэру падаваць можна. — спытаў Сцяпан.
— Можна і трэба, — адказаў Фёдар Канстанцінавіч.
Гаспадыня пачала ставіць гарачае на стол.
За вячэрай Рыгор назіраў за начальствам. Той як ні ў чым не бывала спакойна разам з усімі еў простую ежу. Абыходзіўся без нажа. Цікава, дзе яго пакладуць спаць, добра, каб на печы. Ён уявіў, як іх высокаблагароддзе ў сподніках залазіць на печ і пры гэтым моцна крэкча. Ад гэтай думкі чамусьці стала смешна, і ён гучна засмяяўся.
Прысутныя павярнулі галовы ў яго бок.
Обер-фарстмайстар здзіўлена спытаў:
— Ты гэта чаго?
— Ды ўсё думаю, як мы зуброў будзем прывязваць.
Падзякаваўшы гаспадыні за смачную ежу, пачалі разыходзіцца на начлег.
У гасцявым пакоі ўкладваліся хто дзе. Некаторым, хто быў маладзейшы, давялося класціся на падлозе.
Неўзабаве ў суседнім пакоі пачуўся храп галоўнага распарадчыка пушчы Фёдара Канстанцінавіча. Стражнікі і кучар пачалі душыцца ад смеху. Але смех смехам, а заснуць маглі толькі тыя, хто моцна стаміўся. З-за храпу обер-фарстмайстра некаторых сон змарыў толькі пад раніцу.
Прачнуліся, калі на вуліцы ўжо было светла. Перад сняданкам галоўны распарадчык спытаў:
— Ну як, прыдумалі нешта новенькае?
Стражнікі маўчалі.
— Так і ведаў, спалі без задніх ног. А я ўсю ноч варочаўся, ніяк не мог заснуць, думаў аб справе, — пасуровеў Фёдар Канстанцінавіч.
Рыгор паглядзеў на прысутных. Стражнікі сядзелі, апусціўшы галовы, стрымваліся, каб не зарагатаць.
Пасля сняданку галоўны распарадчык пушчы зноў разгарнуў карту, запаліў цыгарку, пастукаў пальцам.
— Не, я не бачу іншага месца. Толькі тут у нас ёсць рэальная магчымасць іх схапіць. Сцяпан, як бы нам гэтае месца агледзець?
Чатыры вершнікі, апранутыя па цывільнаму, адправіліся да месца, дзе пасвіліся зубры. Збоку можна было падумаць, што памешчык са сваімі рэзідэнтамі выехаў на паляванне. Па прапанове Сцяпана, каб не пакідаць слядоў, заехалі на прасеку з іншага боку. Рыгор прапанаваў злезці з коней і далей ісці пешшу. У гэтым месцы, недалёка, пасвіліся зубры, на прасецы былі бачныя іх свежыя сляды. Агледзеўшы ўсё, пачалі раіцца. З двух бакоў прасеку абступаў густы ельнік. У адным месцы лес быў радзейшы, праглядаўся крокаў на сто. Пракідаліся асобныя высокія хвоі, паміж якімі рос нізенькі хмызняк, далей ізноў суцэльнай сцяной ішоў густы ельнік.
— А дзе зубры — сляды бачу, а іх саміх нешта тут не відаць? — спытаў Сцяпана обер-фарстмайстар.
— Ходзяць недзе, — адказаў Сцяпан. — Куды захацелі, туды і пайшлі.
— Так, карціна зразумелая, будзем браць прусакоў тут. Сама зручнае месца. Трэба вяртацца дадому, а то натопчам слядоў. А вы, хлопцы, — звярнуўся да Рыгора і Сцяпана, — падбярыце пару старых зуброў. На закланне, у ахвяру...
Аднаго зубра, старога, нямоглага знайшлі адразу — наткнуліся ў густым ельніку. Пачуўшы людзей, ён незадаволена рохнуў, але з месца не крануўся. Ціхан асцярожна падкраўся. Так, зубр быў перастарак. Параіўшыся, вырашылі яго выгнаць бліжэй да паляны. Зрабіць гэта было не так ужо і цяжка, да паляны было недалёка. Узяўшы ў рукі дубцы, пачалі трывожыць старога волата. Той, незадаволена рохкаючы, пасунуўся наперад, перавальваючыся з нагі на нагу. Калі турылі зубра, выпадкова наткнуліся на старую самку, вырашылі і яе патрывожыць. Яна аказала некаторы супраціў. Некалькі разоў паварочвалася, апусціўшы галаву з рагамі. Спрабавала нават атакаваць, але яе рухі былі ўжо запаволеныя, бяспечныя. Праз паўгадзіны двух зуброў стражнікі выгналі на паляну. Наламалі вялізную гурбу маладых галінак, зубры падышлі да яе і пачалі жаваць. Прынялі рашэнне пакінуць іх тут, куды яны пойдуць?!
Раніцай, яшчэ зацемна, занялі кожны свой пост: Ціхан схаваўся ў ельніку недалёка ад прасекі каля паляны, Сцяпан засеў у хмызняку поруч статка зуброў. Рыгор пільнаваў хату Пупка.
Толькі бліжэй да поўдня глуха бразнулі дзверы, і на падворку з’явіўся гаспадар. Ён быў без сваёй знакамітай стрэльбы, без сабак. Подбегам накіраваўся ў лес. Некаторы час Рыгор яго суправаджаў, трымаючыся воддаль. Але, пераканаўшыся, што ён накіроўваецца прасекай у напрамку будана, вярнуўся да свайго жарабца.
У гэты час Ціхан са схованкі назіраў за прасекай і палянай. На лужку, у пяцідзесяці кроках ад яго, спакойна пасвіліся два ўчарашнія зубры. Ляжаць без руху было холадна. Вакол цесна стаялі разлапістыя таўшчэзныя елкі. Густы ельнік не прапускаў ветру, было ціха. Толькі папісквалі птушачкі.
Раптам у нетрах асенняй пушчы прагучаў трубны рык аленя. Далёкае рэха кахання неслася над векавым лесам. Ціхан усміхнуўся і ўявіў, як у гэты момант алень закінуў галаву і раве так, што аж сутаргай яму падводзіць жывот.
Тут да яго слыху данёсся шоргат лісця пад нагамі. Ціхан напружыўся. Прасекай рухаўся чалавек і ўважліва разглядаў сляды і шныраў вакол вачыма. Калі амаль параўняўся з тым месцам, дзе ляжаў Ціхан, спыніўся. Некалькі імгненняў глядзеў на зуброў, потым асцярожна пачаў адыходзіць. З-пад калматых броваў вочы свяціліся радасцю. Шпаркімі крокамі вярнуўся туды, адкуль выйшаў.
Ціхан зразумеў, што гэта быў Пупок. Трохі зачакаўшы, падняўся і накіраваўся да Сцяпана. Ён апісаў чалавека, якога бачыў, так яно і было — Пупок. Цяпер можна было спакойна вяртацца да галоўнага распарадчыка пушчы — асноўнае зроблена.
У суботу ў Сцяпанаву хату зайшоў Ахрэм. Усе выйшлі ў суседні пакой, за сталом засталіся Сцяпан, Рыгор, Ціхан і обер-фарстмайстар.
Іх высокаблагароддзе прапанаваў Ахрэму сесці.
— Ну, дакладзі, галубчык! Якія весткі?
— Сёння раніцай Пупок з’явіўся за кардонам. Каля гадзіны круціўся каля прускіх вайскоўцаў. Да яго выйшлі два чалавекі ў афіцэрскіх мундзірах, доўга гутарылі. Адзін з іх папляскаў Пупка па плячы і нешта яму даў. Можа, і грошы. Таму што адразу ж, як толькі яны рассталіся, Пупок накіраваўся ў піўніцу. У мяне там жыве сваяк. З яго хаты, з акна, я і назіраў за ім. Па маёй просьбе сваяк схадзіў туды, каб паглядзець што ён робіць. Сваяк сядзеў там, пакуль Пупок не выйшаў. З яго слоў, ён спачатку выпіў піва, потым дадаў гарэлкі і пайшоў у напрамку кардона. Я ішоў за ім на некаторай адлегласці, мяне ён не бачыў. Вось і ўсё.
— Дзякую, Ахрэм, вяртайся дамоў і нікуды не хадзі. Адпачывай.
Калі Ахрэм сышоў, іх высокаблагароддзе працягнуў нараду.
— Ну, лічу, сёння! Паклічце сюды стралка.
Стралок выйшаў з суседняга пакоя.
— Сядлай каня і скачы на суседні абход. Скажы стралкам, каб пры парадзе, у мундзірах імчалі сюды. Зразумела? Выконваць!
Пасля сыходу стралка Фёдар Канстанцінавіч паскроб падбароддзе і звярнуўся да прысутных:
— А мы зробім так. Ты, Рыгор, надвячоркам схаваешся ў тым месцы, дзе яны ракой выязджаюць на грудок. Пералічы іх і паглядзі, колькі ў іх стрэльбаў. Тады едзь да нас, а далей — у свой будан.
Рыгор падняўся і выйшаў.
— Ты, Сцяпан, едзь з Ціханам на паляну, праверце, ці зубры на месцы, — працягваў інструктаж обер-фарстмайстар. — Захапіце для іх бульбачкі, яблыкаў — зрабіце ўсё, каб яны былі на месцы. Таксама апраніцеся цяплей. Але папярэджваю, блізка да будана не падыходзьце. Здаецца, усё.
Вось што яшчэ. Праверце сваю зброю, яна павінна быць у поўным парадку. Задача ўсім зразумелая? Можаце прыступаць. З Богам!
Рыгор глядзеў на ваду рэчачкі. А вось і госці! Па рэчышчы рухаліся вершнікі. Рыгор пачаў ціха церабіць і гладзіць карак жарабца, каб не хроп і, не дай бог, заіржаў.
Вось вершнікі выехалі з ракі і спыніліся. Адзін з іх саскочыў з каня і ботам зацёр на беразе сляды конскіх капытоў.
Рыгор пералічыў іх. Шэсць чалавек. Адзежа цывільная, простая. Трое з паляўнічымі стрэльбамі. У аднаго на скураным рамяні ў футарале нешта вісіць. Надвячоркам і не разабраць, што гэта. Вершнікі зніклі ў лесе якраз у тым месцы, адкуль пачыналася прасека.
Рыгор вычакаў хвілін дзесяць і выехаў з хованкі. Паціхеньку, крокам, паехаў у зваротным накірунку. Ноч уступіла ў свае правы, зрабілася халодна, няўтульна.
Фёдар Канстанцінавіч вячэраў. Убачыўшы Рыгора, ён ускочыў.
— Не цягні, хутчэй дакладвай!
— Ваша высокаблагароддзе, іх шэсць чалавек. Стрэльбы бачыў толькі ў трох.
— Ну, дзякуй богу! — обер-фарстмайстар зноў сеў за стол, стаў вячэраць далей.
— Пайду, ваша высокаблагароддзе, — падняўся Рыгор. — Зірну, што там робіцца, каля будана. Як тыя прусакі начуюць. Як толькі яны выедуць — паведамлю вам.
— З Богам, Рыгорка, з Богам.
15. Зубрыная помста
У тры гадзіны ночы галоўны распарадчык падняў падначаленых. Ніхто ўжо і не спаў.
— Сёння ў нас цяжкі дзень. Мы збіраемся злавіць замежных браканьераў. Ніякіх неабдуманых дзеянняў. Асабліва гэта датычыць маладых стралкоў. У вас яшчэ вецер гуляе ў галаве, прашу не рабіць ніякіх глупстваў. Памятайце, што страляць можна толькі ў коней. На нашым баку эфект раптоўнасці. На зыходныя пазіцыі будзем прабірацца ў цемры, залішне не шумець, не размаўляць, не кашляць.
Обер-фарстмайстар расклаў на стол карту і прысунуў бліжэй падсвечнік. Пасля нядоўгага маўчання сказаў:
— Паўторым план дзеяння. Калі прыедзем у пушчу, раздзелімся на дзве групы. Першая прабіраецца па левай прасецы да скрыжавання, там нас павінен сустрэць Рыгор. Гэтую групу ўзначалю я. Другая група прабіраецца дарогай да прасекі справа, там вас чакае Сцяпан, ён і ўзначаліць. Страляць толькі пасля стрэлаў прускіх паляўнічых. Страляць спачатку ўверх для страху. Рыбалоўныя сеткі і вяроўкі прыгатаваныя, імі перагароджваем прасеку адразу ж пасля стрэлаў. Яшчэ раз прашу, будзьце ўважлівыя і асцярожныя. Задача зразумелая? Тады з Богам! — Фёдар Канстанцінавіч перахрысціўся, гледзячы на абраз у куце.
З двара выехалі разам. Праехаўшы з вярсту, падзяліліся на дзве групы. Трое вершнікаў скакалі далей дарогай, астатнія звярнулі на прасеку. Прабіраліся павольна, каб залішне не шумець.
Нечакана пачулі голас Рыгора:
— Стойце! Ваша высокаблагароддзе, неабходна тут спыніцца і чакаць майго сігналу. Там іх, разам з Пупком, сем чалавек. Сядзяць поруч кастрышча, п’юць і размаўляюць, спаць не клаліся. Адзін з іх размаўляе з нашым Пупком на польскай мове, астатнія гергечуць па-нямецку. Я вяртаюся да іх, хутка ўжо будзе віднецца.
Рыгор бясшумна знік у цемры.
Усе злезлі з коней. Паволі вочы абвыклі і пачалі адрозніваць блізкія дрэвы і кусты. Напруга паступова нарастала. Фёдар Канстанцінавіч дастаў папяросу і прыкурыў, хаваючы яе ў кулак.
Са змроку выступілі бліжнія ствалы дрэў. З кожнай хвілінай станавілася святлей. Ужо можна было адрозніваць прадметы на адлегласці дваццаці крокаў.
Чакаць давялося нядоўга.
Шумна дыхаючы ад бегу, з’явіўся Рыгор.
— Яны выехалі са стаянкі, і нам трэба спяшацца.
Стражнікі і стралкі імкліва ўскочылі ў сёдлы. На скрыжаванні прасек звярнулі направа. Праехаўшы міма будана, саскочылі з сёдлаў і пачалі перагароджваць прасеку сеткай і вяроўкамі.
Тут грымнулі тры стрэлы. Гучнае рэха пакацілася па ранішнім лесе. Праз некаторы час, у тым жа напрамку, адзін за адным, нібы кананада, прагучалі дзесяткі стрэлаў. Пасля невялікай паўзы трохі правей прасекі прагучаў адзінкавы стрэл. Калі рэха апошняга стрэлу згубілася ў далёкай нетры, наступіла цішыня.
Затаіўшы дыханне, прыслухваліся, чакалі наступнага развіцця падзей.
Раптам лес напоўніўся дзіўнымі гукамі. Гукі нарасталі і ўзмацняліся, набліжаліся, як лава.
Прадчуванне нейкай незразумелай трывогі закралася ў Рыгорава сэрца. Ён глянуў на каня. Яго жарабец нервова перабіраў капытамі, а вочы былі поўныя страху. Да ўсяго можна было адчуць, як пад нагамі дрыжала зямля.
Обер-фарстмайстар здзіўлена спытаў:
— Ч-чорт! Рыгор, што гэта за шум?
Рыгор замахаў рукамі і гучна закрычаў:
— Усе залазьце на дрэвы, жыва! Ваша высокаблагароддзе, і вы таксама залазьце. Хутчэй!
Выразны цяжкі тупат нарастаў і ўжо грымеў на ўсю моц.
Рыгор падбег да галоўнага распарадчыка, тузануў за рукаў і паказаў на разлогую хвою. Обер-фарстмайстар працягваў стаяць. Рыгор падхапіў яго пад пахі і сілай пачаў падсаджваць на дрэва. Кінуўшы пістоль, іх высокаблагароддзе з цяжкасцю пакараскаўся наверх. Стражнік падцягнуўся следам.
У гэты момант на прасецы з’явіліся вершнікі, якія наўскач несліся да сваёй хованкі, да будана. Коні ляцелі як на злом галавы.
Напярэймы ім з ельніка нечакана выскачыў велічэзны барадаты зубр. Не спыняючыся, ён нізка нахіліў велізарную галаву з налітымі крывёю вачамі і высалапленым языком — ляцеў да першага каня.
Вараны жарабец, убачыўшы зубра, рэзка затармазіў і ўстаў на дыбкі. Велізарная рагатая галава знікла пад брухам — бык з усяго разгону стукнуў знізу. Конь падляцеў у паветра. Вершнік аддзяліўся ад сядла, паляцеў у густы ельнік, а жарабец, перабіраючы капытамі і храпучы, забурыўся на спіну. Зубр пераскочыў яго і пабег далей. А конь забіўся ў перадсмяротных курчах, блытаючыся нагамі ва ўласных вантробах.
На прасеку пачалі выскокваць іншыя зубры, робячы замяшанне ў шэрагах вершнікаў.
Прускія коні збіліся ў шчыльную кучу, яны то станавіліся на дыбкі, то падалі на калені. З усіх сіл коннікі намагаліся ўтрымацца ў сядле. Ахопленыя страхам, з пенай на губах, коні гучна храплі. Побач з імі імкліва праносіліся адзін за адным зубры.
Адзін з велічэзных зуброў выскачыў на прасеку насупраць кучы вершнікаў. З разгону ўваліў рогамі ў натоўп. Коні разляцеліся ў розныя бакі. Ніхто з наезнікаў не ўтрымаўся, усе павыляталі з сёдлаў на зямлю.
Пад хвояй, на якой сядзеў Рыгор з обер-фарстмайстрам, спачатку пранёсся з віскатам статак дзікоў. Следам за імі пачуўся цяжкі тупат, трэск кустоў’я, і на прасеку вынесся стралой малады зубр, які з разгону наскочыў на сетку з вяроўкамі. Яна, як павуцінне, з трэскам разарвалася. Зубр не ўтрымаў раўнавагі, спатыкнуўся і ўсім целам забурыўся на бок, змінаючы пад сабой хмызняк на краі прасекі, але вось бык жвава ўскочыў на ногі і ў імгненне вока знік у гушчары.
Адначасова чуўся тупат соцень ног, трэск сухога ламачча, віскат дзікоў, іржанне раненых коней, крыкі аб дапамозе на незразумелай мове. Усё гэта змяшалася ў дзікую какафонію жаху, якая працягвалася некалькі хвілін, але для ўдзельнікаў здарэння здавалася вечнасцю.
Тупат і трэск галля ад статка зуброў пачаў паступова аддаляцца і заціхаць.
Не маючы адвагі саскочыць, людзі працягвалі сядзець на дрэвах.
Рыгор паглядзеў на обер-фарстмайстра. Той учапіўся рукамі ў пальчатках за галіну, быў з бледным як у мерцвяка тварам. Яго вочы былі поўныя жаху.
Рыгор саскочыў на зямлю першым, рукою паказаў іх высокаблагароддзю зрабіць тое таксама. Обер-фарстмайстар, як пад гіпнозам, асцярожна спускаўся ўніз. Саскочыць яму дапамог, подбегшы, малады стралок. Ён падняў з зямлі пістоль і працягнуў яго обер-фарстмайстру. Фёдар Канстанцінавіч узяў пістоль і як ні ў чым не бывала распачаў яго старанна чысціць ад наліплага бруду.
Неўзабаве спусціліся на зямлю з дрэў іншыя стралкі і стражнікі. Без каманды яны дружна беглі да таго месца, дзе зубры атакавалі прускіх наезнікаў.
Насустрач ім з дзікім іржаннем шэры з чорнай грывай конь цягнуў па зямлі цела чалавека. Яго нага заблыталася ў стрэмені і была ненатуральна вывернутая. Адзін са стралкоў злаўчыўся і злавіў каня за аброць. Ашалелы конь станавіўся на дыбкі, брыкаўся, трос галавой. Стралок і голасам, і жэстам супакойваў каня. Нарэшце разгарачаны скакун скарыўся, нават дазволіў пагладзіць сябе. Тады і выцягнулі нагу. Чалавек не падаваў прыкмет жыцця. Яго твар быў запэцканы брудам уперамешку з крывёй.
Са стрэльбамі напагатове стражнікі акружылі месца здарэння. Перад імі адкрылася жахлівая карціна. Два кані ляжалі на зямлі з разарванымі жыватамі, іх скрываўленыя вантробы валяліся побач. Трэці конь яшчэ спрабаваў падняцца, але ў яго, хутчэй за ўсё, былі зламаныя пярэднія ногі. З краю прасекі, абхапіўшы рукамі галаву, сядзеў чалавек, побач з ім моўчкі стаяў другі. Яны былі бледныя як палатно і дрыжалі ўсім целам. Трэцяга вершніка знайшлі ў кустоўі, яго абедзве нагі знаходзіліся пад тулавам мёртвага каня. Ён махаў рукамі і нешта крычаў.
Стражнікі пачалі яго выцягваць, спрабуючы адваліць каня.
Яшчэ адзін вершнік вісеў на галіне елкі. Прыйшлося стралку лезці на дрэва і дапамагчы таму расчапіць рукі.
Адзін з паляўнічых выйшаў з густога ельніка на прасеку сам, яго рукі былі высока паднятыя. Яшчэ аднаго з паднятымі рукамі прывёў Ціхан.
Обер-фарстмайстар падышоў да каня з перабітымі нагамі, прыставіў да вуха пістоль і стрэліў. Конь адразу ж перастаў тузацца.
Прычуўся камандны голас Фёдара Канстанцінавіча:
— Збярыце і пералічыце ўсіх незаконных паляўнічых, ні адзін з іх не павінен сысці. Праверце, ці ўсе нашы жывыя. Паклічце сюды тых, хто сядзіць у другой засадзе. Дзе нашы коні?
Рыгор падышоў да обер-фарстмайстра і сказаў:
— Ваша высокаблагароддзе, а нашых коней таксама няма. Яны ад спалоху паўцякалі богведама куды.
Падышоў Ціхан і даклаў:
— Паляўнічыя затрыманыя, збег толькі Пупок. Усе нашы жывыя. Я паслаў ужо некалькіх стралкоў па Сцяпана.
— Ціхан, ты можаш растлумачыць, як так атрымалася? Яшчэ хвіліна і мог быць канфуз. Статак зуброў разнёс бы нас ушчэнт. Ледзь уратаваліся. Рыгор малайчына — сцяміў і загадаў нам лезці на дрэвы, — з захапленнем тлумачыў усё яшчэ дрыготкім голасам галоўны распарадчык.
— Ваша высокаблагароддзе, растлумачыць магу, — хітнуў галавою Ціхан. — Мы са Сцяпанам прывезлі мяшок нарэзаных яблыкаў, бручкі і бульбачкі. Перад самым світанкам прынеслі гэты мяшок і высыпалі на паляне. Ну, каб гэтыя два зубры елі. Сцяпан вярнуўся да засады, а я застаўся на паляне. Вецер якраз дзьмуў у той бок, дзе пасвіўся статак. Мяркую, учуўшы свежы пах яблыкаў, звяры рушылі да паляны. А тут якраз выехалі гэтыя шасцёра конна, і з імі выйшаў наш Пупок. Ён паказаў гэтым спадарам двух зуброў на паляне. Я ляжаў на зямлі крокаў за пяцьдзесят ад іх і ўсё добра бачыў. Той, якога я прывёў, ён у іх, лічу, галоўным будзе. Па яго камандзе трое стрэлілі. Потым нашы стралкі ў засадзе. Гэтыя шасцёра, пачуўшы стрэлы, спачатку разгубіліся, потым ачомаліся і ламануліся якраз на тое месца, дзе я ляжаў. Што мне заставалася рабіць? Я ўскочыў на ногі і стрэліў у грудзі першага каня. Той, які камандаваў, вываліўся з сядла. Астатнія завярнулі назад, на прасеку і наўскач панесліся да вас. Я тут чую ззаду тупат. Краем вока бачу: нясуцца дзікі, а за імі следам зубры. Відаць, зубры якраз падыходзілі да паляны, а тут прагучалі стрэлы і яшчэ, як на тое ліха, кабаны сустрэліся. Ад вялікага шуму яны па ўсёй верагоднасці і раз’юшыліся. Я, ваша высокаблагароддзе, ледзь дабег да хвоі. Лезу наверх, а гэты ўскочыў на ногі і караскаецца за мной. Так мы і праседзелі на адным дрэве. Калі ўсё скончылася, ён саскочыў на зямлю, а я следам. Але ён не ўцякаў. Небарака так спалохаўся, што адразу, як саскочыў з дрэва, тут жа прысеў і зняў нагавіцы. На яго ад спалоху напала мядзведжая хвароба. Пупка, мяркую, ужо і след прастыў. Вось, ваша высокаблагароддзе, і ўся гісторыя.
— Пупок? — перапытаў распарадчык, — ліха яго бяры, — махнуў ён рукою. — Нікуды ён ад нас не дзенецца. Няхай яго жандары шукаюць. А гэтых аматараў палявання трэба даставіць у галоўную сядзібу. Я толькі не ведаю, што нам з мерцвяком рабіць? Ашалелы конь да смерці зацягаў. Што з ім рабіць? — разважаў обер-фарстмайстар.
— Ваша высокаблагароддзе, а калі паведаміць туды, за кардон? Хай яны забіраюць свайго, — прапанаваў Ціхан.
— Т-так! Гэта добрая думка. Сапраўды, няхай прыязджаюць і забіраюць свайго нябожчыка, а астатніх мы забяром. Рыгор, ты дзе? Што гэта ты тамака ў руках круціш?
— Ваша высокаблагароддзе, тут знайшоў у аднаго з іх забаўную штучку. Я яе яшчэ звечара ў яго запрыкмеціў.
— Гэта завецца бінокль. Дай яго сюды.
Обер-фарстмайстар узяў бінокль і паднёс да вачэй.
— Так, рэч выдатная.
Узяўшы Рыгора пад руку, адвёў трохі ўбок.
— Ты скачы да Ахрэма. Распавядзі, што мы арыштавалі ўсіх. Няхай ідзе за кардон і неяк паведаміць прускім уладам, што яны павінны забраць свайго мёртвага вайскоўца.
Недзе за вярсту Рыгор спаткаў свайго жарабца і іншых коней. Яны спакойна пасвіліся ў невялікай лагчыне, дзе яшчэ была зялёная трава. Сеў на свайго жарабца і паскакаў на сялібу да Ахрэма.
Той, як было яму загадана, сядзеў дома. Стражнік перадаў просьбу оберфарстмайстра. Ахрэм апрануўся і хутка сышоў.
Рыгор вярнуўся ў селішча. Адчуўшы моцны голад, пад’ехаў да карчмы і замовіў яечню. Калі з апетытам распачаў ёсці, дзверы рэзка адчыніліся, на парозе з’явіўся высокі, пад два метры ростам, улан у форме паручніка, пры кавалерыйскай шаблі. Тонкія вусы ліха закручаныя ўверх, з-пад фуражкі, нядбайна надзетай набок, тырчаў бялявы павойны чуб.
Прыгожая ў яго форма, падумаў Рыгор. Асабліва яму спадабалася вышываная чырвоная куртка.
Убачыўшы Рыгора, афіцэр накіраваўся да яго і бесцырымонна ўсеўся насупраць.
— Ты стражнік Белавежскай пушчы?
— Так, а што? — адказаў Рыгор.
— Вельмі добра, дазвольце прадставіцца, паручнік Бялькевіч Сяргей Пятровіч. Шукаю галоўнага распарадчыка пушчы Тарана Фёдара Канстанцінавіча. Нам загадана перакрыць кардон. Мы толькі што гэта зрабілі, а што далей?
— Чакайце, ён хутка тут з’явіцца, — сказаў стражнік.
Дзверы ў карчму зноў расчыніліся, праз парог уваліліся два знаёмыя кардонныя аб’ездчыкі. Проста з парога накіраваліся да ўлана.
— Вы камандзір эскадрона? — усхвалявана спытаў адзін з аб’ездчыкаў.
— Так, а ў чым, уласна, справа? — адказаў і адначасова спытаў паручнік.
— Мы аб’язджалі кардон, а там усюды вашы. Хацелі нават нас затрымаць. Маем права знаць, што тут дзеецца? — ускіпеў аб’ездчык.
— Сам толкам не ведаю. А вось гэты стражнік можа быць у курсе. У яго запытайце, заадно і я паслухаю, — паручнік кіўнуў галавою на стражніка.
Аб’ездчык, які некалькі дзён таму ўжо задаваў пытанні, раптам здзіўлена ўтаропіўся ў Рыгора:
— Гэй! А я цябе ўжо дзесьці бачыў? Сапраўды, бачыў!
— Мы ў аўторак тут з вамі разам снедалі, толькі я быў без мундзіра, — адказаў Рыгор.
— Во-ой! Я ўспомніў. Мы яшчэ хацелі высветліць, хто ты? — узрадавана ўсміхнуўся аб’ездчык і пстрыкнуў абцасамі. — Дазволіце нам далучыцца да вашага стала. Лейбель! Бягом сюды!
— Я імгненна, прысаджвайцеся, — Лейбель знік у суседнім пакоі, тут жа вярнуўся з талеркамі ў руках і распачаў звыкла сервіраваць стол.
— Стражнік, не цягні, распавядай: што тут без нашага ведама задумалі? — шэпатам спытаў аб’ездчык.
Рыгор звярнуўся да карчмара:
— Лейбель, схадзі на вуліцу, прасачы, каб нам ніхто не перашкаджаў размаўляць.
— Слухаюся, мяне ўжо няма, — з паклонам адказаў гаспадар карчмы, — з вашага дазволу вашых коней напаю.
Пасля нядоўгага маўчання Рыгор пачаў свой аповед.
— Панадзіліся да нас у пушчу прускія афіцэры на паляванне. Пастрэльваюць употай зуброў і цягнуць іх праз кардон. Мы зрабілі засаду і ўсіх іх узялі. На ўсялякі выпадак для ўзмацнення запрасілі сюды эскадрон уланаў.
Тут адзін з кардонных аб’ездчыкаў ажывіўся:
— Сапраўды, мы таксама гэта падазравалі, след бачылі. Як быццам хтосьці цягнуў нешта цяжкае праз кардон. Спачатку меркавалі, што цягнулі дрэвы, але які ў гэтым сэнс? Збіраліся сёння ўначы засаду зрабіць.
Звярнуўшыся да свайго напарніка, сказаў:
— Ігнат, скачы на заставу, скажы адбой засадзе. Распавядзі старшаму мытніку, што тут чуў.
Тым часам да карчмы пад’ехала рысорная брычка, запрэжаная парай скакуноў. З яе высадзіўся вусаты, камлюкаваты мужчына ў мундзіры мытніка. За ёю пад’ехаў галоўны распарадчык пушчы ў суправаджэнні стралкоў.
— Спадары, вітаю вас. Прашу падрабязней увесці мяне ў курс...
Обер-фарстмайстар прадставіўся і выказаў яму сутнасць справы.
Мытнік уважліва выслухаў галоўнага распарадчыка і сказаў:
— Нябожчыка можна даставіць на заставу і перадаць на прускі бок.
У гэты час нейкі ўлан ліха асадзіў побач свайго жарабца.
— Дазволіце звярнуцца. Мы затрымалі аднаго чалавека, які прабіраўся праз кардон на наш бок. Кажа, што мясцовы жыхар, пытаў обер-фарстмайстра або стражніка Рыгора.
Обер-фарстмайстар узрадавана скамандаваў:
— Хутчэй яго сюды!
Неўзабаве з’явіўся і Ахрэм. Ён расказаў пра свае апошнія прыгоды.
— Выдатна, Ахрэм, ты малайчына, службу нясеш як належыць. Спадар старшы мытнік, і ты, Ахрэм, давайце на адну хвіліначку адыдземся. Спадары, прашу мяне выбачыць, у нас будзе канфідэнцыяльная гутарка, — звярнуўся да астатніх.
Галоўны распарадчык зняў бінокль з шыі і адкрыў футарал.
— Ахрэм, ты такую штучку бачыў?
— Так, бачыў, ваша высокаблагароддзе, у тых вайскоўцаў, якія сёння прыходзілі ў хату да майго сваяка. У дваіх на шыі віселі такія футаралы.
— А ты мог бы дастаць нам такія біноклі. Я збіраюся ў Пецярбург, намерваюся паказаць іх у міністэрстве маёмасцей. Гэта вельмі неабходная рэч для нашых вайскоўцаў. Лічу, гэтая справа дзяржаўнай важнасці. Як вы на гэта глядзіцё? — пытальна паглядзеў на мытніка.
— А як жа мыта? Без мыты я не магу. Усё, што да нас увозіцца, абкладаецца мытай, такі парадак, — скрывіўся як ад зубной болі мытнік.
— Разумею, гэта вельмі далікатная справа, і афіцыйна вы не можаце прапусціць, — хітнуў галавою обер-фарстмайстар. — Спадзяюся, вы прызнаеце важнасць дадзенага мною даручэння? Я таксама, як і вы, дзяржаўны чалавек, дараднік, у чыне палкоўніка. Я не клунак з мануфактурай прашу прапусціць. Каб у вас не было праблем, зробім так. Вы не будзеце бачыць, і не будзеце ведаць. Мой чалавек гэтым зоймецца. Мяркую, мы прынясём вялікую карысць Расійскай дзяржаве. Няхай на тым баку лічаць, што гэта звычайны кантрабандыст. Дамовіліся?
— Дамовіліся, — махнуў рукою мытнік. — Як я разумею, гэта ваш чалавек, а я яго не ведаю і ніколі не бачыў. Чым ён займаецца, не ведаю. Буду бачыць, адвярнуся, аб’ездчыкі зловяць, для выгляду паўшчуваю і адпушчу. Так можа быць?
— Вельмі добра. Прыемна было пазнаёміцца з разумным чалавекам. Давайце вернемся да астатніх. А ты, Ахрэм, вольны, дзякую за службу. Ідзі адпачывай і чакай наступных распараджэнняў.
— Слухаюся, ваша высокаблагароддзе, — збянтэжана лыпаў вачыма кантрабандыст.
У гэты час пад’ехаў улан. Прытрымаўшы жарабца, ён пачаў дакладваць.
— Панове, на тым боку трое вершнікаў у вайсковых мундзірах з белым сцягам просяцца да нас. Што загадаеце рабіць?
Обер-фарстмайстар узрадавана закрычаў:
— Выдатна! Рыгор, прывядзі мне і старшаму мытніку лепшых коней. Гаспадзін старшы мытнік і гаспадзін паручнік, давайце пад’едзем бліжэй да іх і пагутарым. Астатнім заставацца тут. Рыгор, вазьмі бінокль і схавай яго пад мундзір.
Надзеўшы белыя пальчаткі, іх высокаблагароддзе сеў на мышастага жарабца, і начальства адправілася ўслед за ўланам.
Сапраўды, поруч кардона конна стаялі тры афіцэры ў форме прускага войска.
Пад’ехаўшы да іх, обер-фарстмайстар лёгкім нахілам галавы выказаў знак прывітання. Прускія афіцэры таксама аддалі чэсць.
Першым гутарку распачаў обер-фарстмайстар:
— З кім маю гонар?
Руды афіцэр пачаў казаць на рускай мове з невялікім акцэнтам.
— Дазвольце прадставіцца. Гаспадзін маёр Крафт, — паказаў рукой на афіцэра ў пенснэ. — Обер-лейтэнант Зірман, — паказаў на іншага афіцэра, які знаходзіўся побач з Крафтам. — Паручнік Фэдэрс, — сам кіўнуў галавою.
Обер-фарстмайстар кожнаму з іх рабіў ветлівы паклон.
— Вельмі прыемна. Дазвольце, прадстаўлю сваіх афіцэраў.
Правай рукой паказаў на ўлана.
— Гаспадзін Бялькевіч, вайсковы паручнік. — Потым левай рукой паказаў на старшага мытніка. — Гаспадзін Грыцэвіч, начальнік заставы. — Оберфарстмайстар Таран Фёдар Канстанцінавіч, галоўны распарадчык Белавежскай пушчы, палкоўнік Яго Імператарскай Вялікасці, — сам ветліва кіўнуў галавою. — Чым абавязаныя вашаму візіту?
Першым з іх боку пачаў гаварыць маёр Крафт:
— Гаспадзін палкоўнік, у нас зніклі тры афіцэры разам з ад’ютантамі. Мы жадаем даведацца, ці не заблудзіліся яны на вашай тэрыторыі?
— Гаспадзін Крафт, мы сёння раніцай затрымалі шасцярых паляўнічых, якія незаконна палявалі на зуброў. Падобна, яны не мясцовыя і вельмі неспрактыкаваныя паляўнічыя. Стралялі па зубрах і раззлавалі іх. Статак пакалашмаціў гэтых гора-паляўнічых. У выніку адзін з іх загінуў, другі атрымаў траўмы ног, конь, падаючы, прываліў. Ды і астатнія чацвёра вельмі моцна перапалохаліся. Мы ім своечасова прыйшлі на дапамогу. А вашых афіцэраў мы не сустракалі, затрыманыя паляўнічыя апранутыя ў цывільную адзежу.
— Гаспадзін палкоўнік, мы можам на іх зірнуць? — спытаў маёр.
— Зірнуць можна, чаму не? Запрашаю вас, толькі хутка, мы вельмі занятыя.
Трое вершнікаў перасеклі кардон і разам накіраваліся ў селішча.
Едучы, Крафт праз паручніка спытаў:
— Г аспадзін палкоўнік, скажыце, калі ласка, што ім пагражае за паляванне на зуброў.
— О-о-о! Гаспадзін маёр, паляванне на зуброў — гэта дзяржаўнае злачынства. Паводле нашых законаў паляваць на зуброў можна толькі з найвысокага дазволу самога імператара. А пагражае ім катарга ў Сібіры, пажыццёвая.
— У вас вельмі строгія законы. За паляванне на зуброў пажыццёвая катарга?
— Так, сурова, але што зробіш? Кажуць, раней зубры былі ўсюды, нават на вашай тэрыторыі, а захаваліся толькі ў нас. Усё дзякуючы нашым законам. Так што не нам судзіць у дадзеным выпадку аб строгасці закона, — суха сказаў галоўны распарадчык.
Шасцёра вершнікаў наблізіліся да калёс, на якіх панура сядзелі звязаныя арыштанты. Загінуты ляжаў на зямлі побач. Вакол іх стаялі стражнікі і стралкі. Убачыўшы обер-фарстмайстра, расступіліся, зрабіўшы праход. Іх высокаблагароддзе і тры прускія афіцэры спыніліся побач з арыштаванымі.
Пазнаўшы свайго камандзіра, затрыманыя людзі ажывіліся, з надзеяй у вачах у адзін голас загаварылі на нямецкай мове.
— Маўчаць! — выкрыкнуў палкоўнік Таран. — Я не даваў сваёй згоды размаўляць. Гаспадзін маёр, гэта вашы людзі?
— Так, гаспадзін палкоўнік, гэта мае людзі. Мы іх можам забраць? — дрыготкім голасам спытаў маёр прускага войска.
— Во-ой! Гаспадзін Крафт, спадзяюся, вы ўсведамляеце ўсю далікатнасць сітуацыі, — обер-фарстмайстар развёў рукамі. — Вашы афіцэры са зброяй у руках на нашай тэрыторыі? Гэта можа прывесці да сур’ёзнага канфлікту паміж нашымі дзяржавамі. Лічу, вас чакаюць цяжкасці ў кар’еры. Як вы маглі гэта дапусціць? Мы з вамі сур’ёзныя дзяржаўныя людзі, а вы мне галаву марочыце, што яны заблудзіліся. Ды яны ўжо шматкроць палявалі на зуброў. Мы за імі даўно сачылі. Цяпер гэтая справа прымае зусім іншы кірунак, — адначасова разводзіў рукамі і тэатральна круціў галавою обер-фарстмайстар.
— Гаспадзін палкоўнік, — цяжка уздыхнуў маёр. — Давайце мы спакойна абгаворым становішча, якое склалася. Дзе гэта можна зрабіць?
— Дамовіліся, толькі нябожчыка можаце адразу забраць, — хітнуў галавою Фёдар Канстанцінавіч. — Таксама дазваляю вам задаць некалькі пытанняў вашым падначаленым. Я за гэты час зраблю неабходныя распараджэнні.
Обер-фарстмайстар адышоў і паклікаў старшага стражніка.
— Ціхан, павязеш арыштантаў у Белавеж. Вышлі аднаго стралка да жандараў. Іх абавязак знайсці гэтага пройду Пупка. Што яны, дарма казённы хлеб ядуць? Уланы, на ўсялякі выпадак, павінны быць тут да раніцы. Прысутнасць уланаў астудзіць іх ваяўнічы прускі запал, а то яшчэ што-небудзь дурное замысляць.
Іх высокаблагароддзе падышоў да фурманкі і сказаў:
— Мы з вамі, гаспадзін Крафт, зойдзем у мясцовую піцейную ўстанову і там спакойна пагаворым.
Прускім афіцэрам нічога не заставалася, як падпарадкавацца просьбе обер-фарстмайстра. Прускі обер-лейтэнант у суправаджэнні двух уланаў паскакаў да кардона. Маёр Крафт, паручнік Фэдэрс і обер-фарстмайстар накіраваліся ў карчму Лейбеля.
Утрох прыселі за адзін стол. Іх высокаблагароддзе распарадзіўся прыгатаваць што-небудзь з ежы. Спытаў у Лейбеля:
— Г алубчык, а французскі каньяк у цябе ў запасе маецца?
— Дзве бутэлькі, толькі яны ў мяне дома.
— Злётай дадому, прынясі абедзве.
Гаспадар карчмы знік за дзвярамі.
Палкоўнік Таран прыняў самавітую паставу і сказаў:
— Ну што? Даведаліся, гаспадзін Крафт, хто вінаваты ў смерці вашага чалавека?
— Так, гаспадзін палкоўнік, вашы людзі тут не прычым. Я падрабязна распытаў, яны сапраўды палявалі на зуброў. Статак зуброў накінуўся на іх, а вашы людзі ім толькі дапамаглі ўратавацца.
— Ну вось, з гэтага і пачнём нашу гутарку. Як будзем выходзіць з вельмі складанай для нас сітуацыі? — узвысіў голас галоўны распарадчык.
— Не буду перад вамі хаваць, — часта залыпаў вачыма маёр. — Два гады таму даслалі да мяне ў часць для праходжання службы аднаго лейтэнанта. Разгільдзяй поўны, але з вельмі шляхетнай і багатай прускай сям’і. Фрыдрых фон Вэбер, той, які з вяснушкамі на твары. Паляванне і гулянкі ў пустой галаве, але званні і служба яму даюцца лёгка. Мне ўсё жыццё прыйшлося гарбом усяго дамагацца. Пачынаў службу салдатам, за дваццаць гадоў даслужыўся да маёра. А малады смаркач за тры гады даслужыўся да капітана. Усё робяць сувязі і грошы.
Убег Лейбель. Паставіў дзве бутэлькі каньяку. Іх высокаблагароддзе ўзяў адну і пачаў разглядаць этыкетку, раскаркаваў, наліў у тры чаркі.
— Спадары, вып’ем за знаёмства.
Крафт працягваў:
— Дык вось, яшчэ два гады таму ў нас былі зубры, трохі, але былі. Гэты Фрыдрых выбіў усіх. Страляе і плаціць штраф, ізноў страляе, ізноў плаціць, плаціць наперад і страляе. Так усіх зуброў і знішчыў. Частка з іх знайшла прытулак на вашай тэрыторыі, але ён не супакоіўся. Знайшоў двух афіцэраў, якія за яго грошы глядзяць яму ў рот і пачаў з імі рабіць вылазкі да вас. Я яго неаднакратна папярэджваў, але...
— Гаспадзін Крафт, я гэта разумею, — перабіў яго обер-фарстмайстар. — Але як вырашаць там, наверсе, не ведаю. Іх лёс будуць вызначаць іншыя. Я таксама зорак з неба не хапаў, сваю кар’еру рабіў сам. Чын, званне, узнагароды, усё давялося дамагацца самому, сумленным і старанным служэннем Айчыне. У дадзенай сітуацыі мне толькі шкада, што з-за гэтых разгільдзяяў можаце пацярпець вы, гаспадзін Крафт.
Маёр цяжка уздыхнуў:
— Хоць я ні ў чым не вінаваты, а давядзецца падаваць у адстаўку. Але, галоўнае, каб паміж нашымі дзяржавамі засталіся добрасуседскія адносіны. Вось якая праблема мяне больш за ўсё хвалюе. А маёй кар’еры прыйшоў канец, гэта і так вядома.
Галоўны распарадчык пушчы спытаў:
— Гаспадзін маёр, хто гэты нябожчык?
— Звычайны добры салдат — дзяншчык Фрыдрыха фон Вэбера. Проста небараку не пашанцавала з камандзірам.
Лейбель падаў гарачую ежу: яечню з каўбаскамі. Обер-фарстмайстар прапанаваў выпіць за супакой душы нявінна загінуўшага салдата.
Стоячы, афіцэры моўчкі выпілі.
— Дзякую вам, гаспадзін палкоўнік, што вы так з павагай ставіцеся да простых салдат, — маёр Крафт добразычліва глядзеў на палкоўніка. — Гэтага Фрыдрыха не шкадуйце, трымайце яго на хлебе і вадзе, а калі будзе буяніць, хлеба можна і не даваць. Можа, гэты выпадак чаму-небудзь яго навучыць. Я напішу свайму начальству дакладную аб самавольнай вылазцы на чужую тэрыторыю. Што будзе далей, адкрыта скажу — не ведаю. Мяркую, бацькі Фрыдрыха падымуць свае сувязі. Грошай у іх досыць.
— Дазвольце задаць адно пытанне вашаму паручніку, — раптам змяніў тэму размовы галоўны распарадчык.
Палкоўнік кіўнуў.
— Гаспадзін паручнік, адкуль вы так добра ведаеце рускую мову?
— Мой дзядуля служыў у Расіі. Пачынаў яшчэ пры Паўлу I, сыне Кацярыны II. Скончыў службу пасля вайны з Напалеонам. У 18І3 годзе вярнуўся дадому, прывёз з сабой рускую жанчыну Варвару. Пасля майго нараджэння яна ў мяне была нянькай, ад яе я і вывучыў рускую мову. Дзед заўсёды ганарыўся сваёй службай пры рускім двары. Гаварыў, што Расія вялікая краіна, вучы рускую мову, у жыцці спатрэбіцца, — адказаў паручнік.
— Дазвольце пацікавіцца: а якое мінімальнае пакаранне за паляванне на зуброў? — нечакана спытаў маёр.
— Нашым законам прадугледжана за забойства зубра выплата штрафу ў памеры дзвюх тысяч рублёў. Сёння застрэлена два зубры, таму вінаватыя абавязаны выплаціць чатыры тысячы рублёў. Але, паводле дакладных звестак, яны некалькі разоў палявалі на нашай тэрыторыі. Вядома аб адстрэле яшчэ траіх зуброў. Акрамя таго, былі выпадкі, калі з нашай тэрыторыі наганялі зуброў на вашу тэрыторыю. Зубры самі па сабе часта мігруюць, для іх кардона не існуе. Таму гэтая справа патрабуе ўсебаковага вывучэння.
У гэты час расчыніліся дзверы, на парозе стаяў Рыгор.
— Ваша высокаблагароддзе, прыбыла фурманка з-за кардону, жадаюць забраць нябожчыка.
Палкоўнік хітнуў галавою Рыгору і звярнуўся да афіцэраў:
— Спадзяюся, нашы кантакты з вамі будуць працягвацца, мы ўсё-такі суседзі. Жадаю вам поспеху ў вашай нялёгкай службе.
Обер-фарстмайстар падняўся з-за стала, падклікаў Лейбеля і працягнуў яму асігнацыю. Рыгору паказаў, каб захапіў неадкаркаваную бутэльку. Яны выйшлі на вуліцу і накіраваліся да фурманкі з нябожчыкам. Там жа знаходзілася брычка галоўнага распарадчыка. Загінуўшага на паляванні салдата перанеслі на калёсы з-за мяжы.
Обер-фарстмайстар аддаў чэсць прускім афіцэрам, паказваючы, што ім можна з’язджаць, паклікаў Рыгора да сябе ў брычку.
Фурман нацягнуў павады, брычка лёгка пакаціла прасёлкавай дарогай.
Фёдар Канстанцінавіч дастаў з-за сядзення сакву. Разгарнуў паперу; там былі каўбаса і рэзаны хлеб. Адкаркаваў на хаду бутэльку і разліў у паходныя кубкі.
— Рыгор, давай вып’ем за спрыяльны зыход справы. За тое, што ўсе нашы людзі жывыя і цэлыя. Дзякуй богу, гэтым разам пранесла.
Выпіўшы, палкоўнік Таран крэкнуў і рукамі адламаў кавалак каўбасы і працягнуў Рыгору:
— Ты не саромейся, закусвай. Прыедзем дадому, павялічу норму харчавання — мяса, дзякуй богу, хапае. Тушы зуброў трэба сёння ж разабраць і засаліць. Ты пераначуеш у Ціхана, а раніцай можаш вяртацца дадому.
Трохі памаўчаў, нібы абдумваючы нешта, спытаў:
— Ты мне па сакрэце скажы, вы з братам так спрытна і ў мінулы раз дзейнічалі? Я маю на ўвазе са старымі зубрамі. Ну, калі мы Шаурава бралі.
Рыгор разгубіўся і маўчаў, не ведаючы, што адказаць свайму высокаму начальніку. Сказаць праўду — можа пакрыўдзіцца.
Обер-фарстмайстар торгаў хвалісты вус і, хаваючы ўсмешку, глядзеў на яго дапытліва.
— Нешта нешматслоўны ты. Тут як ні скажы ўсё дрэнна, — нібы чытаючы яго думкі, працягваў: — Так, братка ты мой. У нашым жыцці вельмі часта бываюць складаныя моманты. Давай кубачак, яшчэ нальём па адной. А то пасля такіх спраў трэба трохі расслабіцца, каб усякае глупства не сніць.
Перакуліўшы кубак, Фёдар Канстанцінавіч працягваў гутарку:
— Я дагэтуль акрыяць як след не магу. Усё ўяўляю, як на цябе нясецца такая гара з вострымі рогамі. Ты бачыў, як зубр на рогі каня падняў? Нібы куль саломы падкінуў, толькі падковы ў паветры бліснулі, — галоўны распарадчык здзіўлена круціў галавою. — Скажу праўду. Зусім не чакаў, што яны такія жвавыя. Як спакойныя, здаецца, самая маруда. А раззлуй яго — каня абгоніць!
— І вельмі лёгка, — пагадзіўся Рыгор, аплятаючы каўбасу.
Перад Белавежам дагналі падводы з тушамі забітых зуброў і разам спыніліся ля брамы галоўнай сядзібы.
Обер-фарстмайстар даў апошнія на сённяшні дзень распараджэнні і накіраваўся да сабе ў хату.
На другі дзень раніцай Таран запрасіў да сабе лесапрамыслоўца Сімунда. З яго дапамогай гутарыў з кожным прускім афіцэрам і салдатам. Асабліва надаў шмат часу гутарцы з Фрыдрыхам. Фон Вэбер быў настолькі спалоханы, што аб усім распавёў падрабязна і без утойвання. Галоўны распарадчык пушчы склаў пратакол допыту, Фрыдрых яго падпісаў.
Фёдар Канстанцінавіч на працягу двух дзён вылічваў штраф за браканьерства і налічыў ажно пяцьдзесят тысяч рублёў.
Дакладную і прапановы пра суму штрафу запячаталі ў канверт і адправілі фельд’егерам у Пецярбург, у міністэрства маёмасцей.
Жандары, выконваючы даручэнне обер-фарстмайстра, наляцелі ў жыллё Пупка, але яго там не знайшлі. Зрабілі засаду, некалькі дзён вартавалі, але безвынікова, толькі нечакана зніклі два яго сабакі, якія сядзелі на ланцугах. Пупок як скрозь зямлю праваліўся.
Мо праз тыдні тры галоўны распарадчык атрымаў адказ з Прусіі. Сям’я Фрыдрыха фон Вэбера згаджалася заплаціць неабходную суму. Неўзабаве ў Белавеж прыбыў руды паручнік Фэдэрс з грашыма, і яны былі ўнесены ў казначэйства.
Обер-фарстмайстар дазволіў паручніку сустрэцца з арыштаванымі. Фрыдрыху былі надзетыя на ногі кайданы, іх пазычылі ў жандараў. Паручнік Фэдэрс падзякаваў палкоўніку Тарану за прадстаўленую магчымасць сустрэцца з арыштаванымі. Таксама паведаміў, што маёр Крафт працягвае несці службу і перадаваў прывітанне.
Обер-фарстмайстар запрасіў паручніка ў дом. За вячэрай яны дапазна гутарылі. Фёдар Канстанцінавіч яму растлумачыў, што чакае распараджэння з Пецярбурга, якое вызначыць лёс затрыманых. Паручнік Фэдэрс, у сваю чаргу, паведаміў, што сям’я Фрыдрыха фон Вэбера напісала аж некалькі лістоў і самому расійскаму імператару.
Па распараджэнні галоўнага распарадчыка пушчы Рыгор атрымаў у казначэйстве чатырыста рублёў. Гэтыя грошы ён павінен быў распалавініць і адвезці Ярашуку Ахрэму і Гарфінкелю Арону.
25 студзеня 1847 года з Пецярбурга прыбыў фельд’егер. Ён прывёз тэрміновую дэпешу аб памілаванні Фрыдрыха фон Вебэра і іншых прускіх афіцэраў, а таксама салдата, падпісаную самім імператарам Мікалаем I.
На наступную раніцу галоўны распарадчык у парадным мундзіры, у суправаджэнні атрада стралкоў і Ціхана адвёз арыштаваных на заставу. Пасля абеду на заставу з іншага боку прыбыў маёр Крафт і паручнік Фэдэрс. Палкоўнік Таран і маёр Крафт сустрэліся як сябры. Пагутарыўшы, палкоўнік перадаў пяць чалавек прускаму боку. Інцыдэнт быў цалкам вычарпаны.
16. Глеб
Неўзаметку мінула пяць гадоў. За гэты час змянілася многае. Скончыўся тэрмін службы обер-фарстмайстра Тарана Фёдара Канстанцінавіча. Накрыўшы перад ад’ездам багаты стол і запрасіўшы сяброў і знаёмых, ён з жонкай і двума дзецьмі з’ехаў у Пецярбург.
Замест яго прыбыў малады обер-фарстмайстар, паручнік з цікавым прозвішчам Штральборн. Ён атрымаў ад свайго папярэдніка падрабязную інструкцыю, як трэба жыць і працаваць у Белавежскай пушчы, каб не загубіць даручаную справу. Ён яе і прытрымліваўся.
Было ў новага начальства адно захапленне — паляванне з сокаламі. Такое паляванне, зразумела, даступнае толькі людзям багатым і праводзілася яно на палях, дзякуй богу, не ў лесе.
Кожны аматар такога палявання трымаў на той час мноства разнастайных парод паляўнічых сабак, цэлыя атрады рэзідэнтаў з бедных дваран, часцей за ўсё адстаўных афіцэраў. У іх меліся адмыслова аб’езджаныя і прыстасаваныя для сакалінага палявання коні. У ранейшыя часы паляванне праводзілася амаль круглы год, але асабліва славіліся восеньскія аблавы на мядзведзяў, ваўкоў, кабаноў, ласёў і аленяў. Тады звычайна з’язджаліся ўсе суседзі, кожны са сваімі сабакамі і рэзідэнтамі. Часам збіралася да сотні паляўнічых. Аблавы суправаджаліся рознымі забавамі і цягнуліся цэлымі тыднямі.
Бывала і так, што багатыя дваране са сваёю шматлікаю світаю рабілі гонар якому-небудзь сціпламу і не так багатаму шляхціцу, наязджалі ў яго фальварак, палявалі дзень, другі, з’ядалі ўвесь гадавы запас харчоў. Праўда, потым госці высылалі яму са сваіх маёнткаў усякага дабра.
Звяроў заганялі сяляне паўколам у адным крыле, другое займалі рэзідэнты, якія па сігнале спускалі сабак, каб турыць звера на паляўнічых. Самі конна скакалі за сабакамі, падбадзёрваючы іх гукам рагоў. Па адмысловым брэху ганчакоў добры паляўнічы пазнае, што за звер бяжыць наперадзе. Расстаўленыя на дарозе сяляне крыкам і грукам прымушаюць жывёліну бегчы ў той бок, дзе стаяць стралкі. Уся здабыча належыць гаспадару лесу. Паляванне на дзікага звера здзяйсняецца ўрачыста, са шматлікімі цырымоніямі.
Паручнік Штральборн адразу перазнаёміўся з такімі аматарамі палявання. Увесь свой вольны час праводзіў на сакаліным паляванні, зрэдку наязджаючы ў галоўную сядзібу. Ведаючы, што ўсюды дасведчаныя людзі, у службу асабліва не ўлазіў. Яго маладая жонка сядзела дома і займалася выхаваннем дачок.
Стражнік Рыгор са сваім чатырохногім сябрам Рыкам працягваў спраўна служыць.
Рыгораваму сыну Глебу споўнілася пяць гадоў. Гэта быў жвавы і дапытлівы хлопчык. Прабабуля Марфа ўклала ў яго выхаванне ўсю сваю душу. Ён рос акружаны клопатам і любоўю.
Праз два гады пасля нараджэння Глеба ў сям’і стражніка нарадзілася дзяўчынка. Яе назвалі Алёнкай.
Неяк зімой у добрае надвор’е Рыгор вырашыў паказаць малому зуброў. Дарогай бацька паказваў сыну сляды дзікіх жывёл. Хлопчык з вялікім захапленнем слухаў бацькавы аповеды аб лясных жыхарах. Яго цікавіла ўсё: назовы дрэў, звяроў, птушак. Так неўзаметку яны падышлі да лясной паляны.
Рыгор падвёў Глеба да свайго назіральнага пункта. Падсадзіў сына на галіны, ускараскаўся на дрэва сам. Зручна размясціліся ў буданчыку на жэрдках.
Рыгор адной рукой абняў сына за плечы, другой паказаў кірунак, куды трэба глядзець.
Пяцігадовы Глеб упершыню бачыў зуброў. Яго маленькае сэрца ад захаплення моцна і радасна грукала. Хлопчык глядзеў вялікімі вачыма на зуброў, і былі ў гэтым позірку дапытлівасць і цікаўнасць.
— Тата, а іх там многа? — ён спрабаваў палічыць, загінаючы пальцы на руках, як яго вучыла бабуля Марфа. Але ў яго не хапіла пальцаў, і ён збіўся.
— Многа сынок, павінна быць дваццаць чатыры, — адказаў Рыгор, паспрабаваў сам пералічыць, атрымалася толькі дваццаць.
— Чатырох адгэтуль не відаць... Недзе за стагамі.
— А нам можна падысці бліжэй? — спытаў сын.
— Нельга, Глеб, гэта небяспечна. Могуць раззлавацца і кінуцца на нас.
— Раскажы мне пра зуброў.
Рыгор усміхнуўся.
— Слухай... Зубр чуе чалавека за сто і больш крокаў. Але зубр ніколі не ўцякае, наадварот, спакойна ідзе насустрач, і калі сыдуцца, ён спыняецца і не кранаецца з таго месца датуль, пакуль чалавек не абыдзе яго.
Глеб уважліва слухаў.
— Аднойчы наш стралок узімку вёз зубрам сена на санях. Сядзеў сабе спакойна наверсе, можа, нават задрамаў. Зубр пачуў сена, падкраўся ззаду, запусціў рогі ў сані і выкінуў з іх чалавека разам з сенам. Потым з’еў сена і спакойна пайшоў сабе.
— А дзядзька моцна спалохаўся?
— Спалохаўся! Конь таксама спалохаўся! Во ўцякалі, — весела сказаў сыну бацька.
Рык спакойна сядзеў пад хвояй і разглядаў зуброў. Гэта было яго звыклае месца. Калі яго гаспадар сядзеў на сваім назіральным пункце, ён заўсёды быў побач унізе і ахоўваў яго.
Да Глеба ён звык не менш чым да гаспадара. Як толькі маленькі чалавечак пачаў поўзаць, а потым хадзіць, Рыку даводзілася часам цярпець некаторыя нязручнасці. Гэты маленькі чалавечак цягаў яго за вушы, дзёр за шкуру, спрабаваў садзіцца конна, дужацца. Але Рык гэта мужна і цярпліва пераносіў. Нават калі ён забіраў у яго костку з міскі, сабака не дазваляў сабе нават гыркаць. Ставіўся, як да свайго шчанюка, не звяртаючы ўвагі на яго свавольства. Праўда, калі гэты чалавечак падрос, ён ужо абдымаў і гладзіў Рыка. Яны былі сапраўднымі сябрамі.
Зуброў сабака не чапаў. Ён зразумеў, што яго гаспадар нейкім чынам звязаны з гэтымі жывёламі. Інстынкт яму падказваў, што ахоўваць статак гэта і яго абавязак.
Рык убачыў, як ад статка аддзяліўся вялікі зубр і накіраваўся ўперавалку ў іх бок. Гэта быў яго колішні знаёмы.
Сабака пабег насустрач. На сярэдзіне паляны яны сустрэліся, адзін аднаго абнюхалі.
Убачыўшы гэта, Глеб прыйшоў у захапленне. Велізарны дарослы зубр быў побач, сабака каля ляснога волата здаваўся такім маленькім. І аказваецца, гэты волат сябруе з яго Рыкам.
— Тата, а чаму Рыку можна падысці блізка да зубра? — здзіўлена спытаў Глеб.
Прыйшлося распавесці сыну ўсё з самога пачатку.
— Мы з дзядзькам Ціханам назвалі гэтага зубра Хрэснікам. Усё, сынку, давай злазіць з дрэва і збірацца дадому.
Па вяртанні Марфа і мама дапамагалі Глебу распрануцца, сам ужо не мог. Трохі з’еўшы, пачаў церці маленькімі кулачкамі вочы. Як толькі лёг, праз хвіліну спаў без задніх ног.
Раніцай наступнага дня, калі яшчэ яго сын працягваў спаць, стражнік адправіўся ахоўваць зуброў.
Праз вярсту заўважыў, як Рык насцярожыўся. Поўсць на карку ўздыбілася, падабраў хвост, спыніўся і пачаў прынюхвацца. Яго мускулы напружыліся і бязгучна ашчэрылася пашча. Гэты бязгучны вы скал быў страшнейшы за рык і брэх.
Стражнік прадбачліва зняў з пляча стрэльбу і агледзеўся. Адчуў, як трывожны холад прабег па спіне. Прадчуванне небяспекі паступова мацнела.
Сабака гучна і папераджальна гыркнуў. У адказ з лесу данёсся глухі хрып.
Мядзведзь? У гэтую зімовую пару? Ранавата, падумаў стражнік. Сустрэча з галодным мядзведзем нічога добрага не абяцала. Мядзведзі-бадзягі вельмі небяспечныя. Згаладаўшыся, яны губляюць усякую асцярогу і паводзяць сябе як сапраўдныя бандыты.
Стражнік напружана ўзіраўся — прыгатаваўся да нападу.
Мядзведзь не прымусіў сябе доўга чакаць. Прычулася сапенне і бурчанне. Раздаўся трэск. і велізарны цёмны сілуэт звера апынуўся зусім недалёка.
Сабака апантана заекатаў, Рыгор ускінуў стрэльбу і націснуў цынгель. Калі парахавы дым рассеяўся, мядзведзь на задніх лапах ішоў у напрамку стражніка, расставіўшы пярэднія лапы так, нібы жадаў абняць чалавека. На сабаку, які хапаў яго ззаду, мядзведзь не звяртаў увагі. Быў ён, здавалася, невымернага росту з трохкутнай цяжкай, як валун, галавою. Шырока разяўленая пашча звера вывяргала страшныя гукі, ад якіх у Рыгора па спіне папаўзлі мурашкі.
Божа!.. Які вялікі!.. Які пачварна вялікі!..
Перазараджваць стрэльбу часу не было. Ён адкінуў яе і выхапіў з кайстры пістоль — стрэліў проста ў грудзі.
Навакольны лес здрыгануўся ад лютага рову.
Чалавек і звер глядзелі адзін аднаму ў вочы.
Рыгор на імгненне адчуў, як ледзянымі іголкамі працяло ўсё цела, а ў сэрцы ўзнікла захапленне барацьбой. Чалавек таксама быў ужо звер. Ён не баяўся, не разважаў, толькі як і яго далёкія продкі адчуваў салёны смак крыві ў роце.
Стражнік выхапіў другі пістоль і стрэліў дробам у шырока разяўленую пашчу. Мядзведзь закруціў галавой, але працягваў ісці на чалавека.
Рыгор намацаў на поясе дзяржальна нажа, выцягнуў яго. Закрычаў гарлавым, страшным крыкам і кінуўся на звера, уцэліў сталь туды, куды і хацеў — пад левую верхнюю лапу, у жаўтаватую поўсць і адскочыў убок. Падаючы, адчуў гарачае смуроднае дыханне звера і пачуў трэск кажуха пад доўгімі кіпцюрамі.
Паранены звер зваліўся на снег і захрыпеў. Крывавая пена валіла з пашчы. Сабака ашалела працягваў рваць мядзведзя за заднія лапы. Яго нос і рот былі забітыя мядзведжай поўсцю.
Рыгор, трымаючы ў руцэ акрываўлены нож, узняўся на ногі.
У некалькіх кроках ад яго, прыціснуўшыся да зямлі, шырока раскінуўшы лапы, ляжаў мядзведзь. Яго гарбатая спіна і велізарная касматая галава ўздрыгвалі. Ён, нібы ў сне, ціха бурчэў. У любы момант мядзведзь мог яшчэ ўскочыць.
Стражнік кінуўся да стрэльбы, пачаў яе зараджваць. Адчуў, як ад гарачкі ў яго трасуцца паджылкі. Каб не зваліцца, прыхінуўся да хвоі. Зарадзіў стрэльбу, загнаўшы ў ствол кулю. Яго пачало ўсяго трэсці. З жахам думаў, чым усё гэта магло скончыцца. Стражнік разумеў, што яшчэ хвіліну таму ён знаходзіўся паміж жыццём і смерцю. Яшчэ аднаго стрэлу не спатрэбілася. Мядзведзь паступова заціхаў. Ад яго зыходзіў смуродны пах. Толькі што вылез з берлагу і яшчэ не паспеў як след выветрыцца. Мусіць, восенню недастаткова нагуляў тлушчу, вось і прачнуўся раней часу.
Трэба вяртацца дадому, запрагаць Каштана і забіраць здабычу, а то могуць з’явіцца няпрошаныя госці — ваўчугі.
Ён падышоў да мядзведзя, нахіліўся і адарваў ад нібыта сталёвых кіпцюроў, загнутых на канцы, жмут свайго кажуха. Прыклаў да таго месца на плячы, дзе была дзірка.
— Прыйдзецца латаць, нічога не зробіш, — сумна сказаў услых.
Клікнуў сабаку і накіраваўся ў зваротным напрамку.
Дома стражнік выцягнуў некалькі тоўстых дошак, узяў вяроўку, сякеру; усё гэта пагрузіў у сані. Калі запрог Каштана, на парозе з’явіліся Малання з Глебам. Усе разам селі, і жарабец пабег лясной дарогай.
Глеб не змаўкаў:
— Тата, распавядзі, як ты застрэліў мядзведзя?
— Як, як? Вельмі проста, стрэліў са стрэльбы і забіў.
— Рыгор, у цябе кажух на правым рукаве разадраны, — з трывогай у голасе сказала Малання.
— Учапіўся дзесьці, вось і парваў...
— Ты мяне не падманваеш? Ці не мядзведжых лап гэта справа?
— Не, не мядзведзь, за сук дзесьці зачапіўся, — каб не палохаць, зманіў Рыгор. — Не перешкаджай, дай падумаць, як лепш даехаць.
Неўзабаве Рыгор спыніў жарабца.
— Малання, вазьмі вяроўку і сякеру, а я распрагу каня, — скамандаваў жонцы.
Каштан баязліва касавурыўся фіялетавым вокам на мёртвага звера і нервова перабіраў капытамі.
Стражнік звязаў вяроўкай мядзведзю заднія лапы, затым канцы вяроўкі прывязаў да гужоў. Узяўшы жарабца за аброць, тузануў. Мядзведзь пакідаў крывавы след на снезе. З лесу выцягнулі хутка, складаней было завалачы мядзведзя ў сані. Тады і спатрэбіліся дошкі.
— Без цябе, Глеб, мы б не справіліся. Скажы? — Рыгор весела падміргнуў Маланні.
Глеб меў ганарлівы выгляд. Малання ўзяла малога за руку, і яны пешшу пайшлі за санямі.
17. Найсакрэтна
Прайшлі гады. Рыгораваму сыну Глебу споўнілася чатырнаццаць. Разам з бацькам ён хадзіў у лес, дапамагаючы яму ва ўсім. Глеб дасканала ўмеў карыстацца зброяй. У яго паляўнічых трафеях ужо былі застрэленыя ваўкі, ласі, дзікі, алені і казулі. Ён ведаў пра лес усё, што ведалі яго продкі, што неабходна ведаць, каб жыць з прыродай у згодзе.
Як і належыла ў іх родзе, калі яму споўнілася дзесяць гадоў, бацька прывёў яго да святога дуба і каменя. Перад наведваннем узяў з яго слова, што ён нікому, акрамя сваіх сыноў, не выкрые таямніцу. З яго вырастаў сапраўдны памагаты бацьку. Як калісьці і яго бацька, ён павінен будзе пайсці вучыцца на стралка. У сям’і Рыгора было ўжо чацвёра дзяцей: нарадзіліся яшчэ дачка Марыя і самы малодшы сын Павел.
Адной вясною ціха памерла бабуля Марфа. За дзень да смерці яна яшчэ раз здзівіла стражніка сваёй адданасцю мужу-нябожчыку.
Раніцай яна не выйшла снедаць. Калі Малання зайшла ў пакой, старая папрасіла яе прысесці побач. Спакойным голасам яна паведаміла, што памірае. Папрасіла паклікаць Рыгора.
Узяла свой вузельчык, сабраны на смерць, дастала адтуль ільняную кашулю і выпетралую сукенку. Ціхім і спакойным голасам сказала, каб пасля смерці кашулю надзелі на яе. У гэтай кашулі яна правяла з мужам сваю першую шлюбную ноч. А сукенку павінны пакласці ў труну побач. У ёй яна брала шлюб у царкве.
Гэта было яе апошняе жаданне. Пахавалі старую побач з мужам.
Сабака Рык быў ужо стары, але працягваў старанна несці сваю цяжкую службу. На яго рахунку было больш як трыццаць мацёрых ваўкоў. У смяротных сутычках з імі ён набыў велізарны досвед — ведаў усе ваўчыныя звычкі і хітрасці.
Цікава, што ў Рыка дагэтуль захавалася сяброўства з Хрэснікам. У дрымучым лесе часта можна было бачыць, як старога калматага зубра суправаджае белы сабака. Увесь статак прывык да частага з’яўлення сярод іх гэтага сабакі, звяры ўжо не звярталі на яго ўвагі. Толькі самкі зуброў з маладымі зубранятамі апускалі рогі, калі Рык прабягаў паўз іх цяляткаў.
У студзені 1860 года ў цэнтральную сядзібу з Пецярбурга прыбыў фельд’егер. Ім быў дастаўлены тэрміновы загад з міністэрства маёмасцей. Калі галоўны распарадчык Белавежскай пушчы паручнік Штральборн у сваім працоўным кабінеце яго распячатаў, ён ледзь не страціў мову.
Яму паведамлялася, што ў пачатку восені ў Белавежскую пушчу прыбудзе сам імператар усея Русі Аляксандр II на паляванне. Неабходна таемна, каб не прыцягваць лішняй увагі, падрыхтаваць Белавеж да прыезду яго са шматлікай світай.
Паручнік Штральборн паглядзеў на размашысты подпіс міністра дзяржаўных маёмасцей генерала Зялёнага.
— Гэта не жарт, гэта сур’ёзна, — прамармытаў паручнік і цяжка ўздыхнуў.
Як усё ў гэтым жыцці пераменліва! Жыў сабе спакойна, без напругі, а тут
на табе, калі ласка, сам бацюхна цар едзе, ды яшчэ са шматлікай світай. Світу я вашу добра ведаю — давай, думаў паручнік, ім асобныя раскошныя нумары, залы для танцаў і забаў усякіх. Ну і што цяпер загадаеце рабіць? Дзе я ўсё гэта вазьму? На ўсю Белавеж толькі адзін будынак прыстойны, гэта дом-кантора лесапрамыслоўца Сімунда.
На вуліцы пачынала шарэць. Паручнік Штральборн падняўся з крэсла і запаліў на стале свечку. Яго ўвагу прыцягнула дапіска на лісце дробным почыркам з правага боку.
Доўга ўзіраўся і па складах прачытаў услых:
— «Копія гарадзенскай палаце дзяржаўных маёмасцей». О! Дзякуй богу, не аднаму мне давядзецца ўсё арганізоўваць, — ён выпусціў з рук паперу і апусціўся ў крэсла.
Праз дзень брычка на палазах у суправаджэнні дзесятка добра ўзброеных стралкоў па глыбокім снезе несла галоўнага распарадчыка Белавежскай пушчы ў губернскі горад Гародню. Да месца прызначэння яны прыбылі толькі вечарам другога дня.
Разам са старшынёй гарадзенскай палаты дзяржаўных маёмасцей яны вырашылі ў цэнтры галоўнай сядзібы ўзвесці вялікі будынак, а вакол яго збудаваць прыгожыя драўляныя хаткі для світы. Наяўныя хаты таксама пераўтварыць. Унутраным убранствам хат зоймецца гарадзенская палата дзяржаўных маёмасцей. Нічога іншага, лепшага, на дадзены момант яны не прыдумалі.
Раніцай галоўны распарадчык адправіўся ў зваротную дарогу.
На наступны дзень па прыездзе обер-фарстмайстар наведаў лесапрамыслоўца Сімунда.
— Сёлета збіраемся пераўладкаваць Белавеж. Усё будаўніцтва будзе аплачваць наша казначэйства. Так што, спадар Сімунд, у вас ёсць добрая магчымасць зарабіць прыстойныя грошы, — сказаў паручнік.
— Ваша высокаблагароддзе, а чаму такая паспешлівасць? Што, чакаецца наведванне нашага з вамі месца пражывання кімсьці вельмі важным, можа, самім імператарам? — здзіўлена спытаў Сімунд.
— Нават не смейце ўслых прамаўляць гэта, спадар Сімунд, — паручнік спалохана замахаў рукамі. — Разумееце? Спадзяюся, вы разумееце.
— Ваша высокаблагароддзе, з задавальненнем прымаю вашу прапанову. Дзякую за аказаны мне гонар, — хітры Сімунд падняўся з мяккага крэсла і зрабіў невялічкі паклон паручніку.
— Можаце запрасіць дадатковую колькасць людзей, розных адмыслоўцаў: цясляроў, сталяроў. Цяпер зіма і за гэты час мы разам можам падрыхтаваць, так сказаць, план. Усё павінна рабіцца так якасна, як для каранаваных асоб. Але аб гэтым нікому ні слова, — вочы паручніка загадкава і спалохана глядзелі на Сімунда.
— Заўтра ж ушчыльную займуся вашым даручэннем. Людзей, якіх неабходна запрасіць, ведаю. Толькі ўсё гэта будзе залежаць ад вашага фінансавання, — хітравата бліснуў вачыма лесапрамысловец.
Падсохлі дарогі, і з навакольных селішчаў у пушчу пацягнуўся працоўны люд. Насельнікаў у Белавежы з кожным днём большала, прыходзілі ўсё новыя і новыя людзі. Працы хапала ўсім, работы было па горла.
З-пад Высока-Літоўска вазамі прывозілі каменне, сартавалі і ўкладвалі ў кучы. За камяні плацілі тут жа, на месцы. Прывезеным жвірам з камянямі засыпалі лужыны, раўнялі дарогі, будавалі масты.
Праца кіпела цэлымі днямі, з невялікімі перапынкамі на абед. Па распараджэнні обер-фарстмайстра падлоўчыя прывозілі тушы ласёў і дзікоў. Быў збудаваны падстрэшак з лаўкамі і сталамі. Сілкаванне нанятых працаўнікоў было за казённы кошт. Шматлікія работнікі ўпершыню ў жыцці маглі наядацца ўволю, таму і працавалі з вялікай стараннасцю.
Канец красавіка выдаўся сонечны і цёплы. На складах, поруч тартака Сімунда, пад вясновым сонцам падсыхаў лес. Перш за ўсё пачалі ўзводзіць велізарны будынак. З чатырох бакоў былі прыбудаваны назіральныя пляцоўкі, упрыгожаныя разьбянымі парэнчамі. Усё гэта майстравалася з парод драўніны розных гатункаў, будынак атрымаўся вельмі прыгожы.
Вакол леснікоўства дадаткова збудавалі меншыя дамкі, але яны не саступалі прыгажосцю і вытанчанасцю.
Ужо да сярэдзіны лета Белавеж было не пазнаць. Невялічкая вёска на вачах ператваралася ў шматлюднае мястэчка. Калі прыбыў старшыня гарадзенскай палаты з інспекцыяй, ён быў здзіўлены зменамі.
Параіўшыся з паручнікам Штральборнам і лесапрамыслоўцам Сімундам, старшыня вырашыў будынак леснікоўства пераўтварыць у стылізаваную паляўнічую хату. Былі закуплены і завезены лепшыя ўзоры трафеяў: рогі, пудзілы разнастайных жывёлін, якія насяляюць пушчу. На дыванах вісела ўсялякая паляўнічая зброя; нажы, пікі, лукі, арбалеты і сучасныя стрэльбы. Былі і рэдкія экспанаты, годныя знакамітых музеяў. Акрамя таго, на сценах віселі карціны са сцэнамі палявання, дзе сабакі наганялі дзікіх жывёлін і ўступалі з імі ў сутычку. Пачалі завозіць старадаўнюю мэблю, упрыгожаную разьбой, і ўсё неабходнае для выгоды пражывання.
Сімунд спачатку ўклаў свае грошы, а цяпер атрымліваў з казны вялікія дывідэнды. Кожны дзень разам з паручнікам абыходзіў будаўнічыя пляцоўкі. Пад шумок адрамантаваў і сваю кантору. Колькі пры гэтым паклаў разам з галоўным распарадчыкам у сваю кішэнь, гісторыя замоўчвае. Але вынікам іх дзейнасці, уключаючы казначэйства і гарадзенскую палату, усе засталіся задаволеныя.
Не ў крыўдзе былі і майстры. Добрыя працаўнікі зараблялі ад сямі да дзевяці рублёў, а працаўнік з канём, які займаўся перавозкай камянёў і лесу мог атрымаць да дваццаці рублёў у месяц.
У пачатку верасня галоўны распарадчык пушчы склікаў сваіх падначаленых. Трэба было параіцца, як лепш сустрэць гасцей і чым іх забаўляць. Былі выслуханыя розныя прапановы. Але патрабавалася нешта такое, што магло б уразіць, нешта такое, чаго высокія госці ў жыцці не бачылі.
Ціхан сказаў:
— Ваша высокаблагароддзе, у нас ёсць прапанова. На абходзе майго брата маецца ўчастак нерушы. Там вельмі шчыльна растуць дрэвы. Іх галіны і кроны перапляліся так, што нават у сонечны дзень стаіць цямрэча. Мы можам зрабіць невялікі, у рост чалавека, тунель-галерэю. Лічым, нічога падобнага яны не бачылі. Паверце, на іх гэта зробіць уражанне.
— Я так і ведаў, што вы прыдумаеце што-небудзь, — узрадавана сказаў паручнік. — Нездарма мой папярэднік вас рэкамендаваў як самых надзейных людзей. Давайце, не адкладаючы, заўтра раніцай разам туды з’ездзім.
— Ваша высокаблагароддзе, гэта будзе зрабіць вельмі няпроста. Тамака вам давядзецца поўзаць, прашу прабачэння, на карачках, — усміхнуўся Ціхан.
— Нічога, Ціхан, ты думаеш я так ніколі не поўзаў? — іранічна сказаў обер-фарстмайстар. — Хе-хе! У гэтым жыцці даволі часта бывае так, што не толькі ракам папаўзеш, але, калі трэба, на галаве навучышся стаяць. Гэта, браткі, жыццё.
Як і дамаўляліся, назаўтра браты стаялі каля дома обер-фарстмайстра. Паручнік Штральборн запрасіў іх зайсці да яго ў кабінет.
Пераступіўшы парог, Рыгор уважліва агледзеўся. Усё ў кабінеце было як і пры былым іх любімым начальніку, за выключэннем таго, што на сцяне вісеў партрэт другога цара. Вочы з партрэта пільна глядзелі на братоў, нібы вывучаючы, што яны маюць супраць Расійскай імперыі.
Камердынер прынёс каву і паставіў яе на столік каля акна.
Рыгор неўзаметку ўсміхнуўся. Яго раптам апанавалі ўспаміны пра ранейшага начальніка. Цікава, як ён цяпер жыве ў Пецярбургу? Ці ўспамінае гады, праведзеныя ў Белавежскай пушчы? Пасля таго, як обер-фарстмайстар палкоўнік Таран Фёдар Канстанцінавіч пакінуў галоўную сядзібу, Рыгор першы раз трапіў у гэты кабінет.
Пасля кавы паехалі на месца. Хутка брычку давялося пакінуць і далей ісці пешшу. З кожным крокам лес станавіўся гусцейшы. Даводзілася часта нагінацца. Хоць на вуліцы стаяла сонечнае надвор’е, паступова іх пачынаў абступаць змрок.
— Усё, ваша высокаблагароддзе, далей давядзецца паўзці, — галосна сказаў Рыгор.
Обер-фарстмайстар спачатку рухаўся на каленях, потым лёг на зямлю і пачаў паўзці за Рыгорам, ззаду чмыхаў Ціхан. Яны прапаўзлі прыкладна крокаў сто. Вакол панавала цямрэча. Ад зямлі цягнула волкасцю, перагнілым лісцем і мокрай драўнянай карой.
У цемры пачуўся голас Рыгора:
— Ну, як вам, ваша высокаблагароддзе? Паўзем далей, або годзе?
— Не, Рыгор, даволі, — дрыготкім голасам сказаў обер-фарстмайстар. — Я меркаваў, вы мне казкі расказваеце, гэтага не можа быць. А вось пераканаўся, што такое магчыма, цемрадзь самая сапраўдная. Я вас не бачу. І пры гэтым вакол цішыня якая, нават птушак не чуваць. Страхоцце!
— Тады паўзём назад, ваша высокаблагароддзе? — крэкнуў Ціхан.
— А ў які бок паўзці, я не арыентуюся? — прычуўся злёгку спалоханы голас паручніка Штральборна.
— Ваша высокаблагароддзе, паўзіце за мной, на шоргат, — весела адказаў старшы стражнік.
— Ты, Ціхан, не спяшайся, — прастагнаў паручнік.
— Не бойцеся, ваша высокаблагароддзе, мы вас тут не кінем, — жартаўліва адказаў Ціхан.
— Я не баюся, але не магу ўцяміць, адкуль вы ведаеце, куды рухацца? Хацеў у цябе, Ціхан, удакладніць, якую плошчу мае гэты дрымучы ўчастак?
— Калі паўзці, за дні тры перапаўзём, — смеючыся, адказаў Ціхан.
Калі канчаткова ўсталі на ногі і атрэсліся ад бруду і іголак, обер-фарстмайстар зірнуў уверх. Над верхавінамі дрэў яскрава зіхацела сонца. Паручнік Штральборн нават зажмурыўся.
— Та-ак, бываюць жа ў прыродзе такія цуды. Ваша прапанова прымаецца цалкам. На гэтым месцы прасячыце тунель у чалавечы рост, крокаў на сто, сто пяцьдзесят, не больш. Ну і шырынёй так, каб два чалавекі маглі размінуцца. А нам і трэба зрабіць так, каб важныя госці доўга ўспаміналі наведванне Белавежскай пушчы, — адначасова разважаў і даваў даручэнне галоўны распарадчык.
18. Царскае паляванне
За тры тыдні да прыезду цара ў Белавеж прыбыў міністр дзяржаўных маёмасцей генерал Зялёны. Для арганізацыі палявання разам з ім прыехаў егермайстар граф Ферзен.
Рыгор знаходзіўся ў хаце і разам з жонкай рыхтаваў новы парадны мундзір да прыезду высокіх гасцей. Рык, лежачы на сваім дыванку, раптам прыўстаў і ціха гыркнуў, даючы знак, што з’явіўся хтосьці чужы. Рыгор зірнуў праз акно, там малады стралок прывязваў каня.
Стражнік выйшаў на ганак.
— Што здарылася? — спытаў насцярожана.
— Ваш брат прасіў мяне вам перадаць, каб вы неадкладна прыехалі да яго, зараз жа, — перадаў просьбу Ціхана стралок.
— Зразумела, хадзі ў хату, перакусіш, а я хутка, — сказаў стражнік.
У братавай хаце Рыгора чакала неспадзяванка.
Насустрач яму з-за стала падняліся двое мужчын.
— Ваша высокаблагароддзе, вы? Добрага вам здароўечка, спадар оберфарстмайстар! — ад нечаканасці Рыгор ускрыкнуў, ліха пстрыкнуў абцасамі.
Насустрач яму, шырока раскінуўшы рукі для абдымкаў, ішоў былы оберфарстмайстар Таран Фёдар Канстанцінавіч. Яны моцна, як даўнія сябры, абняліся. З шчаслівымі тварамі селі за стол. Іх высокаблагароддзе напоўніў чаркі.
— За сустрэчу, — мужчыны чокнуліся і адным махам выпілі.
Ціханава жонка ставіла на стол талеркі з гарачымі мяснымі стравамі.
— Ну што, Рыгор, не чакаў майго прыезду? — глядзеў дапытліва былы распарадчык.
— Так, ваша высокаблагароддзе, не чакаў, ніяк не чакаў — проста не верыцца. Раскажыце, як вы тама жывяце, як жонка, дзеткі? — усё яшчэ не верачы вачам гарачыўся здзіўлены Рыгор.
— Жыву ў Пецярбургу, купіў невялікі мур. Выйшаў у адстаўку, але працягваю працаваць у міністэрстве маёмасцей дараднікам па агульных пытаннях. Хацеў з новага года пайсці цалкам на адпачынак, але даведаўся аб арганізацыі палявання ў Белавежскай пушчы. Міністр дзяржаўных маёмасцей генерал Зялёны прапанаваў суправаджаць яго ў паездцы. І я з радасцю пагадзіўся; калі яшчэ атрымаецца сустрэць старых сяброў. Мы ўжо колькі — гадоў дзесяць як не бачыліся. Прызнаюся, часта ўспамінаю вас і пушчу, бо тут мінулі мае лепшыя гады. А ў сталіцы што, там мітусня, няма жывой працы, так, вожкаюся з паперкамі. Жонка таксама ўспамінае Белавеж. Гэтых жанчын немагчыма зразумець. Ніяк не чакаў, калі жылі тут — імкнулася ў Пецярбург, пераехалі туды — нудзіцца па пушчы. Прасіла перадаць вам і вашым супружніцам ад яе паклон. Дзеткі падраслі, у іх свае сем’і. Дачка выйшла замуж за афіцэра і з’ехала да яго ў Цвер. Сын жыве са мною, у дадзены момант канчае Пецярбургскі універсітэт.
Рыгор уважліва слухаў і разглядаў іх высокаблагароддзе. Вочы былі, як і раней з агеньчыкам, толькі вакол з’явілася мноства дробных маршчын. Валасы на галаве обер-фарстмайстра зусім пасівелі, з’явіліся залысіны над скронямі, але пышныя сівыя вусы, як і калісьці, былі ліха падкручаныя ўверх. Сядзеў за сталом трохі згорбіўшыся. Здаецца, мінула толькі дзесяць гадоў, а як моцна чалавек змяніўся — пастарэў. Рыгор глядзеў на яго з жалем. Усё той самы румяны, сівы, добразычлівы — харошы рускі чалавек.
Для Рыгора і Ціхана ён быў усё такім жа родным і блізкім, настолькі моцна яны паспелі прывязацца за сумесныя гады службы.
— Што гэта я ўсё аб сабе распавядаю, як ты жывеш, як твой хвалёны сабака, жывы яшчэ? — вочы былога обер-фарстмайстра свяціліся цеплынёй.
— Аг-га, ваша высокаблагароддзе, Рык яшчэ жывы. Праўда, зубы ўжо губляе, але службу цягне. З тых часоў, як вы з’ехалі, у мяне нарадзілася яшчэ двое дзяцей. А ў астатнім усё як і калісьці. Жыву, службу нясу, асабліва распавесці і няма чаго.
— А новы начальнік як? На службе не прыгнятае?
— Не, усё ў парадку. Зразумела, з вамі не параўнаць — але жыць можна, — уступіў у гутарку Ціхан.
— Адкрыю вам сакрэт, — Фёдар Канстанцінавіч нахіліўся над сталом. — Калі я здаваў справы, строга, вельмі строга папярэдзіў яго, каб вас не чапаў.
— Дзякуй, ваша высокаблагароддзе, нядаўна ён нам пра гэта сам прызнаўся, — з усмешкаю на вуснах сказаў Ціхан.
— Так, гляджу ў вас тут усё змянілася, — былы распарадчык адкінуўся на спінку крэсла. — Г алоўную сядзібу не пазнаць. Вярнуся ў Пецярбург, распавяду жонцы — не паверыць. Эх, добрыя вы мае, калі б толькі ведалі, як я хваляваўся, калі сюды ехаў. Апошнюю ноч нават заснуць не змог. І ўявіце сабе, ні аднаго дрэннага выпадку не ўзгадаў, толькі ўсё дабрае. Залаты быў час, але яго ўжо не вярнуць. Вось убачыў вас і быццам памаладзеў, гадоў гэтак на дваццаць. Як выдатна, што я зноў тут з вамі. Бо вы для мяне як родныя дзеці. Я вас памятаю яшчэ бязвусымі юнакамі, калі вы ў будачцы на варце стаялі. — А ў Пецярбургу таго няма, — Фёдар Канстанцінавіч зайшоўся моцным працяглым кашлем. — Тамака ў міністэрстве ўсе з падхалімскай усмешкай кланяюцца, а думкі ў іх адны: каб ты стары хутчэй спруцянеў і вызваліў месца для кар’ернага росту, — адстаўны обер-фарстмайстар нечакана злосна грукнуў пяцярнёю па стале і развёў рукамі. — Тут такога няма. Нават калі і разгон вам маладым даваў, ніхто
з вас мне дрэннага не жадаў. Тут, у пушчы, зусім іншыя людзі.
Вочы яго зрабіліся вільготныя, рука пацягнулася да бутэлькі. Ён наліў і прапанаваў:
— За нас, за наша выдатнае залатое мінулае, — прыплюшчыў вочы і кульнуў чарку.
— Ваша высокаблагароддзе, вяртайцеся да нас, жывіце спакойна да старасці. А мы, каб вам не сумна было, будзем да вас у госці на кофій хадзіць, на паляванне разам ездзіць, — гледзячы шчыра ў вочы, сказаў Рыгор.
—І то праўда, пераязджайце жыць да нас разам з жонкай сюды, у Белавеж, — падтрымаў брата Ціхан. — Вось, паглядзіце на Сімунда. Раней часта з’язджаў да сабе на радзіму, а цяпер ужо колькі гадоў запар жыве тут невылазна.
— Дзякую вам, мае дарагія, за цёплыя словы, — дабрадушна ўсміхнуўся палкоўнік Таран. — Я і не сумняваюся, што вы з душой прыміце мяне, старога. А гэта выдатная прапанова, ёсць над чым задумацца. Трэба са старой параіцца. Вой, ледзь не забыўся! — узрадавана падняў галаву палкоўнік і ажывіўся. — За два дні да ад’езду сюды наведаў нашых зуброў у Царскасельскім парку. Распавёў ім, што еду ў Белавежскую пушчу. Мне здаецца, яны вам прывітанне перадавалі. Жывуць яны добра, прыстасаваліся, за імі там догляд адпаведны. Кормяць добра, я правяраў. Толькі цяпер іх там ужо больш, амаль цэлы статак — шэсць прыгажуноў. Летась і наша маладая самка зубраня прывяла. Я там часта бываю. Як стане журботна, бяру вазака і еду. Пастаю каля загарадзі, палюбуюся. Пагутару з імі, праўда, так, каб ніхто ні чуў, і адразу ж станавіцца неяк лягчэй.
Застольная гутарка мужчын зацягнулася далёка за поўнач. Чалавеку ўласціва ўспамінаць свае лепшыя гады з мінулага. Гэта сагравае і амалоджвае душу.
На галоўнай сядзібе працягвалася падрыхтоўка да высокага візіту. На дзевятай вярсце ад Белавежы, зблізку дарогі, што вяла ў вёску Гайнуўка, расцягнулі тэнты. Былі зроблены ложа для імператара і ў адну з ёю лінію адзінаццаць альтанак для высокіх гасцей.
4 кастрычніка прыбылі ў Белавеж: прынцы Карл і Альберт Прускія, прынц Аўгуст Віртэмбергскі і прынц Фрыдрых Гесен-Касэльскі.
На другі дзень раніцай іх павезлі паказваць навакольныя мясціны. Важныя замежныя госці доўга рассаджваліся ў карэты і брычкі. Па камандзе генерала Зялёнага працэсія кранулася з галоўнай сядзібы ў пушчу. Лясной дарогай яны з цікавасцю глядзелі вакол і захапляліся векавымі дрэвамі. Навакольная прыгажосць выклікала захапленне ў іншаземцаў. Якраз у пушчы стаяла залатая восень. Дрэвы афарбаваліся ў розныя колеры і выглядалі нібы спецыяльна прыбраныя. Здавалася, пушча гарыць рыжым, чырвоным, пурпурным, залатым агнём. Навакольны векавы лес быў сапраўды казачна прыгожы.
Вось госці паглыбіліся ў самую глухмень пушчы. Давялося спыніцца. Ім прапанавалі ісці далей пешшу. Наперадзе крочыў Ціхан, за ім обер-фарстмайстар Фёдар Канстанцінавіч, генерал Зялёны і замежныя госці. Рыгор пабег папярэдзіць стралкоў, каб былі гатовыя. Каля ўваходу ў тунель, не міргаючы вокам, як варта ў палацах, стаялі два рослыя стралкі.
Госці з цікавасцю, адзін за адным, пачалі ўваходзіць у тунель. Усярэдзіне, праз кожныя дзесяць крокаў, па стойцы смірна, стаялі рослыя стралкі; кожны трымаў у левай руцэ запалены ліхтар. Тунель паступова напаўняўся людзьмі. Чуліся словы захаплення і здзіўлення на рускай і нямецкай мовах.
Па ўмоўным сігнале Ціхана ўваход запнулі, а стралкі крысамі шынялёў адначасова атулілі ліхтары — наступіла поўная цемра. Ад нечаканасці ўсе спыніліся і заціхлі, было чуваць толькі дыханне людзей.
Першым прагучаў голас генерала Зялёнага:
— Фёдар Канстанцінавіч! Гэтага не можа быць? Сярод белага дня, такая непранікальная цямрэча — гэта цуд!
— Вы самі генерал, бачыце, што ў пушчы гэта ёсць! — збянтэжана азваўся ўсхваляваны палкоўнік.
— Дык, брат, цяпер табе веру. Можа, тут ніколі не ступала нага чалавека, як ваша меркаванне, Фёдар Канстанцінавіч?
— Усё можа быць, цалкам магчыма, што і не ступала, — усё яшчэ спуджана мармытаў у адказ палкоўнік.
Замежныя госці маўчалі, слухалі гутарку. Каб не атрымаўся канфуз, па сігнале Ціхана стралкі адначасова дасталі ліхтары з-пад крысоў. У шэрагах замежнікаў пачуўся ўздых палёгкі, прычуліся абрадаваныя жаночыя галасы.
Госці паволі з’яўляліся з тунеля.
Лёгка зразумець, якое ўражанне зрабіла пушчанская глухмень, дзе самая апантаная бура не магла запалохаць сваім гневам, куды не прабіваліся нават прамяні яркага сонца.
На невялічкай, нібы казачной, палянцы госці спыніліся і пачалі разглядацца. Вакол ганарліва і велічна стаялі велізарныя, у некалькі абхватаў, дрэвы-волаты.
Са збянтэжаным выглядам обер-фарстмайстар адышоў і стаў паводдаль. Неўзаметку падазваў братоў.
— Вы рашылі спалохаць усіх? Чаму вы мне гэта раней не паказвалі? Вы што, не разумееце, нельга так людзей палохаць? — палкоўнік пагрозліва патрос кулаком.
У гэты момант да іх далучыўся генерал Зялёны.
— Фёдар Канстанцінавіч, паглядзі, якія здзіўленыя твары ў замежнікаў. Абвыклі ў сябе па рэгулярных парках шпацыраваць, а тут хоць раз у жыцці сапраўдны лес убачаць, — весела ўсміхаючыся, ён злёгку ткнуў обер-фарстмайстра ў бок. — Ты таксама гусак добры. Сябар завецца. Мог бы загадзя папярэдзіць. А то я ў першыя хвіліны, як ліхтары патушылі, прызнаюся, здрэйфіў.
Генерал выцягнуў з кішэні хустачку і старанна выцер шыю.
— Ну, што? Час вяртацца ў Белавеж. Лічу, досыць, прагуляліся, — звярнуўся да братоў Селіванаў. — А вы малайцы, выдатна прыдумалі! Яшчэ б трэба было каму-небудзь з вас мядзведзем зараўці, пацеха была б поўная, — генерал засмяяўся са свайго жарту.
Імператар Аляксандр II прыбыў у Белавеж разам з вялікім герцагам СаксенВеймарскім Карлам-Аляксандрам ноччу з 5-га на 6-га кастрычніка 1860 года.
А дванаццатай гадзіне гасудар з шматлікаю світаю адправіўся на паляванне. Яго вялікасць заняў сваю ложу; у альтанках размясціліся вялікі герцаг і прынцы з світамі. Паступова запоўніліся запрошанымі высокімі гасцямі адзіннаццаць альтанак, а таксама галерэя для публікі.
Ціхану і Рыгору было даручана глядзець за парадкам між альтанкамі. На ўсялякі выпадак яны мелі зараджаныя стрэльбы і пістолі. Але страляць маглі толькі ў крайнім выпадку, калі ранены звер будзе пагражаць жыццю гасцей. Побач з імі знаходзіўся былы обер-фарстмайстар Таран. Генерал Зялёны меў гонар прысутнічаць у царскай ложы.
Непасрэдна само паляванне арганізоўвалі егермайстар граф Ферзен, галоўны распарадчык Белавежскай пушчы паручнік Штральборн, старшы лоўчы Кусаў. У іх падначаленні былі падлоўчыя і ляснічыя. Таксама былі выпісаныя з розных месцаў самыя лепшыя паляўнічыя сабакі, запрошаныя сотні людзей.
А бедныя зубры прыглядаліся да ўсяго гэтага з цікаўнасцю, не здагадваючыся, які лёс іх чакае.
Дзед Ян з унукам Глебам і сабакам Рыкам стаялі на прасецы і чакалі сігналу пачатку загону звяроў. Перад гэтым яны атрымалі падрабязныя тлумачэнні, у якім напрамку трэба рухацца. Замест паляўнічых стрэльбаў трымалі ў руках звычайныя дрыны. У іх абавязку было гучна крычаць і грукаць па ствалах дрэў. Перамяшчацца павінны разам, шэрагам, да паляны, на якой размясціліся высокія госці.
Роўна ў гадзіну з імператарскай ложы быў дадзены сігнал, і сотні загоншчыкаў адначасова прыйшлі ў рух. Падлоўчыя затрубілі ў паляўнічыя ражкі, спусцілі са смычак ганчакоў. Густы чалавечы ланцуг, з крыкам і грукатам рухаўся наперад.
Дзед Ян і яго ўнук Глеб таксама пачалі гучна крычаць. Рык некаторы час бег побач. Прайшлі з вярсту, сабака раптам пачаў старанна прынюхвацца і кінуўся наперад.
— Рык, ты куды? Рык, да мяне! — закрычаў Глеб, але яго голас патануў сярод грукату. Адданы сабака не мог чуць каманды маладога гаспадара.
Наперадзе была невялічкая паляна. Людзі ўбачылі, як сабака дагнаў велізарнага зубра. Перагарадзіў яму дарогу, спрабуючы брэхам завярнуць яго ў іншым напрамку.
Лясны волат стаяў і глядзеў, як напалоханыя шумам і гнаныя сабакамі зубры знікаюць сярод дрэў.
— Глядзі, дзед, гэта Хрэснік! Наш Рык спрабуе яго выратаваць, не дае яму бегчы, — гарачыўся Глеб.
Нейкі чужы сабака падбег з брэхам да зубра ззаду. Рык адразу кінуўся на яго і пачаў душыць. Велічны зубр спакойна глядзеў на валтузню сабак. У гэты час далёка наперадзе прычуліся стрэлы. Зубр нахіліў галаву і цяжкімі скокамі панёсся ў той бок. Рык кінуў сабаку і следам за ім знік у дрымучым лесе.
На паляне перад тэнтамі паляўнічых першымі з’явіліся ваўкі, самыя абачлівыя з усіх звяроў. Яны спрабавалі сысці ад аблавы. Аднак, выбегшы на паляну і ўчуўшы небяспеку, яны зноў завярнулі ў лес, каб знайсці іншае выйсце. Затым з ляснога гушчару вынырнулі дзікі і чорным ланцугом панесліся праз паляну.
Першы стрэл прагучаў з імператарскай ложы. Пачуўся віск вепрука з белымі вялікімі ікламі, і статак рассеяўся, як ад удару маланкі. Дзікі замітусіліся, мяшаючыся з іншымі звярамі, якія рынуліся ўжо на паляну. Пачалася няспынная страляніна. Дзікія звяры: казулі, ласі, алені, гнаныя паляўнічымі сабакамі, выскоквалі з лесу і траплялі проста пад стрэлы.
Праз некаторы час пад цяжкімі капытамі загудзела зямля, і на паляну вымкнуў статак зуброў. Барадатыя быкі, каторыя беглі наперадзе статка, рэзка спыніліся. Раптоўнае з’яўленне зуброў, іх грозны выгляд, унеслі некаторае замяшанне ў шэрагі паляўнічых. Амаль адначасова спынілася стральба. Усе замерлі ў чаканні, што будзе далей.
Зноў з імператарскай ложы прагучаў стрэл.
Упэўненыя ў сваёй страшнай сіле зубры, нахіліўшы да зямлі нізка галовы, панесліся праз паляну, перакананыя, што змятуць усе перашкоды на сваім шляху. Лютыя самкі вострымі рогамі на хаду адганялі паляўнічых сабак ад зубранят. Сыходзячы ад ашалелай пагоні, статак разбегся па паляне.
Зноўку пачалася няспынная страляніна.
Рыгор і Ціхан кожны раз уздрыгвалі, з заміраннем сэрца глядзелі, як падкошаныя, падаюць іх гадаванцы і рыюць капытамі зямлю.
Палкоўнік Таран стаяў побач, апусціўшы галаву, вінавата пазіраў на братоў, імкнучыся не глядзець ім у вочы.
Няспынная страляніна працягвалася даволі доўга, але паступова пачала заціхаць. Дзікі роў параненых звяроў, крыкі людзей таксама заціхалі.
І тут Рыгор здрыгануўся і адразу збялеў:
— Гэй! Ціхан, глядзі!
З лесу на паляну насупраць імператарскай ложы выскачыў велізарны, проста жахлівых памераў зубр з магутным, цяжкім, як гара, гарбом. Побач з ім бег белы сабака, увесь час спрабуючы завярнуць яго ўбок. Убачыўшы тушы сваіх сабратоў, лясны волат рэзка спыніўся. Ён рыў капытамі зямлю і напружваўся, нібыта рыхтуючыся да барацьбы. Рагатая, лабастая і барадатая галава яго была нізка апушчана. Сабака забег наперад і заступіў яму шлях.
З царскай ложы пачуўся стрэл.
Лясны волат здрыгануўся, зрабіў велізарны скок. Пераскочыў, не закрануўшы, сабаку, нахіліў галаву з вострымі чорнымі рогамі і, задраўшы хвост, цяжкімі скокамі панёсся на стрэл. Сабака паляцеў за ім, з усіх сіл імкнучыся яго абагнаць.
З ложы прагучаў яшчэ стрэл.
Зубр спатыкнуўся, зваліўся на пярэднія ногі, але адразу ж падняўся. Сабака апынуўся ізноў перад ім. Лясны волат матлянуў галавою, і тут над палянай пачуўся такі жахлівы роў, што коні, якія стаялі за тэнтамі, тузануліся і прыселі на заднія ногі. З ноздраў ляснога волата валіла пара, а з-пад чорнай грывы крывавыя вочы вызірвалі ўтоенага ворага.
Над палянай запанавала цішыня. Здзіўленыя гэтым відовішчам прысутныя замерлі ў чаканні наступных падзей.
Прысеўшы на заднія ногі жахлівы барадаты бык матлянуў галавою і скокнуў наперад, імкнучыся не закрануць сабаку. У гэтае імгненне зноў прагучаў стрэл. Зубр паваліўся проста на белага сабаку.
Убачыўшы гэтую страшную карціну, над палянай пранёсся захоплены гул чалавечых воклічаў.
Рыгор кінуў стрэльбу, выскачыў на паляну і пабег да зубра.
Ззаду прычулася:
— Рыгорка! Ты куды? Туды нельга!
Але яго нішто не магло спыніць. Падбегшы да зубра, які моўчкі яшчэ тузаў у сутаргах чорнымі капытамі, ён укленчыў ля сабакі, які ляжаў побач з ім без прыкмет жыцця. Асцярожна ўзяў яго на рукі, узняўся з каленяў і прыціскаючы да грудзей, пайшоў прэч.
Ціхан і Фёдар Канстанцінавіч, зняўшы шапкі, глядзелі на Рыгора.
Ён падышоў да іх і асцярожна паклаў сабаку на зямлю.
Тут падбег нейкі афіцэр з імператарскай світы і пачаў гучна гарлапаніць:
— Ты што, звар’яцеў? Парадку на паляванні не ведаеш? Пад кулі лезеш!
Але стражнік не звяртаў ніякай увагі на крык афіцэра, быццам не чуў.
Палкоўнік Таран узяў афіцэра пад руку і адвёў убок. Ён нешта яму казаў, той ківаў галавою. Потым афіцэр вярнуўся да імператарскай ложы.
Рыгор моўчкі стаяў і глядзеў на мёртвага сябра.
На іншым баку паляны шчыльнай сцяной стаялі людзі, якія прымалі ўдзел у загонцы. Напружваючы вочы, яны намагаліся здалёку разгледзець цара.
Аляксандр II у суправаджэнні світы выйшаў на паляну і паволі аглядаў свае паляўнічыя трафеі. Па выразе яго твару было відаць, што паляванне атрымалася.
Даўжэй усяго ён затрымаўся каля велічэзнага зубра, якога ўласнымі рукамі застрэліў напрыканцы.
Лясны волат ляжаў на правым баку. Вялікая галава з чорнай грывай і вострымі рогамі была прыціснутая да грудзей, нібы ён рыхтаваўся да сутычкі. Застылыя вочы былі расплюшчаныя.
Гледзячы на бурую велізарную тушу зубра, імператар спытаў паручніка Штральборна:
— Як ты лічыш, колькі важыць гэты прыгажун?
— Ваша Імператарская Вялікасць, лічу пудоў трыццаць пяць, не меней, а можа і больш, — развёў рукі паручнік.
— Распарадзіцеся зрабіць з яго чучала і перадаць у Кунсткамеру для ўсеагульнага агляду, — закамандаваў Аляксандр II.
— Ваша Імператарская Вялікасць, будзе зроблена, — пстрыкнуў абцасамі галоўны распарадчык Белавежскай пушчы.
— І яшчэ, паклічце гэтага смельчака, які выбег за сабакам пад стрэлы, — хрыпла дадаў імператар, і ў суправаджэнні світы накіраваўся ў сваю ложу.
Паручнік пабег выконваць просьбу манарха. Знайшоў Рыгора хутка.
— Рыгор! Цябе тэрмінова жадае бачыць сам імператар, — цяжка дыхаючы ад бегу, скрозь зубы працадзіў паручнік.
Ціхан падышоў да брата і паправіў на ім мундзір.
— Давай, трэба ісці. Рыка я павартую.
Рыгор моўчкі накіраваўся за паручнікам. Узышоў у царскую ложу, прыклаў руку да фуражкі і адрапартаваў:
— Ваша Імператарская Вялікасць, па вашым загадзе прыбыў.
Аляксандр II паставіў фужэр на стол і павярнуўся да яго:
— А, смяльчак! Ты чаго проста пад кулі палез?
— Ваша Імператарская Вялікасць, свайго сабаку ратаваў, — з болем адказаў Рыгор.
— Твой сабака табе такі дарагі, што ты рызыкаваў сабой, — здзіўлена падняў вочы на стражніка імператар.
— Ваша Імператарская Вялікасць, ён мне некалькі разоў жыццё ратаваў, — шчыра адказаў стражнік.
— Тады ўсё зразумела. Ну што ж, гэта пахвальна. З нагоды згубы сабакі прымі мае спачуванні. Мне генерал гаварыў, што цябе мой бацька ўзнагароджваў?
— Так, Ваша Імператарская Вялікасць, узнагароджваў, вось гэтай шабляй, — стражнік пляснуў левай рукой па дзяржальні шаблі, якая вісела на баку.
— Ну што ж, бацька ўзнагародзіў, і я ўзнагароджу, хоць неяк пакрыю страту сабакі, — Аляксандр II узяў адну з дзясятка паляўнічых стрэльбаў і працягнуў стражніку. — Трымай і нясі службу спраўна. Толькі з-за сабакі больш так не рызыкуй жыццём.
Рыгор прыняў стрэльбу і адрапартаваў:
— Служу Айчыне, Ваша Імператарская Вялікасць! Дазвольце ісці?
Гасудар кіўнуў галавою і павярнуўся да світы, даючы зразумець, што размова скончана.
Рыгор выйшаў з царскай ложы. Але прыём у цара і падарунак яго зусім не цешылі. Ён ішоў журботны і не ўяўляў, што будзе цяпер рабіць без свайго Рыка. Падышоў да Ціхана:
— Ціхан, знайдзі бацьку і Глеба. Бацьку скажы, каб ішоў дадому, а Глеба, калі знойдзеш, прывязі сюды. Я буду чакаць там, — стражнік паказаў рукой у той бок, дзе знаходзіўся яго жарабец.
— Рыгорка, я ўсё зраблю, як ты просіш, — Ціхан хутка пабег.
Стражнік узяў сабаку на рукі і з дзвюма стрэльбамі на плячы накіраваўся да прывязаных коней. Палкоўнік Таран моўчкі ішоў следам. Па яго твары было відаць, што ён таксама перажывае.
Праз некаторы час з’явіўся Ціхан з Глебам. Яны саскочылі з каня, і падышлі да Рыгора. Глеб адразу ўкленчыў ля сабакі і гучна заплакаў.
Стражнік паклаў руку на плячо сыну і сказаў:
— Глеб, вытры слёзы і кінь раўці, будзь мужчынам, — стражнік моцна сціснуў плячо сына.
— Брат, хай Глеб возьме майго каня, я застаюся тут, — крануў за руку брата Ціхан.
— Дзякуй, Ціхан. Апоўначы вярнуся, — адказаў Рыгор.
Стражнік сеў у сядло, Ціхан падаў яму Рыка. Ён асцярожна паклаў мёртвага сябрука на карак жарабца перад сядлом. Прытрымліваючы сабаку адной рукой, другой накіраваў жарабца ў напрамку сваёй хаты. Глеб ехаў побач на кані Ціхана з дзвюма стрэльбамі.
Дарогай ім сустракалася вялікая колькасць людзей, якія спяшаліся пабачыць цара.
Неўзабаве іх аклікнуў Рыгораў бацька. Глеб саступіў дзеду месца ў сядле, сам прымасціўся ззаду.
Праз некаторы час пад’ехалі да хаты. Стражнік адразу распачаў капаць яму каля лазні, на тым самым месцы, дзе Рык першы раз загрыз ваўка. Ужо змяркалася, калі Рыгор скончыў працу. Сям’я стражніка моўчкі стаяла каля сабакі, успамінаючы, якім выдатным сябрам быў іх адданы Рык.
Раптам высока над лесам, асвятляючы небасхіл, узляцелі рознакаляровыя іскры агню. Данеслася далёкая кананада. Яны з цікаўнасцю глядзелі на гэта нябачанае імі відовішча. А рознакаляровыя агеньчыкі ўсё ўзляталі і ўзляталі, асвятляючы вечаровае неба. Гэта выглядала як салют загінулым зубрам і Рыку. Твары ў сваякоў стражніка Белавежскай пушчы пасвятлелі — жыццё працягвалася.
У той самы час на паляне на беразе ракі Нараўкі, дзе адбыўся феерверк, прысвечаны царскаму паляванню, распачалося народнае гулянне з багатым пачастункам, у якім удзельнічала некалькі тысяч чалавек.
Рыгор спытаў бацьку і сына:
— Ну як, бачылі цара?
— Бачылі, праўда здалёк, але бачылі. Калі ён аглядаў забітых звяроў, дзе мы якраз стаялі, — адказаў бацька і пагладзіў галаву ўнука.
Той глухім голасам сказаў:
— Дзеду. Рыка шкада.
Вочы Глеба былі журботныя. Стары схапіў яго за плечы і патрос.
— Не сумуй Глеб! Пэўна, у нашага Рыка такі лёс. Ён загінуў, ратуючы свайго сябра, Хрэсніка. Хрэсніка таксама шкада, і іншых зуброў шкада. Але што зробіш? Ён жа цар і мае права страляць. Гэта па яго ўказу мы ахоўваем зуброў. Калі б не закон, даўно б ужо ўсіх зуброў выбілі. Нічога, падрастуць новыя зубры — нашчадкі Хрэсніка. Паглядзіш, усё будзе ў парадку, — стары спрабаваў развеяць сумны настрой унука.
Рыгор узяў стрэльбу і працягнуў сыну.
— Гэта мне імператар падарыў, нясіце ў хату. Да сустрэчы!
Рыгор ускочыў у сядло. Глеб падаў яму повад каня Ціхана і стражнік растварыўся ў начной імгле.
Дзед з унукам пайшлі ў хату. Там, пры святле свечак, разглядалі новую паляўнічую стрэльбу. Стрэльба была хвацкай і зграбнай, багата інкруставанай. Стары з сумненнем круціў галавою, асцярожна ўзвёў куркі і здзівіўся — там замест месца пад капсулі былі байкі. Ян націснуў рычажок зверху і куркоўка лёгка адчынілася. Першы раз убачыў стары дзіўныя зарады — патроны.