I СПЫТАЕ СУД ВЫСОКІ

Вершы

* * *


Тады, як зямная канчалася цвердзь

I сцежка зрывалася ў прорву, у багну –

Я нечага іншага, большага прагнуў,

Сляпак, я не думаў пра гібель і смерць.

А гібель зусім недалёка была.

Як здань-невідзімка хадзіла па следу.

Куды ні падамся, прыйду ці прыеду –

Глядзела-сачыла за мной з-за вугла.

Я ж быў неабачны - не знаў засцярог,

Даверлівы быў я - не помніў пра злыдняў,

I мог бы зрабіцца ахвярай бяскрыўднай...

Ды быў нада мною, напэўнае, Бог.

Таму і дагэтуль на цвердзі стаю.

I рад, калі скажа мне поціск далоні:

«Трымайся, таварыш! На родным загоне

Яшчэ ты не скончыў работу сваю!..»

1996, чэрвень

* * *


Родная мова! Ты воч не расі!

Лёс твой - свабода.

Іменна та незалежнасць дасі

Духу народа.

Ты - чыя веліч, і моц, і краса

Толькі ўзыходзяць.

Ты - чыя слава наперадзе ўся,

У тысячагоддзях.

1997, травень

Я ВАС ЛЮБІЛА

Памяці Ліпы

У дамавіне, ўсланай палатном,

Акаймаванай крэпам і мярэжкай,

Яна заснула непрабудным сном

З ледзь-ледзь прькметнай на губах усмешкай.

Яе надзіва маладжавы твар,

Без следу мук і без маршчынак жорсткіх,

Не страціўшы зямнога хараства,

Прыдбаў якойсьці іншай прыгажосці.

Высокае адкрытае чало

Красою вечнасці ўжо аддавала.

I нешта царственнае ў ёй было,

I штось ад Маці Боскай праступала.

Яе спакойны, чысты, як абраз,

Застыглы воблік, перад свечкай з цэрквы,

Як быццам гаварыў да ўсіх да нас;

«Не плачце!.. Гэта лепш, чым боль нясцерпны.

Вы знаеце, як я хацела жыць,

Каб радавацца вам - я вас любіла.

I каб у Бога літасць заслужыць –

Усё, што ўмела, для дабра рабіла.

Я дажывала дні свае з мальбой,

Каб лёс да вас быў болей літасцівы.

I не бяда, калі душы маёй

Аднойчы вы не клікнеце ў гасціны.

Я не пакрыўджуся... Далёка, там,

Дзе ўсё пад знакам вечнага прычасця,

Я буду думаць, што напэўна ж вам

Бог большай мераю адмераў шчасця».

1997, травень

УМЯШАННЕ Ў ЧУЖУЮ РАЗМОВУ


Ну так, на Парнасе не дзіўнае штось –

I графаманы, і фальсіфікатары.

I блазны з пароды юродзівых ёсць.

I нават, шануючы вас, правакатары.

Усякіх хапае. Ды што - графаман

Ці блазен? Пашліце іх к чортавай матары –

I будуць грымець вам на ўсю глухамань

Бясспрэчныя таленты і... правакатары.

Па чым іх адрозніць - ці гэны, ці не?

Па рэху, што коціцца ўдаль з перакатамі.

Так ёсць і так будзе, дзе вечна ў цане

Даносчыкі, сышчыкі і правакатары.

1997, жнівень

О, ЯК ЯНЫ НАТХНЯЛІ...


О, як яны натхнялі,

Папоўзаўшы па вершах,

Паэтаў беларускіх

На вылет у прастор:

З акна або з балкона

Аношняга паверха –

На тратуар каменны

Ці на каменнн двор!..

1997, жнівень

Я ГЛЯДЗЕЎ...


Я глядзеў на краскі ў лузе майскім:

Як зырчаць яны ў густой траве!

I ў той вязі, што спляталі краскі,

Прачытаў я: Беларусь жыве!

I гукнуў ад радасці: браты!

Вось ён - сімвал нашай праваты!

I калі хто духам паў у скрусе –

Учытайся ў красак вязь на лузе!

Я глядзеу на белае каменне,

Што з раллі тырчала па зіме.

I з тых белых знакаў на імгненне

Словы ўзніклі: Беларусь жыве!

I гукнуў я з радасці: браты!

Вось ёк - сімвал нашай праваты!

I калі каго ўзяло сумненне –

Глянь пільней на белае каменне!

Я глядзеў на неба зорны купал,

На зіхоткі пыл у сіняве,

I па зорках у бліскучых купах

Прачытаў я: Беларусь жыве!

I гукнуў ад радасці: браты!

Вось ён - сімвал нашай праваты!

Божы знак! I калі з вас каторы

Траціць веру стаў - чытайце зоры!

1997, верасень

КАЛІ Б НЕ ТЫ...


Даруй мне ўсё, што можаш дараваць,

А што не можаш - памалюся Богу,

Мо ён даруе, перш чым скіраваць

Маю душу ў апошнюю дарогу.

Мая душа... Якая толькі дрэнь

Не сілілася завалодаць ёю!

Каб у бязмоўны, безаблічны цень

Ператварыць. Каб не была маёю.

I, можа, так бы й сталася даўно,

Калі б не ты, мой ангел-выра тоўца.

Калі б не голас твой і не яно –

Табе адненькай ведамае слоўца.

1997, верасень

ПАСЛЯ СУХМЕНЮ


Вось яно, тое,

Чаго мне так моцна —

Я толькі цяпер зразумеў —

Нехапала:

Дотыку дробных,

Калюча-гаючых дажджынак

да сэрца...

У міг акрыяла!

1997, верасень

ЯК ЛІСЦЕ ЖОЎТАЕ...


Як лісце жоўтае, без подыху

Вятрынкі, капае дадолу, -

Так дні мае злятаюць поціху –

З гасцей вяртаюцца дадому.

Ах, да чаго ж, зямелька волглая,

Былі кароткія гасціны!

Як бы й зусім, як бы I ўвогуле

Не быў, не жыў, не меў Айчыны.

1997, верасень

ШТО, СЯБРЫ?


Што, сябры, ужо пра волю песні

Пець нялюба вам? Што - не чуваць?

Ах, да шкодных недзе іх аднеслі?

Ах, ужо няможна іх спяваць?

О, тады, канешна!.. Не спявайце.

Правільна! Тут ясна й прастаку.

Ну, а дзеля хлеба — падвывайце!

Падвывайце чорнаму ваўку!

1997, верасень

НЕ БЯДУЙЦЕ!..


Не бядуйце, настаўнікі мілыя,

Што з праграм і падручнікаў школьных

Песні-думы паэта праўдзівыя

Выдзяўбаюць, як шкоднікаў шкодных.

Выдзяўбаюць з той самай нянавісцю,

Як калісь, на крывавым прадвесні,

Каршуны, што віселі тут навіссю,

Выдзяўбалі Купалавы песні.

Выдзяўбаюць!.. А хто ж бо заступіцца?

Хто падымецца? Хто абароніць?

Белы зайчык пад кусцікам туліцца.

Звон на вежы знямелай не звоніць.

Звон не звоніць... Ды хоць і панылыя

Па калдобінах цягнуцца будні –

Не бядуйце, настаўнікі мілыя:

Шчырым песням не згінуць ад блудні.

З тых праграм, што ваююць, як ратнікі,

За свабоду — ніякім дэкрэтам

Іх не зняць! Калі нават сцярвятнікі

Заўтра выдзеўбуць сэрца паэта.

1997, кастрычнік

ЭЛЕГІЯ


Гэтай скрухі мне ўжо не пазбыцца.

I не трэба, міласна прашу,

На зыходзе дня, пад зараніцай,

Усыпляць мне чарамі душу.

Я да дна свой келіх выпіць мушу.

Мне не страшны ўжо ні яд, ні нож.

I калі, нібы кіта на сушу,

Лёс на волю выкіне, — ну што ж!

Адмаўчуся хоць... Бо ў паняверцы

Я не ўмеў разумна памаўчаць.

Разрываючы на часткі сэрца,

Одум горкі ходзіць па начах.

Для чаго, дзеля якой хімеры

Нёс я крыж усцяж фальшывых вех?

Ашуканы, здраджаны, схварэлы,

Як закладнік, дажываю век.

Гэтай скрухі мне ўжо не пазбыцца.

I не треба, міласна прашу,

На зыходзе дня, пад зараніцай,

Усыпляць мне чарамі душу.

1997, верасень

НАВОШТА РАДЗІМА ПАЭТУ?


Навошта Радзіма паэту,

Адбітая ў кроплі расы?

Ён - вольны вандроўнік сусвету.

Ён - вечны шукальнік красы.

Яго неспатольная мара

Не знае ні меж, ні пуцця.

Ён - вольных парываў ахвяра,

Ён - вечных блуканняў дзіця.

Ён ласкай не толькі планету,

А й космас увесь апаўе.

Навошта ж Радзіма паэту?

Каб косці ў ёй скласці свае.

1997, лістапад

ЖЫЦЦЁ


Не стала маці, да якое нёс

Душу збалелую - паспавядацца.

Не стала бацькі, што прымаў да слёз

Прапашчы лёс зямлі і гаспадарства.

Не стала брата, што дарадцам быў,

Калі ўзнікала клопатнае штосьці.

Не стала і сястры, з якой любіў

Успомніць песні нашай маладосці.

Не стала ўжо і бальшыні сяброў, -

Каб пасядзець за чаркай і яшчэ раз

Адчуць, што хіжы век нас не развёў

I што нам шлях не засланіла шэрасць.

Не стала ўжо, прашу мне дараваць,

I закаханага ў жыццё паэта,

Што так любіў над вершам шчыраваць,

Як Усявышні над стварэннем света!

Таго паэта ўжо мяма. Няма!

А сноўдае сярод руін былога

Яго двайнік. Не сільцеся дарма

Пазнаць у ім свайго братка старога.

1997, снежань

У НОЧ ПАКУТ


Гасподзь! Чаму й завошта

Ты мне даеш «адстаўку»

I так караеш жорстка —

На дзён маіх астатку?

Чаму мне не даеш ты

Патрэбнай сілы-моцы,

Каб выбавіць дарэшты

Душу з грызот бясконцых?

Чаму дазволіў д'яблу,

Замест дабра з любоўю,

Нянавісць і няпраўду

Прыставіць к узгалоўю?

Чаму ў такім рэжыме

Ты гоніш дні і ночы?

Як жыць, як жыць, скажы мне,

Пад грузам гэткай ношы?

Як жыць, калі наўкола,

Куды ні кінь вачыма, -

Як наркаман на ўколах,

Трымаецца Айчына.

1997, снежань

БОЖА, ДАЙ ТЫ ІМ, АСЛЕПЛЫМ...


Як калісь руплівец-прадзед,

Для сябе і для сямейкі –

Па закону і па праўдзе

Я набыў шматок зямелькі.

Божа! Свой шматок зямелькі!

Свой! Дажыў-такі! Уласны!

I хоць ён зусім маленькі –

Я пачуўся проста шчасным,

I з натхненнем і з ахвотай

Я аддаўся працы шчырай,

Каб, паліўшы ніўку потам,

Ад нуды ўцячы нішчымнай.

Каб прыбытак мець за збожжа,

Што збяру, засыплю ў клеці,

Хоць нарэшце - каб заможна

Зажылі: і сам, і дзеці...

Ды ўскрыліў мой дух заўчасна:

Не даюць мне стаць на ногі –

Ні дзяржава, ні начальства,

Ні прапойны люд убогі.

Ні даверу. Ні падтрмкі.

Ні крэдыту. Ні спрыяння.

Толькі злосць. Ды Маркса прымхі –

Для той злосці апраўдання.

Божа, дай ты ім, аслеплым,

Вочы ў рукі!.. Бо Іначай –

Хто напоўніць духам хлебным

Хату Бацькаўшчыны нашай?

1997-1998

НАСАРОГІ


Сыйдзіце! Сыйдзіце

З дарогі! З дарогі!

Не бачыце хіба?

Ідуць насарогі!

Асобіны ў цвёрдых,

Як панцыры, скурах –

Атрада капытных,

Разрада панурых.

На выгляд - нязграбы,

У рухах - няўклюдасць.

А ў зрэнках імглістых –

Прадонная лютасць.

Нястрымнаю сілай —

Сляпою, тупою

Ідуць па саване

Цяжэзнай ступою.

Аж жутка - як грузна,

Як грозна прастуюць!

Наскрозь прадзіравяць!

Яшчэ і здратуюць!

Таму - сцеражыся,

Бяскрыўдны, рахманы,

Насельнік саваны,

Багамі хаваны.

Пакуль ты з іх ласкі

Жывы і здаровы –

Схініся з дарогі!

Схініся з дарогі!

1998, сакавік

ПІШЫЦЕ ДЗЁННІКІ, ПАЭТЫ!


Пішыце дзённікі, паэты!

З бясстрашнай фігай у кішэні,

Кляйміце ганьбай прайдзісветаў,

Што так нахабна расшышэлі!

Пішыце, мілыя! I ў скрынку,

У стол хавайце іх, каб потым

Чытач-нашчадак горда ўскрыкнуў:

«Вось быў змагар! Вось быў апостал!

Як не цярпеў ён служкаў здрады,

Што край прадаць былі гатовы!

Якія гнеўныя тырады

Абрынуў ён на іх галовы!..»

Пішыце! I, каб не спазніцца

I не ўпусціць бяздарна шанцу,

Хутчэй бяжыце пакланіцца

I ў ручку цмокнуць запраданцу.

Пасля кульніце дома чарку,

I нават дзве - як пад закуску.

I гэта будзе - ад пачатку

I да канца - па-беларуску.

1997-1998

Я ХАЦЕЎ БЫ АДНО...

Памяці Яўгеніі Янішчыц

Успаміны пра Жэню?

Даруйце, але...

Я не здолею іх напісаць.

Сэрца вугаль-графіт

даастатку скрышыўся,

ад жалю размяклы.

Я хацеў бы адно –

калі дойдзе мой голас –

ёй ціха сказаць:

«Кепска, Жэнечка...

Долю здабыць Беларусі

не можам ніяк мы...»

1998, лістапад

I СПЫТАЕ СУД ВЫСОКІ


I спытае неўзабаве

Суд высокі, грозны:

«Вы чаму другой дзяржаве

Край збывалі родны?

Хто падбіў вас, ніцых духам,

Так распараджацца

Лёсам Маці, што ў пакутах

Прагне долі-шчасця?

Хто даў права скамарохам

Руйнаваць свабоду,

Прывітаную народам

У малітвах Богу?..»

Так няўмольны суд спытае

З валанцёраў здрады.

I ніхто хай не чакае

Ад яго спагады.

1998, снежань

У ЧАКАННІ КРЫГАЛОМУ


Гата здарыцца, напэўна,

На світанні... На світанні

Трэсне радасна і гнеўна

Гром у пойме, за сялом.

Я павінен гэты момант

Не праспаць ні ў якім разе

I пачуць на слых уласны,

Што пачаўся крыгалом.

I пабачыць, I пабачыць,

Як вада напорна хлыне,

Разняволеная ўрэшце

Ад аковаў ледзяных.

Прыгажэйшага на свеце

Я відовішча не знаю,

Чым пачагак крыгалому,

Чым свабоды першы міг.

1970.1999.

НА ЧУЖЫНЕ


У падзямеллі векавых муроў,

Дзе ціш магільная ды морак рэдкі,

На саркафагі змёрлых каралёў

Наведнікі кладуць жывыя кветкі.

Гляджу з журбой на гэты клопат іх –

I зноў пяршыць у горле, як ад смагі.

А дзе ж магілы каралёў тваіх,

Мая краіна? Дзе іх саркафагі?

I каралёў, і мужных ваявод,

Што за тваю змагаліся свабоду?

Чаму іх памяць зведзена на звод,

А гонар кінуты пад ногі зброду?

Гляджу на храмы, плошчы і сады,

На помнікі падзеям і героям ...

Чаму ж чужой гісторыі сляды,

Запаўшы ў сэрца, аддаюцца болем?

Таму што ў іх - і гордасць, і краса,

I веліч славы, і аб шчасці крозы...

Твая ж гісторыя - наскрозь і ўся –

Адны пакуты, гора, кроў ды слёзы.

1982. 1999.

СВІЦЯЗЬ


I.

О Свіцязь, сон неразгаданы

Нябёс, апаўшых на зямлю.

У хвалях, сціху разгадайных,

Святыя воблікі лаўлю.

Мне старажыл сказаў: бывае,

Што ў яснасонечныя дні

Адбітак душ іх усплывае

З крыштальна чыстай глыбіні.

Яна і ён. Нібы на здымку,

Схіліўшы да чала чало,

Яны то ўзнікнуць на хвілінку,

То знікнуць - як і не было.

Штогод тут розны люд дарожны

Стаіць над люстрам хваль тваіх.

Але не кожны, не, не кожны

Меў шчасце-шанц убачыць іх.

А толькі той, хто моцна-моцна

Сам закаханы колісь быў

I, век зжываючы самотна,

Не разлюбіў і не забыў.

II.

Цябе, з Адамам і Марыляй,

Найпекны цуд з усіх азёр,

Сваёй зямлі перыферыяй

Назваў замежны гастралёр.

Ужо прысвоіў! Прыхаўрусіў!

I не падумаў, чорт крывы,

Што ты ёсць сэрца Беларусі,

Душы сяродачак жывы.

Ужо гатовы і ў арэнду

Выгодна здаць цябе. Цябе –

Найпаэтычную легенду

У вечным смутку і журбе.

1998-1999

СВЯТОЧНАЕ


Жаўталістым ранкам, на Пакровы,

У святы багаславёны дзень,

Ты сказала, што закон суровы

Не пакінуў месца для надзей.

I аднак жа, як начны марозік,

Што пад сонцам робіцца вадой,

Растапіўся твой няўмольны позірк

Перад больш высокай праватой.

Не, не д'яблік перамог спакусны,

А, хутчэй за ўсё, сам Дух святы

Моц явіў і так зрабіў, каб ты

Не схавала ў шаль пуховы вусны.

1999

ПАТОП


Вада, вада... Амаль да гарызонта

Ва ўсе бакі - куды ні глянь - вада.

Патоп дый годзе! Бедная старонка!

Зноў нас карае страшная бяда.

Паводка падступіла аж пад вокны.

Вясковай вуліцай нлыве рака.

Ля хаты ў чоўне дзед сядзіць падмоклы.

А сабачок - на стрэшцы хлеўчука.

Ён апантана з ланцужка ірвецца,

Скуголіць, скача, яўкае, — відаць,

Праймае страх душу, што застанецца

Адзін - ахвярай безгалоўя стаць.

Бяда, бяда!.. Калі б адно паводка!

Вада спадзе і сыдзе ў рэшце рэшт.

А як уняць разліў хлусні нязводнай!

Яе стрымаць - дзе сілы набярэш?

Яна ўжо топіць кут-закутак кожны,

Віруе ў вёсках, муціць гарады...

I ты, паэт, крычыш, бездапаможны,

Ад роспачы, ад страху, ад жуды.

Калі спадзе і сыдзе гэта ношасць –

Пры нашым п'янстве, нашай цсмнаце?..

Ну, супакойся! Можа, ж Бог паможа –

I згіне ўсё, што вольны дух гняце.

Яшчэ ж народ не поўны алкаголік,

Яшчэ не ў кожнага трымціць рука.

Чаго ж ты кідаешся і скуголіш,

Як сабачок на стрэшцы хлеўчука?

1999, сакавік

ПАМЯЦІ Г. Дз. КАРПЕНКІ


У дні, калі так шмат наўкол хлусні,

Пачварства, пошласці і мітусні, -

Ён жыў сумленна, годна і прыгожа.

За што ж ты гэтак пакараў нас, Божа?

У дні, калі жыццё трымціць ад страху,

Ён баязліва не звярнуў са шляху,

Ён мужнасці вялікі меў запас.

Чаму ж ты, Божа, ўзяў яго ад нас?

У дні, калі жыццё ў бядзе і скрусе,

Калі ён так патрэбен Беларусі,

Як хворай маці любы родны сын, -

За што ж нам, Божа, гэткі боль усім?

06.04.1999

УЖО САМ БОГ СКАЗАЎ


На стыку двух вякоў

I двух тысячагоддзяў

Гісторыяй самой

Наканавана нам –

Згадаць наказ дзядоў

I, з воляй іх у згодзе,

Адбудаваць свой дом

I асвяціць свой храм.

За тысячу гадоў

Мы столькі крыўдаў знеслі,

Спазналі столькі бед,

Паклалі столькі страт,

Што ўжо сам Бог сказаў:

«Народзе! Уваскрэсні!

I перайнач жыццё

На свой уласны лад!»

Калі ж і гэты шанц

Унусцім мы бяздарна

I ў новы ступім век

Бязмоўнымі, як скот, -

«Няўжо, - спытае Бог,

I я браў слова марна?

Дык што ж за людзі вы?

I што вы за народ?»

1999

СМЕРЦЬ НА НЯМІЗЕ


У краіне,

дзе волю дыктуюць

фантом і абсурд,

смерць людзей на Нямізе -

кашмар нечуваны і страшны:

ачмурэлы ад піва і спёкі

шматтысячны гурт

затаптаў на прыступках

паўсотні дзяўчатак няшчасных.

Так ад бомбаў,

ад куль і снарадаў

мужчыны не пруць,

як ад летняга ліўня з градзінкамі

«рыцары» пёрлі -

па касцях, па вачах,

і па сэрцы тваім, Беларусь,

і па крыку - жахлівым, апошнім,

застрэлым у горле...

Гэта сталася

ў дзень памінання,

на Тройцу якраз,

побач з храмам адным

і амаль пад сцяною другога.

I выходзіць, што п'яны,

кашчунны, дурны свістапляс

угнявіў і дзядоў на тым свеце

і Духа святога.

Ну кажыце, кажыце, айцы,

што тут Бог ні прычым,

што не боская гэта адплата

за грэх святатацтва.

Проста збег нечаканых абставін.

Але - не прычын.

Вінаватых няма,

не павінна было гэта стацца...

Будуць модлы гучаць,

будуць бомкаць журботна званы,

будуць слёзы буяць,

будуць кветкі цвісці на магілах.

Ацалелым жывым

будуць сніцца кашмарныя сны.

Будзе доўжыцца суджаны лёс -

лёс у Бога нямілых.

1999,1 чэрвеня

СНЕГ У ІСТАНБУЛЕ


Не ў ладах мой бог з ісламскім небам –

I ад крыўды ледзь я не стагну:

Цэлы дзень заносіць мокрым снегам

Экзатычны горад Істанбул.

Над Басфорам, над Ая-Сафіяй,

Над Султан-капе, куды ні глянь –

Бы нагнаная чужой стыхіяй,

Непаўднёвая вісіць імгла.

Тым не менш, хаджу па вулках вузкіх –

З думаю: а ці не ўгледжу след,

Дзе краса рабыняў беларускіх

Завядала, як ад сцюжы цвет.

I злятала - ціха, як пялёсткі

З белых яблыняў, - на чорны брук,

На Басфора стомленыя ўснлёскі,

У базарны тлум, у гразь і бруд.

Божа! Для чаго за свет няблізкі

Гналі іх у гэты край чужы –

Ад сяліб, дзе родныя калыскі,

Ад магіл, дзе родныя крыжы?

I за што так, Госпадзе прамілы,

Жорстка пакараны я табой,

Што ў любым кутку любой краіны

Мне сціскае сэрца памяць-боль?

Памяць аб бясконцых нашых муках —

З самых даўніх дат і праз вякі...

Снег... Залётны снег на вузкіх вулках –

Халепны, раскваклы, хлюпаткі.

1999, травень

НА БАСФОРЫ


Востры дождж сячэ, і вецер свішча –

Сцюжны, бы з паўночных халадзін, -

З-за чаго на палубу не выйсці,

У кают-кампаніі сядзім.

Каб было не сумна - гід знаёмы

Звыкла прысуседзіўся да нас,

I я ў пяты раз, а мо і ў сёмы

Пра султана слухаю расказ.

У султана густ быў страшна тонкі,

I таму загад даў ягамосць:

Падшукаць яму жанчыну ў жонкі –

Найтаўсцейшую з усіх, што ёсць.

I ганцы, каб хэнць здаволіць гэту,

Дзесь знайшлі, як сказана было,

Маладую пышную кабету

На сто восемдзесят пяць кіло.

I султан шчаслівы быў без меры,

I ад бліжніх шчасця не хаваў,

Вар'яцеў ажно і ачмурэлы

Двойчы ў дзень Басфор нераплываў.

О Басфор! Славутая пратока!

Зараз я расстануся з табой.

Пакланюся - і на дно глыбока

Апушчу піястр апошні свой.

Каб аднойчы зноў сюды прымчацца

І пачуць, зайздроснікам на зло,

Як султан жаніўся на турчанцы

У сто восемдзесят пяць кіло.

1999, травень

НОЧЧУ НАД МОРАМ...


Там, дзе шэрых скалаў табуны

З берага сышлі ў ваду - няйначай

Астудзіцца ад імглы гарачай, -

Моўчкі мора слухаюць яны.

Ён і з ёю. Удваіх. Адны.

Хто яны - гадаць дарма... Але –

Што іх змусіла ўвесь вечар божы

Тут сядзець - на гэтым мулкім ложы?

Што трымае іх пры зор святле

На пляскатай, як чарэнь, скале?

А тым часам з-за адлеглых гор

Наплывалі, сунуліся хмары

I прыбоя нарасталі ўдары;

Пацямнела, зніклі гронкі зор,

Здраднай цішай набухаў прастор.

Навальніцу абяцала ноч.

А яны - як бы таго й чакалі,

Што вось-вось маланка жыхне ў хвалі

I асвеціць нросьбу ў зрэнках воч:

«Не суроч, нячысты, не суроч!..»

Гулка гахаў у скалу прыбой,

Аж здавалася — аберне скора,

Пырскаў пырсісамі, як быццам мора

Бласлаўляла іх часінай той

I свянціла боскаю вадой.

I яны прымалі божы дар –

Iзлучалі вусны пацалунку,

Так адчайна - нібы ў паратунку,

Нібы мог чарговай хвалі ўдар

Скінуць, змыць іх і панесці ўдаль.

I тады яна на момант-міг

Аб усім на свеце забывала

I ў шчаслівым забыцці шаптала:

«Хай змывае! Толькі б абаіх!

У абдымку! У руках тваіх!.. «

Ды чамусьці не азваўся гром,

I не ўпала ў мора бліскавіца,

Не ўзмахнула крыллем навальніца, -

Пэўна, дзесь раней, ля чорных стром

Неба выплеснулася дажджом.

Хмары зрэдзіліся і сплылі,

Зноў заззялі зоры, выйшла поўня,

I прыбой сцішэў, ашлях раптоўна,

А яны... адчулі стынь скалы

I да болю пальцы рук сплялі.

I глядзелі моўчкі ў выш нябёс

З несуцешнай крыўдай і дакорам.

Што ж не грымнула ты, ноч, над морам?

Душы грому прагнулі, а лёс

Іх не ўчуў - і стараной пранёс.

1999, травень

АДКЛЮЧАНЫ


Ён сышоў з электрычкі,

Спусціўся па сцежцы ў лагчыну

I спыніўся чагось.

Нібы ўкопаны, стаў і стаіць.

Штось забыў? Перадумаў?

Ці стала нядобра мужчыну?

Задуменна схіліў галаву

I пад ногі глядзіць.

На зямлі сакавік.

Сонца снег ручайкамі свідруе.

Вунь як сочацца скрозь,

Як імпэтна бягуць і журчаць!

Чалавек жа нічога не бачыць,

Нічога не чуе.

Як сляпы і глухі.

На абліччы - няшчасця пячаць.

«Як жа ўсё гэта стацца магло?

Хто жыццё спанявечыў?

Хто й чаму насадзіў -

Гэты глум, гэты гвалт, гэты здзек?

Хто мне свет збаламуціў -

Тады, як расправіўшы плечы,

Я ўжо быў уздыхнуў,

Што нарэшце і я чалавек?..»

Прыдарожныя вербы

Кранаюць заспаныя гуслі.

Льецца сонца

I соснам на ўзлеску душу маладзіць.

А на сцежцы стаіць чалавек

I, як курыца ў гузік,

Атупела глядзіць у нішто,

У нікуды глядзіць.

1999, чэрвень

НА МОГЛІЦАХ


Старыя вясковыя могліцы,

Дзе ўранку, і днём, і ўначы

Сосны з бярозамі моляцца,

Вартуючы вечны спачын.

Тут, тут, у надзеях на лепшае,

I моладзь, і людзі ў гадах,

«Дзядам» аддаюць належнае, -

На ціха-журботных кладах.

Што праўда, журбы тут паменела,

Як горад амбітны прыйшоў:

На мармур з гранітам заменена

Драўляная скруха крыжоў.

I як у сталіцы рэч марная –

На шыльдах Радзіму шукаць,

Так тут на граніце і мармуры

Таксама яе не відаць.

Ніводнага тэксту, ніводнага –

На мове дзядоў, што ў зямлі!

У памяць аб родных — не з роднага

Пісьмоўніка словы ўзялі.

Не родныя словы і мовяцца

У дні памінальныя тут...

А сосны з бярозамі моляцца

За тых, хто ўжо збыўся пакут.

1999, чэрвень

БРАТУ БЕЛАРУСУ


Не драмі, беларус, не драмі, -

Схамяніся, агледзься відушча.

Што табе ўгатавана, зірні,

Каб зайсціся ты мог ад удушша.

Мала цынкавых трун-дамавін

Атрымаў ты з чужацкіх фарпостаў?

Зноў гатовы хадзіць да магіл,

Што пачнуць курганець на пагостах?

Знецярпеўшы глядзець у журбе

На знябытасць тваю і гібенне,

Бог наважыў даць волю табе,

Даць адхланне, ад гнёту збавенне.

Не праспі ж, беларус, не праспі

Гэты лёс, гэты дар легендарны.

Разламі, разварочай, разбі

Векавую шкарлупіну ганьбы!

Глянь, як вольны шыкуецца свет,

Як жывуць пабрацімцы-славяне,

Супакойныя тым, што павек

Квет свабоды у сэрцах не звяне.

Не дазволь жа і ты, не дазволь

Над свабодай занесці сякеру!

Акрывавіць адвечны твой боль.

Апаганіць твой гонар і веру.

1999, кастрычнік

ДЗВЕ СТРАФЫ ПРА ЖАНЧЫН БЕЛАРУСІ


Нідзе на нланеце,

Дзе выпала мне пабываць,

Не бачыў я столькі

Чароўных і вабных жанчын.

Чароўных красою,

Якую ад воч не хаваць

I дзённым дазволена богам

і богам начным.

Нідзе на планеце -

Ні ў блізкіх,

Ні ў дальніх краях -

Не бачыў я столькі

Панікла-пагаслых жанчын.

З такой усяленскаю

Скрухай-журбой у вачах,

Якую, здаецца,

Ужо не адолець нічым.

1999

* * *


Загучыць партызанская песня –

I абрыс зруйнаванай старонкі

Зноў у памяці так уваскрэсне,

Як эпоха ў глытку самагонкі.

Тая, што за гарамі ўжо дзесьці,

Паваенная, кроўная наша,

У якую ўваходзілі дзеці,

Як дарослыя - дзюбнуўшы нашча.

1999

СЭРЦА ЛЕЦЕЧКІ*

Віктару Казько

Я не быў

У тым фашысцкім лагеры

Між балот палескіх і дуброў,

Дзе ўрачы,

Страшней, чым п'яўкі прагныя,

З Колькі Лецечкі смакталі кроў.

Днямі гэнымі,

Наскрозь прагорклымі

Дьшам, гарам, горам і журбой,

Я не быў між тых, чыёй крывёй

Захлыналіся шпрыцы з іголкамі.

Дык чаму ж,

На край наш родны гледзячы,

На людзей, на дрэвы і траву,

Мне здаецца,

Што я з сэрцам Лецечкі,

З хворым сэрцам Лецечкі жыву?..

2000

* Колька Лецечка - герой аповесці Віктара Казько «Суд у Слабадзе».

ПЧОЛКА

Н. I. Шчаснай

Планета ў трывозе:

Зноў шнурам бікфордавым

Дыміцца газегны радок...

А пчолка,

Натхнёная сонечным водарам,

Збірае нектар на мядок.

Зноў курчыцца ў муках

Душа чалавечая –

Ад жахаў, ад горкіх бядот.

А пчолка... а пчолка

Ад ранку да вечара

Збірае нектар на мядок.

2000

АДПОМШЧАННЕ


Як скарыў Ярмак людцоў Сібіры –

Мноства розных родаў і плямён,

На прасторы, што асвоіў ён,

Рынулі з Масквы купцы-праныры.

Настаўлялі там факторый безліч,

I тубыльцам, каб наладзіць торг,

Везлі ўсё, што, зналі, пойдзе ў толк,

А найперш - «ваду-агонь» ім везлі.

Спойвалі няшчасных паляўнічых

I за пляшку «вогненнай вады»

Бралі шкурак важкія пуды –

Норкі, сабаля, пясца, куніцы...

Бралі іх фактычна задарма,

Ад чаго імгненна багацелі

I шчэ болей багацець хацелі,

Бо граніц у корці той няма.

А няшчасныя ўсё больш прасілі

Даць «ваду-агонь» ім за тавар,

I ўсё больш рабілася ахвяр

Страшнай немачы, што йшла з Расіі.

Так і выкаціла за стагоддзі

Іх амаль усіх «вада-агонь».

Сёння ж у Расіі ўсе кругом

У сівушным топяцца разводдзі.

Страшна ўжо на спітых апушчэнцаў

I глядзець: што сталася з людзьмі!

I няма ратунку, чорт вазьмі!

Прапіваюць і душу дашчэнту!

Калі Бог сам помсціць - хто ўратуе?

... А ў Сібіры непітушчы люд

З-за Амура - лезе ў кожны кут

I звяркоў, каб футры мець, гадуе.

2000, снежань

ГЭТЫМ I ГАНАРУСЯ


Як пісаў неаднойчы ў журбе

Мой калега

Галоўнаму пану-начальніку:

Цяжка надгаладзь жыць!

Іншы раз на абед —

Толькі хлеб

Ды «варгола» у чайніку.

А каб вершыкі ў стосік сабраць

Ды іх кніжачкай выдаць,

Хоць тоненькай -

Дзе вы бачылі! Тут табе, брат,

Дабрадзей нс ўфундуе

Грунтоўненька.

Праўда,

Сябру, надаўна, майму

Пашчаслівіла:

Дзядзька скапыціўся ў Лондане

I як спадчынніку

Адпісаў перад смерцю яму

Столькі фунтаў,

Што муза не будзе галодная.

Мне ж не шэнціць:

Мой дзядзька-багач,

Што за морам жыве

I даўно ўжо старэчына, -

Штось не хоча душу «выпрагаць»

I ўсё копіць і копіць

Бліскучае рэчыва.

Хоць ты выгукні:

«Дзядзечка, мілы, пара!

Колькі ж можна капціць?

Ты заседзеўся, родненькі!

I не ў думках табе,

Што паэты з пяра

Не жывуць.

Кашчанеюць, гаротнікі!..»

Ды гукаць я не стану.

Хай дзядзька капціць -

Хоць да ста.

На панэль, як нябога-банкрутачка,

Мая муза

Не пойдзе вачыма свяціць.

Нізавошта!

Яна ж у мяне - беларусачка!..

2000, снежань

МОЖА СТАЦЦА


Можа стацца - і я адыду

У сутонь курапацкую

I на сыпісты жвір упаду

Не ўасобку, а ў брацкую.

Дык калі вы мой прах там знайсці –

Прыйдзе час - зажадаеце, -

Па шырокай крывіцкай касці

Вы мяне распазнаеце.

2000

ВЫ, ПЭЎНА, ЛІЧЫЦЕ...


Вы, пэўна лічыце, што ў гэты свет

Я і прыйшоў для баявога чыну.

О не, сябры! Мне Божы запавет

Быў іншы - славіць сонца і жанчыну.

Але Радзімы ўкрыжаванай лёс,

І для самога Бога неўспадзеўку,

Маю душу на барыкады ўзнёс,

Дзе і трапечацца яна на дрэўку.

2000

ЗУСІМ ПРЫВАТНАЕ


О, друг мой,

Як гэта нямала —

На захадзе дня

Сядзець каля грубкі

I слухаць,

Як трэскаюць дроўцы,

Як льецца мелодыя жарсці

З-пад пальцаў агня,

I ў тон ёй

Шукаць у душы

Запаветныя слоўцы.

2000

ЗАПОЗНЕНАЕ


У сэрцы і дагэтуль пе пагухлі

Заранкавыя водсветы вясны.

Я нават помню, як скрыпелі туфлі,

Калі праходзілі Вы ўздоўж сцяны.

У зале той, бітком набітай, цеснай,

Іх тонкі, мяккі, мілагучны скрып

Здаваўся музыкай мне паднябеснай,

I я ўзлятала з ёй увысь без крыл,

I тут жа падала дадолу ніцма,

Спалохаўшыся мрояння свайго:

«Дурніца я, нікчэмная дурніца,

Не вартая і позірку яго!..»

I больш не мроіла... Хоць вочы пухлі

Ад слёз - ад першых слёз маёй вясны.

Я нават помню, як скрыпелі туфлі,

Калі праходзілі Вы ўздоўж сцяны.

2001

МАСТАК

Аляксею Марачкіну

Спаткаў мастака я,

кашмарнымі змучаны снамі,

I стаў яму плакацца:

«Што ж гэта сталася з намі?

Нядобрае нешта!

Не так мы жывем, беларусы!..»

А ён мне і кажа,

усмешкай рассунуўшы вусы:

«Пагляньце, як хораша

сонца ўзыходзіць над паркам!

Як хмаркі палашць!

Як неба залоціцца ярка!

А тыя, што нашай свабодзе

магілу капаюць, -

Нізрынуцца ў яміну самі

і ў ганьбе сканаюць!..»

Праз месяцаў колькі

мы стрэліся зноў на праспекце,

I зноў я гатоў быў

упасці ў няпрошаны скепсіс.

А ён мне і кажа,

спыніўшы мяне на паўслове:

«Пагляньце на гэныя клёны

ў агністай абнове!

Пагляньце, які туманок

устае над ракою!

А тыя!.. - махнуў ён

з відочнай пагардай рукою, -

Папомніце: схлынуць і згінуць

брыда і звырода,

Што прагнуць забрудзіць

святьші і гонар народа!..»

А сёння... I сёння

настрой у мяне быў сірочы,

I я, не хаваючы смутку,

зірнуў яму ў вочы,

А ён усміхнуўся

і жальбы не даў мне разводзіць.

«Вы гляньце, вы гляньце,

якія жанчыны парходзяць!

Якія красуні!

З такімі мы права не маем

Ні хныкаць, ні хліпаць -

адно мілавацца наўзаем!

А ўсе запраданцы і юды,

прапахлыя псінай,

Павесяцца ўсе на балоце -

на ўсохлых асінах!..»

Руку мне націснуў на ростань

і знік у натоўпе.

I дзіўнае дзіва -

я іншым пачуўся настолькі,

Што ўжо і не скрушна,

і ўжо я рэальнасці рады,

Стаю і любуюся,

нібы з ягонай парады,

Як сонца садзіцца за дахі, -

няспешна, бы ў стоме,

Як казачна ў парку

зліваюцца цені ў сутонне,

Як бела-ружовыя хмаркі

ў рацэ карагодзяць,

Як вабна, як гожа і годна

жанчыны праходзяць!..

Ну хай сабе міма,

ну хай на спатканне з другімі —

Малюся, каб Божая воля

трывала над імі,

I веру, што годнасці іх

сатане не адолець,

Што ласку яны

запраданцам і юдам не дораць.

2001, кастрычнік

ЗА ШТО ? (Патлумачэнне)


Мадэльны «натрыёт і дэмакрат»

Лютуе, што на беларускай ніве

Паэт займае месца надта шмат:

«Ату яго! Лупі яму па грыве!»

За што не церпіць творцу ягамосць?

А ўсё за тое: позіркам паэта

Той бачыць юду кожнага - наскрозь,

I кожны юда адчувае гэта.

2001, лістапад

* * *


Паэзію аспрэчыць немагчыма.

Тым больш - адпрэчыць ад душы сваёй.

I нават адвярнуўшыся, плячьша

Адчуеш: дастае! I праўда ў ёй!

I як бы ні хлусіў сабе, і як бы

Ні суцішаў сябе: «Ат, што той верш!» -

Паэзія бярэ цябе за жабры

Пытаннем страшным: для чаго жывеш?

2001, лістапад

У БАЛЬНІЦЫ


Голас пазнала і дотык рукі.

А воч не адплюшчыла - сілы няма.

«Мусіць, усё...Адслужыла я вам...» -

Ледзь прашапталі бяскроўныя вусны.

«Не! - закрычаў я ад роспачы нема. –

Толькі не гэга! Не ! Толькі не гэта!

Толькі не гэта, не гэта, не гэта!.. –

Тахкае ў скронях, стукоча ў грудзях. –

Ты не пакінеш мяне, не пакінеш

Безабароннага ў роднай краіне,

Бездапаможнага, як дзіцяня.

Глянь, як, пачуўшы тваё «адслужыла»,

Сташна злякаўся, спалохаўся я, -

Так, што ажно пацямнела ў вачах,

Так, што магу і цябс апярэдзіць –

Грымнуцца тут жа, і ўражаны ўрач,

Пульс перастаўшы лічыць небараку,

Скажа, не гоячы расчараваня:

«Дзіўна! Паэт, а зваліўся ад страху,

Што застанецца адзін, без яе.

Божа, які слабачына! А ў вершах –

Ледзь не героем сябе выдае...»

2001

ХЛАПЧУК З ГАЛАМЯНКАЙ


Белабрысы,

Гадоў дзесяці, магчыма,

З вялікімі

Зеленавата-шэрымі вачыма,

З тварыкам жоўтым, бы з воску,

Хлапчук абгрызае костку.

Ён прыбег, галодны, са школы

I сам, самастойна абедае.

Маці на працы.

Прыйдзе а шостай дзесьці.

Ды што за бяда? Ён ведае:

Суп на пліце,

Трэба тодькі пагрэць - і есці.

Для яго гэта звыклыя рэчы -

I ў краму схадзіць,

I сябе абслужыць на кухні.

Калі суп быў высербаны дарэшты,

Ён узяўся за харч наступны -

За знойдзеную ў каструлі галамянку -

Ладную голую каравячую костку.

Гэта маці заўчора

Купіла касцей цалафанку.

Нейкі дзядзька прадаў па-боску.

Нават можна сказаць -

Аддаў іх амаль задарма,

Калі зразумеў, што яна

Гэтыя з духам мясным прысмакі

Купляе не для сабакі.

Моцна трымаючы костку ў руцэ,

Ён пажадліва абгрызае

На яе галоўцы белыя храшчыкі.

Храшчыкі —

Мяса на ёй і для смеху няма.

Толькі тонкія белыя храшчыкі...

Абгрызае, як гэта не раз

Рабіла, ён бачыў, маці.

I хрумстае, хрумстае зубкамі

I глядзіць,

Ці няма дзе яшчэ абгрызці?

А потым, зноў жа,

Як гэта рабіла маці,

Бярэ сваю алюмініевую лыжку

I пачынае ў яе вытрасаць

З галамянкі мазгі,

Бо ведае, што гэта

Незвычайная смаката -

Сакавітыя і салодкія

З каровінай косткі мазгі.

Мазгі не вывальваюцца,

Хоць ён і прыстуквае

Полым канцом галамянкі

Аб донца лыжкі.

Тады ён бярэ сталовы нож

З завужаным на канцы лязом

(Гэтак рабіла і маці)

I пачынае соваць у костку,

Калупаць і пакручваць

Тое лязо ўнутры.

А потым зноўку трасе.

I — о, чаканая радасць!

У лыжку вывальваецца камячок

I сок выцякае -

Тлусты салодкі сок!..

Шкада, што гэтае смакаты —

На адзін раз у рот пакласці.

Зараз ён, адкуеіўшы хлеба,

Забярэ смакату губамі

I з'есць. I адчуе усім нутром:

Ах, як мала яе! Як мала!

I яшчэ раз засуне ў костку лязо

I будзе круціць ім высільна -

Ці не засталося хоць крышку?

I зноў будзе трэсці, прыстукваюы

Полым канцом у лыжку.

Нічога не вытрасшы, ён уставіць

Шчарбаты канец галамянкі ў рот

(Гэтак, бачыў, рабіла маці)

I будзе доўга штосілы смактаць —

Каб да капелькі высмактаць

Тую салодкую смакату.

Той нябачны салодкі стронцый.

Тую салодкую смерць...

Потым пойдзе і возьме кніжку

(Ён надта любіць чытаць)

Разгорне і ўголас, хоць і не гучна,

Прачытае прыгожы вершык

Пад назвай «Жыве Беларусь!»

2001

ВОСЬ I ЯШЧЭ АДНО ІМЯ

Міхасю Казлоўскаму

Вось і яшчэ адно імя...

Апошняе? О, не!

Вяртанню іх канца няма

У нашай старане.

За час няволі чужакі

Іх сцёрлі сотні сот,

Каб безыменным праз вякі

Стаў наш увесь народ.

Калі папраўдзе мы сыны

Скарынавай зямлі –

Мы ўсё адробім, каб яны

Павек між нас былі.

Мы вернем, мужна і без слёз,

Іх душы з небыцця.

Якой цаной? Як судзіць лёс –

Дык і цаной жыцця!

2000-2002

НЯСМЕРТНЫ ДУХ СЛОВА


Ці гляну навокал, ці памяць крану –

I чую і бачу: па гуку, на слову

Стараюцца гэрцы пакласці ў труну

Маю беларускую мову.

Стараюцца! Сотні ўжо гэтак гадоў –

Па гуку, па слову, па выразу цэлым —

І душаць, і душаць, і зноўку, і зноў, -

Каб стаўся наш край анямелым.

Ад злосці пры гэтым шалеюць ажно.

Аж кожны з іх зекры на лоб вырачае:

«Якая жывучасць! Дзе ўсмерцяць адно —

Там сем узамен вырастае!»

I лезе, і лезе — куды ні паглянь —

То гукам, то словам, то цэлай прымоўкай,

Як лезе стаквецце на ўлоннях палян

Ці ў пойме, цяплынню прамоклай.

I гэрцам ужо нехапае разваг:

Што здумаць-прыдумаць, каб справіцца з ёю?

Ну хоць ты суцэльны будуй саркафаг

Над гэтай праклятай зямлёю!

Не цямяць чужынцы, не кемяць свае,

Што тут не паможа і покрыў бетонны.

Любыя прыдумы ўзарве і сарве

Нясмертны дух слова бунтоўны!

2001-2002

СУСТРЭЧНЫ


Годзе, скептык, д'яблу ў лад

Цвердзіць марна,

Што вярнуца ў весні сад

Не рэальна.

А калі ў прыродзе ёсць

Цудадзейны

Міг вяртання ў маладосць

Неспадзеўны?

Светлы міг, каб уталіць,

Нібы смагу,

Боль, што ўсё яшчэ баліць -

Сціха, змалу.

Той, з якім і адыду,

Той, якому

Рысу я не падвяду

Аж да скону.

Як і кожны ў Бога госць,

Рад табе я,

Міг вяртання ў маладосць,

Міг-надзея!

Адлюбіў, недалюбіў –

Век не вечны.

Цудам, міг, цябе зрабіў

Боль сустрэчны.

2001-2002

ПАМЯЦІ ЯЎГЕНА КУЛІКА


Па заснежана-белай,

Журботна знямелай

Кальварыі

На плячах у сяброў

Адплывае у вечнасць душа.

Беларуская...

Непераможаная

I няскораная жандарамі,

Адгарапашнічала,

Адпакутавала,

Адспадзявалася

I - адышла.

З горніх высяў

Цяпер ужо будзе

Наш брат услухоўвацца,

Ці імчыцца ў пагоні

Той вершнік ягоны

Па роднай зямлі,

З кім ён побач, нябачны,

Ляцеў і ляцеў,

І не мог супакоіцца:

«Мы зваюем! Зваюем!

I вернем усё,

Што чужынцы ўзялі!..»

Так, цяпер ён ужо

Будзе бачыць адтуль,

Як у слёзках канваліяў

Ці ў слязах васількоў і рамонкаў

Замрэ перад бурай

Зямля...

Над заснежана-белай,

Журботна-знямелай

Кальварыяй -

Непрагледзіста-хмарная высь.

Векавечны спакой.

Цішыня.

Знаю:

Воля не зломлена,

Дух ваякоў не расслаблены.

I аднак жа,

Абводзячы вокам

Глухую навокал

Зіму, -

Зноў і зноў

Выдыхаю пытанне

Губамі азяблымі:

«Колькі нас,

Каму гэтак баліць Беларусь,

Як балела яму?..»

2002, студзень

ЛЮБІЎ БЫ ЦЯБЕ Я, АЙЧЫНА

Івану Дзінкаву

«Любіў бы цябе я, Айчына,

Калі б не было суайчыннікаў».

Так страшна, так горка, так шчыра –

У выніку роспачных вынікаў, -

Дапіўшы напітак паганскі,

Сказаў пабрацім мой балгарскі.

I вось жа каторы ўжо месяц

Мяне яго боль пераследуе,

Зайшоў у душу — і ні з месца:

Ні ўступак, ні спуску не ведае.

I ранняй парой, і вячэрняй –

Усюды са мной неадчэпна.

Душою, крывёю, вачыма

Гляджу на ахвяру ашыйніка.

«Любіў бы цябе я, Айчына,

Калі б не было суайчыннікаў».

Бо толькі праз іхнюю згоду

Ашыйнік вянчае свабоду.

«Любіў бы цябе я...» О, Божа,

Як сцюжна дыхнула бяздоннасцю!

Не можа, не можа, не можа

Маёй гэта стацца свядомасцю!

Ах, любасны брат мой балгарскі!

Ах, чортаў напітак паганскі!..

2002, красавік

БАЛАДА ПРА ГОРКАСЦЬ


Пасадзіўшы голенькага ў ночвы,

Мама мые сына. Любата!

Але вось панала мыла ў вочы –

Давяла да плачу гарката.

Мусібыць, зайшло занадта шчодра.

Мама нагінаецца хутчэй

I губамі цёплымі, пяшчотна,

Горкасць выцалоўвае з вачэй.

«Вось і ўсё, не плач, ужо не есца», -

Сплюнуўшы салёны выцмак з губ,

Кажа мама. Памяць малалецтва!

Памяць першых горкіх страт і згуб!

На сцяжынках, роўных і крывенькіх,

На шляхах з імглы і з цемнаты –

Колькі мне заходзіла пад вейкі

Да нясцерпу едкай гаркаты!

Колькі блудных крокаў незваротных

Зроблена ў жыццёвай мішуры!

Колькі любых, дарагіх і родных

Адышло ў магілу без пары!..

Думаў: з часам прыцярпеўся, звыкся.

Не. Пад вейкамі ўсё больш гарчэй.

Неба роднае! Пара! Схіліся

I мне горкасць выцалуй з вачэй!

2002, красавік

Загрузка...