Паэмы
Жылі, жылі, жылі - і дажыліся...
Ішлі, ішлі, ішлі - і вось прыйшлі...
Так колісь казачнікі пачыналі,
I добра ім, не горка ім было,
Бо зналі: казка ёсць не больш чым казка,
Знарок прыдуманая небыліца,
Каб супакоіць і суцешыць тых,
Каму гаротна і няўтульна ў свеце,
Каб усяліць у душы іх надзею,
Што можна ўсё-такі і дачакацца
Шчаслівай, радаснай развязкі лёсу,
Як дзед і баба ці мужык і жонка:
Жылі, жылі, чакалі й прычакалі,
Або як тыя тры браты-малойцы:
Ішлі, ішлі й нрыйшлі да хаткі ў лесе...
Так, добра баяць бахарам было
У той далёкі час міфалагічны.
А як сягоння ў наш вучоны век
Сказаць: жылі, жылі - і дажыліся?
Сказаць: ішлі, ішлі — і вось прыйшлі?
Куды і з чым прыйшлі? Дзеля чаго
Жылі, жылі? I што ж на дажыванні?..
У незалежнай, суверэннай, вольнай,
У нашай роднай, любай Беларусі,
Што разам з іншымі тры чвэрці веку
Раўняла крок на сонечнае заўтра, -
Пасля вялікіх перамог працоўных
І гістарычных заваёў народа, -
Настаў вялікага жабрацтва час.
I як калісь пасля вайны апошняй,
Ізноў на гора наша і нястачу
Спагадным сэрцам адгукнуўся Захад
I, нібы пагарэльцам, нам, ахвярам
Чарнобыльскай аварыі жахлівай,
Пачаў дарункі ўсякія дарыць –
Адзетак, вобуй, лекі, харч дзіцячы...
Нярэдка - друк не раз пісаў пра гэта –
І рызманы, і транты-неданоскі
З нявыветраным духам нафталіну.
(А што ж вы, братцы-жабракі, хацелі?
Каб шубы новыя з пясца ці з норкі
Мы вам прывозілі? Ага, чакайце!)
Ізноў, мінулае было забыўшы,
На схіле веку і тысячагоддзя
Абрабаваныя нядоляй людзі,
Сваёй краіны негаспадары,
На падарункі квапяцца чужыя
I да начальства з крыўдаю прыходзяць,
Чаму нячэсна дзеляцца дары.
«Чаму маім не дасталіся дзецям
Прывезеныя з-за граніцы транты,
I той абутак, і прысмакі тыя?
Ці радыяцыя маіх не труціць?
Ці мо яны зусім жыцця не варты?..»
I плача маці, а пры ёй дзяўчына
Гадоў трынаццаці, таксама, бачу,
Не сутрымаецца, вось-вось заплача,
Худзенькая, з сінечай пад вачыма,
Нездаравячая па ўсіх прыкметах.
На ёй сукенка з міткалю ў гарошак,
А на нагах - стаптаныя танкеткі,
I тыя завялікія ёй трошкі,
Хутчэй за ўсё, як гэта ў нас адвеку
Было зазвычай, - матчыны даноскі...
I да таго мне блізкім і знаёмым
Здалося штосьці ў вобліку падлетка,
Што, дзеі і этай выпадковы сведка,
Я памяццю сваёй у сорак сёмым
У роднай вёсцы апынуўся раптам.
Прымружыў вейкі і на міг убачыў
Дзяўчынку, гэткага ж якраз узросту,
З такой жа марай у вачах дзіцячых:
Замест дашчэнту зношаных анорак,
Ужо ў рамонце быўшых неаднойчы,
Узбуць на ногі цуда-чаравічкі –
Свае, уласныя! I выйсці ў іх
Упершьшю на людзі, - хай глядзяць
I дзівяцца... I нават хай зайздросцяць,
Што ў іх няма такіх... Той успамін
Азваўся болем у мяне ў грудзях,
I я адчуў, што мушу, што павінен
Балючай згадкай падзяліцца з некім.
Вось і бяруся расказаць сюжэт
Пра туфлі-лодачкі, хоць слаба веру,
Што старамодную маю манеру
Апавядаць ты выцерпіш, чытач,
I па радках не пусцішся наўскач.
* * *
У тым далёкім паваенным годзе
Яны сям'ісцы нашай дасталіся
З амерыканскіх рэчаў, што прывезлі
У чатырох мяшках у нашу вёску
I растлумачылі, што гэта нам
Якаясь «юнраўская» дапамога.
Па спіску, складзеным у сельсавеце,
Адзетак і абутак з тых мяшкоў
(Усё ўжо ношанае — больш ці менш)
Размеркавалі самым бедным сем'ям:
Асірацелым за вайну, бяздомным
I мнагадзетным... Што каму прыпала:
Каму сукенка, ці каптан, ці джэмпер,
Каму жылет, ці плашчык, ці пантофлі,
Каму гамашы, ці халат, ці хустка...
Нам, можа быць, з увагі, што ў сям'і
Аж тры дзяўчыны, — лодачкі далі.
Ах, тыя цуда-лодачкі з-за мора!
Такіх ніколі я не бачыў зроду.
Такіх у нашай Слабадзе не мела
Ані адна красуня-прыгажуня,
Такіх не толькі ў радавых «каўхозніц»,
А і ў настаўніц нашых не было.
Фігурныя, але мадэлі строгай,
Без засцежак, без банцікаў, без строчак,
З абцасікамі, выгнутымі пекна,
З люстрана-чорнай натуральнай скуры,
Знутры - усцеленыя гладкай сцелькай,
З падэшаўкамі, слізкімі, як шкло...
Ну, адным словам, лодачкі - на славу,
А як на тым пасляваенным нашым
Суцэльным гумава-кірзовым фоне -
Дык і багацце не абы-якое!
Старэйшай з трох маіх сястрыцаў Ліне
Прыйшліся лодачкі не па назе –
Не ўздзела нават. Бедная студэнтка
Ажно заплакала ад шкадавання,
Ад крыўды на несправядлівы лёс.
Ды тут ужо нічым не дапаможаш:
Памеру іх не павялічыш сілай
I на другія ў краме не заменіш.
Адно і застаецца, што паплакаць.
Затое гэту акалічнасць, помню,
Без засмучэння ўспрыняла Ідзея –
Сярэдняя з дзяўчат у нашай хаце.
Не раз, не два я апынаўся сведкам,
Як, улучыўшы час, калі нікога
З усёй сям'іскі дома не было,
Яна вымала лодачкі са схову
I прымярала на сваю нагу.
Было дванаццаць ёй, калі яна,
Не па гадах цыбаценькі падлетак,
Іх першы раз абула і з вялікім,
Непераможным трапятаннем сэрца
Глядзела-любавалася спярша,
Як ёй пасуюць, як сядзяць яны,
Ці завялікія нашмат, а потым
Прайшлася асцярожна па масніцах
I нават не стрывала - о жанчына! —
На момант закружылася шчасліва
У нейкім вольным танцы, узмахнуўшы,
Як птушка крыллем, тонкімі рукамі.
Не разумеючы, на жаль, таго,
Што адбываецца ў душы дзяўчынкі,
Я пакрывіўся кісла і сказаў:
- Зламі, зламі абцасікі! От будзеш
Ад мамы мець! Кладзі хутчэй на месца.
Яны зусім табе не падыходзяць...
Сястра гарэзліва, бы мне наўперак,
Ізноў крутнулася, з прытупам нават,
Але зняла і, ў куфар кладучы іх,
З вясёлым выклікам дала адказ:
- Нічога! Сёлета яшчэ мне трохі
Велікаватыя, але налета...
Убачыш — будуць самы-самы раз!
- I ты абуеш іх і па гразішчы,
Па нашым бруку ў школу пабяжыш, -
Падкалупнуў я з посмехам сястрыцу.
- Ага, знайшоў дурную! Па гразішчы
Я іх у торбе панясу да школы,
I то — па святах толькі, для канцэрта.
А там... - Аж вочы сплюшчыла яна,
Як уявіла той шчаслівы момант, -
А там абую і па сцэну выйду -
Дэкламаваць і пець, і ўсе пабачаць,
I ўсе пабачаць... лодачкі мае!..
* * *
Праз год, налета... Бедная сястрыца!
I ў страшным сне ёй не магло прысніцца,
Што тая сонечная думка-мара
Пра лодачкі, што дастануцца ёй,
Ураз, імгненна лясне і пагасне.
I праз каго! Праз брата. Праз мяне.
Хоць быў я толькі ўскосна вінаваты,
Бо не выходзіў з ініцыятывай
I лёсу лодачак не вырашаў, -
А ўсё ж, а ўсё ж! Калі б не я, калі б
Не ўзнікла вострым-вострае пытанне,
У чым паеду ў Мінск я на вучобу, -
Пра лодачкі не ўспомнілі б, бадай.
Яны ляжалі б там, дзе і ляжалі,
У запаветным для сястрыцы схове,
Пакуль не стануць ёй зусім якраз...
Але сказала нейк увечар мама,
Галодны гурт уцешыўшы заціркай,
Хутчэй прысіўленаю, чым бялёнай, -
Сказала мне і для мяне, сам-насам,
Ніхто з дзяцей не чуў яе разваг:
- Не знаю, сын, за што табе купіць
Хоць трохі людскія штаны якія,
Каб не смяяліся з цябе студэнты.
Нічога болей не магу прыдумаць,
Як з тымі лодачкамі развітацца.
Вязі, прадай у Мінску на базары
I там за выручку купі штаны...
Бязбожны, чэрствы, подлы эгаіст!
Свой пераследуючы інтарэс,
Я з пагатоўнай радасцю згадзіўся
Уранку ж заўтра ехаць на базар,
I не падумаў, і не ўспомніў нават,
Што павязу не лодачкі на продаж,
А мару, мару - ды якую мару! –
Маёй сястрыцы!.. Божа літасцівы!
Паўвека ўжо, як я цябе прашу:
Даруй мне грэх мой і ўратуй душу!
І да апошніх дзён свайго жыцця,
Успомніўшы сястрыцу, што даўно ўжо
На родных могліцах слабодскіх спіць,
Я кожны раз аб гэтым жа прасіць,
Маліць Цябе не перастану, Божа.
Назаўтра раненька, з усходам сонца,
У чыстую анучку загарнуўшы,
Паклала мама лодачкі ў стары
Абшэрпаны партфель, з якім калісьці
Па службе ездзіў у райцэнтр бацька.
Дала з сабой мне праснака акраец,
Два яйкі, звараныя укрутую,
Два агуркі з грады і шчопаць солі.
Тады ад нас дабрацца ў стольны Мінск
Адзін быў спосаб: пешшу да Лагойска,
А там, каля піўной сярод мястэчка,
Прасіся ў шофера грузавіка,
Каб ён узяў цябе... А ён і возьме.
Але спытае перш: «А грошы маеш?»
«Ага», - адкажаш ты. «Гані трыццатку –
I марш у кузаў!» — кіне той з пагардай.
Вось тут ты маху не павінен даць.
Вядома, такса - трыццаць, і для ўсіх,
Але ты будзеш ёлупень апошні,
Калі не зможаш збіць хоць на пяцёрку,
А той й на дзве... Па-першае, ты ўсё ж
Яшчэ, лічы, падлетак, па-другое,
Без багажу, без кошыкаў і вёдзер,
Паўнюткіх ягадамі ці грыбамі,
А раз улегцы - мусіць скідка быць.
Па халадку па ранішнім, бязважкім
Вясёлым крокам, з радасным настроем,
За дзве гадзіны я ў Лагойск прыджгаў.
Каля піўной стаяў адным-адзіны,
Нагружаны амаль да неба сенам,
Магутны тупаморды «студэбекер».
Наўзбоч, ля вёдзер і кашоў з дабром,
Жанчыны тоўпіліся ладным гуртам
I з зайздрасцю глядзелі на кабіну,
Дзе ўжо сядзела, з хлапчуком пры боку,
Шчасліўка - з іх жа, мабыць, грамады.
«Калі вось гэтак - па адной, па дзве,
Дык да мяне чарга няскора дойдзе, -
Прыкінуў я, засмучаны знянацку. –
Так і паўдня тут можна пратырчаць...
А што, калі... - Я зноў і зноў агледзеў
Бухматы воз, як сцірта, здаравенны, -
А што, калі наверх я папрашуся?
Там - парубень і ўпоперак вяроўкі,
Трымацца ёсць за што. Па цэнтру лягу,
Дзе ўціснута, дык і не бачны буду...»
Тым часам з забягайлаўкі-піўнушкі
Вярнуўся шофер - малады мужчына
З вясёлымі, смяшлівымі вачмі.
I гэта падняло мае надзеі.
- Мне надта ў горад трэба тэрмінова,
Дазвольце мне туды, наверх, залезці,
Я заплачу... - Наверх? - здзівіўся той. –
А не зляціш, як страсяне дзе-небудзь?
- Не, не зляту. Я за вяроўку буду
У дзве рукі трымацца... Падвязіце!
- Арол! Ну што ж, залазь. Адсюль, з кабіны.
Але запомні: я цябе не бачыў.
Ты ўпотай сам забраўся. Зразумеў?
- Ага, - кіўнуў. I выняў два чырвонцы. -
Вось грошы... - Грошы мне твае не трэба.
Пакінь сабе іх — як узнагароду
За смеласць і адвагу... Эйш, арол!
«Арол» між тым зусім арлом не чуўся,
Бо ўся была ў выбоінах дарога,
І так раз-пораз гоцала машына,
Што падкідала і мяне наверсе,
I я мацней сціскаў вяроўку ў пальцах,
Не выпускаючы й партфель бясцэнны,
Каб ад мяне не ўцёк неспадзявана.
Бо выпушчу - і ўсё! Пішы прапала:
Адгэтуль крыку шофер не пачуе,
I не пастукаеш яму ў кабіну,
Каб запыніўся... Аблізнешся толькі –
I без партфеля, значыць, без штаноў,
Як пёс пабіты, прыпаўзеш дамоў.
Таму — аж гучна выдыхнуў нарэшце,
I сэрца зноў вярнулася на месца,
Калі пры ўездзе ў горад «студэбекер»
Зацішыў ход і стаў. Ну, вось цяпер
Магу сказаць, што мне пашанцавала:
Я ў Мінск прыехаў задарма! Ура!
А за «дарожныя», што не растраціў,
Куплю ў кнігарні кнігу, а то й дзве.
У бедны той пасляваенны час,
Галодна-прагны на харчы для духу,
Без кніг дамоў я з Мінска не вяртаўся.
* * *
У сорак сёмым летам стольны Мінск,
Датла спажараны і зруйнаваны,
Яшчэ жахаў пустэчай папялішчаў
I зданямі сляпых муроў разбітых.
Пад Ляхаўкай, дзе Свіслач робіць выгіб,
У той луцэ на поплаве прырэчным,
Дзе да вайны быў слынны іпадром,
У сорак сёмым быў базар-таўкучка, -
Універсальны, пра які казалі,
Што толькі бацьку з маткай там не купіш.
Туды я і прыйшоў - прадаць-купіць.
Прадаўшы лодачкі, купіць штаны.
Народу - процьма, хоць і будні дзень.
Чаго, і праўда, тут не прадаецца -
На тлумным скопішчы людскіх турбот!
Я ў думках паўтарыў наказ-параду,
Што на дарогу мне сказала мама:
«Спярша нрайдзіся, пацікаўся, колькі
За туфлі-лодачкі другія просяць,
Прыгледзься, ці такія, як і нашы,
Ці лепшыя, ці горшыя, а потым -
Вымай, паказвай і кажы цану.
На менш, чым трыста, не згаджайся, сынку.
Ну і пільнуйся ж, каб не ашукалі,
Там, знаеш, колькі ўсякага жулля...»
I вось хаджу. Нібы - як пакупнік
Гляджу і служаю. Цікава - страшна!
Ай, як умеюць свой тавар хваліць!
Якою складнай, вострай мовай сыплюць!
А як таргуюцца! Як не ўступаюць
Ані пяцёркі! Сварацца ажно!
Тэатр, дый годзе! Цэлы б дзень, здаецца,
Глядзеў і слухаў паядынкі-сцэнкі!..
«Генеральская папаха!
Генеральская папаха!
Налятай, каму нядорага!
Ды і ўступім для каторага!»
«Чаравікі! Чаравікі!»
«Колькі?» - «Трыста просім!
Забіраеш?» - «Кошт вялікі!»
«Што ты круціш носам?
Ты бяры й не сумішвайся!
Дома дзякуй скажаш.
Будзеш біць - адно трымайся!
I ў труну ў іх ляжаш!»
«Бурнос па дзяшоўцы!
Бурнос па дзяшоўцы!
Купляй,чалавеча!
Бурнос — заглядзенне!
I сам будзеш цёгаць,
І баба адзене!..»
«Дзядзька, скінь хаця б пяцёрку!»
«Мо табе аддаць дарма?»
«Ён жа, глянь, зусім пацёрты!»
«Ты пацёртая сама!»
«Колькі просіш, мадам?»
«За «бумагу» аддам».
«Хіба разам з табой –
Тады, можа, й куплю!»
«Калі разам са мной –
Палавіну ўступлю!..»
«Што, падабаецца табе
Тальяначка? Бяры!
З ёй і ў асінавай журбе
Не будзеш знаць бяды!»
«Узяў бы, братачка, яе,
Узяў і не гадаў,
Калі б і рукі ты свае
Мне заадно аддаў».
«Ну харасо! Ну харасо!
Сто дваццаць концаных - і фсо!
I то, мадам, сугуба вам!
Бо візу, ві із тых, мадам,
Хто панімае, сто к цаму.
Дык вам - і лыотную цану!..»
Прайшоўшы наўкруга і перасекшы
Базарны пляц упоперак крыж-накрыж,
Спыніўся я і выдыхнуў: «Ну, фсо!
Пара і мне свой торг распачынаць».
I я дастаў з партфеля цуд заморскі -
Карцінкі-лодачкі: мадэлі строгай,
Без засцежак, без банцікаў, без строчак,
З абцасікамі, выгнутымі пекна,
З падэшаўкамі, гладкімі, як шкло...
Ні ў кога тут падобных я не бачыў
I блізка нават! А таму цану
Я адпаведна вартасці назначыў:
Паўтысячы - і ні рубля ніжэй!
Мой «цуд» заўважылі, жанкі, вядома,
I пачалі спыняцца, браць у рукі,
Круціць, глядзець дасведчана і ўважна,
Але, пачуўшы, колькі я прашу -
«Ого! - ускрыквалі. - Ну й заламаў!»
I, таргавацца нават не пачаўшы,
Прэч адыходзілі або казалі:
«За трыста - хочаш, дык давай вазьму».
I я, напэўна, з пачуцця пратэсту
Супроць такой насмешкі і абразы,
Успыхваў раптам, траціў сарамлівасць
І ўсё смялей ім сыпаў у адказ:
«Вы паглядзіце толькі! Гэта ж цуд!
Такіх не знойдзеце ва ўсёй краіне!
Абуеш - і саперніцы капут!
Як тому гаду Гітлеру ў Берліне!»
Заўважыў: ацанілі мой нязвыклы
Прэтэнцыёзны хваласнеў тавару.
«Ты бач яго! Як складна прымаўляе!
I ведае, чым падкупіць жанчын...»
Нагхнёны, пэўна, я і сапраўды
Зрабіў бы лодачкам сваім рэкламу,
Каб быў і змест у ёй, і склад, і лад.
Але патрэба ў тым адпала раптам.
Перада мной спынілася дзяўчына,
Мая равесніца, а можа, нават
I маладзейшая крыху, - дзяўчына
Такой чароўнай, дзіўнай прыгажосці,
Што я на момант там аслупянеў.
«Прьшцэса! Тая, што ў кіно замежным
Нядаўна бачыў. Чыстая прынцэса!..»
З адкрытым, па-дзіцячы мілым тварам,
З блакітна-васільковымі вачыма,
З прыпухлымі пунцовымі губамі,
З даўгой і тоўстай ільняной касой,
У белай кофтачцы з бурштыннай брошкай,
У цёмна-шэрай клёшавай спадпічцы,
Як заварожаная, нейкі міг
Яна на лодачкі мае глядзела,
Затым, назад галоўку павярнуўшы,
Гукнула: - Мама! Мама, йдзі сюды!..
На кліч «прынцэсы» падышла жанчына –
Мажная целам, у квяцістым плацці,
Са скураною сумкай у руках. –
Глянь, мама, лодачкі, якраз такія,
Як я хачу, - і колер, і фасон... –
Сказала, гледзячы жанчыне ў твар,
Чароўнае, нябеснае стварэнне.
А я... а я з яе не зводзіў воч,
Забыўшыся, чаго я тут і хто я,
I адчуваў, як чырванею ўвесь,
Як залівае твар гарачай хваляй.
- Ну пакажы, - спакойна, не адразу,
Нейк па-начальніцку сказала маці.
I я падаў ёй лодачкі - абедзве.
Адну, з вялікім нецярпеннем, тут жа
Дачка схапіла - разглядае, ставіць
На даланю, і пальчыкамі гладзіць,
I зіркае на маці раз за разам
Такім шчаслівым позіркам, што я
Адчуў у сэрцы дзіўнае жаданне,
Каб іменна яна, яна, яна
Купіла лодачкі мае! I нават
Імгненна вырашыў: дзеля яе –
Цану спушчу, не буду таргавацца...
- Падыдуць, бачу зразу, што падыдуць, -
Пераканаўча, горача, напорна
Яна гаворыць імпазантнай маці,
Каб тая не ўсумнілася, крый бог!..
- Ды пачакай ты! Мы яшчэ не знаем,
За колькі хоча ён прадаць іх, можа,
У нас і грошай гэтакіх няма...
Я не адразу зразумеў, што просяць,
Каб я назваў цану, - мая ўся ўвага,
I думкі ўсе, і чуйнасць, і свядомасць
Былі забраны казачнай «прынцэсай»:
Як сам не свой я чуўся перад ёй.
- Дык колькі ж, хлопец, хочаш ты за іх? –
Перапытала голасна жанчына.
I я - куды дзяваўся мой імпэт –
Адкашляўся і, каўтануўшы сліну:
Чатырыста, - ледзь выдавіў з сябе.
Што-што? Напэўна, ты жартуеш, хлопец!
Зрэагавала насмехам жанчына. -
Табе ніхто за іх не дасць і трыста.
Але пра гэта рана гаварыць,
Спярша прымерыць трэба, ці надыдуць.
Хадзем на ўзбочча, дзе няма народу, -
I, згоды не чакаючы маёй,
Пайшла паперадзе, за ёй - «прынцэса»,
А за «прынцэсай» - я, усхваляваны,
Разгублены - да роспачы амаль.
«Дык як жа гэта? Не дадуць і трыста?
Мне ж прапаноўвалі... Але такой бяды! -
I тут жа ўслед пераляцела думка
На іншае: «Каб толькі падышлі!
Каб толькі ёй у самы раз былі!..»
Ей, што ішла перада мной спаважна,
У белай кофтачцы, у клёш-спадніцы,
Такая зграбненькая ўся ў пастаці,
Такая тоненькая ў паясніцы,
З такой прыгожай русаю галоўкай
На роўнай тонкай шыйцы пад касой!..
«Адкуль яна? Хутчэй за ўсё, мінчанка.
І не з галетных. Не з такіх, як я.
Цікава, як яе завуць? Напэўна,
Не па-вясковаму, не Верка, Волька,
А нейк, а нейк... Каб толькі падышлі!
Каб толькі ёй у самы раз былі!..»
- Вось тут і будзем прымяраць, - сказала,
Спыніўшыся на гладка ўбітай сцежцы,
Жанчына. - Дай-ка ж, хлопец, іх сюды!
I я падаў іх - лодачкі з-за мора,
З люстрана чорнай натуральнай скуры,
Без засцежак, без банцікаў, без сгрочак,
З абцасікамі, выгнутымі пекна,
З падэшаўкамі, слізкімі, як шкло...
- Скідай сандалікі, дачка, і мерай!
Я падтрымаю пад руку цябе...
Амаль не дыхаючы, я сачыў,
Як узбувае лодачкі «прынцэса» -
Без прыкладання сілы, асцярожна
Уздзела правую спярша і цупка
Ступіла ножкай на зямлю - і вось –
Ушчэнт шчаслівая глядзіць на маці.
Ну што? Нідзе не цісне? - Як уліта!
Бяры другую... Левая таксама
Без намагання ўздзелася. «Прынцэса»
Ізноў шчасліва глянула на маці
I паўтарыла ўзнёсла: - Як уліта!
- Прайдзіся трохі!
I яна зрабіла
Тры крокі ўперад і назад... I тут...
I тут, адно цяпер заўважыў я,
Адно цяпер, калі яна прайшлася, -
Якія стройныя ў дзяўчыны ногі!
I не таму, што ў лодачках былі,
А ўвогуле... Ад Бога... Ад прыроды...
Якой прыгожай, дасканалай формы!
У светла-бронзавым загары летнім,
Чысцюткія, без драпінак, яны
Не проста так убачыліся мне,
А ўсхвалявалі нейкай таямніцай,
Што для мяне дасюль не існавала.
Ну так, дагэтуль я сваіх равесніц
Цаніў адно па тварыках, - глядзеў
На вочкі - каб свяціліся, як зоркі,
На шчочкі - каб успыхвалі ружова,
На носік - каб не вытыркаўся лішне,
На зубкі, каб - як белыя каралькі,
А перш за ўсё, бадай, на іх усмешкі...
Але на ногі?! Не! I не таму,
Што не было на што глядзець, што ў кожнай
Яны былі да сінізны худыя,
Парэпаныя ад вады і ветру,
Абшэрпаныя, сколатыя ржоннем,
Сухім бадыллем і калючым хмызам,
Скусаныя сляннямі... А таму,
Што не прыйшла яшчэ мая пара
Глядзець на ногі... Ну і вось, нарэшце,
Яна прыйшла. Упершыню ў жыцці
Я ўбачыў прыгажосць не зрокам воч,
А зрокам сэрца, што, па маладосці,
Яшчэ зусім сляпенькае было
I не паспела хоць бы раз затахкаць
Тым неўтаймоўным тахканнем, якое
Спыняецца адно ад замірання, -
Вось як цяпер, у гэтую хвіліну,
У гэты міг... О, што ж гэта яна?
Нібы на сцэне, на якім аглядзе,
Яна стаяла момант перад намі -
Перада мной і маці, хоць глядзела
Адно на маці, на мяне ні разу
Не павяла і вокам, - быццам я
Тут ні пры чым быў, выпадковы сведка,
Ці ўвогуле тут не было мяне.
«Ну бачыш? Бачыш?» - аж крычала ўся
Яе шчаслівая наскрозь істота.
I раптам... Каб упэўніцца самой,
Як адмыслова лодачкі глядзяцца,
Яна крыху схілілася наперад
I падцягнула - хай не замінае
Шырокім клёшам - шэрую спаднічку
Угору, - не нашмат вышэй каленак,
А ўсё ж вышэй... I мне перахапіла
Дыханне... Ад неснадзяванкі я
Дадолу вочы апусціў, няйначай
Рашыў зірнуць на шкрэбалы свае,
У латках спрэс, папрышываных дратвай...
Жанчына ўсё заўважыла, напэўна,
I зразумела ўсё - дый хіба цяжка
Было заўважыць ёй і зразумець,
Што робіцца з няшчасным небаракам,
Якое хмелле на яго найшло?
- Здымай! - сказала, як прысуд, жанчына,
Так, нібы ўсё ўжо вырашана ёю,
I ўсё ўжо зразумела: будзем браць.
Чуць павярнуўшыся ка мне, спытала:
- Ну што? Ты хочаш, каб яна ў тэатр
У гэтых лодачках хадзіла, га?
I я, наіўны, смешны, як хлапчук,
Кіўнуў на згоду і сказаў: - Хачу...
Як быццам з гэтай казачнай «прынцэсай»
Пад ручку буду я ў тэатр хадзіць...
Жанчына не стрымалася, відаць,
I спасміхнулася сабе паблажна
З дзіцячай прастадушнасці маёй.
I, не марудзячы, палезла ў сумку.
«Па грошы... Ну вядома!.. Будзе браць.
А колькі? Колькі?» - роспачна ў грудзях
Закалацілася імгненна сэрца.
«А колькі дасць?.. Яно сабе!.. Абы...
Абы ўзяла! Абы вось ёй... вось ёй!..»
Я палымнею ўвесь і адчуваю,
Што калі зараз мне жанчына скажа
Аддаць дарма іх - і дарма аддам!
Таму гляджу, няшчасны, не туды,
Куды павінен - не на тыя пальцы,
Што дастаюць чырвонцы, а на тыя,
Што далікатна лодачкі здымаюць
I ўжо трымаюць іх, нібы свае,
I ўжо назад мне іх не аддаюць...
- Дык вось, - пачуў я голас, як прысуд,
Якім страшэнна буду пакараны,
Які мае шчаслівыя пакуты
Імгненна ператворыць у нішто, -
Канешне ж, гэтулькі яны не варты
I гэтулькі табе ніхто не дасць,
Хоць цэлы дзень тут стой. А я - даю.
Тры сотні роўна. Чуеш? А чаму?
Адно таму, што ты сумленны хлопец.
Ты зразумеў? - зірнула ў вочы мне.
I я ізноў наіўна, па-дзіцячы,
Ёй у адказ ківаю: - Зразумеў!..
- Трымай! Яшчэ раз пералічым разам!..
I ў рукі мне, купюра за купюрай,
Адлічаная сума перайшла...
Я не паклаў іх зразу ж у кішэнь,
Я іх трымаў у пальцах і, напэўна,
Меў выгляд, быццам усумніўся раптам
I зараз закрычу, што перадумаў,
I гэтых грошай не вазьму... Але –
Раззяпілася на ўсю зяпу сумка
I праглынула лодачкі мае, -
Карцінкі-лодачкі, заморскі цуд,
Без засцежак, без банцікаў, без строчак,
З люстрана-чорнай натуральнай скуры,
З абцасікамі, выгнутымі пекна,
З падэшаўкамі, слізкімі, як шкло...
- Бывай здароў! - сказала мне жанчына,
Нібы даўно знаёмаму — звычайна
I як зусім даросламу - сур'ёзна.
Да пабачэння! - хораша і шчыра
Сказала ўслед шчаслівая «прынцэса»
I паглядзела ў твар мне - першы раз
За ўвесь наш торг без торгу... У адказ:
Да пабачэння! - я кіўнуў чупрынай
І паўтарыў мацней: - Да пабачэння!..
I аж пакуль яны ў гурме людзей
З вачэй не зніклі, я стаяў на месцы
І сам сабе шаптаў: «Да пабачэння!..
Да пабачэння!..»
Вось і ўсё, бадай.
Праз паўгадзіны, там жа, на базары,
Купіў за выручку сабе штаны
I там жа ў нейкага дзядка сівога
Даволі танна - «Кннгу песен» Гейнэ,
Цудоўны, рэдкі антыкварыят!..
* * *
Дадому я вярнуўся адвячоркам.
Пашанцавала сесці на машыну,
Што ехала якраз ажно да Гайны.
Усю дарогу на грузавічку
Я думаў толькі пра адно - пра тое,
Што здарылася на базары ў Мінску, -
Пра неспадзеўнае маё спатканне
З чароўна гожай, казачнай «прынцэсай».
Заплюшчыўшы павекі, зноў і зноў
Перабіраў я ў памяці гарачай
Амаль што кожны момант, кожны міг
Яе прысутнасці на гэным торгу,
На той прымерцы, асабліва ж часта
Успамінаў, як глянула яна
Мне ў вочы, кажучы «да пабачэння».
Да пабачэння - значыць: да сустрэчы.
Дык мо і праўда пашчаслівіць мне
Спаткацца з ёй? Я ж буду жыць у Мінску,
Хадзіць па вуліцах, трамваем ездзіць,
Ды і ў тэатр зрэд часу заглядаць...
Калі сустрэнемся дзе-небудзь раптам,
Абавязкова ёй скажу: «А помпіш,
Як лодачкі купляла на базары?
Не пазнаеш? То ж я іх вам прадаў!..»
Я быў амаль упэўнены: спаткаю!
Не можа быць, каб не спаткаў аднойчы!
Хоць і вялікі горад Мінск, а ўсё-ткі
Надзеі ёсць - я ж буду там штодня!
Гара з гарой не сходзяцца, а людзі
Абавязкова сходзяцца!.. Я веру,
Я веру, веру - сыдземся і мы!..
З такімі думкамі, з такім настроем —
Узнёсла радасным і акрылёным —
Зайшоў я ў хату. I адчуў адразу,
Па тым, як стрымана мяне сустрэлі,
Што тым часове здарылася штось.
Я расказаў і маме і малым,
Як па базары лодачкі насіў я,
Як не хацеў ніхто мне больш, чым трыста,
Даваць за іх, і як таму, нарэшце,
За гэту суму я іх і прадаў.
I паказаў штаны - сваю пакупку,
Надзеў іх нават тут жа, каб запэўніць,
Што я і ў гэтым не зрабіў праліку.
I выбар ухвалілі мой... Але,
Але ажно мне пачало рабіцца
Трывожна ўжо, - так, гледзячы на маму
I на малых, адчуў, што нешта стала,
Што нешта тояць ад мяне, і зараз
Пачую штось. I я не памыліўся.
Нарэшце мама, уздыхнуўшы цяжка,
Сказала: - Што ж, прадаў дык і прадаў,
А каб прывёз назад, каб не купілі,
Дык мо і лепей бы яшчэ было.
А то вунь цэлы дзень у пуні плача
I ўсё крычыць: нашто ён іх павёз?..
Не знаю ўжо, якой ёй рады даць.
Схадзі, мо ты як-небудзь угаворыш...
Тут і малыя ўзрушана, з трывогай
I спачуваннем да сваёй сястрыцы,
Загаманілі ўсе наперабой.
- Яна нічога цэлы дзень не ела!
- Ні снедаць не пайшла і ні абедаць...
А мама так сварылася, хацела
Яе набіць... I плакала таксама. –
І ўсе мы плакалі, і ўсё казалі:
От каб даў Бог ён там іх не прадаў!
I каб назад прывёз! А ты прадаў...
- Ну досыць, досыць! Сціхніце вы ўжо! –
Прыкрыкнула на іх нязлосна мама.
Я глянуў на яе - і занямеў:
Яна далоншо вочы выцірае!..
I так шкада мне стала ўсіх адразу:
I маму, і сястрыцу, і малечу,
А можа, нават і сябе самога,
Што радасць мне мая - ужо не ў радасць,
Як бы я страціў права на яе...
Пайшоў у пуню. Меншыя, канешне ж,
Хацелі сведкамі пры гэтым быць,
Але пачулі мой сярдзіты голас:
А вы чаго? Абыдзецца без вас! –
I зачыніў вароты за сабою.
У пуні, у кутку, на свежым сене,
Засланым шэрай посцілкай-рызаўкай,
Сядзела сплаканая ўшчэнт сястрыца.
Адкінуўшыся да сцяны спіною,
Глядзела ў шчыліну ў шчыце, адкуль
Лілося звечарэлае ўжо сонца.
Убачыўшы, што гэта я зайшоў,
Не ў твар мне, а на рукі паглядзела,
Як быццам спадзявалася, што ў іх
Я паратунак ёй прынёс ад смерці...
Але былі пустымі рукі брата!..
Я не паспеў загаварыць і толькі
Прысеў на ўскраек посцілкі насупраць,
Як, не ўздымаючы вачэй, сястрыца
Спытала роспачна: - Ты іх прадаў?
Я памаўчаў і адказаў: - Прадаў...
- Ты злодзей! Злодзей! - закрычала раптам
Яна і ўся затрэслася ад плачу.
- Ты ўкраў іх у мяне! Ты ўкраў! Ты злодзей!
Сыдзі з вачэй маіх! Сыдзі з вачэй!..
Закрыўшы твар далонькамі худымі,
Знясілена схіліла галаву
I безуцешна ўсхліпвала глыбока,
Усё радзей, што праўда, і цішэй.
Так даўшы выплакацца ёй яшчэ раз,
Я ўлучыў момант і спытаў знянацку:
- А ведаеш, каму я іх прадаў?
I дзіва дзіўнае: яна імгненна
Адкрыла твар і ўскінула пагляд
Крыху прыпухлых, мокрых воч: - Каму?
- Каму?.. Спачатку пакляніся словам,
Што ты нікому гэтага не скажаш.
- Клянуся чэсным піянерскім словам! –
Сур'ёзна, чынна выпаліла тут жа,
Як перад строем, бедная сястрыца.
- Прадаў адной дзяўчыне, ды такой...
Такой прыгожай - проста як прынцэса!
Каб толькі ты пабачыла яе!
У белай-белай кофтачцы шаўковай,
У цёмна-шэрай клёшавай спадніцы,
А вочы - сінія, як васількі,
А на спіне каса — як чысты кужаль,
А як уздзела лодачкі на ногі,
Як іх абула і прайшлася ў іх...
- А колькі ёй гадоў? — ад нецярпення
Аж перабіла мой расказ сястрыца.
Дык як і мне, відаць. А можа, нават
I менш на год. - А як яе завуць?
- Не знаю. Матка з ёй была, дык дзе ж я
Пытацца буду! - А адкуль яна?
- Не знаю. З Мінска, пэўна. Ну канешне!..
Хвіліну цэлую сястра маўчала,
А потым: - А яны ёй падышлі?
- У самы раз, сказала. Як уліта!
Сястра ізноў замоўкла. Нейкі час
Сядзела ціха і без дай патрэбы
Круціла пальцам «кольцы» па рызаўцы.
Пасля ўсміхнулася нейк сарамліва
I, як дарослая, мне заявіла:
- Цяпер я знаю ўсё: ты закахаўся!..
- Не гавары пустое! - узлавана
Зрэагаваў я на яе заяву.
- Не бойся, я нікому не скажу, -
Па-змоўшчыцку міргнула мне сястрыца.
- Але, але... а як яе ты знойдзеш?
Ні як завуць, ні дзе жыве, не знаеш...
- Знайду! Не бойся! Мінск, хоць і вялікі,
Але ж я буду там аж тры гады
I хоць дзе-небудзь там яе спаткаю
- А ты штаны сабе купіў? - спытала,
Успомніўшы пра клопат мой, сястра.
- Купіў! Хадзем, пабачыш.
- Пачакай...
А ростам ці высокая яна?
- Высокая! Амаль як я. - Ого!
Дык добра! Я нізюлек не люблю.
А гэта - добра... А калі не знойдзеш? –
Перапытала зноў яна з трывогай.
- Знайду, сказаў жа! Ну хадзем, хадзем!
- Чакай!.. А мне ты скажаш, калі знойдзеш?
- Скажу. - І пазнаёміш нас? - А як жа!
- Ой, як я рада! - Ну хадзем! Хадзем!
- Чакай... Скажы, а я, - і ледзь не шэптам
Спытала: - Я таксама калі небудзь?..
- Што - калі-небудзь? - не адразу ўцяміў,
Аб чым яна. Пачырванеўшы страшна,
Яшчэ цішэй сястрыца прашаптала:
- Мяне таксама нехта... пакахае?
- А як ты думала! Абавязкова!
Дый не такі, як твой нягеглы брат,
А самы лепшы, самы найпрыгожшы
У цэлым краі хлопец!.. Дык хадзем!
Яна мільгом саскочыла з рызаўкі
I, паглядзеўшы ў вочы мне, сказала:
- Я не злуюся ўжо, такой бяды!
Адно каб толькі ты спаткаўся з ёю...
* * *
Паўста гадоў прайшло ад той пары.
Сястрыцы мілай, у якой калісьці
Я гэтак жорстка радасць адабраў,
Ужо даўно няма: адгараваўшы,
Адмучыўшыся, рана, страшна рана
Пайшла ад нас... А я - яшчэ цягну
Памалу-поціху свой воз нялёгкі,
Нагружаны грахамі, мабыць, так жа,
Як той магутны «студэбекер» сенам,
Што ў сорак сёмым вёз у Мінск мяне –
З маёю першай перад ёй віною...
I чым бліжэй мне да спаткання з ёй,
Тым балючэй, гарчэй я ўспамінаю
Той летні дзень, не раз пракляты мной,
Калі цішком, употай ад сястры,
Прадаў я лодачкі - яе надзею,
Яе, падораную лёсам, мару...
I хоць яна яшчэ тады ж мой грэх
Мне даравала, як у час расстання
I ўсе астатнія мае правіны, -
Усё ж няма, няма спакою мне,
I я, не знаю сам чаму, але
Хачу сказаць усім мужчынам краю,
Якога б сёння ўзросту хто ні быў:
Не прадавайце сестрыной надзеі,
Ні даччыной, ні матчынай, браты!
Не прадавайце! Як бы хітра д'ябал
Ні падбіваў вас на ганебны торг.
Не прадавайце! Каб пасля аднойчы
Не давялося горка шкадаваць,
Кусаць сябе за локаць і ў прыпадку
Бяссілля - біцца галавой аб мур.
1997-1998
Ад самай раніцы, хоць будні дзень,
Ля сельсавета, на падворку цесным,
Нібы на кірмашы, - вірня людзей,
Крык-гам, і музыка, і плач, і песні.
Чаму і плач? Радзіма «споўніць доўг»
Сваіх сыноў мабілізуе ў войска.
Усіх мужчын, да сарака гадоў,
На страшную вайну праводзіць вёска.
Учора на дасвецці Гітлер-гад
Пераступіў граніцу вераломна
I сілу-сілішчу сваіх армад
Пагнаў на ўсход з-за Буга і з-за Нёмна.
Зноў у няшчаспы край прыйшла вайна –
Які ўжо раз за аднаго паўвека!
Зноў будзе тут буяць не збажына,
А смерць на кроўю зрошаных палетках.
А можа, гэтым разам чужакі
Сюды не дойдуць?
Ёсць і ў нас жа сіла!
Вунь як бадзёра хлопцы-дзецюкі
Пяюць, што немцу будзе смерць-магіла!
«Мы войны не хотим,
Но страну защитим,
Оборону крепили недаром.
И на вражьей земле
Мы врага разгромим
Малой кровью, могучим ударом».
Настаўнік малады Мірон Буёк
I міліцыянер Ванёк Загрэбін –
Сябры. Мірон прызваны, а Ванёк
Сказаў: «Пакуль я вельмі тут патрэбен».
Ля хлопцаў і гурма дзяўчат; яны
Не могуць пець: іх сэрцы страх сягоння
Скаваў. Ім лепш вядома, што з вайны
Не ўсе вяртаюцца да родных гоняў.
«В целом мире нигде
Нету силы такой,
Чтобы нашу страну сокрушила.
С нами Сталин родной,
И железной рукой
Нас к победе ведет Ворошилов...»
Сярод дзяўчат за ўсіх мо балючэй
Працята Волька страхам незнаёмым.
Ужо і слёзы коцяцца з вачэй
І дастаюць да губ цяплом салёным.
Мірон пяе, а позірку амаль
З яе не зводзіць - і душа ў адчаі.
«Ах, Воля-Волечка! Мой светлы май!
Мая зараначка на небакраі!...»
Афіцэр з райваенкамата
Канчайма пець! Праз пяць хвілін ад'езд!
Загрэбін! На паверку стаў прызваных!
Усё! Цалуйце, дзецюкі, нявест!
Мужчыны - жонак! Можна і каханак.
Старшыня сельсавета
Канчайма плач! Цалуйце мужыкоў,
Жанчынкі мілыя! Каб даў ім Божа –
Жывенькімі прыйсці з вайны дамоў,
Узяўшы верх над сілаю варожай!...
М і р о н
(адвёўшы Вольку трохі ўбок)
Ну што, дазволь і мне, вясна мая,
Пацалаваць цябе перад дарогай.
В о л ь к а
(захліпаючыся плачам)
Мірон! Мірон!..Ты мне даруй,што я...
Што я была з табою кадта строгай...
Міроначка! Прашу цябе, малю:
Паберажы сябе! Бо калі толькі...
Я — не перажыву... Сыйду ў зямлю.
Так, так! О, ты яшчэ не знаеш Волькі!
М і р о н
Ты што! Зараначка! I думаць кінь
Пра штось такое! Месяцаў праз пару
Мы забярэм у Гітлера Берлін -
I я прыйду!.. Не псуй слязамі твару!
Не плач! Будзь мужнай і спакойнай будзь.
I не даймай сябе нядобрым нечым.
Ну, усміхніся ж мне! Ну, хоць чуць-чуць!
Ага, вось так... Ну і да скорай стрэчы!..
На вуліцы калгасны грузавік,
На фронт таксама мабілізаваны,
Ужо каторы раз дае «пі-пі-і-ік!»
Гэй! Колькі буду я гудзець тут з вамі?!
У кузаў, мужыкі! Хутчэй! Хутчэй!
Там немец прэ, а вы тут... Праз хвіліну
Ён прапыліў сялом і знік з вачэй.
Павёз слабодцаў бараніць краіну
I пачала лічыць дзянёчкі Волька.
Два тыдні чуткі блізілі бяду,
На трэці - сташнае, чужое войска
Прайшло, грукочучы, праз Слабаду.
Ну а праз месяц - не праз два, як брава
На ростані ёй абяцаў, - прыйшоў
Мірон дадому... З ранаю крывавай
I з чорным-чорнай ад пакут душой.
Уцёк з палону... Вырашыў дабрацца
Да Магілёва, дзе спыніўся фронт,
I далучыцца да сваіх... Застацца
Сам-насам з ганьбаю не мог Мірон.
«Не, гэта ўсё - якаясь недарэчнасць.
Памылка нейкая. Не можа быць,
Каб фашыстоўская зараза-нечысць
Магла суздром зламаць нас і разбіць!
На ўсход! На ўсход! Там зноў у строй я стану!
Я там душой. Там думкі ўсе мае.
А па дарозе - да бацькоў загляну,
Хоць на паўдня-дзянёк... I да яе...
I да яе? А як яна спытае:
«Ну што? Берлін у Гітлера ўзялі?
Дык з перамогай!..» О, мая святая!
Мая адзіная на ўсёй зямлі!
Не папракай і не судзі так строга.
Асечка выйшла прыкрая, на жаль.
I ўсё ж за намі будзе перамога!
I ў той Берлін увойдзе наша сталь!..»
Пабачыўшы, як крывяніцца рана,
Загаласіла маці: «Сынку мой,
З такой рукой пра хронт і думаць рана,
Тут хоць бы даць ёй радачкі якой.
Каб хоць бы загаілася ... бо надта
Нядобра скура пачарнела ўкруг ...»
Сын зразумеў: пярэчыць тут не варта.
I моцна ўпаў яго ваяцкі дух.
«Так, тыдні два, напэўна, давядзецца
Мне пасядзець... Пакуль не зажыве.
Затым - ізноў туды, куды ірвецца
Душа... Куды мяне мой боль заве. «
У той жа дзень Мірон сустрэўся з Волькай.
Спярша ў ягонай хаце, пры людзях,
А вечарам - пад іх любімай вольхай.
Там, дзе крынічка булькае ў кустах.
М і р о н
Даруй, зараначка, што так ганебна
Я заявіўся... я ўжо доўгі час -
Нібы ў кашмарным сне... Яшчэ патрэбна
Мне разабрацца, што наўрэла нас.
Як гэта сталася? Пралік? Ці здрада?
Як мы маглі панесці гэткі ўрон?!
В о л ь к а
Мірон! За што «даруй»? Я вельмі рада,
Што ты жывы. Што ты са мной... Мірон!
За гэты месяц я... Я так чакала,
Каб ты хутчэй вярнуўся ў Слабаду!..
М і р о н
Прабач - хачу, каб ты ўсю праўду знала:
Я не з вайны - я на вайну іду.
Не зразумела? Дык паслухай. Толькі -
Пра што скажу - ні слова анідзе.
Не па ахвоце, а з-за гэтай болькі
Я мушу затрымацца ў Слабадзе.
Пакуль не зацягнулася - пабуду,
А зажыве - пайду на ўсход, на фронт.
Калі нам трэба біць і гнаць прыблудаў -
Я не магу ў нары сядзець, як крот.
В о л ь ка
Мірон! Цябе ў дарозе немцы схопяць!
I могуць... могуць... Не ідзі, Мірон!
Ты ўжо ахвяру даў вайне. I хопіць!
Ізноў у пекла лезці? Бог баронь!
М і р о н
А як іначай быць? А што другое
Ты прапануеш? Ну кажы, кажы!
Усё другое - дрэннае-благое,
Бо можа звесці на той бок мяжы.
Той ракавой мяжы, якую нельга
Пераступаць таму, каму ў душу
I дзень і ноч глядзіць Радзімы неба.
А мне - глядзіць яно... Я не хлушу.
В о л ь к а
Я ведаю... I моцна ганаруся,
Што ты такі, Мірон. Але мяне
Даймае страх. Так за цябе баюся,
Што неяк раз ажно крычала ў сне.
М і р о н
Такое страшнае прысніла штосьці?
В о л ь к а
Лепш не пытай, бо закрычу ізноў.
М і р о н
Тады забудзь аб ім. А то й да млосці
Дайсці нядоўга ад кашмарных сноў.
А як, скажы, твой брат Якуб? Ці праўда,
Што адпусцілі, што віны няма?
В о л ь к а
А ты зайдзі яго нраведай заўтра.
Пабачыш, што зрабіла з ім турма.
Як мошчы стаў... Ён помніць, што між вамі
Было сяброўства ў школьныя гады...
М і р о н
Было... Калі яго арыштавалі -
Я быў страшэнна ўражаны тады.
Не мог паверыць, каб такі рамантык,
Найбольшы летуценнік сярод нас,
Паэт душой, - перарадзіўся раптам
I стаўся ворагам працоўных мас.
За што ж усё-такі яго забралі?
Што прад;явілі брату? Не сказаў?
В о л ь к а
Сказаў... За песню, шго спяваў з сябрамі.
Данос хтось са студэнтаў накілзаў.
М і р о н
За песню?.. Што - яна была варожай?
Не нашым складзеная песняром?
В о л ь к а
Наўрад, ці знаеш ты яе ... А можа?
За Паланэз Агінскага, Мірон.
М і р о н
За Паланэз? А хіба гэта песня?
Я ведаю мелодыю - здаўна
Яе ўспрымаю я чамусь балесна, -
Так за душу бярэ мяне яна.
Але што ёсць да музыкі чароўнай
І словы - чую гэта ўпершыню...
В о л ь к а
Ёсць... Песня мне такой здаецца роднай
I так кудысьці цягне ўвышыню...
Я словы ад Якуба завучыла.
I знаеш, калі скрушна мне было,
Я гэтай песняю сябе лячыла.
Спяю - і чую: трохі адлягло.
М і р о н
Дык праспявай і мне, каб на папраўку
Хутчэй пайшло! I тэкст я завучу.
В о л ь к а
Ты гэта смехам кажаш ці напраўду?
М і р о н
Сур'ёзна. Я пачуць яе хачу.
Тым больш - у мілым сэрцу выкананні.
Я так даўно не чуў, як ты пяеш!
В о л ь к а
Прабач, але... Баюся я, што зганіш
Ты гэту песню... Мо не трэба лепш?
Яна, Мірон, на тыя непадобна,
Што мя пяём... Нязвыклая крыху.
М і р о н
Не бойся. Калі нават і нядобра
Пяецца ў ёй - твайго няма граху.
В о л ь к а
(пяе)
Край ты наш крывіцкі, родны край!
Зямля дзядоў спаконная!
Не трэба нам ніякі іншы рай,
Апроч цябе, зямля, - зялёная,
Блакітная, спакойная.
Толькі будзь сама сабой,
Заўсёды будзь сабой,
Павек вякоў — сабой,
Павек вякоў свабоднай будзь,
Свабоднай будзь!
З няволяю ліхой,
Няволяю праклятаю не знайся!
Ведай, што
Касцьмі паляжам мы,
Касцьмі паляжам мы,
Касцьмі паляжам мы, -
А вера матчына
Не будзе страчана,
Не будзе страчана,
Не будзе страчана,
Не будзе!
Край ты наш ліцвінскі, родны край!
Навек нам Богам дадзены!
Ты толькі вер і помні, вер і знай:
Што завяшчалі нам дзяды і прадзеды -
Таму не здрадзім мы!
Толькі будзь самім сабой,
Заўсёды будзь сабой,
Павек вякоў - сабой,
Павек вякоў свабодным будзь,
Свабодным будзь!
З няволяю ліхой,
Няволяю праклятаю не знайся!
Ведай, што
Касцьмі паляжам мы,
Касцьмі паляжам мы,
Касцьмі паляжам мы, —
А вера матчына
Не будзе страчана,
Не будзе страчана,
Не будзе страчана,
Не будзе!
М і р о н
Як хораша пяеш ты! Слухаць люба!
Але... няўжо не бачыш ты сама,
За што энкавэдэ ўзяло Якуба?
У песні слоўца аднаго няма!
А два не тыя ёсць - не з той пласцінкі,
З якой у школе вучьш дзетак мы.
Калі б замест «крывіцкі» і «ліцвінскі»
Ён пеў «савецкі» - не было б турмы.
В о л ь к а
Але ж мы ўсе, я помню, вывучалі,
Што беларусы род свой павялі
Ад крывічоў: спачатку крывічамі
Былі, пасля ліцвінамі былі...
М і р о н
Ліцвінамі стагоддзяў пяць, напэўна,
Па назве Княства называлі нас.
Затым, павязаных з Расіяй крэўна,
Нас абярнуў у рускіх царскі ўказ.
I толькі з перамогаю Саветаў
Мы атрымалі ўласнае імя.
Яно ўсяму цяпер вядома свету,
Вяртаць ліцвінства - гэта ўжо гульня.
Мы — беларусы. У саюзе роўных
Мы здабылі свой лёс і свой пасад.
Шкада, што Паланэз, такі чароўны,
Як бы не ўперад кліча, а назад.
Да крывічоў і да ліцвінаў... Сёння
Нам не пра гэта трэба гаварыць.
Пасля таго, што зведаў я ў палоне,
Усё ва мне ўнутры агнём гарыць.
Сто раз памру, а толькі не зміруся,
Каб мне душу таптаў фашысцкі бот!
В о л ь к а
I ўсё ж, Мірон, што будзе з Беларусяй,
Калі асядуць немцы тут, крый боі ?
М і р о н
Палягуць тут яны, а не асядуць.
Жывым асесці мы ім не дадзім.
Заўчасная звярыная іх радасць.
Свой план крывавы тут не здзейсніць ім.
Заваяваць Расію немагчыма.
Напалеон быў пасярод Масквы -
I што? Назад з сагнутымі плячыма
Праз Беларусь цягнуўся ледзь жывы.
В о л ь ка
Якуб казаў, што Гітлера адолець
Нялёгка: надта мае сілы шмат.
М і р о н
Так, шмат. I ўсё ж народ наш заняволіць
Павек не зможа гэты чорны гад!
Дзеля таго й пайду ізноў я з дому.
В о л ь к а
А я? Мірон! А я?
М і р о н
А ты - чакай.
І знаеш, што? Пра Паланэз нікому
Ты не кажы. Забудзь і не спявай.
Чым непрыгодзен ён - сказаў ужо я.
Не з той ідэі ён прарос. З чужой.
В о л ь к а
Хіба любоў, што ў ім гучыць, - чужое?
М і р о н
Не, не любоў, а «будзь сама сабой».
Ты зразумела? І скажы Якубу,
Што ён паверыў у фальшывы звон.
Ён памыляецца - сабе ж на згубу.
В о л ь к а
Я зразумела... Я скажу, Мірон...
На трэцім тыдні па вяртанні ў вёску
Мірон адчуў, што гоіцца рука.
А ў Слабадзе пусцілі пагалоску:
У Дзікай пушчы бачылі Ванька.
З лазовым кошыкам — грыбнік, нібыта,
Зарослы барадой, як дзед стары.
Дагэтуль тайнаю было пакрыта,
Куды ён знік з прыходам немчуры.
Мірона чутка ўразіла: дык значыць,
Загрэбін недзе тут, паблізу дзесь?
А як звязацца? Як яго пабачыць?
Ад думкі гэтай аж напругся ўвесь.
Апоўначы, калі бацькі ўжо спалі,
Мірон пачуў: з двара яму ў акно
Пастукалі; хвіліну памаўчалі –
I зноў. А ён - як бы й чакаў даўно.
Убачыўшы за шыбай здань мужчыны,
Імгненна падхапіўся з тапчана,
Усунуў спрытна ногі ў калашыны —
I ў двор. Ён знаў: пастукала вайна.
В а н ё к
Здароў, Мірон! Прабач за пазнаваты
Візіт. Не па маёй, браток, віне.
М і р о н
Здароў, Іван. Хто ў гэтым вінаваты —
Вядома добра і табе, і мне.
В а н ё к
Куды схінемся, каб людцы благія
Не ўчулі? Ёсць пагаварыць аб чым.
М і р о н
Хадзем у восець. Там - як у магіле.
I чорт не ўчуе пасярод начы.
У восеці
В а н ё к
Настане час - пабачымся й прылюдна.
Як рана? Чуешся ўжо весялей?
М і р о н
Патроху гоіцца. Але марудна.
В а н ё к
Ну, а загоіцца - і што далей?
М і р о н
Пайду на ўсход.
В а н ё к
Нашто табе на ўсход?
М і р о н
Нашто? Каб ваяваць! За край наш вольны.
В а н ё к
За наш савецкі край, за наш народ
I тут змагацца можна. Калі здольны.
Не скеміў? Бач, някемлівы які!
Пра немца чуў, што кокнулі ў Альхоўцы?
М і р о н
Чуў... Гаварылі, што прыпіснікі...
В а н ё к
Прапіснікі... З маёй каманды хлопцы!
М і р о н
Але за гэта немцы дзесяць хат
Спалілі ў вёсцы. Пацярпелі людзі.
В а н ё к
А як ты думаў? Каб вайна — без страт?
Так не бывае. Страт нямала будзе.
Твой план пра ўсход я не магу вітаць.
Не дойдзеш. Фронт, што быў ля Магілёва,
Ужо каля Смаленска. I, відаць,
Яшчэ далей адкоціцца часова.
Лічу, што ты са мной павінен быць.
Работкі хопіць нам і тут гарачай.
Падняць народ, каб немца з тылу біць –
Ёсць стратэгічна важнаю задачай.
Так у прамове Сталін сам сказаў,
Яшчэ ў пачатку ліпеня. Не слухаў?
М і р о н
Дзе? Я на пяты дзень палонным стаў.
Ажно чатыры дні вайны адбухаў!
На абароне Мінска — бачыў Бог,
Як я ірваўся ў бой, — скарэй, скарэй бы!
А ў батальёне ў нас — на кожных трох
Дзве, ды і тыя бсз патронаў, стрэльбы...
В а н ё к
Што мала так адбухаў - не тужы,
Яшчэ паслужыш краю абаронцам,
Усё ж наперадзе яшчэ... Скажы,
Ты бачыўея з Якубам Занямонцам?
Размовы з ім былі? Мне трэба знаць:
Ён іншы стаў ці як і быў - той самы?
Дакладней: ці магу я давяраць
Яму - пасля ім перажытай драмы?
М і р о н
Я гаварыў з ім. Нават два разы.
Ці стаў ён іншым? Так, змяніўся вельмі:
Набожным стаў. Павесіў абразы.
I просіць Бога аб грахоў збавенні.
А ў школе, помню, пяць гадоў назад,
Рамантык быў і летуценнік першы.
Пра рэвалюцыю і новы лад
Складаў прыгожыя надзіва вершы.
В а н ё к
Гм! Не чакаў такой я навіны.
Цікава... А - не хітраванне гэта?
Не спосаб ухіліцца ад вайны?
Не клеіцца ж да вобраза паэта!
Інтэлегент, вучоны - і на кут
Стаўляе Бога? Дзіўным мне здаецца.
Ды зрэшты хай сабе... а як Якуб
Вайну ўспрыняў? Як ставіцца да немцаў?
М і р о н
Па-мойму, ненавідзіць. Кажа: зброд.
I толькі швабамі іх называе.
Ён - Беларусі шчыры патрыёт
I страшна за яе перажывае.
В а н ё к
Пабачым, як ён ненавідзіць іх.
I як ён любіць Беларусь - пабачым.
Хто за сваіх, а хто супроць сваіх -
Праверыць лёгка метадам гарачым.
Табе заданне першае, Мірон:
У строгай тайне перадай Якубу,
Што заўтра, гэтай самаю парой,
Чакаць яго я ў гэтым схове буду.
Скажы, што ты перадаеш загад
Прадстаўнікоў улады, тут адзінай.
А іншых і не будзе тут улад, -
Як іншых зор не будзе над Радзімай.
Да восеці, на выпадак які
Неспадзяваны (не гуляць жа выйшаў),
Якуб ішоў не сцежкай напрамкі,
А ў абыход - уздоўж шарочка вішань.
Глухая ноч бязмесячнай была,
I зоры не свяцілі, нават скупа,
Зямлю і неба цемень аблягла –
Такая ж, як і на душы ў Якуба.
«Што хоча гэты міліцыянер?
Паспеў даведацца ўжо нейкім чынам,
Што я ад смерці ўцёк? I за каўнер
Рашыў схапіць мяне? Усё магчыма.
Пасля таго, што зведаў я ў турме,
Затым у лагеры, у беспрасвецці, -
Ужо не здзівіць анішто мяне:
Усё магчыма ў гэтым страшным свеце.
Любая подласць і цынізм любы,
Любое зверства і любое гадства —
Абы зламаўся чалавек, абы
Схіліць яго да здрады й рэнегацтва».
Якуб успомніў вечар той, калі
Прафесар, што любіў яго, як сына,
Дадому запрасіў, вінца наліў
I так сказаў, мілуючы вачыма:
«Мяне не сёння-заўтра забяруць,
І я хачу, каб зналі вы, мой дружа,
Што забяруць мяне - за Беларусь,
За тое, што яе кахаю дужа.
Яны забараняюць нам кахаць
Краіну-браначку. А я - кахаю!
I мне на забарону іх - начхаць!
І вы кахайце! Я вас бласлаўляю!..»
Яшчэ вяртаючыся ў інтэрнат,
Якуб пачаў складаць куплеты-строфы
I на любімы Паланэза лад
Гудзець сабе, падзахмялелы трохі.
Праз тыдзень тэкст гатовы быў, і ён
Даў развучыць яго «братам па веры» —
Праз тыдзень... А яшчэ праз колькі дзён
За ім зашчоўкнуліся гулка дзверы...
Пад восеццю, прыросшы да сцяны,
Цямнеўся цень - Ванёк чакаў Якуба.
«Што хочуць ад мяне яны? Яны!
Што ў гэтым цені? Зноў прысуд і згуба?»
В а н ё к
Здароў, Якуб! Я рад, што ты жывы.
Я к у б
Маё вам шанаванне! Я - таксама.
В а н ё к
Ты хочаш гаварыць са мной на «вы» ?
Я к у б
Так у законе вашым прадпісана.
В а н ё к
Дарэмна!.. А закон.. закон для нас
Для ўсіх адзін - і ён нелітасцівы.
Скажы перш-наперш, - я павінен знаць:
Адтуль, дзе быў, ты ўцёк ці адпусцілі?
Я к у б
Мяне прывезлі ў Мінск на перасуд,
Каб апраўдаць і вызваліць з-пад варты.
На жаль, мне не пашчасціла і тут:
На гэты раз вайна змяшала карты.
Калі пад градам куль і бомб на ўсход
Калону гналі - афіцэр канвойны,
Які рашыў пусціць нас у расход,
Пашкадаваў мяне, сказаў: «Ты вольны».
Вось і застаўся я жывым, Ванёк.
I на свабодзе нават, з Божай ласкі.
В а н ё к
Ну, ясна... Значыць, у дарозе ўцёк.
Так і сказаў бы, а не плёў мне казкі.
I чым заняцца думаеш цяпер?
Як жыць і быць і паслужыць Айчыне?
Я к у б
Пасля ўсяго, што я перацярпеў,
Мне рана думаць аб службовым чыне.
Мне хоць бы трохі страўнік падлячыць -
Каб не загнуцца. Язвай абзавёўся.
Ды і душы даць трохі адпачыць -
Сярод сваіх людзей, у роднай вёсцы...
В а н ё к
Ну што ж, лячыся. I адпачывай.
Здароўе-сіла - трэба. Набірайся!
Але й аб іншым думаць пачынай.
У выпадку чаго - са мною райся.
Я к у б
Аб чым - аб іншым? Не зусім, прабач,
Кумекаю. Глузды адбілі, мабыць.
В а н ё к
Аб тым, як можа нават і ўцякач
Радзіме памагчы адолець набрыдзь.
Я к у б
Я ўжо сказаў табе, што я не ўцёк,
А быў адпушчаны. Ну і запомні:
Калі за Беларусь аддаць жыццё
Святыя клікнуць - буду не апошні.
В а н ё к
Святых пакінем для сівых бабуль -
Няхай яны іх моляць аб ратунку.
А мы - дакуль стаіць Масква - датуль
З ёй будзем дзеяць у адным кірунку.
Ты па-нямецку «шпрэхаеш» - ці не?
Я к у б
Вучыў, але... Багаж даволі слабы.
Чамусьці «дойч» у нас быў не ў цане.
Не думалі, што ў госці прыйдуць швабы.
В а н ё к
Знайдзі падручнік і далей вучы.
Паставіш мэту - знойдзецца і цяга.
Мо прыйдзецца мне «дойчам» памагчы.
М і р о н
Які з мяне памочнік!.. Дахадзяга.
В а н ё к
Нічога, адпасешся - аджывеш.
Ну што, на першы раз, бадай, і досыць.
Праз тыдні тры прыблізна, можа й менш,
Я зноў цябе паклічу ў гэту восець.
Вайна, як бачна, будзе зацяжной,
Часовы выйгрыш на баку Адольфа.
Але мы выстаім... Ну а зімой -
Яму капцы: скапыціцца і здохне.
Бывай! Ды на замку язык трымай.
Калі, крый бог, у вёсцы загамоняць,
Што мы з табою бачыліся - знай:
Я расцашо як здраду, Занямонец.
Не ўцешаны сустрэчаю з Ваньком,
Якуб вяртаўся з восеці паніклы.
«Не верыць... I чуць што - гой самы кон,
На тыя ж самыя патраплю іклы.
Што трэба ад мяне - яму і ім?
Нашто пакліча зноў? З якое мэты
Ён «шпрэханнем» цікавіцца маім?
Сказаў: вучы! На што намёк быў гэты?
На нейкую падмогу ад мяне?
Ды быў бы рад! І сам бы далучыўся.
Але... А потым што? А па вайне?
На перасуд - на той, што не адбыўся?
Бач: не паверыў выдумцы маёй
Пра афіцэра з добраю душою.
Калі ад бомб разбегся сам канвой –
Як не ўцячы было нам без канвою?
Разбегліся і зэкі - хто куды,
На волю лёсу кінутыя вартай.
Да родных хат, у родныя куты
Панеслі боль віны невінаватай...
Не верыць... Буду, значыць, для Ванька
Закладнікам сваёй «віны» да скону.
Да самага апошняга званка –
Што я не чорт - не дакажу нікому,
Павек не скіну, як праказы знак,
Кляймо «нацдэма», «ворага народа»,
I будуць кожны раз глуміцца ўсмак –
Маўляў, нам ведама твая парода!
Мая парода?.. Ад дзядоў яна.
Ад бацькі й маці. Ад зямлі вось гэтай.
Чаму ж не ведама! Здавён-даўна
Мой род памечаны яе паметай.
Нічога ў ёй нялюдскага няма,
За што судзіць, караць і ганьбіць можна.
А вось... ледзь выбавіўся дух з ярма,
I зноў — няпэўна, страшна і трывожна.
Зноў у вачах - крывавая імжа.
Які ж ты зробіш на развілку выбар?
Налева пойдзеш - куля ці кінжал.
Направа пойдзеш - ці пятля, ці дыба...»
У гэткім скрушным роздуме Якуб
Зайшоў у двор -- зірнуў і ледзь не войкнуў:
Ля студні, абапёршыся на зруб,
Жаночы цень!.. Праз міг пазнаў ён Вольку.
Я к у б
Што гэта значыць, Волечка? Чаго
Ты тут стаіш? Што сталася, сястрыца?
В о л ь ка
Я... я цябе чакаю... З-за твайго
Здароўя болесна мне і не спіцца.
Не здаравееш ты. Ні тых харчоў,
Ні лекаў тых... На Бога ўся надзея...
А дзе ты быў? Я чула, як пайшоў,
Чакала і... Баюся за цябе я...
Я к у б
Не бойся, Волечка... А дзе я быў?
Аселіцай рашыў прайсціся крыху.
Калісь я вельмі слухаць ноч любіў
I, ходзячы, лавіць у змроку рыфму.
Нішто мяне не чаравала так,
Як жнівеньскія ночы ў нашым краі...
В о л ь к а
Якуб, ты закаханы ў свет мастак, -
За што ж цябе так злыдні пакаралі?
Ты ж у жыццё прыйшоў дзеля красы,
I дзеля радасці, і дзеля шчасця..
Я к у б
Не. Лёс паэтаў — крыж. Ва ўсе часы.
Да шчасця Бог ім не дае прычасця.
А найцяжэй і найгарчэй, чым дзе,
Паэтам жыць пад небам Беларусі,
Дзе ўвесь народ, у горы і бядзе,
Цярпець знявагу і глумленне мусіць.
В о л ь к а
Якуб, калі б цябе пачуў Мірон -
Ой узлаваўся б! Ён зусім іначай
Трактуе і падзеі нашых дзён,
І гістарычны лёс краіны нашай.
Я к у б
Мірон... Прабач, але спярша скажы:
У вас - сур'ёзна ўсё? Ці так, між іншым?
Калі сур'ёзна - то сябруй, дружы,
Адно ў размовах не дзяліся лішнім.
Бо хоць і шчыры хлопец, твой Буёк,
Але наіўны вельмі; і фанатык.
Усіх нас прывучылі за паёк
Не там, дзе трэба, бачыць вінаватых.
У Мінску ў нас адзін прафесар быў,
Мы сябравалі з ім - па самы арышт,
Дык ён усё мне паўтараць любіў:
«Таварыш воўк авечцы не таварыш».
Ён столькі мне паспеў праліць святла
На нашы беды, крыўды, мукі, страты -
Ад тых часоў, як звалі нас Літва,
I аж па Рыжскі мір, навек пракляты!..
В о л ь к а
Яго святло і на мяне ты льеш,
Ды так, што мне яго ажно замнога.
Мне аж баліць ад слоў тваіх... Але ж -
Ты адзінокі, за табой - нікога.
Народ аб іншым думае, браток,
I клопат твой наўрад ці зразумее.
Усе адным трымцяць - каб наш куток
Не зруйнавала гэта віхравея.
Дарэчы, ты ж ужо, напэўна, чуў,
Што Цвэк вярнуўся з высылкі дадому?
Я к у б
Так, чуў.
В о л ь к а
Дык вось сказаць табе хачу,
Што ён не дасць жыцця Буйку старому.
Падходзіць да таго і проста ў твар
Асклабіўся - нібы пялёхнуў варам:
«Ну што, пакамісарыў, камісар?
Дык ведай: мы цяпер пакамісарым!
Усё мне, кажа, вернеш, што забраў:
I дом, і клець, і ток, і хлеў, і восець,
Каня, карову, сем вазоў дабра,
I тры свінні, і курыц дваццаць восем!..
Усё з цябе я, кажа, спаганю!
За усё спытаю - і па поўнай мерцы!
За вывезеную ў Сібір сям'ю,
За смерць дзяцей, за вечны боль у сэрцы!..»
Я к у б
А што Адам?
В о л ь к а
А той яму: «Змітрок!
За што ты хочаш мець са мной разборку?
Я не ссылаў цябе адсюль, браток,
I ні драбка не ўзяў з твайго падворку.
Хіба не памятаеш, як было?
Прычым жа я? Ну быў я старшынёю.
Але - пасведчыць можа ўсё сяло:
Перад табой віны няма за мною!..»
Я к у б
Ну, што ж... Вайна пачнецца ў Слабадзе.
Не з немцамі, а між сабой... Баюся,
Што Цвэк рахункі даўнія звядзе.
Ён повен ярасці. Яму балюча.
Яму занадта шмат зрабілі зла.
Калі не толькі дом і гаспадарка,
А ўсё жыццё здрапежана датла –
Чакаць ад Цвэка іншага не варта.
На гэту драму ты шырэй зірні.
Дзе разбураюцца асновы ладу,
Усталяванага паміж людзьмі, -
Там немінуча ўсё ідзе к распаду.
Усё: сям'я і быт, мараль і дух,
Давер і шчырасць, годнасць і сумленне.
Найстрашная ў жыцці з усіх разрух –
Вось гэта: душ і сэрцаў разбурэнне.
Распад і крах... Я добра помню дзень,
Калі забралі дзядзьку Міканора –
Ад хворай жонкі і малых дзяцей.
Ну а за што? I хто прынёс ім гора?
В о л ь к а
Тады казалі, што за шпіянаж:
Нібы насіў у лес шпіёнам весткі...
Я к у б
Ах, Волечка! Калі ўжо дзядзька наш,
Які тут сам наводзіў лад савецкі...
В о л ь к а
Дык а за што яго? Калі ўзялі -
То, пэўна ж, нейкая была прычына!
Я к у б
Была. Ён чуўся на сваёй зямлі
Гаспадаром. I быў арол-мужчына.
Лічыў абразай і цярпець не мог,
Калі яго прыезджы смэркуль браўся
Вучыць, што віка - гэта не гарох.
Ну і аднойчы, выпіўшы, сарваўся.
Абрэзаў смэркуля. «Адкуль, спытаў,
Ты гэтакі разумны прывалокся?»
I ўсё! I «ворагам народа» стаў.
Праз тыдні тры-чатыры дзядзька спёкся...
Жыццё ў грамадстве - як сярод ваўкоў:
Ні праўды, ні свабоды, ні маралі...
А ўсё таму, што колькі ўжо вякоў,
Як нашу Бацькаўшчыну ў нас забралі.
В о л ь к а
Ну, а цяпер? Што будзе ў нас цяпер,
Калі прыйшлі, як ты завеш іх, швабы?
Мірон сказаў, што фашыстоўскі звер
Страшней, чым воўк, нам пахрабошча скабы.
Я к у б
Фашысты — гэта цёмны, дзікі зброд
Падонкаў, нелюдзяў, забойцаў, злыдняў.
Іх мэта — мірны, добры наш народ
Зрабіць рабочаю скацінай, быдлам.
В о л ь к а
Калі я ўбачыла іх першы раз,
Так улякнулася - аж закрычала.
Чужая страшна сіла іх для нас,
Чужая сытамордая навала.
Я к у б
Ну так, чужая... Іменна таму
I трэба ўсім нам за сваё трымацца.
Каб кожны з нас, наўперак усяму,
Жыў на Радзіме, як дзіця пры матцы.
Што будзе ў нас, пытаеш? Божы суд
Нам невядомы. О, калі б мы зналі -
У гэты век няшчасцяў і пакут -
Што нас чакае і што будзе з намі!...
Але нам спаць ужо даўно пара:
Раздзейкаліся, як дзяды на прызбе.
Вось-вось і морак паплыве з двара
I ў вокны сонейка праменнем пырсне.
Ідзі, кладзіся. Добрых сноў табе!
А я падамся ў свой бярлог, на вышкі.
Як марыў там я - выспацца ў капе!
I вось — начуў мой голас Усявышні...
Журботны верасень. Ужо другі
Пад акупацыяй разбойнай зграі.
Усё шырэй крывавыя кругі
I там і сям расходзяцца па краі.
Мірон у пушчы дзесь яшчэ з вясны.
Бацькоў праведвае ўначы, патайна,
Каб бачылі, знябыўшыся, яны,
Што сын жывы, ліхой бяды не стала.
I з Волькай, баючыся злых вачэй,
Ён сустракаецца ўначы і ўпотай.
Пабачацца - і ёй крыху лягчэй
Спраўляцца з думкамі, з тугой-самотай.
А думак шмат, а думкі ўсё растуць.
I асабліва з тых начэй улетку,
Калі Якуб стаў уставаць на стук
I некуды хадзіць унепрыкметку.
Куды - ёй нават боязна спытаць.
Бацькі таксама не крануць і словам,
Адно з трывогай, з болесцю глядзяць,
Як усё больш ён робіцца нервовым.
Быў не курыў ужо - цяпер ізноў
Пачаў круціць цыгаркі з самасаду.
А то - на шлях уставіцца ў акно
I не адводзіць ад яго пагляду.
Зімой Якуб па прапанове ўлад
Настаўнічаў у пачатковай школцы.
За сімвалічны, але ўсё ж аклад.
I«гарцамі» даплачвалі вяскоўцы.
Мірон на службу гэту не пайшоў
I нейк спытаў з усмешкай нездаровай:
«Чаму й па чым ты вучыш малышоў?
Чытанкі ж нашы ўсе пад забаронай...»
«Мае чытанкі ўсе ў маёй душы:
Купала, Колас, Багдановіч, Цётка,
А першы - Багушэвіч... Дух чужы
Не ўвойдзе ў дзетак. Толькі голас продкаў!..»
Калі апошні ўжо зары ласкут
Пагас над лесам - стол накрыла маці.
Пасля вячэры папрасіў Якуб
Не разыходзіцца, пабыць у хаце.
Я к у б
Я засмучу вас, любыя мае, —
Вас, мама, тата, і цябе, сястрыца.
Бог выйсця мне з нягодаў не дае -
I я павінен лёсу пакарыцца.
Пакінуць мушу я на нейкі час,
Мо і надоўга, дом і кут свой родны.
Калі не знікну, не сыду ад вас -
Мне могуць вынесці прысуд смяротны.
М а р ы л я
А Божа мой! Што кажаш ты, сынок!
Ізноў прысуд? Якубачка! Дзіцятка!
С ц я п а н
Спакойна, маці. Слёзы на замок
Замкні. Наш род не з хліпкага дзесятка.
Кажы, Якуб, усё начыстату:
Што сталася? Адкуль такое раптам?
Я к у б
Вы чулі, як я з дому ў цемнату
Выходзіў і вяртаўся ледзь не ранкам.
Па выкліку, для перамоў, хадзіў.
Работу мне знайшоў Ванёк Загрэбін.
А ўчора ультыматум аб'явіў:
Або - або! Ці пойдзеш - ці застрэлім.
В о л ь к а
У партызаны? Дык ідзі, Якуб!
С ц я п а н
Не вытыркайся, Волька. Дай паслухаць.
Я к у б
Наадварот: на працу да прыблуд.
Фармальна - быць у швабаў на паслугах.
На справе - патайным агентам стаць,
Каб здабываць для партызан сакрэты.
I я сказаў — усё, што мог сказаць:
Што не па мне высокі гонар гэты.
Ні выкрадаць, ні віжаваць-сачыць,
Ні падслухоўваць - не магу, няздатны.
Апроч таго, каб немцы залічыць
Маглі мяне ў свой персанал у штатны, -
Яны спярша правераць на давер.
Правераць смерцю. I не раз, а дзесяць.
Завесці скажуць вось таго ў кар'ер
I расстраляць, а гэтага — павесіць.
М а р ы л я
Каб ты страляў і вешаў? А сынок!
А плюнь ты ў вочы ірадам праклятым!
С ц я п а н
Спакойна, маці. Нервы на замок
Замкні. Не будзе Занямонец катам.
Я к у б
Яны рашылі ўзяць мяне ў гужы:
Паколькі ты судом не апраўданы,
Дык вось ідзі і справай дакажы,
Што ты народу й партыі адданы.
Ванёк адкрыта даў мне зразумець:
Маўляў, упарцься, ды не забывайся,
I калі хочаш будучыню мець —
За прапанову нашую хапайся.
С ц я п а н
А ў лес, да іх, Ванёк цябе не зваў?
Я к у б
Не, ім агент патрэбен для выведкі.
В о л ь к а
Дык хай бы іншага каго заслаў!
Ці мала здатных на занятак гэткі!
Я к у б
Мяне лягчэй на службу ўладкаваць:
Рэпрэсаваны быў, даверу болей.
І мову швабаў знаю — не на пяць,
Аднак жа лепш, чым нас наўчылі ў школе.
С ц я п а н
Не бачу выйсця іншага, апроч
Як ты рашыў. Жыццё дало асечку.
Змазгуем так усё, каб заўтра ўноч
Ты знік. Каб ранкам быў ужо ў мястэчку.
У дзядзькі Тодара. Пабудзеш там,
Пакуль мы тут ачомаемся крыху...
Я к у б
Дакладна гэтак думаў я і сам:
Спярша ў мястэчка, а адтуль - у Рыгу.
М а р ы л я
У Рыгу?.. Божа! Аж за белы свет!
С ц я п а н
Спакойна, маці. Дай паслухаць сына.
Я к у б
Там сябар мой адзін жыве, паэт,
Нас нарадніла горкая часіна.
Сядзелі з ім у камеры адной.
Цяпер працуе ў Рызе ў выдавецтве.
Ён абяцаў апеку нада мной -
Там, калі тут не будзе дзе мне дзецца.
В о л ь к а
Якуб! А як - далей? А што пасля
Цябе чакае? Немцаў жа прагоняць!
Я к у б
Не ведаю. Хутчэй за ўсё - пятля,
Калі сабе не здрадзіць Занямонец.
Калі не стане брат твой халуём,
А будзе ўсімі сламі змагацца,
Каб наш крывіцкі, наш ліцвінскі дом
Не запрапаў ад нечысці і гадства...
В о л ь к а
Прабач, я плачу... Хто мне дасць адказ:
За што нам выпала такая доля?
Я к у б
Не трэба слёз. Бог не пакрыўдзіць нас.
Давай мы лепш спяём з табою, Воля.
Наш Паланэз Агінскага. Давай!
Для мамы з татам. I для Беларусі.
Авось пачуе і - ад краю ў край –
Падхопіць? Га? Каб не гібець у скрусе.
С ц я п а н
А гэта добра ты надумаў, сын.
На развітанне песня лепш, чым слёзы.
Спявайце, можа, вашы галасы
I Госпад Бог пачуе праз нябёсы.
М а р ы л я
Адно нягромка, дзеткі, каб людзей
Не насцярожылі сваім пяяннем.
Я к у б
За гэту песню веры і надзей
Я ўжо адбыў, матулька, пакаранне...
Я к у б і В о л ь к а
(пяюць)
Край ты наш крывіцкі, родны край!
Зямля дзядоў спаконная!
Не трэба нам ніякі іншы рай,
Апроч цябе, зямля, - зялёная,
Блакітная, спакойная.
Толькі будзь сама сабой,
Заўсёды будзь сабой,
Павек вякоў - сабой,
Павек вякоў свабоднай будзь,
Свабоднай будзь!
З няволяю ліхой,
Няволяю праклятаю не знайся!
Ведай, што
Касцьмі паляжам мы,
Касцьмі паляжам мы,
Касцьмі паляжам мы, -
А вера матчына
Не будзе страчана,
Не будзе страчана,
Не будзе страчана,
Не будзе!
Край ты наш ліцвінскі, родны край!
Навек нам Богам дадзены!
Ты толькі вер і помні, вер і знай:
Што завяшчалі нам дзяды і прадзеды –
Таму не здрадзім мы!
Толькі будзь самім сабой,
Заўсёды будзь сабой,
Павек вякоў - сабой,
Павек вякоў свабодным будзь,
Свабодным будзь!
З няволяю ліхой,
Няволяю праклятаю не знайся!
Ведай, што
Касцьмі паляжам мы,
Касцьмі паляжам мы,
Касцьмі паляжам мы,
А вера матчына
Не будзе страчана,
Не будзе страчана,
Не будзе страчана,
Не будзе!
Праз колькі дзён пасля таго, як знік
Якуб і ў страху млелі Занямонцы,
Што будзе з імі? - ноччу цень прынік
Да шыбы, і пачуўся стук нямоцны.
Сцяпан чакаў яго й не спаў таму,
Забожкала адразу ж і Марыля.
С ц я п а н
Спакойна, маці. Я адзін яму
Скажу як след, усё, як гаварылі
Выходзіць у двор.
Ванёк? Ого, хто у мяне ў двары!
Шаноўны госць, а не які пракуда.
В а н ё к
Прабач, ты не патрэбен нам, стары.
Якуб патрэбен нам. Пакліч Якуба!
С ц я п а н
Дык а яго ж няма! Яшчэ ў чацвер
У Мінск паехаў; і застрэў там дзесьці.
В а н ё к
Што-што? У Мінск? Не гарадзі чарцей!
Заві сюды! Размову будзем весці.
С ц я н а н
Я не хлушу табе. Няма яго.
Паехаў. Мы ўжо за яго баімся...
В а н ё к
Паехаў, значыць? Да каго й чаго?
С ц я п а н
Сказаў, дзяўчына дзесь жыве ля Мінска.
В а н ё к
Мірон! Ты чуеш, што ён тут чаўпе?
Здурнеў стары ці мае нас за дурняў?
З-за вугла хаты выходзіць Мірон.
Твой сын, - запомні, што кажу табе, -
Са смерцю ў хованкі гуляць задумаў.
Дык вось: калі праз роўна тыдзень ён
У гэтую ж пару не будзе дома –
Паплаціцеся вы. Усёй сям'ёй.
Вас незайздросная чакае доля.
С ц я п а н
Калі прыедзе, дык... А калі не?
А калі дзе яго схапілі немцы?
В а н ё к
Стары! Замоўкні і не злуй мяне.
Калі ён збег - вам страшна адрыгнецца.
Усё! Хадзем, Буёк! Ці ты яшчэ...
Ну-ну! Пагавары з сваёй красуняй.
Ды не зявай! Бо і яна ўцячэ.
А бацька выдумку табе падсуне.
М і р о н
Прашу ў маё не лезці, камандзір, -
Ты ж знаеш: хамства я цярпець не буду.
В а н ё к
Даю табе не болей дзвюх гадзін.
Сыходзімся на ўзлессі, каля дубу.
Ванёк знікае. З хаты выходзяць Марыля і Волька.
М а р ы л я
(плачучы)
Міроначка! Мы чулі, што сказаў Ванёк...
Мы тут стаялі, за дзвярыма.
За што ты, Божа, так нас пакараў?!.
С ц я п а н
Ну, не заводзься, памаўчы, Марыля.
Заходзь у хату, што ж мы тут стаім...
М і р о н
Не, мне няможна... Я хацеў бы толькі
Наконт Ванька... Вы не жартуйце з ім.
Ён - бальшавік жалезнай загартоўкі.
Там, дзе датычыць нашай барацьбы,
Ён не саступіць нават маці роднай.
Я, Волечка, хацеў бы сапраўды
Пагаварыць з табой, калі ты згодна.
С ц я п а н
Ну а чаму ж вам не пагаварыць!
М а р ы л я
Пагавары, дачулечка... А можа,
Мірон табе падкажа, як нам быць?
Як выбрацца з бяды? Ой, Божа, Божа!..
Сцяпан і Марыля ідуць у хату.
М і р о н
Хадзем на загуменне, там цяпер
Наўрад ці можна на каго нарвацца.
В о л ь к а
Мірон... Я ўся - нібы загнаны звер:
Так страшна мне, што ты пачнеш пытацца...
М і р о н
Пачну, вядома, калі ты сама
Мне не раскажаш, як заўсёды, шчыра.
Там, дзе даверу поўнага няма,
Зліць у адну дзве праўды немагчыма.
В о л ь к а
Я ведаю... Да гэтага й ідзе.
Я ўжо адчула - там, у сэрцы недзе,
Што подлая вайна нас развядзе,
Што шчасця мне не знаць на гэтым свеце.
М і р о н
Ты што гаворыш? Ты гэта ўсур'ёз?
Сяброў бяда не дзеліць, а збліжае.
Я веру ў наш адзін вялікі лёс.
I мне твая пакута — не чужая,
Чаму ж ты так падумала? Чаму?
Што брат адмовіўся дапамагчы нам?
Дык знаеш... Трэба ўталкаваць яму,
Дзе ў гэткі час належыць быць мужчынам.
А як іначай? Страшная вайна
Ідзе. I ёй канца яшчэ не бачна.
У гэткі час, зараначка, адна
Ва ўсіх у нас павінна быць задача:
Разбіць і выгнаць з роднае зямлі
Фашысцкіх катаў, нелюдзяў-забойцаў.
Такі настрой і ў вашае сям'і
Павінен быць - у доме Занямонцаў.
В о л ь к а
Мірон! Ці ж мы супроць, каб іх прагнаць?
I калі трэба ад мяне падкрэпа -
То табе я гатова памагаць,
Адно не знаю, чым і як канкрэтна.
М і р о н
Не знаеш як? Найлепшая твая
Падкрэпа ў губках... Ой, як памагае!
Абдымае і цалуе Вольку.
В о л ь к а
Не трэба, любы мой. Ты ж бачыш, я –
Уся здранцвелая... Як нежывая.
Мяне й дагэтуль браў за сэрца страх,
Ну а цяпер, пасля Ваньковай грозьбы...
М і р о н
Прасі вярнуцца брата. Як сястра -
Прасі. Тваёй ён не адхіліць просьбы.
В о л ь к а
Які няшчасны ён у нас! Які
Пракляты лёс вядзе яго праз церні!
Больш трох гадоў пачвары-павукі
З яго смакталі кроў неміласэрна.
Ну, а за што? Скажы, за што, Мірон?
За што яму навек жыццё зламалі?
Калі б ты толькі знаў, як любіць ён
Наш родны край! Калі б усе вы зналі!..
М і р о н
Сягоння мала, Волечка, любіць.
Сягоння трэба ратаваць Айчыну.
Браць зброю ў рукі і прышэльцаў біць,
А не шукаць якуюсьці прычыну,
Каб адсядзецца ціхенька ўбаку...
I я, прабач, не разумею ўсё-ткі,
Чаму не можа быць там і Якуб,
Дзе школьныя сябры і аднагодкі?
В о л ь к а
I ты не разумееш... Нават ты.
Ён павукоў баіцца. Лап іх цэпкіх.
Ён павучынай іхняй праваты
Павек не прыме. Хоць шчапай на шчэпкі.
М і р о н
Чым больш ты кажаш і тлумачыш мне,
Тым больш загадак... Нешта з намі стала.
Даруй мне, я - салдат, я - на вайне.
Мне, можа быць, і думаць часу мала,
Пазаўчарашняй ноччу наш атрад
Браць гарнізон хадзіў. I нас спасцігла
Няўдача. Не ўзялі. I ў лес назад
Не ўсе прыйшлі. I злосць яшчэ не сціхла.
Якіх мы слаўных страцілі сяброў!
У ліку іх - і камандзіра роты.
А ты - пра нейкіх страшных павукоў,
Пра нейкіх злыдняў чорт якой пароды...
В о л ь к а
Мірон! Чакай... I ты назад, у лес,
Мог... не прыйсці? I мы б цяпер з табою...
М і р о н
Не, я не мог, не! Покуль ты жывеш -
I я жывым вяртацца буду з бою.
Прабач, пара мне ўжо... Яшчэ ж хачу
Сваім старым пастукаць у аконца...
В о л ь к а
Мірон... Я так цябе не адпушчу...
Ты... пацалуй мяне... I моцна-моцна...
Пачатак лета. Сорак трэці год.
Грымаць расстрэлы. Вогняцца пажары.
Не змераць гора. Не злічыць нягод.
Вайна і ў тыле ворага ў разгары.
Мірон, бывалы ўжо лясны салдат,
Нярэдка ў прыклад ставіцца атраду.
Адно душу гняце, што з пэўных дат
На стрэчах з Волькаю не стала ладу.
Чагось замкнулася ў сабе яна —
Ды так, што цяжка выцягнуць і слова.
Маўчыць і плача. Мучае віна?
Ці душыць крыўда? Ці з суроку злога?
Мірон здагадваецца: зніклы брат –
Таму прычына. I нічога болей. Якуб...
Відаць, зламаўся небарак.
На волю выйшаў, а жыве няволяй.
Сказала ж Волька ў тую ноч яшчэ:
«Ён павукоў баіцца...» Страх у фібрах
Сядзіць... I ён нікуды не ўцячэ
Сам ад сябе, ад дум сваіх няхітрых.
Страх зараз кожнаму гразіць бядой.
Трымцяць вяскоўцы: не дай Бог аблава!..
I усё ж настрой ужо ў людзей не той,
Што год назад быў, і паўгода нават
Мацней адчуў і ўверыўся народ,
Што вызваленне ўжо не за гарамі.
А ў зоне партызанскі «агітпроп»
Ужо й канцэрты ладзіць вечарамі.
На сцэне з дошак - каб было відно –
«Артысты» і пяюць і дэкламуюць.
З дарослымі і дзеці заадно
Іх слухаюць; малыя не сумуюць.
I сёння вось такі канцэрт ідзе,
На адвячорку, у Пушчанскай Ліпе.
Дзяцюк з гармонікам і рэй вядзе,
I сам іскрыстыя куплеты сыпе.
А р т ы с т
Сербіяначка-цыгынычка,
Не стой на вуліцы:
Наша вуліца - паляначка,
Што ў лесе туліцца.
Ах, сербіянка-партызанка,
Ты сваім не здрадзіла.
Ах, раскажы нам, сербіянка,
Дзе мілога страціла?
У натоўп слухачоў урываецца, з перакошаным ад гневу тварам, Ванёк.
В а н ёк
Спыніць! Спыніць і разыйсціся ўсім!
Замры, музыка! Скончаны забавы!
Г а л а с ы
Ён што - напіўся? Што такое з ім?
В а н ё к
Мірон! Сюды бягом, ваяка бравы!
Да Ванька з натоўпу прабіваецца Мірон.
Што - весялішся тут, такую маць?!
А бацька з маткай дзе твае? Не знаеш?
Там, дзе й мае! На ямішчы ляжаць!
Забітыя ляжаць! Вось - сведку маеш!
М і р о н
Дзед Юлісь? Што... ты гэта бачыў сам?
Ю л і с ь
Так, дзеткі, бачыў... Сёння раніцою...
Іх завялі на ямішча і там —
Усіх... Яго й тваіх... Адной чаргою...
А нас сагналі каля школы ў гурт,
I старшы, рамянямі ўперазаны,
Сказаў, што будзе кожнаму капут,
Калі з сям'і хто пойдзе ў партызаны...
А мне ён загадаў, той старшы, каб
Я закапаў іх... У кар'еры гэным...
В а н ё к
Мірон! Па конях — і хутчэй у штаб!
Да камандзіра! Хай дазвол дае пам!
Ідуць да прывязаных коней.
М і р о н
Так, трэба ўзяць на Слабаду дазвол,
Каб пахаваць па-людску, развітацца.
Дык вось чаму я быў як сам не свой, -
Душою чуў, што нешта мусіць стацца...
В а н ё к
Ну беражыцеся! Пачнём грымець
I мы ў адказ! I ў вас ёсць таты-мамы!
Раз і этак - кроў за кроў і смерць за смерць!
I вашых кінем у кар'ер той самы!
Не, гадаўё! За смерць бацькоў маіх -
Я буду помсціць так, каб волас дыбам!
Да трэцяга калена выб'ю ўсіх!
I котлішчы пушчу з агнём і дымам!..
Праз колькі дзён па тым, як на кладах
Ванёк з Міронам пахавалі родных,
Іх грозны камандзір аддаў загад
Аб партызанскіх акцыях смяротных.
Каб трохі боль уняць, расслабіць злосць,
Ды і каб страхі на людзей аселі –
Па вёсках зоны ўсёй, дзе толькі ёсць, -
Ліквідаваць калабарантаў сем'і!
А каб ахвяры не змаглі ўцячы,
Даведаўшыся, што ідзе расправа, -
Усіх іх працягом адной начы
Схапіць і расстраляць на месцы прама.
Мірон, ад шоку адышоўшы ледзь,
Увесь яшчэ ва ўладзе смутку й болю,
Адчуў, што за бацькоў нявінных смерць
I ён гатоў даць гневу сэрца волю.
Той дзень чамусьці боль калоў вастрэй.
А ўвечары, ужо як згасла сонца,
Мірон пачуў, што ў спіску на «расстрэл»
Ёсць і сям'я Сцяпана Занямонца.
У першы момант ён аслупянеў.
«Не можа быць!..» Адчуў, як за грудзінай
У страх і жах перарастае гнеў,
I кінуўся бягом да камандзіра.
Той быў ужо прыклаўшыся крыху –
Як і штовечар, ды і ўдзень таксама,
I хоць зусім не рады быў Буйку –
Прыняў узрушанага партызана.
М і р о н
Таварыш камандзір, клянуся вам:
Яны не вінаватыя! Паверце!
К а м а н д з і р
Хто?
М і р о н
Занямонцы! Я іх знаю сам!
Няма за што іх прысуджаць да смерці.
К а м а н д з і р
Ого, як пафасна! Баец Буёк —
Адставіць пафас! I прашу запомніць:
Мы ўлада тут і знаем кожны крок
Любога. Мы не чынім беззаконніц.
Ты Занямонцаў ратаваць прыбег.
А дзе іх сын? Дзе іх нацдэм зацяты?
У партызанах, можа? Немцаў б'е?
Ці ўцёк, збаяўшыся суда й расплаты?
М і р о н
Таварыш камандзір! Іх сын Якуб
Не стане немцам слугаваць ніколі!
Ён ненавідзіць іх! I быў бы тут,
Калі б не тыя тры гады няволі...
К а м а н д з і р
Адставіць глупства! Вось табе мой сказ:
Ты - дрэнны сын: замест таго, каб смерцю
За смерць бацькоў спагнаць, ты ў гэты час
Спагады просіш здрадніцкай сямейцы!
Якая ганьба! Проста стыд адзін!
I гэта - лепшы партызан атрада!
М і р о н
Не здрадніцкай, таварыш камандзір!
Не здрадніцкай! У чым і дзе іх здрада?..
К а м а н д з і р
Баец Буёк! Кру-гом! І шагам-арш!
Ты што - аглух? Ці захацеў пад арышт?
Мірон збялеў і задыхнуўся аж:
Мацней, чым гэты ўдар пад дых, не ўдарыш.
Ён выскачыў са штаба і бягом –
Да канавязі, да свайго Гнядога.
«Хутчэй, хутчэй, мой конік наўздагон!
Каб апярэдзіць! Да бяды нядоўга!
Не дам расправу учыніць, не дам!
А там - хай будзе ўжо сабе, што будзе!
Як што - дык з Волечкаю напалам
Падзелім лёс у смерцявой астудзе!..»
Без сцежак, нацянькі, праз лес густы,
Праз баравіны, выспы і паляны,
Ён рваўся, абмінаючы пасты,
На Слабаду - злабой і страхам гнаны.
I вось ужо абрыс знаёмых стрэх,
Знаёмы двор, свіцяцца цьмяна вокны.
Мірон кулём з каня, і раптам - стрэл,
Услед - другі, і страшны лямант Волькі.
Ён на бягу, чаргой кароткай даў
Па верхняй шыбіне, вышэй фіранак.
Святло пагасла ўміг. З дзвярэй, як здань,
Жанчына ў белым выбегла на ганак.
М і р о н
Ты, Волечка? Хутчэй бяжы! Ўцякай!
В о л ь к а
Мірон! Мірон!.. Ён іх забіў! Міронка!
М і р о н
Бяжы, зараначка, бяжы! Бывай!
Я затрымаю гэтага падонка!
Волька кінулася на загуменне.
Гэй, ты, што ў хаце! Я — Мірон Буёк!
Ты чуеш там? Выходзь! Страляць не буду!
Ты - не патрэбен мне. Выходзь!
Праз хвіліну з дзвярэй выходзіць з аўтаматам напагатове Загрэбін.
Ванёк!
Дык гэта ты іх.... без суда-прысуду?
В а н ё к
А ты - чаго тут?
М і р о н
Бог мяне паслаў -
Нявінных ратаваць ад рук ад братніх.
За што ты іх, Ванёк? Ты ж добра знаў,
Што іх віны няма...
В а н ё к
Ёсць! Сын іх - здраднік!..
* * *
Паўзводна, рад у рад, стаіць атрад.
Мірон, у споднім, - ад усіх на ўзбоччы.
К а м а н д з і р
Увага! Смірна! Слухайце загад!
«За дызертырства, зробленае ўночы,
За прымяненне зброі, каб сарваць
Аператыўна важнае заданне, -
Байца Буйка Мірона - расстраляць!»
Прывесці прыгавор у выкананне!
У родны двор пагодным летнім ранкам
Якуб зайшоў з салдацкім рэч-мяшком,
У бляклай гімнасцёрцы з акуратна
Пад рэмень падаткнутым рукавом.
Перахрысціўся перад ганкам, вочы
Далонню выцер, уздыхнуў глыбей,
I ў гэты міг пявучы голас Вольчын
З разнасцежаных вылецеў дзвярэй.
В о л ь к а
Якубачка! Браток! Герой наш мужны!
А родненькі! А дзе ж твая рука?
А мамачка! А татачка! Чаму ж вы
Не сустракаеце свайго сынка?!..
Я к у б
Здарова, мілая сястра, здарова!
А слёз не трэба. Слёзы ты замкні, -
Як тата раіў... Хай яе з дарогай! -
Змарыўся страшна за чатыры дні.
Амаль не спаў: ні ў цягніках набітых,
Ні на вакзалах... Нават не прылёг.
В о л ь к а
Хадзем жа ў хату! Божачка, які ты
Увесь змарнелы!..
Я к у б
Ну, здароў, парог!
Здаровы, сенцы! I здарова, хата!
А гаспадыня дзе? Дзе гаспадар?
Даруй мне, мамачка! Даруй мне, тата!
Павек мне карай гэты страшны ўдар.
Даруй і ты мне, мілая сястрьша,
Што сіратою стала праз мяне.
Ні прымірыцца з гэтым, ні забыцца
На гэты боль я не магу і ў сне.
В о л ь к а
Якуб! Не трэба так. Відаць, над намі
Такі ўжо лёс. Не мучайся дарма.
Я тут усё - і днямі, і начамі –
Абдумала... Тваёй віны няма.
Што пазвярэлі многія і кроўю
Упіцца праглі - ты тут ні прычым.
Ты да людзей быў з Богам і з любоўю.
I бедаваў, і думаў аб адным –
Што з нашым краем будзе? З Беларуссю?
Я помню ўсё, што ты мне гаварыў...
Я к у б
Ах, Волечка! Я ж думаў, што вярнуся
Да тых, хто свет мне гэты падарыў.
Ты завядзі мяне да іх магілы –
Пацалаваць зямлю на курганку...
В о л ь к а
А як жа, сходзім, сходзім, братка мілы,
Але спачатку - адпачні крыху.
Я зараз бульбачкі звару, яечка
Спяку - як мама некалі пякла...
Я к у б
А заўтра я, відаць, схаджу ў мястэчка,
Да дзядзькі. Як ён там? Даўно была?
В о л ь к а
Даруй, браток, што я табе ў апошмім
Лісце не напісала пра бяду.
Забралі дзядзьку... Прама там, на пошце,
Дзе працаваў... і кануў - бы ў ваду.
Я к у б
Забралі?.. А за што яго забралі?
Што быў настаўнікам у час вайны?
Вол ь к а
Не ведаю... нічога не сказалі.
Прыйшлі, арыштавалі й павялі.
Я к у б
Ну, ясна... Тая ж клямка беларусу.
Цяпер ужо за тое, што не здох
Пад акупацыяй... Што хлеба лусту
Сумленнай працай зарабляў, як мог.
А да цябе сюды энкавэдзісты
Прыходзілі? Пыталі пра мяне?
В о л ь к а
Яшчэ зімой... І я дала твой ліст ім.
Вось бачце: ён - на фронце, на вайне.
I болей не чапалі, дзякуй Богу.
А што пытаць? Ці ж не відно і так?
Ты інвалідам стаў за перамогу.
Вось — вернасці тваёй найверны знак.
Я так, мой братачка, перажывала,
Калі ты напісаў мне пра руку!
Я к у б
А мне, паверыш, як бы нават стала
Там, у шпіталі, спакайней крыху.
Падумаў: ну, цяпер ужо, напэўна,
I сапраўды я заслужыў давер –
Хоць гэткаю цаной неміласэрнай.
Нарэшце ўжо адчэпяцца цяпер.
Дазволяць мне на працу ўладкавацца
Па спецыяльнасці - і ціха жыць.
А зараз... Мушу я табе прызнацца –
Адчуў: душа, як і раней, дрыжыць.
Як толькі ты сказала мне пра дзядзьку,
Так і ўзмуцілася на сэрцы муць.
В о л ь к а
Не, ты не бойся, брат! Табе ў аддзяку
За подзвіг твой спакойна жыць дадуць.
А як жа! Ты ж герой! Я дзесь чытала:
У Грэцыі калісь такіх, як ты,
Так моцна ўся краіна шанавала,
Што інвалід вайны быў - як святы!
Я к у б
Дык гэта ў Грэцыі!.. А ў нас калекі
Пайшлі ўжо з «Лазарам» па цягніках.
Ну, але ладна. Раскажы мне лепей,
Як ты тады перажыла той жах.
В о л ь к а
Тады перажыла... Адгаласіла.
Адплакала. Адвыла. Адраўла.
Сама не знаю, дзе ўзялася сіла,
Што мне тады памерці не дала.
Тады... А потым... I не ўспомню, мабыць,
Калі мне стала лезці ў галаву,
Што я не маю права жыць і марыць
I што цяпер я - не перажыву...
Я к у б
Ты гэта кінь! Вось выдам цябе замуж,
Сям'ю займееш, дочак і сыноў
Народзіш...
В о л ь к а
Не. Нічога ты не знаеш.
I не ісажы мне нават гэткіх слоў.
Яму, адзінаму майму ад Бога,
Не здраджу я ніколі і ні з кім.
Я не магу і думаць пра другога.
Маё жыццё закончылася з ім.
Які ён быў тады, той страшнай ноччу,
Калі прымчаўся нас уратаваць!
Нібы архангел сам з нябёс саскочыў -
Каб між каханай і забойцам стаць.
Калі б ты чуў, якім мальбоўным крыкам
Ён крыкнуў мне: «Зараначка, бяжы!..»
А ты гаворыш... Не, дзеля прыліку
Я не вярнуся ў гэты свет чужы...
Я к у б
Я разумею, Волечка... Хоць сам я
Не знаў кахання гэткага... Але -
Ты мусіш жыць. Гаворана ж у псальме:
«Хай ворагі не ўцешацца мае».
Патрэбна жыць, сястрыца, жыць! Нічога
Цяпер не бойся, калі поруч я.
Трымайся! А тым часам, з ласкі Бога,
I скруха паразыдзецца твая...
Галодны чэрвень. Страшны сорак шосты.
Аладкі з перамёрзлай бульбы, «суп»
З мяцёлак вобаратніку - голы, посны...
Шыкуйся, інвалід вайны Якуб!
На службу не ўзялі нідзе. У школе
Істапніком прапрацаваў зіму.
Галоўнае ж, што чым далей, тым болей
За Вольку страшна робіцца яму.
Не адыходзіць - ні душой, ні сэрцам.
Зусім ніякай хэнці да жыцця.
Бывае, цэлы дзень перад акенцам
Сядзіць, маўчыць, як хворае дзіця.
А сёння раніцаю, толькі ўстаўшы,
Якуб угледзіў, як яна ўзяла
Вяроўчыну і, пад каптан схаваўшы,
Як непрытомная, у клець пайшла.
Нутром нядобрае пачуўшы штосьці,
Ён падхапіўся - і кулём у клець.
А ўжо вяроўка на круку... Ад злосці
Якуб няшчасную не ўдарыў ледзь.
Я к у б
Ты што?! Ты што?! Як ты магла такое
Уздумаць? Ты наважыла мяне
Пакінуць аднаго на полі бою?
I памагчы тым самым Сатане?..
В о л ь к а
Даруй, Якуб! Даруй! Я не хацела
Цябе пакрыўдзіць... Проста ўся душа
Даўно сатлела ўжо і ператлела.
I не ўваскрэсла, і не адышла...
Дзеля чаго мне жыць, браток? Навошта?
Ты ж бачыш сам, Якуб! Ты ж бачыш сам!
Я к у б
Няпраўда! Нельга думаць так бязбожна!
Бог чуе нас — і Ён паможа нам!
Хадзем адгэтуль!
Вядзе яе за руку ў хату.
Стань перад іконай
I папрасі, каб дараваў Гасподзь,
I пакляніся ўголас, што ніколі
Не зробіш волі Божай насупроць.
Бог даў жыццё табе, як і любому,
Каб апраўдала ты ягоны дар,
А не рассталася з ім па-дурному,
Як нейкая няздара між няздар.
Так, нам не цешыцца жыццём-забавай.
А для чаго тады, пытаеш, жыць?
Для нашай Бацькаўшчыны занядбанай!
Каб ёй, забытай Богам, паслужыць!
Мы больш сядзець не будзем, рукі склаўшы.
Пачнём выводзіць душы на прастор.
I для пачатку ў сельскім клубе нашым
Арганізуем беларускі хор.
Мы ж пець умеем! Ды і песень родных
Багата знаем. Вось і развіём
Работу. Знойдзем падтрымаць нас згодных -
Дзяўчат, жанок, бабуль... I запяём!
Сваёй жа песняй беларускай будзем
Да Беларусі зваць. Будзіць і зваць!
У барацьбе з атрутным словаблуддзем
Шмат душ так зможам мы адваяваць.
Я ўжо абдумаў гэта ўсё належна.
Пара! Пара ўжо штосьці нам рабіць!
I пачынаць з найпростага, канешна.
Дык як? Бярэмся сцежку церабіць?
В о л ь к а
Не ведаю, браток... Яшчэ мне цяжка
Неспадзяваны план твой успрыняць.
Я к у б
Ах! Прынясі сюды маю біклажку -
Там кропля горкай... Колькі ёй стаяць!
Ляпейшай, можа, і не быць нагоды,
Чым гэта: значыць, чыста і да дна!
За наш пачатак шляху да свабоды!
За веру нашу! Каб жыла яна!
Каб не ўмірала ў беларускіх сэрцах!
Каб у вяках ёй не запалынець!...
Ну, а цяпер - у знак яе бяссмерця -
Спяём наш беларускі Паланэз.
Я к у б і В о л ь к а
(пяюць)
Край ты наш крывіцкі, родны край!
Зямля дзядоў спаконная!
Не трэба нам ніякі іншы рай,
Апроч цябе, зямля, - зялёная,
Блакітная, спакойная.
Толькі будзь сама сабой,
Заўсёды будзь сабой,
Павек вякоў - сабой,
Павек вякоў свабоднай будзь,
Свабоднай будзь!
З няволяю ліхой,
Няволяю праклятаю не знайся!
Ведай, што
Касцьмі паляжам мы,
Касцьмі паляжам мы,
Касцьмі паляжам мы, -
А вера матчына
Не будзе страчана,
Не будзе страчана,
Не будзе страчана,
Не будзе!
Край ты наш ліцвінскі, родны край!
Навек нам Богам дадзены!
Ты толькі вер і помні, вер і знай:
Што завяшчалі нам дзяды і прадзеды –
Таму не здрадзім мы!
В о л ь к а
Чакай! Чакай, Якуб! Машына стала
Наўпроць. Ваенныя да нас ідуць.
Я к у б
Да нас? Якая трасца іх прыгнала?
От гады! Песню скончыць не дадуць!
В о л ь к а
Якуб! Мне страшна. Што ад нас ім трэба?
Я к у б
Не бойся! Хай сабе ідуць. А мы –
Пяём далей! Пяём! Ды так, каб рэха
У шыбы дзынкала, як у званы!
Пяюць больш голасна і ярасна.
Толькі будзь самім сабой,
Заўсёды будзь сабой,
Павек вякоў сабой,
Павек вякоў свабодным будзь,
Свабодным будзь!
З няволяю ліхой,
Няволяю праклятаю не знайся!
Энкавэдзісты тым часам зайшлі ў хату. Стаяць і глядзяць недаўменна: маўляў, што яны - звар'яцелі?
Ведай, што
Касцьмі паляжам мы,
Касцьмі паляжам мы,
Касцьмі паляжам мы, -
А вера матчына
Не будзе страчана,
Не будзе страчана,
Не будзе страчана...
Э н к а в э д з і с т
Адставіць песню!.. Я сказаў: адставіць!
Вы што — аглухлі? Замаўчаць і ўстаць!
Песня абрываецца. Якуб і Волька ўстаюць.
Ты - Занямонец?
Я к у б
Я. А што цікавіць?
Э н к а в э д з і с т
Маўчаць! Пытаю я, раскурвы маць!
Ты з-пад канвою ўцёк у сорак першым?
Я к у б
Я не ўцякаў. Уцёк ад нас канвой.
Пакінуў нас сярод дарогі пешых...
Э н к а в э д з і с т
Маўчаць! За ўцёкі ўдвоім тэрмін твой!
Ты ў школе, што адкрылі фашыстоўцы,
Вучыў дзяцей, як Гітлеру служыць?
Я к у б
Не, я настаўнічаў у роднай школцы,
Дзяцей вучыў Радзімай даражыць...
Э н к а в э д з і с т
Збірайся жыва! Вось на арышт ордэр.
В о л ь к а
Чакайце! Што ж гэта? Зноў без віны?
Ён - інвалід вайны! Герой народа!
За што яго? Вы — людзі ці звяры?
Э н к а в э д з і с т
Маўчаць! Бо і цябе, свіное скрэбла!..
Я к у б
Не плач, сястра. Трымайся і трывай.
Як бачыш: жыць табе на свеце трэба.
Ёсць для чаго. Ну, а пакуль - бывай!..
1999