ДУША БАЛІЦЬ...


* * *

Не за сябе душа мая баліць,

Бо я пражыў на гэтым свеце трохі

I мне не страшна за сабой паліць

Падгнілыя масты маёй эпохі.

Няхай гараць у праведным агні

I атухаюць у кастрах гарачых

Няўдачамі закрэсленыя дні

I тоненькія свечкі сноў юначых.

Не ўсё мы так зрабілі,

Як маглі.

Ішлі,

Кульгаючы на кожным кроку.

Але і нашых думак вугалі

Здалёк свяціліся ў халодным змроку.

Наш родны край для нас не быў чужым.

Сваё мы адпакутвалі —

I баста!

А дзеці?

Ну няўжо на плечы ім

Абрынем мы дзяржаўнае нядбальства?

Няўжо прапусцім і ў наступны век

З чужацкай незруйнованай засады

I цемрашальства ашалелы здзек,

I чорную атруту подлай здрады?

Сярод глухіх асушаных імшар

Ці знойдзе ўнук таварыша і брата?..

Таму вось і баліць мая душа

I на дзяцей гляджу я вінавата.

Шасцідзесятнікі

Што ад нас застанецца —

Ці песня,

Ці хата,

Ці дрэва,

Ці зямля,

Што навекі

Ва ўсіх нас адна?

Хто рукой нам махне —

Папялушка

Або каралева?

Хто ўсіх нас адпяе —

Завіруха,

Залева,

Вайна?

Мы, здаецца,

Ніколі

Ні бацькам, ні сабе

Не хлусілі.

Як умелі,

Рабілі.

Жылі,

Як маглі.

Надаралася,

Плакалі моўчкі ў бяссіллі.

Зубы сцяўшы,

Паўзлі

Па крывёй набрынялай зямлі.

Так,

Не ўсё мы паспелі,

Не ўсё завяршылі.

Не збудзілі ад сну

Наш знямелы, збалелы народ.

Прайдзісветы

Залезлі на нашы вышыні,

Ілгуны-недавучкі

Нам заціснулі рот.

Перад небам і вечнасцю

Мы вінаваты.

Ды пры нас

I без нас

I цяпер,

I пасля

Застануцца жывымі

Песні,

Дрэвы

I хаты,

Нашы дзеці і ўнукі,

Наша маці-зямля...

Значыць, мы на зямлі

Недарэмна жылі...

* * *

Нехта — з пекла,

А нехта — з раю

Голас мне сябры падаюць.

Вельмі рана сябры паміраюць.

А вось ворагі

Доўга жывуць,

Абмінаюць судовую лаву

I шалеюць ад п'яных піроў,

I крадуць

Пасмяротную славу

У маіх нешчаслівых сяброў.

Смерць і праўда —

Бяздушна-сляпая,

Калі ўсіх іх раўняе ў цане.

А сяброў маіх так не хапае

I зямлі беларускай,

I мне.

Я крыві не хачу,

Вы паверце,

I граху не вазьму на душу.

Не прашу я для ворагаў смерці —

Для сяброў даўгалецця прашу.

* * *

Чорнай навалаю коціцца зверху

Гвалт небывалы,

Раз'ятраны вэрхал.

У кіраўнічых суровых прамовах

Бэсціцца зноў беларуская мова:

Быццам бы наскія словы не здатны

Выказаць талент і розум выдатны.

Новай уладзе не пашанцавала —

Хоць да спадобы ёй бульба і сала,

I самазвалы,

I фермы,

I нівы,

Непераборлівы люд наш цярплівы,

Бор карабельны

I мёд верасовы, —

Косткаю ў горле —

Народная мова.

Колькі цкавалі яе і глумілі,

А не складае падбітае крылле,

А ўсё' жыве і ніяк не канае —

Песня азёрная,

Казка лясная.

Перажыла наша родная мова

I Бенкендорфа, і Мураўёва,

Панскія здзекі,

Чэкісцкія чысткі,

Рогат імперскі,

Вырак фашысцкі...

Тых,

Што з трасянкаю ў галаве,

Перажыве!..

* * *

Ах, як хочацца весялосці!

Ах, як хочацца дабрыні!

А жыццё' дабаўляе злосці,

Колькі ты яе ні кляні.

Ты шукаеш адданасць і радасць,

Да расчыненых вокнаў бяжыш,

А адтуль лезуць зайздрасць і здрада,

Як з балота вясною вужы.

Калі ў бойцы і спрэчцы суровай

Давяраюць пятлі і нажу,

Я ўжо верыць баюся на слова

I на дзверы са страхам гляджу.

Могуць лёгка ў мяне за спіною

I мяне прадаць за пятак...

Значыць, нешта не тое са мною,

Нешта ў свеце нашым не так...

* * *

Верыць лестачкам хітрым

І подлай хлусні,

I дурному нязбытнаму цуду,

Хоць вяроўку на шыі маёй захлісні,

Не магу,

Не хачу

I не буду.

Мірна слухаць абвалы напышлівых слоў

І старога тупога прыблуду,

Хоць абвешай мяне серабром медалёў,

Не магу,

Не хачу

I не буду.

Прызнаваць верхавенства чыноўнай гайні

I цану палітычнага хлуду,

Хоць на плошчы галоўнай мяне разапні,

Не магу,

Не хачу

I не буду.

А служыць занядбанай сваёй старане

I цярпліваму роднаму люду,

Хоць яны і не ўепомняць пасля пра мяпе,

Як змагу,

I хачу я

I буду.

* * *

Гісторыя,

Разумніца сівая,

Сваім дыханнем чыстым

На ляту

Ад ісціны

Рашуча адсявае

Бяздарную, базарную лухту.

Яе шырокай нівы не заселе

Ні хітрасць,

Ні прыгожая мана.

Спакойнаю рукою

Пустазелле

Бязлітасна выполвае яна.

Не ўзяць яе ні ласкай, ні аблогай,

Хоць пагражай,

Прасі

Ці скавычы.

Ад будучага дня

I ад былога

Адна яна захоўвае ключы.

Ніякаю абгорткай адмысловай

Не ўсунеш ёй траянскія дары.

За ўсе вякі,

За ўсе перабудовы

Яшчэ ніхто яе не абдурыў.

Не набівайся ж да яе ў сваяцтва,

Не дуй старанна ў гулкую дуду,

А ўсю сваю завершаную працу

Аддай яе сумленнаму суду...

* * *

Тэхнічнага прагрэсу дзеці,

Ці вінаваты ў чым яны,

Што раз'язджаюцца па свеце

Твае,

Мой родны край,

Сыны?

Заве духоўная патрэба,

У працы хочуць бачыць толк

Ці проста мець кавалак хлеба

І дэмакратыі глыток?

Цяжкой пакутай адлучэння

Перапаўняюць цягнікі

Твае сыны па нараджэнні,

Чужых краін працаўнікі.

Дзяцінства

Казкай незабытай

Ім сніцца будзе за мяжой

Каля чужога дабрабыту,

Ля светлай радасці чужой.

Ці ўдасца ім

З нявестай гладкай

Прайсці бязбедна па жыцці

I да заморскага парадку

Душой самотнай прырасці?

Ці вечна

З думаю аб хлебе

На лёс свой скардзіцца ў журбе?..

... А каб вярнуліся,

Дык лепей

Было б для іх

I для цябе.



* * *

Ну што, Беларусь, у цябе за сыны? —

Хто быў паштаром,

Плугаром

Ці падпаскам,

Як толькі праб'ецца хоць трохі ў чыны,

Забыць цябе лічыць сваім абавязкам.

Ад хлева вясковага вернуць лычы,

Хоць бацькава сала ядуць як зазвычай

I матчыну мову гатовы лічыць

I "беднай",

I "хамскай"

I проста "мужычай".

Не лезе у вушы ім даўні назоў,

Псуецца настрой ад бабуліных строяў.

Зусім ім не трэба

Ні нашых князёў,

Ні нашых прарокаў,

Ні нашых герояў.

Хоць ты з іх і крыжык нацельны здымі,

Ніхто перад крыўдай тваёй не заплача...

Ну што тут паробіш —

У кожнай сям'і

I з сынам часамі бывае няўдача.

Ну што ж,

Калі нехта гатоў і чалму

Надзець,

Каб на месцы сваім утрымацца,

Адно толькі сэрца сціскае:

Чаму,

Чаму іх так многа ў цябе,

Мая Маці?..

* * *

Нехта кажа:

— Так жывём.

Нехта кажа:

— Так жуём.

Нехта кажа :

— Дажываем

I ваюем з гадаўём.

Нехта кажа:

— Гэта здзек.

Нехта кажа:

— Гэткі век.

Нехта кажа:

— Не патрэбен

Чалавеку чалавек.

Нехта

Лёс свой пракляне.

Нехта

Слёзы праглыне.

Нехта ў горы і бяссіллі

Сум патопіць у віне.

I ні зблізку,

Ні здалі

Не памогуць каралі...

Да чаго ж мы з вамі,

Людзі,

Край свой родны

Давялі!

* * *

Той,

Хто іншаму яму капае,

Хай спытаецца ў лёсу свайго,

Ці не кіне воля сляпая

У сьшучы пясок і яго?

Ці не скоціцца ён з касагору

На халоднае мулкае дно,

Каб пасля доўга грэбсціся ўТору,

Дзе вячэрняе неба відно?

А з-за хмар будзе месяц смяяцца,

Як у ямы той бераг высок.

I ўвесь час праз бяссільныя пальцы

Будзе сыпацца жоўты пясок.

* * *

Ты, помніш, мне казаў:

— Няможна жыць,

Зусім няможна жыць без Беларусі...

Ідуць гады,

Імклівы час бяжыць.

А ты далёка.

I няскора, мусіць,

Заморскія закончыш ваяжы.

Не веру я,

Што выгада адна

Цябе з чужых краёў не адпускае,

Што дабрабыту сыты сатана

Цябе аплёў злараднасцю,

Якая

Між намі вырастае,

Як сцяна.

Відаць,

Старая тайная віна

Табе душу збалелую сціскае.

Ды Бог табе суддзя.

Каля акна

Стаіць матуля сумная, сівая

I ўсё цябе чакае да відна.

А я ў бяды народнай на мяжы

З усімі тут і плачу, і смяюся,

Бо праўду ты казаў:

— Няможна жыць,

Зусім няможна жыць без Беларусі.

* * *

Выцерпеў край наш

Паводкі,

Пажары,

Навалы,

Выдраўся трудна з балота пагарды і зла,

Толькі каб родная мова жыла і спявала

I для душы бсларускай святою

скарбонкай была.

I ўжо здавалася:

Сонца заззяла ў аконцы,

Прашчураў ціхі наказ даляцеў да прысад

I па-дзяржаўнаму годна

Па ўсёй ачунялай старонцы

Роднае слова займае законны пасад.

Дзеткі,

Нібыта малітву,

Яго паўтаралі.

Песні ўздымалі яго да яснотных вышьшь...

Ды ўжо злавалі

Імперскіх штабоў генералы.

Ды ўжо фельдфебелі

Лезлі яго задушыць.

Тыя,

Што беглі сюды ад цяжкой галадоўлі

I пачувалі сябе, нібы ў хаце свасй.

Ну а найболей —

Уласнай саўтаснай гадоўлі

З луджанай глоткай

I рабскай халоднай крывёй.

Як яны наскае слова качаюць у брудзе!

Як яны пнуцда яго дзканаць вазусім!..

Родны Іван Дамінікавіч!

Вы нам даруйце.

Ты нам даруй,

Калі зможаш,

Самотны Максім!..

Вулічны музыка

Вакол яго будзённасць шэрая

Людской паводкаю вірыла,

А за спіной —

Вялізным чэравам

Шумеў, бурчэў паўдзённы рынак.

Яго, здаецца, зранку ўходала

Чужая гулкая гамонка.

Ён слухаў сам сваю мелодыю,

Шчакой прыпаўшы да гармоніка.

I медалі яго салдацкія

З грудзей глядзелі сарамліва,

Нібыта прадзедавы цацкі,

Наіўна ўзятыя з архіва.

Адзін ён чуў

Званочак срэбны

Святой ваеннай маладосці,

Зусім нікому не патрэбны

Тут,

Дзе кубельцы ды авоські.

Яму даўно было ўсё роўна,

Ці спачуванне чуць,

Ці кепікі.

Не заўважаў,

Як грошы поўнілі

Старую "ленінскую" кепку.

Ён помніў,

Што яго з "зарплатай"

Ужо чакаюць дамачадцы...

А мне хацелася заплакаць.

I выбачацца,

Выбачацца...



Вольная дума

Наследуючы Янку Купалу

Дзе ўжо хацець весялосці і смеху —

Столькі кавокал няпраўды і глуму!..

Толькі адно застаецца мне ўцехай —

Вольная дума.

Песні высокай сціснулі горла,

Плача жалейка тонка і сумна.

Але жыве раскавана і горда

Волькая дума.

Злодзей,

Забойца,

Вар'ят

Ашалела

Лезуць з чужога пірацкага трума.

Зводдаль сядзіць Папялушкай нясмелай

Вольная дума.

Хочуць забраць нас для новага пана —

I ўжо названа

I дата,

I сума.

Вось і рыдае ў душы несціхана

Вольная дума.

Можа, наперадзе радасці мала,

Як перад чорнаю хваляй самума,

Ды не скарылася і не сканала

Вольная дума.

Сіл набярэцца яна і ўваскрэсне

Зхлуду,

З нявер'я,

З дзяржаўнага тлуму

I празвініць трыумфальнаю песняй —

Вольная дума!

* * *

Ці дапаможа нам Расія

Па свеце не пайсці з сумой,

Калі ў самой слабеюць сілы

I ласкі хочацца самой?

Няўжо мы гэтакія зломкі,

Што не разгонім каламуць

I нашы продкі і патомкі

Нас за няздатнасць праклянуць?

Няўжо мы паддадзімся здзеку

I прададзім,

Як бабылі,

Усё,

Што бог нам даў спрадвеку,

Усё,

Што самі здабылі?

Навошта хочацца камусьці,

Каб не вярнуліся назад

I праляцелі міма гусі

Паўзверх рабінавых прысад,

Каб раптам анямела песня

Каля наддзвінскага сяла,

I моўчкі высахла Палессе,

I Нарач бросняй зарасла?

Дзеля чаго тупая здрада

Цішком крадзецца з-за хлявоў?

Няўжо Расія будзе рада

Займець бяздарных халуёў?

Няўжо ў пачвары двухгаловай

На нас раскрыты кіпцюры

I ўсе

Крывёй сваёй і мовай

Мы захлынёмся без пары,

А на рамонкавым абшары,

Дзе могілкі між саснякоў,

Пір будуць ладзіць янычары

У чорным чадзе шашлыкоў?!

Усім,

Вусатым і бязвусым,

Крычу я ім,

Як на крыжы:

"Ну дайце ж,

Дайце беларусам

Сваёю хатаю пажыць!"

* * *

...Ідзе ў кабінетах высокіх гульня,

Бушуе манкуртаў гарластая раць:

Ці мову мяняць,

Ці дзяржаву мяняць,

Ці, можа, абедзве суседу аддаць ...

Усё, як у хворым прыдуманым сне ...

Не дай Бог дажыць да часіны,

Калі

Унук нас на мове чужой пракляне

За тое,

Што родную не збераглі...

* * *

Чорнымі зданямі,

Пнямі-агаркамі

Шлях баравы абступілі карчы.

Зноў па ўсім краі ахрыпла закаркалі,

Крыллем залопалі

Крумкачы.

Покуль яшчэ ледзь займаецца раніца,

Покуль ваколіца дрэмле ў цішы,

Так яны пнуцца,

Так дружна стараюцца

Мову ў нас вырваць з прымоўклай душы.

Люта пявучае слова дадушваюць

Воля чужая

I час наш цяжкі.

Сонна пасопваюць раўнадушна

Працаю змораныя землякі.

У прыдарожнай смузе васільковай

Ранняя зорка ўзгарэлася б хоць!

Не адыходзь,

Мая родная мова!

Матчына песня,

Не адыходзь!

Не пакідайце мясціну святую,

Што разгубілася ў новай бядзе!

Хто вас без нас зберажэ і ўратуе?

Хто вас без нас да душы прыкладзе?

Верце,

Мы можам яшчэ абудзіцца

I прыбяром ад дарогі карчы.

I прынясе нам святло зараніца.

I пахаваюцца ў змрок крумкачы ...

Памірала жанчына

Жанчына ціха памірала,

У вечнасць чорную плыла.

То ў цемру стомлена нырала,

То ўскідвалася да святла.

Яе наструньвала імкненне

Адчайна вырваць з небыцця

Хаця б глыток,

Хаця б імгненне

Зямнога грэшнага жыцця.

Кусала вусны, каб не войкаць,

Шукала на экранах сцен

Самотным невідушчым вокам

Кахання прывіднага цень.

Яна ўжо ведала,

Як мала

Дыхання засталося ёй,

I развітальны крык трымала

Усёй істотаю сваёй.

У барацьбе з хваробай лютай

Ёй так хацелася, відаць,

Каб і апошняю пакутай

Нікому клопату не даць ...



* * *

У нездаволеных сталіцах,

Каб славы ў купалы даліць,

Як многім хочацца дзяліцца,

Як многа хочуць падзяліць!

Высокім іменем народа

Чужыя лічаць караблі...

Ну што ж,

Калі такая мода,

Дзяліце ўсё,

Што нажылі.

Дзяліце славу і няславу,

Дзяліце чарку і пірог,

Маскву,

Адэсу

I Дзяржаву,

Клубок заблытаных дарог,

Дзяліце волю і няволю,

Рыданне,

Песню

I імшу...

Але ніколі не дазволю

Дзяліць яшчэ маю душу!



* * *

Б'юць па спіне цапы.

Зрок засцілае мліва ...

Цярні, народ, цярпі,

Раз ты такі цярплівы.

Твой дзеляць каравай,

Твае ламаюць жорны ...

А ты, народ, трывай,

Раз ты такі пакорны.

Твае паслугачы

Падбрэхваюць лісліва.

А ты, народ, маўчы,

Раз ты такі маўклівы.

Грызі сухі калач,

Збірай завялы верас...

Не плач, народ, не плач —

Масква слязам не верыць ...

* * *

Не крыўдую і не плачу,

Не кляну сваю бяду.

На чарговую раздачу

Да начальства не пайду.

Дзе даюць усім па лычцы,

Дзе хаўрусніцтва ў цане,

Вы туды мяне не клічце.

Гэта ўсё не для мяне.

Не трымаюся за касу,

За дзяржаўную дзяжу.

Па вярхоўнаму заказу

Не служыў і не служу.

Ды заўсёды маю троху

За скупы даробак свой —

Ці то грэчкі,

Ці гароху

Пры дарозе палявой.

Толькі б выдужала сэрца

На ляту і на бягу ...

Так спяваю,

Як пяецца,

I жыву так,

Як магу.



Чуллівым мемуарыстам

О, як вы любіце сябе,

Сваю кашулю і прычоску!

(Каб гэтак вы любілі вёску,

Дзе сівы конь мурог скубе!)

О, як вы помніце сябе,

Прыгоды даўнія і мары!

(Каб гэтак помнілі абшары,

Дзе плачуць кнігаўкі ў журбе!)

Як ганарыцеся сабой,

Сваімі ўмелымі рукамі!

(Каб ганарыліся бацькамі

Вось так у велічы сваёй!)

Як вы шкадуеце сябе,

Сваіх прыхільнікаў і дзетак!

(Каб край свой шкадавалі гэтак.

Дык ён бы сёння не гібеў!)

Ды боль чужы,

Чужая слава

Па сэрцу вашаму не б'е.

I вам нічога не цікава,

Апроч сябе,

Апроч сябе.



Папытайце Філарэта...

Як у нас бывае гэта,

Як людзей мяняе свет,

Папытайце Філарэта.

Вам раскажа Філарэт.

Сан шануючы ягоны,

Не пакепвайце з таго,

Як дзяржаўныя персоны

Уцякалі ад яго,

Як партыйныя падлізы,

Несучы на твары жах,

Адбягалі ўбок ад рызы

I свяшчэннага крыжа.

Гэта ўсё не толькі модна —

Было выгадна,

Калі

Чорны опіум народны

Выкрывалі і клялі.

А цяпер парыў інакшы

Зачмурае галаву.

I былыя слугі нашы

Пацягнуліся ў царкву,

Бо яны і ў часе гэтым

Вельмі хочуць цараваць

I ўладыку Філарэту

Лезуць рукі цалаваць.

Беражна трымаюць свечкі,

Не хаваючы слязы,

Быццам божыя авечкі,

Тупаюць пад абразы.

I ківаюць галавою.

I ўзнімаюць вочы ўверх.

I яны цяпер з царквою

Неразлучныя навек...

Ну а як завецца гэта,

Дзе тут Новы Запавет, —

Папытайце Філарэта.

Можа, скажа Філарэт...



* * *

І я —

Міжвольны сведка

Дзяржаўных эскапад.

Гісторыя нярэдка

Вяртае нас назад.

I помніцца пустое,

Што запаўняла дні:

Засос часоў застоя,

I мора балбатні,

I прывід камунізму,

I чадны дух віна,

I зверху,

Збоку,

Знізу —

Мана,

Мана,

Мана.

Было не сыта надта —

І наша ў тым віна.

Але ж было юнацтва,

Але ж была вясна,

Якая лёгка грэла —

Я ў гэтым не схлушу —

I маладое цела,

I юную душу.

Струхлеў арэхам грэцкім

Той час,

Што адышоў.

I дзе цяпер пагрэцца

Азяблаю душой?

Няўжо вяртаць былое

I ў сотыя разы

Мяняць на аналоі

Святыя абразы?

Хай свет —

У новым танцы,

У новай мітусні...

Каб толькі не вяртацца

Да страху і хлусні,

Каб не завяла кветка

У маладым вянку

І я —

Міжвольны сведка —

Падаў вясне руку.

* * *

Навошта жыць,

Калі Радзіма гіне?

Каму спяваць,

Як водгулля няма?

На ўсіх шляхах,

На кожнай лугавіне

Ляжыць адчаю

Белая зіма.

Разбойны вецер

Шастае па полі,

Каліны прыгінае да зямлі.

Да цёмных хат,

Да цёплага застолля

Завеі ўсе дарогі замялі.

Гляджу ў бязмежжа

Сумнымі вачыма,

Угадваю сцяжынку ад бяды ...

Глухі прастор.

Знямелая Айчына.

На белым снезе —

Чорныя сляды...



Малады арол

З нявіннаю душою галубінай

Ён прыляцеў на кволае святло,

Такі наіўны і такі глыбінкы,

Якіх у нас дагэтуль не было.

I пацяплеў халодны лес прамоклы.

Усеўся ён у дуба на плячы —

I задзіракі-каршуны прымоўклі,

I ў гушчары схаваліся сычы.

А маладога птаства шматгалоссе

У цёмных кроках і ў густой траве

Так вольна і шчасліва разлілося,

Што ўсім здалося:

Вось дзе рай жыве.

Хапала ўсім ягонай абароны —

Ад вожыка да залатой пчалы.

I прыляцелі шумныя вароны

I гучна яго славіць пачалі.

Ён слухаў лёсткі —

I ўсё болей сталі

У клёкаце звінела з той пары.

На дужых лапах грозна адрасталі

Вялізныя крывыя кіпцюры.

Не стаў мірыцца з песнямі любымі

I салаўёў загнаў на дно канаў.

Каб стаць галоўным самым і любімым,

Усю сям'ю лясную даканаў.

Сядзіць адзін каля старога дуба

Самотны, як патухлая свяча —

З хіжацкай акрываўленаю дзюбай

I чорнаю душою крумкача.



П'яніцы

Хто іх выдумаў,

Градусы,

Што не сніліся чаю?..

Людзі п'юць не ад радасці,

Людзі п'юць ад адчаю,

Ад тупой безвыходнасці,

Ад сляпой непазбежнасці,

Ад здратованай годнасці,

Ад суровай залежнасці,

Калі вочы туманяцца,

Калі коцяцца слёзы ...

А найбольшыя п'яніцы —

Мафіёзі цвярозыя.

Ім галовы задурвае

Не каньяк ці шампанскае,

А жыццё авантурнае

I становішча панскае.

Ім і хмельна, і весела

Ад чужой беспрабуднасці,

Ад законаў закрэсленых

І сваёй непадсуднасці,

Ад пазыкаў нявернутых,

Ад крэдытаў з няўстойкамі...

Што там віскі ды вермуты!

Што там джыны з настойкамі!..

... Заклапочанай раніцай

Пасля ночы бяссоннай

Вельмі розныя п'яніцы

Сустракаюцца сёння ...

Але ж...

Жыў чалавек —

Не больш, не менш,

Як многія на свеце.

Хоць небагаты быў,

Але ж —

Пасада,

Хата,

Дзеці.

Не быў ніколі на віду,

Хаваў сваё аблічча.

А тут —

На мітынгі вядуць,

На барыкады клічуць:

«Устань

I праўду-матку рэж,

Развенчвай супастата,

Як на касцёр ідзі!..»

Але ж —

Пасада,

Дзеці,

Хата.

Ён быў абачлівы наўздзіў:

Улзду лаяў трошкі,

Але ніколі не хадзіў

З начальнікам у рожкі.

I разважаў:

Скарынку еж

I папівай гарбату,

Прысмакаў не купляй,

Але ж

Пасаду май

I хату.

I даўні страх,

Як слізкі смоўж,

Паўзе паміж лапатак.

Хоць і ў "абрэз" усё,

Аўсёж

Такі-сякі дастатак.

А што як павядуць на суд

Або ўпякуць за краты,

Ці ткнуць дубінкаю?

А тут —

Пасада,

Дзеці,

Хата.

Хіба адразу разбярэш,

Дзе праўда,

А дзе здрада?

Свабоды хочацца...

Але ж —

Сям'я,

Жыллё,

Пасада.

Вось і хаваецца ў кустах,

На гонар ставіць лату

I ўспамінае

Даўні страх,

Дзяцей,

Пасаду,

Хату...



* * *

Скажуць,

Гэткае немагчыма,

Ды чаго не бывае ў жыцці —

Я шукаў на Радзіме Радзіму

I не мог яе доўга знайсці.

Быццам чорная хмара навісла

Над прасцягам палеткаў і траў,

Быццам нехта чужы, ненавісны

Ад мяне маё шчасце схаваў.

Колькі я не ўглядаўся ва ўзлессі,

Як ні слухаў дыханне начэй,

Не хапала матулінай песні,

Не хапала вясёлых вачэй.

З беларускаю крыўдай адвечнай

Я спытаўся ў азёр і дуброў,

Што ж за час,

Што так душы знявечыў,

Што ж за лёс,

Што так край абакраў?

I ў адказ, як апошняе слова,

Мне шапнуў мой знядужаны кут:

— Ты ў сябе запытайся сурова,

Ты сабе абвясці свой прысуд ...



* * *

Я не думаў, што так прывязаны

Да імшарнай, пясчанай зямлі,

Да пагоркаў з дубамі і вязамі,

Да бяроз, што ў паляны ўраслі.

А, пажыўшы ў заморскай далечы,

Паглядзеўшы рэкламны рай,

Зразумеў я,

Дамоў прылятаючы,

Як мне дораг мой родны край.

Бедны мой,

Сціплы мой,

Запылены

На крутым скрыжаванні дарог,

Дзе ўзнімаецца за магіламі

Ці то храм, ці то змрочны астрог.

Тут дубы векавыя, нядрэмныя

I надрэчныя купкі ракіт

Аплялі маю памяць карэннямі

I ўзнялі мае думы ў блакіт.

* * *

Можна быць бязбацькавічам —

Добрым чалавекам.

Горка жыць без Бацькаўшчыны —

Дробным недарэкам.

Сорам жыць па-панску

I цурацца маці,

I выпрошваць ласку

У суседскай хаце.

Подла падружыцца

З хцівасцю і згубай,

Што нясуць чужынцы

Для Радзімы любай.

Можна стаць багатым,

Мець казну злогам...

Страшна быць праклятым

I людзьмі, і Богам ...

* * *

Я ніколі

I нікому

Нізавошта не ўступлю

Нашу працу,

Нашу стому,

Нашу глейкую зямлю.

Гэта родныя мне людзі

Назаўсёды аддалі.

Гэта ўсё са мною будзе,

Покуль буду на зямлі.

I ніякія дзяржавы,

I ніякія цары

Адабраць не маюць права

Ні крынічкі,

Ні зары,

Ні глытка жаданай волі,

Ні прыдбанага сцяжка,

Ні засеянага поля,

Ні мурожнага стажка.

Гэту гліну,

Гэту гліну,

Веснавы грачыны гам,

Як і мне калісьці, —

Сыну

Я аднойчы перадам,

Каб збярог і не расфуркаў

Богам дадзенае нам,

Перадаў у рукі ўнукам,

А яны —

Сваім сынам.

I далей

Ад сына — сыну,

З сэрца — сэрцу,

З веку ў век

Несканчона

I няспынна,

Покуль будзе чалавек.

* * *

Што ты зрабіў са мною,

Подлы час,

Куды падзеў няпройдзеныя вёсны?..

Я адгарэў,

Стаміўся

I пагас

I стаў цяпер

Затурканы і злосны.

Дзе ўсе мае вясёлыя гады?

Чаму іх зоркі ясныя патухлі?

Здаецца,

Я і сёння малады,-

А ўжо трывожыць

Горкі дзень наступны.

Няўжо былыя святы адплылі

I радасць не зайграе болын на дудцы?

Старога сала жоўтыя скрылі

Шыкоўнымі ласункамі здаюцца.

Адкуль прыйшла агульная бяда?

Як зберагчы сумленне ў паняверцы?

Людзей шкада.

Мар і надзей шкада.

За ўсіх баліць маё слабое сэрца.

А засталося

Рэдкаю з акрас

Адно —

Дзяцей і птушак шчабятанне ...

Хто ж вінават?

Навошта,

Жорсткі час,

Ты панаставіў гэтулькі пытаняў?..


Загрузка...