12

Сеўшы на лаўку, Антон адчуў, як цягуча загуло ў галаве, — такое было з ім не часта. Праўда, пакуль што ён не лічыў становішча безнадзейным, але з асаблівай выразнасцю адчуў, што гэта ўпартая недарэка яшчэ наробіць яму клопату. Тым болып зацягнуўшы яго на гэты ідыёцкі хутар, да гэтых невядома ў чыю карысць настроеных гаспадароў. Зрэшты, гаспадароў ён мала баяўся, ён быў упэўнены, што з імі ўправіцца, хоць бы з дапамогай зброі. Было б, аднак, лепш, калі б яны паводзілі сябе ціха і не лезлі ў ягоную драму.

А без драмы, бадай, не абысціся, думаў Антон. Як ён таго не хацеў, а здаецца, прыйдзецца прымяніць сілу, іншага выйсця ў яго не заставалася. Кінуць яе тут адну ён не мог: што яму было рабіць без яе ў Скідзелі? Пра вяртанне яго ў атрад не было чаго і думаць — лес ён пакінуў ужо назаўжды. Але ён блізка быў да таго, каб апынуцца ні з чым — выйсці з лесу і не дайсці да мястэчка, што было раўназначна пагібелі.

Гаспадары пра штосьці ціха шапталіся ля печы, крадком кідаючы асуджальныя позіркі то на яго, то на Зоську, якая нібы скамянела ў канцы стала. Пакуль што яны не ўлазілі ў чужы і, мабыць, не дужа зразумелы для іх канфлікт, і Антон падумаў, што, магчыпа, пашэнціць настроіць іх у сваю карысць, супраць гэтых выбрыкаў Зоські.

— Во, — кіўнуў ён на яе. — Уперлася жонка. Спадабалася ей у вас, не хоча ісці.

— Я табе не жонка! — тут жа рэзка адказала з-за стала Зоська.

— Як гэта — не жонка? — са шчырым здзіўленнем сказаў Антон. — Во дае баба! Ад мужа адмаўляецца.

— Лжэш! Ты ніякі мне не муж! — з надрывам выкрыкнула Зоська і заплакала.

Антон трохі сумеўся. Ён заўжды трохі бянтэжыўся ад слёз жанчыны і не ведаў, што рабіць далей. Але ўсё ж ён рашыў трымацца таго варыянта, што Зоська — ягоная жонка, якая распачала дробязную сварку з мужам.

— Ну што возьмеш з бабы! — развёў ён рукамі, звяртаючыся да гаспадара, які заклапочана тэпаў ля печы і ніяк не азваўся на ягоныя словы.

Зоська, аднак, хутка перастала плакаць, пальцамі выцерла слёзы, паправіла хустку на галаве. Антон неўпрыцям пазіраў на яе, і некалькі разоў у ягонай душы варухнулася недарэка-спагада — нашто так упарціцца? Ужо ён старэйшы за яе і лепш разумеў у жыцці, магчыма, ён бы ўратаваў яе ад пагібелі і яшчэ б уладкаваў яе лёс. Толькі б яна даверылася яму. Дык не. Давяла ўсё да сваркі, якую невядома як уладзіць цяпер пры чужых людзях.

— Зося, — сказаў ён і ўстаў з лаўкі. — Ну не хочаш ісці ў мястэчка, дык давядзі мяне хоць да ваколіцы. Пасля пойдзеш, куды захочаш.

У тым была ягоная хітрасць — на ўскраіне мястэчка ўжо ён бы з ёй справіўся. Зоська на хвіліну прыціхла, быццам абдумваючы яго прапанову, і адказала:

— Не!

— Я не ведаю, з якога там боку і падысці, — хітраваў ён.

— Дарога прывядзе.

— Дарога прывядзе. Але… Няёмка па дарозе.

— У людзей запытаешся.

Аднак, чорт пабяры, пакуль нічога не атрымлівалася. Няўжо і сапраўды нічога не выйдзе і яму давядзецца аднаму ісці ў Скідзель? I аднаму прыйсці да Капыцкага? Але як бы яго, аднаго, не палічылі за партызанскага шпіёна, які мае заданне ўладкавацца ў мястэчку, Капыцкі ж таксама можа ў ім усумніцца, не глядзі, што зямляк. Усё ж свая кашуля кожнаму бліжэй да цела, а ў такі час нядоўга расстацца і з кашуляй, і з уласным целам таксама.

Не, яму абавязкова патрэбна была яна — як жонка, гаспадыня і, што важней за ўсё, — як заложніца. Заложніца — якая ні ёсць гарантыя для немцаў і для таго ж Капыцкага, асабліва калі мець на ўвазе яшчэ і яе маці. Антон ужо ведаў, што да чалавека з заложнікамі — сям’ёй, дзяцьмі, маці — немцы ставіліся куды з болыпым даверам, чым да адзіночкі, у якога ні кала ні двара, а толькі адны, хай сабе самыя лепшыя, намеры. Як усе дзелавыя людзі, немцы любілі гарантыі.

Але вось вазьмі яе, гэтую гарантыю, што скамянела ў сваёй дзікай упартасці за сталом на лаве.

Аднак ішоў час, напэўна, ужо была блізка поўнач, Антон недаравальна траціў адну за адной усе і без таго нешматлікія свае магчымасці і пачынаў нервавацца. Так, халера на яго, нядоўга і зусім застацца ні з чым. Асабліва калі зважаць на гэтую ўпартасць ды азірацца на гаспадароў. Але ўжо з гаспадарамі ён цырымоніцца не меў намеру.

— Эй, ты! — рэзка павярнуўся Антон да Стэфана. — Давай вяроўку!

— Што пан хцэ? — здзівілася гаспадыня, ступаючы наперад і як бы засланяючы сабой гаспадара.

— Давай вяроўку! Жыва!

Гаспадыня збялела, уставілася ў яго поўны змрочнай рашучасці твар, а гаспадар стаяў ззаду, мабыць, не маючы адвагі выканаць ягоны загад без дадатковай каманды жонкі.

— Я што вам сказаў! — са стрыманай пагрозай вымавіў Антон і выцягнуў з-за пазухі наган.

Ціхенька войкнуўшы, гаспадыня ступіла назад, а гаспадар, паварушыўшы нешта ў цёмным ля дзвярэй кутку, выцягнуў недаўгую зблытаную вяроўку.

Антон загадаў:

— Разбяры! Разбяры, распутай! Што, не разумееш?

Дрыготкімі, няспрытнымі рукамі гаспадар неяк разблытаў вяроўку. Антон сунуў наган за пазуху.

— Ну! — сказаў ён Зосьцы, якая з жахам адкінулася за сталом. — Пойдзеш?

— Не, не! Не чапай мяне!

— Я? Я зачаплю, чорт цябе вазьмі! — крыкнуў ён, губляючы вытрымку, і хапіў за вугал стала. Рыўком ён адкінуў стол прэч, пачуў, як ззаду прыглушана крыкнула гаспадыня, але ён ужо схапіў Зоську за руку і адным спрактыкаваным рухам падламіў руку назад, за спіну. Зоська войкнула, выгінаючыся ад болю і знаёма павяртаючыся да яго спіной, ён дужа штурхануў яе грудзямі на дол і, злавіўшы другую руку, таксама заламіў за спіну. Пакуль яна екатала і тузалася, спрабуючы вырвацца, ён хутка абкруціў яе кісці вяроўкай, зацяў вузел. Яна супраціўлялася, як толькі магла, але што было для яго яе супраціўленне. Звязаць чалавека ён мог за пару хвілін. Каб яна не брыкалася ботамі, другім канцом вяроўкі абхапіў яшчэ і ногі ля костачак.

Здорава, аднак, умарыўшыся, ён устаў з долу, імкнучыся не слухаць, як лямантуе на падлозе Зоська, павярнуўся да гаспадароў. Тыя прыціскаліся адно да аднаго, напэўна, ледзьве жывыя ад страху, і стаялі каля самай печы. Але цяпер ён не меў жадання штось ім тлумачыць, тым болып апраўдвацца — настаў час дзейнічаць.

— Запрагай каня! Жыва! — скамандаваў ён гаспадару. Той зноў, быццам нямы, пазіраў на яго, не могучы даўмецца, што яму трэба.

— Каня, кажу, жыва!

— Дык нема, пан, коня, — нарэшце прамармытаў ён, і Антон амаль закрычаў:

— Як няма? Кажу, запрагай каня!!

— Пан, не маю коня. Забралі коня…

— Хто забраў? — запытаў Антон, адчуўшы, аднак, што ягоны намер яшчэ больш ускладняецца.

— Не знаем, пане. Людзі прыйшлі, забралі.

— Лжэш! — выпаліў Антон першае, што ў такім выпадку прыйшло ў галаву, і зноў выхапіў наган з-за пазухі.

Гаспадар бездапаможна развёў рукамі, здаецца, спалох ягоны мінаўся, але з’явілася нейкая, раней не прыкметная ў ім, упартасць ці нават варожасць. Здаецца, ён таксама пераставаў яму падпарадкоўвацца.

— Пан можа стшэліць, але…

— Ану пайшлі! — піхнуў яго Антон, якому раптам здалося, што ўсё ж ён хітруе — дзесьці ў хлеўчуках на двары, пэўна, схаваны яго конь. — А ты — марш туды! — паказаў ён гаспадыні на дзверы ў другую палову хаты. — Жыва!

Гаспадыня паслухмяна знікла ў дзвярах, Антон прычыніў дзверы мацней і, памацаўшы рукой каля печы, ухапіў вілачнік. Здаецца, ён добра падпёр ім дзверы, туга падсунуўшы дзеравяку пад верхнюю планку дзвярэй.

— Запальвай ліхтар!

— Дык, пан, нема ліхтара, — зноў развёў рукамі гаспадар. — Пан сам бэндзе бачыць.

«Чорт там убачыш што без агню!» — ціха вылаяўся Антон. Але ў яго яшчэ было ў кішэні некалькі плоскіх нямецкіх запалак, і ён піхнуў дзверы на выхад.

— Пайшлі!

Ён прапусціў гаспадара наперад, выйшаў за ім і спыніўся: гэтыя дзверы таксама трэба было заперці. Але яны адчыняліся ў трысцен, падперці іх было нельга і, здаецца, нечым. Убачыўшы, што Антон завіхаецца ля дзвярэй, гаспадар знайшоў у прыцемках накладную планку і даў яму ў рукі вялікі замок без ключа.

— От так, пане, так…

Антон запёр дзверы, прасунуў дужку замка ў прабой, і яны пайшлі да хлява.

Але ў хляве каня не было. Адна загародка была пустая, у другой, калі ён засвяціў запалку, на праход павярнула галаву рабая, з самотнымі вачмі, карова, трывожна закудахтаў патрывожаны на жардзіне певень. Антон апрыкла кінуў у гной рэштку запалкі.

— А з таго боку?

У другі канец хлява, адгароджанага дашчанай сцяной, вялі нізкія дзверцы з двара. Яны абышлі кучу гною ля ўвахода, і гаспадар, адкінуўшы падпоркі, расчыніў дзверы. Тут смярдзела свіннямі, чутна было іх соннае хруканне ў саломе, наўрад ці тут мог стаяць конь. Усё ж для пэўнасці Антон пасвяціў цераз парог запалкай і зразумеў: дарма.

Але гэта ўжо было зусім недарэчна і дзіка. Навошта ён тады рабіў гэты спектакль, вязаў Зоську? Не нясці ж яе на сабе пяць кіламетраў у Скідзель. Аднак няўжо ж гэтая заможная кулацкая гаспадарка сапраўды абыходзілася без каня? Ці яго ўсё ж дурылі, як блазна, дзесьці схаваўшы каня, якога ён проста не мог знайсці ў гэтым лабірынце будынкаў?

Яны выйшлі ў двор, Антон прыпыніўся. Спыніўся і гаспадар у маўклівым чаканні таго, што павінна адбыцца далей. Але Антон цяпер абсалютна не ведаў, што можна зрабіць. Сапраўды, каня на хутары магло і не быць, яго маглі схаваць дзе ў лесе, у суседзяў, у бліжняй ад хутары вёсцы. Дзе яшчэ можна было шукаць? Антон акінуў позіркам цьмяныя ўначы сілуэты будынкаў і заўважыў наводшыбе яшчэ нейкую будыніну — ток або пуню.

— А там што?

— Там? Там, пане, сено. Але… — пачаў тлумачыць гаспадар.

— Ах, сена! Сена, значыць, імеецца, а каня няма? Ану паглядзім!

Ён хутка пайшоў па мокрым снезе да пуні, са скрыпам адчыніў лёгкія дзверы. Тут сапраўды знаёма запахла перасохлым сенам, але было цёмна, і ён зноў сунуў руку ў кішэню з запалкамі.

— Не, не! — падскочыў гаспадар, засцярожліва хапіў яго за руку. — Не можна паліць…

— Не бойся, не спалю, — сказаў Антон і ўсё ж пасвяціў ля парога. Увесь канец пуні быў закладзены сенам, побач стаялі вілы, граблі, нейкія прыслоненыя да сцяны дошкі — падобна, каня не было і тут.

— Няма?

— Нема. Я пану мувіў: забралі коня. Д’ябальшчына, дый годзе, злосна падумаў Антон, не ведаючы нават, што думаць далей. Было падобна на тое, што ён сапраўды трапіў у пастку на гэтым праклятым хутары, завяз, нібы ў дрыгве, — ні туды ні сюды. Заставалася хіба што мірыцца з Зоськай, можа, як-небудзь улагодзіць яе. Але для таго прыйдзецца яе развязаць, якая ж размова са звязанай?

Вузкай сцяжынкай яны павярнулі да хаты. Антон на хвіліну прыслухаўся: ці не едзе хто па дарозе? Але скрозь было ціха, над лесавой раўнінай ляжала глыбокая ноч, рэзка дзьмуў вецер з захаду, снег пад нагамі раставаў, было сыра і зябка.

Загрузка...