Закапаўшыся па самыя плечы ў сена і дыхаючы яго травяным водарам, Антон зрабіў выгляд, нібы засынае. Ад Зоські ён трошкі адсунуўся, пакінуўшы яе ў належанай ім ямцы. Ведама, разам пад кажушком было б куды цяплей і ўтульней абаім, але Антон цяпер не хацеў да яе лезці. Яшчэ падумае, што яму толькі гэта і трэба, што па гэта ён і бег следам, даганяючы яе на поплаве. Але для яго зусім не гэта было ў ёй галоўнае, і не затым ён даганяў яе, ледзь быў не згубіў у балоце. Хаця, вядома, ён быў мужчына і яна не магла не вабіць яго сваёй юнай дзявоцкасцю.
Цяпер ён не ведаў нават, калі ўсё пачалося. Можа, з тых вечарын у Заглядках, калі ён танцаваў з ёю «страданіе», або з таго тлумнага дня, калі атрад Кузняцова, пакінуўшы абжыты лагер у Селіцкім лесе, паспешна перабазіраваўся за Шчару. На новым месцы іх напаткала прамозглая глуш старога замшэлага ельніку. Уцякаючы ад даганятых, яны суткі не елі, былі галодныя і знемаглі, як чэрці. Пасля кароткага адпачынку камандзір узвода вылучыў трох партызан зрабіць атрадную кухню. Двое пайшлі шукаць чыстую ваду, а Антон пачаў ладзіць топку — пад іх закапцелы таган трэба было выкапаць ямку. Ён адразу ўзяўся за справу, угрэўся, спацеў і, падумаўшы, што трэба здзець кажушок, убачыў Зоську. Дзяўчына нячутна падышла да яго, стала насупраць і ўсміхалася.
— Што, памагчы прыйшла? — запытаўся ён і таксама ўсміхнуўся.
— Ну, такому яшчэ памагаць! Адзін управішся. Во, рукі якія шырокія, бы лапаты, — засмяялася яна, і ён чамусьці ніякавата паглядзеў на свае нямытыя, запэцканыя зямлёй, далоні.
— На пусты жывот і рукі знямогуць.
— Згаладнеў, бедненькі. На, во табе…
Зоська ступіла бліжэй і з маленькага белага кулачка адсыпала яму паўжмені буйнага сухога гароху.
— Мацуйся. Сняданак не скора.
I зноў неяк загадкава ўсміхнуўшыся, нетаропка пайшла ў ельнік, дзе чуліся галасы хлопцаў, што ладзілі буданы для жылля. Ён паўзіраўся ўслед яе зграбнай невялічкай постаці ў боціках, спаднічцы і нейкай шырокай, не па яе росце, куртцы і падумаў з нечаканай зайздрасцю: «Ладная дзяўчынка».
Зоська пайшла, здаецца, тут жа забыўшыся пра яго, адразу акружаная іншымі хлопцамі, маладымі і нават хто быў старэй — усімі, каму карцела звярнуць на сябе хвілінную яе ўвагу, пажартаваць, тым больш што іншых жанчын, апроч яшчэ буркатлівай пажылой Сцепаніды, у атрадзе ўжо не было. Антон не лез перад другімі, хаця некалькі разоў і лавіў сябе на тым, што пачаў думаць аб ёй і не супраць быў бы зноў убачыць яе.
Аднак бачыў ён яе па-ранейшаму рэдка. У кастрычніку два ўзводы з атрада праводзілі аперацыю па знішчэнню Лук’янаўскага льнозавода і больш за тыдзень не былі ў лагеры, а ў пачатку кастрычніцкіх свят ён двойчы з групай Мамыкіна хадзіў на шашу здабываць боепрыпасы і зброю. Па дарозе з другога задання група наскочыла на засаду, іх абстралялі з вясковага выгану, аднаго хлопца забілі, а цяжка параненага Мамыкіна ён нёс на сабе кіламетраў дванаццаць да лагера, дзе той праз дзень і сканаў. Хавалі забітых, настрой быў паганы, стала не да гэтай дзяўчыны, якая прыжылася пры кухні, а затым пры штабе — з яе пачалі рыхтаваць разведчыцу. Аднойчы, праўда, спаткаў на сцежцы, абмяняліся дзвюма-трыма фразамі, і ўсё. Праўда, Антон не надта сумаваў ад таго, бо па натуры быў чалавек з характарам, вытрымкі ў яго хапала. Засады, баі, небяспека загартавалі яго яшчэ болей, і ён не мог нават успомніць выпадак, каб калі разгубіўся або хоць бы надта спалохаўся. Нават на злашчасным тым хутары. Хаця хто-колечы ў атрадзе і не супраць быў спіхнуць на яго смерць камандзіра атрада, але ён не быў ні ў чым вінаваты. Наадварот, сваёй кемлівасцю ён уратаваў чацвярых, калі першы скочыў з гарышча ў крапіву і крыкнуў астатнім: за мной! Хата ўжо гарэла, заняўшыся з другога канца, ад трысцена, яны, задыхаючыся ў дыме, з гадзіну адстрэльваліся ад паліцаяў, што насядалі з трох бакоў, з чацвёртага нічога не было відаць, туды валіў дым. Кузняцоў з ардынарцам рэдка пастрэльвалі з падпола ў хаце, куды паліцаі кідалі гранаты. Напэўна, камандзір быў паранены і не мог выбегчы, а яны, учатырох, што маглі зрабіць супраць трох дзесяткаў нахабных бобікаў? Добра яшчэ, што дзьмуў моцны вецер, які нізка слаў дым па гародзе, гэта і ўратавала іх.
Кузняцова Галубіну было шкада да слёз, гэта быў смелы і талковы камандзір атрада, Антон любіў яго, як толькі можна любіць здатнага камандзіра ў арміі. Ідучы куды-небудзь па справе, у разведку, на баявую аперацыю або гулянку, той заўжды браў з сабой шасцярых партызан, разам з якімі ездзіў таксама і Галубін. Цяпер ад гэтай шасцёркі, здаецца, нікога не асталося.
Вельмі цяжка было ўпачатку, атрад збіраўся з розных людзей — часткова з раённага актыву, партыйцаў, НКУС, частка з параненых чырвонаармейцаў, а таксама прымакоў-акружэнцаў і нават некалькіх зняволеных, якім пашчасціла ўцячы з лагераў. Многія былі без зброі, другія — хворыя ці з адкрытымі ранамі, некаторыя наракалі на партызанскія парадкі і начальства, невядома кім і калі пастаўленае. Быў адзін, які назваўся маёрам і патрабаваў сабе камандзірскай пасады. Кузняцоў у такіх выпадках прытрымліваўся нязменнага для ўсіх правіла: паказаў сябе ў баі — атрымлівай камандаванне. I гэта было добрае правіла, думаў Галубін. Сам ён некалькі год да вайны рабіў падатковым агентам у райфа, у арміі раней не служыў, а давялося пайсці на вайну — стаў камандзірам узвода, затым камандзірам падрыўнікоў, і толькі пасля гібелі Кузняцова зноў панізіўся да радавога. Але ён не крыўдаваў, стала не да камандзірскіх амбіцый, важней было зберагчы цэлай аўчынку, як любіў казаць Кузняцоў.
Пад восень, аднак, стала лягчэй, людзі ў атрадзе больш-менш прыцерліся адзін да аднаго, можна было ваяваць. Калі б не гэта недарэчная смерць камандзіра.
Відаць, сапраўды на вайне, як і ў жыцці, паслядоўна чаргуюцца розныя палосы: белуго мяняе чорная і наадварот.
З верасня атрад, мабыць, увайшоў у сваю чорную паласу, і беды так і пасыпаліся на яго адна горш за другую.
Пачалося з гібелі Кузняцова і трох чалавек яго групы. Пасля пайшла і не вярнулася дыверсійная група Кубёлкіна. Не паспелі як след набедавацца па яе слаўных, можа, самых лепшых у атрадзе хлопцах, як атрад выступіў граміць гарнізон на станцыі і, трапіўшы неспадзёўку пад арганізаваны агонь немцаў, панёс вялікія страты. Адных забітых у гэтым баі аказалася столькі, колькі іх не было за ўсю вясну і лета ва ўсіх аперацыях, разам узятых. Хлопцы проста панылі, хоць і без таго настрой у атрадзе быў далёка не лепшы. Яны не мелі прыёмніка і ніякай сувязі з Масквой, але з розных крыпіц і чутак, выпадковых нямецкіх газет і зводак Саўінфармбюро, якія часам перадавалі з атрада імя Варашылава, збольшага ведалі пра тое, што адбывалася на поўдні краіны.
Неяк познім асеннім ранкам, змяніўшыся з начнога дзяжурства, Галубін трохі прыдрамаў у будане і прачнуўся ад ціхай гаманы двух партызан. Ён адразу пазнаў голас Каўша, былога міліцыянера з Вілейкі, і таго маёра, які патрабаваў сабе камандзірскай пасады. Раней за іншых вярнуўшыся з кухні, яны ўкладвалі ў сумкі свае кацялкі і размаўлялі пра Сталінград.
— Усё прэ і прэ! Калі ж гэтаму канец будзе? — бедаваў Коўш, стоячы на каленях ля свайго месца на лапніку. — Калі ён спыніцца?
— Цяпер чаго ж яму спыняцца? — казаў з дальняга кутка маёр, не дужа маладога ўжо веку, з адвіслым жыватом мужчына, як аказалася, былы начфін нейкай разбітай пяхотнай часці. — Цяпер яму трэба Сталінград узяць, каб перарэзаць Волгу. Каб бакінскую нафту перакрыць.
— А хіба Баку на Волзе? — здзівіўся Коўш.
— Не на Волзе — на Каспіі. Але шлях адтуль толькі адзін — па Волзе. Ану, глянь сюды…
Яны змоўклі, зашорхаўшы паперай і, пэўна, нешта разглядаючы ў ёй. Наконт геаграфіі Галубін разбіраўся не надта і слаба ўяўляў сабе цяперашні раён баявых дзеянняў на поўдні. Сцяміўшы, што ў маёра карта, ён падняў галаву і скінуў з сябе кажушок.
— Во, бачыш? — вадзіў пальцам па карце маёр. Гэта была маленькая, выдраная са школьнага падручніка карта еўрапейскай часткі Саюза, і яны пачалі поркацца ў ёй — вызначаць лінію фронту.
Галубін убачыў размяшчэнне гарадоў і здзівіўся. На самай справе, ён нават не мог уявіць сабе, што Сталінград так далёка ў Расіі, што Волга аж за Масквой, што Каўказ на граніцы з Турцыяй, а Баку і яшчэ далей — каля самай граніцы з Іранам. Звар’яцець можна, у якую далячынь зайшлі немцы!
Некалькі дзён пасля таго ён хадзіў, бы ў тлуме, — штосьці рабіў, размаўляў ці маўчаў, а з ягонай галавы не ішло трывожнае да болю пытанне: як Сталінград? Зрэшты, ён ужо ведаў, што лёс гэтага горада вырашаны, што рана ці позна яго возьмуць немцы, як яны ўзялі Мінск, Кіеў, Харкаў і мноства іншых вялікіх і малых гарадоў, і вайна на тым скончыцца.
Гэта было страшна, неверагодна, але, мабыць, інакш павярнуць ужо не магло.
Тады нашто яны тут, у гэтым лесе? Што ім тут рабіць? I што іх чакае ў хуткім будучым?
Але як ён ні думаў, ні меркаваў і ні біўся ў пошуках разумнага выйсця, ніякага выйсця знайсці не мог. Праўда, Сталінград быццам трымаўся. Але колькі ён мог пратрымацца? Усё гэта трывожыла і гняло штодзень, душа ныла ў трывожнай самоце на заданнях, у будане, усе сцюдзёныя дні і ночы гэтай позняй дажджлівай восені.
А тут яшчэ цалкам і без аніякага следу знікла група Кубёлкіна, пакінуўшы шэраг загадак у атрадзе, якія ніхто не мог адгадаць. Антон не пытаўся ў Зоські, але здагадваўся, што тая ішла цяпер менавіта на пошукі слядоў гэтай групы.
Кепскія былі справы на фронце, разладзіліся яны і ў атрадзе пры новым камандзіру, нядаўнім калгасным старшыні Шаўчуку, благія прадчуванні даймалі партызана Галубіна. А Зоська ў часе рэдкіх сустрэч з ім заставалася ўсё тая ж — усмешлівая і зваблівая, нібы штосьці абяцала і падманьвала адначасова. Такая яна заўжды была на кухні, такая і сёння ўранку перад паходам за Шчару, дзе ўжо знайшоў сабе пагібель не адзін партызан з іх атрада. А Зоська… Нават ці здагадвалася яна, што чакае яе па той бок ракі?.. У часе кароценькага таго спаткання ля штабной зямлянкі нешта ў Антонавай душы зрушылася, ды так глыбока і непапраўна, што, здаецца, разам перавярнула ягонае жыццё…